Скарб Загорскай камяніцы [Мікола Ваданосаў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Мікола Ваданосаў Скарб Загорскай камяніцы


Ад аўтара

Кожны раз, калі я вяртаюся ў вёску Пабярэжжа, у той куточак, дзе прайшло дзяцінства, даўняе пачуццё шчымлівай радасці агортвае мяне.

Калі я зноў прыехаў туды на маршрутным аўтобусе апоўдні, вёска сустрэла мяне цішынёю. Аўтобус пайшоў далей, а я стаяў на шырокай вуліцы і — у які ўжо раз! — не пазнаваў вёскі. З маленькай, у два дзесяткі хат, якія шнурочкам цягнуліся да ракі, яна ператварылася ў ладны пасёлак, дзе ёсць магазін, пошта, дзе на ўскраі віднеецца цагляная школа-дзесяцігодка.

На вуліцы — ні душы. Час гарачы, самы сенакос, а паплавы каля ракі тут адменныя, цягнуцца на цэлыя кіламетры.

Я ўжо хацеў было пашыбаваць у кантору калгаса, як заўважыў, што насупраць адчыніліся веснічкі, і высокі стары дзед з кіёчкам паціху выйшаў на вуліцу і прысеў на лаўцы, што стаяла каля плота. «Хто ж гэта? — не пазнаў я старога. — Адкуль ён тут узяўся?» Я падышоў, аддаў «дзень добры» і спытаў:

— Ці не падкажаце, дзе мне знайсці Аляксандра Міронавіча, вашага брыгадзіра?

Стары слухаў мяне, прыклаўшы да вуха далонь.

— Ды не брыгадзір ужо ён, — адказаў дзед. — Міронавіч у нас за старшыню цяпера…

«Цяпера»! Ды гэта ж той чалавек, які мае непасрэднае дачыненне да ўсяго, што звязана са скарбам Загорскай камяніцы!» — абрадаваўся я, хоць яшчэ не даваў веры пачутаму. Ён быў аднекуль здалёк, не тутэйшы.

— І дзе яго можна знайсці, вашага старшыню?

— На хутарышчы новы кароўнік будуюць, то ён, пэўна, там.

— Дзякую… А вы не пазнаяце мяне? — на ўсялякі выпадак спытаў я.

Стары прыжмурыўся на мяне, пахітаў галавою.

— Па праўдзе кажучы, не пазнаў. А вось голас нешта як бы знаёмы. Чый жа ты будзеш, чалавеча?

Я назваў сябе, і стары, як здалося, задаволена ўсміхнуўся.

— Не забываеш на сваю радзіну, Мікола. То добра. Сядай, вось, пагамонім. А тым часам і Міронавіч вернецца.

Я прысеў побач.

— Даўно вярнуліся ў Пабярэжжа, дзядзька Ігнат? Стары ці не пачуў маё пытанне, ці зрабіў выгляд, што не пачуў. Сам запытаўся:

— Навошта ж табе Міронавіч? Пра хутары будзеш пытаць? То лепш за мяне пра іх, тыя хутары, ніхто не раскажа. А я от хоць і стары, а ўсё да драбніц помню.

— І пра тых бандытаў, што ў Мокрым Лозе хаваліся?

— А чаму ж… Гэтае дзела вунь як мне вядома. Маё, можна сказаць, гэтае дзела, кроўнае.

Яго вочы засвяціліся непрыхаванай радасцю, і я адчуў, што натрапіў на жылу, што гэты гаманкі дзед раскажа мне штосьці такое, чаго многія тут ужо і не памятаюць.

— Ты ж сам, помніцца, ад бандыта ўцякаў, га? — прыжмурыўся на мяне стары. — Сам, пэўна, даўно дзед, і ўсё помніш…

— Далёка не ўсё! Паўстагоддзя ж мінула, многае забылася, многіх ужо і на свеце няма.

— А я дык от помню. То пойдзем да мяне, я ж сюды назусім пераехаў. Цяпера от усе ў вёскі цягнуцца. Ну і я…

У той раз стары і расказаў мне даўнюю гісторыю пра скарб Загорскай камяніцы.

«Паны»

Хутары стаялі на пагорках. Хутар Красоўскага і хутар Гурэцкага. А між імі, у лагчыне, працякала бурлівая, гаманкая рэчка з дзіўнай назваю Каза. У той пакручастай Казе былі такія віры, што коні хаваліся па шыю. А былі і пясчаныя брады, дзе рэчку можна пераехаць на калёсах, перайсці, падкасаўшы штаны.

Стаяў на той рэчцы і млын, і быў на ёй ставок, але цяпер вада спушчана, млын маўчыць.

Калі глядзець ад яго на хутар Гурэцкага, то можна ўбачыць там доўгую абору, за ёй віднеўся высокі паркан, якім была адгароджана сама будыніна — дабротны пяцісценак з чырвоным чарапічным дахам, са шматлікімі прыбудовамі, з верандай перад квяцістым палісаднікам. Турэцкі быў на шмат багацейшы за свайго суседа, пана Красоўскага. Праўда, да сапраўдных паноў ім было далёка, але вясковыя людзі так звалі. Іх уладанні цягнуліся на кіламетры — з палеткамі, лугамі і лясамі. У Турэцкага і палеткі лепшыя, на больш высокім месцы, і паша — травяністыя паплавы. Адных коней у яго было дзесяткі два, абора поўнілася сытымі каровамі. Там і цяпер у асобным памяшканні стаялі трыер, сячкарня, касілка і дзве жняяркі. І гэты млын з крупадзёркаю, ваўначоскай ды прасам, на якім ціснулі з ільнасемя алей, таксама належаў Гурэцкаму…

Калі ж глядзець ад ракі на хутар Красоўскага, які таксама быў за мурагом, метраў за трыста, то можна ўбачыць, што амаль за хутарам пачынаўся густы ельнік. Нешырокая паласа жыта амаль не бачна. Ды і сама будыніна больш падобна на звычайную сялянскую хату. Адно — крыта яна не саломай, а гонтай. І вокны ў ёй невялікія, з паўночнага боку, ад ельніку, глухая сцяна. Побач з хатай стаялі два хлявы і варыўня. Ельнік за агародамі і жытам паступова пераходзіў у багну з дробнымі бярозкамі ды сасонкамі, з імшыстымі купінамі, на якіх вясною, калі сыходзіў снег, буйнымі чырвонымі пацеркамі ляжалі спелыя — аж