Вершы [Аляксандар Пушкін] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Аляксандар Пушкін Вершы

Анчар

Дзе след жыцця ў пустыні знік,
На грунце бедным, амярцвелым,
Анчар, як грозны вартаўнік,
Стаіць адзін на свеце цэлым.
Прырода высахшых пяскоў
Яго ў дзень гневу нарадзіла
І ад карэння да лістоў
Густой атрутай напаіла.
Дыхнуць паўдзённыя вятры -
Атрута капае расіцай,
Пад вечар стыне на кары
Густой, празрыстаю жывіцай.
К яму і птушка не ляціць,
А толькі вецер мімалётны
На дрэва смерці набяжыць -
І прэч імчыцца ўжо смяротны.
Калі ж над спёкаю пяскоў,
Зблукаўшы, хмара тут заплача,
Атрутны дождж з яго лістоў
Сплывае на пясок гарачы.
Ды чалавека князь паслаў
Да дрэва смерці і пакуты.
І той пайшоў,
                        ледзь змрок апаў,
І раніцой прынёс атруты.
Прынёс ён згубную смалу,
Галлё з завяўшымі лістамі,
І пот па бледнаму чалу
Сцякаў халоднымі руччамі;
Прынёс - і аслабеў і лёг
Пад засень будана старога,
І згінуў бедны раб ля ног
Уладара свайго ліхога.
А князь атрутай загадаў
Насыціць стрэлы-бліскавіцы,
І разам з імі смерць паслаў
Ён за суседнія граніцы.

1828

Пераклад: Максім Танк

Вязень


Сяджу я ў турме за рашоткай гады.
Узросшы на волі арол малады,
Друг сумны мой, машучы моцным крылом,
Крывавую страву клюе пад акном,
Клюе і кідае, глядзіць ён ў вакно
І нібы задумаў са мною адно;
Завёць мяне крыкам, паглядам сваім
І хоча прамовіць: «Давай уляцім!
Мы - вольныя птушкі; пара брат, пара!
Туды, дзе за хмарай бялее гара,
Туды, дзе сінеюць марскія края,
Туды, дзе гуляем ... сам вецер ды я!..»

1822

Пераклад: Максім Багдановіч

Вязень


Сяджу я за кратамі дні і гады,
Спазнаўшы няволю арол малады.
Мой сумны таварыш махае крылом,
Дзяўбе пад акном акрываўлены корм.
Дзяўбе і кідае, за краты глядзіць,
Нібы пра адно са мной марыць і сніць.
Заве мяне позіркам, крыкам сваім
І хоча сказаць мне: «Давай паляцім!
Мы вольныя птушкі; пара, брат, пара!
Туды, дзе за хмарай бялее гара,
Туды, дзе сінее краіна мая,
Дзе вецер гуляе свабодны... ды я!»

1822

Пераклад: Максім Танк

«Для дальніх берагоў айчыны...»


Для дальніх берагоў айчыны
Ты пакідала край чужы;
У векапомную хвіліну
Я доўга плакаў і тужыў.
Мае знясіленыя рукі
Цябе хацелі затрымаць;
Мучэння страшнага разлукі
Мой стогн прасіў не супыняць.
Але ад горкіх цалаванняў
Ты вусны адняла свае;
З краіны сумнага выгнання
Ты звала ў іншы край мяне.
Казала ты: «У дзень спаткання
Сярод аліўкавых дуброў
Свайго гарачага кахання
Мы пацалункі злучым зноў».
Ды там, на жаль, дзе неба далі
Гараць у сонцы залатым,
Дзе лёг аліваў цень на хвалі,
Апошнім сном заснула ты.
Твая краса і нараканні
Схаваліся ў зямлі сырой -
І пацалунак знік спаткання...
Ды веру я: ён за табой...

1830

Пераклад: Максім Танк

Дон


Ззяе між палёў шырокіх.
Вунь плыве ён!.. Слаўся, Дон!
Ад сыноў тваіх далёкіх
Я прывёз табе паклон.
Як праслаўленага брата
Знаюць рэкі ціхі Дон;
Ад Аракса і Еўфрата
Я прывёз табе паклон.
Адпачыўшы ад пагоні,
Чуючы зямлю сваю,
П'юць ужо данскія коні
Арпачайскую брую.
Падрыхтуй жа, Дон празрысты,
Для наезнікаў сваіх
Сок гарачы і бруісты
Вінаграднікаў тваіх.

1829

Пераклад: Максім Танк

Зімовая раніца


Мароз і сонца; дзень цудоўны!
Яшчэ ты дрэмліш, друг чароўны -
Красуня, уставай, пара:
Даруй пяшчотнаму дакору -
Сустрэць паўночную Аўрору
Прыйдзі, як поўначы зара!
Учора, помніш, завіруха
Імгліла неба, выла глуха;
Пабляклай плямай з вышыні
Праз хмары поўня ледзь жаўцела,
І ты журботная сядзела
А сёння ... у акно зірні:
Пад сінізной нябёсаў сцішна
Кілімамі велікапышна
Зіхотна стылы снег ляжыць;
Празрысты лес адзін чарнее,
Праз іней елка зелянее,
І рэчка пад ільдом блішчыць.
Бурштынным водсветам наўкола
Пакой асветлены. Вясёла
Трашчыць запаленая печ.
І цепліць думкі жар ляжанкі.
А ведаеш: кабылу ў санкі
Ты мне запрэгчы не пярэч.
Па роўні ранішняга снегу,
Друг любы, аддамося бегу
Каня, што нецярпліва мкне,
Праведаем палі пустыя,
Лясы, нядаўна скрозь густыя,
І бераг той, што любы мне.

1829

Пераклад: Рыгор Барадулін

Няньцы


Сяброўка дзён маіх суровых!
Даўно, даўно, наяве, ў сне,
Сярод глушы лясоў сасновых
Адна чакаеш ты мяне.
Ты пад акном сваёй хаціны
Гаруеш, быццам на часах,
Марудзяць з кожнаю хвілінай
Пруткі ў паморшчаных руках.
Глядзіш ты часта на вароты,
На чорны і далёкі шлях.
Сум, прадчуванні і клапоты
Ляглі цяжарам у грудзях.
То мроіцца табе...

1826

Пераклад: Максім Танк

Песня пра вешчага Алега


Як сёння збіраецца вешчы Алег
Адпомсціць варожым хазарам;
Іх сёлы і нівы за буйны набег
Аддаў ён мячам і пажарам;
З дружынай сваёй, у царградскай брані,
Князь едзе па полі на верным кані.
З дрымучага лесу насустрач яму
Ідзе чараўнік пасівелы,
Паслушны ва ўсім Перуну аднаму,
Вяшчун і натхнёны і смелы,
Што ў ціхай малітве правёў свае дні.
І князь пад'язджае туды на кані.
«Скажы мне, вяшчун, улюбёнец багоў,
Што збыцца павінна са мною?
Ці хутка на радасць маіх варагоў
Магільнай засыплюць зямлёю?
Не бойся, ўсю праўду ты мне гавары,
Ў падзяку любога каня забяры».
«Валхвы не баяцца магутных князёў,
І ім падарункі не трэба;
Ты праўду спазнаеш з іх велічных слоў,
Што дружацца з воляю неба.
Наступныя дні захаваны ў імгле,
Ды бачу твой лёс я на светлым чале.
Запомні ж сягоння ты слова маё:
Уся твая слава — ў паходах;
Навечна імя блаславёна тваё;
Твой шчыт на царградскіх варотах;
Праз сушу і хвалі яго ты пранёс;
Зайздросны ўсім ворагам дзіўны твой лёс.
Ні сіняга мора падманлівы вал
У хвілю ліхой непагоды,
Прашча, і страла, і падступны кінжал
Не ўчыняць магутнаму шкоды...
Не зведаеш ран ты пад грознай бранёй;
Нябачны ахоўнік заўсёды з табой.
Твой конь не баіцца паходаў цяжкіх;
Паслушны заўжды тваёй волі,
То смірна стаіць ён між стрэлаў густых,
То хутка імчытся па полі.
Не страшны ні холад, ні бой для яго,
Ды прымеш ты смерць ад каня ад свайго».
Алег усміхнуўся — аднак жа чало
Укрылі пахмурныя цені.
Рукой апіраецца ён на сядло
І злазіць з каня ў задумленні;
І сябра свайго развітальнай рукой
Ён гладзіць і лашчыць па шыі крутой.
«Бывай, мой таварыш, мой верны слуга,
Прыйшоў час расстацца з табою:
Цяпер адпачні! больш не ступіць нага
У стрэмя тваё залатое.
Гуляй жа, ды помні мяне ты штодня.
Сябры-юнакі, забярыце каня!
Акрыйце папонай, мяккім дываном;
На луг мой найлепшы вадзіце;
Купайце, карміце адборным аўсом;
Вадою крынічнай паіце».
І тут жа с канём юнакі адышлі,
А князю другога каня падвялі.
Пры келіхаў звоне, балюе Алег
З дружынай сваёю адданай.
Бялеюць іх кучары, быццам бы снег
Над слаўнай вяршыняй курганай ...
Яны памінаюць часы даўніны
І бітвы, дзе біліся разам яны ...
«А дзе мой таварыш? — прамовіў Алег —
Скажыце, дзе конь мой імклівы?
Ці гэтакі ж лёгкі ягоны ўсё бег?
Ці гэтакі ж конь мой гуллівы?»
І чуе адказ: на ўзгорку крутым
Даўно ўжо сон вечны лунае над ім.
Магутны Алег галавою панік
І думае: «Што ж варажбою?
Ты з розуму выжыў, стары чараўнік!
Не знацца б з тваёй мне хлуснёю!
Мне конь бы служыў і да гэтага дня».
І хоча ўбачыць ён косці каня.
І едзе Алег наймагутны з двара,
З ім Ігар і блізкія госці,
І бачыць: на ўзгорку крутым, ля Дняпра,
Ляжаць пабялелыя косці;
Іх мыюць дажджы, засыпае пясок,
Хвалюе над імі траву вецярок.
Князь ціха на чэрап каня наступіў
І кажа: «Спі, дружа мой мілы!
Цябе твой стары гаспадар перажыў, —
Хоць блізка і мне да магілы ...
Ды толькі не ты ў яе ляжаш са мной
І прах мой напоіш гарачай крывёй!
Дык вось дзе хавалася гібель мая!
Жыццю майму косць пагражала!»
Між тым з галавы нежывое змяя
З сіпеннем глухім выпаўзала;
Яна абвілася ля князевых ног,
І князю ніхто памагчы ўжо не мог.
На слёзных памінках Алега шыпяць
І пеняцца кубкі цяжкія;
Князь Ігар і Вольга на ўзгорку сядзяць;
Балююць сябры баявыя;
Яны памінаюць часы даўніны
І бітвы, дзе біліся разам яны.

1822

Пераклад: Уладзімір Шахавец

Прарок


Духоўна стомлены зусім,
з дарогі я ў пустыні збіўся, -
і шасцікрылы серафім
на раздарожжы мне з'явіўся.
Нячутным дотыкам, як сон,
павекаў ледзь крануўся ён, -
і іх напоўніў шум і звон:
пачуў я неба хваляванне,
завоблачных анёлаў лёт
і гадаў пад вадою ход,
лазы ў даліне прарастанне.
І каля вуснаў ён узнік
і вырваў грэшны мой язык,
і пустасловы, і каравы,
і джала мудрае змяі
ў вусны ўклаў і загаіў
сваёй дзясніцаю крывавай.
І грудзі мне рассек мячом,
і сэрца трапяткое выняў,
і жар, з яшчэ жывым агнём,
ён назаўжды ў грудзях пакінуў.
Як труп - ў пустыні я ляжаў,
ды голас боскі загадаў:
«Устань, прарок, як у дазоры,
і словам з іскрамі надзей,
абходзячы зямлю і моры,
запальвай сэрцы у людзей».

1826

Пераклад: Мікола Федзюковіч

Рэха


Ці звер раве ў глушы лясной,
Ці песня чутна за гарой,
Ці гром грыміць па-над зямлёй -
          Ў цішы заўжды
На кожны голас водгук свой
          Народзіш ты.
У буру ловіш гул ракі,
Як гром калыша саснякі,
Як граюць пастухоў ражкі -
          І шлеш у свет
Адказ; табе ж ніхто... Такі
          І ты, паэт.

1831

Пераклад: Максім Танк

«Я вас кахаў...»


Я вас кахаў: быць можа мімаволі
Кахання жар у сэрцы не пагас;
Няхай яно вас не трывожыць болей;
Я не хачу нічым засмучваць вас.
Я вас качаў бязмоўна, адзінотна,
То боязь чуў, то рэўнасць зазнаваў;
Я вас кахаў так шчыра, так пяшчотна,
Як дай вам Бог каб іншы пакахаў.

1829

Пераклад: Максім Лужанін

Я зноў наведаў


                          ...Я зноў наведаў
Зацішны той закутак, дзе правёў
Выгнаннікам нямала часу.
З тых дзён мінула дзесяць год -
                                                  і многа
Перамянілася ў жыцці маім,
І сам, пакорны ўсеагульнаму закону,
Перамяніўся я - ды тут ізноў
Мінулае мяне усюды сустракае.
Здаецца, ўчора я яшчэ блукаў
Па гэтых пералесках.
                    Вось апальны домік,
Дзе жыў я з беднай няняю маёй.
Старой ужо няма - і за сцяною
Не чую я хады яе павольнай,
Ні клапатлівага яе дагляду.
Вось той лясісты ўзгорак, на якім
Сядзеў я часта нерухома і глядзеў
На возера, успамінаючы з тугою
Другія берагі, другія хвалі...
Між залацістых ніў, лугоў зялёных
Яно сінее, сцелецца шырока,
Цераз яго нязведаныя воды
Плыве рыбак і цягне за сабой
Старэнькі невад. Тут па берагах
Рассыпаліся вёскі - там за імі
Вятрак скрывіўся, ледзьве крыллі
Варочае пры ветры.
                                  На граніцы
Уладанняў дзедаўскіх, на месцы тым,
Дзе ўгору падымаецца дарога,
Размытая дажджамі, тры сасны
Стаяць - адна з іх воддаль, дзве другія
Ствалы ўздымаюць побач - тут, калі паўз іх
Я праязджаў пры месячным святле,
Знаёмым шумам шорах іх вяршынь
Мяне вітаў самотна. Той дарогай
Цяпер паехаў я, і прад сабою
Убачыў іх зноў. Яны ўсё тыя ж,
І той жа іх, знаёмы вуху, шорах -
Ды каля іх карэнняў застарэлых
(Дзе некалі было ўсё пуста, гола)
Гай малады цяпер ужо разросся,
Зялёная сям'я; і туляцца кусты
Ў іх засені, як дзеці. А удалі
Стаіць адзін пануры іх таварыш,
Як халасцяк стары, а навакол
Ўсё пуста па-ранейшаму.
                      Дзень добры, племя
Маладое, незнаёмае! не я
Убачу твой магутны позні ўзрост,
Калі перарасцеш маіх знаёмых
І іх старую галаву заслоніш
Ад воч вандроўніка. Але хай мой унук
Пачуе шум ваш прывітальны тут, калі,
Вяртаючыся ад сяброў з бяседы,
Прыемных і вясёлых поўны дум,
Ён пройдзе міма вас у змроку ночы
І ўспомніць пра мяне.

1835

Пераклад: Максім Танк

«Я помнік збудаваў сабе нерукатворны...»

Exegi monumentum.


Я помнік збудаваў сабе нерукатворны,
Не зарасце людская да яго трапа,
Вышэй чалом сваім ён ўзняўся непакорным
          Александрыйскага слупа.
Не, я ўвесь не памру - у ліры застанецца,
Прах перажыўшы мой, душы пявучы дар -
І слаўны буду я, пакуль на цэлым свеце
          Жыць будзе хоць адзін пясняр.
Вядомы буду я на ўсёй Русі вялікай,
І імя маё кожны назаве язык,
І горды ўнук славян, і фін, і сёння дзікі
          Тунгуз, і стэпаў друг калмык.
За гэта доўга буду любы я народу,
Што лірай лепшыя надзеі абуджаў,
Што ў мой суровы век праславіў я свабоду
          І міласць да няшчасных зваў.
Загаду божаму, о муза, будзь слухмянай,
Не бойся крыўды, лаўраў не жадай,
Не пераймайся славай і хлуснёй паганай
          І ў спрэчцы дурня не чапай.

1836

Пераклад: Максім Танк

«Я помню дзіўнае імгненне...»


Я помню дзіўнае імгненне:
Перада мной паўстала ты,
Як пралятаючае сненне,
Як геній чыстай пекнаты.
Праз боль і смутак невымоўны
За безразважнай мітуснёй
Мне чуўся голас твой чароўны
І мілы воблік сніўся твой.
Гады міналі. Шквал бунтоўны
Развеяў мар даўнейшых рой,
Забыў я голас твой чароўны,
Забыў я твар нябесны твой.
Ў глушы, у змроку зневальнення
Самотна дні мае плылі
Без захаплення, без натхнення
Без слёз, жыцця і без любві.
Душа зазнала абуджэнне:
І вось ізноў паўстала ты,
Як пралятаючае сненне,
Як геній чыстай пекнаты.
І сэрца ў радасным імкненні,
І для яго ўваскрэслі зноў
І захапленне, і натхненне,
Жыццё, і слёзы, і любоў.

1825

Пераклад: Максім Лужанін


Оглавление

  • Аляксандар Пушкін Вершы
  •   Анчар
  •   Вязень
  •   Вязень
  •   «Для дальніх берагоў айчыны...»
  •   Дон
  •   Зімовая раніца
  •   Няньцы
  •   Песня пра вешчага Алега
  •   Прарок
  •   Рэха
  •   «Я вас кахаў...»
  •   Я зноў наведаў
  •   «Я помнік збудаваў сабе нерукатворны...»
  •   «Я помню дзіўнае імгненне...»