Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча [Адам Мальдзіс] (fb2) читать онлайн
- Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча 7.81 Мб скачать: (fb2) - (исправленную) читать: (полностью) - (постранично) - Адам Мальдзіс
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
[Оглавление]
Адам Мальдзіс Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
Партрэт пісьменніка і чалавека
Перш чым пачаць непасрэднае апавяданне, я павінен зрабіць некалькі тлумачэнняў. Найперш пра назву кнігі. Сяму-таму яна можа здацца прэтэнцыёзнай і нават містычнай. Але слова "ўзнясенне" трэба трактаваць "матэрыялістычна" — як узнясенне над сваім часам, узнясенне да вяршынь айчыннай і сусветнай літаратуры. Апрача таго, тут ёсць прамая "рэмінісцэнцыя", звязаная з Караткевічам. Калі на кінастудыі "Беларусьфільм" пачалі здымаць фільм па яго сцэнарыю "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", камусьці гэта назва здалася крамольнай, і фільм выйшаў (дакладней, не выйшаў, а надоўга лёг на паліцу) як "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка". Новую назву Караткевіч успрыняў спакойна, з гумарам. Яна стала для яго нават сімвалам чагосьці асабістага. І калі ў 1980 годзе, пасля першага грознага прыступу хваробы, ён крыху акрыяў, я пажартаваў: "Ну вось, цяпер можна будзе пісаць кнігу "Жыціе і ўваскрэсенне Уладзіміра Караткевіча", ён разрагатаўся: "Ну — давай, давай! Няхай яно спраўдзіцца!" Наступная засцярога. Тое, што прапануецца тут чытачу, безумоўна ж, будзе вельмі суб'ектыўным. Я далёкі ад таго, каб прэтэндаваць на нейкія ісціны ў апошняй інстанцыі, бо абапіраючыся пераважна на тое, што асабіста бачыў і чуў, што было занатавана (прызнаюся ў гэтым) адразу ж, вечарам ці на наступны дзень, а то і непасрэдна ў час выступленняў Караткевіча ў самых розных аўдыторыях. Праўда, мушу пакаяцца: на пачатку нашага знаёмства, у гады шасцідзесятыя, яшчэ не ўсведамляючы ўсёй значнасці таго, што адбывалася на маіх вачах, усёй адказнасці перад гісторыяй, такія занатоўкі я рабіў рэдка і бегла. Адсюль — і значныя прагалы. Хачу таксама падкрэсліць, што падрабязны аналіз творчасці Уладзіміра Караткевіча не ўваходзіць у мае задачы. Часткова ён зроблены ў кнізе Анатоля Вераб'я "Жывая повязь часоў", (1985), у артыкулах іншых калег. На фундаментальную ж манаграфію яшчэ зарана. Таму, гаворачы пра творчасць, буду — каб пазбегнуць пазнейшай "мадэрнізацыі" — абапірацца пераважна на тагачасныя сведчанні, у тым ліку і на ўласныя рэцэнзіі і артыкулы. Апошнія прыводзяцца тут цалкам, без купюр. Безумоўна, у іх адбілася агульная атмасфера застойных часоў, калі пра многае нельга было пісаць або даводзілася пісаць намёкамі, калі апрача рэдактара і работніка Галоўліта затоена дзейнічаў яшчэ і "ўнутраны" цэнзар, які імкнуўся не столькі нашкодзіць сабе, колькі дапамагчы самому Караткевічу — у імя выхаду яго чарговай кнігі, зрабіць яе аўтара больш "правільным", чым ён уяўляўся на самай справе. У гэтых рэцэнзіях і артыкулах сёння хацелася б нешта скараціць, нешта дадаць. Але гісторыю нельга падпраўляць. Таму няхай у гэтай кнізе тэксты іх ідуць так, як былі апублікаваны калісьці. А ўжо чытачу меркаваць, ці ёсць мне падстава саромецца тагачасных выказванняў, ці такой прычыны няма. Уласна кажучы, з рэцэнзіі на раман "Нельга забыць" і пачалося наша асабістае знаёмства. Неяк так здарылася, што, заняты напісаннем кандыдацкай дысертацыі пра ХІХ стагоддзе, я стаў прапускаць міма ўвагі вартыя літаратурныя навінкі і не прыкмеціў першага паэтычнага зборніка Уладзіміра Караткевіча "Матчына душа" (1958). Другі ж, "Вячэрнія ветразі" (1960), прачытаў з вялікім спазненнем. А пра кнігу прозы "Блакіт і золата дня" (1961) найперш даведаўся ад супрацоўніцы Інстытута літаратуры Валянціны Ігнатаўны Гапавай. Яна была ў захапленні ад зборніка, напісала на яго ўзнёслую рэцэнзію, якая прымусіла і мяне прачытаць кнігу. Зборнік зачараваў мяне нязвычным тады абвостраным адчуваннем гісторыі нашага народа, светлым і цнатлівым успрыняццем навакольнага жыцця. І калі ў часопісе "Полымя" (1962. № 5, 6) з'явіўся раман таго ж аўтара "Нельга забыць", я ўжо без "падказкі" прачытаў яго і, захапіўшыся яго аўтарам яшчэ больш, тут жа напісаў рэцэнзію, якая была апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 17 ліпеня 1962 года пад назвай "Права мастака": "Прызнаюся: амаль тыдзень прымушаў я сябе ўзяцца за раман Уладзіміра Караткевіча "Нельга забыць". Адштурхоўваў загаловак. Ён здаваўся банальным, выцвілым. У той жа час прываблівала прозвішча аўтара, які паспеў палюбіцца за кнігі "Блакіт і золата дня" і "Вячэрнія ветразі". І вось — першая фраза: "Дарогу на поўнач ад горада кантралявалі інсургенты, ездзіць па ёй было небяспечна". Інсургенты? Так у Расіі звалі польскіх паўстанцаў. Значыць — доўгачаканы раман пра паўстанне 1863 года, стагоддзе якога мы будзем адзначаць праз некалькі месяцаў? Магчыма, пра Каліноўскага? Аднак гэта раман не пра паўстанне 1863 года. Уладзімір Караткевіч не павёў чытача ў паўстанцкі лагер, не паказаў там Кастуся Каліноўскага. У рамане дзейнічае (і то "па-за сцэнай") толькі яго баявы сябар — Усяслаў Грынкевіч. З першых жа радкоў даведваемся, што ён трапіў у палон да царскіх войск і чакае пакарання смерцю на магілёўскай гаўптвахце. Аўтар засяроджвае сваю ўвагу на тых, хто знаходзіцца, так сказаць, на іншым баку барыкад. Гэта — афіцэры рускай арміі Пора-Леановіч і Юрый Гораў, якія ўзначальваюць ахову на пераправе праз Днепр. Яны вельмі розныя людзі. Жорсткі і самазадаволены цынік Пора-Леановіч прытрымліваецца правіла: "Галоўнае — стаць на той бок, які выйграе". Яму, мясцоваму ўраджэнцу, магіляўчаніну, не вельмі давярала камандаванне арміі. І таму "ў дапамогу" Пора-Леановічу быў прысланы паранены пад Ракавам масквіч Юрый Гораў. У Гораве быццам сабраны ўсё лепшыя рысы, якія былі ўласцівы перадавым прадстаўнікам рускага дваранства. Уразлівы і ўдумлівы Гораў нечым няўлоўным нагадвае талстоўскага Андрэя Балконскага, перанесенага ў іншы час і пастаўленага ў іншыя ўмовы. І вось наступіла навальнічная вераб'іная ноч. Разліўся Дняпро. У такую буру наўрад ці наважыцца хто пераплыць цераз рэчку. І таму, на першы погляд, здаецца, што Пора-Леановіч мае слушнасць, калі адмаўляецца пераправіць на той бераг жонку паўстанца Грынкевіча. Яна вязе загад графа Мураўёва аб замене расстрэлу пажыццёвай катаргай? Ну што ж, няхай пачакае да раніцы, ад гэтага нічога не зменіцца. Але Пора-Леановічам кіруюць далёка не гуманныя матывы. Ён ведае, што яшчэ надвячоркам памчаўся ў Магілёў (вядома, не з памілаваннем) спецыяльны кур'ер Мараўёва-вешальніка. Ён атрымаў загад затрымаць жонку Грынкевіча на такі час, каб на тым беразе паспелі скончыць з яе мужам. Дарэмна Гораў спрабуе апеліраваць да сумлення свайго начальніка. Той застаецца няўмольным. Але Гораў не можа не дапамагчы высакароднай, базабароннай цяпер жанчыне. Гэта азначала б, што ўвесь ягоны свет, ягоныя перакананні, усё тое, аб чым гаварылі прафесары ва універсітэце, аб чым піша Тургенеў, любімы пісьменнік Надзенькі, яго Надзенькі, — усё гэта мана і міраж. І тады Гораў прымае рашэнне. Парушаючы загад Пора-Леановіча, рызыкуючы ўласным жыццём, ён перавозіць жанчыну на той бераг у чаўне-душагубцы. Але дарэмна: жонка Грынкевіча спазнілася. Спазнілася на нейкіх дзесяць мінут. Даведаўшыся аб гэтым, Юрый Гораў выразна адчаканіў свайму начальніку: "Капітан Пора-Леановіч, вы нягоднік". У выніку — дуэль. На здзіўленне самому сабе, Юрый Гораў смяртэльна параніў праціўніка, які трыма выстраламі мог з віновага туза зрабіць жалудовы. Аб усім гэтым расказана ў пралогу рамана. Пралог завяршаецца сцэнай апошняга спаткання Юрыя Горава і апранутай у жалобу жонкі Грынкевіча. Герой зразумеў, што тая вераб'іная ноч была водападзелам яго жыцця. Пасля яе засталася туга. Туга па ўзвышаным і прыгожым, па няздзейсненых спадзяваннях. З горыччу думае ён аб нетрываласці чалавечага жыцця і чалавечага шчасця, гледзячы на зеленаваты зорны дождж Леанідаў, якія "тысячамі зялёных ніцей праляталі над зямлёю і знікалі ў цемры". А потым аўтар пераносіць дзеянне рамана ў наш, савецкі час, расказвае пра нашчадка таго Грынкевіча, які так і не пабачыў дажджу Леанідаў, — пра студэнта, паэта і сцэнарыста Андрэя Грынкевіча. "Пачакайце, — можа сказаць тут чытач, — а я ведаю, што будзе далей: Андрэй абавязкова сустрэнецца з унучкай ці праўнучкай таго Горава і паміж імі ўзнікне каханне. Нашчадкі здзейсняць мары і спадзяванні сваіх продкаў. Так было ў "Паўночнай аповесці" Паўстоўскага, так было…" Што ж, у гэтым выпадку прадчуванні чытача спраўджваюцца. У Маскве Андрэй сапраўды пазнаёміўся з выкладчыцай гісторыі мастацтваў Ірынай Горавай і пакахаў яе тым пачуццём, якое, як кажа другі герой рамана Яніс Вайвадс, "раз у стагоддзе бывае на зямлі". І на нейкі момант у чытача паяўляецца незадавальненне. Твор здаецца зададзеным, сюжэт — запазычаным. Тут праводзіш паралелі з Тургеневым, там — з "нагнятаннем сказаў" Талстога. Літаратурныя рэмінісцэнцыі разбураюць непасрэднасць уражання. Але адначасова ловіш сябе на думцы: вось так, відаць, гучала б беларуская проза, калі б у нас быў свой Тургенеў і Талстой. Ды і чаму мы павінны адмаўляць права мастака ісці, так сказаць, адметным шляхам: не ад жыцця да літаратуры, а ад літаратуры да жыцця? Права напаўняць старую сюжэтную схему новым жыццёвым зместам? Адштурхоўваючыся ад чужога, як робіць Караткевіч, ствараць уласнае? У сталай літаратуры павінны быць і такія творы. Што ж новае ўносіць раман "Нельга забыць" у сучасную беларускую прозу? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ўлічыць наступную акалічнасць. У мінулым беларуская нацыя была амаль выключна "сялянскай" нацыяй, і таму беларуская літаратура ўзрастала пераважна на сялянскай тэматыцы. Асноўным героем на доўгі час стаў селянін. Адсюль ідзе і пэўная абмежаванасць, адметнасць нашай літаратуры, скажам, ад рускай ці польскай. А калі ў беларускую прозу прыйшоў рабочы ці інтэлігент, то гэта быў пераважна ўчарашні селянін або селянін па паходжанні. Коласаўскі Лабановіч ці нават героі шамякінаўскіх "Крыніц" не маглі яшчэ перастуквацца паміж сабой тактамі пятай сімфоніі Бетховена і вешаць на сценах рэпрадукцыі з карцін Паўля Клее, як гэта робіць Андрэй Грынкевіч. Іншая справа — галоўны герой рамана "Нельга забыць". Вобраз яго мы па праву можам назваць першым у беларускай літаратуры паўнакроўным вобразам патомнага інтэлігента, інтэлігента ад дзеда і прадзеда. А гэта — яшчэ адно сведчанне сталасці беларускай літаратуры. Андрэй Грынкевіч падабаецца чытачу многімі сваімі рысамі. Ён чалавек складанага інтэлекту, багатага ўнутранага свету. Ён увесь — у імкненні да прыгожага і дасканалага, у прадчуванні нязвычнага. Ён самакрытычны, аналізуе кожны свой крок і, калі трэба, можа сурова асудзіць сябе (дастаткова прыгадаць узаемаадносіны з Марыяй Крат). У Андрэя выпрацавана такая культура пачуццяў, такая ўражлівасць, што ён улоўлівае ледзь улоўнае, адчувае не толькі свядома, але і падсвядома. Так: падсвядома. Вось герой спяшаецца да Ірыны, сэрцам адчуваючы, што з ёю нешта непапраўнае, хаця аб гэтым яму ніхто і не паведаміў. Вось ён, седзячы ля ложка хворай Горавай, прачынаецца заўсёды тады, "калі яна толькі мелася прачнуцца". Нейкім унутраным чуццём Андрэй угадвае, калі Ірына ёсць у горадзе і калі яе няма. Што гэта? Містыка? Даніна модным на Захадзе Джойсу і Прусту, у якіх героі жывуць на мяжы рэальнага і ірэальнага? Не, гэта тая вытанчанасць светаўспрымання, якая паяўляецца ў людзей, багатых інтэлектуальна. У аснове такой "перадачы думак на адлегласці" ў Караткевіча заўсёды ляжыць рэальны, часам вонкава непрыкметны факт (напрыклад, тэлефонныя званкі перад прыступам у Ірыны, на якія Андрэй не адказваў). Расказваючы пра ўзвышанае і пакутлівае каханне сваіх герояў, аўтар быццам палемізуе з тымі, хто адмаўляе такое пачуццё, спрачаецца са Стаўровым і стаўровымі, якія цынічна заяўляюць: "Каханне, соплі лірычныя распусцілі. У нас, брат, атамны век. Людзям няма часу ні на чытанне доўгіх кніг, ні на шпацыр пад ліпамі, у вашага цнатлівага кахання белая сукня. А час не той. Вакол не ліпы. Вакол машыны і мазут". Караткевіч сцвярджае, што такое ўзвышанае і светлае пачуццё, такое каханне ў "белай сукні" існуе, яно нараджае "кнігі, музыку, гераізм". Яно патрэбна чалавеку як паветра і вада: без яго чалавек становіцца збедненым, спустошаным. Вялікае і непаўторнае, яно не знікае бясследна. Яго нельга забыць. Магчыма, некаторыя крытыкі папракнуць аўтара за празмерна песімістычны канец: пасля смерці Ірыны Андрэй адчувае, што без яе на яго жыццёвым шляху ўжо не будзе радасці, што для яго засталіся толькі "праца і самота". А што ж, загадаеце, каб у такім выпадку герой станавіўся ў позу і выступаў з бадзёрымі сентэнцыямі?! Чалавек і тыя пачуцці, якія ён выклікае, — гэта не Леаніды. Яны не забываюцца — і ў гэтым сэнсе загаловак рамана аказваецца вельмі дакладным. Смерць ёсць смерць. І, сцвярджаючы, што без Ірыны жыццё Андрэя не будзе па-сапраўднаму поўным і радасным, пісьменнік выказвае вельмі чалавечную, вельмі гуманную думку, палемічна накіраваную супроць легкадумнага аптымізму. Апошнія радкі рамана нібы пераклікаюцца са словамі старадаўняга англійскага паэта Джона Дона, словамі, якія Хемінгуэй узяў эпіграфам для свайго рамана "Па кім звоніць звон": "Ні адзін чалавек не ўяўляе сабой саматойны востраў, кожны з'яўляецца часткай кантынента, часткай сушы. Калі мора змые хаця б грудку зямлі, меншай стане Еўропа, як і ў тым выпадку, калі яно паглыне паўвостраў, зямлю тваіх сяброў ці тваю ўласную. Смерць кожнага чалавека памяншае мяне, бо я звязаны з чалавецтвам. Таму ніколі не пытай, па кім звоніць звон: ён звоніць па табе". І ўсё ж вобраз Андрэя не можа поўнасцю задаволіць чытача. Сфера яго пісьменніцкіх інтарэсаў здаецца штучна звужанай, зведзенай да аднаго кахання. Хтосьці слушна заўважыў, што ў творы яно не павінна больш займаць месца, чым у жыцці. У Караткевіча ж атрымліваецца наадварот. Хацеў гэтага аўтар ці не, але выйшла так, што амаль адзінай крыніцай паэтычнага натхнення для Андрэя стала Ірына. З навакольнага свету ён успрымае пераважна тое, што так ці інакш звязана з яе асобай. Грамадскі ж кругагляд героя выглядае збедненым. Гэта не значыць, што Андрэй мусіць рвацца ў космас ці разважаць аб выніках культу асобы (такія вонкавыя прыкметы часу ў рамане якраз ёсць). Герою не стае іншага. У яго няма глыбокага філасофскага роздуму аб тым, што адбываецца ў нашай краіне і ва ўсім свеце, аб сэнсе існавання сучаснага чалавека і яго месцы ў грамадстве. Часам здаецца, што Грынкевіч празмерна любуецца сабой, любуецца тым, што ён, як "сапраўдны малады варвар", п'е рыжскі бальзам і "Белавежскую", можа падпісваць аўтографы і чытаць Дантэ, лежачы на кіліме. Часам вытанчанасць Андрэевых пачуццяў пераходзіць у расслабленасць. У свой час герой быў смелым і рашучым: хадзіў у партызанскую разведку, двойчы ўцякаў з дзіцячага дома на фронт, узначальваў аддзяленне ў камсамольскім "атрадзе садзеяння", страляў у ворага. І таму не верыцца, што, стаўшы дарослым, Андрэй настолькі не можа саўладаць са сваімі пачуццямі, што раз-пораз усё навокал "плыве, бы ў тумане", "патанае ў тумане" і нават можа выключыцца са свядомасці на некалькі дзён. Міжволі думаеш: а можа, аўтар хацеў паказаць, што бывае, калі герой "аддае ўсяго сябе жанчыне", хацеў асудзіць яго абмежаванасць? Ды не, на гэта не выглядае. Хаця апавяданне вядзецца не ад першай асобы і вобраз Андрэя "аб'ектывізаваны", тым не менш аўтар настолькі апрабіруе кожны крок героя, настолькі зліваецца з ім, што Андрэевы словы ўспрымаеш як лірычную споведзь самога пісьменніка. На такую думку наштурхоўвае, напрыклад, наступная акалічнасць. Ва ўсіх у нас у памяці добрыя вершы Караткевіча, навеяныя творамі мастацтва: "Дзіва на Нерлі", "Прарок Геранім Босх", "Трызненне мужыцкага Брэйгеля", "Архангельскае", у памяці і тое, што яны мелі канкрэтнае прысвячэнне. З рамана ж мы даведваемся, як ствараліся гэтыя вершы. Міжволі ўзнікаюць паралелі, і пачынаеш атаясамляць героя і аўтара (такая ўжо псіхіка чытача…). Магчыма, не трэба было аўтару гэтага рабіць, тым больш што адпаведныя думкі ў вершах выказаны і вобразней, і глыбей. Магчыма, не трэба было паўтарацца і адначасова прыадчыняць сваю творчую кухню. А то чытач адчувае сябе, як госць, якога пасля далікатнага абеду запрасілі на кухню і сталі тлумачыць, з чаго і як прыгатаваны стравы. Паколькі ўжо гутарка зайшла аб недахопах, трэба сказаць некалькі слоў і аб мове. Вельмі прыкра, што пісьменнік, які так тонка адчувае прыгажосць роднага слова, часам, гонячыся за ўяўнай прыгажосцю, не сочыць за стылем. Гераіня неяк кажа Андрэю: "Вы такі, што вам трэба пісаць аб тым, што вось-вось зашчымела і павярнулася ў душы, не дбаючы пра стыль, а дбаючы аб тым, каб слова найбольш дакладна выяўляла тое, што адчуваеш". І, відаць, па гэтым рацэпце былі пабудаваны фразы, пазбаўленыя якраз гэтай дакладнасці, а то і сэнсу, накшталт: "Дзень вось-вось павінен быў перамагчы світанне", "Дрозд, які вось тут, перад вачыма, у захапленні цалуе куст каліны…", "Яму было балюча ў горле, так ён яе кахаў". У адным месцы аўтар піша, што ў творах Андрэя, нягледзячы на паспешлівасць, "слова было на месцы — абцугамі не выцягнеш". На жаль, гэтага не скажаш пра мову рамана. Адно і тое ж слова няшчадна эксплуатуецца па некалькі разоў на старонцы: "сляпуча блішчаць купалы", "сляпучы снег", "сляпуча-срэбныя аблокі", "сляпуча-белы пакой", "сляпучае святло бліскавіц", "сляпучы агеньчык свечкі". І гэта, відаць, не неахайнасць, а свядомая манера пісьма. Аўтар захапляецца новым "сляпучым" словам, іграе ім, як дзіця бліскучай забаўкай, а потым, калі яно згубіць прывабнасць навізны, кідае яго. Тады на змену яму з'яўляецца іншае слова-пястунчык — "сяйва", "веі". Іншы ж раз такімі настырнымі здаюцца асобныя метафары, вобразы, нават думкі. Асабліва калі яны не першай літаратурнай свежасці: "Масква спала неспакойным сном вялікага, стомленага працай чалавека", "Сабака паклаў яму на калена галаву — і гэта была таксама радасць, бо гэтага сабаку магла лашчыць яна". Можна было б гаварыць і пра іншыя мастацкія хібы. Але не яны вызначаюць аблічча рамана. У цэлым свежая, асацыятыўная проза Караткевіча чытаецца з сапраўдным эстэтычным задавальненнем. Аўтар і тут застаецца паэтам. Ён умее ў звычайным убачыць незвычайнае, у будзённым — узнёслае, прыкмеціць на ботах Юрыя Горава, які ідзе на дуэль, пялёсткі пераспелых кветак. Я далёкі ад думкі, што раман "Нельга забыць" спадабаецца ўсім. Ён разлічаны на пэўнага, адпаведна падрыхтаванага чытача. Калі мы сцвярджаем, што нашы пісьменнікі павінны быць рознымі, то чаму, будучы лагічнымі, не дапускаем, што рознымі павінны быць і чытачы? Чаму мы апеліруем да нейкага уніфікаванага, стандартызаванага чытача? Ды ён жа на самай справе розны! Адны сур'ёзна ставяцца да мастацкага слова, другія адносяцца да кнігі як да забавы пасля работы, чытаюць толькі аблегчаныя дэтэктывы. І нават сярод тых, хто глядзіць на мастацкі твор як на крыніцу прыгожага, існуе падзел, прадыктаваны асаблівасцямі чалавечай натуры. У аднаго бярэ верх пачуццёвы пачатак, у другога — разумовы, у трэцяга ўсё гэта спалучаецца ў адпаведнай прапорцыі. І кожны шукае ў няабсяжным кніжным моры тое, што яму найбольш адпавядае. Апрача таго, трэба ўлічваць і тое, што чытачы розныя і па адукацыйнаму ўзроўню. І прыходзіцца паўтарыць банальную ісціну: мастак не мае права арыентавацца на тых, хто утылітарна ставіцца да літаратуры, спускацца да іх узроўню. Мастак павінен заўсёды апераджаць час, разлічваць не толькі на сённяшняга, але і на заўтрашняга чытача. Вось чаму трэба пагадзіцца з думкай Максіма Рыльскага, які ў артыкуле "Музы і моды" адстойваў на старонках "Литературной газеты" права пісьменніка тварыць для акрэсленага кола чытачоў (для акрэсленага, а не для "выбраных"). Такім пісьменнікам і з'яўляецца, на маю думку, Уладзімір Караткевіч. Раман "Нельга забыць" прынясе карысць чытачу, таму што ён абуджае багатыя думкі і пачуцці. Не, ён не "мабілізуе" на выкананне нейкай канкрэтнай, вузкай задачы. Раман робіць большае: выхоўвае культуру пачуццяў, абуджае роздум аб сэнсе жыцця. Так, нельга забыць пра тое, што ў жыцці ўсё ўзаемазвязана, што мінулае цесна пераплятаецца з сучасным і будучым. Нельга забыць ні Усяслава Грынкевіча, які аддаў жыццё "за вашу і нашу свабоду", ні таго асколка ў калясэрцавай сумцы Ірыны Горавай, які застаўся з часу вайны. У жыцці кожнага з нас можа быць такая вераб'іная ноч, кожнаму з нас, магчыма, прыйдзецца дапамагчы некаму, каб той не спазніўся на жахлівых дзесяць мінут. Уражанні, якія ўзнікаюць, калі дачытваеш апошнюю старонку рамана, хочацца выказаць словамі самога ж Караткевіча: "Вось, здаецца, і нічога не здарылася, а адразу неяк лягчэй стала жыць на зямлі". Хаця ў гэтай, першай рэцэнзіі на раман з празмернай сур'ёзнасцю даказвалася відочнае, хаця некаторыя папрокі сёння выглядаюць дробязнымі, але ўсё ж Уладзімір Караткевіч, відаць, застаўся задаволены ёю. Бо на пленуме (ці нейкім іншым сходзе) у Саюзе пісьменнікаў БССР (месціўся ён у будынку насупраць цяперашняга кінатэатра "Піянер") ён спытаў у Янкі Брыля: — А хто ды хто той рэцэнзент? Пазнаём мяне з ім. Янка Брыль паклікаў мяне і прадставіў высокаму і плячыстаму мужчыну, амаль яшчэ юнаку. Ён прымружана і дапытліва глядзеў рознакаляровымі (адно шэраватае, а другое сіняватае) вачыма і шырока, крыху іранічна ўсміхаўся. Мы неяк збянтэжана паціснулі ўзаемна рукі. І Караткевіч тут жа, неяк вельмі натуральна перайшоўшы на "ты", запрапанаваў: — То пасля ўсяго пойдзем да мяне, паседзімо. Згодзен? І мы пайшлі ў кватэру, якую ён толькі што атрымаў у блочным, "хрушчоўскім", доме па вуліцы Чарнышэўскага пад нумарам 7. У доме жылі і іншыя пісьменнікі (на пятым паверсе, помніцца, Валодзя паказаў мне кватэру Адамчыкаў). Халасцяцкае жытло Караткевіча было на "Парнасе" — на пятым паверсе і складалася з аднаго пакоя і цеснай кухні. Пра адзін пакой згадваю спецыяльна, бо нядаўна ў цікавых успамінах Арсена Ліса напаткаў сцвярджэнне, нібы тая кватэра была двухпакаёвая. Аўтара ўспамінаў, відаць, падвяло тое, што потым, пасля пераезду з Оршы маці Валодзі, Надзеі Васільеўны, "хата" была перагароджана шафай з прыбітай да яе шырмай: злева, ля акна, месціўся "габінэт" з раскладным крэслам, справа, ад увахода — мікраскапічная спаленка з тахтой… Але тады, у нашу першую сустрэчу, пакой быў яшчэ не разгароджаны, не застаўлены кніжнымі паліцамі. — Кнігі яшчэ засталіся ў Оршы, — тлумачыў гаспадар, паказваючы сціплую "хату". — Цеснавата тут. Але я стаў супакойваць яго, параўноўваючы свой прыватны пакойчык на Сельгаспасёлку з ягоным "цывілізаваным" жыллём. Зрэшты, потым Валодзя не раз казаў, што нідзе яму не пісалася так хораша, як на Чарнышэўскага. Ды яшчэ ў Оршы. У той вечар, аднак, мы не спыніліся ў пакоі, а пайшлі на кухню, "самае ўтульнае і зручнае месцейка", дзе Валодзя запарыў у "турцы" каву (гэта ён умеў рабіць як ніхто), выцягнуў з "затыркі" бутэльку сухога віна. І прасядзелі мы разам аж да трох гадзін ночы. Натуральна, я распытваў пра раман "Нельга забыць". Караткевіч прызнаў, што ён сапраўды вельмі аўтабіяграфічны. Ды і ў іншых герояў ёсць рэальныя прататыпы. Яніс — гэта, да прыкладу, цудоўны латышскі паэт Еранім Стулпан. Няўхвальна, з унутраным болем Валодзя гаварыў толькі пра М., маскоўскую даследчыцу гісторыі мастацтваў, выведзеную ў рамане пад прозвішчам Горавай, — здалося, з ёю былі звязаны сур'ёзныя пачуцці і няздзейсненыя надзеі… Без непатрэбнай сціпласці аўтар лічыў раман сваёй удачай і спадзяваўся хутка пабачыць яго ў выглядзе асобнай кніжкі. Потым мы сталі ўзаемна расказваць, што было "да таго". Валодзя згадваў Оршу, дзе прайшлі яго дзяцінства і школьныя гады, ваеннае ліхалецце, калі ён аказаўся ў Арэнбургу (урэзаліся ў памяць вярблюды, якія, раззлаваўшыся, дужа пляваліся), разбураны пасляваенны Кіеў, дзе ён жыў у цёткі, вучобу ў Кіеўскім універсітэце, адкуль яго ледзь не выключылі за нацыяналізм… украінскі. Гэтаму універсітэту Караткевіч быў асабліва ўдзячны: там ён сустрэў верных сяброў, мудрых настаўнікаў накшталт прафесара Бялецкага, там, удалечыні ад Беларусі, зразумеў, што такое Радзіма. — Калі б гэта ад мяне залежала, то кожнага вучня, дзесьці ў класе дзевятым, пасылаў бы на які час у іншую рэспубліку, каб адчуў тугу па сваім. Рос патрыётам. Потым гаворка пайшла пра першыя крокі ў літаратуры. "Непісьменным" Валодзя сябе не памятаў. Рыфмаваць, дзеля забавы, пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Першы верш напісаў дзесьці год у чатырнаццаць ("але гэта было яшчэ дзеля смеху"). Сур'ёзна заняўся паэзіяй пасля універсітэта, калі працаваў настаўнікам у Тарашчы на Украіне, а потым у Оршы. З Оршы паслаў некалькі вершаў сябру (здаецца, Валянціну Краўцу, потым выкладчыку політэхнічнага інстытута) у Мінск, а той, без ведама аўтара, аднёс іх у "Полымя". Такім чынам у 1955 годзе пабачыў свет караткевічаўскі "Машэка". Амаль адначасна ў зборніку пра Янку Купалу былі апублікаваны ўражанні з паездкі ў Вязынку (Валодзя лічыў іх "сапраўдным дэбютам"). — Некалькі вершаў, — працягваў Караткевіч, — я неабачна аддаў у аршанскі "Ленінскі прызыў". Неабачна, бо не падумаў, як іх успрымуць дамарошчаныя "знаўцы". А яны, аказалася, дыхалі яшчэ сталінскім духам. Вядома, былі там і слабаватыя вершы. Але мне папала за іншае — за безнадзейнасць, чорную меланхолію, захапленне гісторыяй. Адным словам — за безыдэйнасць. Супрацоўнік рэдакцыі Высоцкі напісаў (мусіць, яму "падказалі") супраць мяне разносны артыкул "Не ў нагу з жыццём". Гэта ён — у нагу, заўсёды ў нагу, паводле загада, як былы вайсковец, а я — не… Найбольш лаяў ён верш "Вадарод" — нібы я прадракаю там пагібель нашай краіны. А я ж толькі хацеў папярэдзіць: атам — магутная, карысная, але і небяспечная сіла. Дураксы, а дураксаў на свеце многа, могуць знішчыць зямлю… Што пасля таго артыкула пачалося! Арганізаваныя лісты ў рэдакцыю, спецыяльная канферэнцыя "абураных" чытачоў на льнозаводзе. Нават дайшло да таго, што аршанская газета пачала вучыць розуму самога Броўку: замест таго каб прызнаць крытыку "знізу" і паўшчуваць мяне за памылкі, ён сказаў на адным сходзе, што я падаю цікавы голас… У школе працаваць стала ну проста немагчыма. І тады я рашыў падацца ў Маскву — на Вышэйшыя літаратурныя курсы. А потым — сцэнарныя. Многа там спазнаў новага… Так што цяпер, выходзіць, я павінен нават дзякаваць таму салдафону Высоцкаму. Ворагаў мне ён прыдбаў, але — і сяброў. Пасыпаліся абураныя лісты ў Мінск, Глебка з Казекам выступілі ў маю абарону ў "Звяздзе". У Саюз мяне прынялі. Праўда, па словах Караткевіча, і ў Мінску не ўсім яго вершы прыйшліся даспадобы. Палохала смеласць думкі, нязвычная форма. Некаторыя старэйшыя паэты ўвогуле адмаўлялі яго здольнасці. — К. сказаў, — крыўдаваў Валодзя, — што з маім талентам толькі каменне на бруку біць… У адказ я расказаў Караткевічу пра некалькі падобных выпадкаў з мінскага літаратурнага жыцця, з уласнага, няхай і небагатага аспіранцкага вопыту. Мы пагадзіліся, што тыя змены, якія пачаліся пасля смерці Сталіна і асабліва пасля ХХ партыйнага з'езда, ідуць са скрыпам. Занадта многа людзей, не зацікаўленых у іх. А іншыя баяцца, не ведаючы, чыя возьме. Таму адседжваюцца, чакаюць. Перад развітаннем Валодзя, нібы спахапіўшыся, пачаў распытваць пра мае "аўтабія". Даведаўшыся, што я з заходняй, "каталіцкай", часткі Беларусі, з беларуска-літоўскага памежжа, ён усклікнуў: — Ты глядзі! Я з Оршы, з самага ўсходу, а ты — з-пад Вільні — і нішто не перашкаджае нам у гамонцы. А некаторым жа хочацца падзяліць беларусаў на "ўсходнікаў" і "заходнікаў", на праваслаўных і католікаў. Сіл жа і так мала… А тут гэтая праклятая, наканаваная лёсам раз'яднанасць. Хіба хто з католікаў не можа быць беларусам?! Памятаю, была ў мяне нянька-каталічка. Гаварыла чысцютка па-беларуску. Пасля яды вучыла складваць ручкі і дзякаваць: "Ацю, божанька". — Ацю — гэта ад літоўскага ачу, дзякуй. — Бач ты, куды трапіла літоўскае слоўца. А я і не ведаў. Вярнуўшыся дамоў, я, нягледзячы на позні час, занатаваў на гаспадаровай кухні найбольш істотнае за таго, што пачуў у той дзень. І даў сабе слова завесці дзеля гэтага асобны сшытак. На жаль, стрымаў яго не адразу. І таму пра нашы наступныя сустрэчы — на нашай прыватнай кватэры (Валодзя выклікаў фурор сярод суседзяў, стаўшы пасярод вуліцы на калені перад маёй Марыяй за нязначнае спазненне), у Юльяна Пшыркова, дзе яго жонка, Нона Іванаўна, частавала нас самаробнымі стравамі і напоямі, у Алега Лойкі, якому Караткевіч быў вельмі ўдзячны за рэцэнзію ў "Маладосці" на "Вячэрнія ветразі", — не магу сёння сказаць нічога пэўнага. Памятаецца толькі, што Валодзя спяваў старыя беларускія і ўкраінскія песні, з гумарам расказваў пра свайго гаспадара ў Тарашчы, гэтакага народнага філосафа ("калі свінню не есці, то яна стане есці людзей"), каларытна падносіў забаўныя эпізоды з аршанскіх, кіеўскіх і маскоўскіх часоў. Пра тое, як складвалася жыццё Уладзіміра Караткевіча ў першыя трыццаць год, даволі падрабязна і вельмі эмацыянальна расказаў ён сам у аўтабіяграфіі "Дарога, якую прайшоў", напісанай у 1964 годзе і апублікаванай у 1966 годзе ў зборніку "Пра час і пра сябе". Таму я не буду тут падрабязна апісваць часы, калі мы яшчэ не былі знаёмы. Таго, хто цікавіцца імі, адсылаю да ўказанай кнігі. Тут жа, каб потым не вяртацца назад, зраблю толькі некалькі ўдакладненняў і дапаўненняў. Некаторыя з іх унесены самім Караткевічам у мой экземпляр зборніка "Пра час і пра сябе". Іншыя ж узяты з нашых пазнейшых размоў, з успамінаў і лістоў ягоных сяброў. Радавод. Караткевіч не раз падкрэсліваў, што яго бацька, Сямён Цімафеевіч, паходзіў са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду, якому належаў засценак Караткевічы. У зборніку "Пра час і пра сябе" ў адпаведным месцы дапісана чорным чарнілам: "Род падстарасты Бабруйскага і Пінскага, захудалы да ўсёру". Пра даўнасць Караткевічаў сведчыць і выпіска з кнігі В. Манкевіча "Беласток і ваколіцы" (1986), нядаўна прысланая з Кракава сябрам пісьменніка Здзіславам Нядзеляй. "У перыяд шведскага патопу (восенню 1655 г.), — гаворыцца там, — у Беластоку знаходзіліся літоўскія харугві, падпарадкаваныя Радзівілам. Узнялі яны, аднак, бунт супраць шведаў, пасля чаго пад кіраўніцтвам Караткевіча далучыліся да войскаў, якімі камандаваў Павел Сапега". Відаць, таго ж Караткевіча, робіць заключэнне Нядзеля, згадваў у сваім дзённіку князь Багуслаў Радзівіл. Ганарыўся Караткевіч і сваімі "прашчурамі па кудзелі" — з боку маці, Надзеі Васільеўны. У тым жа збоніку, у фразе "Дзед, бацька маёй маці (ён памёр у вайну), даслужыўся да павятовага казначэя, і прытым быў атэіст і спачуваў марксістам", Валодзевай рукою ўпісана: пасля слова "павятовага" — "а затым губернскага", а перад словам "марксістам" — "легальным". Апрача таго, канкрэтызавана мясціна, дзе гаворыцца пра "сваяка з боку маці і яе радні", які ў паўстанні 1863 года камандаваў атрадам і быў расстраляны па загаду Мураўёва. Караткевіч тут удакладніў: "прадзед". Праўда, зрабіў гэта толькі пасля таго, як у Вільнюсе, у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літоўскай ССР, Генадзь Кісялёў знайшоў і паказаў яму дакументы пра гэтага прадзеда — Тамаша Грыневіча. А як узрадаваўся Караткевіч, калі потым, у час камандзіроўкі ў Польшчу, я знайшоў у Варшаве рукапісныя "Нататкі паўстанца 1863 года ў Магілёўскай турме". Сярод іншых прозвішчаў там упамінаўся і той жа Тамаш Грыневіч. Больш таго, прыводзіўся напісаны ім верш "Песня прыгаворанага да смерці…", дзе выказана цвёрдая ўпэўненасць у тым, што справа свабоды не загіне, "пакуль жыве славянскае племя". Дзеля вызвалення, гаворыцца ў вершы, трэба паказаць народу прыклады гераізму і самаахвярнасці. Перамога не прыйдзе сама сабой: "Полымя раптам не ўспыхвае — яно пачынаецца з іскры". А далей у запісной кніжцы ішоў верш, прысвечаны ўдаве Грыневіча, якая, падобна гераіні рамана "Нельга забыць", спазнілася на некалькі трагічных мінут з весткай аб "памілаванні". Невядомы аўтар верша захапляецца яе мужнасцю, якая будзе па-сапраўднаму ацэнена і ўзнагароджана, калі "краіна вызваліцца з няволі". Такім чынам, крыху нечакана для самога Караткевіча было дакументальна пацверджана тое, што дагэтуль цьмяна жыло ў сямейным паданні, што ўзнёсла было апісана ў пралогу да рамана "Нельга забыць" (паралелі паміж Тамашом Грыневічам і Усяславам Грынкевічам відочныя). Гэта дало аўтару дадатковыя аргументы супраць тых, хто бачыў у рамане адну "выдумку". А яшчэ Уладзімір Караткевіч неяк сказаў, што ўсе з яго роду, з яго сям'і годна трымаліся ў 1937 годзе. Даносчыкаў сярод іх, на шчасце, не аказалася. Ваенныя гады. Яны балюча ўвайшлі ў свядомасць Караткевіча. Бачачы сытую закусь, ён не раз успамінаў, як галадаў у час эвакуацыі, калі разлучыўся з бацькамі. Вайна не палохала яго: наадварот, некалькі разоў з інтэрната ўцякаў на фронт. А калі знаходзіўся ў Маскве і пачыналася бамбёжка, то не бег, разам з іншымі, у сховішча, а зганяў ката са скрыні, дзе ляжалі старыя часопісы, усядаўся на ёй і чытаў "Вокруг света" — прывязанасць да гэтага выдання засталася на ўсё жыццё. Кіеўскі перыяд. Пра яго мне двойчы расказваў Фларыян Няўважны, вядомы польскі літаратуразнавец і перакладчык. Ён вучыўся ў Кіеўскім універсітэце разам з Караткевічам, сябраваў з ім. Некалькі разоў яны разам прыязджалі на канікулы ў Оршу. — Мяне, наіўнага шчанюка, — згадваў Няўважны, прыехаўшы ў Мінск у 1974 годзе, — Валодзя здзіўляў тады яўным антысталінізмам. У дзень смерці Сталіна ўстроіў у інтэрнаце дэманстрацыйнае застолле. Потым, калі сталі прыпіраць да сцяны не толькі яго, але і сяброў, баронячы іх, выкручваўся: з гора… Караткевіча вельмі любіў і заўсёды бараніў акадэмік Бялецкі. Ён хацеў узяць Валодзю ў аспірантуру, нават тэму падабралі — пра паўстанне 1863 года ў славянскіх літаратурах. Але будучы "клясык" зрэзаўся на экзаменах — на пытанні пра Берыю. Праўда, выпіскі для дысертацыі працягваў рабіць. Потым яны прыдаліся для "Каласоў…". Па словах Фларыяна Няўважнага, у Кіеўскім універсітэце Караткевіч быў душой курса, яго сумленнем. Адны яго вельмі паважалі, іншыя ненавідзелі, пабойваліся, бо маглі атрымаць здачу. Пра сілу, мужнасць і прынцыповасць Валодзі хадзілі ва універсітэце легенды (напрыклад, як уратаваў ад хуліганаў Бялецкага). Аднак вернемся да падзей 1962 года. На жаль, мая першая рэцэнзія на раман "Нельга забыць" аказалася тады і адзінай. Ацэнкі, дадзеныя ў ёй, не знайшлі падтрымкі ў друку. А можа, нават выклікалі адваротную рэакцыю. Бо праз колькі месяцаў у газеце "Советская Белоруссия" быў надрукаваны артыкул Я. Герцовіча "Пошукі, знаходкі, страты", дзе аўтару рамана былі прад'яўлены сур'ёзныя абвінавачванні. Тагачасны "афіцыйны" крытык папракаў Караткевіча ў кніжнасці, другаснасці, у тым, што яго галоўны герой "Андрэй Грынкевіч і яго таварышы — адарваныя ад жыцця фармалісты, якіх мала цікавіць змест нашага мастацтва, яго ідэйная накіраванасць. Форма для іх ператвараецца ў самамэту і набывае "самастойнасць" і "незалежнасць" ад зместу, ад ідэйна-эстэтычных функцый". Галоўны герой рамана здаўся крытыку абмежаваным і глухім на ўсё "цецеруком"… У няўдалым выбары галоўнага героя, у няправільным паказе жыцця Літаратурнага інстытута абвінаваціў Караткевіча маскоўскі рэцэнзент В. Чалмаеў. Выказваліся таксама сумненні ў верагоднасці ўсяго таго, што адбывалася ў пралогу рамана. Артыкулы Я. Герцовіча і В. Чалмаева былі ўспрыняты не як выражэнне прыватнай думкі іх аўтараў, а як дырэктыўнае ўказанне. Справа ў тым, што ў краіне тады, у канцы 1962 года, узнялася хваля барацьбы з "фармалізмам". Пачалося ўсё з таго, што М. С. Хрушчоў наведаў маскоўскіх мастакоў і рэзка раскрытыкаваў іх (сёння мы ведаем, што "добразычліўцы" спецыяльна "падзавялі" яго), а скончылася тым, што "ведзьмаў" пачалі шукаць ва ўсіх творчых калектывах, у тым ліку і ў Саюзе пісьменнікаў БССР, Інстытуце літаратуры АН БССР (ох і дасталося мне тады за "шчанюкоўскі", як сказаў Валодзя, артыкул "Каб з пер'я вырасталі галубы…"). Караткевіч быў у курсе ўсіх яўных і закулісных падзей, бо меў інфармацыю, як кажуць, з першых вуснаў (М. з'яўлялася жонкай аднаго з галоўных маскоўскіх "абстракцыяністаў"). Вярнуўшыся з паездкі ў Маскву, Караткевіч падрабязна расказваў, як усё адбылося. 17 снежня 1962 года, зайшоўшы ў выдавецтва "Беларусь", я застаў там яго ў акружэнні сяброў і знаёмых, сярод якіх вылучаўся Янка Брыль. — Цкаванне абстракцыяністаў пачалося па ініцыятыве Герасімава, — Валодзя дужа нерваваўся, прыкурваў адну "беламорыну" ад другой. — У выяўленчым жа мастацтве няма ў нас такой моцнай і талковай асобы, як Шастаковіч у музыцы… На іхняй выстаўцы Мікіта Сяргеевіч вельмі злаваў і нават крычаў. Аднаму з фармалістаў — ды якія яны ўсе фармалісты, глядзеў іх выстаўку ў Літаратурным інстытуце… Дык вось, аднаму з фармалістаў ён сказаў: "Руку дай! О, моцная рука! Такой — лапату або сякеру трымаць, а не мазню разводзіць! У Брацк, у Сібір! Вон з Масквы!" Тут у гаворку ўмяшаўся Неізвесны, пачаў бараніць сяброў. "Вы — іншая справа, — нейтралізаваў яго Хрушчоў. — Вы талент. Дарэчы, дзе вы берыцё бронзу для скульптур?" "Крадзем. У металаломшчыкаў часам, на заводзе. Дарэмна вы, Мікіта Сяргеевіч, паўсталі супраць бронзавых помнікаў". "Магчыма…" Ну і гэтак далей… — абарваў расказ Караткевіч, пабачыўшы, што зайшоў нехта непажаданы. Размова пераключылася на беларускі тэатр. Караткевіч пахваліўся, што яму прапанавалі напісаць п'есу для купалаўцаў. Янка Брыль стаў яго пераконваць, што гэта вельмі важна. Бо хутка, "калі ўсе майстры пойдуць на пенсію", не будзе чаго ставіць. Затым, па просьбе Караткевіча, Брыль расказаў пра сваю нядаўнюю паездку ў Польшчу, дзе ён быў разам з С. Кірсанавым. Савецкіх гасцей прымаў Уладзіслаў Бранеўскі. Стомлены "траскучай" паэзіяй, ён папрасіў кагосьці з блізкіх прынесці яго кнігу і прачытаў з яе ўсяго адно чатырохрадкоўе — пра тое, як чалавек едзе цягніком і бачыць за акном верасы… — Так і ў жывапісе, — вярнуўся да праціўнікаў маскоўскіх "фармалістаў" Караткевіч. — Трашчаць, пафаснічаюць, фатаграфуюць… І Рэпін, і Ярашэнка — не фатаграфія. І Матэйка з яго "Грунвальдам" таксама… А гэтыя… — Што ты, Валодзя, сёння нейкі змрочны, — стараўся разрадзіць атмасферу Брыль. — Махні рукой на ўсіх і пішы свае раманы. Пра Багушэвіча хаця б. Пра яго акружэнне. — Баюся, стары, што гэта пачатак канца. Знак, што мы зноў вяртаемся да ранейшага. Таго самага… А пра Багушэвіча я падумаю… Дайце перш з Каліноўскім разабрацца! Караткевіч тады нібы ў ваду глядзеў. Сапраўды, у наступным, 1963 годзе "адліга", што пачалася з сярэдзіны пяцідзесятых, імкліва стала змяняцца новымі "замаразкамі". У наступ пайшлі кансерватыўныя сілы, якім па нутру былі сталінскія парадкі. Як праявы фармалізму ці абстракцыянізму сталі асуджацца творчыя пошукі ў змесце і форме, усё наватарскае і неардынарнае. У беларускай літаратуры адной з першых ахвяр "пахаладання" стаў Уладзімір Караткевіч. Крытычныя выказванні Я. Герцовіча і В. Чалмаева рашуча паўплывалі на далейшы лёс яго рамана "Нельга забыць". Яго кніжны варыянт, набраны да друку, у нейкай там інстанцыі (аўтару не казалі, у якой) "не быў рэкамендаваны" да друку. Караткевіч адчайна ўхапіў у выдавецтве карэктурны адбітак і прыхаваў яго да "лепшых часоў". Нанава раман "Нельга забыць" быў набраны і, на гэты раз, аддрукаваны толькі праз дваццаць год. І аказалася, што ён не састарэў, вытрымаў выпрабаванне часам. Рэцэнзія Міхася Тычыны на кніжнае выданне рамана так і называлася: "Выпрабаванне часам" (Полымя. 1983. № 11). Тое, што раней лічылася скажэннем рэчаіснасці, цяпер называлася яе рамантызацыяй, якая адпавядае спрадвечнай і заўсёды актуальнай патрэбе "ў ідэальным, высокім, вечным". Падкрэслівалася, што раману ўласцівы "высокі грамадзянскі і гуманістычны пафас, бязмежная вера ў магчымасці ўдасканалення чалавека, у магутнасць яго розуму". Андрэй Грынкевіч, ахарактарызаваны Я. Герцовічам як адарваны ад жыцця фармаліст, цяпер называўся "беларускім чалавекам на рандэву", які паказаў сябе "вартым кахання", сцвердзіў у сабе чалавечы, духоўны пачатак. Час, гэты мудры і справядлівы суддзя, усё паставіў на сваё месца. Раман "Нельга забыць" быў нарэшце ацэнены як буйное мастацкае дасягненне, удастоены ў 1983 годзе Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа. Адказваючы на пытанні карэспандэнта газеты "Літаратура і мастацтва" Уладзіміра Ягоўдзіка, Уладзімір Караткевіч растлумачыў тады, у чым была прычына ранейшага непрыняцця рамана і сакрэт яго шчаслівага вяртання: "Твор гэты — шматпланавы, у пэўнай меры эксперыментальны. Гісторыя тут суседнічае з сучаснасцю, проза — з паэзіяй, лірыка — з жыццёвым сухім рэалізмам. Такое спалучэнне было тады навіной у нашай літаратуры, дый цяпер яшчэ рэдка сустракаецца. Мабыць, у гэтым адна з прычын, што раман чытаецца… Адна з прычын — але не галоўная, бо, акрамя чыста літаратурных прыёмаў і формаў, чалавек у творы заўсёды знаходзіць яшчэ штосьці сваё, глыбока асабістае…" Аднак зноў вернемся ў першую палову шасцідзесятых. Прыкладна праз два гады пасля з'яўлення палымянскага варыянта рамана "Нельга забыць" у часопісе "Маладосць" была апублікавана гістарычна-дэтэктыўная аповесць Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха", якая і да сённяшняга часу цешыцца вялікай папулярнасцю. Напісана ж яна была нават раней першага рамана — яшчэ да вучобы аўтара ў Маскве. У аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзімір Караткевіч упершыню паказаў сябе як майстар напружанага, "закручанага" сюжэта. Упершыню тут з'яўляецца яе вялікасць Таямніца. І не адна, а некалькі. Што гэта за "дзікае паляванне", якое, гойсаючы па наваколлі, наводзіць жах на гаспадыню Балотных Ялін Надзею Яноўскую, забівае сумленных людзей, здзекуецца з бедных сялян? І хто ж той Малы Чалавек, які ноччу з'яўляецца ў самых нечаканых мясцінах старога палаца? Хто хаваецца пад воблікам Блакітнай Жанчыны, так падобнай да той, што намалявана на старым партрэце? І якое пракляцце вісіць над Балотнымі Ялінамі? На гэтыя і многія іншыя пытанні трэба даць адказ Андрэю Беларэцкаму, маладому вучонаму-фалькларысту, які дзесьці на пачатку васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя выпадкова трапіў у закінуты старашляхецкі палац. Не раз абставіны ставілі яго, галоўнага героя, у складанае, здавалася б, безвыходнае становішча. Але ён, мужны і кемлівы, заўсёды знаходзіў выхад. Як і належыць прыгодніцка-дэтэктыўнай аповесці, "Дзікае паляванне…" увесь час трымае чытача ў напружанні. Тут ёсць абавязковыя для твораў такога жанру жахлівыя забойствы, небяспечныя пагоні, старыя рукапісы і нават прывіды. Сапраўдны злачынца ў пачатку дзеяння не выклікае асаблівых падазрэнняў, больш таго, нават здаецца сімпатычным, і чытач амаль да канца застаецца ў няведанні, хто ж гэта і дзеля чаго наладжвае "дзікае паляванне". Аднак "Дзікае паляванне…" успрымаецца не толькі як прыгодніцка-дэтэктыўны твор, што, звычайна, не выклікае асаблівых эмоцый ці разважанняў: прачытаў, разблытаў разам з аўтарам таямнічую гісторыю — і забыў, выкінуў усё з памяці. Аповесць Караткевіча абуджае роздум аб прызначэнні чалавека, лёсе беларускага народа, узаемасувязі розных гістарычных эпох. Многія разважанні Андрэя Беларэцкага, крыштальнага гуманіста і нарадалюбца, які пакутліва шукае адказына пытанні, хто ж ён і якім "багам" павінен "маліцца", здаюцца мне вельмі сучаснымі, актуальнымі і для сённяшняга чалавека. Такім чынам, "Дзікае паляванне караля Стаха" — не толькі дэтэктыў у традыцыйным сэнсе гэтага слова. Дакладней — больш чым дэтэктыў. Многімі сваімі рысамі аповесць набліжаецца да твораў сацыяльна-філасофскіх. Яна не толькі забаўляе сваёй складанай інтрыгай, але і павучае, выхоўвае. На жаль, як і ў выпадку з раманам "Нельга забыць", аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха" не адразу была належным чынам ацэнена тагачаснай крытыкай. Той жа Я. Герцовіч убачыў у ёй і прыхарошванне, ідэалізацыю гісторыі, і элементарнае эпігонства — маўляў, аналагічная сюжэтная схема ўжо выкарыстана ў вядомай аповесці А. Конан Дойла "Сабака Баскервіляў". Аднак ідэалізацыяй лічылася звычайная вернасць напаўлегендарнага караля Стаха Горскага сваёй айчыне і свайму народу, яго непрыняцце ўлады польскага караля. Што ж датычыцца эпігонства, то тут Я. Герцовіч міжвольна ці свядома не прыкмеціў галоўнага — таго, што Караткевіч напоўніў распаўсюджаную сюжэтную схему новым, арыгінальным зместам. Такое выкарыстанне сюжэтаў ці фармальных прыёмаў — звычайная з'ява ў творчым працэсе. Для доказу спашлюся тут на выказванне класіка польскай літаратуры Юльяна Тувіма: "Нечы чужы рытм, мелодыя, вобраз або склад слова па невядомых прычынах пранікае ў памяць паэта, засынае там, спіць доўга, пакуль раптам, невядома чаму, без удзелу волі і творчай свядомасці, прачынаецца, як нешта быццам бы сваё. Толькі той, хто ніколі не падпарадкоўваўся складаным працэсам мастацкай творчасці, можа сказаць, што сходнасць, нават здзіўляючая, двух паэтычных твораў або іх фрагментаў заўсёды "спісана", што гэта плагіят або свядомае перайманне". Словы Юльяна Тувіма пераканальна тлумачаць тую падобнасць, якая несумненна існуе паміж аповесцю Конан Дойла і аповесцю Караткевіча. Нягледзячы, аднак, на рэцэнзію Я. Герцовіча, а то і наперакор ёй, "Дзікае паляванне…" карысталася вялікай папулярнасцю сярод чытачоў, якім прыелася прэсная "вытворчая" проза. Асабліва палюбілі аповесць падлеткі. Расказвалі пра выпадкі, калі, схаваўшы пад коўдру ліхтарык, хлапчук адолеў яе за адну ноч, калі за яе браліся школьнікі, вызваленыя ад вывучэння беларускай мовы (тады гэта рабілася модным), зусім не абазнаныя з ёю. Аповесць рабіла справу сваю куды лепш, чым заклікі. Поспех "Дзікага палявання караля Стаха" крыху акрыліў Уладзіміра Караткевіча, "спляжанага" забаронай рамана "Нельга забыць", і ён, адкінуўшы ўсё іншае, стаў рыхтаваць да друку раман "Каласы пад сярпом тваім" (пачатак рамана, занатаваў Валодзя ў сваёй запісной кніжцы, прыйшоў у галаву 7 жніўня 1959 года ў Азярышчы над Дняпром, дзе ўзвышалася над кручай пахілая груша). Абвінавачванні Герцовіча і яго аднадумцаў у адрыве ад рэальнасці, у скажэнні гістарычнай праўды прымусілі пісьменніка нанава перагледзець некаторыя дакументы, выкарыстаць дадатковыя архіўныя крыніцы. І Караткевіч стаў угаворваць мяне, каб мы разам паехалі ў Вільнюс, дзе я ўжо не раз працаваў над рукапісамі. — У выпадку чаго, калі не будзе гатэлю, у мяне там ёсць аднакашнікі па Маскве — Бронюс Мацкявічус, Юозас Мацявічус, Юдзіта Вайчунайце, яшчэ колькі паэтаў. Бронюса я нават выратаваў аднойчы ад смерці — затрымаў за крысо на вышыні дванаццатага паверха… У цябе ж, казаў, там таксама ёсць сваякі. Кісялевічуса знойдзем, — Караткевіч любіў "перарабляць" прозвішчы: я ў яго часта бываў Мальдзісевічам або Адасевічам, літаратуразнавец Мікола Прашковіч — "слаўным сынам літоўскага народа Мікалоюсам Прашкявічусам", а Мікола Грынчык — "містэрам Грынчыгзам". Звычайная скумбрыя ў яго ўрачыста менавалася скумбрыевічам, а густы грыбны суп — супешнікам. І словы пры гэтай гульні набывалі незвычайны, ледзь не магічны сэнс. Аргументы здаліся мне пераканальнымі, і мы двойчы, у 1964 і 1966 гадах, папрацавалі разам у вільнюскіх архівах. У першую паездку сышлі па дарозе на маёй станцыі Гудагай, зайшлі да сваякоў. Вечарам была сустрэча з чытачамі ў Астравецкай раённай бібліятэцы. А назаўтра, чакаючы цягніка на Вільнюс, сядзелі мы ў паўпустым станцыйным буфеце і ля распаленай печкі пацягвалі піва (яго потым Валодзя ўспомніў у вершы, прысвечаным 500-годдзю Астраўца). Гледзячы на групку калгаснікаў, якія прывезлі на станцыю з-пад Свіра здаваць ільновалакно, разгаварыліся пра вёску, пра тое, чаму з яе ўцякае моладзь, чаму знікае любоў да зямлі. Пагадзіліся: таму што чалавек не адчувае сябе яе гаспадаром. — Дай вось ім усім зямлі столькі, колькі яны могуць абрабляць, і ўсё будзе ў парадку, — гарачыўся Валодзя. — Не прадаваць, а перадаваць на які час. А не справіцца — адбяры назад. — Караткевічу мроілася нешта накшталт сённяшняга замацавання зямлі на доўгае карыстанне. У Вільнюс мы дабраліся вечарам і амаль без надзеі, на ўсякі выпадак, сунуліся ў новую тады гасцініцу "Нерынга". На наша здзіўленне, адміністратарка прапанавала нам ажно двухпакаёвы нумар (было перад святам). Цана ў шэсць рублёў за суткі кусалася, але Караткевіч не мог не паказаць гонар і рашуча сказаў: — Вядома ж, бярэм! Ноччу, вярнуўшыся ад Бронюса Мацкявічуса, ён ціха ўлёгся. Але праз колькі часу разбудзіў мяне гучным трызненнем: — Вясёлку мне! Хоць кавалачак вясёлкі! Ну, калі ласачка… А то ўсё загіне. Назаўтра аказалася, што яму снілася, нібы свет складваецца ў "столкі". І каб выратаваць яго, для распоркі, патрэбен быў кавалачак вясёлкі. Праз пару дзён выявілася, што "Нерынга" нам яўна не па кішэні, і мы перасяліліся спачатку ў халодны "Наруціс", вокны якога ўпіраліся ў змрочныя Святаянскія муры, потым, з дапамогай Юозаса Мацявічуса, у гасцінічныя пакоі пры Саюзе пісьменнікаў Літвы — у былыя людскія, здаецца, Агінскіх. На новым месцы Валодзя адразу знайшоў аднадумца ў асобе празаіка Вітаўтаса Пяткявічуса, які прыехаў у Вільнюс са сваёй "глыбінкі". Абодва яны з запалам даказвалі ўзаемна, што чалавек сам сабе найгоршы вораг, бо знішчае тое, адкуль выйшаў, — прыроду. Розныя там лысенкі думаюць, што яны ўхапілі за бараду самога пана бога. Але ў адказ атрымліваюць вялізную хвігу. У Вільнюсе мы найперш пайшлі да Генадзя Кісялёва, які жыў тады з маці ў старым, ледзь не рэнесансным дворыку па вуліцы Гедрыса. Амаль насупраць было кафэ "Бочу", якое Валодзя тут жа зарыфмаваў:Па дарозе ў "Бочу"
Нікуды не збочу.
"Дарагі Адам! Даслалі мне твой артыкул. Прачытаў. Выдатна. Думаю, і надалей з тымі "Каласамі" ўсё абыдзецца. Хацелася б гэтага ад усёй душы. Работу па рэдагаванні канчаю. Сёе-тое скараціў, сёе-тое дапісаў. Пасля сяду за трэці варыянт "Хрыста" і ўсё разам дашлю ў Мінск. Вось ужо ідзе трэці тыдзень маёй службы. Акрамя сваіх спраў, нічога путнага не зрабіў. Для газеты я яшчэ, пакуль тое, тэра інкогніта. Хіба што здаў пераклад "Здратаваных магіл" у літаратурную старонку. Пераклаў адзін такі мясцовы паэта. Кепскавата пераклаў, ну ды ладна. Пакуль што тут глухі туман і морась. Імжыць і імжыць. Варта кінуць на тры дні туфлі, як яны зацвітаюць. Прасціны прасыхаюць толькі да раніцы — клімат аж вельмі спрыяльны, асабліва для сухотных. Але днямі абяцаюць мора сонца: пачнецца залатая прыморская восень. Вось тады мы ўжо дамо раскрутку. Былі ў сакратара краёвага, Чарнышова (той раней быў у нас, на Беларусі), і ён паабяцаў нам даць на тыдзень машыну, каб паездзілі па краі, пазнаёміліся. Ну і на флоце, на караблях пабываем, паплаваем. Шкада, але на Курылах і Камчатцы нам, відаць пабываць не давядзецца. Ну добра. На пачатку кастрычніка будзем у Мінску, зноў работа, пасля Новага года паедзем, як дамаўляліся, у Вільню, пасядзім у архівах, ды трэба выпускаць з рук хаця трэцюю частку "Каласоў". А як у цябе? Як пачалася праца, калі пачалася? Як здароўе Мальдзісовай, і Мальдзісяняткі, і мамы? Што новага бачыў? Перадавай прывітанне ўсім як адзін, акадэмшам і акадэмам. Ужо трохі скучыў па Мінску і па ўсіх вас, братове. У Прымор'е, вядома, трэба ехаць не на дзяржаўны кошт, каб не сядзець па рэдакцыях, а швэндацца па краі. Прывітанне табе ад Рыгора і Генкі. Твой сябар Уладзімір."У другім лісце, датаваным 14 верасня, падрабязна расказваецца аб паездцы па Прымор'і, па Усурыйскай тайзе. Сёння ён мае асаблівую цікавасць, бо дазваляе нам меркаваць, пры якіх акалічнасцях нарадзілася задума напісаць аповесць "Чазенія" — ці не самую рамантычную ў Караткевіча:
"Пане шаноўны Адомас! Адказваю Вам аж на чатыры Вашыя цыдулы: паштоўку і тры лісты. Паштоўку і ліст пераслалі мне толькі што з Рагачова, яны яшчэ з Польшчы (бач, як "судьба играет человеком, а человек играет на трубе"), а астатнія два — нядаўнія. Ну, польскія навіны, вядома, не вызначаюцца свежасцю, хаця паштоўка па праву зойме сваё месца ў альбоме, а з ліста, як заўсёды разумнага і цікавага, толькі тое, што наведвалі Вестэрплятэ. Ты, пры нагодзе, раскажы пра гэта Брылю. Яму будзе не тое каб прыемна, а цікава… У рэстараны на чаўне мы не плаваем. Уладзівасток не залівае. Гэта Прыханкайскую і Суйфунскую даліны залівала ўжо два разы, а людзі сядзелі на дахах, чакалі верталётаў і пілі гарэлку. І нам не давалі, так што ніякія мы не мачыляпы і не мачыморды. Гэта вы там у Мінску распусціліся, як цыганскія пугі і як яшчэ нешта, мяркуючы па выразках, а мы тут цацы, лялі і ўвогуле. І хлопцы, каб былі ўдома, то абавязкова перадалі б табе прывітанне, як творча камандзіраваныя… Мы нядаўна ездзілі па краіне з аператарам. Цераз Арсеньеў-Анучына, цераз перавалы, палохаючы коз, у Цецюхе. А наступнага дня, палазіўшы па сопках (там свінцовы руднік), пакаштаваўшы лімонніку, паперлі на мора, на Цецюхе-прыстань. Скалы, грозныя хвалі, прыліў, пацук, што кінуўся да мяне шукаць паратунку. З Цецюхе цераз Канцухінскі перавал — на Кавалераўку. Там начавалі, хадзілі на раку Луд'е, я пералазіў яе з апаратурай па бервяне ільма (экзотыка!!!), а аператар купнуўся не па сваёй ахвоце, а Грыц і Генка ўвогуле не палезлі, бо рака, як вір. А за ракой скала Халаза, а пад ёй бурундукі бегаюць і лётаюць блакітныя сарокі. Адтуль паехалі цераз Малінавы перавал, які перайшлі Венюкоў, Пржэвальскі і Арсеньеў. Глядзелі там са стромы, ля якой тракт на р. Фудзін: кінеш камень — да самай ракі коціцца. Палі на ім ваду (і толькі). Начавалі ў Чугуеўцы. Былі ў музеі Фадзеева, на пасецы, дзе пасечнікам беларус Лось, елі мёд і пілі медавуху, абкружаныя пчоламі. Ішлі тайгой, пераходзілі па дрэвах рэкі, былі на баштане, а вечарам на ўлазінах. Раніцай я агледзеў Бахайскае гарадзішча, а пасля паехалі на Спаск ("штурмавыя ночы"), Усурыйск і, цераз Чортаў перавал, на нізіну. Захад такі быў трывожны — д'ябал яго ведае які. І ўначы прыехалі ва Уладзівасток. Днямі набяру работы на 2 дні, скажу, што на чатыры, і з'езджу ў запаведнік Кедравая Падзь, сплаваю на вос. Пуцяцін, а там і дадому. Абрыдла ўжо тут да д'ябла. Хочам вырвацца 25-га, але можа быць так, што і не вылезем. Тады 30-га. А што з тваім страўнікам, браце? Ты сцеражыся. А то Герцовічам занадта добра будзе (чытаў бездапаможную дурасць у "Сов. Бел."?). Я плюю, нават рэклама, але матузы могуць насцеражыцца. Перадай Зайцаву прывітанне, і ўсім хлопцам і дзяўчатам прывітанне. Не кажу нават пра Марыю, а проста, з твойго дазволу, цалую яе. Ссумаваўся — страшэнна. Твой Уладзімір".У канцы ліста — малюнак (Караткевіч цудоўна маляваў): дзве стромкія скалы, а на вяршыні адной з іх — маленькая фігурка са стрэлкай. Унізе подпіс: "Я і рэчка Луд'е". Трэцяе ж пасланне, датаванае 30 верасня, зусім кароткае. Напісана яно на паштоўцы з кветкаю жэньшэня:
"Адась, дарагі! Трымайся, заўтра мушкецёры выязджаюць у свой набег на стольны беларускі горад. Здзічэлі без жанчын і таму небяспечныя, аж зубамі скрыгочам. Вязем табе васьмінога. Прывітанне Мальдзісісе і Мальдзісянятку. Цалуем. Твой сябар Уладзімір".Абяцанага васьмінога, аднак, я не атрымаў: "мушкецёры" з'елі яго, едучы цягніком праз Сібір. Замест яго прывезлі засушаных марскіх зорачак і пеўняў. А яшчэ — новыя вершы. А Караткевіч — падрабязны план "Чазеніі". З 1965 года, пасля публікацыі "Каласоў…", Уладзіміра Караткевіча часта сталі запрашаць на розныя публічныя і "неафіцыйныя" вечары і сустрэчы. 27 кастрычніка па маёй ініцыятыве ў Інстытуце літаратуры адбылася першая чытацкая канферэнцыя па гэтым рамане. Прыйшлі гісорыкі, філосафы, мастакі. З Крывічоў прыехала Паўліна Мядзёлка, якая называла Валодзю сваім сынам. Хораша выступілі супраць таго, што мы сёння называлі б нацыянальным нігілізмам, гісторык Міхаіл Біч і стары культурны дзеяч, з пецярбургскай "закваскай", Язэп Сушынскі. Яны гаварылі, што беларусы як нацыя яшчэ не пазналі сябе. На іх словы Караткевіч парываў: гэта мы не пазналі свой народ, пакутліва ідзем да яго. Былі і незадаволеныя, насцярожаныя галасы. А філосаф Я. прама назвала ўсё абмеркаванне "гадзючнікам". 19 лістапада 1966 года разам з іншымі пісьменнікамі маладзейшага пакалення — Юркам Голубам, Алесем Разанавым, Яўгеніяй Янішчыц — Уладзіміра Караткевіча і Рыгора Барадуліна запрасілі да сябе студэнты Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута. Сцены былі ўпрыгожаны вытрымкамі з Валодзевых вершаў, сімвалічнымі малюнкамі. На сцэне сядзеў "ганаровы прэзідыум": Рыгор Шырма, Язэп Сушынскі, маці Караткевіча Надзея Васільеўна. У першым аддзяленні студэнты чыталі вершы Жылкі, Родзевіча, Барадуліна, Зуёнка, але найбольш Караткевіча (запомнілася "Трызненне мужыцкага Брэйгеля" ў выкананні Сашы Лабанка). Другое аддзяленне пачалося з майго ўступнага слова, дзе я асцярожна, спасылаючыся на класікаў, апраўдваў цікавасць да мінулага, а значыць, і з'яўленне "Каласоў…". Валодзя чытаў больш "змрочнае". Каб разрадзіць атмасферу, Рыгор Барадулін (пачаў ён з сардэчнага звароту да "ганаровага прэзідыума") стаў згадваць дасціпныя вершы, напісаныя ў час мінулагодняй паездкі на Далёкі Усход (памятаецца, слухачак шакіравала фраза: "Глядзяць зялёнымі вачыма, як незанятыя таксі"). З вечара ўсе разыходзіліся з прыўзнятым настроем, нібы са свята. — Аказваецца, ёсць у нас моладзь! — радаваўся Караткевіч. Пасля вечара ён спяшаўся на вакзал, каб сустрэць акцёра Льва Дурава, выканаўцу галоўнай ролі ў фільме "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". — Значыць, стары, варта нам жыць і варта пісаць. Аднак такія вечары тады здараліся не часта. Ды і арганізатараў іх потым чакалі розныя спагнанні. Таму ў тыя, застойныя, часы літаратурнае жыццё ў многім засяроджвалася на прыватных кватэрах — у Караткевіча, Барадуліна, Гапавай, Крэнь, у інтэрнацкіх пакойчыках Ліса, Прашковіча. Нярэдка збіраліся ў нас. Карыстаючыся гасціннасцю Валодзі, у яго часта адзначалі дні нараджэння сябры і проста знаёмыя. Так на пачатку 1968 года тэатразнавец Сцяпан Міско, чалавек здольны, але беспардонны, справіў у яго свае "халасцяцкія імяніны". На іх выпадкова прысутнічала і Ларыса Антонаўна Геніюш, якой Караткевіч рэдагаваў паэтычны зборнік "Невадам з Нёмана". Падпіўшы, Міско пачаў кідацца фразамі накшталт: — Ты добрая дзеўка, Ларыса! Але гэта не дужа бянтэжыла Ларысу Антонаўну. Куды больш трывожыў яе багемны, "ясенінскі" стыль жыцця, якому паддаўся тады Валодзя. Абараняючыся, ён казаў, што вось няма належнага парадку, належнага настрою… — Для мяне не існуе слова "няма"! — перапыніла гаспадара паэтэса. — Для мяне існуе слова "будзе"! Такая ж вера павінна быць і ў цябе, Валодзечка. Ларысу Антонаўну горача падтрымала Надзея Васільеўна. Ёй таксама не падабаліся паводзіны сына, але пратэст яе быў больш інтэлігентна-пасіўны. Адчувалася, што яна прытамілася ў сваім ушчуванні. Неўзабаве, ужо ў новай Караткевічавай кватэры па вуліцы Веры Харужай, наладзіў свой дзень нараджэння Сяргей Панізнік, якога гаспадар, зважаючы на ваенныя пагоны, называў "Лермантавым беларускай паэзіі". Застолле сабралася інтэрнацыянальнае: Чэхаславакію прадстаўляў верны сябар і прапагандыст нашай літаратуры Вацлаў Жыдліцкі, Польшчу — паэт і даследчык Алесь Барскі (Баршчэўскі), Латвію — сястра Панізніка са сваім знаёмым, якога Валодзя ахрысціў "анёлкам", Беларусь — Барадуліны, Коўтун, Янішчыц, Сіпакоў, яшчэ нехта. Чыталіся вершы. Караткевіч запяваў і хораша вёў "Ой, косю мой, косю", "Ой, расцвіла ружа", "Ад панядзелка да панядзелка", старыя рэлігійныя гімны. Сваёй непасрэднасцю ўсіх, асабліва жанчын, зачароўваў Барскі: кожнай з іх ён адразу ж гаварыў "коціку" і тут жа дадаваў: "То я ўжо паню кахаю"… Але, калі сур'ёзна, то ў той вечар завязаліся новыя творчыя кантакты, умацаваліся старыя. Толькі Вацлаў Жыдліцкі пераклаў тры кніжкі Уладзіміра Караткевіча (у тым ліку раман "Нельга забыць", які ў Чэхаславакіі выйшаў асобнай кніжкай намнога раней, чым у Беларусі). Ну і, вядома ж, як сапраўднае свята заўсёды ўспрымаўся дзень нараджэння самога Караткевіча — 26 лістапада. Імяніннік апранаў белую кашулю. Рыхтаваліся рэдкія стравы (з дзічыны, з грыбоў) і настойкі ("беларуска-літоўскі крупнік"). Гасцям раздаваліся "буські", чыталіся новыя вершы. На тых днях нараджэння апрача Надзеі Васільеўны нязменна прысутнічалі Барадуліны, Грынчыкі (Люба Грынчык прыходзіла з гітарай), Адамчыкі, Прашковіч. Часам прыязджалі сваякі з Оршы — пляменніца Ляля з мужам Юркам ("сапраўдным казаком"). Набіраўся цэлы стус парадыйна-гумарыстычных віншаванняў. Зачытвалася "газетка", згорнутая ў выглядзе папіруса. Даволі часта збіраліся на кватэры ў Валянціны Ігнатаўны Гапавай, жанчыны, якая добра ведае і тонка адчувае паэзію. У добрым настроі Валодзя параўноўваў яе пакой з салонам княгіні Валконскай. Сюды прыходзілі супрацоўнікі Акадэміі навук Эльвіра Міхайлаўна і Віктар Уладзіміравіч Мартынавы, якія толькі што пераехалі з Украіны, "касмічны" Вячаслаў Кандратавіч Зайцаў, былы дацэнт Ленінградскага універсітэта, а тады даследчык беларускага Рэнесансу (а яшчэ ён пераклаў на рускую мову "Османа" І. Гундуліча), часам забягаў Сцяпан Гаўрусёў. Мартынаў іграў на фартэпіяна, Караткевіч падпяваў яму розныя арыі, заводзіў "Сядзеў дзед на пячы", "Истопника", "Парамоновну" (па словах Зайцава, у дзвюх апошніх песнях адбіўся лёс цэлага пакалення), маляваў дэманаў. Чыталіся вершы — свае і чужыя (Ясеніна, Цвятаевай, Еўтушэнкі, Вазнясенскага). Зайцаў пераконваў нас, цытуючы Біблію, што Хрыстос быў прышэльцам з космасу, прадстаўніком вышэйшай, чым зямная, цывілізацыі. — Вячаслаў Кандратавіч, — пакепліваў Валодзя, — ну прызнайцеся нам па шчырасці! Вы — таксама адтуль? Зайцаў не пярэчыў: яму падабалася выглядаць выключэннем. Былы асабіст, ён абвострана ўспрымаў многія тагачасныя з'явы і пратэставаў супраць іх, часам экстравагантна. Яго лекцыі "Космас і розум" збіралі вялікую аўдыторыю і заканчваліся "аргвывадамі" (асабліва не цярпеў іх тагачасны акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН БССР Ц. С. Гарбуноў). Караткевіч адносіўся да Зайцава з цікаўнасцю, але многія яго ідэі не ўхваляў: — Падумаць толькі: чалавек — вынік чыйгосьці эксперыменту, зборшчык інфармацыі для вышэйшай цывілізацыі… Хоць ты ўзвый на месяц, стаўшы ракам! А калі Зайцаў прывёз у Мінск сваю жонку, чэхістку Наталлю Ашкназі (удваіх яны зладжана спявалі сербскія, македонскія, чэшскія песні), Валодзя, прыглядаючыся да яе каўказска-ўсходняга аблічча, дапытваўся: — Прызнайцеся, Наталі, вы часам не мурсіяначка? Бо ў зямлянак такіх чорных да сінечы валасоў не бывае. Потым, калі Вячаслава Кандратавіча за яго крайнія погляды (ён сцвярджаў, што ў Брэжнева ўсяліўся дэман, які раней знаходзіўся ў Мао, што жанчыны не павінны нараджаць, пастаўляючы ваеннаму молаху гарматнае мяса) звольнілі з работы, Караткевіч і Гапава спачувалі яму, часам падкормлівалі. Але "касмічныя" ідэі Зайцава (дарэчы, выкладзеныя ім у фільме Дзёнікена "Успаміны аб будучым") па-ранейшаму выклікалі ў іх іранічную ўсмешку. На вечарах у Валянціны Ігнатаўны Караткевіч часта разважаў аб законах мастацкай творчасці, называў і цытаваў сваіх літаратурных куміраў. — Верш у мяне пачынаецца з думкі, — казаў ён. — Потым узнікае фраза — з сярэдзіны, з канца. А ўсё астатняе падганяецца пад яе. Іншы раз, адказваючы на пытанне, якому памеру верша ён аддае перавагу, Валодзя канкрэтызаваў папярэдняе выказванне: — Дальбог, ніколі не ведаю, якім памерам пішу. Для мяне важны асноўны радок. Радок-бацька ці маці. Ён цягне за сабой іншыя — спераду ці ззаду. Яны могуць быць лепшыя ці горшыя. Але пачатак, аснова — у тым, першым. 19 снежня 1966 года Караткевіч уголас перачытваў Гапавай урыўкі з "Хаджы-Мурата" Л. Талстога: — Во, сцярвец! Што я ў параўнанні з ім?! Г… пана бога, парэзанае на талеры! І доўга спрачаўся з Валянцінай Ігнатаўнай наконт таго, патрэбен ці не патрэбен быў нам тады Каўказ як "заплечча" на потым. У другі прыход Караткевіч гучна захапляўся Аксакавым, яго апісаннем зімы: — Проста і здорава! Так не напісаў бы нават Талстой! На пачатку 1967 года Гапава разам са сваёй сяброўкай Федзюковай завялі Караткевіча на канцэрт вядомага "ўгадвальніка думак" Вольфа Месінга. Апошняму была прапанавана картачка са спісам кніг, з якога трэба было выбраць Караткевічавы творы. Месінг выдатна справіўся з гэтай задачай, толькі прыпыніўся на "Каласах…", бо Федзюкова, складаючы спіс, сама добра не ведала, ці выйшлі яны асобным выданнем. Тут жа дадаў, што мае справу з творамі таленавітага чалавека. І пагадзіўся з прапановай Валянціны Ігнатаўны, каб назаўтра прыняць Караткевіча ў гасцініцы. Гаворка ў нумары працягвалася мінут сорак. Па дарозе на выступленне ў Вязынскую школу (туды ехалі на таксі, а назад, нягледзячы на мароз, у кузаве грузавіка) Валодзя расказваў мне, што Месінг літаральна ашаламіў веданнем самых патаемных ягоных спраў (у тым ліку кіеўскіх), даў некалькі парад. У першую чаргу — пазбягаць частых застолляў, асабліва з ворагамі (уласна кажучы, дзеля такога ўнушэння і старалася Гапава). "Угадвальнік думак" прадказаў, што пасля ўсялякіх выпрабаванняў сітуацыя яго як пісьменніка зменіцца да лепшага, прыйдзе прызнанне ("але будзе ўжо позна"). Расказваў Валодзю, як ён уцёк ад фашыстаў, за што яго неўзлюбіў Сталін… Па словах Валянціны Ігнатаўны, якая чкала канца размовы на калідоры, Караткевіч выйшаў з нумара задуменны. Месінг жа выбег, нібы звар'яцелы, усклікнуў: — Вы правільна зрабілі, што прывялі яго. Гэта наш геній! Побач з "салонам" Валянціны Ігнатаўны Гапавай тады быў вядомы "салон" Ірыны Платонаўны Крэнь, дзе збіраліся людзі, якім балеў заняпад усяго беларускага. Муж яе, Мікола Верабей, надрукаваў якраз у "Полымі" артыкул, у якім даказаў блізкасць некаторых публікацый "Нашай нівы" да палажэнняў У. І. Леніна. Гэта выклікала адмоўную рэакцыю Л. Абэцэдарскага і іншых гісторыкаў. З'явіліся разносы ў рэспубліканскім друку. Караткевіч суцяшаў гаспадара: — Нічога, яшчэ пагледзімо, на чыім баку будзе праўда. Прыйдуць да ўлады разумнейшыя людзі. Не можа быць, каб наша славянская зямля збяднела на моцныя галовы! 12 снежня 1966 года ў Крэнь апрача Уладзіміра Караткевіча былі стрыечная сястра Максіма Багдановіча Ганна Кіпрыянаўна, Алег Лойка, Мікола Прашковіч, літаратуразнавец Лідзія Голубева. Гаварылі дапазна аб розным. Ганна Кіпрыянаўна згадвала абстаноўку ў доме Багдановічаў ("Максім рос у адзіноце, галоўная прычына — эгаізм бацькі"). Успаміналі абставіны смерці Янкі Купалы і Якуба Коласа. — Што гэта вы, даражэнькія даследчыкі, спіце ў шапку, — папракаў Валодзя супрацоўнікаў Інстытута літаратуры. — Пакуль жывуць яшчэ відавочцы таго, што здарылася летам 1942 года ў гасцініцы "Масква", сабралі б усе версіі, супаставілі, зрабілі высновы… У той вечар Валодзя ахвотна гаварыў аб сваіх творчых справах. З рускай літаратуры найвышэй ставіў Чэхава, Льва Талстога і Дастаеўскага. Казаў, што Някрасаву за яго верш, у якім усхваляецца Мураўёў-вешальнік, яшчэ можна дараваць, а вось Бялінскаму за яго нянавісць да Шаўчэнкі — нельга. У тыя гады летам Караткевіч звычайна ездзіў да дзядзькі ў Рагачоў, дзе добра пісалася, падарожнічаў па Беларусі (з Брылём і Барадуліным — па іх радзімах, з групай творчай моладзі — на агітцеплаходзе па Прыпяці, да Грынчыкаў — у Бытэнь). Наняўшы аўтобус, аднойчы разам вандравалі па мясцінах Адама Міцкевіча (сам быў сведкам, як Валодзя пераплыў Свіцязь, а тыя, хто рашыў паўтарыць яго ўчынак, — не змаглі). Некалькі разоў і адзін, і з актрысай Б. Караткевіч пабываў на маёй Астравеччыне. Згуляў тут адно сялянскае вяселле (адстаў ад вясельнікаў, каб паглядзець у Зулове, ужо на літоўскім баку, месца, дзе нарадзіўся Пілсудскі). З ахвотай касіў сена і спрабаваў падаіць карову. Любіў хадзіць у Анелін, на месца, дзе стаяў легендарны маёнтачак, і ўсё падбіваў мяне напісаць "нешта такое". Збіраўся нават у Анеліне лакалізаваць апошнія сцэны "Каласоў…" (Марыська мелася тут пакутаваць ад таго, што ненаўмысна, з зайздрасці выдала Каліноўскага). А аднойчы, калі мы прыехалі ў Гудагай разам сустрэць Новы год, з ім здарыўся такі анекдатычны выпадак. Назаўтра вечарам усе мы пайшлі ў клуб, каб паглядзець купалаўскіх "Прымакоў". Хтосьці з самадзейных артыстаў пазніўся, і Валодзя, стомлены чаканнем і папярэдняй бяссоннай ноччу, ціха прыдрамнуў. Перапоўненая зала гучна выказвала незадавальненне ўсёй затрымкай вядучай вечара, дачцэ гудагайскага ўчастковага міліцыянера Голубева, і яна, даведаўшыся ад маці, удзельніцы ўчарашняй сумеснай сустрэчы Новага года, аб прыездзе пісьменніка, выйшла на сцэну і гучна абвясціла: — Таварышы! Сярод нас прысутнічае вядомы беларускі паэт Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч! Просьба на сцэну. Зала заапладзіравала. Хтосьці штурхнуў Караткевіча: цябе! І ён з яўным незадавальненнем выйшаў уперад. Але на сцэну не ўзышоў, а толькі прысланіўся да яе. Пачаў пакрыўджаным голасам: — Людзі добрыя! Учора быў Новы год, сёння таксама свята. Вы стомленыя, я змораны… То якога ж яшчэ выспятка ад пана бога вам трэба?! Нейкая развясёлая і дзябёлая жанчына, што сядзела ў першым радзе, рашыла, што чалавек такім чынам крыўляецца, смяшыць публіку. І, каб было яшчэ смяшней, падбегла да Караткевіча, схапіла яго за ногі і кульнула на сцэну. Валодзя ўзняўся і неяк безнадзейна махнуў рукой: — Калі так, то не трэба! — і вярнуўся на сваё месца. Праўда, у канцы вечара, каб рэабілітаваць сябе і Голубеву, усё ж прачытаў пару вершаў, у тым ліку пра зайца, што варыць піва. Назаўтра мы пачалі фантазіраваць на тэму, які цяпер душэўны стан у той жанчыны. — Разумееш, Валодзя, а раптам яна ўсвядоміла, якога чалавека кульнула. Ці яе разыгралі адпаведна. Пасмяяліся, што ў гісторыю ўвойдзе, пакарана будзе… І яна сёння пакутуе. Думае, канчаць жыццё самагубствам ці не… — Што ж мне рабіць? — Караткевіч яўна не разумеў жарту. — Узяць паўлітэрка і пайсці да яе. Вывесці з трансу… Вунь, праз акно відаць яе дом. І трэба ж такому здарыцца, што, ступіўшы пару крокаў на вуліцу, Валодзя сутыкнуўся з той жанчынай. Разыграная кімсьці, мусіць, участковым, яна ішла да нас "мірыцца з пісацелем", несучы з сабой сумку з прыпасамі… Расчулены Караткевіч спыніўся, пацалаваў яе ў лоб. Увогуле Валодзя не крыўдаваў за цікавыя розыгрышы. Наадварот, лічыў, што чалавек, асабліва пісьменнік, павінен абрастаць імі ("міфамі"), як карабель "ракушкамі". Не пакрыўдзіўся ён, калі даведаўся, што ніякі не інжынер трэста па азеляненні Ілля Хаданскі, а мовазнавец Арнольд Міхневіч пазваніў яму з "прэтэнзіяй": нібыта яго, сумленнага працаўніка, вывелі як адмоўнага тыпа ў "Каласах…" ("Я вашего романа не читал и читать не стану, но друзья издеваются, поэтому требую сатисфакции"). Не крыўдаваў, калі выйшла, што не для "нявесты" Генадзя Кісялёва, а для касцёла ў Друскінінкай цягаў ён з магазіна да таксі дзевяноста метраў танных дарожак ("гэта, мусіць, мне пакаранне за сцэнар "Хрыста"). Дараваў ён мне і тады, калі я ледзь не падвёў яго "пад дурнога хату". Неяк Валодзя папрасіў мяне знайсці ў якой гістарычнай крыніцы і выпісаць яму старашляхецкае запрашэнне ў госці. Не ведаючы, што гэта для працягу "Каласоў…", я скапіраваў адзін тэкст з гумарыстычнай кнігі Антося з Лепля, выдадзенай у Беластоку, і паслаў яму ў Рагачоў (запомніліся макаранічныя фразы: "А і дужа хто будзе сабраўшысен"; "Будуць а і яблыкі ў клустасці, а і сырнікі з млекам"). Ён перапытаў у лісце: адкуль ты ўзяў такое? Я чыстасардэчна прызнаўся. У адказ атрымаў цэлае пасланне, вытрыманае ў характэрным для Караткевіча іранічна-здзеклівым стылі. Для ўзору прывяду некалькі абзацаў: "Ты што ж гэта, былы фальварковец з Расолаў, былы местачковец Астравецкі, а цяпер мешчанін Менскі, мне, князю, у мой ціхі зацішак, самоту маю гордую, у стольны град княства майго здзеклівыя лісты пішаш, га? Баніцыі не зазнаў, святы божыя святкаваць на зямлі даела? Перадаю табе з цыдуляю той, у стылі барока пісанай, высокае сваё незадавальненне, а і не толькі за ліст, а і за тое, што выпісаў ты, пісака, з сувоя, напісанага шляхціцам Антосем з Лепля, запрашэнне на шляхецкае свята, і мне той грымзол твой, як нібыта з акта нейкага выпісаны, нахабна даслаў, і ляпу, прытым, такую ганаровую рабіў, як бы энцыкліку ці булу свентага папы нашага мне дасылаеш. Пад карэннямі рыеш, нягледзячы ўгору. Прычын не ведаеш, і вынікі схаваныя ад вачэй тваіх. А каб я тое дзе-небудзь ужыў? Якая б то ганьба княскаму гонару майму была!?! Свае абазнаныя паглядзелі б і сказалі: "крадзёж". Лацінцы зірнулі б і сказалі: "плагіятус вульгарыс". То якое смеласць маеш мяне ў лаянцы і завушэнні выкрываць? Мала па грахах тваіх, галгане! Хто падбіў, хто падбухторыў на гэта цябе, нешчаслівы!?! Кабеты, пэўна, бо з імі ты нарадзіўся, з імі ты жыў, з імі ў зямлю адыдзеш, а і ў чысцец — ды не, у пекла! — з імі пойдзеш. О, будзе там табе цемра непрасвяцімая, вогнь нязгасны, скрогат зубоўны! Будзеш ты вісець там за ўсе тыя члены, што грашыў ты імі ў жыцці. За язык і за вочы, за пальцы і за іншае многае. Будзеш круціцца давеку на гаку, як вяндліна, што на сонцы яе варочаюць. Адным ты не грашыў толькі, галавою. То за галаву не павесяць цябе, абяцаю. За тое ж, што ў замак мой Менскі шалбераў нейкіх з чарамі і гуслямі пусціў і не шкодзіў ім улезці туды і кашталяна майго вернага з невянчанай малжонкай ягонай стуль выперці, біць, мардаваць, ад якога морду сам не ведае, яка жывы будзе, за тое, што "Каласы" на "Калоссе" змяняў, — кару атрымаеш. На суллях распну, агурком салоным зарэжу! Руку прыклаў, па проразях у дошчачцы абвёўшы, князь Рагачоўскі". І ніжэй — лацінкай, друкаванымі літарамі: "Влодсімер". Часам анекдатычныя сітуацыі стварала само жыццё. Караткевіч іх дапаўняў уласнай выдумкай, і ў асобных выпадках цяпер цяжка аддзяліць тое, што было ў сапраўднасці, ад таго, што народжана містыфікацыяй. Для доказу спашлюся хаця б на такі прыклад. Сёння шырока вядома апавяданне Уладзіміра Караткевіча "Былі ў мяне мядзведзі" (яно нават дало назву польскай анталогіі беларускай прозы). Асновай для аднаго з яго эпізодаў паслужыў рэальны факт: калі на "Беларусьфільме" здымалася беларуска-чэшская стужка "Пушчык едзе ў Прагу", яго галоўнага "героя", маладога мядзведзя Пушчыка, кінаработнікі неяк прывялі да Караткевіча, выкупалі ў ванне, а потым паклалі спаць на тахце і селі абедаць. Тады ж быў зроблены і фотаздымак: Караткевіч гуляе з мядзведзем. Гэты здымак трапіў у газету "Ніва", што выдаецца ў Польшчы, у Беластоку, на беларускай мове. І там яго ў 1965 годзе апублікавалі з прыкладна такім подпісам: "Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч вельмі любіць жывёл; на гэтым здымку вы бачыце яго з уласным мядзведзем, з якім ён любіць прагульвацца…" Пасля той публікацыі не было адбою ад званкоў: а калі можна прыйсці, каб яго паглядзець, а дзе ты яго трымаеш, а чым корміш? І вось у 1977 годзе Караткевіч быў у Польшчы. У Варшаве яго запрасілі на творчую сустрэчу, дзе той жа мядзведзь усплыў у нечаканым ракурсе. У справаздачы з сустрэчы, надрукаванай у "Ніве", сказана наступнае: "Маючы заўсёды "жартаў поўныя кішэні", як сцвярджаецца ў адным з яго вершаў, Караткевіч пачаў расказваць анекдоты, гумарыстычныя гісторыі, ствараючы вясёлы настрой сярод сваіх слухачоў. Адказваючы на пытанне аб мядзведзі, які жыў на яго кватэры, прыпомніў камічнае здарэнне. Выкупаў я яго — кажа Караткевіч — у ванне, мядзведзь выйшаў у пярэднюю, дзе ў вялікім люстры ўгледзеў свой адбітак. Мядзведзь прыглядаўся сабе хвіліну, потым грымнуў з усяе сілы лапай, і люстра рассыпалася на кавалачкі. Адгэтуль было ў мяне толькі маленечкае люстэрачка да брыцця, каб не гнявіць чатырохногага кватаранта". …Але ж я добра памятаю, што тое люстэрка ў перадпакоі было разбіта не мядзведзем! Або прыпамінаецца яшчэ выпадак. Калі Караткевічу ўстанавілі тэлефон, то далі яму нумар, які раней належаў намесніку дырэктара па гаспадарчай частцы Інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Таму ў першыя дні бесперапынна раздаваліся тэлефонныя званкі: — Фама Фаміч, аплачвайце заказ… — Фама Фаміч, чакаем машыну… Спачатку Караткевіч цярпліва тлумачыў, што адбылася памылка, што нумар перададзены іншаму абаненту. Не памагала! За нейкім сотым званком новы ўладальнік пачаў кіпець. Урэшце аднойчы, позняй ноччу, зноў патрывожылі: — Фама Фаміч, прыйшлі вагоны. Разгружаць? — Так! — узравеў Караткевіч, нібы той мядзведзь. — Абавязкова разгружаць! З таго выпадку, казаў Валодзя, нібы рукой зняло. Ніхто больш не пытаў Фаму Фаміча. Але затое Рыгор Барадулін стаў велічаць Караткевіча не іначай як Фамой Фамічом. Потым Фама Фаміч трансфармаваўся ў Хаму Хаміча і проста ў Хаму. Але Валодзю гэта не раздражняла. У адказ ён называў сябра на латышскі лад Рыгарсам Барадулінсам. Дробныя шпількі і шпілечкі не перашкаджалі іх сапраўднай мужчынскай дружбе. Былі ва ўзаемаадносінах і суперніцтва, і зайздрасць, і спрэчкі, і дні адчужэння, і нават, казалі, ледзь не бойка. Але не прыпомню ніводнага выпадку, каб яны дайшлі да непавагі, узаемных абраз. У мяне склалася ўражанне, што яны адзін без аднаго проста не маглі існаваць. Вельмі розныя па характары і мастацкім бачанні свету (Валодзя больш рацыяналістычны, "зададзены", Рыгор больш эмацыянальны, непасрэдны), яны цудоўна сябе ўзаемна дапаўнялі. Адказваючы на вечарах на пытанні, Караткевіч нязменна высока ацэньваў творчасць "ушацкага хлапца" ("Кулінінага сына"): — У нас цяпер толькі два паэты, якія пішуць натуральна і арганічна, — Вазнясенскі і Барадулін. Яны нібы спецыяльна створаны для гэтага прыродай. Спяваюць, як птушкі на голлі! Барадулін адплачваў тым жа. Не раз памагаў ён Караткевічу і добрым словам, і слушнай парадай, і грашыма, асабліва калі Валодзю нейкі час не друкавалі. Такая ж сардэчная дружба, нягледзячы на розніцу ў гадах, звязвала Уладзіміра Караткевіча з Янкам Брылём. У ёй, вядома, былі свае ўзлёты (калі абодва пісьменнікі жылі на адной лесвічнай пляцоўцы) і спады. Да свайго старэйшага сабрата Валодзя адносіўся часам крыху задзірліва ("як малады певень"). Але Янка Брыль нязменна адказваў паблажлівасцю. Памятаецца, 27 лютага 1967 года ў Саюзе пісьменнікаў БССР быў вечар новага верша. Цікава выступалі Ю. Голуб, А. Разанаў. Валодзя ж чытаў нешта са зборніка "Дзень паэзіі". Пасля вечара разам са Сцяпанам Міско і геолагам Віктарам Лапуцем ("бацькам беларускай нафты") пайшлі ў кафэ, што адчынілася ў Доме мастацтваў (з лёгкай рукі Барадуліна яго ахрысцілі "мутным вокам"). Зусім блізка сядзелі Брыль з Карамазавым і нейкім госцем з Сібіры. Міско гучна, каб чувалася за суседнім столікам, правакаваў Караткевіча: — Хто вышэйшы, ты ці Брыль? — Вядома, ён. — А хто таленавіцейшы? — Вядома, я. Каму ж пахваліць, як не самому сябе?! На гэта Брыль: — Самае смешнае, што і я так лічу! У часы, калі пасля разноснай крытыкі ў Караткевіча апускаліся рукі, Брыль настойліва ўгаворваў яго не паддавацца чорнаму настрою і — пісаць, пісаць, пісаць! На гэта Валодзя агрызаўся: — Па вашай скуры пісаць бы! Бо хто ж друкаваць будзе?! У адказ Брыль прывёў словы Хемінгуэя: — Пішы сумленна, а некалі цябе прызнаюць, хоць пасля смерці, што ўжо сумней. Калі ў студзені 1980 года ў бібліятэцы АН БССР была сустрэча з Янкам Брылём, ці не найбольш пытанняў было пра яго адносіны да творчасці Караткевіча. Аўтар "Птушак і гнёздаў" адказаў, што цэніць яго вельмі высока, што гэта "самы чытабельны" беларускі аўтар ("нават у Туніс з сабой бяруць"): — Падумаць толькі: быў час, калі выдаўцам даводзілася даказваць, што "Каласы…" трэба выдаць асобнай кніжкай. І дзякуй Мележу, які тады заступіўся за раман на абмеркаванні, па сутнасці арганізаваў яго. Па сваёй сціпласці Янка Брыль не сказаў, што ў тым, "пераломным" 1967 годзе і ён нямала прычыніўся да таго, каб "Каласы пад сярпом тваім" выйшлі асобным выданнем (у дзвюх кнігах). Яго рэдагаваннне вельмі зацягнулася. Аўтару прад'яўляліся шматлікія, часам некампетэнтныя і смешныя прэтэнзіі. У выдавецтве ад Караткевіча патрабавалі, каб ён улічыў прадузятыя заўвагі Я. Герцовіча, які пасля часопіснай публікацыі рамана, нібы палемізуючы з маёй станоўчай рэцэнзіяй, выступіў з артыулам "Лёсы чалавечыя і лёсы народныя", надрукаваным у газеце "Советская Белоруссия" 9 верасня 1965 года (яго меў на ўвазе Валодзя ў працытаваным лісце з Уладзівастока). Побач са слушнымі крытычнымі меркаваннямі (аб празмернай "даросласці" і рытарычнасці слоў і думак галоўнага героя Алеся Загорскага) там былі і шматлікія тэндэнцыйныя пасажы, на якіх ляжаў выразны адбітак вульгарнага сацыялагізму. Караткевічу інкрымінавалася, што ён рэалізаваў задуму толькі часткова, нават "на другім плане" не знайшоў месца для сацыяльных "нізоў", што ён, ідэалізуючы Загорскага, ледзь не пашырае ідэі класавага міру "паміж прыгоннікамі і прыгоннымі". "Аўтар, — гаворыцца ў артыкуле, — зноў прадэманстраваў абмежаванасць свойго гістарычнага бачання, звязаўшы адной вяровачкай буйнога зямельнага магната князя Юрыя Загорскага і прыгоннага селяніна Міхала Кагута і зрабіўшы з гэтага далёка ідучыя вывады". У апошнім абзацы сцвярджалася, што Караткевіч "паспяшаўся з публікацыяй", што яму яшчэ трэба нямала папрацаваць над раманам, "каб у ім зліліся ў адно лёсы чалавечыя і лёсы народныя, загаварыла поўным голасам сапраўдная гісторыя". Такім чынам, у артыкуле Герцовіча ставілася пад сумненне мастацкая і гістарычная вартасць "Каласоў…" увогуле. Ад раманіста патрабавалася, каб ён напісаў новы, прынцыпова іншы твор. На артыкул Герцовіча рэагавалі па-рознаму. Адны абураліся ім, слалі пратэсты ў рэдакцыю, званілі аўтару артыкула, на што ён не раз публічна скардзіўся з трыбуны (Караткевіч не ўхваляў такіх званкоў). Мы з Барадуліным суцяшалі Валодзю, што ў кожнага Моцарта павінен быць свой Сальеры. Іншыя ж паціралі рукі ад задавальнення. Кіраўнікі выдавецтва ўспрынялі артыкул як прамое ўказанне афіцыйнага органа і паставілі перад раманістам нерэальную задачу — замест палымянскай публікацыі прынесці ім нешта дыяметральна супрацьлеглае. Усё часцей раздаваліся галасы, што ў канфліктную сітуацыю павінен умяшацца Саюз пісьменнікаў БССР. Гарачым прыхільнікам абмеркавання быў Іван Мележ. І вось 22 лютага 1967 года адбылося сумеснае пасяджэнне сакратарыята СП БССР і секцый прозы і крытыкі. Перш чым адкрыць "баталію", Вячаслаў Адамчык і Янка Скрыган запатрабавалі, каб прадстаўнік выдавецтва, Леў Салавей, прыўзняў "забрала", выклаў прысутным усе контраргументы. І той вымушаны быў зачытаць урыўкі з выдавецкай рэцэнзіі, аўтар якой пачаў за "здравие", а скончыў за "упокой". Аддаўшы належнае таленту Караткевіча, рэцэнзент далей папракаў яго, што ён напісаў не хроніку народнага жыцця, а хроніку князёў Загорскіх. Народны заступнік Корчак дарэмна не выразаў іх. "Добрых" паноў накшталт Загорскіх не было і быць не магло, даказваў рэцэнзент. Абвяргаючы яго спрошчаныя ўяўленні пра гісторыю, Янка Брыль, Іван Мележ, Алесь Адамовіч, Іван Навуменка, Ніл Гілевіч, Генадзь Кісялёў, Алесь Асіпенка, аз грэшны, іншыя гаварылі пра тое, што, як і рускае дваранства, беларускія магнаты і шляхта бывалі розныя — і прагрэсіўныя, і "ніякія", і рэакцыйныя, што трэба пераадольваць ранейшую абмежаванасць нашай літаратуры, калі ў ёй (у Купалы, Бядулі) быў толькі "дрэнны пан". Прагучалі заклікі ўлічваць рэальную расстаноўку сіл у паўстанні 1863 года, спецыфіку тэматыкі, індывідуальнасць аўтара. Крыху скептычна выступіў Адамовіч: вось мы хораша пераконваем тут адзін аднаго, а выдавецтва ўсё роўна не выдасць раман яшчэ гадоў з пяць — пра гэта нават можна біцца аб заклад. Узровень абмеркавання быў у цэлым вельмі высокі. Слушных аргументаў у абарону Караткевіча выказалі многа, і яны, па вобразнаму выражэнню Янкі Брыля, зваліліся на беднага Льва Салаўя нібы капа сена. Уладзімір Караткевіч застаўся задаволены вынікамі абмеркавання. З Саюза мы пайшлі да яго дамоў. Былі Генадзь Кісялёў, які яшчэ прыязджаў з Вільнюса, мовазнавец Міхась Сыракваш (Валодзя пакепліваў над яго магутнай постаццю: "Занимает целый пляж изможденный Сырокваш"), рэдактар ашмянскай раёнкі Якаў Карабок. За сталом узнікла спрэчка, ці мелі права супрацоўнікі Дзяржаўнага музея БССР вырваць з памятнай табліцы ў жупранскім касцёле Ашмянскага раёна партрэт Багушэвіча. Караткевіч горача даказваў, што не мелі, што гэта акт вандалізму. Мы тут жа дамовіліся, што напішам пратэст. Ліст такі (у Міністэрства культуры БССР) быў неўзабаве адпраўлены. Але партрэт не вернуты і да сёння (замест яго веруючыя ўстанавілі прыблізны заменнік). Абмеркаванне рамана ў Саюзе пісьменнікаў, здаецца, не зрабіла на выдавецкіх работнікаў асаблівага ўражання. На рукапісе "Каласоў…" было пастаўлена столькі пытальнікаў і клічнікаў, панапісана столькі здзеклівых заўваг, што Караткевіч схапіўся за галаву: — Гары яно ўсё гарам! Не буду я правіць ні слова! Няхай ляжыць да сканчэння свету! Але тут умяшаўся Барадулін: — Не рабі глупства, Хама. Твой раман патрэбны людзям цяпер! Зрабі выгляд, што сур'ёзна правіш, іначай увогуле выкінуць цябе з плана. — Не магу, стары, — ледзь не рыдаў Валодзя. — Не магу пагадзіцца зчалавечай дурасцю. — Дурны і ты, Валодзечка. Не лезь на дыбы з-за дробязей. Папраў нешта другараднае, замяні адзін эпітэт другім. Так, каб можна было сказаць, што ўлічана заўваг працэнтаў семдзесят. А на істотнае махні ім ручкай: маўляў тут другаразраднае глупства, ды і не стану я тут прыхарошваць розных прыгоннікаў… З імі, Хама, трэба ваяваць іхняй жа зброяй. — Рука не ўзнімаецца! — Тады папрасі Адася, — Рыгор кіўнуў у мой бок. — Чалавек тры гады ў рэдакцыі працаваў, розную дыпламатычную праўку рабіў. І ў маі 1967 года мы разам заселі за стол. Скарачалі другарадныя фразы. Падкрэсленае рэдактарам слова замянялі другім. Валодзя спачатку быў змрачнаваты і спрабаваў ваяваць нават са мной, ды потым увайшоў у смак і ахвотна прыдумваў адэкватны ці нават больш трапны, але не такі "лабавы" варыянт. У многіх мясцінах работа пайшла раману яўна на карысць. — Ты глядзі, Адасевіч, — цешыўся ён. — Можа, усё абыдзецца малой крывёю. А каб у выдавецтве і наогул у грамадскасці склалася ўражанне, што раман сур'ёзна перарабляецца, Рыгор Барадулін прапанаваў "падкінуць" такую "мыслю" ў друк. Я ўзяўся рабіць адпаведнае інтэрв'ю з аўтарам, здаецца, першае ў яго жыцці інтэрв'ю ўвогуле. Неўзабаве, 10 ліпеня 1967 года, яно было надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" пад назвай "Каласы з цаліны": "Сярод перафразіровак вядомай прымаўкі, відаць будзе слушнай і такая: "Пакажы мне твой рабочы стол — і я скажу, хто ты". На рабочым месцы заўжды адчуваецца адбітак індывідуальнасці чалавека. Пісьмовы стол Уладзіміра Караткевіча — гэта стол-рамантык. Пасля кожнага чарговага падарожжа гаспадара на ім з'яўляюцца новыя і новыя дзівы: рэдкія каменьчыкі і засушаныя марскія зоркі, цагліны тысячагадовай даўнасці і ўпрыгожанні нашых продкаў. Да стала прыхінулася старадаўняя разнaя прасніца. Аднак галоўнае на ім — наклеены на шэрае палатно велізарны партрэт Кастуся Каліноўскага. Тут жа — каваны ў жалезе свяцільнік. Нібы агромністая кропля крыві, чырванее ў ім падфарбаваны воск. Гаспадар запальвае свяцільнік толькі раз у год — 21 сакавіка, у гадавіну гераічнай смерці таго, хто стаў самай вялікай любоўю Уладзіміра Караткевіча, яго натхненнем і героем яго твораў. І адначасова — гэта стол-працаўнік. На ім заўсёды грудзяцца папкі з рукапісамі. За гэтым сталом былі напісаны вядомыя ўжо чытачу раманы "Каласы пад сярпом тваім" і "Нельга забыць", аповесці "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" і "Чазенія", шматлікія вершы, рэцэнзіі, артыкулы, сцэнарыі кароткаметражных і доўгаметражных фільмаў. Сотні і сотні старонак, спісаных дробненькім, вуглаватым почыркам, які нельга зблытаць з нічыім іншым. У дзень, калі вялася наша размова, Уладзімір Караткевіч закончыў праўку першай і другой кніг рамана "Каласы пад сярпом тваім". Рыхтуючы рукапіс да друку ў выдавецтве "Беларусь", аўтар улічыў заўвагі рэдактара, рэцэнзентаў, чытачоў, выкрасліў многія мясціны і дапісаў новыя. — Прыемна адчуваць, што ўрэшце закончана тое, над чым працаваў амаль дванаццаць год. У параўнанні з тым варыянтам, які друкаваўся ў "Полымі", у рукапіс унесены вялікія змены. Прыйшлося пагадзіцца з некаторымі заўвагамі. Вядома, не з усімі. Сёй-той з рэцэнзентаў хацеў, каб у цэнтры рамана аб паўстанні 1863 года я паставіў не князя Алеся Загорскага і яго сяброў, а селяніна накшталт Корчака. Але ж гэта супярэчыла б гістарычнай праўдзе. З новых прац рускіх, беларускіх, літоўскіх і польскіх гісторыкаў — для прыкладу назаву прозвішчы Смірнова, Кісялёва, Кяневіча — бачна, што рухаючай сілай у паўстанні ў Беларусі была якраз шляхта. Не мог я згадзіцца і з тымі заўвагамі, дзе мне прапанавалася "абяліць" некаторых прыгоннікаў накшталт Кроера, зрабіць іх менш жорсткімі. — Значыць, задума "Каласоў…" з'явілася прыкладна дванаццаць гадоў назад? Калі? Пад уплывам якіх абставін? — Задума з'явілася яшчэ тады, калі я быў студэнтам Кіеўскага універсітэта. Замест таго каб хадзіць на лекцыі, — сядзеў у бібліятэцы над старымі кнігамі. Паступова перад маімі вачыма паўставалі прываблівыя постаці маіх продкаў — мужных, свабодалюбівых людзей. І сярод іх — паўстанцы 1863 года, якія не шкадавалі жыцця, змагаючыся за "вашу і нашу свабоду". А потым дзядзька паказаў мне на Дняпры мясціны, дзе адбываліся тыя падзеі. Руіны гаўптвахты, дзе расстрэльвалі людзей, і конскія могілкі, дзе іх потым закопвалі. Паступова ў мяне расло жаданне расказаць аб іх подзвігу, зберагчы памяць. Пачаў вывучаць архіўныя дакументы, запісваць мясцовыя паданні. Спачатку падзеі рамана былі лакалізаваны толькі ў Прыдняпроўі. Потым прыйшлося пашырыць рамкі, перакінуць з Прыдняпроўя "мосцікі" ў Вільню, Пецярбург, Варшаву. — У пачатку года "Полымя" абвясціла, што сёлета ў часопісе будзе друкавацца другая кніжка рамана. Значыць, яна таксама ўжо напісана? — У асноўным, так. Уласна кажучы, гэта будзе не другая, а трэцяя і чацвёртая кніжкі, таму што першую я вымушаны быў падзяліць на дзве. Праўда, работа над імі крыху зацягваецца. Па-першае, паступаюць усё новыя і новыя матэрыялы. Напрыклад, зусім нядаўна ўдалося знайсці дужа "каларытны" "Указ аб косах". Аказваецца, напярэдадні паўстання царскі ўрад быў настолькі напалоханы, што нават забараняў сялянам купляць і прадаваць косы. — Значыць, у цэлым "Каласы…" будуць мець каля дзвюх тысяч старонак. Ці не занадта многа гэта ў наш час, калі ў моду ўвайшлі "мікрараманы"? — Па-мойму, усё гэта — лухта. Чалавецтва працягвае накопліваць інфармацыю. Вядома, яму сёння не патрэбна такое дэталёвае апісанне інтэр'ера або чалавечага аблічча, якое мы бачым у пісьменнікаў і мастакоў ХІХ стагоддзя, напрыклад, у Аляшкевіча. Але чалавецтву вельмі важна ведаць факты, мець іх аб'етыўнае апісанне. Вернецца, скажам, чалавек з Марса — і якой каштоўнай будзе яго падрабязная інфармацыя аб невядомай планеце, яго ўменне перадаць нам натуральны выгляд марсіян. А для нас жа беларуская гісторыя — у многім нязведанае. Мы пакуль што мала ведаем аб жыцці, звычаях, побыце нашых продкаў. І кожны, хто ведае, хто можа ведаць, павінен збіраць гэтыя падрабязнасці і перадаваць іншым. Па меры магчымасці я і рабіў гэта ў "Каласах…". У выніку — шматлікія апісанні, вялікі аб'ём рамана. Для тоненькіх гістарычных раманаў, такіх, як у Друона, у Беларусі яшчэ прыйдзе свая чарга. А пакуль што… Мне хочацца, каб, чытаючы "Каласы…", чытач адкрываў для сябе мінулае свайго народа і сваёй краіны. І словы гэтыя не здаліся мне штучнымі ці нясціплымі. Прыгадаліся словы студэнткі, прыведзеныя ў нарысе У. Калесніка "Партрэт друга": "Дагэтуль я думала, што ў нас няма такой гісторыі, як у іншых народаў. А пачытала "Дзікае паляванне караля Стаха", "Каласы пад сярпом тваім" — дык убачыла, што ёсць!" Сказана крыху наіўна, але дастаткова дакладна: найвялікшая каштоўнасць усяго, што пішацца Караткевічам, заключаецца ў тым, што яго творы выхоўваюць патрыятычныя пачуцці, вучаць лепш разумець мінулае і сучаснае. Для нашага сучасніка вельмі важна мець дакладнае ўяўленне аб усіх тых падзеях, пра якія гаворыцца ў "Каласах…". — Так, вельмі важна! — пагаджаецца пісьменнік. — Шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ўзнялі паўстанне, рэвалюцыйныя дэмакраты накшталт Каліноўскага былі, калі карыстацца вядомым ленінскім вызначэннем, прамымі папярэднікамі марксізму. Першы Інтэрнацыянал быў утвораны якраз на вечары, прысвечаным памяці ахвяр 1863 года. У падзеях мінулага — нашы карані. А дрэва без каранёў не можа ні існаваць, ні, тым больш, прыносіць плады. — А наколькі паказанае ў рамане адпавядае сапраўднасці? Ці існаваў, скажам, рэальны прататып Алеся Загорскага? — Перш за ўсё я імкнуўся праўдзіва перадаць дух таго складанага і супярэчлівага часу. Узнавіць дэталі мне дапамаглі архіўныя дакументы. Часам яны пацвярджалі тое, да чаго я ўжо раней дайшоў інтуіцыяй. Прывяду адзін прыклад, але не з "Каласоў…", а з "Нельга забыць". У пралогу да рамана расказваецца аб трагічнай гібелі паўстанца 1863 года Грынкевіча. Пісаў я гэтыя старонкі, пераважна абапіраючыся на мясцовыя паданні. Потым жа, на маё ўласнае здзіўленне, Генадзь Кісялёў паказаў мне ў Вільнюскім архіве дакументы пра рэальнага Грыневіча, расстралянага пры тых жа акалічнасцях, што і апісаныя мною ў рамане. Што ж датычыць "Каласоў…", то ў іх ёсць некаторыя прыватныя адступленні ад сапраўднасці. Напрыклад, тры важныя для лёсу паўстання пасяджэнні царскага дзяржаўнага савета зліты ў адно. У адно зліты вобразы некаторых рэальных людзей. Так узнік Алесь Загорскі. Іншыя ж вобразы — Біскуповіч, стары Вежа — узяты з мінулага цалкам. Зразумела, што зусім інакш узнікалі ўсе жаночыя вобразы… — Аднак хопіць пра тое, што ёсць у рамане. Некалькі слоў аб тым, што будзе ў апошніх дзвюх кнігах. Які фінал рамана? — Крах усіх спадзяванняў, усіх ілюзій і — нават у гэтых абставінах — чалавечая нязломнасць! Паўстанне пацярпела паражэнне, але мужнасць — засталася. А значыць, засталося і спадзяванне, што чалавек, свабода і народ — выжывуць! Найбольш поўна гэтая думка праведзена на прыкладзе Алеся Загорскага. — Раман закончыцца паражэннем паўстання 1863 года ці — па ўзору "Нельга забыць" — падзеі будуць даведзены да нашых дзён? — Давесці падзеі да нашых дзён будзе вельмі цяжка. Магчыма, потым і прадоўжу сюжэтныя лініі рамана. Хацелася б паказаць нарадавольцаў, першыя марксісцкія гурткі, сялянскі рух. Але гэта — потым. Цяпер жа абмяжуюся невялікімі лірычнымі ўстаўкамі. У іх будзе ацэнка падзей 1863 года з пазіцый нашых дзён. Будзе роздум аб тых часах — мой і маіх сяброў. Да кніжнага выдання дапісаны некалькі ўстаўных навел, якіх не было ў часопісным варыянце. Нашу размову увесь час перапыняюць тэлефонныя званкі. Звоняць з "Беларусьфільма", дзе па сцэнарыі У. Караткевіча здымаецца поўнаметражны фільм "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", з кінастудыі дакументальных фільмаў, дзе толькі што закончыліся здымкі кароткаметражкі "Будзь шчаслівай, рака…", прысвечанай роднай рацэ пісьменніка — Дняпру. Звоняць з гаркома камсамола, каб дамовіцца аб сустрэчы з моладдзю. Прыходзіць пошта: балгарскі паэт Найдан Вылчаў паведамляе, што ў "Анталогію сучаснага беларускага апавядання", якая выходзіць ў Сафіі, уключаны пераклады караткевічаўскіх апавяданняў; аб выданні зборніка перакладаў на ўкраінскай мове пішуць са Львова. І зноў званок з кінастудыі: у вядомага літоўскага акцёра Баніёніса не "кладзецца" фраза, трэба перарабіць дыялог… І наша размова таксама пераключаецца на тэмы кіно. — Ці задаволены я здымкамі "Хрыста"? Ці няма небяспекі, што з філасофскага твора зробяць звычайны прыгодніцкі фільм? Што ж, здымаюць "Хрыста" людзі таленавітыя. Але ў сцэнарыі — а ён перастаў ужо быць маёй рэччу — адбыліся змены. Вобразна кажучы, перавагу над Уленшпігелем атрымаў Лама Гудзак. Ці дапамагае пісьменніку работа ў кіно? Хутчэй шкодзіць, бо адбірае страшэнна многа часу. Сапрўдны пісьменнік цалкам сябе кіно ніколі не аддасць, таму што кіно — мастацтва групавое, дзе індывідуальнасць аўтара нібы раствараецца. З другога ж боку, кіно аказвае станоўчы ўплыў. Яно дае штуршок думкам, робіць больш сучасным мысленне. У чым гэта заключаецца? Дастаткова параўнаць "На Быстранцы" і "Птушкі і гнёзды" Янкі Брыля. Абодва творы сучасныя па сваёй тэме. Аднак яны розныя па мастацкіх сродках. "Птушкі і гнёзды" — твор вельмі кінематаграфічны. Дастаткова прыгадаць сцэну допыту Руневіча… На стале з'яўляюцца кадры з будучага кінафільма: сярэдневяковая Гародня, беларускі Уленшпігель — Юрась Братчык, якога па збегу акалічнасцей прынялі за Хрыста, каларытныя твары людзей той даўняй эпохі. Старонкі народнай гісторыі, даўно забытыя і цяпер узноўленыя фантазіяй і талентам мастака. І іншыя старонкі гісторыі — здымкі беларускіх архітэктурных помнікаў. Гэта кадры з кароткаметражнага фільма "Памяць", які нядаўна выпушчаны на экраны Беларусі. Гродзенская Каложа і стары драўляны лямус, Полацкі Сафійскі сабор і руіны віцебскага храма Благавешчання, замкі у Нясвіжы і Міры, Ружанах і Навагрудку. З гэтых здымкаў мог бы выйсці цудоўны альбом аб здабыках нашай архітэктуры, аб сівых сведках мінулага. — Калі мы з Юркам Цвятковым здымалі гэты фільм — сэрца балела. Многія цудоўныя палацы і замкі стаяць у запусценні, разбураюцца. А пры жаданні ў іх можна было б размясціць пансіянаты, дамы адпачынку, санаторыі. Можна было б атрымліваць валюту ад зарубежных турыстаў. Узяць хаця б замак у Міры… Мала ў нас беражнага стаўлення да гістарычных помнікаў. Нашто, скажам, было работнікам Беларускага краязнаўчага музея вырываць са сцяны жупранскага касцёла дошку ў гонар Багушэвіча. Раман, аповесць, апавяданне, кінасцэнарый, п'еса ("Торшкі далей ад месяца" і "Смерць і неўміручасць Кастуся Каліноўскага" ў свой час былі перададзены Беларускаму тэатру імя Янкі Купалы), нарыс, рэцэнзія… Здаецца, няма такога літаратурнага жанру, у якім бы не спрабаваў свае сілы Уладзімір Караткевіч. А як справы з жанрамі паэтычнымі? — У выдавецтве "Беларусь" ужо ляжыць вершаваны зборнік "Мая Іліяда". Пасля "Вячэрніх ветразяў" у мяне набярэцца нямала новых вершаў. Нядаўна прывёз з Крыма новы цыкл "Таўрыда". Некалькі вершаў напісаў, пабываўшы на магіле Багдановіча. — З чаго пачынаецца звычайна верш? З думкі? З настрою? — У мяне ён пачынаецца з радка. З аднаго або двух-трох. Вядома, радок немагчымы без думкі. Радок нясе зерне думкі. Напрыклад, верш "Паўлюк Багрым" пачаўся з радкоў: "Нельга верыць у бога, калі ён такое дазволіў…" Потым усё астатняе "падганялася " пад гэтыя радкі. Праўда, часам бывае наадварот — калі ідзеш ад агульнай ідэі. Але гэта — рэдка. — А ў прозе? — У прозе ўсё пачынаецца з настрою. Настрой нараджае адпаведную думку. Разам узятыя, яны і даюць той ключ, у якім будзеш весці апавяданне, якім "адамкнеш" тэму… На хвіліну гаспадар устае, каб узяць з кніжнай паліцы чарнавікі сваіх "Каласоў…". — Хтосьці ў свой час пусціў чутку, што пішацца мне лёгка і што напісанага я амаль ніколі не праўлю. Гэта няпраўда. Калі гаварыць ужо аб нейкай "творчай кухні", то працэс пісання выглядае прыкладна так. Спачатку з'яўляюцца запісныя кніжкі. У іх — думкі, назіранні, выпіскі. Потым нараджаецца кароткі план. Паміж яго радкамі ўпісваюцца ўсё новыя і новыя кавалкі. Такі план перапісваецца разоў пяць. А потым, калі ўсё адстаялася і адшліфавалася ў галаве, — перапісваю начыста. Лёгка і без асаблівых правак. Я згодзен са словамі Буніна, якія прыведзены ва ўспамінах Катаева, што нельга з нічога зрабіць нешта шляхам бясконцых перакрэсліванняў. Вядома, калі ўжо нешта ёсць, тады праўкі дазваляюць палепшыць твор… Для ілюстрацыі сваіх думак гаспадар паказвае запісную кніжку, з якой пасля вырасла "Чазенія" — аповесць аб рамантычным і чыстым каханні нашых сучаснікаў, унукаў тых жа паўстанцаў 1863 года. Вось запісы аб тым, якія рыбы водзяцца ў далёкаўсходніх рэках, якой вышыні дасягае цунамі, якія дрэвы растуць на берагах Амура. Вось малюнкі бурундука, Кедравай падзі, схема маршруту, па якому спачатку прайшоў сам аўтар, а потым — яго герой. — Гэты маршрут мне хацелася б паўтарыць. Хочацца зноў пабываць на Далёкім Усходзе, пабачыць Камчатку. Не менш вабіць Сярэдняя Азія, Каўказ, нашы беларускія дарогі. Планы вялікія, на гады хопіць. — А як з планамі творчымі? Калісьці, памятаю, Янка Брыль прапанаваў табе напісаць раман пра Багушэвіча… — Што ж, расце папка з матэрыяламі і пра Багушэвіча. Расце папка пра таямнічага аўтара "Тараса на Парнасе". Думку напісаць раман на гэтую тэму падаў мне Юльян Пшыркоў. Але дзевятнаццатае стагоддзе больш-менш распрацавана. Не напішу я — напішуць іншыя. А вось Давыд Гарадзенскі, які на крыжаносцаў хадзіў, або полацкі князь Вячка, які бараніў ад ворага латышоў і эстонцаў… Пра гэтых пакуль што не напіша ніхто. А трэба! Трэба зберагчы народную памяць аб нашых слаўных продках, аб лепшых старонках сваёй гісторыі! …У 1936 годзе Максім Танк запісаў у сваіх "Лістках календара": "А пакуль што некранутай цаліной у нас ляжыць гістарычная тэма, чакаючы свайго Вальтэра Скота, Сянкевіча…" Сёння, калі з'явіліся гістарычныя раманы і аповесці Уладзіміра Караткевіча, падстаў для такога катэгарычнага сцвярджэння ўжо няма". Сёння, праз дваццаць з лішкам год пасля таго інтэрв'ю, я часта задумваюся, чаму тады Караткевіч сказаў мне, што трэцяя і чацвёртая кнігі рамана "ў асноўным" закончаны. Мы ж, члены камісіі па спадчыне пісьменніка, з надзеяй шукалі іх у яго архіве і расчароўваліся, знайшоўшы там толькі чарнавыя фрагменты, толькі накіды-"загатоўкі" ў запісных кніжках. Сказаў няпраўду ў тым, 1967 годзе з нейкіх тактычных меркаванняў? Наўрад ці. Бо хлусні ён не любіў. Ды і не дазволіў бы ў адваротным выпадку анансаваць заканчэнне рамана ў "Полымі". Пра існаванне трэцяй і чацвёртай кнігі "Каласоў…" Караткевіч гаварыў не толькі мне, але і Міхалу Фёдаравічу Дубянецкаму, былому дырэктару выдавецтва "Мастацкая літаратура" — яны нават дамовіліся, на які год паставіць іх у план. Усе сябры Валодзі ведалі, што ён рыхтуе заканчэнне рамана да друку: вывучае дадатковыя матэрыялы, цікавіцца далейшымі лёсамі паўстанцаў 1863 года. Праўда, не раз, адбіваючыся ад нашых патрабаванняў не займацца "кінаглупствамі", а хутчэй закончыць раман, ён стагнаў: — А вы думаеце, мне гэта лёгка?! Любімых герояў — пад кулі, на вісельні, на катаргу, у ссылку… Вы ж ведаеце, чым скончылася паўстанне — суцэльным разгромам. Гэта ўсё роўна, што пад меч — уласных дзяцей… Неяк прыйшлі да мяне гуртам школьнікі і просяць: не забівайце Алеся Загорскага. І што я мог ім адказаць?! Мы бачылі, што пасля баталій вакол рамана 1965–1967 гадоў Караткевіч паастыг у дачыненні да "Каласоў…". Балюча рэагаваў на пытанні пра іх. Пазбягаў гаворкі. Шукаў самаапраўданні (накшталт шкадавання герояў). Чаму? Адбілі ахвоту наскокі вульгарнай крытыкі? Адчуваў, што ў тагачасных умовах цяжка ці нават немагчыма будзе апублікаваць заканчэнне рамана ў такім выглядзе, як дыктавала творчае сумленне? Відаць, усё гэта таксама ўплывала. Ва ўсякім выпадку толькі на пачатку васьмідзесятых гадоў Караткевіч асмеліўся апублікаваць аповесць "Зброя", якая спачатку пісалася як адзін з раздзелаў рамана, а потым стала яго самстойным "адгалінаваннем". Стылёвыя асаблівасці сведчаць, што стваралася яна яшчэ ў гадах шасцідзесятых. Але Караткевіч ніколі пра яе не ўспамінаў, не спрабаваў друкаваць, разумеючы, што не той яшчэ час: апісанні маскоўскіх нораваў маглі быць успрыняты крытыкай як абраза ўсяго рускага народа. Аднак вернемся да пытання, куды мог знікнуць чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг "Каласоў…". Неяк у галаву прыйшла думка, што аўтар знішчыў яго, як гэта зрабіў Гогаль з другой часткай "Мёртвых душ". Аднак адразу ж здалася яна недарэчнай. Бо такія экзальтаваныя ўчынкі проста не адпавядалі б натуры Караткевіча. Не знішчыў жа ён рукапіс першай аповесці "У снягах драмае вясна", хоць бачыў немагчымасць яе апублікавання ў застойны перыяд… Наўрад ці мог знікнуць рукапіс і ў першыя месяцы пасля смерці пісьменніка: яго сястра, Наталля Сямёнаўна Кучкоўская, адразу зрабіла захады, каб да рэчаў пісьменніка — кніг, архіва, памятак — не мелі доступу пабочныя асобы. Узважыўшы ўсе акалічнасці, я прыходжу да вываду, што чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг (калі ён існаваў) хутчэй за ўсё знік летам 1982 года, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі. Тады на гастролях там знаходзіўся віцебскі тэатр імя Якуба Коласа. Яго рэжысёр, Валерый Мазынскі, пасля "Званоў Віцебска" і "Кастуся Каліноўскага" збіраўся паставіць "Маці ўрагану". Караткевіч вылецеў туды з жонкай, Валянцінай Браніславаўнай, каб пазнаёміць трупу са сваёй новай п'есай. Але яна здалася акцёрам задоўгай, несцэнічнай, і Валодзя вяртаўся адтуль у дрэнным настроі. А тут яшчэ аказалася, што ў адсутнасць гаспадароў кватэру абакралі. Забралі ўсе залатыя і сярэбраныя рэчы, крышталь. Заадно прыхапілі ўзнагароды, дакументы. Усяго страт набралася на некалькі тысяч (у апошнія гады жыцця Караткевіч ужо меў добрыя ганарары, у тым ліку і замежныя). Але не яны бянтэжылі гаспадара. Доўгі час ён хадзіў прыгнечаны, злаваў, калі ў яго пыталі, што ўзята: — Ведалі, што браць, гады! Білі прама пад дых! Але ад канкрэтызацыі ўхіляўся, пераводзіў гаворку на іншае, на Рыгора Семашкевіча, амаль суседа па кватэры, чыё жыццё недарэчна абарвалася, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі: — Я ўсе транты аддаў бы, абы Рыгор быў жывы… З дакорам думаю, што ўжо больш не пабачу яго вінаватай усмешкі. У росшук грабежнікаў былі ўключаны лепшыя мінскія шэрлакі холмсы (у іх асяроддзі было нямала добрых Валодзевых прыяцеляў). Але і яны не змаглі нічога зрабіць. Казалі, што папрацавалі тут "класныя спецыялісты", што не абышлося без наводчыка. Відаць, тады, побач з каштоўнымі рэчамі (не выключана, што іх бралі для адводу вачэй), знік і рукапіс другой палавіны "Каласоў…"). Прынамсі, не прыпомню, каб пасля таго здарэння Караткевіч гаварыў пра заканчэнне і выданне "Каласоў…" як пра нешта рэальнае. Хто мог зрабіць? Дзеля чаго? Рознае думаецца. І цепліцца надзея, што рукапіс недзе ўсплыве, што злачынства веку (пішу без іроніі) будзе калісьці раскрыта. Аднак вернемся зноў у другую палову шасцідзесятых гадоў. Абмеркаванне "Каласоў…" у Саюзе пісьменнікаў БССР, галасы грамадскасці ўсё ж зрабілі сваю добрую справу. Алесь Адамовіч прайграў бы заклад, бо асобнае кніжнае выданне рамана пабачыла свет не праз пяць гадоў, а хутчэй — у 1968 годзе. На гэты раз Герцовіч змаўчаў (скардзіўся толькі на адной высокай нарадзе, што ў сувязі з яго артыкулам пра Караткевіча нават "Звязда" патрабуе, каб ён падпісваўся псеўданімам, на што Адамовіч падаў рэпліку: "Гэта робіць гонар "Звяздзе"). Затое "левая" і "ўмераная" крытыка (С. Андраюк, М. Ермаловіч, Г. Кісялёў) сустрэла кніжны варыянт рамана як творчую ўдачу аўтара, дасягненне ўсёй беларускай літаратуры. І сапраўды, "Каласы пад сярпом тваім", няхай і не закончаныя, з'явіліся адным з першых нашых гістарычных раманаў у поўным сэнсе гэтага слова. Лёс беларускай літаратуры склаўся так, што ў ХІХ стагоддзі ў ёй не было, не магло яшчэ быць свайго Вальтэра Скота, Генрыка Сянкевіча ці Алойза Ірасека. Не з'явіліся яны ў нас і ў першай палове стагоддзя дваццатага, бо "Салавей" З. Бядулі, "Спрадвечнае" Б. Мікуліча або "На шляху з варагаў у грэкі" Я. Дылы — гэта толькі першыя подступы да такога жанру. Аднак літаратура, як і прырода, не церпіць незапоўненай "пустаты", пераскоквання праз ступені развіцця. Раней або пазней, але гістарычны раманіст павінен быў прыйсці ў нашу прозу. І ён прыйшоў у асобе Уладзіміра Караткевіча, стаў яваю дзякуючы "Каласам…". Яны — не выпадковасць, а заканамернасць, абумоўленая заканамернасцямі фарміравання самой літаратуры. У "Каласах…" нас здзіўляе ўменне пісьменніка пранікнуць у сутнасць, дух эпохі, аддаленай ад нас больш чым на стагоддзе, узнавіць колішняе жыццё, асэнсаваць яго, не мадэрнізуючы, — і адначасова з пазіцый сённяшняга дня. Для гэтага патрэбны былі не толькі глыбокія і разнастайныя веды, але і творчая інтуіцыя. Патрэбен быў вялікі талент. Неўзабаве раман быў перакладзены Валянцінай Шчадрыной на рускую мову і двойчы выдадзены ў Маскве. Да яго аўтара паступова прыходзіла не толькі ўсесаюзнае, але і міжнароднае прызнанне. Аналізуючы раман у артыкуле пад нязвычнай для нас назвай, якая павінна была "справакаваць" польскіх перакладчыкаў, — "Польска-беларуская эпапея Караткевіча", Фелікс Фарнальчык пісаў у кракаўскім штотыднёвіку "Жыце Літэрацке" 2 чэрвеня 1974 года: "Каласы пад сярпом тваім" — гэта адзін з самых амбітных гістарычных раманаў нашых усходніх суседзяў, асабліва важкі для нас, калі ўлічыць месца, якое ў ім займаюць польскія справы напярэдадні студзеньскага паўстання 1863 года. Нездарма Уладзіміра Караткевіча называюць "беларускім Сянкевічам", бо гэтую дылогію Караткевіча можна параўнаць з "Трылогіяй", як і з "Панам Тадэвушам", і з "Ганнай Карэнінай", і з іншымі гэтага роду вялікімі эпічнымі панарамамі". Прымаючы пад увагу поспех, няхай і запознены, "Каласоў…", Караткевічу пісаць ды пісаць новыя гістарычныя раманы. Але ён на нейкі час, відаць, стомлены змаганнем за "Каласы…", адышоў ад прозы, амаль цалкам аддаўся кінематографу. У шасцідзесятыя гады з-пад яго пяра выйшлі сцэнарыі многіх мастацкіх і дакументальных фільмаў. Адны з іх — "Памяць", "Будзь шчаслівай, рака…", "Сведкі вечнасці" — шчасліва выйшлі на экраны. Другія — "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" — леглі на паліцы. Трэція — "Расказы з каталажкі", заснаваныя на магілёўскіх анекдотах — увогуле не здымаліся, адхіляліся ў Мінску або Маскве. Было яшчэ некалькі кароткаметражак, якія адымалі многа часу і нерваў, але не давалі сцэнарысту нават маральнай сатысфакцыі, нават патыражнага ганарару. — Навошта табе ўсе гэтыя скандальныя сітуацыі, пaданне на калені ў імя нейкага эпізода?! — упікалі мы Валодзю. — Пішы найперш гістарычную прозу. Захочуць — экранізуюць. — Ні чорта вы не шупіце ў кіно! — злаваў Караткевіч. — Гэта ж магутная сіла! Раман у нашых беларускіх умовах прачытае ну дзесяць, ну дваццаць тысяч чалавек. А добры фільм паглядзяць мільёны. Разумееце, якая мажлівасць уздзейнічаць на народ, абуджаць яго годнасць, яго памяць. Вось выйдзе мой "Хрыстос" — тады ўзрыдаеце ад зайздрасці! — і, прымружваючы разнаколерныя вочы, выкладваў апошні козыр: — Не забывайце, панове, што я канчаў сцэнарныя курсы. Навошта дзяржава мяне вучыла?! Здымкі "Хрыста" праходзілі ў 1967 годзе, якраз тады, калі вырашаўся лёс кніжнага выдання "Каласоў…", і дужа адцягвалі Караткевіча ад работы з выдавецкім рэдактарам. Праходзілі яны пераважна на ўзбярэжжы Чорнага мора, у Сімеізе, і аўтар сцэнарыя некалькі разоў лятаў туды, каб уносіць у яго бясконцыя змены. Памятаецца, 18 верасня ён вярнуўся з Крыма і прама з аэрапорта, нагружаны рукзакамі, стомлены, загарэлы, разам з артыстам Уладзімірам Паначэўным і аднакурсніцай з Кіева Рэгінай прыехаў на пяцідзесяцігоддзе Вячаслава Зайцава, на яго напаўхаласцяцкую кватэру. Быў пахмурны: прапанавалі змяніць назву фільма на "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка", выкідвалі ўсю "філасофію", увесь здаровы сэнс. — Вечна ім здаецца, што мой Хрыстос нешта не тое гаворыць, — скардзіўся. — Занадта сучасны. Акрамя таго, на здымках Караткевіч згубіў частку вершаў з крымскага цыкла. — Суцэльная трагедыя! — бурчэў, гуляючы з кацянём, якое невядома адкуль ("ці не з космасу?") прыбілася з акальцаванай лапкай. — Уявіце сабе, што Міцкевіч згубіў "Крымскія санеты"! Тая ж непапраўная страта! Потым аказалася, што не ўсё згублена. Некалькі вершаў знайшлося ў адной з кішэняў рукзака. І Валодзя, супакоіўшыся, прачытаў нам адзін — пра Чуфут-Кале. Потым — пераклад з Лоркі. — Хацеў жыць, калі яго вялі расстрэльваць, — успамінаў недзе вычытанае пра іспанскага паэта-змагара. — Чапляўся за крыло аўтамашыны. Во быў хлопец! — І потым пра Лорку і Мачада: — Калі бог захоча пакараць краіну, ён дае ёй дзесяць цудоўных паэтаў, а потым адбірае іх. Гаспадар паказваў нам нейкі італьянскі здымак Месяца, на якім нібыта віднеліся чалавечыя сілуэты. Але яны былі настолькі цьмяныя, што Караткевіч не стрываў: — З такім жа поспехам я магу заявіць, што гэта сапсаваны кадр з майго "Хрыста", — і зноў пра фільм: — Ой, рэжуць, бязбожна рэжуць прама па-жывому. Адно "піф-паф" застаецца. З філасофскай трагедыі — баявік. Нарэшце "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка" было закончана. На кінастудыі, а затым у Саюзе пісьменнікаў БССР адбыліся прагляды. І мы пераканаліся, што Караткевіч шмат у чым меў рацыю. Сапраўды, як намякаў мне ў інтэрв'ю сам аўтар сцэнарыя, перамогу над Тылем Уленшпігелем у фільме атрымаў Лама Гудзак. Кудысьці зніклі філасофскія разважанні аб сэнсе гісторыі, чалавечага быцця. І галоўнае, у фінале не аказалася самога "ўзнясення" — узыходжання "Хрыста" на Галгофу, яго распяцця ў поўнай адзіноце, — калі ўсе апосталы яго баязліва пакідаюць, а ля крыжа застаецца адзін Іуда. — Разумееце, — растлумачыў нам праз дваццаць год, на паўторнай "прэм'еры" фільма ў Доме кіно, рэжысёр фільма В. Бычкоў. — Камусьці ўбачыўся тут намёк на Хрушчова, якога таксама пакінулі ўсе верныя паплечнікі. І хаця аналогія была абсурдная, давялося канцоўку скараціць. Аднак і ў такім, скалечаным, выглядзе фільм глядзеўся. Добра ігралі акцёры (асабліва Данатас Баніёніс). Хораша паказаў свае здольнасці сам сцэнарыст — ён іграў дзве эпізадычныя, але яркія ролі (ксяндза і татарына), за кадрам спяваў старадаўні гімн. Радавалі масавыя сцэны, аператарская работа. І галоўнае, у фільме заставаўся нацыянальны каларыт, беларуская гісторыя. Гэта, мусіць, і палохала тагачасных чыноўнікаў ад кіно. І яны прынялі саламонава рашэнне: адзіны экземпляр — пакласці на паліцу. Праўда, Караткевічу ўдалося выкрасці нейкую няпоўную копію, і ён трымаў яе "да лепшых часоў". Сёння, калі глядзіш на тыя гады з пэўнай аддаленасці, разумееш, што забарона фільма "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка" была не выпадковай, а заканамернай. Сваёй "несіметрычнасцю", выключнасцю героя і абставін, адмаўленнем усяго афіцыйнага і кананічнага, урэшце, метафарычнасцю, дзёрзкасцю, гарэзлівасцю ён выбіваўся з застойнай атмасферы, пярэчыў ёй. Зрэшты, такі ж лёс напаткаў тады многія лепшыя кінастужкі. У адным са сваіх выступленняў Васіль Быкаў сказаў, што Уладзіміру Караткевічу было пры жыцці недададзена ўвагі. Гэтыя агульныя словы патрабуюць канкрэтызацыі: калі было недададзена, па чыёй віне, чаго (бо чытацкую ўвагу і любоў ён меў заўсёды, а пад канец гадоў сямідзесятых з'явілася і ўвага органаў улады). Мне ўяўляецца, што самым цяжкім перыядам у жыцці Караткевіча былі другая палова шасцідзесятых — пачатак сямідзесятых гадоў, калі аўтар "Каласоў…" сапраўды хадзіў у "чорным целе", калі ў кожным яго радку шукалі крамолу. І віна за цікаванне пісьменніка ў вялікай ступені кладзецца, сёння трэба прама сказаць, на тагачаснага сакратара ЦК КПБ па пытаннях ідэалогіі С. А. Пілатовіча. Гэта ён быў супраць выдання "Каласоў…" асобнай кніжкай. Гэта па яго ўказанні ў "Літаратуры і мастацтве" быў дадзены "адпор" цудоўнаму эсэ "Званы ў прадоннях азёр". Прозвішча Караткевіча ўпаміналася ў розных афіцыйных выступленнях як жупел ідэйнай заганнасці, ледзь не варожасці. Даведаўшыся пра яшчэ адно з такіх выступленняў, пісьменнік толькі цяжка ўздыхаў. У крайнім выпадку прарочыў: — Хто мяне крыўдзіць — дрэнна скончыць. У тыя застойныя гады Уладзімір Караткевіч не быў выключэннем. Цяжка даводзілася Васілю Быкаву, Івану Мележу, Янку Брылю, Андрэю Макаёнку, многім з маладзейшых. Спробы мысліць неартадаксальна, недагматычна заканчваліся "арганізацыйнымі вывадамі" (памятаю, як у АН БССР бэсцілі аспіранта А. Дабравольскага, які на сустрэчы з мастакамі асмеліўся сказаць аб незавершанасці нашай рэвалюцыі, разлажэнні сярод кіраўніцтва). Праявы патрыятызму, нават нясмелыя, расцэньваліся як нацыяналізм. Ва універсітэце пачаліся ганенні на групу студэнтаў на чале з А. Разанавым і В. Ярацам, якія адправілі ў інстанцыі ліст з прапановай, каб хаця на аддзяленні беларускай і рускай мовы і літаратуры ўсе лекцыі чыталіся па-беларуску (рэктар чамусьці палічыў гэта… "великодержавным шовинизмом"). Затым хваля звальненняў пракацілася па Акадэміі навук (зрэшты, некаторыя са звольненых паводзілі сябе не лепшым чынам — пасля ўсяго Караткевіч перастаў з імі вітацца). У самы апошні момант была адменена навуковая канферэнцыя па этнагенезу беларусаў. Нацыяналізмам была абвешчана спроба ўвесці ў БелСЭ слова "сысуны" замест слова "млекакормячыя". У спецфондзе акадэмічнай бібліятэкі нехта Лазарчык хаваў у сябе нават "Вянок" Багдановіча, нават віленскія выданні Купалы і Коласа. З аднаго мовазнаўчага выдання знялі супервокладку толькі таму, што на ёй была цытата з Лаўрэнція Зізанія. Юльяну Пшыркову на высокай нарадзе інкрымінавалі тое, што ён спасылаецца на "буржуазнага нацыяналіста" Максіма Гарэцкага, а Генадзя Каханоўскага звольнілі з пасады дырэктара Маладзечанскага музея таму, што ён гаварыў з экскурсантамі на беларускай мове. Дайшло да абсурду: калі ў 1967 годзе адзначалася 900-годдзе Мінска, адзіным чалавекам, хто на ўрачыстым пасяджэнні ў Палацы спорту сказаў некалькі слоў па-беларуску, быў… мэр горада Вільнюса. Сёння многія з прыведзеных фактаў гучаць анекдатычна. Але ў той час было не да смеху. Сітуацыя часам здавалася безнадзейнай. Караткевіч гучна абураўся пералічанымі вышэй фактамі (я прывёў толькі тыя, што, памятаю, болем адбіліся ў яго свядомасці), абяцаў, што гісторыя кожнаму "дураксу" адмерае заслужанае пры жыцці, часам змрочна маўчаў. Свайго непрыняцця застою, сваёй нянавісці да яго носьбітаў ён не хаваў, выказваў з трыбуны, у рэпліках з залы. І яму, зразумела, плацілі тым жа. Побач з Васілём Быкавым Уладзімір Караткевіч успрымаўся тады ў Беларусі як галоўная асоба ў супрацьстаянні кансерватыўным колам, як найбольш небяспечны "парушальнік спакою". І хмары над ім не раз чорна згушчаліся. Але заўсёды знаходзіліся людзі — Іван Мележ, Янка Брыль, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Пятро Глебка, некаторыя асобы ў дырэктыўных органах, — якія заступаліся за ягоны талент. Не раз яго ратавала тое, што ён нідзе службова не працаваў (не хадзіў у "дэпартамент", жыў "тунеядцам"). І нават да прафсаюза, здаецца, не належаў. Паспрабуй прыцісні такога… Трэба, аднак, падкрэсліць, што свайго непрыняцця застою, непрыняцця канкрэтных асоб Караткевіч ніколі не пераносіў на нашу сістэму, на сацыялізм увогуле. Ён, помню, не раз хваліў ленінскі перыяд у яго будаўніцтве, захапляўся рабочымі Магнітагорска, дзе пабываў з групай пісьменнікаў. Святымі для яго былі подзвігі ў Айчынную вайну, пасляваеннае аднаўленне. Ухвальна гаварыў пра першыя крокі Хрушчова. Але калі выступаў Брэжнеў, змаўкаў, выключаў "тэлік". Калі гаворка захадзіла пра Беларусь, расказваў прытчу, што вось бог, ствараючы нашу зямлю, даў ёй усё добрае: плодныя землі, звярыныя лясы, рыбныя рэкі, умераны клімат, але потым, спахапіўшыся, рашыў іх ураўнаважыць ("каб не задаваліся, не пселі ў бяздзейнасці") і дадаў самае дурное начальства. Праўда, калі беларусы заслужаць на гэта, бог злітуецца і заменіць яго на лепшае… Барацьба Уладзіміра Караткевіча з застойнымі парадкамі найбольш выразна выяўлялася ў яго барацьбе за беларускую мову, за нацыянальную гісторыю і зберажэнне прыроды. Ён бачыў арганічную еднасць паміж гэтымі вонкава рознымі праблемамі: калі ў чалавека няма патрыятычных пачуццяў, то ён становіцца перакаці-полем, якому ўсё роўна, што гіне: культура, памяць ці зямля. У стаўленні да мовы, як мне ўяўляецца, Караткевіч быў сапраўдным інтэрнацыяналістам. Ён часта, ахвотна і без акцэнту (у тым ліку і дома, з маці) гаварыў па-руску. Ён дасканала ведаў украінскую мову, якую выкладаў на Кіеўшчыне. Многія радкі яго "Каласоў…" напісаны па-французску. У Польшчы ён спрабаваў гаварыць па-польску, у Славакіі — па-славацку. У Вільнюсе на ляту лавіў літоўскія словы (чамусьці асабліва спадабалася яму "драбужай" — "адзенне") і спяваў літоўскія песні. Увогуле лічыў, што чым больш моў чалавек ведае, тым ён багацейшы, што няма моў добрых і дрэнных, а ёсць толькі развітыя і няразвітыя. Але найперш кожны павінен ведаць, любіць, бараніць родную мову. Словы М. С. Хрушчова, што неўзабаве, гадоў гэтак праз дваццаць, усе мовы ў нас зліюцца ў адну, здавалася яму абсурдам ("хіба можа быць луг толькі з рамонкаў?"). А дазвол бацькам у Беларусі самім рашаць, ці вывучаць іх дзецям родную мову, — адступленнем ад ленінскіх нацыянальных прынцыпаў. Памятаю, як горача, страсна абараняў Караткевіч беларускую мову, спрачаючыся ў сакавіку 1966 года ў маім інтэрнацкім пакоі з драматургам Анатолем Галіевым (яны разам рабілі нейкі фільм). Пачалося ўсё з моднага тады супастаўлення "фізікаў" і "лірыкаў". Потым Галіеў стаў даказваць, што "нацыянальныя" крытэрыі ўжо аджылі сваё і павінны ўступіць месца "тэхнакратычным" поглядам. Таму Валодзя не мае, маўляў, рацыі, трымаючыся беларускай мовы, беднай, недалікатнай. Калі б стаў пісаць па-руску, то меў бы і славу, і ганарары. Караткевіч злаваўся, абвяргаючы апанента, чытаў вершы Багдановіча. Спрабаваў — Гаруна. — Каму ўсё гэта трэба! — перапыняў яго Галіеў. — Можа, вось ім? — паказваў на майго сына і яго сваяка з вёскі. Нечакана на бок больш далёкага госця стала і мая нябожчыца маці: так, беларуска мова нейкая "некультурная"… І тут Валодзя першы раз на маіх вачах заплакаў: — Усе вы нават не ведаеце, якую страшную рэч кажаце. Адносіны Караткевіча да нацыянальнай гісторыі былі заўсёды паслядоўныя: яна багатая і "нармалёвая", толькі мала вывучаная, раздадзеная намі ж суседзям. Наша мінулае нельга маляваць толькі адной фарбай — белай або чорнай, бо былі ў ім і прымус, і жорсткасць, і здрада, але былі і светлыя праявы. Без іх проста немагчыма народнае жыццё. Караткевіча страшэнна абурала, калі хтосьці сцвярджаў, што раней у беларусаў, апрача каўтуна і лапцей, нічога не было. І каб даказаць адваротнае, не раз ездзіў у экспедыцыі з навукоўцамі, якія рыхтавалі шматтомны "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі". Разглядаў яго выданне ("толькі поўнае") як сваю кроўную справу і нават напісаў частку прадмовы да макета па Брэсцкай вобласці. Уладзімір Караткевіч быў першы, хто ў Беларусі стаў біць трывогу, прадбачачы экалагічныя крызісы. Добра ведаючы нашы лясы і рэкі, ён заклікаў да іх разумнага, гаспадарскага выкарыстання. Напісаў эсэ "Званы ў прадоннях азёр", дзе даказаў, што меліярацыя на Палессі вядзецца па-варварску, толькі як асушэнне. У выніку на месцы балот з'явіліся пяскі, пачаліся чорныя буры, да горшага змяніўся клімат, зніклі многія расліны, звяры і птушкі. Як ужо гаварылася, эсэ Караткевіча выклікала рэзкую крытыку ў друку. Выступаючы ў лютым 1970 года перад камсамольцамі АН БССР, С. А. Пілатовіч абвінаваціў аўтара ў тым, што ён, маўляў, не ўбачыў на Палессі нічога новага, хоча з палешукоў стварыць нейкую "рэзервацыю". Але пісьменнік стаяў на сваім: многія экалагічныя ідэі, выказаныя ў эсэ "Званы ў прадоннях азёр", ён паўтарыў у кнізе-нарысе "Зямля пад белымі крыламі", выдадзенай спачатку па-ўкраінску, а потым на беларускай і іншых мовах, — у артыкулах, напісаных па заказах рэспубліканскіх часопісаў і газет. Абараняў прыроду і непасрэдна, кулакамі: аднойчы пусціў іх у ход, калі пабачыў, што вялікаўзроставыя бамбізы падфутбольваюць маладога верабейчыка. У сваім змаганні "за праўду" Караткевіч увогуле быў паслядоўны і бескампрамісны. Асабліва калі гэта датычылася не яго самога, а іншых. Неяк у 1973 годзе "Літаратура і мастацтва" змясціла абразлівую рэпліку Я. Герцовіча, скіраваную супраць празаіка Яўгена Васілёнка. Той расхваляваўся да інфаркту і неўзабаве памёр. На пахаванні Караткевіч падышоў да рэдактара газеты Хведара Жычкі і ледзь не даў яму аплявуху. Прысутныя далучыліся да асуджэння. І Жычка адышоў, апусціўшы галаву. У тыя гады "Літаратура і мастацтва" згубіла ранейшыя добрыя традыцыі, стала казённа шэрай. І гэта турбавала Караткевіча. На пленуме Саюза пісьменнікаў БССР у чэрвені 1974 года, у час прыняцця рэзалюцыі, ён перапыніў старшыню рэплікай: — Калі пры Пашкевічу "ЛіМ" быў проста цікавы, калі пры Прокшу яго можна было часам чытаць, то цяпер, пры Жычку, чытаць яго проста немагчыма! Да якога часу будзем цярпець?! — і яшчэ нешта пра Васілёнка, сумленнасць. Старшыня абарваў яго: — Не перашкаджайце працаваць. На гэта Валодзя: — Гэта ён, Хведар Жычка, перашкаджае ўсім нам працаваць! Аднак прынцыповасць Караткевіча не мела нічога агульнага з максімалісцкай упартасцю, якую ён лічыў "уделом туполобых". Там, дзе гэта не датычылася асноўных жыццёвых і творчых прынцыпаў, ён ішоў на дыпламатычныя ўступкі. У маіх нататках ёсць такі запіс. 25 студзеня 1970 года нечакана да Валодзі ўвалілася цэлая група "кіношнікаў": сімпатычны і таленавіты аператар Анатоль Забалоцкі, любімы ў гэтай кватэры, драматург Фёдар Конеў, яшчэ колькі асоб. Быў сярод іх і "максімаліст" Уладзік у скураных портках і тоўстым ваўняным світэры. Ён адразу накінуўся на гаспадара: чаму ён дазволіў рэжысёру змяніць, па патрабаванні начальства, адзін з эпізодаў у "Хрысце": — Я б трымаўся да канца! — А колькі табе год? — спытаў Караткевіч. — З трыццаць дзевятага. — О, то тады не пабачыў, не спазнаў бяды… А што загадаеш рабіць, калі людзі на здымках у роспачы, калі зноў прастой, а значыць, і зарплаты няма… Юнак не здаваўся. Паказваў сваю дасведчанасць у сучасным заходнім кіно, у французскім жывапісе. Але Валодзя зноў абсек яго: — Дарэчы, у слове Монпарнас чацвёртая літара "т" не вымаўляецца. Пара б ведаць! — і бачачы збянтэжанасць хлопца: — Вось бачыш… Так што давай не задзірацца. Караткевіч не любіў агульных гучных слоў, балбатні і цаніў канкрэтныя справы. Неяк мы разгаварыліся з ім пра сітуацыю з беларускай мовай. Я расказаў яму пра свой ліст на імя тагачаснага Міністра асветы БССР Рыгора Якаўлевіча Кісялёва (ён прыняў мяне, і паміж намі адбылася канструктыўная на той час размова), і Валодзя нечакана ўспомніў вялізныя статуі на востраве Вялікадня (вычытаў пра іх у сваім любімым часопісе "Вокруг света"): — Разумееш, стары, вучоныя рашылі высветліць, а як жа іх, такія аграмадзіны, ставілі старчаком далёкія продкі, якія шчэ не ведалі розных там пад'ёмных кранаў. Паспрабавалі ўзнімаць рыўком — нічога не выйшла: рваліся тоўстыя тросы, статуі пaдалі ніцма. Нарэшце здагадаліся: тыя падкладвалі пад галаву і спіну плоскія каменні. Так і нам трэба… І калі ў прысутнасці Караткевіча заводзілі размовы, як бы "рыўком" змяніць усё тое, што сёння называецца застоем, Караткевіч злаваў, лічачы гэта правакацыйнай дэмагогіяй, што толькі шкодзіць справе. Памятаецца, калі ў 1970 годзе адзначалася Валодзевых "сорак", назаўтра, каб "паправіць галовы", прыйшоў Сцяпан Міско з нейкім матэматыкам. Апошні пачаў бесцырымонна выкладаць розныя нерэальныя планы. Караткевіч пахмурна перапыніў яго: — У маім доме пра палітыку, такую палітыку, не гавораць! Зарубі гэта, хлопча, на носе! — Што ж рабіць? Цярпець? — Дзела рабіць! Сілы збіраць! Розум назапашваць! Каб вытрываць. І Валодзя трываў, дапамагаў сваім словам і прыкладам вытрываць іншым. Праўда, не раз паддаваўся дэпрэсіі, не раз (што ўтойваць) змрочна (як сказаў Адамовіч, "з ідэяй") пачынаў піць. Але знаходзіў сілы, каб перамагчы сябе, зноў вярнуцца за пісьмовы стол, зноў быць вясёлым і дасціпным. Зрэшты, тагачаснае быццё, як і жыццё наогул, не складалася толькі з адных маральных пакут. Яно было, па словах Караткевіча, паласатае, як зебра: паласа цёмная, паласа светлая. Згадваецца некалькі такіх "светлых палос" другой паловы шасцідзесятых гадоў. У 1967 годзе Валодзю нарэшце выдзелілі двухпакаёвую кватэру на другім паверсе (з увагі на ўзрост маці) у пяціпавярховым панельным доме пад нумарам 48 на вуліцы Веры Харужай. Заехаўшы (усе мы дружна памагалі яму пакаваць і цягаць кнігі), ён цешыўся, што побач — Старажоўскі рынак, дзе па нядзелях чулася сакавітая вясковая гаворка, прадавалі пеўняў, сабак і нават коней, а за ім — Камсамольскае возера. Перажываў,што я застаюся ў інтэрнаце. — Нічога, стары, — суцяшаў, выйшаўшы на балкон. І тыцнуў пальцам у недабудаваныя дамы насупраць: — Во добра было б, каб табе далі вось там. Сваё прадбачанне ён разглядаў як рэальнасць і нават прапанаваў "за адным заходам" купіць аднолькавыя кніжныя стэлажы: — Складзеш пакуль што ў мяне. А пераносіць бедзе недалёка, пабачыш. І якое ж было наша ўсеагульнае здзіўленне, калі восенню таго ж года мне сапраўды выдзелілі кватэру ў адным з дамоў насупраць. Мы сталі часцей бываць адзін у аднаго. Пакуль не было тэлефонаў, "пераміргваліся" настольнымі лямпамі. Тады ж у мяне і здарылася "рыначная" сцэна, апісаная потым у рамане "Чорны замак Альшанскі". Аднойчы раніцай, на самым пярэдадні Кастрычніцкіх свят 1967 года, Караткевіч прыбег да мяне ўзбуджаны: — Разумееш, стары, я, здаецца, жанюся! — І хто ж тая, што нарэшце цалкам запаланіла тваё сэрца? — З Брэста. Валя. Валянціна Браніславаўна. Разумная жанчына. Гісторык, дакладней, археолаг, і дысертацыю абараніла. І ён расказаў нам такую гісторыю. Уладзімір Калеснік запрасіў яго ў Брэст на чытацкую канферэнцыю па рамане "Каласы пад сярпом тваім". Разам са студэнтамі свайго курса, як куратар, прыйшла туды і Валянціна Браніславаўна. Канферэнцыя не дужа цікавіла яе, і яна, адседжваючы "мерапрыемства", чытала нейкі польскі дэтэктыў (дэтэктывы былі яе слабасцю). І калі ў прафесарскай Уладзімір Калеснік пазнаёміў іх, яна спытала: — А чаму б вам не напісаць які дэтэктыў? — Які, да прыкладу? — Валодзя сам страшэнна любіў добрыя дэтэктывы. Як і фантастыку. — Ну, хяця б такі, як "Дзікае паляванне караля Стаха"… — аказваецца, Валянціна Браніславаўна неяк чытала ў цягніку часопіс з гэтай аповесцю, але не звярнула ўвагу, хто яе аўтар. — Га-га! Тры: га! — разрагатаўся Валодзя. — Дык гэта ж я напісаў "Стаха"! Валянціне Браніславаўне стала ніякавата, і яна прапанавала: — Тады пайшлі піць каву… Валодзя расказваў усё гэта з гумарам і, здаецца, быў задаволены. — Дык што ж тады цябе бянтэжыць? — не стрывала мая Марыя. — Разумееце, старыя, я запрасіў яе на свята да сябе і толькі ў цягніку ўспомніў, што мы ўсе запрошаны ў Ракаў, на вяселле Рагойшавага Славы. — То вазьмі і яе з сабой. — А выпадае? — Чаму ж… Вяселле маладога беларускага літаратуразнаўцы Вячаслава Рагойшы з украінкай Таццянай Кабржыцкай, таксама філолагам, усе мы дружна найменавалі "вяселлем веку". З Львова прыехалі бацькі маладой — урач і заслужаны артыст. З Мінска — Міхась Ларчанка, Алег Лойка, Язэп Семяжон, Фёдар Янкоўскі. Захоўваліся многія старыя абрады, у тым ліку і выкраданне нявесты, дзяльба караваю. Спяваліся беларускія, украінскія, рускія, польскія песні. Уладзімір Караткевіч жвава вытанцоўваў полечку з Валянцінай Нікіцінай і ўвогуле быў завадатарам усялякіх "хохмаў". Аднак яго сяброўка прыйшлася не даспадобы некаторым маладзейшым "максімалістам": — Раз дрэнна гаворыш па-беларуску, то ты яму не пара, — заявілі яны за сталом, прама ў вочы. Пачаліся жаночыя слёзы. Караткевіч вымушаны быў вярнуцца ў Мінск. А мы пачалі сарамаціць нявыхаваных хлопцаў: — Толку, што вы гаворыце! Да гонару Валянціны Браніславаўны трэба сказаць, што яна, жанчына рашучая, настойлівая і, як пісаў пра яе А. Ліс, "з запасам цярплівасці", неўзабаве стала гаварыць па-беларуску лепей, чым тыя, хто яе папракаў. Больш таго, аказалася, што яна апантаней аддадзена беларускай культуры, чым іншыя аматары гучных слоў. Тое, што зрабіла Валянціна Браніславаўна Караткевіч для падрыхтоўкі "Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі", для таго, каб ён ішоў "без купюр", можна смела назваць навуковым подзвігам, грамадзянскай мужнасцю. Яна бясконца ездзіла ў экспедыцыі, абараніла не адзін помнік архітэктуры, пісала сама артыкулы і брашуры і рэдагавала чужыя. Аўтарытэт яе ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, дзе яна працавала, і ўвогуле ў навуковых колах быў высокі. А пакуль што Валянціна Браніславаўна працягвала жыць у Брэсце, чытаць там лекцыі па гісторыі КПСС. Даволі часта прыязджала ў Мінск, узважвала розныя варыянты абмену кватэры, шукала новую работу. Нарэшце 18 лютага 1971 года, роўна ў 110 гадавіну адмены прыгоннага права, адбыўся іх шлюб. — Сялян вызвалілі, а мяне, стойкага ворага ўсялякага прыгону, звязалі путамі Гіменея, — жартаваў Валодзя, ідучы ў загс, размешчаны ў суседнім доме. Сведкамі маладых былі гісторык мастацтва Людміла Лапцэвіч і я. Работніца загса аказалася родам з Оршы, свайго земляка ведала па творах — і таму віншавала маладажонаў вельмі сардэчна. Па розных прычынах аб дакладнай даце шлюбу Караткевічы асабліва нікому не казалі. За сталом сядзелі толькі сваякі і бліжэйшыя сябры: Надзея Васільеўна (нявестку яна дужа ўпадабала), яе кіеўская сястра з мужам, Грынчыкі (Мікола Грынчык звязаў маладых поясам "на ўсё жыццё"), Рагойшы, Лапцэвічы, Мікола Прашковіч, тэатразнавец Іза Гатоўчыц, гісторык архітэктуры Юра Якімовіч, яшчэ хтосьці. Валодзя быў узбуджана-прасветлены, задаволены, што нарэшце прыняў рашэнне. Шкадаваў, што няма многіх сяброў, асабліва Барадуліных. — Нічога, разжывуся грашыма — тады зробім бэнц для ўсіх. Але, не чакаючы бэнца, Рыгор Барадулін з'явіўся назаўтра. І не адзін, а з паэтам і кінасцэнарыстам Юрыем Лакербаем. Апошні ўзнімаў дасціпныя "кароткія" тосты, расказваў пра сваю родную Абхазію. І Валодзя жартаўліва, патрапляючы яму ў тон, знаходзіў многа агульнага ў лёсах Абхазіі і Беларусі. Абяцаны бэнц адбыўся 27 сакавіка. На ім прысутнічалі Рагойшы, Лапуці, Пушкіны, Алеся Ігнатаўна Смоліч, удава вядомага беларускага географа. З'явіўся і Сцяпан Міско, хаця Валянціна Браніславаўна не ўхваляла многія яго выхадкі. Я трапіў на баль "з карабля" — з Днепрапятроўска, дзе тады адбываліся Дні культуры савецкіх народаў. Прывёз адтуль маладым вялізны ўкраінскі каравай. З прыходам у дом Валянціны Браніславаўны ў многім змяніўся ўклад Валодзевага жыцця. Нягледзячы на сваю навуковую занятасць, яна ўзяла на сябе многія бытавыя клопаты. Перасталі наведвацца некаторыя знаёмыя з "халасцяцкімі" звычкамі. Іх месца занялі калегі па рабоце Валянціны Браніславаўны. Пасля пераезду з Вільнюса ў Караткевічаў сталі часта бываць Кісялёвы. Пасля вяртання з Урала — сястра Валодзі, Наталля Сямёнаўна Кучкоўская, яе муж Іван Мікалаевіч і дочкі. Неўзабаве Валянціна Браніславаўна абмяняла сваю брэсцкую кватэру на пакой у Мінску, а затым двухпакаёвую кватэру Валодзі і свой пакой — на трохпакаёвую кватэру з высокай столлю ў доме 36 па вуліцы Карла Маркса (наўскасяк ад тэатра імя Янкі Купалы). Там нарэшце ў пісьменніка з'явіўся асобны кабінет для работы. Ажаніўшыся, Караткевіч стаў часцей адпачываць — у сваім любімым Кактэбелі, а таксама ў Гаграх, Дубултах. Хоць і ўсялякае бывала ў жыцці, Караткевіч быў удзячны жонцы за яе паўсядзённыя клопаты. — Шматпакутніца яна, — сказаў Валодзя ў сваім тосце, калі адзначалася саракагоддзе Валянціны Браніславаўны. — Бо нялёгка быць жонкай пісьменніка. А такога чорнага аспіда, як я, — удвая. — Ведала, Валодзечка, аспід мой чорны, на што іду, — парыравала Валянціна Браніславаўна. Былі ў тагачасным жыцці Уладзіміра Караткевіча і іншыя "светлыя палосы". 26 лютага 1971 года ў Саюзе пісьменнікаў БССР прайшоў яго першы творчы вечар. На яго сабралася мноства народу — перад пачаткам нават перасталі пускаць жадаючых. Прыйшлі Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі, Мікалай Мікалаевіч Улашчык, Рыгор Раманавіч Шырма. Валодзя чытаў вершы, урыўкі з "Каласоў…", паказваў, каменціруючы, здымкі-слайды гістарычных помнікаў, пераважна запушчаных, разбураных. Атмасфера ў зале была цяжкаватая, яе ўзмацнялі "сябры", што прыйшлі на падпітку і кідалі рэплікі. І нават Аляксей Кулакоўскі, тагачасны сакратар пісьменніцкай партарганізацыі, разгублена выціраў пот. — Скажыце хоць, што гэта рэстаўравана, — кінуў ён віноўніку вечара, калі на экране з'явілася Полацкая Сафія. Пасля вечара сябры павялі Караткевічаў у рэстаран "Нёман", дзе якраз шумна гуляла нейкая кампанія цыганоў. Адзін з іх падышоў да Валянціны Браніславаўны і з нахабнай галантнасцю запрапанаваў: — Я дико извиняюсь, мадам. Разрешите предложить вам тур вальса с собой! — С такой же дикостью не разрешаю! Вы, сударь, имеете дело с человеком, который сотворил "Цыганского короля"! — адказаў за жонку Валодзя. І тут жа, нібы апраўдваючыся, дадаў нам: — Цыганы — яны вельмі розныя, — і пачаў расказваць, як гасцінна сустрэлі яго цыганы на Палессі ў час пахавання свайго "суддзі", які патануў, ратуючы беларускую дзяўчынку. З таго вечара словы "я дико извиняюсь" надоўга ўвайшлі ў лексікон Караткевічаў… Ну і, вядома ж, былі ў тыя часы і творчыя радасці. Караткевіч застаўся задаволены аповесцямі "Чазенія" і "Лісце каштанаў", якія і сёння вельмі папулярныя, асабліва сярод моладзі. Першая з іх асобнай кніжкай выйшла раней у перакладзе на рускую мову (1969) і толькі затым — у арыгінале (1970). Часопісны варыянт рускага перакладу "Чазеніі", апублікаваны ў "Молодой гвардии", сабраў там ці не рэкордную колькасць чытацкіх водгукаў з усяго Савецкага Саюза. "Лісце каштанаў" увайшло ў зборнік "Вока тайфуна" (1974). "Чазенія" — гэта ўзнёслы гімн першабытнай далёкаўсходняй прыродзе, Усурыйскай тайзе. Мы выразна бачым і горы, парослыя густымі лясамі, дзе побач з піхтамі і араліямі сустракаецца таямнічае дрэва, што дало назву аповесці, і крынічныя даліны з заблытанымі сцежкамі, на якіх можна сустрэць тыгра. У адной з такіх далін, Тыгравай Падзі, лёс звёў вучонага-атамшчыка Севярына Будрыса і біёлага Гражыну Арсайла. Здавалася б, яны створаны адзін для аднаго. Дык не! Севярын атрымаў значную дозу апраменьвання, яго эксперыменты тояць небяспеку для прыроды. Гражына ж, як будучая маці, сэрцам адчувае і прадчувае гэтую небяспеку. Яна кажа: "Я зямлю люблю, даліны, невысокія, зялёныя, вось такія, горы, цеплыню люблю. У ёй прыгажосць. І сапраўдная вышыня — у ёй. Чорта людзям у вышынях, на якіх нельга жыць… Якая страшная праца!" Таму, у рэшце рэшт, Гражына, шчыра кахаючы Севярына, усё ж пакідае яго. Як і папярэднія творы Караткевіча, "Чазенія" выклікала рэзкае непрыняцце Я. Герцовіча. У артыкуле "Шукаць у рэальным жыцці", надрукаваным у газеце "Літаратура і мастацтва" 25 чэрвеня 1971 года, ён абвінаваціў аўтара аповесці і ва ўтапічнасці, і ў ігнараванні навукова-тэхнічнага прагрэсу, ядзернай фізікі. Я. Герцовіч рашуча аспрэчваў палымянскую рэцэнзію С. Андраюка, які апраўдваў паводзіны герояў аповесці тым, што іх "мучаць страшэнныя прывіды атамнага выбуху". Аднак гісторыя даказала, што рацыю тут меў С. Андраюк. У наш час, калі мы вядзём паслядоўную барацьбу супраць татальнага знішчэння чалавека і прыроды, калі горкі ўрок нам выдаў Чарнобыль, разважанні Севярына і Гражыны гучаць надзвычай актуальна. Як страсны пратэст супраць вайны, яе непатрэбных ахвяр успрымаецца сёння таксама аповесць "Лісце каштанаў". Месца яе дзеяння — Кіеў 1944 года. Горад ужо вызвалены ад фашыстаў, але, зразумела, увесь ляжыць у руінах. Фронт адкаціўся кудысьці на захад, і туды ж, у бой, рвуцца героі аповесці — беларус Васілька Стасевіч, ад чыйго імя вядзецца апавяданне (у ім лёгка ўгадваецца сам аўтар), украінцы Багдан Цар і Раланд Дзмітрэнка, напалову малдаванка, а можа, крыху і цыганка Нонка Юніцкая, немец Карл Канецкі. Падлеткі па "чатырнаццаць-пятнаццаць-шаснаццаць год", яны не дагулялі ў сваім галодным дзяцінстве, у эвакуацыі, у партызанах, і цяпер адчайна гуляюць у вайну, выступаюць вуліца на вуліцу. Аднак іх бойкі ніколі не даходзілі да жорсткасці, да расправы: "Знявечаныя, без пары дарослыя, мы ўсё ж не білі ляжачага ботам у бок і не гулялі ў расстрэл. Так, мы не гулялі ў расстрэл". І адначасова гэта галодная пара была шчаслівай парой маладосці. "Божа мой, — усклікае апавядальнік, — якія мы былі маладыя, якія да святасці дурныя і якія бязглузда, па-боску чыстыя!" Менавіта ў такую пару прыходзіць першае каханне, якое героі сарамліва называюць "дружбай". Хваля гэтага светлага пачуцця захліснула і Васіля Стасевіча, Нонку Юніцкую. Яны акрылены вялікай і светлай марай. Ім хочацца жыць у праўдзе, у справядлівасці — і каб "ніводнай сволачы на свеце". Каб набудавалі новых гарадоў, у кожнага чалавека былі "тысячы кніг". І галоўнае, каб усюды быў мір — "ні табе аблаў, ні стрэлаў, ні мін". Героі аповесці не толькі прагнуць шчаслівага мірнага жыцця. Яны гатовы за яго змагацца — уцячы на фронт або туды, дзе ловяць бандытаў. І не проста так, а з уласнай зброяй у руках. Дзеля гэтага яны пайшлі за горад, у глыбокі яр, і пачалі адкопваць кулямёты і вінтоўкі, кінутыя акупантамі. Нечакана рванулі затоеныя міны… Трое з падлеткаў назаўсёды засталіся спаць "у дняпроўскім пяску і ніколі ўжо не ўбачаць ні сонца, ні сіняй ракі, ні залатой лістоты каштанаў". Да тых жа, хто застаўся ў жывых, кожны раз, калі аблятае лісце каштанаў, вяртаецца пякучая памяць пра загубленыя рэхам вайны жыцці, пра "знявечанае юнацтва". Адначасова з аповесцямі "Чазенія" і "Лісце каштанаў" Уладзімір Караткевіч напружана працаваў над сваім лепшым гістарычным раманам "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". У яго аснову была пакладзена аднайменная кінааповесць. Пасля таго як зняты па ёй фільм "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка" безнадзейна, здавалася, назаўсёды лёг на паліцу, аўтар рашыў, што мае ўсе юрыдычныя і маральныя правы ператварыць сцэнарый у самастойны твор. І не памыліўся: талент пісьменніка заззяў у ім новымі і нават нечаканымі гранямі. Падзеі рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" адбываюцца год на трыста раней, чым у "Каласах пад сярпом тваім" — у далёкім XVI стогоддзі. Падзеі гэтыя нязвычныя, выключныя: у сярэдневяковай Гародні з'явіўся чалавек, Юрась Братчык, які па волі лёсу вымушаны быў выдаць сябе за Хрыста, а потым, увайшоўшы ў ролю, разам з дванаццаццю "апосталамі" вандраваў па Беларусі, усюды наводзіў справядлівыя парадкі. Ад багатых адбіраў ён харчы і грошы, дзяліў іх сярод бедных. Караў царкоўнікаў, магнатаў, гандляроў. Бараніў землякоў ад татарскага нашэсця. Выходзіў цэлым з самых небяспечных і неверагодных сітуацый. Тварыў "цуды". Галоўны герой рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" — не толькі плод аўтарскай выдумкі. У "Хроніцы Белай Русі" Мацея Стрыйкоўскага ёсць некалькі радкоў пра тое, што пры каралі Жыгімонце І і на Гродзеншчыне знайшоўся самазванец, які "собе пріпісаў і прівлашчаў" імя Хрыста. Гэтых скупых звестак аказалася дастаткова, каб абудзіць фантазію пісьменніка. Адштурхнуўшыся ад хронікі Стрыйкоўскага, Караткевіч дадумаў тое, што магло быць з самазванцам. І дадумаў так вобразна і дакладна, напоўніў апавядальную плынь такімі канкрэтнымі рэаліямі, што мы бачым тыя далёкія падзеі, верым аўтару нават там, дзе ён расказвае неверагоднае. Ва ўсёй шматграннасці паўстае перад намі беларускае сярэдневякоўе з яго рэзкімі сацыяльнымі кантрастамі, барацьбой за ўладу, інквізіцыяй, засіллем схаластыкі, праз якую квола прабіваюцца парасткі Рэнесансу і гуманізму. Паміраюць ад голаду сяляне, а побач па дарозе цягнуцца вазы, гружаныя збожжам, якое па Нёмане будуць сплаўляць у Заходнюю Еўропу. Крамольным званам, што клічуць просты люд на барацьбу, вырываюць "языкі", самы ж большы звон хвошчуць бізунамі, уквэцанымі ў гнаі. Касцельны суд выносіць рашэнне выгнаць з горада ў дваццаць чатыры гадзіны ўсіх мышэй, і толькі цяжарным грызунням даецца месячная адтэрміноўка. У падзямеллях катуюць распаленым жалезам ерэтыкоў і ўяўных ведзьмаў. Трагічнае, жахлівае, пачварнае суседнічае з будзённым, смешным, ідылічным. Чытаючы раман, увесь час здзіўляешся шматграннасці таленту Уладзіміра Караткевіча, яго ўменню пераўвасабляцца. Стыль апавядання ўвесь час мяняецца: то ён па-летапіснаму бясстрасны, то становіцца ўзнёсла-трагічны, экзальтаваны, то шчымліва-сентыментальны, то гарэзліва-пацешны. А то раптам у тэкст уключаецца амаль навуковы, даследчыцкі каментарый. Кожны з дванаццаці апосталаў гаворыць сваёй, адметнай мовай, якая адпавядае яго паходжанню, яго сацыяльнай біяграфіі. Праўда, мова герояў часам празмерна (не ведаю, наўмысна ці міжвольна так атрымалася) асучаснена. З'яўляюцца фразы накшталт: "Па жаданні веруючых цуду не будзе". Або: "Неадменна гэта яны раней часу ад тэорыі да практыкі перайшлі". У рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" выразна адчуваецца той жа Караткевіч, што і ў "Каласах пад сярпом тваім". Відаць тое ж характэрнае спалучэнне рэалістычнага і рамантычнага пачаткаў, тая ж цікавасць да характараў яркіх і выключных, тое ж уменне захапіць чытача напружаным сюжэтам (і нават тыя ж недахопы: меладраматызм, "бесцялеснасць" жаночых вобразаў). Але з'яўляецца і прынцыпова новае. Польскі пісьменнік Тадэвуш Канвіцкі неяк сцвярджаў, што кожны аўтар "капае" пераважна з сябе, не можа выйсці за межы свайго асабістага вопыту, сваёй біяграфіі. І калі да Андрэя Грынкевіча і нават Алеся Загорскага гэтае выказванне ў многім стасуецца, то ў Юрасю Братчыку сам аўтар ужо амаль не адчуваецца. У рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" Караткевіч дасягнуў той ступені аб'ектывізацыі мастацкага пераўвасаблення, якая ўласціва лепшым гістарычным творам Г. Сянкевіча ці А. Ірасека. Народны заступнік і філосаф Юрась Братчык — сын сярэдневяковай эпохі, калі панавала рэлігійнае светаўспрыманне. Ён мысліць часта схаластычнымі катэгорыямі. Але адначасова ў ім адчуваецца і челавек Рэнесансу, дзесьці духоўна блізкі да Францішка Скарыны і Міколы Гусоўскага. Братчык думае не толькі пра часовае, але і пра вечнае, пра тое, што складае сэнс быцця ўсіх часоў і народаў. І таму многае ў ім блізкае і зразумелае нам, людзям зусім іншай эпохі. Нас прываблівае ў героі тое, што ён увесь час імкнецца да "ведання", пакутліва шукае сябе, сваё месца ў гістарычнай хадзе. Братчыку хочацца знайсці "зямлю праўды", дзе не будзе галодных і шыбеніц, хочацца бачыць у чалавеку чалавека. Герой Караткевіча безумоўна разумее, што "шчасце не з'явіцца прадчасна", што нельга "выскачыць" за межы сваёй эпохі. Аднак, тым не менш, ён змагаецца за набліжэнне гэтага далёкага, прывіднага яшчэ шчасця. Гуманістычныя погляды Братчыка асабліва поўна раскрываюцца ў яго размове-спрэчцы з Юстынам. "Значыцца, умацуйся ў мужнасці сваёй, — пераконвае лжэ-Хрыстос бургамістра Гародні. — Сурова сей пасеў свой, не давай яго затаптаць, не спадзявайся, што лёгка аддадуць праўду. Чакай кожную хвіліну бойкі і плахі. Вось — вера. А іншай няма. Іншая вера — ад нячыстага, ад сатаны". У рамане асабліва ўражвае сцэна, калі Братчыка вядуць на распяцце, на Галгофу. Вось дзе напружанасць дзеяння і — ніводнага лішняга слова! Такі ж — сон галоўнага героя, у якім вельмі па-караткевічаўску ўвасоблены сярэдневяковыя сялянскія мары аб роўнасці, справядлівасці і сытасці. У раі, што мроіцца Юрасю, усё так нагадвае зямлю: басаногі пастушок гоніць "па хмарах сытых кароў з прыўкраснымі вачыма", увішна гаспадарыць дзева Марыя, дастае з-пад лавы "бусла" з гарэліцай сам бог Саваоф. Кожная вёска там — як пахучы букет. Палі ўсюды чыстыя, дагледжаныя — па іх можна ісці босаму і не пакалечыць ногі. "Зямля дымела ад сытасці і задавальнення, на вачах гонячы ўгору злакі і дрэвы. Залатыя пчолы жундзелі ў шатах ліп. Паўсюль былі дастатак і заможнасць, паўсюль — сляды бясконца прыкладзеных да справы чалавечых рук…" Прачытаўшы апісанне гэтага сну, я зразумеў, чаму вядомы ленінградскі літаратуразнавец, член-карэспандэнт АН СССР Павел Навумавіч Беркаў, звычайна скупы на кампліменты, у адным з перадсмяротных лістоў параўнаў раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" з творам Франсуа Рабле. Франсуа Рабле, Шарль дэ Кастэр, Рамэн Ралан, Міхаіл Булгакаў… Безумоўна, гэтыя класікі сусветнай літаратуры былі светлымі настаўнікамі Уладзіміра Караткевіча ў час напісання рамана. І калі б вучань толькі паўтарыў іх на сваім, беларускім матэрыяле, то нават і тады яго праца варта была б ухвалення. Аднак вучань не дужа капіраваў настаўнікаў, пайшоў адметным ад іх шляхам. Яго Юрась Братчык блізкі, як гэта і падкрэліваў сам аўтар, да вечнага і шматпакутнага вандроўніка Тыля Уленшпігеля з аднайменнага рамана Шарля дэ Кастэра, але блізкі пераважна ў тыпалагічным плане — як сын адной і той жа эпохі, як народны заступнік, народны характар. Больш чым на чужыя ўзоры, Караткевіч арыентаваўся на сваё — на старыя летапісы, легенды, казкі. І яшчэ — творча выкарыстаў біблейскія матывы. У рамане ёсць і дванаццаць апосталаў, і грэшніца Магдалена, і пакутнік Лазар, і трыццаць сярэбранікаў Іуды. Аднак усё гэта пазбаўлена арэолу святасці (тыя ж трыццаць сярэбранікаў проста прапіваюць). Самыя разнастайныя крыніцы, выкарыстаныя пры напісанні гэтага твора, дзякуючы багатай фантазіі аўтара зліваюцца ў адно непадзельнае і непаўторнае цэлае. Адначасова з прозай пісаліся і вершы. Плённасць паэтычных пошукаў Уладзіміра Караткевіча выразна выявілася ў зборніку "Мая Іліяда" (1969). У ім багата твораў ("Беларуская песня", "Землятрус", "Здратаваныя магілы", "Маленне аб чашы", "Чорная балада Гаркушы", "Балада аб трыццаць першым сярэбраніку", "Трасцянец", "Таўры"), якія ўражваюць значнасцю вобразаў і абагульненняў, страснасцю пачуццяў. У вялікім цыкле вершаў "Таўрыда" апяваецца прыгажосць Крымскіх гор і стэпаў, велічны Карадаг, Чорнае мора, у якое Караткевіч любіў хадзіць з рыбакамі. Але часцей за ўсё паэт звяртаецца да роднай Беларусі, уваскрашае яе светлыя постаці ("Скарына пакідае радзіму", "Нявесце Каліноўскага", "Багдановічу"). Мінулае для яго неабходна, каб лепш асэнсаваць сучаснасць і будучыню, каб яскравей выказаць сыноўнія пачуцці да сваёй Айчыны. Патрыятызм Караткевіча страсны і дзейсны, асабліва ў "Беларускай песні":
Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч.
Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,
Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.
Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбіцца змрок…
Думаеце — герольды
У барве й каронах?
Рык фанфаронаў — ад суднага дня глухіх?..
А тут проста трубы
Чэшскай фірмы "Лігатона",
А на калках вісяць кажухі.
Бэлькам — шэсцьсот
(Тут што праўда, то праўда)…
Сведкі польскай, і нашай, і… іншай зары,
Але тут… Тут спяваеціхутка радыё
І ў каморцы "тэлік" маленькі гарыць.
О божа, даруй маёй Беларусі!
І Польшчы!
І ўсім на свеце…
Даруй.
…удивил:
Пан Брыковский, пан Хшановский
И графиня Радзивилл.
"Даражэнькі Адомас! Прывітанне з Самарканда! За гэтыя дзесяць дзён аб'ездзілі кавал Сярэдняй Азіі. Былі ў Душанбе, Гісары, на Нурэкскай ГЭС, дзе равуць раўмя нашы пакутнічкі БелАЗы, і бог ведае яшчэ дзе. Учора прыляцелі ў Самарканд, бачылі ўжо ўзбекскае вяселле (вечна мяне носіць чорт ведае дзе), вось гэтае дзіва Гур-Эміра (фота не дае аніякага ўяўлення аб сіні купала знадворку і цьмяным яго золаце знутры) і плошчу Рэгістан уначы. Тысяча і адна ноч! Шкадую, што няма побач цябе, дружа. Разам бы глядзелі, разам бы елі дыні, разам бы не пілі (я тут уладкаваў бязлітасны сухі закон, горача і зашмат трэба ўбачыць на свежае вока). Каларыту — вышэй галавы. Цалую Марыю і ўсіх. Валя — таксама. Яна тут, па-мойму, на вінаградзе нават болей пагладзела. Твой Уладзімір".Унізе почыркам Валянціны Браніславаўны дапісана: "Учора ў Самаркандскім абкоме аспіда прынялі за ўзбека — ён ходзіць у цюбецейцы і стаў зусім азіятам". Пасля Сярэдняй Азіі Караткевічы адправіліся адпачываць у Піцунду. Але на Каўказе Валодзю зноў стала блага, з дапамогай Алеся Савіцкага яго паклалі ў бальніцу. Вярнуўшыся, стаў вельмі трывожыцца, што не паспее нічога зрабіць. Калі я зайшоў наведаць яго з Вацлавам Жыдліцкім і Адамчыкамі, ён знаходзіўся ў стане глыбокай дэпрэсіі. Каб ажывіць яго, я расказаў, што супрацоўнікі Інстытута літаратуры ў час экскурсіі ў Суздаль і Уладзімір спецыяльна заязджалі да цэркаўкі, якую ён уславіў у вершы "Дзіва на Нерлі", а Іван Чыгрын прачытаў там гэты верш. Затым перадаў яму значок з цэркаўкай на Нерлі. Але Валодзя застаўся абыякавы. Ажыўляўся крыху, калі перадавалі "мульцікі". Шкадаваў толькі, што сам не напісаў якога сцэнарыя да мультыплікатараў. Спадзеючыся, што Караткевічу стане лепей, мінская гарадская бібліятэка імя Янкі Купалы прызначыла на 20 снежня яго творчы вечар. Але пасля прыступа Валодзю зноў адвезлі ў лечкамісію, і на вечар мне давялося пайсці аднаму. Прысутныя былі вельмі расчараваны. Тады я прапанаваў, каб яны, калі хто захоча, напісалі Караткевічу свае пажаданні і пытанні, а я аднясу яму ў бальніцу і на наступнай сустрэчы зачытаю адказы. Або ён сам выступіць, калі акрыяе. Да канца вечара на стале сабраўся добры стус запісак. Некаторыя з іх аказаліся вельмі сімптаматычныя і вартыя таго, каб іх працытаваць цалкам.
"Паважаны Уладзімір Сямёнавіч! Пасля Вашых твораў адчуваеш сапраўдны гонар, што ты — беларус, што "зямля пад белымі крыламі" — не проста частка СССР, а самабытная краіна са сваёй цікавай гісторыяй, нават каралямі. Шкада толькі, што гэтай самабытнасці застаецца ўсё менш і менш. Беражыце сябе для нас, чытачоў! Студэнт журфака БДУ імя У. І. Леніна".
"Вельмі балюча, што мы, беларусы, саромеемся размаўляць на роднай мове, да таго ж і не ведаем яе добра. Што ж то будзе з намі, беларусамі? Студэнт БДУ".
"Вельмі падабаюцца Вашы гістарычныя апавяданні і раманы. Здаецца, што пачынаеш бачыць Беларусь новымі вачыма. Пад нагамі з'яўляецца зямля, адчуваеш сваё месца на ёй. Жадаем поспехаў і крэпкага здароўя. Таццяна і Іосіф Трубачы. НДІ ЭВМ".Было сярод запісак і цэлае пасланне:
"Глыбокапаважаны Уладзімір Сямёнавіч! Мне вельмі хацелася асабіста перадаць Вам прывітанне ад старажытнай Полацкай зямлі. На жаль, лёс рассудзіў інакш… Я люблю свой народ, люблю яго мову і культуру. Той уклад, які Вы ўнеслі ў нашу сучасную родную літаратуру, лічу часткай яе залатога фонду. У Наваполацку створана аб'яднанне творчай моладзі "Маладзік". На пасяджэннях аб'яднання даволі часта гучыць Ваша імя, а кнігі Вашы, якія ёсць у нашых уласных бібліятэках, ніколі не стаяць на сваіх месцах (на кніжных полках), яны заўсёды на руках — у знаёмых людзей. Хачу перадаць Вам ад Вашых землякоў-беларусаў вялікае дзякуй за Вашы кнігі, за Вашу любоў да зямлі нашых бацькоў. Мая маці (у мінулым выкладчыца роднай літаратуры ў школе) год 15 назад вяла перапіску з беларускімі пісьменнікамі. Сярод кніг, якія беларускія пісьменнікі даслалі нам у школу, быў зборнік Вашых вершаў "Матчына душа". Я, здаецца, адзіны з членаў нашага аб'яднання, у каго ёсць гэты зборнік, але верш, прысвечаны Паўлюку Багрыму, змешчаны ў гэтым зборніку, ведаюць усе мае сябры. Многае яшчэ хацелася б Вам сказаць, але, ведаючы аб дрэнным стане Вашага здароўя, я вельмі баюся стаміць Вас. Чытач кахае Вас! Чакае новых Вашых кніг! Сяргей Сокалаў, студэнт падрыхтоўчага аддзялення БДУ".Былі яшчэ пытанні. Ці праўда, што кватэра Караткевіча нагадвае музей беларускага народнага мастацтва? Чаму яго кнігі выдаюцца тыражом 10 — 15 тысяч экземпляраў, калі трэба 50 — 100 тысяч? Чаму спыніўся цыкл тэлеперадач "Спадчына" з яго удзелам? Калі будзе яго Збор твораў? Характэрна, што апошняе пытанне задалі рабочыя з Мінскага прыборабудаўнічага завода. Што ж датычыцца самога вечара, то ён прайшоў даволі сумна (падумалася: а можа, і добра, што не чуе Караткевіч). Інжынеры і настаўнікі выступалі па напісаным тэксце, на рускай мове, з банальнымі ісцінамі. Запомніліся толькі словы тых, хто ў папярэднім спісе прамоўцаў не значыўся. Рабочы Уладзіміраў і па-беларуску, і небанальна сказаў, што творы Караткевіча прымусілі яго па-новаму глянуць на свет, на сваю родную зямлю. Вучаніца Хоміч вельмі эмацыянальна перадала свае ўражанні ад "Чазеніі". Студэнтка Рудабелец задала пытанні, чаму мы ўсе забываем, што мы беларусы, чаму гэта людзі неяк драбнеюць у сваіх учынках і словах. У самым канцы ўзняў руку Сяргей Сокалаў і прасіў мяне перадаць Караткевічу падзяку за высокія патрыятычныя пачуцці, выказаныя ў яго рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Прызнаўся, што спачатку, хоць вельмі доўга пражыў у вёсцы, не зразумеў мовы гэтага рамана: — У мяне ўзнікла дылема: хто не ведае беларускай мовы — я ці Караткевіч. Потым зразумеў, што я… Назаўтра ўсе запіскі і пытанні я аднёс, разам з кветкамі ад удзельнікаў вечара, у лечкамісію. Але Караткевіч быў па-ранейшаму прыгнечаны: — Пазнавата ўсё гэта. Каб крышачку раней. У дні, калі Караткевіч ляжаў у бальніцы, некалькі разоў пра яго здароўе пытаў у мяне па тэлефоне архіепіскап Мінскі і Беларускі Антоній (А. С. Мельнікаў). Хоць і ўраджэнец Масквы, ён прачытаў раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" ў арыгінале, цікавіўся беларускай культурай. Іх асабістае знаёмства адбылося такім чынам. Шукаючы жыровіцкія арацыі 18 стагоддзя, я звярнуўся з некалькімі пытаннямі да архіепіскапа Антонія. Ён даў мне каштоўныя парады, указаў на некаторыя ленінградскія фонды. Потым я ўсю гісторыю падрабязна апісаў у "Літаратуры і мастацтве". У публікацыі не было звычных тады наскокаў на прадстаўнікоў духавенства. Гэтым я тлумачу званок, які, прызнацца, у першыя хвіліны прыняў за розыгрыш: — Вас турбуе архіепіскап Мінскі і Беларускі Антоній. Адам Іосіфавіч, я чуў ("наслышан"), што ў ліку вашых сяброў ёсць Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч. Сёння я арганізую ў сябе, а гэта ж зусім побач з вамі, выстаўку старадаўняй беларускай вышыўкі і ткацтва. Ці не былі б вы так ласкавы перадаць маё запрашэнне Уладзіміру Сямёнавічу і ўдваіх прыйсці на гэту выстаўку заўтра, скажам, гадзіне а сёмай вечара?! Я тут жа пайшоў да Валодзі і пераказаў яму змест размовы. — Ну як, пойдзем? — спытаў. — Ой, не ў выстаўцы тут уся штука… — А ў чым жа? — У рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Зойдзем мы на падвор'е, а тут выбегуць служкі, пакладуць мяне гэтак мякканька на зямлю і стануць секчы розгамі, прыгаворваючы: "Не пішы блюзнерчых раманаў!" — Тады не пойдзем… — Не, пойдзем! Цікава ж. Анатолій Сяргеевіч Мельнікаў прыняў нас у сваёй канцылярыі, якая месцілася ў аднапавярховым драўляным доміку па вуліцы Чарвякова. Паўсюль, на крэслах, канапе, стале, сапраўды былі раскладзены цудоўныя ўзоры старой беларускай вышыўкі і ткацтва — тое, над чым гадамі сляпілі вочы манашкі. Караткевіч быў на ўзроўні: указваў стагоддзе, месца стварэння. Потым перайшлі ў бібліятэку, дзе віселі арыгіналы Васняцова, Каровіна, захоўваліся аўтографы Тургенева, Салаўёва, Пастарнака, у хатнюю капліцу, завешаную старымі абразамі. Караткевіч і тут паказаў сябе тонкім знаўцам мастацтва. Праўда, у адрозненне ад гаспадара, ён не мог пахваліцца столькімі зарубежнымі сувенірамі, прывезенымі з розных міжнародных рэлігійных канферэнцый і нарад — з Індыі і Кіпра, Егіпта і Мадагаскара. Калі мы перайшлі ў сталовую, пад аўстралійскім паралонавым кенгуру аказалася бутэлька армянскага "Дзвіна". Тут жа, у адмысловым швейцарскім агрэгаце з арганічнага шкла булькала чорная кава. — Уладзімір Сямёнавіч, — за сталом пачалася гаворка, дзеля якой, наколькі я разумею, і арганізоўвалася сустрэча, — нядаўна я быў у Галандыі на пасяджэнні Сусветнага савета хрысціянскіх цэркваў. Дык вось, швейцарскі архіепіскап, — тут было названа прозвішча, але запісаць было няёмка, а потым яно выветрылася з памяці, — спытаў у мяне, ці ёсць у Беларусі гістарычны раман. На гэта я адказаў: "О, так, раманы Уладзіміра Караткевіча…" Ён перапыніў мяне: "Караткевіч піша блюзнерскія раманы…" Тут я запярэчыў: "Караткевіча турбуюць не столькі пытанні рэлігіі і атэізму, колькі пытанні чалавечай асобы, яе адказнасці перад… перад гісторыяй…" Скажыце, калі ласка, Уладзімір Сямёнавіч, ці правільна я запярэчыў яму? Караткевіч, не запытаўшы дазволу, узбуджана закурыў "беламорыну". — Ну, вядома ж… Я не быў бы мастаком, калі б пісаў голыя агіткі. Мяне сапраўды куды больш хвалюе, што такое чалавек і чаму ён можа мець уладу над іншым чалавекам, чым розныя там канфесіянальныя праблемы. З-за гэтых праблем у гісторыі майго народа было столькі войнаў, столькі трагедый… Сёння я, так бы мовіць, недавярак. Але калі б гэта было трэба для прымірэння варожых канфесій, то я, праваслаўны па сям'і, згадзіўся б прыняць каталіцкае хрышчэнне. Ці яшчэ якое. Чалавек павінен стаяць вышэй канфесійных звадак. — У гэтым сэнсе плённыя сёння ідэі самага ранняга хрысціянства. Потым размова перайшла на Зайцава. Як і Караткевіч, Анатолій Сяргеевіч быў настроены ў дачыненні да яго палажэнняў скептычна, асабліва да спасылак на апакрыфічную кнігу Яноха, але дапускаў мажлівасць існавання і такой тэорыі. Развітваючыся, Валодзя звярнуў увагу гаспадара на тое, што ў Валеўцы, Міратычах і іншых навакольных цэрквах могуць быць арыгіналы Васняцова, перавезеныя туды ў даваенны час з Варшавы. Такім чынам, першая сустрэча Уладзіміра Караткевіча і архіепіскапа Антонія адбылася без канфрантацый. За ёй былі іншыя. Караткевіч заходзіў у духоўную рэзідэнцыю, каб папрасіць за нейкага састарэлага святара з падняпроўскай вёскі. Званіў, каб удакладніць дзень нейкага святога. Анатолій Сяргеевіч заўсёды быў вельмі высокай думкі пра талент Караткевіча, пацвердзіў яе, калі мы сустрэліся пасля яго смерці, ужо ў Ленінградзе. А ў 1978 годзе, ад'язджаючы туды, яшчэ раз пажадаў яму хуткага выздараўлення. Вясной 1979 года Караткевіч сапраўды акрыяў і па маёй просьбе прыйшоў на сустрэчу з аматарамі кнігі, якая адбылася 22 мая ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа АН БССР. Зала была паўнюткая. Валодзя трымаўся добра, вершы чытаў натхнёна (па просьбах з залы — "Дачу ў Тарусе" і "Дзіва на Нерлі"), на пытанні адказваў удумліва і дасціпна. Праўда, прадстаўнік рэспубліканскага праўлення Таварыства аматараў кнігі, які сядзеў побач са мной у прэзідыуме, не раз, слухаючы адказы, устрывожана круціўся на крэсле. Але Валодзя, не зважаючы на яго прысутнасць, гаварыў адкрыта, шчыра. Найбольш пытанняў (трывожных, вядома) было пра стан беларускай мовы. Караткевіч адказаў, што тут ён аптыміст: — Пакуль беларуская баба стаіць каля печкі ці пліты, смерць мове не пагражае. Паедзьце ў Ракаў, у вёску — беларускую мову пачуеце там і з вуснаў інтэлігентных людзей. Пытаецеся, ці знікае разам з мовай душа народа? Відаць, не. Прыклад — Ірландыя. Гавораць па-англійску, апрача дальняга ўзбярэжжа. Але ж змагаюцца, спяваюць старыя песні… Дарэчы, у рускай мове становішча таксама трывожнае. Карыстаюцца ёю няўмела — нібы мікраскопам забіваючы цвікі. Пытанняў задавалі многа. Запіскі клалі на трыбуну, на стол. Караткевіч "глытаў" іх нецярпліва, без аніякай паслядоўнасці. Я меў мажлівасць натаваць адказы адразу ж і цяпер падаю іх у такой паслядоўнасці, як яны гучалі на вечары. — Калі завяршацца "Каласы…"? — Працуецца цяжка. Не хочацца забіваць любімых герояў. — Як вы прыйшлі ў літаратуру? — Ад думкі: усе пішуць, а чаму я не магу?! Пісанне — гэта збор у калекцыю сваіх перажыванняў. — Як вы адносіцеся да дзіцячага чытача? — Станоўча. Напісаў чатыры казкі. Вазьмуся яшчэ… — Чаму малыя тыражы вашых кніг? — Не ад мяне гэта залежыць. Часта нават пісьменнікі просяць у мяне: прышлі кніжку з аўтографам. А адкуль прышлеш, калі аўтарскіх даюць толькі дзесяць экземпляраў, а з іх адзін яшчэ трэба ахвяраваць у выдавецкую бібліятэку. — Калі ў вас нарадзілася задума "Дзікага палявання караля Стаха"? — Дзесьці ў дзевятнаццаць год, на вышках гумна. Не памятаю дакладна. Адкуль бярэцца сюжэт — ніхто не адкажа. Напрыклад — пачуў чалавек асірыйскую легенду аб тым, што розум чалавека — у вушах: чым яны даўжэйшыя, тым больш розуму. Абсеклі вушы — і тут сапраўды паразумнеў чалавек, ды позна… — Што вам блізкае ў Багдановіча? — Усё! Безагаворачна прымаю яго — нават у слабасцях. Ніхто так не ўрос у Радзіму, як ён. Часам нават здзіўляешся: адкуль толькі магло такое брацца?! — Адкуль узялася ідэя "Хрыста"? — З "Хронікі" Стрыйкоўскага. Стопрацэнтна гістарычных твораў у мяне няма, — тут Чамярыцкі кінуў рэпліку з залы: "У нікога няма". — Правільна. У Вальтэра Скота, да прыкладу, — дзесяткі анахранізмаў. Ёсць яны і ў мяне. Ніхто не заўважыў, што ў "Ладдзі Роспачы" Сапега ўжо год як памёр да падзеяў. Цень Івана Грознага, на якой вісіць дзевяць закатаваных жонак, таксама не магла з'явіцца ў часы Боны, таму што ён тады толькі што нарадзіўся. Мяне цікавіла іншае: два тыпы дэспатызму — італьянскі (вытанчаны, з атрутай) і рускі. Які лепшы? І хто сутыкнуў іх ілбамі? Гервасій Выліваха, звычайны чалавек. Чалавек — не вінцік. Ён — цвік у рыштаванні, якое ўзводзіцца вакол будынка гістарычнага прагрэсу. Стопрацэнтная праўда нікому непатрэбная. Мяне цікавіць не гісторыя-сапраўднасць, а гісторыя-анекдот, гісторыя-прытча. Кожны бярэ з яе тое, што яму трэба. — Якая задача літаратуры? — Быць сумленнем сваёй эпохі. Не хлусіць! Калі чалавек заблуджаўся шчыра, гісторыя прабачыць, калі хлусіў — не! Акрамя ж літаратуры, ніхто не скажа чалавеку, як жыць. Літаратура адлюстроўвае не столькі жыццё, колькі адносіны паміж людзьмі. — Што рабіць пісьменніку, калі такая складаная сітуацыя з мовай, як у нас цяпер у рэспубліцы. — Працаваць! Каб не сорамна было б у канцы, перад смерцю. — Які жанр для вас самы цяжкі? Як вы пішаце? — Усе — і лёгкія, і цяжкія. Калі ёсць канцэпцыя, пішацца лёгка. Цяжка складаецца план. Калі ж ён ужо ёсць (аж да рэмарак), пішу амаль без памарак. — Што з напісанага вам найбольш падабаецца? — "Ладдзя…", "Каласы…". — Што самае галоўнае ў чалавеку? — Суперажыванне, супакутванне з няўдачнікам. З Каліноўскім, напрыклад. — Хто ваш любімы настаўнік? — Як пчала бярэ пыльцу з розных кветак (але не з усіх), так і пісьменнік. Праўда, ёсць кветкі, да якіх ляцець мне не хочацца: Гамсун, Кафка, з трыццаць нашых. Ад сапраўднай прачытанай кніжкі з'яўляецца сверб — хочацца пісаць. Люблю Віцьку Астаф'ева. — Якая мэта вашых гістарычных раманаў? — Прышчэпка супраць памылак. Да прыкладу, задоўга да фашызму ў Кітаі было нешта падобнае, — тут Караткевіч пераказаў легенды і гістарычныя рэаліі пра Шань Яна, выкарыстаныя ім у аповесці "Вялікі Шань Ян". — Гісторыя — яна павучае! — Ці не вы напісалі паэму пра Лысую гару? — Я напісаў бы яе больш злосна. Ды і дачы ў мяне на Лысай гары і наогул нідзе няма. — Ці пішаце вы надалей вершы? — Забыў узяць з сабой. Набралася ўжо на зборнік. Трэба падгатовіць яго да друку. Але да ўсяго рукі не даходзяць. У канцы вечара Караткевіча акружылі аматары аўтографаў. Ставіў ён іх сур'ёзна. У кожнага выпытваў факты біяграфіі. Кожнаму знаходзіў нейкае адметнае слова. Праз тыдзень жыццёвыя дарогі звялі мяне з Караткевічам у Кіеве. Якраз там праводзілася Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная сучасным славянскім культурам. У беларускую дэлегацыю сярод іншых навукоўцаў уваходзіла і Валянціна Браніславаўна (яна расказвала пра падрыхтоўку Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі). З намі падахвоціўся ляцець і Валодзя. Мы разам пасяліліся ў гасцініцы "Славуціч" з вокнамі на Днепр, разам хадзілі на ўрачысты канцэрт, прысвечаны 325-годдзю з'яднання Украіны з Расіяй, і заключны банкет. Разам двойчы вячэралі ў "Куранях", дзе падавалі дужа смачны боршч і варэнікі. У Кіеве я не раз бываў і раней. Але толькі Караткевіч адкрыў мне сапраўдную прыгажосць гэтага старажытнага горада. У першы ж дзень ён павёў нас "па такому Кіеву, якога не бачыў ніхто". Найперш мы пайшлі на Уладзімірскую Горку, да помніка хрысціцелю Русі, чыё імя атрымаў і Караткевіч. Стоячы ля падножжа, Валодзя сказаў: — Усе мы пайшлі адсюль. Усе тры нашы літаратуры. Прыйдзе час — і мы па-іншаму глянем на хрышчэнне. Потым паўз Сафію ("сястру нашай, полацкай"), паўз помнік Багдану Хмяльніцкаму ("рабіў беларус, з Падняпроўя"), павёў нас у нейкія старыя двары, дзе прайшло яго юнацтва. Але ў дварах тых ішла рэстаўрацыя, многае змянілася, і гэта нервавала Валодзю. Затым мы хвіліну памаўчалі перад помнікам Тарасу Шаўчэнку, агледзелі універсітэцкія муры, пафарбаваныя па традыцыі ў крывава-чырвоны колер. Тут Караткевіч стаў згадваць свае студэнцкія гады. Паказаў той трамвайны спуск, дзе ён цудам застаўся ў жывых. Ехаў перад стыпендыяй без білета, і на прыпынку кандуктар высадзіла яго. Ідзе пакрыўджаны — і раптам чуе грукат, скрыгатанне металу. Аказваецца, на павароце трамвай сышоў з рэек і з усяго размаху ўрэзаўся ў браму… Успамінаючы пра тую катастрофу, з якой мала хто выйшаў жывым, Валодзя запар выкурыў дзве папяросы і кожны раз, па студэнцкай звычцы, падпальваў запалкай белыя пасмы тапалінага пуху на асфальце. У дні, калі прадбачыліся цікавыя даклады, Караткевіч хадзіў з намі на пасяджэнні, сустракаў там старых знаёмых. Напрыклад, славака Мольнара, у якога ў Браціславе выйграў заклад, звязаны з творчасцю Шаўчэнкі. Абураўся, калі прадстаўнікі Захаду рабілі намёкі на гістарычную непаўнацэннасць усходніх славян. Хваліў выступленне нашага Уладзіміра Сакалоўскага, які гаварыў пра беларуска-нямецкія літаратурныя кантакты. І ўсюды Караткевіча акружалі універсітэцкія сябры. Да аднаго з іх, перакладчыка Карла Скрыпчанкі, мы паехалі дамоў, і там я адчуў, як не толькі аднакурснікі, але і былыя студэнты ранейшых і пазнейшых курсаў памятаюць і любяць Валодзю. Увесь вечар прайшоў ва ўспамінах, з якіх я, на жаль, нічога не занатаваў. Назаўтра жонка Скрыпчанкі, Ганна Зотаўна, запрасіла нас у музей Т. Р. Шаўчэнкі, дзе сама працавала. Беларускім гасцям там падаравалі па "Кабзару". Караткевіч расказаў супрацоўнікам музея многа новага пра сувязі Шаўчэнкі з Беларуссю, раіў замяніць некаторыя экспанаты, удакладніць подпісы. Творчасць Кабзара ведаў ён дасканала. Да прыкладу, звярнуў украінцам увагу, што, малюючы сваю "ідэальную" хату, Шаўчэнка зрабіў яе падобнай на бацькоўскую — адно акно большае, а другое меншае. Адным словам, паказваў і шырокую эрудыцыю, і творчую інтуіцыю. Вечарамі я ў Кіеве са спазненнем дачытваў своеасаблівыя ўспаміны Валянціна Катаева "Алмазный мой венец". Не ўсіх я там адразу расшыфроўваў (напрыклад, Мулата). Але Ясеніна ў Каралевічу нельга было не пазнаць. І вось яго многія рысы здаліся вельмі падобныя да Караткевічавых. Тая ж вечная незадаволенасць сабой і іншымі, няўменне і нежаданне чакаць. Тая ж духоўная "неприкаянность", недастасаванасць да жыцця. Тое ж арганічнае непрыняцце ўсялякага фальшу, хлусні ў жыцці і літаратуры. Некаторым гэта здавалася (і здаецца) позай, бравадай ці яшчэ чым. Але для іх ("Каралевіча" і Караткевіча) гэта было натуральным і адзіна мажлівым станам быцця. Калі я ўсё гэта выказаў Валодзю ў Кіеўскіх пячорах, ён крыху сумеўся, а потым прызнаў: — А ведаеш, стары, мы сапраўды, відаць, аднатыпныя асобы. Як і мой поўны цёзка Валодзька Высоцкі. Пасля Кіева Валодзя паехаў падлячыцца ў Друскінінкай. Адтуль схадзіў у Ротніцу, на магілу Яна Чачота, пра што расказваў мне на дзвюх паштоўках (на адной — помнік Чурлёнісу, на другой — Тракай), датаваных 17 ліпеня (дату смерці Чачота на помніку адчытаў ён недакладна): "Даражэнькі Адомас! Атрымаў тваю добрую паштоўку. Дзякуй. Пішу пару слоў, хаця праз нейкія пару дзён (пяць, калі быць дакладным) убачымся. Праз гэтыя працэдуры і штодзённае трайное швэнданне на вадапой мала што бачыў, мала дзе пабываў, амаль нікуды, акрамя Гродні, дзе прызямліўся на пару гадзін, не быў. І, што горш за ўсё, нічога не зрабіў. Хаця б адзін радок напісаць! Стан мой, як быццам, лепей, але, можа, гэта не дзякуючы водам і гразям, а проста таму, што, як раней, не п'ю нават піва. А ёсць някепскія півярні, кавярні, вінярні і каньякарні. Часам, асабліва пад вечар, у дождж, мяне нават цягне туды, калі праходжу, але тады я цягну свае ногі некуды далей. Ды яно і праўда. Час і гонар знаць. А ўсяго на свеце ўсё адно не вып'еш, як не пералюбіш усіх жанчын. Хаця адзін бог ведае, як я імкнуўся калісьці і да таго, і да другога. Пазнаёміўся я тут з адным вельмі цікавым дзядзькам, якога і ты, мабыць, ведаеш. Але аб гэтым пры сустрэчы неяк. Быў я на магіле Чачота. Парадак поўны. Чысціня — ані былачкі. Кветкі растуць. Ну і я падсадзіў яшчэ ад майго, твайго і Быкава імя (ён прасіў мяне). І ў слоік вялікі паставіў ружы, рамонкі і "божыя слёзы". А іншых тут не прадавалі. Пры сустрэчы я табе дам аркушыкі, на якіх я запісаў проста на месцы, што там і як на магіле і што трэба зрабіць. Здзіўляюся толькі, чаму на магіле дата смерці 1846 г., а ва ўсіх бедэкерах — 1847. Хто мае рацыю? І не ведаю, ці гэта я сам зрабіў памылкі, спісваючы эпітафію, ці яны і там так. Тым больш, надпіс не дужа выразны. І сям-там яго не так абвялі "залатой" фарбай. Так што і сфатаграфаваць нельга. А так-та я зняў і касцёл, і могілкі, і гроб. Ну вось, цалую вас усіх. Уладзімір. У верасні таго ж 1979 года Караткевічы зноў выбраліся ў Чэхаславакію. Калі мы з Адамчыкам прыйшлі іх праводзіць (быў яшчэ Валодзеў вучань з Украіны, сімпатычны геолаг з пышнай сівой чупрынай), гаспадары здзіўляліся, як гэта магло так здарыцца, што два высланыя заказнымі лістамі запрашэнні Адлавых да Мінска не дайшлі. Давялося дадаткова прасіць Гелену Крыжанаву-Брындзаву. За сталом Караткевіч казаў, што "выношвае" заказаны яму надпіс на камені, які збіраюцца ўстанавіць на мінскім замчышчы, каля святой крыніцы. Ад яго патрабуюць пералічэння ўсіх разгромленых чужынцаў. Ён жа прапануе даць нешта абагульняючае. Потым успыхнула дыскусія паміж гаспадаром і Адамчыкам наконт украінскай прозы. Другі з іх даказваў, што ніводзін яе твор не дацягвае да "Хлопаў" Рэйманта. Першы ж гарачыўся, уставаў з-за стала, спасылаўся на Кацюбінскага, Заграбельнага, Іванычука, яшчэ кагосьці. Але абодва засталіся пры сваіх меркаваннях. З Чэхаславакіі Караткевіч прывёз цудоўна выдадзены пераклад "Хрыста" (пад назвай "Евангелле ад Іуды") і задуму напісаць аповесць пра беларусаў і славакаў. — Адным словам, павінна атрымацца нешта накшталт славянскай сагі, — дзяліўся сваімі планамі Валодзя, калі мы з Кісялёвымі і Адамчыкамі зайшлі яго адведаць пасля прыезду. — Беларус уцякае з палону, у славацкіх гарах закахаўся ў дзяўчыну, хаваўся ў яе, пакуль яго не ўзялі… Тут і гітлерызм можна паказаць ва ўсёй яго жудаснасці. Затым гаворка пераскочыла на іншых тыранаў. Караткевіч даказваў, што ўсе яны — Напалеон, Мао, Гітлер, у пэўнай ступені Сталін — "несостоявшиеся писатели" (ці мастакі). Адсюль іх імкненне зрабіць з жывымі людзьмі тое, што можна зрабіць з героямі ў кнізе. — Для мяне гэтыя расстрэлы, праследаванні не маюць сэнсу, бо я магу ўсё тое зрабіць, разрадзіцца на старонках рамана. А яшчэ Валодзя абураўся тым, што ў Славакіі адзін украінец з Прэшава абвінаваціў яго ў… няведанні Беларусі. Нібы ён у кнізе "Зямля пад белымі крыламі" "перанёс" у Беларусь возера Свіцязь… Аказваецца, ёсць другое з такой жа назвай дзесьці на Валыні… У другой палове кастрычніка на кінастудыі "Беларусьфільм" адбыўся прагляд фільма "Дзікае паляванне караля Стаха". Рэжысёр В. Рубінчык паставіў яго з выдумкай, фантазіяй. Аднак, як і ў выпадку з "Хрыстом", у фільме мала што засталося ад філасофіі Караткевіча. Прыглушанымі аказаліся сацыяльныя канфлікты, амаль знікла вёска. Ды і Беларусь не адчувалася: падзеі адбываюцца ў яўна ўкраінскім замку, галоўную гераіню іграе балгарка… Пра ўсё гэта Барыс Бур'ян прапаноўваў мне напісаць у рэцэнзіі для "Літаратуры і мастацтва". Але Караткевіч папрасіў пачакаць з яе публікацыяй, пакуль фільм не атрымае катэгорыю, не выйдзе на экраны: — Разумееш, Мальдзісевіч, мне гэта не трэба. Але няхай людзі, якія рабілі фільм, атрымаюць капейку. Яны не вінаваты, што рэжысёр так рашаў. Голую Яноўскую, якую замаўляюць у пер'і, ён узяў з "Мсціслаўцавага посаха" Ялугіна. Замак выбраў у Алеску пад Львовам… А што я мог зрабіць, стары? Да здымкаў мяне не дапускалі. Усё вырашаў чалавек, які прыблізна ведае Беларусь… Так што нялёгкі гэта пісьменніцкі хлеб. Пакутуеш, пакуль народзіш. А потым — другі раз, калі бачыш, што іншыя робяць з тваім чадам, і ўмяшацца не смей… Дарэчы, як у цябе з анялінскай аповесцю? Узяўся нарэшце за розум? Я адказаў неакрэслена, што, здаецца, нешта выходзіць. Апрача Каліноўскага ўвёў туды Сыракомлю, былую жонку Кіркора. Маглі ж яны аказацца ў Аняліне ў адзін і той жа дзень, у пераломны момант для кожнага з іх… Тут жа папрасіў Валодзю "напісаць" для аповесці працяг беларускага верша Сыракомлі "Ужо птушкі пяюць усюды…". — Рабіць такое няварта, бо ёсць горкі вопыт "прадоўжыць" Пушкіна. Давай лепей я табе напішу асобную стылізацыю пад гэты верш. І няхай яно будзе пакуль што маленькай нашай таямніцай. Павінны ж мы, у рэшце рэшт, абрастаць міфамі. — А як у цябе справы з "Крыжам Аняліна"? — Пачаў, стары, але далей не ідзе. Зноў я нешта не ў форме… Не ведаю, можа, і ад дня нараджэння адмоўлюся. Бо глядзець, як іншыя весяляцца, а самому ні-ні — ведаеш, якая пакута?! Але затым, па тэлефоне, папрасіў усё ж прыйсці. Прытым "датэрмінова" — 24 лістапада. Мы з Рагойшамі купілі імянінніку драўляную "ладдзю надзеі". Тамадзіў Вячаслаў Рагойша. Кісялёў у сваім тосце сказаў, што "клясыкам" называем мы Валодзю не жартам, а ўсур'ёз. Работнік міліцыі (прозвішча яго не помню, гаспадар называў яго Жэнем і падкрэсліваў, што ён фігуруе ў "Чорным замку Альшанскім" як палкоўнік) хваліў імянінніка, што ўзяўся пісаць дэтэктывы, бо добрым дэтэктывам многа можна зрабіць — для выхавання людзей. Я ж згадаў, што праз год Валодзю будзе пяцьдзесят і прапанаваў "абвясціць" 1980 год "годам Караткевіча". Пад канец імяніннік крыху ажывіўся, прачытаў некалькі новых сваіх вершаў. Раман "Чорны замак Альшанскі", які не раз успаміналі ў той "перад'юбілейны" вечар, друкаваўся з працягам у "Маладосці" ў 1979 — 1980 гадах. Поспех быў незвычайны: упершыню нумары гэтага часопіса прадавалі з-пад прылаўка, кралі ў бібліятэках. У 1983 годзе выйшла кніжнае выданне рамана (сумесна заповесцю "Зброя"), цудоўна ілюстраванае П. Драчовым. Неўзабаве на экранах з'явіўся аднайменны фільм. Сам Уладзімір Караткевіч назваў "Чорны замак Альшанскі" "псіхалагічным дэтэктывам". Памятаецца, калі аўтар яшчэ працаваў над раманам (а працаваў ён год з дзесяць), яму не раз задавалі пытанне, чаму менавіта дэтэктыў, а не, скажам, працяг "Каласоў…", не гістарычная проза, якая па праву лічылася і лічыцца галоўным творчым "амплуа" пісьменніка?! На гэта Караткевіч адказваў звычайна жартаўліва: — Ведаеце, я паабяцаў напісаць дэтэктыў Валянціне Браніславаўне, маёй вернай спадарожніцы жыцця, у першы дзень нашага знаёмства. І я, як лыцар, павінен стрымаць сваё слова. Была, аднак, яшчэ адна вельмі істотная прычына такога звароту да дэтэктыўнага жанру. Караткевіч балюча перажываў зніжэнне чытацкай цікавасці да беларускай кніжкі і лічыў, што ўзняць гэтую цікавасць можна і трэба як "нармалёвым" стаўленнем да вывучэння беларускай мовы, так і стварэннем кніг з займальным, дэтэктыўным сюжэтам. — Мы ўсё пішам пра тое, як "Ганна завіхалася ля печы", — казаў ён. — А трэба — пра незвычайнае, яркае, таямнічае. Каб нельга было б адарвацца ўсю ноч. І Уладзімір Караткевіч ажыццявіў сваё творчае крэда, дамогся жаданага. Я ведаў падлеткаў, якіх за раманам "Чорны замак Альшанскі" сапраўды заставала світанне. Чаму? Ды таму, што ў рамане расказана "самая неверагодная гісторыя, якая адбылася на зямлі беларускай за апошнюю чвэрць стагоддзя", раскрыта таямніца Альшанскага замка. Дакладней, не адна, а некалькі таямніц. Хто на пачатку ХVII стагоддзя забіў Ганну Альшанскую і яе каханага Валюжыніча? Куды тады падзеліся багатыя фамільныя скарбы? Што адбылося ў замку ў час апошняй вайны? Нарэшце, хто і чаму забіў Мар'яна Пташынскага, Людвіка Лапатуху, Герарда Пахольчыка і іншых сумленных людзей? Я не буду тут пераказваць усе нечаканыя перапетыі рамана, непазбежна збядняючы іх, бо найлепш яго прачытаць ці перачытаць кожнаму самому. Падкрэслю толькі, што "Чорны замак Альшанскі" напісаны па ўсіх канонах класічнага дэтэктыва. Сюжэт рамана вельмі заблытаны. Разгадка ўсіх злачынстваў нечаканая. Як і ў "Дзікім паляванні караля Стаха", чытач да канца застаецца ў няведанні, навошта некаму спатрэбілася прыбіраць з дарогі, тапіць у возеры аматара і збіральніка даўніны Мар'яна Пташынскага (прозвішча забойцы свядома тут не называю, — дзеля тых, хто яшчэ не чытаў раман, бо, як казаў Караткевіч, за заўчасную "падказку" трэба "даваць па пысе"). Антон Косміч, галоўны герой рамана, сваё расследаванне вядзе, праяўляючы незвычайныя гістарычныя веды, глыбокі інтэлект, інтуіцыю Шэрлака Холмса. Такім чынам, тое жанравае вызначэнне, якое даў "Чорнаму замку Альшанскаму" сам аўтар, цалкам апраўдана. Гэта — сапраўды "псіхалагічны дэтэктыў" (можна было б яшчэ дадаць вызначэнні: навуковы, інтэлектуальны, філасофскі). У жанравых адносінах — новае слова ў беларускай літаратуры. Аднак, як і "Дзікае паляванне караля Стаха", "Чорны замак Альшанскі" — не толькі дэтэктыў. Гэта яшчэ і раман гістарычны, сацыяльна-філасофскі. Як пераканаўча паказалі крытыкі (У. Захараў, В. Каваленка, Г. Пойманава, М. Тычына, В. Шынкарэнка і інш.), Караткевіч выступіў тут сапраўдным наватарам як у дачыненні да формы, так і зместу, дасягнуў тут асаблівай раскаванасці, "свабоды самавыяўлення". Чытача рамана хвалюе не столькі расследаванне даўніх і новых злачынстваў, колькі ход аўтарскай думкі, асабліва страсныя публіцыстычныя адступленні пра нашы адносіны да помнікаў архітэктуры, да прыроды. Раман успрымаецца як актыўны пратэст супраць усялякіх войнаў, усялякіх майданэкаў і хатыняў, супраць прымусу, здрады, здзекаў з чалавека — зла ўвогуле. Яно ўвасоблена ў князях Альшанскіх, іх апошнім нашчадку Вітаўце Шапо-Калавур-Лыганоўскім. Але зло не вечнае, калі на свеце існуюць, актыўна супрацьстаяць яму такія светлыя людзі, як Антон Косміч і яго каханая Стася Рэчыц, як апантаныя краязнаўцы Шаблыка і Змагіцель, як "Абель у адстаўцы" Адам Хілінскі. Яны моцныя праўдай. За імі будучыня. У "Чорным замку Альшанскім" ёсць прадчуванне тых грамадскіх змен, што адбыліся ў нашай краіне за апошнія гады, пасля смерці пісьменніка. Яно — і ў імкненні Косміча заўсёды быць чалавекам, з годнасцю "распараджацца сабою". Яно — і ў разуменні непарыўнай повязі часоў. Памкненні герояў добрыя і чыстыя: "Людзям вельмі патрэбна чыстае паветра. Трэба, каб лёгка дыхаць. Вельмі трэба чыстае паветра. Вельмі чыстае паветра". Аднак вернемся ў "год Караткевіча". Пачаўся ён для Валодзі "нефартунна" — новымі прыступамі. Спачатку хворы ляжаў дома, потым ў лечкамісіі, у Аксакаўшчыне, казаў, што яму пагоршала, калі схадзіў у Саюз, каб дабіцца маральнай і матэрыяльнай падтрымкі для Вацлава Жыдліцкага, і сустрэў там поўнае неразуменне. Скардзіўся, што мы ўсе рэдка яго наведваем ("хаця б перакінуцца ў дурня"). А калі я аднойчы зайшоў да яго, каб расказаць, як яго ведаюць і любяць студэнты універсітэта (на кніжным "аўкцыёне", які я там вёў, на пытанне, хто з герояў беларускай літаратуры найбольш падабаецца, многія адказалі: Алесь Загорскі), двойчы паўтарыў, што едзем мы ўжо не на вяселле, а з вяселля, што пара зарубіць на носе лацінскае "memento mori" ("памятай аб смерці"). На гэта я адказваў, што шлях з вяселля таксама можа быць доўгі, а на ім, напэўна ж, сустрэнуцца прыемныя і гасцінныя корчмы. Валодзя тут крыху ажывіўся: — Раней, здаецца, корчмы былі кожныя пяць вёрст… Аднойчы мужыкі завялі спрэчку: колькі вёрст да неба? Адзін адказаў: менш пяці, бо інакш была б відаць і карчма. Каб яшчэ больш падбадзёрыць яго, я дастаў з партфеля выразку з артыкулам Ганны Далінскай, надрукаваным у польскай "Політыцы". Уладзімір Караткевіч, Аляксей Кулакоўскі і Алесь Жук там былі названы песнярамі дабрыні і талеранцыі. — Хочаш, і я табе нешта пачытаю, — сказаў ён нібы ў адказ. І выцягнуў з-пад стуса рукапісаў сваю своеасаблівую рэцэнзію на выказванні аб сітуацыі з беларускай мовай, сабраныя філосафам Алегам Бембелем. Зачытаў урыўкі з яе, а потым — з надрывам, на адным дыханні — і некаторыя выказванні. — Вось бачыш, — закончыў, — і адзін чалавек многа можа… Кожны павінен з годнасцю несці свой крыж — ці то едучы на вяселле, ці то з онага… Вядома, ніхто цяпер усяго гэтага не надрукуе. Ды і сырое, сумбурна зроблена — рэдагаваць трэба. А так — карысную работу зрабіў хлопец… Караткевіч яшчэ хварэў, калі на экраны выйшаў фільм "Дзікае паляванне караля Стаха". Тым, хто не чытаў аповесць, ён падабаўся. Ля білетных кас, ці не ўпершыню за гісторыю беларускага кіно, выстройваліся вялікія чэргі. Але гэта не пахіснула майго ранейшага крытычнага стаўлення. І я аднёс у "Літаратуру і мастацтва" рэцэнзію, якая пад назвай "Яшчэ адзін "добры сярэдні"?" была надрукавана 23 мая 1980 года: "На першы прагляд фільма "Дзікае паляванне караля Стаха" я ішоў з насцярожанасцю, пэўнай прадузятасцю. Асабліва трывожыла, ці знайшлі на кінастудыі "Беларусьфільм" адпаведны "экранны эквівалент" аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча, якая ўжо здабыла шырокую папулярнасць. Вядома, аповесць гэта юнацкая, небездакорная. Але, мабыць, якраз таму вельмі шчырая, з вострым, захапляючым сюжэтам. У аповесці страсна асуджаецца сацыяльны прымус, увасабленнем якога якраз і з'яўляецца "дзікае паляванне", што запалохвае людзей, распраўляецца з сялянамі. І адначасова гэта аповесць пра любоў да сваёй Айчыны і свайго народа, пра пошукі чалавекам месца ў жыцці, пра чыстае каханне. Твор Караткевіча гістарычна канкрэтны, падзеі яго адбываюцца ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. І ў той жа час аўтар вядзе чытача да філасофскіх абагульненняў, ставіць перад ім "вечныя" пытанні. Дык як жа ўсё гэта ўвасоблена ў фільме? І ці не напаткаў яго лёс папярэдняй экранізацыі караткевічаўскага твора — рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", адкуль была выкінута філасофія, роздум аб сэнсе гісторыі і жыцця, а засталася адна голая прыгодніцкая канва? І вось на экране — першыя кадры. Беспрасветная цемра. Грыміць гром. Пад праліўным дажджом брыдзе галоўны герой Андрэй Беларэцкі (артыст Б. Плотнікаў). Бліскі маланкі высвечваюць яго твар, вялікія вочы. Вочы народнага заступніка, пакутніка, вочы Хрыста. І такого Беларэцкага адразу прымаеш. Менавіта так павінен быў выглядаць галоўны герой. Толькі чаму ён ідзе? Член прывілеяванага Рускага геаграфічнага таварыства, аўтар некалькіх кніжак, чалавек з адносным дастаткам — і раптам ідзе. Праз незнаёмыя балотныя мясціны, ноччу. Адкуль і куды? У аповесці ж сказана канкрэтна: "Я ехаў з губернскага горада М. у самы глухі куток губерні на наёмным вазку…" Здаецца, дробязь, а ў глыбіні душы адразу заварушылася сумненне: навошта такая неадпаведнасць, непраўдападобнасць? Каб просталінейна падкрэсліць "дэмакратызм" героя? З напружаннем чакаю наступнай сустрэчы — з васемнаццацігадовай гаспадыняй Балотных Ялін, апошняй прадстаўніцай старадаўняга шляхецкага роду Надзеяй Яноўскай. Вось яна запрашае Беларэцкага на вячэру. Полымя свечкі выхоплівае з паўзмроку яе твар. Васковы, хваравіты, сапраўды "вымарачны". Праўда, адразу заўважаеш яўную неадпаведнасць паміж узростам актрысы і яе гераіні. Але, паколькі А. Дзімітрава іграе Яноўскую шчыра, тэмпераментна (хочь часам і меладраматычна), хутка неяк перастаеш на гэта звяртаць увагу. З першых жа кадраў фільма яго аўтарам (сцэнарый У. Караткевіча і В. Рубінчыка, рэжысёр-пастаноўшчык В. Рубінчык) удаецца ўзбудзіць у гледача трывожны настрой. Крывавая легенда пра даўняе забойства караля Стаха. Яе працяг праз стагоддзі. Таямнічы паўзмрок вялізных пакояў запусцелага палаца-замка (майстар па святле С. Лук'янчык). Несамавітая, вельмі кантрастная музыка (кампазітар Я. Глебаў). Незразумелыя шолахі, галасы, шэпты. Узрастаючы грукат капыт… Адразу адчуваеш, што ў гэтай атмасферы павінна адбыцца нешта выключнае па сваёй жудаснасці. Андрэй Беларэцкі спачатку даволі скептычна адносіцца да ўсіх паданняў, не верыць у існаванне ні "дзікага палявання", ні Малога Чалавека, ні Блакітнай Жанчыны. Але паступова і ён пераконваецца, што ў палацы і наваколлі дзейнічаюць нейкія злыя сілы. Відаць, не звышнатуральныя, а зусім зямныя, рэальныя. І ў Беларэцкага з'яўляецца імкненне высветліць усю гісторыю да канца. Імкненне супрацьстаяць гэтым сілам, дзейнічаць. А пакуль тое дзеянне, Беларэцкі, пачуўшы таямнічыя шэпты, спускаецца ў падзямелле, дзе над аголенай Яноўскай чыніць замову ахмістрыня. Сцэна гэта, як і большасць сцэн фільма, знята выразна, прафесійна (аператар-пастаноўшчык Т. Логінава). Старэчыя рукі ахмістрыні эфектна закопваюць васковае цела дзяўчыны ў белае пер'е… Але тут зноў жа з'яўляецца сумненне: чаму — у пер'е? У Беларусі ж замовы чынілі толькі ў збожжы, жыце. Зноў недакладнасць, на гэты раз этнаграфічная. У адрозненне ад аповесці, дзе падзеі разгортваюцца запаволена, у фільме яны развіваюцца імкліва, дынамічна. Аўтары берагуць экранны час. Ужо на другі дзень (такі перанос падзей здаецца ўвогуле апраўданым) Беларэцкі прысутнічае на балі, які даецца ў Балотных Ялінах з выпадку паўналецця Надзеі Яноўскай, знаёміцца там з Дубатоўкам, Варонай, Свеціловічам, іншымі дзейнымі асобамі. Асабліва трэба вылучыць Грыня Дубатоўка: Р. Філіпаў — ідэальны выканаўца гэтай складанай ролі. Вось яго герой імкліва ўрываецца ў залу, грамавым голасам загадвае ўнесці падарункі — мядзведжую шкуру, старасвецкую сукенку (ах, як шкада, што, у адрозненне ад аповесці, Яноўская не апранае яе і не танцуе ў ёй), партрэт караля Стаха. Вось ён пяшчотна кажа кампліменты імянінніцы, дасціпна сыпле жартамі, прадухіляе сварку, запрашае да сябе Беларэцкага. Але за ўсёй гэтай гойнасцю і добразычлівасцю праглядваецца нешта крывадушнае, сквапнае, жорсткае. Праглядваецца адзін з кіраўнікоў "дзікага палявання". Акцёрскай удачай здаецца таксама Свеціловіч у выкананні А. Харытонава. Былы студэнт Кіеўскага універсітэта натура тонкая, хваравітая, але адначасова гераічная, гатовая "ісці на плаху", Свеціловіч нясе і ў аповесці і ў фільме, так сказаць, асноўную ідэйную нагрузку. Гэта нарадалюбец, непрымірымы вораг сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, перакананы рэвалюцыйны дэмакрат, які вучыўся стойкасці ў Каліноўскага, Грынявіцкага, Пяроўскай. На жаль, у адрозненне ад аповесці, у фільме Свеціловіч гіне занадта рана, не паспеўшы сказаць і паловы таго істотнага, што ўкладвалася ў яго вусны аўтарам. Заўчасна знікае з экрана той, хто найбольш паслядоўна і дзейсна супрацьстаяў "поскудзі", "дзікаму паляванню". Хто істотна ўплываў на Беларэцкага, дапамагаючы яму "шукаць народ". У выніку значна слабее сацыяльнае гучанне фільма. Увогуле трэба сказаць, што ў другой серыі карціны, пасля забойства Свеціловіча, фільм губляе ранейшую цэласнасць і напружанасць, усё часцей распадаецца на шэраг сцэн, не звязаных паміж сабой мастацкай логікай. Героі ўсё радзей мысляць; дзеянне пераважае над думкай. Востры сацыяльны твор усё больш ператвараецца ў звычайны дэтэктыў. Так, прыходзіцца канстатаваць, што сацыяльны змест аповесці ў фільме прыглушаны. У аповесці апрача дваранства і чыноўнікаў яшчэ жывуць і дзейнічаюць сяляне. Беларэцкі сустракаецца з імі, бачыць "апошнюю бульбу ў місе, чорны, як зямля, хлеб", запісвае ад сялян легенды. Нічога гэтага няма ў фільме. Эпізадычным стаў нават фурман Рыгор. Праўда, каля дарогі часам з'яўляюцца неверагодна апранутыя вясковыя дзеці, якія выпрошваюць капеечку. Але іх скупыя жальбы ніяк не замяняюць паўнакроўных карцін народнага жыцця. Яны ёсць у аповесці, павінны былі б быць і ў фільме. Нават для таго, каб вытлумачыць гледачу, а чым жа ўвесь гэты доўгі час (паміж "громам" і Новым годам) займаўся Беларэцкі. Выклікае пярэчанне і фінал фільма. У аповесці сяляне ўступаюць разам з Беларэцкім у бойку з "дзікім паляваннем" і перамагаюць яго. Гэта бойка апісана ў Караткевіча каларытна, "кінагенічна", і яна значна ажывіла б даволі вялае дзеянне ў другой серыі. Дык не! Замест канкрэтнага сутыкнення дзвюх варожых сіл мы бачым абстрактнае "супрацьстаянне" на заснежаным полі сялян і "дзікага палявання". "Супрацьстаянне" знята з падкрэсленай сімвалічнасцю — узнікае нават асацыяцыя, нібы гэта пачатак бітвы на Чудскім возеры… Але раптам аказваецца, што перад сялянамі — пераважна чучалы, пасаджаныя на коней. Коні ж ішлі за сваім важаком, на якім сядзеў Варона. Канкрэтны і грозны вораг, што трымаў у страху ўсю ваколіцу, становіцца ледзь не фікцыяй. І апошнія сцэны. За "падбухторванне да мяцяжу" Беларэцкага арыштоўваюць (хаця гэта выглядае нелагічна: не ў інтарэсах мясцовага правасуддзя, звязанага з выкрытым ужо "дзікім паляваннем", было арыштоўваць чалавека, які многа ведае і многае можа выкрыць на судзе) і вязуць у карэце (яе неадпаведнасць эпосе — на сумленні мастакоў) кудысьці ў турму. Разам з Беларэцкім едзе Яноўская. Судовы следчы, які іх суправаджае, глыбакадумна, са слязой на вачах заўважае, што вось, маўляў, наступіць першы дзень новага, дваццатага стагоддзя. Аўтары, відаць, хацелі гэтым змяшчэннем у часе надаць фільму сімвалічнае гучанне. Аднак, адвольна перанёсшы дзеянне твора з васьмідзесятых гадоў на пачатак нашага стагоддзя, тым самым сказілі гістарычную праўду. Не Беларэцкі і не Свеціловіч, не рэвалюцыйныая дэмакраты (ці, дакладней, не толькі яны) павінны былі б супрацьстаяць "поскудзі" напярэдадні рэвалюцыі 1905 года, калі на гістарычную арэну ўступілі ўжо зусім іншыя сілы. Дарэчы, такіх адвольнасцей, неадпаведнасцей, вялікіх і малых, у фільме багата. Здаецца, дробязь: пасля балю ў Яноўскай частка шляхты разыходзіцца пеша — пад дажджом, з парасонамі ў руках. Шлях няблізкі, бо толькі парк вакол Балотных Ялін цягнецца, як кажа Яноўская, вярсты на чатыры… Ды ўся бядя ў тым, што тагачасная шляхта не магла прыходзіць на баль пеша — яна мусіла прыязджаць, няхай на "свірэпе", няхай "па шэсць паноў на адным кані"! "Прыблізная" ў фільме і вопратка герояў, і старадаўнія кнігі, і галерэя сямейных партрэтаў, ператвораная ў двухрадавы "іканастас". Прыблізнае і само месца дзеянне (калі б не словы Свеціловіча і не пытанне Яноўскай пра Мінск, цяжка было б нават здагадацца, што падзеі адбываюцца ў Беларусі). Такая неакрэсленасць, відаць, ідзе ад прыблізнага ведання (рэжысёрам, мастаком) гістарычных рэалій. Прыблізнае ж веданне помсціць хаця б тым, што выклікае недавер да фільма. Дакладнасць асабліва важная ў стужцы гістарычнай… Дык што, думалася мне пасля першага прагляду, у фільме ўсё горш, чым у аповесці? Не, гэта далёка не так. Ёсць і новае, што арганічна ўвайшло ў старую тканку, нібы дапоўніла аповесць. Напрыклад, вельмі выразнае ў мастаціх адносінах батлеечнае прадстаўленне, калі лялечнікі своеасабліва інтэрпрэтуюць гісторыю роду Яноўскіх. Добра глядзяцца зімнія сцэны з Малым Чалавекам. Аўтары сцэнарыя правільна зрабілі, адмовіўшыся ад непераканаўчага ў аповесці (скажам, ад пошукаў у балоце рэчавых доказаў на месцы, дзе быў забіты бацька Надзеі Яноўскай). І ўсё ж пасля першага прагляду фільма я выходзіў з залы ў многім расчараваны. І прэтэнзіі мае перш за ўсё адрасаваліся рэжысёру-пастаноўшчыку: ну чаму ж, чаму ў "Дзікім паляванні караля Стаха" В. Рубінчык застаўся такім жа гістарычна прыблізным, якім быў і ў "Магіле льва"? Чаму не дасягнуў тут хаця б такой жа дакладнасці ў перадачы эпохі, як у сваім фільме 1974 года "Апошняе лета дзяцінства"? Урэшце, чаму кінатвор аказаўся намнога бядней сваёй літаратурнай першаасновы? Першаасновы? Але ж у цітрах фільма напісана, што яго сцэнарый створаны па матывах аповесці У. Караткевіча. Ды і якое я маю права глядзець на фільм толькі раз прызму аповесці? Кожная больш або менш дакладная экранізацыя — самастнойны твор мастацтва і ацэньваць яго ў першую чаргу трэба зыходзячы з таго, што ёсць на экране… Таму, калі фільм пачаў дэманстравацца ў кінатэатрах, я рашыў паглядзець яго яшчэ раз. Паглядзець, "забыўшы" пра тое, што існуе аднайменная аповесць, што я двойчы яе перачытваў. Але здзейсніць гэты намер аказалася не так проста. Яшчэ за квартал да кінатэатра "Партызан", дзе пачаў дэманстравацца фільм, у мяне сталі пытаць, ці няма лішняга білеціка… Давялося пачакаць, пакуль крыху спадзе ажыятаж (дарэчы, узняты не без дапамогі недарэчнай у дачыненні да гэтага фільма шыльды "Толькі для дарослых"), і паглядзець "Дзікае паляванне караля Стаха" ў нармальнай абстаноўцы ў кінатэатры "Вільнюс" — адным з самых утульных і культурных у Мінску. …І зноў на экране з'яўляюцца знаёмыя кадры. Зноў Беларэцкі і Свеціловіч выкрываюць нягоднікаў, змагаюцца са страхам і насіллем у імя дабра і праўды. І барацьба гэта аніяк не патыхае абстрактным гуманізмам: носьбіты сацыяльнага зла паказаны ў фільме даволі канкрэтна. Гэта паны Дубатоўк і Варона, якія дзеля дасягнення сваёй мэты ідуць на любыя злачынствы. Гэта прадстаўнікі царскай улады, прыстаў і судовы следчы, цесна звязаныя з мясцовай мафіяй. Ідэйнае гучанне фільма, сацыяльныя акцэнты выразныя. А яшчэ ў фільме ёсць каханне — узнёслае, чыстае, рамантычнае. Глядач з сімпатыяй сочыць, як у душы Надзеі Яноўскай паступова тае лёд, знікае жах, абуджаецца прага жыцця, нясмелае і цнатлівае пачуццё. "Дзікае паляванне караля Стаха" з цікавасцю глядзіцца таксама таму, што гэта твор вострасюжэтны, напружаны (асабліва ў першай серыі), прыгодніцкі. Праўда, калі падыходзіць да фільма са строгай меркай патрабаванняў дэтэктыўнага жанру, то бачны і парушэнні гэтых патрабаванняў. Глядач, асабліва той, які не чытаў аповесці, так і не зразумее, каго ж бачыў незадоўга да смерці Свеціловіч і чаму хаваў свайго брата Гацэвіч. Поспеху фільма садзейнічае і добры акцёрскі калектыў. Да названых вышэй выканаўцаў трэба дадаць А. Філозава (Гацэвіч), В. Шэндрыкаву (удава Кульша), Б. Раманава (судовы следчы). З агульнага ансамбля неяк выпадае толькі Б. Хмяльніцкі (Варона) — празмерна статычны, пазбаўлены індывідуальнасці. І ўсё ж, нават калі не суадносіць фільм з аповесцю, застаюцца ў сіле многія з тых прэтэнзій, што былі выказаны раней. Найперш гэта тая ж гістарычная прыблізнасць. Я разумею, В. Рубінчык хацеў, паводле яго ж выказванняў у друку, стварыць абагульненне, "фільм-прытчу" пра барацьбу сіл дабра і зла ўвогуле. Але ж нельга, застаючыся канкрэтным у адных рэаліях, быць абстрактным і таму недакладным у іншых. Нельга, назваўшы канкрэтную дату — 1900 год, тут жа прымушаць Свеціловіча захапляцца подзвігам Соф'і Пяроўскай, як нечым, што адбылося зусім нядаўна, што зусім свежае ў памяці (як вядома, Пяроўская была пакарана смерцю ў 1881 годзе). Нельга падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, адвольна пераносіць у замак, архітэктура якога нічога агульнага з Беларуссю не мае. Урэшце, фільму шкодзіць меладраматызм, пагоня за вонкавымі эфектамі. Ах, як прыгожа і як доўга шугае полымя з адзення Дубатоўка! Ах, як ненатуральна бяжыць па белым снезе апранутая ў чорную сукенку звар'яцелая ўдава Кульша! Эфектна, дужа эфектна, але адначасова безгустоўна выглядаюць і босыя ногі мерцвяка на чорным фоне чыноўніцкай фігуры, і асеннія лісты паміж старонкамі старой кнігі, і курчо на галаве той жа ўдавы. Толькі думаеш: навошта ўсё гэта? Што гэта дае для разумення падзей? Безумоўна, сімвалы патрэбны, проста неабходны ў мастацтве, але такія, як, скажам, адзінокае дрэва, што ў адной са сцэн само падае ў балотную твань. Гэта не толькі каларытная дэталь, але і абагульненне, якое прымушае думаць, застаецца ў памяці. "Дзікае паляванне караля Стаха" магло стаць падзеяй у беларускім кінамастацтве. Стала ж толькі яшчэ адным "добрым сярэднім фільмам". І не дало яму ўзняцца на вышэйшую ступеньку якраз тая прыблізнасць, якой няма ў аповесці і якую часта адчуваеш на экране". Нечакана для Караткевіча фільм "Дзікае паляванне караля Стаха" атрымаў прызнанне за мяжой — на фестывалях у Францыі, Канадзе, Італіі. Відаць, членаў журы прывабіла нязвычная для тагачаснага савецкага кіно праблематыка. Пасля кожнага такога прыза рэжысёр фільма В. Рубінчык званіў Караткевічу. — Перадай свайму Мальдзісу, што, наперакор яго рэцэнзіі, фільм атрымаў узнагароду… — Члены таго журы не чыталі маёй аповесці, а Мальдзіс чытаў, — парыраваў Валодзя. Дарэчы, пасля адной з такіх узнагарод здарыўся кур'ёзны выпадак. Друкуючы справаздачу з парыжскага фестывалю прыгодніцкіх і фантастычных фільмаў, газета "Правда" назвала аўтара сцэнарыя "Дзікага палявання караля Стаха"… польскім пісьменнікам. А паколькі ў Польшчы якраз стала неспакойна, паведамленне газеты выклікала трывогу: а раптам ён сапраўды там? З вельмі высокай інстанцыі раніцай пазванілі Караткевічам, натрапілі на Валянціну Браніславаўну, якая ўжо ўстала, і спыталі: — Ці не скажаце вы, дзе цяпер знаходзіцца Уладзімір Сямёнавіч? — Спіць, — адказала Валянціна Браніславаўна, на ўсякі выпадак заглянуўшы ў кабінет. — Дзе ж яму яшчэ быць?! Між тым "год Караткевіча" працягваўся. Вярнуўшыся з санаторыя ў Аксакаўшчыне, Валодзя на нейкі час стаў ранейшым — вясёлым, дасціпным. Тэрмінова, да юбілею, пісаў п'есу пра Янку Купалу, дзеля чаго мы з Кісялёвым шукалі яму звесткі пра ўдзельніка паўстання 1863 года Зыгмунта Чаховіча, які аказаў вялікае ўздзеянне на будучага песняра. Зноў загаварыў пра завяршэнне "Каласоў…". Пачаў даваць згоду на сустрэчы з чытачамі. Адна з такіх сустрэч адбылася 21 мая ў шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны ў Бараўлянах. Арганізавала яе Тамара Мікалаеўна Антановіч, неўрапатолаг шпіталя, прапагандыст беларускай культуры. Вакол яе стварылася, як бы мы сказалі сёння, нефармальнае аб'яднанне з медыцынскага персаналу. Яна і пастаралася, каб сустрэча прайшла сардэчна, па-хатняму. Расставілі кругам сталы з чорнай кавай і бутэрбродамі. Запалілі камін. Уключылі запісы "Песняроў"… Хаця Караткевіч спяшаўся дамоў, бо якраз з Тбілісі прылятала Гелена Крыжанава-Брындзава, але ахвотна адказваў на пытанні. Прыводжу па тагачаснаму запісу найбольш істотныя. — Што ў вашых творах — праўда? — Для мяне важна перадаць дух эпохі. І каб за ёй адчуваўся сённяшні дзень. Каб чалавек рабіў вывады… У гісторыі, якую я паказваю, не ўсё добра, але гэта наша гісторыя — ад яе нікуды не дзенешся. — Хто ў вас любімы герой? — Гервасій Выліваха, бо нідзе не губляецца. А ўвогуле ўсе блізкія. Відаць, таму, што пішу іх не адной белай крэйдай ці чорнай сажай. — Чаму не пішаце пра сучаснасць? — Яшчэ не адстаялася яна. Ды і матэрыялы ў архівах яшчэ не адсакрэчаны. — Пісьменнік павінен весці?! — мужчынская рэпліка ад увахода. — Так. Але трэба ведаць, куды. А то завядзеш… Вунь Фадзееў (гэта прыспешыла яго смерць) у "Чорнай металургіі" выступіў за адну з дзвюх тэхналогій. А яна аказалася заганнай, магла адкінуць краіну назад… У гісторыі ж я адчуваю сябе ўпэўнена. — Што вы думаеце пра сённяшняга чытача? — Яго забівае "ящик". Праўда, я і сам гляджу тэлеперадачы — "В мире животных", дэтэктывы. Апошнія лічу карыснымі, бо яны ўбіваюць людзям, асабліва маладым, параграфы кодэксу ў даступнай і займальнай форме. А гэта істотна: марожанае ў шакаладзе мы ямо куды ахвотней, чым калі б яно было загорнута, да прыкладу, у салому… — Вашы любімыя кветкі? Пара года? — Усе добрыя. Непрыгожых кветак не бывае ўвогуле… Цяпер сумую па гнілой восені. Калі доўга цёмна, калі за акном — безнадзейны дождж, а табе добра. — Ці было ў Беларусі людажэрства? — Рытуальнае — здаецца, не. Прынамсі, сляды — толькі ў адным кургане. Ад голаду — было. — Чаму вы так любіце Прыбалтыку? — Чужое здаецца лепшым. Ды і Прыбалтыка з Украінай мяне многаму навучылі… Потым спявалі песні. Валодзя — свае любімыя "Ой, косю мой, косю", "На цвярдыню тваю ўпаваю". Усе разам, пад баян — народныя. Адны ведалі словы на памяць, другія тут жа вучылі іх з папярэдне аддрукаваных і раздадзеных картак. — Ведаеш, стары, — сказаў Валодзя, калі нас адвозілі санітарнай машынай у Мінск, — на вечары мне чамусьці здавалася, што седзімо мы не ў канцы дваццатага, а год на сто раней. У часы Лучыны. Сабралася горстка энтузіястаў беларусчыны і пачынае амаль з нуля. І пасярод іх — будзіцелька, Тамара Мікалаеўна. — Лучына з Багушэвічам падрыхтавалі "нашаніўцаў", пазнейшы ўздым. Было б толькі зерне… — Во-во! Мне чамусьці сённяшні вечар здаўся нейкі сімптаматычны. Як першая ластаўка перамен да лепшага. Павінны ж яны калі наступіць. Бо людзі ёсць, працуюць. Толькі раз'яднана, пакрыёму. Летам 1982 года, асабліва пасля паўторнага курса лячэння ў Друскінінкай, Караткевіч адчуў сябе амаль здаровым. Злётаў у Ерэван, каб наведаць сяброў. Вычытаў рускі пераклад "Чорнага замка Альшанскага", зроблены Валянцінай Шчадрыной. Нешта перакладаў са славацкай. Зноў актыўна пачаў змагацца за захаванне помнікаў гісторыі і культуры, за іншыя грамадскія справы. 27 жніўня зайшоў я да Валодзі, каб перадаць яму пераклады яго аповесцяў, зробленыя фізікам Ухавым (пераехаўшы ў Мінск з Сібіры, ён вывучыў беларускую мову, каб у арыгінале чытаць Быкава і Караткевіча). Але Валянціна Браніславаўна сказала, што "аспіда" няма дома: паклікалі яго ў аддзел культуры ЦК КПБ, да І. І. Антановіча. Мы з нецярплівасцю і цікавасцю сталі чакаць гаспадара — гадзіну, другую, трэцюю. Нарэшце каля шасці з'явіўся. Увогуле задаволены. — Ну, з чым віншаваць — з сакратаром Саюза ці з міністрам культуры? — жартам спытала Валянціна Браніславаўна. — Асабіста мне нічога не трэба. Так і заявіў там, у час размовы… Хіба што навесці парадак на нашай кінастудыі: вярнуць Тольку Забалоцкага, прышчаміць варагаў. Ды яшчэ навесці парадак з помнікамі. Хаця б з радашковіцкім касцёлам, дзе хрысцілі Купалу, — тут Караткевіч успомніў нашу супольную паездку ў Радашковічы на адкрыццё памятнага каменя Ядвігіну Ш. — Прыгадаў Антановічу, што той касцёл мясцовае начальства жадае перарабіць пад керамічны цэх. Зацікавіўся… Дамовіліся туды з'ездзіць разам. Гутарка ў І. І. Антановіча, мусіць, прама ці ўскосна, была звязана з юбілеем Уладзіміра Караткевіча. Мы, ягоныя сябры, некалькі разоў "варажылі", якую ўзнагароду дадуць яму да пяцідзесяцігоддзя, бо на той час гэта было дужа істотна. Песімісты казалі: Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР. Аптымісты: Знак Пашаны… І якая ж была наша радасць (і нават здзіўленне), калі ў газетах быў апублікаваны ўказ аб узнагароджанні юбіляра ордэнам Дружбы народаў. Хаця сам Караткевіч не раз падкрэсліваў (у тым ліку ў інтэрв'ю У. Ягоўдзіку ў "Літаратуры і мастацтве"), што фармальнае ("фанфарна-барабаннае") прызнанне яму аніяк не патрэбна, аднак вестку аб узнагародзе сустрэў з вялікім задавальненнем, а ордэн у час пяцідзесяцігоддзя насіў з гонарам. Юбілейны вечар Уладзіміра Караткевіча адбыўся 28 лістапада ў Доме літаратара. Зала была паўнюткая — людзі стаялі ва ўсіх праходах. Перад пачаткам нікога не прапускалі нават па запрашальных білетах. Караткевіч быў бадзёры і зусім неафіцыйны, непасрэдны. У час віншавання некалькі разоў хаваўся за кулісы, каб зрабіць пару зацяжак. Жанчынам галантна цалаваў ручкі. Перабіваў прамоўцаў дасціпнымі рэплікамі. Адным словам, паводзіў сябе так, нібы не яго ўшаноўваюць, а кагосьці іншага (потым ва ўспамінах артыста Алеся Лабанка вычытаў трапнае: "…быў як гарэзлівае, добрае дзіця"). Слова пра юбіляра сказаў Янка Брыль. Ён гаварыў аб шырокай вядомасці Караткевіча, у тым ліку за мяжой, параўнаў яго "з другім Валодзем" — Бранеўскім: той таксама мог на сустрэчы з вучнямі прайсціся перад імі на руках, заказаць у карчме яешню з трыццаці двух яек, з'есці адно і пайсці. Брыль успомніў, як нешта падобнае вытварыў у Маскве юбіляр, паказваючы неграм, што такое беларуская гасціннасць: трапіў у перапоўнены рэстаран як… польскі рэжысёр Ежы Кавалеровіч, вячэраў з прынцэсай Уганды, уратаваў яе ад хуліганаў, атрымаў за гэта ад яе прапанову стаць прынцам-кансортам, а назаўтра вымушаны быў прасіць у сяброў, каб пазычылі яму грошай. Пацешныя і павучальныя гісторыі згадвалі і іншыя прамоўцы — Рыгор Барадулін, украінец Алекса Юшчанка, адзін з братоў-мастакоў Басалыгаў. Артысткі спявалі юбіляру песні. У выкананні коласаўцаў былі паказаны ўрыўкі з п'ес "Званы Віцебска" і "Кастусь Каліноўскі". Скончыўся вечар сімвалічна: Маці-Радзіма з "Кастуся Каліноўскага" спусцілася ў залу, узяла Караткевіча за руку і ўзвяла на сцэну. Тут яму акцёры ўручылі вялізную сякеру і скрутак з віншаваннем. І тое, і другое юбіляр расчулена пацалаваў. Разыходзячыся, людзі казалі, што ўжо даўно, з часоў мележаўскіх, у Саюзе не было такіх светлых юбілеяў. Назаўтра святкаванне прадоўжылася ў кафэ Дома літаратара. Тамадзіў і задаваў тон Рыгор Барадулін. З сардэчнымі віншаваннямі выступілі Васіль Быкаў, Сяргей Законнікаў, Ніл Гілевіч, Міхал Дубянецкі, Валодзеў дзядзька з Рагачова. Я зачытаў шматлікія тэлеграмы і паштоўкі. Юбіляр усім шчыра дзякаваў. Пасля ўсіх выступленняў у Караткевіча зусім прапаў голас. Калі мы зайшлі да яго з рыжскім мастаком і збіральнікам беларускіх паштовак Вячкам Целешам, які якраз зрабіў юбіляру экслібрыс, гаварыў ён шэптам. Але быў поўны планаў. Паказваючы сігнальны экземпляр свайго двухтомніка, прымеркаванага да пяцідзесяцігоддзя, хваліўся, што з Міхалам Дубянецкім, дырэктарам выдавецтва "Мастацкая літаратура", склаў на бліжэйшыя гады цэлую "караткевічаўскую праграму". Уладзімір Караткевіч ўзяў слова на VIII з'ездзе пісьменнікаў Беларусі, які стаў для яго апошнім з'ездам. Як сёння бачыцца, ён тады ледзь не найбольш пераканана і паслядоўна выступіў супраць "застойнай", кан'юктурнай літаратуры, параўнаў яе з роўняддзю. Патрэбны ж "вяршыні" і "даліны". Трэба рызыкаваць. Бо мы — "галоўная стаўка"! Сялянская стыхія меншае, беларуская мова нівеліруецца. Таму ён, Караткевіч, і пачаў пісаць дэтэктывы — каб чыталі. Затым ён рэзка крытыкаваў кіраўніцтва Саюза. У ім многа міжусобіц, "мышынай вазні". Нельга, каб яна падмяняла літаратурны працэс. Побач з іншымі выступленне Караткевіча несумненна паўплывала на вынікі тайнага галасавання пры выбарах новага складу праўлення. Некаторыя сакратары атрымалі па сто і болей галасоў супраць. Але паколькі гэта складала меней палавіны ўсіх прысутных, то ў новае праўленне яны ўсё ж прайшлі. На першым яго пасяджэнні, пры адкрытым галасаванні, яны зноў былі выбраны сакратарамі, прытым амаль аднагалосна. Гэта расстроіла Караткевіча. — А дзе ж сумленнасць? — сказаў ён з дакорам на ўсю залу. — Пры тайным галасаванні многія з вас былі супраць, а цяпер, выходзіць, не хапіла пораху, паказалі хвігу ў кішэні. І гэта было своеасаблівае заключэнне пленума. Бо болей слова ўжо ніхто не браў. У маі 1981 года пачалася для Караткевіча новая "чорная паласа". Сур'ёзна захварэла Валянціна Браніславаўна — ёй зрабілі аперацыю, але з часовым поспехам. Застаўшыся адзін, Валодзя стаў менш дбаць пра сябе. Усё часцей паўтараліся болі ў страўніку і жываце (лекары даказвалі, што гэта вантроба), дрэнна служылі ногі. Але галоўныя былі пакуты маральныя. — Ты ж ведаеш, я не з баязлівых, — сказаў мне аднойчы, вярнуўшыся з Бараўлян, Валодзя. — І ў гарах, і ў моры ўсе здзіўляліся, што ў мяне быццам і няма інстынкту самазахавання. А тут стала страшна ад думкі, што побач пакутуе блізкі чалавек, што ўсё гэта можа дрэнна скончыцца. — Будзем спадзявацца, што абыдзецца. — Не абыдзецца, чуе сэрца… І нешта нервы сталі здаваць, кашмары пачалі з'яўляцца… Учора ўкольшчыца накрыла падушкай маіх тохаў, — так Валодзя называў забаўных сабачак, прывезеных з Чэхаславакіі, — горбіцца яна на крэсле, а мне ўсю ноч здавалася, што гэта пачвара за мной цікуе… Так што даруй, стары, калі можаш, што я не ў настроі. Потым спытаў, ці паеду я сёлета на радзіму — у Расолы, Гудагай, Палушы. Даведаўшыся, што хата маіх бацькоў, пакінутая без догляду, нядаўна згарэла, Валодзя расстроіўся: — Бачыш, і для цябе радзіма ўжо ў нечым страчана, бо няма дзе прытуліцца. Як і для мяне Орша і Рагачоў. Засталася толькі гэта хата. Але хіба тут можа быць утульна?! Калі Валянціна Браніславаўна выпісалася з бальніцы, Валодзя паехаў на Рыжскае ўзмор'е, у Дубулты. Адпачываючы там, наведваўся ў Рыгу, да мастака Вячкі Целеша. Па просьбе Сяргея Панізніка і даследчыцы Мірдзы Абала перакладаў вершы латышскіх паэтаў, найперш Яна Судрабкална. Чытаў для "Маладосці" карэктуру аповесці "Зброя", падзеі якой адбываюцца ў Маскве напярэдадні паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. У 1981 годзе, з вялікім спазненнем, у "Литературной газете" нарэшце ўспомнілі, што, па сутнасці, не адзначылі юбілей Караткевіча. Тэрмінова заказалі мне артыкул. Потым патрымалі некалькі месяцаў… Адкрыў я газету ў пачатку лістапада і жахнуўся: артыкул аказаўся недарэчна скарочаны, выхалашчаны. Амаль кожны сказ — нібы не твой. Праўда, Валодзя падзякаваў па тэлефоне і за такую публікацыю. Новы, 1982 год пачаўся для Караткевіча, здавалася б, памысна. Яго кандыдатуру вылучылі на Дзяржаўную прэмію БССР (аднак потым, у выніку закулісных інтрыг, прэмія прысуджана не была). Кінастудыя "Беларусьфільм" пачала работу над экранізацыяй рамана "Чорны замак Альшанскі". Тэатр юнага гледача рыхтаваў пастаноўку "Калыскі чатырох чараўніц". Крыху палепшала Валянціне Браніславаўне. І яны разам былі на калядах у Барадуліных, на дні нараджэння ў Кісялёва. Папіваючы "Вярску", "клясык" (ён жа "аспід") нібы іскрыўся гумарам, устанаўліваў прэмію ("па капейцы") за кожнае дасціпнае слова іншых. Так працягвалася амаль усю вясну і лета. Калі 16 мая я заўшоў да Караткевіча, каб аддаць яму экземпляр сваёй кнігі "Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя", ён пахваліўся, што паставіў "апошнюю кропку" ў п'есе пра Крычаўскае паўстанне "Маці ўрагану", а цяпер узяўся за кнігу пра Мсціслаў і эсэ пра Кіеў. Чытаў якраз у "Літаратуры і мастацтве" дыскусійны артыкул пра пераклад і не пагаджаўся з асобнымі палажэннямі, не канкрэтызуючы іх: — Абодва бакі ў чымсьці не маюць рацыі. Разумныя хлопцы, а пішуць абы-што… Пераклад, вядома, можа часам быць вышэй арыгінала — я гэта адчуваў сам, перакладаючы міцкевічаўскага "Мешку, князя навагрудскага", Цыпрыяна Норвіда… І чаму так ставіцца пытанне — або Пегас, або кляча? У Сярэдняй Азіі гэта можа быць і вярблюд з "крылцамі". А як вы перакладзіцё каня для бушменаў, якія каня ў жыцці ніколі і не бачылі, бо ён там не выжыве. Таму бушмены і ходзяць ад крыніцы да крыніцы пеша, абвешаўшыся страусавымі яйкамі. Далей высветлілася, што гаспадар уважліва прачытаў і артыкул Генадзя Шупенькі, у якім разглядаўся раман Віктара Казько "Неруш", падзяляў яго асноўныя думкі: — Пачатак у "Неруша" сапраўды выдатны. А далей — нямала неадгабляваных мейсцаў. Усё роўна як у таго майстра, што адточыць для крэсла філігранныя ножкі, а ў сядзенні пакіне стрэмкі. Потым паказаў мне Чэцці-Мінеі на снежань месяц, прывезеныя з Арменіі (здаецца, атрымаў іх ад самога каталікоса), экзатычныя ракавінкі, прысланыя вядомым акеанолагам з Масквы ("яна жыла ў стане дэпрэсіі, а ад "Чазеніі" "нібы нарадзілася на свет нанова"). Усё гэта настройвала Караткевіча мажорна, творча. — Напісаць бы барочную драму з шасцю інтэрмедыямі — нейкую такую містэрыю накшталт тагачасных французскіх бурлескных фарсаў. Або апісаць нашых каларытных жабракоў… У жніўні Караткевічы былі на нашым "стагоддзі" ("пяцьдзесят плюс пяцьдзесят"). "Клясык" па-ранейшаму быў у добрым гуморы: гучна смяяўся з дасціпнай "насценгазеты", падрыхтаванай калегамі з інстытута, пацвельваў з маіх заняткаў англійскай мовай (восенню мелася адбыцца мая камандзіроўска ў Англію). Лёгка ўзнавіў кантакты з нашымі вясковымі сваякамі. Многа кепікаў і звычайных юбілейных гіпербал было і ў ягоным вершаваным тосце-віншаванні:
Табе з Марыляй сто гадоў.
або На стогадовы юбілей Адама Мальдзіса
Я ад пашаны аж зароў:
"Будзь шчасны і бывай здароў!
Віват, старэйшы брат!
Бо (з жонкай) маеш сто гадоў,
(І кніг жа маеш сто радоў),
Я ж — толькі пяцьдзесят.
Адаме, дуб наш векавы,
З Марыляй трыста год жыві,
І ўвагі не звяртай,
І не тлумі ты галавы,
Што век кароткі у травы,
Што наш старэе гай.
Ты з ласкі шчырае багоў
Пражыў стагоддзе — ого-го!
Расці ж, не падай ніц.
Бо трэ рукавы закасаць,
І сто раманаў напісаць,
І сто раманаў завязаць,
Але пра гэта — цыц!
А колькі ж можа, друг, за век
Цыстэрнаў выпіць чалавек?! -
Ты й гэта памятай.
Сумленне б толькі не прапіць,
Не мала піць, не многа піць,
А так, каб свет, як рай.
Каб сябра для сяброў усіх,
Каб вораг быў для ўсіх ліхіх,
Каб чысты быў, як шкло.
Каб добра ўсе з табой жылі,
Цябе ніколі не клялі,
Гарэлкі ў вокны падалi,
Як гэта раз было.
Хай будзе плённае пяро
Тваё, мой друг і брат…
Табе сягоння — сто гадоў,
Мне — толькі пяцьдзесят.
"Здароў, місцер Сміт з Бобкін-стрыт! Атрымаў тваю паштоўку. Дзякуй! Хаця ты і парсюк, мог бы хаця перадаць прывітанне Вальцы, тым больш што яна кладзецца на аперацыю. Ну добра. Затое я перадаю прывітанне ўсім знаным і нязнаным тваім сябрам, усім, хто табе дапамагае ў працы. Ты ж глядзі, горад і іншае аглядай толькі вечарамі, не марнуй часу, яго ў цябе мала, і прывязі з Альбіёна такую кучу цікавых адкрыццяў, каб нам за цябе не было сорамна. Галоўнае, многа-многа зрабі, нельга занядбаць такі шчаслівы выпадак, які ў цябе здарыўся. Моцна цісну руку. Твой Уладзімір".Новая аперацыя не выратавала Валянціну Браніславаўну, і з кожным днём ёй, а з ёй і Валодзю, рабілася ўсё горш. Памерла яна ў самы апошні дзень лютага 1983 года — адначасна з Валодзевай цёткай, у якой ён жыў у Кіеве, і Міколам Прашковічам, з якім ён сябраваў у шасцідзесятыя гады. На пахаванне прыйшлі Барадулін, Брыль, Быкаў, Гілевіч, Зуёнак, Кісялёў, Някляеў, Рагойшы, супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства на чале з дырэктарам. Усіх здзівіла выступленне на могілках аднаго археолага, які ў свой час многа нашкодзіў Валянціне Браніславаўне. Але мне сказалі, што перад смерцю нябожчыца змяніла да яго адносіны і нават прасіла начальства, каб яго зрабілі старшым. Валодзя трымаўся даволі мужна. Толькі паўтараў, што без Валі не ўяўляе сабе далейшага жыцця. Хацеў кудысьці з'ехаць з хаты, каб хоць крышку "адтаяць душой". — Хто хацеў бы мяне прыняць, у таго малыя хаты, — жаліўся. — А ў каго вялікія, той не мае такога жадання. З дапамогай аддзела культуры ЦК КПБ Караткевіч атрымаў тады пуцёўку ў прэстыжны санаторый на Нарачы. Але чужыя людзі, казённая атмасфера, халоднае надвор'е не садзейнічалі "адтайванню", і з "Соснаў" ён вярнуўся датэрмінова. З таго часу апеку над ім, хатнія клопаты ўзяла на сябе сястра, Наталля Сямёнаўна. Калі 6 красавіка я прыйшоў на "саракавіны" па Валянціне Браніславаўне, то ледзь пазнаў Валодзю — так ён апух. Да таго вельмі балелі зламаныя раней рэбры. Усіх, хто прыходзіў, Валодзя сустракаў вельмі песімістычна, гаварыў, што ён ужо адпісаў і адбыў сваё. Таму Васіль Быкаў, устаўшы за жалобным сталом, згадаў словы Хемінгуэя: пакуль ты жывы, мы будзем жыць абодва… Дзеля памяці пра Валянціну Браніславаўну, дзеля літаратуры Валодзя павінен узяць сябе ў рукі і жыць, каб жыла памяць. Прыкладна такім жа быў сэнс і слова Рыгора Барадуліна, ішых сяброў. Усё гэта не падабалася Караткевічу: бачыў тут нейкі дыктат над сваёй асобай, ці што. Выйшаўшы з-за стала, усе мужчыны сабраліся ў Валодзевым кабінеце. Седзячы на тахце, ён пачаў скардзіцца, што вось і сон у яго змясціўся: засынае ў пяць і ўстае ў дванаццаць. — Трэба, Валодзя, праявіць сілу волі і вярнуць усё на сваё месца, — прапанаваў Быкаў. Гэтыя словы вывелі з раўнавагі Караткевіча. Нервова зацягваючыся папяросай, ён адрэзаў — ды так, каб было несправядліва і балюча (хоць Васіль Быкаў у апошнія гады быў яму вельмі блізкі): — І ніякі ты не ваенны пісьменнік. Асабліва пасля Льва Талстога… Любіш ставіць людзей у эсктрэмальныя сітуацыі і глядзець, што з імі будзе. — А чаму ж не паглядзець, як будуць паводзіць сябе два павукі ў банцы або муха з мурашкай… — не то пагаджаўся, не то іранізаваў Быкаў, добра разумеючы стан і прычыны такой абвостранай рэакцыі Караткевіча. Тут уключыўся Генадзь Кісялёў і стаў пераконваць Валодзю, што трэба больш рухацца, больш бываць на свежым паветры, больш быць гаспадаром свайго слова. Але гэта канчаткова расстроіла Караткевіча — нібы яму жадалішто благое. Летам Караткевічу крыху палепшала. Ён зноў стаў хвалявацца за лёс помнікаў архітэктуры, розных "апальных" асоб. Некалькі разоў пазваніў з гэтай прычыны А. Т. Кузьміну, які, наколькі магу меркаваць з дзвюх тагачасных размоў, вельмі хваляваўся за здароўе пісьменніка і рабіў канкрэтныя захады, каб яго ўратаваць. Спробы, часам нават адчайныя, уратаваць Валодзю ад дэпрэсіі, рабілі і мы, ягоныя сябры. Але вынікі былі толькі часовыя. І тут Наталля Сямёнаўна рашыла, што яму трэба змяніць асяроддзе, паехаць у Оршу, дзе жыла яго пляменніца Ляля і яе муж Юра. На радзіме, здавалася, хворы павінен акрыяць. 29 кастрычніка разам з Нінай Уладзіміраўнай Адамчык, Галінай Львоўнай Кісялёвай, лекаркай з бальніцы і дачкой Наталлі Сямёнаўны Надзяй я наведаў Валодзю ў Оршы. Ён адчуваў сябе, як сам казаў, "пяцьдзесят на пяцьдзесят", лепш стаў есці, чытаў кнігі, апекаваўся катамі. Узрадаваўся нашаму прыезду. Шкадаваў толькі, што пільныя справы перашкодзілі прыехаць Быкаву і Кісялёву ("Кісялю"). Паказаў нам хату, у якой жыў (па вуліцы Касманаўтаў, 10) — яна была пабудавана адразу ж пасля вайны з бярвення, перавезенага з вёскі (месца ж знаходжання бацькоўскай хаты акрэсліў вельмі прыблізна: там усё змянілася). Разам мы выйшлі на бераг Дняпра, прыбранага ў асеннюю пазалоту дрэў. Але спусціцца па стромкім адхоне да самой ракі Валодзя ўжо не рашыўся — адмаўлялі слухацца ногі. Назаўтра пазваніў Васіль Быкаў, распытваў пра стан здароўя Караткевіча. Казаў, што і сам з'ездіць да яго пасля Кастрычніцкіх свят, калі крыху вызваліцца. У снежні, на зіму, Уладзімір Караткевіч вярнуўся ў Мінск. З кватэры амаль не выходзіў, з выдавецтвамі кантактаваўся па тэлефоне. Я некалькі разоў заходзіў да яго, каб угаварыць на курс лячэння, прапанаваны літоўскім медыкам Валдасам Банайцісам, але Валодзя адказваў неакрэслена: — Можа, летам, калі пацяплее. — Час бяжыць, Валодзечка… — Што вы ўсе мяне хаваеце, — узарваўся Валодзя. — Вунь і Зайцаў прыходзіў, заклікаў хадзіць у царкву, прычашчацца перад… перад смерцю. — І што ты яму адказаў? — Сказаў: Вячаслаў Кандратавіч, нашто? Лепш я памалюся дубу. Ці каменю. Ці яснаму сонейку. У лютым 1984 года, пасля смерці Ю. А. Андропава, калі яшчэ было невядома, куды пойдзе далейшае развіццё краіны, па Беларусі пракацілася, як вызначыў Валодзя, "непамысная хваля высакоснага года". Выступаючы на семінары ў Гродне, работнік Галоўліта БССР В. Пепяляеў ахарактарызаваў Караткевіча, Адамовіча, мяне, а заадно чамусьці і Думбадзе ледзь не як ворагаў народа. Рашыўшы, што настаў яго зорны час, адзін з пісьменнікаў стаў пісаць у высокія інстанцыі палітычныя даносы. Усё гэта вельмі расстроіла Караткевіча. Пасля званка з Гродна пра тое, што гаварылася на тым семінары, ён рашыў (казаў пра гэта мне ў бальніцы), што зноў вяртаецца "сталіншчына". Пачалася вострая дэпрэсія. З цяжкім прыступам "хуткая" забрала Валодзю ў лечкамісію, дзе ён праляжаў у рэанімацыі некалькі дзён без асаблівай надзеі. 2 сакавіка я папрасіўся на прыём да А. Т. Кузьміна, каб даказаць беспадстаўнасць гучных абвінавачванняў у свой адрас (услед за імі пачалі мне вяртаць з рэдакцый і выдавецтваў заказаныя раней рукапісы). Аляксандр Трыфанавіч уважліва выслухаў мяне, спрабаваў знайсці нейкі выхад з сітуацыі, прапанаваў абмеркаваць рукапіс "варожай" кніжкі пра Англію на Вучоным савеце нашага інстытута ("як там вырашаць, так і будзе"). Потым я згадаў, што існуе прамая залежнасць паміж выступленнем В. Пепяляева ў Гродне i знаходжаннем Уладзіміра Караткевіча ў рэанімацыйнай палаце. — Ведаю, — сказаў Аляксандр Трыфанавіч. — Адпаведныя заўвагі ў адрас той арганізацыі, дзе працуе Пепяляеў, зроблены. А пра стан здароўя Уладзіміра Сямёнавіча мне штодзённа дакладваюць. Робіцца ўсё магчымае ў яго становішчы. Праз тыдзень Валодзю перавялі ў агульную палату. А там і дазволілі яго наведаць. Калі я зайшоў да яго, ён быў рухавы, настроены даволі аптымістычна. Узрадаваўся вясковай каўбасе, якую яму перадала Марыя. — Якія навіны на божым свеце? — спытаў. — Можа, мой фільм бачыў? Я пачаў пераказваць яму ўражанні ад "Чорнага замка Альшанскага". Ля кас стаяць чэргі, людзі пытаюць пра лішні білецік. Ды і фільм зроблены лепш, чым "Дзікае паляванне караля Стаха". Лапатуха проста выдатны. Вось толькі з выканаўцамі галоўных роляў не пашанцавала: яны — ніякія. — Ведаю, — адказаў. — Людзі гаварылі. І пачаў пералічаць, хто ў яго тут бываў. Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч толькі што заходзіў з жонкай. Быкаў прынёс цэлы стус часопісаў. І Кузьмін двойчы заходзіў з Антановічам. — Твары ў іх су-умныя такія былі. Давялося мне іх забаўляць анекдотамі. Хаця павінна быць наадварот. І тут жа пачаў расказваць, што ў крытычныя дні ў рэанімацыі яму прыснілася атамная вайна: — Страшней, чым на вайне. З усімі жахамі. Нават Барадуліна мусіў прыстрэліць, каб не пакутаваў. — Многа крыві было? Чырвонага?. — Ведаеш, стары, не. Больш карычневага. Розных адценняў. Вось ад гэтага, — пастукаў па бальнічным стале, — да цёмнага чаю… — Укладзеш гэтыя трызненні ў каго са сваіх герояў? — Не, занадта страшна. Уся Беларусь падзелена прорвамі — небаскроб схаваецца — на асобныя часткі. І — непраходныя валы. Людзі рыюцца, каб пераадолець іх, даведацца, што ў іншых. Дзесьці з'явіліся небяспечныя мутацыі чалавека. І толькі каля Валожына, кажуць, можна трываць… Мяне ўся гэтая радыяцыя чамусыці не брала. Але ведаў: возьме… — Не возьме… Цяпер ты добра выглядаеш. Але… выпісвацца з бальніцы не спяшайся. — Аднак жа і прасіцца, каб пакідалі, не буду. Можа, дні праз тры выпішуць. Нават ранейшай зласлівасці, што з'явілася ў апошнія два-тры гады, у яго не было. Хутчэй — усёдараванне, паблажлівасць да людзей. Выпісаўшыся, Уладзімір Караткевіч стаў нават выходзіць у сквер каля тэатра імя Янкі Купалы. Чытаў кнігі, седзячы на лавачцы ля фантана, вітаўся са знаёмымі (а іх у яго было — безліч). Аднойчы я застаў яго ў двары дома з Васілём Віткам. Гаварылі пра навінкі літаратуры. Караткевіч радаваўся, што падрастае цікавая моладзь. Абураўся пісьменнікам, які тады пісаў даносы на іншых: — Было б дзе выступіць — я яму выдаў бы! — злаваў Валодзя. — Але з'езд не хутка, а пленумаў не чуваць. І што б тут учыніць… Не ведаў я, што гэта была апошняя наша размова, апошняя сустрэча… Неўзабаве Валодзя адчуў сябе настолькі добра, што выбраўся ў Кіеў — на трыццацігоддзе свайго універсітэцкага выпуску. А затым разам з фотажурналістам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, які цудоўна праілюстраваў яго "Чорны замак Альшанскі", адправіўся ў падарожжа на пазычаным, няхай і добра абсталяваным плыце ўніз па Прыпяці. Праўда, прадчуваў нядобрае. Перад ад'ездам у Кіеў, нібы развітваючыся назаўсёды, абзваніў, каго мог. Мяне ў гэты час не было дома, да тэлефона падышла Марыя. Расказвала потым, што перадаў прывітанне яе бацьку, "дзядзьку Карлу", і збіраўся яшчэ пабываць у яго ў Палушах. Бадзёрыўся, але тон размовы быў вельмі сумны. І вось на Прыпяці Уладзіміру Караткевічу стала зноў дрэнна. На машыне яго хуценька прывезлі ў Мінск, у лечкамісію. Адразу скіравалі ў рэанімацыю. Моцная натура яшчэ некалькі дзён змагалася са смерцю. Змагалася адчайна і ўпарта — нібы герой ягонае аповесці "Ладдзя Роспачы" Гервасій Выліваха. Пульс ужо амаль не прашчупваўся — а ён гаварыў пры поўнай свядомасці. 25 ліпеня 1984 года ў чатыры гадзіны раніцы Уладзіміра Караткевіча не стала. Калі зрабілі ўскрыцце, аказалася, што страўнік ператварыўся ў суцэльную нервова-крывавую рану. Ён вельмi любіў усё вострае, казаў, што можа глытаць не толькі перац і аджыку, але і цвікі. І гэта губіла яго. Аднак не адно гэта. Ён абвострана, пакутліва ўспрымаў усе нягоды і бядоты, якія выпадалі ў сталінскія і застойныя часы на долю беларускай літаратуры і беларускага народа. А колькі горкіх асабістых крыўдаў і зняваг давялося праглынуць яму моўчкі, амаль без слёз. Яны не праходзілі бясследна. Яны таксама набліжалі канец. Уладзімір Караткевіч ведаў, што ён рана памрэ і ўвогуле быў гатовы да смерці, у апошнія гады часам нават адчайна імкнуўся насустрач ёй. Думка пра смерць, прытым заўчасную, заўсёды трывожыла Караткевіча. Асабліва гэта я адчуў, калі разам з іншымі членамі камісіі па спадчыне пісьменніка стаў праглядаць, рыхтуючы да публікацыі, ягоныя запісныя кніжкі. Яшчэ ў 1959 годзе ён абураўся вызначэннем "натуральная смерць". Смерць заўсёды ненатуральная! Чалавек, па-максімалісцку патрабаваў ён, павінен жыць тры-чатыры тысячы гадоў. Або быць інтэнсіўным. І тады за семдзесят год ён пражыве "не менш тысячы таго чалавека, які век сядзеў на месцы". І далей: "Напэўпа, я хутка памру". А ў 1960 годзе запісаў пра смерць: "…а день ее будет мне открыт". Хуткаплыннасць жыцця, прадчуванне блізкага канца трывожылі Караткевіча ўсё больш i больш. 6 верасня 1982 года датаваны такі крык душы: "А жыццё фізічна адчувальна плыве праз пальцы! А яго так мала! А зрабіць яшчэ трэба так многа! І нічога ўжо, адчуваю гэта, не паспею зрабіць, пусты мантач часу. І гэта тады, калі (няхай ты слабы і перабольшваем значэнне зробленага табой) ніхто тваёй работы за цябе не зробіць, калі хата валіцца і ты ў яе адна з нешматлікіх падпорак у самым заваланебяспечным месцы. Уцякаць кудысьці трэба!" Да думкі пра смерць Уладзімір Караткевіч не раз — то прароча, то іранічна — вяртаўся і ў сваіх непаўторных лістах. 8 лютага 1966 года ён пісаў мне з Рагачова: "А што будзе, калі я ўвогуле памру. Як вы без мяне пражывяцё, адшэльнікі і аскеты? Вось тады, хлопчыкі, паплачаце, ды позна будзе. А я буду ляжаць у труне такі халодны і прыгожы, што нават начальства, нават ворагі расчуляцца і заплачуць. Грынчык будзе раўці як бялуга і абсмоктваць слёзы з сівых вусоў. Нават дабрэйшы Юльян Сяргеевіч не будзе ўсміхацца. Ужо не кажу пра ягоную дачку. Яна адразу ўспомніць, як мяне на абмеркаванні дражніла — і… зарыдае". І Уладзімір Караткевіч тут многае прадбачыў. Не ўсё, вядома. Раней яго памёр "дабрэйшы" Юльян Сяргеевіч Пшыркоў. Не апусціў вусы Мікалай Міхайлавіч Грынчык. Але сумную вестку ён, як і сотні і сотні іншых яго сяброў і чытачоў, сустрэў з мужчынскай слязой на вачах, якой не саромеўся. "Расчулілася" і "начальства". А "ворагаў" — як i зусім не было. Беларускае грамадства, зразумеўшы, каго яно страціла, нібы ўстрапянулася, нібы рашыла "дадаць" Уладзіміру Караткевічу, ужо нябожчыку, тое, чаго яму не "дадало" пры жыцці. Яму не было прысвоена званне народнага. Але жыў ён — як народны. І хавалі яго — як народнага. У некралогу, падпісаным кіраўнікамі партыі і ўрада рэспублікі, вядучымі савецкімі пісьменнікамі, афіцыйна ўпершыню ў дачыненні да Уладзіміра Караткевіча было ўжыта слова "выдатны". Нябожчык называўся "выдатным мастаком слова, пісьменнікам-грамадзянінам, патрыётам, чалавекам добрага сэрца". Словы развітання былі выказаны не толькі ў беларускім, але і ў рускім, украінскім, літоўскім, польскім друку. "Быў. Ёсць. Будзеш!" — сцвярджаў загалоўкам свайго артыкула ў "Літаратуры і мастацтве" Рыгор Барадулін. Звяртаючыся да свайго сябра як да жывога чалавека, ён казаў: "Ты пісаў як дыхаў. Сваім асабістым прыкладам паказаў узор служэння Радзіме, народу, мове. Ты даў усім нам урок сумленнасці. Далёкі ад марнай сумятні, ад дробязных страсцей, з кнігай і шчодрым сэрцам прыйшоў ты на свет, каб пакінуць свету кнігі свае па-беларуску шчырыя і па-караткевічаўску рамантычна-незамутнёныя. Кнігі твае чыталіся, чытаюцца і чытацца будуць, бо яны напісаны як бы навырост. Тыя што прыйдуць на зямлю ўслед за намі, будуць зайздросціць нам як тваім сучаснікам, тваім першачытачам". Беластоцкі "Кур'ер Подляскі" змясціў артыкул Сакрата Яновіча "Смерць, вялікая, як геній", у якім гаварылася: "Адыйшоў ён у краіну ценяў, будучы яшчэ далёка ад парога старасці, у поўні сваіх творчых мажлівасцей, але і схварэлы, на жаль. Згараў у працы. На яго пахаванне выйшаў увесь Мінск, прыехала многа людзей з правінцыі. Пад звычайным некралогам падпісаліся кіраўнікі партыі і ўрада Беларускай рэспублікі". Хавалі Уладзіміра Караткевіча 27 ліпеня. У Дом літаратара, дзе на сцэне была ўстаноўлена труна, прыйшлі пісьменнікі, мастакі, артысты, навукоўцы, работнікі з заводаў, студэнты, вучні, землякі з Оршы. У ганаровай варце стаялі кіраўнкі партыі і ўрада нашай рэспублікі I. Я. Палякоў, Г. Г. Барташэвіч, А. Т. Кузьмін. На жалобным мітынгу выступілі Н. Гілевіч, В. Быкаў, Р. Барадулін, першы сакратар Аршанскага гаркома партыі Я. Глушкевіч, кінарэжысёр М. Пташук. Было многа вянкоў і кветак. І быў боль, горкія слёзы ад усведамлення, якую вялікую страту ўсе мы панеслі. Свой апошні прытулак нястомны працаўнік і вандроўнік знайшоў на Маскоўскіх могілках — побач з вялікімі і заслужанымі, непадалёку ад Мележа і Макаёнка. На магільным узгорку заўсёды было много кветак, летам сюды ставіліся — як сімвал — жытнёвыя каласы, а дзіцячыя і жаночыя рукі клалі цукеркі. Праз чатыры гады пасля смерці Уладзіміра Караткевіча ў адпаведнасці з яго апошняй воляй над магілай узнёсся сціплы і велічны палявы камень, знойдзены В. Аляшковічам. Скульптар А. А. Анікейчык захаваў яго натуральную прыгажосць, аздобіўшы толькі бронзавым аўтографам пісьменніка і бронзавым калоссем. Выступаючы на адкрыцці помніка, Васіль Быкаў вобразна і ёміста акрэсліў тое значэнне, якое мела, мае і будзе мець для беларускай літаратуры і ўсёй Беларусі творчасць Уладзіміра Караткевіча: "Мы стаім з вамі перад яшчэ адным каменем на нялёгкім шляху нашай культуры, перад яшчэ адным сімвалам, які ўвасабляе не толькі наш боль, наш смутак, але і наш гонар. Так, цяпер ужо відаць — і мы гэта можам сказаць без сумневу, — што тут ляжыць вялікі чалавек Белай Русі, апостал нашай духоўнасці, непараўнальны мастак XX стагоддзя Уладзімір Караткевіч. Караткевіч — гэта пісьменнік божае міласцю, — паэт, празаік, драматург, — самы універсальны талент, прыдатны для якога-небудзь XVIII ст., аднак у якасці нейкае боскай кампенсацыі дадзены нашай культуры ў XX. Лёс яго ўвогуле быў шчаслівы (калі наогул можа быць шчаслівы лёс у такіх людзей), не зважаючы на ўсе выпрабаванні, якія былі шчодра пасланы яму людзьмі і богам. Ён іх перамог з годнасцю, не пераступіўшы свой талент і сваё сумленне. Тое, вядома, заўжды не проста для чалавека наогул, тым больш для мастака такой яркасці і такога маштабу. Ці многія з нас могуць сказаць перад гэтай магілай, што былі такія ж, як ён, — у нягодах, у спакусах, таксама і ў шчасці, якое зрэдку яму выпадала. Ён быў ці не адзіны такі сярод нас — нам у папрок, але і нам у прыклад. Будзем жа памятаць гэты ягоны прыклад і раўняцца на яго". Сёння памяць Уладзіміра Караткевіча ўвекавечана — хоць яшчэ і недастаткова — у Оршы, дзе ён нарадзіўся, вучыўся і настаўнічаў, Віцебску, які ён вельмі любіў, і Мінску, дзе ён жыў, тварыў і памёр. У Оршы і Віцебску яго імем названы вуліцы. Па ініцыятыве пошукавага клуба "Повязь" ў 3-й Аршанскай сярэдняй школе створаны музей пісьменніка. У Мінску, на доме 36 па вуліцы Карла Маркса, дзе ён жыў у апошнія гады, устаноўлена мемарыяльная дошка. Дзякуючы старанням сястры Уладзіміра Караткевіча, Наталлі Сямёнаўны, амаль усё ў яго кватэры застаецца ў ранейшым выглядзе, і з цягам часу тут таксама (верыцца ў тое) будзе музей. Два мемарыяльныя пакоі-музеі пісьменніка ёсць сёння ў рабочых інтэрнатах — на мінскім заводзе "Інтэграл" і ў маладзечанскіх будаўнікоў. Штогод, у дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча, там праводзяцца кранальныя вечары. Прозвішча Уладзіміра Караткевіча трывала ўвайшло ў гісторыю літаратуры — беларускай, усесаюзнай, усеславянскай. У распрацоўцы гістарычнай праблематыкі сёння за ім упэўнена ідуць многія і многія нашы празаікі — у першую чаргу я тут назваў бы Уладзіміра Арлова, Леаніда Дайнеку, Канстанціна Тарасава. Светлы воблік Караткевіча ўзнаўляецца ў вершах паэтаў. Яму прысвячаюцца крытычныя і літаратуразнаўчыя працы. З выказванняў пра Уладзіміра Караткевіча людзей самых розных прафесій і нацый сёння можна скласці сапраўдны вянок — у дадатак да тых кветак, што ўскладаюцца на яго магілу, да каменя-помніка. Гэтыя выказванні сведчаць пра вялікую папулярнасць пісьменніка як у нашай краіне, так і за яе межамі. Прывяду некаторыя з іх. Беларуская паэтэса Галіна Каржанеўская. Верш "Уладзіміру Караткевічу":
Ён вышуквае слоўца з імхоў забыцця
(Не заўважыць другі і нагой наступіўшы!).
Ім, крамяным, любуецца, круціць пяшчотна,
А пасля ачышчае ад жухлай ігліцы,
Ад наліплых пясчынак, малых парушынак
І ў ёмісты кош свой кладзе.
А ў кашы —
З-пад Бягомеля слоўцы, з-пад Оршы і Пінска…
Аднаго зразумець не магу:
Як жа ён
Наадшукваў іх гэтулькі, гледзячы ў неба!
Дзіця з вачыма празаўрліўца,
З душой, пакрыўджанай на свет,
Зірне — і будзе фраза ліцца,
Нібыта клёкат праз арліцу,
Як несупыннасць праз Тыбет.
Адчай з прарочымі вачыма,
Дзе ўзорацца шляхоў шляхі,
Дзе з небам раіцца Радзіма,
Дзе немагчымае магчыма,
Дзе дзівакуюць дзівакі.
Ахвярца верны неспакою
Над плынню крэўнае ракі.
І мова мытчынай рукою
Яго сумленне трапяткое
Благаславіла на вякі.
Не бушуюць
Раўнінныя рэкі
Ды пад вербамі
Круцяць віры.
Адышоў ты
На вечныя векі
Ці пайшоў на плытах
Па Дняпры…
Толькі знік
За крутым паваротам,
Наўздагон
За нязбытай вясной…
За балотам,
За чуйным чаротам
Лес цямнее
Зубчастай сцяной.
Нібы замак той чорны,
З падання.
Ходзяць здані
Сівых аблачын.
Гэта — родная
Аж да рыдання,
Сэрцу блізкая
Далячынь.
І што ж гэта сёння народ наш спаткала?
Не знаю, ці верыць, не верыць,
Ды радыёдыктар выразна ж сказала:
Памёр Уладзімір Караткевіч!
І быццам маланкай мяне паласнула,
Душа забалела і цела,
Не помню ўжо, колькі хвілін прамінула,
Пакуль я стаяў так, здранцвелы.
Жыццялюб, фантазёр і рамантык відушчы
не сябе шанаваў, не сабой даражыў —
са стагоддзяў ён нёс, нібы з чорнае пушчы,
кветку матчынай чыстай душы…
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Чарадзей легендарнае волі і сілы,
ён чароўную кветку як вока бярог.
Смерць раптоўна, як колас, пад корань скасіла,
ён — як колас — яе перамог.
Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двухногіх.
За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,
Хто ў гарачым пекле метала,
За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам,
За жывых, і за тых, што сканалі.
Пакуль не ўмерла ў сэрцы прага,
Пакуль вы помніце бяду, -
Не забывайце саркафагі,
Што з велічы ў нябыт ідуць.
Не пагарджайце чыстым словам,
Што краты ведае й свінец,
І чалавечнасцю суровай,
Што ў пекле марыць аб вясне.
І ведайце:
за усё чысцее
Галеча нездрадлівых слоў,
Бо не выносяць з маўзалеяў
Ні Бацькаўшчыну, ні Любоў.
Пакуль не ўмерла праўды прага,
Пакуль не зведалі бяду, -
Выносце з сэрца саркафагі,
Выносце саркафагі з душ…
Последние комментарии
1 час 33 минут назад
8 часов 56 минут назад
14 часов 41 минут назад
15 часов 48 минут назад
16 часов 45 минут назад
17 часов 16 секунд назад