Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча [Адам Мальдзіс] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Адам Мальдзіс Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча

Партрэт пісьменніка і чалавека
Перш чым пачаць непасрэднае апавяданне, я павінен зрабіць некалькі тлумачэнняў. Найперш пра назву кнігі. Сяму-таму яна можа здацца прэтэнцыёзнай і нават містычнай. Але слова "ўзнясенне" трэба трактаваць "матэрыялістычна" — як узнясенне над сваім часам, узнясенне да вяршынь айчыннай і сусветнай літаратуры. Апрача таго, тут ёсць прамая "рэмінісцэнцыя", звязаная з Караткевічам. Калі на кінастудыі "Беларусьфільм" пачалі здымаць фільм па яго сцэнарыю "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", камусьці гэта назва здалася крамольнай, і фільм выйшаў (дакладней, не выйшаў, а надоўга лёг на паліцу) як "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка". Новую назву Караткевіч успрыняў спакойна, з гумарам. Яна стала для яго нават сімвалам чагосьці асабістага. І калі ў 1980 годзе, пасля першага грознага прыступу хваробы, ён крыху акрыяў, я пажартаваў: "Ну вось, цяпер можна будзе пісаць кнігу "Жыціе і ўваскрэсенне Уладзіміра Караткевіча", ён разрагатаўся: "Ну — давай, давай! Няхай яно спраўдзіцца!"

Наступная засцярога. Тое, што прапануецца тут чытачу, безумоўна ж, будзе вельмі суб'ектыўным. Я далёкі ад таго, каб прэтэндаваць на нейкія ісціны ў апошняй інстанцыі, бо абапіраючыся пераважна на тое, што асабіста бачыў і чуў, што было занатавана (прызнаюся ў гэтым) адразу ж, вечарам ці на наступны дзень, а то і непасрэдна ў час выступленняў Караткевіча ў самых розных аўдыторыях. Праўда, мушу пакаяцца: на пачатку нашага знаёмства, у гады шасцідзесятыя, яшчэ не ўсведамляючы ўсёй значнасці таго, што адбывалася на маіх вачах, усёй адказнасці перад гісторыяй, такія занатоўкі я рабіў рэдка і бегла. Адсюль — і значныя прагалы.

Хачу таксама падкрэсліць, што падрабязны аналіз творчасці Уладзіміра Караткевіча не ўваходзіць у мае задачы. Часткова ён зроблены ў кнізе Анатоля Вераб'я "Жывая повязь часоў", (1985), у артыкулах іншых калег. На фундаментальную ж манаграфію яшчэ зарана. Таму, гаворачы пра творчасць, буду — каб пазбегнуць пазнейшай "мадэрнізацыі" — абапірацца пераважна на тагачасныя сведчанні, у тым ліку і на ўласныя рэцэнзіі і артыкулы. Апошнія прыводзяцца тут цалкам, без купюр. Безумоўна, у іх адбілася агульная атмасфера застойных часоў, калі пра многае нельга было пісаць або даводзілася пісаць намёкамі, калі апрача рэдактара і работніка Галоўліта затоена дзейнічаў яшчэ і "ўнутраны" цэнзар, які імкнуўся не столькі нашкодзіць сабе, колькі дапамагчы самому Караткевічу — у імя выхаду яго чарговай кнігі, зрабіць яе аўтара больш "правільным", чым ён уяўляўся на самай справе. У гэтых рэцэнзіях і артыкулах сёння хацелася б нешта скараціць, нешта дадаць. Але гісторыю нельга падпраўляць. Таму няхай у гэтай кнізе тэксты іх ідуць так, як былі апублікаваны калісьці. А ўжо чытачу меркаваць, ці ёсць мне падстава саромецца тагачасных выказванняў, ці такой прычыны няма.

Уласна кажучы, з рэцэнзіі на раман "Нельга забыць" і пачалося наша асабістае знаёмства. Неяк так здарылася, што, заняты напісаннем кандыдацкай дысертацыі пра ХІХ стагоддзе, я стаў прапускаць міма ўвагі вартыя літаратурныя навінкі і не прыкмеціў першага паэтычнага зборніка Уладзіміра Караткевіча "Матчына душа" (1958). Другі ж, "Вячэрнія ветразі" (1960), прачытаў з вялікім спазненнем. А пра кнігу прозы "Блакіт і золата дня" (1961) найперш даведаўся ад супрацоўніцы Інстытута літаратуры Валянціны Ігнатаўны Гапавай. Яна была ў захапленні ад зборніка, напісала на яго ўзнёслую рэцэнзію, якая прымусіла і мяне прачытаць кнігу. Зборнік зачараваў мяне нязвычным тады абвостраным адчуваннем гісторыі нашага народа, светлым і цнатлівым успрыняццем навакольнага жыцця. І калі ў часопісе "Полымя" (1962. № 5, 6) з'явіўся раман таго ж аўтара "Нельга забыць", я ўжо без "падказкі" прачытаў яго і, захапіўшыся яго аўтарам яшчэ больш, тут жа напісаў рэцэнзію, якая была апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 17 ліпеня 1962 года пад назвай "Права мастака":

"Прызнаюся: амаль тыдзень прымушаў я сябе ўзяцца за раман Уладзіміра Караткевіча "Нельга забыць". Адштурхоўваў загаловак. Ён здаваўся банальным, выцвілым. У той жа час прываблівала прозвішча аўтара, які паспеў палюбіцца за кнігі "Блакіт і золата дня" і "Вячэрнія ветразі".

І вось — першая фраза: "Дарогу на поўнач ад горада кантралявалі інсургенты, ездзіць па ёй было небяспечна". Інсургенты? Так у Расіі звалі польскіх паўстанцаў. Значыць — доўгачаканы раман пра паўстанне 1863 года, стагоддзе якога мы будзем адзначаць праз некалькі месяцаў? Магчыма, пра Каліноўскага?

Аднак гэта раман не пра паўстанне 1863 года. Уладзімір Караткевіч не павёў чытача ў паўстанцкі лагер, не паказаў там Кастуся Каліноўскага. У рамане дзейнічае (і то "па-за сцэнай") толькі яго баявы сябар — Усяслаў Грынкевіч. З першых жа радкоў даведваемся, што ён трапіў у палон да царскіх войск і чакае пакарання смерцю на магілёўскай гаўптвахце. Аўтар засяроджвае сваю ўвагу на тых, хто знаходзіцца, так сказаць, на іншым баку барыкад.