КулЛиб - Скачать fb2 - Читать онлайн - Отзывы
Всего книг - 438347 томов
Объем библиотеки - 607 Гб.
Всего авторов - 207001
Пользователей - 97784

Последние комментарии

Впечатления

Serg55 про Богородников: Властелин бумажек и промокашек (СИ) (Альтернативная история)

почитал бы продолжение

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
martin-games про Губарев: Повелитель Хаоса (Героическая фантастика)

Зачем огрызки незаконченных книг публиковать?????

Рейтинг: +2 ( 2 за, 0 против).
Tata1109 про Алюшина: Актриса на главную роль (Детективы)

Не осилила! Сломалась на середине книги.

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
DXBCKT про Зорич: Ты победил (Фэнтези: прочее)

Вторая часть уже полюбившейся (мне лично) СИ «Свод равновесия» (по сравнению с первой) выглядит несколько «блекло», однако это (все же) не заставляет разочароваться в целом. Не знаю в чем тут дело, наверное в том — что если часть первая открывает (нам) некий новый и весьма интересный мир в жанре «фентези», то часть вторая представляет собой лишь некое почти детективное (с элементами магии) расследование убийства некого особо-уполномоченного лица (чуть не сказал «особиста»)) на каком-то затерянном острове, расположенном в далекой-далекой провинции.

В связи с этим (в первой половине книги) у читателя наверняка произойдет некое «падение интереса», однако (думаю) что это все же не повод бросать эту СИ, не дочитав до финала. Кстати, (по замыслу книги) ГГ (известный нам по первой части) так же сперва воспринимает свое назначение, как некую почетную ссылку (мол, спасибо на том, что не казнили)... но вскоре события (что называется) «понесутся вскачь».

Глупо заниматься пересказом «происходящего», однако нельзя не отметить что «вся эта ситуация» продолжает неторопливо раскрывать «тему данного мира» (и неких уже известных персонажей), пусть и не со столь «яркой стороны» (как это было в начале), но чем ближе к финалу — тем все же интереснее...

В искомом финале нас ожидают масштабные «разборки» и «ловля на живца» (в которой как ни странно наживка в виде гиганских червяков, играет совсем не последнюю роль)). Резюмируя окончательный вердикт — эту СИ буду вычитывать дальше... хоть и без особого фанатизма))

P.S И конечно эту часть можно читать вполне самостоятельно (без учета хронологии), однако желательно сперва прочесть часть первую, иначе впечатления от прочтения (в итоге) останутся вполне посредственными.

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
Shcola про Андрианов: Я — некромант. Гексалогия (Юмористическое фэнтези)

Когда же 6 часть дождёмся то.

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
Витовт про Данильченко: Имперский вояж (тетралогия) (Боевая фантастика)

Спасибо автору, за волну всколыхнувшую память, и пусть всё было не совсем так как описано в романе, чувства возникшие при прочтении дорого стоят!

Рейтинг: -1 ( 2 за, 3 против).
Shcola про Пехов: Белый огонь (Боевая фантастика)

Алексей Юрьевич Пехов стал писать от лица шалав? Он стал заднеприводным, вот уж что читать не стану точно.

Рейтинг: -2 ( 0 за, 2 против).

Здубавецьця (fb2)

- Здубавецьця 328 Кб  (читать) (читать постранично) (скачать fb2) (скачать исправленную) - Рыгор Барадулін

Настройки текста:



Рыгор Барадулін Здубавецьця

Замест уступу


А вушацкія ведалі смак
У вусім,
Бо жыцьцё любілі.
Слова,
Як на Вялічка мацак,
Правяралі на зуб —
Зубілі.
Рэчы ўсе называлі так,
Як назвацца хацелі рэчы.
Кожны быў
Так кахаць мастак,
Каб на печы
Ня зяблі плечы.
Мерзьлі ногі ад сала,
Каб
Разьлятаўся на трэскі ложак.
І ня толькі словам да скаб
Праціналі.
Быў жарт, як вожык.
Спосабам,
Што шукаў іх сам,
Праганялі далей хваробы,
І бяз спонсараў,
Бяз рэклам
Страт ня мелі
Майстры-дзецяробы:
Дзяўчаты, дзяўчаты,
Ці ўсе вы пачаты,
Каторая не,
Падыходзь да мяне!
З тых,
Хто звык хадзіць нацянькі,
Кпяць спрадвеку жанкі й дзядзькі,
Разгаўляюцца словам скаромным
І ня лічаць яго бессаромным.
На паліцах навукі здаўна
Ня прыстала пыліцца ўзорам.
Хай завецца фалічным фальклорам
Сьмех здаровы,
Шурпатасьць радна.
Ведай, мудры чытач,
Ні фалічным,
Ні палічным з паліцаў
Ня лічым
Наш запал.
Як няма самагонкі,
Пі здароў, пі з даёнкі.
Да дна!

У кнізе захоўваецца аўтарскі правапіс.


Рагацьцё (замалёўкі)


Вушацкія называюць усё абы як сабранае, выдуманае й нявыдуманае, нішто й нешта, прастакаватае й хітраватае, вясёлае й сумнаватае адным словам «здубавецьця».


Адзін

На стол гаспадыня паставіла варыва. Сын першы чарэпнуў лыжкай, сербануў і заплакаў.

— Чаго ты, сынок, плачаш? — пытаецца бацька.

— Што я ў цябе адзін…

— Ня плач. Адзін ды ладзін.

Бацька сьмела чарэпае. Варам абдае ўсё ў роце.

— Адзін ты ў мяне, каб ты быў апошні…


Сумеў

Была талака ў пана. Усё зрабілі. Ну, пан і трактуе талакоўцаў. Сталы ломяцца ад закусі. Толькі там-сям сірацеюць пляшкі з дарагім пітвом. Трохі выпілі, нешта ўкусілі. Сумна разышліся.

І была талака ў беднага мужыка. Той на пачастунак нагнаў самагонкі, мацнейшай за самую заядлую лаянку. А на закусь — напарыў рэпы. Упіліся як не да сьмерці. Нехта шыю скруціў, нехта нагу вывернуў, некаму нос ледзьве не адкусілі. Прыйшоўшы ў сябе, доўга ўспаміналі ды прыгаворвалі: «Хоць бядняк, а сумеў жа людцаў прывеціць!»


Давай Макеенку

У Вушачы быў славуты савецкі служачы Макеенка. Славуты тым, што выпіваў 25 куфляў піва. І, казалі, калі заходзіў у раку, яшчэ ў тыя часіны глыбокую, вада сама трымала яго наплыву, як мячык. І яшчэ славуты быў як спец па жанчынах.

Жонка павяла карову да быка ў калгас прыгарадны, які сваёй галечай апраўдваў назву, у «Пралетарыю». Працаўнік каровінага загса ня бачыць, хто прывёў карову, дый пытаецца, а ці здаровая карова, ці дужага быка трэба, а з вуліцы прыёмшчыца адказвае, што здаровая. Тады злучнік-разлучнік крычыць:

— Давай ёй Макеенку!


Голас аглабліны

Сталінская дэмакратыя. Кулакоў ды шмат каго яшчэ пазбавілі права голасу ў камедыі выбараў. Едзе заможнік. Ідзе дзядзька зь бяднейшых. Заможнік як ехаў ды з разгону яму аглабліной у плечы. Ня збочыў.

— Ты чаго, класавы вораг! Ня мог крыкнуць? — мацюкаецца хадак.

— Я права голасу лішон…

Яна не сама сябе прыдумала прымаўка: дурны як аглоблі…


Мая таксама

У аднаго чалавека было шмат дзяцей. І ўсе — дочкі. А жаніхоў няма. У сябра ягонага таксама адны дочкі незамужнія. Жылі ў розных вёсках, далекавата. Бачыліся рэдка. Сустракаюцца, здароўкаюцца. І адразу:

— Ці ведаеш, Стахван, якое гора ў мяне?

— Не кажы, Селівей, мая таксама нарадзіла.


Дзецяроб

У багатых-забагатых бацькоў была дачка. Дужа хацела дзіця. Яе супакойвалі, што трэба назьбіраць надта шмат грошай, тады наняць дзецяроба. Ён і зробіць дзіця.

Адлучыліся гэта некуды бацькі. Засталася дома адна дачка. Грукаецца нехта. Дачка пад замком. Пытаецца, хто грукаецца. Чуе ў адказ, што гэта дзецяроб. Дзяўчына й кажа, што не хапае яшчэ грошай на дзецяроба, не назьбіралі. А гэты нехта згодны бясплатна ўсё зрабіць, каб дзіця было. Адамкнула дзьверы. Прыходзяць дамоў бацькі, а дачка сьпяшаецца ім паведаміць радасную навіну: быў дзецяроб і ні капейчыны за працу ня ўзяў…


Сьвіны бык

Жылі суседзямі мужык з жыдом. Мужыкоў кнур раз убіўся ў гарод да жыда. Той з прэтэнзіяй:

- Іван, а Іван! Твой сьвіны бык парыў мая ўся бульба.

— У мяне няма ніякага быка. Ёсьць толькі кнур.

— Пад які там шнур. Ён парыў абы-як — і ўздоўж і ўпоперак.


У Курты пад хвастом

Адзін вясковец украў быка, асьвежаваў, пачаў варыць, а ўсё астатняе мяса схаваў у яму пад падлогай.

Прыехалі шукаць. Сядзіць малы галапузы. Участковы яму тыц пальцам:

— Пуп — наеўся круп.

— А вот жа бычыны.

— А дзе бралі бычыну?

— У Курты пад хвастом.

Сучка Курта якраз сядзела на падлозе, дзе яма. На тым сьледства й скончылася.


Даўно сьпяць

Выйшла дзеўка замуж. Ночы зімовыя даўгія. А прасьці ёй даюць дужа. Яна прадзе-прадзе дый прыгаворвае:

— А ў майго таты даўно сьпяць…

Але ў новай сям'і ўвагі не зьвяртаюць.


Ці даўно йдзеш?

Ідзе сабе маладзіца дый, як любіў казаць некалі Караткевіч, маскаля пускае, гучна страляе, бо навокал нікога. Але празь нейкі час вырашыла азірнуцца. За ёй ідзе мужчына.

— Ці даўно ты йдзеш, чалавеча?

— Адтаго, як ты першы раз рогнула.


Як ахвяравалася

Маладзіца ахвяравалася паўзьці ад хаты да царквы. Паўзе. А спадніца спаўзла. Ідзе чалавек дый пытаецца:

— Як ты паўзеш?

— Як ахвяравалася, так і паўзу…


Дзе два коміны

Пад час польскае акупацыі жаўнеры пасьвіліся самапасам. У Кавалеўшчыне, што пад Вушачай, дзе нарадзіўся бацька мой, жаўнеры панадзіліся да крыху заможнейшага кавалеўца. Пазнакай служылі сінія вароты. Бедалага, нарэшце, зьняў вароты, тады палякі кіраваліся ў хату, дзе два коміны. Комін зімой ня збурыш.


Шыла

Шавец наказваў жонцы:

— Калі памру й будзеш хаваць, пакладзі мне ў труну шыла.

— Што, й там зьбіраешся боты шыць?

— Ды не. Калі ты сядзеш на маю магілку сраць, каб мог я табе ў зад шыла загнаць…


Там і радзіма

Пасля вайны па фінансавай лініі працаваў недалужны, падсьлепаваты Пейсахоў. Зь яго звычайна нязлосна пакеплівалі, асабліва дзяўчаты, на якіх ён ласа пазіраў.

Перавялі Пейсахова з раёна ў недалёкі сельсавет. Прыязджае ён неяк у Вушачу. Яго й пытаюць:

— Ну, ці сумуеш ты па радзіме? (Гэта значыць, па Вушачы. Сельсавет чамусьці некаторым здаваўся ледзь не далёкай дзяржавай).

Пейсахоў прастадушна-тужліва адказаў:

— Дзе хлеб, там і радзіма.


Паслухалася

Галосіць жонка па мужыку, аж разрываецца і прыслухоўваецца, каб суцешылі. Нарэшце нехта з суседак паспачуваў:

— А досыць табе, Праксэда, убівацца, пашкадуй сябе.

Гаротніца плача, але ўжо весялей:

— Калі ж досыць, дык і досыць…


Стаіць

Хварэў дзед. Захацеў скароміны. Зарэзала жонка пеўня й паставіла ў печку варыць. Памёр, так і не паспытаўшы пявучага мяса. Стаіць кацёл за заслонкай. Плача баба нарасьпеў:

— А ты ж памёр, а твой пеўнік стаіць…


Такая й мазь

На калёсах мужык вязе Калініна. Колы нямазаныя. Рыпяць. Седаку гэта не па нутру. Вазак спыняе каня. Ськідвае порткі й проста на ўтулкі валіць. Калінін абураецца:

— Што ты робіш?

— Якая ўлась, такая й мазь! А не падабаецца — злазь!


Дай дзёрну

Маладзіцы трэба абкласьці магілку. Узяла яечак у кошык ды пайшла да пана па дзёран. Прыходзіць і просіць:

— Паночак, дай за яйцы дзёрну.

Пан, ня зразумеўшы каламбуру, шарахаецца ад маладзіцы.


Прыехала

У Вушачу прыехала прадстаўніца ЦК камсамола. Ходзіць важна адказная. Местачкоўцы заўважаюць:

— Прыехала нейкая с цыка й стрыбчыць сабе гэткай начальніцай… Сікша…


Пей!

Да лекара прыйшла жанчына ў гадах. Лекар гаворыць, як і належыць «вучонаму» чалавеку, толькі па-расейску. Ставіць шклянку з вадой дый кажа:

— Пей!

Жанчына й запела:

— Пасею гурочкі…


Лянько

— Лянько, на яйко.

— А ці аблупленае?

— Не.

— Тады еш сам!


Радзей

Сын прыслаў маці ліст, напісаны дужа ўборыстым почыркам, густа.

Маці й папрасіла ў адказ у лісьце: «Сынок, пішы радзей, бо вочы мае кепска бачаць…» І сын пачаў пісаць гады ў рады. Зразумеў маці.


Не па катлу

Выйшла замуж маленькая дзяўчына, як у нас кажуць, курдупэпачка за здаравілу. І меў гэты здаравіла ўручча нападоймішча. Зусім зьвялася. Усе са спачуваньнем казалі:

— Дзіва што! Не па катлу затаўчына.


У дзьве рукі

Сын маці рэзаў танюсенькую скібачку хлеба й падаваў, прыгаворваючы: «Пераймай, мамачка, у дзьве рукі, а то пераломіцца». Жонцы ж даваў у вадну руку ў паўбохана. Пра маці «рупіўся» болей.


Клёцка з вачыма

У местачковай жыдоўскай хаце. Малому паставілі нешта есьці. Аднекуль жаба скокнула ў талерку. Малы чуў пра клёцкі, ды ня часта, відаць, іх еў. Таму й крычыць:

— Мама, а мама. А ў клёцкі цвай воцкі й фір лапачкі.


Ні грому, ні пагрому

Дзядзьку з суседняй Кавалеўшчыны выклікалі ў суд, бо падазраваўся, што ўдзельнічаў у пагроме. Сьледчы пытае:

— Ты быў на пагроме?

— Сонца было ў дзьве ляхі. Узяў я пірага. Зьеў. Ні грому, ні пагрому — была чыста ясная пагода.

Зноў задае тое ж пытаньне й чуе той жа адказ. Пакуль не стаміўся.

Выйшаў дзядзька з суда дый сам сабе сьмяецца:

— Ах, сьледчы-сучка. Хацеў мяне вывесьці. Хрэн ты мяне выведзеш.


Мы з табой ішлі

Ішлі Янка з Янкелем і знайшлі торбачку. Янка, зразумела, ухапіў. Янкель стараецца давесьці спадарожцу, што ён узяў знаходку.

— Яначка, кажы, як было. Мы з табой ішлі?

- Ішлі.

— Торбачку знайшлі?

— Знайшлі.

— Торбачка пок?

— Пок.

— Яначка хоп?

— Не.

І так да бясконцасьці.


Я ж казаў…

У бедную хату госьць, як пажар. З апошняга выстранчыла, вымадзіла гаспадыня яечню. Малому хочацца есьці. Маці яму тлумачыць, што госьць пакіне, ня ўсё зьесьць. Госьць пачынае частавацца. Малы цераз каптур сочыць за кожным рухам. І калі госьць падчапіў апошні кавалак сала, малы ня сьцярпеў і загукаў на ўсю хату:

— Я ж табе казаў, што ўсё зьесьць. І зьеў!

Гэта замест салодкага — малечая гаркота госьцю.


Рэпертуар

Старцы хадзілі ад вёскі да вёскі. Сьпявалі такімі галасамі й гэтак жаласна-набожна, што словаў і ня разабраць было. Аднак нехта ўсё-ткі расчуў тэкст сьпеваў. А быў ён дужа ўжо няхітры:

Ой, ня так жа мы селі, як летась сядзелі,
Ой, ня так жа нам далі, як летась давалі…

Сучасныя эстраднікі падчас нагадваюць сваім рэпертуарам памянёных старцаў.


У космас

Вушацкі Пяцюша тым і жыў, што чысьціў сральні. На досьвітку касьмічнае эры ці пад паўдзён яе вядомы сваімі жартамі ягоны цёзка Трафімаў з сур'ёзным выглядам параіў Пяцюшу кінуць вядро й чарпак і падацца ў касманаўты. І плоцяць добра, і слава на ўвесь сьвет. Пяцюша адно запытаўся, а як гэта зрабіць. Жартаўнік кажа, што запісваюцца ў пасялковым савеце. Пяцюша й падаўся ў савет. Ды ў космас ня ўзьляцеў, а ў яму ад роспачы ледзь ня ўляцеў.


А нашто мне

Бабылка хадзіла па жэбрах. Хто кавалак даваў, хто хвост каўбасы, хто локаць суравога. Ды ў аднае хаце насыпалі ў торбу мукі. Жабрачка й галосіць:

— А нашто ж мне гэта мучанька, а нашто ж мне гэта горанька?

Бывае, што пададзенае горай за крадзенае.


Гонар даражэй

Вушацкім рыбакам зь невялікае арцелі прапанавалі разводзіць і лавіць люгашак. Самалёт мусіў адвозіць жывы далікатэс аж у Францыю. У мокрым мосе. Сьвежанькіх. Цана была прапанавана добрая. Здавалася, што тыя, хто прапановы такое ня меў, пазелянеюць ад зайздрасьці зеляней за люгашак. Ды рыбакі сказалі савецкае «не», як тым падпальшчыкам вайны. Яшчэ аракаў куды ні йшло. І дзяды й прадзеды былі рыбакамі, а не жабаловамі. Гонар даражэй.


Калі ўжо сышчыць?

Прыязджаю дамоў. А мама пытаецца ў мяне, калі ўжо Броўка сышчыць прэмію. Перад Ленінскай прэміяй нашага земляка радыё амаль штодня, дакладней, штораніцы давала перадачы, вядома ж, па-расейску, з нязьменнай рубрыкай: «На соискание Ленинской премии…» Бо кніга вылучалася ў перакладзе на расейскую мову. А ў гутарковай мове сыскаць, значыць спагнаць нешта сваё, пазычанае ці ўкрадзенае некім. І, відаць, перадачы радыё гэтак знадакучылі маме, што яна й запыталася ў мяне каламбурна.


Слабы зрок

Унук паказвае бабулі сшытак:

— Ці добра я напісаў?

— Дрэнна.

— Цяпер, бабуля, я сапраўды бачу, што ў цябе слабы зрок.


Злаўлю!

Троху прыдуркаваты бегаў па даваенным мястэчку й крычаў:

— Янкель, купі шчупака.

— Дзе ён?

— Злаўл-лю-лю!


Развагі

Муж, які зьмяніў шмат жонак, бо паміралі, суцяшаў сябе:

— Бог узяў босую, а я ў чаравічках вазьму.

Другі муж, у якога таксама часта мерлі жонкі, даводзіў у рыфму:

— Чым мне Бог сагразіў, што я поўну клець скрыняў навазіў?


Можна таўчы

Сыны пажаніліся. Жывуць пры бацьку. Старэйшы брат нежанаты. Устае ды йдзе да стала сьнедаць. Жанацікі яму:

— Чаму рукі ня мыў. Можа, трымаўся.

— Маім яшчэ можна кашу таўчы, гэта ня вашыя…


Могуць на хаду

Мама казала:

— Што цяперашнія за танцы. Труцца перадамі, як рыба ў нораст. На хаду могуць дзіця зробіць.


А ці ўмее

Суседка старая да мамы, гледзячы на сынавую:

— Дачка ці нявестка. Драбненькая, маладзенькая. А ці ўмеіць яна жаць?


Матырынцы

Матырынцы трывала ўвайшлі ў показку: «Цалуй тата маме ў сраку, — матырынцы рог укралі». Што гэта быў за рог — у показцы ня тлумачыцца. Але па ёй можна пазнаць, ці карэнны вушацкі чалавек, ці наезджы. Неяк ехалі з «Прарыву» з Васілём Быкавым. Па дарозе вёска Вугрынкі. Васіль меркаваў, што маглі быць першапачаткова Бугрынкі. Прагаласавалі дзяўчаткі. Узялі іх у аўтобусік наш. Пытаюся, што зрабілі матырынцы? Толькі адна сарамяжліва заўсьміхалася.

Пра матырынцаў ёсьць яшчэ вушацкае паданьне, як яны архірэя прымалі. Вырашылі пабудаваць туалет, ды ня абы-які. Калі высокі госьць зробіць усё, што трэба, прылада накшталт сучаснай шчоткі для мыцьця падлогі з наматанай мяккай анучкай павінна адпаведнае месца выцерці. І ўсё адбылося, як задумана было. Але ўжо так упадабаў архірэй абслугоўваньне, што нагнуўся паглядзець, як жа гэта ўсё робіцца. Чалавек, які стаяў недзе ўнізе ў яме ці збоку, вырашыў, што нячыста выцер, і правёў гэтым, так бы мовіць, квачом архірэю па губах. І да сёньня ніводзін архірэй ня прыязджаў болей да матырынцаў, якія рог укралі. Праўда, ёсьць яшчэ прыгавор: прасіце, матырынцы, прыеду сьвянціць. Нібыта гэта сказаў усё ж на разьвітаньне ўгневаны архірэй.


Разьвіталася

Прыйшла маладзіца на споведзь. А бацюшка яе й пытае:

— Ці ласкава ж ты разьвіталася-папрашчалася з мужам сваім?

Маладзіца адказвае, што ня было часу калі разьвітвацца. Бацюшка раіць пайсьці і па-добраму разьвітацца з мужам, каб Бог усе грахі дараваў. Бо чалавеку ў злосьці ў царкве грахі ня адпушчаюцца.

Пабегла маладзіца раз, нешта буркнуўшы свайму мужыку, пабегла другі, пабегла й трэці. Усё вяртаў яе бацюшка, кажучы, каб палюбоўна разьвіталася. Прыбегла апошні раз пад вакно й пракрычала хуткамоўкай:

— Прашчай, пранцавей, каб цябе балесь забіла! Час сьцёрла, лапці зьдзёрла і ў споведзі ня была!..


Дай Божа!

Да сьвятара прыйшла дзеўка-перастарак. Як у нас казалі, яна на высадкі засталася. І дапытваецца ўсё ў айца, ці выйдзе замуж. Ён глядзіць на несхлямяжую дый прагаворвае:

— Дай Божа, дай Божа, ды ня ведаю…


Талкуёчак

У Вушачы, дакладней у «Пралетарыі», ў адной сям'і была мянушка Талкуй. Ніхто ня ведаў сапраўднага прозьвішча гаротнікаў. Адзін з Талкуёў цёпла прыжаніўся ў суседняй вёсцы. Зажыўся. І ў базарны дзень прывёз у Вушачу прадаць бараніну. Кожны хацеў ласейшы кавалак. Каб з ныркай капусту варыць, марыць шмат ня магло, але ня хацелася ж нікому і голых касьцей. І пачалі паддобрывацца ці, як у нас кажуць, падхлеблівацца:

— Таварыш Талкуёў. Даражэнькі Талкуёчак…

А ён толькі болей халяруе.


Цясютка

Вушача была партызанскай сталіцай. У Леплі стаяў нямецкі гарнізон. Адпаведна й частка вушацкіх паліцэйскіх там была. Пасьля вайны былыя вушацкія партызаны панадзіліся ў Лепля па кароў. Прызнавалі сваіх. Часам і чужую карову за сваю прызнавалі. У Вушачы жыў Сімкін. І ён вырашыў «прызнаць» карову. І прызнаў. Але гаспадыні ня надта каб хацелася аддаваць сваю кароўку ў чужыя рукі. Справа дайшла да суда. У Сімкіна й пытаюцца:

— Чым вы можаце давесьці, што карова вашая?

— Я ёй кажу: цясютка, а яна мне ў адказ: мммууу…


Туды й чапляй

У Вушачы было дзьве маці-гераіні. Абедзьве былі вясёлыя й вострыя на язык. Іх так і звалі — гераіні. Аднае зь іх трэба было ўручыць адпаведны ордэн. Даручылі намесьніку старшыні райвыканкама, крыху сарамліваму не па пасадзе. Віншуе гераіню і чапляе ордэн. Яна:

— Куды ты мне чапляеш?

— Ну, вядома, на грудзі.

— Чым заслужыла, туды й чапляй!


Відаць, і ты…

Ажаніўся бедны з яшчэ бяднейшай. Зжыліся, як кажуць, на самоў хвост. Прыйшла вясна. Ідзе жанацік, а яго ветрам у бакі водзіць. На траву выйшаў бычок. Схудалы. Скура ды косьці. Глядзеў-глядзеў на яго жанацік дый кажа:

— Відаць, і ты, бычок, жанаты…


А ты лыжачкай

Завітаў у хату салдат. Маладзіца засмажыла служываму яечню ў калена, як кажуць вушацкія. Паставіла на стол. Пасадзіла разам з салдатам і сынка. Сама завіхаецца каля печы (так і рупіць ужыць гэтую класічную фразу з нашае побытнае прозы). Ледзь малы памкнецца да патэльні, госьць коле ягоную руку відэльцам.

Малы крыўдзіцца:

— Мама, мама, а салдат відэльцам.

— А ты, сынок, лыжачкай…


Ні кашкі, ні малачка

Зайшоўся салдат да маладзіцы пераначаваць. Здарожыўся. Сядзіць. А насупроць яго гаспадыня ў адной спадніцы бяз нічога сподняга і ў вясёлай паставе. Гаспадыня й пытаецца ў падарожнага, што яму даць, ці кашкі, ці малачка. Салдат адказвае:

— Ні кашкі, ні малачка, толькі сядзі, бабка, як сядзела…


Як сонца падымецца

На ільнозавадскім пасёлку жыў Піліп. Скрыпач. Ахвотнік да маладзіц. Суседская дачка была як дзьве кроплі вады падобная да ягонай. Жонка была западлівая. Казалі, што калі песьціла ў ложку Піліпа, на сэрца клала мокрую анучку, — каб сэрца ў жонкі ня стала, а хлапчукі, падобныя да Піліпа, нараджаліся ў маладзічак. Ды гады пачалі браць сваё. І пайшоў Піліп у Вушачу расстарацца вады ад немачы. Знахарка, якая лічылася такой, была вясёлая на язык. І параіла. На ўсход сонца стаць, спусьціўшы порткі. Як сонца пачне падымацца, і ўсё астатняе таксама…


Абы цяляткі

У аднаго вушацкага доўга ня было дзяцей. Нарадзіўся сынок. Радасьць. Ды злыя на язык хацелі ахаладзіць шчасьлівага бацьку, намякаючы, што ня ён творца. І адказаў гаспадар нядобразычліўцам:

— Чые бычкі ні бычкі, абы мае цяляткі…


Ня езьдзіў на валах

Вушацкі сувязіст Апёнак ставіў громаадвод у калгасе былой Заходняй вобласьці. Мяжа йшла ў нас дужа недалёка. Нахапіўся вечар. Апёнак сабраўся йсьці дамоў. Старшыня кажа: вазьмі ровар і едзь. Сувязіст аднекаўся, бач, лепей пехатою пойдзе. Назаўтра скардзіцца старшыню, што замарыўся, пакуль дамоў дайшоў. Старшыня напамінае пра ровар. Апёнак гаворыць, што ён на валах ніколі ня езьдзіў. Старшыня тлумачыць — ровар ня вол, а веласіпед.

Апёнак злуецца:

— Так бы й казаў, што веласіпед. А то ровар, ровар. Падумалася мне, што гэта вол.


Перажывём неяк

У Вушачы быў, так бы мовіць, мастак, што ў асноўным піў, як у бот ліў. Часам на чарніла (фарбы былі казённыя) зарабляў, ледзьве пэцкаючы няхітрыя савецкія плакаты раённага маштабу ды афішы, калі якое кіно будзе. Сустракаю гэнага мастака пад час хрушчоўскае кампаніі барацьбы з фармалістамі й абстракцыяністамі. Як і належыць — пьяны-пьяны. Суцяшае сябе й мяне за кампанію:

— Ну, нічога. Нас усіх б'юць, перажывём неяк.


За свае грошы

На прастольнае савецкае сьвята ўдзельнік вайны валіцца абліччам у лужыну, падымаецца ды зноў у тую ж лужыну. Жанчына заўважае:

— Божа, сіла твая сьвятая! За свае грошы так мучацца.


Моўчкі

У раённай вушацкай гасьціньніцы ніяк ня можа ўгаманіцца п'яная шафярня. Раве музыка. Жанчына, слабая на нервы, крычыць:

— Дайце жыць!

— Жыві моўчкі! — чуецца ў адказ.


Скрабок

Мужык быў падмяталам. Жонка цьвялілася зь яго, іначай як скрабок і ня звала. Ня вытрываў, такога чосу даў, гаварыць жонка ня можа, дык хоць кіпцюрамі шкрэбае па падлозе. Усё роўна — скрабок!


Прынёс

Пастухі пасуць авец. Раніца. Туманок. З хмызу падкраўся воўк дый ухапіў ягнятка. І ўцякае з дабычай на сьпіне ягнятнік. (Мама некалі мне тлумачыла вузкія прафесіі ваўкоў. Той, які коней рэжа — канятнік, жарабят — жарабятнік, на гусей палюе — гусятнік.) А пастухі галёкаюць з двух канцоў:

— Ці гэта воўк?

— Аняго ж (ідзе ўстойлівы выраз) заяц.

— Ці ён панёс?

— Аняго ж (зноў той жа выраз) табе прынёс.

Пакуль турукаліся, шэрага й сьлед прастыў. Разважлівы вушацкі характар ня заўсягды карысьць прыносіць.


Ня круг

Вушацкія любілі прыгавор: «Куме мой, куме, дурны твой вуме. За аднаго абеду сем вёрст еду». Казалі й пра такіх, у каго ў роце мухі жэняцца: каша ў печы, а малако ў клеці, дык у клець з кашай па малако хадзілі. І сапраўды — старцу вярста ня круг.


Толькі з панам Богам

Пасьля вайны ў Заходняй Беларусі шмат хто імкнуўся паехаць у Польшчу. (Хоць пасьля пісалі: ожэл бялы, але жонд радзецкі). Агітатарам з Усходняй было дадзена заданьне чыніць перашкоды. У бальшыне сваёй ад'язджанцы гэтыя былі палякамі касьцельнымі. І вось на адным сходзе ўшацкі актывіст вырашыў пасадзіць маладзіцу ў галёш. Просіць:

— Ну, калі ты полька, пагавары са мной па-польску.

Маладзіца адсекла:

— Па-польску я толькі з панам Богам размаўляю, а з такім чортам як ты й гаварыць ня хачу.

Зала грымнула рогатам. Агітацыя была зьведзена на нішто. Атрымалася па Марксу: сьмеючыся, чалавецтва расстаецца з сваім мінулым.


Каб яшчэ кудзеля…

Маці хварэла. Дачка прала кудзелю. Кудзелю спрала. Маці памерла. Дачка галосіць:

— Каб яшчэ кудзеля была, дык мая мамка б жыла…


Ня носяць запазухай

На вушацкае зямлі гэтулькі камянёў, аж людзі вераць, што камяні растуць. Было, цэкоўскі інсьпектар адвячоркам пасьля абеду, які ў вячэру перарос, едучы ў райкомаўскай машыне, хваліў начальства за такую ўвагу да авечкагадоўлі. Яно й на цьвярозую галаву ў тумане валуны лёгка за авечак прыняць.

І дагэтуль распавядаюць, як нехта ехаў на працу ў наш раён з Магілёўшчыны ды браў з сабою два камяні — гнёт на гуркі, на капусту. Яму адразу параілі выкінуць, бо на вушацкае зямлі камянёў хопіць на ўсё. Толькі камень запазухай вушацкія ня носяць.


Дзеці вінаватыя

Шляхцянка ў касьцёле трымае малітоўнік дагары нагамі. І суседка, якая ўмее чытаць, пытаецца, чаму пані так малітоўнік трымае. Шляхцянка адказвае:

— То дома дзеці пшэвруцілі.


Ненармальны

Нехта з вушацкіх шафёраў паехаў у суседнюю Смаленшчыну (яно, калі верыць царскім картам, дык Смаленшчына ня суседняя, а нашая, беларуская), але забыўся ўзяць з сабой папаску. Заўсягды ж ня забываўся, асабліва калі ехаў у Расею. Прыехаў. У вадну хату, у другую — просіць, каб што прадалі: ці масла, ці яек, ці сала. Як на марсіяніна глядзяць за такую просьбу. Нарэшце, калі ногі прыбіў да самага азадку, нехта зьлітаваўся, дый паслаў у канцавую хату: «Там ненармальны жыве». А ненармальны, як выясьнілася, таму, што трымае сьвінчо, курэй, нават кароўку. Ён зь Беларусі пераехаў. Зямляк.


Палатунак ня па зубах

Пра вайну 1812 года распавядалі ў Кавалеўшчыне. Холад. Голад. Маладзіца зь дзецьмі сядзіць у нейкае яме. Прыходзіць галодны француз, жэстамі даводзіць, што хоча есьці. У маладзіцы ў глінянай місе камянькі, падае французу. Ашалела зірнуўшы на гэтакі ня па ягоных зубах палатунак, француз, як любяць пісаць нашыя эпапеісты, падаўся ў бок лесу.


Дзякуй

У Кублічах у ваднаго жыда сын ускочыў на каня й хацеў праскочыць празь мяжу. Яна йшла побач з мястэчкам. Памежнікі схапілі ўтрапёнца. Прыбег бацька й пачаў шчыра:

- І дзякуй вам, таварышочкі, што затрымалі майго баламута. Ён жа, дурань, мог, ня давядзі Бог, у Польшчы апынуцца.


Што рабіў дзед

Старэйшае пакаленьне вушацкіх і недаўмевала, і бакі ад сьмеху надрывала, калі па радыё перадавалі Купалаву «Паўлінку».

З радыё чулася:

Дзед боб малаціў,
Баба падсявала.

А кожны слухач сам сабе працягваў:

Дзед у бабы папрасіў,
Баба ня давала.

Ці яшчэ:

Баба сеяла расаду.

Адзін радок сьпяваў актор, а слухач зноў-такі дапяваў:

Дзед прыладзіўся к ёй ззаду.
Баба топнула нагой —
Дзед з рассаднічку далой.

Янка Купала фальклор ведаў. Ведаў, дзе кропку паставіць.


Вушацкі вугал

Цесьляры атрымалі заданьне ад райкома зрубіць ізруб пад установу ня як яны рубілі спрадвеку «ў пальчыкі», а ў так званы нямецкі вугал (па-народнаму гэта завецца «ластаўчын хвост»). Каб доўга ня мудрыць і ня мучацца, зрубілі яны ізруб «у пальчыкі», абрэзалі пілой і дошкамі абабілі. І выйшаў вушацкі вугал.


Пойдзем

Павяла маладзіца карову да быка. А бык нягеглы. Коўзаецца па беднай жывацінцы ды валіцца. Глядзела-глядзела гаспадыня дый кажа:

— Пойдзем, мая кароўка, тут ня глэбля, а адно ўбейства.


Кароткі дыялог

Павезьлі ў сваты картавага. І наказалі, каб маўчаў, пакуль сваты сватаць будуць маладую. Але ня ведалі нічога пра маладую. Сядзяць абоя, маўчаць, сваты салаўямі заліваюцца. Малады бярэ нож і пачынае скрэбсьці падавы хлеб, на лістах кляновых сьпечаны. Маладая ня вытрывала й пытаецца:

— Чаго ты наш х'еб ск'ябеш, што яму — сьвяйбіць?

— А што я — казёй, каб зь істам есьці?

Дагаварыліся!


І за скрып

Прынёс малады кавалер да шаўца шыць боты. Дамовіліся пра цану. Нейкія два рублі. Заказчык было пайшоў, але вярнуўся й папрасіў, каб боты былі абавязкова са скрыпам. Шавец згадзіўся, толькі дадаў:

— А за скрып яшчэ рубель.

Сакрэт скрыпу проста раскрываўся: пад падэшву клалася сухая бяроста. Скрыпела як са злосьці.


Мала

Пасьля вайны часта рабіліся рэформы. Перад кожнаю, каб пазбавіцца ад заўтра ўжо зьбясцэненых грошай, штурмам, як рэйхстаг, бралі ўнівермаг. Падчыстую падмяталі ўсё з паліцаў. Дык у чарговы штурм маладзіца з нядалёкае вёскі позна ўскочыла ва ўнівермаг. Схапіла два хамуты, надзела на шыю, так і выбегла. Як быццам мала было хамута калгаснага прыгону й хатняга клопату.


Ані тромбалі-бом

Бацюшка гуляў з ксяндзом у карты. Прысягнуў сабе, калі выйграе, будзе служыць абедню, калі прайграе — ня будзе. Прайграў. І пад самую раніцу йдучы дамоў, разбудзіў званара й наказаў:

— А заўтра, Іван, ані тромбалі-бом, ані дзын-дзалі-дзын, ані за вяровачку.


Тром блін папалам

Вушацкім чулася, як звоняць званы ў розных храмах.

У царкве:

Бліны, бліны, клёцкі…
Бліны, бліны, клёцкі…

У касьцёле:

Тром блін папалам…
Тром блін папалам.

Галодны жывот чуў сыціва.


Шчыры фальклор

Звычайна фалькларысты самі, наколькі хапала фантазіі дый уменьня кілзаць рыфму, славілі калгаснае жыцьцё, старанную працу, дзіва дзіўнае, калектыўнае. А мне запомнілася чатырохрадкоўе, так бы мовіць, вушацкая дайна, дзе паказаны адносіны калгасьніка да ўсяго калгаснага:

А ў брыгадзе нумар тры
Згніла бульба на гары,
Старшыня адно гаворыць:
— Ня бяры да галавы.

Гэта звычайна, калі чалавек марна каму грозіцца, кажуць: зробіць яму гразь на гары.


Уважылі

Пад час акупацыі да подпісу пад партрэтам Гітлера «вызваліцель» нехта дадаў «ад мяса, ад малака, ад усяго добрага».

Пасьля вайны ў чахлым вушацкім скверыку гіпсаваму Леніну, каб ня азяб, надзелі фуфайку й у працягнутую руку паклалі некалькі мёрзлых бульбін.

Правадыра ўважылі!


Запомніла

Лісіца, шукаючы спажывы, ушчамілася ў карчэўе. Ня магла галаву выцягнуць. Заяц прыладзіўся дый зрабіў усё, што трэба. Назаўтра бяжыць лісіца на шарэньніку, добра ня разгледзеўшы ўчарашняга палюбоўніка (вушацкія на хахаля казалі сюбар), вясёла вітае:

— Здароў, бобра!

— Бобра ня бобра, але вылюб добра!


Тады й надзенеш

Старшыня сельсавету, як і належыла на такой пасадзе, піў бяз пальцаў. (Звычайна, калі цяля адсаджваюць ад каровы, на першых часінах у пойла кладуць пальцы, і паёнік прывыкае піць.) Жонка абнасілася. Запрасілі на нейкія гулі. Жонка й лямянтуе, што няма чаго надзець.

— А ты надзень сукенку ў гарошак.

— А дзе яна? Няма.

— Як будзе, тады й надзенеш.


І сам дзіўлюся

Прахапіўся сярод ночы гаспадар, і нешта павяло яго ў клець. А там злодзя. Гаспадар за няпрошанага госьця, аж гэта — кум. Дзіва, дый годзе: і кум і злодзя. А тут яшчэ начны госьць дадае:

— Дзівіся, кумок, і сам дзіўлюся: клаўся на печы, а прачхнуўся ў кумавай клеці…

Добра яшчэ, што хоць ня каля кумы прачхнуўся!


Ды спаць

Цыган прыйшоў наймацца касіць сена да гаспадара. У цане сышліся. Тады цыган кажа, што трэба пасьнедаць. Прынесла гаспадыня сьнеданьне. Пасьнедаў ды зноў сядзіць.

— Чаму касіць ня йдзеш? — пытаецца гаспадар.

— А давай, бацька, я заадно й паабедаю.

Паабедаў. Сядзіць. На запытаньне прапанаваў:

— А давай, бацька, я й павячэраю. Тады цэлы дзень касіць буду.

Калі зьеў і вячэру, вясёла заявіў:

— А павячэраўшы — ды спаць!


Шчодры

Пан даў бабцы грош. І, як толькі сустрэне дзе старую, пытаецца:

— Бабка, я табе далэм грош?

— Дзякую, паночку, даў.

Адказвала, адказвала бабка на адное й тое ж пытаньне пана, ды ўсё ж ня вытрымала. Падала няшчасны грош шчодраму пану, прыгаворваючы:

— Забірай назад. Я такую ласку і ў жыда знайду.


Што паслаў

Маладзіца ўзяла маленькага сынка з сабою ў лазню. Памыла, прыхаіла. Апранаюцца ў прымыльніку. Сынок, угледзеўшы ў маці нешта не такое як у бацькі, спытаўся:

— Што гэта ў цябе?

— Што Бог паслаў, - у сьмяху адказала маладзіца.

Дома зьбіраюцца на вячэру. Гаспадар пытаецца:

— Што вячэраць будзем?

— Што Бог паслаў, - традыцыйна кажа гаспадыня.

Сынок, пачуўшы матчыны словы, запярэчыў:

— Хай тое чорт есьць, што Бог паслаў!


Мазюка

Мой апошні крэўнік па бацькавай лініі Пятрок як ня ўсё жыцьцё праезьдзіў спачатку як шафёр, а потым як газавік (вялі газапровад па тэрыторыі былога Саюза, яшчэ тады нярушнага) сьвет з прысьветкам. Мова ў яго, натуральна, як у Дземянцея, з ухілам да расейскае. Але што ў маленстве чуе чалавек, адгукнецца празь дзесяткі гадоў. Капалі недзе на Пскоўшчыне чарвей, на рыбу йдучы. Пятрок бярэ аднаго й кажа «мазюка». Рабочыя ня зразумелі, што такое мазюка. Тады Пятрок выхітрыўся й сказаў: па-беларуску чарвяк — мазюка. У нас малому, у якога выскокваў стручок са штонікаў, казалі, каб схаваў мазюку.


Жаласьнік

Адносна выхаваньня жонкі ў народзе былі рэкамендацыі, якія розьніліся ад шэксьпіраўскіх. Хоць бы такія: «Бабу бі молатам, зробіш золатам. Бі жонку, як шубу, а любі, як душу». Адзін вушацкі жаласьнік, адчуваючы прыліў гневу праведнага, крычаў нецярпліва:

— Дунька, надзявай шубу — біць буду!

А некаторыя вушацкія жанкі былі перакананыя: калі ня б'ець, значыць ня любіць…


Руплівы

На размазьняватага чалавека ў нас ёсьць цягучае слова, якое расьцягвае гукі, нібыта мярліна ногі валачэ: нявывалака. Была й такая прасьмішка:

— Пакуль бацька змалаціў, сын — жох — і, абуўся, пакуль бацька з току прыйшоў, памыўся, а сын — жох — і пад'еў!


Параднела

Дзеўка нарадзіла дзіця. У адчаі надумалася яго ўтапіць. Пайшла пад сакрэтам (у нас казалі пад хурымам) сказаць пра свой намер старэйшай суседцы. Тая й параіла:

— Пацалуй яго спачатку, а потым можаш тапіць.

Прыйшла дзеўка да рэчкі, пацалавала малое й панесла дамоў. Параднела, пабалючэла дзіця, маці ў дзеўцы прачнулася.


Толькі сярпок вазьму

Была баба гультайка. Была ў яе ўнучка й сучка. Сачыўка ўжо зазімоўвала. Суседкі пытаюцца ў гультайкі:

— Чаго ты сачыўку ня жнеш?

— А на чорта я яе буду жаць. Сучка здохніць, унучка замуж зойдзіць, а я памру.

Зіма настала. Агарнуў холад, засьціг голад. Есьці хочацца. Пад страхой венік вісеў і калодачка. Вецер як усходзіцца — венічак шась, калодачка бразь. Баба й гукае:

— Зараз, зараз. Толькі сярпок вазьму. Ён тут, на стале.

Выйдзе, а нікога няма.


Во!

Унук гадуецца ў дзеддоме (у дзеда з бабай). Бацькі й воч ня паказваюць. Нарэшце прыехаў бацька, прывёз розных смакаў, гасьцінца. Дзед радасна й просіць унучка:

— Пакажы, дзе твой тата?

— Во — паказвае падрослы ўжо хлопчык на фотакартку, якая вісіць на сьцяне за шклом.


Павінны быць

Жыд пайшоў з сынам у грыбы. Ідзе па лесе, галаву ўгару задраўшы. Сын сьледам бацьку пераймае. І сур'ёзна пытаецца:

— Тата, тата, а ў грыбоў вочкі ёсь?

— Павінны быць!


Кароткі адказ

Дзядзька прыехаў у Вушачу нешта купіць. Сустрэўся яму дзяцюк, сын даўняга сябра, які жыў у далейшай вёсцы. Дзядзька рады спытацца:

— Мікола, як там бацька?

— Гатоў! — коратка адказаў сын.

Маладому й сьмерць ня ў страх.


Андарак

Сьвякроў ня любіла нявестку. Усё нявестка была ёй вяліка. Ходзіць па хаце сьвякроў дый бурчыць:

— За гэтай нядарэкай нідзе ня пройдзеш.

— Дык яе ж няма, — кажуць старой гаспадыні.

— Як няма? А вунь жа ейны андарак вісіць.


Самая прыгожая

Птушанятка выпала з гнязда. Птушкі падлятаюць, каб суцешыць. Пытаюцца, хто маці. Птушанятка адказвае, што ягоная маці самая прыгожая. Прыляталі зязюля, сойка, сарока, жар-птушка. Малое пярэчыць, што маці прыгажэйшая. Нарэшце, прыляцела сава. Зарадавалася птушаня:

— Гэта мая мама. Яна самая прыгожая ў сьвеце…


Як пан

Пасварыліся муж з жонкаю. І адбыўся часовы падзел. Муж ляжыць і разважае перад сном:

— Мая жонка, як сучка ў пярнатах, а я, як пан, на голую лаўку…

Кожнаму сваё.


Адкупіць

Сыну, які ня паважае маці, ня клапоціцца пра яе, напамінаюць, што яна ж цябе гадавала, калыхала, сасіла. Ён адказвае:

— Я магу ёй адкупіць суды малака. (Суды — два вядры).

Было шчодрае на адзьдзяку сыньняе сэрца, што й казаць.


Цяжка

Стрыгнатка паляцела на спажыву. Маленькія засталіся ў гнязьдзечку. Пралятаў крумкач. Птушаняты бачылі яго й спалохаліся. Калі прыляцела маці, пачалі распавядаць пра страшнога ды вялікага гасьця. Пліска шашэрыла пер'е, хацела зрабіцца вялікай, каб дзеткі прызналі ў ёй таго, хто напалохаў іх. Глядзелі, глядзелі яны дый кажуць маці:

— Хоць ты лопні, расьця, а ня вырасьцеш з гасьця.

Цяжка малому ўяўляць вялікае.


Пераможца

Самым лепшым участковым у раёне лічыцца той, у каго меней за ўсё выяўлена самагоншчыкаў. Хто ня зусім прапіў галаву, ня падавалі зьвестак са свайго ўчастка, а складалі сабе графік, у каго пахмяляцца яшчэ цёпленькай самагонкай, каб горла ня застудзіць. Яно ж міліцыянту трэба, каб па службе ўгару йсьці, як цыгану па драбінах.

І вось у вушацкім Доме культуры ў дзень міліцыі аб'яўляюць пераможцаў у спаборніцтве за цьвярозасьць і парадак. Называюць першага па раёну й клічуць на сцэну атрымаць сувенір. А пераможца падымаецца й зноў ападае. Ня можа ўстаць ды йсьці. Відаць, шчыры быў пяршак у гаспадара, у каго пахмяліўся на дарогу…


Прамачыць горла

Гаспадар, вялікі жмундзяк, баіцца, што парабкі шмат зьядуць. Перад ядой прымушае іх піць ваду. Так, думае ён, у іхных чэравах застаецца меней мейсца на страву. Цярпелі, цярпелі парабкі, пакуль адзін ня даўмеўся. Бярэ поўную кварту вады дый гучна прыгаворвае:

— Трэба размачыць горла, каб паболей жорла!

Гаспадар пачуў і спалохаўся. Перастаў паіць вадой перад ядой.


За парабка

У Петруся Броўкі быў брат, які жыў таксама ў Менску. Іншы раз, калі куды выязджаў Броўка зь сям'ёй, прасіў брата прыглядзець за дачай. Пакарміць ката й маленькага сабачку. (І прымаўка казала: маленькі сабачка да веку шчанючком.) Паехаў брат у Пуцілкавічы да Броўкавай пляменьніцы дый скардзіцца ёй на сваю долю:

— Яны мяне за парабка маюць. Я ж у іх скаціну гляджу…


І выцерся

Пайшлі мы з мамай у Купалаўскі тэатр на чарговы юбілей Кандрата Крапівы. Ад імя партыі як свайго вернага спадручнага юбіляра вітаў Машэраў. Па паперцы, падкрэсьлена цяжка й няправільна вымаўляючы беларускія словы. Потым па партыйна-савецкай традыцыі пацалаваў Крапіву. (У крапіве толькі любіцца кепска.) Я нічога ня заўважыў, а маме кінулася ў вочы: пацалаваў, выцягнуў насоўку й акуратна выцерся. Што й казаць, былы педагог, а цяпер бацька народа меў кшталт.


Дык і едзь!

Хлопец з вушацкай вёскі стаў мараком, да капітана дарос. Але жонка ўпрасіла яго перайсьці на ейнае прозьвішча ў памяць пра любімага бацьку. А то род зводзіцца. У іх дзяўчаткі гадуюцца. І зрабіўся хлопец з Балабоўкі (даўняе чыста вушацкае прозьвішча) Бальшаковым. Прыехаў да бацькі сын, але ня з бацькавым прозьвішчам. Бацька адрэагаваў адпаведна з моцнымі эпітатамі:

— Ня хочаш мяне за бацьку прызнаваць, ня хачу цябе прызнаваць за сына. Што я — паліцэйскім быў, ці ўкраў што, ці забіў каго? Стаў Бальшаковым, дык і едзь бальшаком!


Увесь у мыле

Яшчэ з паганскіх бадай што часін клёцкі з душамі ў вушацкіх і рытуальная страва на Дзяды й на хаўтурах і на памінках. Клёцкамі з душамі кормяць, калі мужчыны йдуць на цяжкую працу. І дарагіх гасьцей вяльмуюць клёцкамі з душамі.

На традыцыйнай сустрэчы партызанаў вушацкі рэстаран наварыў катлы клёцак. Усе — камбрыгі і некамбрыгі елі са смакам, як у нас кажуць, абялёдавалі прысмакі. Камбрыг Квіцарыдзе адмовіўся. (Лабанок неяк паказваў біяграфію камбрыга. Між іншых важных паваенных пасадаў Квіцарыдзе была й рычаговая пасада — дырэктар цэнтральнага рынку Тбілісі.) Пакрыўджаныя вушацкія, калі потым знаёмілі нейкіх гасьцей з мясьцінамі партызанскай славы, паказвалі лазьню, якую немцы акружылі, калі камбрыг Квіцарыдзе мыўся. Між іншым падкрэсьлівалі:

— Выскачыў голы, валасаты, увесь у мыле, ледзьве ўцёк…


Прыкідваецца…

Пайшлі ў лазьню суседзі. Зь імі й глухі. Пачалі мыцца, парыцца, хвастацца. Адзін жартаўнік вазьмі дый ліні на глухога кварту вару. Закрычаў, заекатаў няшчасны. А весялун яшчэ дабаўляе, нібыта ліе халадзёнку на гарачыя камяні:

— А прыкідваўся, што ня чуіць…


Пацягушачкі на парастушачкі

Пацягнуласядзяўчына, аж, як пісаў Пімен Панчанка, маладыя костачкі хруснулі. Маці расчулена:

— Расьцеш, дачушка.

— Брэшаш, мамулька, хачу…

Дачушка была настроена на канкрэтную лірыку.


Набытак

Любілі вушацкія прыпавесьць пра прасталытку й пра бяззаганку. Памерлі абедзьве. У нябеснае канторы адной выдалі даведку (у нас казалі дублікат) аб бязгрэшнасьці, аб прыстойнасьці. Другой нагрузілі мех, ня раўнуючы як бычыных хвастоў, мужчынскіх патарчакаў. І падаліся бяззаганка й прасталытка ў рай. А рай абнесены ровам, у якім палае агонь пякельны. Як ні торкала бяззаганка даведку — гарыць папера. А прасталытка зьвязала свае сувеніры накшталт каната (ёсьць жа вясёлая папеўка: «Як я была малада, тады была рэзва, да салдата па канату сама ў хату лезла») і перайшла цераз роў у рай. Прыдаўся матэрыяльны набытак.


Ванцак

Захварэла маладзіца на ванцак. Якія лекі ні давалі — рады ня маглі даць. Тут аднекуль вазьмі дый зьявіся здаравіла. Узяўся вылечыць. Толькі ўсіх з хаты выгнаў, каб ня пярэкаліся. А ўсім жа цікава, як жа лячыць будзе. Праз запятыя вокны ўсё-ткі згледзілі. Толькі й разважалі:

— Як паглядзець, дык дзярэць, а як знаіць, дык ванцак выганяіць…

Разважалі, пакуль лекуну моцы было.


Сьветач

— А ты што, за сьветача быў? — пыталіся ў таго, хто даводзіў бацькоўства банкарта. Быць сьветачам — значыць стаяць у нагах з лучынкай, калі дзяцей робяць. Напрыклад, вушацкія былі перакананыя, калі рабіць гэтую адказную працу на гарохавінах, малое будзе сукрыстае, ці, кажучы лірычна, амурыстае. Таму й цешыла вушацкіх кнігарня ў Полацку зь імем «Сьветач». Усьміхаліся старэйшыя, якія мову ведалі ня па казённых падручніках.


І мне

Кум запрасіў кума ў госьці. Частуе. Налівае. Але калі поўніць сваю чарку, гаспадар увесь час пералівае, прыгаворваючы разгублена: «Ух ты!» Глядзеў, глядзеў госьць дый папрасіў:

— Кумок, налі ты й мне хоць раз з ухты!..


Чычыліць

Носіць бусел сыноў-пагоднічкаў і носіць. А ў селяніна ня хапае рашучасьці, як у драўлянага дзядзькі, зразьбяранага славутым Апалінарам Пупкам, зашчаміць адной рукой буслову дзюбу пад паху, а другой, трымаючы сякеру, як адсекчы: «Досыць!» Вяртаецца з ворыва заезджаны, як і ягоны конь, гэты багатыр на дзяцей, а перадапошні сынок пра самага малога здалёку крычыць:

— Тата, тата, і Мікітка ўжо хлебец чычыліць…

Абрадаваў.


Як садзяць бульбу

Заўсягды паўтарала мама, як трэба садзіць бульбу — каб роўненька клалася ў разору. А то іншы садзіць так, як бык сцыць.

І яшчэ трэба, каб кожная бульбінка была адбаблена — адарваны расток (як пупок у нараджэнца).


Зарабіла крыж

Мужык ваяваў у вайне за цара. Жонка дома ня сумавала. Дзецюкі былі нявыводныя. Аднойчы чарговыя дзецюкі завялі маладуху на магільнік і, нацешыўшыся ўволю, вырашылі павесяліцца: прывязалі шчодрую на ласкі часовую ўдаву да крыжа. Дый зьніклі. І абначавала кахальніца на магільніку. Недзе пад раніцу ўсё-ткі вывернула крыж ды зь ім і вяртаецца дадому. А якраз мужык прыйшоў з вайны. Грукаецца жонка ў дзьверы. Убачыў служывы, пачаў дзівіцца:

— Я за ўсю вайну й медаля ня заслужыў, а ты, жонка мая верная, за ноч крыж атрымала…


Ці б я…

Любілі вушацкія показку пра старога кавалера, як ён усё ўмеў абгрунтаваць:

— Ці б я гальштук ня насіў? Надзену, а хто-небудзь цоп і панёс сабе.

Ці б я на рыбу ня схадзіў? Злаві, а пасьля ня ведай, што зь ёй рабіць. Калі яе ля ракі варыць, раскладзеш агонь, а лес загарыцца. А пакуль дамоў занясеш, згніе.

Ці б я на базар ня пайшоў ды ня купіў скароміны якой? Ды грошы ў руках ня будзеш несьці, выставіўшы, а ў кішэню пакладзеш, басякі падцікуюць — хоп, і ня зловіш. Так і ем поснае.

Ці б я ня жаніўся? Жанюся, а жонку возьмуць ды перахопяць.

Ці б я ня купіў парасё? Ды парасё нанач адно ня пакінеш — ваўкі сьцягнуць. А ў хаце зь ім ня спаць.

Так і жыву аб нічым, нішчымніцай даўлюся, неабмыты, неабшыты, непрыкаяны, непрыхаіны.


Пырскі

Вушацкі малец быў на заробках там, «где золото роют в горах». Вярнуўся з нейкімі шэлегамі, якія тут жа і пусьціў на вецер у «Вецярку». У кожным райцэнтры такія ўстановы былі абавязкова. Піў, ня прасыхаючы, мок у гарэлцы.

Вушацкія жанчыны казалі як бы спагадліва:

— Прыехаў з залатых пырскаў…

Пырскаў хапала напачатку ад шампанскага, а напрыканцы ад піва.


Хор

Так казала вушацкая цётка пра сьпевы:

— Пачынаюць, як камары, тады, як мухі, тады, як авадні, а тады як гікнуць!


За што?

Мама распавядала, як у трыццатыя гады прывялі ў суд старую. Ёй пад восемдзесят гадоў. Прыйшлі дзеці, унукі, праўнукі. Чытаюць прысуд — дзесяць гадоў. Уся радня ў сьлёзы. А старая нічога ня разумее:

— За што? Ці ж я крала? Я ж на сваім шнурку два снапкі на ніткі ўзяла.

Показка спачувае: за маё жыта і я ж біта. А тут бабка за свой лянок.


Адметны

У партработніка пасьля вайны галіфэ былі абшытыя скурай, праціраліся ад паседжаньняў. Усё яшчэ пад камісараў стараліся саўслужбакі. А вушацкія яго адразу ж празвалі — хромавая срака.


Добра

Маладзіца, у якой зноў завёўся прытыка (так вушацкія завуць прымакоў), радуецца:

— За пнём галава, за калодай ногі. Добра, калі ў хаці які шавель ёсь…


Проста хацеў

Званок у вушацкую міліцыю — у Сарочыне (вёрст з дзесяць ад мястэчка) аварыя! Міліцыя. Хуткая дапамога. Прылятаюць — нікога няма, нічога ня стрэслася. Выходзіць спакойны, пад добрай чаркай дзядзька:

— Ды нічога ня было, я проста хацеў заехаць у Вушачу…

Давезьлі. Заехаў дзядзька за колькі хвілін на пятнаццаць сутак.


Старцы пабіліся за сухарцы

Каб неяк скрасіць нуду дарогі й голад хоць на словах ашукаць, старцы разважаць пачалі. Адзін папросіць хлеба, другі малака. Той, хто будзе прасіць хлеба, задуменна й кажа:

— Укушу я хлеба ды хліб-хліб малака.

— Ах ты такі-растакі, я малако буду прасіць, а ты па два разы хлібаць?

І сварка ў бойку перайшла — счубіліся. І на паўшкі пайшлі. Як ня пазабівалі адзін аднога, яшчэ да вёскі ня дайшоўшы. І ні вячэры, ні цяцеры…


Сама

Маладзіца галосіць, запытваючыся, ці то ў мужа, які ляжыць на куце на паповых санях, ці то ў тых, хто прыйшоў разьвітацца з суседам:

— А хто ж мяне пабуджаць будзіць?

Адна ня вытрымала дый кажа:

— Сраць захочаш, сама ўскочыш.


Местачковы дыялог

— А што ў цябе зялёнае ў роце?

— А хіба знатка? Гэта ж я тваю зялёнку выпіла.

На пахмельле й зялёнка, як самагонка.


Драматургія побыту

Мая апошняя радня па бацькавай лініі, пратарэклівая цётка Марушка скардзіцца:

— У зялезным магазіне тапароў людскіх няма, толькі такія, як галовы па тэлевізару адсякаюць…

Выходзіць, цётка і алебарды бачыла.


Ён, паночак…

Прывяла маладзіца малога да доктара. У яго, кажа, з жыватом нешта. Доктар пачынае пытацца:

— Дык яго слабіць?

— Не.

— Яго крапіць?

— Не.

— Тады ён здаровы. Навошта да мяне прывяла?

— Дык ён, паночак, дрышчыць…


Свой адлік

Адна дзеўка йшла на Пятра дый прыгаворвала сваёй касматачцы:

— Знай, пятля, калі было Пятра, намуразалася, як вішань…

У кожнага свой адлік часу.


Рэшата

Пра дзяўчыну, слабую на перадок, канкрэтна пра ейную масёху казалі вушацкія:

— Гэта ўжо такое рэшата, што й пасеіна адна ня затрымаіцца.

Вобраз рэшата прыніжаны, затое выразна.


Як гэта?

Вушацкая студэнтка загуляла ў Менску. Просіць, каб маці пайшла ў бальніцу, узяла даведку, што яна дома прахварэла. Трэба вучобу на год «отсрочить». А маці ніяк ня можа ўзяць да толку:

— Як гэта адсрачываць? Ці табе, дачушка, далі мяшалкай па срацы?


Захацелі сьціснуць

Мама прыйшла з канцэрта й пра сучасную моду кажа:

— Паразьдзіралі ўсё, дык спадніцамі захацелі сьціснуць…

Выходзіць, што й з моды ёсьць выгоды.


Цяпер

Вушацкая жанчына заўважае:

— Цяпер дзевак замуж аддаюць цельных — тры месяцы пабудзіць і ацеліцца. Ня глядзяць, што цельная, бяруць. Раней бальшыной бралі няцельных, а цэлых.


Па клопату

Старыя цёткі кажуць сваім аднагодніцам:

— Ну што, сваіх курэй на курасадні пасадзілі ды ўспакоіліся?

Адгілела, ад'юрэла, адабрала.


Сама музыка

Мужык на худую жонку:

- Іскрыпка мая, балалайка мая.

Поўна хата музыкі.


Рамонт

У местачкоўца жонка высокая, а ён маленькі. Ды, напіўшыся, жонка б'е й б'е яго. Грокат, грукат стаіць. Выйшла гаспадыня з хаты пасьля чарговае бойкі, а суседка й пытаецца:

— Што ты, Полька, рамонт рабіла?

Неяк гэтая Полька п'яная разьбіла галаву. Абстрыглі нагала. Дык сябры пытаюцца ў ціхманага мужыка, цьвелячыся:

— Ці адрасьлі валасы, ці можна ўжо баньцікі завязаваць?


Баялася

Вушацкая была за армянінам замужам. Калі стрэслася бяда ў Арменіі, яна была ў маці ў Вушачы. Маці замужніцы казала пасьля:

— Баялася дачка, што мужык затросься й аліментаў ня будзіць.


Блінная прафесія

Лічылася з даўніны ў вушацкіх: шавец шыіць, а жонка з голаду выіць. Часта яшчэ канкрэтней удакладнялася:

Сядзіць мужык на паліцы,
Шыіць боты, рукавіцы.
Што пашыіць, то прапьець,
Прыдзіць дамоў — жонку бьець.

Пра каваля ўжо інакш прыгаворвалася: каваль куець, а жонка пяець.

Пра млынара таксама ня сумна казалася: млынар шапку абтрасець, а жонка бліноў напячэць.

Выходзіла, што самая хлебная, нават блінная прафесія ў млынара. Цьвялілася ж папеўка гарэзна:

Ой, млынар, ты млынар,
А я млынарыха.
Каб з табою мы, млынар,
Ня зробілі ліха.

Дзе кашуля бялейшая

Казала вушацкая маладзіца, як маці ейная паважала бацьку, стрэнчыла каля яго. Каб пад'еты быў, каб у карэліках ня хадзіў, заўсягды давала яму чысьцейшую надзетку якую. Калі касіў, ад усіх на лузе сьвяціўся. І маці сама, было, нясе есьці гаспадару свайму й малых пасылае. Дзеці й пытаюцца:

— А дзе ж мы бацьку нойдзім?

— Дзеткі, глядзіце, дзе кашуля бялейшая.

І прыгадваецца, як песьня пытаецца:

Сягоньня субота,
А заўтра нядзеля.
Чаму ў цябе, хлопча,
Кашуля нябела?

Калі ж

Жанчына прыйшла ў вушацкі клуб. Моладзь адпаведна з часам і модай танцуе павольны танец. Глядзела, глядзела жанчына, чакала, чакала дый ня выцерпела:

— Дык калі ж яны ўжо танцаваць пачнуць?


У вырай

Маладзейшы сусед запрашае старэйшага гадамі на рыбу (у нас кажуць дасюль: пайсьці на рыбу, у ягады, у грыбы). Старэйшы аднекваецца:

— Ня мае гады на рыбу хадзіць — у вырай зьбірацца пара!


Сон на руку

Раніцай жонка крыўдзіцца мужыку:

— Аж замарылася, пакуль з табой увосьні сварылася.

Мужык пытаецца:

— Чаму?

— Дык ты першы пачаў.

Галоўнае не ўступіць, хоць усрацца, а не падацца.


Барышы

Мама неяк тлумачыла мне, што барышное — гэта агуркі, цыбуля, рэпа й іншая гародніна. Ім барышуюць, пьюць барышы: гарэлку, віно ці якую юруху. І кажуць жа: бабы качэргі мянялі, а барышы пілі.


Кароткі дыялог

Каля бочкі зь півам.

— Ці добрае ваша піва?

— Пакуль што ні зь кім ня білася.

Ад жарту піва яшчэ п'янейшае робіцца.


Па-свойму чуе

Дзед Селівей любіць унука. Баіць яму казкі. Бярэ з сабой на Вечальле рыбу вудзіць, на чаўне возіць. А малы чуе па-свойму дзедава ймя й кліча: дзед Салавей. І дзедаваму вуху прыемна гэткае нядачуваньне ўнука.


Гасьціннасьць

Сват свацьцю частаваў ды прыгаворваў:

— Хлібай, хлібай, свацьця, а то ўсё роўна сучка зьесь…

І гасьцінна й ашчадна. Усё адначасна.


Шчасьлівая старасьць

Спаткаліся старыя прыяцелькі. Гукаюць спаміж сабой.

— Чаго цябе ня відаць?

— Печы пільнуюся.

— Ты хіба паміраць сабралася?

— Во! А каму я печ кіну. Цэлы дзень са старым сварымся — то я кажу яму, каб пасунуўся на пяколак, то ён мне. А ўсё ж нейкі рух.


На сваім

Папрасіўся чалавек пагрэцца ў хату. Як грэцца дык грэцца. Ужо й ноч надыходзіць. Цярплівыя гаспадары кажуць, каб начаваў, бо самім адпачываць хочацца, а госьць на сваім стаіць:

— Хоць да дня дабуду, а начаваць ня буду!

Важна захаваць прынцып.


Студэнтка

Ілонка адну зьмену была ў піянерскім лагеры недзе каля Кублічаў. Адбыла. Прыехала. Пытаемся:

— Якая ў вас піянерважатая была?

— Студэнтка, што ня паступіла ў інстытут.


Бяседа

Марушка нябыццам сур'ёзна казала:

— Лепей бяседы няма, чьм хаўтуры: ня трэба ні дары, ні грошы. Сеў, напіўся, пад'еў — хочаш, кажы дзякуй, хочаш — не. Бо, як памрэць чалавек, каб хто ў хаце памог, а як за стол — дзьверы ня счыняюцца.

Показка сумна жартуе: наеўся, як дурань на хаўтурах.


Што зварыць

Некалі мама мая пыталася ў Ілонкі:

— Што зварыць, што хутчэй, ці булён з клёцкамі?

Унучка адказала бабулі:

— Булён, бо ён даўжэй варыцца.

Абы ня есьці.


Ідылія

Прыйшлі жонкі адведаць сваіх мужыкоў партызанаў блізка да перадавой. Адзін выпіў, закусіў усім хатнім дый заснуў. Хропат аж сьцены гайдае, а жонка над ім сядзіць расчуленая. Спатканьне цёплае.

Другая жонка кажа свайму:

- Іванька, ты б дамоў прыехаў, курка б яечка зьнясла, ты б зьеў.

Лірыка крутая, як цяпер кажуць. Круцей за яйка, зваранае ўкрутую.


Дома

На вушацкім з дазволу сказаць базарчыку бабка прадае цыбулю, кроп. Прапануе нейкаму местачкоўцу са служылых. Той адмаўляецца:

— Шчаўя няма каму варыць, жонка ня дома.

— Ат, знойдзіцца. На адной сьвет клінам ня сышоўся.

Суседка па гандляваньню пытаецца:

— А ў цябе, бабка, дзед ёсь?

— Мой ужо трыццаць гадоў як дома.

Клопат жыцьця й філасофія быцьця — ўсё разам, упоплечкі, як гэтыя старыя.


Хвантазія

Фігурнае катаньне глядзяць па тэлевізару мама, суседкі, сусед Трахім, Арынін сын Васіль. Арына, маміна сяброўка, дрэмле, але праз сон дае нейкія каментары. Трахім дрэмле, а пасьля:

— Васька, тваю маць, дык гэта ж хвантазія! Ты ж так паспрабуй бяз канькоў зробіць. А то з канькамі й так.

У слове хвантазія — і хватаньне, і хвась, і захопленасьць. Дадушы, ня хвунт разынак.


Як музыка

Распавядае адна пра пьянага мужыка:

— Як даў у палічку, усе шкляначкі ў цурачкі, усе кубкі ў цуры.

Як музыка гучыць расповяд. А на справе гучала ня так ласкава. Слова ўсё можа й агрубіць, і абласкавіць.


Па-маці

У Вушачы местачкоўка даганяе нейкага дзядзьку й гукае ўголас:

— Васілевіч! Васілевіч!..

Той ідзе і ня чуе. Махнула рукой:

— Ат, стуібень!

Прыстоіла.

Зазвычай па-бацьку клічуць хоць маленькіх, ды «карчоў» (так у нас завуць начальнікаў) і яшчэ магазіншчыцаў, крамніцаў, у мястэчку асабліва.

Можа, каб адразу пачала клікаць па-маці, пачуў бы…


Наперасьцігі

Кума куме раіць:

— Кумка мая, пасядзім, пагаворым аб людцах, а людцы аб нас даўно гавораць.

Зразумелы клопат: ня адстаць, перагнаць, пайсьці, як вушацкія кажуць, наперасьцігі.


Ацаніла

Марушка слухае па радыё выступленьне дэпутата, заўважае:

— Во, язык, мусіць, на кавадлі адкавалі — цэлы вечар лапочаць.

Як таму ваўку з казкі пра казу й казьлянятак.


Прыбабунькі (дражнілкі, хуткамоўкі)


Гэтае ўшацкае слова, у якім гучыць і байка, і бабуля, і булькат каменьчыка, кінутага ў крутавір усьмешкі і прасьмішкі, аб'ядноўвае такія навуковыя паняцьці, як прыказкі, прымаўкі, каламбуры альбо досьціпы, са мною змалку хадзіла, бо прыбабунькі ў мамы маёй былі на кожным кроку, на першым прыскоку.

З матчынай хаты яны пайшлі са мной, каб грэць, бадзёрыць, надзеіць мяне ў халоднай дарозе жыцьця.


Пад'ялдычкі


На Андрэеве медзьвядзя забілі,
Прадалі, грошы ўзялі,
Шапку купілі.
Бай мерыў на нагу,
Пацубай на руку,
А насяру табе на галаву.

— Ну.
— Х… гну, дуга будзіць.
— Куды?
— У сраку па жалуды.
— Натрасу й табе прынясу.

— Пакажы.
— У казы пад хвастом паглядзі.

— Хлеба.
— Падскоч пад неба.

— Скарэй!
— Калі скарэў, дык памыйся.

— Крыж на крыжы.
— Калі знаеш, ні кажы.
— Клубок.
— Скульля табе ў бок!

— Што казе будзіць,
— Як год прыбудзіць?
— Другі пойдзіць.

— Хлеб соль!
— Ядзім ды свой.

— Добры вечар!
— Добра лечыў, ды памёр.
— Спакойнай ночы!

— Бачыць шпаковы вочы ды глядзець на палок, каб цябе чорт павалок.

— Па што, воўча?
— Па апошняе.

— Адкуль?
— З-пад кур, петухоў сын.

— Калі?
— Ня калі, а жывых пушчай!

— Гразь, гразь, чаму ты ня гарыш?
— Я б гарэла, каб ня была карэла.

І хвор Кузьма,
І нядуж Кузьма,
Прывяжыце Кузьме
Галаву к п. дзе!

— Ці ведаеш, як дзяўчына апяклася?
— Як?
— За гарачы х… узялася.

— Ці даць табе тры паясы?
— Якія паясы?
— Я насяру, а ты паясі.

— Чый бацька ўсраўся?
— Твой.
— А твой зьеў!

— Што на сьняданьне?
— Булён —
За х… і вон!

— Што на вячэру?
— Яглі —
Пацалаваліся й спаць ляглі!

— Што на палудзень?
— Сушмі.
— Якія сушні?
— П..да з вушмі.

— Позна ўжо.
— Гэта ж ня ў гроб лажыць, што позна.

— Дайце нажа.
— Усярыся, бяжа!
— Дай закурыць.
— Закуры кату пад хвост (адказваюць малому).

— Значыцца…
— Калі значыцца дык і целіцца.

— Як цябе завуць?
— Чым крупы дзяруць.
— Крупы дзяруць драчкай, цябе завуць срачкай!

— Навошта ўкраў цыначкі?
— Якія цыначкі?
— Што пад хвастом у сьвіначкі.

— Навошта ўкраў тапары?
— Якія тапары?
— Што любаўся бяз пары.

— Расказаць табе пра белых авец?
— Раскажы.
— Вось ім і канец.

— Расказаць табе пра белага лася?
— Раскажы.
— Вось і казка ўся.

Хуткамоўкі


Ядры, сьлівы, ядры, сьлівы, ядры, сьлівы.
Пі здароў! Пі здарова! Пі з даёнкі!
Авечачка, сьпі з дачкой.
Стог у яме, стог у яме, стог у яме.
Бяжыць баба, за ей банка.
Пад паветкай тры кані.
Няма сала — лупі збор!

— Чые дзеці?
— Янопавы!
— Хто Яноп?
— Я Яноп!

Пракоп
Пралез праз строп,
Праз крупы, праз муку й праз падкруп'е.

Загадкі


Хто як цёхкае, шчабеча, квакае, зьвініць, стогне


Цімох, Цімох,
Павёў дзяўчыну ў мох, у мох,
Паваліў, загаліў —
Торк, торк, торк, торк!

(Салавей.)


Пастух пражор на пасту йдзець — жарэць,
З пасты йдзець — жарэць.
Перапілі, пераелі, пералушчылі,
Перапілі, пераелі, пераласавалі…

(Ластаўка.)


— Курва, курва.
— Сама такава, сама такава.

(Жабы.)


Еў я пана, еў я цара,
Толькі рыбкі ня спытаў.
За рыбкай паганюся —
І сам утаплюся.

(Камар.)


Мікітка-сынок,
Падай тапарок
Адсеч пупок,
Паглядзець кішок.
Фук!

(Голуб.)


Перагнуў цераз мяжу,
А што зробіў,
Ня скажу.

(?)


У куточку на пруточку
Вісяць Мэндалевы яйцы.

(Клубок нітак.)


Цыганка ў хаце,
А сіські на дварэ.

(Бэлька.)


Ракам настаялася,
Сракай наківалася,
Камары наеліся,
Людзі наглядзеліся.

(Поліва.)


Машоначка бараньня
Даець і зьвечара і зраньня.

(Капшук.)


Авохці мне,
Пяць на мне,
Шосты строчыць
І той хочыць.

(Іскрыпка, пальцы, смык.)


Кладуць старца ў дамавіну,
Х… тырчыць напалавіну.

(Грыб у кошыку.)


Паміж двух дубоў
Вісіць цялёнак бяз зубоў.

(Тое, што й думаеш.)


Дзед бабу нагнуў,
Касмаціцу раздуў,
Салодкае выкусіў,
Горкае выплюнуў.

(Ляшчыніна, арэх.)


Ішлі лесам, сьпявалі басам,
Несьлі драўляны піражок зь мясам.

(Хаўтуры.)


Мужык карчы драў, драў,
Корч выдраў, кінуў,
А дзюрку панёс.

(Хадзіў за вугал.)


Сядзіць Савасьцей
Бяз скуры, бяз касьцей.

(Куча.)


Дзесяць братцаў цягнуць невад
На Пердунову гару.

(Пальцы, порткі.)


Словы матчыны з Вушаччыны (прымаўкі, прыказкі)


Ня хваліся сеўшы, а хваліся зьеўшы.

Той самы блін, ды ў рэшаці.

Ня выходзіць у Хадоры тры бліны.

Хваціў кашу шылам.

Лёг ня еўшы, ўстаў ня спаўшы.

Пайшла сучка баразной.

Цалое, малое, большае папалам.

Так ня так, ператакаваць ня будзем.

Беднаму Іваньку і ў п. дзе каменьні.

Як увойдуць злыдні на тры дні, дык і за сем год ня выганіш.

За тры гады боты, як перуном, спаліла.

Пашкадаваў воўк кабылу — пакінуў хвост ды грыву. Ці будзіць яна жыва?

Высьпеіць касьцянка — высьпіцца шляхцянка.

Карову б'ець зык, а бабу бабскі язык.

Новае сітца пакуль навісіцца, а як навісіцца, дык і пад лаўкай наляжыцца.

Якія мы самі, такія нашы й сані.

Пазайздросьціў х… лапцю.

Надаела сабачай лапе ляжаць на стале, дык хай пад сталом паляжыць.

Чаго б сьляпы плакаў, каб сьцежку бачыў?

Хоць сабачына, абы вочы ня бачылі.

Ня было мяса, і п. да ня закраса.

У дурной птушкі дурныя песьні.

Запытала зіма, дзе ты лета быў.

Ня быць казе на лазе, ня есьці ёй брэду.

Зарадзіў Бог чалавечка — ні баран, ні авечка.

З кім ня рос, таму ня дзьмі ў нос.

Ня купіў бацька шапкі — хай галава мерзьніць.

Вашапруд на кут, а добраму чалавечку добра і ў запечку.

За гарой табе Насярэйка кланяўся.

Красавіца, што з-пад стала кусаецца.

І тыя хвалілі, што цераз шлеі валілі.

І качачка казала: ты-ты-ты-ты…

Дзень добры таму, хто ў гэтым даму!

Бліны з падскокам.

Спара ў дзяжу, і сын на вясну!

Дай, Божа, сесьці на шчасьлівым месьці.

Хорша, Базыль, ня рассыпай табакі.

Хорша, тата, ня ўдавіся.

Каб шырэй ступаў, дык на чарку б папаў.

Сядзь, хай ня вісяць, адарвуцца — разаб'юцца.

Забірайце збрую і едзьце к х…

Калі ты курэц, дык і май свой тытунец.

Дурны, дурны, а скваркі любіць.

Яму гавары, а ён брык дагары.

Пазыкі ня ходзяць бяз'языкі.

Глядзеўшы з рук, зробішся, як крук.

Няспадзеўкі — дзіця ў дзеўкі — жох.

А я жох сваё з запазухі.

Няўлад мая сучка — за хвост ды на плечы.

Толку, як з кілы мазгоў.

Раньняя птушка цярэбіць дзюбку, а пазьная — вочкі.

І няўмека пячэць, як з засеку цячэць.

Ня лезь жаба, дзе коні куюць.

Хлібай, ня дбай, хоць жыдка, ды многа.

Хоць сучку, абы грошы кучку.

Людскі рот — ня гарод, ня паставіш плот.

На чужы раток ня накінеш нараток.

Ня будзь ні войтам, ні сватам, ня будзеш чалавекам праклятым.

Сам чорт адступіўся.

Разьеўся, як шыла.

З вялікіх выбораў — лапці ды абора.

Нагінаючыся, ня нацалуешся.

Абыходзімся мы бяз таго Гаўрылы, што каля нас ня жывець.

Фіц выйграў, фіц прайграў.

Дзесяць гадоў нявестка зжыла й ня ведала, што сучка бяз хваста.

Што ня гожа, тое няпрыгожа.

Матка ня знаіць, што цялятка рыкаіць.

Нечага козамі сена псуваць, яны й лыкі зьядуць.

На гора й сядун — дзіця.

На чужое шчасьце й мухай ня ўпасьці.

З гора кот капусту есь.

Ні з колам у горла.

Грозен рак, ды ў срацы вочы.

Плач, галасі — рады ня дасі.

Падняўся вышэй папараці.

Усюды гож, як шавецкі нож — і боты шыць, і бульбу крышыць (скабліць).

Худы, як склезень.

Сыты, як рыдзель (як брысік).

Мурзаты, як заткала.

Халодна, як у ваўкаўні.

Мокры, як мачонка.

Ссох, як майскі венік.

Сыт, хоць нажы вайстры на ім.

Дай Божа ў найме людзям, ды ня мне.

Хочаш мець злосьніка — пазыч грошы.

Аддай рукамі, а хадзі нагамі.

Даюць, ды з рук ня пускаюць.

Дзе няма роста, там няма й прыгоства.

Дабрахвочы глядзіць скупому ў вочы.

Садраць, як чорт за бацьку.

Лепей касіць касой, чым дугой.

Смакам, смакам, смакаўно, а ўсё ж лепей за гаўно.

Ва ўдавы два наравы, а ў удаўца бяз канца.

Зьбялеў, як ліпа.

Біся, сварыся, а на дабрыдзень слова кінь.

Чужога рабёнка хоць маслам масьлі, а ён дзёгцем усё роўна сьмярдзіць.

Каб табе даў Бог здароўя з жабіны прыгоршчыкі.

Чужое дабро возьміць (бярэць) за рабро (вылезіць праз рабро).

Кароўка — мамка, а сала — ямка.

У каго няма статку, у таго няма і ўпадку.

Цяжка толькі пачаць, а кінуць ураз.

На від мужык хоць лапаць, абы жыць — ня плакаць.

Каб госьці ня селі косьцю.

Галодны, як воўк жаробны.

Разгуляўся, як сабака ў торбе (у мяху).

Любіў бы Грасім, каб чорт грошы насіў.

Журавы паляцелі — палудзень панясьлі.

Малады — першую галаву на карку носіць.

Еш, пакуль ня запяеш.

Ня круці духамі.

Усім кагалам і бацька з жыгалам.

Якая жонка ды ня жонка, а ўсё ж лепі за парасёнка: хату адчыніць і зачыніць.

Хоць насяры ды ўтапіся.

Тры п…ы попелу ня варты.

А дзе ж тое дзелася, што ў штанах вярцелася?

Жыць будзеш, але ня захочаш.

Няма чаго маліцца, калі з запазухі валіцца.

Згаварыўшыся, і бацьку можна забіць.

Як зяць на парог, дык цешча за яйцы.

У яго ў роце мухі любуцца.

Тады мужык з жонкай сварыцца, калі ў катле трасца варыцца.

Кармі гаўном — заб'еш гальнём.

Гонкая дзеўка, хоць на ёй вішні абірай.

Даўгі, хоць сабак вешай.

Жывіце, як брацьці, а рахуйцеся, як жыдзьдзі.

Хлеб на стале — рукі свае.

Каб цябе порах узяў.

П'юць так, што сабакі морду ліжуць.

Пакуль па каню, па аглоблі скарэй.

Ня бачыўшы цэлага, і лапленаму рад.

Сіраце даварыцца ў жываце.

Дзяўчына, як жалуд.

Хай той плачаць, хто бярэць, хай той скачаць, хто ідзець.

У Бога дзён ня рэшата.

Каму рупіць, таму й вочы лупіць.

Дайце Саўку спраўку.

Мазгі ў ствол пайшлі.

Служы верна й крадзь памерна.

У яго даўгоў, як у зайца ламоў.

Ня слухаіць, хоць ты яму вуха выварачавай.

Дзьве бабы й Тумаш — поўны кірмаш.

Ня налечышся, а скалечышся.

Дзе дзіцё адно, там заўсягды ня ладно.

Адна жаўна й тая з гаўна (адно жаўно й тое з гаўно).

Пагода, аж трасецца.

На воўка памоўка, а мядзьведзь спадналуску.

Ждала, ждала й жданкі паела.

Каб усё было на піндурах.

Ня перадкуй, як сабака перад пастухом.

Корчыцца, як скурат на агні.

Нас ні вада ня размыіць, ні сьвіньня ня разрыіць.

Жывець шэртам, вэртам, перавэртам.

Ежа — толькі шалёнаму сабаку на хвост выліць.

Ядкі на зуб.

Перад сячэць, а зад валачэць.

Калі ж будзе тое лялё?

Далёка пьяны гойкаў.

Воз ня воз — на семярых падвёз, а мне й досіць.

Па Пахомку шапка, па гаўну й пакрышка.

У мяне кароткі завароткі.

Яму не калёсы занасіць.

Чалавеча, ці ёсьць у цябе галава на карку?

Пацалуй мяне сягоньня, а я цябе заўтра.

Сваё сонца і ў попеле відно.

Ня знайшоў шчасьця зраньня — ня шукай яго на зьмярканьні.

Кожная пачвара знойдзіць сабе пару.

Заяц ня трэплецца.

Заяц, і той злосьць маіць.

Кожнаму дразду па сваім гнязду.

Х.й начаваў, а другі прасіўся (нічога няма).

Ён табе ня шыш-варона й ня кукуй-заяц.

Стаяць ні на жары, ні на вары.

Завіло ў матылях.

Рабі, рабі, а дзюра мала.

Ня бачыў ты яшчэ савы смаленай.

Жыву, нічога ня маю, але й з вазоў ня хапаю.

Яму стала ні па каню, ні па аглоблях.

Ня хухры-мухры, а рух-рух.

Глядзі, зробіш кісла.

Засьмярдзіць пад сталом, запахніць на стале.

Багатым быць маю надзею: прадам сучку ў нядзелю.

Сава відна па палёце, а сакол па паглёдзе.

Даць уносьніцу (улычніцу).

Багаты на кані, а махляр на сьвіньні — і махляр перагоніць.

Застаўся толькі дух ды пятух.

Пішчыць, як сьвіньня ў пярэплаце (у друках).

Ня нашага носу палосу.

Лепі першы гнеў, чым апошні.

У гневаша (надуцькі) губы тоўсты, а срака тонка.

Заробіць стыдніцу.

Свая рука ня сука.

Устаў, яшчэ чорт у кулачыкі ня біў.

Былі б пабразгачы, будуць і паслухачы (паслугачы).

Хадзіць у панібрацці.

Гдзе тылькі фэст, там пан Юзаф ест.

Ні каровы, ні каня, жыву сабе, як паня.

Хоць альховы, ды смаляк.

Чым поршы, тым горшы.

Вось твой хамут, вось твая дуга й я табе болі ня слуга.

Такая праўда, што сучка дзёгаць зьела і ў ляпе бела.

Мяне на работу ня хвалілі, але й на ежу ня ганілі.

Загарэлася бяроста ў срацы.

Малы — з чорта пералетка.

Набойнае шыла танна каштуіць.

Ня падпускаць ані на храбт.

Таўстая, як кукамі зьбіта.

Лепі палавы хлеб, ды першы, чым другі пшонны.

На базары й бык цельны, і певень зь яйцом.

Ня быў ты на смычковым пераезьдзе.

Ня столькі брагі, колькі зьвягі.

Золата з гаўном змолата.

Язык бяз косьці, што захочаць, тое й хвосьціць.

Пакуль лес адзенецца, невядома, дзе хто дзенецца.

Лежань ляжыць, а яму доля бяжыць.

Па дастатку пякуць букатку.

Хоць наўздагон, ды навыперадкі.

Крычала, крычала: «Падай патарчала!»

І да мяса трэба закраса.

Дзярэцца, як жаба на крэў.

Мужык так гаруіць па жонцы, як баба па іголцы.

Ці мужык памёр, ці праньнік сплыў.

Будзіць горка — праплююць, а салодка — праглынуць.

Краса пракрасіцца, а розум прыгадзіцца.

Саламяны мужык і залатыя дзеткі, а ня прамяняеш.

Вон! Каб і вонках ня было.

Дурны, аж круціцца.

Па малаку ног ня павалаку.

Калі сяродка поўная, тады й канцы йграюць.

Зьбіраецца, як сьвёкар полкі (пялёнкі) паласкаць.

Баба, як ракіта, прыжывушчая.

І сьвяты б паскакаў, каб гарэлкі паспытаў.

Асіна ня лясіна, каза ня скаціна.

Ад чаго яму стала, ад круп ці ад сала?

Ня хочаш расказваць — нясі ў кішані.

Усё ж ня з-за вугла, а з-за стала.

Бог ня слухаіць, што сьвіньня рухаіць.

Зайшоў за Дунай і дамоў ня бувай.

Каб ня еў, ня спаў, у Амерыцы б стаў.

Будуць бліны каля Дзьвіны.

Гаршчок гаршку ганьбу даець, а абодва дзюравыя.

Чмут-беламут, у чортавы лапці абут.

Бягом, горб ушчаміўшы.

Як з піпкі выгарыць.

Прыйшоў з сяла, гоніць з двара.

Што ўбіў, тое і ўехаў.

Кожны сабе мякашом, а другому коркай.

Ніводная гаспадыня пад пяколам ня здохла — усе жывуць.

На балючыя вочы пароша валіцца.

Калі гаспадыня з голаду памрэць, дык яе пад прыпечкам пахаваюць.

Ня хаці ты ракаў і ня мачы ты сраку.

Памог, як кашаль кольцы.

Густая каша дзяцей ня разганяіць.

Дабранач — усе блохі нанач.

Дасьць Бог дзень, дасьць і пажытак.

Ешце, хоць кішкі на плечы.

Пень гарэў, а воўк сраку грэў, іскра пала й радня стала.

Хто дуж, той лепш.

Абы з рук далоў, а з ног само зваліцца.

Няхай жывець, красуецца, пакуль на х… ня ўссунецца.

Памагло, ня памагло, а ад сэрца адлягло.

Гадзіць, як благой скуле.

Аж гадзіць, як сьляпы па п. дзе гладзіць.

Цяпер праўду ваўкі зьелі.

Яшчэ й марац пад нос зашмарыць.

Вялік пень, ды дуплен.

Ёсь што казаць, няма каму слухаць.

Цяжка пачаць, а кінуць лёгка.

Глядзі, каб цябе сарокі ня ўкралі, падумаюць, што сыр, — гэтак вымыўся.

Дванаццаць з поўначы прабіла, прывёз на базар Зуська мыла й пачаў таргаваць.

Кожнае дыханьне любіць папіханьне.

Ня да любеблі, калі рукі пакрэплі.

З Богам, Хадорка, калі людцы здараюцца.

Да Зьмітры дзеўкі хітры, а пасьля Зьмітры, хоць сраку вытры.

У вас папелі, а ў нас паелі.

Цялятка ў срачцы, а ён з абушком бегаіць.

Адарваў гнілому цяляці хвост.

Зроб бела й гуляй сьмела.

Шлёп гаўно ў кашу, у панскую, ды ня ў нашу!

Сабака ня зьесь, пакуль ня пакачаіць.

Прайсьці туркі-баркі.

Горка рэдзька, ды ядуць, дрэнна замужам, ды йдуць.

Валуй раменныя вушы.

Прыдзіць каза да ваза, ды ня будзіць сена.

І духу-паху ня чуваць.

Мая душка ня перабірушка.

Гэта табе ня ў яйцы пішчыць.

Хоць за вала, абы дома ня была.

Сава сьпіць, а кур чуіць.

Трэба жыць і мучыцца, пакуль сьмерць налучыцца.

У багатага пана багатыя яйцы.

Напіўся да зялёных мятлікаў.

У яе маланьня з-пад хваста сьвішчыць.

Кій на кій завадзіць, а абед на абед — не.

З лясочку дачакаеш, а з пясочку — не.

Нечага таму богу кланяцца, каторы на нас ня глядзіць.

Еш, пакуль рот сьвеж, а як завяніць, ня загляніць (а як памрэш, і калом ня ўвапрэш).

Белае, як сьвіное цела.

Шанасьць такая, як воўк кабылу шанаваў.

Золата ўсюдых золата, а гаўно ўсюдых гаўно.

Пьець, як у бот ліець.

У мяне хоць куніца, ды ў рот, а ў цябе сініца, ды ў год.

Залапіць вочы (даць хабар).

Краса завяніць, а шчасьце ня абманіць.

Вясельле наша — хлеб і каша.

Думай за мара, а сьмерць за плячмі.

Злодзя пройдзіць, хата астанецца, а агонь нічога ня пакініць.

Голад — ня цётка, ён ілжэць і крадзіць.

Цярпі, Грышка, спасён будзіш, а ня выцерпіш, чартом будзіш.

Зьеш х… а рыба дорага.

Ня будзь выдатнікам, ня будзь астатнікам.

Хто чаго хочаць, той таго даскочыць.

Хто чужое ня шануіць, той свайго ня маіць.

Жонка — радня за парог.

Такі добры, толькі на небе зьвёзды зьбіраць.

У іх вада няразьлітая (пра сяброўства).

Варона на многа сукоў садзіцца, ні на водным ня жывець.

Бог ня бяз ног.

Добра вам жыць! (Кажуць на разьвітаньне.)

Пайшоў бы ў мніхі, дык яйцы ліхі.

Харош, як сьвіньня ў дождж.

Так стараўся, аж язык замакрэў.

Адбяры, Божа, стыд, буду пьян і сыт.

Бог, як у пень, душу ўторкнуў.

Свая хатка, як родная матка.

Дзе конь качаіцца, там поўсьць астаніцца.

Нос, як кічаўка (кісялёўка).

Вушацкія бляхары паехалі ў Вушачу кусацца.

Дзе трушком, дзе бяжком, а дзе й шагам.

У сваёй хаці і качарга маці.

Розум па запатылку (патыліцы) цячэць.

З аднаго боку пячэць, а з другога душу валачэць (ля вогнішча).

Падупалага ня лічы за прапалага.

Прапаў, як муха ў сыраватцы.

К чорту ў зубы залезіць.

Ну, як дуж-крэпак?

Ні скубсьці, ні смаліць.

Купцы на расторгі.

Знойдуцца на рукі мукі.

Ні стуль, ні ссюль.

Крычы, хоць разарвіся.

Найшоў дзеўку па свайму калену.

Твой січас, як жыдоўскі зараз.

Яму мазгі выпетрыла.

Салому еш, а фасону ня губляй.

Забі мяне лапцем (калі ня так).

Абцёр троху пархі, дык і капызіцца.

Сяньнік ня падушка, нявестка ня дачушка.

Хай у вас будзе ня сьпіта, ня зьета!

На ласы кусочак знойдзіцца куточак.

Плача, як па ўмірушчаму.

Мужыку калена пакажы, толькі праўды ня кажы.

Шыла, шыла і гаўном завяршыла.

Ня бойся сабакі брахлівага, а бойся кусьлівага.

Падторкнуўся, як чорт з каўшом пад брагу.

Лгаць, як у лёд.

Добрая цацотка (цаца).

Як у мядзьвежжу вушку (утульна).

Каб ты так з носам быў, як гэта праўда.

Як сабака падхартаны.

Як на шпігах сядзець.

Сесьці макам (саладом).

Цыбуля, як тынок.

Гаворыш, як сьпіш.

Ні ў пір, ні ў вір, ні ў добрыя людзі (зь некім).

Гавары, кум, ды абедай.

За другім бачыць пажашкі, а за сабой і бярвеньні ня бачыць.

Цёмна, хоць ражна выставі.

Як на мокрую п…у блохі.

Свой лес — свае зайцы.

Муха ня разарвець бруха.

Торкаў, торкаў, то ў буракі, то ў моркву.

Як хочаш, вышэй сракі ня падскочыш, ты скачаш і яна з табой.

Ляжыць ужо на боскай пасьцелі.

З малачком і зямельку абгоніш (мама дадавала: як абгоніцца ў роце, дык і праглынецца).

За слабо і цыган павесіўся.

І Аўгіньня нявінна, і Ігнат ня вінават, а вінавата хата, што пусьціла Ігната.

Заробіў бочку мякіны.

Хто дарогу пытаіць, той ня блукаіць.

З усіх капылоў далоў.

Як бязрукаму рукавіцы.

Круціцца, як жулік на кірмашы.

Гакі-бакі забіць (сьпірацца).

Духі падхартала (ад голаду).

Тое-сёе ды нічога.

Ходзіць, як няпрыкараны.

Цыганскі пот грэіць.

Добры чалавек пабаіцца ківа, а благі ня пабаіцца і кія, калі ня паможаць кіў, ня паможаць і кій.

Куды вароне ні ляцець, усё адно гаўно дзяўбаць.

Хто ня йдзець, той галіцца, а хто зойдзець, той каіцца (замужжа).

Як была ў мяне кабылка мышастая, па вярсьце ў час шастала.

Такім кавалкам мяса і варона ня падавіцца.

Заробіў курам на соль.

Лыжка гнецца, нос сьмяецца, душа радаваецца.

Нясецца, як чорт з грэшнай душой.

Мужчына абы троху лепшы за чорта, сем красуняў возьміць.

Які груган, такая й песьня.

Чорная авечка й белая авечка, а дух адзін.

Чужыя сьлёзы паб'юць бел-камень, паб'юць і лозы.

Даў пылі, як заяц кабылі.

Бяз прычыны й сьмерць ня бываіць.

Да работанькі анінютанькі, а да любатанькі — ах мае матанькі.

Яна ўся зь хітрасьці сшыта.

Ні да цябе пьюць, ні да цябе здароў кажуць.

Дзе харчы, там і тарчы.

За хатуль ды адтуль.

Дзе любяць — ня ўчашчай, а дзе ня любяць, нагі ня накладай.

Памяць яму заарала.

Старцу пажар ня страшан.

Жыві, пакуль галава сядзіць.

Зялён, што рута, і кісел, што атрута.

Вырабатаны, як конь.

Хто зь языком, той зь пірагом.

Каб захацеў, знайшоў бы рукі.

Добра, што табе ўдалося, як Салосі.

Калі люлька адарвецца, і гаспадарка зьвядзецца.

Яна баба нягідкая, як конь.

Цыган прадаець рукавіцы й кажух з Каляд.

Ногі таўстыя, па жыдзянёнку.

Ня стаў сябе ніжэй падашвы.

Зайца забіў метраў дваццаць.

Шалёная дачка й нядапечаны сын.

Дзе рот, там і смурод.

Кладуся спаць, як уміраць.

Багаславёна й на стол пастаўлёна.

Браўшы добрае, трэба аддаць добрае.

Кілбас цэлы баз.

Пайшла слава да Аршавы.

Перад зайцам жабы ўцякаюць.

Як Сора сказала, так Мэндаль запішаць.

Адзін дзень з юшкай, а другі з калатушкай.

Як е, так і вуе.

Дажыліся кулікі: ані солі, ні мукі.

У вар'ята штодзень сьвята.

А хай вас дажджом намочыць!

Злосьць пакінь на заўтра, а работу зроб сягоньня.

Каб ня плеш, дык і гола б ня было.

Прышануй адзежынку дома, а яна цябе ў людзях.

Бяжыць руя, пабягу й я.

Усе дабры бабры.

Што ты, як вуда, убакі ходзіш?

Як трахну, аж чэрці пасыплюцца.

Сабаку сьніцца хлеб.

І ў вераб'я сэрца ёсь.

Жывець на гулявым хлебе.

Багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца.

Глядзіць, як карова на карову.

Каб ты сьцежку мацаў!

Бог сірот жалеіць, толькі шчасьця ня даець.

Датуль матка міла, пакуль срачку мыла.

Хачу дамоў, як вады напіцца.

Лапаць ня князь — абуў ды ў гразь.

Пенсія малая — пальцам вымакаіш.

Ня дай Бог ні дадзенага, ні крадзенага.

З кута ў кут — і вечар тут.

Досыць зубы шчэрыць, будзем вячэраць.

Неяк зладзім — хлеб ёсь, сала ўкрадзім.

Благому Яську ні ў чэсь, ні ў ласку.

Дзівак рыбак: на вадзе сядзіць і піць просіць.

Два медзьвядзі ў вадным логавішчы ня тоўпяцца.

Пахадлівы, як пахадзень (венік-пахадзень), як пожаг.

Дома кожны куст гаворыць.

Прыйшоў у маю хату й б'ець майго тату.

Купіў бы сяло, ды грошы гало.

Ня па барадзе, а па чарадзе сьмерць ходзіць.

Было папікішча на цэлы век.

Як столь зубамі ня грызла (ад злосьці).

На Купалу суніцы, а на Пятра чарніцы.

Ёй жа будзіць столькі хварсы.

Круціць яго, як вяроўкі.

Ёй сягоньня ня па гумар (гумор) бегчы.

Якая вада ні гразная, чысьцей за нас, яна нас абмыіць, а мы яе не.

Нячым бабыля ў хату пусьціць, лепі барану на куце паставіць, на барану хуць атнімку (анучыну) павешаіш.

Хоць позна, ды навозна.

У яго ўжо даўно ў сраку піць пайшоў (пра нямоглага старога).

Так бы й сказаў, што сраць хочаш.

І розум бы мела, каб яе спасьціла са сьвету.

Заробіла, як Хоўра на воўне.

Усмак ня перажвеш, а ў ласцы ня перажывеш.

Палопаліся ад сьмеху.

Ён майго гаўна ня варты.

Мужык падшлёпнаваты, няўзглядны, але дужа слушны (які слухаецца).

Як пьюць, ядуць, тады ўсе добрыя.

Хацеў зробіць аграблі, а выйшла вешалка.

Былі б смачныя грыбкі, дык елі б ваўкі, а то, гады, мяса ядзяць.

Як за сьцену (адняло, перастаў).

Няўжо на дзяўчат звод зьвёўся?

Лепі ўвідзіць злодзю ў клеці, чым на Грамніцы сонца (на няўрод).

Пацягнула, як ката на варацакі.

Чужога на локаць ня дасталося.

Як вядзецца, дык і на шчэпку прадзецца.

Ляжаць ня ляжыць і бягом ня бяжыць.

Гаўно аб гаўно й пырскі розна.

Ні сьледу, ні знаку — пабег, як у сраку.

Сок ёсь, хлеба нетуці, хлеб ёсь, соку нетуці (вясна й восень).

Сена такое добрае, што абасцаўшы й поп будзіць есьці.

Такая сьлізгота — і галавы ня зьбярэш.

Дома й салома ядома, а ў гасьцях і сена ня есца.

Благога жарабка дык і на пярэплаце шкура гагочаць.

Клясьці мёртвымі клятамі.

Вочы выгаліць і глядзіць.

Тарчыць, як патарчака.

Ня сьмейся, рабе, будзе й табе!

Ёй хоць прысаку на пяты насып, усё роўна будзе крычаць: люблю.

Каму тое, каму сёе, а мне юр наўме.

І лапы сашчэміць (памрэ).

Трэба ж, каб чорт машонку шыў, а яна лопнула.

Абы на раду бацька быў, а там нічога.

Па ім верхам едуць, як на пастуху.

Каб ламіўся стол ад ежы, ложак ад люботы.

Носіцца, як па трэцьцяму (жарабя па трэцьцяму году добрае ўжо).

Мыць языком.

Сморкаў і за пояс торкаў.

Што яна яму — насрала, ці мяжу перадрала?

І рукамі, і нагамі, і ўсякімі спасабамі.

Век зжыла й ня засьмяялася.

Чым якая сварка, лепі маленькі баёк.

Які бацька, такі й сын — праматаліся саўсім.

Багата з хвасьлівым ня разьбярэш.

Ня затое зьбяднелі, што ў нас пілі й елі.

Ня зь мясам, дык хлеб з квасам.

Насяру табе, гнілых ігруш пад'еўшы.

Нічога ў хаці няма — як перуном высмалена.

Сякі-такі мужчына, за ім дровы й лучына.

Чужым салам па чужой сьпіне.

Хай бы ён ужо пнём радзіўся, хоць бы сьвіньня зад пачасала.

Доля мая ялаватая — аддалі ў сяло х. ватае.

З носу па грошу, а ў каго большы — з тога два.

Цапом-лапом (рабіць што-небудзь).

Зьвёўся на самоў хвост (выхудаў).

Што зімой ножкай коп, тое летам ручкай хоп.

Піць (пітва) — хоць галаву мый.

Нагаварыліся, паталкавалі, а нічога ня выталкавалі.

Яна здаровая, як ласіца, белая морда — прыгожая баба.

Абыйдзецца пляшывы бяз грабянька.

Цыгана ад душы адагнаў (перакусіў).

Што робіцца з нашай жаробіцы?

Яна тваё гаўно глядзіць (даглядае малое).

Вялікая лыжка дзяцей ня разганяіць, а малая разганяіць.

Людзі ня сьвіньні — усё зьядуць.

Бабе праўду ня кажы, пану верна ня служы. Служы пану верна, а пан табе пердне.

Такое ўзяньне хай на сухі лес.

Цябе таўкачом у ступе ня спаймаеш — жых ды жых.

Пілі, пакуль іх у штабялі ня склалі.

Каб ты бачыў так сракай сонца.

Кату па пяту, сабаку па сраку, сьвіньні па калена.

Грудзі, як у петуха калені.

Вада й мельніцу ірвець.

Ядуць госьці, ядуць, як мяцёлачкай мятуць: на стале ні костачкі, пад сталом ні крошачкі.

Зьеш акрайчык, каб быў сын Мікалайчык.

Душа ў сраку скачаць ад смаку.

Красен-чырван, як са сракі вырван.

Аддась ёй чужыя сьлёзы Бог.

Гардых Бог зь неба скідаваіць.

Яна будзіць яго, як чорта на вілах насіць.

Сыйшло на быка жыцьцё.

Улажу ей розум у галаву.

Ня руш нічога й ня бойся нікога.

Ня кармі хлебам, а дай хвост падняць.

Кармі мукой, дык і пойдзіць рукой, будзіш карміць гаўном — забьеш гальнём.

Штаны парваныя — усё начыньне баўталася.

У нядбаліцы колас ад коласа за вярсту, а ў руплівага — сноп на снапу.

Уторкнецца, як сраць у крапіву.

На коніку ляжыць (значыць, памёр.

Конік — лава пад кут, ад столу да парогу).

У нітку выцягнуся, а зраблю.

Як лахаўка бегаіць.

Тулінька, тулінька. Стой, воўча мяса!

Сала любіць, а на сьвіньню ня ўзагнаць.

Днём лета ня позна.

На вілачках цераз парог.

У дурной птушкі дурныя песьні.

Як вокам паглядзець (жыта).

Таўстамясіца такая (у процівагу — сухабзьдзеліна).

Сабака, і той лішняга ня есь.

Кот столькі рыбы зьесь, колькі сам заважыць.

Ходзіць, як рында.

На чыім вазку еду, таму й песьню йграю.

Што праўда, то ня грэх, што торба, то ня мех.

Куды па што, куды па нішто.

Дамэнта багаты — два катлы калатухі на загнеце варыцца.

Хата стаіць, як сарока бяз хваста: бяз хлявоў, бязь сяней.

Ня слухай смаку — пхай, як у сраку.

Стаіць, як х… на вясельлі.

Улась, як мазь, як падмажаш, так і паедзіш.

Капіздуліньку выпіў.

Ніхуютанькі ня будзіць.

Хай па ім вошы ходзяць, каб я пайшла к яму на хаўтуры.

Як устаніць, дык і да неба дастаніць.

Ешце, госьці, капусту. Капуста тлуста: сем п. зд варылася, восьмая ўвалілася, а дзевятая самаволь ходзіць.

Гаўно гору ня помач.

Трасецца, як жыд над гаўном.

З голай сракай каля голага х… ня жартуй.

Маўчыць, як срака.

Ён мне так патрэбен, як у срацы валасы.

Галава хоць авечча, абы п. да чалавечча.

Есьці ня сраць, можна падаждаць.

Ня страш бабу х. ем, яна яго бачыла.

Як забачыш, дык заплачаш.

Вочы заспаныя, як у зайца.

Гаворыш, як воўну на плот вешаеш.

Ілжэць, аж ськіпаіцца.

Ты яшчэ малады, а як пастарэеш, і вароне нос дасі.

Галава вялікая, толькі блох разводзіць.

Дурны, дурны, а скваркі любіць.

Да абуха напіўся.

Так дам, што аж чэрці засьмяюцца.

Голы, як бубен.

Вочачкі па яблыку, зрэначкі па йгрушынцы.

Набраўся, як Гапон сьліў.

Піце, жылы, пакуль жывы, пойдзеце да гробу, выпьеце хваробу.

Прайшоў усе трубы й воўчыя зубы.

Пуза на лоб лезіць.

Чарка малая, як рыб'я вочка.

Хто ня быў пастухом, той і гаспадаром ня будзіць.

Бяз прычыны й сьмерць ня бываіць.

Пусьціўся, Мікіта, у валакіту й валачыся, пакуль канцы прыдуць.

Халодны татка, халодная матка (вотчым, мачыха).

Няма чаго на дзевак дзіваваць, калі пайшлі старыя бабы блядаваць.

Гэткіх цацаў многа ў срацы.

Будзь здарова, як карова, і багата, як зямля, і пладліва, як сьвіньня.

Гэтак курыць, як п. да сена есь.

Яно ж ня з лапцем варылася. Калі лапаць укінуць, і то смачней.

Ён, як цыган, як надзеніць надзетку якую, пакуль ня зваліцца, носіць.

Ззаду навыскачку.

Я такую ласку і ў жыда знайду.

У яго ў галаве ўжо зробіліся лялькі такія дурныя.

Дзе рот, там і смурод.

Хто яго абманець, той на тачылі мора пераплывець.

Цяпер усе хітрыя — пайшлі ў гандлёўшчыкі, дурных няма.

Каб табе моль пяты пабіла!

Ня ўздыхай: няма й няхай.

Рыба куплена, воз накрыт!

Валі на бурага — буры ўсё зьвязець!

Дзе паверніцца, там і ўпердніцца.

Чудно бабскае судно: уніз дзюркай, а ня цячэць.

Ніводзін бык карову ня забоў, ніводзін мужык жонку ня забіў.

Кароста ня проста — панская хвароба.

Ад каросты ня ўміраюць, толькі рукі ня гуляюць.

К нашаму берагу плывуць то х.і, то трэскі.

З мора на караблях, а зь п…ы на лыжах.

Раськінь ножкі, як баран рожкі!

Злосьці поўны косьці, а сілы з катовы кілы.

Мы паедзім, мы пайдзём, надаелі мы людзём.


Я сваю Марынку хоць пасярод рынку! (папеўкі)


Вушацкія песьні, папеўкі, як і ўся народная паэзія наогул, ужываюць скаромныя словы й вобразы. У вуснах народнай песьні, абрадавай ці побытавай, любое слова гучыць цнатліва, бо гэта йдзе яшчэ ад паганства, якое ня карысталася фігавым лістком. Насельнікі халаднаватай часьціны планеты грэлі свой юр, ятрылі сябе словам моцным, як пяршак. Каб род ня зьвёўся.


* * *

Цераз кладачку, цераз зыбкую
Мужык жоначку вядзець.
— Ой ты, кладачка, ой ты, зыбкая,
Ты ня гніся пада мной,
Ой ты, жоначка, мая любая,
Ня сварыся ты са мной.
Выпі чарачку-пазлачаначку,
Ой ня будзь жа пьяненька,
Радзі сем сыноў і дачушачку,
Ой ня будзь жа старанька.
— Ой мой любенькі, ой мой міленькі,
Ўсё ж няпраўдачка твая.
Выпью чарачку-пазлачаначку,
Мушу быць я пьяненька,
Раджу сем сыноў і дачушачку,
Мушу быць я старанька.

* * *

— Што Іван робіць?
— Кароў пасець.
Далівуйда.
— Нашто яму каровы?
— Малако есьці.
Далівуйда.
— Нашто яму малако?
— Рабят карміць.
Далівуйда.
— Нашто яму рабяты?
— На вайну йсьці.
Далівуйда.
— А дзе ж тая вайна?
— Пасярод гаўна.
Далівуйда.
Дзеўкі расьсяканкі
на вайну ня йдуць.

* * *

Ай, дайце мне, дайце
Сем чарак гарэлкі.
Ай, адну мне дайце,
Каб я пасядзела,
А другую дайце,
Каб я пасьмялела,
А трэцьцюю дайце,
Каб я пагуляла,
Чацьвёртую дайце,
Каб я папяяла,
А пятую дайце,
Збрую сабірайце,
А шостую дайце,
Коні запрагайце,
А сёмую дайце,
Дамоў адпраўляйце!

* * *

А чый галуб ляціць на дуб,
А мой на бярозі.
Чые мужы пьюць, гуляюць,
А мой у дарозі.
А калі ж ён у дарозі,
Пашчась яго, Божа.
А калі ж ён у карчомцы,
Забі яго, Божа.
А калі ж ён у дарозі,
Пашчась пірагамі,
А калі ж ён у карчомцы,
Забі перунамі!

* * *

А дзед бабу разуваў,
Пад ножачку паглядаў:
— Ой, бабулька, што за зьвер,
Я ж баюся, каб ня зьеў.
— Ці ты ў лесе ня бываў,
Чорных зьвяроў ня відаў?
Ты, дзядулька, ня рабей,
Гэта птушка — салавей.
Ён і сьвішчаць і пяець,
І спакою ня даець.

* * *

Дзякуй тому х'юшку,
х'юшку, х'юшку,
Што зрабіў нам пірушку,
пірушку, пірушку.
І ў ручачкі ня хукаў,
ня хукаў, ня хукаў,
Малаточкам ня грукаў,
ня грукаў, ня грукаў.

* * *

Кум ня пьець,
Кум ня пьець, кум ня пьець,
Кума ня хочаць.
А ў кумы пад пупам
Блыха шчакочаць.
— Ты, кумок, галубок,
Ня будзь у граху,
Паганяй у кумы
Пад пупам блыху!

* * *

І стар, і нядуж,
І крывы на нагу,
Як убачу маладую,
Ашалеўшы бягу.

* * *

Пайшла маці ў Даўгінава,
Дачку дома пакінула.
Пакуль маці вярнулася,
Дачка дома сапсулася.
Па суседству жыў Мікіта.
У Мікіты хата крыта
І чаротам, і кулямі,
Пасярэдзіне — х. мі.

* * *

А на дварэ шум-гум.
— А хто едзіць?
— Кум, кум.
— А што вязець?
— Акуні.
— А для каго?
— Для кумы.

* * *

Ажаніўся мяшок,
Узяў торбачку,
Туды-сюды павярнуў —
Цмок у мордачку.

* * *

Ажаніўся гаўнакоп,
Узяў жонку каку,
Палажыўшы на лавачку,
Цалуіць у сраку.

* * *

Ці ня Бог табе даў,
Мая Настачка,
Усю ночку макаў,
Як у маслачка.

* * *

А ў чыстым полі пад ябурамі
Часалі дзеўкі х… тапарамі.
Яны часалі дый прымяралі,
Каб гэта, ціці, ня ўкараціці!

* * *

Я сягоньня рана ўстала,
Да суседа я паджгала:
— Ці ты відзіў, ці ты бачыў,
Хто мне перад рассабачыў?
— А я відзіў, а я бачыў,
А я перад рассабачыў.

* * *

А мне ўзнаць хочацца,
Як дзеўка мочыцца.
Кругом дзеўкі абышоў,
Нідзе дзюркі ня нашоў.

* * *

Яшчэ сонца ня ўсхадзіла,
Курва курвачку радзіла,
А як стала залачаць,
Стала курвачка крычаць,
А як стала ўсхадзіць,
Стала курвачка хадзіць.

* * *

Як на пасту ганяла,
П..ду дома кідала,
На паліцы пад гаршком
Націскала камяшком.

* * *

Сядзіць баба над ракой,
Работы ня маіць,
Траву рвець, п. ду трэць,
А ўсё ж ня гуляіць.

* * *

А старой сто гадоў,
А старому дзьвесьце.
Стары лесьвіцу майструіць
На старую ўзьлезьці.

* * *

Цераз рэчку йшла,
На кладачку села:
— Пі, п. дзічка, пі вадзічку,
Ты кілбаску зьела.

* * *

Загадала сястра брату:
— Пагалі, брат,
Яйцы к сьвяту!

* * *

Як заручалі, тады казалі,
Што ў свата кароў многа.
Як пайшла даіць,
Адзін бык стаіць,
І той ня доіцца.
Вазьму я быську
Ды за пумпыську:
А дай, быська, малака!

* * *

Салавей, салавей,
Што на сьвеце саладзей,
Ці гарэлка, ці мядок,
А ці ў дзеўкі перадок?

* * *

Стары, стары, лезь на печ, —
Стары расстагнаўся,
Стары, стары, лезь на бабу, —
Стары расьсьмяяўся.

* * *

Маладая маладуха
Саладзіла саладуху
І макала руку
То ў сраку, то ў муку.

* * *

Выйшла барыня плясаць,
Салодкія пальцы,
Ў адну руку ўзяла х…
А ў другую яйцы.

* * *

Сядзіць барыня пад плотам,
Вышываіць п. ду дротам,
Едзіць барын і хахочаць,
А ў п. дзе дрот лапочаць.

* * *

А бандалы, бандалы,
Падымаюць падалы,
А маленькі бандалок
Падымаіць падалок.

* * *

А сініца вераб'я
Устоічку залюбла.

* * *

Гірша з Моўшам добра жыў,
Гірша кроіў, Моўша шыў,
Гірша з Моўшам дровы сек,
Гірша Моўшу х… адсек.

* * *

Ходзіць хата,
Ходзіць дол,
Ходзіць па п. дзе хахол.

* * *

Ой, каліна, сьмелы цьвет,
Каля пупа сельсавет,
Пад пупом райвыканком,
Куды ходзяць за пайком.

* * *

Хочацца, рагочацца,
За старога ня хочацца.
Стары хочыць і баіцца,
Каб у пі..у ня ўтапіцца.

* * *

Ня руш мяне, ня чапай,
Я дворная дзеўка —
Паміж лытак
Клубок нітак,
А там і цяцерка.

* * *

Наелася буракоў,
Напілася квасу,
Манілася хлопцу даць,
Ні дабрала часу.

* * *

Цяпер дай, цяпер дай,
Цяпер хочацца,
А пад старасьць х… ня ўстаніць,
П..да зморшчыцца.

* * *

Чух-чух, начухаўся,
Падняў хвартух, нанюхаўся,
Падняў хвартух і спадніцу,
А там сядзіць з рукавіцу.

* * *

Давяла ты мяне,
Мая Зосічка, —
Ні каня, ні дугі,
Ні атосачкі.

* * *

Ах ты, Яначка, пабіляначка,
Дзе машок расьцець,
Там і ямачка.
Імшок разьлітаіцца,
І ваўчок раздуваіцца.

* * *

Ой, дзевачкі, Бог із вамі,
Зьніму штаны, лягу з вамі.
Зьніму штаны і сарочку,
Лягу з вамі на ўсю ночку.

* * *

Ой, сват, ты мой сват,
Ня бяры мяне за зад,
Бяры мяне за пярод,
Тады мяне забярот.

* * *

Ішла баба з рынку,
Нясьла чапялінку,
А за ёй заяц
Начаў бабу лаіць:
— А ты, баба, сьцерва,
Каму дала перва,
Ці Анісічку сісічку,
Ці Антонічку шмонічку?

* * *

Мой муж нядуж
Паехаў за рэчку,
Судзі, Бог, каб здох, —
Паставіла б сьвечку.

* * *

Піла-піла ўсю суботу,
Прапіла усю работу,
Піла-піла ўсю нядзелю,
Прапіла усю надзею.

* * *

Гарманісьцік маленечкі
Пабіў сабе каленічкі,
Дзеўкі Богу маліліся,
Каб каленькі гаіліся.

* * *

Гарманіст у нас адзін.
Мы па разіку дадзім.
Гарманісту трэба даць,
Весялей будзіць іграць.

* * *

Гармонь нова,
Крышка сьцёрта,
Гарманіст пахож на чорта,
Гармонь нова,
Крышка стара,
Ў гарманіста шышка ўстала.

* * *

Мурожнае сена,
Яно ж мяне зьела,
Гэта тая асянчына,
Яна ж мяне даканчыла.

* * *

Шышы-мышы шалелі,
Бабе дзюрку праелі.
Стала баба плакаці:
— Чым мне дзюрку лапіці?

* * *

Хоць боб няполены,
Дык пуп наколены.
Мамулічка, бабок ела,
Мамулічка, набубнела,
Мамулічка, ай, бабочак,
Ня сходзіцца вараточак.

* * *

Злавілі сароку
Ды пасярод току,
Лёй-ліля-лё.
А надралі лою
Над самай п. дою,
Лёй-ліля-лё.

* * *

Ой, забрала, забрало
І ножачкі задрало.

* * *

А я сваю бабку
Пасаджу ў кадку,
Палію яе вадой,
Яна будзіць маладой.

* * *

А ў нашага свата
Яловая хата,
А дроў ні палена,
А х… па калена.

* * *

А паўзець павук па сьцяне,
Авохці мне, я баюся,
Каб ён ня папоўз па пузе.
Дайце мне якую рызьзінку,
Закрыю я сваю разіньку.

* * *

Гарэлачку я люблю,
Гарэлачку дайце,
Як упьюся, павалюся —
Хлопцы, ня зявайце!

* * *

Ай, ня ўстою, ня ўлежу,
Падымаіць адзежу.
Ай, ня ўлежу, ня ўстою
За сваёю ліхою.

* * *

Сідар, Сідар, Сідарэц,
Ня пасі маіх авец.
Мае авечкі куплены,
Твае яйцы луплены.

* * *

Салдат, любі мяне,
Куды хочаш, вядзі мяне,
А ці ў боб, ці ў мякіну,
Сама цябе перакіну.

* * *

Упрысядкі прысядаў,
За касматую хватаў,
А за тую касматую
Тры дні сядзеў за хатаю.

* * *

А дзед бабу шануваў,
На папары прывязаў —
А няхай жа баба ветраіць,
А можа яна палепшаіць.

* * *

Дзеўкі ў цэркву йдуць,
Богу молюцца,
А Мікола сьвяты
З х. м гоніцца.

* * *

Ты стар, я молада,
Вядзі мяне да горада,
А прадай маю сраку
А на соль, на табаку!

* * *

А лісіца і барсук
Любаліся цераз сук,
А маленькі барсучок
Цераз маленячкі сучок.

* * *

А лісіца барсуку
Пасуліла на суку:
— Калі хочаш ты, барсук,
Палізай ка мне на сук.

* * *

Іграў мядзьведзь у дуду,
А воўк у жалейку,
А маленькі чарнасракі
Скакаў памаленьку.

* * *

На вуліцы я была,
Увідзіла Грышку,
Хацеў мяне паваліць,
Пашчупала шышку.

* * *

Прыйшлі дзеўкі на базар,
Сталі чапурыцца,
Прыйшоў Грышка,
Насраў блізка —
Неяк прыступіцца.

* * *

Нікому так ня ўдалося,
Як нашаму Юрку,
Сем грывень заплаціў —
Ня папаў у дзюрку.

* * *

Чаго тады ня прыйшоў,
Як я цябе клікала,
Усю ночку на палочку
Ножка аб ножку пстрыкала.

* * *

Чаго тады ня прыйшоў,
Калі я казала,
Усю ночку на палочку
Дагары ляжала.

* * *

Чаго тады ня прыйшоў,
Як я гаварыла,
Бацька сьвінку закалоў,
Мамка ножку зварыла.

* * *

А калі ты бондал,
Дык набі мне бочку,
А я табе заплачу,
Падняўшы сарочку.

* * *

Мой міленькі у лясу,
Яму сьнедаць панясу —
Курачку гарачую
На шышачку стаячую.

* * *

Я ў Полацку была,
Бачыла Міколку,
Я хацела яму даць,
А ў яго — зь іголку.

* * *

У цыганкі хвартух новы,
А ў цыгана х… дубовы.
Хвартух новы ня парвецца,
Х… дубовы ня сагнецца.

* * *

Ой, Марыся, ты Марыся,
Пад Міколам ня марыся,
Ня марыся пад Міколам,
Бо ў Міколы толькі колам.

* * *

І сьвяты б паскакаў,
Каб гарэлкі паспытаў,
Покуль ёсь гарэлка ў шклянцы
І ў пасьцелі будуць танцы.

* * *

Гоп, мае грачанікі,
Гоп, мае яечныя,
Чаму ж мае грачанікі
Такія нясмачныя?

* * *

Гоп, мае грачанікі,
Усе жыды начальнікі,
А ў калгасі дуракі
Дзяруць межы, як быкі.

* * *

А ў калгасі добра жыць,
Адзін робіць, сем ляжыць,
А як сонца прыпячэць
І апошні уцячэць.

* * *

Ленін Троцкаму сказаў:
— Пойдзем, Троцкі, на базар,
Кабылу купім карую,
Накормім пралетарыю.

* * *

Ой, паскачу, паскачу
Свайму бацьку-смаркачу,
А мамачцы-любачцы
Прынясу я ў люлечцы.

* * *

Мяне мама берагла,
Кожна дзень бліны пякла,
Варыла рыбу-акунькі,
Каб хацелі дзецюкі.

* * *

Мая мілка памірала
На асінавым бярне,
Ручкі, ножкі сашчапіла,
Адказала п. ду мне.

* * *

Ой, мамачка, я прапала,
Любіць мяне хто папала
І рускія, і палякі,
І ўсякія пабасьцякі.

* * *

Ах вы, немцы і палякі,
Сабраліся аўстрыякі,
Зьбіраліся цэлы дзень,
Сабралася адна дрэнь.

* * *

Ашалела Паланея
Што за юду пайшла,
А ў юды чорны муды,
Па калена машна.

* * *

А ў нашага свата
Багатая хата:
Зь пірагоў зьбіта,
Блінамі накрыта,
Баранкам замкнёна
І паўлітра ўтаркнёна.

* * *

Дзед бабу тапіць вядзець,
А баба крычыць, ня йдзець.
Дзед бабу чабох на дно.
А мне, дзедзька, й тут ладно.

* * *

Ня ўцякай, бабулька дворна,
У цябе пад пупам чорна.
Ня ўцякай, бабулька, з раду,
Уторкну дудучку ззаду.
Пастаі, бабулька, у кутку,
А я разганюся ды ўткну.
Ня хадзі на рэчачку,
Замочыш авечачку,
Ня хадзі на быструю,
Замочыш сукрыстую.

* * *

Як я была малада,
Тады была рэзва:
Цераз хату па канату
Сама на х… лезла.

* * *

Бегаў зайчык каля рэчкі,
Пагубляў свае яечкі,
Шарыў, шарыў, ня знайшоў,
Як заплакаў ды пайшоў.

* * *

Ой вы, дзеўкі, курвы, б. дзі,
Ня хадзіце к майму дзядзю,
А мой дзядзя ня калека —
Зробіць х. ем чалавека.

* * *

Ой, чарачка-сакатуха,
Ня йдзі міма, а йдзі ў бруха.
З кілішэчка цячэць,
Каля сэрца пячэць.

* * *

Араў Раман пры дарозі,
Павесіў х… на бярозі.
Там дзяўчаты краскі бралі
І ў Рамана х… укралі.

* * *

Ты на моры купалася,
Патарчака папалася,
Ты на тую забылася,
На другую набілася.

* * *

А за крупы,
А за сала
П..да лупы
Закасала.

* * *

А там, пад алешкаю,
Стаіць баба з качарэжкаю.
Сталі бабу камары
Цяці,
Стала баба дагары
Сцаці.

* * *

Дождж ідзець, дождж ідзець,
Зь неба капаіць,
Ніхто замуж ня бярэць,
Толькі лапаіць.

* * *

Дождж ідзець, дождж ідзець,
На дварэ крапелькі,
У такога кавалера
Пад насом сапелькі.

* * *

Мой мілёнак вісок, тонак,
Аж да ветру гнецца.
Прывяжу на канюшыну,
Няхай адпасецца.

* * *

Ой, дзякаваць Богу
За трэцьцюю ногу,
Хоць яна каротка,
Затое салодка.

* * *

Танцавала
З цымбалістам,
Затыкала
П..ду лістам.

* * *

А шалёны, апантаны,
Памачыў канец ў сьмятану.

* * *

Ішоў я лесам, бачыў дзіва,
Салдат бульбачку варыў,
На х. ю кацёл навесіў,
З сракі дым трубой валіў.

* * *

Чаго, мілка, дробна скачаш,
Тады дала, цяпер плачаш,
Тады дала, што хацела,
Цяпер плачаш, што ня цэла.

* * *

Кацілася калясо
З клеці,
Лябіцеся харашо,
Дзеці.

* * *

— Мамулічка, у клець вядуць.
— Ня плач, дачушка, х… дадуць.
— Мамулічка, страшна.
— Ня плач, дачушка, затое смашна.

* * *

А Божа мой, жывацёнкі
Баляць,
А некаму за сісёнкі
Дзяржаць.
Судзі, Божа,
Да нядзелькі даждаць,
Будзіць каму
За сісёнкі дзяржаць.

* * *

Ой, у полі пад ляшчынай
Калыхала дзеўка сына,
Калыхала, праклінала:
— Лепі было мамку слухаць,
Нячым цяпер люльку трухаць.

* * *

Як учора дык і бусенькі,
А сягоньня нічагусенькі,
Як учора дык за ручку вядзець,
А сягоньня дык
ня хочаць глядзець.

* * *

Ня заманіш калачом,
Ня заманіш булкай,
А я цябе заманю
Кучаравай куркай.

* * *

А свату наш, свату,
Пусьці нас у хату.
Ужо мы замёрзьлі
У даўгой дарозі.
Сват у хату лезіць,
Аб вушак сраку чэшаць,
І ў печ паглядаіць,
Ці тлуста капуста,
Ці вялік кацёл кашы,
Ці пад'ядуць сваты нашы?

* * *

Хадзі, хадзі, ходка,
Сьперадзі бародка,
Паміж ног хахалок,
Ззадзі скавародка.

* * *

Скаку-скаку на пальчыках,
Села скулка на яйчыках,
Скаку-скаку на пяце,
Села скулка на п. дзе.

* * *

Возіра, возіра,
Ногі прымарозіла,
А як лёбары прыйшлі,
Ногі ўсталі дый пайшлі.

* * *

Выхадзіла паня Яня,
Танцавала танцы,
Цалавала паня Яня
Пану Яну ў яйцы.

* * *

Мая мілка захварэла,
Захацела малака,
Ня папала пад карову,
А папала пад быка.

* * *

Людзі жэнюцца, любуцца,
А мне ў невашта абуцца.
Хоць на дзеўцы і на печы
Босаму якраз дарэчы.

* * *

У балоце пад кустом
Цяцера нясецца.
Хаім Басю любець
Аж ярмолка трасецца.

* * *

— Ці ня ты мяне
Па пожаньцы качаў,
Ці ня ты мяне, малодзеньку,
Пачаў?
— А качалі цябе зайчыкі,
А пачалі цябе мальчыкі!

* * *

Мая мілка, як кабылка,
Толькі розьніца адна:
На кабылцы езьдзяць людзі,
А на мілцы толькі я.

* * *

Расхадзіліся суставы
Каля печы, каля лавы.
Самы большы сустаў
З тапарышча ўстаў.

* * *

А за песьні, за прыпеўкі
Палюбілі мяне дзеўкі,
А за ўдачу за маю
Абасцалі галаву.

* * *

Дзёр, дзёр мазурку,
Разагнаўся
Ды ў дзюрку.

* * *

Усе залёткі, як залёткі,
А мая, як рэзьгіны:
Усе гуляюць, усе скачуць,
А ў мае ўсё хрэсьбіны.

* * *

Баба сеяла, трусіла,
За п. ду блыха ўкусіла.
Баба думала, што клоп,
Па п. дзе далоньню хлоп!

* * *

Баба сеяла муку,
Сыпала ў кадушку,
Загадала мужыку
Палюбаць цялушку.

* * *

— Ой, Полінька, Полінька,
А што ў цябе голінька?
— Ня брашыце, зладзеі,
Занялося кудзеляй!

* * *

Ай, жонка мужа ды зьняважала —
Завяла ў поле дый прывязала
Плячмі к бярозі,
Х.ем к дарозі.
А хто ня едзіць, ды ўсё пытаіць:
Што чалавеча х. ем баўтаіць?


Оглавление

  • Замест уступу
  • Рагацьцё (замалёўкі)
  • Прыбабунькі (дражнілкі, хуткамоўкі)
  • Загадкі
  • Словы матчыны з Вушаччыны (прымаўкі, прыказкі)
  • Я сваю Марынку хоць пасярод рынку! (папеўкі)