Завеі [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Уладзімір Караткевіч Завеі


На фінскую вайну мяне ўзялі на другі дзень пасля вяселля.

Дваццаць кіламетраў ехалі мы да нашай станцыі Вальшанкі, i ўсе дваццаць кіламетраў жонка сядзела поруч са мною ў машыне як закамянелая. Я просты чалавек і не вельмі веру ва ўсе гэтыя вашы раманы-аповесці. Надта ўжо хораша ў ix пра каханне пішуць. Але жонку мне было шкода кідаць.

І было мне крыўдна. Жонка мая не з нашай вёскі, не з Андрэеўшчыны была, а аж з Пятроўскіх выселкаў, яшчэ на пятнаццаць вёрст ад станцыі далей, ніж мы. І на веласіпедзе, і пехтуром, і на папутных машынах, і ў спёку, і ў асеннія дажджы, і ў сцюжу. Бо я да яе аж паўтара года заляцаўся, надта ўжо яна мне прыемнай была.

А яна за мяне замуж не хацела выходзіць: я чалавек не авантажны, морда ў мяне, самі бачыце, рэшатам не накрыеш, хоць я здаровы, моцны і працу добрую маю, шафёрам працую. Толькі не мог я з ёю размаўляць, як іншыя. Кастусь-гарманіст, дык той, бывала, i пінжак на плечы, i "ласачка ты мая, ясачка ты мая гожая, ружа ты мая прыўкрасная". А я больш маўчу, стаю, як хомка, або размаўляю пра жыта, якое яно стала добрае i што ў iм з галавою схавацца можна. Некаторыя дзяўчаты нават крыўдзіліся: думалі, што я нахаба. Ну, аднак надта ўжо я настойлівы быў — выйшла за мяне.

Я амаль усю дарогу да Ленінграда ехаў як дурны. Усё мне яна перад вачыма на пероне: вусны чырвоныя, спакойныя, а вочы плачуць, хоць слёз няма. I такая яна ціхая-ціхая, пакорлівая, як ніколі. А то вясёлая была, першая плясуха на вёсцы. І цixa так кажа:

— Беражы сябе, Васіль. Не лезь на кулі.

Хацеў я ёй напомніць, як яна мяне ў свой час "слупом неадгабляваным" называла i рот мой са студняй параўноўвала i казала, што я на вочап падобны, i як хустку мне на галаву нацягвала перад сяброўкамі, — пашкадаваў, не сказаў.

Нашто гэта патрэбна — чалавека на другі дзень пасля вяселля пад кулі цягнуць, — дагэтуль не ведаю.

Ваявалі. Паўзеш па гурбах, а ён, падлюка, сядзіць на дрэве i з вінтоўкі ў цябе "пяк, пяк". Iншы торкнецца галавою ў снег і ляжыць сабе на зямлі, гатовенькі для брацкай магілы.

А я паўзу і пра яе думаю, страляюць у мяне — пра яе думаю, пад ялінаю ў гурбе сплю — пра яе сню. Усё мне ўяўляецца, быццам яна па вёсцы ідзе з торбачкаю — запрашае ўсіх на вяселле і піражок кожнаму працягвае, — або як на вяселлі сядзім мы, як ёлупы, за руку звязаныя, або як я сяджу ў суседнім пакоi і куру, а за дзвярыма яе туфлі на падлогу падаюць. А сэрца маё, як матор, грукае. Я зусім шчанюк быў, да яе нікога не ведаў, да таго самага вяселля.

I зноў яна па снягах ідзе i смяецца.

У мяне не любоў была, як у раманах, усё не так. Я яе не любіў так, але ж на другі дзень пасля вяселля ўзялі! Звар'яцеў я проста, хаджу як зачумелы які.

Але ўсяму прыходзіць канец. Вайне таксама. Кончылася яна, але нас не адпусцілі, а ўсе нашыя часці пачалі пераганяць да эстонскай мяжы, кудысьцi на бераг Чудскага возера. Водпускаў не даюць, чаму — невядома. Пацягнуў мяне д'ябал напісаць ёй ліст цi сказаць, што добра было б, калі б адпусцілі мяне дні на тры ў водпуск, бо мы тады яшчэ ў Ленінградзе адпраўкі чакалі. I чакалі мы яе з гадзіны на гадзіну, нават ад эшалонаў не вельмі адпускалі. Атрымаў я адказ.

"Дарагі ты мой Вася! Нават калі i адпусцяць дні на тры — не прыязджай, бо зіма сам ведаеш якая. У нас увесь час завеі, на станцыю ніхто ані нагою, вёску ўсю да стрэх замяло, i нават я з фермы амаль не іду, бо дахаты не заўжды дабярэшся. Проста не зможаш ты за тры дні дабрацца. Не пакутуй толькі. Я часта думаю, якая я дурная была, што не хацела icцi за цябе. Цяпер нас ніхто не разлучыць, бо я многа зразумела i часта начамі не сплю, а каб здрадзіць табе, дык пра гэта i не думай. Але не прыязджай, хоць я тысячу разоў цалую цябе ў твае вусны…"

I гэтак далей на трох старонках. Дурная, думаю, вядома, у мае вусны цалуеш, у чые ж яшчэ. Паспрабавала б яшчэ цалаваць камусь — я б тады ўсю вёску дагары нагамі перавярнуў.

I разабрала мяне злосць. Як гэта я "не прыязджай", як гэта не "дабяруся". Адпусцілі б толькі.

І пайшоў да камандзіра роты, бо ўстава не ведаў, а, праўдзівей, таму, што ўзводны наш быў чалавек чэрствы. Усё яму расказаў. Той павагаўся трохі, а потым зрабіў злачынства па службе. Кажа:

— Дабярэшся за тры днi?

— Трэба паспрабаваць, — кажу.

— Д-добра, душа цёмная. Сам гэта ведаю, давай адрас. Бачыш, яшчэ не адпраўляюць нас, але кожную гадзіну могуць адправіць. Дык вось паязджай, хутчэй толькі паязджай. А я табе тэлеграму дам, i ты абяцай, што па першай тэлеграме выедзеш i нас дагоніш, каб на месца мы з табою ўжо прыехалі. Згода?

— Згода, — кажу цвёрда. — Дзякуй вам. Я вас не падвяду.

І паехаў я. А зiмa была ў той год сапраўды такая, што людзі па хатах сядзелі, цягнікі на суткі спазняліся па прычыне завеяў i хаты заносіла да самых стрэх.

Паехаў я. Узяў з сабою чамадан з падарункамі i паехаў. На восем гадзін спыніўся мой цягнік, i выйшаў я на станцыі Вальшанцы надвячоркам, гадзін у шэсць вечара. Выйшаў — i як у малако трапіў, нічога не бачна на крок ад сябе. Прыйшоў на вакзал, а там на мяне як