Дажыць да світання [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Васіль Быкаў Дажыць да світання

1


— Усё. Спрачацца не будзем, стройце людзей! — сказаў Іваноўскі Дзюбіну і выйшаў з-за вугла пуні.

Даўганогі, худы і нязграбны ў сваім белым абвіслым маскхалаце старшына Дзюбін памкнуўся нешта сказаць, але змоўчаў; у снегавым змроку блізкае ночы было відаць, як незадаволена перасмыкнуўся яго цёмны ад сцюжы і ветру, заўчасна зморшчаны твар. Пасля кароценькай паўзы, якая засведчыла яго маўклівую нязгоду з лейтэнантам, старшына рэзка ступіў па ледзьве азначанай у снезе сцяжынцы да старанна прычыненых дзвярэй пуні. Цяпер ужо зачыняць іх не было патрэбы, шырокім размашыстым рухам Дзюбін адкінуў дзверы, і тыя коса загойдаліся на адной завесе.

— Пад'ём! Выхадзі строіцца!

Іваноўскі, стоячы побач, прыслухаўся. Нягучная размова ў пуні адразу заглухла, усё там сціхла, нібы загіпнатызаванае гэтай, па сутнасці, такой звычайнай армейскай камандай, якая цяпер азначала для ўсіх надта многае. Праз імгненне, аднак, усё там заварушылася, зашамацела, пачуліся галасы, і вось ужо нехта першы выйшаў з дзвярэй на чыстую вечаровую белізну снегу. «Півавараў», — задумліва адзначыў сабе Іваноўскі, убачыўшы белую фігуру байца ў новенькім маскхалаце на фоне цёмнага бярвення сцяны. Аднак лейтэнант тут жа і забыўся пра яго, агорнуты ўласнымі клопатамі і слухаючы загадныя вокрыкі старшыны ў пуні.

— Хутка выходзь! І нічога не забываць: вяртацца не будзем! — глухавата даносіўся праз дзверы заклапочана-буркатлівы голас Дзюбіна.

Старшына відавочна злаваўся, так і не пагадзіўшыся з лейтэнантам, хоць амаль нічым і не выказваў гэтае сваёй нязгоды. Але хай! Злавацца сабе Дзюбін мог, колькі хацеў, гэта яго асабістая справа, але пакуль тут камандуе ён, лейтэнант Іваноўскі, яму і рашаць. А ён ужо і рашыў — канчаткова і беспаваротна: пераходзіць перадавую будуць тут і цяпер, таму што колькі можна адкладваць! І так ён чакаў амаль шэсць сутак — было зусім блізка, якіх трыццаць кіламетраў, стала шэсцьдзесят — толькі што мераў па карце; на мясцовасці, вядома, набярэцца і болей. Праўда, у канцы лістапада ноч доўгая, але ўсё ж надта многа ўскладвалася на гэтую адну ноч, каб неразумна губляць такі дарагі цяпер для іх час.

Лейтэнант рашуча ўзяў прыслоненую да сцяны звязку лыж — сваю звязку — і адышоўся са сцежкі ў снег — на тры крокі наперадзе групы. Байцы таропка разбіралі лыжы, нацягвалі на галовы капюшоны; вецер з-за вугла злосна тузаў тонкую бязь маскіровачных халатаў і ляскаў па грудзях даўгімі канцамі завязак. Як Іваноўскі ні выкідваў усё лішняе, грузу набралася занадта, і ўсе дзевяць байцоў выглядалі цяпер нязграбна-няўклюднымі ў сваіх тоўстых ватоўках, абвешаных пад маскхалатамі рэчмяшкамі, гранатнымі сумкамі, падсумкамі і патранташамі. У дадатак да ўсяго яшчэ і лыжы, якія былі пакуль што грувасткім цяжарам, не больш. Але ўсё было неабходна, а лыжы, якія здаваліся цяпер непатрэбнымі, вельмі спатрэбяцца потым, у нямецкім тыле, — на лыжы ў яго была ўся надзея. Гэта менавіта ён прапанаваў там, у штабе, паставіць групу на лыжы, і яго ідэю адразу і ахвотна адобрылі ўсе, ад флегматычнага начальніка аддзела разведкі да прыдзірлівага, строгага начальніка штаба.

Іншая справа, як яе выкарыстаць, гэтую ідэю.

Менавіта гэта болей за іншае турбавала цяпер лейтэнанта, пакуль ён маўкліва, са стоеным нецярпеннем чакаў пастраення групы. У снежным паўзмроку байцы разбіралі лыжы і, глуха пастукваючы імі, цесна месціліся на вузкай сцяжынцы. Як яны пакажуць сябе на лыжах? Не было часу як след праверыць усіх на лыжні, набліжаліся да перадавой завідна, сагнуўшыся, прабіраліся ў кустоўі. З раніцы ён праседзеў на НП камандзіра тутэйшага стралковага батальёна — назіраў за праціўнікам. Увесь дзень з нізкага хмарнага неба сыпаў рэдкі сняжок, пад вечар сняжок пагусцеў, і лейтэнант узрадаваўся. Ён ужо выгледзеў увесь маршрут пераходу, запомніў на ім кожную купіну, і тут пайшоў снег, — што можа быць лепш! Але як толькі пачало змяркацца, вецер павярнуў убок, снегапад стаў меншаць і амаль перастаў зусім, толькі рэдзенькія сняжынкі несліся ў сцюдзёным паветры, слепа натыкаючыся на патрэсканыя сцены пуні. Старшына прапанаваў пачакаць пару гадзін, можа, завея зноў разгуляецца. У завею яны б управіліся куды як лепш…

— А калі не разгуляецца? — рэзка перапытаў яго Іваноўскі. — Тады што ж? Паўночы — кату пад хвост? Так, ці што?

Паўночы траціць не выпадала, увесь іх шлях быў разлічаны менавіта на поўную ноч. Зрэшты, старшыне нельга было адмовіць у разважлівасці — калі пераход сарвецца, не спатрэбіцца і самая поўная, самая доўгая ноч.

Правафланговым на сцежцы стаяў сяржант Лукашоў, з кадравых — плячысты маўклівы дзяцюк, сапраўдны працаўнік-пехацінец, памочнік камандзіра ўзвода, спецыяльна адкамандзіраваны з батальёна аховы штарма на гэта заданне. Ва ўсім яго абліччы, нетаропкіх і дакладных рухах было нешта ўпэўненае, дужае і надзейнае. Побач уладкоўваўся на сцяжыне таксама ўзяты з стралкоў баец