Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч [Генадзь Каханоўскі] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Генадзь Каханоўскі, Аляксандар Каханоўскі Руплівец нашай старасветчыны Яўстах Тышкевіч

Як заклінанне, як малітва


Беларускія гісторыкі, этнографы, філолагі, фалькларысты даўно ўжо карыстаюцца пажоўклымі ад часу кнігамі-рарытэтамі і як даследчыкі судакранаюцца з рукапіснай спадчынай славутых вучоных Яўстаха і Канстанціна Тышкевічаў. Гэта яны, не зважаючы на свой высокі графскі тытул, бралі ў рукі рыдлёўкі і вялі раскопкі старажытных курганоў. Гэта яны здымалі з сябе сурдуты і апраналіся ў простае сялянскае адзенне, заходзілі ў хаты вясковай беднаты паслухаць шчырую гутарку пра побыт, даведацца пра абрады і забабоны ды запісаць народныя песні. У душы прысягнуўшы служыць свайму народу, браты Тышкевічы ніколі на адступалі ад сваіх перакананняў, шчыра працавалі на карысць роднага краю.

Праца, праца, праца… Яўстах і Кастусь замалада ўзяліся за пачэсную справу і, бадай, на адным энтузіязме заклалі трывалы падмурак навуковай археалогіі, а таксама этнаграфіі, фалькларыстыкі і краязнаўства. Яны першыя ўвялі ў навуковы ўжытак раней зусім невядомыя матэрыялы, праявіўшы пры гэтым уласцівы ім тэмперамент даследчыкаў, сказалі сваё слова ў розных галінах ведаў, якія цяпер аб'ядноўваюцца ў адзін цыкл грамадскіх навук. Гіпотэзы вучоных, іх меркаванні, высновы, проста здагадкі, а таксама прыведзеныя аргументы і факты — крыніца для нашчадкаў, каму дорага нацыянальная спадчына.

На вялікі жаль, многія апісаныя і даследаваныя Тышкевічамі помнікі зніклі з панарамы нашай зямлі, найперш у выніку пазнейшых акцый вандалізму, а таму іх аўтарытэтныя сведчанні сёння з'яўляюцца, можа, адзінай крыніцай, каб узнавіць праўдзівы вобраз знішчанага аб'екта. З упэўненасцю можна сцвярджаць, што зробленае гэтымі сумленнымі вучонымі — нацыянальны скарб Беларусі, яе навуковай думкі мінулага стагоддзя.

Блізкае знаёмства з навуковай і культурна-асветніцкай дзейнасцю братоў Тышкевічаў пераконвае нас у тым, што яны сцвярджалі ў грамадстве важную думку пра нацыянальную самабытнасць і гістарычную непаўторнасць Беларусі. Ужо нават па гэтай прычыне іх нельга без агаворак адносіць да дзеячаў польскай навукі, як пераконвалі яшчэ не так даўно некаторыя даследчыкі. Якраз Яўстах і Канстанцін Тышкевічы неўсвядомлена рыхтавалі глебу для засеву нацыянальнага зерня будучай плеядай беларускай інтэлігенцыі.

Браты Тышкевічы паказалі прыклад рэдкай еднасці і суладнасці, не толькі сямейнай, але і духоўнай і, само сабою зразумела, навуковай і творчай. Ні адзін з іх не перакладваў цяжар сваіх клопатаў на другога. Папалам яны дзялілі і перажыванні няўдач. Дожны з гэтых вучоных меў сваё кола сяброў і знаёмых. Працавалі даследчыкі супольна і паасобку, мелі свае калекцыі і нават бібліятэкі. Гэта быў шчаслівы выпадак разумнага суперніцтва дзеля агульнага прагрэсу.

Кожны з братоў Тышкевічаў меў свае асобныя публікацыі, кнігі, кожны з іх трымаўся сваіх канцэпцый, але некаторыя даследчыкі часам штучна аб'ядноўваюць створанае імі ў адно цэлае і тады цяжка разабраць, каму належыць тая ці іншая гіпотэза. Справядлівасць патрабуе, каб, не супрацьпастаўляючы аднаго брата другому, аддаць даніну павагі кожнаму з іх. У гэтай працы чытач пазнаёміцца з малодшым — Яўстахам Тышкевічам.


Род Тышкевічаў


Радзіма братоў Яўстаха і Канстанціна Тышкевічаў — Лагойск, адзін са старажытнейшых гарадоў Беларусі, які ўпершыню ўпамінаецца ў 1078 годзе. Амаль палова лагойскай гісторыі непарыўна звязана з тышкевічаўскім родам. Іх рэзідэнцыя спрадвеку знаходзілася ля маляўнічай Гайны, на месцы былога замка, у пасаджаным імі ж ландшафтным парку. Тут у 1814–1819 гадах бацька вучоных П. Тышкевіч узвёў у класіцыстычным стылі двухпавярховы палац (разбураны ў Вялікую Айчынную вайну, засталіся руіны). У паўночнай частцы парка знаходзіўся круглы партэр, а бліжэй да палаца квітнеў сад. На поўдзень ад сядзібы выразна бачыліся рэшткі старажытных умацаванняў, якія паказвалі гасцям гаспадары. На беразе ракі стаяла рамантычная альтанка, з якой адкрывалася навакольная панарама. Курціны ў парку былі аформленыя дубам, елкай, ясенем, белай таполяй. Тут жа знаходзілася гарадзішча, на якім калісьці стаяў дзядзінец старажытнага Лагойска. Сёння ўсе гэта выглядае сіратліва, як здзічэлы сад на закінутым хутары.

У сям'і Тышкевічаў прынята было з павагай адносіцца да кожнага помніка на зямлі, што адпавядае і другой іх традыцыі — ушаноўваць кожнага з продкаў свайго вялікага роду. З пакалення ў пакаленне вялася сямейная хроніка. Сам Я. Тышкевіч стварыў у канцы жыцця альбом «Магілы сямейства Тышкевічаў» і выдаў яго асобнай кнігай у 1873 годзе ў Вільні. Самым першым з дакументальна ўстаноўленых прашчураў быў Цішка, або Тышка, ці, больш дакладней, Цімафей Тышка, які жыў у канцы XV стагоддзя. Другой вядомай асобай пасля Цімафея быў яго праўнук Тодар Тышкевіч, якому выпала хадзіць у падскарбіях Вялікага Княства Літоўскага, потым