Чалавек-невідзімка [Герберт Джордж Уэллс] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Гербэрт Уэлс Чалавек-невідзімка

Раздзел I. З'яўленне незнаёмца


Незнаёмец з'явіўся ў пачатку лютага; у той марозны зімовы дзень бушавалі вецер і завіруха — апошняя завіруха ў гэтым годзе, аднак ён прыйшоў з чыгуначнай станцыі Брэмблхерст пяшком; у руцэ, абцягнутай тоўстай пальчаткай, ён трымаў невялікі чорны сакваяж. Ён быў захутаны з галавы да пят; шырокія палі капелюша хавалі ўвесь твар, віднеўся толькі бліскучы кончык носа; плечы і грудзі былі ў снезе, таксама як і сакваяж. Ён увайшоў у карчму «Кучар і коні», ледзьве перастаўляючы ногі ад холаду і знямогі, і кінуў сакваяж на падлогу.

— Агню! — крыкнуў ён. — У імя чалавекалюбства! Пакой і агню! — Ён строс з сябе снег і пайшоў за місіс Хол у прыёмную, каб абгаварыць умовы. Размова была кароткая. Кінуўшы ёй два савярэны, незнаёмец пасяліўся ў карчме.

Місіс Хол запаліла камін і пакінула свайго госця, каб уласнаручна згатаваць яму абед. Раздабыць у Айпінгу зімой пастаяльца, ды яшчэ такога, які не таргуецца, гэта была нечуваная ўдача, і місіс Хол вырашыла паказаць сябе вартай шчаслівага выпадку, які выпаў на яе долю.

Калі вяндліна падсмажылася, а Мілі, вечна сонная служанка, выслухала некалькі знішчальна-з'едлівых заўваг (што, відаць, павінна было падагнаць яе энергію), місіс Хол панесла ў пакой прыезджага абрус, посуд і шклянкі і пачала з асаблівым шыкам сервіраваць стол. Агонь весела трашчаў у каміне, але прыезджы — да найвялікшага яе здзіўлення — да гэтага часу не зняў капелюша і паліто. Ён стаяў спіной да яе, глядзеў у акно, за якім падаў снег. Рукі яго, усё яшчэ ў пальчатках, былі закладзены за спіну, і ён, здавалася, аб чымсьці глыбока задумаўся. Гаспадыня заўважыла, што расталы, снег капае з яго плячэй на дыван.

— Дазвольце, судар, ваша паліто і капялюш, — звярнулася яна да яго, — я аднясу іх на кухню і павешу прасушыць.

— Не трэба, — адказаў ён, не паварочваючыся.

Яна падумала, што недачула, і ўжо гатова была паўтарыць сваю просьбу.

Незнаёмец павярнуў галаву і паглядзеў на яе цераз плячо.

— Я лічу за лепшае не знімаць іх, — заявіў ён.

Тут гаспадыня заўважыла, што ён носіць вялізныя сінія акуляры-кансервы і што ў яго густыя бакенбарды, якія закрываюць твар.

— Добра, судар, — сказала яна, — як вы сабе хочаце. Пакой зараз нагрэецца.

Незнаёмец нічога не адказаў і зноў павярнуўся да яе спіной. Бачачы, што размова не клеіцца, місіс Хол паспешна накрыла на стол і выйшла з пакоя. Калі яна вярнулася, ён па-ранейшаму стаяў каля акна, быццам каменная статуя, з паднятым каўняром і загнутымі ўніз мокрымі палямі капелюша, якія закрывалі твар і вушы. Яна паставіла на стол яечню і амаль крыкнула:

— Сняданак пададзены, судар!

— Дзякую вам, — адказаў ён адразу ж, але не скрануўся з месца, пакуль яна не зачыніла за сабой дзверы. Тады ён крута павярнуўся і хутка падышоў да стала.

Апынуўшыся на кухні, гаспадыня пачула гук, які мерна паўтараўся. «Чырк, чырк, чырк», — чыркала лыжка па талерцы.

— Ах, вось жа гэтае дзяўчо! — сказала місіс Хол. — А я і забылася! Ну і валаводніца! — Яна ўзялася сама расціраць гарчыцу і выказала некалькі кепікаў у адрас Мілі за яе незвычайную марудлівасць. Сама яна паспела падсмажыць яечню з вяндлінай, накрыць на стол, зрабіць усё, што трэба, а Мілі — ну і памочніца! — пакінула госця без гарчыцы. А ён толькі прыехаў і жадае, відаць, тут пажыць. Пабурчэўшы, місіс Хол напоўніла гарчычніцу і, паставіўшы яе, не без некаторай манернасці, на чорны з золатам чайны паднос, панесла ў прыёмную.

Яна пастукала і адразу ж увайшла. Пры яе з'яўленні незнаёмец зрабіў рэзкі рух, і яна ўсё ж паспела заўважыць нешта белае, якое мільганула над сталом. Ён, здаецца, штосьці падбіраў з падлогі. Яна паставіла гарчычніцу на стол і тут жа прыкмеціла, што паліто і капялюш госця вісяць на стуле перад камінам, а на стальной рашотцы стаіць пара мокрых чаравікаў. Рашотка, вядома, заржавее. Місіс Хол рашуча наблізілася да каміна і заявіла тонам, які не дапускаў пярэчанняў:

— Цяпер, я думаю, можна ўзяць вашы рэчы і прасушыць.

— Пакіньце капялюш, — сказаў прыезджы глухім голасам. Павярнуўшыся, яна ўбачыла, што ён выпрастаўся і глядзіць на яе.

З хвіліну яна стаяла вылупіўшы вочы і знямеўшы ад здзіўлення.

Ніжнюю частку твару ён прыкрываў чымсьці белым — сурвэткай, якую ён прывёз з сабой, — ні яго рота, ні сківіцаў не было бачна. Таму і голас прагучаў так глуха. Але не гэта ўразіла місіс Хол. Лоб незнаёмца, пачынаючыся ад краю сініх акуляраў, быў абвязаны белым бінтам, а другі бінт закрываў яго вушы, непрыкрытым заставаўся толькі ружовы востры нос. Нос быў такі ж ружовы і бліскучы, як у тую хвіліну, калі незнаёмец з'явіўся ўпершыню. Апрануты ён быў у карычневую аксамітавую куртку; высокі чорны каўнер, падшыты палатном, быў падняты. Густыя чорныя валасы, выбіваючыся з-пад перакрыжаваных бінтоў, тырчалі пучкамі ў розныя бакі і надавалі незнаёмцу надзвычай дзіўны выгляд. Гэтая захутаная і забінтаваная галава так ашаламіла місіс Хол, што ад нечаканасці яна на хвіліну здранцвела.

Ён не адняў сурвэтку ад твару і, па-ранейшаму прытрымліваючы яе рукой у карычневай пальчатцы, глядзеў на гаспадыню праз непранікальныя сінія акуляры.

— Пакіньце капялюш, — зноў гугнява сказаў ён праз сурвэтку.

Місіс Хол, ачуўшыся ад спалоху, паклала капялюш на стул перад камінам.

— Я не ведала, судар… — пачала яна, — што… — і збянтэжана замоўкла.

— Дзякую вам, — сказаў ён суха, пераводзячы позірк ад яе да дзвярэй і назад.

— Я зараз усё высушу, — сказала яна і панесла з сабою вопратку госця. Каля дзвярэй яна зноў паглядзела на яго белую забінтаваную галаву і непранікальныя акуляры; ён усё яшчэ прыкрываў рот сурвэткай. Выходзячы з пакоя, яна ўсё дрыжала, і твар яе красамоўна сведчыў аб поўным замяшанні.

— У жыцці сваім… — прашаптала яна. — Ну і ну!

Яна ціха вярнулася на кухню і нават не спыталася ў Мілі, з чым тая цяпер важдаецца.

Незнаёмец тым часам прыслухоўваўся да крокаў гаспадыні, якія паступова заціхалі. Перш чым адкласці сурвэтку і зноў узяцца за ежу, ён запытальна паглядзеў у акно, потым падняўся і, трымаючы сурвэтку ў руцэ, падышоў і апусціў штору да белай фіранкі, якая прыкрывала ніжнюю частку акна. У пакоі запанаваў прыцемак. Крыху заспакоены, ён вярнуўся да стала і працягваў свой сняданак.

— Небарака, ён разбіўся, ці яму зрабілі аперацыю, ці яшчэ што-небудзь, — сказала місіс Хол. — Увесь перавязаны, нават глядзець страшна!

Яна падкінула вугалю ў печку, паставіла козлы для сушкі вопраткі і паклала на іх паліто прыезджага.

— А акуляры! Ды што казаць, вадалаз нейкі, а не чалавек. — Яна павесіла на козлы яго шалік. — А твар закрывае анучай! І гаворыць праз яе! Можа, у яго рот таксама баліць!

Тут яна рэзка павярнулася, мусіць, раптам успомніўшы аб чымсьці вельмі важным.

— Божа! — усклікнула яна. — Мілі! Няўжо блінчыкі яшчэ не гатовыя?

Калі місіс Хол увайшла ў прыёмную, каб прыбраць са стала, яна ўбачыла новае пацвярджэнне сваёй здагадцы, што рот незнаёмца знявечаны няшчасным выпадкам: незнаёмец курыў люльку, і за ўвесь час, пакуль яна знаходзілася ў пакоі, ні разу не адсунуў шоўкавую хусцінку, якой была абвязана ніжняя частка яго твару, і не ўзяў мундштук у рот. Хаця ён не забыўся пра сваю люльку, бо місіс Хол заўважыла, што ён паглядвае на тытунь, які тлеў марна. Ён сядзеў у кутку, спіной да апушчанай шторы; падмацаваўшыся і сагрэўшыся, ён, відавочна, адчуваў сябе лепш і размаўляў ужо не так адрывіста і раздражнёна. У чырванаватым водбліску агню яго вялізныя акуляры як быццам бы ажылі.

— У мяне застаўся такі-сякі багаж на станцыі Брэмблхерст, — сказаў ён. Выслухаўшы адказ, ён ветліва нахіліў сваю забінтаваную галаву. — Толькі заўтра! — сказаў ён. — Няўжо нельга раней? — І вельмі засмуціўся, калі яна адказала, што нельга. — А можа, усё ж знойдзецца хто-небудзь, хто б з'ездзіў з павозкай на станцыю?

Місіс Хол ахвотна адказала на пытанні, спадзеючыся такім чынам разгаварыць яго.

— Дарога да станцыі вельмі крутая, — сказала яна і, карыстаючыся выпадкам, дадала: — У мінулым годзе на гэтай дарозе перакуліўся экіпаж. І пасажыр і кучар абодва загінулі. Ці доўга надарыцца бядзе? Адна хвіліна — і канец, ці не праўда, спадар?

Але госця не так і лёгка было ўцягнуць у размову.

— Праўда, — сказаў ён, спакойна гледзячы на яе праз акуляры.

— А потым, калі яшчэ паправішся, праўда? Вось, напрыклад, мой пляменнік Том парэзаў сабе руку касой — касіў, ведаеце, спатыкнуўся ды і парэзаў, - дык ці паверыце, спадар, тры месяцы хадзіў з завязанай рукой. Пасля таго выпадку я страшна баюся касы.

— Безумоўна, гэта зразумела, — сказаў прыезджы.

— Спачатку мы вельмі баяліся, што Тому давядзецца рабіць аперацыю, яму так было дрэнна.

Прыезджы адрывіста засмяяўся, быццам забрахаў.

— Дык яму было дрэнна? — паўтарыў ён.

— Праўда, спадар. І гэта было зусім не смешна для тых, каму давялося з ім важдацца. Хоць бы мне, спадар, таму што сястра ўсё няньчылася са сваімі малымі. Толькі ведай: завязаць ці развязаць яму руку… Таму, калі дазволіце…

— Дайце мне, калі ласка, запалкі, - раптам перапыніў ён яе. — Мая люлька патухла.

Місіс Хол замоўкла. Несумненна, з яго боку груба перапыняць яе такім чынам пасля таго, як яна яму ўсё расказала. З хвіліну яна сярдзіта глядзела на яго, але, успомніўшы пра два савярэны, пайшла за запалкамі.

— Дзякую, — коратка сказаў ён, калі яна паклала запалкі на стол, і, павярнуўшыся да яе спіной, пачаў зноў глядзець у акно. Бачна, размова аб аперацыях і бінтах была яму непрыемная. Яна вырашыла не вяртацца да гэтай тэмы, але непрыязныя паводзіны незнаёмца раззлавалі яе, і Мілі давялося гэта адчуць на сабе.

Прыезджы заставаўся ў гасцінай да чатырох гадзін, не даючы ніякага поваду зайсці да яго. Амаль увесь гэты час у пакоі было вельмі ціха: магчыма, ён сядзеў каля каміна, які дагараў, і курыў люльку, а можа, проста драмаў.

Аднак, калі б хто-небудзь уважліва прыслухаўся, то змог бы пачуць, як ён памяшаў вуголле, а потым хвілін пяць хадзіў па пакоі і размаўляў сам з сабою. Затым зноў сеў, і пад ім рыпнула крэсла.


Раздзел II. Першыя ўражанні містэра Тэдзі Хенфры


У чатыры гадзіны, калі ўжо амаль сцямнела і місіс Хол збіралася з духам, каб зайсці да пастаяльца і спытацца, ці не жадае ён гарбаты, у карчму ўвайшоў Тэдзі Хенфры, майстар гадзіннікаў.

— Якое кепскае надвор'е, місіс Хол! — сказаў ён. — А яшчэ ў лёгкіх чаравіках.

Снег за акном падаў усё гусцей і гусцей.

Місіс Хол пагадзілася, што надвор'е кепскае і, заўважыўшы ў руках містэра Хенфры чамаданчык з інструментамі, раптам заззяла.

— Ведаеце, раз вы ўжо тут, зірніце, калі ласка, на гадзіннік у гасцінай. Ідзе ён добра і б'е як трэба, але гадзіннікавая стрэлка ўсё стаіць на шасці гадзінах і ніколькі не жадае зрушыць з месца.

І, паказваючы майстру гадзіннікаў дарогу, яна накіравалася ў гасціную, пастукалася ў дзверы і ўвайшла.

Прыезджы — як яна паспела заўважыць, адчыняючы дзверы, — сядзеў у крэсле перад камінам і, здавалася, драмаў; яго забінтаваная галава схілілася набок. Пакой асвятляў толькі чырвоны водбліск каміна. Місіс Хол усё падалося чырванаватым, вычварным і няясным, тым больш што яна ўсё яшчэ была аслеплена святлом лямпы, якую толькі што запаліла над стойкай у распівачнай. На секунду ёй здалося, што ў пастаяльца страшэнны, шырока адкрыты рот на ўсю ніжнюю частку твару. Гэта быў імгненны прывід — белая забінтаваная галава, вялізныя акуляры замест вачэй і пад імі шырокі, адкрыты рот, які быццам бы пазяхаў. Але вось сонны зашавяліўся, выпрастаўся ў крэсле і падняў руку. Місіс Хол расчыніла дзверы насцеж, у пакоі стала святлей; тады яна лепш разглядзела яго і ўбачыла, што твар незнаёмца прыкрыты шалікам, таксама, як раней сурвэткай. І яна вырашыла, што ёй усё проста здалося з-за гульні ценяў.

— Ці не дазволіце, судар, майстру агледзець гадзіннік? — сказала яна, крыху апамятаўшыся.

— Агледзець гадзіннік? — спытаў ён, сонна азіраючыся кругом. Потым, нібы прачнуўшыся, дадаў: — Калі ласка!

Місіс Хол пайшла за лямпай, а ён падняўся з крэсла і пацягнуўся. З'явілася лямпа, і містэр Тэдзі Хенфры, увайшоўшы ў пакой, апынуўся твар у твар з забінтаваным чалавекам. Ён быў, па яго ўласнаму прызнанню, агарошаны.

— Добры вечар, — сказаў незнаёмец, гледзячы на яго, як марскі рак; па выказванню Хенфры, — на такое параўнанне яго, напэўна, навялі цёмныя акуляры.

— Спадзяюся, — сказаў Хенфры, — я вас не патрывожу?

— Ніколькі, - адказаў прыезджы. — Хаця я думаў, - дадаў ён, звяртаючыся да місіс Хол, — што гэты пакой адведзены мне для асабістага карыстання.

— Я падумала, судар, — сказала гаспадыня, — што вы пажадаеце, каб гадзіннік…

— Вядома, — перапыніў ён, — вядома; але ўвогуле я прывык заставацца адзін і не люблю, калі мяне турбуюць. Але я рады, што гадзіннік будзе пачынены, — працягваў ён, бачачы, што містэр Хенфры спыніўся ў нерашучасці. Ён ужо хацеў папрасіць прабачэння і пайсці, але словы прыезджага заспакоілі яго.

Прыезджы павярнуўся спіной да каміна і заклаў рукі за спіну.

— Калі з рамонтам гадзінніка будзе закончана, я вып'ю гарбаты, — заявіў ён. — Але няхай раней пачыняць гадзіннік.

Місіс Хол ужо збіралася выйсці з пакоя, — на гэты раз яна не спрабавала завязаць размову, не жадаючы, каб яе груба абарвалі ў прысутнасці містэра Хенфры, — як раптам пастаялец спытаўся, ці паклапацілася яна аб дастаўцы яго багажу. Яна паведаміла яму, што гаварыла пра гэта з паштальёнам і што багаж будзе дастаўлены заўтра раніцай.

— Вы ўпэўнены, што раней нельга яго даставіць? — спытаў ён.

— Зусім упэўнена, — адказала яна даволі холадна.

— Мне трэба было адразу сказаць вам, хто я такі, але я так замёрз і стаміўся, што проста не мог гаварыць. Я, бачыце, выпрабавальнік…

— Ах, дык вунь яно што, — прамовіла місіс Хол, на якую гэтыя словы зрабілі вельмі моцнае ўражанне.

— Багаж мой складаецца з самых розных прыбораў і апаратаў.

— Вельмі нават карысныя рэчы, — заўважыла місіс Хол.

- І я з нецярплівасцю чакаю магчымасці працягваць свае выпрабаванні.

— Вядома, судар.

— Прыехаць у Айпінг, — працягваў ён павольна, як быццам бы падбіраючы словы, — мяне прымусіла… м-м… імкненне да цішыні і спакою. Я не хачу, каб мяне турбавалі ў час маіх заняткаў. Апрача таго, няшчасны выпадак…

«Так я і здагадвалася», — падумала місіс Хол.

— …вымушае мяне да адзіноты. Разумееце, вочы мае іншы раз да таго слабеюць і пачынаюць так пакутліва балець, што мне даводзіцца зачыняцца ў цёмным пакоі на цэлыя гадзіны. Гэта надараецца калі-нікалі. Цяпер гэтага, вядома, няма. Але калі ў мяне прыступ, самы нязначны неспакой, з'яўленне чужога чалавека ў пакоі прымушае мяне страшэнна пакутаваць… Я думаю, лепш папярэдзіць аб гэтым загадзя.

— Вядома, судар, — сказала місіс Хол. — Асмелюся спытацца ў вас…

— Гэта ўсё, што я хацеў сказаць вам, — перапыніў ён яе сваім суровым тонам, які не дапускаў ніякіх пярэчанняў.

Місіс Хол асеклася і вырашыла адкласці свае пытанні і спачуванні да больш зручнага моманту.

Яна выйшла, а прыезджы застаўся стаяць перад камінам, люта гледзячы на містэра Хенфры, які рамантаваў гадзіннік (так гаварыў потым сам містэр Хенфры). Майстар гадзіннікаў паставіў лямпу блізка каля сябе, і зялёны абажур кідаў яркае святло на яго рукі і на часткі механізма, пакідаючы амаль увесь пакой у цяні. Калі ён падымаў галаву, перад вачамі ў яго плавалі рознакаляровыя плямы. Хенфры быў цікаўным чалавекам, таму ён вынуў механізм, — хаця ў гэтым не было рашуча ніякай патрэбы, — разлічваючы зацягнуць работу і, хто ведае, можа, нават завязаць з незнаёмцам размову. Але той стаяў маўкліва, не рухаючыся з месца. Ён стаяў так ціха, што гэта пачало дзейнічаць містэру Хенфры на нервы. Яму падалося нават, што ён адзін у пакоі, але падняўшы вочы, перад якімі адразу паплылі зялёныя плямы, ён убачыў у шэрым змроку нерухомую фігуру з забінтаванай галавой, што ўтаропілася на яго вялізнымі сінімі акулярамі. Гэта было так страшна, што з хвіліну абодва стаялі нерухома, гледзячы адзін на аднаго. Потым Хенфры апусціў вочы, нібы выбіраючы мішэнь для падрыхтоўчага стрэлу.

— Надвор'е… — пачаў ён.

— Хутка вы закончыце і пойдзеце адсюль? — сказала нерухомая фігура, відавочна, ледзьве стрымліваючы гнеў. — Вам толькі і трэба было ўмацаваць гадаіннікавую стрэлку на восі, а вы тут кешкаецеся без толку.

— Зараз, судар… адну хвіліну… Я выпусціў з-пад увагі… - і містэр Хенфры паспешліва закончыў работу і выйшаў, моцна, аднак, раззлаваны.

— Каб яго чорт узяў! — бурчэў ён сам сабе, крочачы па заснежанай вуліцы. — Трэба ж калі-небудзь праверыць гадзіннік… Скажыце, калі ласка, і паглядзець на яго нельга. Чорт ведае што… Мусіць, нельга. Ён так забінтаваны і захутаны, нібы яго адшуквае паліцыя.

Калі містэр Хенфры дайшоў да вугла, ён убачыў Хола, які нядаўна ажаніўся з гаспадыняй карчмы «Кучар і коні», дзе спыніўся незнаёмец; Хол вяртаўся са станцыі Сідэрбрыдж, куды ён вазіў на айпінгскім амнібусе выпадковых пасажыраў. Як ён кіраваў, было ясна, што Хол крышку клюнуў у Сідэрбрыджы.

— Як пажываеце, Тэдзі? — звярнуўся ён да Хенфры, калі параўняўся з ім.

— У вас спыніўся нейкі падазроны тып, — сказаў Тэдзі.

Хол, абрадаваны выпадкам пагаварыць, нацягнуў лейцы.

— Што такое? — спытаўся ён.

— У вас у карчме спыніўся нейкі падазроны тып, — паўтарыў Тэдзі. — Далібог! — І ён пачаў з вялікай жвавасцю апісваць Холу дзіўнага госця. — Выглядае ён… проста страх! Калі б гэта быў мой дом, я, зразумела, палічыў бы за лепшае ведаць у твар свайго пастаяльца, — сказаў ён. — Але жанчыны заўсёды даверлівыя, калі справа тычыцца чужых людзей. Ён пасяліўся ў вас, Хол, і нават не сказаў, як яго завуць.

— Няўжо? — спытаўся Хол, які не вызначаўся асаблівай кемлівасцю.

— Так, — пацвердзіў Тадзі. — Ён зняў пакой на тыдзень. Хто б ён ні быў, вам нельга будзе адчапіцца ад яго раней, чым праз тыдзень. І ён кажа, што ў яго куча багажу, які прывязуць заўтра. Будзем спадзявацца, што гэта не скрынкі з камянямі.

Тут ён расказаў, як нейкі прыезджы з пустымі чамаданамі абдурыў яго цётку ў Гасцінгсе. Зразумела, размова з Тэдзі разбудзіла ў Хола нейкае няпэўнае падазрэнне.

— Ну, паехалі, дзядуля, — звярнуўся Хол да свайго каня. — Трэба навесці парадак.

А Тэдзі, аблегчыўшы душу, пайшоў сваёй дарогай ужо ў лепшым настроі.

Аднак, замест таго, каб наводзіць парадак, Холу пасля вяртання дадому давялося выслухаць шмат папрокаў за тое, што ён так доўга прабыў у Сідэрбрыджы, а на свае нясмелыя пытанні пра новага пастаяльца ён атрымаў рэзкія, але ўніклівыя адказы. І ўсё ж зерне падазрэння, кінутае майстрам гадзіннікаў у душу Хола, дало свае парасткі.

— Вы, бабы, нічога не разумееце, — сказаў містэр Хол і вырашыў пры першым жа зручным выпадку даведацца больш падрабязна пра падазронага прыезджага.

І пасля таго, як пастаялец накіраваўся ў сваю спальню, — гэта было прыкладна палова дзесятай, — містэр Хол з даволі задзірлівым выглядам увайшоў у гасціную і стаў уважліва аглядваць мэблю сваёй жонкі, быццам бы жадаючы паказаць гэтым, што тут гаспадар ён, а не прыезджы; ён пагардліва зірнуў на аркуш паперы з матэматычнымі вылічэннямі, які забыўся пастаялец. Кладучыся спаць, містэр Хол параіў жонцы ўважліва прыгледзецца — што за багаж заўтра прывязуць пастаяльцу.

— Калі ласка, не лезь не ў сваю справу, — абарвала яго місіс Хол. — Глядзі лепш за сабой, а я і без цябе ўпраўлюся.

Яна тым больш злавалася на мужа, што прыезджы сапраўды быў нейкі дзіўны, і ў душы яна сама трывожылася. Ноччу яна раптам прачнулася, убачыўшы ў сне вялізныя белыя вірлавокія галовы, падобныя на бручку, якія гналіся за ёй на доўгіх, выцягнутых шыях. Але яна была жанчына разважлівая, таму перасіліла свой страх, павярнулася на другі бок і зноў заснула.


Раздзел ІІІ. Тысяча і адна бутэлька


Дык вось, дзевятага лютага, калі толькі пачалася адліга, невядома адкуль з'явіўся ў Айпінгу дзіўны незнаёмец. На наступны дзень, у слоту і бездараж, яго багаж даставілі ў карчму, і багаж таксама аказаўся не зусім звычайны. Абодва чамаданы, праўда, нічым не адрозніваліся ад тых, якімі звычайна запасаюцца падарожнікі; але, акрамя іх, была яшчэ скрынка з кнігамі — вялізнымі тоўстымі кнігамі, прычым некаторыя былі не надрукаваны, а спісаны надзвычай неразборлівым почыркам, — з тузін, калі не больш, кошыкаў, скрынак і каробак, у якіх ляжалі нейкія прадметы, загорнутыя ў салому; Хол, які не прамінуў паварушыць салому, вырашыў, што там былі шкляныя бутэлькі. У той час як Хол балбатаў з Фірэнсайдам, фурманам, рыхтуючыся дапамагчы яму перанесці багаж у дом, з дзвярэй выйшаў незнаёмец у нізка насунутым капелюшы, у паліто, пальчатках і шаліку. Ён выйшаў з дому і нават не зірнуў на сабаку Фірэнсайда, які ляніва абнюхваў ногі Хола.

— Нясіце скрынкі ў пакой, — сказаў незнаёмец. — Я і так ужо доўга прачакаў іх.

З гэтымі словамі ён спусціўся з ганка і падышоў да задка павозкі, як быццам хацеў уласнаручна занесці невялікі кошык.

Убачыўшы яго, сабака Фірэнсайда дзіка загыркаў і ашчацініўся; калі ж незнаёмец спусціўся з ганка, ён падскочыў і цапнуў яго за руку.

— Куш! — шарахнуўшыся, крыкнуў Хол, які заўсёды пабойваўся сабак, а Фірэнсайд закрычаў:

— Кладзіся! — і схапіўся за бізун.

Яны бачылі, як зубы сабакі слізганулі па руцэ незнаёмца, пачуўся трэск раздзіраемых штаноў. У гэты момант бізун Фірэнсайда дастаў сабаку, і ён, заскуголіўшы ад крыўды і болю, схаваўся пад павозку. Усё гэта адбылося за паўхвіліны. Ніхто нічога не казаў, але ўсе крычалі. Незнаёмец хутка зірнуў на разарваныя пальчатку і калашыну, зрабіў рух, быццам бы хацеў нагнуцца, затым павярнуўся і ўзбег на ганак. Яны пачулі, як ён паспешліва прайшоў па калідоры і застукаў абцасамі па непакрытай дываном лесвіцы, якая вяла ў яго спальню.

— Ах ты, жывёліна гэтакая! — вылаяўся Фірэнсайд, злазячы з павозкі з бізуном у руцэ, у той час як сабака пільна сачыў за ім з-за колаў. - Ідзі сюды! — крыкнуў ён. — Інакш будзе горш.

Хол стаяў, разінуўшы рот, у поўнай разгубленасці.

— Ён укусіў яго, — загаварыў Хол. — Пайду пагляджу, што з ім. — І закрочыў следам за незнаёмцам. У калідоры ён сустрэў жонку і сказаў ёй: — Пастаяльца пакусаў сабака Фірэнсайда.

Ён падняўся па лесвіцы; дзверы незнаёмца былі прыадчынены, Хол расчыніў іх і ўвайшоў у пакой без асаблівых цырымоній, каб хутчэй выказаць сваё спачуванне.

Штора была апушчана, і ў пакоі стаяў паўзмрок. Хол паспеў заўважыць штосьці надзвычай дзіўнае, падобнае на руку без кісці, занесеную над ім, і твар, які складаўся з трох вялікіх расплывістых плям на белым фоне, вельмі падобны на бледную кветку браткоў. Потым моцны штуршок у грудзі адкінуў яго ў калідор, дзеры зачыніліся з трэскам перад самым яго носам, і ён пачуў, як шчоўкнуў ключ у замку. Усё гэта адбылося так хутка, што Хол не паспеў нічога ўцяміць. Мільгаценне нейкіх цьмяных ценяў, штуршок і боль у грудзях. І вось ён стаіць на цёмнай пляцоўцы перад дзвярыма, пытаючыся ў сябе, што ж гэта такое ён бачыў.

Крыху пазней ён далучыўся да кучкі людзей, што сабраліся на вуліцы перад карчмой. Тут быў і Фірэнсайд, які ўжо ў другі раз расказваў усю гісторыю з самга пачатку; і місіс Хол, якая паўтарала, што яго сабака не мае ніякага права кусаць яе пастаяльцаў; тут быў і Хакстэрс, уладальнік лаўкі насупраць, таксама моцна зацікаўлены здарэннем, і Сэндзі Ўоджэрс з кузні, які слухаў Фірэнсайда з глыбакадумным выглядам; збегліся жанчыны і дзеці, і кожны выказваў якое-небудзь глупства, накшталт: «Паспрабаваў бы ён мяне ўкусіць», «Нельга трымаць такіх сабак», «А чаму ён яго ўкусіў?» і так далей.

Містэр Хол глядзеў на іх з ганка, прыслухоўваўся да размовы, і яму пачало ўжо здавацца, што нічога незвычайнага ён наверсе ўбачыць не мог, — напэўна, гэта проста здалося. Ды яму і слоў не хапіла б, каб перадаць свае ўражанні.

— Ён сказаў, што яму нічога не патрэбна, — толькі і адказаў ён на пытанне жонкі. — Я думаю, трэба занесці багаж.

— Трэба адразу прыпячы, — сказаў містэр Хакстэрс, — асабліва калі атрымалася запаленне.

— Я прыстрэліла б гэтага сабаку, — сказала адна з жанчын.

Раптам сабака зноў загыркаў.

— Давайце рэчы, — пачуўся сярдзіты голас, і на парозе з'явіўся незнаёмец, захутаны, з паднятым каўняром і апушчанымі палямі капелюша. — Чым хутчэй вы ўнясеце мае рэчы, тым лепш, — працягваў ён. Па сведчанні аднаго з відавочцаў, ён паспеў перамяніць пальчаткі і штаны.

— Моцна ён вас пакусаў, спадар? — спытаўся Фірэнсайд. — Мне вельмі непрыемна, што мой сабака…

— Дробязі, - адказаў незнаёмец, — нават не абадраў. Паспяшайцеся лепш з рэчамі.

Тут ён, па сцвярджэнні містэра Хола, вылаяўся сам сабе.

Як толькі першую карзіну ўнеслі па яго ўказанні ў гасціную, незнаёмец нецярпліва пачаў яе распакоўваць, бесцырымонна раскідваючы салому па дыване місіс Хол. Ён пачаў выцягваць з карзіны бутэлькі — маленькія пузатыя бутэлечкі з парашкамі, невялікія, вузкія бутэлькі з пафарбаванай у розныя колеры або празрыстай, як вада, вадкасцю, выгнутыя пляшкі з надпісам «яд», круглыя бутэлькі з тонкімі рыльцамі, вялікія бутэлькі з зялёнага і белага шкла, бутэлькі з шклянымі коркамі, з вытраўленымі на іх надпісамі, з прыцертымі коркамі, бутэлькі з затычкамі, бутэлькі з-пад віна і праванскага масла. Усе гэтыя бутэлькі ён расставіў радамі на куфры, на каміннай дошцы, на стале, на падаконніку, на падлозе, на этажэрцы — усюды. У брэмблхерсцкай аптэцы не набралася б і палавіны такой колькасці бутэлек. Вось гэта было відовішча! Ён распакоўваў карзіну за карзінай, і ва ўсіх былі бутэлькі. Нарэшце ўсе шэсць карзін апусцелі, а на стале вырасла гара саломы; акрамя бутэлек, у карзінах знаходзілася яшчэ нямала прабірак, а таксама старанна ўпакаваныя вагі.

Незнаёмец распакаваў карзіны, адышоў да акна і адразу ж узяўся за работу, не звяртаючы ўвагі на кучу саломы, на патухлы камін, на скрынку з кнігамі, што засталіся на вуліцы, на чамаданы і астатні багаж, які быў ужо занесены наверх.

Калі місіс Хол падала абед, незнаёмец быў поўнасцю заняты сваёй работай: ён уліваў па кроплях вадкасць з бутэлек у прабіркі, і нават не заўважыў, як яна ўвайшла; толькі калі яна прыбрала салому і паставіла паднос на стол, можа, некалькі больш шумна, чым звычайна, таму што яе ўсхваляваў непрыглядны выгляд дывана, ён мелькам зірнуў у яе бок і тут жа адвярнуўся. Яна паспела заўважыць, што незнаёмец быў без акуляраў; яны ляжалі каля яго на стале, і ёй здалося, што яго вачніцы незвычайна глыбокія. Ён адзеў акуляры, павярнуўся і паглядзеў ёй у твар. Яна збіралася ўжо выказаць сваю незадаволенасць неахайнасцю пастаяльца, але ён апярэдзіў яе.

— Я папрасіў бы вас спачатку пастукаць у дзверы, а ўжо потым заходзіць у пакой, — сказаў ён з незвычайным раздражненнем, якое, відаць, імгненна ўспыхвала ў ім з любой прычыны.

— Я пастукалася, але, магчыма…

— Можа, вы і стукалі. Але ў час маіх даследаванняў, - даследаванняў надзвычай важных і неабходных, — самае нязначнае… нават рыпенне дзвярэй… Я папрасіў бы вас…

— Вядома, судар. Калі вы жадаеце, вы можаце замыкаць дзверы на ключ. У любы час.

— Вельмі ўдачная думка! — сказаў незнаёмец.

— Вось толькі гэтая салома, судар. Асмелюся заўважыць…

— Не трэба! Калі салома вас турбуе, запішыце яе на мой рахунак. — І ён прамармытаў сам сабе штосьці вельмі падобнае на лаянку.

Ён стаяў перад гаспадыняй з ваяўнічым і раздражнёным выглядам, трымаючы ў адной руцэ бутэльку, а ў другой прабірку, і ўсё яго аблічча было такое дзіўнае, што місіс Хол збянтэжылася. Але яна была асоба рашучая.

— У такім выпадку, — заявіла яна, — я хацела б ведаць, колькі вы мяркуеце…

— Шылінг, пастаўце шылінг. Я думаю, гэтага дастаткова?

— Добра, няхай так і будзе, — сказала місіс Хол, распачынаючы накрываць на стол. — Канечне, калі вы згодны…

Незнаёмец павярнуўся і сеў спіной да яе. Увесь пасляабедзенны час ён працаваў, замкнуўшыся на ключ і, як сцвярджае місіс Хол, амаль у поўнай цішыні. Толькі адзін раз прагучаў трэск і звон шкла, як быццам хтосьці штурхнуў стол і з размаху шпурнуў на падлогу бутэльку, а потым пачуліся паспешлівыя крокі па дыване. Асцерагаючыся, што адбываецца нешта няладнае, гаспадыня падышла да дзвярэй і, затаіўшыся, пачала прыслухоўвацца.

— Нічога не выйдзе! — крычаў ён раз'юшана. — Не выйдзе! Трыста тысяч, чатырыста тысяч! Гэта неверагодна! Абмануты! Усё жыццё пойдзе на гэта!… Цярпенне! Лёгка сказаць!.. Дурань, дурань!

Тут хтосьці ўвайшоў у карчму, загрукалі цяжкія боты па плітках падлогі, і місіс Хол павінна была, хочаш не хочаш, адступіць ад дзвярэй не даслухаўшы.

Калі яна вярнулася, у пакоі зноў было зусім ціха, калі не лічыць слабога скрыпу крэсла і пабразгвання бутэлькі. Відавочна, незнаёмец зноў прыняўся за работу.

Калі яна прынесла гарбату, то ўбачыла ў кутку пакоя, пад люстэркам, разбітыя бутэлькі і залаціста-жоўтую нядбайна выцертую пляму. Яна звярнула на гэта ўвагу пастаяльца.

— Запішыце ўсё гэта на мой рахунак, — агрызнуўся ён. — Богам прашу, не перашкаджайце мне. Калі я чым-небудзь прыношу вам страту, стаўце ў рахунак. — І ён зноў узяўся рабіць паметкі ў сшытку, які ляжаў перад ім.

— Ведаеце, што я вам скажу, — таямніча паведаміў Фірэнсайд вечарам таго ж дня ў піўной.

— Ну? — спытаў Тэдзі Хенфры.

— Гэты чалавек, якога ўкусіў мой сабака… Ну, дык вось: чарнаскуры. Прынамсі, ногі ў яго чорныя. Я гэта заўважыў, калі сабака парваў яму штаны і пальчатку. Трэба было думаць, што скрозь дзіркі будзе відаць ружовае цела, праўда? Ну, а на самой справе нічога падобнага. Адна толькі чарната. Пэўна вам кажу, ён такі ж чорны, як мой капялюш.

— Госпадзі памілуй! — усклікнуў Хенфры. — Вось дзіўны выпадак! А нос жа ў яго, што ні кажыце, ружовы.

— Так, — сказаў Фірэнсайд. — Гэта слушна. Толькі вось што я вам скажу, — хлопец гэты пярэсты: дзе чорны, а дзе белы, плямамі. І ён гэтага саромеецца. Ён накшталт нейкай помесі, а масці, замест таго каб перамяшацца, пайшлі плямамі. Я і раней чуў аб такіх выпадках. У коней гэта бывае вельмі часта, спытай у каго хочаш.


Раздзел IV. Містэр Кас бярэ інтэрв'ю ў незнаёмца


Я так падрабязна распавядаў пра акалічнасці, што суправаджалі прыезд незнаёмца ў Айпінг, для таго, каб чытач зразумеў усеагульную цікаўнасць, якую выклікала яго з'яўленне. Што ж датычыцца яго знаходжання там да знамянальнага дня клубнага свята, то на ім — за выключэннем двух дзіўных здарэнняў — можна доўга не спыняцца. Іншы раз надараліся сутычкі з місіс Хол па гаспадарчых пытаннях, але з іх пастаялец заўсёды выходзіў пераможцам, адразу ж прапаноўваючы дадатковую плату, і так працягвалася да канца красавіка, калі ў яго сталі выяўляцца першыя прыкметы безграшоўя.

Хол недалюбліваў яго і пры любым спрыяльным выпадку паўтараў, што ад яго трэба пазбавіцца, але непрыязнасць гэта выяўлялася галоўным чынам у тым, што Хол стараўся пры магчымасці пазбягаць сустрэчы з пастаяльцам.

— Пачакаем лета, — пераконвала мужа місіс Хол. — Пачнуць з'язджацца мастакі, тады паглядзім. Ён, канечне, нахабнік, затое акуратна, разлічваецца па рахунках, гэтага ў яго адняць нельга, што ні кажыце.

Пастаялец у царкву не хадзіў і не рабіў ніякай розніцы паміж нядзеляй і буднямі, нават апранаўся заўсёды аднолькава. Працаваў ён, па думцы місіс Хол, вельмі нерэгулярна. У некаторыя дні ён спускаўся рана і доўга карпеў над сваімі даследаваннямі. У другія ж уставаў позна, хадзіў па пакоі, цэлымі гадзінамі гучна бурчэў, курыў ці драмаў у крэсле каля каміна. Зносін са знешнім светам у яго не было ніякіх. Настрой яго па-ранейшаму быў надзвычай няроўны: больш за ўсё ён трымаў сябе, як чалавек, які знаходзіцца ва ўладзе крайняга раздражнення, а разы два ў яго былі прыпадкі шалёнай злосці, і ён кідаў, рваў і ламаў усё, што траплялася пад руку. Прывычка яго размаўляць напаўголасу з самім сабою ўсё ўзмацнялася, але місіс Хол нічога не магла зразумець з гэтых мармытанняў, хаця і старалася падслухоўваць.

Днём ён рэдка выходзіў з дому і прагульваўся толькі ў прыцемках, захутаны так, што яго твару нельга было разгледзець, — усё роўна, было на двары холадна, ці цёпла, і выбіраў для прагулак самыя зацішныя сцяжынкі, зацененыя дрэвамі або агароджаныя насыпам. Яго цёмныя акуляры і страшны забінтаваны твар пад шыракаполым капелюшом іншы раз палохалі ў цемры рабочых, якія вярталіся дадому з работы; а Тэдзі Хенфры, які выйшаў аднойчы, пахістваючыся, з карчмы «Чырвоны камзол» у палавіне дзесятага вечара, ледзьве не памёр ад страху, калі ўбачыў пры святле з адчыненых дзвярэй падобную на чэрап галаву незнаёмца (той прагульваўся з капелюшом у руцэ). Дзецям, якія бачылі яго ў прыцемку, ноччу сніліся страшныя сны. Хлапчукі яго не маглі цярпець, ён іх — таксама, і цяжка сказаць, хто каго больш не любіў, але ва ўсякім выпадку непрыязнасць была ўзаемная і вельмі вострая.

Няма нічога дзіўнага, што чалавек такога страшэннага выгляду і такіх дзіўных паводзін даваў багатую пажыву для размоў у Айпінгу. Адносна характару яго заняткаў думкі разыходзіліся. Місіс Хол у гэтым пункце была надта прынцыповая. На пытанне, чым ён займаецца, яна звычайна адказвала з вялікай важнасцю, што ён праводзіць «эксперыментальныя даследванні», — гэтыя словы яна вымаўляла павольна і асцярожна, быццам баялася спатыкнуцца. Калі ж у яе пыталіся, што гэта азначае, яна гаварыла з адценнем некаторай перавагі, маўляў, гэта вядома любому адукаванаму чалавеку, і паясняла: «Ён робіць розныя адкрыцці». З яе пастаяльцам надарыўся няшчасны выпадак, — расказвала яна, — і рукі і твар яго згубілі свой натуральны колер; а ён як чалавек чуллівы не можа паказвацца ў такім выглядзе на людзях.

Але за спіной місіс Хол распаўсюджваліся ўпартыя чуткі, што яе пастаялец — крымінальны злачынца, які хаваецца ад правасуддзя і стараецца з дапамогай свайго дзіўнага ўбору схавацца ад паліцыі. Упершыню гэтая здагадка ўзнікла ў галаве містэра Тэдзі Хенфры. Дарэчы, ні пра якое больш-менш громкае злачынства, што магло надарыцца ў сярэдзіне ці канцы лютага, не было вядома. Таму містэр Гоўлд, школьны настаўнік, некалькі змяніў гэтую здагадку: згодна з яго версіяй пастаялец місіс Хол быў анархістам, займаўся вырабам выбуховых рэчываў; і ён вырашыў у свой вольны час сачыць за незнаёмцам. Сачэнне заключалася галоўным чынам у тым, што пры сустрэчах з незнаёмцам містэр Гоўлд глядзеў на яго вельмі пільна і распытваў пра незнаёмца людзей, якія ніколі яго не бачылі. Тым не менш містэру Гоўлду не ўдалося нічога даведацца.

Было многа прыхільнікаў версіі, якую прапанаваў Фірэнсайд, што незнаёмец — пярэсты ці што-небудзь такое. Так, напрыклад, Сайлас Дэрган не раз казаў, што калі б незнаёмец адважыўся паказвацца на кірмашы, то ён нажыў бы немалое багацце, нават спасылаўся на вядомы з Бібліі выпадак з чалавекам, які закапаў свой талент у зямлю. Іншыя лічылі, што незнаёмец пакутуе ціхім вар'яцтвам. Гэтае сцвярджэнне мела перавагу, таму што адразу тлумачыла ўсё.

Акрамя стойкіх паслядоўнікаў гэтых асноўных цячэнняў у грамадскай думцы Айпінга, былі людзі, якія сумняваліся і маглі пайсці на ўступкі.

Жыхары графства Сэсекс былі мала схільны да забабонаў, і першыя здагадкі пра звышнатуральную сутнасць незнаёмца з'явіліся толькі пасля красавіцкіх падзей, ды і то гэтаму паверылі адны жанчыны.

Але як бы там ні думалі пра незнаёмца некаторыя жыхары Айпінга, непрыязь да яго была ўсеагульнай і аднадушнай. Яго раздражняльнасць, якую мог бы зразумець гараджанін, які займаецца разумовай працай, непрыемна ўражвала ўраўнаважаных сэсекскіх жыхароў. Злосная жэстыкуляцыя, імклівая паходка, гэтыя начныя прагулкі, калі ён нечакана ў цемры выскокваў з-за вугла ў самых ціхіх, бязлюдных месцах, няветлівае спыненне ўсіх спробаў уцягнуць яго ў размову, захапленне поцемкамі, якое прымушала яго замыкаць дзверы, спускаць шторы, тушыць свечкі і лямпы — хто мог бы прымірыцца з гэтым? Калі незнаёмец праходзіў па вуліцы, сустрэчныя саступалі ў бок, а за яго спіной мясцовыя жартаўнікі, падняўшы каўнер паліто і апусціўшы палі капелюша, імітавалі яго нервовую паходку і загадкавыя паводзіны. У той час карысталася папулярнасцю песенька «Чалавек-прывід». Місіс Сэтчэл праспявала яе на канцэрце ў школе — збор пайшоў на пакупку лямпаў для царквы; потым, як толькі на вуліцы з'яўляўся незнаёмец, адразу ж хто-небудзь пачынаў насвістваць — гучна ці ціха — матыў гэтай песенькі. Нават запозненыя дзеці, якія спяшаліся вечарам дадому, крычалі яму ўслед: «Прывід!» — і імчалі далей, заміраючы ад страху і захаплення.

Кас, мясцовы ўрач, згараў ад цікаўнасці. Забінтаваная галава выклікала ў ім чыста прафесійны інтарэс; чуткі ж пра тысячу і адну бутэльку ўзбударажылі яго зайздросную павагу. Увесь красавік і ўвесь травень ён старанна шукаў выпадак загаварыць з незнаёмцам, нарэшце не вытрымаў і напярэдадні сёмухі вырашыў пайсці да яго, выкарыстаўшы зручную прычыну: трэба было падпісаць ліст на карысць сядзелкі мясцовай бальніцы. Са здзіўленнем ён пераканаўся, што місіс Хол не ведае імя свайго пастаяльца.

— Ён назваў сябе, — сказала місіс Хол (сцверджанне, пазбаўленае ўсякай падставы), — але я не дачула.

Ёй было няёмка прызнацца, што пастаялец і не думаў называць сябе.

Кас пастукаў у дзверы гасцінай і ўвайшоў. Адтуль пачулася неразборлівая лаянка.

— Прашу прабачэння за тое, што ўрываюся да вас, — прамовіў Кас, пасля чаго дзверы зачыніліся і далейшай размовы місіс Хол ужо не чула.

На працягу дзесяці хвілін да яе далятаў толькі няясны шум галасоў; затым пачуўся вокліч здзіўлення, шорганне ног, грохат адкінутага стула, адрывісты смех, хуткія крокі, - і на парозе з'явіўся Кас; ён быў бледны і аглядваўся, вылупіўшы вочы. Не зачыніўшы за сабой дзверы і не зірнуўшы на гаспадыню, ён прайшоў па калідоры, спусціўся з ганка і хутка закрочыў па вуліцы. Капялюш ён трымаў у руцэ. Місіс Хол зайшла за стойку, стараючыся зазірнуць цераз адчыненыя дверы ў пакой пастаяльца. Яна пачула нягучны смех, потым крокі. Са свайго месца яна не магла ўбачыць яго твар. Потым дзверы гасцінай зачыніліся з трэскам і ўсё заціхла. Кас накіраваўся проста да вікарыя Банцінга.

— Я звар'яцеў? — вымавіў ён адрывіста, як толькі ўвайшоў у пыльны кабінет вікарыя. — Я падобны на вар'ята?

— Што здарылася? — спытаў вікарый, кладучы ракавіну прэс-пап'е на разрозненыя аркушы сваёй чарговай пропаведзі.

— Гэты суб'ект, пастаялец Холаў…

— Ну?

— Дайце мне выпіць чаго-небудзь, — сказаў Кас і апусціўся на стул.

Калі Кас некалькі заспакоіўся з дапамогай таннага херэса — другіх напіткаў у найдабрэйшага вікарыя не бывала, — ён стаў расказваць пра сваю сустрэчу з незнаёмцам.

— Заходжу, — пачаў ён, задыхаючыся, — і прашу падпісацца на карысць сядзелкі. Як толькі я ўвайшоў, ён засунуў рукі ў кішэні і плюхнуўся ў крэсла. Сядзіць і фыркае носам. «Вы цікавіцеся навукай, я чуў?» — пачаў я. «Так», — адказаў ён і зноў фыркнуў. Увесь час фыркаў. Прастудзіўся, можа. Ды і што дзіўнага, раз чалавек так хутаецца. Я стаў гаварыць наконт сядзелкі, а сам азіраюся па баках. Усюды бутэлькі, хімічныя прэпараты, тут жа вагі, прабіркі і пахне начнымі фіялкамі. Падпішацца ён на колькі-небудзь? «Падумаю», — кажа. Тут я проста спытаў яго, ці займаецца ён навуковымі даследаваннямі. «Так», — сказаў ён. «Доўгія даследаванні?» Тады яго быццам прарвала. «Страшэнна доўгія», — адказаў ён. «Вось як?» — сказаў я. Вось тут і пайшло. У ім ужо раней усё так і кіпела, і маё пытанне было апошняй кропляй. Ён атрымаў ад кагосьці рэцэпт — надзвычай каштоўны рэцэпт; для якой мэты — гэта ён не можа сказаць. «Медыцынскі?» — «Каб яго чорт узяў, а вам якая справа?» Я папрасіў прабачэння. Ён спагадліва фыркнуў, адкашляўся і працягваў. Рэцэпт ён прачытаў. Пяць інгрэдыентаў. Паклаў на стол, адвярнуўся. Раптам шорах: паперку падхоплівае скразняком. Ён працаваў у пакоі з адкрытым камінам. Успыхнула полымя, і не паспеў ён азірнуцца, як рэцэпт згарэў і попел вылецеў у трубу. Ён кінуўся да каміна, — позна! Вось! Тут ён безнадзейна махнуў рукой.

— Ну?

— А рукі і няма. Пусты рукаў. «Божа, — падумаў я, — вось жа калека. Напэўна, у яго пробкавая рука і ён яе зняў. І ўсё-такі, - думаў я, — тут штосьці няладнае. Як жа гэта рукаў не мнецца і не абвісае, калі ў ім нічога няма?» А ў ім нічога не было, запэўніваю вас. Зусім пусты рукаў, да самага згібу. Я бачыў, што ён пусты да самага локця, і акрамя таго, у прарэху праходзіла святло. «Божа міласэрны!» — усклікнуў я. Тады ён замоўк. Утаропіўся акулярамі спачатку на мяне, потым на свой рукаў.

— Ну?

— Толькі і ўсяго. Не сказаў ні слова, толькі глянуў на мяне і хутка засунуў рукаў у кішэню: «Я, здаецца, спыніўся на тым, як рэцэпт згарэў?» Ён запытальна кашлянуў. «Як гэта вы ўмудраецеся рухаць пустым рукавом?» — спытаўся я. «Пустым рукавом?» — «Ну так, — сказаў я, — пустым рукавом». «Дык гэта, па-вашаму, пусты рукаў? Вы самі бачылі, што рукаў пусты?» Ён падняўся з крэсла. Я таксама ўстаў. Тады ён паволі зрабіў тры крокі, падышоў да мяне і стаў зусім блізка. З'едліва фыркнуў. Я стаяў як стаяў, хаця, чэснае слова, гэта забінтаванае страшыдла з цёмнымі акулярамі напалохала б каго хочаш. «Дык вы кажаце, рукаў пусты?» — сказаў ён. «Вядома», — адказаў я. Тады ён імкліва, утаропіўшыся на мяне сваімі акулярамі, вынуў рукаў з кішэні і працягнуў яго да мяне, як быццам бы хацеў зноў паказаць.

Усё гэта ён зрабіў вельмі павольна. Я паглядзеў на рукаў. Здавалася, прайшла цэлая вечнасць. «Ну, — сказаў я, з цяжкасцю вымаўляючы словы, — у ім нічога няма». Штосьці трэба ж было сказаць. Мне станавілася страшна. Я бачыў увесь рукаў наскрозь. Ён выцягнуў яго павольна, павольна — вось так, пакуль абшлаг не апынуўся ў цалях шасці ад майго твару. Дзіўнае гэта адчуванне, як набліжаецца пусты рукаў… А потым…

— Ну?

— Штосьці — мне падалося, вялікі і ўказальны палец — пацягнула мяне за нос.

Банцінг засмяяўся.

— Але там не было нічога! — сказаў Кас, ледзьве не ўскрыкнуўшы на слове «нічога». — Добра вам смяяцца, а я быў так ашаломлены, што стукнуў па абшлагу рукава, павярнуўся і выбег з пакоя…

Кас замоўк. У непрытворнасці яго спалоху нельга было сумнявацца. Ён бездапаможна павярнуўся і выпіў яшчэ шклянку кепскага херэса, якім частаваў яго дастойнейшы вікарый.

— Калі я стукнуў яго па рукаве, — сказаў ён, — то, запэўніваю вас, я адчуў, што б'ю па руцэ. А рукі там не было. І намёку на руку не было!

Містэр Банцінг задумаўся. Потым падазрона паглядзеў на Каса.

— Гэта ў вышэйшай ступені цікавая гісторыя, — сказаў ён з вельмі глыбакадумным і сур'ёзным выглядам. — Безумоўна, гісторыя ў вышэйшай ступені цікавая, — паўтарыў ён яшчэ больш важна.


Раздзел V. Крадзеж з узломам у доме вікарыя


Аб крадзяжы з узломам у доме вікарыя мы даведаліся галоўным чынам з расказаўсамога вікарыя і яго жонкі. Айпінгскі клуб праводзіць штогадовыя святкаванні. Місіс Банцінг раптам прачнулася ў перадсвітальнай цішыні з выразным адчуваннем, што дзверы спальні бразнулі. Спачатку яна вырашыла не будзіць мужа, а села на ложак і прыслухалася. Яна выразна распазнала шлёпанне босых ног, быццам хтосьці выйшаў з суседняга пакоя і накіраваўся па калідоры да лесвіцы. Тады яна з вялікай асцярожнасцю разбудзіла містэра Банцінга. Містэр Банцінг, прачнуўшыся і даведаўшыся ў чым справа, вырашыў не запальваць агню, але, адзеўшы акуляры, капот жонкі і свае купальныя туфлі, выйшаў на пляцоўку. Ён зусім ясна пачуў валтузню ў сваім кабінеце ўнізе, потым там хтосьці гучна чхнуў.

Тады ён вярнуўся ў спальню, запасся самай надзейнай зброяй, якая знайшлася, — качаргой і сышоў з лесвіцы, стараючыся рухацца як можна цішэй. Місіс Банцінг выйшла на пляцоўку.

Было каля чатырох гадзін. Начны змрок радзеў. У холе ўжо развіднівалася, але дзверы кабінета зеўрылі чорнай прорвай. У поўнай цішыні чутна было толькі слабае рыпенне прыступак пад нагамі містэра Банцінга і лёгкі рух у кабінеце. Потым штосьці шчоўкнула, пачулася, як адчынілася скрынка і зашамацелі паперы. Потым пачулася лаянка, чыркнула запалка, і кабінет асвяціўся жоўтым святлом. У гэты час містэр Банцінг быў ужо ў холе і ў прачыненыя дзверы разгледзеў пісьмовы стол, высунутую скрынку і свечку, што гарэла на стале. Але злодзея ён не ўбачыў. Ён стаяў у холе, не ведаючы, што рабіць, а ззаду яго павольна спускалася з лесвіцы бледная напалоханая місіс Банцінг. Адна акалічнасць падтрымлівала мужнасць містэра Банцінга: упэўненасць, што злодзей належыць да ліку мясцовых жыхароў.

Затым яны пачулі звон манет і зразумелі, што злодзей знайшоў грошы, адкладзеныя на гаспадарку, — два фунты дзесяць шылінгаў паўсавярэнамі. Звон манет імгненна вывеў містэра Банцінга са стану нерашучасці. Моцна сціснуўшы ў руцэ качаргу, ён уварваўся ў кабінет; місіс Банцінг ішла за ім па пятах.

— Здавайся! — раз'юшана крыкнуў містэр Банцінг і спыніўся ўражаны: у пакоі нікога не было.

І аднак, без усякага сумнення, хвіліну назад тут хтосьці рухаўся. З паўхвіліны супругі стаялі, разявіўшы раты, потым місіс Банцінг зазірнула за шырмы, а містэр Банцінг, з тымі ж намерамі, паглядзеў пад стол. Затым місіс Банцінг адгарнула ваконныя фіранкі, а містэр Банцінг агледзеў камін і пашнарыў у трубе качаргой. Затым місіс Банцінг перарыла карзіну для смецця, а містэр Банцінг адчыніў скрынку з вугалем. Прарабіўшы ўсё гэта, яны спыніліся і з неўразуменнем утаропіліся адно на аднаго.

— Я гатовы паклясціся… — сказаў містэр Банцінг. — А свечка! — усклікнуў ён. — Хто запаліў свечку?

— А скрынка! — сказала місіс Банцінг. — Куды падзеліся грошы?

Яна паспешна пайшла да дзвярэй.

— У жыцці сваім нічога падобнага…

У калідоры хтосьці гучна чхнуў. Яны выбеглі з пакоя і тут жа пачулі, як стукнулі дзверы, што вялі на кухню.

— Прынясі свечку, — сказаў містэр Банцінг і пайшоў наперад. Абое ясна чулі стук, з якім паспешліва адсоўваліся засовы.

Адкрываючы дзверы на кухню, містэр Банцінг убачыў, што дзверы на вуліцу адчыняюцца, і ў слабым ранішнім святле мільганула цёмная зеляніна сада. Але ён запэўнівае, што ў дзверы ніхто не выйшаў. Яны адчыніліся, пабылі адчыненымі, потым са стукам зачыніліся. Полымя свечкі, якую несла місіс Банцінг, замігала і ўспыхнула ярчэй. Прайшла хвіліна ці некалькі больш, перш, чым яны ўвайшлі на кухню.

Там нікога не было. Яны зноў зачынілі на засоў уваходныя дзверы, старанна абшукалі кухню, чулан, кладовую і, нарэшце, спусціліся ў склеп. Але, нягледзячы на самыя пільныя пошукі, яны нічога не выявілі.

Раніца застала вікарыя і яго жонку ў вельмі дзіўным убранні; яны ўсё яшчэ сядзелі на ніжнім паверсе свайго доміка пры непатрэбным ужо святле дагараючай свечкі і губляліся ў здагадках.

— У жыцці сваім нічога падобнага… — у дваццаты раз раз пачынаў вікарый.

— Дарагі мой, — перапыніла яго місіс Банцінг, — вось ужо ідзе Сьюзі. Няхай яна пройдзе на кухню, а мы пойдзем хутчэй апранемся.


Раздзел VI. Мэбля, якая ўз'юшылася


Той жа раніцай, на досвітку духава дня, калі нават служанка Мілі яшчэ спала, містэр і місіс Хол усталі з ложка і бясшумна спусціліся ў склеп. Там у іх была справа зусім асабістага характару, якая мела некаторыя адносіны да спецыфічнай моцы іх піва.

Не паспелі яны ўвайсці ў склеп, як місіс Хол успомніла, што забылася ўзяць бутэлечку з сарсапарэллю, якая стаяла ў іх у спальні. Таму што галоўным знатаком і майстрам справы, якая павінна адбыцца, была яна, то наверх за бутэлькай адправіўся Хол.

На пляцоўцы лесвіцы ён са здзіўленнем заўважыў, што дзверы ў пакой пастаяльца прыадкрыты. Прайшоўшы ў спальню, ён знайшоў бутэльку на месцы, якое назвала жонка.

Але, вяртаючыся назад у склеп, ён заўважыў, што засаўкі выхадных дзвярэй адсунуты і што дзверы закрыты проста на клямку. Асенены раптоўным натхненнем, ён параўнаў гэтую акалічнасць з адкрытымі дзвярыма ў пакой пастаяльца і са здагадкамі містэра Тэдзі Хенфры. Ён ясна помніў, што сам трымаў свечку, калі місіс Хол засоўвала засаўку на ноч. Ён спыніўся ўражаны; затым, усё яшчэ трымаючы бутэльку ў руцэ, зноў падняўся наверх і пастукаў у дзверы пастаяльца. Адказу не было. Ён зноў пастукаў, затым адчыніў дзверы насцеж і ўвайшоў у пакой.

Усё выявілася так, як ён і чакаў. Пакой быў пусты і пасцель некранутая. На крэсле і на спінцы ложка была раскінута ўся вопратка пастаяльца і яго бінты; шыракаполы капялюш — і той хвацка тырчэў на слупку ложка. Гэта акалічнасць падалася надзвычай дзіўнай нават не вельмі кемліваму Холу, тым больш што іншай вопраткі, наколькі ён ведаў, у пастаяльца не было.

У страшнейшай разгубленасці, стоячы пасярод пакоя, ён пачуў знізу, са склепа, голас сваёй жонкі, які выказваў усе прыкметы моцнага нецярпення.

— Джордж! — крычала яна. — Ты знайшоў, што трэба?

Ён павярнуўся і паспяшаўся ўніз да жонкі.

— Джэні! — крыкнуў ён ёй, нагінаючыся над лесвіцай, што вяла ў склеп. — А Хенфры казаў праўду. Кватаранта ў пакоі няма. І парадныя дзверы адчынены.

Спачатку місіс Хол не зразумела, пра што ён кажа. Але, уцяміўшы ў чым справа, яна вырашыла сама агледзець пусты пакой. Хол, усё яшчэ з бутэлькай у руцэ, пайшоў наперад.

— Яго самога няма, а вопратка яго тут, — сказаў ён. — Дзе ён бадзяецца без вопраткі? Дзіўна.

Калі яны падымаліся па лесвіцы са склепа, ім абоім, як потым было ўстаноўлена, падалося, што хтосьці адчыніў і зноў зачыніў парадныя дзверы; але ж яны бачылі іх зашчэпленымі, таму ў тую хвіліну яны пра гэта нічога адзін аднаму не сказалі. У калідоры місіс Хол апярэдзіла свайго мужа і ўзбегла па лесвіцы першая. У гэты час на лесвіцы хтосьці чхнуў. Хол, які адстаў ад сваёй жонкі на шэсць прыступкаў, падумаў, што гэта яна чхнула; яна ж была ўпэўнена, што гэта чхнуў ён. Падняўшыся наверх, яна расчыніла дзверы і стала аглядваць пакой пастаяльца.

— Зроду нічога падобнага не бачыла! — сказала яна.

У гэты момант ззаду, над самым яе вухам, хтосьці фыркнуў, яна павярнулася і, да вялікага яе здзіўлення, убачыла, што Хол стаіць за крокаў дванаццаць ад яе, на верхняй прыступцы лесвіцы. Ён адразу ж падышоў да яе. Яна нахілілася і стала абмацваць падушку і бялізну.

— Халодная, — сказала яна. — Яго няма ўжо з гадзіну, а можа, і больш.

Не паспела яна дагаварыць, як адбылося нешта надзвычай дзіўнае. Пасцельная бялізна згарнулася ў вузел, які тут жа пераскочыў цераз спінку ложка. Здавалася, быццам чыясьці рука скамячыла коўдру і прасціны і кінула на падлогу. Услед за гэтым капялюш незнаёмца саскочыў са свайго месца, зрабіў у паветры дугу і ляпнуў проста ў твар місіс Хол. Затым з такой жа хуткасцю паляцела з умывальніка губка; затым крэсла, нядбайна скінуўшы з сябе пінжак і штаны незнаёмца і хіхікнуўшы сухім смяшком, вельмі падобным на смех незнаёмца, павярнулася ўсімі чатырма ножкамі да місіс Хол і, нацэліўшыся імі, кінулася на яе. Яна ўсклікнула і павярнулася да дзвярэй, а ножкі крэсла асцярожна, але рашуча ўперліся ў яе спіну і выштурхнулі яе разам з Холам з пакоя. Дзверы са стукам зачыніліся, шчоўкнуў замок. Крэсла і ложак, відаць, яшчэ паскакалі трохі, нібы святкуючы перамогу, і раптам усё сціхла.

Місіс Хол амаль непрытомная павісла на руках мужа. З вялікім намаганнем містэру Холу ўдалося з дапамогай Мілі, якая паспела прачнуцца ад крыку і шуму, знесці яе ўніз і даць ёй заспакаяльных кропель.

— Гэта духі, - сказала місіс Хол, нарэшце апрытомнеўшы. — Я ведаю, гэта духі. Я чытала пра іх у газетах. Сталы і крэслы пачынаюць скакаць і танчыць…

— Выпі яшчэ крышку, Джэні, - перапыніў Хол, — гэта падмацуе цябе.

— Зачыні дзверы, — сказала місіс Хол, — і не пускай яго больш. Я ўвесь час падазравала… Як гэта я не здагадалася! Вачэй не відаць, галава забінтаваная, і ў царкву па нядзелях не ходзіць. А колькі бутэлек… Для чаго прыстойнаму чалавеку столькі бутэлек! Ён напусціў духаў у мэблю… Мая мілая старая мэбля! У гэтым самым крэсле любіла сядзець мая дарагая матушка, калі я была яшчэ маленькай дзяўчынкай. І падумайце, яно паднялося цяпер супраць мяне…

— Выпі яшчэ кропель, Джэні, - сказаў Хол, — у цябе нервы зусім расстроены.

Было ўжо пяць гадзін, залатыя промні ранішняга сонца залівалі вуліцу. Супругі паслалі Мілі разбудзіць містэра Сэндзі Ўоджарса, каваля, які жыў насупраць.

— Гаспадар вам кланяецца, — паведаміла яму Мілі. - І ў нас штосьці здарылася з мэбляй, яна зусім раз'юшылася. Можа, вы зойдзеце, паглядзіце?

Містэр Уоджэрс быў чалавек вельмі дасведчаны і разумны. Ён аднёсся з найвялікшай сур'ёзнасцю да просьбы Мілі.

— Гэта вядзьмарства, галавой ручаюся, — сказаў ён. — Такому пастаяльцу толькі капытоў не хапае.

Ён прыйшоў моцна заклапочаны. Містэр і місіс Хол жадалі было падняцца з ім наверх, але ён, мусіць, з гэтым не спяшаўся і лічыў за лепшае працягваць размову ў калідоры. З тытунёвай крамы Хакстэрса выйшаў прыказчык і пачаў адчыняць аканіцы. Яго запрасілі прыняць удзел у абмеркаванні здарэння. За ім праз некалькі хвілін падышоў, вядома, і сам містэр Хакстэрс. Англасаксонскі парламенцкі дух выявіўся тут поўнасцю: гаварылі многа, але за справу не браліся.

— Установім спачатку факты, — настойваў містэр Сэндзі Ўоджэрс. — Абмяркуем, ці будзе правільна з нашага боку ўзламаць дзверы яго пакоя. Замкнутыя дзверы заўсёды можна ўзламаць, але раз дзверы ўзломаны, іх ужо не зробіш няўзломанымі.

Але раптам, да ўсеагульнага здзіўлення, дзверы пакоя пастаяльца адчыніліся самі, і, зірнуўшы наверх, яны ўбачылі захутаную фігуру незнаёмца; ён спускаўся па лесвіцы і пільна глядзеў на іх злавесным позіркам сваіх незвычайных шкляных вачэй. Павольна, драўлянай паходкай ён спусціўся з лесвіцы, прайшоў калідор і спыніўся.

— Глядзіце, — сказаў ён, выцягнуўшы палец у пальчатцы.

Глянуўшы ў паказаным кірунку, яны ўбачылі ля самых дзвярэй склепа бутэльку з сарсапарэллю. Тут ён увайшоў у гасціную і нечакана хутка са злосцю зачыніў дзверы перад самым іх носам.

Ніхто не вымавіў ні слова, пакуль не заціх гук зачыненых дзвярэй. Усе маўкліва пераглядваліся.

— Прызнаюся, гэта ўжо верх… — пачаў містэр Уоджэрс і не закончыў фразу.

— Я на вашым месцы пайшоў бы і спытаў яго наконт усяго гэтага, — сказаў ён затым Холу. — Я патрабаваў бы тлумачэння.

Спатрэбіўся некаторы час, каб пераканаць гаспадара адважыцца на гэта. Нарэшце ён пастукаўся ў дзверы, адчыніў іх і пачаў:

— Прабачце…

- Ідзіце к чорту! — крыкнуў у шаленстве незнаёмец. — Зачыніце дзверы!

На гэтым тлумачэнне і закончылася.


Раздзел VII. Выкрыццё незнаёмца


Незнаёмец увайшоў у гасціную карчмы «Кучар і коні» каля паловы шостай раніцы і заставаўся там прыблізна да паўдня; шторы ў пакоі былі апушчаны, дзверы зачынены, і пасля няўдачы, якая напаткала Хола, ніхто не адважваўся ўвайсці туды.

Увесь гэты час ён, відавочна, нічога не еў. Тры разы ён званіў, прычым трэці раз доўга і сярдзіта, але ніхто не адклікнуўся.

— Добра, я яму пакажу «ідзіце к чорту», — бурчала місіс Хол. Чуткі пра начное здарэнне ў доме вікарыя паспелі ўжо распаўсюдзіцца, паміж дзвюма падзеямі бачылі нейкую сувязь. Хол у суправаджэнні Ўоджэрса накіраваўся да суддзі, містэра Шэклфорса, каб з ім параіцца. Наверх падняцца ніхто не адважваўся. Чым займаўся ўвесь гэты час незнаёмец — невядома. Калі-нікалі ён нецярпліва крочыў з кута ў кут, два разы з яго пакоя даносілася лаянка, шамаценне разрываемай паперы і звон разбіваемых бутэлек.

Кучка напалоханых людзей, якія згаралі ад цікаўнасці, усё павялічвалася. Прыйшла місіс Хакстэрс. Падышлі некалькі бойкіх маладых хлопцаў, якія прыбраліся з нагоды духава дня ў чорныя пінжакі і гальштукі з белага піке, і сталі задаваць недарэчныя пытанні. Арчы Гаркер аказаўся самым смелым; ён зайшоў у двор і пастараўся зазірнуць пад апушчаную штору. Бачыць ён не мог нічога, але даў зразумець, што бачыць, і яшчэ той-сёй з айпінгскага маладога пакалення далучыўся да яго.

Дзень для свята выдаўся на славу — цёплы і ясны; на вясковай вуліцы выстраілася з дзесятак ларкоў і цір для стральбы, а на лужку перад кузняй стаялі тры паласатыя жоўта-карычневыя фургоны, а нейкія людзі ў маляўнічых касцюмах наладжвалі прылады для кідання какосавых арэхаў. Мужчыны былі ў сініх світэрах, дамы — у белых пярэдніках і модных капелюшах з вялікімі пёрамі. Відайер з «Чырвонай лані» і містэр Джэгерс, шавец, які таксама гандляваў старымі веласіпедамі, працягвалі папярок вуліцы гірлянду з нацыянальных флагаў і каралеўскіх штандараў (яны засталіся пасля святкавання шасцідзесяцігадовага юбілею каралевы Вікторыі).

А ў паўцёмнай гасцінай з занавешанымі вокнамі, куды трапляў толькі слабы прамень сонечнага святла, незнаёмец, напэўна, галодны і злосны, задыхаючыся ад гарачыні ў сваіх павязках, глядзеў праз цёмныя акуляры на аркуш паперы, пабразгваў бруднымі пляшачкамі і час ад часу страшэнна лаяў хлапчукоў, якія шумелі пад акном. У кутку ля каміна валяліся асколкі паўтузіна разбітых бутэлек, а ў паветры стаяў пах хлора. Вось усё, што нам вядома па расказах відавочцаў і па таму, у якім выглядзе быў пакой, калі ў яго ўвайшлі.

Каля паўдня незнаёмец раптоўна адчыніў дзверы гасцінай і спыніўся на парозе, пільна ўзіраючыся на трох-чатырох чалавек, якія стаялі каля стойкі.

— Місіс Хол! — крыкнуў ён.

Нехта неахвотна выйшаў з пакоя, каб паклікаць гаспадыню.

З'явілася місіс Хол, некалькі задыхаючыся, але даволі рашучая. Містэр Хол яшчэ не вярнуўся. Яна ўсё ўжо абдумала і з'явілася з невялікім падносікам у руках, на якім ляжаў неаплачаны рахунак.

— Вы хочаце заплаціць па рахунку? — спытала яна.

— Чаму мне не прынеслі сняданак? Чаму вы не згатавалі мне паесці і не адказвалі на званкі? Вы думаеце, што я магу абыходзіцца без ежы?

— А чаму вы не заплацілі па рахунку? — адказала місіс Хол. — Вось што я жадала б ведаць.

— Яшчэ тры дні таму я сказаў вам, што чакаю перавода…

— А я яшчэ тры дні таму сказала вам, што не буду чакаць ніякіх пераводаў. Нечага бурчэць, што сняданак позніцца, калі па рахунку пяць дзён не аплачана.

Незнаёмец коратка, але энергічна вылаяўся.

— Лягчэй, лягчэй! — пачулася з распівачнай.

— Я папрашу вас, спадар, трымаць сваю лаянку пры сабе, — сказала місіс Хол.

Незнаёмец замоўк і стаяў на парозе, падобны на раззлаванага вадалаза. Усе наведвальнікі карчмы адчувалі, што перавага на баку місіс Хол: наступныя словы незнаёмца пацвердзілі гэта.

— Паслухайце, галубка… — пачаў ён.

— Я вам не галубка, — сказала місіс Хол.

— Я сказаў вам, што не атрымліваў яшчэ перавода…

— Ды які там перавод, — сказала місіс Хол.

— Але ў кішэні ў мяне…

— Тры дні таму вы сказалі, што ў вас і савярэна не набярэцца.

— Ну, а цяпер я знайшоў пабольш.

— Ого! — пачулася з распівачнай.

— Хацела б я ведаць, дзе ж гэта вы знайшлі грошы? — сказала місіс Хол.

Гэта заўвага, мусіць, вельмі не спадабалася незнаёмцу. Ён тупнуў нагой.

— Што вы хочаце гэтым сказаць? — спытаўся ён.

— Толькі тое, што я хацела б ведаць, дзе вы знайшлі грошы, — сказала місіс Хол. — І перш чым падаваць вам рахункі, гатаваць сняданак і ўвогуле штосьці рабіць для вас, я папрашу вас растлумачыць некаторыя рэчы, якіх я не разумею і ніхто не разумее, але якія мы ўсе хочам зразумець. Я жадаю ведаць, што вы рабілі наверсе з маім крэслам; я хачу ведаць, як гэта ваш пакой аказаўся пусты і як вы зноў туды трапілі. Мае пастаяльцы ўваходзяць і выходзяць праз дзверы — такое ў мяне правіла; вы ж робіце па-другому, і я хачу ведаць, як вы гэта робіце. І яшчэ…

Незнаёмец раптам падняў сціснутыя кулакі ў пальчатках, тупнуў нагой і крыкнуў: «Стойце!» — так шалёна, што місіс Хол адразу ж замоўкла.

— Вы не разумееце, — сказаў ён, — хто я і што я такое. Я пакажу вам. Як бог свят, я пакажу вам! — З гэтымі словамі ён прыклаў адкрытую далонь да твару і тут жа адняў яе. На месцы сярэдняй часткі твару зеўрала пустая яміна. — Трымайце, — сказаў ён і, ступіўшы да місіс Хол, падаў ёй штосьці. Не адводзячы вачэй ад яго твару, які так змяніўся, місіс Хол машынальна ўзяла працягнутую рэч. Затым, разгледзеўшы гэтую рэч, гучна ўскрыкнула, кінула яе на падлогу і адступіла назад. Па падлозе, стукаючы, як пустая кардонка, пакаціўся нос — нос незнаёмца, чырвоны і бліскучы!

Потым ён зняў акуляры, і ўсе вылупілі вочы ад здзіўлення. Ён зняў капялюш і шалёна пачаў зрываць бакенбарды і бінты. Яны не адразу паддаліся яго намаганням. Усе замерлі ад жаху.

— О госпадзі! — вымавіў хтосьці.

Нарэшце бінты былі сарваны.

Тое, што ўбачылі прысутныя, проста ашаламіла іх. Місіс Хол, якая стаяла з разінутым ртом, дзіка ўскрыкнула і пабегла да дзвярэй. Усе ўскочылі з месцаў. Чакалі раны, калецтва, адчувальны жах, а тут — нічога! Бінты і парык паляцелі ў распівачную — такога ніхто не чакаў. Усе кінуліся ўніз з ганка, натыкаючыся адзін на аднаго, таму што на парозе гасцінай, выкрыкваючы бязладныя тлумачэнні і размахваючы рукамі, стаяла фігура, падобная на чалавека аж да каўняра паліто, — а вышэй не было нічога, зусім нічога!

Жыхары Айпінга пачулі крыкі і шум, якія даляталі з карчмы «Кучар і коні», і ўбачылі, як адтуль імкліва выбягаюць наведвальнікі. Яны ўбачылі, як місіс Хол упала і як містэр Тэдзі Хенфры падскочыў, каб не спатыкнуцца аб яе. Потым яны пачулі немы крык Мілі, якая, выскачыўшы з кухні на шум, нечакана наткнулася на безгаловага незнаёмца. Крык адразу ж абарваўся.

Пасля гэтага ўсе, хто знаходзіўся на вуліцы — прадавец прысмакаў, уладальнік балагана для кідання ў цэль і яго памочнік, гаспадар арэляў, хлапчукі і дзяўчынкі, вясковыя франты, мясцовыя прыгажуні, старыя ў блузах і цыганы ў фартуках, — усе пабеглі да карчмы. Не прайшло і хвіліны, як перад домам місіс Хол сабралася чалавек сорак, натоўп хутка рос, усе шумелі, штурхаліся, ускрыквалі, задавалі пытанні, рабілі здагадкі. Ніхто нікога не слухаў, і ўсе гаварылі адначасна — сапраўднае стоўпатварэнне! Некалькі чалавек падтрымлівалі місіс Хол, якую паднялі з зямлі амаль што беспрытомную. Сярод агульнага перапалоху адзін з відавочцаў, стараючыся ўсіх перакрычаць, даваў ашаламляльныя сведчанні.

— Пярэварацень! — Што ж ён натварыў? — Раніў служанку? — Здаецца, кінуўся на іх з нажом. — Не так, як гаворыцца, а на самой справе без галавы! Гавораць вам, няма галавы на плячах! — Выдумкі, напэўна, які-небудзь фокус. — Як зняў ён бінты…

Стараючыся зазірнуць у адчыненыя дзверы, натоўп утварыў сабою жывы клін, вастрыё якога, накіраванае ў дзверы карчмы, складалі самыя адчайныя смельчакі.

— Ён стаіць на парозе. Раптам дзяўчына як крыкне, ён павярнуўся, а дзяўчына пабегла. Ён за ёй. Хвілінная справа — ужо ён ідзе назад, у адной руцэ нож, у другой — акраец хлеба. Спыніўся і быццам глядзіць. Вось толькі што. Ён увайшоў у гэтыя самыя дзверы. Гавораць вам: галавы ў яго зусім няма. Прыйшлі б вы на хвілінку раней, вы б самі…

У задніх радах адбыўся рух. Расказчык замоўк і саступіў убок, даючы дарогу невялікай працэсіі, якая з даволі ваяўнічым выглядам накіроўвалася да дома; на чале яе ішоў містэр Хол, вельмі расчырванелы і рашучы, далей містэр Бобі Джаферс, канстэбль, і, нарэшце, містэр Уоджэрс, які асцерагаўся і трымаўся ззаду. У іх быў загад аб арышце незнаёмца.

Ім наперабой паведамлялі апошнія навіны, — адзін крычаў адно, другі — зусім другое.

— З галавой ён там ці без галавы, — сказаў містэр Джаферс, — а я атрымаў загад арыштаваць яго, і загад я выканаю.

Містэр Хол падняўся на ганак, накіраваўся проста да дзвярэй гасцінай і расчыніў іх.

— Канстэбль, — сказаў ён, — выконвайце свой абавязак.

Джаферс увайшоў першы, за ім Хол і апошнім — Уоджэрс. У паўзмроку яны разгледзелі безгаловую фігуру з недаедзенай скарынкай хлеба ў адной руцэ і з кавалкам сыра — у другой; рукі былі ў пальчатках.

— Вось ён, — сказаў Хол.

— Гэта яшчэ што? — пачуўся сярдзіты вокліч з прасторы над каўняром.

— Такіх, як вы, судар, я яшчэ не сустракаў, - сказаў Джаферс. — Але ёсць у вас галава ці яе няма, у загадзе сказана: «суправадзіць», а абавязак службы найперш усяго…

— Не падыходзьце! — крыкнула фігура, адступаючы на крок. У адну секунду ён кінуў хлеб і сыр на падлогу, і містэр Хол ледзьве паспеў прыняць нож са стала. Незнаёмец зняў левую пальчатку і стукнуў ёю Джаферса па твары. Мінула яшчэ секунда, і Джаферс, спыніўшы свае тлумачэнні адносна сэнсу загада, схапіў адной рукой кісць нябачнай рукі, а другой сціснуў нябачнае горла. Тут ён атрымаў моцны ўдар па назе, які прымусіў яго ўскрыкнуць, але ахвяры сваёй не выпусціў. Хол перадаў нож Уоджэрсу, які дзейнічаў, так сказаць, у якасці галкіпера, а сам хацеў дапамагчы Джаферсу. Той учапіўся ў незнаёмца, у шалёнай схватцы праціўнікі наткнуліся на крэсла, яно з трэскам адляцела ўбок, і абодва зваліліся на падлогу.

— Хапайце яго за ногі, - прашыпеў скрозь зубы Джаферс.

Містэр Хол, які ўзяўся выконваць гэтае распараджэнне, атрымаў моцны ўдар у грудзі і на хвіліну выбыў са строю; а містэр Уоджэрс, бачачы, што безгаловы незнаёмец вывернуўся і пачаў адольваць Джаферса, адступіў з нажом у руках да дзвярэй, дзе сутыкнуўся з містэрам Хакстэрсам і сідэрбрыджскім фурманам, якія спяшаліся на выручку ахоўніку закона і парадку. У гэты самы момант з паліцы пасыпаліся бутэлькі і пакой напоўніўся едкім смуродам.

— Здаюся! — крыкнуў незнаёмец, нягледзячы на тое, што падабраў пад сябе Джаферса. Ён падняўся, цяжка дыхаючы, — без галавы і без рук, таму што ў час схваткі ён сцягнуў і правую і левую пальчатку.

— Усё роўна нічога не выйдзе, — сказаў ён, ледзьве пераводзячы дух.

Надзвычай дзіўна было слухаць голас, які далятаў быццам бы з пустой прасторы, але жыхары-Сэсекса, напэўна, самыя цвярозыя людзі на свеце. Джаферс таксама падняўся і вынуў пару наручнікаў. Але тут ён спыніўся ў поўным неўразуменні.

— Вось дык штука! — сказаў ён, цьмяна пачынаючы ўсведамляць недарэчнасць усяго, што адбывалася. — Каб яго чорт узяў! Здаецца, што яны не патрэбны.

Незнаёмец правёў пустым рукавом па пінжаку, і гузікі, быццам па чараўніцтву адшпіліліся. Затым ён успомніў аб сваіх нагах і нагнуўся. Мусіць, ён дакранаўся да сваіх чаравікаў і шкарпэтак.

— Пачакайце! — усклікнуў раптам Хакстэрс. — Гэта ж зусім не чалавек. Тут толькі пустая вопратка. Паглядзіце, можна зазірнуць у каўнер. І падкладку пінжака відаць. Я магу прасунуць руку…

З гэтымі словамі ён працягнуў руку. Здавалася, яна наткнулася на штосьці ў паветры, бо ён тут жа з крыкам адхапіў яе.

— Я папрасіў бы вас трымаць свае пальцы далей ад маіх вачэй! — пачуліся з паветра словы, вымаўленыя раз'юшаным тонам. — Сутнасць у тым, што я ўвесь тут — з галавой, рукамі, нагамі і ўсім астатнім, але толькі я невідзімка. Гэта надзвычай нязручна, але нічога не зробіш. Аднак гэтая акалічнасць яшчэ не дае права кожнаму дурню ў Айпінгу тыцкаць у мяне рукамі.

Перад імі стаяў, узяўшыся ў бокі, касцюм, які быў расшпілены і свабодна вісеў на нябачнай апоры.

За гэты час з вуліцы ўвайшлі яшчэ некалькі чалавек, і ў пакоі стала цесна.

— Што? Невідзімка? — сказаў Хакстэрс, не звяртаючы ўвагі на зняважлівы тон незнаёмца. — Гэтага не бывае.

— Гэта, магчыма, дзіўна, але ж злачыннага тут нічога няма. На якой падставе на мяне накідваецца канстэбль?

— А, гэта зусім іншая справа, — сказаў Джаферс. — Праўда, тут цемнавата, бачыць вас цяжка, але ў мяне ёсць загад аб вашым арышце, і загад у парадку. Вы падлягаеце арышту не за тое, што вы, Невідзімка, а па падазрэнню ў крадзяжы з узломам. Непадалёку адсюль быў абрабаваны дом і зніклі грошы.

— Ну?

— Некаторыя акалічнасці ўказваюць…

— Лухта! — усклікнуў Невідзімка.

— Спадзяюся, што так, судар. Але я атрымаў загад.

— Добра, — сказаў незнаёмец, — я пайду з вамі. Пайду. Але без наручнікаў.

— Так трэба, — сказаў Джаферс.

— Без наручнікаў, - настойваў незнаёмец.

— Не, прабачце, — сказаў Джаферс.

Раптам фігура села на падлогу, і, перш чым хто-небудзь паспеў уцяміць, што адбываецца, чаравікі, штаны і шкарпэткі былі закінуты пад стол. Затым фігура ўскочыла і скінула з сябе пінжак.

— Стой, стой! — закрычаў Джаферс, раптам скеміўшы, у чым справа. Ён схапіўся за камізэльку, але тая пачала супраціўляцца; затым адтуль выскачыла кашуля, і ў руках Джаферса апынуўся пусты камзол. — Трымайце яго! — крыкнуў Джаферс. — Варта яму толькі распрануцца…

— Трымайце яго! — закрычалі ўсе і кінуліся на мільгаючую ў паветры белую кашулю — усё, што засталося бачнага ад незнаёмца.

Рукаў кашулі нанёс Холу вельмі моцны ўдар па твары, што спыніла яго рашучую атаку і штурхнула яго назад, прама на Тутсома, дзяка. У тое ж імгненне кашуля прыўзнялася ў паветры і стала канвульсіўна закручвацца, як усякая кашуля, якую знімаюць цераз галаву. Джаферс ухапіся за рукаў, але гэтым толькі памог зняць яе. Штосьці з паветра стукнула яго ў ніжнюю сківіцу; ён тут жа выхапіў сваю дубінку і, размахнуўшыся з усіх сіл, стукнуў Тэдзі Хенфры проста па макушцы.

— Сцеражыся! — крычалі ўсе, наўздагад наносячы ўдары па паветры. — Трымайце яго! Зачыніце дзверы! Не выпускайце ягб! Я штосьці злавіў! Вось ён!

У пакоі стаяла сапраўднае вавілонскае стоўпатварэнне. Тумакі, здавалася, сыпаліся на ўсіх адразу, і мудры Сэндзі Ўоджэрс, чыя кемлівасць абвастрылася яшчэ і дзякуючы знішчальнаму ўдару, які расквасіў яму нос, адчыніў дзверы і першы выбег на вуліцу. Усе тут жа паследавалі за ім, у дзвярах пачалася страшная даўка. Удары працягвалі сыпацца. У сектанта Фіпса быў выбіты пярэдні зуб, а ў Хенфры надарвана вуха. Джаферс атрымаў удар у падбародак і, павярнуўшыся, ухапіўся за штосьці нябачнае, што ўціснулася паміж ім і Хакстэрсам. Ён намацаў мускулістыя грудзі, і ў тую ж хвіліну ўвесь клубок разгарачаных сутычкай людзей выкаціўся ў калідор.

— Злавіў! — крыкнуў Джаферс, задыхаючыся. Не выпускаючы з рук свайго нябачнага ворага, увесь барвовы, з успухлымі венамі, ён кружыў у натоўпе, які расступаўся перад гэтым дзіўным паядынкам. Нарэшце ўсе скаціліся з ганка на зямлю. Джаферс закрычаў прыдушаным голасам, усё яшчэ сціскаючы ў абдымках штосьці нябачнае і моцна працуючы каленам, потым захістаўся і ўпаў дагары, стукнуўшыся патыліцай аб гравій. Толькі тады ён расціснуў пальцы.

Пачуліся крыкі: «Трымай яго!», «Невідзімка!» Нейкі малады чалавек, не з жыхароў Айпінга, — яго імя так і не ўдалося даведацца, — падбег, схапіў штосьці, але тут жа выпусціў з рук і ўпаў на распасцёртае цела канстэбля. Пасярод вуліцы ўскрыкнула жанчына, якую ледзьве не збілі з ног; сабака, які атрымаў, відаць, выспятак, заскуголіў і з выццём кінуўся ў двор да Хакстэрса, і гэтым закончыўся пабег Невідзімкі. З хвіліну натоўп стаяў уражаны і ўсхваляваны, затым у жаху кінуўся ўрассыпную, быццам апалае лісце, развеянае парывам ветру. Толькі ля самага ганка, тварам да неба і з сагнутымі каленямі, нерухома ляжаў Джаферс.


Раздзел VIII. Мімаходам


Восьмы раздзел надзвычай кароткі; у ім апавядаецца пра тое, як Джыбінс, мясцовы натураліст-аматар, драмаў на пагорачку ў поўнай упэўненасці, што ў крайнім выпадку на дзве мілі кругом няма ні душы, і раптам пачуў зусім блізка каля сябе крокі нейкага чалавека, які кашляў, чхаў і адчайна лаяўся; павярнуўшыся, ён не ўбачыў нікога. І тым не менш голас чуўся вельмі выразна. Нябачны прахожы працягваў лаяцца той адборнай разнастайнай лаянкай, па якой адразу можна пазнаць адукаванага чалавека. Голас падняўся да самых высокіх нот, потым пацішэў і нарэшце зусім заціх, аддаліўшыся, як падалося Джыбінсу, у напрамку да Эдэрдзіна. Апошняе гучнае чханне — і ўсё заціхла. Джыбінсу нічога не было вядома аб ранішніх падзеях, але з'ява гэтая так уразіла і ўсхвалявала яго, што ўвесь яго філасофскі спакой імгненна знік. Ён ускочыў на ногі і з усёй хуткасцю, на якую быў здольны, спусціўся з пагорка і накіраваўся ў сяло.


Раздзел IX. Містэр Томас Марвел


Каб пазнаёміцца з містэрам Томасам Марвелам, вы павінны ўявіць сабе чалавека з тоўстым, друзлым тварам, з тоўстым доўгім носам, слінявым вялікім рухомым ртом і шчаціністай барадой, якая расла ва ўсе бакі. Фігура яго паказвала схільнасць да паўнаты, — гэта было асабліва прыкметна дзякуючы вельмі кароткім канечнасцям. Ён насіў махнаты цыліндр; а тое, што на самых крытычных частках яго туалета замест гузікаў красаваліся аборкі і шнуркі ад чаравікаў, сведчыла, што ён закаранелы халасцяк.

Містэр Томас Марвел сядзеў, звесіўшы ногі ў канаву, каля дарогі, якая вяла да Эдэрдзіна, прыкладна за паўтары мілі ад Айпінга. На нагах у яго не было нічога, акрамя вельмі ажурных шкарпэтак, а вялікія пальцы, шырокія і прыўзнятыя, што вылезлі з дзірак, напаміналі вушы насцярожанага сабакі. Не спяшаючыся — ён усё заўсёды рабіў павольна — ён разглядваў чаравікі, якія збіраўся прымерыць. Гэта былі вельмі моцныя чаравікі, такія яму ўжо даўно не трапляліся, але яны аказаліся занадта вялікімі для яго; між тым старыя яго чаравікі былі зручныя для сухога надвор'я, але зусім не падыходзілі для сырога, таму што падэшва іх была занадта тонкая. Містэр Марвел цярпець не мог свабоднага абутку, але ён не выносіў і вільгаці. Уласна кажучы, ён яшчэ не вызначыў, што яму больш непрыемна — прасторны абутак ці вільгаць, але дзень быў пагодлівы, іншых спраў не прадбачылася, і ён вырашыў добра падумаць. Пагэтаму ён паставіў на зямлю ўсе чатыры чаравікі, расставіўшы іх у выглядзе маляўнічай групы, і стаў разглядаць іх. І, гледзячы, як яны стаяць у траве, сярод калючага дзядоўніку, ён раптам вырашыў, што абедзьве пары вельмі брыдкія. Ён ніколькі не здзівіўся, пачуўшы ззаду сябе чыйсьці голас.

— Як-ніяк абутак, — сказаў Голас.

— Гэта — ахвяраваны абутак, — сказаў містэр Томас Марвел, схіліўшы галаву набок і незадаволена гледзячы на чаравікі. - І я, каб яго чорт узяў, не магу нават вырашыць, якая пара больш брыдкая.

— Гм… — сказаў Голас.

— Я насіў абутак і горшы. Праўду кажучы, мне даводзілася абыходзіцца і без абутку. Але такіх нахабных вырадкаў, калі можна так сказаць, я не насіў ніколі. Я даўно ўжо шукаю сабе чаравікі, таму што мае мне абрыдлі. Моцныя яны, што і казаць. Але чалавек, які заўсёды знаходзіцца на нагах, увесь час бачыць свае чаравікі. І, ці паверыце, колькі я ні стараўся, я ва ўсёй акрузе не мог дастаць іншага абутку, акрамя гэтага. Вы толькі паглядзіце! А, шчыра кажучы, у гэтай мясцовасці абутак нядрэнны. Толькі маё шчасце такое. Я ўжо гадоў дзесяць нашу тутэйшы абутак, і вось якую дрэнь даюць.

— Гэта агідная мясцовасць, — сказаў Голас, — і народ тут вельмі паганы.

— Правільна ж! — сказаў Томас Марвел. — Ну і абутак! Каб ён згінуў!

З гэтымі словамі ён праз плячо пакасіўся направа, каб паглядзець на абутак свайго субяседніка і параўнаць са сваім, але, да вялікага яго здзіўлення, там, дзе ён чакаў убачыць пару чаравікаў, не аказалася ні чаравікаў, ні ног. Гэта ашаламіла яго.

— Дзе ж вы? — спытаўся Томас Марвел, паварочваючыся на карачках.

Перад ім рассцілалася ўзгорыстая пустыня, толькі далёкія кусты верасу качаліся на ветры.

— П'яны я, ці што! — сказаў Томас Марвел. — Здалося мне? Ці я сам з сабой размаўляў? Што за чорт.

— Не палохайцеся, — сказаў Голас.

— Пакіньце, калі ласка, вашы жарты, — сказаў Томас Марвел, хутка ўскокваючы на ногі. — Дзе вы? «Не палохайцеся!» — скажыце, калі ласка.

— Не палохайцеся, — паўтарыў Голас.

— Ты сам зараз спалохаешся, дурань ты гэтакі! — сказаў Томас Марвел. — Дзе ты? Вось я да цябе дабяруся…

Маўчанне.

— Пад зямлёй ты, ці што? — спытаўся Томас Марвел.

Адказу не было. Томас Марвел працягваў стаяць у адных шкарпэтках, у расхінутым пінжаку, і твар яго выказваў поўнае неўразуменне.

«Пі-уіць», — пачуўся здаля свіст пеначкі.

— Што вы, на самой справе, прыдурваецеся, — сказаў Томас Марвел. Мясцовасць была бязлюдная. У які б бок ён ні паглядзеў, нікога не было відаць. Дарога з глыбокімі канавамі, акружаная радамі белых прыдарожных слупоў, гладкая і пустынная, цягнулася на поўнач і поўдзень, у бязвоблачным небе таксама нічога нельга было заўважыць, акрамя пеначкі. — З намі хросная сіла! — усклікнуў Томас Марвел, зашпільваючы пінжак. — Усё гарэлка праклятая. Так я і ведаў!

— Гэта не гарэлка, — сказаў Голас. — Не хвалюйцеся.

— Ох! — прастагнаў містэр Марвел, збялеўшы. — Усё гарэлка, — бязгучна паўтаралі яго вусны. Ён пастаяў крыху, змрочна гледзячы проста перад сабою, потым стаў паволі паварочвацца. — Я пакляўся б, што чуў голас, — прашаптаў ён.

— Вядома, чулі.

— Вось зноў, - сказаў Марвел, заплюшчваючы вочы і трагічным жэстам хапаючыся за галаву. Але тут яго раптам узялі за каўнер і так страсянулі, што думкі яго зусім змяшаліся.

— Кінь дурыцца, — сказаў Голас.

— Я звар'яцеў… - сказаў Марвел. — Нічога не паможа. І ўсё з-за праклятых чаравікаў. Сапраўды звар'яцеў! Ці гэта духі?..

— Ні тое, ні другое, — сказаў Голас. — Паслухай…

— Звар'яцеў! — паўтараў Марвел.

— Ды пачакай жа! — з найвялікшай пераканаўчасцю сказаў Голас, ледзьве стрымліваючы раздражненне.

— Ну? — сказаў Марвел, адчуваючы дзіўнае пачуццё, як быццам бы хтосьці дакрануўся пальцам да яго грудзей.

— Ты думаеш, я табе толькі здаўся, так? Гэта толькі адно ўяўленне?

— А што ж яшчэ? — адказаў Томас Марвел, пачухваючы патыліцу.

— Выдатна, — сказаў Голас. — У такім выпадку я буду кідаць у цябе каменьчыкамі, пакуль ты не пераканаешся ў процілеглым.

— Дык дзе ж ты?

Голас не адказаў. Свіст — і камень, відаць, пушчаны з паветра, праляцеў ля самага пляча містэра Марвела, ледзьве не закрануўшы яго. Павярнуўшыся, Марвел убачыў, як другі камень, апісаўшы дугу, узляцеў уверх, павіс на секунду ў паветры і затым паляцеў да яго ног з амаль няўлоўнай хуткасцю. Марвел быў так уражаны, што нават не паспрабаваў ухіліцца. Камень, стукнуўшыся аб голы палец нагі, адляцеў у канаву. Містэр Томас Марвел падскочыў і завыў ад болю. Потым кінуўся ўцякаць, але спатыкнуўся аб штосьці і, перакуліўшыся, сеў.

— Ну, што скажаш цяпер? — спытаўся Голас, і трэці камень, апісаўшы дугу, узляцеў уверх і павіс у паветры над бадзягам. — Што я такое? Адно ўяўленне?

Містэр Марвел замест адказу падняўся на ногі, але тут жа быў зноў адкінуты на зямлю. З хвіліну ён ляжаў не рухаючыся.

— Сядзі смірна, — сказаў Голас, — інакш я кіну камень табе ў галаву.

— Ну і справы! — сказаў містэр Марвел, сядаючы і паціраючы выцятую нагу, але не зводзячы вачэй з камня. — Нічога не разумею. Камні самі лётаюць. Камні размаўляюць. Не кідайся. Згінь. Мне канцы.

Камень упаў на зямлю.

— Усё вельмі проста, — сказаў Голас. — Я — невідзімка.

— Раскажыце, што-небудзь новае, — сказаў містэр Марвел, вохкаючы і курчачыся ад болю. — Дзе вы хаваецеся, як вы гэта робіце? Не магу здагадацца. Здаюся.

— Я — невідзімка, толькі і ўсяго. Разумееш ты ці не? — сказаў Голас.

— Ды гэта ясней яснага. І нечага, судар, злавацца. Скажыце, лепш, як вы хаваецеся.

— Я — невідзімка, у гэтым уся сутнасць. Зразумей ты…

— Але дзе ж вы? — перапыніў яго Марвел.

— Ды тут, перад табой, у пяці кроках.

— Расказвай! Я не сляпы! Яшчэ скажаш, што ты — паветра. Я ж не такі ўжо невук…

— Так, я — паветра. Ты глядзіш скрозь мяне.

— Што? І ў цябе зусім нічога няма? Адзін толькі балбатлівы голас — і ўсё?

— Я такі ж чалавек, як усе, з плоці і крыві, мне трэба есці, піць і прыкрыць сваё голае цела. Але я — невідзімка. Зразумела? Я — невідзімка. Гэта вельмі проста. Нябачны.

— Сапраўдны чалавек?

— Так.

— Ну, калі так, — сказаў Марвел, — дайце руку. Гэта будзе ўсё ж на штосьці падобна… Ох! — усклікнуў ён раптам. — Як вы мяне напалохалі. Трэба ж так учапіцца!

Ён нашчупаў руку, якая сціснула кісць, затым, вызваліўшыся, нерашуча абмацаў плячо, мускулістыя грудзі, бараду. Твар яго выказваў надзвычайнае здзіўленне.

— Здорава! — сказаў ён. — Гэта цікавей за пеўневы бой. Проста дзіўна. І я мог бы бачыць скрозь вас зайца ў паўмілі адсюль. А вас самога ні кавалачка не відаць… не, урэшце…

Тут Марвел стаў уважліва ўглядвацца ў пустую як быццам прастору перад ім.

— Скажыце, вы не елі хлеб з сырам? — спытаўся ён, не выпускаючы нябачнай рукі.

— Правільна. Гэта ежа яшчэ не засвоена арганізмам.

— А-а, — сказаў Марвел. — Усё-такі гэта дзіўна.

— Сапраўды, гэта і на палавіну не так дзіўна, як здаецца.

— Для майго сціплага розуму гэта дастаткова дзіўна, — сказаў містэр Томас Марвел. — Як вы, аднак, гэта ўладжваеце? Як вам, каб яго чорт узяў, удаецца?

— Гэта занадта доўгая гісторыя. Так, акрамя таго…

— Я проста ў сябе не магу прыйсці, - сказаў Марвел.

— Я хачу вам сказаць вось што: мне патрэбна дапамога. Мяне давялі да гэтага. Я натрапіў на вас нечакана. Я ішоў, не помнячы сябе ад шаленства, голы, знясілены. Я гатовы быў забіць… І я ўбачыў вас…

— Госпадзі! — сказаў містэр Марвел.

— Я падышоў да вас ззаду, падумаў і пайшоў далей…

Твар містэра Марвела вельмі красамоўна выказваў яго пачуцці.

— Потым спыніўся. «Вось, — падумаў я, — такі ж занядбаны, як я. Вось чалавек, які мне патрэбны». Я вярнуўся і накіраваўся да вас. І…

— Госпадзі! — сказаў містэр Марвел. — У мяне галава ідзе кругам. Дазвольце спытацца: як жа гэта так? Невідзімка! І якая вам патрэбна дапамога?

— Я хачу, каб вы памаглі мне дастаць вопратку, і прытулак, і яшчэ штосьці… Усяго гэтага ў мяне няма ўжо даўно. Калі ж вы не жадаеце… Але вы паможаце мне, вы павінны памагчы!

— Пачакайце, — сказаў Марвел. — Дайце мне сабрацца з думкамі. Не перашкаджайце мне ўстаць на ногі. І не чапайце мяне. Я павінен прыйсці ў сябе. Вы ж ледзьве не зламалі мне палец на назе. Усё гэта так недарэчна: пустыя ўзгоркі, пустое неба, на многа міль кругом нічога не бачна, акрамя ўлоння прыроды, і раптам голас. Голас з неба. І камні. І кулак. Ах ты, госпадзі!

— Ну, не трэба нюні распускаць, — сказаў Голас. — Рабіце лепш тое, што я загадаю.

Містэр Марвел надзьмуў шчокі, і вочы яго сталі круглымі.

— Я спыніў свой выбар на вас, — сказаў Голас. — Вы — адзіны чалавек, калі не лічыць некалькіх вясковых дурняў, які ведае, што ёсць на свеце чалавек-невідзімка. Вы павінны мне памагчы. Памажыце мне, і я многае для вас зраблю. У руках чалавека-невідзімкі вялікая сіла. — Ён спыніўся і гучна чхнуў. — Але калі вы мяне выдадзіце, — працягваў ён, — калі вы не зробіце таго, што я вам загадаю…

Ён змоўк і моцна стукнуў Марвела па плячы. Той завыў ад жаху пры гэтым дотыку.

— Я не збіраюся выдаваць вас, — сказаў ён, стараючыся адсунуцца ад Невідзімкі. — Пра гэта і размовы быць не можа. Я вам з радасцю памагу. Скажыце толькі, што я павінен рабіць. (Госпадзі!) Усё, што вы пажадаеце, я зраблю з найвялікшым задавальненнем.


Раздзел Х. Містэр Марвел у Айпінгу


Пасля таго як паніка крыху заціхла, жыхары Айпінга сталі прыслухоўвацца да голасу розуму. Скептыцызм раптам падняў галаву — праўда, некалькі няўпэўнены, але ўсё ж скептыцызм. Не верыць жа ў існаванне Невідзімкі было куды прасцей, а тых, хто бачыў, як ён рассеяўся ў паветры, ці адчуў на сабе сілу яго кулакоў, можна было пералічыць на пальцах. Да таго ж адзін з відавочцаў, містэр Уоджэрс, адсутнічаў, ён зачыніўся ў сваім доме і нікога да сябе не пускаў, а Джаферс ляжаў непрытомны ў карчме «Кучар і коні». Вялікія незвычайныя ідэі, якія выходзяць за межы вопыту, часта маюць меней улады над людзьмі, чым малазначныя, але затое цалкам канкрэтныя меркаванні. Айпінг упрыгожыўся флагамі, жыхары прыбраліся. Свята ж чакалі больш чым за месяц, яго прадчувалі. Вось чаму некалькі гадзін пазней нават тыя, хто верыў у існаванне нябачнага чалавека, ужо святкавалі, суцяшаючы сябе думкамі, што ён знік назаўсёды. Ну, а калі… адносна скептыкаў, то для іх Невідзімка ператварыўся ў забаўны жарт. Як бы там ні было, сярод тых і другіх панавала незвычайная весялосць.

На Хайсменскім лузе паставілі палатку, дзе місіс Банцінг і іншыя дамы гатавалі гарбату, а навокал вучні нядзельнай школы бегалі напераганкі па траве і гулялі ў розныя гульні пад шумным кіраўніцтвам вікарыя, міс Кас і міс Сэкбат. Праўда, адчувалася нейкае лёгкае хваляванне, але ўсе былі настолькі разважлівыя, што хавалі свае страхі. Найбольшым поспехам у моладзі карыстаўся нацягнуты канат, па якім, трымаючыся за ручку блока, можна было імкліва зляцець уніз на мех з сенам, што знаходзіўся на другім канцы. Не меншым поспехам карысталіся арэлі, збіванне мішэні какосавымі арэхамі і карусель, а з ёй — паравы арган, які бесперапынна напаўняў паветра рэзкім пахам масла і не менш рэзкай музыкай. Члены клуба, якія наведалі раніцай царкву, фарсілі рознакаляровымі значкамі, а сёй-той з маладых людзей яшчэ і ўпрыгожыў свае кацялкі яркімі стужкамі. Стары Флетчэр, у якога ўяўленні аб святочным адпачынку былі некалькі суровыя, стаяў на дошцы, пакладзенай на два стулы, як гэта можна было бачыць скрозь кветкі язміну на падаконніку або праз адчыненыя дзверы (як каму было пажадана глядзець), і бяліў столь сваёй сталовай.

Каля чатырох гадзін у Айпінгу з'явіўся незнаёмец; ён прыйшоў з боку ўзгоркаў, якія цягнуліся за вёскай. Гэта быў невялікага росту тоўсты чалавек у надзвычай паношаным цыліндры, моцна задыханы. Шчокі свае ён то ўцягваў, то надуваў да адказу. Яго пакрыты плямамі твар выказваў страх, і рухаўся ён хаця і хутка, але відавочна неахвотна. Ён завярнуў за вугал царквы і накіраваўся да карчмы «Кучар і коні». Сярод іншых звярнуў на яго ўвагу і стары Флетчэр, які быў уражаны незвычайна ўсхваляваным выглядам незнаёмца і да таго часу праводзіў яго позіркам, пакуль вапнавы раствор, набраны на пэндзаль, не зацёк яму ў рукаў.

Незнаёмец, па сведчанню ўладальніка ціра, дзе ішла гульня з какосавымі арэхамі, услых размаўляў сам з сабой; тое ж заўважыў і містэр Хакстэрс. Ён спыніўся каля ганка карчмы і, па словах містэра Хакстэрса, мусіць, доўга вагаўся, перш чым адважыўся ўвайсці ў дом. Нарэшце ёнпадняўся па прыступках, павярнуў, як гэта паспеў заўважыць містэр Хакстэрс, налева і адчыніў дзверы ў гасціную. Містэр Хакстэрс пачуў галасы знутры, а таксама воклічы з распівачнай, якія паказвалі незнаёмцу на яго памылку.

— Не туды! — сказаў Хол; тады незнаёмец зачыніў дзверы і ўвайшоў у распівачную.

Праз некалькі хвілін ён зноў з'явіўся на вуліцы, выціраючы губы рукой, з выглядам спакойнага задавальнення, якое здалося Хакстэрсу прытворным. Ён трохі пастаяў, агледзеўся, затым містэр Хакстэрс убачыў, як ён накіраваўся, крадучыся, да варот, вынуў кароткую гліняную люльку і стаў набіваць яе тытунём. Рукі яго дрыжэлі. Нарэшце ён распаліў люльку і, скрыжаваўшы рукі, пачаў курыць, прыняўшы позу чалавека, які маркоціцца, гэтаму, аднак, зусім не адпавядалі хуткія позіркі, якія ён насцярожана кідаў у двор.

Усё гэта містэр Хакстэрс бачыў з-за бляшанак, якія стаялі ў акне тытунёвай крамкі, і дзіўныя паводзіны незнаёмца прымусілі яго працягваць назіранне.

Раптам незнаёмец рэзка выпрастаўся, сунуў люльку ў кішэню і знік у двары. Тут містэр Хакстэрс, вырашыўшы, што на яго вачах адбываецца крадзеж, выскачыў з-за прылаўка і выбег на вуліцу, каб пераняць злодзея. У гэты час незнаёмец паказаўся зноў, у збітым набакір цыліндры, трымаючы ў адной руцэ вялікі скрутак, загорнуты ў сіні абрус, а ў другой — тры кнігі, звязаныя, як высветлілася потым, шлейкамі вікарыя. Убачыўшы Хакстэрса, ён войкнуў і, крута павярнуўшы налева, кінуўся ўцякаць.

— Трымай злодзея! — крыкнуў Хакстэрс і пабег наўздагон.

Наступныя адчуванні містэра Хакстэрса былі моцныя, але кароткія. Ён бачыў, як злодзей бег проста перад ім у напрамку да царквы. Ён запомніў мільгануўшыя наперадзе флагі і натоўп людзей, прычым толькі двое ці трое абярнуліся на яго крык.

— Трымай злодзея! — закрычаў ён яшчэ больш гучна, храбра працягваючы пагоню. Але ён не прабег і дзесяці крокаў, як штосьці схапіла яго за ногі, - і вось ён ужо не бяжыць, а куляй ляціць па паветры! Не паспеў ён апамятацца, як ужо ляжаў на зямлі. Свет рассыпаўся мільёнамі зіхатлівых іскраў, і далейшыя падзеі перасталі яго цікавіць.


Раздзел XI. У карчме «Кучар і коні»


Каб ясна зразумець усё, што адбылося ў карчме, патрэбна вярнуцца назад, да той хвіліны, калі містэр Марвел упершыню з'явіўся перад акном містэра Хакстэрса.

У гэты самы момант у гасцінай знаходзіліся містэр Кас і містэр Банцінг. Яны самым сур'ёзным чынам абмяркоўвалі незвычайныя ранішнія падзеі і з дазволу містэра Хола старанна даследавалі рэчы, якія належалі Невідзімку. Джаферс некалькі акрыяў ад свайго падзення і пайшоў дадому ў суправаджэнні клапатлівых сяброў. Раскінутую па падлозе вопратку Невідзімкі прыбрала місіс Хол і прывяла пакой у парадак. На стале, каля акна, за якім звычайна працаваў прыезджы, Кас адразу ж убачыў тры рукапісныя кнігі, пад назвай «Дзённік».

— Дзённік! — усклікнуў Кас, кладучы ўсе тры кнігі на стол. — Цяпер ужо мы ва ўсякім выпадку тое-сёе даведаемся.

Вікарый падышоў і апёрся рукамі на стол.

— Дзённік, — паўтарыў Кас, усаджваючыся на стул. Ён падклаў дзве кнігі пад трэцюю і адкрыў яе. — Гм… А тут… ніякай назвы. Фу ты!.. Лічбы. І чарцяжы.

Вікарый абышоў стол і зазірнуў цераз плячо Каса. Кас перагортваў старонкі адна за адной, і твар яго выказваў горкае расчараванне.

— Эх ты! Тут адны лічбы, Банцінг!

— Ці няма якіх-небудзь дыяграм? — спытаў Банцінг. — Або малюнкаў, якія праліюць святло…

— Паглядзіце самі, - адказаў Кас. — Тут і матэматыка, і па-расейску ці яшчэ на нейкай там мове (калі меркаваць па літарах) напісана, і па-грэчаску. Ну, грэчаскую, я думаю, вы разбярэце…

— Вядома, — адказаў містэр Банцінг, вымаючы акуляры і праціраючы іх. Ён адразу адчуў сябе вельмі няёмка, бо ад грэчаскай мовы ў галаве яго засталося зусім нямнога. — Так, грэчаская, вядома, можа даць ключ…

— Я найду вам месца…

— Лепш я пагляджу спачатку ўсе кнігі, - сказаў містэр Банцінг, усё яшчэ праціраючы акуляры. — Спачатку, Кас, трэба атрымаць агульнае ўяўленне, а потым ужо, ведаеце, можна будзе пашукаць ключ…

Ён кашлянуў, паволі надзеў акуляры, зноў кашлянуў і ў думках пажадаў, каб што-небудзь здарылася, што магло б прадухіліць яго ганьбу. Затым ён узяў кнігу, якую перадаў яму Кас.

А затым сапраўды здарылася нешта.

Дзверы раптам адчыніліся.

Містэр Кас і вікарый уздрыгнулі ад нечаканасці, але, падняўшы вочы, з аблягчэннем убачылі чырвоную фізіяномію пад махнатым цыліндрам.

— Распівачная? — прахрыпела фізіяномія, вылупіўшы вочы.

— Не, — адказалі ў адзін голас абодва джэнтльмены.

— Насупраць, шаноўны, — сказаў містэр Банцінг.

- І, калі ласка, зачыніце дзверы, — дабавіў з раздражненнем містэр Кас.

— Добра, — сказаў незнаёмы нягучна, зусім іншым голасам, чым спачатку. — Ёсць! — зноў прахрыпеў ён, як і першы раз. — Поўны назад, — скамандаваў ён сам сабе, знікаючы і зачыняючы дзверы.

— Матрос, напэўна, — сказаў містэр Банцінг. — Забаўны народ. «Поўны назад», — чулі? Гэта, магчыма, марскі тэрмін, які азначае выхад з пакоя.

— Сапраўды, так, — сказаў Кас. — Нервы мае цалкам расстроены. Я нават падскочыў, калі дзверы расчыніліся.

Містэр Банцінг спагадліва ўсміхнуўся, быццам ён сам не падскокваў.

— А цяпер, — сказаў ён і ўздыхнуў, - зоймемся кнігамі.

— Адну хвіліну, — сказаў Кас, падымаючыся і запіраючы дзверы. — Цяпер, я думаю, нам ніхто не перашкодзіць.

У гэтую хвіліну хтосьці фыркнуў.

— Адно не выклікае сумнення, — сказаў містэр Банцінг, падсоўваючы крэсла да крэсла Каса. — У Айпінгу за апошнія дні адбываліся нейкія дзіўныя падзеі, вельмі дзіўныя. Я, вядома, не веру ў гэтую недарэчную байку пра Невідзімку…

— Гэта неверагодна, — сказаў Кас, — неверагодна. Але факт той, што я бачыў… так, так, я заглянуў у рукаў…

— Але вы ўпэўнены… ці праўда, што вы ўбачылі?.. Можа, тут было люстэрка… Выклікаць жа галюцынацыю вельмі лёгка. Я не ведаю, ці бачылі вы калі-небудзь сапраўднага добрага фокусніка?

— Не будзем спрачацца, — сказаў Кас. — Мы ж ужо пра ўсё гэта гаварылі. Звернемся да кніг… Ага, вось гэта, па-мойму, напісана па-грэчаску. Ну, вядома, гэта грэчаскія літары.

Ён паказаў на сярэдзіну старонкі. Містэр Банцінг злёгку пачырванеў і прыблізіў свой твар да кнігі: з яго акулярамі, відавочна, зноў штосьці здарылася. Яго веды ў грэчаскай мове былі вельмі слабыя, але ён думаў, што ўсе прыхаджане лічаць яго знаўцам грэчаскай і старажытнажыдоўскай. І вось… Няўжо прызнацца ў сваім невуцтве? Ці выдумаць што-небудзь? Раптам ён адчуў нейкі дзіўны дотык да сваёй патыліцы. Ён паспрабаваў падняць галаву, але сустрэў неадольную перашкоду.

Ён адчуваў незразумелы цяжар, нібы чыясьці моцная рука прыгінала яго ўніз, так што падбародак дакрануўся да стала.

— Не варушыцеся, шаноўнейшыя, — пачуўся шэпт над яго вухам, — інакш я размажджэру вам абодвум галовы.

Ён зірнуў у твар Каса, які блізка прыгнуўся да яго, і ўбачыў на ім адлюстраванне свайго асабістага спалоху і бязмежнага здзіўлення.

— Вельмі шкадую, што даводзіцца прымаць крутыя меры, — сказаў Голас, — але гэта непазбежна. Калі гэта вы навучыліся заглядаць у прыватныя запісы даследчыкаў? — сказаў Голас, і два падбародкі адначасова стукнуліся аб стол, і дзве пары сківіцаў адначасова шчоўкнулі. — Калі гэта вы навучыліся ўрывацца ў дом чалавека, які апынуўся ў бядзе? — І зноў удар па стале і шчоўканне зубоў. — Куды падзелі маю вопратку? Цяпер слухайце, — сказаў Голас. — Вокны зачынены, а з дзвярнога замка я выняў ключ. Чалавек я вельмі моцны, і пад рукой у мяне качарга, не гаворачы ўжо пра тое, што я нябачны. Несумненна, калі б я толькі захацеў, я без усялякіх намаганняў забіў бы вас абодвух і спакойна знік. Зразумела? Дык вось. Ці абяцаеце вы не рабіць глупстваў і выконваць усё, што я вам загадаю, калі я вас памілую?..

Вікарый і доктар паглядзелі адзін на аднаго, і доктар скурчыў грымасу.

— Абяцаем, — сказаў вікарый.

— Абяцаем, — сказаў доктар.

Тады Невідзімка выпусціў іх, і яны выпрасталіся. Твары ў абодвух былі вельмі чырвоныя, і яны ўзмоцнена круцілі галовамі.

— Прашу вас заставацца на сваіх месцах, — сказаў Невідзімка. — Бачыце, вось качарга. Калі я ўвайшоў у гэты пакой, — працягваў ён, па чарзе падносячы качаргу да носа абодвух сваіх субяседнікаў, - я не чакаў сустрэць тут людзей. І, між іншым, я спадзяваўся знайсці акрамя сваіх кніг, яшчэ і вопратку. Дзе яна? Не, не, не ўставайце. Я бачу — яе тут няма. Хаця дні цяпер стаяць дастаткова цёплыя для таго, каб Невідзімка мог хадзіць голы, але ўсё ж па вечарах даволі прахладна. Пагэтаму я маю патрэбу ў вопратцы і некаторых іншых рэчах. Акрамя таго, мне патрэбны гэтыя тры кнігі.


Раздзел XII. Невідзімка шалее


Тут неабходна зноў перапыніць расказ, з прычыны вельмі цяжкай акалічнасці, якая зараз высветліцца. Пакуль у гасцінай адбывалася ўсё апісанае вышэй і пакуль містэр Хакстэрс назіраў за містэрам Марвелам, які курыў люльку каля варот, воддаль, ярдах у дванаццаці, стаялі містэр Хол і Тэдзі Хенфры і, азадачаныя і збянтэжаныя, абмяркоўвалі адзіную айпінгскую злобу дня.

Раптам пачуўся моцны ўдар у дзверы гасцінай, адтуль даляцеў пранізлівы крык, і затым усё заціхла.

— Эй! — вымавіў Тэдзі Хенфры.

— Эй! — пачулася ў распівачнай.

Містэр Хол усведамляў усё, што адбывалася, павольна, але правільна.

— Там штосьці няладнае, — сказаў ён, выходзячы з-за стойкі і накіроўваючыся да дзвярэй гасцінай.

Ён і Тэдзі разам падышлі да дзвярэй з напружанай увагай на тварах. Позіркі ў іх былі задумлівыя.

— Штосьці нядобра, — сказаў Хол, і Хенфры кіўнуў у знак згоды. На іх дыхнула цяжкім пахам хімікаліяў, а з пакоя пачулася прыглушаная размова, вельмі хуткая і ціхая.

— Што ў вас там? — спытаўся Хол, пастукаўшы ў дзверы.

Прыглушаная размова крута абарвалася, на хвіліну наступіла маўчанне, затым зноў пачуўся гучны шэпт, пасля чаго раздаўся крык: «Не, не, не трэба!» Затым усчалася валтузня, пачуўся стук крэсла, якое ўпала на падлогу, і шум кароткай схваткі. І зноў цішыня.

— Што за чорт! — усклікнуў Хенфры напаўголасу.

— Што ў вас там? — зноў спытаўся містэр Хол.

Вікарый адказаў нейкім дзіўным дрыготкім голасам:

— Усё ў парадку. Калі ласка, не перашкаджайце.

— Дзіўна! — сказаў Хенфры.

— Дзіўна! — сказаў містэр Хол.

— Просяць не перашкаджаць, — сказаў Хенфры.

— Чуў, - сказаў Хол.

- І хтосьці фыркнуў, - сказаў Хенфры.

Яны працягвалі стаяць каля дзвярэй, прыслухоўваючыся. Размова ў гасцінай аднавілася, такая ж прыглушаная і хуткая.

— Я не магу, — пачуўся голас містэра Банцінга. — Кажу вам, судар, я не хачу!

— Што такое? — спытаўся Хенфры.

— Кажа, што не хоча, — сказаў Хол. — Каму гэта ён — нам, ці што?

— Абуральна! — пачуўся голас містэра Банцінга.

— «Абуральна!» — паўтарыў містэр Хенфры. — Я гэта ясна чуў.

— А хто цяпер гаворыць? — спытаўся Хенфры.

— Напэўна, містэр Кас, — сказаў Хол. — Вы што-небудзь разбіраеце?

Яны памаўчалі. Размова за дзвярыма станавілася ўсё больш незразумелай і загадкавай.

— Здаецца, абрус здзіраюць са стала, — сказаў Хол.

За стойкай з'явілася гаспадыня. Хол стаў знакамі ўгаворваць яе, каб яна не шумела і падышла да іх. Гэта адразу ж абудзіла ў яго жонкі дух супярэчлівасці.

— Чаго гэта ты стаіш і слухаеш? — спыталася яна. — Іншай справы ў цябе няма, ды яшчэ ў святочны дзень?

Хол спрабаваў растлумачыць жэстамі і мімікай, але місіс Хол не пажадала зразумець і ўпарта павышала голас. Тады Хол і Хенфры, вельмі збянтэжаныя, на дыбачках вярнуліся да стойкі і растлумачылі ёй, у чым справа.

Спачатку яна ўвогуле адмовілася прызнаць што-небудзь незвычайнае ў тым, што яны ёй паведамілі. Потым запатрабавала, каб Хол замоўк і гаварыў адзін Хенфры. Яна была схільна лічыць усё гэта глупствам, можа, яны проста перасоўвалі мэблю.

— Я чуў, як ён сказаў «абуральна», ясна чуў, - паўтарыў Хенфры.

— Так гэта ці не… — пачала місіс Хол.

— Шш… — перапыніў яе містэр Тэдзі Хенфры. — Чуеце — акно?

— Якое акно? — спыталася місіс Хол.

— У гасцінай, — адказаў Хенфры.

Усе замоўклі, напружана прыслухоўваючыся. Невідушчы позірк місіс Хол быў скіраваны на светлы прамавугольнік дзвярэй карчмы, на белую дарогу і фасад крамы Хакстэрса, асветлены чэрвеньскім сонцам. Раптам дзверы крамы расчыніліся, і з'явіўся сам Хакстэрс з вылупленымі ад хвалявання вачыма.

— Трымай злодзея! — крыкнуў ён, кінуўся бегчы наўскасяк да варот карчмы і знік з поля зроку.

У тую ж секунду з гасцінай данёсся гучны шум і бразганне акна, якое зачынялася.

Хол, Хенфры і ўсе людзі, што сядзелі ў распівачнай, гурмой выбеглі на вуліцу. Яны ўбачылі, як хтосьці хутка завярнуў за вугал, у напрамку да дарогі, што вяла ў поле, і як містэр Хакстэрс, падскочыў, перакуліўся ў паветры і ўпаў ніцма. Натоўп застыў у здзіўленні, некалькі чалавек падбеглі да яго.

Містэр Хакстэрс быў без прытомнасці, як пераканаўся нахіліўшыся над ім Хенфры. Хол жа з двума работнікамі з карчмы дабеглі да вугла, выкрыкваючы штосьці незразумелае, і ўбачылі, як містэр Марвел знік за вуглом царкоўнай агарожы. Яны, мусіць, вырашылі, што гэта і ёсць Невідзімка, які раптоўна зрабіўся бачным, і кінуўся наўздагон. Але не паспеў Хол прабегчы і дзесяці ярдаў, як, гучна ўсклікнуўшы ад здзіўлення, адляцеў убок і, ухапіўшыся за аднаго з работнікаў, паляцеў разам з ім на зямлю. Ён быў збіты з ног, зусім як у гарачай схватцы на футбольным полі збіваюць з ног ігракоў. Другі работнік абярнуўся і, падумаўшы, што Хол проста, спатыкнуўся, працягваў гнацца адзін; але тут і ён спатыкнуўся таксама, як Хакстэрс. У гэты час першы работнік, які паспеў падняцца на ногі, атрымаў збоку такі ўдар, якім можна было б зваліць быка.

Ён упаў, і ў гэтую хвіліну з-за вугла паказаліся людзі, якія прыбеглі з лужка, дзе адбывалася гулянне. Наперадзе бег гаспадар ціра, рослы мужчына ў сіняй фуфайцы. Ён вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, што на дарозе няма нікога, акрамя трох чалавек, якія ляжалі на зямлі. У тую ж хвіліну з яго нагой штосьці здарылася, ён выцягнуўся ва ўвесь рост. І адкаціўся ў бок, проста пад ногі брата і кампаньёна, які таксама з разгону выцягнуўся на зямлі. Тыя, хто бег следам, спатыкаліся аб іх, падалі кучай, валячыся, адзін на аднаго, і абсыпалі іх адборнай лаянкай.

Калі Хол, Хенфры і работнікі выбеглі з карчмы, місіс Хол, навучаная шматгадовым вопытам, засталася сядзець за касай. Раптам дзверы гасцінай расчыніліся, адтуль выскачыў містэр Кас і, нават не глянуўшы на яе, збег з ганка і панёсся за вугал дома.

— Трымайце яго! — крыкнуў ён. — Не давайце яму выпусціць з рук вузел! Пакуль ён трымае гэты вузел, яго можна бачыць! — Містэр Кас нічога не ведаў пра Марвела, якому Невідзімка перадаў кнігі і вузел ужо ў двары. Выгляд у містэра Каса быў сярдзіты і рашучы, але ў касцюме яго нечага не хапала; папраўдзе, усё адзенне яго складалася з чагосьці падобнага на лёгкую белую спаднічку, якая магла б замяніць вопратку хіба што толькі ў Грэцыі. — Трымайце яго! — лямантаваў ён. — Ён знёс мае штаны! І ўсю вопратку вікарыя!

— Зараз я дабяруся да яго! — крыкнуў ён Хенфры, прабягаючы міма ляжачага на зямлі Хакстэрса, і, абагнуўшы вугал, далучыўся да натоўпу, які гнаўся за Невідзімкам, але тут жа быў збіты з ног і бразнуўся на дарогу ў самым непрыглядным выглядзе. Хтосьці з усяго размаху наступіў яму на руку. Ён завыў ад болю, паспрабаваў устаць на ногі, зноў быў збіты, упаў на карачкі і нарэшце пераканаўся, што ўдзельнічае не ў пагоні, а ў адступленні. Усе беглі назад у вёску. Ён зноў падняўся, але атрымаў моцны ўдар па вуху. Хістаючыся, ён павярнуў дадому, мімаходзь пераступіўшы цераз Хакстэрса, які, да таго часу ўжо ачухаўся і, забыты ўсімі, сядзеў пасярод дарогі.

Падымаючыся на ганак карчмы, Кас раптам пачуў ззаду сябе гук гучнай аплявухі і раз'юшаны крык болю, які ўзвіўся над шматгалосым шумам і гамам. Ён пазнаў голас Невідзімкі — той крыкнуў так, быццам яго прывёў у шаленства нечакана востры боль.

Містэр Кас уварваўся ў гасціную.

— Банцінг, ён вяртаецца! — крыкнуў ён з парога. — Ратуйцеся!

Містэр Банцінг стаяў ля акна і майстраваў сабе касцюм з каміннага дыванка і аркуша «Заходне-сярэйскай газеты».

— Хто вяртаецца? — спытаўся ён і так уздрыгнуў, што ледзьве не сапсаваў увесь свой касцюм.

— Невідзімка! — адказаў містэр Кас і падбег да акна. — Нам трэба ўцякаць адсюль. Ён б'ецца як шалёны. Проста як шалёны.

Цераз секунду ён быў ужо ў двары.

— Злітуйся божа! — у жаху ўсклікнуў Банцінг, не ведаючы, на што адважыцца. Але тут з калідора карчмы данёсся шум схваткі, і гэта спыніла ўсе яго разважанні. Ён вылез у акно, хуценька прыладзіў свой касцюм і кінуўся бегчы па вуліцы з усёй хуткасцю, на якую толькі былі здольны яго тоўстыя кароткія ножкі.

Пачынаючы з той хвіліны, калі пачуўся раз'юшаны крык Невідзімкі і містэр Банцінг кінуўся ўцякаць, устанавіць паслядоўнасць у ходзе айпінгскіх падзей становіцца немагчымым. Можа, спачатку Невідзімка хацеў толькі прыкрыць адступленне Марвела з вузлом і кнігамі. Але таму што ён увогуле не вызначаўся рахманым норавам ды яшчэ выпадковы ўдар канчаткова вывеў яго з сябе, ён стаў сыпаць ударамі направа і налева і біць усіх, хто трапляўся пад руку.

Уявіце сабе вуліцу, запоўненую людзьмі, якія бягуць, бразганне дзвярэй і бойку з-за зацішных куточкаў, дзе можна было б схавацца. Уявіце сабе ўздзеянне гэтай буры на няўстойлівую раўнавагу дошкі, пакладзенай на два стулы ў сталовай старога Флетчэра, і выкліканую гэтым катастрофу. Уявіце сабе перапалоханую парачку, якую заспела бедства на арэлях. А потым бура пранеслася, і айпінгская вуліца, упрыгожаная флагамі і гірляндамі, апусцела; толькі адзін Невідзімка працягваў бушаваць сярод раскіданых па зямлі какосавых арэхаў, перакуленых парусінавых шчытоў і раскіданых тавараў з латка гандляра ласункамі. Адусюль даносіўся стук аканіц і завалаў, і толькі дзе-небудзь, выяўляючы прысутнасць людзей, у кутку акна мільгала вылупленае вока пад спалохана прыўзнятым брывом.

Невідзімка нейкі час забаўляўся тым, што разбіваў вокны ў карчме; затым прасунуў вулічны ліхтар у акно гасцінай місіс Грогрэм. Ён жа, напэўна, перарэзаў тэлеграфны провад за домікам Хігінса на Эдэрдзінскай дарозе. А затым, карыстаючыся сваёй незвычайнай здольнасцю, ён бясследна знік, і ў Айпінгу пра яго больш ніколі не было ні слыху ні дыху. Ён знікнуў назаўсёды.

Але мінула добрыя дзве гадзіны, пасля чаго першыя смельчакі адважыліся зноў выйсці на пустынную айпінгскую вуліцу.


Раздзел ХІІІ. Містэр Марвел хадайнічае аб адстаўцы


Калі ўжо пачало змяркацца і жыхары Айпінга сталі баязліва вылазіць з дамоў, пазіраючы на разваліны свайго няўдалага свята, па дарозе ў Брэмблхерст за букавым гаем цяжка крочыў нізенькі каржакаваты чалавек у старым цыліндры. Ён нёс тры кнігі, звязаныя разам нечым накшталт стракатай эластычнай стужкі, і вузел, загорнуты ў сіні абрус. Яго чырвоны твар выказваў маркоту і знямогу, а ў паходцы была нейкая сутаргавая паспешлівасць. Ён ішоў у суправаджэнні чужога, не свайго голасу і часта курчыўся пад дотыкам нябачных рук.

— Калі ты зноў уцячэш, — сказаў Голас, — калі ты зноў надумаешся ўцякаць…

— Госпадзі! — сказаў містэр Марвел. — І так ужо жывога месца на плячы не засталося.

— Чэснае слова, — працягваў Голас, — я цябе заб'ю.

— Я і не думаў уцякаць ад вас, — сказаў Марвел, ледзьве не плачучы. — Клянуся вам. Я проста не ведаў, дзе трэба зварочваць, толькі і ўсяго. І адкуль я мог гэта ведаць? Мне і так дасталася як мае быць…

- І дастанецца яшчэ больш, калі не будзеш слухацца, — сказаў Голас, і містэр Марвел адразу замоўк. Ён надзьмуў шчокі, і вочы яго красамоўна выказвалі глыбокі адчай.

— Хопіць з мяне, што гэтыя аслы даведаліся пра маю тайну, а тут яшчэ ты надумаўся ўцячы з маімі кнігамі. Шчасце іх, што яны паспелі схавацца. А то… Ніхто не ведаў, што я нябачны. А цяпер што мне рабіць?

— Што мне рабіць? — прамармытаў містэр Марвел.

— Усё цяпер вядома. У газеты яшчэ трапіць? Усе будуць шукаць мяне, усе будуць насцярожаныя… — Голас моцна вылаяўся і замоўк.

Адчай на твары містэра Марвела ўзмацніўся, і ён замарудзіў крок.

— Ну, рухайся, — сказаў Голас.

Прамежкі паміж чырвонымі плямамі на твары містэра Марвела пашарэлі.

— Не згубі кнігі, боўдзіла! — сярдзіта сказаў Голас.

— Адным словам, — працягваў ён, — мне давядзецца скарыстаць цябе… Праўда, прылада няважная, але ў мяне няма выбару.

— Я нікчэмная прылада, — сказаў Марвел.

— Гэта праўда, — сказаў Голас.

— Я самая кепская прылада, якую толькі вы маглі выбраць, — сказаў Марвел. — Я слабасільны, — працягваў ён. — Я вельмі слабы, — паўтарыў ён, не дачакаўшыся адказу.

— Хіба?

- І сэрца ў мяне слабое. Ваша даручэнне я выканаў. Але, запэўніваю вас, мне здавалася, што я вось-вось упаду.

— Так?

— У мяне і смеласці і сілы такой няма, якія вам патрэбны.

— Я цябе падбадзёру.

— Лепш не трэба. Я не хачу сапсаваць вам усю справу, але гэта можа здарыцца. Раптам я спалохаюся ці разгублюся…

— Ужо пастарайся, каб гэтага не здарылася, — сказаў Голас спакойна, але цвёрда.

— Лепш ужо памерці, - сказаў Марвел. — І гэта ж несправядліва, — працягваў ён. — Згадзіцеся самі… Мне здаецца, я маю права…

— Наперад! — сказаў Голас.

Містэр Марвел прыбавіў кроку, і нейкі час яны ішлі моўчкі.

— Вельмі цяжкая работа, — сказаў містэр Марвел.

Гэта заўвага ніяк не падзейнічала. Тады ён вырашыў падступіцца з другога канца.

— А што мне гэта дае? — пачаў ён зноў тонам горкай крыўды.

— Хопіць! — ва ўсю моц гыркнуў Голас. — Я цябе забяспечу. Толькі рабі тое, што табе загадваюць. Ты выдатна справішся, хаця ты і дурань, а справішся…

— Кажу вам, спадар, я непадыходзячы чалавек для гэтага. Я не хачу вам пярэчыць, але гэта так…

— Замоўкні ты, інакш я зноў пачну выкручваць табе руку, — сказаў Невідзімка. — Не перашкаджай мне думаць.

Наперадзе праз дрэвы бліснулі дзве плямы жоўтага святла, і ў змроку сталі бачны абрысы квадратнай царкоўнай вежы.

— Я буду трымаць руку на тваім плячы, — сказаў Голас, — пакуль мы не пройдзем праз вёску. Ідзі прама і не надумайся прыдурвацца. Інакш будзе кепска.

— Ведаю, — адказаў і ўздыхнуў Марвел, — гэта я добра ведаю.

Жаласная фігура ў старым цыліндры прайшла са сваёй ношай па вясковай вуліцы міма асветленых вокнаў і знікла ў змроку за ваколіцай.


Раздзел XIV. У Порт-Стоў


На наступны дзень у дзесяць гадзін раніцы містэр Марвел, няголены, брудны, раскудлачаны, сядзеў на лаўцы каля ўваходу ў карчомку, якая знаходзілася ў прадмесці Порт-Стоў; рукі ён засунуў у кішэні, часта надзімаў шчокі і выгляд у яго быў вельмі зняможаны, расхваляваны і трывожны. Побач з ім ляжалі кнігі, звязаныя ўжо вяроўкай. Вузел быў пакінуты ў сасновым лесе за Брэмблхерстам, у адпаведнасці з пераменамі ў планах Невідзімкі. Містэр Марвел сядзеў на лаўцы, і, хаця ніхто не звяртаў на яго ніякай увагі, хваляванне яго ўсё ўзмацнялася. Рукі яго бесперапынку шнарылі па шматлікіх кішэнях.

Пасля таго, як ён праседзеў тут добрую гадзіну, з карчмы выйшаў пажылы матрос з газетай у руках і апусціўся на лаўку побач з Марвелам.

— Харошы дзянёк, — сказаў матрос.

Містэр Марвел стаў спалохана азірацца.

— Так, вельмі, - пацвердзіў ён.

— Надвор'е як раз па сезону, — працягваў матрос тонам, які не дапускаў пярэчанняў.

— Сапраўды, — пагадзіўся містэр Марвел.

Матрос вынуў зубачыстку і на працягу некалькіх хвілін быў заняты выключна ёю. А між тым позірк яго быў скіраваны на містэра Марвела, і ён уважліва вывучаў запыленую фігуру і кнігі, якія ляжалі побач з ім. Калі матрос падыходзіў да містэра Марвела, яму падалося, што ў таго ў кішэні звіняць манеты. Яго здзівіла неадпаведнасць паміж знешнім выглядам містэра Марвела і гэтым багаццем, якое пабразгвала. Думка яго зноў звярнулася да тэмы, якая нядаўна авалодала яго ўяўленнем.

— Кнігі? — спытаўся ён раптам, старанна арудуючы зубачысткай.

Містэр Марвел уздрыгнуў і паглядзеў на звязку, што ляжала побач.

— Так, — сказаў ён, — так-так, гэта кнігі.

— Дзіўныя рэчы можна знайсці ў кнігах, — працягваў матрос.

— Цалкам з вамі згодны, — сказаў містэр Марвел.

- І не толькі ў кнігах, — працягваў матрос.

— Правільна, — пацвердзіў містэр Марвел. Ён зірнуў на свайго субяседніка і затым паглядзеў вакол сябе.

— Вось, да прыкладу, дзіўныя рэчы часам пішуць у газетах, — пачаў зноў матрос.

— Ага, бывае.

— Вось і ў гэтай газеце, — сказаў матрос.

— А! — сказаў містэр Марвел.

— Вось тут, — працягваў матрос, не зводзячы з містэра Марвела настойлівага і сур'ёзнага позірку, — надрукавана пра Невідзімку.

Містэр Марвел скрывіў рот і пачухаў скулу, адчуваючы, што ў яго загарэліся вушы.

— Чаго толькі не выдумаюць, — сказаў ён слабым голасам. — Дзе гэта, у Аўстраліі ці ў Амерыцы?

— Нічога падобнага, — адказаў матрос, — тут.

— Госпадзі! — усклікнуў Марвел, уздрыгнуўшы.

— Праўда, не так каб зусім тут, — сказаў матрос і містэр Марвел уздыхнуў з палёгкай, — не ў гэтым самым месцы, дзе мы цяпер сядзім, але паблізу.

— Невідзімка, — сказаў Марвел. — Ну, а што ён робіць?

— Усё, — сказаў марак, уважліва разглядваючы Марвела. — Усё што трэба, — дабавіў ён.

— Я ўжо чатыры дні не бачыў газет, — сказаў Марвел.

— Спачатку ён з'явіўся ў Айпінгу, — сказаў матрос.

— Вось як? — сказаў містэр Марвел.

— Там ён з'явіўся ў першы раз, — працягваў матрос, — а адкуль ён узяўся, гэтага, відаць, ніхто не ведае. Вось: «Незвычайнае здарэнне ў Айпінгу». І ў газеце сказана, што гэта ўсё дакладна і верагодна.

— Госпадзі! — сказаў містэр Марвел.

— Так ужо, і праўда, дзіўная гісторыя. І вікарый, і доктар сцвярджаюць, што бачылі яго зусім ясна… Дакладней кажучы, не бачылі. Тут пішуць, што ён жыў у карчме «Кучар і коні» і ніхто, мусіць, спачатку не здагадваўся пра яго няшчасце, а потым у карчме надарылася бойка і ў яго з галавы сарвалі бінты. Тады і заўважылі, што галава ў яго нябачная. Тут сказана, што яго адразу ж хацелі схапіць, ды яму ўдалося скінуць з сябе вопратку і ўцячы. Праўда, яму давялося вытрымаць адчайную схватку, у час якой ён нанёс сур'ёзныя раненні заслужанаму і паважанаму канстэблю, містэру Джаферсу, вось як тут сказана. Усё адкрыта, так? Імёны названы поўнасцю і ўсё такое.

— Госпадзі! — прамовіў містэр Марвел, з трывогай азіраючыся па баках і спрабуючы вобмацкам злічыць грошы ў кішэнях: яму прыйшла ў галаву дзіўная і вельмі цікавая думка.

— Як усё гэта дзіўна! — сказаў ён.

— Праўда ж? Проста незвычайна, скажу я вам. Ніколі ў жыцці не чуў аб невідзімках. Ды што казаць: у наш час іншы раз чуеш пра такія рэчы, што…

- І гэта ўсё, што ён зрабіў? — спытаўся Марвел як мага спакайней.

— А гэтага хіба мала? — сказаў матрос.

— Ён не вярнуўся ў Айпінг? — спытаўся Марвел. — Проста ўцёк, і ўсё?

— Усё, — сказаў матрос. — Мала вам?

— Зусім дастаткова, — сказаў Марвел.

— Яшчэ б не дастаткова, — сказаў марак, — яшчэ б…

— А таварышаў у яго не было? Нічога не пішуць пра гэта? — з трывогай спытаўся Марвел.

— Няўжо вам мала аднаго такога малайца? — спытаўся матрос. — Не, слава табе госпадзі, ён быў адзін.

Матрос панура паківаў галавой.

— Нават падумаць агідна, што ён тут недзе ашываецца! Ён на свабодзе, і, як пішуць у газеце, мяркуючы па некаторых звестках, можна зрабіць здагадку, што ён накіраваўся ў Порт-Стоў. А мы якраз тут! Гэта ўжо вам не амерыканскі цуд які-небудзь. Вы падумайце толькі, што ён можа тут натварыць. Раптам ён вып'е лішняе і надумаецца кінуцца на вас? А калі ён захоча рабаваць, — хто сумее перашкодзіць яму? Ён можа забрацца куды хочаш, можа красці, можа прайсці скрозь паліцэйскую заставу гэтак жа лёгка, як мы з вамі можам уцячы ад сляпога. Яшчэ лягчэй! Сляпыя, гавораць, цудоўна добра чуюць. А калі б дзе было вінцо, якое яму спадабалася б…

— Так, вядома, становішча яго вельмі выгаднае, — сказаў містэр Марвел. — І…

— Сапраўды, — сказаў матрос, — вельмі выгаднае.

На працягу ўсёй гэтай размовы містэр Марвел не пераставаў напружана азірацца па баках, прыслухваючыся да ледзьве чутных крокаў і стараючыся заўважыць няўлоўныя рукі. Ён, здаецца, гатовы быў прыняць нейкае важнае рашэнне.

Кашлянуўшы ў руку, ён яшчэ раз азірнуўся, прыслухаўся, потым нахіліўся да матроса і, панізіўшы голас, сказаў:

— Справа ў тым, што я выпадкова тое-сёе ведаю пра гэтага невідзімку. З прыватных крыніц.

— Ого! — усклікнуў матрос. — Вы?

— Так, — сказаў Марвел. — Я.

— Вось як! — сказаў матрос. — А дазвольце спытацца…

— Вы будзеце здзіўлены, — сказаў містэр Марвел, прыкрываючы рот рукой. — Гэта дзівосна.

— Яшчэ б, — сказаў матрос.

— Справа ў тым… — пачаў містэр Марвел канфідэнцыяльным тонам. Але раптам выраз яго твару, як па чарадзейству, змяніўся. — Вой! — прастагнаў ён і цяжка заварочаўся на лаўцы; твар яго скрывіўся ад болю. — О-о-ой! — прастагнаў ён зноў.

— Што з вамі? — спытаўся спачувальна матрос.

— Зубы баляць, — сказаў містэр Марвел і прыклаў руку да шчакі. Потым хутка ўзяў кнігі. — Мне, бадай што, пара, — сказаў ён і пачаў неяк дзіўна ёрзаць па лаўцы, адсоўваючыся ад свайго субяседніка.

— Але вы ж збіраліся расказаць мне пра Невідзімку, — запратэставаў матрос.

Містэр Марвел спыніўся ў нерашучасці.

— Вутка, — сказаў Голас.

— Гэта вутка, — паўтарыў містэр Марвел.

— Дык жа ў газеце напісана… — сказаў матрос.

— Проста вутка, — сказаў Марвел. — Я знаю, хто ўсё гэта выдумаў. Ніякага няма невідзімкі. Хлусня.

— Як жа так? У газеце ж…

— Усё выдумкі, з пачатку да канца, — цвёрда сказаў Марвел.

Матрос падняўся з газетай у руках і вылупіў вочы. Містэр Марвел сутаргава азіраўся навокал.

— Пастойце, — сказаў матрос павольна і раздзельна. — Вы хочаце сказаць…

— Так, — сказаў Марвел.

— Дык якога ж чорта вы сядзелі і слухалі, што я балбачу. Чаго ж вы маўчалі, калі я тут перад вамі строіў дурня.

Містэр Марвел надзьмуў шчокі. Матрос раптам пачырванеў і сціснуў кулакі.

— Я тут, можа, дзесяць хвілін сяджу і размазваю гэтую гісторыю, а ты, тоўстаморды дурань, грубіян, не мог…

— Калі ласка, перастаньце лаяцца, — сказаў містэр Марвел.

— Лаяцца! Пачакай…

- Ідзём! — сказаў Голас.

Містэра Марвела раптам прыпадняла, закружыла, і ён закрочыў прэч нейкай дзіўнай, сутаргавай паходкай.

— Выбірайся пакуль цэлы, — сказаў матрос.

— Гэта мне выбірацца? — сказаў Марвел. Ён адступіў нейкай няроўнай, паспешлівай паходкай, амаль скачкамі; потым штосьці замармытаў напаўголасу вінаватым і разам з тым пакрыўджаным тонам.

— Боўдзіла, — сказаў матрос, шырока расставіўшы ногі і ўзяўшыся ў бокі. — Я табе пакажу, нахабнік ты гэтакі. Мяне не абдурыш! Вось яна, газета, тут усё сказана!

Містэр Марвел адказаў штосьці незразумелае; потым ён схаваўся за паваротам, але матрос усё яшчэ велічна стаяў пасярод дарогі, гледзячы яму ўслед, пакуль каляска мясніка не прымусіла яго сысці з месца. Тады ён павярнуў да Порт-Стоў.

— Колькі дурняў на свеце! — прабурчэў ён. — Бачна, хацеў пасмяяцца з мяне. Вось асёл! Ды гэта ж у газеце надрукавана!

Хутка яму давялося пачуць яшчэ аб адной здзіўляючай гісторыі, якая адбылася вельмі блізка ад яго. Гэта быў прывід «прыгаршчаў грошай» (ні больш ні менш), які падарожнічаў сам па сабе ўздоўж сцяны на вуглу Сент-Майклс-лейн. Гэтае дзіўнае відовішча ўбачыў у тую самую раніцу другі матрос. Ён, вядома, паспрабаваў схапіць грошы, але быў тут жа збіты з ног, а калі падняўся, прывід знік. Наш матрос схільны быў, па яго асабістых словах, у многае паверыць, але гэта было ўжо занадта. Пасля ён, аднак, змяніў сваю думку.

Чуткі пра лятаючыя грошы гучалі даволі верагодна. У гэты дзень па ўсёй акрузе, нават з цудоўнай канторы лонданскага банка, з кас корчмаў і крамаў — з выпадку цёплага надвор'я дзверы ўсюды былі расчынены насцеж, — грошы спакойна і спрытна вымаліся прыгаршчамі і пачкамі і лёталі па сценах і закавулках, хутка знікаючы ад позіркаў людзей, якія набліжаліся. Сваё таямнічае падарожжа грошы заўсёды заканчвалі — хаця ніхто гэтага і не прасачыў — у кішэнях неспакойнага чалавека ў старым цыліндры, які сядзеў каля дзвярэй карчмы ў прадмесці Порт-Стоў.

Толькі праз дзесяць дзён, калі ўжо ўсім было вядома пра здарэнне ў Бэрдоку, матрос параўнаў усе гэтыя здарэнні і зразумеў, як блізка ён быў ад дзіўнага Невідзімкі.


Раздзел XV. Чалавек, які бяжыць


Надвячоркам доктар Кемп сядзеў у сваім кабінеце, у вежы дома, які стаяў на ўзгорку, адкуль адкрываўся від на Вэрдок. Гэта быў невялікі ўтульны пакой з трыма вокнамі — на поўнач, захад і поўдзень з вялікай колькасцю паліц, застаўленых кнігамі і навуковымі часопісамі, і з трывалым пісьмовым сталом; каля паўночнага акна стаяў столік з мікраскопам, шкельцамі, усялякімі маленькімі прыборамі, культурамі бацыл і бутэлечкамі з рэактывамі. Лямпа ў кабінеце была ўжо запалена, хаця промні заходзячага сонца яшчэ ярка асвятлялі неба. Шторы былі падняты, таму не даводзілася турбавацца, што хто-небудзь пажадае зазірнуць у акно. Доктар Кемп быў высокім стройным маладым чалавекам з ільнянымі валасамі і светлымі, амаль белымі вусамі. Рабоце, якой ён быў цяпер заняты, ён прыдаваў вялікае значэнне, разлічваючы трапіць дзякуючы ёй у члены Каралеўскага навуковага таварыства.

Выпадкова падняўшы вочы ад работы, ён убачыў агністы заход сонца над узгоркам насупраць. З хвіліну, магчыма, рассеяна прыкусіўшы кончык ручкі, ён любаваўся залатым ззяннем над вяршыняй узгорка; потым увагу яго прыцягнула маленькая чорная фігурка, якая рухалася па ўзгорку ў напрамку да яго дома. Гэта быў нізенькі чалавечак у цыліндры, і бег ён з такой хуткасцю, што ногі яго так і мільгалі ў паветры.

«Яшчэ адзін асёл, — падумаў доктар Кемп. — Падобны на таго, які наляцеў на мяне сёння раніцай з крыкам: «Невідзімка ідзе!» Не разумею, што гэта робіцца з людзьмі. Можна падумаць, што мы жывём у трынаццатым стагоддзі».

Ён падняўся, падышоў да акна і стаў глядзець на ўзгорак, ахутаны змрокам, і на цёмную фігуру чалавека, які бег.

— Ён, мусіць, вельмі спяшаецца, — сказаў доктар Кемп, — але ад гэтага штосьці мала толку. Ён бяжыць так паволі, як быццам бы ў яго кішэні набіты свінцом. Хутчэй, сэр, хутчэй! — сказаў доктар Кемп.

Праз хвіліну чалавек схаваўся за адной з віл на схіле ўзгорка. Яшчэ праз хвіліну ён зноў з'явіўся ў прасвеце паміж двума дамамі, затым зноў схаваўся і зноў паказаўся, і так тры разы, пакуль не знік зусім.

— Аслы! — сказаў доктар Кемп і, павярнуўшыся, зноў накіраваўся да пісьмовага стала.

Але тыя, каму давялося быць у гэты час на дарозе і блізка бачыць чалавека, які бег, бачыць дзікі жах на яго мокрым ад поту твары, тыя не падзялялі пагардлівага скептыцызму доктара. Чалавек уцякаў, і ад яго пры гэтым далятаў звон, як ад туга набітага кашалька, які кідаюць або туды, або сюды. Ён не аглядваўся ні направа, ні налева, але глядзеў расшыранымі вачыма проста перад сабой, туды, дзе каля падножжа ўзгорка адзін за адным успыхвалі ліхтары і тоўпіўся на вуліцы народ. Ніжняя сківіца ў яго адвісла, на губах выступіла густая пена і дыхаў ён хрыпла і гучна. Усе прахожыя спыняліся, пачыналі аглядваць дарогу і з прыкметным хваляваннем распытвалі адзін аднаго, чым могуць быць выкліканы такія паспешлівыя ўцёкі.

Раптам воддаль, амаль на вяршыне ўзгорка, сабака, які гарэзнічаў на дарозе, заскуголіў, кінуўся ў падваротню і, пакуль прахожыя дзівіліся, міма іх пранеслася штосьці, - не то вецер, не то шлёпанне ног, не то шум цяжкага дыхання.

Людзі закрычалі. Людзі кінуліся ў бакі. З лямантам пабеглі пад гару. Іх крыкі ўжо чуліся на вуліцы, калі Марвел быў яшчэ на сярэдзіне ўзгорка. Яны разбягаліся па дамах, ліхаманкава зачынялі за сабой дзверы і, ледзьве аддыхаўшыся, паведамлялі страшэнную вестку. Марвел чуў бразганне дзвярэй і рабіў апошнія адчайныя намаганні.

Жах пранёсся міма яго, абагнаў яго і ў адно імгненне апанаваў увесь гарадок.

«Невідзімка ідзе! Невідзімка!..»


Раздзел XVI. У шынку «Вясёлыя крыкетысты»


Шынок «Вясёлыя крыкетысты» знаходзіцца каля самага падножжа ўзгорка, дзе пачынаецца лінія конкі. Гаспадар, абапершыся тоўстымі чырвонымі рукамі аб стойку, размаўляў пра коней з худасочным рамізнікам, а чорнабароды чалавек, апрануты ў шэрае, аплятаў сухары з сырам, пацягваў віно і размаўляў з палісменам, які толькі што змяніўся з дзяжурства. Мяркуючы па акцэнце, гэта быў амерыканец.

— Што гэта за крыкі? — сказаў рамізнік, раптам перапыніўшы размову і стараючыся паверх бруднай жоўтай фіранкі на нізенькім акне шынка разгледзець дарогу, што цягнулася ўверх па ўзгорку. Хтосьці прабег па вуліцы міма дзвярэй.

— Ужо ці не пажар там? — сказаў гаспадар.

Пачуліся крыкі, якія прыбліжаліся: хтосьці цяжка бег. З шумам расчыніліся дзверы, і ў пакой уляцеў раскудлачаны Марвел без капелюша і з разарваным каўняром, ён плакаў. Сутаргава павярнуўшыся, ён паспрабаваў зачыніць дзверы, але рэмень утрымліваў іх прачыненымі.

- Ідзе! — завішчаў Марвел не сваім голасам. — Ён ідзе. Невідзімка! Гоніцца за мной. Богам прашу… Выратуйце! Выратуйце! Выратуйце!

— Зачыніце дзверы, — сказаў палісмен. — Хто ідзе? У чым справа? — Ён падышоў да выхадных дзвярэй, адчапіў рэмень, і дзверы зачыніліся. Амерыканец зачыніў другія дзверы.

— Пусціце мяне за стойку, — сказаў Марвел, дрыжучы і плачучы, але моцна прыціскаючы да сябе кнігі. — Пусціце мяне. Схавайце мяне дзе-небудзь. Кажуць вам, ён гоніцца за мной. Я ўцёк ад яго. Ён сказаў, што заб'е мяне. І заб'е.

— Вам нечага баяцца, — сказаў чорнабароды. — Дзверы зачынены. А ў чым справа?

— Схавайце мяне, — паўтарыў Марвел і раптам завішчаў ад страху: уваходныя дзверы затрэсліся ад моцнага ўдару, і знадворку пачуліся паспешлівы стук і крыкі.

— Эй! — закрычаў паліцэйскі. — Хто там?

Містэр Марвел, як вар'ят, забегаў па пакою ў пошуках выхада.

— Ён заб'е мяне! — крычаў ён. — У яго нож! Богам прашу!..

— Вось, — сказаў гаспадар, — ідзіце сюды. — Ён адкінуў дошку, і містэр Марвел кінуўся за стойку. Стук у дзверы аднавіўся.

— Не адчыняйце яму! — закрычаў містэр Марвел. — Калі ласка, не адчыняйце! Куды мне схавацца?

— Дык гэта, значыць, Невідзімка? — спытаўся чорнабароды, заклаўшы адну руку за спіну. — Я думаю, пара ўжо і паглядзець на яго.

Раптам акно шынка разляцелася на друзачкі і звонку ўзняліся крыкі і беганіна. Палісмен, стаўшы на лаўку і высунуўшы галаву ў акно, стараўся разгледзець, што робіцца каля дзвярэй. Потым злез і сказаў, здзіўлена падняўшы бровы:

— Гэта ён.

Гаспадар пастаяў перад дзвярыма ў суседні пакой, куды схавалі містэра Марвела, паглядзеў на разбітае акно і падышоў да сваіх наведвальнікаў.

Усё раптам заціхла.

— Шкада, што ў мяне няма з сабой дубінкі, - сказаў палісмен, нерашуча падыходзячы да дзвярэй. — Як адчынім дзверы, дык ён цяпер і ўвойдзе. Нічым яго не спыніш.

— А вы не вельмі спяшайцеся адчыняць, — баязліва сказаў худасочны рамізнік.

— Адсуньце завалу, — сказаў чорнабароды. — Няхай толькі ўвойдзе… — і ён паказаў рэвальвер, які трымаў у руцэ.

— Гэта няварта, — сказаў паліцэйскі. — Гэта ж можа быць забойства.

— Я ведаю, у якой краіне знаходжуся, — запярэчыў чорнабароды. — Я буду цэліцца ў ногі. Адсуньце завалу.

— А калі вы трапіце мне ў спіну? — сказаў гаспадар, выглядаючы з-пад фіранкі на вуліцу.

— Добра, — сказаў чорнабароды і, нахіліўшыся, сам адсунуў завалу, трымаючы рэвальвер напагатове. Гаспадар, размізнік і палісмен павярнуліся да дзвярэй.

— Уваходзьце, — нягучна сказаў чорнабароды, адступаючы на крок і гледзячы на дзверы; рэвальвер ён трымаў за спіной. Але ніхто не ўвайшоў і дзверы не адчыніліся. Калі праз пяць хвілін другі рамізнік асцярожна зазірнуў у шынок, усе яны стаялі ў чакальных позах, а з суседняга пакоя выглядвала бледная, спалоханая фізіяномія.

— Ці ўсе дзверы ў доме зачынены? — спытаўся Марвел. — Ён дзе-небудзь тут, вынюхвае. Ён жа хітры як чорт.

— Бог ты мой! — усклікнуў гаспадар. — А заднія дзверы! Вы тут папільнуйце. Вось жа… — Ён бездапаможна азірнуўся. Дзверы ў суседні пакой зачыніліся, і ключ шчоўкнуў у замку. — А асобны ход! І дзверы ў двор…

Ён выбег з пакоя.

Праз хвіліну ён вярнуўся з кухонным нажом у руках.

— Дзверы ў двор адчынены! — сказаў ён, і яго тоўстая ніжняя губа адвісла.

— Можа, ён ужо ў доме, — сказаў першы рамізнік.

— У кухні яго няма, — сказаў гаспадар. — Там дзве служанкі, і я па ўсёй кухні прайшоў вось з гэтым нажом, ніводнага кутка не прапусціў. Яны таксама гавораць, што ён не заходзіў. Яны нічога не заўважылі…

— Вы замкнулі дзверы? — спытаўся першы рамізнік.

— Не маленькі, слава богу, — адказаў гаспадар.

Чорнабароды схаваў рэвальвер. Але ў тую ж секунду і стукнула адкідная дошка стойкі, загрымела засаўка, гучна заскрыгатаў замок, і дзверы ў суседні пакой адчыніліся насцеж. Яны пачулі, як Марвел завішчэў, быццам злоўлены заяц, і кінуліся праз стойку да яго на дапамогу. Чорнабароды выстраліў, люстэрка ў суседнім пакоі трэснула, асколкі са звонам разляцеліся па падлозе.

Увайшоўшы ў пакой, гаспадар заўважыў, што Марвел корчыцца і боўтаецца перад дзвярамі, якія вялі цераз кухню ў двор. Пакуль гаспадар стаяў у нерашучасці, дзверы адчыніліся, і Марвел быў зацягуты ў кухню. Адтуль пачуліся крыкі і стук каструль, якія падалі. Марвел, нагнуўшы галаву, упарта адступаў назад, але быў дацягнуты да дзвярэй у двор. Завала адсунулася.

Палісмен, праціснуўшыся міма гаспадара, забег на кухню разам з адным рамізнікам, і схапіў кісць нябачнай рукі, якая трымала за каўнер Марвела, але тут жа атрымаў удар у твар, пахіснуўся і адступіў. Дзверы расчыніліся, і Марвел зрабіў адчайную спробу схавацца за імі. У гэты час рамізнік штосьці схапіў.

— Я трымаю яго! — закрычаў рамізнік.

— Злавіў! — крыкнуў ён.

Містэр Марвел, выпушчаны з нябачных рук, упаў на падлогу і паспрабаваў прапаўзці пад нагамі людзей, якія барукаліся. Схватка перамясцілася да дзвярэй. Упершыню пачуўся голас Невідзімкі — ён гучна ўскрыкнуў, таму што палісмен наступіў яму на нагу. Потым пачуўся раз'юшаны рык, і Невідзімка запрацаваў кулакамі, нібы цапамі. Рамізнік раптам завыў і скурчыўся, атрымаўшы ўдар пад дыхавіцу. Дзверы, што вялі ў пакой, зачыніліся і прыкрылі адступленне містэра Марвела. Людзі тапталіся ў цеснай кухні, пакуль не заўважылі, што яны змагаюцца з пустатой.

— Куды ён збег? — крыкнуў чорнабароды.

— Сюды, — сказаў палісмен, выходзячы на двор, і спыніўся.

Кавалак чарапіцы праляцеў над самым яго вухам і ўпаў на кухонны стол, які быў застаўлены пасудай.

— Я яму пакажу! — крыкнуў чорнабароды. Над плячомпалісмена бліснула сталь, і ў змрок, у той бок, адкуль была кінута чарапіца, вылецелі адна за адной пяць куль. Страляючы, чорнабароды апісваў рукой дугу па гарызанталі, таму кулі веерам клаліся ў цесным дворыку.

Наступіла цішыня.

— Пяць куль, — сказаў чорнабароды. — Казырная гульня! Дайце ліхтар і пойдзем шукаць цела.


Раздзел XVII. Наведвальнік доктара Кемпа


Доктар Кемп працягваў пісаць у сваім кабінеце, пакуль гукі стрэлаў не прыцягнулі яго ўвагу. «Паф, паф, паф», — шчоўкалі яны адзін за адным.

— Ого! — усклікнуў доктар Кемп, зноў прыкусіўшы ручку, якой толькі што пісаў, прыслухоўваючыся! — Хто гэта ў Бэрдоку паліць з рэвальвера? Што яшчэ гэтыя аслы выдумалі?

Ён падышоў да паўднёвага акна, адчыніў яго і, высунуўшыся, стаў узірацца ў начны горад — сетку асветленых вокнаў, газавых ліхтароў і вітрын з чорнымі прамежкамі дахаў і двароў.

— Як быццам там, пад узгоркам, каля «Крыкетыстаў», сабраўся натоўп, — сказаў ён, узіраючыся. Потым позірк яго скіраваўся ўдалечыню, дзе свяціліся агні судоў і прыстань, — невялікі, ярка асветлены будынак зіхацеў, нібы жоўты алмаз. Малады месяц узыходзіў над заходнім бокам узгорка, а яркія зоркі амаль ззялі што як над тропікамі.

Хвілін праз пяць, на працягу якіх думкі яго несліся да сацыяльных умоваў будучыні і блукалі ў нетрах бязмежнасці часоў, доктар Кемп уздыхнуў, зноў зачыніў акно і вярнуўся да пісьмовага стала.

Прыкладна праз гадзіну пасля гэтага каля ўваходных дзвярэй пазванілі. З таго часу як Кемп пачуў стрэлы, работа яго ішла вяла, і ён раз-пораз адхіляўся і задумваўся. Калі пачуўся званок, ён пакінуў работу і стаў прыслухоўвацца. Ён чуў, як служанка пайшла адчыняць дзверы, і чакаў яе крокаў на лесвіцы, але яна не вярнулася.

— Хто б гэта мог быць? — сказаў Кемп.

Ён паспрабаваў зноў узяцца за работу, але штосьці яму перашкаджала. Тады ён устаў, выйшаў з кабінета і спусціўся па лесвіцы на пляцоўку; там ён пазваніў і, калі ў холе, унізе, з'явілася пакаёўка, спытаўся ў яе, перагнуўшыся цераз парэнчы:

— Пісьмо прынеслі?

— Не, выпадковы званок, сэр, — адказала пакаёўка.

«Я чамусьці нервуюся сёння», — сказаў Кемп сам сабе.

Ён вярнуўся ў кабінет, рашуча ўзяўся за работу і праз некалькі хвілін быў ужо ўвесь захоплены ёю. Цішыню ў пакоі парушала толькі ціканне гадзінніка ды парыпванне пяра, якое рухалася па паперы ў самым цэнтры светлага круга, які ўтварала настольная лямпа.

Было дзве гадзіны ночы, калі доктар Кемп вырашыў на сёння закончыць работу. Ён падняўся, пазяхнуў і спусціўся ўніз, у сваю спальню. Ён ужо зняў пінжак і камізэльку, як раптам адчуў, што яму хочацца піць. Узяўшы свечку, ён спусціўся ў сталовую, каб пашукаць там сельцерскай і віскі.

Навуковыя заняткі зрабілі доктара Кемпа вельмі назіральным чалавекам; вяртаючыся са сталовай, ён заўважыў цёмную пляму на лінолеуме побач з цынкоўкай, каля самай лесвіцы. Ён падняўся ўжо наверх, як раптам задаў сабе пытанне, адкуль магла з'явіцца гэтая пляма. Гэта была, відавочна, падсвядомая думка. Але як бы там ні было, ён вярнуўся ў хол, паставіў сіфон і віскі на столік і, нагнуўшыся, стаў даследаваць пляму. Без асаблівага здзіўлення ён пераканаўся, што яна ліпкая і барвовая, зусім як падсыхаючая кроў.

Прыхапіўшы сіфон і бутэльку з віскі, ён падняўся наверх, уважліва прыглядаючыся па баках і спрабуючы растлумачыць сабе, адкуль магла з'явіцца крывавая пляма. На пляцоўцы ён спыніўся і ў здзіўленні ўтаропіўся на дзверы свайго пакоя: ручка дзвярэй была ў крыві.

Ён зірнуў на сваю руку. Яна была зусім чыстая. І тут ён успомніў, што калі ён выйшаў з кабінета, дзверы ў яго спальню былі адчынены, — значыць, ён да ручкі дзвярэй і не датыкаўся. Ён цвёрдым крокам увайшоў у спальню; ягоны твар быў зусім спакойны, хіба што некалькі больш рашучы, чым звычайна. Позірк яго, уважліва аглядаючы пакой, спыніўся на ложку. На коўдры цямнела лужына крыві, а прасціна была разарвана. Калі ён першы раз увайшоў у пакой, ён гэтага не заўважыў, таму што накіраваўся проста да туалетнага століка. У адным месцы пасцель была скамечана, як быццам бы хтосьці толькі што сядзеў на ёй.

Тут яму падалося, што чыйсьці голас нягучна ўсклікнуў: «Дык гэта ж Кемп!» Але доктар Кемп не верыў у таямнічыя галасы.

Ён стаяў і глядзеў на скамечаную пасцель. Можа, яму проста здалося? Ён зноў агледзеўся, але не заўважыў нічога падазронага, акрамя скамечанай і запэцканай крывёй пасцелі. Тут ён ясна пачуў нейкі рух у кутку пакоя, каля ўмывальніка. У любога чалавека, нават самага адукаванага, захоўваюцца нейкія няўлоўныя рэшткі забабонаў. Жудаснае пачуццё апанавала доктара Кемпа. Ён зачыніў дзверы спальні, падышоў да століка і паставіў на яго сіфон. Раптам ён уздрыгнуў: у паветры, паміж ім і ўмывальнікам, вісела акрываўленая павязка з палатнянай анучы.

Уражаны, ён стаў углядацца. Гэта была пустая павязка — акуратна зробленая, але зусім пустая. Ён хацеў падысці і схапіць яе, але нечы дотык спыніў яго, і ён пачуў голас, які прагучаў зусім побач.

— Кемп! — сказаў Голас.

— А? — сказаў Кемп, разінуўшы рот.

— Не палохайцеся, — працягваў Голас. — Я невідзімка.

Кемп нейкі час нічога не адказваў, толькі глядзеў на павязку.

— Невідзімка? — сказаў ён нарэшце.

— Невідзімка, — паўтарыў Голас.

Кемпу прыпомнілася гісторыя, якую ён так старанна высмейваў усяго толькі сёння раніцай. Але, у гэтую хвіліну ён, мусіць, не вельмі спалохаўся і здзівіўся. Толькі пазней ён змог усвядоміць свае пачуцці.

— Я лічыў, што ўсё гэта выдумка, — сказаў ён. Хаця ў яго ў галаве круціліся доказы, якія ён прыводзіў раніцай. — Вы ў павязцы? — спытаўся ён.

— Так, — адказаў Невідзімка.

— О! — усхвалявана сказаў Кемп. — Вось дык штука. — Але тут жа схамянуўся. — Глупства. Фокус які-небудзь. — Ён хутка ступіў наперад, і рука яго, працягнутая да павязкі, сустрэла нябачныя пальцы.

Пры гэтым дотыку ён адскочыў і змяніўся ў твары.

— Богам прашу, Кемп, не палохайцеся. Мне так патрэбна дапамога! Пачакайце!

Нябачная рука схапіла Кемпа за локаць. Кемп стукнуў па ёй.

— Кемп! — крыкнуў Голас. — Кемп, супакойцеся! — І нябачная рука яшчэ мацней сціснула локаць Кемпа.

Шалёнае жаданне вызваліцца апанавала Кемпа. Перавязаная рука ўчапілася яму ў плячо, і раптам Кемп быў збіты з ног і кінуты дагары на ложак. Ён адкрыў рот, каб крыкнуць, але ў тую ж секунду край прасціны апынуўся ў яго паміж зубамі. Невідзімка трымаў яго моцна, але рукі Кемпа былі свабодныя, і ён шалёна біў імі без разбору.

— Будзьце разважнымі, - сказаў Невідзімка, моцна трымаючы Кемпа, нягледзячы на ўдары, што сыпаліся на яго. — О чорт, не выводзьце мяне з цярплівасці! Ляжыце смірна, боўдзіла вы гэтакі! — раўкнуў Невідзімка ў самае вуха Кемпа.

Яшчэ з хвіліну Кемп працягваў выкручвацца, потым заціх.

— Калі вы крыкнеце, я разаб'ю вам галаву, — сказаў Невідзімка, вымаючы прасціну з рота Кемпа. — Я — Невідзімка. Гэта не выдумка і не фокус. Я сапраўды Невідзімка. І мне патрэбна ваша дапамога. Я не зраблю вам нічога шкоднага, калі вы не будзеце паводзіць сябе, як ачмурэлая дзеравеншчына. Няўжо вы мяне не помніце, Кемп? Я — Грыфін, мы ж разам вучыліся ва ўніверсітэце.

— Дайце мне падняцца, — сказаў Кемп. — Я нікуды не збягу. І дайце мне хвіліну пасядзець спакойна.

Ён сеў на ложак і памацаў патыліцу.

— Я — Грыфін, вучыўся ва ўніверсітэце разам з вамі. Я зрабіў сябе нябачным. Я — самы звычайны чалавек, якога вы ведалі, але толькі нябачны.

— Грыфін? — перапытаў Кемп.

— Так, Грыфін, — адказаў Голас. — Ва ўніверсітэце быў на курс маладзей за вас, амаль альбінос, шэсць футаў ростам і плячысты, з бела-ружовым тварам і чырвонымі вачыма. Атрымаў узнагароду за работу па хіміі.

— Нічога не разумею, — сказаў Кемп, — у галаве ў мяне зусім памутнела. Пры чым тут Грыфін?

— Грыфін — гэта я.

Кемп задумаўся.

— Гэта жахліва, — сказаў ён. — Але якая чартаўшчына можа зрабіць чалавека нябачным?

— Ніякай чартаўшчыны. Гэта зусім лагічны і даволі нескладаны працэс…

— Гэта жахліва! — сказаў Кемп. — Якім чынам?..

— Жахліва, сапраўды. Але я паранены, мне балюча, і я змарыўся. О госпадзі, Кемп, будзьце мужчынам! Аднясіцеся да гэтага спакойна. Дайце мне паесці і напіцца, а пакуль я прысяду.

Кемп глядзеў на павязку, якая рухалася па пакоі; потым ён убачыў, як плеценае крэсла працягнулася па падлозе і спынілася каля ложка. Яно затрашчала, і сядзенне апусцілася на чвэрць цаля. Кемп працёр вочы і зноў памацаў патыліцу.

— Гэта цікавей за ўсялякія прывіды, — сказаў ён і недарэчна расмяяўся.

— Вось так лепш. Слава богу, вы становіцеся разважлівымі.

— Альбо дурнею, — сказаў Кемп і зноў працёр вочы.

— Дайце мне віскі: я ледзьве дыхаю.

— Гэтага я не сказаў бы. Дзе вы? Калі я ўстану, я не наткнуся на вас? Ага, вы тут. Добра. Віскі… Калі ласка. Куды ж мне паднесці яго вам?

Крэсла затрашчала, і Кемп адчуў, што шклянку бяруць у яго з рук. Ён выпусціў яе не зусім ахвотна, неўсвядомлена асцерагаючыся, што шклянка ўпадзе і разаб'ецца. Але шклянка спынілася ў паветры, цалях у дваццаці над пярэднім краем крэсла. Кемп глядзеў на шклянку ў страшэнным неўразуменні…

— Гэта… ну, вядома, гэта — гіпноз… Вы, магчыма, унушылі мне, што вы нябачны.

— Лухта! — сказаў Голас.

— Але ж гэта вар'яцтва!

— Выслухайце мяне.

— Толькі сёння раніцай я прывёў бясспрэчныя доказы, — пачаў Кемп, — што нябачнасць…

— Плюньце на ўсе доказы, — перапыніў яго Голас. — Я паміраю ад голаду, і для чалавека, зусім распранутага, тут даволі прахладна.

— Ён адчувае голад! — сказаў Кемп.

Шклянка віскі перакулілася.

— Так, — сказаў Невідзімка, са стукам адстаўляючы шклянку. — Ці няма ў вас халата?

Кемп прамармытаў штосьці незразумелае і, падышоўшы да адзежнай шафы, выняў адтуль цёмна-чырвоны халат.

— Падыдзе? — спытаў ён.

Халат узялі ў яго з рук. З хвіліну ён вісеў нерухома ў паветры, потым дзіўна загайдаўся, выцягнуўся ва ўсю даўжыню і, зашпіліўшыся, як трэба, апусціўся ў крэсла.

— Добра б яшчэ кальсоны, шкарпэткі і туфлі, - адрывіста вымавіў Невідзімка. — І паесці.

— Калі ласка, усё, што жадаеце. Але са мной у жыцці не надаралася нічога больш недарэчнага.

Кемп дастаў з камода ўсё, што прасіў Невідзімка, і спусціўся ў кладоўку. Ён вярнуўся з халоднымі катлетамі і хлебам і, падсунуўшы невялікі столік, расставіў усё гэта перад госцем.

— Абыдуся і без нажа, — сказаў Невідзімка, і катлета павісла ў паветры. Пачулася жаванне.

— Я заўсёды лічыў за лепшае спачатку апрануцца, а потым ужо есці, - сказаў Невідзімка з поўным ротам, прагна глытаючы хлеб з катлетай. — Дзіўны капрыз!

— Рука, здаецца, дзейнічае? — сказаў Кемп.

— Будзьце спакойныя, — сказаў Невідзімка.

— Але як усё-такі дзіўна…

— Менавіта так. Але самае дзіўнае тое, што я трапіў менавіта да вас, калі мне спатрэбілася зрабіць перавязку. Гэта мая першая ўдача! Урэшце, я і так вырашыў пераначаваць у гэтым доме. Нічога вам не дапаможа! Страшна няёмка, што кроў маю бачна, праўда? Цэлая лужына нацякла. Мусіць, яна становіцца бачнай, калі згусае. Мне давялося змяніць толькі жывую тканку, і я нябачны толькі пакуль жывы… Ужо тры гадзіны, як я тут.

— Але як вы гэта зрабілі? — пачаў Кемп раздражнёна. — Чорт ведае што! Уся гэтая гісторыя ад пачатку да канца — суцэльная бязглуздзіца.

— Дарэмна вы так думаеце, — сказаў Невідзімка. — Усё гэта цалкам разумна.

Ён пацягнуўся і ўзяў бутэльку з віскі. Кемп здзіўлена глядзеў на халат, які паглынаў віскі. Святло ад свечкі, праходзячы скрозь дзірку на правым плячы халата, утварыла светлы трохвугольнік пад левымі рэбрамі.

— Што гэта былі за стрэлы? — спытаўся Кемп. — Як пачалася страляніна?

— Там быў адзін дурань, мой выпадковы кампаньён, каб яго чорт узяў, які хацеў украсці мае грошы. І ўкраў-такі.

— Таксама невідзімка?

— Не.

— Ну, а што далей?

— Ці нельга мне яшчэ чаго-небудзь паесці, га? Потым я ўсё раскажу па парадку. Я галодны, і рука баліць. А вы хочаце, каб я вам расказваў!

Кемп падняўся.

— Значыць, гэта не вы стралялі? — спытаўся ён.

— Не, — адказаў госць. — Страляў наўздагад нейкі ідыёт, якога я раней ніколі не бачыў. Яны ўсе перапалохаліся. Мяне ўсе палохаюцца. Каб іх чорт узяў! Ну вось што, Кемп: я есці хачу.

— Пайду пашукаю, ці няма ўнізе яшчэ чаго-небудзь з ежы, — сказаў Кемп. — Баюся, што знойдзецца не шмат.

Закончыўшы з ежай, — а паеў ён грунтоўна, — Невідзімка папрасіў цыгару.

Ён прагна адкусіў кончык, перш чым Кемп паспеў адшукаць нож, і вылаяўся, калі адстаў вонкавы лісток.

Дзіўна было бачыць яго з цыгарай: рот, горла, зеў і ноздры выступалі, быццам злепак, зроблены з дыму, які клубіўся.

— Слаўная штука тытунь! — сказаў ён, моцна зацягнуўшыся. — Мне вельмі пашанцавала, што я трапіў да вас, Кемп. Вы павінны памагчы мне. Падумаць толькі — якраз цяпер натрапіў на вас! Я ў адчайным становішчы. Я быў як звар'яцелы. Чаго толькі я не перажыў! Але цяпер у нас справа пойдзе, ужо паверце…

Ён выпіў яшчэ віскі з содай. Кемп устаў, агледзеўся і прынёс з суседняга пакоя яшчэ шклянку для сябе.

— Усё гэта дзіка… але, напэўна, я таксама вып'ю.

— Вы амаль не змяніліся, Кемп, за гэтыя дванаццаць гадоў. Вы, бландзіны, мала мяняецеся. Усё такі ж стрыманы і метадычны… Я павінен вам усё растлумачыць. Мы будзем працаваць разам!

— Але як гэта адбылося? — спытаў Кемп. — Як вы сталі такім?

— Богам прашу, дайце мне спакойна пакурыць, потым я вам усё раскажу.

Але ў гэтую ноч ён не расказаў нічога. У яго разбалелася рука і пачалася гарачка, ён вельмі аслабеў. Яго хворае ўяўленне ўсё вярталася да пагоні на ўзгорку і да бойкі каля шынка. Ён пачаў было расказваць, але адразу пераходзіў на іншае. Ён няскладна гаварыў пра Марвела, сутаргава зацягваўся, і ў голасе яго чулася раздражненне. Кемп стараўся атрымаць з яго расказу ўсё, што мог.

— Ён мяне баяўся… я бачыў, што ён мяне баіцца, — зноў і зноў паўтараў Невідзімка. — Ён хацеў уцячы ад мяне, толькі пра гэта і думаў. Якое я зрабіў глупства! Трэба было забіць яго…

— Дзе вы ўзялі грошы? — раптам спытаўся Кемп.

Невідзімка прамаўчаў.

— Сёння я не магу вам сказаць, — адказаў ён.

Раптам ён застагнаў і нагнуўся наперад, схапіўшыся нябачнымі рукамі за нябачную галаву.

— Кемп, — сказаў ён, — я не сплю ўжо трэція суткі, за ўвесь гэты час мне ўдалося задрамаць гадзіну-другую, не больш. Я павінен выспацца.

— Добра, — адказаў Кемп. — Адпачывайце тут, у маім пакоі.

— Але як я магу спаць? Калі я засну, ён уцячэ. Эх! Ці не ўсё роўна!

— Рана сур'ёзная? — адрывіста спытаўся Кемп.

— Дробязі — драпіна. Госпадзі, як мне спаць хочацца!

— Дык кладзіцеся.

Невідзімка, здавалася, глядзеў на Кемпа.

— У мяне ёсць асаблівыя прычыны не жадаць быць злоўленым маімі блізкімі, - павольна прагаварыў ён.

Кемп уздрыгнуў.

- І дурань жа я! — усклікнуў Невідзімка, стукнуўшы кулаком па стале. — Я сам падаў вам гэтую думку.


Раздзел XVIII. Невідзімка спіць


Нягледзячы на стомленасць і раненне, Невідзімка ўсё ж не паверыў слову Кемпа, што на свабоду яго не будзе зроблена ніякага замаху. Ён агледзеў абодва вакны спальні, падняў шторы і адчыніў аканіцы, каб пераканацца, што гэтым шляхам можна ўцякаць у выпадку неабходнасці. За вокнамі стаяла мірная начная цішыня. Над узгоркамі заходзіў малады месяц. Потым Невідзімка агледзеў замок спальні і дзверы прыбіральні і ваннай, каб пераканацца, што і адсюль ён зможа ўцячы. Нарэшце ён заявіў, што задаволены. Ён стаяў перад камінам, і Кемп пачуў гук пазяхання.

— Мне вельмі шкада, — сказаў Невідзімка, — што я не магу цяпер расказаць вам аб усім, што я зрабіў. Але я сапраўды выбіўся з сіл. Гэта недарэчна, бясспрэчна. Гэта жахліва. Але, верце мне, Кемп, што б вы раніцай там ні даказвалі, а гэта цалкам магчыма. Я зрабіў адкрыццё. Я думаў захаваць яго ўпотайкі. Але гэта немагчыма. Мне патрэбны памочнік. А вы… чаго толькі мы не зможам зрабіць!.. Урэшце, пакінем усё гэта да заўтра. Цяпер, Кемп, я павінен заснуць — інакш я памру.

Кемп стаяў пасярод пакоя, гледзячы на безгаловы халат.

— Дык я пакіну вас, — сказаў ён. — Але гэта неверагодна… Яшчэ тры такія здарэнні, якія пераварочваюць уверх дном усе мае тэорыі, і я звар'яцею. І ўсё ж, бачна, гэта так! Ці патрэбна вам яшчэ чаго-небудзь?

— Толькі каб вы пажадалі мне спакойнай ночы, — сказаў Грыфін.

— Спакойнай ночы, — сказаў Кемп і паціснуў нябачную руку.

Ён бокам накіраваўся да дзвярэй. Раптам халат хутка падышоў да яго.

— Помніце, — вымавіў халат. — Ніякіх спробаў злавіць ці затрымаць мяне. Інакш…

Кемп злёгку змяніўся ў твары.

— Я ж, здаецца, даў вам слова, — сказаў ён.

Кемп выйшаў, ціха прычыніў за сабой дзверы, і ключ зараз жа шчоўкнуў у замку. Пакуль Кемп стаяў, не рухаючыся, з выглядам пакорлівага здзіўлення на твары, пачуліся паспешныя крокі, і дзверы ванны таксама аказаліся зачыненымі. Кемп стукнуў сябе рукой па лбе.

— Сплю я, ці што? Увесь свет звар'яцеў, ці гэта я з глузду з'ехаў? — Ён засмяяўся і злёгку тузануў рукою замкнутыя дзверы. — Выгнаны з уласнай спальні і кім? Страшэннай бязглуздзіцай!

Ён падышоў да верхняй прыступкі лесвіцы, азірнуўся і зноў паглядзеў на замкнёныя дзверы.

— Бясспрэчны факт, — вымавіў ён, дакранаючыся да патыліцы, якая ныла. — Так, бясспрэчны факт. Але… — Ён безнадзейна паківаў галавой, павярнуўся і спусціўся ўніз.

Ён запаліў лямпу ў сталовай, дастаў цыгару і пачаў хадзіць па пакоі, то бязладна мармычучы, то гучна спрачаючыся сам з сабою.

— Невідзімка! — сказаў ён. — Ці можа існаваць нябачная жывёліна? У моры — так. Там тысячы, мільёны! Усе лічынкі, усе мікраарганізмы… а медузы! У моры нябачных істотаў больш, чым бачных! Раней я ніколі пра гэта не думаў… А ў сажалках! Усе гэтыя малюсенькія арганізмы, якія жывуць у сажалках, — кавалачкі бясколернай, празрыстай слізі… Але ў паветры? Не! Гэта немагчыма. А ўрэшце — чаму б і не? Калі б чалавек быў бы зроблены са шкла — і то ён быў бы бачны.

Кемп глыбока задумаўся. Тры цыгары ператварыліся ў белы попел, які рассыпаўся па дыване, перш чым ён загаварыў зноў. Дакладней проста ўскрыкнуў. Потым ён выйшаў з пакоя, прайшоў у сваю прыёмную і запаліў там газ. Гэта быў маленькі пакой, таму што доктар Кемп не займаўся практыкай; там ляжалі газеты. Ранішні нумар, разгорнуты, валяўся на стале. Ён схапіў газету, перагарнуў яе і пачаў чытаць паведамленне аб «Незвычайным здарэнні ў Айпінгу», якое з такой шчырасцю прачытаў Марвелу матрос у Порт-Стоў. Кемп хутка прабег гэтыя радкі.

— Захутаны! — усклікнуў Кемп. — Пераапрануты! Хавае сваю тайну! Мусіць, ніхто не ведаў пра яго няшчасце. Што ў яго, каб яго чорт узяў, у галаве?

Ён кінуў газету і пашукаў вачыма на стале.

— Ага! — сказаў ён і схапіў «Сент-Джэмс газэт», якая была яшчэ не разгорнута. — Зараз даведаемся ўсю праўду, — сказаў ён і разгарнуў газету. У вочы яму кінуліся дзве калонкі: «Цэлая вёска ў Сэсексе звар'яцела!» — паведамляў загаловак. — Божа літасцівы! — усклікнуў Кемп, прагна чытаючы скептычную справаздачу пра ўчарашнія падзеі ў Айпінгу, якія апісаны намі вышэй. Заметцы папярэднічала паведамленне, перадрукаванае з ранішняй газеты.

Кемп перачытаў усё з самага пачатку. «Бег па вуліцы, сыплючы ўдарамі направа і налева. Джаферс у непрытомным стане. Містэр Хакстэрс атрымаў сур'ёзныя калецтвы і не можа нічога паведаміць з таго, што бачыў. Цяжкая знявага вікарыя. Жанчына захварэла ад страху. Вокны перабіты. Уся гэтая незвычайная гісторыя, напэўна, выдумка, але ўжо занадта цікавая, каб можна было яе не надрукаваць».

Кемп упусціў газету і тупа ўтаропіўся ў адну кропку.

— Напэўна, выдумка! — паўтарыў ён.

Потым схапіў газету і яшчэ раз прачытаў усё з пачатку і да канца.

— Але адкуль узяўся валацуга? Якога чорта ён гнаўся за валацугам?

Кемп бездапаможна апусціўся ў хірургічнае крэсла.

— Гэта не толькі Невідзімка, — сказаў ён, — але і звар'яцелы! У яго манія забойства!..

Калі ўзышла зара і бледныя промні яе змяшаліся са святлом газа і цыгарэтным дымам у сталовай, Кемп усё яшчэ крочыў з кута ў кут, стараючыся зразумець незразумелае.

Ён быў занадта ўсхваляваны, каб думаць пра сон. Заспаныя слугі, якія засталі яго раніцай у такім выглядзе, падумалі, што на яго дрэнна падзейнічалі празмерныя заняткі. Ён аддаў незвычайнае, але зусім яснае распараджэнне згатаваць сняданне на дваіх у кабінеце наверсе, а потым спусціцца ўніз і больш наверсе не паказвацца. Ён працягваў крочыць па сталовай з кута ў кут, пакуль не прынеслі ранішнюю газету. Пра Невідзімку гаварылася шматслоўна, але новым было толькі вельмі бесталковае паведамленне аб учарашніх падзеях у шынку «Вясёлыя крыкетысты»; тут Кемпу ўпершыню трапілася імя Марвела. «Ён сілай трымаў мяне пры сябе цэлыя дваццаць чатыры гадзіны», — заявіў Марвел. Справаздача аб айпінгскіх падзеях была дапоўнена некаторымі дробнымі фактамі, у прыватнасці ўпаміналася аб пашкоджанні тэлеграфнага провада. Але ва ўсіх гэтых паведамленнях не было нічога, што пралівала б святло на ўзаемаадносіны паміж Невідзімкам і валацугам, бо містэр Марвел прамаўчаў аб трох кнігах і аб грашах, якімі ён быў набіты. Скептычнага тону як і не было, і цэлая армія рэпарцёраў ужо ўзялася за стараннае абследаванне.

Кемп уважліва прачытаў паведамленне ад радка да радка і паслаў пакаёўку купіць усе ранішнія газеты, якія толькі яна зможа дастаць. Потым праглынуў і іх.

— Ён нябачны! — сказаў Кемп. — І калі меркаваць па газетах, то гаворка ідзе аб раз'юшанасці, якая пераходзіць у вар'яцтва. Чаго толькі ён не натворыць! Чаго толькі не натворыць! А ён там, наверсе, у мяне ў спальні, і вольны як вецер. Што ж мне рабіць? Ці можна назваць здрадай, калі… Не!

Ён падышоў да маленькага, заваленага паперамі століка ў кутку і пачаў пісаць запіску. Напісаўшы некалькі радкоў, ён разарваў яе і напісаў другую. Перачытаў яе і задумаўся. Потым узяў канверт і надпісаў адрас: «Палкоўніку Эдаю, Порт-Бэрдок».

Невідзімка прачнуўся якраз у тую хвіліну, калі Кемп запячатваў пісьмо. Ён прачнуўся ў дрэнным настроі, і Кемп, які чуйна прыслухоўваўся да самага нязначнага шорагу, пачуў злоснае шлёпанне ног у спальні наверсе. Потым пачуўся грукат стула, які ўпаў, і звон разбітага шкла. Кемп паспяшаўся наверх і нецярпліва пастукаў у дзверы спальні.


Раздзел XIX. Некаторыя асноўныя прынцыпы


— Што здарылася? — спытаўся Кемп, калі Невідзімка ўпусціў яго ў пакой.

— Ды нічога, — быў адказ.

— А шум чаму?

— Прыпадак раздражняльнасці, - сказаў Невідзімка. — Забыўся пра сваю руку, а яна баліць.

— Вы, як бачна, схільны да такіх успышак?

— Так.

Кемп прайшоў цераз пакой і падабраў асколкі разбітага шкла.

— Усе факты пра вас сталі вядомымі, - сказаў ён, выпростваючыся. — Усё, што здарылася ў Айпінгу і ўнізе, у шынку. Свет даведаўся пра свайго нябачнага грамадзяніна. Але ніхто не ведае, што вы тут.

Невідзімка вылаяўся.

— Тайна раскрыта, — працягваў Кемп. — Гэта ж была тайна, я мяркую? Не ведаю, што вы думаеце рабіць, але, зразумела, я гатовы дапамагчы вам.

Невідзімка сеў на ложак.

— Наверсе пададзена снеданне, — паведаміў Кемп, стараючыся гаварыць натуральным тонам, і з задавальненнем убачыў, што яго дзіўны госць ахвотна падняўся пры гэтых словах. Кемп павёў яго па вузкай лесвіцы наверх.

— Перш чым мы з вамі што-небудзь распачнём, — сказаў Кемп, — я хацеў бы даведацца больш падрабязна, як жа гэта вы сталі нябачны. — І, кінуўшы імгненны насцярожаны позірк у акно, Кемп усеўся з выглядам чалавека, якога чакае доўгая і грунтоўная размова. У яго зноў прамільгнула думка, што ўся гэтая гісторыя — бязглуздзіца, трызненне вар'ята, але думка гэта адразу ж знікла, калі ён зірнуў цераз стол на Грыфіна: безгаловы, бязрукі халат сядзеў за снеданнем і выціраў нябачныя губы сурвэткай, якая цудам трымалася ў паветры.

— Гэта вельмі проста і зусім праўдападобна, — сказаў Грыфін, адклаўшы ў бок сурвэтку.

— Для вас, вядома, але… — Кемп засмяяўся.

— Ну так, і мне гэта, вядома, спачатку здавалася чарадзействам, але цяпер… Божа літасцівы! Нас чакаюць вялікія справы! Упершыню гэта ідэя ўзнікла ў мяне ў Чэзілстоў.

— У Чэзілстоў?

— Я пераехаў туды з Лондана. Вы ведаеце, я ж кінуў медыцыну і заняўся фізікай. Не ведалі? Ну, дык вось: я заняўся фізікай. Мяне захапіла праблема святла.

— А-а!..

— Аптычная непранікальнасць! Усё гэтае пытанне — суцэльная сетка загадак, скрозь яе вельмі цьмяна прасвечвае няўлоўнае рашэнне. А мне тады было ўсяго дваццаць два гады, і я быў энтузіяст, вось я і сказаў сабе: «Гэтаму пытанню я прысвячаю ўсё сваё жыццё. Тут ёсць над чым папрацаваць». Вы ж ведаеце, якім бываеш дурнем у дваццаць два гады.

— Яшчэ невядома, ці не дурней мы цяпер, — сказаў Кемп.

— Як быццам веды могуць задаволіць чалавека! Але я ўзяўся за работу і працаваў як катаржны. Мінула паўгода ўзмоцненай працы і роздуму — і вось скрозь туманную заслону бліснула асляпляльнае святло! Я знайшоў агульны закон пігментаў і праламленняў святла — формулу, геаметрычны выраз, які ўключае чатыры вымярэнні. Дурні, звычайныя людзі, нават звычайныя матэматыкі і не здагадваюцца, якое значэнне мае для тых, хто вывучае малекулярную фізіку, які-небудзь агульны выраз. У кнігах — кнігах, якія ўкраў гэты валацуга, — ёсць цуды, магічныя лічбы! Але гэта не быў яшчэ метад, гэта была ідэя, якая магла навесці на метад. А пры дапамозе гэтага метада выявілася б магчымасць, не змяняючы ўласцівасці матэрыі, - за выключэннем колеру ў некаторых выпадках, — практычна звесці каэфіцыент праламлення некаторых рэчаў, цвёрдых ці вадкіх, да каэфіцыента праламлення паветра.

Кемп прысвіснуў.

— Гэта цікава. Але ўсё ж для мяне не зусім ясна… Я разумею, што такім шляхам вы маглі б сапсаваць каштоўны камень, але каб зрабіць чалавека нябачным — да гэтага яшчэ далёка.

— Безумоўна, — сказаў Грыфін. — Аднак падумайце: бачнасць залежыць ад таго, як бачнае цела рэагуе на святло. Давайце ўжо я пачну з азоў, тады вы лепш зразумееце далейшае. Вы цудоўна ведаеце, што цела альбо паглынае святло, альбо адбівае, альбо праламляе яго, а можа, і ўсё разам. Калі цела не адбівае, не праламляе і не паглынае святло, то яно не можа быць бачным само па сабе. Так, напрыклад, вы бачыце непразрыстую чырвоную скрынку таму, што колер паглынае некаторую долю святла і адбівае астатняе, а менавіта — усе чырвоныя промні. Калі б скрынка не паглынала некаторай часткі святла, а адбівала б яго ўсяго, то яна была бы бліскучай белай скрынкай. Успомніце срэбра! Алмазная скрынка не паглынала б шмат святла, і яе паверхнасць таксама адбівала б мала святла, але ў асобных месцах, у залежнасці ад размяшчэння плоскасцяў, святло адбівалася б і праламлялася, і мы б бачылі бліскучую павуціну адлюстраванняў і празрыстых плоскасцяў. Нешта накшталт светлавога шкілета. Шкляная скрынка не такая бліскучая і не настолькі выразна бачная, як алмазная, таму што ў яе менш адлюстраванняў і праламленняў. Зразумела? З вядомых кропак такая скрынка будзе празрыстай. Некаторыя гатункі шкла больш бачныя, чым астатнія. Хрустальная скрынка блішчэла б мацней, чым скрынка са звычайнага аконнага шкла. Скрынку з вельмі тонкага звычайнага шкла было б цяжка разгледзець пры дрэнным асвятленні, таму што яна не паглынае амаль ніякіх промняў і адбівае і праламляе зусім мала святла. Калі вы пакладзеце кавалак звычайнага шкла ў ваду ці, яшчэ лепш, у якую-небудзь вадкасць, больш шчыльную, чым вада, то вы шкла амаль зусім не ўбачыце, таму што святло, пераходзячы з вадою ў шкло, праламляецца і адбіваецца вельмі слаба і ўвогуле не трапляе амаль ні пад якое ўздзеянне. Шкло ў такім выпадку амаль гэтак жа нябачнае, як струмені вуглекіслаты ці вадарода ў паветры. І па гэтай жа прычыне.

— Так, — сказаў Кемп, — усё гэта нескладана. У такіх рэчах цяпер разбіраецца кожны школьнік.

— А вось яшчэ адзін факт, у якім разбярэцца любы школьнік. Калі разбіць кавалак шкла і дробна стаўчы яго, ён стане значна больш прыкметным у паветры і ператворыцца ў рэшце рэшт у белы непразрысты парашок. Гэта адбываецца таму, што ператварэнне шкла ў парашок павялічвае лік плоскасцяў праламлення і адлюстравання. У шкляной пласцінцы ёсць усяго дзве паверхні, у парашку ж кожная крупінка ўяўляе сабою плоскасць праламлення ці адлюстравання святла, і скрозь увесь парашок святла праходзіць вельмі мала. Але калі белы шкляны парашок апусціць у ваду, то ён амаль зусім знікае. Шкляны парашок і вада маюць амаль аднолькавы каэфіцыент праламлення, і святло, праходзячы з аднаго асяроддзя ў другое, праламляецца і адбіваецца вельмі мала. Вы робіце шкло нябачным, змяшчаючы яго ў вадкасць з прыблізна з такім жа каэфіцыентам праламлення; усялякая празрыстая рэч робіцца нябачнай, калі яе змясціць у асяроддзе, якое валодае аднолькавым з ёй каэфіцыентам праламлення. І калі вы крышачку падумаеце, то вы зразумееце, што шкляны парашок можна зрабіць нябачным і ў паветры, калі толькі пашчасціць давесці каэфіцыент праламлення святла ў ім да каэфіцыента праламлення святла ў паветры. Бо ў такім выпадку, пры пераходзе святла з парашка ў паветра, яно не будзе ні адбівацца, ні праламляцца.

— Усё гэта так, — сказаў Кемп. — Але ж чалавек — не шкляны парашок.

— Не, — сказаў Грыфін. — Ён больш празрысты.

— Глупства.

- І гэта гаворыць урач. Як лёгка ўсё забываецца! Няўжо за дзесяць гадоў вы паспелі пазабываць усё, што ведалі па фізіцы? А вы падумайце, колькі існуе празрыстых рэчываў, якія празрыстымі не здаюцца! Папера, напрыклад, складаецца з празрыстых валокнаў, і калі яна ўяўляецца белай і непразрыстай, то гэта адбываецца па той жа самай прычыне, па якой нам здаецца белым і непразрыстым тоўчанае шкло. Прамасліце белую паперу, запоўніце ўсе поры паміж часціцамі паперы маслам так, каб праламленне і адлюстраванне адбываліся толькі на паверхнях, і папера зробіцца такой жа празрыстай, як шкло. І не толькі папера, але і валокны бавоўны, ільну, шэрсці, драўніны, а таксама — заўважце гэта, Кемп! — і косці, і мышцы, і валасы, і ногці і нервы. Адным словам, увесь чалавечы арганізм складаецца з празрыстай тканкі, за выключэннем чырвоных крывяных шарыкаў і цёмнага пігменту валасоў; вось як мала патрэбна, каб мы маглі бачыць адзін аднаго. Па большай частцы тканкі жывой істоты не менш празрыстыя, чым вада.

— Правільна, правільна! — усклікнуў Кемп. — Толькі сёння ноччу я думаў аб марскіх лічынках і мядузах!

— Вось-вось, цяпер вы мяне зразумелі. І ўсё гэта я ведаў і прадумаў ужо праз год пасля ад'езду з Лондана, шэсць гадоў назад. Але я ні з кім не падзяліўся сваімі думкамі. Мне давялося працаваць у вельмі цяжкіх умовах. Габема, мой прафесар, быў мужлан у навуцы, чалавек, ахвочы да чужых ідэй — ён вечна за мной падглядваў! Вы ж ведаеце, якое махлярства пануе ў навуковым свеце. Я не хацеў публікаваць сваё адкрыццё і дзяліцца славай з гэтым Габемам. Я працягваў працаваць, я ўсё бліжэй падыходзіў да ператварэння сваёй тэарэтычнай формулы ў эксперымент, у рэальны дослед. Я нікому не паведамляў аб сваіх работах, я хацеў асляпіць сваім адкрыццём і адразу заваяваць вядомасць. Я заняўся пытаннем аб пігментах, каб запоўніць некаторыя прабелы, і раптам, па чыстай выпадковасці, зрабіў адкрыццё ў галіне фізіялогіі.

— Так?

— Вам вядома чырвонае рэчыва, якое афарбоўвае кроў. Дык вось: яно можа стаць белым, бясколерным, захоўваючы ў той жа час усе свае якасці.

У Кемпа вырваўся вокліч здзіўлення.

Невідзімка ўстаў і закрочыў па цесным кабінеце.

— Вы здзіўлены — я разумею. Помню тую ноч. Было вельмі позна — днём перашкаджалі працаваць непісьменныя студэнты, якія глядзелі на мяне, разінуўшы рот, і я іншы раз заседжваўся да раніцы. Адкрыццё гэтае асяніла мяне раптоўна, яно з'явілася ва ўсім сваім бляску і закончанасці. Я быў адзін, у лабараторыі панавала цішыня, уверсе ярка гарэлі лямпы… «Можна зрабіць жывёліну — яе тканку — празрыстай! Можна зрабіць яе нябачнай! Усё, акрамя пігментаў. Я магу стаць невідзімкам», — сказаў я, раптам усвядоміўшы, што значыць быць альбіносам, валодаючы такімі ведамі. Я быў ашаломлены. Я кінуў фільтраванне, якім быў заняты, і падышоў да вялікага акна. «Я магу стаць невідзімкам», — паўтараў я, гледзячы на зорнае неба.

Зрабіць гэта — значыць перасягнуць магію і чарадзейства. І я, свабодны ад усялякіх сумненняў, стаў маляваць сабе цудоўную карціну таго, што можа даць чалавеку нябачнасць. Таямнічасць, магутнасць, свабоду. Адваротнага боку медаля я не бачыў. Падумайце толькі! Я — варты жалю бедны асістэнт, які вучыць дурняў у правінцыяльным каледжы, — магу зрабіцца ўсемагутным. Скажыце самі, Кемп, вось калі б вы… Кожны, паверце, схапіўся б за такое адкрыццё. І я працаваў яшчэ тры гады, і за кожнай перашкодай, якую я з такім намаганнем пераадольваў, узнікала новая! Колькі дэталяў! І да таго ж ні хвіліны спакою! Гэты правінцыяльны прафесар вечна падглядвае за табой! Назаляе і назаляе: «Калі ж вы нарэшце апублікуеце сваю работу?» А студэнты! Беднасць! Тры гады такога жыцця. Тры гады я працаваў, хаваючыся, у бесперапыннай трывозе — і пасля ўсяго гэтага пераканаўся што закончыць мой дослед немагчыма… немагчыма…

— Чаму? — спытаўся Кемп.

— Грошы… — адказаў Невідзімка і стаў глядзець у акно. Раптам ён рэзка павярнуўся.

— Тады я абакраў свайго старога, абрабаваў роднага бацьку… Грошы былі чужыя, і ён застрэліўся.


Раздзел XX. У доме на Грэйт-Портленд-стрыт


З хвіліну Кемп сядзеў маўкліва, гледзячы на спіну безгаловай фігуры, якая стаяла каля акна. Потым уздрыгнуў, уражаны нейкай думкай, падняўся, узяў Невідзімку за руку і адвёў яго ад акна.

— Вы стаміліся, — сказаў ён. — Я сяджу, а вы ўвесь час ходзіце. Сядзьце ў маё крэсла.

Сам ён сеў паміж Грыфінам і бліжэйшым акном. Грыфін сеў у крэсла, памаўчаў крыху, потым зноў хутка загаварыў:

— Калі гэта здарылася, я ўжо развітаўся з каледжам у Чэзілстоў. Гэта было ў снежні мінулага года. Я наняў пакой у Лондане, вялікі пакой без мэблі ў вялізным занядбаным доме, у глухім квартале, каля Грэйт-Портленд-стрыт. Пакой хутка запоўніўся самымі рознымі апаратамі, купленымі на бацькоўскія грошы, і я працаваў упарта, паспяхова, я няспынна набліжаўся да мэты. Я быў падобны на чалавека, які выбраўся з густога зарасніку і нечакана быў уцягнуты ў нейкую бязглуздую незразумелую трагедыю. Я паехаў на пахаванне бацькі. Я ўвесь быў захоплены сваімі доследамі, і я палец аб палец не стукнуў, каб выратаваць яго рэпутацыю. Помню пахаванне, танную труну, убогую працэсію, што паднімалася па схіле ўзгорка, халодны, пранізлівы вецер… Стары ўніверсітэцкі таварыш бацькі здзейсніў над ім апошні абрад, — няшчасны, чорны, скручаны стары, які пакутаваў насмаркам.

Помню, я вяртаўся з могілак у апусцелы дом па мястэчку, якое некалі было вёскай, а цяпер, на скорую руку перабудаванае і залатанае, стала агідным падабенствам горада. Усе дарогі, па якой ні пойдзеш, вялі ў запусцелыя навакольныя палі і абрываліся ў кучах шчэбню і густых зарасніках пустазелля. Помню, як я крочыў па слізкім бліскучым тратуары — змрочная чорная фігура — і нейкае дзіўнае пачуццё адчужанасці адчуваў я ў гэтым гарадку, ханжаскім і гандлярскім.

Смерць бацькі ніколькі мяне не засмуціла. Ён здаваўся мне ахвярай сваёй асабістай неразумнай чуллівасці. Усеагульная крывадушнасць патрабавала маёй прысутнасці на пахаванні, на самой жа справе гэта мяне мала закранала.

Але, ідучы па Хай-стрыт, я прыпомніў на імгненне сваё мінулае. Я ўбачыў дзяўчыну, якую ведаў дзесяць гадоў назад. Нашы вочы сустрэліся…

Сам не ведаю чаму, я вярнуўся і загаварыў з ёй. Яна аказалася самым звычайным стварэннем.

Усё маё знаходжанне на старым папялішчы было падобна на сон. Я не адчуваў тады, што я адзінокі, што я перайшоў з жывога свету ў пустыню. Я ўсведамляў, што згубіў цікавасць да навакольнага. Але прыпісваў гэта агульнай пустаце жыцця. Вярнуцца ў свой пакой азначала для мяне зноў забыць сапраўдную рэчаіснасць. Тут было ўсё тое, што я ведаў і любіў: апараты, падрыхтаваныя доследы. Амаль усе перашкоды былі ўжо ліквідаваны, заставалася толькі абдумаць некаторыя дробязі.

Калі-небудзь, Кемп, я апішу вам усе гэтыя вельмі складаныя працэсы. Не станем зараз уваходзіць у падрабязнасці. У большасці, за выключэннем некаторых пунктаў, якія я лічу за лепшае захоўваць у памяці, усё гэта запісана шыфрам у тых кнігах, якія сцягнуў валацуга. Мы павінны злавіць яго. Мы павінны вярнуць гэтыя кнігі. Галоўная задача заключалася ў тым, каб змясціць празрысты прадмет, каэфіцыент праламлення якога патрэбна было знізіць, паміж двума святловыпраменьваючымі цэнтрамі эфірнай вібрацыі, - пра яе я раскажу вам потым. Не, не рэнтгенаўскія промні. Не ведаю, ці апісваў хто-небудзь тыя промні, пра якія я кажу, але яны існуюць, гэта несумненна. Я карыстаўся двзюмя невялікімі дынама-машынамі, якія пускаў у ход пры дапамозе таннага газавага рухавіка. Першы мой дослед я прарабіў над кавалкам белай шарсцяной тканіны. Да чаго ж дзіўна было бачыць, як гэтая белая мяккая тканіна паступова таяла, быццам струмень пары, і потым знікала зусім.

Мне не верылася, што я гэта зрабіў. Я сунуў руку ў пустату і намацаў тканіну. такую ж шчыльную, як і раней. Я незнарок тузануў, і яна ўпала на падлогу. Я не адразу знайшоў яе.

А потым здарылася вось што: я пачуў за спіной мяўканне, павярнуўся і ўбачыў на вадасцёкавай трубе за акном белую кошку — худую і страшэнна брудную. Мяне нібы асяніла. «Усё гатова для цябе», — сказаў я, падышоў да акна, адчыніў яго і ласкава паклікаў кошку. Яна зайшла ў пакой мурлыкаючы, — небарака, яна ледзьве не здыхала ад голаду, і я даў ёй малака. Уся мая правізія захоўвалася ў буфеце, у кутку пакоя. Выхлебтаўшы малако, кошка стала разгульваць па пакоі, абнюхваючы ўсе куткі — мусіць, яна вырашыла, што тут будзе яе новы дом. Нябачная ануча некалькі ўсхвалявала яе — вы паглядзелі б, як яна зафыркала! Я пасадзіў яе вельмі зручна на маім складным ложку і пачаставаў маслам, каб яна дала памыць сябе.

- І вы паспрабавалі правесці над ёй дослед?

— Так. Але напаіць кошку зеллем — гэта не жарт, Кемп! І дослед мой не ўдаўся.

— Не ўдаўся?

— Па двух пунктах. Па-першае, кіпцюры, а па-другое, пігмент… забыўся яго назву — на задняй сценцы вока ў кошак, помніце?

— Tapetum.

— Ага, tapetum. Гэты пігмент не знікаў. Пасля таго, я даў ёй сродак для выбельвання крыві і зрабіў над ёй розныя другія працэдуры, я даў ёй опіума і разам з падушкай, на якой яна спала, змясціў яе каля апарата. І потым, калі ўсё страціла колер і знікла, засталіся дзве невялікія плямы — яе вочы.

— Цікава!

— Не магу гэта растлумачыць. Кошка, зразумела, была забінтавана і звязана, і я не баяўся, што яна збяжыць. Але яна прачнулася, калі ператварэнне яшчэ не зусім закончылася, і стала жаласліва мяўкаць, і тут пачуўся стук у дзверы. Стукала старая, якая жыла ўнізе і падазравала мяне ў тым, што я займаюся вівісекцыяй, — п'яніца, у якой на свеце нічога і нікога не было, акрамя гэтай кошкі. Я паспяшаўся ўжыць хлараформ, кошка замоўкла, і я прачыніў дзверы. «Гэта ў вас кошка мяўкала? — спыталася яна. — Ужо ці яе мая?» — «Не, вы памыліліся, тут няма ніякай кошкі», — адказаў я даволі ветліва. Яна не вельмі паверыла і паспрабавала зазірнуць у пакой. Мусіць, дзіўным здаўся ёй мой пакой: голыя сцены, вокны без фіранак, складны ложак, газавы рухавік у дзеянні, свячэнне апарата і слабы дурманлівы пах хлараформа. Нарэшце, ёй давялося задаволіцца гэтым і адправіцца ні з чым.

— Колькі часу патрэбна на гэта? — спытаўся Кемп.

— На дослед з кошкай пайшло гадзіны тры-чатыры. Апошнія зніклі косці, сухажыллі і тлушч. А таксама кончыкі афарбаваных валаскоў шэрсці. І, як я ўжо казаў, радужнае рэчыва на задняй сценцы вока не знікла.

Наступіла ноч, перш чым я закончыў дослед: нічога ўжо не было бачна, акрамя туманных плямаў замест вачэй і кіпцюроў. Я спыніў рухавік, намацаў і пагладзіў кошку, якая яшчэ не апрытомнела, і, развязаўшы яе, пакінуў спаць на нябачнай падушцы, а сам, адчуваючы сябе страшэнна стомленым, лёг у пасцель. Але заснуць я не мог. У галаве праносіліся няясныя бязладныя думкі. Зноў і зноў перабіраў я ўсе падрабязнасці толькі што праведзенага доследа ці забываўся ліхаманкавым сном, і мне здавалася, што ўсё навакольнае становіцца няясным і знікае, і нарэшце, сама зямля знікае ў мяне з-пад ног, і я правальваюся, падаю некуды, як бывае толькі ў кашмары… Каля дзвюх гадзін ночы кошка прачнулася і стала бегаць па пакоі, жаласліва мяўкаючы. Я паспрабаваў заспакоіць яе ласкавымі словамі, а потым вырашыў выгнаць. Помню, як я быў уражаны, калі запаліў запалку: я ўбачыў два круглыя зялёныя вокі, якія свяціліся, а вакол іх — нічога. Я хацеў даць ёй малака, але яго не аказалася. Яна ніяк не супакойвалася, села каля дзвярэй і працягвала мяўкаць. Я пастараўся злавіць яе, каб выпусціць з акна, але яна не давалася ў рукі, яна знікала. То тут, то там, у розных кутках пакоя чулася яе мяўканне. Нарэшце я адчыніў акно і стаў бегаць па пакоі. Магчыма, яна напалохалася і выскачыла ў акно. Больш я яе не бачыў і не чуў.

Потым, бог ведае чаму, я стаў успамінаць пахаванне бацькі, халодны вецер, які дзьмуў на схіле ўзгорка… Так працягвалася да самай раніцы. Адчуваючы, што мне не заснуць, я падняўся і, замкнуўшы за сабой дзверы, накіраваўся бадзяцца па ціхіх ранішніх вуліцах.

— Няўжо вы думаеце, што і цяпер па свеце гуляе нябачная кошка? — спытаўся Кемп.

— Калі толькі яе не забілі, - адказаў Невідзімка. — А чаму б і не?

— Чаму б і не? — паўтарыў Кемп і папрасіў прабачэння: — Прабачце, што я перапыніў вас.

— Напэўна, яе забілі, - сказаў Невідзімка. — Чатыры дні яна была яшчэ жывая — гэта я ведаю: яна, відавочна, сядзела пад плотам на Грэйт-Тычфілд-стрыт, там сабраўся натоўп разявак, якія стараліся зразумець, адкуль чуецца мяўканне.

З хвіліну ён маўчаў, потым зноў хутка загаварыў:

— Я вельмі ясна помню гэтую раніцу: я, напэўна, прайшоў усю Грэйт-Портленд-стрыт, таму што помню казармы на Олбэні-стрыт і кавалерыстаў, якія выязджалі адтуль. У рэшце рэшт я апынуўся на вяршыні Прымроз-хіла. Я адчуваў сябе зусім хворым. Быў сонечны, студзеньскі дзень. У гэты год, перш чым выпаў снег, надвор'е стаяла яснае, марознае. Мой стомлены розум стараўся ахапіць абставіны, скласці план дзеянняў.

Я са здзіўленнем пераканаўся, што цяпер, калі я амаль ужо дасягнуў запаветнай мары, гэта зусім не радуе мяне. Я быў занадта стомлены; ад страшнага напружання амаль чатырохгадовай бесперапыннай працы ўсе мае пачуцці прытупіліся. Мною авалодалі абыякавасць, вяласць, і я дарэмна спрабаваў вярнуць гарэнне першых дзён работы, тое моцнае імкненне да адкрыццяў, якое дало мне сілу спакойна загубіць старога бацьку. Я страціў цікавасць да ўсяго. Але я разумеў, што гэта часовы стан, выкліканы стомленасцю і бяссонніцай, і што калі не лекі, дык адпачынак вернуць мне ранейшую энергію.

Ясна яўсведамляў толькі адно: справу неабходна давесці да канца. Неадчэпная ідэя ўсё яшчэ валодала мной. І зрабіць гэта трэба як мага хутчэй, я ж патраціў ужо амаль усе грошы. Я азірнуўся навокал, паглядзеў на дзяцей, якія гулялі і за якімі назіралі нянькі, і пачаў думаць аб тых фантастычных перавагах, якімі можа карыстацца ў гэтым свеце нябачны чалавек. Я вярнуўся дадому, крыху паеў, прыняў вялікую дозу стрыхніну і лёг спаць, не распранаючыся, на непрыбранай пасцелі… Стрыхнін, Кемп, выдатны ўзбуджальны сродак і не дае чалавеку падаць духам.

— Страшэнная штука, — сказаў Кемп.

— Я прачнуўся, адчуваючы вялікі прыліў сіл, але і нейкую раздражняльнасць. Вам знаёмы гэты стан?

— Знаёмы.

— Тут хтосьці пастукаўся ў дзверы. Гэта быў гаспадар дома, які прыйшоў з пагрозамі і роспытамі, стары польскі жыд, у доўгім шэрым сюрдуце і стаптаных туфлях. «Вы ноччу мучылі кошку», — запэўніваў ён; старая, напэўна, паспела ўжо разбалбатаць. Ён патрабаваў, каб я яму сказаў, у чым справа. Вівісекцыя строга забаронена законам, адказнасць можа трапіць і на яго. Я сцвярджаў, што ніякай кошкі ў мяне не было. Тады ён заявіў, што гудзенне газавага рухавіка чуецца ва ўсім доме. З гэтым я, вядома не пагаджаўся. Ён усё круціўся вакол мяне, стараючыся прашмыгнуць у пакой і заглядваючы туды скрозь свае акуляры ў мельхіёравай аправе, і раптам мяне ахапіў страх, каб ён не адкрыў маю тайну. Я стараўся стаць паміж ім і маім апаратам, але гэта толькі падагравала яго цікаўнасць. Чым я займаюся? Чаму я заўсёды адзін і хаваюся ад людзей? Ці не займаюся я чым-небудзь злачынным? Ці не небяспечна гэта? А я нічога не плачу зверх звычайнай кватэрнай платы. Яго дом заўсёды карыстаўся добрай рэпутацыяй, у той час калі суседнія дамы гэтым пахваліцца не могуць. Нарэшце я страціў цярпенне. Папрасіў яго выбірацца. Ён запратэставаў, штосьці мармытаў пра сваё права ўваходзіць да мяне, калі яму пажадаецца. Яшчэ секунда — і я схапіў яго за каўнер… Штосьці з трэскам парвалася, і ён кулём вылецеў у калідор. Я зачыніў за ім дзверы, замкнуў іх на ключ і, увесь дрыжучы, апусціўся на крэсла.

Гаспадар яшчэ нейкі час шумеў за дзвярамі, але я не звяртаў на яго ўвагі, і ён хутка пайшоў.

Гэтае здарэнне змусіла мяне да рашучых дзеянняў. Я не ведаў, ні што ён мяркуе рабіць, ні якое мае на гэта права. Пераезд на новую кватэру затрымаў бы маю работу, а грошай у мяне ў банку засталося ўсяго дваццаць фунтаў. Не, ніякага прамаруджання я не мог дапусціць. Знікнуць! Спакуса была неадольная. Але тады пачнецца следства, пакой мой разрабуюць…

Адна думка пра тое, што работу маю могуць раскрыць ці спыніць у той момант, калі яна амаль закончана, прывяла мяне ў лютасць і вярнула мне энергію. Я спешна выйшаў са сваімі трыма тамамі заметак і чэкавай кніжкай — цяпер усё гэта знаходзіцца ў таго валацугі — і накіраваў іх з бліжэйшага паштовага аддзялення ў кантору захоўвання пісем і пасылак на Грэйт-Портленд-стрыт. Я пастараўся выйсці з дому як мага цішэй. Вярнуўшыся, я ўбачыў, што гаспадар дома спакойна падымаецца па лесвіцы, — ён, відавочна, чуў, як я замыкаў дзверы. Вы рассмяяліся б, калі б убачылі, як ён адскочыў убок, калі я дагнаў яго на пляцоўцы. Ён кінуў на мяне спапяляльны позірк, але я прабег міма яго і ўляцеў да сябе ў пакой, стукнуўшы дзвярамі так, што ўвесь дом задрыжаў. Я чуў, як ён шоргаючы нагамі, даплёўся да маіх дзвярэй, трохі пастаяў каля іх, потым спусціўся ўніз. Я адразу ж стаў рыхтавацца да доследу.

Усё было зроблена на працягу гэтага вечара і ночы. У той час, калі я яшчэ знаходзіўся пад адурманьваючым дзеяннем лекаў, якія я прыняў для абясколервання крыві, хтосьці стаў стукацца ў дзверы. Потым стук спыніўся, крокі аддаліліся было, але зноў прыблізіліся, і стук у дзверы паўтарыўся. Хтосьці паспрабаваў штосьці прасунуць пад дзверы — нейкую сінюю паперку. Тут мне не хапіла цярплівасці, я ўскочыў, падышоў да дзвярэй і расчыніў іх насцеж. «Ну, што яшчэ?» — спытаўся я.

Гэта быў гаспадар, ён прынёс мне павестку аб высяленні ці нешта падобнае. Ён працягнуў мне паперу, але, бачна, яго чымсьці здзівілі мае рукі, і ён зірнуў мне ў твар.

З хвіліну ён стаяў разінуўшы рот, затым крыкнуў штосьці невыразнае, выпусціў і свечку і паперу і, спатыкаючыся, кінуўся ўцякаць па цёмным калідоры да лесвіцы. Я зачыніў дзверы, замкнуў іх на ключ і падышоў да люстэрка. Тады я зразумеў яго жах. Твар у мяне быў белы, — быццам з белага каменя.

Але я не чакаў, што мне давядзецца так многа пакутаваць. Гэта было жахліва. Уся ноч прайшла ў страшных мучэннях, млоснасці і непрытомнасці. Я сціснуў зубы, усё цела гарэла, як у агні, але я ляжаў нерухома, быццам мёртвы. Тады я зразумеў, чаму кошка так выла, пакуль я не захларафармаваў яе. На шчасце, я жыў адзін, без служанкі. Былі хвіліны, калі я плакаў, стагнаў, размаўляў сам з сабою. Але я не вытрымаў… Я страціў прытомнасць і апрытомнеў толькі сярод ночы, вельмі аслабелы. Боль я ўжо зусім не адчуваў. Я вырашыў, што забіваю сябе, але паставіўся да гэтага цалкам абыякава. Ніколі не забуду гэтага світанку, не забуду жудасці, якая ахапіла мяне пры выглядзе маіх рук, якія былі нібы зроблены з дымчатага шкла і паступова, з наступленнем дня, станавіліся ўсё больш празрыстыя і тонкія, так што я мог бачыць скрозь іх усе прадметы, якія былі бязладна параскіданы па пакоі, хоць і заплюшчваў свае празрыстыя павекі. Цела маё зрабілася нібы шкляное, косці і артэрыі паступова бляднелі, знікалі; апошнімі зніклі тонкія ніткі нерваў. Я рыпеў зубамі ад болю, але вытрымаў да канца… Нарэшце засталіся толькі амярцвелыя белыя кончыкі пазногцяў і бурая пляма нейкай кіслаты на пальцы.

З вялікай цяжкасцю я падняўся з пасцелі. Спачатку я адчуваў сябе бездапаможным, як дзіцянё, ступаючы нагамі, якіх я не бачыў. Я быў вельмі слабы і галодны. Падышоўшы да люстэрка, перад якім я звычайна галіўся, я ўбачыў пустату, у якой ледзь-ледзь можна было яшчэ разгледзець туманныя сляды пігмента ззаду сеткаватай абалонкі вачэй. Я схапіўся за край стала і прыціснуўся лбом да люстэрка.

Толькі аднойчы напружаннем волі я прымусіў сябе вярнуцца да апарата і закончыць працэс.

Я праспаў да раніцы, закрыўшы твар прасцінай, каб засцерагчы вочы ад святла, а каля паўдня мяне зноў разбудзіў стук у дзверы. Сілы вярнуліся да мяне. Я сеў, прыслухаўся і пачуў шэпт за дзвярамі. Я ўскочыў і ўзяўся без шуму разбіраць апарат, рассоўваючы асобныя часткі па розных кутках, каб немагчыма было здагадацца пра яго канструкцыю. Зноў прагучаў стук і пачуліся галасы — спачатку гаспадара, а потым яшчэ два, незнаёмыя. Каб выйграць час, я адклікнуўся. Мне трапіліся пад руку нябачная ануча і падушка, і я выкінуў іх цераз акно на суседні дах. Калі я адчыніў акно, дзверы аглушальна затрашчалі. Мусіць, хтосьці налёг на іх плячом, спадзеючыся высадзіць замок. Але моцныя засаўкі, якія я прывінціў некалькі дзён таму, не паддаваліся. Аднак гэта ўстрывожыла і абурыла мяне. Увесь дрыжучы, я стаў паспешна заканчваць сваю падрыхтоўку.

Я сабраў у кучу чарнавікі запісаў, што валяліся на падлозе, крыху саломы, абгортачную паперу і ўсялякі хлам і адкрыў газ. У дзверы пасыпаліся цяжкія і хуткія ўдары. Я ніяк не мог знайсці запалкі. У шаленстве я стаў біць па сцяне кулакамі. Я зноў закруціў газавы ражок, вылез з акна на суседскі дах, вельмі ціха апусціў раму і сеў — у поўнай бяспецы і нябачны, але дрыжучы ад гневу і нецярпення. Я бачыў, як адарвалі ад дзвярэй дошку, потым адбілі скобы засавак і ў пакой уварваліся гаспадар і яго два пасынкі — двое дужых хлопцаў дваццаці трох і дваццаці чатырох гадоў. Ззаду іх дробненька тупала старая ведзьма, якая жыла ўнізе.

Можна сабе ўявіць іх здзіўленне, калі яны знайшлі пакой пустым. Адзін з маладых хлопцаў кінуўся да акна, расчыніў яго і стаў азірацца навокал. Яго таўстагубая барадатая фізіяномія з вылупленымі вачамі была ад мяне на адлегласці фута. Мне так і карцела стукнуць кулаком па гэтай дурной мордзе, але мне ўдалося стрымацца. Ён глядзеў прама скрозь мяне, як і астатнія, якія падышлі да яго. Стары вярнуўся ў пакой і зазірнуў пад ложак, а потым яны ўсе кінуліся да буфета. Затым яны сталі горача абмяркоўваць здарэнне, блытаючы жыдоўскі жаргон з лонданскім вулічным. Яны пагадзіліся, што я зусім не адказваў на стук і што ім гэта толькі падалося. Мой гнеў уступіў месца незвычайнай радасці: я сядзеў за акном і спакойна сачыў за гэтымі чатырма людзьмі, - старая таксама ўвайшла ў пакой, па-кашэчаму падазрона азіраючыся, — якія спрабавалі разгадаць загадку маіх паводзін.

Стары, наколькі я мог зразумець яго двухмоўны жаргон, пагаджаўся са старой, што я займаюся вівісекцыяй. Сыны пярэчылі на ламанай англійскай мове, сцвярджаючы, што я электратэхнік, і ў довад спасылаліся на дынама-машыны і апараты для выпраменьвання. Яны ўсе пабойваліся майго вяртання, хаця, як я даведаўся потым, яны замкнулі знадворныя дзверы. Старая шукала ў буфеце і пад ложкам. Адзін з маіх суседзяў па кватэры, разносчык фруктаў, які жыў разам з мясніком у пакоі насупраць, з'явіўся на пляцоўцы лесвіцы. Яго таксама запрасілі ў мой пакой і нагаварылі яму немаведама што.

Мне прыйшло ў галаву, што калі мае апараты трапяць у рукі назіральнага і талковага спецыяліста, то яны занадта многае адкрыюць яму; таму, выбраўшы зручны момант, я ўлез у пакой і, абмінуўшы старую, раз'яднаў дынама-машыны і разбіў абодва апараты. Як жа яны ўсе перапалохаліся! Затым, пакуль яны стараліся растлумачыць сабе гэтую з'яву, я выслізнуў з пакоя і ціха спусціўся ўніз.

Я ўвайшоў у гасціную і стаў чакаць іх вяртання; неўзабаве яны прыйшлі, усё яшчэ абмяркоўваючы здарэнне і стараючыся знайсці яму тлумачэнне. Яны былі некалькі расчараваны, не знайшоўшы ніякіх «жахаў», і ў той жа час вельмі збянтэжаныя, не ведаючы, наколькі законна яны дзейнічалі ў адносінах да мяне. Як толькі яны спусціліся на ніжні паверх, я зноў прабраўся ў свой пакой, захапіў карабок запалак, запаліў паперу і смецце, прысунуў да агню крэслы і ложак і падвёў да полымя газ з дапамогай гутаперчавай трубкі.

— Вы падпалілі дом?! — усклікнуў Кемп.

— Так, падпаліў. Гэта была адзіная магчымасць замесці сляды, а дом, безумоўна, быў застрахаваны… Я асцярожна адсунуў засаўку знадворных дзвярэй і выйшаў на вуліцу. Я быў нябачны і яшчэ толькі пачынаў асэнсоўваць, якую надзвычайную перавагу гэта давала мне. Сотні самых смелых і фантастычных планаў узнікалі ў маіх мазгах, і ад усведамлення поўнай беспакаранасці кружылася галава.


Раздзел XXI. На Оксфард-стрыт


Спускаючыся ў першы раз па лесвіцы, я наткнуўся на нечаканую перашкоду: хадзіць, не бачачы сваіх ног, аказалася справай няпростай, разы два я нават спатыкнуўся. Акрамя гэтага, я адчуў нейкую нязвыклую нязграбнасць, калі ўзяўся за дзвярную засаўку. Аднак, калі я перастаў глядзець на зямлю, я хутка навучыўся нядрэнна хадзіць па роўным месцы.

Настрой у мяне, як я ўжо сказаў, быў захапляльны. Я адчуваў сябе так, як адчуваў бы сябе відушчы ў горадзе сляпых, які расхаджвае ў мяккіх туфлях і бясшумнай вопратцы. Я адчуваў дзікае жаданне жартаваць над людзьмі, палохаць іх, стукаць па плячы, збіваць з іх капелюшы і ўвогуле цешыцца незвычайнымі перавагамі свайго становішча.

Але ледзьве толькі я апынуўся на Портленд-стрыт (я жыў побач з вялікай крамай сукнаў), як пачуў звон і адчуў моцны штуршок у спіну. Азірнуўшыся, я ўбачыў чалавека, які нёс кошык сіфонаў з содавай вадой і са здзіўленнем глядзеў на сваю ношу.

Удар быў вельмі балючы, але чалавек гэты выглядаў так камічна, што я гучна рассмяўся. «У кошыку чорт сядзіць», — сказаў я і нечакана выхапіў кошык з ягоных рук. Ён спалохана выпусціў кошык, і я падняў яго ў паветра.

Але тут нейкі боўдзіла рамізнік, які стаяў каля дзвярэй піўной, падскочыў і хацеў схапіць кошык, і яго працягнутая рука трапіла мне пад вуха, што выклікала нясцерпны боль. Я выпусціў з рук кошык, які з трэскам і звонам упаў на рамізніка, і толькі сярод крыкаў і тупату ног, сярод людзей, якія выбеглі з крамаў і экіпажаў, што спыніліся, я ўцяміў, што нарабіў. Праклінаючы сваё вар'яцтва, я прыхінуўся да акна крамы і стаў чакаць моманту, каб непрыкметна выбрацца з штурханіны. Яшчэ хвіліна — і мяне зацягнула б у натоўп, і мая прысутнасць немінуча была б выяўлена. Я штурхануў хлопчыка з мясной крамы, які, на шчасце, не заўважыў, што яго штурханула пустата, і схаваўся за брычкай рамізніка. Як яны разблыталі гэтую гісторыю, не ведаю. Я перабег вуліцу, на якой, на шчасце, не аказалася экіпажаў, і, напалоханы скандалам, які разыграўся, шпарка ішоў, не заўважаючы дарогі, пакуль не трапіў на Оксфард-стрыт, дзе ў вячэрні час заўсёды шмат народу.

Я спрабаваў зліцца з людской плынню, але натоўп быў занадта густы, і праз хвіліну мне сталі наступаць на пяткі. Тады я пайшоў па вадасцёку, збіваючы босыя ногі, і праз хвіліну аглобля карэты, якая ехала міма, трапіла мне пад лапатку, па тым жа месцы, якое ўжо выцяў насільшчык сваім кошыкам. Я неяк ухіліўся ад карэты, сутаргавым рухам пазбегнуў сутыкнення з дзіцячай каляскай і апынуўся ззаду другой карэты. Шчаслівая думка выратавала мяне: я пайшоў за карэтай, якая павольна рухалася, не адстаючы ад яе ні на крок. Мая прыгода, што прыняла такі нечаканы кірунак, пачынала палохаць мяне, і я не толькі дрыжаў ад страху, але і калаціўся ад холаду. У гэты ясны студзеньскі дзень я быў зусім голы, а тонкі слой гразі на маставой амаль замерз. Як гэта ні недарэчна, але я не сцяміў, што — празрысты ці не — я ўсё ж быў не абаронены ад уздзеяння надвор'я і прастуды.

Тут мне прыйшла ў галаву цудоўная ідэя. Я забег наперад і сеў у карэту. Дрыжучы ад холаду, напалоханы, з насмаркам, які пачынаўся, з драпінамі і сінякамі на спіне, якія я адчуваў усё больш, я павольна ехаў па Оксфард-стрыт і далей, па Тотэнхэм-Корт-роўд. Настрой мой зусім не быў падобны на той, з якім дзесяць хвілін назад я выйшаў з дому. Вось яна, мая нябачнасць! Мяне трывожыла толькі адна думка: як выбрацца з дрэннага становішча, у якое я трапіў.

Мы цягнуліся міма кніжнай крамы М'юдзі; тут нейкая высокая жанчына, нагружаная пачкамі кніг у жоўтых вокладках, паклікала майго рамізніка, і я ледзьве паспеў выскачыць, амаль не трапіўшы пры гэтым пад вагон конкі. Я накіраваўся да Блумсберы-сквер, маючы намер звярнуць за музеем на поўнач, каб дабрацца да малалюдных кварталаў. Я скалеў ад холаду, і недарэчнасць майго становішча так прыгнятала мяне, што я бег і ўсхліпваў. На вуглу Блумсберы-сквер з канторы Фармацэўтычнага таварыства выскачыў белы сабачка і адразу ж пагнаўся за мной, абнюхваючы зямлю.

Раней я ніколі не задумваўся, што для сабакі нос тое ж, што для чалавека вочы. Сабакі чуюць носам рух чалавека таксама, як людзі бачаць яго вачамі. Агіднае стварэнне стала брахаць і скакаць вакол мяне, занадта дакладна паказваючы, што яно ведае пра маю прысутнасць. Я перасек Грэйт-Рэсел-стрыт, увесь час азіраючыся цераз плячо, і толькі паглыбіўшыся ў Мантэгю-стрыт, заўважыў, што рухаецца мне насустрач.

Да мяне даляцелі гучныя гукі музыкі, і я ўбачыў вялікі натоўп, які ішоў з боку Рэсел-сквер, — чырвоныя курткі, а наперадзе сцяг Арміі выратавання. Я не мог разлічваць прабрацца непрыкметна скрозь такі натоўп, які запоўніў усю вуліцу, а павярнуць назад, зноў адысці яшчэ далей ад дому я баяўся. Таму я тут жа прыняў рашэнне: хутка ўзбег на ганак белага дома насупраць агарожы музея і стаў чакаць, пакуль пройдзе натоўп. На шчасце, сабачка, пачуўшы музыку, перастаў брахаць, пастаяў крыху ў нерашучасці і затым, падціснуўшы хвост, пабег назад, да Блумсберы-сквер.

Натоўп набліжаўся, ва ўсё горла распяваючы гімн, які падаўся мне іранічным намёкам: «Калі мы ўбачым яго лік?» Час, пакуль натоўп праходзіў міма, цягнуўся для мяне бясконца. «Бум, бум, бум», — грымеў барабан, і я не адразу заўважыў, што два хлапчукі спыніліся каля мяне: «Глядзі», — сказаў адзін. «А што?» — спытаўся другі. «Сляды. Ды басанож. Як быццам па гразі шлёпаў».

Я паглядзеў уніз і ўбачыў, што хлапчукі, вылупіўшы вочы, разглядваюць брудныя сляды, якія я пакінуў на свежавыбеленых прыступках. Прахожыя груба штурхалі іх, але яны, зацікаўленыя сваім адкрыццём, працягвалі стаяць каля мяне. «Бум, бум, бум, калі, бум, убачым мы, бум, яго лік, бум, бум…» — «Праўду табе кажу, хтосьці ўзышоў басанож на гэты ганак, — сказаў адзін. — А ўніз не спускаўся, і з нагі кроў ішла».

Шэсце ўжо хавалася з вачэй. «Глядзі, Тэд, глядзі!» — крыкнуў малодшы з пільных сышчыкаў у вялікім здзіўленні, паказваючы на мае ногі. Я зірнуў уніз і адразу заўважыў цьмяныя абрысы сваіх ног, абмаляваныя гразёй. На хвіліну я аслупянеў.

«Ах, чорт! — усклікнуў старэйшы. — Вось дык штука! Як прывід, далібог!» — Пасля некаторай развагі ён падышоў да мяне бліжэй і працягнуў руку. Нейкі чалавек крута спыніўся, каб паглядзець, што гэта ён ловіць, потым падышла дзяўчына. Яшчэ секунда, і хлапчук датыкнуўся б да мяне. Тут я скеміў, што мне рабіць. Ступіўшы наперад, — хлапчук з крыкам адскочыў убок, — я хутка пералез цераз агароджу на ганак суседняга дома. Але малодшы хлапчук прыкмеціў мой рух, і, перш чым я паспеў спусціцца на тратуар, ён ачомаўся ад часовай збянтэжанасці і стаў крычаць, што ногі пераскочылі цераз агароджу.

Усе кінуліся туды і ўбачылі, як на ніжняй прыступцы і на тратуары з хуткасцю маланкі з'яўляюцца новыя сляды ног. «У чым справа?» — спытаўся хтосьці. «Ногі! Глядзіце. Бягуць ногі!»

Увесь народ на вуліцы, акрамя маіх трох праследавацеляў, спяшаўся за Арміяй выратавання, і гэтая плынь затрымлівала не толькі мяне, але і пагоню. З усіх бакоў сыпаліся пытанні і чуліся воклічы здзіўлення. Я збіў з ног нейкага юнака і кінуўся бегчы вакол Рэсел-сквер, а чалавек шэсць ці сем здзіўленых прахожых імчалі па майму следу. Тлумачыць, на шчасце, ім не было калі, а інакш, напэўна, увесь натоўп кінуўся б за мной.

Я мяняў кірунак уцёкаў, тройчы пераходзіў цераз вуліцу і вяртаўся назад той жа дарогай; ногі мае сагрэліся і высахлі і ўжо не пакідалі мокрых слядоў. Нарэшце, падлавіўшы свабодную хвіліну, я начыста выцер ногі рукамі і такім чынам канчаткова схаваўся. Апошняе, што я бачыў з пагоні, былі чалавек дзесяць, якія збіліся кучкай і ў бязмежным неўразуменні разглядвалі паволі высыхаючы адбітак нагі, якая трапіла ў лужыну на Тавісток-сквер — адзіны адбітак, такі ж незразумелы, як той, на які натрапіў Рабінзон Круза.

Мае ўцёкі крыху сагрэлі мяне, і я стаў прабірацца цераз сетку малалюдных вулачак і завулкаў ужо ў больш бадзёрым настроі. Спіну ламала, пад вухам ныла ад пальцаў рамізніка, скура была разадрана яго пазногцямі, ногі моцна балелі, і з-за парэзанай ступні я накульгваў. Да мяне наблізіўся нейкі сляпы, але я своечасова прыкмеціў яго і кінуўся ўбок, асцерагаючыся яго тонкага слыху. Раз ці два я выпадкова сутыкаўся з прахожымі, і яны спыняліся ў неўразуменні, аглушаныя лаянкай, якая немаведама адкуль пачулася. Потым я адчуў на твары штосьці мяккае, і плошча стала пакрывацца тонкім слоем снегу, які паволі падаў зверху. Я, напэўна, прастудзіўся і не мог утрымацца, каб час ад часу не чхнуць. А кожны сабака, які трапляўся мне на шляху і, выцягнуўшы морду, пачынаў з цікаўнасцю абнюхваць мае ногі, выклікаў у мяне жах.

Потым міма мяне з крыкам прабег чалавек, за ім другі, трэці, а цераз хвіліну цэлы натоўп дарослых і хлапчукоў стаў абганяць мяне. Дзесьці быў пажар. Натоўп бег у напрамку да майго дома. Зазірнуўшы ў завулак, я ўбачыў густое воблака чорнага дыму, якое падымалася над дахамі і тэлефоннымі правадамі. Я не сумняваўся, што гэта гарыць мая кватэра. Уся мая вопратка, апараты, уся мая маёмасць засталіся там, за выключэннем чэкавай кніжкі і трох тамоў запісаў, якія чакалі мяне на Грэйт-Портленд-стрыт. Я спаліў свае караблі — сапраўды так! Увесь дом гарэў.

Невідзімка замоўк і задумаўся. Кемп з трывогай паглядзеў у акно.

— Ну! — сказаў ён. — Працягвайце!


Раздзел XXII. Ва ўніверсальным магазіне


— Дык вось, у студзені, у снег і мяцеліцу, — а варта снегу пакрыць мяне, і я быў бы выяўлены! — змораны, прастужаны, з ламатой ва ўсім целе, невыказна няшчасны і ўсё яшчэ амаль напалову перакананы ў сваёй нябачнасці, пачаў я новае жыццё, на якое сам сябе асудзіў. У мяне не было ні прыстанішча, ні сродкаў да існавання, не было ніводнага чалавека ва ўсім свеце, якому я мог бы даверыцца. Раскрыць сваю таямніцу азначала б адмовіцца ад сваіх шырокіх планаў на будучае — мяне проста сталі б паказваць як дзіва. Тым не менш я было амаль адважыўся падысці да якога-небудзь прахожага і прызнацца ва ўсім. Але я занадта добра разумеў, які жах і якую нечалавечую жорсткасць абудзіла б такая спроба. Пакуль што мне было не да новых планаў. Я хацеў толькі схавацца ад снегу, захутацца і сагрэцца, — тады можна было б падумаць і пра будучае. Але нават для мяне, чалавека-невідзімкі, рады лонданскіх дамоў стаялі замкнёныя і непрыступныя.

Толькі адно бачыў я тады выразна перад сабою: холад, беспрытульнасць і пакуты блізкай ночы сярод снежнай завірухі.

І раптам мяне натхніла бліскучая думка. Я звярнуў на вуліцу, якая вяла ад Гаўэр-стрыт да Тотэнхэм-Кортроўд, і апынуўся перад вялізным магазінам «Omnium»- вы ведаеце яго, там гандлююць абсалютна ўсім — мясам, бакалеяй, бялізнай, мэбляй, вопраткай, нават карцінамі. Гэта хутчэй гіганцкі лабірынт разнастайных крамаў, чым адзін магазін. Я спадзяваўся заспець дзверы магазіна адчыненымі, але яны былі закрыты. Пакуль я стаяў перад шырокім уваходам, пад'ехала карэта, і швейцар у ліўрэі, з надпісам «Omnium» на фуражцы расчыніў дзверы. Мне ўдалося прабрацца ўсярэдзіну, і, прайшоўшы першы пакой — гэта быў аддзел стужак, пальчатак, панчох і да таго падобнага, — я трапіў у больш прасторнае памяшканне, дзе прадаваліся кошыкі і плеценая мэбля.

Аднак я не адчуваў сябе ў поўнай бяспецы, таму што тут увесь час таўкліся пакупнікі. Я стаў бадзяцца па магазіне, пакуль не трапіў у вялізнае аддзяленне на верхнім паверсе, які быў увесь застаўлены ложкамі. Тут я нарэшце знайшоў сабе прытулак сярод велізарнай кучы складзеных матрацаў. У магазіне запалілі ўжо святло, было вельмі цёпла; я вырашыў застацца ў сваім сховішчы і, уважліва сочачы за групамі прыказчыкаў і пакупнікоў, якія сноўдаліся па мэблевым аддзяленні, стаў чакаць час, калі магазін зачыняць. «Тады ўсе пойдуць, — думаў я, — і я здабуду сабе ежу і вопратку, абыду ўвесь магазін, абследую яго запасы і, напэўна, нават пасплю на адным з ложкаў». Гэты план здаваўся мне рэальным. Я хацеў узяць вопратку, каб ператварыцца ў захутаную фігуру, якая ўсё ж не выклікае падазрэнняў, расстарацца грошай, затым атрымаць свае кнігі і прэпараты з паштовай канторы, наняць дзе-небудзь пакой і распрацаваць план поўнага выкарыстання той перавагі над маімі блізкімі, што — як я ўсё яшчэ ўяўляў — давала мне мая нябачнасць.

Час закрыцця магазіна наступіў даволі хутка. Прайшло не больш гадзіны, як я забраўся на кучу матрацаў, і вось я заўважыў, што шторы на вокнах апушчаны, а апошніх пакупнікоў выправаджваюць. Потым некалькі жвавых маладых людзей узяліся з незвычайнай хуткасцю збіраць тавары, якія ляжалі на прылаўках. Калі натоўп парадзеў, я пакінуў сваё логава і асцярожна прабраўся бліжэй да цэнтральных аддзяленняў магазіна. Мяне ўразіла хуткасць, з якой цэлая армія юнакоў і дзяўчат прымалі тавары, што былі выстаўлены на працягу дня для продажу. Усе картонкі, развешаныя тканіны, гірлянды карункаў, скрынкі з ласункамі ў бакалейным аддзяленні, самыя розныя прадметы, выстаўленыя на прылаўках, — усё гэта ўбіралася, згортвалася і складвалася ў спецыяльныя сховішчы, а ўсё, чаго нельга было прыняць і схаваць, прыкрывалася чахламі з якога-небудзь грубага матэрыялу накшталт парусіны. Нарэшце ўсё было састаўлена на прылаўкі, на падлозе не засталося нічога. Закончыўшы сваю справу, кожны з маладых людзей спяшаўся пайсці з выразам такога натхнення на твары, якога я ніколі яшчэ не бачыў у прыказчыкаў. Потым з'явілася плойма падлеткаў з апілкамі, вёдрамі і шчоткамі. Мне даводзілася раз-пораз ухіляцца ад іх, але ўсё ж апілкі траплялі мне на ногі. Разгульваючы па цёмных апусцелых памяшканнях, я яшчэ даволі доўга чуў шастанне шчотак. Нарэшце, праз гадзіну з лішнім пасля закрыцця магазіна, я пачуў, што замыкаюць дзверы. Усталявалася цішыня, і я застаўся адзін у вялізным лабірынце аддзяленняў і калідораў. Было вельмі ціха — помню, як, праходзячы міма аднаго з выхадаў на Тотэнхэм-Корт-роўд, я прыслухоўваўся да стуку абцасаў прахожых.

Спачатку я накіраваўся ў памяшканне, у якім я бачыў панчохі і пальчаткі. Было цёмна, і я ледзьве адшукаў запалкі ў скрынцы невялікай канторкі. Але яшчэ трэба было здабыць свечку. Давялося сцягваць чахлы і шнарыць па скрынках і каробках, але ў рэшце рэшт я ўсё ж знайшоў тое, што шукаў. Свечкі ляжалі ў скрынцы, на якой быў надпіс: «Шарсцяныя панталоны і фуфайкі». Потым я ўзяў шкарпэткі і тоўсты шалік, пасля чаго накіраваўся ў аддзяленне гатовай вопраткі, дзе ўзяў штаны, мяккую куртку, паліто і капялюш з загнутымі ўніз палямі, накшталт тых, што носяць святары. Я зноў адчуў сябе чалавекам і найперш усяго падумаў пра ежу.

На верхнім паверсе аказалася закусачная, і там я знайшоў халоднае мяса. У кафейніку засталося крыху кавы, я запаліў газ і падагрэў яе. Увогуле, я ўладкаваўся зусім няблага. Затым я накіраваўся на пошукі коўдры — мне давялося задаволіцца пуховымі пярынамі, - і натрапіў на бакалейнае аддзяленне, дзе знайшоў цэлую кучу шакалада і зацукраваных фруктаў, якімі я ледзьве не аб'еўся, і некалькі бутэлек бургундскага. А побач знаходзіўся аддзел цацак, які навёў мяне на бліскучую думку: я знайшоў некалькі штучных насоў, - ведаеце, з пап'е-машэ, — і тут жа падумаў аб цёмных акулярах. На жаль, у «Omnium» не знайшлося аптычнага аддзела. Але ж нос быў для мяне сапраўды важнай справай. Спачатку я падумаў нават аб грыме. Адшукаўшы сабе картонны нос, я пачаў марыць аб парыках, масках і так далей. Нарэшце я заснуў на пярынах, дзе было вельмі цёпла і зручна.

Яшчэ ні разу з моманту незвычайнай перамены я не адчуваў сябе так добра, як у той вечар, засынаючы. Я знаходзіўся ў стане поўнай ціхамірнасці і быў у вельмі аптымістычным настроі. Я спадзяваўся, што раніцай непрыкметна выберуся з магазіна, апрануўшыся і захутаўшы твар белым шалікам; затым куплю акуляры на ўкрадзеныя мною грошы, і такім чынам пераапрананне маё будзе закончана. Ноччу мне сніліся ўперамежку ўсе фантастычныя прыгоды, якія здарыліся са мной за апошнія некалькі дзён. Я бачыў раззлаванага жыда-домагаспадара, яго неўразумелых пасынкаў, зморшчаны твар старой, якая пыталася пра сваю кошку. Я зноў зведаў дзіўнае адчуванне пры з'яўленні белай тканіны, якая знікла. Затым мне ўявіўся родны гарадок і прастужаны дзядок вікарый, які шамкае над магілай майго бацькі: «З зямлі ўзяты, у зямлю адыдзеш…»

«І ты», — сказаў чыйсьці голас, і раптам мяне пацягнулі да магілы. Я вырываўся, крычаў, упрошваў магільшчыкаў, але яны стаялі нерухома і слухалі адпяванне; дзядок вікарый таксама, не спыняючыся, манатонна чытаў малітвы і перапыняў сваё чытанне чханнем. Я ўсведамляў, што мяне не бачаць і не чуюць і што я ва ўладзе сіл, якія адолелі мяне. Барацьба мая была дарэмнай: мяне кінулі ў магілу, і я, падаючы, ударыўся аб труну, а зверху мяне сталі засыпаць зямлёй. Ніхто не заўважаў мяне, ніхто не падазраваў аб маім існаванні. Я сутаргава завалтузіўся і прачнуўся.

Бледная лонданская зара ўжо разгаралася; праз шчыліны паміж аконнымі шторамі пранікала халоднае шэрае святло. Я сеў і доўга не мог уцяміць, што гэта за велізарнае памяшканне з жалезнымі слупамі, з прылаўкамі, грудамі згорнутых матэрый, кучай коўдраў і падушак. Затым успомніў усё і тут жа пачуліся нечыя галасы.

Здалёку, з пакоя, дзе было святлей, таму што шторы былі там падняты, да мяне прыбліжаліся двое. Я ўскочыў, думаючы, куды схавацца, і гэты рух выдаў ім маю прысутнасць. Я думаю, што яны паспелі заўважыць толькі фігуру, якая шпарка аддалялася. «Хто гэта?» — крыкнуў адзін. «Стой!» — закрычаў другі. Я завярнуў за вугал і сутыкнуўся з худым хлапчуком гадоў пятнаццаці. Не забудзьце, я быў фігурай без твару! Ён завішчаў, а я збіў яго з ног, кінуўся далей, завярнуў за другі вугал, і тут у мяне мільганула шчаслівая думка: я распластаўся за прылаўкам. Яшчэ хвіліна, і я пачуў крокі людзей, якія беглі, адусюль несліся крыкі: «Дзверы зачыніце, дзверы!» — «Што здарылася?» — і з усіх бакоў пасыпаліся парады, як злавіць мяне.

Я ляжаў на падлозе, перапалоханы насмерць. Як ні дзіўна, у тую хвіліну мне не прыйшло ў галаву, што трэба распрануцца, а між тым гэта было б самае простае. Як бачна, ува мне занадта глыбока засела ранейшае рашэнне пайсці адсюль апранутым. А потым па доўгім праходзе паміж прылаўкамі разнёсся крык: «Вось ён!»

Я ўскочыў, схапіў стул з прылаўка і, запусціўшы ім у боўдзілу, які выкрыкнуў гэта, пабег, наткнуўся за вуглом на другога, адкінуў яго і кінуўся ўверх па лесвіцы. Ён утрымаўся на нагах і з улюлюканнем пагнаўся за мной. Наверсе лесвіцы былі нагрувашчаны кучы гэтых квяцістых размаляваных пасудзін, — ведаеце?

— Вазоны для кветак, — падказаў Кемп.

— Вось, вось. На верхняй прыступцы я спыніўся, павярнуўся, выхапіў з кучы адзін вазон і кінуў у галаву боўдзілы, які падбег. Уся куча вазонаў рухнула, пачуліся крыкі, і з усіх бакоў сталі збягацца служачыя. Я з усіх ног кінуўся ў закусачную, але там быў нейкі чалавек у белым, накшталт повара, і ён таксама пагнаўся за мной. Я зрабіў апошні адчайны паварот і апынуўся ў аддзяленні лямпаў і скабяных тавараў. Я забег за прылавак і стаў чакаць повара. Як толькі ён з'явіўся — першы з усіх маіх праследавацеляў, - я запусціў у яго лямпай. Ён упаў, а я, скорчыўшыся за прылаўкам, пачаў паспешна скідваць з сябе вопратку. Куртка, штаны, башмакі — усё гэта ўдалося скінуць даволі хутка; але гэтыя праклятыя фуфайкі прыстаюць да цела, як асабістая скура. Повар ляжаў нерухома на другім баку прылаўка, аглушаны ўдарам ці перапалоханы да страты прытомнасці, але я чуў тупат ног, пагоня прыбліжалася, — і я павінен быў зноў ратавацца ўцёкамі, быццам трус, якога выгналі з кучы хворасту.

«Сюды, палісмен!» — крыкнуў хтосьці. Я зноў апынуўся ў аддзяленні ложкаў, у канцы якога стаяў цэлы лес адзежных шафаў. Я забраўся ў самую гушчу, лёг на падлогу і, звіваючыся як вугар, вызваліўся нарэшце ад фуфайкі. Калі з-за вугла з'явіўся палісмен і трое служачых, я стаяў ужо голы, задыхаючыся і дрыжучы ад страху. Яны накінуліся на камізэльку і кальсоны і ўчапіліся за штаны. «Ён кідае сваю здабычу, — сказаў адзін з прыказчыкаў. — Ён, напэўна, дзе-небудзь тут».

Але ўсё ж яны мяне не знайшлі.

Я стаяў, назіраючы, як яны шукаюць мяне, і праклінаў лёс за сваю няўдачу, таму што я застаўся без адзення. Потым я накіраваўся ў закусачную, выпіў крыху малака і прысеўшы ля каміна, стаў абдумваць сваё становішча.

Неўзабаве прыйшлі два прыказчыкі і сталі вельмі горача абмяркоўваць здарэнне. Якую лухту яны гаварылі! Я пачуў занадта перабольшаны расказ аб праведзеных мною спусташэннях і самыя розныя здагадкі аб маім месцазнаходжанні. Потым я зноў стаў абдумваць план дзеянняў. Сцягнуць што-небудзь у магазіне, асабліва пасля ўсёй гэтай мітусні, было зусім немагчыма. Я спусціўся ў склад — паглядзець, ці не пашанцуе запакаваць і адправіць пакет, але я не зразумеў іх сістэмы кантролю. Каля адзінаццаці гадзін я вырашыў, што ў магазіне заставацца няма сэнсу, і ўжо снег растаяў і было цяплей, чым напярэдадні, і я выйшаў на вуліцу. Я быў у роспачы ад сваёй няўдачы, а адносна будучага планы мае былі самыя смутныя.


Раздзел XXІІІ. На Друры-Лейн


— Цяпер вы пачынаеце разумець, — працягваў Невідзімка, — усю нязручнасць майго становішча. У мяне не было ні прыстанішча, ні вопраткі, а апрануцца — значыць адмовіцца ад усіх маіх пераваг, ператварыцца ў нешта дзіўнае і страшнае. Я нічога не еў, таму што прымаць ежу, гэта значыць, напаўняць сябе непразрыстым рэчывам і стаць агідна бачным.

— Аб гэтым я і не падумаў, - сказаў Кемп.

— Так, і я таксама. А снег адкрыў мне вочы на іншую небяспеку. Я не змог выходзіць на вуліцу, калі ішоў снег: ён аблепліваў і такім чынам выдаваў. Дождж таксама выдаваў бы маю прысутнасць, абводзячы мяне вадзяным контурам і ператвараючы мяне ў пабліскваючую паверхнасць чалавека — у пузыр. А туман? Пры тумане я ператвараўся б у мутны пузыр, у вільготны абрыс чалавека. Акрамя таго, бадзяючыся па вуліцах у лонданскай атмасферы, я пэцкаў ногі, а на скуры асядалі сажа і пыл. Я не ведаў, колькі спатрэбіцца часу, каб гразь выдала мяне; але я ясна разумеў, што гэта не за гарамі, паколькі размова ішла аб Лондане. Я накіраваўся да трушчобаў каля Грэйт-Портленд-стрыт і апынуўся ў канцы вуліцы, дзе жыў раней. Я не пайшоў гэтай дарогай, таму што насупраць яшчэ дымных руін дома, які я падпаліў, стаяў густы натоўп. Мне трэба было знайсці вопратку. Тут мне кінулася ў вочы адна з тых карчомак, дзе прадаецца ўсё: газеты, ласункі, цацкі, канцылярскія прылады, ёлачныя ўпрыгожанні і так далей; у вітрыне я заўважыў цэлую выстаўку масак і насоў — і гэта зноў падказала мне тую ж думку, што і цацкі ў «Omnium». Я павярнуў назад, ужо з акрэсленай мэтай, і пазбягаючы шматлюдных вуліц, накіраваўся да глухіх кварталаў на поўнач ад Стрэнда: я ўспомніў, што дзесьці ў гэтых месцах гандлююць вырабамі два ці тры тэатральныя касцюмеры.

Дзень быў халодны, уздоўж вуліц дзьмуў пранізлівы паўночны вецер. Я ішоў хутка, каб на мяне не натыкаліся ззаду. Кожнае скрыжаванне ўяўляла для мяне небяспеку, за кожным прахожым я павінен быў пільна сачыць. У канцы Бедфорд-стрыт нейкі чалавек, міма якога я праходзіў, нечакана павярнуўся і, наляцеўшы прама на мяне, збіў мяне на маставую, дзе я ледзьве не трапіў пад колы пралёткі. Рамізнікі, якія тут знаходзіліся, вырашылі, што з ім адбылося нешта накшталт удара. Гэта сутыкненне так падзейнічала на мяне, што я зайшоў на рынак Ковент-Тардэн і там сеў у куток, каля латка з фіялкамі, задыхаючыся і дрыжучы ад страху. Я, мусіць, моцна прастудзіўся і вымушаны быў неўзабаве пайсці адтуль, каб не прыцягнуць увагу сваім чханнем.

Нарэшце я дасягнуў мэты сваіх пошукаў, - гэта была брудная, заседажаная мухамі крама ў завулку каля Друры-Лейн, з акном, поўным тэатральных касцюмаў, фальшывых каштоўнасцяў, парыкоў, туфляў, даміно і фотаздымкаў акцёраў. Крама была старая, нізкая і цёмная, а над ёю высіліся яшчэ чатыры паверхі змрочнага, панурага дома. Я зазірнуў у акно і, не заўважыўшы нікога ў краме, увайшоў. Падвешаны да дзвярэй званочак бразнуў. Я пакінуў дзверы адчыненымі, а сам шмыгнуў міма пустога манекена і схаваўся ў кутку за вялікім трумо. З хвіліну ніхто не з'яўляўся. Потым я пачуў у краме нечыя цяжкія крокі.

Я паспеў ужо скласці план дзеянняў. Я думаў прабрацца ў дом, схавацца дзе-небудзь наверсе, дачакацца зручнай хвіліны і, калі ўсё сціхне, падабраць сабе парык, маску, акуляры і касцюм, а там непрыкметна выслізнуць на вуліцу, магчыма ў вельмі недарэчным, але ўсё ж праўдападобным выглядзе. Між іншым, я спадзяваўся ўзяць і грошы, якія трапяцца пад руку.

Чалавек, які зайшоў у краму, быў маленькі гарбун з нахмураным лбом, доўгімі рукамі і вельмі кароткімі крывымі нагамі. Мусіць, мой званок застаў яго за ядой. Ён запытальна агледзеў краму, потым чаканне на яго твары змянілася здзіўленнем і нарэшце гневам, калі ён пераканаўся, што ў краме нікога няма. «Чорт бы ўзяў гэтых хлапчукоў!» — прагаварыў ён. Ён выйшаў на вуліцу і паглядзеў направа і налева. Праз хвіліну ён вярнуўся, са злосцю зачыніў дзверы нагой і, бармочучы штосьці сам сабе, накіраваўся да дзвярэй, адкуль выйшаў упершыню.

Я выбраўся са сваёй схованкі, каб ісці за ім, але, пачуўшы мой рух, ён спыніўся як укапаны. Спыніўся і я, уражаны тонкасцю яго слыху. Ён зачыніў дзверы перад самым маім носам.

Я быў у нерашучасці. Раптам я зноў пачуў яго хуткія крокі, і дзверы зноў адчыніліся. Ён стаў аглядваць краму з выглядам чалавека, чые падазрэнні яшчэ не рассеяліся. Затым, па-ранейшаму бармочучы, агледзеў з абодвух бакоў прылавак, зазірнуў пад мэблю, якая стаяла ў краме. Пасля гэтага ён спыніўся, насцярожана азіраючыся. Таму што ён пакінуў дзверы адчыненымі, я шмыгнуў у суседні пакой.

Гэта была дзіўная каморка, бедна абсталяваная, з кучай масак у кутку. На стале стаяла астылае снеданне гаспадара. Паверце, Кемп, нялёгка мне было стаяць тут, удыхаючы пах кавы, і глядзець, як ён прымаецца за яду. А еў ён вельмі неапетытна. У пакоі было трое дзвярэй, з якіх адны вялі наверх, іншыя — уніз, але ўсе яны былі зачынены. Я не мог выйсці з пакоя, пакуль ён у ім знаходзіўся, я не мог нават сысці з месца з-за яго чартоўскай чуйнасці, а ў спіну мне дзьмула. Два разы я ледзьве не чхнуў.

Адчуванні мае былі незвычайныя і цікавыя, але разам з тым я адчуваў невыносную стомленасць і ледзьве дачакаўся, пакуль ён справіўся са сваім снеданнем. Нарэшце ён пад'еў, паставіў свой нікчэмны посуд на чорны бляшаны паднос, на якім стаяў кафейнік, і, згарнуўшы крошкі з запэцканага гарчыцай абруса, пайшоў з падносам да дзвярэй. Таму што рукі яго былі заняты, ён не мог зачыніць за сабой дзверы, хаця яму, відаць, гэта хацелася зрабіць. Ніколі ў жыцці я не бачыў чалавека, які б так любіў зачыняць дзверы! Я пайшоў за ім у падвал, у брудную, цёмную кухню. Там я з задавальненнем назіраў, як ён пачаў мыць посуд, а затым, не чакаючы ніякага толку ад майго знаходжання ўнізе, дзе да ўсяго мае босыя ногі стылі на цаглянай падлозе, я вярнуўся і сеў у яго крэсла перад камінам. Таму што агонь згасаў, я, не падумаўшы, падкінуў вуглёў. Гэты шум зараз жа прыцягнуў увагу гаспадара, ён прыбег усхваляваны і пачаў абшукваць пакой, прычым адзін раз ледзьве не закрануў мяне. Але і гэты старанны агляд, відаць, мала задаволіў яго. Ён спыніўся на парозе і, перш чым спусціўся ўніз, яшчэ раз уважліва агледзеў увесь пакой.

Я прасядзеў у гэтай маленькай гасцінай цэлую вечнасць. Нарэшце ён вярнуўся і адчыніў дзверы наверх. Мне ўдалося праціснуцца следам за ім.

На лесвіцы ён раптам спыніўся, так што я ледзьве не наскочыў на яго. Ён стаяў, павярнуўшы галаву, гледзячы мне прама ў твар і ўважліва прыслухоўваючыся. «Я гатовы паклясціся…» — сказаў ён. Доўгай валасатай рукой ён пашчыпваў ніжнюю губу, і позірк яго слізгаў па лесвіцы. Штосьці прабурчэўшы, ён стаў падымацца наверх.

Ужо ўзяўшыся за ручку дзвярэй, ён зноў спыніўся з выразам таго ж сярдзітага неразумення на твары. Ён відавочна ўлоўліваў шорах маіх рухаў. Як бачна, у гэтага чалавека быў незвычайна тонкі слых. Раптам ім авалодала шаленства. «Калі хто-небудзь забраўся ў дом…» — закрычаў ён, моцна вылаяўся і, не закончыўшы пагрозы, сунуў руку ў кішэню. Не знайшоўшы там таго, што шукаў, ён шумна і сярдзіта кінуўся міма мяне ўніз. Але я за ім не паследаваў, а ўсеўся на верхняй прыступцы лесвіцы і стаў чакаць яго вяртання.

Неўзабаве ён з'явіўся зноў, усё яшчэ штосьці мармычучы. Ён адчыніў дзверы, але перш чым я паспеў увайсці, ён зачыніў іх перад маім носам.

Я вырашыў агледзець дом і патраціў на гэта нейкі час, стараючыся рухацца як мага цішэй. Дом быў зусім стары, ды такі сыры, што шпалеры адсталі ад сцен, і поўны пацукоў. Амаль усе дзвярныя ручкі паварочваліся вельмі туга, і я баяўся чапаць іх. Некаторыя пакоі былі зусім без мэблі, а іншыя завалены тэатральным хламам, які быў куплены — калі меркаваць па яго знешнім выглядзе — з другіх рук. У пакоі побач са спальняй я знайшоў кучу старой вопраткі. Я стаў нецярпліва капацца ў ёй і, захапіўшыся, забыўся пра тонкі слых гаспадара. Я пачуў асцярожныя крокі і падняў галаву якраз своечасова: гаспадар з'явіўся на парозе са старым рэвальверам у руцэ і ўтаропіўся на раскіданую кучу вопраткі. Я стаяў, не варушачыся, увесь час, пакуль ён з разяўленым ротам падазрона аглядваў пакой. «Напэўна яна! — паволі вымавіў ён. — Чорт бы яе ўзяў!»

Ён бясшумна зачыніў дзверы і тут жа замкнуў іх на ключ. Я пачуў яго крокі, якія аддаляліся. І раптам я зразумеў, што замкнуты. У першую хвіліну я разгубіўся. Прайшоў ад дзвярэй да акна і назад і спыніўся, не ведаючы, што рабіць. Мяне ахапіла шаленства. Але я вырашыў перш за ўсё агледзець вопратку, і першая ж мая спроба сцягнуць вузел з верхняй паліцы, зноў устрывожыла гаспадара. Ён з'явіўся яшчэ больш змрочны, чым раней. На гэты раз ён зачапіў мяне, адскочыў і, уражаны, спыніўся, разявіўшы рот, пасярод пакоя.

Неўзабаве ён крыху заспакоіўся. «Пацукі», — сказаў ён напаўголасу, прыклаўшы палец да губ. Ён відавочна быў некалькі напалоханы. Я бясшумна выйшаў з пакоя. Але пры гэтым рыпнула масніца. Тады гэты д'ябал стаў хадзіць па ўсім доме, з рэвальверам напагатове, замыкаючы ўсе дзверы і хаваючы ключы ў кішэню. Уцяміўшы, што ён задумаў, я прыйшоў у такое шаленства, што ледзьве было не прапусціў зручны момант. Я цяпер дакладна ведаў, што ён адзін ва ўсім доме. Таму я без усялякіх цырымоній стукнуў яго па галаве.

— Стукнулі па галаве?! — усклікнуў Кемп.

— Так, аглушыў яго, калі ён ішоў уніз. Стукнуў яго стулам, які стаяў на пляцоўцы лесвіцы. Ён пакаціўся ўніз, як мех са старым абуткам.

— Але, дазвольце, простая гуманнасць…

— Простая гуманнасць падыходзіць для звычайных людзей. Вы зразумейце, Кемп, мне трэба было выбрацца з гэтага дома апранутым — і так, каб ён мяне не ўбачыў. Іншага спосаба я не мог прыдумаць. Потым я заткнуў яму рот камзолам эпохі Людовіка Чатырнаццатага і завязаў яго ў прасціну.

— Завязалі ў прасціну?

— Зрабіў з яго нешта накшталт вузла. Добры сродак, каб напалохаць гэтага ідыёта і пазбавіць яго магчымасці крычаць і рухацца, а выбрацца з гэтага вузла было б не так проста. Дарагі Кемп, нечага сядзець і глядзець на мяне, як на забойцу. У яго ж быў рэвальвер. Калі б ён убачыў мяне, ён мог бы апісаць маю знешнасць…

— Але ўсё ж, — сказаў Кемп, — у Англіі, у наш час… І чалавек жа гэты быў у сябе дома, а вы… вы ўчынілі грабеж!

— Грабеж? Чорт ведае што такое! Вы яшчэ, бадай, назавеце мяне злодзеем. Спадзяюся, Кемп, вы не настолькі неразумны, каб скакаць пад старую дудку. Няўжо вы не можаце зразумець, як мне было?

— Магу. Але як было яму! — сказаў Кемп.

Невідзімка ўскочыў.

— Што вы хочаце сказаць? — спытаўся ён.

Твар Кемпа прыняў некалькі суровы выгляд. Ён хацеў было загаварыць, але ўстрымаўся.

— Урэшце, — сказаў ён, раптам мяняючы тон, — я думаю, што нічога другога вам не заставалася. Ваша становішча было бязвыхаднае. А ўсё ж…

— Вядома, я быў у бязвыхадным становішчы… у жудасным становішчы! Ды і стары давёў мяне да шаленства — ганяўся за мной па ўсім доме, пагражаў сваім дурацкім рэвальверам і адчыняў і замыкаў дзверы… Гэта было невыносна! Вы ж не вінаваціце мяне, праўда? Не вінаваціце?

— Я ніколі нікога не вінавачу, — адказаў Кемп. — Гэта зусім выйшла з моды. Ну, а што вы зрабілі потым?

— Я быў галодны. Унізе я знайшоў бохан хлеба і крыху прагорклага сыру, гэта было больш чым дастаткова, каб прагнаць голад. Затым я выпіў крыху брэндзі з вадой і накіраваўся міма майго імправізаванага вузла — ён ляжаў не варушачыся — у пакой са старой вопраткай. Акно гэтага пакоя, завешанае бруднай карункавай фіранкай, выходзіла на вуліцу. Я асцярожна выглянуў. Дзень быў яркі, асляпляльна яркі ў параўнанні са змрокам панурага дома, у якім я знаходзіўся. Вуліца была вельміажыўленая: каляска з фруктамі, пралёткі, ламавік з кучай скрынак, павозка гандляра рыбай. У мяне замітусілася ў вачах, і я вярнуўся да паўцёмных паліц. Узбуджэнне маё ўляглося, мной зноў авалодала цвярозае ўсведамленне майго становішча. У пакоі стаяў слабы пах бензіну, які ўжываўся, відавочна, для чысткі вопраткі.

Я пачаў старанна аглядваць пакой за пакоем. Напэўна, гарбун ужо даўно жыў у гэтым доме адзін. Цікавая асоба… Усё, што толькі магло мне спатрэбіцца, я сабраў у пакой, дзе ляжалі касцюмы, потым стаў прыдзірліва ўсё перабіраць. Я знайшоў сакваяж, які мог аказацца мне вельмі карысным, пудру, румяны і ліпкі пластыр.

Спачатку я прыдумаў было нафарбаваць і напудрыць твар, каб зрабіць яго бачным, але тут жа ўцяміў, што ў гэтым ёсць вялікая нязручнасць: для таго, каб зноў знікнуць, мне спатрэбіўся б шкіпінар і некаторыя іншыя сродкі, і гэта забірала б шмат часу. Нарэшце я выбраў маску, злёгку карыкатурную, але не ў большай ступені, чым многія чалавечыя твары, цёмныя акуляры, бакенбарды з сівізной і парык. Бялізну я не знайшоў, але яе можна было купіць пазней, а пакуль што я захутаўся ў каленкоравае даміно і белы шарсцяны шалік; шкарпэтак не было, затое чаравікі гарбуна падышлі амаль якраз. У касе аказалася тры савярэны і на трыццаць шылінгаў срэбра, а ўзламаўшы шафу, я знайшоў восем фунтаў золатам. Забяспечаны такім чынам, я змог зноў выйсці на белы свет.

Тут мяне апанавала сумненне: ці сапраўды мая знешнасць праўдападобная? Я ўважліва агледзеў сябе ў маленькім туалетным люстэрку, паварочваючыся то так, то гэтак, правяраючы, ці не ўпусціў я чаго-небудзь, — не, як быццам усё ў парадку: фігура гратэскавая, штосьці накшталт жабрака са сцэны тэатра, але агульны выгляд ніштаваты, бываюць і такія людзі. Крыху супакоіўшыся, я спусціўся з люстэркам у краму, апусціў фіранкі і зноў агледзеў сябе з усіх бакоў у трумо.

Некалькі хвілін я збіраўся з духам, потым адчыніў дзверы і выйшаў на вуліцу, дазволіўшы маленькаму гарбуну сваімі сіламі выбірацца з прасціны. У бліжэйшыя пяць хвілін я зварочваў за вугал на кожным скрыжаванні. Мой выгляд не прыцягваў ніякай увагі. Здавалася, я пераступіў цераз апошнюю перашкоду.

Ён замоўк.

— А гарбуна вы так і пакінулі на волю лёсу? — спытаўся Кемп.

— Так, — сказаў Невідзімка. — Не ведаю, што з ім сталася. Напэўна, ён развязаў прасціну, дакладней разарваў яе. Вузлы былі моцныя.

Ён зноў замоўк, падняўся і стаў глядзець у акно.

— Ну, а потым вы выйшлі на Стрэнд — і далей што?

— О, зноў расчараванне! Я думаў, што нягоды мае закончыліся і цяпер я магу беспакарана рабіць усё, што ўздумаецца, калі толькі захаваю сваю тайну. Так мне здавалася. Я мог рабіць усё, што хацеў, і не лічыцца з вынікам: варта толькі скінуць вопратку, каб знікнуць. Затрымаць мяне ніхто не мог. Грошы можна браць дзе захочаш. Я вырашыў даць сабе раскошны пір, пасяліцца ў лепшым гатэлі і абзавесціся новай маёмасцю. Самаўпэўненасць мая не ведала граніц, нават непрыемна ўспамінаць, якім я быў аслом. Я зайшоў у рэстаран, стаў заказваць абед і раптам уцяміў, што, не адкрыўшы твару, не змагу пачаць есці. Я заказаў абед і выйшаў разгневаны, сказаўшы афіцыянту, што вярнуся праз дзесяць хвілін. Не ведаю, ці даводзілася вам, Кемп, галоднаму, як воўк, зведаць такое расчараванне?

— Такое — ніколі, - сказаў Кемп, — але я цалкам сабе гэта ўяўляю.

— Я гатовы быў забіць іх, гэтых крэцінаў. Нарэшце зусім змучаны голадам, я зайшоў у другі рэстаран і запатрабаваў асобны пакой. «Я знявечаны, — сказаў я, — атрымаў моцныя раненні». Афіцыянты паглядзелі на мяне з цікаўнасцю, але распытваць, зразумела, не асмеліліся, і я нарэшце паабедаў. Сервіроўка магла быць і лепшай, але я добра пад'еў і, зацягнуўшыся цыгарай, стаў абдумваць, як быць далей. На двары пачыналася завіруха.

Чым больш я думаў, Кемп, тым ясней разумеў, які бездапаможны і недарэчны нябачны чалавек у сырым і халодным клімаце, у вялізным цывілізаваным горадзе. Да майго безразважнага вопыту мне маляваліся ўсялякія прывілеі; цяпер я не бачыў у ім нічога добрага. Я перабраў у думках усё, чаго можа жадаць чалавек. Праўда, нябачнасць дазваляла многага дасягнуць, але не дазваляла карыстацца дасягнутым. Славалюбства? Але што ў высокім званні, калі ўладальнік яго вымушаны хавацца? Які толк у каханні жанчыны, калі яна павінна быць Далілай? Мяне не цікавіць ні палітыка, ні філантропія, ні спорт. Што ж мне заставалася? Дзеля чаго я звярнуўся ў спавітую тайну, у захутаную і забінтаваную пародыю чалавека?

Ён замоўк і, здаецца, паглядзеў у акно.

— А як вы апынуліся ў Айпінгу? — спытаўся Кемп, каб не даць спыніцца размове.

— Я паехаў туды працаваць. У мяне тады мільганула смутная надзея, цяпер гэта думка саспела: вярнуцца ў ранейшы стан. Вярнуцца, калі мне гэта спатрэбіцца, калі я невідзімкам зраблю ўсё што хачу. Аб гэтым перш за ўсё мне і трэба пагаварыць з вамі.

— Вы прама паехалі ў Айпінг?

— Так. Атрымаў свае заметкі і чэкавую кніжку, набыў бялізну і ўсё неабходнае, заказаў рэактывы, з дапамогай якіх хацеў ажыццявіць сваю задуму (як толькі атрымаю кнігі, пакажу вам свае падлікі), і паехаў. Божа, якая была завіруха, і як цяжка было зберагчы пракляты кардонны нос, каб ён не размок ад снегу!

— Калі меркаваць па газетах, — сказаў Кемп, — трэцяга дня, як вас выявілі, вы крыху…

— Так, я крыху… Укакошыў я гэтага боўдзілу палісмена?

— Не, — сказаў Кемп, — кажуць, ён папраўляецца.

— Ну, значыць, яму пашанцавала. Я зусім ашалеў. Вось дурні! Чаго яны прычапіліся да мяне? Ну, а ёлупень крамнік?

— Смяротных выпадкаў не прадбачыцца, — сказаў Кемп.

— Што тычыцца майго валацугі, - сказаў Невідзімка, злавесна пасмейваючыся, — дык гэта яшчэ невядома. Далібог, Кемп, вам, з вашым характарам, не зразумець, што такое шаленства! Працуеш доўгія гады, прыдумваеш, будуеш планы, — а потым які-небудзь бязмозглы, тупы ідыёт становіцца табе ўпоперак дарогі! Дурні ўсіх гатункаў, якія толькі існуюць на свеце, стараліся перашкодзіць мне. Калі так будзе працягвацца, я ашалею канчаткова і пачну крышыць іх направа і налева. З-за іх цяпер усё стала ў тысячу разоў цяжэй.


Раздзел XXIV. План, які не ўдаўся


— Ну, — сказаў Кемп, паглядзеўшы ў акно, — што ж мы цяпер будзем рабіць?

Ён падсунуўся бліжэй да Невідзімкі, каб засланіць ад яго трох людзей, што, як падалося Кемпу, вельмі ўжо павольна падымаліся па ўзгорку.

— Што вы збіраліся рабіць у Порт-Бэрдоку? У вас быў які-небудзь план?

— Я хацеў уцячы за граніцу. Але, сустрэўшы вас, я змяніў сваё рашэнне. Таму што стала цяплей і мне лягчэй заставацца нябачным, я думаў, што лешп усяго мне адправіцца на поўдзень. Таямніца ж мая раскрыта, і тут усе будуць шукаць захутанага чалавека ў масцы. А адсюль ёсць параходныя зносіны з Францыяй. Я думаў, што можна рызыкнуць пераправіцца на якім-небудзь параходзе. А з Францыі я мог бы па чыгунцы паехаць у Іспанію ці нават адправіцца ў Алжыр. Гэта было б лёгка ажыццявіць. Там можна круглы год заставацца невідзімкам і не мерзнуць, і рабіць што хочаш. Валацугу гэтага я ператварыў бы ў перасовачны склад маіх грошай і кніг, пакуль не ўладкаваўся б з перасылкай таго і другога па пошце.

— Зразумела.

- І раптам гэтай жывёліне ўздумалася пажывіцца маёй маёмасцю. Ён украў мае кнігі, Кемп! Мае кнігі! Няхай ён толькі мне пападзецца!..

— Але спачатку трэба атрымаць у яго кнігі.

— Дык дзе ж ён? Хіба вы ведаеце?

— Ён сядзіць у гарадскім паліцэйскім упраўленні, у самай глухой турэмнай камеры, якая толькі знайшлася, — ён сам аб гэтым папрасіў.

— Нягоднік! — сказаў Невідзімка.

— Гэта некалькі мяняе нашы планы.

— Трэба здабыць кнігі, кнігі вельмі патрэбны.

— Вядома, — паспешна згадзіўся Кемп, якому пачуліся крокі ў двары. — Вядома, кнігі абавязкова трэба здабыць. Але гэта будзе няцяжка, калі толькі ён не даведаецца, што іх патрабуюць для вас.

— Правільна, — сказаў Невідзімка і задумаўся.

Кемп беспаспяхова стараўся што-небудзь прыдумаць, каб падтрымаць размову, але Невідзімка загаварыў сам.

— Цяпер, калі я апынуўся ў вас, Кемп, усе мае планы мяняюцца. Вы — чалавек здольны зразумець мяне. Яшчэ можна зрабіць многае, вельмі многае, нягледзячы на страту кніг, на агалоску, нягледзячы на ўсё, што здарылася і што я вытрываў… Вы нікому не казалі пра мяне? — спытаўся ён раптам.

Кемп на імгненне сумеўся.

— Мы ж дамовіліся, — сказаў ён.

— Нікому? — паўтарыў Грыфін.

— Ніводнай душы.

— Ну, тады… — Невідзімка падняўся і, сунуўшы рукі ў кішэні, закрочыў па пакоі.

— Так, гэта была памылка, Кемп, вялікая памылка, што я ўзяўся адзін за гэтую справу. Дарэмна змарнаваны сілы, час, магчымасці. Адзін… дзіўна, як мала можа зрабіць чалавек, калі ён адзін! Дробны крадзеж, бойка — і ўсё.

Я шукаю прытулак, Кемп, мне патрэбны чалавек, які памог бы мне, схаваў мяне, мне патрэбна месца, дзе я мог бы спакойна, не выклікаючы ніякіх падазрэнняў, есці, спаць і адпачываць. Словам, мне патрэбны саўдзельнік. Тады магчыма ўсё. Да гэтага часу я дзейнічаў наўздагад. Цяпер мы абмяркуем усе выгады, якія дае нябачнасць, і ўсе звязаныя з ёю цяжкасці. Для падслухоўвання і таму падобнага ў ёй мала карысці: цябе таксама чуваць. Красці яна памагае, але мала. Хаця злавіць мяне цяжка, але, злавіўшы, лёгка пасадзіць у турму. Нябачнасць карысная, калі трэба бегчы ці, наадварот, падкрадвацца. Значыць, яна карысная і пры забойстве. Як бы чалавек ні быў ўзброены, я лёгка магу выбраць найменш ахаванае месца, ударыць, схавацца і ўцячы, як і куды жадаю.

Кемп пагладзіў вусы. Здаецца, хтосьці рухаецца ўнізе.

— Мы павінны заняцца забойствам, Кемп.

— Мы павінны заняцца забойствам, — паўтарыў Кемп. — Я слухаю вас, Грыфін, але гэта не значыць, што я згаджаюся з вамі. Для чаго мы павінны забіваць?

— Не бяссэнсава забіваць, а разумна аднімаць жыццё. Справа бачыцца такім чынам: яны ведаюць, што ёсць Невідзімка, ведаюць не горш нас з вамі, і гэты Невідзімка, Кемп, павінен устанавіць царства тэрору. Невідзімка павінен захапіць які-небудзь горад, хаця б гэты ваш Бэрдак, тэрарызаваць насельніцтва і падпарадкаваць сваёй волі ўсіх і кожнага. Ён выдае свае загады. Ажыццявіць гэта можна тысячу спосабамі, скажам, падсоўваць пад дзверы лісткі паперы. І хто асмеліцца не паслухацца, будзе забіты таксама, як будуць забіты і яго заступнікі.

— Гм, — прамармытаў Кемп, прыслухоўваючыся больш да рыпення дзвярэй унізе, якія адчыняліся, чым да слоў Грыфіна. — Я думаю, Грыфін, — сказаў ён, стараючыся здавацца ўважлівым, — што становішча вашага саўдзельніка было б не з лёгкіх.

— Ніхто не будзе ведаць, што ён мой саўдзельнік, — горача запярэчыў Невідзімка і раптам насцярожыўся. — Стойце! Што там адбываецца?

— Нічога, — сказаў Кемп і раптам загаварыў гучна і хутка: — Я не магу згадзіцца з вамі, Грыфін. Зразумейце ж, не магу. Для чаго весці заведама прайграную гульню? Хіба гэта можа даць вам шчасце? Не станавіцеся адзінокім ваўком. Апублікуйце ваша адкрыццё; калі не хочаце расказаць пра яго ўсяму свету, то даверце яго ў крайнім выпадку сваёй краіне. Падумайце, чаго вы маглі дабіцца з мільёнам памочнікаў…

Невідзімка перапыніў Кемпа.

— Крокі на лесвіцы, — сказаў ён, падняўшы руку.

— Не можа быць, — запярэчыў Кемп.

— Зараз паглядзім, — сказаў Невідзімка і, усё яшчэ з узнятай рукой, ступіў да дзвярэй.

Далей усё разыгралася імкліва. Секунду разважыўшы, Кемп кінуўся яму наперарэз. Невідзімка ўздрыгнуў, спыніўся.

— Здраднік! — крыкнуў Голас.

Халат, расхінуўшыся, апусціўся ў крэсла: Невідзімка распранаўся. Кемп зрабіў некалькі паспешных крокаў да дзвярэй, і тут жа Невідзімка — ног яго ўжо не было — з крыкам ускочыў. Кемп расчыніў дзверы насцеж.

Знізу выразна даносіліся галасы і тупат бягучых ног.

Кемп адштурхнуў Невідзімку, выскачыў у калідор і зачыніў за сабой дзверы. Ключ быў загадзя ўстаўлены знадворку. Яшчэ імгненне — і Грыфін застаўся б у кабінеце адзін, пад замком, ды перашкодзіла выпадковасць: паспешна ўстаўлены раніцою ключ ад штуршка выскачыў і са стукам упаў на дыван.

Кемп памярцвеў. Схапіўшыся дзвюма рукамі за ручку, ён з усяе сілы стараўся ўтрымаць дзверы. Некалькі імгненняў яму гэта ўдавалася. Потым дзверы прыадчыніліся цаляў на шэсць, але ён іх зноў зачыніў. У другі раз яны рыўком адкрыліся на фут, і ў шчыліну стаў праціскацца чырвоны халат. Нябачныя пальцы схапілі Кемпа за горла, і яму давялося выпусціць ручку дзвярэй, каб абараняцца. Ён быў адціснуты, перакулены і з сілай адкінуты ў кут пляцоўкі. Пусты халат адляцеў ад яго.

На лесвіцы стаяў палкоўнік Эдай, начальнік бэрдакскай паліцыі, якому Кемп напісаў пісьмо. Ён з жахам глядзеў на нечаканае з'яўленне Кемпа і на пустыя прадметы вопраткі, якія матляліся ў паветры. Ён бачыў, як Кемп быў перакулены, як ён з цяжкасцю падняўся, хістаючыся, зрабіў крок наперад і зноў упаў на падлогу.

І раптам яго самога штосьці ўдарыла. Удар з пустаты! Быццам на яго наваліўся вялізны цяжар. Нечыя пальцы сціснулі яму горла, чыёсьці калена ўдарыла яго ў пахавіну, і ён кулём скаціўся з лесвіцы. Нябачная нага наступіла яму на спіну, хтосьці зашлёпаў па лесвіцы босымі нагамі; унізе, у прыхожай абодва паліцэйскія ўскрыкнулі і пабеглі, і ўваходныя дзверы з шумам зачыніліся.

Палкоўнік Эдай прыўзняўся і сеў, няўцямна азіраючыся. Зверху, хістаючыся, сыходзіў Кемп, растрапаны і выпэцканы. Адна шчака ў яго пабялела ад удару, з разбітай губы цякла кроў, у руках ён трымаў чырвоны халат і іншыя часткі туалета.

— О чорт! — крыкнуў Кемп. — Дрэнь справа! Уцёк-такі!


Раздзел XXV. Паляванне на невідзімку


Спачатку Эдай нічога не мог зразумець з бязладных выкрыкаў Кемпа. Яны абодва стаялі на пляцоўцы лесвіцы, і Кемп усё яшчэ трымаў у руках вопратку Грыфіна. Нарэшце Эдай пачаў праясняць сутнасць здарэння.

— Ён з'ехаў з глузду, — паспешна казаў Кемп, — гэта не чалавек, а звер. Думае толькі пра сябе. Не лічыцца ні з чым, акрамя асабістай выгады і бяспекі. Я яго выслухаў сягоння — гэта жудасны эгаіст. Пакуль ён толькі нявечыў людзей. Ён будзе забіваць, калі мы яго не схопім. Ён выкліча паніку. Ён ні перад чым не спыніцца. І ён цяпер на волі і ашалеў ад лютасці!

— Ясна адно: яго трэба злавіць, — сказаў Эдай.

— Але як? — усклікнуў Кемп і раптам выбухнуў патокам слоў: — Трэба зараз жа прыняць меры, трэба ўсіх падняць на ногі, каб Грыфін не ўцёк з гэтых месц. Інакш ён будзе калясіць па краіне, нявечыць і забіваць людзей. Ён марыць пра царства тэрору! Ці разумееце вы — тэрору! Вы павінны наладзіць нагляд на чыгунцы, на шашы, на судах. Выклікайце войскі. Дайце звесткі па тэлеграфе, што патрэбна дапамога. Адна надзея — што ён не знікне, пакуль не знойдзе свае заметкі, якімі ён вельмі даражыць. Я потым растлумачу вам. У вас у паліцэйскім упраўленні сядзіць нейкі Марвел…

— Ведаю, — сказаў Эдай. — Кнігі, так, так. Але ж гэты валацуга…

— Не прызнаецца, што кнігі ў яго. Але Невідзімка ўпэўнены, што Марвел іх схаваў. А галоўнае, трэба не даваць Невідзімку ні есці, ні спаць. Дзень і ноч людзі павінны быць пільнымі. Усё павінна быць на замку, крамы, пякарні — усё. Трэба пільнаваць, каб ён не мог дастаць ніякай ежы. Усе дамы на запор! Добра, калі будуць халады і дажджы! Усе ад малога да вялікага павінны ўдзельнічаць у паляванні. Зразумейце, Эдай, яго трэба злавіць у любым выпадку! Інакш нам пагражаюць вялікія непрыемнасці, падумаць — і то страшна.

— Менавіта так мы і павінны дзейнічаць, — сказаў Эдай. — Цяпер жа пайду і вазьмуся за справу. А можа, і вы пойдзеце са мной? Пайшлі! Мы наладзім ваенны савет, запросім Хопса, адміністрацыю чыгункі. Нельга губляць ні хвіліны. А па дарозе вы раскажаце мне ўсё падрабязна. Што ж зрабіць яшчэ?.. Ды кіньце вы гэты халат!

Цераз хвіліну Эдай і Кемп былі ўжо ўнізе. Дзверы стаялі адчыненыя насцеж, і двое паліцэйскіх усё яшчэ глядзелі ў пустату.

— Уцёк, сэр, — паведаміў адзін з іх.

— Мы зараз жа ідзём у цэнтральнае ўпраўленне, — сказаў Эдай. — Адзін з вас няхай знойдзе рамізніка і скажа яму даганяць нас. Ды паспяшайцеся! Дык вось, Кемп, што ж далей?

— Сабак трэба, — сказаў Кемп. — Знайдзіце сабак. Яны яго не бачаць, але чуюць. Знайдзіце сабак.

— Добра, — сказаў Эдай. — Скажу вам па сакрэту, у турэмнага начальства ў Холстэдзе ёсць чалавек, які трымае сабак-сышчыкаў. Дык вось, сабакі. Далей.

— Не забудзьце, — сказаў Кемп, — ежа, якую ён праглыне, будзе бачна. Яна бачна, пакуль засвойваецца арганізмам. Значыць, пасля яды ён павінен хавацца. Трэба абшукаць кожны кусцік, кожны куток. Трэба схаваць усю зброю. Усё, што можа служыць зброяй. Ён нічога не можа доўга насіць з сабой. Усё, што ён можа выкарыстаць, каб нанесці ўдар, трэба схаваць далей.

— Зробім і гэта, — сказаў Эдай. — Ён не ўцячэ ад нас, дайце тэрмін.

— А па дарогах… — пачаў Кемп і запнуўся.

— Што? — спытаўся Эдай.

— Насыпаць тоўчанага шкла. Гэта, вядома, жорстка, але калі падумаць, што ён можа натварыць…

Эдай свіснуў:

— Ці не занадта гэта? Несумленная гульня. Урэшце, загадаю падрыхтаваць на выпадак, калі ён вельмі зарвецца.

— Кажу вам, гэта ўжо не чалавек, а звер, — сказаў Кемп. — Я ні хвіліны не сумняваюся, што ён здзейсніць сваю мару аб тэроры, — варта яму толькі акрыяць пасля ўцёкаў. Мы павінны яго апярэдзіць. Ён сам кінуў выклік чалавецтву, дык няхай яго кроў пральецца на яго галаву!


Раздзел XXVI. Забойства Ўіксціда


Невідзімка, па ўсіх прыкметах, выбег з дома Кемпа ў дзікім шаленстве. Маленькае дзіця, якое гуляла ля веснічак, было паднята ў паветра і з такой сілай адкінута ў бок, што зламала ножку. Пасля гэтага Невідзімка на некалькі гадзін знік. Так ніхто і не даведаўся, куды ён накіраваўся і што рабіў. Але лёгка можна было ўявіць, як ён бег у гарачы чэрвеньскі поўдзень пад гару і далей, па мелавых узгорках за Порт-Бэрдакам, раз'юшана праклінаючы свой лёс — і, нарэшце, замораны і змучаны, знайшоў прытулак у хмызняках Хінтандзіна, дзе разлічваў перачакаць небяспеку і занава абдумаць свае планы барацьбы супраць сабе падобных. Хутчэй за ўсё ён схаваўся менавіта ў гэтай мясцовасці, бо каля дзвюх гадзін папаўдні ён выявіў тут сваю прысутнасць, і прытым самым злавесным, трагічным чынам.

Якім жа быў тады яго настрой і што ён задумаў, можна толькі здагадвацца. Несумненна, ён быў да крайнасці раз'юшаны прадажніцтвам Кемпа — і хаця зусім зразумелыя матывы, якія кіравалі Кемпам, усё ж няцяжка ўявіць сабе гнеў, што павінна была выклікаць такая нечаканая здрада, і нават часткова апраўдаць яго. Магчыма, Невідзімку зноў ахапіла тое пачуццё разгубленасці, якое ён зведаў у час падзей на Оксфард-стрыт, ён жа відавочна вельмі разлічваў, што Кемп паможа яму ажыццявіць жорсткую задуму — падвергнуць чалавецтва тэрору. Як бы там ні было, каля паўдня ён знік — і ніводзін чалавек не бачыў яго. Ніводная жывая істота не ведае, што ён рабіў да паловы трэцяй. Для чалавецтва гэта, магчыма, і лепш, але для яго самога такая бяздзейнасць аказалася пагібельнай.

У гэтыя дзве з паловай гадзіны за справу ўзялося мноства людзей, рассеяных па ўсёй акрузе. Раніцай Невідзімка быў яшчэ проста казкай, пудзілам; у поўдзень жа, дзякуючы сухому, але выразнаму закліку Кемпа, ён стаў ужо цалкам рэальным праціўнікам, якога трэба было параніць, схапіць жывым ці мёртвым, — і ўсё насельніцтва з надзвычайнай хуткасцю стала рыхтавацца да барацьбы. Нават у дзве гадзіны Невідзімка яшчэ мог выратавацца, забраўшыся ў цягнік, але пасля дзвюх гэта стала ўжо немагчымым: па ўсіх чыгуначных лініях, на прасторы вялізнага паралелаграма, паміж Саўтхемптанам, Вінчэстэрам, Брайтанам і Хоршэмам, пасажырскія цягнікі ішлі з закрытымі дзвярамі, а таварны рух амаль спыніўся. У вялікім крузе, радыусам міль у дваццаць вакол Порт-Бэрдака, па дарогах і палях хадзілі групы па тры, па чатыры чалавекі са стрэльбамі, дубінкамі і сабакамі.

Конныя паліцэйскія аб'язджалі навакольныя сёлы, спыняліся каля кожнага дома і папярэджвалі жыхароў, каб яны замыкалі дзверы і не выходзілі з дому без зброі. У тры гадзіны зачыніліся школы і напалоханыя дзеці цеснымі групкамі беглі дадому. Гадзін да чатырох заклік, складзены Кемпам, але падпісаны Эдаем, быў ужо расклеены па ўсёй акрузе. У ім коратка, але ясна былі ўказаны ўсе меры барацьбы: не даваць Невідзімку есці і спаць, быць увесь час напагатове, каб прыняць рашучыя меры, калі ў чым-небудзь выявіцца яго прысутнасць. Дзеянні ўладаў былі такімі хуткімі і энергічнымі, усеагульная вера ў страшную істоту такой моцнай, што да наступлення ночы на прасторы ў некалькі сот квадратных міляў быў уведзены стан аблогі. І яшчэ ў той жа вечар па ўсім напалоханым і насцярожаным краі пранёсся ціхі жах: з вуснаў у вусны перадавалася чутка, маланкавая і верагодная, аб забойстве містэра Ўіксціда.

Калі наша здагадка, што Невідзімка схаваўся ў хмызняках Хінтандзіна, правільная, то, напэўна, неўзабаве пасля паўдня ён выйшаў адтуль з нейкім намерам, для выканання якога патрэбна была зброя. Што гэта быў за намер, устанавіць нельга, але ён быў — гэта, на мой погляд, бясспрэчна, не выпадкова ж яшчэ да сутычкі з Уіксцідам Невідзімка дзесьці здабыў жалезны прут.

Аб падрабязнасцях гэтай сутычкі мы, зразумела, нічога не ведаем. Адбылася яна на краю пясчанага кар'ера ярдаў за двесце ад варот вілы лорда Бэрдака. Усё паказвае на адчайную схватку: утаптаная зямля, шматлікія раны Ўіксціда, яго зламаная палка; але што магло стаць прычынай нападу, акрамя маніі забойства, цяжка сабе ўявіць.

Думка аб вар'яцтве напрошваецца сама сабой. Містэр Уіксцід, кіраўнік спраў лорда Бэрдака, чалавек гадоў сарака пяці, быў самай бяскрыўднай істотай на свеце і ўжо, вядома ж, ніколі першым не нападаў бы на такога страшнага ворага. Раны, відаць, былі нанесены містэру Ўіксціду жалезным прутом, выцягнутым са зламанай агароджы. Невідзімка спыніў гэтага мірнага чалавека, напаў на яго, хутка зламаў яго слабае супраціўленне, перабіў яму руку, паваліў яго на зямлю і размаджэрыў яму галаву.

Жалезны прут ён, напэўна, выцягнуў з агароджы да сустрэчы са сваёй ахвярай, — мусіць, ён трымаў яго напагатове. Яшчэ дзве падрабязнасці праліваюць некаторае святло на гэтае здарэнне. Па-першае, пясчаны кар'ер знаходзіўся не зусім на дарозе містэра Ўіксціда да дома, а ярдаў на дзвесце ў бок. Па-другое, па сведчанню маленькай дзяўчынкі, якая вярталася пасля абеду ў школу, яна бачыла, што нябожчык нейкай дзіўнай паходкай «трухаў» цераз поле ў напрамку да кар'ера. Па тым, як яна гэта паказала, можна было заключыць, што ён быццам гнаўся за чымсьці, што рухалася па зямлі, час ад часу замахваючыся палкай. Дзяўчынка была апошняй, хто бачыў Уіксціда жывым. Ён ішоў проста насустрач смерці; ён спусціўся ў лагчынку, і рэдкія дрэвы, якія там раслі, схавалі ад вачэй дзяўчынкі апошнюю схватку.

Гэтыя падрабязнасці, несумненна, прынамсі ў вачах аўтара гэтых радкоў, робяць забойства Ўіксціда не такім ужо беспрычынным і бессэнсоўным. Можна ўявіць сабе, што Грыфін прыхапіў жалезны прут, канечне, як зброю, але без намеру здзейсніць забойства. Тут мог трапіцца на дарозе Ўіксцід і заўважыць прут, які незразумелым чынам рухаўся па паветры. Ніколькі не думаючы пра Невідзімку, — ад гэтых жа мясцін да Йорт-Бэрдака дзесяць міляў, - ён мог паследаваць за прутам. Вельмі верагодна, што ён нават і не чуў пра Невідзімку. Лёгка далей уявіць, што Невідзімка стаў паціху аддаляцца, не жадаючы выявіць сваю прысутнасць, а Ўіксцід, узбуджаны і зацікаўлены, не адставаў ад дзіўнага прадмета, які сам рухаўся, і нарэшце ўдарыў па ім.

Вядома, пры звычайных абставінах Невідзімка мог бы без асаблівых намаганняў уцячы ад свайго ўжо немаладога праследавацеля, але становішча цела забітага Ўіксціда дае падставу думаць, што ён меў няшчасце загнаць свайго праціўніка ў куток паміж густым зараснікам крапівы і пясчаным кар'ерам. Тым, хто помніць незвычайную раздражняльнасць Невідзімкі, няцяжка ўявіць усё астатняе.

Усё гэта, урэшце, адны здагадкі. Адзіныя несумненныя факты (бо сведчанням дзяцей не заўсёды можна давяраць) — гэта цела забітага Ўіксціда і акрываўлены жалезны прут, які валяўся ў крапіве. Відавочна, Грыфін кінуў прут таму, што, захоплены хваляваннем, забыўся пра мэту, для якой ім узброіўся, калі спачатку такая мэта была. Вядома, ён быў вялікі эгаіст і чалавек бяздушны, але выгляд ахвяры, яго першай ахвяры, акрываўленай і няшчаснай, распасцёртай каля яго ног, мог абудзіць у ім заглухлую крыніцу пакаяння і адвярнуць яго на нейкі час ад злачынных намераў.

Пасля забойства містэра Ўіксціда Невідзімка, відаць, пабег у бок узгоркаў. Расказваюць, што два работнікі на полі ў Ферн Боттам чулі вечарам нейкі таямнічы голас. Хтосьці плакаў і смяяўся, ахаў і стагнаў, а часам гучна ўскрыкваў. Напэўна, дзіўна было слухаць яго. Голас пранёсся над полем канюшыны і заціх удалечыні, каля ўзгоркаў.

У гэты вечар Невідзімку, напэўна, давялося даведацца, як хутка выкарыстаў Кемп яго шчырасць. Напэўна, ён знайшоў усе дзверы на замку; і блукаў па чыгуначных станцыях, падкрадваўся да гасцініц і, без сумнення, прачытаў расклееныя ўсюды заклікі і зразумеў, які задуманы супраць яго паход. З наступленнем вечара па палях разышліся групы ўзброеных людзей і чуўся сабачы брэх. Гэтыя паляўнічыя на чалавека атрымалі спецыяльныя ўказанні, як памагаць адзін аднаму ў выпадку сустрэчы з ворагам. Але Невідзімку давялося пазбегнуць сустрэчы з імі. Мы можам часткова зразумець яго шаленства, калі ўспомніць, што ён сам паведаміў усе звесткі, якія так бязлітасна павярнуліся цяпер супраць яго. У гэты дзень ён заняпаў духам; амаль цэлыя суткі, калі не лічыць сутычкі з Уіксцідам, ён адчуваў сябе як упаляваны звер. Ноччу яму ўдалося, напэўна, і паесці і паспаць, бо раніцай да яго зноў вярнулася прысутнасць духу: ён зноў стаў моцным, актыўным, хітрым і злосным, гатовым да сваёй апошняй вялікай схваткі з усім светам.


Раздзел XXVII. У асаджаным доме


Кемп атрымаў дзіўнае пасланне, напісанае алоўкам на зашмальцаваным кавалачку паперы.

«Вы праявілі дзівосную энергію і кемлівасць, — сказана было ў пісьме, — хаця я не ўяўляю сабе, што вы спадзеяцеся гэтым дасягнуць. Вы супраць мяне. Увесь дзень вы палявалі на мяне, вы хацелі пазбавіць мяне адпачынку і ноччу. Але я пад'еў, насуперак вам, выспаўся, насуперак вам, і гульня яшчэ толькі пачынаецца. Гульня яшчэ толькі пачынаецца! Мне нічога не застаецца, як звярнуцца да тэрору. Гэтым пісьмом я аб'яўляю першы дзень Тэрору. З гэтага часу Порт-Бэрдак ужо не пад уладай каралевы, перадайце гэта вашаму начальніку паліцыі і яго шайцы, — ён пад маёй уладай, пад уладай Тэрору. Цяперашні дзень — першы дзень першага года новай эры — Эры Невідзімкі. Я — Невідзімка Першы. Спачатку маё праўленне будзе міласэрным. У першы дзень будзе здзейснена адна смяротная кара дзеля прыкладу, пакаранне смерцю чалавека па імені Кемп. Сёння смерць спасцігне гэтага чалавека. Няхай замыкаецца, няхай хаваецца, няхай акружае сябе аховай, няхай апранецца ў браню, калі захоча, — смерць, нябачная смерць набліжаецца да яго. Няхай прымае меры засцярогі — тым большае ўражанне яго смерць выкліча ў майго народа. Смерць рушыць з паштовай скрынкі сёння ў поўдзень. Пісьмо будзе апушчана ў скрынку перад самым прыходам паштальёна — і - у дарогу! Гульня пачалася. Смерць набліжаецца на яго. Не дапамагай яму, народ мой, каб не спасцігла смерць і цябе. Сёння Кемп павінен памерці».

Кемп двойчы прачытаў пісьмо.

— Гэта не жарты, — сказаў ён. — Гэта ён! І ён будзе дзейнічаць.

Ён перавярнуў лісток і ўбачыў на адрасе штэмпель «Хінтандзін» і празаічную прыпіску: «даплаціць 2 пенсы».

Кемп павольна ўстаў з-за стала, не закончыўшы снеданне, — пісьмо прыйшло ў гадзіну дня, — і падняўся ў свой кабінет. Ён пазваніў эканомцы, загадаў ёй неадкладна абысці ўвесь дом, агледзець усе засаўкі і зачыніць усе аканіцы.

У кабінеце ён зачыніў аканіцы сам. З замкнутай скрынкі стала ў спальні ён выняў невялікі рэвальвер, пільна агледзеў яго і паклаў у кішэню хатняй курткі. Затым ён напісаў некалькі запісак, у тым ліку і палкоўніку Эдаю, і даручыў служанцы аднесці іх. Кемп параіў ёй пры гэтым, як выйсці з дому.

— Небяспекі няма ніякай, — сказаў ён і дадаў сам сабе: «Для вас». Пасля гэтага ён нейкі час сядзеў, задумаўшыся, а потым вярнуўся да астылага снедання.

Ён еў рассеянна, паглыблены ў свае думкі. Потым моцна стукнуў кулаком па стале.

— Мы яго зловім! — усклікнуў ён. — І прынадай буду я. Ён зарвецца.

Кемп падняўся наверх, старанна зачыняючы за сабой усе дзверы.

— Гэта гульня, — сказаў ён. — Гульня незвычайная. Але ўсе шанцы на маім баку, містэр Грыфін, хаця вы і нябачныя і смелыя таксама. Грыфін contra mundum…* Скажыце калі ласка!

* Супраць усяго свету (лат.).

Ён стаяў каля акна, гледзячы на заліты сонцам схіл гары.

— Яму ж трэба даставаць сабе ежу кожны дзень. Не зайздрошчу я яму. А ці праўда, што мінулай ноччу яму ўдалося паспаць? Дзе-небудзь пад адкрытым небам і ў такім месцы, дзе ніхто не мог на яго натрапіць… Вось калі б замест гэтай гарачыні наступілі халады і халепа… А ён жа, можа, у гэтую самую хвіліну назірае за мной.

Кемп ушчыльную падышоў да акна і раптам спалохана адскочыў: штосьці моцна стукнула ў сцяну над рамай.

— Аднак нервы ў мяне расхадзіліся, — прамовіў ён сам сабе. Але добрых пяць хвілін ён не адважваўся зноў падысці да акна. — Верабей, можа, — сказаў ён.

Тут ён пачуў званок ад уваходных дзвярэй і паспяшаўся ўніз. Ён адсунуў засаўку, павярнуў ключ, агледзеў ланцуг, умацаваў яго і асцярожна прачыніў дзверы, не паказваючыся. Знаёмы голас аклікнуў яго. Гэта быў палкоўнік Эдай.

— На вашу пакаёўку напалі, - сказаў Эдай з-за дзвярэй.

— Што?! — усклікнуў Кемп.

— Вашу запіску ў яе адабралі. Ён недзе паблізу. Упусціце мяне.

Кемп зняў ланцуг, і Эдай сяк-так праціснуўся ў вузкую шчыліну ледзь прачыненых дзвярэй. Ён з палёгкай уздыхнуў, калі Кемп зноў налажыў засаўку.

— Запіску вырвалі ў яе з рук. Яна страшна напалохалася. Цяпер яна ў маім участку. З ёй істэрыка. Ён дзесьці паблізу. Што было ў запісцы?

Кемп вылаяўся.

— Дурань жа я! — сказаў ён. — Мог бы здагадацца: адсюль жа да Хінтандзіна менш гадзіны хады. Ужо!

— У чым справа? — спытаўся Эдай.

— Вось паглядзіце! — сказаў Кемп і павёў Эдая ў кабінет. Ён падаў яму пісьмо Невідзімкі. Эдай прачытаў і ціхенька свіснуў.

— А вы?.. — спытаўся ён.

— Падстроіў пастку, — сказаў Кемп, — і як дурань паслаў план з пакаёўкай. Проста яму ў рукі.

Эдай цярпліва выслухаў блюзнерства Кемпа. Потым сказаў:

— Ён уцячэ.

— Не, не, — адказаў Кемп.

Зверху пачуўся звон і трэск разбітага шкла. Эдай заўважыў маленькі рэвальвер, які тырчаў з кішэні Кемпа.

— Гэта ў кабінеце! — сказаў Кемп і першы стаў падымацца па лесвіцы. Яшчэ не дайшоўшы да сярэдзіны яе, яны зноў пачулі трэск.

У кабінеце яны ўбачылі, што два вакны з трох разбіты, падлога засыпана асколкамі, а на пісьмовым стале ляжыць вялікі камень. Абодва спыніліся на парозе, гледзячы на разбурэнне. Кемп зноў вылаяўся, і ў тую ж хвіліну трэцяе акно трэснула, быццам стрэлілі з пісталета, і на падлогу са звонам пасыпаліся асколкі.

— Навошта гэта? — сказаў Эдай.

— Гэта пачатак, — адказаў Кемп.

— А залезці сюды няма ніякай магчымасці?

— Нават кошка не залезе, — адказаў Кемп.

— Аканіц няма?

— Тут няма. Ва ўсіх ніжніх пакоях… Ого!

Знізу данёсся звон разбітага шкла і трэск дошак пад цяжкім ударам.

— Каб яго чорт узяў, - сказаў Кемп. — Гэта, напэўна… так, гэта ў спальні. Ён збіраецца апрацаваць увесь дом. Дурань ён. Аканіцы зачынены, і шкло будзе падаць знадворку. Ён парэжа сабе ногі.

Яшчэ адно акно абвясціла аб сваім разбурэнні. Кемп і Эдай стаялі на пляцоўцы, не ведаючы, што рабіць.

— Вось што, — сказаў Эдай, — дайце мне палку ці што-небудзь падобнае: я схаджу ва ўпраўленне і загадаю прыслаць сабак. Тады мы яго зловім.

Яшчэ адно акно разбілася на друзачкі.

— Ці няма ў вас рэвальвера? — спытаўся Эдай.

Кемп сунуў руку ў кішэнь і сумеўся.

— Не, — адказаў ён, — ва ўсялякім выпадку няма лішняга.

— Я прынясу яго назад, — сказаў Эдай. — Вы ж тут у бяспецы.

Кемп, прысаромлены, аддаў рэвальвер.

— Цяпер пойдзем адчыняць дзверы, — сказаў Эдай.

Пакуль яны стаялі ў прыхожай, не адважваючыся падысці да дзвярэй, адно з вакон у спальні першага паверха затрашчала і загрымела. Кемп падышоў да дзвярэй і пачаў як мага асцярожней адсоўваць завалу, твар яго быў некалькі бляднейшы, чым звычайна.

— Выходзьце хутка, — сказаў Кемп.

Яшчэ секунда, і Эдай быў ужо на ганку, а Кемп зноў засунуў завалу. Эдай памарудзіў крыху: стаяць, прысланіўшыся спіной да дзвярэй, было ўсё-такі спакайней, потым выпрастаўся і цвёрда закрочыў уніз па прыступках. Ён перасек поплаў і прыблізіўся да веснічак. Здавалася, па траве пранёсся ветрык. Штосьці зашавялілася побач з ім.

— Пачакайце хвіліну, — вымавіў Голас.

Эдай спыніўся як укопаны, рука яго моцна сціснула рэвальвер.

— У чым справа? — сказаў Эдай, бледны і пануры; кожны нерв яго быў напружаны.

— Вы зробіце мне вялікую ласку, калі вернецеся ў дом, — сказаў Голас таксама панура і напружана, як і Эдай.

— Вельмі шкадую, — сказаў Эдай некалькі ахрыплым голасам і правёў языком па перасохлых губах. Голас быў, як яму здавалася, злева ад яго. А што, калі паспрабаваць шчасця і стрэліць?

— Куды вы ідзеце? — спытаўся Голас. Яны абодва зрабілі рэзкі рух, і з расхінутай кішэні Эдая бліснуў на сонцы рэвальвер.

Эдай адмовіўся ад свайго намеру і задумаўся.

— Куды я іду, — прамовіў ён павольна, — гэта мая справа.

Не паспеў ён вымавіць гэтыя словы, як нябачная рука абхапіла яго за шыю, у спіну ўперлася калена, і ён упаў дагары. Выцягнуўшы неяк рэвальвёр, ён стрэліў наўздагад; у тую ж секунду ён атрымаў моцны ўдар у зубы і рэвальвер вырвалі ў яго з рук. Ён зрабіў марную спробу ўхапіцца за нябачную нагу, якая адразу ж выслізнула, паспрабаваў устаць і зноў упаў.

— Чорт! — сказаў Эдай.

Голас рассмяяўся.

— Я забіў бы вас, ды шкада траціць кулю, — сказаў ён.

Эдай убачыў у паветры перад сабою, футаў за шэсць, дула рэвальвера.

— Ну? — сказаў Эдай.

— Устаньце, — сказаў Голас.

Эдай падняўся.

— Смірна! — загадаў Голас і працягваў цвёрда: — Кіньце ўсе свае намеры. Помніце, што я ваш твар добра бачу, а вы мяне не бачыце. Вярніцеся ў дом.

— Ён мне не адчыніць дзверы, — сказаў Эдай.

— Вельмі шкада, — сказаў Невідзімка. — З вамі я не спрачаўся.

Эдай зноў лізнуў языком па вуснах. Ён адвёў позірк ад рэвальвера, убачыў воддаль мора, вельмі сіняе і цёмнае ў бляску паўдзённага сонца, шаўкавістыя зялёныя ўзгоркі, белы скалісты мыс, шматлюдны горад, — і раптам адчуў, якое цудоўнае жыццё. Ён перавёў позірк на маленькі металічны прадмет, які вісеў паміж небам і зямлёй за шэсць футаў ад яго.

— Што ж мне рабіць? — змрочна спытаўся ён.

— А мне што рабіць? — спытаўся Невідзімка. — Вы прывядзеце падмогу. Не, давядзецца вам вярнуцца назад.

— Я паспрабую. Калі ён упусціць мяне, вы абяцаеце не ўрывацца за мной у дом?

— З вамі я не сварыўся, — адказаў Голас.

Кемп, выпусціўшы Эдая, паспяшаўся наверх; асцярожна ступаючы па асколках, ён падкраўся да акна кабінета, зазірнуў ўніз і ўбачыў Эдая, які размаўляў з Невідзімкам.

— Што ж ён не страляе? — прамармытаў Кемп.

Тут рэвальвер перамясціўся і заблішчэў на сонцы.

Засланіўшы вочы, Кемп стараўся прасачыць рух асляпляльнага промня.

— Так і ёсць! — усклікнуў ён. — Эдай аддаў рэвальвер.

— Абяцаеце не ўрывацца за мной, — казаў у гэты час Эдай. — Не захапляйцеся сваёй удачай. Уступіце ў чым-небудзь.

— Вяртайцеся ў дом. Кажу вам прама: я нічога не абяцаю.

Эдай, мусіць, раптам прыняў рашэнне! Ён павярнуўся да дома і павольна пайшоў наперад, заклаўшы рукі за спіну. Кемп з неўразуменнем назіраў за ім. Рэвальвер знік, потым зноў бліснуў, зноў знік, і зноў Кемп, напружваючы зрок, разгледзеў яго: маленькі цёмны прадмет, што следаваў за Эдаем. Далей усё адбылося маланкава: Эдай зрабіў скачок назад, крута павярнуўся, хацеў схапіць рэвальвер, не злавіў яго, падняў рукі і ўпаў ніцма, пакінуўшы над сабою сіняе воблачка дыму. Стрэла Кемп не пачуў. Эдай зрабіў некалькі сутаргавых рухаў, прыўзняўся, апіраючыся на руку, зноў упаў і застаўся ляжаць нерухома.

Кемп пастаяў крыху, уважліва гледзячы на ціхамірную спакойную позу Эдая. Дзень быў гарачы і бязветраны, здавалася, увесь свет заціх, толькі ў кустах паміж домам і веснічкамі два жоўтыя матылькі ганяліся адзін за адным. Эдай ляжаў на поплаве каля веснічак. Ва ўсіх дачах на ўзгорку шторы былі спушчаны, толькі ў зялёнай альтанцы можна было заўважыць белую фігуру — мусіць, старога, які мірна драмаў. Кемп уважліва ўглядваўся, шукаючы ў паветры паблізу ад дома рэвальвер, але ён знік. Кемп зноў паглядзеў на Эдая. Ігра пачалася сур'ёзная.

Хтосьці пачаў званіць і стукаць ва ўваходныя дзверы, усё больш гучна, настойліва, але ўся прыслуга, павінуючыся распараджэнню Кемпа, сядзела запёршыся ў сваіх пакоях. Нарэшце ўсё сціхла. Кемп пасядзеў крыху, услухоўваючыся, потым асцярожна выглянуў па чарзе ў кожнае з трох вокнаў. Потым выйшаў на лесвіцу і зноў з трывогай прыслухаўся. Затым узброіўся качаргой, якую ўзяў у спальні, і зноў пайшоў правяраць унутраныя засаўкі вокнаў на ніжнім паверсе. Усё было трывала і надзейна. Ён вярнуўся наверх. Эдай па-ранейшаму нерухома ляжаў ля краю пасыпанай гравіем дарожкі. Па дарозе, міма дач, ішлі пакаёўка і двое палісменаў.

Стаяла мёртвая цішыня. Кемпу здавалася, што трое людзей набліжаюцца вельмі павольна. Ён пытаўся ў сябе, што робіць яго праціўнік.

Раптам ён уздрыгнуў. Знізу пачуўся трэск. Пасля некаторага вагання Кемп спусціўся ўніз. Нечакана ўвесь дом напоўніўся цяжкімі ўдарамі і трэскам дрэва, якое шчапалі. Звінелі і бразгалі жалезныя засаўкі на аканіцах. Ён павярнуў ключ, адчыніў дзверы ў кухню, і ў гэтую хвіліну ў пакой паляцелі пасечаныя і разламаныя аканіцы. Кемп спыніўся, здранцвеўшы ад жаху. Аконная рама, акрамя адной перакладзіны, была яшчэ цэлая, але ад шкла засталася толькі зубчатая аблямоўка. Аканіцы былі пасечаны сякерай, якая цяпер з усяго размаху біла па раме і жалезных кратах, што засцерагалі акно. Але раптам сякера адскочыла ўбок і знікла.

Кемп убачыў рэвальвер, які ляжаў на дарожцы каля дома, і тут жа рэвальвер узляцеў у паветра. Кемп падаўся назад. Яшчэ секунда — і пачуўся стрэл; шчэпка, адарваная ад зачыняемых Кемпам дзвярэй, праляцела над яго галавой. Ён зачыніў дзверы, замкнуў іх на ключ і тут жа пачуў крыкі і смех Грыфіна. Потым зноў затрашчала дрэва пад скрышальнымі ўдарамі сякеры.

Кемп стаяў у калідоры, збіраючыся з думкамі. Цераз хвіліну Невідзімка будзе на кухні. Гэтыя дзверы затрымаюць яго ненадоўга, і тады…

Каля ўваходных дзвярэй пазванілі. Магчыма, палісмены. Кемп пабег у прыхожую, умацаваў ланцуг і адсунуў засаўку. Толькі аклікнуўшы пакаёўку і пачуўшы яе голас, ён зняў ланцуг, усе трое гурбой уваліліся ў дом, і Кемп зноў зачыніў дзверы.

— Невідзімка! — сказаў Кемп. — У яго рэвальвер. Засталося два зарады. Ён забіў Эдая. Ва ўсялякім выпадку падстрэліў яго. Вы не бачылі яго на лужку? Ён там ляжыць.

— Хто? — спытаўся адзін з паліцэйскіх.

— Эдай, — сказаў Кемп.

— Мы прайшлі задворкамі, - сказала пакаёўка.

— Што гэта за трэск? — спытаўся другі палісмен.

— Ён на кухні… ці хутка будзе там. Ён знайшоў сякеру…

Раптам на ўвесь дом загучалі ўдары сякеры па кухонных дзвярах. Пакаёўка зірнула на дзверы і адступіла ў сталовую. Кемп адрывіста растлумачыў сітуацыю. Яны пачулі, як паддаліся кухонныя дзверы.

— Сюды! — крыкнуў Кемп, ліхаманкава ўпіхваючы паліцэйскіх у сталовую. Яго раптам захапіла прага дзейнасці.

— Качаргу! — крыкнуў Кемп і кінуўся да каміна. Качаргу, якую ён прынёс са спальні, ён аддаў аднаму з палісменаў, а качаргу са сталовай — другому. Нечакана ён адскочыў назад.

Адзін з палісменаў хутка прыгнуўся і, крактануўшы, зачапіў сякеру качаргой. Рэвальвер выпусціў апошні зарад, прарваўшы каштоўнае палатно пэндзля Сіднея Купера. Другі палісмен стукнуў сваёй качаргой па маленькай смертаноснай зброі, нібы хацеў забіць асу, і рэвальвер са стукам упаў на падлогу.

Як толькі пачалася схватка, пакаёўка ўскрыкнула, пастаяла з хвіліну каля каміна і кінулася адчыняць аканіцы, думаючы, мусіць, выратавацца цераз разбітае акно.

Сякера выбралася ў калідор і спынілася фута за два ад падлогі. Чуваць было цяжкае дыханне Невідзімкі.

— Вы абодва адыдзіце, — сказаў ён. — Мне патрэбны Кемп.

— А нам патрэбны вы, — сказаў першы палісмен і, рэзка ступіўшы наперад, ударыў качаргой у напрамку Голаса. Але Невідзімку ўдалося ўхіліцца ад удару, і качарга трапіла ў стойку для парасонаў.

Палісмен ледзьве ўтрымаўся на нагах, і ў тую ж хвіліну сякера стукнула яго па галаве, скамячыўшы каску, быццам яна была з паперы, і ён кулём вылецеў на кухонную лесвіцу. Але другі палісмен ударыў качаргой ззаду сякеры і трапіў на штосьці мяккае. Пачуўся крык болю, і сякера ўпала на падлогу. Палісмен зноў размахнуўся, але ўдар патрапіў у пустату; потым ён наступіў нагой на сякеру і яшчэ раз ударыў. Затым, трымаючы качаргу напагатове, ён стаў уважліва прыслухоўвацца, стараючыся ўлавіць які-небудзь рух.

Ён пачуў, як адчынілася акно ў сталовай і затым прагучалі хуткія крокі. Таварыш яго падняўся і сеў; кроў цякла па ягонай шчацэ.

— Дзе ён? — спытаўся ранены.

— Не ведаю. Я трапіў у яго. Стаіць дзе-небудзь у прыхожай, калі толькі не прашмыгнуў міма цябе. Доктар Кемп! Сэр!..

Ніякага адказу.

— Доктар Кемп! — зноў паклікаў паліцэйскі.

Ранены стаў марудна падымацца на ногі. Нарэшце яму гэта ўдалося. Раптам з кухоннай лесвіцы данеслася шлёпанне босых ног.

— Гоп! — крыкнуў паліцэйскі, які трымаў качаргу, і кінуў яе; яна разбіла газавы ражок.

Паліцэйскі пачаў было праследаваць Невідзімку. Але потым перадумаў і ўвайшоў у сталовую.

— Доктар Кемп… — пачаў ён і адразу спыніўся. — Храбры хлопец гэты доктар Кемп, — сказаў ён, звяртаючыся да таварыша, які зазірнуў цераз яго плячо.

Акно ў сталовай было расчынена насцеж. Ні пакаёўкі, ні Кемпа.

Сваю думку пра доктара Кемпа другі палісмен выказаў коратка і энергічна.


Раздзел XXVIII. Цкаванне паляўнічага


Містэр Хілас, гаспадар суседняй дачы, спаў у сваёй альтанцы, калі пачалася асада дома Кемпа. Містэр Хілас належаў да той упартай меншасці, якая ніяк не жадала верыць «недарэчным байкам» пра Невідзімку. Жонка яго, аднак, чуткам верыла і не раз потым напамінала аб гэтым мужу. Ён выйшаў пагуляць па свайму саду, як нічога і не было, а пасля абеду, па даўно заведзенай звычцы, лёг спаць. Увесь час, пакуль Невідзімка біў вокны ў доме Кемпа, містэр Хілас спакойна спаў, але раптам прачнуўся з такім адчуваннем, быццам навокал штосьці нядобра. Ён зірнуў на дом Кемпа, працёр вочы і зноў глянуў. Потым ён спусціў ногі і сеў, прыслухоўваючыся. Ён памянуўчорта, але дзіўнае відовішча не знікла. Дом выглядзеў так, як быццам яго пакінулі з месяц назад пасля моцнага пагрому. Усё шкло было разбіта, а ўсе вокны, акрамя вокнаў кабінета на вышцы, былі знутры пазакрываны аканіцамі.

— Я гатовы паклясціся, — містэр Хілас паглядзеў на гадзіннік, — што дваццаць хвілін таму назад усё было ў парадку.

Здалёку чуліся мерныя ўдары і звон шкла. А затым, пакуль ён сядзеў з разяўленым ртом, адбылося нешта яшчэ больш дзіўнае. Аканіцы сталовай расчыніліся, і пакаёўка ў капелюшы і паліто з'явілася ў акне, сутаргава стараючыся падняць раму. Раптам каля яе з'явіўся яшчэ нехта і стаў памагаць. Доктар Кемп! Яшчэ хвіліна — акно расчынілася, і пакаёўка вылезла з яго; яна кінулася ўцякаць і схавалася ў кустах. Містэр Хілас устаў, невыразнымі воклічамі выказваючы сваё хваляванне з нагоды такіх надзвычайных падзей. Ён убачыў, як Кемп узлез на падаконнік, выскачыў у акно і ў тую ж хвіліну з'явіўся на дарожцы, абсаджанай кустамі; ён бег, прыгнуўшыся, нібы хаваючыся ад кагосьці. Ён знік за ракітавым кустом, потым паказаўся зноў на агароджы, якая выходзіла ў адкрытае поле. У адно імгненне ён пералез цераз агароджу і кінуўся бегчы ўніз па адхону, прама да альтанкі містэра Хіласа.

— Госпадзі! — усклікнуў уражаны страшнай здагадкай містэр Хілас. — Гэта той нягоднік, Невідзімка! Значыць, усё праўда!

Для містэра Хіласа падумаць так азначала — дзейнічаць неадкладна, і кухарка яго, якая назірала за ім з акна верхняга паверха, са здзіўленнем убачыла, як ён кінуўся да дома с хуткасцю добрых дзевяці міль у гадзіну. Пачулася бразганне дзвярэй, звон калакольчыка і голас містэра Хіласа, які крычаў на ўсё горла:

— Зачыніце дзверы! Зачыніце вокны! Зачыніце ўсё! Невідзімка ідзе!

Увесь дом адразу ж напоўніўся крыкамі, загадамі і тупатам бягучых ног. Містэр Хілас сам пабег зачыняць балконныя дзверы, і тут з-за агароджы паказалася галава, плечы і калена доктара Кемпа. Яшчэ хвіліна — і Кемп, прабегшы па градцы спаржы, паімчаў па тэніснай пляцоўцы да дома.

— Нельга, — сказаў містэр Хілас, засоўваючы завалу. — Мне вельмі шкада, калі ён гоніцца за вамі, але ўвайсці сюды нельга.

Да шкла прыціснуўся твар Кемпа, скажоны жахам. Ён стаў стукаць у балконныя дзверы і шалёна тузаць ручку. Бачачы, што ўсё дарэмна, ён прабег па балкону, саскочыў у сад і пачаў грукаць у бакавыя дзверы. Потым выбег цераз бакавыя веснічкі, абагнуў дом і кінуўся бегчы па дарозе. І ледзьве паспеў ён схавацца з вачэй містэра Хіласа, які ўвесь час спалохана глядзеў у акно, як градку спаржы бязлітасна змялі нябачныя ногі. Тут містэр Хілас памчаўся па лесвіцы наверх, і далейшага палявання ён ужо не бачыў. Але, прабягаючы міма акна, ён пачуў, як грукнулі бакавыя веснічкі.

Выскачыўшы на дарогу, Кемп, натуральна, пабег пад гару. Такім чынам, яму давялося самому здзейсніць той жа самы прабег, за якім ён сачыў такім крытычным позіркам з акна свайго кабінета ўсяго толькі чатыры дні таму назад. Для чалавека, які даўно не трэніраваўся, ён бег нядрэнна, і хаця ён пабляднеў і абліваўся потам, думка яго працавала спакойна і цвяроза. Ён нёсся буйнай рыссю і, калі трапляліся нязручныя мясціны, рознае каменне ці асколкі разбітага шкла, якія ярка блішчалі на сонцы, бег прама па іх, дазваляючы нябачным босым нагам свайго праследавацеля выбіраць шлях па асабістаму жаданню.

Упершыню ў сваім жыцці Кемп пераканаўся, што дарога па ўзгорку, як ні дзіўна, вельмі доўгая і бязлюдная і што ўскраіна горада там, ля падножжа гары, знаходзіцца занадта далёка. Ніколі яшчэ не існавала больш цяжкага і марудлівага спосабу перамяшчэння, чым бег. Дамы і дачы, што драмалі пад паўдзённым сонцам, відавочна, былі замкнуты, зачынены наглуха. Праўда, яны былі замкнуты і зачынены па яго асабістым загадзе. Але хаця б хто-небудзь здагадаўся на ўсялякі выпадак сачыць за тым, што адбываецца наўкола! Здалёку паказаўся горад, мора знікла з поля зроку, унізе былі людзі. Да падножжа ўзгорка якраз пад'язджала конка. А там паліцэйская ўправа. Але што гэта чутна ззаду, крокі? Ходу!

Людзі знізу глядзелі на яго; некалькі чалавек кінуліся бегчы. Дыханне Кемпа стала хрыплым. Цяпер конка была зусім блізка, у шынку «Вясёлыя крыкетысты» шумна зачыняліся дзверы. За конкай былі слупы і груды шчэбню для дрэнажных работ. У Кемпа мільганула была думка ўскочыць у вагон конкі і зачыніць дзверы, але ён вырашыў, што лепш накіравацца прама ў паліцыю. Праз хвіліну ён мінуў «Вясёлых крыкетыстаў» і апынуўся ў канцы вуліцы, сярод людзей. Кучар конкі і яго памочнік перасталі выпрагаць коней і глядзелі на яго, разявіўшы рот; з-за груды шчэбню выглядвалі здзіўленыя землякопы.

Кемп крыху суцішыў бег, але, пачуўшы за сабой хуткі тупат свайго праследавацеля, зноў прыбавіў хаду.

— Невідзімка! — крыкнуў ён землякопам, няпэўным жэстам паказваючы назад, і, па шчасліваму натхненню, пераскочыў канаву, так што паміж ім і Невідзімкам апынулася некалькі дужых мужчын. Кемп перадумаў бегчы ў паліцыю, ён звярнуў у завулак, прамчаўся міма каляскі зяленшчыка, прамарудзіў імгненне каля дзвярэй каланіяльнай карчмы і пабег па бульвары, які выходзіў на галоўную вуліцу. Дзеці, што гулялі пад дрэвамі, з крыкам разбегліся пры яго з'яўленні; расчынілася некалькі вокнаў, і разгневаныя маці штосьці крычалі яму наўздагон. Ён зноў выбег на Хіл-стрыт, ярдаў за трыста ад станцыі конкі, і тут жа ўбачыў натоўп людзей, якія крычалі і беглі.

Ён зірнуў уверх па вуліцы, у напрамку да ўзгорка. Ярдах у дванаццаці ад яго бег рослы землякоп, гучна лаяўся і адчайна размахваў рыдлёўкай; следам за ім імчаў, сціснуўшы кулакі, кандуктар конкі. За імі беглі яшчэ людзі, гучна крычалі і замахваліся на кагосьці. З другога боку, у напрамку да горада, таксама спяшаліся мужчыны і жанчыны, і Кемп убачыў, як з адной карчмы выскачыў чалавек з палкай у руцэ.

— Акружайце яго! — крыкнуў хтосьці.

Кемп раптам зразумеў, наколькі змянілася сітуацыя. Ён спыніўся і агледзеўся, ледзьве пераводзячы дух.

— Ён дзесьці тут! — крыкнуў ён. — Ачапіце…

Кемп атрымаў страшэнны ўдар па вуху і захістаўся; ён паспрабаваў абярнуцца да нябачнага праціўніка, але ледзьве ўстаяў на нагах і ўдарыў па пустой прасторы. Потым ён атрымаў моцны ўдар у сківіцу і зваліўся на зямлю. Праз секунду ў жывот яму ўперлася калена, і дзве рукі моцна схапілі яго за горла, але адна з іх была слабейшая. Кемпу ўдалося сціснуць кісці рук Невідзімкі; пачуўся гучны стогн, і раптам над галавой Кемпа ўзвілася рыдлёўка землякопа і з глухім стукам апусцілася на нешта. На твар Кемпа штосьці капнула. Рукі, якія трымалі яго за горла, раптам аслабелі; сутаргавым намаганнем ён вызваліўся, ухапіўся за абмяклае плячо свайго праціўніка і наваліўся на яго, прыціскаючы да зямлі нябачныя локці.

— Я злавіў яго! — завішчаў Кемп. — Памажыце! Ён тут! Трымайце яго за ногі.

Секунда — і да месца бойкі рынуўся ўвесь натоўп. Выпадковы глядач мог бы падумаць, што тут разыгрываецца нейкі асабліва бескампрамісны футбольны матч. Пасля выкрыкаў Кемпа ніхто ўжо не сказаў ні слова, — чуўся толькі шум удараў, тупат ног і цяжкае дыханне.

Невідзімку ўдалося нечалавечым намаганнем скінуць з сябе некалькі праціўнікаў і падняцца на ногі. Кемп учапіўся ў яго, як гончая ў аленя, і дзесяткі рук хапалі, калацілі і рвалі нябачную істоту. Кандуктар конкі злавіў яго за шыю і зноў паваліў на зямлю.

Зноўку ўтварылася груда раз'юшаных людзей. Білі, трэба прызнацца, неміласэрна. Раптам пачуўся дзікі лямант: «Злітуйцеся, злітуйцеся!» — і хутка заціх у прыдушаным стогне.

— Пакіньце яго, дурні! — крыкнуў Кемп глухім голасам, і натоўп адступіў назад. — Ён ранены, гавораць вам. Адыдзіце!

Нарэшце ўдалося крыху адцясніць людзей, якіх згрудзіла і разгарачыла схватка, і ўсе ўбачылі доктара Кемпа, які быў нібы прыўзняты цаляў на пятнаццаць у паветры і прыціскаў да зямлі нябачныя рукі. Ззаду яго палісмен трымаў нябачныя ногі.

— Не выпускайце яго! — крыкнуў рослы землякоп, размахваючы скрываўленай рыдлёўкай. — Прытвараецца.

— Ён не прытвараецца, — сказаў Кемп, асцярожна прыўзнімаючы сваё калена, — а між тым, я яго трымаю. — Твар у Кемпа быў разбіты і ўжо пачынаў апухаць; ён гаварыў з цяжкасцю, з губы цякла кроў. Ён падняў адну руку і, відаць, стаў абмацваць твар ляжачага. — Рот увесь мокры, — сказаў ён і раптам усклікнуў: — Божа праведны!

Кемп хутка падняўся і зноў апусціўся на калені каля нябачнай істоты. Зноў пачалася штурханіна і таўкатня, чуўся тупат падбягаючых цікаўных. З усіх дамоў выбягалі людзі. Дзверы «Вясёлых крыкетыстаў» расчыніліся насцеж. Гаварылі мала.

Кемп вадзіў рукой, быццам абмацваючы пустое паветра.

— Не дыхае, — сказаў ён. — І сэрца не б'ецца. Як яго… ох!

Нейкая старая, якая выглядвала з-пад локця рослага землякопа, раптам гучна ўскрыкнула:

— Глядзіце, — сказала яна, выцягнуўшы маршчыністы палец.

І, глянуўшы ў паказаным напрамку, усе ўбачылі бледныя абрысы рукі, якая бяссільна ляжала на зямлі; рука была быццам шкляная, можна было разгледзець усе вены і артэрыі, усе косці і нервы. Яна губляла празрыстасць і мутнела на вачах.

— Ого! — усклікнуў канстэбль. — А вось і ногі паказваюцца.

І так павольна, пачынаючы з рук і ног, паступова распаўзаючыся па ўсіх членах да жыццёвых цэнтраў, працягваўся гэты дзіўны пераход да бачнай цялеснасці. Гэта было як павольнае распаўсюджанне яда. Спачатку выяўляліся тонкія белыя нервы, утвараючы быццам бы слабы малюнак цела, затым шклопадобныя косці і разгалінаваныя артэрыі, затым мышцы і скура, якія прымалі спачатку выгляд лёгкай туманнасці, але хутка цямнелі і цвярдзелі. Неўзабаве можна было ўжо распазнаць раздушаныя грудзі, плечы і цьмяна праяўляліся рысы знявечанага і разбітага твару.

Калі нарэшце натоўп расступіўся і Кемпу ўдалося падняцца на ногі, усе прысутныя ўбачылі распасцёртае на зямлі голае, вартае жалю, збітае і скалечанае цела чалавека гадоў трыццаці. Валасы і бровы ў яго былі белыя, — не сівыя, як у старых, а белыя, як у альбіносаў, вочы чырвоныя, як гранаты. Рукі былі сутаргава сціснуты, вочы шырока раскрыты, а на твары застыў выраз гневу і адчаю.

— Закрыйце яму твар! — крыкнуў хтосьці. — Дзеля ўсяго святога, закрыйце твар!

Цела накрылі прасціной, якую ўзялі ў шынку «Вясёлыя крыкетысты», і перанеслі ў дом. Там, на ўбогай пасцелі, у бедным паўцёмным пакоі, сярод недасведчанага, узбуджанага здарэннем натоўпу, збіты і зранены, якому здрадзілі і якога бязлітасна замучылі, закончыў свой дзіўны і страшны жыццёвы шлях Грыфін — першы з людзей, які змог стаць нябачным, Грыфін — таленавіты фізік, роўнага якому яшчэ не бачыў свет.


Эпілог


Так заканчваецца аповесць аб незвычайным і згубным эксперыменце Невідзімкі. А калі вы жадаеце даведацца пра яго больш, то зазірніце ў невялікую карчму каля Порт-Стоў і пагаварыце з гаспадаром. Шыльда гэтай карчмы — пустая дошка, уверсе якой намаляваны капялюш, унізе — чаравікі, а назва яе — загаловак гэтай кнігі. Гаспадар — нізенькі, тоўсценькі чалавечак з доўгім тоўстым носам, шчаціністымі валасамі і тварам у чырвоных плямах. Выпіце пабольш, і ён не праміне падрабязна расказаць вам аб усім, што здарылася з ім пасля апісаных вышэй падзей, і пра тое, як суд спрабаваў адабраць у яго знойдзеныя пры ім грошы.

— Калі яны пераканаліся, што нельга вызначыць, чые гэта грошы, дык яны сталі гаварыць — вы толькі падумайце! — быццам са мной трэба абысціся як са скарбам. Ну, скажыце самі, хіба я падобны на скарб? А потым адзін пан плаціў мне па гінеі кожны вечар за тое, што я расказваў гэтую гісторыю ў мюзік-холе.

Калі ж вы пажадаеце адразу спыніць паток яго ўспамінаў, дык вам варта толькі спытаць яго, ці не сыгралі сваю ролю ў гэтай гісторыі нейкія рукапісныя кнігі. Ён адкажа, што кнігі сапраўды былі, і пачне клятвенна сцвярджаць, што дарэмна ўсе чамусьці лічаць, быццам яны і дагэтуль у яго, — няпраўда гэта, у яго іх няма!

— Невідзімка сам забраў іх у мяне, схаваў дзесьці, яшчэ калі я ўцёк ад яго і схаваўся ў Порт-Стоў. Гэта ўсё містэр Кемп выдумляе, нібы гэтыя кнігі ў мяне.

Пасля гэтага ён задумваецца, крадком назірае за вамі, нервова перацірае шклянкі і, нарэшце, выходзіць з пакоя.

Ён стары халасцяк, у яго здаўна халасцяцкія густы, і ў доме няма ніводнай жанчыны. Знешнія часткі свайго касцюма ён зашпільвае пры дапамозе гузікаў — гэтага патрабуе яго становішча, — але калі справа даходзіць да падцяжак і іншых інтымных частак туалету, ён усё яшчэ карыстаецца вяровачкамі. У справах ён не вельмі прадпрымальны, але дужа клапоціцца аб рэспектабельнасці сваёй установы. Рухі яго павольныя, і ён схільны да роздуму. У вёсцы ён лічыцца разумным чалавекам, яго беражлівасць выклікае ва ўсіх павагу, а пра дарогі Паўднёвай Англіі ён паведаміць вам больш звестак, чым любы даведнік.

У нядзелю раніцай — кожную нядзелю ў любую пару года — і кожны вечар пасля дзесяці гадзін ён адпраўляецца ў гасціную карчмы, прыхапіўшы шклянку джына, ледзь разбаўленага вадой, і, адставіўшы яе, зачыняе дзверы, аглядвае шторы і нават заглядвае пад стол. Пераканаўшыся ў поўнай сваёй адзіноце, ён адчыняе шафу, затым скрынку ў шафе, вымае адтуль тры кнігі ў карычневых скураных пераплётах і ўрачыста кладзе іх на сярэдзіну стала. Пераплёты патрапаныя і пакрыты налётам зялёнай цвілі, - таму што аднойчы гэтыя кнігі начавалі ў канаве, — а некаторыя старонкі зусім размыты бруднай вадой. Гаспадар сядае ў крэсла, павольна набівае гліняную люльку, не адводзячы зачараванага позірку ад кніг. Потым ён падсоўвае да сябе адну з іх і пачынае вывучаць яе, перагортваючы старонкі ад пачатку да канца, або ад канца да пачатку.

Бровы яго ссунуты, і губы варушацца ад намаганняў.

— Шэсць, маленькае два зверху, крыжык і кручок. Госпадзі, вось галава была!

Праз некаторы час стараннасць яго слабее, ён адкідваецца на спінку крэсла і глядзіць скрозь клубы дыму ў глыбіню пакоя, быццам бачыць там нешта, не даступнае воку простых смертных.

— Колькі тут таямніц, — гаворыць ён, — дзіўных таямніц… Эх, дазнацца б толькі! Я ўжо б не так зрабіў, як ён. Я б… эх! — зацягваецца люлькай.

Потым ён пачынае марыць, ім авалодвае неўміручая чароўная мара яго жыцця. І, нягледзячы на ўсе пошукі, якія вядзе нястомны Кемп, ні адзін чалавек на свеце, акрамя гаспадара карчмы, не ведае, дзе знаходзяцца гэтыя кнігі, у якіх схавана тайна нябачнасці і шмат іншых дзіўных таямніц. І ніхто гэтага не даведаецца да самай яго смерці.


1897



Оглавление

  • Раздзел I. З'яўленне незнаёмца
  • Раздзел II. Першыя ўражанні містэра Тэдзі Хенфры
  • Раздзел ІІІ. Тысяча і адна бутэлька
  • Раздзел IV. Містэр Кас бярэ інтэрв'ю ў незнаёмца
  • Раздзел V. Крадзеж з узломам у доме вікарыя
  • Раздзел VI. Мэбля, якая ўз'юшылася
  • Раздзел VII. Выкрыццё незнаёмца
  • Раздзел VIII. Мімаходам
  • Раздзел IX. Містэр Томас Марвел
  • Раздзел Х. Містэр Марвел у Айпінгу
  • Раздзел XI. У карчме «Кучар і коні»
  • Раздзел XII. Невідзімка шалее
  • Раздзел ХІІІ. Містэр Марвел хадайнічае аб адстаўцы
  • Раздзел XIV. У Порт-Стоў
  • Раздзел XV. Чалавек, які бяжыць
  • Раздзел XVI. У шынку «Вясёлыя крыкетысты»
  • Раздзел XVII. Наведвальнік доктара Кемпа
  • Раздзел XVIII. Невідзімка спіць
  • Раздзел XIX. Некаторыя асноўныя прынцыпы
  • Раздзел XX. У доме на Грэйт-Портленд-стрыт
  • Раздзел XXI. На Оксфард-стрыт
  • Раздзел XXII. Ва ўніверсальным магазіне
  • Раздзел XXІІІ. На Друры-Лейн
  • Раздзел XXIV. План, які не ўдаўся
  • Раздзел XXV. Паляванне на невідзімку
  • Раздзел XXVI. Забойства Ўіксціда
  • Раздзел XXVII. У асаджаным доме
  • Раздзел XXVIII. Цкаванне паляўнічага
  • Эпілог