Чалавек-невідзімка [Герберт Джордж Уэллс] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Гербэрт Уэлс Чалавек-невідзімка

Раздзел I. З'яўленне незнаёмца


Незнаёмец з'явіўся ў пачатку лютага; у той марозны зімовы дзень бушавалі вецер і завіруха — апошняя завіруха ў гэтым годзе, аднак ён прыйшоў з чыгуначнай станцыі Брэмблхерст пяшком; у руцэ, абцягнутай тоўстай пальчаткай, ён трымаў невялікі чорны сакваяж. Ён быў захутаны з галавы да пят; шырокія палі капелюша хавалі ўвесь твар, віднеўся толькі бліскучы кончык носа; плечы і грудзі былі ў снезе, таксама як і сакваяж. Ён увайшоў у карчму «Кучар і коні», ледзьве перастаўляючы ногі ад холаду і знямогі, і кінуў сакваяж на падлогу.

— Агню! — крыкнуў ён. — У імя чалавекалюбства! Пакой і агню! — Ён строс з сябе снег і пайшоў за місіс Хол у прыёмную, каб абгаварыць умовы. Размова была кароткая. Кінуўшы ёй два савярэны, незнаёмец пасяліўся ў карчме.

Місіс Хол запаліла камін і пакінула свайго госця, каб уласнаручна згатаваць яму абед. Раздабыць у Айпінгу зімой пастаяльца, ды яшчэ такога, які не таргуецца, гэта была нечуваная ўдача, і місіс Хол вырашыла паказаць сябе вартай шчаслівага выпадку, які выпаў на яе долю.

Калі вяндліна падсмажылася, а Мілі, вечна сонная служанка, выслухала некалькі знішчальна-з'едлівых заўваг (што, відаць, павінна было падагнаць яе энергію), місіс Хол панесла ў пакой прыезджага абрус, посуд і шклянкі і пачала з асаблівым шыкам сервіраваць стол. Агонь весела трашчаў у каміне, але прыезджы — да найвялікшага яе здзіўлення — да гэтага часу не зняў капелюша і паліто. Ён стаяў спіной да яе, глядзеў у акно, за якім падаў снег. Рукі яго, усё яшчэ ў пальчатках, былі закладзены за спіну, і ён, здавалася, аб чымсьці глыбока задумаўся. Гаспадыня заўважыла, што расталы, снег капае з яго плячэй на дыван.

— Дазвольце, судар, ваша паліто і капялюш, — звярнулася яна да яго, — я аднясу іх на кухню і павешу прасушыць.

— Не трэба, — адказаў ён, не паварочваючыся.

Яна падумала, што недачула, і ўжо гатова была паўтарыць сваю просьбу.

Незнаёмец павярнуў галаву і паглядзеў на яе цераз плячо.

— Я лічу за лепшае не знімаць іх, — заявіў ён.

Тут гаспадыня заўважыла, што ён носіць вялізныя сінія акуляры-кансервы і што ў яго густыя бакенбарды, якія закрываюць твар.

— Добра, судар, — сказала яна, — як вы сабе хочаце. Пакой зараз нагрэецца.

Незнаёмец нічога не адказаў і зноў павярнуўся да яе спіной. Бачачы, што размова не клеіцца, місіс Хол паспешна накрыла на стол і выйшла з пакоя. Калі яна вярнулася, ён па-ранейшаму стаяў каля акна, быццам каменная статуя, з паднятым каўняром і загнутымі ўніз мокрымі палямі капелюша, якія закрывалі твар і вушы. Яна паставіла на стол яечню і амаль крыкнула:

— Сняданак пададзены, судар!

— Дзякую вам, — адказаў ён адразу ж, але не скрануўся з месца, пакуль яна не зачыніла за сабой дзверы. Тады ён крута павярнуўся і хутка падышоў да стала.

Апынуўшыся на кухні, гаспадыня пачула гук, які мерна паўтараўся. «Чырк, чырк, чырк», — чыркала лыжка па талерцы.

— Ах, вось жа гэтае дзяўчо! — сказала місіс Хол. — А я і забылася! Ну і валаводніца! — Яна ўзялася сама расціраць гарчыцу і выказала некалькі кепікаў у адрас Мілі за яе незвычайную марудлівасць. Сама яна паспела падсмажыць яечню з вяндлінай, накрыць на стол, зрабіць усё, што трэба, а Мілі — ну і памочніца! — пакінула госця без гарчыцы. А ён толькі прыехаў і жадае, відаць, тут пажыць. Пабурчэўшы, місіс Хол напоўніла гарчычніцу і, паставіўшы яе, не без некаторай манернасці, на чорны з золатам чайны паднос, панесла ў прыёмную.

Яна пастукала і адразу ж увайшла. Пры яе з'яўленні незнаёмец зрабіў рэзкі рух, і яна ўсё ж паспела заўважыць нешта белае, якое мільганула над сталом. Ён, здаецца, штосьці падбіраў з падлогі. Яна паставіла гарчычніцу на стол і тут жа прыкмеціла, што паліто і капялюш госця вісяць на стуле перад камінам, а на стальной рашотцы стаіць пара мокрых чаравікаў. Рашотка, вядома, заржавее. Місіс Хол рашуча наблізілася да каміна і заявіла тонам, які не дапускаў пярэчанняў:

— Цяпер, я думаю, можна ўзяць вашы рэчы і прасушыць.

— Пакіньце капялюш, — сказаў прыезджы глухім голасам. Павярнуўшыся, яна ўбачыла, што ён выпрастаўся і глядзіць на яе.

З хвіліну яна стаяла вылупіўшы вочы і знямеўшы ад здзіўлення.

Ніжнюю частку твару ён прыкрываў чымсьці белым — сурвэткай, якую ён прывёз з сабой, — ні яго рота, ні сківіцаў не было бачна. Таму і голас прагучаў так глуха. Але не гэта ўразіла місіс Хол. Лоб незнаёмца, пачынаючыся ад краю сініх акуляраў, быў абвязаны белым бінтам, а другі бінт закрываў яго вушы, непрыкрытым заставаўся толькі ружовы востры нос. Нос быў такі ж ружовы і бліскучы, як у тую хвіліну, калі незнаёмец з'явіўся ўпершыню. Апрануты ён быў у карычневую аксамітавую куртку; высокі чорны каўнер, падшыты палатном, быў падняты. Густыя чорныя валасы, выбіваючыся з-пад перакрыжаваных бінтоў, тырчалі пучкамі ў розныя бакі і надавалі незнаёмцу надзвычай дзіўны выгляд. Гэтая захутаная і забінтаваная галава так ашаламіла