Паміж "А" і "Б" [Владимир Георгиевич Машков] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Уладзімір Машкоў Паміж “А” і “Б” Аповесць

“Раскатурхайце вы гэтага парушальніка…”

А мяне адзін раз па тэлевізары паказвалі! Гэта было, калі я яшчэ ў дзіцячы садок хадзіў. Ведаеце, у той самы, што пры выхадзе з парку.

Аднойчы да нас у садок прыйшла нейкая цётка з круглымі акулярамі на носе. Цётка сказала, што па тэлевізары будуць паказваць канцэрт з нашага дзетсаду, але пакажуць толькі адораных дзяцей, а астатнія павінны сядзець вакол і рабіць выгляд, што ім вельмі весела. І ні ў якім разе не шумець, а толькі пляскаць у ладкі.

Я, канешне, аказаўся неадораным і патрапіў у тую кампанію, якая сядзела ўздоўж сцен і ўсяляк удавала, што ім вельмі весела. Нарэшце мне гэта надакучыла. І калі я ўбачыў, што тэлекамера нацэлілася наўпрост на мяне, імгненна ўстаў на рукі, прайшоў колькі крокаў, спрытна ўскочыў на ногі, усміхнуўся і пачаў тэатральна кланяцца. Як сапраўды артыст. Тэлекамера ўсё яшчэ глядзела на мяне, і мне нават здалося, што я чую, як апладзіруюць гледачы, якія сядзяць дома ля сваіх тэлевізараў.

Але вось тэлекамера зірнула ўжо на сапраўднага адоранага дзіцёнка, а цётка ў круглых акулярах адцягнула мяне ўбок і сказала, што калі я, Валерка Карабухін, буду зрываць перадачу, то яна не ведае, што са мной зробіць.

Гэтак мяне адзін раз паказвалі па тэлевізары.

І ўвогуле, тады, калі я быў маленькім, перадачы ў сто разоў цікавешыя былі, чым цяпер.

Вось фільм паказвалі — я такіх фільмаў даўно не бачыў. Там нашы за шпіёнам гналіся. Спярша на кані, потым на машыне… А шпіён усё роўна ўцёк. Паспеў у самую апошнюю хвіліну ўчапіцца за верталётную лесвіцу — і ўцёк. Але туфель шпіёнскі — ён яго ў спешцы згубіў — трапіла ў рукі следчага. І той — ніколі б не паверыў, калі б сам па тэлевізары не бачыў — па туфлі знайшоў шпіёна. Ён удзень і ўночы вывучаў туфель, быццам гэта была кніга “Праз дваццаць гадоў”. І неяк заўважыў на падэшве след цыгарэты, іншаземнай, канешне.

Следчы адразу ўзбадзёрыўся, згаліў бараду, якая ў яго за гэты час вырасла, бо ён цэлы месяц, нікуды не выходзячы, гарбеў над туфлем, і пазваніў начальніку.

— Барк у нас у руках.

І вось Барк спакойна сабе рушыў па алеі парку і дыміў цыгарэтай. Выкурыў, плюнуў на яе і прыціснуў абцасам да асфальту. А следчы з-за кустоў:

— Рукі ўгору, Барк, ён жа “лялька”, ён жа — “спадарыня”! Пралічыліся? Нашы людзі кідаюць недакуркі ў сметніцу. Зразумела?

Барк спалатнеў і ўзняў рукі.

Так, фільм быў — не адцягнуць ад тэлевізара!

А цяпер — нудота… Мама кажа: “Правільна, так і трэба. Разумныя людзі на студыі працуюць, у саміх, напэўна, дзеці ёсць. Нудныя перадачы для таго пускаюць, каб дзеці самі выключалі тэлевізар і садзіліся за ўрокі або дапамагалі мамам па гаспадарцы”.

Можа, мама і мае рацыю, але ўсё адно нудна. Як у нас на зборах. Вось нядаўна збор быў. Называўся ён “Для чаго мы вучымся?” Дзіўныя людзі — “для чаго мы вучымся?” Нібыта незразумела! Для мам, каб яны ганарыліся намі, калі мы атрымліваем пяцёркі, і для настаўнікаў, каб яны нам тыя пяцёркі ставілі…

Для чаго ж яшчэ?

Галка Наважылава — гэта наш старшыня рады атрада, — расцягваючы словы, сказала: “Абавязкова прыйдзі, Карабухін, цябе разбіраць будзем”. Яна ўсіх у класе па прозвішчы называе, для самавітасці.

Я, па шчырасці, здрэйфіў. Таму што двоек у мяне — не адна, не дзве, а разы ў тры больш. Гальштук дастаў, гладзіў яго доўга, ледзь ён у мяне не згарэў. Прыйшоў у залу, ціха сеў з краю, ціха гляджу і слухаю.

А на сцэне вось што адбываецца. Выходзяць дзяўчаткі і па шпаргалках — а яшчэ выдатніцы — бойка шпараць даклады: “Вучэнне — святло, а невучэнне — цемра”, “Пяцёркі — нашы пуцяводныя зоркі”, “Веды — нашы крылы”… І ўсё так гладка і зграбна. А пра нас, пра двоечнікаў, ані слова, ані паўслова, ну зусім анічога не кажуць. Вось, думаю, любата…

А даклад ідзе за дакладам, і ўсе такія доўгія… І адчуваю я, што павекі мае зліпаюцца, а галава так і хіліцца да спіны рыжага Ўладзькі Шлыка, што сядзіць наперадзе мяне.

Заснуў я, спадары! А скажу я вам па сакрэце, уначы я храплю жудасна. Нават мама, звыклая да майго храпу і свісту, і тое часам спалохана падхопліваецца і лаецца:

— Сумлення ў цябе няма. Цэлы дзень на нагах, дай хоць уначы адпачыць.

Я кажу:

— Я больш не буду, мама. — І засынаю.

Дык вось, на зборы, акурат калі наш акулярнік — Лёнька Аляксандраў з трыбуны сказаў: “У нас ёсць асобныя вучні, якія не зусім разумеюць, як неабходныя веды нам, тым, хто ідзе на змену нашым бабулям і дзядулям, нашым бацькам, дзядзькам і цёткам”, - акурат у гэты момант з майго рота вырваліся першыя хрыплыя гукі.

Гэта было як сінгал горна, які будзіць на зары піянерскі лагер, як школьны званок, што весела і бесцырымонна перарывае нудлівы ўрок! Усе радасна паўскоквалі, сталі паказваць на мяне пальцам і рагатаць.

Але мне пра гэта потым расказалі. А тады я нічога не чуў і не бачыў і толькі сваё “хр-р-р!” прадаўжаў.

Тут Галка Наважылава як зыкне:

— Раскатурхайце вы гэтага парушальніка!

Я адразу прачнуўся, абвёў позіркам аднакласнікаў, якія заліваліся рогатам, панурыўся і пашкандыбаў да выхаду.

А мне наўздагон Лідзія Іванаўна, класная:

— Карабухін, каб заўтра быў у школе разам з маці!

Прыватнаўласніцкая рэйка

Вы, спадары, хочаце даведацца, што было пасля збору?

Ой, спадары, не пытайцеся. Пасля збору быў яшчэ адзін збор.

Наша важатая Кіра сказала:

— Трэба асудзіць Карабухіна.

Я спытаў:

— На колькі?

Важатая Кіра не зразумела:

— Што на колькі?

— Я хачу спытаць, на колькі гадоў мяне асудзіць?

Важатая Кіра ўся спалатнела.

— Ты, Валерый, ніяк не навучышся весці сябе па-людску.

Важатая Кіра — з 10 “А”. Іх там цэлы клас рыхтуюць у важатыя, вучаць, як знаходзіць падыход да дзяцей, то бок да нас. І, напэўна, Кіры ўнушылі: “З дзецьмі патрэбна строгасць, інакш яны на шыю сядуць”. Або штосьці накшталт таго. Вось яна і прымяняе свае веды на практыцы.

— Дарагія мае, хто хоча выступіць? — хадзіла па радах і тармасіла ўсіх важатая Кіра. Потым павярнулася да Галкі Наважылавай:

— Што ж ты, Наважылава, не вядзеш? Вядзі.

І Галка павяла:

— Ну, гаварыце ж, гаварыце! Хто хоча сказаць?

Аднакласнікі ўнікалі палкіх Галчыных вачэй, нізка схілялі галовы, робячы выгляд, быццам нешта разглядаюць на выцертых уласнымі рукамі партах.

— Вы што — салідарныя з ім? — важатая Кіра паказала на мяне.

Я выпнуў грудзі, каб мяне можна было лепей разгледзець. Аднакласнікі ўпарта і горда маўчалі.

— Дык вы лічыце, што гэта вельмі добра — на піянерскім зборы храпці? — Важатая Кіра пачала нервавацца.

Я паматаў галавой. Кіра стаяла да мяне спінай і нічога не заўважала. Аднакласнікі ўсміхнуліся і хорам адказалі: “Не!”

— Потым Карабухін зусім распяражацца, пачне і на ўроках храпці, а там — кукарэцаць, мяўкаць. — Голас у важатай Кіры звінеў і мацнеў.

— Я не ўмею кукарэкаць, — не вытрымаў я. — І мяўкаць таксама не ўмею.

Я не люблю, калі мне прыпісваюць таленты, якіх у мяне няма. У мяне сваіх досыць, магу пазычыць, каму трэба.

Таварышы мае так і палеглі з рогату. А важатая Кіра сказала, што яна больш не можа, што такога нахабніка яна бачыць упершыню і што яна пойдзе скардзіцца дырэктару.

Мне было шкада важатую Кіру. Яна ўвогуле добрая, але чаму яна не можа зразумець, што я хроп не знарок? Крыўдна, калі цябе не разумеюць.

Нядаўна мне сказалі: “У цябе, Карабухін, толькі адны дрэнныя ўчынкі. А ты праяві сябе ў нечым добрым, карысным… Вось заўтра ўвесь клас ідзе збіраць металалом. У цябе ёсць шанец зарабіць добры ўчынак”.

“Ладна, — падумаў я. — Калі ў мяне толькі дрэнныя ўчынкі, хай будзе адзін добры”. І я пайшоў збіраць металалом.

На Пясчанай вуліцы знеслі некалькі старых развалюх. Там сяміпавярхоўку сабраліся будаваць. Мы пашнарылі трохі ў пошуках жалезных ці любых іншых скарбаў. І раптам я спатыкнуўся аб нешта і ледзь не ўпаў. Зірнуў — жалезная рэйка. Хацеў падняць — ого-го-го — вось гэта вага.

— Рушце сюды! — паклікаў я хлопцаў.

Раз-два — узяліся ўчатырох і паднялі. Глядзім, а да рэйкі дротам прывязана вечка. Мы яго адразу не разгледзелі, бо яно было засыпана смеццем.

Пад вечкам аказалася прамакутная адтуліна.

— Хлопцы, гэта падземны ход! — узрушана закрыкаў Уладзя.

— Лухта, — прамовіў разважлівы Сёмка. — Гэта проста склеп. У майго дзядзькі ведаеце які склеп!

— Ведаем, — адмахнуўся я. — У каго ёсць ліхтарык?

— У мяне, — сказаў Сёмка.

— У дзядзькі ўзяў?

— Свой, — пакрыўдзіўся Сёмка.

Я хацеў ужо спусціцца ў склеп, але ўбачыў, што няма ніякай лесвіцы.

А раптам склеп глыбокі? Грымнешся долу, а пасля пра каго ў сценгазеце пісаць будуць, як пра галоўнага разгільдзяя школы?

Я падумаў хвіліну.

— Здыміце рамяні.

І сам першы зняў раменьчык. За мной тое ж самае зрабілі хлопцы. Хутка з раменьчыкаў звязалі вяроўку. Атрымалася выдатная лесвіца. Я ўхапіўся за канец вяроўкі з раменьчыкаў, і хлопцы спусцілі мяне ўніз.

— Ну што там? — крычалі хлопцы. — Давай вылазь!

Я тузануў вяроўку.

— Цягніце!

Напружыўшыся, таварышы выцягнулі мяне. Калі я апынуўся на зямлі, то штомоцы чхнуў. Раз, другі, трэці… Вось ужо ніколі не думаў, што так хвацка ўмею чхаць.

— Ну што? — спыталіся хлопцы. — Нічога там няма?

— А вы чаго хацелі — салёных гурочкаў?

— Не, — адказаў Уладзя, — хоць бы якое карыта…

— А насмарку не хочаш? — сказаў я і чхнуў у чацвёрты раз.

Мы ўхапіліся за рэйку і пацягнулі яе. Рушылі па вуліцы і ў такт нашым крокам дружна спявалі:

— Наши жены — ружья заряжены.

І раптам:

— Стойце! Чакайце! Укралі!

За намі грукаў ботамі па вуліцы дзядзька ў кажусе і заечай шапцы.

— Аддайце, гэта мая рэйка, — сказаў ён, аддыхаўшыся.

Сёмка спрабаваў быў заспрачацца:

— Мы знайшлі гэтую рэйку. Яна валялася.

Я спыніў Сёмку і дабрадушна ўсміхнуўся:

— Калі ласка, бярыце!

Дзядзька пасоп, папыхкаў, нарэшце прыўзняў рэйку, прайшоў, хістаючыся, некалькі крокаў і кінуў сваю ношу на зямлю. Твар яго зрабіўся ўмольным.

— Хлопчыкі, памажыце. Вы ж піянеры, цімураўцы, так сказаць, памочнікі старэйшых.

Мы захоўвалі маўчанне.

Дзядзька зрабіў другую спробу, але ён быў старэнькі, і ўстанавіць сусветны рэкорд па пад’ёму цяжару яму не ўдалося.

Тады я пачаў штурм.

— Як ваша імя і імя па бацьку?

— Сідар Сідаравіч, — буркнуў дзядзька.

— Сідар Сідаравіч, дзяржава пра вас клапацілася. Вы атрымалі цудоўную трохпакаёвую кватэру ў цудоўным пяціпавярховым доме на цудоўным другім паверсе. У двары ў вас растуць цудоўныя саджанцы і звініць цудоўны дзіцячы смех.

Увесь час, пакуль я натхнёна нёс гэтую лухту, дзядзька пазіраў на мяне, вытрашчыўшы вочы, і згодна ківаў галавой.

— Мусіць, вы ўжо і пенсію атрымоўваеце?

— Атрымоўваю.

— Вось бачыце, вы цалкам забяспечаны і шчаслівы чалавек. — Я падміргнуў таварышам. — Чаго ж вам яшчэ трэба?

Мы ўзялі рэйку з прымацаваным да яе вечкам і выправіліся ў дарогу.

— Да пабачэння.

— Да пабачэння, — разгублена сказаў нам дзядзька.

Некалькі хвілін мы ішлі ды хіхікалі.

— Гэй, стойце, чакайце!

Мы са злосцю кінулі рэйку на зямлю, яна глуха бразнулася.

— Ну нашто яна вам? — Я больш не ўсміхаўся.

— А на склеп, — няўпэўнена сказаў дзядзька.

— На які? У вас жа цудоўная трохпакаёўка ў цудоўным пяціпавярховым доме.

Дзядзька апусціў вочы і пяшчотна паглядзеў на рэйку.

Зноў рэйка ў нашых руках, зноў мы тупаем па вуліцы.

Дзядзька не адстае ад нас і ные:

— Ён спатрэбіцца мне. Распілую на кавалкі і канькі ўнуку зраблю. Або грузілы на вуды…

Мы ішлі, зусім не зважаючы на яго стогны. Мы спыніліся толькі, каб перадыхнуць.

Нарэшце дзядзькавы мальбы мне надакучылі, і я рашыў яго прыпужнуць.

— Гэта не вы гаворыце, гэта ў вас перажыткі капіталізму гавораць.

Дзядзька захіхікаў і пацёр рукі.

— Ну, хлопцы, пасварыліся, і годзе. Па пачку марожанага на брата, і адцягнем рэйку да мяне ў цудоўную кватэру.

Мы не адказвалі.

Ну, хлопчыкі, па пачку пламбіру.

Я бачыў, як Сёмка аблізнуў губы.

— Поўны наперад! Свістаць усіх наверх! Зямля!

Наперадзе паказалася школа. Мы дадалі хуткасці.

— Хлопцы, па квітку ў кіно на брата і па пачку пламбіру…

Калі мы прыцягнулі праклятую рэйку ў школу, важатая сказала, што мы паступілі няправільна, не па-піянерску. І, каб выправіць памылку, павінны не марудзячы аднесці рэйку назад яе ўладальніку.

Уладальнік горача падзякаваў важатай, а я сказаў, што ў мяне дрэнных учынкаў хапае, я хацеў зарабіць добры, а таму няхай назад гэтую прыватнаўласніцкую рэйку цягнуць іншыя. І пайшоў. Дзвярыма я не ляпаў. У мяне няма такой дурной звычкі.

Ці баяцца сабакі козыту?

Вось так і не ўдалося мне здзейсніць добры ўчынак.

Ну, Карабухін, — сказалі мне, — калі ўжо ты металалом збіраць не ўмееш, то ведаеш…

І развялі рукамі.

А Галка Наважылава пры ўсіх вымавіла:

— Мы вырашылі, Карабухін, заняцца табой ушчыльную і ўсур’ёз. Сёння пасля ўрокаў да цябе накіруецца піянерскі патруль.

А навошта патруль? — спытаў я. — Што я — злачынца?

— Двойкі атрымліваць — хіба не злачынства? — сказаў Лёнька Аляксандраў і паважна паправіў акуляры на пераноссі.

Я задумаўся.

— Паслухайце, — сказаў я нарэшце. — Можа, без патруля абыдземся?

— Нельга, — пазяхнуў Лёнька. — Да цябе больш даверу няма.

— Ладна, — уздыхнуў я. — Прыходзьце. Толькі калі Эльбрус нападзе на вас, я не адказваю.

Усе паглядзелі на мяне ўважліва.

— А хто такі Эльбрус?

— Дабярман-пінчэр. Сабака такі. Як убачыць каго чужога, асабліва дзяўчынку, адразу кідаецца, — цярпліва патлумачыў я.

Аднакласнікі сцішыліся.

— Хлусіць ён! — раптам закрычаў Сёмка. — Я ў яго ўчора на тэлевізары сядзеў, ніякага дабярмана, ніякага пінчэра ў яго няма. У яго нават кошкі няма.

Галка Наважылава асуджальна пахітала галавой:

— А падманваць таварышаў, Карабухін, і зусім сорамна.

Я толькі сцепануў плячыма, а Сёмку паказаў кулак — пагаворым сам- насам, як мужчына з мужчынам.

Трэба было штосьці прыдумаць. Я ведаў, што такое піянерскі патруль. Гэта — прыходзяць да цябе дадому, засмучаюць маму, пытаюцца, як ты рыхтуеш урокі, які ў цябе распарадак дня, — увогуле, соваюць нос куды не трэба. А пасля ўсяго мама плача: “І навошта ты мне на гора такі ўрадзіўся?”

Не, трэба было дзейнічаць рашуча. “У мяне няма сабакі, - падумаў я, — дык яна ў мяне будзе. Ну, не дабярман-пінчэр, а просты дварняк — усё роўна ва ў сабачых пародах анічога не цяміце”.

Як толькі кончыліся ўрокі, я на скрут галавы памкнуўся дадому і куляй уляцеў на пяты паверх. Там жыла адна бабуля. У яе быў кучаравы беленькі сабачка з чарнюткім, як кнопка, носам. Калі яго пабачыць здалёк, то можна спужацца — страшная пачварына. А калі яе пабачыць бліжэй, то адразу стане ясна, што гэта бяскрыўдны пакаёвы сабачка.

Але ў мяне не было выбару, больш сабак у нашым доме не вадзілася.

Я сказаў бабулі, што вельмі люблю сабак, але ўсе сабакі свету, у тым ліку і дабярманы-пінчэры, не вартыя і адзінага кіпцюрыка яго, бабулінага, сабачкі. І хай таму яна, бабуля, дазволіць мне пагуляць з яе сабачкам па двары.

Бабуля была расчулена. Яна забылася, як я цягаў яе сабачку за хвост і купаў у лужыне.

Бабуля замілавана пралепятала:

— Ты чуеш, Ружа, які цудоўны хлопчык жыве ў нашым доме? Выхаваны, любіць жывёл… Ідзі з ім пагуляй. Толькі, хлопчык, нядоўга, а то Ружа сёння кашляў.

Я баюся, ці не прастудзіўся ён.

Я хутка спусціўся ўніз. І якраз своечасова — па лесвіцы ўжо пляскаў галёшамі піянерскі патруль. Я ледзь паспеў зачыніць за сабой дзверы, як. Дзынь! Патруль!

Я тузануў Ружу за хвост: вось зараз забрэша! Але ён толькі жаласна заскуголіў. Я яшчэ раз тузануў — ну, пабрашы, старэча, табе шкада, ці што?

Ружа ледзь не заплакаў, але брахаць не хацеў. Ён проста не ўмеў, напэўна.

Тады я ўстаў на карачкі, каб паказаць Ружы прыклад, і натхнёна прагаўкаў: гаў! гаў!

Другі званок захліпнуўся на першай жа ноце.

Я рахмана спытаўся:

— Хто там?

— Гэта мы, — дрыготкім голасам адказала Галка. — А адкуль у цябе сабака?

— Я ж вам расказваў, а вы мне не паверылі. Пачакайце хвілінку. Я яго прывяжу, а то ён не чужых кідаецца. Асабліва на дзяўчатак.

Бразгаючы ланцужком, я завёў сабачку ў кут, ускалмаціў на ім поўсць, і выпадкова мае рукі трапілі Ружы пад пахі.

Я крыкнуў:

— Заходзьце! Эльбрус на ланцугу!

І тут адбылося нешта надзвычайнае. Напэўна, Ружа як агню баяўся козыту. І дужа не любіў, калі яго казыталі. Таму што ў тую хвіліну, калі аднакласнікі з’явіліся на парозе, Ружа вырваўся з маіх рук, шалёна віскнуў, забрахаў і ўсчаў гойсаць па калідоры. Ускалмачаны, раззлаваны, ён казаўся такім страшным, што нават я забаяўся.

А таварышы? Змінаючы адно аднаго, яны скаціліся па лесвіцы ўніз.

Я ледзьве супакоіў разлютаванага Ружы і адвёў яго да бабулі.

Раніцай, ледзь я пераступіў парог класа, на мяне наляцела Галка Наважылава.

— Ну, Карабухін, гэта пераходзіць усякія межы. На сваіх таварышаў нацкоўваць шалёнага сабаку! Так гэта табе не спусцім.

Яна агледзела арліным паглядам увесь клас і прамовіла:

— Наш атрад вырашыў аб’явіць табе байкот. З сённяшняга дня мы з табой не размаўляем. Ты нам не таварыш.

— Усе са мной не размаўляюць? — Я зірнуў на Сёмку.

Сёмка адвярнуўся.

— Усе, — адрэзаў Лёнька Аляксандраў.

На першым уроку са мной ніхто не размаўляў, на пераменцы таксама, на другім уроку ў мой бок ніхто нават не зірнуў, на другой пераменцы на мае пытанні не адказвалі, на трэцім уроку — таксама, на вялікай пераменцы — пяць хвілін! — са мной ніхто слоўцам не перакінуўся, на чацвёртай пераменцы байкот працягваўся.

Пасля пятага ўрока я змрочна прамовіў:

— Пайсці ўтапіцца, ці што!.. А што яшчэ застаецца чалавеку?

І, ледзь перастаўляючы ногі, пацёгся па калідоры.

Я аб’яўляю галадоўку

Канешне, тапіцца я не думаў. Я накіраваўся ў кіно. З учарашняга дня ва ўсіх кінатэатрах ішоў фільм “Парыжскія таямніцы”.

Па горадзе былі расклеены блакітныя афішы. З афіш усміхаўся шыракаплечы хлопец. Ад яго ўдараў ва ўсе бакі разляталіся тыпусы са змрочнымі фізіяноміямі.

Хіба можна было не пайсці на такі фільм? Лягчэй у школу не пайсці…

Кіно мне спадабалася. Здорава б’ецца гэты маркіз. Трэба будзе мне патрэніравацца. Бокс у жыцці спатрэбіцца.

Заняты такімі думкамі, я рушыў па вуліцы. І нічога не заўважаў. Раптам на мяне наляцеў і ледзт не збіў з ног Сёмка.

— Ты што правілы вулічнага руху парушаеш? — усердзіўся я.

— Ты жывы? — У Сёмкі дрыжэлі рукі, дрыжэў партфель, а твар быў такім напалоханым, быццам ён толькі што пабываў у пашчы ў льва і толькі цудам вырваўся.

— Цікава, чаму я павінен памерці? — здзіўлена спытаў я.

— Ды не, канешне, — узрадаваўся Сёмка. — Я пабягу, скажу таварышам. А то яны думаюць, што ты. — Сёмка нервова хіхікнуў, - утапіўся. Шукаюць цябе.

— Чакай. — Я схапіў Сёмку за руку. — Шукаюць, кажаш?

— Так, — таропка заківаў Сёмка, — ужо і дома былі. А ты дзе швэндаўся? У кіно сядзеў?

Я нічога не адказаў, таму што я разважаў. Думкі адна за адной з’яўляліся ў маёй галаве, яны перабівалі адна адну і не давалі засяродзіцца: “А што, калі я. Не, лепш так. А можа — наадварот?”

Нарэшце я наважыўся:

— Ну, бывай, — задуменна прамовіў я.

— Ты к-куды? — у Сёмкі задрыжалі вусны.

Я моўчкі павярнуўся і хутка рушыў не ў той бок, дзе быў мой дом, а ў процілеглы. Я збочыў направа каля рознакаляровага, нібы папугай, газетнага кіёска. І калі я апынуўся за сцяной дома і Сёмка згубіў мяне з поля зроку, я кінуўся вомегам.

Не ведаю, як вы, але я люблю двары ў мікрараёнах. Тут вельмі лёгка схавацца ад любой пагоні. Дамы ўсе на адзін твар, двароў процьма, карацей — паспрабуй злаві.

У адзін з такіх двароў я і шмыгнуў. З-за сцяны дзетсаду выглянуў. Как я і меркаваў, Сёмка краўся за мной. Але мой імклівы рывок збіў яго з панталыку. Сёмка недаўменна азіраўся, ён не мог зразумець, куды я знік.

Я, задаволены, усміхнуўся. Даў кухталя малому, які занадта да мяне прыглядаўся, і патупаў дадому.

У нашым раёне амаль усе дамы былі драўляныя. Улетку на вуліцах зелянела трава, а ўзімку снег завальваў дамы па самую макаўку. І тады ўсе жыхары выходзілі і расчышчалі дарожкі да калонак. Увогуле, як у вёсцы, хаця ўсяго ў двух кроках ад шумнага, зіхоткага праспекта. Толькі тры новых, у сем паверхаў, дамы ўзвышаліся над нашым раёнам. Уначы яны былі падобныя на вялікія караблі, што спыніліся адпачыць на пару хвілін і хутка здымуцца з якараў.

Я з мамай жыў у доме пасярод, у 27 “а”, а былі яшчэ 27 проста і 27 “б”.

Асцярожна, каб мяне ніхто не заўважыў, я прабраўся па лесвіцы на паддашак. На паддашку, за кацельным комінам, было наша з сёмкай месца. Пра яго ніхто, акрамя нас, не ведаў. Там я выпрастаўся на старой рыжай канапе. Яна была такая старая, што нават спружыны ў яе рыпелі.

Трэба было абдумаць, што адбылося.

Дарэчы, пра паддашкі. Раней, калі мы яшчэ жылі ў драўляным доме, там быў выдатны паддашак. Мы з Сёмкам забіраліся туды ва ўсіх выпадках, калі трэба было абмазгаваць што-небудзь вельмі складанае і сакрэтнае.

Але потым наш дом зруйнавалі. Прыехаў бульдозер, і дома як не было, а з ім і паддашка. І мы з мамай пераехалі ў той самы 27 “а”, на паддашку якога я зараз усё гэта згадваю.

Памятаю, мама хадзіла па нашай кватэры, пад сабой ног не чуючы, ускідвала рукі, гладзіла сцены, адкрывала краны.

А я стаяў змрочны, як скульптура ў парку. Ну хіба могуць быць у такім доме паддашкі?

Тут да нас уварваўся Сёмка. Сёмка, то бок яго бацькі, таксама атрымалі кватэру ў нашым доме.

— Хадзем, — сказаў Сёмка.

Я неахвотна выйшаў на пляцоўку.

— Чаго табе?

Мой сябар прамовіў толькі адно слова:

— Паддашак.

Мы памчаліся наверх. Аказалася, што ў 27 “а” паддашак усё-такі быў. Вялізны і зусім пусты. Толькі дах нізкаваты, але тут ужо нічога не паробіш, мы былі радыя і такому.

Калі я вярнуўся з паддашка, мама несупынна хадзіла па пакоі.

— Я так задаволена! Я так радая! — Яна абярнулася да мяне: — А табе як? Падабаецца?

Я усміхнуўся:

— Вельмі.

Неўзабаве паддашак завалілі ўсялякім хламам, таму што паветак у двары не было. Но нам з Сёмкам удалося адгарадзіць сабе месцейка за кацельным комінам. Калі нас чакала якая-небудзь непрыемнасць, мы забіраліся сюды. Тут мы былі ўпэўнены ў сваёй поўнай бяспецы.

— Я так і ведаў, што ты тут. — Сёмкава трыумфальная фізіяномія ўхмылялася.

Ён падкраўся так асцярожна, што я яго не заўважыў.

— Чаго ты не прыцягнуў з сабой увесь клас? — злосна спытаў я.

— Ты не злуйся, — прымірэнча сказаў Сёмка, — Есці хочаш?

Ён выцягнуў з празрыстага мяшэчка ўсё, што прынёс з сабой. Сёмка быў чалавек шчодры і прыцягнуў гару ўсялякай ежы: кавалак сыру, каўбасу з белымі гарошынамі тлушчу і яшчэ гарачыя, у румянай скарынцы катлеты. Калі адкусіць, падумаў я, скарынка пэўна захрумстае.

Я праглынуў сліну: успомніў, што не абедаў.

— Колькі часу?

— Гадзін восем. Ды ты еш, — Сёмка пасунуў да самага мойго носа катлеты.

Я ганарліва паматаў галавой:

— Я аб’яўляю галадоўку.

Сёмкаў твар выцягнуўся.

— У знак пратэсту супраць байкоту, — дадаў я.

Сёмка пазіраў на мяне са здзіўленнем і захапленнем.

— Ну, вось што, — сказаў я. — Ты зараз пойдзеш адсюль і, калі ты мне сябар.

— Але твая маці непакоіцца, мусіць, — перабіў мяне Сёмка.

— …і калі ты мне сябар, ты нікому не скажаш, дзе я, — рашуча закончыў я.

Засмучаны, Сёмка пайшоў, і я застаўся адзін. Толькі тут я адчуў, як мне крыўдна, што са мной так паступаюць таварышы. Нават размаўляць не хочуць, быццам я ім вораг.

Ну, ладна, я вас правучу. Адвярнуліся ад чалавека, а чалавек пайшоў і ўтапіўся.

Я ўявіў, якая нататка з явіцца ў газеце:

Смерць праз абыякавасць

Учора трагічна загінуў вучань 6 класа “А” 13-й школы Валерый Карабухін. Смерць сталася вынікам злачыннай абыякавасці да лёсу хлопчыка. Пад знешняй весялосцю і бесклапотнасцю калектыў не разгледзеўяго пяшчотнай, чуллівай, лёгка ранімай душы…

Расчулены, што ў мяне, аказваецца, такая пяшчотная душа, я не заўважыў, як і заснуў. Прачнуўся ад таго, што азяб. Я ўскочыў і — раз, два, тры, чатыры — стаў рабіць зарадку. Зірнуў у паддашкавае акенца, — на вуліцы выла непраглядная цемра. Напэўна, гадзіны дзве ночы.

Я спусціўся з паддашка. Доўга таптаўся каля сваіх дзвярэй, баючыся пазваніць.

Мама адчыніла адразу, быццам яна прастаяла там, за дзвярыма, увесь час, пакуль я марнаваўся на паддашку. Яна схапіла мяне за руку і ўцягнула ў пакой. Я ніколі не думаў, што мама такая дужая. Потым яна пачала мяне цалаваць, а слёзы яе капалі мне на твар і нават за шыварат.

— Дзе ты прападаў, лайдак! — закрычала мама. — Тут усе з глузду з’язджаюць, а ён швэндаецца немаведама дзе. Аднакласнікі твае і Лідзія Іванаўна разоў дзесяць прыходзілі ўжо. Галодны, мусіць, як бяздомны сабака?

Мама зноў стала такой, якой была заўсёды, — мітуслівай і заклапочанай. Яна загрымела каструлькамі — прынялася разаграваць абед. Ад баршчу ішоў такі апетытны пах, што я вырашыў: “Галадоўку трэба канчаць”. Дарэчы, катлеты ў мамы былі не горшыя за Сёмкавы, так што я нічога не згубіў. Толькі воўчы апетыт прыдбаў.

Паеўшы, я расклаў крэсла-ложак і выпрастаўся ва ўсю даўжыню. Укрыўся коўдрай і адразу сагрэўся.

Усё-такі гэта хораша — спаць ў сваёй пасцелі, а не на паддашку.

Магло здарыцца “тако-о-е”!

Калі я з’явіўся ў класе, мяне сустрэлі здзіўленыя і радасныя твары. Нехта нават крыкнуў: “Ура! Карабухін вярнуўся!”

Каб яшчэ кветкі ды аркестр, гэта б выдавала на сустрэчу чалавека, што першым пабываў на Месяцы.

— Прабачце мяне, сябры, — сказаў я, і голас у мяне дрыжаў, а на вачы накочваліся слёзы.

Аднакласнікі былы расчулены:

— Ды кінь ты!

— Ды што ты!

— Лухта ўсё гэта!

Яны і напраўду абрадаваліся майму вяртанню. Добрыя таварышы!

Галка Наважылава паспрабавала была прамовіць чарговую натацыю, яна ўжо адкашлялася, але яе спыніла Сетка Нікіціна:

— Не трэба, з чалавекам магло тако-о-е здарыцца.

На твары ў дабрадушнай Светкі быў выраз жаху, яна прамовіла слова “тако-о-е” такім свістлівым шэптам, што я нават падумаў: аж і праўда магло здарыцца “тако-о-е”.

Ледзь стрымліваючы слёзы, я сеў за парту. На ўроку я цалкам авалодаў сваімі пачуццямі. І калі на пераменцы таварышы прысталі з роспытамі, мяне панесла. Пад час расповеду я касіўся на Сёмку — ці не выдасць? Але Сёмка пазіраў на мяне захопленымі вачыма, як быццам гэта не ён тырчаў са мной учора на паддашку, а нехта іншы.

— Пайшоў я тады з класа і рушыў куды вочы вядуць, — пачаў я быліннай мовай гісторыю пра тое, як я тапіўся. — Сам не заўважыў, як дабраўся да рэчкі. Распрануўся, а холад сабачы. Але я, канешне, нічога не адчуваю, самі разумееце, што ў мяне на душы!

Улез у ваду, а яна пячэцца. Вось, думаю, хіба можна ўтапіцца ў такой халоднай вадзе? Не шанцуе мне нешта.

Даплыў да сярэдзіны, склаў рукі па швах — і “салдацікам” на дно. Толькі крануўся нагамі пяску, як мяне выштурхнула на паверхню. Глянуў я на бераг, а там нейкая жанчына бегае ў квяцістай хустцы — калі я прыйшоў тапіцца, яна бялізну паласкала.

Бегае і гарлае:

— Ой, тоне хлопец, ой, ніяк выплысці не можа!

Вось цуды, падумаў я, адразу двое топяцца! Цікава, з-за чаго той хлопец, пра якога яна гарлае, у раку палез? Можа, яму таксама байкот абвясцілі? І зноўку пайшоў на дно.

Але тут празвінеў званок, увайшла Адэлаіда Васільеўна, “англічанка”, і дзеці разбегліся па сваіх партах.

Наступная пераменка была доўгая, і тут я ўжо мог даць сабе волю, тым больш што сорак пяць хвілін урока я не згубіў марна — аповед прыдумаў на славу.

— Дык вось, — працягваў я, калі таварышы зноў абкружылі мяне, — вынырнуў я яшчэ раз. Гляджу, а на беразе побач з жанчынай салдат з’явіўся. Боты ўжо скідае. А жанчына прыгаворвае яму:

— Вынырне, крыкне нешта і зноў на дно. Сілаў у яго, мабыць, нестае. Ты хутчэй, салдацік, а то патоне хлопец.

Тут да мяне, нарэшце, дайшло, што гэта аба мне цётка галосіць. Гэта я, выходзіць, не ўмею плаваць. Я, чэмпіён 6 “А”?!

Я абурыўся і закрычаў:

— Ды я лепш за вас абоіх плаваць магу! Глядзіце!

І як пайшоў кролем! А салдат мне крычыць:

— Ты, хлопча, лепей на спіну ляж, сілы эканом!

— Я і на спіне магу, калі ласка! — крыкнуў я.

Тут салдат распрануўся і кінуўся ў ваду. Плаваў ён файна, потым я даведаўся, што ў яго першы разрад. Я — ад яго, ён — за мной. Урэшце абодва дабраліся да берага.

Цётка нам дала ручнік. Мы расцерліся.

Вось так мне і не ўдалося ўтапіцца.

Таварышы маўчалі.

— Слухай, — раптам сказаў Сёмка, — а табе ж трэба было камень на шыю прывязаць.

— Правільна, камень, — загудзелі аднакласнікі.

— Камень — гэта ідэя, — сказаў я. — Вы ведаеце, сябры, дужа я был засмучаны, не падумаў пра камень. Але наступным разам я без каменя і не палезу тапіцца. Гэта вельмі добрая ідэя. Дзякуй табе, Сёма. — І я люта зірнуў на Сёмку.

— Не трэба, — закрычалі таварышы і весела зарагаталі.

Ад радасці, што ўсё так добра скончылася — я не ўтапіўся і зноў падружыўся з аднакласнікамі, - я зрабіў стойку на настаўніцкім стале. Гэта быў мой каронны нумар, ніхто ў нас у класе, апроч мяне, яго не ўмеў рабіць. І акурат у гэты момант да нас увайшла Кацярына Майсееўна — наш дырэктар. Я згледзеў яе краем вока.

— Атас! — зашумелі таварышы.

Я саскочыў на падлогу і сказаў:

— Я магу і больш прастаяць.

— Гэта я ведаю, — сказала Кацярына Майсееўна. — Хадзем, Валерый, пагаворым.

— Калі ласка, — ветліва згадзіўся я. — Але толькі не надоўга, у нас зараз кантрольная па рускай мове.

— Добра, — усміхнулася дырэктарка.

І мы ўвайшлі ў яе кабінет.

“Тры волаты”

Кацярына Майсееўна была маленькая і поўная і таму хадзіла павольна і пры кожным кроку ўздыхала.

Мы з ёй разам пачалі пад’ём па лесвіцы. Яна зробіць крок, уздыхне, яшчэ крок і яшчэ ўздых. Я мог бы за гэты час, пакуль мы паднімаліся, ужо дзесяць разоў туды і назад збегаць. Ну, калі не дзесяць, то пяць у любым разе.

І чаму толькі Кацярына Майсееўна зрабіла свой кабінет на чацвёртым паверсе? Ёй зручней было б на першым. А можа, яна знарок, каб фізкультурай займацца і скінуць лішнюю вагу?

Я толькі хацеў спытаць у Кацярыны Майсееўны, ці праўда, што яна зладзіла свой кабінет на чацвёртым паверсе, каб трэніравацца, як яна сказала:

— Ну што мне з табой рабіць, Валерый? — І зноў уздыхнула.

Я таксама ўздыхнуў і падумаў: а што са мной і напраўду рабіць?

Зверху па лесвіцы з шумам і крыкам збягалі вучні. Не даляцеўшы двух метраў да мяне і дырэктаркі, яны раптам пачыналі ісці спакойна і нетаропка, быццам ім было гадоў па восемдзесят, не менш. Вучні казалі: “Добры дзень, Кацярына Майсееўна”, - а потым несліся з ранейшай хуткасцю і з ранейшым шумам.

— Ну, дык што мне з табой рабіць? — зноў спытала дырэктарка, калі мы ўселіся ў яе кабінеце — яна ў фатэль, я ў крэсла.

Я бываў у гэтым кабінеце не раз і ўсё добра памятаю, а таму не стаў разглядваць “Трох волатаў” — вялізную карціну, што вісела на сцяне, наўпрост за спінай Кацярыны Майсееўны. Я гэтую карціну ўжо вывучыў на памяць. Магу ў любы момант расказаць, хто які меч трымае і ў каго якой масці конь. Самі разумееце, зададуць табе такое пытанне: “Ну што мне з табой рабіць?” — а як на яго адказаць, не ведаеш. Каяцца яшчэ рана, трэба счакаць, вось і вывучаеш карціну. Мне ўжо прыйшла ў галаву думка: добра б дырэктарцы для тых, хто часта бывае ў яе кабінеце, замест “Трох волатаў” павесіць “Бурлакоў”, а потым замест “Бурлакоў” яшчэ якую- небудзь карціну.

Так за некалькі гадоў можна вывучыць усіх мастакоў і ўсё, што яны намалявалі.

— Маўчыш? — спытала Кацярына Майсееўна.

— Я ўжо памірыўся з таварышамі, і ўсё будзе добра, — сказаў я. — Абяцаю.

— Ты мне кожны месяц даеш абяцанні, а што з гэтага?

— Але амаль месяц я трымаю сваё слова.

— А на колькі зараз ты абяцаеш? — усміхнулася Кацярына Майсееўна. Я заўважыў, што яна заўсёды ўсміхаецца, размаўляючы са мной. А пры маці і настаўніках яна зусім іншы чалавек. Таму я люблю бываць у яе кабінеце, калі мы ўдваіх. Вось каб яшчэ замест “Трох волатаў” павесіць “Бурлакоў”, а замест “Бурлакоў”.

— Месяц будзеш трымаць сваё слова? — спытала Кацярына Майсееўна.

— Буду, — сказаў я.

— Ну ідзі, на кантрольную спознішся, — усміхнулася яна.

Я падняўся, сказаў: “Да пабачэння”, кіўнуў волатам — да хуткай, маўляў, сустрэчы — і пайшоў да дзвярэй.

— Пра маці падумай, — сказала Кацярына Майсееўна.

Я абярнуўся. Твар дырэктаркі быў сумным.

— Ну, ідзі, - паўтарыла яна.

Я адчыніў дзверы і яшчэ раз паглядзеў на Кацярыну Майсееўну. Яна зноў усміхалася мне.

Як я суцяшаю маму

Я ведаў, якая ў мяне будзе размова з маці. Мама адразу заплача і скажа:

— Ты разумееш, як цяжка адной гадаваць дзіця?

Я буду маўчаць. Я буду сядзець у крэсле-ложку і маўчаць. Трэба даць маме выгаварыцца і ні ў якім разе не перабіваць яе. Таму што яна адразу ўскіпае:

— Напрамілы Бог, не перабівай мяне, за цябе гавораць твае ўчынкі. Потым мама скажа, што ў іншых мацярок жыццё як жыццё і толькі ў яе апраметнае пекла і адны пакуты.

Тут я звычайна не вытрымліваю:

— Але ж я ў міліцыю ні разу не трапляў, я нікога не рабаваў, не забіваў.

Мае словы толькі натхняюць маму:

- І ты лічыш, што гэта — вартасць? Неставала яшчэ, каб ты рабаваў і забіваў! Як у цябе наогул язык паварочваецца такое казаць! Змоўкні зараз жа.

Я маўчу, пакуль яна гэта гаворыць, і працягваю маўчаць.

На некалькі імгненняў мама заціхае. Потым яна зноў скажа, як цяжка адной гадаваць такога аболтуса, як я, і яшчэ працаваць, зарабляць на жыццё.

Мая мама ткачыха на камвольным камбінаце. Яна добра працуе, яе фотаздымак вісіць на Дошцы гонару разам з фотаздымкам Сёмкавага дзядзькі — галоўнага канструктара камбіната. Таго самага дзядзькі, пра якога Сёмка сцёр вушы ўсім вучням нашага класа. Але мамін фотаздымак вісіць над фотаздымкам Сёмкавага дзядзькі, і гэта дае мне права падчас асаджваць Сёмку.

А яшчэ мама ў мясцкоме. Яна заўсёды пра некага клапоціцца, да некага ходзіць дамоў, і да яе ўсе стукаюцца вечарамі: “Вось якая справа, Пятроўна.” Пагавораць, а потым гладзяць мяне па галаве, уздыхаюць і пытаюцца: “Як справы, баламут? Двойкі ёсць?” Я адказваю: “Трапляюцца”.

Тады яны кажуць: “Вучыся добра; без ведаў, сам ведаеш, зараз нікуды”. Я ківаю: правільна, нікуды.

У мамы ёсць вялікая страсць — крыжаванкі. Калі яе чымсьці можна супакоіць, дык толькі крыжаванкамі. Канешне можна яе суцешаць пяцёркамі па паводзінах, але гэта складаней. Крыжаванкі здабыць куды лягчэй. Трэба зайсці да знаёмых хлопцаў, выдзерці апошнія старонкі ў двух-трох часопісах, і ўсё будзе ў парадку.

Так на гэты раз я і зрабіў.

З кіпай крыжаванак на стале я чакаў прыходу мамы.

Калі яна прыйшла, усё было, як я ўжо распавядаў.

У канцы мама сказала:

- І калі ты ўжо будзеш паводзіць сябе, як усе? Ну калі?

Я падышоў і абняў яе за плечы.

— Усё будзе добра, мама. Вось паглядзі — новыя крыжаванкі. Ты іх яшчэ не разгадвала.

— Якія? — страпянулася мама.

Яна тут жа ўнурылася ў крыжаванкі.

— А я буду рабіць урокі, мама, — заклапочана ўздыхнуў я. — На заўтра процьму задалі.

— Так, так, рабі ўрокі, - не адрываючыся ад крыжаванак, прамармытала мама. Потым яна закінула галаву і рассмяялася: — Зноў падкупіў мяне?

— Але ты і праўда любіш разгадваць крыжаванкі. — Я таксама ўсміхнуўся.

— Люблю, люблю. Рабі ўрокі, не адрывайся.

Колькі часу мы маўчым. Я спрабую разабрацца ў задачцы, а мама ў крыжаванцы.

— Прабач мяне, Валерый, — кажа мама. — Як называецца прыбор, што вызначае хуткасць пад’ему і спуску самалёта? З дзевяці літар.

— Не ведаю, — я пацепваю плячыма.

— Так, вельмі цікавыя крыжаванкі, - кажа мама і ідзе на кухню. Я слухаю, як яна стукае каструлямі, і думаю, што сапраўды ўсё будзе добра. Я пачну добра вучыцца, стану менш валяць дурня, і наогул — хутка зіма.

Што ўмее новенькая

Я велімі люблю гэта. Прачнешся, зірнеш раніцай у акно, а ў двары ляжыць снег. Уначы выпаў. Учора яшчэ была слота, гразь, дождж ішоў, а сёння ўсюды снег.

І ты ідзеш па снезе і асцярожна ставіш ногі, але не таму, што баішся запэцкацца, як тады, калі ты тупаеш па калюжынах, а таму, што гэта першы снег і з ім трэба быць асцярожным.

Часта так здараецца, паляжыць снег пару гадзін, а потым знікае, быццам яго і не было. І становіцца так сумна, быццам ты сябра страціў ці ножык, выдатны ножык прамяняў на якую-небудзь лухту. Таму трэба глядзець у абодва акны нашага класа, каб не прамаргаць той хвіліны, калі пачынае раставаць першы снег. Таму што калі ты гэта бачыш, ты адчуваеш, што снег яшчэ вернецца. Снег хітруе, праз два дні ён зноў выпадзе, нікуды не дзенецца.

Але сёння мне прыходзілася туга. Я павінен быў назіраць у абодва акны за снегам, і яшчэ глядзець на Сцяпана Аляксандравіча, які тлумачыў новы ўрок, і на маю суседку па парце Іру Галубіцкую.

Яна з’явілася ў нашым класе толькі сёння. Яе прывяла Лідзія Іванаўна. Новенькая ўвайшла ў клас так рашуча і смела, што атрымалася, быццам не яе прывяла Лідзія Іванаўна, а яна прывяла Лідзію Іванаўну.

— Вось, сябры, новенькая, — сказала наша класная. — Яна будзе вучыцца з вамі. Завуць яе Іра, прозвішча Галубіцкая. Іра — выдатніца і добрая спартсменка. У яе разрад па гімнастыцы.

- І яшчэ я граю на фартэп’яна, — ганарліва сказала новенькая.

— Правільна, і яшчэ Іга грае на фартэп’яна, — паўтарыла Лідзія Іванаўна.

— Ого! — падумаў я ўслых.

— Што ты гэтым “ого” хочаш сказаць, Карабухін? — назадаволена спытала класная.

— Я хацеў спытацца, калі мы можам паглядзець, як яна грае, — сказаў я.

— Ты, напэўна, хлопчык, хочаш даведацца, калі вы зможаце пачуць, як я граю, — з’едліва спытала новенькая.

— Пачуць я магу і па радыё, а я ўбачыць хачу, — не здаваўся я.

— Хопіць, Карабухін, — абарвала мяне класная. — Каб ты найменш балаболіў, я пасаджу да цябе Іру.

Вось так аказалася ў мяне суседка.

— Перастань зіркаць па баках, Карабухін, — пачуў я голас Сцяпана Аляксандравіча і ачуўся. — Зноў потым будзеш казаць, што нічога не зразумеў.

Я проста ўспацеў ад таго, што стараўся ўсё ўбачыць. Я вырашыў, што буду глядзець толькі на Сцяпана Аляксандравіча.

Не варушачыся, я слухаў настаўніка, і тут над маім вухам раздалося:

— Ах! Снег растаў. Як шкада.

Я зірнуў у акно і абамлеў. Снег нібы карова языком злізала. Толькі брудныя струменьчыкі цяклі па асфальце. Я рэзка павярнуўся да маёй суседкі — што яна разумее, гэтае дзеўчынё, у першым снезе! Але твар у Іры быў нейкім задумлівым і сумным.

Пасля ўрокаў аказалася, што Іра жыве ў адным доме з намі. І мы ўтраіх — я, яна і Сёмка — патупалі па вуліцы.

— Мне так не падабаецца гэтае надвор’е, — цягнула новенькая. — У нас у Сібіры ведаеце якая зіма! Мароз такі, што птушкі на ляту замярзаюць.

— У нас таксама неблагія зімы, — суцешыў Сёмка Іру. — Праўда, Валерка?

Ён ішоў з новенькай наперадзе, а я за імі, і таму Сёмка ўвесь час абарочваўся.

- І на лыжах вы катаецеся? — спытала новенькая.

— Яшчэ як, — шумна выдыхнуў Сёмка. — Асабліва Валерка файна катаецца. Праўда, Валерка?

Я яшчэ раз змог палюбавацца на дабрадушную Сёмкаву фізіяномію. Іра толькі злёгку павярнула галаву.

— Да пабачэння, хлопчыкі, - сказала яна каля дома. — Да заўтра.

— Да пабачэння, — таропка сказаў Сёмка.

Я злёгку нахіліў галаву. Я памятаў, што ў нейкім фільме так горда развітваўся адзін граф. Не ведаю чаму, але мне раптам захацелася паказаць, што я таксама нешта цямлю ў гэтых самых. велікасвецкіх манерах.

Новенькая паглядзела на мяне доўгім паглядам, усміхнулася і ўбегла ў пад’езд.

— Якая дзяўчынка! — Сёмка закруціў галавой. — Яна ў 25-й кватэры жыве. У яе бацька маёр.

— Ужо паспеў усё выведаць? — сярдзіта спытаў я. — Может, ужо і закахаўся? — Не ведаю чаму, але Сёмка мяне сёння злаваў.

— Выдумваеш усялякую лухту, — пакрыўдзіўся Сёмка. Ён пачырванеў і яшчэ мацней закруціў галавой.

— Ладна. — Я ляпнуў яго па плячы. — Прыходзь увечары на паддашак. Справа ёсць, сакрэтная.

Аэрадром Генкі Правільнага

— Без Генкі Правільнага нам не абысціся, — сказаў Сёмка.

— А ну яго, зануду, — паморшчыўся я.

Мы сядзелі на паддашку і абмяркоўвалі важную справу.

— Генка штосьці прыдумае, — настойваў на сваім Сёмка, — такое, разумееш, эфектнае.

Генку Ракіціна ў нашым двары празвалі Правільным за тое, што ўсё на свеце ён робіць правільна. Ён ніколі не зробіць такога, за што можа добра ўляцець.

Збіраемся мы з хлопцамі залезці ў яблыкі да суседа. Генка ные: “Не, хлопцы, гэта нядобра, я лепш дадому пайду”.

Або дамаўляемся аддубасіць скаржніка. Генка зноў за сваё:

— Не, хлопцы, чалавека трэба спярша словамі пераканаць, а потым ужо гэтымі, кулакамі.

А што скаржнік даўно не чалавек і, можа, ніколі не быў чалавекам — гэта яму няўцям.

І ўсё-такі Генка Правільны быў адзіным хлапчуком у нашым двары, каму я іншым разам зайздросціў. Раз у месяц. А можа, і радзей. Гэта здаралася, калі Генка з’яўляўся ў двары з мадэллю самалёта пад пахай. Генка займаўся ў Палацы піянераў і ўжо няблага канструяваў розныя мадэлі.

Побач з нашым дваром за плотам пачыналася пустка. Там Генка наладзіў выпрабавальны аэрадром для сваіх мадэляў.

У дзень выпрабаванняў двор імгненна пусцеў, і наставала аглушальная цішыня. Таварышы імкнуліся на Генкаў аэрадром. Генка ў такія хвіліны як быццам нікога не заўважаў. А можа, і напраўду яму ні да каго не было справы. Ён бачыў толькі свае мадэлі.

Генка станавіўся ў цэнтры кола. У руцэ ён трымаў вяровачку, да якой асцярожна прывязвалі новенькі беленькі самалёцік. Мадэль была ў руках у Мішкі — сябра і памочніка Генкі.

— Давай! — крычаў Генка.

Мішка заводзіў маторчык. Самалёт некалькі імгненняў чхаў і фыркаў, як прастуджаны першакласнік, а тады з лёгкім зумканнем пачынаў апісваць колы над пусткаю.

Генка ледзьве прыкметным рухам кіраваў мадэллю.

Вось самалёт падымаецца высока, і мы задзіраем галовы, каб яго ўбачыць. А вось ён рэзка зніжаецца, зараз, здаецца, разаб’ецца на дробныя кавалачкі. Але не — зноў нясецца, як жывы.

Мы падкідваем шапкі ўгору: “Ура!”

Я таксама рады: “Малайчына, Генка!”

Зрэдку самалёт падаў. Тады Генка быў суровы, ён камандаваў гучна і рашуча. І ўсе былі радыя выканаць любы яго загад. Нават я.

І вось самалёт зноўку над пусткай, над нашымі задзёртымі ў неба захопленымі тварамі.

Неўзабаве выпрабаванні скончыліся. Генка забірае мадэль і нясе яе ў Палац піянераў. Хлопцы праводзяць яго пашанотным натоўпам. І зноў праГенку нічога не чуваць — да наступных выпрабаванняў.

— Давай паспрабуем, — не адстае Сёмка. — Гароху трэба адпомсціць як мае быць.

Я згаджаюся, таму што сам нічога не магу прыдумаць. Мы сядзім з Сёмкам цэлую гадзіну, а ў галаве ніводнай цікавай думкі. Хіба гэта цікавая думка — пайсці і пакалаціць Гароха за яго штукі? А калі ён дасць здачы. Кулакі ў яго будзь здароў! Дый сябрукі ў Гароха — дужыя хлопцы.

Мы спускаемся ўніз з паддашка.

— Слухай, Сёма, а навукоўцы, якія вынаходзяць нешта ці адкрываюць, таксама так здорава думаюць, як мы, ці не?

— Не ведаю, — шчыра кажа Сёмка. — Напэўна, гэтак жа, як і мы.

Мы выходзім у двор і тут жа натыркаемся на Генку Правільнага.

Генка ледзь стрымліваецца, каб не разрумзацца, як тая дзяўчынка. Да грудзей ён прыціскае вогненна-рыжае кацяня па клічцы Акбар. У Акбара адарваны кавалак вуха, панылая морда ў крыві.

— Каб я ведаў, хто гэта зрабіў, я б з ім пагаварыў, я б яму паказаў!..

У Генкі такі настрой, што з’явіся зараз крыўдзіцель яго Акбара, Генка парве яго на шматкі.

Ён ішоў з Палаца піянераў. І раптам пачуў выбух і адчайны кашэчы крык.

— Ну нібы дзіця малое крычыць, — расказвае Генка. — Я адразу падумаў, што гэта Акбар, напэўна, з ім нешта здарылася. Падбег да паветкі, а кацянё ляжыць на даху і мяўкае. Жаласна так мяўкае. Каб я ведаў, хто гэта — Генка ўвесь кіпеў.

Я адразу зразумеў, што гэта штукарствы Гароха і яго хаўруснікаў.

— Гэта Гарох, — сказаў я.

— Канешне, Гарох, — пацвердзіў Сёмка.

— Гарошка? — Перапытаў Генка. — Гэта зрабіў Гарошка? Так хадзем хутчэй і заявім у міліцыю.

Я ўзняў рукі ўгору і выразна паглядзеў на Сёмку. “Ну што я казаў, гэта ж Генка Правільны, хіба ён здатны помсціць, як сапраўдны мужчына!”

Але Сёмка не адчайваўся:

— Паслухай, Гена. Гарох і яго хлопцы здзекуюцца не толькі з твайго ката. Яны вось што прыдумалі. Працягваюць над тратуарам дрот, танюткі, каб не бачна было. Адзін канец прывязваюць да дрэва, другі адводзяць у вароты. А тады чакаюць. З’явіцца бабулька, яна нацягнуць дрот, раз — і бабулька на тратуары. А ўчора і мы з Валеркам трапіліся на іх вуду. Цяпер галалёд пачаўся, ты разумееш, чым гэта пагражае?

— Вось я і кажу: хадзем у міліцыю і раскажам пра ўсё, — паўтарыў Генка, і блакітныя яго вочы заззялі чыстай верай у праўду і справядлівасць.

— Абвяшчаю аперацыю “Акбар”, - урачыста сказаў я, — пачатай.

Аперацыя “Акбар”

— Чаму “Акбар”? — спытаў Генка.

— У гонар твайго гераічнага кацяняці, - патлумачыў я.

— А што гэта будзе за аперацыя? — не адставаў Генка. Як чалавек тэхнікі, ён хацеў адразу ўхапіць сутнасць справы.

Лёгка сказаць — “ухапіць сутнасць”, каля я сам толкам не ведаў, што гэта будзе за аперацыя. Але назва была прыдумана, а гэта ўжо палова справы.

І зноў мы сядзім на паддашку — цяпер утрох: Генку мы ўсё-такі ўгаварылі — і штосілы напружваем мазгі. Ідэі сыплюцца адна за адной.

Спярша — гумарыстычныя.

— Трэба дастаць вялікі слоік, прывязаць да яго Цытруса і пусціць усё гэта на гарохаўцаў, -прапаноўвае Сёмка. — Будуць драпаць не азіраючыся.

Цытрус, якога Сёмка хоча напусціць на Гароха і яго хлопцаў, здаравенны ваўкадаў дзядзькі Васі, гаспадара вялізнага саду. У яго яблычка не выпрасіш, не тое што сабаку.

— Тады ужо лепей слана пусціць, — нязграбна шучу я толькі для таго, каб сказаць хоць слова.

Потым з’яўляюцца сур’ёзныя ідэі. Іх, канешне, прапаноўвае Генка.

— Сябры, — кажа ён, — мы ў гуртку нядаўна змайстравалі пяць ракет.

І тут Генка паведамляе такое, што мы з Сёмкам радасна ўскокваем і пачынаем таньчыць вакол старой канапы, на якой сядзіць Генка. Мы таньчым баявы індзейскі танец. Мы не ведаем, ці правільна ён атрымоўваецца, таму што ніводнага індзейца на свае вочы не бачылі, і наогул у нас з танцамі нелады. Але мы ведаем адно — танцаваць трэба ўрачыста, з каменнымі тварамі, зрэдку скаланаючы паветра ваяўнічымі клічамі.

— Трымайся, Гарох! Страла праткне тваё подлае сэрца! — першым скаланаю паветра я.

— Ты вялікі, Генка, канструктар маланак! — выгуквае Сёмка.

Генка соўгаецца на канапе і моршчыцца.

— Хлопцы, мне дадому пара. Бацькі хвалююцца. Заўтра пасля ўрокаў пачнём.

Цвярозы голас нашага сябра ператварае нас з індзейцаў у шасцікласнікаў, і мы расстаёмся да заўтра.

Вы, сябры, канешне, хочаце даведацца, што за ідэю прапанаваў Генка Правільны, калі мы, людзі ўвогуле сур’ёзныя, пусціліся ў скокі. Вы не крыўдуйце, сябры, хутка я вам адкрыю ўсе сакрэты. Але не зараз, а трохі пазней. Таму што вам проста нецікава будзе чытаць далей.

Такім чынам, назаўтра на аэрадроме Генкі Правільнага, які быў перайменаваны ў ракетадром “аа” (як вы зусім правільна здагадаліся — аперацыя “Акбар”), пачалася таемная, нябачная падрыхтоўка. Мы працавалі вечарамі, каб Гарох і яго хлопцы нічога не заўважылі. Наш ракетадром быў зусім блізка ад іх дома — усяго метрах у ста ці трохі далей. І таму хто-небудзь з нас — або Сёмка, або я — вартаваў каля дома Гароха, каб, калі хто з’явіцца, папярэдзіць таварышаў.

Але нам проста шанцавала. Усе гэтыя вечары гарохаўцы невылазна сядзелі дома: напэўна, хакей па тэлевізары глядзелі.

І вось нарэшце ўсё падрыхтавана. Аперацыя “Акбар” уступае ў канчатковую фазу. Сёння на вечар прызначаны бой Гароху і яго сябрыне.

Цямнела рана. Раз, два — і ужо вечар, а ўсяго толькі пяць гадзін.

— Я пайшоў, - кажу я. Сёмка і Генка глядзяць на мяне з захапленнем.

Я іду наўпрост да нашых ворагаў. Я павінен задзерціся з імі, а тады.

— Ты не цягні, - раіць Сёмка, — удар раз і бяжы назад.

— Можа, і зусім біць не трэба, — мнецца Генка. — У нас дастаткова застрашлівых сродкаў.

— Ладна, — згаджаюся. — Я мігам.

Я накіроўваюся да дома Гароха. Іду нетаропка, каб абдумаць план дзеянняў. Уласна, чаго тут думаць?! Я павінен задзерціся з імі, а тады.

Гарохаў хаўрус у поўным зборы.

— Глядзіце, хто да нас заявіўся, — заўважае мяне здаля Гарох. — Пасол не надта братэрскай дзяржавы. Чым магу служыць?

Прыяцелі Гароха заняты сваёй звыклай справаю — прывязваюць драты да дрэў. Рыхтуюцца да вечаровага “палявання”.

— Вось што, — кажу я тонам маёра міліцыі. — Неадкладна канчайце свае хуліганскія выхадкі. Інакш. — я раблю шматзначную паўзу.

- Інакш? — Гарох выдурваецца і прыстаўляе да вуха далонь, як гэта робяць старыя, калі дрэнна чуюць.

- Інакш ты атрымаеш па мордзе, — пераходжу я на звычайную мову.

— Што, што? — усё яшчэ ўдае з сябе глухога старога Гарох.

— А вось што, — я раблю выпад і. успамінаю Генку Правільнага. Стрымліваюся і толькі моцна штурхаю Гароха ў плячо. Той, паслізнуўшыся, падае. Яго хаўруснікі накідваюцца на мяне.

Вывернуўшыся, я імчуся назад, да Сёмкі і Генкі.

— Трымай яго! — гарлае Гарох, што ўжо ўскочыў на ногі.

І хлопцы, цяжка сапучы, нясуцца за мной.

Вось я ўжо на аэрадроме. Зараз, зараз, галубкі.

Ба-бах!

Вось яно. Такога я не чакаў. Кроках у пяці збоку ўзлятае ўверх ракета. І якая! Кожны задзярэ галаву, каб убачыць такую ракету. Яна ўся свеціцца і павольна падымаецца ў цёмнае неба.

Гарох і яго хлопцы, канешне, спыняюцца і задзіраюць галовы. І раптам іх апаноўвае жах. Зіхоткая ракета расколваецца на дзве часткі і імкліва ляціць долу, наўпрост на галовы Гароху і яго “паляўнічым”.

Тыя — бегчы. Куды? Канешне, у розныя бакі. І тут пачынаецца не менш вясёлае: спрацоўвае цэлая сістэма бляшанка з карбідам, якую прыдумаў Генка.

На ракетадроме стаіць суцэльнае: бах-бах-бах, трах-тара-рах!..

Нарэшце, адышоўшы ад страху (бляшанкі з карбідам усё-ткі рэч больш знаёмая), нашы ворагі бягуць да свайго дома. І тут на іх шляху вырастае Сёмка.

— Рукі ўгору! — крычыць ён і дастае з-пад паліто. ракету.

Акурат такую, зіхоткую, як тая, што спалохала гарохаўцаў.

— Рукі ўгору! — крычым і мы з Генкам, дагнаўшы праціўнікаў. У нас у руках гэта жа таямніча свецяцца ракеты. Мы іх трымаем, як аўтаматы.

Гарохаўцы паднімаюць траслівыя рукі.

— Ну што, пускаць? — пытаюся я ў Гароха.

Яго ўсяго перасмыкае:

— Што ты! Мы за мір!

— Ну дык вось! Мы велікадушныя, — стрымана кажу я. — Палонных не бяром. Але калі вы яшчэ раз паўторыце свае штукарствы, то. — Я выразна ківаю на ракеты.

Гарох гэтак сама выразна прыкладае рукі да грудзей: маўляў, ніколі, нізашто, і наогул — пра што гаворка.

— Правальвайце! — камандую я.

Панурыўшыся, Гарох і яго хлопцы брыдуць дадому. Яны зрэдку азіраюцца — ці не стрэлім мы ім у спіну. А мы паспешліва драпаем на паддашак: ад нашых выбухаў вакол узняўся пярэпалах.

На паддашку я пытаюся ў Генкі:

— Ну, як? Па-мойму, гэта не горш за міліцыю?

Генка ўсміхаецца.

— Напэўна.

Я камандую:

— Атрад, стройся!

Калі Сёмка і Генка выцягваюць рукі па швах, я кажу:

— Аб’яўляю ўдзячнасць за бліскучае правядзенне аперацыі “Акбар”. Кот адпомшчаны, мы таксама. Вораг, канешне, моцны і каварны, але я думаю, што ён доўга будзе памятаць наш салют. Ура!

— Ура! — радасна залямантавалі Сёмка і Генка.

А потым мы ўселіся на старой рыжай канапе і Сёмка спытаўся:

— Ген! А як фарбы называюцца, якімі мы вось гэтыя штукі пафарбавалі? Люмі.

— Люмінісцэнтныя, — адказаў Генка.

У руках мы трымалі звычайныя паленцы, якім спрактыкаваныя Генкавы рукі і не вельмі зграбныя нашы прыдалі форму ракет. Нашы “ракеты” зараз былі зусім не страшныя. Яны нават не свяціліся, таму што.

— Таму што, — сказаў Генка, — люмінесцэнтныя фарбы свецяцца толькі ў цемры. А тут лямпачка гарыць.

І тут мы з Сёмкам падняліся і зноў завялі баявы індзейскі танец. А Генка зноў паморшчыўся і сказаў:

— Хлопцы, мне дадому пара. Бацькі, мусіць, непакояцца.

Вось і ўсё. Не, не ўсё. Тая ракета, што ўзляцела ў паветра і паразіла Гароха з хаўруснікамі, была самая што ні ёсць сапраўдная. Яе Генка змайстраваў у гуртку Палаца піянераў.

Канешне, шкада, што ракета загінула. Арыгінальная канструкцыя ў яе была. Але загінула ракета, выконваючы высакароднае заданне. А дзеля добрай справы і памерці не шкада.

Як мяне “ўцягвалі”

— Трэба цябе ўцягнуць, — сказала мне Галка Наважылава.

— Што, што? — здзіўлена перапытаў я.

— Трэба ўцягнуць цябе ў грамадскую працу.

— А-а-а!

— Вось табе піянерскае даручэнне — будзеш весці дзённік. Запісвай, хто што робіць на ўроках і пераменках. Зразумеў? — Галка рашуча трасянула двума вялікімі белымі каснічкамі, падобных на вялікіх белых матылёў.

— Не вельмі, - адказаў я. — А запісваць тых, хто ў буфет ходзіць? І колькі пончыкаў з’ядае, таксама запісваць?

— Не ламай камедыю. — Галка ўдавала з сябе дарослую і любіла гаварыць іх словамі. — У цябе прыгожы почырк, — дадала яна.

Гэта была чыстая праўда. Я вельмі люблю пісаць і старанна выводжу кожную літарку. Мне падабаецца глядзець, як з літар узнікае слова, і гэтае слова нешта значыць, і калі яго хто-небудзь прачытае, то зразумее, што я хачу сказаць. А потым са слоў з’яўляецца цэлы сказ. Не, па шчырасці, мне падабаецца пісаць сачыненні і пераказы. Дыктоўкі я пісаць не люблю — няма калі падумаць, пішы, што скажуць.

Я ўспомніў пра сваё абяцанне дырэктару. Да канца месяца заставалася яшчэ пяць дзён. І я згадзіўся выканаць піянерскае даручэнне.

Некалькі дзён запар на кожным уроку я добрасумленна разгортваў тоўсты сшытак з партрэтам Юрыя Гагарына на вокладцы і пачынаў запісы.

Я запісваў усё, што заўважаў. На пераменках я хадзіў па калідоры, зазіраў ва ўсе куты і пісаў, пісаў, пісаў.

Неяк раніцай Сёмка спытаў у мяне:

— Ты што, чокнуўся?

— Адстань, я выконваю піянерскае даручэнне.

— 6 “Б” прыціснуў нашых да сценкі! — закрычаў наступнай пераменцы Сёмка. — Бяжым на дапамогу!

Я ўздыхнуў як найглыбей, у мяне зачасаліся рукі — вось зараз я вам пакажу. Але. у руках у мяне быў аловак і пракляты тоўсты сшытак.

— Не магу, Сёмка, — сказаў я. — Выконваю піянерскае даручэнне. І нават зарабіў за яго двойку. А гэта ўжо лішняе, таму што, як вядома, у мяне двоек хапае.

Я выбег у двор. Сонца кінула мне ў твар сляпучы зарад сваіх промняў. Снег радасна захрумстаў пад нагамі.

Нашы хлопцы, як і на мінулай пераменцы, зноў паддаваліся 6 “Б” — гэтым даўгалыгім, у якіх рукі працавалі, як машыны.

Я ўрэзаўся да іх у тыл, закідаў іх снежкамі, засыпаў снежным пылам. Сяго-таго я проста штурхнуў у сумёт. 6 “Б” ад неспадзеўкі павярнуўся да мяне. І тады ўдарылі ззаду нашы. Напад быў такім імклівым, што 6 “Б” ганебна бег у розныя бакі, пакідаючы на полі бітвы галёшы.

Мяне, мокрага ад снегу, гушкалі. Я ўзляцеў угору, і сіняе небы было так блізка, варта было толькі руку працягнуць — і дастанеш.

Пакуль я выконваў піянерскае даручэнне, я здорава адпачыў і ўва мне кіпелі магутныя сілы.

Тут зазвінеў званок, і мы памчаліся ў клас.

А двойку я атрымаў вось як. Сцяпан Аляксандравіч заўважыў, што я не сачу за вопытам, а нешта запісваю ў сшытак.

— Што ты пішаш, Карабухін? — спытаўся Сцяпан Аляксандравіч.

— Выконваю піянерскае даручэнне, — ганарліва адказаў я.

Сцяпан Аляксандравіч сказаў, што піянерскае даручэнне трэба выконваць пасля ўрокаў, і зачыніў мой сшытак з Юрыем Гагарыным на вокладцы.

Потым ён выклікаў мяне да дошцы і папрасіў паўтарыць тое, што тлумачыў. Я, канешне, нічога не мог адказаць, і Сцяпан Аляксандравіч паставіў мне двойку.

Я лічу, што гэта несправядліва, бо я не займаўся старонняй справай, а выконваў даручэнне.

— Вы толькі паслухайце, што ён напісаў, - ахнула Галка Наважылава пасля ўрокаў. У руках у яе быў вялш тоўсты сшытак.

— Хто напісаў?

— Што напісаў? — Таварышы складвалі кніжкі ў сумкі і збіраліся бегчы са школы.

— Карабухін! — Галка патрэсла ў паветры сшыткам з партрэтам Юрыя Гагарына на вокладцы. — Рада класа даручала яму запісваць сюды, хто і як паводзіць сябе не ўроках і пераменках. І вось што Карабухін напісаў.

Таварышы сцішыліся. Калі вымаўлялі маё прозвішча, яны ведалі — будзе нешта вельмі забаўнае. Я сціпла сядзеў за сваёй партай, быццам увесь шум не пра мяне і я ўвогуле тут ні пры чым. Сазнаюся, я крыху нерваваўся. Усе-ткі гэта было першае публічнае чытанне таго, што я сачыніў. Але выгляду я не падаваў.

— Слухайце, паўтарыла Галка і адкашлялася. — “15 снежня. Усю алгебру Міша Цяплоў глыбакадумна чухаў патыліцы, а трэба было варушыць мазгамі, - урачыста прадэкламавала Галка.

Аднакласнікі пакаціліся са смеху. А Мішка Цяплоў таропка алшмаргнуў руку. У яго была такая забаўная звычка. Калі Мішка хацеў нешта зразумець, задачку, напрыклад, ён пачынаў чухаць патыліцу. Але гэта Мішку не ратавала. Двоечкі ўперамежку з троечкамі былі асноўнымі жыхарамі яго дзённіка.

— Цішэй, — і Галка адгарнула другую старонку майго летапісу.

“16 снежня. На ўроку англійскай у клас заляцела вялізная муха. І адкуль толькі яна ўзялася ўзімку, чорт яе ведае. Спярша муха кружляла вакол Адэлаіды Васільеўны, а потым стала кружляць вакол кожнага вучня. Таму ў гэты дзень ніхто правільна не мог вымавіць слова. Адэлаідзе Васільеўна здавалася, што ўсе зумкаюць, калі трэба шыпець. А ва ўсім вінаватая муха і дзяжурныя, што яе прапусцілі і не вялі з ёй барацьбы”.

Таварышы проста вішчалі ад смеху.

— Але гэта яшчэ не ўсё. — Галка ўзняла руку, заклікаючы да цішыні. — Гэта яшчэ кветачкі, а вось і ягадкі.

“17 снежня. У нашых дзяўчатак не сэрцы, а камяні, а б нават сказаў — камянюкі. На іх вачах гарыць чалавек, а яны хоць бы хны. Не жадаюць падаць руку дапамогі таварышу.

Сёння на ўроку рускай мовы гарэў Міколка Камароўскі. Калі ў яго спыталі, якая розніца паміж дзеясловамі дасканалага і недасканалага віду, ад Міколкі адразу паваліў дым. Ён кідаў красамоўныя позіркі на дзяўчатак, якія, як на ліха, захапілі першыя парты. Але тыя рабілі выгляд, што нічога не заўважаюць.

Адчуваючы, што Міколка гіне, я злітаваўся з яго і прашаптаў з апошняй парты, — ацаніце маю мужнасць! — дзеясловы дасканалага віду — гэта такія, якія дасягнулі дасканаласці, а недасканалага — якія гэтай самай дасканаласці не дасягнулі.

А што было далей, усім вядома: Міколка атрымаў двойку.

Прапаноўваю ўсіх дзяўчатак, якія не выручылі таварыша з бяды, асудзіць — тыдзень не прадаваць ім у буфеце пончыкаў з павідлам”.

Таварышы стагналі з рогату і ледзь не падалі з партаў. Нават Галка смяялася.

Але потым яна сказала:

— Ну, хопіць на гэтым. — І загарнула сшытак.

— Яшчэ, яшчэ! — закрычалі аднакласнікі. Яны стукалі вечкамі партаў і раўлі: “Біс, біс!” Ведаеце, як у тэатры выклікаюць любімага акцёра.

Я зразумеў, што павінен выйсці на сцэну. Я ўстаў і велічна падышоў да дошкі. Пры маім з’яўленні таварышы змоўклі. На іх тварах блукалі ўсменшкі. Яны чакалі, што зараз я адкалю яшчэ якісьці нумар.

— Галя мае рацыю, — сказаў я. — Добрага па трохі. Другая серыя яшчэ не гатовая. Дзякуй за ўвагу.

Я пакланіўся.

Мне заапладзіравалі.

У клас увайшла тэхнічка цётка Шура.

— Што гэта — канцэрт або ў вас мерапрыемства якое?

— Рэпетыцыя, цётка Шура, — усміхнулася Галка.

— Вы рэпеціруйце, канешне, але шэптам, — сказала цётка Шура. — за сценкай дырэктарка ўрок пачала, пачуе — яна вам наладзіць канцэрт.

Так скончылася маё першае выступленне. Калі па шчырасці, я быў задаволены. Такога гарачага прыёму я не чакаў. Праўда, выканаўцы маіх твораў неставала пачуцця гумару, але — някепска і так.

А самае галоўнае — цяпер ніхто не скажа, што я не выканаў піянерскага даручэння.

Не выканаў?

А воплескі?

Вось так.

Сёмка ахвяруе шавялюрай

Што ні кажыце, што вы мне ні даказвайце, а самае цікавае ў школе — гэта канікулы. З якім нецярпеннем чакаеш нядзелі, а канікулы ж — гэта дванаццаць нядзель адразу і запар.

Спярша, канешне, у канікулы трэба выспацца. Дрыхні сабе хоць да дзесяці гадзін, ніхто цябе не раскатурхае з лямантам: “Зноў, лайдак, спазніўся ў школу!”

Потым у канікулы можна ўдосталь пакатацца на лыжах і каньках.

А потым заняцца і сур’ёзнымі справамі.

Я яшчэ вам не расказваў, што ў мяне з Сёмкам была страсць — маркі. Адзін час мы ледзь не ссунуліся на іх, гаварылі толькі пра Конга, пра Мадагаскар, пра Бераг Слановай Косці. З што прыйдзецца мы выменьвалі маркі. Спярша кожны збіраў свой альбом, і ў нас трапляліся адны і тыя ж маркі. Але неўзабаве мы аб’ядналіся, а аднолькавыя макі вырашылі як найвыгадней абмяняць.

Я ўжо ахаладзеў да калекцыі, а Сёмка ўсё яшчэ ўздрыгваў, калі бачыў новую марку, і пытаўся ў гаспадара скарбу: “Што ты хочаш узамен?” Я не сумняваюся, што папрасі той у Сёмкі новую кашулю, якую яму ўчора купіла мама, ён аддаў бы не вагаючыся.

Нашы альбомы захоўваліся дома ў Сёмкі, і мой сябар часта бегаў у цэнтр горада, дзе была вялікая кнігарня. У гэтай кнігарні пастаянна збіраўся натоўп, там абменьваліся маркамі.

Аднойчы Сёмка прыбег да мяне вельмі засмучаны:

— У мяне нейкія гады адабралі альбом, а там Конга, Манака. Я гнаўся за імі, яны перамахнулі праз плот і ўцяклі.

А здарылася вось што. Як заўсёды, Сёмка цёрся ў натоўпе хлапчукоў, разглядаючы чужыя альбомы і паказваючы свой.

Да яго падышоў даўгалыгі бледны хлопец і ветліва ўсміхнуўся:

— Мне вельмі даспадобы твае маркі, хлопчык. Хадзем да мяне дамоў. Я пакажу табе свае, у мяне неблагая калекцыя. Я жыву побач, у двары.

Прастадушны Сёмка паплёўся за хлопцам. А хто б не пайшоў? Уласна кажучы, чаго баяцца?

Калі яны мінулі браму, нейкія хлапчукі далі Сёмку падножку, ён расцягнуўся, а альбом упаў у снег. Рабаўнікі схапілі альбом і паімчаліся да плота. Бледны хлопец уцякаў разам з імі.

Пакуль Сёмка ўскочыў, пакуль пералез праз плот, рабаўнікоў і след прастыў.

- І гэта ў самым цэнтры горада! — усклікваў я, мераючы крокамі пакой. — Сярод белага дня! Куды толькі глядзяць дружыннікі!

Сёмка сядзеў у маім крэсле-ложку прыгнечаны. Я зразумеў, што мае словы адлятаюць ад яго, як мяч ад сцяны.

Тады я сказаў:

— Трэба дзейнічаць.

І мы штодзень сталі паяўляцца ў кнігарні. Для адводу вачэй мы бралі альбом з самымі звычайнымі маркамі — іх можна купіць у любым кіёску.

Да нас падыходзілі, уважліва разглядалі альбом, махалі рукамі: “А, лухта”, - і адыходзілі. Нам гэта было на руку. Не прыцягваючы ўвагі, мы ў чатыры вока (два маіх і два Сёмкавых) назіралі за ўсімі, хто ўваходзіў у адны і другія дзверы крамы.

Тры дні не прынеслі нам поспеху. Трэба было мяняць тактыку.

Вось што, — сказаў я Сёмку, калі мы сабраліся ў чацвёрты раз на “паляванне”. — Табе прыйдзецца змяніць знешнасць.

Сёмка здрыгануўся, калі я схапіў яго за нос.

— Увогуле, няблага б падкараціць нос, але гэта нерэальна, — падумаў я ўслых і адпусціў Сёмкаў нос.

Сёмка з палёгкай ўздыхнуў і ласкава пагладзіў нос.

Я яшчэ раз агледзеў Сёмку. Мой сябар, не міргаючы, глядзеў на мяне: што яшчэ я прапаную яму падкараціць?

— Прыйдзецца адмовіцца ад кудлаў, - сумна сказаў я.

Кудлы былі гонарам Сёмкі. Яшчэ ўлетку, калі ён даведаўся, што ў 6 класе можна будзе казыраць прычоскамі, Сёмка стаў любоўна адрошчваць свае валасы. Калі ён з’явіўся 1 верасня, усе ахнулі, асабліва дзяўчаткі.

Шавялюра пераўтварыла Сёмку. Цяпер ён быў падобны на ўсіх вялікіх музыкантаў прошлага адразу.

І вось я гляджу Сёмку ў сумныя вочы і кажу:

— Трэба, Сёма, разумееш?

Сёмка шмыгае носам.

- Інакш мы не здабудзем маркі, - настойваю я.

Сёмка рашуча ўстае.

— Хадзем у цырульню.

— Сёма, дазволь мне паціснуць тваю мужную руку, — расчулена гавару я.

З цырульні Сёмка выйшаў хістаючыся і аблізваючы губы. Я чакаў яго на вуліцы.

Сёмка пасунуў на вушы шапку і вінавата ўсміхнуўся:

— Холадна без іх.

Сёмка без кудлаў быў непазнавальны. То бок я яго пазнаў, таму што гэта быў Сёмка-пяцікласнік.

— Гэта нават карысна, — сказаў я. — Стрыжка ўмацоўвае карнявую сістэму.

— Канешне, — бадзёрыўся Сёмка. — Яны пасля гэтага яшчэ лепшымі будуць.

— У сто разоў лепшымі, - горача падтакнуў я.

І вось мы зноў у краме. Сёмка здымае шапку і, астрыжаны нагала, з альбомам у руках, чакае рабаўнікоў. Я, схаваўшы ў каўнер паліто твар, прытаіўся ў куце насупраць. Сёмка павінен мне міргнуць, і тады я нападу на выкрадальнікаў марак.

— А калі іх будзе трое? — расцягвае словы Сёмка.

— Справімся, — кажу я. Як? Я і сам не ведаю. Але галоўнае — быць упэўненым.

І зноў дзень упустую. Выкрадальнік нашых марак не паяўляўся.

— Дарэмна я валасы астрыг, — ные Сёмка, калі мы ўвечары ідзём дадому. Ліхтары ў снежных шапках журліва стаяць уздоўж вуліцы.

- І ўвогуле — канікулы пройдуць, а мы ні разу на лыжах не пакатаемся, — з тугой кажа Сёмка.

— Заўтра робім выхадны, — я гучна ляпаю пальчаткай аб пальчатку. — Паедзем у парк, на горку. А потым працягнем пошукі.

Мароз, сонца, і…

У парку было столькі народу, і ўсе на лыжах, што здавалася, снег будзе расціснуты, утаптаны ў зямлю. Але нічога падобнага не здарылася. Таму што снегу было надта многа. Ніколі яшчэ ў нашым горадзе не было столькі снегу.

Мароз падмаляваў кожнаму лыжніку па румяным яблычку на шчаку. І само сонца было падобнае на сакавітую, крамяную антонаўку.

Мы з Сёмкам, канешне, махнулі на горку.

— Даганяй! — крыкнуў я Сёмку і адштурхнуўся палкамі. Потым сунуў іх пад пахі і панёсся на ўсіх парах. Вецер пеў увушшу.

Унізе я развярнуўся і знерухомеў. Следам за мной скаціўся Сёмка. З-пад яго лыж вырваўся цэлы снежны фантан.

— У-у-х, — сказаў я.

— А-а-х — падхапіў Сёмка.

— О-о-х, — не здаваўся я.

— Ы-ы-х! — паказаў усе зубы Сёмка.

— Хадзем на схіл, — прапанаваў я, калі мы нафыркаліся ўдосталь.

Мы зноў узабраліся на горку, і першай, каго я ўбачыў, была ўсмешлівая Іра.

І іншыя дзяўчаткі з нашага класа. Вы не забыліся яшчэ на маю суседку па парце. Вакол яе, як заўсёды, віліся хлапчукі.

— Валерка, — засыкаў за маёй спінай Сёмка, — вось ён, у жоўтым світары. Дзяўчаткі гаманілі з хлапчукамі і заліваліся рогатам. Бліжэй усіх да Іры стаяў, абапёршыся на кій, рабаўнік марак.

— Дакладна ён? — перапытаў я.

— Дакладна! — закрычаў Сёмка і рвануўся наперад. — Зараз я яму дам.

— Спакойна. — Я спыніў Сёмку. Некалькі хвілін я абдумваў сітуацыю. Побач з рабаўніком былі яго сябры — дужыя хлопцы, яўна з восьмага класа. Трэба было іх раз’яднаць. З трыма нам не справіцца.

— Чакай мяне каля лясочку, там, дзе схіл канчаецца. — Я абярнуўся да Сёмкі. - І без мяне нічога не рабі.

Я ведаў, што па крутым схіле многія баяцца з’язджаць, нават выдатныя лыжнікі. І я вырашыў паспрабаваць вось што.

Я ўзабраўся на горку, і тут мяне пазналі Іра ды іншыя дзяўчаткі.

— Валерый! — узрадавалася Іра. — Дзе ты прападаў?

— Мы з Сёмкам паўтараем пройдзенае, — сказаў я, прыглядваючыся да рабаўніка. Той пагардліва ўсміхнуўся.

— Зубрылы няшчасныя.

Я ледзь утрымаўся, каб не змазаць па яго задаволенай фізіяноміі.

— Між іншым, — я сляпуча ўсміхнуўся, — вельмі лёгка пазнаць сапраўднага зубрылу — ёсць просты спосаб.

— Які? — спытала Іра.

— А вось бачыце схіл? — Я памахаў палкай. — Хто па ім з’едзе, той і не зубрыла. — Я зноў чароўна ўсміхаўся.

Сябры рабаўніка пабляднелі. І ён сам, здаецца, трохі збаяўся.

— Ну, дык хто першы? — спытаў я.

Дзяўчаткі перасталі хіхікаць і пачалі шушукацца

— А гэта не вельмі небяспечна? — занепакоілася Іра.

— Гледзячы для каго, — я з ранейшай усмешкай глядзеў на рабаўніка.

Ён аказаўся смелым хлопцам.

— Я — першы, — сказаў выкрадальнік.

Мы пад’ехалі да накатанай лыжні. Рабаўнік памарудзіў крыху, а тады рэзка адштурхнуўся і паляцеў долу. Над трамплінам ён узняўся як птушка. Калі ён прызямліўся, яго захістала. Але рабаўнік устаяў. І вось ён ужо махаў знізу палкамі і нешта гарлаў.

Сябры выкрадальніка марак трыумфавалі, нібыта гэта яны з’ехалі са стромага схілу.

— Малайчына, — сказаў я.

Ён выдатны лыжнік, гэты рабаўнік. Нават неяк расхацелася яго біць.

— Хто наступны? — ветліва спытаў я.

Сябры рабаўніка адводзілі вочы ад маёй усмешлівай фізіяноміі.

— Я наступны, — сказаў я. Я скаціўся лёгка, плаўна — такія рэчы я раблю проста.

Неўзабаве я быў побач з усмешлівым выкрадальнікам марак.

— Для першага разу някепска, — пахваліў я яго.

— А яны што, баяцца? — спытаў рабаўнік пра сваіх сяброў.

— Дрэйфяць. Хадзем наверх.

Каб зноў трапіць на горку, трэба было абысці лясок, дзе сядзеў у засадзе Сёмка.

Як толькі Сёмка нас убачыў, ён адразу рвануўся да рабаўніка. Той усміхнуўся і зірнуў на мяне. Мой твар быў каменным.

Рабаўнік усё зразумеў.

— Аддай маркі, гад! — закрычаў Сёмка.

— Спакойна, пацярпелы. — Я падняў руку. — Падсудны ўжо раскаяўся і добраахвотна верне нам маркі.

— Няма ў мяне ніякіх марак! — закрычаў рабаўнік. — Чаго прычапіліся?!

— У такі цудоўны сонечны дзень не хацелася б кагосьці біць, — з пафасам сказаў я. — Не, зараз хочацца дэкламаваць вершы. “Мороз и солнце, день чудесный.»

Тут рабаўнік паспрабаваў уцячы. Ён занёс лыжу, каб развярнуцца, і тады я штурхнуў яго. Рабаўнік паваліўся тварам у снег.

Сёмка, які паспеў пазбавіцца ад лыж, ускочыў яму на спіну. Я падаспеў на дапамогу.

— Аддасі маркі? — крычаў Сёмка. — Аддасі, гад?

Ніколі я не бачыў майго сябра такім раз’ятраным.

Рабаўнік паспрабаваў вырвацца, але яму заміналі лыжы, Сёмка і я.

— Не аддам! — закрычаў ён. — Няма ў мяне іх!

— Хлусіш! — сказаў я. Мяне гэты бледны злодзей ужо развар’яваў. Вось сволач, украў у чалавека маркі і не думае сазнавацца.

Мы прыціснулі рабаўніка да зямлі і сталі карміць яго снегам. Ён выкручваўся, лямантаваў. Але некалькі порцый халоднага снегу хутка ахаладзілі яго гарачнасць.

— Ладна, аддам. Увечары прынясу ў краму, — нарэшце прамармытаў ён.

Я паматаў галавой.

— Мы зараз устанем і пойдзем разам да цябе дамоў.

Ён марудна пацёгся ўперадзе. Мы з Сёмкам не адставалі. Такім тыпам я ніколі не давяраю.

Рабаўнік жыў недалёка ад парку ў дзевяціпавярховым доме з чырвонымі балконамі і з такой штуковінай на даху, падобнай на птушку, якая прысела адпачыць.

— Пачакайце мяне тут, я зараз вынесу, — сказаў рабаўнік.

— Не выйдзе. — Я прама глядзеў яму ў вочы. — Пакладзі свае лыжы. Сёма іх пасцеражэ, ён хлопец сумленны, не тое што некаторыя. А мы ўдвух пойдзем да цябе.

Калі мы падымаліся на ліфце, я сказаў:

— Калі ты будзеш валяць дурня, мы скажам Сёмкаваму дзядзьку — ён начальнік міліцыі. Зразумеў?

Да выкрадальніка ўсё дайшло. Ён уручыў Сёмку альбом. Мой сябар схапіў яго і, ззяючы, стаў разглядаць маркі.

Я шпурнуў рабаўніку яго лыжы (дарэчы, выдатныя, эстонскія) і даў на развітанне кухталя ў спіну.

— Яшчэ раз пападзешся, пятнаццаці сутак не мінуць. Гэта я табе абяцаю, Валерка Карабухін.

Я паціскаю плячыма

Як толькі празвінеў званок, я схапіў сваю сумку і памкнуўся да дзвярэй.

— Ты куды? — спыталася важатая Кіра. Яна паўстала на парозе і перагарадзіла мне шлях.

Я кінуўся ўбок, але ўцячы не ўдалося.

— Ты куды, Карабухін? — паўтарыла важатая.

— Ды я. — Некалькі секунд я кумекаў, як выкруціцца. — Разумееце. Вы слухалі раніцай радыё?

— Слухала, — адказала важатая Кіра.

— Дык вам, значыць, вядома, што сёння павінна спусціцца на Месяц аўтаматычная станцыя?

— Ну і што з гэтага?

— Як што з гэтага? — шчыра здзівіўся я. — Як гэта без мяне адбудзецца? Я павінен усё бачыць.

— Нічога, — сказала Кіра. — Дзесяць хвілін ты і твая станцыя пацерпяць.

Яна счакала, пакуль я сеў на месца, потым падышла да стала і абаперлася аб яго рукамі.

— Сябры, — сказала важатая Кіра, — пачалася трэцяя чвэрць. Яна самая доўгая, але і самая кароткая, бо калі паспееш выправіць дрэнныя адзнакі, то застанешся на другі год. Мы павінны наладзіць шэфства над вучнямі, што адстаюць.

— А мы дапамагаем адно аднаму, — раздаўся нейчы голас.

— Усе дапамагаеце? — спытала Кіра.

— Усе! — у нашым класе вельмі любяць адказваць хорам.

— Гэта і дрэнна, — настаўленча сказала важатая. — Трэба, каб адзін вучань шэфстваваў над другім і каб адказваў за двойкі таварыша. Давайце прыставім моцных вучняў да слабых. Вось, прыкладам, Карабухін. Ён некуды спяшаецца, давайце пачнём з яго.

— Я пераблытаў, - сказаў я.

— Што ты пераблытаў? — усміхнулася важатая Кіра.

— Станцыя павінна спусціцца на Месяц заўтра, — сярдзіта адказаў я.

— Ну і цудоўна, — сказала важатая Кіра. — Дык каго мы прыставім да Карабухіна?

У класе запанавала магільная цішыня. Я з усмешкай разглядваў таварышаў. Ну, хто на гэта раз наважыцца?

У мінулым годзе мне дапамагала сама Галка Наважылава. Яна ўварвалася ў кватэру як на пажар, на хаду закасваючы рукавы.

— Давай хутчэй пачнём, — сказала яна. — У мяне часу ў абрэз.

Я моўчкі паплёўся на кухню, сеў за стол, на якім была навалена груда бульбы, і прыняўся яе абіраць.

— Ты дзе? — Галка ўляцела ў кухню. — А, — яна махнула рукой на бульбу,

— потым зробіш.

Я паматаў галавой:

— Нельга.

— Чаму?

— Сёння ўвечары да нас прыйдуць госці, і мама загадала, каб уся бульба была абрана. Сядай памагай. — І я падаў ёй ножык.

Жвавая Галка схапіла самую вялікую бульбіну і прынялася яе абіраць. Праз некалькі секунд у яе ў руках была ўжо ўбогая мізэрная бульбінка.

— Так справа не пойдзе, — незадаволена сказаў я. — Калі ты будзеш так абіраць, нам прыйдзецца тут тырчаць гадзіны дзве. Ты павольней, спакайней.

Галчынай энергіі хапіла яшчэ на тры бульбіны. А потым яна цяжка ўздыхнула.

— Ты мяне прабач, калі ласка, Але мне трэба на раду дружыны. Я ўжо спазняюся.

— Калі ласка. — Я і не думаў яе затрымліваць. — Прыходзь заўтра.

— Так, так, я прыйду заўтра, — заспяшалася Галка.

Назаўтра яе чакала гара нямытага посуду (“ад гасцей засталося”). Паслязаўтра я сустрэў Галку з анучкай у руках — мы выдатна памылі падлогу. І калі, нарэшце, пасляпаслязаўтра я адчыніў ёй дзверы з малярным пэндзлем у руках і сказаў: “Пафарбуем калідорчык і куханьку, а тады возьмемся за ўрокі”, - Галка не вытрымала. Яна сказала, што больш не можа і хай я займаюся як хачу.

Я быў задаволены.

Наступным мне рашыўся дапамагаць дабрадушны Рыжы Уладзя Шлык.

Я змерыў яго шырокія плечы, зірнуў яму ў сінія вочы і зразумеў, на што ён можа спатрэбіцца.

Нам прывезлі машыну брыкету і звалілі ў двары. Мама непакоілася, як перанесці торф у падвал. Вось я і сказаў маме, што да мяне прыйдзе таварыш і мы з ім хуценька ўправімся з торфам. Так і атрымалася.

Уладзя і не думаў адмаўляцца, ён толькі спытаўся:

— Ну, а потым зоймемся матэматыкай?

— Абавязкова. — Я ўдарыў сябе ў грудзі. — Толькі матэматыкай — чым жа нам яшчэ займацца!

І праца пачалася. Калі з’явілася мама, мы амаль палову брыкетнай кучы перацягнулі ў падвал.

— Малайцы, хлопцы, — узрадавалася мама. — Адпачніце трохі. Я вас зараз кампотам пачастую з піражкамі.

Мы селі на брыкеце і пілі кампот, і елі піражкі, а мама прыгаворвала:

— Які харошы ў цябе таварыш, Валерый. Бяры з яго прыклад.

— Бяру, мама, бяру. — Я жвава каўтаў піражкі і запіваў іх кампотам. Потым падняўся.

— Ну мы, бадай, працягнем.

Дабрадушны Уладзя ўздыхнуў і стаў нагружаць вядро карычневымі брыкецінамі.

Калі звечарэла, уся наша паветка была забіта брыкетам, а яшчэ невялікая куча засталася на двары.

У мяне ныла спіна. Уладзя не мог паварушыць рукамі, так яны балелі.

— Заўтра даб’ём, — я кінуў брыкет у вядро, яно зазвінела.

— Даб’ём, — здрыгануўся Ўладзя.

Назаўтра Ўладзя сказаў, што ў яго секцыя і ён не можа прыйсці цягаць брыкет. Паслязаўтра ён сказаў, што крыху прыхварэў. А вочы яго бегалі і хаваліся ад маіх вачэй.

Я не настойваў. Я зразумеў — і гэты дапамагаць не будзе.

Вось чаму я з такім вясёлым выглядам назіраў за таварышамі. Усе ведалі пра тое, як я сустрэў Галку і Ўладзю, усе яшчэ памяталі пра гісторыю з Эльбрусам і таму маўчалі.

— Дык каго прыставім да Карабухіна? — паўтарыла важатая Кіра.

— Я буду дапамагаць Валерыю, — побач са мной рашуча ляпнула вечкам парты Іра.

Так, гэтага я не прадугледзеў. Яна ж нічога не ведае. Што прыдумаць?

— Можна мне? — Я падняўся. — Я, канешне, вельмі ўдзячны Іры, што яна ўзялася мне дапамагаць. Але, можа, ёй будзе цяжка?

— Чаму? — спытала Кіра.

— У Іры ж заняткі ў музычнай школе, і да ўсяго яна. — я паказаў, як гімнасткі робяць ластаўку. — Проста часу не хопіць?

— Хопіць, — сказала Іра.

— Значыць, дамовіліся? — І Кіра нешта пазначыла ў сваім сшытку.

А паціснуў плячыма.

Хварэць — маё прызванне

Дзынь!

Гэта да нас пазванілі.

Увайдзіце, — ледзь чутна праскрыпеў я. — Дзверы не замкнёны.

— Добры дзень, да вас можна? — На парозе стаяла Іра.

Я кволым рухам рукі паказаў: уваходзь, мол, бачыш, ляжу. ледзьве жывы.

— Што з табой? — кінулася да мяне Іра.

Я ляжаў на мамінай тахце, трымаўся за сэрца і ціха стагнаў.

— Што з табой? — Іра зусім перапалохалася.

— Энцэфаліт, — сказаў я.

— Што-о-о?

— Энцэфаліт і яшчэ глаўкома, — сказаў я, і на маіх вачах заблішчэлі слёзы. Мне і самому раптам здалося, што я сур’ёзна хворы, ледзь дыхаю і хутка, мусіць, вельмі хутка памру.

— Я зараз жа збегаю за ўрачом. — Іра пачала паспешліва зашпільваць гузікі паліто.

— Не трэба! — Я нават прыўзняўся, але потым хутка апусціўся і застагнаў.

— Я ведаю, што ўрач скажа: “Спакой, толькі спакой, іншых лекаў няма”.

— Я нават не ведала, што ў цябе такія цяжкія хваробы, — сур’ёзна сказала Іра.

— Я пахітаў галавой.

— Можа, табе кніжку пачытаць?

— Я адмоўна заматаў галавой і жаласна праныў:

— Колькі часу?

Іра зірнула на гадзіннік, што цікаў на тумбачцы.

— Палова чацвёртай.

— Яшчэ гадзін пяць ляжаць трэба.

— Так доўга? — здзівілася Іра. Я табе дапамагу. Хваробы ўсё-ткі небяспечныя.

— Дзякуй. — Голас мой бразгатаў, як старэнькі трамвай. — Зараз мама прыйдзе. Яна ведае, што рабіць. Ты ідзі. Ідзі!

— Да пабачэння. — Іра ласкава ўсміхнулася і, пяткуючы, выйшла ў калідор. — Я да цябе ўвечары зайду! — крыкнула яна.

Калі за ёй зачыніліся дзверы, я сеў на тахце, знайшоў тое месца на грудзях, пад якім б’ецца сэрца. Можа, я і напраўду захварэў? Але не. Сэрца білася, як і да сёння. Яшчэ 100 гадоў па меншай меры будзе стукаць.

Дзынь! Зноў да нас.

Я вокамгненна выпростваюся на тахце.

— Уваходзьце, — жаласна кажу я.

— Валерка, гэта я. — За дзвярыма чутны Сёмкаў голас.

— Ты адзін?

— Так, адзін, а што?

Я саскокваю з тахты і ў два скачкі дасягаю дзвярэй. Усё ж такі хварэць — гэта не маё прызванне.

Сёмка ўваходзіць, вочы яго шырока раскрыты — ён здзіўлены. Пад пахай у яго тырчаць лыжы.

— Слухай, што ты выдумаў? — кажа Сёмка. — Сустрэў Ірку, яна сказала, што выкліча “хуткую дапамогу”. Ты, маўляў, ледзьве не пры смерці. У яе слёзы на вачах былі.

Я застагнаў, як сапраўдны хворы.

— Ах, чорт. Як яна выкліча “хуткую”?

— У яе тэлефон дома, — сказаў Сёмка.

— Так, — я філасофскі пацмокаў губамі. — Усяго не прадугледзіш. Так ты кажаш — яна рыдала? Уражлівая дзяўчынка.

— Ды што з табой? — недаўмяваў Сёмка.

— Нічога, Сёма, нічога. Проста я ўліп. І нічым ужо мне не дапаможаш. Хадзем лепш катацца на лыжах.

Я не буду распавядаць, як прымчалася “хуткая дапамога”, як усё потым высветлілася, і што сказала мама, і што падумала Іра. Вы ўжо хораша знаёмыя з маім жыццём і лёгка ўсё гэта сабе ўявіце.

Я толькі распавяду, як назаўтра да мяне дамоў зноў прыйшла Іра.

Яна раздзелася ў калідоры, я хацеў ёй дапамагчы павесіць паліто, але яна цвёрда адвяла маю руку і моўчкі прайшла ў пакой.

Іра села на стул і рэзка адгарнула падручнік фізікі:

— Будзем займацца.

— Будзем, — паўтарыў я і прысунуў сваё крэсла бліжэй да Іры.

— Пачнём з фізікі, - строга сказала Іра.

— Пачнём, — як рэха, паўтарыў я.

Іра рашуча трасянула галавой.

— Ты павінен ведаць, што без фізікі ў наш час вельмі цяжка што-небудзь зрабіць, нават жыць цяжка.

— Так, цяжка. Мне вельмі цяжка. жыць. без фізікі, - зацягнуў я.

— Калі ты зараз жа не скончыш свае крыўлянні, я пайду!

Я ніколі не бачыў Іру такой сярдзітай, твар яе палаў, як пірог, выцягнуты з духоўкі.

— Я не крыўляюся, — раззлаваўся я. — Я заўсёды гавару сур’ёзна. Гэта вам усім здаецца, што я крыўляюся. Усе прывыклі і думаюць, што я клоун. І як убачаць мяне, то адразу раты ва ўсмешачку расцягваюць — чакаюць, што смяшыць буду. А я не клоун, я чалавек. І мне крыўдна, што мяне не разумеюць.

Іра выслухала мой маналог вельмі сур’ёзна, вочы яе гарэлі. Яна сказала:

— Я веру, што ты добры чалавек. Разумееш?

— Разумею, — я пракаўтнуў сліну. — Каб усе былі такія, як ты.

Я ўсміхнуўся Іры. Яна таксама ўсміхнулася.

— Слухай, паедзем у нядзелю ў Зялёнае на лыжах. Там ёсць такі кар’ер — любата! — выпаліў я.

— Паедзем, — згадзілася Іра. — Я вельмі люблю катацца з гор.

— Я таксама. І Сёмку з сабой прыхопім. Сёмка — файны хлопец.

— Мне Сёмка падабаецца. Ён вельмі добры.

— Да-мо-ві-лі-ся, — я размахваў рукамі і бегаў па пакоі.

— А цяпер зоймемся фізікай. — Іра была няўмальная.

Мае рукі яшчэ працягвалі цялёпкацца ў паветры, але іх рухі сталі запаволенымі. Ведаеце, як прапелер спыняецца.

Я сеў за стол:

— Зоймемся.

Іра зноў разгарнула падручнік фізікі. Я слухаў, што яна гаварыла, і глядзеў на яе. І ўсё ніяк не мог зразумець, як гэта мне не ўдалося ад яе пазбавіцца. Толькі потым мне прыйшло ў галаву, што я, мабыць, не надта хацеў ад яе пазбавіцца. Мне нават было прыемна, што такая дзяўчынка са мной займаецца.

А пра маму казаць няма чаго. Калі яна ўбачыла мяне, схіленага над кнігай, і не над нейкімі там “Трыма мушкецёрамі”, а над самавітым падручнікам фізікі, мама проста расчулілася. Яна частавала Іру ўсялякімі пячэннямі-варэннямі ды прыгаворвала, каб тая прыходзіла як найчасцей, што яна добра ўплывае на мяне, шалапута.

Вось дык сустрэча!

Адзін раз, калі мы скончылі займацца і мая галава гудзела ад формул і задачак, Іра прапанавала:

— Хочаш паслухаць, як я граю?

— Хачу, — не надта весела адказаў я. — Ты з усіх сіл пабарабаніш па клавішах, і я ўсё пачую.

Іра жыла на чацвёртым паверсе, а я на другім. І каб яна пастаралася, я б пачуў, як яна грае, седзячы ў сябе дома.

— Ты ўсё жартуеш, — пакрыўдзілася Іра. — А я і праўда няблага граю. Настаўніца кажа, што ў мяне добрыя музычныя дадзеныя, — пахвалілася яна.

Крыўдзіць Іру мне не хацелася, і я пайшоў глядзець, як Іра грае, хаця з большай радасцю пагойсаў бы на лыжах.

Нас сустрэла Ірына мама — высокая, худая жанчына ў пярэстым халаце.

— Дабрыдзень! — весела сказаў я.

— Добры дзень, — строга паглядзела на мяне Ірына мама.

— Гэта той самы Валерый, пра якога я табе расказвала, — патлумачыла Іра.

— Здагадваюся, — адказала Ірына мама і хмурна пакасілася на маленькія ручаінкі, што выцякалі з-пад маіх чаравікаў.

Я, канешне, перш чым падысці да Іры, вылецеў у двор і трохі пабегаў туды-сюды. І паспеў запусціць пару снежак высока, да самага даху.

— Зараз, мамуля, — заспяшалася Іра.

І мы з ёй сталі выціраць ногі аб дыванок. Я не вельмі стараўся, але ўсё- ткі, здаецца, паспеў працерці дыванок да дзірак, а Ірына мама ўсё не пускала нас ў пакой. Я хацеў быў павярнуць аглоблі, то бок, папросту кажучы, уцячы на вуліцу, але тут Іра сказала:

— Хопіць.

І пацягнула мяне за рукаў ў пакой, дзе сярод іншай мэблі вылучалася масіўнае, шакаладнага колеру піяніна, усё ў завітушках і карунках. Я на дыбачках прабалансаваў па нацёртым, бліскучым паркеце і паляпаў піяніна па вечку.

— Шыкоўнае!

- Іра проста расквітнела.

— Гэта вельмі каштоўнае піяніна. Такіх цяпер нідзе няма.

Ірына мама пайшла ў іншы пакой, і я зноў прыдбаў дар красамоўства.

- І ты на ім можаш усё, што захочаш, сыграць. Ці толькі па нотах? — спытаў я, развальваючыся з мяккім крэсле.

— Пакуль толькі па нотах, — адказала Іра.

Яна падняла вечка, паклала на падстаўку тоўстую кнігу і пачала яе хутка гартаць. Я прыгледзеўся. На старонках замест звычайных слоў, як у нармальных кніжках, былі чароды нотаў.

— Слухай, — сказала Іра. Яна моцна ўдарыла па клавішах. І я ледзь не падскочыў. Мне здалося, што нехта ляпнуў мяне па плячы: “Хадзем, хлопча, з намі”. Я не паспеў і спытаць: “Куды?”, як музыка мне адказала: “На вайну!” “І калі ты не баязлівец, — казала музыка, — калі ты не баішся загінуць за свабоду, хадзем з намі”.

Я слухаў музыку і баяўся паварухнуцца.

І як звычайна бывае ў такія моманты, раздаўся званок.

— Ах, Марат, — праспявала ў калідоры Ірына мама. — Добры вечар, дарагі. А Ірачка музіцыруе.

— Добры вечар, Алімпіяда Пятроўна, — сказаў нехта. Напэўна, гэты самы Марат.

— Ах, Марат! — усклікнула Іра і ўскочыла з крэсла.

Музыка абарвалася. І мяне ўжо ніхто нікуды не клікаў.

А я нават не даведаўся, як прозвішча кампазітара, якіпрыдумаў гэтую музыку. Бетховен ці Чайкоўскі?..

I тут увайшла Іра. З кім вы думаеце? З мамай? Ну, канешне, з мамай. Ну, а яшчэ з кім?

З выкрадальнікам марак! Так, з тым самым, якога мы з Сёмкам у адзін цудоўны марозны дзень вучылі быць чалавекам. Вучылі вельмі простым спосабам: “кармілі” яго снегам.

— Я вас пакідаю, маладыя людзі, - між тым сказала Ірына мама.

І адкуль толькі ў яе такі ласкавы голас зявіўся? — мільганула ў мяне ў галаве.

— А ты, Марат, — звярнулася яна да выкрадальніка марак, — неадменна перадай прывітанне маме. Я да вас днямі зазірну.

— Дзякуй, Алімпіяда Пятроўна, — усміхнуўся рабаўнік.

— Вы не знаёмыя? Пазнаёмцеся, — прапанавала Іра, калі яе мама зачыніла за сабой дзверы. Гэта Валерый, мой аднакласнік. Ён жыве ў нашым доме. А гэта Марат. Ён вучыцца ў восьмым класе.

Тут рабаўнік да мяне ўважліва прыгледзеўся і, канешне, пазнаў, таму што ён пабялеў яшчэ мацней.

Я ўсміхнуўся.

— Мы даўно знаёмыя. Ты ходзіш на горку? А па схіле спускаешся?

— Не хаджу і не спускаюся, — павольна прамовіў рабаўнік. — А ты, выходзіць, жывеш у гэтым доме? Выдатна…

Я зразумеў, чым пахне гэтае “выдатна”. Яно пахне вось чым: “Я ведаю, дзе ты жывеш. І цяпер ты ў маіх руках”.

— Ах, я ўспомніла! — Іра ўзмахнула рукамі. — Вы пазнаёміліся ў парку, на горцы.

— Так, у нас яскравыя ўспаміны, — ухмыльнуўся я. — Праўда, не аднолькава прыемныя для абодвух.

— А там штосьці здарылася? — спыталася Іра.

— Нічога, — абарваў яе рабаўнік. — Ірачка, сыграй мне.

— Што, Марат? — Іра паслухмяна села за піяніна.

— Што хочаш, адказаў Марат.

І тут я схапіўся за галаву.

— Як гэта я забыў? Я ж пакінуў на пліце чайнік, нам пэўна ўсё ўзляцела ў паветра! — Я ўскочыў у крэсла. — Да пабачэння, да хуткай сустрэчы!

Апошнія словы я вымавіў, гледзячы на рабаўніка, і нават падміргнуў яму на развітанне.

Я прыбег дадому і не ўсякі пажарны выпадак праверыў, а ці не пыхкае і напраўду на пліце чайнік. Не, канешне.

Я расцягнуўся на тахце. Збег я таму, што спалохаўся гэтага Марата. Чхаць я хацеў на яго пагрозы. Яшчэ паглядзім, хто каго. Каб я расказаў Іры, што ён дробны і подлы злодзей, і яна перастане граць яму розную добрую музыку. І будзе граць яе толькі мне. А збег я таму, што не мог слухаць разам з ім гэтую музыку. Таму што гэта была мая музыка. Мне, здавалася, што я сам мог бы яе напісаць, каб умеў, як Іра, іграць на піяніна.

Я згадаў пра выкрадальніка і засмяяўся: бот лакіраваны, а не чалавек. І чаго ён да Іры ў госці прыходзіць?

“Валерка, — раптам сказаў я сам сабе, — што з табой? Няўжо ты закахаўся ў дзяўчынку? Хай нават у такую, як Іра?”

Да не, я проста думаю пра Марата. Калі такія хлопчыкі ўзлуюцца, яны забываюцца на ўласную баязлівасць і кідаюцца з бойку на злом галавы.

Ужо праз некалькі дзён я зразумеў, што пагроза рабаўніка была недарэмнай.

“Цудоўная сямёрка”

У той вечар мы з Сёмкам брадзілі па двары — дыхалі свежым паветрам. А потым адправіліся на ракетадром Генкі Правільнага, дзе мы некалі хораша правучылі Гароха і яго хлопцаў.

— Яны ўцякалі, нібы зайцы, — рагатаў Сёмка.

— Вясёлае было відовішча, — згадзіўся я.

На ракетадроме было цёмна, не тое што ў памятны вечар, калі мы адпомсцілі Гароху. Толькі ад зіхоткіх сяміпавярховых дамоў даходзіла слабае святло. Ніхто сюды не забрыдаў, усе стараліся абысці наўзбоч наш ракетадром.

Ззаду нечакана захрумстаў снег: хто б гэта мог быць? Абярнуўся — чацвёра хлопцаў нетаропка рушылі да нас.

Чамусьці я адразу скеміў: гэта прыяцелі Марата. Нарэшце яны нас падпільнавалі.

Сёмка штурхнуў мяне ў бок:

— Глядзі, яшчэ трое.

З боку зіхоткіх дамоў ішлі яшчэ трое. “Цудоўная сямёрка”, - няўзнак падумаў я. Мы абкружаны. Ужо ў двух кроках з’едліва ўхмыляўся Марат.

Я адчуваю, што ў мяне пачынаюць дрыжаць каленкі.

— Біць будуць? — круціць галавой Сёмка.

— Не, медалі ўручаць, — злуюся я на сябе і на Сёмку.

І раптам я чую музыку. Тую самую, якую грала Іра. “Калі ты не мямля, хлопча, і не баішся загінуць за свабоду, хадзем з намі…”

— Бі іх! — гарлаю я. — Пакажам, што не дарма мы першаразраднікі па боксе! — хлушу я на ўсялякі выпадак, ведаючы, што ніхто мне не паверыць.

Мы ліхаманкава лепім снежкі, але пусціць іх у ход не паспяваем — ворагі навальваюцца на нас. Я адбіваюся, але Марат валіць мяне з ног. Падаючы, я бачу, як мужна б’ецца мой сябар. Сёмку таксама збілі. Ён ляжыць на спіне, увішна круціцца і лупцуе нагамі ўсіх, хто намагаецца да яго падысці.

Я крычу:

— Малайчына, Сёмка! — і бяру з яго прыклад, адбіваючыся нагамі, а потым, злаўчыўшыся, ускокваю і зноў пачынаю калаціць рукамі ўсіх, хто падвернецца.

— Наперад, нашых б’юць! — чую я крык.

Вельмі знаёмы голас, думаю я. І бачу, як з боку дома Гароха бягуць нам на дапамогу хлапчукі.

У гэта час нехта моцна трэснуў мяне па галаве. Але перш чым упасці, паспяваю заўважыць, што на падмогу да нас прымчаліся Гарох і яго хлопцы.

Ну і ну!

Калі я падымаюся, дакладней, калі Сёмка паднімае мяне, гарохаўцы на чале са сваім атаманам вяртаюцца да нас, шумна размахваючы рукамі. “Цудоўнай сямёркі” і след прастыў.

Разгледзеўшы нас з Сёмкам, Гарох і яго хлопцы заміраюць.

— Вось гэта фокус! — здзіўлена прысвіснуў Гарох. — Паглядзіце, каго мы выратавалі?! Нашых галоўных ворагаў!

— Дзякуй вам, хлопцы, — кажа ветлівы Сёмка.

- І стары ліс у пастку трапляе, — разводжу я рукамі.

— А хораша яны вас адпрасавалі. — Гарох з усмешкай узіраецца ў нашы распухлыя фізіяноміі. Яго дружкі насмешліва хіхікаюць.

— Ну, вось што, — я папраўляю шапку. — Канчай гамонку, прыступім да справы. Давайце біцца.

— Айн момант, — падымае руку Гарох. — Вы зараз не ў форме. А мы ўжо адвялі душу. Да таго ж, калі сямёра супраць двух — гэта несумленна, праўда?

— Несумленна, — кажу я, здзіўляючыся словам Гароха.

— Слухайце, — прадае голас Сёмка, — трэба спяшацца. А то яны ўцякуць.

— Ага, — падхопліваю я. — Раз выпадак звёў нас разам, давайце аб’яднаемся і надаём гэтым тыпам як след.

— У іх адна дарога — праз Першамайскую на праспект, — кажа Гарох.

— А там мы іх… — Я сціскаю кулакі.

— Бяжым, — крыкнуў Гарох.

Завулкамі, зразаючы шлях, мы дабіраемся да Першамайскай і ля пераезда наладжваем засаду. Схаваўшыся за плотам нейкай хаціны, чакаем праціўніка.

— Няўжо прайшлі? — хвалююся я.

— Не, вось яны, — шэпча нехта з таварышаў.

“Цудоўная сямёрка” ледзьве не бегма набліжаецца да пераезда. Яны ўвесь час азіраюцца назад: ці няма пагоні? Вось яны амаль побач.

— Давай, — ціха кажу я. І мы з Сёмкам прыўстаём, гатовыя кінуцца насустрач сямёрцы.

— Айн момант, — утрымлівае нас Гарох. Ён дастае з-пад паліто вяроўку, завязвае на ёй пятлю і, моцна размахнуўшыся, кідае самаробнае ласа пад ногі Марату. Марат адразу ляціць на зямлю, і Гарох за адну нагу падцягвае яго да сябе. А мы зрываемся з месца і нападаем на разгубленую і зусім не цудоўную сямёрку.

Праз некалькі хвілін трое самых дужых звязаны па руках і нагах, а чацвёра моляць адпусціць іх дамоў, таму што яны ніколі больш біцца не будуць. І наогул, каб не Марат, яны б ні за што не напалі б на такіх цудоўных хлопцаў, як мы.

— Можа, адпусцім? — расчуліўся Сёмка.

— Можа, снегам пакормім? — падміргвае мне Гарох.

Усе глядзяць на мяне і чакаюць мудрага рашэння. Я ўваю самавіты выгляд і пару хвілін разважаю. Не веру я людзям, якія спярша дадуць табе па зубах, а потым кажуць, што яны гэтага не хацелі і наогул яны анёлы. Я такім тыпам анічога не дарую, ніводнага сіняка. Дарэчы, пад левым вокам дужа баліць. Можа, вось гэты мне і заляпіў, які зараз хныкае і просіць адпусціць яго да мамкі?

Я паглядзеў на прытухлую сямёрку, а потым на сумёты снегу, якія сёння завалілі ўсю вуліцу. І яшчэ раз на сямёрку, і яшчэ раз на сумёты.

Вясёлая ідэя нараджаецца сама сабой.

А што, калі цудоўная сямёрка дармаедаў папрацуе на карысць вуліцы Першамайскай? — усклікваю я. — Зараз мы раздабудзем для іх шуфлі, і хай хлопчыкі, закасаўшы рукавы, з агеньчыкам у вачах ачысцяць вуліцу ад снегу.

Мая прапанова праходзіць на “ура”.

— Праца стварыла чалавека, — важна прамаўляе Гарох.

Мы з Сёмкам адпраўляемся ў бліжэйшыя дамы за шуфлямі, а Гароха сас сваімі вартуе дармаедаў.

Мы стукаем у дзверы і кажам:

— Наш піянерскі атрад вырашыў ачысціць вашу вуліцу ад снегу. Дайце нам, калі ласка, шуфель.

Жыхары вуліцы ахвотна даюць нам драўляныя шуфлі, а некаторыя нават дапамогу сваю прапаноўваюць. Але мы высакародна адмаўляемся:

— У нас такія хлопцы і так любяць працу, што мы хутка ўправімся самі.

Мы ўручаем чацвярым дармаедам прылады працы. Трох звязаных ахоўвае Гарох. Мы ж не спускаем вачэй з тых, хто працуе, а калі трэба, пакрыкваем, камандуем.

Дармаеды пачынаюць жвава. Іх шуфлі так і мільгаюць у паветры. Неўзабаве яны ачышчаюць тратуар перад пяццю дамамі. Але, перастараўшыся, Марат і яго сябрукі выдыхаюцца і пачынаюць ледзьве варушыцца.

— Гэй, Гарох! — крычу я. — давай другую змену.

Гарох развязвае трох палонных, яны прагна хапаюць шуфлі і пачынаюць з такой сілай кідаць снег, як гэта робіць добрая машына. Чацвёра з першай змены, прываліўшыся да плота, адпачывае.

У дзве змены “цудоўная сямёрка” хутка ачышчае тратуар. Застаецца зусім трохі.

— Ладна, хопіць, — загадваю я. — Змотвайцеся.

- І запомніце, — паказвае магутныя кулакі Гарох, — хто да нас з мячом прыйдзе — ад мяча і загіне.

Мы рагочам. Панурыўшыся, змучаныя, але перавыхаваныя, дармаеды ідуць праз пераезд да праспекта.

З неачышчанай часткай тратуару мы спраўляемся за паўгадзіны.

Дамоў вяртаемся амаль сябрамі. Вось жа як дзіўна бывае: мы з Гарохам — амаль сябры…

З пустога ў парожняе

Ужо тры дні як хварэе Іра. У яе грып разам з ангінай. Аднакласнікі цэлым натоўпам наведалі Іру, і Сёмка штодзень бегае да яе.

А я ні разу не зайшоў да Іры. Мне неяк нязручна. Таму што ўчора я атрымаў новую двойку па матэматыцы. І мне ўпершыню ў жыцці сорамна, што я атрымаў двойку. Раней нахапаешся “пар” і ганарышся імі, як алімпійскімі медалямі. А цяпер чамусьці сорамна. Я ўяўляю, як строга паглядзіць на мяне Іра, і ў мяне мурашкі пачынаюць па скуры стометроўкі бегаць.

Мама сярдуе:

— Чаму ты не наведаеш Іру?

— Баюся заразіцца, — адказваю я. — Ты ж ведаеш, які грып зараны. І ангіна таксама.

— Ніхто цябе не прымушае з ёй цалавацца, — сярдуе мама.

— Вось яшчэ не хапала — цалавацца, — фыркаю я. — Не пайду і ўсё. Ты спытай у яе, ці не трэба ёй выклікаць “хуткую дапамогу”? — Я адчыняю дзверы і апошнія словы кручу наўздагон маме, якая таропка паднімаецца на чацвёрты паверх, дзе жыве Іра.

А самае крыўднае, што двойка ў мяне нейкая недарэчная. Двоек наогул дарэчных не бывае. Гэта зразумела. Але мая апошняя двойка была надта ўжо недарэчная, а ад таго — крыўдная. Таму што спярша яна была пяцёркай.

Пазаўчора мы пісалі кантрольную. Вы ж ведаеце, як пішуцца кантрольныя — па варыянтах. Ты рашаеш адну задачу, а твой сусед — іншую.

Я сядзеў адзін. Аднаму, самі разумееце, сумна рашаць. І я папрасіў Паўла Захаравіча перасадзіць мяне да Лёнькі Аляксандрава. Я сядзеў на перадапошняй парце, ля самых дзвярэй.

— Тут дзьме, Пал Захарыч, а ў мяне насмарк, — я старанна гучна носам.

Павел Захаравіч перасадзіў. А што тут такога? лёнька рашае адзін варыянт, а я другі. Не спішаш усё роўна. Нашаму варыянту патрапілася гэтая самая задача, вы яе, мабыць, тысячу разоў рашалі: пра басейн, які адна труба напаўняе вадой, а ў другую, наадварот, уся вада выцякае. Мне такая арыфметыка зусім не спадабалася. Аднойчы я ў адказе напісаў:”Трэба сказаць заўгасу, каб ён адрамантаваў другую трубу”. Такое рашэнне мне падказала мама, калі мы з ёй дзве гадзіны біліся над задачай, але так і не змаглі яе адолець. І вось на кантрольнай — такая ж.

Затое Лёнькаў варыянт быў куды цікавейшым. З пункта “А” ў пункт “Б” выехаў цягнік. Яго хуткасць пакуль невядомая. А насустрач яму выйшаў пехаход. Хуткасць пешахода 6 км ў гадзіну. Калі і дзе яны сутрэнуцца, калі адлегласць ад пункта А да пункта Б — 240 км?

Тут можна было паварушыць звілінамі. Трэба спярша даведацца, калі ўсё гэта адбывалася. Калі ўзімку, то наўрад ці чалавек можа прайсці ў гадзіну 6 кіламетраў. Я ўявіў, як ён ідзе, затуляючыся ад рэзкага ветру, як снег мяце яму ў твар. Не, наўрад ці за гадзіну ён пройдзе 6 км. Але, можа, ён на лыжах? Тады трэба было пра гэта напісаць. У такім выпадку, канешне, ён можа і больш за гадзіну прайсці.

А калі дзеянне ў задачы адбываецца не ўзімку, а летам, якія тады лыжы?

Летам, канешне, пешаход пройдзе ў гадзіну 6 км. Але толькі з раніцы, калі прахалодна. А потым, калі сонца пачне прыпякаць, чалавек ледзьве папляцецца. Я ўявіў, як пешаход разваліўся ў цяні пад дрэвам і выцірае пот, як ён аблізвае патрэсканыя вусны, яму, напэўна, дужа хочацца піць. Тут за гадзіну калі на 2 кіламетры прасунешся, і то добра.

Потым я ўявіў, як раптам хлыне дождж. І пешаход схаваецца ад яго дзе- небудзь у будцы абходчыка. Будзе сядзець, папіваць малако і ў акно пазіраць: калі ж скончыцца гэты выкляты дождж. Бо яму, пешаходу, трэба спяшацца насустрач цягніку.

А сам цягнік? Калі буран пачнецца, прыйдзецца яму знізіць хуткасць. А калі дажджы размыюць насып, тады цягніку і наогул не зрушыцца. Я чытаў у газетах, што на Каўказе пасля восеньскіх дажджоў цягнікі зусім не ходзяць. Пакуль вада не схлыне і новыя рэйкі не паставяць. У задачы ж не сказана, адкуль і куды накіроўваецца цягнік. З пункта А ў пункт Б. Тут можна любыя назвы падставіць.

Не, мне вельмі спадабалася задача, якую рашаў Лёнька. Проста цудоўная задача, не тое што пра гэтыя агорклыя пераліванні з пустога ў парожняе.

І я прыняўся за Лёнькаву задачу. Некалькі разоў я зазіраў у Лёнькаў сшытак. Не, не для таго, каб спісаць, што вы, а проста каб зверыць, так ці не я рашаю. Усё-ткі Лёнька выдатнік.

Мне было нават прыемна, што мы абралі для рашэння адзін і той жа шлях.

Першым, як заўсёды, здаў Кантрольную Лёнька Аляксандраў. Потым Сёмка, Галка, Генка ды іншыя таварышы. Я здаў толькі пасля званка. А чаго хваліцца?

Учора Павел Захаравіч раздаваў кантрольныя працы. Ён браў сшыткі і казаў, у каго якія адзнакі. І вось у яго ў руках мой сшытак.

— Асабліва хачу адзначыць працу Валерыя Карабухіна. Вельмі добрая праца. Я яе магу паставіць побач з працай Аляксандрава — той жа бляск, тая ж матэматычная строгасць і чуццё. Толькі ў цябе, Карабухін, памылак граматычных шмат. Але на першы раз стаўлю табе “выдатна”. Малайчына.

Павел Захаровіч усміхнуўся і паглядзіў падбародак. Гэта значыла, што ў яго цудоўны настрой і ён нечым вельмі задаволены.

- І вы, сябры, малайцы, што дапамагаеце таварышу.

Я сціпла апусціў вочы. Усё-ткі прыемна, калі цябе хваліць такі стары і строгі настаўнік, як Павел Захаравіч. А ён усё не сунімаўся.

— Я хачу вас паказаць, як дасціпна Карабухін знайшоў розніцу ў хуткасці цягніка і пешахода.

І Павел Захаравіч пачаў на дошцы паказваць, як я ўсё гэта рашаў. Ён пастукваў крэйдай, і твар у яго быў такі зіхоткі, быццам я па меншай меры адкрыў закон сусветнага прыцягнення.

— Павел Захаравіч! — ускочыў Лёнька. — А чаму ён рашаў пра цягнік, калі яму трэба было рашаць пра басейн?

— Пра басейн? — Павел Захаравіч нахмурыўся.

— Так, — доўжыў Лёнька. — Ён жа сядзеў побач са мной на кантрольнай. Вы яго самі перасадзілі.

Настаўнік паклаў крэйду, павольна выцер рукі аб анучку.

— Цяпер я ўсё разумею. Навошта ты гэта зрабіў, Карабухін? — сказаў ён, паморшчыўшыся. — Стаўлю табе двойку.

— Мне проста спадабалася задача пра цягнік, — усклікнуў я. — Мне надакучылі задачы пра басейн.

Павел Захаравіч ссутуліўся і выйшаў у калідор.

Я паказаў Лёньку кулак.

— Фіскал, атрымаеш.

Лёнька пачырванеў.

— Але гэтае дасціпнае рашэнне прыдумаў я, а не ты.

— А можа, і я таксама? — з’едліва спытаў я.

— Я табе не веру, — сказаў Лёнька. — Красці чужое дасціпнае рашэнне нельга, гэта не спісванне, а плагіят называецца.

Я кінуўся на Лёньку з кулакамі. Але тут дзверы адчыніліся, і Павел Захаравіч ціха сказаў:

— Прадоўжым урок.

Рукапацісканне пад ліхтаром

Сёння мне вельмі адзінока і сумна. Ніколі яшчэ мне не было так адзінока і сумна.

Іра пабегла з сястрой у оперны тэатр. Да нас у горад прыехаў вядомы тэнар — тоўсты, з доўгімі бакенбардамі, якія насілі ў ХІХ стагоддзі. Ірына сястра сказала:

— У нашым інстытуце ўсе ад яго ў захапленні. Гэта ж сапраўднае бельканта.

Ірына сястра з гіганцкай цяжкасцю дастала білеты, і яны пайшлі ў тэатр.

Я выходжу на тую самую вуліцу, дзе жывуць Гарох і яго кампанія. Я ўспамінаю, як мы разам прымусілі цудоўную сямёрку папрацаваць на карысць пешаходаў, але мне ўсё роўна не робіцца весялей.

Сёмка і Генка зараз на занятках фізічнага гуртка. З нашага класа Сцяпан Аляксандравіч толькі іх паклікаў: хай сядзяць, розуму набіраюцца.

У гуртку займаюцца старшакласнікі. Але Сцяпан Аляксандравіч кажа, што з Сёмкі і Генкі будзе толк. Хай бы больш такіх вучняў у школе, кажа яшчэ Сцяпан Аляксандравіч, а не розных там лайдакоў. І пасля гэтых слоў ён выразна глядзіць на мяне.

Ну і ладна, думаю я. Я ж не вінаваты, што ў мяне няма прызвання, што мяне не цягне да фізікі, як Сёмку і Генку.

Іра марыць стаць хімікам, як яе сястра, маленькая, але важная, у акулярах. А мяне не да чаго не цягне. Сёння мне падабаецца фізіка, заўтра алгебра, паслязаўтра геаграфія. Але надоўга мяне ніхто не прывязвае.

Я павярнуў на вугле і пайшоў назад па той жа вуліцы. Прыхінуўшыся да ліхтара, мяне чакаў Гарох. Ён засунуў рукі ў кішэні, вусны адтапырвала ўсмешачка.

— Што бы бродзіш усю ноч адзінока? — засмяяўся Гарох. — Што ты дзяўчатам спаць не даеш?

Я агледзеўся па баках.

— Не бойся, — зарагатаў Гарох.

— Я не баюся, — спакойна адказаў я.

— Давай пагаворым, — прапанаваў Гарох. — Хвацка вы тады з гэтымі ракетамі наладзілі. Мы моцна здрэйфілі.

У мяне ў галаве ўвесь час круцілася думка: чаго ён ад мяне хоча? Мы ніколі з ім не сябравалі і, мабыць, не будзем сябраваць. Гарох быў на два гады старэйшы за мяне, вучыўся ў восьмым класе. Канешне, ён і яго хлопцы нам з Сёмкам па-сапраўднаму дапамаглі. Каб не яны, Марат са сваімі сябрукамі гожа б намяў нам бакі. Еле які Гарох чалавек, я так і не ведаў. Мне здавалася, што ў любую хвіліну ён можа зноў стаць нашым ворагам.

— Я з акна цябе заўважыў, - усміхаўся Гарох. — Гляджу, чалавек ходзіць адзін, сумуе, дай, думаю, развесялю яго.

Я маўчаў. Я глядзеў на яго і маўчаў. Ён таксама сцішыўся.

— Валерка, — раптам сказаў ён, — ты бачыў калі-небудзь крыгаход?

— Бачыў, - нехаця адказаў я. — У кіно.

— У кіно я і слана бачыў, - пагардліва фыркнуў Гарох. — А сапраўдны крыгаход, калі крыгі адна на адну лезуць і такі шум і трэс стаіць…

— Не, не бачыў, - сказаў я.

Гарох мяне сёння здзіўляў. Я ніколі не бумаў, што ён можа захоплена пра што-небудзь гаварыць.

— Дык паехалі паглядзім. Заўтра раніцай, — насядаў на мяне Гарох.

— Мне ж у школу, — нерашуча прамармытаў я.

— Адзін дзень і прапусціць можна, — не адставаў Гарох. — Ну? Ну, рашайся.

Я пахітаў галавой.

— Не, не магу. Бывай.

— Не думаў, што ты такі мамчын сынок, — крыкнуў мне наўздагон Гарох.

— Ладна, пагавары, — не абарочваючыся, прабурчаў я.

Уначы мне снілася, як плылі па рацэ крыгі, як яны лезлі адна на адну, і такі шум і трэск раздаваўся, што я прачнуўся. За акном надрываўся бульдозер. Ён разраўноўваў пляцоўку — насупраць нас збіраліся будаваць новы дом.

У класе скакалі сонечныя зайчыкі, і ўсе таварышы глядзелі ў вокны. А на пераменах класы пусцелі — нават зубрылы выбегалі на двор.

Вакол Іры на кожнай перамене збіраліся дзяўчаткі:

— А што далей?

— Яму так доўга пляскалі, закідалі ўсяго кветкамі…

— Гэтага тоўстага, з бакенбардамі? — мімаходзь спытаў я.

- І зусім ён не тоўсты, — пакрыўдзілася Іра. — Адкуль ты гэта ўзяў.

— Ладна, — адмахнуліся ад мяне дзяўчаткі. — Што ён яшчэ праспяваў?

Я скіраваў да Сёмкі.

— А якія ў цябе ўражанні?

— Ты ведаеш, — Сёмка радасна закруціў галавой. Падчас мне здавалася, што ў парыве ўзрушэння ён можа павярнуць галаву на 360 градусаў. — Ты ведаеш, званок, які звініць у нашай школе, зрабілі самі вучні. званок злучаны з гадзіннікам, і як толькі час падыходзіць да пераменкі ці ўрока, раздаецца — дзынь! І ўсё аўтаматычна. Яму ўжо дзесяць гадоў, гэтаму званку, і ён яшчэ ні разу не ламаўся.

— Вельмі цікава, — пазяхнуў я. — І сёння ты туды?

— Ага, — сказаў Сёмка.

Я павярнуўся і пайшоў у клас.

Сёмка дагнаў мяне.

— Можа, і табе запісацца ў гурток?

— Не. Сцяпан Аляксандравіч не пусціць. Ды я і сам не хачу.

Увечары я зноў быў на Гарохавай вуліцы. Прайшоў адзін раз міма ліхтара, другі раз. Гарох не з’яўляўся. Зірнуў на вокны яго кватэры — свецяцца. Можа, Гарох дома?

Тады я ўспомніў, як выклікалі Гароха яго прыяцелі. Я заклаў два пальцы ў рот і свіснуў.

У тую ж хвіліну лахматая галава Гароха паказалася ў акне. Ён нешта жаваў.

Я памахаў яму рукой.

— А, гэта ты! — крыкнуў Гарох. — Зараз спушчуся.

— Я згодны, — сказаў я, калі Гарох падбег да мяне.

— Малайчына, Валерка, — ад радасці заззяў Гарох. — Дай пяць.

Мы паціснулі адно аднаму рукі.

— Цягнік ідзе ў 8.30, - сказаў Гарох. — Не праспіш?

— Не.

— Будзь здаровы. Паесці захапі з сабой. Зразумеў?

Залаты дзянёк

— А навошта партфель узяў? — спытаў мяне Гарох на вакзале. — На сёння ўрокі адмяняюцца.

— Проста так, — я памахаў партфелем. — Каб мама не заўважыла, ёй сёння ў другую змену.

— Канспірацыя, — зарагатаў Гарох. — Не дрэйф, крыгаход варты таго, каб школу прапусціць. Адвячоркам вернешся, маці нічога і не даведаецца.

Грошай на білет нам хапіла толькі “туды”.

— Назад “зайцамі” паедзем, — не журыўся Гарох. — Умееш “зайцам” ездзіць?

— Усею, — схлусіў я.

У тралейбусе я катаўся іншым разам бясплатна, а ў цягніках яшчэ не выпадала.

Вагон аказаўся вельмі старэнькі, усё ў ім бразгала і стукала.

У Гароха быў выдатны настрой. Ён мурлыкаў “Чорнага ката” і раз-пораз пазіраў у акно.

— Паглядзі, дзянёк жа які, а? Залаты дзянёк… — проста не дзянёк, а ўваскрэсенне!

Мяне таксама захапіла наша паездка.

Я забыў, што павінен зараз сядзець у школе і слухаць тлумачэнні настаўнікаў. Я глытаў паветра, як газіраваную ваду, і ў мяне казытала ў носе. А Гарох гаварыў незмаўкальна:

— А ты не хацеў ехаць, а?

Калі мы сышлі на станцыі, першае, што я ўбачыў, было неба. Яно было вялізным і блакітным. Я ніколі яго такім не бачыў. Дамы мне ў горадзе яго заміналі ўбачыць такім або што іншае, а толькі я стаяў, задзёршы галаву, і глядзеў у неба, пакуль вочы не стаміліся.

— Хадзем на раку, — паклікаў мяне Гарох.

І мы па вытаптанай сцяжыне пакрочылі да ракі.

Гарох ішоў наперадзе і крычаў:

— Глядзі, бярозкі якія белыя!

— Глядзі, снег які сіні!

Я толькі паспяваў круціць галавой. І раптам Гарох сказаў: “Ціха”, - і замёр. Спыніўся і я.

— Чуеш? — спытаў ён шэптам.

Я кіўнуў. Недзе наперадзе і ўнізе чуўся шум, трэск, быццам дзесяткі грузавікоў буксавалі на адным месцы. Або быццам сланы вялізным статкам, бок у бок, прабіраліся па цясніне.

Мы выбеглі на абрыў. І я ўбачыў крыгаход. Крыгі плылі, як дзесяткі яшчэ не загарэлых плыўцоў. Рака здавалася агромністай.

— А?! — крычаў Гарох. — А?! бачыш?

Я не ведаю, колькі мы стаялі, напэўна, вельмі доўга, таму што я змерз.

— Давай паходзім, — сказаў я Гароху.

— Азяб? — спытаў Гарох.

— Трохі, - сказаў я.

Я ўжо даўно заўважыў, што Гарох пачаў гаварыць дзіўнымі для яго совамі — “азяб”, “залаты дзянёк”. І наогул здавалася, што са мной іншы чалавек, а не Гарох.

Мы ішлі па лесе і бачылі, як стаяць па калена ў вадзе бярозкі. Гарох гаварыў:

— Хутка бярозавы сок пойдзе. Ты піў бярозавы сок?

— Не, — прызнаўся я.

— Гэта такая асалода! — Гарох нават вочы зажмурыў.

Потым мы прымасціліся на пяньках на лапіку рудой зямлі. А яе ішла цёплая пара. Мы елі, што прыхапілі з сабой з дома. Гарох еў спакойна, няспешна. Ён ужо не хіхікаў, а ўсміхаўся дабрадушна і весела.

— Ты ведаеш, я ў маленстве жыў у вёсцы.

— Ды ну? — здзівіўся я.

— А ў горадзе мне нудна, не ведаю чаму.

Мы памаўчалі.

— Слухай, Коля, — назваў я раптам Гароха па імені, - а вось праўду кажуць, што змяя сваіх дзяцёнкаў есць?

— Праўда, — ажывіўся Гарох. — Я сам бачыў.

— Раскажы, — папрасіў я.

— Пайшлі мы ў арэхі. Набралі ўжо багата. Раптам я бачу — на адным дрэве галінка варушыцца. Прыгледзеўся, а гэта змяя. І тут нечакана адзін за адным з яе сталі выскокваць змеяняты. Яна — цап аднаго і злопала, а потым і другога праглынула, а трэці паспеў уцячы. Упаў на траву і імгненна знік. Я стаяў як адурэлы. Ніколі такога не бычыў.

— Ого! — вымавіў я.

— Я шмат цікавых гісторый ведаю, — ганарліва сказаў Гарох. — Калі захочаш, распавяду. А зараз нам пара на станцыю. Цягнік праваронім.

Мы заспяшаліся да станцыі. Па дарозе я ўлез у яму з вадой і замачыў ногі.

— Пераабуйся, — сказаў Гарох.

Ён дастаў з-за пазухі белыя шарсцяныя шкарпэткі.

— Захапіў на ўсякі выпадак, — падміргнуў ён мне.

Я выліў з чаравікаў ваду. Трымаючыся за Гароха, пераабуўся.

— Цяплей? — спытаў Гарох.

Я кіўнуў.

— А цяпер — бягом на станцыю.

На цягнік мы ледзь паспелі. Ужо было зусім цёмна, калі прыехалі ў горад.

Дома я паглядзеў на сябе ў люстэрка і ўбачыў, што парадкам загарэў.

Стомлены, я непрабудна заснуў.

Ніводнага ўрока на заўтра я не зрабіў, але засынаў шчаслівы.

Уначы мне снілася, быццам мы з Гарохам перабягаем з крыгі на крыгу і Гарох крычыць: “А?! Дзянёк жа які? А?!”

“А вы — да дырэктара”

6 “А” булькатаў, як забыты на пліце чайнік. Гэта я адчуў адразу, як толькі ўвайшоў і са спакойнай усмешкай сеў за сваю парту.

— Ён яшчэ ўсміхаецца, — абуралася Галка. — Паглядзіце на яго, ён яшчэ ўсміхаецца!

— А што мне — плакаць? — недарэчна пажартаваў я.

І паглядзеў на Іру, яна сядзела хмурная. У Сёмкі быў разгублены выгляд. “Зноў уліп, Валерка, паспрабуй выблытацца”, - гаварыла яго няшчасная фізіяномія.

— Дык вось што мы вырашылі, - грозна сказала Галка. — Годзе з табой нянькацца. Мы пойдзем да Кацярыны Майсееўны і папросім, каб цябе перавялі ў іншы клас. З табой нам ніколі не стаць найлепшым класам у школе.

Я задумаўся. Я не чакаў, што справа прымя такі круты паварот.

— Хто са мной пойдзе да дырктара? — спытала Галка.

Усе маўчалі.

— Вы пойдзеце, — сказала Галка Лёньку Аляксандраву і Светцы Нікіцінай.

І тройка рушыла да дзвярэй.

— Я супраць, — побач са мной ускочыла Іра.

— Я таксама, — ачуўся і Сёмка.

— Валерый, канешне, вінаваты, але не настолькі, каб ад яго пазбаўляцца, — усхвалявана казала Іра. — У яго проста яшчэ не склаўся характар. Яму патрэбныя клопат, увага. А вы — да дырэктара.

Дзяўчаткі хіхікнулі і зашапталіся.

— Не трэба мне вашага шкадавання! — злосна крыкнуў я. — Абыдуся без вас. Бач, якія знайшліся!

Ну і раззлаваўся ж я! Нават забыўся пра сваю звычку не ляпаць дзвярыма. Выбягаючы з класа, я так бразнуў дзвярыма, што шыбы зазвінелі.

— Ты не надта! — крычала мне наўздагон Галка. — Трэба берагчы школьную маёмасць!..

Пасля цудоўнага дня, які ў нас быў з Гарохам, сутыкнуцца з такімі адносінамі!.. Усё ўва мне бурліла. А я яшчэ хацеў прапанаваць аднакласнікам з’ездзіць у тыя ж месцы ў нядзелю.

Чэрці паласатыя, думаў я. Я наогул сыду са школы, перавядуся ў вячэрнюю. Ногі самі прывялі мяне на паддашак. На паддашку я чакаў Сёмку. Прайшло даволі многа часу, пакуль з’явіўся мой сябар, запыхканы як самавар. Ён заматаў галавой.

— Нічога не выправілася. Дырэктарка сказала, што падумае, у які клас цябе перавесці. Ты ведаеш, яна была вельмі сярдзітай… і сумнай…

— Я ведаю, — уздыхнуў я.

— А Галка ўвесь час гаварыла, што з табой нам не відаць першага месца, як сваіх вушэй, што ўсе натаміліся важдацца з табой і што ў яе няма ніякіх сілаў з табою змагацца.

— Нешта трэба прыдумаць, Сёма, — са смуткам вымавіў я.

— Мы з Ірай казалі Кацярыне Майсееўне, што мы супраць, што ты добры хлопец, проста ў цябе няма сілы волі.

— Гэта ты сказаў, што ў мяне няма сілы волі? — грозна спытаў я.

— Не, гэта Іра, — адсунуўся далей Сёмка.

— Я задумаўся.

— Цябе дырэктарка выклікала, — ціха сказаў Сёмка.

Я кіўнуў.

— Ты ведаеш, Сёма, я пайду ў іншы клас. У 6 “Б”. Надакучыла мне ўсё гэта.

— А я? — стытаўся Сёмка. — Я таксама перайду ў 6 “Б”. Хаця, мы іх білі снежкамі. Яны могуць успомніць.

— Ну і што? — сказаў я. — А табе няма чаго пераходзіць. Мы і так з табой будзем бачыцца ў двары.

— Ты на мяне не крыўдуеш? — Сёмка шмыгнуў носам.

— Пра што ты кажаш, — усердзіўся я. — У мяне ўсяго адзін сябар — гэта ты.

— А Іра?

- Іра — храбрая дзяўчынка, — сказаў я.

— Калі б ты ўбачыў, як яна размаўляла з дырэктарам і Гпалкай! — з захапленнем казаў Сёмка.

— Уяўляю. Ну, я пайду да дырэктаркі.

— Я правяду цябе, — сказаў Сёмка, калі мы апынуліся ў двары.

Мы ішлі і маўчалі. Сёмка схапіў доўгую палку і вёў ёй па агароджы парку. Палка выбівала аб пруты забаўную мелодыю.

— Наастатак, — я падміргнуў Сёмку, — я наладжу ім відовішча.

Кацярына Майсееўна, калі я паднўся да яе на чацвёрты паверх, не ўсміхалася.

— Твае таварышы, мусіць, маюць рацыю, — сказала яна. — З панядзелка ты будзеш вучыцца ў 6 “Б” класе.

— Я таксама хацеў вас прасіць перавесці мяне ў 6 “Б”, - цвёрда сказаў я.

— Вось як? — тут яна ўсміхнулася. — Значыць, нашы жаданні супадаюць?

— Так, — сказаў я і падміргнуў волатам.

Трое дужых узброеных хлапчынаў пазіралі на мяне пільна і строга.

Развітальны спектакль

У суботу пасля ўрокаў я папрасіў аднакласнікаў на пару хвілін застацца. Я хацеў развітацца з імі.

— Сябры, — сказаў я, — застаньцеся на трохі. Я хачу з вамі развмтацца. Паслязаўтра мяне тут не будзе. Я пераходжу ў 6 “Б”.

Усе знерухомелі. Такім жа ўрачыстым голасам я доўжыў:

— Мне хочацца, каб вы пра мяне згадвалі іншым разам па-добраму. Шчыра кажу, першы раз я расчуліўся — мне і напраўду было шкада расставацца з таварышамі.

Я пачаў абыход з таго рада, што ля акна. Сашка Рубец і Міколка Камароўскі, якія сядзелі на першай парце, пытальна ўтаропіліся на мяне. Я падаў рукук Сашку.

— Саша, я цябе аднаго разу стукнуў. Прабач, Саша. Чаго паміж мужчынамі не бывае.

Міколку я таксама падаў руку і сказаў:

— Я з цябе, Мікола, некалі пацвельваў. Але я не жадаў табе зла. Даруй, дружа, калі што не так.

Потым я развітаўся з Лёнькам Аляксандравым.

— Я ніколі не забудуся, Лёнь, як часта ты мяне выручаў — даваў спісваць.

Уладзю Шлыка я паляпаў па плячы:

— Ты добры хлопец, Уладзя. Мне шкада з табою развітвацца.

Калі я наблізіўся да Сеткі Нікіцінай, наша ружавашчокая пяцёрачніца гатовая была вось-вось разрумзацца.

— Дзякуй табе, Света, за тваю дабрыню.

Светка ледзь стрымалася, каб не расплакацца.

Клас гудзеў. Відовішча, здаецца, выходзіла на славу.

Я спыніўся перад Галкай Наважылавай.

— Я добра разумею твае пачуцці, Галя. Я разумею, колькі крыві я табе папсаваў.

— Але ты пастарайся зразумець, што мы жадалі табе толькі добрага. — Галка хвалявалася, калі вымаўляла сваю фразу.

Я ўважліва паглядзеў на яе.

“Цю-цю! — падумаў я. — Яшчэ два палымяных слова, і яны мяне будуць упрошваць застацца. Гэта вельмі цікава”.

— Я пастараюся зразумець, — сказаў я. — Бывай, Галя. Не забывайцеся пра мяне, сябры. — Я ўзяўся за ручку дзвярэй. — Бывайце.

Што тварылася ў класе пасля майго сыходу! Мне Сёмка расказваў, што яны крычалі: “Давайце вернем Карабухіна!”, “Валерка — выдатны хлопец!”, “Ён усё ўразумеў!”, а іншыя наадварот: “Ён сто разоў ужо кляўся!”, “Усё прытвараецца!”.

Клас раскалоўся, як арэх на дзве палавінкі, і не мог ні на што наважыцца. Ну і ладна. Пражыву без вас. Бо ў кожным класе людзі, а не звяры.

У 6 “Б” мяне сустрэлі няблага. Даўгалыгі Мішка Зайцаў доўга трымаў маю руку ў сваёй.

— Добра, што ты прыйшоў да нас. Будзеш гуляць левым крайнім. У нас слабы левы край.

— Я звык гуляць цэнтрам, — незадаволена сказаў я.

— Цэнтрам гуляю я, — абарваў мяне Мішка. — У нас каманда ўжо падабрана.

— А вы па якой сістэме гуляеце? — спытаў я.

— Канешне, па бразільскай, — адказаў Мішка.

— А хто другі цэнтр?

— Я, — сказаў Толька Дашкевіч, ураўнаважаны, дужы хлапчук.

— Някепска, — адобрыў я тонам знаўцы.

Вось так я стаў вучыцца ў 6 “Б”. Ці ўспамінаў я пра сваіх таварышаў з 6 “А”, ці думаў пра іх? Напэўна, так, таму што на фізіцы ў маёй галаве нарадзілася забаўная ідэя.

На пераменцы я адасобіўся і стаў прыдумляць запіску. Я доўга пацеў, пыхкаў і скрыпеў пяром. І, нарэшце, вось што атрымалася.

Я даўно заўважыў цябе. Калі ты ідзеш па калідоры, я доўга гляджу табе ўслед. Мне добра, калі ты ў школе. Але мне дрэнна, калі цябе няма ў школе.

Хлопчык з 6 “Б”

Я склаў паперу ў две столкі, потым — у чатыры і напісаў:

Наважылавай Галі строга сакрэтна і асабіста

На наступнай пераменцы я круціўся каля раздзявальні. Я добра ведаў, дзе вісяць паліто таварышаў з майго былога класа. А Галчына паліто было знакамітым на ўсю школу. Такога зырка-пунцовага паліто не было ні ў каго. Яно палымнела на вешалцы, як вогнішча. І ўсе суседнія паліто проста скурчваліся ад яго зыркага полымя.

Я сказаў цётцы Шуры, што забыў у кішэні сняданак, падкраўся да Галчынага паліто і сунуў у кішэнь ліст.

Пасля ўрокаў я знарок марудна апранаўся, усё ніяк не мог патрапіць у рукавы паліто. Сёмка прыспешваў мяне: “Чаго важдаешся?”

У гэты час я назіраў за Галкай. Яна спакойна апранула сваё палымянае паліто, яе рукі пацягнуліся ў кішэні па рукавічкі і… яна выцягнула мой ліст. Прачытала, здзіўлена азірнулася, яшчэ раз прачытала, агледзелася па баках: хто б гэта мог зрабіць?

Я чамусьці апусціў галаву. Хваляваўся і дарма. Пазнаць мой почырк Галка не магла, таму што ліст я пісаў левай рукой і вялікімі друкаванымі літарамі.

Нашы класы — мой былы і мой цяперашні — месцяцца дзверы ў дзверы. І, калі хутка вылецець з класа, можна сутыкнуцца нос у нос з кімсьці з суседзяў.

Назаўтра, калі я выскачыў, канешне, самым першым, то ледзь не збіў з ног Галку Наважылаву.

Убачыўшы Галку, я адразу зразумеў, што мой ліст зрабіў на яевялізнае ўражанне. Галка слізганула па мне раўнадушным позіркам, як па тым чырвоным пажарным балоне, што вісеў побач з дзвярыма. Ну, канешне, хіба я мог напісаць такі душэўны, такі хвалюючы ліст!

Галчыны вочы, нібы рэнтгенаўскія промні, прасякалі наскрозь усіх, хто выходзіў, выбягаў ці выскокваў з нашага класа. Яна хацела па твары здагадацца, хто аўтар ліста. Як заўсёды, яна жадала знайсці вінаватага неадкладна. Чакаць яна не ўмела.

Так нічога і не знайшоўшы, Галка уздыхнула і павольна пабрыла па калідоры. Калі яна праходзіла паўз мяне, я заўважыў, што яна ўсміхалася, — гэта раз, і што яна напявала — гэта два.

— Як справы, Валерый? Як табе ў новым класе? — спыталася Галка.

— Дзякуй за ўвагу. — Я пакланіўся. — Жыву добра, чаго і вам зычу.

Раней такая фраза ўзлавала б Галку, а сёння яна, не гасячы ўсмешкі, памчалася па калідоры ў двор.

Я стаяў агаломшаны. Галка бегла па калідоры, не ішла, а менавіта бегла. Такога яшчэ ніхто не бачыў.

Ах, вось як! На наступным уроку я напісаў новы ліст.

Я рады, што табе спадабаўся мой ліст. Я бачыў, як ты хацела мяне ўбачыць. Прыходзь сёння да ліхтара ля ўваходу ў парк ў 7 гадзін. Я буду чакаць.

Хлопчык з 6 “Б”

Прыйдзе?.. Не прыйдзе?

Каля ўвахода ў парк на доўгіх слупах віселі жоўтыя ліхтары. Яны былі падобныя на сланечнікі.

Пад іх сланечнікавае святло збіраліся хлопцы і дзяўчаты з блізкіх вуліц. І сястра Ірыны — маленькая хімічка — там звычайна чакала свайго жаніха. Я не ведаў іншага месца і прызначыў спатканне Галцы каля ліхтара.

У сем гадзін, стаіўшыся за таўшчэзнай бярозай, я назіраў за ўваходам.

Галкі яшчэ не было. Канешне, як усялякая дзяўчынка, яна павінна была спазніцца. Або наогул не прыйсці.

Не, прыйшла. У мяне затахкала сэрца. Так гучна, што я шчыльней захутаўся ў плашч, каб не было чуваць.

Галка пастаяла трохі, паглядзела на ліхтары, прайшлася ўзад-уперад уздоўж агароджы.

Я ўсё яшчэ не наважваўся выйсці са свайго ўкрыцця. Уласна кажучы, я прыйшоў паназіраць, ці прыйдзе Галка. Я чамусьці быў упэўнены, што яна не прыйдзе. А яна з’явілася і ходзіць уздоўж паркавай брамы і глядзіць на ліхтар, як быццам хлопчык з 6 “Б” павінен сядзець там, на вялікім матавым шары.

Прайшло, напэўна, хвілін дзесяць. Я не ведаў, што рабіць. А Галка ўсё хадзіла і хадзіла, і не збіралася дамоў.

“Вось упартая, — падумаў я. — Няма хлопчыка з 6 “Б”, ідзі спаць”.

Але Галчына пунсовае паліто працягвала мільгаць каля ўвахода ў парк.

Наляцеў вецер. Мне стала холадна. У небе прахрыпеў гром, а тады маланкі наладзілі танец з шаблямі.

“Зараз пойдзе дожджык, і яна збяжыць як міленькая”, - узрадаваўся я.

Кроплі дажджу забарабанілі па плашчы. Галка схавалася пад хвояй, што расла ля самай агароджы. Яна і не думала сыходзіць.

Я нават раззлаваўся: такой аслінай упартасці я яшчэ не бачыў.

Дождж ужо ліў па-сапраўднаму. Мне нацякала за шыварат. Трэба было ратавацца.

Я выбег са свайго ўкрыцця, выскачыў за вароты і наткнуўся на Галку.

— Ты чаго тут? — раптам спытаў я.

— А ты чаго? — сярдзіта адказала яна.

— Гуляю, — сказаў я і стаў насвістваць.

Я таксама гуляю, — са злосцю кінула яна і павярнулася да мяне спінай.

Я разгубіўся.

— Слухай, але ж ідзе дождж.

Галка маўчала.

— Ты можаш прамокнуць, — сказаў я, і ў гэты час яшчэ некалькі кропляў праніклі мне за шыварат.

Галка маўчала і не варушылася.

— Надзень плашч, — нечакана для сябе прапанаваў я, зняў плашч і накінуў ёй на плечы.

— А ты як? — Галка павярнулася да мяне і глядзела ўжо не так сярдзіта.

— Я? — сказаў я. — Я люблю навальніцу ў пачатку мая.

— Але зараз красавік, — усміхнулася Галка.

— А я люблю і ў красавіку, — весела адказаў я.

Цяпер на Галчыным твары замест усмешкі з’явілася маркота.

— Ты чымсьці засмучана? — спытаў я. — Што-небудзь здарылася.

Яна пахітала галавой. Я зразумеў, што калі зараз скажу, што гэта я той самы хлопчык з 6 “Б”, які кладзе ў кішэнь яе паліто палымяныя лісты, што з-за мяне яна тырчыць тут і мокне пад праліўным дажджом, — калі я зараз ёй усё гэта скажу, яна не паверыць.

Дождж нечакана перастаў. Маланкі яшчэ крыху пашыпелі, як напаленае вуголле, на якое плюхнулі вады, і сцішыліся.

— Хадзем, сказаў я. — Дождж перастаў.

Галка зняла мой плашч, страсянула з яго дажджавыя кроплі і працягнула мне.

— Дзякуй.

— Ну што вы, сеньёра, для мяне гэта пусцяковіна, драбяза, — раскланяўся я. — Хочаце я для вас дастану зорку? Не хочаце? Тады я залезу на слуп, выкручу лямпачку і падару вам.

— Гэта будзе хуліганства, — строга сказала Галка.

Я сцяміў, што менавіта ў такія моманты людзі праглынаюць язык.

— Вось ты разумееш, для чаго мы вучымся? — пыталася Галка, калі мы ішлі па вуліцы.

Я паціснуў плячыма.

— Каб, калі вырасцем, прыносіць больш карысці людзям, — настаўленча сказала Галка. — Кім ты хочаш быць, калі вырасцеш?

— Не ведаю, — сказаў я. — Напэўна, клоунам.

— А я хачу стаць касманаўткай, — усміхнулася Галка.

— Ты — касманаўткай? — Я быў уражаны.

— Я вельмі люблю зоркі, - ціха сказала Галка. — Я хацела б пабываць на ўсіх зорках… Да пабачэння, я ўжо дома. Дзякуй табе за плашч.

Тут яна нешта ўспомніла і зноў пазмрачнела.

Назаўтра Галка не адыходзіла ад вешалкі. І мне ніяк не ўдавалася дабрацца да яе паліто. Але пасля трэцяга ўрока яе на хвілінку паклікала важатая Кіра, і я паклаў у кішэнь вогненна-пунсовага, ужо сухога паліто новы ліст.

Даруй мне, але я не змог прыйсці. У мяне захварэла мама. Я выклікаў урача і бегаў па лекі ў аптэку. Ты, напэўна, чакала мяне? Учора была жахлівая навальніца. Я прымчаўся, калі яна кончылася, але цябе не сустрэў.

Хлопчык з 6 “Б”

Галчына радасная фізіяномія на наступнай пераменцы распавяла мне, што ліст яна прачытала і вельмі ўсцешана.

На некаторы час я развязаўся з асабістымі справамі, і можна было заняцца грамадскімі.

Па ўсіх паказчыках мой цяперашні клас ішоў добра, але не было ў яго цімураўскай працы. А без цімураўскай працы першага месца нам не відаць. Так і сказаў Віцька Мелюх, наш старшыня рады атрада.

Кожную пераменку мы прыдумвалі, над кім бы ўзяць шэфства. Усіх суседніх дзядоў і бабулек ужо разабралі іншыя класы.

— А калі зноў пайсці да Красоўскага, — прапанаваў Віцька.

— Я ж быў у яго, — зашумеў Віцька Зайцаў, - такога шкоднага старэчу пашукаць толькі трэба. Я да яго: “Давайце мы возьмем над вамі шэфства”. А ён мне: “Вон адсюль, злодзей”. Ён падумаў, што яблыкі я ў яго хачу сцягнуць. Не, да яго ніяк не варта ісці.

— А можа, паспрабуем? — вяла прапанаваў Мелюх.

— Бескарысна, — адказаў Зайцаў.

— А калі Карабухіна паслаць? — умяшаўся ў размову Толька Дашкевіч. — Ён хлопец вясёлы, любога загаворыць. А так — што рабіць? Без цімураўскай працы нам першага месца не відаць.

Я акурат у гэты час спісваў практыкаванне і краем вуха чуў усё, што казалі хлопцы. Калі назвалі маё прозвішча, я прыўзняў галаву.

— Не здолее Карабухін, — лена працягнуў Мелюх, — нічога ў яго не атрымаецца.

— Атрымаецца, — нечакана для сябе сказаў я. — Давайце адрас вашага дзядулі. Заўтра ж ён будзе тут.

Мы з Чапаем ляцім у атаку

Пасля ўрокаў за мной увязаўся даўгалыгі Мішка Зайцаў.

— Дык ты пойдзеш да гэтага дзеда? — спытаў Мішка.

— Пайду, а што?

— Я табе не раю. — Мішка чакальна маўчаў.

Я ведаў, што ён зараз сам усё раскажа, і не задаваў яму больш пытанняў.

— У яго сабака ў двары — ваўкадаў, - выпаліў Мішка.

Я з цікавасцю слухаў.

— А дома на сценцы вісіць двухстволка, вось, — запалохваў мяне Мішка.

— Я іду да яго як афіцыйны прадстаўнік, а не па яблыкі лезу. Тым больш што яблыкаў цяпер няма, — адрэзаў я.

— А ён не разбіраецца, — гарачыўся Мішка. — Ён адразу спускае з ланцуга сабаку і бяжыць у дом па двухстволку.

Я абдумваю пачутае. Мішка зразумеў, што я вагаюся, і вырашыў мяне дабіць:

— Я цябе папярэджваю. Укусіць цябе шалёны сабака, месяц будуць калоць.

Мішка рашыў, што я ўжо раскайваюся, і павярнуў да сябе дамоў.

— Ты ведаеш, куды ўколы ад шаленства робяць? — крыкнуў ён ужо здалёк.

Я кіўнуў. Я ведаў, куды робяць уколы ад шаленства. Але калі мяне перасцерагаюць: “Не ідзі, наперадзе яма, правалішся”, - я заўсёды іду. І звычайна аказваецца, што ніякай ямы і паміну няма і ўвогуле усё гэтахлусня. А яшчэ ў словах Мішкі мяне многае насцярожвала. З чаго б яму так пра мяне клапаціцца? Не, тут нешта не так.

Паабедаўшы, я выправіўся да застрашлівага старога ў госці.

Мне уяўлялася, што жыве ён у змрочным, з наглуха зачыненымі аканіцамі асабняку, ха двухметровым плотам. А па двары прагульваецца спружыністай хадою драпежніка ваўкадаў.

Але дом старога аказаўся зусім не змрочным, а жоўценькім, нібы птушыны дамок. Надпісу “Асцярожна, злы сабака” на весніцах не было. Вось, падумаў я, хавае дзед сабаку.

Я штурхнуў весніцы, яны былі не замкнёны. Заходзіць баяўся і крыкнуў на ўвесь двор: “Дабрыдзень!”

Маўчанне. Сабака не брэша. Я зрабіў крок, другі, і яшчэ гучней загарлаў:

— Дабрыдзень!

Цішыня. Тады я смялей пачаў прасоўвацца наперад. Ішоў я крадком, раз-пораз азіраўся.

І знячэўку:

— Стой! куды ідзеш?

Я зірнуў у бок, адкуль раздаўся выкрык. На лавачцы сядзеў стары — сівы вожык валасоў, сівыя шчотачкі броваў, а твар румяны, зусім малады. Ён чысціў ружжо.

— Ну? — прабасіў стары.

Я не адказваў — неадрыўна пазіраў на ружжо. Гэта была сапраўдная паляўнічая двухстволка. Нарэшце я апамятаўся.

— Добры дзень! — пакланіўся я.

— Добры дзень. Чаго з’явіўся?

Голас старога быў грозны. Я адразу згадаў усё, што казаў мне пра яго Мішка Зайцаў. Вось дурань, зноў увязаўся ў гісторыю! Але трэба выкручвацца. Разважаць няма калі.

— Нашпіянерскіатрадпросіцьвасрасказацьякімвыбылігероему грамадзянскую вайну! — Я выпаліў гэтую доўгую фразу на адным дыханні.

— Маніш, ха-ха! А можа, і не маніш? А чаго ж ты краўся па двары, нібы злодзей? — Стары прыжмурыўся.

— А чаго ў вас красці? — спакойна сказаў я. — Яблыкаў яшчэ няма.

Стары зарагатаў, і сівыя шчотачкі броваў заскакалі над вясёлымі вачыма.

— Верная праўда. А ўвосень заявішся да мяне?

Я дыпламатычна прамаўчаў. Стары насупіўся.

— Вось моладзь пайшла. Ты зайдзі да мяне і папрасі яблыкаў. Хіба я табе не дам — і антонаўкі дам, і апорту не пашкадую. А то лезуць напралом, галіны ломяць, акрамя шкоды, ніякай карысці не прыносяць. Ну, сядай, калі так, госцем будзеш. — Дзядуля пасунуўся, і я сеў побач з ім на лаўку.

— Вось восенню мінулай адзін, накшталт цябе, таксама ўсялякае гаварыў: “наш піянерскі атрад”, і “мы будзем радыя”, ды падобнае. А калі я адлучыўся, каб самаварчык паставіць, чайком госця дарагога пачаставаць, ён, такі-сякі госць дарагі, у гэты час яблыню — самую маю любімую — дарэшты абабраў. І толькі яго бачылі.

Я адразу сцяміў, што дзядуля на Мішку скардзіўся. Ага! Дык вось дзе сабака зарыты! Вось чаму Мішка так пра мяне клапаціўся! Ну, пачакай, падумаў я. Ты сваё атрымаеш — і за мяне, і за дзядулю.

Я весела ўсміхнуўся старому.

— Я ніколі і ні да каго ў сады не лазіў.

— Праўда? — ухмыльнуўся дзед. — Гэта добра. Ты да мяне не лазь, таму што я табе ад душы цэлы кош дам. — Стары нахіліўся да самага майго вуха. — І які гэта ты хлопец, што ні разу ў чужыя сады не лазіў?

Дзед падміргнуў. Ён мне стаў падабацца.

— Так, значыць, хочаце пачуць, якім я быў у грамадзянскую вайну?

— Вельмі хочам, — сказаў я. Як вы на конях несліся і белякоў на ўсім скаку секлі? — Я пачаў размахваць рукамі, паказваючы, як сякуць белякоў.

— У пяхоце я быў, хлопец. Дакладней, у артылерыі. А ўваходзіла наша артылерыя ў Чапаеўскую дывізію. — Сівыя шчотачкі броваў ганарліва тапырыліся над вачыма, што раптам зрабіліся маладымі.

Я нават ахнуў.

— Вы бачылі Чапаева?

Стары абурана фыркнуў.

— Васілія Іваныча? Амаль кожны дзень бачыў — і ў баі бачыў, цяжкім, гарачым, і за сталом з ім сядзеў, і як спявае чуў.

Ужо позна ўвечары, папіўшы чаю з мёдам, я пайшоў ад хлебасольнага Афанасія Міхайлавіча.

Стары выйшаў на ганак правесці. І я нарэшце насмеліўся:

— А дзе ваш сабака, Афанасій Міхайлавіч?

Стары задумліва пакруціў свае пышныя бровы, як некаторыя круцяць вусы.

— Няма ў мяне сабакі. А без сабакі на паляванні, сам разумееш, як без ружжа. Сябры абяцаюць дабыць пародзістае шчанё…

Уначы мне снілася, як ляцяць бясшумна на конях вершнікі. А наперадзе ўсіх — сам Чапаеў, а побач — Афанасій Міхайлавіч. Толькі ён вельмі малады. А бровы яшчэ чорныя, смаляныя, і на мяне падобны!

А вершнікі ўсё бліжэй. Але гэта ж я побач з Чапаевым! Ура!

Раніцай у школе мяне абступілі таварышы.

— Ну, як?

— Выдатны стары, — сказаў я. — І зусім не шкодны. Сёння пасля ўрокаў ён прыйдзе да нас. Рыхтуйцеся да сустрэчы.

— Малайчына, Валерый, — паціснуў мне руку Віцька Мелюх, — выдатна справіўся з даручэннем. А ў 6 “А” гаварылі, што ты разгільдзяй.

Я махнуў рукой. Што пра мяне добрага могуць сказаць у маім былым класе? Нічога, канешне.

Мішка Зайцаў стараўся не трапляць мне на вочы, а як толькі звінеў званок, ціхутка знікаў з класа першым.

Але пасля чацвёртага ўрока я яго ўсё-такі злавіў у калідоры і прыціснуў да сценкі.

— Трэба табе нешта прыдумаць, Мішка, — сказаў я заклапочана.

— А што такое? — спалохаўся Мішка.

— Стары ведае, што ты ў нашым класе вучышся. Я, кажа, з ім распраўлюся, з гэтым зладзюгам.

— А што мне рабіць?

— Сысці з апошняга ўрока, іншага выйсця няма.

— Добра, — сказаў Мішка. — Сыду.

І ён уцёк з апошняга ўрока, за што яму потым добра ўляцела.

Я не люблю, калі мяне хочуць абдурыць. Я сам каго заўгодна абдурыць магу. Вось так.

Галка выпрацоўвае характар

Афанасій Міхайлавіч прыйшоў да нас у госці, як і абяцаў, і распавёў столькі цікавага, што таварышы былі ў захапленні. А потым мы сталі хадзіць да яго па чарзе, дапамагалі па гаспадарцы. Мяне ён сустракаў як старога сябра: “Дзякуй табе, Валерый, з такімі добрымі хлопцамі і дзяўчаткамі пазнаёміў”.

Пасля таго як мой цяперашні клас узяў шэфства над чапаеўцам, мы адразу ж абышлі мой былы клас і ўпэўнена цалялі на першае месца ў школе.

Мае былыя аднакласнікі абураліся. Лёнька Аляксандраў гразіўся пабіць пакалаціць мяне. А найдабрэйшая Светка Нікіціна сказала, што такой подласці яна ад мяне не чакала.

Вось лухта атрымоўваецца, дзівіўся я. Самі са скуры вылузваліся, каб мяне паправіць і перарабіць, а тут, калі я перакаваўся, на мяне ж і накінуліся.

Толькі Галку Наважылаву гэта зусім не цікавіла. Кожную пераменку яна бегла ў раздзявальню і рылася ў кішэнях свайго паліто, шукала новы ліст і не знаходзіла. Таму што я не ведаў, пра што ёй пісаць.

Па-ранейшаму, хоць я і быў ужо ў іншым класе, да мяне прыходзіла Іра. Яна адчыняла дзверы і зазвычай пыталася6

— Як твая глаукома?

— Трохі коле, — вохаў я.

— Можа, выклікаць “хуткую”? — На Ірыных вуснах з’яўлялася ўсмешка.

— Ды не, не варта, — падумаўшы, гаварыў я.

І мы рагаталі, разгортвалі падручнікі і пачыналі займацца.

Іра вельмі многа ведала. Іншым разам мне здавалася, што яна ведае столькі, колькі нашы настаўнікі.

Іра расказвала мне пра вялікіх навукоўцаў, пра тое, як яны здзяйснялі свае адкрыцці і як, не страшачыся смерці, працавалі і працавалі. А некаторыя ведалі, што хутка памруць, ведалі, што смяротна хворыя, і ўсё роўна сядзелі ўдзень і ўначы ў лабараторыях.

Маім любімым навукоўцам стаў Альберт Эйнштэйн. Можа, таму, што ён быў яшчэ і вясёлым чалавекам. Якія ён зрабіў адкрыцці, Іра растлумачыць не здолела, але сказала: “Эйнштэйн — найвялікшы фізік XX стагоддзя”.

Але самым дзіўным было тое, што я выправіў свае двойкі. Адна за адной я расправіўся з імі. І было гэта не вельмі цяжка. Канешне, Іра на мяне моцна насядала. Але ўсё-такі гэта я выправіў двойкі, а не яна.

Аднак сёння ў мяне быў выгляд чалавека, што згубіў латарэйны білет, які выйграў “Волгу”. Папросту кажучы, я быў не ў сваёй талерцы.

— Ты вельмі няўважлівы, — сказала Іра. — Так нельга вучыць урокі.

— Паслухай, — перабіў я Іру, — калі дзяўчынка закахалася ў хлопчыка, а ён не, то што рабіць?

Ірын твар густа пачырванеў. Пад маім позіркам яна апусціла галаву.

— Не ведаю, — ціха сказала яна.

— У цябе няма вопыту? — спытаў я.

— У мяне няма вопыту, — гэтак жа ціха адказала Іра.

Я пачаў расходжваць па пакоі. Мне заўсёды лягчэй думалася, калі я рухаўся, размахваў рукамі, нават размаўляў сам з сабой.

— Я пайду. — Іра ўстала і склала кніжкі. — Усё роўна сёння не пазаймаемся.

— Да пабачэння, — сказаў я, і Іра пайшла.

Што ж прыдумаць? Я паваліўся на тахту. Калі Іра, якая ведае ўсё на свеце, гэтага не ведае, то што рабіць?

Больш я не мог марочыць галаву Галцы. Мне часам рабілася яе шкада. Спярша я хацеў ёй адпомсціць, а тут заварылася такая каша, — як яе аднаму рассёрбаць?

Нарэшце я наважыўся. Я ўзяў асадку і напісаў новы ліст. Ён быў самым кароткім і самым жвавым.

Я рашыў табе ўсё расказаць. Прыходзь у наш клас у 8 гадзін вечара.

Хлопчык з 6 “Б”

А палове восьмай я прашмыгнуў паўз цётку Шуру, якая брынкала ключамі, у 6 “Б”.

У класе была незвычайная цішыня. Ніхто не бегаў па партах, не ляпаў вечкамі. Парты адпачывалі ад нас, вучняў. У іх была мёртвая гадзіна.

Дзверы зарыпалі, і ўвайшла Галка. Святла я не запальваў, і таму мяне яна не бачыла.

— Тут ёсць хто-небудзь? — спытала Галка, і ў яе затрымцеў голас.

— Гэта я, — сказаў я і падышоў да выключальніка. Святло заліло клас, парты прачнуліся, і Галка ўскрыкнула:

— Карабухін, што ты тут робіш?

— Гэта я пісаў табе лісты, — выпаліў я.

Галка зажмурыла вочы, яна не хацела верыць.

— Гэта я, я засоўваў іх у кішэнь твайго паліто. Я чакаў цябе тады, у парку.

— Навошта ты гэта рабіў? — нарэшце спытала Галка.

— Я думаў, што ўсе таварышы і ты да мяне дрэнна ставіцеся. Мне проста сумна было без усіх вас. І мне хацелася, каб вы зразумелі, які я быў.

Ох, і люблю я прамаўляць маналогі, быццам яне Валерка Карабухін, а артыст Смактуноўскі ў ролі Гамлета.

У гэта момант дзверы адчыніла цётка Шура.

— Што вы тут, паўночнікі, святло паліце? вы ведаеце, колькі на новыя грошы кілават каштуе? Цэлых чатыры капейкі.

Цётка Шура жартам замахнулася на нас шчоткай. Спрытна ўхіліўшыся, мы пабеглі па калідоры.

Калі мы выскачылі са школы, Галка ўжо рагатала. Яна трасянула косамі і спытала:

— Гэта была прыгода? Я вельмі люблю прыгоды.

— Гэта драбяза, — хмыкнуў я. — Са мной бывалі сапраўдныя прыгоды. Хочаш, раскажу?

— А я адразу здагадалася, што гэта ты мне напісаў. Памятаеш, калі ты прыйшоў у парк? Ой, і навальніца была… Каб не твой плашч…

Я разявіў рот ад здзіўлення. Я думаў, што абвёў Галку вакол пальца, а яна, аказваецца, усё ведала! Ды не, гэта яна зараз прытвараецца, што ўсё ведала. Чаго б яна тады здзіўлялася, застаўшы мяне ў класе?..

А Галка ўсё гаварыла, і голас у яе быў не такі, як на сходах і на ўсялякіх разборах, а нармальны, чалавечы, і нават прыемны.

— Памятаеш, ты мне абяцаў лямпачку з ліхтара дастаць? — раптам сказала Галка.

— Лямпачку? — перапытаў я. — Калі ласка. Бяжым?

— Бяжым.

Мы памчаліся на скрут галавы. Задыхаўшыся, мы беглі да паркавай брамы. На шчасце, нікога ў гэты час паблізу не аказалася.

Я пачаў караскацца на слуп. Галка стаяла ўнізе і ціхенька павісквала ад страху.

На вяршыні слупа я зняў плафон, адкруціў лямпачку, зноў паставіў плафон на месца і хутка, на адных нагах, саслізнуў долу.

Галка прашаптала:

— Я баюся. Бяжым.

І мы зноў памчаліся па вуліцы.

Але нават тады, калі я бягу, думкі не пакідаюць у спакоі маю галаву. Вы хочаце ведаць, пра што я думаў?

Я думаў пра тое, што лямпачкі я, здаралася, выкручваў і раней. Але ніколі я не мог уявіць, што буду займацца такой справай удваіх з Галкай. З Галкай Наважылавай — самай узорнай, самай актыўнай дзяўчынкай ва ўсёй нашай школе.

Сёмка стаіць як леў

Першынство дружыны па футболе разыгрывалася паміж пятымі, шостымі і сёмымі класамі. Гулялі па алімпійскай сістэме, з выбываннем. Наша каманда атрымлівала перамогу за перамогай.

Я гуляў няблага. Я і сам здзіўляўся, адкуль у мяне з’явілася такая хуткасць, як я навучыўся біць аднолькава моцна і правай і левай нагой.

Выдатна ішла каманда і майго былога класа.

У фінале мы павінны былі сустрэцца ў вырашальным матчы. Ён быў прызначаны на заўтра.

А сёння на пераменцы прыбег Мішка Зайцаў — рот да вушэй — і хіхікае.

— Хлопцы, у 6 “А” паніка. Колька Ігнатаў адмаўляецца стаяць у варотах. Кажа, я баюся Карабухіна.

— Мяне? — ажывіўся я.

— Так, а калі Колька не будзе стаяць у варотах, перамога нам забяспечана.

Усе хорам загарланілі: “Ура!” Адзін я не радаваўся. Колька заўсёды быў баязлівы. Каб яму больш храбрасці, ён мог бы стаць добрым варатаром. Цікава, хто заменіць Кольку?

На наступнай пераменцы той жа Мішка ледзь не лопаўся з рогату.

— Вой, хлопцы, трымайце мяне! Ведаеце, хто ў іх будзе стаяць у варотах? Сёмка Паперна.

Усе зарагаталі, нават я ўсміхнуўся. У нашай камандзе Сёмка быў вечным запасным. Зрэдку гуляў у абароне, гуляў, праўда, настырна, але нечага яму не хапала. А ў варотах я Сёмку ні разу не бачыў.

— А ведаеце, чаму яны яго паставілі? — душыўся ад смеху Мішка. — Таму што ён твой сябар. — Мішка, ухмыляючыся, паглядзеў на мяне. — І добра ведае ўсе твае звычкі.

І Мішка зноў заліўся рогатам.

Увечары мне не хацелася ісці на двор. Я ведаў, што абавязкова сустрэну там Сёмку. А што я скажу яму?

Але ўсё-такі я спусціўся ў двор. І, канешне, адразу натрапіў на Сёмку.

— Прывітанне, — сказаў Сёмка.

— Прывітанне.

Мы парукаліся.

— Як маешся? — спытаў Сёмка.

— Нічога, — сказаў я.

Потым мы замаўчалі. Я падкалупнуў нагой каменьчык. Каменьчык пляснуўся метраў за дванаццаць, амаль у самай сцяны суседняга дома. Сёмка уважліва прасачыў за яго палётам.

— Слухай, — я пачухаў нос, — навошта ты згадзіўся стаць у вароты. Ты ж… не здолееш.

— Здолею, — цвёрда сказаў Сёмка. — Я стаяў у варотах улетку, калі быў у піянерскім лагеры.

- І колькі прапусціў?

— Пяць, — усміхнуўся Сёмка, — але мы выйгралі. Было 7:5 на нашу карысць.

Я падумаў: няблага, што хоць раз ён стаяў у варотах.

— Слухай, — сказаў Сёмка, — заўтра будзем гуляць сумленна.

— Канешне, — кіўнуў я.

— Забудзем, што мы сябры.

— Забудзем, — паўтарыў я.

— Ты бі як мага мацней, — сказаў Сёмка.

— Добра, я буду біць штосілы. Я табе абяцаю.

— Добра, — Сёмка ўсміхнуўся. — Да заўтра.

— Бывай, Сёма. — Я таксама ўсміхнуўся. — Да заўтра.

Такога матча яшчэ не памятала гісторыя школьнага спорту. Дзесяткі балельшчыкаў стоўпіліся ля белай рысы, за якой пачыналася поле стадыёна. Полем яго можна было назваць толькі ўмоўна, таму што на ім не расло ні травінкі.

Матч пачаўся шалёнымі атакамі нашай каманды. Мы літаральна прыціснулі мой былы клас да варот.

Я, потым Мішка Зайцаў, Толька Дашкевіч з пяці метраў расстрэльвалі вароты, у якіх другі раз у жыцці стаяў Сёмка. Але Сёмка рабіў немагчымае. Ён кідаўся ў ногі, перахопліваў перадачы, клаўся на мяч…

Падбадзёраныя тым, што іх вароты непрабіўныя, хлопцы з майго былога класа сталі ўсё часцей урывацца на нашу штрафную пляцоўку. Мне даводзілася адыходзіць у абарону. Але гола ўсё не было.

— Што творыцца з Сёмкам? — пыталіся ў мяне таварышы ў перапынку.

— Не ведаю, — сказаў я. — Ён другі раз у жыцці стаіць у варотах.

— Яму трэба біць вышэй, — сказаў Зайцаў. — Ён маленькі і высокія мячы не возьме.

Я падумаў пра гэта, — кіўнуў я. І я ўявіў, як мы забём гол у вароты Сёмкі, і мне стала шкада Сёмку і ўсіх таварышаў. Чаму так атрымоўваецца, што я раблю ўсё навыварат?! І зараз вось гуляю супраць сваіх. Жах нейкі.

І вось другі тайм. Я прарываюся па сваім краі, навешваю мяч на штрафную. Там яго перахоплівае Мішка і б’е ў верхні кут. Сёмка кончыкамі пальцаў дастае да мяча, мяч удараецца ў штангу, і абаронцы адбіваюць яго далей ад сваіх варот.

“Ледзь-ледзь вышэй, — думаю я, — і Сёмка не возьме”.

Я абводжу аднаго абаронцу, другога, б’ю, але мяч трапляе ў твар Лёньку Аляксандраву, які кідаецца мне напярэймы.

Балельшчыкі рагочуць. Таварышы з майго былога класа свішчуць. Яны думаюць, што я знарок заляпіў па Лёнькавай фізіяноміі. А ў мяне выпадкова выйшла. Я зусім не хацеў, ён сам наляцеў на мяч.

Лёнька таксама рашыў, што я знарок ударыў яго мячом па твары. Я бачу, як ён злуецца, і чую яго шэпт:

— Чакай, Карабухін!

Я зноў улятаю з мячом на штрафную і тут жа валюся на зямлю і расцягваюся ва ўвесь рост. Лёнька падставіў мне падножку. Балельшчыкі свішчуць, шумяць.

Фізрук ставіць мяч на 11-метровую адзнаку.

— Ты будзеш біць? — цяжка дыхае Зайцаў.

— Лепш ты, — кажу я. — Ён мяне па назе ўдарыў.

Мішка разбягаецца, б’е, і Сёмка, канешне, прапускае мяч. Мішка біў у правую верхнюю дзевятку, а цуды доўга не маглі працягвацца.

Хлопцы з майго былога класа рвуцца да нашых варотаў. Мы абараняемся адчайна. Грыміць фінальны свісток. Ура! Перамога!

Я бачу, як таварышы з майго былога класа паціскаюць руку Сёмку, ляпаюць яго па плячы. Але Сёмка паныла панурыў галаву і не глядзіць нікому ў вочы.

— Ты здорава стаяў, - кажу я яму, калі мы ідзём дамоў. — Проста неверагодна.

— Я павінен быў узяць пенальці. — Сёмка хмурыцца.

- І Яшын часам прапускае, — суцяшаю я свайго сябра.

— Я бы яго ўзяў, калі б ты біў, - упарта мармыча Сёмка.

— Можа быць, — няўпэўнена адказваю я.

— Дакладна ўзяў бы, — ажыўляецца Сёмка. — Я і праўда ведаю твае звычкі.

— Слухай, — кажу я. — Прыходзь на паддашак вечарам. Пагаворым.

— Прыйду, — абяцае Сёмка.

— Толькі не засмучайся, — кажу я, і Сёмка ўсміхаецца: ладна, маўляў, чаго там…

У сярэдзіне дваццатага стагоддзя

— Цябе усе проста ненавідзяць. — Сёмка адкінуўся на спінку канапы і глядзіць некуды ў бок.

— Няўжо ўсе? — Я злёгку ўсміхаюся.

Сёмка папраўляе сябе:

— Не ўсе, канешне. Я і Іра, мы заўсёды за цябе! І яшчэ Наважылава. Што з ёй адбылося — незразумела. “Трэба вярнуць яго да нас. Мы не здолелі выкарыстаць яго энергію!” — Сёмка паказвае, як рашуча Галка вымаўляе гэтыя словы.

Мы абодва ўсміхаемся. Мы сядзім на паддашку, там, дзе любім быць заўсёды адны.

— А што тут незразумелага? — кажу я. — Няма нічога незразумелага. Проста яна ўсвядоміла свае памылкі.

— Асабліва Лёнька кіпіць. Ты чаго яму змазаў па фізіяноміі?

— Я ж не знарок. Сам падлез пад удар.

— Моцны матч быў, - кажа Сёмка.

— Бляск, а не матч, — узрушваюся я.

— Хутка лета, — летуценна цягне Сёмка.

— Харошы час, — падцягваю я.

— Паныраем…

— Паплаваем…

— Пазагараем… — аблізваючы вусны, пералічваем мы ўсе слодычы, што нас чакаюць.

Шум, галасы ў двары змушаюць нас падняцца і падысці да паддашкавага акенца.

У двары сабраліся, здаецца, усе жыхары нашага дома. Але ў якім яны дзіўным адзенні. У маёра — Ірынага бацькі — на дужых плячах не сыходзіцца стары кіцель без пагон. Мая маці ў працоўным халаціку. Сёмкавы бацькі ў старых, пацёрханых касцюмах. У цэнтры ўсёй гэтай маляўнічай групы пагарэльцаў вылучаецца высокая худая жанчына ў квяцістай сукенцы. Яна жвава размахвае рукамі, ва ўсёй яе фігуры рашучасць. Яна зараз падобная да палкаводца, што вядзе войскі ў бой. Усе пачціва слухаюць яе і згодна ківаюць галовамі. Гэта Ірына маці, наш дамком.

— Успомніў, - пляскае сябе па лбе Сёмка. — Сёння суботнік. Плот будзем ставіць.

— Навошта? — здзіўляюся я.

— Каб адгарадзіцца ад суседніх дамоў, - тлумачыць Сёмка. — А то, разумееш, наладзілі ў нас прахадны двор. — Сёмка ўжо гаварыў не сваімі словамі, а словамі свайго таты.

— Ну іх… — махнуў я рукой на натоўп жыльцоў, што ўжо прыйшлі ў рух і разбрыліся хто куды. Па шчырасці, мне зусім не хацелася працаваць, і я па завядзёнцы пачаў прудумляць “важкія” прычыны, каб адкруціцца. У наш час, у сярэдзіне XX стагоддзя, у век спадарожнікаў і сінх… ну, гэтых самых. тронаў, - і ставіць платы!.. Наш дом адгародзіцца плотам, суседні, паглядзеўшы, зробіць тое ж самае, потым і іншыя. Што ж атрымаецца? Лабірынт, а не двор. А дзе мы ў футбол будзем гуляць? Дзе Генка мадэлі свае будзе выпрабоўваць?

Я распаляўся ўсё больш і больш.

З таго часу яу нашым дамавым камітэтам стала кіраваць Ірына мама, суботнікі накочваліся на наш двом, як марскія хвалі, адзін за адным. Спачатку мы ачышчалі паддашак, потым узяліся за падвалы, потым знеслі памыйніцу, і два разы ў дзень да нас прязджала машына з вясёлым шафёрам…

Самае дзіўнае, што жыльцы нашага дома з ахвотай працуюць на суботніках. Амаль усе яны — людзі разумовай працы (так, здаецца, гэта называецца). Іх хлебам не кармі, а дай пакалупацца ў зямлі рыдлёўкай або прыбіць пару цвікоў малаточкам.

— Ты маеш рацыю, — нарэшце сказаў Сёмка, — гэта ж проста бязглуздзіца, — будаваць платы ў наш час.

— Канешне, — узрадаваўся я Сёмкавай падтрымцы.

Нам надакучыла тырчаць на паддашку, і мы ціхенька спусціліся ўніз. Нашы крокі гулка аддаваліся ў пустым пад’ездзе. Мы вышлі ў двор і хацелі ўцячы, але нас заўважыла Ірына мама.

- Ідзіце сюды, маладыя людзі, - паклікала яна.

Калі мы з апушчанымі галовамі наблізіліся да яе, Ірына мама загадала:

— Будзеце дошкі перацягваць вунь ад той кучы да мужчын, якія слупы ставяць. — І падштурхнула нас у спіны.

— Мы лепш будачкі станем будаваць. — Я цвёрда паглядзеў Ірынай маме ў вочы.

— Што гэта за будачкі? — Яе густыя чорныя бровы выгнуліся, як два пытальнікі.

Для сабак, — ахвотна патлумачыў я. — Паставім будачкі ўздоўж плота, у кожную будачку пасадзім сабачку, таблічку пачэпім: “Асцярожна, злы сабака”. І тады ніхто не пасмее да нас і носа паказаць.

Два пытальнікі сталі двума клічнікамі.

— Я даўно чула, што ты лодыр і разгільдзяй. Але мяне Іра намагалася пераканаць у адваротным. Цяпер я разумею, хто ты такі. Вы можаце ісці на ўсе чатыры бакі.

Мы павярнулі, задаволеныя, але тут нас убачыла мая мама і сказала, што, калі ўсе працуюць, мы таксама павінны памагчы. Маме я не мог адмовіць, і мы з Сёмкам пачалі перацягваць дошкі.

Рылі ямы і ставілі слупы маёр, бацька Іры, дзядзька Кузьма, токар на пенсіі, і акулярысты, з доўгімі валасамі кандыдат навук Іван Васільевіч. Ім дапамагалі дзе поўныя жанчыны з пятага пад’езда.

Мужчыны працавалі моўчкі. Зрэдку перакідваліся адным-двума слоўцамі. Затое жанчыны ў асноўным размаўлялі.

— Ох і стамілася ж я, — уздыхала адна. — Яму вырыла, і ужо паясніца ные. А ў сорак перашым пад Масквой тысчу такіх ям вырыеш, а ўвечары яшчэ ў чарзе настаішся…

— Самалёты над табой кружацца, бомбы выюць, выбухі, а ты нічога не баішся і рыеш акопы, рыеш, — працягвае другая. — А цяпер хлопчыкі кінулі дошкі, і я ўжо здрыганулася.

Гэта пра нас. Мы з Сёмкам толькі што прыцягнулі партыю дошак.

— Гэй, хлопцы, асцярожней! — не гледзячы на нас кажа дзядзька Кузьма. — Гэта вам не футбол, а дошкі.

Дзядзьку Кузьму я не пярэчу. Некалі ён быў знакамітым токарам, яго партрэты друкавалі ў газетах, а аднаго разу дзядзьку нават паказвалі ў кіно.

На суботніках дзядзька Кузьма быў галоўным актывістам. Нават Ірына мама яго слухалася. Мы пастаялі трохі і паглядзелі, як ён працуе. У яго ўсё атрымлівалася вельмі спрытна. Ён ставіў дошку да дошкі і двума ўдарамі малатка заганяў цвік у слуп.

— Як мілпнькі пайшоў, - падміргваў дзядзька Кузьма Івану Васільевічую Той таксама, мабыць, падміргваў, але з-за акуляраў нічога не было бачна.

К вечару плот прамой лініяй адгарадзіў наш двор ад іншых дамоў. Задаволеныя сваёй працай, жыльцы разыходзіліся па кватэрах. Дзядзька Кузьма ўвесь свяціўся ад радасці. Нарэшце пасля месяцаў сядзення ля тэлевізара і нудных прагулак па парку яму падвярнулася праца, дзе ён мог паказаць сваё ўменне.

Развіталіся і мы з Сёмкам. Я сказаў свайму сябру шэптам:

— Трэба прыдумаць нешта з плотам.

— Ага, — згадзіўся Сёмка. — Гэта ж сорам — у сярэдзіне дваццатага стагоддзя.

— Ціха, — перарваў я Сёмку. — Бывай.

Усе задаволены, акрамя…

Раніцай я так і не прыдумаў, што зрабіць з плотам. А ў школе мне было не да плота. Падзеі разгортваліся з касмічнай хуткасцю. Рада дружыны прысвоіла нашаму класу першае месца ў школе. За што? Там было шмат пунктаў, за што. Адным з пунктаў быў я. Я быў, здаецца, 12-м або 13-м пунктам.

Вось ён, гэты пункцік. “За тое, што таварышы не пабаяліся ўзяць на перавыхаванне цяжкага вучня Карабухіна, ад якога адмовіўся 6 “А”, уцягнулі яго ў грамадскую працу і дапамаглі яму выправіць свае двойкі”.

Таварышы з майго цяперашняга класа трыумфавалі.

І Віцька Мелюх крыкнуў:

— Двавайце яго гушкаць!

Не паспеў я апамятацца, як мяне схапілі і падкінулі да столі. Я апусціўся на дужыя рукі Мішкі Зайцава, Толькі Дашкевіча і іншых хлопцаў. Я і не думаў вырывацца. Ганарліва і моўчкі я лятаў ад падлогі да столі пад дружныя крыкі:

— Ура! Слава Карабухіну!

Калі гаварыць папраўдзе, я люблю славу. Я люблю, каб на мяне ўсе звярталі ўвагу і шапталі за маёй спінай: “Гэта той самы, ну які… Карацей — Карабухін”. Я люблю зваходзіць у школу і бачыць, як пачціва расступаюцца перада мной малышы. Яшчэ б, сам Карабухін ідзе!

Усе пераменкі я хадзіў задумлівы і горда трымаў ношу сваёй славы, пакуль не наляцеў на Іру.

Я ветліва пакланіўся ёй.

— Як маецеся, графіня?

Але ў Іры не было настрою жартаваць.

— Чаму ты не сказаў нікому, што я і іншыя таварышы з нашага класа цябе дапамагалі?

— Ці не ўсё роўна, — прымірэнча сказаў я. — Усе дапамагалі. Ты, канешне, больш за ўсіх.

- І яшчэ, як ты размаўляў з маёй мамай? — гнеўна сказала Іра. Яе вочы выкідалі маланкі.

— Нармальна размаўляў, а што?

— Нармальна? — Іра ўся булькатала. — Дык вось, больш я з табой не размаўляю і не займаюся. Усё. Досыць з мяне. — Яна рэзка павярнулася і зацокала абцасікамі ў свой клас.

Я панура глядзеў ёй услед. Вось дзяўчаткі, думаў я, шкодныя істоты. Калі ў цябе добры настрой, яны яго абавязкова сапсуюць. Не могуць без гэтага жыць.

Ну і што, калі я не сказаў нікому, што двойкі я выправіў дзякуючы Іры? Сам жа я добра гэта ведаю. Ах, малайчына, перавыхавала хулігана Карабухіна”.

Змрочны, я ішоў дамоў разам з Сёмкам.

— Дык што мы зробім з плотам? — спытаў я ў майго сябра.

— Можа, не варта, Валерка? — жаласна сказаў Сёмка. — Як яны ўсе працавалі! І дзядзька Кузьма, і…

— Але ў сярэдзіне дваццатага века.

— Ясна, — уздыхнуў Сёмка. — Але толькі я нічога не прыдумаў.

Моўчкі мы дацягнуліся да нашага дома. І тут я скеміў, што трэба рабіць.

— Сёма, бачыш?

Я паказаў на экскаватар, што працаваў адразу за нашым плотам. Там на пустцы капалі катлаван для новага дома.

І зямлю экскаватаршчык звальваў у розныя бакі. Плот яму моцна перашкаджаў.

— Ну і што? — спытаў Сёмка.

— Зараз усё зразумееш.

Мы пералезлі цераз плот і сталі перад экскаватаршчыкам. Ён якраз выключыў сваб машыну і корпаўся ў маторы.

— Вось, мусіць, даміна будзе, — зацягнуў я і падштурхнуў Сёмку.

— Паверхаў пятнаццаць, а можа, і больш, — даўжаў за мной Сёмка. Ён быў выдатны хлопец, мой сябар, і ўсё разумеў з паўслова.

— Чалавеку трэба капаць катлаван, а тут плот замінае, — працягваў я, хітра пазіраючы на экскаватаршчыка.

— Зямлю няма куды дзяваць, — падтрымаў мяне Сёмка.

— Зусім няма куды, — уступіў у размову экскаватаршчык. Ён быў вельмі высокі, як і яго машына. — Круцішся, быццам у малагабарытнай кватэры.

— Мы толькі што былі ў дамкоме, — зманіў я, сумленна пазіраючы парню ў вочы. — Дамком сказала, хай руйнуе плот, калі іншага выйсця няма.

— Ну няма ж выйсця, — развёў рукамі экскаватаршчык. — Вы ж самі бачыце.

Мы кіўнулі.

— Ну, дзякуй, хлопцы, — белазубая ўсмешка заззяла на твары экскаватаршчыка. — Цяпер і норму выцягну.

Ён улез у машыну, а мы адправіліся на паддашак. Па лесвіцы мы выбеглі стрымгалоў і прыпалі да акна.

Экскаватар урачыста нёс коўш, набіты зямлёй і нейкімі жалязякамі. Вось ён замёр проста над плотам. Коўш раскрыў сваю пашчу, і забор застагнаў пад ударамі зямлі і камянёў. Але выстаяў. Пасля другога заходу ён пакасіўся. Трэці і чацвёрты каўшы яго дабілі.

Пакуль гэта ўбачылі жыльцы, пакуль яны паведамілі Ірынай маме, большая частка плота была паламана і засыпана зямлёй.

Мы назіралі з акна, як на беднага экскаватаршчыка наляцелі Ірына мама ды іншыя жанчыны, як ён ім намагаўся нешта тлумачыць і, напэўна, усё зваліў на нас. Таму што жанчыны сталі азірацца па баках — яны яўна некага шукалі.

— Спектакль скончаны, — сказаў я. — Цяпер трэба падумаць, як выкруціцца.

Ірына мама, канешне, здагадалася, што гэта наша з Сёмкам штукарства. І мы чакалі ладнага прачуханца. Але пярун не ляснуў. Напэўна, таму, што назаўтра ў нашым доме будавалі новы плот. Яго будавалі ўжо не жыльцы, а рабочыя. І ўзняўся ён амаль пасярэдзіне нашага двара, значна бліжэй да дома, чым ранейшы. Малады інжынер, што прывёў рабочых, сказаў, што гэты плот часовы, пакуль новы дом пабудуюць, а потым яго зруйнуюць і пасадзяць тут кветкі і дрэвы.

— А платы, грамадзяне, — састарэлая справа, — сказаў малады інжынер.

Разам з раочымі ахвотна завіхаўся і дзядзька Кузьма.

Ён пакрыквыаў нават, калі што не так было. Яго слухалі ўважліва і не пярэчылі яму.

Усе былі задаволены.

Мы з Сёмкам — таму што стары плот быў разбураны.

Дзядзька Кузьма — таму што зноў знайшоў працу для сваіх умелых рук.

Ірына мама — таму што які-ніякі, але плот стаіць. “Калі плот у двары, адразу ўтульней робіцца”, -казала яна.

Жыльцы таксама былі задаволены. Таму, што не трэба было зноў узводзіць плот, — яны і так стаміліся.

Толькі Іра хадзіла надзьмутая, яна злаваоася на мяне.

Я чалавек незлапомны, і мне ўжо хацелася як-небудзь памірыцца з Ірай. але пакуль нічога не атрымоўвалася.

Паміж “А” і “Б”

Як памірыцца з Ірай? Ад гэтай простай думкі мая галава проста расколвалася. Але тут адбылося нешта такое, што я забыўся пра нашу сварку.

На адной пераменцы Віцька Мелюх увайшоў у клас з надта ўжо кіслай фізіяноміяй. Віцька быў наогул мямля і ледзьве рухаўся. Я проста дзівіўся, за што яго абралі старшынёй рады атрада? Хіба можна яго параўноўваць з нашай Галкай? Галка — агонь, а Віцька — гэта суцэльная недарэчнасць. Але таварышы мне сказалі, што класная за яго. Ён ёй вельмі даспадобы — ціхі, спакойны і добра вучыцца.

Дык вось, Віцька, ледзь перастаўляючы доўгія ногі, увайшоў у клас і сеў за парту.

— Сябры, — жаласна працягнуў ён, — нам зноў не пашанцавала. І ўсё з-за Карабухіна.

— Што такое? — крыкнуў я.

— 6 “А” пратэстуе, быццам нам няправільна далі першае месца. Карабухін, маўляў, ужо паспеў усе двойкі ў нас выправіць, а вы паквапіліся на гатовенькае, — перадражніў Віцька Галку і яшчэ ніжэй апусціў галаву: — Не, сябры, не відаць нам першага месца. Ведаеце, якія ў 6 “А” гарлапаны. Адна Наважылава чаго вартая.

Таварышы абамлелі. Такога крутога павароту ніхто не чакаў. А здавалася, першае месца ў нас у кішэні разам з паездкай у Белавежскую пушчу.

Усе паглчдзелі на мяне як на пракажонага. І ніхто нават не захацеў успамінаць, што гэта я прывёў старога-чапаеўца, што з-за мяне прызначылі адзінаццаціметровы.

Што, падумаў я, рабіць? Перайсці яшчэ ў адзін клас. Але ў нас у школе толькі два шостых класы — “А” і “Б”. Я пайшоў па калідоры, сумна напяваючы песеньку, як “А” і “Б” сядзелі на коміне. Папраўдзе, песенькі такой няма. Ёсць толькі словы. Але я на хаду прыдумаў матыў. І паколькі мне бфло нявесела, то і матыў атрымаўся панылы і нецікавы.

— Пра што задумаўся, хлопец? — раздаўся над маёй галавой бадзёры голас.

Я падняў галаву і адразу ўсміхнуўся. Перада мной, усміхаючыся, стаяў высокі шыракаплечы Барыс Міхайлавіч, важаты нашага класа. Ён вучыўся ў педыінстытуце, а ў школе праходзіў практыку.

— Не журыся, хлопец, — сказаў Барыс Міхайлавіч, — усё на мазі, зразумеў?

Я нічога не зразумеў, але кіўнуў. Гаварыў Барыс Міхайлавіч заўсёды вельмі незразумела, але мы яго любілі. Ён быў чеммпіёнам інстытута па боксе і абяцаў пры першай магчымасці навучыць нас баксіраваць. Але гэтая магчымасць усё не з’яўлялася.

— Пойдзем у клас, — Барыс Міхайлавіч узяў мяне за плячо, — у мяне ёсць навіны.

Калі мы ўвайшлі ў клас, то засталі таварышаў у тых жа сумных позах.

Два дні заставалася да канца вучэбнага года, і хіба паспееш тут здзейсніць што-небудзь выбітнае, каб табе прысвоілі званне лепшага атрада ў дружыне?!

Пры з’яленні Барыса Міхайлавіча ўсе ўскочылі, заляпалі вечкамі парт, закрычалі: “Добры дзень, Барыс Міхайлавіч!”

— Сябры, — усміхаючыся, пачаў важаты, — значыць, так будзе. Нашы два класы — 6 “А” і 6 “Б” — адправяцца ў турысцкі паход-спаборніцтва. У кожнага атрада будзе заданне. Хто яго хутчэй выканае і прыйдзе ва ўмоленае месца, той і пераможа. Таму і прысвояць першае месца ў дружыне.

— Ура! — зашумелі таварышы.

Потым пачаліся роспыты:

— А калі пойдзем у паход?

— А куды пойдзем?

— Як толькі заняткі скончацца, — ледзь паспяваў адказваць Барыс Міхайлавіч. — Маршрут яшчэ распрацоўваецца, але трэба ўжо рыхтавацца. З вамі пайду я.

— Ура! — зноў закрычалі таварышы.

— Мы абгонім 6 “А”! — загарлалі яны.

— Мы будзем самымі першымі!

— Ой, дзяўчаткі, а прыгоды будуць? — усклікнула Лена Кубліцкая.

Пры слове “прыгоды” ўсе на хвілінку заціхлі, а тады зашумелі і загаварылі з новай сілай. Усе яны вельмі любілі прыгоды, жыць без іх не маглі. Але так да крыўднага мала было прыгодаў у кожнага ў жыцці, што ўсе пачалі іх паціху выдумляць.

— Я быў у Белавежскай пушчы, — сказаў Сашка Акулік, — і бачыў там жывых зуброў. Я нітрохі іх не баяўся і нават карміў і гладзіў самых маленькіх. — Тут вочы ў Сашкі па-здрадніцку міргнулі.

— А я лазіла па Каўказскіх гарах, — сказала Лена Кубліцкая, — яны такія высокія, што параходы на моры падобныя на чаек. Праўда, праўда.

— А ў мяне на спінінг трапіўся шчупак, — прыняўся выдумляць Мішка Зайцаў, - ён быў такі вялізны, што я не мог яго выцягнуць. А потым, слова гонару, шчупак пацягнуў маю лодку па рацэ. Я шмат кіламетраў праехаў, як на водных лыжах, за рыбінай, пакуль мяне і шчупака не перахапілі ля моста рыбакі.

Барыс Міхайлавіч паспрабаваў быў перабіць гэты роўны, як дожджык, гул успамінаў, але ў яго нічога не атрымалася. Тады Барыс Міхайлавіч крыкнуў:

— Ціха, сябры, вы яшчэ ў школе.

Мы ведалі, што мы яшчэ ў школе. Але ўрокі ўжо скончыліся, і можна было нарэшце пашумець удосталь.

Барыс Міхайлавіч паспрабаваў яшчэ раз крыкнуць: “Ціха, сябры!”, але шум не ўлёгся. Тады важаты махнуў на нас рукой і выйшаў з класа. Ён, мабыць, добра памятаў сваё дзяцінства і памятаў, якімі бываюць школьнікі, а таму не стаў нам перашкаджаць. Добра, калі дарослыя памятаюць сваё дзяцінства. Мы такіх адразу пазнаём і любім па- сапраўднаму.

А ўспаміны аб прыгодах не спыняліся. Толькі я ціха сядзеў і не ўлазіў у размову. І калі таварышы ахрыплымі галасамі дасказвалі апошнія ўспаміны, я спытаў:

— А хто адной сярнічкай можа запаліць вогнішча?

Дожджык успамінаў скончыўся. Таварышы сталі пазіраць адно на аднаго, а хто і напраўду можа запаліць вогнішча адной запалкай? Аказваецца, на Месяц лягчэй злятаць, чым вогнішча адной сярнічкай запаліць.

— А ты ўмееш? — х’едліва спытаў Мішка Зайцаў.

— Лёгка, — усміхнуўся я.

— Хлусіць ты ўмееш, — скрывіў грымасу Мішка.

І ўсе засмяяліся. Ім спадабалася Мішкаў дурнаваты жарт. А на мяне зусім перасталі звяртаць увагу.

Я запхнуў кніжкі ў сумку і рушыў дамоў. Два класы супраць мяне. А я ні ў чым не вінаваты. Проста так усё атрымліваецца, што я вінаваты.

Каля ўвахода ў парк я заўважыў Галку Наважылаву. Яна прагульвалася туды-сюды і пазірала на ліхтар. Калі яна ўбачыла мяне, то вельмі ўзрадавалася. Ці мне так здалося?

— Што ты змрочны сёння? — спытала яна.

Я паглядзеў ёй у вочы і раптам, немаведама чаму, усё расказаў. Што на мяне ўз’еўся 6 “Б”, як некалі 6 “А”, і цяпер я не ведаю, куды падацца.

— На Месяц? Але там няма атмасферы.

Галка моўчкі выслухала маю скрушную гаворку.

— А можа, ты да нас вернешся? — ціха сказала яна.

Я скрывіўся.

— Два дні засталося, усё роўна.

Мы пайшлі па вуліцы.

— Ты бываў калі-небудзь на Белым возеры? — спытала Галка.

— Не, а што гэта за возера?

— Цудоўнае! — Галка нават прыцмокнула вуснамі. — Там сосны да самай вады падыходзяць, а пляжы якія — адзін пясочак. І дно — суцэльны пясочак. І маліны там колькі! Мы туды пойдзем у паход.

— Я, мусіць, не пайду, — паныла сказаў я. — Усе мяне ненавідзяць, дык чаго я буду старацца для іх першае месца зарабляць.

— Дарэмна, — сумна сказала Галка. — Але, можа, ты перадумаеш? А?

— Не ведаю, — паціснуў я плячыма. А самому раптам страшэнна захацелася пайсці ў паход да такога цудоўнага возера. І абавязкова — разам з Сёмкам, Галкай ды іншымі таварышамі з 6 “А”.

— Бывай, — сказаў я Галцы каля яе дома.

— Да пабачэння, — Галка працягнула мне руку. Я паціснуў яе. Рука была цвёрдай і моцнай, і гэта мне спадабалася.

Вогнішча паказвае язык

Але я ўсё-ткі пайшоў у паход. Я разважыў так — заняткі скончыліся, я перайшоў у 7-ы клас без пераэкзаменовак (крыкнем дружна “ура”), да таго, як ехаць у піянерскі лагер, заставалася яшчэ два тыдні. А што рабіць у двары, калі таварышы ўсе ідуць у паход?

Пайшоў я з 6 “Б”. Бо менавіта гэты клас я закончыў.

Сябры глядзелі на мяне, быццам не я перад імі стаяў, а шафа нейкая, запырсканая чарнілам.

Ну, ладна, я чалавек не ганарлівы, я проста вельмі хачу ўбачыць Белае возера. Але я яшчэ пакажу вам, на што я здатны. Вось толькі бы нейкага звера сустрэць. Ваўка, напрыклад. Канешне, лепш за ўсё зубра. Тады я паглядзеў бы, як даюць лататы гэтыя храбрацы Мішка Зайцаў ды іншыя. Толькі я б не спасаваў. Сам-насам застаўся б з лахматым і страшным царом пушчы. Не, канешне, і Барыс Міхайлавіч не спалохаўся б. Мы б удваіх засталіся супроць зубра.

А што было б далей, я не паспеў сачыніць, таму што мне крыкнуў Барыс Міхайлавіч:

— Не адставай, Валерый! А то заблукаеш!

…Другі дзень мы прабіраліся па лесе, вылезалі на халмы, звяралі напрамак па компасе і зноў ішлі наперад.

Пачалі мы досыць бадзёра. Настрой ва ўсіх быў, як пасля шостага ўрока, — выдатны. З першых крокаў мы заспявалі. Ведаеце, вось гэтую песню — “Глобус крутится, вертится, словно шар голубой”. Добрая песенька. Я нічога супраць яе не маю. Але калі за плячыма рукзак, а ў ім спальны мяшок, кансервавыя бляшанкі, булкі, хлеб і яшчэ дзесятак розных штуковін, не надта і спяваецца. І хутка таварышы змоўклі.

На другім прывале высветлілася, што Мішка Зайцаў нацёр нагу. Барыс Міхайлавіч сказаў нам узяць у паход стары разношаны абутак. А даўганогі Мішка абуў старыя чаравікі, якія ён насіў, мусіць, гадоў пяць таму. І вось вам вынік: на Мішкавых пятках раздзьмуліся белыя вадзяныя мазалі.

— Ну што ж, — уздыхнуў Барыс Міхайлавіч, — далей ісці нельга. — Ён стаў разглядаць схему маршруту. — Мы зусім недалёка ад ракі, Пціч называецца. — Барыс Міхайлавіч абярнуўся да Мішкі: — Пару кіламетраў пройдзеш?

— Угу, — скрывіўся Мішка.

Пры дапамозе Толькі Дашкевіча ён сяк-так дакічыльгаў да ракі.

На высокім беразе Пцічы, пад залатаствольнымі хвоямі, мы разбілі палатачны лагер. Збегалі скупнуліся, вада была цудоўная і не хацелася вылазіць, але Барыс Міхайлавіч па адным усіх выцягнуў на бераг.

— Прастудзіцеся, чэрці, і не дойдзеце да Белага возера, — шумеў ён.

Адной з умоў спаборніцтваў было — усім прыйсці да возера. Хварэць не дазвалялася.

Увечары доўга не разгаралася вогнішча. Раніцай прайшоў дожджык, і хвораст яшчэ не паспеў высахнуць. Ужл цэлая гара паламаных запалак і два раздзёртых карабкі валяліся каля нашых узмакрэлых дзяжурных. Раптам адзін з іх, Дзімка Чаховіч, звярнуўся да мяне:

— Ты, здаецца, абяцаў адной сярнічкай запаліць вогнішча?

— Лёгка, — сказаў я і ўзяў працягнуты мне карабок. — Увобмірг.

Я пайшоў у лес і пад дрэвамі назбіраў сухіх галінак. Ля вогнішча я разламаў іх на невялікія кавалкі, склаў горкай. Уніз падсунуў звернутую сняжком паперу.

Таварышы, гучна пакашлівая і перашэптваючыся, сачылі за маімі маніпуляцыямі.

Я нікога не заўважаў. Я ведаў, галоўнае — уявіць сабе, што вакол нікога няма і я адзін. Інакш нічога не выйдзе. Усё атрымліваецца як быццам выпадкова, а калі ты хочаш зрабіць знарок, то ў цябе выйдзе лухта несусветная.

Я чыркнуў сярнічкай аб карабок. Параўда ж, у мяне не трэслася рука, калі я падносіў запалку да вогнішча. Але вогнішча не загарэлася.

Таварышы зарагаталі.

— Ну і хвалько ты, Карабухін. — Гэта голас Віцькі Мелюха.

— Хлусіць, як Мюнхгаўзен, — часова забыўся на мазалі і вырашыў папрактыкавацца ў дасціпнасці Мішка Зайцаў.

Я запаліў другую сярнічку. Папера трохі патлела, але вогнішча не запалілася.

Я ўжо не заўважаў граду насмешак, што сыпаўся на мяне. Я запаліў трэцюю сярнічку, і тут з’явіўся маленькі язычок полымя. Гэта вогнішча паказвала мне язык: “А вось не загаруся”. “Запаліся, запалай, затрашчы, — прасіў я вогнішча, — што табе, цяжка? Я хачу ўцерці нос гэтым дармаедам”.

І ён мяне зразумеў, маленькі і вясёлы язычок полымя. Ён паклікаў на дапамогу яшчэ адзін язычок, потым другі, трэці… І хутка вогнішча запалала, як у казцы.

Жартачкі, нібы апаленыя полымем, сцішыліся. Таварышы нешта старанна мыкалі. Дзяўчаткі паставілі на вогнішча вядро з супам і сказалі:

— Малайчына, Валерый! А вы, героі, нават вогнішча запаліць не змаглі.

Я прыўзняўся:

— Тут нядаўна нехта гаварыў яркія прамовы. А я вам скажу проста — такімі тэмпамі мы да Белага возера месяц будзем ісці. І першага месца нам не відаць. Хіба што ў сне, з зажмуранымі вочкамі.

— Гэта ты хочаш першае месца нашаму класу? — сказаў Мішка. — Ды ты ж падыгрываеш сваім сябрам з 6 “А”.

— Вельмі цікава, — нягледзячы на ўсё, я ўсміхаўся. — Значыць, гэта я, як апошні боўдзіла, абуў чаравікі пяцігадовай дпаўнасці і нацёр пухіры, пра якія толькі марыць можна? Значыць, гэта я не ўмею запаліць вогнішча і цягну час абеду?

Усчаўся страшэнны лямант. Умяшаўся ў размову Барыс Міхайлавіч. Ён сказаў, што мы дрэнна падрыхтаваліся да паходу і трэба нешта тэрмінова прыдумаць, таму што нацерла ногі яшчэ і Эма Гусак.

Увечары нас чакала новая навала. Наляцела машкара. І нейкая шкодная вельмі машкара. Кусалася так, што мы ўсе скакалі ля вогнішча і ўскрыквалі. Ну, акурат як чырванаскурыя індзейцы, толькі без убораў з пер’я на галовах.

Так сказаў пра нас Барыс Міхайлавіч, а тады некуды знік. Ён вярнуўся праз пяць хвілін з вялізным букетам рамонкаў. Барыс Міхайлавіч стаў раздаваць дзяўчаткам кветкі. Яны чырванелі і гаварылі какетлівымі галаскамі:

— Дзякуй, Барыс Міхайлавіч!

— Ой, дзякуй, Барыс Міхайлавіч!

Калі букет растаў у руках важатага, ён сказаў:

— Цяпер хай хлопцы дакажуць, што яны сапраўдныя рыцары. Тут за хмызняком лугавіна, на ёй поўна рамонкаў.

Мы хмурыліся і адварочваліся ад Барыса Міхайлавіча.

— А гэтая брыдота, як агню, баіцца рамонкаў. Кідайце іх, дзяўчаткі, у вогнішча, — скамандаваў БарысМіхайлавіч.

Машкары адразу паменела. З віскатам і крыкам мы кінуліся па рамонкі. Нарвалі столькі, што ледзь не затушылі вогнішча.

— Гэй, асцярожней! — закрычаў Барыс Міхайлавіч.

Машкара спалохалася нашых рамонкаў і ўцякла да іншых турыстаў. Малайчына Барыс Міхайлавіч. Усё ведае!

Мы сядзелі ля вогнішча і спявалі песню. Вы яе, канешне, ведаеце: “Глобус крутится, вертится, словно шар голубой». Яе добра спяваць ля вогнішча. Але ніяке яна не атрымліваецца, калі тупаеш з рукзакамі за плячыма, — дыхання нестае.

Адзін у лесе не воін

Вы прачыналіся на досвітку ў лесе? Праўда, гэта здорава! Высунеш галаву з палаткі, і адразу пачынаецца такое, што ты ніколі не бачыў і не ўбачыў бы нізашто ў жыцці, каб не пайшоў у паход.

Усе яшчэ спяць. Калі я вылажу з палаткі, раптам ускрыквае і падымаецца Мішка Зайцаў. Ён хапаецца за нагу — мабыць, я наступіў на яго любімы мазоль. Я шапчу Мішку: “Ціха”. Ён тарашчыць вочы. Я яму яшчэ раз: “Ціха”.

І Мішка, нібы загіпнатызаваны, падае і засынае.

Я рушу па лесе. Спярша іду павольна. У лесе ціха. Хвоі дрэмлюць, бярозкі пасопваюць. І раптам я пачынаю бегчы, быццам мяне нехта падштурхнуў у спіну. Я нясуся як апантаны, пераскокваю праз пянькі, падбягаю да адной хвоі, караскаюся на яе, а затым спаўзаю ды імгненна ўзлятаю на іншую хвою.

Нарэшце, знясілены, я куляюся на траву і ляжу некалькі хвілін, раскінуўшы рукі, і гляджу на неба. І ў мяне такое пачуццё, быццам я абдымаю ўвесь свет, і что бы ні здарылася зараз, я ўсё зраблю.

Я прыўзнімаюся і бачу, як зусім побач, дзесятку крокаў, віецца дымок.

“Можа, паляўнічыя вогнішча распалілі і зайца смажаць, — думаю я. — Трэба падысці паглядзець, — рашаю я. — А то ўсё ідзеш, ідзеш, а самае цікавае прапускаеш”.

Я выбягаю на палянку і ахаю — пажар! Лес гарыць!

Некалькі секунд я стаю ў здранцвенні і не ведаю, што рабіць.

Потым кідаюся на зямлю і пачынаю рваць мох і кідаць у агонь, топчучы полымя кедамі. Пажар не сціхае.

“Трэба скакаць у канаву, каб агонь далей не перакінуўся, — думаю. — А чым рыць? Трэба прыдумаць. Не бегчы ж за таварышамі. Абыдуся без іх. Пратруць вочкі, а я ім: “Я пажар пагасіў. Выратаваў ад гібелі зялёнага сябра”. Яны знячэвяцца: “Дзе?” Могуць не паверыць. Тады я ім пакіну кавалачак пажару, каб пераканаліся”.

І тут, не ведаю чаму, мае ногі самі паварочваюць да палатак. Назад я лячу яшчэ хутчэй. У мяне ў галавен мільгае: “Сюды б суддзю з секундамерам, пэўна б зарэгістраваў чарговы сусветны рэкорд”.

Канешне, нашы яшчэ не прачнуліся.

Я катурхаю Барыса Міхайлавіча і крычу яму ў вуха: “Пажар!”, буджу дзяўчатак, што вішчаць ад страху, выцягваю за ногі з палатак хлопцаў.

“Пажар!” — крычу я. — Лес гарыць! За мной!

І, не спыніўшыся ні на секунду, бягу тыду, дзе палае лес. Я не абарочваюся, але адчуваю, што за мной нясуцца таварышы. Мяне даганяе і бяжыць побач Барыс Міхайлавіч. На хаду мы перакідваемся з ім кароткімі фразамі. Вось так прыблізна:

Барыс Міхайлавіч: — Далёка яшчэ?

Я: — Хутка.

Барыс Міхайлавіч: — Вялікі?

Я: — Здаравенны.

Барыс Міхайлавіч: — Ты малайчына.

Я: — Ага.

Барыс Міхайлавіч: — Ты — герой!

Я раблю выгляд, што не расчуў.

Я вельмі люблю агонь. Люблю неадрыўна глядзець, як трашчыць у печы паленне. А што можа быць цудоўней, чым яркае, шумнае вогнішча!

Але тут агонь быў страшнай бядой, якую трэба адолець. І мы закасалі рукавы! Я не памятаю яшчэ, каб у нас калі-небудзь усё так атрымлівалася. Ніхто не гультаяваў. Мішка Зайцаў забыўся на свае мазалі і штосілы махаў сякеркай, прарабляючы прасеку, каб спыніць агонь.

Барыс Міхайлавіч паслаў Віцьку Мелюха і Толіка Дашкевіча па лесніка. Успомніў, што ўчора мы праходзілі міма лесніцтва.

Барыс Міхайлавіч аднойчы тушыў недзе пажар і камандаваў намі хутка і рашуча. Калі на палянку прыбеглі задыханыя дзядзькі разам з лесніком, агонь ледзьве тлеў і трошкі змяіўся.

Ляснік радасна ляпаў нас па плячах.

Героі! — казаў ён. — Малайцы. Юныя ленінцы! Наша надзея!

Барыс Міхайлавіч выступіў уперад і сказаў:

— Я прашу вас асабліва адзначыць учынак Валерыя Карабухіна. Ён первым заўважыў пажар і падняў трывогу.

— Дзе ён? — шумна выдыхнуў леснік.

Ён аглядваў нас, мурзатых, падсмаленых, але вельмі шчаслівых. Лесніку хацелася абняць нас усіх, такі ў яго быў радасны і ўсхваляваны твар.

Мяне падштурхнуў важаты, і я зрабіў паўкроку да лесніка.

Дзякуй табе, таварыш Карабухін Валерый, добрага бацькі і маці сын, — сказаў леснік і патрос маю руку.

Потым з той жа паспешлівасцю палез у сумку і выцягнуў кніжку.

Дару табе. Выбітная кніга. Сам не дачытаў. Усё часу няма.

Я ўзяў кніжку і паглядзеў на вокладку: І адзін у полі воін.

Мы дапамаглі лесніку датушыць пажар і накіраваліся ў палаткавы лагер.

Мішка Зайцаў выстукваў на жываце вясёлы марш. Яму дапамагалі хто як: адзін шчоўкаў языком, другі прысвістваў.

Але Барыс Міхайлавіч астудзіў наш запал.

Цяпер нам да Белага возера своечасова не дабрацца, — сказаў важаты, — абгоніць нас 6 “А”.

— А можа, у іх таксама трапіўся пажар на дарозе? — уявіў я. — Лесніку вунь кнігі няма калі чытаць — лес гарыць.

Барыс Міхайлавіч нахмурыў лоб.

— Адпачыць трэба. Паесці трэба.

— Ды мы зусім не стаміліся, — сказаў Толька Дашкевіч.

— А у мяне мазалі не баляць, — сказаў Мішка Зайцаў. — Глядзіце. — І Мішка пачаў скакаць і тупаць нагамі. І праўда, ён усміхаўся. Але самае дзіўнае, што ён быў не ў сваіх дзіцячых чаравіках, а ў нейчых кедах.

— Гэта ж мае кеды! — закрычаў Толька Дашкевіч.

Яны так спяшаліся тушыць пажар, што пераблыталі абутак. Толька нацягнуў Мішкавы чаравікі, а Мішка Толькавы кеды.

— Ладна, — сказаў Толька. — Мне твае чаравікі самы раз.

— Тады хутчэй снедаць і наперад, — сказаў Барыс Міхайлавіч. — Можа, і абгонім нашых праціўнікаў.

А я падумаў, што нам вельмі дапамог гэты пажар. Не падумайце, што я за пажары, за тое, каб лес гарэў. Не, але іншым разам людзей неабходна нечым узрушыць. А то ідуць, лаюцца, адзін на аднаго касавурацца, а тут — пажар, лес гарыць. І вось можна праверыць, чаго яны ўвогуле вартыя.

Пакет з сямю сургучнымі пячаткамі

Больш прыгодаў у нас не было. Мы ішлі хутка і весела. І ногі самі неслі нас да мэты — Белага возера.

На трэці дзень дарогі вялізнай талеркай жоўта-зялёнай вады перад намі паўстала Белае возера.

— А чаму яно зусім не белае? — спытаў я.

— Таму, што канчаецца на “у”, - сярдзіта абарваў мяне Барыс Міхайлавіч. Ён быў яўна не ў гуморы.

— Прайгралі мы, сябры! — з адчаем усклікнуў Мішка Зайцаў і паказаў на процілеглы бераг. Там палалі вогнішчы і каля іх завіхаліся хлопчыкі і дзяўчаткі ў пярэстых каўбойках. То быў, канешне, мой былы клас. Я пазнаў укормленага Сёмку, што сядзеў на камені і філасофскі пазіраў на возера, разгледзеў акуляры Лёнькі Аляксандрава і каснічкі — два рухавыя мытылі — на галаве Галкі Наважылавай.

— Усё прапала, — сказаў Віцька Мелюх і паваліўся на траву. Чалавека, больш нуднага за Віцьку я не сустракаў яшчэ ні разу ў сваім жыцці. Як што, адразу лапкі дагары і здаецца.

— Не ный ты, — крыкнуў я і павярнуўся да Барыса Міхайлавіча. У нашага важатага быў такі твар, як быццам ён толькі што атрымаў моцны ўдар па сківіцы.

— Барыс Міхайлавіч, — спытаў я, — хіба яны нас абагналі?

— Амаль, Валера, — задумліва сказаў важаты. — Праўда, яшчэ засталася адна перашкода. Трэба адшукаць у лесе пакет з пяццю сургучнымі пячаткамі. Ён схаваны ў поліэтыленавы мяшэчак. У гэтым пакеце — віншаванне з перамогай, з першым месцам.

— Калі яны тут цэлы дзень, то пакет яны даўно знайшлі, - заныў Мішка Зайцаў.

Вось мямля. Такая мяне разабрала злосць, што я закрычаў:

— Стройся! Раўняйся! Шагам марш!

Таварышы ад нечаканасці хутка пастроіліся і рушылі наўпрост да вогнішчаў, дзе варылі вячэру нашы праціўнікі. Я аглянуўся на Барыса Міхайлавіча. Важаты мне падміргнуў: “Поўны парадак”.

Хмурныя, мы рассаджваліся каля вогнішчаў пад крыкі, шум, свіст таварышаў з майго былога класа, якія амаль святкавалі перамогу.

Я сеў акурат пасярод двух лагераў праціўнікаў. І таму з маім тварам тварылася нешта жахлівае. Адна яго палова, тая, што была бліжэй да маіх цяперашніх аднакласнікаў, хмурылася і змрачнела. А другая палова, тая, што касілася на таварышаў з майго былога класа, радавалася і весялілася.

— Фу, — сказаў я сам сабе і стаў глядзець у зямлю.

I яшчэ невядома, хто выйграў, - раздаўся спакойны голас Галкі Наважылавай. — Пакет мы не знайшлі.

Таварышы з майго цяперашняга класа заварушыліся, павесялелі.

— А мы пажар вялізны патушылі! — крыкнуў Мішка Зайцаў.

— Праўда? — падсеў да мяне Сёмка.

— Праўда, — сказаў я і выцягнуў з рукзака “І адзін у полі воін”.

Я разгарнуў кнігу, і былыя таварышы з 6 “А”, што стоўпіліся за маёй спінай, прачыталі шэптам надпіс:

“Тав. Карабухіну Валерыю за мужнасць і адвагу пры выратаванні ад пажару лесанасаджэнняў Дарагамілаўскага лясніцтва”.

— Ого! — сказалі таварышы.

Сёмка ўскочыў, узбуджаны.

— А я заўсёды казаў, што Валерка выдатны хлопец.

Вакол зашумелі.

— Ціха! — крыкнуў Барыс Міхайлавіч. — Хадзем уладкоўвацца нанач.

Мы хутка разбілі палаткі, распалілі вогнішча і, пакуль нашы кашавары майстравалі вячэру, пабеглі да возера.

Сонца заходзіла на супрацьлеглым беразе. Яго развітальныя промні ляжалі на возеры, як даўжэзныя чырвоныя рыбы. І возера ўжо было не белым, а чырвоным.

“Але чаму яно ўсё-ткі Белае?” — надаўмяваў я, разразаючы галавой і рукамі мягкую цёплую ваду возера.

Як добра скінуць рукзак і плысці, усё роўна куды.

Я аглянуўся — вось табе на! — я ўжо на самай сярэдзіне возера. Барыс Міхайлавіч, мабыць, нервуецца.

Я павярнуў, лёг на спіну і запрацаваў нагамі. Рукі ў мяне адпачывалі. Потым я паплыў зноў брасам. Я вельмі люблю брас. Мне часам здаецца, што брасам я магу праплысці сотню кіламетраў, ні разу не адпачываючы.

Калі я плыў, мне ў галаву лезлі ўсялякія думкі, а таму я дасягнуў берага крыху лявей ад таго месца, дзе палалі нашы вогнішчы.

Я ўпёрся рукамі ў жоўты пясочак і так ляжаў у вадзе. Мне не хацелася вылазіць. Я лагодна круціў галавой, пускаў бурбалкі і раптам пад коранем хвоі, які далёка вылез у возера, заўважыў белы прамакутнік з пяццю круглымі карычневымі пячаткамі.

Мяне так і падкінула. Пакет! Я знайшоў пакет! Але чаму ён не размок?

Ах, пакет у поліэтыленавым мяшэчку! Моцна прывязаны да кораня. І гэта ўсяго ў двух кроках ад стаянкі. Усе шнараць у лесе, шукаюць пакет, а ён тут мокне і пасмейваецца. Хвацка прыдумана.

Я хацеў крыкнуць, што знайшоў пакет, але крыку ў мяне не атрымалася. Я раптам зразумеў, што не ведаю, каму мне хочацца аддаць пакет. Не ведаю, і ўсё!

Размова з самім сабой

Я варочаўся ў палатцы паміж Мішкам Зайцавым і Толькам Дашкевічам. І ніяк не мог заснуць. Не таму, што сон да мяне не ішоў, ён ухутваў мяне, люляў цягучымі песенькамі, ён заплюшчваў мне вочы, але я адганяў яго прэч. Я ў тысячны раз пераварочваўся і ніяк не мог вырашыць, каму аддаць пакет, які я знайшоў. Я не ўзяў яго з сабой, а толькі наймацней прыкруціў вяроўкай да карча. Цяпер яго ніхто не заўважыў бы. А і сапраўды, я знайшоў пакет і не хачу, каб ён дастаўся каму-небудзь іншаму.

Я перавярнуўся ў тысяча першы раз. “Але паслухай, — сказаў я сам сабе, — ты ў якім зараз класе вучышся?

Я ўжо не вучуся, я скончыў 6-ы клас і перайшоў у 7-ы, — сказаў я сам сабе.

— Гэта не важна. Які ты 6-ы скончыў? “А” ці “Б”?

- “Б”.

— Дык навошта сумненні? Раніцай і аддай пакет сваім сябрам з 6 “Б”.

— А хіба яны сябры? Як яны ганьбавалі мяне, калі першае месца сплыло ў іх з-пад носа! Каго яны зрабілі казлом адпушчэння? Мяне. Не, нізашто не аддам.

— Добра. Тады пакет уручы тым, з кім ты вучыўся ўсе шэсць гадоў, - таварышам з твайго былога класа. Там жа і твой сябар Сёмка.

— Слушна, я аддам пакет Сёмку. Як я раней не здагадаўся? Яны ж першыя прыйшлі да Белага возера — пакет іх па праве.

— Ну вось і ўсё. Кладзіся спаць. Чуеш, як дружна храпуць ва ўсіх палатках?

— Чакай спаць. А Іра?

— Што Іра?

— Хіба ты не заўважыў, якая яна пахмурная і не хоча з табой вітацца?

— Заўважыў.

— Разумееш, не люблю такіх людзей. Можа, я і зрабіў штосьці не так, але навошта столькі злавацца? Калі цяпер я аддам пакет у 6 “А”, то Іра падумае, што я раскаяўся і паступіў, як яна хацела. Не, нізашто.

— Ладна. Тады пакет зноў пераходзіць у рукі 6 “Б”. Ты ўспомні, як яны разам з табой тушылі пажар. Гэта было здорава. І памятаеш, у Мішкі Зайцава нават мазалі перасталі балець?

— Памятаю. Мы тады вельмі здружыліся. Яны на мяне сталі глядзець з павагай.

— Ну дык у чым жа справа?

— Так, але…

— Зноў успомніў пра сяброў са свайго былога класа?

— Ага.

— Ну дык усё ўспамінай — і як яны табе байкот наладжвалі, і як беспадстаўна патрабавалі, каб цябе прыбралі з іх класа.

— Не зусім беспадстаўна.

— А Галка Наважылава? Як яна на цябе нападала? Ды я б з-за адной Галкі не аддаў пакет у 6 “А”.

— Разумееш, Галка — харошая дзяўчынка.

— Галка — харошая дзяўчынка? Ты мяне здзіўляеш.

— Не, праўда. Яна толькі шмат чаго не разумее. Ёй здаецца, яна ўсіх людзей зробіць шчаслівымі і добрымі. А трэба рабіць не так.

— А як?

— Я і сам не ведаю.

— Ты занадта многа разважаеш. Табе занадта ўсялякіх думак лезе ў галаву.

— Я ведаю, што гэта мой недахоп. Але нічога не паробіш, так уладкавана мая галава. Між іншым, я яе мяняць не збіраюся”.

Так я размаўляў сам з сабой і варочаўся між Мішкам і Толькам. Але каму ўсё-такі аддаць пакет з пяццю сургучнымі пячаткамі, я не мог вырашыць. І, зусім абяссілеўшы, заснуў.

Кажуць, пераначуеш — лепш пачуеш. Але і раніцай мне нічога не прыйшло ў галаву. Мяне ўжо злавала, што я, заўсёды такі рашучы, так доўга вагаюся.

Я збегаў раніцай на возера — пакет вісеў пад карчом. Калі яго тады не маглі знайсці, то цяпер і пагатоў.

Паснедаўшы, таварышы пайшлі ў лес шукаць пакет. Я сказаў, што ў мяне баліць галава, і застаўся ў палатцы. У мяне і праўда галава расколвалася ад вярэдлівых думак.

Барыс Міхайлавіч паглядзеў на мяне строга і сказаў:

— Вельмі шкада, Валерый. Я ўпэўнены, што, акрамя цябе, ніхто не знойдзе.

Я нечакана збарвянеў.

— Вось яшчэ. Мішка — доўгі, ён і на вершаліне сасны заўважыць пакет.

I яны пайшлі. Я швэндаўся без справы ў лагеры і зноў разважаў, каму ўсё-ткі аддаць пакет.

Як на мяне спадзяецца Барыс Міхайлавіч! Мы цяпер з ім сябры. Цяпер ён пэўна ж навучыць мяне боксу. Канешне, трэба аддаць пакет таварышам з майго цяперашняга класа.

Я пабег да возера. На паўдарогі я спыніўся. Проста да нашых ужо патухлых вогнішчаў пад’ехала школьная грузавая машына. Дзверцы адчыніліся, і з кабінкі вылезла дырэктар Кацярына Майсееўна, у жоўтай сукенцы і з касынкай на галаве.

Яны выцерла насоўкай пот з ілба і шыі, уздыхнула і ўсміхнулася возеру, дрэвам і мне. Таму што я ўжо падбег да яе.

— Добры дзень, Кацярына Майсееўна!

— Добры дзень, Валерый. А дзе астатнія?

— У лесе. Яны пакет шукаюць.

— А ты што ж?

— А я дзяжурны, — зманіў я.

— Ага, — сказала дырэктар. — Хораша як тут. А ў горадзе задуха, спякоцце, пыл…

— Кацярына Майсееўна, я хачу з вамі пагаварыць.

Дырэктар паглядзела на мяне з усмешкай:

— Ну што ж, давай пагаворым.

Тры волаты падміргваюць мне

Я па звычцы зірнуў паўзверх галавы дырэктара, туды, дзе на сцяне яе ккабінета віселі “Тры волаты”. Але волатаў, канешне, там не было. Таму што мы размаўлялі на свежым паветры.

— Я знайшоў пакет, яшчэ ўчора знайшоў, - сказаў я.

— Вось і цудоўна. Значыць, шосты… э-э… у якім ты цяпер класе. у “Б”? Значыць, 6 “Б” заняў першае месца ў дружыне.

Я маўчаў.

— Чакай, але чаму, у такім разе, усе пайшлі на пошукі пакета? — здзівілася Кацярына Майсееўна.

— Я не ведаю, каму яго аддаць. — Я апусціў галаву.

— Ах, вось яно што, — на лбе дырэктаркі сышліся зморшчынкі, яна раздумвала.

Яшчэ б — такая важная праблема. Я над ёй усю ноч прамучыўся.

— Прыдумала! — ад радасці Кацярына Майсееўна ляпнула мяне па плячы. — Мы зробім вось як. Я спытаю ў дзяцей, які клас захоча ўзяць цябе ў будучым вучэбным годзе да сябе. Ясна?

— Ага, — сказаў я.

Хораша прыдумала дырэктарка. Проста цудоўна. Каб я ўсё-ткі што- небудзь прыдумаў мінулай ноччу, то, мне здаецца, я прыдумаў бы тое ж самае. Абодва класы хацелі ад мяне пазбавіцца, а што яны цяпер скажуць? Бо ніхто не ведае, што я знайшоў пакет. Нават Сёмку я нічога не сказаў.

Неўзабаве вярнуліся з лесу таварышы. Яны абступілі Кацярыну Майсееўну, закідалі яе пытаннямі. А дырэктар вымала з валізы лісты для іх, распавядла, што новага ў школе.

Пасля абеду мы расцягнуліся ў цені пад хвоямі, слухаючы, як набягаюць на бераг хвалі возера.

І тут Кацярына Майсееўна сказала:

— Я бачу, сябры, што пакет з пяццю сургучнымі пячаткамі вы не знайшлі.

— Не яшчэ! — закрычалі таварышы.

— Але мы знойдзем!

— Абавязкова!

— Нам тут падабаецца!

— Сапраўды? — усміхнулася дырэктар. — Ну што ж, харчоў я вам прывезла, шукайце хоць два дні яшчэ.

— Ура! — закрычалі таварышы.

— А цяпер вось аб чым я вас хачу папрасіць. — Кацярына Майсееўна закусіла губу. — Валерый Карабухін пачынаў прамінулы вучэбны год у 6 “А” класе. Нашкодзіў, і таварышы адмовііся ад яго. Я перавяла Валерыя ў 6 “Б”. Там ён зноў не ўжыўся. І вось я хачу спытаць у вас, сябры, у якім класе пачне вучыцца Валерый з першага верасня?

— У нашым! — ускочыў Сёмка. — Толькі ў нашым, у якім жа яшчэ?

Лёнька Аляксандраў пацягнуў яго за калашышу, і сёмка сеў на зямлю.

— Не трэба нам Карабухіна, — сказаў Лёнька, — мы з ім цэлы год важдаліся. Досыць з нас.

Нетаропка падняўся Толька Дашкевіч і сказаў спакойна, заглушаючы ўсе крыкі:

— Я думаю, што Валерку лепш за ўсё ў наш клас ісці. Мы былі да яго часам несправядлівыя, але ўсё-ткі лепшага крайняга ў нашай камандзе яшчэ не было. І ўвогуле, ён добры хлопец.

— Добры? — ускінуўся Мішка Зайцаў. — Называць добрым чалавека, які ўсім на робіць брыдоту. Ты вельмі цікава гаворыш, Толька! Я згодны — у футбол ён гуляе няблага, але менавіта з-за яго мы не атрымалі першага месца ў школе.

На дапамогу Мішку вылез і Віцька Мелюх.

— Хай Карабухін ідзе ў свой стары клас, вось да іх.

— Ну і дурні вы, — рассмяялася Галка Наважылава. — Ад такога хлопца адмовіліся. Мне здаецца, што Валера і сам хоча вярнуцца ў нгаш клас. Я скажу толькі, што нам без яго было неяк ніякавата. Вось наша рашэнне! — запальчыва закончыла Галка і шалёна зірнула на Лёньку Аляксандрава.

— А сам ты куды хочаш пайсці, Валерый? — спытала дырэктар.

Пакуль ішла гэтая перапалка паміж двума маімі класамі, з мяне, напэўна, пяць патоў сышло.

Я здагадваўся, чаму на мяне ўз’еліся Мішка Зайцаў і Віцька Мелюх. Я ў іх адваяваў пазіцыю завадзілаў, тых хлопцаў у класе, якіх слухаюцца. А гэта ім, канешне, не спадабалася. Ведаў я, што даўно мяне не церпіць Лёнька Аляксандраў, але каб Галка так хораша пра мяне сказала, я не чакаў.

— Я згодны у 6 “А”, - ціха сказаў я.

— Ужо ў 7 “А”! — крыкнула Галка.

— Ура! — зашумелі Сёмка, Генка, Галка ды іншыя таварышы з майго класа. Толькі Лёнька Аляксандраў і Іра маўчалі. Ну навошта яны так доўга злуюцца?

— Добра, — усміхнулася дырэктар. — Усе хочуць, каб Валерый вярнуўся ў 6 “А”?

— Усе! — дружнга закрычалі таварышы.

— Дык чаго ты стаіш? — абярнулася да мяне дырэктар. — Нясі сваю знаходку.

Усе сцішыліся і разявілі раты. Я стрымгалоў пачаўся да возера. Там я адвязаў ад карча пакет з пяццю сургучнымі пячаткамі і пабег назад да таварышаў. У высока паднятай руцэ я трымаў пакет, які ўсе шукалі.

— Перамога! — крычаў я. — Пабачым зуброў!

Таварышы з майго класа трыумфавалі. Паездка ў Белавежскую пушчу была ў нас у кішэні.

А на Мішку і Віцьку Мелюха накінуліся аднакласнікі і ледзьве не пабілі. Але за іх уступіўся Барыс Міхайлавіч.

— Самі вінаватыя. Адмовіліся ад Валеркі, чаго ж зараз гарланіць…

Я стаяў у атачэнні радасных, усмешлівых таварышаў, так добра і даўно мне знаёмых.

— Слухайце, — Кацярына Майсееўна разарвала пакет і вынула аркуш паперы. — “Самым дружным, самым смелым і самым стойкім ва ўзнагароду — першае месца ў дружыне і паездка ў Белавежскую пушчу”, - гучна прачытала дырэктар.

Мы зноў закрычалі “ура!”, і, здавалася, хвоі здрыгануліся ад нашага крыку. А пазіраў на шчаслівыя твары таварышаў. І раптам мне прымроілася, што за спінай дырэктара з’явіліся тры волаты. Яны весела падміргнулі мне, як свайму хлопцу.


Оглавление

  • “Раскатурхайце вы гэтага парушальніка…”
  • Прыватнаўласніцкая рэйка
  • Ці баяцца сабакі козыту?
  • Я аб’яўляю галадоўку
  • Смерць праз абыякавасць
  • Магло здарыцца “тако-о-е”!
  • “Тры волаты”
  • Як я суцяшаю маму
  • Што ўмее новенькая
  • Аэрадром Генкі Правільнага
  • Аперацыя “Акбар”
  • Як мяне “ўцягвалі”
  • Сёмка ахвяруе шавялюрай
  • Мароз, сонца, і…
  • Я паціскаю плячыма
  • Хварэць — маё прызванне
  • Вось дык сустрэча!
  • “Цудоўная сямёрка”
  • З пустога ў парожняе
  • Рукапацісканне пад ліхтаром
  • Залаты дзянёк
  • “А вы — да дырэктара”
  • Развітальны спектакль
  • Прыйдзе?.. Не прыйдзе?
  • Мы з Чапаем ляцім у атаку
  • Галка выпрацоўвае характар
  • Сёмка стаіць як леў
  • У сярэдзіне дваццатага стагоддзя
  • Усе задаволены, акрамя…
  • Паміж “А” і “Б”
  • Вогнішча паказвае язык
  • Адзін у лесе не воін
  • Пакет з сямю сургучнымі пячаткамі
  • Размова з самім сабой
  • Тры волаты падміргваюць мне