Аблава [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Васіль Быкаў Аблава

Раздзел першы Чалавек на імшарыне

Прырэчная лугавая імшарына з раскіданымі па ёй бухматымі купкамі лазняку ды грыўкамі зрудзелага бярэзніку дружна зелянела позняю восеньскай атавай. У доле скрозь было мокра, няўходна, мох часам асядаў пад нагамі, і тады з-пад яго цвіркала мутная жыжа. Але мох дужа не правальваўся, дрыгвы тут не было. Гэта цяпер, увосень, імшарына набрыняла вадой і стала падобнаю на балота, а ўлетку, у пару сенакосу, дык тут скрозь было суха, вольна хадзілі касцы, бабы і нават ездзілі на брыках, калі звозілі сена. Дзе-нідзе ў доле яшчэ і цяпер налітыя чорнай вадой блішчэлі сляды конскіх ног. Пасля дажджоў прырэчнае балота шырока разлілося, заліло імшарыну, якая, бы цеста на дражджах, пачала пухнуць мяккім вільготным мохам. Скураныя пасталы на нагах у чалавека даўно раскіслі ад балотнай вады, анучы наскрозь змакрэлі. Але чалавек не заўважаў таго і між кустоўя ўпарта імкнуўся кудысьці. Наўкола стаяла цішыня, нідзе не было нікога. Людзі завіхаліся на палетках, выбіралі бульбу, — нашто цяпер каму гэтая дальняя прырэчная імшарына? Чалавек, мабыць, ведаў тое і ўсё ж адчуваў сябе неспакойна, нават трывожна; хада яго была такая насцярожаная, што, здавалася, варта недзе каркнуць вароне, як ён здрыганецца і абамрэ на месцы.

Быў ён немаладога веку, даўгалыгі і шырокі ў плячах, але надта худы, з жылаватай выцягнутай шыяй. На даўно не голеным твары чырванеў даўгі прастуджаны нос, з-пад святлявых броваў насцярожана зыркалі шэрыя вочы. Рот яго быў трохі разяўлены — ад стомы ці залішняй увагі, і з-пад абвіслых вусоў вытыркаліся два ніжнія зубы, іншых спераду не было відаць. Дыханне ў чалавека чулася сіпатае і частае — усё ж, мусіць, далася яму ў знакі гэтая хада па балоце. Апрануты ён быў у зрудзелы ад старасці вясковы армячок-паддзёўку, залаплены на плячы чорным суконным лапікам, на запалым жываце скасабочана трымалася раменная папружка. Пакамечаная кепка на галаве даўно ўжо страціла сваю ранейшую форму і выглядала нібы аблавушка — відаць, насілі яе не адзін год. Мабыць, таксама, як і порткі, спераду і ззаду абсаджаныя лапікамі, на якія, у сваю чаргу, былі прышыты новыя лапікі — такія зношаныя былі порткі. Бадай, самае спраўнае на чалавеку былі ягоныя пасталы, хоць і раскіслыя ад вады, але з моцнай сырамятнай скуры, туга сцягненыя на нагах вераўчанымі забэрскамі, канцы якіх былі абкручаны аднізу на калашынах тых нехуцавых порткаў. Ніякай ношы ці хатулька ў чалавека не было відаць, вольныя рукі яго, аднак, не матляліся, а напаўсагнутыя насцярожана віселі па баках.

Відаць было па ўсім, што чалавек даўно ішоў адзін, звыкся са сваёй адзінотай і старанна абмінаў людзей. Людзі для яго былі найвялікшаю небяспекай у полі, на дарогах, ці не таму ён выбіраў шлях воддаль ад дарог, паселішчаў, між параснікаў і балацявін або цераз лес. За час блукання ён адвык ад чалавечага голасу, сам маўчаў, толькі напружана, да болю ў галаве, думаў і безупынна ўзіраўся ў наваколле. Слых яго стаў такі востры, што ён лёгка заўважаў самы кволы птушыны шолах у кустоўі, за вярсту лавіў стук калёс на дарозе; нягучны дзіцячы вокрык даваў яму знаць, дзе пасвіцца вясковы статак. Статка ён не баяўся, ужо разы тры, натрапіўшы на пастушкоў, разжываўся ў іх хлебам ці бульбінай, аднойчы нават паспытаў трохі сала. Сала дала дзяўчынка, якая разам з другой гэткай жа малечай пасвіла шэсць каровак на ржышчы пад лесам, і ён, вылезшы з кустоўя, спярша папытаўся, якая вёска здаля на пагорку і як клічуць дзяўчынку. Мусіць, тая ўсё ж напалохалася, але адразу выняла з кішэні бацькавай світкі загорнуты ў чыстую анучку свой полудзень і моўчкі аддала дзядзьку. Ён узяў, адышоўся і, хоць быў згаладнелы, бы воўк, не мог узяцца есці — так узрушыў яго той яснавокі позіркі дзяўчаці, які неспадзеўкі нагадаў яму ягоную дачушку Волечку. Добра адышоўшыся па ўзлеску, ён зашыўся ў гушчар і не стрымаўся — заплакаў, мо першы раз з таго часу як пахаваў дачушку. Не суджана было ёй пабачыць сваю зямельку, прыбраў бог на чужой старане, навек супакоіў над жвіровым абрывам далёкай сцюдзёнай ракі.

А бацька дайшоў.

Прырэчная імшарына разам з ракой крута паварочвала ўбок, наперадзе між кустоўя засінеўся хвойны грудок, і Хведар Роўба запаволіў хаду, гатовы зусім спыніцца. На твары яго адбіўся выраз тугі, нават болю, ён зморшчыўся сваімі зашчаціненымі маршчакамі, нібы збіраўся заплакаць. Ды і сапраўды ледзь не заплакаў, расчулены, можа, пазнаўшы памятную з дзяцінства мясціну — той пясчаны грудок сярод балацявіны, на якім зімой і ўлетку зелянела купка стромкіх старых хваін. Там, ведаў, была дарога, якою ён калісьці ездзіў на станцыю, у мястэчка, малы — з бацькамі на кірмашы, затым у раён да начальства, колькі разоў вазіў нарыхтоўкі збожжа, падатак просты і два разы цвёрды. Грудок, здаецца, не змяніўся за ўсе доўгія пяць гадоў, як Хведар не бачыў яго, хвойкі нібы папрыгажэлі нават і бухмата зелянелі зводдаль, быццам слалі яму прывітанне з таго даўняга самотнага