Душа не ў сваім целе [Ян Баршчэўскі] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Ян Баршчэўскі Душа не ў сваім целе

Разлеглы абшар Валыні[1] ў большай частцы пакрыты лясамі, на захадзе ж вачам адкрываюцца стэпы і зусім іншыя краявіды. Праз ваколіцы і мястэчка Цуднаў[2] плыве Цецераў; на заходніх і ўсходніх берагах гэтае рэчкі ўздымаюцца высокія дзікія скалы, нібыта руіны даўніх часоў, і здаецца, што іх накшталт сценаў узнесла сама прырода, каб адмежаваць Палессе ад тлустае і ўрадлівае зямлі. Ад Цуднава аж да межаў Падолля[3] — паўсюль улетку можна бачыць нівы, засеяныя буйною пшаніцаю; тут зямля без вялікіх намаганняў аратага дае багаты плён. Хоць жыхары гэтых ваколіцаў забяспечаны ўсім, што толькі трэба дзеля іхніх выгодаў, аднак і сярод іх слёзы, трывога, пакуты сустракаюцца як і ўсюды; няма праўдзівага шчасця, няма раю на гэтай зямлі.

Халера, цяжкая азіяцкая хвароба, ахапіла ўсходнюю частку Еўропы і ў 1847 годзе, пераходзіла з месца на месца, імкнучыся на поўнач і на захад; і гэтай кары Божай паўсюль папярэднічала надзвычайная трывога. У пачатку чэрвеня 1848 года[4], у самую спёку, з'явілася яна на Валыні і была ў асобных мясцінах жудаснаю; у мястэчку Цуднаве і ў ваколіцах пасля гэтае страшэннае бяды шмат засталося няшчасных удоў і сірот.

Увосень, калі небяспека тае страшнае эпідэміі знікла, у доме шляхціца Н. сабраліся суседзі, і сярод іх пан Зянон, які, вандруючы па гэтым краі, пазнаёміўся з ветлівым гаспадаром. У гэтай грамадзе пачалася размова пра халеру, пра нябожчыкаў і пра тых, хто ачуняў; госці, нібыта мараходы на беразе пасля жахлівае марское буры, успаміналі сяброў і знаёмых, што зніклі ў вірах, і тых, каму Бог дазволіў выплыць на бераг, каб яшчэ працягваць пілігрымку свайго жыцця.

— Шкада Саматніцкага, — прамовіў адзін з гасцей. — Добры быў чалавек! Як ён стараўся дапамагаць тым, хто пакутаваў ад гэтае хваробы, а сам памёр без догляду, бо жыў у адзіноце на хутары, дзе толькі дрэвы шумяць над дахам.

— Адкуль, Мацею, у цябе такія весткі? Саматніцкі і цяпер жыве на тым жа хутары, я нядаўна сам яго бачыў.

— Я ведаю, што хтосьці там жыве, але не ён, бо знаў яго добра. Быў гэта мужчына высокага росту, светлавалосы, досыць прыгожы, а гэты — зусім іншы, ростам значна меншы, худы, чарнявы і, здаецца, нават старэйшы.

— Гэта Саматніцкі. Праўда, ніжэйшы, іншы з твару, бо ён цалкам перамяніў цела, а як гэта сталася, ведаю толькі я.

— Дзіўныя рэчы ты апавядаеш, пане Мікола, — сказаў гаспадар. — Усім нам цікава ведаць, якім гэта чынам можа чалавек змяніць сваё аблічча.

— Рэч немагчымая, незразумелая, надзвычайная і нечуваная, але так было.

— Аднак растлумач жа нам гэтую загадку! — закрычалі ўсе госці. — Бо ніхто з нас адгадаць яе не можа.

— І я таямніцу не зразумеў ва ўсіх дэталях, але пра тое толькі раскажу, што бачылі, і пра тое, што ён сам нядаўна расказваў.

У часе тае лютае халеры, ведаеце самі, Саматніцкі быў смялейшы за саміх лекараў, рызыкаваў, на любы кліч ляцеў, абы толькі даць ратунак людзям: хворых націраў нейкімі таямнічымі лекамі і штосьці даваў выпіць, ды такія гэта мела добрыя вынікі, што аніводзін не памёр з тых, каго ён наведаў.

Цуднаўскі мешчанін, адзін з маіх знаёмых, расказаў мне пра такое дзіўнае здарэнне. Ягоная жонка раптоўна адчула моцны боль у сярэдзіне, і зараз жа з'явіліся ўсе прыкметы тае страшнае хваробы; дык ён паспяшаўся да нашага цудоўнага лекара прасіць дапамогі. Калі ён прыбег на хутар, то аслупянеў, уражаны незразумелым відовішчам: на панадворку перад самаю брамаю ўбачыў Саматніцкага; той выглядаў нябожчыкам: рукі і ногі былі не падуладныя яму, вочы адкрытыя, твар бледны; мёртвае цела, адарваўшыся ад зямлі, рухалася, і здавалася, што нейкая нябачная сіла кідала гэты труп ва ўсе бакі. Мешчанін хацеў ужо ўцякаць адтуль, але пачуў голас: «Пачакай хвіліну, спачатку трэба, каб ты маё цела намазаў лекамі і выратаваў ад пошасці, тады буду гатовы ісці з табою». Праз колькі хвілінаў цела стала на ногі, здаровы Саматніцкі аправіў на сабе вопратку і сказаў: «Ну, цяпер пойдзем, ведаю, чаго ты прыйшоў: жонка твая ачуняе». І сапраўды, таемнымі сваімі лекамі ён выратаваў яе за пару гадзін.

А вось якім чынам гэты дзіўны лекар, што засцерагаў сябе і ратаваў іншых, трапіў у вялікае няшчасце. Пэўнага дня, калі ён, маючы намер ісці да хворых, намазваў сваё цела, каб засцерагчыся ад пошасці, адна асоба, якую ён моцна кахаў, недзе ў далёкім краі цяжка захварэла на халеру. Саматніцкі гэта ўбачыў, бо кажуць, што душа, калі яе не абцяжарвае цела, далёка бачыць і чуе. Быў ён вельмі ўзрушаны, і нават забыўся, што з целам ягоным можа здарыцца няшчасце, калі не схаваць яго ў зацішным кутку. Пакінуўшы цела ля брамы хутара, паляцеў, каб як хутчэй паспець з таемнымі лекамі. Пасля выратавання мілае яму асобы і вяртання дахаты, ён ужо не ўбачыў свайго цела, якое людзі знайшлі ды пахавалі, лічачы, што ён памёр ад пошасці. Няшчасны Саматніцкі без цела быў нябачны, нікому не мог і слова сказаць, бо,