Байкі [Кандрат Крапіва] (fb2) читать постранично, страница - 16


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

школы блізка,
Проста двор у двор,
I наведваў часта Лыска
Школьны калідор.
Да пажывы Цюцька ласы
Раз у школу йдзе,
Ён абшнырыў усе класы,
Ды няма нідзе.
Хоць у думках невясёлы,
Хоць і посціць пост,
Але выйшаў Лыска з школы —
Абаранкам хвост.
Напаткаўся ён Мілорду,
Які тут гуляў;
Прывітаўся морда ў морду,
«Добры дзень!» маўляў.
(Мне пяром размову гэту
Цяжка й перадаць.)
— Дзядзька Лыска за асвету
Ўзяўся, як відаць?
— Ды прызнацца ўжо не сорам,
Пхнёмся пакрысе:
Сем тут класаў з калідорам…
Я прайшоў усе.
I пайшло ад сукі сучцы —
Хто каго ні стрэў,
Што той Лыска у навуцы
Сам сабаку з'еў;
Не капціў дарэмна свету,
Жыў ды не драмаў;
Што вышэйшую асвету
Лыска атрымаў;
Што ў становішчы сабачым
Гэта ж — о-го-го!
Што мы шмат яшчэ пабачым
Цудаў ад яго.
Вось і чын у Лыскі новы
(А ранейшы знік):
Навуковай установы
Лыска працаўнік.
У папа ды быў сабака,
Поп яго любіў,
Ды вучоным знакамітым
Чорт яго зрабіў.
1928

Філосаф i рака

Блукаў Філосаф па зямлі.
Чаго блукаў? Мо праўды ён шукаў
I сцежак тых, што да яе вялі,
Мо вывучаў складанасць тых падзей,
Што выклікаюць у людзей
То радасць, то трывогі.
А толькі збіўся ён з дарогі,
Пайшоў да вёскі нацянькі
I апынуўся ля ракі.
Вось вёска ўся на відавоку,
Сям-там дымяцца каміны,
I смачны пах даносіцца здалёку:
Няйначай як пякуць бліны,
А можа, нават і мачанку
(Філосаф наш ад ранку
Не каштаваў ніякай стравы).
Ды вось бяда —
Наперадзе вада
I не відаць ніякай пераправы.
«Не будзем смутку наддавацца, —
Сказаў Філосаф наш, пачаўшы раздзявацца. —
Мне толькі варта зняць штаны,
I я паспею на бліны».
Аднак, раздзеўшыся, пачаў ён сумнявацца:
Ці то ў штанах, ці без штаноў —
Філосаф ёсць філосаф:
Паразважаць заўжды гатоў
Аб чалавечых лёсах.
«Які ж мяне самога лёс чакае?
Хоць розум мой глыбінь шукае,
Але ж вада тут чорная такая…
Таму адзначым: гэты глыб
Не для філосафаў — для рыб».
I тут, у гэтыя хвіліны
Сумненняў і разваг,
Пачуўся раптам роў асліны:
Асёл, прыспешыўшы хаду,
Імчаўся з берага ў ваду
(Відаць, усмаг).
Напіўшыся, стаяў, крапіў хвастом бакі
Аж на сярэдзіне ракі
(Аслу было тут па калені).
Філосаф зноў у задуменні:
«Чаму ж мы дна ў рацэ не бачым?
Даследуем і растлумачым:
Таму мы ў ёй не бачым дна,
Што ў вадаёме муць адна».
Так іншы твор са зместам цьмяным
Мы лічым ледзь не акіянам.
1963

Шляхі да ісціны

Жылі ў суседстве два Іваны.
Адзіц — мудрэц —
Шукаў ва ўсім пачатак і канец,
Другі — прастак —
Жыў проста так.
Вось раз ідзе прастак з двара —
Касцюмчык, гальштук, папяроска.
— Куды? — пытае цёзка.
— Ды мне пара…
Вунь там у скверыку чакае
Чарнявая такая.
— Я бо гляджу — надраіў чуб.
Жаніцца думаеш?
— А хоць бы й так?
— Дык ты ж не знаеш, што такое шлюб.
— Я па-вучонаму адказваць не бяруся,
Як ажанюся — разбяруся.
— Прастак дык ён і ёсць прастак.
А я хачу спачатку разабрацца.
Цяжкая, праўда, праца,
Вунь, бачыш, колькі кніг!
Усё пра шлюб сабрана ў іх
Ад самага Адама.
Дык вось мая праграма:
Пакуль да сутнасці не дабяруся —
Не ажанюся.
Ад першабытнае сям'і пачну.
— Ну-ну!
Жадаю поспеху.
— Табе таксама.
Пакуль мудрэц, сабраўшы кніжак стог,
I дзень і ноч пад імі сох,
Пакуль дабраўся да матрыярхату,
Прастак прывёў чарняўку ў хату.
Яшчэ прайшло мо год ці два,
Штудзіруе разумнік том за томам,
Трашчыць аж галава,
А ўсё канца няма крыніцам невядомым.
Раз, глянуўшы на свет, разумны аж здзівіўся:
Сынок у «дурня» нарадзіўся.
Ішлі гады сваёй хадою…
Пад старасць наш мудрэц,
Абросшы сівай барадою,
Знайшоў-такі пачатак і канец,
Але на сівізну кудзелі
Нявесты не глядзелі.