Арэхападзенне [Віялета Пачкоўская] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

дзякуй.
Вы не чакалі майго з’яўлення?
Думаеце, я чакала?
Слухайце ўсе!
Канца свету НЕ БУДЗЕ!
Ён яшчэ не пачаўся.
Будзе толькі…
Карацей, жуйце смела тушонку з бляшанак,
Грызіце мяшкі сухароў,
Што на гарышчы, але склепу не чапайце.
Дарэчы, смерці таксама не будзе.
Так што можна хадзіць без касак і драбантаў,
Можаце не карыстацца кантрацэптывамі,
Бо нараджэнне таксама адмяняецца.
Радуйцеся!
Заўтра, калі прачняцеся
І забудзеце пра мяне,
У вас вырасце белае й цвёрдае за спінай.
Радуйцеся,
Кладзіце свае душы ў гэтую торбу,
Верце мне!
Я — ілжэпрарок.


Смерць Дзеда Мароза

Дзед Мароз памёр.

Ф. Ніцшэ
Снег валіў за каўнер
хоць быў толькі пачатак зімы
Ён ішоў і нервова паліў
захінаючы вочы ссівелымі мокрымі патламі
«Што за трасца!»
Таксоўкі стабільна міналі старога
ў недарэчным чырвоным
паедзеным моллю плашчы
Дзед махаў ім кійком
Дзед кійком моцна грукаў у ходнік
праклінаючы снежань
і снег, і бязглузды ў такое надвор’е Парыж
і бясконца падпальваў
ужо мокры ўшчэнт недапалак
«Гэты горад мяне даканае
Гэты горад, халера, мяне ўсё ж даб’е»
У вітрынах — хваінкі
і бляск перламутравых зорак
і бялізна з карункамі
быццам з узораў на шкле
а стары ўхапіўся за слуп
і паволі спаўзае
у агідную мокрую вату
«усё. канец. хто цяпер павіншуе дзяцей?..»
Падарункі на бруку ў брудзе
хтось кліча паліцыю
нехта са скрынкай падпахай
дварамі ўцякае дамоў
Ні крыві, ні слязы
толькі снег і маўклівая Сена
учапілася за парапет і выходзіць з сваіх берагоў


* * *
…пашый мне, маці, новыя латы,
латы з тваіх сівых валасоў.
памый слязьмі, бо іншым салдатам
жыццё вярталі яны шмат разоў.
падкуй мне, маці, майго каняку,
пярсцёнкам сваім заручальным падкуй.
тады сабакі не знойдуць знаку,
дзе праскакаў я, жывы пакуль.
змайструй мне, маці, шалом ты новы,
з купальскіх зёлак, свянцоных вербаў,
каб не прымераў нашых галоваў
драўляны кол пад чужынскім гербам.
даруй мне, маці, што зблытаў стопы,
парушыў рытмы, прасіў замнога.
мне трэба воля вышэйшае спробы,
таму для сэрца адна дарога.
…пашый мне, маці, новае сэрца.


* * *
напішы дзіцячы вершык
пра вожыка з грыбком на спіне
пра белую аблачынку
цёплае малако з мёдам
і гарачыя бабуліны перапечкі
як вуджу на сажалцы печкуроў
боўтаючы нагамі ў каламутнай вадзе
напішы пра мяне верш
пра тую, якой не ведаеш
якой ужо амаль не стала


Арэхападзенне
у дзяцінстве
я без боязі караскалася на высокія дрэвы
рвала праз плот суседскія яблыкі
штовясну вымярала ўсе лужыны
прыносіла дадому вожыкаў
і паіла іх малаком
а цяпер
усе называюць мяне поўным іменем
а некаторыя нават выкаюць
цяпер я стала зусім вялікая
і ўсяго баюся
замачыць ногі
наламаць дроў параніць і параніцца
асабліва асцерагаюся яблыняў
табе гарбату з малаком?


* * *
гуляюся ў паэзію:
алоўкамі на аркушах
што трапляюць пад руку
пішу ў цемры вершы
а раніцай
якой так цярпліва чакала дзіўлюся:
няўжо гэта і ёсць тое
што ўначы было ТЫМ?