КулЛиб - Скачать fb2 - Читать онлайн - Отзывы
Всего книг - 471112 томов
Объем библиотеки - 689 Гб.
Всего авторов - 219728
Пользователей - 102121

Впечатления

vovik86 про Weirdlock: Последний император (Альтернативная история)

Идея неплохая, но само написание текста портит все впечатление. Осилил четверть "книги", дальше перелистывал.

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
Олег про Матрос: Поход в магазин (Старинная литература)

...лять! Что это?!

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
Serg55 про Самылов: Империя Превыше Всего (Боевая фантастика)

интересно... жду продолжение

Рейтинг: 0 ( 1 за, 1 против).
медвежонок про Дорнбург: Борьба на юге (СИ) (Альтернативная история)

Милый, слегка заунывный вестерн про гражданскую войну. Афтор не любит украинцев, они не боролись за свободу россиян. Его герой тоже не борется, предпочитает взять ростовский банк чисто под шумок с подельниками калмыками, так как честных россиян в Ростове не нашлось. Печалька.
Продолжения пролистаю.

Рейтинг: +3 ( 3 за, 0 против).
vovih1 про Шу: Последний Солдат СССР. Книга 4. Ответный удар (Боевик)

огрызок, автор еще не закончил книгу

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
Colourban про серию Малахольный экстрасенс

Цикл завершён.

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
Витовт про Малов: Смерть притаилась в зарослях. Очерки экзотических охот (Природа и животные)

Спасибо большое за прекрасную книгу. Отлично!

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).

За волю (fb2)

- За волю 759 Кб  (читать) (читать постранично) (скачать fb2) (скачать исправленную) - Кастусь Акула

Настройки текста:



Кастусь Акула За волю

Хто будаваў, а хто фашысьціў?

Летась на Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Полацку каля Кліўленду, — фактычна сусьветнай сустрэчы, — пасьля развалу бэрлінскай сьцяны, абвешчаньня «сувэрэннай» БССР, — калі «імпэрыя зла» ідзе да канчатковага распаду, — бралі ўдзелу большым ліку і суродзічы зь Беларусі. «Паяднаныя любоўю», — як пісала менская газэта, сыны й дочкі «забранай зямлі» з цэлага сьвету знаёміліся, выступалі з прамовамі, паказвалі сваё сцэнічнае мастацтва, сьпявалі і дэкляравалі сваю адданасьць ідэям адраджэньня, вольнасьці і незалежнасьці Беларусі.

Перадавая, патрыятычная, творчая, сумленная, працавітая, гаротная Беларусь, каторая ў Бога верыць, кліча цяпер на помач у змаганьні з духовым і экалягічным чарнобылямі сваіх дзетак, што некалі пакінулі раськіданыя гнёзды, або ўжо за межамі бацькаўшчыны радзіліся.

На вялікі жаль, беларускі народ мала ведае пра сваю эміграцыю, каторая змагалася за вызваленьне Беларусі, у вольным сьвеце стварыла грамадзкія, асьветныя і палітычныя інстытуцыі, прэсу, здабыла пэўныя посьпехі ў навуцы й літаратуры, аднавіла Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву і ўстанавіла беларускую душпастырскую апеку для каталікоў. Пачынала гэтая эміграцыя сваю працу пасьля Другой сусьветнай вайны зь нічога. Яна была голасам паняволенага беларускага народу, намагалася разбудзіць абыякавы сьвет і паклікаць яго на помач бацькаўшчыне, што стагодзьдзямі цярпела ў маскоўскай няволі.

Ведамыя так званыя «ворганы» — НКВД-КДБ, пад рознымі шырмамі, амаль на працягу сарака гадоў фашысьцілі перадавым беларускім дзеячом на эміграцыі. Хвальш, паклёпы, шантаж, уключна з забойствам, — перадусім-жа няспынная крывадушная прапаганда і запалохваньне радні эмігрантаў удома — вось была іхная галоўная зброя, каб параліжаваць працу беларускіх эмігрантаў.

Раман «За волю» дае чытачом пэўны вобраз з жыцьця ня толькі нацыянальна сьвядомае беларускае эміграцыі, але й тых варожых сілаў, што дзеялі сярод яе з загадаў каляніяльнага антыбеларускага рэжыму ў акупаванай Маскоўшчынай бацькаўшчыне. Спадзяемся, што ён у пэўнай ступені таксама спрычыніцца да далейшага аб’яднаньня нашых суродзічаў у іхнай працы і ахвярнасьці для адраджэньня, вольнасьці і незалежнасьці Беларусі.

Беларускаму Харытатыўнаму Таварыству ў Лёндане дзякуем за фінансавую помач на пакрыцьцё коштаў выданьня.

Выдавецтва «Пагоня»

БЕЛАРУСКАМУ НАРОДНАМУ ФРОНТУ, у працы і змаганьні за адраджэньне, вольнасьць і незалежнасьць Беларусі, ПАМАЖЫ, БОЖА!

1

Час такі, — ліха на яго! — пропадам ты прападзі.

Пасьля найбольшага праліваньня крыві ў гісторыі сьвету, прыйшло жахліва небясьпечнае напружаньне.

Пасьля надта гарачае вайны — халодная.

Пасьля Гірашымы й Нагасакі — пагрозьлівыя цені будучых Чарнобыляў.

Час сьціраньня сьлядоў старых і рост новых Курапатаў: — пашырэньне й паглыбленьне Гулагу.

Паралюш і прыбліжэньне хаўтураў застойна-забойчага каманднага рэжыму.

Глум слова Божага і слугаў Ягоных. Ліквідацыя сьвятыняў Божых, разгульле бязглуздага атэізму, народжанага марксістоўскімі нікчэмнікамі. Час грандыёзнай і ўсёабдымнай хлусьні. Ліквідацыя справядлівасьці й міласэрнасьці.

Час авоськаў і вечнай галечы падбітых і запрыгоненых народаў, час неабмежаванай улады й роскашы пануючай камуністычнай партакратыі.

Наплявацельныя адносіны да ўсяго сьвятога й традыцыйнага. Вынішчэньне паняволеных народаў.

Час, калі падтрымліваны мілітарнай магутнасьцю рак марксізму-сацыялізму-камунізму, разьядае-руйнуе апошнія цьвярдыні хрысьціянства і дэмакратычных вольнясьцяў.

Гвалт і зьдзекі там, дзе мае жыць міласэрнасьць і любоў.

Час такі, пропадам прападзі!


Пацеюць гномы хлусьлівай ідэі, — «Эдысоны сьвятла новага сьвету», апантанцы «касмічнага маштабу рэвалюцыі».

І няма ні супакою, ні перадышкі.

Зьверху, быццам насланьнё: забавязаць, загадаць, запраектаваць, заплянаваць, падапхнуць, дагнаць і перагнаць, выканаць і перавыканаць, стануць на вахце здабычаў вялікай кастрычніцкай!

І гэтта-ж — абрыдлы і настырлівы акампанямэнт: «Эх, да и ухнем!»

Прыкусіўшы языкі, закасаўшы рукавы, ужо цяпер, раньнім летам пачынаюць плянаваць-барабаніць пра сьвяткаваньне саракавых угодкаў «вялікага кастрычніка».

Не павязло-ж у гэтай краіне, цьфу на яе! Насамперш здраднік Кузэнка ў Аттаве раскрыў і выдаў ворагам найбольшае гняздо выдатных савецкіх патрыётаў (шпіёнаў). Пасьля-ж нашумела й доўгі час назаляла вушы, калі барабаніла ў радыё і газэтах сваім кусьлівым прасьледаваньнем усіх прагрэсыўных сілаў «каралеўская камісія» ды іншыя спарахнелыя буржуазныя ворганы. Павывалакалі наверх усякае затхлае фашыстоўскае гнільлё ды рознае антыпрагрэсыўнае барахло.

Каб-жа адно гэта. Вунь там, удома, абгаліўшы ды зганьбіўшы наймудрэйшага ды найбуйнейшага карыфэя навукаў і бацьку ўсіх народаў, узабраўся на самы шчыт палітычны нейкі бравурна-барабанны Мікіта. Помсьлівы памаўза вылез із кукурузы. Яна, кукуруза, згодна шматгамоннага Мікіты, прывядзе сацыялізм і ўсю дружную сямейку народаў сацыялістычнае садружнасьці да запаветнае брамы камунізму. Няхай жыве кукуруза!

Мікітава вынаходлівасьць ня спынілася, як вядома, на кукурузе, але хутка перакінулася й на сусьветную арэну. Колькі-ж гэта рогату і ўцехі даў людзям новы маскоўскі гарлапан, калі ў Ню-Ёку на форуме Аб’еднаных Нацыяў чаравікам па стале прарочыў сьмерць капіталізму й перамогу савецкаму кукурузнаму ладу! Дзіва няма, што па цэлым «неабдымным саюзе» голасна буяніў пра Мікіту сьпявак Высоцкі на словы Аляксандра Гідоні:

Потом Никитушка росточком был с аршин.
Он много всяких разных дел насовершил.
При ём пахали целину,
При ём пихали на луну,
При ём достигли мы сияющих вершин.
Но в октябре яво маненечко — таво:
Тады узнали мы всю правду пра яво.
Что он Насера наградил,
Что он с три хера накрутил,
Что это в заднице свербило у яво.

Сьверб загнязьдзіўся ня толькі ў Мікіты, але і ў шматлікіх галовах розных камуністычных пазадкаў у Канадзе. Гэтта кукурузай і чаравікам па стале нічога не асягнеш. І няма калі зьдзіўляцца, рот разяўляць, што ўчарашнія хаўрусьнікі ў вайне нейкім чынам ператасаваліся ў ворагаў. Сьверб недаверу да свайго заўсёды магутнага й непамыльнага цэнтру наклюнуўся. Некаторыя сумленныя дзівакі быццам на прыманку капіталістычнае прапаганды пайшлі. Як тут непамыльную і яшчэ генэральную партыйную лінію ўтрымаць? Нагода: сьвяткаваньнем угодкаў «вялікага кастрычніка» выкаваць новую дысцыпліну, умацаваць салідарнасьць камуністычнага руху ўва ўсім сьвеце.

Гэтак загадалі. Так мае быць!

Арганізаваць ударнае сьвята «вялікага кастрычніка» — мала языкамі мянташыць. Рэкляма ў друку й радыё пажырае вялікія грошы. Даводзіцца, як і мінулымі гадамі, ляпіць плякаты й афішкі ў гарадох на вулічныя слупы й газэтныя скрыні, платы й сьметнікавыя кантэйнары. Гарадзкія законы гэта забараняюць, але тут на помач ідзе цемра й спрыт. Ня зловіць цябе паліцыя, у якой рукі й час наркаманамі й зладзеямі занятыя. Кіраўніцтва гэткай рэклямнай «кастрычніцкай апэрацыі» намазоліць добра шматлікія мазгі, каб усім сваім вялікім і малым спэцам гэтай аграмаднай сваёй распоўзлай тэрыторыяй краіны даць адпаведныя інструкцыі на тэму: дзе, калі, што і як…

Перадусім неабходна парупіцца, каб галоўная веха партыі ў краіне, «Канадыйская трыбуна», павысіла і ўзмацніла адпаведныя баявыя сыгналы. Мала таго. Яна павінна пашырыць барабаншчыну пра грандыёзныя перамогі на эканамічным фроньце ў краіне, якая, як вядома, нанесла галоўны ўдар гітлераўскаму фашызму й мілітарызму. Абавязкова павінны быць і натхняючыя матар’ялы пра няспынны імклівы рух ідэяў Маркса й Леніна ў цэлым сьвеце. Забясьпечыць матар’яламі і левую буржуазную прэсу ды радыё.

А гэтта, як на тое ліха, быццам мышы спад мятлы, павылазілі на сьвятло дзённае недабітыя ўдома і непалоўленыя «ворганамі» ў Заходняй Эўропе — хоць бальшыня зь іх апынулася пасьля вайны ў Гулагу, — «беларускія буржуазныя нацыяналісты». Гэтыя «фашыстоўскія цемрашалы» пачалі арганізавацца, знайшлі сярод Канадыйцаў новых хаўрусьнікаў. Баявое заданьне, загад зьверху: неадкладна заняцца імі!

2

Дзяўчына сядзела на крэсьле ля камінку. Сьвежанькі, дзіцячага выразу й зусім правільных клясычных рысаў твар. Ані шмінкі, ні пудры. Даўгія, хвалістыя, цемнаватыя блёнд валосы. Вялікія, блакітныя й разумныя вочы. Сьціпласьць і поўная канцэнтрацыя. Быццам мастаком вылітая фігура ў тугой белай блюзцы, шэрага колеру андарак у складкі. Вочы ўпіліся ў чалавека, што ў мяккім крэсьле расьсеўся з другога боку камінка.

Сонечнае сьвятло хлынула ў пакой праз вэнэцыйскія заслоны. Ля сьцяны пакою полка з кнігамі дэманстравала сябе вялікім зборам твораў Леніна, партрэт якога вісеў побач на сьцяне. Каля Леніна і творы Горкага, Маякоўскага ды й іншых бальшавіцкіх зброяносцаў. У куце, на стале — руды самавар і пара кубкаў, а на камінку, побач парцалянавых балерынаў, пачарнелы мядзяны конь трымаў кампанію электрычнаму гадзіньніку. Пісьмовы стол зь бізнэсавым старым Рэмінгтонам і купай кнігаў ды папераў займаў абшырнае месца ля сьцяны. Савецкія газэты, мясцовы «Рабочий», часапіс «Тайм» і радфардзкаялевалібэральная «квактуха» «Стар» зь нейкай прычыны добрым ладам пастроіліся на нізкім кафэйным століку.

Нягеглы з выгляду мужчына належаў да тых, пра якіх агульна гавораць, што «нічым ня вырозьніваўся ў натоўпе». Лысаваты, сівы. Прадаўгаваты, з вострым падбародкам твар. Блізка асаджаныя каля простага чырванаватага носу шэрыя вочы, малыя вушы й зморшчаны лоб. Гавайская спартовая кашуля й пакорчаныя штаны, чорныя чаравікі. Рудыя вочкі пільна сачылі дзяўчыну.

— Але-ж і прыгожая вы, міс Мак.

Нізкі голас, на твары лёгкая ўсьмешка. І ўва ўсім гэтым, у голасе і ўсьмешцы нейкая казёншчына, штучнасьць. Сказанае здалося пустым і бясколерным, быццам нехта дэкляраваў устаноўленую вышэйшай уладай цану. Рыгор Капшун напіхаў сваю люльку багатай араматам галяндзкай табакай ды аглядаў дзяўчыну скваплівым зрокам цыгана, што ацэньваў чужога каня. Вера Мак адчувалася ніякавата пад пільным зрокам гаспадара гэтага пакою. Яшчэ ня ведала якія тайніцы гнязьдзіліся пад тэй лысінай.

— Але ваша прыгажосьць ня ёсьць прычынай нашай сустрэчы. Магу спытацца, як вам спадабаўся наш Радфорд?

— Ведаеце, таварыш Капшун…

— Лепш пакінем збоку гэтае «таварыш». Жывём у буржуазным грамадзтве і асьцярожнасьць нас абавязвае. Проста называйце мяне Грыша.

— Ці не занадта фамілярна? Я мяркую…

— Няважна. Рабіце як кажу, — тонам поўнае фінальнасьці сказаў Капшун.

Размаўлялі парасейску. Капшунова мова плыла вольна, без намаганьняў, а ў Веры Мак пракідвалася ваганьне.

— Окэй, Грыша.

— Вось так лепш. Дык пра што мы гэта?

Капшун прыкурваў табаку ў люльцы даўгой запалкай, ізь нейкім задаваленьнем, як быццам гэтая дзейнасьць была найважнейшай для яго на сьвеце і таму поўнасьцю паглынала ягоную ўвагу.

— Ага, пра тваю красату, — гаварыў далей, пусьціўшы клуб пахучага табачнага дыму. — Не магу ня выказаць надзеі, што гэта твая прыгажосьць, калі ўжыць буржуазны тэрмін, ня будзе замінаць у тваёй рабоце, а наадварот…

— Якой гэта рабоце? — перапыніла яго Вера Мак.

— Пра гэта даведаешся ў адпаведны час. Цяпер-жа я толькі хацеў з табой пазнаёміцца, міс Мак. Казалі мне, што там у Балтаве ты займалася карыснай для нашага дзела работай.

— Старалася, як умела.

— За тую адданасьць цябе належна ацанілі, нават паездкай у Савецкі Саюз узнагародзілі. Прашу мяне зразумець, міс Мак: я ня пустазвон і не трапло. Аддаю належнае тым, што на гэта зарабілі. А цяпер прашу сказаць: ці маеш сваякоў у Канадзе?

— Не, ня маю. Ад часу, як замардавалі бацьку…

— Ведаю, ведаю. Вялікае няшчасьце, — перарваў дзяўчыну Грыша. — Але ведаеш нашу рускую прыказку: дзе дровы сякуць, там трэскі лятуць. Спадарыня Мак, ты павінна быць гордая за свайго бацьку. Ён назаўсёды станецца гэроем у анналах змаганьня рабочых-рэвалюцыянераў за лепшую будучыню.

Капшун памаўчаў, сачыў клубы табачнага дыму.

— Значыцца, ня маеш сваякоў. Можаш усіх нас, наш цесны кружок, лічыць сваякамі. На выпадак патрэбы, кліч каго з нас. Ці ты ведаеш беларускую мову, міс Мак?

Дзяўчына задумалася.

— Можа тое, што ад маткі й бацькі. А ў нас у клубе вучылі расейскую.

— Я маю на ўвазе вось што: ці маеш даволі асноваў і дастатковы запас словаў, каб вясьці інтэлігэнтную гутарку пабеларуску?

— Мяркую, што не.

— Гэты недахоп мы абавязкова зьліквідуем. Ты павінна валодаць гэтай мовай так, каб чулася як удома між людзей, якія пабеларуску гавораць.

— Магу спытацца якая ў тым патрэба?

— Як я раней сказаў, гэта ўсё будзе выясьнена табе пазьней. Цяпер я павінен ведаць вось што: ці ты згодзішся навучыцца гэтай мовы? Якая была ў цябе пасьпяховасьць у школе, міс Мак?

— Найлепшыя ацэнкі.

— Добра. Ці маеш яшчэ ахвоту да навукі?

— Ахвоту? Мяркую, што так. Калі патрэбна, дык навучуся, чаму не. А ці вялікая розьніца між расейскай і беларускай мовай?

— Даволі значная. Вядома, што ёсьць дзьве вэрсіі, так сказаць, беларускай мовы. Першая, гэта тая, што ўжываецца ў школах і адміністрацыі ў Савецкай Беларусі. Ёсьць на гэнай мове даволі вялікая літаратура. Дык тая вэрсія бліжэй расейскае. Беларускія буржуазныя нацыяналісты ўзводзяць паклёп на тую мову й называюць яе маскоўскім жаргонам. Другая-ж вэрсія, каторай карыстаюцца бебурнацы, стаіць далей ад расейскай. Ты, бязумоўна, будзеш вучыцца першую.

Капшун устаў, падыйшоў да пісьмовага стала, узяў кнігу зь зялёнай вокладкай і даў яе Веры.

— Тут вось, пачытай крыху з пачатку.

Дзяўчына пачала паволі чытаць. Ейнае вымаўленьне патрабавала шмат паправак. Пазіраючы на двор праз вэнэцыянскія заслоны, Капшун уважна слухаў.

— Гэтага даволі, — спыніў ён дзяўчыну. — Бачу, што нейкі пачатак ёсьць. Пачнеш вучыцца адразу пасьля таго, як тут на месцы ўстроішся. Згода?

— Так, окэй. Ці магу цяпер штосьці вас спытаць?

— Калі ласка.

— Адносна працы. Я-ж мушу на сябе зарабіць.

— Гэта ўсё наладзім. Ці ты мяркуеш, што можаш працаваць у якой краме?

— Магу спрабаваць.

— Добра. Заўтра пойдзеш у Трыфты Тоні й там атрымаеш працу. Адна з нашых дзевак, зь якой сяньня пазнаёмішся, табе паможа. Яна там працуе.

— А хто такі той Трыфты Тоні?

— Гэта вялікая ўнівэрсальная крама, уласнасьць Жыда Зэлмана, нашага імігранта. Ён робіць аграмадны бізнэс.

— Добра. А колькі ён плаціць?

— Нешта каля трыццаці пяці на тыдзень для новых, здаецца. Будзеш старацца, заробіш болей.

Дзяўчына маўчала. У бюро капальні ў Балтаве зарабляла больш пяцідзесяці ў тыдзень.

— І гэта, здаецца ўсё, калі няма якіх пытаньняў, — сказаў Капшун.

— Адносна майго пакою. Дзе буду жыць?

— Коля завязе цябе да дзяўчыны, пра якую я ўспамінаў. Зваць яе Ніна Ляскін. Яна нашага паходжаньня, бацькі недзе з Адэсы, ужо ня жывуць. Я пэўны, што вы добра наладзіце супольнае жыцьцё. Заўтра паведамі мяне, як там пойдзе.

— Окэй, Грыша.

Дзяўчына ўстала і ўзяла сваю сумачку.

— Яшчэ адно, пакуль пойдзеце, міс Мак. Раю вам усё тое, пра што мы гаварылі, трымаць пры сабе, — перасьцярог Капшун, адчыняючы дзьверы.

— А як зь Нінай Ляскін?

— Яна — адна з нашых. Што ёй скажаш, мяркуй сама.

— Добра, Грыша.

— Цяпер пачакай тут, а я паклічу Колю.

Неўзабаве ён зьявіўся з-за дзьвярэй із тым самым шустрым, пад вожыка падстрыжаным маладым хлопцам, які сустрэў яе раніцай на чыгуначнай станцыі. Капшун падаў руку.

— Жадаю табе посьпехаў, спадарыня Мак.

На ягоным твары паказалася нешта наводля ўсьмешкі.

— Дзякуй, Грыша. Буду ў кантакце.

Коля ўзяў ейную валізку. Рэшту багажу пакінула на станцыі і мае яго забраць пасьля. Яны спусьціліся па сходах і пайшлі да аўтабуснага прыпынку. Пад захмараным ліпеньскім небам вуліца чмыхала й гула вялізнай хваляй аўтамабіляў у «раш аўр» — сьпешную гадзіну. Гэтак тут назвалі час, калі мільёны людзей рана й вечарам сьпяшаць на працу ці з працы дамоў. Гвалтоўныя рыўкі ветру тузалі маладое лісьцё кляновых прысадаў, замяталі парэпаны цэмант вуліцы і забаўляліся рознакаляровымі сукенкамі жанчынаў.

— Як далёка да Ніны Ляскін?

— Якіх мінут пятнаццаць аўтабусам. Яна жыве каля цэнтру гораду.

3

Некалі, падаючы заяву для атрыманьня візы на падарожжа ў Савецкі Саюз у групе «рабочых канадыйскіх дэлегатаў», ад Веры Мак запатрабавалі, каб далучыла кароткую аўтабіяграфію. Пасьля цэлае гадзіны, Вера напісала наступнае:

Імя й прозьвішча: Вера Мак.

Дата й месца нараджэньня: 27 сакавіка, 1930 г., Балтава, Антарыё.

Сацыяльнае паходжаньне і ўзгадаваньне: Бацькі — Беларусы, рабочыя. Бацька, што працаваў у капальні мэталаў, прыехаў з маткай у Канаду пару гадоў перад маім нараджэньнем з Заходняй Беларусі. Як мне было сем гадоў, бацьку майго Мікалая паліцыя канадыйская забіла падчас дэманстрацыі беспрацоўных і галодных. Маці мая Юльляна, што была сьветкай таго забойства, мела ўдар сэрца. Яна памерла год пазьней. Як маладая сірата, ад васьмі гадоў узросту я гадавалася ў розных сем’ях.

Адукацыя: Сярэдняя.

Прафэсія: Працавала сакратаркай у Рын Тын і Дэлта мінэральных кампманіях.

Грамадзкая дзейнасьць: На працягу даўгога часу належала й цяпер належу да рабочага клюбу Максіма Горкага ў Балтаве. Брала ўдзел у адукацыйнай, спартовай і грамадзкай працы. Апякавалася дзяцьмі.

Калі-б Веры давялося пісаць абшырней пра сваё дзяцінства, матар’ялу хапіла-бы. Ды як-жа можна адлюстраваць тую бездань, у якой апынулася «ў галодных трыццатых» сірата пад апекай чужых? І што магло замяніць матчыну любоў і апеку? Бесьперапынная галеча пакінула сьлед, а спадчына бацькоў дала пякучую горыч. Вага мінулага спарадзіла недавер і падазронасьць да «пануючай клясы», а побач з гэтым — спачуваньне тым, што ў галечы, імкненьне памагчы ім. Глум, які цярпела з боку некаторых апякуноў, спрычыніўся да пэўнае ізаляцыі. Мусіла, як магла, адмежавацца ад таго, хто рабіў ёй якую крыўду. Назіральная кемлівасьць і выпрабаваньні ў доўгіх гадох між чужых нарадзілі асьцярожнасьць, прадуманыя адносіны да людзей, спагаду да цярпеўшых і крыўджаных.

У гэныя часы галеча эканамічнае дэпрэсіі між новых імігрантаў, што прыехалі з акупаванай Польшчай Заходняй Беларусі, дапаўнялася крывадушнай, у Маскве майстраванай клясава-ненавіснай ядавітай бальшавіцкай прапагандай. І мясцовымі гнёздамі, ці рупарамі такога забойчага яду і хвальшывай інфармацыі «з краіны рабочых і сялянаў» зьявіліся мясцовыя так званыя рабочыя клюбы. У гэтым сэньсе клюб Максіма Горкага ў Балтаве мог служыць копіяй іншых, раськінутых па аграмаднай краіне. Ужо куды пазьней, калі некаторыя, раней адурманеныя «новыя Канадыйцы», пачалі разумець, што «чырвоныя прарокі» пашыралі хвальшывыя пропаведзі крывадушнага тырана з камуністычнага цэнтру, шматлікія ачмурэлыя марксістоўскімі догмамі «прагрэсісты» ўпарта гарлапанілі на барыкадах сваіх «клясавых пазыцыяў». А для малапісьменных, што «ня лезьлі ў палітыку», усе вялікія й малыя палітыканы, свае і чужыя, тварылі не абы якую зьбянтэжанасьць.

Вера чытала ня толькі ўсё казённае, што падсоўвалі клюбу пашыральнікі камуністычнага «прагрэсу». Побач «Как закалялась сталь» ляжаў Дыкэнс і Ўітман, Пушкін і Маякоўскі. Некаторы час ці не найбольш была аблюбавала паднятага да стратасфэрнае вышыні бальшавіцкімі маскалямі «буревестника революции». Здавалася ёй, што шматлікія ягоныя гэроі чуліся-б як дома ў асяродзьдзі людзей з капальняў, дзе пачалося ейнае жыцьцёвае падарожжа. У музыцы-ж Вера захаплялася Бэтховэнам і Чайкоўскім, Стравінскім і Гэршвінам. З асалодай таксама сьпявала беларускія песьні, што ззамоладу запомніла калі ліліся з вуснаў маткі.

Любіла думаць і разважаць а ніхто язык яе ніколі траплом не назваў. Ейную прыгажосьць на вуліцы гораду часта трымалі на воку розныя вульгарныя нахабнікі, што прапанавалі часамі такое, ад чаго твар заліваўся румянцам. Ці гэтая відавочная фізычная спакуса была прыродным дарам ці пакараньнем? Над гэтым давялося разважаць пасьля аднаго выпадку, які прыгадвала з жахам і каторы меў значны ўплыў на яе маладыя гады й пазьнейшыя адносіны да мужчынскага полу.

Нарэшце прыйшоў той доўгачаканы й радасны дзень. Перад групай канадыйскіх «суайчыньнікаў» сваёй перамогай і фанабэрыста надзьмутай магутнасьцю афішавалася амаль непашкоджаная Масква і ўжо намагаўся загойваць раны трохгадовае блякады Ленінград. Наведалі «ўдарны завод» і «перадавы калгас», пакланіліся муміі на Краснай плошчы. Хадзілі слухі, што побач муміі Леніна палажылі і ягонага «насьледніка» Сталіна, але неўзабаве Хрушчоў загадаў яго выкінуць з гэтага пачэснага месца пад крамлёўскую сьцяну.

Бесьперапыннай прапагандовай траскатнёй маскоўскіх палітрукоў пра гэройскі гігант, які, амаль сам перамог Гітлера, сеяліся зярняты пашаны і ўдзячнасьці «гэраічнаму савецкаму» і асабліва «вялікаму рускаму» народу, які так жахліва многа перацярпеў і на «ратных палёх» такія ахвяры ў даніну перамогі прынёс, а цяпер вунь ня толькі зь вялікай адданасьцю і энтузіязмам узяўся аднаўляць краіну пасьля ваеннага разбурэньня, але ўжо выцягнуў і шчодрую руку помачы іншым народам усходняе і цэнтральнае Эўропы, што апынуліся пад ягоным жыцьцядайным апякунчым крылом. І ў маладой галаве дачкі «гэроя канадыйскіх рабочых» тая паказуха не магла ня выклікаць надзвычайнага ўражаньня, бадай захапленьня.

Адылі ў тым незабыўным падарожжы нарадзіліся й пытаньні. Кажнага з удзельнікаў заакіянскае групы трымалі быццам на прывязі, ані на крок нікуды не адыйдзіся без дазволу гаспадароў. Пампезная гасьціннасьць урадавых прадстаўнікоў і палітрукоў, гладкая афіцыёза — з аднаго боку. Холад і няветлівасьць звычайных «савецкіх людзей», зь якімі чамусьці партыйныя гаспадары ня раілі ўваходзіць у ніякія зносіны, — зь іншага.

Як-бы цікава было заглянуць у хату звычайных рабочых ды паслухаць іхныя захапленьні жыцьцём і посьпехамі найбольш прагрэсыўнай дзяржавы ў сьвеце, авангардам пралетарыяту, маяком вызвольнага змаганьня супраць капіталізму для ўсіх сяньня эксплёатаваных людзей і народаў! І чаму вось пра такія звычайныя сустрэчы із простымі людзьмі, а не партыйнымі ці дзяржаўнымі бюракратамі ніхто не падумаў і іх не наладзіў? Як-жа можна было вытлумачыць той дыстанс, створаны між імі, «суайчыньнікамі», ды мясцовымі, шчасьлівымі савецкімі грамадзянамі?

І ўсё-ж, відаць была веліч дзяржавы й народу. Ясная мэта. Тут-жа й выразны дынамізм, каб яе асягнуць. Усё вялізнае й шырокамаштабнае на ўсіх франтох. А плёны працы масаў — як на далані. Дык адкуль бяруцца сумлевы?

Вось вазьмеце хаця-б гэтага, каторага Мікіта стараецца загнаць, як кажуць, у казіны ражок. Гэта-ж згодна з запаветамі Леніна ён тварыў, будаваў і ўдасканаліў просты, выдатны і ўсім зразумелы лад. З добрае волі ўсіх «трудящихся», наверсе сеў сам — геніяльны й надта-ж дбайны пра ўсіх і ўсё «вождзь», каторы, як на тое вялікае шчасьце, таксама быў мудрым настаўнікам і карыфэем навукаў. Ён-жа і «айцец усіх народаў». Яму сьпявалі гімны, прысьвячалі манумантальныя творы ўва ўсіх жанрах літаратуры ды ўсіх відах мастацтва. Ён-жа, — як нядаўна пераканаўся цэлы антыфашыстоўскі сьвет, — генэралісімус, выдатны стратэг і палкаводзец. І гэта пад ягоным мудрым «рукаводзтвам» і гэройскім натхненьнем дабраліся пераможныя савецкія байцы аж да бэрлінскага райхстагу. Во вам! Пакажыце нам дзесь на сьвеце чалавека роўнага гэтаму! І кажнаму шчасьліваму грамадзяніну гэтае выдатнае краіны вядома, што гэты тытан духа й мудрасьці ўвасабляў максымальнае дабро, якое стварыў новы лад. Цяпер ужо квітнее яно, тое дабро, а будзе яшчэ куды большае, калі прыйдзе поўны камунізм.

Адно грыз, ледзь пачынаў варушыцца чарвячок сумлеву адносна таго ладу і «айца ўсіх народаў» пасьля таго, як бравурны і вульгарны Мікіта вылез із кукурузы ды быццам «разьвянчаў» самага наймудрэйшага генэралісімуса. Дзе і ў якой дрыгве чэрці гэтага Мікіту выгадавалі? А можа тут просты паклёп «імпэрыялістычных акулаў» на нашага генія? Ці можа сам Мікіта — пустазвон ці просты абэлтух? А калі так, дык як яго туды, аж на самы верх пусьцілі? А можа сталася, што той, найбольш геніяльны, ды гэтаму паклёпніку некалі на нагу наступіў? Бывае…

Пасьля падарожжа ў мэкку «рабочых і сялян» Вера, удзячная, як і ўсе іншыя ўдзельнікі, за дармавое падарожжа, яшчэ з большым імпэтам узялася за працу ў клюбе. Аднойчы сакратар мясцовай камуністычнай ячэйкі пад крылом клюбу, спэц агітацыйных трафарэтаў камуністычнай прапаганды, пасьля даўгой і нуднай гутаркі, запрапанаваў ёй пераехаць у Радфорд. Гаварыў ён, што рук і ў Балтаве да працы не хапае… Але ў краіне ёсьць пляцоўкі больш важнага імпэратыву чымся Балтава. Вось яно. Дык наш «працоўны рух» патрабаваў цяпер помачы адданых, працавітых і пільных таварышаў на найбольш адказных пазыцыях. Ці магла-б яна, Верачака, памагчы?

Як тут адмовіш? Ды ідэя, каб перабрацца ў Радфорд, што дынамічна рос і стаўся магнітам усёй пасьляваеннай іміграцыі з розных кутоў сьвету ў Канаду, была наклюнулася ў Веры раней. Замінаў недахоп кантактаў, што маглі-б памагчы там якія-небудзь патрэбныя дзьверы адчыніць. Цяпер-жа, пасьля сакратаровай прапановы, Вера зацікавілася дзе й каму яна спатрэбіцца ў тым вялізным горадзе. Адказ: патрабуюць зьверху, праца будзе забясьпечаная. Усё адпаведна ўладзяць. Людзі ў тым Радфордзе знойдуць ёй працу, увядуць у мясцовае «прагрэсыўнае» грамадзтва. Адным словам пакуй, дзеўка, свае «шмоткі» і «ў камандыроўку», паводле загаду зьверху. Во як! Ці туды з энтузіязмам бегчы? Яно-ж так і лепш, бо прыйдзе да спадобы тым зь ведамага верху.

4

Ніна Ляскін наймала трохпакаёвую кватэру на трэцім паверсе чатырохпавярховага дому на бочнай вуліцы недалёка Квін, — галоўнай вуліцы гораду, што перасякала яго простай лініяй з усходу на захад. Адсюль было вельмі зручна добрым гарадзкім транспартам дабірацца да камэрцыйнага цэнтру.

У адчыненых дзьвярох перад Верай стаяла дзеўка дзесьці ў веку сярэдзіны трыццатых гадоў. Цёмныя валосы, закручаныя ў плястычныя качалкі, якія тубыльцы называюць «кэрлерамі». Твар круглаваты, нос просты, немаляваныя вузкія вусны й цёмна-рудыя вочы. Лагодная сяброўская ўсьмешка. Сярэдняга росту, з малымі грудзьмі. Белая мужчынская кашуля абвісала над тугімі ясна-сінімі абношанымі джынсамі. У гэным месцы й часе дзеўка выглядала зусім мадэрнай. На голых ступнях сядзелі новыя індыянскія скураныя «макасыны», папулярныя мясцовыя шлёпкі.

— Гляньце хто тут! Вітаю, Вера, вітаю, прашу заходзьце.

— Дзякую. Грыша Вам ужо паведаміў пра мяне?

— Так. Але гляньце, што за красотка! — усклікнула дзеўка, аглядаючы Веру. На ейным твары зьявілася запраўднае зьдзіўленьне. — Скажы мне, дзе ты здабыла ўсе гэтыя свае прычындалы?

Вера меркавала як рэагаваць на гэта.

— Ого, што за прывітаньне! Можна да вас, ці не?

— Заходзьце. Будзем знаёміцца: я — Ніна Ляскін, а ты, як мне казалі, Вера Мак.

— Але. Вельмі прыемна.

Вера зайшла ў скромна ўмэбляваны пакой. У куце на тэлевізары спартовы камэнтатар гучным голасам распавядаў пра ўчарашнюю гульню ў вялізным мясцовым гакэйным палацы.

— Сядай. сядай, — запрашала Ніна. — Можа хочаш што выпіць з дарогі? Пастаў свае рэчы, пасьля ўпарадкуем. Што прынесьці?

— Калі маеш, джынджэр эйл.

Неўзабаве Ніна вярнулася з кухні, паставіла на кафэйны столік пляшку віскі, джынджэр эйл, дзьве шклянкі і міску зь лёдам.

— Ты можа галодная? — спытала Веру.

— Ды не, я ела ў цягніку.

— Напэўна скупіньдзя Грыша цябе не накарміў?

— А Грыша скупіньдзя? — зьдзівілася Вера.

— Ну, як табе сказаць? Я не заўважыла, каб ён калі-небудзь раскашэліўся, каб пагрэць нас, дзяўчат, як некаторыя…

Вера разважала, ці гаспадыня гэтага памешканьня дэманстравала сваю дэклярацыйнасьць ці шкадавала, магчыма, што Капшун ня бегаў за ёй.

— Пытаўся ён мяне, ці магу ўзяць пад сваё апякунчае крыло адну нашу асобу, што прыедзе сюды з паўночнае дзічы, — прадаўжала Ніна, напаўняючы шклянкі напіткамі і лёдам. — Прабач мне, ці ты казала, што сам джынджэр эйл, ці і віскі?

— Калі ты ўжо наліла, то вып’ю, — усьміхнулася Вера.

— Дык я тады пытаюся Грышу: а якога-ж кавалера ты мне прышлеш? Ён расказаў мне пра цябе, што патрабуеш памешканьня й працы, добрага нагляду… Дык давай, вып’ем за нашае здароўе і знаёмства.

Стукнуліся шклянкамі.

— За здароўе!

Выпілі па палове налітага. Ніна села побач.

— Грыша гаварыў пра нагляд за мною? — спыталася Вера.

— Ды не, зусім ня тое. Проста прасіў табе памагчы. Ай-я-яй, але-ж зь цябе й цаца! — бясцырымонна разглядаючы прыгожую дзяўчыну, захаплялася Ніна. — Колькі табе гадоў?

— Адгадай.

— Дам табе… ну… дваццатку.

— Ці я запраўды выглядаю так молада? — спыталася Вера.

— Выглядаеш вельмі маладой і прыгожай, — сказала Ніна зь вялікім націскам на два апошнія словы.

— Дзякую. Прабач за пытаньне.

— Пытайся.

— Капшун сказаў мне, што маеш для мяне недзе работу… у нейкім Трыфты…

— У Трыфты Тоні. Так называецца фірма, дзе я працую загадчыцай дэпартаманту. Сама я не гаварыла са старым Жыдам, але надзейная асоба шапнула мне, што патрабуюць дзьве асобы на помач, дык я і сказала Грышу, калі была пра цябе гутарка…

— А што-ж яны плацяць?

— Сорак на тыдзень на пачатак. Ведаю, што гэта мала, але калі будзеш старацца…

— Ну няхай сабе… Хіба-ж на кватэру заплаціць хопіць? — усьміхаючыся Вера пазірала Ніне пільна ў вочы.

— За кватэру нямнога, дзясятка хопіць, — адказала Ніна.

І Вера ня ведала, ці Ніна жартуе, ці што. Не выпадала цяпер таргавацца, бо Ніна Ляскін — ейныя першыя адкрытыя дзьверы ў Радфордзе.

— Ня буду цяпер распытвацца пра варункі працы, бо які-ж маю выбар, — гаварыла далей Вера, пільна разглядаючы гэны клубок шпулек на галаве гаспадыні.

— Спадзяюся, што скора ўложышся. Спачатку, вядома, пакуль разгледзішся, будуць розныя пытаньні… Мне казалі, што ты вельмі актыўная і працавітая дзяўчына.

Вера не магла ведаць колькі й чаго яшчэ расказалі Ніне пра яе. Пажывецца, пабачыцца. Ніна Ляскін выглядала вельмі сяброўскай, бадзёрай, практычнай, верацяном актыўнасьці. На вячэру падсмажыла сьвініну — так званыя порк чопы. Елі з варанай бульбай, зялёным гарошкам з банкі. І паўтарылі тосты за сяброўства й супрацоўніцтва.

Падчас перадаваньня вячэрніх навінаў Вера зь цікавасьцю слухала паведамленьні пра рух на галоўных дарогах, якія тут называюць экспрэсвэйс. Найшырэйшая зь іх, дзе можна ехаць максымальнай скорасьцю 80 кілямэтраў на гадзіну, як вялікі вуж цягнецца праз горад з усходу на захад. Яна на дванаццаць палосаў, ці, як мясцовыя называюць, лініяў. У многіх месцах яна то крыху разгаліняецца, то злучаецца. Агульна гаворачы, гэтая адна дарога, — яе можна было-б назваць супэраўтастрадай — абыймае шэсьць дарог у адным і шэсьць у супрацьлеглым кірунку. Іншыя, падобныя, хоць і меншыя аўтастрады, лучылі горад з усходу, і захаду, беглі і ўскосна з паўдня на поўнач. Горад рос з дынамікай малаведамай у якім іншым месцы гэтага кантынэнту. Вялікія грошы ўкладаліся ў разрост сеткі супэрмадэрных дарогаў і падзямельнага мэтро.

У гэны вечар трымала добрая пагода. Вялікіх выпадкаў на экспрэсвэях ня было, усё-ж наглядчык руху, што апісваў яго падчас перадаваньня тэлевізыйных навінаў, прыгадаў, што за сёлетні год у горадзе па дарогах аўтамабільны рух забіў дваццаць сем чалавек. Многа гэта ці мала? Вера ня ведала. Горад расьце, напружвае свае мускулы. Мясцамі тое ды гэна трашчыць, ірвецца, крышыцца, разьбіваецца, лопае. Хутка растучы гігант мае свае зрывы, правалы. Спрычыняюцца да гэтага мясцовыя палітыканы. Пры дзьвярох — маса эмігрантаў з Эўропы, а там далей ужо чуваць вэрхал Азіятаў, Афрыканцаў і шматліках астравоў Карыбіі.

Назаўтра раніцай пайшлі ў Трыфты Тоні. Пасьля гадзіны, што спатрэбілася на фармальнасьці, Вера Мак атрымала месца прадаўшчыцы.

5

У спакойных часох і нармальных абставінах Алесь Якімовіч ніякім чынам не апынуўся-бы там, дзе цяпер знаходзіўся. Але-ж апошняя пара дзесяцігодзьдзяў прынесла вялізныя катастрофы. Алесь апынуўся ў Новым Сьвеце, у гэтай аграмадзіне і ў бальшыні незаселенай краіне, амаль у самым цэнтры, — як ён любіў жартаваць, — гармідары вольнага рынку. У гэны дзень раніцай Алесь выгадна сядзеў у так званым экзэкутыўным крэсьле бюра свайго боса (шэфа) Давіда Зэлмана. Выгаднае, абабітае скурай крэсла, на шпяні, можна было седзячы павярнуць у які хочаш бок. Алесь спрабаваў, як кажуць, паамэрыканску палажыць дзьве нагі на пісьмовы стол. Некалі пасьля вайны бачыў ён як гэтак рабіў ці адзін амэрыканскі жаўнер у нейкай піўнушцы вызваленай Эўропы. Праўда, такі Амэрыканец абавязкова дыміў здаравеннай цыгарай, або чвякаў гумай-жвачкай з фірмы Рыглея. У Зэлманавым бюро ў Алеся ня было цыгары, ён рэдка калі курыў, а Рыглеявых жвачак ня любіў. Алесь паставіў на належнае ім месца свае ногі ды паглыбіўся ў разважаньні пра сваю сытуацыю. Ён адно пачаў падарожжа ўверх па экзэкутыўнай, ці, — калі хочаце, — начальніцкай драбіне. Але-ж, калі згадаць адкуль ён прыйшоў, дык абавязкова за помач у тым падарожжы Богу трэба падзякаваць. Яшчэ як трэба!

Ззаду — суцэльны кашмар. Неяк, як гавораць, палюдзку жылі хлебаробамі. Зямлю любілі. Яна шчодра адплачвала за добрую працу, за цьвёрды мазыль. Навалач пачалася ад часу як трэснула пад нямецкімі ўдарамі «рэч паспалітая», а «братнюю руку» падаў маскаль… На сьпіну працавітага чалавека ўзьлез абібок-гультай-паразіт. У іхнай вёсцы паўстаў калгас. Бацька стануў на дыбкі. Неяк уночы яго забралі. Быў працавіты, у Бога веруючы, сумленны, беларускі селянін. Быў!.. ня ведаў-бы ў той час Алесь як пісаць эпітафію на магіле таго, каторы быў… Няведама дзе была ягоная магіла, і ці не ляжалі ягоныя астанкі ў масавай…

Алесева ўвага затрымалася на пільнасьці цяперашніх неадкладных спраў. Ягоныя вочы прабеглі па прыгожа абшаляваных сьценах пакою ды затрымаліся на бронзавай, залатым блескам зьзяючай ручцы дзьвярэй. З-за дзьвярэй даляталі прыглушаныя гукі гандлёвага вэрхалу. Алесява праца — вышукоўваць на шырокім рынку найбольш выгадныя і ходныя тавары. Алесь Якімовіч — купляньнік кампаніі Трыфты Тоні. На гэтай пазыцыі трэба было мець добрыя сувязі зь людзьмі, ведаць гандлёвую тэрыторыю ня толькі сваёй краіны, але й суседа-сланя з паўдня, ведаць якасьці й цэны масы тавараў, значыцца быць неабыякім пранырам. У рукі спажыўцоў кажны дзень Трыфты Тоні намагаўся даць выгадныя й даступныя па цэнах прадукты. Праца нялёгкая. Частыя падарожжы, агляд і ацэнка тавараў, закупы разьлічаныя на вялікі ход. Пакуль што Алесю спадарожнічалі посьпехі, сам бос Давід Зэлман прызнаваў ягоныя ўдалыя махінацыі, сувязі і гешэфты.

Ды пры гэтым босавым экзэкутыўным стале, — Алесь ужо раней пераканаўся, — доўга крэсла на шпяні не пагрэеш. Якімовіч мог амаль дакладна прадбачыць, што вось гэтта неўзабаве здарыцца. За дзьвярмі, абабітымі чырвоным каліфарнійскім дрэвам, пачуюцца борздыя крокі, некалькі слоў між босам і сакратаркай, тады пакруціцца ў дзьвярох вышліфаваная да блеску золата ручка і перад ім зьявіцца сярэдняга росту хударлявая, лысагаловая постаць энэргічнага й заўсёды непаседлівага ўласьніка кампаніі Трыфты Тоні.

— Галё, мой бой, як маешся! — мэталічны голас пры стрыманай усьмешцы прывітае Алеся. Паздароўкаюцца рукамі. — Павязло?

Тут і ня будзе часу адказаць на тое «як маешся?», бо бос ужо хоча ведаць, ці павязло. «На якім гэта верацяне яму баба-спавітуха пуп абразала?» — думаў ці раз пра Зэлмана Алесь.

— Крыху, — пачне сваю справаздачу наўмысна сьціпла Алесь. Можа здарыцца, што задаволены бос і ўласьнік крамы пасяброўску з адабрэньнем дакранецца лёгкай рукой да Алесявага пляча, пасуліць свае заўвагі адносна гандлёвага гешэфту, магчыма нават, што спытае свайго купляньніка пра іншыя асабістыя ўражаньні. Пасьля Алесь, голасна падсьвістваючы сабе, пойдзе дамоў, каб адпачыць перад новым падарожжам у нейкую іншую гандлёвую джунглю.

Гэна ўсё, уяўленае Якімовічам, здарыцца зараз. Цяпер-жа Давід недзе заняты. Як пчолка ў летняй квецені пералятае з аднае кветкі на іншую, гэтак і бос, па дарозе ў сваю кантору, намагаецца зьбіраць плёны папярэдняга дасьветчаньня, бачыць розныя дробязі, трымаць усіх і ўсё на сваім воку. Тымчасам Алесь мае час падарожнічаць у згадках і меркаваньнях. Думкі ягоныя пабеглі да дзяўчыны, якую спасьцярог у куце жаночае вопраткі. Яна памагала старшай жанчыне выбраць нешта патрэбнае. Дзяўчына, відаць, адно пачала тут працу. Алесь ведаў бальшыню працаўнікоў, асабліва жанчын і дзевак. Як-ніяк, Алесь-дзяцюк наглядаў сабе нейкую ўяўленую прыгажуню на будучыню. Не, ён не сумляваўся, памяць меў добрую. Тры дні назад, калі выяжджаў на чарговы рэйд, гэтай лялькі тут на было. А ўчора бос быў недзе заняты, абяцалі што сяньня раніцай абавязкова знойдзе для яго час. Алесь меў крыху часу папахадзіць па краме, заглянуць у некаторыя куткі, пагутарыць зь людзьмі, зачарпнуць апошніх мясцовых навінаў. І вось тады трапіла яму на вока новая дзяўчына.

Трэба было зрабіць разьведку. Хто-ж яна такая і адкуль узялася? Прывабна-прыгожая. Хараство сьціпласьці: поўныя вусны без памады, валосы — роскаш. Грудзі… Стан… Там сярод радоў жаночага тавару цяжка было бліжэй прыгледзецца. Вочы… У іх, магчыма, разгадка, калі блізка ў іх заглянуць. Трэба праверыць, пазнаёміцца безадкладна.

Гэты кут крамы, дзе працавала тая гожая, якую ўбачыў Алесь учора, дзяўчына, трэба было трымаць на воку. Розныя найнавейшыя цудоўныя матар’ялы, прызначаныя для ласканьня жаночага цела, прыцягвалі, быццам магніт, розных так званых «пэрвэртаў», такіх скажоных абэлтусаў мужчын, што мелі дзіўныя погляды на плоць і самі насілі жаночую бялізну. І Алесь, пасьля гутаркі з босам, пайшоў зноў, як казаў сам сабе, у разьведку. Прыглядаўся разьвешаным на стаяках сукенкам, пасьля спыніўся каля рознакаляровых ліфчыкаў, наўмысна сканцэнтраваўся на іх.

Дзяўчына падыйшла да Алеся.

— Магу служыць вам, спадару? — спыталася ў яго.

— Гм, здаецца мне…

Алесь захапіўся дзяціннай нявіннасьцю на гэтым немаляваным рознымі пудрамі ці памадамі твары, ён прыглядаўся пары блакітных прамяністых вачэй, якім ці льга было знайсьці параўнаньне. Дзяўчына із свайго боку добра трымала позірк. На твары — ласкавая ўсьмешка, а ў вачох — пытальнік. Ужо пасьля ў будучыні Алесь намагаўся прыгадаць ці ў гэну першую сустрэчу, вочы ў вочы, запалілася іскра, якая пасьля разгарэлася неабдымным полымем.

— Ёсьць у мяне вялікая праблема, якую я павінен неадкладна вырашыць, — гаварыў Якімовіч. — Можа-б вы памаглі?

Ён ледзь-ледзь усьміхнуўся.

— Калі гэта нейкім чынам адносіцца да маёй працы, — адказала дзяўчына ўпэўненым і лагодным голасам.

— Якраз вашыя веды могуць быць мне памочнымі. Я маю знаёмую і хачу купіць ёй, як вось, — ён паказаў рукамі на грудзі, — называюцца гэтыя жаночыя, што на грудзі йдуць?

— Ліфчыкі?

— Ага, яны…

— Дык у чым тая вялікая праблема?

Гэтта надыйшоў момант. Алесь цяпер надзвычайна ўважна аглядаў дзяўчыну, што стаяла ля яго амаль упрытык.

— Такая, ведаеце, паўстала ў мяне нязручнасьць. Ня ведаю ейнага разьмеру дый не выпадала пытацца. Спадзяюся, што вы можаце зразумець у якой шчапятлівай сытуцыі я апынуўся…

— Разумею, — распрамяніўся дзявочы твар шчырай усьмешкай. — Значыцца так, якога яна росту?

— Ооо, я-бы сказаў… — Алесь аглядаў дзяўчыну ад чубка валасоў, затрымаўся на яе поўных грудзях, што напэўна выгадна чуюцца ў ліфчыку «крос май гарт» пад белай блюзкай. — Я-бы сказаў, прыблізна вашага…

— У такім выпадку вам патрэбны ліфчык майго разьмеру.

Прафэсійны голас прадаўшчыцы. Алесю здалося, што лёгкі румянец каўзануў па ейным твары.

— Вы пэўныя? — спыталася ў яго дзяўчына, што прыглядалася ліфчыкам дзясятага разьмеру.

— Ну ведаеце, — завагаўся Алесь, — мусіць я гэтага самага, ня зусім. Можа мне лепш спытацца ў яе сяброўкі… Тады я зноў да вас загляну.

— Калі ласка. Я заўсёды да вашых паслугаў.

На ейным твары зьявілася ўсьмешка, якая, здалося, гаварыла: каго-ж ты, дзівак, зводзіш? Пасьля Алесь прыгадваў і ацэньваў тое першае пра дзяўчыну ўражаньне. Бяз сумлеву, яна належала да тых, якіх усе хлопцы трымалі-б у абдымках так, як добрыя бацькі сваіх перадшкольных гадоў дачушак. Дзяцінны й сьвежы выгляд. Дадай да гэтага бадзёрасьць. Мясцовыя спартовыя «балельнікі» такіх вось ахвотна рознымі спартовымі прыгажунямі (місамі) выбіраюць.

Алесь трымаўся старое мудрасьці, што недахопу прыгажосьці штучнымі сродкамі не ліквідуеш. Адно можна добра замаскавацца для падману чужога вока. І між касмэтыкай размаляваных масак, што нахабна дэманстравалі сваю штучную красу, проста захапляешся й славіш Богам створаную дасканаласьць, якая не на павадку разрэклямаваных гіганцкімі касмэтычнымі фірмамі тавараў. Алесю здавалася, што гэтая дзяўчына зьявілася нямаведама адкуль, каб быццам падкрэсьліць кантраст між штучным і прыродным. Трыфты Тоні быў перапоўнены і маскамі-тварамі, і штучнымі грудзьмі, і…

— Хочаш паглядзець як запраўды яна выглядае? Зацягні ў ванну, адмый усе тыя памады-шмінкі ды розныя мудрыя пудры! — жартавалі дзяцюкі.

Давід Зэлман быў гэнай раніцай усхваляваны. Толькі што скончыў доўгую гутарку з рыл-эстэйт агентам (рыл-эстэйт займаецца тут гандлем дамоў і зямлі), які таргаваўся з суседзямі. Трыфты Тоні патрабаваў новае тэрыторыі і будынкаў для экспаньсіі. Звыш дванаццаці суседніх дамоў ляжала на дарозе. Прасілі больш паўмільёна даляраў, — паводле Зэлмана, астранамічную суму, — і ані-ні ня спускалі. Пранюхалі ды й ведалі, што Зэлману няма выхаду, паскача, палаецца, а грошы знойдзе.

Купіўшы суседнія будынкі, Зэлман плянаваў іх разбурыць ды на прасторы вялікага кавалка зямлі пабудаваць шасьці ці васьміпавярховы будынак для свайго гандлёвага росту. Давід ня мог пагадзіцца з тым, што ўласьнікі прасілі амаль удвая вышэйшую цану чымся была ў гэтым раёне гораду. І які выхад? Усе казыры трымалі ў сваіх руках суседзі. Сама горш, што яны могуць запаволіць экспаньсію Трыфты Тоні. Зэлман круціўся як чарвяк на рыбным кручку.

— Што за людзі! Яны скуру зь мяне хочуць садраць! Так, скуру садраць хочуць! — хваляваўся, тупаючы па канторы Зэлман. — Ты толькі падумай: за дваццаць футаў шырыні фронту яны просяць па трыццаць тысяч даляраў. Гэта-ж немагчыма, мой бой! Я ведаю, што гэткая маёмасьць на сяньняшнім рынку не каштуе й паловы гэтага. Поўнае абдзёрства з боку гэтых ненажэрна прагавітых, вось яно што!

— Ці агент наш добра іх паціснуў?

— Няўжо-ж! Веру яму. Але што ты зробіш з гэтымі ўпартымі асламі?!

— Боль росту…

Крыху памаўчалі.

— Сяньня пра тваё падарожжа гаварыць ня будзем. Неўзабаве мушу некага пабачыць, — казаў Давід Алесю. — Заўтра раніцай прыходзь на гадзіну дзявятую на сустрэчу экзэкутывы. Мяркую, што цябе пакуль што варта затрымаць каля дому, каб ты мне памог, пакуль я заняты з гэтымі пацукамі.

Пацукамі Зэлман называў суседзяў, што зь яго «скуру хочуць садраць». Алесь Якімовіч думаў пра тое, што ўласьнік крамы сказаў. Як заўсёды ў Зэлмана, усё пыхкала наперад экспрэсам, а часта важнае зьлятала зь ягонага языка незаўважна, мімаходам. Такое разявяка можа лёгка празяваць. Алесь зразумеў адразу.

— Вы што, павышэньне мне даеце? — спытаўся ў боса.

— Але, віншую! — падаў Давід Алесю руку.

— Дзякую, бос, дзякую! — усьцешыўся Алесь.

— Будзеш мець многа нагодаў, каб выказаць мне сваю ўдзячнасьць, — тлумачыў Зэлман. — Мусіш узяць у рукі пэўныя пазыцыі, некаторыя матар’ялы ня йдуць так, як павінны… Вось яно тымчасам. Згода?

— Пастараюся як найлепш, — абяцяў Алесь.

— Ня маю сумлеву, што будзеш намагацца. Цяпер можаш ісьці дамоў і адпачыць. Заўтра пабачымся.

Пакідаючы краму, Алесь прыгадаў, што добра было-бы даведацца ў сакратаркі пра тую новую дзяўчыну. Ды няхай яна пачакае. Трэба насамперш паразважаць, супакоіцца, памеркаваць пра тую новую пазыцыю, якую заўтра мае заняць.

6

Алесь жыў у паўночным прадмесьці. У тым дзесяціпаверхавым будынку жылі пераважна людзі зь сярэдняе вышыні заработкамі. Арэнда тут высокая. Алесяў апартамэнт меў добра ўмэбляваную сьвятліцу, спальню, кухню й ванну з прыбіральняй. Дзьверы са сьвятліцы выходзілі на балькон чацьвёртага паверху. Адсюль раскрывалася велічная панарама гораду, што цяпер рос як на дражджох.

Летні дзень, з дробнымі хмаркамі ў вышыні, лёгкім ветрыкам і тэмпэратурай каля сямідзесяці Фарэнгайта спанукаў Алеся на балькон. У кухні нарыхтаваў сабе сёе-тое, каб «замарыць чарвяка»: віскі, ваду, лёд, аліўкі, копчаныя устрыцы, пару кавалкаў жытняга хлеба й кіслы агурок. На бальконе паставіў паднос з гэтым дабром на пераносным століку побач крэсла-гойдаўкі. Любіў гэтае крэсла. Як хораша з кніжкай у руцэ адпачываць ці думаць, гойдаючыся ў ім, калі намагаешся апынуцца ў іншым сьвеце чымся той, што бяз стомы наступае на цябе з усіх бакоў.

З гэтага балькону можна было назіраць хуткі рух на тэй супэрэкспрэсвэй — вялізнай дарозе, што перасякала горад. Вочы вандруюць далей на поўдзень да вялікага прастору цяпер шэра-сіняга возера. Там групы ветразьных лодак, магчыма ў нейкіх спартовых гонках. Налева крыху — цэнтар гораду, горб найвышэйшых будынкаў расьце ўверх і ўшыр. Зь вялізнага лётнішча на захадзе чуваць гул.

Якімовіч ня думаў пра тое, што бачыў з выгаднага крэсла-гойдаўкі. Выпіў паўшклянкі віскі зь лёдам, закусіў устрыцай з агурком і хлебам. Сяньняшнія падзеі змусілі яго зірнуць у мінулае — адкуль і як пачаў тут, у гэтым горадзе, — ды падумаць і пра будучыню.

Гады ці ня тры назад пачаў працаваць у Трыфты Тоні. Прыгадваецца душны ліпеньскі дзень. Падбіты, змучаны, смага ў горле, душнае-парнае, — характэрнае ў раёне вялікіх вазёраў Амэрыкі, — надвор’е. Зьнямога. Карціць прылегчы дзесьці ў цяньку пад дрэвам у парку. Спакуса! Лепш прэч, вон яе! Там бамы. Гэта мясцовыя гультаі-абібокі, што мала чым, апроч пошукаў бутэлькі віна й якога гат-дога, цікавіліся. А гэтта побач іх зладзеі, прастытуткі, наркаманы. Не, Алесю туды нельга. Ён верыць, што нейкую працу сабе абавязкова знойдзе. Ходзіць гэтак па горадзе ўжо ня першы дзень, у шматлікія дзьверы стукае. Бегае па многіх адрасох, што з абвестак у газэтах. Дарэмна. Ломаная ангельская мова, ніякай канкрэтнай прафэсіі. Што ты хочаш у вялікім чужым горадзе?! Гэта ўсё пасьля таго, як адгакаў год кантракту ў пушчы на поўначы. Цяпер-жа — падбітыя ногі, зьнямога духовая і фізычная. Трэба шукаць сваіх. Недзе-ж яны тут ёсьць. Але тымчасам… што гэта вось тут на рагу? Гляньце, людцы мілыя! Дзівосы нейкія. Падыйдзем, прыгледзімся.

Разінуўшы ад зьдзіўленьня рот, стаяў перад рэклямай, падобнай якой і ў гэтым горадзе ня знойдзеш. Наверсе будынку, што на рагу вуліцаў, на цэлую даўжыню, можа мэтраў дваццаць, франтавой сьцяны вялізнымі літарамі напісана:

THRIFTY TONY IS NO BALONEY HE WORKS HARD TO SAVE YOU MONEY!

Пабеларуску гэта гучэла так: Трыфты Тоні ня ёсьць абібокам. Ён цяжка працуе, каб заашчадзіць табе грошы!

А ніжэй на мэтры два ад таго верхняга Трыфты Тоні скардзіўся:

SMALL PROFIT THAT WE MAKE KEEPS US MANY NIGHTS AWAKE!

Гэта трэба разумець так: Наш малы даход морыць нас начамі бяссоньніцай.

Апроч гэтых двух галоўных напісаў, па сьценах былі распаўзьліся розныя варыянты гандлёвай этыкі Трыфты Тоні. Агульным назоўнікам, ці, — калі вам падабаецца, — крыкам гэтай прапаганды, быў-бы лёзунг: сьпяшыце да нас, усе людзі добрыя, паадзіночна і разам! Між аграмадных напісаў тырчэлі каляровыя галовы клоўнаў, што быццам рагаталі зь бізнэсавай этыкі Трыфты Тоні. Алесь перайшоў вуліцу, каб прыгледзіцца гэтаму дзівосу зь іншага боку.

Людзі таўкліся ля выставачных вокнаў быццам пчолы ля лёткі вульля ў сонечны вясеньні дзень. Нізы сьценаў абляпіліся здымкамі вялікіх чэргаў у дзьвярох крамы. Побач іх — лісьлівы твар самога ўласьніка крамы падахвочваў гэты шчасьлівы спажывецкі народ. Ура! Хадзіце. паўзіце, налятайце, спажывайце! Няспынным гужам сьпяшыце ў дзьверы крамы!

Надта павялічаныя газэтныя артыкулы, таксама ў гумарыстычным тоне распавядалі пра выдатнага чалавека гэнага самага Трыфты Тоні, каторы адно для твайго дабра на гэты сьвет зьявіўся. Уся гэтая рэклямная кампазыцыя, у вясёлым тоне карнавальная маска вечарам зіхацела й пералівалася-рухалася сьвётламі электрыкі.

Алесь меркаваў ці варта і яму заглянуць у сярэдзіну. З тае пушчы ўжо на спадзе былі ягоныя сьціплыя фінансы, але-ж можна адно паглядзець, не абавязкова купляць. Увайшоўшы ў краму тут-жа сустрэў стоража. Вопратка ягоная, быццам паліцэйская, цёмна-сіняга колеру, з рознымі бліскучкамі, як у нейкага адмірала. І фігура самога дзядзькі гэтага надта-ж аўтарытэтная. Заданьне ягонае, відаць, памагаць ці даваць інфармацыі тым надта добрым кліентам, якіх шчасьлівы лёс сюды прынёс. Пэўне-ж, — і гэта, магчыма, галоўны абавязак вартаўніка, — за зладзеямі трэба сачыць.

Алесь акунуўся ў нейкае сьцюдзянейшае паветра. Ага. Тут, пэўне, у гэтай вялікай краме, быў ахаладжальнік паветра. Магчыма, запраўды, гэты Трыфты Тоні пра кліентаў дбаў! Падбадзёраны, асьвежаны Алесь пастанавіў заняцца разьведкай.

Горы тавараў. Гушча народу. Алесевы вочы разьбягаліся, калі задаволены, што зайшоўся сюды, разглядаўся і меркаваў, што рабіць далей. Прыгадалася яму захапленьне аднаго сябры, калі прыехалі ў Канаду. Той, зачараваны багацьцем усялякага дабра ў крамах, узьнёслым голасам захапляўся:

— Але-ж і Канада! Усяго ўсяго поўна! Абы толькі грошы!

Алесь папытаўся ў таго важнага дзядзькі вартавога ў адміральскім мундзіры дзе Трыфты Тоні мае кантору.

— Шукаю працы, — сказаў ён яснавалосай жанчыне за сталом пры тэлефоне. — Ці маеце што-небудзь?

— Я няпэўная. Магчыма. Сядайце, калі ласка, — ветліва адказала жанчына. — Мушу боса знайсьці.

Неўзабаве ў дзьвярох зьявіўся чалавек сярэдняга росту, хударлявы, смуглы твар, із залысінамі. «Гэта-ж ён, — імгненна спасьцярог Алесь, — той самы, што на рэклямных здымках, сам Трыфты Тоні».

— Вось чалавек да вас, Дэйвід, — сказала сакратарка.

— Шукаю працы, — устаў з крэсла Алесь.

— Працы? Якой хочаш працы? Ты даўно ў Канадзе?

Уласьнік Трыфты Тоні спасьцярог Алесеў акцэнт, а сам гаварыў шпарка, напэўна сьпяшыўся. Алесь наважыўся ісьці на пралом.

— Я хачу працы. Можа ня ведаю чаго, але навучуся… Я ў Канадзе ўжо больш як год. На поўначы ў пушчы кантракт адрабляў…

— Зь якой краіны ты прыехаў? — спытаўся ў яго Зэлман.

— Зь Беларусі.

— Дык ты Беларус?

Уласьнік Трыфты Тоні пераключыўся на беларускую мову, а твар ягоны зазьзяў прыязнай усьмешкай. — Знаеш Пінск?

— Так, знаю Пінск, горад на Палесьсі.

— Я адтуль. Хадзі ў маё бюро, малады чалавек.

Калі Давід Зэлман пасяброўску ўзяў Алеся за руку й накіраваў яго ў сваё бюро, змучаны доўгімі пошукамі працы дзяцюк нарэшце спанатрыў, што здабыў сабе ўжо нейкае месца ў гэтым горадзе. Узяўшыся за працу пры вешалках з гальштукамі назаўтра раніцай, Алесь пастанавіў, што ад гэтага часу ён павінен сканцэнтраваць сваю ўвагу на двух прадметах: вырашыць, дзе была крыніца дынамізму, што няспынна паганяла Давіда Зэлмана ды пазнаць-вывучыць спружыны ягонага бізнэсу.

Сам Зэлман быў няспынна ў руху і такім чынам дадатна ўплываў на іншых. Ён адразу спасьцярог Алесеву пільнасьць пры працы і ці раз ня скупіўся на словы парады.

— Алесь, глянь, — казаў ён, — я прыехаў сюды перад вайной. Нічога ня меў апроч яснай галавы і ахвоты да працы. Былі цяжкасьці, рызыка. Бяз гэтага нічога ня бывае. І помні: гэта ёсьць вялікая краіна із многімі пэрспэктывамі для тых, што ўмеюць працаваць і рызыкаваць. Я зрабіў сваё і бачыш, што ўжо нешта маю. Але гэта толькі пачаткі, найбольшае ўсё наперадзе. Працуй, хлопча, працуй, вучыся, мей розум. Гэты бізнэс будзе расьці і мы будзем расьці разам зь ім. Я бачу, што стараешся. Гэта добра. Помні, што ў гэтым гешэфце няма месца для разявякаў. Ясна?

Алесю падабалася тое ўсёабдымнае «мы». Адчуваў сябе ўжо жывой часткаю няспынна растучай машыны. Два гады хадзіў на вячэрнія гандлёвыя курсы, здабыў асноўныя і зусім неабходныя бізнэсавыя веды. Цяпер іх можна пашырыць у практыцы і адтуль ужо накіравацца ў матар’яльна больш бясьпечную будучыню.

Нейкі час Алесь працаваў на складзе. Адсюль выгадна можна было прасачыць рух тавараў, што прыходзілі ў краму. Закуп тавараў даручылі Якімовічу пазьней. Спачатку Зэлман накіраваў яго на жартаўліва названыя ім скаўцкія падарожжы. Алесь наведваў шматлікія крамы, параўноўваў цэны розных тавараў. Пабі канкурэнтаў! — галоўны дэвіз Трыфты Тоні. Адпаведная сэлекцыя тавараў, хуткі іх рух і мінімальны адміністрацыйны кошт — вось тыя тры кіты росту Трыфты Тоні. А карнавальная маска на рагу двух вуліцаў блізка цэнтру гораду прынаджвала шмат кліентаў.

7

Назаўтра раніцай у канторы зьявіліся неабходныя сябры ўправы. Джоў Кэмп, худы, сярэдняга веку бляндын, акуратна апрануты ў стандартны чорны «бізнэс касьцюм» трымаў функцыю гандлёвага аналіста й рэклямнага загадчыка. Жанаты із занудай, што трымала яго на кароткім павадку. Мала калі бываў на якім-небудзь сяброўскім гуляньні працаўнікоў кампаніі за выняткам каляднага абеду ці якога-небудзь авансу. Сядзеў цяпер Кэмп у выгадным крэсьле й на каленях трымаў сытую сумку. У выпадку патрэбы, ён гэтта-ж выцягне патрэбнае із тае пукатае сумкі і адразу манатонна павядзе прысутных праз розныя найпазьнейшыя бізнэсавыя цячэньні й пералівы, падтасоўваючы гэта ў агульныя лікі, рэасумуючы прадказаньнямі на будучыню. Апроч інфармацыі, якую Давід Зэлман чэрпаў із сваіх крыніцаў, Джоў Кэмп пашыраў ягоны гарызонт добрым аналізам бізнэсавага рынку. Канкурэнты расьлі. Вечны гон. Трымайся дынамікі руху. Звольніш крок — прападзеш.

Нік Лок, векам у канцы дваццаткі, вызначаўся ня толькі сваёй буйнай цемнаватай чупрынай. Агрэсыўнасьць загнязьдзілася і ў ягоных рухах, і ў заядласьці ў працы, і ў недахопе меры шмат у чым іншым. Любіў працу, дзяўчат і спорт. Ягонае гобі (улёблены занятак) — гэтак званыя практычныяжарты. Выдумляў рознаеды й сам выконваў. Алесь спадабаўся яму і абое адразу пасябравалі. Нік Лок пачаў працу ў Трыфты Тоні із самага нізу й лез уверх цяжкім шляхам, дапаўняў камэрцыйныя веды ў гандлёвай школе вечарамі.

Анды Кул, стрыманы ў паводзінах і ніштаваты з выгляду, у трыццатых гадох, здабыў некалі салідную бізнэсавую адукацыю. Стары дзяцюк, любіў усё клясычнае, жыў на дарагой кватэры. Анды любіў сяброўскія сустрэчы й гуляньне зь людзьмі свайго асяродзьдзя ці інтэлектуальнага ўзроўню. Шмат чытаў. Сумленны пры працы. І Нік і Анды мелі нагляд за двума дэпартамантамі, а «олд бой» («старым хлопцам» называлі Давіда Зэлмана) быў наагул задаволены імі.

— Здароў, Ал! — ускочыў з крэсла Нік, калі Якімовіч зьявіўся ў дзьвярох. — Што гэта я чую, быццам ты далучаешся да нашай адборнай галоўнай каманды?

— Пры чым тут я? — усьміхнуўся Алесь. — Спытайся ў свайго галоўнакамандуючага.

— Віншую. Цешуся, што бачу цябе на нашай курасадні, — сьціснуў Нік Алесеву руку.

— Дзякую, Нік.

— Віншуем, віншуем. Ужо пара! — падаў сваю руку Анды.

— Жадаю посьпеху вам, містар Якімовіч, на вашай новай пазыцыі, — падняўся з крэсла й трос Алесеву руку Джоў Кэмп.

— Гэта трэба было-б належна адзначыць. Як ты думаеш, вялікі піянер і пасьпяховец? — зьвярнуўся да Алеся Нік.

— Я — да вашай дыспазыцыі. Выбірайце час і месца, — адказаў Алесь.

— Што ты скажаш пра пятніцу вечарам у цябе? — прапанаваў Нік.

— Час адпаведны. Месца? У мяне будзе цеснавата. Ці ў тваім палацы нельга? Кошт пакрываю, — адказаў Алесь.

— Надзвычайна. Паклікаю цябе на гаспадара, — згадзіўся Нік. — А каго-ж мы запросім?

— Ды вось пачнем з прысутных, запросім містара Кэмпа. Прыйдзеце?

— Дзякую за запросіны, аднак не магу ані згадзіцца, ані адмовіцца пакуль…

— …пакуль не параюся із сваёй дарагой місіс, — уставіў Нік.

— Скажаце мне заўтра, містар Кэмп. Окэй? — запрапанаваў Алесь.

— Окэй, містар Якімовіч, так і зраблю.

Анды Кул сказаў, што вечар пятніцы ў яго раней заняты.

— А як-жа мы безь дзяўчат? Якое бязь іх гуляньне? — гаварыў далей Нік.

— А цябе яшчэ ніводная не забрытала? — спытаўся Анды.

— Пакуль што не. Пара, пара, ведаю, — усьміхнуўся Нік.

— Мы ня сумляваемся, што ўлічваючы тваю практыку, патрэбную цацаньку знойдзеш, — пакляпаў Алесь Ніка па плячы.

— А як ты? — спытаўся ў Алеся Нік.

— Вы, хлопцы, на мяне не глядзіце. Маю адну на прыцэле, але яшчэ разьведкі нават не зрабіў.

— Яна з нашай шчасьлівай сямейкі Трыфты Тоні?

— Магчыма вы яе знаеце. Я ўчора коратка гаварыў зь ёй. Прыгожая й цікавая. Гавару пра новую сэйлс клерк (прадаўшчыцу) у жаночым адзьдзеле.

— Яна запраўдная ляля з выгляду. І зусім не малюе сябе, як іншыя, — казаў Нік.

— А ты ўжо і да яе дабраўся?

— Як там дабраўся… Пакуль што ніхто з нашых тут да яе ня прымазаўся. Я адно першую разьведку зрабіў. І адгадай, Ал, гэта табе павінна спадабацца.

— Кажы, Дон Жуан!

— Яна зьявілася аднекуль з поўначы і таксама, як і ты, беларускага паходжаньня.

— Надзвычайна! — усклікнуў Алесь, а ў вачох ягоных успыхнуў адмысловы прамень. — Цяпер я ўжо павінен сквапліва тую тэрыторыю абнюхаць. А ты, Нік, рукі прэч!

— Абяцаю, тата, быць добрым хлопчыкам! — Нік падняў сваю правую руку і зрабіў міну падлетка, што правініўся.

— Ня будзеш мець часу для дзяўчат, Ал, — папярэдзіў Анды.

— Стары напэўна нагрузіць цябе.

— Ці хто з вас пранюхаў у якім куце недахоп дынамікі?

— Чую, што дэпартамант жаночай вопраткі патрабуе жыватворчае сілы, ды яшчэ, апроч яго…

— Жартуеш?

— Станлея перакінулі на іншую пазыцыю, дык, пэўне-ж ты займеш ягонае месца, — падсумаваў Анды.

Старэйшы гадамі, разьведзены Станлей, зь нейкіх Зэлманавых меркаваньняў каціўся ўніз. Яму не хапала, відаць, энэргіі, што патрабавалася ў ягоным сэктары.

У дзьвярох зьявіўся Зэлман. На твары — сьціплая ўсьмешка. Магчыма таму, што ўчора вечарам добра павыкручваўся ў танцавальным клюбе Артур Мэры. Пасьля кароткага ўступу і заавансаваньня Алеся Якімовіча, слухалі марудна-нудны голас Джоў Кэмпа пра тое як цьвітуць ці развальваюцца рынкі. Паводле Кэмпа, канкурэнты вызначыліся новымі пісягамі на стабільнай у гэны час гандлёвай ніве. Патрабаваліся новыя бізнэсавыя меры й трыкі, павялічаныя рэклямныя выдаткі.

8

Цэлы дзень Алесь намагаўся бліжэй прыгледзіцца сваёй новай тэрыторыі, пазнаць людзей, выявіць карэньне Станлевай няўдачы ды заплянаваць некаторыя зьмены. Ужо на схілку працоўнага дня ён паклікаў, для гутаркі, Веру Мак. Зьявілася яна ў невялікай канторы ў куце другога паверху. Стол із шуплядкамі, побач тры крэслы, на стале тэлефон і стос рэклямнага матар’ялу — вось галоўнае, што цяпер Алесь назваў сваім камандным пастом. У куце, на вешалках вісела некалькі штук жаночае вопраткі.

— Калі ласка, заходзь і сядай, — сказаў Алесь дзяўчыне, калі тая адчыніла дзьверы.

Некалькі хвілін трывала маўчаньне. Алесь паволі і ўважна прыкурваў цыгару, увесь час аглядаючы дзяўчыну. У ейных вачох, апроч зацікаўленьня, прытаілася й яшчэ нешта. Давялося Алесю раней глядзець у шмат якія вочы — прыказачнаелюстэрка душы, — намагацца разгадаць душу ўласьніка. Гэтта перад ім нешта зусім, здавалася, загадкавае. Варта, відаць, пачынаць ад казённых ці ўрадавых пытаньняў.

— Мне сказалі, што ты тут новая…

— Так, я пачала працаваць чатыры дні назад.

— Называешся Вера Мак?

— Так.

— Дык вось што, міс Мак, у нас ёсьць нешта агульнае, — усьміхнуўся Алесь.

— Што такое?

— Мы маем новыя работы.

— А, гэта… Віншую вас, містар Якімовіч, — усьміхнулася дзяўчына. Алесю падабалася ейная стрыманая ўсьмешка. На шчоках зьявіліся дзьве ледзь заўважныя ямачкі, а на твары і ў вачох — абяцаньне добрых адносінаў.

— Дзякую. Ці я маю вас таксама віншаваць, міс Мак?

— Прашу не жартаваць. Гэта нясьмелы першы крок.

— А дзе працавала раней?

— У бальшыні ў канторах капальняў на поўначы. Я пра гэта ў маёй заяве напісала.

— Добра. Але я яшчэ ня меў часу туды заглянуць. Цяпер-жа, калі маеш да мяне якія пытаньні, калі ласка.

— Я хачу распачаць працу із добрай арыентацыяй, — казала дзяўчына. — Цікавіць мяне, як Трыфты Тоні апэруе… Тут, як бачу, заўсёды поўна людзей, дзьверы ламаюць у той час, як некаторыя іншыя крамы падобнага профілю амаль пустыя. Я хацела-б…

— Ведаеце, — сказаў Алесь, зацягнуўшыся дымам цыгары, — гэта ня ёсьць ніякім сакрэтам. Умеем прапанавацьлюдзям патрэбныя ім тавары ў даступных ім цэнах. Важнымі ёсьць і шмат апэрацыйных дэталяў, асабліва рэклямы. Калі будзеце ўважна й аддана працаваць у нашай хутка растучай кампаніі, дык па нітачцы да галоўнага клубочка дабярэцеся.

— Дзякую вельмі, — сказала дзяўчына.

Алесь ня спускаў вачэй зь ейнага твару. Бачыў там пэўнасьць і сьціпласьць, якраз тое, што выклікае да чалавека давер.

— Жадаю, каб вы правільна мяне зразумелі, — гаварыў Алесь. — Выглядае, што маеце добрую адукацыю і калі будзеце старацца працаваць, посьпехі вас не абмінуць. Цяпер пра гэты самы бізнэс… Апэрацыя на прынцыпе прынады, так сказаць. Выдаём нямала грошай на рэкляму. Кажны дзень маем некалькі тавараў, якія называем «дар дня» або «адчыненыя дзьверы». Яны ідуць у рух за зусім нікчэмныя цэны. Ствараюць адразу-ж раніцай вялікую чаргу. Такім чынам прынаджваем людзей і напаўняем краму.

На кажным паверсе і ў кажным дэпартамэньце ёсьць гэта званыя «імпулс айтэмс» — патрэбныя кажнаму тавары, па якія хаця-нехаця выцягнецца кажная рука, асабліва калі цана нізкая. Аднак-жа, каб дайсьці да тых «імпулсаў», якія таксама разрэклямаваныя і знаходзяцца ў стратэгічных месцах, падарозе сустрэнеш тавары, што ідуць больш марудна. Каротка гаворачы, усё можна падсумаваць так: прынаджвай людзей да дзьвярэй, як найхутчэй напоўні імі краму; зноў-жа іншымі прынаднымі і неабходнымі таварамі ці зьніжанымі цэнамі розных распродажаў зьмякчы іхнае супраціўленьне, завайстры іхны апэтыт, ашаламі колерам і вялікім выбарам. Такім чынам касы твае засьпяваюць звонам манетаў.

Нашае заданьне ўнутры, вядома, памагаць купляньнікам. Усе гешэфты фінальныя. Няма вымены ці звароту грошай. Таму якраз наш кошт абслугі і адміністрацыі належыць да найніжэйшых у бізнэсе. Вялікі і хуткі тавараабарот ліквідуе павышаньне цэнаў і прыносіць нам патрэбны працэнт даходу. Будзеш старацца працаваць, дык тваё пільнае вока заўважыць шмат чаго цікавага, хутка спанатрыш што трэба.

— Я-ж, як вам ведама, дагэтуль сэйлс клеркам (прадаўшчыцай) не працавала ніколі, — сказала Вера.

— Табе тут падабаецца? — спытаўся ў яе Алесь.

— Вялікая зьмена ў параўнаньні з тым месцам, дзе я была.

— Раю табе трымацца напагатове. Наш Трыфты Тоні, гэта значыць Давід Зэлман мае зыркае вока. Ён сам надзвычайна энэргічны чалавек і любіць жвавых, бадзёрых людзей.

Дзяўчына слухала надта ўважна. Алесю чамусьці не хапала ахвоты гаварыць зь ёю пра бізнэс. Ён ужо ўяўляў яе ў сваіх абдымках, заслуханую ў розную салодкую трасянку, што выклікае на гэтым прывабным абліччы гарэзьлівую ўсьмешку. Алесь добра яшчэ не пазнаў яе, але ўжо падазраваў, што суадносіны між імі некалі пяройдуць афіцыйную бізнэсавую штодзённую мяжу.

— Я папрашу Мэры, наглядчыцу на тваім паверсе, каб вытлумачыла табе ўсю рэшту. Цяпер скажы мне, калі ласка, міс Мак, дзе такія прыгожыя дзяўчаты, як ты, гадуюцца, гэта значыць адкуль ты ўзялася?

Дзяўчо пачырванела і першы раз у ейных вялікіх круглых прамяністых вачох Алесь заўважыў быццам іскру перасьцярогі: уважай, воўк на гарызоньце!

— Я паходжу з гораду капальняў на поўначы… Чулі вы калі пра Балтаву?

— Здаецца, што не. Але будзем знаёмымі, — усьміхнуўся Алесь. — Хтосьці мне сказаў, што твае бацькі ёсьць ці былі маймі суродзічамі.

— Я пра гэта памятаю. Мае бацькі зь Беларусі, але я мала ведаю пра іхную краіну.

Алесю ў гэны час мільганула ў галаве думка, каб тут-жа пераключыцца на беларускую мову. Вырашыў гэта зрабіць пры іншай нагодзе.

— Гэта надзвычайна цікава, — гаварыў ён. — Можна сказаць, што мы радня, бо паходзім з аднаго карэньня. Што-ж такога ты ведаеш пра Беларусь?

— Я сёе-тое чытала пра яе, бачыла савецкія фільмы й люблю надта сяброўскіх і мілых людзей, каторыя адтуль.

— Уключна са мной, спадзяюся?

— Пачынаючы ад учарашняга.

— Ага, ну так…

— Дарэчы, ці знайшлі вы адпаведны ліфчык для вашай радні?

— Яшчэ шукаю. Магу спадзявацца на вашу помач?

— Я да вашых паслуг.

— Дзе тваё пальто? Ідзі вазьмі.

— А навошта?

— Запрашаю цябе голад замарыць.

— Добра.

— Любіш сіняе? — спытаўся Алесь у Веры, калі яна вярнулася зь сінім пальтом.

— Так, люблю. Куды ідзём?

— Перш ідзём да майго аўта. Пасьля едзем.

— Дык навошта ехаць, калі вось тут пераз вуліцу ёсьць рэстараны. І танна…

— Нонсэнс, заедзем некуды ў лепшае.

Узяў яе за руку і ўжо ўнізу адчыніў ёй дзьверы, пасадзіў у Олдсмабіл, дарагое аўта, якое летась атрымаў як падарак за пільную працу ад Трыфты Тоні.

— Не супраціўляйся, будзь добрай дзяўчынай, а я буду добрым хлопцам. Згода?

— Згода, чаму-ж не.

Дзяўчына ўсьміхнулася. Алесь уважна пазіраў на яе. Што за загадка? Прыгожая. Яна ў любой грамадзе дзяўчат трапіць кажнаму на вока. Магчыма, магла мець ужо тузін бойфрэндаў. Пра гэта трэба будзе разьведаць. Паволі, асьцярожна, — мяркаваў Алесь, уліваючыся сваім лёгка пырхаючым Олдсмабілем у шырокі вулічны паток машынаў. Захмаранае неба на захадзе перасякалі залатыя разгалінаваныя маланкі.

У адносінах да дзяўчат Алесь меў, можна сказаць, набітую руку. Хутка распазнаваў тых, што палявалі на лёгкае жыцьцё, намагаўся трымацца воддаль ад іх. Але вось гэтта побач яго зусім нейкі асаблівы, можна сказаць, экспанат. Прыгажосьць, сьціпласьць. У вачох пробліск спрыту й розуму. Пачыналася — Алесь адчуваў гэта — падарожжа па нейкай замінаванай тэрыторыі.

9

Антон Шпак тупаў па сваім малым пакоі, як учадзелы. Вярнуўшыся з начной працы, дрэнна спаў. Цяпер ніяк ня мог сканцэнтравацца на тым прадмеце, які намагаўся апрацаваць. Абрыўкі думак кружыліся ў галаве ці ў паднябесьсі, ці на сёмай плянэце. Часам падказвалі яны зусім здаровы сэнс, але калі Шпак намагаўся зарганізаваць іх у лягічную пасьлядоўнасьць, разьбягаліся, прападалі. А пісьменьнік ведаў, што тут не падапрэшся абы якімі эрзацамі. Патрэбнае нешта саліднае, арыгінальнае. Калі трымацца праекту-пляну, адлюстраваць няпростую загадку ў яе суцэльнай абыйме, дык трэба трымаць зыркае вока на дробязах, захоўваючы сваю творчую манеру паказу галоўных гэрояў сюжэту. Як на тое ліха, Шпак ад нейкага часу апынуўся на душэўным спадзе.

Ён падыйшоў да пісьмовага стала, на якім ляжала шмат паперы й новая пераносная машынапіска Сміт Карона зь беларускім шрыфтам, выцягнуў цыгарэту з пачкі фірмы Ротман, узяў брытву з полкі, разрэзаў цыгарэту на два кавалкі, улажыў адзін у муштук, пстрыкнуў запальнічкай, зацягнуўся дымам і зноў пачаў тупаць па пакоі.

Сярэдняга росту, худы, павольны ў руху, выглядам твару Шпак выклікаў да сябе спачуваньне. Мізэрны, змучаны. Жартаўнік, пабачыўшы яго, мог-бы ўсклікнуць: а братка ты мой, калі-ж гэта цябе з бальшавіцкага канцлягеру сьмерці на волю пусьцілі, чаму-ж цябе не накармілі? Твар з упалымі шчокамі, маршчыны на лбе, рассыпаныя рэдкія сівыя валосы, нейкія хваравітыя аганькі ў ясна-блакітных вачох пад буйнымі бровамі. Вочы цяпер жыва бегалі, рукі сьціскаліся ў кулакі ў кішэнях шэрага пінжака. Хваляваньне. Шпак часта спыняў сваё тупаньне па пакоі, углядаўся ў нейкі адзін пункт, быццам-бы вось на гэтай нейкай кропцы ён павінен спыніць хаос тых думак, спарадкаваць іх, здысцыплінаваць, каб пасьля адпаведнымі радкамі пры помачы машынапіскі Сміт Карона загнаць іх у кірыліцу на паперы.

Пяцьдзесятка ззаду. І тэма, якую апрацоўваў, складала вялізную частку ягонага жыцьця. З таго матар’ялу, які Шпак меў у запасе, нехта напісаў-бы цікавую прыгодніцкую аповесьць. Дарога вяла з Захадняй Беларусі, спад аднае акупацыі ў другую, праз пакуты, голад і холад у Сібіры, дзе страціў жонку й маладога сына, пасьля — Іран, Ірак, Палестына, Афрыка, Італія — служба на франтох вайны ў чужой арміі. Шлях няведама куды, змаганьне не за свой народ… Далей… дзе кропку паставіць? І што дала-б бацькаўшчыне й раськіданым цяпер па цэлым вольным сьвеце суродзічам цікавая прыгодніцкая аповесьць? Больш таго: ці зачарпнулі-б з такой літаратуры нейкае натхненьне да змаганьня з ворагам, з Маскоўшчынай тыя, што цяпер яшчэ паняволеныя, што змагаюцца так ці накш з чужым сьмерцяносным каляніяльным рэжымам?

Шпак ведаў, які цэнны й вялікі твор можна змайстраваць на ягоным цікавым матар’яле. Так. Ня толькі можна… Ён павінен напружыць усе свае сілы, каб узабрацца на тыя вышыні творчай дасканаласьці, якіх яшчэ ня зьведаў… Мова йдзе пра іншы твор, чымся Аляхновічаў «У кіпцюрох ГПУ», што некалі сэнсацыйна Эўропай ускалыхнуў.

У ліку дагэтулішніх здабыткаў Шпак меў напісаныя й выданыя добрыя працы. Вядома, той найважнейшы й найбольш дасканалы твор заўсёды яшчэ плянуецца, ён-жа ў будучыні. Шпакавы матар’ялы акупант цэнзураваў перад вайною. Некаторым дарогу ў кніжны ці газэтны сьвет загараджвалі. І ўсё-ж, хоць і біла яго бязьлітасна варожая цэнзура, творчы працэс на роднай зямлі быў куды лягчэйшым. Чалавек — быццам птушка ў сваім гнязьдзе. Дыхалася разам з народам. Дзяліліся разам беды й ліхалецьці. Быццам грудное дзіця пры матцы, цягнуў маральнае падмацаваньне з духовае, няхай і затуканае культуры запрыгоненага сялянскага народу. У гэным усенародным цярпеньні была ягоная магутная апора, там гартаваўся дух, рос зарад практыкі, што некалі вунь як спатрэбіцца на ўхабістым шляху будучыні. Колькі акупант не намагаўся, а народных волатаў, людзей вялікага розуму, прадбачаньня, патрыятызму й фізычнага гарту, ня мог на калені паставіць. Гэтакія былі. Шпак верыў, што яны й цяпер ёсьць. Працуюць і змагаюцца. І некалі перамогуць. Накш быць ня можа! — Шпак непахісна ў тое верыў. Ягонае крэдо, сьвятое сьвятых: перамога прыйдзе! Маскоўская «імпэрыя зла» — гаргара няволі, якую стварылі нікчэмнікі й паразіты, разваліцца так, як да гэтага часу на працягу тысячагодзьдзяў развальваліся ўсе іншыя, магутныя імпэрыі.

У Радфордзе пасялілася ўжо немалая, як тут называлі, калёнія Шпаковых суродзічаў. Яны пасьля вайны прыехалі. Птушкі з ворагам «раськіданых гнёздаў». Адны зь іх — «дыпісы» (паводле клясыфікацыі заходніх хаўрусьнікаў — «перамешчаныя асобы»), значыцца тыя, каторых Немцы ў часе вайны змабілізавалі й вывезьлі ў фашыстоўскую Гітлераву Нямеччыну на розныя нявольніцкія працы. Менш было такіх, каторыя пры адступленьні Немцаў пайшлі на захад, каб выкарыстаць нагоду й уратавацца ад абодвух тыранаў, якіх добра вызначыла мудрая сялянская характарыстыка: «абое рабое», або «два роўныя гады, іх на адным суку трэба павесіць». Гэтыя апошнія плянавалі на вялікую адлегласьць: трапіць у вольны сьвет. На ўсіх такіх дыпісаў палявалі пасьля вайны па цэлай прасторы Заходняй Эўропы бальшавіцкія рэпатрыяцыйныя камісіі пад кіраўніцтвам спэцаў, што ўжо вымардавалі мільёны нявінных у Гулагу. Гэтым бальшавіцкім спэцам памагалі Брытанцы і Амэрыканцы, апошнія, відаць, натхнёныя прэзыдэнтам Рузвэлтам, што ўжо добра занемагаў і сваім зьдзіцянелым розумам упадабаў быў «дзядзю» Джова Сталіна ды памог яму палову Эўропы аддаць.

Іншая група — быўшыя вайскоўцы з польскіх адзьдзелаў Брытанскае арміі, каторыя прайшлі Гулаг, або абхітрылі «абое рабое» ды яшчэ ў мундзірах хаўрусьніцкае арміі памагалі дабіваць гітлераўскую Нямеччыну. Шматлікія зь іх прыехалі сюды ўжо ў 1946-м годзе, атрымалі ад канадыйскага ўраду двухгадовага тэрміну кантракты працы на фэрмах. Яны пачалі свае першыя крокі ў вольным сьвеце ад гнаявых вілаў з заплатай 45 даляраў на месяц, харчамі й памешканьнем. Уявеце сабе, прыкладна, як мог быўшы танкіст рэагаваць на такое пытаньне канадыйскага фармэра: «А ты коньмі кіраваць умееш?»

Гэтыя новыя Шпакавы суродзічы пачулі, што ў Канадзе ёсьць нейкая колькасьць старой беларускай эміграцыі. Пачалі шукаць тых «калюмбасаў». І якое-ж вялізнае было іхнае рашчараваньне, калі ў розных «рабочых клубах Горкага» ці іншых мясцох сустракалі іх і фашысьцілі ім бальшавіцкія гарлапаны. Так. Жаўнераў з арміі, якая змагалася з гітлераўскімі фашыстамі, гэта той самай калішняй Сталінавай блізкай і важнай «саюзьніцай Вялікай Германіяй», гэтыя адурманеныя суродзічы называлі фашыстамі! За кароткі час Шпакавы суродзічы спанатрылі, што ніякага нацыянальнага жыцьця раней прыехаўшыя сюды «землякі з Гарадзеншчыны, Віленшчыны ці Віцебшчыны або Берасьцейшчыны» тут ня мелі й не стварылі. Ладная колькасьць, — каталікі— сталіся «палякамі». А ў цямноце й нацыянальнай нясьведамасьці бальшыні з агулу даўно загнязьдзіўся рак чырвона-маскоўскае пошасьці. Дзеці іхныя ў бальшыні ня ведалі мовы сваіх бацькоў. Канфузу нацыянальнасьці і духовай ляяльнасьці гэтых «калюмбусаў» ды іхных нашчадкаў спадарожнічаў яшчэ факт, што вялізны й непераможны «саюзьнік» захадніх дэмакратычных дзяржаваў у вайне — гэтта агульнаведамая і храбрая «Раша»-Расея — падчас вайны здабыла ў вачох іхных аўрэол нейкай звышсілы й поўнай вышэйшай справядлівасьці. Адтуль, ад такога зьбянтэжанага ўяўленьня як руку падаць у рэчышча вялікага й магутнага славянскага сьвету і прадказанага шматлікімі «прарокамі» місіянізму вялікай «Рашы»-Расеі. Дзякуючы камуністычным агітатарам, нацыянальная нясьведамасьць і малапісьменнасьць нашых суродзічаў, якіх новапрыбылыя называлі спачатку «калюмбусамі», ішла на помач камуністычнай партыі Канады і махляром з маскоўскага цэнтру.

Шпакавы суродзічы, намагаючыся насамперш апанаваць няведамую мову новай краіны, здабыць патрэбныя прафэсіі, уладзіцца на працы, павінны былі ад асноваў будаваць грамадзкія арганізацыі, Божыя сьвятыні, фінансавыя й навуковыя інстытуцыі — ствараць цэлы камплект патрэбных установаў сваёй нацыянальнай беларускай сям’і ў Канадзе. Беларусь наагул тут была мала знаная. Нават самая назва яе. Ня толькі адурманеныя некалі чужынцамі суродзічы, але найбольш чужыя, уключна зь дзяржаўнымі й грамадзкімі ўстановамі Канады, блыталі гэную «Уайт Рашу» ці «Беларашу» з «Рашай». Апроч таго Канадыйцы, што добра ўмелі жлукціць піва й сачыць гакэй, зьвязвалі тую чырвоную Рашу з гэнай белай. Вось у такіх абставінах Беларусы, — гэтыя зь белай Русі нейкія «дыпісы», — пачыналі ў новай краіне будаваць свае нацыянальныя ўстановы, прэсу, сьвятыні і ўсё іншае.

Шпак уважна прыглядаўся сваім суродзічам. Бальшыня зь іх — сыны беларускіх ніваў з Захадняй Беларусі. Пераважна маладыя, несямейныя. Мала дзяўчат. Людзі, што ўмелі касой і плугам плёны на роднай зямлі множыць. Гэтта некаторыя працавалі на фэрмах, але бальшыня пасялялася ў гарадох, знаходзіла працы на розных прадпрыемствах. Першая мэта іх — купля свайго дому. На жаль, людзі з асьветай складалі сьціплы працэнт іхнага ліку. Праўда, некаторыя тут ужо беглі ў школы, пасьля здабывалі вышэйшую адукацыю ў розных галінах. Сумленны, працавіты народ. Ззаду — кашмар вайны, вялізная жыцьцёвая практыка. У сэрцах — гарачая любоў да забранай чужніком роднай зямлі, пакутнікаў у страшэнным прыгоне. Адгэтуль і нахіл да палітычнай акцыі. Праціўнікам зьяўляўся адвечны вораг паняволенай бацькаўшчыны, той Купалаў «чужак-дзікун» і гэныя «раскаваныя рабы», што «бацькаўшчыну рэжуць на кускі». Тыран цяпер прыкрываўся гуманізмам, вёў кампанію за мір на ўсім сьвеце, хаця вунь кагадзе ў Карэі распаліў быў вялікую захопніцкую вайну. Атрымаў належны адпор, цяпер ліжа раны.

Шпакавы суродзічы ўзмоцнілі агульны антымаскоўскі фронт, што ўключаў сілы эмігрантаў з бальшыні паняволеных Масквою народаў. Актыўнасьць праяўлялася ў масавых дэманстрацыях супраць чырвона-фашыстоўскай Масквы з розных нагодаў. Здарылася, для прыкладу, што калі ў Радфорд мясцовыя камуністы і іхныя спадарожнікі запрасілі няслаўнага «чырвонага дзяка» Гаўлета Джансана з Кантэрбэры ў Ангельшчыне на так званы кангрэс міру, дэманстранты з паняволеных Масквой народаў выйшлі дзясяткамі тысячаў на вуліцы гораду й спараліжавалі ягоны цэнтар. Не дарма мясцовая газэта «Тэлеграм» назаўтра крычала вялікім сэнсацыйным загалоўкам на цэлую шырыню першай бачыны: «Вайна на мірным кангрэсе». Дзякуючы вось такім супольным акцыям, «новыя Канадыйцы» адразу зьвярнулі на сябе ўвагу мясцовых бясхрыбетных, з чэмбэрленаўскімі нахіламі, палітыкаў, што ў далейшым мела ўплыў на адносіны канадыйскіх урадаў да новых канадыйскіх грамадзянаў з Усходняй Эўропы дый да чырвона-фашыстоўскае мафіі з маскоўскага Крэмля. Шпакавы суродзічы бралі пастаянны і актыўны ўдзел у супрацьмаскоўскіх акцыях і дзіва няма таму, што пісьменьнік чэрпаў свае творчыя сілы з маральнага гарту сваіх суродзічаў.

Знаёмства з культурай і палітыкай дзяржаўна двухмоўнай Канады прынясло беларускаму пісьменьніку вялікае рашчараваньне. Зь ягонай сацыяльнай пазыцыі, — з самага нізу, — немагчыма было ўстанавіць кантактаў з канадыйскім навуковым, літаратурным ці палітычным верхам. Шпак сачыў і аналізаваў тое, што плыло ці валачылася са сродкаў масавае інфармацыі — друку, радыё і яшчэ ў пялёнках чорна-белага тэлебачаньня. Кажны дзень паказваў новыя гарызонты працоўнага й гандлёвага рынку. Рэкляма й розныя дзялкі-энтрэпрэнёры жырэлі на спорце. Каб гэта яны прынамсі палову часу, што на спорт, аддавалі на культуру. Шмат праўды было ў тым, як сказаў адзін з суродзічаў пра Канаду: тэхніка вялікая, а культуры няма… У вышэйшых навуковых інстытуцыях ды галінах масавае інфармацыі зьвілі гнёзды й распладзіліся левакі й марксісты з кагорты тых, што ў трыццатых гадох сьпяшылі ў Маскву пакланіцца кіраўніком «перадавое сацыялістычнае краіны», а пасьля самі, як учадзелыя, пашыралі хлусьню пра тую Маскоўшчыну й новы варварскі, чырвоны фашыстоўскі рэжым, які ўжо тады штучным голадам і Гулагам мардаваў мільёны нявінных людзей. Перад выбарамі ў розныя ўрады, — гарадзкія, правінцыяльныя і фэдэральныя, — чалавеку аж вушы абляпаюць розныя «першаклясна дэмакратычныя» кандыдаты, пачынаючы ад трох галоўных партыяў, а канчаючы тымі, у самым хвосьціку, камуністамі, што пры помачы рознага «пралетарыяту» й «прагрэсістаў» не маглі нікога й нікуды выбраць. Свае-ж, канадыйскія сацыялісты, як правіла, трымалі трэцяе, значыцца апошняе месца.

Пісьменьнік Шпак і ягоныя суродзічы лічылі сябе голасам паняволенага народу. Трэба было працаваць, каб пра той запрыгонены народ пачулі найважнейшыя палітыкі і ўплывовыя людзі перадавых і наймагутнейшых захадніх дэмакратыяў. Іншыя народы, прыкладна Палякі, мелі на Захадзе даўно вытаптаныя дыпляматычныя і культурныя сьцежкі. А што Беларусы? Дарма, як апантаны, бегаў Луцкевіч некалі па Парыжы, каб рэпрэзэнтаваць Беларускую Народную Рэспубліку на мірнай Вэрсальскай канфэрэнцыі. Польскія «моцарствовыя» дыназаўры змабілізавалі былі свае сілы, пусьцілі ў ход гнюсныя інтрыгі, каб голасу нованароджанай незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі ніхто не пачуў.

Рознае зь гісторыі свайго народу прыгадваў Антон Шпак, параўноўваў зь цяперашнім. Бязумоўна, усім думаючым беларускім патрыётам было ясна, што праз такіх пакутнікаў і гэрояў, як Каліноўскі, Багушэвіч, Гарун, Купала і шмат іншых адраджалася, крывавілася, падала і ўставала да жыцьця новая і ўжо тысячагадовая краіна, тая самая, што дала сьвету Скарыну й Буднага, Афрасіньню Полацкую і Сапегу, Касьцюшку і Міцкевіча, Дамейку і цэлы легіён іншых, якіх акупанты-рабаўласьнікі баламуцілі й выкарысталі для чужых беларускаму паняволенаму народу інтарэсаў. Цяпер была крытычная сытуацыя. Трэба абавязкава, каб захадні сьвет, які адзін можа здужаць Маскву, ведаў пра вялікую катастрофу, што набліжаецца пад маскай гуманізму, прагрэсу, міру. Адтуль ідзе няволя, прыгон, бязбожніцтва, жахлівая галеча і сьмерць.

Былі-ж спадзяваньні, што бальшыня Канадыйцаў выслухае і зразумее выгнаных з роднае зямлі і ўсімі пакрыўджаных. Якая наіўнасьць! Да гэных уверсе, што кіравалі гэтай гаргарай ад Атлянтычнага да Ціхага акіяну, ня было шанцаў ніяк далезьці. А гэтыя зьнізу, што цікавіліся гакеем, наагул спортам, комікамі й глумілі піва Молсан і Лабат, не маглі, каб і хацелі, такіх, як Шпак разумець. Дый навошта гэтыя «праклятыя дыпісы» Канадыйцам, каторыя далі ім лёгкі хлеб, сваёй нейкай дурной палітыкай галовы дураць? Гэтта-ж збоку, зь юдавай усьмешкай, мясцовы чырвоны махляр, у сацыяльных справах адмысловы марксістоўскі «экспэрт», барабаніў пра мірную сталінскую ці хрушчоўскую палітыку. Іншыя-ж, што на маскоўскім ішлі павадку, фашысьцілі такім, як Шпак, на ўсе застаўкі, абвінавачвалі іх у супрацоўніцтве зь гітлераўскімі злачынцамі, пагражалі судамі й расплатай за «грахі перад савецкай радзімай».

Шпак намагаўся мабілізаваць усе свае сілы, каб праўду пра паняволены народ, пра мільённыя ахвяры, зганьбаваныя сьвятыні, пра пошасьць русыфікацыі, зьнішчэньне цэлай вялікай культуры вялікага народу, пра поўную антынародную нікчэмнасьць акупыцыйнага маскоўскага рэжыму, каб пра ўсё гэта сьвет пачуў. Звані звон на трывогу! Няхай чуюць у Мангатане й Вашынгтоне, над Тамізай і ў Аттаве, над Амазонкай і ў Рыме, у Парыжы й Буэнос-Айрэс, у Канбэры й Менску, у Маскве й Варшаве. Звані, ня спыняйся, папанатуж усе свае сілы. Наракаеш, што ты, на самым нізе сацыяльнай драбіны ў Канадзе шмат церпіш. Згадай тых, якіх цяпер мораць голадам, холадам, непасільнай працай у Гулагу!

Ідзі, расказвай. Няхай чуюць! Нехта, магчыма, наставіць на тваё галашэньне ці крык роспачы сваё вуха. Бачыш, спагада ёсьць. Праўда, і яна з наіўнай сьпіною. Гэта, хутчэй, спачуваньне да галоднага, зьбітага з ног і бяздомнага сабакі, чымся акалеўшага ў галечы і змардаванага тысячамі жыцьцёвых дарог і бездарожжаў чалавека, што бачыў пекла і выйшаў зь яго, што перасьцерагаў перад сучаснымі і новымі фізычнымі і духовымі чарнобылямі. Даводзілася выступаць на дэманстрацыях, папярэджваць, пісаць у газэты. Так, але-ж… Здаралася, што некаторыя раты ад зьдзіўленьня разяўлялі, пра жвачку Рыглея на момант забываліся. Поціск рукі, спачуваньне…

У пасьляваенным гармідары сродкаў масавае інфармацыі ўсюды і амаль заўсёды аж на перадавых стаяла тэма вымардаваных гітлераўскімі нацыстамі шасьці мільёнаў Жыдоў. Народ пацярпеў, жахлівыя страты меў, што й казаць! Новаствораны Ізраэль зьзяў у цэнтры ўвагі. Як на гэтую сцэну трапіць нейкай там задрыпанай, тут зусім няведамай Беларусі? На роднай зруйнаванай зямлі людзі, якіх ваенны агонь абмінуў, цяпер адно вылазілі зь зямлянак. У Курапатах ля Менску ды ў іншых мясцох ранейшага грандыёзнага маштабу злачыну варвары-забойцы загадалі раскопваць масавыя магілы нявінных ахвяраў ды перахаваць іх у «бясьпечныя месцы».

Канадыйскі, амэрыканскі і іншыя бізнэсавыя вярхі цікавіў прагрэс пляну Маршала, што намагаўся паставіць на ногі разбураную Заходнюю Эўропу. У крамах зьявіліся чорна-белыя тэлевізары. Ура! Цяпер Джоў і Джэк, глумячы Лабат і Молсан, могуць за сваю гакэйную дружыну з хатняе канапы гарлапаніць. А там — грошы, грошы, грошы! Перадавыя палітыкі трымалі зыркае вока на тым, колькі Саветам можна пшаніцы прадаць, які іншы бізнэс з Крамлём зрабіць. Гэта-ж самая Канада, пачынаючы ад Гадсан Бэй кампаніі, на якім прынцыпе, як дзяржава, аснавалася й расла? Што добрае для бізнэсу, тое добрае і для краіны. Во вам — просты рацэпт, магчыма ад таго мудрага Шкота Сміта. Дык і цяпер, калі гэта добра для бізнэсу, дык чаму із тым «дзядзькам Джовам Сталінам» не гандляваць? Ясна? Навошта каму было галаву нейкім там выдуманым Гулагам марочыць!

Захаднія палітыкі, навукоўцы, выдатныя банкіры і бізнэсмэны, дзеячы культуры, — калі нават і не абыякавыя да злачынстваў бальшавіцкага антынароднага таталітарызму — жадалі цяпер сядзець у сагрэтых наседжаных гнёздах. Пралівалі вунь кроў, перамаглі, жахлівая вайна мінула. І чаго тут нейкія дыпісы, якім мы ласку зрабілі, у свой дом упусьціўшы, чаго гэтыя выкідышы з Эўропы тут збоку нейкую бязглузьдзіцу гародзяць, што быццам наш хаўрусьнік Сталін горшы за ягонага-ж калішняга хаўрусьніка Гітлера? Цьфу на вас, такія вы ды гэткія! Паводле іх, гэных-жа дыпісаў, тут, у Канадзе камуніст сядзеў амаль пад кажным ложкам. Што ты скажаш такім дзіваком! І некаторыя пагражаюць, што й сюды маскалі дабяруцца, калі вы, пэцкалі канадыйскія, у іх розуму не навучыцеся. Пропадам ты прападзі! Не, тут, у Канадзе, гэтага ня можа здарыцца!

Шпакава сытуацыя была куды цяжэйшая яшчэ й таму, што якраз ад яго, як духовага правадыра новапаўсталай грамады ў горадзе, чалавека з прэстыжам літаратурным, Беларусы чакалі і гарту, і розуму, і вытрываласьці. Пісьменьнік працаваў у гатэлі. Гадзіны працы дрэнныя, заплата мізэрная. Ды што зробіш? У ягоных гадох ня станеш пры нейкім мэталарэзным станку, а каб дзе што лягчэйшае, тут патрэбныя здольнасьці і нейкую бізнэсавую адукацыю.

Шпак часта занемагаў. Цялесныя нямогласьці вытокамі сягалі ў перапоўненую цярпеньнямі мінуўшчыну. Поўнага рамонту чакалі зубы. Дакучала даўгая зморанасьць. Калі-б не ягоны добры сябра Алесь Якімовіч, хто ведае… Магчыма, што давялося-б ужо ліпець у чарзе ў «Скат Мішан» за міскай супу. Калі Якімовіч наведваў Шпака, пакідаў нейкую помач. Ніколі не даваў грошай Шпаку ў рукі. Даляровыя банкноты траплялі неяк то пад машынапіску на стале, ці на полку туалетную, або ў іншае месца, дзе Шпакава рука абавязкава на іх трапіць. Ці адзін раз пісьменьнік пратэставаў. Ягоная годнасьць не пазваляла прызнацца да жабрацтва ў «краіне вялізных магчымасьцяў». Ды няважна колькі разоў пісьменьнік налягаў на Алеся, каб той нідзе ў яго й ніколі ніякіх грошай не пакідаў, дзяцюк бажыўся, што ён ніколі такога нічога не рабіў і, дальбог, нічога пра гэта ня ведае.

Нейкім чынам у Шпакавай кватэры зьяўляліся і іншыя падаркі пры адпаведных нагодах. Нават сама тая машынапіска Сміт Карона прыбыла на кватэру якраз перадугодкамі пісьменьнікавых нарадзінаў, картка падпісаная «Вашым зычлівым сябрам». Калі-ж Шпак пратэставаў, Алесь бажыўся на ўсіх сьвятых, што ён на такую «экстраваганцыю» не адважыўся. Захаваліся і твары, і годнасьць, і ніхто нікога не ўквяліў. А жыцьцё, яно ішло, бо, як тыя мудрацы казалі, так было напісана…

10

Шпак пачуў шум на доле, нейчыя скрыпучыя крокі на сходах і пасьля асьцярожны стук у дзьверы.

— Калі ласка.

У дзьвярох зьявіўся Алесь. Было гэта позным вечарам, пару гадзінаў перад тым, як пісьменьнік меў ісьці на працу. Ён спасьцярог распраменены Алесеў твар. Задаваленьне, радасьць? Нешта-ж здарылася. Быў гэта твар чалавека, які цяпер шчодра чэрпаў матар’яльнае дабро з жыцьця і ня меў прычынаў, каб скрываць свае пачуцьці. Алесь прывітаўся.

— Прашу, сядай. Што новага прыносіш?

— Перш за ўсё, як вашае здароўе? — спытаўся ў Шпака Алесь.

— Скрыпіць, як тая надломаная галіна, сам ведаеш… Дык чым пахвалішся?

— Вы не паверыце, — пачаў не без хваляваньня Алесь, выцягваючы зь кішэні пазалочаную цыгарэтніцу й прапануючы пісьменьніку закурыць. — Учора атрымаў павышэньне. Прызнацца, спадзяваўся, але не так скора…

— Віншую. Жадаю спору ў працы і няхай Бог памагае.

— Дзякую, спадар Шпак, дзякую.

— А што за новая пазыцыя?

— Далучылі мяне да экзэкутывы і ўзвалілі на плечы цэлы вялізны дэпартамэнт. Даволі цяжкі воз, але як упрагуся дык пацягну.

— Няма прычынаў, каб не пацягнуў, — сказаў Антон Шпак і сеў.

— З гэтай нагоды раблю сьвята ў пятніцу вечарам. Таму я забегся. Хацелася-б мець гонар…

— Гонар быў-бы мой, — уставіў Шпак, — але я запраўды ня ведаю. Мушу працаваць і піць мне ня трэба. Апроч таго, твае сябры, якіх ты напэўна ўжо запрасіў, мала супольнага са мною маюць.

— Нонсэнс. Забудзьцеся пра розьніцы, прыхадзіце й гуляйце. Ніхто нікога піць ня змушае. Будзеце ў мяне найважнейшым госьцем. Прашу вас.

Іншым разам пісьменьнік ужо згадзіўся-б. Нешта сталася. Голас ягоны меў цяпер тую характэрную гэтаму чалавеку цьвёрдасьць, якую Алесь заўважыў ужо пару разоў у мінулым.

— У чым справа, скажыце? Нешта вам дакучае, нейкая качка вас убрыкнула, — усьміхнуўся Алесь.

На бацькаўшчыне яны не сустракаліся. Алесь чуў пра Шпака і вайной чытаў ягоныя творы. У Канадзе пазнаёміліся. Спачатку Шпак трымаў пэўную адлегласьць ад гэтага, як ён меркаваў, кар’ерыста. Паступова Алесеў просты й прыяцельскі падыход, добрыя адносіны, шчырасьць і запраўдная дабрыня ягонага сэрца, ды не на апошнім месцы «помач добрага сябры» размылі ўсе запруды Шпакавай асьцярожнасьці. Пісьменьнік цяпер Алесю поўнасьцю давяраў.

— Сяньня, прабач браток, не хацелася-б пра гэта гаварыць. Шпак устаў, наліў з крану шклянку вады, выпіў і зноў сеў.

— Я ўгадаў. Нешта вам дакучае. Чаму-ж са мной не падзяліцца? Можа я памог-бы…

— Не, Алесь, ніхто не паможа мне, калі сам гэтага не палагоджу. Прашу зразумець: я вельмі цябе цаню, паважаю, ты шмат мне дапамог.

— Пра якую гэта вы помач гаворыце?

— Дай мне слова сказаць. Ведаю, што ты мне памагаў і навошта нам у жмуркі гуляць. Але цяпер, вер мне, ты ня зможаш памагчы, каб нават усе свае сілы палажыў на гэта.

— Нешта запраўды вельмі важнае і балючае, — сказаў Алесь.

— Балючае.

Настала даўгое маўчаньне. Алесь чакаў.

— Магчыма я некалі згадваў табе пра чалавека, які працаваў са мной у гатэлі, — павольна гаварыў пісьменьнік. — Перад вайной у Эстоніі ён меў высокі чын, прынамся мне так казаў. Быў шэфам дэпартамэнту ў міністэрстве адукацыі, мае навуковы тытул. Запраўды адукаваны і культурны чалавек.

— Здаецца, што вы мне раней расказвалі пра яго, — перарваў Шпака Алесь. — Чаму вы кажаце працаваў? Ці ўжо не працуе?

— Але-ж ты скачаш наперад… Паслухай, не гані. Ён працаваў са мною тры гады. Добры, сумленны, разумны, працавіты чалавек. Прыемна й карысна такога побач мець. Мне часам здавалася, што ён сваяк мой, разумееш? На пару гадоў старэйшы за мяне, страціў сям’ю падчас вайны, уцёк перад бальшавікамі. Здароўе ягонае пайшло на скон. Апроч фізычных нямогласьцяў цярпеў і маральныя. Уяві сабе як цяжка інтэлектуалу вытрымаць цяжкасьці быту, усьведамляючы, што не на тое вучыўся, каб чысьціць адходкі грашовых арыстакратаў…

— Так, так ведаю. Дык што сталася?

— Учора яго з працы выкінулі.

— Выкінулі? Чаму?

— Заснуў на працы. Я ведаў, што яму немач дакучае. Начная зьмена для яго была занадта цяжкая. Але-ж адмовілі яму на дзённую. Дык ён вось аслабеў і заснуў. Бос злавіў яго і тут-жа, нягоднік, выгнаў з працы!

— Нічога дзіўнага. У вас няма прафсаюзу, каб заступіўся?

— Няма ніякага прафсаюзу й ніхто яму не паможа. Стары амаль расплакаўся. Я памкнуўся, каб заступіцца за яго. Толькі адкрыў рот, а ты ведаеш, што мне бос на гэта?

— Няцяжка адгадаць.

— Ты. кажа, уважай! Бачыш, вунь цэлы натоўп беспрацоўных стукаецца ў дзьверы. Я зразумеў.

Наступіла цяжкое й нязручнае маўчаньне. Алесь ведаў як уквялілі старога пісьменьніка, паводле сваёй сацыяльнай пазыцыі ў гэтай краіне «вялізных магчымасьцяў» — чысьцільніка адходкаў ці прыбіральняў. Тут-жа яшчэ з шырака ўжываным ярлыком — «пракляты дыпіс». Укалолі ў сэрца, ці, як накш кажуць, задзелі за жывое і самога Алеся. Удар па чалавечай годнасьці. Новы сьвет, ура! Свабода! Вольны рынак! Адчынілі дзьверы, каб прыхінуць, даць прытулак гаротнікам, што ўцяклі ад жахлівага Гулагу. Людзі спадзяваліся, што змогуць даць у скарбніцу гэтай гасьціннай краіны свае жыцьцёвыя практычныя і навуковыя здабыткі, перасьцерагчы гэты наіўны сьвет перад надыходзячай небясьпекай… Прынялі. Шчотку й мятлу ў рукі, плястыковыя рукавіцы, дызынфэктар і парашок ды мыла — бяжыце падлогі ды адходкі мыць і чысьціць! І за гэта ім азадкі маеш цалаваць, бо вунь грамада беспрацоўных дзьверы ломіць.

— Я разважаў пра гэта, — прадаўжаў, ходзячы па пакоі Шпак, — разглядаў усякія за і супраць, стараўся зірнуць на сытуацыю зь іхнага боку. І не знайшоў апраўданьня, ці, калі хочаш, рацыянальнасьці. Чалавека паставілі тварам да сьцяны і зьвязалі яму ззаду рукі. Нічога ня мае вагі апроч тваіх мускулаў і фізычнае трываласьці. І гэтта збоку ківаецца пагражальны прывід. Разумееш? Чалавек аж дрыжыць ад самае думкі, што-б ён рабіў, калі-б апынуўся ў сытуацыі таго злашчаснага Эстонца…

— Ды гэта толькі невялікая частка цэласьці. На жаль, чалавек створаны ня толькі з касьцей ды цела, а перадусім мускулаў. А тут, як выглядае, няма месца для іншых, прынамсі ў тым асяродзьдзі, дзе я апынуўся. Што за джунгля! Цяпер можа разумееш крыху лепш тых людзей, пераважна выгнаньнікаў, — навуковых, творчых, камэрцыйных ці кроўных арыстакратаў — каторых бальшавіцкая контррэвалюцыя выплюнула на рынак парыскіх ці бэрлінскіх кэльнэраў, таксістаў, падчышчальнікаў адходных ды іншых так званых працаў, пра якія пазьней іранізавалі бальшавіцкія забойцы й будаўнікі канцлягераў сьмерці… А цяпер і многія з нас, старшыя векам, у падобнай сытуацыі, адно мы — дзеці з раськіданых гнёздаў, ніякая там кроўная арыстакрацыя, а бедныя дзеці вялікага запрыгоненага народу, якія вучыліся, каб розумам сваім і ведамі прыдбаць яму лепшы быт. І тут во — на табе! Трапілі куды, мой ты Божа! І калі згадаеш тыя вялікія спадзяваньні, якімі жылі, ступаючы на гэтую зямлю. Калі падумаеш, што можна было-б зрабіць, чым памагчы паняволеным народам, усім ім — ня толькі беларускаму, — але нават і расейскаму, бо і ён-жа таксама гэтымі махлярамі-мафіяй паняволены…

Алесь пазіраў на змораны пісьменьнікаў твар. Ведаў, што чалавек мае выгаварыцца-выспавядацца хоць перад адной спагадлівай душой. Можа тады, як людзі кажуць, удвая палягчэе. У даным выпадку Алесь уяўляў сябе нейкай губкай, што ўсосвае накопленую ў Шпакавым арганізьме горыч. Ці варта было цяпер што Шпаку гаварыць, ды, — барані Божа! — супярэчыць? Ягонае, Алесева, заданьне цяпер — тут прысутнічаць, слухаць, спагадаць. Гаеньне, калі цела ня гноіць гангрэна, патрабуе часу. А Шпак прадаўжаў.

— Я тут, — от няхай Бог будзе мне сьветкай, — ня кіруюся адно сваім эго. Я ёсьць малазначнай істотай, што некалі будзе зьмеценая з твару зямлі й ніхто ня будзе трывожыцца ці я яшчэ жыву ці ўжо адыйшоў. Гэтта йдзе пра большае: ніхто не памагае нашаму паняволенаму народу. Гэтыя людзі, каторыя тутака турбуюцца, што абжыраюцца ды маюць замнога ў трыбухах, занадта растаўсьцелі, а зь іншага боку — ніяк ня могуць зьліквідаваць беспрацоўя ды памагчы зьбяднелым і пакрыўджаным, — гэтыя людзі ніяк ня могуць падняцца вышэй узроўню сваіх правінцыяльных і парафіяльных інтарэсаў. Як-жа яны могуць запабегчы катастрофе, якая — цяпер ужо ясна, як Божы дзень відаць, — прыбліжаецца?

— Мяркую, што вы, спадар Шпак, памыляецеся, — сказаў Алесь. — Пэўне-ж, у гэтых людзей ёсьць недахопы. У каго іх няма! Каб разбудзіць і мабілізаваць на помач некаму ігнарамусаў, патрэбны час. Я шчыра веру, што працэс гэты ўжо пачаўся. Вось тут на днях, у мінулы тыдзень, у сваёй прамове да этнічнага прэсавага клюбу, лідар лібэральнае партыі падкрэсьліў важнасьць таго, каб Канадыйцы ведалі пра камуністычную пагрозу, ды сьцьвердзіў…

— Сьцьвердзіў?! — злосна сыкнуў Шпак. — Гэта-ж паслухай: падкрэсьліў і сьцьвердзіў! Дык яны адно толькі й робяць, што падкрэсьліваюць і сьцьвярджаюць!

У тым голасе зьняможанага Шпака было столькі запалу й чыстай, непрыхаванай злосьці, што ажно Алесь зьдзівіўся.

— Але што з гэтага? — прадаўжаў пісьменьнік. — Ці яны хаця маюць элемэнтарнае ўяўленьне пра род вайны, якая цяпер ідзе? Фу! Яны мяркуюць, што ніякай фактычна цяпер вайны няма. Бальшыня зь іх заблудзілася ў меркаваньнях, што будучая вайна выбухне ракетамі і атамнымі бомбамі. Мы ведаем лепш, але хто нас хоча слухаць? Меркаваньні, адкрэсьліваньні, сьвярджэньні… Так… Чаму-ж ім не прыхадзіць на нашыя зборы ды сьцьвярджаць ці падкрэсьліваць на наш лад, каб нам спадабацца ды нашыя галасы ў падтрымку пры выбарах падпрэгчы? Але-ж мы бачым і іхны іншы бок. Каб пшаніцу сваю прадаць дык яны гатовыя маскоўскія азадкі лізаць. Ці-ж мы ня бачым, як іхныя палітыкі бягуць, вочы на лоб, каб паціснуць тыранам руку?! Так, так, брат… А там ідзе мірнае суіснаваньне, палепшаньне зносінаў, меншае напружаньне і іншыя абстрактныя трасцы. А маскалі ўсё новыя народы ў свае петлі ловяць. Во табе, на! І ці-ж ты думаеш, што бальшавіцкая хэўра і гэтых нашых палітыкаў па галоўцы пагладзіць? Навошта? Сам галоўны архітэкт гэтага найбольшага ў гісторыі чалавецтва крыміналу, некалі сказаў: яны прададуць нам вяроўкі, на каторых мы іх павесім. Цьфу!

Шпак зноў закурыў. Хваляваньне выяўлялася ў ягоных нэрвовых рухах, колкіх вачох. Тое, што казаў, вылівалася згадамі набалелага сэрца.

— Калі вы мне прабачыце, — гаварыў Алесь, — дык скажу, што мне здаецца вы крыху перасольваеце, ці, як у нас казалі, дугу ў іншы бок перагінаеце. Замнога хвалюецеся…

— Хвалююся? Дугу перагінаю? Што ты вярзеш! Усхваляваны я ёсьць і не бяз прычыны. Але дугі я не перагінаю.

— Усё-ж я ня бачу прычыны для трывогі, — спакойна заключыў Якімовіч.

— Слухай, Алесь. — Шпак, падыйшоўшы блізка, глядзеў яму ўважна ў вочы, — праблема ў цябе тая, што ты даўно ўжо далучыўся да пагоні за далярамі, ці, як тут кажуць, у пацуковы гонкі ўключыўся. Гэта, вядома, ня надта шкоднае, калі яно не замінае многаму іншаму, важнейшаму ў жыцьці.

— Што-ж вы параілі-бы мне рабіць?

— Гэтае тваё пытаньне вельмі актуальнае. Усё-ж я не хацеў-бы на гэтую тэму зусім шчыра выказвацца бяручы на ўвагу ўсё тое добрае, што ты для мяне зрабіў.

— Гаварыце, калі ласка. Я вас з прыемнасьцю выслухаю і, спадзяюся, з вашых заўваг скарыстаю.

— Тое, што можаш пачуць, магчыма, ня будзе для цябе прыемным.

— Нічога. Гаварыце, я вытрымаю.

Дзесьці блізка выла пажарная сірэна. Шпак спыніўся, глядзеў у вакно празь якое відаць была вялікая рухавая нэонная рэкляма Кока-Кола дый маса меншых рэклямных і яркіх гарадзкіх вулічных сьвётлаў. Пару хвілінаў Шпак маўчаў. Алесь падазраваў, што пісьменьнік мяркуе ці варта з глыбіні выцягваць нешта ня зусім прыемнае. Ды пісьменьнік нешта вырашыў. Паважным позіркам, адвярнуўшыся ад вакна, глядзеў на Алеся. І ў гэным позірку заўважыў Алесь знаёмую яму іскру. Так, гэта такая самая аўтарытэтная іскра, якую даводзілася Алесю назіраць у вачох адказных і ўпэўненых людзей тады, калі яны выказвалі нейкія дыдактычныя мудрасьці. Гэта — чырвонае сьвятло. Яму нельга пярэчыць. Ідзі на яго, рызыкуй на сваю шкоду.

— Клопат і слабасьць твая, Алесь, у тым, што як і многія іншыя, ты ўжо зьмякчэў у вялікіх матар’яльных выгадах. Гэткія матар’яльныя выгады, як усім ведама, часта прадукуюць палітычных і ідэйных інвалідаў. Магчыма ты сам не спасьцярог як ты зьмяніўся, што цябе ўжо цяжка пазнаць. Гэта ўжо не ранейшы Алесь Якімовіч… Не. Я не гавару пра тваё сэрца і пра твае погляды. Ідзе тут пра хвальшывыя адносіны, якія часамі цяжка зразумець… Выглядае, быццам твае мазгі абрасьлі жырам, што ты наўмысна ў жыцьці адкідаеш усё больш важнае адно таму, каб не адстаць ад іншых у тэй гонцы за далярамі, у гэнай пацуковай гонцы, як тут кажуць…

— Я гэтага не заслужыў! Быццам я не памагаў! — ускочыў Алесь з дакорам у голасе. Пісьменьнік запраўды яго ўкалоў.

— Ты памагаў, ты зрабіў больш для нашай справы чымся многія іншыя, разам узятыя, — усё такім-жа ўпэўненым дыдактычным голасам прадаўжаў Шпак. — Але чаму цябе зь імі раўняць? Табе больш дадзена і ад цябе больш патрабуецца.

Што Алесь мог на гэта адказаць? Ведаў, што пісьменьніка трэба выслухаць. Ён жыў у сваім, аднаму яму даступным ды надзвычайна цікавым і пакутлівым сьвеце і вось цяпер прыйшла пара, нядрэнная нагода, каб перад гэтым «капіталістам» разладаваць сваю душу. І бяда таму, хто мог стацца аб’ектам ягонага дакору ці ганьбаваньня.

— Я казаў раней, што твой уклад у нашую справу й грамаду больш чым выдатны. Ды гэтага мала. Тваіх грошай замала, Алесь мой дарагі. Ты мусіш самога сябе пасьвяціць і ахвяраваць справе нашага вызвольнага змаганьня. Асабліва-ж апошнімі часамі ты неяк бокам, бокам… Сьвет, у якім цяпер жывеш, пэўна, цікавы, бурлівы ці імклівы, перапоўнены крыкамі захапленьня рознага маштабу гэданістаў… Ты адаптаваўся, прытарнаваўся да гэтага новага асяродзьдзя, што, здаецца, ануляваў сябе, ранейшага, зрабіўся быццам тараканом у саладусе.

— Выглядае, што ты разважаеш із сваім духовым эго і напэўна сьпяшыш запэўніць гэну істоту, што ўсё ў парадку, што ты — свайго роду цаца й што ад цябе ніхто й нічога не павінен патрабаваць. Ты напэўна ўжо пераканаў сябе, што выбраў адзіна правільны шлях і здабыў нутраны мір. Чаму-ж-бы не? Сацыяльны клімат надзіва спрыяльны, а ты-ж ёсьць адным з грамады, што намагаецца задаволіць розны матар’яльны голад, ці, накш кажучы, прагавітасьць. Адным словам, ты адзін з тых, што валочацца ўтоптанай сьцежкай, зырка назіраючы, каб падхапіць ці прыстасавацца да новых кірункаў, тутака модна ведамых social trends. Ведаеш пра што гавару…

— Але памятай, Алесь, што ты не належыш да гэтай грамады й ніколі не ўрасьцеш у яе. Няважна, колькі і як заўзята будзеш намагацца, ты ня зьліквідуеш гэтай другой істоты — духовага я ўнутры сябе. Яна будзе зьяўляцца ў тысячах відаў ці зьяваў і ўсё ў карэньні мінулага. Ты ніяк ня зможаш сябе адрэзаць ад тваёй ранейшай бацькаўшчыны й людзей. Калі я ведаю душу Беларуса, — а ты вер мне, што ведаю яе добра, — ты ня знойдзеш сховішча ці прыпынку за шчытам дастатку й выгады. Ты маеш душу, ты занадта многа перацярпеў. Духовыя дакоры ня спыняцца. Перастань сам сябе ашукваць і маскавацца.

— Ведаючы цябе, здагадваюся, што ты ці раз пра гэта думаў асабліва ў гэтым бізнэсавым гармідары. Ты ня знойдзеш палёгкі ад свае духовае істоты, што ўнутры цябе, яна ня йдзе на ніякія кампрамісы. Часамі можаш мець некаторыя ілюзіі…

Прыгнечаны Алесь маўчаў. Ясна, што Шпак трапіў у ягоную Ахілесаву пяту.

— Што-ж я мог-бы ў адказ на гэта сказаць? — схамянуўся Якімовіч. — Вы ўяўляеце мяне нейкага роду рэнэгатам, можа блудным сынам, што зь нейкай прычыны пакінуў жыцьцядайныя грудзі маткі.

— Выбач мне, Алесь. Я не хацеў цябе пакрыўдзіць. Гэта, выглядае, мая асабістая дэпрэсія мяне спанукнула да гэтага…

Наступіла нязручнае маўчаньне. Алесева сьветлае пачуцьцё і ўзьнёслая ўпэўненасьць, што валодала ім яшчэ ад учарашняга, дзесьці зьнікла. Гэты стары змагар, што многа перацярпеў і перанёс шмат ліха, адкрыў незагоеную рану.

— Прашу цябе, прабач, — зноў гаварыў Шпак. — Ведаеш, як я цябе цаню… Але гэта… гэтых некалькі слоў, што я сказаў, яны неяк вось тут, — разуеш, спадзяюся, — з набалелага сэрца… Можаш назваць мяне старым дурнем. Нагаманіў, а цяпер перапрашаю.

Алесь уважліва глядзеў на пісьменьніка. Як моцна ён мусіць цярпець і перажываць ды як тонка ўсё адчуваць! Які выбух, калі давялося скінуць маску і выказацца із самай глыбіні! У гэтым жыцьцём скарабачаным і фізычна аслабленым целе бурліў і пераліваўся неўтаймаваны вулькан. Цяпер Алесь слухаў лагодную пісьменьнікаву гутарку. Цяжка яна йшла, абрывалася. Неўзабаве ён пайшоў. Прыгадаў, што прыйшоў быў з намерам пагаварыць са Шпаком яшчэ пра нешта іншае, але здарылася накш. Можа калі іншым часам.

11

Горкае дзяцінства і вайна шмат чаго навучылі. Цяперашняга Алеся можна было-б назваць мэтадычным чалавекам. Няважна якія былі пляны ці задумы-праекты, дзяцюк меў пэўную, зь якой абжыўся, мэтоду. Калі йшло пра нешта другараднае ды былі добрыя задаткі на посьпех, грунтоўнае камбінаваньне адпадала. Калі-ж на прыцэл трэба было ўзяць і здабыць запраўды нешта важнае, а від на посьпех сумлеўны, Алесь пачынаў плянаваць кажную драбніцу. На першым этапе ставіў разьведку. Старая і мудрая прыказка: сем разоў адмер і раз адрэж. Пасьля добрае разьведкі, зьнюхаўшы-пранюхаўшы, можна было сур’ёзна брацца. Мэтад пэўны і зь няпамятных часоў выдатнымі людзьмі практыкаваны. Алесь любіў выклік, калі меў нейкія шансы на посьпех. У адносінах да дзевак большага плянаваньня не патрабавалася, хаця разьведка была цалкам неабходная.

Калі Вера Мак зьявілася яму на вока, Алесь узяўся за разьведку. Перш за ўсё фізычны выгляд дзяўчыны. Цаца, ляля! Яна прыцягвала да сябе ўвагу й вочы перадусім юрлівых дзяцюкоў. Бурліла маладая кроў. Карысным для Алеся дадаткам было й тое, што дзяўчына быццам апынулася пад ягонай уладай у краме, значыцца ў нечым ад яго залежнай. Праўда, надужываньне такой, сказаць-бы, залежнасьці ня месьцілася ў дзяцюковай галаве. Калі гэтая асоба ня была нейкім эрзацам, а запраўды нечым вартасным, пры заляцаньні да яе трэба было абавязкава даць ёй поўную волю, ніякім чынам не надужываць свайго прыярытэту ці бізнэсавага становішча.

Першапачатныя назіраньні далі Алесю аснову думаць, што дзяўчына не належала да натоўпу. Калі-б дзяцюк грунтоўна ведаў ейнае паходжаньне, і тую «пяшчоту» якой была ахінула Веру савецкая агентура, быў-бы стварыў да яе іншы падыход. Здарылася так, што нехта іншы заплянаваў шахматную гульню і прадумаў падарожжы розных фігураў на далёкую мэту. Алесь бачыў адно адзін бок мэдалю і той у цьмяным сьвятле. Дзяўчына выглядала сьціплай, зраўнаважанай, някідкай да хлапцоў і, здаецца, незаангажаванай ніякім каханьнем. У гэны час модна плылі і адплывалі розныя моды, пераважна ў вопратцы і ў рознай маральнасьці ці амаральнасьці амэрыканскай, а ў шырэйшым маштабе захадняй моладзі, з вытокамі дзесьці ад рок’н’ролу Элвіса Прэслі і лівэрпульскіх Бітлсаў. Гэная шумлівая і крыклівая моладзь, у каторай пачуцьцё, падапхнутае наркаманіяй, публічна паказвала свой агідны твар, якраз захаплялася рознымі адыёзнымі рацыянальнаму чалавеку «модамі». А гэтая дзяўчына, быццам-бы для кантрасту, як на паказ, не належала да агульнага хору, жыла, як выглядала, сваім розумам.

Перад сваім прыездам на гэты кантынэнт Алесь трымаўся поглядаў пра традыцыйную жыцьцёвую ролю жанчыны, якая абжылася даўно ў беларускім сялянскім асяродзьдзі. Жанчына радзіла дзяцей, даглядала іх, любіла мужа, цяжка працавала і ля хаты, і на гонях. Яна сачыла, каб дзеткі навучыліся маліцца, наведваць Божыя сьвятыні, былі паслухмянымі, пакорнымі, значыцца матка была рухавіком хрысьціянскае маралі сям’і. Ці не найважнейшым яшчэ была і народная культура й мудрасьць: песьні, казкі й цэнныя старыя народныя традыцыі. І сялянскія дзяцюкі, наглядаючы сабе сябровак жыцьця, трымаліся замацаваных народнай культурай і маральнасьцю стандартаў. Часта, вядома, у запрыгоненай краіне не апошнюю ролю ў заляцаньнях і сужэнствах адыйгрываў пасаг і зямельная ўласнасьць.

Гэтта, за акіянам, адкрыўся іншы сьвет. Жанчыну зрабілі камэрцыйнай прынадай. Мала дзе што рэклямавалася бяз прыгожай дзяўчыны. Напоўголыя спакусьніцы ўсьміхаліся з бачынаў розных часапісаў, вылузвалася распуста ў эратычных фільмах, расьцьвіла і заваёўвала новыя пазыцыі, у імя «вольнасьці мовы й выказваньня», парнаграфія. Банальнасьць нажывы і прагнасьць матар’ялізму сагнала жанчыну з высокага п’едэсталу маральнае цноты, на якую паставіў яе Стварыцель, да брыдкой і шчодра запэцканай рознымі хварбамі і памадамі цэлюлёіднай карыкатуры.

Даўно ў Алесевым уяўленьні абжыўся прататып сяброўкі жыцьця: сьвежая і арыгінальная, неразбэшчаная мадэрнай цывілізацыяй, тая, якой мог-бы душу й сэрца адкрыць, што паходзіла-б зусім зь іншага сьвету, а не таго, што падпёрты й рэклямаваны камэрцыйным сьветам жыў кажны дзень на тэлебачаньні. Такая асоба была-б добра адукаванай і начытанай найлепшай літаратурай сваёй і сусьветнай, мела-бы прыказачную галаву на плячох і незалежную думку, ня трымалася-бы навязанае гандлярамі рознае прыхамаці й «бягучых модаў» (current fashion trends), яна ўзбуджала-бы павагу й пашану да сябе сваім выглядам і характарам. Кандыдаткай на такую ідэальную жанчыну ў Алесевых думках паўстала Вера Мак. Яна вынырнула дзесьці з поўначы ў гэтым горадзе-гіганьце як цячэньне сьвежасьці ў забруджаным паветры, як кветка красы між прадажных камэрцыйных мадэлек.

12

Спачатку новая пазыцыя на працы замінала шматлікім плянам прыватнага жыцьця. Трэба было пераарганізоўваць, перайначваць, перамяшчаць, устанаўляць новае. Доўгія гадзіны працы. Алесь нават сябе занядбаў. За ўсякую цану новую пазыцыю трэба было замацаваць, наставіць на непахісную аснову. Не пасьлізьніся, бо Зэлман хутка на тваё месца знойдзе іншага. На працягу чатырох тыдняў Алесь апынуўся на добрым шляху. Цяжкая праца прыносіла плёны. Нават ня пытаўшыся ўласьніка Трыфты Тоні Алесь ведаў, што Зэлман быў зь яго задаволены. Вера выдатна спраўлялася на сваёй дзялянцы.

У адну сонечную, Богам блаславёную, нядзелю Алесь пастанавіў, што трэба, як ён жартаваў, праветрыцца. Запрасіў Веру й тая адразу згадзілася. Вярнуўшыся з царквы й парафіяльнага збору, каля гадзіны трэцяй пасьля паўдня націснуў званок пры дзьвярох памешканьня дзяўчыны. Блюза ў кветкі, спадніца гармонікам у складкі, валосы ў пучок, ружовенькі, незапэцканы ніякімі штучнымі прыкрасамі тварык распрамяніўся на прывітаньне.

— Куды паедзем? — спыталася.

— Куды хочаш. Кажы, завязу.

— Чакайце, зараз, — усьміхнулася Вера. — Я-б хацела паехаць туды, дзе многа зелені й вады, дзе можна пахадзіць і паплаваць, і нічога не рабіць а толькі з сонейкам гуляць…

— Добра, — згадзіўся Якімовіч. — Калі йдзе пра тое, каб нічога не рабіць, дык пабачым на месцы.

Алесь завярнуў свой Олдсмабіл, лёгка ўціснуўся ў вулічную хвалю, што плыла ў кірунку возера, а там шмыгнуў на той вялікі экспрэсвэй у захаднім кірунку. Хвілін дваццаць пасьля зьехаў на малую дарогу, якая прывяла да возера. Калі-ж і тая дарога згубілася недзе ў высокай, дзікай траве ў старым, што адміраў, садзе, дзяцюк спыніў аўтамабіль пад старой разложыстай яблыняй. Зьдзіўленая дзяўчына вылезла з аўтамабіля, разглядалася.

— Эй, гэта цудоўна! — усклікнула яна. — Я спадзявалася, што мы едзем некуды дзе ёсьць цывілізацыя.

— Яе, гэтай цывілізацыі, поўна й тут, — адказаў Алесь. — Толькі глянь навокал.

Вера заўважыла яшчэ два аўты, што стаялі воддаль. З-над возера далятаў гоман. Алесь узяў ваўнянае пакрывала із свайго аўта, Вера прыхапіла падарожную торбу. У траве вышэй каленяў ледзь пратаптаная сьцежка абрывам спушчалася да пляжы. Ля вады сядзелі старэйшыя, дзеці гулялі ў пяску й боцькаліся ля берагу ў вадзе. Няшмат людзей, раскошна тут. Лёгкі вецярок з паўдня ледзь варушыў ваду. Возера гэта, якое фактычна ёсьць морам, бо праз раку Сан Лорэнс лучылася з Атлянтычным акіянам, гэтае несалёнае мора сяньня даволі спакойнае. Воддаль на гарызоньце застылі, здавалася, пярынкі ветразяў лодак зь мясцовага яхт-клюбу.

— Як тут цудоўна! — захаплялася Вера. — Поўна месца, адзін другому на нагу не наступіць.

— Я задаволены, што табе падабаецца. Добрае месца, дый мала хто сюды прыяжджае. Цяпер што будзем рабіць? Хочаш купацца?

— Што за пытаньне! Недзе мой купальнік тут узяла. А дзе перапрануцца?

— Можаш у аўтамабілі.

— Окэй, пачакай.

— Я нікуды не ўцякаю.

Гутарку вялі ў сяброўскім тоне. Адразу ў іх так пайшло, безь якіх-небудзь намаганьняў. Алесь чакаў няшмат, разаслаў тое пакрывала, ляжаў на жываце, цешыўся сонцам. Калі дзяўчына зьявілася з саду, дзяцюку карціла добра сьвіснуць з захапленьня, але стрымаўся.

— Ого! Якая ты прыгожая!

Вера пазірала на Алеся ўважна, быццам каб упэўніцца ў ягонай шчырасьці.

— Ці можаш мне сказаць якім плянам яны карысталіся, калі цябе праектавалі?

— Захоўваешся так, як быццам ніколі дзяўчыны ў купальніку ня бачыў! — дакарала Вера зь ледзь выразнай усьмешкай, што кружыла навокал выдатна аформленых вуснаў.

— Мне здавалася, што ты не запярэчыш шчыраму захапленьню. Ляля, цаца, спакуса! Ты належыш у казачныя прыгажуні, табе хвалу павінны сьпяваць розныя гарлапаны-маестры са сцэнаў, а красой тваёй павінны насалоджвацца мільёны!

— Гэта хто так сказаў?

— Я кажу! І прысягаю, што зусім шчыра.

Захоплены Алесь бачыў перад сабою рэдкую красу. Вочы ягоныя, як загіпнатызаваныя, вандравалі ад пальчыкаў на ступнях, па лытках, сьцёгнах, даўжэй затрымаліся на грудзёх. Выдатны экспанат тварэньня геніяльнага майстры дасканаласьці. У дзяцюковым уяўленьні, для параўнаньня, мільгалі мадэлькі, уключна зь мітычнымі Вэнэрамі ды Афрадытамі. А гэтая вось, што перад ім, — сьціпласьць у абдымках прыгажосьці, — павярнулася бокам, правакацыйая іскра ў прамяністых вачох, усьміхнулася.

— Ну як, здала я акзамін?

— Акзамін? — прысьвіснуў Алесь. — У мяне атрымаеш найвышэйшую ацэнку.

Купальнік з двух кавалкаў, ружовага колеру плястыковая шапачка на валосах таксама прыйшліся Алесю да спадобы.

— Калі ласка, прашу, пачакай мяне. Я пайду купальнік надзену.

Калі вярнуўся, дзяўчыны ня было. Заклапочаны, ён аглядаў пляжу. Нехта, хіхікаючы, ззаду закрыў яму рукамі вочы.

— Адгадай хто!

Алесь крутануўся, каб яе злавіць, але дзяўчына хутка высьлізнулася зь ягоных рук, бегла да возера.

— Лаві мяне!

Пакуль Алесь змог нагнаць, яна хутка прабегла плыткую ваду і дала нурца. Алесь даплыў да месца, дзе яна зьнікла. Вада холадам трымала. Раптам дзяцюка нехта ўшчыкнуў за жывот. Алесь раптоўна нырнуў пад ваду. Яе ня было нідзе. Калі ён выплыў, разглянуўся, Вера ўжо ішла па пляжу.

— Гэй там, разява! — памахала яму рукой.

Алесь кінуўся ёй наўздагон. Дзе яна гадавалася? У лесе? Якая хуткасьць, гожасьць цела! Дзяўчына затрымалася і лягла на пакрывала, спакусьлівай усьмешкай вітаючы запыханага дзяцюка.

— Ого-го! Ты запраўды, як маланка. Дзе мне з табой справіцца!

— Можа ты ўжо састарэўся? — кпіла Вера.

— Скажы мне, ці ты вырасла ў лесе, ці ў вадзе?

Ён лёг побач яе, падпёрся правай рукой, прыглядаўся ейнаму твару.

— Ведаеш, як тут цудоўна! Я ня люблю вялікага шумнага гораду. Я вырасла ў абдымках цудоўнае, хоць часам і капрызнае прыроды. Не гавару пра тыя горы скалаў, але-ж там побач была чысьцюсенькая вадзіца вялікага возера ды багатая флёрай і фаўнай, ледзь не бяскрайная пушча. Ох, як гэна ўсё мне падабалася! А ў адной сям’і жыла я ў глыбокім лесе, побач цудоўнага возера і рэчкі зараз-жа за хатай. І ракун, і лось, і казулі былі мне сябрамі. Летам зьбірала грыбы і ягады. Я нядоўга ў гэтым горадзе, што расьце, як звар’яваны, жыву, але мне ўжо тут — адчуваю гэта кажнай клеткай свайго цела, — занадта цесна. Ніколі не замяніла-б таго ды на гэта!

— Дык чаго прыехала ў Радфорд? Ты-ж хіба ня мусіла?

— Захацелася мне пабачыць вялікі й гулкі сьвет, — хлусіла дзяўчына.

Што Алесь Якімовіч сказаў-бы, калі-б ведаў праўду? Але гэты прыгожы хлапец ніяк не падыходзіў да таго тыпу нягоднікаў страйкбрэйкараў, нацыстаў і ваенных злачынцаў, пра якіх гаварылі ў рабочым клюбе Максіма Горкага. Гэткімі-ж ейныя клюбныя сябры і інструктары малявалі амаль усіх пасьляваенных імігрантаў, што не вярнуліся ў Савецкі Саюз пасьля вайны, а апынуліся на гэтым беразе Атлянтычнага акіяну. Да Алеся хопіць часу прыглядзецца. Яна ўжо добра спанатрыла, што бос ёю зацікаўлены. З часу, калі сьвяткавалі ягонае павышэньне, неяк адразу пайшло ўсё на добры лад. Магла чакаць. Першы ход ягоны.

— Ты, пэўне-ж, ня ведаеш краіны, зь якой я паходжу?

Дзяўчына заўважыла, што вочы ягоныя глядзелі дзесьці ў нейкую далёкую, можа перапоўненую імглою, адлегласьць, магчыма, што ў мінуўшчыну.

— Я люблю прыроду, пераважна тую, якую пакінуў удома. Там ёсьць і салавейка, і жаўранак, і бусел, і нават тая нягодніца сарока-белабока, якіх тут няма. Гэта птушкі. А нашы гоні, а нашы пушчы! Белавеская, напрыклад. Некалі каралеўскія і розныя кайзэраўскія ды царскія вяльможы ды розныя меншыя шышкі-магнаты з цэлай Эўропы прыяжджалі туды паляваць на нашых зуброў, дзікоў ды ўсякую іншую дзічыну. А людзі нашы! Добрыя, працавітыя, сумленныя, у Бога веруючыя… Ці ты, Верачка любіш паэзію?

— Так, люблю.

— Ці ты калі чула пра Максіма Багдановіча, беларускага паэта?

— Не, мяркую, што не.

— Выдатны пісьменьнік і паэт. Калі зацікавішся ім, некалі больш раскажу. Цяпер мне на памяць прыйшоў ягоны выдатны і надта вымоўны сымбалічны твор у прозе. Называецца «Апокрыф». Моцна люблю гэты твор, бо ён, як ніякі іншы, найлепш выявіў душу Беларуса.

— Можаш расказаць мне пра яго? — спыталася ў Алеся Вера.

— Аднойчы Ісус Хрыстос, наш Збаўца, зацікавіўся як жыве ягоны народ і зыйшоў на зямлю, каб папахадзіць і паглядзець. І побач зь ім былі сьвяты Пётра і сьвяты Юр’я. І хадзілі яны па ўсіх землях Беларусі, але людзі не спасьцерагалі іх. Хрыстос і сьвятыя бачылі вялікую бяду, глум і цярпеньне. Але заўважылі, што гэтыя запрыгоненыя людзі ўсюды жылі зь песьнямі.

Тады зьдзіўлены сьвяты Пётра спытаўся ў Хрыста, чаму гэтыя людзі, якія на дне галечы, жывуць зь песьнямі. І пачуў такі адказ: — Ты ня бачыш, што гэтыя прыгнечаныя горам людзі песьняй сваю душу выражаюць? Яны сьпяваюць вясной і летам, сьпяваюць калі аруць поле й зьбіраюць ураджай, на дажынкі і ў дзень Уваскрасеньня, зь песьнямі сустракаюць нованароджаных і таксама тады, калі адпраўляюць блізкіх на той сьвет, сьпяваюць на вясельлях і хрэсьбінах, на працы і падчас адпачынку. Сьпеў для іх — значэньне, сэнс жыцьця.

Пётра зразумеў. Яны йшлі побач жытняй нівы і апостал заўважыў, што будзе дрэнны ўраджай. Надта-ж шмат васількоў расло між нягеглых каласоў жытніх. Тады ён спытаўся ў Госпада: — Чаму тут расьце так шмат васількоў у жыце? Ці-ж гэтыя людзі ня ведаюць, што бедная глеба абаіх ня выкарміць? Ці-ж яны такія няведы?

І адказаў яму на гэта Ісус Хрыстос: — Гэтыя людзі, каторыя адкрылі прыгажосьць песьні, таксама ведаюць цану працы. Ды яны ня менш цэняць і красу, а таму й ня вырвуць сьціплага васілька, каб расло жыта. Што-ж гэта за жыцьцё без красы? Для іх васілёк і зьявіўся ўвасабленьнем красы, сьціпласьці і ўзьнёсласьці душы. Яны гэту кветку абагаўляюць. Праўда, што мала ім дадзена цяпер. Ці-ж ты хацеў-бы, каб яны мелі яшчэ менш? І калі яны, Хрыстос і ягоныя спадарожнікі, нябачныя для людзей, праходзілі побач руплівых жнеек то пабачылі, як жанчыны й дзяўчаты спыніліся ды ізь сярпамі ў руках, сьпявалі:

няма лепш цьвяточка над васілёчка.

Лёгкі ветрык падхапіў тую песьню і іншыя галасы жнеек зь іншых ніваў далучыліся да таго хору, які ўслаўляў сьціплы васілёк.

— Гэта запраўды прыгожа, яно натхняе чалавека. Так мне здаецца, як чую пра гэных людзей з Багдановічавага твору. Ці запраўды яны такія, Беларусы?

— Багдановіч ведаў пра каго пісаў. Ён быў геніяльным.

Вера зірнула бліжэй у вочы дзяцюка. Спасьцерагла там нейкі цень, якога раней ня бачыла. Пра бацькаўшчыну, відаць, думаў. Вочы напоўненыя тугою, можа таксама па тым Багдановічавым васільку. Хто ведае… Цяжка зразумець, што гэты чалавек, які, пэўне-ж, любіў свой край і народ, не астаўся там між сваіх такіх добрых людзей. Вера добра зразумела і асэнсавала глыбіню Багдановічавага «Апокрыфу». Дзяўчына цікавілася расейскай літаратурай. У некаторых творах Горкага, якія падсоўвалі ёй у клюбе, прыгадала падобныя элемэнты пра бяду, красу й песьні, якія так умела згарусьціў у адзін кароткі твор Багдановіч. Праўда, той Пешкаў-Горкі бяз Бога абыходзіўся неяк…

Вера не адважылася адчыніць рот для таго кардынальнага пытаньня. Час надыйдзе. Лепшая будзе нагода, каб гэтага цікавага дзяцюка выпытацца пра што трэба. Недзе ззаду маячыўся цень Капшуна, ягонае ганьбаваньне гэтых новапрыбылых, каторыя быццам жывых матак і іхных малых дзетак падчас вайны ў агонь кідалі. А тут вось побач яе чалавек із такой, як выглядае, адкрытай душой і чулым сэрцам… Нешта тут не пасуе — гэты дзяцюк і Капшуноў партрэт…

Больш таго. Гэты прыгажун закрануў і ў ейным сэрцы нейкую чулую струну. Ледзь крыху, але закрануў. Ужо там недзе ззаду можа падасьпець трывога, што яна ня зможа быць да гэтага чалавека, як тыя людзі з клюбу вымагаюць, зусім абыякавай… Адчувала, што нешта, — а што гэта магло быць? — скранулася ў ейным сэрцы.

— Вера, — зьвярнуўся да яе Алесь надта ласкавым голасам, — хацеў-бы і я цябе назваць маёй кветкай, можа не васільком, але нейкім рамонкам…

— Ты што, таксама нейкі паэт, ці як?

— Ды не. Але прызнаюся, што я ня меншы паклоньнік красы, чымся быў наш слаўны Максім, ці, — калі ўжо пашукаць далей, — стварыцель мадоннаў слаўны Рафаэль.

— Во, во, зараз зробіш зь мяне Вэнэру Мілоскую, паставіш на п’едэстал і пакланяцца будзеш. Ха-ха! — шчыра зарагатала Вера.

Спроба сьпіхнуць Алесева прызнаньне на жарт не ўдалася. Румянец разьбегся па твары і вочы ейныя пазьбягалі сустрэчы з Алесевымі.

— Мая прыгожая кветка Вера? Васілёк ці рамонак? Скарэй усяго рамонак.

Алесь насалоджваўся дзявочым зьбянтэжаньнем. Выкрывалася цнатлівая, нікім магчыма незакранутая дзявочая нявіннасьць. Нясьмеласьць, няпэўнасьць у ціхім голасе, які, хаця-нехаця, мусіў гамаваць азарт першых парываньняў каханьня. І тут-жа, у гэтым голасе, нейкі дысананс.

— Алесь, каб ты ведаў мяне, запраўдную…

Гэтта яна завагалася.

— Але-ж, але, зараз раскажаш мне страшную гісторыю, падобную да тых юрлівых апавяданьняў часапісу True Confessions (Запраўдныя споведзі).

— Пачакай, я схаджу да свайго возу й нешта прынясу, — сказаў Алесь. Ён ускочыў, пабег да аўта, выняў спад сядзеньня бутэльку брэнды, другую бутэльку вады «Канада драй». Неўзабаве прыбег да дзяўчыны й зноў сеў побач. Напалову наліў брэнды ў плястыковыя кубкі, з папяровага мяшка выцягнуў загорнутыя ў паперы канапкі, паставіў побач бутэльку з вадой.

— Вып’ем, — запрапанаваў, падаючы Веры гарэлку.

— Ня п’ю я, прабач, — сказала ціха Вера.

— Прашу. хоць крыху, вусны памачы.

— Глядзі, напоіш мяне, бяду будзеш мець, — усьміхнулася дзяўчына.

— За нашае здароўе!

— Добра, за нашае здароўе.

Яна запраўды ледзь вусны памачыла і Алесю давялося колькі разоў спанукаць, каб выпіла тое да дна.

— Так што ты запраўды ня хочаш слухаць пра мяне? — спыталася, гледзячы Алесю ўважна ў вочы, кусаючы канапку.

— Калі маеш нязвычайную, нейкую надта цікавую гісторыю з жыцьця свайго дык напішы ў той часапіс «Тру канфэшанс», куды ўсе пакрыўджаныя ці азартныя дзеўкі пішуць, — жартаваў Алесь.

Вера не сьмяялася.

— Магчыма, што некалі раскажу й зразумееш…

Алесь уважна зірнуў на яе. Што такое яна можа яму расказаць? Можа пра першае і катастрафальна-няўдалае каханьне? А можа пра тое, як яны тут цярпелі падчас слаўнае вялікае дэпрэсіі, ці пра тое, як за іхныя рабочыя клюбы заступаліся камуністы?

Пасьля таго, як Алесь выпіў другую брэнды, гэтым разам на солё, адчуў што хлынула цяпло ў галаву.

— Дык што, можа пабяжым зноў паплёхацца?

Ледзь скончыў, а дзяўчына ўжо была на нагах.

«Але-ж і дурань я, мусіць закахаўся!» — сьмяяўся сам зь сябе Алесь пад вечар, калі адвёз дзяўчыну й вярнуўся на кватэру.

13

Калі аднойчы Вера пачала распытваць Ніну Ляскін пра Капшуна, тая сказала, што мужчына працуе недзе ў страховачнай кампаніі, разыйшоўся з жонкаю і агулам ён добры чалавек, якога людзі часта недацэньвалі. Калі-ж Вера хацела даведацца якую пасаду ці працу Рыгор Капшун меў у мясцовым рабочым клюбе імя Горкага, дзе зьбіраліся «рускія канадцы», пачула ад Ніны дакор, што яна крыху занадта многа хоча ведаць. Гэткі дакор крыху ўкалоў Веру бо ня пыталася-ж яна пра нейкія зашыфраваныя атамныя тайніцы. У памяці засела падазрэньне, што Капшун мог быць ня тым, чым прыкідваўся. Павінна-ж быць нейкае апраўданьне сакрэтнасьці Ніны Ляскін.

Ужо некалькі тыдняў жылі пад адной страхой. З гутарак зь Нінай, наглядаючы яе зблізу, Вера спачатку думала, што Рыгор Капшун ёсьць ейным «бойфрэндам», хаця Ніна ніколі гэтага не пацьвердзіла. Некалькі разоў выходзілі разам у горад, у нейкае там кіно ці тэатр. Ані разу Ніна не параіла Веры, што трэба ёй пазнаёміцца, або пачаць наведваць «землякоў з клюбу». Зь іншага боку Веры здавалася, што Ніна занадта ёй цікавілася. Асабліва-ж Ніну цікавілі адносіны Веры да Якімовіча. Гэнае Нініна зацікаўленьне Якімовічам і ёй самой дражніла дзяўчыну асабліва яшчэ таму, што гэтая быццам сяброўка з кватэры амаль ніколі ніякіх сваіх сакрэтаў не расказвала. Калі наагул гаварыла пра сябе ці іншых, дык у вельмі агульных рысах, ніколі нічога такога важнага й канкрэтнага. Вера пачала адудзячвацца Ніне тойсамай манэтай. Яна не магла пазбыцца ўражаньня, што за гэтай сяброўскай маскай суседкі крыецца спрактыкаваная, хітрая старая дзеўка, якая заўсёды ведае куды больш, чым у яе на языку было.

Верын сьціплы заработак у Трыфты Тоні паглынала кватэрная аплата, харчы й вопратка, ня лічачы іншых дробных выдаткаў. Дзяўчына надзвычайна любіла прыроду і ўсьпела ўжо рашчаравацца гэтым вялізным, гулкім горадам, што шпаркім амэрыканскім дынамізмам лез уверх і разрастаўся ўшырыню. Быццам соляй рану пякло дзяўчыну падазрэньне, што гэтая Ніна Ляскін была ейным босам нейкага спэцыяльнага прызначэньня. Калі аднойчы спыталася ў старой дзеўкі, чаму яна да гэтага часу не пазнаёміла яе з моладзьдзю з «прагрэсыўнага рабочага клюбу», Ніна намагалася вытлумачыць, што зусім непатрэбна Веры нагліць, што ёсьць яшчэ час, што неўзабаве яна сама даведаецца ўсё, што патрэбна, ад самога Капшуна, што ёй тымчасам трэба як мага вучыцца беларускую мову, пазнаваць Якімовіча ды агульна быць добрай і паслухмянай дзяўчынай. У выніку такога Нінінага выясьненьня Капшун паказўся Веры ў іншым сьвятле. Ёй ужо здалося, што яна станецца нейкім агентам на Капшуновым павадку, які будуць трымаць касматыя рукі. Няцікавая будучыня. Рашыла тымчасам устрымацца ад роспытаў. Дзейнасьць ейная, як выглядала, будзе розьніцца ад звычайнай працы ў Балтаве. Калі-б ня так, дык навошта ўся гэтая сакрэтнасьць, чаму адчужэньне ад грамады мясцовага клюбу, навошта апэратыўнае апанаваньне беларускае мовы? Неўзабаве дайшло пару элемэнтаў пры помачы якіх можна ўжо было бачыць на нейкую адлегласьць апэратыўны гарызонт, што нарадзіў іншыя пытаньні. Што-ж цяпер? Паслухмяна выконваць загаданае, ці напляваць на гэта ўсё? Пытаньні, сумлевы, ваганьне… Нешта гэта для Веры зусім новае і дагэтуль нязьведанае…

У той час Вера мела немалыя посьпехі ў пазнаньні беларускае мовы. Дагэтуль яна нядрэнна ведала расейскую. Старшая жанчына, якая назвала сябе Лапа, якая жыла недалёка ў суседзтве ў скромна ўмэбляванай кватэры, выклікала яе два разы на тыдзень і па дзьве гадзіны давала інструкцыі. Націскала на гутарковую мову. Матар’ялам для чытаньня была нудная прапагандовая публіцыстыка пра быццам аграмадны прагрэс камуністычнага гіганта на эканамічным фроньце, пра сусьветную ягоную мірную афэнзыву, паклёпы на так званых капіталістычных падпальшчыкаў вайны ды «індустрыяльна-мілітарны камплекс», розных капіталістычных «акулаў з Ўол стрыту», пра галечу прыгнечаных і пакрыўджаных пралетарыяў у капіталістычных краінах ды проста ці ня райскае жыцьцё рабочых у Савецкім Саюзе, якія зь вялікай цьвёрдасьцю і ўпэўненасьцю, — зразумела, пад кіраўніцтвам роднай камуністычнай партыі, — будуюць лепшую будучыню для ўсяго чалавецтва. Для дзяўчыны, якая, дзякуючы няспрыяльным жыцьцёвым абставінам, апынулася была ззамоладу ў радыюсе так званай сацыялістычнай прапаганды, цяжка было вывудзіць крывадушнасьць партыйных брахуноў-злыдняў ізь вялікага мора хвальшу.

Капшун пазваніў Веры ў нядзелю пасьля абеду, папрасіў яе пачакаць бо ён вось неўзабаве мае зьявіцца да яе ў нейкай важнай справе. Апрануты ў спартовую, з гавайскімі малюнкамі, кашулю, ён агледзеў пакой, сказаў нешта на тэму, што ўсё тут прыгожа ды ў парадку і выгадна расьсеўся на канапе, выцягнуў сваю люльку ды ўзяўся напіхаць табакаю. Веры цюкнула ў галаву, што гэты чалавек і тут, выглядае, лічыць сябе гаспадаром, а яе госьцяй.

— Мне сказалі, што ты зрабіла ўжо пэўны прагрэс у вывучэньні беларускай мовы, — пачаў Грыша бязь ніякіх уступаў. — Дык можа пачнем гаварыць пабеларуску? Га? Хачу табе памагчы.

— Я яшчэ слабая, мала навучылася. Ну але, окэй, будзем, — згадзілася Вера.

Засланяючы вокны шторамі, каб не перашкаджала яркае сонечнае сьвятло, Вера маўчала. Юрлівыя Капшуновы вочы сьлядзілі кажны крок дзяўчыны.

— Гэта добра. Магчыма, што нам ужо трэба далей рухацца, — цягнуў нудным голасам Грыша, смокчучы люльку. — Мне таксама сказалі, што ты шмат пра што распытвала… Адкажу на твае пытаньні, магчыма ня ўсе. Адно раю: не сьпяшыся ўведаць адразу замнога, табе дадзём усе патрэбныя інфармацыі. А цяпер, пакуль пачнем пра тваю работу, я мушу некаторае выясьніць.

Ён наўмысна не сьпяшыў. Павольнасьць і дыкцыя, папыхваньне люлькай, давала важнасьць чалавеку і прадмету, пра які меў гаварыць.

— Ці ты калі чула пра камітэт «За вяртаньне на радзіму й культурныя сувязі з суайчыньнікамі за мяжой»?

— Не, ня чула, не прыпамінаю такога.

— Гэты камітэт арганізаваўся даўнавата і базаваўся ў усходнім Бэрліне. Заданьне ягонае двайное: інфармаваньне нашых суайчыньнікаў за рубяжом Савецкага Саюзу пра запраўдны прагрэс нашай сацыялістычнай бацькаўшчыны і краінаў народнай дэмакратыі і зьбіраньне інфармацыяў пра нашых суайчыньнікаў, помач ім у культурных мерапрыемствах. Заданьні, як бачыш, высакародныя: мэтай ёсьць помач нашым суайчыньнікам у цэлым сьвеце ўтрымліваць трывалыя зносіны з бацькаўшчынай, якая сяньня ёсьць зьзяючым прыкладам адбудовы і прагрэсу пасьля вялікай перамогі фашысцкай Германіі сіламі Савецкага Саюзу. Камітэт робіць вялікую працу. Ён зьбірае весткі пра нашых землякоў, памагае ім, калі хочуць, наведаць родных удома, але найважнейшая яго праца гэта пашырэньне праўды пра нашу пралетарскую дзяржаву і ейную культуру ды тэхнічны прагрэс а таксама яе мірную палітыку. Камітэт цяпер выдае шаснаццаць газэтаў у розных мовах народаў Савецкага Саюзу, уключна зь беларускай мовай. Вось тут захапіў я адну, можаш паглядзець.

Капшун выняў зь кішэні і аддаў дзяўчыне гэтую навіну. Вера разгарнула яе і прыглядалася першай бачыне. Вялічынёй чвэрці мясцовых англамоўных гарадзкіх газэтаў, першая бачына — пад вялікім загалоўкам «Сьцяг Леніна», — на друку прапагандовае перадавіцы афішавалася адбіткай, у чырвоным колеры, галавы заснавальніка савецкае дзяржавы. Газэтка называлася «Голас радзімы».

— Можаш пачытаць яе пасьля, — сказаў Капшун. — Прынясу іх болей, каб ты ар’ентавалася ў працы камітэту.

Вера адлажыла газэту.

— Справа ў тым, — гаварыў Грыша, — што гэтыя людзі з Бэрліну бяз нашае дапамогі з такімі вялікімі заданьнямі ня справяцца. Ужо ад нейкага часу яны арганізуюць цэлую сетку давераных людзей па цэлым сьвеце, зьвярнуліся і да нас у Канадзе. Ясна, мы лічым, што помач для іх — наш сьвяты абавязак. Вось, так сказаць, ядро арэха.

— Спадзяюся, што знойдзеце памочнікаў, — амаль абыякава сказала Вера.

— Ня ёсьць так проста, як яно выглядае. Ты ня чула дэталяў. Нашыя людзі з камітэту зацікаўленыя новай беларускай эміграцыяй ня менш, а можа нават больш, як папярэдняй.

— Ага. Дык што за розьніца? Падыход?

— Пэўне-ж. Старая эміграцыя ня кідае нам пад ногі калодаў. Агульна гаворачы, яна тут абжылася, пазнала эксплаататарскі капіталізм, многа перацярпела ў часе вялікае дэпрэсіі і цяпер менш-больш прыязна ставіцца да Савецкага Саюзу, знаходзіцца пад уплывам нашых прагрэсыўна-мірных ідэяў. Зусім падругому абстаіць дзела з новай эміграцыяй. Праўда, бальшыня яе ёсьць інэртнай у палітыцы, значыцца… Але сярод яе ёсьць вельмі адданая група фанатыкаў, фінансіраваная некаторымі буржуазнымі агенцтвамі разьведкі й падрыву… Гэтая група робіць вялікую і шкодную падрыўную працу супраць Савецкага Саюзу і дзяржаваў народнай дэмакратыі. Гэтая малая група, вельмі актыўная, ёсьць папулярна ведамая пад назвай беларускіх буржуазных нацыяналістаў, у скароце — бебурнацы. Група мае некалькі сваіх цэнтраў: адзін у Германіі ў Мюнхэне, другі ў Ню-Ёрку, а галоўны канадзкі цэнтр знаходзіцца якраз тут у Радфордзе.

Гэтта Капшун змоўк, быццам наўмысна, каб дзяўчына перадумала сказанае ім, выстукаў попел зь люлькі, якую зноў пачаў напіхаць пахнучай галяндзкай табакай «Камфора».

— Не, нічога я пра іх ня чула, — адказала Вера.

— Цяпер я хачу ахарактарызаваць гэтую буржуазную нацыяналістычную групу, у якой будзеш працаваць. Вось-жа яны, бебурнацы, клянуцца, што яны ёсьць запраўднымі носьбітамі палітычных ідэалаў ці памкненьняў беларускага народу. Яны гарлапаняць, што зараз Беларусь ёсьць парабашчонная Расіяй, якую яны яра ненавідзяць. Яны-ж даказваюць таксама, што Беларусь нібыта хоча парваць з Масквой ды быць самасьційнай дзяржавай. Гэта ёсьць чыстая ярунда, вымысел гэтых ворагаў беларускага народу. Усё-ж іхная крывадушная прапаганда тут за рубяжом не праходзіць бясьсьледна. Яны працуюць у радыё ў Мюнхэне, якое фінансіруецца амэрыканскай разьведкай і перадае ў Савецкі Саюз сваю варожую нацыяналістычную ненавісьніцкую да савецкіх уладаў і сацыялізму прапаганду. За амэрыканскія грошы гэтыя калішнія гітлераўскія а цяпер амэрыканскія лакеі выдаюць свае газэты. Група гэтая ваяўнічая і ўсюды чужым разьведкам ахвяроўвае свае паслугі. Яе нельга ігнараваць. Нашыя людзі з Бэрліну, з таго камітэту, гэтай групай зацікавіліся і робяць намаганьні, каб яе ў найгоршым выпадку нэйтралізаваць, а ў найлепшым зьнішчыць. Бачыш, вылюдкі гэтыя — пераважна фашыстоўскія недабіткі, хлам, дэгенэраты, калябаранты Гітлера, паліцаі і забойцы, якія мардавалі сваіх-жа людзей. Іхныя рукі — ў крыві нявінных, яны заслужылі на пятлю. Пры нашай помачы камітэт хоча іх выкрываць, каб яны апынуліся ў нашых руках і адказвалі за свае злачыны перад народным судом.

— Калі яны, як кажаш, крымінал, дык што прасьцей? — сказала Вера.

— Вось у тым то й дзела, што тут ня ўсё так проста, як яно выглядае. Бачыш, яны маюць сьвязі і іх фінансуюць ня толькі амэрыканская і іншыя разьведкі, але й германскія фашыстоўскія рэваншысты. Яны вельмі заўзятыя, за грошы, канечне, жыруюцьна людзкой наіўнасьці і палітычнай няграматнасьці, нават некаторых землякоў з нашай старой эміграцыі абалванілі.

— Аж так? — зьдзівілася Вера. Здавалася, яна зразумела пра якіх нягоднікаў-вылюдкаў Грыша распавядае. Усё-ж чакала, пакуль той дабярэцца да нечага канкрэтнага, што адносіцца да ейнай працы ў гэтай чалавеканенавісьніцкай групе.

— Дык, сьледавацельна, — Капшун зацягнуўся пахнучым дымам, зірнуў Веры ўважна ў вочы, — цяпер атнасіцільна тваёй задачы, значыцца работы… Бэрлінскі камітэт найбольш вока дзяржыць на іхніх лідарах. Адносна іх хочуць інфармацыі, панімаеш… Такія весьці яны належна выкарыстаюць, асобінна калі гэтыя фашыстоўскія прыхвасьні маюць родственікаў удома. А многія іх маюць.

— Ага…

— Вось і будзеш працаваць між гэтых людзей, — сказаў Капшун фінальным тонам.

— Што маю рабіць? Інфармацыі зьбіраць. Окэй. А дзе, ад каго пачынаць, дзе яны гэтыя ворагі народу ёсьць? Вы знаеце каго зь іх?

— Усё табе як сьлед паясьню ў час, як трэба, дам указаньні. Работа табе спадабаецца, я гэтага пэўны.

— Я спадзяюся, — адказала Вера тонам, які чакаў выкрыцьця нечага новага і надзвычайнага. Але Капшун, як выглядала, марудзіў.

— Ты не забоцься, — сказаў Грыша. — Апроч некалькіх закаранелых крыміналістаў, запраўдных прафэсіяналаў, гэтыя людзі маюць адкрытае сэрца і ёсьць зялёныя аматары там, дзе праводзяцца так называемыя спецыяльныя мерапрыемствы. Доступ да іх лёгкі. Яны цябе спаткаюць з адкрытым сэрцам, асобінна бяручы пад увагу тваю красату…

Пры згадцы пра «красату» Капшуновы юрлівыя вочы ўважна аглядалі спакусьліва-прыгожую дзяўчыну. Галава-кукіш налілася нейкай агрэсыўнай паўнатой. Пачырванеўшы, Вера абцягнула дол спадніцы ніжэй каленяў. Напружаньне. Патрэбны хуткі разрад.

— Можа вы вып’еце? — асьмелілася дзеўка.

— Чаму-ж не…

— Я зараз прынясу, — устала дзяўчына й зьнікла ў кухні. Нініна пляшка гарэлкі тры чвэрткі поўная. Добра. Трэба будзе ёй адудзячыцца. Вера наладавала міску лёду з халадзільніка, паставіла бутэльку з гарэлкай і яшчэ адну з джынджэр-эйл-вадой і шклянкі на паднос ды вярнулася ў сьвятліцу. Грыша хадзіў па пакоі. Калі яна стаўляла паднос з напіткамі на столік, ён спыніўся, зблізу зазірнуў ёй у вочы, а на твары-кукішы паказалася грымаса, быццам усьмешка.

— Эх, чтобы я был так лет двадцать моложе! — уздыхнуў Капшун.

— Ну й што, каб быў? — Вера адыйшла пару крокаў назад.

— Яшчэ спрашываеш, — наблізіўся мужчына да Веры. — Да ты-жа, мол, толька і будто бы сама ляціш у аб’яція…

Пры такіх словах ён ушчыкнуў дзяўчыну за грудзі.

— Ну што вы, Грыша, пазваляеце сабе! — стукнуўшы па касматай выцягнутай руцэ адскочыла Вера.

Пасьля нязручнае хвіліны Капшун усеўся на канапе, наліў палову шклянкі гарэлкі, адным махам перакуліў яе ў шырока адчынены рот, укінуў у шклянку лёд, наліў джынджэр-эйл і запіў гарэлку.

— Як далёка ты, дзеўка, зайшла зь Якімовічам? — спытаўся.

На твары ягоным распаўзлася чырвань, а вочы наліліся шэрасьцю.

— Дык вы й пра яго ведаеце?

— Ну да, канечна.

— В чем дело? Я-жэ зь ім… у яго работаю.

— Я не имею время за тобой насматривать, но хотел бы узнать затащил он тебя уже в кровать или нет.

Грышаў голас завайстрыўся. Можа гарэлка дзее? Узрушэньне пераключала яго на расейскую мову.

— Што за вапросы! — пачырванела Вера. Румянцам загарэўся твар дзяўчыны. Такія пытаньні чалавека з колкімі вачмі, у якіх раней гаспадарыў прыліў юрлівасьці, прыносілі небясьпеку. У скроні ўдарылі малаточкі. Капшун наліў амаль палову шклянкі гарэлкі сабе і Веры.

— Я гарэлкі ня п’ю, — станоўчым голасам сказала дзеўка.

— Ну, ничего, пригубить можешь! — ён падаў Веры шклянку з гарэлкай. — За наше сотрудничество! Окей? — спытаўся ў яе, стукнуўшы сваёй шклянкай у ейную.

— Окэй, — нясьмела адказала Вера. «Хто яго ведае, што ён далей пачне вытвараць. Лепш асьцярожна зь ім», — меркавала дзяўчына.

— За твае ўсьпехі! — прадаўжаў Капшун. Ён выпіў гарэлку, запіў вадою, а Вера адно памачыла вусны.

— Буду старацца, — адказала. — Але чаму пытаецеся нашчот Якімовіча? Што ён?

— Да он один с этих… понимаешь, наших объектов… фашистских колаборантов, сволочь!

— Ён хто?

— Я-ж сказаў: ён адзін з тых крыміналістаў, фашысцкі калабарант!

Дзяўчына анямела, адчыніла ад зьдзіўленьня рот. Што гэта такое чуе яна ад гэтага чалавека? Усьведамленьне сказанага ім прыходзіла паволі. Нешта быццам кальнула ў сэрца. Алесь… Што гэта такое? Адно тады стукнула ёй у галаву, якая ўжо неабыякавая яна да гэтага чалавека! Куды больш — закаханая. А гэтта вось кажуць, што ён з той крымінальнай групы, можа дзе нявінных людзей забіваў! Зь вялікім намаганьнем старалася ўтрымаць раўнавагу. Грыша трымаў на ёй свае колкія, але крыху ўжо засмужаныя гарэлкай вочы.

— Калі йдзе пра Якімовіча, я да яго… як вам сказаць? — няпрывязаная, — сказала з ваганьнем у голасе дзяўчына.

— Да. Харашо. Хачу табе наказаць: ніколі не разрэшай чтоб тваё пэрсанальнае жыцьцё было заградай у іспалненьні ўзятых табой абавязкаў. Не положено, понимаеш?! Якімовіч гэта адзін зь іх большых тузоў на нашай лісьце. Другі ёсьць Антон Шпак, ізьвесны фашысцкі бебурнацкі пісацель, таксама зьдзесь пражывает. Но ёсьць і другія. Такім нужно адабраць голас. Панімаеш? Чтоб это зьдзелаць, нужна полная інфармацыя. От как… Мы заінцерэсаваныя іх слабасьцямі, навыкамі, сваякамі, якіх маюць дома, значыцца ў Саюзе Савецкім… Каротка гаворачы, трэба іх ізучыць: чым яны дыхаюць, чым жывуць, што робяць. Неабхадзіма паэтаму ўліцца ў іх обшчаства. Самае важнае — грунтоўнасьць і точнасьць, значыцца дакладнасьць. Промаху нам не положено делать. Понимаешь? Ведаю, што ня маеш практыкі ў такім напраўленіі… Ці згаджаешся такой работай заняцца?

— Га? Чаму-ж не… окэй! — паспяшылася з адказам Вера.

— Прежде всего и самое главное, — устаў Грышка з канапы, — советую тебе точно и усердно заняться Якимовичем… Калі ня будзе іншага выхаду, можаш навет пусьціцца поўным образам… абы толькі ўлезьці ў ягоны круг обшчаства. Панімаеш? Патом я табе скажу што далей рабіць.

«Пусьціцца поўным образам»… «Пра што гэты чалавек гаварыў? Пусьціцца?» Увесь гэты, падсунуты ёй так умела нейкімі там вышэйшымі апэратыўнымі спэцамі абавязак, паказаўся ў Верыным уяўленьні зусім іншым тварам. Пратэставала пачуцьцё, спрачалася яно з розумам, з развагай, недзе вагалася перад няведамым. Хто такі гэты вось чалавек з галавой-кукішам, каторы нагаварыў ёй такіх бязглузьдзіцаў пра Алеся, да якога толькі вось кагадзе ў сэрцы зарадзілася нейкая іскра, што разгаралася, пагражаючы вялікім полымем? Той Алесь, якога пазнала з працы і сустрэчаў, гэты прыгожы і дынамічны дзяцюк зусім не адпавядаў постаці нейкага там фашыстоўскага ката, што нявінных людзей мог забіваць… Ёсьць недзе разгадка. Што-ж, тымчасам перад табой Гордыеў вузел…

— Я-ж сказаў, — пацьвердзіў ранейшае Капшун, — сьпяшыцца надта ня трэба. Але і не зявай! Падлабунься да Якімовіча, а ўжо чэраз яго далезеш туды, дзе ты нам нужна.

Неўзабаве Капшун пайшоў. У тую ноч Вера доўга марылася бяссоньніцай.

14

Калі Алесь жартаваў з Канадыйцамі пра сваё паходжаньне, дык перш за ўсё казаў, што завітаў у гэты мурзаты й зваяваны сьвет тады, калі зямля ягонага бацькі галечай шчэрыла свае зубы пад акупацыяй наймудрэйшага ў цэлым сьвеце народу. Народ той у часе Алесевага нараджэньня на ўсю моц свайго ахрыплага патрыятызмам голасу энтузіястычна праслаўляў маршалкоўскую булаву вусатага маршалка, які гэным часам клапаціўся пра «моцарствовую айчызну» ў варшаўскім палацы Бэльвэдэры й забаўляўся сваімі пасівелымі вусамі ў Лазенцы.

На парозе Другое сусьветнае вайны «брацкую руку помачы» паняволеным Беларусам, што гаравалі дагэтуль пад уладай таго наймудрэйшага ў цэлым сьвеце народу, выцягнуў найбольш праслаўлены ў сваёй імпэрыі панегірыстамі й падхалімамі «айцец усіх народаў і карыфей усіх навукаў». Ён, гэны наймудрэйшы з мудрых, кагадзе разбудаваў і ўзбуйніў Гулаг, у якім вымардавалі дзясяткі мільёнаў нявінных людзей. Неўзабаве той «бацька», пры помачы «раскаваных рабоў» прадаўжаў папаўняць рабсілы Гулагу з той «здравствующей освобожденной Западной Белоруссии». Валакліся па бездарожжах праклятага Сібіру калёны сьмерці із словамі на парэпаных вуснах:

І заўтра зноў узыйдзе сонца,
І будуць людзі есьці й піць…
І ніхто ізь іх ня ўспомніць,
Як мы хацелі жыць!

У чырвені сорак першага на «айца ўсіх народаў» напаў ягоны «саюзьнік — Вялікая Германія». Амбітны бэрлінскі капрал новую ваенную трасцу згарусьціў: перабудаваць сіламі «гэрэнфольку» сьпярша ўсю Эўропу, а пасьля й цалюсенькі сьвет. Пры тым капралавым «дранг нах остэн» здарыўся магутны ўсплёск, і калі ўжо «бацька ўсіх народаў» пхаў яго назад з клічам «даёш Бярлін!» дык нашага юнака Алеся тая хваля аж на Апэнінскі паўвостраў выплюнула.

У Італіі Якімовічу давялося, — і дзякаваў ён Богу за тое, — надзець на сваю чубатую галаву талерку-шлём ды апрануць «батлдрэс» 8-е арміі Джорджа Шостага, з Ласкі Божае Караля Брытанскага Камэнвэлту і Індыі Імпэратара. Гэткім чынам юнак Алесь, што тут-жа перад вайною, у зрэбных штанох, кужэльнай саматканай кашулёнцы ды босы, джгаў як мага праз поле, — вочы на лоб! — да бальшака, каб пабачыць як пан Слатвінскі на сваім аўтамабілі-дрыньдзе ехаў (гэта-ж табе ня хаханькі, такая тэхніка!), пад канец вайны памагаў Джорджу Шостаму, — з ласкі Божае каралю імпэратару й гэтак далей, — вытурваць нямчуру й чорнакашульнікаў мясцовага «дучэ» са сьветлае краіны Дантэ, Вэрды й «сьвятых айцоў»… Ці гэта калі яно такое беларускаму пастуху й селяніну Алесю магло раней прысьніцца?

Адгэтуль простая выснова: вайна тая магутнай катапультай выкінула нашага юнака «ў людзі», а пасьля ён ужо найбольш сваімі намаганьнямні, пры мінімальнай помачы Джорджа Шостага, перабраўся за акіян. У пасьляваенны час нялёгка за акіян трапіць было, але-ж хаўрусьнікаў, за іхныя ваенныя заслугі, узнагародзілі. Алесь Якімовіч падпісаў з канадыйскім урадам кантракт, што за мізэрную заплату, — сорак пяць даляраў у месяц, харчы й кватэру, — будзе працаваць парабком у нейкага канадыйскага фармара, даіць кароў і гной кідаць. Ужо куды пазьней давялося Алесю рагатаць, калі пачуў на мэлёдыю канадыйскага дзяржаўнага гімну змайстраваную адным беларускім жартаўніком пародыю:

Ох, Канада! Як я цябе пазнаў,
Дык кідаў гной і рана уставаў.
А назаўтра зноў я даіў кароў
І ў полі жыта жаў…
Ох, Канада, як я цябе праклінаў!

І казаў пра гэтую вялізную заморскую краіну некалі геніяльны Вальтэр, што яна — некалькі акраў сьнегу. А канадыйскі Армянін ахарактарызаваў яе ўжо зусім памадэрнаму: «Канада — балшой чохніка, а култура нікакой».

Мінулае не адыйшло ў нябыт. Тваё карэньне… Там асталася й маці. Дзе яна, жыве яшчэ ці ўжо адыйшла ў лепшы сьвет? Мінулае — гэта ты. Дарма ілюзіямі жыць. І бізнэсавы гармідар, і матар’яльныя прыбыткі, і пашана за твае гандлёвыя посьпехі — усё гэта нажытае, прылепленае да цябе быццам звонку. Яно не з тае глыбіні, не ад дарагіх родных гоняў і лясоў, не ад бусла, зязюлькі й салавейкі, не ад песьняў працавітых жнеек і вясковых пастушкоў, не ад той вялікай і гаротнай зямлі, што дала табе жыцьцё… І ў гомане гандлю, і ў шуме траскатні гораду-гіганта, што магутнее й расьце, не пакінеш ззаду мінулае, бо яно — ты…

Пасьля таго, як «бацька народаў» падаў сваю закрываўленую руку «прыгнечаным» Заходняе Беларусі, нарадзілася ў людзей спадзяваньне на лепшую будучыню. Новыя гаспадары раздавалі сялянам зямлю польскіх памешчыкаў і асаднікаў. Малазямельны Алесеў бацька таксама трымаў вока на сьціплы надзел, не падазраючы, як і бальшыня руплівых сялянаў, што зямля тая станецца пасткай на дарозе ў калгасны прыгон, у які неўзабаве пачалі заганяць новыя валадары пры помачы мясцовых гультаёў і абібокаў. Бальшавіцкі «новы лад» душыў непасільнымі падаткамі, груганьнём розных палітрукоў на бесканечных «мітынгах», выгнаньнем людзей у канцлягеры. Алесеў бацька, замарыўшы каня вывазамі кубамэтраў каменьня й лесу, схудзеў, ледзь валок ногі, праклінаў новы лад і мясцовых ды чужых паразітаў, плакаў, гаротнік, ад тых «дабротаў новага ладу». Забралі яго цёмнай ноччу. Прапаў. Колькі маці ня бегала да рознага начальства, нічога канкрэтнага не даведалася ні пра ягоную нейкую быццам крамолу, ні пра тое, дзе ён падзеўся. І ў маці не высыхалі цяпер сьлёзы. Як і раней, ліпела пры сваёй швейнай машыне, каб хоць неяк пражыць, спадзяючыся, што сын падрасьце ды на добрыя ногі стане.

«Саюзная Вялікая Германія» абрынулася ў чырвеньскі дзень на «імпэрыю зла», якая пахіснулася, трэснула, распадалася, ня гледзячы на палымяныя заклікі «бацькі ўсіх народаў», каб змабілізаваць на яе абарону ўсякую «ваен— і рабсілу». Неўзабаве цэлую Беларусь праглынуў Гітлераў «гэрэнфольк». І паверыце? Перад беларускай моладзьдзю адкрыліся дагэтуль няведамыя гарызонты. Алеся клікала беларуская школа, вялікае нацыянальнае адраджэньне, а пасля — Саюз Беларускае Моладзі. Вірус патрыятызму прыжыўся на папялішчах дагэтуль зьненавіджанага і адыйшоўшага ў нябыт маскоўскага прыгону. Бацькаўшчына клікала далучацца да шэрагаў моладзі. Акупант не заахвочваў, але й не перашкаджаў беларускім дзеткам вучыцца ў роднай мове. Як прыгадваў пасьля Алесь, клікаў-заахвочваў юнакоў і юначак змагацца за сваё і магутны голас геніяльнага паэта:

Рушымся, брацьця, хутчэй
У бой з жыцьцём, пакідаючы жах,
Крыкі пужлівых людзей
Ня стрымаюць хай бітвы размах!
Проці цячэньня вады
Зможа толькі жывое паплыць.
Хвалі-ж ракі заўсягды
Цягнуць тое, што скончыла жыць.

«Дранг нах остэн» зьмёў на сваім шляху «жыда-бальшавізм» і голасна аб’явіў, што ён «назад ня вернецца»! Спачатку на занятых Немцамі абшарах Беларусі адчыніліся адно пачатковыя школы. У праграме адукацыі зьявіліся, як здавалася дзеткам старэйшых клясаў, два загадкавыя словы: гісторыя Беларусі.

— Беларусі гісторыя? — пыталіся яны. — Ці ёсьць такая гісторыя? Адкуль яна пачынаецца? Ці гэта запраўды магчыма, што Беларусь мае нейкую гісторыю? Тое, што яны «тутэйшыя», бальшыня дзетак ведала. Некаторыя выняткова ведалі нават, што яны — Беларусы. Але што Беларусь мае сваю гісторыю? Зьбянтэжанасьць. Трэба было заглянуць у глыбокую мінуўшчыну. Пачалі ад далёкага Полацкага Княства… На сыстэматычны разгляд і праверку кажнай бачыны гісторыі дарагога народу ня было часу. Пераскаквалі, часта праз некаторыя гістарычныя раўніны і ўхабы шыбавалі нацянькі. А тут ужо, дзе бліжэй, і галасы выдатных сыноў і дачок былі куды больш зразумелыя. Гэтак зусім, здаецца, яшчэ нядаўна, Янка Купала сказаў, што

…чалавек я, хоць мужык!

На помач яму — Якуб Колас:

…папы й ксяндзы дубінай
заганялі нас у рай!

Во як! Дубінай заганялі! Што гэта за рай такі, у каторы «дубінай» трэ было заганянь? І гэтта на помач словы яшчэ аднаго гаротніка-паэта:

А даўней Беларус, непадданы,
Гаспадарыў, быў сам над сабою
І далёка у сьвеце быў знаны
За Літоўскай і Ляскай зямлёю.

Па зярнятку, па макулінцы прагна і сквапліва зьбіраліся веды. Раптоўна, быццам падштурхоўванае ваенным агнём, прыходзіла хрысьціянскае і нацыянальнае ўсьведамленьне. Школа, узяўшы за руку, вяла на дарогі адкрыцьця, шляхі радасных і бясцэнных знаходак. Ад свае гразкое вуліцы — на бальшак, а там і на вялікія дарогі. Насамперш прышчэплівалася любоў да пакрыўджанага шматпакутнага калішняга гаспадара роднай зямлі, створанай ім культуры, да Бога, зруйнаваных нацыянальных і рэлігійных сьвятыняў, роднае мовы, народных традыцыяў, песьняў, мастацтва. А побач тая-ж дагэтуль няведамая гісторыя Беларусі раскрывала і выстаўляла бясспрэчнымі фактычнымі доказамі жахлівае махлярства, суцэльную хлусьню і варварства суседзяў, што заўсёды пад лёзунгамі хрысьціянства й панславізму, падпёртага калішнім місіянізмам, пасьля камунізмам і ці мала яшчэ якімі крывадушнымі ізмамі крывавілі, выбівалі, стагодзьдзямі паланілі некалі вялікі й міралюбны народ, падсякалі ягонае жывое карэньне. Моладзь прагна спажывала духовы корм, станавілася на поўны рост, напаўняла родныя прасторы патрыятычнымі песьнямі, рухалася ад асноўнага вывучэньня ўсяго свайго роднага й дарагога да элемэнтарнага тварэньня гісторыі.

А навокал, вунь на іхных вачох, вялікая гісторыя рабілася ненасытнымі-прагавітымі хіжакамі-чужынцамі. Часу было ў вабрэз. Гэтта-ж, як на далані, відаць было, як казаў геніяльны паэт, што

Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь сьвежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракі
І тваю маці-бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часьці, на кускі.

Дый не адзін «чужак-дзікун», а найменш два… І яны — Масква й Бэрлін — для народу беларускага былі абое рабое! Гэтта-ж ля іх, тытанаў, каб уварваць і сабе кавалачак, завіхаліся памочнікі з таго найразумнейшага на сьвеце народу. І яны на верных сыноў і дачок зямлі беларускай, зьняможаных у змаганьні, быццам ненажэрныя шакалы і груганьнё нападалі. У агні й крыві, у пекле расьлі юныя патрыёты, беларускае нацыянальнае ўскалосьсе. Ці хопіць часу, каб каласом узбуйнець і плён даць?

Два тытаны мардавалі, палілі, нішчылі. Ці ёсьць словы й гукі якімі льга перадаць тое, што адбывалася тады ў той гэене на гаротнай зямлі? Ужо пасьля вайны рабаўласьнікі непакорнай краіны быццам падлічылі й сказалі: так, загінуў кажны чацьверты. Так? А ці ўзялі ў лік тыя мільёны, каторых у «мірны час вялікага сацыялістычнага будаўніцтва» ў канцлягерах сьмерці, у шматлікіх і тады яшчэ неадкрытых Курапатах вымардавалі?

Алесь належаў да Саюзу Беларускае Моладзі, скончыў курсы кіраўнікоў яе ў Альбэртыне. Ганарыўся гэтым. Затое яго пасьля маскоўскія падхалімы фашыстам і калябарантам назвалі. Саюз Беларускай Моладзі быў нянькай і апякуном маладой Беларусі, якой выпала менш трох гадоў, каб стануць на ногі й падрасьці. Яна ўлівала ў сэрцы юнакоў і юначак патрыятызм, вучыла іх сумленнасьці, веры ў Бога, працавітасьці, пашаны гісторыі й народных традыцыяў. Здабываліся асноўныя цноты чалавека. Найважнейшае, каб на моцы ўсяго, яму некалі адабранага, а цяпер дадзенага, здабыў самае дарагое і неабходнае — беларускую годнасьць. Бо замала было асягнуць тое дэклярацыйнае — людзьмі звацца! Цяпер трэба было ня толькі людзьмі быць, але змагацца на жыцьцё й сьмерць за тое, каб выжыць. Каб ніхто й ніколі ўжо не паставіў цябе на калені, рабсілай не зрабіў!

І для людзей, якім перарэзалі, здаецца, усе шляхі, адабралі права якога-небудзь выбару, у сорак чацьвертым вясной прыйшоў час выбару. Няпраўда, выбарам гэтага нельга назваць: або ўцякай, разам зь Немцамі, або сустракай маскалёў. Абое рабое, — найнавейшая Сцыла й Харыбда! Што-ж будзе, калі трапіш у пашчу ненасытнага «вялікага й мудрага бацькі народаў»? Цябе чакае або сьмерцяносны Гулаг або «даёш Бярлін». Ненавучанага ваеншчыны пагоняць на перадавыя, дзе крыкам «ура» нікога не спалохаеш. А Гулаг чакаў новае рабсілы. Ну а што станецца, калі зь Немцамі пойдзеш? Недзе да станка на фабрыцы прывяжуць, або ў якога баўэра ад сонца да сонца, — дух зь цябе вон! — будзеш ішачыць. Гітлер мільёны сваёй машынай вымардаваў, дык значыцца і тут рабсіла… Ох, як патрэбная! Выбірай.

Гітлераў «тысячагадовы райх» крышыўся-гарэў-распадаўся пад ударамі з захаду і ўсходу. Значыцца на ягоную зьмену сюды ў Беларусь прыйдзе зьненавіджаны й міліярды разоў пракляты маскоўскі Молах-тытан, каторы ў мора варварства кіне цэлую ўсходнюю і сярэднюю Эўропу. А там, на захадзе, перамогуць дэмакратычныя краіны. Каб туды як дастацца!

Думка, што неяк ня зусім выразна нарадзілася ў галаве, інтрыгавала. Можа яна, гэтая раптоўная думка, пусьціла карэньне ў сьведамасьці куды раней, калі Алесеў бацька, праклінаючы «місіянераў» з Масквы й Варшавы, добрым словам успамінаў Ангельшчыну і Амэрыку. — Вось там, — разважаў бацька Янка Якімовіч, — павінны людзі добра жыць! Тамака, кажуць, і заробіш добра, і для Бога, і для чалавека волі хапае!

Дарэчы, у гэны гурт краінаў, дзе людзі добра жывуць, дзе ўсім волі хапае, залічаў бацька Алесеў і Аргэнтыну, і Канаду, дый бліжэйшую Францыю. Ведама-ж усім навокал, што ў Францыю многа каторыя дзяцюкі езьдзілі «ў шахты» грошы зарабляць, прывозілі адтуль заашчаджаныя франкі, ну а з Амэрыкі цягнулі даляры. За гэткімі дзяцюкамі пасьля ганяліся ўсе дзеўкі; адно пальцам кіўні, — любую возьмеш.

Разважаньні… меркаваньні… Ня было калі, агонь ужо пяткі прыпякаў. І гэткім чынам, выбар у бязвыбарным піхнуў на захад. Шкада маткі, якую перашкодзілі забраць. За яе адну, за яе гаротніцу, марыўся пасьля юнак доўгі час бяссоньніцай.

Пасьля перамогі захаднія хаўрусьнікі скрупулёзна выконвалі свой дагавор з Масквой аб рэпатрыяцыі зь Нямеччыны савецкіх грамадзянаў. Давялося ім, вядома, ужываць так званую цьвёрдую руку. Ангельскі Томі і амэрыканскі Джы ай Джоў сваім вачом ня верылі: людзі адмаўляліся ехаць на радзіму… Як гэта разумець? Расея, тая аграмадная і магутная Расея, якая ў сканфужаным уяўленьні заходняга хаўрусьніка «бацькі народаў» цягнулася ад Владывастоку да Бэрліну, гэтая Расея клікала сваіх дзетак дамоў, каб прыгарнуць іх, нагрэць, ашчасьлівіць. А гэтыя дзеткі адмаўляліся. Яны ня толькі не сьпяшылі ў абдымкі дарагой маці, а некаторыя забівалі сябе. Што гэта такое? Адкуль таму Джову, што чвякаў жвачку Рыглея, ці пляваў сьмярдзючай табакай, зразумець было пачвару Расею й паняволеныя ёю народы?

Пад камандай генэрала Піліпа Іванавіча Голікава, «намесьніка наркома абароны па кадрах, упаўнаважанага па справах рэпатрыяцыі», што атаўбаваўся із сваёй бандай у Парыжы, пры помачы верных захадніх саюзьнікаў праводзілася паляваньне на «невозвращенцев» хуткім тэмпам па цэлай Эўропе. На помач Голікаву — мільённая амэрыканская ваенная сіла, ня меншая ангельская. Мільёны людзей, у тым прынамсі паўмільёна Алесевых суродзічаў, загналі ў Гулаг. Адзін Ліхтэнштэйн, які ня меў нікога пад зброяй для абароны мініятурнага княства на сумежжы Швайцарыі і Аўстрыі, пад апеку каторага ўцякло пару сотняў «невозвращенцев», сказаў Голікавым паляўнічым, што нікога ім не аддасьць бо гэныя людзі не хацелі ў ніякую эсэсэрыю да ніякага «бацькі ўсіх народаў» вяртацца. І Голікаў, — паверыце, добрыя людзі? — пакінуў бравы Ліхтэнштэйн у супакоі.

«Вялікі й мудры» варвар у Крамлі захлынаўся ад рогату. Ён за ўсякую цану намагаўся напоўніць Гулаг новай рабсілай. Ніколі-ж у сваіх найбольш амбітных марах не давялося спадзявацца яму, што заходнія так званыя саюзьнікі запраўды такія сьляпыя й дурныя. Яны пазбываліся сваіх найлепшых памочнікаў, патэнцыяльных хаўрусьнікаў у будучым змаганьні з маскоўскім імпэрыялізмам, аддавалі іх усіх «вялікаму й мудраму айцу ўсіх народаў і карыфэю навукаў», проста навыперадкі пхалі мільёны зьнямоглых гаротнікаў у бальшавіцкае пекла.

Ужо шмат пазьней, пасьля вайны, даведаўся Якімовіч пра так званае страчанае пакаленьне. Паводле прыблізных падлікаў адказных вэтэранаў «вялікай айчыннай вайны», тым страчаным пакаленьнем аказаліся ўраджэнцы 1924-25-26 гадоў. З сотні высланых на «даёш Бярлін», вярталася назад адно двух ці трох… Былых сяброў Саюзу Беларускай Моладзі праглынуў на даўгія гады Гулаг. І Алесь гадамі нараджэньня належаў да таго «страчанага пакаленьня». Кемлівасьць, патрыятызм і вынаходлівасьць выратавалі яго ад праклятай сталінскай мятлы, што на замінаваным і крывавым шляху «даёш Бярлін» і ў Гулагу зьмяла з родных ніваў найбольш цэннае, што было ў самым росквіце, пакаленьне шматпакутнага народу.

15

Пасьля тае даўгое гутаркі з Капшуном Вера ці раз намагалася ўявіць Алеся вылюдкам, забойцам нявінных людзей, з рукамі ў іхнай крыві. Казаў яшчэ Грыша, што ён і цяпер быццам браў удзел у нейкіх кансьпірацыйных апэрацыях. Што за загадка! Тут ці ня сам чорт рогі мог паламаць. Намаляваны Капшуном злачынца ніяк не нагадваў таго дзяцюка, — ветлівага, талерантнага, зычлівага, добра адукаванага, сумленнага, — якога Веры ўжо ўдалося пазнаць з бліжэйшае адлегласьці. Калі-б Алесь нават хацеў маскавацца, дык-жа перад ёю ня было патрэбы. Ён ня мог яе ведаць да сустрэчы ў Трыфты Тоні.

Вера некалі чытала ня толькі «буревестника революции», але й розных клясыкаў. Пачынаючы зь несалодкага дзяцінства жыла між розных апякуноў, пазнавала шматлікіх людзей. Меркавала, што жыцьцё ўзнагародзіла яе багатай практыкай. Тут-жа яна лоб у лоб сустрэлася зь нечым, чаго раней ня мела магчымасьці спанатрыць. З аднаго боку Капшун выступіў із сваім варыянтам Алеся. Зь іншага — Алесь, якога, здавалася ёй, крыху ўжо пазнала. І завязка таго, што людзі называюць каханьнем.

Намагалася прадставіць Алеся ў найбольш нэгатыўным сьвятле, уявіць яго чалавекам на Капшуноў узор. Пасьля гутаркі з Грышам трымалася ў адносінах да Алеся больш асьцярожна. Лёгка было страціць раўнавагу, апынуцца ў мутацыях нявырашанага нутранога канфлікту. Колькі тут было няведамых? Духовы фэрмэнт нарастаў. Канфлікт мог выбухнуць зь небясьпечнай сілай, разбурыць веру й догмы, якія былі апорай дагэтуль.

Вера ўпэўнілася, што Алесь ёй шчыра цікавіўся, магчыма што ў адносінах да яе кіраваўся адно пачуцьцём. Дзяўчына-ж асірацела ў веку васьмі гадоў і ў дзяцінстве не спазнала ад нікога матчынай ласкі. Пазьней да яе, ужо ўзрослай, ці раз заляцаліся розныя дзяцюкі. Але ніводнага сур’ёзнага не пазнала. Некаторыя цікавіліся адно сэксам. Аднойчы была моцна пакрыўджанай, іншы раз рашчараванай. Да часу знаёмства з Алесем, міма ўсяго пройдзенага, зьберагла, ёй здавалася, у сябе ўсё найлепшае. Гатовая была пайсьці насустрач запраўднаму, гатоваму расьці з двух бакоў, каханьню.

Цяжка было яе зьвесьці з тропу нейкім маскарадам. Алесь захапляўся ейным прывабным выглядам, ці раз пра гэта адкрыта гаварыў. Быў памяркоўным, зычлівым, дабрадушным, шмат разоў памагаў ёй на працы ў краме, ніколі не надужываў сваёй пазыцыі боса. Дрымучыя дзявочыя пачуцьці прачыналіся. Кантраляваныя раней, яны цяпер жадалі поўні, росквіту, плёну. І ці яе віна, што гэтта зьявіўся Капшун, які сказаў наступнае: перад табой фашыстоўскі крыміналіст, забойца нявінных, выкідыш грамадзтва. Ідзі, нават пусьціся зь ім, злаві падмані за ўсякую цану. Празь яго мы закрыем раты іншым бебурнацам, фашыстоўскім махрыстым злачынцам, або зьліквідуем іх.

Заданьне нялёгкае. Ды выканаць яго такой дзяўчыне, як яна — плюнуць, калі-б яно не закранала тваіх людзкіх пачуцьцяў, каб можна было гэта неяк мэханічна. Хаця-нехаця, тут лёгка ад яго не адкараскаешся. Пастанавіла, падумаўшы-перадумаўшы пра «людзей з клюбу», ацаніўшы сытуацыю «на халодную галаву», дзеяць паволі. А сумлевы вярталіся. Зноў-жа вярталіся старыя пытаньні… А можа яно так, а можа лепш гэтак…

Падсумаваўшы выказваньні Капшуна, гэты дзяцюк павінен быць надта-ж спрытным і кемлівым чалавекам, праўдападобна не адны зубы зьеў у мастацтве інтрыгі, махлярства. Магчыма меў набітую руку ў забойствах. Памяркуем, што ён цяпер зь вядомых прычынаў маскаваўся. Дык што крылася пад маскай? Адкуль ён зьявіўся, што рабіў падчас апошняй вайны. Кардынальныя пытаньні…

16

Гэтых вялікіх матылёў зь вясёлкай хварбаў называлі тут манархамі. І запраўды ці адзін манарх мог-бы ім такіх колераў пазайздросьціць. Некаторыя мясцовыя і суседнія навукоўцы ўжо ганяліся за гэтымі прыгажунамі, каб адказаць на пытаньне: дзе яны зімуюць. Расьцьвіла адна тэорыя, што яны адсюль, з сакавітай прыроды Канады адлятаюць зімаваць аж у Мэксыка. А тымчасам яны вось тут — вялізная колькасьць — пырхаюць у квецені ля поўнай рэчкі Крэдыт, што паволі пхне цяпер свае воды ў глыбокім яры ў недалёкае возера. А за матылямі, сама быццам матылёк, ганяецца Вера. Усьцешанаму такім пагодным днём Алесю прыгадалася пачутае ў сьвятыні: «усякае дыханьне славіць Госпада». Так яно. Птушыныя песьні, расьціннасьць, сонца… Пацеха, маладосьць… Не хапае салавейкі, бусла й жаваранка… Калі-ж ідзе пра тое «дыханьне», дык тут няма атрутных бензінных гарадзкіх выхлапаў. Сонца, зелень, роскаш. Вера, пабачыўшы птушку робіна, цікава раскажа пра яе. Яна ў гэтай краіне роджаная, любіць прыроду.

Дзяўчына перастала ганяцца за матылямі. Ішлі, задуманыя, насычваліся адчуваньнем блізкасьці, гаварылі зрокам. І іхныя думкі былі, пэўне-ж, больш будзённымі, чымся тыя, што «славілі Госпада».

— Алесь, ты ведаеш, мы ўжо даўно разам працуем і бачымся, але ты мала расказаў пра сябе: як ты жыў, дзе быў. Можаш расказаць?

— Гэй! — зьдзівіўся Алесь. — Я ня ведаў, што ты так добра гаворыш пабеларуску. Адкуль то раптам узялося?

Яны спыніліся. Алесь доўга і ўважна глядзеў дзяўчыне ў вочы. Дагэтуль гаварылі пераважна паангельску, адно рэдка калі ў мову дзяўчыны прарывалася расейскае ці беларускае слова.

— Я, знаеш, мала гаварыла, але цяпер нямношка падвучылася.

— А навошта табе гэта? Ці ты нямношка падвучылася, каб са мной пабеларуску гаварыць, ці што?

— Можа так, а можа й ня так. Хачу пазнаць твой край, чытаць беларускую літаратуру, спаткаць землякоў тваіх.

— Мне вельмі прыемна такое з тваіх вуснаў пачуць. Калі магу як памагчы табе вучыцца, то калі ласка…

— Можаш, мой даражэнькі, — раптам згадзілася Вера.

«Даражэнькі»… Дагэтуль дзяўчына ніколі не назвала яго гэтым ласкальным словам. Алесь задумаўся, ці Вера цяпер думала паангельску і ўжывала беларушчыну, ці як. Ідзе, прыкладна, пра ўжываньне таго-ж слова «дарагі». У канадыйскай ці амэрыканскай бізнэсавай дый і ў іншай карэспандэнцыі, там, дзе ў беларускай мове ўжываецца слова «шаноўны» ці «паважаны», на гэтым кантынэньце ды і ў самой Ангельшчыне скрозь ужываецца слова «дарагі». Чалавек вам зусім незнаёмы, вы да яго пішаце ліст у нейкай справе першы раз, усёроўна пачынаеце: «Дарагі містар Сміт», так і гэтак… У нашай мове гэткі зварот здаўся-б надта дзіўным. Адгэтуль у ангельскай мове слова «дарагі» набыло крыху іншы нюанс ці сфэру ўжываньня, чымся ў нашай.

Прыселі на беразе рэчкі.

— Ты вельмі амбітная дзяўчына, — пахваліў Веру Якімовіч.

— Як добра чуць гэта ад майго боса. Можа дасі мне лепшую работу? — жартавала Вера. Яна ўзяла гатовы кій, што знайшла побач, варушыла ім у вадзе. Паднялася каламуць. Дзяўчына прыглядалася страказе, што быццам верталёт, затрымалася над купінай.

— Зусім не жартую. Беларускую мову вучылася! Цікава, якія там яшчэ ў цябе неспадзеўкі.

— Ты не адказаў на маё пытаньне.

— Гэта якое пытаньне? Ага, памятаю. Ты хочаш даведацца пра мяне?

— Так.

— Чаму?

— Таму, што хачу лепей цябе пазнаць.

Алесь маўчаў. Ейная парфума… Якая гэта? Ці ня бэзавая? Ледзь стрымліваўся, каб ня ўзяць дзяўчыну ў абдымкі, абцалаваць яе…

— Адкуль мне пачынаць? — спытаўся.

— З самага нізу.

Алесь усьміхнуўся, уважна прыгледзеўся рамонку-спакусе, жартаўліва пачаў апавядаць.

— Ну добра… Расказвалі мне, што нарадзіўся я ў старэнькай струхлелай хаце над раніцу, пасьля трэціх пеўняў…

— Што гэта струхлелая? Што гэта трэціх пеўняў? — адразу перапыніла яго дзяўчына.

— Струхлелая, гэта значыць спарахнелая, ці — паангельску — rotten, а пеўні то roosters, яны сьпяваюць трэці раз над раніцу.

— Разумею.

— Расказваюць, што на сьвет памаглі мне зьявіцца дзьве вясковыя бабкі, каторыя мяне спавівалі. Тут во жанчыны родзяць дзяцей у шпіталях, а там, удома інакш… Далей апавядаюць, што я заявіў аб сваім зьяўленьні на гэты божы сьвет добрым і галасьлівым кугіканьнем ці кугаканьнем, так, як належыцца ўсім ад часоў Адама і Евы, а, — калі ты пакланяешся Дарвіну, — ад пра-пра-пра-пра-пра-пра-пра-пра-прамалпаў…

Дзяўчына ўсьміхалася і ўважна слухала.

— Калі, значыцца, я голасна заявіў пра сваё зьяўленьне на гэты сьвет божы, тады аглядалі мяне з усіх бакоў, охалі і ахалі з захапленьня, а адна бабка ўзяла верацяно, ды, — каб я круты й паваротлівы быў, — адрэзала на верацяне мой пуп.

— А што гэта верацяно?

— Spindle. Ведаеш такое нешта?

— Ага. Ну й што далей сталася?

— З таго, што мне ўдалося даведацца пра маё на гэты божы сьвет прыбыцьцё, дык тут галоўнае адно. Паколькі я з самага нізкага, так сказаць, мужыцкага ці сялянскага роду, дык там ня было прысутных ніякіх пісараў афіцыйных ні прыватных, а таму й ня было каму запісаць для гісторыі нашага народу ці маіх насьледнікаў такія важныя дэталі, як маю вагу, колер вачэй, стан здароўя мой і маткі маёй, камэнтары й гамонку вяскоўцаў і так далей, і да гэтага падобнае…

Вера хіхікала, але Алесь зусім ня траціў сур’ёзнасьці.

— Гэта геніяльна! — жартавала дзяўчына.

— Цяпер-жа, паколькі мы выясьнілі ўжо калі і як я нарадзіўся, дык трэба можа не забывацца якога я племя. Вось-жа з добрых крыніцаў, гэта значыць з аўтарытэтных вуснаў я чуў, што належу да вялікай масы людзей, пра якіх Лінкольн, здаецца, некалі сказаў, што Бог павінен гэтых людзей моцна любіць калі стварыў іх так многа…

— Ага, надзвычайна! — усьміхалася Вера.

— Іншая справа, — вельмі сур’ёзным тонам прадаўжаў Якімовіч, — што вусаты маршалак з Варшавы і ягоныя паны, пад уладай каторых я нарадзіўся, зусім не згаджаліся з апініяй Лінкальна адносна нас, добрых людзей, якіх найбольш натварыў Бог на сьвеце. Той вусаты і ўжо трухлявы марашалак ды ягоныя паны казалі, што мы ўсе — хамы, што нашая мова — хамская, што мы мусім цэлы час на паноў працаваць, як некалі амэрыканскія Негры на сваіх уладальнікаў…

— А што гэта такое хамы?

— Паводле бібліі, у Ноя быў сын Хам, якога бацька пракляў за непашану яго. Палякі хамамі называюць прымітыўных, нявучаных людзей, паангельску назваць іх можна dopes…

— Ага, ну далей! — спанукала Вера.

— Дык Палякі нас стараліся да працы ў паноў за мізэрную плату запрэгчы. Яны, — значыцца гэтыя самыя Палякі, — думалі, што яны ёсьць найразумнейшым народам на сьвеце, а таму гэтыя нікчэмныя людзі казалі, што яны маюць права гуляць і жыць за нашыя мазалі… Кумекаеш?

— Яны вас эксплёатавалі?

— Во, во, але. Яшчэ як эксплёатавалі! Цяжка было, але неяк трывалі, бо дзе дзенешся… Ды сталася яшчэ горш, калі Гітлераў саюзьнік Сталін задумаў нас вызваліць, ці, як нам казалі, падаць нам «братнюю руку». Гэта здарылася сямнаццатага верасьня ў трыццаць дзявятым. Перад тым Сталін і Гітлер зрабілі саюз, умову такую як гэта падзяліць ці паглынуць усіх тых меншых, што ў іх пад бокам жылі, у тым ліку й нас. І вось Сталін, калі праглынуў нас, дык адных гнаў у калхозы, а другіх, каторыя не хацелі туды, вывозіў у Сібір у канцлагеры, дзе марыў іх працай і голадам. Так дзясяткі мільёнаў людзей нячысьцік вымардаваў.

У нас дык ён выдумаў так званых кулакоў. Так назваў тых, каторыя былі лепшыя і працавітыя гаспадары на сваёй зямлі. Былі гэта бедныя сяляне, бо багатымі ў нас толькі польскія паны маглі быць… Вось-жа калі ты меў нейкі кавалак зямлі, пару коней, пару кароў, хацеў сам гаспадарыць і ўпіраўся, як цябе ў калгасны прыгон гналі, дык ты быў ужо кулак і падлягаў ліквідацыі.

Мой бацька меў сем гактараў зямлі, дзьве каровы, аднаго каня, сьвіньней пару ды авечак, некалькі курэй і гусей. Бацька быў надзвычайна працавіты, а матка шыла, дык бяз хлеба не сядзелі. Бальшавікі налажылі аграмадныя падаткі, што нельга іх ніяк было выплаціць, а тады пачалі гнаць усіх у калгасы. Бацька супраціўляўся, не хацеў, праклінаў іхны новы лад. Яго ноччу, беднага, забралі. Матка хадзіла да іх днямі і тыднямі, вочы выплакала. Прапаў чалавек. Напэўна ў Сібіры недзе, гаротніка, замардавалі…

— Твой бацька быў контррэвалюцыянерам? — сур’ёзна спыталася Вера.

— Што гэта за пытаньне? Дзе ты здабыла сваю палітычную адукацыю?

Вера ледзь ня прыкусіла язык.

— А што дзіўнага я сказала?

— Нічога такога дзіўнага, толькі што я чамусьці не спадзяваўся пачуць гэтага слова з тваіх вуснаў… Яно заўсёды было зброяй савецкіх палітрукоў і чэкістаў… Чула ты пра іх? Мой бацька быў чэсным, у Бога веруючым, працавітым і сумленным чалавекам. Яго забралі і напэўна замардавалі таму, што ня бег у калгас, а калгасы — гэта прыгон, няволя, ярмо! Разумееш?

Маўчаньне. Алесь у гэны час жадаў-бы зьмяніць тэму, расказваць казкі пра каханьне, прыгажосьць… Гэтаму спрыяў птушыным шматгалосьсем насычаны і сонцам ды квеценем напоўнены дзень. А найбольшай аздобай усяго была яна, тая, што побач яго. І чаму зь ейных прынадных вуснаў зьляцела тое зацяганае ў «імпэрыі зла» бальшавіцкімі забойцамі слова? Яно ня мела права ўварвацца гэтта дысанансам у іхную ідылію!

— А што ты рабіў у вайну?

Сур’ёзны зусім голас з тых самых вуснаў, што нядаўна адным словам мір, супакой і прыгожы настрой змарнавалі. Гэтым разам Алесь, — як быццам-бы яго пчалінае джала пеканула, — не ўглядаўся ў асмужаныя прамяністыя вочы, каб там адказу пашукаць. Не. Ці-ж яна ня ведае, што такім пытаньнем цэлы дзень руйнуе? І навошта? Нахлынула злосьць. Якраз адпаведны зарад злосьці, каб зьявіўся на помач Якімовіч-цынік, ці, — калі хочаце, — зьдзеклівы, неміласэрны, зусім няштодзённы і тысячамі хваляў апошняе вайны кіданы й крыўджаны юнак. Ён скоса зірнуў на Веру. Яна ня сустрэла ягоных вачэй, бо сканцэнтравалася на кійку, што мяшаў на беразе ракі каламуць. Быццам тое пытаньне, што пчаліным джалам пеканула Алесева сэрца, было вось такое сабе звычайнае, няважнае, абы якое…

— У вайну? Чакай, трэба прыгадаць, як гэта было, — іранічна-зласьліва ўсьміхнуўся Алесь. — Значыцца, калі гэты Сталінаў саюзьнік, геніяльны фюрэр з Бэрліну — Адольф Гітлер, — узяўся вызваляць усю рэшту сьвету ад Жыдоў і бальшавікоў ды розных там плютакратаў ды калі ён пачаў будаваць так званую новую Эўропу, я адразу скумекаў важнасьць таго, што ён робіць. На ўсходзе ад самога таго райху Гітлер вызначыў для сябе «лебэнсраўм» — жыцьцёвы прастор для сваіх арыйцаў з блакітнымі вачмі і блёнд валосамі, значыцца для «гэрэнфольку» Немцаў. А ў нас, як усім вядома, ніколі ня было добрых гаспадароў і парадку, бо ня мелі кампэтэнтных людзей у эканоміцы й палітыцы. Калі я скумекаў, што тут зьявіўся геніяльны правадыр, каторы зробіць ідэальны парадак і пабудуе свой райх на тысячу, а можа й дзьве тысячы гадоў, я тады закасаў рукавы і пабег памагаць Гітлеру будаваць той райх. Разумееш?

Перш мы, — гэта значыць я і Гітлер, — мусілі вырашыць праблему перанасяленьня. Замнога людзей было. Вырашэньне тае праблемы патрабавала радыкальных мераў. Таму я ахвотнікам кінуўся на службу, як тады называлі, ліквідатара гэных лішкаў насельніцтва, каторае Гітлеру замінала тысячагадовы ягоны райх будаваць. Работа, трэба прызнацца, ня была чыстая, але затое якая нажыва, — золата, брылянты, багацьце, — усяго хапала! Ну й зажылі мы, загулялі! А Гітлер мяне яшчэ рознымі заслужанымі ўзнагародамі надзяліў, усялякімі там кройцамі з гакамі і бяз гакаў мой эсэсаўскі мундзір удэкараваў! Эх, якая слаўная была тады для мяне жытуха настала. І каб ня гэтая нечысьць жыда-бальшавікі, то я зь Гітлерам…

— Алесь, я ня думала, што ты жартаваць з гэтага будзеш.

Рука зь кійком перастала мяшаць каламуць у рэчцы, а прамяністыя вочы, з дакорам, глядзелі на яго.

— Мне прыкра, даражэнькая мая, але я ня лічыў патрэбным перад табой спавядацца.

— Ня хочаш сур’ёзна расказаць аб тым, што вайною рабіў?

— Ды не, чаму-ж… Магу. Але чаму нельга пажартаваць?

Ён узяў дзяўчыну за падбарадок, прыгарнуў да сябе, зірнуў у ейныя вочы.

— Паглядзі, што за ідылія. Цэлы сьвет усьміхаецца, ці, як у царкве я сяньня чуў, «усякае дыханьне славіць Госпада»! Нашто пра вайну й сьмерць гаварыць? Як той паэт сказаў — жывому жыць, зьнішчэньню сьмерць! Усьміхайся, цаца мая мілая! Поўніся сваёй прыгажосьцю, красуйся!

Вера ўсьміхнулася з натугай. Рашчаравалася. Першая спроба, каб з вуснаў дзяцюка пачуць пра ягонае цёмнае прошлае, не ўдалася. Трэба будзе падыйсьці да яго зь іншага боку.

Калі ехалі ў горад, Алесь ня мог разгадаць, чаму дзяўчына нос павесіла. Магчыма, што трэба будзе знайсьці да яе іншы падыход.

17

Антон Шпак ці раз намагаўся ўявіць сабе сытуацыю, у якой, ён быў перакананы, аднаго дня апынецца. Шпак — рэаліст, часты пэсыміст, жадаў застрахавацца ад удару, які, хаця-нехаця, прынясе яму ягонае, — як часта жартаваў, — нулявое сацыяльнае становішча ў гэтай чужой краіне. Пасьля такога бясцырымоннага звальненьня з працы ягонага сябры Эстонца, Шпак ведаў, што ягоны лёс на валаску вісеў. Прычынаю былі частыя нямогласьці, калі працаваць ня мог. Ён дзівіўся, што да гэтага часу неяк утрымаўся.

Адылі, нягледзячы на такую псыхалягічную застрахоўку перад магчымым ударам, усё-ж вытрымаць яго цяжка было. Дый здарылася тое ліха тады, калі пісьменьнік яго найменш спадзяваўся. За апошні месяц не прапусьціў ніводнага дня працы, хоць і адчуваўся фізычна змораным. Аднае раніцы, калі зьбіраўся дадому, наглядчык паклікаў яго ў кантору.

— Мы пастанавілі звольніць вас з працы.

Цьвярды, няветлівы голас. Укалоў, ашаламіў урадніцкі тон. Чалавек, здавалася, думкаю і да гэтага быў падрыхтаваў сябе. Але праца, якая-бы яна ні была, гэта якар, на якім трымалася ўся чалавечая годнасьць у змаганьні зь ліхам у чужой краіне. Цяпер гэны якар паднялі і Антон Шпак апынуўся на шляху, які бег у тупік. Наперадзе — нумар на лісьце беспрацоўных, адна маленькая бездапаможная фігурка ў дзяржаўнай статыстыцы.

— Мне здаецца, што ня мушу вам казаць пра прычыны… — трашчэў сухі, калючы голас урадніка. — Замнога няпрысутнасьці. Мы ня можам апэраваць гатэлем бяз сталае абслугі.

— Навошта выясьняць… Усё й так зразумела. Мне прыкра…

— Няхай вам ня будзе прыкра за мяне, — адказаў ураднік.

— Прабач, але навошта лішняя гаворка? Каб мяне ўкалоць? — павысіў пісьменьнік свой голас. Наплывала злосьць. — Давай палагодзіць фармальнасьці.

— Атрымаеш кнігу страховачную і грошы як адчынецца канцылярыя.

Шпаку хапіла таго гатэлю. Палагодзіўшы свае справы, хаця змораны, пастанавіў ісьці дахаты пехатою. Быў гэта раньні ruch hour — гадзіна-сьпешка. Вялізная маса людзей, — хто на «сваіх дваіх», а найбольш аўтамабілямі, — усё гэта ў імклівым руху; аўты запаўнялі свае стаянкі, энэргіяй новага дня гаманілі фабрыкі, крамы, канторы. Магутная ў сваім кіпучым пераліве артэрыя жыцьця, якой кіравалі правы існаваньня і вызначаныя мэты. Натоўпы каля трамваяў, аўтабусаў і тралейбусаў, каля падземнае чыгункі, суцэльныя, амаль упрытык адзін да аднаго, вужы аўтамашынаў. Усё гэта нармальнае і рацыянальнае для ўсіх, апроч аднаго, капрызным лёсам зьняможанага і зноў на рынак беспрацоўных выкінутага чалавека.

Шматлюднасьць падчас гадзіны-сьпешкі цяпер паўстала перад вачмі Антона Шпака бяздушнай машынай. Яна ноччу спынялася, яе складныя часьці рассыпаліся на свае вызначаныя месцы, адпачывалі. Цяпер-жа тыя часьці зноў займалі раней вызначаныя месцы й машына пачынала гул працы й прагрэсу. А ці быў гэта прагрэс? Ці ня круціліся ўсе гэтыя людзі навокал бяз мэты? Ці ня была гэта пагоня за ілюзорнай зьявай?

Званы на ратушавай вежы адзначылі дзявятую. Людзям пачаўся працоўны дзень, а Антону Шпаку мінуў яшчэ адзін сэктар часу ў падарожжы ў нікуды… Ён нядаўна выбыў з тае агульнае машыны, што выплюнула яго бязь ніякага шкадаваньня, бо быў-жа занадта слабым, каб далей несьці адпаведны цяжар. Такім чынам ён быў цяпер нікім і нікуды ня йшоў. А ці запраўды быў ён нічым, на шляху ў нікуды?

Антона Шпака ведалі суродзічы й чужынцы. Зь ягонымі словамі і ідэямі змагаліся супраць ненавісных ворагаў. Для Беларусаў ён стаўся сымбалем непахіснае веры ў перамогу й вызваленьне бацькаўшчыны. А якая цана яму на гэтым баку акіяну, дзе адзіным сымбалем амэрыканскага сьвету, як здавалася яму цяпер, быў усемагутны даляр? Беларускія грамадзкія і рэлігійныя інстытуцыі на эміграцыі трымаліся на дабравольнай і ахвярнай працы ды грашовых складках сваіх сяброў. Камэрцыйных установаў новая эміграцыя ў гэны час яшчэ была не стварыла. Малыя зарганізаваныя групы не маглі ўтрымліваць платнага пэрсаналу.

Мог-бы Антон Шпак працаваць у радыё «Вызваленьне» ў Мюнхэне, што рыхтавала й перадавала адмысловыя праграмы для сваіх слухачоў за «зялезнай заслонай». Вядома, што бальшавікі гэныя радыёпраграмы глушылі як маглі. Зьмест радыёматар’ялаў ішоў празь сетку цэнзуры. Будзь аўтаматам, тлумач чые-небудзь скрыпты, прытрымлівайся інструкцыяў пры аўтарстве сваіх тэкстаў, адным словам працуй пад цэнзурай.

Антон Шпак паставіў-бы Амэрыканцаў у шэраг зялёненькіх навабранцаў на фроньце праблемаў зьвязаных з паняволенымі чырвона-фашыстоўскай Маскоўшчынай народамі. Русіфікацыя нерасейскіх моваў і звужэньне сфэраў іх ужываньня, нацыянальная культура на савецкі лад, цалкам падпарадкаваная цэнтру гаспадарка, немажлівасьць абмену інфармацыі і ведаў зь перадавым культурным і навуковым замежжам, нутраныя мэтады поўнае кантролі й рэпрэсіі ўсіх паняволеных народаў у «імпэрыі зла», камуністычная партакратыя і камандна-бюракратычная сыстэма кіраваньня, Гулаг і генацыд паняволеных народаў — вось некаторыя з галоўных дзялянак «саветалёгіі» куды адно пасьля вайны пачалі падарожнічаць амэрыканскія калюмбусы.

Амэрыканскія навабранцы часта дыктавалі табе розныя мудрасьці, звычайна зачэрпнутыя імі раней з розных крыніцаў белых расейскіх адзінанедзялімцаў. Яны мелі нахабнасьць пераконваць людзей такога выдатнага прэстыжу як Антон Шпак, што яны ведаюць лепшыя шляхі змаганьня з камунізмам… Наіўнасьць, дзе твае межы? Награмадзілася маса праблемаў у супрацоўніцтве з тымі зялёнымі амэрыканскімі экспэртамі і спэцамі, якія сваёй сьлепатой у расейскіх і савецкіх справах адпіхнулі ад супрацоўніцтва шмат аўтарытэтных людзей, якія паходзілі з краінаў паняволеных цяпер Масквою.

Славістыка пры канадыйскіх унівэрсытэтах ня мела праграмаў беларусаведы. Выкладаньне расейшчыны абсадзілі Жыды. Галоўнае, што аставалася для Антона Шпака — творчая праца ў беларускай літаратуры і журналістыка. Даходу адсюль амаль ніякага. Беларуская эміграцыя, у вялікай меры палоханая бальшавіцкімі шантажамі й пагрозамі, усё-ж жыла, стварыла свае рэлігійныя, культурныя, навуковыя і грамадзкія інстытуцыі, сваю прэсу. Антон Шпак павінен быў падтрымліваць раськіданы прынамся на чатырох кантынэнтах беларускі эміграцыйны арганізм. А з чаго самому жыць? Быццам Богам пасланы Алесь Якімовіч часта яму памагаў і Шпак ведаў, што на яго можна спадзявацца ў выпадку якой патрэбы. Хапіла адно Алесю затэлефанаваць. Праўда, — заўсёды дакучала Шпаку гэтая думка, — ён не хацеў сядзець цяжарам на чужых плячох. Балела ўсьведамленьне таго, што ня меў доступу да мільёнаў беларускамоўных чытачоў, што ня мог на сваё пражыцьцё зарабляць сумленнай творчай працай.

Калі пасьля двухгадзіннай дарогі пісьменьнік вярнуўся дамоў, у сваёй паштовай скрынцы пры дзьвярох знайшоў туга напакаваны, вялікіх разьмераў канвэрт. Мясцовы штэмгаль. Беспамылкова напісаны ягоны адрас. Адрасу высланьніка няма. Шпак доўга прыглядаўся канвэрту, выпіў шклянку сьцюдзёнай вады, сеў на канапу. Прыслалі яму газэтку «Голас радзімы». Зь пярэдняй бачыны нахабна сур’ёзным тварам нейкі там «герой працы» абяцаў выканаць і перавыканаць чарговую норму ў імя такога-то зьезду «роднай партыі». Антон Шпак нядаўна перабраўся сюды на гэтую новую кватэру. Завяртанская разьведка жыве й дбае пра аднаго Антона Шпака, ад сяньняшняга дня чалавека ў нулявой пазыцыі між грамадзтва гаргары Канады.

«Вяртайцеся, суайчыньнікі, дамоў! Радзіма вас кліча!» — крычала другая бачына. Здымкі дарагіх кажнаму беларускаму выгнаньніку гістарычных месцаў і нацыянальных сьвятыняў. Зірнуўшы на іх, нальецца сэрца болем па страчанай зямлі. Гэны-ж артыкул, што заклікаў вярнуцца на «ўлоньне дарагой радзімы» падпісала група ведамых людзей. Шпак знаў некаторых зь іх. Ці іх раіліся як зьвяртацца да «суайчыньні каў», ці яны далі згоду, каб ужывалі іхныя прозьвішчы пад заклікам? Зь некаторымі зь іх Шпак сустракаўся «за кратамі». Цяпер, як выглядае, яны, пэўне-ж не сваёй воляй, сталіся шчупальцамі ўдушлівага бальшавіцкага актопуса. Не, гэта ня быў іхны голас. Зямля бацькоў дрыжэла ў цяжкіх пакутах, а «чужак-дзікун» намагаўся загнаць у Гулаг тых сыноў і дачок забранае зямлі, каторыя за мяжой стараліся клікаць усіх на помач паняволенаму народу. Некаторыя Шпакавы сябры сталіся прыладамі маскоўскіх злачынцаў, прынадай. Шпак перажыў некалі цяжкія часы й ніколі не заламаўся духам. Дык няхай клічуць. Ведама чый гэта голас.

Шпак затэлефанаваў у Трыфты Тоні, папрасіў сакратарку, каб перадала Алесю Якімовічу просьбу адведаць яго вечарам. Пасьля гэтага пісьменьнік памыўся ў ваньне пад дожджыкам і лёг спаць. Сон прыйшоў раптоўна, але мучыў нейкімі трывожнымі прывідамі. Разбудзіў яго стук у дзьверы. Зьявіўся Алесь. Было каля шостай гадзіны вечарам.

— Што ў вас новага? — спытаўся Алесь пасьля таго, як Шпак памыў твар сьцюдзёнай вадой, зашпіліў кашулю. Галава яго была цяжкая, твар выглядаў змучаным.

— Я вольны, як птушка, — адказаў Шпак.

— Звольнілі?

— Так.

— Не магу сказаць, што гэта неспадзеўка.

— Не, зразумела, што не.

Трывала доўгае маўчаньне.

— Ці ня мог-бы ты паглядзець, каб знайсьці для мяне які занятак у гэтай тваёй краме? — ня так спытаўся ў Алеся, як разважаў быццам сам з сабою пісьменьнік.

— У нас, як ведаеце, тэмпо-тэмпо, дай Божа! Вечная пагоня з найбольшым разгонам, — паволі, з націскам на кажным слове, гаварыў Алесь. — Вам трэба нешта больш лёгкае і абавязкава не такое, як у нас, тэмпо. Выглядае, няма патрэбы пытацца зь якой прычыны вас звольнілі?

— Няма, апроч…

— Апроч чаго?

— Ня ведаю, ці мае гэта нейкае значэньне… Мяне зьдзівіў час майго звальненьня. За апошні месяц я не прапусьціў ніводнага дня. Пасьля таго, як яны звольнілі Эстонца, я стараўся, разумееш… і не спадзяваўся якраз цяпер…

— Вы мяркуеце, што тут, як Немцы кажуць, недзе ein Hund begraben?

— Можаш сам угадваць.

Зноў маўчалі. Алесь ня мог назваць пісьменьніку запраўднае прычыны, чаму ён ня зможа ўладзіць яго на працу ў Зэпмана. Шпак быў слабы, фізычна нямоглы. Калі-б яго наняць, а пасьля зь нейкай прычыны звольніць, чалавек мог-бы мець удар сэрца. Шпак зачасаў свае срэбраныя валосы, выцягнуў палавіну цыгарэты з пачкі Плеерс.

— Закурыце маю, — прапанаваў Алесь.

— Дзякую.

Шпак падыйшоў да полкі ў куце, каб пашукаць брытвачку ды перарэзаць цыгарэту.

— Навошта разразаць яе? Курыце цэлую.

— Прывычка, — адказаў пісьменьнік. Ён палажыў брытвачку на полку. Прыкурылі. Здавалася, што будзільнік на камодзе галасьней пачаў лічыць час, як-бы прынагляючы мужчын прадаўжаць спыненую гутарку.

— Занятыя моцна ў краме?

— Ага, навал працы. Я думаў…

— Што думаў?

— Чаму вы не маглі-б зарабіць на сябе пісанінай?

— Як? — зацікавіўся Шпак.

— Ёсьць такая літаратура, на якую тут заўсёды добры спрос. Яе называюць папулярнай, ці як там. Рынак на яе расьце, яна дае фінансавы прыбытак.

Алесь змоўк, пасьля дадаў:

— Ня турбуйцеся пра мову, перакладчыка няцяжка знайсьці.

— Якую гэта такую літаратуру ты маеш на думцы, Алесь? Сэкс і крымінал?

— А чаму-б не?

Ізноў маўчаньне. Шпак устаў з канапы, уважна паглядзеў Алесю ў вочы і, пераканаўшыся, што Алесь разважаў усур’ёз, падыйшоў да вакна, зацягнуўся ўжо напалову скуранай цыгарэтай.

— Я запраўды не магу зрабіць табе аніякага закіду за такую прапанову, — гаварыў пісьменьнік ціха, але тым асаблівым голасам, якім заўсёды выяўляў пачуцьцёвае напружаньне. — Магчыма мяркуеш, што ў маіх абставінах можна і такім спосабам на хлеб зарабляць. Мушу табе, браток, сказаць, што ня цяміш што для мяне азначаў-бы такі творчы паварот. Маю на думцы сваё духовае «я». Скажу табе адкрыта: некалі мне самому прыйшла такая ідэя ў галаву, але яе хутка адкінуў. Падумаў, што мне небясьпечна нават абмяркоўваць такое нешта… Гэта праўда, што так званая тут папулярная літаратура не патрабуе вялікай фантазіі. Складнікі яе даўно й шырока вядомыя, толькі бываюць розныя варыянты з рознымі дозамі накалу. Добра яшчэ мець у такім стылі набітую руку. Гэта няцяжка. Не магу сказаць, які зь мяне мог-бы быць майстра, ня маючы практыкі ў такой пісаніне. Мяне параліжуе самая задума. Такая творчасьць была-бы для мяне ня менш як прастытуцыяй душы для грошай. Фу, што за ідэя!

— А чаму-б ня пісаць пад псэўданімам? — раіў далей Алесь.

— Справа ня ў тым, каб схавацца ад некага, але самога сябе не абдурыш.

Якімовіч зразумеў. Шпак утрымаўся высокаякасным і вельмі цэнным пісьменьнікам перадусім таму, што захаваў чалавечую годнасьць і чыстае сумленьне. Творчае літаратурнае мастацтва ставіў на высокі п’едэстал. Да тварцоў так званай вулічнай, або папулярнай літаратуры адносіўся з пагардай. Шпакавы творы — пераважна сьвет цярпеньняў, высокай цноты, ахвярнасьці. Запрыгоненыя ішлі ў бой за свабоду. Зь іншага боку — каламуць дэспатычнае крывадушнасьці, распусты, махлярства, бязбожніцтва, забойства з боку «сільных сьвету гэтага». Суродзічы бачылі ў асобе Шпака ня толькі выдатнага пісьменьніка, але вялікага змагара за вызваленьне Беларусі зь няволі маскоўскай каляніяльнай імпэрыі.

Хаця ў некаторых творах Шпак не абмінаў эротыкі, але яна ня была самамэтай, а толькі пабочным элемэнтам высокага ідэалізму. Гэта на цэлы Эвэрэст вышэй той «літаратуры», якая гэтта за акіянам масава тварылася для шырокага рынку.

Шпакавым творам цяжкая была дарога ў іншамоўныя рынкі перадусім таму, што Беларусь была ў маскоўскай няволі, у захаднім сьвеце мала хто ведаў пра яе наагул. Калі ў Аб’еднаных Нацыях сядзеў прадстаўнік ад БССР, дык яго і прадстаўніка савецкай Украіны лічылі як-бы ўзнагародай у якасьці двух галасоў у міжнароднай арганізацыі за тытанічныя ахвяры Маскоўшчыны ў вайне з фашыстоўскай Гітлеравай Нямеччынай. Пазыцыю маскоўскіх марыянетак — савецкай Беларусі ці Ўкраіны, — на міжнароднай арэне можна было вызначыць найлепш той прыказкай: ні рыба, ні мяса! Нешта непаважнае гэта. Калі ворагі Беларусі на дыпляматычнай міжнароднай арэне не маглі цяпер, пасьля другой сусьветьнай вайны, ужываць валуеўскага «не было, нет и не будет», дык усёроўна трымаліся думкі, што Беларусь ня была, ня ёсьць і ня будзе самастойнай дзяржавай.

— Так што ня будзем пра гэта гаварыць, — заключным тонам сказаў Алесь. — Ёсьць у мяне яшчэ адна ідэя. За пару дзён, магчыма, скажу вам пра яе.

— Праца?

— Магчыма нешта падобнае, хоць я няпэўны тут… Адзін з маіх наглядчыкаў у краме мае брата, уласьніка адпачынкавага рэсорту на поўначы. Гэта прыблізна тры гадзіны язды адгэтуль аўтам. Як я быў у яго дык меў уражаньне, што яму патрэбныя рукі. Калі ім трэба чалавека, каторы-б даглядаў траву, абслужыў бензінную помпу, нейкі там плот ці што направіў, адным словам вось такі падручны памочнік…

— Гэта быў-бы здабытак, — адразу згадзіўся пісьменьнік. — Ці ёсьць там блізка дзе рыбу лавіць?

— Як-бы для выгады гасьцей, рака цячэ празь ягоны луг. Тут-жа й цудоўны лес, а збоку — возера. Ці-ж ня добра было-б маленькім трактарам і касілкай зрэзаць траву, напоўніць некаму ў аўце бак бензіны ды пасьля пайсьці і выцягнуць з ракі колькі прыгажуноў фарэляў? Як вам падабалася-бы такое?

— Во, во, такая праца якраз для мяне! — павесялеў Шпак.

— Надзвычайна. Я пранюхаю, што і як. Вам цяпер патрэбны добры адпачынак, здаровае і лугом ці лесам насычанае паветра, добрыя харчы. Гэтага ўсяго там ёсьць уволю. Што-ж да заплаты, — ня ведаю, — прыдзецца згадзіцца на тое, што ён дасьць. Ды гэта ўсё яшчэ ў будучыні. Цяпер-жа мяне жывот упікае, што я пра яго забыўся. Запрашаю вас на вячэру.

— Добра, калі так прыгожа просіш, — жартаваў Шпак.

— Прашу, калі ласка.

— Яшчэ адно, — прыгадаў Шпак. — Хачу паказаць табе вось што.

Ён падаў Алесю канвэрт і «Голас радзімы». Алесь уважна агледзеў іх.

— Лёкальны штэмпаль. Нікчэмнікі, яны за вамі па пятах! — злосна гаварыў Якімовіч. — Няма-ж на іх пакуль што з нашага боку ніякай паганякі!

18

Пасьля паўдня ў тойсамы дзень, калі Шпака выкінулі з працы, Ніна Ляскін тэлефанавала Капшуну. Яна карысталася тэлефонам з публічнай будкі. Наагул, згодна кансьпірацыйных правілаў, ёй было дазволена тэлефанаваць у выключных выпадках. Сяньня Ніна мела іншыя пляны на вечар, але Капшуна не жадала бачыць у сваім памешканьні ў прысутнасьці Веры, якая магла-б пачуць нешта, што ёй не належалася. А адкладаць такую важную для Капшуна навіну Ніна не магла.

— Маю добрую навіну, — казала яна ў трубку, калі адазваўся Капшун. — Шпака звольнілі з працы. Ліо казаў мне, што крышку трэба было падмазаць, каб паслухаў.

— Маладзец ты, дзеўка! Я ўжо нямношка беспакоіўся…

— Грыша, як ты мог! — дакарала Ніна. — Я-ж табе казала, што слова датрымаю.

— Ведаю…

— Ці я цябе калі падвяла?

— Было пару разоў…

— Разумею. Ну ведаеш, не спадзявайся, што кажны раз, як толькі пальчыкам кіўнеш, то да цябе зараз у абдымкі пабягу.

— Я-ж многа не вымагаю, а ты гэтае дабро на рынак не панясеш, Ніначка…

— Уважай ты, прагавіты, калі хочаш каб наша справа добра ішла.

— Магу цябе сяньня вечарам пабачыць?

— Нет, ніяк…

— Чаму?

— Мая субкватарантка будзе дома.

— Ну ладна ты, языкаватая красавіца, не хачу цябе гнявіць. Цяпер-жа пра гэтага пісаку… Я забясьпечыў яго адпаведнай літаратурай. Ён павінен быў яе ўжо атрымаць.

— Думаеш, што табе ўдасца яго зламаць?

— Спрабую. Стары нягоднік павінен мець свае слабасьці. Калі зломім, — добра, калі-ж не, — тады…

— Тады што?

— Можна будзе нешта больш радыкальнае.

— Ты думаеш пра «настаяшчую абработку»?

— Казаў-жа табе некалі, што не раблю на сваю руку. Трэба будзе зь кім-небудзь параіцца…

Ніна Ляскін дагадвалася на каго Грыша намякаў. Здавалася ёй, што Капшун і той «нехта» выконваюць заданьні з самага верху. Яе спэцыяльная пазыцыя — многія кантакты на працы й вонках яе — спрыяла «дзелу».

— А як адносна дзяўчыны? — пытаўся Капшун.

— Нічога, усё ў парадку. Яна такая нямношка засьценчывая, праводзіць час з тым Якімовічам. Рэдка расказвае мне пра што яны гавораць.

— Можа быць элемэнт небясьпекі, калі-б яна ўтрэскалася…

— Яна ненадзейная?

— Была окэй. Заўсёды трэба вока дзяржаць на непрадбачаным. Разумееш?

— Буду старацца.

— Што я маю асабліва на думцы… Сьлядзі за зьменамі ў яе паводзінах. Калі што, ведаеш…

— Мяркую, што так.

— Чаму-б табе не заглянуць да мяне сягоньня? Або можа дзесьці спаткаемся?

— Прабач, не магу.

— Штосьці важнае замінае?

— Для мяне важнае. Пацярпі.

— Ты заслужыла яшчэ на адзін пацалунак за тое, што вытурыла з працы таго нягодніка. Я затрымаю яго для цябе…

— Затрымай для сваёй цешчы, любоўнік!

— Ну, не…

— Бывай. І паведамі мяне, калі цябе запраўды прыпрэ.

— Ты цынік!

Ніна павесіла трубку. Грыша напэўна дадумаўся, што яна сяньня мае сустрэцца зь іншым. І калі яна зажадае мець Грышу, ён будзе там, дзе бывае заўсёды.

19

Была гэта невялікага разьмеру, у чорнай плястыковай вокладцы, з абношанымі-працёртымі кутамі запісная кніга. Відаць па вокладцы й бачынках, што часта ўжывалася. Тыповы запіс, прыкладна, такога зьместу: Язэп Сноп, нар. у Н., 1925 г.; радня ўдома ў калгасе. Нэгатыўны да камунізму, нявыразная паліт. ар’ентацыя. Таракан у саладусе. Цяперашні адрас: 1113 Вінэт вул., Мантрэал, 36. тэл.: 374-8602.

Алесь любіў гумар, а таму і ў запісную кніжку траплялі некаторыя «кавалкі». Напрыклад, ці чулі вы як адзін наш суродзіч спасьцярог калі сусед ягоны, гэткі-ж, як і ён, імігрант, у гэтым капіталістычным сьвеце ўжо дарабіўся? — Глянь ты на яго! — казаў ён сябру свайму. — Чалавек ужо дарабіўся. Ён і ягоная сям’я ўжо тэлевіжан вачуюць!

Слова вачуюць — гэта ад ангельскага to watch — глядзець. Людзі, бачыце, ужо глядзяць тэлебачаньне. А здарылася тое ў пяцідзясятых гадох, калі тэлевізары дорага каштавалі. Вось чаму чалавек, каторы мог купіць дарагі апарат і меў час глядзець праграмы розныя — чуеце? — ужо дарабіўся ў гэтай капіталістычнай краіне. У чорнай кніжцы, што была некалі неразлучным спадарожнікам Якімовіча, было шмат такіх нататак. Для Трыфты Тоні яму даводзілася падарожнічаць і палагоджваць розныя інтарэсы, а ягонае сяброўства ў управе Згуртаваньня Беларусаў накладала дадатковыя абавязкі. Трымаў кантакты з многімі сябрамі арганізацыі, пашыраў нацыянальную і арганізацыйную літаратуру. Прыдбаў многа сяброў і награмадзіў матар’ялу адносна апазыцыі. У гэтай апошняй групе бачыў ня толькі людзей няпрыязных для сябе ці беларускіх актывістаў, але й так званых тараканоў у саладусе — чыстых матар’ялістаў, проста гультаёў і розных колераў ханжу, што адно пра сябе дбала.

Магчыма, што Алесь ня чуў пра Франца Бэйкана, але жыцьцё падказала яму, каб трымаўся ягонага правіла: Трактуй сваіх сяброў так, як быццам-бы яны мелі стацца тваімі ворагамі, і глядзі на ворагаў, як быццам-бы яны маглі стацца тваімі прыяцелямі. Накш гаворачы: трымай усюды адкрытыя вочы, вушы й дзьверы. Ззамоладу лёс навучыў Алеся як важна мець інфармацыю адносна людзей. Яе трэба было ня толькі зьбіраць і парадкаваць, але й цэлы час абнаўляць. Найбольш адносілася гэта да людзей палітычна актыўных.

Чорная кніга багацела нататкамі. Ці раз даводзілася Алесю думаць, што камуністы былі-бы надзвычайна задаволеныя, калі-б такая кніга трапіла ў іхныя рукі. Калі Давід Зэлман затрымаў Алеся на базе і наладаваў на яго немалы цяжар даўгіх гадзінаў, Алесь неяк забыўся пра тую чорную запісную кнігу бо яна была цяпер яму непатрэбная. Ляжала падсунутая пад большыя кнігі на полцы ягонай сьціплай хатняй бібліятэкі. Алесь любіў чытаць і ці раз, зьвяртаючыся да сваіх улюбленых аўтараў, спасьцерагаў на полцы малую запісную кнігу, мяркаваў што зь ёю зрабіць, ды так і пакідаў яе там, дзе была дагэтуль. Бальшыня адрасоў з Алесявай запісной кнігі перайшла і да сакратара арганізацыі, хоць усялякія дробныя інфармацыі Якімовіч затрымаў для сябе.

Рашчараваная Алесевым сарказмам пра ягоныя ваенныя гады, Вера прадаўжала свае пошукі. Сустракалася зь Якімовічам, хадзілі разам у кіно, на танцы ці ў тэатры. Паступова дзяўчына даведалася шмат чаго з Алесевага мінулага, але цёмнай астаўся для яе ягоны ваенны пэрыяд. Вера зацікавілася беларускай літаратурай. Алесь выказаўся, што Максім Горкі, якога яна ці не найлепш ведала, будзе даволі мізэрна выглядаць у параўнаньні зь Янкам Купалам, Коласам, Багдановічам. Калі-ж дзяўчына пыталася дзе можна дастаць іхныя творы, Алесь параіў ёй пакарыстацца ягонай собскай бібліятэкай, у якой ён згуртаваў усе эміграцыйныя выданьні беларускае клясыкі.

— Бяжы да мяне калі захочаш. Усе мае пісьменьнікі й паэты зь вялікім гонарам возьмуць цябе ў абдымкі й пазнаёмяць із сваімі гэроямі.

Падчас ейнае візыты, Алесь параіў ёй выбраць што хоча зь ягоных кнігаў, а сам пайшоў у кухню, каб нешта нарыхтаваць. Вера спасьцерагла, што да беларускай клясыкі прысуседзіліся Міцкевіч, Гэмінгвэй, Томас Ман, Конрад, Дастаеўскі, Агата Крысты й іншыя. Зрок ейны затрымаўся на малой кнізе з вокладкай чорнага колеру, шыйка якой выглядала спад нізу кнігі твораў Оскара Ўайлда. Дзяўчына выцягнула тую кніжачку і гартаючы, хутка спанатрыла што за скарб трымала ў сваіх руках. З кухні чуваць быў бразгат пасуды. Калі Алесь вярнуўся ў сьвятліцу з наладаваным закускай і напіткамі падносам, малы чорны блакнот бясьпечна ляжаў у Верынай сумачцы а сама яна гартала Шпака.

— Варта табе яго прачытаць, — сказаў Алесь пра Шпака. — Ён ёсьць надзвычайным пісьменьнікам.

— Магу пазычыць гэту кнігу?

— Калі ласка, бяры.

Вера ледзь не правалілася пасьля, калі ўжо выпілі віна й закусвалі каўбасой.

— Ведаеш, Верачка, — жартаваў Алесь, — я заўсёды даводзіў, што найлепш пазнаеш дзеўку, калі заглянеш у ейную сумачку, ці, як у нас дома кажуць, торбачку. Магу я заглянуць у тваю?

Гэтак гаворачы, Алесь выцягнуў руку, каб узяць сумачку Веры з кракадзілавай скуры, што ляжала побач.

— Чакай, стой! — запярэчыла перапалоханым голасам дзяўчына.

Зьдзіўлены такой нечаканай рэакцыяй на свой жарт, Алесь глядзеў на зьбянтэжаны дзяўчынін твар.

— Ты, відаць, перапалохалася, як-бы там нейкі вялікі скарб трымала.

— I am sorry, толькі… толькі я не хацела…

— Разумею. Ты там схавала тайную лісту ўсіх варожых агентаў, — паблажліва жартаваў Алесь і гладзіў Верыну руку, заглядаючы ў яе вочы. — Так што давай яшчэ вып’ем.

Ён напоўніў пузатыя кілішкі на высокіх ножках чырвоным портвіном. Вера, як выглядала, вярнула сабе поўную раўнавагу, павесялела і ўсьміхнулася, а хлапец і не падазраваў, што жартам ледзь не раскрыў ейную таямніцу.

Капшун ледзь не падскочыў з радасьці, гартаючы Якімовічаў блакнот. Ён сказаў Веры, што блакнот тымчасам затрымае, а пасьля, — не адразу, а так за дні тры ці чатыры, — трэба яго вярнуць назад. І за дні тры Грыша аддаў Веры чорную кніжачку.

— Інфармацыі цэнныя. Не магу ня выказаць з гэтай прычыны надзвычайнага задаваленьняз так удачнай работы. Але ты, — ён тут затрымаўся і ўважна глядзеў дзяўчыне ў вочы, — ты мусіш прадаўжаць сустракацца зь Якімовічам і дакладваць мне аб ім, як раней. Панятна? А чалавек, да якога ты далжна дабрацца гэта Антон Шпак. Чула пра яго?

— Чула. Мне Якімовіч расказваў аб ім.

— Цудоўна! Пастрайся, каб цябе зь ім пазнакоміў. Узнай як ён жыве, што робіць, якія мае планы. Надзеюсь, гэта цябе не азадачыць?

— Ды не.

Тыдзень пазьней Вера зноў зайшлася да Алеся, каб нібыта замяніць кнігі. Калі Якімовіч адлучыўся на кухню, малая кніжка з чорнымі вокладкамі апынулася пад кнігай твораў Оскара Ўайлда.

20

За кароткі час пісьменьнік Шпак усьведаміў сабе, што і ён, у ліку іншых выдатных Беларусаў у дыяспоры, апынуўся пад скрыжаваным агнём маскоўскіх злачынцаў і іхных бэсэсэраўскіх падхалімаў. Кагадзе меў пэўныя сумлевы, што бальшавікі неяк памаглі выкінуць яго з працы. Цяпер-жа асновы тых сумлеваў зьнікалі. Праясьнялася. Лісты прыходзілі ці ня кажны дзень. Звароты амаль пасяброўску дарагім і ласкавым тонам. Старшыня камітэту завяртанцаў з Бэрліну нейкі энкавэдыст Міхайлаў, быццам дбайны бацька, турбаваўся пра лёс суродзічаў, кінутых у эміграцыйную нядолю. Вось як яно! І ў закліках, — мотто амаль жыўцом зь бібліі: «Вяртайцеся на ўлоньне радзімы, блудныя сыны й дочкі. Калі й саграшылі, бацькаўшчына вам выбачыць».

Лісты падрыхтаваныя машынапіскай, адбітыя на рататары, а іншыя — рэгулярным кніжным шрыфтам. Ішлі-ж яны ня толькі да Антона Шпака, але й да іншых выгнаньнікаў высокае рангі. І прасілі такім мілым-прамілым тонам, каб вярталіся ў абдымкі дарагой і кахаючай іх бацькаўшчыны, якая і прыгарне, і накорміць, і…

Гэтта-ж побач, зусім адкрыта — пагрозы. Усе вылюдкі, бандыты, фашыстоўскае ахвосьце, здраднікі, каторыя й цяпер паклёпы майструюць на «родную ленінскую камуністычную партыю» і на «сацыялістычную радзіму», — усе яны ў свой час будуць трымаць адказнасьць перад народнымі судамі. Во як! Яны прападуць, як зьнікае пена ад карабля ў акіяне. Дык вось — чада мои, — вяртайцеся на радзімы ўлоньне. Хадзеце й сядайце за падрыхтаваны для вас сямейны стол, сярод радні й сяброў спажывайце плёны зямлі роднай, а заўтра, закасаўшы рукавы, станавіцеся побач, памагайце ліквідаваць ваенныя руіны.

У чым-жа сіла такіх крывадушных заклікаў? Апэлявалі яны да патрыятызму і эмоцыі людзей, што апынуліся ў нялёгкай духовай ці матар’яльнай сытуацыі. Надта добра змайстраваны падман, які вялікай моцай прамаўляў да выгнаньнікаў, што ня мелі гэтта, — за межамі Гулагу, — фізычных сілаў і духовай вытрываласьці, каб будаваць сабе нейкую больш-менш нармальную будучыню. Людзі старэйшыя, або тыя, што ня мелі тэхнічнае адукацыі, апынуліся ў цяжкой сытуацыі. Завяртанцы з таго бэрлінскага камітэту напалохалі і так званых простых сялянаў ці індустрыяльных работнікаў. Замежная сетка бальшавіцкіх агентаў таго камітэту зьбірала весткі пра ўсіх так званых суайчыньнікаў, рабіла лісты іхных сваякоў, што былі ўдома; ствараліся пры гэтым чорныя лісты так званых грахоў перад радзімай у часе «вялікай айчыннай вайны». Напалоханыя бальшавіцкім шантажом Беларусы не маглі весьці нармальнае карэспандэнцыі із сваім сваякамі, што жылі ў маскоўскім ярме. Згодна так званых правоў, ці бяспраўя грамадзянаў эсэсэрыі, сувязь з заграніцай была крыміналам. Напалоханыя бальшавіцкімі шантажамі, шматлікія Беларусы за мяжою трымаліся таксама воддаль ад беларускіх арганізацыяў. Гэта, — верыце, ці не? — калі-б бальшавікі даведаліся пра іхны ўдзел у беларускім грамадзкім жыцьці за межамі «сувэрэннай БССР», магло-б сьцягнуць рэпрэсіі на іхных сваякоў.

Цікавая і зусім неабходная застрахоўка, для бясьпекі жыцьця «блудных сыноў і дачок» ды іхных сваякоў у маскоўскім прыгоне, наглядалася ў эміграцыйнай прэсе. Лісты ахвяраў на выданьне газэтаў і часапісаў поўніліся рознымі ініцыяламі, скаротамі, або псэўданімамі. Шматлікія выгнаньнікі высьцерагаліся, каб ня трапіць на якія груповыя здымкі, што зьмяшчаліся з нагоды розных урачыстасьцяў ці збораў у беларускай эміграцыйнай прэсе. Яны пераканаліся, што НКВД-КДБ зьбірае ўсё ў свае архівы, студыюе кажны твар, пры помачы сваіх агентаў на эміграцыі трымае пільнае вока на найбольш актыўных антыкамуністах. Некаторых выдатных людзей, у тым ліку і зь Беларусаў, КДБ рукамі сваіх агентаў ліквідавала. Добрасумленныя суродзічы нашы, што ўжо прыжыліся на эміграцыі і матар’яльна маглі памагчы сваяком на паняволенай бацькаўшчыне, баяліся гэта рабіць, каб не сьцягнуць на сваякоў якую рэпрэсію з боку акупацыйнага рэжыму.

Як ацаніць маштаб шкоды, што бальшавікі ўчынілі беларускім нацыянальным арганізацыям грамадзкага, палітычнага, рэлігійнага, навуковага ці харытатыўнага характару на эміграцыі? Нашы суродзічы намагаліся за межамі паняволенае бацькаўшчыны будаваць сваё новае жыцьцё, гадаваць дзетак у беларускім духу й веры ў Бога, даваць ім магчымасьці скончыць вышэйшую асьвету, і пры гэтым памагаць народу змагацца за вызваленьне з маскоўскага ярма. І вось супраць гэтых людзей вялася дзесяцігодзьдзямі бесьперапынная бальшавіцкая акцыя шантажу, нацкоўваньня, паклёпу, антыгуманнай прапаганды. Фашысьцілі эмігрантам здольныя бальшавіцкія палітрукі, што найчасьцей у завяртанскім «голасе» выступалі апосталамі вышэйшай справядлівасьці. Выдатных беларускіх патрыётаў, што былі на эміграцыі, яны называлі «мацёрымі» здраднікамі, быўшымі прыслужнікамі фашыстоўскіх гітлераўскіх акупантаў цяпер ужо «вызваленай» — пры ахвярнай помачы «братняга рускага народу», — радзімы.

Антон Шпак бачыў змаганьне за вызваленьне бацькаўшчыны з маскоўскага каляніяльнага ярма на шырокім прасторы. Канкрэтнае-ж і штодзённае заданьне: мала было адбівацца сяньня ці атакаваць тых маскоўскіх цівуноў, што няспынна прадаўжалі фашысьціць усім беларускім нацыянальным лідарам у дыяспоры; неабходна было ня толькі захаваць, але й памнажаць свае сілы, ці, — калі накш сказаць, — людзкія рэсурсы, каб мець базу для аднаўленьня нацыянальнага арганізму ў будучыні. Там-жа, у зоне, цяпер ужо пад уладай спадкаемцаў таго «вялікага й мудрага айца ўсіх народаў» адбывалася нячуванае дасюль у сваіх маштабах злачынства: ліквідаваліся апошнія беларускамоўныя школы, а русіфікацыя культурнага, навуковага і адміністрацыйнага жыцьця «сувэрэннай» псэўдарэспублікі дайшла да кульмінацыйнага пункту; ад якога ўжо няма дарогі назад да адраджэньня зганьбаванай і запрыгоненай нацыі. Пасьля страты мовы, культуры, традыцыяў, сьведамасьці свае гістарычнае мінуўшчыны, собскае і нацыянальнае годнасьці — наперадзе адно цемра: некалі ў гісторыі вялікі й слаўны народ ператворыцца ў «зямляцтва», угнаеньне для прагавітых дзярлівых чужынцаў.

Трэба, адылі, разьлічваць, што цяперашні гвалтоўны напор расейшчыны яшчэ ня зможа дасягнуць сваей канчальнай мэты, што ў запасе яшчэ ёсьць час і добрыя хаўрусьнікі. Супольны фронт усіх паняволеных Маскоўшчынай народаў, пры адпаведнай палітычнай каньюнктуры і падтрымцы дэмакратычных краінаў вольнага сьвету, дасьць даволі сільны штуршок, каб піхнуць «імпэрыю зла» да яе суцэльнага распаду. Дык мала цяпер толькі адбівацца ад тых, што фашысьцяць табе ў розных «голасах радзімы», дэзынфармуюць і так ці мала зьбянтэжаных суродзічаў. Абавязкова трэба назапасіць амуніцыі і на будучыню, трэба гадаваць новую зьмену. А гэнай зьменай могуць быць адно тыя, што тут, на чужыне навучацца свае мовы й захаваюць яе, пазнаюць запраўдную гісторыю Беларусі, яе культуру, традыцыі, пабудуюць для сябе рэлігійныя сьвятыні і паклічуць да аўтароў такіх сьвятароў, для якіх любоў бліжняга стане на адным узроўні з адданасьцю інтарэсам беларускае эміграцыі і паняволенай бацькаўшчыны.

У розных сваіх эміграцыйных інстытуцыях трэба новаму, ужо за межамі бацькаўшчыны народжанаму, пакаленьню даць добрыя веды пра Беларусь і, у найгоршым выпадку, калі ўжо нельга тут выхаваць жаданых патрыётаў Беларусі, дык прынамсі старацца ўзгадаваць нейкіх ейных сымпатыкаў і абаронцаў. Каб запрыгоненая краіна ніколі ня страціла за межамі, у вольным сьвеце, голасу свайго, каб захаваць насеньне для будучага аднаўленьня плёнаў на родных нівах.

Усьведаміўшы, што пісьмы Міхайлава і цэлая «чырвоная афэнзыва» вялі псыхалягічную вайну аж да зьнямогі супраць бедных антыкамуністычных інтэлектуалаў за межамі «забранай зямлі», Шпак пастанавіў у гэны крытычны час узяцца за публіцыстыку. Шматлікія суродзічы жадалі пачуць ягоны голас, натхніцца яго заклікам і знайсьці адпаведную амуніцыю супраць тых завяртанскіх стралкоў і цівуноў, што наперабой фашысьцілі ўсім, каторыя так ці накш змагаліся за вольную Беларусь і захаваньне беларускага этнасу на эміграцыі.

Трэба было аналізаваць і ў дробных дэталях ды ў цэлым камплеце паказаць мэтады й сродкі агрэсыўнага камуністычнага наступу, стварыць цэлы й аб’ектыўны вобраз таго бяздоньня, куды вядзе капітуляцыя перад адвечным ворагам Беларусі, а цяпер і ўсяго чалавецтва. Шпак ня браўся атакаваць тых, якіх гэтта на эміграцыі называлі зьвіхнутымі. Гэткай мянушкай ахрысьцілі тых, што з розных прычынаў трапілі ў варожую пастку, а цяпер, пасьля адпаведнага раскаяньня перад «радзімай, якая ўсё прабачыла і да сваіх грудзей прыгарнула», яны выхвалялі катаў беларускага народу, лілі розныя памыі на перадавых беларускіх патрыётаў на эміграцыі ды заклікалі суродзічаў вяртацца на бацькаўшчыну. «Зьвіхнутыя», або здраднікі, — як называлі іх іншыя беларускія патрыёты, — сталіся маленькімі пешкамі ў вялікай, ворагам вольнае Беларусі плянаванай вайне.

Пісьменьнік Шпак у раньні пэрыяд сваей пісаніны спанатрыў вялікую цану непасьпешлівага і халоднага доказу. Яшчэ лепш, калі падтэкстам памагае лёгкая іронія. Шпак адказваў Міхайлаву і ягоным «саўдзельнікам у злачынствах» лагодна-мяккім і зьдзеклівым тонам, ягоная вівісэкцыя нутра камуністычнага арганізму — удалая і сьмелая, аргумэнты — быццам скала. Балела пісьменьніку сэрца за раськіданых па цэлым сьвеце суродзчаў, што апынуліся пад скрыжаваным шквалам варожае прапаганды. Шпак напісаў сэрыю ў трох артыкулах, перагледзеў іх, паправіў, выслаў заказной ды паветранай поштай у беларускую штотыднёвую газэту ў Мюнхэне.

Калі вярнуўся з пошты, ня мог пазбыцца ўражаньня, як нікчэмна мала зрабіў. Беларускія выгнанцы ўсё роўна будуць трапляць у хітра расстаўленыя праціўнікам пасткі. Магніт у руках катаў занадта моцны, каб яму супраціўляцца маглі слабыя духам, якіх карэньне на гэтым баку акіяну ды ў Заходняй Эўропе яшчэ не ўрасло дастаткова глыбока ў чужую глебу. Шпак маліўся Богу, прасіў Яго, каб прыйшоў суродзічам на помач, скарэй паслаў той час расплаты зь ненавісным ворагам, якога ракавы арганізм руйнуе ўсё чалавецтва, каб урэшце вярнуў раськіданых па цэлым сьвеце, — насамперш і тых са сьмяротнага Гулагу, — сыноў і дачок на вольную і дарагую Бацькаўшчыну.

21

На п’едэстале, на аграмадным кані — прынамсі ўдвая большым за нармальнага, — расьсеўся Яго Каралеўская Вялікасьць, Кароль Вялікай Брытаніі, з Ласкі Божае Імпэратар Індыі і гэтак далей… Бронзавы конь, зь пярэдняй левай паднятай нагой, — гатовы ў дарогу, — касавурыў крыху налева. Сам яздок ягоны, з адкрытай, галубамі ўдэкараванай лысай галавой з вусішчамі і бародкай, грудзьмі абвешанымі мэдалямі і рознымі шнурамі ды кукардамі, ботамі з халявамі за калені, трымаў паляўнічы брыль у правай руцэ на калене, а левай рукой натужыў лейцы ад аброці. Шырокі імпэратарскі твар спакойна пазіраў наўскасяк направа. І цяпер галуб з галубкай аглядалі парк з выгаднай лысіны Эдварда VІІ-га, найстарэйшага сына Вікторыі, якому трэба было пажыць гадоў шэсьцьдзесят, пакуль маці з высокага трону зьлезла.

Помніку Эдварда VІІ-га, які некалі займаў пачэснае месца ў сталіцы Індыі, адвялі кут у Радфардзкім Гарадзкім парку. Яшчэ ня так даўно, пакуль нахлынула пасьляваенная хваля імігрантаў, парк падлягаў правом прыроды. Зайцы, на якіх тут паляваць забаранялася, гэйсалі ўсюды ў гушчы дрэваў, у кронах якіх гнязьдзілася маса птушак. Вялікая паркавая прастора ўключала пагоркі, даліны, дзьве рэчкі, што вужамі віліся між дрэваў і хмызьнякоў. Спакойная паверхня невялікага возера гаманіла дзікімі качкамі й шэрымі канадыйскім гусямі ды вечна галоднымі крыклівымі чайкамі. Ля таго возера ў даліне была лодачная станцыя — аблюбаванае месца моладзі. Апавядалі, што некалі парк гэты, пакуль стаўся ўласнасьцю гораду, наведвалі пераважна аматары паляваньня й рыбакі.

Калі аж тры ўрады — фэдэральны, правінцыяльны й гарадзкі — наважыліся барукацца зь беспрацоўем, надта хутка знайшліся фінансавыя сродкі для ўпарадкаваньня і аднаўленьня гэтага вялізнага плошчай парку. Нанава расплянавалі, пабудавалі адну цалкам неабходную дарогу для аўтамабіляў, сьцежкі для бягуноў, хадуноў і самакатаў, аўтастаянку пры мадэрным, непадалёк возера, летам халоджаным, рэстаране. Зашумелі сям-там мініятурныя вадапады, пчолкамі й чмялямі загулі кветнікі. Выгадныя лаўкі пры сьцежках і ў зелені травы запрашалі чалавека адпачыць воддаль ад шуму й гармідару гораду. Акцэнт мадэрнізацыі парку клаўся на лёгкую кантролю прыроды з прыбыткам зусім неабходнай, але не залішняй цывілізацыі.

— Зірні ты на яго, паляўнічага імпэратара! God save the king! — усьміхаўся Алесь, аглядаючы вялізнага Эдварда сёмага на бронзавым кані.

— А адкуль ён тут узяўся? — зьдзівілася Вера. — Такія пампёзныя помнікі імпэратарам стаўлялі перад будынкамі парламентаў ці на якіх важных сквэрах…

— А ты ня чула?

— Што?

— Ды як гэтага гэроя нашыя манархісты сьцягнулі зь Ню Дэлі?

— Калі гэта?

— Як Індыя сталася незалежная ды сваім розным Магатмам пачалі помнікі майстраваць…

— Дык тады гэтага імпэратара сюды?

— Хацелі яго дзесьці на якую галоўную Кінг вуліцу паставіць, але… ня тыя часы, ня тое пакаленьне. Бальшыня ў гарадзкой управе ўпёрлася… Дык вось яго сюды, у больш экзатычнае месца… Зрэшты, яго й тут галубы, як бачыш, для сваіх патрэбаў адаптавалі…

Прыгожае надвор’е хутка напаўняла парк і Алесь уздыхнуў з палёгкаю, калі яму ўдалося знайсьці вольнае месца для свайго Олдсмабіля.

— Окэй, даражэнькая, давай заглянем цяпер у дзіч, — прапанаваў Алесь дзяўчыне. — Знойдзем такое месца, куды яшчэ не сягнула сваёй прагавітай рукой цывілізацыя.

— А тут ёсьць такое?

— Пашукаем, — узяў Веру за руку Алесь. — Мне здаецца, што я павінен цябе сяньня рамонкам вялічаць: Miss Daisy.

Сукенка ў кветкі ізь цесным тулавам і шырокай спадніцай, прыгожа раськінутыя па бакох і ззаду валосы ды той нявінны дзяцінна-прывабны тварык із загадкавымі прамяністымі вачмі… Захапляўся дзяцюк і дзяўчынай, і прыродай: летняй чысьцінёй, сьвежасьцю, водарам наліваных поўнымі сокамі расьлінаў і кветак. А побач — поўная й пышная ў сваёй сьпеласьці й красе маладосьць. Дзяўчына, у Алесевым уяўленым параўнаньні, запраўды нагадвала рамонак на ніве цяпер далёкай, чужнікамі забранай зямлі. Але гэта дзяўчына ішла вось побач яго, яе сквапліва аглядалі сустрэчныя мужчынскія вочы.

Прыселі на лаўку пад вялікім дубам. Праз галіны дрэваў зьзяла люстра залітага сонцам возера й відаць быў лодачны прыстанак. Некалькі парачак у лодках марылі пра каханьне, а больш заавансаваныя практыкавалі яго ў пацалунках.

— Вось што я люблю, — сказаў Алесь, — мы жывём у дваццатым стагодзьдзі а паглядзі, як мы далёка ад яго, значыцца ад цывілізацыі ягонай, што ці не пайшла на злом галавы… Якое тут хараство! Адсюль, ад гэтай цудоўнай прыроды запраўды бліжэй да Бога…

Зачараваная прыродай дзяўчына, сама прыгожая ляля, маўчала. Алесь носам адчуў запах бэзавай парфумы, зірнуў на румяны тварык. Блізкасьць дзяўчыны гэтта, на ўлоньні прыроды, актывізавалася адным жаданьнем. Калі зірнуў на яе ўважна, спасьцярог нейкі выклік у ейных вачох. Поўныя ружовыя, зусім немаляваныя вусны, румяныя шчочкі, абяцаючыя вочкі — усё гэта на выклік. Магніт, якому няма супраціву. Сустрэліся ці не на поўдарозе. І спачатку вусны ейныя, быццам коркавыя, непаслухмяныя, як некалі гэны першы раз. Ды тут-жа адразу дзяўчына памякчэла, быццам ажыла, усім дрыготкім целам прыльгнула да яго, упілася ў ягоныя вусны. Хлапец ледзь трымаўся пры наплыве крыві, малаточкі стукалі ў скроні. Здавалася, што шпаркая хваля зусім затуманіла галаву, кінула цябе ў нейкі вір, дзе ўлада жывёльнага сьвету бярэ верх. Цябе ўсяго паглынае адно прагавітае імкненьне. І якраз тады, калі Алесь ужо цалкам апынуўся ў тым дзіўным ашаламленьні, Вера раптоўна адхінулася. У ейных вачох на імгненьне, — бачыў Алесь выразна, — прамільгнуў цень страху. Яшчэ п’яны нэктарам пацалунку, дзяцюк зьбянтэжыўся. Ды зараз-жа дзяўчына прыгарнулася да яго яшчэ шчыльней і проста зь нейкай канвульсіяй упілася ў ягоныя вусны. Алесь задрыжэў усім целам і цяпер ён першы адхіліўся. Рукой лагодна падняў Верын падбародак, заглянуў уважна ў закаханыя вочкі.

— Огоо! Умееш цалавацца! А мне раней здалося, што ты быццам ня ты, што ты тут зусім няпрысутная. Але-ж ты зусім ажыла, вярнулася! Дзякуй табе! — гаварыў захоплены Алесь.

І зноў патанулі ў соладзе вуснаў і абдымкаў, цяпер ужо бяз ніякага напружаньня, нэрваў, у вялікай роскашы. Усё зьлілося ў адно, тое, што вядзе да фізычных вытокаў, чым сьпявае й пульсуе ўсё жыцьцё ад часу стварэньня, калі імкнецца да завязі, што нясе новыя плёны. У гэным экстазе, калі два целы зьліваюцца ў адзін гарманічна пульсуючы сокамі жыцьця арганізм, рэальнасьць адыходзіць у нябыт, а міраж становіцца запраўднасьцю. П’яны хмель нэйтралізуе галоўнага вартаўніка — дасканалы апарат мозгу. І дзіва няма, што ў самы адказны момант, — калі галоўны вартаўнік-кіраўнік адсутнічае, — шырака адчыняюцца дзьверы для новых пакаленьняў. І вось гэтта, цяпер, у парку навосьцеж якраз адчыніліся такія дзьверы. Ды Вера раптоўна адпіхнула дзяцюка. Быццам рыба, выцягнутая з вады, Алесь лавіў паветра.

— Алесь, я мушу табе расказаць, — ціха шаптала Вера.

— Расказаць што?

— Пра той першы пацалунак і чаму я проста не магла… знаеш… Была прычына… Гэта сталася даўно, калі мне ня было яшчэ шаснаццаці гадоў…

— Не! Не кажы, перастань! — Алесь закрыў ёй далоньню рот. — Я не хачу слухаць пра тое, што там было. Я хачу цябе бачыць і ўяўляць, — калі цябе няма пры мне, — такой, як цябе цяпер бачу — цудоўным пахучым рамонкам, прынаднай і чыстай прыгажосьцю. Навошта-ж усё гэта бярэшся сапсуць?

Дзяцюк уяўляў ужо, што вось гэтая цаца-ляля, што побач, зараз-жа пачне рабіць нейкія дзіўныя ці жахлівыя прызнаньні пра свае дзявочыя грахі, наводля тых, пра якія можаш прачытаць у такіх папулярных для аматараў усякай эротыкі часапісах, як True Confessions…

— Ды я ня зьбіраюся нічога сапсуць, — гаварыла ўжо ўсхваляваная Вера. — А чаму-ж я не магу нічога расказаць пра сябе? Ці гэта я ўчора нарадзілася?

Цяпер у тых прывабных вачох зьявіўся дакор.

— Віншую цябе, міс Мак, з тваім ранейшым нараджэньнем і з тым, што ты вырасла прыгожай, як ляля, але-ж я ня выклікаў цябе на нейкую споведзь. Мала што нешта там было…

— Не, Алесь, я мушу, я хачу табе расказаць!

Памаўчалі. Алесеў зрок затрымаўся на лодцы, што на возеры. І там — ён і яна. Магчыма, першае каханьне… А тут у яго каторае? Дзяўчына хоча апавядаць пра сваё мінулае… Няхай…

— Мне тады ня было яшчэ чатырнаццаці і я жыла ўжо ў другой сям’і…

Дзяўчына, нагнуўшыся, зрывала сьцяблінкі высокай травы. Навокал, у сваім росквіце, цешыўся сьвет. А гэтта Вера Януку пачынае нешта наводля споведзі. Ён уважна зірнуў на ейны твар і здалося, што яна цяпер намагаецца пазьбягаць ягоных вачэй.

— У іх быў адзін сын, гадоў можа дваццаць пяць векам. Вялікі, сільны й брыдкі, у шахце працаваў. Бацькі ягоныя любілі мяне, як сваю, часта паўтаралі, што й самі некалі хацелі мець дачку. Я таксама іх любіла; добрыя і працавітыя, ашчадныя, сумленныя людзі. Яны мелі сваю харчавую краму, працавалі доўгія гадзіны. Ведаеш, як гэта ёсьць у малым гарадку, — калі не абслужыш людзей тады, як да цябе прыйдуць, значыцца ў любы час, дык скора і кліентаў мець ня будзеш.

— Мы жылі наверсе, над крамай. Было гэта перад Калядамі. У краме было многа работы перад сьвятам і гаспадыня — яна называлася Джэйн, — папрасіла мяне, каб я пачысьціла пакоі наверсе. Я старалася ім памагчы, дык і прынукі ня трэба было. Я шматай мыла там падлогу і была на каленях, калі пачула, што адчыніліся дзьверы. Гэта быў гаспадароў сын Джоў. Ня раз раней я бачыла злосны агеньчык у ягоных вачох і баялася яго. Хлопец гэты быў грубы, няпрыемны, дужы й агрэсыўны. Як я ўстала дык ён падыйшоў да мяне й сказаў: — Міленькая мая, не супраціўляйся, бо ніхто цябе не пачуе. Будзь добрая для мяне і я цябе не пакрыўджу.

— Гэтак ён сказаў із такой яхідненькай усьмешкай на твары. Пакуль я, як тая разінька, апамяталася што тут робіцца, ён раптам схапіў мяне й нёс на ложак у спальню. Для мяне той напад быў такі неспадзяваны, што я ня ведала што маю рабіць… Помню, што адкрыла рот крыкнуць, але гэты гарыла закрыў яго. Я, мусіць, укусіла тады ягоную руку ці шматай зьехала яго па твары бо ён мяне злосна кінуў на ложак і пачаў біць мяне. — Ты хочаш біцца, сука! — крычаў на мяне. Я старалася адпіхнуць яго калі ён пачаў мяне разьдзяваць. Раз я сьпіхнула яго з пасьцелі, кідала на яго падушкі, але гарыла ізноў намагаўся на мяне ўзьлезьці. Мне ўдалося скаціцца на падлогу і я тады бегла да дзьвярэй, але ён схапіў мяне за руку, крутнуў і я крэпка стукнула аб вушак дзьвярэй галавой што аж зоры пабачыла… Калі ён цягнуў мяне назад на ложак, мне не хапала паветра дыхаць.

— Тады я ведала, што скора ён возьме верх, я ня маю сілы бараніцца, але неяк спрамаглася і з апошніх сілаў моцна крыкнула. У мяне ўжо ня было сілаў, я так баялася гэтага зьвера. Ён схапіў мае абедзьве рукі, трымаў іх як клешчамі, а мяне крывёй абмазаў. Ён выглядаў так страшна, так пагражаў, што адабраў у мяне рэшту сілы. Ня помню добра, што было пасьля, мусіць пацямнеў для мяне сьвет… Нейкая мітусьня ў пакоі і тады ягоны, Джова, бацька нахіліўся нада мной і спытаўся ці я окэй. Маці таго гарылы старалася захінуць мяне, бо на мне была парваная сукенка…

Вера змоўкла. Бачыў Алесь у ейных вачох наплыўшыя сьлёзы. Але трэба-ж было ўдакладніць.

— Ну і як, удалося яму?

— Што ці ўдалося?

— Ну тое, чаго ён хацеў…

— Не, дзякуй Богу, — ціха сказала дзяўчына.

— Бедная ты, мая дарагая. Дык ты, значыцца, дзеўка, — сказаў Алесь і адразу шкадаваў сваіх словаў.

— Алесь, як табе ня брыдка! Пасаромся! — злосна сыкнула Вера. Твар ейны наліўся чырваньню а вочы глядзелі кудысьці ўбок.

— Ты-ж гэта хацела падкрэсьліць. Ці-ж ня так? — настайваў Алесь.

— Я хацела табе расказаць, што на мяне гарыла напаў і моцна пакрыўдзіў. Я тады была вельмі маладая. Гэта ня жарты былі. Ад таго часу я баялася хлапцоў, ня мела ніколі бойфрэнда і ніколі нікому не дазваляла дакрануцца да сябе. Я старалася наўмысна не малявацца і ня прыкрашвацца, як іншыя дзяўчаты, значыцца ня ўжывала памады для вуснаў ці якой іншай касмэтыкі таму, што не хацела каму на вока выстаўляць сябе. Да мяне ўсёроўна хлопцы лезьлі, але я ніколі ні зь кім не хадзіла. Я не магла пазбыцца страху ад таго брутальнага нападу. Тады, як ты прыйшоў, я старалася быць добрай і ты бачыў як гэта выйшла.

— Ты бедная, дарагая мая, — суцяшаў яе Алесь пабачыўшы, што гэтая споведзь скалыхнула Веру да глыбінь. Пад квяцістай сукенкай рухаліся захінутыя ў «крос-май-гарт-бра» поўныя грудзі. Адкрытасьць і поўная шчырасьць у вачох. Такая шчырасьць паўстае пасьля разладаваньня вяліке эмоцыі і душэўнага цяжару.

— Я хацела табе расказаць, каб ты зразумеў чаму той першы раз, як ты хацеў пацалаваць мяне, чаму я не магла… Я ніколі й нікому раней гэтага не расказвала.

— Ну дык што? Хочаш, каб даў табе мэдаль за адвагу? — сказаў Алесь.

— Алесь, як ты можаш так казаць? — дакарала дзяўчына.

— Выбач, я не падумаўшы…

Доўга маўчалі. Лёгкі вецярок забаўляўся дубовымі лісьцямі. Непадалёку на траве спыніўся робін, нахіліў галоўку, быццам прыслухоўваўся, дзеўбануў нешта ў траве ды выцягнуў вялікага дажджавога чарвяка, пырхнуў і зьнік у гушчы лесу. Дзесьці за ўзгоркам раскрычаліся павы. Там у загарадцы гарадзкі гаспадар парку трымаў некалькі жывёлаў і птушак для малечы.

— Алесь, — ціха, ледзь чутна сказала Вера.

— Што?

— Раскажы пра сябе.

— Што ты хочаш цяпер ведаць?

— Калі я цябе раней прасіла дык ты ўсё зьвёў на жарты. Я запраўды хацела-б ведаць што сталася ў вайну…

— Ці гэта так важна? — насьцярожыўся Якімовіч. Ён ня змог-бы ў той час вытлумачыць чаму якраз гэтак а ня інакш рэагаваў на пытаньне каханай дзяўчыны. Яна выглядала сумленнай і шчырай. Вось цяпер-жа, тут пад гэтым дубам-гігантам раскрылася яму, здаецца, поўнасьцю. Выспавядалася, што называецца. А ён-жа быў пэўны, што кахаў яе. Дык дзе была тая запруда, што перашкаджала яму выказацца?

— Так, Алесь, я-б хацела ведаць.

Вера адчула вялікую палёгку калі падзялілася з Алесем сваім мінулым, — няхай сабе малым кавалкам яе, — нібы выспавядалася. Спадзявалася, што Якімовіч нейкім падобным чынам адудзячыцца ёй. У гэны час Капшун і ягоная банда ня прысутнічалі ў ейных думках, хаця й пытаньне ейнае было народжанае калішнім загадам разьведаць пра гэтага «фашыста», што побач.

— А што ты хацела-б ведаць?

— Ну пра вайну, дзе ты быў, што рабіў? Усё…

— Слухай, Вера. Давай, ня псуй прыгожага дня. Навошта гаварыць пра вайну, калі мы можам займацца каханьнем? Давай пра гэта… Перш за ўсё дай мне цалусіка!

— Не, Алесь! Я хачу, я прашу цябе мне расказаць!

— Ня маю таго настрою, — сказаў Алесь зь вялікім націскам на апошняе слова.

— Ці-ж я ў цябе чаго замнога прашу? — насядала дзяўчына. — Я-ж во расказала пра маё самае важнае…

Цяпер яна поўнасьцю ўсьведаміла моц каханьня, якое нарадзілася ў ейным сэрцы да гэтага прыгожага дзяцюка. Недзе ў нутры падазрэньне, пасеенае Капшуном, імкнулася да выясьненьня, каб запярэчыць, што хлапец мог быць такім, якім яго Капшун намаляваў.

— Ну, ведаеш, я-ж казаў табе, што гэта ня так важнае нешта, — тлумачыў Алесь зь нецярплівасьцю ў голасе. — Скажы, навошта так насядаеш?

— Ты мне дарагі, я цябе кахаю. Я-ж табе расказала пра сябе.

— Божа мой! Ці-ж мала табе таго, што я пра сябе ўжо расказаў?

Недзе парвалася струна, голас павысіўся. Гэта нядобра. Прычына ляжала недзе ў мінулым. Узьненавідзеў усякіх сьледавацеляў-інквізітараў.

— Ня крычы на мяне, Алесь! Я хацела…

— Ты хацела, каб я перад табой выспавядаўся. Ты сама пачала сваю споведзь, хоць я і не хацеў слухаць…

— Добра, Алесь, я ня буду цябе змушаць. Я бачу, што ты мяне не дацэньваеш.

Голас дрыжэў. Яна была пры сьлёзах. Раптам устала і хуткімі крокамі пайшла прэч.

— Вера, вярніся!

Дагнаў дзяўчыну, схапіў яе за руку, але яна адпіхнула яго.

— Ідзі ад мяне! Я ніколі не хачу цябе бачыць!

У голасе дзяўчыны была такая рэзкасьць, якой раней ад яе ня чуў. І ў тым — поўная фінальнасьць. Зьбянтэжаны такім нечаканым паваротам, Алесь стаяў быццам прылеплены нагамі да сьцежкі, кроў малаткамі бушавала ў скронях, слабая млоснасьць разьлілася ля ног і ззаду калі той «цудоўны рамонак» зьнік за пагоркам на сьцежцы. Рука палезла ў кішэню й выцягнула сярэбраную папяросьніцу. Едкі дым ускалыхнуў лёгкімі.

— Чорт цябе ведае, што за дзяўчына! — сказаў сам сабе Алесь.

22

Вера шпарка бегла да трамваю. Навокал поўна людзей, але яна нікога побач ня бачыла, у галаве панаваў хаос, цяжка было думаць, разважаць. Тое, што зрабіла, было спрычыненае нейкім нэрвовым, незалежным ад розуму, імпульсам. Але, — адчувала гэта, — на сцэне зьявіўся новы элемэнт, якому не магла даць рады. Доўгі час ён быў у летаргіі. Яго разбудзіў прыгожы дзяцюк. Новае, раней нязьведанае перажываньне. Жаданьне, каб яе Алесь кахаў, засланіла ўсё іншае. Цяпер баялася, што ейная эмацыянальная раўнавага пахіснулася да небясьпечнага ўзроўню на лавачцы пад тым дубам, дзе першы раз у жыцьці раскашавалася запраўднай асалодай юрлівага пацалунку каханага чалавека. І запраўды пачыналася нешта новае, перад якім ты бездапаможная. Як тое вызначыць ці ацаніць?

Калі адчыніла дзьверы ў сваю кватэру, званіў тэлефон. Схапіла трубку. Мёртвы гук. Ніны ня было дома. Вера меркавала, што яна дзесьці на пляжы, або ў іншым месцы ў добрым таварыстве. Вера ніколі надта ня цікавілася Нінінымі любошчамі. Старая дзеўка, гуляла зь дзяцюкамі пэўне-ж ня так, як сьціплая і стрыманая міс Мак.

Зноў ажывіўся тэлефон. Роўны і аўтарытэтны мужчынскі голас вярнуў яе ў будзённую рэчаіснасьць. «Каб ты здох, хрэн стары! — праклінала ў думках чалавека. — Ты апошні на зямлі, зь кім мне цяпер хочацца гаварыць!»

— Міс Мак, — гаварыў Капшун, — добра што нарэшце знайшоў цябе. Я ўжо раней званіў.

— Я была выйшла.

— Ёсьць важная справа. Хачу, каб ты ёй адразу занялася.

— Слухаю.

— Недзе змыўся з гораду Антон Шпак і я хачу, каб ты пастаралася яго знайсьці.

— Як гэта разумець «змыўся»?

— Некуды, відаць, перабраўся. Няма яго на ранейшым адрасе. Мы ня можам знайсьці яго ў горадзе.

— Ну дык пры чым тут я? Ці вы хочаце, каб я пачала па чужых хатах бегаць? Я ніколі нават чалавека не спаткала й ня знаю яго…

— Вера, слушай, ты как смеешь ко мне обращаться таким тоном? Якімовіч ведае дзе Шпак. Ён мусіў памагчы яму перабрацца. Што скажаш?

Вера адразу ўцяміла важнасьць новага заданьня. Якраз тады, калі ўжо амаль пастанавіла нейкі час трымацца воддаль ад Якімовіча, гэты палітрук пхаў яе назад у дзяцюковы рукі. Зьбянтэжылася.

— Халера на вас! — вылаялася голасна.

— Што, што ты сказала? — грымела трубка.

— Ды нічога важнага… Што гэта вы пыталіся мяне?

— Што з табой сягоньня?

— Ды нічога…

— Мне здалося… Я прасіў цябе знайсьці Антона Шпака. Трэба нам вока зь яго ня спушчаць. Мусім ведаць дзе ён ёсьць і чым займаецца. Разумееш?

— Ну няхай, пастараюся…

— Глядзі, пастарайся як сьлед. Обязательно! І чым скарэй, тым лепш. Як толькі што ўзнаеш, да мяне. Панімаеш?

— Ага.

Канфуз павялічыўся. Сядзела на канапе, рукамі закрыўшы твар, прыслухоўвалася да быццам паскоранага рытму сэрца. Абрыўкі думак хаосам кружылі ў галаве. Пачулася поўнасьцю адзінокай, некім у нейкі тупік загнанай. І тады нахлынулі сьлёзы. Раптоўна, патокам. Уздрыгамі трасло цела, як некалі даўно-даўненька на магіле маткі.

23

Рэсорт Пайн Рыдж разьмясьціўся на лагоднай абшырнай пахіласьці ў суседзтве вялікае пушчы, што паглынула пятнаццатую шашу ў адлегласьці трох гадзінаў язды на паўночны ўсход ад Радфарду. Галоўны будынак з прыгожых круглых бярвеньняў хвоі, із цыркулярным пад’ездам на фроньце, кветкамі й кусьцікамі абсаджаны, з боку роўнай зелянінай прыгожа стрыжанай травы, разьмяшчаў кантору, сьвятліцу й рэстаран. Якіх сотню крокаў воддаль, бліжэй дарогі была бензінная стаянка. За рэстаранам, у сасновым бары відаць было некалькі катэджаў. Некаторыя зь іх мелі па дзьве спальні, былі абсталяваныя вадой і электрычным аграваньнем, мелі амаль усе гарадзкія выгады. Катэджы спалучалі вымашчаныя пабітым каменьнем сьцежкі. Бліжэй рэстарану, ззаду за ім, на даволі вялікім і добра дагледжаным траўніку, стаяла некалькі пікнікавых сталоў.

Нейкага паўкілямэтра ў глыб пушчы рака Пома гнала свае чыстыя крынічныя воды праз завалы каменьня й валуноў, гнілыя пні дрэваў, жывое карэньне. Шпаркі ток стрымліваў бег ля крутых паваротаў, падмываў вязы, клёны й хвоі. У большых глыбінах ля берагоў шнырыла фарэль. Водыр і гамана пушчы дапаўнялася тужлівым і надта выразным працяжным кліканьнем-гукам люнанурца, — птушкі гусінай вялічыні, што бытуе ў тутэйшых вазёрах. Гэта ад яе, як кажуць мясцовыя людзі, — пачынаецца прырода канадыйскай поўначы. Галоўнымі ворагамі рыбакоў былі тут чорныя мушкі й камары. Ад гэтай заедзі ратаваліся ўсялякім мазямі й вадкасьцямі, каторыя рыхтавалі за шчодры фінансавы здабытак розныя хімічныя фірмы.

У галоўнай сьвятліцы Пайн Рыдж рэсорту на сьцянах віселі розныя павялічаныя здымкі вялікіх рыбакоў і вялікае рыбы. Тэрмін «вялікі» мае гэтта адноснае значэньне, паколькі, як усім рыбаком ведама, спалучаецца ён нярэдка зь іншым надта непахвальным словам. І вялікія рыбакі на здымках, што віселі на сьценах сьвятліцы Пайн Рыджу — запраўдныя шчасьлівыя чэмпіёны немалога маштабу, із шчодрымі ўсьмешкамі на тварах. Яны фарсілі на паказ вялікімі рыбамі фарэлямі, якіх быццам злавілі ў рацэ Пома. Скептыкі падказвалі, што здымкі гэныя маглі быць купленыя ў адпаведных дзялкоў з глыбінаў турыстычных прадпрыемстваў.

Антон Шпак да такіх скептыкаў не належаў. Ён прайшоўся па беразе ракі, спрактыкаваным вокам асьцярожна й мэтадычна агледзеў зямлю, каменьне, ашанцаваў бег вады, намагаўся вызначыць месцы магчымых схованак фарэлі. Пасьля такога, даволі блізкага агляду, пісьменьнік мяркаваў, што рыбы, якімі афішаваліся задаволеныя ўсьмешкамі рыбакі на здымках у сьвятліцы, запраўды маглі быць тут злоўленыя.

Антон Шпак залічаў сябе да старых і спрактыкаваных рыбакоў. Яшчэ на бацькаўшчыне, калі быў настаўнікам, падчас летніх канікулаў зьведаў ня толькі Нёман, Вяльлю й Дзьвіну, але ўпадабаў быў і шматлікія вазёры, асабліва Нарач і многія з цудоўнай Браслаўшчыны. Шпаковымі ўловамі маглі-б ганарыцца шматлікія рыбакі. Ён вывучаў рыбную прыроду, пазнаваў найбольш плённыя месцы для вудачкі. Быў у Шпака й галоўны інтарэс. Як пісьменьнік і журналіст, ён няспынна цікавіўся людзьмі, знаходзіў адзінкі, што пасьля ўзбагачалі мастацкія творы.

Лоўля рыбы для Антона Шпака была бальзамам душы, суцэльным адпачынкам. Калі ты намагаешся прынадзіць і злавіць якую прыгожую, што вырасла й дасьпела ў вадзе, цацу, мозг твой — у гэтым ня было сумлеваў, — поўнасьцю адпачываў. Ты акунаўся ў іншы сьвет. Яго трэба было ведаць. Закрыты і ўзвышаны, быццам плянаваны, але й заўсёды нязьведаны, ён запэўніваў чалавеку поўную духовую раўнавагу. Шматлікія рыбакі зьведалі сілу ягоных гоючых якасьцяў.

Бязьмежнай была Шпакава радасьць калі атрымаў працу ў рэсорце Пайн Рыдж. Разгледзеўся, аж узрушыўся з задаваленьня. Заданьне ягонае — догляд траўнікаў, кветнікаў, часамі абслуга бензіннае помпы або помач на кухні. Апроч харчоў і кватэры абяцалі скромную плату. Пісьменьнік гэтым не турбаваўся. За грашмі ніколі ня гнаўся. Праца начамі ў тым гарадзкім гатэлі адбірала сілы й здароўе. Тут ня было гарадзкога шуму, наглага дзяжурнага гадзіньніка, цяжкое задушлівае атмасфэры, ніякага сьпеху. Чыстае й здаровае паветра, жыцьцядайнае дыханьне прыроды. А ягоныя абавязкі здаваліся Шпаку дзіцячымі гульнямі. Больш таго, ён мог закінуць вудачку раніцай, а іншы раз і пад вечар. Гэткую магчымасьць пісьменьнік найбольш цаніў.

Уласьнікам Пайн Рыдж быў Пол, старшы брат Нік Лока, чалавек у сярэдзіне саракавых гадоў векам. Спадабаўся яму паважны й разважлівы Антон Шпак, а жартаўлівы й шустры ўласьнік ня мог не спадабацца пісьменьніку. Пол часта адлучаўся па бізнэсавых справах, а ягоная маладая й дынамічная жонка Нора трымала сваю руку на пульсе Пайн Рыдж. Дзьве асобы працавалі ў кухні й рэстаране, а малады хлапец Боб загадваў бензіннай помпай і абслугоўваў аўтамабілі.

Надвор’е спрыяла адпачынку й напоўніла рэсорт людзьмі. Рэстаран алькаголю не прадаваў, але ўласьнікі не пярэчылі калі хто прывозіў яго для прыватнага ўжытку ў свой катэдж. Адпачывалі тут людзі нябедныя, што маглі сабе пазволіць на даволі кусьлівыя цэны. Некаторыя зь іх лавілі рыбу, іншыя езьдзілі на кілямэтраў пяць адлеглае адсюль возера Лада, дзе можна было паезьдзіць лодкамі, лавіць вазёрную рыбу, загараць на пляжы. Былі-ж і такія, што любілі адпачываць у цяньку на шэзлонгах, або папахадзіць па пушчы й сачыць птушак ці гуляць у тэніс.

Два тыдні пасьля Шпакавага пераезду, зьявіўся Алесь. Правялі разам цэлы вечар. Дзяцюк заўважыў, што пісьменьнік быццам ачуняў ад нейкае ўдушлівасьці, павесялеў, папаўнеў у твары. Пры шклянцы брэнды, якую Алесь прывёз, Шпак гаварыў пра свае заняткі, пісаніну. Не плянаваў тымчасам нічога большага, адно артыкулы ў сувязі з так званай соцрэалістычнай падсавецкай беларускай літаратурай. Дзесьці ў будучыні пісьменьнік абяцаў заняцца апавяданьнямі. Назаўтра раніцай, за рулём аўтамабіля па дарозе назад у горад, Алесь быў задаволены, што так удала ўладзіў пісьменьніка. Быццам адплылі некуды далёка і свае турботы ў сувязі зь дзяўчынай і іншымі справамі бізнэсавай працы.

24

Лівень за вакном спыніўся, але Капшун таго не спасьцярог. Пры яркім сьвятле настольнае лямпы, у мяккім крэсьле, смокчачы даўно пагаслую люльку, ён яшчэ ня выкараскаўся з чытаньня Шпакавай сэрыі артыкулаў у «Беларусе». Калі-б Шпак не атаўбаваўся з процілежнага боку барыкады, Капшун павіншаваў-бы яго. Чаму-ж не? Якое майстэрства мовы, якая аргумэнтацыя! Аўтар валодаў майстэрствам выдатнага мастацкага нарысу, дзе ніці людзкога здаровага пачуцьця спалучаліся із струнамі духовасьці, дзе вастрыё сатыры ў руках генія паралізуе ўсю нехлямяжую балбатню-прапаганду гнілой сыстэмы. У Шпака атака супраць крывадушнага тырана перапляталася із спачувальным шкадаваньнем калішніх блізкіх сяброў і вялікіх патрыётаў паняволенага народу, якіх так ці накш прымусілі лізаць маскоўскія азадкі…

Капшун часам пісаў соцрэалістычна-прапагандовыя фэльетоны п. заг. «Между нами говоря» ў мясцовую «рабочую газетку», любіў чытаць выдатных майстроў сатыры. У горадзе меў выгадную пазыцыю пры фірме «Славянская Кніга», што здабыла ліцэнцыю ад «Совиностранторг» для перасылкі тавараў у «краіну, якая, — згодна словаў Мікіткі Кукурузьніка, — у недалёкай будучыні ўжо пабудуе камунізм». Ліцэнцыя гэна — добрае карытца, пры якім можна чэсным сваім людзям пражыць і нават пажывіцца, ды ў кішэні «суайчыньнікаў», што пасылалі на бацькаўшчыну сваяком пасылкі, залезьці. Іншая праца Капшуна вымагала адмысловага падыходу. Беларускія бебурнацы, — каб на іх безгалоўе! — вось-жа махровыя фашысты, не здаюцца, яшчэ агрызаюцца! Калі Капшун некалькі месяцаў назад узяўся адлучыць іхнага лідара Шпака ад грамадзкага беларускага жыцьця, або пранамсі спараліжаваць ягоную руку, здавалася што заданьне лёгкае, як плюнуць. Справа простая: аслабіць яго фізычна, пазбавіць працы, давесьці да галечы мясцовага вулічнага валацугі. Во як! Будзе нягодніку крышка! Гнілое капіталістычнае «сословие» тут яму, Капшуну, якраз на руку! Прынамсі так меркаваў.

Шпак, здавалася, упаў. Ды не, няпраўда. Іншы даўно здаўся-бы, але ня гэты. Бамбардаваньне рознымі лістамі з заклікамі «радзімы, якая ўсё блудным сыном прабачыць», атака прапагандай пра няўхільную перамогу камунізму на ўсім сьвеце дый грандыёзныя эканамічныя і тэхнічныя перамогі на фроньце палепшаньня дабрабыту працоўных — усё гэта быццам у пропасьць канула. Гляньце, таварышы, чалавека няма як на калені паставіць. Нават пасьля таго, як удалося яго зь нізкаплатнай работы ў гатэлі пагнаць! Выглядала, што праціўнік змагаўся наймацней, калі яго на мяжу роспачы папхнеш. Значыцца, — разважаў Капшун, — трэба іншымі мэтадамі спрабаваць. Дзякуючы Веры, ён ведаў, што Шпаку памагаў Якімовіч, каторы вось цяпер недзе яго за горад перамясьціў. Заданьне, здаецца, больш складанае, чымся раней выглядала.

Надыходзіў крызісны час. Грыша прыгадаў, як нейкага паўгоду назад наведаў яго важны чалавек з аттаўскае савецкае амбасады. Была доўгая размова. Справа, у канцы канцоў, зводзілася да простага наказу зьверху: камітэт за вяртаньне на радзіму прынагляе вас, каб Антона Шпака адхіліць ад удзелу ў грамадзкім і палітычным жыцьці беларускіх буржуазных фашыстаўскіх нацыяналістаў. Яшчэ лепш, каб вярнуць яго на радзіму.

— У кажным разе, — казаў важны чалавек з амбасады, — Міхайлаў давярае вам такое заданьне. Апраўдаеце такі давер?

Гэтта Капшун аж ёкнуў з захапленьня.

— Так, таварыш, дайце мне час.

— Колькі-ж часу?

— Які год. Акцыя патрабуе паступовага націску. І Міхайлаў, вядома, павінен мне памагчы.

— Не беспокойтесь. Беритесь за дело!

Нарэшце, наапошку нешта зрушыла. Чалавек з амбасады зьвязаўся зь ім без пасярэдніцтва Канадыйскай камуністычнай партыі. Калі гэта ня мела вагі, дык што тады яно значыла? Нехта й недзе яго заўважыў, асабліва ацаніў ягоную адданасьць прагрэсу працоўнага руху ў адной галіне… Рашылі, відаць, што яму можна даверыць такое важнае заданьне. Вядома, гэта паднясе ягоны прэстыж сярод перадавых таварышаў і дасьць багаты дывідэнд.

Капшун ужо глядзеў наперад, уяўляў той час, калі павысяць яго на партыйнай лесьвіцы. Не за гарамі той дзень. А Шпак? Нікчэмнік! Ён лёгка з гэтым фашыстам справіцца. Лёгка? Так здавалася… Выглядала цяпер, што трэба ўжываць больш радыкальныя сродкі. Капшун меў малую фармальную адукацыю, на мудрасьць паляваў самавукам. Ганарыўся сваім практычным і вынаходлівым розумам, «практической смекалкой». Адразу пасьля прыезду ў гэтую краіну з быўшай «панскай Польшчы» яшчэ юнаком, навязаў лучнасьць з «краснымі». Неўзабаве падпрогся да іх. Гэтыя ведалі сваю дарогу, вызначаліся дынамізмам і накіраванасьцю ў той час, калі іншыя палітычныя партыі тузаліся ў нерашучасьці і эканамічнай дрыгве.

Не турбавала Капшуна тое, што й камуністы мала матар’яльна памагалі беспрацоўным, што вярхушка партыі траціла найбольш ідэялягічнае амуніцыі на лаянку капіталістаў ды менш дбала пра так званага беспрацоўнага, затуканага-загуканага рабацягу і ягоную сям’ю. Гляньце вунь вышэй, аж туды ў мэкку будучага камунізму, што на ўсім сьвеце запануе. Адтуль ідзе мудрасьць і сьвятло, адтуль кіруе «рукавадзіцельства». Яно загоіць некалі ўсе раны, вырашыць максымальныя праблемы, нарэшце збудуе сыстэму дабрабыту для ўсіх, раз і назаўсёды зьліквідуе эксплёатацыю чалавека чалавекам, як казаў некалі вялікі Ільіч, ці той, яшчэ мудрэйшы за яго, барадаты… Капшун меў якраз тыя якасьці, што ў гэны час і ў гэтай краіне былі ў «чырвоных» так патрэбныя: абсалютная партыйная ляяльнасьць, упартасьць і агрэсыўнасьць, адсутнасьць талеранцыі да «буржуазных» ідэяў. Важнейшае яшчэ: Капшун меў добрыя кансьпірацыйныя здольнасьці.

Спачатку далі яму малаважныя заданьні. Заўважыўшы ягоны гарт і адданасьць, падкінулі большае. Некалькі гадоў падарожнічаў па вялізнай краіне, арганізаваў «рабочыя клубы», быў сябрам экзэкутывы гэных клюбаў. Прынялі ў партыю, далі новыя заданьні палітычна-грамадзкага характару.

Не павязло яму з матрымоніяй. Жонка, рашчараваная мужчынам і ягонымі «задачамі», пакінула яго. Капшун жартаваў, што такім чынам трапіў «у бабылі». Цяпер, пасьля гадоў цярплівага чаканьня й натугаў, выглядала, што «дзела йшло на новы пад’ём». Заданьне параліжаваць Шпака было найважнейшым з усіх, якія яму дагэтуль давалі.

Калі-б спытацца Капшуна, куды і як высока хоча ён залезьці па драбіне ўлады, напэўна заікнуўся-бы з адказам. Дзесьці там у імгле апанаванай камуністамі Канады чакала функцыя пры каманьдзе гэтай новай «народнай дэмакратыі». Вось яно як… Тымчасам трэба «усердие и бдительность на вахте революции»…

Пасьляваенны прыліў «фашыстоўскіх імігрантаў», што нейкім чынам уцяклі ад савецкага «правасудзьдзя» й пакараньня, стварыў паважную небясьпеку для камуністычных плянаў апанаваньня Канады. Трэба параліжаваць іхныя намаганьні дызінфармацыі капіталістычнай канадыйскай вярхушкі й народу пра міралюбную палітыку Савецкага Саюзу. Гэта было ясна, як дзень. Пра гэта гаварылася на партыйных і грамадзкіх сходах, гэта скланялася на ўсе лады, паўтаралася шмат разоў пры розных нагодах.

У агульных плянах акцыі супраць гэтых «фашыстаў», у іх ліку й «беларускіх буржуазных нацыяналістаў», — гэтага атрэп’я сумленнага й баявога, гэраічнага народу, — фігуравала розная зброя. Насамперш ужывалася прапагандовая доўбня, ужо даўно і зь немалымі посьпехамі выпрабаваная і загартаваная ў баёх майстрамі цэнтру. На павадку, за галоўнымі гарматамі, валачыўся шантаж і, у выключных выпадках, адпаведны фізычны гвалт. Розных спэцаў вызначылі-прыдзялілі-прыляпілі да ўсякіх «фашыстоўскіх» групаў; а Капшуну, далі ягоную «родную» — беларускую. Галоўны прыцэл загадалі трымаць на «фашыста» Антона Шпака. Ягоны моцны голас натхняў усіх гэтых «фашыстоўскіх падонкаў». Ён — іхны фэтыш. Закрыць яму рот!

Мінула ўжо нейкіх шэсьць месяцаў ад візыты тэй важнай асобы з аттаўскае амбасады. Усе спробы параліжаваць Шпака правальваліся. Чалавек змагаўся і адбіваўся. Больш таго: ён атакаваў. Во — гэта праціўнік! Такога Капшун раней на лапаткі не палажыў. Злосьць бушавала! Цяпер нават ня ведаў, куды той Шпак перабраўся. А гэтае, — каб яе чорт менш насіў, — дзяўчо, што яно робіць? Чаму так доўга рапарту няма? Капшун нэрвова хадзіў па сваім пакоі, праклінаў тое ды гэна, падняў трубку тэлефону й набраў нумар. Пасьля колькіх званкоў у трубцы пачуўся заспаны жаночы голас.

— Што табе так доўга заняло? — рэзкім голасам наваліўся Капшун.

— А табе што, як быку прырупіла?

«Каб цябе чорт! — думаў Грыша. — Пару разоў у пасьцелю суку зацягнуў, дык цяпер ужо загадваць табой хоча. Як пранюхала што ейныя бабскія ласкі патрэбныя, дык цяпер з рагамі да цябе! У партыі забясьпечаная. Таму да яго, Грышы, такая іранічная паблажлівасьць».

— Стары казёл, — казала яму Ніна Ляскін пры іншай нагодзе, — калі табе прыпрэ, пашукай дзіркі ў плоце!

— Ды не, — адказаў цяпер лагодным голасам Капшун таму соннаму голасу ў тэлефоннай трубцы, — хачу проста ведаць чым ты занятая.

— Так? Трэба было мне прыслаць тэлеграму, што будзеш званіць, дык я-бы тут пры апараце падзяжурыла, старога казла чакаючы…

— Слухай, Ніна, перастань з гэтымі мянушкамі.

— Слухаю.

— Я званю ў важнай справе.

— У цябе ўсё й заўсёды важнае.

Капшун уяўляў самазадаволеную кплівую ўсьмешку Нінінай напудранай маскі. Каб яе! Колкі язык.

— Ніна, прашу цябе. Мне не да шутачак…

— Гавары, слухаю.

— Скажы мне, што зь Верай?

— Ня бачыш ты, стары казёл? Яна закаханая, влюбенная по уши. Понял? Да, да, усе сымптомы…

— Ці яна зараз дома?

— Няма. Пайшла некуды, можа ў шоў…

— Зь кім пайшла?

— Адкуль мне ведаць. Ці ты мяркуеш, што я бегаць за ёй буду?

— Я думаў, што можа сказала табе…

— Не, не казала. І калі цябе цікавіць, дык скажу табе, што наша маладзіца ўтрэскалася, уліпла й патанула да самых глыбіняў. Да, да…

— Што за дзяцюк?

— Хто? Ды Якімовіч. Ці гэта для цябе навіна?

— Не, ня зусім. Як далёка яна зайшла?

— Апошніх пару тыдняў зьмяніла свае паводзіны. А я ня мела нагоды назіраць за ёю ў магазіне, але я пэўная… Задуманая, маркотная, забываецца часам што нармальнае, нэрвуецца, кусьлівая. Так, парань мой, сымптомы верныя. Твая ісключыцельна спасобная красавіца ў пагоні за гэтым Дон Жуанам розум траціць. І папярэджу…

— Непатрэбна. Пасьля такой грунтоўнай дыягнозы сам бачу. Дрэнь, ярунда! Камплікуе дзела… Такога я не спадзяваўся. Ну дык дзякую за інфармацыю. Гэта будзе ўсё.

— Але-ж, які ты бізнэсавы сягоньня! Шкада…

— Чаго гэта?

— Усё толькі бізнэс, а пагуляць няма калі.

— Перастань! Будзь ты праклятая, сука! — заключыў Капшун, палажыўшы трубку. Задуманы, пачаў хадзіць па пакоі. Напхаў у люльку галяндзкай «Аморфа» табакі, прыкурыў, намагаўся вярнуць раўнавагу. Так, на Веру трэба націснуць. Толькі празь яе можна знайсьці «старога фашыста».

Апошнімі часамі Вера не рэагавала на ягоныя жаданьні ці загады. Вялікая была-б небясьпека, калі-б яна да бяспамяцтва закахалася ў Якімовіча. І якая тады зь яе карысьць, калі апынецца пад поўнай уладай дзяцюка? Трэба запабегчы гэтаму… Так, чаму-ж не. На гэта ёсьць рада. Паказаць Якімовіча як небясьпечнага фашыстоўскага крыміналіста. Да, да, совершенно так, именно так… Грыша ўсьцешыўся ад такой сваей вынаходлівасьці. Трэба ратаваць дзяўчыну, пакуль яшчэ час.

Капшун сеў за машынапіску й пачаў ліст да людзей у Ўсходнім Бэрліне. За якіх хвілін дваццаць зарганізаваў асноўныя думкі. Зводзіліся яны да наступнага: «Паказаць Якімовіча як мацёрага і небясьпечнага ваеннага крыміналіста, з крывёй нявінных савецкіх грамадзянаў на яго руках. Зьмясьціць матар’ял у наступным нумары. Да маей дыспазыцыі прыслаць некалькі нумароў лётнай поштай. Трымаць ягоную матку на прывязі».

Капшун занёс ліст у паштовую скрынку й быў задаволены, што галава нарадзіла новы плян. Ня мог-жа праваліць сваей найлепшай нагоды. Стукне гэтых фашыстаў на ўсе застаўкі!

25

Пасьля тае непаладкі зь дзяўчынай у парку, Алесь часта думаў пра тое, што так магло ўквяліць Веру. Выглядала яна цяпер надта дзіўнай і цяжка было разгадаць, што было ззаду ўсяго гэтага.

Алесь вырас у грамадзтве, насычаным недаверамі й падазрэньнямі, каторыя пасеялі ворагі-чужынцы для сваіх акупацыйных мэтаў. Людзі паволі адкрывалі адзін аднаму свае сэрцы дый былі змушаныя трымаць, для свае бясьпекі, «языкі за зубамі». Уплыў вольнага, дэмакратычнымі традыцыямі прасякнутага, грамадзтва, дзе панавала поўная вольнасьць слова згодна правоў дзяржавы, мела свае дабратворныя вынікі. Адылі мінулае не хацела здавацца цяперашняму ў палон. Захавалася абаронная асьцярожнасьць, — у асноўным звычайная пратэкцыя супраць усякае так званае вонкавае інвазіі. А гэнае нутраное «сьвятое сьвятых» мела яшчэ адну бясьпечную запруду, якая адкрывалася адно для выбраных.

Вера блізкая і Вера далёкая… Алесь намацваў розьніцу. Ці ў яе галаву розныя палітрукі напхалі шмат чырвонага, камуністычнага? Сьвет, у якім дзяўчына гадавалася, Алесю быў слаба ведамы, уяўляўся адно ў вельмі няясных рысах. Алесь лічыў Веру ўжо надта блізкай асобай, каханьнем зьвязанай зь ім, а ўсё-ж доступу да ягонага «сьвятога сьвятых» яна яшчэ ня мела. «Выварачваць сваю душу», як часта некаторыя людзі гаварылі, Алесь адвучыўся ў часе вайны, калі падпільноўвала цябе ці адна небясьпека. «Сьцеражонага Бог сьцеражэ!» Яно-ж так было куды бесьпячней нават тут, за акіянам, бо аж сюды — ды яшчэ як учэпіста! — сягалі шчупальцы праклятага, крыві прагнага, актопуса, які адэптаваў сабе будучыню як ягоны й нічый іншы імпэратыў. У той будучыні ён вырашыць канчаткова ўсе людзкія сацыяльныя, матар’яльныя і духовыя праблемы, якіх чалавек ня мог палагодзіць пачынаючы ад прапрапрабацькі Адама.

Цяжка было даверыцца Веры, хоць дзяцюк ужо спанатрыў, што сустрэўся зь нечым новым, ягонай усёпаглынаючай сілай. Каханьне ўжо завязалася, расло, разгаралася, ахоплівала ўсю ягоную істоту. Так, яно ўжо ім завалодала. Цікавіла яго, чаму дзяўчына хацела ведаць і колькі разоў прост-напраст дамагалася, каб расказаў ёй, што й дзе рабіў падчас апошняе вайны. Ці гэта звычайная людзкая цікавасьць блізкай, каханай асобы, ці што іншае? Самае-ж галоўнае, — чаго пазьней Алесю давялося ці раз шкадаваць! — яму ў галаву ніяк тады ня прыйшло. Чаму-б яму было тады не зрабіць таго элемэнтарнага, значыцца, як ураднікі казалі — «навесьці спраўку», проста пастарацца даведацца пра гэту дзяўчыну ўсё асноўнае: хто яна, адкуль, чаму і як тут апынулася, чым яшчэ займаецца і іншае?

Тымчасам яна была вось тут, пад рукой, пад ягонымі загадамі. І быццам недасягальная. Часамі сумная, задуманая. У часе працы іхныя сьцежкі спатыкаліся. На тым прывабным твары зьяўлялася казённая ўсьмешка. Дзяўчына трымалася неяк на адлегласьці, хоць была ветлівая і ў выкананьні службовых абавязкаў бездакорная. Паміж імі вырасла нейкая нябачная перагародка і, як спасьцярог Алесь, сталася тое зь Верынай волі. Аднойчы раніцай Алеся прыемна зьдзівіла тое, што Вера сустрэла яго сваёй шырокай сонечнай усьмешкай і першая пачала размову, быццам між імі ніколі й нічога прыкрага ня было. Загадка. Як вытлумачыць такую раптоўную перамену? На працягу колькіх дзён такая халадэча, а тут… раптам… Што гэта такое? Хутка адбудаваліся масты. Дзяцюк запрасіў Веру на нядзельны пікнік.

У прыгожы сонечны дзень малебен адбыўся ў гаі на фарме аднаго з суродзічаў недалёка гораду, Алесь знаёміў Веру з усімі прысутнымі. Гэта лёгка йшло на пікніку, дзе адбываліся розныя гульні й танцы. Вера спасьцерагла зь якой пашанай ягоныя суродзічы адносіліся да Алеся, што й спрычынілася да ўважлівых гасьцінных адносінаў да яе. Нядаўныя імігранты, калі даведаліся, што яна ў Канадзе радзілася, хвалілі яе за тое, што добра пабеларуску размаўляла. Калі-б выбіралі прыгажуню пікніку, Веры напэўна трапіў-бы вянок на галаву.

Пытаньні: дзе яна радзілася? Як гэта яна так прыгожа пабеларуску гаварыць навучылася? Ці яе бацькі навучылі? Хто яны? Што яна думала пра старую беларускую, абаламучаную камуністамі іміграцыю?

Алесь памагаў Веры, як мог, а сама дзяўчына ветліва й асьцярожна старалася адказваць на шматлікія пытаньні. Спасьцерагла, што магла-бы ілгаць зь вялікай лёгкасьцю. З боку гэтых зычлівых і гасьцінных «новых Канадыйцаў» не заўважыла ніякіх намёкаў на падазронасьць. Тут-жа наверсе, дэманстрацыйна цьвіла шчырасьць і сяброўства. Адразу залічылі яе ў сваю грамаду. Дзяўчыне цяжка было сьцяміць, што гэтыя людзі зрабілі-б зь ёй, калі-б ведалі пра ейную запраўдную так званую місію. Ці магло гэта быць, што гэтыя наскрозь, як вока бачыць, шчырыя й гасьцінныя добразычлівыя людзі некалі былі фашыстоўскімі забойцамі-калябарантамі, катамі собскага-народу, а цяпер ёсьць страйкбрэйкарамі, як некалі ўлажыла ў ейную галаву савецкая прапаганда?

— Як-бы табе падабалася правесьці канец тыдня са мной у прыгожым рэсорце? — спытаўся ў Веры Алесь па дарозе ў горад.

Дзяўчына ўважна глядзела Алесю ў вочы, як-бы там хацела прачытаць ягоныя намеры. Пытаньне-ж няштодзённае.

— Ня ведаю. Раскажы, што за рэсорт.

— Да Пайн Рыдж даехаць займае, не сьпяшаючы, тры гадзіны часу. Мой сябра ёсьць уласьнікам рэсорту. Вельмі прыгожае месца над ракой у пушчы. Добра адпачываецца пасьля шуму й бруднага гарадзкога паветра. Калі-б ты захацела для сябе цэлы катэдж, магла-б быць праблема, але…

— А што там рабіць?

— Рыбачыць, плаваць, па пушчы валачыцца, у тэніс гуляць, адным словам…

— Цудоўна, — сказала дзяўчына. — Ты-ж ведаеш як я люблю прыроду.

— Любіш больш, чым мяне? — жартаваў Алесь. На дарозе аўты рухаліся звольненай скорасьцю, адно амаль у прытык да іншага, як звычайна бывае гэтта калі жыхары ў нядзелю над вечар вяртаюцца з адпачынку недзе на прыродзе.

— А хто табе сказаў, што я цябе люблю? — Вера лёгка таўханула дзяцюка пад бок.

— Стой, зважай! — сур’ёзна крыкнуў Алесь. — Я вось капітан гэтага карабля і мы плывём з хуткасьцю трыццаці міляў у гадзіну ўціснутыя шчыльна ў мора іншых караблёў, напоўненых закаханымі людзьмі.

— Прабачце, містар капітан, трымайце зрок на гарызоньце, а рукі на рулі!

Дружна зарагаталі.

— Гаворачы пра той ўікэнд… я згаджаюся на плаваньне, тэніс ды вандроўкі ў лесе…

— Добра, — сказаў Алесь, — мы будзем займацца тваімі гобі… Знаю там яшчэ аднаго заядлага рыбака. Праўда, ён любіць рыбачыць із натхненьнем і ў адзіночку. А так агулам гэта надта таварыскі чалавек.

— Хтосьці мне знаёмы?

— Пазнаёмлю цябе і спытаюся яго, якой ён думкі.

— Думкі пра што?

— Пра цябе, мая даражэнькая.

— Ого як! Да чаго ты мяне рыхтуеш?

— На гэта будзе адказ пазьней.

— А хто такі той чалавек?

— Ты ўжо зь ім знаёмая, хоць не асабіста. Чытала яго творы. Антон Шпак.

— Я вельмі рада буду бачыць яго! — радасна сказала Вера.

Алесь уважна паглядзеў на дзяўчыну, крыху зьдзіўлены такой выказанай радасьцю бачыць беларускага пісьменьніка.

— Ведаеш, што я люблю добрую бэлетрыстыку. Ты-ж мне пазычаў Шпакавы кнігі. Жывых пісьменьнікаў я не спатыкала. Мяне цікавяць гэтыя людзі: як яны запраўды жывуць, паводзяць сябе ў таварыстве, наагул ці практычныя яны, ці толькі ўмеюць фантазіраваць, тварыць розныя пэрсанажы й сюжэты…

— Дык вось аднаго такога пазнаеш. Праўда, ёсьць адно пытаньне да цябе: ці наняць для цябе асобную будку, ці як?

— Наймі памешканьне, дзе ёсьць дзьве спальні.

Алесь паглядзеў уважна на Верын твар. Ці яна так яму давярала, што згадзілася начаваць пад адной страхой, ці можа, — не, гэтага ніяк нельга дапусьціць, — ён выглядаў у яе вачох нейкай авечкай?

Вера старалася ўтрымаць раўнавагу. Наапошку яна ведала тое, чаго так дамагаўся Капшун. Сустрэне чалавека, ацэніць яго, даведаецца як і з чаго ён цяпер жыве ды неўзабаве дасьць Капшуну поўную справаздачу. Спадзявалася, што на гэтым скончыцца ейнае заданьне ці місія. Пара ўжо. Траціла цярплівасьць, слухаючы розныя дакоры з боку нуднага Капшуна, хацела высьлізнуць спад ягонае дысцыпліны. Даволі. Магчыма цяпер, калі ўжо наклёўвалася зусім памыснае завяршэньне таго заданьня, будзе мець магчымасьць сканцэнтравацца на гэтым дзяцюку. Кахала яго. Усьведаміла гэта поўнасьцю пасьля тае спрэчкі ў парку.

26

Прыехалі ў рэсорт Пайн Рыдж пасьля паўдня. Парыла, заносілася на буру. Алесь шкадаваў, што ня ўставіў у свой Олдсмабіл ахаладжальніка. Як толькі паставілі аўтамашыну, Алесь запрасіў Веру ў рэстаран.

— Глянь, гэта-ж цудоўнае месца! — усклікнула захопленая дзяўчына. — І чым тут людзі займаюцца?

— Яны зарабляюць на жыцьцё растратай сваіх грошай, — адказаў дзяцюк.

— Гэта надзвычайны занятак, толькі грошы трэба мець.

У рэстаране было няшмат людзей. Алесь разгледзеўся, прывітаўся са знаёмымі. Селі за стол у куце.

— Замовіш мне вялікую місу марожанага, а я пайду асьвяжыцца, — устала Вера.

Алесь выцер сабе спацелы дагэтуль лоб. Разглядаўся, ці няма дзе навокал Шпака. Як прыемна тут, дзе паветра штучна ахалоджвалася, пасьля парнасьці, якая гаспадарыла на дварэ!

— Гало, Мэры! — прывітаў Алесь таўставатую і ніштаватую з выгляду дзеўку, каторая працавала тут і кэльнэркай і кухаркай. — Як-жа тваё цэннае здаровейка?

— Гляньце, хто гэта зьявіўся, big boy, — усьміхнулася, рэклямуючы прыгожыя зубы, дзяўчына. — І каму-ж мы маем быць удзячныя за тваю візыту?

— Што за пытаньне, Мэры? Табе, а не каму іншаму. Ты-ж ведаеш, што я цябе люблю ды жыць безь цябе не магу. А ты ўсё прыгажэеш усім на зайздрасьць! — жартаваў Алесь.

— Ну, ну, ты хіба-ж ня будзеш жартаваць зь мяне, любоўнік мой?

— Ды не, мая ты darling. А дзе-ж мой пісьменьнік?

— Павінен быць тут дзесьці. Чакаў цябе.

— Вось і слава Богу. А цяпер, Мэры, я-ж ведаю, што маеш ты вялікае і сваіх кліентаў кахаючае сэрца. Дык можа прынясла-б ты нам дзьве вялікія порцыі ванілі-марожанага ды із сакавітым клубніком наверсе?

— Right away, coming up.

Мэры нахінулася й ціха спыталася ў Алеся:

— Можа скажаш мне, што гэта за цацу ты з сабой сюды прывёў?

— Прашу цябе, Мэры, будзь памяркоўнай. Адкрыю табе таямніцу, толькі ня будзь зайздроснай. Ты-ж ведаеш маю поўную адданасьць табе. Абяцаеш, дарлінг?

— Кажы.

— Яна, гэтая цаца, поўнасьцю мая, — падміргнуў дзяўчыне Алесь.

— Вось як! Маеш добры густ, мілы мой!

— Асьвяжылася? — спытаўся Алесь у Веры, калі яна вярнулася.

— Так. А ці ты казаў мне, што тут недзе збоку ёсьць дзе пакупацца?

— Так, ёсьць недалёка адсюль прыгожае азярцо напоўненае чысьцюсенькай і мокрай вадзічкай.

— Брава! Я ўжо хацела-б быць у кампаніі тых рыбак, што ў тым азярцы плаваюць.

— Пацярпі, дзеўка. Скора пазнаёмлю цябе з тымі рыбкамі. Перш спажывём марожанае, каторае вунь ужо набліжаецца да нашага стала.

Мэры паставіла на стале дзьве плястыковыя місы, напоўненыя марожаным зь ягадамі. У гэны час зьявіўся Антон Шпак. Убачыўшы пісьменьніка, Алесь заказаў марожанае і для яго.

Апрануты ў кашулю ў клетачкі, шэрыя порткі, із загарэлым тварам, на якім расплылася шырокая і прыязная ўсьмешка, Шпак падыйшоў да стала.

— Алесь, як я цешуся, пабачыўшы цябе тут! — падаў Алесю руку й пазіраў на Веру.

— Прыемнасьць мая, — сказаў Алесь, устаўшы. — А цяпер прашу быць знаёмым зь Верай Мак. Вера, маеш гонар пазнаёміцца зь пісьменьнікам Шпакам.

— Мне Алесь успамінаў некалі пра сваю прыгажуню, але не казаў што яна аж такая цудоўная з выгляду, — гаварыў Шпак і ўважна аглядаў дзяўчыну. — Прыемна…

— Прыемнасьць мая, — зарумяніўшыся ў твары, сказала Вера. — Я чула шмат пра вас ды й некаторыя вашыя кнігі чытала.

— Так? — зьдзівіўся пісьменьнік. — Але-ж вы налягайце на марожанае, не марудзьце. Алесь, а чаму-ж ты мне не сказаў, што такую прыгажуню ты недзе ўпаляваў? — пабацькоўску спытаўся ён у дзяцюка.

— Але-ж вы ў мяне ня спыталіся, — усьміхнуўся Алесь і падміргнуў Веры, каторая прыглядалася Шпаку. І здавалася Алесю, што дзяўчына запраўды спадабалася яму.

— Калі, прабачце мне, як доўга вы ўжо забаўляецеся разам?

— А ўжо месяцы тры, мусіць, — адказаў Алесь.

— А вы як доўга ў Канадзе, спадарычня Мак?

— Я тут нарадзілася ў адным гарадку на поўначы.

— Вы што? Але-ж запраўды, чаму мне гэта ў галаву ня прыйшло? Прабачце старому дурню. Слухаючы вашу гаворку, я ня думаў…

— Але вось што асабліва цікавае, спадар Шпак, — пачаў задаволеным голасам Алесь. — Калі мы пазнаёміліся, без майго ведама яна ўзялася вучыцца беларускую мову. Аднаго дня, калі яна адчыніла свой роцік, я быў, сьціпла гаворачы, даволі зьдзіўлены. Працуе ў мяне ў Трыфты Тоні, гаварылі мы між сабою да таго часу паангельску, а тут… гэткая неспадзеўка… Ад таго часу я пазнаёміў яе крыху зь беларускай літаратурай, з вашай уключна.

— Аж гэтак? — зьдзівіўся Шпак. Ён наважыўся распытацца ў Алеся пра дзяўчыну пазьней.

— Я люблю бэлетрыстыку, — сказала Вера. — Я чытала рускую, а тады, як Алесь прыйшоў, дык я падвучылася пабеларуску. Я сталася сіратой, як была малая. Ад бацькоў я чула беларускую мову, але замала ведала яе…

Вера змоўкла. Ці не замнога ўжо сказала? Стары воўк Шпак можа што-небудзь западозрыць. Дзе гэта калі было, каб народжаная ў Канадзе дзяўчына ды сама па сабе (так яны мяркуюць) навучылася беларускай мовы?

Ішла гутарка пра штодзёншчыну. Шпак распытваўся Алеся пра ягоныя бізнэсавыя справы.

— Мне трэба йсьці назад да сваёй працы. Дзякую за марожанае, — устаў Шпак з-за стала.

Алесь зь Верай паехалі над возера. Купаліся, вылежваліся на беразе. Вечарам Алесь угашчаў дзяўчыну й Шпака ў рэстаране, а пасьля ўсе пайшлі ў катэдж. На абцягнутай шчыльнай сеткай, — каб адгарадзіцца ад кусьлівых чорных мушак і камароў, — вэраньдзе стаялі крэслы й стол. Алесь прынёс свой пераносны патэфэн ды наставіў кружэлкі з рознымі беларускімі народнымі песьнямі, харавымі канцэртамі Шырмы зь Менску. Зьявілася й брэнды ў таварыстве садовай вады, вэнджаных шпротак і ікры ды заквашаных пабеларуску гуркоў.

Гутарылі мала. Мэлёдыі із забранае зямлі чаргаваліся з журботнымі, — і быццам разьлічанымі на далёкі дыстанс — крыкамі мясцовых люнаў-нурцоў, што пераклікаліся на суседніх вазёрах. Люн-нурэц, вялічынёю з гусь, гэта для некаторых мясцовых людзей — голас канадыйскай поўначы.

Трое ля стала. Яе карэньне на двух кантынэнтах. Выдатны пісьменьнік, ла якога маскоўскія інквізытары вось ужо паставілі пастку. Побач дзяцюк, напоўнены ненасытным і зьнішчальным каханьнем да агенткі маскоўскага актопуса. Тройка гэта знайшла роднае-супольнае ў галасох зь Менску, зьяднаных, адшліфаваных майстрам з Шакуноў, што на Пружаншчыне. Апрычоная супольнасьць на чужой, імі ўжо даволі абжытай зямлі. Разважна, быццам з насалодай, рознымі кароткімі згадкамі з дому заглядаў у мінулае пісьменьнік. Інтымны, настальгіяй перанасычаны вечар. Іншым разам, як ні намагайся, ня створыш такога поўнага і ўзьнёслага духовым міражом, настрою. Ці то песьні беларускіх жнеек так суладна гучалі акордам тых заўсёды галасьлівых люнаў, ці можа брэнды на гэта які ўплыў мела?

Пісьменьнік падзякаваў Алесю й Веры за гасьціннасьць і разьвітаўся, штосьці зноў згадаўшы пра заўтрашнюю працу.

— Тут, як бачыш, ёсьць дзьве асобныя спальні, — тлумачыў Алесь Веры. Галоўны пакой быў умэбляваны самым неабходным: абшырная канапа, стол, маленькі кафэйны столік, пара крэслаў. На сьцяне — здымкі рыбакоў з рыбамі, рэклямны каляндар зь нейкай магутнай лодкай, люстра. Падлога засланая ўжо стоптаным палавіком. І ўсё гэта, — нехта сказаў-бы спартанскае, — разам ізь сьценамі з памаляваных на рудое хвойных круглякоў, тварыла сваю адметную атмасфэру, якую любілі гарадзкія жыхары.

— Няважна спальні! Калі яшчэ ня глуміць цябе сон, давай пасядзім крыху, — сказала Вера.

— Прапановы якія? — сеў на канапе каля яе Алесь.

— Перш за ўсё: гэнае сьвятло занадта яркае.

Алесь ськінуў чаравікі, зьдзеў шкарпэткі і адну зь іх нацягнуў на электрычную лямпу, што вісела на сьцяне. Пакой акунуўся ў паўзмроку.

— Цяпер лепш? — спытаўся дзяўчыну.

— Ты добра выдумаў з тэй шкарпэткай.

Вера прысунулася да Алеся і апынулася ў ягоных абдымках. Адчула прысьпешаны пульс сэрца калі вусны ейныя да Алесевых прыльгнулі. Нешта расплывалася. Гэта было новае, раней нязьведанае. І брэнды яна ледзь-ледзь, зусім нямнога выпіла. Але, калі-бы поўнасьцю хлапцу аддацца, дык вось цяпер, якраз пад такі настрой.

— Алесь, — шапнула.

— Ну што?

— Скажы мне, ты запраўды мяне кахаеш?

— Кахаю цябе поўнасьцю й бязь ніякіх засьцярог. А ты мяне?

— Я кахаю цябе, my darling! Тых пару тыдняў мне цяжка было. Я пераканалася, што безь цябе не магу, як рыба без вады.

— Я патрабую цябе таксама, цаца мая. Выбачай, што так сталася.

— Гэта мая віна.

— І мая таксама.

— Я цябе так моцна люблю, мне аж дыханьне займае.

Другі пацалунак куды больш юрлівы. Алесь гладзіў яе. І пры дакрананьні ягонае рукі стан яе поўніўся дрыжаньнем.

— Алесь, прашу, цяпер…

У паўзмроку, ён пазіраў у ейныя вочы. Сумлеву няма. Пажаданьне. Нагрэтае да расплыву, гарачае зялеза на кувадле. Цяпер якую хочаш хворму яму. А гэтта, у Алесевых абдымках — жывое, юрлівае, што першага семя жадае.

— Алесь, я ніколі раней ня мела сэксу. Прашу цябе, darling!

Шэпт, якому не адмовіш, калі ён ад такой гожай спакусьніцы.

— Алесь, чаго ты так? Давай!

Яна зноў гвалтоўна, як п’яўка, прыльгнула да ягоных вуснаў. Пад такім напалам доўга ня вытрымаеш. Алесь вырваўся зь ейных абдымкаў.

— Не, Вера! — сказаў з націскам. — Я не магу, ня мушу, гэта ня ёсьць…

— Ня ёсьць што?

— Ня ёсьць так, як трэба… Не магу табе гэтага зрабіць!

— Чаму-ж не? Мы-ж кахаемся. Ці-ж гэтага мала?

Алесь бачыў, што дзяўчына гарачылася, магла кінуцца ў гістэрыку. У такім стане, як яна знаходзілася, адсутнічаў розум-стораж.

— Праўду кажаш.

— Дык чаму?

— Цяжка гэта вытлумачыць, мне здаецца.

— Ты дурань. Што з табой? Я сама лезу да цябе, а ты мяне адкідаеш.

Алесь адсунуўся. Вера дрыжачымі рукамі адшпільвала сваю блюзку.

— Вера, перастань! Я ня буду…

— Ты будзеш! Я цябе змушу!

У гэтых, гарачым дыханьнем выказаных, словах таілася такая магутная сіла й перакананьне, што Алесь амаль здаўся.

— Вера, будзь добрая, перастань выдурняцца!

— Алесь, чаму ты адкідаеш мяне? Ты-ж ведаеш, што я зь нікім раней ня была.

— Якраз таму й не магу.

— Як гэта так?

— Чакай, мая дарагая, паслухай! Ці-ж ты думаеш, што я цябе не хачу? Павер мне: цяпер я нічога іншага на гэтым сьвеце не хачу так моцна, як зьліцца з табой у адзін арганізм. Так. Ты мне не памагаеш, каб устрымацца перад спакусай. Наадварот. Ты мяне атакуеш, спакушаеш. Але тут, — ты трымайся далей!

Ён зноў адсунуўся ад дзяўчыны.

— Ты, мая мілая, мусіш і мяне зразумець. Дык паслухай уважна. Я ў сваім жыцьці ўжо меў не адну дзяўчыну, гэта пераважна з такіх, што пагуляць адно любяць. Гадамі я шукаў кагосьці такога, як ты: чыстую і прыгожую сумленную і скромную, арыгінальную і несапсутую. Яшчэ абавязкава, каб і пабожную, каб дзетак умела добрымі хрысьціянамі выгадаваць! Ты якраз вось такая, якую я так доўга і ўпарта шукаў. Павер, у мяне сілаў няма, каб устаяць перад тваёй спакусай, бо апроч усяго ты — надзвычайная прыродная і няштучная прыгажосьць. Як у нас дома казалі: вельмі-ж вельмі пекная! Дык вось як! А ўстаяць перад спакусай я мушу. Цяпер табе скажу чаму гэта так.

Алесь устаў, закурыў, стануў перад ёю, зацягнуўся густым дымам і прадаўжаў:

— Я не хачу ўжо цябе паставіць сярод тых, у якіх можна лёгка сэкс выкарыстаць. Мне хочацца, — павер мне, даражэнькая, — захаваць у цябе чыстую і незасьмечаную прыгажосьць. Глянь сюды, дзяўчына! Магчыма, што я і дурань, магчыма — ведаю я такія аргумэнты, — скажаш, што сэкс ёсьць найчысьцейшым яднаньнем жывых і кахаючых сябе людзей. Але, гэта ня ўсё яшчэ. Я — веруючы ў Бога чалавек. І пры тым вялікі грэшнік, бо адзін Госпад бязгрэшны. О так, я ня зьдзіўлюся, калі ўбачу на тваім твары сьляды іроніі… Магчыма ў тваіх вачох я і ёсьць дурань, можа я і паэтычны нават дурань, але я табе ўжо сказаў: для мяне важная чыстая краса, незакранутая кветка. Пазіраю на цябе і так намагаюся кантраляваць жывёльныя гоны. Яй Богу! У канчатковым аналізе для мяне большая ўцеха ад сьведамасьці таго, што ты ёсьць незакранутая, ніколі ня была гвалчаная, чымся ўзяць цябе цяпер… Бачыш, я шчыра, ад сэрца гавару. Спадзяюся, што зразумееш мяне. Калі мы маем мець сэкс, дык няхай гэта станецца накш, у адпаведным месцы й часе. Навошта псаваць гэта цяпер? Зразумела ты мяне?

— Ясна, окэй! — з дакорам адказала дзяўчына. — Я толькі хацела аддацца табе зь любві… і можа даказаць…

Яна ўстала і падбегла да дзьвярэй спальні. Затрымалася, зачырванелая і дрыжачая, а расшпіленая блюзка агаліла поўненькія, як рэпкі, грудзі.

— Алесь, ты… дурань!

Стукнула за сабой дзьвярмі. Адтуль, са спальні, пачуўся раптоўны скрып ложка й пасьля здушаны, у падушку, плач.

— Вера, прашу цябе, ня злуйся! — сказаў голасна Якімовіч.

— Ідзі к чорту, ты няўдзячны!

Дзяцюк стаяў каля зачыненых дзьвярэй і меркаваў ці зайсьціся ў пакой. Выйшаў на вэранду й выкурыў запар тры цыгарэты.

27

Пасьля трывожнага сну, Алесь устаў рана, пабрыўся й памыўся. Вера, відаць, яшчэ спала, бо дзьверы былі зачыненыя. Алесь пайшоў у катэдж да Шпака, які запрасіў яго на кубак сьвежазгатаванай кавы.

— Гэтая твая дзяўчына, — пачаў адразу Шпак, — ці ты добра яе ведаеш?

— Чаму-ж ня ведаю? Ведаю.

— Маеш сур’ёзныя намеры ў адносінах да яе?

— Яшчэ няпэўны… Закахаўся, гэта ведаю… Але, вядома, для такога, перастралянага па ўсіх франтох кавалера, нялёгка…

— Калі пазволіш на такое больш дакладнае пытаньне: ці маеш намер зь ёй жаніцца?

— Гэта якраз галоўнае, што маю вырашыць. Я ведаю, што Вера — гэта выдатны матар’ял, ці адзін дзяцюк хацеў-бы на яе сваю лапу палажыць… Але… ведаеце, яна цалкам і вельмі мілая асоба, апроч таго — прыгожая, характар, інтэлект…

— Пра гэты інтэлект, як ты яго згадаў. Ці не занадта яна здольная?

— Як гэта разумець?

— Калі сказаць табе, Алесь, праўду, дык я думаю пра яе ад учарашняй сустрэчы.

Алесь пачаставаў пісьменьніка цыгарэтамі. Закурылі.

— Ну і? — пытаўся Алесь.

— Яна выглядае выключна здольнай. Некаторае пра яе проста ня месьціцца ў маёй галаве. Прыкладна: ейная беларуская мова і зацікаўленьне нашымі суродзічамі. Яна-ж вельмі цікавіцца нашымі, ці-ж ня так?

— Ага, цікавіцца.

— І ты ўжо, пэўне, пазнаёміў яе з многімі.

— Так, але…

— Я так і меркаваў.

— А што-ж тут дзіўнага?

— Дзіўнага? Ёсьць магчымасьць, што яе нехта сюды паслаў з пэўнай мэтай! — Гэткае меркаваньне Шпак выказаў паволі і цьвёрдым, упэўненым голасам. Задумаўшыся, мужчыны пільна пазіралі адзін аднаму ў вочы.

— Ня можа быць! — наўмысна голасна, быццам жадаючы самога сябе пераканаць, сказаў Алесь. — Гэта запраўдны нонсэнс, я ўпэўнены. Я сустрэў яе ў краме, дзе яе прынялі без майго ведама на працу. Пазнаёміліся ды закахаліся.

— Прабач мне за наступнае пытаньне.

— Калі ласка.

— Ці ты сьпіш зь ёю?

— Ды не. Ніколі больш пацалунку.

Алесь прыгадаў учарашняе й на міг падумаў, ці расказаць пісьменьніку пра тое, але пастанавіў маўчаць.

— Чаму не? — прадаўжаў цікавіцца Шпак.

— Як вам тут адказаць? Спадзяюся, што зразумееце. Для мяне яна ёсьць больш, чымся звычайная нармальная і прыгожая дзяўчына. Я ведаў не адну дзяўчыну й выбіраў. А гэткай, вось такога арыгіналу, як гэтая — не сустракаў яшчэ. Яна не малюе сябе, як іншыя, яна сумленная і чыстая, працавітая… Вера для мяне — быццам польны сьціплы рамонак. Коратка гаворачы, яна ўвасобіла тыя якасьці, якіх я шукаў у дзяўчат. Апроч таго, — і ці не самая важнае — яна беларускага паходжаньня. Спадзяюся, што мяне разумееце?

— Здаецца, што так, толькі…

— Толькі?

— Не хачу цябе бянтэжыць ці ўпікнуць. Ня траць галавы. І памятай, што атрута падаецца нагледжанай ахвяры ў найпрыгажэйшай і найбольш дарагой чашы!

— Божа мой! Як гэта вы такое… Што з вамі?!

Шпак маўчаў.

— Няважна, забудзься, што я сказаў, не бяры гэтага ўсур’ёз. Магчыма, што я шукаю дзірак у цэлым. Можа быць, што ўплывае на мяне й піхае на падазрэньні мой собскі лёс. Магчыма, што на старыя гады развагу трачу. Прабач мне, што я сугэраваў такую магчымасьць. Кахай дзяўчыну, цешся поўным жыцьцём.

Пісьменьнік, здалося Алесю, быццам шакіраваў сябе за тое, што прадугледзіў адну магчымасьць. Ці падазрэньні ягоныя запраўды маглі мець якую аснову?

Калі Вера ўстала, памылася, зачасалася, неяк паказённаму з Алесем прывіталася. У вачох ейных спасьцярог Алесь нешта новае, чаго ўчора там ня было: ледзь-ледзь прыкметную цьвёрдасьць. Намагалася быць ветлівай, вясёлай, але ўсё гэта, відаць было, не зьліквідавала між ёй і Алесем пэўнай напружанасьці.

28

Шмат якія суродзічы пыталіся Алеся якім чынам, на ягоную думку, іхныя адрасы маглі трапіць на камуністычную паштовую лісту. — Што сталася? Мы нікому, апроч цябе й некаторых зусім давераных асобаў, не давалі цяперашніх адрасоў. Ці можа які бальшавіцкі агент празь цябе атрымаў нашы адрасы?

Спачатку Алесь запярэчваў, што ён нейкім чынам да гэтага спрычыніўся. Некаторыя асьмеліліся самога Якімовіча падазраваць у сувязях з камуністамі. Зьбянтэжаны дзяцюк праверыў свой блакнот з чорнымі вокладкамі. Ніколі не падазраваў, што Вера магла яго ўкрасьці й выкарыстаць. Куды пазьней, пасьля вялікай шкоды, Алесь будзе дзівіцца як у гэны крытычны час ён быў поўнасьцю адурманены каханьнем, дзяўчыну амаль анёлкам уяўляў. Носьбітка маральнай чысьціні, цноты, сьціпласьці, першараднае красаты. Гэткае ўяўленьне, асьлепленае любоўнымі эмоцыямі, ня толькі замінала бачыць практычную штодзённасьць, але ігнаравала некаторыя перасьцярогі, як прыкладна тыя, што выказаў пісьменьнік Шпак.

Алесь пастанавіў наведаць РСМП — дзяржаўную паліцыю, што ў гэны час займалася, апроч іншага крыміналу, бясьпекай грамадзянаў краіны. Хацеў распытацца, ці ўлада можа якім чынам памагчы спыніць хвалю камуністычнага прапагандовага смуроду, які заліваў ягоных суродзічаў — новых Канадыйцаў. Параілі яму пабачыць сяржанта Макнулты, які, мабыць, займаўся справамі чужой падрыўной прапаганды. Прыстойны й ветлівы мужчына сярэдняга веку ўважна выслухаў Алеся, ня спыняючы яго, пасьля ўстаў з-за стала й адчыніў пару высокіх мэталёвых шуфлядаў пры сьцяне.

— Хадзіце сюды, зірніце! — сказаў Якімовічу.

У Алеся вочы разьбягаліся. Паўнюсенькія шафкі таго «дабра» ад усходня-бэрлінскага камітэту прынамся ў дванаццаці мовах. І ўсе гэтыя «завяртанскія» «газэткі», разам із знаёмым дэвізам «пралетары ўсіх краін, яднайцеся», у архіве паліцыі гэтай шчодрай у дапамозе выгнаньнікам з імпэрыі Гулагу, выглядалі такой ненавіснай і нікчэмнай недарэчнасьцю.

— Вы ня першыя, што з такімі скаргамі прыходзіце да нас і напэўна не апошнія, — паясьняў сяржант Макнулты. — Такія ці падобныя скаргі атрымліваем амаль кажны дзень.

— І што вы робіце, каб гэтым людзям памагчы?

— У нас зьвязаныя рукі. Пошта ня можа й ня будзе правяраць кажнае пасылкі, што прыходзіць з-за зялезнае занавесы. Наша права не забараняе атрымліваць і варожую прапаганду. Вольнасьць слова, прэсы і падобнае…

— Але-ж гэта ня ёсьць нейкая звычайная прэса, — узлаваўся Алесь. — Ці вы не разумееце? Яны шантажуюць людзей, дома пагражаюць іхнай радні, ставяць многіх пад небясьпекай рэпрэсіі з рук дзяржаўных ворганаў. Ці-ж вы ня бачыце эфэкту такой іхнай антыгуманнай акцыі? Тут ідзе пра запалохваньне грамадзян нашае дзяржавы, шантаж…

— Мы поўнасьцю гэта разумеем, містар Якімовіч, ды, на жаль, ня можам гэтаму запабегчы. Мы зьвярталіся да паштовых уладаў. Іхны адказ: правяраць і эвэнтуальна цэнзураваць прыватнай перапіскі, згодна з нашым правам, ня можам…

— І гэта ўсё? Вы нічога ня можаце зрабіць, каб спыніць хвалю гэтага камуністычнага бруду?

— Мне прыкра… А ці вы не маглі-б нам памагчы?

— Як гэта памагчы?

— Калі вы ведаеце якога-небудзь іхнага агента, каторы зьбірае для іх інфармацыі пра Канадыйцаў да памагае ім у гэтай нікчэмнай працы, дык мы такімі людзьмі цікавімся.

— Дзякую за добрую ідэю, — скрывіўся на твары Алесь. — Буду прыглядацца і прыслухоўвацца.

Алесь падзякаваў Макнулты за ягоны час, выйшаў на вуліцу, сеў у сваё аўта й думаў. Кажны год у першы панядзелак верасьня ў Злучаных Штатах і Канадзе ёсьць так званы Labor Day. Даслоўна гэта азначае «дзень працоўных», канкрэтна — сьвята працоўных. Людзі ня йдуць на працу, кампаніі ім усёроўна за гэты дзень плацяць, а працоўныя зь індустрыі ладзяць розныя дэманстрацыі, у якіх рэклямуюць свае дамаганьні й палітычныя праграмы. Нашы суродзічы празвалі гэны дзень сьвятам Лебярдзея.

У 1952-м годзе на канадыйскім баку Нягары 5-га і 6-га ліпеня Беларусы ЗША й Канады зарганізавалі першую Сустрэчу Беларускай Моладзі Паўночнай Амэрыкі і сьвяткавалі Купальле. Прысутных вітаў, як пісала газэта «Беларускі Эмігрант», і «надзвычайны паўнамоцны першага ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі ў ЗША, спадар Янка Чарапук-Змагар». Гэткім чынам змагары за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку, што вялі вызвольную працу ад часу ўстанаўленьня БНР 25-га Сакавіка ў Менску, цяпер, на амэрыканскім кантынэньце, перадалі сымбалічны сьцяг таго змаганьня беларускай моладзі, якая пасьля апошняй вайны тут пасялілася. Гэнае сьвята Купальля, з удзелам старэйшых векам суродзічаў і шматлікае колькасьці моладзі, дало пачатак наступным сустрэчам Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, што пачалі адбывацца раз на два гады ў Канадзе або ў ЗША. Прысуседзілі сустрэчы, — каб усім было выгадна й часу хапала, — да таго-ж самага Лебярдзея, значыцца на канец тыдня, каторы той Лебярдзееў панядзелак папярэджваў.

Сёлета чарговая такая сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкі мае адбыцца ў Радфардзе, — прыгадаў Алесь Якімовіч. І вось што… Чаму-б на ёй ня выдумаць нешта новае супраць гэтае камуністычнае поскудзі? На гэткія сустрэчы звычайна зьбіраецца маса суродзічаў ня толькі з Амэрыкі, але бываюць і госьці зь іншых кантынэнтаў сьвету, дзе ёсьць дзейныя і зарганізаваныя беларускія нацыянальныя асяродкі. Чаму-б сёлета на сустрэчы суродзічаў Паўночна-амэрыканскага кантынэнту не пачаць добра заплянаванай контратакі супраць бальшавіцкае агентуры з Усходняга Бэрліну?

29

Апошнімі часамі Веры спакваля пачало падабацца адзіноцтва. Магла чытаць, ніхто не перашкаджаў. Сяброўка на кватэры, Ніна Ляскін, пільнавала яе, распытвалася заўсёды — хто, што, дзе, калі і як? — пэўне-ж зь нейкай мэтай. Веру квяліла гэта. Нават забаўлялася думкай, што ці ня лепш выбрацца адсюль. Тымчасам адно разважала.

Цяпер яна выгадна выцягнулася на канапе, ськінула з ног рудыя шлёпкі-макасыны, з задаваленьнем агледзела прыгожа загарэлыя лыткі ды зноў пачала жваць сырую моркаўку. Ззамоладу любіла сырую гародніну. Цяпер лянівым рухам левае рукі разлажыла малую ўсходня-бэрлінскую газэтку побач на кафейным століку, акінула зрокам першую бачыну. Нічога тут цікавага. На трэцяй бачыне з правага верхняга кута паглядаў на яе… Не, ня можа быць! Але, запраўды ён, Алесь Якімовіч. Дзяўчына, каб ужо зусім упэўніцца, амаль што носам у тую бачыну ткнула. Так, ён, — сумлеваў няма, — Алесь Якімовіч, ейны дарлінг!

Недажваны кавалак морквы засеў у роце, гарачыня ўдарыла ў галаву, калі вочы спыніліся на загалоўку: «Заядлы фашыст, здраднік радзімы». Калі дзяўчына, затрымаўшы дыханьне, пачала чытаць паклёп на ейнага «дарлінга», рот зноў пачаў варушыцца, а зубы — жваць той кавалак морквы.

«Старажылы зь вёскі Бярозаўка Акцябрскага раёну Мінскай вобласьці, — чытала Вера, — прыпамінаюць нявыгляднага але жулікаватага падлетка, каторы, бывала, круціўся, шныраў па калгасных пунях, хлявох і майстэрнях, набіваў руку пры ўломах. Малады злодзей выказаў у гэтым накірунку дабротныя здольнасьці. Маладая ў яго раёне савецкая ўлада, пасьля вызваленьня Захадняй Беларусі спад ярма панскай Польшчы, дала магчымасьць яму вучыцца. Але калгасьнікі ведалі, што гэты абібок ані да навукі, ані да працы не цягнуў. Празвалі яго „злыдзень“ і час паказаў, што гэта слова дакладна акрэсьліла накірунак характару маладога нікчэмніка».

«Калі гітлераўскія фашыстоўскія арміі ўварваліся ў савецкую радзіму, калі чэсныя савецкія людзі ўзяліся за зброю, каб гераічна змагацца зь ненавіснымі акупантамі, Алесь Якімовіч, — сын кулака і ворага народу, — падаўся ў настаўніцтва, каб атраўляць савецкіх дзетак фашыстоўскай прапагандай і нянавісьцю да свайго народу. Мала таго. Гэты злодзей уступіў у беларускую нацыяналістычную фашыстоўскую банду і сам не адну пару падноскаў стаптаў па дарозе ў гітлераўскае гэстапо. Жыхары з рэгіёну, дзе дзейнічаў гэты фашыстоўскі халуй, могуць назваць многіх выдатных патрыётаў савецкай радзімы, якіх па даносах Алеся Якімовіча вымардавала гітлераўскае гэстапо.

Калі-ж фашысты пастанавілі ліквідаваць жыдоў з Гарадоцкага гэтто, калі дзьве жыдоўскія сям’і скрываліся ў суседняй вёсцы, нядоўга яны жыцьцём цешыліся. Гэты крывавы здраднік выдаў іх германскім фашыстоўскім катам і таксама выявіў савецкіх людзей, каторыя жыдоў скрывалі. Усе яны ляглі ў агульнай магіле.

Удалося вырадку Якімовічу ўцячы ад помсьлівых рук савецкіх партызанаў, а пры вызваленьні Беларусі ад германскага фашызму гэты мацёры злодзей і гэстапаўскі даношчык пайшоў разам са сваімі гаспадарамі на захад. Цяпер ён у Канадзе. Знайшоў там новых паноў, каторыя планіруюць будучыя агрэсіі супраць нашай сацыялістычнай радзімы. Мы папярэджваем усіх нашых суайчыньнікаў у Канадзе: сьцеражыцеся гэтага здрадніка, фашыстоўскага агента і гэстапаўскага даношчыка, на руках якога нявінная кроў савецкіх патрыётаў. Ён цяпер служыць сваім новым паном у ЦРУ, вядзе агідную прапаганду супраць савецкай радзімы і гераічнага беларускага народу. Ягоны адрас: 97 Бэйсбал стрыт, Радфорд, Ант., Канада».

Вера палажыла газэтку і ўстала. Круцілася галава. Яна зьбянтэжылася, узлавалася. Боль, быццам-бы ёй хто ножам у сэрца ўкалоў. Да гэтага часу яна ведала іншага Алеся Якімовіча: лагоднага, ветлівага, дбайлівага, каханага, разумнага. Ці запраўды ён мог быць крыміналістам, якога намалявалі ў газэтцы?

Два разы прасіла яго расказаць што рабіў у часе вайны. Чаму ён адмовіўся? Няма дыму без агня… Дык вось які ён, гэты Алесь Якімовіч. І як яна магла так памыліцца, будучы ў абдымках гэтага чалавека, аднойчы нават гатовая аддаць яму сваю дзявочасьць?

Не, тут нешта ня тое. Нейкая дэталь у цэлым не пасуе. Ці ня лепш спытацца Алеся, паказаць яму газэтку? А можа ня трэба? Ці-ж не хапае слова Капшуна й артыкулу ў газэтцы? Чаму ім ня верыць? Толькі таму, што яна любіць гэтага дзяцюка? Марксіст, якога рознага маштабу палітрукі «прапісалі» некалі ў Верына сумленьне, дакараў цяпер яе за розныя сумлевы, прыгадваў ёй, што змагары за сацыялістычную справядлівасьць і будучы сусьветны камунізм ня могуць матываваць свае паступкі пэрсанальнымі інтарэсамі; партыя зьяўляецца крыніцай усяе мудрасьці, ёй трэба сьлепа падпарадкоўвацца. Партыйныя догмы, як і рэлігійныя, — нязьменныя і максымальныя ў сваёй далёказорнай справядлівасьці. Так, да, да. Абрыўкі ці адной такой марксісцкай догмы якраз цяпер «наносілі візіты» ў галаву зьбянтэжанай дзяўчыны. Перамагае інэрцыя, прадаўжаецца «шэсьце пад сонцам» і гэтак далей… Вера ўжо гатовая праклінаць Алеся і быць задаволенай, што кагадзе зрабіла Капшуну дакладную справаздачу пра «фашыста» Шпака.

30

Цяжкая ноч. Вера кідалася на ложку, ніяк не магла заснуць. Ніколі ў сваім жыцьці ня ўжывала на сон таблетак. Перайшла спаць на канапу. Пад раніцу заснула. Раніцай пераконвала Ніну, што ўсё ў парадку, але тая не паверыла ёй. Ды роспыты нічога не памаглі. Дзяўчына наракала на боль галавы, узяла пару таблетак асьпірыны. Ніна параіла ёй быць дома. Калі-ж Ніна скрыпнула дзьвярмі, Вера пастанавіла ісьці на працу й проста паставіць перад Алесем галоўнае пытаньне.

Дзень цягнуўся надта марудна, Вера не магла сканцэнтравацца, забывалася што рабіла, нэрвавалася, дрыжэла. Цяжка было ёй справіцца з самымі простымі заданьнямі, усё з рук падала. Калі Алесь сустрэў яе з шырокай і прыязнай усьмешкай на сваім твары ды спытаўся чаму яна такая бледная і невясёлая, дзяўчына спыталася ў яго, ці можна зь ім пагутарыць пра нешта вельмі важнае. Алесь прыабяцаў пабачыць яе ў сваёй канторы пры канцы дня.

Калі Вера адчыніла дзьверы, Алесь устаў, папрасіў яе сесьці.

— Слухаю цябе. Што за праблема? — спытаўся з манерай начальніка. — Ці не падабаецца табе наша праца або плата? — усьміхнуўся.

Бяз слова, Вера выцягнула з сумачкі завяртанскую газэтку, разгарнула там, дзе пісалі пра Алеся і палажыла на стол.

— Што гэта такое? — зморшчыўся Якімовіч. — Адкуль ты яе дастала? — Алесь зрабіў націск на «ты».

— Па пошце, — суха адказала дзяўчына.

— Так выглядае, што яны сваім хламам усіх забясьпечваюць, — спакойна тлумачыў Алесь. — Калі цябе цікавіць, дык магу сказаць, што гэтай сваёй чалавеканенавіснай прапагандай яны закідваюць нашых суродзічаў па цэлай Канадзе і іншых краінах вольнага сьвету. Ня так даўно я пайшоў тут у адну ўстанову й пытаўся, што можна зрабіць, каб спыніць гэту камуністычную поскудзь… Гм… Нават табе прыслалі. Не магу сказаць, што гэта для мяне неспадзеўка.

Алесь гартаў газэту так, быццам увага яго была недзе далёка, на нечым зусім іншым. Другі раз зірнуў на сваю здымку зусім абыякава. Зьдзіўленая Вера не магла адгадаць, чаму ён мог так спакойна паглядаць на сваю здымку й там-жа пра яго напісанае. Што значыць «пайшоў тут у адну ўстанову»?

— Гэта што пра цябе тут напісалі, — тлумачыла Вера, — што можаш пра гэта сказаць?

— Што я маю сказаць? — спытаўся Алесь з такім зьдзіўленьнем, як быццам такога пытаньня і быць не магло. — Дзяўчо ты, маё дарагое! Верачка, мая мілая! Прачытаў я гэтую лухту ўчора і ня мог устрымацца, каб добра не парагатаць. А чаго-ж іншага ад іх чакаць? Ты не разумееш, што гэта крывадушная маскоўская хэўра якая вымардавала мільёны людзей, да сорак першага году памагала Гітлеру, ці, — як яны гаварылі, — «нашаму саюзьніку вялікай Германіі», заваяваць амаль усю Эўропу. Гэтая крывадушная маскоўская хэўра хоча, каб мы тут у вольным сьвеце змоўклі. Мы — голас паняволенага народу, каторы яны й цяпер вынішчаюць у канцлягерах, мы стаім за народ, каторы мае здабыць і здабудзе сваю незалежную беларускую дзяржаву. Маскоўская бальшавіцкая мафія таму й змагаецца з намі, выдумляе пра нас усё найгоршае, што ёй загадвае амаральная бальшавіцкая антынародная палітыка. Дык і чаму я маю не парагатаць? Я ведаю ахілесаву пятку маскоўскіх забойцаў. Ведае яе і Шпак і многія іншыя з нас. Таму яны хацелі-б нас ліквідаваць, бо мы замінаем ім на дарозе адурманьваньня чэсных і добрых людзей сваімі ілжывымі марксістоўскімі догмамі пра той камуністычны pie in the sky… — хлусьню пра камуністычны рай на зямлі. Цьфу, гадаўё!

Вера сядзела ў тым крэсьле, быццам на калючых іголках. Шчырасьць Алесевага голасу, яснасьць у вачох… Гэта мову ад яе адабрала. Калі-б гэты дзяцюк зрабіў хоць малую частку таго, што яму прыпісвалі, ён нечым, — нейкім жэстам ці эмоцыяй — сваёй крымінальнай прошласьці ня змог-бы схаваць. А гэтта гляньце: ані ценю сумлеву на твары, поўная самаўпэўненасьць і апанаванасьць, самакантроля. І яшчэ нешта… Той, што помсту за вялікія крыўды абяцае і ніколі не даруе, голас. І вочы ягоныя, так… Асабліва тыя вочы, што шукаюць, правяраюць, проста распранаюць цябе, быццам ты тут на супалку з гэнымі, што на яго нападаюць.

— Але, мая ты даражэнькая, — устаў Алесь і падыйшоў да дзяўчыны, — што з табой? Ты выглядаеш вельмі змучаная, твой твар бледны…

— Я мала спала, — амаль шэптам прызналася Вера.

— Чаму? З маёй прычыны? Ці гэта магчыма, што ты верыш гэным гнюсным ілгуном і махляром? Глядзі на мяне, Вера, я цябе пытаюся!

— Я ня ведаю, што думаць, — адказала ледзь чутна дзяўчына, усё яшчэ абмінаючы ягоны зрок.

Алесь пачаў хадзіць па сваёй невялікай канторы, уважна прыглядаўся дзяўчыне ў крэсьле. Здавалася, што яна паменшала ростам, скорчылася.

— Самая большая для мяне неспадзеўка, гэта… гэта — ты, Верачка! Ці-ж табе няведама, як шантажуюць нас камуністы, як прыпісваюць нам розныя злачынствы, якіх мы ніколі не рабілі? А чаму? Я пра гэта ўжо табе казаў… Як табе, узгадаванай у вольным сьвеце, каторая чытала і клясычную літаратуру, і, здаецца, што дзяўчына з унь якой разумнай галавой і дасьветчаньнем жыцьця, дык як табе, такой, няясна тое, што бальшавікі робяць і чаму нас, выгнаньнікаў з нашай роднай зямлі, так бэсьцяць?

— Алесь, я ня ведала што думаць. Выбач. Я меркавала, што калі спытаюся ў цябе проста пасяброўску… Памятаеш, я-ж ужо пару разоў пыталася ў цябе, а ты проста адмовіўся што…

— Памятаю. Магчыма, што я зрабіў памылку. Але мяне жыцьцё навучыла не выварачваць наверх сваю душу для паказу. Ці раз ужо апёкся. Праўда, ня было такой важнай прычыны, каб табе не расказаць, хіба адна. Ты-ж падумай зь якога я сьвету: радзіўся пад чужой акупацыяй, а пасьля пад іншую акупацыю трапіў. Усюды з нас зьдзекваліся, адныя хамамі абзывалі, быдлам рабочым, палянізавалі, а іншыя, так званыя «вызваліцелі», мільёнамі ў калгасны прыгон заганялі а пасьля ў канцлягерах мардавалі. Вера, дарагая мая, ці ты ведаеш, што гэта значыць баяцца, рабом быць, асьцярожна ступаць, каб у якую пастку не папасьціся? Ці ты ведаеш голад і холад, і запраўдны прыгон, дзе нават табе Богу маліцца забаранілі і ўсіх сьвятароў вымардавалі, і нашыя сьвятыні і нацыянальныя помнікі панішчылі? А ці ты ведаеш, што ў савецкіх школах вучылі, каб дзеці даносілі на бацькоў? У Маскве Паўліку Марозаву, — каторы на сваіх бацькоў паклёпнічаў і выдаў, — помнік паставілі. Як-бы ты чулася, каб табе загадалі на бацькоў і апякуноў даносіць? А ці ты ведаеш, што вырастае з тых юнакоў, якім адабралі веру ў бацькоў, у Бога, калі людзі забудуцца пра любоў і міласэрнасьць, калі ім загадваюць праклінаць Бога, руйнаваць свае сьвятыні, апляваць усе хрысьціянскія традыцыі, а толькі паклёпнічаць і ашукваць, і забіваць, і нянавісьцю да іншых, з загаду так званае «роднае камуністычнае партыі», жыць?

Вера маўчала, пазірала на цяпер усхваляванага Алеся.

— І сьведамасьць таго, што ты маеш міласьці прасіць у запраўдных крыміналістаў забірае ад цябе апошнюю макулінку чалавечае годнасьці, якая ў цябе была. Так спакваля становішся рабом, аўтаматам, маленькай шрубкай у вялізнай і бяздушнай машыне. Ведаеш, што будуць таптаць цябе і глуміць, калі захочуць… Ты робішся сабакам, якога ніхто не шкадуе. Спадчына рабства — ратаваць самога сябе, не адкрываць сваіх ранаў. Самазахаваньне, самаабарона, вось што. Хто табой цікавіцца? Ты, калі маеш выжыць, вытрымаць, дык павінен закрыцца, забыцца пра свае раны й сум, і боль. Хто тут, у гэтым бізнэсавым сьвеце, выцягне табе руку помачы? Ідзе проста пра тое, што калі акунешся ў эмоцыі, дык можаш раскіснуць, цябе можа вораг уджаліць. Вось чаму мой інстынкт самазахаваньня замінаў мне адкрыцца й расказаць табе пра сябе, калі ты прасіла. Занадта болю многа награмадзілася, ня хочацца ранаў вярэдзіць. Так, лягчэй памаўчаць…

Алесь усё хадзіў па канторы. Вера ніколі раней ня бачыла яго ў такім напружаным хваляваньні. Не магла стрымаць свайго захапленьня гэтым чалавекам, яго шчырасьцю і красамоўнасьцю. І калі ня гэтым, дык чым больш мог ён даказаць сваю чысьціню душы й цела, і свайго мінулага? Але як вытлумачыць зноў тое-ж «я зьвярнуўся ў адпаведную ўстанову»? Ці-ж запраўды ён хадзіў дзесьці нешта ці на некага даносіць? Можа ў яго спытацца пра гэта? Лепш, відаць, паўстрымацца. Бо што, калі…

Сумлевы, сумлевы, пытаньні… Вось і будзь тут разумным. З усіх бакоў розныя прарокі, разумнікі і дагматысты прапаведуюць і навучаюць адзінаправільнае. А спрабуй тую запраўдную праўду вывалачы з гораў хлусьні. І найгорш, калі замінае прывязанасьць да каханага чалавека з аднаго боку і дагматычная паганяка зь іншага.

Тымчасам Алесь прадаўжаў:

— Мне здавалася, што гэтыя чэрці пакінуць нас у супакоі, што будуць прадаўжаць душыць і мардаваць тых, каторыя ў іхных д’ябальскіх лапах. Ажно не. Выглядае, што яны спакойна ня могуць мардаваць і вынішчаць мільёны нявінных людзей, калі ведаюць, што некаторыя з вызначаных імі ахвяраў высьлізнуліся зь іхных, закрываўленых нявіннай крывёй, пальцаў, што яны трапілі ў вольны сьвет ды расказваюць вялікую іжахлівую праўду пра найбольшы сатанінскі рэжым, што пагражае ўсяму вольнаму сьвету.

— Мы-ж ёсьць вялікай перашкодай на іхным шляху да панаваньня ўва ўсім сьвеце. Перш за ўсё Голікаў і ягоныя «ребята», пасьля вайны, стараліся нас палавіць, ганяліся, палявалі на нас па цэлай Эўропе. Амэрыканцы й Ангельцы памагалі Сталінаваму энкавэдэшніку Голікаву. Самых Беларусаў паўмільёна прымусова рэпатрыявалі й завязьлі ў лягеры сьмерці на Сібір. Але ўсіх нас не ўдалося ім загнаць на сьмерць. Тады яны намагаліся змусіць нас маўчаць, але, дзякуй Богу, бясьсільнымі тут аказаліся. Вось чаму пастанавілі мсьціцца на нашай радні дома, а сваёй гнюснай і пачварнай прапагандай ды шантажом — зьнішчыць нас маральна. Ім ідзе пра тое, каб і вольны сьвет паверыў, што мы — нявінныя і прасьледаваныя савецкімі агентамі выгнаньнікі — зьяўляемся ваеннымі злачынцамі, якіх бальшавіцкая Масква хацела-б у свае рукі папасьці. Ці-ж гэта табе няясна? Але, — няхай Бог мне сьветка, — цяперашняе нашае змаганьне з Маскоўшчынай — гэта адзін і найважнейшы бой, якога маскоўскія злачынцы ня выйграюць. Сьвет прачынаецца, працірае свае вочы і праўда перамагае. За мільёны вымардаваных нявінных ахвяраў яны атрымаюць расплату.

Вера не пераставала дзівіцца. Алесь зусім зьмяніўся, яна ніколі яго такім ня бачыла. Вось ужо, відаць, накіпела ў сэрцы ягоным. Бесьперапынна плыла хваля пагрозаў і пракляцьцяў на адрас нябачнага адсюль ворага. Ён, Алесь, відаць, забыўся ў сваім пачуцьцёвым парываньні, пад поўнай уладай нянавісьці да няпрысутнага тут ворага, што ягоная дзяўчына, якую кахаў, была гэтта пры ім.

— Так, вялікі дзень расплаты прыйдзе. Будзе міжнародны суд над злачынцамі, большы за Нюрнбэргскі, паняволеныя і пакрыўджаныя спагоняць сваё. А іх, злачынцаў, не на сухіх асінах будуць вешаць. Не, я не пра нябесны страшны боскі суд гавару, а пра той, што адбудзецца тут на зямлі яшчэ пры нашым жыцьці.

Алесь змоўк, пазіраў у вакно.

— Але-ж я загаварыўся. Усхадзіўся, узбушаваўся, усьпеніўся. Баліць, ведаеш… Дык знаеш што? Скончым, пойдзем павячэраем.

Вера ўстала і моўчкі пайшла за ім.

31

Падарозе з працы Алесь выцягнуў канвэрт із сваёй паштовай скрыначкі, што пры дзьвярох у залі ўнізу будынку. Танная папера шэрага колеру, у правым верхнім куце канвэрту — тры савецкія паштовыя маркі а пасярод акуратна выведзены лацінскім альфабэтам ягоны адрас. З задняга боку канвэрту — адрас ягонае маткі. Кроў хлынула ў скроні, Алесь дрыжэў. Што тут у яго ў руках? Колькі ён яе сьніў, колькі маліўся за яе, ахвярную, разумную і гаротную матку, якая яго некалі натхніла, перад якой вялікую віну чуў за тое, што яе там, у варожым прыгоне, пакінуў… Ад часу, як яе пакінуў, ня меў магчымасьці даведацца ці яна здаровая, як жыве і дзе знаходзіцца. Але чаму яна рызыкуе з гэтым лістом да яго? Ці-ж яна забылася, што сувязі з замежжам, нават калі там і радня твая, ёсьць злачынам паводле савецкага права? І самае найважнейшае: адкуль яна ўзяла ягоны адрас?

Павольна, як ачмурэлы, ішоў Алесь наверх па сходах. Нават не памятаў, калі адчыніў у сваю кватэру дзьверы. Паволі палажыў канвэрт на стол, выняў з халадзільніка пляшку піва Молсан. Усё тое адбывалася марудна. І зрок дзяцюкоў цэлы час на канвэрце, быццам ён набіраўся адвагі, каб сустрэць той уструс, які прынясе яму тое, што неўзабаве прачытае. Калі нарэшце дрыжачай рукой узяў нож, разрэзаў канвэрт і пачаў чытаць дрэнным чарнілам напісаныя на сшыткавай, у клетачкі, паперы няроўныя радкі, зьмест даходзіў да яго быццам з другога сьвету, з магілы. Матка пісала:

Мой дарагі сынок Алесь!

Зь вялікай радасьцяй дазналася, што ты жывеш і добрае здароўе ў цябе. Часта малілася за цябе. Здавалася, што цябе страціла. Добрыя людзі памаглі мне знайсьці цябе, Алеська мой дарагі. Цяпер я надта дзякую за гэта Богу. Слава Яму! Ты далёка ад мяне, але радасьць у мяне вялікая, што ты жывеш і я знайшла цябе. Ад таго часу, як ты пакінуў, у вёсцы многа чаго зьмянілася. Многа людзей, каторых ты знаў, ужо няма ў жывых. Некаторыя загінулі ў вайне з нашым агульным ворагам — германскімі фашыстамі. (Тут матка назвала людзей, каторыя загінулі, ажаніліся ці пакінулі вёску).

Дзякуючы вялікім клопатам нашай добрай камунісьцічаскай парціі і ўрада, я цяперака добра жыву, так як жылі гарбачы й кароткія некалі. Помніш? (Алесь памятаў дзьве шматдзетныя сям’і, каторыя пры польскай акупацыі былі вечна ў галечы, цешыліся, калі бульбіна была. Пры бальшавікох ім не палепшала). Мой дарагі сынок! Я цябе вельмі люблю, — пісала далей матка. — Ты так далёка ад мяне, але я буду Богу маліцца, каб Ён цябе нідзе ў крыўду ня даў і каб ты здаровы быў і сваю матку помніў. Я ня маю болей навінаў, ну дык і канчаю. Прашу, напішы да мяне, сынок, як жывеш і што ў цябе новага. Да цябе зь любоўю, твая матка Алена.

Гэная атака на яго, якую зьмясьціла гадзюка-завяртанка, ды вось ад маткі ліст — гэта ўсё некім скаардынавана. Матцы далі адрас. Нават стыль пісьма ейнага, — ведаў матку Алесь добра, — чужы. Яна ніколі не сказала-б «загінулі ў вайне супраць нашага агульнага ворага — фашыстаў», або «дзякуючы вялікім клопатам нашай добрай камунісьцічаскай парціі і ўраду». Гэта ўзята з простай прапагандовай брахні савецкіх палітрукоў.

І матка ягоная ня з тых, каторая непатрэбна выстаўляла-бы каго зь сям’і ці блізкай прынамсі радні на небясьпеку. А якая тут была патрэба пісаць да яго, Алеся, каторы аж за акіянам? Магчыма, як піша яна, ня ведала ці жыве сын, пэўне-ж і аплакала была яго, мяркуючы, што можа загінуў. Але-ж вось прынесьлі ёй радасную вестку, што, значыцца, сынок жыве і адрас далі. Узрадавалася, можа й ня верыла, пэўне-ж распытвала пра сынка, ды можа нічога больш і не сказалі ёй, беднай і адзінотнай! Адно загадалі ліст напісаць, і дагледзелі, каб там і «савецкая радзіма» і «родная партыя» былі ў добрым сьвятле згаданыя!

Што Алесь мае цяпер рабіць? Ці выслаць ёй, гаротнай, якія харчы ці вопратку? А калі што й вышлеш, дык хто гарантуе, што паразіты «роднапартыйныя» не ўкрадуць і не спажывуць? Цяпер яна паўстала перад сынам у поўнай сваёй каханай мацярынскай велічы, ейныя мазольныя і парэпаныя далоні рук выцягнутыя да яго праз акіян: «Сынок дарагі, мілы мой! Люблю цябе! Трымайся! Бог з табой!»

Камяк сьліны ці чаго там засеў у Алесевым горле. Першы раз на працягу многіх гадоў ён страціў сваю, так цяжка некалі выпакутаваную кантролю пачуцьцяў. Некуды зьнік той вартавы інтэлектуал, сьлёзы засьцілі вочы. Што цяпер? Для бясьпекі маткі замоўкнуць, спараліжаваць сябе, далучыцца да тых «тараканоў у саладусе», каторыя ўжо дарабіліся ў гэтай вялізнай і багатай краіне ды ўжо «вачуюць тэлевіжан»? Не! Маскоўскі мядзьведзь свае ахвяры на волю ўсёроўна ня пусьціць.

Няма нідзе, мабыць, формулы для разьвязкі такой сытуацыі, у каторай Алесь апынуўся. Зірнеце: з гэтага боку сонца зьзяе, людзі штодня завіхаюцца каля сваіх заданьняў, працаў, абавязкаў, што прадназначыў ім іхны лёс і Стварыцель. І бальшыня гэтых верыць, што на сьвеце ёсьць справядлівасьць, таксама як і рацыянальнасьць, і міласэрнасьць, і любоў… З таго боку балянс страціўся кагадзе на карысьць пекла. Яно над усім і ўсюды дамінуе. Людзі зрабіліся рабамі, паўзунамі, нават і тыя зь іх, што некалі лётаць маглі. Цяпер усе яны поўзаюць, душацца, ціснуцца, і ліжуць чэрцям спаскуджаныя азадкі. А ўсёроўна няма для іх нідзе й ніякай любові, ні літасьці, ні спагады, ні спачуваньня, бо ненасытны Молах-тытан мадэрны патрабуе бязьмежнага ліку ахвяраў і таму растаптаў іх, у вечную краіну нянавісьці й гвалту зацягнуў, ды на самага Бога замахнуўся.

32

Снікі Джоў быў адным з тых бясколерных людзей, сустрэўшы якога, ім не зацікавішся а ня тое, каб зірнуў ты на яго лішні раз. Ён мог лёгка і незаўважна зьнікнуць-растаяць у гурце. І выглядаў нявінным, няздольным нікому ніякае вады замуціць. І з выгляду цяжкавата было ацаніць ягоны век.

Некалі падчас тутэйшае вялікае эканамічнае дэпрэсіі ў трыццатых гадох гэты мужчына быў вельмі актыўным, называўся ў камуністычным жаргоне палявым арганізатарам. Цяпер Джоў Снікі працаваў клеркам-ураднікам у другараднай гасьцініцы. Ды гэтая няцікавая клеркава функцыя ня вычэрпвала яшчэ даволі поўнай фізычнай энэргіі Джова. Уласьнік гатэлю, каторы сам быў зьвязаны з рознымі чырвонымі франтавымі арганізацыямі, добра ведаў і іншыя заняткі Снікі Джова, ранейшыя і цяперашнія. Бывала, падчас галодных трыццатых, возьмуць камуністы на прыцэл пэўную тэрыторыю ці варожую палітычную групу між рабочых. Джова вышлюць «у тэрыторыю» з заданьнямі апэратыўнага адзьдзелу. Ён паедзе, правядзе грунтоўную разьведку, ацэніць, агледзіць, заплянуе ды вызначыць адпаведных людзей на франтавыя пазыцыі з адпаведнымі заданьнямі. Сам Джоў застанецца ззаду, у засені, адтуль будзе наглядаць і кіраваць адпаведнай акцыяй.

На такіх заданьнях Джоў добра набіў сабе руку. У яго хапала вытрымкі, каб пераканаць якіх трэба людзей выканаць адпаведныя заданьні, а пасьля не бракавала волі й настойлівасьці, каб давесьці тое заданьне да жаданага канца. Дэталёвае й прадуманае плянаваньне, якое мела забясьпечыць посьпех акцыі, было спэцыяльнасьцю Снікі Джова. Ён-жа даволі добра прыдбаў і тэхніку ды сакрэты кансьпірацыі.

Джоў Снікі меў фінансавыя ўклады ў некалькіх гэтак званых прагрэсыўных каапэратыўных бізнэсах, грашмі надта не раськідаўся, казаў, што піць і курыць не навучыўся, жыў старым «бабылём». Многа чаго зьмянілася. Адыйшлі, здаецца, у нябыт часы акцыі на «рабочым фроньце», дзе, як у трыццатых галодных гадох, ужывалася часта грубая сіла. Рэдка калі, як раней, плыла зьверху «баявая партыйная накачка», калі дзе грунт пад нагамі ў акцыі гарэў. Што-ж да кансьпірацыі, дык яна мела, як казалі ў шэрагах «прагрэсывістаў», сваю «закалку» і выпрабаваныя хамелеонскія прыёмы. Праўда, калі Гузэнка выдаў у Аттаве гняздо савецкіх патрыётаў-шпіёнаў, тады былі павылазілі наверх усялякія буржуазныя гарлапаны, трэба было хвост падціснуць. Цяпер-жа? Лічыце, што тыя ранейшыя жорны для Джова малоць перасталі, бо акцыяў вялікага маштабу няма. Праўда, рабілі апошнімі гадамі сёе-тое, як, прыкладна, праводзілі сталінскую кампанію — «забараніць атамную бомбу» (гэта тады, пакуль бальшавіком яшчэ не ўдалося ўкрасьці ад Амэрыканцаў атамныя сакрэты), або кампанію «за мір» у сувязі з прыездам «чырвонага дыякана» Джансана з Кантэрбэры, каб выступіць на шматтысячным мітынгу канадыйскага кангрэсу «за мір». Ды ўсё гэта — дрэнь.

У сваёй працы для партыі Джоў радзей кіраваўся ідэёвымі матывамі чымся фінансавым прыбыткам, або спадзяваньнем большае ўзнагароды ў будучыні, калі й Канада станецца «дэмакратычнай і сацыялістычнай савецкай рэспублікай». Адным словам, вы маглі-б назваць Джова зусім практычным камуністам. Уласьнік гатэлю ніколі не адмаўляў Джову, калі ён хацеў на пэўны час адлучыцца «па задачы».

Аднаго дня нечакана Снікі Джова наведаў ягоны стары супрацоўнік Капшун, ды напрасіўся, каб пагаварыць зь ім сам-насам у якім заднім пакоі. Джоў адразу спанатрыў, што наклёўваецца нешта важнае.

— Маю адну задачу і патрабую тваёй помачы. Сядай, — пачаў Капшун, усеўшыся на канапе. Выцягнуў люльку й пачаў напіхаць яе табакай. — Я адразу, так сказаць, пра галоўнае. Дык вось, ёсьць чалавек, якога нам трэба неяк пераканаць, каб ён спыніў тое, што цяпер робіць. З прычынаў нашай будучай акцыі паміж Канадцаў і фашыстоўскіх ДП, гэтаму чалавеку трэба адабраць голас. Безь яго кіраўніцтва змоўкне ўся фашыстоўская какафонія. Што яшчэ важна дык гэта тое, што да голасу гэтага чалавека прыслухоўваюцца і некаторыя канадзкія палітыкі і капіталістычныя падпальшчыкі вайны ды другія рэваншысты супраць Савецкага Саюзу. Група беларускіх фашыстоўскіх дыпісаў ідзе за ім сьледам. Ён — ня толькі іхны лідар, але й натхненьне. Бачыш, ён ёсьць пісьменьнік і не такі пошлы. Магу табе сказаць, — прадаўжаў Капшун, задыміўшы табакай пакой, — што я адносна гэтага чалавека ўжо спрабаваў іншыя мэтады. Два разы мне ўдалося пазбавіць яго працы — першы раз выкінулі з рэстарану, дзе пасуду мыў, а другі раз з гасьцініцы. Потым мы забясьпечвалі яго ўсякім матар’ялам ад Міхайлава. Ён ад нас меў выразныя сыгналы, каб перастаў хуліць на савецкую радзіму і не памагаў ейным ворагам тут за рубяжом. І нічога на яго не падзеяла. Упартая сволач, прадаўжае сваё. А чалавек гэты вельмі працавіты, многа піша. Зараз, мяркую, каб яму рот закрыць, мы павінны ўжыць больш радыкальныя меры.

— Пра каго ты гаворыш? — спытаўся Джоў.

— Антона Шпака. Чуў пра такога?

— Не магу сказаць, што ня чуў.

— Зацікаўлены?

— Солё?

— Ага.

— Магу спрабаваць.

— Добра. Я спадзяваўся, што згодзішся. Цяпер-жа хачу табе перадаць, каб было вельмі ясна вось што: мы ніякім чынам ня можам быць удзельнікамі забойства.

— Было-б куды прасьцей, — запярэчыў Джоў.

— Разумею, але мы ня можам, прынамсі зараз… Так што няма выбару. Астаецца адно: пабяседаваць з гэтым фашыстам, — падмацаваўшы адпаведнай аплявухай, каб добра слухаў, панімаеш, — адным словам напалохаць яго так, каб больш рота не адкрываў. Кажу, што можаш яму даць так называемыя фізічаскія аргументы, але толькі касьцей не паламаць і не пакалечыць. Ён, як чую, слабая лягушка, дык супраціву ня дасьць. Пойдзе. Згода?

— Спрабую. За адпаведную выручку.

— Выручка будзе. Добра, цяпер пра дэталі.

Капшун апісаў выгляд Шпака так, як чуў пра яго ад Веры. Націск палажыў на тое, што пісьменьнік раніцай любіць вудачку закінуць на рэчцы і таму ёсьць магчымасьць аднаму рыбаку пагутарыць зь іншым. Надзвычайна! Джоў усьміхнуўся й кіўнуў галавою. А як-жа! Тут можна было-б лыжку той прыказачнай солі на рану, для гумару… Яму падабалася такое заданьне.

— Сьпяшацца няма чаго, — раіў Капшун. — Прыгледзься чалавеку здалёк, але каб на цябе ніхто ўвагі не зьвярнуў. Ты ведаеш пра яго даволі ўжо ад мяне, а там сам глядзі як выгадней.

— Окэй. Калі стары сволач пачне адбівацца, або клікаць каго на помач, дык што мне рабіць?

— Дзе там ён, здыхляк нікчэмны, пачне. Зрэшты, ужывай сваю галаву.

Джоў прыабяцаў узяцца за гэнае заданьне ўжо назаўтра, а Капшуну аж палягчэла, што галоўнага праціўніка прыбярэ з дарогі.

33

Антон Шпак глядзеў на здымкі тае вялікае рыбы, што віселі над камінкам у галоўнай залі рэсорту і яму пачынала дакараць амбітнае самалюбства рыбалова. Калі рыба такой вялічыні была запраўды злоўленая ў рацэ Пома раней дык, з помаччу Бога, ён, Антон Шпак, — не абы які рыбак, — можа і цяпер падобную цацу злавіць. І ў працы, і ў адпачынку Шпак трымаўся мэтодаў. Разважаў, што каб добрую рыбіну злавіць, трэба перш грунтоўна перачасаць рэчку, разьведаць праўдападобныя і магчымыя сховішчы вялікае фарэлі. Кажнае раніцы ці на захад сонца ён аддаваў даволі часу расплянаванаму дасьледваньню ракі.

Ідучы ўніз, зь цячэньнем ракі, пісьменьнік прыйшоў да вялікай дугі. У локці ракі вада абмывала кучу валуноў і дробнага каменьня. Рукаво ракі тут пашыралася, хуткая плынь падмывала супрацьлеглы бераг. Крыху далей, у карэньнях дрэваў, вада звальняла ход. Быццам ногі вялізных павукоў, карэньне дрэваў упівалася ў пацямнелую плынь вады. Шпак меркаваў, што якраз там магло быць ідэальнае сховішча для рыбы. Варта спрабаваць туды адну ці другую прынаду падпусьціць. І доступ із супрацьлеглага боку ракі быццам на заказ. Праўда, была адна небясьпека. Калі якая большая цаца, зачэпленая на кручок, пачне рабіць дывэрсійныя ходы, можа заблытаць жылку за карэньне. Тады, — як канадыйскія рыбакі кажуць, гут бай Чарлі, — страціш і кручок, і рыбіну. Шпак добра ведаў рэакцыю рыбы, асабліва хуткае, як маланкі, фарэлі, з балючым кручком у роце.

Шпак выбраў плоскі валун, добра расьсеўся й закінуў кручок зь вялікім чарвяком на плынь. Прынада ўпала бліжэй таго нагледжанага месца й шпаркі струмень аднёс яе на мель. Пісьменьнік выцягнуў жылку з кручком і цяпер закінуў далей. У першы дзень раніцай злавіў паўтузіна вясёлкавых фарэляў. Найбольшы важыў менш кіляграму. Дрэнь. Рыбацкая інтуіцыя падказвала, што тут павінна быць шмат большая рыба. Трэба зноў спрабаваць. З гэтага стратэгічнага месца вельмі лёгка было закідваць вуду і таму Шпак ці раз быў рашчараваны, калі знайходзіў тут якога інашага рыбака. Вялізныя дрэвы па абодвух бакох ракі схавалі цябе, здаецца, ад цывілізаванага сьвету. Надзвычайная дзікасць нагадвала яму Налібокі ці Белавежу, — пушчы ім крыху зьведаныя. Шпак нават забаўляўся ўяўленьнем, што ён не за акіянам, а дзесьці дома між свае цудоўнае прыроды. Перашкаджаў уяўленьню рэзкі голас люна-нурца, адсутнічала клекатаньне бусла.

Аднае раніцы пасьля лёгкага, амаль паўгадзіннага падарожжа ад Пайн Рыдж, Шпак рыхтаваўся на сваім стратэгічным месцы закідаць вуду і марыў, што шчасьце ў выглядзе вялізнага прыгажуна на кручку ягоным якраз зьявіцца сяньня. Абавязкава сяньня. Сонейка ўжо выглядала з-за кроны суседняга дуба, гарлапаніла весела птушыная грамада а булькатаньне вады ў рацэ дапаўняла раньнюю сымфонію.

Павязло. Вясёлкавая фарэль, прыгажун, больш кіляграма. На пачатак нядрэнна. Задаволены пісьменьнік паволі зачапіў на кручок другога чарвяка, рука спрактыкаваным рухам закінула яго цераз галоўны хрыбет цячэньня вады, падпусьціла прынаду аж пад той бераг, дзе, — угадваў рыбак, — павінны быць большыя цацы.

Аглянуўшыся, Шпак заўважыў чалавека, які выйшаў з пушчы й набліжаўся. Апрануты ў кашулю ў чорныя клетачкі, шэрыя флянэлявыя порткі, чорныя спартовыя чаравікі, насунуты на лоб шэры палатняны брыль. Чалавек сярэдняга, прыблізна Шпакавага росту, ён трымаў у правай руцэ таўстую бярозавую палку і, не даходзячы якіх крокі чатыры, спыніўся. Дробны прадаўгаваты твар, кароткі нос, вузенькія вусны, пасівелыя на скронях валосы. Шэрыя вочы пільна ўглядаліся ў пісьменьніка.

— Ты Антон Шпак? — спытаўся тонам, якім гаворыцца нармальна із знаёмым суседам. Шпаку здалося проста няверагодным, што нейкі зусім незнаёмы чалавек, выйшаўшы зь дзікай пушчы ў чужой і далёкай ад цывілізацыі мясьціне, пабеларуску пытаецца ягонае прозьвішча. Ці не сустракаў ён калі гэтага чалавека? Ня мог прыгадаць.

— Ці мы знаёмыя? Не прыпамінаю, — адказаў зьдзіўлены рыбак.

— То гэта і ёсьць ты, каторага шукаю, — адказаў чалавек зусім упэўненым тонам.

— Мяне шукаеш? Хто ты такі і навошта я табе?

— Мая фамілія для цябе няважная. Я прыйшоў сюды, каб гэта падружаску пагаварыць з табой.

Здалося Шпаку, што пры слове «падружаску» злы аганёк бліснуў у шэрых вачох гэтага чалавека зь бярозавым кіем. Прадчуваючы нядобрае, намагаўся захаваць спакой і раўнавагу. Ён зірнуў на сваю жылку, што, здаецца, натужылася-выпрасталася, крутануў шпулькай. Чалавек падыйшоў да яго бліжэй.

— Ты рыбак, ці што? — спытаўся Шпак у незнаёмага. Чалавек маўчаў. — Калі маеш што сказаць, дык я слухаю.

— От што мне нравіцца: гатоў слушаць! Сатруднічаства… Як-бы было добра, што-б ты начаў слушаць нас раньша. І мне тада ня нада было-б пуцяшэстваваць аж сюда, чтоб цябе ўбяждаць, містар Шпак…

Шпака напалохала ня толькі расейшчына ў вуснах гэтага чалавека, але із злавесным націскам слова «містар», быццам-бы яно было агідай нейкай.

— Хто ты такі? Хто цябе паслаў і чаго ты ад мяне хочаш?

— Сатруднічаства! — сказаў ужо голасна незнаёмы. — Сатруднічаства ад цябе, містар Шпак, мы хочам. Да этага ўрэмені ты не панял. Табе ўжэ не адзінажды ўнушалі, а ты, упрамы как асёл, сваё ды сваё. Панімаеш сейчас? У людзей, каторыя прыслалі мяне цярпеньня ўжэ нет.

Шпакавы рукі сьціснулі бамбуковае вудзільна, па сьпіне рассыпаліся мурашкі. Гэта-ж трэба, — у такім месцы й такі чалавек, з такой пагрозай! А малыя шэрыя вочкі ажывіліся, быццам мяркуючы зь якога боку схапіць праціўніка, ці заехаць па ягонай галаве той бярозавай палкай.

— Слушай, містар Шпак, слушай внімацельна. Мне прыказалі даставіць табе от такой сьледуюшчы ўказ: ты брось пяро, прэкраці партачыць тое барахло, что ты шчытаеш ліцературой, каторой снабжаеш сваіх фашысцкіх дзіпісоў. Адным словом, закрой губы і маўчы. Панял? Ані слова ў пячаці і ані звуку публічна. Будзь только гут бой, вудзі рыбу і тагда, можэт быць, панравішся нам!

Шпак поўнасьцю цяпер зразумеў хто такі перад ім. Ці раз раней думаў, што могуць завяртанцы або іншыя маскоўскія агенты падкінуць яму нейкае ліха. Памятаў свайго блізкага сябру Франьцішка Аляхновіча, выдатнага беларускага драматурга й пакутніка з канцлягеру на Салаўках, якога бальшавіцкі агент, як ён даведаўся куды пазьней, замардаваў у Вільні ў 1944-м годзе.

— Чалавек, ты здурэў? Ці ты ведаеш, што ты мне кажаш?

Цяпер зусім выразныя аганькі загарэліся ў шэрых вачох.

— Віжу, ты рашыў не сатруднічаць с намі!

Гэтыя словы былі выказаныя такім пагражальным тонам, празь сьцятыя зубы, што пісьменьніка страсанула.

— Так что, цебе непанятна, містар Шпак?

Чалавек адхінуў сьпераду крысо кашулі і з похвы выцягнуў даўгі паляўнічы нож. Бліснула ў руцэ зьзяючае гладкае лязо, а чалавек пачаў ножам стругаць бярозавы кій. Шпак адступіў пару крокаў назад і стаяў на краю валуна. Яму ня было куды далей адступаць. Чалавек пачаў заходзіць збоку, а Шпакавы вочы сканцэнтравалі сваю ўвагу на паляўнічым нажы.

— Ты нягоднік, адыйдзіся ад мяне! Я цябе не хачу слухаць! — крыкнуў пісьменьнік.

— Ня хочаш? — загарэўся злосьцю напасьнік. — Ты фашысцкі сабака, я цябе сейчас навучу, как слушаць!

Ён падскочыў да рыбака, маланкавым рухам высунуў нож зусім блізка ля ягонай шыі. Відаць, калі-б хацеў, мог-бы пісьменьніку ўжо вастрыём па шыі шарахнуць. Намагаючыся адбіцца ад напасьніка, Шпак парнуў яго канцом вудзільна, але той зручна выхапіў яго з рыбаковай рукі, пераламаў на калене й выкінуў пераз плячо ў раку.

— Ты так хаціш сражацца, фашысцкая сабака! Я цябе сейчас пакажу!

Ён шпарка стараўся схапіць пісьменьніка за каўнер. Намагаючыся ўхіліцца ад забойчае рукі, Шпак спатыкнуўся, адступаючы назад, страціў раўнавагу і ўпаў, стукнуўшы галавой аб край каменя. Снікі Джоў мог-бы прысягнуць, што чуў як трэснуў пісьменьнікаў чэрап. Джоў стаяў бяз руху, прыглядаўся, як пасьля раптоўных сударгаў абвялае цела скацілася набок, а акрываўленая галава зь незакрытымі вачмі нібы глядзела кудысьці ўверх. Сталася гэта так раптоўна, што нават Джоў Снікі разгубіўся, што далей рабіць. Дзесьці воддаль пачуліся галасы. Джоў маланкай скочыў у гушчар. Два рыбакі набліжаліся да кучы валуноў адтуль, зьнізу. Ці бачылі яны яго?

Джоў наглядаў з гушчы зелені як два мужчыны, з рыбацкімі снасьцямі, затрымаліся ля кучы валуноў. Знайшоўшы кошык з рыбінай і труп чалавека, яны асьцярожна агледзелі ўсё навокал, раіліся між сабой, відаць, што рабіць далей і неўзабаве адзін зь іх хуткім крокам пайшоў у кірунку Пайн Рыдж рэсорту, а той, што астаўся на валунох уважна глядзеў у гэты бок дзе скрыўся Снікі. Нейкіх хвілін пяць пазьней Джоў сядзеў ужо за рулём у сваім аўтамабілі і ціснуў на бензінную пэдаль. Як там будзе далей, а ён Капшунова заданьне выканаў, магчыма нават і перавыканаў.

34

Нік Лок на злом галавы бег па сходах уніз, каб знайсьці Алеся Якімовіча, каторы быў тут недзе ў краме.

— Алесь, нешта дрэннага здарылася. Якраз да мяне званіў мой брат з, рэсорту.

— Што такое сталася, Нік? — насьцярожыўся Алесь.

— Твой сябра меў выпадак.

— Антон Шпак?

— Ён.

— Што за выпадак? Кажы, Нік, што сталася.

Лок адказаў не адразу:

— Ал, мне прыкра казаць табе… Твой Антон Шпак ёсьць мёртвы.

— Мёртвы? Ты, Нік, апупеў, ці што? Як?

Нік Лок коратка пераказаў тое, што чуў ад свайго брата. Сьціскаючы зубы, Якімовіч намагаўся сканцэнтраваць думкі. Уструс перашкаджаў разважаць рацыянальна. Бракавала дэталяў. Адно ведаў Алесь напэўна: Антон Шпак у ніякім выпадку ня мог налажыць сам на сябе руку. Ізноў-жа, быў ён занадта памяркоўны й асьцярожны, каб сустрэць сьмерць нейкім чынам прыпадкова. Аставалася адна магчымасьць: забойства варожай рукой. Калі яно так, дык ці трэба было мазгі мазаліць над пытаньнем зь якога боку зьявіўся забойца?

Дзесяць хвілінаў пазьней Алесь гнаў свой Олдсмабіл галоўнай шашой з Радфорду напоўнач. Сьпяшыў, ціснуў бензінную пэдаль аж да падлогі й празь люстэрка сачыў, каб не прычапіўся да яго ззаду паліцыйны хвост. Як шкада, што ня мог зрабіць той дарогі за якіх паўгадзіны! Ён уключыў радыё і знайшоў станцыю, якая рэклямавала сябе пад загалоўкам «Найнавейшыя Навіны Насамперш». Часамі здаралася, што яна лякальнымі навінамі выпярэджвала іншыя камэрцыйныя радыёстанцыі. Вось, прыкладна, як цяпер. Звычайная крыклівая рок-музыка спынілася і нізкі, урачысты мужчынскі голас паведаміў:

— А цяпер — дзьве навіны з нашае «Найнавейшыя Навіны Насамперш». Сяньня раніцай у ваколіцы Індыянборо, на рацэ Пома каля рэсорту Пайн Рыдж, два рыбакі знайшлі сьвежы труп, што ляжаў напалову ў мелкай вадзе з растрэсканым чэрапам. Паліцыі ўдалося ўстанавіць, што памёршым зьяўляецца беларускі пісьменьнік Антон Шпак з Радфорду. Выглядае, што рыбак упаў на валун і ўдарыўся аб яго галавой. Збоку знайшлі паламаную вуду. Паліцыя падазрае, што на Шпака нехта зрабіў напад і вядзе сьледзтва.

— А цяпер ці чулі вы такое? — вясёлай ноткай прадаўжаў голас. — Калі з паламаным напалову вудзільнам выцягнулі жылку з вады, дык адгадайце што знайшлі на кручку! А знайшлі там вясёлкавую рачную фарэль больш дзесяці кіляграмаў вагі, вось што! Прызнайцеся, гэта перавысіла навет так званае добрае шчасьце Айрышмэна: сустрэць сьмерць у той час, калі ты падчапіў на кручок такога прыгажуна!

Голас з радыёпрыёмніка ўзлаваў Алеся. І як гэты дыджэй (так у скароце тут называлі «дыскавага джакея», — камэнтатара рознае мадэрнае музыкі), ня выдумаў яшчэ, што рыбак Шпак цягнуў вялізную рыбіну, паламаў сабе вудзільна, упаў, разьбіў галаву і тут-жа памёр? Алесь выключыў радыё. Злаваў ён на таго дыджэя яшчэ і за тое, што Беларуса назваў «уайт рашн» заміж «беларашн». Цяпер Канадыйцы будуць рагатаць з таго «рашн фэла» (Расейца), каторы забіўся як вялізную рыбіну з ракі цягнуў. І чаго чакаць ад цемнякоў, што выдатна ўмеюць жлукціць піва й захапляцца гакеем, каб яны ведалі, прыкладам, што між Расейцамі й Беларусамі ня менш розьніцы чымся між Ангельцамі й Немцамі? Ды найбольш Алесь кіпеў злосьцю на тую забойчую нікчэмную брыду, што абарвала плённае жыцьцё выдатнага суродзіча Антона Шпака. Вялізная страта для беларускага народу! Алесь ужо прыабяцаў сабе, што не пашкадуе нічога, каб знайсьці забойцу пісьменьніка.

35

За дзьве гадзіны Алесь прыехаў у Пайн Рыдж. Ад Мэры ў кухні даведаўся, што ўсе людзі над ракой. І запраўды, Алесю здалося, што ўсе жыхары рэсорту сабраліся тут-жа побач кучы валуноў і каменьня, якую паліцыя адмежавала жоўтай істужкай. Людзі стаялі ціха, рэдка гаварылі, сачылі што робіць паліцыя. А ў тым месцы, дзе пісьменьнік разьвітаўся з жыцьцём, Алесь пабачыў двух чалалавек у цывільным і аднаго ў мундзіры, што размаўлялі, аглядалі, нешта запісвалі. Там-жа пры іх стаяў і чалавек з фотоапаратам. Белай рысай мелам па каменьнях было абведзена месца дзе, мабыць, ляжаў забіты.

Алесь падыйшоў да паліцыянта, які, даведаўшыся, хто ён, параіў пачакаць, каб высьветліць некаторыя пытаньні. І тады да Якімовіча падыйшоў малады дзяцюк, што назваў сябе рэпарцёрам з «Індыянборо стар». Пытаньняў у гэтага юнага журналісты было шмат: Хто такі Антон Шпак? Адзінотны ці жанаты? Колькі яму гадоў? Колькі часу ў Канадзе? Чым займаўся? Пра што пісаў? Ці вы думаеце, што яго нехта забіў у гэтай дзічы? Чаму?

Ведаючы нахілы дробнае мясцовае прэсы да сэнсацыйнасьці, Алесь адказваў асьцярожна. Зусім адмовіўся выявіць свае здагадкі пра магчымага забойцу Шпака. Разам з паліцыяй паехаў да адлеглага на дзесяць міляў невялікага гораду Індыянборо. У шпітальнай трупярні паказалі яму цела забітага, сказалі, што, згодна аўтопсіі, памёр ад пабітага чэрапу й мозгу, у выніку чаго, наступіла хуткая сьмерць. Сказалі Алесю, што можа забраць цела нябожчыка для паховінаў.

У паліцыйным бюро Алесь даведаўся, што два чалавекі з Пайн Рыдж рэсорту, якія йшлі раніцай па беразе ракі, бачылі сярэдняга росту чалавека ў кашулі ў чорныя клетачкі, як ён уцякаў у гушчар з таго месца, дзе знайшлі мёртвага Шпака. Людзі здалёку выразна ня бачылі твару таго чалавека. Пераламанае вудзільна ляжала тут-жа ў вадзе ля берагу, а з кручком і жылкай змагалася вялікая рыбіна.

— Ці вы хочаце ўзяць тую рыбіну? — спыталіся ў Алеся.

Ён зірнуў на вялікага прыгажуна без асаблівай цікавасьці і параіў, каб адаслалі яго ў рэстаран Пайн Рыдж.

Паліцыя прызналася, што дагэтуль не знайшла нічога, што магло-б памагчы высьветліць якім чынам памёр Шпак. Не заўважылі навокал ніякіх сьлядоў гвалту. Адно загадкай было паломанае вудзільна, на якой спадзяюцца знайсьці адбіткі пальцаў. Усялякая дробязь паможа. Так спадзяюцца.

— А чым вы можаце дапамагчы? — спыталіся ў Алеся.

Алесь коратка выказаў думку, што Шпак быў надта асьцярожным чалавекам, які ў такі сьветлы й прыгожы дзень проста ня мог так упасьці на камень і зусім разьбіць сабе галаву. Шпак дбаў пра рыбалоўныя снасьці, з паламаным вудзільнам не пайшоў-бы на рыбу, а паламаў яго, відаць той, каго Шпак тут сустрэў, — выглядае, што забойцу, — якім мог быць адно прысланы нехта з камуністычнага логава. Ён выясьніў прычыны такога меркаваньня.

— Можаце назваць падазроных?

— Не, тымчасам не магу.

Паліцыя прыабяцала Алесю правесьці грунтоўнае сьледзтва. Калі забойца добра плянаваў сваю работу, дык, магчыма, яшчэ нехта мог бачыць падазроную асобу навокал рэсорту Пайн Рыдж. Алесь пакінуў у паліцыі свой нумар тэлефону і абяцаў паведаміць іх пра ўсё, што ўдасца яму знайсьці ў сувязі з гэтай справай.

Едучы дамоў, Алесь прыгадаў гутарку зь пісьменьнікам на мінулым тыдні. Што гэта ён сказаў пра атруту? Ага, вось што: «памятай, што найчасьцей атруту даюць ахвяры ў найпрыгажэйшай чашы». Што, ці каго Шпак меў на думцы? Але, не, ня можа быць! Вера Мак, ягоная вялікая любоў? Можа пачаць ад яе?

Вярнуўшыся ў Радфорд, Алесь заехаўся ў Трыфты Тоні. Крама мела хутка закрыцца. Веры не знайшоў. Сказалі яму, што перад абедам наракала на галаўны боль, пайшла дадому. Пазваніў ёй. Ня было адказу.

Алесь купіў тры шматтыражныя гарадзкія газэты. Дражнілі яго загалоўкі. «Сьмерць перад вялікім уловам» — крычала адна газэта. «Дзе скончылася рыбакова шчасьце!» — жартавала іншая. «Дваццаціхунтовая фарэль і мёртвы рыбак», — паясьняла трэцяя. Кажная зьмясьціла, — дзякуючы ўслужлівай паліцыі зь Індыянборо, — прыгожую здымку рыбіны, і аніводная — здымкі Шпака. Відаць, што прэса ня ведала адкуль яе ўзяць. Рэпарцёры нічога цікавага не маглі сказаць пра прычыны пісьменьнікавай сьмерці, дый пра самога Шпака, — што ён быў за чалавек, пра што пісаў. Пра гэта ўсё зьявілася некалькі службовых ці казённых словаў. Затое злоўленай рыбіне дасталося ого як! І што за яна, і колькі важыла, і дзе гэта яна папалася на кручок дый гэтак далей… Відаць, што паліцыя не сказала ім пра чалавека, якога заўважылі, калі ўцякаў у лес. Добра! Няхай забойца ня ведае, што яго бачылі.

Узлаваны самымі загалоўкамі, Алесь прачытаў аж тры газэтныя варыянты пра сьмерць дарагога суродзіча ды ацаніў гэныя рэпартажы як сэнсацыйнае плявузганьне гэтак званага «жоўтага журналізму», каторы быў шырака ўжываны некалі на амэрыканскім рынку газэтамі Рандалфа Гэрста. Канадыйскія радфардзкія газэты не пазбыліся, відаць, яшчэ сваіх пялёнак.

36

Купіўшы газэту, Капшун быццам уліп у адну галоўную навіну дня пра сьмерць Шпака, ды адразу пабег у тэлефонную будку. Джоў адазваўся адразу:

— Я чакаў цябе, не хацеў званіць у кантору.

— Добра зрабіў, — адказаў Капшун.

— Дзе й калі магу цябе пабачыць?

— Зараз-жа прыеду.

У страховачнай канторы Капшун сказаў, што едзе да кліента ды ўскочыў на трамвай. Цяпер уважна прачытаў рэпартаж пра Шпака. Няясна было, як здарыўся той «выпадак», што прынёс Шпаку сьмерць. Нават ня было нейкай здагадкі пра забойства. Магчыма, што ўсё будзе падсўмавана на конта выпадку. «Як гэта ён яго?» — думаў Капшун пра Джова Снікі. І як тут ня ўсьміхацца, чытаючы пра вялікую рыбіну? Удачная апэрацыя ізь мёртвым пацыентам. Ці, можа, ня так?

— Дык як гэта можна забіваць чалавека ў той час, калі ён папаў найбольшую рыбіну на свой кручок? — грымучым голасам быццам дакараў Джова Капшун, калі той сустрэў яго пры дзьвярох.

— Ціхххх! Шшшшш! — папрярэдзіў Джоў.

— Окэй, раскажы што сталася.

— Я яго не забіў. Я нават да яго не даткнуўся. Усё, што я зрабіў, дык толька выцягнуў з похвы свой паляўнічы нож, а гэта для убеждения. Понимаеш? А ён, пракляты дурань, іспугаўся, давай шаг назад ды зачапіўся ці спатыкнуўся аб камень, тады ўпаў назад і мазгі сабе высадзіў. Пакуль я тут скумекаў, што случылася, дык ён у ваду скаціўся і на маіх вачох тут яму капец. Хочаш, каб табе расказаў усё астальное?

— Я-ж дзеля гэтага прыехаў. Давай спачатку.

Джоў цяпер пачаў больш дакладна: як сьлядзіў рыбака, як загадаў яму закрыць «ягоную фашыстоўскую морду», як адабраў і паламаў вудзільна, як выцягнуў нож, каб яго «убедить», ды пасьля, калі ўжо скончыў усё, як уцёк адтуль і вярнуўся.

— Ці ты перакананы, што ніхто цябе ня бачыў? — правяраў яго Капшун.

— Совершенно! Праўда, у папярэдні дзень я захадзіўся ў іхны рэстаран. Там было поўна людзей, ніхто на мяне не зьвярнуў увагі. Аўтамабіль свой я схаваў быў у лесе, далей ад дарогі, каб ніхто ня бачыў яго. Ня думаю, каб я пакінуў які сьлед.

— Добра. Ну а што пра паломанае вудзільна? Там адбіткаў тваіх пальцаў ня знойдуць?

— Прызнаюся, тут мая памылка была. Але як мне было ведаць, што дурань сам сабе вупусьціць мазгі? А ты не забоцься: паліцыя ня мае адбіткаў маіх пальцаў, я ня быў за крымінал нідзе ўзяты.

— Усёроўна. Паломанае вудзільна дасьць ім прычыну да сьледзтва.

— Перастань ты, няма прычыны забоціцца, — запэўніў Джоў.

— Нам папалося-бы, калі-б што якое…

— Як? Хто ім раскажа?

Настала нязручнае маўчаньне.

— Добра, — сказаў Капшун. — Толькі мы ведаем пра гэта і так яно мае астацца. Нават нашыя вярхі не павінны пра гэта чуць. Згода?

— Окэй! — згадзіўся Снікі.

— Яшчэ адно, — прадаўжаў Капшун. — Гэтыя фашыстоўскія вырадкі разьдзьмухаюць той выпадак да вялікіх разьмераў, каб зрабіць са Шпака гэроя і мучаніка, а сабе капітальчыку ў карман. На нас пальцамі пакажуць і людзі будуць распытвацца.

— Ад цябе такога не чакаў. Якая ерунда! — казаў Джоў. — Будуць падазраваць… Ну й што з таго? Няма ў іх на нас ніякіх сьветкаў і доказаў. Людзі наплююць на тую бебурнацкую балбатню. Я-ж кажу, — нечего заботиться!

Калі вяртаўся ад Снікі, Капшуну прыгадалася, што была яшчэ адна асоба: Вера Мак. Што яна зробіць? Ці будзе трымаць язык за зубамі? Калі яна закаханая ў Якімовіча, калі той яе ў нечым падазрае ды пастараецца націснуць, дык ці ня выдасьць яна яго, Капшуна? Што рабіць? — вось пытаньне. Магчыма, што дзяўчына, — калі яна ўстрывожаная ды яму давярае, — прыйдзе да яго, каб гэту справу выясьніць? А можа пацягнуць Ніну Ляскін за язык, каб што даведацца ці дзяўчына заінтрыгаваная гэтым выпадкам? Але-ж Ніне пра гэта нічога не гаварыў… Няхай так будзе. Пабачым, пачакаем.

37

Калі Вера, дзякуючы Алесю, зблізілася з новай беларускай іміграцыяй, нярэдка давялося ёй чуць адну й тую самую апінію пра сацыялізм і камунізм, або, як яны найчасьцей называлі, бальшавізм у Савецкім Саюзе. Вусны гэтых новых Канадыйцаў казалі й паўтаралі, быццам змовіўшыся, адну думку: Маскоўшчына — гэта няволя, тэрор, масавы генацыд паняволеных народаў, бязбожніцтва, варварства, масавае прамываньне мазгоў усіх грамадзян крывадушнай марксістоўска-ленінска-сталінскай прапагандай. Коратка гаворачы, ленінская «дзяржава рабочых і сялянаў», згодна гэтых бебурнацаў, ледзь ня пекла на зямлі. І прыгадалася Веры тая экскурсія ў Савецкі Саюз, калі ня было ў тым арганізаваным падарожжы ніякай цяплыні, а ўсё, як на заказ, толькі казённае, службовае, штатнае, калі прапаганда сустракала іх на кажным кроку, калі не далі ім нават магчымасьці сустрэцца із тымі шчасьлівымі рабочымі й сялянамі ў іхных хатах і гасьцінных сем’ях. Былі ў галаве тады пытаньні. Ніхто на іх ня мог адказаць, бо не хапала сьмеласьці, каб спытацца. А як-жа! Навошта рызыкаваць? Усе-ж адказы, — як бесканечна паўтаралі ім мудрыя палітрукі, — ужо былі апрацаваныя і самым Марксам, і ягонымі насьледнікамі. Унь як! Чаго-ж ламацца ў адчыненыя дзьверы? Трэба верыць. Калі яшчэ, пасьля такой разбуральнай вайны, гэткая магутная дзяржава не адбудавалася, дык пачакайце, дапамажыце, супольнымі сіламі адбудуем і прыйдзе той абяцаны рай. Значыцца, паводле той марксістоўскай і ленінска-сталінскай навукі, усе справы былі-б даўно вырашаныя, і сяньня ўжо быў-бы суцэльны рай у Савецкім Саюзе, толькі вось вайна, — каб на яе гаручка! — замінала. Але, усёроўна ня турбуйцеся, так усё будзе, як у тым школьным вершы дзетак вучылі: «Вот от завтрашнего дня все по плану у меня».

А гэтта, з другога боку, людзі, якія жылі ў тым сталінскім «прыгоне», якія страцілі сваякоў у канцлагерах, што стараліся як маглі, каб дабрабыт нейкі здабыць, якія ворагамі савецкае ўлады некалі ня былі, — а ў Заходняй Беларусі, калі іх «бацька ўсіх народаў» спад белапольскага панскага іга вызваляў, дык чырвонаармейцаў з кветкамі віталі, — гэтыя людзі цяпер аднагалосна называюць той рай пеклам. Дзьве цалкам супрацьлеглыя крайнасьці. А дзе сярэдзіна? А што, калі гэтыя бебурнацы запраўды гавораць праўду?

Ад некаторага часу Вера пачала ўважней прыслухоўвацца да тых і іншых, асабліва ўважна прыглядацца і ацэньваць палітычныя падзеі і факты, рабіць параўнаньні. Вялікую ўвагу зьвяртала і на навіны пасьля таго, як Сталіна — «карыфэя ўсіх навукаў» — зрабілі вялізным злачынцам, ліквідавалі Бэрыю, а на пярэднюю арэну вылез Мікіта кукурузьнік. І гэнай раніцай, ужо на працы, уключыла радыё з надзеяй, што пачуе нешта пра новыя палітычныя падзеі ў мэццы камунізму. Вядома-ж, ад кукурузьніка ўсяго можна было спадзявацца пасьля таго, як ён на сусьветнай арэне, у асамблеі Аб’еднаных Нацыяў у Ню-Ёрку, сваім чаравікам гэтак ворагаў сацыялізму насьмяшыў.

Гэнай раніцай казённы голас дыджэя з радыёпрыёмніка паведаміў пра сьмерць беларускага пісьменьніка Шпака. Паліцыя ня выключвала магчымасьці, што на яго нехта напаў і забіў… Гэтая вестка кальнула Веру ў самае кволае. Яна-ж дала пра Шпака дакладную справаздачу Капшуну. Ці гэта магчыма, што ён?.. А калі так, дык і ў яе нячыстыя рукі. Сказала, што баліць галава й пакінула працу, пайшла ў парк, дзе заглянула ў газэту ды разважала што рабіць. Адно ясна: яна не магла простым пытаньнем паставіць Капшуна ў кут. Небясьпечна. Наважылася пакуль што маўчаць.

Перад дзьвярмі вялізнай залі тэатру лёгкі ветрык забаўляўся сьцягамі трох народаў: Беларусі, Злучаных Штатаў і Канады. А ўнутры, над сцэнай вісеў чорнай істужкай абрамаваны мастацкі партрэт адыйшоўшага ў вечнасьць пісьменьніка. З бакоў яго — пахіленыя, з чорнымі істужкамі, бел-чырвона-белыя сьцягі. Над партрэтам вялікімі літарамі напіс: Слава Змагару за Волю! І пад нізом партрэту: Ганьба тырану! Паняволеным воля!

Заля напаўнялася. Сьпераду пасадзілі сьвятароў, прадстаўнікоў канадыйскіх уладаў, запрошаных сяброў управаў этнічных і беларускіх арганізацыяў.

Сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкі была расплянаваная на тры дні, але вось гэтая ўрачыстасьць была самай важнай і галоўнай. Зацікаўленьне забойствам Шпака павялічыла лік удзельнікаў. Вера сядзела ў трэцім радзе сьпераду. Направа ад яе пуставала Алесева крэсла, бо дзяцюк быў недзе за сцэнай і меў рабіць гутарку пра адыйшоўшага пісьменьніка. Далі яму гэтую нагоду таму, што так шмат і такі доўгі час памагаў гэнаму выдатнаму змагару за волю Беларусі. Нік Лок сядзеў зь левага боку Веры, спрабаваў нейкі жарт расказаць. Вера зірнула на яго няпрыязнымі вачмі і маўчала.

Яе зносіны з Алесем апынуліся на пункце разрыву. Рэдка сустракаліся нават на працы. Адсутнічала ня толькі ранейшая інтымнасьць. Вера адчувала, што Алесь падазраваў яе ў нейкай шкоднай сувязі зь людзьмі, што замардавалі Шпака. Яна не асьмельвалася глянуць у напоўненыя рашчараваньнем, горыччу і дакорам дзяцюковы вочы. Часта дзяўчына жадала, каб ён зьвярнуўся да яе з простым пытаньнем, але ён гэтага не зрабіў. Якія яго намеры? Няпэўнасьць і падазрэньне з боку каханага чалавека пагражала небясьпекай. Колькі разоў ужо была амаль гатовай выспавядацца перад ім, ды на рашучы крок так і не адважылася. Алесь запрасіў яе на галоўную ўрачыстасьць сустрэчы Беларусаў Паўночнае Амэрыкі. Пэўне-ж, меў на гэта прычыны. Вера не адважылася адмовіцца. Магчыма, Алесь і спадзяваўся, што дзяўчына прыйдзе да яго сама, адкрыецца, грахі свае назаве. Сканфужаная, Вера баялася зрабіць хвальшывы крок. Капшун маўчаў ад часу сьмерці Шпака. Ягонае маўчаньне мела адыёзны характар. Дзяўчына была пэўная, што за ёй наглядалі. І проста самая сьведамасьць таго, што яна нейкім чынам спрычынілася да сьмерці пісьменьніка, агарчала жыцьцё. Што рабіць? Напружаньне ўзрастала. Каб паставіць усё на добры шлях, трэба нешта зрабіць. Але што?

Калі на сцэне пачыналася праграма, дзяўчына яшчэ больш пачынала турбавацца. Цяпер ужо шкадавала, што сюды прыйшла. Калі-б пастанавіла, знайшла-бы нейкую прычыну, каб адмовіцца. Чаго-ж яна сюды зьявілася? Каб адхіліць падазрэньне? Наадварот: яна непатрэбна выстаўляе сябе на небясьпеку.

Нейкі афіцыяльны госьць прамаўляў да прысутных, выражаў спачуваньне з прычыны сьмерці Шпака. Гаварыў міністар грамадзянства, чыталі тэлеграмы. Ужо вызначылі кірунак: амаль кажны атакаваў расейска-бальшавіцкую маскоўскую кансьпірацыю, што ўжо замахнулася, каб адабраць вольнасьць усім дэмакратычным дзяржавам у сьвеце, намагаецца разбурыць хрысьціянскую маральнасьць вольнага сьвету й гэтак далей. Вера прыгадала, што ўжо недзе чытала нешта падобнае. Ці забойства Шпака толькі змусіла прамоўцаў ужо ці раз паўтаранае пра гэтак званую небясьпеку з Масквы разьдзьмухаць у шырэйшым маштабе? — разважала Вера.

Яна завайстрыла сваю ўвагу, калі на сцэну выйшаў Алесь. Ня ведала ягоных аратарскіх здольнасьцяў, хоць ужо даўно пераканалася, што ён дасканала валодаў ангельскай мовай. Спакойна агледзеўшы залю, Якімовіч пачаў роўным голасам.

— Дзякую за вялікі гонар, што зрабілі мне, даўшы нагоду прамаўляць да гэтай сустрэчы. І ўзрастае смутак і боль, калі ўсьведамляю тое, што стаю тут, перад вамі, заміж вялікага сына вялікага народу, на магіле якога яшчэ не асела сьвежая зямля; чалавека, за страту якога, я пэўны, кажны з нас носіць балючую рану ў сэрцы сваім.

У яго была й добрая дыкцыя, заўважыла Вера. Алесь меў тое, чаго часам не хапае вялікім балбатуном-палітыкам: добрую позу, поўную кантролю голасу, з адпаведнымі нюансамі інтанацыі, у гэтым выпадку й нейкую дамешку ўрачыстай хаўтурнасьці з пашанай да таго, пра каго гаварыў.

— Антон Шпак, — няхай Бог дасьць яму жыцьцё вечнае! — упаў ахвярай у нашым доўгім і зацятым змаганьні супраць маскоўскіх захопнікаў нашай дарагой бацькаўшчыны. Войстра будзем адчуваць мы страту яго, бо Шпак ня быў звычайным сьмяротнікам. Шмат з вас, магчыма што бальшыня, ведае ягоную творчасьць. Таму й ня буду гаварыць пра ягоныя посьпехі ў журналістыцы ці мастацкай літаратуры, а спрабую кінуць крыху сьвятла на Антона Шпака як чалавека. Што за чалавек быў гэты надзвычайна плённы ў творчасьці й вытрывалы змагар за волю нашага паняволенага народу? Некалькі апошніх гадоў зблізілі нас. Бачыў я яго амаль кажны дзень, ці адну гадзіну праводзілі разам. Мала было ў нас праблемаў, якіх супольна мы не абмяркоўвалі. Колькі часу я яго ведаў, рэдка чуў, каб ён калі наракаў на свой нялёгкі лёс. А трэба вам ведаць, што матар’яльна быў ён вельмі бедны. Ад часу прыезду ў Канаду, жыў зь фізычнай працы, да гэтага цярпеў ад дрэннага здароўя й фізычнай слабасьці. Польскія вязьніцы й савецкія канцлягеры падарвалі, мабыць, ягоныя сілы. І ня гледзячы на гэта, ён трываў, працаваў, змагаўся, нападаў і адбіваўся. Я зьдзіўляўся зь ягонай духовай велічы, стойкай самадысцыпліны, неабмежаванай адданасьці сьвятой справе, якой прысьвячаў усе свае здольнасьці й час. Антон Шпак стаіць перад намі як памяркоўны й сьціплы ў жыцьцёвых вымаганьнях, сумленны й вялікадушны, спачувальны да тых, што ў крыўдзе й нядолі; ён-жа й чалавек цяжкой і няспыннай працы. Усё, што зрабіў для нашага й іншых паняволеных народаў заўдзячваць трэба ягонай вялікай і чыстай маралі, хрысьціянскай любові да бліжняга, вялікай веры ў Бога, які, — як верыў наш вялікі духам суродзіч, — возьме наш шматпакутны народ пад апеку Сваю. Якраз тут — у веры ў Бога Збаўцу й народ свой, у любові да бліжняга, — нараджалася крыніца сілы, вытрываласьці й посьпехаў Антона Шпака, нашага вялікага пісьменьніка. Ніколі ня гнаўся ён за матар’яльнымі багацьцямі. Вольнасьць творчасьці й справу вызваленьня бацькаўшчыны стаўляў вышэй усяго. Там, дзе іншыя, у ягоным палажэньні, звольнілі-б у працы ці вычарпаліся, Антон Шпак цягнуў з надзвычайным гартам. Шпак быў шчодры ў помачы пакрыўджаным і запрыгоненым суродзічам і бязьлітасны ў змаганьні зь ягонымі прыгнятальнікамі. Ці пісьменьнік быў задаволены плёнамі свае працы й змаганьня? Здаецца, што так. У сваіх творчых пошуках і здабытках ён асягнуў вышыні, якія наведаць рэдка каму дадзена. Гэтымі сваімі творамі, мне здаецца, ён, як ніхто іншы з нас, прыблізіў дзень развалу й зьнішчэньня пабудаванай на нянавісьці маскоўскай імпэрыі. Коратка гаворачы, Антон Шпак натхніў да змаганьня і падрыхтаваў наш народ да дня вялікага бою-расплаты й вызваленьня. Некаторыя з вас могуць спытацца: як гэта такі надзвычайна таленавіты й характарам нязвычайны чалавек ня здолеў палепшыць свайго матар’яльнага дабрабыту? Пастараюся адказаць. Нябожчык меў шматлікія прапановы з розных выдавецтваў. Усе яны мелі свае цэны і ўмовы. Агульна яны зводзіліся да таго, каб пісаў чалавек для рынку чытачоў. А рынак той, як вам ведама, — свайго роду дрыгва. Не напішаш таго, што, прыкладна, канадыйскім чытачом спадабаецца, ня будзеш мець прыбытку. Такім чынам тварэц мастацкай літаратуры мусіць ісьці на кампрамісы з гандлярамі, каб зарабіць сабе на пражыцьцё. Антон Шпак на такія кампрамісы ня мог ісьці. Мы добра ведаем сяньняшні зьвіхнуты сьвет, дзе амаль усё можна купіць за грошы. І для людзей, што думаюць адно катэгорыямі мяшчанства і нажывы, цяжка ня толькі ацаніць, але нават уявіць веліч такіх людзей, як Антон Шпак. Шматлікія з нас змагаюцца за вызваленьне Беларусі з маскоўскага каляніяльнага ярма. Наш вораг ёсьць яхідны, сільны й няміласэрны. Гэты варвар дваццатага стагодзьдзя ня лепшы за фашыстоўскую Нямеччыну. Пад ягоным загадам ёсьць вялізныя матар’яльныя і людзкія рэсурсы. Але давайце, паважаныя суродзічы, ня будзем падаць духам таму, што на ўзбраеньні нашым ёсьць наймагутнейшая зброя — гэта хрысьціянства і вера ў Бога. І сам Бог з намі. Нам і іншым паняволеным народам на падтрымку ідуць Злучаныя Штаты, Канада, Вялікая Брытанія і іншыя дэмакратычныя дзяржавы вольнага сьвету. Мы ім за гэта ўдзячныя і спадзяёмся, што яны памогуць паняволеным народам разваліць варварскую Маскоўшчыну і адбудаваць іхныя незалежныя дзяржавы.

У гэтым месцы прысутныя ўзнагародзілі Алеся гулкімі воплескамі. Ён уважна зірнуў на Веру, якая ўжо надта ніякавата адчувала сябе ў гэтым месцы й часе, прадбачачы, што найбольш небясьпечнае для яе яшчэ наперадзе. А Алесь прадаўжаў гаварыць.

— Антон Шпак быў і астаўся з намі таму, што пасееныя ім зерні ўскалосяцца вялікім плодным ураджаем для нас і наступных пакаленьняў. Шпак быў мысьліцелем, прарокам і генэралам. Голас ягоны далятаў ува ўсе куткі сьвету, дзе жывуць нашыя суродзічы, ён прабіваў зялезную заслону й бічаваў катаў і забойцаў, мадэрных варвараў. Голас ягоны не даваў супакою маскоўскім паразітам і мясцовым цівуном у іхных мяккіх крэслах у скалянізаванай Беларусі. Шпака цанілі слабыя, што патрабавалі помачы, яго на падтрымку клікалі адважныя і непакорныя, любілі яго ўсе змагары за волю й шчасьце кажнага чалавека на зямлі. Тут-жа за мяжой агенты каляніяльнае маскоўскае імпэрыі намагаліся зьвесьці Антона Шпака з выбранага ім шляху, вычарпаць ягоныя сілы рознымі інтрыгамі і правакацыямі, бамбілі яго няспынным патокам атрутнай прапаганды. Але пісьменьнік ігнараваў бальшавіцкія паклёпы, інтрыгі, змагаўся з правакацыямі. Ён натхняў і бараніў сваіх і хоць ужо нямоглы фізычна, ён, як і раней, астаўся непахісным духова. Калі ворагі ясна ўбачылі, што Шпаку ніяк ня змогуць адабраць ягонага голасу, яны яго замардавалі. Я хачу падчыркнуць, што ў мяне няма сумлеву адносна таго, хто пісьменьніка забіў. Сьледзтва прадаўжаецца. Я цалкам перакананы, што час нас апраўдае і віноўнікаў забойства Шпака пасадзяць на лаву падсудных. Няхай ня будзе для вас неспадзеўкай тое, што скажу далей. Мы даўно пазналі мэтады дзейнасьці нашых ворагаў. Таму й цяпер я магу залажыцца з вамі на сваё ўсё матар’яльнае багацьце, што вось тут між нас прысутнічаюць людзі, якія бралі ўдзел у плянаваньні забойства нашага выдатнага суродзіча.

Алесь спыніўся, павольна аглядаў залю. Гэта, як выглядала, быў ім прадуманы тактычны ход. Вера пабляднела. Ейная нявыгада павялічылася яшчэ, калі бачыла, што Нік Лок уважна пазірае на яе. У адным із задніх крэслаў чалавек із зморшчаным тварам неспакойна паварушыўся, рука ягоная сьціскала люльку на калене.

«Што зь ім? — думалі некаторыя. — Ці ён думае выклікаць каго па прозьвішчах?»

— І таму дазвольце мне, паважаныя спадарыні й спадары, сказаць гэтым людзям некалькі слоў.

Алесь ізноў крыху затрымаўся і пасьля прадаўжаў павышаным, голасам, з адыёзнай ноткай пагарды:

— Ад часу, калі Каін забіў Абэля, людзі, на працягу стагодзьдзяў, прызвычаіліся, што з розных прычынаў рука аднаго чалавека падымаецца на іншага. Аднак ніколі ў гісторыі колькасьць забойстваў ня вырасла да цяперашніх маштабаў, ніколі ня былі яны так удала плянаваныя і зарганізаваныя дый ніколі не рабіліся з матываў так нізкіх і нікчэмных. Сатана з Крамля заўзяўся, каб забіць ня менш, як душу чалавека. Каб гэта асягнуць, ён мусіў паняволіць сотні мільёнаў. Мы ня маем дакладнага ліку ахвяраў, але ведаем, што некаторыя меншыя народы ўжо Маскоўшчына зусім вынішчыла. І яна сяньня, як ніколі, прадаўжае працэс вынішчэньня людзей шляхам так званай клясавай барацьбы ды ў канцлягерах Сібіры. У самай савецкай імпэрыі ня трэба чакаць да 1984-га году, бо жахлівы лад, які прадугледзеў Джордж Орвэл, там даўно ўжо існуе.

Гэтта Алесь зноў крыху затрымаўся, агледзеў залю. Добры тактычны ход, каб павялічыць вагу таго, што мае сказаць.

— Цяпер я зьвяртаюся да тых, каторыя сьведама і ахвотна служаць маскоўскім тыранам: — вы не павінны цешыцца з таго, што не зьяўляецеся звычайнымі забойцамі. Вы ёсьць найбольш нягоднымі зь нягоднікаў і найбольш нікчэмнымі зь нікчэмных. Служыце найбольшаму варвару, які калі-небудзь існаваў таму, што падняў ён сваю закрываўленую руку на самае велічнае і сьвятое, што ёсьць у чалавецтва. Вы пазбаўленыя адвагі выступаць супраць людзей у адкрытым баі ідэяў і інтэлекту, вы баіцеся сьмела глянуць у адкрытыя вочы сумленнага й вольнага чалавека. Як чэрві, поўзаеце ў цёмных кутох, як зладзеі, ходзіце і абкрадаеце іншых начамі і, як трусы, нападаеце на добрых і сумленных людзей ззаду. За гэта вы заслужылі й будзеце ў бесканечнасьць часу насіць пагарду й ганьбу, на вас будзе ляжаць пракляцьце роду людзкога!

Шквалам сарвалася бура апладысмэнтаў і крыкі адабрэньня пачуліся з залі. Вера аж скорчылася ў сваім крэсьле і ейныя рукі, што мелі памагчы агульным апладысмэнтам на залі, дрыжэлі. Яна цяпер не магла пазіраць на чалавека, каторага, здаецца, нядаўна яшчэ моцна кахала. Гэта-ж ёй здалося, што пры ганьбаваньні прысутных «нікчэмнікаў» ягоны падняты ўказальны палец якраз быў накіраваны на яе. Не называючы прозьвішча, ён яе лаяў перад гэтай вялізнай грамадой народу. Не магло быць накш.

Раптам быццам згусьцела, высахла ў роце паветра, абліваў яе пот, пажвавеў пульс. Яна цяпер старалася нікому не глядзець у вочы. Уцякаць, уцякаць адсюль трэба! А як-жа! Многія з гэтых людзей напэўна падазраюць яе, ведаюць, што і яна магла да сьмерці Шпака спрычыніцца. Трэба абавязкава вось цяпер недзе схавацца, чым далей адсюль. Ды яна-ж ня можа проста ўстаць і ўцякаць адсюль на вачох усіх прысутных… А гэты Нік Лок збоку, як наўмысна, усё сачыў за ёю.

38

Пасьля Алесевай прамовы была прачытаная і прынятая рэзалюцыя, якая, адзначыўшы сьмерць выдатнага пісьменьніка, асуджала каляніяльную і антыбеларускую палітыку бальшавіцкае Маскоўшчыны ў Беларусі, ганьбавала ўсходня-бэрлінскі камітэт і ягоную падрыўную дзейнасьць сярод беларускае эміграцыі, заклікала вольныя і дэмакратычныя дзяржавы падтрымаць вызвольнае змаганьне паняволенага беларускага народу супраць бальшавіцкае маскоўскае імпэрыі. Калі закрылася заслона на сцэне, Вера сказала Ніку, што пабяжыць асьвяжыцца.

— А дзе дзяўчына? — спытаўся ў Ніка Алесь, выйшаўшы з-за сцэны.

— Сказала, што пабяжыць недзе ў жаночую, асьвяжыцца. І навошта табе гэта было?

— Што такое?

— Тая гаворка да забойцаў, ці, як ты іх называеш… Навошта гэта?

— А я ўпэўнены, што нехта зь іх тут ёсьць. Прадчуваю, што скора будуць нейкія вынікі з гэтага. Як выглядала Вера, калі я прамаўляў?

— Дзіўна… Бледная, засяроджаная ў сабе… Мне здавалася, што ты яе бічаваў, і яна цярпела, дрыжэла… Ці ты яе ў чым падазраеш?

— Як ты думаеш? — сказаў Алесь. — І глянь хто тут! Галё, рыбак! Як маешся?

Побач стаяў худы, цыбаты, у джынсах і спартовай гавайскай кашулі, аброслы рыжай бародкай і доўгімі валосамі рэпарцёр маладога веку зь мясцовай, сьхільнай да розных сэнсацыяў, газэты.

— Ці ёсьць якія навіны ў справе забойства містара Шпака? — спытаўся ён у Алеся.

— Чаму-ж вы, бойсы, ня спытаецеся ў паліцыі?

— Яны многа не гавораць, адно кажуць, што сьледзтва вядуць. А з вашай гутаркі на сцэне мне здалося, што вы больш ведаеце, чымся дагэтуль адкрылі. Магчыма маеце каго на воку? Можаце падзяліцца з намі сваімі сакрэтамі? Будзьце добрым, містар Якімовіч!

— Няма дурных, містар рэпарцёр. Можа я ведаю больш, чым кажу, можа й ня ведаю. Даведаецеся, як той час настане.

— Дзякую за інфармацыю, — скрывіўся рэпарцёр і адыйшоўся.

Заля ўжо напалову апусьцела. Алесь і Нік шукалі Веру, але нідзе яе ня бачылі. Папрасілілі сяброўку, каб праверыла жаночую прыбіральню. І там Веры ня было.

— Слухай, Нік, зрабі мне ласку. Я не магу адсюль пайсьці яшчэ. Абавязкі, ведаеш… Будзь добрым хлопчыкам, паедзь да Веры на кватэру, пабач, ці яна дома. Не тэлефануй. Мне здаецца, што нешта адбываецца. Ты пагуляй у дэтэктыва. Калі што вельмі важнае, пазвані сюды, каб мяне выклікалі.

— Ты ёсьць геніяльны, мой бос, ды вельмі зычлівы й шчодры. Адразу бягу. Ці твая любоў яшчэ жыве із той прастытуткай Нінай?

— Прыкусі язык, мой хлопча! — усьміхнуўся Алесь. — Міс Ляскін ёсьць вельмі шанаванай прыгажуняй і Вера яшчэ зь ёй жыве.

— Добра, бацька, ты выйграў. Ужо бягу.

— Вось добра, сынок. Як вернешся, куплю табе чарку!

Нік вярнуўся мо паўгадзіны пазьней. Зь ягонага абыякавага твару Алесь ня зусім дагадаўся, што здарылася.

— Дзьверы замкнёныя, у пакоі няма сьвятла. Выглядае, што твая мара некуды шмыгнула. Не абвінавачвай мяне. Стаяў пад дзьвярмі, стукаў і званіў, — адрапартаваў Нік.

— І нічога?

— Няма яе, мусіць, дома.

— Дзякую табе за паслугу, Нік. Дзе-ж яна магла падзецца?

— Ты-ж казаў мне, што чакаеш нейкіх насьледкаў ад свае прамовы. Ужо маеш іх.

— Мяркуеш, што я яе спалохаў?

— Ці-ж я, малавучаны й нягодны цябе, мудры настаўнік, магу спасьцігнуць веліч твае мудрасьці? — імітаваў Нік вучня нейкага антычнага аракула.

— Перастань, жартаўнік! — ушчыкнуў яго за бок Алесь. — І што я маю цяпер рабіць?

— Давай заглянем у буфэт, можа чарка гарэлкі тваю мудрасьць ускалыхне! — запрапанаваў Нік.

Пайшлі. На залі ўжо пачынаўся канцэрт. Цяпер Якімовіч турбаваўся. Паліцыі нічога пра Веру не казаў, хаця пановаму глядзеў на яе пасьля сьмерці пісьменьніка. І ці раз у гутарках з суродзічамі абяцаў памагчы разьвязаць праблему забойства. Дзяўчына ці то проста спалохалася, ці абхітрыла яго. Прапала вельмі важнае кальцо ў ланцугу. Верыны ўцёкі ўжо ставілі яе ўцень. Калі гэта былі ўцёкі. Праўда, магло здарыцца нешта зусім іншае. Алесь нават баяўся думаць пра такое: дзяўчыну маглі схапіць бальшавіцкія агенты. Ці цяпер падняць трывогу, паведаміць паліцыю? Справа надзвычайна далікатная. Трэба асьцярожна, каб не пашылі цябе ў дурні.

На наступны дзень Алесь даведаўся ад Ніны Ляскін, што дзяўчына быццам была дома пасьля таго, як Алесь узяў яе на сустрэчу, але недзе зьнікла. У гардэробе, — казала Ніна, — зьнікла і дзяўчыніна вопратка. Калі-ж Вера не зьявілася на працу пасьля таго сьвятога Лебярдзея, калі Ніна Ляскін запэўніла Алеся, што нічога ад яе ня чула, ня мае ніякіх вестак куды яна падзелася, Алесь даў паліцыі даныя пра Веру Мак і папрасіў, каб яе знайшлі. Прычынай назваў тое, што ён дзейнічае як ейны бос з Трыфты Тоні, які шукае свае работніцы, што бяз прычыны пакінула працу.

39

Вера выйшла з тэатру, дзе адбывалася сустрэча, амаль нікім незаўважанай. Так ёй здавалася. Затрымала першае таксі й загадала ехаць дадому. Цяпер адна ідэя кіравала ёю: уцякаць як найскарэй, далей ад вачэй людзкіх! Прыехаўшы, замкнулася ў пакоі, ня ўключала сьвятла хоць ужо зьмяркалася.

Яна завіхалася, каб захапіць з сабою самае неабходнае ў дарогу. Перапалохаў яе званок пры дзьвярох. Села на канапу, прытаіла дыханьне, прыслухоўвалася. Хто гэта можа быць? Можа Капшун? Стары басяк напэўна бег за ёю. А што будзе, калі зараз зьявіцца Ніна, пабачыць яе гэтта ў пакоі безь сьвятла й даведаецца, што яна не рэагуе нават на званок, каб некаму дзьверы адчыніць? Гэткае нешта магло здарыцца. А той нехта за дзьвярмі зноў націснуў на званок. Мінула пара хвілінаў. У калідоры пачуліся крокі, што аддаляліся. Вера падскочыла да вакна, пазірала праз шчыліну ў шторах. Так, гэта Капшун. Ён затрымаўся на ходніку, кінуў вачмі на ейнае вакно. Вера адхілілася. Трэба сьпяшыцца. Адзін хвост за ёй ужо ёсьць. Уцякаць трэба адсюль!

Якраз калі ўзялася пакаваць вопратку ў чамадан, шукаючы ў змроку сваіх дакумантаў і грошы, якіх заўсёды не хапала, зноў адазваўся пры дзьвярох званок. Вера паціху лаяла таго некага за дзьвярмі. Прайшла хвіліна. Зноў званок. Дзяўчына баялася, што гэты нехта затрымаецца за дзьвярмі даўжэй, чымся Капшун. Але неўзабаве і гэты, чуваць, пайшоў. Яна падыйшла зноў да вакна і неўзабаве пазнала свайго суседа, што быў побач яе ў тэатры на сустрэчы.

Вера выклікала таксі й паехала на чыгуначную станцыю. Якраз адыходзіў той цягнік, што ёй быў патрэбны. Якое вялікае шчасьце! Уцячэ з гэтага гораду, ад гэтых людзей, каторыя так абшмулялі, сканфузілі ейнае жыцьцё. Пэўне-ж, у тым вялікім горадзе, куды яна перабіраецца, чакаюць яе новыя неспадзеўкі. Але там ёсьць у яе сяброўка, каторая сама ўжо добра ўладзілася і Веру даўно настойліва запрашала да яе перабрацца. Купіўшы бялет, Вера, цяпер ужо зусім спакойная пасьля вялікага ранейшага хваляваньня, накіравалася ў вагон.

40

Другі ліст ад маткі Алесь атрымаў на наступны дзень пасьля Лебярдзея. Падрыхтаваны на найгоршае, дрыжачымі пальцамі разарваў канвэрт. І ўзноў пажвавеў, здавалася, пульс крыві. Матка пісала:

Мой дарагі сынок Алесь!

Я пісала табе месяц назад і ты мусіць атрымаў ліст, бо ён назад не вярнуўся. Я ўстрывожаная. Чаму ты не адказаў? Прашу цябе, сынок дарагі, пішы да мяне, я хачу ведаць як ты жывеш.

Далей маці згадала сёе-тое з жыцьця вёскі, пасьля амаль казённае «я жыву добра», а тады галоўнае:

Мой сынок, я дачулася, што ты там сярод нашых суайчыньнікаў робіш падрыўную варожую работу супраць нашай радзімы. Калі гэта так, дык прашу цябе не рабіць таго. Нашто крыўдзіць сваіх людзей, шкодзіць ім? Ты чуеш, Янка?

Слухай сваёй маткі і няхай Бог блаславіць цябе, сынок дарагі. Чакаю твайго адказу. Я заўсёды твая матка, зь любоўю да цябе Алена.

Алесь некалькі разоў прачытаў той ліст, напісаны на шурпатай, са школьнага сшытка, у клетачку, паперы. Ясным стала, што на матку ягоную адпаведныя ворганы робяць націск, проста зьдзекуюцца із гаротнай жанчыны. Найбольш пагражальнай была фраза: «Ты чуеш, Янка?» Янкам называўся Алесеў бацька. Маці часта клікала гэтак, калі бацьку некалі забралі й недзе замардавалі. Адылі яна ня ўжывала такой фразы кажны дзень, а адно тады, калі нейкі вялікі боль ціснуў сэрца, калі не магла ня выказаць надзвычайнай трывогі.

Алесь бачыў у гэтым лісьце руку нягоднікаў з КДБ. Матчына «просьба», каб не рабіў шкоды сваёй «радзіме». Значыцца, загад ад ворганаў — спыні «варожую» працу! Ну а што станецца, калі ён не паслухае ды ня спыніць? Холадна на сьпіне. Матка была заложніцай. Алесь, ейны «дарагі сынок», капаў матцы магілу. У тую ноч Алесь ня мог заснуць, кідаўся на ложку ў бяссоньніцы, жахлівыя думкі не давалі супакою. Сьведамасьць свае бяссільнасьці там, дзе патрэбная моц духа й цела. Нават насонныя таблеткі не памагалі.

41

Надыйшлі жахлівыя дні й ночы, ці ночы й дні — Алесь ня мог уцяміць што за чым ішло, калі што канчалася й чым ды дзе абмяжоўвалася. Найважнейшай і прыгнятаючай спанукай было жаданьне, каб пазьбегчы рэальнасьці, акунуцца недзе ў нечым іншым, як у той адной песьні нейкага «мастака» рок-н-ролу сьпяваецца: «спыніце сьвет, я хачу зьлезьці!» Але як гэта зрабіць? Пры помачы алькаголю? Калі ў міражы п’янкі пачнуць прасьвятляцца мазгі, зноў набухай поўную шклянку брыды… Так, ці не?

Калі гэта пачалося? Два ці тры дні назад? Ня прыгадваецца. Хто яго ведае… Часта званіў тэлефон. Многім сябром з працы, і нават самому Давіду Зэлману — таму самаму няспыннаму дынамо, — давялося сказаць, проста з мосту так адрэзаць, каб ня дурылі ягонай, Алесевай, галавы, каб самі адправіліся ў заслужанае імі пекла, а яго, Алеся Якімовіча, пакінулі ў супакоі. Яму гэты бізнэсавы сьвет абрыдзеў, ён апынуўся ў іншым, туманным, дзе траціш ар’ентацыю часу й месца, дзе не стаіць і не цяўкае над табою нейкі гультаяваты цяльпук ці іншая назола. А вы — усе к чорту! Я сам сабе цяпер гаспадар. Напляваць на вас усіх!

Матка, дарагая ты мая, мілая, родная! Дзесьці ў імгле нейкай яна… Плакала, калі намаўляла яго астацца, калі пакідаў яе. І гэта ейнае жахлівае: «Ты чуеш, Янка?» Роспач.

Даволі гэтых телефонных званкоў. Даволі гэтага абрыдлага сьвету. Алесь схапіў і вырваў тэлефонны провад. Во як! Цяпер перастануць дакучаць. Пастанавіўшы, што ён ужо нешта канструктыўнае зрабіў, устаў, пайшоў у пакой з ваннай, пазіраў у люстэрка. Адтуль глядзеў на яго аброслы барадою, з чырвонымі вачмі схуднелы твар. Ці гэта ён, Алесь Якімовіч? Божа мой! У пакоях няма ніякага парадку. У халадзільніку пуста. Колькі гэта часу мінула ад добрай стравы? На цэлае шчасьце яшчэ была гарэлка. Ён наліў палову шклянкі, тут-жа выпіў амаль адным глытком. Як гэта сталася, што галава такая цяжкая, ледзь не цэлую тону важыць?

Ён у піжаме. Ён-жа дома. Гэтак і добра. Навошта нешта іншае апранаць? Алесь расьсеўся ў крэсьле-гойдаўцы на бальконе. Цяпло алькаголю разьлілося па ягоным целе. Блаславёнае няведаньне рэальнасьці. Як цудоўнай і прынаднай ёсьць пустата, калі ты рэальна ня існуеш. Недзе, праўда, адчуваеш нейкія фізычныя патрэбы, функцыі і да таго падобнае… Але затое поўная духовая пустэча. Найбольшая небясьпека на сумежжы, дзе сьвітаньне пераходзіць у зьмярканьне, ці як яно там… Рэальнасьць высоўвае сваю агідную маску. Вон яе!

42

Назойлівы стук у дзьверы і за дзьвярмі галасы. Алесь не варушыцца. Стук паўтараецца куды галасьней.

— Ал, адчыні, ты гультай! Мы ведаем, што ты дома.

Голас Ніка Лока. Алесь не адказвае.

— Ал, слухай, адчыні! Калі не адчыніш, выламім дзьверы!

— Ідзеце к чорту! Я не хачу вас бачыць. Нікога не хачу бачыць. Чаму вы, добрыя людзі, ня можаце пакінуць мяне ў супакоі? Адчапіцеся ад мяне!

— Слухай, Ал. Я ёсьць твой добры сябра Нік Лок, а са мной ёсьць яшчэ адзін твой добры сябра Анды. Мы толькі хочам з табой пагутарыць. Слухай, будзь добры хлопец, адчыні нам.

— Я казаў… А ну вас! Окэй, няхай сабе.

Алесь устаў і адамкнуў дзьверы.

— Ай, яй-яй, як гэта ты мог так зьдзекавацца над самім сабой! — жахнуўся Нік, убачыўшы змарнелага Якімовіча.

— Як гэта ты так ухітрыўся зьмяніцца? Давай руку! — усьміхнуўся Анды.

— Калі ўжо сілай улезьлі, то сядяйце. Ня буду прытварацца, што я рад вас бачыць, — сказаў Алесь.

— Ты перастань. Мы ведаем усю рэшту. Давай цяпер праверым, што і як тут у цябе, — пагаспадарску гаварыў Нік. Ён адчыніў халадзільнік і сьвіснуў. — Зірні, Анды, зусім пусты. Ці ты, Ал, пастанавіў сябе голадам замарыць? Калі гэта ты еў апошні раз?

— Ня памятаю, — пад носам буркнуў Алесь.

— Дык надзенься, хадзем, нешта зьядзём, — цягнуў Алеся Анды за руку.

— Пачакай, мой добры сябра, можа пасьля. Перш дай мне закурыць.

— Дык што гэта такое? — пытаўся Анды, калі Алесь прыкурваў. — Ці ты ня ведаеш, што так можаш сваю працу страціць?

Алесь з прысьвістам зацягнуўся дымам. Выглядала, што намагаўся ігнараваць сяброў.

— Некалі чытаў я пра гіндускіх манахаў, ці мудрацоў, — пачаў ён, не зважаючы на тое, ці яго слухаюць ці не, — ведаеце, пра гэтых, што мэдытацыяй і рэжымам ізаляцыі стараюцца спасьцігнуць Бога, ці тую ступень дасканаласьці, якая роўная Стварыцелю. Я думаў многа на гэтую тэму. Мяркую, што трэба цяжкіх намаганьняў, каб тое асягнуць, калі наагул нешта падобнае ёсьць даступным для людзей. Калі там патрэбныя вялікія намаганьні ды надзвычайная канцэнтрацыя, дык гэта не для мяне. Маё жаданьне вельмі сьціплае: пакіньце мяне на нейкі час у супакоі, забудзьцеся пра мяне, не дакучайце. Пытаешся сам сябе: ці гэта зашмат, ці гэта такое вялікае вымаганьне? Выглядае, што так… Глядзіце. Гэтта я замкнуўся, адлучыўся ад сьвету, нікому на горла ня лезу, не дакучаю. Ну й што, вы думаеце, здарылася? Усе спрабуюць выламаць мае дзьверы.

Ён спыніўся, пазяхнуў, устаў, пачаў хадзіць няроўнымі крокамі, зноў сеў.

— Максім Багдановіч некалі сказаў: «Проці цячэньня вады зможа толькі жывое паплыць, хвалі-ж ракі заўсягды цягнуць тое, што скончыла жыць». Мяркую, што я — ані жывы, ані мёртвы, а паэт забыўся сказаць, што мае рабіць чалавек у маім палажэньні: плысьці супраць цячэньня, ці скончыць жыць…

— Давай, найперш раскажы нам, што табе дакучае, — сказаў Анды.

— Дзякую вам, бойсы, што адведалі мяне, хоць я і хацеў-бы сядзець у адзіноцтве. У гэты час я не прашу нічыёй падтрымкі. Кропка. Мушу прайсьці, ці пераплысьці многа міляў, пакуль вылезу на салідны бераг.

— Чуеце, якія важныя словы! — укінуў нецярпліва Нік. — Скажы нам, ці ты страціў розум таму, што дзяўчына ад цябе ўцякла?

Алесь нават ня зірнуў на Ніка. Памалу, быццам пра нешта разважаючы, ён выцягнуў з пачкі другую цыгарэту, закурыў. Углядаўся ў клуб дыму.

— Запраўды ня ведаю, ці мог-бы я табе нешта вытлумачыць, калі-б нават спрабаваў…

— Спрабуй!

— Баюся, што не зразумееш, хлопча.

— Пастараюся.

— Ты, мой сябра, некаторыя здарэньні ці выпадкі, ці няшчасьці мусіў-бы перажыць. Яны занадта скамплікаваныя, каб іх апісацць, ці пра іх расказаць.

— Не насядай, Нік, — раіў Анды. — Маем час.

— Ці вы, добрыя людзі, ня можаце сваімі прымітыўнымі мазгамі зразумець, што я хачу мець перапынак? Вы сілаю цягнеце мяне назад у тое барахло, што называеце жыцьцём. Я не хачу яго. Нейкі час я хачу пасядзець на плоце, прыгледзецца як валочыцца грамада разумнага народу.

— Але-ж ты руйнуеш усё, што да гэтага часу здабыў, — заўважыў Нік.

— Руйную? — скрывіўся ў твары Алесь. — Ці адпавядае тут гэткае слова, я ня ведаю. Некалі здавалася мне, што я да нечага імкнуўся, рабіў прагрэс, асабліва тады, калі пачынаў новы шлях у гэтай багатай, дзіўнай і слаба заселенай краіне. Першы раз у жыцьці, здаецца, сонца было да мяне ўсьміхнулася. У маёй дзіцячай наіўнасьці мне здавалася, што адкрыў я нейкае сваё Эльдорадо. І я — вялізны дурань, спадзяваўся, што прыйшоў нарэшце і для мяне новы пачатак. Я ўскочыў на гэтую апантаную дынамізмам карузэлю, быў захоплены ёю, памагаў іншым, каб будаваць, разьвіваць, паляпшаць і так далей. Так, сябры мае дарагія, нейкі час галава мая трашчэла ад радасьці. Не забывайцеся, што ад прыгоннага халопа ў Савецкім Саюзе і да экзэкутыўнага крэсла ў канадыйскім бізнэсе дарога даўгая, цяжкая, з многімі ўхабамі. Я прайшоў яе, меў салідныя асновы спадзявацца, што будучыню сабе ўжо запраўды, як трэба, забясьпечыў. І аднаго дня тое вялікае здарэньне было… Мяне сьцягнулі ўніз, зьвязалі. Каротка гаворачы, я апынуўся там на самым дне, дзе некалі пачынаў, з дабаўкай усьведамленьня, што я заўсёды туды належаць маю. Цяпер, — Алесь пагражальна выставіў указальны палец у бок сяброў, — ці вы сабе ўяўляеце што гэта значыць апынуцца на самым нізе, адкуль ты пачаў, без надзеі, што адтуль некалі выкарабкаешся?

— Гаворыш нейкімі загадкамі. Хто цябе і ў які ніз сьцягнуў? Ніхто! — сказаў Нік.

— Я бачу, што вы, мудрыя галовы Трыфты Тоні, усё яшчэ нічога ня скумекалі. Мусіце памятаць, што сталася за апошні месяц у мяне і ў нашай беларускай калёніі. Перш за ўсё — забойства Шпака, — няхай Бог прыйме яго на ўлоньне Сваё! Тады ўцякла некуды Вера, а цяпер гэта вось!

Алесь узяў шэрага колеру канвэрт і трымаў яго перад Нікам.

— А што гэта такое? — зацікавіўся Анды.

— Ліст ад маёй маткі. Я-ж казаў вам пра яе раней, ці-ж ня так?

— Так, ты згадваў пра яе некалі…

— І ці вы ўяўляеце, чаму яна піша? — Алесь пачаў хадзіць па пакоі, гарачыўся, павысіў голас. — Таму што ёй загадалі, вось чаму. І што яна піша? Цяпер, джэнтлемэны, паслухайце яе: яна просіць мяне, каб я перастаў працаваць тут у грамадзкіх арганізацыях сваіх суродзічаў. Праца мая тут у Канадзе сярод нашых людзей, каторыя стараюцца прыжыцца, стаць на ногі, працу здабыць, дзяцей на добрых людзей гадаваць, у сваіх сьвятынях памаліцца, вось гэтая мая праца, гэткая бясплатная работа між сваіх, яна, — чулі вы такое — супярэчыць інтарэсам бальшавіцкае дзяржавы і імі паняволенага беларускага народу. Вы, мае добрыя сябры, напэўна ўжо адгадалі ў чым справа: ліст той прадыктавалі матцы камуністычныя палітрукі. Характэрна, што й мова бюракратычна-казённая, якраз такая, якой матка мая ніколі, пішучы да мяне, не надумалася-б ужываць. Але самае важнае ў тым лісьце, што мая дарагая матка, — дай ёй, Божа, многа здароўя! — сумела мяне перасьцерагчы. Яна туды ў тэкст ліста ўставіла такую фразу, якую, — я пэўны гэтага, — яна ўжывае толькі, каб перадаць сігнал вялікае небясьпекі. Як вам гэта падабаецца? Цяпер-жа, калі жадаеце далей заглыбіцца ў гэтую справу, я магу ілюстраваць. Ёсьць тая гаргара-дзяржава. Яе тут у Канадзе называюць іранічна «расейскі мядзьведзь». Тэрмін гэты, магчыма, некалі пасаваў да царскай Расеі, але не цяперашняга гіганта, якім загадвае бальшавіцкая мафія. Я вось гэтую бальшавіцкую імпэрыю, што цяпер яна ёсьць, прыраўняў-бы да крыважэрнага актопуса. Ён душыў-жор мой народ і радню, а цяпер ужо выцягвае шчупальцы, каб і мяне праглынуць. Ведаючы паходжаньне й характар гэтага дэмана, магу даволі дакладна прадказаць, што далей здарыцца…

Алесь спыніўся, як быццам чакаючы, каб яго заахвоцілі прадаўжаць. Мужчыны пазіралі на бледнага і ўсхваляванага сябру.

— У сваім наступным лісьце мама, пад дыктоўкай гэтага самага актопуса, будзе прасіць мяне… Не, чакайце, яна будзе апэляваць да мяне, ужываючы тыя дыктаваныя саладжавыя казённыя словы, каб я дамоў вярнуўся. Абавязкова гэтак будзе. Матка да мяне зьвернецца: вярніся, сыночак родненькі! І яшчэ ў гэным лісьце, у адпаведнай форме зьявяцца абяцаньні, — так, абавязкава абяцаньні! — што бацькаўшчына, якую яны называюць радзімай, з радасьцю прыме на ўлоньне сваё гэтага блуднага сына ды выбачыць яму ўсе грахі вялікія і малыя, каторыя ён, блукаючы па чужыне, супраць той самай радзімы нарабіў. Ды тое выбачэньне гэных нібы грахоў мае наступіць, — заўважце гэта, — толькі пасьля таго, калі я пакаюся, выбачэньня такога ў іх, нізка пакланіўшыся, папрашу. Значыцца, як усёроўна на споведзі: каюся, каюся, каюся, выбачце мне грэшнаму. Дапусьцім цяпер, што я маю намер якраз такі крок зрабіць. Бязумоўна, я не зраблю так, але ўявім сабе такую сытуацыю. За якія гэта грахі і ў каго я маю спавядацца ды выбачэньня прасіць? Але-ж, не ў каго іншага, як толькі ў маскоўскіх крыміналістаў, іхных беларускіх янычараў, значыцца тых, што паняволілі маю бацькаўшчыну, народ запрыгонілі, зрабілі жывое пекла ў ёй… Вось каго…

Алесь хістаўся, хадзіў яшчэ па пакоі.

— Але-ж прашу выбачыць, — адумаўся ён, — я загаварыўся і забыўся пра вас. Пачакайце, калі ласка.

Ён прынёс з кухні шклянкі, напоўніў іх садовай вадой зь лёдам, а ў чаркі паналіваў гарэлку.

— Прапаную, за нашае здароўе! — сказаў Алесь.

Выпілі.

— Прашу ўзяць пад увагу, што мае суродзічы выгнанцы, уключна са мной, цяпер вядуць вайну. Прызнацца трэба, дзіўная гэта вайна. Наш вораг трымае ў няволі ўсіх заложнікаў, мае вялізныя запасы амуніцыі і амаль неабмежаваныя матар’яльныя рэсурсы. Запраўды, мы ня маем амаль ніякіх шанцаў на посьпехі ў такім няроўным змаганьні, ні аднаго ў мільёне. Усёроўна мы робім рух, быццам б’ёмся, мы нават намагаемся пераконваць свой бок, што маем нейкія здабычы, пэўне-ж на ідэалягічным фроньце. Але нікога тут не абманеш. Хоць не пачуеш пра гэта ад канадыйскага міністра іміграцыі, мы — гэта значыць бальшыня нас, Беларусаў, пасьляваенная іміграцыя, — апынуліся тут з палітычных прычынаў. І ў гэтай краіне мы працуем на грамадзкім і палітычным груньце, як нейкія місіянеры. Мы апынуліся тут, каб мабілізаваць помач для пакрыўджаных, паняволеных, для тых, якіх бязбожны таталітарны і крывавы фашыстоўскі рэжым з Масквы вынішчае мільёнамі. Мы расказвалі пра лёс паняволеных нязьлічоную колькасьць разоў. Мы прасілі зразуменьня, папярэджвалі й асьцерагалі гэтую краіну й цэлы сьвет, што калі камуністычны ракавы арганізм ня будзе зьнішчаны, калі ягоны рост ня будзе стрыманы, дык ён цэлы вольны сьвет паняволіць і зьнішчыць. Ну і які з таго вынік? Сьвет, да якога зьвяртаемся, як казаў адін калега мой, цынік «бесится с жиру», ён із паблажлівай усьмешкай глядзіць на нас, як на нейкіх дзівакоў. Ён спакойна прыглядаецца, як некаторыя народы ў камуністычным ярме ўжо душацца ў перадсьмяротных канвульсіях. Госпадзе мой, чаму Ты адвярнуў ад нас твар свой?

Амаль задыхаючыся ад такой узьнёслай рыторыкі, Алесь спыніўся, прыкурыў новую цыгарэту.

— Я ніколі не ўяўляў таго, што яно гэтак ёсьць! — голасна зьдзівіўся Нік.

— Гэта цяжка ўявіць, гэта ня гульня ў гакэй, — стараўся ўсьміхнуцца Алесь.

— А якую ролю тут Вера Мак іграе? — спытаўся Анды.

— Вера, мая любоў, — заглыбіўся ў іншы сьвет Алесь, — ідэал маіх доўгіх і нязбытых мараў, памагатая ў забойстве вялікага й выдатнага чалавека. Сымбаль чыстай і незаплямленай красы й прыгожая зьява з камуністычным чарвяком унутры сябе, мадэль скромнасьці і шпіён бяз прэтэнзіяў… Гэта, хлопцы, агульна гаворачы, вобраз дзяўчыны, пра якую мова. Я запраўды ня ведаю, ці маю права ёй дакараць. Магчыма, што яна мае нейкае апраўданьне… Цяпер-жа яна зьяўляецца адной нітачкай, якая вядзе да вырашэньня справы забойства. Аднак, магчыма, што камуністы ўжо яе прыбралі. Прызнаюся, што вобраз гэтай дзяўчыны ня месьціцца ў маёй галаве і цяпер. Выглядае, што я сустрэў дзьве дзяўчыны, адну — запраўдную, цела й кроў з усімі, як прыказка кажа, бародаўкамі; другая — твор майго ўяўленьня, сьціплая і незраўнаная ў сваёй прыгажосьці цнотка, ляля, цацанька. Калі-б зьявілася яна перада мною, засыпаў-бы яе пацалункамі і сказаў-бы ёй, што ўсё тое, што сталася раней, калі нашыя ворагі замардавалі такога выдатнага чалавека, у чым памагла ейная рука — гэта нейкі дурны капрыз ці недарэчнасьць. Існуем толькі мы з табой, Верачка, мы і нашае каханьне. Іншым разам, калі-б трапіла яна ў мае рукі, хацелася-б выціснуць зь ейнай мяккай шыі апошняе дыханьне…

Алесь так загаманіўся, акунуўшыся ў сваім пачуцьцёвым сьвеце, што, відаць, забыўся пра прысутных сяброў. Цяпер-жа ён раптоўна павярнуўся.

— А што вы тут робіце? Ці ня бачыце, што цярплю зьдзекі? — крыкнуў, быццам разьюшаны.

— Ал, спыніся, успакойся! — сказаў спакойна Анды. — Ці-ж ты ня бачыш, што мы прыйшлі, каб табе памагчы?

— Не, бойсы. Ад шчырага сэрца вам дзякую, але вашая помач гэтта непатрэбная. Я стаю над пропасьцю. Удома матку націскаюць, каб намаўляла мяне вярнуцца, значыцца проста ў рукі дэмана. А тут… Ведаеце, мне патрэбны час, каб перадумаць, падтасаваць, зрабіць падлікі мінулага. Я цяпер, у такім становішчы няздольны да жыцьця. Мушу зрабіць разьлікі з сабой, зь Верай… Бяз вашай дапамогі…

— Ты, чалавеча, ці ты здурэў зусім, ці што? — выбухнуў Нік. — Ты-ж страціш сваю працу. Зэлман казаў…

— Чакай Нік, маўчы. Выглядае, што мушу табе тлумачыць простай мовай. Слухай, мой сябра: мне абсалютна няважна, што Зэлман казаў, што нехта пра мяне думае ці кажа. Маю перад сабой праблему, якую мушу сам вырашыць і жадаю, каб мяне гэты сьвет на нейкі час пакінуў у супакоі. Будзь ласкавы, скажы Зэлману, няхай ідзе ў возера скочыць! Зрабіце мне, хлопцы, ласку, пакіньце мяне самога. Мне прыкра, але ня чуюся…

— Окэй, Нік, пойдзем, — устаў Анды. — Памятай, Ал, калі запатрабуеш помачы, толькі сыгналу ад цябе чакаем.

Калі сябры пакінулі яго, Алесь паставіў Чайкоўскага патэтычную сымфонію. Заслухаўся, загойдаўся ў сваім крэсьле-гойдаўцы. Гвалтоўны плач трос ягонае згаладалае за апошнія дні цела.

На наступны дзень зьявіўся да Якімовіча сам Давід Зэлман. Алесь быў крыху зьдзіўлены, але надта ўдзячны свайму босу за ягоную візыту. Халодным і зраўнаважаным тонам Зэлман пераконваў Алеся, каб вярнуўся неадкладна на працу. Зь некаторым намаганьнем Алесь выясьніў крамніку, што так, у цяперашнім эмацыянальным хаосе, ён зусім няздольны да ніякай працы. Паспачуваўшы яму, Зэлман намякнуў, што праца на яго ня будзе доўга чакаць і пайшоў.

43

Неўзабаве пасьля Новага году Нік наведаў Мантрэал. У першы дзень палагоджваў бізнэс, а на другі пайшоў заглянуць у мясцовы тэатр барлеску. У сваіх тэатральных упадабаньнях Нік меў просты смак. Падабалася яму шорсткая камэдыя больш чым нейкая складаная і сур’ёзная драма, мэлядыйная апэрэта брала верх над гранд-опэрай. Часта заглядаў у барлеск.

У раньні час, калі ён прыйшоў, на залі пуставала многа крэслаў дык Нік прымасьціўся ля самай сцэны. Нейкае маладое гарлапаністае стварэньне прасьпявала пару папулярных нумароў пап-музыкі, выступаў штукар. Канфэрансье рэклямаваў гурт уежджаных, не адну вупраж знасіўшых «цудоўных маладых прыгажуняў». Гэныя прыгажуні, што выбеглі пабрыкаць на сцэне, пад тоўстымі слоямі пудры й памады на сваіх тварах маскавалі сваю «маладосьць».

Нік ужо пазяхаў у нейкай нудзе і разважаў, ці ўжо выйсьці, калі канфэрансье, пасьля колькіх грубых анэкдотаў пра сэкс, прапанаваў зорку атракцыі.

— А цяпер, паважаныя спадарыні й спадары, — урачыста гаварыў ён, — маю прыемнасьць прадставіць вам галоўную атракцыю сяньняшняга шову, замаскаваную цудоўную прыгажуню. Ніхто ня ведае адкуль яна ў нас зьявілася й куды пойдзе. Залежыць ад вас, ці вы тут яе затрымаеце, ці ў новую дарогу адправіце. Вось даю вам зорку — «Замаскаваную Прыгажуню»!

Бляндынка сярэднягя росту, на твары мела надзетую ружовага колеру маску. Калі павольнымі й плаўнымі рухамі пачала яна хадзіць па сцэне й распранацца пад саладжавую мэлёдыю флейты, Нік захапіўся формай надзвычайна прыгожай фігуры. Просты, без амаль заўсёды прысутнай у такіх паказах вульгарнасьці, танец. І маўчала, у захапленьні ад гожай формы на сцэне, мужчынская грамада. У рухах танцоркі пракідвалася для Ніка нейкая надзвычайная паэзія. Маладое, пругкае цела. Не, гэта яна ня з тых уежджаных прыгажуняў, што раней выбеглі на сцэну пабрыкаць. Цудоўная! — захапляўся Нік Лок.

Калі танцорка прыблізілася на край сцэны, Ніку здалося, што ён распазнаў абрысы твару яе… нейкія, недзе бачаныя. Дзяцюк пачаў уважней прыглядацца. Дзяўчына, калі зноў апынулася блізка яго, зрабіла рух, мімалётны рух распазнаньня, ці што… Ці гэта магчыма? Так, гэта мусіць быць яна, а ня хто іншы. Трэба будзе праверыць, пастанавіў Нік. Калі не асьмеліцца, ня будзе мець супакою. А навошта-ж маска? Калі на паказ выстаўляеш усё цела, за выняткам толькі эратычнай зоны, дык якая прычына, каб схаваць твар? Сарамлівасьць? Нешта іншае. Хочаш грошы зарабляць і быць інкогніто. Вось яно. Пабачым.

Нік меркаваў, што да загадчыка трупы дарэмна ісьці, прозьвішча дзяўчыны ў масцы ён, пэўне-ж, не назаве. Што аставалася? Спрабаваць заглянуць за сцэну? Рызыка невялікая. Калі прагоняць, ну дык што…

Як толькі апусьцілася занавеса, Нік шмыгнуў праз левыя дзьверы за сцэну. Ён апынуўся ў вузкім калідоры і пазіраў на некалькі дзьвярэй, мяркуючы ў каторыя пастукаць. Дзьве жанчыны з тых размаляваных і напудраных прыгажунь, што брыкалі раней на сцэне, выйшлі з аднаго пакою і Нік спытаўся ў іх дзе знайсьці «маску». Адна зь іх паказала дзьверы якраз у той час, калі ў канцы калідору зьявіўся мускулясты выкідайла. Нік хутка адчыніў паказаныя дзьверы і ўвайшоў. Ён апынуўся ў малым пакоі, дзе ў кутку, ля камоды зь люстэркам і рознай касмэтыкай і прыладамі для прыхарошваньня валосаў і твараў якраз і ўбачыў дзяўчыну, але бяз маскі. Яна ўжо апранула сябе ў джынсы й ружовую разьлятайку. Дзяўчына павярнулася да Ніка ад люстэрка на камодзе. Устала.

— Я цябе чакала, — сказала такім тонам, быццам яна ўчора з табою бачылася.

Нік прыгадаў змарнелага, худога, рашчараванага і горам зьбітага ды зьбянтэжанага чалавека, якога бачыў пару дней назад. А вось перад ім, у роўным пульсе свайго пругкага цела, з пышнымі хвалямі валосаў, выклікам маладосьці ў прамяністых вачох стаяла Алесева цацанька, ідэал ягонага каханьня, нібыта сьціплая цнотка, за якую дзяцюка і цяпер морыць бяссоньніца.

— Ты сука! — гаркнуў на яе Нік і навотмаш правай рукой сьцебануў Веру па твары. Яна абапёрлася на верх камоды.

Ззаду скрыпнулі дзьверы і Нік азірнуўся. Здаравенны выкідайла затрымаўся ў дзьвярох.

— Джан! — зьвярнулася да яго Вера, гладзячы шчаку, якая смылела. — Гэта мой сябра. Не чапай яго!

Выкідайла выйшаў.

— Сядай, Нік, — паказала дзяўчына рухам рукі канапу.

Яе ўпэўненасьць голасу і ўсьмешка на твары зусім абяззброілі Ніка. Ён сеў.

— Цяпер, мне здаецца, што табе выпадае выясьніць тую аплявуху і зьнявагу мяне.

— Прашу цябе, Вера, выбач мне. Мяркую, ты дагадваешся, чаму я руку на цябе падняў. Я хацеў-бы пачуць выясьненьне ад цябе. Павер мне, што калі-б я нават шукаў цябе, дык ня ў гэткім тэатры ды яшчэ як нейкую зорку ў стрыптызе. Калі я цябе пазнаў, пастанавіў з табой пагаварыць. Я прыгадаў пакрыўджанага і зруйнаванага табой Алеся. Рука засьвярбела. Разумееш?

— Бачыш, дык усё-ж праўда была мая?

— Якая гэта праўда?

— Ты сказаў, што калі-б шукаў мяне, дык ня ў гэткім тэатры і не ў такой ролі. Затое я і ёсьць тут.

— Ты хочаш сказаць, што хаваешся? У масцы?

— А як ты думаеш? Але цяпер, калі ты мяне ўжо знайшоў дык няма патрэбы больш хавацца. Так ці не?

— Слухай, зайдземся ў рэстаран, там пагамонім.

— Окэй, пачакай, я надзену пальто.

Зайшліся ў суседні рэстаран і селі пры стале ў куце. Гэтта было ціха. Замовілі напіткі і па гамбургэру на кажнага. Нік уважна аглядаў дзяўчыну. Падумаць адно, у стрыптыз палезла. Якім гэта чынам? Нешта тут загадкавае. Ад каго яна хаваецца?

— Можа-б ты мне расказаў перш пра яго? — запрапанавала Вера, калі прынесьлі напіткі.

Прынаднасьць ейнага твару, як і раней, — заўважыў Нік, — амаль не аздобленая касмэтыкай, натуральная.

— Можна й так, — пачаў дзяцюк, — хоць, запраўды, ня ведаю ад чаго пачынаць. Скажу адразу самае найважнейшае: сяньня Алесь амаль зусім зруйнаваны чалавек. І найгоршае ў тым, што ён пра нічога ня дбае, адным словам напляваць яму на ўсё. У яго амаль няма грашовых сродкаў…

— Чаму ён так? І чаму ў яго няма сродкаў?

Нік уважна зазірнуў у дзяўчыніны вочы. Там, дзе калісьці было недаўменьне ці дзявочая сарамлівая прывабнасьць, цяпер вылузвалася самаўпэўненая зухаватасьць.

— Дзіўна чуць такое пытаньне ад цябе, — Нік падкрэсьліў «цябе», — каторая сталася прычынай ягонай дэградацыі. Ён-жа не працаваў амаль ад таго часу, калі ты зьнікла.

— Чаму? Што зь ім? Давід яго выкінуў?

— Ніхто яго ня выкідаў. На працу ён не пайшоў, а зачыніўся ў сваім апартамэньце й гарэлкай пачаў залівацца. Мы ўсе намаўлялі яго, каб апамятаўся, сам Давід наведаў яго. Ён нікога не паслухаў. Казаў, што хоча, каб гэты сьвет пакінуў яго ў супакоі, у адзіноцтве, бо ён мусіць сам усё абмеркаваць, перагледзець, параацаніць. Выглядаў ён як чалавек, што вось-вось у абдымкі сьмерці наважыўся йсьці. Апроч таго ўдару, які ты яму зрабіла, быў у яго іншы крызіс. Камуністы пачалі шантажаваць яго празь ягоную бедную і запалоханую матку. І гэты другі ўдар яму, відаць, волю адабраў. Маці пісала яму пару разоў, прынагляла, каб дамоў вяртаўся.

— Аж гэтак! О, мой дарлінг, мой міленькі Алесь!

У голасе дзяўчыны турбота, а ў вачох спагада.

— І што яшчэ?

— Ён быў і, я веру, цяпер ёсьць шалёна ў цябе закаханы. Некалькі разоў, калі пра цябе была згадка ў гутарцы, ён круціўся-вярцеўся быццам чарвяк на кручку. Напінаўся, гарачыўся, так эмацыянальна цярпеў, што нам здавалася можа мець удар сэрца. Прашу цябе мне верыць, замаскаваная прыгажуня.

— Нік, будзь добры, не называй мяне гэтак.

— Выбач, мне здавалася, што ты гэта любіш.

— Не, ня люблю, ані таго, што на сцэне паказваю…

— Таму й замаскавалася?

— Так і не. Але мне не залежыць, каб людзі ведалі, што займаюся такім… мастацтвам.

Апошняе слова дзяўчына вымавіла зь нясмакам.

— Ага, мне няясна было. Дык пра што гэта мы? — Ты апавядаў як Алесь цярпеў з-за мяне.

— Чуў пра гэта зь ягоных вуснаў, Алесь меў да цябе сур’ёзныя намеры. Ты была ягонай марай, а тут аказалася, што ты ня толькі зьяўляешся спрытнай абманшчыцай, але нават нейкім чынам зьвязаная з забойствам пісьменьніка Шпака. Уяві ягоны боль. Я ня ведаю колькі ў тым праўды…

— Раскажы мне пра ягоную матку.

— Выглядае, што камуністы на яе населі. Алесь проста забівае сябе турботамі бо ня можа старой і беднай жанчыне нічым дапамагчы. Пачкі дзьве, з вопраткай, здаецца, выслаў. Загад адтуль просты і ясны: вяртайся дамоў без адвалокі!

— Мяркуеш, што ён паедзе? — спыталася Вера з трывогай у голасе.

— Ня ведаю. У такой сітуацыі, як ён цяпер знаходзіцца, дык цяжка нешта прадбачыць.

— Так хацелася-б яму памагчы, — сказала дзяўчына.

Нік ледзь не падскочыў з радасьці, схапіў яе за руку.

— Верачка, дарагая, хочаш? Скажы слова. Ты адзіная, што можаш вярнуць яго да нармальнага жыцьця.

— Так думаеш?

— Я пэўны гэтага. Праўду табе сказаць, дык ён быццам цябе зьненавідзеў. Абвінавачвае цябе за тваю долю ўва ўсіх ягоных няшчасьцях. Зь іншага боку ён кахае цябе як і раней, прападае безь цябе. Людзі кажуць, ведаеш, што каханьне й нянавісьць — блізкія сваякі. Ня ведаю. Асьмелюся сказаць, ведаючы яго добра, што ён аднаго дня спадзяецца твайго вяртаньня.

— Бедны хлапец, — шчыра й паволі сказала Вера. Яна заказала яшчэ адзін напітак, канчала свой гамбургэр.

Нік прыглядаўся ёй і думаў, ці яна апынулася ўжо ў тых учэпістых руках, якія зацягнулі яе ў сьвет распусты, зь якога няма назад дарогі.

— Мне прыкра чуць, што ён на мяне за ўсё віну звальвае. Бачыш, Нік, я таксама закаханая ў яго, як раней, а можа й больш. Справа ў тым, што цяпер яшчэ не магу да яго вярнуцца…

— Чаму не? Твая праца?

— Гэта ня ёсьць галоўнай прычынай. Ты, Нік, мяне поўнасьцю ня ведаеш. Гэта даволі скамплікаванае, цяпер ня буду выясьняць… Адно магу сказаць, што я цяпер на раздарожжы, ня зусім ведаю, што маю далей рабіць. Пэўныя рэчы патрабуюць разьвязкі. Я старалася знайсьці выхад, але тымчасам не магла.

— Што за праблемы ў цябе? Што можа быць важнейшага за тое, чымся памагчы чалавеку, каторага кахаеш?

— Нік, прашу, не насядай на мяне. Не магу сказаць… Ці ты думаеш, што я вось цяпер адразу не пабегла-бы да яго, калі-б магла? Такая, як я ёсьць цяпер, яму не змагу памагчы.

— Але-ж некалі да яго вернешся?

— Спадзяюся, Нік. Шчыра гавару.

— Скажы мне, калі ласка: ці ты яшчэ цяпер скрываешся ад паліцыі і чырвоных?

— Хто сказаў, што я скрываюся ад паліцыі і чырвоных?

— Наколькі памятаю, Алесь так сказаў. Ён нават прадугледзіў магчымасьці небясьпекі для цябе ад камуністаў.

— Аж так? Ну, можа я й скрываюся…

Наступіла маўчаньне. Нік зірнуў на гадзіньнік.

— Сьпяшыш, Нік?

— За гадзіну сядаю на аўтабус.

— Ілгун ты, Нік. Ад якога гэта часу вы, з экзэкутывы, езьдзіце аўтабусам?

— Твая праўда. Самалётам еду.

— Вось так лепш. Дык ня маеш часу?

— Для цябе часу ў мяне хопіць. Хочаш яшчэ віна?

— Я ня супраць.

Нік заказаў напіткі.

— Цяпер твая чарга. Як-жа ты знайшла такую цудоўную працу? Я ніколі не падазраваў, што ты здольная да такой, як гэта, сьціпла гаворачы, паказухі… Я-бы прысягнуў… Табе гэта падабаецца?

— Я ненавіджу гэткую працу, — скрывілася Вера. У вачох зьзяла шчырасьць. — Усе гэтыя мужчыны цябе проста праглынаюць, няведама што ўяўляюць, — у вачох такая юрлівасьць… Між іншым, як я табе спадабалася?

— Надзвычайна! Ці маю выразіць сваё захапленьне з кветкамі?

— Нік, прашу цябе, ня зьдзекуйся! Мне нялёгка. Добра, што маска…

— Дык ты хочаш быць ананімнай? Калі такую працу гэтак ненавідзіш, дык хто цябе змушае да яе?

— Ніхто, Нік, ніхто. Абставіны… Мне прыкра, Нік, шмат рэчаў не магу табе высьніць. Я паехала ў Ню-Ёрк, спадзявалася знайсьці там недзе працу ў якой канторы сакратаркай. Мела там сяброўку. Не ўдалося мне. Аказалася, што адна знаёмая працуе ў гэтым барлеску. Калі пабачыла мяне, пачала хваліць мой выгляд і раіла мне паспрабаваць стрыптыз. Я кпіла зь яе, каб адчапілася ад мяне. Яна сур’ёзна пераконвала мяне, што гэта зусім паважная прафэсія.

Нік уважна пазіраў у ейныя вочы. Ня бачыў у іх ценю хвальшу.

— Я апынулася ў цяжкім становішчы. Бяз працы, у пазыкі залезла. Даходзілі слухі, нібыта мяне шукаюць. Які-ж тут маеш выбар? Аднаго дня я лістала нейкі журнал і пабачыла жанчыну ў масцы. Голад і даўгі — не сябры. Нарадзілася ідэя… ў масцы. Сяброўка мяне завяла.

Вера спынілася.

— Ну і?

— Нік, запраўды я не прадбачыла, што там ёсьць аж так многа кандыдатак. Ніколі не ўяўляла. Ну, я меркавала, што й тут будзе завал. Калі-ж ёсьць, як відаць, такі вялізны выбар, дык ты мусіш пэўна таму энтрэпрэнеру сэксам адгадзіцца, ці што… Усё гэта мне здалося агідным.

Падалі напіткі. Вера перастала апавядаць, быццам чакаючы, каб Нік яе спанукаў.

— Дык, за тваё здароўе! — Нік падняў келіх з брэнды.

— На здароўе.

Вера ледзь памачыла вусны віном і прадаўжала.

— Калі прыйшла мая чарга, я пайшла на інтэрвю. Праўда, гэта цяжка назваць словам «інтэрвю». Той агент намякаў, рукамі лез, можаш уявіць сабе. Здавалася мне, што памру з сораму. Я ўцякла дамоў і плакала…

І запраўды сьлёзы наплылі ў ейныя вочы. Выняла хустачку, выцерла іх. Ніку зрабілася няёмка.

— Ведаеш, — прадаўжала Вера, — усё-ж ня было выхаду. Пайшла назад і, пасьля спробаў на сцэне, мяне ўзялі.

— Прабач за пытаньне: мусіла ты яму сэксам заплаціць?

— Нік, ня ткай носа туды, дзе ня твой бізнэс… Хоць я магу з гордасьцю сказаць, што абыйшлося бяз гэтага. Цяпер твая цікавасьць ужо задаволілася?

У вачох ейных зьявілася перамога.

— І як-жа так скора ты да зоркі дабралася? — насядаў Лок.

— Але-ж ты недаверлівы, Нік. Скажу праўду: трыкі памаглі!

Яна зьдзекліва ўсьміхнулася.

— Ці магу ўсё гэта пераказаць Алесю?

— Нік, барані Божа, не рабі гэтага!

Голас ейны задрыжэў. «Добры знак», — падумаў Нік.

— Чаму-ж ты ня хочаш, каб я твайму дарлінгу ўсё расказаў? Можа ён будзе захоплены тым, што ягоная мара ўжо зоркаю стрыптызу сталася? Можа гэтая вестачка ўваскросіць яго з дэградацыі? Га?

— Нік, навошта тут твая іронія і розныя кручкі? Я не магу гэтага зьнесьці, бо сёе-тое чула пра тваю мараль. Якое права маеш адносіцца да мяне, як нейкі судзьдзя? Ці ты ведаеш маю праблему, ці тыя абставіны, у якіх я была апынулася? Ты расказваеш пра Алеся і спачуваеш яму. Дзякую табе за тое, што ты памагаў чалавеку, якога кахаю. Але пра мяне, упікаць мне? Прабач…

Дзяўчына злавалася і ў гэнай злосьці станавілася надта прывабнай. Іншая, на яе месцы, даўно апынулася-бы між сапсутых наркотыкамі прастытутак. Запраўды, Нік набраў да яе пашаны цяпер, вось у такой адкрытай гутарцы. Алеся якраз вось такая асоба можа выцягнуць назад з дрыгвы дэградацыі.

— Прабач, Вера, я мусіў-бы крыху накш… Можа гэта нешта такое ў маім характары, што пхае, каб іншых крыўдзіць. Выбачыш мне?

— Я табе ўжо прабачыла, — зазьзяў твар Веры.

— Дзякую. Ты — надзвычайная дзяўчына. У адну хвіліну ты ўспыхнеш выбухам злосьці, а ў наступную прамянішся сонечнай усьмешкай. Гаворачы шчыра, я зайздрошчу Алесю.

— Цяпер-жа ты лісьлівы…

— Ды не… Хачу спытацца, вяртаючыся да галоўнага: запраўды ня хочаш, каб расказаў Алесю пра цябе?

— Не цяпер, Нік, прашу цябе.

— Нават не сказаць, што цябе сустрэў?

— Прашу цябе памаўчаць, Нік. Расказ пра мяне толькі прынясе яму горыч і цярпеньне. Я спадзяюся, што яго скора пабачу. Ня пытайся калі, я пастараюся. Вер, Нік, што тут мне працаваць нялёгка. Некаторыя з гэтых сук такія зайздросныя, што, каб маглі, яны-бы мяне жывой зьелі.

— Згода, Вера. Але я мушу змывацца ўжо, мне час. Нешта хачу табе запрапанаваць. Давай, зробім такі дагавор: я нічога цяпер не скажу Алесю пра цябе калі ты прыабяцаеш быць са мной у кантакце й дасі мне свой адрас. Строга, пасяброўску, Вера, кажу табе, што я гатовы табе поўнасьцю давяраць. Спадзяюся, бязумоўна, што й ты мне давяраеш. Дасі мне адрас, ці што?

— Нік, я табе давяраю і тое самае хацела табе прапанаваць. Пасяброўску, зразумела. Верыш?

— Ды што, можа хочаш, каб на біблію прысягнуў?

— Я сур’ёзна, Нік. Не жартуй. Я сур’ёзна хачу ведаць пра Алеся, прашу мяне інфармаваць. Дык давай замяняемся адрасамі.

Так і зрабілі.

— Хачу папрасіць цябе, Вера, сьпяшы да Алеся. Ён ёсьць надзвычайна цэнны, проста высакародны ды вялікадушны чалавек. Я тут не абыякавы. Цаню яго й стараюся дапамагчы яму. Запраўды турбуюся пра яго. Прашу цябе, Вера, памажы яму.

— Добра, Нік, абяцаю, — сказала Вера, калі ўжо ўсталі, каб пакінуць рэстаран. — Жадаю табе і Алесю ўсяго найлепшага. Да наступнай сустрэчы.

Яна лёгка пацалавала Ніка ў шчаку й сардэчна паціснула яму руку на разьвітаньне.

44

Алесь гойдаўся ў сваім крэсьле й пазіраў праз вакно пакою на вуліцу. Наняў гэты пакой у свайго сябры пасьля таго, як перастаў працаваць у Трыфты Тоні. Гэтта ён праводзіў цяпер бальшыню свайго вольнага часу. У пакоі было адно неабходнае: стол, тры плястыковыя крэслы, ложак з пасьцеляй і шуфляда. Гара кнігаў займала цэлы кут. Некаторыя зь іх — у кардонавых скрынках. Кнігі й паперы беспарадкам ляжалі й на стале.

Алесь аднойчы быў урачыста пастанавіў напісаць гісторыю свайго жыцьця. Добра папацеўшы, напісаў быў ужо тры першыя разьдзелы, а аднаго дня, у прыплыве раптоўнай злосьці, выкінуў усё тое на сьметьнік. І запраўды, хто будзе цікавіцца ягонай пісанінай? Уся тая эмацыянальная жоўць, якую выліў на паперу, — мяркаваў Якімовіч, — гэта стрэл у пустое… Цяпер-жа, пачуцьцёва здраньцьвелы, Алесь доўгі час ківаўся ў сваім крэсьле, глядзеў на вуліцу.

Мог-бы ён зусім дакладна апісаць усе тыя малыя падзеі, што там адбываліся: што суседзі робяць і ў які час, якія дзеці і зь кім гуляюць, калі паліцыя начэплівае штрафныя жоўтыя бялеты на аўтамабілі, каторыя тут ставіць можна толькі ў пэўныя абмежаваныя гарадзкім правам гадзіны. Алесь прадаў свой Олдсмабіл і большасьць грошы ўжо выдаў на ўтрыманьне. Хутка павінен знайсьці працу. Нік абяцаў, што можа ўзяць яго ў Трыфты Тоні, хоць ягоная калішняя пазыцыя была ўжо занятая. Атрымаў яшчэ пару лістоў ад маткі з просьбай, каб вяртаўся на бацькаўшчыну. Бальшавіцкая пастка. Матцы памагчы ня мог, а самому ў варожую пятлю лезьці?

Часамі запрашаў яго да сябе сусед з дому Янка Кум. Запрашалі й іншыя, але Алесь да нікога не хадзіў. З Кумам, які працаваў у вялікай фірме сельскагаспадарчых машынаў, меў добрую беларускую жонку й двое дзетак, ужо выплаціў свой мураваны двухпавярховы дом, меў аўтамабіль, Алесь мог пагаварыць пра жыцьёвыя дробязі, бо ведаў гэтага добразычлівага і стараннага чалавека, які ніколі не насіў на нікога камяня за пазухай. І Алеся ён не распытваўся пра самае найбольшае, што яго балела. Гэтак выгадна было Алесю. Высьцерагаўся тых, каторыя з задаваленьнем маглі-б вярэдзіць ягоную рану.

Часта наведваў яго Нік Лок. Апошнім часам Алесь заўважыў, што ён быццам нешта скрываў, ня мог проста глядзець Якімовічу ў вочы. Аднойчы Нік спытаўся ў Алеся, як-бы ён захаваўся, калі-б Вера раптам пастукала ў дзьверы ягонага пакою. Алесь паціснуў плячыма, ня ведаў, што адказаць.

У адзін дзень Нік тэлефанаваў да яго і спытаўся, як ягонае здароўе. Абяцаў зрабіць яму неспадзеўку сяньня-ж пасьля працы. Алесь падумаў пра нейкі чарговы Нікаў жарт, на якія ён, вынаходлівы чалавек, быў заўсёды здольны. Алесь глядзеў праз вакно. Сьнег перастаў падаць і некаторыя руплівыя суседзі ўжо чысьцілі перад сваімі дамамі ходнік. Пад’ехала таксі і Алесь бачыў як Нік вылез з аўта. Зь ім вылезла нейкая жанчына ці дзяўчына апранутая ў каштанавага колеру футра й такую-ж футраную круглую шапку. Хто-ж гэта такі? Калі яны набліжаліся, Алесь распазнаў яе. Сэрца ягонае раптоўна паскорыла свой рытм. Усхвалёваны Алесь схапіўся за цыгарэту. Ужо зьмяркалася, ён уключыў сьвятло, падгладзіў коўдру на пасьцелі, зірнуў на хаос на стале. Апусьціліся рукі. «Няхай бачыць, — падумаў, — гэта-ж во якая неспадзеўка!» Пастукалі ў дзьверы.

— Калі ласка, заходзьце!

Адчыніліся дзьверы і Нік зь дзяўчынай увайшлі ў пакой. Алесь стаяў, абапёршыся на стол і не зварухнуўся. Пільным вокам аглядаў дзяўчыну.

— Добры вечар, Ал, глядзі каго я да цябе прывёў, — голасна сказаў і ўсьміхаўся Нік, пазіраючы то на Алеся, то на Веру.

Дзяўчына агледзела пакой, зрабіла крок наперад і спынілася.

— Вера, — сказаў Алесь нізкім і напружаным тонам, — ці гэта запраўды ты?

— Я спадзявалася, што ты пра мяне не забыўся, — адказала Вера дрыготкім голасам. — Можна да цябе?

— Слухай, — зьвярнуўся Нік да Алеся, — запрашай нас сесьці. Што з табой? Хадзі, Вера, давай мне сваё пальто, сядай.

Нік узяў у Веры пальто й шапку, палажыў іх на ложак, пасадзіў яе на крэсла. Алесь не крануўся зь месца.

— Дык ты вярнулася, мая кветка, — сказаў ён голасна, быццам сам да сябе.

— Дык ты незадаволены, што яна вярнулася? Прызнайся!

Алесь уважна аглядаў дзяўчыну і быццам ня чуў таго, што сказаў Нік. Настала маўчаньне. Алесь, як выглядала, нібыта існаваў у нейкім сваім, аддалёным сьвеце. Уся ўвага ягоных вачэй была сканцэнтраваная на той, якую вось ня так даўно, яму здавалася, незваротна страціў. А цяпер аглядаў яе тут-жа ў сваім пакоі, жывую, прыгожую, румяную, і ня верыў сам сабе.

— Некалі ўдома ў майго бацькі быў сад, — пачаў ён паволі апавядаць. — Было некалькі маладых яблыняў папяровак. На гэтых маладых дрэўцах вырасталі вялікія жоўтыя, во так вялічынёй з два кулакі, яблыкі. Я надта любіў яблыкі. У суседаў сад лазіў іх латашыць ну й да сваіх стараўся, як толькі дасьпявалі, першым дабрацца. А яблыкі на папяроўцы былі такія цяжкія, што сукі ламалі, дык бацька ладзіў для іх спэцыяльныя падпоры. І вось таго лета, аглядаючы часта адну папяроўку яблыню, я спасьцярог, што ўсе цяжкія, ужо пападпіраныя яблыкі яшчэ зялёныя, хоць ужо вялікія, але адзін яблык раней пачаў жаўцець. Вось, думаю сам сабе, гэты яблык ёсьць надзвычайны прыгажун і вялізны маладзец, ён раней за ўсе іншыя чамусьці сьпее, быццам для таго, каб я яго зьеў. Пакуль бацька дабярэцца, дык я ўжо і ў рот яго! Яно так і сталася. Каб бацька ці матка ня бачылі, я раз шмыгнуў у сад, сарваў той сьпелы яблык папяроўку і як найшырэй разінуўшы рот, адкусіў вялізны пахучы кавалак яго. І тут я стануў, як акамянелы, мой рот перастаў жваць. І чаму? А таму, што зь сярэдзіны таго кавалка яблыка, больш як паловы яго, каторы трымаў у сваёй руцэ, пазіраў на мяне сваёй чорнай галавой вялізны жоўты чарвяк. І сыты-ж паразіт, каб яго пранцы! Ды яшчэ, прыгадваю, выкручваецца, быццам ізь зьдзіўленьнем на мяне глядзіць. Я так узлаваўся, выплюнуў тое з роту, і гэты кавалак, каторы ў руцэ трымаў — пад ногі! Растаптаў!

— Я, мусіць, пайду, — сказаў Нік.

— Га? Ага, як хочаш…

Нік зразумеў, што Алесь быў у нейкім іншым, яму зусім недаступным сьвеце. Нават не падзякаваў яму за тое, што Веру прывёў. Ён шмыгнуў за дзьверы.

— Ну й што ты гэтым хочаш сказаць? — спыталася Алеся Вера. Яна ўважна слухала схуднелага, мізэрнага цяпер у твары, аброслага барадой Алеся. Яна сядзела на крэсьле. Алесь падыйшоў да яе, стануў насупраць, пазіраў у вочы.

— Як гэта так? Ты нічога не зразумела? Калі я, некалі, закахаўся ў цябе, адкуль мне было ведаць, што камуністычны чарвяк-паразіт сыцее ў тваім нутры? І цяпер проста сьмешна й няверагодна: нават такая думка, барані Божа, каб мне калі ў галаву цюкнула! Ані-ні! Некаторыя з маіх суродзічаў намякалі, што такая магчымасьць можа быць, яй-Богу! Што за дурань, асьлеплены каханьнем дурань зь мяне быў!

Вера схіліла галаву й ледзь стрымлівала сьлёзы.

— Дык чаго-ж маўчыш? — пытаўся ў яе Алесь.

— Алесь, мілы мой, мне прыкра, што так сталася. За тое, што я зрабіла, няма прабачэньня. Усё-ж я спадзявалася, што выслухаеш мяне, таму й прыехала…

Цяпер яна падняла галаву, і Алесь спасьцярог там сьлёзы.

— Выслухаю што, Вера? Ты мне раскажаш, якім вялікім ідэалістам ты была, як памагала ім пхаць той увесь сьвет да рэвалюцыі, ды як Мікіта кукурузьнік адчыніў табе вочы? Што ты новага можаш мне сказаць, Вера?

Голас Алесеў войстры, як брытва. У вачох — маланкі. Ледзь стрымліваўся, каб «кветку» за горла не схапіць. Колькі-ж кіпені ў сэрцы!

— Алесь, дарагі мой, я вярнулася па сваёй волі, спадзявалася, што выслухаеш мяне. Я меркавала, што ў цябе на столькі хопіць цярплівасьці, калі ўжо не пашаны да мяне…

— Добра, дзяўчына, окэй, расказвай. Пачынай. Ды даволі мяне зводзіць. Высьцерагайся гэтага. Няхай гэта будзе запраўды нешта важнае, бо…

— Ал, ты запраўды ніколі не даведаўся адкуль я паходжу, пра маіх бацькоў і маё дзяцінства нічога ня ведаеш. Калі раскажу табе, можа зразумееш…

— Я слухаю.

— Калі я была яшчэ маленькай дзяўчынкай, тут быў вялікі эканамічны крызіс. Ты пра яго чуў. Мой бацька быў бяз працы й ня было за што пражыць. Гэтаксама цярпела маса іншых. Страшная сытуацыя. Беспрацоўныя дэманстравалі, а паліцыя біла іх, разганяла бізунамі, цкавала сабакамі… наяжджала на іх коньмі. Я помню адну такую сцэну і я яе не забудуся да канца жыцьця. Было многа людзей, былі жанчыны й дзеці ў мястэчку, паліцыя разганяла дэманстрацыю рабочых. Пачалося ад крыку й кіданьня каменьнямі, а кончылася тым, што коньмі наляцелі на людзей і забілі тады, у ліку іншых, майго бацьку. Ты зразумей, што я тады была малой дзяўчынкай, мая маці трымала мяне ў сваіх руках. Калі бацьку забілі, яна была самлела, а мяне, — пасьля казалі, — людзі выратавалі спад конскіх капытоў. Маю матку ледзь аднялі ад бацькі мёртвага ўжо. Пасьля ўсіх гэтых гадоў я памятаю яго, зьбітага, што ўміраў на руках маёй маткі. І маёй матцы нядоўга асталося было жыць, за год і яна адыйшла пад ударам сэрца. Я асталася сама на гэтым сьвеце, маленькая сірата. Можаш сабе ўявіць якое мяне чакала жыцьцё. Мне памаглі добрыя людзі. Гэтак мне тады здавалася. Мясцовы рабочы клюб, як я пасьля дый запозна гэта зразумела, памагаў мне не таму, што быў натхнёны духам Самарытаніна… Людзі з таго клюбу мне ня толькі мінімальна памагалі, але мяне і выкарыстоўвалі для сваіх мэтаў. З палітычных меркаваньняў яны з майго бацькі зрабілі вялікага змагара, проста мучаніка за камуністычныя ідэалы. І для добрых людзей я быццам напамінала пра тое зло, якое капіталістычны ўрад зрабіў бедным і беспрацоўным людзём. Людзі гаварылі мне, часта прыпаміналі мне, што гэта ўрад мяне сіратой зрабіў. Я да гэтага прывыкла. І ведаеш што? Тая рэкляма, якую рабілі мне, як дачцэ вялікага змагара за справу працоўных, нават спадабалася мне. Такая, відаць, нікчэмная людзкая натура… Калі я падрасла, працавала ў рабочым клюбе ў Балтаве. Казалі, што я добрая і пільная работніца. Прыйшла навука. Я чытала, што мне давалі. Ты ведаеш іхную літаратуру, ты павінен ведаць… Яны мелі школьную праграму па суботах і нядзелях. Я навучылася чытаць і пісаць парасейску, а ад людзей яшчэ ведала і пабеларуску. Чытала многа савецкай літаратуры, пераважна Максіма Горкага. Яны, мусіць, лічылі мяне добрым матар’ялам бо нават далі магчымасьць у Савецкі Саюз зьезьдзіць.

Алесь усеўся на крэсьле насупраць Веры і ўважна прыглядаўся ейнаму твару й вачом, калі яна прадаўжала расказваць. Ня было сумлеваў у Алеся. Дзяўчына гаварыла шчыра і, магчыма, хацела цяпер перад ім выспавядацца, ці прынамсі выказацца пра некаторыя свае памылкі ў мінулым.

— Ты езьдзіла ў Савецкі Саюз? — перапытаўся ён Веру.

— Так, езьдзіла ў складзе зарганізаванай імі групы. Я табе не казала пра гэта?

— Не, не казала.

— Дык вось там яны проста паказвалі нам тыя вядомыя пацёмкінскія вёскі. Праўда, многа гаварылі пра гэройства савецкага народу, каторы перамог гітлераўскі фашызм і так далей. Ты ведаеш іхную прапаганду. Пасьля таго, як Хрушчоў выкрыў Сталіна, у нас зьявіліся іншыя думкі і пра камуністычную ўладу і пра іхных правадыроў — тую мафію, каторая сядзіць на вярхушцы. Нарадзіўся недавер да іх. Але ў сваёй далейшай працы тут у іхным клюбе ў Канадзе мае сумлевы яшчэ не перашкаджалі. Тая зьвязанасьць зь імі ад маленства, ды тая шыльда для майго забітага ў абароне працоўных бацькі, — гэта не магло прайсьці бясьсьледна. А скажы, Алесь, што-бы ты рабіў, каб быў на маім месцы?

Алесь не адказаў.

— Пасьля яны папрасілі мяне, каб я пераехала ў Радфорд. Відаць, што мне давяралі і лічылі мяне добрым работнікам.

— Цябе напэўна яны лічылі ўдарнікам, бо выслалі сюды, каб даносіла на нас?

— Не. Яны нічога такога мне не казалі. Абяцалі, што буду працаваць тут у клюбе побач із сваёй рэгулярнай нейкай працай у нейкай канторы. Ды пасьля ўжо іншае сталася.

— Я бачу. І ты даносіла на Антона Шпака?

— Я расказвала пра яго Капшуну.

— Хто такі той Капшун? Той, што цябе прыслаў да нас?

— Так.

— Хто яшчэ?

— Ягоная памочніца Ніна Ляскін, — ты яе знаеш. Жыла я зь ёй на кватэры.

— Я мусіў-бы даўно дагадацца пра гэную нягодніцу. Скажы мне, Вера, ці ты гатовая злажыць усе гэтыя прызнаньні паліцыі?

— Навошта?

— Каб знайсьці забойцу Антона Шпака.

Вера адказала не адразу. Думала.

— Ты мяркуеш, што гэта яны, значыцца Капшун і Ляскін Ніна?

— А як ты, Вера, мяркуеш? Ты даносіла таму Капшуну на Шпака. Бачылі два рыбакі над ракою, што ад таго месца, дзе Шпак ляжаў забіты, уцякаў у лясную трушчобу нейкі чалавек. Нехта-ж таго чалавека падаслаў… Усе сьляды вядуць да людзей, якія цябе прыслалі, каб на нас даносіць. А чаму ты думаеш, змусілі маю старэнькую матку, каб прынагляла мяне ехаць дадому? Чаму? Бачыш — прэсія на нас з усіх бакоў… І галоўнага ды найбольш выдатнага нашага пісьменьніка яны замардавалі. Ты ім гэта памагла зрабіць…

— Я? Алесь, даражэнькі, я ня ведала нічога пра гэта…

— Ты наіўная. Яны цябе выкарысталі. Ды я цяпер прашу толькі памагчы нам, каб выявіць тых людзей зь іхнага кодла, а там ужо паліцыя разматае клубок і забойцу Шпака знойдуць. Паможаш, Вера?

— Добра, памагу.

— І падасі паліцыі прозьвішчы ўсіх тых людзей, каторыя давалі табе інструкцыі і падаслалі да нас, і каторым ты даносіла на мяне й на Шпака?

— Окэй.

— Хочацца табе верыць, але…

— Алесь, я спадзяюся, што ты паверыш мне. Я-ж сама вярнулася да цябе, — ускочыла дзяўчына з крэсла. Устаў і Алесь. — Я-ж цябе кахаю!

— Мне здаецца, што я пачынаю разумець цябе, дарагая мая, — адыйшоўся Алесь да вакна. — Ты ёсьць дачка камуністычнага гэроя. Я тут не перагінаю дугі. Магчыма нават, што твой бацька ніколі, як сьлед, не разумеў камунізму. Ён быў звычайны добры Беларус, каторы паехаў у чужую краіну шукаць дабрабыту для сябе і сям’і. Беспрацоўны і галодны чалавек выпадкова апынуўся ў дэманстрацыі за правы працоўных на перадавой лініі. Выпадкова ці наўмысна яго забілі. Кропка. Так, напэўна, здарылася. Але-ж камуністам патрэбныя былі гэроі. Бацьку на перадавую лінію выпхнула бяда, а камуністы там завіхаліся для сваіх палітычных мэтаў. Шляхі, як казаў той, зьбегліся. Забілі бацьку, а год пасьля, зь вялікага гора адыйшла матка. Асталася сірата, дачка гэроя, што змагаўся за рабочых і быццам за камуністаў. Дык камуністы-ж мусілі цябе выкарыстаць. Ты была для іх вялікім прапагандовым капіталам. Твая прысутнасьць зьвязвала незадаволеных і галодных канадыйскіх рабочых з камуністамі пад чырвоным сьцягам. Так, Вера, усё гэта дакладна пасуе. Маніпулявалі табой наёмнікі Масквы, фашысты і забойцы ня меншыя за гітлераўскіх… Я ня маю сумлеваў, Вера, што гаворыш праўду.

— Алесь, я хачу памагчы табе. Гэта праўда, што маці пісала да цябе?

— Так, пісала. Пад дыктоўку бальшавіцкіх палітрукоў. Яны хочуць, каб я прыехаў дамоў, значыцца вярнуўся ў іхныя рукі, каб замардаваць і мяне.

— І што ты надумаўся рабіць?

— Я не магу маткі выратаваць. Яна ў іхных руках, як заложніца. Яны хочуць мяне прынадзіць голасам маткі, каб вярнуўся ў іхныя лапы. Матку вельмі шкадую і прашу Госпада Бога выбачыць мне, што я ня ўзяў яе з сабой калі бацькаўшчыну ў часе вайны пакідаў. Але-ж яна не хацела йсьці, мяне намаўляла, каб дома астаўся… Бачыш, як яно выйшла. А цяпер маскоўскія чырвоныя фашысты насілуюць маю дарагую маму, ды зьдзекуюцца над мільёнамі запрыгоненых нашых суродзічаў, а тут на эміграцыі выкарыстоўваюць такіх вось засьлепленых, як ты, каб нашых найлепшых людзей мардаваць!

Алесеў голас быў напоўнены пачуцьцём болю й нянавісьці. Вера бачыла, што гэты чалавек цяпер перад ейнымі вачмі — змарнелы, худы, мізэрны цень таго калішняга, — вясёлага, агрэсыўнага і адначасна лагоднага прыгажуна, якога колькі разоў трымала ў абдымках. І цяпер яна адно поўнасьцю ўсьведаміла, як шкадавала і кахала яго і якімі недарэчнымі шляхамі дзьве супрацьлеглыя, здаецца, палітычныя сыстэмы прывялі і Алеся, і яе ў небясьпечны тупік. І выбрацца зь яго, гэтага праклятага тупіка, пэўне-ж, можна толькі любоўю, міласэрнасьцю і абавязкава супольнымі сіламі.

— Алесь, дарагі мой, я ведаю як табе цяжка, як за матку сэрца баліць, як табе цяжка выбачыць мне за крыўду, што я табе зрабіла. Ці ты можаш мне выбачыць? Ці дазволіш мне, каб я табе памагла? Я цябе кахаю, ты ведаеш гэта. Буду старацца дабром адгадзіцца, памагчы табе…

Алесь маўчаў, думаў, пасьля твар ягоны праясьніўся ледзь-ледзь заўважнай усьмешкай.

— Верачка, дарагая мая! Я так даўно хацеў пачуць такія словы з вуснаў тваіх. Я такі задаволены, што ты вярнулася. Я так цябе кахаю, што не ўяўляю свайго жыцьця без твае ласкі й прыгажосьці.

Вера прыгарнулася да яго, указальны палец палажыла яму на вусны.

— Шшшшшшш! Маўчы!

Яны застылі ў доўгім пацалунку, забыўшыся пра сьвет.

— Ты-ж, мая кветка, не сказала мне, што ты рабіла й дзе была.

Алесь заглянуў у ейныя вочы-чараўніцы, якія, здавалася яму, неяк пасьмялелі ад таго часу, калі яе бачыў перад тымі тайнымі ўцёкамі. Але цяпер Вера, здалося яму, неяк зьбянтэжылася, можа ня ведала што яму адказаць.

— Раскажу табе неяк пасьля пра гэта. Доўгая гісторыя.

— Усё-ж ты, відаць, даволі спрытная, бо цябе нават паліцыя не магла знайсьці.

— Можа я больш спрытная, чымся ты думаў, — падміргнуўшы Алесю, жартавала Вера. — А калі ў тую паліцыю пойдзем?

— Могуць да заўтра пачакаць. Я цяпер такі задаволены што камуністы цябе не накрылі.

— А яны шукалі?

— Шукалі, вядома. Цяпер мусім адразу прыняць меры, каб яны табе не адпомсьцілі за тое, што сьветчыць маеш. Але пра гэта будзем разважаць пазьней. Цяпер-жа давай свае цудоўныя вусенкі па каторых я так зажурыўся.

У гэным гарачым абдымку новай энэргіяй і радасьцю запульсавалі два сэрцы. Сіла каханьня, нарэшце, перакрочыла апошнюю мяжу, каб зьліць іх у адно цела.


Оглавление

  • Хто будаваў, а хто фашысьціў?
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44