Сарока на шыбеніцы [Альгерд Бахарэвіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Альгерд Бахарэвіч

САРОКА НА ШЫБЕНІЦЫ

Раман


Alas! the destroyer came and went! - and the victim - where is she?

Edgar Allan Poe

Кажуць, распавядаючы гісторыі, тут цяпер стала модна пачынаць іх з канца. Дзіўны, невядома каму адрасаваны паклон, бескарыснае практыкаваньне ў гнуткасьці. Бо насамрэч гэта даволі цяжка, калі наогул мае нейкі сэнс: не згінаючы суставаў аповеду, узяць і дацягнуцца да ягонага фіналу . Але, зрэшты, чаму б і не? Я заўжды меў схільнасць да бессэнсоўнага. Насіць у кошыку сьвятло – адна з маіх улюбёных брэйгелеўскіх прымавак. Калісьці мне, напрыклад, падабалася фатаграфаваць помнікі са сьпіны. Яны выглядаюць такімі безабароннымі, гэтыя нібыта велічныя каменныя людзі верхам на сваіх маркотных жывёлах – хіба што шматмэтровай зеленаватай статуі Бісмарка ў тым горадзе, дзе я цяпер жыву, напляваць, зь якога боку яе здымаюць: любы фатограф вымушаны стаць перад ёй як па камандзе “зважай”. Я даслаў табе яе здымак; незадоўга перад гэтым ты ў апошні раз праверыла сваю пошту; праз год тваю скрыню разарвала ад спаму; можа, менавіта тады й там, пад аховай невядомага мне паролю, скончылася нарэшце твая гісторыя, а зусім не ў тым калідоры, куды мне зноў даводзіцца цяпер вяртацца, каб пачаць, як тут прынята, з самага канца?

Прыкладна празь пяць хвілін яна памрэ. Потым, на пахаваньні, яе начальніку давядзецца трохі паднапружыцца, выбіраючы прыдатныя словы. Паводле эвангельля ад братоў Грым, бог прапанаваў калісьці чалавеку трыццаць гадоў жыцьця – але чалавеку было мала, ён прасіў усё болей і болей і ўрэшце вытаргаваў сабе семдзесят. Таму паўза ня будзе надта доўгай: недарэчная, заўчасная сьмерць, скажа начальнік, яно ж толькі пачало жыць, гэтае беднае дзяўчо, і ўсе вакол згодна й скрушна заківаюць, шчыльней захутваючыся ва ўласныя целы. Але пяці хвілін яшчэ не прайшло, яна сядзіць на сваім працоўным месцы, і некаторыя з наведнікаў ёй зайздросьцяць.

Я мог бы адразу назваць яе імя, але няхай сьмерць яшчэ трохі пашукае. Гэта ня вельмі лёгка – калідор мае шмат дзьвярэй, і хаця на кожных ёсьць шыльда з прозьвішчам і пасадай, зарыентавацца складана. Я першы ў чарзе, але бачу адсюль толькі майго суседа справа, пажылога, апранутага ў замалы для яго бруднаваты пінжак (пра нагавіцы я маўчу), з надта выцягнутым тварам, пакрытым бародаўкамі, як гарачы блін, і шырокімі рукамі, якія ён ня ведае, куды падзець. Гнуткія рухавыя пальцы. Па ўсім відаць, ён хацеў бы першы ўвайсьці ў кабінэт, і гэтае жаданьне не дае яму спакою. Раз за разам ён кусае вусны – нэрвуецца. Наведнікі, выпадковы набор людзей, сядзяць уздоўж сьцяны, некаторыя шэптам перамаўляюцца. Я думаю пра тое, ці сапраўды нашая чарга ёсьць зусім выпадковым наборам людзей, і ці бываюць наогул выпадковыя чэргі. Вось жа, грамадзяне сюды прыйшлі розныя, аднак мэты іхныя вельмі падобныя. Яны маюць агульныя тэмы для размоваў. Яны ўсьміхнуцца адно аднаму, нечакана сустрэўшыся на ягаднай палянцы. Я тут адзінае выключэньне, я праехаў амаль тысячу кілямэтраў, каб пабачыць тую дзяўчыну, якая празь некалькі хвілін памрэ. А чарга за мной стаіць, каб зрабіць нашае жыцьцё чысьцейшым. Я не магу, я зараз што-небудзь зламаю ці засьпяваю. Спакойна, гэта ўсяго толькі раённая адміністрацыя. І назва таго адзьдзелу, у якім мы знаходзімся, не павінна выклікаць больш ці менш эмоцыяў, чым, скажам, назва аддзелу аховы здароўя. Гэта мая пэрсанальная праблема, што я ніяк не магу прывыкнуць да чорных па белым словаў. Тая, што сядзіць за дзьвярыма, хутка навучылася не спатыкацца аб назву свайго аддзелу прылюдна.

Я пазіраю на дзьверы, там на шыльдзе – гадзіны, калі яна прымае. Яна – улада, яна ня можа размаўляць з народам увечары або, крый божа, уначы, толькі зь дзевяці раніцы да гадзіны дня й пасьля перапынку на абед зь дзьвюх да шасьці. Вельмі зручна й справядліва. Улада ня можа дазволіць сабе гутарыць зь людзьмі ў прыцемках, народ мусіць мець магчымасьць зазірнуць у яе бесстароньнія беспартыйныя вочы. Яна ў гэта заўсёды верыла. Дзьверы нарэшце адчыняюцца, з кабінэту выходзіць той, за кім я некалі займаў чаргу, ягоны задаволены посьвіст паволі аддаляецца. Я падымаюся, мой пажылы сусед таксама, ягоныя вочы гараць праведным агнём, ён лічыць, што нашая розьніца ва ўзросьце дае яму права ўвайсьці першым – бо я ж ня буду, калі прыйдзе час, замінаць яму раней за мяне выйсьці вонкі з гэтага жыцьця. Ён цягне да мяне рукі... Няхай... Дзьверы за ім зачыняюцца. Я апускаюся на крэсла.

Некаторыя наведнікі могуць тут чытаць, якое кашчунства! Я вось не магу. Спрабаваў, літары не ўспрымаюцца зрокам, як, бывае, ня лезе ў горла ежа. Навошта я тут сяджу, я ж добра ведаю, як выглядае ўлада. Яна – дзяўчына ў чорным дзелавым касьцюме, за сталом зь сьветлага дрэва, ва ўласным кабінэце, дзяўчына, якую я ведаю лепш, чым яна сама, жанчына, якую я з дапамогай свайго няхітрага абсталяваньня, што зусім не зьмянілася за апошнія