Вяртаньне Веры [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Уладзімір Някляеў

Вяртаньне Веры


Настаўнік кажа, каб я прыдумаў новае імя для Веры.

Так звычайна робяць, калі пішуць кнігі,

каб не закрануць пачуцьцяў тых, пра каго пішуць.

Канешне, яе імя я мог бы і не называць…

Але Вера не вярнулася.

Свэн Дэльбланк, «Гунар Эмануэль».

Фрэдэрык i Мэры

  

«14 траўня 2004 году ў Капенгагене спадкаемец дацкай кароны Яго Каралеўская Высокасьць кронпрынц Фрэдэрык (Фрэдэрык Андрэ Хенрык Хрысьціян), старэйшы сын каралевы Даніі Маргарэт ІІ і прынца Хенрыка, ажаніўся з аўстралійкай Мэры Элізабэт Дональдсан. На ўрачыстасьці былі запрошаныя 800 ганаровых гасьцей з каралеўскіх дамоў і арыстакратычных сем’яў Еўропы. Вянчаліся Фрэдэрык і Мэры ў найстаражытным кафедральным соборы Капенгагену — храме Дзевы Марыі. У гонар шлюбу былі ўведзеныя ў зварот купюры наміналам у 20 і 200 крон і маркі з партрэтамі Маладых.

Па падліках эксьпертаў, кошт вясельных мерапрыемстваў склаў $35 млн. Апроч таго, дацкі парламент вырашыў, што Данія не найлепшым чынам выглядала б перад каралеўскімі дварамі Еўропы, калі б сям’я будучага караля перабівалася на $700 тыс., якія атрымліваў ён з дзяржаўнай казны да вясельля, і сума была павялічаная да $2,4 млн. штогод.

У дзень вянчаньня Аўгусьцейшыя Маладыя праехалі па вуліцах дацкай сталіцы ў карэце да замку Амаліенборг, дзе віталі ўсіх прысутных з гаўбца палацу Хрысьціяна VІІ, а ўвечары разам з гасьцямі скіраваліся за горад у замак Фрэдэнсборг. Па дарозе ім махалі сьцяжкамі дзеці, апранутыя ў строі прынцыў і прынцэс. Казка пра Папялушку здавалася явай…


…Вясельле выглядала шыкоўным нават па каралеўскіх мерках, незадаволеныя ім засталіся хіба што бяздомныя Капенгагену. Яны «адкапалі» даўні закон, па якім у Даніі падчас каралеўскіх вясельляў для жабракоў таксама ладзіліся застольлі, але ўлады пасьпяшаліся назваць гэты закон анахранізмам».


Філіп і Летыцыя

«22 траўня 2004 году ў Гішпанскай сталіцы ў саборы Альмадэна адбылася цэрымонія шлюбу Яго Каралеўскай Высокасьці Прынца Астурыйскага Філіпа (Фэліпэ-Хуана-Пабла-дэ-Тодаса-лас-Сантаса) і донны Летыцыі Орціс Раксалана, якую правёў Архіяпіскап Мадрыда Кардынал Антоніа Рока.

Пасьля заканчэньня ўрачыстай цырымоніі Аўгусьцейшыя Маладыя праехалі па вуліцах Мадрыду ў браніраваным лімузіне «Ролс-Ройс» (Фантом, 1948 году выпуску).

Амаль 1600 ганаровых гасьцей былі запрошаныя на вясельле спадкаемца гішпанскай кароны, якое абыйшлося гішпанскай казьне ў $25,16 млн. Сьвята завяршылася банкетам, напрыканцы якога гасьцям быў пададзены торт вышынёй 2 м і вагой 170 кг.

Беспрэцэдэнтнымі былі меры бясьпекі: 20000 паліцэйскіх ахоўвалі Маладых ды іх Гасьцей у саборы і на вуліцах гораду, 200 снайпераў знаходзіліся на дахах дамоў, два зьнішчальнікі F-12 і самалёт-разьведчык АВАКС патрулявалі ў небе…


…31-гадовая Эрыка Орціс Раксалана, малодшая сястра гішпанскай кронпрынцэсы Летыцыі, была знойдзеная мёртвай у Мадрыдзе. Асноўная версія сьмерці: перадазіроўка моцнадзейных лекаў».

(З гішпанскіх і дацкіх СМІ).


Павал

Чалавек той, ён не падобны быў на забойцу, нават на бандыта звычайнага не выглядаў, так, бадзяжнік, падышоў і спытаў, ці можна прыпаліць?.. Не, ён не спытаў, у яго цыгарэта была ў левай руцэ, а правай ён паказаў, што прыпаліць хоча, пальцамі пстрыкнуў... Я палез у кішэню, каб дастаць запальнічку, я нашу яе з сабой, такую цацку, запальнічку-пісталет, на сапраўдны пісталет, на маленькі маўзер «H-S», як мне ў збройнай краме сказалі, падобную, я ў Швейцарыі цацку тую, у горадзе Зермаце, гэта амаль што ўжо Італія, дзе мафія ўсялякая, купіў, а ён з пінжака, з грудной кішэні таксама запальнічку вымае, гэткую самую, толькі большую, ня ведаю, якой сістэмы, я ў пісталетах не вялікі знаўца, і ён нібыта сустрэчна хоча даць мне прыпаліць — я, значыць, яму, а ён чамусьці мне, таму я падумаў яшчэ: «Што за цырк? Прыпылены ён, ці што?..» — а ён мне роўненька пасярэдзіне лобу над пераносьсем, якраз туды, дзе індусы цікі свае ставяць, стрэліў.

Во ё-маё...

Адразу тым, хто думае, нібы ёсьць тут — ці ад вас яно будзе там — нейкія рай або пекла, дзе па сьмерці можна кайфаваць альбо мучацца, магу сказаць, што ні раю, ні пекла няма, што наогул тут, ад вас — там, не існуе нічога, скразная, як у шкляным ліфце, пустата, і ты — дух, здань, пыл пустаты, часьцінка такая маленькая, што нават ня скажаш, якая: электрон?.. атам?.. кварк?.. — таму немагчыма ўявіць, хто ты і які, калі нават быццам бы існуеш, — а зрэшты, адчуваньне тагасьветнага ўсяго пустога ня гэткае ўжо нязвыклае, у нечым падобнае да зямнога, калі быццам бы і жывеш, ды сам пра сябе нічога ня ведаеш, а