Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій [Валянцін Акудовіч] (fb2) читать постранично, страница - 48


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

“Знамя юности”.

Пяць год у Маскве завершылі маю русіфікацыю. Праўда, калі мы бралі добрую чарку, дык расейскіх сяброў раз-пораз дзівілі незнаёмыя ім выразы, што з глыбіняў маёй падсвядомасці самахоць праслізвалі ў разрывы п’яной гамонкі. (Цяпер усё да смешнага наадварот. За той жа добрай чаркай з мяне, як чарцяняты з пекла, раз-пораз выскокваюць выдаленыя ў падсвядомасць рускія словы.)

Разам з тым, канчаткова “обрусившая” мяне Масква, стварыла перадумовы майго будучага “нацыяналізму”. Напрыканцы вучобы я вырашыў, што калі вярнуся ў Мінск вартаваць сваю адзіноту, дык перачытаю ўсе мастацкія беларускія кніжкі (менавіта так – усе!). Цяпер я ўжо нават не памятаю, скуль тое жаданне ўзялося. Бадай, мне проста аднойчы зрабілася няёмка, што няблага засвоіўшы не толькі расейскую, але еўрапейскую і сусветную літаратуры, я лічы зусім не ведаю сваёй. Які ж з мяне тады прафісійны літаратар?

* * *

Як я ўжо казаў, у вартаўніцкіх каморках мне амаль не пісалася, затое выдатна чыталася. Самае рознае, але перадусім – беларускае. Толькі чытанне, як чытанне, было нядоўгім, бо раптам са мною нешта здарылася і я захлынуўся беларускім словам. Далей мяне ўжо цалкам абыходзілі героі і персанажы, сюжэты і фабулы, драматургія і мараль – засталіся адно словы. Кожнае з іх паасобку я смакаваў як першую кроплю бярозавіка, а ўсе разам піў нагбом, не раўнуючы ўсмерць асмяглы, які ўжо і не чакаў напаткаць студню.

На апошнім трохі запынюся. У тую пару мне было за трыццаць, я меў жонку, двух дзяцей, трохі публікацый, званне “Майстра спорта СССР” (аблазіў амаль усе горы савецкай імперыі) і згубнае перакананне, што, па вялікім рахунку, ўсё ў мяне ўжо было: і каханне, і справа, і вышыня. А значыць ад жыцця болей не варта чаго чакаць і таму далей адно застаецца таптацца на сваім лапіку быцця, пакуль яно ў нейкую хвіліну не выслізне ў цябе з-пад ног без астачы…

І тут здарылася мова!

Я ашалеў. Я сноўдаўся самнамбулай -- як закаханы. Зрэшты, чаму “як”? Я і быў закаханы ў “матчыну” мову. (Ці не такім дзіўным чынам сублімаваўся і выявіўся ў мяне “комплекс Эдыпа”, якога, засвоіўшы Фрэйда, ніяк не мог знайсці ў сабе стасоўна роднай маці). Я без стомы прамаўляў розныя словы ды сказы (і ўголас, і пра сябе) і з гэтага ў мяне нават пачалі пабольваць тыя цягліцы твару, што варушаць вуснамі, бо ім давялося тэрмінова перавучвацца расцягваць і скарачаць сябе па-беларуску.

У тым салодкім шаленстве мяне трывожыў хіба адзін момант. Чым болей я нагружаў сябе мовай, тым меншым рабіўся ментальны свет, у якім я знаходзіў сябе раней. Што за трасца? Зрэшты, досыць хутка я зразумеў ў чым тут справа. Гэта мова жывасілам выцягвала мяне з неабдымнай расейскай ментальнасці ў замкнутую сама на сабе нацыянальную Беларусь.

. На тую пару я згодна з усімі лічыў, што вялікае заўсёды большае за малое. І калі з грамадзяніна свету я раптам апынуўся ўсяго толькі беларусам, мяне гэтая нечаканая метамарфоза не магла не ўстурбаваць. І ўстурбавала – аднак не моцна. Бо гэтаксама раптам я адчуў, наколькі мне утульна тут, у беларускім, і як мне было няўтульна там – у неабсяжным расейскім свеце.

Што з таго, што на табе шыкоўны гарнітур, калі ён у некалькі памераў большы, чым табе патрэбна?

Так, я пераапрануўся ў зрэбную світку, затое яна была майго памеру. Божачкі, як мне зрабілася хораша!

* * *

Мне зрабілася ой як хораша – ды не зусім. Бо хоць сам-насам я без стомы каўтаў родныя словы, але як на людзях размаўляць па беларуску – забыўся (калі яно было тое свіслацкае дзяцінства!)

І аднойчы я рашуча сказаў самому сабе: з гэтым трэба нешта рабіць. Я перастаў глядзець расейскае тэлебачанне і слухаць расейскае радыё, кінуў чытаць расейскія кнігі, часопісы ды газеты (толькі ад “Литературной газеты” не змог адмовіцца) і нават дзе не йшоў, дык расейскія надпісы на шыльдах перакладаў для сябе на беларускую мову… Нічога не дапамагала. Што і натуральна. Нельга навучыцца плаваць, не скочыўшы ў рэчку. І тады я абвясціў сваім сямейнікам: не дзівіцеся, заўтра пачну размаўляць у хаце па-беларуску.

Каб вы адно ведалі, як назаўтра яны рагаталі з маёй беларускай мовы… Але не надта доўга рагаталі. Бо адна рэч дзіцяці навучыцца хадзіць упершыню, а другая – летаргічна хвораму ўстаць на ногі. Тут галоўнае не саму хаду ўспомніць, а каб жаданне рухацца вярнулася.

Праўда, яшчэ ладны кавалак часу, я хоць ужо і гаварыў на людзях “мовай”, але насамрэч толькі перакладаў сам сябе з рускай. Напачатку гэта мяне не моцна турбавала, бо меркаваў, што жывая практыка ўласным чынам ўсё верне на свае месцы. Толькі час ішоў, а нічога не менялася, пакуль я не зразумеў, што нічога і не зменіцца, калі я не схілю сябе думаць па-беларуску.

А як схіліў – дык усё адразу і склалася.

Аднак, як высветлілася пазней, тады ў сваім аптымізме я трохі запабёг наперад. Мінула колькі год, я