Мяне няма: роздумы на руінах чалавека [Валянцін Акудовіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Валянцін Акудовіч

Мяне няма: роздумы на руінах чалавека


АРХІПЭЛЯГ БЕЛАРУСЬ

замест прадмовы

На палітычнай мапе Эўропы Беларусь, як і ўсе іншыя краіны, выдзелена ня толькі дзяржаўнай мяжой, але яшчэ і нейкім апрычоным колерам. Аднастайная фарба на мапе ўвогуле не супярэчыць дзяржаўнай цэласнасьці фігуры Рэспублікі Беларусь. Аднак калі б нехта, дасьціпны і дасьведчаны, паспрабаваў на агульным полі нашай дзяржавы пазначыць адметным колерам тыя мейсцы, дзе Беларусь насамрэч беларуская, гэта значыць тыя мейсцы, дзе актыўна ці хаця б заўважна прысутнічаюць беларуская мова, беларуская культура, урэшце, проста любоў да Беларусі, як да непазьбежна тваёй Бацькаўшчыны, то мы мелі б зусім іншы малюнак. Тады мы ўбачылі б нешта накшталт Архіпэлягу — унутры дзяржаўных межаў сям-там паасобку ці групамі раскіданы астравы і астраўкі беларушчыны, а між імі неабсяжнае мора расейшчыны: расейскай культуры, расейскай сьвядомасьці, расейскай мовы... І хаця гэтая расейшчына грунтоўна скажоная намі, наўсьцяж дэфармаваная і ад таго трохі фарсавая, але тым ня менш сёньня менавіта яна пануе на Беларусі, калі ня ў якасьці вартасьці, то ў якасьці колькасьці.

Сваю даўнюю мэтафару Беларусі як Архіпэлягу я згадаў тут адно дзеля таго, каб выразьніць, што “Ўся Беларусь” і “Ўласна Беларусь” — гэта дзьве канцэптуальна розныя кампазыцыі на прасторы аднаго топасу. На жаль, мы вельмі рэдка зьвяртаем увагу на гэты надзвычай істотны момант і ўпарта намагаемся зразумець і разьвязаць праблемы “Ўсёй Беларусі” праз “Уласна Беларусь” ці наадварот.

Але амбівалентнасьць беларускай сытуацыі, калі мы на яе не зважаем, аднолькава замінае і аналітыцы кожнага лякальнага фрагмэнту нашага існаваньня. Вось чаму, займеўшы жаданьне трохі паразважаць пра беларускі тэкст, я вымушаны наперад удакладніць, што тут будуць мецца на ўвазе толькі ўласнабеларускія тэксты, гэта значыць тыя, якімі пераважна карыстаюцца насельнікі Архіпэлягу Беларусь.

Тэкст — гэта бадай адзінае, што рэальна зьвязвае між сабою ўсіх жыхароў Архіпэлягу Беларусь. Толькі на прасторы Беларускага Тэксту мы, насельнікі гэтых, далёка параскіданых адна ад адной выспаў, можам сустрэцца разам і, такім архаічным чынам, натуральным хутчэй для канца XIX стагодзьдзя, чым для канца XX, пераадольваем усё, што нас разьядноўвае — ад каляніяльнай гісторыі да зрусіфікаванай дзяржавы.

Натуральна, напярэдадні трэйцяга тысячагодзьдзя, калі ў кожнай кватэры ёсьць і радыёпрыймач, і тэлевізар, карыстацца малаэфэктыўным (параўнальна з аўдыёвідэа сродкамі) Тэкстам як асноўным начыньнем нацыянальнага задзіночаньня — відавочны архаізм. Але тут ужо нічога не паробіш: і радыё, і тэлебачаньне, калі не па форме, то па сутнасьці — антыбеларускія, і яны ня лучаць між сабою насельнікаў аддаленых выспаў, а ўсё больш разьядноўваюць.

З усяго гэтага мы на Беларусі маем досыць парадаксальную сытуацыю: калі ў нацыянальна і дэмакратычна сфармаваных постіндустрыяльных краінах Тэкст губляе сваё цэнтрапалеглае мейсца ў функцыяваньні грамадзтва, якое ён займаў на працягу многіх стагодзьдзяў, то ў недэмакратычнай і нацыянальна зьнямоглай Беларусі ён па-ранейшаму дамінуе, хаця вынікі гэтага дамінаваньня досыць сьціплыя, бо і на астравах сёньня — эпоха камунікатыўна адкрытага грамадзтва, а гэта азначае, што хаця Тэкст знаходзіцца ў цэнтры культурнага жыцьця Архіпэлягу, але знаходзіцца ён там усяго як цэнтрапалеглая маргіналія.

Цэнральнапалеглым мейсцам Тэксту ў беларускай сытуацыі вызначаецца і роля беларускіх грамадзка-культурных выданьняў і кнігаў. Незалежна ад сваёй ідэалягічнай, эстэтычнай, інтэлектуальнай і тэматычнай скіраванасьці, беларускія па форме і сутнасьці выданьні, нават паўз сваю волю, толькі таму, што яны прэзэнтуюць Беларускі Тэкст, выконваюць сёньня і палітычную, і асьветніцкую, і адукацыйную функцыі... Менавіта так, нават адукацыйную, бо беларускай мове сёньня ня вучаць дзяцей ні бацькі, ні школа (у належнай меры), ні вуліца. Вось чаму на Беларусі літаратура ўсё яшчэ больш чым літаратура, а часопіс больш чым часопіс.

Іншая рэч, ці добра гэта? Я з глыбокім скепсісам стаўлюся да таго меркаваньня, што літаратурны твор сам па сабе можа нейкім чынам уплываць на сацыяльнае жыцьцё, нават калі ён ствараўся з мэтаю такога ўплыву. Шматлікія прыклады з гісторыі літаратуры, якія быццам пярэчаць гэтаму скепсісу, як мне здаецца, сьведчаць адно пра тое, што ў розныя эпохі літаратуры даводзілася браць на сябе і іншыя, акрамя ўласналітаратурных, функцыі, бо грамадзкія інстытуты, якія мусілі рэалізоўваць гэтыя іншыя функцыі, былі на тую пару альбо яшчэ не сфармаваныя, альбо знаходзіліся пад забаронаю. У такія моманты грамадзтва само нагружала літаратурны твор той сацыяльна-палітычнай сэмантыкай, у якой яно адчувала патрэбу, але якую на той час ні праз што яшчэ, акрамя як празь