Я - мінчанін [Людміла Іванаўна Рублеўская] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Людміла Рублеўская

Я – мінчанін


Я
правяду цябе па сваім родным горадзе, дружа…

Магчыма, гэта і твой родны горад, і ты таксама можаш з гордасцю сказаць: “Я – мінчанін”. І нават калі гэта не так, павер: гэты горад – самы прыгожы ў свеце.

Ты можаш запярэчыць мне: на свеце столькі гарадоў большых і старажытнейшых, дзе ёсць хмарачосы ў сотні паверхаў і помнікі гісторыі, збудаваныя тады, калі на берагах Свіслачы толькі пракаветныя сосны гайдалі на сівым галлі беларускае сонца…

Ці ведаеш ты сапраўднае аблічча свайго горада? Ці здагадваешся, што хаваецца пад шэрай роўняддзю асфальту, за каменнымі фасадамі дамоў, у карункавым прыцемку паркаў, памяць пра якія легенды там жыве? Гісторыя была да нас нялітасцівай. Наш горад шмат разоў знішчалі ворагі. Нават не часткова – цалкам, бязлітасна, так, каб не адрадзіўся… А ён адраджаўся. Нашы продкі прыходзілі на гэтае месца і адбудоўвалі дамы і храмы, млыны і бровары, брукавалі вуліцы і ладзілі кірмашы… Але мала, да крыўднага мала што засталося, каб сведчыць нам аб былых часах, аб слаўнай гісторыі Мінску. Здаралася, самі гараджане не надта дбалі аб захаванні старажытнага аблічча свайго горада – і такое больш не павінна паўтарыцца. Столькі герояў на працягу стагоддзяў гінула, каб на гэтым месцы квітнеў горад… Забыць сваю гісторыю – здрадзіць іх памяці.

Так давай жа пройдземся па драўляных насцілах, па бруку і па асфальце Мінску. І горад адкрые свае таямніцы.


Пачнем сваё падарожжа са знаёмства з “пашпартных дадзеных” горада.

Імя – Мінск (Менск, Менеск, Меньск).

Год нараджэння –1067.

Званне – сталіца Рэспублікі Беларусь.

Месцазнаходжанне – паўднёва-усходні схіл Мінскага ўзвышша.

Але калі ты ўяўляеш наш горад у выглядзе вялікага пляцу, памыляешся – у ім ёсць узгоркі і нізіны, розніца між якімі – 100 метраў. Самае высокае месца – паміж вуліцамі Ціміразеўская і Харкаўская, самае нізкае – у пойме Свіслачы ў мікрараёне Чыжоўка. Галоўная рака – Свіслач, у якую ўпадаюць прытокі Няміга, Вяча, Ратамка, Слепня, Трасцянка, Цна.

Жыве ў Мінску на сёння каля 1 мільёна 700 тысяч жыхароў. У ім больш 600 вуліц і праспектаў. Яго тэрыторыя падзяляецца на 9 раёнаў: Заводскі, Кастрычніцкі, Ленінскі, Маскоўскі, Партызанскі, Першамайскі, Савецкі, Фрунзенскі, Цэнтральны.

Як і кожная сталіца, Мінск мае свой герб і свой гімн.

Паглядзі, які прыгожы гэты герб: на блакітным, як вясновае неба, фоне Багародзіца, перад якой укленчылі два анёлы.

Прывiлей, права на герб Мiнск атрымаў 12 студзеня 1591 года. Але чаму на гербе нашага горада - выява Прасвятой Багародзiцы?

13 жнiўня 1500 года мiнчукi заўважылі дзiўнае святло над Свiслаччу, непадалёк ад таго месца, дзе зараз знаходзiцца мост, якi злучае Траецкае прадмесце i вулiцу Нямiга. Напэўна, было гэта яшчэ ўранку, калi не паспела добра развiднець... Людзi збеглiся, каб пагледзець на цуд, i ўбачылi, што хвалi Свiслачы вынеслi на бераг абраз з выявай Прасвятой дзевы Марыi. Паводле падання, абраз гэты быў намаляваны самiм святым апосталам Лукою. У 989 годзе князь Уладзiмiр Святаславiч вывез святыню з вiзантыйскага гораду Херсанэсу ў Кiеў. Але не менш, чым на Мінск, нападалi ворагi i на слаўны горад Кiеў... У канцы XV стагоддзя ўварваліся за гарадскія сцены крымскiя татары. Адзiн з рабаўнiкоў кiнуў абраз у Дняпро. І здарылася дзiва – той паплыў супроць цячэння... i патрапiў у Мiнск. Такiм чынам Мацi Божая стала заступнiцай нашага горада i ўсiх яго жыхароў. І сёння вы можаце паглядзець на яго, папрасiць дапамогi, калi прыйдзеце ў Кафедральны Свята-Духаў сабор. Цудадзейны абраз захоўваецца ў нефе злева ад алтара.

А гімн у нашага горада з’явіўся значна пазней, ужо ў ХХ стагоддзі. Напачатку гэта была проста песня, якую напісаў кампазітар Ігар Алоўнікаў на словы паэта Івана Панкевіча. На пачатку ХХІ яна стала гімнам горада.



Гімн горада Мінска

1
Краса беларускага краю
І творчае думкі ўзлёт,
Табе сваю песню складаю,
Мой горад герой-патрыёт.
Прыпеў:
Хай удалеч песня мчыцца
Над краінай дарагой.
Ты спявай, мая сталіца,
Родны сэрцу горад мой.
2
І паркі твае, і бульвары
Люблю я вячэрняй парой.
Паусюль закаханыя пары,
І шэпат, і смех над ракой.
Прыпеў:
3
Тваёй ганаруся я славай,
І рады я шчырай душой,
Што э гэтай красе велічавай,
Ёсць доля і працы маёй.
Прыпеў:

Ёсць у нашага горад свой Устаў, прыняты ў 2001 годзе. Калісьці былі ў Мінску войты, бургамістры, губернатары. Дарэчы, вядомае імя першага войта, які кіраваў горадам у пачатку ХVI