Гісторыя і міфы [Валянцін Пятровіч Грыцкевіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

АД АЎТАРА

Гэтая кніга — лагічная частка адзінай даследніцкай працы. Яе першая частка («Здані адыходзяць паволі») падрыхтавана да выдання, трэцяя («Засмечаная гуманістыка») таксама чакае друкарскага варштату. Кніга, якую паважаны чытач бярэ ў рукі («Гісторыя і міфы»), гэта сярэдні злучальны звяз.

На пачатку гэтай кнігі ў раздзеле «Перасцярога» аўтар паставіў задачу глыбіннага асэнсавання прычынаў скажэнняў гісторыі Беларусі. Астатнія часткі («Гісторыя ў зменлівым свеце» і «Міфы і гісторыя») развіваюць пэўныя асветленыя ў папярэдняй кнізе канкрэтныя гістарычныя тэмы на тэарэтычна-метадычным роўні.

У прапанаванай чытачу кнізе аўтар паспрабаваў высветліць пэўную залежнасць зменаў у гістарычнай навуцы і адукацыі ад таталітарнай ідэалогіі (у першым раздзеле), акрэсліць спосабы навуковага гістарычнага мыслення (у другім раздзеле), а потым (у трэцім раздзеле) даць чытачу магчымасць развіваць уменне навуковай ерархізацыі, высвятлення сутнасці гістарычных фактаў, пазнаёміць яго з асноўнымі працэдурамі ацэнкі гістарычных фактаў на канкрэтных прыкладах, пераважна з гісторыі Беларусі, з прычынамі паходжання і бытавання гістарычных міфаў, легендаў, стэрэатыпаў.

Усё гэта мае мэтаю дапамагчы арыентацыі сучасніка, які паддаецца трываламу інфармацыйнаму і дэзінфармацыйнаму ціску з боку бліжэйшага асяроддзя і сродкаў масавай інфармацыі, засыпаецца рознага роду праўдамі, паўпраўдамі, а нярэдка звычайным фальшам. Каб свядома і з поспехам удзельнічаць у грамадскім жыцці, трэба не толькі валодаць грунтоўнымі і шырокімі ведамі, але і гнутка распараджацца гэтым інтэлектуальным інструментаром і адпаведнымі ўменнямі. Прыклады такіх уменняў даюцца ў трэцім раздзеле кнігі.

Калі аўтару ў пэўнай ступені ўдалося гэта выканаць, то можна лічыць, што ягоныя мэты дасягнутыя.

Яшчэ адно. Мала кнігу напісаць. Нашым часам рукапіс можа доўга ляжаць, калі ня будзе дапамогі. Разумею, што ніякія словы не перададуць майго пачуцця ўдзячнасці, якое б я хацеў выказаць свайму даўняму сябру, вядомаму змагару за адраджэнне беларушчыны Зьміцеру Санько. Без ягонай падтрымкі, без ягонага ўдзелу ў справе выдання кнігі, яна не ўбачыла б свету, а без ягонага рэдагавання не была б такой, якой атрымалася.


С.-Пецярбург, люты-красавік 1995 г.

ПЕРАСЦЯРОГА

Разуменне сэнсу жыцця, вызваленне ад догмаў і схемаў надта марудна прабівае сабе шлях у краінах былога сацыялізму. Усе рухі ідуць па інерцыі. Цяпер у рэспубліках былога Савецкага Саюза нічога радыкальна не мяняецца. Бальшыня зменаў мае фармальны характар. Наша грамадскасць яўна не падрыхтаваная яшчэ да свабоды, якую атрымала.

Сёння варта задумацца пра спадчыну таталітарызму, пра тое, што ён унёс у нашыя веды пра чалавека.

Варта ўспомніць напачатку словы сацыёлага Ганны Арэндт у яе «Каранях таталітарызму» (1951), што падзенне таталітарызму не пакідае «іншых слядоў, апрача знясіленых нацый, эканамічнага і грамадскага хаосу, палітычнай пусткі і духоўнай «табуля раза» (чыстай дошкі розуму)» [1].

Філосаф Лешак Калакоўскі ў заканчэнні трэцяга тома сваіх «Галоўных плыняў камунізму» пытаецца, што засталося пасля камунізму, абмяжоўваючы гэтае пытанне межамі гуманістыкі. І адказвае, што ў прынцыпе не засталося нічога. Такая выснова трох тамоў «Галоўных плыняў камунізму». Здаецца, што камунізм быў адной вялікай памылкаю, своеасаблівым фарсам, які разыгрывалі на могілках.

Гэтая памылка, гэты фарс на могілках уплываў на людскі розум. Гаворка пра ўплыў таталітарызму на людскі розум не запозненая. Яна якраз своечасовая. Яна абапіраецца на наш агульны досвед аб'ектаў масавага эксперыменту, што ставіўся на нас дзесяцігоддзямі.

Выйсце з камунізму не азначае аўтаматычнага ўваходу ў сапраўднае дэмакратычнае жыццё. Таталітарная эпоха не была тым, што можна спакойна зачыніць, уводзячы дэмакратычны лад. Адна справа — вызваленне з-пад ярма таталітарызму, зусім іншая — вяртанне да нармальнасці. Румынская паэт-дысідэнтка Ана Бланд'яна лічыць, што мы дзесяцігоддзямі былі замкнёныя ў сутарэннях вязення, брамы якога адчыніліся гвалтоўна і даволі дзіўна. Таму, можа, нам накавана блукаць яшчэ пэўны час бруднымі і змрочнымі калідорамі ў пошуках якога-небудзь выйсця. Нас ніхто не прымушае — нават калі мы страшэнна стомленыя — кінуць пошукі і добраахвотна згадзіцца жыць у камерах. З другога боку, лёгка зваліцца ў роў ці нават у бездань, ідучы толькі наперад. Мы не выракаемся апошніх сямідзесяці гадоў, але накіроўваемся ў 2001 год. Сумнеўна, што ў гісторыі свету існаваў перыяд, які б заслугоўваў, каб яго перажыць.

Таталітарызм нібыта сканаў. Але ён увесь час падае знакі жыцця, як правадыр народаў з вядомага верша Еўтушэнкі «Нашчадкі Сталіна». Камунізм большы, чым проста лад. Гэта цмок, які нарэшце прабіла дзіда святога Георгія. Ён несмяротны. У гэтага цмока ўвесь час адрастае хвост.

MEMENTO.