Адкусі галаву вароне [Уладзімір Арлоў] (fb2) читать постранично, страница - 36


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

некаторыя таямнiцы павiнны ўпрыгожваць жыцьцё менавiта як таямнiцы.

У цябе няма нi цудоўнага голасу Банольдзi, нi яркага лiрычнага тэнару Забэйды. Ты наогул ня маеш вакальных здольнасьцяў нават для самадзейнасьцi. Але ў ваколiцах “Ля Скалы” ты таксама манiсься засьпяваць. Ты знаходзiш вольную лавачку i сам сабе цiхутка заводзiш улюбёную “Александрыну”.

“А-лек-сан-дры-на...” Савецкая рэчаiснасьць i наскрозь зрусiфiкаваны Полацак твайго дзяцiнства гадоў да шаснаццацi пасьпяхова хавалi ад цябе тое, што ты — беларус. Але, калi ты вучыўся ў дзясятай клясе, у твой горад прыехалi “Песьняры” (тады яшчэ “Лявоны”). Ты ўжо слухаў “Бiтлоў” i “Ролiнгаў” i перад канцэртам быў настроены даволi скептычна. Апрача таго, і сам канцэрт апынуўся пад пагрозаю. Бацька, якi працаваў пракурорам i быў у курсе гарадзкiх навiнаў, уручыўшы табе запрашальнiк, расказаў, што сакратар гаркаму партыi па iдэалёгii, убачыўшы “Лявонаў”, дакладней, iхнія “бiтлоўскiя” фрызуры, выставiў ультыматум: або “дзiкабразы” iдуць у цырульню, або канцэрт адмяняецца.

На тваё велiзарнае шчасьце, Мулявiн выбраў цырульню. Пасьля канцэрту ты некалькi тыдняў напяваў “Александрыну”, адчуваючы, як у табе прачынаецца зусiм iншая iстота... Каб ты не баяўся высокiх слоў, ты мог бы сказаць, што “Песьняры” далучылi цябе да нацыянальнага космасу.

Ты сьпяваеш “Александрыну”, i зь мяккага сутоньня на твой бездапаможны голас выходзяць слухачы: на смарагдавым газоне зьяўляецца паважны руды кот, а ўсьлед за iм — белы з чорным хвастом. Яны сядаюць насупраць i сьвецяць табе аднолькавымi лiмонавымi вачыма.

Ня выключана, што ў ранейшым жыцьцi яны былi беларусамi.

Студзень, 2003