Добры дзень, мая Шыпшына [Уладзімір Арлоў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Уладзімір Арлоў ДОБРЫ ДЗЕНЬ, МАЯ ШЫПШЫНА


Апавяданні, аповесць


Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Добры дзень, мая Шыпшына: Апавяданні, аповесць (Першая кніга празаіка) — Мінск: Мастацкая літаратура, 1986. — 191 с.


Адрэдагаваў на грамадскіх пачатках Міхась Стральцоў


© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

Голасам шчырай любові


Чытач, які зацікаўлена сочыць за развіццём беларускай літаратуры, радуецца далучэнню да яе ўсё новых і новых таленавітых аўтараў, напэўна, вылучыў і імя Уладзіміра Арлова. Варта ўчытацца ў апавяданні, як ўсё большую пэўнасць набывае адчуванне натуральнасці манеры, стылю і мовы маладога празаіка, трывалай угрунтаванасці яго твораў у нацыянальныя традыцыі, прывязанасці да тутэйшай зямлі.

Усцешна тым больш, што ў нашу літаратуру на гэты раз уваходзіць аўтар не з далёкай ад індустрыяльных цэнтраў глыбінкі, дзе ўсё яшчэ бруяць крынічныя ручаіны спрадвечнай мовы, а з сучаснага шматлюднага і шматгалосага рада. У гэтага горада, праўда, апрача вядомага на ўвесь ет нафтаперапрацоўчага завода, ёсць яшчэ і багатая гісторыя, памяць пра веча, пра славутага Усяслава Чарадзея, пра паходы і сечы, якія множылі славу старажытнай беларускай зямлі. Полаччына разам з гэтым, апрача мужных ратнікаў, падаравала славянству вялікага асветніка, руплівага збіральніка і дбайнага памнажальніка высокай мудрасці Францыска Скарыну, які з глыбока ўсвядомленай патрыятычнай годнасцю гаварыў пра свой радавод, пра сваё паходжанне «із слаўнага места Полацка».

Ці не адчуванне і ўсведамленне асабістай далучанасці да каранёў, да першавытокаў Бацькаўшчыны паспрыяла таму, што Уладзімір Арлоў пасля заканчэння школы паступае на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Навучанне не абмяжоўвалася старанным засваеннем абавязковай праграмы — паралельна з гэтым ішло актыўнае грамадзянскае пасталенне, прыходзіла глыбокае ўсведамленне сябе сынамі роднага народа, сваёй зямлі, сацыялістычнай Айчыны.

Я не агаварыўся, ужыўшы множны лік. Справа ў тым, што такія адносіны да жыцця і вучобы былі ўласцівы не аднаму Уладзіміру Арлову. Яму, трэба сказаць, пашанцавала на сяброў, якія шмат у чым вызначалі маральную і духоўную атмасферу курса.

Не растрачваць сябе на дробязі, не ганяцца за ілюзорнымі каштоўнасцямі і ўяўнымі прывідамі асалоды і шчасця, а дбаць пра духоўнае пасталенне, шукаць і знаходзіць трывалыя апірышчы ў жыцці, выхоўваць з сябе свядомых грамадзян Радзімы — вось на якія прынцыпы арыентаваліся маладыя людзі. У іх жыло высакароднае імкненне прысвяціць сябе служэнню роднай зямлі, народу, яго гісторыі і культуры. Ці не адсюль браў выток творчы пачатак, імкненне не толькі ведаць сваю мінуўшчыну, але і асэнсоўваць яе ў мастацкім слове. Узнікла і паспяхова рэалізавалася ідэя выдання машынапіснага часопіса «Мілавіца», актыўнымі аўтарамі і выдаўцамі якога сталі многія колішнія студэнты гістарычнага факультэта.

Па-рознаму склаўся іх лёс. Большасць, як і належыць, прысвяціла сваё жыццё даследаванню роднай гісторыі. Спадзяюся, што не адна з яе старонак праясніцца, дзякуючы іх сумленнай працы.

З вершаў на старонках «Мілавіцы» пачынаў і Уладзімір Арлоў. Хто ведае, ці не гэта сталася своеасаблівым пабуджальнікам на далейшую, ужо ў прозе, творчую працу, ці не згаслі б тады мо яшчэ і не дастаткова ўсвядомленыя імпульсы, каб не трапілі ў спрыяльную для росту і пасталення мікраатмасферу сяброўскага разумення, спагады і падтрымкі. Гэта вельмі важна, асабліва на пачатку дарогі, каб ты быў не адзін, не адчуваў сябе самотным, пазбаўленым духоўнай еднасці, а быў сярод роднасных па духу людзей, якія ў сукупнасці ўтвараюць культурнае асяроддзе. Будучы цяпер ужо празаікам з вопытам, са сталай прапіскай на старонках рэспубліканскай перыёдыкі, Арлоў шмат робіць дзеля таго, каб стварыць спрыяльную атмасферу тым, хто спрабуе свае сілы ў літаратуры.

Тут патрэбна невялікае тлумачэнне: пасля універсітэта Уладзімір едзе на родную Полаччыну, набывае новую для сябе кваліфікацыю журналіста і па сённяшні дзень працуе намеснікам рэдактара наваполацкай гарадской газеты «Химик», а заадно і кіруе літаратурным аб'яднаннем «Крыніцы». Яго немалая заслуга ў тым, што сярод раённых літаб'яднанняў наваполацкае адно з самых моцных. Нават не кожная вобласць, бадай, зможа пахваліцца, скажам, такімі маладымі перспектыўнымі празаікамі, як Ірына Жарнасек, Міхась Барэйша, Лявон Неўдах, Вінцэсь Мудроў...

Але гаворка наша, зразумела, сёння пра творчасць Уладзіміра Арлова. У чытача можа ўзнікнуць найперш такое пытанне: чым гэтая творчасць адметная на фоне напісанага маладымі беларускімі празаікамі? Найбольш, вядома, сваёй сутнасцю. А яна неадлучная ад асобы аўтара. Калі мы гаварылі пра прынцыпы, якімі кіраваліся ў жыцці сябры і аднакурснікі Арлова, то тут трэба дабавіць, што вернасць ідэалам маладосці знаходзіць натуральны працяг у творах аўтара