Маладзік над стэпам [Рыгор Барадулін] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Рыгор Барадулін МАЛАДЗІК НАД СТЭПАМ

Вершы


Падрыхтаванае на падставе: Рыгор Барадулін, Маладзік над стэпам: Вершы — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1959. — 108 с.


© OCR: Камунікат.org, 2011

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011  

ВЕЧАР НАД ТАБОЛАМ

* * *


Вагон таварны дрогка тузае.
Гарыць, трапеча стэарын.
Там жарты заглушае музыка.
Тут многіх сон паспеў скарыць.
А вецер, дым над дахам сцелячы,
Праводзіць у далёкі шлях.
Ды нам на шчасце, з поўным,
Велічна
Дарогу Волга перайшла.
I зорным золатам размолатым
Шлях млечны неба запыліў.
Урал гасцінным рускім волатам
Ручнік чыгункі раскаціў.
Абапал — па дарожных правілах—
Слупы з падпорамі — ў струну,
Бы плечы два сябры падставілі,
Каб трэці мог далей зірнуць.
Нарэшце, вольны стэп...
Пякучае,
Тут сонца не шкадуе нас.
I ўжо гадзіннікі падкручваем
Спяшаецца цалінны час.
1957

ЦАЛІННАЯ ПШАНІЦА


З машын спадае хваляю тугой
Цалінная пшаніца.
Далонь падстаў — спячэ гарачынёй:
Тут сонца не скупіцца.
Прыгледзься, не пшаніца, а бурштын
Бяжыць, адшліфаваны.
Хоць наніжы яго ў каралі ты
Ды падаруй каханай.
1956

* * *


Б'е пярун прамой наводкай,
A маланкі неба крэсляць,
Як з Бюро надвор'я зводку
Аб бясхмар'і на ўвесь месяц.
Вось адна адной на спіны
Налягаюць грузна хмары,
Вось — прарвуцца,
вось — лавінай
Дождж нястрымны чохне зараз.
На таку усе — з запалам
Мы зграбаем зерне ў кучы.
Яшчэ й кроплі не упала,
A кашулі — хоць выкручвай.
Сыпнуў дождж.
Пайшоў старацца...
Ды ў буртах ляжыць пшаніца..
Каб за моладдзю угнацца,
Духу мала,
навальніца!
1956

МАЛАДЗІК НАД СТЭПАМ


Цыгаркі круцяць трактарысты.
Глядзіць на фары суслік слепа.
I маладзік, крамяны, чысты,
Растком прарэзаўся над стэпам.
А недзе там, на Беларусі,
Павіс над борам задумёным,
I за сялом ён чуе, мусіць,
Як пара шэпчацца пад клёнам.
Каб закаханых не бянтэжыць —
Хутчэй хаваецца за хмары.
А луг мурожны ў росах свежых,
I салаўі на ўсім абшары!
А недзе там, на Беларусі,
Глядзіць азёрам прама ў вочы.
Тут на адной назе, як бусел,
Стаіць пагрузчык i траскоча.
Ліецца шумная пшаніца,
Увішна шоргаюць лапаты.
На сон i лірыку забыцца
Нам сёння трэба — спраў багата.
Тут i яму не да забавы,
Дармо, што так высока ў небе,—
Маладзіку хапае справы:
Ен тут, як сонца, нам патрэбен.
Над стэпам маладзік бяссонны,
Над стэпам маладзак праменны.
Працуе ўпоплеч шчыра сёння
Ён з намі у начную змену.
1958

ПЕРАД ПАЧАТКАМ СЕАНСА


Спяшаюць гледачы у клуб —
Хто з зэдлікам, хто з табурэткай;
I вунь ужо хлапечы чуб
Заблытаўся з касой суседкі.
Сядзіць у бацькі на руках
Жыхар — карэнны ў гэтым етэпе.
I столькі радасці ў вачах,
Яму за ўсіх зручней i лепей.
Экран закрыў акно, адкуль
Вячэру толькі што давалі.
I нецярпіцца хлапчуку
Зірнуць на акіян у хвалях...
Гады прамчаць... I будзе дзень:
Тады ў тэатр — не ў клуб-сталоўку –
Ен на прэм'еру павядзе
Упершыню сваю сяброўку.
З ёй седзячы плячо ў плячо
Хлапчына, поўны захаплення
Убачыць гэтых гледачоў
Героямі
На новай сцэне...
1956

НАСЦІНА КУХНЯ


Не! Не ўсім надарылася шчасце
Есці боршч, прыгатаваны Насцяй.
Не ўявіць