Прынамсі... [Рыгор Барадулін] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Рыгор Барадулін ПРЫНАМСІ

вясёлыя вершы

закаханы гумар

пародыі, эпіграмы


Падрыхтаванае на падставе: Барадулін, P. Прынамсі... Вясёлыя вершы, закаханы гумар, пародыі, эпіграмы - Мн. : «Маст, літ.», 1977. - 304 с.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

Тэст пацвердзіўся


Як толькі пачаў я «конікаў пасці» —
Абапірацца на локці без дапамогі мамы,
Быў апрабаваны ўпершыню ў жыцці
Сялянскім тэстам,
Старажытнейшым самым.
Мае задаткі i схільнасці
Былі правераны
Без асаблівых хітрыкаў так:
Перада мною паклалі
Кавалак паперыны
I толькі што выцягнуты з катла бурак.
Да чаго пацягнецца ў малога рука,
Лёсам такім будзе ён залучоны:
Араты, сейбіт —
Да бурака,
Да паперыны —
Чалавек пісьменны, вучоны...
Я да бурака пацягнуўся,
Паразважаўшы крыху,
I распагодзіўся бацька ў паглядзе.
Ён мне паказваў,
Як мужык вытрасае саху
I як барсук дзяцей сваіх гладзіць...
Пацвердзіўся тэст:
З відна да цямна
Ару я даволі
I сею ўволю:
Насенне чорнае,
Белае поле,
Што родзіць не густа —
Мая віна!

БЕЛАЯ ВАРОНА

Маладзічку


I зноў праторкнуў
Твой лычок
Шацёр над Чорным морам.
Цябе,
Круты маладзічок,
Паэты бралі зморам.
Цябе ганялі чаўнаком
Па белапеннай хвалі
У боршч
Крышылі часнаком
I вечкам закрывалі.
Падковай быў,
Брывом,
Луской,
I крэсівам запалу,
I нават клёпкай
Той,
Якой
Паэту не хапала!

Забіваюць казла


Як рэшткі класавага зла
«Працаўнікі»
Штодзень казла
З адчаем
Забіваюць,
Не чаем
Запіваюць.
З якіх брадоў
Забрыў казёл
Да гарадоў,
Да ціхіх сёл?
Казла ўсё б'юць,
А ён жыве.
Мазгі трасуцца ў галаве
Забойшчыкаў зацятых
Ажно да закрыцця тых
Жыццёва важных устаноў,
Дзе п'юць не квас
Ca «стаканоў».
Біць ці не біць?
Наіўных слоў
I вымаўляць не варта.
Казлятнік класны
Мусіць быць,
Як сто казлоў,
Упарты.
У час гульні
Ніхто ані
He пераносіць цішыні!
Тут не баяцца мазаля.
Настырны пераможа.
Так іншы лясне,
Што зямля
Сысці з арбіты можа.
У дыме месячык плыве...
Казёл ледзь мыкае...
Але
Не з'едзена капуста,—
Пакуль, нарэшце, на стале,
Пакуль, нарэшце, ў галаве
Не стане
Пуста — пуста!

Спакойны муж


— З-за мяне галубы развяліся,
Шпак частуе салодкаю вікаю...
Верабей адказаў вераб'ісе:
— А мяне гэта ўсё не чырыкае!

Правілы, парады


Тут не паможа вата,
Хоць тона ў кожным вуху,
Лепш слухай вінавата
Пра годнасць правіл руху.
Запомні іншым разам,
Як жыць з суседам разам,
Дзяліцца унітазам,
Як карыстацца газам!
Пясочку ў лёгкіх мала,
Яшчэ не ўсе затарыў,
Папыласось з запалам
Кілімы тратуараў.
У хіміі ў палоне
Дрыжы,
Як тая туя.
Пасля дажджу балоння
I ўвосень нерастуе.
Прагноз сабе не рады —
Загоніць у альтанку.
Дажджы,
Нібы нарады,
Ідуць бесперастанку.
Нібы па расцяробах,
Ідзеш па забаронах,
Па ўсіх перасцярогах,—
Без ix ні з-за парога!
Чакаеш, каб з адчаю
Афішы закрычалі:
Хадзіце па газонах!
Ваду сырую піце!
I на спектаклях дзённых
На аднадзённых —
Спіце!

Помні!


He лішне ў чэрапе прадух.
Мой друг,
Не забывай пра дух.
Ёсць варыва —
Для чэрава,
Для сэрца трэба —
Верыва!

Не зразумела


Жыве ў далёкай маладой красе,
Забыўшыся шчасліва на гады.
Ганяліся за ёй адной усе...
Чаму ж ніводзін не дагнаў тады?!
Да сэнсу першасці
«Апошні дурань» — упарта
Абразу выслоўем вершым,
Хоць дурню ясна: не варта
Імкнуцца быць
Дурнем першым.

Дар па вена [1]


У Літву закіне лес —
Там адведайце адменнай,
Той, што весяліць да слёз,
З добрай просьбай:
«Дар па вена».
А над галавой сасна.
Рэчка б'ецца белапенна.
За сустрэчу — ўсё да дна,
За знаёмства —
Дар па вена.
A літоўка ў добры час
Кіне позіркам праменна —
Згубіш свой спакой ураз.
I за страту —
Дар па вена.
Змрок ахутаў зрок, палі,
Кроў шпарчэй бяжыць па i
За мінулы дзень налі
I за вечар —
Дар па вена!

Знайшоў


Нуду
Я пальцам развяду.
Прэч, скруха-векавуха!
Такую ласачку знайду,
Хоць прыкладай да вуха.
I сегалетачку знайшоў,
Адно зазначыць мушу:
Кахае так,
Што ад паўшкоў
Гараць удзячна вушы!

Акцёр-самабытнік


Засядаць — актывіст,
Вопытны крэслацёр,
Ён на сцэне —
Статыст,
На трыбуне —
Акцёр.

Перасцярога


Паставы, не спі ў каўнер,
Бо не спіць прыгода.
Служба йдзе,
Але цяпер
На дублёнкі мода!

Матэрыялы для немэталагічнага слоўніка


Каўтун
хвароба тая,
Калі амаль штодня
З сябрамі муж каўтае,
А дома —
Каўтатня.
Валасень
Зашмальцуецца бітлоўка.
Як запусціш — справа дрэнь,
Ножнамі цырульнік лоўка
Выганяе валасень.
Упуд
Як можна вымераць упуд?
Не хабарам вагою ў пуд.
Загмаг забыў спакой?
Яго садзіце —
Не на кут.
Усе сімптомы знікнуць тут.
Страх зніме як рукой!
Трасца
Перад рэвізіяй трасе.
Дрыжаць,—
А можа, пранясе? —
На трасе i на трасцы,
I ў шэйку падуладны ўсе
Крутому рытму трасцы!
Жаўхуха
Як шэфу да вуха
Шаптуха
Прыстаўлена — i не адна! —
Падшэфкаў прахопіць
Жаўтуха,
Падшэфных ачэрніць мана.
Крыксы
Крыксы шмат дзяцей звялі.
Ды хвароба ёсць такая
I ў начальніка,
Калі
Крэсла з-пад яго знікае...

Не без прычыны


У сне стагнаў трывожна сын,
Крычаў ад утрапення —
Наведаў з бацькам магазін
Дзіцячага адзення.

Апраўданне


Паспачувала б жонка хоць.
Жаночы нораў мне вядомы!
Сказала:
«П'яны не прыходзь!»
Таму
I не начую дома...

Адкуль гузакі

(успамін пасля гасцей)


Тост узнімай —
I ўсё дарма!
Падумаеш пасля.
Яно i мяккая зіма,
Ды цвёрдая зямля.

Празмерна пудлівы


Семь пядзяў — без шасці — ў ілбе.
П'е ўдосыць без прынукі.
Такі пудлівы,
Што сябе
Узяць баіцца ў рукі!

Гарантыя клопату


Самога сябе
Правядзеш на мякіне,
Прыляжаш паспаць на дварэ,
Забудуць сапляшнікі,
Жонка пакіне,—
Міліцыя падбярэ!

Розніца ўзростаў


Нямогласць пажадае
Судзіць магчымасць строга,
Усмешка ўлоў багаты
Часцей бярэ з кручка:
Не жонка маладая
У таптуна старога,
А ў маладога таты
Дарослая дачка!

Культурны слой


Гісторыя з натурай злой,
Як цешча маладая.
Ад дзён былых
Культурны слой
Наступным пакідае.
Эпохі так праз дзве,
Праз тры
Заўважыць археолаг
Хіба турысцкія кастры
На выпалінах голых.
Капне
Наступніка рука
Не
Нейкі збан-ручасцік —
Бутэльку
Не з-пад малака,
Бляшанку,
Дзе быў часцік.
Стараюцца будаўнікі,
Каб плён ix
Быў карысны.
А вы культурны слой
Які
Пакінеце, турысты?!

Перасоўны звярынец


На ўскраіне горада
Перасоўны звярынец.
Хоць на нябёсах вакно расчыні!
Здаецца, патопам
Чарга нізрынецца,
Чарга звярэе ад гарачыні!
Гырчыць рэпрадуктар
Для крыважэрнага слыху.
Чытай дыяграмы i май карысць
Колькі месяцаў
Малое ў чэраве носіць асліха,
Колькі жыве асёл,
Чым харчуецца рысь...
Звярам да зарплаты
Прагрэсіўкай — ірыскі.
Стойла ў яка —
Не надта шыкоўны салон.
У адзіночцы закрачаны,
Рыкае тыгр усурыйскі,
Матляе хобатам
З пенсійнай развагай слон.
Прастора сніцца
Насарогу-няўклюдзе.
Рой самы злы,
Як рай, прывітаў бы мядзведзь.
Як на бедных сваякоў,
Што не вылезлі ў людзі,
Ратазеям на малпаў
З перавагай
Прыемна глядзець...
A звярынцанасельнікі
Пра страсці людскія не ведаюць,
З дакорам стамлёным глядзяць
На звярынцанаведвальнікаў.

Важкі аргумент


Нос у мяне
Такі чырвоны,
Таму што ён
Свярбіць штодзённа.

Нясвіж па-восеньску


Дзвярыма заспанымі ляпаюць.
Сонна цячэ рака.
Адпяваюць паяльнай лямпаю
Чорнага вепрука.
Ціш...
Як у бога за пазухай...
Восені мала рук.
Нясвіж мне паэт паказвае,
Багрымаў цёзка —
Паўлюк.
Ціш...
З патаемных сховін
Над забыцця ракою
Скардзіцца небу Бетховен.
Глядзіць ca сцяны
Сыракомля.
Не мае да бога, да чорта
Хор Пятніцкага спавагі
I ў Мінску, ў Палацы спорту,
Яго «Ямщика» спявае.
Мінучасць вякоў спадае
На дол перастылы
Хмура.
Старая ля спавядальні
(З суседкай звадзілі куры?).
Маўклівых стагоддзяў
Цярпенне.
Трапёткая,
Над імшою
Ластаўка пад скляпеннем
Б'ецца грэшнай душою.
Цішу прамень прасвечвае,
Хто яго
Утаймуе?
Восень ірвецца з вечнасці
У мітусню людскую...
Восенню ў Нясвіжы
Кепскі настрой насвяжы!

Як мора падагрэць?


Як хочаш хату падпіліць,
Дык пачынай з вугла.
Хацела мора падпаліць
Сініца — не змагла.
Падшэфак шэфа падхваліў
Пад навагодні торт
I раннім летам,
Падхалім,
Падаўся на курорт.
Хоць кабінетны зайчык мёрз
(Надвор'е падцякло),
Затое шэф прывёз
Свой торс
Пад самае цяпло.
«Я вам аблокі разганю!—
Сіпеў падшэфкаў спеў.—
Нырцуйце, шэф,
У цеплыню,
Я мора вам нагрэў!»
Каб шэф не быў,
Як злы айчым,
Каб медзь
Не толькі медзь,
Дадумаешся,
Як i чым
I мора падагрэць!

Човен на бархане


Яўна, сказка кожны з вас,
Човен на бархане
Можна бачыць толькі раз,
Толькі ў пэўным стане.
Хоць, фатограф, выручай
Ад дапытнай прозы,
Што ўжываў зялёны чай,
Быў, як чорт, цвярозы!
Не пазбегну шчаўбана,
Сам сябе астару —
Гэта човен чабана,
Што пасе атару!
Вока, анекдот, не жмур —
У пустыні смела
Нерастуе сам амур,
Той, каторы белы.
Чыркане крылом ледзь-ледзь
Беражанка думы:
— Шчупакоў лавіць едзь-едзь
Толькі ў Каракумы!
Ява, фактам даканай,
З д'яблам перакумся —
Вёслы ў рукі — й на канал
Плынны, каракумскі!

Размова ў пустыні


Крычу здалёк:
— Салам! Салют!
Хоць галаву напаліць,
Сфатаграфуемся, вярблюд,
Давай з табой на памяць!
Не з зайздрасці, павер,
Бляды,
Я з поўначы, са стыні,
А мы абодва — верблюды:
Я ў лесе,
Ты ў пустыні.
Зусім не цесна
Нам дваім,
Не так,
Як тым масцітым.
Ты са сваім,
Я са сваім
Мясцовым каларытам!
Пяколак маеш i каптур,
Як гаспадар шыкоўны.
I твой маднячы гарнітур
Такі з вярблюджай воўны.
Пяскоў нішто сабе кусман!
Ступай жарствою колкай.
I ад урокаў талісман
Драўлянай балаболкай.
Жыць схочаш —
Будзеш з галавой:
Тут ні лугоў,
Hi лядаў.
Тэльпек заплеччу носіш свой,
Каб з галавы не падаў,
Калі скубеш
Скіслелы шор.
Горб не карысць,
Вядома.
Ані табе сядла,
Hi шор!
Ты i ў пустыні —
Дома!
Калі напнуцца
Тэнт
I стэнд,
Тады i сквар пастыне.
Жыві,
Як важкі аргумент,
Што ёсць яшчэ пустыня!

Бароды аксакалаў


Кожнага аксакала
Пашана сама адшукала.
Усе аксакалы —
Мудрай пароды.
I ў аксакалаў,
Вядома, бароды!
Хаця не бывае такога лякала,
Каб вызначыць правільнасць
Барады аксакала!
Бароды качэўнікаў
Абавязкова
Нагадаюць знячэўна
Абрысы падковы.
З цэнтра пачну...
Персонай галоўнай
Аксакал,
Бы абклаў падбароддзе бавоўнай.
Барада такая
Не ўцякае
З рукі,
I цешыць, i быццам грэе.
Хаця i нагадвае мне радкі,
Дзе ямб перабег дарогу харэю...
А гэта —
Тырчыць кузлакамі,
На хмару падобная,
Што лякае
У ясны дзень перунамі.
На мяне аксакал за параўнанне
Не крыўдуе хай,
Бо пераходжу да суседавай барады,
Яна, як гай
Саксаулавы малады.
Каб злюцець —
Ледзь
Тузані
Адну саксауліну,
Згінуць злыдні,
Як авадні!
У барадзе такой —
Неспакой,
Аксакал ад самазадаволенасці
Затулены,
З барадатага анекдота розных
Наіўнасць святая
Хохмачак насукала,
Наогул, раю
Адрозніваць
Саксаул ад аксакала!
У калгасным клубе-палацы
Пашамі
Сядзяць аксакалы ў пашане.
На грудзях —
Скарбы для нумізматыкі!
Вось каму
Зайздросціце, шаноўныя маразматыкі.
Гэта вам не з авоськамі
Малочнай шклотары йсці.
Зайздросціце мудрай старасці!
Вам, склеротыкі,
До такі
Сніць эротыкі дотыкі!
Аднак я зноў да барод
Перайду,—
Запомніце, гэтага мала:
Мець белую бараду,
Не за выслугу год
Даецца імя аксакала!
Наогул, кароткую бараду зухавата
Насіў спрадвеку качэўнік.
I я за верш даўгаваты
У аксакалаў
Прашу прабачэння...

Белы прыпар


Закон пяскоў —
Закон суровы.
I мода й слава — ўсё лухта!
Ды ў прыпар белы
Выбухова
Усіх i ўсё яднае слова
Усёмагутнае —
багта!
Тут ёсць ад ліхаманкі штосьці.
Трывожны край,
Як касмадром.
Ад клопату —
Не ад зайздросці! —
Ты робішся гаспадаром!
Не да застольных узвялічбаў,
Не да спакусы шашлыка,—
Паэзія нялёгкіх лічбаў
Кранае сэрца башлыка [2].
Забыўся аксакал
На кульбу,
I аксакальша —
На гады!
Багту ў мяхах,
Як нашу бульбу,
Нясуць малыя
I дзяды.
I нерашучасць нерастуе,
I векавая немата.
Чарней ад зайздрасці,
Густую
Святлом развідніць ноч —
багта.
Недатыкальнай
Стаў амаль ты
Асобай — скрозь наўскапыта!
I ў «персанальнай»
Збоч з асфальту —
На чорным чаране —
багта!
Мудрэц
Прыгожай кветкай самай
Назваў бавоўну.
Любата!
З багты
Халат вясельны й саван,
I сіла выбуху —
багта!
Не дбай
Пра байскія замашкі.
Сама крутая дабрата,—
Яе хмурыністая важкасць,
Яе прасветленасць —
багта!

З'езд калгаснікаў


З'езды геніяў,
З'езды класікаў,
Як забыты шляхоцкі фэст.
Раптам здорава —
З'езд калгаснікаў!
У сталіцы рэспублікі
З'езд!
Досыць
Па кабінетах утуліцца:
Ззелянее літаўраў медзь.
Творцы,
Выйдзіце хоць на вуліцу
На герояў жывых паглядзець!
Чым ix здзівіш?
Прыёмнымі,
Ваннамі?
Хай рыпіць аўтаручак штыкет.
Боту,
Шчодра наваксаванаму,
Саступае дарогу штыблет.
Складна хваліцца,
Ладна ганіцца:
Хопіць солі i саляніц!
I хусцінкам
Пярэста-цыганістым
Цяжка ордэны ўсе засланіць,
На трыбуне
Не ўмеюць месціцца.
Тут быка за рогі бяры.
Бо зямля ім —
Не аліментшчыца.
Справу любяць гаспадары.
Тут не дбаюць,
Як факты выдаіць,
За якім паставіць
Які.
А таму, хто дрэмле ў прэзідыі,
Цяжка вылузацца ў кіраўнікі.
Для ўзмацнення
Не трэба рупары,
Луджаны на вятрах галасы.
Абаранак насмешліва хрупаюць,
Папкі —
Зручныя для каўбасы!
Пазіраюць машыны ўласнікаў
На запырсканага «казла».
Хто там шамкае?
З'езд калгаснікаў!
Ціха —
Слова Зямля ўзяла!

Не запасаюцца соллю


Не запасаюцца соллю,
Супонямі.
Любуюцца поўняй,
Болей турбуюцца,
Як дастаць у лес непалоханы візу.
Званіла знаёмая сёння,
Што праездам з Японіі
У Маскве спыняецца
Монна Ліза.
Значыць, не толькі сочаць
За раскладам рэйсаў у Сочы,
Глядзяць не толькі ў куфэрчык бабчын.
Вочы
Ахвочы
I да стрыптызу,
Ды прагнуць убачыць
I Монну Лізу.

Выезд на прыроду


Уранні хапала
Пітва i запалу,
Пад вечар сказаць бы маглі:
«Нага чалавечая тут не ступала»,
Бо поўзалі ўсе па зямлі.

Казка пра караля


Казка пра голага караля,
Сэнс яе праступае па часе.
Ходзім навокала ды каля,
A калі ж
Яна ўсё-такі пачалася?
Якою такою
Мудрай парой,
Якім летапісным летам
Выйшаў на людзі
Голы кароль
I хто вінаваты ў гэтым?
Дапусцім,
Спаважліва прамаўчым,
He вінаваты кароль
Hi ў чым.
Дык хто ж вінаваты:
Краўцы,
Ткачы,
A ці маўклівыя гледачы?!

Па ходу штопара


Хоць раз у жыцці
Ўпэўніцца ў адкрыцці
У сферы кухні
Мужу здараецца.
— У ложку не тухні,
Вазьмі адкруці
Покрыўку,—
Просіць жонка-старанніца.
— А трэба адкручваць
У бок які?
— Ну, злева направа,
Па ходу гадзінніка,—
Тлумачыць палова,—
Вы ўсе, вахлакі,
За пазухай жонак,
Як імяніннікі.
Такую лухту
Даручыць мне каму ж,
Як не табе,
Мямляватае топала.
— Адвінчана!
Эўрыка! — ўскрыкнуў муж,
Адразу б сказала —
Па ходу штопара!

Белая варона


Рэжа слых навіна,
Вочы коле:
Як мела смеласць
З'явіцца яна
Адна ў наваколлі,
Белая варона?
Нешта тут падазрона
Мараль не дрэмле.
Быць проста дрэнна
Безабароннай
Белай варонай...
Hi ёй з кім на ты,
Hi ёй якаць.
Атрымліваецца да смехаты,
Што ў абыход закона
Вылупілася з яйка
Белая варона!
А звыкласць забаронна
Іклы шчэрыць:
Варона —
Яна варона,
Варона мусіць быць
Шэрай!
Шэрая —
Калі ласка!
Шэрай верыла
З калыскі казка.
Што ні кажы,
Hi ў якія кашы,
Hi ў якія вароты
Не лезе
Белая варона
Нават у лесе!

Вясёлы запавет


Калі надзейным сном засну
З зялёнай асамблеі
Спіліце на труну
Сасну,
Што для мяне ўцалее.
З халодным цынкам
Больш бяды,
Спаць мулка ў перапудзе:
Металалом
Яшчэ й тады
Здаваць нашчадак будзе!

З большым даверам!


Хоць скарыліся тэхніцы
Вышыня i прастор,
Спіць хамут пад павеццю,
Калёсы — пад плотам,
Пераводзяць
На конскія сілы
Матор,
Вышыню вымяраюць
Птушыным палётам!

Карысная парада


Калі падымаецца дзе ў калегі
Аклад
I ціск — адпаведна — ў вас,
Не ўсе забірайце
З аптэкі лекі,
Пакіньце іншым на чорны час.
Ціск можна збіць
З панталыку, як нама,
Чорнай ароніяй
З дачнага ўчастка,
Можна таксама —
Светлай іроніяй!

Неабходнасць таварыства


Сёння не да здзіўлення
Цікаўнай вароне,
Шчупакоў
Падвіжоўваюць з розных бакоў.
Хоць стварай
Таварыства па абароне
Ад паляўнічых i рыбакоў!

Радкі пад руку ветраку


Дай жа на прывет руку,
Ветрагон,
Драўляную!
Я ж крычу не ветрыку,
А табе,
Ветраку,
На цябе хоць гляну я.
Ціш паўзе з-за лужыны.
Вольны ад пачынаў,
Выйшаў на заслужаны
Адпачынак.
Ані мўкі
Hi мукі —
Хоць падайся ў прымакі
Вунь да той хмурынкі.
А не меў,
Быў час такі,
Вольнай ні хвілінкі.
Ціш табе не снілася,
Глушыня нямая.
Прыказка дражнілася:
Той, хто круціць, мае!
Быў млынар малады,
Як завея, белы.
Пра яго на ўсе лады
Песня смела пела:
— Ой, млынар ты, млынар,
А я — млынарыха.
Каб з табою мы, млынар,
Не зрабілі ліха!..
Як ні круцішся —
Адно
У выніку багацце.
Адкруціў сваё даўно,
Мне круціцца, браце!
Мець жа ў прымакі
Да хмар,
Map
Пра ліха
Ціха...

Дазвол


Мароз быў не такі,
Каб самы,
Ды снегу — з галавой наўкол.
Ішоў я атрымаць у мамы
Курыць i лаяцца
Дазвол.
Сябры ўсе ў партызанскай зоне
Дымілі з першых дзён вайны,
Мат бралі ў кволыя далоні
Без рукавіц,—
Яны адны.
Я ж пад слухом,
Што пад аховай,
А мне ж карцела —
I хутчэй! —
Ударыць матам,
Як падковай,
Каб іскры ў сябрукоў з вачэй!
I папяросіну такую
Скруціць — не менш! —
З аглабліну.
У думках сам сабе талкую:
«Уволю дыму заглыну!»
У памяці аціхлі стрэлы
Вайны,
Стаў ласкай — мамін гнеў.
Але,
Каб поўсць на мне курэла,
Як зараз помню,
Не хацеў!..

Мама, не чытай!

Не спаць!


Прыкметы горай ад вужых
Сіпяць старанна:
Хто на падушках спіць чужых,
Лысее рана.
Амур з чупрынай не прастак —
Засведчыць неба.
Каб не лысець,
Выходзіць так,
Што спаць не трэба!

Маленне да твайго халаціка


Дзе зор,
Дзе радзімак галактыка?
Малю ў вечаровым запале,
Каб гузікі ўсе з халаціка,
Як знічкі,
З твайго апалі.
Вяселле ў нас паркалёвае.
Хай іншым —
Нуда залатога!
Тугу на зямлі ўсталёўвае
Вянчальнай сукенкі тога.
Як досвітак,
Пеўнік хахлаценькі,
Клапоты абудзіць гарласта,-
Хай гузікі на халаціку
Узыдуць
I густа,
I часта!

Лютаўскі начлег


Неспакою прадвесце —
Прадвесне
I праз дзвесце,
Праз тысячу год
Уваскрэсне,
Галінкаю трэсне —
I запоўніць душу
Крыгаход.
На зыходзе якраз быў
Люты.
Месяц мой
На дзянькі жадзён:
Не хапіла снежнай валюты,
Каб трымацца хоць
Трыццаць дзён.
На размову
Дня ў лютым мала.
Для начлегу
Прычына ёсць.
Гаспадыня
Пасцель наслала,
Не наслала сон,
Як на злосць.
A віною ўсяму
Гаспадыня.
На бяссонне не варта злець.
Тут і мёртвага
Вас падыме,
Уздыхне маснічына ледзь.
Тут закрыцца б
Шляхетнай дужцы.
Толькі лез маладзік
Напралом.
Я варочаўся ў раскладушцы,
Як анёл...
З запасным крылом.

Урбаністычнае імгненне


Хоць адыдзіся ад акна,
Ды наракай на долю злую:
Адпіхваецца ледзь яна,
Рукамі ўсё слабей вяслуе.
Налёгла заграбае ён —
Аж сэрцаў чуецца біццё.
Плывуць удвух, як i спакон,
У забыццё...

Занадта клапатліваму мужу


Гатоў бядак
У мак разбіцца,
Каб толькі жонку апрануць.
На неапранутую быццам
I ў думках боязна зірнуць!

Нячысцік вінаваты


Віною ён, нячысцік той,
Дальбог жа, не хлушу:
Падбіў прасіцца на пастой,
Адкрый жа мне душу!
Бадай бы чмут
Засмяг i счах,
Няўжо й яму няўцям,
Што ў веснавых тваіх вачах
Зацесна ўжо чарцям?!

Высокая падушка


Над лесам гэтак задажджыла,
Здавалася, усяму капец.
Ззалелы, вымаклы да жылы,
Ускочыў пaд страху хлапец.
У леснічоўцы — леснічоўна.
Бацькі якраз на кірмашы!
Ноч нахапілася раптоўна.
Яна i ён.
I ні душы.
Пагасла млявай зоркі плошка.
На дыбачках ідзе спалох.
Ані канапы,
Ані ложка,
На ix, дваіх,—
Адзін палок.
Адгарадзіліся падушкай
I пажадалі добрых сноў.
А сэрца, як званок пад дужкай.
I трохі страшна лесуноў!
Хаця не росна,
I не млосна,
I не кусаюць камары,
Ды невыносна,
Немілосна,
Сон не прыходзіць —
Хоць памры!
Як праглынуўшы тапарышча,
Стаіць начлежнік,
Смех i' грэх!
— То пачакай...
Блінцоў напрышчу...
— Не трэба, дзякуй за начлег...
— Упірысты такі чаго ты,
Ці наварочаўся калод?
Праводжу, адчыню вароты.
— Сам пералезу цераз плот!
— Куды табе! Патуж папружку...
Пачырванела да вушэй.—
Не пералез цераз падушку,
A бацькаў плот —
Куды вышэй!..

Каўказскія дарогі


Важнасць растрасе тут.
Лоб,
Раўнівец строгі,
Мацай пакрысе
Ды
Важ у думках рогі.
«Абдымі суседа!» —
Паварот дарогі.
У гарах для брытвы
Не шукай разетку.
Дакажы свой спрыт ты
Пагукай суседку.
Тут не трэба тэнтаў.
А рака такая,
Як ад аліментаў,
Пад зямлю ўцякае.
Медзвядзём з бярлогу
Не вядзі разведку,
Знай адну дарогу:
«Не ўпусці суседку!»

Забаронныя плады


Тварэц, быў духам малады,
Не персаналіў спраў —
Два забаронныя плады
За пазуху паклаў.
I распладзіў па свеце
Еў
На неспакой садам.
Каб кожны
Хоць вачыма еў
Спакусны плод
Адам.
Па штату — ні вартаўніка.
Падумка да пладоў
Кіруе дзёрзкасць юнака,
I пільны зрок кіраўніка,
I хіліць воз гадоў.
Смяюцца смелыя сляды
З мурожнай цішыні.
Хоць забаронныя плады
Наноў забарані!

Курортнае акно


Акно —
Паштоўкаю з Каўказа,
Хоць дасылай у край азёр.
Адразу
Тут бяры быка за
Крутыя рогі,
Фантазёр!
Малы ручай —
Сусед лавіне,
Ды не ручайся за ручай.
Захочаш—
Дзень у седлавіне
З зарой вячэрняй
Заручай!
Пенсіянеру-дубу сніцца
Чынара —
Улюбёнка гор.
Курортніцай сараматніца
Здымае
Свой хіповы ўбор.
Адпачываюць да знямогі —
У сэрцы б'е прыбой віна.
Нібыта вёслы,
Сушаць ногі
Плыўчыхі ўдачы
Да відна.
На пляжніцы
З крамяным станам
Сукенка модная ліпіць
Перапялёсістым бананам,
Што толькі пачалі лупіць.
Як бы да «бананачкі»
Папрасіцца ў наначкі?!
Адно
Паштоўкаю з Каўказа
Акно
I хітрых зор дазор.
Пісаў — даўно
Няма адказу.
Не спіць у шапку
Край азёр!

Спалучай!


Турбот спрадвечных мліва
Жаданнем не суроч,
Для працы —
Дзень руплівы,
Для ўцехі ціхай —
Ноч.
Старайся не дарэмна,
Турбот не клянучы,
Шчырэй удзень нядрэмна,—
Ды не праспі начы!

Смутак


Смутак быту саліднага:
Ёсць дзе жыць,
Што пад'есці...
Пастаяць бы
Да віднага
У цёмным пад'ездзе;
Чуць, як б'ецца, ўстрывожаны,
Сэрца пудкі пaдлетак
(Хай сабе не стрыножаны
Табуны кпін i плётак!..);
З бесклапотнай абранніцай
Шчоўкаць бы лузганцамі!
(Самі сыдуцца раніцай
Канцы з канцамі!..)

Начны казёл


На згон зімы
Дадому муж
Такі дайшоў пад ранне.
Да жонкі ў наступ:
— Ты чаму ж
Не дзівішся з качання?
Капуста свежая!
Ў чарзе
Яшчэ б стаяў, няйначай,
Ды ў міг апошні,
Балазе,
Свайго знаёмца ўбачыў.
Засумаваў я
Па траве,
Па навіне зялёнай.
Луска ад воблы
На брыве
Блішчыць слязой салонай.
Да мужавых турбот,
Да слоў
Не мае жонка жалю:
— Скажы, калі
Начных казлоў
Карміць капустай сталі?

Адкрыццё ў заалогіі


Дакажу я заўтра класу,
Што на ўсё хапае часу:.
На канькі,
I на кіно,
I на ўрокі заадно.
I ля дошкі паўтару:.
Сумчатыя —
Кенгуру,
Бандзікут,
Яшчэ таксама
Сумчатая наша мама.
Тут не цяжка разабрацца,
Як ідуць дахаты
З працы?
З півам тата
З мінай сумнай,
Мама
З магазіна — ў сумках.

Крыху спазніўся


Дачка шчырэла з году ў год,
Цягнулася да ведаў.
I тата сам бацькоўскі сход
У рэшце рэшт наведаў.
Грымотны дома,
Тут заціх.
Зычліва i талкова
Сказалі пра дзяцей усіх.
А пра дачку —
Hi слова.
У класнага кіраўніка
Няўпэўнена пытае:
— Як вучыцца мая дачка,
Старанная такая?
Вясёлы быў адказ:
— Якраз
Памылка адбылася.
Прыйшлі вы ў пяты клас,
A ў вас
Дачка ўжо ў восьмым класе.

Суседка за перагародкай


Жыццё халасцяцкае —
Жыццё гаротнае.
Суседка гарачая
За перагародкаю.
Ваду суседка
Таўчэ ўсё ў стуле.
I час не ранні,
Яна ўсё тупае.
Настала ўрэшце
Ціша лагодная.
Масніца жаласна рыпнула.
Суседка ў прасціны халодныя
Нырнула самотнай рыбінай.
Спаць не хачу я.
Ад жонкі пісьмо чытаю.
Не спіцца суседцы,
Чую.
Таксама ўздыхае.

Ні ў сон, ні ў фасон


Палыном — вячэра,
I пярына — лубам.
На Пятра звячэе
Ноч з карчом нялюбым.
Лёг, ляны ваўчыла,
Ёлупень пляшывы
Да сцяны вачыма,
Да мяне плячыма.
Дзень, хутчэй займайся,
Як бычок, падбрыквай!
Зябка й ночкай майскай
Любаму з апрыклай.
Не забыў, магчыма...
Cпi ж, мой запальчывы,
Да сцяны вачыма,
Да яе плячыма!

Лірычны стрэс,альбо закаханы гумар

Цецерукова клятва


Што за стук,
Што за грук?
Стрэхі крые цецярук?
Кляўся ж на таку цяцерам,
Што для кожнай зрубіць церам...
Па вясне —
Махнуў хвастом,
I прывет суседцы!
У балоце пад кустом
Цяцера нясецца...

Чакаю твайго званка


Прыкуў Праметэя
Зеўс да скалы.
Трымалі рабоў галеры.
Усіх пакут
Пералік немалы —
Прыдумалі ix
Да халеры!
Век новы
Старыя звычкі кляне.
Я — раб
Векавога закону.
Ты новую кару
Прыдумала мне:
ПРЫКУТЫ ДА ТЭЛЕФОНА.

Хоць ix уваж!


Хаця раптоўны гром
Прывець усмешкай ветлай.
Сарвалася са стром
Маё цярпенне — ведай!
У хітрай старане
Даўно маўчыш зацята.
Не хочаш чуць мяне —
Яго пачуй хаця ты!
Маланкамі лісты
Пішу табе здалёку.
Хоць ix ці ўважыш ты
З канвертамі аблокаў?!

Згодзен на падзёншчыну!


Твае грахі — мае грахі.
Не варта расцвяляць спагаду.
Пайду падзённа ў пастухі
Твайго ўтрапёнага пагляду!

Марнае старанне


Я думаю ўвесь час
Не думаць пра цябе.
Лаўлю сябе якраз
Надумцы, што ў журбе
Я думаю ўвесь час
Не думаць пра цябе.
Даю сабе наказ.
Каб верным быць кляцьбе,
Я думаю ўвесь час
Не думаць пра цябе!

Гэта не я


Гэта не я прыходзіў —
Болей не мог адчай мой.
Гэта мае нецярпенне
Грукалася ўначы.
Дзякую той прыгодзе —
Радасцю залачае.
Здзіўленае ўтрапенне,
Лепей пра ўсё маўчы!

Пакінь толькі!


Я столькі начэй
Вачэй не звёў.
Дзе ўвагі тваёй світанне?
Пазбаў мяне ўсіх правоў —
Пакінь мне
Права чакання.
За моры бег,
Знікаў за бары,—
Не знаходжу спакою
Нідзе я.
Ты дні мае ўсе
Забяры —
Пакінь толькі
Ноч надзеі!

Юначая крыўда


Пляцешся пешшу — доўжацца гадзіны.
Спякотным днём
Ані адной машыны!
Шыбуеш ноччу з дарагой,
Адзінай,—
Машыны пруць лавінай несупыннай.
Абдымеш толькі любую —
Маторы
Равуць ля вуха
Яўна не ў гуморы!
Адважышся крануцца губ губамі —
У вочы фары
Зыркімі слупамі!
Клянеш тады
Нахабністыя фары й
Падумаеш:
Чаму няма аварый?
Параяць:
Не цалуйся на дарогах!
Калі ж да весніх весніц
Метраў многа!

На Чудскім возеры


На бартах серабрацца луской
Дрыгатлівыя пырскі апалыя.
Мокрай цінаю,
Мокрай луской
Пахне мокрая, чорная палуба.
Гэй, цішэй, стырнавы,
Не імчы!
Хоць на працы мы тут —
Не на шпацыры.
Чуеш? —
Неўскага войска мячы
Аб крыжацкія
Вострацца панцыры.
Бачыш? —
Неўскага шабля відна.
Бачыш? —
Крочыць ён,
Бліскае латамі.
Чуеш? —
Чуды выходзяць са дна,
I рагочуць
Русалкі кудлатыя.
А на беразе поіць каня,
Там,
Дзе чайкі садзіцца меліся,
Вячка —
Полацкі грозны князь:
Трэба рупіцца ў Тарту —
Меэліс
Зачакаўся падмогі даўно
Ды шыткуе галовы тэўтонскія.
Вецер скручвае
Хваль палатно
To ў таўстыя сувоі,
To ў тонкія.
Там,
Дзе князеў буланы іржаў,
Думаў князь,
Раздзяліць неба полаг з кім,
З узбярэжжа таго баржа
Сёння мчыць
На бензіне полацкім.
Хваля ўспеніла
Цішу са дна.
I над ёй
Чайка белая войкае.
З намі шчыра рыбачыць
З відна
З Тарту хваля адна,
Сінявокая.
Промень ранішні
Прывіды сцёр.
Толькі палуба
Мокра парыпвае.
Лайнэ [3],
Ты папрасі сясцёр,
Хай напоўняць нам
Сеткі рыбаю!

Спроба акраверша


Аленю здзіўлення аб скалы адчаю разбіцца ў запале.
Ледзь Вашая ўсмешка ўзыдзе — ўхвал загрыміць абвал.
Але, асмялеўшы ад страху, выводжу світальнае — Але .

Іўе перад навальніцай


Падвялае каліўе —
Нібыта ў прыску бульба.
Дажджу чакае Іўе —
Найшоў хаця адкуль бы!
Паклоны ўхабам біў я.
Начлег,
Прымі нарэшце.
Чаму,
Скажы мне, Іўе,
Загнуў на мінарэце
Маладзічок свой палец,
Kaго ён ціха кліча?
Прабіў ляхі закалец
Расток чырваналычы.
Граматыка,
Скажы мне
На рыфму для мячэці,
Дзе гром галоснай грымне,
Мычыце ці мычэце?
Мякчэць не заклікае —
Душой быць цвёрдым раіць
Мячэць.
Мараль крутая,
Як тая хата з краю.
Хай сарамлівы ранак
Патопчацца за поймай.
I ў ямачках іўянак
Буксуе неспакой мой.

У зімовую сесію, якая даўно была...


Ля ліхтароў сняжынкі мак таўкуць,
I сёння лаўкі ўсе ані заняты.
А парк маўчыць.
Hi гуку ніадкуль.
Азяблы вяз
У нас з табой за свата!
Ты прытуліся да мяне бліжэй —
Я шчокі пацалункамі сагрэю,
Я вуснамі здыму з пудлівых вей
Калючы снег
З класічнага харэю...
Зірні,
Як нашы замяло сляды.
Праверыў вецер сціхлыя алеі.
Як важкія, брылістыя грузды,
Абапал сцежак урны забялелі...
Каб хоць на міг забыла злую стынь,
Кажу табе пра маладое лета.
Пра сесію, пра сумную латынь
Не думаць лепш зусім
У вечар гэты!
На цэлы парк
З табою мы адны!
За нас наспяць сябры па інтэрнату.
Сядзець бы так да самае вясны,
Во лаўкі па вясне
Усе заняты!

Саманепераўзыдзеная


Сама
Ад уласнага слепне святла,
Капрызная, быццам удача.
Памерла б,
Калі б толькі ўбачыць магла,
Ці многа ўздыхальнікаў плача?

Усходні матыў


У пекле не мінеш смалы,
Хіба прычыны мала? —
Ты ад мяне дзве піялы
За пазуху схавала.
Смыліць усё.
Схавацца дзе ж?
Я прысягаю ў скрусе:
Грэх на сваю душу бярэш,
Ад смагі захлынуся...

Залатая вуздэчка


Ты чынарышся,
Узбечка.
Я зірну —
I ўздыхну:
Твой пагляд,
Як вуздэчка
Юнаму скакуну.
Закілзаеш адчаем
На скаку —
У рыўку!
Мы на лес даручаем
Скардзіцца
Арыку.
Пазіраем патайна.
Чуем стук капытоў.
I дазволу пытаем
У капрызных гадоў.
Ты — ў збянтэжана-юных,
Я — ў разважных сваіх.
Маю, хмаратабунных,
З гакам аж —
На дваіх!
Сівізны да адвалу —
Тут не да забыцця!
Хоць пайдзі ў аксакалы
На паўстаўкі хаця!

На імянінах у Белавежы


Што з развагай станецца?
Смех,
Арэх раструшчы!
Сельскія настаўніцы
У Белавежскай пушчы.
А сталы састаўлены
Так,
Што цесна зале.
Хлопцы,
Як праталіны.
Мала заказалі?!
Рэстаран адменнейшы.
Сцены з зубрамі.
Жаніхоў меншае.
Ці шляхі забралі?
Нам нялоўка клініцца.
Пушча заманіла.
На куце ймянінніца.
П'ём за імяніны!
Ах, бібліятэкарка,
Блузачка ў палоску.
Жохі кукарэкаюць,
Падпускаюць лёсткі.
Збор няпоўны Бахуса
Ў звонкім пераплёце.
Коракі бабахаюць,
Стынуць у палёце.
Хвалім імянінніцу,
Хлопцы не манюкі.
Нам далі гасцініцу
Камянюкі.
Слаць сватоў
Спачатку б нам!
Рэй вядзём ляхою.
Сельсавет з пячаткаю
Пад адной страхою.
Асачыць козачку
Не паспелі самі.
А рагам аж козытна
Пад капелюшамі...

Тлумачальная лірыка


Быў снежань-снегатай
На кветкі не багаты.
Сама ў сябе спытай,
Кім для мяне была ты.
З данінаю вясны
Спяшаўся да цябе я.
Не думаў, што скразны
I ў сэрцы паслабее.
Скразняк не цішыў лёт,
Змушаў хіліцца ніца.
Быў дужа слізкі лёд —
I я паспеў спазніцца...

Незабыты ўспамін


Калі ў цябе, смуглянкі,
Спытаць, ці ўдзень,
Ці ўночы,
Калі ў якой цыганкі
Ты выпрасіла вочы?
Не бойся — не сурочу!
Прыгадваеш міжволі,
Калі адмыеш вочы,
Цябе пыталі ў школе.
Дражніліся ўсім класам
Што лезла ў печ па сала
I вочы хітрым часам
Ты ў сажу закачала.
На вочы раніцою
Не шкадавала мыла.
О, як я рад за тое,
Што ты ix не адмыла!

Мінусіначка


Ад маіх бы сарака
Мінус дваццаць мінімум.
Заракацца не рука.
Закасіць бы лінію!
Пад адхон ляці, састаў
Гэнай мужняй вернасці.
Раптам я маўклівы стаў.
Як да мужнай звернешся?
Сума суму,
Меншай стань,
Страх адмінусуецца.
Ды гарыць вачмі не здань
I не міма сунецца.
Мінусіначку вядзе,
Разумее лірыку:
Словы — пугай па вадзе.
Ласкай асмялі руку!
Гэны мінус метры два.
Плюс яму, a мінус — мне
Maладому — трын-трава!
Грэцца мне ўспамінамі...
Розум,
Як ні кансультуй,—
Вочы ўслед за ікрамі.
Забяспечаны інсульт
Ці інфаркт замікраны.
Матэматыка, твае
Правілы не ў сіле ўсе.
Плюс на мінус плюс дае?
Мінус з мінусіначкай!

Вясновы настрой


Сябе,
Машынаўласнік, спеш.
Канец журбе.
Пяе капеж:
— Стынь,
Згінь!
Было б
Цяпло!
Лоб
Не маршчынь!
Чало
Не хмур!
Праталься ад заган!
Каты канаюць:
— Фэр дэ мур.
Як начыталіся Саган.
— Гол!—
Носам дзед у стол
Дзяўбель.
Спіць,
Дымакур зрудзелы.
Сажмакан твар,
Як той рубель
З вясёлага аддзела.
Каму — вымова,
Каму ж — чыж
Прысніцца.
Дама з фертамі
Ідзе — ў ёй душна
Ад мужчын,
Бы ў ліфце неправетраным.
Пытае крытык:
— Хто там
Падтаў,
Адкрытым
Ротам
Запамінае «ціў»
I «кар»?
Вадзіцу замуціў
Байкар.
Завяз,
Як вяз
на
Строме.
Вяс —
на!
Усе ў настроі...

Малады дыялог


— Ты падары мне фота,
Я ж без цябе сумую.
— Не хлопец, а смяхота,
Паперу мець ахвота,—
Бяры мяне самую!
Вільнюс у вясновых галасах
Ранак
Радасны ў дыміну,
Быццам размяняў чырвонец.
Над гарою Гедыміна
Жаўранак цурчыць:
— Чурр- ллё- ніс!..
Зноў вясна,
Як семнастоўка,
Заюрыла кроў крутую.
I літоўка,
Як лістоўка,
На ўзаемнасць агітуе.
Асцярожны
Страціць пільнасць,
Як трывожна ўзыдуць вочы.
Мінск,
Чаму мне:
— Вільнюс-Вільнюс! —
Ластаўка твая свіргоча?!

Спатканне


Сёння зрання,
Як нарачонцы,
Я прызначыў спатканне
Жонцы.
Я чакаю,
Да ўсіх раўную
Сарамлівую,
Маладую.
Я лютую,
Крыўдую ў адчаі,—
Тую, гонкую,
Маладую,
Трапяткую,
Не прыкмячаю!
Я суцешыць сябе
Спрабую —
Можа выбегчы
У хвілю любую!
Можа, нешта ў мяне
З вачамі?
Зноўку позніцца,
Як звычайна...

На літаратурным фронце без мельпамен

РАЗМОВА АБ ЖАНРАХ


— Ну, як, сатырык-афарыст,
Надоўга клёку хопіць?
— Ды я зусім не гумарыст,—
Апраўдваецца хлопец.
Я — лірык,
Так сказаць, у дым.
— Якраз i смехата ўся,—
Не сунімаўся друг,—
У тым,
Што ты за вершы ўзяўся!

МАЙСТЭРСТВА ПЕРАКЛАДУ


Не да салодкай млосці на канапе!
Чакай прамоў канкрэтна ад грамоў.
Бо пераклад,
Як танец на канаце
Над прорваю між дзвюх прымоўклых моў.
А перакладчык усяму віноўнік,
Каму ў адказе быць,
Як не яму ж?
Адменны парадкоўнік —
Палюбоўнік,
Арыгінал, хаця й нягеглы,—
Муж!

ТВАРЭЦ У ТАВАРЫСТВЕ ПА АХОВЕ АЎТАРСКІХ ПРАВОЎ


— Раскашаваліся ого вы!
— Які інтэрас вас прывёў?
— Вы хто?
— Бог я.
А вы ахова
Так званых аўтарскіх правоў?
Чаго ж так людзі падубелі,
Дзе твары?
Бачу мноства рыл.
Па вобразу ж i падабенству
Свайму
Адама я стварыў.
Ці марныя мае патугі
Стварыць прыгожае
Былі?
Адкуль з'явіліся
Хапугі
I прайдзісветы на зямлі?
Вядома, еш,
Пакуль рот свеж,
Ды не ўзялі каб
Сыць i заеж.
Не покуль жвеш,
Датуль жывеш,—
Пакуль надзею ў сэрцы
Маеш.
Я дбаў,
Як быў тварбой заняты,
Пра дух,
Не забываў пра плоць.
Ды самасеем бюракраты
Бяруцца —
Ix не прапалоць!
Вядома,
Ласага па кусу
Усе хацелі б,
Каб было.
Адаму даў адну спакусу,
Адамянят раз'ела зло.
Куды ўваходзіць з прапановай,
Ёсць аўтарства,
А дзе правы?
Выломваць рабрыну
Па новай
I зноў
Засукваць рукавы?!

ЭКСПАЗІЦЫЯ ДА ЭПІТАФІІ ПАЭТУ, ЯКІ ЎСЁ ПРАГНЕ НОВЫХ ТЫТУЛАЎ


Ты быў дужа ашчадны
Да ўласных грошай,
Пашкадуй жа нашчадкаў —
Не ўводзь у выдаткі ix
Плітою вялізнай.
Твае радкі развалістыя
Памнажалі перакладчыкі i машыністкі,
A літары выбіваюцца
Дзедаўскім спосабам —
Уручную.
Ты ў вершах славіў мазольныя рукі,
Дык не гняві каменяроў хмурабровых.
Ты дбаў празмерна
Пра месца ўласнага прозвішча ў пераліках,
А пакуль на пліце
Пералічаць тытулы ўсе твае,
На прозвішча можа
Не стацца месца...

АДНА ЗАТРЫМКА


З кіпучай эпохай паэт заадно:
Узносіць, паносіць —
Ён першы.
Даўно
Аднаўладна трымаў бы стырно,
Ды час забіраць вершы...

ВЯДУЧЫ ПАЭТ


Увагі замуціць ваду чым?
Чужую славу дачары!
I ўрэшце стаў паэт
Вядучым —
Вёў аўтарскія вечары.

КУДЫ HI КІНЬ ТЫ — ВУНДЭРКІНДЫ


Паэту драмаць не даваў неспакой
За лёс трывожны зямнога шара.
Паэт быў прызнаны самім сабой
I жонкаю з цешчай — у дні ганарара.
Манументальна даклады рабіў,
Граміў халтуршчыкаў брава.
Як Гогаль,
Вострае слоўца любіў.
Як Пушкін,
Меў чуб кучаравы.
Штодня «на-гара» радкі выдаваў,
На словы быў шчодры —
He жмінда.
Нашчадка на змену сабе гадаваў,
Вядома што —
Вундэркінда!
Якое дрэва,
Такі i клін.
Шчаслівыя тата i мама.
Нарэшце, заўважаны Музаю сын
За вершы ўзяўся таксама.
На самародкі штогод недарод.
I сын стараецца, не дуракуе.
Таленавіты прадоўжыцца род!
Сына дзіцячая прэса друкуе!
A ў бацькі заведзены
Тоўсты гросбух,
Які ад вершаў даўно разбух.
Тут ёсць радкі,
Што ў дашкольным узросце
Бацька драпаў цвіком на бяросце.
Пра ціхую рэчку,
Пра гоман лясоў,
Пазнейшыя ёсць —
Ca студэнцкіх часоў.
Хай вучыцца сын,
Хай бярэ, калі трэба,
Замшэлыя рыфмы на сонца, на неба.
У бацькі такога дабра не бракуе —
Хай сын,
Як уласныя, вершы друкуе!
Калісь друкаваць не ўдалося самому.
Ды зараз...
Сіла ломіць салому!
Ацэніць бацька сыночкаў пошук.
Не трапяць вершы ў рэдактарскі кошык.
У цёткі Славы салодкія ласікі.
Хай бацька i сын пагуляюць у класікі!
Ды юны талент аднойчы патух —
Забыў вундэркінд
На таўшчэзны гросбух.
У Славы шмат
Спадманлівых лаў.
Здаўна ў Алімпа крутыя вышкі:
Сын у рэдакцыю
Вершы даслаў
З апошняй бацькавай кніжкі...

БАЙСТРУКІ ПАЭЗІІ


Ад відна да цямна
Праціраюць штаны —
Пераніцаваныя думкі парадкаваюць.
Здаецца, што й вершы
Пішуць яны
Са сродкамі
Супрацьзачаткавымі.

ДВА ЛІРНІКІ


Думцы i гароду шкодзіць пырнік.
Доказ трэба —
Ставера радкі!
Сыракомля — гэны
«Сельскі лірнік»,
Стайер Ставер —
«Лірнік» гарадскі.

ПАЭТ-ДЫСТРОФІК


Паперы зблоціў добры луг,
Скрамзоліў гай карандашоў,
Стаміўся ад даўжэзных пуг
I на двухстроф'е перайшоў.

ЯК У ГЕНІІ ПРАБІЦЦА?!


Колькі вёсен,
Зім i летаў
Членам секцыі паэтаў
Ходзіць паэтычны леў,
Для Пегаса мае хлеў.
Член прафкома,
Член саюза,
Знае, як літфонд патузаць.
Проста ўсё ідзе, як быццам.
Проста ўсё, але патайна
Загрудкі бярэ пытанне:
Як
у геніі
прабіцца?!
He ў свае не сядзеш сані.
A ў павазе,
A ў пашане
Ходзяць
Класікі жывыя ж.
Тут ад зайздрасці завыеш.
Выпускай
Па мікратому
I не саступай
Нікому.
Сам лічы,
Што ты ўжо геній.
Хай адчуюць!
Тым не меней,
Бы ў глыбінцы аўтакрама,
Цягнецца самарэклама.
Ахнуць бы прымусіць свет.
А не ўдасца на літполі
Свой пакінуць вечны след,—
Хоць бы наслядзіць уволю!
Падыход шукай асобны,
Не драбні сваёй асобы!
Нос па ветру,
Горды віцязь,
Крытыка не зможа выцяць
Як прывыкнеш да авацый,
Модна фатаграфавацца
Навучыся тэрмінова:
Выгляд скажа больш,
Чым слова!
Маеш гонкі рост i пыху,
Стань за класікам паціху,
Набяры паветра ў грудзі,—
На дзве галавы аж будзеш
Ты за класіка вышэй.
Гэны
Хай маўчыць цішэй!
Паэтэс у нас не шмат.
Паэтэсам —
Першы рад.
Рада быць у першым радзе.
Колькі таленту ў паглядзе!
Госць у хату —
Пад рукою
Фота.
«Шолахаў ca мною...
Гэта —
Міршакар на пляжы...»
Славы цяжкая паклажа!
Кожны сам сабе не вораг.
Выпускаюць зборы твораў
Класікі —
Пішы прадмовы.
Ход канём найадмысловы!
I, вядома, слынны бард
Любіць рэзацца ў більярд.
Ходзіць бард,
Як нейкі Пій,
Ты — заплеччу крэйдзі кій,
Падганяй шары да лузы —
Ты ж, пакуль што,—
Служка Музы!
Як асвоіш прэферанс,
Дык падвоіш смелы шанс.
Слухай хатнія шаптушкі.
Ёсць жа ў геніяў дачушкі.
Л дачушкі — не сыны,
Не прадоўжаць род яны.
Ёсць дачка —
Бяры дачку!
Мецьмеш дачку,
Потым дачу
I заслужаную удачу.
Станеш здольным зяцем,
Татам
I найпэўней кандыдатам!
Як чарга паменее —
Кандыдат у геніі!
He драмлі,
He апрасцей,
Бегай у Саюз часцей,
Там старанна слухай,
Нюхай,
Хто не ў духу,
Хто пад мухай...
...Як жа
ў геніі
прабіцца?
Трэніруй свой кожны біцэпс!

ПЕРАКАНАННЕ ПЯТРА ПРЫХОДЗЬКІ


Такуе крытык,
Атакуе,
Ды думку я таю
Такую:
Загартаванага Пятра
Ён не адцягне ад пяра.

У ВЕРШАХ — КОРАНЬ ЗЛА!


Ох, божачкі, ох, ліхачкі:
Я ж быў ў пакосе —
першы!
Ды збілі мяне кніжачкі,
Ды сапсавалі — вершы!
Мікола Арочка.
«...Іду, туманы слаўлю...»
Пралез бы ў акадэмікі
Даўно, бы ў вулей шэршань.
Ды зблыталі палемікі,
Ды сапсавалі вершы.
Тамок вяршкоў агораю —
О свентая Марыя! —
Баюся, што ў тэорыі
Я талент свой зарыю!..

КРЬІЎДА ПОЛЬКІ-МАРГАВІЦЫ

Гэта вам не бугі-вугі,

Танец сэрцу дарагі

Юрась Свірка.

«Літоўская полька
Добра ў вершы разгавецца,
Думка йдзе ў падтэкст уся!
Толькі полька-маргавіца,
Як мажная маладзіца,
Крыўдзіцца на Юрася:
— Паспытаў бы добрай пугі,
Чапялы ці качаргі,
Дык забыў бы бугі-вугі,
«Танец сэрцу дарагі»!
Ці адчуў ты юр хлапечы,
Цягу да прыморскіх паў?
Лепей бы сядзеў на печы,
Песні дзядзькавы спяваў!
Не лічы сіваваронак.
Помніш,
Будрыса сыны
Ехалі ў Літву па жонак,
Ты ж — па рогі,
Друг ля сны!

ПА МЕТАДУ ДЗЯДОЎ

...Можа,

Мне звышгукавы сталёвы

бусел

Скіне шчасце новае з-за хмар...

Генадзь Бураўкін.
«...Божа мой, як адстаю ад часу...»
Веку электрычнасці i пары
Электронны век услед прыйшоў.
Сіла ў калектыве,
Права ў пары
Вырашыць праблему малышоў.
У сталіцы, на перыферыі,
Як на фота,—
«Ад душы без слоў»,
Цвёрда вер у метады старыя
I не спадзявайся на буслоў!

НА ПРЫЁМЕ У СЛАВЫ

Урачыста голы

Перад ёй з'явіўся...

Васіль Зуёнак.

«Стары цецярук»
Злева паглядзела,
Паглядзела справа —
Да паэта смела
Падалася Слава:
— Быццам перад жонкай,
Ты перада мною.
Грэбуй распашонкай,
Сшытаю маною.
Гальштук заліхвацкі
Прымярай па шыі.
Смокінг кандыдацкі
Атэлье пашые.
Не для аперэты
Верш твой хмурыць бровы,
Я замест берэта
Дам
Вянок лаўровы...
Творчыя пакуты
Плён даюць па часе.
Не залей пакуль ты —
Апранайся,
Вася!

ЛІТАРАТАР-КІРАЎНІК


Вядзе ў прэзідыумах дазор.
У рухах, як дакладная,
Дакладны.
Час выдаваць, пэўна,
Поўны збор
Упамінанняў яго ў дакладах

Антыбайкі

Канкрэтны клопат


Зязюлі хацелася надта
Наседзець самой антыяйкі,
Каб вывесці антыпернатых
Для антыбайкі...

Па тэму


Байкар
Сабраўся на Байкал
Пабачыць омуля жыўцом,
Ды па дарозе на вакзал
Сустрэўся з байкаспажыўцом.
Байкар прачнуўся ў роднай хаце,
Як дробны часцік у тамаце,
I ўславіў
Бульбу з селядцом.

Жанішок


Ледзь увабраўшыся ў пушок,
Надумаўся жаніцца,
Казаў вярбовы каташок
Альховай завушніцы:
— Як толькі распушуся,
З табою распішуся!
— Сустрэнемся з табою дзе ж?
Як распушышся — ападзеш...

У апраўданне галоў


Казалі ногі футбалістаў:
— Нам не звыкаць
Да ўдараў, свістаў.
Больш забіваць галоў
Маглі мы,
Аднак, балельшчык, не лічы,
Што ў стадыёна падхалімы.
Таму мячы
У сетку
Коцім зрэдку...

Дашараваўся


Так венік да масніцы рваўся,
Што з'ездзіла яго гульня —
Дашараваўся
Да гальня.

Чый лоб цвярдзей?


Цвярдзей ад усіх мой,—
Калі не мудрэй,—
Ілбоў з навуковьіх ніў.
Лічыць не адважуся,
Колькі дзвярэй
Я ім адчыніў...

Сам гаспадар


Спытаўся ў Дожджыка Мураш:
— Мне можаш нарасіць міраж?
Усхліпнуў Дожджык Мурашу:
— Каму хачу,
Таму рашу.

Загартаваны працаўнік


Прывык да загадаў,
Як лозунг да клічнікаў,
I да вымоў,
Як спіна да гарчычнікаў:
Астыне стары — гарачэйшы новы.
Ад скразнякоў
Саграваюць вымовы.

Пажарнік


Снег нарэшце з дахаў спаў.
Сон прысніўся пад вясну:
Гэтак спаў ён,
Што праспаў
Месца першае па сну.

Ранішні боль


Глынуў я ўчора кубкі два
Святой расы.
Не так баліць мне галава,
Як валасы...

Сціплая просьба


Быць пераможцам кожны марыў,
Схапіліся зацята.
Пазыч мне цёмных акуляраў,
Каб атрымаць зарплату.

Вароняя логіка


Вучыла так:
— Навокал зыр! —
Барона юную варону.—
Яліна можа быць з капрону,
A толькі натуральны —
Сыр!
Ёсць
Логіка вароняя.
I гэта — не іронія!

Меламан


Воўк заслухаўся
Салаўямі,
I дацягваў пасля
Сола ў яме.

Клічнік i пытальнік


Спытаўся Клічнік
У Пытальніка:
— Чаго ты ў крук сагнуўся так?
— Няясна ўсё майму начальніку,
А чырванею я...
— Бядак.
Мой без мяне не даў бы рады.
Кіруем разам... праз загады!

Воўк i ягня

(сучасны варыянт)


Сустрэліся, як сваякі:
— Мне вываратку не папсуй-такі,
Во за яе даюць цану вялікую.
— Ахоўваюць цяпер мае клыкі,
I сам на ўліку я!

Мастак


І запытаўся ў барда
Бард:
— Ці ўпарта
Рэжашся ў більярд?
— Мастак рабіць
Падстаўкі я.
Жыву ў паэзіі
З кія.

Рацпрапанова


Са смелаю рацпрапановай
Пятроў прыйшоў да Івановай:
Стаць для Пятрова
Жонкай новай.
Нібы з апошняю вымовай
Пятроў
Ішоў
Ад Івановай...

Станоўчы персанаж


Літфондаўскі сабака
Жук
У Доме творчасці
У лесе
Не ўдзельнічаў у літпрацэсе,
Не ціснуўся пішчом у друк.
Для байкі персанаж станоўчы
Не да пісьмовага стала —
Бліжэй трымаўся да сталоўкі,
Бо костка стымулам была.
Брахаў на лес
I слухаў шум,
У хмыз не лез
Шукаць задум.
А па душэўнай прастаце
Знаходзіў нешта
У хвасце!

Было чаго


Скараў прыроду чалавек:
Гнуў палазы
I жорны сек,
Валіў лясы,
Чадзіў паветра,
Машыну сніў:
Са скуры лез,—
Каб выехаць у запаветны,
У не крануты колам
Лес...

Адказ


Пятрок спытаўся
У Мікіты:
— Дзе мне прыдбаць
Каўнер з бабра?
Мікіта адказаў:
— Ідзі ты!..
І ўсё.
Ні пуху ні звяра!

Верны


У вернасці кляўся
Адной толькі
Кляузе.

Падпіска


Цырульнік-воўк
Любіў закон,
З авечак браў падпіску:
План з воўнай выканае ён,
Калі не будзе піску.

Да пытання аб паслядоўніках


У ружы быў паслядоўнік —
Дзядоўнік.

Абы дым


Зямлю былінную, лірычную
Паэт апеў, бо меў уздым:
Наведаў блінную,
Шашлычную.
Як дым кастра,
Жароўні дым...

Галубка i галубец


Паэт,
У кулінарнай справе спец,
Пісаў:
«Жылі галубка й галубец.
Здавалася, не будзе ім канца.
Але галубка з'ела галубца».
Каго шкада,
Галубку,
Галубца?
Паперу, чытача ці выдаўца?

Ён i яна


Дзе пара, там неразбярыха,
Засвоіць ісціну пара:
Хаця кусае камарыха,
Абэлка ўся на камара!

Прапажа антыквара


Прыйшла да антыквара
З вяселля антыпара:
— Калі ўжо антыквар ты,
Прадай нам антыквар ты...
Пайшлі.
Жахнуўся антыквар —
Прапаў ягоны антытвар!

ЛІСТЫ, ПАШТОЎКІ, ТЭЛЕГРАМЫ І ЭПІГРАМЫ

Акраверш з нагоды


Акраверш з нагоды юбілею.
Рыфма цягне пад ялей балею.
Калядуюць вобразы. Аднак
Аглядае ўзрыхленыя ляды
Дбайны сейбіт, шчодры на прыгады,
Заручоны з радасцю юнак.
Юбіляр трымае Сцяг Брыгады.
Коціць хвалі акіян на звады,
Уладарыць акіян-бурлак.
Лепш, радок, не ткніся выпадкова.
Ямб слухмяна гнецца, як падкова,
Шэпча нешта Беседзі дуброва.
Одум — неачахлы крыгаход.
Восень, пакладзі зялёнаброва
Умалот на шалі строгіх год!

Кайсыну Куліеву


Звініць радка дакладнага страла.
Хвала ўзлятае ў славы з-пад крыла.
I Беларусь — зялёная скала —
Святлее ўсмешкай горнага арла.

Маршрут прыязні


Удзячнасці метро,
Пашаны электрычка:
Ад станцыі Дзмітро —
Да станцыі Паўлычка!

Слова ў застоллі Геворга Эміна


У дастаслаўнага Геворга
Віно цячэ,
Нібы гаворка.
Цячэ гаворка,
Я к віно.
I да відна
Дна
Не відно.
Мы тостам не даем
Імпэту,
Не ўслых хвалу ўздаем
Варпэту.
П'ем, як з карца,—
Згінь, кпіна, скруха! —
За мудраца,
За сына,
За нязломнасць духу.
Амін.
За жонку —
За шчыруху ў руху!
Эмін,
Пакуль ва ўсіх вачах
Хмель не ачах,
Прымі малітву
За твой,
Дзе шчодра ўсім наліта,
Ачаг.
Калі яшчэ мацнелі віны,
Пра род Эміна
У бібліі згадана,—
Ён паслыннеў з гадамі!
Тост, верны тэме,
Зноў на ўздыме.
Расце ў мікраэдэме
У дыме
Лімон у цэбрыку рахмана,
Што ўдзячным чытачом
Падараваны.
Яшчэ б каньяк
Забіў руччом!
Бо стронга да стала
З Севана
Плыве ўжо арганізавана
I гаспадар трывожна рад
Нам паказаць на Арарат
Хаця б з балкона кабінета,
Дзе цесна ад тамін.
Мне рыфма шэпча па сакрэту
На вуха слова «успамін».
Мы шчодрасцю тваёй сагрэты,
Шаноўнейшы Эмін.
Дадзім жа права корку
Нацэліцца на зорку,
Час i магчымасць даць
Геворгу
З Шэкспірам
Аднавіць гаворку...

Ваенных год абойма


АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ
Абознік абрасце пасадамі,
Найтральнай верны паласе.
Над звадамі
I над загадамі
Ён Сцяг Паэзіі нясе.
ПЯТРУСЬ БРОЎКА
Грозных год прыдаўся навык:
Перамога любіць бой.
I ў прэзідыумах нават
Броўка — на перадавой!
ПІМЕН ПАНЧАНКА
Хай рыфмасаладжавы крот
На дачы рыхліць свой гарод
I ціснецца ў альтанчынку,—
Паэт — баец.
Таму народ
Назваў Народным Панчанку.
МАКСІМ ТАНК
СП — не тыл,
Тлумлівы рой,
На мірным фронце ён Герой.
Паэта, дыпламат надзейны
I акадэмік правадзейны.
АНАТОЛЬ ВЯЛЮГІН
І мірны дзень —
Для ратнай справы.
З-за кінастужак не відно.
Пад артагнём няўмольнай славы
Навёў Вялюгін пераправы
З паэзіі ў кіно!

У гонар дзвюх абхазскіх дам


Я люблю абхазскіх дам
Чачу i Аджыку
Так, што дам
Сваім гадам
Збіцца з панталыку.
Ля бутэлек,
Цёмных туй,
Джыгітуй не дужа.
Дый не лямантуй:
«Ратуй,
Бахус, нашы душы!»
Піць не можаш —
З даху злазь
І не псуй гонты.
Лакербай,
Абхазскі князь,
За сталом — прыгонны.
Піць не толькі, абы
За
Тост схаваць патолю.
Не прымае «абаза» [4]
Сквапнасць у застолле.
Моцнай мусіць быць далонь.
Любіць тост раздолле.
Памірае верны конь —
Застаецца воля,
Памірае верны друг —
Застаецца доля!
Горды дух
I думкі pyx
Ашчадзі, саколе!
Aпаду
Паспаць над стол —
Усміхнецца Чача.
Грэць найду
Настылы дол —
Будзе піць Ушача!
Абміні нас мелізна!
Хто з натурай хмураю —
Перайнач натуру.
Капытковую да дна
За джыгіта Юрыя
Сына Астамура!
Абміні нас гамана,
Скнарыстая звада!
П'ю за дам я,
Згінь, мана,
Лі-
ма-
на-
да!

Ігару Лучанку


Па хвалях нот
Кіруй чаўнок.
Дарога ў вечнасць не прамая.
I мора славы, Лучанок,
Настырных стырнавых прымае.
Для слухачоў эстрада — пляж.
У музыцы, князь Ігар,
Княж!

Генадзю Іванавічу Цітовічу


Сын беларускае зямлі,
Юнак з душой паэта,
Вы нашу песню правялі
Па ўсіх кутках планеты.
Яно да старасці далёка,
Пакуль прыгожых
Пасвіць вока!

Генрыху Вагнеру


Да працы — не да славы прагны,
Душой i песняй — малады.
«Уцёк ад нас маэстра Вагнер!» —
Глядзяць задыхана гады.

Гледзячы на афішы


Закаханая нязменна,
Цэніць рызыку й атаку:
Спадабала Мельпамена
Кальмана i —
Семяняку!

Алегу Лойку


Ласкава-філасофскі Лойка,
Няхай мацнее дзень пры дні
Дружбацтва нашага настойка
На травах згоды й дабрыні!
Мы ад зняваг яе заслонім,
Не зблоцім —
Божа барані! —
Ушача i зялёны Слонім
Шчадзяць ад глуму карані.
Няхай рыдаюць хціўцы рыдма
І ціснуць зайздрасці пасок.
Гадзіннікам
Ля Крывіч выдма
Перасыпае зор пясок...
Захмеліць нашыя галовы
На Шчары шарая вясна.
І самі ў рыфму лягуць словы,
І ўтуманее сівізна...

Сяргею Міхальчуку


У паўвекавы юбілей
Няхай дужэе твой плячук,
Палова веку —
Ёсць палова.
Дбай пра зярняты,
Міхальчук,
Адсеецца сама палова.
Сюжэт замешвай як гусцей,
За стол садзіся без прынукі,
Старайся для чужых дзяцей,
Ды помні —
Ёсць свае унукі!

Віктару Стрыжаку


Ці не Стрыбог
Стрыножыў жах
Пад Рэчыцай, як стому,—
Стаў звацца продак твой,
Стрыжак,
Сугучна богу грому?!
Ты з Заспы,
Ды не спі ў засып —
Не дрэмле параўнанне!
У млын фантазіі засып
Маланкі з перунамі.
Каб не пайшлі
Радкі ў пукі
(Жадаю нездарма я!) —
Няхай, як колька, пад бакі
Твой думка
Верш праймае!

Перасмяглыя радкі


Галубкі горла,
Як арык.
Туркоча ранак-змоўца.
I ў рыфму просіцца «старик»
Вялюгінскае слоўца.
Да Каралішчавіч адсюль,
Як каралю да рызык.
Расці пад лік кіназязюль,
Увераселы рыжык!
Сухмень ссіп
(Зычных гукаў збой!) —
Верш
Вольны слібізуе.
Самазаглыбленасць
Сабой
Бархан сімвалізуе.
Ды загулі мне правады
(Ад пылу ў палец тоўсці):
— Радкі быць мусяць без вады,
Ваду ў канале тосці!
Кпіць сонца:
— У душным сагане
Маім
Кіпець усім вам!
Без ценю яшчарка шмыгне,
Нібы няўлоўны сімвал.
Эх, перасмяглыя радкі,
Рака цячэ з трыбуны,
Дзе школяць літкіраўнікі
Запал табунна-юны.
Блакітназорым ледашком
Звіні, сіваваронка!
Пустэльня —
Як пад алаўком
Пачатая старонка...

Кожнаму сваё


Што даўніна?
Яна мне сэрца рэжа.
Не ашчасліўлю рыфмай даўніну.
Не Белую,
A сіласную вежу
Я прызнаю,
Яе пяю адну!

Пастава i падстава


Уласны верад цвелячы
Наяўнаю паставай,
Застыў паэт у велічы
З уяўнаю падставай.

Дзіцячаму паточнаму


Радзей
Выдавацца пачні, дабрадзей,
Спыніся ва ўласным уздыме.
Кал i не шкадуеш
Чужых дзяцей,
Дык злітуйся хоць
Над сваімі!

Тэорыя вольнага верша


Радок аніводзін
Не даўся без віску.
Ад вольных паводзін
Да лёгкіх —
Блізка...

Калі не пыцель...

ГЕНАДЗЬ КЛЯЎКО,

ПЕРАКЛАДЧЫК АСЕЦІНСКІХ ПАЭТАЎ

У рэдакцыі, нібы ў асеці, я
Перасушваю вершаў снапы.
Я не сноб —
Кожны сноп
Твой, Асеція,
Змалачу —
Пыл з капы
Не скупы!
Незаменных — няма!
Тыраж сатыры ўвесь пагашаны,
Ды Прага засмяецца зноў:
Выконваць абавязкі Гашака
Паехаў
Павел Кавалёў!

Калі праразаюцца зубы


Я член Саюза малады,
Спісаў паперы мала,
Ды
З пялёнак марыў пра літфонд,
Былі турботы ўсе наконт
Кватэры.
Тае прычыны не таю —
У нахрапістасць сваю
Я цвёрда веру.
Валун за пазухай нашу,
Не асабняк жа я прашу.
Я ўсіх гатоў парваць на часткі!
Дадуць кватэру над начальствам
Хадзіць у мяккіх тапачках
Пачну на задніх лапачках.

Рупны распаўсюджвальнік


Як ні рупішся — справа дрэнь.
Не апошні я i не першы
Па рэдакцыях кожны дзень
Распаўсюджваю ўласныя вершы!

Літаратар-бібліяман


З тае прычыны аднае
Не кідай, крытыка, дакоры:
За творы шэрыя свае
Набыў узоры ў каленкоры!

А раптам?

АВЯР'ЯН ДЗЕРУЖЫНСКІ

Хоць шосты дзесятак,
Нялёгкі занятак —
Рыфмую не горай я ад немаўлятак.
Унукі растуць,
Хутка й праўнукі будуць.
А раптам i продкавы кніжкі набудуць?!

Што каму


Хто ломіць венікаў бярэма,
Хто сала ніжа на лаўца...
Рабочая
Крутая тэма
Сама ідзе на Мысліўца.
Браў нораў
Ад «Гарачай сталі»,
Сталеў
з «Рабочымі людзьмі».
Пракат — не напракат ён...
Валя,
На сталь гарачую падзьмі!

Ну, землякі!

ПРЫЗНАННЕ КАЗІМІРА КАМЕЙШЫ

Зноў устурыла Муза рана.
Ліст чысты ные,
Як «Мембрана».
Дрыжаць алоўкаў канчары.
Пачуў я пушчы ўздых глыбокі:
Кірмаш рыхтуюць Налібокі,
Гаршкамі звоняць ганчары,
Так i падміргваюць мне:
— Казік,
Услаў нас рыфмай
Яшчэ разік!
А для аддухі
Па вянец
Налье мядухі
Івянец...
Што ехаць!
Лепш па радыё
Сябе i ўсіх парадую.

Адданы кавалер

УЛАДЗІМІР СКАРЫНКІН

Захмарнай Музы кавалер,
Пясняр твой,
Авіяцыя,
Прабіў я
«Гукавы бар'ер».
Чаму ж маўчыць авацыя?!
Наўме ў яго адным адно:
Ca звычнага б не збіцца тропу
i ў тых,
Kaго няма даўно,
Ён помніць толькі недахопы.

Лаўры ў растэрміноўку


Ад Антарктыды да Кеніі
Пешаком бы прайшоў зноў i зноўку,
Толькі б ведаць,
Што лаўры генія
Там набудзе ў растэрміноўку...

Адстанем — перагонім!

ВІКТАР КАВАЛЕНКА

Дасяглі ўзроўню. Мілы божа!
Адстанем — перагонім зноў,
Мая заўсёды дапаможа
Усеабдымная любоў!

На чужых агрэхах

РЫГОР ШКРАБА

Покуль манументы не застылі,
Цешу на чужых грахах душу,
Іншых я вучу
Трымацца стылю,
Ну, а сам — падручнікі пішу!

Каб не драмалі!


З 20-х год
Прыход Лужаніна
Суровай Музай упашанены.
A быў Максім — усім»
Не скнарай!
Любая праца па плячы:
Паэма,
Пераклад,
Сцэнарый,—
Каб не драмалі чытачы!

Лёгкая рука

МІХАСЬ ЛАРЧАНКА

Сам некалі шаптаў радкі,
Ды я не ў залачонай раме.
А з лёгкае мае рукі
Паэты сталі дактарамі.
Надзею маю многа год,
Што здарыцца наадварот.

Дарэчы, пра музыку


З юнацтва даты круглыя апеты,
I на спакой заслужаны пара.
Не адбірайце музыкі ў паэта,
Лепш адцягніце творцу ад пяра!

Літаратурны самазвал


Ён сам сабе работадатчык,
Ягоны пал,
Нібы абвал.
Газуе
Самаперакладчык —
Літаратурны самазвал.

Замшэлы санетыст


Старасці спрыяў нябесны дах
I маладзіком здаваўся ветах.
Перажыў Шэкспіра па гадах,
Перажыць ці ўдасца
Пa санетах?

Куды спяшацца?


Ты пры жыцці ўжо ў вечнасці даўно,
Твайго чала сумненне не захмарыць.
Навошта ж сам спяшаешся адно
Свае лісты сябрам
Замемуарыць?

Адзінае выйсце


Празаік сніў з працягам сны.
I ўсе сюжэтныя яны.
A ўранні ўсё знікала хістка.
Каб працягнуць сюжэт скразны,
У жонкі ўзяў стэнаграфістку!

Знаўца жывапісу


Алей i акварэлі
Прымаю ў натурэлі.
I нацюрморт кранае,
Як закусь...
П'ю да дна я,
Малюся на Данаю
З «Блакітнага Дунаю»!

Чаму злуецца гром


Паэтам заезджаны вобраз сніцца,
Хай слепяць маланкамі фактары!
Ілья ў камісійны здаў калясніцу,
Пасаду далi —
на рэактары!

Парада пачаткоўцу


Па літаратурным лесе
Не хадзі, хадзіць абы.
Помні,
З ходу не нарвешся
На шаноўныя грыбы.
Нос не задзірай угору —
Не заўважыш мухамора.
Схамяніся,
Нахініся —
Баравік чакае ўнізе!

Адносна літрадоўкі


«Ні дня без радка!» —
Забаліць рука,
I можа застацца паэт без рук.
Старайся, браток,
Толькі кожны радок
Не цісні, нібы ў ператок,
У друк!

Непаўторны крытык


Непераўзыдзеным слыве,
Як крытык-эскулап.
Хадзіў бы ён на галаве,
Калі яна была б...

Perpetuum mobile


Шукаюць паэты
Спрадвеку ў запале
У сэрцах чытачак
Лірычных праталінак.
Паэты ўганяюць
Клічнікаў палі.
A крытыкі востраць
Сярпы пытальнікаў.

Перакананне перакладчыка


Што б крытыка ні пілікала
Не размяняйся на дробязі.
Перакладаеш вялікага —
Часова
Вялікім робішся.

Толькі адно


У Дантэ
Профіль быў Шаўні,
I падабенства больш
Ані!

Паэту-мазгавіку


He накінецца слава на плечы вам,
Не расквокчацца свойскай цяцераю.
Злоўжываеце шэрым рэчывам,
І таму вашы вершы —
Шэрыя.

Аб'ява


Гнаў бы ён задум вагоны,
Песціўся ў зеніце...
Хто знайшоў талент ягоны,
Аўтару вярніце!

Мяняе


Лірычна свой кабінет абсталёўвае
Класічна —
Вітальню й гасцінную.
Мяняе сваё пяро сталёвае
На цютчаўскае —
Гусінае...

Спачуванне


Ca школьных год
Над рыфмай вяне
Так безнадзейна — хоць крычы.
Сям'і i блізкім спачуванне
Прыносяць шчыра чытачы.

Яго расшукваюць


Эпапеіст спіць спакойна ўначы,
A ўдзень, як мярэжы,
Цягне раманы.
Яго расшукваюць чытачы,
Каб расквітацца
За час змарнаваны.

Вядомы i ядомы


Хрып
Мухамор у пахвале:
— Я грыб
Усім вядомы!
Зазначыў баравік сабе:
— Я проста грыб ядомы...

Да правіл ветлівага абыходжання


Мусіць паэтка
Быць пудкай i прудкай
I прабівацца да чытача
Не рычагамі лакця i пляча
Вострым каленкам
I вострай грудкай!

Адаму Мальдзісу

дасылаючы верш пра Адама Міцкевіча

«Паэты нараджаюцца ў карчме»

Дарога сумная, даугая
Не давяла да Гудагая,
А прывяла яна ў карчму.
Вякі спытаюцца,
Чаму?
Ашчаднасць:
Нарадзіцца там
Павінен быў
Другі Адам!

Чытацкае пытанне

Уладзіміру Караткевічу

«Каласы пад сярпом тваім»,
Пад тваім жа цапом — зярняты
Дзе працяг абяцаны?
Чым,
Творца, рукі твае заняты?!

Двум Генадзям

Аўсянікаву i Гарбуку

Два Генi — i
Круціце твіст,
I пратарэка,
I бяссоннік,
Адзін народны,
як артыст,
Другі народны,
як паклоннік!

Паднавагодняе прызнанне


Не крэда гэта, не тэстамент —
Паднавагоднія радкі.
Ix потым Мальдзіс не дастане
З летаархіўнае ракі.
Пакуль крытычная завея
Свой Новы год не пачала,
Сказаць хацеў бы пра сябе я,
Пот спуду выцершы з чала.
Біў я сароку,
Біў варону,
Перабіваўся сакалом
I кругавую абарону
Займаў апоўнач за сталом.
Хаця займаўся перакладам,
Не ехаў на перакладных,
Не трызніў доктарскім акладам
На лаўрах вершаў прахадных.
Нікому ярлыкоў не вешаў,
Мне бок не пёк
Пасад сугрэў,
Дый белакроўем белых вершаў
З усімі заадно хварэў.
Не пяўся —
Аж да хрусту ў скабах —
Ца ўсенароднай гаманы,
Да слыннасці ў такіх маштабах
Кал i зацесны
Шар зямны.
Шавец цвікі ў зубах трымае,
Сугуччы я трымаць прывык,
Каб звонам
Рыфма йшла прамая,
Дзе гук у гук,
Як цвік у цвік.
З ушацкага крутога току
Слоў зерне трачу пакрыху,
За рыфму
Да Уладзівастока
Гатоў па шпалах гнаць блыху.
А то парой звонкапалозай,
Не дачакаўшыся гракоў,
Пяро я аскаромлю прозай.
Як нехта
З племя мудракоў!

1

«Дар па вена» (яшчэ па адной) назва вясёлага літоўскага напітку.

(обратно)

2

Башлык (туркменок.) — старшыня калгаса.

(обратно)

3

Лайнэ (эстон.) — хваля i дзявочае імя.

(обратно)

4

Абaза (абхазск.) — сябра.

(обратно)

Оглавление

  • Рыгор Барадулін ПРЫНАМСІ
  • Тэст пацвердзіўся
  • БЕЛАЯ ВАРОНА
  •   Маладзічку
  •   Забіваюць казла
  •   Спакойны муж
  •   Правілы, парады
  •   Помні!
  •   Не зразумела
  •   Дар па вена [1]
  •   Знайшоў
  •   Акцёр-самабытнік
  •   Перасцярога
  •   Матэрыялы для немэталагічнага слоўніка
  •   Не без прычыны
  •   Апраўданне
  •   Адкуль гузакі
  •   Празмерна пудлівы
  •   Гарантыя клопату
  •   Розніца ўзростаў
  •   Культурны слой
  •   Перасоўны звярынец
  •   Важкі аргумент
  •   Нясвіж па-восеньску
  •   Як мора падагрэць?
  •   Човен на бархане
  •   Размова ў пустыні
  •   Бароды аксакалаў
  •   Белы прыпар
  •   З'езд калгаснікаў
  •   Не запасаюцца соллю
  •   Выезд на прыроду
  •   Казка пра караля
  •   Па ходу штопара
  •   Белая варона
  •   Вясёлы запавет
  •   З большым даверам!
  •   Карысная парада
  •   Неабходнасць таварыства
  •   Радкі пад руку ветраку
  •   Дазвол
  • Мама, не чытай!
  •   Не спаць!
  •   Маленне да твайго халаціка
  •   Лютаўскі начлег
  •   Урбаністычнае імгненне
  •   Занадта клапатліваму мужу
  •   Нячысцік вінаваты
  •   Высокая падушка
  •   Каўказскія дарогі
  •   Забаронныя плады
  •   Курортнае акно
  •   Спалучай!
  •   Смутак
  •   Начны казёл
  •   Адкрыццё ў заалогіі
  •   Крыху спазніўся
  •   Суседка за перагародкай
  •   Ні ў сон, ні ў фасон
  • Лірычны стрэс,альбо закаханы гумар
  •   Цецерукова клятва
  •   Чакаю твайго званка
  •   Хоць ix уваж!
  •   Згодзен на падзёншчыну!
  •   Марнае старанне
  •   Гэта не я
  •   Пакінь толькі!
  •   Юначая крыўда
  •   На Чудскім возеры
  •   Спроба акраверша
  •   Іўе перад навальніцай
  •   У зімовую сесію, якая даўно была...
  •   Саманепераўзыдзеная
  •   Усходні матыў
  •   Залатая вуздэчка
  •   На імянінах у Белавежы
  •   Тлумачальная лірыка
  •   Незабыты ўспамін
  •   Мінусіначка
  •   Вясновы настрой
  •   Малады дыялог
  •   Спатканне
  • На літаратурным фронце без мельпамен
  •   РАЗМОВА АБ ЖАНРАХ
  •   МАЙСТЭРСТВА ПЕРАКЛАДУ
  •   ТВАРЭЦ У ТАВАРЫСТВЕ ПА АХОВЕ АЎТАРСКІХ ПРАВОЎ
  •   ЭКСПАЗІЦЫЯ ДА ЭПІТАФІІ ПАЭТУ, ЯКІ ЎСЁ ПРАГНЕ НОВЫХ ТЫТУЛАЎ
  •   АДНА ЗАТРЫМКА
  •   ВЯДУЧЫ ПАЭТ
  •   КУДЫ HI КІНЬ ТЫ — ВУНДЭРКІНДЫ
  •   БАЙСТРУКІ ПАЭЗІІ
  •   ДВА ЛІРНІКІ
  •   ПАЭТ-ДЫСТРОФІК
  •   ЯК У ГЕНІІ ПРАБІЦЦА?!
  •   ПЕРАКАНАННЕ ПЯТРА ПРЫХОДЗЬКІ
  •   У ВЕРШАХ — КОРАНЬ ЗЛА!
  •   КРЬІЎДА ПОЛЬКІ-МАРГАВІЦЫ
  •   ПА МЕТАДУ ДЗЯДОЎ
  •   НА ПРЫЁМЕ У СЛАВЫ
  •   ЛІТАРАТАР-КІРАЎНІК
  • Антыбайкі
  •   Канкрэтны клопат
  •   Па тэму
  •   Жанішок
  •   У апраўданне галоў
  •   Дашараваўся
  •   Чый лоб цвярдзей?
  •   Сам гаспадар
  •   Загартаваны працаўнік
  •   Пажарнік
  •   Ранішні боль
  •   Сціплая просьба
  •   Вароняя логіка
  •   Меламан
  •   Клічнік i пытальнік
  •   Воўк i ягня
  •   Мастак
  •   Рацпрапанова
  •   Станоўчы персанаж
  •   Было чаго
  •   Адказ
  •   Верны
  •   Падпіска
  •   Да пытання аб паслядоўніках
  •   Абы дым
  •   Галубка i галубец
  •   Ён i яна
  •   Прапажа антыквара
  • ЛІСТЫ, ПАШТОЎКІ, ТЭЛЕГРАМЫ І ЭПІГРАМЫ
  •   Акраверш з нагоды
  •   Кайсыну Куліеву
  •   Маршрут прыязні
  •   Слова ў застоллі Геворга Эміна
  •   Ваенных год абойма
  •   У гонар дзвюх абхазскіх дам
  •   Ігару Лучанку
  •   Генадзю Іванавічу Цітовічу
  •   Генрыху Вагнеру
  •   Гледзячы на афішы
  •   Алегу Лойку
  •   Сяргею Міхальчуку
  •   Віктару Стрыжаку
  •   Перасмяглыя радкі
  •   Кожнаму сваё
  •   Пастава i падстава
  •   Дзіцячаму паточнаму
  •   Тэорыя вольнага верша
  •   Калі не пыцель...
  •   Калі праразаюцца зубы
  •   Рупны распаўсюджвальнік
  •   Літаратар-бібліяман
  •   А раптам?
  •   Што каму
  •   Ну, землякі!
  •   Адданы кавалер
  •   Лаўры ў растэрміноўку
  •   Адстанем — перагонім!
  •   На чужых агрэхах
  •   Каб не драмалі!
  •   Лёгкая рука
  •   Дарэчы, пра музыку
  •   Літаратурны самазвал
  •   Замшэлы санетыст
  •   Куды спяшацца?
  •   Адзінае выйсце
  •   Знаўца жывапісу
  •   Чаму злуецца гром
  •   Парада пачаткоўцу
  •   Адносна літрадоўкі
  •   Непаўторны крытык
  •   Perpetuum mobile
  •   Перакананне перакладчыка
  •   Толькі адно
  •   Паэту-мазгавіку
  •   Аб'ява
  •   Мяняе
  •   Спачуванне
  •   Яго расшукваюць
  •   Вядомы i ядомы
  •   Да правіл ветлівага абыходжання
  •   Адаму Мальдзісу
  •   Чытацкае пытанне
  •   Двум Генадзям
  •   Паднавагодняе прызнанне
  • *** Примечания ***