Петраград — Брэст [Іван Пятровіч Шамякін] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Іван Шамякін ПЕТРАГРАД — БРЭСТ

Гістарычны раман


Падрыхтаванае на падставе: Іван Шамякін, Петраград — Брэст. Гістарычны раман; Школьная бібліятэка. — Мінск: Беларусь, 1991. — 486 с.


Copyright © 2015 by Kamunikat.org

Прадмова


Іван Шамякін ужо даўно вядомы як пісьменнік сучаснай тэмы. Яго раманы «У добры час», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль» узнімалі самыя вострыя праблемы дня, уцягвалі чытачоў у спрэчкі, хвалявалі сваёй актуальнасцю, надзённасцю, смеласцю пастаноўкі важных, злабадзённых праблем.

Але нават у творах на сучасную тэму І. Шамякін не раз спрабаваў спалучыць сучаснае і мінулае, будаваў твор на перасячэнні двух часовых пластоў. Адзін з іх — сучаснасць, другі — наша нядаўняя гісторыя, гады Вялікай Айчыннай вайны. Пісьменніку хацелася асэнсаваць перажытае, падзяліцца сваімі ўражаннямі, думкамі пра тое, чаму ён быў сведкам у суровыя гады вайны. Прызваны ў армію ў 1940 годзе, ён ваяваў у зенітных часцях на Поўначы, пазней удзельнічаў у вызваленні Польшчы і ў баях на Одэры.

Першыя яго спробы адлюстраваць убачанае ў мастацкім слове — апавяданні «У дзень перамогі», «Браты», «Бацька», «На знаёмых шляхах», а таксама аповесць «Помста» былі напісаны па свежых слядах падзей, у 1945-1947 гадах.

А потым Івана Шамякіна зацікавіла тэма партызанскай барацьбы ў тыле ворага і ён, не маючы магчымасці абаперціся на ўласныя ўражанні, шукаў сюжэт для новага твора ў архівах, выкарыстоўваў успаміны былых партызан. Першы раман «Глыбокая плынь», адзначаны ў 1951 годзе Дзяржаўнай прэміяй СССР, напісаны на свежым тады, але ўжо гістарычным матэрыяле. У аснову яго пакладзена дзейнасць партызанскай брыгады на тэрыторыі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

І ў далейшай сваёй творчасці Іван Шамякін працягвае распрацоўваць сюжэты з мінулага, грунтуючыся не толькі на ўласных успамінах, але і на дакументальных матэрыялах. Сабраныя ім сведчанні аб падпольнай барацьбе, уражанні ад гутарак з вядомымі арганізатарамі падполля ў Беларусі ляглі ў аснову аповесцей «Шлюбная ноч», «Гандлярка і паэт». У прадмове да гэтых твораў Андрэй Макаёнак надзвычай выразна вызначыў, што значыла для Івана Шамякіна яго вяртанне да тэмы вайны: «Эмацыянальная памяць выхоплівае з мінулага падзеі і факты, якія ў свой час уразілі ўяўленне мастака. І зараз, праз многа год, жывуць у душы трапяткія адносіны да гераічных учынкаў людзей і нязгасная патрэбнасць апавядаць, расказаць з любоўю і горыччу не толькі пра слаўныя падзеі незабыўнага мінулага, але і пра свае шматгадовыя роздумы. І ў гэтым праяўляецца не толькі грамадзянскі абавязак, але і гуманістычная сутнасць савецкага пісьменніка, сведкі і ўдзельніка ўсенароднай вайны супраць фашызму».

Патрэбнасць апавядаць пра мінулае... Яна павяла пісьменніка ад гадоў Вялікай Айчыннай вайны ў больш даўні час, да самага пачатку гісторыі нашай сацыялістычнай дзяржавы. Кастрычніцкая рэвалюцыя, Уладзімір Ільіч Ленін — зварот да гэтых невычэрпных, высокіх тэм для І. Шамякіна быў не толькі далейшым заглыбленнем у даўняе мінулае, але і новай спробай звязаць былое з сучасным, паказаць, з чаго пачыналася Савецкая ўлада, з якімі цяжкасцямі ўдалося яе адстаяць у тыя часы.

У яго аповесцях «Першы генерал», «Эшалон прайшоў», «Браняпоезд "Таварыш Ленін"», у апавяданнях «Матрос з "Алега"», «Хлеб» Ленін часцей за ўсё паказваецца ва ўспрыманні людзей, якім давялося бачыць правадыра, гутарыць з ім, выконваць яго даручэнні. Як сведчыць сам пісьменнік, гэтыя творы аб'яднаны тэмай «Ленін у лёсах людзей».

Гучыцць яна і ў рамане «Петраград — Брэст», прысвечаным цяжкім, трагічным эпізодам з гісторыі заключэння Брэсцкага міру ў першыя месяцы існавання Савецкай улады. Аўтар назваў яго гістарычным раманам. І гэта сапраўды шырокамаштабнае гістарычнае палатно, заснаванае на сапраўдных падзеях, пацверджаных шматлікімі дакументальнымі матэрыяламі. Глыбокая дасведчанасць ва ўсім, што звязана з сюжэтам твора, дазволіла І. Шамякіну выдатна перадаць атмасферу часу, гістарычны фон падзей, якія разгортваюцца ў рамане.

А дзейнічаюць тут як рэальныя гістарычныя асобы — Ленін, Троцкі, Бухарын, Сталін і іншыя, так і літаратурныя персанажы, створаныя ўяўленнем пісьменніка,— Багуновіч, Міра, Рудкоўскі, Пастушэнка... І падзеі разгортваюцца ў двух планах: дакументальна-мастацкі паказ эпізодаў, звязаных з барацьбой У. І. Леніна за падпісанне міру з Германіяй, спалучаецца з сюжэтнай лініяй «выдуманых» герояў — тых, хто супрацьстаіць войскам кайзераўскай Германіі на граніцы, якая праходзіць па шматпакутнай беларускай зямлі. Абедзве лініі перасякаюцца толькі ў фінале. Але колькі ні пераключаецца ўвага чытача ад падзей у Петраградзе да таго, што адбываецца ў акопах, паміж імі не перарываецца шчапленне, увесь час існуе нябачнае сілавое поле. Яно і ў маральным супрацьстаянні Леніна з Троцкім, з «левай апазіцыяй», і ў барацьбе думак, уяўленняў пра