Журавінка [Рыгор Барадулін] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Рыгор Барадулін Журавінка

Гумарыстычныя вершы, пародыі, эпіграмы


Барадулін P. Журавінка. Гумарыстычныя вершы, пародыі, эпіграмы. Мн., «Мастацкая літаратура», 1972. - 144 с. з іл.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

Вясёлая зайздрасць

ЕСЦЬ МІЛЬЁН!


Сонца,
Выглянь з-за хмар!
Ёсць чаму весяліцца:
Твой мільённы жыхар
Нарадзіўся,
Сталіца.
Мінск на подзвіг гатоў
З самым добрым намерам,
Аж праз дзевяць вякоў
Раптам стаў —
Мільянерам!
Паддаюцца вякі
Маладзёжным законам.
Што там халасцякі?
Слава —
Маладажонам!
Хай ім носяць буслы —
Толькі не з этыкетак! —
Паслухмянейшых дзетак.
Мінск цяпер —
Не малы!
А братам-гарадам
Быць не варта ў зайздросці.
Час за вопытам вам!
Калі ласка,—
У госці!
Пашчырэлі
Як след!
Праўда, ў тым вімаваты
Не адзін гарсавет —
Трошкі мамы i таты!..

ВЯСЁЛАЯ ЗАЙЗДРАСЦЬ


Мінск у верасні,
Мінск у верасні.
Зарапад,
Лістапад залаты.
Як не хочаш таго,
a ўверышся,
Што даўно ўжо не юны ты.
Арабіначкі-першакурсніцы.
Вочы самі
просяцца ўбок.
Хто вас толькі прыдумаў,
спакусніцы,
Ці міністр асветы, ці бог?
Hi пра сесію,
ні пра пенсію
Дбаць не трэба —
няма калі!
Спадарожнікі вашы веснія,
Быццам новенькія рублі.
Давядзецца, гордым,
дарэмна йсці
На спатканне —
не ўбачыць вас.
На арбіты адчаю,
рэўнасці
«Спадарожнікі»
ўзыдуць не раз.
...Сціх быстрак —
прыспала адмеліна.
Ёсць вачам паглядзець куды.
На арбіце ўзаемнасці
ўсхмелена
Закружыцца б...
Смяюцца гады.

ЗАПРАШАЕ СУСВЕТ


Запрашае гасцяваць
Cycвет.
Шмат планет —
дык выбірай любую!
Сон не ў сон
аматарам анкет,
Клопат ix зямны
даўно турбуе:
Як графу такую ўвесці,
дзе
Ставілася б рубам
запытанне:
«Лёталі у космас?
Час i дзень.
У халастым,
a ці ў жанатым стане?»
На якой планеце
што чуваць?
Каб ніякіх не было
сумненняў,
Назву па-старому указаць
Адміністрацыйнаму дзяленню.
Даўжнікі не мараць
ні аб чым,
Бо, надзеяй трапяткой
сагрэты,—
Пэўна, лёгка будзе
уцячы
Ад даўгоў
На іншыя планеты.
Пазірае ў неба бюракрат.
Ён жадае сціпла
для пачатку:
Вось займець
такую б акурат,
Нібы поўня,
круглую пячатку.
Толькі ix арбіт
замалы круг,
Не для ix
касмічныя прасторы —
I для бюракратаў,
для хапуг
Светафор чырвоны
ўключаць зоры.

* * *


Мы ў гасцях у Наднямоння.
Наваколле,
як нямое.
Нашых пальцаў
не расцяць?
Пад нагамі храбусцяць
Леташнія жалуды.
Зараз пойдзем —
хоць куды.
А паром на прывязі.
Толькі крыкні:
— Прывязі!
Прывязе на бераг той,
Стане, толькі скажаш:
— Стой!
Ён не кепскі, бераг той —
Хата на гары крутой.
Там цябе чакае маці,
Там я звацца буду
зяцем...
Дый на гэтым беразе
Хораша на верасе!..
Па канату —
тапаром!
Хай адзін плыве паром.
Хай плыве
між строгіх стром.
Потым неяк разбяром!

СПРАДВЕЧНАЯ ТЭМА


Спрадвечнай тэмы пераказ
Вусны:
Не трэба слоў,
Не трэба фраз,—
Вусны ў вусны.
Спрадвечны шэпт,
Спрадвечны ўздых
I піск рамесніц.
Напаў на маладых
Лізун-месяц.
Змялі вятры ўвесь снег
Ca стрэх.
Пералянелы лёд збіваюць.
Нібыта грэх,
Зімовы грэх,
З плячэй
Хутчэй
Збываюць.
Сябе за локаць укусі,
Хто ад спакусы утрывае!
Вясна садзіцца
У таксі,
Тралейбусы,
Трамваі...

САМАКРЫТЫЧНЫЯ НАТАТКІ


Я ездзіў на новабудоўлі,
Пісаў рэпартажы вершамі,
Дзе вобразы i дэталі
Былі па парадку развешаны,
Як на святочных ёлках
Рознакалёрныя цацкі.
Былі туманы ў мяне золкія,
Героі —
ударнікі працы.
Даваў «на-гара» рамантыку,
Наколькі быў толькі здатны.
У рыфмаваныя рамкі
Ставіў герояў дадатных.
Помню, ў вагоне аднойчы
Клапы мяне елі едма,
А потым пісаў,
што ноччу
Адчуў я з прыродай еднасць.
Калі ж намякаў на брудныя
Інтэрнаты новабудоўляў,
Услед дадаваў,
што будуць
Тут хутка святліцы добрыя.
У ямб заганяў біяграфіі —
Выходзіла гэта суха.
А хлопцы ламалі графікі,
Хаду абганялі сутак.
Жыццё вывучаў я,
вучыўся
Лакіраваць
i ракіравацца.
Ды рад, што для хлопцаў чэсных
Мая невядома праца.

ЯЕ НЯЎМОЛЬНАСЦЬ..


Яе Няўмольнасць Хімія
Штодзень бярэ разгон.
Далей, мядзведзі-схімнікі!
Бары,
Палеткі сінія —
Ну чым не палігон?!
Навошта ёй баласт такі,
Як песня жаўрука,
Я к шчабятанне ластаўкі,—
Сып,
Шчодрая рука!
Няхай сабе пад кручамі
Драчы кустоў праз пяць
Будзільнікі падкручваюць —
Світанне б не праспаць!
Кустоўнікі алешніка —
Галоўны корань зла —
Знішчаюцца паспешліва,—
Была ці не была!
Драчоў,
Як душы грэшныя,
Абсыпляць з-пад крыла!
A калі план даведзены —
Выконваць будзь ласкаў!
Паляны ўсе аб'едзены,
Нібыта на агледзіны,
Пажар хутчэй скакаў.
A поплаў будзе марніцца
Пярэч ці не пярэч!
Пчала-самаахвярніца,
Ад медуніцаў — прэч!
Запэўнілі вучоныя,
Што крохкі штучны Алёд,
Духмяны лес капронавы
i сінтэтычны мёд!..

ШТО НІ ДЗЕНЬ — САНДЗЕНЬ


Што ні дзень —
Сандзень.
Можна й пасандзеніцца!
Пакупнік —
не цюлень,
Дзе ён дзенецца?!
Пераўлік.
Пераўлік.
Пераўлік за пераўлікам.
Быццам сам ix пакупнік
На сваю бяду наклікаў.
Што ж, бывайце,
Дачы, ўдачы!
Пачынаюць перадачы.
Толькі б пасля перадачы
Не насіць бы перадачы!
Быццам бы па просьбе мае,
Закрываюцца старанна
У адзін дакладна час
I сталоўкі,
й рэстараны,
I кафэ,
i магазіны,—
Ахапіў парыў адзіны!
...Даўней,
Каб быў спакой i мір,
Вісела б шыльда на прыпынку:
«Закрыт дзявочы манастыр —
Усе ў дэкрэтным адпачынку!»

ШЧОДРЫ


Ураджай ці недарод,
Лівень лье,
Сухмень лютуе,—
A шаноўнейшы гарод
Вас заўсёды пачастуе.
Толькі трэба нездарма
Помніць акалічнасць тую,
Гультаям дарог няма,—
Іx шчадрун
Не пачастуе.
Любіць працу,
А таму,
Каб не звёўся род зялёны,
Скарбы аддае таму,
Хто штодзённа б'е паклоны.
A іначай бы не змог,
Бо ў яго —
Паганскі бог!
Самай ранняю вясною
Забуяе барышное.
Прададуць расаду цёткі —
I замоўкнуць звады,
Плёткі.
I замочаць барышы
Кухлем піва ад душы!
А гарод сабе расце.
Хутка вус гарбуз закруціць.
Ка прыслонку ў духаце
Галаву замятаруціць.
Памідор прысмяг такі.
Наліваецца, пуляты.
А на прывязі гуркі,
Як падласыя цяляты.
Сонца йдзе на вадапой —
Пахне кменам,
Пахне кропам.
Як расол, круты настой
Б'ецца пад нябесным стропам.
A сланечнік ля грады,
Непапраўна аблавухі,
Як салдацік малады,
Каля дзеўкі-векавухі...

АДВЯЧОРКАМ


Пераходзіць каторы раз
Чорны кот радыёлам дарогу.
Недзе ў змроку трактар заграз,
Цягне ўпарта сябе самога.
Хай бы норму сваю ўзараў —
Я жадаю трактару ўдачы.
I ад спраў
i ад тэлестраў
Засынаюць мае Ушачы.
Хоць багата ўжо лютых зім,
Жарка ў грубках гарыць алешнік,
З расцяробаў,
на злосць усім,
Зноў сваё заладзіў насмешнік:
— Цімох,
Цімох,
Павёў дзяўчыну ў мох,
у мох,
Прытуліў,
паваліў
Ох-ох-ох-ох-ох!..
«Непапраўны стары звадыяш!» —
Салаўя лагодна ўшчуваю.
Болей цягне сказаць:
— Ды я ж...
Я сябе юнаком адчуваю.
Гэта хлусяць,
што пастарэў,
Што чаканую
ўжо сустрэў.
Салаўі не лічаць гадоў,
Салаўі не пяюць калыханку.
Зноў праводзіць
яе гатоў
Да світання
ад весніц да ганку...

ЧЭРЦІ ЖЭНЯЦЦА


Хоць на хрэсьбінах не
(Што там зменіцца!),
Чорт жывучы,
Як на здзіў,—
Чэрці жэняцца!
Калі хоча стары
Паджэньшэніцца,
Тут да трох не гавары,—
Чэрці жэняцца!
Да сівой барады
Прыкішэніцца
Хоча юная,
Тады,—
Чэрці жэняцца!
Маладая
З маладым
Зноў каршэняцца,
Значыць,
Сварка йдзе на ўздым,
Чэрці жэняцца!
Хлопец юны,
A ў гадах
Шэфава пляменніца:
Будзе месца,
Будзе дах,—
Чэрці жэняцца!
Хай пярун
Віры знясе,
Там дзе чэрці водзяцца.
Вас да д'ябла,
Чэрці ўсе,—
Час разводзіцца!

ДЗЬМУХАЎЦОВЫ ПУХ


На галавы з'інелы луг
Нахабніста-вясёлы,
Спадае дзьмухаўцовы пух,
Садзіцца без дазволу.
Машын —
Вясёлых сакатух
Аснежыліся колы.
Спадае дзьмухаўцовы пух
Цнатліваю назолай.
На дзьмухаўца адзіны дзьмух
Ён, як Адам той,
Голы.
Спадае дзьмухаўцовы пух —
Святлее ўсё наўкола...

ХТО НА ПАСАДУ ПРЫМЕ!..


Змяняўся з лютым сакавік
У згодзе ды ў дамове.
Завёўся неяк дамавік,
Завёўся ва ўстанове.
Смерць крытыканам-крыкунам
Ён лепшы выручальнік.
Сам ведаў,
Што абедаў нам,
А нам —
Што сніў начальнік.
Настаў спакой.
Навошта злосць!
Навіны ўсе прымалі
На самай зручнай
Што ні ёсць
Ультракароткай хвалі.
I так стараўся дамавік,
Адвык
Ад рэзкіх рухаў.
Знік
Цень яго,
Прапаў язык.
Маўчаў i толькі слухаў.
Віноўнікаў шукаць дарма!
Зацішша на выгодзе.
Паклёпнікі?
Такіх няма!
Ёсць дамавік, дый годзе.
Каму, як кажуць,
Па каму,
Каму па два нібыта.
Ды што казаць,
Калі,
Каму,
Аднойчы пераблытаў.
Перастараўся дамавік,
Як той каваль няўдалы,
Што звёў калісь лямех
на пшык,
I справа заняпала.
У гнева цяжкая рука,
Ён пасмяяцца рады,
i выгналі дамавіка,
Або знялі з пасады.
Што шаптуны?
Што маўчуны?
Бяда адміністрацыі!
Ішла зарплата i чыны.
i раптам —
Ён без працы!
Ён не спакойны тылавік,
Знаём з франтамі ўсімі.
Пакуль свабодны дамавік...
Хто
на пасаду
прыме?..

ЯК «СПІЎСЯ» СЛОН

Слану ў цырку на час халадоў выдаецца літр гарэлкі.

З успамінаў былога даглядчыка
Цырк,
Вядома ўсім здаўна,
Быць не можа
Без слана.
Слон —
Галоўная персона,
Слон —
Заўсёды цвік сезона.
Па персоне —
Рацыён.
З апетытам слынным
Слон.
Цёпла ў Афрыцы яму,
Толькі ж слон —
Не Мішка белы.
Не пашыеш на зіму
Футра,
Каб. як лета, грэла.
Слон — персона,
А таму,
Гэта факт,
Не чуткі,—
Прапісалі на зіму
Літр гарэлкі ў суткі.
Што ж,
Разумнаму слану
Добра ведалі цану!
i аўтарытэт рос,
Вылятаў корак.
Сорак градусаў мароз,
I гарэлка — сорак!
Кожны дзень
Хістаўся слон.
I яно не дзіва,—
«Белая» не столькі тон
У бакі вадзіла.
Чуткі
Горш за злых варон
Каркаюць спрадвеку.
Паляцелa:
«Спіўся слон...»
Крыўдна недарэку.
І ў мароз,
І без марозу
Малаватай стала доза!
Як жа памагчы слану?
Што рабіць тут будзеш?
Як каня цыгану,
Ты слана не збудзеш.
А калі і збудзеш,
Дзе яшчэ набудзеш?
Не паклічаш на мясцком,—
Трэба ж перакладчык.
...Што так вечарам крадком
Стаў хадзіць даглядчык?
З папугаем цвеліцца,
Раніцою —
Хмеліцца.
Хобатам матляе слон
Ды вачыма лыпае.
Сам, напэўна,
Звыкся ён
З гэтакаю «ліпаю».
Хітра шчэрыцца адна
Злосная ваўчыца.
Пастанова ёсць:
Слана
Пасылаць лячыцца...

ЖУРАВІНКА


Не шукаў я спарышоў,
А балот, імшарын,
Аж пакуль цябе знайшоў —
Вельмі шмат абшарыў.
Ой ты, ягадка мая,
Ой ты, журавінка.
I якой жа цябе я
Напаткаў часінкай?
Спёку выцерпеў, імжу.
Мая баравая,
Анікому не скажу,
Дзе цябе сарваў я.
Вобраз твой з сабой насіў,
Сніў i ўдзень, i ўночы.
А цябе як раскусіў —
Аж заплюшчыў вочы...

КАХАННЕ І ЎЗНОСЫ


Так пачалося гэта
(Што галаву ўжо вешаць!):
Быў вечар факультэта —
Сустрэча з курсам першым.
Адна ў душу запала...
На пасяджэннях потым
Успамінаў, бывала,
Ды ўздыхаў употай.
Заўсёды мала часу,
Баляць заўсёды ногі —
Быў старшынёю касы
Ўзаемадапамогі.
Бяда! —ўступаць у касу
Дзяўчына не спяшала.
Аднойчы з ёй спаткаўся,
Агітаваў з запалам.
Выказванняў дэкана
Працытаваў ёй шэраг.
Сказала нечакана:
— А мне пара вячэраць!..
Хвала грамадскай справе,
ТыМ, хто кіруе масай!
Дзяўчына неўзабаве
Усё ж стала членам касы.
Але няўмольным лёсам
Пастаўлена плаціна —
Нерэгулярна ўзносы
Яна заўжды плаціла.
На пасяджэнні клікаў
(А засядаў ён многа!),
Пытаў,
як на заліках
Выкладчык самы строгі:
— Дзе крыецца прычына
Такой пратэрміноўкі?
Ўсміхалася дзяўчына.
I так плаціла зноўку.
За вокнамі марозы
I снежныя заносы.
А ён заняты прозай —
Ўсё ведамасці,
ўзносы.
За вокнамі у белі
Стаяць —
як глянуць —
вішні.
Грыміць, пяе вяселле.
Дзяўчына замуж выйшла.
Эх, ведамасці,
ўзносы!
Астаўся хлопец з носам...

ПАЦЕРКІ


Дождж рунь спаласкаў,
Вяз
пакарабаціла.
Для мяне з Полацка
Ясь
прывёз пацеркі.
Рыжанькі, кірпаценькі
Любы Ясенька.
Іскрынкі-пацеркі
Павязаў пад ясенем.
Шыю мне апяклі
Пацеркі Ясевы.
Ад чаго, як жар, былі,
Не ведаю я сама,—
Ці ад палкіх губ,
Ці ад дужых рук.
Дождж ступаў
туп-туп,
Гром гручэў
грук-грук,
На паўнеба ясная
Бліскавіца бліскала.
Да мяне Ясенька
Туліўся блізенька.
Я ж, на ласку ласая,
Сэрца не сцешыла —
Ясенькава, Ясева
Муравее сцежка.
Я ж у Яся адна,
Нас не пяцерка.
Камянькамі са дна
Блішчаць пацеркі.
Зоранькі-пацеркі,
Не магу спацейкі...
Ледзь пачую крокі —
Ложак шырокі.
Як згадаю рукі —
Сяннік мулкі.
Хай вось толькі прыйдзе Ясь
Буду недачэпаю!
Пацеркі блісь ды ясь.
Брамка не зашчэплена...

НЕ ПЯРЭЧЫЛА...


Ветрык шустры змоўк, заціх.
Спяць кусты прырэчныя.
Мне казаў:
— Ты лепш за ўсіх,—
Не пярэчыла.
Потым вочы называў
Спелымі парэчкамі.
Потым губы цалаваў,—
Не пярэчыла.
Адпіхнуць яго шкада:
Слабая парэнчына
I сцюдзёная вада,—
Не пярэчыла.

ЗАСТОЛЬНАЯ ОДА КАЗЛУ

Казлу, які абгрыз лазу i паказаў гэтым

лепшы метад вырошчвання вінаграду,

у старажытнасці быў пастаўлены помнік.

Выпадку нечаканы гром —
Ісці, знайсці лазу
I выціснуць з даспелых грон
Вясёлую слязу.
Шукай, упартасць, зноў i зноў!
Пасмейцеся, багі!
Валіла стома смертных з ног,
Вадзіла у бакі.
Іскрыстай песні корань сох,
Гарчэў палын дарог.
I ўзбунтаваўся грозны сок,
Заціснуты ў астрог.
Стагнаў,
хаця не знаў хвароб,
Шалеў
у сто залеў.
Зняў пробу першы вінароб
I першы захмялеў.
Сакрэт святога рамяства
Адолеў для вякоў.
Хадзіла кругам галава,
Спявала ўсё вакол.
Падужацца
i знаць, i голь
Хмель клікаў —
хто каго?!
Пасля ўжо словам
«алкаголь»
Абразілі яго.
Майстэрства цяжкія азы,
Як i майстры,
ў гадах.
Імкнула памаладзь лазы
Абвіць нябесны дах.
Ты цешыўся,
што так расла,
Наіўны Дыяніс.
Я п'ю за бараду казла,
Які лазу абгрыз.
Прыземлены, пачаў расці
Буйнейшы вінаград.
Хаця казёл аб адкрыцці
Здагадваўся наўрад.
Рог не ўцяжарылі вянком,
Адказвала спіна —
I адкрывальніку кійком
Аддзячылі спаўна.
Нашчадак
ніву славы
жне.
Казла не без падстаў
На стол узнялі на ражне,
Пасля —
на п'едэстал.
Ім закусілі — паўбяды,
Са збродлівых братоў
Ляпілі хмарку барады
I чаркі капыткоў.
Пазнялі ўсе грахі з казла,
І помнік дождж абмыў —
Як маршал, толькі без жазла,
Ён, бронзавы, застыў.
І валадар сівых дзяржаў,
Адтуль, з сівых вякоў,
Вакх
да сябе у світу ўзяў
Рагатых сваякоў.
І прадзедаў маіх наўздзіў
Ля роднага сяла
Па багне, п'яных, чорт вадзіў
Стрыечны брат казла.
Ды крыўдзіцца на лёс адно
Увесь казліны род —
Па барадзе цякло віно,
А не папала ў рот.
Чарэпай,
шчодры вінадар,
Як вока поўны коўш!
Застолле смягне —
хмель, удар,
Дажджом прайдзіся ўздоўж!
Настрою дзіўная шкала:
Ртуць чаркі ўверх,
то ўніз.
Дык зноў —
за бараду казла,
Які лазу абгрыз?!

ВЯСНОВАЯ ЗАМАЛЁЎКА


Лёгкая хмурынка, як паром,
Праплыла па небе неабсяжным.
Свой даклад вясновы
робіць гром
Голасам кіруючым, паважным.
Пачынае з дасягненняў ён
(Выступае год ужо каторы!).
З любасцю лагодны, ўзнёслы тон
Слухае нябесная кантора.
Раптам загрымеў —
i ўшыр, i ўдоўж
Прабіраць узяўся абібокаў:
Уцірае акуляры дождж,
А прагноз маніць —
не моргне вокам.
Алілуйшчык слухае:
— Эх, брат,
Свой бы вопыт перадаў я грому,
Як на цэлы дзень рабіць даклад,
Не сказаўшы крыўднага нікому.
А перастрахоўшчык спалатнеў:
— Можа, й праўда дождж разленаваўс
Ды рызыкаваць навошта мне,—
I хутчэй
страхой застрахаваўся...

ЯК УДАСКАНАЛЬВАЛІ АЛОВАК


— Мы недахопы разбяром
Ды люба так, ды міла.
I засядала рацбюро,
I думала, й дыміла.
Мы рваліся ў прарыў, сябры,
Наш тэлефон алёкаў.
Ды застаюцца канчары —
Агрызкі ад алоўкаў.
Шукаць не будзем мудраца!
Як грыфель сэканомім?
Мы не паставім да канца
Яго ў алоўку новым.
Ён спішацца, як мае быць,
Адно пішы з прыціскам.
Аловак трэба надтачыць
На даўжыню агрызка.
Няўрымсныя не бачаць сноў
У папку спаць не трэба.
Рацдумка працавала зноў:
— Забылі мы на дрэва!
Хутчэй накласці каранцін —
Да шкодніцтва тут блізка!
Аловак трэба скараціць
На даўжыню агрызка.
Каб вольна дыхалі дубы
I пушчы не каналі...
Аловак стаў такім, як быў,
Аж двойчы ўдасканалены.

НАЗОЛА


Ты шэпчаш:
— Назола... Спакою няма...
Каб чула суседка:
— Ідзіце дахаты!
Я сцішана:
— Крык падымаеш дарма...
І ў голас:
— Прабачце, прыйшоў пазнавата...

ВОСЕНЬ У НЯСВІЖЫ

Шчодра,

Калі не звыш,

Прымае гасцей

Нясвіж...

Вецер аб вугал вытнецца,
Памкнецца назад
Да прысад.
Слуцкая брама.
Мытніца.
Дукаты сып,
Лістапад!
...Аж сонца задзівілася,
Хавае ў хмары твар.
З размахам радзівілаўскім
Гудзе, шуміць базар!
Як з бібліі,
Аблудная
Авечка спіць з ягнём.
I верабей палуднуе
Дармовым ячмянём.
Хапае тлуму, лопату.
Ды не зважай на ўсё!
Не мела баба клопату —
Купляе парасё!
Ну што ж, малеча, енчы.
Зарохкаць прыйдзе час...
— Малы, затое ешчы,
Усе ручаць у нас...
Тост вясельны дзядзька рэжа,
Замачыў рашоты:
— Каб ламіўся стол ад ежы,
Ложак — ад пяшчоты!..
І цягнуць
(Як не зрынецца
Воз ад гульбы такой?!)
Свінню, што імянінніцу,
За вушы талакой.
На вагі не адважыцца
Ісці сама «мадам».
Не так і лёгка ўзважыцца
Трынаццаці пудам!
Прывёз хлапец на ровары
Курэй i мёду збан.
Пытаюць густабровага:
— Як здароўе, пане Ян?,.
...Певень будзіў мяне ўранні,
К абеду на стол паспеў.
Да берага быстрай Лані,
Кажуць, даносіў спеў...
...Плыві, маладжавая поўня
Бывайце,
І тлум,
I ціш!
Яшчэ раз вецер напомніў,
Услед прасвістаў:
— Няс-сві-жж!..

НА БУЛЬБУ


Шаноўны прафесар!
Адкіньце кульбу!
Чытайце лозунг:
«Усе —
на бульбу!»
I аспіранты —
Усе на бульбу!
Хай тэм кандыдацкіх
Спачыне бабулька!
Хай тэм кандыдацкіх
Бабулька спачыне.
У снах кандыдат
Хай павысіцца ў чыне!
А бульба —
Паважная вельмі кабета.
Уважлівых любіць —
Запомніце гэта!
А вы, гараджане,
Паменей бунтуйце,
Азяблую бульбу
Ашчадна буртуйце!
Азяблую бульбу
Ашчадна буртуйце.
На кволыя пальцы
Пальчаткі рыхтуйце!
Але не падумайце,
Што вы —
Калумбы.
Тут i да вас
Зачыналіся клубні!
Тут зоры такія
Міргаюць уночы.
Запомніць навек ix,
Хто ўбачыў аднойчы
Хай бульба
Марозліва
Пальцы халодзіць,
А верасень
Зманліва
Сэрца малодзіць...

МІСТАР ТРАНЗІСТАР


Нібыта ў эфіры, бунтуе, плыве
Тлум надакучлівы ў галаве.
У спелым калоссі,
Траве-мураве
Транзістар галосіць,
Транзістар раве.
Ах, містар транзістар,
Крыху цішыні!
Ды толькі слухаць містар
Ані
Наіўнай просьбы маёй
Не хоча,
Па-французску пяе,
Па-англійску рагоча.
Ліхвярскай рукой
Забірае спакой.
Што яму салавей
Над прыціхлай ракой?!
Аж хочацца ўшацкаму салаўю
Для рыфмы выгукнуць:
— Ай лаўлю!.. [1]

НУ, А МОЙ!


Хто не знае,
Што жанчыны
Не збяруцца без прычыны.
Тут навіны ні пры чым —
Ёсць штодня зашмат прычын
На павестцы дня мужы —
Для прамоў няма мяжы!
Летам,
Восенню,
Зімой
Толькі й чуеш:
— Ну, а мой!..
— Гэта што,
Нічога ў вас,—
Дама важная ўздыхае,—
Мой, паверце, кожны раз
Пахне новымі духамі!
— Валацугі, лайдакі,
Завяліся мухі ў носе!
Мой вынослівы такі —
З забягайлавак выносяць.
— Мой гаворыць:
Многа «спраў».
Цягнецца дамоў пад ранак.
— Мой таксама,—
«Шэфства» ўзяў...
А над кім?
Над рэстаранам!
— Мой, хоць кепскі гаспадар,
Праўда, не бярэ ні кроплі.
— Ну, а мой, як той камар,
Столькі п'е —
Пакуль не лопне.
— Дарагая, не кажы.
Хай бы жлукціў, хоць заліўся.
«Запісаўся я ў маржы!» —
Летась, дурань, пахваліўся.
У палонку як нырне
(А бадай ты не памёр!),
Думаю, сядзі.на дне.
Выплыў,
Фыркнуў, як бабёр!
Паспрабуй пазнаць,
Што горш?
Быў Мікіта,
Зараз — «морж»!
П'юць гарэлку на ігрышчах
Людзі,
Ну, а мой — баржом.
Круціць вус
Ды носам свішча:
«Мне не можна,
Стаў маржом!»
Людзі больш пра гаражы,
Пра сервізы
Ды пра дачы.
Ну, а мой сабе —
ў маржы.
A ні ў вус не дзьме,
Лайдача.
Хоць пагрэлі б раз кійком,
Хоць бы ўкралі порткі,
Каб дадому галяком
Ён патросся, порсткі!
Дома ты за ўсім сачы.
Дрэмле ліха ціха.
Вось махну адна ў Сачы,
Буду й я маржыха!
Там рахманыя «маржы».
Выйдзе з рэстарана —
Хоць з яго гужы
Вяжы,
Хоць кладзі да раны!
Летам,
Восенню,
Зімой
Толькі й чуеш:
— Ну, а мой...
У мужчын заўсёды лад,
Жонак у спакоі
Пакідаюць, мыркнуць: «Ат!»
I махнуць рукою...

МНАГАДЗЕТНЫ БАЦЬКА


У гераіні славы шмат.
А бацька ўсё заценены.
Нібыта ён не вінават,
Як той казаў,—
Уцэнены.
Я ўжо не буду пра сябе,
Хоць кошка у душы шкрабе.
Як не ўрасці ў зямлю,
Калі
Чаўпе другі па-шчырасці:
— Бач, гераініны пайшлі,
Турбот хапіла вырасціць...
Як бы не бацька
Я, Максім,
Як бы мяне
Няма зусім!
Яно, вядома,
Нервы,
Час,
Вядома,
Клопат — клопатам.
Мяне
Паклікалі б хоць раз,
Каб падзяліўся вопытам,—
Як гадаваць,
Як бедаваць,
Як дочак замуж выдаваць.
Не звык я змалку якаць,
Ды ў справе важна —
Якасць!..
Ідуць
турботы
чарадой...
I ўсе яны —канкрэтныя!
Не грэх сустрэцца мне парой
З сябрамі —
За дэкрэтныя!

РОЗДУМ КАМАНДЗІРОВАЧНІКА


Кар'еры салодкі спадман
Вясёлая камандзіроўка:
Спачатку
Таксі,
Рэстаран,
А потым—
Трамвай,
Сталоўка...

СУЦЕШЫЎ


— Ты ж такі,
Як твае лайдакі-дружбакі...
— Ну i што,
Калі піва вып'ю...
Размяняю зарплату на медзякі
i грашыма цябе засыплю!

СЯМЕЙНЫ ДЫЯЛОГ


— Сябе яшчэ персонай важнай лічыш!
Мне не хапае зла!
Ты страціў чалавечае аблічча.
— Аддай,
Калі знайшла!

РАГАТЫ


Казёл
Ca збродлівай пароды
Не пільнаваўся хаты,
Любіў чужыя агароды,
Таму i сам
Рагаты.

ДЗЕ ЧЫЕ?..


Ну што ўдавец,
Hi тпру, ні ну...
Узяў сабе ўдавіцу.
Ёсць на каго ўзваліць віну
І ёсць з кім пасварыцца.
У хаце,
быццам у вуллі,
Тут
сумаваць няма калі!
На нейкі міг
Вулей заціх —
Рой
высыпаў на сонца...
— Глядзі, як б'юць мае тваіх!
Мікіта кажа жонцы.
— От, цешыцца надумаў хто!
Здзяцінеў (бачаць людцы).
Лепш прыкусі язык,
а то —
Да нашых дабяруцца!..

KАЗA КАЗОЮ БУДЗЕ...


Спакойна клённікам ідзе,
Зялёны ліст смакуе,
Глядзіць,
Надраць бы лыкаў дзе,
Зглыдаць кару б якую...
Ды здрыганулася каза —
Трывожны ўчула шорах.
Хутчэй бяжыць схавацца
За
Пагорак.
Раптам — вораг!
Трасе ад страху
Барадой!
Над ёй дрыжыць
Асіна!
Каза радзілася казой —
Цікаўнасць перасіліць:
Яна вяртаецца назад,
На тое ж месца акурат,
Каб паглядзець
хто там такі?
...Вось так i ловяць коз ваўкі.

ЯК ДЗЕД МАРОЗ РАБІЎ АБХОД


Кожны раз
На Новы год
Робіць Дзед
Мароз абход...
Ёсць размова
ў мамы з татам:
— Свята быць павінна
святам
Дзеда для дзяцей бяром —
Сазваніся ты з бюром.
Раз завецца так яно —
Добрымі паслугамі,
I сябруем з ім даўно,—
Нас бюро паслухае!
Каб было ўсё з глагадзе,
Грошы плацяць загадзя.
I вясёлы Дзед Мароз
Пачынае мотакрос.
— З Новым годам!
З Новым годам!
З новым снегам!
З новым лёдам!
З ліўнямі, з пасатамі!
З новымі пасадамі!
Дзед Мароз дае пакункі,
Дарагія падарункі.
Побач з Дзедам механоша.
Дзед ласкавы, Дзед харошы
Як на дзіва Дзед багаты!
А Снягурка — не для таты!
Усміхаецца малая.
Мама тату больш не лае.
Аж падскоквае малы.
Дзеда просяць за сталы.
Слаўны Дзед Мароз вусаты!
Налівае Дзеду тата.
Весялее мотакрос.
Весялее Дзед Мароз.
Ад квартала да квартала
Сагразаецца памалу.
Выступае пот на твары,
Горача, нібы ў Сахары!
Тостаў Дзеду не шкада.
Замінае барада.
Просіцца кажух з плячэй,
Трэба ўсё канчаць хутчэй...
I яшчэ ў адной кватэры
Дачакаліся вячэры.
Плачуць дзеці нездарма,
Бо Мароза ўсё няма!
— Дзе вясёлы Дзед Мароз?.
Міліцыянер павёз...

ТЫ ПАД ВАКНОМ НЕ СТОЙ...


Ты пад вакном не стой
Да самай раніцы.
Я не пайду з табой —
Ты горкі п'яніца.
Я не хачу з табой
Быць i хвіліначкі,
Бо ў цябе любоў
Да чацвярціначкі.
Ужо не раненька,
Не страш пагрозамі,
Ты хлопец п'яненькі,
А я цвярозая.
Ну як з табой мне быць,
Ты, мой міленечкі,
Умееш ты хадзіць
На чацвярэнечках.
З табой нам не гуляць
Густым бярэзнікам —
Ты любіш начаваць...
У выцвярэзніках...

Ад кішлака да кішлака

ГІСАРСКІ УПАМІН


Па жончыных прысмаках
не ўздыхай,
Даверся лепей носу,
нос не вешай.
Сусаніным
ідзе Рыгор Няхай,
Дзе пахне ўладна
смажанінай свежай.
Настрою хмурага
адкінь башлык,
Арэхі лушчы,
злосны перац трушчы.
Сквярэцца без датацыі
шашлык
На лютых вугалях
на ўласным тлушчы.
Здымай з бутэлькі
ўпартую чалму —
Шкляны халат
нявінны мае колер.
Буксуе,
сам не ведае чаму,
Ішак —
чатырохногі мотаролер.
На протары
кавалак барана —
Бяры яго зубамі,—
як са шпагі.
Сквірчыць у роце,
хоць глыток віна
Ён просіць,
захлынаецца ад смагі.
Усюды восень
смажыць шашлыкі,
Ад дыму сіне
над Таджыкістанам.
Завоблачны Памір
i кішлакі
Ад паху захмялелыя
хістае.

* * *


Сонца,
горы не экрань.
Рань.
Баркас,
спі.
Справа —
горад Ленкарань,
Злева —
Каспій.
Гэта я ў якім баку,
Сам не помню.
Першы раз пасля Баку
Бачу пойму.
Кругам ходзіць галава.
Захлынае
Ранішняя мурава,
Сакаўная.
Лашчу шэрыя стагі
Прагным вокам.
Не завыць бы ад тугі
Шэрым воўкам!
Верыць з раніцы сабе
Не бяруся.
Можа, проста я ў журбе
Ў Беларусі?
Ці за ноч даўгую, бач,
Покуль спаў я,
Туі выраслі ля Ўшач,
Нават пальмы?
Дзе ж бары маглі тады
Затуліцца,
Замялі свае сляды —
Hi ігліцы.
He сказалі:
— Досыць зім,
Лепей поўдзень!
Мы
у вырай не ўзляцім —
Значыць,
пойдзем.
Каспій
ад пустынь-разяў
Збег упрочкі,
Бег —
аж вымытых не ўзяў
Hi сарочкі?
І ў азёрнай старане
Пахне нафта?
Бачыць гэткае i ў сне
Ці не
надта?..
Край,
красой без лекаў рань.
Змрок,
Рака,
спi.
Прачынайся,
Ленкарань!
Не cпi,
Каспій!

СКРЫВЕРЫ


Настрой па сонцу выверы.
З вясёлай галавой
Ідзі на золку ў Скрыверы
Зялёнаю травой.
У студні дрэмлюць сіверы.
I весніцы услед
Засмягла склыгнуць:
— Скры-ве-ры.
Прывет,
зялёны свет!
Хмурынка б'ецца чаіцай.
Уецца дыму хмель.
I Даўгава спяшаецца,
Як удава ў пасцель.
Імчыць сабе да Балтыкі
Гуллівая Дзвіна.
— Зямлячка,
што за пал такі?..
Але маўчыць яна.
Узгоркамі, нізінамі
Хаваецца з вачэй.
Ад нафты хоча, сіняя,
Адмыць сябе хутчэй.
Паважнымі персонамі
Дубы ля берагоў,
Прапахлі сцежкі сонныя
Дрымотай мурагоў.
А заўтра ж ноч купальская.
Галіну, дуб, нагні!
У ціхім сэрцы паляцца
Ласкавыя агні.
Пад ранне месяц скрывіцца,—
Цыганская душа.
Пад ранне ўбачаць Скрыверы
Яго на дне каўша...

АД МАХАЧКАЛЫ ДА БАКУ


Джыгіт-цягнік,
імчы наўскач!
Шапчы скале,
скала!
Прыпынак пяцьхвілін,
хоць плач.
Прабач,
Махач —
Кала!
У горь! цягнуцца з далін
Атары туманоў.
Курлыча жураўліны клін:
— Дом пакідаем зноў.
Да ачагоў
паслаў Каўказ
Папахі,
шашлыкі
I рогі гнутыя для вас,
Раўніўцы-вахлакі.
Хоць шыбіну рукой крані,
Спатнелую ад рос:
Ці гэта горац на кані,
Ці пачак папярос?
Джыгіт-цягнік,
цягні з усіх —
Яшчэ далёкі шлях.
Мы душымся ў купэ сваіх,
Як пеўні ў кашалях.
Да рэчкі йдуць таполі,
як
Гаранкі за вадой.
Вушамі хваліцца ішак
(Абы не галавой!).
Гэй, сонца,
хмары разгані,
Смугу начы сатры.
Гараць прывальныя агні,
Раскінуты шатры.
Ля грознай крэпасці былой
Бадзягі-цыганы,
Mo хочуць авалодаць ёй
Аблогаю яны.
Імчыць наўскач
цягнік-джыгіт,
Не стомлены зусім.
I Каспій,
як вясёлы гід,
Смяецца добра ўсім...

У КІЕВА-ПЯЧОРСКАЙ ЛАЎРЫ


Язык да Кіева давядзе,
Аўтобус дамчыць у момант.
Багдан Хмяльніцкі,
Крашчацік...
А дзе
Лаўра?
Пытаем, вядома.
У Кіеве быць i яе не пабачыць?!
Такога нельга сабе прабачыць!
Бабкі, прабабкі
Ішлі пехатой,
Ішлі месяцамі
Да Лаўры святой.
Давалі зарок.
Халадалі, пасцілі,
Каб ix ацанілі,
Грахі адпусцілі.
I вось мы, нарэшце,
Ля Лаўры слыннай.
З нас кожны бязгрэшны,
З душою нявіннай.
Тут ад мірской мітусніны
Схоў.
Вінен,
Дык лахі пад пахі!
За браму зайшоў —
Палова грахоў,
А рэшту —
Адпусцяць манахі.
Тут іншы выходзіў
З вады сухі,
Другі —
На дно ішоў,
Як палена,
Дзямідаву
Адпусцілі грахі
Аж да апошняга, пэўна,
Калена.
За тыя для храма бязгрэшна
Пліты,
Што грэшнікамі былі
На Урале адліты.
А пліты гладкія,
Як мазалі.
Па сходцах
У падзямелле сходзім.
Ідзём,
Па-сучаснаму мысліць калі,
У метро
Дванаццатага стагоддзя...
Каб глянуць на мошчы,
Спускаемся доле.
А пад сонцам даверлівым
На Падоле
Салаўі заліваюцца
Так няшчадна.
...Так мошчы б чынуш
Захаваць для нашчадкаў.
Няхай бы паказвалі
Гордыя гіды
I ў душах будзілі
Паболей агіды.
За святатацтва
Даруй мне, Лаўра.
Ступені не маючы бакалаўра,
У мяне будзённыя параўнанні.
Лаўра, бывай!
Стольны град,
Да спаткання!

ПРЫПАР


Hi рыбакоў,
Hi лайдакоў,—
Сягоння ў адгуле
Возера Павулле.
І ўся,
Ад пят да макаўкі,
У сене вёска Якаўкі.
Зімой быць хочаш з малаком,
Мянціць не будзеш языком!
Мянці касу,
Будзі расу!
Займай пашырай паласу!
З пагодай не кажы да трох.
Цвялі касу,
Валі мурог.
Абы цябе мурог
Не змог!
А не накосіш мурагу,
Аб тым карове — ні гу-гу!
Машынкі рэдакцыйнай стук
Забудзься,
Друг каханы,
Шчырэй з касой,
Алег Салтук,
Далёкі цёзка хана!
Са школы помніш,
Што Кальцоў
Быў не апошні між касцоў!
Тапчэўскі Фелікс,
Твой зямляк,
I ў гэтай справе
ведаў смак.
Адбілася
Вада ад рук.
Урочышча,
Як вулей.
Ляціць з балота
Цецярук
Напіцца у Павуллі.
Там ценям чаратоў
Кулік
Вядзе
Дакладнейшы падлік.
Над польным морам чаіцца
Сама з сабой спрачаецца.
Валун
Адлежвае бакі,
Як пастамент,
Чакае,
Хто стане на яго такі?
Ці ёсць
Патрэба тая?
А ноччу,
Млоснай ноччу
Стагам давераць вочы
Ён i яна,
Яна i ён.
I да відна
Забудуць сон.
I песню ранішняй тугі
Пачуюць зноўку берагі:
— Ах, мой смутак,
Ну чаму так
Я журыцца змушана?
Толькі рута
Не кранута,
Грушына
Не рушана...

БУЗКАШЫ


Ты не бачыў аніколі
Бузкашы?
Ты таджыку пра такое
Не кажы!
Не застольная бяседа —
Бузкашы:
Захапі казла ў суседа
I скачы.
Не зважаюць на начальства.
На радню,
Капыцяць і рвуць на часткі
Цішыню.
І чыны й пасады зніклі,
Зло — на злом!
Галава адно панікла
Над казлом.
Гэты козлік адпушчэння
Два пуды,
Не схаваеш у кішэні —
Паўбяды!
Жарабца хлапец асмуглы
Закасіў.
Сам бізун, як тыя цуглі,
Закусіў.
Горды дзед
белагаловы,
Як Памір,
Б'е галопам, б'е галопам
Жоўты жвір.
Зашчаміў казла нагою,
Вецер — друг.
Мчыць пагоня, не нагоніць —
Блізка круг.
Не відаць у тлуме, ў гуле
Ну ані —
На казле ляціць дзядуля?..
На кані?..
Кінуў чорнага i крэкча,
Перамок.
Мо ў апошні раз старэча
Перамог.
Раздзімаюць горны-храпы
Скакуны.
Тут не возьмеце нахрапам,
Крыкуны.
Мы ў даліне ўтульнай спеем,
Бы ў кашы.
Не да працы, не да спеваў —
Бузкашы!
Валам валяць людзі звыкла
З кішлакоў,
Заганяюць матацыклы,
Ішакоў.
Піялу з зялёным чаем
Асушы —
І прыпомніш ты з адчаем
Бузкашы.
У прэзідыумах млеюць —
Бузкашы,
На паважных асамблеях —
Бузкашы.
I на зборышчах паэтаў —
Бузкашы.
Ды таджыку ты пра гэта
Не кажы!..

Пра літбратоў і літсясцёр

ДЗЕ ПЕГАС ПАСЕЦЦА...


У творчых секцыях
Творчых секцый у Саюзе,
Як стажкоў на счахлым лузе.
I чуваць з усіх бакоў
Галасы кіраўнікоў:
— Год мінае,
Трэба, братцы,
Нам шчырэй за працу брацца!..
Секцыя прозы
(Заявы, пагрозы)
Імкнецца кожны ўперад выдацца
I ў серыі рамана выдацца...
Секцыя паэзіі
(Усе ў геніі палезлі)
Рыфмуюць тут,
Што ні кажы,
I тыражы,
I гаражы.
Секцыя крытыкі
(Выспяткі, вытаўкі)
Кожны крытык
Ля ўласных карытак.
Секцыя драматургіі
(Засядаюць — пі'шуць другія)
Чакае кожны з драматургаў,
Каб хоць аванс
Ды раскатурхаў.
Секцыя дзіцячая
(Замілаванне цялячае)
Лаўраў мала,
Бо ўсе лаўры
У Шушкевіча
Ды ў Маўра!
Секцыя перакладу
(Не заўсёды ўсё да ладу)
Як класіка перакладзеш
Да касы
Класікам ідзеш!
У сектах
Ёсць яшчэ ў Саюзе
Секты.
Тут прагнозы,
Тут пражэкты.
Ды не думайце,
Сектанты —
У Саюзе кватаранты!
З ix я вам не раю кпіць.
Дзейнасць бурная кіпіць
Шаптуны
(Па закуцці ўсе яны)
Шэпчуцца,
Хто з кім ідзе,
Хто каго
Куды вядзе...
Трасуны
(Трасуцца без віны)
Жах i ў паставе
І ў паглядзе —
Хаця б успомнілі ў дакладзе
Прарокі
(Лічаць класікаў крокі )
ім карціць адно пытанне:
Хто к ім будзе,
Хто кім стане?..
Евангелісты
(Яны заўсёды сцелюць лістам)
Егвангелле адно для ix —
Увесь набор
Уласных кніг.
Адвянцісты
(Умеюць адвінціцца)
Ад вымовы,
Ад нагрузкі,
Ад кілішка,
Ад закускі.
. . . . . . . . . . . . .
Калі зашмат
I сект i секцый,—
Пегас на водшыбе пасецца...

ПРЫЁМНАЯ КАМІСІЯ

(Адказнейшая місія)

He ўсім яна прыемная,
Камісія прыёмная...
Тут справы патаемныя,
Гуляюць часта «ўцёмную».
Ідзе абмяркаванне думна,
Грунтоўна,
Доўга,
Нават сумна.
Сур'ёзны тут вядзецца рэй.
Ды з рэплікамі
Весялей!
У рэпліках —
Парады,
Звады.
Ушчэнт карчуюцца
Літляды!
Клапоцяцца пра маладых:
Каго — ў Саюз,
Каму — пад дых...
— Лепш пачакаем —
Малады...
Хоць, праўда, мы ў яго гады.
Так, нам было не да навукі!
А зараз моладзь —
На ўсе рукі...
— Ba ўсім патрэбна ведаць меру.
Прымі, а потым —
Дай кватэру!..
Падумаць варта на той конт,
Што церабіць панне літфонд...
Перакананы рэаліст,
Заўважыць слынны раманіст:
— Ён зборнік выдае
Другі,
А ўсё не аддае
Даўгі.
— I не такі ўжо майстра сталы,
Каб з Бахусам вадзіць хаўрус.
Ён рэстаранным філіялам
Зрабіць захоча ўвесь Саюз!
— Яшчэ як талент не паспеў,
A ўжо развесціся паспеў!
— У акадэміі працуе
I манаграфіі прасуе.
Дагэтуль пра мяне — няма,
Відаць, спяшаемся дарма!
— Заўжды прамоўцаў атакуе,
Заўжды масцітых крытыкуе,
Заўжды шле кпіны з задняй лавы...
Яшчэ прымажацца да славы!
— Кандыдатура тут не тая —
Ён нашых твораў не чытае...
На ўзрост бываюць часам скідкі
— Мы разам з ім
Насілі світкі...
Мы разам бегалі ў грыбы.
Ў яго узросце не любы
Працягвае пісаць упарта.
Прыняць за цягавітасць варта!..
— Мусоны дзьмулі
I пасаты,
Шчырэў ён,
Чэсны працаўнік...
— Пачэсныя займаў пасады,
Як прынцыповы кіраўнік.
— Ён трошкі ў росце быў засеў
Хай невялікі —
Свой засеў!
— На пенсію ён пойдзе скора.
Ім кіраваць —
Не ведаць гора!
Ён будзе ў клуб хадзіць ахвотна
Бо дома ўжо сядзець маркотна!
Тут кожнага
Як след ацэняць,
А калі трэба,—
Дык заценяць.
. . . . . . . . . . . . . .
Калі б камісію прасілі
«Прафільтраваць»
Свой склад на міг,
Яны б, напэўна, пракацілі
На вараных
Сябе саміх...

ЦІХА ДРЭМЛЮЦЬ КАНСУЛЬТАНТЫ

(Часу — хоць гуляй у фанты!)

Пенсіённыя дзяды
Успамінаў шлюць пуды.
Хай пуды —
Няма бяды!
Шлюць дзяды
Гады ў рады.
Прачытаўшы два абзацы,
Можна ў момант развязацца.
«Не сіроцьце чалавецтва,
Адашліце ў выдавецтва».
Зноў у думках стаж лічы,
Бо зайздроснікаў лычы
Цягнуцца сюды
Упарта.
Ды зважаць на ix
Не варта!
Адказаць заўжды не позна,
Там, дзе прозна,—
Не завозна.
Трэба пільны інтарэс
Праявіць да паэтэс!
Паэтэсы ў мідзі,
Міні.
Тут i ў жар,
I ў холад кіне!
Трэба пракансультаваць,
Трэба сарыентаваць,
Трэба сарыентавацца.
Асалода; а не праца!
Драматургаў
Тут не лаюць —
У тэатры адсылаюць,
Пішаш пра дзяцей,
Пра школкі —
Ёсць «Бярозкі»,
Ёсць «Вясёлкі»!
Праўда, клопаты,
Калі
Юбілей Махтум-Кулі,
Ці Прыходзьку—пяцьдзесят
(Чуць ацэнку рад
Сабрат!)
Думаюць,
Не спяць у шапку.
Пішуць тэкст,
Кладуць у папку.
Кансультанты не лютуюць,
Кансультанты
Кансультуюць.
Аўтар малады,
Ды ранні
Сам рэдакцыі тараніць...

ЯК ТРАПІЦЬ НА ПРЫЁМ?

(Парады не даём)

Нібы на другой планеце,
Ціха ў важным кабінеце.
На стале застылі коні,
Не заржуць яны ніколі.
Хто, як кажуць,
На кані,
Прагне толькі цішыні.
Тут не спяць,
Не даядаюць.
Засядаюць,
Засядаюць...
Трэба ахаваць прыроду,
Паказаць сябе
Народу
Ці адкрыць найадмысловым
Вечар нейкі уступным
Словам.
Баламута ўзяць у шоры,
Паказаць гасцям азёрьк
Спраў хапае
Да адвалу.
Мала дня
I ночы мала!
Так i ўзімку,
Так i ў летку,
Так пад вечар,
Так i ўранку.
Добра,
Калі ёсць даведку
Друкаваць каму
На бланку
Ды пахукаць на пячатку.
Не,—
Дык пачынай спачатку
Казачку пра бацяна.
Спраў нязнятых —
Цаліна!
Праўда, у выпадках пажарных
Ёсць сакратары па жанрах.
Важкіх шыльдаў
Цэлых тры.
Думаюць
Сакратары.
Той
Уласны сказ бракуе,
Той
Да славы шлях брукуе...
У Саюзе
Цішыня.
Думу думаюць
Штодня.
Па паркетах
Коцік Ласік
Ходзіць мякка,
Быццам класік...

У САЮЗЕ ЁСЦЬ ЛІТФОНД

(Памаўчым на гэты конт)

Чулыя кіраўнікі,
Быццам родныя бацькі,
Росцяць маладых,
Бядуюць,
Гнёзды
Песнярам будуюць.
Размяркоўваюць пуцёўкі.
Тут i ў ясны дзень —
Пацёмкі!
Клопаты.
Размах вялікі!
Захацелася пазыкі —
Да сяброў звярнуцца раяць.
I зімой не вырвеш лёду!
А дырэктары згараюць
На рабоце
Год ад году.
Неспакойная пасада!
Дыхае над вухам звада.
Быццам бы Везувій,
Крэсла,—
Сцеражыся,
Каб не стрэсла!
Не ўтрымаешся,
Калі ты
Густ не ведаеш
Эліты.
...Рушаць лавай
Маналітнай
Класікі,
Забудзеш сон !—
Як настане аксамітны
Найжаданы ўсім сезон.
...Як вярці,
Як ні круці —
Ёсць нявесткі,
Ёсць зяці!
Зразумела,
Што сумесна
Жыць масцітым
З імі цесна.
Маладое пакаленне
Патрабуе пашырэння.
Тату з мамай —
Стометроўка
(Не на стартавай дарожцы!)
Трэба спрыт
I трэніроўка,
Каб падножку
Даць падножцы.
Заікнецца малады,
Член СП, вядома...
— Малады!
— Такой бяды
Мы не мелі дома!
— Паступова ўсё ўтрасём!
— Мы калісьці з Петрусём
Нават галадалі! —
Нехта прыгадае...
Пачынаюцца дэкады —
Хоць адмоўся ад пасады
Гэта
Марныя трывогі!
Будзе ўсё —
I шум,
І дым,
Трэба трохі дапамогі
З фонду
Самым маладым!
Як увесь не пракаўталі
Гэты самы фонд,
Тады
Ў апошнім
У квартале
Падганяюць халады.
Лістапад
Хваліцца рад —
Ён збірае
Шмат
Парад.
Снежань-лежань
Згусціць хмары —
У разгары
Семінары!
Вучацца
«Семінарысты»,
Драматургі,
Сцэнарысты,
Мастакі
I цыркачы.
Дзе харчы,
Там i тарчы!
Вырашаюцца пытанні!
Быў бы семінар
Даўно
Па фігурнаму катанню,
Ды няма катка
Адно!
О, Літфонд!
Твае рашэнні
Мудрыя,
Я шчыра веру,—
Бо паседжанні Праўлення
Быццам
тайная вячэра!..

У ЛЕСЕ ЁСЦЬ ДОМ ТВОРЧАСЦІ

(Чакай, чытач, не моршчыся!)

Далей ад шуму гарадскога,
Ад рэдакцыйнай мітусні!
Малі
Літфондаўскага бога,
Паэмы,
Элапеі сні...
Прыдвай краскі ў росным лузе,
Рыфмуй усе да аднае!
Хвастом вільне
Сабака Зюзя —
Ён толькі знаных прызнае.
Персонаю сваёю цешся.
З уласным ценем за руку
Вітайся.
Кроч па збітай сцежцы.
А не —
Прастуй па цаліку.
Лаўровы ліст?
Усім даволі!
Пішы ў цяпле
Пра снег, пра золь.
А не хапае ў нечым солі —
Дабавіць кухар Анатоль.
Перад салдатам не хваліся.
Ён вам раскажа спакваля,
Як Жукава карміў калісьці!
І Караткевіча...
Пасля,
Паэтка просіць спачування
(Не наламаць бы ў лесе дроў!):
— Пяць вершаў толькі
Да снядання
Прынесла Муза,
Як свякроў...
У кожнага сваё старанне,
Тут, у тузе
Ялін i траў,
Заспанай восенню
Шторання
Вялюгін рыжыкі збіраў.
Тут кожны сук,
Як напамінак.
І навакольныя лясы
Люляюць на сваіх галінах
Усіх масцітых галасы.
Пра ўсіх я не пішу...
Прабачаць!!!
А то сядзі i моршчы лоб,
Не прапусціць хаця каго б,
Як у дакладзе справаздачным.
Ну проста рай! Усё ў мінулым...
Астыў літфондаўскі запал.
I захлынуўся ўласным гулам
Усіх прамоў дзевяты вал.
A кіраўніцтва не заплача —
Свая бліжэй да сэрца дача.
Хоць i наведвае, ды рэдка.
Лес — не Саюз: пануе мір!
Тут затрымаецца дырэктар,
Нібы транзітны пасажыр.
Зашмат цацанак-абяцанак...
А покуль штатны інжынер
Грызе зарплаты абаранак,
Мароз хапае за каўнер.
Зноў зіма-лета, зіма-лета,
Як той цыган даводзіў.
Хіба
Хтось дом трымае для сюжэта
Пра старасвецкую сядзібу.
Што павукам ззажаць на гэта!
Ва ўсіх пакоях непрыбраных
Так пазакручвалі сюжэты,
Нібы ў Шамякіна ў раманах.
Ці для СП цяжкая ношка?
Ці хочацца сказаць скарэй:
«Избушка там на курьих ножках
Стоит без окон, без дверей?!»

БЮРО ПРАПАГАНДЫ

(Выступай, як здаровыя горла і гланды!)

Выступаеш на бюро —
Маеш
Медзь i серабро.
Калі справу зразумець,
Можна i не дбаць
Пра медзь.
На рапсода-волата
Ліўнем лійся,
Золата!
Едзе
Прадстаўнік сталіцы
У раён
Азалаціцца.
Там нырае
Рыбка тая,
Што завецца
Залатая.
Дзе нырае
Тая рыбка,
Вам адкажа
Толькі Скрыпка.
Цёзка Пушкіна
А. Ставер
Па СП рэкорд паставіў,—
Мотаролерным прабегам
Фору даў
Усім калегам!
Ён Пегасу:
«Косю-коська!» —
Рыбы поўная авоська!
Харч адменны
На сяле.
Добры харч,
Ды ёсць «але».
Хопіць воплескаў усім,
Ды, на жаль,
Не дрэмле «ЛIM»!
Гутарыць ласкавым тонам
У разгромным фельетоне.
Як глыбока ні нырні,
Рыбка залатая,
Не ўцячэш ты ад Вірні —
З ходу падсякае!
A калі паклапаціцца,
Можна ў Мінску
Залаціцца!
У сталіцы больш утульней:
Ёсць хімчысткі,
Ёсць цырульні!
Толькі думае бюро,
Каб запал не кінуў,
Каб лілося серабро
Шчодра
На акынаў!..

РАНІШНЯЯ МАЛІТВА


Не раз трымалі
Жорсткі бой мы,
Каб толькі трапіць
У «абоймы».
Калі нам будуць
Тыя помнікі?!.
Цяпер нам
Помнікі —
Шматтомнікі.
А племя крытыканаў
Згінь!
Зачахні,
Не ўзыдзі,
Амінь!

ЗАЯЦ ВАРЫЦЬ ПІВА

Туман плыве з нізіны сівы

Над нівай голай i пустой.

«Глядзіце, заяц варыць піва»,—

Жартуюць людзі між сабой.

А я відушчым бачу зрокам,

Як ён прысеў каля агню,

Трыгубы, шэры, касавокі,

І піва варыць з ячмяню...

Уладзімір Караткевіч

А ЯК БЫ ПІСАЛІ:

Ніл Гілевіч

Не самагонку гоніць — варыць піва,
I я за гэта не віню ані.
На тое ж i ячмень, такога дзіва,
Яго зайцу далі на працадні.
На шалях цягне працадзень не скупа:
Для ўсёй радні, для жонкі, для дачок
Па белай футры у сельмагу купіць.
Бывай, бывай,
спрадвечны шарачок!
Яно сабе было —
i золь i сівер,
Ды заяц не хіхікаў у рукаў.
На недахопы росту не касіўся,
Па лёгкі хлеб у горад не скакаў.
Люблю зямлю i землякоў,
паверце,
Ды Мінск не можа без мяне даўно.
У ім кватэра на любым паверсе
Хвалюе, як i роднае гумно.
Кашулю слаўлю чыстую, льняную
I працу навуковую в яду.
Двухтомнік гіра зайцоў не заплануюць
Кансультаваць завочніц лепш пайду!

Уладзіслаў Нядзведскі

Зноў сэрца мае сагрэта
Барознамі родных гоняў.
Я з гэтым зайцом паэта
Хачу параўнаць сягоння.
Чакае i ён нецярпліва,
Каб поўнай была балея,
Паэт, як i заяц ад піва,
Ад вершаў уласных хмялее.
Пад Оршай не будзе горкім
Піва —
ў ім хопіць клёку.
Ды лепей пад Салігорскам —
Там цешча мая недалёка.
Хай крытык крывіцца кпліва,
Ды я гэта ведаю болей,
Што цягнецца смагла піва
Нават
з калійную соллю!

Пятрусь Макаль

Ад думак я пайшоў у ствол,
Аж рыфмы ўжо заенчылі,
Як умясціць за
«Круглы стол»
Усю сям'ю заечую?
Сядзяць, вядома, на бабах
Правінцыялы шэрыя.
Па мне
бабахаў басам
Бах
Ім
страшны — воўк ашчэраны.
Раблю —
i маю апетыт —
З маленькай дзіркі
дзіру я,
Каб заяц ахнуў:
— Эрудыт!
Ён эру эрудзіруе!
Зайцы!
Іx вінаваціць грэх —
Культурай не спакушаны:
Вышэйшых курсаў
літарэх
Ніводным не раскушаны.
Яны забудуцца на міг
Пра дзень зімовы,
заўтрашні
Я п'есу б напісаў
для ix
З зайчыхай
у сааўтарстве!

Генадзь Бураўкін

Не ад скептысу
вочы звузілі:
На лугах —
за тарпой
тарпа!
Зайчаняты,
i тыя з вусамі —
Не бязвусая
шантрапа.
А туман плыве
над разорамі
Апельсіны гнілыя —
дрэнь!
Гэта вам
не хлопчыкі зорныя
Віва,
піва!
Віват
ячмень!
Беларускай
закусяць моркваю —
Воўк
зашыецца
у кусты.
Іх не ўхопіць
спакуса заморская
За кароценькія хвасты!

Іван Калеснік

Пішам пра мядзведзяў — пра начальства,
Спакушае танны рэзананс.
Як, сябры, мы забываем часта
Простата ляснога грызуна.
Ды яшчэ не хутка мы, вядома,
Гэта ўсё прачуем да канца.
Сам нядаўна быў я несвядомы —
Шапку цёплую насіў з зайца.
Толькі усмешку пры сябе трымаю,
Гладжу ўласным вершам бараду.
З голай галавой каля трамвая
Я вячэрнім горадам прайду!

ДОБРАЯ ПАМЯЦЬ


Літаратурны мудры дзед
Прыехаў на сустрэчу.
Сустрэлі кветкамі як след.
Стуліла зала плечы.
Бібліятэцы абласной
Сталічная пашана,—
Хоць год багата за cпіной,
Прыехаў госць чаканы!
Бы стому ў нумары пакінуў,
Пачаў адразу з успамінаў.
...У вас бібліятэкі, як палацы!
Хоць атэіст,
Прызнацца мушу ўслых:
Што літары я вывучаў па «Святцах»
Па аўтабіяграфіях святых.
Кніжок цяпер, вядома,
Да адвалу,
Дарэмна не чытаеце маіх.
Пратэставала зала трохі вяла.
А голас маладзеў,
Звінеў,
Не ціх!
Захочаш малака —
У кожнай краме.
За статкам я хадзіць
З маленства звык.
! не пазбавіў ледзь
Сустрэчы з вам!
Мяне калісьці
Злы папоўскі бык!
A дні не йшлі,
A валакліся цугам,
Давіліся нішчымніцай сухой,
Нялёгка йсці
За саржавелым плугам,
За высыхлай
Крывуляю-сахой..,
Ну хто, скажыце,
Помніць з вас
Саху?
І засынаё зала
Пакрыху...

ЗІМОВЫ ЎСПАМІН ПАЭТЭСЫ


Маленства басаногае
Штодзень —
Далей, далей.
Стаю,
Патэльню соўгаю,
Лью пад бліны алей,
А дзеткі ўсёй брыгадаю
Паселі ля стала.
Расчулена прыгадваю,
Як я малой была.
...За вокнамі мяцеліца —
Аж цёмна уваччу.
А ў нас карова целіцца,
Малодзіва хачу.
Я замужам цяперака,
Рыфмую на бягу.
Ды скверыка,
Валерыка
Забыцца не магу.
Мяце,
Мяце мяцеліца —
Аж цёмна уваччу.
Ён ні мычыць,
Hi целіцца,
А я пры ім тырчу...
Мяцеліца,
Малодзіва,
Даўно я ўжо Валодзева...

НЕЗАДАВОЛЕНЫ


Хоць пачарней, хоць пабялей —
Не за гарамі
юбілей,
A сеткамі заслуг не злоўлен
У энцыклапедычны слоўнік.
Для помніка ўжо выбраў месца,
A ці на ўвазе будзе мецца,
Што ніву славы для сябе
Ён засяваў,
але ў сяўбе
Больш спадзяваўся ён на бога,
Чым на сябе,
нябога?..
Світаць у думках пачало:
Нашчадкі ўдзячныя ацэняць
I шчодра лаўрамі аценяць
Яго халоднае
чало.
Партрэты важкія набудуць
Усе чырвоныя куты.
Трымаць труну на спінах
будуць
Літаратурныя кіты.
...Тады сардэчны пройдзе верад
I перастануць нервы псуць,
Калі яго нагамі ўперад
Няўхільна
ў вечнасць панясуць...

НЕТЫПОВАЯ ГІСТОРЫЯ


Любіў на сходах пастарацца.
На мітынгах, на дэманстрацыях
Насіў ахвотна транспаранты
I выбіўся ў аспіранты.
Нібыта поле міннае
(Глядзі туды-сюды!),
Мінуў таіс-сяк ён мінімум
За два гады.
Пра рыфму ў творах немаўлят
Даследванне агораў.
Не любіць жа аклад адклад,
А жонка — яшчэ горай.
Зрабіўся мудрым i дадатным
Філалагічным кандыдатам.
І ходзіць у выкладчыках
Нахохлены, насуплены.
І акуратным стаў укладчыкам
Ашчаднай касы, што насупраць.
Малодшых павучае ён,
Ды пафас падпампоўвае.
Гісторыя звычайная,
Хаця i нетыповая.

ПАРОДЫІ I ЭПІГРАМЫ


Hiл Гілевіч:

I зноўку я ля роднай брамы.
Лістоў асенняя завея.
Дуб гайнаўскі
Ca мной таксама,
Як класік,
Ціха бранзавее.

Піліп Пестрак:

Чыя злаўмысная рука
Рабіла шарж на Пестрака?!

Уладзімір Караткевіч:

Я пераводжу
З тома ў том
Усіх апосталаў з Хрыстом.
На крытыку
Гляджу вясёла —
Ў запасе
Д'яблы i анёлы!

Мікола Хведаровіч:

Пад класікаў
Падкласці б міны —
I ўвесь апошні клопат з рук.
Даўно гатовыя ўспаміны
Я ў той жа дзень
Аддаў бы ў друк!

Сяргей Грахоўскі:

Ты, Муза,
Мяне не карай,
Што покуль я
Не Маякоўскі.
Ды ўвесь прачынаецца край
Пад словы:
— Увага,
Гаворыць Грахоўскі!..

Алесю Бачылу,
аўтару лібрэта оперы «Зорка Венера»:

Навошта непатрэбныя ухмылкі? —
Усё дакладна Муза разлічыла:
Адразу распазнаеш
Без памылкі,
Дзе Багдановіч,
Дзе Бачыла...

Янку Скрыгану:

Хоць піша Янка не пагана,
Чытач злуецца на Скрыгана:
Замала новага дае,
A толькі
пера-
вы-
дае...

Івану Навуманку:

Не ўпершыню
ў саліднай прозе
Шумелі сосны пры дарозе,
Гул i дубы,
Цвілі таполі,—
Наогул,
Дроў у нас даволі!..

Міколу Аўрамчыку,
аўтару паэмы «Волхаўская споведзь»:

Паспавядаўся чытачу,
Чарга за ім,
А я маўчу.

СОРАК ДУМАК

Сорак думак у мядзведзя,

Трыццаць дзевяць з ix пра мёд..

Ан. Клышка
Сорак думак
У Ан. Клышкі,
Трыццаць дзевяць —
Пра верлібр,
А пра што
саракавая —
Зноў жа
Пра свабодны
верш.

ВЕДАЎ КУДЫ..


У Музы вырваўся з пялёнак
І пасталеў ураз
Зуёнак
Праз «Маладосць...»
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Відаць,
задаткі ёсць...

Я НЕ BІHABATЫ


I цалую i шыю i локці...

А ва ў с ім вінаваты

Месяц — жоўтая лодка —

Ды салодкая мята.

Генадзь Бураўкін «...Месяц — жоўтая лодка...»
Добра ў камандзіроўцы
На азёрах Асвейскіх —
Усміхайся сяброўцы,
Млява жмурачы вейкі.
Не дацягнуцца плёткі —
Жонка далекавата.
Шыя,
локці
i лодка.
Я тут не вінаваты...

ТРЫВОГА HA MAPCE

...У палёце сябе вымучу,—

Марсіянскую мову вывучу

І на Млечным Шляху саграшу...

Нэла Тулупава «... У палёце сябе я вымучу»
Нэла азбуку вучыць,
А на Марсе трывога —
Дзе для племя мужчынскага знойдзецца
Схоў?
Марсіянкі, напэўна,
Цвёрда верыць не могуць
У маральную стойкасць
Сваіх жаніхоў...

ПІСЬМО ІBАHA КАЛЕСНІКА НАЧАЛЬНІКУ МІНСКАГА ТАКСАМАТОРНАГА ПАРКА

...Ён нагамі змераў кут свой мілы —

У музеі шмат яго кіёў.

Прыкра мне: на ІЛах ды на ЗІЛах

Абляцеў я край,

А не прайшоў...

Iван Калеснік «У доме песняра»
Я ў СП у час уношу ўзносы.
Рыфма для мяне — не навіна.
Шчэ б не так апеў пракосы-косы,
Каб не слабасць гэная адна:
Ледзь таксі свабоднае пабачу,
Падымаецца сама рука.
Праз яе вялізарную ўдачу
Упусціў, як шчупака з кручка.
Напішу пісьмо на вёску свату,
Хай прышле бярозавых кіёў.
Папярос куплю на ўсю зарплату
I пакрочу у прастор палёў.
I на гэты час, начальнік мілы,
Хоць i зябнуць буду ў тумане,
Ў гаражах трымайце ІЛы, ЗІЛы,
Каб яны не зманьвалі мяне.
Ушчынаць не буду з Вам! сварку
Чалавекам чулым Вас лічу.
А народным стану —
Таксопарку
За прастоі нат переплачу!..

АСАБЛІВЫ TВOP


Хоць не хапае зор,
Ды хоча тучна піснуць:
— Нерукатворны твор,
Мой твор —
Машынапісны!

НЕСПАКОЙНЫ КРЫТЫК


Не есца i не спіцца.
Запала думка ў голаў —
Уставіць палку ў спіцы
Літаратурных колаў!..

НЯЛЁГКАЯ ПРАЦА


Аднойчы ішлі мы каля
Тэатра юнага гледача,
Сустрэлі там П. Макаля.
Ён з Вольскім сячэ з-за пляча —
Карчуюць сааўтары глухамань,
Сябе яны працай замучылі.
А п'еса (ў афішы глянь)
Усё
«За лясамі дрымучымі»!

ВЕРЛІБРЫСТ


Даўно ўжо
Рыфмамі не грашу,—
Забыўся на розныя спробы там.
Для ўсіх кантынентаў
Верлібры пішу:
Для перакладу —
Палёгка робатам!

КРЫТЫК НЕХАЦЯ


Няшчодры ў Музы быў
Да працы
Жонка змусіла:
I іншых я вучу пісаць
У змучаных дыскусіях.

1

Я кахаю (англ.).

(обратно)

Оглавление

  • Рыгор Барадулін Журавінка
  • Вясёлая зайздрасць
  •   ЕСЦЬ МІЛЬЁН!
  •   ВЯСЁЛАЯ ЗАЙЗДРАСЦЬ
  •   ЗАПРАШАЕ СУСВЕТ
  •   * * *
  •   СПРАДВЕЧНАЯ ТЭМА
  •   САМАКРЫТЫЧНЫЯ НАТАТКІ
  •   ЯЕ НЯЎМОЛЬНАСЦЬ..
  •   ШТО НІ ДЗЕНЬ — САНДЗЕНЬ
  •   ШЧОДРЫ
  •   АДВЯЧОРКАМ
  •   ЧЭРЦІ ЖЭНЯЦЦА
  •   ДЗЬМУХАЎЦОВЫ ПУХ
  •   ХТО НА ПАСАДУ ПРЫМЕ!..
  •   ЯК «СПІЎСЯ» СЛОН
  •   ЖУРАВІНКА
  •   КАХАННЕ І ЎЗНОСЫ
  •   ПАЦЕРКІ
  •   НЕ ПЯРЭЧЫЛА...
  •   ЗАСТОЛЬНАЯ ОДА КАЗЛУ
  •   ВЯСНОВАЯ ЗАМАЛЁЎКА
  •   ЯК УДАСКАНАЛЬВАЛІ АЛОВАК
  •   НАЗОЛА
  •   ВОСЕНЬ У НЯСВІЖЫ
  •   НА БУЛЬБУ
  •   МІСТАР ТРАНЗІСТАР
  •   НУ, А МОЙ!
  •   МНАГАДЗЕТНЫ БАЦЬКА
  •   РОЗДУМ КАМАНДЗІРОВАЧНІКА
  •   СУЦЕШЫЎ
  •   СЯМЕЙНЫ ДЫЯЛОГ
  •   РАГАТЫ
  •   ДЗЕ ЧЫЕ?..
  •   KАЗA КАЗОЮ БУДЗЕ...
  •   ЯК ДЗЕД МАРОЗ РАБІЎ АБХОД
  •   ТЫ ПАД ВАКНОМ НЕ СТОЙ...
  • Ад кішлака да кішлака
  •   ГІСАРСКІ УПАМІН
  •   * * *
  •   СКРЫВЕРЫ
  •   АД МАХАЧКАЛЫ ДА БАКУ
  •   У КІЕВА-ПЯЧОРСКАЙ ЛАЎРЫ
  •   ПРЫПАР
  •   БУЗКАШЫ
  • Пра літбратоў і літсясцёр
  •   ДЗЕ ПЕГАС ПАСЕЦЦА...
  •   ПРЫЁМНАЯ КАМІСІЯ
  •   ЦІХА ДРЭМЛЮЦЬ КАНСУЛЬТАНТЫ
  •   ЯК ТРАПІЦЬ НА ПРЫЁМ?
  •   У САЮЗЕ ЁСЦЬ ЛІТФОНД
  •   У ЛЕСЕ ЁСЦЬ ДОМ ТВОРЧАСЦІ
  •   БЮРО ПРАПАГАНДЫ
  •   РАНІШНЯЯ МАЛІТВА
  •   ЗАЯЦ ВАРЫЦЬ ПІВА
  •   ДОБРАЯ ПАМЯЦЬ
  •   ЗІМОВЫ ЎСПАМІН ПАЭТЭСЫ
  •   НЕЗАДАВОЛЕНЫ
  •   НЕТЫПОВАЯ ГІСТОРЫЯ
  •   ПАРОДЫІ I ЭПІГРАМЫ
  •   СОРАК ДУМАК
  •   ВЕДАЎ КУДЫ..
  •   Я НЕ BІHABATЫ
  •   ТРЫВОГА HA MAPCE
  •   ПІСЬМО ІBАHA КАЛЕСНІКА НАЧАЛЬНІКУ МІНСКАГА ТАКСАМАТОРНАГА ПАРКА
  •   АСАБЛІВЫ TВOP
  •   НЕСПАКОЙНЫ КРЫТЫК
  •   НЯЛЁГКАЯ ПРАЦА
  •   ВЕРЛІБРЫСТ
  •   КРЫТЫК НЕХАЦЯ
  • *** Примечания ***