Стомленасць Парыжам [Леанід Дранько-Майсюк] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Леанід Дранько-Майсюк СТОМЛЕНАСЦЬ ПАРЫЖАМ

Вершы і эсэ


Падрыхтаванае на падставе: Леанід Дранько-Майсюк, Стомленасць Парыжам: Вершы і эсэ.— Мінск: Мастацкая літаратура, 1995.— 191 с. [1 л.] партр.


Рэдактар: В. М. Хлебавец


© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

Інтрадукцыя


Преследуемый Аполлоном,

я превращусь в осенний куст золотой,

одетый сеткой дождя на лесной поляне.

Аляксандр Блок
21 верасня 1991. У змроку, пад халодным дажджом, кожны бледны ліхтар — праўдзівае сэрца, з якога выцекла кроў. Любячы дождж і змрок, я йшоў па Людаманце і назіраў за ліхтарамі, нібыта за мноствам бяскроўных сэрцаў. Мусіць, гэты мой візуальны занятак і навёў на трывожную думку, што паэзіі часам бывае недастаткова, каб зразумець каханую. Геронты (нястомныя дарадчыкі майго пісьма, імя якім — смутак і весялосць), праслухаўшы першыя вершы, прысвечаныя Ёй, павучальна прамовілі: «Гэта цудоўна, але ты спіш. Каб зразумець каханую па-сапраўднаму, трэба прачнуцца». I яны падказалі, што выйсці з вершаванага сну можна пры дапамозе кароткай дзённікавай прозы і што занатоўваць гэтую прозу трэба не за сталом, а... у ложку. I нават не зусім у ложку, а, перагнуўшыся праз яго край, пісаць на паперы, якая павінна ляжаць на падлозе. «Чаму?» — я неверагодна здзівіўся. «А таму, што дзякуючы такой позе надта не разгонішся,— усміхнуліся хітрыя геронты,— і твая белетрыстыка сапраўды будзе кароткай. А яшчэ, і гэта найважней для адчуванняў (тут іхні голас пасур'ёзнеў), пры такой нязручнай для пісьма паставе, сэрца баліць гэтак жа, як і ад разумення, што каханне тваё — лістападнае».

23 верасня 1991. Дык вось, пачынаю занатоўваць імгненні сваёй прыватнай вечнасці, пішу прозу, каб выйсці з вершаванага сну. Аднак не ўпэўнены, ці варта захоўваць прапанаваную тэхналогію пісьма. Мае геронты ў парадах сваіх часам бываюць віртуозна-насмешлівыя. Тым не менш, перагнуўшыся праз край ложка, гэтыя вось радкі марудна выводжу на паперы, якая ляжыць на падлозе, і адчуваю, што сапраўды пры такой нязручнай для пісьма паставе сэрца баліць гэтак жа, як і ад разумення, што каханне маё — лістападнае.

25 верасня 1991. Вырастае непахісная герма стомы. Заместа скульптурнае галавы яе вянчае мая цярплівасць, а долу пакладзена экзальтацыя Блока: «Гибель Titanic'а, обрадовавшая меня несказанно (есть еще океан)». Аднак далей прыпісана: «Бесконечно пусто и тяжело...» Чакаю Яе, але Яна не прыйшла, адно пажалілася па тэлефоне: «У нас не ладзіцца размова, таму што я даўно не чула тваіх вершаў». Прамаўляю на памяць «Ты,— памножаная на неба...», і Яна лагодна заціхае. Спрабую выбраць у Блока нешта светлае. Не чытаць жа каханай пра пагібель Titanic’a.

26 верасня 1991. Размаўляем. Блок наш трэці суразмоўнік: «Печальное возвращение домой — мокро, женщины возвращаются из театров похорошевшие и возбужденные...» У алькове маёй свядомасці стаілася нецярпенне. Чырвоная свяцільня крыві асвятляе тунель адамізма. Першаю ў гэтым тунелі апынаецца душа, і яе працінае нястрымная страла срэбра.

27 верасня 1991. Тут, на Людаманце, і там, на Нямізе, а таксама скрозь у гэтым горадзе, жанчыны захоўваюць у сваіх кветаложах эфірны халадок — напамін пра далікатныя пальцы гінеколага. Кожная жанчына трывожна прыслухоўваецца да раптоўна выяўленай фібраміомы, але чуе хіба што актаўны шэпт удвое складзенага рэцэпта ці адажыо надзеі, якая раптам здраджвае і памірае першай.

28 верасня 1991. Хвіліны, калі ў жанчыне апафеозна гучыць кіфара фізіялогіі — хвіліны асаблівай адкрытасці, хаця запаветную нішу ўсё адно закрывае плюшч Венеры.

3 кастрычніка 1991. Немагчыма гаварыць пра шчасце, калі дыхаеш ім. Немагчыма ўтойваць яго ў сэрцы, калі ў позірку — рымскі дамінат паганства. Але можна цудоўна памерці, разбіўшы галаву аб гранітны шар Фартуны. I можна выдатна сканаць, з разбегу праламаўшы дубовыя краты экстазу... Размаўляем, і Яна прызнаецца, што толькі тады супакойваецца, калі бачыць мяне.

5 кастрычніка 1991. Імперыя разбураецца, але гэта не галоўная навіна. Музыканты выходзяць на вуліцы, але іхняя ігра поўная фалыну. Рознымі шрыфтамі і фарбамі зіхаціць слова Крама. Няхай. Мой настрой усё адно застаецца суверэнным. Мая ўлада над шчасцем бясконцая. Я йду па трамвайных дахах, як па асфальце, і мяне суправаджае акампанемент няздзейсненай роспачы: «Божа, гэтай вясной я магла б назаўсёды пакінуць Беларусь! Мы не сустрэліся б, і ты не напісаў бы ніводнага верша...»

6 кастрычніка 1991. Цела неверагодна маладзее. Магчыма, гэта старасць наадварот. Праз фалангі пальцаў праходзяць вальфрамавыя ніці. На вуснах барталініевая крыніца пакідае жаданую салёную цеплыню. Суставы напоўнены пругкім выраем, і таму кожная бетонная лесвіца ператвараецца ў эскалатар.

7 кастрычніка 1991. Ад кавярні «Світанак» да плошчы Якуба Коласа і ад плошчы Якуба Коласа да кавярні «Світанак» я прайшоў за пяцьдзесят