Забойствы, якіх не было... [Геннадзь Аўласенка] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Генадзь АЎЛАСЕНКА

ЗАБОЙСТВЫ, ЯКІХ НЕ БЫЛО...

Ноччу мяне пабудзіў тэлефонны званок. Прычым, тэлефанавалі на звычайны апарат, што стаяў на палічцы ў пярэдняй і мною амаль не выкарыстоўваўся.

Шчыра кажучы, я і па мабільніку рэдка размаўляю, ды і з кім размаўляць? Са сваімі можна пагутарыць і без дапамогі ўсёй гэтай апаратуры... А сярод звычайных людзей сяброў у мяне не так і шмат. І яшчэ менш сябровак...

Але цяпер мне тэлефанавала сяброўка. І менавіта са звычайных людзей. Яшчэ нават не расплюшчыўшы вачэй, я зразумела: з ёй штосьці здарылася.

Сяброўку звалі Верай (я заўсёды называла яе Веркай), і апошнія пяць школьных гадоў мы праседзелі з ёй за адной партай. Потым, праўда, шляхі нашы разышліся кардынальна, і сустракаліся мы зрэдку. Гэта былі, у асноўным, зусім выпадковыя і кароткія сустрэчы: на вуліцы, у краме... Аднойчы нават на выставе сучаснага мастацтва. Дзякуючы гэтым сустрэчам, я ведала, што Верка адразу ж пасля заканчэння школы нейкім чынам схітрылася паступіць у педагагічны ўніверсітэт (гэта з яе адзнакамі?!), але ўсяго праз паўгода яго пакінула па прычыне поўнага расчаравання ў будучай сваёй прафесіі. Менавіта так яна мне паведаміла. А я адразу ж зразумела, што Верка заваліла першую сесію ды яшчэ з такім аглушальным трэскам, што ні пра якую далейшую вучобу гутаркі і быць не магло...

Заваліла і заваліла, ні яна першая, ні яна апошняя... Справа, як кажуць, жыццёвая. Як і няўдалы шлюб Веркі, які, праўда, пратрымаўся дзесьці каля года. Так што цяпер сяброўка мая была зноў абсалютна свабоднай і незалежнай (як сцвярджала яна сама) і працавала адказнай сакратаркай у нейкай камерцыйнай фірме... А заробак — пазайздросціш!

Гэта былі самыя апошнія звесткі, і паведаміла мне іх Верка падчас нядаўняй і, як заўсёды, выпадковай сустрэчы. Тады ж яна (у які раз ужо!) запісала на вузенькай сваёй далоні мой адрас і нумары тэлефонаў, паабяцаўшы рэгулярна тэлефанаваць і нават забягаць па магчымасці. Але ні званкоў, ні асабістых наведванняў я ад Веркі так і не дачакалася.І вось цяпер гэты неспадзяваны начны званок.

Не ўстаючы з ложка, я ўзяла трубку. Дакладней, трубка сама ўзвілася ў паветра, там, у пярэдняй...

— Ксюшка, ты?! — выгукнула трубка дрыжачым Верчыным голасам. — Ты дома?

Ідыёцкае пытанне, бо як магла я сярод ночы адказваць па звычайным тэлефоне, калі б сама не знаходзілася непадалёк?

Калі шчыра, я лёгка магла б гэта зрабіць нават з джунгляў якой-небудзь Гвінеі, але адкуль Верцы ведаць пра такія звышасаблівасці майго арганізма.

— А што здарылася? — асцярожна пацікавілася я. — Штосьці сур’ёзнае?

Замест адказу трубка выдала такія істэрычныя ўсхліпы, якіх я нават ад Веркі не

чакала, хоць вочы ў яе заўсёды былі на мокрым месцы.

— А можна, я прыйду да цябе цяпер?! — захлынаючыся слязьмі, змагла, нарэшце, вымавіць Верка. І я адчула раптам, як таропка ідзе (амаль бяжыць) мая школьная сяброўка па цёмных начных вуліцах горада, ды выгляд мае яшчэ той: цёплае, амаль зімовае паліто на плячах (а пад ім — амаль нічога!), на нагах — пляжныя гумавыя сандалеты . У давяршэнне — калматая галава, «упрыгожаная» аранжавымі бігудзямі. — Можна? Бо я ўжо. я ўжо іду!

— Давай! — з неахвотай пакідаючы цёплыя абдоймы ложка, буркнула я. — Адрас хоць памятаеш?

***

На ўсялякі выпадак я тэрмінова даслала Верцы кароткі імпульс-напамін пра дакладныя каардынаты майго месцазнаходжання, прасачыла, каб гэтую зарумзаную дурнічку ніхто не пакрыўдзіў на бязлюдных начных вуліцах. А потым, калі мая былая аднакласніца, горка і безнадзейна ўсхліпваючы, узнімалася па лесвіцы, я асцярожненька дакранулася да самага верхняга слоя яе памяці.

Тое, што адбылося гэтай ноччу ў кватэры маёй школьнай сяброўкі, не было про­ста нядобрым. Яно было жудасным!

Забойства, і нават трайное, бо менавіта такая колькасць нябожчыкаў знаходзілася цяпер у Верчынай аднапакаёўцы. І ўсе трое (здаравенныя мужыкі!) былі забіты вытанчана і жорстка: адзін, чамусьці распрануты да пояса, атрымаў такі моцны ўдар па патыліцы сталёвым малаточкам для адбіўкі мяса, што сканаў амаль імгненна, нават не паспеўшы зразумець, што з ім адбылося.

Смерць другога мужчыны не была такой хуткай: шаўковым паяском ад халата яго душылі хвіліны дзве-тры, а то і болей. Небарака нават спрабаваў аказаць супраціўленне свайму забойцу: сутаргава сціснутыя пальцы абедзвюх рук былі засунуты пад паясок.

Самымі жудаснымі і незразумелымі з’яўляліся абставіны смерці трэцяга муж­чыны, дарэчы, старэйшага з іх траіх...

Яму, моцна скруціўшы скотчам рукі і ногі, насунулі на галаву поліэтыленавы пакет. Паміраў ён куды больш пакутліва, чым іншыя...

— Я іх забіла! — зачыніўшы дзверы, закрычала праз слёзы Верка. — Я іх усіх забіла, уяўляеш?! Не ведаю, што са мной такое сталася... Я не хацела... я нібыта сама не свая