Фотаальбом [Юрась Нераток] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Юрась Нераток Фотаальбом

Вершы


Падрыхтаванае на падставе: Нераток Ю. ФОТААЛЬБОМ. Вершы/Ю. Нераток. – Мн.: УП “Тэхнапрынт”, 2003, – 80с.

ISBN 985-464-487-1


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

БЕЛАРУСАМ
Пакуль здрабняем на зямным абрусе
мы маналіт мінулага на друз,
не згасне сонейка над Беларуссю!
…Але ці ведае яно пра Беларусь?
Пакуль рунее жытняя палоска,
і пожню сцеражэ саломы стог,
нас не пакіне міласэрнасць Боска!
…Але ці помніць беларусаў Бог?
Пакуль мы даглядаем захад продкаў,
пакуль нашчадкаў досвітак глядзім,
нас не звязе ў нябыт Харона лодка!
…Але ці трэба гэта нам самім?

АД БЕЛАРУСАЎ
Бяззорней – лёс, імклівей – час.
Той б’е ў званы, той джалам круціць.
Чаго вы хочаце ад нас?
Ваду навошта каламуціць?
Навошта нас цягнуць у яр?
Вы хто? Калі ўжо разабрацца –
нашчадкі шляхціцаў, баяр,
ліцвінаў-вояў і казацтва.
А нам што веча, што статут,
што дзіды, што мячы, што шаблі.
Спрадвеку мучымся мы тут,
а зброя наша – плуг ды граблі.
Не трэба вабіць барацьбой,
і спакушаць не трэба раем!
Вы паваюйце між сабой –
мы, як заўжды, перачакаем.

КПЛІВАЕ ПРЫЗНАННЕ
Люблю цябе, народ мой памяркоўны,
за твой працоўны сверб і нораў роўны;
за тое, што ў сабе, як струк гароху,
што цягнеш воз свой ды крадзеш патроху;
за тое, што начальства паважаеш,
на здзекі і насмешкі не зважаеш;
за звычку, што характар твой стварае:
каб хатка між людзей, а хлеўчык з краю;
за простую, як ношка сена, сутнасць,
за тое, што ты супраць тых, хто “супраць”;
за тое, што і ў слова, і ў паперку
ты верыш, як яны ад тых, хто зверху;
за тое, што ты за сябе хітрэйшы –
што ты не беларускі, а тутэйшы.

ТАЛЕРАНТНАМУ
Ты сёння маеш выгляд млосны:
сядзіш пакрыўджаны і злосны
і зразумець не можаш сам,
за што цябе пакрыўдзіў хам.
Ты нарадзіўся не заўчора
і ведаеш: бяда – не гора.
То лепш бы плечы распрастаў
і адхвастаў, каб той не ўстаў.
А не – гімнастыка такая:
сціскай далонь, калі пустая.
За горла ўзяць – не за гужы,
бо ён жа – пан, а ты – мужык.
Таму ты будзеш ногці грызці,
пакуль нарэшце знойдзеш “выйсце”:
у клетку шуснеш, быццам трус.
А як інакш? – ты ж беларус.

ХВАРЭЮ
Пасляпрацоўны цёмны час.
Упёрлася ў тралейбус нас,
лічы, Мамая войска.
Дыхнуўшы ў твар мне тым, што піў,
мужык спытаў, як цвік забіў:
– Я еду ў бок Лагойска?
– У тым напрамку.
– З працы прэш?
І плацяць трохі ўрэшце рэшт?
– А ну іх! Больш чакаем…
– А што ж ясі?
– Ды штосьці ем…
– А ў цэлым як?
– Ну як? Жывем.
А хто памрэ – хаваем.
Відаць, недаспадобы быў
яму нудотны мой матыў,
i ад жыццёвай прозы
зноў збiў мяне знянацку ён
на свой экстравагантны тон:
– А ты чаму цвярозы?
Ён па-блазнерску падміргнуў
і іранічна працягнуў:
– Ну, я з цябе дурэю!
І, як перад сабой самім,
я апраўдаўся перад ім:
– Хварэю я, хварэю…

АСАЦЫЯЦЫІ ПАСЛЯ МIТЫНГУ
Дзяўбуць, што нібы ўсё ідзе на лад.
Ды не заўсёды зроку можна верыць:
усё, што за акном, плыве наперад,
калі састаў кранаецца назад…
...........................
Паказваюць у кадры аднаго,
тлумачаць, што ён дрэнны, адыёзны.
Валтузіць вецер валасы яго.
Ён штось крычыць настойліва, сур’ёзна.
А вось другі раскладвае пасьянс
сваёй калодай – вынік прадказальны:
для аднаго – адваяваны шанс,
а для другога – гармідар вакзальны.
…Даўжэзная калона напрасцяк
ідзе – і ёй праспект здаецца вузкім.
Падтрымкай аднаму лунае сцяг.
Другому ж ганьба – словам беларускiм.
Але для тых, хто дзень у хаце кіс
ці корпаўся на дачы сярод градак,
адзін – неўтаймаваны экстрэміст,
другі – надзея, чэснасць і парадак.
…Хоць стома не пакінула вачэй,
ды развялі два мужыкі бадзягу:
– Што швэндацца, размахваючы сцягам?!
– Яно-то так. Дубінкамi – ямчэй…
Скарочаны маршрут. Усё, шабаш.
І разам выйсці прыйдзецца з салона –
з раскладу выбiўся тралейбус наш,
калі на мітынг крочыла калона…

СВАТАЎСТВО
І з нівай роднаю і з хатаю
(як бы ў пасаг – каб сплавіць з рук)
цябе, задрыпаную, сватае
былы саўгасны палітрук.
І між хвалебнымі прамовамі
на вуха сват табе вярзе:
“Ён хустку купіць табе новую
і з рынку пернік прывязе…”
І сват глядзіць з усмешкай строгаю!
Калі ўсумнішся спакваля –
ён тузане за косы доўгія
ці дасць у рэбры кухталя.
“Ну што ж, як твар – чырвонай цэглаю?
Ну што ж, калі была турма?
Не трэба ўпарціцца, нягеглая! –
і сподняга ў цябе няма!”
Жаніх стаіць і пасміхаецца,
як над халопкаю барон.
І перад сватам выстаўляецца,
якім ёй мужам будзе ён.
Што быць яму заўжды свабоднаму
(і не пярэч, калі кірнуў!),
што ён нядаўна брату зводнаму
прыкладам сківіцу звярнуў,
што гаспадарка – заняпалая,
што дзеці з голаду крычаць…
…Ды і ў самога з ботаў ялавых
анучы брудныя тырчаць…
Так і стаіш, істота, рабская –
ці то ў паўсне, ці ў забыцці…
Відаць, такая доля бабская:
хто возьме – за таго ісці.

ВАЙНА ЦІ МІР
1
“Беларус” узрывае дзірван,
птушкі ў лесе шчабечуць звонка.
А ў вушах – бы крычыць груган –
медыцынскае слова “зялёнка”.
Трэск бяздушны – ва ўсе бакі,
перакрытыя праўды краны.
Але слова “баевікі”
успрымаецца, як “партызаны”.
Скарга праз апантаны свіст:
“Крыўдзяць злыдні малыя большых!”
Кулямётнай чаргой: “Тэрарыст!”
А ідзе на ўспамін “падпольшчык”.
Каб пазбавіцца ад турбот,
негалосна прапісаны лекі.
Ёсць дыягназ: “Бандыцкі народ”,
а дакладней – “недачалавекі”.
Хоць да самай драбніцы цярусь,
атрымаюцца тыя ж “Итоги” –
прад’яўляе мая Беларусь
калькаваны чарцёж аналогій.
2
Адурэў ад унутраных здрад
і душу даручыў аўтамату…
Ты ўварваўся, “старэйшы брат”,
з кулакамі ў чужую хату.
А ў той хаце бандыт сядзіць
і спрабуе абараніцца.
А яго спадзяецца дабіць,
знішчыць хлопец з Чыты – “вызваліцель”.
Ёсць вайна ці няма вайны?
Ды не вернеш ужо нічога
тым, чые палеглі сыны
за ганебную перамогу.

У ЦАРКВЕ
Скіну стому і развею нуду –
нехрышчоны, да царквы забрыду.
Разбазару грошай стос на хаду –
у працягнутыя рукі ўкладу.
У царкоўнай крамцы свечку куплю,
запальнічкаю яе падпалю,
папалам з грахом грахі замалю…
Не вяртайся, Божы Сын, на Зямлю.
Акунуся, бы сякера ў ваду,
у малітваў і крыжоў чараду,
і засмяглую душу наталю…
Не вяртайся, Божы Сын, на Зямлю!
Тут усё – як і прадбачыў прарок.
Правяць баль тут чыстаган і курок,
тут заўжды наверсе той ліхадзей,
які здолеў падмануць больш людзей.
У пашане той, хто можа забіць…
І нічога з гэтым нельга зрабіць!
Немагчыма душы іх скалануць…
Не вяртайся, Божы Сын, – зноў распнуць.

ЦЕМРА
Водбліск неба разбіў,
і наслала ўздагон
вераб’іная ноч сваю хеўру.
…Адляцеў, як не быў,
растрывожаны сон…
І наткнуліся вочы на цемру.
Дождж не хлышча ракой,
не скуголіць гайня,
не шабашыць нячыстая сіла –
толькі змрок і спакой,
цемра і цішыня…
Што ж за трасца мяне разбудзіла?
І не помню, што сніў.
Ці жывы, ці памёр?
Без дыхання і пульсу ляжу я…
Хто ўвесь свет зачарніў,
хто той злосны грымёр,
што маю недалужнасць віжуе?
Ад жахлівай жарствы
нечакана хрыплю…
І кляну сваю псіхіку-сцерву!
А па тым, што жывы,
вызначаю, што сплю, –
і глыбей акунаюся ў цемру.

ФОТААЛЬБОМ
Патрапіў зноў да лёсу я ў абдымкі,
душу мне прыкрасць наждаком скрабе…
Разглядваю ў альбоме фотаздымкi:
сягонняшні – мінулага сябе.
Маркочуся, бы ўночы на вакзале,
чакаю, калі змрочны час міне:
што мне мае адбіткі расказалі б,
каб давялося ім сустрэць мяне?
Вось гэты хлопчык – босы, языкаты…
(Такім не помню я сябе зусім!)
…Даў лататы, напэўна б, ён дахаты –
я рознюся ад тых, хто побач з ім.
А гэты – вучань. Клас, здаецца, сёмы.
(Ужо ў самога сын такі якраз!)
Са мной бы гаварыў, як з незнаёмым,
на “вы” мне штось мармычучы у адказ.
А вось студэнт – нястрыманы і бойкі.
“Ну што, жывы яшчэ? – спытаў бы ў жарт. –
Гарэлкі многа п’еш? Як я, ці колькі?
А хто ты там: паэт? пісьменнік? бард?”
А вось жанаты я – сур’ёзна-жвавы.
Сказаў бы сам сабе: “Не палысеў…
Дзяцей ці шмат? Як з фізкультурай справы?
А як мужык – не надта паслабеў?”
Вось на рабоце я. Ды іранічна
кажу сабе: “Не выйшаў ты ў чыны…
Як там перабудова – дынамічна?
А хто на самым версе – зноў яны?”
А вось і я часоў гандлярства ў Польшчы –
уеўся ў пухавік баула гуж.
“Прыкід нармальны – пэўна, маеш грошы…
Што?… На табе той самы капялюш?!”
Зусім нядаўні здымак разглядаю –
як у люстэрка на сябе гляджу.
…Ён ні аб чым мяне не запытае,
нічога я яму не раскажу…
Але пара з сабой у часе зліцца –
ад варажбы не стане весялей!
Альбом, закрыўшы, кіну на паліцу.
І буду жыць далей, далей, далей…

Я ХАЧУ ЖЫЦЬ У ВОЛЬНАЙ КРАІНЕ
Цішыня. Але, дзякуй Скарыне,
можна моўчкі яшчэ гаварыць:
“Я хачу жыць у Вольнай Краіне!” –
і трызнення майго не скарыць.
Не жадаю карпець пад “дзяржавай”,
што трымае няўмольнай рукой,
неахайнай, жалезна-iржавай
за гарляк непакорлівы мой.
Мне “рэспублiка” не даспадобы,
бо які-небудзь спрытны круцель
пад падставай публічнасцi спробы
замест вежы збудуе бардэль.
А “саюз” – гэта путы абодвум,
а “садружнасць” – як выпіць што ёсць,
“федэрацыя” – краты свабоды,
дзе ты не гаспадар і не госць.
…Ды не ведаю, песню якую
трэба сёння народу спяваць,
каб Радзіму маю дарагую
мог я Вольнай Краінай назваць!

ЖАБРАЦКАЯ
Не працягвай марна мне далонь, галеча, –
мне ў яе сягоння нечага пакласці.
Сам іду, панура апусціўшы плечы –
ні паперкі грошай, ні крупінкі шчасця.
Не глядзі з дакорам на мяне, старая, –
я і сам сягоння праклінаю долю.
Толькі я дакемiў, хто нас абірае –
ты ў сваім жабрацтве бачыш Боску волю.
Немагчыма звесці злыдняў тых, бабуля, –
нават на распяцце могуць ахрысціцца!
Толькі кол з асіны ці са срэбра куля –
ды аховы столькі, што не падступіцца.
Кінь свае спадзевы на мяне, старэча, –
я і сам сягоння бедны і галодны.
Для мяне, па-твойму, гэта недарэчна…
Але што ты зробіш – я паэт народны.
А як будуць грошы – п’яны і вясёлы
я цябе ўзгадаю ды яшчэ ў прыдачу
цыганятак бойкіх, хлопца з куксай голай
і дзядка сівога, што наўмысна плача…

ТРЭЦI ВАРЫЯНТ
Нас захліснулі часу злога хвалі –
спрачацца можа злодзей ці вар’ят.
Два варыянты нам прапанавалі…
Але магчымы трэці варыянт!
З іх першы: “перастройка” з дзікім рынкам,
дзе ўсё, што нам належыць, – “секандханд”.
Дзе збыт ёсць недакуркам і скарынкам…
Задавальняе гэты варыянт?
Другі: застой з уладаю чырвоных,
дзе дэфіцыт, партком і правіянт,
здабыты па чарзе ці па талонах…
Ці не забылі гэты варыянт?
І так – і гэтак: быдлам быць ці цяглам,
ашыйнік начапіць, нібыта бант,
ці рохкаць, а як б’юць – вішчаць працягла…
Але магчымы трэці варыянт!
Даруй, народ, што выю, як ваўчыца:
паэт – сляпы прарок, а не гарант.
…Калі прымусіш ты з сабой лічыцца,
магчымым будзе трэці варыянт.

ДЗЕНЬ ПРАЙШОЎ
Дзень прайшоў, як заўжды, у грызні і хлусні:
хтосьці – здатны, а хтосьці – ахвочы.
І змяняе ягоны хаос мітусні
параўнальны спакой цёмнай ночы.
Сонца промні шпурне на палі і дамы –
і аздобіць у фарбы паўсвету.
І насупленасць лютай халоднай зімы
зменіць цёплай усмешкаю лета.
Кампраміснасць дабро знойдзе нават у зле.
Пройдзе рупнасць, і з’явіцца млявасць.
Бесклапотнасць дзяцiнства ў нябыт адашле
абыякава-мудрая сталасць.
Суцяшаем сябе беспадстаўнай маной,
абнадзейлівай і неадступнай:
што бязглуздая жорсткасць эпохі адной
прадугледжвае ўзнёсласць наступнай.
Пэўна быццам бы ўсё, як гарох у стручку!
Ды бянтэжыць душа-верхаглядка…
Ёй здаецца: Сусвет – пругкі мяч з каўчуку,
што сціскае ў руцэ немаўлятка…

БАГІ
Навошта вам бераг другі
і безліч гадоў немаркотных?
А дзесьці сядзяць багі
і слухаюць енкі гаротных.
Ды глушыць іх веку спакон
свой гімн урачыста-хвалебны,
бо ўжо надакучыў ім стогн –
ліслівы, тупы, рабалепны.
“Чаго вам, стварэнні, яшчэ?!
Жыццё ж – немалы падарунак.
А Лета няспынна цячэ –
вы знойдзеце ў ёй паратунак!
Навошта ж душою крывіць –
і тузаць з-за дробязяў Бога?”
…І, каб яшчэ горш не зрабіць,
не робяць наогул нічога…

ШПАЦЫР
Цямнее. Сыра, як у склепе.
Няма надзей, што будзе лепей.
І вецер цягне, бы ў трубе…
Ну што рабiць? – іду сабе!
Мне лістапад прастудай грозіць,
імжысты дождж схінае позірк.
Дрыготкі, слотны сквер маўчыць…
Ох, як бы ног не замачыць!
А мімаходзь пачую маты
падпітага “электарату”:
“Во, блін, пагода! Як жыццё!…”
…Ідзе прырода ў забыццё…

СКАВЫТАННЕ НАЦЫЯНАЛІСТА
Мне кажуць, што сягоння свята,
што гістарычны гэты год…
А я крычу табе зацята:
“Ты памыляешся, народ!”
Былыя ўспомнiўшы грахі,
ты скажаш: “То ж быў час такі…”
Ляскочуць аб двухмоўі словы –
і ты цураешся нібы
сваёй сялянскай хатняй мовы,
што стала сродкам барацьбы.
Якое там двухмоўе, годзе!
Прадаў ты мову, мой народзе…
Ты кажаш: “Лепей разам будзе,
саюзна з братняю сям’ёй…”
У шматнароднай халабудзе
хто, апроч рускіх, родзіч твой?
Ці мо парадку ў інтэрнаце
больш будзе, чым ва ўласнай хаце?
І як жа так, разваж нас, Божа,
што самы люты вораг твой
той, хто чаўпе табе, што можаш
ты жыць сваёю галавой?!
А тых, хто нацкаваў ОМОНцаў,
прымаеш ты за абаронцаў…
Відаць, традыцыя такая:
ты дзелішся спакон вякоў
на тых, хто “панскі розум мае”,
і на “тутэйшых” мужыкоў.
Ты ўзяў удзел у барацьбе –
пазбавіў голасу сябе…
Калі ў сабе ты ўбачыш выйсце
і ачмурэння час міне?
Ці здолееш ты з багны выйсці?
Ці зможаш вольным стаць?… Ці не?
І я пытаю, сцяўшы рот:
“Дык ты народ ці не народ?!”

КАЛАМУЦЬ
Прашамацела шчасце міма…
Шкада, бо змарнаваны час.
І зноў далей усё магчыма.
А што? – пытанне не для нас.
Між хамамі і халуямі
пачуцці згінуць задарма.
Са рва з азызлымі краямі
жадання вылезці няма.
Пакуль прымерваў ты карону,
падкраўся раптам сталы век.
Раман не цягнецца да скону –
недасканалы чалавек.
Дзеля гульні з лазы гнуць дугі
лягчэй, чым лапці плесці, – факт.
Сваволіць проста без папругі,
шматкроць цяжэй чаканіць такт.
Але буслянка зноў без птушак,
уся ў асоце сенажаць.
І застаецца трэсці грушу
ці леску за карчагу рваць.
Не торгайся, не мітусіся,
не лезь у ружы басанож.
І адпаведна апраніся,
калі з нябёс пальецца дождж.
Сплаціць хацеў за волю кроўю,
а ці набыў хаця б ружжо?
Казалі ж: “Беражы здароўе!”,
але спажыў-прапіў ужо…
А каб што зверху не зляцела,
перачакай ці крок прыспеш.
І як бы часам не карцела,
старанна мерай – і не рэж.
Калі ж даверыш вывад зроку –
пра пошук існасці забудзь!
Бо, як зірнеш на ўсё звысоку –
вакол бардак і каламуць.
Дзе знойдзеш грош, дзе згубіш долар,
там стол халяўны, там – клазет…
Змяшаеш фарбы – чорны колер;
складзеш палітру – белы свет.

РАКА
Як рака веснавая
крыгаход усчынае,
так душа мая рвецца
са смугі кіпцюроў.
Не шкадуй ты Радзіму,
ёй шкадоба – не дзіва.
Ёй патрэбны трэск пугі,
каб з запечку ўспароў.
Мне душу залівалі
то крынічныя хвалі,
то заводскія сцёкі,
то калгасны смурод…
Не шкадуй ты прыроду,
ты не знойдзеш з ёй згоду.
Не шкадуй ты народа –
дзе ты бачыш народ?
Плынь душы маёй, рэчкі, –
ад пустышкі да свечкі.
Дзе ў бязмежжа ўвальецца?
Дзе вытокі бярэ?
Не шкадуй небараку –
ён забудзе, што плакаў.
Не шкадуй недалугу –
усё роўна памрэ.

ШТО ДАЛЕЙ?
Дзень булькнуў, як у рэчку камень.
“Жыць стала лепш і весялей” –
“чарніла” жлукціў з мужыкамі.
А што далей?
Лёс звыклы – чыгуном гантэляў,
а неразважнасць – наўздагон.
Відаць святло ў канцы тунэля…
І што з таго?
Фартуна блісне – шар у лузе,
часцей – не выпадае біць.
І сон дурны ідзе па крузе…
А што рабіць?
То дасць жыццё пад дых каленам,
то смехам абсмяе пустым.
І быць, напэўна, пераменам.
Але якім?
Анёлы плачуць, скачуць чэрці,
чакае да сябе зямля.
Калісьці прыйдзецца памерці…
А што пасля?

КРЫТЫКУ
Штось не ідзе радок сягоння першы.
Адвык ад мовы – слоўнiк пад рукой.
Ды ведаю: чакае мае вершы
літаратурны хросны бацька мой.
Але прывольней сталі думкі ліцца,
спляліся ўсе пачуцці ў цесны рой…
Мне будзе чым перад табой хваліцца,
літаратурны хросны бацька мой!
…Са мною Муза час размовай бавіць,
аб чым – пакуль няўцямна ёй самой.
Ну, ні бяды! Як што не так – падправіць
літаратурны хросны бацька мой.

ЧАС IДЗЕ
Мой лёс драпежнікам-ваўком
наперадзе пільнуе.
А час асфальтавым катком
мінулае руйнуе.
І рэхам стрэлу прагрыміць
няўрымслівая памяць…
Ды ўжо нічога не змяніць,
нічога не падправіць.
Чарговы год замест “бывай”
сухой галінкай трэсне.
І сцісне сківіцы адчай
радком забытай песнi…

САМОТА
Самота зіркне злоснай кобрай
і праслізне ў душу вужом.
Не зыч таму дарогі добрай,
хто выкрасліў цябе крыжом.
Жадаць не трэба ўваскрашэння
ілюзій, ад якіх адвык.
Хто сеяў шрот замест насення,
пажне не каласок, а цвік.
Калі ж каменне праўды жорсткай
сатрэ на пыл крышталь надзей,
хай не застране ў горле косткай
абломак крыўды на людзей.

НАВАЛЬНІЦА НАЧНАЯ
…Вечар спёку астудзіць, здавалася –
ды прыпар ірвануўся ў неба!
У спакой навальніца ўварвалася
спадзяванкаю-непатрэбай.
Можна плюшчыць санліва вочы,
затыкаць безнадзейна вушы:
праз павекі маланка праскочыць,
коўдра гулу грымот не заглушыць.
Вы хацелі?! Што ж плакаць-маліцца:
што прасілі – таму і мецца!
…Ноч прынесла з сабой навальніцу,
ад якое няма куды дзецца.

ПРАГНОЗ
Анахата – згодна з усходняй філасофіяй, верхняя (грудная) чакра.

(Слоўнік аўтара)
Яшчэ і снег сышоў не ўвесь,
а ты – аб леце…
Навокал – бруд, а ты – пра чэсць…
Пазбаў, паэце!
Не час з расхрыстанай душой
вандроўкі ладзіць!
…З азызлай роднаю зямлёй
табе не зладзіць.
Яшчэ табе мароз-кароль
уцісне плечы!
Застудзіць анахаты боль
імпэт хлапечы…
І ў час адлігі веснавой
няўдалай фразай
склізне няўстрым тралейбус твой
пад бампер МАЗа!
Здранцвелай ластаўкай, павер,
прадвесцем мая
ў сумёце тысячаў папер
твой верш сканае…

НА ПРЫПЫНКУ
Навес на прыпынку зрабілі шыкарны
і разбурылі бардзюр тратуарны…
Я не смуткую – вершык чытаю
пра непаўторнасць роднага краю.
Пырснула лужына з-пад матацыкла,
хтось мацюкнуўся злосна і звыкла…
А я ўсё чытаю чулыя словы
пра мілагучнасць роднае мовы.
Крапае дождж, але мокра – не пыльна.
Тралейбус пад’ехаў, набіліся шчыльна…
Толькі бянтэжыць безварыянтнасць–
верш дачытаць пра талерантнасць.

РАЎНАДУШША
Стан здароўя – не адбавіць.
(Сплюнь і не грашы!)
Роўна дыхаю і нават
роўна на душы.
Ні журбе, ні думкам горкім
не скараюся!
Выйду ў горад надвячоркам,
прагуляюся.
Дагарэла сонца свечкай,
за дамы сцякло.
Цёплы вецер, ціхі вечар,
ліхтароў святло.
А з апошняй цыгарэты
ўецца сіні дым…
Адляцеў акраек лета.
Ну і ліха з ім!
Шэпчуць шынамі машыны,
зораць фарамі.
А мужчыны і жанчыны
ходзяць парамі.
Толькі дзе паненка тая,
што была маёй?
Ці сумуе, ці чакае?
Зрэшты, ліха з ёй!
Распрастаў, бы коўдру, неба
месяца ражок.
А што ўсё не так, як трэба, –
я прывык ужо.
Вось і выбраўся з балота,
у якое ўлез!
Спляжыў прыкрасць і маркоту
раўнадушша прэс.

ВОЗ
Хлапчынкай шпарка па сцяжынцы крочыў.
А з боку – лес, з другога – рэчкі плынь.
Свяцілі дні, страшылі цемрай ночы.
То цень дажджу, то небакраю сінь…
Ды раптам стала сцежачка дарогай –
прасторы многа, свету і цяпла!
…Я не пачуў перасцярогі строгай –
прагледзеў, што ўгару яна пайшла.
…Караскаўся, збіваючы калені,
гульню жыцця ўспрымаючы ўсур’ёз!
І па дарозе назбіраў камення –
імкненняў, клопатаў і звычак – воз.
Калі ж з гары прыспеў мой час спускацца,
лягчэй не стала – цісне ззаду ён!
Не адпусціць яго, не адарвацца –
раздавіць, імкнучыся пад адхон!
…Ды прыйдзе час мне развітацца з возам.
Пад перапевы памяці званоў
знямоглым целам прасвятлелы розум
па зімняй сцежцы панясу я зноў…

ПАЭТ І СНЯЖЫНКА
Паміж зямлёй і небам снег кружыўся,
і вечнайкаляінай час ішоў…
Ляцела ўніз пушыстая сняжынка
з мільёнамі сябровак і сяброў.
Збіралася ў хлюпоце на газоне
ў траве між недакуркаў паміраць.
Ды заляцела ў цёплыя далонi –
і ў іх не захацела раставаць.
Паэт, захоплены красой і чысцінёю,
Сняжынцы шчыра промні цалаваў,
і зоркай называў яе сваёю,
і разгарацца ёй дапамагаў.
Калі ж імпэт яго пачаў драбніцца –
спякотна стала з Зоркаю зусiм.
Ён упрыгожыў Зоркаю званіцу,
каб шчасце і надзею слала ўсім.
…І з ночы ў ноч, і з году ў год, Паэту
мільгаючы з нябёснай прасціны,
халоднай зоркаю зімой і летам
плыве яго Сняжынка ў вышыні…

ПЕСНЯ АНЁЛА
Ліха сатырам з кустоў забляяла.
Выгук савы раскалоў цішыню.
Змрок абступіў. Неяк холадна стала.
І цыгарэта мігнула агню.
Ды ненадоўга святла іх хапіла!
Свечкай, як німбам, свой твар асвячу,
і развяду свае белыя крылы,
і за аблокі ад вас палячу!
…Гне гарызонт залатою дугою
сонечны дыск, што ўсміхнуўся мне зноў.
Мяккім цяплом мае крылы лагодзіць
шчасце без межаў, любоў без краёў…
Я ажыву і душой уваскрэсну.
І без тугі, і без жалю аб Ёй
буду спяваць сваю светлую песню
з чыстых нябёсаў над грэшнай Зямлёй!
Лёсам нязвыклым сябе супакою.
Не завіруюся ў марнай журбе…
Ты не мая – і не будзеш маёю!
…Толькi вось як мне пражыць без цябе?…

ТОЙ ГОД
Гадзіны пад няўмольным метраномам
знікалі, як зярняты ў баразне…
А я з табой спаткаўся днём вясновым,
калі наўзрыд ад сонца плакаў снег.
Ляцелі дні ў надзеі непрыкметна
і абляталі, быццам квецень з лоз…
А я з табой кахаўся ноччу летняй,
калі зляцела зорачка з нябёс.
Затым былі спатканні і сустрэчы,
і хвосткі дождж цвярэзіў галаву…
А я згубіў цябе ў асенні вечар,
калі каштаны падалі ў траву.
І засыпае ранак снежным хлудам
марозная бясконцая зіма.
А снег скрыпіць бязлітасным прысудам
пра тое, што ў мяне цябе няма…

НЕ СТОЙ ПАД МАІМІ ВОКНАМІ
Дробны дождж сцякае валокнамі –
і ў мяне на душы шэры дождж.
Ты не стой пад маімі вокнамі
і дарэмна мяне не трывож!
Я сказаў жа табе, што збудзецца.
Толькі што з маёй шчырасці той!
Ды не стой ты на мокрай вуліцы:
згубіш розум – не толькі спакой!
Ліхтароў святло ззяе іскрамі –
рассякае дажджу палатно.
Адыдзі, бо машына апырскае!
На дарогу глядзі – не ў вакно!
Я схаваўся за шыбамі мокрымі…
І сягоння мяне не чакай!
І не стой пад маімі вокнамі:
ты прамерзнеш, – прашу, уцякай…

ГАЛАЛЁД
Жыццё – як у полі барозны:
то лёс, то абставін збег.
…Уночы было марозна,
а зранку цярушыць снег.
За думкаю думка імчыцца,
узворвае памяць пласты…
Злачынцай на месца злачынства
прытэпаў я ў скверык пусты.
Ды хто ўжо цяпер разбярэцца,
хто скажа, чые там грахі!
Хто вогнішчу даў разгарэцца:
запалка ці порах сухі?
Мужчынскае сэрца слабое:
цягнуўся да ласкі цялём.
І блытаў другіх з табою,
як блытаюць вецце з галлём.
А ты ўсё шукала свой бераг,
як, лёд узарваўшы, рака.
…Змяняла стос вершаў-паперак
на палатно мастака.
Пара ўжо закончыцца трызне
і зноўку мне стаць на крыло.
Ды так час ад часу зацісне:
здаецца, што ўчора было!
Паплакаўся трохі – і годзе.
Хай ліха цябе абміне!
…Буксуюць па галалёдзе
стаптаныя боты мае…

ТЫ ТАКАЯ Ж
То бязвольнаю трэскай плывеш,
то свабоднаю птушкай лятаеш,
то здаволішся тым, як жывеш,
то чагосьці чакаеш.
То заныеш бяссільна ў рукаў
і бязглузда на лёс наракаеш.
…Я нядаўна цябе напаткаў.
Ну, а ты ўсё такая ж.
Падзяліўся, бы ў некага скраў,
кампліментам тужліва-нахабным:
ты такая ж, якой цябе знаў,
нават стала прывабней.
Дзе і як, хто куды і адкуль –
ну нашто нам пра тое размова?
Я табе спавядаўся, пакуль
не запнуўся аб слова.
А як толькі мой голас заціх,
знесла гонар мой думкай цвярозай:
пасмяялася з вершаў маіх
і пакпіла над прозай.
А як толькі ліхтар заблішчэў,
“Час ісці па дамах”, – намякаеш.
Я, здаецца, кахаю яшчэ –
ну, а ты ўсё такая ж…

НЕКАХАНАЙ
Я з сябе не выходжу,
сам сабе не ўздыхаю
і пагляд не адводжу,
бо цябе не кахаю.
Я не добры, не злосны,
не бяздарны, не ўмелы.
І таму верш мой просты,
што сюжэт зразумелы.
І бывае – смяюся,
а часцей – пазяхаю…
Я цябе не баюся,
бо цябе не кахаю.

ВЕЦЕР
Не з дуброў, не з палёў
ветру дзёрзкі напеў.
Нехта смецце падмёў
ды прыбраць не паспеў.
Ветру што? – ён чужы
беспрытульны бядак:
што слупы – што крыжы,
што бялізна – што сцяг.
Разграбае, як звер,
і шпурляе наўкол
хлам бязглуздых хімер
і ашмоцце радкоў.
Што яму? – ён ляціць
то наўскос, то наўздоўж!
…Раптам вецер прыціх –
астудзіў яго дождж.

БЯССНЕЖНАСЦЬ
Нежылымі здаюцца дамы,
а паветра – са смакам хурмы.
Пасля досыць лагоднай зімы
ўсё ў адчайным экзальце.
Самаўпэўнены выгляд цяпер
выклікае ў душы недавер.
Вецер рвецца, як спуджаны звер,
па астылым асфальце.
І трасуцца тужліва кусты,
і грукоча тралейбус пусты,
і абгорткі ляцяць, як лісты, –
ды няма адрасата.
Не такі, каб замерзнуць, мароз,
хоць пранізвае сівер наскрозь
і гудзіць, як нацягнуты трос,
у рэжыме “легата”.
Дрэваў стромкіх пастрыжаны строй,
быццам спынены сілаю злой.
І калючае неба імглой
занавесіла сонца.
Паміж мной і Сусветам – сцяна.
Я не веру, што хутка вясна,
хоць навокал бясснежнасць. Яна
мне здаецца бясконцай.

ТУМАНЫ
Туманы на белым свеце, туманы –
не праб’е іх чалавечы слабы зрок.
І хаця няма ні міру, ні вайны,
рызыкоўны кожны рух і кожны крок.
Туманы на белым свеце, туманы.
Ды такія, што сваіх не бачыш ног!
І нервуюцца, трывожацца званы,
і над марнасцю надзей смяецца Бог.
Туманы на белым свеце, туманы…
Толькі ветру хопіць моцы іх сагнаць.
Але ён вітае дзесьці ў вышыні
і пра тое, што мы ёсць, не хоча знаць.
Туманы на белым свеце – смутак мой.
Тут бялёса-шэры колер – уладар.
Пераход паміж жабрацтвам і турмой
сярод лёгшых на зямлю вільготных хмар.
Туманы… А ўсё астатняе – міраж.
І куды іду – паспеў ужо забыць.
Невядома, ці было калі інакш,
ды здаецца мне – інакш павінна быць!
Туманы, як слёзы, засцяць вочы мне.
Сэнс згубілі і эпохі, і часы.
…Можа, сонейка нарэшце адпачне –
і заззяюць яны кроплямі расы.

МАЯ ВЁСКА
Мая вёска, мае Хадакі,
вы глядзіце ў чатыры бакі.
Толькі сонца зімою і летам
устае і садзіцца за лесам.
І да восені з цёплай вясны
гнёзды ладзяць на стрэхах буслы.
Мая вёска, мае Хадакі,
праляцелі над вамі вякі.
Толькі злыдням-чужынцам параю:
не чапайце вы нашага краю!
Тут народ працавіты, сялянскі,
а як што – баявы, партызанскі.
Мая вёска, мае Хадакі,
хай над вамі гучыць смех людскі.
Нараджаюцца хай пакаленні,
хай бароняць крыжы іх і цені
тых, хто жыў тут, а потым – і нашы:
крыкам ластавак з сенцаў паддашша.
Мая вёска, мае Хадакі.
Вы прабачце, што я вось такі:
што нядоўга, нячаста бываю –
можа здацца, што вас забываю…
Але верце, як роднаму сыну:
я вас помню любую хвіліну.
Мая вёска, мае Хадакі!
Тут шчыруюць мае землякі.
Бульба, сена, каровы і гусі,
як паўсюль на маёй Беларусі.
Але дзе б ні вялі мяне ногі –
не забуду да вас я дарогі.

ГІБЕЕ ВЁСКА…
Гібее вёска на картоплях…
Я ведаю: цягнуся зноў
у край тарфоў і хмызнякоў
укласці поту свайго кроплю.
Удалы я – і не зняважу
сваёй работай гарадскіх!
Што зробіш? – многа нас такіх,
што на асфальт змянялі сажу…
Шыбую ў красамоўнай робе.
Хто? Чый? Адкуль? – даюць адказ
напорысты вусаты фас
і хітры лысаваты профіль.
Гні спіну і грабі-шчыруй…
Няхай міне прастрэлу куля!
…Ды лясне бульба, не гаруй,
Ягораўна – мая матуля!

РАЧКАВАННЕ
“Знаёмае вам слова? Спачуваю.
А нетутэйшым гэтак гавару:
ёсць завядзёнка дзіўная такая –
заўсёды ў вераснёўскую пару
на бульбу каларадскімі жукамі
з кашамі і капачкамі хадзіць,
а там перабіраць яе рукамі,
а ўвечары мяхі канём вазіць.
Дзяўбе зямлю рупліва, борзда, дбайна
ўвесь люд ад бабылёў да шкаляроў.
Навошта нам буржуйскія камбайны?
І так кіпіць работа – будзь здароў!
Дождж, вецер, пыл, парэпаныя рукі,
у спіну – лом, пясок – у валасы…
Глыні нагбом сялянскай той навукі
і ёлкім салам хвацка закусі!”
…Так я нудзеў суседу ў электрычцы,
які таксама ехаў рачкаваць.
Ён пагадзіўся: “Ёсць такая звычка.
Затое ўмеем хораша спяваць!”

ТРЫЗНА
Пад страхой ржавеюць вілы,
сохне хілая вярба,
вянуць кветкі ля магілы –
з той нагоды і гульба.
Узгарыцца часам сварка –
што там воля і турма!
“Будзе скварка – будзе чарка…”
Толькі скваркі век няма.
Вепручка здалі за грошы –
павуцінне засціць хлеў,
мухі поўзаюць, як вошы.
А сабака – акалеў.
Пудзіла з падранай майкі,
заваліўся драхлы плот,
з-пад курэй суседскіх яйкі
крадзе зноў блыхасты кот.
Развіднее – будзе цяжка,
спахмурнее – весялей.
Пагудзі, пакуль ёсць пляшка,
а скапыцішся – сатлей!
Робіцца прывычнай цемрадзь,
глухнуць срэбныя званы…
А якому Богу верыць
у эпоху Сатаны?

Я ВЫЙШАЎ НА ДВОР
Запальнічку – к цыгарэце:
зацягнуся ўсмак…
Уладарыць ціша ў свеце,
пустата ў мазгах.
Незнарок дзвярыма стукну,
чмыхну на хаду,
па цэментавых прыступках
басанож сыду.
Нечакана працяло
ветрам спіначку –
холад здзьмуў з мяне цяпло
за хвіліначку!
Час для злодзейскай работы:
вёска дрэмле ўся…
Прыладкуюся да плота
і агледжуся.
Комін спадцішка ўлавіў
рогі месяца.
І сабака дзіка ўзвыў –
хтось павесіцца!
Закрахталі хорам жабы
песню шлюбную…
І навошта ўстаў з канапы
ў ночку згубную?!
Зорку небасхіл шпурнуў
куляй трапнаю…
Разарвалі цішыню
рыкі трактара:
ашалелы “Беларус”
з “п’яным вожыкам”
успароў начны абрус
фарным ножыкам!
Дрыжыкі пайшлі па целе –
зірк управа я:
у хляве зашамацела
нешта жвавае!
І рассыпалася ўшчэнт
нават мысленне…
Бо яшчэ і тэстамент
не напісаны!
Пацямнелы панадворак –
толькі ценяў муць.
А таўкунчыкі “Сем сорак”
скачуць і пяюць.
Хто стаіўся ля павеці?!…
– гэта ж лесвіца!
…У кацяры – аж памерцi! –
зрэнкі свецяцца!
Са спалоху-непакою
ў хату рынуўся…
Аб начоўкі (хрась!) – нагою,
ледзь не грымнуўся!
Мацюкнуся з перапуду:
“Трасца вам у бок!”
І на дзверы не забуду
зачапіць шчапок…

ЦІКАВАННЕ
З дому выскачу мячом,
і прайдуся тузам,
і на лаўку сяду ў скверы, як барон.
Пацікую за дзяўчом –
майка з голым пузам –
ці то ловіць жаніхоў, ці то варон.
З цыгарэтай – да мяне,
просіць запальнічку.
Хіба ж я не Праметэй – агонь трымаць?
Дзве зацяжкі – і капец,
лезе ў касметычку.
Пэўна, будзе гэта мышка паляваць.
Кінуць пасмачку на лоб,
сысуны падвесці,
вейкі выпрастаць, а бровы разагнаць…
І прыкідваць, як каго б
“на бабло развесці”.
Я сягоння не пусты – досыць цікаваць!

ПІЛЬНАСЦЬ
Глюкавы – шчаслівы ў двукоссі, няўдалы.

Падмянціць – дзеяслоў ад назоўніка “мент”.

(Слоўнік аўтара)
Эх, удружылі нам нашыя пысы!
Вечар, напэўна, задужа глюкавы…
Мяне падмянцілі за тое, што лысы,
сябра – за тое, што дужа чарнявы.
Вырвалі гузік. Ідзі разбярыся:
дзе і навошта, як і каторы?!
Добра, што грошы амаль разышліся, –
ляснулі б, пэўна, у гэтай канторы.
Добра, што згрэблі не за ідэю –
юнак-мітынговец сядзіць, ледзь не плача.
Мы ж адзначалі сустрэчы падзею,
выйшлі – і трапілі ўраз пад раздачу.
Тырчым, як сычы, мы ў тым пастарунку.
Каб хоць не ўзгрэлі дручком па спінцы!
Няма нам ад пільнасці той паратунку –
і што ўжо казаць пра сапраўдных злачынцаў!

САМ-НАСАМ З ЛЁСАМ
Мы дуэтам запяём
з лёсам-недарэкаю:
я зальюся салаўём,
ён закукарэкае!
Перастроімся наноў
з лёсам-небаракаю:
трубіць ён, як сем сланоў,
а я жабай квакаю!
То ён кіне мяне ў гразь,
то пакажа фігу мне!
Я замоўкну, як карась,
а ён толам выбухне!
Начаплю бронежылет –
ён засвеціць сонейкам,
сяду на веласіпед –
ён заскача конікам!
То запросіць мяне ў дом
з брамаю закутаю,
то падасць бакал з віном,
то фужэр з атрутаю!
Кладку выцягне з-пад ног,
усміхнецца крыва мне,
кіне грошай, каб не здох,
і кішэні выверне!
Напаскудзіць, як свiнчо,
а пасля – пакаецца…
Будзе плакацца ў плячо,
там і адсмаркаецца!
Разагнуся ў клічнік я –
ён заверне ў косачку…
Колькі, блін, таго жыцця –
і яно ў палосачку!

ПЕСНЯ ГАДА
Хоць пусці па сабе слязу,
хоць удар у літаўраў медзь!
…Вужанём у траве паўзу,
а за мною – з касою смерць.
Да мяне ёй – ніякіх спраў,
а ў мяне – аж гудзе ў вушах!
Я паўзу, аж жывот падраў…
Але толькі каса: шах-шах!
Адвядзі ад мяне касу,
перайдзі на другі пракос,
кінь няскошанай паласу –
дай схавацца ў прыцішку лоз!
Адвядзі касу, адпачні,
падмянташ яе, падвастры,
глянь на неба пустымі вачмі,
не нясіся няўспын і няўстрым!
…Толькі здарыцца ўсё не так –
не стаміцца тваёй руцэ,
не паспець мне схавацца ў кустах
ці ў туману густым малацэ…
Я хацеў уцячы, прабач –
як ад лёсу сябе схаваць?
…Хоць ты сам па сабе заплач,
бо няма каму шкадаваць.

МОГІЛКАВЫ СОН
Вуж прапоўз між ног –
а ногі босыя!
Дзе ляжаў вянок –
вецер гойсае.
Ці то крык сыча,
ці то філіна…
А сарочачка
не зашпілена.
А снапоў вузлы –
побач з лаўкаю.
І сабака злы
недзе гаўкае.
Дзе буяў палын –
лісце жоўтае.
Павучнёй галін
вецер боўтае.
І да ўсіх праяў –
месяц сколаты,
а дзе крыж стаяў,
камень – волатам!
Захацеў прысесць,
як заведзена:
у пакет палез –
усё з’едзена.
Сеў на бэлечцы
каля плота я,
а ў бутэлечцы –
твань балотная.
Ні жуда, ні жах –
боль са скрухаю.
Прэсам у грудзях
сэрца бухае.
І сасна скрыпіць,
напінаецца…
Ну, дык што рабіць?
Прачынаюся.

СУПОЛКА “КРЫЖАЧОК”
Крыжачок – 1. таннае “чарніла”;

2. уст. беларускі народны танец.

(Слоўнік аўтара)
Як не аддаць рэальнаму належнае?
Ды кіну вам выратавальны круг:
няхай не лямантуюць “незалежныя”
– яшчэ жыве нацыянальны рух!
Канае ціхім сконам апазіцыя:
паліт’інцэсты, комплексы, хапун…
Але жыве народная традыцыя,
старая, як спрадвечны дуб-рыпун.
Хто зверху – тым з назойлівасцю ўпартаю
шпурну, бы ў жарт, з нажыўкаю кручок:
закрыць усе суполкі, рухі, партыі,
прызнаць адну – суполку “Крыжачок”.
Не трэба ёй ні прэса і ні радыё –
заняткі ёсць другія для мазгоў.
Няма ні кіраўніцтва і ні рады ў ёй,
ні спіса, ні статута, ні сцягоў.
З’яднаныя ўсе ў ёй адзінай мэтаю,
адданыя агульнай барацьбе.
І ўзносы, што збіраюць скуль чорт ведае,
льюць з ненатольнай прагай у сябе.
Адзін другога пазнае па позірку –
ім дакумент – што зайцу парасон!
Калі за “поспех” вып’юць пасля “поспеху”,
то гэта – сход інкогніта персон.
Ёсць сярод іх студэнты і прафесары,
пенсіянеры, лётчыкі, “браткі”,
акцёры, мастакі, таксісты, слесары…
А хто сказаў, што сам ты не такі?
Іх Смерць пасе, як статак – ваўкарэзіна:
хто сэрцам кэхнуў, хто ў мароз скалеў,
хто збіты быў машынай, хто зарэзаны,
хто абарваў знянацку свой прыпеў.
Эх, рыцары падробачна-пладовыя!
Усім, пакуль надрыў мой не абрыд,
дам званне “Ветэран Перабудовы” я.
Паэтам (у дадатак) – “Інвалід”.
Няхай ваююць на Зямлі і мірацца,
там рысу, там бананаў не стае…
Іх – процьма, і рады суполкі шырацца.
Душа за іх баліць: яны – свае.
Ах, Беларусь мая ты мутнавокая!
Пакінуў Бог сыноў тваіх, дачок…
Яны варон лічылі між аблокамі,
калі ім падмянілі “Крыжачок”…

ТУГА ГАДОЎ
Ноч праляціць савой,
бязладным будзе ранне.
Гудзенне ў галаве,
а значыць – пуста ў ёй.
Гаркаваю травой –
звычайнае сняданне,
а іней на траве –
сусветнаю журбой.
Стрыптызам таямніц
разбэрсаны паперы:
няма кахання ў іх,
а веры – пагатоў.
Пад стромкі скрып масніц
лёс стукаецца ў дзверы,
гагоча: “Што прыціх? –
Туга! Туга гадоў…”

НА ДЗЯДЫ
Прыйшлі нашчадкі на магілы продкаў.
Усклалі кветкі, лісце падмялі.
Льюць успаміны разам з “Русской водкой”
пра блізкіх, што ў зямлю сышлі з Зямлi.
Успамінаюць цёпла, немаркотна
дасціпна…
…А ці так было ці не?…
І хтосьці ўжо смяецца бесклапотна,
а хтосьці ўспомнiў клопаты свае.
Час загаiў iх смутак невылечны.
І кожны разумее ў глыбіні,
што сам ён, пэўна, не такі ўжо вечны,
як помнікаў гранітных камяні.
А тыя, хто сышоў, не наракаюць.
Іх душы церпяць: што рабіць? – радня!
І жвавымі вавёркамі чакаюць,
калі заціхне гэта мітусня.

ПЕРАХОДНЫ ЎЗРОСТ
Гасцей – не так, каб і багата.
Хоць джынсы цёртыя надзень!
Бо для мяне такое свята,
як для мінтая – рыбны дзень.
Без праўды – млосна, з праўдай – посна,
і факт любы – не адкрыццё…
Ужо, здаецца, марыць позна
і марна – планаваць жыццё.
Яшчэ, здаецца, хопіць сілы,
каб адбівацца ад няўдач.
Пакуль далёка да магілы,
хоць крылы распрастаў крумкач.
Ужо няёмка ў бойку лезці,
ды сорамна падціснуць хвост.
І маладосць, і старасць – дзесьці…
Няйначай, пераходны ўзрост!
Падводзіць вынікі – заўчасна,
рабіць высновы – сэнс які?
Як бы ўскараскаўся на прасла –
і ногі ў розныя бакі!
Віно ці воцат, пыл ці порах?
Звон ці ныццё, смоўж ці пчала?
…Я адзначаю сёння сорак.
Час падавацца да стала…

ЗЛОСЦЬ
Не стрымаць мне настрою злога:
мне б гранату ці аўтамат!
Людзі-людзі, што ж вас так многа?
Людзі-людзі, што ж вас так шмат?!
Бессэнсоўныя вашы размовы,
вочы колюць, як вірлакі.
Раўнадушныя вы, як каровы,
і драпежныя, як ваўкі.
Ваш паток льецца бруднай рэчкай –
я паўзу, як мурашка ў рукаў.
…Неяк дурань адзін са свечкай
сярод вас чалавека шукаў.
Вы чапляецеся плячыма
альбо сумкамі за мяне…
Вас цярпець ужо немагчыма –
зараз злосць цераз край ліне!
Што чакаць ад вас, аднадзёнак?
І адкуль вы? І хто вы ёсць?!
…Раптам позірк адкрыты – дзіцёнак…
І згарае, не ўспыхнуўшы, злосць.

БІНОМ
Ты ішоў па жыцці
незалежна і горда.
І імкнуўся ісці
не дугою, а хордай.
Ты людзям раздаваў
цеплыню і спагаду
і заўжды дараваў
раўнадушнасць і здраду.
Ты выходзіў у свет,
быццам гоншчык на трасу.
Быў любы твой праект
толькі справаю часу.
…А цяпер ты – біном:
раздваенне натуры.
Побач пляшка з віном,
ты бяздзейны і хмуры.
Ты чытаеш свае
замінулыя творы
і заграз, бы ў смале, –
ні здаровы, ні хворы.
Ненажэрна грызе
пацучыная скруха,
і слязою паўзе
па акне тваім муха.

ПЛОТ
Дні страляюць чаргой няўмольнаю,
а бывае, што дзень – як год.
…На Апанскага бесканвойныя
рамантуюць турэмны плот.
Каб была агароджа бетонная:
ім сядзець бы, а ёй – стаяць.
Па-жыццёваму справа будзённая:
плот падгніў – трэба дошкі мяняць.
Што ж, каму астравы Канарскія,
але сёння няблага і ім.
Безмазольныя рукі цяслярскія
дапамогуць турэмным сваім.
Глянуць збоку: работа не танная!
Бездакорнасць пакінуць для кніг.
…Толькі зайздрасць прышчыміць спантанная,
што бяліць суправодзяць другіх.

МЕТАМАРФОЗА
Як быў малы – у торбу ўкласці –
назойліва, як авадзень,
сустрэчным цёткам цвыркаў “Драсьце!”
А мне з усмешкай: “Добры дзень!”
Цяпер я слова не пазычу –
ім пры сустрэчы кожны раз
дня добрага прыязна зычу.
…I “драсьце” бразгае ў адказ…

У ГОРАДЗЕ
Мой лепшы сябар, горшы вораг –
Хаос бязладны, зорны свет.
…Збіраўся паляцець да зорак,
ды не ўдалося неўпрыкмет.
Перакрыўлюся ўсмешкай панка
і прасвятлею, як гусляр…
Успышкай велічнай маланка
нікчэмны высветліць абшар.
“Усё не так! Дурны, як корак!
Галотна, хоць сябе прадай!”
…У горадзе не бачна зорак,
у вёсцы – не да іх, бадай.

ПАЭТАМ
Яны гараць – таму і замярзаюць,
душой паны і целам жабракі.
Скрозь вечны змрок паэтаў зоркі ззяюць.
І свеціць кожная ва ўсе бакі.
І як не саладзі, а прысмак горкі.
Як не спяшайся – спынішся ў хадзе.
Паэзія – святло пагаслай зоркі:
няма паэта, а святло – ідзе.
Каго пакрыўдзіць лёс, каго – прывеціць.
Згарэць ад страсці ці сатлець з нуды…
Адны пагаснуць – новыя засвецяць.
І не дадуць аслепнуць назаўжды.

БЯЗЛЮДДЗЕ
Шарэе зямля, і хмурнеюць нябёсы.
Світанак у прыцемак зноў перайшоў.
Сосны скрыпяць, як старыя калёсы.
Знікла бязладдзе людзей-мурашоў.
Шапоча бяроза, струменіць крыніца,
Поўня за лес векавечны спаўзла…
Толькі не хоча душа прымірыцца
З тым, што няма ні дабра тут, ні зла.

ПЕРАПЕЎ
Ціхаю рэчкаю – песня нясмелая,
хмараю дымчатай сонца закрытае.
Ой ты, надзея мая спарахнелая!
Ой жа ты, мара мая незабытая!
Згубленым рэхам – падзеі даўнейшыя,
мокне ад роспачы восень дачасная…
А ці былі вы, гады мае лепшыя?
А ці ляцелі з нябёс зоркі шчасныя?
Песня заціхне струною парванаю,
гукам фальшывым, няскончанай нотаю…
І адгукнецца душа закілзаная
болем і жалем, журбой і маркотаю.

ПАЭТУ Ў САБЕ
Круці, памыляйся, грашы,
а потым маліся старанна…
Не змыць табе плямы з душы,
пакуль яна з целам з’яднана.
Ды толькі надзею пустую пакінь,
што ёсць паратунак у слове “амінь”!
І ветрам здзімаецца гмах,
табой збудаваны бяздарна,
а высланы цернямі шлях
пакрыты плітой тратуарнай.
Усім зразумела – другі быў намер,
ды хто ж дасць яшчэ адну спробу цяпер?
Ты думаў – з паперы шматоў
злятаюць крыштальныя ноты.
Ты верыў, што побач натоўп,
а сам вар’яцеў з адзіноты!
Ты марыў пазбавіцца марнасці дзён.
Той час наступіў, а ці радасны ён?
Ты зведаў, што ў шклянцы віно
істотней, чым кветачка ў вазе.
А гора і радасць – адно,
і сутнасць – у іх раўнавазе.
А сутаргі цела, душы каламуць
не могуць нязменнасць хаосу скрануць.
Цябе прывучыў ужо час,
што нельга публічна прарочыць,
што зло і дабро – толькі ў нас,
на нас – і знішчэнне, і творчасць.
…Ды толькі, каб тое спачатку дайшло,
напэўна, наогул цябе б не было…

Я ХАЧУ
Не праныра, не дыпламат,
і не веру, што ёсць чарадзеі.
Я хачу… І жаданняў зашмат,
бо яны спараджаюць надзеі.
Я хачу свой пакінуць след,
бо жыццё ўсё ж даецца ў знакі.
Я хацеў бы адчуць гэты свет
зрокам птушкі і слыхам сабакі.
Я хачу над Зямлёй узляцець
і даведацца, хто яе круціць.
Каб душа не магла сатлець,
каб саромеўся той, хто схлусіць.
Каб азарт – без вялікіх страт,
і без рызыкі – перамены,
каб сяброўства было без здрад,
а партнёрства было сумленным.
І каб пыл не збіраўся на шкле,
каб каханне было бясконцым,
каб старыя жылі ў цяпле,
каб малыя гулялі пад сонцам.
Каб не падаў на квецень град,
каб не пуста было ў талерцы,
калі мір – без падману і звад,
а вайна – без калецтва і смерці.
Каб у твораў былі чытачы –
як таго не жадаць паэту!
І яшчэ (хоць бязглузда гучыць):
каб той свет быў не горшы за гэты.

НЕ ПІШЫ
Не пішы пра тое, як чаромха пахне –
без цябе квітнее, без цябе зляціць.
Не пішы, што ніва ліўня марна прагне,
бо яе вадою з верша не паліць.
Не пішы, як спеюць журавіны ў багне
і як грыб крамяны тоіцца ў бары.
Не пішы пра вёску, у якую цягне –
жыць табе да скону ў каменным муры.
Не пішы пра блізкіх, родных і суседзяў.
Тое, што ты бачыш, – не агонь, а дым.
Не пішы пра дзеі, што сягоння ўгледзеў –
вочы і галовы Бог раздаў усім.
Не пішы пра заўтра, бо прарок ты кепскі.
Добрага б спалілі – ты жывеш пакуль.
Не пішы пра храмы, абразы і фрэскі.
Не жадай чужога – ні вянцоў, ні куль.
Не пішы пра німфу, што цябе кахае, –
здраджваюць і тыя, з кім з’еў солі пуд.
Не пішы, якая смерць цябе чакае –
вынесеш і здзейсніш сам сабе прысуд.
Не пішы, што любіш ты сваю Радзіму –
ёсць народ, улада і твой родны кут.
Не пішы; “у мовы – скрушная часіна”.
Ты ўжо сам стаміўся ад сваіх пакут.
Не пішы пра тое, што твой век кароткі –
абаранак большы, чым у ім дзіра.
Не пішы пра сонца, вецер і аблокі –
вечнасць не пачуе піску камара.
Не пішы пра тое, што на сэрцы дрэнна,
бо ў людзей хапае без цябе праблем.
Не пішы пра тое, як пісаць патрэбна.
І яшчэ пра тое, што бракуе тэм.


Оглавление

  • Юрась Нераток Фотаальбом