Балаган [Людміла Іванаўна Рублеўская] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Людміла Рублеўская Балаган

вершы

Полацак—Менск

2000


Сэрыя "Анталёгія"


Каардынатар сэрыі: Алесь Аркуш

Мастак: Хведар Хамякоў

Кампутарны набор аўтара

Вёрстка: Алесь Суднік


Выдавецкая суполка "ПОЛАЦКАЕ ЛЯДА" 2000


© Людміла Рублеўская

© Таварыства Вольных Літаратараў


© OCR: Камунікат.org, 2011 год

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011 год

* * *
Чорнае неба
над гэтай зямлёй блаславенай.
Крышыцца ціша на сотні асколкаў звяглівых.
Не нараджае багіню азёрная пена,
Не вырастаюць між купаў ядлоўцу алівы.
Ціха ідзе Герастрат да забытага храма.
Сцены кране —
і, забыты, вяртаецца ў немач.
Вогнішча паліць жабрак
ля касцельнае брамы.
Курчацца ў полымі кнігі
пра славу і веліч.
Вабіць дарога, якую прамень пазначае
Ад падваконня —
да белага берага поўні.
Край блаславёны
калыша ў прадоннях маўчанне,
Белы прамень
пазначае паэтавы скроні.

* * *
Жыццё прыцісне, як магільная зямля.
Не распрастаеш крыл, і не расціснеш вуснаў.
Крыжы царкоўныя над горадам ляцяць,
На іх ляцяць раскрыжаваныя Ісусы.
Не адрадзіць нікому горад мерцвякоў.
Нашто ахвяры, самаспальванне і вершы?
Я за пісьмовы стол сядаю зноў і зноў,
I зноў натхненне за радком канае першым.
Усё цяжэй сваю адрозненнасць трываць,
Сваю няздольнасць далучыцца да грамадства
Так неадольна часам хочацца лятаць,
Што застаецца толькі горка рассмяяцца.

* * *
I расколаты,
звон не забудзе ніколі свой голас.
Я — апошняя ў свеце, хто вежу збудуе сваю.
Па нябёсах чужых залатое пракоціцца кола,
А карэту ля райскае Брамы спынілі маю.
Басанож, басанож
па аскепках люстэрак і мараў.
Па халоднай зямлі, у якой
цяжка выкапаць дол.
А камусьці здаецца —
я мякка ступаю па хмарах,
I ліхтар нада мной клапатлівы трымае анёл.
Ні крыжа і ні крылаў —
жаночыя вузкія плечы.
А якому ўрачу
ты пакажаш агонь — у душы?
Невыносны мой боль,
і нябачны,
і можа быць — вечны,
Але я — ці хачу
назаўсёды яго патушыць?

ПОЗНА
Закончыўся вечар у сінім тумане.
Ізноў прасвятляюцца вочы іконаў.
I горад, які існуе на спадмане,
Каменныя спіны згінае стамлёна.
За гэтым вакном — ні кавалачка неба.
Шаргоча, вуркоча начная дарога.
Гніе сарцавіна Адвечнага дрэва.
Галіны ля райскага ссохлі парога.
Ад сэрца да сэрца праходзіць цямрэча,
I гасіць, як свечкі па службе царкоўнай.
I зноў загараецца лёс чалавечы
Ад ціхага слова, ад цёмнай іконы.
Сусвет рассыпаецца дробнасцю светаў,
Вялікасцю хрусткай
карон маскарадных.
I свеціцца поўня ў вачніцах паэтаў,
Да працы карыснай зямной
непрыдатных.

ЗАБЫЦЬ ВЕНЕЦЫЮ
Забыць Венецыю.
А заадно — і Рым.
I Дрэздэн, і Верону, і Варшаву.
Ёсць толькі неба, шэрае, як дым,
Над горадам, з якога не з'язджаюць.
Хто выдумаў —
не акаваць душы?
I на яе ланцуг знайсці не цяжка.
I тут таксама можна добра жыць
Між комінам, і сметнікам, і пляшкай.
Вось толькі — пра Венецыю...
Пра сон,
Пра мора,
смерць ад пацалунку мора,
Пра вітражы гатычныя акон,
Каменных львоў
і брукаваны дворык —
Забыць... Забыцца...
Што Гекуба — нам?
Што мы — Гекубе?
Гамлеты без трона.
Квадратныя вітрыны нашых крам
Цямней і таямнічай водаў Роны.
Нібы гандола, месяц праплыве,
Мой човен залаты, маё чаканне.
І ліст асенні на сухой траве
Зблісне тужліва
маскай карнавальнай.
Забыць Венецыю.

БАЛАГАН