Крокі па старых лесвіцах [Людміла Іванаўна Рублеўская] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Людміла Рублеўская Крокі па сртарых лесвіцах

Вершы


Бібліятэка часопіса Маладосць 2 (20)


Выдаецца з 1988 года

Выходзіць 12 разоў у год


МІНСК

Выдавецтва ЦК КП Беларусі

1990


© OCR: Камунікат.org, 2011 год

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011 год

Людміла Рублеўская


Людміла РУБЛЕЎСКАЯ нарадзілася ў 1965 годзе ў горадзе Мінску. Пасля заканчэння Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума працавала тэхнікам-архітэхтарам ВА «Гарызонт». Вучылася ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве. Зараз студэнтка філфака БДУ імя У. І. Леніна.

Друкавалася ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Беларусь», «Нёман», «Парус», «Работніца і сялянка», у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», у зборніку «Дзень паэзіі» і іншых рэспубліканскіх выданнях.


«Крокі па старых лесвіцах» — першы паэтычны зборнік паэтэсы Людмілы Рублеўскай.

Знаёмячыся з творамі, вы пройдзеце палыновымі і вогненнымі шляхамі беларускай гісторыі, задумаецеся над лёсамі вялікіх людзей мінуўшчыны і адчуеце боль і хваляванне аўтаркі за стан роднай культуры.


© «Маладосць» Бібліятэка часопіса «Маладосць» 1990

ПРЫСТУПКІ


Прыступкі,
прыступкі...
Стагоддзі, стагоддзі...
Над кожнаю вежаю сонца ўзыходзіць.
Сягодня — ўзыходзіць,
а заўтра, магчыма,
Асвецяцца толькі кругі пад вачыма.
Прыступкі,
прыступкі —
Імкненне да неба.
Да лесвіц старых надбудоўваць іх трэба.
Ды пісьмамі ў вечнасць
ад нас адляталі
Прыступкі, што продкі калісь збудавалі.
Яны адляталі павольна да бога
(Хоць помнік забыты —
не варты нічога).
Яны ланцугом акавалі паветра
(Нічога не важыць
забытая вера).
I гэты ланцуг адрываецца зараз
Ад вежы старой,
непатрэбнай, як нараст,
Ад вежы,
карэннямі ўрослай, як дрэва,
Ад вежы,
якая нікому не трэба!..
Прыступкі,
прыступкі...
Адкрылася прорва.
Сышліся дарогі, як сумныя бровы,
I вецер гуляе на ўсіх скрыжаваннях...
I ЦЭГЛЫ НА НОВЫХ НЯМА РЫШТАВАННЯХ.

І


ДУША
Свой воблік сапраўдны
яна не прыпомніць даўно,
Але памятае цяпло чалавечае хаты —
Сівая варона
маё прылюбіла акно,
I лётае з могілак,
сеючы рогат хрыпаты,
На вокны другія лятуць галубы,
вераб'і...
Што хоча сказаць мне
абвуглены сколак сумнення?
Не птушка —
душа,
а гарлае—
таму што баліць
I пер'еў баіцца сваіх з хваравітым адценнем.
Дваром пралятае —
шпурляюць каменне ў яе
Хлапчыскі, якія жывуць паміж сёння
і заўтра...
Прадзедаўскі боль прылятае штодня да мяне,
У пер'ях праклёну,
у паху палынавай гары.
Садзіцца за шыбай —
а цень адкідае ў пакой.
Паветра здаецца гаркавым,
а шкло — непразрыстым...
...А сёння на шкле падсыхала
вароніна кроў,
I голуб за шыбай
бялюткія перыйкі чысціў.

ПЛАЧКА
За яе мячоў не крыжавалі,
Не палілі за нявернасць дом.
Дні цяклі, і дзён цямнелі хвалі,
I душа чужым цямнела злом.
Не спазнала ні любві, ні шчасця.
Вечным болем вусны апякло.
I яна цяпер шчаслівым плаціць
Напамінам пра жывое зло.
I апоўдні, у гарачым полі,
Дзе сплятае сцежкі Палявік,
У адзенні чорным чорнай поўняй
Сее Плачка, як праменні, крык.
I апоўнач, на сухіх балотах,
Дзе крывы асіннік ды дзірван,
Ловіць Плачка перасохлым ротам
Зорамі засеяны туман.
I на золку, ля замшэлай студні,
Дзе ўздымае дзіды крапіва,
Вёскі мёртвай мёртвае бязлюддзе
Будзіць Плачка... I шуміць трава...
Па зямлі, сухой і раўнадушнай,
Ходзіць Плачка, плача па жывых,
Нібы ў ёй усе гняздзяцца душы
Здраджаных жанчын часоў былых.
Нібы ёй адной вядома прышласць,
Што нясе нам нечуваны жах...
...I цяпер спаскуджаная Свіслач
Чорнай Плачкай
стогне па начах...

ВАЎКАЛАКА
Трымціць у вадзе аер.
Хачу цеплыні, спакою.
А я — напалову звер —
Маўчу нематой людскою.
Я — вылюдак для людзей,
I я ж для ваўкоў —
пачвара.
У ціхай, як ноч, вадзе
Русалка аб ліўні марыць.
I я нават ёй —
нішто,
Як зорка —
нішто для багны.
I поўсць не стане шчытом
Ад срэбранай кулі прагнай.
Аер ад стрэлу ўздыхне,
I куля ўвап'ецца ў грудзі...
За што ж караюць мяне
I бог,
і звяры,
і людзі?

УЦЕКАЧЫ
Заблудзіў карабель наш у моры.
Стырнавы—і сляпы, і стары.
А на палубе людзі гавораць,
I смяюцца, і стогнуць вятры.
Ветразь з плямамі солі і плесні
Выпнуў грудзі, нібыта гусак,
I змяшалася з хвалямі песня —
Не забыцца яе аніяк.
Будзе бура —
і нехта загіне,
Будзе дождж —
і нап'ёмся вады...
На ўзбярэжжы якойсьці краіны,
Быццам чайкі, святлеюць дамы.
Там нябожчыкаў з плачам хаваюць —
Мы без боязі ў хвалі нырнём.
Можа, і нарадзілі нас хвалі —
Так замгліўся у памяці дом.
...I калі карабель наш бяздомны
Будзе рыфамі ўзяты ў нябыт
I спытаюць архангелы, хто мы,—
Хай не ўспомніць наш розум слабы...

* * *
...Ён меў прыгожы і злы штандар,
Сябрыну, зброю і лес.
I ў лесе звалі яго:
«Змагар».
«Зладзюга» —
ў родным сяле.
Ён храмы вогнішчаў будаваў
У змрочных вёсках лясных.
Любіў жанчыну —
не ўратаваў,
Таму і гвалціў другіх.
Калі ж душу сваю спапяліў —
Забыў каханай імя...
Тады
аб камень стрэльбу разбіў,
Бо знаў:
пракляла зямля.
А смерць сыходзіла ў ціхі лог.
Штандарам валодаў дым,
Бо сэрцу болей зманіць не мог
Прыгожы лозунг на ім.

ЗМЕЙ
Крывавае золата змей вартаваў дні і ночы,
I гінуў у страўніку доўгім
няўдачлівы госць.
Ды золата ў змея таго адабралі аднойчы.
Сціскае ён зараз у кольцах сваіх
Прыгажосць.
А кольцы яго распляліся па цэлай планеце
I душаць празрыстыя рэкі і думкі аб іх,
Да замкаў старых запаўзаюць
у выглядзе смецця,
У храмы —
і людзі багоў забываюць сваіх.
А каб не знайшлі да ратунку шляхоў патаемных,
Па сумных паданнях,—
той змей навучыўся пісаць.
I дзе пачынаецца голас вучонага змея,
А дзе чалавечы —
не можам ужо разабраць.
У служкі да змея ідуць —
во часіны насталі!
А добрыя людзі не вераць,
што змей гэты ёсць.
Каб золата ён вартаваў —
дык і зноў адабралі б...
...Раздушвае змей у абдоймах сваіх
Прыгажосць.

АРМАГЕДОН
...I калі ў той іконе,
што ўзнеслі на дах,
Затрымцела варожая дзіда,
Нехта ўспомніў:
«Ёсць вязень у гэтых мурах,
Ён прарок, хай тлумачыць нам дзіва».
І паслалі ў скляпенне з надзеяй на цуд
Гараджане
манаха і вояў.
I парушыў нарэшце сваю немату
Чорны вязень з сівой барадою:
«Што вам трэба?
Вы прагнеце праўды святой?
Вы ж яе праганялі, панове!
Надта доўга каралі мяне нематой.
Вы спазніліся.
Я ўсё прамовіў.
На любым скрыжаванні —
праменняў, галля
Ці пакорлівых спінаў і лейцаў
Нараджалася бедная песня мая,
І яе распіналі на месцы.
Больш не веру ні ў вечнасць,
ні ў праўду сваю.
Чуласць познюю
я ненавіджу.
Я
ападак надзеі,
ападкам згнію.
Мне пакіньце скляпенную цішу».
I пасланыя ўбачылі:
ён — чалавек,
Брудны, хісткі, душою зламаны...
I чакаць ратавання ад грэшнага —
грэх.
I яго яшчэ раз
пахавалі.
...I калі запалаў і палац, і кляштар
I згарэлі іконы і хаты —
Плыў над горадам
чорны і вольны ўладар
Цень адкідваў
у выглядзе
кратаў.

БАЛАДА ПРА СВАЁ I ЧУЖОЕ
Ен біўся на чужой зямлі.
За што?
Не верыць, што дарэмна.
Радзіму у яго ўзялі,
I ён назваў Радзімай —
неба.
А суайчыннікі яго
Муры замшэлыя ўздымалі.
Зямля цішэла ад снягоў,
I прыхадні снягі тапталі. «Ратуйце!»—
крык стаяў паўсюль,
А вой,
пакрыўджаны навечна,
Мог верыць толькі слову куль,
Чужы для веры чалавечай.
Ён хмарай плыў.
I ветрам быў.
I пазабыўся,
скуль быў родам.
...I на Радзіме —
родных біў,
Пракляты богам і народам.

ПЕСНЯ ПАМІРАЮЧАГА ВОЯ
Нядоўгі бурлівы свой век
Я смерці служыў, як царыцы—
Яе пацалункам скарыцца
Павінен слабы чалавек.
Сузор'е Паўночнай Кароны
Вянчае яе галаву.
Служыў я царыцы да скону
I верыў, што годна жыву.
Я зведаў аднойчы каханне,
I двойчы мне славу раўлі,
I беглі за мной на аркане
Чужых астравоў каралі.
Мне ўсё даравала царыца,
Але—не апошні уздых,
Калі я хацеў памаліцца
За душы забітых усіх.
Няўмольнасць!
Тваім пацалункам
Мне грэбаваць зараз не след,
Бо зброю пакінулі рукі,
А зброя —
не вызваліць свет.
...Зямля прарасла цішынёю.
Слізгае па костках рала...
Я думаў:
Радзіма — за мною.
Яна ж —
пада мною была...

ЦІХАЯ ПЕСНЯ
Ціха-ціха, паступова
Адмірае наша мова.
Чахне, быццам каралеўна,
У дзявочай вежы гнеўнай.
Асядае, як курганне
Над героямі паданняў,
Высыхае, як слязіна
Засынаючай дзяўчыны.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш — не спагоніш...
Ціха-ціха год ад году
Адмірае наша годнасць.
Патухае, як лампада
У куце змярцвелай хаты,
Пахінаецца распяццем
Над магілай божай маці,
Апускаецца, як глеба
Над разруйнаваным склепам.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш — не спагоніш...
Ціха-ціха, скрушна-скрушна
Адміраюць нашы душы,
Шамацяць чаротам-дротам
Над асушаным балотам,
Патухаюць, як вуголлі
У кастрах начнога поля,
Лісцем курчацца з'інелым,
Болем бел-чырвона-белым...
Ціха-ціха, не зважаем,
Як мы, браткі, паміраем.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш— не спагоніш.

ГРАМНІЦЫ
Адліга ўздыхае ў вільготнай цямнечы,
I звычай дзядоўскі нам час аднавіць.
Давай жа запалім грамнічныя свечкі —
I зло
разам з цемрай
ад нас
адляціць.
Малы Дамавік зашкрабецца ў куточку
I Лазнік у ваннай даесць павука,
I горад, грамнічнай пабуджлны ноччу,
Пачне ад бяссоння ратунку шукаць.
I горад не здолее нават здзівіцца,
Убачыўшы, хто не дае яму спаць —
Маланкавалосыя гэта Грамніцы
На воблаку
срэбньіх мятлушак
ляцяць!
I свет ажыве—і паганскі, і боскі,
I глеба ўздыхне мацярынскім цяплом.
I гаснуць агеньчыкі ў лужынах воску,
I трэба ўключыць у пакоі святло...
I ноч адыходзіць па вуліцах гразкіх,
Па вузкіх сцяжынах зімовых алей...
I жывіць душу таямніца і казка.
I неба — бліжэй,
а зямля — даражэй.

ДАРОГА Ў НІКУДЫ
«Я ведаю, куды вяду!» —
Крычала ўсім адна дарога.
Крычала гучна.
Хто пачуў —
Пайшоў па ёй.
Пачула ж — многа.
Гарлала рэха ў вышыні.
А паўз дарогу
гнала смецце,
I верас курчыўся ў агні,
і птушкі падалі,
як сэрцы.
«Я ведаю!»
I ўсе ішлі.
І верылі,
У што? Не помняць.
Дарога бегла ад раллі
І ад квітнеючага поля.
Але не век жыве спадман,
I змоўкла ў рэшце рэшт дарога.
...Глядзяць,
наперадзе — туман.
А ззаду —
дык зусім
нічога.

* * *
І возера паглынула замак за грахі тых, хто жыў там...
Згінаюцца дрэвы ад подыху цёмнага ранку.
Вада паглынае каменні адзін за другім,
Зацягнуць гарлачыкі новую сінюю рану,
I пройдуць гады,
і лазой зарастуць берагі,
З акон электрычкі народ паглядае паныла
На брудную сажалку
і перарэджаны лес.
За рэшткамі замка ў ваду уваходзяць магілы,
I лес адступае ад шумнай дарогі далей.
Здаецца мне, нашы азёры —
чароўныя дзверы
У лепшы, не здраджаны і не прададзены свет.
Туды саступае былое святое
і веры
У нас пакідае не болей,
чым зерня ў асве.
Ідзе па начах нетаропкае, сумнае шэсце.
Ў азёры сыходзяць будынкі,
звяры і бары...
Пасля высыхаюць азёры...
І мокрае смецце
Нікому не скажа, якія хавае муры.
Ізноў электрычка прастуе праз роўнае поле.
Няўважныя позіркі ў ёй і смурод цыгарэт...
I раптам па шкле расцякаюцца
чорныя кроплі...
Апошняе возера
плюнула злосна услед.

ДЗІВА
У асенніх крывых лазняках
Памірала апошняе дзіва.
Справядлівасці нельга чакаць —
Свет не любіць дарыць справядлівасць.
Дзіва гналі машыны і бруд,
Злыя людзі і добрыя людзі,
I яно апынулася тут —
Дзівакі паміраюць у брудзе.
Сіняй птушкай сядзіць у кустах,
Перабітыя крылы трапечуць.
Падпаўзае да лапак вада
З рабаціннем пляўкоў чалавечых.
I апошнія іскры лятуць
Ад нябёсных, прытушаных пер'яў...
Трупік птушачкі, шэрай, як ртуць,
Знойдуць заўтра ў кустах піянеры.

ПА ШЛЯХУ ПРОДКАЎ
Беларусь! Душы маёй калыска!
Возера лілейнага святла!
Да сваёй загубы гэтак блізка
Ты яшчэ ніколі не была.
І адвары доктара Скарыны
Праліліся ў чэзлую траву.
Па нябёснай прывіднай сцяжыне
Пакідае доктар Беларусь.
І за ім ідзе да зор Завальня,
Свечку захінае даланёй,
Даганяе човен старадаўні,
Што з Палесся ўзяты вышынёй.
«Нешта Продкаў Шлях аж слепіць
вока»,—
Здзівіцца забыты дзецьмі дзед,
і душа старэчая з палёгкай
Адляціць за позіркам услед.
А сцяжына белая танчзе,
I па ёй — як па лязу — ў жыцці
Ўсмешлівы апостал Караткевіч
З вогненнай вадой нясе пацір.
Шлях растаў — і велічныя цені
Па-за нашым позіркам плывуць...
Дождж пайшоў.
Ці смерць, ці бласлаўленне
Кроплі срэбнавокія нясуць?

МОЙ КРАЙ
Тоне ў студнях зялёнае сонца,
Сонца белае — у вачах.
I чырвонае сонца бясконца
Па-над вежамі крэсліць шлях.
Гэта — бонда нашага бога,
Што штандарам абраў сабе
Свежы след ад мяча чужога
На высокім белым ілбе.
Гэта — сад, дзе ўзрастаюць зоры
На прамых галінах крыжоў.
Гэта — мора зямнога гора,
Родны бераг уцекачоў.
Гэта—поле, дзе заараны
Разам з косткамі — перуны.
Гэта край — суцэльная рана,
Гэты край мой —
мой рай зямны.

ІІ


НАШ ЛЁС
Ткала нядоля чароўную світку
Хлопцу на шлях,
не на знос — навырост.
Белая нітка, чырвоная нітка —
Вось і дарожка лягла на пагост.
Шчасце — не птушка,
яно — папялушка,
Там, дзе агонь, і мільгае яно.
Хлопец за шчасцем спакуслівым
рушыў.
Многа штандараў, а шчасце — адно.
Кружыць і кружыць па свеце дарожка,
Бойка за бойкаю—шнарам на шнар.
Вось і яліну пілуюць на дошкі,
Вось і зваліўся чарговы штандар.
Вось і канчаецца шлях шматпакутны,
Наканаваны нядоляю шлях.
З дошак яловых —
твой дом цемнакутны.
Хопіць па свеце бадзяцца ў гасцях.
Ткала нядоля чароўную світку
Хлопцу-малойцу на лёс, навырост...
Саванам бела-чырвоным спавіты,
Лёг беларус на забыты пагост.

СПАДЧЫНА ІВАНА ФЁДАРАВА
Ад крыку аж лісцё ляціць з двара.
Здаецца, нават камень лямантуе —
То ліхвяры Івана-друкара
Зляцеліся на спадчыну худую.
Здавалася, няма чаго й дзяліць —
А лаюцца з-за кожнае анучы.
Ахвярна са сцяны Хрыстос глядзіць —
Хто да сваёй яго пацягне кучы.
Ледзь-ледзь спакой захоўваюць жанкі,
Пільнуючы, што мужыкі адхопяць.
Друкарню разабралі на шматкі,
Як разбіраюць вепрукоў увосень.
Панове, ну нашто друкарня вам?
Вы ж і чытаць не ўмееце, напэўна!
Ды кожны нешта цягне: «Не аддам!»
I літары ссыпае па кішэнях.
Пасля дзялілі Бібліі...
Бог мой!
Чырвоныя радкі ажно чарнелі...
Дзесяткі кніжак кожны пёр дамоў,
Каб доўга ў скрынях кніжкі парахнелі
Забралі ўсё.
I дом, пусты, як стэп,
Другой зрабіўся друкару магілай...
I герб «Шрэнява»,
беларускі герб,
Нашчадкам пагражаў
стралой бяссілай...

ГАСПОДА
Няўжо майстэрства —
гэта старасць?
Няўжо нам старасці жадаць?
То шкалярам адзіна радасць —
У вузкіх вулках горла драць.
А мы — чаляднікі.
Падмайстры.
Прад кожным з нас —
галодны шлях.
Зрабіцца ж майстрам кожны марыць,
Хто мае талент у руках.
Цалуе майстар куфлі піва,
А мы пакуль —
сваіх дзяўчат.
Гаспадара несправядлівасць
Сцярпі,
змаўчы,
стрымайся, брат.
Пакуль з сябрамі — ты не трэска.
За крыўды б'е гаспадароў
У Полацку, Гародні, Менску
Гаспода — брацтва падмайстроў.
Гаспода — гэта, браце, сіла!
Калі табе ўсміхнецца час,
Не забывай: яна вучыла
Быць вернымі мастацтву нас.

БАЛАДА ПРА МІХАЛА ПАДАБЕДАВА
Струны весела спявалі:
«Воля, шчасце, доўгі век!»
Волю выкупіць за талент
Спадзяваўся чалавек.
«Маладосць! — спявалі струны.—
Час, калі мы — каралі!»
Ды музыку ў горад тлумны
Разам з песняй прадалі.
Ці ў нявольнікі, ці ў госці —
Ды чужая старана!
I натхнёнай маладосці
Звонка лопнула струна.
Што ж далей? Няўжо за славу
Волі вольнай не здабыць?
Сёння пан гарлае «Брава!»,
Заўтра — пра цябе забыў...
У тэатры добра плацяць,
I музыка там — прывык.
А струна былога шчасця
Абарвалася, бы крык.
Немату душы агучыць
Толькі часу вольны рух:
Дзве прыгожанькія ўнучкі
Скораць модны Пецярбург,
Сын калісь разбагацее.
Ты ж — нажыў грахі свае.
І струна жывой надзеі,
Як праменьчык, растае.
Што далей? Хвароба,
шаты
Шклоўскіх ліп, гады журбы.
Сын — і вольны, і багаты.
Ты — прыгонны і сляпы.
Праляцела ўсё, як вецер,
Слава высахла слязой.
I струну жыцця нарэшце
Смерць абрэзала касой...

* * *
У 1812 годзе Бабруйскую крэпасць на працягу чатырох месяцаў асаджвалі войскі генерала Дамброўскага...
Першы снег быў чысцюткі па-боску
На зямлі, зганьбаванай крывёй.
Генерал іншаземнага войска
Павітаўся з Радзімай сваёй.
Ён тлумачыў:
не ворагу служыць,
А сваёй незабыўнай зямлі.
«Мы свабоды французскую ружу
На крывавых штыках узнялі,
Мы жаданую волю прынеслі,
Дык выходзь, сустракай, землякі!..»
За мурамі суровела песня,
Падаў снег на чужыя штыкі...
«Я да вас з паратункам вярнуўся!»
Ды маўчанне
астуджвала пал...
Перад гордай душой Беларусі
Што ты мог,
прыгажун-генерал?
Белым сумам заносіла вочы.
Шлях зваротны
занесла ганьбой...
Прачынаўся Дамброўскі уночы:
«Ці свабоду я вёў за сабой?»

ЗАСНАВАЛЬНІКАМ БЕЛАРУСКАГА ТЭАТРА
Няўжо ён плакаць толькі ўмеў
Над лёсам вёскі беларускай?
Чаму баяцца ўкласці смех
У
зараз бронзавыя
вусны?
Няўжо ён словы — вымаўляў,
А не казаў і супіў бровы?
Вучыць —
пачэсней, чым іграць.
Але ігра —
на роднай мове.
Што зробіць плакальшчык?
Капеж.
Вясну стварае той, хто свеціць.
Камедыянту плацяць менш,
Чым вою.
Толькі грошы — вецер.
Тых, што ўсміхаюцца на боль,
Найболей цемрашал баіцца.
Адна шкадоба —
не любоў.
Радзімай трэба ганарыцца!
I нельга не любіць жыцця!
Калі ж паперы стануць дымам,
Ад бронзы,
як ад забыцця,
Ратуй сваіх сыноў,
Радзіма!

ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ
Як лёс, шалее завіруха —
Аж рабацінне у вачах.
Вандроўнік, бачыш?
Да прытулку
Табе агеньчык меціць шлях.
Не, нездарма міргала свечка!
Дабро у хату —
добры госць!
Заходзь, вандроўны чалавеча,
I ў бессмяротнасць уваходзь!
На Белай Русі —
век завеі.
Зацішку нам не прычакаць.
Галота казкай сэрца грэе.
Дазвольце казку распачаць.
Эх, браце!
Часу снег няўмольны
Засыпле ўсё —
і тут, і там.
На Белай Русі белым полем
Застацца вам,
застацца нам.
І тое, што цяпер гаворыш,
Чужою мовай замяце...
А ты запісвай —
пра паморак,
Пра лесуна і пра чарцей...
Нас тут сагнала завіруха,
I ў нас ёсць келіх —
і агонь,
І свечка на акне варушыць
Сваю маленькую далонь,
I новы госць ужо ля брамы,
Прыйшоў па паску і цяпло...
...I Беларусь плыве над намі —
Завеі
белае
крыло.

БАЛАДА ПРА ФРАНЦА САВІЧА
Птушкі белыя паселі
На зжаўцелую траву.
Як жывеце, доктар Гельгег?
Дзякуй богу, шчэ жыву...
Снежань зноў шатры раскінуў
Каля кожнага двара...
Як вам, доктар, у Расіі,
Без Палесся, без Дняпра?
Без імя, без родных песень,
Без курганістай зямлі?
Можа, вы ў мясцовым лесе
Кветку-папараць знайшлі?
Да зямлі святочна белай
Сонца хіліць галаву.
Як жывеце, доктар Гельгег?
Дзякуй богу, шчэ жыву.
Ці радзіма там жывая?
Бо яе баяцца — цэлай,
Разам з мовай разрываюць
Свае дурні і паны.
Бо яе баяцца—цэлай
I сярод Еўропы ўсёй
Белае чвартуюць цела,
Каб змяшаць з чужой зямлёй.
Ці ўратуецца на свеце
Той куток святой душы,
Дзе удасца мне нарэшце
Францам Савічам пажыць?
...А зіма сувоі сцеле,
Сыпле бель на галаву.
Як жывеце, доктар Гельгег?
А хіба я тут жыву?

КАХАННЕ АДАМА МІЦКЕВІЧА
Жыццё не б'е — падножкі ставіць,
Але бязлітасна і злосна.
Зялёнай птушкай сядзе травень
На след, што выбілі калёсы.
Жыццё.
Марыля.
Караліна.
Жанчыны — вусцішная радасць...
Расстанне доўжыць каляіны,
Сустрэча марна сэрца паліць.
Схавала мокрая залева
Чарговы і варожы горад.
У шлях, Адаме!
Ваша Ева
Збаялася, што яблык — горкі.
Грукочуць колы. Душаць травы.
Жаданы ліст дашлюць запозна.
Жыццё не б'е — падножкі ставіць,
Але бязлітасна і злосна.

ВЕРШЫ I ЖЫЦЦЁ
Ёй вершы складае Максім,
Ды вершаў Яна не чытае.
Над садам спускаецца дым
І сонца чырвоны акраец.
З ім птушкі дадому ляцяць
З чужога, часовага раю...
— Няма ў тваіх вершах жыцця
Гаворыць Яна —
і знікае.
Як птушка.
Малінавы цень.
На поўдзень — дзе ясна і цёпла.
І ліўнем паўторыцца дзень
Над садам, навечна прамоклым.
Паэт на цяпло не ляціць.
З Радзімы — на поўдзень —
да смерці.
Ад вершаў — захочацца жыць,
Ад лёсу — захоча памерці.
І вернецца птушка.
Званы
Сустрэнуць яе на світанні.
— Максім! —
Толькі вершы адны.
I ў вершах — жыццё.
I каханне.

ПАЭТ I ЎЛАДА
Хлопчыку дазволілі загінуць.
Хлопчыку са скарбам у душы...
...Помніш, быў садоўнікам Скарына,
Ну а Колас мытарам служыў,
Багдановіч вывучаў законы...
А закон пляваў на божы дар —
Быццам дыяментавай каронай
Забіваць цвікі прыдумаў цар.
Бо для ўлады чалавек — што куля,
Хоць са срэбра — абы ў ствол загнаць.
...Ці ж вясковай зразумець матулі,
Кім сынок забіты мог бы стаць?
За абраз яго схавае вершы —
Для яе ён — сын, а не паэт,
I таму — адзіны і найлепшы.
І таму— яго не ўспомніць свет.
Разбірацца ўладары не любяць,
Дзе з каго найбольшая карысць.
і жыццё ляціць на вецер трубны —
Павуцінкі срэбраная ніць.
...I Багрым з ружжом па пляцы крочыць,
I нацдэмаў сцеражэ Гулаг.
...І ў зямлі чужой зарыты хлопчык
З лірай залатою на грудзях...

ГІСТОРЫК
А вочы глядзяць стамлёна.
Да прагнага іх святла
З паперы зжаўцелай, з тла
Ляцяць матьілі імёнаў.
А колькі зляціць у тло —
Не вечна ж вачэй святло...
Лістоў уздыхаюць крылы.
Яшчэ ўратаваны хтось —
Набудзе імя магіла.
Але на зыходзе сіла,
I поўня,
і маладосць...
I зноў шамацяць паперы
I цягнуць святло з вачэй...
Было нам каму паверыць.
Ці будзе каму яшчэ?

ІІІ


СКІФЫ
Нявечна ўсё:
аблічча, і душа,—
I падлягае тлу.
А мы — рагочам,
А грэшнікі грашылі і грашаць
І прызнаваць смяротнасці не хочуць.
Таму у прорву голас наш ляціць,
I мовы нашай высыхае мора,
Таму і выміраем пры жыцці,
Ці то ад глупства,
ці то ад пакоры.
Як назаве сябе нашчадак наш?
Ці і тады, у мітусні бясконцай,
Нікога не ўсхвалюе ні труна,
Ні рана, пачарнелая на сонцы?
Забытых
смерць збірае ў свой прыпол.
А хто забыў —
сябе хаваюць самі.
Нявечна ўсё,
пакуль нявечны боль.
Нявечна ўсё,
пакуль нявечна памяць.

* * *
Сівою травой парастаюць каменні.
Не ўспомніцца,
што тут калісьці было...
Пакрыўджаных болей,
чым проста сумленных,
Таму аддаецца былое на злом.
І нельга сказаць, што яго не ратуюць —
На тым ратаванні ўзмацнеў
не адзін...
Але асабіста
каго ж тут рабуюць?
У хату не лезуць.
Маўчым — ды глядзім.
Руйнуецца тое,
што шчэ не спазнана.
Дамы пахаваны з гісторыяй іх,
Ратуюць адзін —
дзесяць не ўратавана.
Мясцін старажыл не пазнае сваіх.
I мне падабаюцца новыя гмахі,
Іх позіркі светлыя,
чыстае шкло...
А горад мінулага
дрэвы ўздымае,
Бы твар захінае рукамі:
«За што?!»

ЧОРНАЯ БЫЛЬ
Ёсць чорнае сонца.
Малыя ўсе меры,
Каб мераць бясконцы пагрозлівы цень.
Хаця не дае мне ў пагрозу паверыць
Кахання зямнога зіхоткі прамень.
Ёсць цень—
і яго перавага у свеце.
Яго адкідалі паважна зубры,
А цень — перамог,
і прапылены зецер
Іх цені ганяе ў гатычным бары.
Цень — пан!
I дубы гэты цень адкідаюць,
І вежы...
I постаці смелых людзей...
I цені ўсё новыя цені ганяюць,
I меней у свеце высокіх надзей.
I цень паглынае ўжо нават каменні
I светлую памяць...
I гасіць усход.
І яснага сонца ўсё меней і меней,
А чорнага сонца ўсё болей штогод.
Мой бедны праменьчык!
Святла нам хапае
Пакуль што... Пакуль што...
Ды наша любоў
Зайздросны карычнезы цень адкідае.
I чорнае сонца
ўпаўзае у кроў.

«СУМЛЕННАЯ» ПАЗІЦЫЯ
У час Змяі, калі ва ўсім старанна
Вышукваецца закалоту ніць —
Маўчы!
Ты — бог, пакуль ты — не спазнаны
Свет не даруе прагі гаварыць.
У час Вароны, што падобным робіць
Да каркання і спевы, і выццё,
Маўчы!
Іначай высахнуць, бы кроплі,
Твае надзеі, а пасля — жыццё.
I ў час Сабакі, дзе слаўней — гарласты
I дзе адзін не чуе аднаго,
Маўчы!
Не ўдасца галаву пакласці,
Хіба што гаспадар штурхне нагой.
Быць па-над часам — дадзена адзінкам.
Як толькі ўчуюць між сабой звяры
Жывога чалавека — ён загіне,
Але другому крыкне: «Гавары!»
Ім, Людзям, можна гаварыць заўсёды,
А нас сціскае час у днях сваіх...
Якія з нас утворыць ён істоты,
З інтэлігентных,
грэблівых, нямых?
Цураліся бяздомнай п'янай дрэні,
Маўчалі мужна, быццам селядцы...
Час Чалавека
мы, відаць, сустрэнем
У поўсці, чорных пер'ях і лусцы.

МАЛАДОСЦЬ
Я не лепей за іншых.
Мне толькі страшней,
Калі горад высмоктвае сокі
Са сваіх ачмурэлых ад тлуму дзяцей
Ці калі праганяе прарокаў.
Я не лепей за іншых,
душою калек,
Можа, толькі задумлівей крышку
Свае дзверы зачыніць за мной чалавек,
Як свяшчэннік — паганскую кніжку.
Я — не лепей за іншых.
І я гавару
Дабрадзеям «спасибо»—
не «дзякуй».
Я адсюль не ўцяку,
ад ганьбы — не згару,
Толькі вечна на могілкі цягне.
Я не лепей за іншых.
А вы — за мяне.
Мы ў адным замацованы радзе,
Як цвікі, што мацуюць на бляклай сцяне
Мармуровую мёртвую памяць.

АМАТАРАМ ЗАЙМАЛЬНАЙ ЛІТАРАТУРЫ
А хвалі мутнеюць жыццёвае плыні.
За шэрай смугою
не ўбачыш світання.
I вось найстрашнейшае ў свеце нахлыне
расчараванне.
Расчараванне.
Адсталі старонкі прыгожага друку,
Што клінам ляцелі — і шлях задавалі.
І мы іх чыталі!
І тую навуку
Штандарам панеслі
у брудныя хвалі.
Чыталі, чыталі...
Згушчалі паветра.
Імкнуліся ў вырай паветраных замкаў.
Як ветразь напнуты,
парвалася вера,
I болей нічога мяне не трымае.
І зараз загразлі ў падмане,
бы ў глеі,—
Нас неслі ў туман папяровыя крыллі.
А ветразь для тых непадробна бялее,
Каго самі людзі
людскому вучылі.

СТАРЫ АРГАН
У лёхі аргана ўрываецца чыстае неба,
I сонца світае над кожнай працятай душой.
Мы тут выпадкова —
сюды ж не ідуць без патрэбы.
Праз месяц які — і ніколі не прыйдуць ужо.
Як мокрае зрэб'е, глядзіш, распаўзуцца цагліны,
Старэнькі музыка растане у небе сваім,
I дрэвы сагнуць над падмуркам шурпатыя спіны,
Разбураць крыло,
на якім мы у Вечнасць ляцім.
Пакуль жа магчыма яшчэ дакрануцца да неба,
Да голасу тых, што стваралі ступені Туды —
Чаго мы чакаем?
Апошняй і марнай патрэбы?
Чаго мы чакаем?
Дазволу даследваць сляды?
Арган уздыхае.
Старэнькі музыка смяецца:
«Ну што, маладыя, не чулі такога раней?»
...Скразняк варушыў на падлозе вільготнае смецце,
I сумныя фрэскі
Ахвярна глядзелі са сцен.

НЕМАТА
Той не паспеў свае даспеліць песні,
А гэты, што збіраўся сеяць іх,
Быў пакараны смерцю напрадвесні.
Свет страціў слова, як музыка —
слых.
Зямля дарма нам піша камянямі
I зморшчынамі хворых ручаін
Святую песню, страчаную намі,
Наш лічыць свет —
разумны ён адзін.
Яму здаецца — ён аброс, як поўсцю,
Мелодыямі ўсіх масцей і моў.
Але змаўкаюць птушкі.
Суха ў роце
Старога млына.
Млын апошні змоўк.
Мы забіваем нематой прыроду.
Званы здымаем. Робім штучны мёд.
I не спяваем — пішам
Песні — робім.
І траціць слых сумленне з году ў год.
Пасля і голас згубіць непрыкметна,
I пад абцас —
апошнюю пчалу...
I стане чутна —
коціцца планета
Адцятай
галавою
у імглу.

БЕЛАРУСАМ, ПАМЕРЛЫМ НА ЧУЖЫНЕ
Наш гарадскі нямоцны корань
Ледзь чуе смак сырой зямлі.
I кожны лісцік непакорна
Ірвецца з матчыных галін.
Злятае ліст, каб зведаць вецер,
Не згнісці дзесьці за мяжой.
Так чалавек не верыць смерці,
Хай і рыхтуецца душой.
Як да чужых галін прыўкрасных
Не прырасці сухім лістам —
Чужыя велічныя храмы
Наш попел не заменяць нам.
...I чалавек ідзе ў чужыну
Не для таго, каб згінуць там...
...Зямлі ўсё роўна, чый мярцвяк...
Ў яе на ўсіх адзіны смак.

НОВЫ РАЁН
У новым раёне, яшчэ негасцінным,
І храмаў няма, і няма магазінаў,
I ціснецца лес абкарнаны да неба,
I храмаў няма...
Бо, гавораць, не трэба.
У новым раёне — з выгодамі хаты.
Знутры— хто там бачыў,
ды звонку — палаты.
Культура і мяса — у цэнтры, бясспрэчна.
Там храмы апошнія гаснуць, як свечкі.
Там брук — пад асфальтам
і косці—пад брукам,
Там — ціша стагоддзяў, сучаснасці —
грукат.
Там — памяці храм, што па цёмных законах
Не запланаваны ў сучасных раёнах
I,цалкам падобна, руйнуецца ў цэнтры.
...Бы кроў на пяску —
пашчапаная цэгла
У новым раёне, дзе светлыя вокны,
Дзе моляцца сонцу
старыя з балконаў,
Дзе сонца за лес апускаецца чорны,
Бы падае купал царквы залачоны.

КАЛЬВАРЫЯ
Заблудзіцца на могілках —
ёсць асалода такая.
Дзе каменні, як рэшткі чаўноў,
усыпаюць зямлю.
I збуцвелае лісце імёны шчыльней пакрывае,
Як пакрыла бяспамяцтва душы —
тваю і маю.
Чуеш, мастак?
Маляваў ты суровых герояў.
Мы іх не помнім.
Ты чуеш, забыты паэт,
Вечнасці любы?
Прастуе жыццё маладое
Праз надмагілле тваё —
і рагочуць вароны услед.
А раней я сюды забрыдала паплакаць,
падумаць...
Так лісцё прыпадае
да горкіх карэнняў жыцця...
Цалавацца на могілках дзеці сучасныя любяць.
I бяззорнае неба глядзіць,
як апошні суддзя.

НАЧНЫ ГОРАД
Мы жывём у каралеўстве страху,
Ва ўладанні падазроных воч,
Тут, дзе пад паветра дымным дахам
Скрадзенай нявестай стогне ноч,
Ліхтары блішчаць радзей, чым шчасце.
А яно на сто кватэр — адно...
Брэх сабакі... Ціхі плач дзіцяці...
Зоркаю разбітае акно...
Постаці прыпозненых прахожых
Ціснуцца да купінак святла,
I баіцца кожнага і кожны,
I свайго пільнуецца жытла.
Дзесьці ўскрыкне безнадзейна гора,
Дзесьці загарлае смелы кат,
I шчыльней зачыніць дзверы горад,
I часцей заблішча зарапад.
Занач даламае хтось альтанку
У двары ля завадской трубы,
І сівы ад сполаху світанак
Пакладзе на столь прамень слабы.
Больш ніхто не просіць дапамогі.
Страх карону зняў на светлы час.
Мы прачнёмся з думкай: «Дзякуй богу!
Цемра зноў не зачапіла нас!»

* * *
Яшчэ ў жыцці я столькі не пабачыла —
Зубра жывога,
ды каб не за кратамі,
Млына сапраўднага, які 6 муку малоў,
Нязмушанага свята — без сцэнарыя.
Хай чучалы ў музеях заалогіі,
I лаўкі сувенірныя ў старых млынах,
I святы, дзе ў фальклорных строях «цюгаўцы»
Працуюць перад гледачамі рэдкімі,—
Хай гэта ўсё я шмат разоў пабачыла,
Яно мне не бліжэй за кветкі штучныя,
З якіх душа — матыль апошні верасня —
Не вып'е ані кропелькі святочнасці.
Але пакуль зубры блукаюць між ялін,
I недзе на сямі вятрах рыпіць вятрак,
I недзе водзяць па дварах казу і Смех,
Не скончыцца мая жывая Беларусь,
I, пачуваю, здоўжыцца мой шлях зямны,
Пакуль не наталюся
спраўджаным жыццём.

СТАРЫМ СЯБРАМ
Мой пакой затапіла ізноў
Цішыня — глыбіня залатая.
Са старых вырастаю сяброў,
Як з адзення дзіця вырастае.
Так балюча і страшна, відаць,
Толькі дрэвам, губляючым лісце.
Лозам памяці не утрымаць
Гронкі прозвішч, любімых калісьці.
Цішыня...
Цішыня...
Цішыня
У душы заварушыцца востра.
Ўсіх прыбіла да берага...
Я —
Ўсё шукаю свой ззяючы востраў.
Са старых вырастаю сяброў
Так жахліва —
і так непазбежна...
Мой пакой затапіла ізноў
Цішыні залатое бязмежжа.

* * *
Перарасцём мы ўсе свае няшчасці,
Як некалі—дзіцячыя хваробы:
Спазнаюцца маланкавыя страсці
I гордай адзіноты цяжкі вопыт.
Перажывём смерць блізкіх і далёкіх.
Мяжа пакут не перарэжа сэрца...
Што ж застаецца ў нас, няверных богу,
Каб выжыць?
Жах прад смерцю застаецца.
I на зямлі той жах ніхто не ўладны
Ні высушыць, ні выпіць дзікім мёдам...
Жаданнем жыць ваўкі лякуюць раны.
Жаданнем жыць лякуем мы самоту.
I дай мне, божа, у апошнім крыку
Спасцігнуць сэнс зямной кароткай драмы:
Хаця жаданне смерці — грэх вялікі,
Але баяцца смерці — грэх таксама,
I хай не боязь да пары загінуць,
Не жах адплыць на невядомы бераг,
А свет святла, куды калісь я знікну,
Дасць мужнасць мне
і прабачаць, і верыць...

* * *
Дождж зязюляй шэрай прыляцеў,
У раку упаў бездапаможна.
Наплыла самота па вадзе—
А ваду ніхто не пераможа —
Змые ўсё.
I толькі берагі
Лазняком самоту зачаплялі,
I пярсцёнак месяца з рукі
Маладой лазы
упаў у хвалі...
Абміналі хвалі астравок,
Дзе будан я з кветак майстравала...
А калі мой востраў, як вянок,
Патануў —
зязюля закувала.

ДАНАЯ
Дождж залаты твайго кахання
Працяў сухія камяні.
Я двойчы бачыла світанне
У тым бясконцым,
палкім дні.
Любой сцяной
схавай жанчыну,
У мармур апрані яе —
Яна адчуе пах крушыны
I попел зор у пальше.
Ёй дадзена самой прыродай
Трапяткасць
і чуццё бяды...
Жанчына не спытае:
«Хто ты?»
А вечна моліцца:
«Дзе ты?»

ЗАЛАТЫЯ БЕРАГІ
Гайдаецца сонца, як звон безгалосы,
I пырскі па скуры вядуць пісягі.
Плыву у чаўне хуткаплыннага лёсу.
А дзе ж залатыя мае берагі?
Пакуль што навокал — адхоны крутыя,
Каменні, як чорныя локці, тырчаць.
Даўно пахавала пяскі залатыя
Наноснае смецце, што хвалі імчаць.
Наперадзе бачу чысцюткае сяйва.
За мною, як птушка, ляціць вышыня.
А ў рэчку збягаюць іржавыя травы,
А рэчку паскудзяць бензінам штодня.
Звужаецца русла у зморшчыну жалю,
А ззяючы бераг далей і далей...
I скуру апошнімі промнямі джаліць
Маленькае сонца
маленькіх людзей.

КНЯЗЁВАЯ ГАРА
На Князёвай гары, за ваколіцай,—
ліпа і бусел.
Але ўсё ж памірае курган
з апусцелым сялом.
Пахаваны там князь—радавіты і велічны,
мусіць.
(Трэба ж велічным быць,
каб важдаліся людзі з пяском.)
На Князёвай гары асядае зямля пад нагамі.
(Тут хавалі калгаснікі
з фермы суседняй свіней.)
Вёска продкаў маіх
перад смерцю паслала за намі
I, як добрая маці,
няўдзячных дзяцей не кляне.
Хутка ўстане ўладар,
з доўгай чугі зямлю абцярусіць,
Лёгкі месячны човен
сплыве на высокі палын...
На Князёвай гары, за ваколіцай,—
ліпа і бусел...
Я апошняе страчу,
як страчу пра гэта ўспамін.

ВЫБАР
На скрыжаванні дзвюх дзедаўскіх моў
Я слова не маю для плачу.
I столькі за мною згарэла шляхоў —
Дарогі за дымам не бачу.
Падвойнае неба сузор'і дваіць.
I справа, і злева — званіцы.
А слова патрэбна,
якое баліць,
I мова, якою маліцца.
А справа і злева спакойна плывуць
Бяздумныя, шэрыя хмары...
Удары званоў —
бы каменні ваду —
Хвалююць іх цьмяныя твары.
Мяне перакрэсліў адбітак крыжа.
Дзве мовы —
як моцныя рукі —
Расцягваюць душы.
А ў спратах душа
Хавае памерлыя гукі.
А хмары за ветрам плывуць і плывуць,
I дым асядае бяссілы.
і крыж пахінуўся...
і ўладна завуць
Забытыя мною магілы.

Оглавление

  • Людміла Рублеўская Крокі па сртарых лесвіцах
  • Людміла Рублеўская
  • ПРЫСТУПКІ
  • І
  • ІІ
  • ІІІ