Мяжа па даляглядзе [Максім Клімковіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Максім Клімковіч МЯЖА ПА ДАЛЯГЛЯДЗЕ

Аповесці, дэтэктыўны раман


Падрыхтаванае на падставе: Максім Клімковіч, Мяжа па даляглядзе. Аповесці, дэтэктыўны раман, Выдавецкая сэрыя: Першая кніга празаіка, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 174 с.

ISBN 5-340-01020-1

УДК 882.6-31


Copyright © 2015 by Kamunikat.org

Фабіян


1. Фабіян вяртаецца з вайны ў бязлюдны горад. Вечаровы госць

Сонца покуль што не зайшло, але ў лесе, за колькі крокаў ад дарогі, было сутонліва. Вываратні, кусты ядлоўцу, валуны яшчэ пазнаваліся, але паспелі набыць ірэальнасць, змянілі колеры. Набліжаўся час, калі іхнія няпэўныя абрысы ў трохі загусцелым змроку маглі здацца каму пачварамі, каму ворагамі...

Фабіян не зважаў на іх. Ён глядзеў на дарогу і слухаў, як чвякае раскіслы глей пад капытамі каня. Колькі можна глядзець на адное і тое ж: на камяні, ядловец і вываратні?

Дарога змянялася, шырэла. Набліжала да горада. Конь ішоў роўна, нібыта і не было доўгай дарогі ззаду. Фабіян ехаў адзін. На павароце конь злёгку падкінуў, і тады калатнуліся ў перамёце пісталеты. Фабіян паправіў капялюш і злёгку сціснуў шпорамі бакі каня, той паслухмяна паскорыў хаду.

Лес скончыўся і адно нагадваў аб сабе ціхім шапаценнем за спінай, покуль яно дарэшты не злілося са свістам ветру. Наперадзе была пустка, парослая высокай травой і рэдкім кустоўем. Дарога гублялася ў ёй, але была ўжо без патрэбы — горад закрываў частку далягляду. Конь без прынукі перайшоў у галоп. Фабіян прыўзняўся ў страмёнах.

Праз туманны, сутонлівы паўзмрок горад выдаваў нязменным, якім быў у ранейшыя гады. Толькі не хапала адной дэталі, каб ажывіць яго, і яна не адразу кідалася ў вочы, яе адсутнасць надавала няўцямную трывогу — над комінамі не было дыму.

Чым бліжэй, тым большай рабілася адасобленасць дамоў, знікала цэлае горада, і ў той жа час ноч спалучала, аб'ядноўвала муры, латала праваленыя дахі, праломленыя шыбіны.

Створкі гарадской брамы ляжалі на зямлі, трохцалёвыя брусы былі патрушчаны ядрамі, а сталёвыя палосы абшыўкі звіваліся ў спіралі. Фабіян не стрымліваў каня, і той імчаў па вуліцах пустога горада. Брук пад дамамі быў закіданы чарапкамі дахавіцы, абвугленымі кавалкамі драўніны, патрушчанай мэбляй, нейкімі ашметкамі. Але ўсе гэта ўжо грунтоўна зляжалася, прыбілася дажджамі, пакрывалася цвіллю, і таму нават само пытанне — ці жыве хто ў гэтым заняпадзе? — было дарэмнае: горад стаяў пусты, без людзей.

У тарцы пукатай плошчы, акрэсленай вузкімі, на тры акны, спічастымі дамкамі, мясціўся сярэдніх памераў палац. Ягоны курданер замыкала каваная агароджа. Брама была наросхрыст. Але сцежкі роўна пакрываў гравер. Вялікі кветнік моцна парос быльнегам, тырчалі леташнія стамбуры. У па-вераснеўску густой зеляніне пракідваліся познія кветкі. Палац у вільготных плямах пасля працяглых дажджоў усе адно глядзеўся прыстойна, толькі збоч партала ў муры ўбілася ядро, і ад яго сцякалі на ганак намаляваныя ржой струмяні. У астатнім усеагульнае разбурэнне не кранула палац. Вокны, як і належыць, шчыльна закрывалі аканіцы.

Фабіян саскочыў з каня, правеў яго пару кругоў вакол кветніка, затым адкінуў завалу з дзвярэй стайні. Там было прахалодна і гулка чуліся ўдары капытоў. Фабіян падвёў каня да сцяны, распусціў падпру- гу, конь супакоіўся, але ўсе яшчэ пераступаў з нагі на нагу. Торба з аўсом вісела на дашчанай загарадцы. Фабіян перавесіў яе на конскую шыю. Адразу ж пачулася хрумканне.

Завала на дзверы стайні паставілася не адразу, набрынялы брус не заходзіў у пазы.

Фабіян з перамётам на плячы падаўся да партала, доўгі ключ, навязаны на вяроўку, сціскаў у руцэ. З замком таксама давялося пакорпацца. Нарэшце шчоўкнула спружына, і Фабіян адчыніў невялікую фортку ў парадных дзвярах. Пад нагамі шамацела салома. Фабіян рухаўся ўпэўнена, нібыта і не было цёмна. На другім паверсе Ён зайшоў у невялікі пакой, расхінуў акно і папіхнуў аканіцы. Чэзлыя рэшткі святла зрушылі цемру. Над спічастымі дахамі камяніц узвышаўся пастаўлены на стромай гары каралеўскі замак. Чытаўся адзін ягоны сілуэт з вышчарбленымі праломамі ў геаметрычна дакладных абрысах муроў. Фабіян апусціў на падлогу перамёт і выцягнуў крэсіва.

Гарэлі свечы ў жырандолях, займалася полымя на складзеных кастром у каміне дровах. Фабіян стаяў перад люстэркам, упраўленым у цяжкую барочную раму. Ён стомлена прымружыў вочы. Доўгія, да плячэй, валасы пазбіваліся ў пасмы і злёгку віліся толькі на канцах. Святлейшае за попельныя валасы шчацінне гусцела на падбароддзі і кантраставала са скурай. Твар трыццацігадовага мужчыны выдаваў штучна старэйшым, і недарэчна глядзеліся густыя зморшчынкі, што разыходзіліся ад рагоў вачэй. Усе гэта былі знакі не старэння, а стомы, і тыдзень-другі спакойнага жыцця знішчыў бы іх.

Фабіян распусціў матузы каўняра і сеў на невысокую канапу побач са столікам. У запыленай вазе ляжалі скарлючаныя, падсохлыя цукаты, побач стаялі дзве закаркаваныя і залітыя воскам бутэлькі