Віцкаўшчына. Рэвалюцыя ў мяне [Мікалай Улашчык] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

МІКАЛАЙ УЛАШЧЫК


ВІЦКАЎШЧЫНА. РЭВАЛЮЦЫЯ Ў МЯНЕ


Мемуарныя запісы Мікалая Улашчыка


Прадмова


Мне пашанцавала ў жыцці - у свой час пазнаёміцца з некалькімі старэйшымі беларускімі інтэлігентамі. 3 некаторымі з іх я пазнаўся вельмі блізка і меў працяглыя кантакты ў непасрэдных сустрэчах, ліставанні.

Людзі, чыя маладосць прыпала на 10-20-я гады ХХ стагоддзя ды што так ці іначай прычыніліся да тагочаснага духоўнага ўздыму, названага Адраджэннем, захавалі ў душы высокі ідэал свабоднай, суверэннай Беларусі.

Кожны з іх быў нечым адметны на ўласнай дзялянцы працы і вылучаўся як асоба.У кожнага з іх, натуральна, быў свой жыццёвы грамадскі досвед, часам няпросты, горкі. Яны ацалелі пасля неверагоднага молаха рэпрэсій 30-х - 40-х гадоў ды люта адшумелай у Беларусі і свеце апошняй вайны.

Канец 50-х - 60-я гады мінулага стагоддзя былі пазначаны, сказаў бы, нясмелым ажыўленнем нефармальнага беларускагаграмадскага жыцця ў выглядзе культурніцкіх яго праяваў, сустрэч. Нагодамі для знаёмстваў было публічнае чытанне вершаў маладымі беларускімі паэтамі ў сціплым пісьменніцкім дамку на Энгельса або ў тэатральна-мастацкім інстытуце, а таксама выстаўкі, ладжаныя маладымі мастакамі, якія няўзнак адыходзілі ад прадпісаных зверху афіцыйных мерапрыемстваў.

Падзейнае значэнне ў 70-я гады набылі мастацкія выстаўкі, прысвечаная паэтэсе-рэвалюцыянерцы Алаізе Пашкевіч, беларускаму паэту высокага еўрапейскага Адраджэння Міколу Гусоўскаму і ўпершыню паўней сабранай для паказу гледачу мастацкай спадчыне ўніверсальнага ў сваёй творчасці Язэпа Драздовіча. На адной з такіх святочных па настроі імпрэзаў я быў прадстаўлены высокаму, інтэлегентнага выгляду чалавеку, гісторыку з Масквы, як тое было сказана пры знаёмстве. Мікалай Мікалаевіч Улашчык пацікавіўся, дзе працую. Прызнацца, з той першай сустрэчы мала што засталося ў памяці. Хіба што адно: недзе ў канцы нашай гаворкі Мікалай Мікалаевіч заўважыў, што, чытаючы мой нарыс пра мастацтвазнаўца Шчакаціхіна, кінулася ў вочы, як я сабраў на яго лекцыі студэнтаў розных факультэтаў і ўзростаў. Сам выпускнік БДУ, ён ведаў кожнага з упомненых мною ў нарысе былых універсітэцкіх студэнтаў, што называецца, у твар.

Гаварыў Мікалай Мікалаевіч, і гэта нельга было не заўважыць адразу, мовай крыху адрознай ад нашай, якую потым нехта назваў звяздоўскай.

Яго маўленне было неяк бліжэй да традыцыйна беларускай народнай гаворкі. Пазней гэта можна было заўважыць па яго кнізе “Была такая вёска”, прысвечанай малой радзіме вучонага - Койнадаўшчыне. Неўзабаве пасля першага знаёмства я ўбачыў на прылаўку акадэмічнага кніжнага кіёска кнігу М.М. Улашчыка “Пред­посылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Беларуси”.

3 яе даведаўся пра аграрную рэформу Сігізмунда Аўгуста, якая адыграла значную ролю ў эканамічным жыцці Літвы-Беларусі, стала перадумовай спецыфічнага гаспадарчага іх развіцця.

У мяне, як і ў Генадзя Каханоўскага, Вячаслава Чамярыцкага, Міхася Ткачова, завязаліся з Мікалаем Улашчыкам даволі сталыя кантакты. Яны аблягчаліся тым, што, як прызнаваўся сам самавіты гісторык, яго цягнула на Беларусь, на сцежкі маладосці.

У Інстытуце гісторыі АН СССР у Маскве ён меў сталае навуковае становішча, яго цанілі калегі па працы на чале з дырэкратам інстытута Буганавым. Але навуковы інтарэс М.М. Улашчыка цалкам палягаў у гісторыі яго радзімы Беларусі. Кожная чарговая праца ягоная працягвала дапытлівыя пошукі рупліўца беларушчыны, выяўленне і вырашэнне нейкіх істотных праблем мінулага беларускага народа, выдання беларускай гісторычнай спадчыны.

Так склалася, што, пэўна, у кожны прыезд у Мінск, а наведваўся да нас Мікалай Мікалаевіч не менш як два разы на год, спыніўшыся ў сястры Вольгі, ён тэлефанаваў, што “вось, маўляў, я тут, загляніце...”

У міжчасе я атрымаў ад М.М. Улашчыка яго “Очерки по археографии и ис­точниковедению истории Беларуси феодального периода” 1973 г. выдання. У кнізе гісторык паказаў дзейнасць І. Грыгаровіча, У. Лабойкі, І. Даніловіча, С. Пташыцкага, М. Доўнар-Запольскага, У. Пічэты і інш., стварыў аб’ектыўную, дакументальна-абгрунтаваную карціну беларускай мінуўшчыны. Для акадэмічнага выдання Поўнага збору рускіх летапісаў М.М. Улашчык паспеў падрыхтаваць, пракаментаваць і адрэгадаваць 32-гі і 35-ты тамы, літоўска-беларускія летапісы, настольнае выданне для беларусазнаўцаў усіх профіляў.

А ўся спадчына высокаадаронага вучонага-гісторыка - дзейсная ўспамога, духоўная апора ўсім, хто хоча жыць у незалежнай дэмакратычнай Беларусі.

У часе адной з размоваў з Мікалаем Мікалаевічам, калі ён казаў пра некаторыя рэаліі з жыцця Савецкай Беларусі 20-х гадоў і заакцэнтаваў на нейкім факце суверэннасць рашэнняў беларускага савецкага ўраду, я незнарок усміхнуўся. Суразмоўца рэзка