Непрычалены човен [Эдуард Акулін] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Эдуард Акулiн НЕПРЫЧАЛЕНЫ ЧОВЕН


Падрыхтаванае на падставе: Эдуард Акулін, Непрычалены човен: вершы — Мінск 2003.


© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2007


Зрэбнае рэха


Рэквіем парэзанаму “Радну”
Хоць не калхідскае руно --
сатканае з суворых нітак --
Ад прадзедаў спакон -- Радно -
наш скарб духоўны і нажытак.
І гэты скарб на гвалт, на зьдзек
пусьцілі кніжныя вандалы.
О як пажадна рэзаў-сек
драпежны нож аб Волі мары...
Не ў кінавары , а ў крыві
лязо сталёвае кіпела...
На часткі -- поўную Любві
душу, што ў вершы заляцела.
На прах паперны ў небыцьцё --
Каханьне, Гонар, дух Максіма...
Дай Бог вам -- доўгае жыцьцё,
сьляпыя служкі Гільяціны!...


Што ёсьць Паэзія?
Што ёсьць Паэзія? -- Жыцьцё,
ці думак прах на тле паперным?
Гасподні Голас, Адкрыцьцё,
ці д’яблаў смутак апраметны?
Што ёсьць паэзія? -- Ныцьцё
душы на паперці жыцьцёвай?
Ці дабіблейскае быцьцё --
перадусімнасьць сутвы Слова?
Што ёсць Паэзія? -- Зьліцьцё
Красы адвечнай і Паэта?
Ці ваўкалацкі лёс -- выцьцё
над перакуленым Сусьветам?
Што ёсьць Паэзія? Што ёсьць?


Аве, Марыя
Памяці маці

Час прыйшоў за грахі вініцца...
Памяць паліць гады на тло.
Ды часьцей стала мама сьніцца --
не сама, а яе Сьвятло.
Мне на гэта Сьвятло маліцца --
покуль будзе мой шлях відзён...
--Мама, імя тваё сьвяціцца --
хай ад сёньня -- да скону дзён.
Гэта ж ты мяне нарадзіла.
Што змагла -- то ў жыцьці дала...
Ты і ёсьць для мяне Радзіма.
Не прывыкну казаць -- была.


Па Нёмане на плыце
Чэрвень. Чэзлае сонца.
Цень ад вясла ў вадзе...
Шлях -- як жыцьцё бясконцы
па Нёмане на плыце.
Ад зьвіслага вуса Усы --
паўз Прыстаньку, дзе калісь
дзядзька Якуб беларусаў
вучыў, як патрэбна жыць...
-- Пад бел-чырван-белым сьцягам
куды плывяце, хлапцы?
-- З грэкаў плывем у варагі...
Напраўду? – Ай, малайцы!


Пасьпець
За справамі, хатнім клопатам
спрабуем схаваць душу
ад неба, і Бог ня ў попыце, --
як летняй парой кажух.
Зьбіраем, будуем, рупімся --
сьпяшаем кудысь пасьпець.
А чым за грахі адкупімся? --
з сабой не захопіш медзь...
Люстэрка па даўнім звычаі
схавае ад воч радня...
А што , як сябе бяскрылаю
убачыць у ім душа?..


Патрэбны
Ты камусьці патрэбны
на бацькоўскай зямлі,
дзе біблейскія вербы
зоры ў кроны ўплялі.
Дзе ў нябёсах высокіх --
жураўлінавы шлях,
дзе начуюць анёлы
на царкоўных крыжах.
Ты камусьці патрэбны.
Ты патрэбны камусь...
Покуль моліцца небу
за цябе Беларусь.


Трыпціх Слова
І
Слова -- мой шлях да Бога.
Слова -- мая дарога.
Слова -- мой крыж жыцьцёвы.
Бог уваскрэс у Слове.
Слова і ёсьць мне Богам --
небам, крыжом, дарогай...
ІІ
Сьлёзы Хрыстовы -- словы.
Словы -- Хрыстова кроў.
Цьвікамі ў далонях словы --
Бог -- гэта Любоў...
ІІІ
Насеньне Слова ў ральлю душы
Бог шчыра сее -- не саграшы...
І ў думным жыце
урэшце рэшт
Бог дасьць - узыдзе
валошка-верш.


Лебедзь
Лебедзь -- у сінім небе.
Гэта прыйшла зіма.
Белай завеяй вецер
пух разадзьмуў з крыла...
І над цнатлівай Пціччу,
як багародны грэх,
лебедзь -- тваім абліччам
кружыць біблейскі сьнег.


Клямка
Клямка на брамцы дзяцінства майго --
так незаўважная плямка.
Як на марозе сарваная ў кроў
скура на вуснах ранка...
Клямка -- язык паказны дзьвярэй.
Клямка -- далонь падворка.
Звычніца клянчыць і чым старэй --
тым адмысловей горка.
Клямцы паклёпнічаць не з рукі.
Клямка сама з паклёпу...
Колькі разоў да яе замкі
слалі сватоў бяз толку.
Клямка у сенцы і пад павець.
Клямка ў чужое шчасьце...
Мара мужчыны -- хутчэй займець
клямку жаночай жарсьці...


Вільчык
Хто з нас скокнуць ня марыў з вільчыка
у дзяцінстве на пару з ветрам?..
Стуль, дзе певень стаяў за пільніка,
дзе хмяліла віном паветра.
Падагнаны скрылём да скрыльчыка,
з клёпак зьлеплены ехаў дах,
як па строме страхі да вільчыка
я ішоў, прыручыўшы страх.
Мудры час ўсьміхаўся ўмілена,
і крыло падстаўляў Анёл.
Мы расьлі і ніжэлі вільчыкі,
і радніўся з блакітам дол.
Хутка сын з вышыні акрыленай
свой зрабіць паспрабуе крок...
Божа літасны, не пакінь яго,
як Ікара, сярод аблок.


Карчма
Як віно бурдзюка мяхі --
разрываюць мяне грахі...
І душа, што была царквой,
мая стала цяпер -- карчмой.
А ў карчме ладзіць чорт імшу,
а ў карчме прадаюць душу.
Хто за срэбра, а хто за кроў,
хто Радзіму, а хто сяброў.
Нехта маці, а хтось жану,
нехта здраду, а хтось віну...
Бо няма у карчме ікон,
бо піўны у карчме амбон...
І сьвятар -- хітры чорт глухі --
адпускае віном грахі.


Позна
Марна анёл-ахоўнік
мне надарваў рукаў --
міма царквы праходжу,
часу няма на Храм.
А у вязьніцы-целе
стала душа старэць.
Б’ецца, як рыба ў пелі,
аб ледзяную цьвердзь.
Ды за бязьвер’я хмарай
сонца ёй не відно.
Позна аб крылах марыць --
цягнуць грахі на дно...


Восень
Восень. Дажджы. Слата.
На скразьняках Сусьвету
выстыў птушыны шлях --
душ пералётнасьветных.
Столькі у іх сьвятла,
столькі тугі крылатай...
Зорыцца Млечны шлях,
нібы царква, на сьвята.


Стрыптыз
У тэатры восеньскага лесу,
дзе няма ні сцэны, ні куліс,
вецер рэпетуе зранку п'есу
з мадэрновай назваю "Стрыптыз".


Аднойчы
Аднойчы мяне ня стане --
як рэха ў сьляпым тумане...
Спачатку забудуць суседзі,
пасьля сябры і калегі
і ў рэшце рэшт -- Каханая..
А дзеці? Няўжо і дзеці,
кім марыў я тут застацца,
таксама мяне забудуць
і не паклічуць з туману.


Ношка
Я нясу на плячах сваіх цемру...
Бацька -- мне, дзед -- яму перадаў.
Гэта цемра -- паўночнае неба,
і знутры -- залатая яна.


У ракуцёўшчыне
У родным краі ёсьць крыніца...
Чыймі сьлязьмі --
нам столькі год не наталіцца? --
скажы, Максім.
Валошкі ў жыце на пагорку
ня тояць страх.
Таму нябёсы -- лёсам горкім, --
хто горды Птах...
Хоць дух Паэтаў з кожным годам --
усё вышэй.
Ды пачуваць сябе Народам --
чамусь цяжэй...


Слова
Даруй мне, Слова,--
я страшны грэшнік,
што ганьбіў мову
бяздарным вершам.
Што сэнс твой боскі
не разгадаў я,
што здрадзіў Лёсу --
Табой ня стаў я.
Каб быць Паэтам --
жыць трэба Словам,
лунаць над сьветам
на крылах мовы.
Я ж не лунаю
у сінім небе,
бо крыл ня маю,
як Страцім-Лебедзь...


Сыс
Забылі Сыса -- як забілі
Паэта у мулкай труне...
Забілі, забілі, забылі --
“І словы - вярыгі мае...”
Забылі Сыса -- як любілі,
як вучні калісьці Хрыста.
Забілі, забілі, забылі --
“І выкрэсьліў Слова я...”
Забылі Сыса -- як малілі:
-- Ня пі болей, Толя, -- памрэш...
Забылі, забылі, забілі --
яго ненапісаны верш.
Забылі Сыса -- як завылі
апоўнач за Гомлем ваўкі.
Забілі, забілі, забылі --
чые між аблок ветракі...


Плашчаніца
Барысу Пятровічу

Мінуў той час, калі
сустрэўшы паміж ночы,
Анёл нам гаварыў:
-- Жывіце -- вочы ў вочы...
Гады, нібы плыты,
да плёса Лёс звалочыў,--
ды памяталі мы --
жыць трэба -- вочы ў вочы.
І ў вечнасьці на дне
праявіцца аднойчы,
як фрэска на радне --
два словы -- вочы ў вочы...


Выбар
Раісе Баравіковай

Такое кароткае лета...
Пасьпець бы прамовіць: -- Кахаю!
А лёс нарадзіцца Паэткай --
Галгофа ў юдавым краі.
І толькі з мінулых вякоў,
якія нам больш не належаць,
параненым крыкам -- дакор:
-- Каханьне альбо Незалежнасьць?
Альбо -- і нічога паміж,
і выбар амаль неадольны...
-- Каханьне... Каханьне -- мой крыж!
Хай іншыя выберуць Волю...


Тут Зніч уваскрос...
Галіне Дзягілевай

У лёхах касьцёла Сымона й Алены,
якім любаваўся калісьці Максім,
Драўляны алтар -- паэтычную сцэну --
ахутаў біблейскага вогнішча дым.
У дыме тым -- яблык надкушаны Евай,
і рэха літаньняў і шоргат крыла...
І песьні, ці лепей сказаць -- песьнясьпевы --
гучаць, як найвышняму Пану хвала.
Тут сьветла ад свечак - ды не з жырандоляў.
Тут сьветла ад сьвечак, што ў душах гараць...
Тут Зьніч уваскрос -- нашай марай аб Волі,
якой ні разьбіць, ні спыніць, ні стрымаць!


Спакон
Спакон у славянскім жыце
валтузіліся між сабой
Расія-імператрыца
і польскі галган-кароль.
Пры іх ад цямна да ранку
са сьвечкай на ўсіх вятрах
Радзіма мая -- сялянкай
стаяла у галавах...


Датуль
Датуль Беларусь ня зьгіне,
ня кане ў нябыце-сьне, --
пакуль у нябеснай сіні
заступніца-Ефрасіньня
моліцца за яе.


Жыве!
На парозе тысячагоддзяў,
не скароная ліхаўне,
у Храме -- сваім Народзе --
як спакон -- Беларусь жыве!


З чужога неба (Пераклады)

З літоўскай


Аідас Марчэнас
Паэт
Гінтантаўтасу Патацкасу

мне крылы пазычыць вецер
анёл мне падорыць ліру
а слугі ўскладуць на плечы
мне золата ладан міру
прайду я патухнуць зоры
у пыл спарахнеюць замкі
абурана бура горы
зраўняе для хіжай славы
сьвятлом надзяліце й хлебам
грашыма і цёплым дахам
і вернецца наўзамен вам
крывёй і гарачым прахам
я хлушу найлепш ад праўды
нашмат прыгажэй чым трэба
я хлушу а гэта значыць
жыву і чакаю хлеба
каханак ад лішняй цноты
віно ад абрыдлай тары
я вызвалю нібы голас
схаваны ў душы гітары


Стасіс Іонаускас

Маляваў кветкі...
Фарбы разбаўляючы зімой,
Пэндзаль акунаючы ў нябёсы,
На мальберце завадзі рачной
Маляваў ён кветкі з сумным лёсам.
Ім жыцьця ня хопіць адцьвісьці,
Як звычайным кветкам выпадае,
Бо нябёсы ў восеньскім лісьці,
І дажджамі хмары набухаюць.
Хоць да першасьнега – многа дзён,
Дзе ідзе ён – іней праступае.
У нябёсах воблакаў мільён –
Месцы неабжытыя займаюць.


Ёнас Зданіс

Костка
Дзень вісіць, як белая кашуля
на вяроўцы пад зімовым дубам.
У пакоі жанчынамі поўным
на пытаньні адны і тыя ж я стаміўся адказваць зноўку.
У сьвятле, як сусьвет скалелым, сьвецяць твары
іх перад дрэвам.
Трызьніш ты на няроднай мове,
а, прачнуўшыся, пішаш брат мой
на сьцяне у сваім пакоі аскалабкам засохлым косткі.
Прыручаю паглядам рэчы:
абмялела каханьня рэчка – зморшчын рэчышча ля вачэй,
перасохлыя смагай вусны.
Тонкіх ліній крыштальны іней
зімніх літар, марозных слоў,
схаладзелых пад языком.


Арнас Алішаускас

Сучаснасьць
З пылінкі перліну гадуе час-факір
Як мусульманін страшыцца шайтана
Баюся гэтак сьмерці нечаканай
Калі нябёсы зносяцца да дзір
І Бог адтуль пакажа босы німб
Раскрыліць дзьверы непадскрыпна брама
Я думаў што спасьцігнуў тайну слоў
Адкуль бяруцца знакі пакрыёма
Чаму люстэрка родніцца з радном
Калі жалоба абжывае раптам дом
А сёньня я чакаю двух сыноў
Хто д’ябал, хто анёл з іх невядома
Пакуль на сподзе сьпее глінны хлеб
Пакуль праклён не збыўся аніводзін
Зноў бацьку мыліцы прысьняцца заміж крыл
Тастамантам няспраўджаных магіл
Сканае з рыкам д’ябал ува мне
Не абвясьціўшы богавых народзін


* * *
Я сьведчу што нічога больш няма
Ня згадана ня спраўджана забыта
Страх старасьці – нязжытая зіма
Бо толькі ў снах цьвіце зімою ліпа
Паўторыцца нанова сумны сон
Гандлююць газай брудныя бабулі
Ня ў першы раз страх возьме у палон
Сад дыяментавы і ты ў начной кашулі
Яшчэ блукае й нараджаецца агонь
То б’ецца птушкай то паўзе змяёю
Тым днём калі цьвікі ня скрозь далонь
Скрозь хлеб прайшлі запёкшыся крывёю
Дзе пір агню там правілаў няма
Ні сьмерцяў толькі лічбы з нумарамі
Калі ты хворы значыць хворы я
Кастром шаманскім сонца па-над намі
Пад вечар ані слоў ані гасьцей
Застылі гіры ў змове з ланцугамі
Над горадам кружляе белы сьнег
Як позьні птах над чорнымі стагамі


Генрыкас Альгіс Чыгрэюс

Вецер у дрэвах прымор’я
Той вецер у дрэвах такі нянаскі,
З Балтыі ён, а магчыма й па Швецыі швэндаў,
Такі заходні, такі сусьветны,
Гул ягоны – знаёмай песьняй.
А можа ён з поўначы,
З Салачаю, з Біржайскага краю
Швагерчык; поначы
Самім сабою прыгнаны.
Злуецца вецер, дык гайда за стол,
Ды без бутэлькі нельга!
Бяз чарачкі падобным стане ён
На замак, што ня мае вежаў,
Твой стол-бянтэжнік.


* * *
Прафесар жлукціць з пляшкі піва
Ля кірмашу; я падыходжу
Вітаюся, гляджу яму у вочы,
Ён дзеліцца глытком са мной, шчасьлівы.
А час такі – да восені бліжэй,
Чым да аблок, што ў небе валунамі –
Бухматай воўны поўнымі вазамі
Плывуць, як на распродаж, без надзей.
Гляджу на іх – здароўем небагаты,
А ў галаве – асеньні лістапад,
Кружляе лісьце, танчыць неўпапад,
Нібы з чужога прыляцела
саду.

З украінскай


Раман Лубкіўскі

Паляваньне
І доўжыцца спрадвеку паляваньне,
За рацьцю раць стральцоў па сьледзе йдзе,
То хітры зьвер ад вечара да раньня
Іх на нябачным повадзе вядзе.
Ідуць стральцы. Згубіліся дарогі.
Зьбялела сонца ў небе, нібы косьць.
Ім мроіцца алень блакітнарогі,
І аксамітна-вогненная поўсьць.
Тут столькі стрэлаў страчана дарэмна,
Тут столькі лукаў зломлена тугіх…
Вастрэй стралы -- тут вока мець патрэбна.
Вастрэй за нож – тут мець патрэбна слых.
…Сяджу ў засадзе, сэрцам заміраю,
Як росны ліст ад холаду трымчу,
Стралу выцягваю і гэтак закладаю,
Каб нават вецер шолах не пачуў.
Такімі вось блакітнымі начамі,
У сэрца зазіраючы сваё,
Я бачыў зьвера з сінімі вачамі,
Што піў з крыніцы зорнае сьвятло.
І высьпеў стрэл. Глядзі, не прамахніся,
Сястра мая, страла, не падвядзі!
Ляціць страла, нанізваючы лісьце,
Ляціць страла, зьбіваючы гады…
А я стаю адзін у звонкай цішы,
Чакаю ўпарта сьнег на галаву…
Ды не стралу, а сэрца насадзіўшы,
Нацягваю тугую цеціву…


Алеся Мамчыч

Журба
Журба як птах
Гадуе птушанят
Малых рахманакрылых
журбянят.
Каб ціхі рэй –
каб іх – крылаты рэй
асеньнім лісьцем
падаў з чорных вей.
Каб у калюжах
Крылы іх спляліся...
Журба як птах
адлётвае калісьці.


* * *
Я па пяты ў расе
І па сэрца ў расе
І ня знае ніхто,
Што пабачылі ўсе
І ня знае ніхто --
Толькі сьвет патойбоч,
Як сьпявала наўзрыд
Скрывянелая ноч.
Як сьпявала наўзрыд,
І як месяц асьлеп,
І як потым дажджы
Разарвалі сусьвет.
І як падаў сусьвет
Цяжкакрыла між траў,
Пахрысьціўшы мяне
На сьвітанку – як храм.


Ліна Кастэнка

Ван-Гог
Добрай раніцы, адзінота!
Холад холаду. Цішы ціш.
Цыклапічнасьцю аднавокай
неба дзівіцца на Парыж.
Мая мука, ты ходзіш па лёзах!
Яшчэ ўчора я быў каралём.
А сягоньня попел бялёсы
асядае на жоўты дом.
Зьмерлі барвы.
О рукі-хмары!
На мальбертах расьпяты сьвет.
Я – жалобны камень цьвінтарны.
Кіпарысавы хвост камет.
Неба ў негадзь, бы ноч, глухое.
Гнуцца пэндзлі, як чараты.
Чорным рэхам палеазою
паламаныя гор хрыбты.
Прамяніцца маё скляпеньне.
Я пастух. Я сад стары пасу.
Ў кішэнях дня,
залапленых цярпеннем,
я кулакі да сьмерці данясу.
Самавіты – несамавіты –
не Сезан – не Гаген – не Манэ –
але што ж я магу зрабіці,
як мяне багата ў мяне?!
Ён бажавольны, кажуць. Бажавольны!
Магчыма й так. Ён – гэта значыць я.
Божа – вольны…
Божа, я – вольны!
Дык дабранач, Свабода мая!


* * *
Зіхціць між ружаў золатам калыска.
Блакіт павекаў хата узьняла.
Сьвет неаглядны здалечы і зблізку.
Пачатак ёсьць. А слова шчэ няма.
Шчэ дзіўны дым і хаты выгляд новы,
І шчэ ніяк нічога не завуць.
І хмары , не прывязаны да слова,
А проста так – плывуць сабе й плывуць.
Шчэ кожны пальчык сам сабе Бетховен.
Шчэ ўся мая на сьвеце прыгажосьць.
І сьвеціць сонца вокам каляровым.
Шчэ слоў няма. Паэзія ўжо ёсьць.


* * *
Баюся слоў, калі яны маўчаць,
калі яны дыханьне затаілі,
калі ня знаеш, як табе пачаць,
бо словы ўсе былі ужо чыімісь.
Хтось імі плакаў , кленчыў да багоў,
з іх пачынаў і зьнік за небакраем.
Людзей мільярды і мільярды слоў,
а ты упершыню іх вымаўляеш.
Усё паўторыцца:краса і шматкалёрнасьць.
Усё было: асфальт і спарышы.
Паэзія ж – заўсёды непаўторнасьць,
як бесьсямяротны дотык да душы.


* * *
Прадвесьне засьмяялася: -- Пара! –
за Чорным Шляхам, за Вялікім Лугам –
гляджу: мой прадзед, і пра-пра, пра-пра –
ідуць за часам, як за плугам.
Губляецца бясконцы караван,
за Чорным Шляхам, за Вялікім лугам,
яны ужо ў тумане – як туман –
усе ўжо йдуць за часам, як за плугам.
Як вол стамлёны, вечнасьць ледзь ступае! –
за Чорным Шляхам, за Вялікім лугам.
Свавольная, як вецер, маладая –
няўжо і я іду ўжо, як за плугам!?
І што ўзару? Засею чым майдан?
за Чорным Шляхам, за Вялікім Лугам.
Няўжо і я ў тумане – як туман –
І ўсё ж іду за часам, як за плугам?..


* * *
Зноў тое самае
і зноўку за сваё
стаміўся дух лунаць
між хмар крылата
ня ведаю
Хрыстос
мо дзе і ёсьць
куды ж ня глянь – паўсюль адны Пілаты.


Покуль ляцім…


Сьпяшайма жыць!
Міхасю Скоблу

Па дарозе з Гомеля на Менск
у лісьцёвым залатым тунэлі
хуткасьць набывае новы сэнс,
нібы штрых на сьвежай акварэлі.
Восень, што скалела ад вятроў,
восень, што азябла ад туманаў,
просіцца ў нагрэтае аўто,
нібы прыдарожная путанна...
Восень пашкадуем -- так і быць,
бо і самі сёньня -- пілігрымы.
Між аблок стралой анёл ляціць,--
ледзьве пасьпявае за машынай...


Мова
Выплачу вочы ў снах.
Высушу крыўдай сьлёзы.
Мова мая -- сасна
паміж Нямкамі й Гомлем.
Прыйдзе паэт-юнак
і без якой прычыны
з сэрца яе няўзнак
стане шчапаць лучыну.
Потым сівы скрыпач
скрыпку з душы дастане,
ды заіграе так --
вусьцішна ў сьвеце стане.
Ну а сьляпы сьвятар
сьвечку з крыві - жывіцы
ставіцьме на алтар,
каб на сьвятло маліцца.
Як пералётны птах,
шлях на Радзіму помню,--
покуль шуміць сасна
паміж Нямкамі й Гомлем.


Прарок
Ці быў прарок
у тых, каго няма...
Калі і быў--
даўно пасьпеў зьнябыцца.
Бажок тутэйшы
з зорнага сяйва,
нібы з латка,
гандлюе Мілавіцай.
Няма Народа
і мяне няма...
Над пляцам Волі
ў свастыку з сярпа
спрабуе маладзік
перарадзіцца.


Прыцягненьне
Я -- серабро. Ты -- золата. Павек
не паяднаць нам нашыя стыхіі.
Як срэбра Беларусі -- сьлёзы рэк
з крывёй чачэнскай -- золатам Расіі.
Я -- серабро. Ты -- золата. Наноў
не пераплавіць лёсаў нам ніколі.
Мой срэбны боль -- з імперскіх кайданоў,
твой -- залаты, ён выкаваны з Волі.
Я -- серабро. Ты -- золата. Чаму ж
між намі незямное прыцягненьне...
Такое -- як кахае жонку муж,
бы месяц сонца -- да жыцьцязацьменьня.


Азаімія
Прылягуць вятры
між азяблых аблок,
а за імі й я прылягу...
Азаімія --
заінелы радок,
што з завейнага вынік ранку.
Азаімія --
сноў зазіміны.
Азаімія --
сьнегасьпеў.
Азаімія --
даль задымлена
і зазімлена неўспадзеў.
Прачнуцца вятры
і зьдзівяцца,
а за імі й я -- усьлед.
Азаімія --
песьня зімняя,
мной прыдуманы вершасьвет.


Нанач
Прыкшчуся нанач
да шэптам вымаўленага
слова Радзіма,
што ў Бога вымалена...
Што ў злачасіну
было затулена --
крылом Страціма,
душой матулінай.


Жыцьцё і Сьмерць
Сьмерць за Жыцьцём штодзень
блукае неадступна, --
як надакучны цень,
як неадольны смутак.
Жыцьцё на Сьмерць глядзець
стамілася ў маркоце...
Жыцьцё -- мацней за Сьмерць,
І Сьмерць за гэта помсьціць.


Дзьве душы
Мне прысьніліся сягоньня дзьве душы.
Дзьве душы было ў маёй матулі...
Ў тагасьветнай вусьцішнай цішы
дзьве душы перабіралі бульбу.
-- Мама, -- да старэйшай падышоў
і пацалаваў яе у скрусе.
--Як жа позна я цябе знайшоў,
колькі ж цябе плакаць я прымусіў...
-- Мама маладая, не крыўдуй,
што старую маму абдымаю,--
мне так сіратліва аднаму
на самотным беразе адчаю…
Мне прысьніліся сягоньня дзьве душы,
дзьве душы маёй матулі роднай...
Перабранай бульбы -- два кашы,
а на яве мамы -- аніводнай.


Настрой
Колькі велічы ў слове Радзіма!
Колькі гонару ў слове Род!
Як жабрак, што асьлеп вачыма,
прыблукаю у свой народ.
Пілігрымам, прыблудным сынам
узыду на сьвяты парог,
і нарэшце вярыгі ськіну
і з душы, і з бадзяжных ног.


Закахацца
Закахацца, як -- у пятнаццаць,
не зважаючы на узрост!
І да раніцы цалавацца,
з салаўём разьдзяліўшы плёс.
Закахацца, бы ў неба ўзьняцца,
Млечным шляхам блукаць між зор.
І да раніцы абдымацца,
як з натуршчыцай Сальвадор...
Закахацца, як у юнацтве,
я наўрад ці ужо змагу...
Бо каханьне лічу за працу,
а калісьці лічыў за цуд!


Нічога
Паміж намі нічога няма.
Ні каханьня, ні здрады -- нічога.
І завея -- як цень ад крыла
херувіма -- пасланьніка Бога.
Ён у нашыя сны заляцеў
і прымусіў паверыць дазваньня,
што як хваля на ціхай вадзе,
узьнікае з нічога Каханьне.


Здрада
Вясновы настрой --яснасловы.
Знаёмку ў кавярні сустрэў...
І нейкі матыў выпадковы
у сэрца няўзнак заляцеў.
Ліліся, як музыка, словы,
ды вось жа знаёмку сустрэў,
і стала падобным на ловы
жыцьцё з пачуцьцём напавер.
На ноце узьнёсла-фальшывай
загнаная ў пастку душа
спаймала сябе і зламіла
у сэрцы стралу ледзяша...


Жарсьць
Мой грэх сьмяротны -- гэта ты.
Я так кахаў цябе аддана --
да першароднай яснаты
на дне сьвітальнага тумана.
Мой грэх сьмяротны -- гэта ты.
Я так хацеў цябе бязбожна,--
як хоча грэшніцу сьвяты
сьхіліць на праведнае ложа...


Жанчына
Жанчына -- сасуд бяз дна...
Дакладней -- Сусьвет сусьветаў.
Сам Бог у яго віна
наліў, каб натхняць паэтаў.
Заблудзяцца ночы ў днях
у пошуках апахмелкі...
Жанчына -- сасуд бяз дна
для тых , хто душой нямелкі.
Камусьці -- фрагмент рабра,
узноўлены клон Адама...
А мне -- акіян сьвятла --
Каханая, Муза, Мама.


Рай
Райскае дрэва
вецер гайдаў...
Ты -- мая Ева.
Я -- твой Адам.
Хто нас спакусіў --
цяжка сказаць.
Зьмей нам ня схлусіў --
шчасьце кахаць.


Каханьне
Натальлі

Сем тысяч начэй -
я спаў ля тваіх вачэй.
Сем тысяч начэй -
я дыхаў тваім дыханьнем.
Сем тысяч начэй -
нам месяц сьвяціў ярчэй...
Сем тысяч начэй -
Каханьня.


Не аддам…
Чужога шчасьця мне ня трэба.
З мяне хапае і свайго…
Ў тваіх вачах начуе неба,
а ў небе тым гасьцюе Бог.
Каханьня Бог у родным небе,
Ён лучыць нас на зло гадам.
Чужога шчасьця мне ня трэба,
але й свайго я не аддам!..


Матылёк
Твая душа - як матылёк, --
трымціць у сне перадсьвітальным.
Баюся дыхаць - каб пылок
не зьдзьмуць з павекаў -
крыл астральных...


Бессань
Нібы прарвала высі --
ноч барабаніць дождж.
Бессань душу капрызіць.
Гострыць самота нож...
Ды беспрытульны вецер
форткі зьвініць крылом --
згадкаю, што ў Сусьвеце
ёсьць твой сапраўдны дом.


Прадвесьне
Калі адчую, што высьпеў вецер
у весьнім небе для першагрома, --
зноў заначую з Каханай-песьняй
і прытулюся душой да Слова.
І сон з пакоя зьбяжыць упрочкі,
і будуць зябка аб шыбу біцца
радкі-падлёткі насупраць ночы,
каб ранкам вершам у высі ўзьвіцца!


Натхненьне
Як цеціва, страла і лук,
як з ноты вызвалены гук,
як палімпсеста тайнадрук,
як варажба цыганскіх рук,
як аральля і гостры плуг,
як жырандоля і жаўрук --
Натхненьне.


Класіка
-- Мой родны ліфт, як ты мне мілы...--
шапчу, вярнуўшыся з дарог.
Паэтам дадзеныя крылы,
іх выбірае з лепшых Бог.
У неба месячных падстрэшках,
як вераб'і, анёлы сьпяць...
Пакуль паэты пішуць вершы --
паэтам дадзена лятаць!


Сон
Хлопчык, што бяжыць па вадзе,
часта ў снах зьяўляецца мне.
Не ўсьвядомлю ў сьне я ніяк --
як ён гэта робіць, дзівак.
Пырскамі вясёлкавы дым
вырастае сьледам за ім.
І куды ён столькі гадоў
па рацэ бяжыць маіх сноў?..


Покуль ляцім…
І. І. Думанскай

Хтосьці вып 'е з нас келіх поўны,
хтось -- палову, як дасьць Гасподзь...
Пад нябёсаузьнёслым Словам
не жагнаюцца мімаходзь.
Тое Слова было ў Максіма --
як заклён, як сьвяты зарок.
Каб мы ў сэрцах сваіх насілі,
бы ружанец -- яго "Вянок".
Каб забылі пра звадкі-спрэчкі,
а пагляды зьліліся ў сінь,
дзе Страцім вартавацьме вечнасьць,--
покуль мы да яго ляцім...


Непрычалены човен
Ліс, што мкнецца па сьледзе.
Кроў, што б’ецца у скронь.
Непрыручаны вецер.
Нехрышчоны агонь.
Поўні жоўтая сьвечка.
Дух заюшаны ў комін.
Незавершаны вечар.
Непрычалены човен.


Дом
З яснага неба гром –
позьняе адкрыцьцё:
Мама – мой першы дом,
хлеб мой, вада, жыцьцё.
Колькі пасьля было
розных кутоў, хацін, --
толькі – найродны той –
матчын – з усіх адзін.
Сэрца спаліў крыжом,
ды адмаліць ня змог…
Маму – мой першы дом --
сёньня пільнуе Бог.


Турма
А труна -- для душы турма...
А яшчэ ёсьць -- труна-Айчына.
Для народа свайго -- турма,
калектыўная дамавіна.
Пачарнела душа, як ноч,
ёсьць на тое ў душы прычына --
за сьлязамі ня стала воч,
каб глядзець на труну-Айчыну.
А ў турме не жыцьцё -- рэжым.
А ў труне не быцьцё -- гніеньне.
А ў душы -- пачарнелы дым,
а ў народа ў грудзёх -- каменьне...
Не Анёл уструбіў у рог, --
уструбіла у рог Сумненьне:
а ці ёсьць у нябёсах Бог? --
Бог-суддзя -- ад турмы збавеньне...


Асеньняе
У вырай буслы чарадою
па небе адвечным плывуць.
Зноў восень стралой залатою
спрабуе мне сэрца пратнуць...
Паходнямі -- клёны на ўзгорках
губляюць сьвятлынь у траву...
І радасна сэрцу і горка,
і крыху балюча яму.


Пакрыёма
Выхаплю сон з небыцьця
і з асалодай нязнанай
вуду старую жыцьця
стану надточваць падманам...
Каб пакрыёма злавіць
тое, што ў яве ня стрэціў:
сорам -- распусна любіць,
шчасьце -- бяз страху памерці.


Словы
З высокай цалі
мне словы ўпалі:
“Нябёсы -- Радзіма ветру”...
Пакуль нізаў я радка каралі,--
скразьняк зварухнуў паветра...
З сусьветнай далі
мне словы слалі:
“Нябёсы -- Радзіма птушак”...
Пакуль нізаў я радка каралі,--
з’явілася рыфма -- суша.
Пакуль вы спалі, --
мне словы далі:
“Нябёсы -- Радзіма душаў”...


Анёл-Страцім
Мне прысьніўся Максім Багдановіч --
беларускі Анёл-Страцім
у біблейскім вянку цярновым,
у пражылках густых крыві...
Мовіў ён, і паўночны вецер
яго словы між хмар разьнёс:
--Ні на тым , ні на гэтым сьвеце
не лічыце валошак-сьлёз,
не чытайце чужыя пісьмы,
не давайце сьвятыні псам...
І растаў у нябеснай высі,
там, дзе зьніклі сьляды Хрыста.


Як вярнуць?..
Я забыў, як маліцца Слову…
Для паэта ж маўчаньне – грэх.
І Гасподзь над душой ахову
адазваў да нябесных стрэх.
І зрабіўся мне сьвет нямілым,
нібы д’яблу прадаў душу.
Прамяняў на машыну – крылы,
Млечны шлях – на зьмяю-шашу.
Як успомніць з малітвы cловы?
Як набыць адабраны рай?
Як вярнуць над душой ахову,
крылам – згублены небакрай?..


Балада пра Чорнае ляда
На чорнае ляда ня ходзяць касцы,
няма тут птушыных гнёздаў.
Праклятае месца за тры вярсты
дарогі вакол абходзяць...
Балота, як вока, сярод яго
з чорнай, як ноч, вадою.
Калі апусьціць у ваду багор --
багор, як тапор, патоне.
Калісьці, казалі, тут жыў бірук --
вядун, чарнакніжнік Посах.
Глядзеў, бы ў люстэрка, вядун у ваду --
прадказваць умеў лёсы.
Умеў замаўляць і ўмеў намаўляць...
Умеў, як казаў нехта, --
над чорнай дрыгвою пад поўняй блукаць --
хадзіць па вадзе пехам.
Такая за Посахам слава йшла,
а ён не любіў славы.
Ручнога у хаце трымаў вужа,
што ў поўні любіў плаваць...
Аднойчы да Посаха князь малады
прыехаў з сябрынай п’янай.
--Ты, Посах?
--Так.--Уладар вады?
Прайдзі пасярод багны!
--Прайду, калі князь не збаіцца сам
за мною пайсьці сьледам.
І крок зрабіў, і на хвалю стаў --
патух пад нагой ветах...
Ні князя, ні хмельных сяброў яго
з той ночы ніхто ня бачыў,
і Посах зьнік -- як у вір багор, --
стаў Духам вады няйначай.
За часам і хата ў дрыгву ўрасла --
тырчыць з-пад імха комін...
Ды зрэдзь на вадзе залатога вужа
паблытае хтось з поўняй.


Балада сустрэчы з Купалам
А хто там ідзе?
Янка Купала
Па лістоце апалай
дождж сьляпы церусіў.
Я прыйшоў да Купалы --
дараваньня прасіць.
Дараваньня за тое,
што дагэтуль адказ
на пытаньне сьвятое --
рытарычны аванс.
Бо няма Беларусаў --
колькі іх не шукай,
тых, хто пойдзе хаўрусам
бараніць родны Край
ад ганебнага змусу,
ад чужога ярма...
Нас няма, беларусы!
Не было і няма!
У правалінах твару,
там, дзе вочы цьвілі, --
спахмурнелыя хмары
задуменна плылі.
Воч ня стала ў Купалы
ці ня хоча глядзець
на нашчадкаў-вандалаў --
тых, хто сёньня ідзе...
Па лістоце апалай
дождж асьлеплы блукаў...
Я прыйшоў да Купалы --
ён мяне не чакаў.


Балада праклёну
“Каб ты спрах без радзіны!” --
гэткі страшны праклён --
для прадаўцаў Радзімы,
для іуд-халуёў...
Прадаюцца заводы, --
ўсё, што льецца і п’ецца...
Памяць, Воля народа --
не прадаецца.
Трактары, самаходы, --
ўсё, што б’ецца і гнецца.
Песня, Мова народа --
не прадаецца.
Дрэвы рознай пароды, --
ўсё, што косіцца, жнецца.
Гонар, Годнасць народа --
не прадаецца.
Купяць нават Чарнобыль --
знойдуць чым заплаціць...
Сьлёзы, гора народа --
не прадаць, не купіць.
Не спрабуй -- не здалееш,
як мазгі не кукож, --
цэньнік свой не наклееш
на Дняпро і на Сож.
На крыжы нашай веры,
што ў глыбінях нябёс, --
не прычэпіш паперу --
“Прадаецца пад знос...”
Як з Бажніцы -- ікону,
як з магілы -- труну, --
так табе без праклёну --
не прадаць Беларусь...
Сам запомні і сыну, --
каб ня стаў халуём --
“Каб ты спрах без Радзімы!” --
перадай мой праклён.


Балада пра Краіну-мару
Мы, беларусы, -- заўжды гатовы
снапамі класьці свае галовы.
Было спакон так і гэтак будзе --
такі народ мы, такія людзі.
Наш час спыніўся між дзьвюх Нямігаў,
дзе кроў і сёньня стаіць па грудзі...
Мы, беларусы, народ ад ліха,
ад Бога -- толькі сьвятыя людзі.
Яны былі ў нас, былі і будуць --
Рагнеда, Янка, Максім, Ларыса...
Мы, беларусы, -- народ аблудлы --
сваёй радзінай не ганарымся.
У нашых душах гуляе вецер...
Каму мы служым? Чые мы дзеці?
На храмах нашых маўчаць званіцы.
Нямая вера -- як нам маліцца?
Як дараваньня прасіць у Бога,
каб Ён вярнуў нам сябе самога.
Хрыстос калісьці хадзіў між намі...
Мы, беларусы, -- Яго прагналі.
З нас, беларусаў, яшчэ спытаюць --
за лёс Страціма, за сімвал Краю.
Чаму у сэрцы з такім адчаем
нас б'е Пагоня -- сячэ мячамі...


Мо Беларусы, мы -- янычары?
Чацьвёрты кожны з нас стаў зямлёю...
Чарнобыль чыніць над намі кару,
Мы, беларусы, сваёй крывёю
сабе здабудзем Краіну-мару.
Краіну-мару, дзе мы ўваскрэсьнем --
як сонца з хмары, як мова -- з песьні.
Краіну-мару сабе здабудзем
мы, Беларусы. Мы -- ёсьць! Мы -- будзем!


Заміж эпітафіі
Калі памру,
сябры наўсьлед спытаюць:
-- Куды, паэце, крочыцьмеш у скрусе?
-- І рад бы ў рай – анёлы не пускаюць.
Мілей, чым рай – мне пекла Беларусі.

Оглавление

  • Эдуард Акулiн НЕПРЫЧАЛЕНЫ ЧОВЕН
  • Зрэбнае рэха
  • З чужога неба (Пераклады)
  •   З літоўскай
  •   З украінскай
  • Покуль ляцім…