Чамяры і чамяроўцы [Сяргей Чыгрын] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Сяргей Чыгрын ЧАМЯРЫ І ЧАМЯРОЎЦЫ


Гісторыка-краязнаўчы нарыс


Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, Чамяры і чамяроўцы. Гісторыка-краязнаўчы нарыс, — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006.


Copyright © 2015 by Kamunikat.org


Чамяры


Дзе Валобрынка ледзь льецца,
Шчары поўнячы віры,
Басаногае маленства
Выняньчылі Чамяры.
Вёска гэта, як ні дзіўна,
Наймавернаю цаной
Вырасціла для радзімы
Вартых пахвалы сыноў.
Генералаў і вучоных,
Што праходзяць праз гады
І са славай заручоны
На радзіме назаўжды.
Журналістаў і паэтаў,
Што шануюць радавод
І ўслаўляюць вёску гэту
На працягу многіх год…

Мікола Аўрамчык


Ад аўтара


Гэта быў анекдот, а можа і быль. Дзесьці ў 70-х гадах мінулага стагоддзя прыехалі калгаснікі на сельскагаспадарчую выставу ў Маскву. Іх там шчыра сустрэлі і пасялілі ў гасцініцу па чатыры чалавекі ў нумар. У гасцініцу ўладкавалі і чамяроўца. Сталі знаёміцца. Адзін мужык кажа, што ён прыехаў на выставу з Кіева, другі — з Курска, трэці — з Новасібірска. “А вы скуль?”, — пытаюцца яны ў майго земляка. “А я — з Чамяроў!” — адказаў той. Усе пераглянуліся і з усмешкамі прамовілі: “А-а-а-а!”.

Успомніў я гэта і тады, калі ўпершыню пазнаёміўся з народным пісьменнікам Беларусі Іванам Чыгрынавым у 1981 годзе. Ён яшчэ не быў народным, але ўжо даволі вядомым літаратарам. Я вучыўся на першым курсе Белдзяржуніверсітэта. Неяк аднойчы пайшоў з аднакурснікамі на вечарыну ў Дом літаратара. Там я асмеліўся і падышоў да Івана Гаўрылавіча. “Ведаю, ведаю пра цябе, Сяргей. Але, дзе ты такое прозвішча ўкраў?”, — запытаўся пісьменнік. “Як дзе?! На Слонімшчыне!”, — адказаў яму здзіўлена, бо не чакаў, што з гэтага пачнецца наша знаёмства. “Мусіць ты з Чамяроў?!”, — зноў запытаўся Іван Гаўрылавіч. “Ды не, я — з суседняй вёскі”, — тлумачу яму. “А якая розніца, усе роўна ўсе Чыгрыны з Чамяроў”, — адказаў пісьменнік.

Мусіць тады Іван Чыгрынаў меў рацыю. Бо Чыгрыны, Бурсевічы і Міско — усе з Чамяроў, адсюль і пачынаюцца гэтыя прозвішчы. Многія чамяроўцы з такімі прозвішчамі ў ХХ стагоддзі праславілі на ўвесь свет не толькі свае Чамяры, але і Беларусь. Але пра гэта ўсё папарадку.


З гісторыі вёскі


Калі ехаць з Баранавіч на Беласток, то адразу пры шашы за Слонімам раскінулася вёска Чамяры. Яшчэ ў 1905 годзе ў ёй пражывалі 800 жыхароў, а цяпер — напалавіну менш (на 1 студзеня 2003 года — 197 двароў, 419 жыхароў). Тады вёска складалася з хутароў. І каб сёння ўсе іх абыйсці са старэйшым чамяроўцам-экскурсаводам, які расказаў бы пра лёс жыхароў кожнага хутара, не хапіла б і цэлага тыдня.

Паводле народнай легенды, яшчэ ў XIV стагоддзі ў даліне ракі Валобрынка пасялілася 17 сем’яў з урочышча Падоськавічы. З Падоськавіч яны ўцяклі ад эпідэміі чумы, якая там успыхнула ( у народзе гэтую хваробу на Слонімшчыне называлі чамер). Нават у сварцы можна было пачуць: “Ах, каб цябе чамер пабраў!”. [1]

Паводле іншай легенды, назва вёскі Чамяры паходзіць ад расліны чамярыцы, якой тады шмат расло ў пойме ракі Валобрынкі.

Вёска Чамяры знаходзіцца на шляху з Захаду на Усход. Усе войны, якія праходзілі праз Беларусь, не міналі Чамяроў. Нават сёння адзін з пагоркаў за вёскаю мясцовыя жыхары называюць Шведскаю гарою. У час Паўночнай вайны ў 1700-1721гадах тут шмат загінула шведаў. А тры іншых пагоркі, па словах чамяроўцаў, гэта брацкія магілы французскіх салдат і афіцэраў 1812 года. Праходзілі праз Чамяры яшчэ і нямецкія, і польскія, і рускія “вызваліцелі”. Ад іх толькі гінулі людзі, знішчаліся вясковыя хаты, сады, агароды, лес. Але Чамяры і чамяроўцы не скарыліся, выстаялі, перамаглі, адужалі шматвякавое гора і бяду.

У 1550 годзе вёска Чамяры (Чамяровічы, Чэмяровічы, Чамеры) ўпамінаецца як дзяржаўная ўласнасць у Слонімскім старосце Вялікага Княства Літоўскага. З 1594 года Чамяры становяцца цэнтрам войтаўства Слонімскага староства. Праўда, з XVII стагоддзя войтаўства знаходзілася на чыншавым становішчы, аднак землеўладальнікі рабілі спробу перавесці сялян у разрад цяглавых, патрабуючы ад іх выканання паншчыны, што выклікала з боку вяскоўцаў супраціўленне. На працягу 1660-1690-х гадоў сяляне адмаўляліся выконваць павіннасці і дабіліся магчымасці плаціць толькі грашовы чынш. У 1679 годзе чыншавае становішча вёскі было пацверджана нават каралём: “Хотя король издал упомянутый декрет, это нисколько не мешало его канцелярии выдавать тем же крестьянам Слонимского староства подтверждения и новые грамоты на замену отработочных повинностей чиншем и др. В 1679 году, например, с.Соколово было выдано подтверждение пожалованной ему королём грамоты на голый чинш. Такие же подтверждения получили