Прошча [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Уладзімір Някляеў Прошча


© Камунікат.org


Прошча

Вершы


РАДОК
Намацваць рух радка, які у зачыне,
Як шыць туман ці аблачыну ткаць...
I ўсё ж пачаць - хоць напачатку знаць,
Што слоў, напісаных на аблачыне,
Ніколі і нікому не чытаць.



ДЫМ
Як дым -
зямное на зямлі;
Як тым, што і да нас жылі,
I будуць жыць пасля.
У спраты прыбярэ зямля
Наш боль, што высахне асотам,
Адчай, што згоркне палыном
I зорным змелецца млыном.
I ўсё. I тое ж будзе потым,
Як і раней, як перад тым:
Адчай і боль з крывёй і потам, -
як дым.



АГОНЬ
Спапяліўшы былое ў былым,
Стаўшы ценямі,
зданямі,
снамі,
Мы сабе ўспамінаемся самі,
Як агню ўспамінаецца дым.



КАМЕНЬ
У камень увайсці - i ў камяні
Агонь раскласці, сесці пры агні,
Да дыму прываліўшыся спіной,-
I жыць, як за каменнаю сцяной.



НАСЦЕЖ
Зрэшты, жыцце як жыцце.
Варта было нарадзіцца.
Падае светла лісцё.
Ціха крыніца бруіцца.
Сінія градзіны сліў,
Ветразь на чоўне рыбачым,-
Хто не народжаны быў,
Той аніколі не ўбачыць.
Радуйся! Зорныя дзверцы
Насцеж - табе аднаму.
Зрэшты, не страшна памерці.
Незразумела, чаму.


БРЫТВА
Прыгнечанасць часу, разгубленасць часу і страх -
Нібыта ў сяброўскіх,
нібыта ў варожых вачах.
На ранку галюся. Баюся. Прад люстрам стаю -
Разгубленасць мрою,
прыгнечанасць трызню сваю.
Час тахкае ў скроні.
Над бітваю дыбіцца бітва.
Цяжэе ў далоні
Вайсковая бацькава брытва.
Шалею ад болю. Не трэшчына ў часе - разлом.
Кроў кліча на волю...
Упоперак горла - лязом.



ЗВЕР
Помні ўсіх - i нікога не помні.
Ідучы ў нікуды,
Толькі ты, што праходзіш па полі,
Засяваеш сляды.
Знай пра ўсё - і нічога не ведай.
Ідучы наўздагад,
Толькі ты, што праходзіш без следу,
Не павернеш назад.
Пасярод мітусні і зняверу,
Між бязладдзя ўсяго
Ты адзін усміхаешся зверу
За самога яго.



ВОЛЯ
Здабыў я ўрэшце волю на зямлі.
Сябры былі.
Каханыя былі.
Іх стала меней.
Адзіноты - болей...
I гэта ўсё, бадай, што я займеў ад волі.



ЛЕБЕДЗЬ
У горадзе, што спрэс спавіты дротам,
Сляпая, ад сцяны і да сцяны,
Да адзіноты мкнецца адзінота
I набывае голас драцяны.
Яна крычыць, як металічны лебедзь!..
Таварышу званю, кажу: "Як-небудзь
Спаткаемся...".
I кажа ён: "Звані",-
З уласнай адзінотай дзень пры дні.
I пуста так - як вецер дзьме трубою...
Сваю бяду рукамі развяду
I сам сябе спытаю: "Што з табою?".
Плячом пацепну.
Трубку пакладу.



СТАН
Як прывіды,
як сны пра сны,
як здані
Душу маю
пакінулі жаданні.
Як пры пажары выбягаюць з дому,
Яны з мяне - натоўпам! прэч!
Нікому
Казаць пра тое нельга - я кажу:
Нібы жабрак абкрадзены, дрыжу
Сярод руін на шэрым папялішчы,
Дзе ў коміне сіроцкі вецер свішча
I гоніць, круціць попел, сажу, дым...
З усімі так?..
Ці так са мной адным?..



"ЗІМОВЫЯ МРОІ"
Надпіс на карціне А.МАРАЧКІНА
Гэта жыццё - быццам жыць я не ўмею:
Злое, крывое.
Разбагацею - куплю ў Аляксея
Зімовыя мроі.
Іх