Вершнікі на дарозе [Маргарыта Латышкевіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ


ВЕРШНІКІ НА ДАРОЗЕ


Словы — рэч ненадзейная. Здрадлівая. Імёны тыя ж, скажам. Вось для прыкладу, называюць мяне — Косткасей. Рассяваю, значыцца, косткі на ратным полі. Злавіць бы аднаго з тых, што ўкладаюць песні на кожны стук-грук, дакладней, таго калматага вечна п'янага гарлапана, які першым гэта прыдумаў, то яму гэтыя самыя косткі як след пералічыў бы.

Зрэшты, усё можна выкарыстаць на сваю карысць. Імя — таксама, нават калі не дужа падабаецца. Княжыя майстры колісь выкавалі мне неблагі чэрнены панцыр, на якім срэбрам выведзены малюнак — хрыбет ды рэбры. І забрала ў шалома адмысловае — быццам чэрап. У чалавечых сыноў зазвычай пачынаюць падступна дрыжаць каленкі яшчэ да таго, як нябогам даводзіцца скрыжаваць са мною меч.


Гэты не дрыжаў.

Зялёны саплівец, у якога і барада яшчэ не пачынала расці, змрочна глядзеў на мяне спадылба. Зброю — кароткі меч і драўляны шчыт — у руках трымаў няўпэўнена, быццам не звык да яе. Багаты плашч, падбіты лісіным футрам, і раззалочаная смешная кальчужка, і самавіты пояс, упрыгожаны самацветамі, ды нават самая манера капрызліва падціскаць па-дзявочы пульхныя вусны — усё выдавала ў ім разбэшчанага дзіцёнка багатага валадара людзей. Праўда, герб, груба намаляваны на шчыце, — нацягнуты лук і тры стралы — мне ні пра што не сказаў, але я ніколі не цікавіўся чалавечай геральдыкай.

Пад ветрам павольна гайдаліся духмяныя хвалі верасоў — белыя, ліловыя і амаль чорныя. Салодкі мядовы водар ленавата плыў над выгнутымі спінамі курганоў, над нагрэтымі за дзень стаячымі камянямі з выбітымі ў іх закляццямі. Белыя пышна ўзбітыя аблокі патроху наліваліся золатам і барвай: сонца паступова скочвалася за змрочныя вершаліны спрадвечнай Пушчы, якія адсюль падаваліся цёмным грабеньчыкам на даляглядзе.


Дзень быў спякотны, таму трохі ленаваты і сонны, таму цягнуўся доўга, як кроплі смалы па лусцэ кары. Я прысеў адпачыць, прысланіўшыся спінаю да аднаго з зачараваных камянёў, і глядзеў, як над стужкаю дарогі, над ракою і бярозавым гаем, кранутым восеньскай пазалотай, кружыць самотны крумкач. Калматы Стаўры прылёг побач, вываліўшы ружовы язык і паўпрыкрыўшы залатыя вочы. Я павольна перабіраў шэрую поўсць на ягонай спіне, пакуль Стаўры не падхапіўся, з трывогаю ўтаропіўшыся ў кропку на дарозе. Кропка хутка расла і стала вершнікам на белым кані.

Я колькі хвілін спадзяваўся, што яму хопіць розуму павярнуць да бяроз або да ракі. Чалавечыя сыны ведаюць, што Курганова Поле, ды ваколіца, ды Пушча — адвечна наша зямля, і нават падчас войнаў не сунуцца сюды. Цяпер быў дрыготкі няўстойлівы мір, калі мясцовыя валадары ў большасці распаўзліся па сваіх кутах і залізвалі раны.

Але ён не павярнуў.

Хлопчык не мог не ведаць, куды прыйшоў. Мы заўжды папярэджваем. Ставім ахоўныя знакі. Паабапал гэтай сцежкі ў густую траву ўторкнутыя два пачарнелыя ад часу кап'і з конскімі чарапамі на іх — пазнакі мяжы, уваходу ў наш край.

Так, ён выдатна ведаў, куды ішоў. Гэта было відавочна нават па тым, як ён спешыўся, як пайшоў, трымаючы руку на дзяржальне мяча. Заўважыць мяне ён не мог: кожны камень тут спавіты моцнымі старажытнымі чарамі, якія, калі патрэбна, надзейна хаваюць ад смяротных вачэй.

Я нетаропка выпрастаўся. Стаўры глуха забурчаў, ашчэрыўшы вострыя белыя іклы, і хлоп­чык, пачуўшы звярыны рык, на імгненне прыпыніўся, пракаўтнуў камяк у горле. Але рушыў наперад, аслізваючыся і блытаючыся ў густых і высокіх травах. Тут, каля зачараваных камянёў, усё процістаяла яму: і зблытаныя травы, і зямля, што зрабілася слізкай ды гразкай, і нават паветра, што заўважна згусцілася над ім. Ён задыхаўся, выбіваўся з сіл, абліваўся потам, раз-пораз спатыкаўся, рызыкуючы паваліцца, але, сцяўшы зубы, упарта працягваў ісці. І гэтаксама ўпарта не заўважаў, што безнадзейна застаецца на месцы, не пасоўваецца наперад ані на крок. А можа, чары і тут адводзілі яму вочы.

— Стой, чалавечы сын, — сказаў я, спускаючыся трохі ніжэй па схіле кургана. Хлопчык застыў, крута павярнуўся на мой голас — і нарэшце пабачыў. Змрочна звёў светлыя бровы і сціснуў дзяржальна так моцна, што ажно пабялелі пальцы.

Пахла ад яго так, як звычайна пахне ад людзей. Хлебам, потам, дарожным пылам. Ад тых, што бачаць мяне збройным ды конным, яшчэ зазвычай паскудна нясе жахам.

Гэты таксама баяўся — і заганяў сваю боязь глыбока, намагаючыся аніяк не паказваць. Баяўся нават і не мяне, бо мой шалом-чэрап я, адпачываючы, зняў і пакінуў каля руннага каменя. Ён баяўся самога гэтага месца. Чуў, вядома, тое, што шэптам пераказваюць каля іхніх ачагоў з зыркім агнём.

Абрыўкі гэтых баек даводзілася чуць і мне, калі па княжым загадзе бываў між людзей. Маўляў, тут жывуць пачвары, што насылаюць хваробы і неўраджаі, крадуць немаўлят і