Чаравікі маленства [Ірына Багдановіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Ірына Багдановіч ЧАРАВІКІ МАЛЕНСТВА

Падрыхтаванае на падставе: Ірына Багдановіч, Чаравікі маленства. Вершы, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1985. — 62 с. — (Першая кніга паэта).

Рэдактар: P. I. Барадулін


Copyright © 2015 by Kamunikat.org

АБРАЗ ДАЛЁКАГА МАЛЕНСТВА...

* * *

Жыццё пытае, што зрабіла я,
Каб больш высокай столь была
У доме
Нашчадкаў,
Урадзіла каб ралля
I дабрыня расправіла далоні
Над лесам,
Над бацькоўскай стараной,
Над чалавецтвам —
Цёплай зоркай зіхатлівай.
Калі, зямля, ты выдыхнула мной,
Дай моцы мне зрабіць дябе шчаслівай.
Да нечага рыхтуемся штодня.
На вастрыні жыццёвых скрух сумленне.
Чыя віна, ці ў чым мая віна
За позняе равеснікаў сталенне?
Так, да свядомай сталасці ідзём
Павольна за бацькоўскімі плячыма
I верым шчыра ў плён наступных дзён,
A сённяшні растрачваем, магчыма...

ЗГАДКА

Хто гэтая дзяўчынка,
Што мячык падкідае,—
Сукенка аблачынкай,
З падскокамі сандалі?
На лесвіцы ўспамінаў
Яна на самым версе:
Чырвона ад маліны,
Што назбіралі ў лесе,
Салодка ад усмешак.
Яшчэ далёка восень.
А час хаду прыспешваў,
Трывожны гул даносіў.
Сукенка аблачынкай,
З падскокамі сандалі...
На правільнасць учынкі
Пазней мы правяралі.

* * *

Сярод лістоты i травы —
Абраз далёкага маленства,
Маё (з нацяжкай) падабенства,
Учынкаў строгі вартавы.
Глядзіць дапытліва ў душу:
На стому, роспач, закавыкі,
I ў позірк, як у варажбу,
Ён сэнс закладвае вялікі.

РОДНЫ ДОМ

Кожнаму з нас патрэбна
Маленькая, ціхая гавань,
Дзе не мяняюць на срэбра
Hi ганьбу тваю, ні славу.
Дзе ты жаданы i родны
У сонечных промнях ці ў брудзе,
У старых лахманах ці модны —
Усякі прыгожы будзеш.
Заўжды там цябе чакае
Гарачай гарбаты кубак;
Там цені няўдач знікаюць
I робіцца светлым смутак.
Адтуль, спакоем спавіты,
Надзею возьмеш, як ветразь.
Прыйшоў ты слабы i разбіты,
А пойдзеш — моцны i з верай.

СТАРЫЯ СТАГІ

Памяць скідае стог успамінаў
За слядамі былой мітусні.
Высыхаюць, нібыта травіны,
Незваротныя, тлумныя дні.
I на скошаны луг не вярнуцца,
Хоць бываюць хвіліны тугі,
Калі думкі ў былое памкнуцца,
Разварушаць стагі.

ЧАРАВІКІ МАЛЕНСТВА

Месяц сны нясе ў кошыку,
Нібы цуды чараўнік,
Раздае ўсім...
Раскоша:
Сніцца мне чаравік!
Серабрыстай павуцінкай
Шнуровачка-стужка,
Я на веснічках дзяўчынка,
Я на балі Папялушка...
Сняцца сёння чаравікі —
Пойдзеш заўтра ў свет вялікі.
Чаравік — шапатнічак,
Размоўнічак
З брукам, з крывулямі-сцежкамі.
Ён спыняўся каля крынічак,
Ён ступаў не слядамі —
Вершамі.
Зоркі ў полі збіраў —
Рамоначкі.
Сніла-сніла:
Чаравікі, шнуровачка...
Прычакала акно маё золачак.
Сонца сны ў жменю сабрала,
Быццам князёўна каралі.
Бабуля прыйшла i з усмешкай сказала:
Купіла табе сандалі...

ЛЯЛЬКА

Лялька старая стала,
Лялькі старэюць рана.
Дзяўчынка яе схавала
Ад кпінаў сяброў старанна.
Дзіцячыя сны знікалі,
I ручкі тыя, што міла
Ляльку калісь апраналі,
Кніжку мацней прытулілі.
Свет адкрываўся новы:
Заблытаны i бяздонны.
I спелі на вуснах словы,
Каб свету не быць бязмоўным.
Ды ў смутку ішла ў куточак,
Дзе лялька яе сядзела,
Шаптаць: «Маляваныя вочы,
Няўжо вам усё зразумела?..»

* * *

Свой час мы прымяраем да сябе,
Як татаву штармоўку ў маладосці.
I прагне лёс (дальбог, прытым сапе!)
Узвесці свой, хаця б маленькі мосцік
Над вечнай i загадкавай ракой,
Дзе ёсць віры i радасці i болю,
Дзе можна плысці толысі талакой,
Адзін? —
Адзін не выплывеш ніколі.
Але жыццёвы буйны ліставей
Аднойчы ўеё дакладна растлумачыць
Што гэта час нас па сабе іначыць
I трушчыць кладкі кволыя твае.

* * *

Ад злых баронячы вачэй
Душы патрэсканы крышталік,
Недавяраць часцей мы сталі,
Калі давер нас апячэ.
Дарослы боль,
«Даруй» — шчыміць,
I просіць лёс: даволі позы!..
Выратавальна ў нас глядзіць
Дзіцячы высветлены позірк.

ДЗЯЎЧЫНКА З ЛЯЛЬКАЙ

Пахнуць цукеркамі ручкі
Смешнай маленькай дзяўчынкі.
Ляльку хадзіць яна вучыць,
Позірк —
               ніводнай хмурынкі.
Толькі, здаецца, нядаўна
Ўпэўнена стала на ножкі,
Тузае ляльку старанна:
«Ну, навучыея хоць трошкі!..»
Ляльку прыціснула моцна,
Быццам дачку на расстанне.
Маці.
         Малеча.
                       Мадонна.
Будучыя зямляне.

* * *

Пакута жыць у паняверцы,
Калі пакіне ўсмешка твар.
Усё ж душа не прагне смерці,
Пакуль ёсць прага хараства,
I тайна думкі запаветнай —
Сустрэць,
                прайшоўшы каламуць,
Дзяўчынку ў камізэльцы светлай,
Якую Мараю завуць.

У ЧУЖОЙ СТАРАНЕ

Зайшоў, зайшоў бел малойчык

У чужую старонку.

Налівалі малойчыку

Тры поўныя чаркі.

Народная песня
Паехаў мой мілы ў старонку чужую,
У старонку чужую, далёкую.
Паехаў, пакінуў адну-аднюсеньку
Дзяўчыну сваю сінявокую.
У краі далёкім яму налівалі
Тры поўныя чарачкі горкай,
Забудзь, гаварылі, забудзь, ясны сокал,
Ты блізкую сэрцу старонку.
Забудзь i дзяўчыну,
тут лепшыя кветкі
З расой абуджаюцца ўранні.
Застанься, хлапчына, сустрэнеш у нас ты
I шчасце сваё i каханне.
Казаў мой міленькі ў тым краі далёкім:
Хоць колькі мне піць налівайце,
Я роднай старонкі вавек не забуду,
Аб ёй буду толькі спяваці.
Там зеляней i сады зелянеюць,
Калышуцца пушчы чароўна.
Там галасней i дзяўчаты спяваюць,
I тая, што сонейку роўная.

РАДЗІМА Трыпціх

I. ЗАПАВЕТНАЕ

У садоўніка ў садзе ёсць кветка адна,
Што між іншымі лепшай здаецца.
Гэтай кветцы душу аддае ён да дна,
Паліваць яе першай імкнецца,
I за лёс яе клопат ён мае,
А яна, як i ўсе там, такая.
Калі можна з тым садам i свет параўнаць,
То з нас кожны ў ім мае куточак
Запаветны. I нельга яго адабраць,
Абнячэсціць, ці зганьбіць аднойчы.
Бо не простая гэта краіна,
Бо завецца краіна — айчынай.
Сярод іншых не кінецца ў вочы яна,
Экзатычных пейзажаў няма ў ёй.
Колькі трэба, блакітнага ёсць палатна,
Колькі трэба, сінечы ільнянай.
Ёй лясныя сукенкі да твару,
У азёрных вачах яе — мары.
Дабрынёй маладой усміхаецца твар,
На дзяўчыну падобна з Палесся,
Ты, радзіма, усім надала хараства,
Хто з калыскі пачуў тваю песню.
У садоўніка кветка адзіная,
Чалавека ж няма без радзімы.

II. BО3EPA

* * *
Вякі мінаюць,
Знікаюць пакаленыі,
Ды застаецца неадступна слова
З нашчадкамі,
З нашчадкамі нашчадкаў.
Таго, чым жыў народ вякі,
Не сцерці.
I памяць слова
Даўніну шануе.
A знікне памяць —
Знікне i народ.

* * *
...У гушчары старых бароў, як сляза, што ўпала з неба, блішчэла вялізнае возера. Вельмі прыгожае яно было. А яшчэ казалі людзі, што ў вёсцы, якая прыляпілася да аднаго з берагоў возера, жыла дзяўчына-сіраціна па імені Най-рыта, a аднавяскоўцы звалі яе Нарай. Вочы яе блакітныя, пад колер азёрнай хвалі, заўсёды весела ўсміхаліся. Залацістыя валасы тугой касой абкручвалі галаву. Голас у яе быў высокі i гучны... Стары пан закатаваў закаханага ў Пару хлопца, а самую дзяўчыну хацеў мець за жонку. Нара не пакарылася папу. Яна падпаліла маёнтак i пабегла да возера. Цёмныя хвалі ішлі адна за адной белымі грабянямі, а на беразе калыхаўся човен. Спрытна i ўмела ўхапілася яна за карму і, адштурхнуўшыся ад берага, села ў човен. Ад злосці панскія служакі кінулі гуслі ў возера. А човен адплываў усё далей, потым зусім знік у хвалях. Усю ноч бушавала бура, стагнала вада...

З народнага падання

РАЗВІТАЛЬНАЯ ПЕСНЯ НАРЫ
Маці-зямліца мяне нарадзіла,
Светлай пяшчотаю абдарыла.
Човен калысачкай быў,
Добрай надзеяй дарыў.
Птушкі ляцелі, пер'е кідалі,
Рукі мае крыламі сталі.
Марыла песняй ляцець,
Каб у бядзе не марнець.
Хіжыя дзюбы гукі пабралі,
Струны з душы на каменне ўпалі,
Звяў васільковы вянок,
Болей не пойдзе ў танок.
Болей няма да каго прытуліцца.
Ты мяне возьмеш, Вада-вадзяніца?
Белыя хвалі крылле сдялі
Раненай птушцы сяліб.

* * *
Доўга кропкай на хвалях здаваўся чаўнок
I даносіўся спеў незвычайны.
Знікла кропачка ўрэшце, а голас не змоўк,
Стаў ён ветрам буйным нечакана.
Наляцеў, згроб над возерам хмары,
Перуном пераможным ударыў.
I стагнала ўсю ноч, да світання, вада,
Быццам сотні арганаў гучалі.
Гралі рэквіем хвалі, даносячы з дна
Гукаў строй, што стагоддзі збіралі.
Там усмехі, i жальбы, i слёзы —
У сё ў музыцы дзіўнай злілося...

ПЕСНЯ ВОЗЕРА
Ёсць на свеце адна нраўда з веку да веку,
Што жыве чалавек на зямлі для дабра.
А вы, людзі, ў хлусні патапіліся, ў здзеку
I крычыце, што нехта шчасце ў вас адабраў.
А вы самі яго ўжо даўно растапталі,
Толькі ў марах да шчасця мкнеце душы свае
I шукаць яго крочыце ў лес на купалле,
A купальскі дзядок вам той скарб не дае,
Бо гандлюеце душамі, вераю, мовай,
Забываеце продкаў святы запавет,
Што павінны зямлю сваю працай i словам
Услаўляць, каб шчасліва глядзедь з-пад павек.
Чаму ж хмары гусцеюць над Белаю Руссю?
Мые боты чужак у азёрах яе.
«Тваёй мовы няма,— беларусу ён хлусіць,—
Тваёй песні няма».— A краіна пяе!
A краіна спявае на мове мужыцкай,
Той, што родная сэрцу. Нібыта знарок,
Раскрываюцца кветкі, каб сонца напіцца,
I выходзіць з усмешкай купальскі дзядок.

* * *
Ранак,
быццам хлапчук,
вачаняты працёр.
Ціха возера хвалі каціла.
Узнімалася сонца,
будзіла ясыццё,
Налівала зямлю новай сілай.
Кветкі росныя кроплі глыталі
I пялёсткі свае распраўлялі...

III. РЭКВІЕМ

Колькі здзекаў спазнала старонка мая,
Колькі гналі яе i труцілі!
Люд вякамі сваю долю-мачаху кляў,
Але песні яго не забілі,
Песня сэрцу счарсцвець не давала
I да зорак з калень паднімала.
Уставалі сыны за сваю старану,
Неслі ў сэрцах аб вольнасці мару.
Ён не знік, мой асілак-народ, даўні Hyp[1]
I не стаў ён чужынцаў ахвярай.
Хоць не часта ён, можа, смяяўся,
Але жыў, сеяў хлеб i змагаўся.
Памяць горка i горда кранае вякі.
Позірк продка — ў нашчадкавы вочы.
Ён пытае сурова: стаў дзедзіч якім?
Чым праславіць свой край закланочаны?
Век запомніць усё бездакорна:
I сумленне, i ганьбу, i гонар.

НА НАРАДЗЕ ЎCIX ПЛАНЕТ...

* * *

Зямля стамілася ад дыму
I прагне завязі цяжару.
Ей нельга
Жыць адно — ўспамінам.
I мала
Жыць адною марай.

СНЕГ

Ідзе спакойны сумны снег,
I горад на вачах сівее.
Зямлі парэпаны каўчэг
Атулены плашчом завеі.
Зімовы прымарак імжыць,
Двары хаваюць рэшты зрэб'я.
Не на хапок імкнемся жыць,
I мары з нітак ткуцца срэбных.
A галасісты часу бег
Шчымліва йграе на дудзе нам.
На горад ападае снег,
Нібы на скроні летуценні.

* * *

Спляліся цені цішыні,
          He спіцца.
Здаецца месяц у акне
          Газніцай.
У стоме слухае душа
          Пакутна,
Як скардзіцца Сусвету шар
          Магутны.
Яму таксама не да сну,
          Бо нехта
Іграе ў страшны більярд
          Планетай.

* * *

А што прыгожыя мясціны
Без чалавечай дабрыні?..
Балот пясчаныя магілы,
Буслянак кінутых брылі.
Яна бяжыць, людская памяць,
Не па каменьчыках падзей,—
Па тых руках, што не давалі падаць,
Па тых вачах з бярэмкамі надзей,
Што падвышалі неба сіняй столлю,
Каб на нарадзе ўсіх планет,
Зямля, буслянкаю пустою
Не пазірала ты ў Сусвет.

МЕТАМАРФОЗА

                         Бліскавіца
Апякла зямлю, як стрэмка,
У яе балючым целе
Засталася дрэвам чорным.
На яго руцэ вуглістай
Пасяліўся белы бусел.
Толькі ў небе ён здаваўся
Усім прамацеркай-маланкай.

КАСТРЫЧНІК

Белыя скроні туману.
Вечар схіліў галаву.
Захаду тварык святляны
Ніц ападае ў траву.
Думнай самотай, спакоем
Дыхаюць грудзі палёў,
Быццам ніколі-ніколі
Гоману тут не было.
Быццам зямля не буйнела
Звонкай ракой збажыны,—
Зморшчана, асірацела
Слухае пошчак зімы.

* * *

Чаму даем хвілінам паміраць
Бяздумна, непапраўна, ленавата?
Пабач, яны забітыя ляжаць
У дні мінулым са сваёй адплатай:
З дакорам спраў, не зробленых у час,
З радкамі слоў, табой не напісаных,
З каханнем, што не напаткала нас,
Бо існуе яно для самых-самых...
Для самых дбайных,— прагла я сказаць
Вядома, гэта можна i аспрэчыць.
Але хвілінак мёртвых паласа —
Як глеба для пакутаў чалавечых.
На ёй растуць i зайздрасць i вайна —
Не жыта, што любоўю каласіцца,
Там узрастае пышная мана,
Дзе не паспела праўда нарадзіцца.

НА РАСКОПЕ

Гляджу, як ажываюць чарапкі
I набывае новы сэнс арнамент —
Расказваюць пра старабыт глякі,
З глыбінь стагоддзяў вынятыя намі.
Зачаравана, здзіўлена сачу
За чаргаваннем рысак i насечак.
Трымаю. I хачу цяпло адчуць
Тых рук, што распісаліся за вечнасць.

СЫМОН КАНАРСКІ Маналог паўстанца 1831 года

...Ён ведаў, што менавіта гэта чакае яго на радзіме, калі ён вернецца туды, але свядома вярнуўся.

          Эмігранцкія шэрыя зімы,
          А душа, быццам каня, ные.
          На радзіму вялі,
          На радзіму
          Завірухі зямныя...
О, краю мой, у дальняй старане
Мне сніўся ты буслом асірацелым.
Як бацька сына,— клікаў ты мяне,
I я вярнуўся, бо душа гарэла.
Я не прышэлец тут, не з бізуном —
Ca словам праўды чыстым i пакутным,
Выгнаннік, я вярнуўея, вось мой дом!
Хтось вынес плашч, нябачнасцю ахутаў.
Не падмануць сябе, сваёй зямлі.
Хай плашч згарыць агнём на ганьбу кату!
То не мяне вялі на гэту страту,—
Цябе, о Беларусь мая, вялі.
Я ведаў, што вачэй тваіх блакіт
Апошні раз спагадліва прагляне.
Пераступайце праз мяне, вякі,
Каб разарваць на будучым кайданы.
Так мала нас, яшчэ так мала нас.
Ды закіпае з дна ужо зямліца!
Я чую, Каліноўскі, твой адказ...
Ды сатварыцца з нас нашчадкаў час,
Народ — не раб, не скот, не кат —
                            ды сатварыцца.

СУСТРЭЧА З ЦЁТКАЙ

Бачу i чую ці трызню?
Ці можа, аварыя часу?
«...А звалі мяне Алаіза,
Ці помніцца гэта імя? За
Сумным гадоў частаколлем
Так звабліва свеціць айчына,
Якую ўяўляла такой я
I крышачку іншай, магчыма.
Устану, прайду па палетках,
Знайду каляровы ваш горад.
I час зразумею па метках
На радасці, смутку i горы.
О, як я хацела б, я мушу
У твар вам зірнуць, беларусы!
Чужую абмерзлую душу
Сустрэць сярод вас я баюся.
Ваш выгляд i пекны, i здровы,
I модны — дзе тая сярмяжнасць!
А бог апякуе вас новы —
Не ў небе, a ў памяці вашай?
А чым вы сягоння жывеце,
Як вашай надзеі найменне?
Ці ведаеце пра вецер
Сусвету i пра натхненне?
Яно нас цаліла ашчадна
Глытком ад жуды перадыху.
О, як я жадаю ў нашчадку
Пазнаць сваё Мора хоць крыху.
О, як я жадаю... Хай будуць
I вашы грахі, i памылкі.
Адно — не жывіце марудна!
Заклён — не жывіце бяскрыла!
Душу ахінайце рызамі,
Для цела пакінуўшы кужаль.
...А звалі мяне Алаіза
Пашкевічава да замужжа...»

СУНІЦЫ

Ён памёр зусім адзін уночы. За некалькі дзён да смерці папрасіў купіць яму суніцы, як бы на развітанне з маді-прыродай...

З успамінаў бацькі Максіма Багдановіча
Вуснамі сунічнымі чырванела лета,
Васільковай хусткай клікала здалёк
Сумная радзіма сына i паэта...
Чырванеў крывава на хусцінцы сок.
Па-над сіняй бухтай, на святлістым поўдні
Болю крык ірваўся з маладых грудзей.
I глядзелі вочы ў твар апошняй поўні,
I прасіла сэрца на жыццё надзей.
Хтосьці стаў ля ложка ў той знаёмай сукні,
Што насіла ўлетку родная зямля.
«Хто ты?..» Прамаўчала, працягнула рукі:
«Ты прасіў суніцы. От прынесла я...»

ЛЯ ДЫВАНОЎ АЛЕНЫ КІШ

1
Жоўты, зялёны, сіні, чырвоны —
Простыя фарбаў найменні.
Гушкаюць мары казачны човен,
Леў прыблукаў задуменны.
Неба трапічнае, белае сонца,
Пэндзаль сусвет спавядае.
Толькі бяроза з роднай ваколіцы
Пра Беларусь нагадае.
Вёскам разносіла ў колерах скарбы,
Кветкі дарыла i травы.
Фарбы святочныя, гучныя фарбы,
Што вы: жыццё або ўява?

2
Зусім не тое, іншае жыццё,
Пясок дарог, буслоў шчымлівы клёкат.
Над галавой — з галін жывы шацёр
I ад паветра вольнага палёгка.
Не гнаная нікім, куды іду
Я, ланцугом закутая дарожным?
На шчасце мне, ці на маю бяду
Даў талент лёс?
A з талентам не можна —
Не можна, як i ўсе, наладжваць быт,
Мець хату, хлеў, дастатак да спачыну.
Ён за табой, твой цень другі нібы,
Ён мае сцяг — на небе аблачыну.

3
Гармонія.
У чым яе сакрэт,
I хто спазнаў да дна яе глыбіні?..
Вясковец ля палотнішча замрэ,
Лагодны погляд страціўшы — ільвіны.
Злучыць сусвет ад каменя да хмар:
Ільва знайсці ў палескім краявідзе.
Мастацтва — цудадзейетва, не падман,—
Не кожнаму, як вопратка, падыдзе.
Час яснасць фарбы зменшыць i сатрэ,
Не закрануўшы сэнс выяў жывучы.
Гармонія. У чым яе сакрэт?
Алена. Лес. I пэндзаль, нібы ключык.

КРАІНА ХАРАСТВА

Пятранэле Герлікене,

літоўскай мастачцы,

якая пачала маляваць у 70 год.


1
На схіле дзён куды памкнуцца думкі?
У якім абліччы прыйдзе свету сэнс?
Схілілася жанчына над малюнкам,
На ім жыцдём бясконцым пахне бэз.
Блакітам захлынуўся колер ночы,
Як ворага ў краіну хараства
Яго не пусцяць успамінаў вочы,
Якім былое — будучыні твар.

2
Ніколі не спазняецца пачатак,
Ён выспявае на раллі жыцця.
З карцін глядзяць блакітныя дзяўчаты
Бачыма першаадкрыцця.
Рукой мастачкі чысціня дзіцяці
Прышпіліць небакрай да палатна.
I дзіўнага нічога ў тым няма:
На схіле дзён у маладосць вяртацда,
Жамчужыны з яе вычэрпваць дна.

ІДЗЕ ЧАЛАВЕК... Саната

Ідзе чалавек.
                     Балючыя крокі
не па траве —
па цвіках эпохі.
ANDANTE
Што прынясу я ў дзень свой судны? —
Пусты арэх успамінаў?
                               Шкарлупінкі мар?..
Жыццё кар'ерам шурпаціцца рудным,
Чалавечыя рукі —
наймудрэйшы прыроды дар.
Рукі свае прынясу,
               як споведзь, у дзень апошні
i пакладу побач з рукамі
               бабулі маёй i дзеда.
Ды не хачу
               бялейшымі i раўнейшымі
каб яны былі,
               бо ляжаць жа таксама
над коламі Часу.
I мне — чалавеку Дваццатага Шляху —
трымаць на руках сваіх
веку нейтронную цяжкасць.
Толькі б не выпусціць з рук
гэтую страшную чашу!
Рукі ў напружанні сцяты,
ў гэтых руках надзея,
гарачая, быццам сонца.
Вокны, як вочы,— насупраць.
Дом заглядае ў душу
дома другога.
Чалавекаістота нагадвае зубра
на зямлі запаведнай,
ды з аховы —
                      нікога.
Паляўнічыя ж — супермэны,
                                     а не вандалы.
Няўжо, чалавецтва, было табе войнаў
мала?..
Ідзе чалавек.
Балючыя крокі
не па траве —
па цвіках эпохі...
ALLEGRO
Ідзе чалавек,
                    збірае асколкі ў жменю
былых сустрэч,
                  пачуццяў шчырых i слоў.
I капае кроў,
                     бо парэзаны рукі,
i меней
з тых пуцявін прыходзідь у сёння
сяброў...
Сустрэча, расстанне,
ўспаміны, блуканне па марах.
Пераможца сумлення —
i сумлення ахвяра.
Запаветныя рукі,
запаветныя рухі
пяшчоты.
Голас:
што ты? —
Ціхі голас: ну што ты?.»
Пустата i абвал адзіноты.
Толькі шэпат застаўся
адчайны:
— Ну што ты?..
Потым — смех
над стаптаным абуткам
са слова Душа.
— Душа? — запытаўся.
— Душа!
— А нашто табе трэба душа —
атавізм, ненармальнасць у час энтээр
i прагрэсу?..
Чуеш, як забіваюць яе
на ўсіх скрыжаваннях? —
I ўздых, нібы ўсхліп,
наваколле прарэзаў...
Абазваўся пранізліва яр:
Забываюць душу, забываюць.
I сумленне катуе ахвяр,
пераможцы яго забіваюць.
Ідзе чалавек.
Балючыя крокі
не па траве —
па цвіках эпохі.
PRESTO
Ідзе чалавек,
                     посцілкі тчэ сваіх тыдняў,
I чалавеку ніколі
                        занятак такі не абрыдне,
хоць пастрыкае ўсе пальцы,
паколе кастрыцай душу.
Смутак мінулых стагоддзяў
                                        у сэрцы нашу.
Дрот іржавых стагоддзяў
                                    разладаў былых
каронай цярновай сціскае
чало Дваццатага Брата.
Чырвоныя хмары плывудь праз вякі;
дажджамі сцякаюць слёзах
                           забітых дзяцей Зямлі
I тых, што яшчэ будуць забіты
ў дарослай гульні
у — не гумавы! — атамны мячык.
Не!
Уздымі свае ручкі, Алеська,
малая дачка ўсемагутнай,
                       безабароннай планеты.
Што ў ix трымаеш? —
Ляльку?
Малпу з чырвонага штучнага футра?
Пластмасавы кубачак ляльчын?
Анучку i гумавы мячык?..
Ты, сонейка,— гумавы мячык,
Каціся ў далонькі дзіцяці,
Скачы па зямлі, гумавы мячык,
Для ўсіх на свеце Алесек...
Гумавы мячык!
Мне здаецца, сусвет,
я забыла сказаць табе
                       самае важкае слова:
пра гумавы мячык,
які выратуе цябе,
калі ўсе дарослыя,
звар'яцелыя ў мітусні сваіх будняў,
стануць хоць на адзін дзень
дзецьмі
ў светлых,
запэцканых гумавым сонцам
                                     кашульках.
FINALE
Ідзе чалавек.
                      Час ідзе.
Супадзенне?
Адзін пасадзіць сад
або пабудуе палац для дзяцей.
Другі каменне
пакіне ад гмаху
i пыл —
ад камення.
Супадзенне?
Адзін выціскае гарачыя сляды розуму
на паперы.
Другі ўладна стукае ў дзверы
сусвету,
каб далі яму на жыхарства
не кватэру — усю планету.
Адзін лечыць раны хваробнага веку.
Другі на свет прыбаўляе калекаў.
Супадзенне ў часе, ў прасторы:
паляна жыцця — дзеці,
паляна смерці — морак.
Колькі каштуе жыцдё чалавечае сёння
Дваццаць тон узрыўчаткі?
Пуд солі?
Грам сіні нябёснай
ці два кубаметры зямлі —
покрыва вечнага даху?
— Спіш, чалавек?
— Сплю,
каб праспаць,
калі павядуць чалавецтва на плаху.
Бо той, хто ідзе наперадзе,—
першы загіне.
Лепш рапухай ззаду жыцця
сядзець у каляіне.
Што каму!
Хто падняўся на стромкі Біг Бэн,
той рапухай не стане.
Хто свой дом загародкай паставіў вайне,
той сябе не падмане.
Ідзе чалавек.
                      Балючыя крокі
не па траве —
па цвіках эпохі.

КАЛІ ЁСЦЬ ЛАНЦУГ ШЧАСЛІВЫ..

* * *

Я цябе малявала на кані i пры латах,
Цёмна-сіні твой плашч у сутонні чарнеў.
Найжаданейшы госць,
                              скінь паходныя шаты...
Чуцен вечавы бом: не сяўбе быць — вайне.
Нітавалі цябе з даўніной летуценні.
Здраднай сіле нябачны,
                             ты ў байніцы з прашчой.
О, якое вам дзякуй, стагоддзі цярпення,
Што прыйшоў ты з вайны,
                         кожным продкам прыйшоў.
Тут мячы паламала крыжацкая зграя,
Спатыкнуліся коні татарскай арды
Аб твае гарады, што, як свечкі, згаралі,
Але ўзводзіў наноў ты свае гарады.
Я — жанчына, я ведаю тайны нябыту.
Па маіх валасах попел болю сцякаў.
Я кахаю ў табе ўсіх забітых, забытых,
Хто прыход твой у свет прадракалі
                                                      ў вяках.

ПРЫГАРШЧЫ ДАЖДЖУ

На тонкіх нагах непрыгожае шчасце
Прыбегла, запыхаўшыся, на абцасах.
А хлопец гатоў быў паўнеба пакласці,
Ды што там паўнеба —
Зямной паўакрасы!
Ды што паўакрасы —
Сусвет зорнавокі
Гатоў быў пакласці дзяўчынцы над ногі.
Дождж прыгаршчай сыпаў гарохам
                                          з кашолкі,
А ён гаварыў: гэта зоркі...
Ці помніш, стаялі мы ў парку аціхлым,
I вусны развучвалі першыя словы
Кахання?
I варта дажджу нам аховай
Была ад яшчэ незнаёмага ліха.
Калі б я не помніла тыя хвіліны,
Або яны прадажднсылі не з намі,
Не знаю,
              хапіла б мне сілы цагліны
Жыцця на каханні замешваць,
Не знаю...

* * *

Аб чым з табою сёння памаўчым?
Пераплятаючыся, што абвесцяць душы?
Пяшчотным рухам можна зберагчы
Гармонію сусвету непарушнай,
А слова ўсё ж, не вытрымаўшы паўз,
Паставіць сваю сумную пячатку.
Давай паўторым з самага пачатку,
Пяшчоце не сфальшывіўшы ў адказ.

* * *

Табе на памяць лета падару:
Дажджы, рамонкі, стромкія арэлі —
Кахання i надзей маіх пару,
I мокрых кос, што на вятрах пятрэлі.
Табе на памяць лета падару.
Хоць, можа, падарунак не па чыну,
Вазьмі яго скарынкай на гару
Жыцця свайго: запас бяды не чыніць.
Вазьмі яго, сухарык, успамін...
А можа, будзе невыносна золка.
Ён адратуе некалькі хвілін
Для ўсмешкі, з-за якой прагляне золак.

* * *

Ты — мой першы дзень спаткання,
Пацалунак мой прасветлы,
Ты — дзівосны сон кахання,
Урачысты, запаветны.
Я жыву ў тваім дыханні,
У тваім свячуся сонцы,
Шэпты плаўлю ў заклінанні,
Каб званілі вусыы ў звонцы.
Ты — святое ўваскрасенне
У кожны будзень клапатлівы.
Я табой закута ў звенні,
Калі ёсць ланцуг шчаслівы.

* * *

У незлічоных формулах папера,
Вакол цябе раскіданы лісты,
Глядзіш на свет, яшчэ не твой, i верыш,
Што пройдзе міг няўдач i пустаты.
Тады ўваход адчыніць таямніца,
I першым ты запаліш свой ліхтар,
I адкрыццём там будзе скарб свяціцца.
Ён — тваё дрэва, ты — яго разьбяр.
Даруй,
што мне скрозь лічбы сумна крочыць,
Шукаю іншых ісцін карані.
Але нябачна нашы вусны, вочы
Адной вадою нехта акрапіў.

* * *

Мне трэба бачыць кожны дзень
Твахо даверлівую ўемешку,
Калі душа вірыць на ўзмежку
Расчараванняў i надзей.
Свае сумненні аддаваць
На твой прысуд усе дазвания.
I, як ільдзінка, адтаваць
Ля вуснаў, цёплых ад кахання.
I раптам здзіўлена адчуць,
Як пакрыее цяплее сэрца,
Здаецца, што з табой лячу,
Баюся, што палёт сарвецца.

* * *

Ты правярай сабой маю душу,
Мае сумненні i расчараванні.
Ты правярай, адзінага прашу,
А не існуй маўклівым пакараннем
За выбухі нявыспеленых слоў,
За дабрыню, якой нам не ставала,
За тое, што не клялася, a зноў
Упершыню, як Ева, я кахала.
Было трызненне восеньскай слаты,
Быў лес для ціхай споведзі адкрыты.
I нітку дзён здаралася заблытаць,—
Ручнік жыцця ўсё ж ткаўся з прастаты.

* * *

Пяшчотнай мовай падалункаў
Перамаўляліся скрозь сон.
А месяц ткаў свае карункі
На пяльцах прывідных акон.
Забылі шлях да нас нягоды,
I атуліў зямлю спакой,
Бо дакранулася прырода
Душы кахання трапяткой.

* * *

А я чакаю, я чакаю,
Калі ты зноў мяне паклічаш
I слова цёплае «кахаю»
Упляцеш у будніх дзён аблічча.
А я чакаю, я чакаю...
Твае, здаецца, блізка вочы,
Ды страшна, побач ён блукае —
Прывычкі шэры палітончык.
А я чакаю, я чакаю:
Падыдзеш ты i разліецца
Па свеце прыгажосць такая,
Што крыўдам некуды падзецца.
А я чакаю, я чакаю...
Ляцяць няўрымслівыя рукі
Табе на плечы. Апускае
Напятыя журбота лукі.

* * *

Калі ўжо сілы не стае
З неўладкаванасцю змагацца,
Ратунак вочы шлюць твае —
Адзінае маё багацце.
Калі ад мараў — вугалі,
I ад надзей — адны абломкі,
Далоні, быццам караблі,
Мяне затуляць ад штодзёнкі.
Калі ў жыццёвым ланцугу
Звяно спагады абарвецца,
Ты пакладзеш сваю руку,
Як ліст трыпутніку, на сэрца.

* * *

Ціха ў дзверы стукае сум,
А я думаю — гэта ты.
Ноч падкралася, не заснуць,
На падлогу ляцяць лісты.
Я шукаю цябе ў радках,
Я згубіла цябе даўно.
Сум надзею маю спаткаў,
Прарастае лістамі дол.
У акно блакітны ліхтар,
Як дікаўны сусед, глядзідь.
I памалу адчай сдіхаў,
Бо ліхтар таксама адзін.
На падлозе — лісты, лісты,
Як хто смецце збіраў знарок.
Я чакала, што прыйдзеш ты
У адзіны хоць мой радок.

* * *

Глядзіш, як топчацца адна
Кабета з вышываным клумкам.
Што гэта шар зямны i я,
Табе няўцям, там надта тлумна.
Учынкі дробнымі ўдаюць,
I несвяточнае адзенне.
Нясу планету — i тваю.
Ты побач, ды пытаю: дзе ты?..

ГАДЗІННІК

У адзіноты тысяча хвілін.
Спыніць гадзіннік гэты немагчыма.
Чакаю зноў, якая з пуцявін
Прагляне на мяне тваймі вачыма...
I вось ляжыць ён, зрынуты табой,—
Гадзіннік адзіноты i чакання,
Разбіты на кавалкі. I спакой
Струменіцца з душы святочным ззяннем.
Няма аблады рэчаў i падзей,
Няма залежнасці ад спраў i часу,
Калі з дарог жыцця, як цудадзей,
Сыходзіш да мяне з іканастаса.
I я малюся сонцу i траве
За міг жыцця, што нашым быў спатканнем,
I нас злучыў цяпер на цэлы век,
Але вяшчаў разлукі i вяртанні.
Я не люблю, калі знікаеш ты
На доўгі дзень або на бліск маланкі.
Тады гадзіннік сумнай пустаты
У адно злучае зноў свае кавалкі.

* * *

А будзе толькі край пяшчоты...
Тваёй рукі імклівы дотык
Так зачаруе, павядзе
Па сцежках, дзе жыве каханне
У кветцы кожнай, у вадзе,
У дрэве, што ля сцежкі стане.
I я, забыўшыся на ўсё,
Ратуючыся ад спакусы,
У кветку раптам абярнуся,
Каб зведаць новае жыццё.
Тваёй рукі імгненны дотык,
Дзе ён згубіўся, край пяшчоты?..

КАХАННЕ

Каханне, як i мы, хварэе,
Калі адступіцца цяпло.
Ды не кажу: яно не грэе,
Не наракаю: адгуло.
Калісьці бег ручай бурлівы,
На ўсіх каменьчыках звінеў
Сваей бяздумнасцю шчаслівай
I заглядаў у твар вясне.
Цяпер луска ракі ліецца
Між берагамі нашых рук.
I вонкі стрыманай здаецца,
Ды ў глыбіні займае дух.

* * *

Так мала весняга цяпла!
Мае халодныя далоні
Прынікнуць стомлена да шкла,
Калі наблізіцца сутонне.
Яны чакаюць цеплыні,
А твой агонь згасае ў змроку.
Знікаеш, добры чараўнік,
Цішэюць незваротна крокі.
Ізноў самота, неспакой,
Па нечым сум неспадзяваны.
I смутак тонкаю рукой
Вядзе мяне ў свой край нязнаны.

* * *

Кранае клавішы рука,
Крадзецца па пакоі смутак.
Як доўга, сябра, ты блукаў,
Маімі думкамі закуты,
Маёй ахутаны тугой
I ад бяды адратаваны.
Гучала музыка табой,
Цябе хаваючы старанна.

* * *

Чаму я так смуткую без цябе?
Мой дзённы келіх поўніцца чаканнем.
Нябачны нехта піша на сцяне
Тваё імя, як школьнік, ca стараннем.
Зайшоў па-гаспадарску сум у дом,
Твае ў кутку насоўваючы шлёпкі.
Ды бразгае, нібы пустым вядром,
Перадчуваннем спозненай палёгкі.

* * *

Калі я цябе пакрыўдзіла ўчора
I слова пяшчотнага не адшукала,
То сённяшні дзень, як вірлівае мора,
Няма ні чаўна, ні вясла, ні прычалу.
Разгублена хвалі-хвіліны гартаю,
Тапельніца ў прыкрым бяссіллі.
Ды рукі твае з цеплынёю праталін
Агонь для мяне распалілі.

* * *

Гэты вечар самотай імгліцца,
Ён — жудлівы вядзьмар.
I няма да каго прытуліцца,
I сапраўднай спагады няма.
Ёсць пукатыя рысы трывогі
На шурпатай сцяне.
Вуглем лініі перасцярогі
Паміж літар хтось вёў для мяне.
I скідаў па цаглінцы ў маўчанні
Ca сцяны маіх мар...
Я пайду, я не здамся адчаю,
Вып'ю зёлак зямны адвар.

ДРУГІЯ

Як адпушчэнне за грахі,
Ёсць у цябе зара другая,
I светач у мяне другі,
Але сустрэчу бласлаўляю.
Удвух нам добра памаўчаць,
Забыўшы вечныя сумненні.
I хоры ўсёй зямлі гучаць
У таямнічым тым імгненні.
Але не зменіш плынь ракі,
Не рассячэш агоньсякерай.
Сцяна — другая i другі —
Між нашым высіцца даверам

* * *

Не было кахання i няма,
Проста пацалункаў мне не трэба,
I вачэй блакітная мана
Зараз горш за хмарыстае неба.
Сціхлі навальніцы без грымот,
Вусны лёдам закавалі словы,
Гэта поўначы адвечны лёд,
А не ценькі лёд вясновы.

ГЛЯДЗІЦЬ КАХАННЕ

Вялікі дом. Жыве каханне
Звярком у шчыліне надзей.
Вачмі, дзе смех i спачуванне,
Глядзіць на сумны свет людзей.
Як завядзёныя, таўкуцца
Яны ад ранку да начы:
Купляюць, сварацца, смяюцца,
Для плачу знойдуць сто прычын.
Здараецца, што i кахаюць,
Але ўсё роўна, як ядуць,
Або сукенку прымяраюць,
Ды ў ступе мерна час таўкуць.
Былі ж i прыгажосць, i свята,
I захапленне, маладосць...
Глядзіць каханне вінавата
І ціха шэпча ўсім: «Я ёсць...»

У ВОБЛІКУ ПОЎНІ...

* * *

I дакрануўшыся да неба,
Паслухай — прамаўляе зорка:
«Не забывай, што ты патрэбна
Зямлі, якой бывае горка».

* * *

Калі на сумныя дамы
Накіне вечар хустку змроку,
А потым конік вараны
Зусім схавае ix ад вока,
Тады ў душы сціхае боль
I міг прыходзіць прасвятлення,
Нібы ніколі не было
Набытку цяжкага сумненняў.

СМУТAK НАДЗЕІ

I чысціню абраду
Святкуе душа радзей...
Я смутак у ночы ўкраду,
Як коней цыган крадзе.
Той смутак — мой першы конь,
А боль — то другі мой конь,
A трэці конь — адзінота...
Снежныя сны з налёту
Растопіць гарачая скронь.
Так выеду ў ноч дазорам,
Па-іншаму не змагу.
Пад здзіўленым шэптам зорак
Ганяю сваю тугу.
A скіну з душы пакуты —
Пакліча жыццё далей.
I з ноччу адыдзе смутак
Да новых маіх завей.
I вернецца непадробкай,
Нібы старажытны абклад,
I глыбінёй — палёгка,
I чысцінёй — абрад.

ГОРАД

На змярканні грубеюць абрысы
Нагрувашчаных шэрых дамоў.
У зямлі міжасфальтавай прысмак
Вечаровых вясковых двароў,
Дзе паселі на плоце гарлачыкі
Урачыста пятрэць, санцаваць,
Дзе згатуе бабуля камячанкі
I пакліча мяне частаваць.
Прабачэння прасіць не патрэбна.
Пакланюся дубам i сасне,
Павуцінак вандроўнаму срэбру.
Кліча грузны, каменны — мяне.

* * *

Горад шумна малюе эпоху
Шынамі,
Раскупляе газеты.
А ты йдзеш сабе збоку прыпёку
З гаспадарчаю сеткай.
Прыгадаеш, як некалі маці
З-пад зямлі ўсё, здавалася, мела,
I падлічваеш, як пратрымацца
Да авансу
У панядзелак.
Горад трушчыць цукеркі пад вечар,
У кавярні п'е каву.
У цябе ж — з каструлямі веча,
Дыялог сямейны з прыправай.
Тут камедыя побач з драмай,
Сплёўся вузел жыцця адзіны.
Ты, жанчына з авоськай, таксама
Штрых сталічнай карціны.

* * *

Я i тады не буду вам зайздросціць,
Хто клопату не мае ні аб чым,
Калі да вас мае збяруцца госці,
А мы з пустэчай сумна памаўчым.
Заварым самі вечарам гарбаты,
Запіўшы крыўды гаркаваты смак...
Усё шчыміць душа ад першай страты,
Хаця за ёй гадоў пражытых шмат.

СМУТАК ГОРАДА

Зноў вяртацца ў пустую кватэру,
Ведаць пэўна: ў глухія дамы,
I ніхто не пастукае ў дзверы,
Не парушыць спакой твой нямы.
Прабіраецца ў скроні трывога,
Ахінаюць душу халады —
Усё было i не стала нічога
У гэты дзень незямной пустаты.
Людзі, дзе вы?
Так многа вас побач,
А як быццам нікога няма.
Не заўважыўшы ў бліжняга роспач,
Вы праходзіце міма штодня.
Нас чакае бетонным красвордам
Разгарожаны кубамі дом.
Мы ў ім літарай,
Кожны — асобнай,
Ад вялікага слова жывём.
Мнагалюдны расквечаны горад,
Адзіноцтвы трамваі вязудь,
Паміж сценкамі шчасце i гора
На тым самым паверсе жывуць.
Зачыняюцца дзверы грунтоўна...
Хтосьці стукае лёгкай рукой —
Гэта смутак у вобліку поўні
Завітаў у самотны пакой.

* * *

Бывае свята ў дзень звычайны,
Нягучнае даверу свята,
Калі над словам цар — маўчанне,
Калі слабее душ напятасць.
Як быццам, сцішыліся раптам
Завеі спраў, падзей, імёнаў,
I расшчапіў гадзіннік краты,
Каб пераблытаць лад штодзённы.
Прыдіхне ўсё, што набалела,
I загучыць пяшчоты мова,
I свет, дагэтуль чорна-белы,
Ўсміхнецца рознакалярова.

ВІТРАЖ

Сцякаюць, нібы кроплі, дні.
А мы губляем незаўважна
Сяброў, i прагу цішыні,
I веру ў цуды ў снах вітражных.
Калісьці зломіцца ў душы
Адна жывучая галінка.
Як чыстым звонам вітражы,
Свет распадзецца на часцінкі.
I нехта без мяне збярэ,
Зноў ажывіць вітраж мудроны.
Высока, скрозь галіны дрэў,
Як шкельцы, свецяцца імёны.

* * *

Адкуль было ведаць, што шчасце
Апошні ў кішэні пятак,
Партфель i студэнцкія «снасці»,
Дыплом, што спакой адмятаў?
Стаміўшыся ў бібліятэцы,
Ідзём лукавінай ракі.
I хтосьці, бадай, усміхнецца,
Што мы яшчэ не жабракі.
Пятак — гэта проста багацце!
Спыніліся: шыльдачка «Хлеб».
«Нам чвэртачку чорнага дайце»,
За гэта што можа быць лепш?
Вячэра такая — не дома —
Смачней нам за смачнае ўсё.
Зайздросціла сумка з дыпломам
Быў хлеб, пацалункі, жыццё.

ВОСЕНЬ

1
На самай светлай паляне
Ладзіць нябачныя кроены,
Тчэ павуцінне Восень
На вэлюм для ўнучкі Вясны.
2
Прарвуцца рыжыя дажджы,
Зірне асіна палахліва.
А дзед лагодзіцца:
Дажыў
Яшчэ да аднаго адліву.
3
Рабіны дагараць,
I пойдзеш ты далёка,
Зрабіўшы на зямлі не ўсё,
Чаго жадаў.
Паставіш у канцы
Шматкроп'е, а не кропку...
Дажджы малітвы шэпчуць нетаропка
Яшчэ адзін з галіны ліст апаў.

ВОСЕНЬСКІЯ ПАЦЕРКІ

Дзяўчына ў жоўтай сукенцы,
Вякі мінаюць, а ты
Ўсё тое ж адзенне носіш.
Носіш у сэрцы крыўду,
Быццам лістоў не пішу я.
А ix лістапад рассыпаў.
Рассыпаў каштан каменьчыкі.
Ix дзеці збіраюць, а я
У далоні восень прымаю.
Прымаю з дажджом спатканне,
Ca смуткам i з адзінотай.
Да каго спачатку пайсці?
Пайсці б ізноў да кахання
У мінулую восень, але
Вярнуцца яно не клікала.
Не клікала, не спадзявалася,
A толькі восень прыйшла.
Я госця, яна гаспадыня.
Гаспадыня выйдзе на ранку,
Павуцінне сушыць раскіне.
Адной упраўляцца цяжка.
Цяжка дыхаюць хмары,
Якая ix крыўда душыць?
Хай плачуць — будзе лягчэй.
Лягчэй не спазнаці болю
Апошняга развітання.
Усё ж дзякую, што спаткала.
Спаткала жанчыну восень.
Жанчына назад паглядзела:
Далека яе красавік.
Красавік — летуценне ўвосень.
Ранак блакітны-блакітны
Вясною здаўся аднойчы.
Аднойчы ў аголеным лесе
Сказала: загінула лісце.
A хтосьці паправіў: жыццё.
Жыццё — пачатак бясконцы.
Знікае, каб зноў вярнуцца,
У жоўтай сукенцы дзяўчына.

* * *

Ізноў такое адчуванне,
Нібы жывеш апошні дзень;
I вечар тоіць пакаранне
За грэх няспраўджаных надзей,
За драбязу кухарскіх спрэчак,
Калі губляеш вышыню
Сваіх пачуццяў чалавечых,
Сатканых з веры i агню.
Прыходзіць вечар пакараннем
За ўсе хвіліны «для сябе»,
Каб лёс, хлуснёй не падкаваны,
Іржышча смутку перабег.

* * *

Мае шляхі, я ўдзячна вам за ўсё:
За галалёд, шурпатасці i зрывы,
За вецер, што кідае ў твар зласліва
То золкі снег, то колкае трысцё.
Удзячна вам, шляхі, што вы навек
Ca светам быць вучылі вочы ў вочы,
Што прымушалі там, дзе цяжка, крочыць
I пакланяцца дрэву i траве,
Каб з імі роднасць разумець сваю
I продка найшаноўнага ў ix бачыць,
Што вы бяжыце так, а не іначай,
Што не спаліць паветраных мастоў,
Я ўдзячна вам, шляхі, да скону лет
I не адмоўлюся, калі былі памылкі.
Хай дакарае правільнік застылы,
Ды не яму расчыніць тайны свет.

ЗІМА

Зямля прарастала срэбнай травой,
А срэбнай лістотай — дрэвы.
Яна ішла павольнай хадой,
Раскінуўшы плашч свой белы.
Кожную плямку на твары зямным
Пад белым крысом хавала,
I несла неба кубак шкляны,
I ўсім напіцца давала.

НОВЫ ГОД

Чакайце, людзі, свята Абнаўлення,
Душой чакайце свята на зямлі!
Ды толькі ў краму зйоў на пакланенне,
Нібы ў сабор, ыатоўпы паплылі.
Блукае постаць зводдаль на марозе,
I кажа хтось ля крамавых дзвярэй:
«Няўдачнік ён ці, баронь божа, злодзей,
Яшчэ пакункі раптам адбярэ».
А той у зоркі сцішана ўглядаўся,
Нібы хацеў увесь падслухаць свет.
Падняў каўнер i дзіўна заўсміхаўся.
Не, не вар'ят! Ён проста быў паэт.
Хацеў схапіць ён вечнасці імгненне,
Сутык гадоў, як ісціну, спазнаць,
I зведаць тайну свята Абнаўлення,
Каб снегам чыстым душы пасыпаць.
Блукаў ён доўга, адкрыццём шчаслівы,
То, як дзіця, то, як сівы вяшчун.
Ён быў адзін на вуліцы маўклівай,
I толькі снег, відаць, яго пачуў.

Заўвагі

1

Нурамі Герадот называў старажытных людзей, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларуоі. Гэта першае ўпамінанне пра продкаў беларусаў у гісторыі.

(обратно)

Оглавление

  • Ірына Багдановіч ЧАРАВІКІ МАЛЕНСТВА
  • АБРАЗ ДАЛЁКАГА МАЛЕНСТВА...
  •   * * *
  •   ЗГАДКА
  •   * * *
  •   РОДНЫ ДОМ
  •   СТАРЫЯ СТАГІ
  •   ЧАРАВІКІ МАЛЕНСТВА
  •   ЛЯЛЬКА
  •   * * *
  •   * * *
  •   ДЗЯЎЧЫНКА З ЛЯЛЬКАЙ
  •   * * *
  •   У ЧУЖОЙ СТАРАНЕ
  •   РАДЗІМА Трыпціх
  •     I. ЗАПАВЕТНАЕ
  •     II. BО3EPA
  •     III. РЭКВІЕМ
  • НА НАРАДЗЕ ЎCIX ПЛАНЕТ...
  •   * * *
  •   СНЕГ
  •   * * *
  •   * * *
  •   МЕТАМАРФОЗА
  •   КАСТРЫЧНІК
  •   * * *
  •   НА РАСКОПЕ
  •   СЫМОН КАНАРСКІ Маналог паўстанца 1831 года
  •   СУСТРЭЧА З ЦЁТКАЙ
  •   СУНІЦЫ
  •   ЛЯ ДЫВАНОЎ АЛЕНЫ КІШ
  •   КРАІНА ХАРАСТВА
  •   ІДЗЕ ЧАЛАВЕК... Саната
  • КАЛІ ЁСЦЬ ЛАНЦУГ ШЧАСЛІВЫ..
  •   * * *
  •   ПРЫГАРШЧЫ ДАЖДЖУ
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   ГАДЗІННІК
  •   * * *
  •   КАХАННЕ
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   ДРУГІЯ
  •   * * *
  •   ГЛЯДЗІЦЬ КАХАННЕ
  • У ВОБЛІКУ ПОЎНІ...
  •   * * *
  •   * * *
  •   СМУТAK НАДЗЕІ
  •   ГОРАД
  •   * * *
  •   * * *
  •   СМУТАК ГОРАДА
  •   * * *
  •   ВІТРАЖ
  •   * * *
  •   ВОСЕНЬ
  •   ВОСЕНЬСКІЯ ПАЦЕРКІ
  •   * * *
  •   * * *
  •   ЗІМА
  •   НОВЫ ГОД
  • *** Примечания ***