Таталітарызм. Курс лекцыяў [Сяргей Харэўскі] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Таталітарызм. Курс лекцыяў

Ігар Кузьняцоў

Лекцыя 1. Таталітарызм і сталінізм

Плян:

1. Вытокі й перадумовы таталітарызму


Вытокі й перадумовы таталітарызму
Таталітарызм як тып палітычнай сыстэмы паўстаў у ХХ ст. Што да самога гэтага слова, а таксама таталітарных ідэяў, то яны ўзьніклі нашмат раней. Тэрмін “таталітарызм” паходзіць ад позьнелацінскіх словаў “totalitas” (поўніца, цэласьць) і “totalis” (увесь, поўны, цэлы). У этымалягічным, непалітычным значаньні гэты тэрмін здаўна выкарыстоўвалі шмат якія навукоўцы. У палітычную лексыку яго ўпершыню ўвёў Мусаліні ў 1925 г. для характарыстыкі свайго руху. У канцы 1920-х гг. ангельская газэта “The Times” пісала пра таталітарызм як пра нэгатыўную палітычную зьяву, што характарызуе ня толькі фашызм у Італіі, але й палітычны лад у СССР.

Тэорыя таталітарызму складалася на працягу 1940-х—1950-х гг. і разьвівалася ў наступныя дзесяцігодзьдзі. Першыя клясычныя тэарэтычныя дасьледаваньні праблем таталітарызму — працы Ф.Хаека “Шлях да рабства” (1944) і Х.Арэндт “Вытокі таталітарызму” (1951), а таксама супольная праца К.Фрыдрыха й З.Бжэзіньскага “Таталітарная дыктатура й аўтакратыя” (1956), у якой зробленыя намаганьні эмпірычна абгрунтаваць таталітарызм як панятак, што адлюстроўвае сталінізм ды іншыя аднатыпныя палітычныя рэжымы.

Хоць таталітарызм робіцца рэальнасьцю толькі ў ХХ ст., ягоныя ідэйныя вытокі — у глыбокай старажытнасьці. Таталітарныя погляды, і, перш за ўсё, ідэі патрэбы поўнага падпарадкаваньня часткі цэламу, індывіду — дзяржаве, а таксама татальнага кіраваньня грамадзтвам існуюць больш за два тысячагодзьдзі.

Так, яшчэ ў 5 ст. да н. э. Гэракліт лічыў, што, валодаючы мудрасьцю, дасканалымі ведамі, “можна кіраваць рашуча ўсімі рэчамі”. Дастаткова дэталёвае абгрунтаваньне таталітарныя мадэлі дзяржавы атрымалі ў Плятона, Т.Мора, Т.Кампанэлы, Г.Бабэфа, Сэн-Сымона, Ж.-Ж.Русо. У больш позьні час гэтыя мадэлі знаходзяць сваё разьвіцьцё ў працах Фіхтэ, Гегеля, Маркса, Ніцшэ, Леніна, Сорэля, Зомбарта й іншых мысьляроў.

Нягледзячы на глыбокія зьместавыя адрознасьці, таталітарныя канцэпцыі маюць агульную лёгіку. Як адзначаў М.Бярдзяеў, вытокі таталітарызму належыць шукаць у палітызацыі ўтопіі. У таталітарнай мадэлі прывабная ўтопія атасаямляецца з абсалютнай ісьцінай. Гэта дазваляе разглядаць усе астатнія тэорыі й погляды як памылковыя ці сьведама хлусьлівыя, а іхных носьбітаў — ці як ворагаў, ці як заблукалых людзей, якіх трэба перавыхаваць.

Таталітарная ўтопія падаецца ў форме ідэалёгіі, што абгрунтоўвае мэты калектыўных дзеяньняў. Далейшая лёгіка фармаваньня таталітарнага ладу выглядае прыкладна так: агульныя мэты канкрэтызуюцца й рэалізуюцца з дапамогай эканамічнага й сацыяльнага плянаваньня.

Усеабдымнае плянаваньне, у сваю чаргу, патрабуе надзейных гарантыяў рэалізацыі плянаў, а менавіта — усемагутнай улады й масавай падтрымкі, што забясьпечваецца з дапамогай як гіпэртрафаванага росту інстытутаў улады, гэтак і сыстэматычнай ідэалягічнай апрацоўкі насельніцтва й мабілізацыі яго на выкананьне плянаў. Пры гэтым душыцца ўсялякае іншадумства, бо без адзінае ідэалягічнае веры немагчымае масавае паслушэнства. Кіраваная з цэнтру складаная дзяржаўная машына не дапушчае індывідуальнае свабоды грамадзян-шрубак, бо гэта пагражае зладжанаму функцыянаваньню цэлага. Дзеля дасягненьня вялікае агульнае мэты дазваляецца выкарыстоўваць усялякія сродкі — без уліку ані выдаткаў, ані ахвяр.

Таталітарызм уяўляе зь сябе спэцыфічную спробу вырашэньня абвостраных у хадзе грамадзкага разьвіцьця супярэчнасьцяў паміж ускладненьнем сацыяльнай арганізацыі й індывідуальнай свабодай. “Бацька” італійскага фашызму Мусаліні адзначаў: “Мы першыя заявілі, што чым больш складанай становіцца цывілізацыя, тым больш абмяжоўваецца свабода асобы”.

Індустрыялізм і этатызм (рэзкае пашырэньне дзяржаўнага ўплыву) спараджаюць калектывісцка-мэханістычны сьветапогляд, што складае аснову таталітарызму. Сутнасьць яго — ува ўспрыманьні сьвету як агромністай мэханічнай сыстэмы, а дзяржавы — як дасканалай, ідэальнай і добра зарганізаванай фабрыкі, машыны, што складаецца з цэнтру кіраваньня, вузлоў і шрубак, падпарадкаваных адзінай камандзе.

Для сацыяльна адчужанай, самотнай асобы таталітарызм надзвычай прывабны. Ён дае надзею з дапамогаю новае веры й арганізацыі сьцьвердзіць сябе ў нечым “вечным”, непараўнальна больш значным у часе й прасторы, чым асобны індывід, а менавіта — у клясе, нацыі, дзяржаве, партыі й г.д.

Псыхалягічная прыцягальнасьць таталітарызму рэзка ўзрастае ў пэрыяды вострых сацыяльна-эканамічных крызысаў, якія моцна пабольшваюць зьбеднеласьць і нездаволенасьць насельніцтва. Абапіраючыся на сацыяльную дэмагогію, таталітарныя рухі выкарыстоўваюць нездаволенасьць розных клясаў у сваіх мэтах. Прыкладам, у Расеі бальшавікі, кіраўніцтва якіх складалася пераважна з сацыяльных і этнічных маргіналаў, па-майстэрску выкарысталі патрабаваньне сялян дармовай раздачы панскіх зямель, каб затым адабраць яе ўсю, а таксама ж — масавыя абурэньні жаўнераў і ўсяго насельніцтва разбуральнай вайной.

У Нямеччыне сацыяльным апірышчам нацыянал-сацыялістычнага таталітарызму стаўся новы “прамежкавы клас” — шматлікія канторскія служачыя, машыністкі, настаўнікі, гандляры, адміністратары, дробнае чынавенства, небагатыя прадстаўнікі вольных прафэсіяў і г.д. Іхнае становішча значна пагоршылася, у той час як рабочыя на прамысловых прадпрыемствах мелі шэраг прывілеяў і знаходзіліся пад абаронай моцных прафсаюзаў і дзяржаўных законаў. Шэраговыя сябры нацыянал-сацыялістычнага руху ў першыя гады ягонага існаваньня былі значна бяднейшымі за трэд-юніаністаў або сябраў сацыялістычнае партыі.

Таталітарныя сыстэмы ўзьнікаюць не стыхійна, а на падставе азначанага стану грамадзкае сьведамасьці. Таму пры выяўленьні агульных рысаў гэтага тыпу палітычнай сыстэмы зыходным пунктам зьяўляецца аналіз палеглай у ейнай аснове ідэалёгіі. Аснова гэтай ідэалёгіі — “адзіна слушнае вучэньне”, якое адыгрывае ролю каштоўнаснага арыентыру.

Паводле свайго зьместу, таталітарная ідэалёгія зьяўляецца рэвалюцыйнай. Яна абгрунтоўвае патрэбу фармаваньня новага грамадзтва й чалавека. Уся ейная збудова базуецца на сацыяльных мітах: напрыклад, пра капіталізм і камунізм, пра кіроўную ролю працоўнае клясы, пра перавагу арыйскае расы й г.д. Гэтыя міты не падлягаюць крытыцы й маюць характар рэлігійных догмаў.

Манаполія ўлады на інфармацыю, поўны кантроль над СМІ, скрайняе непрыманьне ўсялякага іншадумства, разгляд ідэйных апанэнтаў як палітычных ворагаў — характэрныя рысы таталітарызму. Гэты лад зьнішчае грамадзкую думку, падмяняючы яе афіцыйнымі палітычнымі ацэнкамі. Адмаўляюцца агульначалавечыя асновы маралі, а сама яна падпарадкоўваецца палітычнай мэтазгоднасьці й, па сутнасьці, разбураецца.

Усяляк удушаюцца індывідуальнасьць, арыгінальнасьць у думках, паводзінах, адзеньні й г.д. Культывуюцца статкавыя пачуцьці: клясавая й нацыянальная нянавісьць, зайздрасьць, падазронасьць, падпільноўваньне й дакладаньне й г.д. У сьвядомасьці людзей узмоцнена ствараецца вобраз ворага, зь якім ня можа быць замірэньня. Усяляк падтрымліваюцца ваяўнічыя настроі, атмасфэра сакрэтнасьці, надзвычайнага становішча, культывуецца звышпільнасьць. Усё гэта служыць апраўданьнем камандных мэтадаў кіраваньня й учыненьня рэпрэсіяў.

Згодна зь лёгікай таталітарнае сыстэмы, усёабдымная ідэалягізацыя грамадзтва дапаўняецца ягонай таталітарнай палітызацыяй, гіпэртрафаваным пашырэньнем апарату ўлады, а таксама пранікненьнем яе ва ўвесь сацыяльны арганізм. Усемагутная ўлада выступае галоўным гарантам ідэалягічнага кантролю насельніцтва.

Ядром таталітарнае палітычнае сыстэмы выступае скрайне цэнтралізаваны палітычны рух за новы парадак на чале з партыяй новага, таталітарнага, кшталту. Гэтая партыя зрастаецца зь дзяржаваю й трымае рэальную ўладу ў грамадзтве. Забараняюцца ўсялякая палітычная апазыцыя й стварэньне без санкцыяў уладаў любых арганізацыяў.

У той жа час таталітарная палітычная ўлада прэтэндуе на выяўленьне народнае волі, увасабленьне дэмакратыі вышэйшага кшталту. Рашэньні, аднак, прымаюцца ня шляхам галасаваньня, а на падставе непасрэднай рэакцыі ўдзельнікаў розных, зарганізаваных уладамі, сходаў, што стварае бачнасьць усенароднае падтрымкі, але не дазваляе аказваць рэальнага ўплыву на працэс прыняцьця рашэньняў. Магчымасьць абмеркаваньня альтэрнатыўных плянаў ці праграм выключаецца. З дапамогаю псэўдадэмакратычных інстытутаў забясьпечваецца высокая фармальная мабілізацыя й удзел — напрыклад, 99,9-адсоткавы ўдзел насельніцтва ў выбарах.

Да ўласнапалітычных рысаў таталітарнага грамадзтва адносяцца таксама прысутнасьць магутнага апарату сацыяльнага кантролю й прымусу (служба бясьпекі, войскі, міліцыя й г.д.), масавы тэрор, запалохваньне насельніцтва. Сляпая вера й страх — галоўныя псыхалягічныя рэсурсы таталітарнага кіраваньня. Ажыцьцяўляецца сакралізацыя вышэйшай улады й ейных носьбітаў, узрошчваецца культ правадыроў.

Таталітарызм намагаецца стварыць адэкватную сабе сацыяльную структуру. Імкнучыся займець масавае апірышча, ён абвяшчае перавагу вызначанае клясы, нацыі ці расы, дыхатамічна падзяляючы ўсіх людзей на сваіх і чужых. Пры гэтым, абавязкова знаходзіцца нутраны ці зьнешні вораг — буржуазія, імпэрыялізм, гэбраі й г.д. У працэсе зьліквідаваньня або абмежаваньня прыватнае ўласнасьці адбываецца масавая люмпэнізацыя народу. Індывід падпадае пад татальную залежнасьць ад дзяржавы, безь якой пераважная большасьць людзей ня мае аніякае мажлівасьці здабыць сродкі да існаваньня: працу, жыльлё й г.д.

Асоба страчвае ўсялякія аўтаномію й права, робіцца цалкам безабароннай перад усевырашальнай уладай, падпадае пад ейны татальны кантроль. Учыняецца спроба сфармаваць “новага чалавека”, вызначальнымі рысамі якога ёсьць адданасьць ідэалёгіі й правадыром, выканальніцтва, сьціпласьць у спажываньні дабротаў жыцьця, гатовасьць да найбольшага ахвяраваньня дзеля “агульнае справы”.

Адначасна з разбурэньнем папярэдняе сацыяльнае структуры фармуецца новая. Грамадзтва дыфэрэнцыюецца — галоўным чынам у залежнасьці ад разьмеркаваньня ўлады. Валоданьне ўладай, альбо ўплыў на яе робіцца асновай сацыяльнае стратыфікацыі, эканамічных і сацыяльных прывілеяў. Фармуецца новая, намэнклятурная, панавальная кляса — трывалае апірышча таталітарнага ладу. Таталітарызм (асабліва ў яго найбольш пасьлядоўным, камуністычным, варыянце), ажыцьцяўляючы ўраўнілаўку ў разьмеркаваньні жыцьцёвых дабротаў для большасьці грамадзян, прэтэндуе на фармаваньне сацыяльна аднароднага грамадзтва. Але насамрэч ён спараджае глыбокую сацыяльную няроўнасьць.

Панаваньне ідэалёгіі й палітыкі выяўляецца ня толькі ў сацыяльнай сфэры, але й у эканоміцы. Тут адметнымі рысамі таталітарызму зьяўляюцца этатызацыя гаспадарчага жыцьця: скасоўваюцца прыватная маёмасьць, рынкавыя дачыненьні, канкурэнцыя, уводзяцца плянаваньне й камандна-адміністратыўныя мэтады кіраваньня. Усталёўваецца манаполія дзяржавы на распараджэньне ўсімі найважнейшымі грамадзкімі рэсурсамі й самім чалавекам.

Поруч з агульнасьцю інстытуцыянальных рысаў таталітарныя палітычныя сыстэмы маюць і сутнасныя адрозьненьні. У залежнасьці ад панавальнай ідэалёгіі, што ўплывае на зьмест палітычнай дзейнасьці, іх зазвычай падзяляюць на камунізм, фашызм і нацыянал-сацыялізм.

Гістарычна першай і клясычнай формай таталітарызму стаўся камунізм (сацыялізм) савецкага тыпу, запачаткаваны вайскова-камуністычнаю сыстэмай, што ў агульных рысах сфармавалася ў 1918 г. Камуністычны таталітарызм у найбольшай ступені дэманструе асноўныя рысы гэтага ладу, бо прадугледжвае ліквідацыю прыватнае маёмасьці й — як вынік — усялякае аўтаноміі асобы, усталёўваючы тым самым абсалютную ўладу дзяржавы.

І ўсё ж характарыстыка сацыялізму савецкага кшталту як таталітарызму — аднабаковая й не раскрывае зьместу й мэтаў палітыкі ў гэтым тыпе грамадзтва. Негледзячы на пераважна таталітарныя формы палітычнай арганізацыі, сацыялістычнай сыстэме ўласьцівыя й некаторыя мадэрнізацыйныя палітычныя мэты. Прыкладам, у СССР рэзка падвысіўся ўзровень адукацыі, сталіся даступнымі дасягненьні навукі й культуры большай колькасьці насельніцтва, разьвівалася эканоміка, вайсковая, а пазьней і касьмічная, прамысловасьць.

Другая разнавіднасьць таталітарных палітычных сыстэм — фашызм. Упершыню ён паўстаў у Італіі ў 1922 г., але як цалкам таталітарная сыстэма на той час яшчэ не сфармаваўся. Італійскі фашызм схіляўся ня столькі да радыкальнага будаўніцтва новага грамадзтва, колькі да адраджэньня велічы Рымскае імпэрыі, усталяваньня парадку, цьвёрдай дзяржаўнай улады.

Фашызм прэтэндуе на аднаўленьне ці ачышчэньне “народнай душы”, забесьпячэньне калектыўнай ідэнтычнасьці на культурнай ці этнічнай глебе, ліквідацыю масавай злачыннасьці. Межы фашысцкага таталітарызму ў Італіі вызначаліся ў пэўнай ступені пазыцыяй найбольш уплывовых у дзяржаве колаў: караля, арыстакратыі, афіцэрскага корпусу й царквы. Калі асуджанасьць рэжыму сталася відавочнай, гэтыя колы змаглі самі адхіліць Мусаліні ад улады.

Трэцяя разнавіднасьць таталітарызму — нацыянал-сацыялізм. Як рэальны палітычны й грамадзкі лад ён узьнік у Нямеччыне ў 1933 г. Нацыянал-сацыялізм мае сваяцтва з фашызмам, хоць шмат чаго пераймае ў савецкага камунізму — і, перадусім, рэвалюцыйныя й сацыялістычныя кампанэнты, формы арганізацыі таталітарнай партыі й дзяржавы й нават зварот “таварыш”.

У той жа час месца клясы тут займае нацыя, месца клясавай нянавісьці — нянавісьць нацыянальная й расавая. Калі ў камуністычных сыстэмах агрэсіўнасьць скіраваная, перадусім, унутр — супраць грамадзян свае краіны (клясавага ворагу), то ў нацыянал-сацыялізме — вонкі, супраць іншых народаў. Галоўныя адрозьненьні асноўных відаў таталітарызму выразна бачныя ў мэтах (камунізм, адраджэньне імпэрыі, усясьветнае панаваньне арыйскае расы), ім азначаных, і сацыяльных перавагах (рабочая кляса, нашчадкі рымлян, нямецкая раса).

Усялякія таталітарныя дзяржавы, тым ці іншым чынам, належаць да трох асноўных разнавіднасьцяў таталітарызму. Хоць унутры кожнай зь іх маюцца істотныя адрозьненьні — прыкладам, паміж сталінізмам у СССР і рэжымам Пол-Пота ў Кампучыі.

Таталітарызм у форме камунізму аказаўся найбольш трывалым. У ХХ ст. яго, у той альбо іншай форме, перажыла прыкладна траціна насельніцтва Зямлі. У некаторых краінах ён існуе й да сёньня. Гісторыя паказала, што таталітарная сыстэма валодае дастаткова высокай здольнасьцю мабілізацыі рэсурсаў і канцэнтрацыі сродкаў дзеля дасягненьня абмежаваных мэтаў — напрыклад, перамогі ў вайне, абароннага будаўніцтва, індустрыялізацыі грамадзтва й г.д. Некаторыя аўтары разглядаюць таталітарызм нават як адну з палітычных формаў мадэрнізацыі слабаразьвітых краінаў.

І ўсё ж таталітарызм — гістарычна асуджаны лад. Гэта грамадзтва-самаед, ня здольнае да эфэктыўнае стваральнае працы, дбайнага, ініцыятыўнага гаспадараньня. Падобныя грамадзтвы даволі часта існуюць за кошт багатых прыродных рэсурсаў, эксплюатацыі, абмежаваньня спажывецкіх патрэбаў большасьці насельніцтва.

Таталітарызм — закрытае грамадзтва, не прыстасаванае да своечасовага абнаўленьня, уліку новых патрабаваньняў зьменьлівага сьвету. Ягоныя адаптыўныя магчымасьці абмежаваныя ідэалягічнымі догмамі. Самі таталітарныя кіраўнікі зьяўляюцца нявольнікамі ўтапічнай, па сваёй сутнасьці, ідэалёгіі й прапаганды.

Як ужо адзначалася, таталітарызм тычыцца ня толькі дыктатарскіх палітычных сыстэмаў, што супрацьстаяць ідэалізаваным заходнім дэмакратыям. Таталітарныя тэндэнцыі, што выяўляюцца ў імкненьні зарганізаваць жыцьцё грамадзтва, абмежаваць прыватную свабоду й цалкам падпарадкаваць асобу дзяржаўнаму ці іншаму сацыяльнаму кантролю, сустракаюцца й у краінах Захаду.


Сталінізм як фэномэн савецкага грамадзтва
Сталінізм вырас з структурнага крызысу пасьлярэвалюцыйнага грамадзтва й нездольнасьці панавальнай партыі своечасова знайсьці адэкватныя сродкі ягонага папярэджаньня ці, прынамсі, зьмякчэньня. Сталінізм, таму, неабходна разумець як інструмэнт пераадоленьня гэтага крызысу, зьмяненьня існуючай сыстэмы й структуры грамадзтва.

Сталінізму, як рэжыму й сыстэме таталітарнага тыпу, характэрныя некаторыя асаблівасьці. Па-першае, ён паўстае ў грамадзтве, якое мае сацыялістычную мэтавую арыентацыю.

Другой асаблівасьцю сталінскае сыстэмы зьяўляўся масавы папераджальны тэрор. Дзейным ядром і асновай сталінізму быў, аднак, тэрор не палітычны, а сацыяльны, зьвернуты ў сфэру грамадзкіх зносінаў. Ён быў наўпроставым наступствам экстрэмісцкіх рашэньняў, якія забясьпечвалі гвалт з шырокіх плястоў насельніцтва, падпарадкаваньне іх новай сацыяльнай дысцыпліне.

Сацыяльная функцыя тэрору й рэпрэсіяў ёсьць надзвычай істотнай для тлумачэньня ўяўнай ірацыянальнасьці, нематываванасьці й неабгрунтаванасьці дзеяньняў сталінскіх карных органаў.

І, нарэшце, трэцяя сутнасная асаблівасьць сталінізму — тое, што ён вырастае на базе паскоранай, гвалтоўнай трансфармацыі грамадзтва, утварэньня новай сацыяльнай і эканамічнай структуры. Усёабдымная ўлада — вось што розьніць сталінізм ад падобных палітычных сыстэмаў. Ён аб'ядноўвае ў сабе жорсткую палітычную дыктатуру з манаполіяй і дыктатурай у галіне эканамічных дачыненьняў.

Сталінізм як гістарычнае зьявішча нельга трактаваць празьмерна шырока. Пры гэтым неабходна адрозьніваць сталінізм як інструмэнт гвалтоўнай трансфармацыі грамадзтва, гвалтоўнай падтрымкі высокіх тэмпаў гаспадарчага разьвіцьця й сталінізм як грамадзкую сыстэму. У СССР у 1953 г. разам з паступовым разбурэньнем інструмэнтарыю масавага папераджальнага тэрору пачаўся й развал уласна сталінізму. Наступствы гэтага працэсу азначылі зьліквідаваньне сталінізму як асабовага рэжыму ў грамадзтве. Зьліквідаваньне ж створаных за Сталіным грамадзкіх і палітычных інстытуцыяў, сацыяльнай структуры, грамадзкіх дачыненьняў і эканомікі расьцягнулася на многія гады.

Пры дасьледаваньні “культу асобы” як сыстэмы дачыненьняў узьнікае пытаньне, ці непазьбежна “культ” зьвязаны з масавымі рэпрэсіямі. Адміністратыўна-бюракратычная сыстэма кіраваньня, безумоўна, мае патрэбу ў мэханізме застрашаньня. Але мэханізм застрашаньня й масавыя рэпрэсіі — не адно й тое ж. У той жа самы час масавыя рэпрэсіі ня ёсьць для “культу асобы” выпадковаю зьяваю. Станаўленьне “культу” адбываецца не ў палітычным вакууме. Пераможца ў барацьбе за ўладу й ягонае бліжэйшае атачэньне непазьбежна імкнуцца абараніць сябе ад канкурэнтаў. Акрамя таго, барацьба за ўплыў на “культавую асобу” ўзьнікае й у ейным бліжэйшым атачэньні.

У гісторыі СССР масавыя “культавыя” рэпрэсіі ажыцьцяўляліся асабліва маштабна й асабліва жорстка. Гэта было абумоўлена ня толькі агульнагістарычнымі прычынамі: спазьненьнем у разьвіцьці краіны, ейнымі традыцыямі, узроўнем палітычнай культуры й г.д., але й уласна суб'ектыўнымі, асабовымі, зьвязанымі толькі з індывідуальнымі якасьцямі І.Сталіна.

З гледзішча асабістых эгаістычных інтарэсаў Сталіна — “вялікага стратэга сацыялізму”, “геніальнага правадыра сусветнага пралетарыята”, “выпрабаванага, мудрага, любімага правадыра” (усе азначэньні ўзятыя са стэнаграмы XVII зьезду) — рэпрэсіі гэтыя лягічныя, натуральныя, неабходныя, і тлумачацца проста.

З псыхалягічнага ж гледзішча іх таксама можна патлумачыць, хоць цяжка сказаць, што менавіта было галоўным: пераважаў комплекс арганічнага эгацэнтрызму, калі грамадзтва й ягоныя інтарэсы атасаямляюцца з уласнай пэрсонай, ці дамінаваў бесчалавечна халодны, далёкасяжны разьлік уладалюбцы? Можа быць, справа ў элемэнтарнай баязьлівасьці й схільнасьці да паранаідальнай падазронасьці, што зыходзіла з цалкам рэальнай пагрозы становішчу правадыра? Ці азначальнымі ёсьць яшчэ якія-небудзь якасьці асобы (індывідуальнасьці) І.Сталіна?..

У 1937—1938 гг. Сталін другі раз за час свайго ўладараньня, кіруючыся асабістым “культавым” інтарэсам, учыніў грандыёзнае, масавае, мэтанакіраванае й плянамернае зьнішчэньне людзей — першы раз гэта адбывалася пад час голаду 1932—1933 гг. Але адказнасьць за адбыванае ў тыя жахлівыя гады ляжыць ня толькі на ім адным, бо не бывае “культу” безь піраміды “культаў”, бяз статку бездумных, гатовых на ўсё, маленькіх, тыражаваных копіяў “вялікага правадыра”, без выканаўцаў, без шырокіх мас людзей, што прыязна прымаюць “культ” і маюць непахісную веру ў аднаго заступніка й уладара.

Водгукі гэтае веры жывыя й да сёньня. Апаноўваў часам, безумоўна, і элемэнтарны страх за сябе, страх, што штурхаў пісаць даносы. Але была й вера — у масавае шкодніцтва, у контррэвалюцыю, у “ворагаў народа” — добра замаскаваных ворагаў-кіраўнікоў і шпіёнаў-інтэлігентаў.

Прычыну гэткіх масавых настрояў супраць “ворагаў народа” можна знайсьці ў двух фактарах, што наклаліся адзін на аднаго. Перш за ўсё: дзейнічала рэлігіяпадобнае культавае стаўленьне да “правадыра ўсіх часоў”. Лёзунг “Правадыр паказвае шлях!” можа, як сьведчыць гісторыя, завесьці надзвычай далёка. Пакуль не пачнецца абуджэньне.

Хваля рэпрэсіяў, акрамя нэгатыўных палітычных наступстваў, учыняла, у выніку, вялікія страты справе разьвіцьця творчага, інтэлектуальнага патэнцыялу грамадзтва. Правядзеньне й пастаянная пагроза новых рэпрэсіяў дэфармавалі арганізацыю вытворчасьці, сыстэмы кіраваньня навукі, літаратуры й мастацтва. Каторы раз адрадзіліся антыінтэлігенцкія настроі. Вялікія маральныя згубы пацягнулі за сабою ўзгадаваньне крывадушнасьці й падлашчваньня. Даносіць і паклёпнічаць сталася нормай жыцьця, хоць гэта, можа быць, і ня ёсьць самымі горшымі зьявамі таго часу. Аднак, бясспрэчна, гэта самыя агідныя заганы. Сацыяльна-эканамічныя пасьледкі масавых рэпрэсіяў — жудасныя для грамадзтва.

Пры гэтым, асобным і вельмі важкім пытаньнем аналізу “вялікага тэрору” ёсьць выяўленьне характару палітычнага супраціву палітыцы рэпрэсіяў усярэдзіне краіны. Калі першы час стаўленьне да масавых рэпрэсіяў было, збольшага, пазытыўным, хоць часта й насьцярожаным, калі афіцыйным паведамленьням пра “ворагаў народа” значная частка народу ўсё ж давярала, то пасьля 1937 г. сумневы ў праўдзівасьці рэпрэсіяў пачалі расьці, як сьнегавы камяк. Выказваць тыя сумневы ўслых было практычна немагчыма — нават з элемэнтарнай боязі за сваё жыцьцё, бо даносчыкаў хапала.

І ўсё ж захаваліся сьведчаньні непрыманьня рэпрэсіяў, недаверу да іхнае абгрунтаванасьці. Часьцей за ўсё той недавер быў канкрэтна-адраснага характару: “Ня дам веры, што менавіта Яновіч-Багдановіч-Сідарэвіч вораг! Я яго даўно й добра ведаю! Гэта — памылка!” На жаль, нават такія простыя чалавечыя формы непрыманьня культу асобы не займелі масавага распаўсюджаньня.


Літаратура
1. Авторханов А. Технология власти. // Вопросы истории. 1991, №5.

2. Аджубей А. Те десять лет. М., 1989.

3. Антонов-Овсеенко А. Сталин и его время. // Вопросы истории. 1989, №6.

4. Буллок А. Гитлер и Сталин: Жизнь и власть. Сравнительное жизнеописание. в 2 Т. Смоленск, 1994.

5. Ваксберг А. Процессы. // Литературная газета. 1988. 4 мая.

6. Викторов Б. Без грифа “секретно”. Записки военного прокурора. М., 1990.

7. Волкогонов Д. Сталинизм: сущность, генезис, эволюция. // Вопросы истории. 1990. №3.

8. Зевелев А. Истоки сталинизма. М., 1990.

9. Зевелев А. Из истории утверждения единовластия Сталина. М., 1989.

10. История и сталинизм //Cост. Мерцалов А. М., 1991.

11. Клямкин И. Ещё раз об истоках сталинизма. // Политическое обозрение. 1988. №10.

12. Конквест Р. Большой террор. // Нева. 1989. №№1—12.

13. Конквест Р. Жатва скорби. // Вопросы истории. 1990. №1.

14. Коэн С. Большевизм и сталинизм. // Вопросы философии. 1989. №7.

15. Коэн С. Предчуствие сталинизма. // Огонёк. 1990. №28.

16. Мировое политическое развитие: век ХХ. М., 1995.

17. Медведев Р. О Сталине и сталинизме. // Знамя. 1989. №№1—4.

18. Осмыслить культ Сталина. М., 1989.

19. Пугачёв В., Соловьёв А. Введение в политологию. М., 1995.

20. Режим личной власти Сталина. К истории формирования. М., 1989.

21. Рейман М. Сталинизм как феномен советского общества. // Рабочий класс и современный мир. 1990. №1.

22. Суровая драма народа: учёные и публицисты о природе сталинизма. М., 1989.

23. Таккер Р. Сталин. Путь к власти. 1879—1929. История и личность. М., 1990.

24. Файнбург З. Не сотвори себе кумира... Социализм и “культ личности” (Очерки теории). М.,1991.

25. Чёрная книга коммунизма. Преступления, террор, репрессии. М., 1999.

Лекцыя 2. Рэпрэсіўная машына й ейгыя ахвяры

Плян:

1. Стварэньне рэпрэсіўнае машыны

2. Рэпрэсаваньне сялянства

3. Рэпрэсаваньне інтэлігенцыі


Стварэньне рэпрэсіўнае машыны
Пра масавыя рэпрэсіі ў 30-х гг. напісана шмат. Асаблівая цікавасьць да гэтых трагічных часінаў тлумачыцца, найперш, імкненьнем выкрыць таталітарызм у мінулым і сучасным, не дазволіць яму паўтарыцца. Пачалі адчыняцца архівы, паступова павялічваецца сьпіс дасьледчых працаў па дадзенай праблеме — і ўсё мацнее спакуса сьцьвердзіць: “Усё зразумела!”, “Усё вядома!”. Але гэта не адпавядае рэчаіснасьці...

Перадусім, належыць асэнсаваць месца гэтага гістарычнага пэрыяду ў пэрспэктыве ўсяго далейшага грамадзкага разьвіцьця. Наяўныя факты дазваляюць аспрэчыць занадта спрошчаныя стэрэатыпы мінуласьці, удакладніць некаторыя ацэнкі — а гэта значыць: больш яскрава ўявіць адзін з самых складаных і трагічных этапаў нашае шматпакутнае гісторыі.

У 1917 г. функцыя задушэньня была асноўнай у Савецкай дзяржавы, а ва ўмовах грамадзянскае вайны, безумоўна, вядучай. Тое дыктавалася ня толькі супрацівам г.зв. зрынутых клясаў, але й патрэбаю “стымуляваньня” працы ва ўмовах ваеннага камунізму.

Зь першых дзён дыктатуры пралетарыяту бальшавіцкае крымінальнае заканадаўства вылучалася жорсткасьцю захадаў пакараньня — у тым ліку, і за нязначныя правапарушэньні. У 1918 г. У.Ленін забараніў судом выкарыстоўваць старыя законы: было загадана кіравацца дэкрэтамі Савецкага ўраду. У “Палажэнні пра народны суд РСФСР” адзначалася, што суд “у выпадку адсутнасьці адпаведнага дэкрэту ці незавершанасьці апошняга кіруецца сацыялістычнай прававой сьвядомасьцю”.

Калі ўзяць пад увагу, што большасьць старых кадраў — юрыстаў — адхілілі ад выкананьня абавязкаў, і правасудзьдзе часьцей за ўсё вяршылася з пазыцыі “сацыялістычнае прававое свядомасьці”, то гэтакі суд у шмат якіх выпадках ператвараўся ў свавольства й беззаконьне. Характэрна, што тэрмін “вораг народа” пачалі шырока выкарыстоўваць у афіцыйных дакумэнтах ад першых дзён пасьля кастрычніцкага перавароту. Прыкладам, 28 лістапада 1917 г. У.Ленін падпісаў Дэкрэт пра арышт правадыроў грамадзянскае вайны, што выступалі супраць рэвалюцыі, у якім адзначалася: “сяброў кіраўнічых установаў партыі кадэтаў, як партыі ворагаў народа, належыць арыштаваць і судзіць рэвалюцыйнымі трыбуналамі”.

Асабліва ўзмацніліся рэпрэсіўныя дзеяньні пасьля стварэньня Ўсерасейскай Надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй, спэкуляцыяй і злачынствамі, зьвязанымі з выкарыстаньнем службовага становішча. У Пастанове СНК РСФСР ад 5 верасьня 1918 г. адзначалася: “належыць расстраляць усіх асобаў, што маюць дачыненне да белагвардэйскіх арганізацыяў і мецяжоў”. Пастанова Рэвваенсавету Рэспублікі ад 14 лютага 1919 г. вызначала: рашэньні Рэвалюцыйнага Вайсковага трыбуналу не падлягаюць абскарджаньню ці касацыі й выконваюцца цягам 24-х гадзін.

Крымінальны Кодэкс Расейскай Фэдэрацыі быў прыняты 1 чэрвеня 1922 г. Гэтым Кодэксам і ягонай рэдакцыяй 1926 г. карысталіся ў Беларусі да 1928 г. Сумна вядомы 58-ы артыкул Кодэксу — “контррэвалюцыйныя злачынствы”. Ён меў 14 пунктаў, па 13 зь якіх прадугледжвалася вышэйшая мера пакараньня — расстрэл. Менавіта паводле артыкулу 58, у 30-я гг. найчасьцей высоўваліся зьвінавачаньні.

Амаль палову ўсіх зьвінавачаных у 1930-я гг. засудзілі па артыкуле 58 п.10, які прадугледжваў крымінальную адказнасьць (улучна з вышэйшай мерай пакараньня) у выпадках: паклёпніцкіх выказваньняў у бок кіраўнікоў партыі й ураду; дыскрэдытацыі зьнешняе палітыкі СССР; вядзеньня рэлігійнае прапаганды; распаўсюду паражэнчых настрояў; намаганьняў дыскрэдытацыі РККА; крытычных заўваг пра эканамічнае становішча працоўных у СССР і ўхваленьня капіталізму; контррэвалюцыйных выпадаў дачынна камуністаў; сыстэматычнай адмовы ад працы ў лягерох НКВД і інш. Крымінальны кодэкс Беларускай ССР зацьвердзілі на 3 сэсіі VIII скліканьня 23 верасьня 1928 г.

Паводле гэтага Кодэксу, крымінальныя злачынствы падзяляліся на дзьве катэгорыі: скіраваныя супраць савецкага ладу; і ўсе астатнія. За злачынствы першай катэгорыі ўсталёўваўся толькі нізкі (мінімальны) ўзровень кары, ніжэй за які суд ня меў права прызначаць пакараньня, ці, як адзначалася ў Кодэксе, — спрацоўвала “ступень сацыяльнае абароны”. За злачынствы другой катэгорыі прадугледжваўся толькі вышэйшы ўзровень кары. Паводле Кодэксу 1928 г., тэрмін зьняволеньня ня мог перавышаць 10 гадоў. Але ў наступныя гады гэты тэрмін падоўжылі да 25 гадоў.

Варта зважыць на тое, што склад крымінальных злачынстваў і тых, за якія суды маглі прызначыць вышэйшую меру пакараньня, быў вельмі шырокі. Напрыклад, у разьдзеле 1 “Контррэвалюцыйныя злачынствы” з 17 складаў крымінальных злачынстваў 14 прадугледжвалі вышэйшую меру пакараньня. За шмат якія злачынствы — у тым ліку, і тыя, што не ўяўлялі вялікай грамадзкай небясьпекі (адмова ад унясеньня падаткаў, забой жывёлаў і г.д.),— прадугледжвалася сканфіскаваньне ўсяе маёмасьці.

Амаль усе склады контррэвалюцыйных злачынстваў прадугледжвалі такія меры, як абвешчаньне ворагам працоўных з пазбаўленьнем грамадзянства БССР ці іншай саюзнай рэспублікі (і, зразумела, грамадзянства СССР); поўнае ці частковае пазбаўленьне правоў; забарона жыць у той ці іншай мясцовасьці.

Варта адзначыць, што суд, пазбаўляючы зьвінавачанага ўсіх правоў, ставіў апошняга па-за грамадзтвам: асуджанаму забаранялася займаць якія-кольвек пасады, ён губляў права на атрыманьне пэнсіі, дапамогі па беспрацоўі. А заадно ён пазбаўляўся й бацькоўскіх правоў.

Вывучэньне архіўна-сьледчых справаў рэпрэсаваных асобаў паказвае, што найбольш распаўсюджаным было неабгрунтаванае зьвінавачаньне людзей за здраду Радзіме (арт. 63), інакш кажучы,— за дзеяньні, што ўчыняюць падрыў вайсковай магутнасьці Саюзу ССР, ягонай дзяржаўнай незалежнасьці альбо недатыкальнасьці тэрыторыі: шпіянаж, уцякацтва ці пералёт за мяжу. Суворае пакараньне чакала й сваякоў вінаватага. Калі паўналетнія сваякі ведалі пра намер уцячы, але не данесьлі ці спрыялі здрадзе, яны караліся пазбаўленьнем волі ад 5 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Іншыя паўналетнія чальцы сям'і здрадніка, што пражывалі разам зь ім, пазбаўляліся выбарчых правоў і падлягалі ссылцы ў аддаленыя раёны Сібіры тэрмінам на пяць гадоў. Такім чынам, у самім законе была закладзеная магчымасьць рэпрэсіяў дачынна асобаў, што не зьдзяйсьнялі якіх-кольвек злачынстваў.

Адпачатку рэпрэсіі ня мелі масавага характару. З кожным годам яны, тым ня менш, узмацняліся. Суды ўжо не маглі даць рады з валам справаў: усё большая колькасьць іх разглядалася ў спрошчаным парадку, несудовымі органамі — “двойкамі”, “тройкамі”, адмысловымі нарадамі. Гэтыя органы, учыняючы свавольства й беззаконьне, па сутнасьці, нікому не падпарадкоўваліся. Пракурорскі нагляд адсутнічаў. Звольненыя з працы пракуроры часта самі падпадалі пад рэпрэсіі.

Узьнікненьне рэпрэсіўнае сыстэмы ў 1920-х—1930-х гг. было не выпадковым, але заканамерным зьявішчам. Калі ў канцы 20-х—пачатку 30-х гг. паўстала пытаньне пра крыніцы ажыцьцяўленьня паскоранай індустрыялізацыі краіны й пра мэтады калектывізацыі сялянства, у сталінскага кіраўніцтва адказ ужо быў: сродкам правядзеньня індустрыялізацыі й калектывізацыі мусіў стаць разьвіты рэпрэсіўны аппарат — выпраўленча-працоўныя лягеры ГУЛАГу НКВД СССР. Ад гэтае пары ўсе засуджаныя на тэрмін да трох і болей гадоў пераводзіліся зь месцаў зьняволеньня менавіта туды.

Да 1930 г. было сфармавана 6 упраўленьняў выпраўленча-працоўных лягероў (ВПЛ) ОГПУ СССР: Паўночнага Каўказу, раёну Белага мора й Карэліі, Вышняга Валачку, Сібіры, Далёкага Ўсходу й Казахстану. Лягеры й працоўныя калёніі пачалі адыгрываць больш заўважную ролю ў эканоміцы краіны. Працу засуджаных выкарыстоўвалі ў рэалізацыі буйнамаштабных гаспадарча-эканамічных праектаў, а гаспадарчыя органы плянавалі сваю дзейнасьць з улікам магчымасьці скарыстаньня нявольнікаў. Кола замкнулася ў 1934 г.: стварыўшы агульнасаюзны НКВД, усе савецкія лягеры аб'ядналі ў адзіную сыстэму Галоўнага ўпраўленьня лягероў (ГУЛАГ).

З мэтаю правядзеньня масавых рэпрэсіўных акцыяў у канцы 20-х — пачатку 30-х гг. у СССР стварылі добра адладжаную й матэрыяльна забясьпечаную сыстэму судовых ды пазасудовых органаў.

Сыстэму судовых органаў прадстаўлялі Вайсковая калегія Вярхоўнага суду СССР, Вярхоўны суд БССР, абласныя суды, суд Беларускай чыгункі, вайсковыя трыбуналы Беларускай вайсковай акругі й розных вайсковых фармаваньняў — у тым ліку, і НКУС.

Побач з судовымі органамі існавала цэлая сыстэма пазасудовых. Гэтая сыстэма ў СССР і БССР пачала фармавацца ў 1923 г. 15 лютага 1923 г. з Пастановы ЦВК СССР была заснаваная судовая калегія ОГПУ. Яна мела права разгляду справаў аб дывэрсіях, шкодніцтве й іншых злачынствах у пазасудовым парадку, а таксама выкарыстаньня ўсіх мераў пакараньня.

Згодна з Пастановай ЦВК і СНК СССР ад 5 лістапада 1934 г., пры Народным камісарыяце нутраных справаў была заснаваная Адмысловая нарада. Гэтаму органу першапачаткова надавалася права выкарыстоўваць “да асобаў, прызнаных небясьпечнымі для грамадзтва”, ссылкі, высылкі ці зьняволеньне ў лягерох тэрмінам на 5 гадоў. Зь цягам часу правы Адмысловае нарады былі значна пашыраныя: ёй дазвалялася выкарыстоўваць вышэйшую меру пакараньня. У склад Адмысловае нарады ўваходзілі: народны камісар нутраных справаў, намесьнік камісара нутраных справаў, начальнік Галоўнага ўпраўленьня міліцыі. Адначасна ў 1934 г. быў створаны яшчэ адзін пазасудовы орган — камісія СССР і Пракурора СССР па сьледчых справах (“двойка”).

Сярод карных органаў асабліва злавесную ролю ў разгортваньні масавых рэпрэсіяў мелі Адмысловая нарада й “тройкі” ОГПУ-НКВД. Цыркулярамі ОГПУ ад 29 кастрычніка 1929 г. і 8 красавіка 1931 г. у цэнтральным апараце НКВД былі створаныя “тройкі” дзеля папярэдняга разгляду завершаных сьледчых справаў — каб потым дакласьці пра іх на судовых паседжаньнях калегіі ці Адмысловай нарады. У склад гэтых утварэньняў уваходзілі кіраўнікі апэратыўных упраўленьняў — аддзелаў ОГПУ й паўнамоцнага прадстаўніцтва (ПП) ОГПУ.

Цыркулярам ад 1931 г. прадугледжваўся абавязковы ўдзел на паседжаньнях “тройкі” прадстаўніка ОГПУ. З Пастановы Прэзыдыюму ЦВК СССР ад 3 лютага 1930 г. ОГПУ дазволілі на час правядзеньня кампаніі па “ліквідацыі кулацтва” перадавяраць свае паўнамоцтвы пазасудовага разгляду справаў ПП ОГПУ ў рэспубліках, краёх і абласьцёх — з тым, каб пазасудовы разгляд справаў ажыцьцяўляўся з удзелам прадстаўнікоў аблвыканкамаў і пракуратуры.


Рэпрэсаваньне сялянства
У 1929 г. рэпрэсіўная машына была скіраваная пераважна супраць сялянства, што складала асноўную частку насельніцтва савецкае краіны — у тым ліку, і Беларусі. Да масавых рэпрэсіяў цалкам абгрунтавана можна аднесьці трагічнае па сваіх наступствах раскулачваньне. З канца 1929 г. да сярэдзіны 1930 г. у СССР “раскулачылі” больш за 320 тысяч сем'яў (ня менш як 2 мільёны чалавек), было сканфіскавана маёмасьці коштам больш чым на 400 мільёнаў рублёў. Паводле ацэнкавых зьвестак, у Беларусі ў 20-я—40-я гг. “раскулачылі” ня менш як 350 тысяч чалавек.

Масавае высяленьне партыйныя й савецкія органы тлумачылі зазвычай абвастрэньнем клясавае барацьбы ў вёсцы — прычым, усю віну за гэта партыйнае кіраўніцтва ўскладала толькі на кулакоў. Клясавая барацьба ў вёсцы сапраўды пачала абвастрацца ўжо ў 1928 г. Але гэта было зьвязана, найперш, з выкарыстаньнем надзвычайных захадаў з боку дзяржаўных органаў, з масавымі акцыямі мясцовых уладаў.

Тэрор абрынуўся й на значныя плясты заможных сераднякоў, якія толькі эпізадычна карысталіся паслугамі найманых працаўнікоў, ці не карысталіся імі наагул. Да траўня 1930 г. у рэспубліцы было раскулачана 15.626 сялянскіх гаспадарак — амаль што палова іхнай агульнай колькасьці. Пры гэтым, як змушаны былі прызнаць самі арганізатары раскулачваньня на ХІІІ зьезьдзе КП(б)Б, 2.395 зь іх, альбо 15,3 адсоткаў,— неабгрунтавана. Між тым, слова “кулак” на шмат гадоў сталася сынонімам слова “вораг”. Усялякія беззаконьні, чыненыя органамі НКВД з раскулачанымі, лічыліся апраўданымі.

Правядзеньне калектывізацыі паскоранымі тэмпамі падштурхоўвала да максымальна жорсткіх мэтадаў гвалту, што не магло ня выклікаць супраціву ў адказ, які меў, вядома, стыхійны, незарганізаваны характар, і быў, хутчэй, пасіўнай формай пратэсту. Прынамсі, пра арганізаваныя масавыя выступленьні на тэрыторыі Беларусі нічога не вядома й да сёньня. Хоць некаторыя выпадкі хаатычных выступленьняў былі ў Капыльскім, Лепельскім і іншых раёнах рэспублікі. Усе яны пацярпелі паразу ад рэгулярных частак Чырвонае Арміі й усе ўдзельнікі былі прылічаны да “ворагаў народа”.

У сувязі з рэзкім павелічэньнем колькасьці асуджаных, арганізацыя высылкі й разьмяшчэньня кантынгенту спэцперасяленцаў, што прыбывалі з цэнтру краіны, была ўскладзена на органы ОГПУ—НКВД. А паколькі “кулацтва ліквідалася як клас”, ОГПУ СССР у 1932 г. распрацавала Палажэньне “Пра кіраванне кулацкімі паселішчамі” й зацьвердзіла адпаведныя інструкцыі.

Камэндатурай у спэцпаселішчы прызначаліся упаўнаважаныя, альбо паселішчныя камэнданты. Ім надаваліся правы сельскіх Саветаў. У 1933   г. ОГПУ распрацавала інструкцыю “Пра меры ўздзеяння за самавольныя адлучкі з працы, паселішчаў і ўцёкі з месцаў рассялення”.

Самавольны зыход з працы ці з паселішча без дазволу на адны суткі разглядаўся як адлучка, а на тэрмін, большы за суткі,— як уцёкі зь месца высылкі. Калі гэтак здаралася паўторна, то падпадала адразу пад азначэньне — “уцёкі”. За ўцёкі ж, ці сыстэматычныя адлучкі, заводзілася крымінальная справа. Дастатковым для адкрыцьця крымінальнае справы зьяўляўся рапарт камэнданта, ці ўпаўнаважанага, які падаваўся ў адміністратыўнае ўпраўленьне. Паводле дадзенай інструкцыі, і пасьля вынясеньня прысуду ўсе асуджаныя па гэтай катэгорыі здымаліся з працаў і накіроўваліся “па этапу” на скрайнюю поўнач — у Туруханскі край (Ігарка). Практыка высяленьня людзей з родных мясьцінаў доўжылася й у наступныя гады.

У пэрыяд масавай калектывізацыі, з пастановаў паўнамоцных прадстаўнікоў ОГПУ ў БССР, судоў, рашэньняў Саветаў, дзясяткі тысяч жыхароў Беларусі прылічылі да “контррэвалюцыйнага кулацкага актыву” й выслалі за межы гістарычнае Радзімы. Частка зь іх засталася на поўначы цяперашняе Томскае вобласьці, астатнія — у шматлікіх лягерох Сіблягу НКВД, раскіданых па тэрыторыі Навасібірскай, Кемераўскай вобласьцяў, а таксама Краснаярскага й Алтайскага краёў. У выніку толькі гэтае акцыі ў паўночныя краі ў пэрыяд з 1929 да 1932 гг. саслалі звыш 100 тысяч беларускіх сялян. Частка зь іх загінула, асабліва ў першыя гады ссылкі, іншых — напаткаў 1937 г., частка зьбегла й здолела недзе асесьці. Але шмат каго спаймалі й адправілі на Калыму, у Ігарку ды шмат якія яшчэ месцы зьняволеньня.

Рэпрэсіўныя акцыі доўжыліся й пасьля завершаньня калектывізацыі. Сталін і ягонае атачэньне лічылі, што такім чынам можна пазбавіцца ад “непажаданых”. 20 красавіка 1933 г. СНК СССР прыняў Пастанову “Пра арганізацыю працоўных паселішчаў”. Галоўнае ўпраўленьне ОГПУ ўзяло на сябе абавязак зарганізаваньня гэтых паселішчаў. Але каго ж яшчэ можна было высяляць у 1933 г., калі, як падавалася, кулацтва зьліквідавалі?

Меркавалася караць (за зрыў і сабатаж хлебанарыхтовак і іншых кампаніяў) гараджан, што адмовіліся, у сувязі з пашпартызацыяй 1932—1933 гг., выяжджаць з Масквы, Менску й Ленінграду; зьбеглых зь вёсак, зьнятых з прамысловай вытворчасьці кулакоў, а таксама высланых у 1933 г. з мэтаю “ачысткі” дзяржаўных межаў, асуджаных органамі ОГПУ й судамі тэрмінам ад 3 да 5 гадоў улучна.

Тры разы кіраўнікі Сіблягу ОГПУ ў 1933 г. складалі плян дысьлякацыі новага кантынгенту сасланых. Першы раз адзначалася, што прыбудзе 340 тысяч чалавек, другі — 281 тысяча, і 21 чэрвеня 1933 г. на распараду краёвага зямельнага ўпраўленьня паслалі на расьсяленьне 248 тысяч чалавек. У Аляксандраўскі, Чаінскі, Бакчарскі, Калыванскі, Тэрвізкі, Тарскі раёны Заходне-Сібірскага краю адправілі каля 80 тысяч спэцперасяленцаў, што паходзілі з раёнаў РСФСР, Украіны, БССР. У раёнах Нарымскага краю прызначалася на разьмяшчэньне каля 150 тысяч чалавек.

Калі масавыя рэпрэсіі супраць сялянства пераўзышлі ўсе разнарадкі цэнтру, 8 траўня 1933 г. выйшла інструкцыя “Усім партыйна-савецкім супрацоўнікам ОГПУ, судоў і пракуратуры”, падпісаная Сталіным і Молатавым. У ёй канстатавалася, што неабгрунтаваныя масавыя арышты ў вёсцы ў 1933 г. усё яшчэ працягваліся. У шэрагу раёнаў — у тым ліку, і БССР — арышты праводзіліся старшынямі калгасаў, старшынямі сельсаветаў і сакратарамі партыйных ячэек.

“Не зьдзіўляе, што ў гэтай вакханаліі арыштаў — адзначалася на Пленуме Вярхоўнага суду СССР 14 красавіка 1933 г. — органы, сапраўды надзеленыя правамі арыштоўваць, у тым ліку, і органы ОГПУ, і — асабліва — міліцыі, губляюць усялякае пачуцьцё меры й часта неабгрунтавана арыштоўваюць, дзейнічаюць згодна з правілам “сьпярша арыштуй, а потым вядзі сьледзтва”.

1932 г. стаў новай трагічнай старонкай рэпрэсіяў у СССР. 7 жніўня 1932 г. ВЦВК і СНК СССР прынялі Закон “Пра ахову маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванне грамадскай сацыялістычнай маёмасці”. Гэты Закон прадугледжваў толькі адну меру пакараньня — расстрэл, і толькі ў выключных выпадках, пры зьмякчальных абставінах,— пазбаўленьне волі тэрмінам на 10 гадоў. Паводле зьвестак Вярхоўнага суду СССР, толькі судовымі органамі ў пэрыяд з 1933 да 1939 гг. асуджана 78.691 чалавек. Калі да гэтага дадаць асуджаных калегіяй ОГПУ СССР і паўнамоцнымі прадстаўнікамі ОГПУ ў рэспубліках, краёх і абласьцёх, то лічба перавысіць 540 тысяч чалавек.


Рэпрэсаваньнеінтэлігенцыі
Паралельна з рэпрэсіямі супраць сялянства карныя органы ў 1929—1933 гг. зьдзяйсьнялі акцыі, скіраваныя, найперш, супраць інтэлігенцыі.

У прамовах, артыкулах і заявах Сталіна пачатку 30-х гг. можна знайсьці нямала заклікаў да ўсеабдымнай працы са старой, “буржуазнай”, інтэлігенцыяй. Але справы Сталіна рашуча разыходзіліся зь ягонымі словамі. Па-першае, пад рэпрэсіі нярэдка падпадалі людзі, што не падзялялі камуністычных ці марксісцкіх поглядаў, хоць большасьць іх палітыкай наагул не займалася. Па-другое, у памкненьні ўскласьці на “буржуазных спецаў” усю адказнасьць за пралікі ў індустрыялізацыі й плянаваньні, Сталін і некаторыя ягоныя бліжэйшыя паплечнікі пачалі кампанію кампрамэтаваньня й разгрому значнае часткі беспартыйных спэцыялістаў, якія, дарэчы, ляяльна ставіліся да савецкае ўлады й стваралі немалыя выгоды за конт сваіх ведаў і вопыту.

Сталін непахісна ішоў да таталітарнага тэрору, але яму, хітраму й злоснаму чалавеку, патрэбныя былі “апраўдальныя” аргумэнты — перад партыяй, народам, гісторыяй. Гэтых аргумэнтаў якраз не было. А таму ён фальсыфікаваў іх, паміж іншага, з дапамогай палітычных працэсаў. Да ворагаў партыі й дзяржавы кіраўніцтва ВКП(б) прылічыла вялікую колькасьць эмігрантаў, што вярнуліся на Радзіму; замежных камуністаў, якія працавалі ў Камінтэрне й ягоных арганізацыях. Сюды ж трапілі й тыя, хто быў калісьці выключаны з партыі ці “пакрыўджаны” савецкай уладаю, а таксама тыя, хто калі-кольвек выказваў палітычныя сумневы.

Істотную групу перасьледаваных складалі чэкісты. Некаторых зь іх зьнішчалі таму, што тыя намагаліся хоць бы ўскосна сабатаваць злачынныя задумы, а іншыя, наадварот, ператварыліся ў ворагаў (Ягода, Фрыноўскі, Бэрман і іншыя) з тае прычыны, што шмат ведалі... На такіх людзей Сталін пазьней сьпісваў усе “перагібы”, перакручваньні, “шкодніцтва ў органах НКВД”.

Яшчэ адной асаблівасьцю гэтых працэсаў было імкненьне Сталіна ня проста фізычна зьнішчыць сваіх рэальных і патэнцыйных апанэнтаў, але папярэдне ачарніць іх, зьвінаваціць за прадажніцтва й здраду (почасту — зь іхных жа ўласных прызнаньняў). Усе тыя працэсы ёсьць беспрэцэдэнтным прыкладам самазьнявагі, саманагавору й самаасуджэньня.

Маральнае й фізычнае зьнішчэньне практычна ўсіх, хто намагаўся супрацьстаяць тэрору, бязмежная вера ў неабходнасьць ажыцьцяўленьня рэпрэсіўных актаў выключылі магчымасьць рэальнага супраціву беззаконьням 30-х гг. Гэта пацьвярджаецца, у прыватнасьці, тым, што ў архіўных матэрыялах пэрыяду 30-х гг. выяўляюцца найбольш тыповыя формы непрыняцьця рэпрэсіяў, супраціву ім.

Мелі месца выпадкі, калі асобныя супрацоўнікі ОГПУ—НКВД дапамагалі пазьбегнуць арышту, спрыялі арыштаванаму й ягонай сям'і ў цяжкіх жыцьцёвых абставінах. Вядома нават, што ўдавалася стварыць бачнасьць суровага допыту. Нельга, канечне, сьцьвярджаць, што ўсе гэтыя формы паводзінаў вызначаліся сьвядомым непрыманьнем рэпрэсіяў: шмат калі вырашальную ролю адыгрывалі маральнае пачуцьцё й асабістая сымпатыя да зьняволенага.

Скрайне рэдка сустракаліся факты адкрытага (і нават афіцыйнага) асуджэньня рэпрэсіўнае палітыкі — у тым ліку й з боку партыйных і савецкіх служачых, супрацоўнікаў НКВД, пракуратуры й г.д. Але такія формы асуджэньня рэпрэсіяў сканчаліся амаль заўсёды аднолькава — прычым, даволі хутка — асабістай сьмерцю спачувальніка. Таму ня дзівіць, што такіх людзей было зусім мала. Разважаньні ж пра прычыны слабога супраціву сталінізму з боку палітычных актыўных групаў у партыі носяць, канечне, папярэдні й, хутчэй, умоўны характар.

Для канчатковых меркаваньняў патрэбен спэцыяльны гістарычны пошук. Але, абапіраючыся на агульны досьвед пра эпоху, гэты пошук наўрад ці пахісьне ўпэўненасьць у асноўным, што ёсьць важным для разуменьня прыроды рэпрэсіяў 30-х гг. Сярод некалькіх мільёнаў людзей, падпалых за тым часам пад хвалю тэрору, тыя, каго рэпрэсавалі пазьней — за спробу супрацьстаяць таталітарнаму рэжыму,— былі выключэньнем, а не правілам.

У агульнай плыні рэпрэсіяў Беларусь не была адметнаю. У рэспубліцы канец 20-х—пачатак 30-х гг. быў “адзначаны” справамі пра шкодніцтва “контррэвалюцыйных і дыверсійна-шпіёнскіх арганізацыяў” ды іхных беларускіх філіялаў — “Прампартыі”, “Саюзнага бюро РСДПР (меншавікоў)” і іншых.

Пасьля забойства 1 сьнежня 1934 г. Кірава рэпрэсіі значна ўзмацніліся. Паводле Пастановы ЦВК і СНК СССР “Пра ўнясенне зменаў у існуючыя Крымінальна-працэсуальныя кодэксы саюзных рэспублік” ад 1 сьнежня 1934 г., сьледзтва па разглядзе справаў, зьвязаных з тэрарыстычнымі арганізацыямі, альбо з ажыцьцяўленьнем тэрарыстычных актаў супраць работнікаў савецкае ўлады, неабходна завяршаць за тэрмін ня больш як 10 дзён; зьвінаваўчыя акты ўручаць за адны суткі да разгляду справы ў судзе; слуханьне справаў праводзіць без удзелу бакоў; касацыйнае абскарджаньне прысуду, як і паданьне хадайніцтваў пра памілаваньне, не дапушчалася; прысуд да вышэйшай меры пакараньня мусіў выконвацца неадкладна пасьля яго вынясеньня.

У сьнежні 1934 г. ЦВК СССР прыняў таксама Пастанову “Пра разгляд справаў, што расследуюцца НКВД СССР і яго мясцовымі органамі”. Яна ўнесла зьмены ў парадак разгляду справаў, што тычацца контррэвалюцыйных злачынстваў. Калі раней яны разглядаліся толькі органамі ОГПУ—НКВД, то цяпер гэтае права надалі калегіям абласных судоў. Згодна з гэтай Пастановай, справы, што расьсьледаваліся органамі НКВД пра шпіянаж, дывэрсіі, з 1934 г. пачалі разглядацца Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР і вайсковымі трыбуналамі акругаў. Менавіта гэтымі заканадаўча абгрунтаванымі актамі замацаваліся масавыя беззаконьні ў цэнтры й на месцах, была створана “прававая база” для правядзеньня рэпрэсіяў.

Зь вясны 1936 г. — і гэта пацьверджана дакумэнтальна — плынь рэпрэсіяў пашырэла. У прыватнасьці, наркам нутраных справаў Г.Ягода 31 сакавіка 1936 г. накіраваў усім начальнікам рэспубліканскіх і абласных НКВД апэратыўную дырэктыву, у якой адзначалася: “Асноўнай мэтай нашых органаў насёння з'яўляецца неадкладнае выяўленне і поўнае знішчэнне ўсіх трацкісцкіх сілаў, іхных арганізацыйных цэнтраў і сувязяў, выяўленне, выкрыццё і рэпрэсаванне ўсіх трацкістаў-двурушнікаў”.

Новая разбуральная хваля масавых рэпрэсіяў абрынулася на нявінных людзей у 1937—1938 гг. Абвесьціўшы абарону сацыялізму ад ягоных ворагаў, Сталін дзейнічаў як злосны й вераломны вораг. Ніякі белы тэрор, ніякая вайна не ўчынілі столькі стратаў народу, як абарона асабістае абсалютнае ўлады.

Адной з даволі распаўсюджаных сярод некаторых былых партыйных кіраўнікоў 30-х гг. вэрсіяў пра “неабходнасць” рэпрэсіяў у краіне была наступная: Сталін добра ведаў людзей, якіх пакараў,— прытым, што тыя не былі шпіёнамі й шкоднікамі. Гэтыя зьвінавачаньні сфабрыкавалі дзеля апраўданьня рэпрэсіяў. Канечне, з пункту гледжаньня маралі й прававых нормаў дзеяньні Сталіна былі незаконныя. І ўсё ж яны былі, як меркавалі кіраўнікі, патрэбныя для далейшага разьвіцьця рэвалюцыі ў краіне: людзі, якіх Сталін зьнішчаў, валодалі вялікай уладай і папулярнасьцю.

Неабгрунтаванымі ёсьць апраўданьні масавых рэпрэсіяў, што дагэтуль зьяўляюцца ў друку, выключнай помсьлівасьцю Сталіна, асабістым ягоным разьбіральніцтвам з Молатавым, Бэрыем, Варашылавым, Кагановічам, Маленковым і іншымі — зь першым, другім, трэцім...

Такім чынам можна было зьнішчыць (фізычна й палітычна) дзясяткі, сотні, тысячы, але не мільёны людзей. Канечне, зьнішчэньне ў такіх маштабах мела, перадусім, яўна вызначаную палітычную скіраванасьць. Рэпрэсіі насілі ня вузкаасабовы й бессыстэмны, а менавіта палітычны характар. Сталін быў перакананы: для яго ідэя клясавае барацьбы ёсьць асноўнаю. Калі зьліквідавалі клясы паноў і капіталістаў, ён знайшоў яшчэ адну “клясу”, якую трэба было зьліквідаваць,— кулацтва. Нарэшце, зьліквідаваўшы й яго й застаўшыся бязь яўных ворагаў, Сталін вынайшаў тэорыю, згодна зь якой ворагі мусілі існаваць заўсёды.

Устаноўка на масавы тэрор узьнікла ў апараце НКВД не адвольна — сыгналам сталіся рашэньні (ад 5 сакавіка 1937 г.) Пленуму ЦК ВКП(б), што адбыўся у лютым—сакавіку. Сталін заклікаў адкінуць гнілую тэорыю, нібыта з кожным крокам наперад клясавая барацьба мусіць усё больш і больш загасаць.

Дзеля эфэктыўнага правядзеньня рэпрэсіўных акцыяў неабходна было стварыць адпаведную “грамадскую думку” шырокіх народных масаў. Бо маса мусіць верыць (і ў значнай ступені верыла) жахлівым вінавачаньням 1937 г.


Літаратура
1. Авторханов А. Технология власти // Вопросы истории. 1991. №1.

2. Антонов-Овсеенко А. Противостояние // Литературная газета. 1991. 3 апреля.

3. Бутенко А. О социально-философской природе сталинской власти // Вопросы философии. 1989. №3.

4. Ваксберг А. Процессы // Литературная газета. 1988. 4 мая.

5. Ваксберг А. Царица доказательств // Литературная газета. 1988. 27 января.

6. Викторов Б. Без грифа “секретно”. Записки военного прокурора. М., 1990.

7. Возвращение памяти. Историко-публицистический альманах. Новосибирск. 1991.

8. ГАРФ. ф.3316 , оп.2, д.1834; ф.7521, оп.1, д.124.

9. Гордон Л., Клопов Э. Что это было? Размышления о предпосылках и итогах того, что случилось с нами в 30—40-е годы. М., 1989.

10. Горинов М. Советская страна в конце 20-х—начале 30-х годов // Вопросы истории. 1990. №11.

11. Данилов В. Советская деревня глазами ВЧК—ОГПУ—НКВД, 1918—1922. М., 1998.

12. Земсков В. Кулацкая ссылка в 30-е годы // Социологические исследования. 1991. №10.

13. Конквест Р. Большой террор // Нева. 1989. № № 1—12.

14. Конквест Р. Жатва скорби // Вопросы истории. 1990. №1.

15. Коровин В. История отечественных органов безопасности. М., 1998.

16. Кузнецов И. Возвращение памяти. Мн., 1997.

17. Кузняцоў І. Канвэер сьмерці. Мн., 1997.

18. Лукашук А. За кіпучай чэкісцкай работай. Мн., 1997.

19. Мельгунов С. Красный террор в России. М., 1990.

20. Правда истории: память и боль. М., 1991.

21. Лубянка. ВЧК — КГБ. М., 1997.

22. Овчинникова Л., Строкинов А. Объявлены врагами народа // Комсомольская правда. 1989. 16 июля.

23. Они не молчали / / Сост. Афанасьев А. М., 1991.

24. Орлов А. Тайная история сталинских преступлений // Огонек. 1989. № № 46 — 51.

25. Попов B., Оттоков В. Бериевщина: исследуя судебные материалы // Военно-исторический журнал. 1991. №1.

26. Солоухин В. Читая Ленина // Родина, 1989. № 10.

27. Старков В. Из истории сопротивления режиму личной власти ( 30-е годы ) // Вестник высшей школы. 1990. №5.

28. Сувениров О. Наркомат обороны и НКВД в предвоенные годы // Вопросы истории. 1991. №6.

29. Уотт Д. Кто против кого устроил заговор?// Вопросы истории. 1989. №6.

30. Файнбург З. Не сотвори себе кумира... Социализм и “культ личности” (Очерки теории). М., 1991.

31. Цаплин В. Архивные материалы о числе заключенных в конце 30-х годов // Вопросы истории. 1991. №4.

Лекцыя 3. Тэхналёгія рэпрэсіяў

Плян:

1. Выканаўцы

2. Адладжаны канвэер


Выканаўцы
У 1937 г. ЦК ВКП(б) і СНК СССР зрабілі шэраг захадаў на ўзмацненьне ролі органаў бясьпекі. У прыватнасьці, у НКВД увялі вайсковыя званьні на тры ступені вышэйшыя, чым у Чырвонай арміі, заробную плату павялічылі адразу ў чатыры разы, што значна перавысіла суму, якую атрымлівалі працаўнікі й служачыя дзяржаўных установаў.

Прадугледзелі й тое, што за правядзеньне “апэрацыяў” супрацоўнікаў органаў маглі ўзнагародзіць баявымі ордэнамі й мэдалямі. У 1937 г. штаты саюзнага й рэспубліканскага НКВД, гарадзкіх і раённых аддзелаў Дзяржбясьпекі пашырыліся. Спэцыяльныя аддзелы былі створаныя на ўсіх буйных прадпрыемствах, установах, навучальных установах Беларусі. Пад кантроль НКУС падпалі й усе сярэднія прадпрыемствы, а таксама паркі, бібліятэкі, тэатры й г.д. Па ўсёй рэспубліцы стварылі шырокую сетку паведамнікаў і даносчыкаў, што працавалі з “добраахвотных намераў”. Адмысловыя справы былі заведзеныя практычна на ўсіх, хто працаваў на абарончых прадпрыемствах, будоўлі, чыгунцы.

Стварылі сыстэму зацьверджаньня кадраў. Яна прадугледжвала, што ўсе сакратары — ад ЦК да райкамаў партыі — зацьвярджаліся на гэтыя пасады толькі пасьля ўзгадненьня з органамі НКВД. І наадварот: працаўнікі НКВД прызначаліся на пасады пасьля зацьверджаньня адпаведнымі партыйнымі органамі. НКВД атрымаў неабмежаваныя паўнамоцтвы, замацаваныя перад гэтым як законамі, гэтак і, як правіла, падзаконнымі актамі.

“Прававая” падрыхтоўка да нязнаных дагэтуль рэпрэсіяў пачалася ў студзені 1937 г. Народны камісар юстыцыі М.Крыленка й Пракурор СССР А.Вышынскі 8 студзеня 1937 г. падпісалі цыркуляр, які пацьвярджаў: усе справы па контррэвалюцыйных злачынствах мусяць разглядацца без удзелу зьвінавачаньня й абароны. У сувязі з правядзеньнем масавых “апэрацыяў” дачынна былых кулакоў, сябраў “антысавецкіх” партыяў, белагвардэйцаў, жандараў і чынавенства царскае Расеі, крымінальнікаў, рээмігрантаў, удзельнікаў “антысавецкіх” арганізацыяў, царкоўнікаў і сэктантаў, згодна з загадам НКВД СССР ад 30 ліпеня 1937 г., быў зацьверджаны пэрсанальны склад абласных “троек”: старшыня — начальнік абласнога Ўпраўленьня НКУС, сябры — сакратар абласнога камітэту КП(б)Б і пракурор вобласьці.

Для далейшай актывізацыі дзейнасьці судовых і пазасудовых органаў 14 верасьня 1937 г. ЦВК СССР прыняў Пастанову “Пра ўнясенне ў дзейныя крымінальна-працэсуальныя кодэксы саюзных рэспублік зменаў па разглядзе справаў аб контррэвалюцыйным шкодніцтве і дывэрсіях”. Паводле гэтай Пастановы, касацыйнае абскарджаньне па справах аб злачынствах, прадугледжаных арт. 58-7 КК РСФСР і арт. 69-5 КК БССР (шкодніцтва), арт. 58-9 КК РСФСР і арт. 71 КК БССР (дывэрсія), не дапушчалася, а прысуды да вышэйшае меры пакараньня (расстрэл) выконваліся неадкладна.

Асабліва актывізавалася дзейнасьць НКУС БССР і абласных “троек” зь ліпеня 1937 г. Згодна з указаньнямі “зьверху”, на месцах складаліся сьпісы на ўвесь г.зв. контррэвалюцыйны элемэнт. Усьлед за гэтым у Беларусі, Заходне-Сібірскім краі й іншых рэгіёнах краіны пачаліся масавыя апэрацыі: арыштоўвалі людзей, фальсыфікавалі “контррэвалюцыйныя справы”. Сэнс гэтых акцыяў зводзіўся да “стварэньня” г.зв. “усесаюзных контррэвалюцыйных арганізацыяў”.

“Следзтвам па справе выкрытай і зліквідаванай контррэвалюцыйнай шпіёнска-дывэрсійнай паўстанцкай арганізацыі “Польская арганізацыя вайсковая” вызначана, што ў дзейнасьці паўстанцкай арганізацыі бралі ўдзел...” — гэтакія словы з пастановы на арышт былі ўпісаныя ў справы многіх тысяч палякаў і беларусаў, рэпрэсаваных у 1934—1938 гг.,— ня толькі на тэрыторыі Беларусі, але й у Маскве, Пяцігорску, Навасібірску, Томску, Краснаярску й шмат якіх іншых вялікіх і малых паселішчах усяго былога Савецкага Саюзу.

Практычна ўсіх іх зьвінавачвалі за арганізаваную змову супраць савецкай улады. Арганізацыйнай формай такой “змовы”, на думку працаўнікоў НКУС, мела быць нейкае падпольнае контррэвалюцыйнае ўтварэньне, пад непасрэдным кіраўніцтвам якога й зь непасрэднага ўказаньня мусілі дзейнічаць “ворагі народа” з польскімі й беларускімі прозьвішчамі. І зусім няважна, што такой арганізацыі насамрэч не існавала: яна была “створаная” ў нетрах НКУС.

Справа па “Польскай арганізацыі вайсковай” — адна з самых масавых пасьля “Расейскага агульнавайсковага саюзу” й “Саюзу вызвалення Расеі” — ёсьць яскравым прыкладам лінейных арыштаў з прычыны нацыянальнай прыналежнасьці. Філіі арганізацыі “ствараліся” органамі НКВД, у абсалютнай большасьці,— ня толькі ў цэнтральных раёнах краіны, але й у Заходне-Сібірскім краі, Усходняй Сібіры, на Ўрале. Тым больш, што складанасьцяў тут не было: адсотак жылых там палякаў і беларусаў (іх у першую чаргу ўлучалі ў “расстрэльныя сьпісы”) быў дастаткова высокі: гэтаму паспрыяла перасяленьне іх у Сібір пры канцы мінулага — пачатку цяперашняга стагодзьдзя.

Прэамбуля вінавачаньняў заўсёды заставалася нязьменнай — мяняліся толькі прозьвішчы й назвы населеных пунктаў, ды яшчэ “факты” й “прыклады” варожай дзейнасьці.

“На допытах высвятлялі, дзе працаваў чалавек, чым займаўся, ці былі факты пажараў, атручвання скаціны і г.д. Атрымаўшы адказы на гэтыя пытанні, абвінавачаным штучна прыпісвалі учыненне тых ці іншых актаў шкодніцкай альбо дыверсійнай дзейнасці...” — (Зь сьведчаньняў ад 27 жніўня 1957 г. былога супрацоўніка Навасібірскага НКВД, ураджэнца Менскае губэрні Філіповіча С.) І яшчэ. У справах па “Польскай арганізацыі вайсковай” былі адметнасьці, што розьняць іх ад усіх астатніх: амаль усе яны былі групавыя. Згадаем хаця б лёс жыхароў вёскі Беласток Крывашэінскага раёну Заходне-Сібірскага краю, дзе за адну ноч у сьнежні 1937 г. арыштавалі ўсіх мужчын ува ўзросьце ад 16 да 70 гадоў... Назад вярнулася ўсяго некалькі чалавек.

І, можа, ня варта было б казаць пра гэтыя мітычныя цэнтры й камітэты не існуючай “Польскай арганізацыі вайсковай”, калі б за імі не стаялі рэальныя чалавечыя лёсы. Лёсы людзей з рознымі перакананьнямі, поглядамі, складзенымі жыцьцямі, але з аднолькавым фіналам — сутарэньнямі НКВД і кулямі ў патыліцу. З архіўна-сьледчымі справамі некаторых “сябраў” гэтае арганізацыі ўдалося пазнаёміцца — і такім чынам больш падрабязна пазнаць іхны жыцьцёвы шлях.

Сыну патомнага шляхціча з Гарадзенскае губэрні Аляксандру Сасенку лёсам было наканавана стаць вайскоўцам: ягоны дзед быў вайскоўцам, бацька ў расейскага цара даслужыўся да падпалкоўніка.

Перад Першай усясьветнай вайной Аляксандру споўнілася 17 гадоў. Атрымаўшы блаславеньне бацькоў, паступіў вольнаслужылым у 99-ы Іванагародзкі пяхотны полк і быў накіраваны на фронт. Потым рэвалюцыя, вогненныя дарогі грамадзянскае вайны. У пачатку 20-х гг. Аляксандар служыць у частках польскага войска, што знаходзіліся ў Баранавічах і Берасьці. Але раненьні й кантузія давалі пра сябе знаць. У 1923 г. яму давялося дэмабілізавацца з войска. Жонка Лідзія, расейка з паходжаньня, моцна сумавала па родных, што засталіся ў Савецкай Расеі. Пасьля доўгіх ваганьняў вырашылі вярнуцца ў Расею, да сваякоў жонкі.

У часе пераходу мяжы А.Сасенку арыштавалі й Камітэтам АДПУ БССР засудзілі па артыкуле 66 да 3 гадоў канцлягероў. Пасьля адбыцьця тэрміну на Салаўкох, у 1927 г., яго накіравалі ў ссылку ў Нарымскую акругу Заходне-Сібірскага краю. Жыў Сасенка ў паселішчы Каргасок, у тайзе, а з 1932 г. — у горадзе Калпашава, дзе працаваў мэханікам-матарыстам на мясцовай электрастанцыі.

“Як выяўлена следзтвам, “Сібірскі камітэт Польскай арганізацыі вайсковай” атрымаў адпаведнае заданне ад 2-га аддзела польскага галоўнага штаба, разгарнуў у Сібіры шырокую вярбоўчую працу і распачаў арганізацыю паўстанцкіх легіёнаў — да непасрэднай падрыхтоўкі ўзброенага паўстання. Сябрам “Сібірскага камітэту” Сасенкам распрацаваны план узброенага паўстання, які прадугледжваў наступнае: легіёны пачынаюць выступ адначасна ў момант ваеннага нападу на СССР з боку Польшчы, Нямеччыны і Японіі; у момант паўстання паўстанцкія атрады легіянераў павінны разграміць партыйна-савецкія арганізацыі; абяззброіць міліцыю, ахову прадпрыемстваў, партыйна-савецкі актыў; выкарыстаць здабытую зброю на ўзбраенне паўстанцкіх атрадаў... Разам з актыўнай падрыхтоўкай да збройнага чыну ўдзельнікі “ПАВ” на тэрыторыі Нарымскай акругі займаліся шпіёнска-дыверсійнай дзейнасцю, сістэматычна збіралі звесткі шпіёнскага характару, якія сканцэнтроўваліся ў руках агента польскага галоўнага штабу Сасенкі,— і ўжо ён перадаваў усё дазнанае польскім выведным органам...” (Зь вінаваўчага заключэньня ад 3 кастрычніка 1937 г. па справе № 7138 на 19 удзельнікаў “ПАВ”.)

Арыштавалі Аляксандра Сасенку 11 жніўня 1937 г. Пасьля папярэдняга допыту ў Калпашаве накіравалі ў Навасібірск. Грунтоўна “апрацаваны” спэцыялістамі свае справы, А.Сасенка “прызнаўся”, што ў 1924 г. быў нелегальна перакінуты ў СССР з спэцыяльнымі заданьнямі польскіх органаў выведкі.

З Пастановы Асабовай нарады НКВД СССР ад 20 кастрычніка 1937 г. яго выраклі да расстрэлу. 5 лістапада прысуд быў выкананы.

Дзеля аднаўленьня праўды пра лёсы ўраджэнцаў Беларусі шмат зрабіў наш зямляк — сібірскі дасьледнік Васіль Ханевіч. Вынікам ягонай шматгадовай пошуковай дзейнасьці стаўся выхад у сьнежні 1993 г. у выдавецтве “Томский вестник” кнігі “Беластоцкая трагедыя”. У ёй падаюцца ўспаміны ўдзельнікаў і сьведак тых трагічных падзеяў, распавядаецца пра лёс ня толькі рэпрэсаваных ураджэнцаў Гарадзенскае губерні, але й іхных катаў.


Адладжаны канвэер
Канвэер працаваў спраўна. Калі заканчвалася “сыравіна”, дастаўляліся новыя партыі. Нібыта вялікая мясарубка перамолвала жыцьці тысяч людзей. ”Ворагаў народа” стваралі штучна. Калі ж колькасьць іх зьмяншалася, пачыналіся г.зв. “маскаваныя” рэпрэсіі. Галоўным чынам яны прыпалі на другую палову 1937 г. і пачатак 1938 г. На месцах арыштоўвалі й тут жа расстрэльвалі, найперш, прадстаўнікоў некарэнных нацыянальнасьцяў і тых, хто паходзіў зь іншых рэгіёнаў. Гэтакім чынам падтрымліваўся міт пра ўсеагульнае распаўсюджаньне варожай дзейнасьці.

Абласныя й гарадзкія ўпраўленьні НКУС атрымлівалі разнарадкі на выкрыцьцё зададзенай колькасьці “ворагаў народа”. Рознымі шляхамі — у тым ліку, і з выкарыстаньнем загадзя назьбіраных даносаў сакрэтнымі паведамнікамі й грамадзкімі “памагатымі”, тэрмінова атрыманых “прызнаўчых” паказаньняў раней арыштаваных і г.д. — стваралі сьпісы ўжо канкрэтных людзей пад “разнарадку”. Затым іх арыштоўвалі.

А пачыналася ўсё зазвычай такім чынам: цэнтар даваў разнарадку на выкрыцьцё вызначанай колькасьці “ворагаў народа”, на гэтай падставе, прыкладам, УНКВД па Заходне-Сібірскім краі давала адпаведныя “заданні” па раёнах і чакала ў чарговым месяцы ці квартале новых “дакладных” лічбаў. Напрыклад, Томскі гараддзел НКВД ад УНКВД па Заходне-Сібірскім краі штомесяц атрымліваў кантрольныя лічбы на 3—5 тысяч чалавек. Зь іх ня менш за 60 адсоткаў меркавалася асудзіць па першай катэгорыі — г.зн. расстраляць.

Існавалі спэцыяльныя блянкі для справаздач. Усё там было расьпісана: колькі, зь якіх плястоў насельніцтва “забраць”, якіх нацыянальнасьцяў, асобна — вайскойцаў, служак культу й г.д. Справа даходзіла да таго, што ў агульную колькасьць адзначаных у разнарадцы асоб, якіх належала арыштаваць, адразу ўлучаліся й тыя, каго мусілі расстраляць. “Перавыканаць” норму дазвалялася, а за невыкананьне пагражала пакараньне. Таму шырока практыкавалася расстрэльваць арыштаваных у “адпаведным” месцы — у лесе, у яры, на кладаўі, а потым, ужо ад прамінулага дня, афармлялі справы з “прызнаўчымі” паказаньнямі.

“У жніўні 1937 г. начальнік Томскага гараддзела НКВД І.Аўчыннікаў выклікаў мяне да сябе ў кабінет і спытаў, колькі справаў скончылі я і мае сьледчыя. Я адказаў, што пакуль яшчэ ніводнай справы не скончана, таму што ўмоваў для следчай працы не створана, дый часу яшчэ недастаткова (прайшло 7—10 дзён). Аўчыннікаў даў мне тэрміну пяць дзён і папярэдзіў, каб за гэты тэрмін ад нас паступіў шэраг справаў. На працягу пяці сутак адзін ці два следчыя атрымалі прызнаўчыя паказанні: здаецца, двух звінавачаных за антысавецкую дзейнасць. Але поўнасцю скончыць, зноў-такі, ніводнай справы не атрымалася. Пра гэта я даклаў Аўчыннікаву. Выслухаўшы мяне, Аўчыннікаў нецэнзурна вылаяўся, назваў мяне апартуністам і паабяцаў расправіцца са мной, калі я буду сабатаваць мерапрыемствы партыі і ўраду. Тады ён заявіў мне прыкладна так: “Ты — апартуніст, ты не жадаеш весці барацьбы з контррэвалюцыяй. Я пра цябе так напішу ў характарыстыцы, распраўлюся, як бог з чарапахаю, што табе на зямлі месца не будзе. У нас у гараддзеле адзін следчы дае па 10 справаў на дзень, а ад цябе і тваіх следчых на працягу дзесяці дзён не паступіла ніводнай справы. Калі так будзе доўжыцца і надалей, я пастаўлю пытанне перад начальнікам УНКВД...” (З паказаньняў былога начальніка Кажэўнікаўскага райаддзелу НКВД Д.Салтымакава 24 верасьня 1956 г.)

Дзеля актывізацыі гэтае “працы” паміж гарадзкімі й раённымі аддзеламі НКВД разгарнулі “сацыялістычнае спаборніцтва” — хто больш арыштуе “ворагаў народа” па адзначаных катэгорыях. З вынікаў за 1937 г. сярод гараддзелаў НКВД Заходне-Сібірскага краю пераможцам стаў Томскі гараддзел, а ягонага начальніка, капітана Дзяржбясьпекі І.Аўчыньнікава, узнагародзілі ордэнам Леніна. Сярод гараддзелаў НКУС БССР першае месца заняў Слуцкі — на чале зь лейтэнантам Дзяржбясьпекі Тараканавым.

За мэту рэпрэсіяў было, канечне, ня толькі ізаляваньне й зьнішчэньне людзей. Трэба было катаваньнем зламіць іхную волю, змусіць даць хлусьлівыя паказаньні ў зьдзяйсьненьні “контррэвалюцыйных злачынстваў” — назваць сябе “ворагамі народа”. Калі б сьледзтва прытрымлівалася законных мэтадаў і формаў,— гэта ня сталася б магчымым. Таму Сталін ад імя ЦК ВКП(б) санкцыянаваў ужываньне фізычных мэтадаў узьдзеяньня, пра што сьведчыць шыфраваная тэлеграма, накіраваная 10 студзеня 1939 г. сакратаром абкамаў, крайкамаў, начальнікам Упраўленьняў НКВД. У ёй, у прыватнасьці, сьцьвярджалася: “ЦК ВКП(б) тлумачыць, што ўжыванне фізічнага ўздзеяння ў практыцы НКВД было дапушчанае з 1937 г. з дазволу ЦК ВКП(б)... ЦК ВКП(б) лічыць, што метад фізічнага ўздзеяння мусіць абавязкова ўжывацца і надалей...”.

Зразумела, катаваньні не адразу ўвайшлі ў практыку НКВД. Гэта быў паступовы й пасьлядоўны працэс. Зьбіцьцё вязьняў, сьледчы “канвэер”, пазбаўленьне сну, катаваньні сьпякотай і холадам, голадам і смагай — усе гэтыя мэтады даволі шырока выкарыстоўваліся яшчэ ў гады грамадзянскае вайны. Менш жорстка абыходзіліся, аднак, органы ОГПУ—НКВД з арыштаванымі камуністамі: да вясны 1937 г. спэцыяльна адабраныя сьледчыя катавалі толькі асобных зь іх.

Дзякуючы шматлікаму апарату НКВД, машына тэрору спраўна працавала. Людзі, што служылі там, былі розныя, і таму нясуць розную адказнасьць за злачынствы, зьдзейсьненыя таталітарным рэжымам. Адныя добра разумелі, што перад імі — ня ворагі, а нявінна пацярпелыя, і намагаліся хоць нечым дапамагчы арыштаваным. Затое пасьля яны самі рабіліся ахвярамі. Іншыя ведалі, каму яны служаць, супраць каго змагаюцца, і стараліся выбіваць патрэбныя паказаньні любым коштам.

Што рабіла абсалютную большасьць працаўнікоў НКВД садыстамі? Што прымушала іх пераступіць усе законы й нормы чалавечнасьці? Галоўная прычына — страх аказацца ў становішчы вязьня. Гэты страх прышчамляў усе іншыя пачуцьці. Да таго ж, у органы НКВД адбіралі адмыслова. Больш гуманных адсейвалі, самых жорсткіх і недасьведчаных — пакідалі.

Напрыклад, ураджэнец Менскае губэрні начальнік Ямальскага акраддзелу НКВД А.Бажданкевіч пад час выкананьня прысудаў арганізоўваў папойкі супрацоўнікаў за кошт сродкаў, сканфіскаваных у засуджаных да расстрэлу (іншая частка гэтых сродкаў ішла на аплату паведамнікаў), трымаў арыштаваных на допытах па некалькі гадзін у пазыцыі “сьмірна”; арыштаваным жонкам у прысутнасьці мужоў прымушаў выдзіраць валасы з палавых органаў; учыняў доўгі канвэерны допыт цягам некалькіх сутак; саджаў вязьняў на рэбра ножак табурэтаў; уцягваў падсьледных у гонку “гусіным крокам”, пакуль тыя ня страчвалі прытомнасьці; рыхтаваў пратаколы допытаў шляхам папярэдняга напісаньня іх на чарнавіку, затым выпраўленьняў (дапісвалася: шпіянаж, дывэрсія), перадруку на машынцы й змушэньня, з пагрозаю пісталетам, да падпісаньня. Ён жа практыкаваў на допытах катаваньне з дапамогаю адмыслова зробленай папяровай трубкі: крычаў у вушы падсьледнага да таго часу, пакуль той не губляў розуму...

За зьдзейсьненыя злачынствы А.Бажданкевіча ў 1938 г. засудзілі Вайсковым трыбуналам НКВД да пяці гадоў пазбаўленьня волі, а ў 1940 г. — вызвалілі. Гэта адно пералік мэтадаў, актыўна карыстаных супрацоўнікамі органаў НКВД ад Берасьця да Ўладзівастоку.

У справе зьліквідаваньня кіроўных кадраў усіх узроўняў органамі НКВД ужывалася пераважна два мэтады.

Першы — “зьверху ўніз”: у шэрагу раёнаў і гарадоў на падставе сфабрыкаваных у Менску, ці нават у Маскве, паказаньняў “ворагаў народа” цягам 2—3 дзён рэпрэсавалі кіраўніцтва рэспубліканскага ці абласнога маштабаў. Затым арыштоўвалі працаўнікоў выканкамаў. Лічылася, што “ворагі народа” й “шпіёны”, што ачольвалі рэспубліканскія, абласныя й раённыя арганізацыі, змаглі ўсюды “насадзіць” свае “агентуры”.

Другі — “зьнізу ўверх”: арышт некалькіх шэраговых камуністаў і беспартыйных супрацоўнікі НКУС узгаднялі зь першым сакратаром ЦК ці абкаму КП(б), а затым, празь іх ужо, “выходзілі” на кіроўны склад. Якія-кольвечы спробы кіраўнікоў даказаць, што іхныя падначаленыя — ня ворагі, ацэньваліся ўжо не як звычайная няпільнасьць, але як абарона “ворагаў народа”.

Паўстае, аднак, пытаньне: якім чынам органы НКВД змушалі зьвінавачаных публічна паклёпнічаць на сябе й на шмат каго іншага, выдумляць нядзейныя арганізацыі й прызнавацца ў няробленых злачынствах? Канечне, катаваньнем ды іншымі сродкамі незаконнага ціску на арыштаваных. Пацьверджаньнем гэтаму ёсьць практычна ўсе паказаньні працаўнікоў НКВД, якія самі патраплялі пазьней пад сьледзтва.

Як паказвае аналіз, большасьць арыштаваных у 1937—1938 гг. усё ж такі ня вытрымалі допытаў і падпісалі сфальсыфікаваныя пратаколы, “прызналіся” ў розных злачынствах, якіх ніколі не зьдзяйсьнялі. Некаторыя прычыны гэтага можна растлумачыць:

а) адразу ж пасьля арышту ўсчынаўся актыўны ціск на нявольніка. Спачатку вэрбальная апрацоўка (словам) з захаваньнем некаторай долі ветлівасьці; затым — крык, лаянка, прыніжэньні й зьнявагі; затым — замацаваньне атрыманых “дасягненьняў”: арыштаванага пераконвалі, што цяпер немагчыма павярнуць назад, што ўратавацца ён можа толькі “чыстасардэчным” пакаяньнем;

б) калі падсьледны мусіў апынуцца перад судом, — а многіх, як правіла, засуджвалі завочна розныя несудовыя органы — зь ім праводзілі дадатковую працу, своеасаблівую рэпэтыцыю суду;

в) арыштаванага апрацоўвалі пастаянна: у камэры, кабінэце сьледчага й г.д. Адных застрашвалі, іншых угаворвалі, трэцім нешта абяцалі, дачынна чацьвёртых ужывалі сукупнасьць розных мэтадаў. Але галоўнае — вязьня адразу пазбаўлялі магчымасьці абараняцца;

г) атмасфэра ўнутрытурэмна-сьледчага тэрору стварала безнадзейныя настроі. Шмат хто зь вязьняў лічыў супраціў бессэнсоўным, абарону — немагчымай. А таму адразу ж падпісвалі ўсё, што ім падсоўвалі. Пры гэтым тварылася нечуванае ў сьледчай практыцы зьявішча: бакі мірна дамаўляліся пра “злачынствы” й “меры пакараньня”.

Матэрыялы архіўна-сьледчых справаў, успаміны рэпрэсаваных дазваляюць сьцьвярджаць: дзеля атрыманьня патрэбных паказаньняў працаўнікі НКВД найбольш шырока выкарыстоўвалі ў сьледчай практыцы сыстэму канвэернага допыту да 7—8 сутак; начныя допыты й шматразовыя выклікі да сьледчага; прыводы сваякоў у якасьці закладнікаў; удары псыхалягічным кантрастам; накіраваньне ў вочы сьвятла ад моцнай электралямпы; выкарыстаньне мэтадаў “ножнаў” і “стулу”; зьмяшчэньне арыштаваных у нішу стоячы; пагрозы зброяй; харканьне ў рот... Межаў “вынаходніцтва” НКВД па арганізацыі сыстэмы допытаў з выкарыстаньнем самых вытанчаных спосабаў фізычнага й маральнага ўзьдзеяньня не было.

Па адным узоры ў пэрыяд з 1937 г. да 1938 г. сфабрыкавалі справы на дзясяткі тысяч жыхароў рэспублікі й іншых раёнаў краіны. Калі масавыя рэпрэсіі прынялі пагражальныя маштабы, паводле асабістага ўказаньня Сталіна ў канцы 1938 г., кіраўніцтва НКВД СССР і шэраг начальнікаў НКВД рэспублік і вобласьцяў былі зьвінавачаны за масавыя арышты й парушэньні сацыялістычнае законнасьці.

Пад непасрэдным кіраўніцтвам наноў прызначанага наркама НКВД Л.Бэрыі ў цэнтры й на месцах дзеля стварэньня бачнасьці “аднаўленьня законнасьці” праводзіліся арышты “ворагаў народа”, што працавалі ў органах НКВД. З гэтай мэтаю ў 1939 г. сфабрыкавалі справу пра г.зв. “антысавецкую змоўніцкую арганізацыю”, якая дзейнічала ў сыстэме НКВД. У кіроўны “цэнтар” гэтае арганізацыі паставілі наркама нутраных справаў Украіны А.Усьпенскага. Сябраў “арганізацыі” зьвінавацілі за тое, што яны, нібыта, засланялі ад выкрыцьця й разьбіцьця праватрацкісцкія ды іншыя антысавецкія кадры, праводзілі масавыя арышты невінаватых грамадзян, фальсыфікавалі матэрыялы й дамагаліся ўжываньня рэпрэсіяў да арыштантаў.

Наагул, да крымінальнай адказнасьці за пэрыяд з 1938 г. да 1939 г. было прыцягнута ня больш за 1 адсотак працаўнікоў НКВД рэспубліканскага й абласнога маштабу. Нязважна на гэта, цяперашнія чэкісты не забываюць падкрэсьліць: больш за 20.000 тысяч супрацоўнікоў органаў НКВД сталіся ахвярамі неабгрунтаваных рэпрэсіяў “у барацьбе супраць парушэнняў сацыялістычнае законнасці”. Праўда, не ўдакладняецца, што да таго, як іх рэпрэсавалі, тыя спраўна круцілі кола рэпрэсіўнае машыны — і нясуць адказнасьць за крывавыя злачынствы.

У тыя гады актыўна арыштоўвалі й сваякоў асуджаных. У сувязі з гэтым народны камісар юстыцыі СССР 16 студзеня 1938 г. падпісаў загад “Пра недапушчальнасць звальнення з працы асобаў па матывах сваяцкіх дачыненняў з арыштаванымі за контррэвалюцыйныя злачынствы” — і ўжо на 1 студзеня 1939 г. перагледзелі справы 1.175.998 чалавек, засуджаных у 1936—1937 гг. Дазнацца пра дакладную колькасьць такіх асобаў цяпер немагчыма: да 1942 г. гэтая катэгорыя засуджаных у судовай статыстыцы ня ўлічвалася. Зыходзячы з аналізу дадзеных Вярхоўнага Суду СССР, Вайсковай калегіі Вярхоўнага суду СССР, мяркую, што за пэрыяд 1937—1939 гг. гэтая лічба па СССР перавышала мільён, а па БССР — была ня меншай за 90 тысяч чалавек.

Хваля масавых рэпрэсіяў, распачатых у 1937 г., пачала спадаць з другое паловы 1938 г. Паступленьне справаў, зьвязаных з контррэвалюцыйнай дзейнасьцю, паменшылася (у прыватнасьці, па БССР) у сярэднім на 30—40 адсоткаў пасьля таго, як НКВД СССР распарадзіўся прыпыніць масавыя акцыі па выкрыцьці “ворагаў народа”.

Разам з Савецкай уладай на Заходнюю Беларусь, далучаную да БССР, прыйшлі й сталінскія парадкі. Пакаціліся масавыя рэпрэсіі супраць новых “ворагаў народа” — зь ліку мясцовых жыхароў заходніх вобласьцяў. Зь лістапада 1939 г. пацягнуліся ў Сібір эшалёны з дэпартаванымі жыхарамі заходняе часткі рэспублікі. У ліку першых пад рэпрэсіі падпалі асаднікі — афіцэры ў адстаўцы й унтэр-афіцэры польскага войска. 5 сьнежня 1939 г. СНК СССР прыняў Пастанову пра высяленьне гэтае катэгорыі грамадзян у Сібір, Казахстан і іншыя аддаленыя раёны краіны. На канец 1939 г. НКУС БССР узяло на ўлік 8.000 гаспадарак асаднікаў — агульнай колькасьцю 45.409 чалавек.

Зь верасьня 1939 г. у органаў НКУС Беларусі “працы” зноў пабольшала: эшалёны з дэпартаванымі жыхарамі Заходніх вобласьцяў Беларусі пацягнуліся на Ўсход. У зьвязку з гэтым толькі ў Сібіры апынулася больш за 60.000 беларусаў, палякаў, гэбраяў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў. З улікам грамадзян, рэпрэсаваных пазасудовымі й судовымі органамі адміністратыўным парадкам, гэтая лічба перавышае 85 тысяч чалавек. Вывучэньне архіўных дакумэнтаў і матэрыялаў органаў бясьпекі, МУС, судоў і пракуратуры Расейскае Фэдэрацыі дазваляе зрабіць папярэднюю выснову, што на тэрыторыі Заходне-Сібірскага краю (цяпер Навасібірская, Кемераўская й Томская вобласьці) у пэрыяд 30-х гг. толькі судовымі органамі было рэпрэсавана ня менш за 25—30 тысяч ураджэнцаў Беларусі.

Мне давялося аналізаваць дадзеныя на ўраджэнцаў Беларусі, рэпрэсаваных у 30-я гг. на тэрыторыі Томскае вобласьці. Атрымліваецца наступнае: галоўны ўдар скіравалі супраць сялян і рабочых (да 64 адсоткаў); асноўная матывацыя арыштаў (дзевяць чалавек зь дзесяці) — зьдзяйсьненьне “контррэвалюцыйных злачынстваў”; да 70 адсоткаў грамадзян было асуджана ў 1937—1938 гг.; кожнага восьмага зь дзесяці асуджаных расстралялі; мінімальны тэрмін зьняволеньня — пяць гадоў — атрымалі ня больш за 2 адсоткі арыштаваных.

Першая масавая апэрацыя па высяленьні асаднікаў пачалася 10 лютага 1940 г. У выніку за межамі БССР аказаліся 50.732 чалавекі. Другая акцыя была зарганізавана 13 красавіка 1940 г. За межы рэспублікі выслалі 26.777 чалавек. Калі праводзілася гэтая акцыя, не засталіся ў баку й партыйныя органы. 8 красавіка 1940 г. сакратаром абкамаў КП(б)Б у Баранавічы, Беласток, Берасьце, Вілейку, Пінск накіравалі тэлеграмы Бюро ЦК КП(б)Б наступнага зьместу:

13 апреля с.г. органы НКВД будут проводить выселение семей репрессированных помещиков, офицеров, полицейских и др. ЦК КП(б)Б обязывает вас обсудить на закрытом заседании обкома партии доклад начальника областного НКВД и определить все необходимые мероприятия по оказанию помощи органам НКВД в проведении операции”.

Секретарь ЦК КП(б)Б Пономаренко


29 чэрвеня 1940 г. органы НКУС правялі трэцюю дэпартацыю ў аддаленыя раёны СССР. Яна закранула вялікую колькасьць бежанцаў, што шукалі ратунку ад гітлераўскага тэрору ў Польшчы. Усяго ў гэты дзень зь пяці заходніх вобласьцяў рэспублікі выселілі 22.879 чалавек.

Чацьвёртая масавая дэпартацыя з заходніх вобласьцяў была праведзеная 19—20 чэрвеня 1941 г. — за два дні да пачатку вайны. Гэтым разам рэпрэсавалі яшчэ 24.412 чалавек.

Згодна з дадзенымі НКВД СССР, з кастрычніка 1939 г. да чэрвеня 1940 г. у заходніх абласьцёх рэспублікі выявілі й зьліквідавалі 109 г.зв. падпольных паўстанцкіх арганізацыяў, што складаліся з 3.231 удзельніка.

Крывавы сьлед пакінулі па сабе органы НКУС на тэрыторыі заходніх вобласьцяў рэспублікі. Колькі яшчэ невядомых могільнікаў раскідана ад Менску да Берасьця? Адзін зь іх знайшлі ў лістападзе 1994 г. у Вялейцы, якая ў тыя гады была абласным цэнтрам. Адной з галоўных “славутасьцяў” гораду зьяўлялася нутраная турма, што магла зьмясьціць 210 вязьняў (для разьмяшчэньня “ворагаў народа” на тэрыторыі вобласьці стварылі 7 турмаў). Але, адпаведна з актам праверкі ад 14 траўня 1940 г., у вялейскай турме знаходзілася 910(!) вязьняў, зь якіх да НКУС прылічвалася 854.

Калі памятаць, што зь ліку арыштаваных, справы якіх разглядалі пазасудовыя органы, да вышэйшай меры пакараньня ў тагачаснай БССР прыгаворвалі ня менш за 45 адсоткаў, то можна меркаваць: у Вялейцы зь верасьня 1939 г. да чэрвеня 1940 г. расстралялі ня менш за тысячу чалавек.

Сотні жыхароў Вялейкі й тагачаснай вобласьці да гэтага часу лічацца зьніклымі бязь вестак у першыя дні вайны — г.зн. да акупацыі гораду. Куды яны маглі зьнікнуць? Пра лёс іхны можна даведацца з радкоў пратаколу паседжаньня Бюро ЦК КП(б)Б ад 22 чэрвеня 1941 г.:

Слушали: о заключённых, содержащихся в тюрьмах западных областей, приговорённых к ВМН.

Постановили: поручить тт. Ценаве и Матвееву передать директиву об исполнении приговоров в отношении осуждённых к ВМН, содержащихся в тюрьме западных областей БССР”.

А які лёс напаткаў афіцэраў польскага войска?

Згодна з указаньнем Бэрыі, яны былі сканцэнтраваныя ў Старабельскім (Варашылаўградзкая вобласьць), Асташкоўскім (выспа Столбны, возера Селігер) і Казельскім (Смаленская вобласьць) лягерох.

Падаюць розны лік ваеннапалонных гэтае катэгорыі: у сярэднім — каля 15 тысяч чалавек. Савецкае кіраўніцтва не зьбіралася вызваляць іх з палону, як пазьней зрабілі немцы. Яно зыходзіла з таго, што гэтыя 15 тысяч чалавек — афіцэры, інтэлігенты, сьвятары — зьяўляліся вайсковай і інтэлектуальнай элітай польскай нацыі. Калі б яны аказаліся на волі, абавязкова сталі б арганізатарамі й актывістамі антыфашысцкага й антыкамуністычнага супраціву. Натуральна, гэтакі варыянт Сталіна й Бэрыю не задавальняў.

Першапачаткова меркавалася перадаць афіцэраў польскага войска немцам. Апошнія нават збудавалі на тэрыторыі генэрал-губэрнатарства некалькі спэцыяльных лягероў. Але, у рэшце рэшт, у сталінскім атачэньні перамагла думка, што іх трэба зьнішчыць. Цяпер ужо вядома, што санкцыю на зьнішчэньне тысяч невінаватых людзей дало ў 1940 г. Палітбюро ЦК ВКП(б), а прысуд непасрэдна вынесла Асабовая нарада НКВД СССР.

Няма ніякіх сумневаў: вынішчалі інтэлігенцыю. Прычым, у Катыні пахаваныя толькі тыя афіцэры, што знаходзіліся ў Казельскім лягеры. Дзе завершыўся хросны шлях іхных таварышаў зь лягероў у Старабельску й Асташкаве, не было вядома да апошняга часу. Насёньня выяўлены і месцы іх пакараньня, і месца пахаваньня — лесапаркавая зона ў Харкаве й паселішча Меднае ў Цьвярской вобласьці. Магчыма, і Курапаты.

Масавыя рэпрэсіі на тэрыторыі СССР і Беларусі ў 30-я гг. мелі яскрава выяўлены плянавы характар і чыніліся карнымі органамі пад непасрэдным кіраўніцтвам ВКП(б) дачынна невінаватых грамадзян у скрайне жорсткай й бесчалавечнай форме. Яны былі супрацьзаконнымі, супярэчылі асноўным грамадзянскім і сацыяльна-эканамічным правом чалавека, сталіся трагічнымі наступствамі для дзясяткаў і соцень тысяч людзей.


Літаратура
1. Викторов Б. Без грифа "секретно". Записки военного прокурора. М., 1990.

2. Возвращение памяти. Историко-публицистический альманах. Новосибирск, 1991.

3. ГАРФ. ф.3316. оп.2. д.1526; ф.9474. оп.16. д.12, 54; ф.9492. оп.1. д.10—12.

4. Глазов Н. Правила "хорошего" ГУЛАГА // Эхо, 1991. №4.

5. Гордон Л., Клопов Э. Что это было? Размышления о предпосылках и итогах того, что случилось с нами в 30—40-е годы. М., 1989.

6. Горинов М. Советская страна в конце 20-х—начале 30-х годов // Вопросы истории, 1990. №11.

7. ГУЛАГ в годы Великой Отечественной войны // Военно-исторический журнал, 1991. №1.

8. Дугин А. ГУЛАГ глазами историка // Союз, 1990. №9.

9. Жбанов Е. Правда о трибунале // Известия,1989. 4 мая.

10. Земсков В. Кулацкая ссылка в 30-е годы // Социологические исследования, 1991. №10.

11. Конквест Р. Большой террор // Нева,1989. №№1—12.

12. Конквест Р. Жатва скорби // Вопросы истории, 1990. №1.

13. Кузнецов И. Возвращение памяти. Мн., 1997.

14. Кузняцоў I. Канвэер сьмерці. Мн., 1997.

15. Лукашук А. За кіпучай чэкісцкай работай. Мн., 1997.

16. Правда истории: память и боль. М., 1991.

17. Они не молчали // Сост. Афанасьев А.М., 1991.

18. Орлов А. Тайная история сталинских преступлений // Огонёк, 1989. №№46—51.

19. Попов B., Оттоков В. Бериевщина: исследуя судебные материалы // Военно-исторический журнал, 1991. №1.

20. Солженицын А. Архипелаг ГУЛАГ: 1918—1956. Опыт художественного исследования. М., 1991.

21. Солоухин В. Читая Ленина // Родина, 1989. №10.

22. Файнбург З. Не сотвори себе кумира... Социализм и “культ личности” (Очерки теории). М., 1991.

23. Цаплин В. Архивные материалы о числе заключенных в конце 30-х годов // Вопросы истории, 1991. №4.

24. Чёрная книга коммунизма. Преступления, террор, репрессии. М., 1999. 

Лекцыя 4. Імпэрыя ГУЛАГ

Плян:

1. Гісторыя стварэньня ГУЛАГу


Гісторыя стварэньня ГУЛАГу
Слова “канцлягер” нязьменна выклікае асацыяцыю з нацысцкімі “фабрыкамі зьнішчэньня” — іхныя назвы вядомыя ўсяму сьвету: Асьвенцім, Майданэк, Трэблінка... Але пачыналася ўсё нашмат раней, з “фабрык перакоўваньня” людзей, што зьявіліся ў СССР пад час “вайсковагакамунізму”. І хоць першыя савецкія канцэнтрацыйныя лягеры не параўнаць па жорсткасьці й антыгуманнасьці з сталінскімі (Калыма), альбо гітлераўскімі, але, пэўна, менавіта там, у далёкіх 20-х гг., належыць шукаць тлумачэньні тых пачварных зьявішчаў, якія для шмат каго асацыююцца з калымскай “калючкай” і печамі Асьвенціму...

Сваім зьяўленьнем канцлягеры прымусовых працаў абавязаныя палітыцы “чырвонага тэрору”, што досыць яскрава адлюстравала ўяўленьні ўладнае партыі пра сродкі й мэтады дасягненьня вызначаных мэтаў.

Першыя савецкія канцлягеры ўзьніклі з пачаткам грамадзянскае вайны (зь лета 1918 г.), і траплялі ў іх тыя, хто ня быў расстраляны ў якасьці закладніка, альбо тыя, каго пралетарская ўлада прапаноўвала абмяняць на сваіх адданых прыхільнікаў. Лягеры ўяўлялі зь сябе адзін з важнейшых мэханізмаў надзвычайнай пазасудовай рэпрэсіўнай і карнай палітыкі бальшавікоў.

Таму Надзвычайная Камісія (ЧК) — “узброены атрад партыі” — валодала асабістымі правамі на лягеры, ня страціўшы іх нават на пачатку 1919 г., калі чэкістаў сур'ёзна крытыкавалі й пазбавілі шмат якіх паўнамоцтваў. Менавіта тады, рызыкуючы наагул застацца бяз права кантролю лягернай сыстэмы, “жалезны Фэлікс” прапанаваў стварыць на грунце канцлягероў прымусовых працаў “школу труда” “...для арыштаваных, для паноў, што жывуць, не працуючы, для тых, хто не можа працаваць без пэўнага прымусу... Такім чынам, мяркуецца стварыць “школу труда”, і для гэтага ёсць прапанова: ВЧК надаецца права “заключать” у канцэнтрацыйны лягер.

Спачатку савецкая ўлада, як падаецца, верыла, што лягеры — часовая неабходнасьць. Яна шчыра называла іх канцэнтрацыйнымі, альбо лягерамі прымусовых працаў. Часова яны месьціліся паблізу гарадоў, у кляштарах, зь якіх выганялі іхных насельнікаў. А сама ідэя стварэньня лягероў зафіксаваная ў Пастанове Прэзыдыюму ВЦВК ад 11 красавіка 1919 г. “Пра лагеры прымусовых працаў”, якая ўпершыню заканадаўча замацавала існаваньне канцлягероў. Згодна з гэтым дакумэнтам, “Ва ўсіх губернскіх гарадах мусяць адчыніцца лагеры прымусовых працаў, разлічаныя не менш чым на 300 чалавек кожны...” Гэты веснавы дзень можна лічыць днём нараджэньня ГУЛАГу.

Паводле інструкцыяў, у канцлягеры мусілі трапляць дармаеды, шулеры, варажбіткі, прастытуткі, тыя, хто ўжываў какаін (какаіністы), дэзэртыры, контррэвалюцыянэры, шпіёны, спэкулянты, закладнікі, ваеннапалонныя, актыўныя белагвардэйцы. Але — і ў гэтым няма нічога дзіўнага — асноўным кантынгентам, што пасяліўся на маленькія выспы будучага агромністага архіпэлягу, сталіся зусім не пералічаныя катэгорыі насельніцтва.

Так, большасьцю лягерных жыхароў аказаліся рабочыя, “дробная” інтэлігенцыя, гарадзкія абываталі, і яшчэ больш — сялянства. Пагартаўшы пажоўклыя старонкі часопісу “Власть Советов” (орган ОГПУ РСФСР) за красавік—чэрвень 1922 г., можна знайсьці артыкул “Вопыт статыстычнай апрацоўкі некаторых звестак пра ўтрымваных у канцэнтрацыйных лагерах”. Лічбы бесстароньнія й халодныя. Нездарма ж на вокладцы аднаго статыстычнага збору, што выйшаў яшчэ да Кастрычніцкага перавароту, напісана: “Лічбы не ведаюць партыяў, але ўсе партыі павінны ведаць лічбы”. Крыху лягернае статыстыкі.

Характар злачынстваў (зьвесткі пра вязьняў канцлягероў эўрапейскае часткі Расейскае рэспублікі за 1919—1920 гг.):

1. Дзяржаўныя злачынствы — 24 адсоткі з усіх вязьняў.

2. Злачынствы супраць парадку кіраваньня (ухіленьне ад працоўнай, харчовай, падаткавай і іншых павіннасьцяў) — 27 адсоткаў.

3. Ведамасныя злачынствы — 12 адсоткаў.

4. Злачынствы супраць асобы — 1 адсотак.

5. Злачынствы супраць маёмасьці — 20 адсоткаў.

6. Вайсковыя злачынствы — 16 адсоткаў.

Найвялікшы працэнт асуджаных, што знаходзіліся ў канцлягерох, прыпадаў на органы ВЧК — 43 адсоткі. Далей: Народны суд — 16 адсоткаў; губэрнскія трыбуналы — 12 адсоткаў; рэвалюцыйныя трыбуналы — 12 адсоткаў; іншыя органы — 17 адсоткаў.

Прыблізна тое ж назіралася й у сібірскіх лягерох. Так, прыкладам, вязьні Марыінскага канцлягеру, дзе ўтрымлівалася ня менш за 5 адсоткаў ураджэнцаў Беларусі — (І.К.), адбывалі пакараньне за контррэвалюцыйную дзейнасьць (56%), крымінальныя злачынствы (23%), невыкананьне “разьвёрсткі” (4,4%), антысавецкую агітацыю (8%), працадэзэртырства (4%), ведамасныя злачынствы (4,5%), спэкуляцыю (0,1%).

Першымі палітычнымі канцлягерамі, створанымі паводле прапановы Ф.Дзяржынскага, сталіся Паўночныя лягеры асаблівага прызначэньня (ПЛАП) — пазьней называліся Салавецкімі лягерамі асаблівага прызначэньня. ПЛАП дзейнічаў з 1923 да 1939 гг. У Пастанове СНК СССР ад 10 сакавіка 1925 г. Салавецкія лягеры назвалі “Салавецкімі канцэнтрацыйнымі лагерамі ОГПУ”.

1 ліпеня 1923 г. туды прывезьлі першых 150 вязьняў. У першыя гады асноўнай катэгорыяй вязьняў былі “контррэвалюцыянэры”. Да іх прылічалі сябраў рэакцыйных партыяў, былых царскіх саноўнікаў і чыноўнікаў, царскіх афіцэраў, сьвятарства ўсіх веравызнаньняў, расейцаў, што вярнуліся з-за мяжы, замежнікаў і іншых. Паколькі Салаўкі былі лягерамі “асаблівага прызначэння”, на вязьняў, што знаходзіліся там, амністыя не распаўсюджвалася. Перад кожнай чарговай амністыяй (як правіла, з нагоды чарговае гадавіны рэвалюцыі) на Салаўкі завозіліся партыі вязьняў, якіх ОГПУ жадала “зьберагчы” ад амністыі. Хуткім часам, па сьпісах ОГПУ, пачаліся групавыя расстрэлы.

Салавецкія лягеры набылі славу, дзякуючы дзікунскаму свавольству мясцовага начальства — як сярод вязьняў, гэтак і працаўнікоў ОГПУ. Нармальнымі зьявамі сталіся зьбіцьцё — часам да сьмерці (без прычыны), катаваньне голадам і холадам, індывідуальнае й групавое згвалтаваньне жанчын і дзяўчат, вывядзеньне на камары ўлетку, а ўзімку — абліваньне халоднай вадою пад адкрытым небам, забіваньне спайманых уцекачоў і выстаўленьне трупаў на некалькі дзён каля брамы лягеру — каб навучыць астатніх — і іншыя.

Шэраг салавецкіх “дасягненьняў” стала ўвайшлі ў рэпрэсіўную сыстэму таталітарнае дзяржавы: а) вызначэньне стану палітвязьня ніжэйшым за стан крымінальніка-рэцыдывіста (потым гэты савецкі прынцып пераймуць Мусаліні, Гітлер і іншыя — І.К.); б) забесьпячэньне працоўнай сілай шляхам падоўжаньня тэрміну прысуду; в) пасьля заканчэньня тэрміну палітвязьняў і некаторых крымінальнікаў-рэцыдывістаў — у разе іхнага “вызваленьня” — не выпускалі на свабоду, а накіроўвалі ў ссылку, а таксама шэраг іншых жорсткіх прыдумак сыстэмы.

Ува ўмовах НЭПу існаваньне канцлягероў сталася праблемай: зьнізілася хваля палітычных рэпрэсіяў, зьмянілася эканамічнае становішча, істотна зьнізіліся дзяржаўныя датацыі ўстановам зьняволеньня. Але галоўным аказалася тое, што агульная (хай і адносная) лібэралізацыя нутранога рэжыму адмаўляла канцэнтрацыйныя лягеры. Зьмяніліся й прававыя ўмовы.

Усё разам прывяло да таго, што ў 1923—1924 гг. шматлікія лягеры прымусовых працаў ціха й спакойна зачынілі. Іхнае закрыцьцё, відаць, паскорылася, дзякуючы дэмаршам заходняе грамадзкасьці супраць становішча палітвязьняў у СССР пасьля таго, як некаторым пашчасьціла ўдала зьбегчы з савецкіх лягероў і турмаў за мяжу.

Але НЭП праіснаваў нядоўга. Зь яго заняпадам і ўзнаўленьнем масавага палітычнага тэрору лягеры “адрадзіліся”. І менавіта Вялікі Пералом нарадзіў ГУЛАГ. Рэзкае павелічэньне колькасьці асуджаных паставіла пытаньне пра аднаўленьне інстытуту канцлягероў.


Функцыянаваньне гулагаўскае сыстэмы
Аднаўляючы старыя й ствараючы новыя лягеры, савецкае кіраўніцтва вызначыла тры асноўныя задачы:

1. ізаляваць рэальных і патэнцыйных ворагаў рэжыму (а таксама проста незадаволеных);

2. заняць гэтых людзей грамадзка карыснай працай, каб яны елі свой хлеб недарма;

3. калянізаваць патрэбныя рэгіёны, куды, паводле іхнае спэцыфікі (поўнач, тайга, стэпы зь неспрыяльным кліматам), вольнага чалавека не завабіш і пернікам.

Паступова для зьдзяйсьненьня індустрыялізацыі дармавая працоўная сіла гэтак сталася даспадобы вышэйшаму кіраўніцтву краіны, што заканадаўства пачалі падганяць пад патрэбы плянавае эканомікі.

Вязьні будавалі каналы й электрастанцыі, буйнейшыя заводы й чыгункі — па сутнасьці, ніводная значная будоўля першых пяцігодак не абышлася бязь іхнае працы. Арганізоўваліся спэцыялізаваныя ўпраўленьні, што займаліся чыгуначным будаўніцтвам, лясной і цяжкай прамысловасьцю, іншымі галінамі эканомікі. Лягерная эканоміка з 1930-х гг. зрабілася істотным апірышчам савецкае індустрыялізацыі, на якой, шмат у чым, трымалася сталінская мадэль сацыялізму. Невыпадкова ўсе важныя пытаньні ў жыцьці лягероў вырашаліся Пастановамі ЦК ВКП(б) і Совнаркому СССР — нярэдка сумеснымі.

Ужо 11 ліпеня 1929 г. Совнарком СССР прыняў Пастанову, паводле якое на ОГПУ СССР была ўскладзена задача разьвіцьця гаспадарчага жыцьця “сродкамі выкарыстання працы ізаляваных небяспечных элементаў” на найменш даступных для засваеньня й разам з тым багатых на натуральныя рэсурсы ўскраінах Савецкага Саюзу. Пры гэтым вызначылася й вельмі важкая й прыемная для дзяржавы навацыя — ОГПУ абавязалася зьняць зь бюджэту выдаткі на ўтрыманьне вязьняў — шляхам пераводу лягероў на самаакупнасьць.

У 1930 г. было сфармавана шэсьць Упраўленьняў выпраўленча-працоўных лягероў (ВПЛ) ОГПУ СССР: Паўночнага Каўказу, раёну Белага мора й Карэліі, Вышняга Валачку, Сібіры, Далёкага Ўсходу й Казахстану. У ВПЛ пяці Ўпраўленьняў (без Казахстану) знаходзілася 166 тысяч чалавек.

Лягеры й працоўныя калёніі пачынаюць адыгрываць усё больш прыкметную ролю ў эканоміцы краіны. Праца зьняволеных выкарыстоўваецца ў рэалізацыі буйнамаштабных гаспадарча-эканамічных праектаў, а гаспадарчыя органы плянуюць сваю дзейнасьць з улікам магчымасьці скарыстаньня іхнае працоўнае сілы, якую трэба было, дарэчы, адшукваць.

Значны кантынгент працоўнае сілы, занятай на прымусовых працах, фармаваўся з раскулачанага сельскага насельніцтва. Інструкцыя, распрацаваная ў студзені 1930 г. на падставе рэкамэндацыяў камісіі Палітбюро ЦК ВКП(б) на чале з В.Молатавым, патрабавала зрабіць наступныя захады супраць сялянскіх гаспадарак, прылічаных да кулацкіх:

— контррэвалюцыйны актыў арганізатараў тэрарыстычных актаў і антысавецкіх мецяжоў арыштоўваць і выносіць нават вышэйшую меру пакараньня (першая катэгорыя);

— заможных кулакоў, што актыўна выступаюць супраць калектывізацыі, высяляць у аддаленыя раёны краіны (другая катэгорыя);

— астатнюю частку кулакоў перасяляць у межах раёну на новыя, спэцыяльна адведзеныя для іх, землі (трэцяя катэгорыя).

Высылка пачалася ў студзені—лютым 1930 г., але толькі ў пачатку красавіка была створаная камісія па разьмеркаваньні высыланых кулакоў, якую ачоліў намесьнік старшыні СНК СССР В.Шмідт. Спэцперасяленьне вялося бязглузда й бессыстэмна, дзеяньні розных органаў не ўзгадняліся. Прадстаўнікі ОГПУ перадавалі “эстафету” адміністратыўным органам НКВД, міліцыі. Камэнданцкія аддзелы мусілі кіраваць сеткаю ўпершыню ствараных гэтулькіх буйных “кулацкіх” паселішчаў. І толькі затым да справы далучаліся грамадзянскія органы, што займаліся іхным жыцьцязабесьпячэньнем.

Кінутыя ў цяжкадасягальныя раёны, часта без гаспадарчага інвэнтару й правізіі, спэцперасяленцы, нягледзячы на пагражальныя для іх наступствы, разьбягаліся з паселішчаў. Да канца 1930 г. па Заходняй Сібіры зьбеглымі лічыліся 2/3 перасяленцаў; а заставаліся толькі тыя, хто папросту ня ў стане быў зьбегчы.

Зь лютага 1930 г. па краіне пакацілася новая, больш значная, хваля “раскулачваньня”. У выніку гэтае акцыі толькі з тэрыторыі БССР выслалі ў раёны Ўралу, Сібіры й Казахстану звыш 100 тысяч сялян. Дзеля кіраўніцтва й кантролю за ўчыненьнем раскулачваньня 11 сакавіка 1931 г. стварылі чарговую спэцыяльную камісію, ачоленую намесьнікам старшыні СНК СССР А.Андрэевым. Камісія гэтая пачала займацца заадно й разьмяшчэньнем спэцперасяленцаў ды скарыстаньнем іхнае працы.

Усяго, згодна з дадзенымі ведамаснае статыстыкі ОГПУ—НКВД, па краіне за 1930—1931 гг. раскулачылі 569,3 тысячы гаспадарак, зь іх у аддаленыя раёны адправілі 381 тысячу сем'яў — у тым ліку, зь Беларусі больш за 15 тысяч чалавек. Гэта азначае, што “андрэеўскі” спэцразьмеркавальнік на працягу толькі аднаго 1931 г. “даў” эканоміцы краіны некалькі мільёнаў рабачаяў.

У 1931 г. тэмпы й маштабы раскулачваньня ўжо не адпавядалі задачы бесьперашкоднага правядзеньня калектывізацыі, і ў значнай ступені вызначаліся адпаведна з замовамі гаспадарчых органаў. З гэтага году ОГПУ замкнула на сабе ўвесь “тэхналагічны цыкл” (ад высяленьня да выкарыстаньня працы спэцперасяленцаў) і выцесьніла няўдалых канкурэнтаў (сыстэму НКВД), якія ня здолелі ня толькі “па-гаспадарску” скарыстаць у 1930 г. рабсілу раскулачаных, але й нават зарганізаваць іхнае расьсяленьне й ахову.

На справе гэта выглядала наступным чынам. ГУЛАГ, што знаходзіўся ў распараджэньні ОГПУ, стварыла нескладаную, але дзейную сыстэму дамоўных адносінаў з наркаматамі й ведамствамі пра выкарыстаньне працы спэцперасяленцаў. Сыстэма мела тры ступені: верхняя — г.зв. генэральная дамова паміж ГУЛАГам і, прыкладам, УСН; сярэдняя — лякальная дамова аднаго з тэрытарыяльных упраўленьняў — напрыклад, СібЛАГу з Усходвуглём альбо Кузьнецкбудоўляй пра перадачу ў распараджэньне ведамства вызначанай колькасьці перасяленцаў; ніжэйшая — дакумэнтальна афармляліся адносіны паміж спэцкамэндатурай СібЛАГу й кіраўніцтвам канкрэтнай леспрамгаспадаркі ці рудніку.

Такім чынам, цягам восені—зімы 1931 г. прадстаўнікі СібЛАГу падпісалі дамовы з буйнешымі спажыўцамі працоўнае сілы рэгіёну — з Усходстальлю (Кузьнецкбудоўля), Усходвуглём (Кузбасвугаль), Сіблестрэстам і іншымі. Шмат якія галіны, прыняўшы атрутны наркотык у выглядзе дармавое працоўнае сілы, ужо не маглі функцыянаваць без спэцкантынгенту. А гэта значыць: цалкам залежалі ад усемагутнага карнага ведамства. Гэтак ГУЛАГ зрабіўся неад'емным элемэнтам савецкае эканамічнае сыстэмы.

ГУЛАГ НКВД (з 1946 г. — МУС) СССР — Галоўнае ўпраўленьне выпраўленча-працоўных лягероў і працоўных паселішчаў НКВД СССР — быў зарганізаваны паводле Пастановы ЦВК і СНК СССР ад 10 ліпеня 1934 г. “Пра стварэнне агульнасаюзнага НКВД”. У ягонае распараджэньне перадаваліся ўсе існуючыя да гэтага часу лягеры, што знаходзіліся пад кантролем ОГПУ, НКВД РСФСР і НКЮ РСФСР і іншых саюзных рэспублік. Упершыню ўсе лягеры СССР былі аб'яднаныя пад адзіным кіраўніцтвам. У Пастанове ЦВК і СНК СССР ад 27 кастрычніка 1934 г. да гэтае назвы дадалі: “...і месцаў зняволеньня...” — г.зн., што ГУЛАГу былі падпарадкаваныя таксама й турмы. Старшынёй ГУЛАГу прызначылі Мацьвея Бэрмана, які быў да гэтага старшынём ГУЛАГу ОГПУ СССР.

На ГУЛАГ, ачолены намесьнікам Наркама нутраных справаў, ускладаліся наступныя абавязкі: ізаляцыя ненадзейных і нядобранадзейных элемэнтаў з адначасовай эксплюатацыяй іх у якасьці працоўнае сілы; перамяшчэньне гэтае працоўнае сілы на любыя адлегласьці й у любыя месцы. Зьдзяйсьненьне гэтых задач забясьпечвалі наступныя ўпраўленьні: палітычнае, кадравае, опэрчэкісцкае, аховы й рэжыму, фінансавае, санітарнае, адміністратыўна-гаспадарчае. Эксплюатацыяй паднявольнай працоўнай сілы распараджаліся спэцыялізаваныя аддзелы: па лесанарыхтоўках, капітальным будаўніцтве, здабычы й іншыя. У канцы 30-х гг. і пачатку 40-х гг. створана каля пятнаццаці спэцыялізаваных Галоўных упраўленьняў: Дальбуд, Гідрабуд, Шасэйных дарог, Чыгуначнага будаваньня, Горнай і Мэталюргічнай прамысловасьці ды іншыя.

Лягерныя комплексы (тэрытарыяльныя ўпраўленьні) былі раскіданыя па ўсёй краіне, і ня толькі недзе ў глушэчы, але нават і ў сталіцах рэспублік. Да канца 30-х гг. іх налічвалася каля 100. У кожным — ад некалькіх тысяч да мільёну й больш зьняволеных. Нярэдка ў аддаленых раёнах краіны колькасьць зьняволеных лягернага комплексу значна перавышала колькасьць мясцовага вольнага насельніцтва. А бюджэт лягернага комплексу, у залежнасьці ад таго, якую тэрыторыю ён займаў, мог у шмат разоў перавышаць бюджэт краю, вобласьці ці некалькіх вобласьцяў (лягерны комплекс мог улучаць ад 3 (УладзімірЛАГ) — да 45 (СібЛАГ) лягераў — І.К.)

Тэрыторыя СССР умоўна была падзеленая на восем зон дысьлякацыі тэрытарыяльных упраўленьняў з падпарадкаванымі ім выпраўленча-працоўнымі лягерамі, турмамі, этапамі й перасылачнымі пунктамі.

І. ПАЎНОЧНЫ ЗАХАД ЭЎРАПЕЙСКАЙ ЧАСТКІ

Упраўленьні: БелбалтЛАГ, ВолгаЛАГ, КамурЛАГ, МядзьведжагорскЛАГ, АнегаЛАГ, СьвірЛАГ, СевдвінЛАГ, СевдзюнЛАГ, АрхангелЛАГ, ХолмагорЛАГ, Усьць-ВымЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Асташкаўскі, Крыжы (Кресты) — г.Ленінград.

ІІ. СЯРЭДНЯЯ ПАЛАСА ЭЎРАПЕЙСКАЙ ЧАСТКІ СССР

Упраўленьні: АўтадарЛАГ (будаўніцтва шашы Менск—Масква), ВятЛАГ, ДзьмітраўЛАГ (будаўніцтва каналу Масква—Волга), ДуброўЛАГ, КлішыЛАГ, ПоцьЛАГ, УмжЛАГ, УладзімірЛАГ, ВязьмаЛАГ, КуйбышаўЛАГ (будаўніцтва Куйбышаўскай ГЭС), СелігерЛАГ, СуздальЛАГ, ВуглічЛАГ, РыбінЛАГ, ЮхноўЛАГ, ЯраслаўЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Вільнюскі, Уладзіміраўскі, Ліпецкі, Сычаўскі (Смаленская вобласьць), Таржокскі (Калінінская вобласьць), Казельскі, Казанскі.

ІІІ. ПОЎДЗЕНЬ ЭЎРАПЕЙСКАЙ ЧАСТКІ СССР

Упраўленьні: ДняпроўЛАГ, ЗапарожЛАГ, КіеўЛАГ, ХаркаўЛАГ, ДрагобычЛАГ, РастоўЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Віньніцкі, Старабельскі, Лук'янаўскі, Івана-Франкоўскі, Сальскі, Новачаркаскі.

IV. УРАЛ

Упраўленьні: Абезь-ІнтЛАГ (будаўніцтва чыгункі Пячора—Варкута), Усьць-ВымЛАГ, ВождзельЛАГ, ВаркутпечЛАГ, ПячорчыгунЛАГ, ВаркутЛАГ, ІнтаЛАГ, ПаўночнаўральскЛАГ, УхтЛАГ, СыктыўкарЛАГ, УхтпечЛАГ, КотЛАГ, ЗахчыгунЛАГ, ВітэрЛАГ, ВятЛАГ, ІўдзельЛАГ, МагнітагорЛАГ, ПермЛАГ, НыробЛАГ, УсольЛАГ, ВрангельЛАГ, КраснаўралЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Нар'ян-Мар, Новая Зямля, Іжэўскі, Чалябінскі.

V. КАЗАХСТАН І СЯРЭДНЯЯ АЗІЯ

Упраўленьні: АкцюбінЛАГ, БалхашЛАГ, КамышЛАГ, КарЛАГ, СьцепЛАГ, ЭкібастузЛАГ, ЧымкентЛАГ, ЧурлайЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Акмолінскі лягер для жонак здраднікаў Радзіме (АЛЖЗР), Камышынскі, Петрапаўлаўскі, Семіпалацінскі, Ташкенцкі.

VI. ЗАХОДНЯЯ СІБІР

Упраўленьні: ОмскЛАГ, СапЛАГ, СібЛАГ, Томск-АсінЛАГ, КемерЛАГ, КузьнецкЛАГ, СпасЛАГ, ПаўнкузбасЛАГ, ЯяЛАГ, МарыінскЛАГ, ТобальЛАГ, ТаймырЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Сібірскі (Нарымская акруга), Салехардзкі, Тайгінскі, Томскі, Кемераўскі, Пракоп'еўскі.

VII. УСХОДНЯЯ СІБІР

Упраўленьні: АнгарЛАГ, БрацкЛАГ, ГорЛАГ, ІркутЛАГ, КрасЛАГ, НарылЛАГ, ОзерЛАГ, РыбакЛАГ, ТайшэтЛАГ, КраснаярЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Букачарскі, Канскі, Мінусінскі, Чыцінскі.

VIII. ДАЛЁКІ ЎСХОД

Упраўленьні: АмурЛАГ, АлданЛАГ, ЯкутЛАГ, БамЛАГ (будаўніцтва БАМу ад Тайшэту да Ваніна), БулчыгунЛАГ, АгоджЛАГ, ПрыморЛАГ, СагурЛАГ, СунчанЛАГ, ТакурЛАГ, Зах-усхЛАГ, АрутуханЛАГ, СусуманЛАГ, Чай-УйрынЛАГ, Усьць-АмчугЛАГ, ЧукотбудЛАГ, БерЛАГ, КалымЛАГ, МагаданЛАГ.

Лягеры асабовага прызначэньня: Благавешчанскі, Усурыйскі, Арутуханскі, Верхаянскі, Уладзівастоцкі, Магаданскі.

(У гэтым сьпісе пададзеныя асноўныя ўпраўленьні лягероў і турмаў асабовага прызначэньня, якія ўдалося вызначыць паводле існуючых афіцыйных крыніцаў інфармацыі, і ён не прэтэндуе на завершанасьць — І.К.)

Можна сьцьвярджаць, што на сёньняшні дзень выяўлена звыш 2.000 аб'ектаў ГУЛАГу (лягеры, турмы, камэндатуры). У склад ГУЛАГу ўваходзілі наступныя тыпы лягероў: прымусовых працаў, выпраўленча-працоўныя, асабовага прызначэньня, катаржныя, спэцыяльныя, лягерныя навукова-дасьледніцкія інстытуты. Акрамя таго, у склад “сістэмы перавыхавання” ўлучаліся калёніі — выпраўленча-працоўныя, выхаваўча-працоўныя, дзіцячыя й іншыя.

Уся краіна — у тым ліку, і Беларусь — была пакрытая шчыльнаю сеткаю турмаў і сьледчых ізалятараў НКВД. Як правіла, яны дысьлякаваліся ва ўсіх абласных цэнтрах і сталіцах саюзных і аўтаномных рэспублік. У Маскве, Ленінградзе й Менску (іх было чатыры — І.К.) знаходзілася звыш дзясятка турмаў і ізалятараў спэцыяльнага прызначэньня. У цэлым па краіне гэтых карных установаў налічвалася ня менш за 800—900 — вызначыць дакладную колькасьць не ўяўляецца магчымым — І.К.)

У сувязі з тым, што да гэтага часу на тэрыторыі Беларусі ня выяўлена выпраўленча-працоўных лягероў у 30-я—40-я гг., гэта зусім не азначае, што яны адсутнічалі. Наяўнасьць перасыльных турмаў у Менску, Віцебску, Магілеве, Слуцку, Гомелі дазваляла трымаць там адначасова “спецкантынгент” ня меншы за 15—20 тысяч чалавек. Тэрмін знаходжаньня этапаваных у перасыльных турмах і лягерох мог доўжыцца ад некалькіх гадзінаў да некалькіх месяцаў, а ў сярэднім — 12—14 сутак.

Этапаваньне зь перасыльных турмаў і лягероў на тэрыторыі Беларусі ішло па наступных асноўных маршрутах: Віцебск — Ленінград — Петразаводзк; Віцебск — Волагда — Архангельск; Менск — Віцебск — Волагда — Котлас; Менск — Масква — Уладзімір — Кіраў — Сыктыўкар; Магілеў — Бранск — Варонеж — Куйбышаў; Гомель — Чарнігаў — Запарожжа; Менск — Масква — Казань — Сьвярдлоўск — Варкута; Менск — Масква — Омск — Навасібірск — Краснаярск — Нарыльск; Менск — Масква — Чыта — Якуцк — Магадан — Калыма й іншыя.

У адным этапе часам налічвалася да некалькіх соцень чалавек, якія — пераважна чыгункай — перакідаліся на адлегласьці да некалькіх тысяч кілямэтраў.

Перавозілі зьняволеных у таварных вагонах, абсталяваных двухяруснымі нарамі. У падлозе мелася прарэзаная вузкая шчыліна — параша. Акно было абабітае жалезам, каб арыштанты не маглі пашырыць яго й выкінуцца. Дзеля перадухіленьня ўцёкаў пад падлогай мацавалі спэцыяльныя жалезныя штыры. У вагонах не прадугледжвалася ані асьвятленьня, ані ўмывальнікаў. У вагоне, разьлічаным на 46 чалавек, зазвычай перавозілі па 60 чалавек і болей.

Пад час масавых акцыяў на тэрыторыі Беларусі эшалёны маглі мець да 20 вагонаў, у якіх зьмяшчалася больш за тысяча зьняволеных. Затым, па вызначаных маршрутах і па-за графікам, яны рухаліся зь Беларусі на Далёкі Ўсход. Падарожжа магло доўжыцца да двух месяцаў. Увесь гэты час нявольнікаў не выпускалі з вагонаў.

Ежу давалі, як правіла, раз у суткі сухім пайком, хоць, паводле правілаў, мусілі карміць гарачымі стравамі. Такім чынам, некалькі тысяч нашых суайчыньнікаў апынулася ў 1930-я—1940-я гг. у раёнах Скрайняй Поўначы, Уралу, Сібіры, Далёкага Ўсходу й іншых раёнах былога Савецкага Саюзу.

Асабліва часта выпраўляліся на Ўсход эшалёны пасьля “вызваленчага паходу” частак Чырвонае Арміі ў заходнія вобласьці Беларусі. У прыватнасьці, у адным зь іх аказалася 1.580 ураджэнцаў Віленскае вобласьці, асуджаных Надзвычайнай нарадай НКВД СССР 25 сьнежня 1940 г. Зь іх каля 60 адсоткаў этапавалі ў КотЛАГ, каля 15 адсоткаў — у СібЛАГ, ня менш за 20 адсоткаў даставілі ў АрхангелЛАГ.

Сустракалі “контррэвалюцыянераў” шматлікія лягеры ГУЛАГу. Як правіла, яны былі аднатыпныя: тэрыторыя, агароджаная трыма шэрагамі калючага дроту. Першы шэраг — вышыні каля мэтру; асноўны, сярэдні,— вышыні тры—чатыры мэтры. Паміж шэрагамі калючага дроту знаходзіліся кантрольныя палосы, па вуглох — чатыры вышкі. У цэнтры знаходзіліся памяшканьні: мэдсанчастка, штрафны ізалятар, абнесены частаколам. Ізалятар уяўляў зь сябе суцэльнае памяшканьне, разгароджанае на адзіночныя й агульную камэры. З такой “фартэцыі” зьбегчы было практычна немагчыма.

Вакол месьціліся баракі з нарамі для зьняволеных. У зімовы час, ды яшчэ ва ўмовах Уралу й Сібіры, баракі не заўсёды ацяпляліся. У такіх нечалавечых варунках мала хто зь нявольнікаў дажываў да доўгачаканае волі. Вынаходніцтву працаўнікоў НКВД не было межаў: паміж іншага, калі падыходзіў да канца вызначаны судом тэрмін, пакутнікі так і не здабывалі волі.

З прыняцьцём 15 чэрвеня 1939 г. Загаду Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР “Пра лагеры НКВД” колькасьць асобаў, што адбывалі пакараньне, павялічылася. Загадам прадугледжвалася “...адмовіцца ад сістэмы ўмоўна-датэрміновага вызвалення лагерных кантынгентаў. Асуджаны, што адбывае пакаранне ў лагерах НКВД СССР, павінен цалкам адбыць вызначаны судом тэрмін”.

Паводле афіцыйнае статыстыкі, на 1 сакавіка 1940 г. ГУЛАГ складаўся з 53 лягероў, 425 выпраўленча-працоўных калёніяў (у тым ліку, 170 прамысловых, 83 сельскагаспадарчых і 172 “контрагенцкіх” — г.зн. працаўнікоў на будоўлі й гаспадарках іншых ведамстваў), аб'яднаных абласнымі, краёвымі, рэспубліканскімі аддзеламі выпраўленча-працоўных калёніяў, і 50 калёніяў для непаўналетніх — калёніяў для дзяцей “ворагаў народа” — І.К.)

У сувязі з прыняцьцём у 1940 г. шэрагу надзвычайных законаў удалося пашырыць сыстэму ГУЛАГу — і такім чынам давесьці колькасьць зьняволеных у ёй (на 22 чэрвеня 1941 г.) да 2,3 мільёна чалавек. Пачатак вайны не паменшыў колькасьці зьняволеных. Дывізіі заходніх акругаў адчувалі агромністую патрэбу ў даўкамплектаваньні асабовым складам, а ў глыбокім тыле працягваліся расстрэлы “ворагаў народа”.

З прычыны катастрафічнага становішча на фронце ў 1942—1943 гг. у шэрагі Савецкай Арміі накіравалі ўсяго трохі больш за 157 тысяч былых палітвязьняў. А за тры гады вайны з шматмільённага “насельніцтва” ГУЛАГу вызвалілі — зь перадаваньнем у войска — усяго 975 тысяч чалавек.

Пасьля пераможнага заканчэньня вайны партыйнае й савецкае кіраўніцтва СССР не забылася на ГУЛАГ. І зноў панесьліся па пратаптаным ужо шляху на Ўсход эшалёны з рэпатрыянтамі й тымі, хто апынуўся на часова акупаванай тэрыторыі. Насельнікаў ГУЛАГу зноў рэзка пабольшала.

Галоўнай праблемай для кіраўніцтва ГУЛАГу сталася павелічэньне ёмістасьці лягероў. Над гэтай праблемай і біліся вышэйшыя гулагаўскія чыны — выканаўца абавязкаў старшыні ГУЛАГу генэрал Г.Дабрынін і ягоны апякун — намесьнік міністра нутраных справаў В.Чэрнышаў. На 1 студзеня 1946 г. плянавая ёмістасьць ВПЛ і калёніяў склала 1.248.332 чалавек — хоць у іх утрымліваліся 1.448.034 чалавек. Пры гэтым у сакавіку 1946 г., згодна з плянам, з турмаў у лягеры мусіла паступіць чарговая месячная порцыя — колькасьцю 60.577 чалавек. Калі выказацца гулагаўскім канцылярытам,— “пераліміт” склаў 328.227 чалавек.

Асаблівую цікавасьць у гэтым сэнсе ўяўляюць лягеры, аб'яднаныя Ўпраўленьнем лягероў лясное прамысловасьці ГУЛАГу. На 1 студзеня 1946 г. папаўненьне зьняволенымі “лясных лагераў” склала 197.831 чалавек, пры плянавай — 165.293 чалавек. Кіраўніцтва заплянавала гэтым лягером павелічэньне кантынгенту яшчэ на 38.660 чалавек.

У гулагаўскім ведамстве назіралася цікавая практыка: пры зьмене кіраўніка папярэдні здаваў новаму ГУЛАГ з усёй трыбухой: з начыньнем, людзьмі й маёмасьцю. Па стане на 1 верасьня 1947 г. кантынгент зьняволеных знаходзіўся ў 54 лягерох (ВПЛ), 79 калёніях (УВПЛК) і 57 перасыльных турмах. Гаспадарка пашыраецца, а ў стадыі стварэньня — яшчэ 13 лягероў і 29 калёніяў.

Пасьляваенны голад адбіўся на забесьпячэньні лягероў. Гадавая патрэба ў бульбе й гародніне задаволена на 70 адсоткаў (недастача 209.500 тон). Блага выконваліся й заяўкі ГУЛАГу на вопратку — усяго на 30 адсоткаў. Калі ўсю нястачу вопраткі перавесьці ў баваўняную тканіну — недастача склала 35 мільёнаў мэтраў тканіны. Палову Расеі апрануць можна...

У пасьляваенныя гады ў сувязі з рэарганізацыяй сыстэмы органаў дзяржаўнай бясьпекі ГУЛАГ перадалі ў распараджэньне Міністэрства юстыцыі СССР, і ачоліў яго генэрал-лейтэнант І.Даўгіх (бацька былога кандыдата ў сябры Палітбюро ЦК КПСС В.І.Даўгіх — І.К.)

Па стане на 1 кастрычніка 1953 г. у выпраўленча-працоўных калёніях і лягерох ГУЛАГу МЮ СССР знаходзілася 2.235.296 чалавек. З 1 сакавіка да 1 кастрычніка 1953 г. паступіла 165.961 наноў засуджаных. У гэты ж пэрыяд па амністыі, а таксама са сканчэньнем тэрміну пакараньня вызвалілася 1.342.979 чалавек. Фактычна ў лягерох і калёніях на 1 кастрычніка 1953 г. засталося 1.058.278 зьняволеных.

Партыйнае кіраўніцтва пасьпяшалася зьнішчыць нават самое слова ГУЛАГ, злавесны сэнс якога стаўся да таго часу вядомы ўжо далёка за межамі СССР. І ўвосень 1956 г. было прызнана немэтазгодным далейшае існаваньне выпраўленча-працоўных лягероў (ГУЛАГу). У сувязі з гэтым было вырашана рэарганізаваць іх у выпраўленча-працоўныя калёніі. Ніякай афіцыйнай пастановы пра гэта не было апублікавана, і невядома, кім было прынятае рашэньне. З кастрычніка 1956 г. да красавіка 1957 г. “рэарганізаваны” ГУЛАГ знаходзіўся ў распараджэньні Міністэрства юстыцыі СССР пад новай шыльдай — “Выпраўленча-працоўныя калёніі”. Зь цягам часу яго перадалі ў сыстэму выпраўленча-працоўных установаў МУС СССР. На гэтым гісторыя ГУЛАГу сканчаецца...

Аналіз усіх крыніцаў інфармацыі дазваляе меркаваць, што праз ГУЛАГ НКВД СССР у 1930-я—1940-я гг. прайшло ня менш за 10—12 мільёнаў чалавек — у тым ліку, звыш 600 тысяч ураджэнцаў Беларусі.


Літаратура
1. Викторов Б. Без грифа “секретно”. Записки военного прокурора. М., 1990.

2. Возвращение памяти. Историко-публицистический альманах. Новосибирск, 1991.

3. ГАРФ. ф.3316. оп.2. д.1526; ф.9474. оп.16. д.12, 54; ф.9492. оп.1. д.10—12.

4. Глазов Н. Правила “хорошего” ГУЛАГА // Эхо, 1991. №4.

5. Гордон Л., Клопов Э. Что это было? Размышления о предпосылках и итогах того, что случилось с нами в 30-е—40-е годы. М., 1989.

6. Горинов М. Советская страна в конце 20-х—начале 30-х годов // Вопросы истории, 1990. №11.

7. ГУЛАГ в годы Великой Отечественной войны // Военно-исторический журнал, 1991. № 1.

8. Дугин А. ГУЛАГ глазами историка // Союз, 1990. №9.

9. Жбанов Е. Правда о трибунале // Известия,1989. 4 мая.

10. Земсков В. Кулацкая ссылка в 30-е годы // Социологические исследования, 1991. №10.

11. Конквест Р. Большой террор // Нева,1989. № № 1—12.

12. Конквест Р. Жатва скорби // Вопросы истории, 1990. №1.

13. Кузнецов И. Возвращение памяти. Мн., 1997.

14. Кузняцоў I. Канвэер сьмерці. Мн., 1997.

15. Лукашук А. За кіпучай чэкісцкай работай. Мн., 1997.

16. Правда истории: память и боль. М., 1991.

17. Они не молчали // Сост. Афанасьев А. М., 1991.

18. Орлов А. Тайная история сталинских преступлений // Огонёк, 1989. №№ 46—51.

19. Попов B., Оттоков В. Бериевщина: исследуя судебные материалы // Военно-исторический журнал, 1991. №1.

20. Солженицын А. Архипелаг ГУЛАГ: 1918—1956. Опыт художественного исследования. М., 1991.

21. Солоухин В. Читая Ленина // Родина, 1989. №10.

22. Файнбург З. Не сотвори себе кумира... Социализм и культ личности (Очерки теории). М., 1991.

23. Цаплин В. Архивные материалы о числе заключенных в конце 30-х годов // Вопросы истории, 1991. №4.

24. Чёрная книга коммунизма. Преступления, террор, репрессии. М., 1999. 

Лекцыя 5. Носьбіты нацыянальнай ідэі — ахвяры таталітарнага рэжыму 

Плян:

1. Пачатак рэпрэсіяў супраць інтэлігенцыі Беларусі ў 1920-я гг.

2. Прадстаўнікі інтэлігенцыі — ахвяры таталітарнага рэжыму


Пачатак рэпрэсіяў супраць інтэлігенцыі Беларусі ў 1920-я гг.
Спусташальныя войны й бальшавіцкі тэрор падарвалі нацыянальныя сілы Беларусі. Значная частка актыўных палітычных дзеячоў, што бралі ўдзел ува Ўсебеларускім Кангрэсе й у стварэньні незалежнай Народнай Рэспублікі, змушаная была эміграваць. У БССР засталіся адзінкі, да якіх далучыліся тыя, хто вярнуўся з фронту й з царскай высылкі.

З улікам тагачасных абставінаў беларускія нацыянальньія лідэры абралі шлях доўгай, клопатнай і цярплівай працы, скіраванай на разьвіцьцё нацыянальнай сьвядомасьці й падрыхтоўку маладых актыўных кадраў. За параўнальна кароткі час нацыянальная праца ў рэспубліцы адолела добры-такі шлях. Былі выхаваны я нацыянальныя кадры, якія займалі пасады ў дзяржаўным апараце. Узьнікалі думкі пра заваёвы новых пазыцыяў. Усе нацыянальныя справы знаходзілі бясспрэчную падтрымку ў беларускага народу. Посьпехі былі відавочныя, і іх хутка заўважылі.

На пачатку 1930 г. першай ахвярай ГПУ стаў лідэр беларускіх нацыяналістаў — акадэмік, прафэсар Усевалад Ігнатоўскі. Яго выклікалі ў ГПУ — і пасьля допыту ён застрэліўся на сваёй кватэры. Другім адчувальным ударам стаўся арышт наркамзема БССР Дзьмітрыя Прышчэпава. Прышчэпаву прычапілі ярлык “ворага народа”, шкодніка, памочніка й абаронцы кулакоў. У афіцыйных дакумэнтах дзейнасьць Дз.Прышчэпава зьняважліва называлася “прышчэпаўшчынай”. Аднак жа чыннасьць наркамзема Прышчэпава як ні ганьбавалі гэтага чалавека, пакінула глыбокі сьлед і добрую памяць сярод беларускага сялянства.

Сьмерць акадэміка прафэсара Ігнатоўскага й арышт Прышчэпава ня сталіся адзінкавымі фактамі рэпрэсіяў. Прыкладна ў той жа час арышт оўваюць вялік ую груп у выдатных культурных і гаспадарчых працаўнікоў. Сярод іх — папулярны мовазнаўца акадэмік Язэп Лёсік, вядомы беларускі географ акадэмік Аркадзь Смоліч, сакратар Беларускай Акадэміі навук акадэмік Вацлаў Ластоўскі, рэктар унівэрсытэту прафэсар Уладзімер Пічэта й інш.

Наступнай ахвярай ГПУ стаў народны камісар асьветы БССР Антон Баліцкі. У першай палове 1930 г. А.Баліцкі быў зьняты з працы наркама асьветы. Аднак пасьля звальнен ь ня яго не арыштавалі. Напэўна, ужо тады ГПУ распрацоўвала плян “вялікіх” арыштаў. Ім патрэбен быў матэрыял, каб “прышпіліць” А.Баліцкага да працэсу па змове. Для гэтага ГПУ разьлічвала грунтоўна папоўніць зьвінаваўчыя матэрыялы яшчэ й сьведчаньнямі асобаў, арыштаваных пазьней.

На той час арышт значных у рэспубліцы асобаў выклікаў сэнсацыю — да масавых арыштаў грамадзкіх і дзяржаўных дзеячоў яшчэ не прызвычаіліся. Бюро ЦК камуністычнай партыі, зьняўшы А.Баліцкага з пасады ў Наркамасьветы, прыняло пастанову паслаць яго на так званую нізавую працу — агітатарам-прапагандыстам у чыгуначныя майстэрні Гомелю.

Трэба адзначыць, што А.Баліцкі меў вялікія арганізатарскія здольнасьці, вызначаўся працавітасьцю й уменьнем выбраць адпаведных супрацоўнікаў. За часам ягонага кіраваньня Наркамасьветы распрацава ў і даволі пасьпяхова рэалізоўваў генэральны плян увядзеньня ўсеагульнага абавязковага навучаньня па беларускай сыстэме народнай адукацыі. У гэтую справу шмат высілкаў і практычных ведаў уклаў стары пэдагог Д.Сьцяпура.

У палове 1930 г. у Менску ГПУ правяло масавыя арышты, якія, праўда, амаль не закранулі правінцыі. Былі арыштаваныя вядомыя культурныя дзеячы, што працавалі ў Акадэміі навук, унівэрсытэце, Наркамасьвеце й Наркамземе. Сярод іх быў і намесьнік наркамзема Прышчэпава — Алесь Адамовіч.

Большасьць арыштаваных дзеячоў сфармавала свае палітычныя погляды яшчэ да рэвалюцыі. Шмат хто меў навуковыя працы. Прафэсар гісторыі Мітрафан Доўнар-Запольскі сваю першую працу “Очерки истории кривичской и дреговичской земель до конца XІІ столетия” выдаў у Кіеве яшчэ ў 1891 г. “Литовская метрика” (СПб, 1903), “Исследования и статьи. Т.1. Этнография и социология — обычное право, статистика, белорусская письменность” (Кіеў, 1900), “Асновы Дзяржаўнасці Беларусі” (Вільня, 1919 ) — гэта кароткі пералік толькі часткі шматлікіх прац прафэсара Доўнар-Запольскага, якога арыштавалі ў 1930 г. і выслалі ў Сібір, дзе ён і загінуў.

Прафэсара й пісьменьніка Максіма Гарэцкага таксама арыштавалі ў 1930 г. і таксама выслалі ў Сібір, дзе ён загінуў у 1937 г. Акрамя шматлікіх мастацкіх твораў, Максім Гарэцкі — аўтар “Гісторыі беларускае літаратуры” (Вільня, 1920), “Хрэстаматыі беларускае літаратуры : XІ век — 1905 г.” (Вільня, 1922), слоўнікаў.

Прафэсар Пічэта, шматгадовы рэктар Беларускага ўнівэрсытэту, таксама — аўтар шматлікіх гістарычных працаў. Прафэсар геаграфіі Беларускага ўнівэрсытэту Мікалай Азбукін арыштаваны й высланы ў Сібір у горад Налінск у 1930 г. — пра ягоны далейшы лёс зьвестак няма. У тым жа годзе арыштавалі й выслалі акадэміка-філёляга Язэпа Лёсіка. У 1936 г. яго закатавлі да сьмерці ў турме.

Характэрнай рысай арыштаў 1930 і 1931 гг. было тое, што нязначнай частцы арыштаваных у якасьці пакараньня прызначалася вольная высылка, бо на той час яшчэ не збудавалі дастатковай колькасьці канцэнтрацыйных лягероў. Аднак гэта не была высылка зь мяккім рэжымам.

Для зручнасьці назіраньня за высланымі ГПУ зазвычай канцэнтравала іх у малалюдных паселішчах паўночных губэрняў, дзе не магчыма было знайсьці працы, каб зарабіць на жыцьцё. Калі ўлічыць, што большасьць высланых — людзі разумовай працы, частка іх — сталага ўзросту, то становішча іхнае было вельмі цяжкім. Ня ўсе мелі сваякоў, якія маглі б неяк дапамагаць. Трыццатыя гады — самыя цяжкія й галодныя: людзі мелі мажлівасьць набываць харчаваньне толькі ў мізэрных нормах, а таму шмат хто з высланых былі асуджаныя на галоднае выміраньне.

Ужо ў 1929 г. значную частку беларускай інтэлігенцыі зьвінавацілі за прыхільнасьць да нацыянал-дэмакратызму й зьнялі з пасадаў. Газэты, часопісы разгарнулі сапраўднае цкаваньне тых, каго АДПУ ў хуткім часе сабрала пад так званай справай “Саюзу вызвалення Беларусі” (СВБ). У 1930 г. пачаліся арышты яе “сябраў”. Толькі ў ноч з 18 на 19 ліпеня ў Менску арыштавалі больш за 25 чалавек — у тым ліку, Я.Дылу, Ф.Ждановіча, М.Гарэцкага, У.Савіча, А.Прышчэпчыка, А.Адзінца, Ч.Радзевіча, У.Пракулевіча.

Усяго па справе СВБ праходзілі 108 асобаў. Сярод іх акадэмікі Беларускай акадэміі навук В.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, прафэсар А.Смоліч, наркам асьветы А.Баліцкі, наркам земляробства Дз.Прышчэпаў, пісьменьнікі М.Гарэцкі, Ул.Дубоўка, Я.Пушча ды іншыя. Усе арыштаваныя зьвінавачваліся за тое, што “з'яўляліся членамі контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі, ажыццяўлялі арганізаванае шкодніцтва на культурным, ідэалягічным і іншых участках сацыялістычнага будаўніцтва, праводзілі антысавецкую нацыяналістычную агітацыю..., ставячы канечнай мэтай адарванне Беларусі ад Савецкага Саюзу..., стварэнне так званай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)”.

Нягледзячы на маральны ціск,— а да некаторых ужываліся й фізычныя меры ўзьдзеяньня — на папярэднім сьледзтве поўнасьцю вінаватымі прызналі сябе толькі 25 чалавек. Больш за 40 адкінулі сваю віну цалкам і каля 25 прызналіся часткова. У хадзе следзтва 18 чалавек былі прызнаныя невінаватымі й вызваленыя з турмы. Сярод іх Б.Эпімах-Шыпіла, П.Бузук, М.Байкоў, М.Бурштын, Л.Дашкевіч, А.Дайлідовіч ды іншыя. Аднак у 1936—1937 гг. амаль усіх іх зноў арыштавалі й засудзілі.

Па сфальсыфікаванай справе СВБ 90 прадстаўнікоў інтэлігенцыі атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня. А.Адамовіч, А.Баліцкі, П.Ільючонак, Дз.Прышчэпаў, справа якіх у сьнежні 1930 г. выдзелена ў асобную,— па 10 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох; 8 чалавек па 5 гадоў — М.Адзярыха, Я.Бядрыцкі, А.Дарашэвіч, П.Жаўрыд, Ф.Ждановіч, М.Касьпяровіч, А.Сак, І.Цьвікевіч, І. Біндзюк — па 3 гады. Астатнія — да 5 гадоў высылкі зь Беларусі ў розныя аддаленыя раёны СССР. Сярод іх М.Азбукін, М.Гарэцкі, А.Гурло, М.Гурскі, М.Грамыка, У.Дубоўка, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, П.Трамповіч, А.Смоліч, А.Цьвікевіч, М.Шчакаціхін і шмат іншых вядомых грамадзкіх, навуковых, культурных дзеячоў.

Гэта быў непапраўны ўдар для Беларусі, ейнае навукі, культуры й гаспадаркі. Лепшых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі гвалтоўна пазбавілі магчымасьці ня толькі займацца творчай працай, але й наагул — па-чалавечы жыць. Толькі адзінкам зь іх празь дзесяцігодзьдзі ўдалося вярнуцца на Беларусь. Астатнія, адбыўшы тэрмін зьняволеньня, атрымалі новыя ў канцлягерох, альбо былі асуджаныя да вышэишай меры пакараньня.

Справа СВБ была першай масавай хваляй тэрору супраць беларускай інтэлігенцыі. Зь яе распачынаецца вялікі сьпіс розных спра ва ў 30-х гадоў, вынік якіх — жудасныя страты сярод беларускай інтэлігенцыі. У жо ў лютым 1931 г. першы сакратар ЦК КП(б)Б К.В.Гей і загадчык культпрапу ЦК КП(б)Б А.А.Чарнушэвіч прасілі Маскву “неадкладна прыслаць у БССР навуковых работнікаў па эканамічных дысцыплінах” для выкладчыцкай і навуковай працы.

У маі 1931 г. АДПУ сфальсыфікавала й “выкрыла” справу “Працоўнай сялянскай партыі”, па якой было асуджана на розныя тэрміны зьняволеньня й высылкі 59 чалавек. Сярод іх — значная частка беларускай інтэлігенцыі. У 1931—1932 гг. пракацілася новая хваля арыштаў сярод працаўнікоў сельскай гаспадаркі, што ў розных установах займаліся распрацоўкай навуковых ды іншых пытаньняў. Узьніклі справы “Беларускага філіялу працоўнай сялянскай партыі”, “Белтрактарацэнтру”, “Ветэрынарных дактароў”. Толькі па іх было арыштавана й засуджана звыш 800 чалавек. Шмат хто з працаўнікоў Народнага камісарыяту земляробства БССР, Навукова-дасьледчага Інстытуту сельскай гаспадаркі, Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту трапілі ў турмы. Сярод іх Р.А.Бонч-Асмалоўскі — старшыня сельскагаспадарчай сэкцыі Дзяржпляну, кваліфікаваныя спэцыялісты па аграноміі, землеўпарадкаваньні, статыстыцы НК земляробства — Б.Хоцкі, А.Міхайлаў, В.Ліодт, А.Папялышка, дырэктар Навукова-дасьледчага інстытуту сельскай гаспадаркі Г.Гарэцкі, акадэмік А.Дубах, прафэсар Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту В.Макавейскі й інш.

Але ж самыя масавыя арышты ішлі па справе Белтрактарацэнтру, па якой было рэпрэсавана 546 чалавек. Па сутнасьці, амаль дарэшты зьнішчаліся тыя небагатыя кваліфікаваныя кадры, што працавалі ў цэнтральных кіроўных органах сельскай гаспадаркі й на месцах. На гэтым перасьледы інтэлектуальнай эліты, аднак, не закончыліся. У 1933 годзе НКУС БССР завёў справу па дзейнасьці “Беларускага нацыянальнага цэнтру”. У жніўні 1933 году адбылося “выкрыццё” й “ліквідацыя” “шырокаразгалінаванай контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі “Беларускі нацыянальны цэнтр” і яе філіяў у Горках і Беразіне”. Гэтая 55-томная справа сфальсыфікаваная зь вялікім размахам.

Зь вінаваўчага заключэньня:

“В результате своей практической контрреволюционной работы контрреволюционная организация БНЦ к моменту ее ликвидации охватила своей деятельностью ряд хозяйственных и культурных учреждений, вузов, части РККА и значительное количество районов Белорусской ССР:

а) На культурном фронте: БАН, Наркомпрос, Государственная библиотека, Союз советских писателей, НТХИЗДАТ, БелТА, Радиоцентр, редакция газеты “Звязда” и др.;

б) Вузы: Горецкая сельхозакадемия, БГУ, Энергоинститут, Садово-огородный институт, Научно-исследовательский институт рыбного хозяйства и др.;

в) Советский аппарат: Госплан, Наркомздрав, Наркомпрос, Наркомхоз, Наркомсвязь, Союзхлопкосбыт и др.;

г) Общественные организации: ЦК МОПРа;

д) Партийные организации: Истпарт при ЦК КП(б)Б, представительство КПЗБ и др.;

е) РККА — Разведуправление Штаба БВО, гарнизон гор. Борисова, 34-й полк — Старые Дороги, 192-й полк — Орша и др.;

ж) 9 крупных городов БССР;

з) 25 районов БССР.

Следствием выявлено и вскрыто:

а) Повстанческих ячеек — 59;

б) Диверсионных ячеек и групп — 19;

в) Террористических групп — 4;

г) Шпионских ячеек и резидентур — 20.

Кроме того, ликвидировано филиалов и контрреволюционных организаций:

а) в Горках — численностью 21 чел.;

б) в Березино — численностью 27 чел.;

в) молодежная организация БНГ — 47 чел.”

Па справе БНЦ прыцягнуты да адказнасьці 97 чалавек. Трэба асобна падкрэсьліць, што амаль усезь вінавачаныя асобы ўнесьлі значны ўклад у справу беларускага нацыянальнага адраджэньня на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Тым ня менш, 26 зь іх з рашэньня судовай Калегіі АДПУ ад 9 студзеня 1934 году былі вырачаныя да вышэйшай меры пакараньня, 16 — да вышэйшай меры пакараньня з заменай на 10 гадоў папраўча-працоўных лягероў (пасьля паўторнага асуджэньня ўсе яны былі расстраляны ў 1937 г.), 17 — да 10 гадоў папраўча-працоўных лягероў (ППЛ), 5 — да 8 гадоў ППЛ, астатнія — да розных мер пакараньня.

Дакумэнты сьведчаць, што “прызналіся” ў прыналежнасьці да контррэвалюцыйнай арганізацыі ў цэнтры — 77 чалавек і на пэрыфэрыі — 204 чалавекі. Кіраўніцтва арганізацыі сьледчыя НКУС “даручылі” сямёрцы найбольш вядомых тагачасных беларускіх дзеячоў у складзе: С.А.Рак-Міхайлоўскага, П.В.Мятлы, І.А.Гаўрыліка, І.С.Дварчаніна, М.Т.Бурсевіча, Ф.І.Валынца, П.П.Валошына.

Асноўныя кірункі “дзейнасьці” арганізацыі сфальсыфікаваны праз “паказаньні” на допытах гэтых сямі асобаў.

З паказаньняў С.А.Рак-Міхайлоўскага 10 кастрычніка 1933 году:

“В Варшавском сейме в 1925—1926 гг. существовал так называемый “Рабоче-Крестьянский Блок”, в состав которого входили: Комфракция сейма (Сохацкий, Варский-Варшавский, Приступа, Войтюк, Скрипа, Пашчук), Независимая Крестьянская Партия (Воевудский, Балин, Федоркевич, Бон, Головач, Шакун, Шапель) и Белорусская Крестьянско-Рабочая Громада (Тарашкевич, Рак-Михайловский, Метла, Волошин). Наиболее энергичными, оказавшими крупное влияние на [всех] членов блока, были Сохацкий, Воевудский и Войтюк, а из громадовцев — Тарашкевич.

Официальной целью этого “Рабоче-Крестьянского Блока” являлось:

а) борьба с Польским правительством, проводившим ярко полонофильскую политику по отношению нацменьшинств;

б) согласованные выступления от имени указанных политических организаций с сеймовой трибуны, направленные на защиту интересов нацменьшинств,— главным образом, украинцев и белорусов.

На самом же деле под этим официальным блоком скрывался организованный Польским Генеральным Штабом “Украинско-белорусский революционный блок”, оформившийся в 1926 г. в Варшаве на квартире посла в Польский сейм — украинца Скрипы (Свентокржыжская ул.)”.

З паказаньняў П.В.Мятлы ад 21 кастрычніка 1933 году:

“Поставленные перед блоком Польским Генштабом задачи сводились к следующему:

1. Борьба с коммунистическим движением в Польше, Западной Белоруссии, Западной Украине и в СССР.

2. Через созданные массовые организации помогать ІІ Отделу Пол. Генштаба вылавливать и арестовывать коммунистический актив в Польше.

3. Вести активную работу по свержению советской власти в УССР и БССР путем создания контрреволюционных повстанческих организаций на территории Украины и Белоруссии”.

Зь зьвінаваўчага заключэньня:

“БНЦ вел подготовку к свержению советской власти и своей конечной целью считал установление Белорусской фашистской республики во главе с военной диктатурой, входящей на основе федерации в состав Польского государства. Свержение советской власти контрреволюционной организацией БНЦ мыслилось путем вооруженного восстания, намечавшегося, согласно установкам Польского Главного штаба, на осень 1933 или весну 1934 года. В осуществление поставленных перед собой задач контрреволюционная организация БНЦ вела практическую подготовку к вооруженному восстанию ...”

Якімі былі вынікі ўсёй гэтай сфальсыфікаванай справы — вядома. Ні за што ні пра што пакутавалі сумленныя людзі, а ў некаторых зь іх было аднята самае дарагое — жыцьцё. Зазвычай у тыя часы ГПУ выдавала ў сваёй друкарні тэндэнцыйна падабраныя вытрымкі з “паказанняў” арыштаваных, здабытых гвалтоўным шляхам. У выглядзе спэцыяльнай брашуры — як зусім сакрэтны — гэты матэрыял перадаваўся для азнаямлен ь ня высокаадказным камуністам.

Партыйныя газэты, часопісы й спэцьыяльныя выкрывальныя “працы” спасылаліся на вытрымкі з паказаньняў арыштаваных, не называючы крыніцаў, зь якіх атрыманы я паказаньні. Вытрымкамі мог пакарыстацца таксама сакратар ЦК партыі, член Бюро ЦК у сваіх выступленьнях дзе-небудзь на сходзе партыйнага актыву.

Задачай прапаганды было паказаць нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі як контррэвалюцыйную, шкодніцкую й шпіёнскую дзейнасьць, скіраваную на адлучэньне БССР ад Савецкага Саюзу й стварэньне буржуазнай нацыянальна-дэмакратычнай рэспублікі.


Прадстаўнікі інтэлігенцыі — ахвяры таталітарнага рэжыму
Прапаганда мела на мэце скампрамэтаваць беларускую інтэлігенцыю, мозг нацыянальнага руху, яго тэарэтыкаў і практычных выканаўцаў, паказаць іх у самым агідным абліччы, выкарыстоўваючы для гэтага розныя здарэньні з прыватнага жыцьця. Улічвалася, вядома, і сацыяльнае паходжаньне.

Рабілася ўсё, каб зьняславіць арыштаваных. Нацыянальны рух зьняважліва ахрысьцілі “нацдэмаўшчынай”, а ўсіх, хто ўдзельнічаў у ім, назвалі “нацдэмамі”. Савецкі друк, прамоўцы на афіцыйных і неафіцыйных сходах у розных варыянтах ужывалі гэтыя эпітэты.

Па заданьні сакратара ЦК камуністычнай партыі Гея ў Акадэміі навук стварылі спэцыяльныя “брыгады”, якія старанна вышуквалі ў друкаваных працах, стэнаграмах дакладаў і выступленьняў элемэнты нацдэмаўшчыны. Пад рэвізію падлягалі паэтычныя й празаічныя творы западозраных у “нацдэмаўшчыне” пісьменьнікаў, газэтныя артыкулы й іншыя матэрыялы. Апроч ужо арыштаваных, шукалі новых, г.зв. “нявыяўленых нацдэмаў”. Нападкі ператвараліся ў цкаваньне. У выніку вядомага беларускага паэта Янку Купалу давялі да адчаю, і ён спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам.

Старанна праглядаліся школьныя падручнікі. Большасьць падручнікаў вылучылі з ужытку — асабліва хрэстаматыі для чытаньня, граматыкі, зборнікі дыктовак. Адны аўтаматычна выкідаліся з навучальнага працэсу з прычыны арышту іх аўтараў, іншыя — таму, што аказаліся не адпаведнымі эпосе калектывізацыі сельскай гаспадаркі й сталінскіх пяцігодак.

У хрэстаматыях не дазвалялася называць узорныя адзінаасобныя гаспадаркі местачкоўцаў або хутаран, у задачніках — выкарыстоўваць прыклады з жыцьця аднаасобнай гаспадаркі. Настаўнікі мусілі самі прыдумляць арытмэтычныя задачы з жыцьця калгасаў, гандлю каапэратыўных крамаў. Пры гэтым, у задачах павінен фігураваць калгасны прадукт толькі высокай якасьці, а скаціна — толькі ўкормленая.

Адначасова з арыштамі нацдэмаў зь бібліятэк, чытальняў сканфіскавалі ўсе працы арыштаваных — незалежна ад таго, мелі яны дачыненьне да высунутых зьвінавачаньняў, ці не. Шматлікія працы па гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі, літаратуры, мастацтве, краязнаўстве, творы маладых і старэйшых таленавітых паэтаў і празаікаў, навуковыя дасьледаваньні, што ствараліся цягам гадоў, пасьля арышту аўтараў назвалі шкодным нацдэмаўскім хламам.

Зазвычай кожны арышт суправаджаўся старанным вобшукам. Забіраліся фатаздымкі нават даўно памерлых, альбо тых, хто ня меў аніякага дачыненьня да арыштаванага, а таксама прыватныя лісты, дакумэнты й кнігі арыштаваных аўтараў. Затым у ГПУ ўсё гэта сартыравался — і вышукваліся матэрыялы для зьвінавачаньня. Як непатрэбны хлам усё потым зьнішчалася. На той час добра спрацоўвала й самацэнзура. Пазьбягаючы непрыемнасьцяў, людзі самі старанна пільнаваліся своечасовага зьнішчэньня кніг, газэт, фатаздымкаў, карцін — уласных, ці належных тым, каго ўжо арыштавалі.

Падаем кароткі пералік зьнішчаных працаў, якія ёсьць агульнанацыянальнаю каштоўнасьцю:

1. Зборнік беларускай народнай творчасьці.

2. Краёвыя слоўнікі: Чэрвеньшчыны, Мазыршчыны, Віцебшчыны.

3. Чатырохсотгодзьдзе беларускага друку.

4. Беларускі архіў (пэрыёдыка).

5. Усе творы паэта Алеся Гаруна (памёр на эміграцыі).

6. Працы першага зьезду дасьледчыкаў беларускай археалёгіі й археаграфіі.

7. Працы аддзелу гуманітарных навук Беларускай акадэміі навук (філялёгіі, гісторыі, этнаграфіі, археалёгіі, мастацтва, права).

8. Сэрыя выданьняў беларускай навуковай тэрміналёгіі.

9. Матэрыялы да беларускай навуковай тэрміналёгіі.

10. Беларускія казкі, прыказкі й замовы, запісаныя й апрацаваныя Аляксандрам Сержпутоўскім.

У кнігарнях ужо не выстаўляліся й не рэклямаваліся кнігі беларускіх пісьменьнікаў — з боязі ўсялякіх нечаканасьцяў у дачыненьні да аўтараў-беларусаў. Зьніклі разнастайныя плякаты зь беларускім арнамэнтам, што вывешваліся дзеля прапаганды ў грамадзкіх установах — клюбах, чьтальнях, у фае тэатраў і кіно. Некаторыя занадта палахлівыя кіраўнікі ўстановаў пасьпяшаліся перафарбаваць свае службовыя кабінэты, якія ў свой час таксама без патрэбы былі аздобленыя беларускім арнамэнтам і эмблемамі.

Нельга сказаць, што гэтае “ачышчэньне” ад усяго нацыянальна-беларускага, часта даведзенае да абсурду, выконвалася паводле спэцыяльных дырэктываў. Падобнымі дзеяньнямі почасту рухаў страх.

Пасьля вялікіх арыштаў у першай палове 1930 г. ужо можна было прадбачыць, што гэта — толькі пачатак шырока сплянаванай кампаніі разгрому нацыянальнага руху ў Беларусі. Арышты прайшлі адно ў Менску й амаль не закранулі правінцыі. Пацярпелі Акадэмія навук, унівэрсытэт, Наркамасьветы, Наркамзем, Навукова-дасьледчы інстытут сельскай гаспадаркі, Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Пытаньне ізаляцыі нацдэмаў у правінцыі, відаць, было ў стадыі “вывучэньня” ГПУ.

Арыштоўвалі й проста тых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія актыўна ні ў чым ня ўдзельнічалі, але лічылася, што яны — настаўнікі, аграномы, інжынэры, плянавікі ды іншыя — здольныя думаць самастойна. Амаль ніхто не ацалеў і зь беларускіх пісьменьнікаў. Усе тыя, хто пасьля арышту ў 1930 г. адбыў пакараньне, пад час яжоўшчыны былі зноў арыштаваныя — і пакараныя яшчэ больш жорстка.

Меліся зьвесткі, што беларускіх працаўнікоў, якіх у 1930 г. засудзілі за нацыянальны дэмакратызм, пад час яжоўшчыны ўзялі ўжо за фашызм. Яны атрымлівалі новыя гады лягероў, альбо былі расстраляныя. Частку арыштаваных і засуджаных у 1930 г. зь лягероў пераправілі ў Менск, у НКУС.

Праганяючы праз допыты й вочныя стаўкі, іх выкарыстоўвалі як сьведкаў па зьвінавачаньні новых арыштаваных. У той жа час, абапіраючыся на паказаньні новых арыштаваных, “старым” павялічвалі тэрміны пакараньня, альбо расстрэльвалі. 3ь вядомых беларускіх пісьменьнікаў ацалелі народныя паэты Янка Купала й Якуб Колас, сатырык Кандрат Крапіва й былы старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў камуніст Міхась Клімковіч, які, баючыся арышту, перарэзаў сабе горла лязом. Але ад сьмерці яго ўратавалі. Магчыма, гэта й дапамагло яму пазьбегнуць арышту. Не былі арыштаваны Зьмітрок Бядуля й пісьменьнікі-пачаткоўцы — Пятрусь Броўка й Пятро Глебка.

Пасьля яжоўшчыны пачалася расправа з тымі, хто выконваў волю арганізатараў тэрору. Арыштаванага ў Віцебску й пазьней вызваленага нейкага Грэчкіна выклікалі ў НКУС па справе недазволеных катаваньняў пад час допыту. Сьледчы, які выбіў Грэчкіну некалькі зубоў, быў асуджаны, але Грэчкін даў падпіску пра нераспаўсюджаньне зьвестак.

Нават пісьменьнікі, шчырыя ў сваёй творчасьці да 1917 г., у некаторых выпадках скажалі ў пазьнейшых творах беларускую рэчаіснасьць. У паказе беларуса й ягонага жыцьця яны карысталіся непатрэбнымі формамі перабольшаньня забітасьці й прыгнечанасьці сялянства, беднасьці прыроды, паныласьці ляндшафту.

Не аб'ектыўнымі былі й падручнікі — асабліва па геаграфіі, якія звычайна паказвалі беларуса кволым, непісьменным, з прымітыўнымі формамі бытаваньня, а прыроду Беларусі — суцэльным балотам. Усё гэта стварала памылковае ўяўленьне пра нацыю й край.

Цягам колькіх гадоў нацыянальнага адраджэньня зьявіліся літаратурныя, тэатральныя, музычныя творы, гістарычныя й этнаграфічныя працы, спэцыяльныя дасьледаваньні па сельскай гаспадарцы, якія былі ня горшымі, а часам і лепшымі, чым у іншых народаў Савецкага Саюзу. Гэтыя працы набылі вядомасьць. Больш за тое, яны трапілі ва ўнівэрсытэцкія бібліятэкі ЗША й заходніх дзяржаваў, дзе сталіся аб'ектамі вывучэньня. Памянёныя працы выгодна вылучалі Беларусь з шэрагу губэрняў і вобласьцяў Савецкага Саюзу.

З так званай “папкі Бэрмана” — наркама ўнутраных справаў БССР у сакавіку 1937 г.—маі 1938 г. — відаць, што зьбіраньне “патрэбных паказаньняў” і іншых “кампрамэтавальных матэрыялаў” на паэтаў вялося на працягу доўгага часу. Зьбіраліся яны й на старшыню Саюзу савецкіх пісьменьнікаў БССР М.Ц.Лынькова, і на шэраг іншых творчых работнікаў — “затоеных нацыяналістаў-контррэвалюцыянераў”, як гаварылася ў адной з даведак НКУС.

Канец 1920-х—1930-я гады — складаны й супярэчлівы пэрыяд савецкай гісторыі. На шмат якія паўсталыя пытаньні поўнага адказу няма й да гэтага часу. Ці была гэта здрада рэвалюцыі, як сьцьвярджаў выгнаны за межы СССР адзін зь яе вядомых правадыроў? Ці краіна сутыкнулася з уласьцівым бальшавіком жаданьнем як мага страмчэй “закілзац” масы й гвалтоўна “прыспешыць” хаду гістарычнага разьвіцьця?

Канец 1920-х—1930-я гады ў грамадзкім жыцьці Беларусі — ланцуг зьвязаных, альбо ня зьвязаных, паміж сабою ідэоляга-палітычных кампаніяў па ачышчэньні грамадзтва, як тады пісалі, ад “класава-чужых элементаў”, якія перашкаджаюць “разгорнутаму сацыялістычнаму будаўніцтву”, а дакладней — сталінскаму “крутому павароту ва ўсёй палітыцы”. Гэта кампаніі:

— супраць нацыянал-дэмакратызму й нацыянал-ухілізму як праяваў варожага іншадумства, адбітку рэстаўратарскіх настрояў ува ўмовах абвастрэньня клясавай барацьбы;

— супраць “контррэвалюцыйнага трацкізму”, які, паводле афіцыйных прапагандысцкіх клішэ таго часу, імкнуўся правесьці ў сьвядомасьць сябраў кіроўнай партыі й шырокіх працоўных масаў “ідэалягічную кантрабанду”, што працавала на падрыў генэральнага курсу па будаўніцтве сацыялізму ў адной асобнай краіне;

— супраць “замаскаванай нацдэмаўшчыны”, якая, нібыта, хацела на пачатку 30-х гадоў узяць рэванш за нядаўнія паразы й сьцьвердзіць свае погляды на рэстаўрацыю капіталістычнага ладу й выхад Беларусі з СССР;

— супраць “кулацка-эсэраўска-прышчэпаўскай контррэвалюцыі”, што быццам бы рыхтавала антысавецкае паўстаньне ў беларускай вёсцы ўвесну 1933 г.

Кампаніі выліліся ў шэраг вялікіх і мноства малых “палітычных справаў”, якія насамрэч выяўляюць увесь трагізм становішча зьвінавачваных за контррэвалюцыйную дзейнасьць вучоных, творчай інтэлігенцыі, партыйных і дзяржаўных функцыянэраў, сялян і іншых прадстаўнікоў беларускага грамадзтва.

Людзей звучалі да спрошчаных меркаваньняў і ацэнак: рэвалюцыянэр — контррэвалюцыянэр, працаўнік — шкоднік, партыя ёсьць вышэйшаю мудрасьцю, правадыр заўжды мае рацыю й г.д. На ворага, шкодніка, двурушніка можна было сьпісаць правалы, няўдачы, памылкі; спасылаючыся на ворагаў, лёгка было вытлумачваць хібы ў разьвіцьці эканомікі, невыкананьне народнагаспадарчых плянаў і г.д.

Пра больш канкрэтныя кірункі “вялікага ачышчэння” ў рэспубліцы, зламалага лёсы людзей, можна прачытаць у “Матэрыялах да справаздачы ЦК КП(б) Беларусі ХVІ з'езду КП(б)Б” (былі надрукаваны ў 1937 г. пад грыфам “сакрэтна” — толькі для дэлегатаў з'езду).

Праведзенае ў 50-я гады й у далейшым вывучэньне паказала, што а ніякіх падставаў для перасьледу з палітычных матываў, арыштаў, і тым больш — для прысудаў да вышэйшай меры пакараньня не было. Ахвяраў рэпрэсіяў рэабілітавалі і па дзяржаўнай лініі, і палітычна. Рэабілітавалі пасьмяротна.

Забываць пра гэты трагічны ўрок нашай нядаўняй гісторыі, будуючы новую Беларусь, мы ня маем права.


Дадатак
Сьпіс беларускіх дзеячоў, арыштаваных у 1930 і 1931 гг. па зьвінавачаньні за нацыяналізм
Адамовіч Алесь, нам. наркамзема Дз.Прышчэпава, высланы на Салаўкі ў 1930 г.

Азбукін Мікалай, праф. Бел. унівэрсытэту, высланы ў 1930 г. у г.Налінск.

Аніхоўскі Аляксандар, інспэктар Наркамасьветы, дацэнт, высланы ў 1930 г. у Яраслаўль.

Апацёнак, высланы на Поўнач у 1931 г.

Бабарэка Адам, дацэнт, крытык, арыштаваньі ў 1930 г., высланы ў 1931 г.

Байкоў Мікалай, дац. філялёгіі, першы раз арыштаваны ў 1930 г.

Баліцкі Антон, наркам асьветы БССР, арыштаваны ў 1930 г.

Божка Іван, аграном, арыштаваны ў 1930 г., расстраляны ў 1933 г.

Бялькевіч Іван, філёляг, арыштаваны ў 1931 г.

Галавінскі Аляксандар, інжынэр, арыштаваны ў 1931 г.

Гарэцкі Максім, праф., арыштаваны ў 1930 г., высланы ў Сібір, дзе й загінуў у 1937 г.

Гарэцкі Гаўрыла, акадэмік, арыштаваны ў 1930 г., пазбаўлены званьня акадэміка, высланы за межы Беларусі. Арыштоўваўся таксама ў 1937 г. і 1938 г.

Грамыка Міхаіл, геоляг, арыштаваны ў 1931 г., высланы ў Сібір.

Гурскі Міхась, высланы ў 1930 г.

Даўгяла Зьміцер, праф., археоляг, высланы ў Сібір у 1931 г., загінуў.

Доўнар-Запольскі Мітрафан, праф., арыштаваны ў 1930 г., у Сібіры загінуў.

Друшчыц Васіль, гісторык, у 1931 г. высланы на Поўнач.

Дубінскі Сяргей, археоляг, арыштаваны ў 1930 г.

Дубоўка Ўладзімер, паэт, высланы ў 1930 г.

Дудар Алесь, паэт, арыштаваны ў 1929 г., у 1937 г. Загінуў .

Дыла Язэп, гісторык, арыштаваны ў 1930 г.

Жарскі Платон, філёляг, першы раз арыштаваны ў 1930 г.

Жылка Ўладзімер, паэт, арыштаваны ў 1931 г., памёр на катарзе ў 1933 г. у г.Уржуме.

Забела, дац. гісторыі, арыштаваны ў 1931 г., высланы на Поўнач, загінуў.

Ігнатоўскі Ўсевалад, праф., прэзыдэнт Акадэміі навук, застрэліўся ў 1930 г.

Ільючонак, высланы ў 1931 г. на Поўнач.

Каравайчык Павал (Любецкі), докт. мэдыцыны, арыштаваны ў 1931 г.

Кандрацьеў, арыштаваны ў 1930 г.

Каранеўскі Язэп, рэктар унівэрсытэту, арыштаваны ў 1931 г.

Касьпяровіч Мікалай, этноляг, арыштаваны ў 1931 г., высланы ў Сібір.

Кацярыніч, настаўнік, высланы ў 1930 г.

Кіркевіч М., аграном, арыштаваны ў 1931 г.

Красінскі Мікалай, праф., філёляг, арыштаваны ў 1931 г., высланы на Поўнач, г.Пашахонск.

Лёсік Язэп, філёляг, арыштаваны ў 1930 г., загінуў у 1936 г.

Лістапад Юры, настаўнік, арыштаваны ў 1937 г., высланы ў Сібір.

Ляжневіч Аляксандар, драматург, у 1931 г. высланы ў Сібір, загінуў.

Мамчыц, выкладчык, высланы ў канцлягер у 1930 г.

Марук, грамадзкі дзяяч, высланы ў 1931 г.

Муха Іван, выкладчык, дац., высланы ў 1931 г. на Поўнач.

Мялешка Сяргей, дац. гісторыі, у 1931 г. высланы ў Сібір.

Некрашэвіч Сьцяпан, віцэ-прэзыдэнт Беларускай акадэміі навук, у 1931 г. высланы на Поўнач, загінуў.

Рагачэўскі Пятро, бэлетрыст, у 1931 г. высланы ў Сібір, загінуў.

Родзевіч Часлаў, высланы ў 1931 г. у Сібір.

Савіч, як нацдэм высланы ў 1930 г.

Серада Іван, праф, філёляг, у 1931 г. высланы ў Яраслаўль.

Скандракоў, праф., аграном, у 1931 г. высланы ў Сібір.

Смоліч Аркадзь, праф., акадэмік, арыштаваны ў 1931 г., загінуў у ГПУ.

Трамповіч Павал, доктар, высланы ў 1931 г. на Поўнач.

Улашэвіч, як нацдэм у 1930 г. высланы ў Налінск.

Уліцін, дацэнт, арыштаваны ў 1930 г. і расстраляны.

Функ Аляксандар, крытык, арыштаваны ў 1930 г.

Харламповіч, праф. археалёгіі, у 1931 г. высланы на Поўнач.

Чаржынскі (Дзяржынскі) Уладыслаў, праф., філёляг, высланы ў 1930 г. у Казань.

Чарнушэвіч Мікалай, паэт, высланы ў 1931 г.

Чарнушэвіч Нічыпар, дац. хіміі, паэт, у 1931 г. высланы ў Вяцкі край.

Шашалевіч Васіль, драматург, арыштаваны ў 1930 г., высланы на Калыму, загінуў.

Шлюбскі Альгерд, археоляг, высланы ў 1931 г. на Поўнач.

Шчакаціхін Мікалай, праф., высланы ў 1931 г. у Вяцкі край.

Ярашчук Мікалай, аграном, высланы ў 1931 г. у Астрахань.


Літаратура
1. Адамушко В.И., Иванова Н.В. Помилуйте… Документы по репрессиям 1939—1941 гг. в Вилейской области. Мн., 1992.

2. АдамушкаУ.І., Палітычныя рэпрэсіі 20—50-х гадоў на Беларусі. Мн., 1994.

3. Боль людская. Воспоминания жертв политических репрессий 1930—1950-х годов. Мн., 1999.

3. З гісторыяй на “Вы”. Мн., 1994.

4. История Беларуси в документах и материалах. Мн., 2000.

5. Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мн., 2000.

6. Касцюк М.П., Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мн., 2000.

7. НАРБ. Ф. 4. Воп. 2. С.149, 214, 242; Ф. 4. Воп. 21. С.331, 365, 1400.

8. Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі. Мн., 1998.

9. Платонаў Р.П., Лёсы: Гісторыка-дакументальныя нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20—30-х гадоў. Мн., 1998.

10. Правда истории: память и боль. Мн., 1991.

11. Сташкевіч М., “Дзве аперацыі супраць “ворагаў народа” // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. №1.

Анатоль Вялікі

Лекцыя 6. КПБ — "перадавы атраёёёд" таталітарнае сыстэмы

Плян:

1. Вышэйшыя партыйныя органы: бюро, сакратарыят, апарат ЦК КПБ


Вышэйшыя партыйныя органы: Бюро, Сакратарыят, апарат ЦК КПБ
У адказе на пытаньне пра характар улады ў гісторыі савецкае Расеі — і, зразумела, Беларусі — замежныя, а цяпер ужо й беларускія, гісторыкі аднадумныя: уся ўлада ў былым СССР належала РКП(б)—ВКП(б)—КПСС, а ў рэспубліцы — КП(б)Б—КПБ. Партыя падмяніла сабой усе органы дзяржаўнага кіраваньня. Абапіраючыся на рэпрэсіўны апарат, грамадзкія й грамадзка-палітычныя арганізацыі, створаныя ёю, партыя стаяла па-над дзяржавай і грамадзтвам. Аднак жа, калі ў працах замежных гісторыкаў — галоўным чынам, амэрыканскіх — гэтыя дый іншыя аспэкты агульнай тэмы “партыя-дзяржава” атрымалі грунтоўную распрацоўку, то айчынныя гісторыкі толькі пачынаюць неперадузята вывучаць гісторыю КПБ, якая кіравала рэспублікай да жніўня 1991 г. — моманту забароны дзейнасьці КПСС—КПБ на тэрыторыі БССР. Прынцыповым тут зьяўляецца пытаньне пра формы й мэтады партыйнага кіраўніцтва.

Партыйныя структуры ахоплівалі й праціналі ўсё грамадзтва. Вярхоўны Савет толькі намінальна быў вышэйшым органам кіраваньня, а ўсю рэальную дзяржаўную ўладу сканцэнтроўваў у сабе Цэнтральны камітэт (ЦК) КПБ, вышэйшымі органамі якога былі Бюро й Сакратарыят. Апошнія падпарадкоўваліся толькі першаму сакратару ЦК, а той, у сваю чаргу,— Палітбюро (ПБ) і Генэральнаму сакратару ЦК КПСС.

Як пастаянна дзейны партыйны орган Цэнтральнае бюро (з 1924 г. папросту — Бюро) было створана на першым зьезьдзе КП(б)Б (30—31 сьнежня 1918 г.). Паколькі Беларусь у 1918—1920 гадох аказалася ў складанай палітычнай сытуацыі, абумоўленай, у першую чаргу, расейска-польскай вайной і непрацяглым існаваньнем Літбелу, да фармаваньня сталых партыйных органаў справа не дайшла. Да гэтага пытаньня беларускія камуністы вярнуліся толькі пасьля другога абвешчаньня ССРБ (ліпень 1920 г.). На 3 зьезьдзе КП(б)Б (22—26 лістапада 1920 г.) было прынятае рашэньне пра абраньне ЦБ — у складзе 9 сябраў і 4 кандыдатаў у сябры ЦБ. “Для арганізацыі кіраўніцтва й вядзення бягучай працы ЦБ арганізоўваў таксама Сакратарыят у складзе 3 адказных сакратароў — сябраў ЦБ”. У структуры ЦК ствараліся: агітацыйна-прапагандысцкі аддзел; арганізацыйна-інструктарскі; улікова-інфармацыйна-статыстычны; агульны; аддзел па рабоце ў вёсцы й сярод жанчын, а таксама гэбрайскія сэкцыі.

3 зьезд “вызначыўся” й прыняцьцём рашэньня адносна таго, што “КП(б)Б — абласная арганізацыя РКП”, якая праводзіць у жыцьцё прынцыпы й тактыку РКП і кіруецца дырэктывамі ЦК РКП (бальшавікоў). Гэта азначае, што ад самага пачатку свайго існаваньня КП(б)Б аніякага самастойнага значэньня ня мела й фактычна зьяўлялася тэрытарыяльнай адзінкай Расейскай камуністычнай партыі.

Да сярэдзіны 20-х гг. вышэйшы орган КП(б)Б неаднаразова трансфармаўся й зьмяняў свае назвы. У розныя гады гэта былі Цэнтральнае Бюро (ЦБ) КП(б)Б і ягоны Прэзыдыюм (31 сьнежня 1918 г. — 6 сакавіка 1919 г.); ЦК КП(б) Літвы й Беларусі й ягоны Прэзыдыюм (6 сакавіка—13 красавіка 1919 г.); Палітычнае й арганізацыйнае Бюро (13 красавіка—16 чэрвеня 1919 г.); Бюро (16 чэрвеня—13 лістапада 1919 г.); Прэзыдыюм (13 лістапада 1919 г. — верасень 1920 г.); ЦБ КП(б)Б і ягоны Сакратарыят, Прэзыдыюм (верасень 1920 г.—люты 1924 г.); Часовае Беларускае Бюро ЦК РКП(б) і ягоны Прэзыдыюм (люты 1924—травень 1924 г.)

На 8-м зьезьдзе КП(б)Б (12—14 траўня 1924 г.) быў абраны Цэнтральны Камітэт КП(б)Б, які на сваім першым Пленуме 15 траўня 1924 г. абраў Бюро ЦК. Гэты партыйны орган праіснаваў да 1962 г. 18 сьнежня 1962 г. ЦК КПБ замест Бюро стварыў Прэзыдыюм ЦК і два галіновых Бюро — для кіраўніцтва сельскай гаспадаркі, прамысловасьці й будаўніцтва. Нарэшце, Пленум ЦК КПБ ад 24—25 чэрвеня 1966 г. перайменаваў Прэзыдыюм у Бюро ЦК КПБ, якое праіснавала да скону КПБ у 1991 г.

У сыстэме разьмеркаваньня ўладных функцыяў у Беларусі існавалі некаторыя, фактычна неістотныя, адрозьненьні. Так, Сакратарыят ЦК Беларусі адыгрываў значна меншую ролю ў параўнаньні з агульнасаюзным Сакратарыятам. Вышэйшым органам зьяўлялася Бюро, у якое ўваходзіла ўся партыйная й дзяржаўная верхавіна рэспублікі.

На пачатку 20-х гадоў вызначыўся й рэглямэнт працы Бюро й Сакратарыяту, які не мяняўся на працягу ўсяго існаваньня КПБ. Акрэсьліўся таксама й парадак падрыхтоўкі дакумэнтаў да паседжаньняў гэтых органаў, які зь нязначнымі зьменамі праіснаваў да 1991 г. Усё гэта сьведчыць пра тое, што ад самага пачатку КПБ фармавалася як магутная бюракратычная машына са строга рэглямэнтаванымі стасункамі й ясна азначанай ярархіяй. Істотным момантам ёсьць і тое, што ад гэтага часу дзейнасьць Бюро й Сакратарыяту робіцца сакрэтнай і не вядомай ня толькі звычайным грамадзянам Беларусі, але й абсалютнай большасьці сябраў партыі. Практычна ўсе паседжаньні Бюро й Сакратарыяту, пратаколы й матэрыялы да іх разглядаліся й захоўваліся пад грыфам “Сакрэтна”, “Зусім сакрэтна”, “Асобная папка”.

У сярэдзіне 20-х гадоў Сакратарыят ЦК зацьвердзіў інструкцыю “Парадак захоўвання, азнаямлення і звароту пратаколаў паседжанняў ЦК КП(б)Б”, у якой вызначалася кола асобаў, каму дазвалялася дасылаць сакрэтныя дакумэнты. Інструкцыя катэгарычна забараняла “Капіраваць, рабіць выпіскі, а таксама вусна альбо пісьмова спасылацца на пратаколы ЦК у адкрытым друку, а таксама ў савецкім справаводстве”. Дакумэнты з вышэй адзначанымі грыфамі адпраўляліся асобна ад іншых дакумэнтаў — па рэестрах устаноўленай формы й толькі праз супрацоўнікаў фэльд'егерскай службы, альбо спэцыяльнай сувязьзю Міністэрства сувязі БССР.

Пытаньні, якія разглядаліся на Бюро й набывалі грыф “Асобная папка”, былі самыя разнастайныя й закраналі практычна ўсе сфэры жыцьця грамадзтва й партыі. Да прыкладу, адна з “Асобных папак” утрымлівае Пастанову Бюро ЦК ад 20 траўня 1937 г. “Аб доме адпачынку Сляпянка”, у якой разглядаюцца пытаньні працы названага Дому адпачынку для адказных партыйных і дзяржаўных работнікаў. “Асобным папкам” часам надавалася такая сакрэтнасьць, што ў пратаколах Бюро — асабліва ў пасьляваенны час — не пазначана нават пытаньне для абмеркаваньня. Пазначаўся толькі ягоны парадкавы нумар.

Разглядаючы фэномэн “сакрэтнасці”, неабходна адзначыць, што гэта была больш чым фармальная працэдура. Сакрэтнасьць ператварылася ў прынцып жыцьця й дзейнасьці вышэйшага партыйнага кіраўніцтва. Адасабляючыся ад беларускага грамадзтва, партыя й, зразумела, ейныя структуры, ператвараліся ў своеасаблівае каставае аб'яднаньне са сваімі нутранымі, прызначанымі толькі для ейных сябраў законамі, таямніцамі, сакрэтнымі пастановамі й інфармацыйнымі зводкамі. Навязьлівая сакрэтнасьць, якая часам прымала паранаідальныя формы,— гэта не чарговы “перагіб” партыі: сутнасна яна зьвязаная з памкненьнем да ўсталяваньня ўсеахопнай, ці таталітарнай, улады. Варта пагадзіцца са словамі выбітнай амэрыканскай дасьледчыцы Ханы Арэндт: “Рэальная ўлада пачынаецца там, дзе пачынаецца сакрэтнасьць”. І гэтую рэальную ўладу партыя, а больш канкрэтна — Бюро ЦК ня толькі мела, але й імкнулася распаўсюдзіць на ўсе, нават самыя нязначныя, сэгмэнты жыцьця. Усеахопнасьць партыйнай улады ўражвае.


Усеахопная ўлада
Фармальна, паводле партыйнага Статуту, Бюро ЦК КПБ было выканаўчай структурай ЦК, якая абіралася для вядзеньня палітычнай працы й была падсправаздачная ЦК. Але на справе Бюро зьяўлялася вышэйшым органам улады ў БССР. Менавіта яно вызначала ўсе напрамкі разьвіцьця рэспублікі (а таксама разглядала безьліч адносна дробных і другарадных пытаньняў), выступала як галоўны арбітар пры вырашэньні ўзьніклых міжведамасных супярэчнасьцяў, непасрэдна арганізоўвала выкананьне сваіх даручэньняў і пастановаў, трымала пад кантролем усю сыстэму ўлады. Значная колькасьць важных рашэньняў і прапановаў, якія фармальна зыходзілі ад розных дзяржаўных органаў (ВС, СМ БССР), на самой справе былі вынікам дзейнасьці Бюро ЦК. Абавязковаму зацьверджаньню Бюро належалі ўсе больш-менш значныя ініцыятывы партыйных, дзяржаўных, камсамольскіх, прафсаюзных і іншых грамадзкіх, добраахвотных арганізацыяў.

Незвычайная шматлікасьць і разнаплянавасьць пытаньняў, якія падлягалі разгляду ці проста зацьверджаньню Бюро й Сакратарыяту, абумоўліваюць пэўныя цяжкасьці пры іхнай клясыфікацыі. Тым ня менш, можна азначыць некалькі буйных блёкаў пытаньняў, якія пастаянна кантраляваліся вышэйшымі органамі партыі.

1. Ува ўладнай кампэтэнцыі Бюро й Сакратарыяту знаходзілася практычна ўсё, што тычылася партыйнага жыцьця й партыйнай працы. Аснову гэтай працы складалі разгляд і зацьверджаньне кандыдатаў на ўсе кіроўныя пасады — ад сакратара райкаму партыі да сакратара ЦК КПБ. Да паседжаньня Бюро рыхтаваліся даведка-аб'ектыўка, кароткая партхарактарыстыка, анкета, аўтабіяграфія, копіі дакумэнтаў аб адукацыі, якія папярэдне разглядаліся ў адпаведных аддзелах ЦК, аддзеле арганізацыйна-партыйнай працы, сакратарамі ЦК. Напярэдадні зацьверджаньня з кандыдатам абавязкова праводзілася размова ў профільных аддзелах (да прыкладу, у аддзеле агітацыі й прапаганды, сельскагаспадарчым, прамысловасьці й г.д.) і з сакратарамі ЦК.

2. На Бюро разглядаліся пэрсанальныя справы камуністаў: пра ўдзел у антыпартыйных групоўках; пра амаральныя паводзіны; апэляцыі й г.д.

3. Бюро зацьвярджала сьпісы слухачоў Вышэйшай партыйнай школы, кандыдатуры на вучобу ў Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК КПСС. Праз зацьверджаньне Бюро праходзіла ўся арганізацыйная праца партыі — адкрыцьцё партыйных камітэтаў; узбуйненьне партыйных арганізацыяў; дазвол на правядзеньне гарадзкіх, раённых, абласных партыйных канфэрэнцыяў. З рашэньняў Бюро прызначаліся праверкі партыйных органаў і арганізацыяў, прымаліся рашэньні пра ўзьвядзеньне будынкаў для партыйных структур, праходжаньне курсаў павышэньня кваліфікацыі партработнікаў і г.д.

4. У полі зроку Бюро й Сакратарыяту пастаянна знаходзілася прэса — зацьвярджаліся наклады газэт, часопісаў, прымаліся рашэньні аб выданьні сачыненьняў У.Леніна, І.Сталіна ды рэспубліканскіх “правадыроў” на беларускай мове, аб зьмяненьні назваў газэт, пераводзе іх на беларускую альбо расейскую мовы, аб выступленьнях кіроўных работнікаў у прэсе й іншыя.

Высокі ўзровень прыняцьця рашэньняў ня мусіць, аднак, засланяць ад нас адну вельмі істотную акалічнасьць — нягледзячы на той факт, што Бюро разглядала ўсе вышэйзгаданыя пытаньні, тым ня менш, канчатковае рашэньне прымалася ў абсалютнай большасьці выпадкаў толькі пасьля дазволу ЦК КПСС. Так, Бюро не магло самастойна прыняць рашэньня аб адкрыцьці партыйнага камітэту, рэарганізацыі партыйнай структуры, нават аб зьмяненьні тыражу раённых газэт і г.д. На такога кшталту захады мусіў быць дазвол ПБ альбо Сакратарыяту ЦК КПСС.

5. Пад пільным вокам Бюро знаходзіліся ўсе пытаньні гэтак званай савецкай працы. Яно давала дазвол на правядзеньне сэсіяў Вярхоўнага Савету, разглядала пытаньні, зьвязаныя з нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтвам; будаўніцтвам на тэрыторыі Беларусі прадпрыемстваў; прымала пастановы аб пераводзе гарадоў па забясьпячэньні таварамі з адной групы ў другую; абмяркоўвала пытаньні перайменаваньня гарадоў і вёсак; займалася адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленьнем рэспублікі; разглядала прапановы пра ўзнагароджаньне ордэнамі й мэдалямі грамадзян Беларусі й хадайнічала пра гэта перад саюзнымі органамі й г.д.

6. Па-за ўвагай Бюро не заставаліся пытаньні культуры (навука, літаратура, мастацтва, музыка й г.д.). Рашэньні Бюро па гэтых пытаньнях, як правіла, утрымліваюць наўпростыя ўказаньні з нагоды тых ці іншых мастацкіх твораў, артыкулаў, фільмаў, карцін асобных прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. Адным зь першых красамоўных фактаў працы ў гэтым накірунку ёсьць Пастанова ЦБ ад 7 верасьня 1922 г., калі на ягоным паседжаньні было разгледжана пытаньне “Аб высяленні прафесараў і грамадазнаўцаў па-за межы Беларусі”. У выніку абмеркаваньня гэтага пытаньня Бюро прымае Пастанову:

“а) прызнаць неабходным выслаць з Мінску гр. Я.Гурвіч; б) назначыць да высялення: Ярашэвіча, Скадракова, Міцкевіча, Жывіна, Савіча, Федзюшына, Маслакавец, Каравайчыка і Рабіновіча; в) даручыць ДПУБ(еларусі) устанавіць нагляд за гр. Сіроткіным, Вазнясенскім і Якуніным; г) Даручыць т. Ігнатоўскаму і Кацэнбогену падшукаць, кім замясціць Якуніна, пасля чаго Якуніна выслаць”. Рашэньне прынятае на падставе падрыхтаванага ДПУБ “Спіса антысавецкай прафесуры...”.

Напрыканцы 20-х гадоў Бюро актыўна ўмешваецца ў хаду тэатральнай дыскусіі, распачатай групай беларускіх літаратараў і грамадзкіх дзеячоў (М.Зарэцкі, А.Адамовіч, А.Дудар, А.Александровіч, А.Вольны, І.Цьвікевіч, В.Ластоўскі), якія выказаліся супраць “разносных” рэцэнзіяў афіцыйных друкаваных органаў ЦК КП(б) — “Звязды” й “Чырвонай Змены” — на пастаноўкі Другога Беларускага дзяржаўнага тэатру. 17 верасьня 1928 г. Бюро прымае спэцыяльную Пастанову аб дыскусіі па тэатральных пытаньнях, у якой канстатавалася: у дыскусіі яскрава праявіліся нацыянал-дэмакратычныя тэндэнцыі, што сыгналізуе пра наяўнасьць правай нябясьпекі ў культурным будаўніцтве й захадаў “адмежавання беларускай культуры ад культур другіх нацыянальнасцей СССР, і ў першую чаргу, ад расійскай культуры...”.

Не зьмянілася сытуацыя й пасьля Вялікай Айчыннай вайны. Так, у ліпені 1947 г. Бюро ЦК заслухала пытаньне “Аб рабоце Саюза савецкіх пісьменнікаў і рэдкалегій літаратурна-мастацкіх часопісаў БССР па выкананню пастановы ЦК ВКП(б) “Аб часопісах “Звязда” і “Ленінград”. У прынятай Пастанове жорстка крытыкаваўся стан беларускай літаратуры, указвалася на тое, што за пасьляваенны пэрыяд не было створана буйнога твору пра важнейшыя падзеі сучаснага жыцьця. У шматлікіх артыкулах у друку, якія адлюстроўвалі афіцыйныя погляды, ганьбаваліся беларускія пісьменьнікі. Падобны лёс напаткаў паэтку Э.Агняцвет, якую зьвінавацілі за тое, што ейныя вершы шмат у чым “пераклікаюцца з мяшчанска-салоннай лірыкай Ахматавай”, што яны разьлічаны “на падаграванне мяшчанска-абывацельскіх густаў і варожых імкненняў нашай моладзі”.

Новая хваля ўмяшаньня ў творчы пошук пачалася з правядзеньнем кампаніі барацьбы з “нацыяналізмам”, якая разгарнулася ў пачатку 50-х гадоў у сувязі з крытыкай верша ўкраінскага паэта У.Сасюры “Любі Ўкраіну”, надрукаванага ў ленінградскам часопісе “Звязда”. У рэспубліцы аб'ектам крытыкі стаўся зборнік вершаў “Світанне” старэйшай паэткі, актыўнай удзельніцы нацыянальна-адраджэнскага руху К.Буйло. Яе зьвінавацілі за нацыяналізм, бо ў адным з твораў яна назвала Беларусь “прыгажэйшай” і “найдаражэйшай” часьцінкай зямлі. Зборнікі вершаў М.Лужаніна “Шырокае поле вайны” й “Поступ” скрытыкавалі за тое, што ў іх “мала або зусім няма самых характэрных рыс нашай савецкай сучаснасці”.

7. З выхадам Беларусі пасьля Другой усясьветнай вайны на міжнародную арэну пад пільны кантроль Бюро патрапілі міжнародная дзейнасьць і міжнародныя сувязі рэспублікі. Бюро зацьвярджала сьпісы дэлегацыяў, якія накіроўваліся за мяжу для ўдзелу ў паседжаньнях ААН і іншых міжнародных арганізацыяў, у навуковых канфэрэнцыях, кангрэсах, сымпозыюмах. Культурны, спартовы абмен таксама знаходзіўся ў полі зроку Бюро. Нават такая “дробязь”, як турыстычны абмен, кантраляваўся праз створаную й дзейную на пастаяннай аснове Камісію па выездах за мяжу пры Бюро ЦК КПБ.

Пасьля вайны Беларусь сталася адной з краінаў-заснавальніц ААН і атрымала магчымасьць дапамогі ад спэцыялізаванай установы ААН — Адміністрацыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па аказаньні дапамогі й аднаўленьні (ЮННРА). Асноўнай задачай ЮННРА зьяўлялася пастаўка прадуктаў харчаваньня, прамысловага, сельскагаспадарчага абсталяваньня, мэдыкамэнтаў, адзеньня краінам, вызначаным ААН. У лік такіх краін трапіла й БССР. У сьнежні 1945 г. у Вашынгтоне было падпісана Пагадненьне паміж ЮННРА й Урадам БССР аб пастаўках неабходных Беларусі тавараў, абсталяваньня на суму 61 млн. амэрыканскіх даляраў, якія мусілі паступаць і паступалі ў рэспубліку на працягу 1945—1946 гг. Дапамога была даволі істотнай — з улікам пасьляваеннага гаротнага становішча насельніцтва. Напрыклад, толькі прадуктаў харчаваньня было завезена звыш 100 тыс. тон. Дзейнасьць ЮННРА адразу ж трапіла пад кантроль Бюро, якое на сваіх паседжаньнях рэгулярна абмяркоўвала колькасьць атрыманых грузаў, разьмяркоўвала іх паміж вобласьцямі й інш.

Аднак гэтая гуманная дзейнасьць міжнароднай супольнасьці ў дачыненьні да беларускага народу з волі партыйных алігархаў была пахавана на доўгія гады — яе сьцерлі з памяці беларускага народу. У студзені 1946 г. Бюро прымае Пастанову, у адпаведнасьці зь якой забаранялася “Адказным партыйным і савецкім работнікам у сваіх дакладах і гутарках прыводзіць якія-небудзь лічбы па пастаўках ЮННРА і спасылацца на пытанні дапамогі з боку ЮННРА”.

Чаму так атрымалася? Знаходзячыся ў рэчышчы зьнешнепалітычнай дактрыны Масквы, Менск быў вымушаны выконваць загады Цэнтру. Распачатая халодная вайна адразу ж усталявала “жалезную заслону” паміж былымі саюзьнікамі. Асабліва яскрава падпарадкаванасьць зьнешнепалітычнай дактрыне Цэнтру праявілася ў сфэры міждзяржаўных адносін. Характэрным прыкладам такога падыходу ў першыя пасьляваенныя гады зьяўляецца перадача ў 1944 г. Беласточчыны Польшчы.

На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 г. кіраўнікі СССР, ЗША, Вялікабрытаніі прызналі лінію Керзана ў якасьці савецка-польскай мяжы. У заяве савецкага ўраду ад 11 студзеня 1944 г. выказвалася гатовасьць унесьці зьмяненьні ў межы 1939 г. на карысьць Польшчы ў раёнах зь перавагаю польскага насельніцтва. Гэта значыла, што значная тэрыторыя Беларусі павінна была адысьці да Польшчы.

А што ж Беларусь? У сакавіку 1944 г. на 6-й сэсіі Вярхоўнага Савету БССР Старшыня Прэзыдыюму ВС Н.Наталевіч у дакладзе, прысьвечаным стварэньню наркаматаў абароны й замежных справаў БССР, пэўную ўвагу надаў адносінам паміж Беларусьсю й Польшчай. Ён адзначыў, што, у адпаведнасьці з заявай савецкага ўраду ад 11 студзеня 1944 г., якая прызнавала лінію Керзана, да Польшчы павінна была адысьці большасьць раёнаў Беластоцкай вобласьці.

Н.Наталевіч зьвярнуўся да ВС БССР з прапановай разгледзець пытаньне аб межах і папрасіў савецкі ўрад пры вызначэньні мяжы паміж СССР і Польшчай улічыць законнае й справядлівае жаданьне беларускага народу аб'яднаць усе спрадвечныя беларускія землі ў адзіную Беларускую дзяржаву. Але гэты зварот ня быў улічаны ні тагачасным савецкім кіраўніцтвам, ні Вярхоўным Саветам БССР, які нават і не разглядаў пытаньня пра вызначэньне межаў паміж Беларусьсю й Польшчай.

Тое ж выявілася й у эпізодзе з прапановай ЗША аб усталяваньні наўпростых дыпляматычных адносін з БССР. Пачатак 50-х гадоў — час самых напружаных адносінаў паміж СССР і ЗША, вядомы пад назвай “халодная вайна”. Аднак менавіта ў гэты час Палата Прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША робіць спробы ўсталяваць дыпляматычныя адносіны зь дзьвюма савецкімі рэспублікамі — Беларусьсю й Украінай. У лютым 1953 г. Палата Прадстаўнікоў адобрыла й унесла на разгляд Кангрэсу й Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША рэзалюцыю № 58, якая тычылася ўсталяваньня дыпляматычных адносін зь Беларусьсю.

Нягледзячы на той факт, што матэрыялы адносна гэтай прапановы фігуруюць у пратаколах Бюро ЦК Беларусі, Бюро нават і не абмяркоўвала яе. Прапанову ня толькі не апублікавалі, але й, як заўсёды, засакрэцілі. Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва й усе падпарадкаваныя яму ўладныя структуры надзейна ахоўвалі закрытасьць савецкай таталітарнай сыстэмы. Небясьпеку для таталітарнай сыстэмы ўяўлялі й паездкі беларускіх грамадзян за мяжу. Асабліва гэта тычылася выезду ў капіталістычныя краіны, на што патрабаваўся дазвол Сакратарыяту ЦК КПСС — у прыватнасьці, ягонага міжнароднага аддзелу.

8. Бюро кантралявала дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў. Як правіла,— праз канкрэтныя ўказаньні ЦСПСБ, ЦК ЛКСМБ, піянэрскай арганізацыі, добраахвотным таварыствам па правядзеньні масавай працы сярод сваіх сябраў. Бюро зацьвярджала даты правядзеньня зьездаў, пленумаў; накіроўвала дэлегацыі за мяжу; ажыцьцяўляла аргнаборы моладзі на камсамольскія будоўлі й г.д.

Відавочна, што кантраляваць такое вялікае кола пытаньняў было няпроста, а таму Бюро мела шматлікія рабочыя органы — камісіі. Большасьць зь іх ствараліся для распрацоўкі асобных праектаў рашэньняў — на падставе абмеркаваньня той ці іншай праблемы на паседжаньні Бюро. Камісіі маглі працаваць ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў і да году. Калі стварэньне пастаянных камісіяў было зьявай дастаткова рэдкай, то стварэньне часовых камісіяў для распрацоўкі й практычнага вырашэньня асобных пытаньняў практыкавалася вельмі часта.

Ствараліся, напрыклад, камісіі па ваенных пытаньнях, па рабоце ў вёсцы, па пытаньнях каапэрацыі, для разьвіцьця прамысловасьці, транспарту, будаўніцтва, гандлю й г.д. Рашэньні, якія выпрацоўвалі камісіі, потым зацьвярджаліся Бюро. У асобных выпадках камісіям давалася права прыняцьця канчатковага рашэньня ад імя Бюро.

Важную ролю ў структуры партыйных органаў адыгрывалі аддзелы ЦК, якія ажыцьцяўлялі кантроль за кадравай палітыкай і работай партыйных камітэтаў, савецкіх органаў, рэспубліканскіх міністэрстваў, ведамстваў, грамадзкіх арганізацыяў. З усіх аддзелаў найважнейшымі зьяўляліся два — аддзел арганізацыйна-партыйнай і кадравай працы й ідэалягічны аддзел. Аддзел аргпартпрацы, дарэчы, самы вялікі ў апараце ЦК, у склад якога, перад забаронай дзейнасьці КПБ, уваходзіла 37 работнікаў, зьяўляўся партыйным “аддзелам кадраў”.

Знакамітае “подбор, воспитание и расстановка кадров” ажыцьцяўлялася менавіта праз гэты аддзел. Ні адно прызначэньне на адказныя кіроўныя пасады ў рэспубліцы не магло прайсьці без удзелу аргпартаддзелу. Аддзел “курыраваў” (зь лексыкі партыйных функцыянэраў) працу АК, ГК, РК КПБ; апарат Прэзыдыюму ВС; апарат СМ БССР; аблвыканкамы, рай— і гарвыканкамы, Белсаўпраф; ЦК ЛКСМБ; КНК БССР; Менскую партшколу; Савет жанчын; Беларускую арганізацыю вэтэранаў вайны й працы.

Другім па важнасьці йзначнасьці аддзелам зьяўляўся ідэалягічны аддзел (раней — аддзел прапаганды й агітацыі), у якім працаваў 21 чалавек. Ён непасрэдна кантраляваў працу аж 41 установы: міністэрстваў, ведамстваў, саюзаў, грамадзкіх аб'яднаньняў і г.д. Напрыклад, ён “курыраваў”: міністэрствы — замежных справаў, культуры й адукацыі; дзяржаўныя камітэты — па справах выдавецтва, паліграфіі й кніжнага гандлю, фізычнай культуры й спорту; Акадэмію навук; тэлеграфнае агенцтва; галоўнае ўпраўленьне па ахове дзяржаўнай таямніцы ў друку пры СМ; галоўнае архіўнае ўпраўленьне; рэдакцыі ўсіх часопісаў і газэт; саюзы — пісьменьнікаў, кампазытараў, кінематаграфістаў, журналістаў, мастакоў і г.д. Як і папярэдні аддзел, ён быў створаны ў 1920 г. і каардынаваў ўсю дзейнасьць па ачмурэньні насельніцтва камуністычнай ідэалёгіяй. Пад камуністычную прапаганду, якую плянава, мэтанакіравана, з улікам зьменьлівых абставін, праводзіў ідэалягічны аддзел, “патрапіла” практычна ўсё насельніцтва рэспублікі. І, напэўна, галоўнае, чаго ў пэўнай ступені ўдалося дасягнуць камуністычнай прапагандысцкай машыне,— ідэалягічнай матываванасьці паводзін людзей.

Дастаткова згадаць масавыя кампаніі супраць усялякіх ворагаў: спачатку клясавых — памешчыкаў, кулакоў; потым — ідэалягічных — трацкістаў, “нацыянал-дэмакратаў”, “левых, правых ухілістаў”, “шавіністаў” ды іншых. Пасьля вайны ідэалягічны аддзел (тады ён называўся аддзелам прапаганды й агітацыі, ці, скарочана,— агітпрапам), зьяўляўся арганізатарам і натхняльнікам барацьбы зь “бязроднымі касмапалітамі”, “сіяністамі”, потым — з “амерыканскім імперыялізмам, галоўным ворагам ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва”.

Варта заўважыць, што ўсё ж значная частка беларускага грамадзтва ў пэўнай ступені паддавалася пад узьдзеяньне гэтай ідэалягічнай апрацоўкі — і ўдзельнічала ў масавых акцыях то пратэсту, то падтрымкі рашэньняў партыі й ураду. І за ўсім гэтым стаяла небачная постаць агітпрапу. Вось чаму ягонай дзейнасьці надавалася такое вялікае значэньне, і заўседы тыя з сакратароў, хто курыраваў гэтыя два аддзелы, уваходзілі ў склад Бюро ЦК. Астатнія маглі мяняцца, гэтыя ж — ніколі.

Бюро й Сакратарыят асацыяваліся на той час з вышэйшай уладай. Аднак насамрэч яна канцэнтравалася ў Маскве — у Палітбюро й Сакратарыяце ЦК КПСС. Зьвязаныя партыйнай дысцыплінай, партыйнымі пастановамі, дырэктывамі, інструкцыямі, Бюро й Сакратарыят ЦК КПБ заўсёды былі паслухмянымі й маўклівымі выканаўцамі тых рашэньняў, якія прымаліся ў Маскве.


Літаратура
1. Восленский М. Номенклатура. Господствующий класс Советского Союза. М., 1991.

2. Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т.1, 1918—1927. Мн., 1973.

3. Страницы истории компартии Белоруссии. Суждения, аргументы и факты. Мн., 1990.

4. Петровичев Н., Кузьмин Ф. Партийное строительство: Учебное пособие. М., 1981.

5. Основные функциональные особенности секретарей и отделов ЦК Компартии Белоруссии. Мн., 1991.

6. Распределение обязанностей между секретарями и членами Бюро ЦК Компартии Белоруссии. Мн., 1989.

7. Регламент работы с документами в аппарате Центрального Комитета Компартии Белоруссии. Мн., 1989.

8. Положение о порядке обращения с документами ЦК Компартии Белоруссии в аппарате министерств, ведомств и организаций Белорусской ССР. Мн., 1985. 

Лекцыя 7. Партыйная намэнклятура

Плян:

1. Сыстэма партыйнай намэнклятуры


Сыстэма партыйнай намэнклятуры
Каму належала рэальная ўлада ў СССР, а разам з тым і ў БССР — пытаньне рытарычнае. Іншая рэч, як гэтая ўлада фармавалася й ажыцьцяўлялася. Дзеля высьвятленьня гэтага пытаньня істотнае значэньне мае аналіз сыстэмы партыйнай намэнклятуры, яе гісторыі й рэальнага функцыянаваньня.

На думку вядомага саветоляга Л.Шапіры, пачатак намэнклятурнай сыстэмы трэба аднесьці да часоў правядзеньня палітыкі “ваеннага камунізму”, якая заклала “падмурак дыктатуры камуністычнай бюракратыі”. Да разгляду гэтай праблемы зьвяртаўся й вядомы расейскі вучоны, праваабаронца А.Сахараў, які адзначаў: “Хаця адпаведныя сацыялягічныя дасьледаваньні ў краіне альбо не праводзіліся, альбо былі засакрэчаны, аднак можна сьцьвярджаць, што ўжо ў 20-я—30-я гады й канчаткова ў пасьляваенныя гады ў нашай краіне сфармавалася й вылучылася асобная партыйна-бюракратычная праслойка — “намэнклятура” — як яны сябе называлі, “новая кляса” — як называў іх Джылас”.

Сутнасна намэнклятура паўстае з сыстэмы кадравай працы, якая ўжо ў 20-я гады была найважнай у дзейнасьці вышэйшага партыйнага кіраўніцтва — і, у першую чаргу, Палітбюро (ПБ) і Сакратарыяту ЦК ВКП(б). У партыйнай лексыцы гэтая праца называлася падборам, выхаван ь нем і расстаноўкай кадраў. Фармальна намэнклятура складаецца з шэрагу “найбольш важных пасадаў, кандыдатуры на якія папярэдне разглядаюцца, рэкамендуюцца, зацвярджаюцца дадзеным партыйным камітэтам (райкомам, гаркомам абкомам партыі і г.д.)”.

Аднак калі напачатку намэнклятурны прынцып падбору, выхаваньня й расстаноўкі кадраў распаўсюджваўся толькі на партыйных работнікаў, то ўжо на 12 партыйнам зьезьдзе ВКПБ (красавік 1923 г.) у рэзалюцыі “Па арганізацыйнаму пытанню” падкрэсьлівалася, што разам з падборам партыйных кадраў зьезд прызнае чарговай задачай партыі падбор і “кіраўнікоў савецкіх, у прыватнасці, гаспадарчых і іншых органаў...”

На гэтым жа зьезьдзе І.Сталін вызначыў і якасьці, якімі мусяць валодаць намэнклятурныя работнікі. Гэта мусяць быць людзі, “здольныя разумець дырэктывы, здольныя прыняць гэтыя дырэктывы як свае ўласныя і здольныя праводзіць іх у жыццё. У іншым выпадку палітыка губляе сэнс і ператвараецца ў маханне рукамі”.

У 1925 г. Оргбюро ЦК ВКП(б) прымае палажэньне “Аб парадку падбора і прызначэння работнікаў”, на падставе якога пачалі складацца сьпісы, што ўтрымлівалі пералік пэўнай колькасьці намэнклятурных пасад. З 1932 г. гэтыя сьпісы робяцца звышсакрэтнымі. Практыка складаньня іх і зацьверджаньня праіснавала да 90-х гадоў.

Пачатак 1920-х гадоў — час, калі ў ЦК РКП(б), губкамах і ЦК нацкампартыяў рэспублік ствараюцца ўлікова-разьмеркавальныя аддзелы, якія спэцыяльна й займаліся падборам, падрыхтоўкай і перамяшчэньнем адказных партыйных работнікаў. Заўважым, што надзвычай важную ролю працы гэтых органаў надаваў І.Сталін, пра што сьведчыць ягонае выказваньне на 12 зьезьдзе РКП(б): “Да цяперашняга часу справа вялася такім чынам, што работа ўлікова-размеркавальнага аддзела абмяжоўвалася толькі ўлікам і размеркаваннем таварышаў па укомах і губкомах. Зараз улікразмеркаддзел не можа замыкацца ў межах укомаў і губкомаў партыі. Неабходна ахапіць ўсе без выключэння галіны кіравання”.

Ад гэтага часу партыйнае кіраўніцтва, дэкляруючы сваю прыхільнасьць да прынцыпу выбарнасьці партыйнага апарату, насамрэч пачынае прытрымлівацца зусім іншага прынцыпу, які забясьпечвае яму магчымасьць ажыцьцяўляць уладу цалкам бескантрольна.

Факт падзяленьня партыі на “нізы” й “вярхі” й тое, што партыяй пачаў кіраваць апарат, заўважылі й шэраговыя партыйцы. Напрыклад, рабочы Вайман, выступаючы на агульна-гарадзкой канфэрэнцыі Барысаўскай партарганізацыі (1920 г.), адзначыў: “У нашых умовах прызначэнства квітнела. На папярэдняй канферэнцыі т.Нодель (Вульф Нодель — член Цэнтральнага бюро ЦК, рэдактар “Звязды”) прыехаў з тав.Гутніным і прапанаваў абраць яго першым сакратаром укома, таксама ж і т.Бенек прызначаны ЦБ. Але гэта ж не выбары!”. У тым жа годзе шэраговы камуніст Талапыла, выступаючы на сходзе Ляхавіцкай партыйнай арганізацыі, заявіў: “Партыя падзялілася на вярхі і нізы. Вярхі ў выніку аб'ектыўных прычын адышлі ад масы. Савецкі і партыйны апарат бюракратызаваны. На ячэйках абмяркоўваюцца папярэдне прапанаваныя райкомам партыі пытанні”.

Варта азначыць, што на пачатку 1920-х гадоў унутрыпартыйная дэмакратыя, калі наагул тэрмін “дэмакратыя” тут да месца, усё ж яшчэ дазваляла выступаць на сходах з такімі заявамі й нават прымаць адпаведныя рэзалюцыі. Аднак спробы абмежаваць панаваньне партыйнага апарату, якое ўсё ўзмацнялася, ужо ня мелі аніякага выніку. Шэраговых партыйцаў у хуткім часе папросту “адлучылі” ад працэдуры абраньня партыйных сакратароў на ўсіх узроўнях.

Вызначальным у фармаваньні намэнклятурнай сыстэмы ў рэспубліцы зьяўляецца 1926 г. У жніўні гэтага году ЦК КП(б)Б, разгледзеўшы працу ўлікразьмеркаддзелу, прыняў Пастанову “Аб арганізацыі ўлікова-размеркавальнай працы”, якая загадвала “дэталёвае вывучэнне і падбор людзей на наменклатурныя пасады; падрыхтоўку рэзерва па асобным галінам; сістэматычнае вывучэнне працэса вылучэння... партыйнай праслойкі..., рэгулярнае кіраўніцтва ўлікразмеркпрацай ведамстваў і мясцовых парткомаў”. Па сутнасьці, Пастанова сьведчыла пра тое, што ў краіне адбылася яшчэ адна, на гэты раз — “бюракратычная рэвалюцыя”.

Як жа выглядала партыйная намэнклятура?

З моманту стварэньня (пачатак 20-х гадоў) партыйная намэнклятура — гэтая своеасаблівая камуністычная “табель о рангах” — падзялялася на разьмеркавальную, ці № 1, і ўлікова-рэзэрвовую, ці № 2. Крыху пазьней да гэтых намэнклятураў далучылася яшчэ ведамасная, ці намэнклятура № 3.

Разьмеркавальная ўяўляла зь сябе пералік адказных пасад, прызначэньне работнікаў на якія праводзілася выключна з Пастановы Бюро, альбо Сакратарыяту ЦК КП(б)Б і ЦК ВКП(б). Улікова-рэзэрвовая мела на мэце выяўленьне кадраў і стварэньне рэзэрву для разьмеркавальнай намэнклятуры. Ведамасная намэнклятура вызначала кола кандыдатаў на кіроўныя пасады ведамстваў, міністэрстваў, установаў і г.д.

Намэнклятура № 1 разьбівалася на 14 груп. Напрыклад, у групу “Партыйныя кадры” ўваходзілі пасады ўсіх найбольш адказных партыйных чыноўнікаў: сакратароў ЦК, загадчыкаў аддзелаў, сэктараў і г.д. У групу “Савецкія кадры” ўлучалася 13 адказных пасад чыноўнікаў дзяржаўнага апарату: Старшыні ЦВК, Старшыні СНК і ягоных намесьнікаў, наркама ўнутраных справаў і ягоных намесьнікаў, старшыняў акрвыканкамаў, прадстаўніка БССР пры ўрадзе СССР, кіраўніка справаў СНК і г.д.

Да намэнклятуры № 2 адносіліся пасады, прызначэньні на якія адбываліся толькі пасьля папярэдняга ўзгадненьня з улікразьмеркаддзелам ЦК КП(б)Б. Усяго намэнклятура № 2 улучала 42 пасады.

Аналягічныя намэнклятуры ўводзіліся ў акркамах, райкамах і гаркамах партыі. Структура намэнклятуры райкаму, гаркаму будавалася на ўзор пяпярэдніх намэнклятур, але колькасьць групаў, на якія яна падзялялася, а таксама пасадаў была меншай.

Цалкам сыстэма намэнклятуры будавалася як ярархічная вэртыкаль з жорсткім падпарадкаваньнем “зьверху-ўніз”. Усе сакратары райкамаў, напрыклад, зацьвярджаліся на пасадах ня толькі ў райкаме, але й у абкаме й ЦК КП(б)Б. З таго прынцыпу адбывалася зацьверджаньне кандыдатаў і на больш высокія пасады ў партыйнай ярархіі.

Такім чынам, магчыма канстатаваць, што напрыканцы 1920-х—пачатку 1930-х гадоў партыя ператварыляся ў закрытую “бюракратычную сістэму” вайсковага тыпу з усімі ўласьцівымі такой сыстэме элемэнтамі (жорсткай ярархіяй уладных функцыяў, субардынацыяй дзейнасьці, схемай каманд па лініі “зьверху-ўніз” і г.д.). Абапіраючыся на сыстэму падбору й расстаноўкі кадраў, партыйная ўлада кантралявала фактычна ўсе сфэры дзяржаўнага й грамадзкага жыцьця. Яна падпарадкоўвала сабе ўрад, прафсаюзы, моладзёвыя арганізацыі, адукацыйныя й культурныя ўстановы. У выніку — усе дзяржаўныя ўстановы сталіся выканаўчымі органамі партыі.

На вяршыні піраміды гэтай улады знаходзілася Бюро ЦК. Менавіта яно прызначала ўсіх сакратароў і загадчыкаў аддзелаў ЦК, сакратароў і загадчыкаў аддзелаў акружкамаў, наркамаў і г.д. На “долю” ж Сакратарыяту прыпадала зацьверджаньне намесьнікаў загадчыкаў аддзелаў, інструктараў і лектараў ды іншае партыйнае “чэлядзі”.

У сваю чаргу, рэспубліканская партыйная структура знаходзілася пад пільным намэнклятурным кантролем, які ажыцьцяўляўся з Масквы. Прызначаючы на пасады “сваіх людзей”, Масква пільна сачыла за іхнаю “недатыкальнасцю” й жорстка кантралявала, каб бязь ейнага веданьня аніякі рэспубліканскі орган ня мог перамясьціць партработніка, ёю зацьверджанага. Пра гэта сьведчыць Пастанова ПБ ЦК ВКП(б) “Аб пасылцы выпісак з пастаноў крайкомаў, абкомаў ВКП(б) і ЦК нацкампартый” ад 5 мая 1935 г. Перадусім, Пастанова загадвала інфармаваць Маскву пра ўсе перастаноўкі намэнклятурных работнікаў у нацыянальных рэспубліках.

З мэтай узмацненьня кантролю за дзейнасьцю рэспубліканскіх партарганізацыяў на 17 зьезьдзе ВКП(б) (1934 г.). ствараецца інстытут упаўнаважаных. Прадстаўнікі гэтага інстытуту працавалі ў абкамах, крайкамах і пры ЦК нацкампартыяў саюзных рэспублік. Галоўнай задачай упаўнаважанага быў кантроль за выкананьнем дырэктываў Масквы.

Заўважым, што чым больш партыя ўзурпавала ўладу, тым больш пасад улучалася ў намэнклятуру. Так, калі ў 1923 г. у намэнклятуру ЦК КП(б)Б уваходзіла 963 адказныя пасады, то напрыканцы 1925 г. на ўліку ў разьмеркаддзеле ЦК знаходзілася ўжо 1.447 адказных работнікаў, у 1931 г. — 5.527, у 1935 г. — 5.119. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны гэта лічба ўзрасла да 17 тыс. чалавек. Нагадаем, што напярэдадні вайны колькасьць сябраў КП(б)Б склала звыш 72 тыс. чалавек. Гэта люструе становішча, пры якім амаль кожны пяты сябра партыі зацьвярджаўся на пасаду тым ці іншым вышэйшым партыйным органам — а значыць знаходзіўся пад ягоным непасрэдным і пільным кантролем.

Як вынікае з пададзеных лічбаў, агульная тэндэнцыя разьвіцьця партыйнай намэнклятуры ў пэрыяд з 1920 да 1941 году — ейны імклівы рост. Зусім не выпадкова імклівы рост намэнклятуры ў гэтыя часы супадае з масавымі рэпрэсіямі, стварэньнем ГУЛАГу, прымусовай калектывізацыяй і індустрыялізацыяй, на зьдзяйсьненьне якіх спатрэбіліся жыцьці мільёнаў людзей.

Падбор і расстаноўка партыйных кадраў вяліся паводле дакладна вызначаных крытэраў і мэтаў. Што гэта за крытэры, калі для ўсталяваньня сваёй улады й набліжэньня “светлай будучыні” намэнклятуры спатрэбілася аддаць у ахвяру мільёны чалавечых жыцьцяў,— здагадацца ня цяжка.

Першыя пасьляваенныя гады не прынесьлі кардынальных зьменаў у намэнклятурную сыстэму. Разам з тым, пасьляваенная гісторыя партыйнай намэнклятуры — гэта пэрыяд, калі ўнутры намэнклятуры адбываліся заўважныя працэсы. Сярод істотных падзеяў, што паўплывалі на гэтыя працэсы,— вайна й перамога ў вайне, сьмерць Сталіна, асуджэньне “культу асобы”, хрушчоўская адліга й брэжнеўская “стабілізацыя”.

1945—канец 50-х гадоў і сярэдзіна 60-х—канец 80-х гадоў — два розныя пэрыяды пэўнай эвалюцыі партыйнай намэнклятуры. Характэрнымі рысамі першага пэрыяду зьяўляліся рэзкае скарачэньне намэнклятурных пасад; частыя перамяшчэньні намэнклятурных работнікаў; істотныя зьмены нацыянальнага складу ў сярэднім і вышэйшым рэспубліканскім партыйным і дзяржаўным кіраўніцтве.

Скарачэньне намэнклятурных пасад у першае пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе часткова тлумачыцца тым, што разрослы да вялізных памераў партыйны бюракратычны апарат проста не спраўляўся з разглядам і зацьверджаньнем вялікай колькасьці намэнклятурных работнікаў. Так, аддзел кадраў ЦК КП(б)Б адразу ж пасьля вайны ў даведцы “Аб наменклатуры ЦК КП(б)Б” адзначаў, што “Аддзел кадраў мае на ўвазе ўсталяваць пэўную колькасць пасад, работнікі якіх будуць зацвярждацца з вызавам на Бюро ЦК, а ўсе астатнія без вызаву, аднак з папярэдняй размовай у аддзеле кадраў ЦК”. І далей: “Гэта выклікаецца тым, што 7.780 наменклатурных работнікаў фізічна не могуць быць зацверджаны з вызавам на Бюро ЦК нават на працягу года”.

Масква, таксама разумеючы немагчымасьць татальнага кантролю ўсіх бакоў жыцьця рэспублікі, рэзка скарачае колькасьць другарадных пасад, якія яна трымала пад сваім кантролем, і перадае іх у кампэтэнцыю ЦК КПБ. Сярод іншых прычын частковага аслабленьня намэнклятурнага прэсу можна адзначыць таксама й некаторыя зьмены, што адбыліся ў пасьлеваенны пэрыяд ува ўнутрыпалітычнай і зьнешнепалітычнай сытуацыі. Партыя пачувалася пераможцам у вайне. І гэта стварала эфэкт непарушнасьці камуністычнай улады.

Паступова месца барацьбы супраць “унутранага ворага” пачала займаць ідэалягічная барацьба з “ворагам знешнім”. Пасьляваенныя гады — час камуністычнай экспансіі й адначасова халоднай вайны. Ідэалягічныя рэсурсы партыі й намэнклятуры часткова пераразьмяркоўваліся й скіроўваліся на стварэньне камуністычнага блёку ў Цэнтральнай Эўропе, на супрацьстаяньне “імперыялістычнай пагрозе”, забесьпячэньне ваеннай і ідэалягічнай магутнасьці СССР у сьвеце. Сьмерць Сталіна хоць і не прывяла да дэмантажу таталітарнай сыстэмы, але, прытым, сталася даволі сымбалічнай падзеяй. Яна ў значнай ступені дэпэрсаніфікавала сыстэму намэнклятурнай улады. Сыстэма згубіла сваю “культавую асобу”.


Зьмена нацыянальнага складу намэнклятуры
Гэта быў даволі істотны ідэалягічны працэс. Парадаксальна, але менавіта вайна й перамога ў вайне спрычыніліся да яго высьпяваньня. Інтэрнацыянальнае па сваім складзе вышэйшае крамлёўскае кіраўніцтва, мабілізуючы “савецкі народ” на перамогу ў вайне, адрэанімавала шэраг вялікадзяржаўных комплексаў, традыцыйных стэрэатыпаў пра непераможнасьць “рускага салдата”, ягоную выключную трываласьць і былую вайсковую славу Расейскай імпэрыі.

Пасьля Другой усясьветнай вайны гэтыя ўяўленьні паспрыялі пэўнай трансфармацыі панятку “савецкі народ”. Аснову яго цяпер складаў вялікі рускі народ — першы сярод роўных народаў былога СССР. Далейшая эвалюцыя гэтай канцэпцыі адбывалася ў накірунку негалоснага падзяленьня астатніх народаў СССР на добранадзейныя й не зусім надзейныя. З пэўнай доляй умоўнасьці можна сьцьвердзіць, што ў пасьляваенныя гады як бы склалася намэнклятурная ярархія савецкіх народаў.

Адразу ж пасьля вайны Беларусь зазнала даволі істотны працэс расейскай міграцыі — намэнклятурнага чынавенства, рабочых, прадстаўнікоў тэхнічнай і гуманітарнай інтэлігэнцыі. У падручніках па гісторыі КПСС гэты працэс атрымаў назоў “братэрскай дапамогі вялікага рускага народа разбуранай вайной беларускай гаспадарцы”.

Пра моцны прыток расейцаў на вышэйшыя партыйныя пасады сьведчаць наступныя дадзеныя. Так, першымі сакратарамі ЦК КПБ зьяўляліся расейцы: з 1944 да 1947 гг. — П.Панамарэнка; з сакавіка 1947 г. да мая 1950 г. — Н.Гусараў; зь ліпеня 1950 г. да ліпеня 1956 г. — М.Патолічаў. У 1946 г. у апараце ЦК КП(б)Б сярод загадчыкаў аддзелаў 44,4% было беларусаў і роўна столькі ж — 44,4% — расейцаў. Дарэчы, на працягу 1944—1988 гг. колькасьць расейцаў сярод загадчыкаў аддзелаў не “апускалася” ніжэй за 35,7%, за выняткам 1971 г. калі лік іх упаў да 25,0%.

Сярод намесьнікаў загадчыкаў аддзелаў расейцы склалі 35,0%, беларусы — 45,0%. Ня меншым было прадстаўніцтва расейцаў і сярод сакратароў АК КПБ. Так, па стане на 1.01.1946 г. 40% работнікаў гэтага ўзроўню былі расейцамі, 53,3% — беларусамі. Уражвае й склад вышэйшага дзяржаўнага апарату: у 1951 г. урад Беларусі зь ліку 33 асоб меў 22 расейцы, 1 габрэя, 1 грузіна, 9 беларусаў.

Пад замену падлягалі прадстаўнікі нядобранадзейных народаў, у першую чаргу — гэбраі й часткова беларусы. (Нядобранадзейнасьць беларусаў збольшага патлумачвалася фактам іхнага перабываньня пад час вайны на акупаванй тэрыторыі.) Трэба адзначыць, што да вайны гэбраі займалі даволі значныя пасады ў партыйных структурах. Агульныя лічбы нацыянальнага складу сакратароў райкамаў і гаркамаў партыі ў 1939 ёсьць наступнымі: 196 былі беларусамі, 47 — гэбраямі, 36 — рускімі. Як бачна з пададзеных лічбаў, гэбраі займалі другое месца сярод сакратароў райкамаў і гаркамаў партыі.

Сытуацыя карэнным чынам зьмянілася напрыканцы 1945 г.—пачатку 1946 г. Так, пасьля выбараў партыйных органаў 1946—1947 гг. сярод першых сакратароў РК і ГК засталося ўсяго 2 гэбраі, ці 1,1%, другіх сакратароў — 8, альбо 4,2%. Далей справа замены гэбраяў пашыралася. З вынікаў выбараў у раённыя й гарадзкія партыйныя арганізацыі 1955 г., сярод сакратароў не аказалася ніводнага гэбрая. Гэтая практыка распаўсюдзілася й на наступныя гады. Так, у графе “нацыянальнасьць” даведніка для службовага карыстаньня “Данные о составе партийных кадров” амаль да забароны дзейнасьці структур КПБ—КПСС на тэрыторыі Беларусі сярод сакратароў гаркамаў і райкамаў партыі няма ніводнага гэбрая.

Якімі ж былі прычыны “выцясьненьня” гэбраяў-партыйцаў? У дадатак да таго, што казалася вышэй пра зьмены ў канцэпцыі “савецкага народа”, меліся й больш канкрэтныя прычыны.

Па-першае, адразу ж пасьля вайны з ініцыятывы І.Сталіна распачалася кампанія барацьбы зь “бязроднымі — касмапалітамі”, і, безумоўна, галоўнае гастрыё гэтай кампаніі было скіравана ня толькі супраць прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, але й супраць партыйных работнікаў-гэбраяў.

Гэбраі-камуністы, бясспрэчна, адчувалі такое стаўленьне да сябе — ігнараванне з нацыянальнай прыкметы. Некаторыя нават зьвярталіся ў вышэйшыя партыйныя інстанцыі з тым, каб прыцягнуць увагу да такога становішча й нейкім чынам выправіць сытуацыю. Характэрным прыкладам зьяўляецца ліст у ЦК КПСС і, зразумела, у ЦК КПБ, накіраваны ў студзені 1954 г. старшым інжынэрам Дзяржпляну БССР Б.Іофэ.

Ён, у прыватнасьці, азначаў: “зусім не вяжацца з ленінскім прынцыпам ажыццяўлення нацыянальнай палітыкі і з надзённымі задачамі дзяржавы тое становішча, што з ліку людзей, якім можна давяраць і даручаць займацца справамі партыі і дзяржавы, у цяперашні час абыдзена значная група членаў партыі гэбрайскага паходжання. Прыкладам такога становішча можа быць наступны факт: у беларускай партыйнай арганізацыі, у якой прыкладна 10% складаюць члены партыі-гэбраі, не знайшлося аніводнага, хто мог бы пачэсна выконваць абавязкі члена ЦК КПБ”. Але сытуацыя ў першай палове 50-х гадоў у адносінах да гэбрайства ўжо сфармавалася, і яе ніхто ня мог і не зьбіраўся мяняць.

Па-другое, да ўлады ў рэспубліканскія партыйныя структуры розных узроўняў прыйшла значная група расейцаў, пра што ўжо вялася гаворка вышэй. Некаторыя зь іх трымалі ў сабе рэанімаваныя комплексы традыцыяналісцкага вялікадзяржаўнага шавінізму — з адпаведным стаўленьнем да “іншародцаў”.

Па-трэцяе, пад час вайны вылучылася група ўплывовых, амбітных работнікаў-беларусаў, што дзейнічалі на акупаванай частцы тэрыторыі ў складзе савецкай “партызанкі”: камандзіры, камісары партызанскіх атрадаў, злучэньняў, партызанскіх брыгад, якія справядліва лічылі, што, правёўшы ўсю вайну на акупаванай тэрыторыі, атрымаўшы высокія ўрадавыя ўзнагароды, яны маюць права й надалей вызначаць лёс рэспублікі.

“Партызаны” — гэтак умоўна можна назваць памянёную групоўку — занялі пасады практычна ва ўсіх партыйных структурах — ад гаркаму, райкаму партыі да ЦК КП(б)Б. Дастаткова згадаць пэўныя прозвішчы, каб зразумець, хто прыйшоў да ўлады: У.Лабанок — Герой Савецкага Саюзу (1943 г.), са жніўня 1941 да чэрвеня 1944 гг. першы сакратар Лепельскага падпольнага райкаму партыі, зь ліпеня 1944 г. камандзір Лепельскай партызанскай брыгады, з 1944 г. пасьлядоўна ў апараце ЦК КП(б)Б, старшыня Полацкага, Гомельскага аблвыканкамаў, першы сакратар Віцебскага, Палескага абкамаў партыі, з 1962 г. першы намесьнік Старшыні, з 1974 — намесьнік Старшыні Прэзыдыюму ВС БССР; І. Клімаў — з мая 1943 да ліпеня 1944 г. першы сакратар Вілейскага падпольнага АК, у 1944—1953 гг. першы сакратар Вілейскага, Баранавіцкага, Маладэчанскага АК, з 1953 г. першы намесьнік, з 1962 — намесьнік Старшыні СМ БССР, у 1968—1974 гг. — намесьнік Старшыні Прэзыдыюму ВС БССР; В.Казлоў — з сакавіка 1941 г. сакратар Менскага АК, а зь ліпеня 1941 г. першы сакратар Менскага падпольнага АК, з сакавіка 1943 г. камандзір Менскага партызанскага злучэньня, у 1948—1967 гг. першы сакратар Менскага АК і ГК, у 1948—1967 гг. — Старшыня Прэзыдыюму ВС Беларусі; Р.Мачульскі — Герой Савецкага Саюзу (1944), у часе “партызанкі” ўпаўнаважаны ЦК КП(б)Б па Менскай і Палескай абласьцёх, сакратар Менскага падпольнага АК, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў злучэньня партызанскіх атрадаў Менскай і Палескай вобласьцяў, камандзір партызанскага злучэньня Барысаўска-Бягомльскай зоны, у 1947—1951 гг. намесьнік Старшыні Прэзыдыюму ВС.

Сьпіс можна доўжыць, але й па гэтых постацях бачна, што “партызаны” цьвёрда займалі вышэйшыя партыйныя й дзяржаўныя пасады. Праўда, адрозна ад Менску, пазыцыі беларусаў былі намнога слабейшымі. Да прыкладу, у заходніх абласьцёх Беларусі з 1.117 партыйных работнікаў мясцовымі зьяўляліся толькі 121, астатнія ж былі ці расейцамі, ці больш надзейнымі — усходнікамі.

Відавочна, што “партызаны” не прэтэндавалі на якую-кольвек партыйную незалежнасьць ад Масквы. Аднак “партызанская” карпартыўнасьць часам спрацоўвала. На чэрвеньскім (1953 г.) Пленуме ЦК КПБ менская партызанская намэнклятура праявіла характар і не згадзілася з пазыцыяй Масквы, якая спрабавала замяніць М.Патолічава на крэатуру Масквы — М.Зімяніна.

Наколькі моцна гучалі карпаратыўныя “галасы” сакратароў абкамаў партыі, сярод якіх было шмат “партызанаў”, сьведчыць той факт, што яны фактычна вызначылі лёс П.Машэрава. Прыехаўшы ў Менск праводзіць арганізацыйны Пленум, К.Мазураў меў “рэкамэндацыі” Крамлю на выбраньне першым сакратаром ЦК КПБ Ц.Кісялёва. Аднак напярэдадні Пленуму ён сустрэўся зь першымі сакратарамі абкамаў партыі, каб “параіцца й абмеркаваць” гэтае пытаньне. Пры “абмеркаваньні” ўсе сакратары абкамаў партыі аднагалосна выказаліся за кандыдатуру П.Машэрава, які й стаў першым сакратаром ЦК КПБ.

Неабходна заўважыць, што П.Машэраў як “наменклатуршчык № 1” рэспублікі поўнасьцю падпарадкоўваўся той сыстэме, якой ён гэтак апантана служыў, зьяўляючыся шматгадовым кандыдатам у члены Палітбюро ЦК КПСС. Пра ягоную адданасьць гэтай сыстэме сьведчыць і той факт, што камуністычныя ідэі й інтарэсы ён ставіў вышэй за нацыянальныя. Спамінаючы асобу П.Машэрава, народны пісьменьнік Беларусі І.Шамякін пісаў: “Прыгадаў Пятра Міронавіча… У самым галоўным — Камуніста. Многа добрага зрабіў гэты чалавек для эканомікі, для культуры. Але… Знікала ж мова народа — аснова нацыянальнай культуры. Гэтыя пытанні мы задавалі і тады, гэты боль пёк, і мы крычалі. Казалі і Машэраву, і ён згаджаўся. Але русіфікацыя не спынялася. Яна ішла гэтак жа інтэнсіўна, як пры Гусараве (дык гэта ж рускі), пры Мазураве; нават русак Панамарэнка не дазваляў такіх паваротаў, калі газеты заходніх абласцей, раёнаў, “Сельская газета” пераводзіліся на рускую мову. Працэс гэты не быў стыхійным. Ён заахвочваўся пры сарамлівым замоўчванні многіх. Машэраў ніводнага разу ні на адным пленуме, нарадзе, з'ездзе, сесіі, урачыстым пасяджэнні — не выступіў па-беларуску”.

Дадамо: калі ў гістарычнай літаратуры, мэмуарах, успамінах і г.д. вядзецца гаворка пра П.Машэрава як “славутага сына беларускага народа”, то больш дакладна, на наш погляд, гаварыць пра гэтага чалавека як “славутага сына камуністычнай партыі”, а не народу, бо атаясамляць паняткі “партыя” й “народ” ніяк нельга. Прыклад дзейнасьці П.Машэрава як першага сакратара ЦК КПБ і першага “наменклатуршчыка” ў рэспубліцы па практычным ажыцьцяўленьні міту пра стварэньне новай супольнасьці “савецкі народ” й правядзеньні татальнай русіфікацыі паказвае дзейснасьць як сыстэмы намэнклятуры, так і рознасьці паняткаў “інтарэсы партыі” й “інтарэсы народу”.

Другі пэрыяд, сярэдзіна 60-х—канец 80-х гадоў (да 1982 г.) — можна а характарызаваць як брэжнеўскі. Ён вызначаўся стабільнасьцю, значна меншымі зьменамі й колькасна меншым пераразьмеркаваньнем намэнклятурных пасад у межах той ці іншай намэнклятурнай групы. Напрыклад, калі з 1943 да 1964 г. першымі сакратарамі Менскага АК КПБ працавалі 9 чалавек, і больш за 3—4 гады не затрымліваліся на гэтай пасадзе, то, пачынаючы з 1964 г., тэрмін “сядзення” на пасадзе першых сакратароў абкамаў партыі рэзка ўзрастае.

Так, ачоліўшы ў сьнежні 1964 г. Менскі АК, І.Палякоў працаваў у якасьці першага сакратара да студзеня 1977 г. Замяніўшы яго, У.Мікуліч кіраваў сталічнай вобласьцю з сакавіка 1977 г. да студзеня 1985 г., а з сакавіка 1985 г. і да абраньня першым сакратаром рэспубліканскага ЦК (1990 г.) сталічную партарганізацыю ўзначальваў А.Малафееў. Такая стабільнасьць і “давер” да кадраў характэрныя й для іншых вобласьцяў Беларусі.

Аналізуючы сыстэму намэнклятуры й уплыў на яе фармаваньне Масквы, трэба коратка спыніцца й на кланавых групоўках унутры рэспублікі ў пасьляваенны час. Ужо згадвалася пра моц і уплыў “партызанскай групоўкі”, якая асацыявалася зь менскім “кланам”. Так, з 16 работнікаў, вылучаных на элітныя пасады, 10 зьяўляліся прадстаўнікамі менавіта Менскай вобласьці — прычым, 8 зь іх былі ў мінулым кіраўнікамі партызанскіх фармаваньняў.

Аднак трагічная сьмерць П.Машэрава ў 1980 г., прызнанага лідэра “партызан”, значна падарвала пазыцыі апошніх. Фактычна з пагібельлю П.Машэрава клан “партызан” страціў усе свае пазыцыі ва ўладных структурах рэспублікі. Тым ня менш, негледзячы на паступовы зыход “партызан” з палітычнай арэны, менская групоўка заставалася па-ранейшаму самай уплывовай у рэспубліцы. Так, у 1976—напрыканцы 80-х гг. “мінскі клан” наагул займае трывалае месца ў рэспубліцы па вылучэньні на вышэйшыя пасады сваіх прадстаўнікоў: за адзначаны час ён даў 7 з 14 вылучэнцаў у рэспубліканскую эліту. “Мінскі клан” зьвязаны, перш за ўсё, з імёнамі М.Слюнькова, В.Ляпёшкіна, А.Рэута, якія перайшлі з партыйных пасад у Менску на працу ў Маскву й вярнуліся ў 1983 г. на кіроўныя пасады ў Беларусь.

Пэўны ўплыў у рэспубліцы меў “віцебскі клан”, які атаясамляўся з імёнамі А.Аксёнава й У.Бровікава. Лідэры гэтай фракцыі набылі за час працы ў Маскве цесныя сувязі з цэнтральнай палітычнай элітай у СССР. Іх імклівы палітычны рост шмат у чым тлумачыцца жаданьнем “крамлёўскіх палітыкаў” стварыць пэўную процівагу ўплыву П.Машэрава й “партызан” у рэспубліцы. Найбольш уплывовай палітычнай асобай зь Віцебскай вобласьці зьяўляўся А.Аксёнаў. Сувязі, набытыя ў Маскве за тым часам, калі працаваў сакратаром ЦК ВЛКСМ, дазвалялі яму хутка рухацца па кар'ернай лесьвіцы. З 1966 да 1971 гг. А.Аксёнаў працаваў першым сакратаром Віцебскага абкаму партыі. Зь ягонай дапамогай на пасаду сакратара абкаму быў вылучаны У.Бровікаў. Адпаведна з тым, як А.Аксёнаў займаў вышэйшыя намэнклятурныя пасады, рухаўся й У.Бровікаў. Так, ён замяшчае А.Аксёнава на пасадзе другога сакратара ЦК КПБ у 1978 г., калі апошні стаў Старшынём СМ БССР .

Аналізуючы гісторыю БССР савецкага пэрыяду, адносіны Цэнтру й нацыянальнай рэспублікі, істотна, перш за ўсё, улічваць той факт, што важнейшым элемэнтам гэтых узаемаадносінаў зьяўлялася сыстэма намэнклятуры — “зачыненай, карпаратыўнай сістэмы ўлады з жорсткай іерархічнай падпарадкаванасцю, што выключала якую-небудзь праяву самастойнасці і ініцыятывы, сыстэмы, кіруемай па прынцыпу “зверху-ўніз”.

Прынцыпы збудовы партыйнай намэнклятуры рэспублікі й Цэнтру мала чым розьніліся. Нацыянальныя асаблівасьці беларускай намэнклятуры — невыразныя. Ёйныя “нацыянальныя інтарэсы” выявіліся, бадай што, у адным — даволі пасьпяховым працэсе савецкай мадэрнізацыі беларускай эканомікі. Гэтыя інтарэсы, аднак жа, ніяк не супярэчылі інтарэсам Масквы. Паводле савецкай дактрыны, БССР — фарпост савецкай сыстэмы — і, адпаведна, Беларусь мусіла дэманстраваць усе “перавагі” сацыялістычнага ладу жыцьця й сацыялістычнай эканомікі.

Цягам усяго свайго існаваньня намэнклятура КПСС—КПБ не знаходзілася ў статычным стане. Яна “эвалюцыянавала”, пазбаўляючыся ад другарадных, не прынцыповых, пасадаў ці, наадварот , уводзячы шэраг новых. Адно заставалася непарушным: Масква, дэкляруючы прыхільнасьць да “свабоднага развіцця” Беларусі, тым ня менш, ніколі ёй не давярала. Не давярала хаця б таму, што ўсе, без вынятку, прызначэньні на вышэйшыя рэспубліканскія партыйныя, дзяржаўныя, прафсаюзныя, камсамольскія ды іншыя пасады ажыцьцяўляліся выключна Масквой,— і праз гэтыя прызначэньні яна фактычна кантралявала ўсе кірункі жыцьця беларускага грамадзтва, што азначала адсутнасьць рэальнага сувэрэнітэту рэспублікі — як ува ўнутраных, так і ў міжнародных справах.

Характэрнай асаблівасьцю намэнклятуры — як агульнасаюзнай, так і рэспубліканскай — зьяўлялася ейная першапачатковая нелегітымнасьць. Ні ў адным заканадаўчым дакумэнце ці нарматыўным акце не было й згадкі пра тое, што работнік, які ўваходзіць ў намэнклятуру, прызначаецца на пасаду толькі пасьля дазволу партыйнага органу праўнай партыі. З гэтага вынікае, што прынцып карпаратыўнага прызначэнства на дзяржаўныя пасады — роўна, як і на прафсаюзныя, камсамольскія ды іншыя — супярэчыў канстытуцыйным нормам СССР і БССР аб выбарнасьці ўлады.

Распад намэнклятуры адбываўся ў некалькі этапаў: у 1989 г. Камісія ЦК КПСС у пытаньнях партыйнага будаўніцтва й кадравай палітыкі прыняла рашэньне аб скасаваньні “ўлікова-кантрольнай наменклатуры”, і у жніўні 1990 г. Сакратарыят ЦК КПСС вырашыў “скасаваць наменклатуру пасад ЦК КПСС”, а пасьля, яшчэ праз год,— вышэйшая партакратыя рэспублікі назаўсёды пазбавілася ўлады.


Літаратура
1. Арендт Х. Истоки тоталитаризма. М., 1996.

2. Бердяев Н. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990.

3. Джилас М. Лицо тоталитаризма. М., 1992.

4. Восленский М. Номенклатура. Господствующий класс Советского Союза. М., 1991.

5. Тоталитаризм в Европе в 20 вв.: Из истории идеологий, движений, режимов. М., 1996.

6. Тоталитаризм и посттоталитаризм. М., 1994. Кн. 1—2.

7. Тоталитаризм: исторический опыт Восточной Европы. М., 1995.

8. Звезда и свастика: большевизм и русский фашизм. М., 1994.

9. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. М., 2000.

10. Платонаў Р. Палітыкі. Ідэі. Лёсы. Грамадзянскія пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-палітычнага дыктату ў Беларусі 20-х—30-х гг. Мн., 1996.

11. Платонаў Р. Лёсы. Гісторыка-дакументальныя нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20-х—30-х гг. Мн., 1998.

12. На крутым павароце. Ідэолага-палітычная барацьба на Беларусі ў 1929—1931 гг. Дакументы, матэрыялы, аналіз. Мн., 1999.

13. Коммунистическая партия Белоруссии в цифрах. 1918—1919. Мн., 1978.

14. Данные о составе партийных кадров. Справочник для служебного пользования. Мн., 1989.

15. Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў 20 ст. // Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі. Мінск, 27—28 лютага 1998 г. 

Лекцыя 8. Нацыянальнае пытаньне, альбо рэпрэсаваньне культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасці

Плян:

1. Беларусізацыя


Беларусізацыя
Вядома, што адно з цэнтральных месцаў ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі 20-х гадоў займала палітыка беларусізацыі. За апошняе дзесяцігодзьдзе айчынныя гісторыкі зрабілі шмат дзеля высьвятленьня гэтай праблемы. Разглядаючы яе, большасьць аўтараў абмяжоўваецца, аднак, аналізам рашэньняў студзеньскага й кастрычніцкага Пленумаў ЦК КП(б)Б (1925 г.), кастрычніцкага Пленуму (1926 г.), якія вызначылі стаўленьне й адносіны КП(б)Б да беларусізацыі.

Такі падыход, відавочна, недастатковы, бо тое, што афіцыйна дэкляравалася й абмяркоўвалася на шматлікіх партсходах, зусім адрозьнівалася ад таго, што таксама абмяркоўвалася, але ніколі не рабілася здабыткам галоснасьці, заставалася невядомым нават пэўнай колькасьці сябраў партыі й захоўвалася пад грыфам “сакрэтна” ці “зусім сакрэтна”.

Разам з тым, патрабуе карэктыроўкі й пераасэнсаваньня тэзіс пра тое, што “палітыка беларусізацыі з'яўлялася ні чым іншым, як канкрэтным выяўленнем нацыянальнай палітыкі Кампартыі Беларусі” й што ейныя вытокі — “у ленінскай бальшавіцкай нацыянальнай праграме”.

Бліжэй да ісьціны — і гэта пацьвярджаецца архіўнымі дакумэнтамі — меркаваньне акадэміка М.Касьцюка: “Каб не дапусціць рэалізацыі ідэі нацыянальнай незалежнасці і крыху задаволіць імкненні мясцовых нацыянальных дзеячоў у гэтым пытанні, кіраўнікі партыі і дзяржавы вымушаны былі пайсці на ажыццяўленне палітыкі беларусізацыі”. Так, менавіта “вымушаны былі пайсці”, спрабуючы цалкам кантраляваць якія б там ні было праявы нацыянальных памкненьняў беларусаў. Думка М.Касьцюка пацьвярджае й той факт, што амаль да 1924 г. партыя не надавала аніякай значнай увагі нацыянальнаму пытаньню.

Пра гэта сьведчаць выказваньні ейнага колішняга лідэра, першага сакратара ЦК КП(б)Б А.Крыніцкага. У дакладзе “Аб палітычнай справаздачы ЦК КП(б)Б і матэрыялах па чарговых пытаннях нацыянальнай палітыкі” ён заявіў: “У 1921 г. ва ўвесь рост паўстала пытанне аб тым, што ўся партыя павінна ўзяцца за правядзенне нацыянальнай палітыкі. Аднак тут мы бачым такую з'яву, што яшчэ ў 1921 і нават у 1923 гг. палітычная справаздача ЦК, ЦБ амаль не закранала нацыянальнай палітыкі і, напрыклад, адзін з дакладчыкаў у 1923 г. у заключнам слове кажа, што гэтае пытанне, магчыма, мала абмяркоўвалася на пасяджэннях ЦБ”.

Яшчэ адным сьведчаньнем таго, што нацыянальная праблема менш за ўсе турбавала вышэйшае партыйнае кіраўніцтва Беларусі ў 1921—1923 гг., ёсьць пералік пытаньняў, якія абмяркоўваліся на паседжаньнях Цэнтральнага Бюро (ЦБ). Напрыклад, у першым квартале 1921 г. пытаньні нацпалітыкі разглядаліся 1 раз, у другім — 2, у трэцім — 3, у чацьвёртым — 3. Для параўнаньня: за аналягічны пэрыяд пытаньні партыйнага будаўніцтва абмяркоўваліся адпаведна 16, 46, 32, 26 разоў; савецкага — 4, 28, 11, 21; культурнага — 7, 5, 8, 16.

У дакладзе А.Крыніцкага зьвяртае на сябе ўвагу й яшчэ адзін важны момант, які характарызуе формы й мэтады партыйнага кіраўніцтва нацыянальным працэсам. А.Крыніцкі адзначыў: “Мы праводзім беларусізацыю як цвёрдую лінію, калі хочаце, з элементамі прымусовай беларусізацыі ў адносінах да дзяржаўнага, кааператыўнага апарату, партыйнага, камсамольскага актыву... аднак у адносінах да рабочых і сялян не праводзім аніякай прымусовай беларусізацыі”.

А.Крыніцкі меў рацыю, калі казаў аб “прымусовай беларусізацыі” партыйнага й дзяржаўнага апаратаў, бо і той, і другі ў гэты час ужо стаялі на пазыцыі яе ціхага байкатаваньня. Уяўленьне пра тое, як на месцах пачалі байкатаваць выкананьне рашэньняў вышэйшых партыйных органаў, дае справаздача Віцебскага акружкаму КП(б)Б за 1926—1927 гг. Адметнасьць яе ў тым, што пэрыяд з 1925 да 1927 гг., паводле меркаваньняў беларускіх гісторыкаў,— “час найбольш актыўнага правядзеньня беларусізацыі”.

Дык вось, пад час “найбольш актыўнага правядзення беларусізацыі” Віцебскі акружкам адзначаў, што “пры пэўным пераломе ў ажыццяўленьні беларусізацыі арганізацыя не змагла яшчэ вывучыць ні беларускай мовы, ні беларускай культуры. Бюро акружкома ў лістападзе мінулага года (1926 г.) дало заданне адказным таварышам вывучыць беларускую мову да 1 студзеня 1927 г. Пры праверцы вызначылася, што большасць з іх зусім не чытаюць беларускай літаратуры, зусім не чытаюць беларускіх газет...”

Праверка паказала, што работнікі АК КП(б)Б ведаюць беларускую мову наступным чынам: добра — 9%, сярэдне — 35%, слаба — 40%, ня ведаюць — 16%. Яшчэ горшымі былі вынікі праверкі Віцебскай гарадзкой партарганізацыі, якая налічвала ў той час 3.752 камуністы. Зь іх толькі 208, ці 5,5%, добра ведалі беларускую мову, 532, ці 14,2% — сярэдне, 899, ці 23,9% — слаба, 2.133, ці 56,4% — зусім ня ведалі. У Віцебску вынікі аказаліся яшчэ горшымі: добра ведалі мову 4,3%, здавальняльна — 6,5%, слаба — 21,2%, наагул ня ведалі — 69% партыйцаў.

Апанэнты могуць запярэчыць, што прыклад Віцебскай акругі не характэрны, бо яна была найбольш зрусіфікаваная. Гэта так, але партыйныя рашэньні зьяўляліся абавязковымі для ўсіх — у тым ліку, і для камуністаў Віцебшчыны. З фармальнага пункту гледжаньня гэта азначала, што амаль уся партыйная акруговая арганізацыя ня выканала рашэньняў ЦК. Дзіўная сытуацыя. Бо партыйная дысцыпліна на той час ужо была настолькі моцнаю, што ня выканаць даручэньня вышэйшага партыйнага органу азначала страціць практычна ўсё.

Калі прыклад Віцебскай партарганізацыі ўсё ж разглядаць як “выключэнне”, то паўстае пытаньне: а чаму тады становішча ў сталічнай арганізацыі ня надта адрозьнівалася ад становішча ў віцебскай. Тут, хоць акружная партарганізацыя й высунула лёзунг “Да 1 студзеня 1927 г. актыў партарганізацыі павінен гаварыць на беларускай мове”, справа, аднак, далей за словы ня рухалася. Так, у Пастанове, зацьверджанай Бюро Менскага АК КП(б)Б (13.06.1927 г.), па выніках разгляду пытаньня “Аб правядзенні беларусізацыі ў Мінскай арганізацыі КП(б)Б” казалася аб “Некаторым зруху ў партыйнай арганізацыі ў адносінах да пытання беларусізацыі, які праяўляецца ў разуменні яе палітычнага значэння”.

Трэба толькі ўдумацца ў сэнс гэтага сказу. Нагадаем, што з 1 студзеня 1927 г. партыя павінна была загаварыць па-беларуску, а тут толькі праяўляюцца “некаторы зрух і разуменне”. Зважым і на тое, што сталічная партыйная арганізацыя, як абвесьціла ейнае кіраўніцтва, мусіла быць “у гэтым пытанні ўзорам для іншых арганізацый КП(б)Б”.

Ня надта зьмянілася становішча й у наступным, 1928, годзе. Так, праверка Гомельскай партарганізацыі, праведзеная ЦК КП(б)Б у красавіку—маі 1928 г., паказала, што “У некаторых выпадках сустракаецца варожае стаўленне да беларусізацыі, а таксама нежаданне праводзіць дырэктывы ЦК па гэтаму пытанню. Напрыклад, сакратар партыйнай ячэйкі фабрыкі “Везувій” заявіў, што ён “Звязду” не чытаў, не чытае і не будзе чытаць”. Нагадаем: з 1927 г. “Звязда” — друкаваны орган ЦК КП(б)Б — выходзіла на беларускай мове, і зразумела, што такое стаўленьне да беларускамоўнай газэты не шэраговага партыйца, а сакратара партячэйкі гаварыла й пра ягонае стаўленьне да беларусізацыі.

Ніяк сытуацыя не зьмянілася й у наступным 1929 г. На акружным, гарадзкім ды раённым узроўнях толькі канстатавалася аб невыкананьні рашэньняў адносна беларусізацыі — дый годзе. Напрыклад, у справаздачы Магілеўскага АК КП(б)Б (сакавік 1929 г.) адзначалася, што “Выкананню гэтай дырэктывы АК амаль што не надаў аніякай увагі. АК ні разу не абгаварыў гэтага пытання, ніякіх практычных мерапрыемстваў па выкананню гэтай дырэктывы не прадпрымаў, і абмяжоўваўся толькі тым, што па дакладах асобных ячэек даваў агульныя дырэктывы “аб рашучым правядзенні беларусізацыі”.

Такім чынам, тэндэнцыя ў дзеяньнях партапарату й партыі адносна беларусізацыі ўжо яскрава вызначылася. Прымаліся шматлікія пастановы агульнага зьместу, якія нікога ні да чога не абавязвалі, канстатаваўся факт невыкананьня іх — і на гэтым ўсё скончвалася. Маўклівая апаратная бюракратычная машына працавала бяз збояў. Партыя, ня маючы моцы адмяніць беларусізацыю пастановай, альбо іншым дырэктыўным рашэньнем, “адмяніла” яе бюракратычным шляхам.

Натуральна, нішто не зьмянілася, дый не магло зьмяніцца, і напачатку 30-хгадоў. Справа беларусізацыі пайшла па “добра” адпрацаванай партыйна-бюракратычнай каляіне: прымаліся рашэньні пра “больш рашучыя захады”, “узмацненне тэмпаў беларусізацыі”, потым канстатавалася адступленьне ад іх — і… усё паўтаралася наноў. І што цікава: нікога не здымалі з працы, ніхто не атрымоўваў партыйных спагнаньняў. Ніводнаму зь першых сакратароў РК, ГК КП(б)Б не абвесьцілі вымовы, нікога не пазбавілі пасады, не склікаліся нарады з факту невыкананьня пастановы вышэйшага партыйнага органу.

Гэта тым больш дзіўна, што партыя ўжо ўяўляла зь сябе строга цэнтралізаваную, зачыненую карпаратыўна-бюракратычную сыстэму з жорсткай ярархічнай падпарадкаванасьцю й абавязковым выкананьнем рашэньняў вышэйшых партыйных органаў — ніжэйшымі. Адказ на пытаньне, чаму такое адбывалася, можна знайсьці, у прыватнасьці, у словах сябра партыі з Талачынскага раёну, які заявіў: “Калі не буду ведаць беларускай мовы, то мяне ў турму не пасадзяць, а калі не дам своечасовых звестак (аб сельскагаспадарчых нарыхтоўках, выкананні розных планаў і г.д. — аўт.), дык пасадзяць”. У гэтых словах, безумоўна, была значная доля праўды. Сурова каралі не за няведаньне мовы, а за незьдзяйсьненьне рознага кшталту гаспадарчых кампаніяў.

Той факт, што напачатку 30-х гадоў беларусізацыя ператвараецца ў фармальна-бюракратычны працэс, у якім ніхто ні за што не адказваў, па сутнасьці сьведчыць: адразу рэальнай праблемай для партыі была не праблема беларусізацыі, а праблема так званага “нацыянальнага пытання”, якое ў СССР мусіла быць зьліквідаванае наагул.

Разглядаючы адносіны праўнай партыі да беларусізацыі, неабходна ўзяць пад увагу нацыянальны склад КП(б)Б, а таксама й задачы, што ставіліся перад партыйнымі арганізацыямі ў так званых “нацыянальных рэспубліках”.

Агульнае ўяўленьне пра нацыянальны склад КП(б)Б на розных узроўнях дае наступная табліца.

Некоторые методы для работы с последовательностями
Период Количество Национальный состав в %
Бел. Рус. Евреи Поляки Проч.
01.02.1924 123 16,3 22,0 40,6 4,9 16,2
01.09.1925 163 27,0 21,4 33,1 3,7 14,8
01.03.1927 262 41,2 13,6 30,5 3,8 10,9
Ответственные работники уездного масштаба
Периоды Количество Национальный состав в %
Бел. Рус. Евреи Поляки Проч.
01.02.1924 817 23,6 26,0 36,9 5,8 7,7
01.09.1925 840 33,7 20,2 31,9 5,5 8,7
01.03.1927 728 50,8 14,2 23,7 3,1 8,2
Национальный состав секретарей сельрайкомов и горрайкомов
Нацсостав в %
  Общ.кол Белор. Рус. Евреев Поляков Прочих
Сельрайкомы:
Январь 1925 г. 100 57,0 18,0 10,0 5,0 7,0
Апрель 1925 г. 100 45,0 21,0 18,0 4,0 6,0
Ноябрь 1925 г. 100 60,0 13,0 11,0 2,0 8,0
Гор. РК:
Ноябрь 1926 г. 12 33,5 8,4 50,0 8,3
Хоць табліца й паказвае на значную прысутнасьць беларусаў у партыйных органах, аднак іхнае становішча ў вышэйшых партыйных структурах не было вызначальным. Да таго ж, трэба мець на ўвазе, што галоўнай ідэалягемай партыі быў так званы “інтэрнацыяналізм”. Большасьць прадстаўнікоў партыйнага апарату, выхаваная на “інтэрнацыяналісцкіх поглядах”, калі не варожа, то, у лепшым разе, абыякава ставілася да беларусізацыі. Усур'ёз ейныя задачы й мэты ўспрымала толькі невялікая частка так званых нацыянал-камуністаў. Трапную характарыстыку пераважнае часткі партыйнага апарату даў вядомы беларускі гісторык Р.Платонаў, адзначыўшы, што да ўлады прыйшлі “дэнацыяналізаваныя элементы, выхаваныя ў духу касмапалітычнага інтэрнацыяналізму”.

У папярэдніх лекцыях мы ўжо адзначалі: “беларускія камуністы” на 3 зьезьдзе КП(б)Б (22—26 лістапада 1920 г.) прымаюць рашэньне аб тым, што “КП(б)Б — абласная арганізацыя РКП”. Словазлучэньне “беларускія камуністы” нездарма тут узята ў двухкосьсе: на той час у кіраўніцтве КП(б)Б не было беларусаў. Характарыстыка тым, хто прыйшоў да ўлады й прымаў такога кшталту рашэньні, была дадзена ў “Заяве 32-х” (студзень 1920 г.), у якой падкрэсьлівалася, што “ В Белоруссии не оказалось на месте необходимых кандидатур на ответственные посты и, естественно, у власти очутились те же почти коммунисты, как их называют, бедовский люд, что и раньше”.

Гэты “бедовский люд” і сфармаваў беларускую партарганізацыю, якая фактычна існавала на правох любой расейскай абласной партарганізацыі. Атрымоўвалася структура кшталту партыйнага Паўночна-Заходняга краю — толькі ва ўмовах камуністычнага Савецкага Саюзу, а не імпэратарскай Расеі.

Што ж датычыць стратэгічнага бачаньня нацыянальнага пытаньня, то ў ім ужо ў першай палове 1920-х гадоў сталі пераважаць сталінскія падыходы. На нарадзе па нацыянальным пытаньні, якая адбылася ў Маскве ў 1923 г., І.Сталін заявіў: “Неабходна памятаць, што нашыя камуністычныя арганізацыі на акраінах, у рэспубліках і абласцях могуць развівацца і стаць на ногі, зрабіцца сапраўдным інтэрнацыяналістычным, марксісцкім кадрам толькі ў тым выпадку, калі пераадолеюць нацыяналізм. Нацыяналізм — асноўная ідэйная перашкода на шляху вырошчвання марксісцкіх кадраў, марксісцкага авангарду на акраінах”.

Пра тое, што Крэмль уважліва сачыў за ажыцьцяўленьнем нацыянальнай палітыкі ў Беларусі, сьведчаць штогадовыя справаздачы ЦК КП(б)Б у ЦК ВКП(б)Б. Напрыклад, у лістападзе 1926 г., заслухаўшы й абмеркаваўшы справаздачу “абласной партыйнай арганізацыі” ЦК ВКП(б), адзначыўшы “правільнасць лініі КП(б)Б у нацыянальным пытанні”, ЦК падкрэсьліў неабходнасьць “тлумачэння нацыянальнай палітыкі ВКП(б) і небяспекі нацыяналістычных ухілаў — як беларускага, гэтак і расейскага,— і выпраўлення наяўных нацыяналістычных скажэнняў”.

Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва КП(б)Б добра й “правільна” зразумела рэкамэндацыі Крамлю аб барацьбе з “нацыяналістычнымі ўхіламі”. Калі на 10 зьезьдзе КП(б)Б (3—10 студзеня 1927 г.) прыхільнікі гэтак званай нацыянал-дэмакратычнай плыні выказваліся за захаваньне беларускага культурнага вобліку рэспублікі, дык іх назвалі шавіністамі й контррэвалюцыянэрамі, што, паводле бальшавіцкай тэрміналёгіі, азначала зьвінавачаньне за самае вялікае злачынства супраць савецкай улады.

Такім чынам, можна сьцьвярджаць, што лёс беларусізацыі быў прадвызначаны з таго моманту, як толькі партыя ўзяла яе пад свой кантроль. Ці магло дазволіць сталінскае кіраўніцтва ВКП(б), каб у адным зь ейных “атрадаў” разгортвалася нацыянальная праца? Пытаньне рытарычнае.

Менавіта ў партыі й выявіўся моцны супраціў беларусізацыі, які празь ейныя структуры распаўсюджваўся на ўсе сфэры грамадзтва. Менавіта партыя, распачаўшы барацьбу з “нацдэмаўшчынай”, давяла яе да лягічнага канца — поўнага разгрому нацыянальнага руху й усяго таго, што было зьвязана зь беларусізацыяй.

Ня меншая ўвага партыйных і савецкіх органаў у другой палове 20-х гадоў надавалася й працы сярод нацыянальных меншасьцяў, і, у прыватнасьці,— сярод гэбраяў і палякаў.


“Праца” з нацыянальнымі меншасьцямі
З заканчэньнем савецка-польскай вайны й другім абвешчаньнем БССР сталася магчымым падступіцца да мірнага будаўніцтва. Таму адразу ж, у жніўні 1920 г., пры ЦК КП(б)Б былі арганізаваныя гэбрайская й польская нацыянальныя сэкцыі, якія мусілі займацца ўсімі справамі нацыянальнага жыцьця гэбраяў ды палякаў.

Патрэба хуткага стварэньня ў структуры КП(б)Б Яўсэкцыі тлумачылася наяўнасьцю значнай колькасьці гэбрайскага насельніцтва ў рэспубліцы. Так, напрыканцы грамадзянскай вайны колькасьць яго ў рэспубліцы, у ейных колішніх межах, складала прыкладна 444 тыс. чалавек, альбо 8,2%, якое збольшага пражывала ў гарадох і мястэчках.

Яўсэкцыі былі створаны ва ўсіх акружных, раённых і гарадзкіх партыйных арганізацыях, аднак галоўнае кіраўніцтва працай зь яўрэямі усіх створаных партструктур належала Цэнтральнаму гэбрайскаму бюро (Яўбюро) пры ЦК КП(б)Б, заснаванае 8 жніўня 1920 г. У лісьце “Да ўсіх камітэтаў партыі Літвы і Беларусі” абвяшчалася: “Пры ЦБ Беларусі створана і ўжо прыступіла да працы Галоўнае бюро гэбрайскіх камуністычных секцый...” У ім жа вызначаліся й задачы дзейнасьці Яўбюро: “1. Вядзенне агітацыі і прапаганды як вусна, гэтак і пісьмова сярод гэбрайскіх рабочых і беднаты; 2. Партыйнае выхаванне сябраў партыі, якія размаўляюць на гэбрайскай мове; 3. Барацьба супраць уплыву гэбрайскіх буржуазных і мелкабуржуазных партый...; 4. Арганізацыя гэбрайскага пралетарыяту ў шэрагах адзінай камуністычнай партыі”.

Асноўную ролю ў беларускай Яўсэкцыі адыгрывалі былыя актыўныя дзеячы гэбрайскіх партыяў — у асноўным выхадцы з Бунду, якія перайшлі на бок бальшавікоў і якія варожа ставіліся як да сіяністаў, так і да артадаксальнай гэбрайскай культуры й наагул да гэбрайскага жыцьця, заснаванага на традыцыях юдаізму. Таму зь першых дзён існаваньня дзейнасьць Яўбюро разгортвалася пераважна ў трох накірунках — барацьбы з рэшткамі бундаўскіх традыцыяў і з праявамі сіянізму; вынішчэньня артадаксальнай гэбрайскай рэлігіі, традыцыяў і мовы.

Атрымаўшы своеасаблівы “карт-бланш” ад ЦБ на працу з гэбрайскім насельніцтвам і адчуваючы падтрымку партыйнага апарату, Яўбюро заняло вельмі жорсткую пазыцыю дачынна сваіх апанэнтаў — гэбрайскіх палітычных партыяў, грамадзкіх і дабрачынных арганізацыяў, традыцыйных гэбрайскіх культурных і адукацыйных інстытутаў — хедараў і іешыў. Галоўнай задачай зьяўлялася дыскрэдытацыя іхнае дзейнасьці, а потым — і палітычнае знішчэньне апанэнтаў.

У першую чаргу, Яўбюро распачало бескампраміснае змаганьне з Бундам. Пра адносіны да яго сьведчаць тэзысы Яўбюро. У іх адзначалася, што “1. Бунд, нягледзячы на сваё прызнанне камунізму, праграмы і тактыкі РКП(б), па сутнасці з'яўляецца мелкабуржуазнай партыяй; 2. Дзякуючы факту свайго існавання, Бунд становіцца цэнтрам прыцягвання для нацыяналістычных элементаў гэбрайскай мелкабуржуазнай, так званай сацыялістычнай інтэлігенцыі, якая пранікае ў шэрагі рабочага руху...; 3. Рашучая барацьба з Бундам патрабуе адхілення Бунду з усіх кіруючых органаў савецкай улады”.

Яшчэ больш жорсткую пазыцыю яўсэкі занялі адносна гэбрайскіх грамадзкіх і дабрачынных арганізацыяў. Ува ўжо згаданых тэзысах адзначалася “неабходнасць поўнай ліквідацыі гэбрайскіх грамадскіх арганізацый”.

Адной з асноўных задач Яўсэкцыя лічыла правядзеньне палітыкі партыі й прапаганду ейных ідэяў толькі на мове ідыш: у адпаведнасьці з Дэкрэтам ураду ад 1 жніўня 1920 г., яна, разам зь беларускай, рускай і польскай, абвяшчалася дзяржаўнай мовай. Рэзка адмоўнае стаўленьне яўсэкаў да іўрыту робіцца зразумелым, калі ўзяць пад увагу той факт, што іўрыт для іх азначала — “клерыкалізм”, “нацыяналістычны сіанізм” і г.д.

Найбольш яскрава праявіліся адносіны Яўсэкцыі да нацыянальнай культуры гэбраяў у пытаньні існаваньня хедараў і іешыў. На працягу вякоў гэтыя інстытуты традыцыйнай гэбрайскай адукацыі лічыліся ў беларускіх гэбраяў асновай выхаваньня дзяцей, гэбрайскай самасьвядомасьці. Аднак на пачатку 1920-х гадоў яўсэкі прымаюць рашучыя захады да зьнішчэньня іх. Так, у студзені 1922 г. на нарадзе прадстаўнікоў яўсэкцыяў абмяркоўвалася пытаньне “Аб нашай тактыцы ў барацьбе з хедарамі”. У выніку хедары аказаліся па-за законам — іх закрывалі, сканфіскоўвалі маёмасьць, арыштоўвалі мэламэдаў.

Адначасна зь ліквідацыяй хедараў і іешыў пачаўся наступ на равінаў і сынагогі. З падаваньня Яўсэкцыі, улады пачынаюць зачыняць сынагогі й рабаваць каштоўнасьці, якія там знаходзіліся. Напрыклад, з цэнтральнай сынагогі Менску ў 1922 г. было сканфіскавана звыш двух пудоў срэбра.

З умацаваньнем рэжыму І.Сталіна ў Беларусі колькасьць равінаў, мэламэдаў значна паменшала: іх арыштоўвалі, высылалі, ім забаранялася займацца рэлігійнай дзейнасьцю.

Нягледзячы на задаволенасьць дзейнасьцю Яўбюро, ЦК КП(б)Б, аднак, ніколі не давярала яўсэкам і заўсёды трымала іх пад кантролем. “Нагляд” за дзейнасьцю Яўбюро ажыцьцяўляў агітацыйна-прапагандысцкі аддзел ЦК. Так, усе пратаколы Яўбюро праглядаліся й візаваліся загадчыкам агітпрападдзелу, пра што пісьмова паведамлялася сакратару Яўбюро. Напрыклад, 6 сакавіка 1924 г. адбылося паседжаньне Яўбюро, а 27 сакавіка загадчык агітпрападдзелу паведамляў, што пратакол Яўбюро ад 6 красавіка зацьверджаны. Калі загадчык агітпрапу не пагаджаўся з прынятымі рашэньнямі Яўбюро, то меў права адмяніць іх.

К канцу 1920-х гадоў камуністычны рэжым ужо даволі трывала ўсталяваўся ў краіне, і саступкі, на якія партыя ішла ў адносінах да нацыянальных меншасьцяў, сталі паступова зьліквідоўвацца. Стала зразумелым, што да Яўсэкцыі, як, дарэчы, і да астатніх нацыянальных сэкцыяў, беларуская кампартыя ставілася як да часовых інструмэнтаў дасягненьня сваіх мэтаў. Рашэньне пытаньняў гэбрайскага жыцьця ўсё больш пераходзіць непасрэдна да прапагандысцка-агітацыйнага аддзелу ЦК — Яўсэкцыі месца ў гэтым працэсе ўжо не знаходзілася.

Таму 30 студзеня 1930 г. Яўсэкцыя ЦК КП(б) была зьліквідаваная. Ліквідацыя яе, як і іншых нацыянальных сэкцыяў пры ЦК КП(б)Б, азначала паварот праўнае партыі ад ляяльнага стаўленьня й разуменьня нацыянальнага пытаньня да жорсткіх мэтадаў змаганьня зь любымі праявамі нацыянальных памкненьняў.

Пасьля вайны адносіны партыі да гэбраяў рэзка зьмяняюцца. Мы ўжо распавядалі пра “вычышчэнне” гэбраяў з парторганаў усіх узроўняў. Другой ганебнай старонкай гісторыі кампартыі сталася так званая кампанія барацьбы зь “бязроднымі касмапалітамі”, распачатая ў Маскве. Асабліва яскрава гэта праявілася на прыкладзе гэтак званай справы “лекараў-шкоднікаў”. Кампанія супраць “лекараў-шкоднікаў” распачалася ў Менску адразу ж пасьля таго, як ТАСС 13 студзеня 1953 г. паведаміла пра арышт дактароў.

Пра тое, што партыйныя ўлады загадзя рыхтаваліся да гэтай акцыі, сьведчаць наступныя факты. Ужо 14 студзеня ў Гомелі — г.зн. на другі дзень пасьля паведамленьня ТАСС — было праведзена 350 мітынгаў, на якіх прысутнічала звыш 40 тыс. чалавек і выступіла каля 800 чалавек. Акрамя таго, у аддзелы партыйных, прафсаюзных і камсамольскіх органаў ЦК КПБ пайшла інфармацыя з парторганаў аб правядзеньні мітынгаў і сходаў працоўных, якія ўхвалялі дзейнасьць органаў МДБ, што арыштавала дактароў.

Заўважым, што агітпрап добра кіраваў “нянавісьцю” народу, пераносячы яе ня толькі на пэўную катэгорыю спэцыялістаў, але на ўсіх гэбраяў. Зьмест рэзалюцыяў, што прымаліся на сходах і мітынгах працоўных, можна зьвесьці да наступнага: высяліць ўсіх гэбраяў у аддаленыя раёны Сібіры й Далёкага Ўсходу; забараніць ім здабываць вышэйшую адукацыю, камандаваць рускімі людзьмі; змусіць іх працаваць на фабрыках, заводах, на цяжкіх фізычных працах і г.д.

Варта зважыць на яшчэ адну асаблівасьць гэтага ганебнага “спэктаклю”. Партыйныя органы ўсіх узроўняў зарганізоўвалі мітынгі сярод найменш адукаванай часткі насельніцтва, апэлюючы, галоўным чынам, не да розуму, а да эмоцыяў. Большасьць мітынгаў была зарганізавана на заводах, фабрыках, у калгасах. Там, сярод найменей адукаванай часткі насельніцтва, гучалі найбольш радыкальныя заклікі да расправы з гэбраямі. Інтэлігенцыя больш стрымана ўспрымала гэтую чарговую палітычную кампанію.

Настроі й паводзіны гэбраяў вызначаліся пачуваньнем жаху, прыгнечанасьці, чаканьнем горшага. Напрыклад, прафэсар Меражынскі — загадчык катэдры Менскага мэдінстытуту выказаўся, што пасьля маскоўскіх падзеяў, арыштаў сярод гэбрайскага насельніцтва такое ж адбудзецца й у Беларусі. Аб тым, які настрой быў сярод гэбраяў, сьведчаць выказваньні піянэрважатай адной зь менскіх школ, якая ў размове з дырэктарам адзначыла, што яна баіцца хадзіць у школу, бо ў яе такое пачуцьцё, быццам вось-вось паб'юць. Палітычная кампанія павінна была знайсьці сваё лягічнае выйсьце. І яно знайшлося — у выглядзе масавых звальненьняў лекараў-гэбраяў з больніц.

Праўда, гэтая палітычная кампанія хутка скончылася. Зьвязана тое было са сьмерцю І.Сталіна. Тым ня менш, стаўленьне да гэбрайскага насельніцтва не зьмянілася — дый не магло зьмяніцца ў наступныя гады. Палітыка КПСС-КПБ у так званым “гэбрайскім пытанні” вызначылася на многія дзесяцігодзьдзі й не пераглядалася да забароны структур КПСС-КПБ у рэспубліцы.

Другой нацыянальнай меншасьцю, працы зь якой надавалася вялікая ўвага, зьяўляліся палякі. У адносінах да іх у 20-я—30-я гады выразна бачацца два падыходы: ад прыхільнага стаўленьня напачатку 20-х і да сярэдзіны 30-х гадоў і да нічым не прыхаванай варожасьці, пачынаючы зь сярэдзіны 30-х гадоў. Гэтыя падыходы добра праглядаюцца на прыкладзе “польскага эксперымента”, які меў месца ў 1932—1937 гг. і які зьвязаны са стварэньнем адзінага на Беларусі польскага нацыянальнага раёну.

У кастрычніку 1925 г. у складзе Койданаўскага райкаму ствараецца Польбюро, якое павінна было займацца ўсімі пытаньнямі нацыянальнай працы сярод польскага насельніцтва раёну. Падставай для арганізацыі такой працы сталася тое, што значную колькасьць насельніцтва шэрагу сельсаветаў складалі грамадзяне, якія лічылі сябе палякамі. Напрыклад, у Негарэльскім с/с, з падлікаў раённых уладаў, пражывала каля 35% палякаў. Прыкладна такімі ж лічбамі характарызаваўся склад насельніцтва й яшчэ некалькіх сельсаветаў, а таму на працягу 1927—1931 гг. пры актыўным удзеле Польбюро райкаму было створана яшчэ 3 нацыянальныя польскія саветы.

Адначасова адчыняюцца польскія школы, а беларускія пераводзяцца на польскую мову навучаньня. Калі ў 1925 г. у раёне існавала ўсяго 5 польскамоўных школ, у 1930 г. — 7, то ў 1931 г. лік іх узрос да 32, а ў 1932 г. — да 40.

У лютым 1932 г. Бюро ЦК КП(б)Б прымае рашэньне пра пераўтварэньне Койданаўскага раёну ў нацыянальна-польскі раён і зьвяртаецца ў ЦК ВКП(б) з прапановай, каб саюзныя ўлады далі дазвол на правядзеньне ўсіх мерапрыемстваў, зьвязаных з гэтым пераўтварэньнем. Чым жа рэспубліканскае партыйнае кіраўніцтва абгрунтоўвала мэтазгоднасьць стварэньня польраёну? Галоўным чынам, палітычнымі матывамі. Пацьверджаньнем зьяўляецца дакладная запіска ЦК КП(б)Б, накіраваная ў ЦК ВКП(б) у лютым 1932 г. У ёй падкрэсьлівалася: “Выдзяленне ў БССР польскага раёна будзе мець вялікае палітычнае значэнне як па-за межамі, так і ўнутры БССР і выб'е з рук класавага ворага вельмі часта ўжываемую ім зброю аб уціску польскага насельніцтва ў БССР”.

Стварэньне польраёну ў Беларусі належна разглядаць у больш шырокім кантэксьце. З пункту гледжаньня Масквы, Беларусь зьяўлялася ідэальным пляцдармам для экспарту й распаўсюджаньня рэвалюцыі на Захад і, у прыватнасьці, у Польшчу. Пацьверджаньнем гэтай тэзы ёсьць сакрэтная нарада польработнікаў-камуністаў, якая адбылася ў ЦК КП(б)Б у маі 1931 г. Выступаючы на ёй, галоўны рэдактар “Звязды” Будзінскі, адзначыўшы важнасьць працы сярод польскага насельніцтва Беларусі, заявіў: “Усе гэтыя высокія матэрыі (праца сярод палякаў — А.В.) на пэўны час пакінем. Варшаўская рэвалюцыя цудоўна з гэтым справіцца. Я мяркую адно: калі вы канцэнтруеце ўвагу на пытаннях пралетарскай культурнай працы тут, то адсоўваеце польскую рэвалюцыю там”.

Наступны выступоўца быў яшчэ больш катэгарычным: “Для мяне асабіста польская праца не з'яўляецца пытаннем працы сярод польскага насельніцтва ні ў БССР, ні ў СССР. Яно надзвычайна глыбока звязана з пытаннем рэвалюцыі ў Польшчы, і калі мы тут вядзем гаворку аб кадрах польработнікаў, то павінны разумець гэтае пытанне дваіста: і для польскага насельніцтва тут, і для чакаючых нас гістарычных задач у сувязі з рэвалюцыяй у Польшчы”.

Аднак, не пасьпеўшы як сьлед разгарнуцца, праца ў польраёне пачала павольна спыняцца, а з 1934 г. набірае моц адваротны працэс — ціхае згортваньне ўсёй раней распачатай працы. Перш за ўсё, пачынаецца скарачэньне й перавод польскіх школ у беларускія. Каб надаць гэтаму працэсу законны характар, партыйныя ўлады раёну інсьпіруюць масавыя заявы вучняў і бацькоў пра немагчымасьць і шкоднасьць навучаньня дзяцей на польскай мове й жаданьне іх вучыцца па-беларуску. У 1935 г. працэс вынішчэньня ўсяго польскага ідзе больш шпаркімі тэмпамі й закранае ня толькі школы. Бюро Дзяржынскага райкаму партыі разглядае пытаньне аб існаваньні польскай газэты “Штурмавец Дзяржыншчыны” й польскага рабфаку ў Дзяржынску й прымае рашэньне пра нямэтазгоднасьць існаваньня як газэты, гэтак і рабфаку.

Самымі трагічнымі старонкамі ў гісторыі “польскага раёну” сталіся падзеі 1937—1938 гг. 2 жніўня 1937 г. Бюро ЦК КП(б)Б прымае Пастанову, у якой адзначалася: “Зліквідаваць Дзяржынскі раён, польскія сельсаветы перавесці на беларускае справаводства ў двухтыднёвы тэрмін, даручыць Наркампросу перабудаваць сетку польскіх школ”. Чым было выклікана такое рашэньне? Адказ на гэтае пытаньне знаходзіцца ў Пастанове Бюро ЦК КП(б)Б ад 28 ліпеня 1937 г. “Аб ліквідацыі палітыкі паланізацыі, праводжанай нацыянал-фашыстамі (Галадзед, Шаранговіч, Чарвякоў і іншыя)”. Тон абмеркаваньню задалі наежджыя з Масквы “спецыялісты па польскаму пытанню” — загадчык аддзелу кіроўных партыйных органаў Г.Малянкоў і загадчык сельскагаспадарчага аддзелу ЦК ВКП(б)Б Я.Якаўлеў, якія ачолілі камісію па праверцы рэспубліканскай партыйнай арганізацыі.

Яшчэ больш жорсткай была Пастанова Бюро ЦК КП(б)Б, прынятая ў верасьні 1937 г. У адпаведнасьці зь ёй, зьліквідоўваліся: польскія аддзяленьні пэдінстытуту, інстытуту нацыянальных меншасьцяў, рабфаку БДУ; пэдвучэльні; Менскі й Гомельскі дзіцячыя дамы; усе польскія школы, дзіцячыя садкі. Больш за тое, адпаведна з гэтай Пастановай, як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка зьліквідоўваўся сам раён. 12 яго сельсаветаў адыходзілі да Менскага раёну, 3 — да Узьдзенскага й 2 — да Заслаўскага. Адначасна зь ліквідацыяй раёну было рэпрэсавана амаль усё партыйнае, савецкае кіраўніцтва. Пастанова фактычна скасавала ўсё, што ад пачатку 20-х гадоў рабілася ў рэспубліцы ў адносінах да польскай меншасьці. Усе польскае адгэтуль пачало асацыявацца з “варожым, фашысцкім, здрадніцкім, шпіёнскім” і г.д. Шмат палякаў было беспадстаўна зьвінавачана й рэпрэсавана.

Дапушчальна сьцьвярджаць, што рашэньне пра згортваньне нацыянальнай працы ў раёне палітычнае кіраўніцтва рэспублікі прыняло з улікам зьмененай пазыцыі Масквы да пэрспэктываў пашырэньня ўсясьветнай рэвалюцыі. У сярэдзіне 30-х гадоў для І.Сталіна й ягонага атачэньня стала відавочным і зразумелым, што спадзяваньні на хуткае разьвіцьцё рэвалюцыйных падзеяў на Захадзе й у Польшчы ня спраўдзіліся. Польская рэвалюцыя, пра якую марылі й пэрспэктывы якой абмяркоўвалі на менскай нарадзе тутэйшыя бальшавікі, ня зьдзейсьнілася. Таму штучнае й няжыцьцяздольнае стварэньне пад назвай “нацыянальны польскі раён” (Dzierdzynszyczyzna) стала не патрэбным ні Менску, ні, тым больш, Маскве. Беларусь — і асабліва Дзяржынскі раён — сталіся закладнікамі й ахвярамі палітычных гульняў Масквы.

Аднак на гэтым справа ня скончылася. У сярэдзіне жніўня 1937 г. НКВД СССР выдае апэратыўны загад № 0048, разасланы начальнікам мясцовых упраўленьняў НКУС. Загад гэты датычыцца шматгадовае беспакаранае шпіёнска-дывэрсійнае дзейнасьці польскай выведкі на тэрыторыі СССР. Упраўленьням НКУС даручалася правесьці за трохмесячны тэрмін шырокамаштабную акцыю, скіраваную на ліквідацыю “польскіх шпіёнаў і дыверсантаў”. З гэтага часу пачалася так званая “польская аперацыя”, якая мела асабліва трагічныя вынікі для Беларусі й, у прыватнасьці, для Койданаўшчыны, паколькі раён межаваў з Польшчай.

На Койданаўшчыне да таго, што ўжо адбылося, была сфабрыкаваная так званая справа “палка Пілсудскага” — як “контррэвалюцыйнай, шпіёнскай, шкодніцкай арганізацыі”, якая пад час яшчэ расейска-польскай вайны судзейнічала польскай арміі ў барацьбе з войскамі Чырвонай Арміі, дапамагала палякам зброяй, харчаваньнем і г.д. Пасьля ўсяляк сабатавала правядзеньне калектывізацыі ў раёне, займалася шкодніцтвам, шпіёнскай дзейнасьцю на карысьць Польшчы. Па гэтай справе было арыштавана 11 жыхароў раёну — і, у адпаведнасьці з Пастановай наркама ўнутраных справаў і пракурора СССР ад 29 кастрычніка 1937 г., усіх зьвінавачаных расстралялі.

Заканчэньне Другой усясьветнай вайны прывяло да значных тэрытарыяльных зьмен і ўсталяваньня новых межаў у шэрагу краінаў Усходняй Эўропы. Гэтыя зьмяненьні самым непасрэдным чынам закранулі Беларусь, якая межавала з ужо новай Польшчай — пракамуністычнай і прасавецкай, што патрапіла ў сфэру ўплыву Масквы.

Усталяваньне новай савецка-польскай дзяржаўнай мяжы па так званай лініі Керзана прадугледжвала перадачу на карысьць Польшчы часткі тэрыторыі Беларусі — Беластоцкай і трох раёнаў Берасьцейскай вобласьцяў. Вызначэньне дзяржаўнай мяжы запатрабавала прывядзеньня ў адпаведнасьць зь ёй і этнічнай мяжы, што было ажыцьцёўлена шляхам перасяленьня палякаў з заходніх вобласьцяў Беларусі ў Польшчу й беларусаў з Польшчы ў БССР.

Перасяленьне чынілася на падставе беларуска-польскага пагадненьня ад 9 верасьня 1944 г. і доўжылася два гады — да 1947 г. Яно зьявілася значнай палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай падзеяй двухбаковых беларуска-польскіх адносін і паўплывала на лёсы соцень тысяч палякаў, якія жылі ў заходнім рэгіёне Беларусі.

За два гады перасяленьня (1944—1947 гг.) звыш 240 тыс. палякаў выйшлі зь беларускага грамадзянства й назаўсёды пакінулі Беларусь, пераехаўшы ў Польшчу. Прычыны, што змушалі палякаў ад'яжджаць зь Беларусі, былі розныя. Аднак самымі галоўнымі зьяўляліся наступныя: непрыняцьцё савецкай улады й усяго, што рабілася ад яе імя, — прымусовай калектывізацыі, масавых арыштаў і дэпартацый палякаў, прымусовых набораў грамадзян на працу па-за межы Беларусі, рэлігійнага ды нацыянальнага перасьледу, непамерных падаткаў і г.д. Нельга пакідаць па-за ўвагай і сваяцкія адносіны з палякамі з другога боку мяжы ды іншае. Гэтыя прычыны дзейнічалі адначасова — як паасобку, гэтак і сукупна.

З улікам важнасьці гэтых ды і іншых прычын усё ж неабходна адзначыць, што больш за ўсё перасяленцаў хвалявала ня дзе жыць, а як жыць. Трэба прызнаць, што нават прамаскоўская, пракамуністычная Польшча стварыла больш спрыяльныя ўмовы для простага чалавечага жыцьця, чым камуністычная, таталітарная Беларусь. За два гады “шчаслівага жыцця” ў Савецкай Беларусі палякі з жахам убачылі й паспыталі — на сабе, сваіх блізкіх, родных, знаёмых — масавыя дэпартацыі, прымусовую калектывізацыю, працу ў калгасах і саўгасах, у якіх, нібы ў “чорных дзірках”, зьнікала гадамі назапашанае дабро, дзе папросту чыніўся зьдзек з асобы.

У пасьляваеннай Беларусі істотных зьмен у штодзённым жыцьці не адбылося. Працягваліся арышты й дэпартацыі, непамерным цяжарам леглі на аднаасобніка высокія стаўкі падаткаў, штогадовыя пляны здачы дзяржаве сельскагаспадарчай прадукцыі, лесанарыхтоўкі й лезавывазкі, бясконцыя дзяржаўныя займы й пазыкі, прымусовыя аргнаборы на працу на Ўрал, Далёкі Ўсход ды шмат што іншае, ня менш дурное й жахлівае, чаго ня зьведвалі нават за “панскаю Польшчай”.

Зыход палякаў зьявіўся іхным своеасаблівым маўклівым пратэстам супраць таталітарнай дзяржавы. Важна ўсьведамляць, што ў гісторыі камуністычнай Беларусі мірнага часу перасяленьне сталася самай вялікай хваляй беззваротнай міграцыі руплівага, працавітага й гаспадарлівага насельніцтва.

Новыя стасункі з Польшчай, а таксама той факт, што на захадзе Беларусі засталася значная колькасьць палякаў, далёка не прыхільных да камуністычнага рэжыму, рупілі як кіраўніцтву ВКП(б), так і КП(б)Б. Вышэйшае палітычнае кіраўніцтва краіны літаральна празь некалькі месяцаў пасьля вызваленьня Беларусі акрэсьліла свае адносіны да палякаў заходняга рэгіёну рэспублікі на бліжэйшую пэрспэктыву.

20 студзеня 1945 г. ЦК ВКП(б) прымае Пастанову “Аб палітычнай працы партыйных арганізацый КП(б)Б сярод насельніцтва заходніх абласьцей БССР”, якая на доўгія гады вызначыла стратэгію паводзін КП(б)Б у адносінах да палякаў. Сутнасьць яго магчыма зьвесьці да двух тэзысаў — “саветызацыя” й “русіфікацыя” палякаў.

Вельмі важная роля ў “перавыхаванні” польскага насельніцтва адводзілася сярэдняй школе й настаўнікам. Для выкананьня гэтай задачы ЦК ВКП(б) абавязаў адкамандаваць для працы ў школах заходніх вобласьцяў Беларусі ўсіх раней эвакуяваных з БССР настаўнікаў-беларусаў, што працуюць у школах РСФСР. Да таго ж, Дзяржвыдавецтву РСФСР да новага навучальнага году (1946 г.) загадвалася, спэцыяльна для школ заходніх вобласьцяў Беларусі, надрукаваць 1 млн. асобнікаў “надзейных у ідэалагічным плане падручнікаў”.

Ня менш рашучыя захады рабіў і ЦК КП(б)Б, які ў красавіку 1945 г. прыняў Пастанову “Аб мерах дапамогі школам заходніх абласцей БССР”, што прадугледжвала радыкальныя зьмяненьні ў сыстэме падрыхтоўкі пэдагагічных кадраў, забесьпячэньня школ “марксісцкай” вучэбна-мэтадычнай літаратурай, паляпшэньня кіраўніцтва вучэбнай і палітыка-выхаваўчай працы й г.д.

Гэтак, з мэтай рашэньня толькі “кадравага” пытаньня ЦК КП(б)Б абавязаў Наркамасветы, абкамы КП(б)Б і аблвыканкамы ўсходніх вобласьцяў адкамандаваць на працу ў школы заходніх вобласьцяў 400 настаўнікаў; накіраваць у школы 800 настаўнікаў зь ліку выпускнікоў пэдвучэльняў усходніх вобласьцяў і 200 — выпускнікоў пэдВНУ; накіраваць у гэтыя вобласьці зь ліку рээвакуяваных 1 тысячу настаўнікаў і асноўную частку настаўнікаў, дэмабілізаваных з Чырвонай Арміі.

Масаваная ідэалягічная “апрацоўка” палякаў не абмяжоўвалася толькі перавыданьнем падручнікаў, падрыхтоўкай “надзейных і вытрыманых кадраў” і г.д. Партыйнае кіраўніцтва прымае шэраг сакрэтных пастановаў, скіраваных на радыкальнае рашэньне “польскага пытання”. Красамоўным прыкладам гэтага зьяўляецца запіска першага сакратара ЦК КП(б)Б М.Гусарава “Аб стане і мерах па паляпшэнню палітычнай працы сярод апалячанага беларускага насельніцтва і насельніцтва польскай нацыянальнасці ў заходніх абласцях БССР”, дасланая ў ліпені 1947 г. сакратару ЦК ВКП(б) А.Жданаву.

Першы сакратар ЦК КП(б)Б палічыў неабходным: “Далажыць ЦК ВКП(б) аб стане палітычнай працы сярод апалячаных беларусаў, а таксама насельніцтва польскай нацыянальнасці, пражываючага ў заходніх абласцях, і прасіць указанняў па гэтаму пытанню”. М.Гусараў адзначыў, што, негледзячы на праведзеную мясцовымі партыйнымі арганізацыямі значную агітацыйна-прапагандысцкую працу, палітычнае становішча ў гэтых абласьцёх застаецца “складаным”. Як трывожную прыкмету М.Гусараў адзначыў: “За апошнія тры гады значна ўзрасла колькасць людзей, якія называюць сябе палякамі, негледзячы на той факт, што колькасць польскага насельніцтва значна зменшылася ў выніку рэпатрыацыі ў Польшчу”.

З улікам гэтага, ЦК КП(б)Б палічыў патрэбным “Весці лінію на беларусізацыю апалячанага беларускага насельніцтва і на шырокае развіццё беларускай і рускай савецкай культуры ў заходніх абласцях БССР з тым, каб у бліжэйшыя гады далучыць да беларускай і рускай савецкай культуры і апалячаных беларусаў і астаўшаеся ў рэспубліцы польскае насельніцтва”.

Асаблівую заклапочанасьць М.Гусарава выклікаў той факт, што ў заходніх абласьцёх засталося 22 польскія школы. Ён падкрэсьліў: у рэспубліцы няма ні дастатковай колькасьці падручнікаў на польскай мове, ні настаўнікаў, якія маглі б весьці выкладаньне па-польску. Да таго ж, польскія настаўнікі: “Атрымаўшы адукацыю і выхаванне ва ўстановах панскай Польшчы, не жадаюць і не здольныя весці выхаванне вучняў у савецкім духу”.

Першы сакратар ЦК выказаў меркаваньне: “Неабходнасць далейшага існавання польскіх школ у гэтых умовах падаецца нам надта сумніўнай”. Аднак ён азначаў: “Адначасовае іх закрыццё магло б вызваць адмоўную рэакцыю ў польскага насельніцтва і выклікаць непажаданыя водгукі сярод польскай замежнай грамадскасці”.

Тым ня менш, М.Гусараў канстатаваў: “З-за таго, што існаванне польскіх школ магло б быць шкодным Савецкай дзяржаве, неабходна паступова пераўтварыць польскія школы ў беларускія і рускія шляхам замены ненадзейных некваліфікаваных выкладчыкаў-палякаў падрыхтаванымі і надзейнымі выкладчыкамі рускімі і беларусамі”. Як прыклад “правільнай працы” сярод насельніцтва заходніх вобласьцяў М.Гусараў прыводзіў факт, што за тры гады колькасьць польскіх школ скарацілася з 144 (1944 г.) да 22 (1947 г.). Зважым: напрыканцы 40-х праблема “польскамоўных школ” была вырашана — і ў заходніх абласьцёх не засталося ніводнай польскай школы.

Акрамя гэтага, прадугледжвалася значнае пашырэньне вечаровых школ з выкладаньнем на беларускай і рускай мовах; адкрыцьцё ў Горадні ў 1947—1948 гг. палітвучэльні для падрыхтоўкі “надзейных работнікаў” зь мясцовага насельніцтва; стварэньне ў ЦК КП(б)Б штату прапагандыстаў у складзе 10 чалавек з валоданьнем польскай мовай, маючых належную тэарытычную й практычную падрыхтоўку для “працы” з палякамі, і г.д.

Распавядаючы пра адносіны КПБ да палякаў, трэба згадаць і яшчэ аб адным аспэкце, які не заставаўся па-за ўвагай КПБ. Існаваньне агульнай мяжы з Польшчай, наяўнасьць палякаў у заходнім рэгіёне змушала кампартыю Беларусі трымаць пад кантролем іхныя сувязі з Польшчай. Памежныя кантакты ажыцьцяўляліся галоўным чынам па лініі грамадзкіх аб'яднаньняў ды партыйных органаў. Іх пашырэньню й паглыбленьню мусіла спрыяць Беларускае аддзяленьне таварыства савецка-польскага сяброўства, адкрытае ў 1958 г. і меўшае свае філіі ў розных гарадох Беларусі.

Аднак і ягоная дзейнасьць, і пашыраныя двухбаковыя абмены рознымі дэлегацыямі — партыйнымі, прафсаюзнымі, спартовымі, моладзевымі й іншымі — жорстка кантраляваліся партыйнымі структурамі. Так, на Бюро ЦК КПБ заўсёды ўзгадняліся пляны прыёму дэлегацыяў, месцы паездак, сустрэч і г.д. Напрыклад, у 1958 г. Бюро ЦК КПБ 14 разоў разглядала пытаньні выправы беларускіх дэлегацый у Польшчу й прыйманьня польскіх у Беларусі.

Адначасна з двухбаковымі абменамі ў Беларусі рэгулярна праводзіліся дні польскай культуры (у 1958, 1964, 1972, 1976 гадох), якія таксама праходзілі сфармалізавана й па загадзя складзеных і “адпрацаваных” сцэнарах. Так, пад час правядзеньня першых дзён польскай культуры ў Беларусі ў 1958 г.: “Адбыліся сустрэчы польскіх гасцей з беларускімі пісьменнікамі, мастакамі, кампазітарамі, дзеячамі культуры” й г.д. Аднак не адбывалася й не магло адбыцца незаплянаваных сустрэч з палякамі Гарадзеншчыны, Берасьцейшчыны, на якіх абмяркоўваліся б надзённыя пытаньні культурнага, рэлігійнага, навуковага жыцьця палякаў Беларусі. З гэткага ж узору праходзілі й наступныя “дні польскай культуры” ў Беларусі.


Літаратура
1. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. М., 2000.

2. Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мн., 2000.

3. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996.

4. Платонаў Р. Палітыкі. Ідэі. Лёсы. Грамадзянскія пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-палітычнага дыктату ў Беларусі 20-х—30-х гг. Мн., 1996.

5. Платонаў Р. Лёсы. Гісторыка-дакументальныя нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20-х—30-х гг. Мн., 1998.

6. На крутым павароце. Ідэолага-палітычная барацьба на Беларусі ў 1929—1931 гг. Дакументы, матэрыялы, аналіз. Мн., 1999.

7. Платонов Р. Перед крутым поворотом. Тенденции в политической и духовной жизни Беларуси (1925—1928) . Мн., 2001.

8. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 2. // Касцюк М., Ігнаценка І., Вышынскі У. і інш. Мн., 1995.

9. Страницы истории компартии Белоруссии. Суждения, аргументы и факты. Мн., 1990.

Лекцыя 9. Ідэалягічны ўціск 

Плян:

1. Галоўнае ўпраўленьне цэнзуры


Галоўнае ўпраўленьне цэнзуры
Неад'емнаю часткай камуністычнага спосабу панаваньня ёсьць ідэалягічны ўціск і гвалт асобы. Ён існаваў заўсёды, ва ўсіх камуністычных краінах, і меў тэндэнцыю, як лічыць М.Джылас, узмацняцца кожны раз тады, калі слабелі іншыя формы дыскрымінацыі. Аналізуючы гвалтоўны характар камуністычных рэжымаў, М.Джылас піша: “Гісторыя многа даруе камуністам таму, што зразумее: жорсткасьць, праяўленая імі, шмат у чым апраўдвалася абставінамі, неабходнасьцю абараняцца, выжыць. Аднак задушэньне любога альтэрнатыўнага пункту гледжаньня, ідэалягічная нецярпімасьць, манапольнае панаваньне думкі, што лісьліва абслугоўвала іхныя звышэгаістычныя інтарэсы,— вось што будзе трымаць іх прыкутымі да ганебнага слупу гісторыі”.

Асноўным інструмэнтам ідэалягічнага ўціску ў краіне зьяўлялася Галоўнае ўпраўленьне па ахове дзяржаўных таямніцаў у друку — больш вядомае як Галоўліт, адной з галоўных задачаў якога насамрэч было захаваньне “ідэалагічнай чысціні” ў галовах савецкіх людзей.

У БССР Галоўліт быў створаны 3 студзеня 1923 г. Ажыцьцяўляючы цэнзарскія функцыі, гэты орган пераглядаў усе рукапісы, здымкі, малюнкі й выдаваў, ці не выдаваў, дазвол на іх публікацыю, чыніў кантроль над друкарнямі, бібліятэкамі, кнігарнямі, праслухоўваў радыёперадачы. Без Галоўліту немагчыма ўявіць сабе гісторыю навукі, нацыянальнага тэатру, кіно, жывапісу, скульптуры, эстрады й журналістыкі.

Апрача Галоўнага ўпраўленьня, ува ўсіх абласных і раённых цэнтрах дзейнічалі мясцовыя “галоўліты” са сваімі штатамі. “Плённая” й шматгранная дзейнасьць “галоўлітаў” ніколі не перапынялася. Час ад часу ён толькі мяняў месца дысьлякацыі ў структуры савецкіх наглядных органаў.

Пасьля сьмерці І.Сталіна 15 красавіка 1953 г. СМ БССР вывеў Галоўліт са складу Міністэрства асьветы й перадаў яго ў падпарадкаваньне Міністэрства нутраных справаў, якое тады ўлучала й былы НКУС—МДБ. Праз паўгоду, у кастрычніку 1953 г., Галоўліт пакінуў сьцены МУС і набыў самастойны статус і новую назву — Упраўленьне па ахове ваеннай і дзяржаўнай таямніцы ў друку. У 1963 г. Галоўліт далучылі да новастворанага Дзяржаўнага камітэту па друку й паліграфіі, а з 1966 г. і да скону БССР цэнзурнае ведамства існавала як Галоўнае ўпраўленьне па ахове дзяржаўнай таямніцы пры Савеце Міністраў БССР.

Сутнасьць дзейнасьці Галоўліту, аднак, заўсёды заставалася адной і той жа: нагляд, цэнзура й уціск. Варта спыніцца на некаторых момантах гэтай дзейнасьці. Літаральна зь першых дзён свайго існаваньня Галоўліт з бальшавіцкай “энергіяй” узяўся за справу барацьбы з іншадумствам. Прыкладам іншадумства, паводле меркаваньняў Галоўліту, зьяўлялася літаратурная й навуковая дзейнасьць Я.Лёсіка. Напісаную ім кнігу “Аўтаномія Беларусі” — як твор “шавіністычнага характара” — Галоўліт 26 сьнежня 1924 г. забараняе да друку. Публікацыю дазволілі толькі пасьля таго, як з кнігі выкінулі фатаздымак А.Гаруна — “ярага ворага савецкай улады” й зрабілі больш за 60 выкрэсьленьняў. Другое выданьне кнігі сталася магчымым толькі пасьля таго, як у ёй зрабілі ўжо больш за 140 выкрэсьленьняў.

З паступовым пераходам краіны да таталітарызму Галоўліту адводзіцца ўсё больш важная роля. Красамоўным сьведчаньнем гэтага ёсьць Пастанова Сакратарыяту ЦК КП(б)Б, прынятая ў лістападзе 1929 г. Так, ЦК “Прапануе Галоўліту ў сучасны момант абвастрэння класавай барацьбы значна ўзмацніць кантроль за выдавецтвамі шляхам больш рашучага ўжывання метадаў забароны не толькі яўна антысавецкіх, але і ідэалагічна чужых праяў у друку, больш рашучага змагання з усялякімі спробамі рэвізіі генеральнай лініі партыі і скажэнняў класавай лініі”.

Кантроль, натуральна, узмацнілі. Толькі за май—лістапад 1929 г. Галоўліт забараніў 15 падрыхтаваных да друку кнігаў, сярод якіх значыліся раман М.Гарэцкага “Крывічы”, зборнік вершаў “упадніцкага, антыпралетарскага напрамка” Я.Пушчы, вершы К.Крапівы — “сатыру на сучаснае партыйнае жыццё”, “упадніцкія й маральна гнілыя” вершы М.Лужаніна й г.д.

Дзейнасьць Галоўліту распаўсюджвалася на ўсю духоўную сфэру жыцьця. На “ідэалагічную вытрыманасць” Галоўліт аналізаваў пэрыёдыкі й кніжныя выданьні, спэктаклі й карціны, выказваньні дзеячоў культуры й шмат што іншае. Напрыклад, 11 лістапада 1932 г. быў падрыхтаваны агляд беларускіх літаратурна-мастацкіх часопісаў і газэты “Літаратура і мастацтва” за бягучы год. У падрабязным і шматслоўнам дакумэнце выказвалася нямала заўваг — перш за ўсё, палітычнага характару — на адрас розных выданьняў і іхных аўтараў. Пры гэтым ацэнкі станавіліся ўсё больш жорсткімі йбескампраміснымі.

Не зьмянілася асноўная мэтавая ўстаноўка дзейнасьці Галоўліту й пасьля вайны. Да прыкладу, у 1946 г. Старшыня Галоўліту Ф.Дадзіёмава піша ў прапагандысцка-агітацыйны аддзел ЦК КП(б)Б дакладную запіску, у якой тлумачыць, што зьняты з друку раман К.Чорнага “Бацькаўшчына” — шкодная з палітычнага пункту гледжаньня кніга.

Не пашчасьціла К.Чорнаму й у 1947 г., калі ўсё тая ж Н.Дадзіёмава забараніла да друку ягоную аповесьць “Былінкавыя межы”. Каб уявіць сабе, за што здымалі творы пісьменьніка й чым абгрунтоўвалі свае рашэньні цэнзары Галоўліту, варта падаць цытаты з тэкстаў, дасланых у ЦК КП(б)Б. Вось што пісаў К.Чорны ў сваёй аповесьці: “А на двары й вакол усё так, як і дзесяць, і дваццаць год таму назад. Таксама плакалі замурзаныя дзеці, абсыпаў вецер пяском струхлелыя сцены, на пустых гародах панура цягаліся дробныя худыя коні”. А вось што пісала Н.Дадзіёмава ў ЦК КП(б)Б: “В идейно-политическом отношении рассказ является вредным. Автор показывает деревню убогой. Больше того, Великая Октябрьская революция, советская власть ничего не дала деревне”. І выснова: аповесьць нельга друкаваць.

Ня менш пацярпеў ад Галоўліту й драматург А.Макаёнак. Галоўліт імгненна адрэагаваў на ягоную камэдыю “Каб людзі не журыліся”, якую ён аддаў у часопіс “Полымя”. У падрыхтаваным заключэньні адзначалася: “У п'есе маецца шэраг фактаў, якія скажаюць нашу савецкую рэчаіснасць. Дрэнна ў п'есе паказаны райком партыі, так як калгаснікі, якія звяртаюцца за дапамогай у раённыя улады, не атрымоўваюць яе. Аўтар п'есы А.Макаёнак мала цікавіцца тымі зменамі, якія адбыліся ў калгасе за апошнія гады. Жыццё калгаснікаў паказана вельмі цяжкім. Няма дроў, няма хлеба і г.д. Галоўлітам, пасля дакладу ў ЦК, было указана рэдакцыі на ўсе гэтыя недахопы. З нашымі заўвагамі яны згодны. У выніку п'еса была дапрацавана аўтарам і пасля надрукавана”.

Перапрацоўка, аднак, аказалася нездавальняльнай. У чарговай дакладной запісцы ў ЦК адзначалася: “За 1958 г. рэдкалегія часопіса “Полымя” па нашаму патрабаванню перапрацавала камедыю А.Макаёнка “Каб людзі не журыліся”. Намі было зроблена ўмяшальніцтва ў 7 месцаў. Тым не менш, і пасля гэтай перапрацоўкі камедыя мае шэраг дэфектаў”. Наагул, тым, хто пісаў пра вёску, не шанцавала. Так, у траўні 1958 г. у часопісе “Маладосць” была надрукавана аповесьць Аляксея Кулакоўскага “Дабрасельцы”. А ў чэрвені гэтага году адбылося сумеснае паседжаньне Бюро ЦК ЛКСМБ і Прэзыдыюму ўправы СП БССР, дзе аповесьць асудзілі як памылковы твор. А.Кулакоўскага адхілілі ад пасады галоўнага рэдактара “Маладосці”.

Адным з асноўных напрамкаў дзейнасьці Галоўліту зьяўлялася праверка літаратуры, якая знаходзілася ў бібліятэках, кніжных крамах і г.д. Пра маштабы гэтай дзейнасьці красамоўна сьведчаць наступныя лічбы: у 1952 г. супрацоўнікі Галоўліту правялі 21.132 праверкі кніжных фондаў бібліятэк і сканфіскавалі 40.949 кніг. За 1953 г. у 1.241 кніжнай краме праведзена 2.648 праверак і сканфіскавана 380.586 кніг. Маштабы “плённай працы” супрацоўнікаў Галоўліту ўражваюць.

Чаму ж было сканфіскавана столькі кніг? Гаворачы пра палітычную гісторыю савецкага грамадзтва, варта памятаць, што ўнутрыпартыйнае жыцьцё заўсёды характарызавалася барацьбой розных палітычных груповак. Атрымалыя ў гэтай барацьбе паразу прадстаўнікі якой-небудзь канкрэтнай групоўкі імгненна абвяшчаліся ворагамі. Усе іхныя творы адразу ж забаранялі й зьнішчалі. Пасьля сьмерці І.Сталіна чарговы раз разгарнулася жорсткая палітычная барацьба. Адсюль і гэтакая значная колькасьць кніг, падлегалых пад зьнішчэньне.

Аднак толькі бібліятэкамі дзейнасьць Галоўліту не абмяжоўвалася. У траўні 1950 г. выходзіць Пастанова ЦК ВКП(б) “Аб мерах па ліквідацыі фактаў разгалошання дзяржаўнай тайны ў музеях”. У адпаведнасьці з гэтай Пастановай, праводзіцца праверка, якая высьветліла: у музеях БССР знаходзяцца матэрыялы, якія падлягаюць пад тэрміновае зьняцьцё з экспазыцыяў з прычыны ўтрыманьня у іх дзяржаўнае таямніцы.

Што ж гэта была за дзяржаўная таямніца? Напрыклад, у музеі Вялікай Айчыннай вайны тэрмінова запатрабавалі зьняць умоўныя пазнакі народнагаспадарчых аб'ектаў БССР, дадзеныя аб колькасьці коней, атрыманых калгасамі й саўгасамі ў 1947—1949 гг. у выглядзе рэпарацыяў, мапы дысьлякацыі партызанскіх атрадаў і брыгад пад час вайны й г.д. Зьнялі таксама практычна ўсе азнакі, што характарызавалі эканамічнае становішча Менскага трактарнага й аўтамабільнага заводаў. Тое ж адбывалася й у іншых музэях краіны.

Гэта толькі невялічкая частка той, без перабольшаньня, “напружанай працы”, што праводзілі цэнзары, “ахоўваючы” беларускі народ ад таямніцаў, якіх насамрэч не існавала. Таямніцаў, выдуманых партыйнымі ідэолягамі.

Як ужо адзначалася, асноўным ў дзейнасьці Галоўліту зьяўляўся не разгляд мастацкіх вартасьцяў твораў, а кантраляваньне палітычнага й ідэалягічнага зьместу. Вось вытрымка са справаздачы гэтай установы за 1959 г.: “Неад'емнай часткай работы цэнзуры з'яўляецца палітыка-ідэалагічны кантроль... У справаздачным годзе (1959 г.) намі не выпушчана ў свет ні аднаго шкоднага ў палітыка-ідэалагічным сэнсе твора”.

Вось яшчэ адзін яскравы прыклад. У студзені 1959 г. Старшыня Галоўліту А.Садоўскі накіраваў сакратару ЦК КПБ Т.Гарбунову дакладную запіску, у якой паведамляў, што Галоўлітам перагледжана ўся літаратура, аўтары якой ужо рэабілітаваныя. У той жа час А.Садоўскі падкрэсьліў: “Лічым, што гэтую літаратуру, нягледзячы на тое, што аўтары рэабілітаваныя, перадаваць у агульныя фонды нельга: яе неабходна пакінуць у спецсховішчах” . Пра якіх жа аўтараў і якую літаратуру ішла гаворка й чаму так баяліся перадаваць гэтую літаратуру ў адкрытыя фонды?

Гаворка вялася пра беларускіх пісьменьнікаў і грамадзкіх дзеячоў, якіх у свой час зьвінавацілі за нацыянал-дэмакратызм, — А.Аляксандровіча, А.Дудара, М.Піятуховіча, М.Галадзеда, А.Чарвякова ды іншых. Пасьмяротна рэабілітаваныя, яны ўсё ж былі небясьпечныя для дзейнага рэжыму. Небясьпечныя сваімі літаратурнымі творамі, сваёй грамадзянскай пазыцыяй, сваім стаўленьнем да беларускасьці, наагул — да беларускага народу, ягонае гісторыі, традыцыяў, мовы, звычаяў.

Заўважым, што ўсе гэта рабілася ўпотай ад грамадзкасьці. Практычна на ўсіх дакладных запісках, накіраваных Галоўлітам у ЦК КПБ, стаіць грыф “Сакрэтна”, альбо “Пільна сакрэтна”.

Паўстае пытаньне: а ці павінна быць ахова дзяржаўных таямніц у краіне? Так. Але ў дэмакратычных краінах гэта менавіта дзяржаўная ахова й менавіта дзяржаўных таямніц, а зусім не палітычны й не ідэалягічны нагляд. Цытаваная вышэй дакладная запіска А.Садоўскага — яскравы прыклад ігнараваньня законаў. ЦК КПБ — недзяржаўны орган, забараняючы карыстацца кнігамі рэабілітаваных грамадзян Беларусі, сьвядома ішоў на парушэньне заканадаўства, бо реабілітацыя рэпрэсаваных адбылася менавіта ў заканадаўчым парадку. І за гэтае яўнае парушэньне Канстытуцыі й заканадаўства ніхто й ніколі ня меў аніякай адказнасьці.


За “жалезнай заслонай”
Разглядаючы формы й спосабы ідэалягічнага ўціску ў Беларусі, зьвернемся й да шырока вядомага факту глушэньня заходняга радыёвяшчаньня, якое ажыцьцяўлялася, зь невялікімі перапынкамі, звыш 40 год і спынілася толькі напрыканцы 80-х. Менавіта глушэньне забясьпечвала рэжыму непадзельнае ідэалягічнае й прапагандысцкае панаваньне ўнутры краіны, пазбаўляючы чалавека права ўспрымаць рэчаіснасьць інакш, чым гэта патрабавалася зыходна з камуністычных догмаў.

Захады да сыстэматычнага глушэньня распачаліся ў Беларусі ў 50-я гады. У 1951 г. Першы сакратар ЦК КПБ М.Патолічаў накіраваў Старшыні Савету Міністраў СССР Г.Малянкову дакладную запіску, у якой адзначаў, што на тэрыторыі БССР назіраецца ўзмацненьне антысавецкага радыёвяшчаньня на расейскай мове, арганізаваннае “амерыканска-англійскім імперыялістычным блокам”, праз кароткахвалевыя станцыі “Голас Амерыкі”, “Бі-бі-сі”, “Свабода” ды іншыя.

Далей ён паведамляў, што ў рэспубліцы маюцца толькі дзьве станцы глушэньня. У сувязі з гэтым, галоўны ахоўнік “ідэалагічнай цнатлівасці” беларускага народу прасіў Г.Малянкова, каб саюзны ўрад выдаткаваў неабходныя сродкі на будаўніцтва спэцыяльных радыёцэнтраў па барацьбе з антысавецкім радыёвяшчаньнем. Пры гэтым асаблівая ўвага надавалася заходнім рэгіёнам рэспублікі, якія трапілі пад бальшавіцкае панаваньне толькі ў 1939 г.,— і, зразумела, іхнае насельніцтва мусіла быць “адсечанае” ад “антысавецкай прапаганды” ў першую чаргу.

Заўважым, што “беларуская” праграма не была выкананая — не хапала ні фінансавых, ні тэхнічных сродкаў. А таму асноўную ролю ў гэтай справе ўзяў на сябе саюзны ўрад. Магутныя станцыі глушэньня ў Маскве, Сьвярдлоўску ды іншых расейскіх гарадох дапамагалі рэспубліканскаму партыйнаму кіраўніцтву затыкаць вушы сваім законапаслухмяным грамадзянам.

Паўстае пытаньне: а ці было глушэньне на тэрыторыі рэспублікі сапраўды цалкам эфэктыўным? Цяпер з пэўнасьцю можна адказаць: не. Сьведчаньнем гэтага ёсьць той факт, што напачатку 60-х гадоў ужо новы лідэр беларускіх камуністаў — П.Машэраў — быў змушаны некалькі разоў займацца гэтай праблемай.

Так, 30 сьнежня 1965 г. на стол П.Машэраву кладзецца дакладная запіска, у якой адзначаецца: “У планах падрыўной антысавецкай дзейнасці імперыялістычных дзяржаў значнае месца адведзена БССР. Штодзённа на беларускай мове вядуць вяшчанне радыёстанцыі — “Свабода” (Мюнхен), “Свабодная Расія”, “Голас Амерыкі”.

Асаблівую заклапочанасьць і трывогу партыйных чыноўнікаў выклікаў той факт, што, за выняткам Менску, якасьць “забіўкі” паўсюдна была нездавальняльнай. Нават у Менску пачалі праслухоўвацца заходнія радыёстанцыі й, у прыватнасьці, радыёстанцыя “Свабода”. Наагул жа, “Свабода” выклікала найбольшую турботу партыйнага кіраўніцтва, бо вяла рэгулярнае вяшчаньне па-беларуску.

Падкрэсьлівалася, што, напрыклад, у Менску ў прамежках часу з 18.00 да 21.00 магчыма было праслухоўваць ад 2 да 8 незаглушальных перадач. У сувязі з гэтым у дакладной запісцы прапаноўвалася тэрмінова распачаць будаўніцтва ў раёне трактарнага заводу яшчэ аднаго цэнтру глушэньня. Праверка праводзілася таксама ў Пінску, Лідзе, Полацку, Віцебску, Гомелі, Магілеве, Мазыры, Маладэчне, Баранавічах. Ува ўсіх гэтых гарадох на працягу сутак было выяўлена ад 5 да 12 адкрытых, ці слаба заглушаных, радыёперадач.

Тую запіску з рэзалюцыяй “Знайсці магчымасць для рашэння гэтага пытання” — гэта значыць для будоўлі ў Менску яшчэ аднаго цэнтру глушэньня — П.Машэраў накіроўвае аднаму з сакратароў ЦК КПБ. Аднак “магчымасць рашэння гэтага пытання” так і не была знойдзеная. Дамагчыся поўнага глушэньня замежнага вяшчаньня не ўдалося. Насамрэч яно было эфэктыўным толькі ў Менску.

Заўважым, аднак: глушэньне радыёперадач зусім не азначала, што намэнклятуршчыкі ня мелі магчымасьці азнаёміцца зь іхным зьместам. Тэксты заглушаных радыёпраграм абавязкова фіксаваліся, раздрукоўваліся й перадаваліся тым супрацоўнікам ідэалягічнага аддзелу ЦК, якія з сваіх функцыянальных абавязкаў мусілі знаёміцца зь імі й рыхтаваць аналітычныя, ці контрпрапагандысцкія, матэрыялы.

ЦК КПБ атрымоўваў гэтыя тэксты з аддзелу радыёперахватаў, створанага ў нетрах Дзяржаўнага камітэту па радыёвяшчаньні й тэлебачаньні БССР паводле Пастановы Прэзыдыюму ЦК КПБ ад 24 верасьня 1965 г. Так, у чэрвені 1966 г. супрацоўнікі ЦК КПБ падрыхтавалі вялікую даведку “Аб метадах і сутнасці падрыўной дзейнасці капіталістычных дзяржаў супраць БССР”, у якой аналізавалася праца радыёстанцыі “Свабода”. У ёй падаваўся вялікі фактычны матэрыял пра самую радыёстанцыю, супрацоўнікаў беларускага аддзелу, прыкладаліся тэксты перадач. Наагул, інфармацыя пра зьмест заходніх радыёперадач, скіраваных на рэспубліку, рыхтавалася для ЦК штотыднёва; раз на квартал рабілася таксама тэматычная падборка.

Разглядаючы факт глушэньня заходніх радыёстанцыяў, можна запытацца: а як ён стасаваўся з падпісаным Савецкім Саюзам Заключным Актам Хэльсынскай нарады па бясьпецы й супрацоўніцтве ў Эўропе, які агалошваў свабодны абмен інфармацыяй. Выкананьне патрабаваньняў гэтага акту, як і шэрагу іншых міжнародных пактаў, падпісаных Савецкім Саюзам, было як бы ўнутранай справай СССР. Тут дзейнічалі іншыя прынцыпы — кшталту “Захад нам не ўказка”.

Свабода перамяшчэньня — адна з найбольш істотных свабодаў чалавека. Так, Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека, прынятая Генэральнай Асамблеяй ААН 10 сьнежня 1948 г., у артыкуле 13 абвяшчае: “Кожны чалавек мае права пакідаць любую краіну, улучна з сваёю ўласнай, і вяртацца ў сваю краіну”. Савецкі Саюз устрымаўся пры галасаваньні падчас прыняцьця гэтай Дэклярацыі. Праўда, пазьней усё-ткі далучыўся да яе.

Затое Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правох ад 16 сьнежня 1966 г., які канстатаваў, што “кожны чалавек мае права пакідаць любую краіну, улучна й сваю ў ласную”, падпісалі ня толькі Саве цкі Саюз, але й дзьве нацыянальныя рэспублікі — Беларусь і Ўкраіна. У 1976 г. Пакт набыў сілу. Аднак ні Савецкі Саюз, ні Беларусь не прынялі аніякага закону, які пацьвярджаў бы гэтае права. Прыняцьцё падобнага закону, што, дарэчы, прадугледжвалася Артыкулам 2 названага Пакту, абмяжоўвала б уладныя магчымасьці намэнклятуры.

У Беларусі для кожнай паездкі за мяжу патрабаваўся асобны дазвол, які простыя грамадзяне называлі “афармленнем”. Самым галоўным у гэтай працэдуры было тое, што пытаньне дазволу на выезд вырашалася ў шэрагу намэнклятурных “інстанцыяў”.

Натуральна, проста жаданьне грамадзяніна выехаць за мяжу не магло быць падставай для афармленьня дакумэнтаў. Патрабаваліся: а) хадайніцтва ўстановы пра дазвол накіраваць грамадзяніна ў замежнае камандаваньне; б) хадайніцтва арганізацыі (прафсаюзу, камсамольскай арганізацыі, грамадзкай арганізацыі аб выдаткаваньні грамадзяніну пуцёўкі для паездкі за мяжу); в) прыватнае запрашэньне сваякоў ці знаёмых.

Дазвол на выезд выдавалі наступныя “кампетэнтныя” органы: у выпадку камандаваньня — Камісія па выездах за мяжу пры ЦК КПБ; у разе турыстычнай паездкі — камісія па выездах за мяжу ў абкаме, альбо ЦК КПБ. У трэцім выпадку — аддзел віз і рэгістрацый (АВІР), які зьяўляецца органам Міністэрства нутраных справаў. Аднак дазвол АВІР быў насамрэч толькі дазваляльным. Без дазволу партыйных органаў (адмысловых камісіяў) выехаць за мяжу было немагчыма.

“Палажэнне аб камісіі па выездах за мяжу пры абкоме, крайкоме партыі, ЦК саюзнай рэспублікі” — даволі цікавы дакумэнт. Падставовым зьяўляўся пункт 4, паводле якога менавіта камісіі належала права выдаць, альбо ня выдаць дазвол.

Ня менш важным зьяўляўся й пункт 7: “Па даручэнні камісіі органы дзяржаўнай бяспекі праводзяць праверку асобаў, што накіроўваюцца за мяжу”. У той жа час, паводле асобнага сьпісу, пад праверку не падпадалі работнікі партыйных, дзяржаўных і грамадзкіх арганізацыяў. Хто ж трапіў у гэты сьпіс, пазначаны грыфам “Пільна сакрэтна”?

Як і належала, адкрываюць яго члены й кандыдаты ў члены ЦК КПСС, члены Цэнтральнай рэвізійнай камісіі; члены й кандыдаты ў члены ЦК Кампартыяў саюзных рэспублік абкамаў і крайкамаў партыі... І гэтак далей — уніз па намэнклятурнай лесьвіцы. Паводле гэтага сьпісу, уся краіна аказалася фактычна падзеленай на “надзейных” і “ненадзейных” грамадзян.

Дарэчы, а што было падставай для прыняцьця адмоўнага рашэньня пра выезд? За прычыны лічыліся: “нізкі маральны ўзровень”; неўпарадкаваныя сямейна-шлюбныя адносіны; “недастаткова высокі ўзровень палітычнай свядомасці”; меркаваньні ахаваньня сакрэтнасьці; наяўнасьць сваякоў за мяжой і папросту — частыя выезды.

Як бачна, “меркаванні сакрэтнасці” стаяць толькі на чацьвёртым месцы. Галоўныя прычыны — зусім іншыя. У красавіку 1967 г. камісія ЦК КПБ адмовіла ў выезьдзе ў Італію заслужанай артыстцы БССР В. з тае прычыны, што “рэкамендаваная парушала элементарныя нормы паводзін пад час папярэдняй паездкі ў Англію: ігнаравала заўвагі кіраўніка групы”. Нават нязважна на тое, што за В. заступілася Ўсесаюзнае тэатральнае таварыства, якое зьвярнулася з хадайніцтвам у ЦК КПБ, апошняе так і не дало дазволу на ейную паездку ў Італію.

Адзначым, што ў 1960—1970 гг. ня так шмат нашых суайчыньнікаў трапляла за мяжу. Вось канкрэтныя лічбы: 1965 г. — разгледжана 1.642 справы, дадзены дазвол выехаць 1.421 спэцыялісту й 221 турысту; 1966 г. — адпаведна 2.237, 2029, 198; 1967 г. — 1.398, 1.131, 267. Калі ўлічыць, што насельніцтва Беларусі складала каля 9 млн. чалавек, то можна ўявіць сабе, які мізэрны адсотак жыхароў рэспублікі змог выехаць па-за ейныя межы. Мяжа насамрэч была на “надзейным замку”, і “ключ” да гэтага замку знаходзіўся ў камісіі па выездах за мяжу ЦК КПБ і абласных камітэтаў партыі.

Ідэалягічны ўціск быў неад'емнай, арганічнай часткай камуністычнай улады. Ягонымі мэтамі зьяўляліся татальны кантроль праяваў іншадумства, задушэньне творчасьці, падпарадкаваньне ўсяго грамадзтва волі партыйнай намэнклятуры, выпрацоўка рабскай псыхалёгіі, разбурэньне чалавечае асобы й ейнае годнасьці. Дзеля дасягненьня гэтых мэтаў траціліся велізарныя фінансавыя сродкі, дзеля гэтага працавалі ня толькі спэцыяльна створаныя камісіі й ўпраўленьні, але й увесь партыйны апарат — ад вышэйшых кіраўнікоў да сакратароў дробных партыйных арганізацыяў. Неабходна прызнаць, што іхнымі памагатымі былі й шматлікія шэраговыя партыйцы.


Літаратура
1. Джилас М. Лицо тоталитаризма. М., 1992.

2. Восленский М. Номенклатура. М., 1991.

3. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мн., 1999.

4. Тоталитаризм в Европе в 20 в.: Из истории идеологий, движений, режимов. М., 1996.

5. Тоталитаризм и посттоталитаризм. М., 1994. Кн. 1—2.

6. Тоталитаризм: исторический опыт Восточной Европы. М., 1995.

7. Платонаў Р. На крутым павароце. Ідэолага-палітычная барацьба на Беларусі ў 1929—1931 гг. Дакументы, матэрыялы, аналіз. Мн., 1999.

8. Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі. Каталог. 1971/90. Мн., 1998.

9. Дэмакратычная апазыцыя Беларусі 1956—1991. Персанажы і кантэкст. Мн., 1999.

Валянцін Мазец Лекцыя 10. "Камуністычнае выхаваньне масаў", альбо СМІ як "калектыўны агітатар і прапагандыст" 

Плян:

1. СМІ — частка сыстэмы ідэалягічнага ўціску

2. Становішча СМІ ў пасьляваенны пэрыяд


СМІ — частка сыстэмы ідэалягічнага ўціску
Трэба аддаць належнае: бальшавікі ад самага пачатку добра разумелі, наколькі істотную ролю ў справе маніпуляваньня сьвядомасьцю людзей могуць адыгрываць сродкі масавай інфармацыі й камунікацыі. Нездарма адной зь першачарговых задач бальшавіцкай рэвалюцыі зьяўляўся захоп тэлеграфу, тэлефону й пошты. Вядома таксама, што Ленін называў газэту “калектыўным агітатарам і прапагандыстам”. І менавіта з прычыны масавага й дзейснага ўплыву кіно на сьвядомасьць людзей ён вызначаў яго як самае важнае для бальшавікоў мастацтва. Падобную ролю СМІ ў справе маніпуляваньня сьвядомасьцю людзей будуць пазьней усьведамляць толькі ідэолягі трэцяга Рэйху.

Ня дзіўна, што адразу ж пасьля савецка-польскай вайны й некаторай стабілізацыі бальшавіцкай улады на тэрыторыі Беларусі камуністы ўзяліся за наладжваньне кантролю ўсіх друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Ужо ў студзені 1921 году Прэзыдыюм ЦВК БССР прыняў Пастанову “Аб утварэнні Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі і цэнтралізацыі друкарскай справы”. Сутнасьць таго, што неабходна было зрабіць, вельмі дакладна перададзена ў самой назве дакумэнту: “...цэнтралізацыя друкарскай справы”. У гэтым жа годзе было зацьверджана “Палажэнне аб Дзяржаўным выдавецтве”. На дзяржаўнае выдавецтва ўскладалася задача рэгуляваньня ўсёй выдавецкай дзейнасьці ў рэспубліцы.

Такім чынам, улада зрабіла першыя крокі ў кірунку да ўсталяваньня жорсткага кантролю СМІ. Хоць гэта й быў толькі пачатак, але ўжо ў той час уявіць сабе, што ў краіне маглі легальна выдавацца якія-небудзь непартыйныя, некамуністычныя газэты, было немагчыма: плян і “цэнтралізацыя друкарскай справы” выключалі падобную сытуцыю. Спробы адхіліцца ад вызначаных партыяй плянаў адразу ж спыняліся.

Напрыклад, у красавіку 1922 году Інбелкульт стварае каапэратыўнае выдавецкае таварыства “Адраджэньне” на чале з Антонам Баліцкім. Таварыства выпусьціла 13 назваў падручнікаў, навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры. Пасьпела яно выдаць і літаратурна-навуковы весьнік “Адраджэньне”, аднак Цэнтральнае бюро КП(б)Б прызнала ягоны зьмест антысавецкім. А таму ўвосень 1922 году ЦБ “рэарганізуе” выдавецкае таварыства “Адраджэньне” — г.зн. зачыняе яго, і на ягоным месцы стварае сваё выдавецтва “Савецкая Беларусь”. Дарэчы, адзначым, што зьмена назвы — даволі сымбалічная: Беларусь, паводле камуністычных плянаў, мусіла стацца савецкай і камуністычнай.

Паступова ў БССР усталёўваецца й цэнзура. З ініцыятывы ЦБ КП(б)Б у студзені 1923 году ствараецца Галоўліт. Пра дзейнасьць гэтага органу ідэалягічнага нагляду ўжо распавядалася ў папярэдніх лекцыях.

У 1923 годзе зьяўляюцца новыя пэрыядычныя выданьні, органы ЦК ЛКСМБ — “Маладняк”, “Малады араты”, “Чырвоная змена”, “Дэр юнгер арбэтэр”. Тэндэнцыя павелічэньня колькасьці партыйных газэт і часопісаў назіраецца й у 1924—1925 гг. Разам з тым, відавочнай ёсьць і яшчэ адна тэндэнцыя: усё больш месца ў гэтых выданьнях адводзіцца прапагандысцкім і агітацыйным матэрыялам.

У канцы 20-х—пачатку 30-х гадоў выкрышталізоўваюцца асноўныя кірункі так званай ідэалягічнай работы, у якой газэтам, часопісам і кнігам адводзілася адна з галоўных роляў. Вызначаючы гэтую ролю, газэта “Звязда” ад 28 студзеня 1930 году пісала: “Камуністычны друк — калектыўны агітатар, прапагандыст і арганізатар сацыялістычнай рэканструкцыі народнай гаспадаркі, мацнейшая зброя ленінскай нацыянальнай палітыкі партыі”. Задачы, якія мусіў выконваць “калектыўны агітатар, прапагандыст і арганізатар”, вынікалі з розных партыйных кампаніяў.

Да прыкладу, на пачатку 30-х гадоў пэрыядычныя выданьні займаюцца “ідэалагічным забеспячэннем” кампаніі калектывізацыі. “Беларуская вёска павінна рашуча выправіць свае памылкі. Не плясціся ў хвасце, а быць на чале сацыялістычнай перабудовы вёскі” — цьвердзіла “Звязда” 14 лютага 1930 г. Дзеля прапаганды ідэі калектывізацыі ў тым жа годзе пачынаюць выходзіць спэцыяльныя часопісы: “Шляхі калектывізацыі”, “Беларуская работніца і сялянка”, “Сельская і лясная гаспадарка”.

З тым каб “лінія партыі” праводзілася менавіта так, як гэта бачылася “зверху”, у СМІ час ад часу накіроўваюцца надзейныя й загартаваныя людзі. У 1930 г. ЦК КП(б)Б прымае разгорнутую Пастанову па справаздачы Белдзяржвыдавецтва. Пастановай прадугледжвалася ўзмацненьне адказнасьці рэдактараў за зьмест выпусканай літаратуры. Для ажыцьцяўленьня партыйнай палітыкі ў выдавецкай справе Белдзяржвыдавецтва й кнігагандлёвыя органы “ўмацоўваюцца” работнікамі-камуністамі.

Разгортваньне радыёфікацыі супадае яшчэ з адной буйнамаштабнай кампаніяй. Радыё, якое адразу ж робіцца сродкам камуністычнай прапаганды, разглядаецца “як вострая зброя, якая дапамагае змагацца і перамагаць заклятага ворага — кулака, нэпмана і іхных саюзнікаў — папоў усіх масцей і іншых ворагаў пралетарыяту”. (Звязда, 1930, 16 лютага). Пададзеная цытата фактычна ўтрымлівала ў сабе новую на той час камуністычную ідэалягему й фармулёўку новай задачы, якая ставілся перад СМІ,— змаганьне з ворагамі.

Ворагаў, як вядома, аказалася надзвычай шмат. Барацьба вялася супраць кулакоў, клерыкаў, навукоўцаў-нацыяналістаў, літаратараў і г.д., а таму ў партыйных журналістаў і выданьняў зьявілася вельмі шмат новых клопатаў і працы.

“У адносінах выкрыцця варожых установак і вылазак чуждых нам гісторыкаў... асабліва вялікія заслугі мае газета “Звязда” і часопіс “Большэвік Беларусі” — пісаў акадэмік Васіль Шчарбакоў у сваёй кнізе “Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі”. — І ў “Звяздзе”, і ў “Большэвіку Беларусі” з'яўляецца цэлы рад крытычных, выкрываючых шкодныя ўстаноўкі, артыкулаў і рэцэнзій”. Сапраўды, на старонках часопісу “Большэвік Беларусі” рэгулярна друкаваліся почасту ананімныя рэцэнзіі-даносы на творы асобных пісьменьнікаў, паэтаў і навукоўцаў.

Адчувальны ўнёсак у пошук і выкрыцьцё “ворагаў” зрабіў і часопіс “Савецкая краіна”. У артыкуле Л.Бабровіча й Ів.Шпілеўскага “Супраць контр-рэвалюцыйных нацдэмаўскіх тэорый у этнографіі” носьбітамі гэтых тэорыяў былі названыя Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, М.Касьпяровіч, а галоўным ідэолягам — В.Ластоўскі. У другім сваім артыкуле “Мовазнаўства як сродак класавай барацьбы ў руках беларускіх нацыянал-дэмакратаў” Л.Бабровіч і Ів.Шпілеўскі ўчыняюць сапраўдны пагром беларускага мовазнаўства, скіраваўшы свой галоўны ўдар на супрацоўнікаў Інстытуту мовы Беларускай акадэміі навук.

Што тычыцца саміх пэрыядычных выданьняў, якія, на думку цэнзараў і рэцэнзэнтаў, няправільна альбо недастаткова правільна асьвятлялі, ці наагул не асьвятлялі задачы партыі, то тут адной з самых распаўсюджаных формаў змаганьня зь імі былі дакладныя запіскі, альбо прасьцей — даносы. Прыкладам, “Дакладная запіска” Я.Сініцкага ў ЦК КП(б)Б ад 11 лютага 1933 году, у якой аўтар дае характарыстыку часопісам “Шляхі калектывізацыі”, “Паляўнічы Беларусі”, “Тэхніка ў масы” й “Савецкая краіна” за 1932 год. Рэдакцыя часопісу “Шляхі калектывізацыі” зьвінавачвалася за тое, што ў ім “амаль зусім не закраналася пытанне барацьбы з кулацкімі контррэвалюцыйнымі элементамі, якія ўсялякімі спосабамі імкнуліся сарваць збожжазагатоўкі”.

Недахопы “Паляўнічага Беларусі”, зь меркаваньня Я.Сініцкага, палягалі ў тым, што “палітычныя артыкулы не зусім удалыя і не зусім канкрэтныя, г.зн. не праламляюць дырэктыў партыі і ўраду ў канкрэтнай галіне сваёй работы”, і наагул, “гэта лішні, казённы, ведамственны зборнічак рэзалюцый, пастаноў Белахотсаюзу з аздобай “творчасцю” літаратурных халтуршчыкаў Целеша і Кляшторнага”. Рэдакцыю часопісу “Тэхніка масам” зьвінавачвалі за тое, што “Маркс, Энгельс і Ленін характарызаваліся ў адным з артыкулаў як вялікія тэарэтыкі, а т.Сталін — толькі як вялікі практык”.

Рэдакцыю часопісу “Савецкая краіна”, нягледзячы нават на ранейшыя заслугі ў выкрыцьці “ворагаў народа”, рэзка скрытыкавалі за выкарыстаньне тэрміну “адраджэньне” ў артыкуле “Тарфяныя рэсурсы БССР”. “Рэдакцыя не можа не знаць, што лозунг “адраджэньня” нацдэмаўскі, контррэвалюцыйны лозунг” — падкрэсьліваў Я.Сініцкі. Цытаваная дакладная запіска цікавая й яшчэ ў адным аспэкце: яна яскрава дэманструе ступень калектыўнага псыхозу, апанавалага грамадзтвам. Клясавая пільнасьць, зь якой пачыналі бальшавікі, урэшце ператварылася ў маньякальна-навязьлівыя пошукі ворагаў — у тым ліку, і сярод сваіх.

На падставе гэтай дакладной запіскі 18 красавіка 1933 году Бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэньне закрыць вышэй названыя часопісы й яшчэ 7 выданьняў. Пастанова прадугледжвала: “абавязаць рэдактараў і членаў рэдкалегій часопісаў пад іх персанальную адказнасць забяспечыць сапраўды бальшавіцкі кантроль за зьместам часопісаў”. Разам з рэдактарамі часопісаў адказнасьць за зьмест часопісаў ускладалася й на кіраўнікоў тых установаў і арганізацыяў, выданьнем якіх зьяўляўся часопіс. Гэткім чынам, мэханізм цэнзуры імплянтаваўся ў самі выданьні й тыя структуры, якія былі іхнымі заснавальнікамі.

Нязважна на закрыцьцё асобных пэрыядычных выданьняў, да сярэдзіны 30-х гадоў агульная іх колькасьць не зьмяншалася, а, наадварот,— павялічвалася. Так, калі ў 1925 годзе ў БССР выходзілі 42 друкаваныя газэты, то ў 1930 годзе іх было ужо 118, а ў 1934 — 349, зь якіх 11 — цэнтральных, 75 — раённых газэт. Да таго ж, кожны калгас, саўгас, прадпрыемства й арганізацыя мусілі мець свой насьценны друк.

Дзеля здавальненьня ўзрослай патрэбы ў журналістах увосень 1932 г. арганізуецца Камуністычны інстытут журналістыкі (КІЖ). На 1 ліпеня 1934 г. у ім навучалася 189 чалавек. У гэтым жа годзе быў праведзены першы выпуск 37 будучых работнікаў раённага й палітаддзельскага друку.

Падрыхтоўка новых журналісцкіх кадраў выклікалася, аднак, ня толькі ўзрослай колькасьцю газэт і часопісаў. Пасьля праведзеных на пачатку 30-х гадоў масавых чыстак у рэдакцыях і выдавецтвах БССР адчуваўся востры недахоп кадраў. Пра гэта сьведчыць ліст сакратара ЦК КП(б)Б Гікалы ў ЦК ВКП(б), у якім ён адзначае: ”На сучасны момант не хапае каля 70 кіруючых работнікаў друку. Рэдакцыі цэнтральных газет рэспублікі — “Звязда”, “Рабочий”, рэспубліканскай яўрэйскай газеты “Октябрь”, польскай газеты “Орка”, газет шэрагу прамысловых раёнаў — Белдзяржвыдат, Галоўліт і КІЖ адчуваюць выключна вострую патрэбу ў кваліфікаваных партыйных газетных кадрах”.

Вырашыць гэтую праблему ўласнымі сіламі Гікала лічыў не магчымым. Асабліва цяжкая сытуацыя з кадрамі была ў Галоўліце. З 12 штатных работнікаў Галоўліту пасьля праведзеных чыстак у 1936 годзе засталося толькі 2. Не было начальніка Галоўліту, намесьніка й 5 рэдактараў.

Маштабы рэпрэсіяў, аднак жа, аніяк не сувымяраліся зь лікам падрыхтаваных журналістаў, а таму ў пэрыяд з 1932 г. да 1937 г. скарацілася й колькасьць часопісаў — з 28 да 10, а іхны агульны наклад зьменшыўся з 1 млн. 488 тысяч асобнікаў да 584 тыс. Агульная колькасьць газэт скарацілася з 349 да 197, а іхны наклад зьменшыўся з 23 млн. 169 тысяч да 19 млн. 767 тысяч. Пры гэтым цынічнасьць і парадаксальнасьць сытуацыі палягала ў тым, што на ўсіх, хто яшчэ заставаўся працаваць у СМІ, ускладалася задача апраўданьня рэпрэсіяў.

У пэрыяд з 1937 да 1939 гг. пэрыядычныя выданьні літаральна стракацяць рознымі матэрыяламі пра чарговыя змовы й новых ворагаў народу. Дастаткова толькі паглядзець на адныя назвы артыкулаў газэты “Звязда” за студзень-сакавік 1938 году: “Ліквідаваць шкодніцтва ў ахове здароўя”, “Варожая рука арудуе ў калгасе “Чырвоны араты”, “Шкоднікі ў лясгасе” (9 студзеня), “Тройчы праклятыя шпіёны і правакатары”, “Калі вораг не здаецца — яго знішчаюць” (6 сакавіка), “Дзякуй НКВД, які выкрыў змяінае гняздо шпіёнаў”, “Прысуд адзін ім — расстраляць” (12 сакавіка), “Народ вітае прыгавор”, “Да канца выкарчуем усіх ворагаў” (15 сакавіка).

Пры гэтым задача “далейшага ачышчэння кадраў работнікаў друку ад прытаіўшыхся і пакуль яшчэ не выкрытых ворагаў і іншых чужых элементаў” лічылася важнейшай для работнікаў сродкаў масавай інфармацыі. Гэткім чынам, калі ўзяць пад увагу татальны кантроль дзейнасьці СМІ, адсутнасьць якой бы там ні было журналісцкай свабоды, а таксама фактычна масавыя рэпрэсіі супраць саміх журналістаў, то зусім не выпадковай зьявай выглядае самацэнзура — фэномэн, які цягам доўгіх гадоў быў адметнай і характэрнай рысай савецкай журналістыкі. Вытокі гэтай зьявы ў 30-х гадох і масавых рэпрэсіях — у тым ліку, і супраць журналістаў.

У 1938 годзе быў апублікаваны “Кароткі курс гісторыі ВКП(б)”. Па частках яго друкавалі цэнтральныя рэспубліканскія газэты “Советская Белоруссия” і “Звязда”. 14 лістапада 1938 году ЦК ВКП(б) прымае Пастанову “Аб арганізацыі партыйнай прапаганды ў сувязі з выпускам “Кароткага курса гісторыі ВКП(б)”, у якой вызначаецца роля сродкаў масавай інфармацыі ў прапагандзе марксізму-ленінізму. У адпаведнасьці з гэтаю Пастановаю, аб'ядноўваліся аддзелы партыйнай прапаганды й агітацыі й аддзелы друку й выдавецтваў — як у апараце ЦК, так і ў апаратах ЦК нацыянальных камуністычных партыяў — у адзіныя аддзелы прапаганды й агітацыі. Партыя, нарэшце, зрабілася й галоўным журналістам.

Другая ўсясьветная вайна, усталяваньне на тэрыторыі Беларусі акупацыйнага рэжыму зрабілі немагчымым функцыянаваньне тут савецкай палітычнай сыстэмы. Разам з тым, перамога ў вайне, знаёмства франтавікоў з жыцьцём у некамуністычных краінах спараджалі спадзяваньні на некаторую лібэралізацыю палітычнае атмасфэры пасьля вайны. Спадзяваньні, аднак, ня спраўдзіліся.

Ужо ў 1943 годзе аднаўляе сваю дзейнасьць беларускі Галоўліт, а ў канцы 1944 году ягоныя аддзяленні дзейнічалі ва ўсіх абласьцёх рэспублікі, за выключэньнем — Полацкай.


Становішча СМІ ў пасьляваенны пэрыяд
У пасьляваенныя гады партыйнае кіраўніцтва даволі хутка ня толькі аднаўляе выпуск газэт і часопісаў, але й робіць захады па павелічэньні іх колькасьці й агульнага накладу. Так, у 1946 годзе ўжо выходзіла 196 газэт і 10 часопісаў. У гэты час, аднак, выяўляюцца й некаторыя сутнасныя зьмены ў партыйнай выдавецкай палітыцы. А менавіта гаворка вядзецца пра паступовую русіфікацыю пэрыядычнага друку. Калі ў 1946 годзе наклад беларускамоўных газэт складаў 95 млн. 685 тыс. асобнікаў, а расейскамоўных — 38 млн. 538 тыс., то ў 1955 годзе гэтыя суадносіны ўжо былі: 140 млн. 624 тыс. і 123 млн. 133 тыс... Калі ў 1946 г. наклад расейскамоўных часопісаў складаў крыху больш за 1%, то ў 1955 г. ён быў ужо больш за 31%. У наступныя гады гэтая тэндэнцыя ня толькі захоўвалася, але й узмацнялася.

Нарэшце ў 1959 г. гадавы наклад газэт на расейкай мове пераўзышоў наклад беларускамоўных пэрыядычных выданьняў. Наклады расейскамоўных газэт вызначаліся агульнай лічбай 147 млн. 353 тыс. асобнікаў, а беларускамоўных — 144 млн. 65 тыс. Істотнасьць гэтых зьменаў відавочная ў больш шырокім кантэксьце русіфікацыі школьных і ўнівэрсытэцкіх праграм, паніжэньня сацыяльнага й культурніцкага статусаў беларускай мовы. Менавіта ў пасьляваенныя гады паўстае шэраг стэрэатыпаў, паводле якіх беларуская культура й мова набываюць характарыстыку ніжэйшых і недаразьвітых. Узмацняцца гэты працэс будзе й у наступныя гады — у зьвязку з паступовым павелічэньнем міграцыі беларускага насельніцтва ў гарады — месцы бытаваньня “высокай” расейскай культуры й мовы.

Ідэолягі партыі па-ранейшаму пільна сачылі ня толькі за зьместам друкаванай прадукцыі, але й за тым, каб насельніцтва выпісвала й чытала пэрыядычныя выданьні. Так, напрыклад, у 1948 годзе ў Маладэчанскай вобласьці наклад выпісваных насельніцтвам газэт на працягу году зьніжаўся. У сувязі з гэтым інструктар сэктару друку, паліграфіі й выдавецтва Пучынскі прапануе запатрабаваць ад Маладэчанскага абкаму КП(б)Б бальшавіцкай адказнасьці за работу й стан друку ў вобласьці, умацаваць газэты палітычна ўстойлівымі й падрыхтаванымі людзьмі. 1 сьнежня 1948 году “Звязда” ў сваім перадавым артыкуле “Бальшавіцкі друк — у шырокія масы працоўных” заклікае больш актыўна арганізоўваць падпіску на пэрыядычныя выданьні. 22 верасьня 1951 году ЦК КП(б)Б прымае спэцыяльную Пастанову “Пра распаўсюджванне і дастаўку перыядычнага друку ў рэспубліцы”.

Значную ўвагу ў першае пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе партыйныя органы надавалі ня толькі пэрыядычнаму друку, але й радыёвяшчаньню. Менавіта ў гэты пэрыяд радыё робіцца сапраўды масавым сродкам інфармацыі. Па стане на 1 студзеня 1949 году ў БССР працавала 397 радыёвузлоў, што складала 202% ад даваеннага ўзроўню. Мясцовае вяшчаньне ў рэспубліцы ажыцьцяўлялі 12 абласных і 79 раённых рэдакцыяў.

“Газета без паперы” павінна была ўзорна выконваць сваю задачу прапагандыста ідэяў марксізму-ленінізму, палітыкі Камуністычнай партыі й Савецкага ўраду. Аб'ём палітычнага вяшчаньня павялічваўся штогод. Так, за другую палову 1947 году былі падрыхтаваны 153 перадачы грамадзка-палітычнага зьместу, а за адпаведны пэрыяд 1948 году — больш за 500 перадач.

У 60-я гг. мэты й задачы сродкаў масавай інфармацыі істотна не зьмяніліся: іх абавязкам была прапаганда ідэяў марксізму-ленінізму, а важнейшай задачай — выхаваньне ў савецкіх людзей яснага разуменьня неабходнасьці барацьбы за пабудову камунізму. Сваімі выступленьнямі газэты мусілі дапамагаць партарганізацыям, прапагандыстам, агітатарам у “выхаваўчай” рабоце, судзейнічаць хутчэйшаму пераадоленьню перажыткаў мінулага ў сьвядомасьці людзей, весьці нязьмірную барацьбу супраць усялякіх праяваў буржуазнай ідэалёгіі.

Разам зь пільнай увагай да падпіскі партыйныя органы як выключна важную справу разглядалі распаўсюджаньне сярод насельніцтва пэрыядычнага друку праз сыстэму “Саюздруку”. У 1957 годзе наклад часопісаў, зацьверджаны ЦК КПБ, ня быў распрададзены (выключэньне складаў часопіс “Беларусь”): “Саюздрук” настолькі перастрахаваўся, што амаль ня браў на рэалізацыю нават невялікай колькасьці часопісаў.

У выніку незаплянаваныя страты склалі 911 тысяч рублёў. Дзеля выпраўленьня гэтага становішча ЦК КПБ Пастановаю ад 30 верасьня 1958 году абавязаў гаркамы й райкамы стварыць групы пазаштатных інструктараў для распаўсюду пэрыядычнага друку. Інструктары павінны былі кантраляваць работу пунктаў прыёму індывідуальнай падпіскі й дапамагаць праводзіць падпіску на месцах.

З 1955 г. пачалі працаваць Менскі тэлецэнтар, рэтрансьляцыйныя станцыі ў Баранавічах, Бабруйску й Горадні. У 1959 г. насельніцтва рэспублікі мела каля 30 тысяч тэлевізараў, што дазваляла глядзець тэлепраграмы больш чым 1 мільёну чалавек. Да 1967 году было радыёфікавана звыш 95% населеных пунктаў Беларусі. Радыё— й тэлевяшчаньне сталіся важным палігонам ідэалягічнай дзейнасьці партыі. У лістападзе 1958 году Бюро ЦК КПБ у сваёй Пастанове адзначае шэраг істотных недахопаў у рабоце Менскай студыі тэлебачаньня: нізкі ўзровень перадач на грамадзка-палітычныя тэмы, недастатковы ўзровень мастацкіх праграм. На ідэйную вытрыманасьць правяраліся ўсе перадачы. Нават трансьляцыю ўжо запісаных на стужку музычных перадач можна было ажыцьцяўляць на радыё толькі з дазволу Галоўліту.

У адпаведнасьці з цэнзурнымі правіламі, рэдакцыі тэлеперадач былі абавязаны складаць тэматычныя пэрспэктыўныя пляны работы. У маі 1962 году Камітэт па радыёвяшчаньні й тэлебачаньні пры Савеце Міністраў БССР прапанаваў на разгляд ЦК КПБ пэрспэктыўны плян "мерапрыемстваў па ўзмацненні камуністычнага выхавання моладзі”, якім было прадугледжана наступнае:

1. Сэрыя прапагандысцкіх гутарак: “Камсамол — верны памочнік партыі”, “Камсамолец не шукае лёгкіх шляхоў”, “Бяры з камуністаў прыклад”;

2. Цыкаль перадач “Працаваць і жыць, як Ільіч”, “Ленін — чалавек, таварыш і сябар”;

3. Рэгулярна перадаваць папулярныя радыёкампазыцыі або гутаркі пра выдатных дзеячоў Камуністычнай партыі й Савецкай дзяржавы;

4. Арганізаваць цыкаль перадач для дзяцей і моладзі “Ты будзеш жыць і працаваць у камуністычным грамадстве”.

Аднак падобныя перадачы ўсё менш цікавілі маладых людзей. 60-я гады — пэрыяд паступовай інфільтрацыі “чужой буржуазнай культуры”. Усеабдымны й сыстэмны кантроль партыйнымі органамі распаўсюджаньня інфармацыі, слабая апэратыўнасьць савецкіх СМІ ў асьвятленьні падзеяў падвышалі інтарэс насельніцтва да альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі. Недаравальнай памылкай ідэалягічнага кіраўніцтва краіны быў дазвол на масавы выпуск лямпавых радыёпрыймальнікаў з кароткахвалевым дыяпазонам. Гэтае памылкі ў наступныя гады не ўдалося выправіць нават з дапамогаю магутнай сеткі станцыяў глушэньня.

Характэрнаю зьяваю грамадзкага жыцьця Беларусі ў 70-я—80-я гг. 20 ст. робіцца пазацэнзурны друк. Паводле зьвестак складальнікаў каталёгу “Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі”, Менск, 1998, у 70-я—1990-я гады выходзіла больш за 100 пазацэнзурных выданьняў.

На пачатку 80-х гг., у сувязі з нарастаньнем сацыяльна-эканамічнага крызысу, партыйнае кіраўніцтва імкнецца ўзмацніць ідэалягічную работу. Пра гэта сьведчыць шэраг Пастановаў ЦК КПСС: “Пра далейшае развіццё і ўдасканальванне перыядычнага друку для дзяцей і моладзі” (кастрычнік 1985); “Пра работу з кадрамі ў ТАСС” (сьнежань 1985); “Аб мерах па ўзмацненню абароны насельніцтва ад антысавецкага радыёвяшчання” (сьнежань 1983) і г.д.

Разам з тым, нягледзячы на спробы партыйных органаў захаваць цэнзуру, роля Галоўліту ў 80-я гады паступова зьмяншаецца. 30 лістапада 1988 году было спынена глушэньне перадач замежных радыёстанцыяў. У 1991 годзе Галоўліт скасаваны.


Літаратура
1. Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии. Исторический очерк. Мн., 1977.

2. Друк Беларускай ССР, 1918—1980. Стат. зб. Склад. Л.П.Рабушка. Мн., 1983.

3. Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі. Каталёг (1971/90). Укладальнікі Юрась Лаўрык, Ларыса Андросік. Менск, 1998.

4. Шадурский В.Г. Культурные связи Беларуси со странами Центральной и Западной Европы (1945—1990-е гг.). Мн., 2000.

Віктар Астрога Лекцыя 11. "Гістарычная навука Беларусі ва ўмовах таталітарызму" (1911-1991)

Плян:

1. Гістарыяграфія пытаньня


Мы абмяжуемся разглядам стану толькі гістарычнай навукі за часы панаваньня камуністычнай ідэалёгіі, бо менавіта факталягічны й канцэптульны наробак беларускай гістарычнай навукі зазнаў найбольшыя фальсыфікацыі ў пэрыяд з 1919 да 1991 г. Беларуская гістарычная школа была практычна зьнішчаная, а гістарычныя досьледы пераведзеныя ў рэчышча марксісцкай мэтадалёгіі, і доўгі час ня мелі аніякага самастойнага значэньня.


Гістарыяграфія пытаньня
На сёньняшні дзень мы, на жаль, змушаны канстатаваць, што маем недастатковую гістарыяграфічную базу па азначанай тэме. Асноўнай прычынай такога стану зьяўляецца тое, што ад моманту падзеньня таталітарнай сыстэмы прайшоў невялікі час, цягам якога гісторыкі яшчэ не пасьпелі дастаткова поўна прааналізаваць сытуацыю ў савецкай навуцы таталітарнага пэрыяду. Датычнымі азначанай тэмы зьяўляюцца наступныя публікацыі: калектыўная праца Л.Лыча й У.Навіцкага “Гісторыя культуры Беларусі” (Мн., 1996), энцыкляпэдычныя артыкулы І.Шаўчука “Гістарыяграфія” (ЭГБ, Т.3), комплексны артыкул “Гістарыяграфія гісторыі Беларусі”, падрыхтаваны М.Бічом, М.Касцюком, Г.Сяргеевай і інш. (там сама), артыкул В.Грыцкевіча “Пераадолець інэрцыю стылю” (Адраджэньне. Вып.1. Мн., 1995), матэрыялы навукова-практычнай канфэрэнцыі “Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст. (Мн., 1998), даведнік М.Токарава “Возвращённые имена” (Мн., 1992), П.Брыгадзіна і І. Мацяс “Усевалад Ігнатоўскі” (Мн., 1998), В.Вяргей “Археалагічная навука ў Беларускай ССР: 1919—1941 гг.” (Мн., 1992), даведнік, выдадзены ў Архіве Найноўшай Гісторыі — “Дэмакратычная апазыцыя Беларусі. 1956—1991 гг. (Мн., 1999), часопісныя артыкулы Л.Храпко “Уплыў грамадска-палітычнай сітуацыі другой паловы 40-х—першай паловы 50-х гадоў на развіццё гістарычнай навукі ў БССР // Старонкі гісторыі Беларусі (Мн. 1992), І.Шаўчука “Аб некаторых аспектах партыйнага кіраўніцтва гістарычнай навукай у БССР (70—80-я гады (там сама)), А.Сувалава “Ідэалогія і гісторыя” (Беларуская мінуўшчына, 1994, №2), В.Астрога “Шпіёнскае гняздо” (Спадчына, 1996, №6). Адзначым і некаторыя працы расейскіх дасьледчыкаў: М.Карэеў “Прожитое и пережитое” (Д, 1990), С.Бернштейн “Трагическая страница из истории славянской филологии (Советское славяноведение, 1989, №1).

Высокую навуковую вартасьць маюць і некаторыя замежныя, асабліва эмігранцкія,дасьледаваньні, якія праводзіліся ў пытаньнях культурнага й навуковага жыцьця ў БССР. Да канца 80-х—пачатку 90-х гг. яны былі больш аб'ектыўнымі, чым савецкія. Гэтыя публікацыі зьмяшчаюць каштоўны фактычны й аналітычны матэрыял па агульна-палітычнай сытуацыі на Беларусі, стану ейнае навукі, даюць інфармацыю па біяграфіях асобных дзеячоў навукі й культуры. У першую чаргу, гэта: Найдзюк Я., Касяк І. “Беларусь учора і сёньня. (Мн., 1993), Няміга Г. “Асьвета, культура й навука БССР за 40 год” (Беларускі зборнік, 1959, Кн.Ю), Ён жа. Інстытут Беларускай культуры — Беларуская Акадэмія Навук — Акадэмія навук Беларускай ССР (Досьледы і Матэрыялы. Інстытут для вывучэння СССР, Сер.2. 1957. №63) і г.д.


Пэрыядызацыя й характарыстыка асноўных і дадатковых пэрыядаў
Запрапанаваная перыядызацыя ўлічвае 1) найбольш істотныя падзеі, зьвязаныя з фармаваньнем і існаваньнем таталітарнай Савецкай Беларусі; і 2) ступень і моц (інтэнсіўнасьць) ідэалягічнага ціску на саміх гісторыкаў і тэматызацыю іхных дасьледаваньняў.

Зыходзячы з гэтых крытэраў, можна выдзеліць восем асноўных пэрыядаў: 1919—1921; 1921—1929; 1930—1956; 1956—пач.60-х; пач.60-х—пач.80-х; 1985—1991; 1991—1994; 1994 — наш час; і сем больш дробных, дадатковых: 1929—1933; 1934—1938; 1939—1941; 1941—1944; 1944—1947; 1948—1953; 1953—1956.

1. 1919—1921 гг. Гэты пэрыяд прыпадае на часы вайны й ваенных акупацыяў, разбурэньняў і галечы. У гэты час беларуская тэрыторыя была падзеленая на кавалкі, і казаць пра нейкую сур'ёзную гістарычную працу, на жаль, не выпадае. Фактычна ўсе выданьні, што ў той ці іншай ступені закраналі гістарычныя пытаньні, мелі прапагандысцкую афарбоўку.

2. 1921—1929 гг. Пэрыяд адносна вольнай ад партыйна-дзяржаўнага кантролю навуковай і выкладчыцкай дзейнасьці. У гэты час зьяўляюцца навуковыя цэнтры ў галіне гісторыі, цэнтры падрыхтоўкі навуковых кадраў. Гэта быў даволі лібэральны пэрыяд. На думку беларускага гісторыка А.Сувалава, існаваньне гэтага пэрыяду абумоўлівалася тым, што гэтым часам ужо ня дзеіла “старая ідэалагічная машына Расейскай імперыі, а новая ідэалогія яшчэ не заняла пануючага становішча”. Дзякуючы гэтай сытуацыі, практычна да канца 20-х гг. даволі мірна суіснавалі розныя дасьледнікі, школы й кірункі. Гэта быў, верагодна, самы аптымістычны этап разьвіцьця гістарычнай навукі. Нават нягледзячы на некаторы ўціск і кантроль з боку партыйных органаў. Напрыклад, у 20-я гг. паўстаюць дасьледаваньні ў галіне ўсеагульнай гісторыі, якая раней — з прычыны адсутнасьці кадраў — фактычна не была рэпрэзэнтаваная ў Беларусі.

Аднак у гэты ж пэрыяд адбываецца й актыўнае распаўсюджаньне марксісцкай мэтадалёгіі. У 1925 г. утвараецца Ўсесаюзнае таварыства гісторыкаў-марксістаў, якое пашырала гэтую тэорыю ў савецкай навуцы. У 1927 г. утварылася Беларускае аддзяленьне таварыства, якое трансфармавалася ў 1928 г. у Таварыства марксістаў БССР і мела гістарычную сэкцыю. У 1929 г. сэкцыя пераўтворана ў самастойнае таварыства, што дзейнічала да 1933 г. У тагачаснай гістарычнай навуцы адбываўся й працэс беларусізацыі, які скончыцца ў сярэдзіне 30-х гг.

3. 1930—1956 гг. Гэта “сталінскі” пэрыяд, які можна падзяліць на некалькі падпэрыядаў:

— 1930—1933 гг.

— 1934—1938 гг.

— 1939—1941 гг.

— 1941—1944 гг.

— 1944—1947 гг.

— 1948—1953 гг.

— 1953—1956 гг.

Трэці пэрыяд беларускай савецкай гістарыяграфіі ахоплівае час ад “вялікага пералому” — ХVІ зьезду ВКП(б) “пераможцаў” — да XX зьезду КПСС, які разьбіў культ асобы Сталіна. Гэта быў, бясспрэчна, найбольш трагічны пэрыяд у гісторыі навукі. Натуральна, Сталін не адразу паставіў пад свой кантроль грамадзкія навукі. Гэты працэс праходзіў некалькі вышэйпаказаных ступеняў.

1930—1933 гг. Пераход у наступ бальшавіцкай партыі на “тэарытычным фронце”. Адбываюцца шматлікія мэтадалягічныя дыскусіі, партыя актыўна ўмешваецца ў жыцьцядзейнасьць і плянаваньне навуковых і навучальных установаў, падтрымлівае замену гісторыі грамадазнаўствам. У гэты ж час праводзяцца кампаніі супраць “правага ўхілу”, “нацыянал-дэмакратызму”, якія аўтаматычна перакідаліся й на “гістарычны фронт”. Асабліва папулярнай робіцца праверка гістарычных дасьледаваньняў на ідэалягічную ляяльнасьць. Тыя, хто не вытрымліваў гэтай праверкі, мусілі самі “рашуча асудзіць свае тэорыі”. Гісторыкі ставіліся ў такія “ўмовы”, што былі змушаныя пісаць адкрытыя лісты з крытыкаю ўласных поглядаў. Такія лісты перадрукоўваліся ўсімі цэнтральнымі газэтамі. Таксама пачынаюцца й палітычныя рэпрэсіі.

1934—1938 гг. — найкрывавы пэрыяд беларускай, дый наагул, савецкай гістарыяграфіі. У гэты час ВКП(б) узяла навуку пад бязьлітасны кантроль і вынішчала фізычна ўсіх нязгодных. Напрыклад, з 20 супрацоўнікаў Інстытуту гісторыі за 1935 г. было накіравана на расстрэл, альбо ў канцлягеры каля 20 чалавек. Паўсюль дзейнічала цэнзура Галоўліту, якая ажыцьцяўляла дагляд друкаванага слова. Непажаданыя выданьні траплялі ў галоўлітаўскі сьпіс, забараняліся, зьмяшчаліся ў спэцсховы, альбо зьнішчаліся. Рэпрэсіі настолькі ўзмацніліся, што навукоўцы палохаліся нават самой гістарычнай працы, асьцерагаючыся зрабіць “палітычную памылку”.

У выніку гвалтоўных дзяржаўных дзеяньняў былі парушаны пераемнасьць паміж рознымі пакаленьнямі гісторыкаў, традыцыі настаўніцтва. Прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня гісторыкаў амаль дарэшты вынішчылі фізычна, ацалелых пазбавілі магчымасьці выкладаць і дасьледаваць. Маладыя навукоўцы пачыналі працу самастойна, ня маючы побач дасьведчаных настаўнікаў, і адразу траплялі ў рукі партыйных выхавальнікаў. Тыя адносна станоўчыя зрухі, што пачалі адбывацца ў савецкай гістарычнай навуцы пасьля Пастановаў партыі й ураду ў 1934 г., праходзілі пад жорсткім кантролем — і канчаткова ператварылі гістарычную навуку ў служку, у “ідэалагічную зброю”, інструмэнт узьдзеяньня на чалавечую сьвядомасьць.

1939—1941 гг. Гэта быў пэрыяд, калі гістарычную навуку літаральна паставілі на калені: бальшавіцкае кіраўніцтва канчаткова пазбавілася “варожых буржуазных гісторыкаў дарэвалюцыйнай школы”. Новыя савецкія гісторыкі пачалі пісаць “сапраўдную” гісторыю чалавецтва, г.зн. гісторыю прыгнёту і вызвалення працоўных, бо веданне такой гісторыі мусіла абгрунтоўваць ўпэўненасць рабочых і калгаснікаў у немінучай перамозе сацыялізму й камунізму ва ўсім сьвеце. Але менавіта ў гэты пэрыяд, з выказваньня аднаго зь беларускіх эмігранцкіх дасьледчыкаў, гісторыкі зрабіліся “навукоўцамі-нявольнікамі”.

1941—1944 гг. Пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны, натуральна, моцна адбіўся на беларускай гістарычнай навуцы хаця б таму, што ўся тэрыторыя краіны апынулася пад акупацыяў нямецкіх войскаў. Вайна прынесла вялікія людзкія й матэрыяльныя страты навуцы, амаль спыніла ейнае разьвіцьцё. Так, значная колькасьць гісторыкаў — студэнтаў, асьпірантаў, выкладчыкаў і дасьледчыкаў — была мабілізавана ў Чырвоную Армію, астатнія — у выніку фактычна самастойнай эвакуацыі на ўсход — апынуліся ў самых розных рэгіёнах СССР. Аднак паступова яны пачалі канцэнтравацца ў Ташкенце, дзе месьцілася АН БССР. У цяжкіх матэрыяльных і пабытовых умовах гэтыя навукоўцы актыўна распрацоўвалі пытаньні вайсковай гісторыі Беларусі, імкнуліся паспрыяць мабілізаваньню беларускага народу на змаганьне з агрэсарам.

Спакваля аднаўляецца інфраструктура беларускай гістарычнай навукі. 3 красавіка 1943 г. пасьля пераезду ў Маскву пачынаюць працаваць Прэзыдыюм і аддзяленьні АН БССР. Увосень 1943 г. пад Масквою аднавіў сваю працу й БДУ. У жніўні 1944 г. першая група студэнтаў унівэрсытэту вярнулася ў Менск, практычна тады вярнуўся й пэдінстытут.

Трэба прыкмеціць, што значная частка гісторыкаў апынулася на фронце й у партызанскіх аддзелах. На фронце гісторыкі працавалі прапагандыстамі-палітрукамі, вялі агітацыйную дзейнасьць сярод партызан і цывільнага жыхарства ў складзе партызанскіх аддзелаў. Так, да прыкладу, у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласьці сярод партызан чыталіся наступныя лекцыі й даклады: “ВКП(б) — партыя новага тыпу”, “Абарона Царыцына й Сталінграда”, “Вялікі рускі вайскавод А.В.Сувораў”, “Аб патрыятызме рускага народу ў 1918 г.”, “Партызанскі рух у Расіі ў 1918 г.”, “Аб змаганні рускага народа ў мінулым і сучасным”. Аднак, на жаль, як бачна, запалоханыя за мінулае дзесяцігодзьдзе лектары не выкарыстоўвалі “нацдэмаўскай гісторыі” й амаль усе свае выступы будавалі на прыкладах з чужога мінулага.

Гэткім чынам, мусім канстатаваць, што ў трагічны пэрыяд гісторыі нашай краіны разгромленая й пастаўленая на калені ў папярэднія гады нешматлікая гістарычная навука пад пільным вокам Галоўліту, з аднаго боку, выступіла як натхняльнік змаганьня беларускага народу супраць агрэсараў, але з другога,— як верная служка й абаронца сталінскай імпэрскай ідэалёгіі й таталітарнага рэжыму.

1944—1947 гг. Пераможнае заканчэньне вайны прынесла новыя тэндэнцыі ў грамадзка-палітычнае жыцьцё. Перамога відавочна спрыяла ўзьлёту культу асобы Сталіна. Гэта прывяло да таго, што Генсэк цалкам падмяніў аднаасобнаю ўладаю калектыўныя органы кіраўніцтва партыі й дзяржавы. Спадзяваньні народу, інтэллігенцыі на паслабленьне таталітарнай сыстэмы ня спраўдзіліся, і разам з ідэалягічным разьняволеньнем у гады вайны распачынаецца прыхаваная пратэстная хваля супраць ранейшых мэтадаў кіраваньня. Рэжым гэта адчуў. Новыя настроі панавалі, у асноўным, сярод моладзі, і нават сярод некаторых прадстаўнікоў вышэйшых партыйных, савецкіх, гаспадарчых структур.

На агульную сытуацыю ўплывала асаблівае становішча ў Заходняй Беларусі, дзе камуністычная ідэалёгія яшчэ не пасьпела пусьціць моцных каранёў, і гэта выклікала нэрвовасьць у партыйных кіраўнікоў. Пачалося “закручваньне гаек”. На поўную магутнасьць запрацаваў прапагандысцка-рэпрэсіўны апарат, узмацніліся перасьледы іншадумцаў. Ідэалёгія паваеннага сталінізму, зь меркаваньня У.Навіцкага, характарызавалася абсалютнай непрымірымасьцю да ўсялякіх поглядаў, адрозных ад афіцыйных. У гэты час навязваюцца жорсткія ідэалягічныя стэрэатыпы, практычна цалкам адкідаюцца агульначалавечыя каштоўнасьці, рэпрэсуецца нацыянальная самасьвядомасьць, абмяжоўваюцца міжнародныя кантакты — нават праз знаёмства з замежнай літаратураю. Напрыклад, у сакавіку 1947 г. ЦК ВКП(б) прымае Пастанову “Аб судах гонару ў міністэрствах СССР і цэнтральных ведамствах”. Пастанова скіраваная на тое, каб ізаляваць творчую й навуковую інтэлігенцыю ад кантактаў з замежнымі калегамі й усталяваць “жалезную заслону”.

1948—1953 гг. Пэрыяд найвышэйшай паваеннай хвалі ідэалягічнага ўціску й рэпрэсіяў. Наступ на інтэлігенцыю фактычна пачаўся з Пастановы ЦК ВКП(б) ад 25 студзеня 1947 г. “О работе ЦК КП(б)Б”. У Пастанове выказвалася незадаволенасьць ЦК ВКП(б) кіраўніцтвам ідэалягічнай працы ў рэспубліцы з боку беларускага ЦК, які не арганізаваў навуковай распрацоўкі гісторыі БССР, не забясьпечыў стварэньня бальшавіцкіх навуковых прац па гісторыі беларускага народу. У Пастанове адзначалася, што ў паваенны час у працах па беларускай гісторыі меліся “памылкі ідэалагічнага характара, якія скажаюць гістарычную праўду”. У выніку ЦК КП(б)Б “разгарнуў крытыку недахопаў ідэалагічнай і культурнай работы”. Урэшце рэшт, як адзначае І.Сувалаў, даходзіла да таго, што гісторыкам забаранялася ставіць у адзін шэраг такіх дзеячоў культуры Беларусі, як Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Сымон Будны, Сімяон Полацкі, Эўфрасіньня Полацкая, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, бо яны “стаялі на розных класавых пазіцыях”. Барацьба з “адыходамі” і “спаўзаннямі” мусіла прывесьці да стварэньня цэлага шэрагу “марксісцкіх прац” па гісторыі.

Такім чынам, гісторыкам пад ужо гатовыя канцэпцыі й схемы заставалася адно падбіраць адпаведныя факты, уся дасьледчая праца зводзілася да аздабленьня спэцыяльна падабранаю фактураю ўжо гатовых высноваў. АН БССР у гэтых умовах мусіла выконваць функцыю ідэалягічнага вартавога.

28 лістапада—1сьнежня 1947 г. Пленум ЦК КП(б)Б разгледзеў пытаньне “Аб палітычнай і ідэалагічнай рабоце сярод інтэлігенцыі”. На Пленуме партыі канстатавалася, што многія яе прадстаўнікі не адмаўляюцца ад нацыяналістычных поглядаў і зьўляюцца прыхільнікамі “нізкапаклонства перад Захадам”. Агульная напружанасьць у грамадзтве была ўзмоцнена кампаніяй супраць “касмапалітызму”, ахвярамі якой сталі навукоўцы-гэбраі. У гэтай сытуацыі сталінскае кіраўніцтва пайшло на аднаўленьне даваенных мэтадаў змаганьня з іншадумствам — арышты. Так, 6 лістапада 1948 г. арыштаваны навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі АН Яфім Шлосбэрг. Ён быў зьвінавачаны за прапаганду й агітацыю, якія зьмяшчаюць заклік да зруйнаваньня, падрыву ці паслабленьня савецкай улады, арганізацыі антысавецкай дзейнасьці, і асуджаны Асобнай Нарадай пры МГБ БССР да 10 год канцлягеру. Рэабілітаваны ў 1956 г. Самае цікавае, што незадоўга да арышту менавіта гэты чалавек быў адным з аўтараў партыйнай замовы — заідэалягізаваных “Тэзісаў аб асноўных пытаннях гісторыі БССР”, што ўкаранялі ў беларускай савецкай гістарычнай навуцы сыстэму поглядаў ідэалягічнага, негістарычнага кшталту.

1953—1956 гг. Пэрыяд пасьля сьмерці Сталіна й да XX зьезду КПСС характарызуецца няпэўнасьцю й змаганьнем партыйных груповак за ўладу. Ідэалягічныя абцугі папярэдніх пэрыядаў яшчэ заставаліся даволі моцнымі, але цяпер пачалася кампанія амніставаньня — разам з крымінальнымі злачынцамі й палітычных вязьняў, асуджаных на тэрміны да 5 гадоў. Адбывалася гэта, згодна з Указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР “Аб амністыі” (сакавік 1953 г.). Але працэс масавага датэрміновага вызваленьня палітвязьняў пачаўся толькі пасьля хрушчоўскай “адлігі”. Гэтым і завяршыўся, як адзначае У.Навіцкі, доўгі пэрыяд зьдзеку з інтэлігенцыі, зьнішчэньня яе лепшых прадстаўнікоў.

4. 1956—пач. 60-х гг. Пэрыяд так званай “адлігі”. Гэта быў прынцыпова новы этап у разьвіцьці савецкай гістарыяграфіі. У лютым 1956 г. адбыўся XX зьезд КПСС, на зачыненым паседжаньні якога М.Хрушчоў пацьвердзіў зьмену палітычнага курсу, разрыў з многімі сталінскімі пастулатамі й завядзёнкамі, а ў сакрэтным дакладзе “Аб кульце асобы і яго выніках” раскрыў шкоднасьць сталінскіх злачынстваў для грамадзтва. Гэта быў подступ ад эпохі таталітарызму да лібэральных рэформаў. Надалей КПСС прымала яшчэ некалькі разоў захады па барацьбе з ідэалёгіяй сталінізму: Пастанова ЦК КПСС “Аб пераадоленні культу асобы і яго выніках” (чэрвень 1956 г.), ХХІІ зьезд КПСС, на якім было адзначана, што рэпрэсіі праводзіліся ня толькі супраць камуністаў, але й супраць простых беспартыйных грамадзян. Злачынствы Сталіна цяпер прыпісваліся не аднаму Сталіну, але й вузкай “антыпартыйнай групоўцы”.

Трэба адзначыць, што духоўнае жыцьцё тых часоў адлюстроўвае складаны й супярэчлівы працэс змаганьня дзьвюх тэндэнцый, як піша У.Навіцкі,— дэмакратычнай, якая імкнулася да вызваленьня ўсіх сфэраў жыцьця ад скажэньняў сталінскай эпохі, і “кансэрватыўнай”, якая імкнулася зьберагчы й прыстасаваць старыя рычагі да новых рэаліяў грамадзкай сьвядомасьці. Пачаўся складаны, балючы, трагічны працэс разбурэньня сфармаваных стэрэатыпаў і поглядаў.

Новая атмасфэра станоўча адбілася на разьвіцьці гістарычнай навукі. Пачалі ўзьнікаць новыя навукова-досьледныя ўстановы, што вельмі важна. Паўсталі н овыя гістарычныя выданьні: “Народы Азии и Африки” (1955), “Новая и новейшая История” (1956), “Украіньскій історічній журнал” (1957), “Советское славяноведение” (1965) і шэраг іншых. Таксама павялічылася колькасьць, няхай і падкантрольных, замежных камандаваньняў. Пладамі “адлігі”, аднак, карысталіся пераважна толькі гісторыкі з цэнтральных установаў Масквы й Леніграду. На пэрыфэрыі, у рэгіёнах РСФСР, саюзных рэспубліках кансэрватары кантралявалі ідэалягічную сытуацыю.

У Беларусі гісторыкі часта абмяжоўваліся мінімальнымі, чыста дэкаратыўнымі, зьменамі ў гістарыяграфіі: вычышчэньнем з кніг і артыкулаў імя Сталіна, яго партрэтаў і цытат пры захаваньні, як адзначае М.Касцюк, духу й ацэнак “Кароткага курсу” ў дачыненьні, найперш, да гісторыі вызваленчага руху й ролі ў ім бальшавіцкіх арганізацыяў.

Праўда, з тае прычыны, што гісторыкі пачынаюць мець больш вольны доступ да архіваў, у навуковы ўжытак быў уведзены цэлы масіў раней забароненых крыніц. Аднак у сыстэме доказаў, як і раней, вялікае значэньне надавалася цытатам з твораў клясыкаў марксізму-ленінізму. Існавалі спэцсховішчы, у якіх захоўваліся забароненыя яшчэ да вайны працы беларускіх гісторыкаў, культурных і палітычных дзеячоў. Гісторыкаў прымушалі весьці несупынную барацьбу з г.зв. “буржуазнымі фальсыфікацыямі”.

5. пач. 60-х—пач. 80-х гг. Гэта пэрыяд “застою”, які, па сутнасьці, распаўсюдзіўся й на гістарычную навуку. КПСС, што манапалізавала ўладу ў краіне, спыніла працэс лібэральных рэформ. Аднак спробы вярнуцца да сталінскіх прынцыпаў кіраваньня не займелі посьпеху; XX зьезд КПСС стаўся надта моцным штуршком да савецка-лібэральных зьменаў. Нэасталінісцкі палітычны рэжым быў змушаны выкарыстоўваць больш мяккія, у параўнаньні з расстрэламі й канцлягерамі, мэтады кантролю: пераважна гэта былі цэнзурныя абмежаваньні. У той жа час за любымі праявамі нездавальненьня пільна наглядаў КГБ.

Трэба адзначыць, што ў гэты пэрыяд у СССР, а таксама ў Беларусі, актывізуецца дысыдэнцтва. Напрыклад, дысыдэнцкай была дзейнасьць “Акадэмічнага асяродку” (1960—1970-я гг.), сярод актыўных дзеячоў якога былі й гісторык М.Чарняўскі, тэатразнаўца С.Місько, літаратуразнаўца М.Прашковіч.

Гэткім чынам, разьвіцьцё гістарычнай навукі ў 60-я—80-я гг. — дастаткова няўстойлівы й супярэчлівы працэс. Спробы нэасталінісцкіх сілаў абмежаваць тэматыку дасьледаваньняў, запалохаць нязгодных прынесьлі свой плён. У той жа час мелі месца й некаторыя навуковыя дасягненьні.

6. 1985—1991 гг. Гэта быў так званы пэрыяд пэрабудовы, галоснасьці й дэмакратыі, распачаты М.Гарбачовым на красавіцкім Пленуме ЦК КПСС 1985 г. Аднак яго рашэньні, як і Пастановы ХХVII зьезду КПСС (1986), ХIХ Усесаюзнай партканфэрэнцыі (1988), ХХVIII зьезду КПСС (1990) і інш., ужо не адпавядалі вастрыні сацыяльных, эканамічных, палітычных і нацыянальных супярэчнасьцяў савецкага грамадзтва. Гарбачоў-рэфарматар справакаваў паўставаньне працэсаў самаарганізацыі ў грамадзтве, і тым самым “запусьціў” мэханізм разбурэньняя камуністычнай ідэалёгіі. Партыйныя й дзяржаўныя органы былі ня ў стане адэкватна рэагаваць на новыя ідэалягічныя рознагалосьсі.

Прадстаўнікі беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі пачалі пісаць адкрытыя лісты да Гарбачова на абарону беларускай мовы, культуры й гісторыі. Сярод іх былі й гісторыкі: Л.Лыч, Л.Мірачыцкі, В.Талстой. У гэты час узьнікаюць культурна-асьветніцкія клюбы — “Бабілён”, “Узгор'е”, “Сябрына” й інш. У новых грамадзка-палітычных умовах разбураліся старыя стэрэатыпы й ідэалягемы, новыя пакаленьні гісторыкаў пачыналі больш вольна працаваць над праблемамі ўласна беларускай гісторыі. Наступныя падзеі ў рэспубліцы — Пастанова Саўміну аб узьвядзеньні ў Курапатах помніку ахвярам масавых рэпрэсіяў (1937—1941 гг.) (1989), Закон аб мовах (1990), Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР (1990), зьяўленьне палітычных партыяў — толькі замацавалі гэтыя тэндэнцыі.

7. 1991—1994 гг. Пасьля абвяшчэньня дзяржаўнага сувэрэнітэту, забароны дзейнасьці КПБ—КПСС у беларускай гістарычнай навуцы распачаўся якасна новы этап. Ліквідацыя ідэалягічнага дыктату, рэабілітацыя тысяч ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, адмена ўсялякіх забаронаў у карыстаньні архіўнымі дакумэнтамі, літаратураю, адсутнасьць абмежаваньняў у кантактах з замежнымі калегамі й беларускай эміграцыяй аказала жыватворны ўплыў на навуку. У выніку значна пашырылася кола дасьледаванай праблематыкі — найперш, “белых плямаў”.

Пачалося стварэньне нацыянальна-дзяржаўнай гістарычнай канцэпцыі. У гістарычнай навуцы зьявіўся шырокі спэктар мэтадалягічных падыходаў — ад марксісцка-ленінскага да псыхааналізу. Сьведчаньнем прынцыповых зьменаў ёсьць і новыя гістарычныя часопісы: “Беларуская мінуўшчына”, “Беларускі гістарычны часопіс”, спэцыялізаваныя навуковыя зборнікі, заснаваньне ў лютым 1993 г. Усебеларускай гістарычнай асацыяцыі.

8. 1994—наш час. Калі эйфарыя ад набыцьця незалежнасьці, навуковай вольнасьці прайшла й пачалася штодзённасьць, стала зразумела, што нацыянальная гістарычная навука даведзена папярэднімі разбуральнымі падзеямі да вельмі цяжкога стану — як у кадравым, так і ў арганізацыйным пляне. Дадаўся да гэтага й эканамічны крызыс, які ахапіў краіну. Гуманітарныя навукі, ня маючы ўласных фінансавых магчымасьцяў, змушаны перажываць цяжкія часы. Так, зачыніўся часопіс “Беларуская мінуўшчына”, назіраюцца істотныя складанасьці з публікацыяй гістарычных дасьледаваньняў. Аднак у гэты пэрыяд стала зразумела: нават энтузіязм, памножаны на мінімальную фінансавую падтрымку, дазваляе далей разьвіваць гістарычную навуку. Прыкладаў гэтага даволі шмат: зьяўленьне ў 1995 г. прыватнага часопісу “Беларускі гістарычны агляд”, дзяржаўных — “Кантакты і дыялогі”, “Гісторыя. Праблемы выкладання”, “Гістарычны альманах”, “Берасцейскі хранограф”, выданьні бібліятэкі “ЕГА”, Архіў найноўшай гісторыі.


Літаратура
1. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996.

2. Дэмакратычная апазыцыя Беларусі. 1956—1991. Мн., 1999.

3. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі // ЭГБ Т.3. Мн., 1996.

4. Грыцкевіч В. Пераадолець інэрцыю стылю // Адраджэньне. Мн., 1995.

5. Возвращенные имена. Мн., 1992.

6. Военные судьбы. Мн., 1995.

7. Мяснікоў А. Нацдэмы. Мн., 1993.

8. Астрога В. Гісторыкі беларускага паходжання ў СССР // Кантакты і дыялогі. 1998. №6.

9. Сувалаў І. Ідэалогія і гісторыя // Беларуская мінуўшчына. 1994. №2.

10. Няміга Г. Асвета. культура і навука БССР за 40 год // Беларускі зборнік. 1959. Кн. 10.

11. Шаўчук І. Аб некаторых аспектах партыйнага кіраўніцтва гістарычнай навукай у БССР (70-я—80-я гг.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992. 

Пятро Васючэнка

Лекцыя 12. Літаратура як апазыцыйны чыньнік таталітарнага рэжыму  

Плян:

1. Апазыцыянізм

2. Пасіянарызм

3. Нелегальная літаратура


1. Апазыцыянізм
Праблема “Ўлада й творца” досыць грунтоўна дасьледаваная сацыёлягамі ды гісторыкамі. Яна палягае ў рэчышчы палітычных схемаў ды стэрэатыпаў, лёгка прагназуецца ды ідэнтыфікуецца. Мы ня будзем пералічваць ахвяраў: яны падрабязна рэгістраваліся ў шматлікіх мартыралёгах і даведніках, іхныя імёны пададзеныя ў кнізе Б.Сачанкі “Сняцца сны аб Беларусі...” (Мн., 1990). Шмат якія зьвесткі пра творцаў, ахвяраў таталітарнага рэжыму, маюцца й у папярэдніх лекцыях.

Куды больш таямнічай зьяўляецца праблема “Творца й улада”. Бо яе разгляд прымушае заглыбіцца ў нетры мастакоўскае душы, у працэсы, што часам не паддаюцца самым вытанчаным сродкам псыхааналізу. Лёгка зразумець, чаго хоча, хацела ўлада ў шмат якія часы ад творцы — поўнага падпарадкаваньня, паслушэнства, прыслужніцтва, ці хаця б пэўнай ляяльнасьці.

І цяжка папракаць уладу за тое — яна так уладкаваная, яна так сябе часам канструюе. Пакуль што я казаў пра ўладу як такую. Што ж датычыцца таталітарнага рэжыму, дык маем той тып улады, якая не цырымоніцца з творцамі. У падобныя часы мастак вольны выбіраць паміж формамі супраціву або падпарадкаваньня, паміж апызыцыйнасьцю або сэрвілізмам. Вядома, паміж скрайнімі тыпамі мастакоўскіх паводзінаў існуе бездань прамежкавых варыянтаў ды нюансаў: канфармізм, кампраміснае супрацоўніцтва з уладай, уцёкі ад рэчаіснасьці, выйсьце за той бок дабра й ліха ды г.д. Ніжэй мы падрабязна спынімся на той або іншай з вытанчаных вэрсіяў адносінаў мастака з уладаю.

Вядома, шэраг шэдэўраў усясьветнага пісьменства тварыўся ў варунках мастакоўскай самаізаляцыі, пагружэньня ва ўласную творчую нірвану. Аднак жа зь імі пасьпяхова спаборнічаюць і творы, высьпеленыя ў плазьме гарачай палітычнай барацьбы, адстойваньня мастаком права на вольнае выказваньне, адкрытага або прыхаванага супраціву ўціску з боку ўлады.

Пра гэта сьведчыць досьвед Арыстафана, Дантэ, Бранта, Рабле, Апанаса Філіповіча, Талстога, Шоў, Томаса Мана, Буніна, Брэхта, Камю, Мілаша, Бродзкага, Быкава ды іншых неўтаймоўных нонканфармістаў. Відаць, у сытуцыі ўціску шмат што залежыць ад самой асобы творцы.

У той жа час добра вядома, што ў жорнах таталітарнага рэжыму было перамолата мноства крохкіх талентаў, няздатных да супраціву. Творцу патрэбная пэўная сума волі — гэтаксама, як кожнаму індывіду патрэбен штодня пэўны аб'ём паветра, ежы, пітва. Іначай сам працэс тварэньня згасьне. Гэты мінімум волі выглядае як “атмасфэра”, што абцякае творчае “я” мастака; гэта ягоная “баракамэра”, ягоны пэрсанальны кокан.

Формы літаратурнага апазыцыянізму, які існаваў у Беларусі, абумоўленыя канкрэтнымі гістарычнымі сытуацыямі й кантэкстамі, нацыянальным мэнталітэтам ды адметнасьцямі культурнага руху.

Апазыцыянізм у літаратуры Беларусі існаваў заўжды, але ў адметных ды зьменлівых формах. Зьменлівасьць, “ліючаяся форма” — унівэрсальная формула беларускага нацыянальнага руху, выведзеная Ігнатам Абдзіраловічам, неадменная ўмова выжываньня беларускага этнасу й культуры пры самым жорсткім, неспрыяльным гісторыка-палітычным надвор'і, або “сытуацыі”, як казаў Мікіта Зносак.

Крытык-эмігрант Антон Адамовіч у сваёй фундамэнтальнай гісторыка-культурнай працы “Opposition to Sovetization in Belorussian Literature (1917—1957)” (Мюнхен, 1958) падае гістарычныя прыклады пісьменьніцкага супраціву ў розных палітычных і ідэалягічных варунках, пачынаючы ад 17 ст.

Гэта палітычная сатыра эпохі барока (“Ліст да Абуховіча” Цыпрыяна Камунякі, “Прамова Мялешкі”), літаратурная публіцыстыка 19 ст. (творы П.Багрыма, Ул.Сыракомлі, К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, І.Неслухоўскага, А.Абуховіча, А.Гурыновіча), нарэшце “нашаніўская” літаратура. Дасьледчык падкрэсьлівае такія ўласьцівасьці працэсу, як непарушнасьць ды пераемнасьць.

У дачыненьні да літаратурнага апазыцыянізму савецкага часу Ант.Адамовіч карыстаецца наступнай клясыфікацыяй:

1917—1923 гг. — пэрыяд нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі;

1921—1930 гг. — нацыянальная прагрэсіўная апазыцыя (“узвышэнства”);

1930—1937 гг. — канец апазыцыі.

Для параўнаньня: пэрыядызацыя Ул.Глыбіннага, які зыходзіць ад ацэнкі стану культуры за савецкім рэжымам:

1. Пэрыяд адноснага рэнэсансу (1920—1929);

2. Трагічны пэрыяд змаганьня партыі зь беларускім нацыянал-дэмакратызмам і нацыянальнымі ўхіламі (1930—1940);

3. Пэрыяд вымушаных уступак нацыянальнай культуры ў часе вайны (1941—1945);

4. Пэрыяд жданаўскае рэакцыі й сталінскае кананізацыі (1946—1952);

5. Пэрыяд замены сталінскае кананізацыі г.зв. “калектыўным кіраўніцтвам” партыі (ад 1953 г. да нашых дзён).

Відавочна, сёньняшнія варункі змушаюць пашырыць часавыя межы разгляду. Сучасныя дасьледчыкі прапануюць вылучыць пэрыяды адноснай лібэралізацыі ўладаў у дачыненьні да беларускага пісьменства — г.зв. “хрушчоўскую” адлігу й часы “перабудовы”.

Мусім адрозьніваць адкрыты апазыцыянізм ды прыхаваны, які можна вызначыць як супраціў (рэзыстанс). Далейшая клясыфікацыя ды дыфэрэнцыяцыя формаў апазыцыянізму й рэзыстансу выяўляе значна багацейшую структуру рэакцыяў, прыналежных да супраціву.

Адкрытая апазыцыйнасьць:

— літаратура змаганьня (палітычная й мастацкая публіцыстыка, агітацыйная літаратура й да т.п.);

— нелегальная літаратура;

— літаратурнае дысыдэнцтва й эміграцыя.

Супраціў (рэзыстанс):

— унутраная эміграцыя (маўчаньне);

— андэграўнд;

— алегорыя, “эзопава мова”;

— сымболіка;

— мастацкі шыфр, алюзія;

— “гістарычнае пераапрананьне”;

— сатыра;

— сацыяльны крытыцызм;

— пасіўны нонканфармізм.

Апошнюю форму супраціву можна лічыць пераходнай ад нонканфармізму да канфармізму й сэрвілізму. Але й тут у мастака ёсьць шэраг магчымасьцяў праявіць рэшткі творчае волі, якую можна мэтафарычна акрэсьліць як “займаньне экалягічных нішаў”, “будоўля вежаў”. Да пераходных формаў належыць і спроба замірыць камуністычную й нацыянальную ідэю, г.зв. нацыянал-камунізм. Сьляды супраціву можна паназіраць і ў г.зв. рытуальным канфармізме.

Разнастайнасьць андэграўндных, “пакрыёмных” формаў рэзыстансу, іх структураванасьць можна тлумачыць ня толькі мэнтальнасьцю беларуса-творцы, але й рэакцыяй на няспынны ціск, свайго роду рэфлексам, які разьвіўся ды разгалінаваўся пад час рознага кшталту навалаў ды прыгнётаў. У той жа час пэўную прыглушанасьць актыўных праяваў апазыцыянізму недастаткова абгрунтоўваць толькі прычынамі гістарычнага характару. Мусім дадаць сюды яшчэ аспэкт ірацыянальны, па-загістарычны, мэтафізычны, пра які досыць казалася ў нашай публікацыі “Ўкрыжаваная Беларусь”.

Згодна з нашымі здагадкамі, Беларусь ад няпэўнага часу як геапалітычнае цэлае зьмяшчаецца ў асаблівай зоне, пункце zero , стабільнасьць ды статычнасьць якога служыць гарантам усясьветнага спакою. Аднак-жа ў гэтай зоне ўсе грамадзкія працэсы адбываюцца запаволена, альбо зусім замаруджваюцца.

Адкрытая канфрантацыя мастака й улады магчымая адно пры ўмове пэўнай паблажлівасьці з боку самой улады. У варунках клясычнага таталітарызму такое працяглае й бескампраміснае змаганьне верагоднае ня больш, чым зьяўленьне паляўнічага за матылькамі з падхватнікам і ў шортах дзесь у арктычнай пустэльні. Рэжым непазьбежна або зьнішчыць такога Дон Кіхота, або выправіць яго ў стан андэграўнднага існаваньня.

У Беларусі ж такіх працяглых адхланьняў ад ціску паноўнай улады амаль не здаралася, таму прыклады апантанай, фанатычнай чаадаеўшчыны ў нашым культурна-гістарычным жыцьці цяжка прасачыць. Чаадаеўшчына прадугледжвае зьяўленьне нязвыклай постаці, юрода або клікушы — стварэньня, мала характэрнага для гэтага краю.

Хіба што згадаць досьвед Апанаса Філіповіча, які ўявіў сябе беларускім прарокам Ерэміем ды цягам шэрагу год надакучаў уладам Рэчы Паспалітай сваёй бурнай дысыдэнцкай чыннасьцю: падарожжа ў варожую Маскоўскую дзяржаву; пераказ дзяржаўных таямніцаў цару Міхаілу Фёдаравічу; заклік да цара ісьці вайною на Літву — дзяржаўная, па сутнасьці, здрада; адкрытыя, выказаныя ў “Супліцы”, пагрозы, зьвернутыя да караля Ўладзіслава IV ; выдача маскоўскаму пасольству ягонага ж выхаванца Яна Фаўстына Лубы...

Эксцэнтрычныя паводзіны “беларускага Ерэмія” знайшлі літаратурны адпаведнік у палемічна завостраным “Дыярыюшы” ды іншых публіцыстычных творах Філіповіча. Гэты дзяяч выпрабоўваў цярплівасьць паблажліва настроеных уладароў — Льва Сапегі, караля. Падобныя ўчынкі нашмат больш прынесьлі нягодаў і змусілі да трываньня маскоўскага двайніка Філіповіча — “агнявога” пратапопа Авакума, які дзейнічаў у варунках жорсткай маскоўскай дэспатыі.

Зацятай, шматгадовай літаратурнай барацьбы ў Беларусі, як правіла, не атрымлівалася. Але мелі пашырэньне шматлікія формы ахвярнасьці. Выпрацаваўся тып беларускага нацыянальнага пасіянарыя — Страціма-лебедзя, маладзёна дваццаці пяці год, які ў гэтым або блізкім да таго ўзросьце складае сваё жыцьцё на ахвярнік Бацькаўшчыны. Як і Страцім-лебедзь Багдановіча, ахвяра сыходзіць у нябыт, не пакінуўшы пасьля сябе нашчадкаў. І, гінучы, яна цягне за сабою дзясяткі ды сотні іншых безыменных ахвяраў. А Бацькаўшчына, паводле выказваньня Ул.Караткевіча, робіцца бліжэй да свайго шчасьця на вышыню іхных магілаў.

У лёсе пасіянарыяў цяжка правесьці рысу паміж вайсковай і палітычнай чыннасьцю — яны ўзаемадапаўняюцца, як у жыцьці Гаруна: літаратура служыць своеасаблівым подсьветкам, дадаткам да вайсковага, змагарскага шляху. Ваяром патрэбнае Слова, паэтам — зброя, ці ейная паэтычная аналёгія. А таму іхны пасіянарызм сублімуецца ў тэкстах, прыналежных да двух паэтычных жанраў: ваярскае песьні ды агітацыйнага верша (жанру т.зв. патрыятычнай, або грамадзянскай лірыкі).

Насёньня тэкстаў такога кшталту назапашана столькі, што яны маглі б скласьці дзьве пульхныя таміны-анталёгіі. Першая называлася б “Беларуская ваярская песьня” й адкрывалася б, пэўна, “Песьняй беларускіх жаўнераў”, прасьпяванай дзьвесьце зь лішкам год таму:

Помнім добра, што рабілі,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Дакуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Нашто землю нам забралі?
Нашто ў путы акавалі?
Дочкі, жонкі нам гвалцілі.
Трэ, каб мы ім заплацілі!..
Пойдзем, хлопцы, да Касьцюшкі,
Будзем біці маскалюшкі!
Аналягам, пэўна, паслужаць, геніяльныя тэксты Янкі Купалы з цыклю “На вайсковыя матывы" (“Песьні на ваяцкі лад”), прымеркаваныя для віртуальнага, так і не сфармаванага конча беларускага войска:

Будзь здаровы, бацька, маці,—
Мы пайшлі ўжо ваяваці.
Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
Каля вуха дзецюка.
Што за доля, што за воля —
Жаўнероньку выйсьці ў поле!
Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
Каля вуха дзецюка.

2. Пасіянарызм
Тварэньне агітацыйнай лірыкі, заангажаванай літаратуры зьвязана з тым асаблівым кшталтам чыннасьці, які варта назваць пасіянарызмам — духоўным гарэньнем, ахвярнасьцю.

Кароткі, зыркі, бы полымя сьвечкі, шлях пасіянарыяў вянчаўся пятлёй — як лёс караля пасіянарыяў Кастуся Каліноўскага. Лёс іншых вырашала “прафэсійная хвароба” пасіянарыяў — сухоты (Багдановіч, Гарун, Іван Луцкевіч, Жылка). Францішак Савіч памірае ад халеры (як і Адам Міцкевіч), Адам Гурыновіч ад чорнай воспы, Цётка — ад тыфусу. У кожным разе хваробы былі зьвязаныя зь неспакойным, “пасіянарным” ладам жыцьця, перасьледамі з боку ўлады, з нутраным “гарэньнем”. Сяргей Палуян сканчае жыцьцё самагубствам. Сьмерць Фабіяна Шантыра, палымянага нацыянал-камуністага, паэты ды публіцыста, расстралянага пры загадкавых абставінах у 1920 годзе, параўноўваюць са сьмерцю зацятага расейскага контррэвалюцыянэра й паэта Мікалая Гумілёва.

Маладосьць Купалы — скрозь у гэтых усплёсках пратэсту, непакоры, якія адліваліся то ў строфах агітацыйнае паэзіі, то ў радкох патрыятычнай публіцыстыкі. Найбольш уражвае адкрыты, нічым не замаскаваны антысаветызм Купалы пачатку дваццатых гадоў.

Купалаўская публіцыстыка 1918—1920-х гг., паэзія пэрыяду “Спадчыны”, трагікамедыя “Тутэйшыя” засьведчылі сапраўдныя адносіны паэта да кастрычніцкага перавароту — непрыняцьцё. Апалягэтычнае купалазнаўства, каб нейк выгарадзіць творцу, ужывала тэрмін: “не адразу зразумеў”. Самы “адкрыты” верш Купалы, які цалкам адлюстроўвае ягонае непрыхаванае стаўленьне да бальшавізму,— “Пазвалі вас”, напісаны ў 1922 годзе й пазначаны эпіграфам: “Эўрапейскія дзяржавы пастанавілі запрасіць на міжнародную нараду ў Геную т.Леніна. (З газэт. 1921 г.)

Выклік бальшавізму Купала кінуў у выглядзе паэтычнай бінарнай апазыцыі — проціпастаўленьня “нас” ды “вас”.

Пазвалі вас на пір піроў,
Пазвалі вас за волю стаць,
І далі ўладу путы рваць,
І далі ўладу біць цароў,—
Зрабілі з вас гаспадароў.
І вы з рабоў пайшлі ў цары...
Верш зьмяшчае самыя разнастайныя адценьні палітычнае інвэктывы на адрас бальшавіцкіх “цароў-рабоў” — ад ледзьве стрыманага гневу да “чорнай” іроніі.

Купала прадказвае злаякаснае перараджэньне бальшавізму, стварэньне ўласнай дыктатуры, накшталт якабінскае, у выніку якой учарашнія “рабы” конча ператворацца ў новых, хіжых ды крыважэрных “цароў”. У гэтым клопаце Купалам кіруе неспакой пра Бацькаўшчыну. Ён ужо зьняверыўся ва ўласных патэнцыях “тутэйшых” вырашаць свой лёс, і бачыць, што доля беларушчыны залежыць, перадусім, ад вонкавых палітычных абставінаў.

У 1920-я гады беларускія пасіянарыі-“нашаніўцы” дзейнічалі ў зусім нязьведаных варунках. Страхі новага якабінства (бальшавізму) можна было толькі прадбачыць. Таму варта належным чынам ацаніць апазыцыянізм “нашаніўцаў” 1920-х, тыя адкрытасьць ды бясстрашша, зь якімі яны процістаялі новаму рэжыму, яшчэ ня ведаючы ягоных наступстваў, на самым пачатку дыктатуры.

Апазыцыянэрамі тады фактычна сталіся ўсе колішнія “нашаніўцы” — Купала, Колас, Бядуля, Гарэцкі... Шчыра й без агаворак віталі надыход Кастрычніка хіба што два “старых” паэты — нацыянал-камуністы Цішка Гартны ды мала каму вядомы ціхмяны паэта Янка Журба. Астатнія былі ў апазыцыі — адкрытай або прыхаванай.

Гэты апазыцыянізм ужо на пачатку 1920-х, у часы адноснага лібэралізму бальшавіцкай цэнзуры, атрымліваў процідзеяньне. Так, у 1919 г. быў забаронены верш Купалы “Перад будучыняй”.

Надта нечаканым, нават у параўнаньні з чыннасьцю Коласа, быў пасіянарны бунт Зьмітрака Бядулі. Пісьменьнік, які меў рэпутацыю адцягненага сузіральніка й містыка, выступае з шэрагам публіцыстычных артыкулаў, скіраваных супраць бальшавізму.

У шэрагу артыкулаў, друкаваных Бядулем пад псэўданімам “Ясакар” у газэце “Вольная Беларусь”, ён называе бальшавізм “пеклам”, бальшавікоў “д'ябламі” й зьвінавачвае ўлады за тое, што яны падзялілі народ беларускі на два лягеры — “таварышаў” ды “буржуяў”.

Драматург Францішак Аляхновіч у шэрагу п'ес, напісаных за рэвалюцыйным часам, параўноўвае рэвалюцыю з крыважэрным монстрам Базылішкам (“Базылішак”) ды проціпастаўляе безаблічнаму бальшавізму ідэю нацыянальнай рэвалюцыі (“Калісь”, “Пан міністар”).

Алесь Гарун у публіцыстыцы гэтага часу параўноўвае бальшавіцкі рэжым з “чырвоным туманом”.

Максім Гарэцкі ў цэлым адмоўна характарызуе кастрычніцікі пераварот у аповесьці “Дзьве душы”, п'есах “Чырвоныя ружы”, “Жартаўлівы Пісарэвіч”, малюе абразы бязладзьдзя, нястачы, разрухі ды гвалту. Разам з тым, ацэнкі Гарэцкага стрыманыя, у іх мала публіцыстычнага запалу ды адкрытага апазыцыянізму. Пасьля сьмерці Максіма Багдановіча Гарэцкі нібыта прыняў на сябе місію інтэлектуала, філёзафа маладога беларускага нацыянальнага руху.

Вядома, такога кшталту грамадзянская чыннасьць абярнулася для творцаў у будучым самым трагічным чынам — дый ці магла працягвацца доўга? Насьпявалі палітычныя замаразкі. Творцы мусілі зыходзіць у андэграўндныя сфэры дзейнасьці — “унутраную ці рэальную эміграцыю”, “маўчаньне”.


3. Нелегальная літаратура
Нелегальную літаратуру ня трэба блытаць зь літаратурай падпольнай, альбо андэграўнднай. Нелегальнае пісьменства — адкрыты выклік уладзе. Узоры такога кшталту пісьменства маем, дзякуючы “Мужыцкай праўдзе” Каліноўскага. “Мужыцкая праўда” — без сумневу, ёсьць узорам літаратуры нелегальнай, а рукапісныя часопісы “Бурачок”, або “Блакітны ліхтар”, выдаваныя пад час “брэжнеўскіх замаразкаў” падпольна,— узоры андэграўнднага пісьменства. “Сказ пра Лысую гару” й усе наступныя “сказы”, створаныя Ведзьмаком Лысагорскім ды ягонымі спадкаемцамі,— узоры андэграўнднага пісьменства.

Такім чынам, нелегальная літаратура як спосаб апазыцыянізму ў Беларусі ня склалася гістарычна, саступіўшы месца больш пашыраным андэграўндным формам чыннасьці. Тое ж можна сказаць і ў дачыненьні да т.зв. дысыдэнцтва: у клясычнай форме, як лічаць дасьледчыкі найноўшае гісторыі, яно таксама ня склалася.

Патэнцыйныя пасьлядоўныя дысыдэнты былі фізычна зьнішчаныя яшчэ ў 1930-я гады. На зьмену ім прыйшла даволі асьцярожная генэрацыя літаратараў, якая здолела ўсё ж стварыць сваё падабенства дысыдэнцкага руху — але досыць адрознае ад клясычнае мадэлі.

Ці былі ў беларускім пісьменстве другой паловы дваццатага стагодзьдзя забароненыя творы? Так, былі. “Круглянскі мост”, “Мёртвым не баліць” Васіля Быкава, “Дабрасельцы” Аляксея Кулакоўскага, “Нельга забыць” Уладзімера Караткевіча, “Пагарэльцы” Андрэя Макаёнка. У гэтых твораў даволі дзіўны лёс. Яны пабачылі сьвет — і былі неафіцыйна забароненыя ўжо апасьля публікацыі.

Радзейшыя выпадкі стварэньня тэкстаў, што ні пры якіх умовах не маглі б быць надрукаваныя. Прыкладам, навэла Ул.Караткевіча “Маленькая балерына”. Але такія здарэньні — досыць незвычайныя. Відавочна, беларускія аўтары ня мелі звычкі сьведама працаваць “на шуфляду”.

Ня сталася “цьвярдыняй” клясычнага дысыдэнцтва й беларуская літаратурная эміграцыя. Хаця, пры гэтым, цяжка перабольшыць ейны ўнёсак у захаваньне праўдзівай, ня папсаванай канцылярытамі, саветызмамі ды наркамаўкай літаратурнай мовы, стварэньне самой магчымасьці літаратурнае альтэрнатывы. Беларуская эміграцыя — асабліва тая, што фармавалася пад час свае “трэцяе хвалі”,— была добра-такі разьвітая, структураваная, эстэтычна выразная. Разам з тым, яна мела на сабе таўро кволай апазыцыйнасьці, хаця вонкавыя ўмовы існаваньня яе да таго не змушалі. Хутчэй, “адыгрываўся” ўнутраны чыньнік, даўні ген беларускае мэнтальнасьці, беларускага руху.

Францішак Аляхновіч быў першым літаратарам, хто пакаштаваў бурды сталінскага ГУЛАГу, ды яшчэ не абы-якога — Салавецкага. Ён жа й першы стварыў паўнавартасны твор пра сталінскія “гулагі” й сталінізм — кнігу-дзёньнік “У кіпцюрах ГПУ”, за сорак год да стварэньня А.Салжаніцыным ягонай фундамэнтальнай энцыкляпэдыі ды анатоміі сталінізму.

Аднак Аляхновіч у сваёй рэчы не аналітычны й не наступальны — амаль што не апазыцыйны. Яго душаць крыўда, цяжар перанесеных пакутаў, але кампэнсуюцца яны празь незласьлівае іранічнае апісаньне, гумар, часам — сарказм. У ягоным дзёньніку няма разгорнутай сацыяльнай інвэктывы на савецкі лад. Хутчэй — гэта пратэст аднаго асобнага ўзятага літаратара супраць рэжыму, аднак пратэст чалавека з артыстычнай, а не пракурорскай душой.

Адсутнасьць нянавісьці замінае творам беларускіх эмігрантаў быць папраўдзе апазыцыйнымі й дысыдэнцкімі. Ды, зь іншага боку, нянавісьць здатная разьядаць мастацкую аснову твору, ператвараць яго ў калялітаратурную зьяву.

І ўсё ж паспрабуем уявіць, што савецкая ўлада раптам не адрынула, а прылашчыла (на момант) Францішка Аляхновіча, як гэта было з Вацлавам Ластоўскім, Максімам Гарэцкім, Язэпам Лёсікам ды Купалам? Наабяцала ўсялякіх званьняў, пэнсіяў, пасадаў? Ці нарадзілася б тады крыўда? Ці нарадзіўся б сам твор “У кіпцюрах ГПУ”? Пакуты блізкага ня так уражваюць, як свае ўласныя. Прыгадаем, што Браніслаў Тарашкевіч, на якога вымянялі Аляхновіча, таксама ехаў у БССР у спадзяваньні на ласку ідэёвых паплечнікаў. А быў жа насамрэч палымяным пасіянарыем, ня горшым ад Аляхновіча.

Адкрыты апазыцыянізм грунтуецца на бескампраміснасьці, зацятасьці й высакароднай нянавісьці, якія не заўжды былі ўласьцівыя беларускім уцекачом — эмігрантам. Зрэшты, брак бескампраміснасьціў беларусаў канстатаваў яшчэ філёзаф Ігнат Канчэўскі, чым адрозьніваў іх ад усходніх суседзяў.

Адэкватнае разуменьне савецкай рэчаіснасьці, месца Беларусі ў ёй у творах эмігрантаў, безумоўна, прысутнічае — у прозе Кастуся Акулы, публіцыстыцы Аўгена Калубовіча, Юр'я Туронка, эсэ Юркі Віцьбіча, празрыстай мэтафорыцы “Зьвера двухногага” Ўладзімера Дудзіцкага, грамадзянскай лірыцы Наталі Арсеньневай, “Споведзі” Ларысы Геніюш.

Але гэтае разуменьне яшчэ не стварае праўдзівай апазыцыйнасьці, франтальнага супраціву таталітарнаму рэжыму. А натуральная настальгія па Бацькаўшчыне, хай сабе й савецкай, нейкае інстынктыўнае пачуцьцё крэўнасьці стварала глебу для паразуменьня з “клясавымі” супраціўнікамі нават у часы халоднае вайны, калі беларускія эмігранты з ахвотаю прымалі ў сябе “служкаў” савецкага рэжыму — Андрэя Макаёнка, Барыса Сачанку, гурт “Песьняры”. Гэтай настальгіяй, адвечным сантымэнтам па роднай старонцы закрэсьлівалася ўсё астатняе. Добра гэта ці не, але яно мела месца.

Франтальнай апазыцыйнасьці беларускай эміграцыі замінае й узьведзеная ў квадрат істотная рыса беларускага мэнталітэту — прыхільнасьць да разьяднаньня, драбленьня паводле канфэсійных, палітычных, псыхалягічных ды іншых прыкметаў.

Магчыма, новая генэрацыя беларускіх літаратараў-эмігрантаў, што інтэнсіўна фармуецца ў найноўшы час, выявіць іншыя якасьці.


Літаратура
1. Абдзіраловіч Ігнат. Адвечным шляхам. Мн., 1993;

2. Аляхновіч Францішак. У кіпцюрах ГПУ. Мн., 1994;

3. Бурдзялёва Ірына, Васючэнка Пятро. Укрыжаваная Беларусь: Эсэ // Літаратура і мастацтва. 1997. №20. С. 5, 12.

4. Глыбінны Ул. Доля беларускае культуры пад саветамі // Спадчына. 1999. №3. С. 3—36.

5. Купала Янка. На вайсковыя матывы. У кн.: Купала Я. Поўны зб. тв. У 9 т. Т. 4. Мн., 1997. С. 81—90.

6. Купала Янка. Пазвалі вас. У кн.: Купала Я. Поўны зб. тв. У 9 т. Т. 4. Мн., 1997. С. 111—113.

7. Купала Янка. Тутэйшыя. У кн.: Купала Я. Поўны зб. тв. У 9 т. Т. 7. Мн., 2001. С. 263 — 332.

8. Adamovitch A. Opposition to Sovetization in Belorussian Literature (1917—1957). Munich, 1958.

Лекцыя 13. Недапраяўлены авазыцыянізм

Плян:

1. “Лябірынтавая” сьвядомасьць

2. Маўчаньне ды ўнутраная эміграцыя


1. “Лябірынтавая” сьвядомасьць
Належыць разгледзець размаітыя формы прыхаванага апазыцыянізму ў Беларусі — ня толькі як больш структураванага, але й больш уласьцівага нацыянальнай мэнтальнасьці ды вонкавым гісторыка-палітычным варункам.

Прыхаваны апазыцыянізм, спэцыфічны беларускі “андэграўнд” меў яскрава выяўленыя формы, што ўрасталі ў плоць гістарычнага працэсу, зьвязваліся з цэлымі стагодзьдзямі. Так, беларуская мова, пазбаўленая за Рэччу Паспалітай права на афіцыйны статус, цэлае стагодзьдзе, 18-е, зьберагалася ў сховах народнай гутаркі, фальклёру ды рукапісных тварэньняў асобных аўтараў-”хлопаманаў”. У 19 стагодзьдзі новая беларуская мова ды новая беларускамоўная літаратура так цалкам і ня вызваліліся зь няпэўнага становішча напаўзабароненасьці-напаўіснаваньня. Шэдэўры беларускамоўнае літаратуры 19 ст. выдаваліся ў далёкім (Лёндан) або блізкім (Кракаў, Познань, Пецярбург) замежжы.

Не памянялася істотна становішча й пасьля 1906 году — зь легалізацыяй беларускага кнігадруку. Бо пэрыяды поўнай або частковай забароны вольнага нацыянальнага слова як пайшлі ад пачатку стагодзьдзя, так і да сёньня доўжацца.

Вацлаў Ластоўскі геніяльна вызначыў адзіна магчымы спосаб кансэрвацыі, існаваньня ды самапраяўленьня беларускае самабытнасьці — лябірынтавае, з рытмічнымі зыходжаньнямі ў прадметнае або мэтафізычнае падпольле й выхадамі зь яго. Рытміцы лябірынтавага існаваньня падпарадкаванае й чаргаваньне бясконцых беларускіх адраджэньняў.

Пакрыёмнасьць, сьцёртасьць, вонкаваная недапраяўленасьць — істотныя прыкметы лябірынтавага працэсу. Яны паказваюць на запаволенасьць і няўлоўнасьць, але не на адсутнасьць руху. Размаітасьць — адна з праяваў гэтай дынамікі, “бясконца ліючайся формы” (Ігнат Абдзіраловіч).


2. Маўчаньне ды ўнутраная эміграцыя
Эўрыстыка, чыстая творчасьць, якімі суправаджаўся адыход у лябірынтавую экзыстэнцыю, змушалі выпрабоўваць самыя розныя формы процідзеяньня. У тым ліку, маўчаньне — у тых жорсткіх варунках, калі іншыя спосабы рэзыстансу не спрацоўвалі...

Гэтае зацятае маўчаньне, нутраное ператраўліваньне гневу, пратэсту знамянавала сабой пераход творцы ў стан т.зв. унутранае эміграцыі.

Купала ад 1917 да 1930 г. упадаў у маўчаньне некалькі разоў. Ягоныя ад'езды ў Акопы мэтафарычным чынам пазначалі зыходжаньне паэты ва ўнутраную эміграцыю. Гэтаксама, як настаўніку Янку Здольніку, герою купалаўскіх “Тутэйшых”, раз-пораз робіцца непамысна й душна ў апанаваным акупантамі месьце Менску, і ён зьяжджае ў вёску, так і Купалу нядобра паўсюль — і ён накіроўваецца ў свае Акопы. Там, аднак, ягонае маўчаньне й бязьдзейнасьць перапыняюцца, і ён піша свае лепшыя творы смутнага пасьлярэвалюцыйнага часу.

Першая рэакцыя Купалы, Коласа, Бядулі (Ясакара) на рэвалюцыйныя падзеі 1917 году — маўчаньне. У 1916—1917 гг. Купала наагул ня піша аніводнага (!) верша. Для параўнаньня: 1918 — 29 вершаў (яны, пасіянарна напоўненыя, складуць аснову зборніка “Спадчына”), 1919 — 19, 1920 — 16, 1921 — 10, 1922 — 9, 1923 — 3 (зноў пераломны год!), 1924 — 4 (зьяўляецца слынны твор, споўнены трагічнай скрухі,— “...О, так! Я — пралетар!...”), 1925 — 2, 1926 — 21, 1927 — аніводнага (!), 1928 — 2, 1929 — 2, 1930 — 3. І нават пасярэдзіне “сэрвільнага” пэрыяду купалаўскага жыцьцяпісу, калі маўчаньне было забароненае, у 1933 г. — 3 вершы, у 1936-м — 6.

І гэта Купала, зь ягонай фэнамэнальнай прадуктыўнасьцю вершаскладальніка, які за лепшымі часамі ў дзень мог занатоўваць дзясяткі й сотні вершаваных радкоў!

Маўчаў і задуменны, загадкавы, бы беларускі Сьфінкс, Максім Гарэцкі — ажно да восені 1917 г.

Прынцыповае маўчаньне літаратара ў ягоным супрацьстаяньні таталітарнаму рэжыму можа ўявіцца зброяй слабых. Але надараліся пэрыяды, калі нават гэтую зброю ўжыць было амаль немагчыма. Скажам, 1930-я, калі абавязковай атрыбутыкай творчасьці лічылася славаслоўе тав.Сталіну, або зьвінавачаньні на адрас “ворагаў”.

Маўчаньне як такое набывае рытуальнае аблічча ў наш час — у эфэктным пэрфомансе Славаміра Адамовіча, які публічна зашыў сабе губу...


3. Эстэтыка андэграўнду. Мастацкія формы
Андэграўнд у Беларусі, мушу паўтарыцца,— не абавязкова й нават ня столькі падпольнае існаваньне літаратуры, колькі зашыфроўка, кадаваньне, спосаб прытойваньня, рэтрансьляцыі альтэрнатыўных, апазыцыйных афіцыёзнай ідэалёгіі, поглядаў. Прытойваньне, пакрыёмасьць, у адрозьненьне ад адкрытага выказваньня, мае больш эстэтычных шанцаў. Таму й жанры, формы, прыёмы, тропы андэграўнднага, пакрыёмнага слова больш разнастайныя, структураваныя й па-мастацку адпаведныя духу 20 стагодзьдзя.

Можна вылучыць наступныя спосабы маскіроўкі аўтарскіх думак, поглядаў, ідэалягемаў — алегорыя (або эзопава мова), сымболіка, мастацкі шыфр, алюзія (намёк на палітычную, гістарычную, літаратурную рэалію), падтэкст, гістарычнае пераапрананьне. Падабенства й генэтычная роднаснасьць іх у тым, што ўсе яны зьвязаныя з пераносам сэнсаў, іншасказаньнем. Па чарзе разгледзім кожны зь іх.

Алегорыя (эзопава мова) ды сымболіка. Прыём, сама назва якога кажа пра ягоную апрабаванасьць ды глыбокую старажытнасьць. Літаратура навучылася гаварыць тое, што забаронена, у апасродкаванай форме, праз сыстэму іншасказаньняў, ключы да якой знаходзяцца тамсама, у літаратуры. Таму алегорыі даволі проста расчытваюцца нават у шырокім чытацкім асяродзьдзі. Але гэта мае й свае невыгоды: цэнзура ня горш за чытачоў навучылася расшыфроўваць гэты тайнапіс, які губляе сваю сакрэтнасьць...

Клясычныя прыклады разгорнутай алегорыі ў беларускай літаратуры — казаньні Кірылы Тураўскага ды “Трэнас” (“Фрынас”) Мялета Сматрыцкага. Выразную палітычную афарбоўку алегорыя набывае ў вершы Ўладзіслава Сыракомлі “Добрыя весьці”, у якім надыход вясны атаясамліваецца з рэвалюцыйнымі ды нацыянальна-вызваленчымі працэсамі на Захадзе, надыходам “Вясны народаў”. У далейшым палітызаваныя алегарычныя вобразы сустракаем у грамадзянскай лірыцы Адама Гурыновіча, Янкі Лучыны, Альгерда Абуховіча ды інш.

Але найвялікшую разнастайнасьць выяўляюць алегарычныя ды сымбалічныя вобразы ў эстэтыцы “нашаніўства”, а пасьля — “узвышэнства”. Тут яны маюць прыкметы цэласнай разгалінаванай мастацкай сыстэмы, прылеглай да эстэтыкі дэкадансу (сымбалізму) ды мадэрнізму.

Спроба разводу паняткаў “алегорыя” й “сымбаль” у гэтым гісторыка-літаратурным кантэксьце дае наступны вынік. Алегорыя лёгка й адназначна расшыфроўваецца, палітызуецца. Сымбаль расшыфроўваецца цяжка й неадназначна, ён нязрушны, грувасткі ў справе рэзыстансу, затое эстэтычна больш напоўнены.

Характэрна, што ў раньнянашаніўскі час творцы часьцей ужывалі сымбаль — палітычнае змаганьне вялося больш адкрытым, публіцыстычным шляхам. “Сон на кургане”, “Раскіданае гняздо” Купалы, вэрленізм Багдановіча, “ручаёвая сымболіка” “Матчынага дару” Алеся Гаруна, алегарызм абразкоў Бядулі й Гарэцкага, шэраг навэлаў Ядвігіна Ш., разгалінаваная сыстэма вобразаў-сымбаляў “Сымона-музыкі” Коласа — яны выглядаюць спробай не перахітрыць цэнзуру, але пранікнуць у адвечныя таямніцы быцьця.

У постнашаніўскую эпоху ўзмацняецца менавіта палітычная, рэзыстансавая функцыя іншасказаньняў. Палітызуецца, да прыкладу, пазьнейшая рэдакцыя “Сымона-музыкі” Коласа. Сымболіка Купалы пачынае набываць выразнае палітычнае прачытаньне, з чаго ягоныя творы рэвалюцыйнага часу старанна абміналіся савецкай крытыкай (верш “Паяжджане”, да прыкладу). Гэтая лінія працягваецца й у традыцыі “ўзвышэнства”.

Найбольш сымбалічных значэньняў канцэнтруецца вакол такіх зьяваў, як рэвалюцыя й бальшавізм. Натуральна, іхныя алегорыка-сымбалічныя сэнсы маюць выразнае нэгатыўнае адценьне.

Рэвалюцыя ў паэзіі Купалы, Коласа, Гаруна параўноўваецца найчасьцей з разбуральнай, дзікай стыхіяй — паводкай, завірухай, пажарам, бураломам. Зрэшты, гэтая алегорыя ўжывалася й у ранейшы, уласна нашаніўскі час, але ня мела такой выразна акрэсьленай нэгатыўнай афарбоўкі.

Ня проста паводка, а “такая, меджду протчым, чырвоная паводка, аб якой ня сьнілася ні Фараону, ні Салямону”, як казаў купалаўскі герой Мікіта Зносак пра савецкую ўладу. “Чырвоная”, без сумневу, азначае “крывавая”.

Вобраз-сымбаль злавеснага, усепаглынальнага полымя, станоўчы ў сымбалічнай сыстэме Гаруна, у творчасьці нават апалагета рэвалюцыі, Міхася Чарота, выглядае ўжо нэгатыўна (“Босыя на вогнішчы”).

Зь верша Купалы “Мароз”, напісаным у 1921 годзе:

Іду я, сьняжысты, ўсясільны,
Па сьцежках-пуцінах пустых,
І ночкай, і днём безупынна
Пільную абшараў сваіх.
(...)
Палац мой — лес буйны, вяцьвісты—
Ірдзіцца брыльянтамі скрозь,
Мне воўк і мядзьведзь у паслугах,
Мне служаць вавёрка і лось.
Па-за кантэкстам часу — бяскрыўдны пейзажны верш. Але Лукаш Бэндэ, пажыцьцёвы крытык-выкрывальнік Купалы, угледзеў у гэтым вершы, і ня без падставаў, алегарычны паказ “дыктатуры пралетарыяту”.

Параўнаем цяпер купалаўскі твор з алегарычнай гульнёй “зімовымі” вобразамі “ўзвышэнца” Язэпа Пушчы ў вершах цыклю “Лісты да сабакі”:

Стаю вось перад Зімнім тут палацам
І ўвесь, ня ведаю й чаго, дрыжу,
І сам ня ведаю, чаго так плачу...
Хто там? Прыйдзі хутчэй — крыжуй!
Алегорыка-сымбалічныя вобразы ў іхным руху здатныя ствараць мікрасюжэт, які ў пераносным пляне паўтарае рэальныя палітычныя падзеі. Так, зьмена акупацыйных рэжымаў у Менску й надыход бальшавікоў паказваюцца ў купалаўскіх “Тутэйшых” праз устаўную інтэрмэдыю-балет, злавесны танец Ценяў, якія абкружылі соннага Мікіту Зноска.

Досыць цікава інтэрпрэтуе алегарычны сюжэт верша Купалы “Забытая карчма” Антон Адамовіч. У вершы распавядаецца пра выпадак у карчме пад час п'янай сваркі: сын засек бацьку сякерай, а пасьля сам засіліўся на асіне. У балядны верш уплятаецца містычны матыў. Гады ў рады закінутая карчма ажывае, напаўняецца гасьцьмі-прывідамі, ільецца гарэлка, грае музыка.

І ў саму гульню, наганяючы жах,
Зьяўляюцца госьці туды:
Стары — з тапаром у кастлявых грудзях,
На шыі зь пятлёй — малады...
Антон Адамовіч вытлумачвае гэты сюжэт наступным чынам: матыў самагубства ёсьць наступствам рэвалюцыі, яе ідэалаў, забітых самой жа рэвалюцыяй.

Вобразы рэвалюцыі, бальшавізму пэрсаніфікуюцца, паўстаюць у абліччы цмока-ўпыра (у Купалы), Базылішка (у аднайменнай п'есе Ф.Аляхновіча), Ценю Консула (у паэме Язэпа Пушчы).

Нэгатыўным вобразам-сымбалем проціпастаўлены станоўчы вобразны шэраг. Ён доўжыцца ад часоў старога “нашаніўства” й улучае знаёмыя ўжо вобразы-сымбалі. Гэта Вялікі Сход (“Раскіданае гняздо”, “Час!”, “На сход!..” Купалы), у новым кантэксьце — адменьнік нацыянальнай рэвалюцыі, разумнага й калектыўнага ўладкаваньня гістарычнага лёсу Беларусі. Гэта й вобраз Беларусі — Маці, Маладой (нявесты) — Ганна ў “Сымоне-музыку” Коласа, Гануля й Аленка з трагікамедыі “Тутэйшыя” Купалы, нявеста з паэмы “Безназоўнае”. Але й гэты вобраз у новых “постнашаніўскіх” варунках поўніцца трагізму.

“Узвышэнец” Ул.Жылка дадае сюды яшчэ вобраз-сымбаль Места — Вільні, “крывіцкай Мекі”, якая ў іншасказальным перачытаньні ўяўляецца аплотам беларушчыны, яе неўміручым і велічным, накрэсьленым на стагодзьдзі, знакам. У варунках, калі Вільня была аддадзена чужынцам, гэты сымбаль таксама набыў трагічнае гучаньне.

“Узвышэнцы” рэанімавалі алегорыю “Пагоні”, увасобленай з сувымяральнай геніяльнасьцю Максімам Багдановічам і Язэпам Драздовічам. Ул.Жылка інтэрпрэтуе “Пагоню” ў ейным традыцыйным і пазнавальным абліччы. У паэзіі шэрагу іншых “узвышэнцаў” “Пагоня” (Ул.Дубоўкі, Т.Кляшторнага, Ул.Хадыкі) трансфармавалася ў сымбаль імклівага руху, часам “угрунь”, але “бяз мэты пакуль”. Хай сабе й так. Але падсьведама “ўзвышэнцы” адчувалі накірунак руху — да ўвасабленьня нацыянальнай ідэі, ейнага суладзьдзя з эстэтычным пошукам.

Мастацкі шыфр, алюзія, падтэкст. Знайсьці ключы да дэшыфроўкі ўкладзеных у твор аўтарскіх зьместаў бывае няпроста. Бывае ж і так, што праўда ляжыць на паверхні. Здараецца, што крытыка знаходзіць у творы й тое, пра што не здагадваўся сам аўтар. Але сьпяшацца адмаўляць і такую трактоўку няварта: часам гісторыя піша за творцу, водзіць ягоным пяром, прымушае рабіць неўсьвядомленыя намёкі, алюзіі.

Наагул, дакладная дэшыфроўка твораў, напісаных у 1920-я гады,— занятак, нязвыклы для сучаснага літаратуразнаўства: ён патрабуе вывучэньня фактаграфіі, т.зв. “чалавечых дакумантаў”. А як быць, калі самі “дакуманты” сышлі ў небыцьцё?

Найбольш каштоўнымі застаюцца сьведчаньні сучасьнікаў, іхныя асабістыя спробы дэшыфроўкі, падмацаваныя ўласнымі ўспамінамі. Самыя цікавыя з такіх трактовак належаць Ант.Адамовічу, выкладзеныя ім у згаданай ужо кнізе “Opposition to Sovetization in Belorussian Literature (1917—1957)”.

Інтэрпрэтацыі Ант.Адамовіча асабліва каштоўныя прысутнасьцю ў іх вядомых імёнаў, канкрэтных гістарычных і літаратурных рэаліяў.

Прыкладам, раман Міхася Зарэцкага “Крывічы” (1929 г., пазьней быў жорстка раскрытыкаваны й забаронены, другая частка зьнішчана) Ант.Адамовіч расчытвае як адлюстраваньне літаратурнай групаўшчыны й барацьбы, што вялася паміж “старымі” літаратарамі, сябрамі “Маладняку”, БелАППу, “Узвышша”. Крытык называе імёны рэальных апанэнтаў, што хаваліся за іхнымі літаратурнымі “двайнікамі”. Прататып Беразоўскага — Вацлаў Ластоўскі, Саўкі Малаховіча — Купала, Пражэні — Чарот, Вітушкі — Вольны, доктара Хамялевіча — Сянькевіч.

Крытык паспрабаваў “дэшыфраваць” аналягічным чынам нават казку Сержпутоўскага пра музыку, які запрадаў д'яблу сваю скрыпку. У гэтай казцы, у 1926 г. зьмешчанай у зборніку “Казкі і апавяданьні беларусаў з Слуцкага павету”, д'ябал — ня хто іншы, як бальшавік, музыка — Янка Купала, памагатыя д'ябла ў пекле — літаратары Мурашка й Барашка, якія пайшлі на службу да рэжыму.

Такога кшталту дэшыфроўкі, без сумневу, карысныя для глыбейшага спасьціжэньня твора, але яны найчасьцей закранаюць ягоны паверхневы пляст. Што ж датычыцца падтэксту твораў, скіраваных супраць афіцыёзу, дык ён нашмат багацейшы й складанейшы за суму простых расшыфровак.

Гэта добра бачна на прыкладзе вершаванага цыклю Язэпа Пушчы “Лісты да сабакі”, які Ант.Адамовіч расчытаў надзвычай падрабязна. У выніку поруч з сацыяльнай інтэрпрэтацыяй тэксту зьявіліся наступныя паралелі: Сабака, да якога зьвяртаецца зь лістамі паэт,— Булак-Булаховіч; Мядзьведзь — савецкая Расея; Гаспадар — народ, якому сабака служыць.

“Лісты да сабакі” — без сумневу, твор шматрэгістравы. У ім мноства алюзіяў, празрыстых і цьмяных. Шмат што тлумачаць настрой і часавы кантэкст. Безумоўна, Джэк — гэта і сябра, і вартаўнік, і “сымбаль нацыяналізму”, і, магчыма, нехта з рэальных сяброў Пушчы — можа, той самы Дубоўка. Гэта — і той рэальны сабака, якога падабраў ды прыгрэў каля сябе паэтаў бацька за часамі Першай усясьветнай вайны.

Настрой жа твору, трывожны й тужлівы, надломны — гэта прадчуваньне бяды, пагрозы Бацькаўшчыне. Пра гэта нагадваюць і Зімовы палац, ад якога павявае сьмяротным холадам, і барвянае лісьцё, што сьцякае з клёнаў, нібы кроў. Пэўна, трэба адпаведна й расчытваць фінал твору. Паэт наважваецца запрасіць сабаку да сябе ў госьці, у Ленінград, але тут жа спахопліваецца: “У сталіцы не дазволяць жыць табе...”

Адзет ня будзеш ты ў парадны кіцель,
Ня будзеш мець заслугі-мэдаля,
Зьбягуцца і абступяць цябе гіцлі,
І будзе шмат іх: дзе ні стань, ні глянь.
Гаворка, вядома, ідзе не пра сапраўдных “гіцляў” — сабакаловаў, а пра паляўнічых на людзей, якія, прымяраючы — хто кіцелі, хто цывільнае,— ужо рыхтаваліся да грандыёзнага паляваньня...

Відавочна, “узвышэнцы” распрацавалі сваю сыстэму алюзіяў, кодаў, знакаў, ужо шмат чым адрозную ад алегарычнай сыстэмы старых “нашаніўцаў”. Некаторыя літары гэтай сыстэмы насёньня, а можа й назаўжды, забытыя. Іншыя ж — знаходзяцца. І ня могуць ня ўражваць.

Вось, прыкладам, дэшыфроўка назвы паэмы Язэпа Пушчы “Цень Консула” зь яе злавесным антыгероем-монстрам, які душыць усё жывое, людзкае. А расшыфроўцваецца назва па першых дзьвюх літарах, якія ўтвараюць абрэвіятуру,— ЦК.

Зь сьведчаньня Ант.Адамовіча, паэт А.Александровіч у адным са сваіх твор ужыў прыём акраверша, зашыфраваўшы ў пачатковых літарах сказ: “Што нам даў Кастрычнік? — Змэнчаную блыху”.

Гістарычнае пераапрананьне. Таталітарная ўлада заўжды хварэла на боязь да гісторыі. Гісторыю варта або адмяніць, як гэта зрабілі бальшавікі ў дачыненьні да беларускай мінуўшчыны й да ўсяго, што было да 1917 году, або перапісаць, як гэта адбылося ў прыдуманай Дж.Оруэлам звышімпэрыі. Гісторыя палохае ўладу сваімі паўтарэньнямі, зь якіх вынікаюць аналёгіі й паралелі. З паўтарэньняў адкрываецца, што імпэрыі рана або позна развальваюцца, дыктатуры гінуць, а дыктатары караюцца — або судом зямным, або судом Божым.

У 1930-я гады два дыктатары — Сталін ды Гітлер — шукалі выгодных сабе паралеляў. Нямецкі яфрэйтар апэляваў да легендарных часоў Зыгфрыда, настальгаваў па Бісмарку, але ў рэшце рэшт у гісторыі расчараваўся — яна была занадта дарагой раскошай. Няўдалы грузінскі сэмінарысты спрабаваў знайсьці свае гістарычныя адлюстраваньні ў асобах Івана Жахлівага ды Пятра Першага — з дапамогай, дарэчы, савецкіх пісьменьнікаў. І таксама расчараваўся ў гэтых небясьпечных гульнях.

Для беларускага рэзыстансу экскурсы ў гісторыю былі асабліва плённымі. І асабліва небясьпечнымі — для ўлады. Бо беларусы бачылі ў мінуўшчыне занядбаную насёньня веліч і мізэрнасьць прыгнятальнікаў.

У 1920-я гады адбылося частковае вяртаньне беларускае гісторыі. Зьявіліся творы, перадусім, п'есы — пра Скарыну (“Скарынаў сын з Полацку” Грамыкі), пра Кастуся Каліноўскага (аднайменная п'еса Яўсьцігнея Міровіча), шэраг іншых твораў гістарычнага й фальклёрна-міталягічнага жанраў.

І хаця гэтыя творы падаваліся “ідэёва вытрыманымі”, бо адпавядалі некаторым палажэньням пра клясавую ды нацыянальна-вызваленчую барацьбу, яны ўсё адно былі закасаваныя таталітарным рэжымам. Вяртаньне да гісторыі ў любой форме, са шматлікімі прыкладамі тыраніі й змагарства супраць яе,— гэта рэжыму падалося залішнім. У 1930-я гады ў Беларусі не магло зьявіцца аніводнага твору, у якім згадваліся б Скарына, Каліноўскі ці іншы які “феадальны” або “буржуазны” цемрашал. Гісторыя Беларусі да 1917 году цалкам “зачынілася”.

Паміж тым, “нашаніўскія” ды “ўзвышэнскія” аўтары яшчэ ў 1920-я гады пасьпелі выпрацаваць адметную форму актуалізацыі мінуўшчыны — т.зв. гістарычнае пераапрананьне.

Адным зь першых гэты прыём скарыстаў Зьмітрок Бядуля ў сваёй аповесьці — а пасьля п'есе — “Салавей” (1927). Мы звыкліся бачыць у гэтым творы адлюстраваньне прыгону, фэадальнага нявольніцтва ды бунту супраць яго. Але Бядуля, бадай, сьведама экстрапаляваў гістарычныя рэаліі твору на сучаснасьць. Панства, прыгнёт — заўжды панства й прыгнёт, хай сабе яны пераапранутыя ў чырвоную камуністычную апратку. “Не хачу быць панскім салаўём!” — вокліч творцы, які не падпарадкоўваецца аніякаму гвалту, панскаму або бальшавіцкаму.

Купала ў 1921 годзе завяршае пераклад “Слова пра паход Ігаравы”. Чым выкліканы нечаканы зварот да такой далёкай мінуўшчыны — хіба толькі пошукам адхланьня ў варунках творчай дэпрэсіі? Безумоўна, у гісторыі вар'яцкага ўчынку князя Ігара — змаганьня з паганцамі — надта шмат было аналёгіяў сьвежым падзеям рэчаіснасьці.

Вось як дасьціпна расшыфроўвае Купалаву задуму той жа Ант.Адамовіч. Купала марыў узьвялічыць адвагу й ахвярнасьць беларускага паўстанцкага (белага) войска. Чырвоныя — вядома ж, паганцы, тыя, што ў “Слове...” — полаўцы. Ігар Сьвятаслававіч — “двайнік” беларускага правадыра Булаховіча. Уцёкі Ігара з палону атаясамліваюцца з уцёкамі ад бальшавізму. Цікава, што перадрук купалаўскай вэрсіі “Слова...”, апублікаванай у выданьні “Вольны сьцяг”, быў за Саветамі забаронены.

Забарона наклалася практычна на ўвесь гістарычны жанр, ад якога засталася хіба што адна рэвалюцыйная тэматыка. Яшчэ нейкім дзівам прарваўся са сваёй паралельлю ў часы вайны Пятрусь Броўка — маецца на ўвазе верш “Кастусь Каліноўскі” (1943). У гэтым наскрозь савецкім вершы нечакана аджыла мроя пахаванай калісь нацыянальнае пасіянарнасьці.

Беларуская мінуўшчына засталася амаль не кранутым бэлетрыстыкаю цаліком, і гэтак доўжылася некалькі дзесяцігодзьдзяў, пакуль ня высьпела іншая сытуацыя ды не прыйшоў Уладзімер Караткевіч.

Сатыра. Адначасова дзейсны й нямоглы жанр, надзелены сацыяльнымі функцыямі. Сатыра лічыцца літаратурнай зброяй ды мае свае адвечныя й часовыя аб'екты. Разам з тым, сатырыкі за некалькі тысячагодзьдзяў, што існуе іхная зброя, гэтак і не перарабілі сьвет да лепшага, не панішчылі грамадзкіх ды маральных заганаў.

У той жа час улада панічна палохаецца сатыры й сатырыкаў. У лібэральных сваіх праявах улада спрабуе прыручыць сатырыкаў, або цярпець іх. Сэнтымэнтальная царыца Кацярына праліла нямала слёз з нагоды “шпілек”, якія адпускаў на ейны адрас выдавец “Трутню” Нікалай Новікаў. Хаця прасьцей ёй, здавалася, было не зважаць на аўтара, або закінуць яго ў якую крэпасьць.

Ня дужа лібэральныя рэжымы проста зьнішчалі сатырыкаў — маральна або фізычна. Існаваньне сатыры пад час эпохі таталітарызму ў СССР сталася адным зь яе парадоксаў. Сталін ва ўласьцівай яму крывадушнай манеры абвясьціў, што Саветам “патрэбныя салтыковы ды гогалі”. Магчыма, мелася на ўвазе адна асаблівасьць сатыры як зброі: яна рэжа з двух бакоў — можа агрызацца на ўладу, але можа й дабіваць ейных “ворагаў”.

У апошнім выпадку сатыра лякалізуецца, набывае прыкладны, па сутнасьці, вузка сэрвільны характар. Гэтага, пэўна, і хацеў крамлёўскі ўладар. Некаторыя наіўныя аўтары ня гэтак зразумелі яго й паспрабавалі быць на ўзроўні сучасных гогаляў ды салтыковых. Дзеля гэтага межы сатыры пашырыліся — ажно да стварэньня разгорнутых гратэскавых абразоў савецкай рэчаіснасьці. І за гэта Сталін пачаў іх травіць: Платонава, Булгакава, нават свайго ўлюбёнца Дзям'яна Беднага — “мужика вредного”. Празь нейкі цуд ацалелі Ільф і Пятроў.

Жанравая, анталягічная прырода сатыры такая, што яна правакуе да абагульненьняў, да стварэньня сатырычных сьветаў, унівэрсалізацыі. Гэтак Арыстафан, Эразм Ратэрдамскі, Сьвіфт — яны, можа, і не замахваліся на глябальныя аб'екты, а ваявалі супраць асобных людзкіх ды грамадзкіх заганаў. Але стварылі свае дэфармаваныя, звыродлівыя сьветы дзеля законаў унівэрсалізацыі.

Таталітарная ўлада бачыць у гэтых гіганцкіх крывых люстрах сваё адэкватнае адлюстраваньне. Таму люстры разьбіваюцца, а іхныя творцы зьнішчаюцца.

Так было з раманам “Запіскі Самсона Самасуя” й зь ягоным аўтарам, Андрэем Мрыем. Колькі ні пераконваў ён сябе й “бацьку ўсіх народаў”, што піша твор пра прыстасаванца, кар'ерыстага, “прымазаніка” да савецкай улады,— яму не паверылі.

Дзе ж там было паверыць, калі Мрый стварыў цэлы фантасмагарычны сьвет, населены напаўлюдзьмі, напаўжывёламі, лінамі, самамі, курыцамі, курапатамі, у якім пануюць жывёльна-клясавыя інстынкты. Сьвет гэты называўся — Шапялёўка. І ён жыў паводле завядзёнак звычайнага савецкага мястэчка, зь ягонымі бязглуздымі кампаніямі — супраць царквы, кулакоў, іншадумцаў.

Мрый настолькі захапіўся сваім тварэньнем, што пераносіў у тэкст усё, што ні траплялася пад руку,— газэтныя лёзунгі, канцылярскія маразмы й... нават выказваньні “бацькі ўсіх народаў”. Напрыклад, гэтае: “Кадры рашаюць усё”.

Ягоны Самасуй пачаў выглядаць ня простым савецкім кар ' ерыстым, але монстрам, выпешчаным Сыстэмай. У рэшце рэшт монстр праглынуў свайго ж стваральніка.

Лёс сатырыкаў, паўтаруся, можа быць гаротны і ў тых, хто дагаджае ўладам, і ў тых, хто бярэцца зь ёю ў рожкі.

Францішак Аляхновіч, аўтар бліскучай сатырычнай камэдыі “Пан міністар” ды іншых, адседзеў 7 год у салавецкім лягеры, быў абмяняны на Б.Тарашкевіча, адпушчаны ў Польшчу, але ліхі лёс напаткаў яго ў 1944 годзе, калі й памёр драматург не сваёй сьмерцю.

Леапольд Родзевіч на пачатку 1920-х гг. піша вострасатырычную “фацэцыю” пад назваю “П.С.Х.”, у якой заклікае беларускае сялянства не ісьці ні пад бальшавікоў, ні пад палякаў, а ствараць сваю партыю — П.С.Х. (“Пільнуй сваю хату!”). П'еса сталася забароненай і ў Польшчы, і ў БССР. Аўтар яе быў арыштаваны савецкімі органамі ў 1938 г. і бясьсьледна згінуў.

Сатырык Анатоль Дзяркач значную частку свайго таленту выдаткаваў на змаганьне з ворагамі савецкае ўлады й рэлігіяй (зборнікі сатырычных вершаў “Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў”, “Бог удвох”, “Качаргой па абразох”). За што й быў аддзячаны рэжымам — у 1938 г. яго расстралялі.

Дзіўнае ўмельства балянсаваць паміж прыхаваным апазыцыянізмам ды адданым сэрвілізмам праявіў байкапісец ды камэдыёграф Кандрат Крапіва. Выратавалі яго, можа, шчасная доля ды ўменьне паступіцца часам прынцыпамі дзеля ўратаваньня. Асобныя ягоныя творы служаць узорам таго, як адзін і той жа тэкст можа ўспрымацца і як апазыцыйны, і як сэрвільны.

Прыкладам, напісаная ў 1939 годзе рэч “Хто сьмяецца апошнім”, ужо адна назва якой — як падвойнае дно валізкі. У 1939 годзе сьмяяліся з ворагаў народу, выведзеных Крапівой у абліччы Гарлахвацкага й Зёлкіна. Падвойнае дно выявілася празь дзесяцігодзьдзі — у камэдыі пачалі бачыцца сатанінскія праявы сталінскага часу: страх, падазронасьць, шабас шматлікіх гарлахвацкіх.

Дарэчы, малады Крапіва, Крапіва “ўзвышэнскага” часу — далёка не такі памяркоўны й паслужлівы ў стасунках з уладамі. Некаторыя зь першых ягоных баек ды сатырычных вершаў прыкметныя адкрытым апазыцыянізмам, за што й былі пазьней забароненыя.

Байка “Сарамлівы” распавядае пра дзецюка, дужа ахвочага да жанчын. Хлапец падчэплівае “цікавую” хваробу, але да лекараў ісьці не сьпяшаецца — саромеецца. Нарэшце хвароба пагнала-такі яго да доктара, але той, паглядзеўшы на балячку, скрывіўся ды вымавіў: “Позна!”.

Мараль байкі:

Хлапца, вядома, нам шкада,
Але шкадней у сотню столак,
Калі хварэе грамада,
А мы з-за сораму ня бачым болек—
Тады саўсім бяда.
Была пад забаронаю байка “Казёл”, у якой Крапіва атакаваў беларусафобаў, расейскі шавінізм. Дый многія зь незабароненых твораў выяўляюць сваё “падвойнае” дно, актуалізуюцца, як бачым: (“Мандат”, “Дэкрэт”, “Язычок”, “Чорт”).


Літаратура
1. Абудзіцца духам. Мн., 1992.

2. Бэндэ Лукаш. Я. Купала. Мн., 1932.

3. Купала Янка. Забытая... У кн.: Купала Я. Поўны зб. тв. У 9 т. Т. 4. Мн., 1997. С. 39—40.

4. Купала Янка. Мароз. У кн.: Купала Я. Поўны зб. тв. У 9 т. Т. 4. Мн., 1997. С. 104—105.

5. Купала Янка. Тутэйшыя. У кн.: Купала Я. Поўны зб. тв. У 9 т. Т. 7. Мн., 2001. С. 263—332.

6. Ластоўскі Вацлаў. Лабірынты. У кн.: Ластоўскі В. Выбр. тв. Мн., 1997. С. 47—74.

7. Пушча Язэп. Лісты да сабакі. У кн.: Анталогія беларускай паэзіі. У 3 т. Т. 2. Мн., 1993. С. 72—77.

8. Родзевіч Леапольд. П.С.Х. У: Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. У 3 т. Т. 2. Мн., 1998. С. 174—187.

9. Чарот Міхась. Босыя на вогнішчы. У: Чарот М. Зб. тв. У 2 т. Т.1. Мн., 1958.

10. Adamovitch A. Opposition to Sovetization in Belorussian Literature (1917—1957). Munich, 1958. 

Лекцыя 14. Фэномэн літаратурнага сэрвілізму



Плян:

1. Мастацтва альбо антымастацтва?

2. Традыцыя беларускага сэрвілізму

3. “Доносительство” як прафэсія


1. Мастацтва альбо антымастацтва?
Слова “сэрвілізм” паходзіць ад лацінскага servilis (рабскі, нявольніцкі), дый у шырокім ягоным значэньні расчытваецца як рабалепства, прыслугоўваньне, ахвотнае нараўленьне. У культуралёгіі слова ўжываецца нароўні з тэрмінам “сэрвільнае мастацтва” й пазначае, як лёгка здагадацца, мастакоўскае слугаваньне ўладзе, манарху, патрону, мецэнату й гэтак далей.

Мы звыкліся зьвязваць творчасьць з праявамі ўнутранае волі, і таму само існаваньне сэрвільнага мастацтва можа быць пастаўленае пад сумнеў. Калі яно прыслугоўвае, абмяжоўвае творчую волю адной непрывабнай функцыяй, дык ці мастацтва яно наагул?

Але сучасная практыка сьведчыць: сэрвільнае мастацтва прызнанае шэрагам экспэртаў за самастойнае адгалінаваньне мастацтва, ёсьць аб'ектам пільнага вывучэньня культуролягаў, эстэтыкаў, мастацтвазнаўцаў. Ладзяцца міжнародныя выставы выяўленчага сэрвільнага мастацтва. Дасьледуюцца культуры, высьпеленыя ў варунках таталітарных рэжымаў,— прыкладам, Нямеччыны 1930-х гадоў.

Дый у краінах Цэнтральнае Эўропы — тых, што выйшлі з камуністычнага лягеру, сэрвільнае мастацтва не выкідаецца з нацыянальнага культурнага кантэксту, але пераацэньваецца — у тым ліку, і ў эстэтычным аспэкце. У нас жа грунтоўна пераацэненае хіба што выяўленчае мастацтва эпохі сталінізму — перадусім, архітэктура т.зв. “сталінскага” клясыцызму й, магчыма, жывапіс — у шэрагу “нашаніўскіх” артыкулаў Сяргея Харэўскага.

Вядома, прыслужніцтва мастака — зьява ня дужа высокай маральнай пробы. Але ўсясьветны досьвед паказвае на несупадзеньне этыкі й эстэтыкі, канонаў творчасьці й маралі. У выніку ўзьнікае накірунак т.зв. імаралістычнае літаратуры — таксама аб'ект для эстэтычнага й дасьледчыцкага ўспрыманьня.

Лёгка паставіцца да сэрвільнага мастацтва з пункту гледжаньня новафрэйдысцкае псыхалёгіі — разглядаць яго як сублімацыю складанага садамазахісцкага комплексу. Але ўсясьветны літаратурны досьвед, старажытная культурная традыцыя змушаюць ацэньваць і эстэтыку нявольніцкай творчасьці.

Хіба эгіпецкія піраміды або іншыя цуды сьвету ня створаныя рукамі тысяч нявольнікаў ды паняволеных фараонамі дойлідаў?

Гісторыя ўсясьветнае літаратуры зьмяшчае шматлікія прыклады паслугоўваньня творцаў першай зорнай велічыні й стварэньне ў гэтых варунках істых шэдэўраў. Лепшыя паэты рымскае антычнасьці — Вяргілій, Гарацый, Авідый — былі пасьлядоўнымі сэрвілістамі. Свайго патрона, імпэратара Аўгуста яны ўважалі ня толькі за магутнага ўладара ўсясьветнае дзяржавы, але й за зямнога бога, сына Гэрмэса. Сэрвілістам, паводле палітычных арыентацыяў, тэндэнцыйнасьці, быў і Мальер — прыдворны камэдыёграф караля Людовіка XIV. Ягоныя драматургічныя тэксты скрозь перасыпаныя лісьлівымі прадмовамі, зьвернутымі да караля й уплывовых вяльможаў. Рабалепства перад абсалютнай каралеўскаю ўладаю прасякае шэраг ягоных твораў, у тым ліку такога ўзору “высокай” камэдыі, як “Тарцюф”.

Прыклады палітычнага сэрвілізму, або канфармізму, можна знайсьці ў жыцьцяпісах Шэкспіра, Дыкенса, Пушкіна, Горкага, Шолахава, Гамсуна.

Слугаваньне само па сабе — працэс нятворчы. Ён звужае ўнутраную волю творцы, абмяжоўвае ягоныя магчымасьці. Пераадолець гэтае звужэньне шляхам эстэтычнай кампэнсацыі можа толькі адораны вялікім талентам мастак. У параўнаньні зь імі мноства прыдворных паэтаў, лізаблюдаў ад літаратуры сыходзяць у забыцьцё, і іхныя імёны прыгадваюцца хіба што спэцыялістамі — дасьледчыкамі літаратурнае гісторыі. Або гэтыя імёны атаясамліваюцца толькі з самім працэсам прыслугоўваньня — як, прыкладам, Фадзея Булгарына, дарэчы, беларуса з паходжаньня з племені “рэнэгатаў і дэгенэратаў” (Купала); а ён жа меў і сякія-такія літаратурныя здатнасьці...


2. Традыцыя беларускага сэрвілізму
Найбольш яскравыя прыклады сэрвілізму ў старажытным беларускім пісьменстве знойдзем у беларуска-літоўскіх летапісах — “Пахвала Вітаўту”, “Пахвала князю Канстанціну Іванавічу Астроскаму”. Відавочныя прыкметы сэрвілізму — гіпэрбалізацыя цнотаў валадара, адназначнае ўхваленьне. Разам з тым, у гэтых творах назіраем перапляценьне сэрвільнасьці зь дзяржаўнай палітычнай тэндэнцыяй, калі за асобай бачыцца дзяржава, нацыя.

У 19 стагодзьдзі літаратурны сэрвілізм у Беларусі амаль адсутнічае — не знаходзіцца вартых для прыслугоўваньня ўладароў. Новы, досыць нечаканы, бурны й разбуральны, паводле сваіх наступстваў, усплёск сэрвілізму распачаўся ў Беларусі ў 1920—1930-я гады. Гэта быў напраўду ўздым сэрвілізму на тле аганізуючай літаратуры. Літаратура, зь ейнымі традыцыямі, творамі й творцамі, вынішчалася перадусім фізычна, выкаранялася маральна, дэфармаваліся натуральныя законы культурнага разьвіцьця, парушаліся нават тыя правілы гульні, на якія замахваецца ня кожны таталітарны рэжым.

Як заўсёды, у той зьяве лягчэй зразумець лёгіку ўлады, надзвычай цынічнай, жорсткай ды непераборлівай. У варунках панаваньня сталінскай дыктатуры, пэрспэктываў новага перадзелу Эўропы нацыянальная інтэлігэнцыя — у тым ліку, творчая — была абсалютна не патрэбная, асабліва ў Беларусі ды на Ўкраіне. Таму рэпрэсіі былі асабліва жорсткія тут, у выніку якіх было вынішчана каля 80 адсоткаў складу творчых саюзаў.

Бянтэжыць пазыцыя саміх творцаў, паводзіны бальшыні зь іх, у якіх, на першы пагляд, амаль адсутнічае як асабісты, гэтак і індывідуальны інстынкт самазахаваньня. Не кажучы ўжо пра элемэнтарнае для мастака пачуцьцё боязі за ўласную рэпутацыю й ўнутраную волю.

Выпадкі пісьменьніцкае салідарнасьці, узаемадапамогі, вядома, былі, але досыць рэдкія. Купалу, Коласу, Бядулю, некаторым іншым “нашаніўцам” удалося выратаваць з засьценкаў ды лягероў ГПУ Наталю Арсеньневу, Кузьму Чорнага. Дамагліся амністыі для Аляксандра Ўласава — былога рэдактара “Нашай нівы”, Уладзімера Жылкі. Аднак гэтая дапамога прыйшла запозна.

А.Калубовіч прыгадвае выпадак, калі па дапамогу да Коласа зьвярнуўся бацька Максіма Багдановіча, Адам Ягоравіч, у якога адабралі пэрсанальную пэнсію, бо сын быў пасьмяротна абвешчаны “нацдэмам”. Колас, нібыта, ня толькі дапамог пэнсіянэру, але паспрыяў і рэабілітацыі паэта-клясыка. Заступніцтва ў тых варунках было самое па сабе сьмяротна небясьпечным актам, роўным замаху на самагубства. Бо над галовамі памянёных творцаў дамоклавым мячом вісела пагроза іхнага арышту: крымінальныя справы былі заведзеныя практычна на кожнага.

Гэта бачна з наступнага прыкладу, пераказанага Ант.Адамовічам. У 1930 годзе, калі пачаліся першыя арышты й працэсы над “нацдэмамі”, Максім Гарэцкі угаворваў Купалу й Коласа адмовіцца, на знак пратэсту, ад званьня народных паэтаў. Колас, нібыта, адразу адхіліў гэтую прапанову, Купала ж — вагаўся. Але ягоная жонка, Уладзіслава Францаўна, катэгарычна забараніла Купалу “пратэставаць” такім спосабам. У выніку Гарэцкі разарваў адносіны з абодвума “народнымі”. Чым жа скончыўся ягоны нонканфармізм, вядома,— арыштам, высылкай, пасьля — расстрэлам.

У такіх варунках экзыстэнцыйны выбар у беларускіх літаратараў быў не нашмат большы, чымся ў герояў трагічных аповесьцяў Васіля Быкава: той або іншы спосаб самагубства, або неўмяшаньне, зацятае маўчаньне, “унутраная эміграцыя”. Зрэшты, у новых абставінах ад рэпрэсіяў не ратавалі ані “ўнутраная эміграцыя”, ані нават самае зацятае служэньне рэжыму. Гэта было “маўчаньнем ягнятаў”. Але ж іншай мажлівасьці, бадай, і не паўставала.

Злавесны парадокс у тым, што мноства пісьменьнікаў, асабліва маладога веку, выбрала якраз апошняе! Прытым, адразу, без ваганьняў, як бы ў стане нейкага незвычайнага афэкту. Служэньне праяўлялася ня толькі й ня столькі ва ўхваленьні рэжыму, выкананьні ягоных “сацыяльных заказаў”, але ў напісаньні даносаў — у празаічнай, вершаванай, літаратурна-крытычнай і драматургічнай формах. Даносы пісаліся як на былых літаратурных апанэнтаў, гэтак і на колішніх сяброў па “Маладняку”. Рыхтык як у той п'есе Кандрата Крапівы “Канец дружбы”.

Надта сьпяшаўся Міхась Чарот, які пасьля таго, як былі заарыштаваныя (але яшчэ не засуджаныя) В.Ластоўскі, М.Гарэцкі, А.Дудар, Ул.Дубоўка, Я.Пушча, М.Грамыка, друкуе ў № 12 “Маладняку” й у №№ 11—12 “Полымя” вершаваную “інвэктыву” — “Суровы прыгавор падпісваю першым”:

Чаго хацелі вы? Якое мелі права
Крывёю гандляваць працоўных Беларусі?
Прыйшла на вас суровая расправа,
Перад судом віну прызнаць прымусім.
(...)
Вы прытаіліся пад венікам, як мышы,
Каб зноў паўзьці на вольныя загоны,
Вы марылі ўзабрацца на ўзвышша
І дыктаваць драпежныя законы.
Наш сьмелы крок — узвышша затраслося,
Законы піша дыктатура працы.
Чарот ня ведаў, што “дыктатура працы” падпіша сьмяротны прысуд яму самому,— празь сем год яго расстраляюць.

Аналягічныя вершаваныя прысуды ў 1930 г. выйшлі з-пад пяра М.Лужаніна (“Дзень гневу”, “Узвышша”, 1930, №№ 9—10), В.Казлоўскага (“Абвяшчаю я свой прыгавор”, “Узвышша”, 1930, №№ 9—10). Разважлівы Кандрат Крапіва, на той час рэдактар “Узвышша”, надрукуе на старонках часопісу й свой артыкул з асуджэньнем “дрэнных”,”правых”, “узвышэнцаў” (ім ужо, маўляў, усё адно), але з абаронаю “добрага”, “левага”, крыла “Ўзвышша”. Не атрымалася, аднак, цалкам адратаваць і “левае” крыло.

У крывавай вакханаліі, што разгарнулася, цяжэй за ўсё зразумець лёгіку паводзінаў паслугачоў рэпрэсіяў ад літаратуры, якія неўзабаве самі зробяцца ахвярамі. Бадай, таму, што нам бачныя іхныя ўчынкі, дый наступныя падзеі, у адваротнай пэрспэктыве. Яны ж такой пэрспэктывы ня мелі.

Уважаючы на гэты чыньнік, паспрабуйма пранікнуць у матывацыю сэрвілізму пад час агоніі літаратуры. Мастаком, які робіць выбар на карысьць паслугоўваньня, могуць кіраваць некалькі відавочных матываў:

— выгода;

— страх;

— перакананьні: адданасьць уладару або ўладзе.

Матывацыя можа быць спалучэньнем дзьвюх-трох пералічаных прычынаў: напрыклад, выгоды й страху.

Сталінскі рэжым прадэманстраваў ужываньне вядомай палітыкі пугі й перніка. Аўтарскія ганарары за гэтым часам лічыліся ці не найвышэйшымі ў сьвеце. Сталінскай прэміі хапала на тое, каб набыць прыстойны аўтамабіль. Але гэты залаты дождж падаў на абраных. Адным з такіх быў Янка Купала — паэт, якому адначасова “сьвяцілі” ордэны й ордэры (на арышт). І што ордэры нечакана зьмяніліся на ордэны — зусім не заслуга ані Панамарэнкі, ані Сталіна, як слушна даводзіць у сваёй кнізе Георгі Колас.

Выратаваньне Купалы збылося з шчасьлівага для яго зьбегу абставінаў.

Разам з тым, тут прысутнічаў і страх. Менавіта ён змусіў песьняра адкаснуцца ў слынным пакаянным лісьце ў газэце “Звязда” 1930 г. ад сваіх паплечнікаў-нашаніўцаў. Гэты акт адрачэньня фатальным чынам зьвязаны з архетыпам сьмерці. На Захадзе даведаліся пра замах Купалы на ўласнае жыцьцё. Папаўзла пагалоска пра сьмерць паэты. І вось ён, адказваючы сябром ды “ворагам”, у запале кідае: “Ніколі ніхто мяне пры савецкай уладзе не арыштоўваў, і ніколі я не паміраў”. Гэта пасьля таго, як у лісьце да А.Чарвякова выціснуў зь сябе горкае прызнаньне: “Уміраю, прымаючы тое, што лепей сьмерць фізычная, чымся незаслужаная сьмерць політычная. Відаць, такая доля паэтаў. Павесіўся Ясенін, застрэліўся Маякоўскі, ну і мне туды за імі дарога. Шкадую толькі, што не змагу болей прымаць удзел у вялікім будаўніцтве, якое разгарнула партыя й Сав. улада ў БССР”.

Але фатум паэта, ягоная доля распарадзіліся па-свойму. Фізычная сьмерць яго абмінула — дала адтэрміноўку да 1942 году. Пачалося духоўнае паміраньне — агонія таленту. Страх, які душыў паэта да пераломнага 1930 году, дапоўніўся спакусай выгоды. У 1930-я Купала меў усё, што мог мець на той час прадстаўнік сталінскае эліты,— уласны асабняк, прыслугу, дзяржаўнае забесьпячэньне, аўтамабіль, кіроўцу, лецішча ў Ляўкох. І... не адмовіўся ад гэтых выгодаў. Дарэчы, адмова таксама была б успрынятая як замах на самагубства...

Як Купала ставіўся да атрыманых з рук крамлёўскага горца дабротаў? Як і мог ставіцца беларус — не адмаўляўся. Працягваў патаемна ненавідзець правадыра. Пісаў на гонар яго оды. А на свой дабрабыт глядзеў зь цяжкой, трагічнай іроніяй — сёньня ёсьць, заўтра няма.

Купала ня быў цынічным прагматыкам. Рэчы й грошы не адыгрывалі ў ягоным жыцьці такое ролі, каб яго можна было назваць, крый Божа, прадажным сэрвілістам. А такая катэгорыя літаратараў у 1930-я гады існавала, і яны пасьпяхова займаліся так званай “аглабельнай крытыкай”.


3. “Доносительство” як прафэсія
Мікіта Зносак з купалаўскіх “Тутэйшых” аднойчы заблытаўся ў сваіх “вольныхпрофэсіях”. Ніхто так і не даведаўся, кім ён служыў за палякамі — “разносителем”, альбо “доносителем”. У тым ліку, і сам драматургічны герой.

Зносак быў бяздарным невукам у справе “доносительства”. Усяго што й зрабіў — дык гэта здаў уладам аднаго “таварыша”, які ўваскрос ды напрыканцы п'есы павёў Мікіту Зноска за кулісы, каб “шлёпнуць”.

Напрыканцы дваццатых літаратурнае “доносительство” сталася прафэсіяй, носьбіты якой атрымлівалі сякі-такі заробак, ганарар ды прэміяльныя. Дзейнічаў атрад крытыкаў, што кваліфікаваліся на літаратурных даносах, напісаньні рэцэнзіяў ды артыкулаў, якія можна было б далучаць да судовых справаў літаратараў-нацдэмаў. Рабілася гэта досыць прафэсійна, за добрую аплату. Адмысловы атрад аформіўся арганізацыйна ў 1928 годзе й абвясьціў сябе БелАППам — Беларускай асацыяцыяй пралетарскіх пісьменьнікаў, якая ўзьнікла ў выніку другога расколу “Маладняку”. Першы раскол, дарэчы, які адбыўся ў 1926 годзе, вызваліў найбольш творчыя, дынамічныя рэзэрвы суполкі й прывёў да стварэньня “Ўзвышша”, а другі вызвабадзіў энэргію іншага кшталту.

Зь нейкае цьмянае прычыны — клясавай прымхлівасьці, ці што — да БелАППу далучыліся й някрытыкі — А.Астрэйка, П.Броўка, П.Галавач, Ю.Гаўрук, І.Гурскі, А.Звонак, А.Куляшоў, М.Лынькоў, Б.Мікуліч, Я.Скрыган, Ю.Таўбін, В.Таўлай, П.Трус, С.Шушкевіч ды інш. Не пра іх цяпер гаворка — іх можна вінаваціць хіба што за пэўныя сацыяльныя ілюзіі. У нетрах БелАППу аформілася структура, якая выконвала адначасова некалькі функцыяў: працягвала літаратурную палеміку, распачатую яшчэ ў часы “маладнякізму”, захапіла манаполію на літаратурную крытыку, выпрацоўвала афіцыйную “лінію” палітычнай цэнзуры, “доносительства”, а пасьля — літаратурна-крытычнага забесьпячэньня фізычнай расправы з творцамі.

Імёны “прафэсіяналаў” набылі сумную вядомасьць: Л.Бэндэ, А.Кучар, І.Барашка, Я.Бранштэйн, А.Канакоцін ды іншыя. “Прафэсіяналізацыя” колішняй “маладнякоўскай” крытыкі азначала, па сутнасьці, злаякаснае перараджэньне суполкі. Дыскусіі й палемікі, разьвязаныя ўжо напрыканцы 1920-х гг., у “белапаўскі перыяд”, не былі ўжо ані бяскрыўднымі, ані творчымі, але мелі выразна палітычны, агрэсіўны, абцяжараны фатальнымі наступствамі характар. Распачынаецца шумная “кампанія” супраць Язэпа Пушчы зь ягонымі “Лістамі да сабакі”, Міхася Зарэцкага зь ягонай “кулацкай” ды “нацдэмаўскай” прозай, Уладзімера Дубоўкі зь ягонымі паэмамі — уласна кажучы, супраць усяго “нашаніўства” ды “ўзвышэнства”.

Да “кампаніі” далучыліся ня толькі крытыкі-прафэсіяналы, але й былыя паэты, празаікі, якія таксама “прафэсіяналізаваліся” на жанры “аглабельнай крытыкі”. Зьміцер Жылуновіч нават дзеля гэтага выбраў яшчэ адзін псэўданім ды стаўся Янкам Пільным. Пад гэтым псэўданімам колішні нацыянал-камуністы бічаваў Язэпа Пушчу: “Пісьменьніку трэба лячыцца, каб не спаралізаваць сябе. Яму трэба прайсьці інфэкцыйную камэру й збавіцца ад шкодных наростаў, атруціўшых яго думкі й узбаламуціўшых яго настрой” (“Полымя”, 1927, № 5).

Тодар Глыбокі (А.Дудар) піша артыкул-данос “Вецер з Усходу” супраць Дубоўкі й Пушчы. З аналягічнай публікацыяй — “Цені на сонцы” — выступае А.Александровіч. Гэтыя энэргічныя захады прывялі да таго, што “Ўзвышша” распусьцілі й рэпрэсавалі раней за іншыя суполкі.

Ад апалягетыкі — да аглабельшчыны

Гэты пераход заслугоўвае ўвагі, бо мае ў сабе шэраг павучальных момантаў. Асабліва ўражвае кантраст паміж высакароднай інтэнцыяй і наступствам — канчатковым, так бы мовіць, прадуктам.

Дыскусіі ў літаратуры былі й будуць. Яны ёсьць прынадаю ня толькі для адвечных літаратурных скандалістаў, але й для эстэтаў, летуценьнікаў, апалягетаў творчай ідэі.

Павучальную гісторыю распавёў у сваёй кнізе-споведзі Барыс Мікуліч — пра ўласны ўдзел у “кампаніі” супраць “узвышэнцаў”, у якіх ён бачыў літаратурных непрыяцеляў. “Узвышанцы” на меня косились — с 1928 года в печати появилось несколько моих агрессивных рецензий и статей; “Узвышша” не выдержало и ответило мне в своем журнале — значит, заело. После одного “собрания”, которое закончилось грандиозной попойкой с хождением на польское кладбище, я отстал от этой компании. И здесь Сенькевич (он редактировал “Полымя”, ставшее тогда “нейтральным”) вдруг предложил мне вместе с Лиходиевским написать рецензии на книги Таубина, Астапенки”.

Б.Мікуліч задаволена й шчыра прыняў прапанову...

Біяграфічная даведка

Зьмітрок Астапенка быў арыштаваны ў 1936 годзе й засуджаны на 8 год зьняволеньня. Напачатку вайны забраны ў войска, памёр у 1944 годзе. Сьцяпан Ліхадзіеўскі рэпрэсаваны ў 1933 годзе — высланы на тры гады на поўдзень у Казахстан, але застаўся жыць. Барыс Мікуліч у 1936 годзе засуджаны на 10 гадоў зьняволеньня, вызваліўся ў 1947 годзе, у 1949 годзе засуджаны другі раз і памёр у высылцы ў Сібіры ў 1954 годзе.

Зусім не выключаецца, што многія з агрэсіўных сэрвілістаў свайго часу ўдзельнічалі ў суіцыдзе літаратуры сьведама, шчыра, ідэёва. Многія захоўвалі вернасьць сталінскай ідэалёгіі й уласным палітычным перакананьням нават перад расстрэлам.

Але адлегласьць паміж апалягетыкай ды чыстым сэрвілізмам, як высьветліцца, зусім не вялікая.

Комплекс Сотнікава й Рыбака. Гісторыю Сотнікава й Рыбака многія расчытваюць як аповесьць пра подзьвіг і здраду, героя й юду. Але ў Быкава ніколі не бывае ўсё гэтак проста.

Рыбак, нібыта, выглядае жывым увасабленьнем прыслужніцтва. Зь якой гатовасьцю ён пайшоў на службу да паліцаяў, пабег з прыбіральні на вокліч новага начальства, прытрымліваючы штаны... Як быццам комплекс прыслужніцтва сядзеў у ягоных генах.

Ажно няёмка за беларуса, гратэскава дэфармаванага ў гэтым пэрсанажы. Адна мая знаёмая з Расеі пыталася: “Скажыце, чаму сярод беларусаў столькі здраднікаў? Як паказала Вялікая айчынная вайна...” Мне доўга давялося тлумачыць пра вытокі й абставіны калябарацыянізму. Пра тое, як у гісторыі беларусы ўнікальным чынам здраджвалі самім сабе, але парадаксальна праз гэта й выратоўваліся. Яны цярпелі прыгнёт, экспансію ды гвалт, а захопнікі ды гвалтаўнікі прымалі гэтае цярпеньне за салідарнасьць. І вельмі зьдзіўляліся, а затым крыўдавалі на беларусаў за тое, што “зноў здрадзілі”.

Ня будзем, аднак, скідаць з рахункаў “комплекс служэньня” ў мадэлі паводзінаў беларуса. Ён ёсьць. Як ёсьць насьцярожанасьць ды імкненьне ладзіць з паганым, найгоршым у сьвеце начальствам (Ул. Караткевіч) — іншага Бог ня даў.

Парадаксальна, але “антыпод” Рыбака — Сотнікаў — таксама служыць! Ён — нявольнік сваіх перакананьняў, часам забабонаў, жалезнай ды жорсткай лёгікі, дагматычна зразуметага вайсковага абавязку. Дзеля гэтага Сотнікаў гатовы расправіцца з старастам, які спачувае й спрыяе партызанам, робіцца далучным да пагібелі ні чым не вінаватай Дзёмчыхі ды ейных дзяцей. Па вялікім рахунку, Сотнікаў разам з Рыбаком дзеліць віну й за праваленае заданьне.

Сотнікаў і Рыбак — дзьве скрайнасьці служэньня. Рыбак — працяг Сотнікава ў іншай іпастасі. “Служэньне ідэі”, “прынцыпам”, што так імпэтна выяўлялі літаратары ў зацятай грызьні, па сутнасьці, у тым палітычным кантэксьце, аб'ектыўна падмацоўвалі ўладу, былі праяваю адданасьці ідэалёгіі, рэжыму, таталітарнай сыстэме.

“Канец дружбы”: Кучар і Маракоў. Б.Мікуліч “раўнаваў” Кучара: наракаў, што той задужа сьпявае дыфірамбы варожым для яго “мсьціслаўцам” — у прыватнасьці, Юлію Таўбіну. Алесь Кучар напраўду на пачатку свае кар' еры быў крытыкам дыфірамбічным. Зрэшты, і досыць кваліфікаваным: прынамсі, мог адрозніць сапраўдную літаратуру ад падробкі.

Кучар 1920-х гадоў спэцыялізаваўся ў жанры “літаратурных партрэтаў”. Кучар 1930-х — аўтар “партрэтаў”, якія служылі падставай для крымінальных працэсаў ды прысудаў.

Нарыс Кучара пра паэта Валер'я Маракова, надрукаваны ў часопісе “Маладняк” (№ 7 за 1929 год),— гэта допіс сябра, звышпрыхільны разгляд эстэтычных ды адраджэнцкіх вартасьцяў паэзіі Маракова (якія напраўду былі). Адносіны Маракова й Кучара зь юнацтва складаліся як вялікае творчае й чалавечае сяброўства. Да часу.

Ёсьць іншы дакумэнт — “О творчестве Валерия Морякова”, выкананы крытыкам з запыту УГБ 20.5.1935 году. Адзін і той жа творца, адна й тая ж паэзія, тыя ж самыя творы. І той самы крытык — сябра.

І вось якія дзьве ацэнкі.

Маракоў “кідаецца ад сялянскіх матываў да гарадзкіх, і яму надзвычайна балюча кінуць адно зь іх. Гэта відно зь яго зборніку “Пялёсткі”, якому характэрны мастацкасьць і эмоцыйнасьць вершаў.

Наймацнейшыя вершы трэцяга творчага пэрыяду Маракова: “Цыганка”..., цікавы вялічэзнай замілаванасьцю паэты да “залатой таемнічасьці зямлі”,. “Чуеш, Беларусь”... — бунтарска-напружаны верш, “Беларусі”..., які характэрны шчырым каханьнем поэты айчыны...”

З другога дакумэнту:

“Таким образом, перед нами творческое лицо Морякова. Моряков на протяжении своего творческого пути исповедовал буржуазно-националистические, кулацкие взгляды. Эти взгляды теснейшим образом переплетались у него с пьяной богемой и упадничеством, с врожденным отношением к фабрике, заводу, индустриализации советской Белоруссии, с клеветническими обвинениями по адресу советской власти, что она не бережет и не заботится о рабочих так же, как об интеллигенции, в том числе, интеллигенции художественной”.

Біяграфічная даведка

Паэт Валер Маракоў арыштаваны й расстраляны ў 1937 годзе. Пад час допытаў сьледчы карыстаўся “распрацоўкамі” Кучара, як сьведчаць архіўныя дакумэнты. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Алесь Кучар памёр у 1996 годзе. Узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Айчыннай вайны II ступені, мэдалямі.

Вядомы наступны факт: у 1970-я—80-я гады зь бібліятэк таямнічым чынам пазьнікалі публікацыі Алеся Кучара 1930-х гадоў — былі нажніцамі павыразаныя з гадавікоў.

Комплекс Сальеры й школа нянавісьці. Вымалёўваецца чацьвёрты чыньнік, які дзейсна спрыяе ператварэньню літаратара ў агрэсіўнага сэрвілістага — сублімаваная нянавісьць. Творчая нязгода й канкурэнцыя, напал літаратурнае барацьбы, рэўнасьць да чужой славы, зайздрасьць бездара да таленту (комплекс Сальеры) — усё спрыяе таму. Аднойчы ў творцы зьяўляецца жаданьне зьнішчыць, забіць апанэнта. Больш прыдатных умоваў для таго, чымся таталітарны, рэпрэсіўны рэжым, у яго няма.

Рэжым апраўдваў забойства дзеля ідэі, узгадоўваў нянавісьць, сакралізаваў акты калектыўнай нянавісьці (нешта падобнае на апісаныя Оруэлам “хвілінкі нянавісьці”). У завочнай расправе творцаў над творцамі дзівіць надзвычайная лютасьць, гэтакі літаратурны канібалізм. Узор такога калектыўнага канібалізму — “Прысьвячэньне паэту Пушчу й другім падобным”, складзенае “групай паэтаў” Калініншчыны (была й там “маладнякоўская” філія), друкаванае ў “Чырвоным сейбіце” (1929, № 12):

Хто такі ты, Пушча?
Што ў цябе на сэрцы,
Яд, атрута, злосьць?!
Табе у дзень цёмна,
Цёмна, як уночы.
Бо чаму ты кажаш:
Запалю ліўтарню.
Годзе пляміць нашы песьні,
Голас скора ўжо ваш трэсьне!
Адбываўся працэс выштурхоўваньня зь літаратуры асобаў, адораных паўнавартаснымі талентамі, яркіх індывідуальнасьцяў. Гэтакія таталітарнаму рэжыму, зь ягонымі стандартамі жыцьця, нівэліроўкай ува ўсіх сфэрах, не патрэбныя.

“Кат вучоны” — Лукаш Бэндэ. Часам у гэтай постаці знаходзяць нешта злавесна-дэманічнае, містычнае. Аж да такой ступені, што спрабуюць сьпісаць амаль усе злачынствы супраць літаратуры ў 1930-я гады на гэтую звышадыёзную асобу. Пра Лукаша Бэндэ з агідай, абурэньнем і амаль містычным жахам пісалі Алег Лойка ў біяграфічнай кнізе пра Купалу, Паўліна Мядзёлка ў сваіх успамінах. Барыс Сачанка прысьвяціў гэтаму антыгерою цэлы разьдзел кнігі “Сняцца сны аб Беларусі...”

“Акадэмічнае” аблічча Лукаша Бэндэ, ягоная “літаратуразнаўчая” ўедлівасьць ды настырнасьць у пошуках контррэвалюцыі, халодная жорсткасьць, “майстэрства” ператвараць белае ў чорнае — усё адпавядае рысам “ката вучонага”. Псыхолягі знойдуць у ягонай “літаратурна-крытычнай чыннасьці” сублімацыю складанага садамазахісцкага комплексу.

Бэндэ зьнішчаў іншых. Але й сам бываў прыніжаны, хаця й ня зьнішчаны. У 1934 годзе ён ледзьве ногі прыбраў зь Беларусі, калі пачалася кампанія па барацьбе з “вульгарызатарамі”. Пры гэтым, прыхапіў з сабою архівы пісьменьнікаў, рэпрэсаваных паводле ягоных даносаў.

Згадвае адзін зь літаратараў, што стаўся ахвярай “ката вучонага”: “Быў я на кватэры ў Ленінградзе ў гэтага гіцаля, як называла яго Ўладзіслава Францаўна. (...) Пасьля вайны ўжо. Жыў ён раскошна, на Неўскім праспэкце. Уся вялікая, на некалькі пакояў, кватэра застаўлена была папкамі, кнігамі... І мая знайшлася кніга, што павінна была выйсьці, ды ня выйшла... І нявыдадзеныя кнігі іншых беларускіх пісьменьнікаў там стаялі — Дубоўкі, Пушчы, Гарэцкага, Жылкі... Так, як нас бралі, у такім парадку стаялі й нашы кнігі... Ён іх прадаваў, вядома, за добрую цану...”.

“Ён нават зьнешне быў непрыемны. Худы, лысы да апошняга воласу, з вачыма, што глядзелі, быццам з таго сьвету, і праціналі навылёт. Помню, калі, знаёмячыся, ён працягнуў руку, і я ў адказ падаў сваю, здалося, што дакрануўся чагосьці ліпкага, агіднага — ні то цьвілі, ні то павуціньня”.

Такім пабачыў “монстра” аглабельнае крытыкі Барыс Сачанка ў 1960 годзе.

Але ў абліччы Бэндэ, дый у ягоных тварэньнях, уражвае не дэманізм, а пасрэднасьць — пасрэднасьць, узьведзеная ў квадрат. Мэтода Бэндэ надзвычай прымітыўная: зьнішчэньне літаратара праз клясавую ацэнку ягонай творчасьці, дапоўненую халоднай нянавісьцю (комплекс Сальеры) ды нейкай асаблівай уедлівасьцю. Так зьнішчаліся ня толькі жывыя, але й мёртвыя майстры.

З вучоных трактатаў ды артыкулаў Бэндэ:

“Творчасьць М.Багдановіча па сутнасьці сваёй ёсьць мастацкае выяўленьне надзей, сілы, імкненьняў, роспачы, страху й бясьсільля беларускай буржуазіі...”

“Творчасьць Купалы з актыўна дзейнай рэволюцыйнай ператвараецца напярэдадні Кастрычніка ў лібэралісцкую, з прычыны адсутнасьці рэволюцыйных элемэнтаў набывае глыбока нацыяналістычны характар, з усімі ўласьцівымі нашаніўскаму нацыяналізму рысамі”.

Парадаксальна, але некаторыя высновы Бэндэ выглядаюць дакладнымі, калі ацэньваць іх бяз знакаў “плюс” або “мінус”. Гэта — пра сымбалізм у творчасьці Купалы, містычны зьмест асобных ягоных твораў, непрыняцьцё Купалам, Коласам ды іншымі “нашаніўцамі” кастрычніцкага перавароту, адраджэнцкія ідэалы пісьменьнікаў...

Аб' ектыўна слушныя й зьвінавачаньні Бэндэ на адрас Купалы ды іншых ягоных сучасьнікаў за непрыняцьцё рэвалюцыі, унутраны супраціў, апазыцыянізм да яе. Зрэшты, можна было б пагадзіцца й з вызначэньнем “нацдэм” у ягоным станоўчым сэнсе (“нацыянал-дэмакратызм”), якое само па сабе не выглядае крамолай.

Дарэчы, у 1940-я—1950-я гады тэрмін “нацдэм” памяняўся на “белбурнац” (“беларускі буржуазны нацыяналіст”). Літаратуразнаўчая “школа” Лукаша Бэндэ дапаўняецца распрацоўкамі ягоных пасьлядоўнікаў: А.Кучара “Вялікая перабудова” (Мн., 1933), А.Канакоціна “Літаратура — зброя клясавай барацьбы” (Мн., 1933), І.Барашкі “Буржуазныя плыні ў сучаснай літаратуры” (Мн., 1930) ды іншымі.


Літаратура
1. Калубовіч Аўген. Крокі гісторыі. Беласток—Вільня—Менск, 1993.

2. Колас Г. Карэнні міфаў. Мн., 1998.

3. Кучар Алесь. Літаратурныя партрэты // Крыніца. 1998. № 11 (48). С. 103—111.

4. Мікуліч Б. Аповесць для сябе. Мн., 1993.

5. Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990.

6. Чарот Міхась. “Суровы прыгавор падпісваю першым...”. У тт. Чарот М. Зб. тв. У 2 т. Т.1. Мн., 1978. С. 171—173.

7. Adamovitch A. Opposition to Sovetization in Belorussian Literature (1917—1957). Munich, 1958. 

Лекцыя 15. Фэномэн літаратурнага сэрвілізму й нонканфармізм

Плян:

1. Сэрвілізм як рытуал

2. Ілюзіі сэрвілістых

3. Клетка сэрвілізму (пытаньні паэтыкі)

4. З 1956 да 1991. Сума дысыдэнцтва

5. Нонканфармізм і сацыяльны крытыцызм


1. Сэрвілізм як рытуал
Літаратары, якія пайшлі на супрацоўніцтва з рэжымам у 1920-я гады на глебе беларусізацыі, дазвалялі сабе прыхаваны апазыцыянізм, вернасьць нашаніўскім ідэалам, пэўны сацыяльны крытыцызм.

Літаратары ў 1930-я гады ўжо ня мелі выбару ісьці або не ісьці на супрацоўніцтва з уладай. Улада дыктавала ім законы фізычнага выжываньня. Прычым, гэтыя законы не гарантавалі іхнае бясьпекі ад арышту, сьледзтва, зьняволеньня, або высылкі. Тым ня менш, літаратары паспрабавалі прыняць правілы жорсткай гульні. Ня ўсе кінуліся пісаць артыкулы-даносы. Але сэрвілістамі сталіся многія.

Крытыкі, як мы ведаем, пераважна займаліся выкрыцьцём ды зьнішчэньнем ворагаў у літаратуры. Празаікі ўзяліся за выкананьне “сацыяльных заказаў” — пісаньне аповесьцяў ды раманаў пра індустрыялізацыю, калектывізацыю, раскулачваньне й г.д. (“Спалох на загонах” П.Галавача, “Вясна” К.Чорнага, “Вязьмо” М.Зарэцкага, “Язэп Крушынскі” З.Бядулі). Драматургі скарыстоўвалі магчымасьці гэтага роду літаратуры (інтрыга, канфлікт) і паказвалі пераважна жахі капіталізму, шпіянажу й падкопы ўсялякіх ворагаў. Або кідаліся ў новаўтвораны жанр “вытворчай драмы” (“Мост” Я.Рамановіча, “Гута” Р.Кобеца, “Качагары” І.Гурскага). Паэты аддалі перавагу хваласьпевам, одам — сацыялістычнаму будаўніцтву, партыі, Сталіну. Не было аніводнага беларускага паэты, які не прысьвяціў бы Іосіфу Сталіну некалькіх вершаў. Узьвелічэньне правадыра сталася свайго кшталту літаратурным рытуалам.

Ня быў выключэньнем і Янка Купала. Складальнікі перадапошняга ягонага Збору твораў старанна вычысьцілі з выданьня як “нацыяналістычныя” творы песьняра (трагікамэдыю “Тутэйшыя”, каля сотні вершаў, публіцыстычныя артыкулы, лісты), так і сэрвілісцкія тварэньні. І дарэмна. Публікаваць трэба ўсё.

Вершаў, прысьвечаных Сталіну, у Купалы досыць: “Табе, правадыр...”, “Дзень Канстытуцыі”, “Аб Сталіне-сейбіту”, “Дзякую партыі Леніна-Сталіна”. Дарма шукаць у гэтых творах шчырасьць. Адкуль? Як вядома, Купала ненавідзеў правадыра. Заўжды. Выкананьне рытуалу сталася адным зь цяжкіх этапаў ягонага згасаньня. У купалаўскай “сталініяне” найчасьцей праяўляюць сябе стома, аўтаматызм пісьма, дзяжурная газэтная патаснасьць. Купала не стамляў сябе пошукам тропаў — быў і без таго зламаны й сьмяротна стомлены. Ён аўтаматычна зарыфмоўваў радок за радком, найчасьцей скарыстоўваючы рэфрэны:

Дзякуй за годнасьць паэта народнага,
Дзякуй за Леніна ордэн мне радасны,
Дзякуй за прэмію Сталіна роднага,
Дзякую Сталіну, сокалу яснаму!
Абы-якія радкі — ад абыякавасьці. І гэтак з усёй купалаўскай “сталініянай” — за невялікім выняткам, пра што будзем казаць.

Купала мусіў выканаць яшчэ адзін рытуал — выкрыцьця й асуджэньня ворагаў — забойцаў Кірава, Горкага, трацкістаў, укланістаў... Ён і выканаў — з тым жа халодным сэрцам, мёртвай абыякавасьцю — вершы “На сьмерць таварыша Кірава”, “Мала іх павесіць!..”, “Сьмерць забойцам А.М.Горкага”. І ў гэтых творах — фэнамэнальная для Купалы нядбайнасьць у паэтычнай тэхніцы, у стварэньні рытуальнага настрою нянавісьці:

Пятакоў і Троцкі,
Муралаў і Радэк
Пакінуць хацелі
Царскі нам парадак.
“Гэта не Купала!” — прамовіць абураны чытач. Так, гэта не Купала, ня той Купала, якога мы ведалі раней. Прымітыўнасьць вышэйпададзеных радкоў паказвае не на творчую бездапаможнасьць, але на наўмысную нязграбнасьць.


2. Ілюзіі сэрвілістых
Купала, з прычыны свайго сталага творчага ўзросту, жыцьцёвага досьведу, асаблівага прарочага дару, ня мог мець ілюзіяў. Дый не хацеў. Ён як творца самарэалізаваўся раней. А ў 1930-я дажываў мастакоўскі век. Сваю Беларусь ён ужо адсьпяваў, пасадзіў за вясельны стол ды пахаваў. Лепшыя творы былі ўжо напісаныя. Не маючы нічога лепшага, у адсутнасьці пэрспэктывы, творца спрабаваў хоць дажыць неяк гэтую рэшту жыцьця.

Маладзейшым — тым, хто толькі ўваходзіў у фазу творчай сьпеласьці й прагнуў поўнай самарэалізацыі, цяжка верылася ў тупіковасьць творчага лёсу.

Адным з такіх быў Кузьма Чорны. Мара кожнага празаіка — стварыць “раман стагодзьдзя”. Кузьма Чорны, з свайго Божага дару, творчых патэнцыяў мог ня толькі марыць — ён мог стварыць раман стагодзьдзя. Пачатак творчасьці Чорнага можна параўнаць з дэбютамі буйнейшых майстроў літаратуры 20 стагодзьдзя, будучых Нобэлеўскіх ляўрэатаў. Ён практыкаваўся ў літаратурным імпрэсіянізме, экспэрымэнтаваў, спасьцігаў найтанчэйшыя прыёмы псыхалягічнага аналізу, пранікненьня ў “плынь падсвядомасці”. Ён стварае адзін зь першых у беларускім пісьменстве ўзор інтэлектуальнага рамана — “Сястра” (1927—1928).

Пэўна, пісьменьнік нават сам не адразу адчуў у сваёй прозе пераломны момант. Крытыка пераконвала, што гэты пералом — да лепшага.

Крызысныя прыкметы мела аповесьць “Лявон Бушмар” (1929). Твор, напісаны пад час “вялікага пералому”, ужо напалову кан'юнктурны, напалову псыхалягічна “чорнаўскі”. Празаік даводзіць заганнасьць кулацтва, але спрабуе вынайсьці “ген” уласьніцтва, разглядае кулацтва не як сацыяльную зьяву, але як інстынкт, дадзены ў спадчыну,— свайго кшталту фатум. І тут збліжаецца з мастацкім досьведам Гаўптмана, Ібсэна.

Наступны твор Чорнага — аповесьць “Вясна” (1939) — цалкам кан'юнктурны. “Трэцяе пакаленьне”, “Люба Лук'янская” — узоры сэрвільнае прозы (ня самыя горшыя), створаныя паводле сацыяльнага заказу. Яны не задавальнялі самога стваральніка аніяк. У гэтыя гады Чорны мусіў адбівацца ад нападаў “аглабельнае крытыкі”, а сам патаемна марыў пра стварэньне рамана стагодзьдзя. Вядома, раман стагодзьдзя не ствараецца паводле кан'юнктурных замоваў.

Кан'юнктурная паслухмянасьць ня выратавала ад арышту. Чорны быў зьняволены ў 1938 годзе, адседзеў у КПЗ на Валадарцы 8 месяцаў, пасьля — дзякуючы ўдачы ды заступніцтву старэйшых літаратараў, адпушчаны на волю. Пра сваё зьняволеньне ён таксама запіша ў дзёньніку: кідалі на каменную падлогу й зьбівалі кіямі, заганялі голкі пад пазногці, раўлі ў вушы праз папяровыя трубы... Але — зазначыць Чорны з гонарам за сваіх катаў — кайданоў на рукі не накідалі ніколі.

У 1940-я гг. Чорны зробіць адчайную, апошнюю спробу стварыць “раман стагодзьдзя”. Ім мог бы стацца твор “Пошукі будучыні”, або “Млечны шлях”. Першаму не хапіла літаратурнае шліфоўкі й асабістай перажытасьці матэрыялу. Другі, глябальны паводле сваёй задумы,— папросту застаўся незавершаным.

Памёр Чорны ў 1944 г. ад апаплексічнага ўдару, пры цьмяных, нявысьветленых абставінах.

Дыхтоўны сэрвілізм

Яшчэ адна спакуса, ілюзія мастакоў, што падпадалі пад узьдзеяньне кан'юнктуры,— спакуса рамяством, дыхтоўнасьцю: маўляў, і сэрвілізм дазваляе рабіць сапраўднае мастацтва — якаснае, вартае.

Гэтакую спакусу перажыў герой славутае стужкі “Мэфістофэль” — мастак, які ў 1930-я гг. запрадаў свой талент д'яблу — пайшоў на службу да нацыстаў, маючы ілюзію поўнай самарэалізацыі ў варунках таталітарызму.

Можна спадзявацца “на потым”, як Чорны, можна апатычна жыць як набяжыць, дажываць свой творчы захад, як Купала. Але поўная самарэалізацыя ў варунках таталітарызму — ілюзія. Адзіная рэальная магчымасьць — хаця б не згубіць свае формы, захаваць аблічча.

Беларускі сэрвілізм мае ў сваім актыве некалькі напраўду дыхтоўных, добра зробленых твораў. Адзін зь іх — вершаваны ліст “Вялікаму Сталіну ад беларускага народа”, датаваны 11 ліпеня 1936 году. “Пісьмо”, як сьведчыць рэмарка, “падпісалі 2 мільёны працоўных Совецкай Беларусі”. Стваральнікамі ж гэтага ўнікальнага тэксту былі шасьцёра — Янка Купала, Якуб Колас, Андрэй Александровіч, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Ізі Харык.

Кожны рабіў сваю, асобную, частку. Складаньне “Пісьма” ператварылася ў своеасаблівае спаборніцтва — хто лепей, якасьней. Дзейнічаў антыганарар, якім магла аказацца куля або працяглы тэрмін зьняволеньня. І ў гэтым спаборніцтве нават Купала здрадзіў свайму кволаму дзяжурнаму сэрвілізму: ягоныя радкі, якімі “Пісьмо” завяршаецца, безумоўна, найбольш дасканалыя, калі браць за крытэр паэтычную тэхніку. Можна нават адчуць: гэта былы Купала, тэмпэрамэнтны, палкі, вітальны, ніколі ня цёплы — або гарачы, або халодны:

Хай смутак вачэй тваіх добрых ня росіць
Ці сонейка захад, ці сонейка ўсход,
Прымі прывітаньне, якое прыносіць
Табе, правадыр, беларускі народ.
Уражаньне, быццам Купала бачыў, калі складаў гэтыя радкі, іншага — напраўду з добрымі вачыма. Каго? Магчыма, Уладара беларускае зямлі, пра якога марыў і якому мог бы служыць як паэта. Чарговая ілюзія сэрвілізму...

Аналягічны ліст да “правадыра” склалі беларускія паэты Заходняе Беларусі, у ліку якіх — Максім Танк і Наталя Арсеньнева. Тыя мелі свае ілюзіі адносна савецкай Беларусі й ейнага крамлёўскага “бацькі”.


3. Клетка сэрвілізму (пытаньні паэтыкі)
Давядзецца пагадзіцца з аксыёмай, што сэрвілізм — мастацкая зьява, калі нават і этычна заганная, дык усё ж з разьвітай ды структураванай паэтыкай (сукупнасьцю ўласьцівасьцяў ды прыёмаў).

“Клеткай” мы называем гэтую сыстэму ня толькі таму, што яна зьмяшчае нарыхтаваныя рэцэпты й каноны творчасьці, але й таму, што прадугледжвае цэлы комплекс абмежаваньняў ды табу. Паміж імі — забароны на крытыку існуючага ладу, рэжыму, на форматворчасьць (авангардызм), на “эстэцтва”, вяртаньне да клясычных формаў пісьма, на паказ эротыкі ды іншых “антымастацкіх” ды “антыграмадзкіх” праяваў, на “натуралізм” (жорсткі рэалізм), на ўхваленьне замежнага, “варожага”, буржуазнага, на спачуваньне да клясавых ворагаў, на сумневы, на асобныя жанры (дэтэктыў, проза жахаў, у Беларусі — нават на гістарычны раман).

У 1-е пасьляваеннае 10-годзьдзе афіцыйнай крытыкай было накладзенае табу на канфлікт. Зьявілася “тэорыя бесканфліктнасьці”, згодна зь якой у сацыялістычным грамадзтве ня можа праяўляцца канфлікт “паміж добрым і дрэнным”, але застаецца канфлікт “паміж добрым і яшчэ лепшым”, які й належыць адлюстроўваць у творах.

Спрабуйма падсумаваць прыёмы сэрвілізму.

Гіпэрбалізм. Іначай, няведаньне меры ва ўхвале й праклёне. Адсутнасьць меры — і ёсьць сталы канон жанру. Гіпэрбалізм межаваў з касьмізмам, мог стымуляваць эмоцыі творцаў як маладога, так і сталага веку, ствараючы ілюзію эмацыйнасьці.

Яшчэ адна цытата зь “Пісьма...”, якая зноў-такі належыць Купалу:

Ты сонца для нас, што зямлю асьвяціла
І ласкай сагрэла палі, гарады.
Ты рэк паўнаводных імклівая сіла,
Ты — наша вясна, дарагі правадыр!
У гэтым творы адчуваецца момант сакралізацыі — абагаўленьня ўладара, прыём, вядомы яшчэ з часоў Гарацыя, які абагаўляў — можа, і шчыра — боскую прыроду імпэратара Аўгуста.

Экспрэсіўнасьць. Якасьць, якая генэтычна зьвязвае творчасьць сэрвілістаў з набыткамі ранейшых пасіянарыяў — Купалы, Цёткі, “маладнякоўцаў”. Цяпер сродкі выражэньня сканцэнтроўваліся або на ўхваленьні, або на выкрыцьці. У апошнім выпадку скарыстоўваліся досыць прымітыўныя, хаця й энэргічныя, моўныя сродкі, нават брутальная лаянка.

Фальклярызацыя. Гэты спосаб зноў жа вынайдзены Купалам, які — як мэтр паэзіі, хай сабе й стомлены, амаль занядбалы жыцьцёвыя клёкі, мэтр — усё ж унутрана саромеўся прымітыву. Ён ведаў: прымітыў апраўданы хіба ў фальклёрнай стылізацыі. І таму большасьць кан'юнктурных вершаў Купалы 1930-х гадоў — скрозь фальклярызаваныя. Перадусім, вершы т.зв. “ляўкоўскага цыклю”. Гэтая якасьць з замілаваньнем была сустрэтая Горкім, які ня ўмеў прыпадабняцца пад фальклёр, а па прачытаньні купалаўскіх “ляўкоўскіх” вершаў пакінуў на палёх верша “Лён” маргіналію з аднаго слова: “Славно!”

Як расьці стаў, як падрос,
Як лісткі ўзьняў дагары,—
Лён палола з раньніх рос
Да вячэрняе зары.
Сэрца ныла, бы з нуды,
Бы сама была ня ўся,—
Спадабала я тады
Брыгадзіра Міхася.
Ой лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!
“Лён” — як бляклы адбітак паэмы “Яна і я” зь ейнай цыклічнай кампазыцыяй, сонечнай калярыстыкай, сакралізацыяй працы.

Самыя “крыважэрныя” Купалавы інвэктывы сэрвільнага пэрыяду зьмякчаюцца фальклярызацыяй — прыпадабненьнем да народнага жанру. Гэтак у “крутым” вершы “Беларускім партызанам”:

Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб ня ўскрэсьлі век яны.
На руінах, папялішчах,
На крывавых іх сьлядах
Хай груган іх косьці ліча,
На бяседу соваў кліча,
Баль спраўляць на іх касьцях.
Выбар паміж асабістым і грамадзкім. Натуральна, у сэрвільнай літаратуры станоўчыя героі робяць гэты выбар на карысьць грамадзкага (грамадзянскага) абавязку. У гэтым падабенства сэрвілізму 1930-х ды клясыцызму. Разам з тым, выбар гэты перастае асьвячацца традыцыйнай маральлю — наадварот, найчасьцей ён амаральны. Жонка абавязана данесьці на мужа (“Трэцяе пакаленьне” К.Чорнага). Герой мусіць адцурацца свайго сябра, калі ён, нават зь непаразуменьня, трапіў у шэрагі “ворагаў народа” (драма Крапівы “Канец дружбы”).

У межах гэтакага амаралізму палягае культ забойства — забойства дзеля сацыялістычнай ідэі. Адна з самых пачварных сцэнаў “Міколкі-паравоза”, калі малы Міколка й ягоны дзед пастралялі цэлую плойму белагвардзейцаў ды любуюцца на трупы.

Deus ex machina (Бог з машыны) — стары, як мастацтва, спосаб разьвязваньня канфліктных вузлоў твору, распрацаваны яшчэ ў антычным тэатры. Зьяўляліся Гэрмэс або Афіна, або іншы алімпіец на спэцыяльнай тэатральнай машыне ды ўтрасалі чалавечыя непаразуменьні.

Мальер ужыў гэты прыём у камэдыі “Тарцюф”, калі крывадушніка змог утаймаваць толькі Людовік XIV, заслаўшы свайго афіцэра заарыштаваць яго.

Карыкатурнае ўжываньне прыёму знаходзім у “Пінскай шляхце”, дзе правасудзьдзе аднаўляе асэсар Кручкоў — гратэскавае ўвасабленьне Ўлады.

У сэрвільных творах ролю “багоў з машыны” найчасьцей выконвалі партыйныя сакратары, зрэдку — міліцыянты, афіцэры НКВД — выканаўцы волі “правадыра”. Гэтак, у камэдыі Крапівы “Хто сьмяецца апошнім” Гарлахвацкага выкрывае Левановіч, сакратар парткаму.

Навамоўе (сэрвілісцкі жаргон). Мова сэрвільных твораў 1930-х гг. утварае два стылёвыя плясты. “Высокі” стыль зьмяшчае экспрэсіўна афарбаваныя моўныя адзінкі, якія перадаюць пачуцьці прыўзьнятасьці, захопленасьці й адначасова — самапрыніжэньня. “Зьніжаны” стыль прызначаецца для выкрыцьця “ворагаў” і мяжуе з даволі брутальнай лаянкай. Апроч таго, было створанае спэцыфічнае літаратуразнаўчае навамоўе, якое, апроч лаянкі, убірала ў сябе палітычную лексыку, газэтны жаргон таго часу. Дзеля яго маем “тэрміны” кшталту “нацдэмаўшчына”, “белбурнац” ды іншыя наватворы.

Выйсьце з клеткі

Яго ў зададзеных варунках не існавала. Але спробы выйсьця, пашырэньня творчых магчымасьцяў, самарэалізацыі — былі.

Яны выявіліся ў пошуку “экалягічных нішаў” — прасторы, не запоўненай ідэалёгіяй. Праўда, сыстэма прадбачліва абмяжоўвала й такія магчымасьці.

Напрыклад, адной з такіх нішаў мог стацца гістарычны жанр, уцёкі ў мінулае. Некаторыя расейскія пісьменьнікі гэтую магчымасьць скарысталі (А.Талстой, Костылеў, Язьвіцкі, Ян ды інш.). Зрэшты, і ў гэтым жанры ім даводзілася прыносіць ахвяры рэжыму ў форме апалягетыкі дэспатыі (прыкладам, “Арол і арліца”, “Пётр I” А.Талстога).

Беларускія ж пісьменьнікі былі пазбаўленыя магчымасьці скарыстоўваць гэты жанр — для іх існавала гісторыя адно пасьля 1917 году.

Скарыстоўваліся такія “нэўтральныя” жанры, як пэйзажная, інтымная лірыка. Але й на гэтым шляху паэт мог трапіць у шэрагі “багемшчыкаў”, мяшчанаў, “ясеніншчыкаў”.

Янка Маўр у гэты цяжкі час досыць пасьпяхова скарыстаў экалягічную нішу прыгодніцкае прозы. Адценьне ідэалягізацыі, вядома, ёсьць і ў “Палескіх рабінзонах”, “Сыне вады”, “Амоку”, але законы жанру адсоўваюць ідэалёгію на другі плян.

З рызыкай для сябе некаторыя творцы паспрабавалі нішу “чыстае эстэтыкі”, удасканальваньня паэтычнае формы. Але абмежаваньні тут былі досыць жорсткія. Даволі лёгка было трапіць у “буржуазныя дэкадэнты”, “эстэты”.

Алесь Салавей, да прыкладу, яшчэ пачаткоўцам напісаў верш у форме санэту(!). І адаслаў яго ў газэту. У адказ ён атрымаў параду не скарыстоўваць больш “адмерлага” жанру. Як вядома, Алесь Салавей з гэтай парады не паслухаўся й напісаў безьліч санэтаў, трыядэтаў, актаваў ды александрынаў. Але гэта адбывалася ў іншых цэнзурных умовах. У 1930-я ж будоўля літаратурных “вежаў” (з чорнага дрэва або крышталю) была заняткам марным і небясьпечным.

Эзопава мова, падтэкст у варунках сэрвілізму

Як ні дзіўна, але ў творах 1930-х такі падтэкст магчыма адшукаць. Часам гэта адно гіпатэтычны падтэкст, часам уяўны, часам — проста парадокс, зьвязаны з накладаньнем двух часоў, двух тыпаў успрыманьня. Аднак нават уяўны падтэкст мог закладацца ў твор аўтарам-сэрвілістам несьвядома, інтуітыўна.

Перачытаем, прыкладам, верш Янкі Купалы “На сьмерць таварыша Кірава” ды знойдзем у ім прыхаваную “чорную” іронію:

...Ня стала Кірава... Бяз часу сьмерць скасіла...
Герой загінуў ад варожай здрадніцкай рукі...
Таварышы! Зьняць шапкі над жывой магілай!
Хаваюць, ведайце, бальшавіка бальшавікі.
Відавочны падтэкст мае купалаўскі дзіцячы верш “Хлопчык і лётчык”. Няўрымсьлівасьць ды цікаўнасьць маленькага героя, якому карціць паглядзець “на іншы парадак і лад”, выглядаюць, прынамсі, дзіўна:

Мне ўжо надакучыла дома —
Ў дзіцячы хадзі адно сад,
А так паглядзеў бы, вядома,
На іншы парадак і лад.
Нашае пакаленьне вучыла гэты твор ува ўсечаным варыянце. Тэкст абрываўся на тым месцы, дзе хлопчык і лётчык праляталі над Крамлём. У ім адсутнічалі фінальныя радкі:

І там з-пад нябеснае далі,
Грымнуць громка ўсімі грудзьмі:
— Дзень добры, таварыш наш Сталін!
Паклон з самалёта прымі!
Але й у гэтым варыянце адчуваецца нейкая недаказанасьць... Што адказаў таварыш Сталін хлопчыку? Зусім не адказаў? Чаму? Нечаканы адказ на гэтае пытаньне дае Адам Глёбус у сваім роздуме над творам. “Хлопчык падае” — каротка патлумачыў Глёбус.

Магчымасьць розначытаньня — таксама свайго кшталту падтэкст, рассоўваньне межаў “клеткі”. Такім падтэкстам былі надзеленыя творы, якія актыўна перачытваюцца й наноў інтэрпрэтуюцца сёньня: “Адшчапенец” Коласа, “Трэцяе пакаленне” Чорнага, “Язэп Крушынскі” Бядулі, “Вязьмо” Зарэцкага.


4. З 1956 да 1991. Сума дысыдэнцтва
Рэжым уціску й палітычных перасьледаў творчае інтэлігенцыі за гэтым часам адносна лібэралізаваўся. Тым ня менш, многія тыпалягічныя прыкметы адносінаў улады й творцы засталіся непарушнымі. Захаваліся матывацыі: страх, выгода, “служэньне ідэі”. Але пэўным чынам пашырыліся магчымасьці для рэзыстансу. Зьявіліся новыя грані працэсу, адной з праяваў якога сталася дысыдэнцтва.

Мы збольшага закраналі гэтую тэму вышэй. Падавалі й прычыны, дзеля якіх у Беларусі ў 1960-я—80-я гады дысыдэнцтва не аформілася ў клясычным выглядзе. Галоўныя зь іх — фізычнае зьнішчэньне патэнцыйных дысыдэнтаў у 1930—1940-я гады, абачлівасьць наступнікаў, сфармаваная стагодзьдзямі беларуская мэнтальнасьць.

Мы ўжо ставілі пытаньне: ці былі творы, забароненыя палітычнай цэнзурай, пісаныя “ў шуфляду”, такія, што, безумоўна, не маглі быць апублікаваныя ў тагачасных цэнзурных варунках. Называліся “Мёртвым не баліць” і “Круглянскі мост” В.Быкава, “Дабрасельцы” А.Кулакоўскага, “Леаніды не вернуцца да Зямлі” й “Маленькая балерына” Ул.Караткевіча... У “перабудовачны” ж час з шуфлядаў выцягваліся пераважна дзёньнікі, асобныя вершы, аповеды й нататкі, але буйнамаштабных дысыдэнцкіх твораў чытачу не адкрыта.

З кніг, выдаваных у замежжы, варта адзначыць твор Зьніча (Алега Бембеля) “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”, выдадзены ў 1985 г. у Лёндане.

Беларускі самвыдат утрымліваў і рукапісную бэлетрыстыку. Як адметную зьяву трэба адзначыць часопіс “Блакітны ліхтар”, які выходзіў у 1971—1974 гг. у Наваполацку. Выданьне ажыцьцяўлялі наваполацкія літаратары В.Мудроў, В.Шлыкаў, А.Рыбікаў. У ліку аўтараў былі й Ул.Арлоў, Г.Кулажанка.

Напярэдадні “перабудовы” ў Менску выходзіў часопіс “Бурачок”, у выпуску якога бралі ўдзел А.Бяляцкі, В.Вячорка, С.Дубавец, В.Івашкевіч ды інш. Выданьне, як і “Блакітны ліхтар”, было спыненае. Аўтары “Бурачка” пасьлядоўна скарыстоўвалі адноўленую “тарашкевіцу”.

Варта дадаць да гэтага сьпісу машынапісныя выданьні маладэчанскага гісторыка-дысыдэнта М.Ермаловіча “Падсьнежнік” і “Гутарка”, якія выходзілі з 1963 да 1964 ды з 1971 да 1976 гадоў. Выданьні зьмяшчалі й бэлетрыстычныя творы.

Аднавіліся традыцыі ананімнасьці. Узорам яе стаўся напісаны ў 1975 годзе (дата завяршэньня тэксту твору, які зьяўляўся па частках) Францішкам Ведзьмаком-Лысагорскім “Сказ пра Лысую гару”. Зьмест паэмы ўяўляе зь сябе шарж на жыцьцё-быцьцё беларускіх пісьменьнікаў, і ў сваёй палітычнай завостранасьці не выходзіць за межы крытыкі мяшчанства й непавагі да беларушчыны. Разам з тым, андэграўнднае бытаваньне твору выклікала да яго цікавасьць з боку органаў КГБ.

Традыцыю ананімнасьці ў 1980—1990-я працягнуў Вядзьмак-Лысагорскі-меншы, аўтар некалькіх паэмаў памфлетнага, палітычна адкрытага гучаньня.

Палітычныя ахвяры ў пісьменьніцкіх шэрагах у гэты час перасталі быць крывавымі. Не было нават зьняволеных або дэпартаваных. Пэўныя непрыемнасьці ў дачыненьнях з уладамі мелі В.Быкаў, А.Адамовіч, А.Карпюк, А.Разанаў, С.Панізьнік, Ул.Арлоў ды інш. У 1975 г. за нонканфармісцкія погляды зьмяшчаюць у псыхіятрычную лякарню пісьменьніка Алеся Наўроцкага.

Трэба адзначыць пэўную грамадзкую актыўнасьць літаратараў, якія пасьля “хрушчоўскае адлігі” былі вызваленыя з турмаў, лягероў ды месцаў высылкі. Некаторыя зь іх сьцішыліся, не выказвалі нават прыкметаў стрыманага нонканфармізму. Іншыя ж праяўлялі якасьці андэграўнднай чыннасьці — Мікола Улашчык, Браніслаў Ржэўскі й асабліва — Ларыса Геніюш.

Чыніліся дзеяньні й контрдзеяньні. Досыць шырокі розгалас мела закрыцьцё навуковай канфэрэнцыі, прысьвечанай этнагенэзу беларусаў, на якой выявілася “нацыяналістычнае кубло” ў Акадэміі навук БССР. Распачаліся “мяккія” рэпрэсіі, у выніку якіх пацярпелі поруч з гісторыкамі й літаратары, філёлягі. Былі звольненыя з працы ў 1974 г. Мікола Прашковіч, Валянцін Зайцаў, Алесь Каўрус, Валянцін Рабкевіч, Сьцяпан Місько.

Ня меншы рэзананс меў т.зв. “філфакаўскі бунт”, які распачаўся зь нявіннай просьбы студэнтаў філфаку ды гістфаку БДУ да ЦК КПБ на права атрымліваць веды па асобных дысцыплінах на беларускай мове. “Бунт” скончыўся рэпрэсіўнымі захадамі супраць завадатараў — Алеся Разанава, Віктара Яраца ды іншых.

Што ж тычыцца літаратараў-эмігрантаў у азначаны пэрыяд... Зьехалі хіба што Ісідар Бас ды Арнольд Каштанаў у Ізраіль, дый тое — з асабістых, а не літаратурных матывацыяў.


5. Нонканфармізм і сацыяльны крытыцызм
Пасьля 1956 г. гэтыя дзьве зьявы пачынаюць парадаксальным чынам пераплятацца — нават у творчасьці таго ці іншага аўтара. Служэньне сыстэме ўсё болей набывае рытуальны характар, пазначаецца асабістым нявер'ем або няшчырасьцю. Пісьменьнік аддае даніну тэме — піша, скажам, твор, прысьвечаны Леніну, партыі, Кастрычніку, а затым бярэцца за ажыцьцяўленьне больш цікавых яму творчых праектаў. Прытым жа, майстра стараецца й гэтую рытуальную справу зрабіць як лепш, каб не было сорамна за рамяство. Так, Генадзь Бураўкін піша сваю дыхтоўна зробленую, але цалкам сэрвільную паэму “Ленін думае пра Беларусь” (1977).

Актуалізавалася такая форма памяркоўнага нонканфармізму, як сацыяльны крытыцызм. Гэткія прыклады можна знайсьці ў творах І.Мележа, А.Макаёнка, А.Дударава, П.Панчанкі ды іншых.

Адносная лібэралізацыя цэнзурнага рэжыму дазваляла крыху пашырыць дыяпазон сацыяльнае крытыкі й наагул, жанравы й эстэтычны дыяпазон літаратуры. Спосабаў уцёкаў з “клеткі” сэрвілізму сталася значна больш. Адчыніліся новыя “экалягічныя нішы”.

Разам з тым, некаторыя тэматычныя абсягі заставаліся амаль цалкам зачыненай зонай — прыкладам, падзеі 1930-х гг., іншыя “цьмяныя” старонкі гісторыі, наркаманія, падзеі аўганскае вайны, эротыка... Спэктар забаронаў выглядае стракатым, часам алягічным. У гэтым адыграла сваю ролю ня толькі вонкавая цэнзура (у выглядзе Галоўліту, работнікаў адпаведных аддзелаў ЦК, літаратурных функцыянэраў і наглядчыкаў з КГБ), але й так званая “самацэнзура”.

Стаічны нонканфармізм Васіля Быкава. Алесь Адамовіч некаторую манатоннасьць быкаўскай творчасьці параўноўваў з упартасьцю шэрагоўца або лейтэнанта, які ахоўвае сваю вышыню,— і мусіць ня зьменьвацца, бо тады перастане быць вартавым. Адна з эўрапейскіх газэт назвала Васіля Быкава апошнім пісьменьнікам-традыцыяналістам Эўропы.

Насамрэч мяняюцца і Васіль Быкаў, і абставіны вакол яго. Але сума нязьменных артэфактаў, зьвязаных зь ягонай творчасьцю, сапраўды ўражвае. Непаўторная быкаўская манера пісьма — строгасьць і сквапнасьць у выяўленчых сродках, суворасьць, няўсьмешлівасьць, панурасьць, трагічная настраёвасьць — яны застаюцца.

Застаецца й трывалы, як каменны мур, быкаўскі нонканфармізм. Дарэмна асобныя крытыкі цьвердзілі пра “савецкасьць” ранейшага Быкава. Пісьменьнік заўжды ішоў насуперак плыні — наколькі магчыма было ісьці. Ягоныя першыя “ваенныя” рэчы процістаялі т.зв. “лакіровачнай” прозе пра вайну, сьцьвярджалі прынцыпы “акопнае” праўды, жорсткага рэалізму.

Пазьней Быкаў адчуў на сабе першыя ўдары афіцыйнае крытыкі — за творы, у якіх “скажаў” праўду пра вайну, па сутнасьці ж,— змагаўся з афіцыёзам у яе паказе (аповесьці “Мёртвым не баліць”, “Праклятая вышыня”, “Круглянскі мост”).

Цягам доўгага часу В.Быкаў падпадаў пад “мяккую апалу” разам з А.Адамовічам, А.Карпюком. Вядомая ягоная нязломная пазыцыя пад час кампаніяў супраць А.Салжаніцына.

Празаік, які традыцыйна лічыўся “ваенным”, спакваля пашырае тэматыку сваіх твораў, уводзячы ў яе раней табуяваныя рэаліі — раскулачваньне, прымусоваякалектывізацыя, гвалт пасьля кастрычніцкага перавароту, масавыя рэпрэсіі 1930-х гг. (“Знак бяды”, “Аблава”, “Кар'ер”, “У тумане”); нарэшце, падзеі Слуцкага паўстаньня (“На Чорных лядах”), Курапаты (“Жоўты пясочак”), чарнобыльская зона (“У воўчай яме”), палітычныя падзеі самага апошняга часу — у апавяданьнях-парабалах, дасланых пісьменьнікам ужо зь Фінляндыі. Плюс палітычная публіцыстыка апошніх 10 гадоў, дзе бескампраміснасьць выказваньня сваёй пазыцыі не ўдае на просталінейнасьць, бо адкрытасьці патрабуе жанр.

Часам кажуць пра творчую ды ідэёвую эвалюцыю Васіля Быкава як адну з мадэляў пераўтварэньня “саўковага” творцы ў вольнага. Думаю, што тут маем іншую мадэль — паступовага разгортваньня творчае асобы, раскрыцьця ўнутраных лябірынтаў, пераходу ад пакрыёмнага, выпакутаванага да адкрытага.

Трэба дадаць, што эстэтычны пік творчасьці Васіля Быкава прыпадае на “савецкі” час і не зусім супадае зь пікам грамадзянскае адкрытасьці. Але гэтае несупадзеньне ня сьведчыць пра “эвалюцыю”, або “заняпад” творцы. Творчая асоба мусіць успрымацца як цэлае, як сума творчых імпульсаў ды здабыткаў.

Таму мы й прыйшлі да гэтай формулы — стаічнага нонканфармізму.

Дабудоўваньне вежаў. Больш магчымасьцяў стала для “будоўлі” эстэтычных вежаў — у тым ліку, недабудаванай “вежы з чорнага дрэва” — беларускага мадэрнізму. Гэты праект менавіта ў застойны час пасьпяхова ажыцьцявіў Алесь Разанаў.

Міхась Стральцоў працягнуў досьвед “чыстай эстэтыкі” — таму й апалітычнай, што чыстай.

Інтымная лірыка Яўгеніі Янішчыц, філязофская паэзія Аляксея Пысіна, вытанчаная вэрсыфікацыя Рыгора Барадуліна, інтэлектуальныя вэрлібры Максіма Танка, побытаапісаньне Вячаслава Адамчыка, антыўтопіі Алеся Адамовіча, міталягізаваная проза Віктара Казько, крытыка Рыгора Семашкевіча й Варлена Бечыка, насычанае фактурай літаратуразнаўства Сьцяпана Александровіча, Адама Мальдзіса — сьпіс здабыткаў апалітычнай літаратуры можна доўжыць.

Зьявы гэтыя былі досыць, аднак, спарадычныя, што дало магчымасьць Сяргею Дубаўцу ў палемічным артыкуле “Нашай нівы” параўнаць усю “бэсэсэраўскую” літаратуру з “ружовым туманом”. Але зьяўленьне праўдзівага шэдэўру, выбітнага мастацкага твору ва ўсе часы было зьявай спарадычнай.

Ёсьць рацыя й у выказваньні філёзафа й літаратара Валянціна Акудовіча: “Галоўнае — не літаратурныя творы, галоўнае — літаратурны працэс”. Працэс жа, насуперак уціску, адбываўся.

Сёньняшняя літаратурная сытуацыя выглядае надзвычай заблытанай ды супярэчлівай. З аднаго боку, існуюць нефармальныя ўмовы для літаратурнага лібэралізму. Яны дазваляюць удзельнічаць у альтэрнатыўных літаратурных суполках ды рухах, якія й засноўваюцца: “Таварыства Вольных Літаратараў”, “Бум-Бам-Літ”, “ПЭН-цэнтар”, “Вулей”... Маюцца недзяржаўныя літаратурныя выдавецтвы, незалежныя часопісы — “Спадчына”, “Калосьсе”, “ARCHE”.

Зь іншага боку, назіраюцца факты палітычнага й нават крымінальнага перасьледу літаратараў-нонканфармістаў.


Літаратура
1. Абудзіцца духам. Мн., 1992.

2. Бембель Алег. Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс. Лёндан, 1985.

3. Быкаў Васіль. Крыжовы шлях. Артыкулы. Эсэ. Інтэрв'ю. Выступленні. Мн., 1998.

4. Вялікаму Сталіну ад беларускага народа // Крыніца. 1995. № 3 (8). С. 100—111.

5. Дэмакратычная апазіцыя Беларусі. 1956—1991. Мн., 1999.

6. Купала Янка. Поўны зб. тв. У 9 т. Т. 5. Мн., 1998.

7. Любімы паэт беларускага народа. Мн., 1960.

8. Макмілян Арнольд. Беларуская літаратура 50-х—60-х гадоў ХХ стагоддзя. Мн., 2001.

9. Такі ён быў. Мн., 1958.

10. Чорны Кузьма. Дзённік. У кн.: Чорны К. Выбр. тв. Мн., 2000. С. 579—592.

11. Янка Купала. Зб. м-лаў аб жыцці і дзейнасьці паэта. Мн., 1955. 

Сяргей Харэўскі

Лекцыя 16. Мастацтва таталітарызму

Плян:

1. Скрайнасьці сыходзяцца

2. Праблема архітэктуры

3. Праблема стылю


1. Скрайнасьці сыходзяцца
Нават падчас вонкавага знаёмства з помнікамі культуры 30-х—50-х гадоў ХХ стагодзьдзя ў Эўропе й Амэрыцы можна заўважыць стылёвае іх падабенства. Папярэдні мастакоўскі нонканфармізм сьцішыўся ня толькі ў шчыра таталітарных краінах. Безстароньні нэаклясыцызм выяўляецца напрыканцы 20-х гадоў у творчасьці Пікаса і Дэ Кірыко, пакрысе да фігуратывізму вяртаюцца нават Малевіч з Эль Лісіцкім. Мастацтва фашыстоўскае Італіі адыходзіцца ад футурызму, набываючы рэтраспэктыўныя рысы, у Нямеччыне ізноў вяртаецца “югэндштіль”, а ў савецкае мастацтва паўсюдна пранікае архаічны рэалізм, блізкі духам да “перасоўнікаў”, хіба што без крытычнае афарбоўкі. Але ў адначасьсе падобныя тэндэнцыі ахопліваюць Амэрыку, Ангельшчыну й нават Францыю... Самы шырокі й ня самы шырокі глядач трыццатых гадоў (у Амэрыцы й у Эўропе, у Бэрліне й у Маскве, у Варшаве, Бухарэсьце ці ў Амстэрдаме) ня меў падозраньня, што нейкае мастацтва ёсьць “таталітарным”, але папросту ўважаў ягоную аптымістычную эстэтыку за “сучасную”. Па ўсім заходнім сьвеце шалела “ар дэко”, мала чым адрознае ад дэкаратывізму сталінскіх часоў, шырыўся спартовы рух, ПАЎСЮДНА, ці ня ў кожным мястэчку ставяцца бэтонные фантаны зь фігурамі амаль аголеных хлопцаў і дзяўчат, да якіх папрыліпалі спартовыя аксэсуары. Аздоба тагачасных амэрыканскіх хмарачосаў ледзьве не як дзьве кроплі вады супадае з аздобаю маскоўскага мэтрапалітэну, над якой карпеў дойлід зь Пінску Іван Жалтоўскі: бронза, краты, мармур, рымскія рэгаліі. У Амэрыцы 30-х гадоў самымі славутымі скульптарамі сталі сэрб Мітрошавіч і швэд Мільлес — яркія прадстаўнікі манумэнтальна-гераічнага накірунку ў рэалізме. Этнічная адрознасьць іх відна хіба адмыслоўцам.

Нацыянал-рамантызм, у форме рэтраспэктыўных накірункаў, запаланіў нанава ўсю правінцыйную Ўсходнюю Эўропу.

Мастацтва, і найперш масавае мастацтва, становіцца магутным сродкам палітызацыі грамадзян пэўных дзяржаваў. Таму архітэктура, жывапіс, скульптура пачынаюць адыгрываць прапагандысцкую ролю. Тэмы пакрысе зьвяліся да стандартнага набору: ухваленьне нацыянальнага фізычнага тыпу, гераізацыя паўсядзённасьці, міталягізацыя мінуўшчыны. На ўсім памежжы Захаду й Усходу былі вызначаны трывалыя шаблёны, схемы й каноны, што не дапускалі адхіленьняў. Усё “ўпадніцкае” й “выраджэнскае” мастацтва падлягала абструкцыі.

Культурны фронт заняў, гэткім чынам, надзвычай важнае месца. (“Нямецкае мастацтва будзе гераічным, прасякнутым сталёвай рамантыкай, пазбаўленым усялякае сэнтымэнтальнасьці, нацыянальным і патэтычным”. Гебэльс) У адначасьсе падобныя ж задачы паставілі перад сабою й нацыі, што атрымалі незалежнасьць у выніку Першае ўсясьветнае вайны. Выглядае, што гебэльсаў выраз мог бы датычыць і фінскіх, і чэскіх, і румынскіх дзеячаў культуры. Беларусы тут не выключэньне. Хіба што з адным удакладненьнем: у БССР цягам 1930-х—1960-х мастацтва было неадрыўнай часткаю савецкай ідэалягічнай сыстэмы й ніяк не вырозьнівалася ўласнымі этнічнымі рысамі. А гэтая сыстэма, гэтаксама, мала чым адрозьнівалася ад іншых тагачасных таталітарных мадэляў.

Да прыкладу, падчас сустрэчы ў 1940 г. у Маскве з нацыстоўскім скульптарам Арно Брэкерам, запрошаным для працы над вобразам Сталіна, Молатаў сказаў наступнае: “Вашыя работы ўразілі нас. Мы шмат будуем у Маскве, у тым ліку й вялікія будынкі, што чакаюць на аздобу. Сталін — вялікі прыхільнік Вашага мастацтва. Ваш стыль прывядзе ў захапленьне таксама рускі народ, будзе зразумелы яму. У нас няма скульптара такога маштабу”.


2. Праблема стылю
У 1930-я гг., як і перад гэтым, у таталітарных краінах сусінавала эстэтычная рознастылёвасьць. Нэаклясыцыстычныя й нацыянал-рамантычныя тэндэнцыі суседзілі з функцыяналісцкімі й канструктывісцкімі. У савецкім дызайне й лёгкай прамысловасьці пасьпяхова працавалі колішнія віцебскія авангардысты-супрэматысты Татлін, Эль Лісіцкі, Родчанка, Сцяпанава, Папова. Суэцін нават стаў дырэктарам парцалянавае фабрыкі. Спаміж тым, спакваля адраджаўся клясычны косны акадэмізм. Бродзкі запанаваў у жывапісе, Жалтоўскі — у архітэктуры.

У Беларусі ж частка архітэктараў (Лянгбард, Воінаў) натхняліся ўжо кансэрватыўнымі ідэямі Бэрэнса й Вэльдэ, частка (Гайдукевіч, Якушка, Шабунеўскі) па інэрцыі заставаліся нэаклясыкамі, а некаторыя (Валадзько, Лаўроў) спрабавалі экспэрымэнтаваць у функцыяналізме... А ў Нямеччыне міністар узбраеньняў, выдатны дойлід і інжынэр Шпэер прапагандаваў творчасьць свайго настаўніка, архітэктара-рамантыка Вільгельма Крэйза.

Праблема стылю ўвесь час казытала ўлады. Татальны кантроль у галіне эстэтыкі быў немагчымы без уежнай эстэтычнай праграмы.

Калі Гітлер асабіста настойваў на антычных узорах для эстэтыкі нацыянал-сацыялістычнае Нямеччыны, то іншыя правадыры не заўжды падзялялі гэтае захапленьне. Да прыкладу, Гебэльс шанаваў нямецкі экспрэсіянізм кшталту групы “Мост” і прапаноўваў яго ў якасьці “найлепшага выказьніка нардычнага духу”. Савецкі таталітарызм некалькі разоў карэнным чынам зьмяняў эстэтыку дзяржаўнага мастацтва: спачатку гэта быў радыкальны бальшавіцкі авангард, што прышчаплялі гвалтам ад Віцебску да Ўралу, затым горкаўска-жданаўскі “сацыялістычны рэалізм”, пазьней — “суворы стыль” 60-х, а пад канец таталітарную дзяржаўную эстэтыку пачынаюць называць “інтэрнацыянальным сацыялістычным мастацтвам”. Прыкладна тое ж адбывалася і ў Італіі, і ў Вугоршчыне й Фінляндыі... Такім чынам, з гледзішча эўра-амэрыканскага мастацтва сярэдзіны ХХ ст. нялёгка падзяліць тагачаснае савецкае мастацтва з нацыянальна-геаграфічных прыкмет. Напрыклад, ці можна лічыць супрэматызм, альбо паваенны “нэаампір” часткаю беларускага нацыянальнага мастацтва?

Паваенная ідэалёгія халоднай вайны таксама мела патрэбу ня толькі ў палітычных ворагах, але й у ворагах эстэтычных. Вось тады й адбываецца рэванш “мадэрнізму” на Захадзе. Менавіта тады ў Эўропе й Амэрыцы пачынае радыкальна мяняцца школа мастакоўскае адукацыі. Калі да вайны мадэрнісцкія школы кшталту ВХУТЭМАСу, альбо “Баўхаўзу” былі паасобнымі й маргінальнымі, а плён іхнае творчасьці распаўсюджваўся праз прыватныя галерэі й салёны, малатыражныя выданьні, то пасьля Другой усясьветнай вайны яны таксама фінансуюцца дзяржавамі. Мадэрністы, пераважная большасьць якіх перажыла вайну за акіянам, вярнуліся ў вызваленую Эўропу. У адначасьсе вайсковая перамога была патрактавана імі як перамога над клясыцыстычнымі прыхільнасьцямі фашыстаў і самога Гітлера, які несупынна дыскутаваў з мадэрнізмам і змагаўся зь ім усімі сродкамі. Тут варта прыгадаць выставу “Дэгенэратыўнае мастацтва” 1937 году й сотні мастакоў, якія скончылі сваё жыцьцё ў канцлягерох. У дзень адкрыцьця Дому нямецкага мастацтва ў Мюнхене адбыўся вэрнісаж “Дайце нам чатыры гады тэрміну”. Выстава доўжылася да ліпеня 1939 году й сабрала больш за мільён наведнікаў. На ганебнае высьмейваньне было выстаўлена 730 работ 112 нямецкіх мастакоў. Да іх былі зроблены зьдзеклівыя й тэндэнцыйныя анатацыі афіцыёзным нацыстоўскім мастаком В. Вільрыхам. Пазьней гэткія перасоўныя выставы рабіліся й у акупаваных краінах. Напрыклад, ужо ў кастрычніку 1941 году ў акупаваным нацыстамі Менску была праведзена вялікая выстава “Сацыялізм у Нямеччыне”.

Праз чвэрць стагодзьдзя ў Маскве Хрушчоў змагаўся з мадэрнізмам падобнымі сродкамі. Адно што ў тую савецкую“адлігу” ўжо можна было застацца жывым. Нагадаю й пра дакумэнтальныя фільмы першых гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі рэжысэра Азаронка, у якіх экспэртам па “выраджэнскім” мастацтве “апазыцыі” выступаў сын славутага мастака Міхаіла Савіцкага. Дый сам першы прэзыдэнт Беларусі ня супраць выказаць свае эстэтычныя прыхільнасьці да такіх мастакоў, як Кузьміч альбо Шылаў.

Цяжка ў поўным аб'ёме прааналізаваць ідэалягічную й эстэтычную базу мастацтва таталітарных дзяржаваў. У падмурку нямецкага нацызму палягаюць, паміж іншага, ідэі Германа Вірта, першага дырэктара Інстытуту CC "Ahnenerbe" (па досьледах спадчыны продкаў). Герман Вірт, германіст і археоляг, стварыў рамантычную тэорыю сваёй “Атлянтыды”, сьляды якое ён знаходзіў і ў Скандынавіі, і ў Ірляндыі, і ў Саксоніі. Нардычная раса, нібэлунгі й вікінгі, стодзівы й “зьвярыны стыль”, разьба й арнамэнт паўночных германскіх плямёнаў зрабіліся падставаю для стварэньня новага нямецкага стылю. Вірт, разам з заможным прадпрымальнікам Разэліюсам і скульптарам і архітэктарам-экспрэсіяністам Хэтгерам, прыдумалі збудаваць у Брэмене “Хаўс Атлантыс” для разьмяшчэньня археалягічных калекцый. Будынак быў узьведзены ў ультра-сучасных формах сталёвае каркаснае канструкцыі, а фасад аздоблены велізарным драўляным татэмам — выяваю дрэва жыцьця, сонечнага кола й расьпятага бога Одына. У 1931 годзе будаўніцтва завершылася, але пазьней Гітлер асабіста асудзіў “Атлантыс хаўс” як прыклад “інтэлігенцкага, містычнага вычварэньня практычнага духу нацыянал-сацыялізму й адхіленьня ад ідэалу здаровага чалавека”. Гітлер быў захоплены антычным мастацтвам Грэцыі. Пасьля ягонае крытыкі Вірт, хоць і кіраваў Інстытутам надалей, быў адсунуты ад афіцыйнае ідэалёгіі.

А італьянскія футурысты, сутыкнуўшыся з нацыяналізмам, убачылі Сьвятую Рымскую імпэрыю германскае нацыі. Імпэрскі ж ідэал Мусаліні быў бліжэйшы да псэўда-рымскага футурызму. ...Увесну 1934 году тэарэтык футурызму Тамаза Марынэці, які ўжо займаў розныя дзяржаўныя пасады за Мусаліні, наведаў Нямеччыну. Яго вітаў паэт Готфрыд Бэн на афіцыйным банкеце ў Саюзе Нацыянальных Пісьменьнікаў — ад імя іхнага прэзыдэнта. У прывітальнай прамове Бэн казаў не пра агульнасьць ідэалёгій і не пра палітычныя мэты. Ён казаў пра тое, што задача Італіі, як і Нямеччыны, — спрыяць “нараджэньню новага стылю, пазбаўленага ўсялякай тэатральнасьці, стылю імпазантнага холаду, да якога рухаецца цяпер Эўропа”. Бэн ухваляе футурызм, што “адрынуў дурны псыхалягізм натуралізму, прадраўся праз масывы ніштоства буржуазнага раману й вяртаецца скрозь бліскавічныя й імклівыя строфы Вашых гімнаў да фундамэнтальнага закону мастацтва: стварэньне й стыль…”. Адмаўленьне тут вельмі красамоўнае: Бэн выступае супраць псыхалягізму, тэатральнасьці, супраць усяго дробязнага й убогага ў буржуазнай культуры. Пазытыўныя каштоўнасьці, што ён згадвае, дакладна вызначаюць сутнасьць таталітарных стыляў ад Нямеччыны да Кітаю: халоднасьць, вызваленасьць, бліскучасьць, імпазантнасьць...

Таталітарнае мастацтва ад сваіх вытокаў выступае супраць усяго дробязнага й убогага ў буржуазнай культуры. Згадайце менскія прыклады: вежы на Прывакзальнай плошчы, Галоўпаштамт ці Палац Белсаўпрафу. Альбо ўсялякі з савецкіх паваенных мэмарыялаў, што сваёй халоднасьцю й імпазантнасьцю, сьведамым уніканьнем псыхалягізму маюць куды больш агульнага з мастацтвам Нямеччыны й Італіі 1930-х—1940-х гадоў, чым з сучасным мастацтвам Эўропы.


3. Праблема архітэктуры
Паводле выдатнага дзеяча эўрапейскай культуры ХІХ ст. Уільяма Морыса, дойлідзтва ёсьць “падставаю ўсіх мастацтваў, а таму — і мастацтвам усеабдымным”. То бок, сама архітэктура ёсьць мастацтвам татальным. А таму й таталітарныя тэндэнцыі ХХ ст. вельмі рана й надзвычай вымоўна праявіліся ў дойлідзтве.

Іхныя вытокі варта шукаць у творчасьці Пэтэра Бэрэнса, выбітнага нямецкага дойліда пачатку мінулага стагодзьдзя. Ягоная самавітая творчая манера, названая ім самім як “кшталт Заратустры”, у мініятуры была ўвасоблена яшчэ ў 1902 годзе, ува ўваходнай залі міжнароднае выставы ў Турыне. У тым будынку энэргічная хвалістая лінія й выразная форма былі скамбінаваны ў спробе адлюстраваць “волю ствараць” Ніцшэ. Працуючы ў кампаніі AEG , Бэрэнс сутыкнуўся з рэальнасьцю брутальнае прамысловае сілы. На зьмену ягоным юначым спадзевам на ажыўленьне нямецкае культуры шляхам да драбностак распрацаванага містычнага рытуалу прыйшло ўсьведамленьне індустрыялізацыі як лёсу нямецкае нацыі. Бэрэнс уяўляў сабе гэты лёс як складанае спалучэньне "Zeitgeist" (духу часу) і "Volksgeist” (духу народу), якому ён — як творца — абавязаны быў надаць форму. Варта тут азначыць, што ў Беларусі гэткія ж пошукі формы ад “Думаў з Духу Нашага Народу” ў сярэдзіне 1920-х гадоў былі распачаты Лявом Вітан-Дубяйкоўскім.

Запраектаваны Бэрэнсам турбінны завод, збудаваны ім для AEG у 1909 годзе, быў адмысловым увасабленьнем прамысловасьці як аднаго з найбольш істотных складнікаў сучаснага жыцьця. Ня маючы нічога агульнага са шчырай прастатою праектаў з жалеза й шкла, накшталт аб'ектаў эпохі індустрыялізацыі ХІХ ст., турбінны завод Бэрэнса быў задуманы як твор мастацтва, храм індустрыйнае ўсемагутнасьці. Прымаючы ўладу навукі й прамысловасьці з пэсымістычным фаталізмам, Бэрэнс спрабаваў зрабіць завод падобным да фэрмы, надаць яму форму, па якой, толькі што прыехаўшы зь вёскі, работнік адчуваў пэўную настальгію.

У 1908 г. Бэрэнс надрукаваў радыкальна кансэрватыўнае эсэ з назовам “Што такое манумэнтальнае мастацтва?”, у якім ён вызначыў манумэнтальнасьць як спосаб адлюстраваньня памкненьняў паноўных колаў усялякага грамадзтва. Паводле Бэрэнса: “Дойлідзтва, сутнасна, імкнецца да тыповага. Тыповасьць адмаўляецца ад скрайнасьцяў і зацьвярджае парадак”. Усе пералічаныя ідэі й прынцыпы Бэрэнса знайшлі пазьней наўпросты працяг у савецкім (і беларускім як ягонае часткі) будаўніцтве 1930-х гг.

Відочнасьць тых высноваў, што былі выкліканы нечаканым крахам “мадэрну”, змусіла бальшыню архітэктараў, улучна з Бэрэнсам, на выставе Вэркбунду 1914 г., зьвярнуцца да інтэрпрэтацыі нэаклясыцызму. Выключэньнем стаўся хіба тэатар Вэркбунду, збудаваны Ван дэ Вэльдэ, што праменіў зь сябе, дзякуючы эстэтыцы “формы-сілы”, блізу тэасафічную аўру. Хіба дзівам падасца, што амаль праз дваццаць гадоў гэты тэатар будзе крыніцаю натхненьня для стваральніка менскае Опэры Іосіфа Лянгбарда? Зрэшты, Лянгбард, як і Воінаў і Вараксін, Брэгман і Амбросімаў, якія стваралі вобраз сталіц БССР (Менску й Магілеву), знаходзіўся пад татальным уплывам ідэяў Бэрэнса. Адмыслова, альбо інтуітыўна, беларускія дойліды-канструктывісты адно інтэрпрэтавалі сьведамае й прынцыповае ніцшэанства сваіх нямецкіх калег.

Калі дойлідзтва й насамрэч ёсьць увасабленьнем нашых продкаў і сучасьнікаў пра ўласную прастору, пра версіі ейнае трансфармацыі й інтэрпрэтацыі, то ў выпадку зь Беларусяй мы змушаны канстатаваць нешта зусім супрацьлеглае. Калі першая палова мінулага стагодзьдзя для бальшыні нацый Эўропы была часам актыўнага этнічнага самасьцвярджэньня, то ў Беларусі гэты працэс зусім не крануў дойлідзтва. Тут сталі магчымымі рэалізацыі футурыстычных ідэй, запазычаных з тых самых крыніц, адкуль і вырас эўрапейскі таталітарызм.

Папярэдняя беларуская традыцыя была перарвана — зьнішчэньнем самых славутых дойлідаў, гэткіх, як галоўны архітэктар Менску Станіслаў Гайдукевіч, альбо галоўны архітэктар Гомелю, яшчэ з 1910-х гадоў, Станіслаў Шабунеўскі (абодва расстраляны ў 1937 годзе), руйнаваньнем соцень найбольш адметных шэдэўраў дойлідзтва “дарэвалюцыйнага пэрыяду”.

Ня маючы магчымасьцяў з такім размахам будаваць у іншых урбаністычных цэнтрах СССР, савецкія архітэктары глядзелі на беларускія гарады як на экспэрымэнтальныя пляцоўкі, успрымаючы іх ня толькі ў адрыве ад тутэйшых традыцый, рэальных патрэб, але нават і ігнаруючы натуральны ляндшафт. У выніку яшчэ перад Другой усясьветнай вайною Менск, Магілеў, Віцебск, а за імі й меншыя гарады, сталіся месцам увасабленьня тых самых манумэнтальных горадабудаўнічых праграм, што, паводле Бэрэнса, ёсьць “адлюстраваньнем памкненьняў паноўных колаў”.

Прастора, якую стварылі ў беларускіх гарадох наежджыя архітэктары, утрымлівала ў сабе зусім іншыя, новыя культурніцкія коды. Яны й дасёньня ня сталі нам больш зразумелымі. Камуністычная, а затым і постсавецкая, улада цягам дзесяцігодзьдзяў чыніла візуальны ціск маштабамі й коштамі архітэктурных збудоваў, бляскам матэрыялаў і аздобы. Канторы намэнклятуры мусілі ўспрымацца як канцылярыі новых багоў. І гэта было дасягнута.

Асаблівай увагі заслугоўвае тэма новых тыпаў будынкаў у архітэктуры часоў таталітарызму. Самымі ўлюбёнымі былі спартовыя будыніны. Але сьвету былі паказаны й такія нябачаныя датуль тыпы збудоваў, як дамы-камуны, дамы спэцыялістаў, дамы саветаў, дамы культуры й клюбы.

Больш за тое, у выніку карэннай перапляніроўкі гарадоў яшчэ перад вайною беларуская прастора зьмянілася непазнавальна. Перамяшчаліся рэкі, зразаліся горы, зьнішчаліся цэлыя кварталы папярэдняй забудовы. Разам зь Менскам дазваньня былі пераплянаваны Магілеў, Ворша, Мазыр, Полацак, Слуцак і Рэчыца. Пры тым, усе гэтыя праекты зьдзяйсьняліся людзьмі нетутэйшымі, а найчасьцей — наагул ня тут. Напрыклад, Менск “распрацоўвалі” ў леніградзкім філіяле Дзіпрагару РСФСР архітэктары Кілеватаў зь Вітманам, Гомель праектавалі ў Маскве, Віцебск — у Харкаве. Яшчэ ў 1930-я гг., паводле тых плянаў, прадугледжваўся масавы знос гарадзкіх кварталаў, расчысткі новых плошчаў і праспэктаў на новым месцы.

Адзінае, што было скарэктавана па вайне, — стылістыка. Урад-трыюмфатар хацеў бачыць паўсюдна трыюмфальныя аркі ды трыбуны. Ад чысьціні й яснасьці таталітарысцкіх ідэяў Пэтэра Бэрэнса не засталося й знаку.

У паваеннай практыцы запанаваў шчыры ірацыяналізм. Дойліды пад уплывам колішняга пінчука Івана Жалтоўскага, славутага будаўніка Масквы, вярнуліся на паўтысячы гадоў назад, у эпоху Паладыё й Альбэрці. Маштаб пераўтварэньняў становіцца бачны адно па лічбе: 11 кілямэтраў. Менавіта такое даўжыні сягнуў Сталінскі (цяпер Скарыны) праспэкт, збудаваны ў антычных і рэнэсансавых формах. Разам з плошчаю Леніна (цяпер Незалежнасьці), што разьляглася больш чым на 7 гектараў, гэта самы вялікі горадабудаўнічы ансамбаль у паваеннай Эўропе, забудаваны ўсяго за дзесяць гадоў.

Архітэктура былога Сталінскага праспэкту й дасёньня застаецца найбольш выразным дакумэнтам таталітарызму. Не асэнсаваная ў іншых жанрах і відах мастацтва, не спасьцігнутая чалавекам, што толькі заехаў сюды з драўлянай хаты, архітэктура праспэкту выглядае на калясальную дэкарацыю, збудаваную для немаведама якіх містэрыяў. Варта тут азначыць і тое, што гэты ансамбаль ствараўся лепшымі тады дойлідамі СССР. Іхнае майстэрства, як майстэрства соцень скульптараў, лепшчыкаў, альфрэйшчыкаў, не выклікае сумневу. Але тым больш сумнеўнай здаецца сэмантыка гэтай архітэктурнай утопіі, запазычанай зь сярэднявечча. Гэты пэрыяд дзіўных архітэктурных экспэрымэнтаў доўжыўся да савецкай дырэктыўнай Пастановы аб ліквідацыі “празмернасцяў у архітэктуры і праектаванні” (1955).

Ад 1945 г. архітэктура ў БССР канчаткова парывае свае сувязі з дойлідзтвам Эўропы. На тым і палягае адна з фундамэнтальных праблем спадчыны таталітарызму — ізаляцыя ад эўрапейскай практыкі. Пераадоленьне яе адбудзецца, відаць, хіба толькі ва ўмовах сынхранізацыі ўсіх культурных і гаспадарчых працэсаў у краіне. Але не магу даць веры, што нават і тады структуры гарадоў, безальтэрнатыўна пазаснаваных у Беларусі, рэальна будзе зьмяніць. Прынамсі, асэнсаваць гэта яшчэ належыць.


4. Спартовасьць і эратызм
Пасьля адраджэньня алімпійскага руху, на мяжы 19 і 20 стагодзьдзяў, ужо сотні мастакоў па ўсёй Эўропе апявалі прыгажосьць спартовых целаў. І ўжо ў трыццатых гадох мінулага стагодзьдзя спартовае мастацтва перажывала росквіт. Найперш у таталітарных дзяржавах Эўропы. Над стварэньнем калясальных спартовых будынкаў працавалі найлепшыя дойліды: Нэрві й П'чэнтыні ў Італіі, Троост і Шпэер у Нямеччыне, а ў савецкай Беларусі — Іосіф Лянгбард.

Менавіта тады былі створаны гэткія шэдэўры, як фільм “Строгі юнак” Роома, нізка фота “Алімпікс” Лені Рыфэншталь, скульптуры “Дыскабол” Бэхштэйна й “Юнак з гранатай” Сьцепаняна. Спорту прысьвячалі свае здаровыя й аптымістычныя творы нямецкія, італьянскія, савецкія, фінскія, гішпанскія мастакі. Ім гэта бачылася як лягічная повязь: спорт, дысцыпліна, парадак. Да патэтычнага вобразу звышчалавека, паўспартоўцы-паўваяра зьвярталіся італьянскія жывапісцы Фуні й Сіроні, нямецкі скульптар Бэкер, савецкі жывапісец Дайнэка. Іхнае казытліва-сьвежае, здаровае й брутальнае мастацтва знаходзіла самы жывы водгук і па-за іхнымі суворымі радзімамі. Пры тым, што нацыянальныя адрознасьці адступалі перад гэткім паняткам, як здаровае цела. Эратаманскія выявы хлапцоў са сталёвымі прэсамі й біцэпсамі, дзяўчат з поўнымі высокімі грудзьмі й пукатымі клубамі, недасягальнымі з сваёй дасканаласьці, цешылі бальшыню гледачоў. Гэты эратызм мастацтва ў таталітарных краінах быў адзіна магчымым спосабам стварыць ілюзію смакаваньня забароненага плоду, не падрываючы тым часам асноваў ладу. У сытуацыі паўсюднага кантролю прыватнага жыцьця эротыка мусіла стаць дзяржаўнай справай. А дзеля гэтага яна вінна быць публічнай і паўсюднай. Татальнай. Ідэальна для такое місіі прыдаўся спорт.

Цікава, што гэтае мастацтва было лёгка й з ахвотаю прынята ў дзяржавах заходняе дэмакратыі. Пано “Савецкі спорт” Аляксандра Самахвалава атрымала нават Гран-Пры на Ўсясьветнай выставе ў Парыжы ў 1937 г. Тамсама поўны фурор нарабіла скульптура Мухінай “Работнік і калгасьніца”. ...На той самай парыскай Усясьветнай выставе 1937 г. Пабла Пікаса, у гішпанскім павільёне, выстаўляў сваю славутую “Герніку”. Дык вось жа драматычнага Пікаса не заўважылі. Савецкі ж Самахвалаў атрымаў ад захопленых французаў у дадатак да прызу за пано яшчэ й прэмію за графіку, а ягоная “Дзяўчына ў футболцы” была ўганаравана залатым мэдалём за жывапіс!

Сакрэт тут просты. Пікаса й мадэрністы — Кандзінскі, Кірыко, Мандрыян ці Брак — змушалі гледача думаць, “напружвацца”, расшыфроўваць іхныя галаваломкі. Ці магчыма папросту мроіць, гледзячы на іхныя творы?... А глядач засумаваў якраз па рэчах простых, прыемных і ўзбуджальных. Пагатоў, пасьля Першае ўсясьветнае вайны эратызму ў культуры было адведзена надзвычай сьціплае месца. Непараўнальна меншае, чым перад тым.

Варожасьць таталітарных рэжымаў да мадэрнізму ёсьць праяваю, бадай, дэмакратыі — у тым сэнсе, што ёсьць патрафляньнем густу бальшыні. Менавіта масавы глядач захоўвае простую антычную традыцыю шанаваньня здаровага цела й радасьці ад яго. І дасёньня той, сярэдні, спажывец зьбярог яе ў даступных формах: у эстрадзе, кіно, рэкляме, у эратычных і спартовых часопісах, выцінанкамі зь якіх можна прыўкрасіць і жытло. Тыя, хто пярэчыў гэтым густам — кубісты, супрэматысты, экспрэсіяністы — замахваліся зруйнаваць гэткі спрадвечны парадак рэчаў.

Але спартовы шал ува ўсіх відах і жанрах культуры быў спынены Другой усясьветай вайною. Мройны, аргазьмічны рэалізм “дзяўчын зь вёсламі” й “хлапцоў з гранатамі” саступіў месца рэалізму будзённаму. Эратычныя звышчалавечыя мроі цяпер увасоблены ў больш танных і масавых прадуктах — паліграфіі, тэлебачаньні, відэа. Халодная вайна, што падступіла ўсьлед, запатрабавала ствараць ня толькі ідэалягічны, але й эстэтычны вобраз ворага. На Захадзе пачалося адраджэньне мадэрнізму, а рэалістычнае, “клясыцызаванае” мастацтва пачалі атаясамліваць выключна з таталітарызмам. І ўсё пастала на свае месцы. Тым часам закансэрваваны ў таталітарных рэжымах Усходняе Эўропы рэалізм дазволіў захаваць і архаічную клясычную школу. Росквіт спартовых тэм прыпадае тут на 70-я гады. Балазе, легальнае сэкс-культуры тут не было. Таму мастакі сацыялістычнага лягеру, лепячы “дзяўчат зь вёсламі”, альбо малюючы “спартовак душою”, давалі волю свайму натуральнаму фізыялягічнаму пачуцьцю.

Ці не самым яркім увасабленьнем публічнае савецкае эротыкі стаўся фантан са скульптурамі “Купальле” — творчы плён Анікейчыка. Дзьве пекна, грацыёзна выгнутыя аголеныя дзявочыя постаці пры вадзе. Адна плаўна здымае з галавы вянок. Другая, паўлежачы, спускае вянок у ваду. Натуральна, яны ня “кідаюць” вянкі ў ваду, а менавіта пускаюць іх — гэткімі ж натуральнымі, зграбнымі рухамі, як натуральна цячэ сама вада, якая струменіць ня толькі з гранітнага цырку фантаннага бардзюру, але й, трохі цішэй, з-пад саміх бронзавых вянкоў. Несупынна ліючыся, плаўны абрыс, ахопліваючы дзявочыя формы, перадае ім рух і, разам з тым, адасабляе ў прасторы. Ружовы граніт фантану й цёмная бронза маціцовых скульптур у бляску вечаровых ліхтароў, у пырсках вады, у засені прысад ствараюць у гэтым ціхім куце парку асаблівае, цёплае пачуцьцё.

Сама тэма Купальля, добра падзабытая ў Беларусі пачатку 70-х, ажыла зусім новым сэнсам. Ці спракавечным?.. Далёкім ад эрзацна-фальклёрнага ўспрыманьня. Анікейчык яшчэ ў 67-м зьвяртаўся да купальскае тэмы ў станкавай кампазыцыі “Папараць-кветка”. А вось жа сваім “Купальлем” ён вярнуў менчуком сапраўдны, эратычны зьмест старадаўняе беларускае традыцыі. Дзяўчаты пры вадзе пускаюць вянкі, спадзеючыся на сустрэчу з каханьнем. Эратызмам гэтая кампазыцыя прасякнута наскрозь. Яе цяжка было схаваць нават у купалаўскую юбілейную абгортку. Бо гэта быў першы твор эратычнага мастацтва ў жанры манумэнталізму ХХ ст. Тонкія рытмы, якія наскрозь прасякаюць формы кампазыцыі, зьвівы замкнёнага дакладнага абрысу падпарадкаваны цэльнай архітэктоніцы целаў. Целаў пругкіх і гнуткіх, ураўнаважаных рытмамі спаду валасоў, што струменіць над вадою нібы бязважка. Майстар пераадолеў матэрыял — цяжкую бронзу. І яна засьпявала гэтак, як хацеў ён. Паралельна з гэтай кампазыцыяй у тым 1972 г. Анікейчык працаваў яшчэ над адной, гэтаксама, хутчэй, эратычнага зьместу — “Юнацтва”, што была трапна разьмешчана ў сквэры ля касьцёлу Сьвятых Сымона й Алены. Там таксама выгінаюцца аголеныя постаці дзяўчыны й дзецюка, што лёгка й натуральна імкнуць срозь вадзяныя струмяні, шчыра й адкрыта падстаўляючы свае целы насустрач адзін аднаму. Калі б давялося тлумачыць паноўны мастацкі мэтад у краіне сацыялістычнага рэалізму, гэтыя творы для прыкладу не прыдаліся б. Папросту ня верыцца, што гэты ж самы майстар ствараў цалкам савецкія манумэнты Гастэлу ля Радашкавіч ці “Прарыў” пад Ушачамі.

Гэтая фантанная кампазыцыя акрэсьліла мяжу ў гісторыі беларускае скульптуры, падзяліўшы яе на постсталінскі, сувора-рэалістычны кшталт і, пасьля Анікейчыкавых дзяўчат, на рамантычны, з прыхаваным эратызмам, аптымістычны. Пасьля купалаўскага мэмарыяльнага парку беларуская скульптура пайшла іншым шляхам, шляхам большага зацікаўленьня інтымнымі перажываньнямі, нацыянальнай рамантыкай. Хоць не бракавала ў Анікейчыка й рэчаў ляпідарных і штучных — кшталту помнікаў Фрунзэ, Мясьнікову, Дзяржынскаму, Леніну — натуральна, яны ёсьць толькі фонам, на якім яшчэ ярчэй паўстаюць ягоныя пяшчотныя грацыі-купалінкі...

Лекцыя 17. Мастацтва таталітарызму

Плян:

1. Правадыры й іхныя вобразы

2. Лёс творцаў


1. Правадыры й іхныя вобразы
Вобраз Уладзімера Ульянава, то бок Леніна, быў створаны ў беларускім мастацтве надзвычай рана, яшчэ пры ягоным жыцьці. Піянэрам у беларускай ленініяне стаў выбітны скульптар Аляксандар Грубэ, які яшчэ ў 1922 г. стварыў кампазыцыю “Ленін на трыбуне” для Краснапольля. У графіцы пачынальнікамі культу Леніна сталі Павал Гуткоўскі, Ахола Вало, Анатоль Тычына, Ібрагім Гембіцкі. А вось у жывапісе першы партрэт Леніна ў 1926 г. напісаў Валянцін Волкаў, той самы, што стварыў герб БССР. Ад таго часу ленініяна, ува ўсіх відах і жанрах, расла ў Беларусі ў геамэтрычнай прагрэсіі. Леніна малявалі, ляпілі, ткалі, выціналі, выразалі з дрэва, выкладалі з саломкі. Да сярэдзіны 80-х гг. ці ня кожны сябра беларускага Саюзу мастакоў прысьвяціў Леніну свае работы. У выніку мы маем калясальны пляст беларускага мастацтва, зь якім у аб'ёме мала што можа параўнацца. Цяпер да гэтае спадчыны стаўленьне асьцярожна-чакальнае. Хоць самі творы па-ранейшаму займаюць свае месцы на вуліцах і плошчах нашых гарадоў, у музэях і ў некаторых габінэтах.

Пасьля Ленініяны справы пайшлі з гульнёй на апераджэньне.

Сталіна размаіта (а часам і таленавіта) па-мастацку ўвасаблялі адразу па прыходзе яго да ўлады. Аднак толькі па вайне маштаб ягоных выяваў пачаў нагадваць эгіпецкае мастацтва, дзе вакол фараона-гіганта валтузяцца стафажам чалавекападобныя карузьлікі. Разам з тым, адзіны Сталін, які быў упрыгожыў Цэнтральную плошчу ў Менску, прастаяў усяго чатыры гады.

Старэйшы мастак Беларусі Яўген Ціхановіч прыгадвае: “Мне таксама даводзілася рабіць партрэты Леніна альбо Сталіна невялікага памеру (60/80 см) па 20 рублёў за кожны. Працаваў я ад раніцы да вечара на 100 рублёў... ...Пісаў я партрэты “правадыроў” і для Дому ўраду, і памеры іхныя дасягалі 10 мэтраў на 6. Часам, стоячы, на палатне малюеш вока мэтровага памеру, а ў руцэ трымаеш фатакартку, разьлінаваную ў клеткі. Маляваў таксама партрэты для трыбуны, дзе ў дні сьвят і дэманстрацый стаялі сакратары ЦК КПБ разам з урадоўцамі. Хоць памеры “палотнаў” тут былі меншыя (прыкладна 6 мэтраў на 4), але праца была ўсё адно нялёгкая...”.

Росквіт і заняпад гэтага “правадырнага” жанру прыпадае на часы брэжнеўшчыны. У Беларусі ён, аднак, мінімалізаваўся да некалькіх скульптурных прац і алегарычных карцін.

Між тым, агульная спадчына правадыроў рознага маштабу — ад камандзіра да старшыні райкаму, ад “жалезнага Фэлікса” да “клясыка марксізму” — велізарная. Мастакі некрытычна паўтаралі прыёмы, прытарнаваныя адно да недасяжнае велічыні асоб, партрэтуючы куды больш дробнае начальства. Каталёгі выставаў стракацяць такімі партрэтамі — у жывапісе і графіцы. Асэнсаваць гэты вал нам яшчэ належыць.

Аднаго разу сустрэў паэт і мастак Адам Глёбус на вуліцы славутага скульптара Заіра Азгура і кажа: “Вось маўляў, Заір Ісакавіч, Вы выдалі выдатную кнігу “Што помніцца...”. Але Вы там нічога не напісалі пра тое, як стваралі Сталіных, Мао-цзэ-дунаў, Кім Ір Сэнаў...”. “Малады чалавек, — адказаў Азгур — як завецца мая кніга? Так, “Што помніцца”. А гэта ўсё ня помніцца..." Тымчасам скульптар Азгур на пачатку 30-х гадоў быў перышм, хто ўвасобіў вобразы Коласа й Купалы (для фасаду Нацыянальнага тэатру), а таксама дзясяткі вобразаў тагачасных дзеячоў беларушчыны — Багушэвіча, Каліноўскага, Уладзіслава Галубка, Усеўлада Ігнатоўскага ды быгата каго яшчэ... Дык вось аднаго вечару, як сьведчаць людзі, ён мусіў замкнуцца ў майстэрні й пазьнішчаць усе свае творы, у каторых сачылася якая “нацдэмаўшчына”... Другі гэткі выпадак адбыўся з Азгурам па вайне. Пасьля ўтварэньня дзяржавы Ізраіль ён быў прасякнуўся сыянізмам. Стварыў багата вобразаў дзеячоў жыдоўскае культуры. Сярод іх была скульптура Міхоэлса, зь дзіцёнкам на руках. Вось гэтае дзіцё й мела ўвасобіць сабою юную ізраільскую дзяржаву... Але пасьля трагічнае сьмерці Міхоэлса ў Менску напалоханы Азгур ізноў замкнуўся ў майстэрні... і зноў разьбіваў дашчэнту свае работы. За бясконцымі самакансьпірацыямі й самаабежаваньнямі пазьнікалі цэлыя плоймы імёнаў. Лішне казаць, што ані дзяржава, ані тыя, што завуцца “творчай інтэлігенцыяй”, не выяўлялі й не выяўляюць дасёньня цікавасьці да іх узнаўленьня. А праз тое вялікія абсягі нашае культуры застаюцца ў смузе...


2. Лёс творцаў
За часоў нацызму ў Нямеччыне дзеіў адмысловы закон аб канфіскацыі твораў “звыроджанага мастацтва”: звыш за 20.000 работ з музэяў і прыватных збораў было сканфіскавана на ягонай падставе й трапіла ў сховішчы, альбо зь нямецкай гаспадарлівасьцю было прададзена з аўкцыёну ў Мюнхене. Тое, што не было “рэалізавана” — болей за 1000 карцін, 3.825 акварэляў і малюнкаў, — было ўрачыста спалена гітлераўцамі 20 сакавіка 1939 г. у Бэрліне.

З Бэрлінскай Акадэміі мастацтваў былі выгнаны такія творцы, як К.Кольвіц, С.Дзікс, М.Бэкман, П.Клее, Міс ван дэр Роэ, Э.-Л.Кірхнэр, М.Лібэрман, мастацтвазнаўцы Г.Хартлуб, К.-Т.Хайзэ, Л.Юсьці, М.Заўэрланд. Штурмавікамі СС былі забіты Э.Мюзам, К.Асецкі, Г.Маер-Тур. Пакараньня сьмерцю прычакалі Ф.Шульцэ, К.Шумахер, А.Франк. Але ў творцаў Нямеччыны выйсьце заставалася — эміграцыя. Урэшце, лёсы ці ня ўсіх творцаў з фашыстоўскіх краін Эўропы нам вядомыя.

Беларускія ж біяграфіі ХХ стагодзьдзя заблытаныя й захутаныя смугою недагаворак, намёкаў, інтэрпрэтацый. Калі ў папярэднія эпохі мастакі разглядалі эпісталярны й мэмуарны жанры як спосаб падзяліцца сваімі ідэямі, прыадчыніць вакенца ў сваё сьветаадчуваньне, а то й рашуча сьцьвердзіць свае эстэтычныя прынцыпы, то цягам амаль усяго ХХ ст. адбывалася роўна наадварот. Мастакі імкнуліся ў суплёце палітычных рэаліяў як мага глыбей зашыфраваць свой сьветагляд. А то й папросту схаваць акалічнасьці сваіх біяграфіяў... Няма ў беларускіх энцыкляпэдыях зьвестак і пра багата якіх іншых мастакоў, што палеглі ахвярамі тэрору яшчэ перад вайною. На пачатку 30-х гг. былі арыштаваны Ібрагім Гембіцкі, Міхась Філіповіч, Міхал Станюта. Але ім, можна казаць, пашэнціла: неўзабаве яны павярталіся дахаты жывымі й працягвалі творчасьць. Хоць і не патрапілі ў гэтак званы Саюз мастакоў, утвораны ў 1938 г. Выпадкова, у 39-м, уцёк ад арышту зь Вялейкі Ўладзіслаў Стржамінскі, перабраўшыся ў Нямеччыну. Фашысты на яго не зьвярнулі ўвагі. Выжыў. А вось некаторыя разьлічыліся за свой талент жыцьцём. Адным зь першых быў забіты Ўладзіслаў Галубок. Ён быў ня толькі літаратарам, акторам ды рэжысэрам, але й мастаком. Галубок сам аздабляў пастаноўкі ўсіх сваіх спэктакляў, а, да таго ж, браў удзел у выставах як жывапісец... Ён быў адным з пачынальнікаў найноўшага нацыянальнага рамантычнага пэйзажу. Яго расстралялі ў 1937 г. Пра тыя гады я папрасіў распавесьці зяця Галубка, славутага беларускага мастака Яўгена Мікалаевіча Ціхановіча. Яму самому, дарэчы, днямі споўнілася 89 гадоў. Яўген Ціхановіч ці не апошні сьведка тае эпохі з мастакоўскага асяродку. І ён распавёў, як склаліся лёсы тых людзей, якіх ён асабіста ведаў, у каго вучыўся, з кім працаваў...

Гадлеўскі Эдуард… Пасьля параду фізкультурнікаў выслалі ў Магадан. За тое, што ягоная скульптура Сталіна з пап'е-машэ павалілася. Сталін ледзь ня даў нырца ў Маскву-раку. Гадлеўскі пасьля адсідкі ў Менск не вярнуўся... Змудзінскі, які рабіў малюнкі да буквароў, высланы ў Сібір за тое, што быў у мінуласці афіцэрам “царскага рэжыму”. Гэта быў час сталінскага тэрору. Абрамаў… Мастак-графік. Зрабіў, між іншага, геаграфічныя мапы ў Белдзяржвыдавецтве. Меў хату й вялікі пладовы сад. Але ўлады захапілі ягоны пляц і збудавалі там Лечкамісію. Вядома, тое было і маральнаю зьнявагай, і матэрыяльнай стратай. Майстар пачаў абурацца, што й аказалася падставаю арышту й высылкі. Там, далёка ад дому, ён і памёр. Кашкель — мастак-графік. Працаваў у Белдзяржвыдавецтве, але ягоны бацька пры НЭПе меў вялікую краму. Толькі гэта й абралі за падставу для ягонага арышту й высылкі падчас сталінскага “хапуна”. 1937 год не абмінуў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Мы лічым яго вышэйшай мастацкай установаю, бо там выкладалі настаўнікі, што скончылі яшчэ імпэратарскую Акадэмію мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. Такія славутыя мастакі, як Волкаў, Керзін, Эндэ, былі настаўнікамі такіх, як Фогт, Хрусталёў, Загароўскі. Груцай, Дзежыц. Керзіна, да прыкладу, пазбавілі права выкладаць скульптуру адно таму, што ён меў дыплём Акадэміі мастацтваў. Скульптуру пачаў выкладаць Ганс Шульц, які скончыў Інстытут Пралетарскага Мастацтва. Ужо назва гаворыць сама за сябе. Скончылася акадэмічная праграма, наступіў хаос...

Настаўнікі Віцебскага мастацкага тэхнікуму браты Даркевічы. Пётра Даркевіч выкладаў мастацтвазнаўства, а ягоны родны брат Хрыстафор выкладаў манумэнтальны жывапіс. Бацька іхны быў вельмы заможны, меў свой вялікі млын. Таму іх арыштавалі й расстралялі. Гэта быў 1937 год... Мінін выкладаў у тым самым тэхнікуме графіку, а да гэтага быў афіцэрам царскага войска. Арыштаваны ў 37-м. Расстраляны...

Натуральна, мартыралёг гэты далёка ня поўны. Нам невядомы лёсы мастакоў з Гомелю, Магілеву, Мазыру, Бабруйску, Полацку. Ніхто сёньня адмыслова гэтай тэмаю не займаецца. Але нават з таго, што мы ведаем, можна зрабіць адну супярэчную выснову — мастакоў рэпрэсавалі ў куды меншых маштабах, чым літаратараў, і менш жорстка. Высылка — ня куля. На гэткую маю выснову Яўген Ціхановіч выказаў сваё меркаваньне, што мастакамі наагул ня надта хто й называўся за Сталіным. У тым сталінскім Саюзе мастакоў на 38-ы г. было ўсяго дзесяць чалавек, пераважна небеларусаў. А большасьць беларускіх мастакоў стала ў тыя гады проста выкладчыкамі ды паз'яжджала куды далей з буйных гарадоў. Адам Глёбус разважае гэтак: адносна мякчэйшае стаўленьне камуністаў да мастакоў тлумачыцца й тым, што сапраўдны мастак — бажавольны, крыху вар'ят, а таму прымусіць ці прыдушыць яго не выпадае. Бо ж мастацтва — ці не адзіны від творчасьці, непадлеглы дысцыпліне. Нават памянёны ўжо намі жывапісец Волкаў, са словаў Ціхановіча, мог і за Гітлерам, і за Сталіным адмаўляць людзям, апранутым ува ўніформу, спасылаючыся на адсутнасьць настрою: ”Насёньня сэанс адкладаецца”. Зрэшты, абедзьве пазыцыі не пярэчаць адна адной.

Ды гэта ніяк не ўваскрэсіць таго мастацтва, што было зьнішчана, альбо й ня створана... Нішто яго не ўваскрэсіць.

Марна шукаць і імя Рамана Семашкевіча ў беларускіх энцыкляпэдыях. Яго там няма. Было колькі публікацый у пэрыёдыках, у паасобку, у “ЛіМе” й “Культуры”, але даволі даўно. Мо, таму леташні стогадовы юбілей гэтага выбітнага мастака прамінуў у Беларусі незаўважна. Семашкевіч папросту выпаў з кантэксту нашае культуры. А, між тым, ягоны юбілей адзначылі ў Расеі: выдадзены альбомы, зьняты дакумэнтальны фільм, прайшло сёлета некалькі шумных выставаў. Творы ягоныя там называюць не інакш, як “мараю калекцыянэраў”. Нарадзіўся мастак у кастрычніку 1900 г. ў мястэчку Лебедзева, што на Маладэчаншчыне. Гадаванец Віленскай Беларускай Гімназіі, вучань Язэпа Драздовіча, Семашкевіч у 1925 г. прыбыў у Менск, адкуль, разам зь Міхасём Філіповічам, перабіраецца ў Маскву, на вучобу ў Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях. У іх абодвух нават бацькі адно імя мелі — Мацьвей. Праз 5 гадоў Філіповіч усё ж вяртаецца ў Беларусь. Семашкевіч жа нічога ня ведае пра лёс свайго сябра. Ягоны ж уласны лёс склаўся на чужыне зусім ня добра. Напачатку 30-х ён паехаў у Тбілісі, да яшчэ аднаго земляка, беларуса Кірылы Зданевіча, таго самага, што адкрыў сьвету сьвет Пірасманішвілі. Пабачаная на кватэры Зданевіча калекцыя твораў геніяльнага грузінскага прымітывіста зрабіла на Семашкевіча калясальнае ўражаньне. З таго часу традыцыяналісцкі жывапіс мастака рэзка зьмяняецца: робіцца насычаным, зьдзічэлым, натуральным. Можна, праўда, шукаць ня гэтулькі грузінскія, як францускія карані ягонага мастацтва, і лёгка паставіць яго ў адзін шэраг з Утрыла, Марке, Дзюфі ці Руо. Што праўда, семашкевіцкая графіка тымчасам застаецца выкшталцонай і пекнай, толькі зрэдзьчасу перакуляючыся ў экспрэсіянісцкія выкруты. У 1931-м ёнуваходзіць у мастакоўскую суполку “13-ці”, і разам яны ладзяць вялікую выставу ў Маскве. Сярод "13-ці" было таксама колькі беларусаў, што знайшлі сабе прытулак пад непахіснымі сьценамі Крамлю: Стэфанскі, Мілашэўскі, Дрэвін, Рамановіч. Ці не апошні ўсплёск мастакоўскае свавольнасьці. Урэшце, толькі яна іх і лучыла — людзей рознага маштабу й розных эстэтычных прыхільнасьцяў.

Тымчасам як у Менску рэпрэсіі ужо набывалі статыстычны размах, у Маскве на тое не выглядала. За лякерам усьмешлівага аптымізму яшчэ не было відаць вупырных іклаў. А Семашкевіч нешта нібы ўжо вычуваў. Вось, напрыклад, малюнак “Чалавек і пачвара”. Стаіць сабе мужык, як мае быць — у ботах ды картузе, а за ім ужо цікуе нейкая земнаводная страшыдла з высалапленым языком. Альбо рыхтык Гагенаўскія “Арыштанты”, “Зводзяць зьняволенага”, “Шпацыр вязьняў”. Прадчуваў? Можа быць. Як і шмат хто іншы. Але адрозна ад іншых, ён выкладаў свае прадчуваньні на роўнядзь паперы. Зрэшты, асабліва й варажыць не выпадала: два ягоныя родныя браты былі арыштаваны за пераход мяжы й польскі шпіянаж. Не засталося па іх і знаку. 1 лістапада 1937 г. прыйшлі й па яго, мастака. У пратаколе “тройкі” значылася: ”за нелегалны пераход савецкае мяжы, за актыўную кантрэвалюцыйную фашыстоўскую дзейнасьць, усхваленьне фашыстоўскага ладу, 2 браты-шпіёны...”

Ні на водным з допытаў Семашкевіч вінаватым сябе не прызнаў. Нікога выдаваць не зьбіраўся. 17 лістапада допыты перапыніліся. 22 сьнежня яго расстралялі. Каб расстраляць, завезьлі чамусьці ў Татарстан. Ягоных жа сяброў чакалі толькі высылкі. Мо, дзякуючы й ягонаму маўчаньню, яны засталіся жывыя? Не пакінулі ў спакоі й мастакоўскі творчы даробак. Звыш за 300(!) ягоных палотнаў былі забраны ў НКВД, дзе прапалі незваротна. У даведцы КГБ пра рэабілітацыю гаворыцца дакладна, што на карціны існуе вопіс, і іх у НКВД трымалі да 40-га г. Ад мастака засталіся рэмень ад эцюдніка, бутэлечка з фіксатывам для малюнкаў і раскладное палатнянае крэсла. А яшчэ 150 малюнкаў тушам, што перахаваліся ў сяброў ды знаёмых, і дзясятак карцін, раскіданых ад Пензы да Тбілісі.

Уладзімер Мілашэўскі, сябра й зямляк Семашкевіча, славуты савецкі графік, якому пашчасьціла ацалець пасьля ссылкі, падчас адлігі 60-х шчыра ня мог узяць уцям гэткую бязьлітаснасьць: ”Наш Семашкевіч быў цалкам бесьсвядомы. Жывапісец зь вялікай літары. Якія ў яго маглі быць палітычныя погляды?”.

Але, мяркую, нейкія погляды ў гэтага бажавольнага бясшкоднага творцы ўсё ж былі. Невыпадкова на ягоных малюнках суседзяць паседжаньні партячэек зь пінгвінамі й ламамі ў заасадзе, паляваньні побач з вымысьленымі турмамі. Ягоная творчасьць — гэта мастацтва супраціву. Не маляваў ён Сталіных, Варашылавых, Жданавых. Не маляваў трыюмфаваньне пралетарыяту. Бо не імкнуўся падладжвацца й ня меў ілюзій. Бо папросту грэбаваў тымі людзьмі, што забівалі ў саміх сабе сваю самавітасьць, і тымі, што забівалі яго. Ён не сказаў ім нічога. І сябе не намагаўся выгарадзіць — ведаў, за што яго зьнішчалі.

Рэмень ад эцюдніка, бутэлечка з фіксатывам для малюнкаў і раскладное палатнянае крэсла... Ці не самыя каштоўныя рэліквіі ХХ ст. — сьведкі супраціву? Зьвесткі пра іх не патрапілі ў беларускія энцыкляпэдыі.

Альбо Давыд Якерсан. Тым, хто вывучаў гісторыю віцебскае школы 20-х гг., гэтае імя, пэўне ж, траплялася на вочы ў тагачасных пэрыёдыках ды спамінах мастакоў. Яго ўважалі за аднаго з самых таленавітых і ўлюбёных вучняў Пэна. Урэшце, з майстэрні Пэна й пачалася ягоная мастакоўская біяграфія. Пазьней ужо ён, разам зь сябрамі Эль Лісіцкім і Фрыляндарам, едзе ў Рыгу й паступае ў Політэхнічны інстытут. Але вайна перапыняе шкаленьне, і мастак вяртаецца ў Беларусь. Падхоплены вайскова-рэвалюцыйнай завірухаю, ён глыбока ўнурваецца ў мастацкае жыцьцё роднага гораду: кіруе скульптурнай майстэрняю ў Народнай мастацкай вучэльні, вырабляе дзясятак помнікаў паводле славутага пляну манумэнтальнае прапаганды, супольна з Маркам Шагалам стварае аздобу Віцебску да гадавіны рэвалюцыі. У творчасьці гэтага майстра, як у кінастужцы, кадар за кадрам, адлюстраваліся ледзь ня ўсе мастацкія плыні таго часу. Ён пачынаў як прыхільнік “ар нуово”, якое гэтак было ў модзе ў буржуазнай Рызе, — ствараў вельмі далікатныя, пекна арнамэнтаваныя дэкаратыўныя кампазыцыі. Але першыя ж спробы тварэньня скульптуры занесьлі яго ў імпрэсіянізм. І толькі пасьля знаёмства з Казімерам Малевічам творца становіцца адным з апалягетаў супрэматызму, экспэрымэнтуючы ў кубістычнай ды супрэматычнай скульптуры. На працягу 1919—1921 гг. Якерсанам была створана й нізка лінарытаў на матывы беларускіх, жыдоўскіх ды расейскіх казак. Дарэчы, гэтае захапленьне казачным фальклёрам наагул было ледзь не абавязковым амаль для ўсіх віцебскіх мастакоў разгляданае намі пары. Дастаткова прыгадаць клясычныя ілюстрацыі да казак Марка Шагала ці Эль Лісіцкага... Між тым, разам з камісарам Шагалам Якерсан камісарыў таксама. А пасьля супрацоўнічаў зь віцебскім Уновісам, быў тут ці ня самым адданым сябрам Малевіча, дапамагаючы перажыць таму цяжкую зіму 1919—1920 гг. Імкнуўся быць бліжэй і да Дабужынскага, у якім надзвычай імпанавалі мастаку ўпэўненая інтэлігентнасьць і найвышшы культурны кшталт. Імя Якерсана часта паўтаралася ў мастацкім коле — побач з імёнамі Лісіцкага, Когана і Ермалаевай. Але потым Якерсан быў забыты. Забыты настолькі, што ягонае імя не патрапіла нават у 5-цітамовік “ЭліМБел”. Між тым, ён рабіў нібы ўсё тое ж, што й ягоныя паплечнікі й землякі: архітэктоны, кампазыцыі з чорнымі квадратамі, “супрэматычныя” фігуркі ды безьліч графічных аркушаў. Усё тое ж. Мо, і лепей за каторага іншага. Бо ён жа ніколі не выглядаў на вузкага адэпта аднае якое плыні... Імя мастака сьцёрлі са скрыжаляў гісторыі нашага мастацтва. Што ж засталося пасьля Якерсана? Некалькі фатаздымкаў кубістычных скульптур. Некалькі здымкаў драўляных і гіпсавых барэльефаў, на матывы беларуска-жыдоўскае арнамэнтыкі. Апроч таго, вялікая сэрыя лінагравюр да розных казак, напрыклад, да казак “Залатое яйка”, “Дурны воўк”, “Лісічка-сястрычка”, “Музыка ды яшчарка”, “Бабчын козьлік”... Пры тым, стылёвая інтэрпрэтацыя гэтых твораў надзвычай калярытная: нешта тут і ад барочных дрэварытаў, нешта ад графікі Шагала... Але асабліва дзіўнымі падаюцца арнамэнты, у якіх пераплецены беларускія геамэтрычныя матывы пляскатае разьбы й вышывак з мудрагелістым усходнім жыдоўскім арнамэнтам. Цікавыя й самі фарматы гравюр. Большасьць зь іх мае абрыс авалу, як на традыцыйных жыдоўскіх надмагільлях “мацэвот”. А й нават канцоўка “Козьліка” выдае, хутчэй, на тока-гіранічную трактоўку юдэйскага сымбалю — аленя... Апроч казачных, фантастычных сюжэтаў, тамсама ёсьць багата малюнкаў і гравюр на дакумэнтальныя сюжэты. Гэта і замалёўкі беларускіх гарадоў і мястэчак, і карцінкі з жыдоўскага побыту. І невялічкая нізка, прысьвечаная эвакуацыі й падзеям ваеннага міжчасься 1914—1921 гг... Ёсьць таксама й некалькі ранейшых аркушаў, цяжка вытлумачальнага, сымбалічнага зьместу: нейкія бясполыя астэнічныя постаці ў садзе, невядомых краёў архітэктура, уплеценыя ў мудрагелістыя перапляценьні лілеі. У ноч з 1 на 2 красавіка 1937-га г. Егуда Пэн, настаўнік Якерсана, быў па-зьверску забіты ва ўласнай хаце. Забойства тое, на першы погляд, абсалютна бессэнсоўнае, дагэтуль не раскрытае. Зьвінавачаны былі сваякі ахвяры: маўляў, ім спатрэбіліся грошы. Але куды тыя грошы за Саветамі ў 37-м.? Пагатоў, менавіта сваякі й мусілі ведаць, што ў Пэна грошай не было... Настаўнік гэткіх мастакоў, як Шагал, Лісіцкі, Цадкін, Рояк, Якерсан ды яшчэ соцень, сышоў з жыцьця брутальна й цёмна. Гэтак журботна скончылася вялікая кароткая эпоха віцебскае школы.


3. Канфармісты, нацыяналісты і авангардысты
У паваеннны час мастацтва БССР доўжыла існаваньне ў рэчышчы таталітарных установак, палітычных і эстэтычных. Пры тым, гэта зусім іншы разьдзел у гісторыі нашае культуры.

Існавалі жорсткія ідэалягічныя рэгулы, але не было адкрытага прымусу. За мастакамі пакідалі выбар тэм: можна было, прыкладам, маляваць адно краявіды. Гэтым шляхам пайшлі пасьля вайны Бялыніцкі-Біруля, Масьленікаў, Цьвірка.

Была прафэсійная фільтрацыя, зыходна з ідэйных прынцыпаў. Але была створана шматпрыступкавая сыстэма адукацыі, дзякуючы якой у 1960-я гг. у мастацтва ўвайшла адметная генэрацыя, выхаваная й падрыхтаваная ўжо ў Беларусі. З імклівым ростам новае сыстэмы мастацкае адукацыі зьвязаны й бясспрэчныя посьпехі беларускае школы графікі. Дзясяткі імёнаў беларускіх мастакоў сталі вядомы цэламу сьвету: Вашчанка, Пасьлядовіч, Лось, Кішчанка, Савіч, Селяшчук, Славук ды іншыя.

Урэшце сышла ў нябыт сыстэма фізычных рэпрэсій творцаў, і была заменена сыстэмаю ізаляцыі “нядобранадзейных” твораў. За эрзацам масавае прапаганды праз прэсу, выставы й закупы добра прыхоўвалася тое, што не адпавядала канонам сацрэалізму. Адпаведна імёны прадстаўнікоў андэграўнду ды іхныя творы былі надзейна адгароджаны ад публікі. Але яны ўсё ж былі ў рэчаіснасьці.

Творцаў тае эпохі, да 1990-х гг. можна ўмоўна падзяліць на тры катэгорыі. Найперш гэта канфармісты, якія шчыра абслугоўвалі савецкую ідэалёгію, ствараючы “сацыялістычныя паводле зьместу” творы. Сьпіс іхных імёнаў амаль бясконцы. Прыпусьцім, што да канфармістаў належала блізу паловы мастакоў БССР.

Яскравым прыкладам ёсьць тут постаць Міхаіла Савіцкага, аўтара соцень твораў, што апявалі савецкую рэчаіснасьць ды ейных стваральнікаў. Р оля Савіцкага ў гісторыі савецкага мастацтва выключная. Ніводзін зь беларускіх мастакоў не дасягнуў гэткіх вышыняў і зіхоткага зьзяньня дзяржаўных рэгаліяў. Адно званьне народнага мастака СССР чаго вартае... Асоба Савіцкага яшчэ будзе глебаю для многіх тэм. Савіцкі — культуртрэгер, вясковы хлопец, які па вайне патрапіў вучыцца ў Маскву й вярнуўся зь перакананьнем свае выключнасьці па-над беларускімі калегамі. Савіцкі — нэкрамант, які добрую палову свае творчасьці прысьвяціў сьмерці ў розных ейных праявах, асабліва вылучаючы матывы сьмерці дзяцей і маладых жанчын. Савіцкі і Ленін — асобная тэма, бо менавіта ягоныя палотны й габэлены склалі гэтак званы “залаты фонд беларускае ленініяны”, у тым ліку, дзякуючы абсалютным памерам тых твораў. Савіцкі і Шагал — адна з найбольш красамоўных тэм у гісторыі нашае культуры. Менавіта Савіцкі, карыстаючыся абсалютным даверам савецкіх улад, прыклаў нямала высілкаў, каб імя ягонага геніяльнага калегі і земляка было “сьцёрта” са скрыжаляў беларускага мастацтва... Міхаілу Савіцкаму належаць і колькі пачэсных старонак у беларускай культуры. Некалькі ягоных палотнаў застануцца й пасьля таго, як за нашымі сьпінамі зьнікне далягляд сёньняшняга стагодзьдзя. Натуральна, гэта будзе ня “Песня” 1958 г., хадульная кампазыцыйна й анэмічная жывапісна: першае буйное палатно будучага маэстра болей нагадвае афішу да тагачасных фільмаў пра краіну, “дзе так вольна дыхае чалавек”. Ня будуць гэта й палотны на тэмы партызаншчыны, то лубковыя, то відочна фальшывыя пачуцьцёва. Дый “Лічбы на сэрцы” ня знойдуць сабе лепшага месца за тое, дзе яны цяпер, — за Музэй вайны. Самым значным з творчасьці Савіцкага стала тое, у чым ён вычувае зьнітаванасьць з краямі свайго дзяцінства. Кажучы інакш, тое, што сьведчыць пра ягоную прыроду, генэтычную повязь зь людам простым. Невыпадкова, дэбютуючы “Песняю”, ён напружана шукаў повязі, больш адпаведнай ягонаму ego , чымся кампіляцыі з мэксыканскіх муралістаў. Жыцьцё хлебаробаў ды ільнаводаў родных палеткаў Віцебшчыны, куды больш знаёмае мастаку, чым штучны патас “ярасных атак”, лягала на ягоныя палотны нібы адхланьнем, пачуцьцём ціхае й рацыянальнае згоды з Жыцьцём. Да прыкладу, “Ураджай”, напісаны ў 1966 г. І гэта дзівіць, зважаючы і на год напісаньня, і на паралельныя з гэтай карціны Савіцкага, зьяўленыя ў тыя ж гады, але нібыта робленыя ў нейкім чадзе бруталізму, шэрымі, невыразнымі фарбамі, — палотны, што па інэрцыі эксплюатавалі модную тады тэму партызаншчыны. Блізкай па духу да памянёнага "Ўраджаю" стала карціна “Селянін у чырвонай кашулі”. Аднак у ёй паперадзе тэмы бясконцага колазвароту жыцьця паўстае матыў жыцьцядайнасьці самой зямлі, жалобнай і ўрачыстай, зямлі, якая адорвае жыцьцём усё й у якую жыцьцё сыходзіць... Наступныя работы, нібы набліжаныя да канкрэтных побытавых рэаліяў, таксама шыфруюць у сабе тэму эўхарыстыі: “Хлеб”, “Хлеб новага ўраджаю” й “Хлябы”.

То бок, Савіцкі, як і бальшыня мастакоў-канфармістаў, не цураўся й уласна мастакоўскіх задач, не зьвязаных з камуністычнай ідэалёгіяй. Ягоныя творы, прынамсі, бальшыня, пераўзыходзяць па сваіх якасьцях творы, мо, бальшыні савецкіх мастакоў. І ўсё-ткі, не зважаючы на дзясяткі ягоных клясычных работ, далёкіх ад афіцыёзу, імя гэтае назаўжды застанецца зьнітаваным найперш з услаўленьнем таталітарнае ідэалёгіі й паслугаваньнем ёй.

Другая плыня ў беларускім паваенным мастацтве — нацыянальныя рамантыкі. Іх яшчэ беспадстаўна называюць “этнаграфістамі”. Гэта тое кола мастакоў, якія літаральна разумелі сваю задачу стварэньня мастацтва “нацыянальнага паводле формы”. У першую чаргу, дзеля прыкладу, тут варта назваць Яўгена Куліка.

Ён доўгія гады быў эталёнам маральнасьці для свайго атачэньня. Гэта ў ягонай майстэрні, што была на праспэкце насупраць КГБ, у 1960-я гг. утварыўся нефармальны нацыяналістычны асяродак, які, паводле месцазнаходжаньня, атрымаў жартоўны назоў “На паддашку”. Людзі з таго асяродку, сябры Яўгена Куліка, пазьней ачолілі беларускі вызвольны рух, сталі лідарамі Беларускага Народнага Фронту. А сам спадар Кулік у 1991 г. паўстаў адным з аўтараў старых дзяржаўных сымбалеў новае Беларусі: бел-чырвона-белага сьцягу й гербу “Пагоня”. Зь ягонага творчага даробку варта згадаць унікальныя графічныя нізкі “Помнікі дойлідзтва Гарадзеншчыны”, “Замкі Беларусі”, “Паўстаньне 1863 г. у Беларусі”, якімі творца запачаткаваў цэлую плыню ў беларускім мастацтве. Менавіта ад ягоных, дарэчы, твораў бярэ пачатак гістарызм паваеннае пары. Ён аформіў у 70—80-я гг. дзясяткі кніжак, і найлепшымі зь іх былі: “Слова аб палку Ігаравым”, “Ад гоману бароў” Александровіча, “Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык” Багдановіча, “Сонечны клубочак” Зуёнка. Але сапраўдным шэдэўрам Яўгена Куліка сталася кніга “Песьня пра зубра” Міколы Гусоўскага. Абсяг ягоных творчых зацікаўленьняў быў вялікі — ад рэканструкцый гербаў беларускіх гарадоў да краявідаў мясьцін, зьвязаных з жыцьцём Язэпа Драздовіча, дзеля захаваньня памяці пра якога спадар Кулік зрабіў надзвычай шмат. Дзякуючы Куліку й ягоным сябром, у беларускую культуру, апроч Драздовіча, было вернута й імя мастачкі Алены Кіш, якой мастак гэтаксама прысьвяціў свае творы. Аўтар кнігі ўвайшоў у нашае мастацтва ў 70-х — разам з цэлым пакаленьнем мастакоў, абраных на ролю абуджальнікаў нацыянальнае сьведамасьці. У пэўным сэнсе адлік іхнае структураванае дзейнасьці можна весьці ад 1976 г., калі адбылася выстава да 100-годзьдзя з дня нараджэньня Цёткі. Гэтак пачыналася найноўшая беларуская клясыка. Калегі, паплечнікі й сябры, з кола Куліка, прыцягнулі ў культурны ўжытак багата новых сюжэтаў і павярталі зь нябыту старыя. Вярталіся й колішнія жанры, гэткія, напрыклад, як маляваныя дываны, альбо “сармацкія” партрэты. І ў гэтых экспэрымэнтах бралі чынны ўдзел Марачкін, Маркавец, Басалыгі, Купава, Крукоўскі ды іншыя. Гэтак вынаходзілася арыгінальная плястычная мова, якой прамаўляла жывая беларушчына. Зьявіліся як адкрыцьці, сатвораныя пэндзлем, партрэты Луцкевіча, Дуніна-Марцінкевіча, Вітаўта, тузіну іншых гістарычных пэрсанажаў. Іх ведае цяпер, ці, прынамсі, бачыў ці ня кожны беларус. Аднак да сумежжа 70-х і 80-х гг. постаці нацыянальнае гісторыі былі амаль забыты — у выніку тагачаснае дзяржаўнае савецкае палітыкі. Гэткім чынам, за Куліком і мастакамі з кола ягоных паплечнікаў замацаваўся вобраз “нацыяналістаў”.

Творчасьць гэтае групы мастакоў, апазыцыйна настроеных да афіцыйнае палітыкі ўлад, між тым, цалкам палягае ў рэчышчы пошукаў этнічнае саматоеснасьці. Багата што з плёну іхнай творчасьці палегла ўрэшце ў падмурак нацыянальанае дыдактыкі.

Да трэцяй катэгорыі беларускіх мастакоў варта аднесьці ўласна андэграўнд — цалкам нонканфармісцкую плыню, у віры якое вырашалі адно мастацкія задачы, не зважаючы на іхнае гучаньне ў сацыялістычным грамадзтве. Гэтая плыня несупынна нарастала да канца ХХ ст. У ёй сфармаваліся такія групоўкі, як “Няміга 17”, альбо “Квадрат”(Віцебск). На сумежжы ХХ і ХХІ стст. мастакоў, што выйшлі з паўценю андэграўнду, можна было палічыць дзясяткамі.

Перадусім тут варта згадаць патрыярха беларускага андэграўнду Ізраіля Басава, чыё жыцьцё й творчасьць ёсьць і выключэньнем і красамоўным прыкладам у адначасьсе.

Першую спробу атрымаць прафэсійную адукацыю Басаў рабіў яшчэ ў 1939 г., калі паехаў у Віцебск, дзе вучыўся ягоны брат Бэньямін (сёньня вядомы маскоўскі графік). Але з бракаваньня агульных ведаў паступіць у славутую тутэйшую мастацкую вучэльню тады не атрымалася. І вярнуцца да вучобы ўдалося толькі пасьля вайны, калі паступіў у 1947 г. у Менскую мастацкую вучэльню. Тут зь ім здарыўся выпадак, ня дзіўны, як па тых часох: у 1951 яго хацелі выгнаць за "касмапалітызм". А вось працяг аказаўся дастаткова дзіўным: агульны сход студэнтаў заступіўся за яго, і супрацоўнік НКВД з тым пагадзіўся. Басава пакінулі ў спакоі... Гэтак Ізраіль Басаў стаў мастаком у Беларусі, і не пакінуў яе да скону. Па сканчэньні Менскай мастацкай вучэльні Басаў быў захоплены жывапісам Робэрта Фалька і Поля Сэзана, якіх ён унурліва вывучаў і пераасэнсоўваў. Тое яскрава адбілася на творчасьці — ён доўга заставаўся пад значным уплывам менавіта гэтых мастакоў. Усё жыцьцё Басаў паўтараў, што вельмі хацеў быць падобным да Фалька мастаком, але, маўляў, з гэтага мала што атрымоўвалася. Пераехаўшы ў Менск у 1947 г., Ізраіль Басаў стаў сьведкам новага нараджэньня гораду. Мастаку са сваякамі тут было спакайней. У Менску ўжо не заставалася руінаў, ён хутка рос — пад маршы, гучаньне якіх выбівала з галоваў журбу. Першыя творы, зразумела, прысьвячаліся гораду, зь якім зьвязаў свой новы шлях, — Менску. Вядома, не вынікала зь іх мажору (падставаў не было), але й роспачы таксама не адчувалася. Яўляўся дзіўны горад, без трыюмфальнае архітэктуры, без індустрыйнае напругі. Горад ня звонку, але ў самым мастаку. Кампазыцыі таго часу плаўныя, мяккія, някідкія, зь першага позірку, але "вынашаныя", як самыя даўнія думкі, да якіх вяртаесся зноў і зноў... Напачатку папросту выяўляліся канкрэтныя менскія краявіды. Цэлыя фрагмэнты вуліц і нават паасобныя дамы пазнавальныя адразу. Гэтак, напрыклад, "Вуліца Чырвонаармейская", "Горад. Вуліца Кірава", "Завадская ўскраіна", "Поўдзень", "Гарадская ўскраіна", напісаныя ў шасьцідзясятыя. Пэрыяд пераменаў у мастацтве Басава адбыўся паміж 1966 і 1967 гг. На зьмену нізцы натурных краявідаў прыходзяць работы спачатку нібы наўмысна рознастылёвыя, якія, аднак, штрых за штрыхом кшталтуюць тую пазнавальную манеру, што стане ўласьцівай мастаку на доўгія гады. У гэты ўмоўны пераходны пэрыяд патрапляюць "Дом з чырвоным дахам" (1966), "Партрэт жонкі"(1967),"Спатканьне" (1967), "Мэлёдыя" (1967), "Дзяўчына з гета"(1967). Ува ўсіх гэтых працах адчуваецца прынцыповае захапленьне мастака францускім жывапісам. У адных ён быццам больш падобен да Сэзана, у другіх — да Пікаса, у трэціх — да Лежэ, а "Дзяўчына з гета" ўспрымаецца як запазычаньне з Руо. Але гэта толькі першае павярхоўнае ўражаньне, бо перадусім Басаў ставіў сабе іншыя мэты. Як чалавек, абцяжараны няпростым досьведам, ён з кожнай работы імкнуўся зрабіць прыпавесьць. Але што стала больш выразным у ягоных творах, — дык гэта страх. Страх перад мінуласьцю й гэткай безнадзейнай будучыняй... Страх, ад якога адзін паратунак — любоў. Любоў як прыпавесьць — для двох. "Успамін" — ці ня самае яркае, ці дакладней, самае інтымнае ягонае палатно з гэтага пэрыяду. Ноч на ўскрайку мястэчка. Ціхі, глыбокі зімовы сон, ня сьвеціцца ўжо ніводнае вакенца... Як хацелася б, каб прабеглі назад усе аблокі. І прачнуцца ў бацькоўскай хаце, у тым, пакінутым назаўсёды Мсьціславе, дзе вакол сваякі й ветлівыя ціхія суседзі. Дзе... Гэта было да вайны. Жывапісны лад палатна аскетычны, літаральна тры — чатыры фарбы, аднак сама фактура жывапісу разнастайная.

Карціны Басава шматкроць рэпрадукавалі ў розных выданьнях, нават у альбоме "Беларускі савецкі жывапіс" 1978 г. Ці быў Басаў савецкім мастаком? Справа ўрэшце рэшт не ў манеры жывапісу. На мяжы 60-х і 70-х гг. не бракавала экспэрымэнтаў у галіне форматворчасьці, спасярод чаго абраў свой ясны шлях і ён. Жывапіс Басава быў усё ж сьведама фігуратыўны. Ягоныя работы зрэдку зьяўляліся на рэспубліканскіх выставах і выстаўляліся за мяжою, нават траплялі ў "самыя савецкія" выданьні. Справа ў іншым. Прынцыпова застаўшыся на Бацькаўшчыне, ён замкнуўся ў сваіх пачуцьцях, баючыся, каб нехта звонку не парушыў ягонага сьвету любові, асьцерагаючыся, каб нехта ня змусіў яго рабіць тое, чаго ён ня мог бы рабіць шчыра. Адрозна ад многіх іншых...

Як бачым, мастацкі працэс у БССР, не зважаючы на жорсткі ідэалягічны прэсінг, не спыняўся ніколі. Цягам часу мастакі шляхам канвэргенцыі, нацяжак “канфармізм-нонканфармізм” адстаялі для сябе пэўную прастору, у якой пакінулі за сабою свабоду выяўленьня. Такія творы, як “Купалінкі” Анікейчыка, “Сьвята ў Докшыцах” Маркаўца ці “Казачны калейдаскоп” Селяшчука, выразна сьведчаць, што таталітарызм не ў стане доўгачасна трымаць у межах сваіх рэгулаў жывы творчы працэс. Досьвед Беларусі дэманструе, як паэтапна ўсталёваўся таталітарны канон (1930-я—1960-я), і як ён жа дэградаваў і эразіраваўся (канец 1960-х—1990-я). Разам са сконам клясычнага таталітарызму адпадае й патрэба ў клясыфікацыі мастакоў па фармальных прыкметах стаўленьня да палітычнага рэжыму.


Літаратура
1. Актуальные вопросы истории советского изобразительного искусства // Искусство. 1989. №6.

2. Васілеўскі П.П. Не паспеў // ЛіМ. 1997. 1 жніўня.

3. Володарский В.М. Искусство при тоталитарных режимах // Тоталитаризм в Европе ХХ века: Из истории идеологий, движений, режимов и их преодоления. М., 1996.

4. Крэпак Б. “Антычнасьць” ІІІ рэйха і сталінскі “рэнэсанс” // Культура. 1993. 25 ліпеня.

5. Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2-е выд., дап. Мн. ВП “Экаперспектыва”, 1997.

6. Миловидов А. Заслуги графа М.Н .Муравьева… Харьков, 1990.

7. Ціхановіч Я. Парадны партрэт у “экстэр'еры” натоўпу // Культура, 1993. 9 лістапада.

8. Steіnerrnes Gesіcht. Austellungskatalog. Projektberatung Vladіmіr Guzman Hrsg. Alexander Sokolov. Dusseldorf. 1994. 

Юры Вашкевіч

Лекцыя 18. "Homo sovieticus" — фэномэн і архетып

Плян:

1. Паходжаньне і паняцьце “homo sovieticus”

2. Асноўныя рысы чалавека таталітарнай эпохі


Вывучэньне найноўшай гісторыі заўсёды тоіць у сабе небясьпеку большай памылкі, чым дасьледаваньне аддаленых часоў. Гэта падаецца парадоксам, бо, здавадася б, і дакумэнтаў захавалася болей, і сьведчаньняў непасрэдных удзельнікаў падзей, і часавая дыстанцыя куды карацейшая. Але менавіта ў гэтай кароткай дыстанцыі й палягае праблема. Гісторыя робіцца тут нібы часткай біяграфіі канкрэтных жывых людзей. Адсюль — эмацыйнае стаўленьне да перажытых часоў і добра вядомых зьяў, звужаная магчымасьць іх крытычнага пераасэнсаваньня.

Менавіта да такіх зьяў належыць і фэномэн “homo sovieticus” — чалавека савецкага, які ў масавым маштабе быў сфармаваны і разьвіваўся за часамі СССР. Сваё існаваньне доўжыць ён і ў нашы дні. Паспрабуем прааналізаваць гэткага чалавека з гістарычнага пункту гледжаньня.


1. Паходжаньне і паняцьце “homo sovieticus”
Сыстэма, створаная Леніным, і не зусім дакладна называная савецкай, адметная некалькімі характэрнымі рысамі: яна ўнармавала выключна дзяржаўную ўласнасьць, імкнулася да абсалютнай цэнтралізацыі ўлады, насаджала неталерантнасьць, вызнавала вяршэнства камуністычнай ідэалёгіі, практыкавала шырокую аўтаномію рэпрэсіўных органаў, прымусова ствараючы тым жа часам грамадзкія арганізацыі (прафсаюзы, камсамол, піянэрыя). Калі да ўсяго памянёнага яшчэ дадаць добра разгалінаваную сетку партыйнага і дзяржаўнага кантролю, дык выразна праглядаецца: меўся дасканала падабраны камплект прылад партыйнай дыктатуры.

Дзеля асэнсаваньня камунізму вельмі важна зразумець бальшавіцкую стратэгію хлусьні. Хлусьлівае слова, зьмяніўшы сваё ранейшае значэньне, мусіла стацца адным з важных інструмэнтаў адурваньня людзей,. Чорнае мела зрабіцца белым, а белае — чорным. Замена праўды на падман, ажыцьцяўляльная праз усталяваньне сыстэмы пакараньня за “адступніцтва” ад камуністычнай ідэі, была адным са спосабаў стварэньня чырвонай імпэрыі — СССР у галовах людзей. Народныя масы вінны былі прызнаць прапагандысцкую ману за ўласныя думкі і погляды.

Вельмі істотным чыньнікам паўставаньня “грамадзтва новага тыпу” быў і канцэпт правадыра, які, зьяўляючыся найвышэйшым аўтарытэтам партыі, выпраменьвае магутную магічную энэргію, што ахоплівае самыя шырокія народныя слаі. Містыцызм камуністычнага “правадырства” меў вытокі якраз у наданьні пэўнай асобе нязьведанай сілы ўплыву на масавую сьвядомасьць. Прырода ж гэтай сілы выяўлялася як у форме натхняльнай, так і зьнішчальнай (дачынна клясавых ворагаў найперш). З адчуваньняў савецкага чалавека вынікала, што дастаткова правадыру ці ягонай партыі дакладна ўказаць на нейкае ліха, назваўшы яго, а затым прыняць адпаведную пастанову, — і тое ліха ў момант зьнікала. Гэткая магічная вера ў моц правадырскіх слоў глыбока ўкарэнілася ў розумы савецкіх грамадзян.

Правобраз homo sovieticus трэба шукаць у расейскіх тэорыях сацыялізму дзевятнаццатага стагодзьдзя. Ужо тады мэнтальна зьявіўся “новы чалавек”, каб зьдзейсьніць у царскай Расеі рэвалюцыю і збудаваць сацыялізм. Бо менавіта ж пра такога чалавека марылі расейскія народнікі, выпраўляючыся “ў народ” з мэтай падрыхтоўкі рэвалюцыі. І высакародную задачу бачылі яны перадусім у фармаваньні новай мэнтальнасьці, варожай да праваслаўнай традыцыі і ўмацаваных у ёй духоўных каштоўнасьцяў. Ды народнікі пацярпелі фіяска. І тады на зьмену ім прыходзяць рэвалюцыянэры, што ўвасабляюць усёй сваёй дзейнасьцю ўзор дэструктыўнага гераізму. Гэтым прыдатны ўжо ўсялякі сродак барацьбы за сацыялізм. Але й яны, як перад тым папярэднікі, лічылі, што рэалізацыя новай сацыяльна-палітычнай сыстэмы патрабуе перадусім новага чалавека. Ідэю фармаваньня новага чалавека скарыстаў і Ленін падчас бальшавіцкага перавароту, паабяцаўшы мільёнам зьняважаных і згаладалых расейцаў рай зямны, поўны ледзь не дармавых матэрыяльных даброт. Адзінай жа ўмовай для патрапляньня ў той камуністычны рай паўстала адрачэньне ад Бога, хрысьціянскіх каштоўнасьцяў і этычных правіл.

Гэткім чынам, homo sovieticus — пэўны сацыяльна-палітычны фармат чалавека, што складаецца на базе ідэалёгіі калектывісцкага тыпу. Асновапалеглым элемэнтам гэтай ідэалёгіі ёсьць вера ў “сьветлую будучыню” і “правадыра”, мэсію “сьветлай будучыні”, які ня толькі мае сакральныя веды, але й валодае містычнай здольнасьцю ператвараць “энэргію слоў” у “энэргію чалавечых дзеяньняў” і стваральны рух.

Лічыцца, што паняцьце “homo sovieticus” упершыню ўвёў Аляксандар Зіноўеў. Але ў г. зв. саветалёгіі яно існавала задоўга да Зіноўева. Тэрмін гэты зьявіўся яшчэ да вайны, у Нямеччыне. Зіноўеў жа выдаў сваю кнігу “Homo sovieticus” у 1970 г. Аўтар твору разглядае асаблівасьці і глыбінныя матывацыі паводзін савецкага чалавека, ці, кажучы больш дакладна, чалавека савецкага тыпу. Гэта, вядома, не азначае, што да Зіноўева ніхто ня зважаў на гэткі фэномэн. Першымі яго вывелі на сьвет белы тыя, хто заўсёды найбольш абвострана адчувае радыкальныя перамены ў грамадзтве, — пісьменьнікі, людзі мастацтва, філёзафы, інтэлігенцыя ўвогуле. Герой на гэтакі ўзор сустракаецца ў Міхаіла Булгакава, Яўгенія Замяціна, Альдоўза Хаксьлі, Міхаіла Зошчанкі, Андрэя Мрыя, Юзафа Мацкевіча, Івана Буніна, Францішка Аляхновіча, Мікалая Бярдзяева і інш., хто яшчэ ў 1920-я гады сутыкнуўся з новымі палітычнымі і культурнымі рэаліямі і іх прадуктам — новым тыпам чалавека. Спароджаны камуністычным грамадзтвам, такі чалавек зьяўляецца выразьнікам жыцьцёвых прынцыпаў гэтага грамадзтва. Можна казаць нават пра спэцыфічную савецкую псыхалёгію асобнай катэгорыі людзей, якія ідэнтыфікуюць сябе з усёй гісторыяй Савецкага Саюзу.

Аднак жа ня кожны грамадзянін СССР быў “гома саветыкус” і ня кожны “гома саветыкус” быў грамадзянінам СССР — своеасаблівы набор акрэсьленых якасьцяў можа выявіцца ў любым канцы сьвету. Але ў найбольш чыстым выглядзе, шырокім маштабе і дастаткова масава “гома саветыкус” праяўляе сябе толькі там, дзе гістарычна цалкам сябе зрэалізаваў, — на тэрыторыі былога СССР.

Далёка ня ўсе жыхары “камуністычнага раю” былі савецкімі людзьмі ў вышэйзгаданым сэнсе. Сустракаліся сярод іх і такія, хто абсалютна не прымаў камуністычнай мадэлі ўладаваньня грамадзтва і непрыхавана гэта дэкляраваў. Адкрыта дысыдэнцкія погляды, напрыклад, выказвалі (пераважна й найперш) вучоныя, пісьменьнікі. З вышэйпамянёнымі тут абыходзіліся надзвычай жорстка, ізалюючы ў канцлягерах, дзе тыя часта гінулі, або высылаючы па-за межы краіны. Нашмат большую групу складалі тыя, хто падзяляў нязгодніцкія погляды, але не адважваўся іх выказваць (прынамсі, на вушы асоб, якія не выклікалі даверу).

І ўсё ж нямала прадстаўнікоў інтэлігенцыі спрабавалі ў межах існуючай сыстэмы рабіць максымальна магчымае ў цесных абдоймах таталітарызму. Мікалай Бярдзяеў у кнізе “Новае сярэднявечча. Роздумы пра лёсы Расеі і Эўропы”, напісанай у хуткім часе пасля яго выгнаньня з Савецкай Расеі, разважае пра ўзьнікненьне новага “антрапалягічнага тыпу”, новага чалавека — не нацыянальнага, а інтэрнацыянальнага кшталту. “Зьявіліся зусім новыя абліччы, якія раней не сустракаліся ў рускім народзе. Зьявіўся новы антрапалягічны тып, у якім ужо не было дабрыні (...) Аніякага падабенства з тварамі старой рускай інтэлігенцыі, што падрыхтоўвала рэвалюцыю. Новы антрапалягічны тып выйшаў з вайны, якая й дала бальшавісцкія кадры. Гэта тып настолькі ж мілітарызаваны, як і тып фашысцкі”, — спамінаў пазьней аўтар прыгаданага твору.

У рамане Яўгенія Замяціна “Мы” жыхары краіны Ўтопіі настолькі страцілі сваю індывідуальнасьць, што розьняцца міжсобку толькі нумарамі, а кіравальны лёзунг дзяржавы цьвердзіць фармулюе несумяшчальнасьць шчасьця і свабоды.

У дасьледаваньнях савецкіх сацыёлягаў 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя канстатавалася хуткае пашырэньне сярод насельніцтва чэрствасьці, жорсткасьці, цынічнага эгаізму. Асабліва выразна выяўлялася гэта тэндэнцыя сярод моладзі, што засьведчвала навізну самой зьявы, адзначала характэрнае ўзьдзеяньне новага ладу на сьвядомасьць.


2. Асноўныя рысы чалавека таталітарнай эпохі
Асноўнай рысай чалавека таталітарнай эпохі ёсьць яго ізаляванасьць, адарванасьць ад сваіх каранёў. Такая ізаляваная асоба ня бачыць сэнсу ў захаваньні старых традыцыйных каштоўнасьцяў, бо яны падаюцца непатрэбнымі ў новым зьмененым сьвеце, дзе ідэю і волю дыктуе адна партыя. Захаваньне традыцый і трыманьне асабовых пазыцый, адрозных ад афіцыйных, робіцца небясьпечным, бо партыя, ці карпарацыя, якая ажыцьцяўляе ўладу, патрабуе ад грамадзтва поўнай, неабмежаванай, безумоўнай і нязьменнай ляяльнасьці ды неаспрэчнага падпарадакаваньня. А таму дзеля ўмацаваньня спрыяльнага для сябе становішча гэтая партыя рознымі спосабамі вымагае ад усіх насельнікаў перапыну ўсялякіх сувязяў, не супадалых зь ейнымі актуальнымі мэтамі. А раз гэтыя мэты ня маюць нічога агульнага з папярэднім сацыяльным, грамадзкім ладам і рэалізуюцца праз тэрор, — перарываньне нацыянальнай і культурнай традыцыі наступае вельмі хутка.

Мікалай Бярдзяеў сьцьвярджаў, што ў камунізме прыцясьненьне асобы ёсьць непазьбежным, а рэвалюцыйная камуністычная мараль аказваецца бязьлітаснай у адносінах да жывога канкрэтнага чалавека. Індывідуальны чалавек разглядаецца тут як цаглінка, патрэбная для будаўніцтва камуністычнага грамадзтва, як сродак. Адной з крыніц дэспатызму камуністаў зьяўляецца ўсьведамленьне імі супрацькамуністычных схільнасьцяў чалавечай натуры. Пастаяннай пагрозай для камунізму паўстае вечнае імкненьне чалавечай асобы да захаваньня сваіх натуральных інтарэсаў і зацікаўленьняў. Ідэалам жа таталітарнага ладу ёсьць чалавек-аўтамат, пазбаўлены свабоды выбару, невялічкае колца ў агромістай сацыяльнай машыне. Таму зьліцьцё з “калектывам” ператвараецца ў адну з найважнейшых мэт выхаваньня ня толькі сябраў камуністычнай партыі, але і ўсіх чальцоў таталітарнага грамадзтва. Дасягнутае такім чынам адзінства спараджае ў кожным чалавеку адчуваньне, быццам ягонае існаваньне каштоўнае толькі тым, што прызнаецца іншымі. У гэтым выпадку яно замяняе страчанае (ці малапрэстыжнае ў новых умовах) пачуцьцё асабістай значнасьці, годнасьці, вартаснасьці індывідууму.

Наступствы такога атаясамліваньня вельмі сур’ёзныя. Чалавек абсалютна падпарадкоўваецца ўладзе, страчвае інстынкт супраціву і свабоды. Ён робіцца надзвычай плястычным, няздольным да якога-небудзь самастойнага выбару і цярпліва прызвычайваецца да таго, што кожная каштоўнасьць рэлятывізавана адносна інтарэсаў улады. Ува ўмовах пашырэньня таталітарнай сыстэмы такая залежнасьць апаноўвае ўсе слаі насельніцтва і становіцца ўсеахопнай, трывалай, паўсядзённай. Канфармізм, нерацыянальнасьць дзеяньняў набываюць ў такім грамадзтве-“калектыве” паўсюдны характар. Асабліва заўважныя яны ў сутыкненьні з нармальнымі ўмовамі існаваньня. Таму таталітарная ўлада як найлаўчэй намагаецца максымальна ізаляваць такі “калектыў” ад вонкавага сьвету — каб выключыць магчымасьць супастаўленьня, параўнаньня.

Гэткім чынам, homo sovieticus — ілюстратыўны вынік прыстасаваньня да пэўных сацыяльных умоў, у якіх індывідуальная дзейнасьць і паводзіны вызначаліся татальнай уладай. А матывам такіх паводзін было жаданьне выконваць волю ўлады, якою бы яна ні была. Бо ўлада пачала атаясамлівацца з дабром (у выніку адпаведнага выхаваньня, індактрынацыі і прапаганды, спалучаных з прымусам і тэрорам), а ўсе, хто ёй супрацівіўся, — увасаблялі ў вачах “калектыву” ліха. Паступова складаецца спэцыфічны тып асобы, несумленнасьць, бессаромнасьць, зласьлівасьць, цынічная помсьлівасьць, няшчырасьць і хлусьлівасьць якой не ўспрымаліся як нешта адмоўнае. Да таго ж, дадаюцца ўмоўнасьць, адноснасьць маральных прынцыпаў, падпарадкаваньне іх інтарэсам партыі. Зь цягам часу гэты маральны рэлятывізм і залежнасьць ад партыі і яе функцыянэраў былі засвоены ўсім насельніцтвам.

У краіне спакваля фармуецца і ўтрывальваецца асаблівы тып чалавека-нявольніка, які й ёсьць апатэозам, выдатнай праявай магуты камуністычнай улады. Цяпер людзі арыентаваны на пасіўнасьць, бессэнсоўную, цяжкую і бяздумную працу, у характарах іх дамінуюць рысы, якія ляпідарна можна азначыць як жабрацкія, ці нават зладзейскія. У паводзінах таксама выразна пераважаюць самаахоўна-абарончая і дамагальна-прэтэнцыёзная матывацыі. Акрамя таго, яны, у бальшыні, няздольны да якой-небудзь наватарскай дзейнасьці, дзеля якой патрабуецца адказнае самастойнае мысьленьне. Вельмі часта такая няздольнасьць выклікана ня толькі псыхалягічнымі чыньнікамі, якія ўплываюць на асобу ў закрытым грамадзтве, але й інтэлектуальнай нядужасьцю ва ўмовах ізаляцыі і адарванасьці ад асноўных плыняў усясьветнага культурнага і навуковага разьвіцьця. Як наступства такога стану складаецца сытуацыя, калі чалавек пазбаўляецца магчымасьці скарыстоўваць большасьць элемэнтарных паняцьцяў, патрэбных для разуменьня маральных канцэптаў і навакольнай культурнай і сацыяльнай рэчаіснасьці. Тым жа часам такі чалавек некрытычна ставіцца да ўлады, ягонае мысьленьне (калі ўвогуле гэта можна назваць мысьленьнем) абцяжарана стэрэатыпамі і штампамі, а ў вырашэньні спрэчных пытаньняў выяўляюцца схільнасьць да ўжываньня сілы, дэструктыўнасьць і цынізм.

Настойлівая папулярызацыя прымату матэрыяльных каштоўнасьцяў, якая мела сваё апірышча ў афіцыйнай тэорыі, спрыяла хуткаму адпрэчаньню здабыткаў духоўных і грэбаваньню імі. Адсюль шпарка “растуць” зьдзічэньне, бездухоўнасьць, уседазволенасьць. Чалавек ператвараецца ў эгаістычнага, неразборлівага шукальніка лёгкага жыцьця. Больш за семдзясят год панаваньня такой маралі, з улікам фізычнага вынішчэньня часткі насельніцтва, далі свой плён: скажона, гідліва стала ўспрымацца ўсё, што вякамі лічылася неадменна-сьвятым, — вера, талерантнасьць, духоўныя ідэалы, дэмакратыя, свабода.

Цікавыя назіраньні за савецкімі людзьмі падае Ларыса Геніюш, якая ўпершыню сутыкнулася з тыпам “новага чалавека” ў Празе, падчас Другой усясьветнай вайны. Адзначаючы адсутнасьць у савецкіх людзей традыцыйна разуметых любові і ахвяравальнасьці дзеля Радзімы, жыцьцёвых вартасьцяў і веры, яна піша: “Мы вельмі расчароўваліся ў г.зв. савецкіх людзях-беларусах, яны йшлі ўсімі абманамі да сваіх шкурных мэтаў, не ведаючы ніякае этыкі. Былі спрытнымі і хітрымі, іх мэтады былі часам страшныя. Гэта былі ваўкі. Ніякае дабрыні ці міласэрнасці і ніякіх граніцаў для зла. Гутарка з імі не акрыляла, а настарожвала тым, што прыніжалі яны лепшае ў людзях і людзкасці. Здавалася, што цяжкія варункі жыцця даўно ўжо забілі ў іх розныя ідэалы акрамя тых, якія ў даны момант аплочваліся”.

Значна пазьней, ува ўспамінах пра Кёльнскі пісьменьніцкі кангрэс у 1983 г., Васіль Быкаў параўнае сваё тагачаснае бачаньне маральна-этычных і палітычных праблем з пазыцыяй Генрыха Бёля: “Пад той час я ўжо ведаў з успамінаў Бёля і ягонай аўтабіяграфіі, што мы зь ім па розныя бакі ваявалі ў Малдавіі... (…) На перапынку я падышоў да Бёля і напомніў яму пра нашу вайсковую агульнасьць. Бёль пасьмяяўся і сказаў, што калі не цяпер, дык пасля мы зразумеем, што абодвух нас выкарысталі ў бруднай справе забойства дзеля ўлады аднолькава злачынных сілаў. Мабыць, ён меў рацыю, хаця тады я ня мог цалкам зь ім пагадзіцца. Усё ж я ў вялікай меры заставаўся саўком, у той час, як нобэлеўскі ляўрэат Бёль сягаў высока і глядзеў на сьвет Божы інакш — шырака і непадлегла”.

Савецкая сыстэма ішла да збудовы падвойнай сьвядомасьці. Каб зразумець паходжаньне гэтай зьявы, зважым на наступную схему. Падман, у звыклым значэньні гэтага слова, ёсьць сьвядомым адыходам ад рэчаіснасьці. Гэта значыць, што падманшчык ведае праўду, і калі ад яе адсланяецца, каб схлусіць, — ведае, што падае зьмененую вэрсію праўды. У ідэалёгіі адбываецца іншы працэс. Ужо не супрацьстаўляюцца рэчаіснасьць і нерэчаіснасьць, праўда і няпраўда, але назіраецца дзіўны падзел або распад рэчаіснасьці. Мы маем справу зь дзвюма рознымі рэчаіснасьцямі: рэчаіснасьцю і псэўдарэчаіснасьцю; рэчаіснасьцю, якую можна ўбачыць, пачуць і да якой можна дакрануцца, і зусім іншую, якая месьціцца выключна ў выказваньнях, у словах, у прапагандзе. Паўтараючы штораз афіцыйную хлусьню і ведаючы ёй кошт, усе грамадзяне рабіліся суўдзельнікамі партыі і дзяржавы ў змане. Таму трэба было верыць ня верачы, і менавіта такі стан сьвядомасьці партыя старалася падтрымліваць ня толькі ўнутры сябе, а і ва ўсім грамадзтве. Каб гэткім чынам усіх зрабіць адказнымі за адбыванае.

А раз было вядома, што праўда заўсёды “партыйная”, падман з вуснаў кіраўнікоў і шарагоўцаў партыі лёгка рабіўся “праўдай”, нават калі гэтая “праўда” пярэчыла відочнаму. Жыцьцё ў падвойнай рэчаіснасьці — адно з найбольш характэрных “сягненьняў” савецкай сыстэмы. Адсутнасьць адкрытай крытыкі і магчымасьці выказваць свае погляды прыводзілі да таго, што незалежная думка не магла зьявіцца нават і ў часе побытавай размовы. Прыжылася заўсёдна хаваная супярэчнасьць рэалізаванай калектыўнай волі таталітарнай улады і асабістых думак, пачуцьцяў людзей. Дысананс між рэчаіснасьцю і ідэалягічнай утопіяй, між адпачатным значэньнем слова і яго зьмененым “новамовай” варыянтам быў такі вялікі, што можна казаць пра існаваньне двух сьветаў у сьвядомасьці кожнага чалавека, дзьвюх рэчаіснасьцяў, якія прыводзілі да ўсеагульнай, сацыяльнай шызафрэніі. У масавым маштабе стала звыклай унікальная зьява: людзі гавораць адно, думаюць нешта іншае, а дзейнічаюць не ў адпаведнасьці ні з тым, што гавораць, ні з тым, што думаюць. Жыцьцё савецкага люду нагадвала своеасаблівую гульню, у якой паступова гублялася асабовасьць. Функцыянаваньне ў дзвюх рэальнасьцях — сапраўднай і ўтапічнай — немінуча мусіла прывесьці да разбурэньня традыцыйнай сыстэмы сацыяльных норм, грамадзкіх сувязяў, а пазьней — і да дэзынтэграцыі асобы, што праяўлялася ў непавазе да ейных элемэнтарных правоў.

Дзяржаўная манаполія на інфармацыю і жорсткая ідэалягічная цэнзура, падмацаваныя практыкай палітычных даносаў, няўхільна вялі да заняпаду, інтэлектуальнага і духоўнага. Тое, што ў іншых грамадзтвах дапамагала людзям выпрацоўваць свае пазыцыі датычна розных пытаньняў — адкрытасьць і свабода дыскусіі, стала дарэшты панішчаным у СССР. У гэтых умовах большасьць людзей папросту ня ведала, што яны маюць думаць, і ўпадала ў цынізм ці канфармізм.

Доўгае і мэтаскіраванае выхаваньне чалавека ў такіх варунках спрыяла разьвіцьцю асаблівых рыс, якія ўпэўнена можна назваць характэрнымі прыкметамі чалавека савецкага тыпу. Найперш відзён прымітыўны эгалітарызм, зразуметы як праява сацыяльнай справядлівасьці. Дапары яму — адсутнасьць павагі да прыватнай уласнасьці, у чым няма нічога дзіўнага, бо на ўласнасьць была абвешчана забарона, як, дарэчы, і на самастойную, непадкантрольную дзяржаве працу. А ўжо ўсё гэта разам элімінавала пачуцьцё адказнасьці за самаго сябе, звучала чакаць “дабрадзействаў” ад улады, не “дапушчаць” і кроплі ініцыятывы. Такое акурат і называецца атрафіяй усялякага грамадзянскага пачуцьця і асабістай годнасьці. Апошняе, зрэшты, ня дзівіць, калі ўлічыць, што некалькі пакаленьняў савецкіх людзей нарадзіліся і выхаваліся пад тэрорам таталітарнай дзяржавы. Адсюль — панічны страх перад начальствам і рабская пакорлівасьць самым дзікім свавольстваі рэжыму. Невыпадкова да адной з характэрных рыс “гома саветыкуса” адносяць ухваленьне і прыняцьцё ўсяго пастанаўлянага “наверсе”. Прычым, ухваленьне адназначна шчырае.

Апроч таго, для савецкага чалавека ёсьць нармальным станам поўная апатыя да духоўных пошукаў, плебэйская любоў да партыйных бонзаў, адмысловая палітычная двудушнасьць і мана.

Сакрат Яновіч уважае, што ў сёньняшняй Беларусі людзі савецкага тыпу складаюць абсалютную большасьць (ён называе лічбу 80%), а сапраўдныя беларусы (помныя сваіх каранёў і прыналежнасьці да нацыі) — зьява маргінальная. Паводле спадара Яновіча, лік такіх не перавышае 20% ад агульнага насельніцтва краіны. 

Лекцыя 19. "Homo sovieticus" — фэномэн і архетып

Плян:

1. Спосабы фармаваньня савецкага чалавека

2. Сродкі выхаваньня

3. Замест заключэньня


1. Спосабы фармаваньня савецкага чалавека
Да інструмэнтаў, з дапамогай якіх фармаваўся новы чалавек, належаць: страх, нянавісьць да ўяўнага (указанага партыяй) ворага, улада (кантроль) над памяцьцю (гісторыяй) і прыватным жыцьцём, кіраванае жабрацтва, “новамова”, літаратура і мастацтва. Аб’ектам атакі станавіліся ўсе тыя сувязі між людзьмі, зь якіх утвараецца грамадзянская супольнасьць: рэлігія, сям’я, гістарычная памяць, мова. Грамадзтва сыстэмна і плянава разбуралася, людзі пазбаўляліся традыцыйных повязяў, замест якіх мусілі прымаць іншыя, абраныя для іх дзяржавай. Творцы “новага чалавека” ўсьведамлялі, што апрацоўка насельніцтва ў такім кірунку мае быць усебаковай і ахопліваць усіх.

У непарыўную еднасьць злучыліся прапаганда і тэрор. Калі хто-небудзь адважваўся ўзяць пад сумнеў правільнасьць ідэалягічнай формулы і сказаць што-кольвек адрознае, — яго не пераконвалі, але каралі. Ува ўмовах поўнай улады над жыцьцём любога са сваіх падданых у партыйна-дзяржаўных органаў заўжды меліся адпаведныя прыёмы пакараньня, і зусім не абавязкова было, каб кара выдавала на суровую, — істотна зрабіць непакорцу як мага балюча, прадэманстраваць нялітасьць. Усялякае пакараньне пераконвала, натуральна, далёка ня ў слушнасьці партыйных пазыцый, а ў тым, што ідэолягам належыць патураць. І абодва бакі такое цалкам задавальняла. Бо вызначальным паўставаў сам ідэалягічны канфармізм, а не ягоны мусовы характар. Такім чынам, адной з падвалін савецкай імпэрыі стаў тэрор, які спраўна выгадоўваў моцныя парасткі страху.

Тэрор як сыстэма запалохваньня ўчыненьнем масавых рэпрэсій і пакараньнем нявінных, а таксама скасаваньне самаго паняцьця правасудзьдзя далі чаканыя вынікі. Запалохалі на дзесяцігодзьдзі, засеялі ў душах неадступны жах перад уладай. Менавіта “рыцары-чэкісты”, гэтыя ўсемагутныя шукальнікі “крамолы”, акрэсьлілі на ўвесь наступны час парадак, пры якім ніхто і ніколі ня можа пачувацца ў бясьпецы. Кожны чуў сябе падазраваным, баяўся ўласных думак, самастойных рашэньняў, асьцерагаўся хоць нечым адрозьніцца ў безаблічнай, зьнівілеяванай масе.

Заснаваны ў 1918 годзе, з ініцыятывы Троцкага і Леніна, цэнтар тэрору — канцэнтрацыйны лягер — выконваў ня толькі карную, эканамічную, але й псыхалягічна-выхаваўчую функцыю. Менавіта лягер стаўся ўнівэрсальным карным сродкам для ўсіх “няпэўных элемэнтаў”, заняўшы другое месца, пасьля сьмяротнага прысуду, па ступені суровасьці абыходжаньня зь нявольнікамі. Аляксандар Салжаніцын распавядае пра жудасныя, неймаверныя памеры камуністычнай лягернай імпэрыі, папраўляючы перабольшаную, на ягоную думку, ацэнку колькасьці вязьняў у 1938 годзе з 20—30 мільёнаў на 12—15 мільёнаў чалавек. Але й 15 мільёнаў — тое ж ледзь ня кожны дзясяты жыхар краіны. Гэтак была створана імпэрыя лягераў, якой ня ведала датуль гісторыя чалавецтва. Грамадзяне краіны, лік вязьняў у якой ішоў на мільёны, не маглі не адчуваць пасьлядоўнага ціску, што зломваў, руйнаваў псыхіку.

Ад канца 20-х гадоў паступова нарасталі маштаб, інтэнсіўнасьць рэпрэсій і звужаліся жыцьцёвыя межы, у якіх існаваў савецкі чалавек.

Страх, які адпачатна грунтаваўся на падзеле грамадзтва на групу “партыйцаў”, асоб, што “маюць пралетарскае паходжаньне”, і людзей “рэвалюцыйна несьвядомых”, аднесеных да “эксплюататарскіх элемэнтаў”, якім толькі часова даравана жыцьцё, зьяўляўся наймагутным сродкам падпарадкаваньня насельніцтва. “Вораг народу” запраграмавана атрымлівае азнаку: капіталіст, памешчык, буржуй, кулак, контррэвалюцыянэр. З гэтай прымітыўнай ідэі бяруць пачатак пазьнейшая бальшавіцкая практыка ліквідацыі “рэакцыйных клясаў”, “эксплюататараў”, масавы камуністычны генацыд, параўнальны толькі з гітлераўскай экстэрмінацыяй горшых народаў, “непаўнавартых” рас. Адны забівалі габрэяў, цыганоў, славян з прыкметы нацыянальнай прыналежнасьці, іншыя фізычна вынішчалі буржуяў, кулакоў, памешчыкаў — за “няправільнае” сацыяльнае паходжаньне. Пагроза вынішчэньня некаторых сацыяльных слаёў ужо ад самага пачатку існаваньня бальшавіцкай улады стварыла атмасфэру ўсеахопнага, усеагульнага страху, які непазьбежна паглыбляўся і ад якога ня збавіліся на абшарах былога СССР і дасюль. Ад часоў Сталіна ўлада пераканана і эфэктыўна змушала чалавека на ўсё, што мела ў намерах, страхам. Таму нагнятаньне і рэжысаваньне страху стала адметнасьцю камуністычнага таталітарызму. Праз такія захады застрашваньня ўмацавалася пэўнасьць, што плястычнасьць чалавечай натуры, падатлівасьць да вонкавага ўмяшаньня добра-такі паслугуюць ідэі псыхічнага кадаваньня: нішто, маўляў, у асабістай і калектыўнай дзейнасьці ня можа адбывацца само па сабе, бяз вонкавага імпульсу.

Псыхоз страху і гістэрычнай шпіёнаманіі прысьпешвалі атамізацыю грамадзтва, аддаючы яго пад кантроль дзяржавы. Дарэчы, у падноўленым, рэанімаваным стане гэты страх пануе й сёньня. Гэта за конт неадольнага страху ўдаецца паджыўляць у людзях савецкія формулы, што нічога немагчыма зьмяніць, бо сыстэма — наканаваная і непарушная, і ніводнага ўчынку, нават ніводнай думкі “маленькаму чалавеку” ад яе не схаваць...

Найлепшай жа глебай для ўзрошчваньня страху ёсьць нянавісьць. Нянавісьць прышчэплівалася ня толькі падчас ідэалягічнага выхаваньня, але і ў працэсе выхаваньня ўвогуле. Пры чым, савецкія дзеячы культуры адыгрывалі ў гэтай справе не апошнюю ролю. Пагрозу з боку “ўнутраных” і “вонкавых ворагаў” даводзілі да формы калектыўнай маніі, масавай навязьлівай ідэі. Савецкі грамадзянін за мяжой, незалежна ад таго, у якой краіне ён знаходзіўся, насамрэч паўсюль бачыў і прадчуваў ворагаў. Постсавецкае людзтва таксама ж зь недаверам ставіцца да Захаду, і найперш да краін, адносна якіх камуністычная індактрынацыя савецкіх часоў была асабліва агрэсіўнай. Паўсюднае вынаходжаньне “ворагаў” дапамагала апраўдваць уласныя няўдачы, перакладаючы віну на мітычныя інтрыгі нядобразычліўцаў. Сярод насельніцтва штучна паджыўляльны страх перад чужынцамі павялічваў прагу да супольніцтва, патрэбу чым цясьнейшага гуртаваньня ў “калектыў”. Напоўна скарыстоўвалася схільнасьць запалоханых людзей да нэгатыўных праграм — нянавісьці да ворага, зайздрасьці да больш заможных і пасьпяховых. Ведама ж, спакусіць на супраціў куды лягчэй, чым на пазытыўную дзейнасьць. Супрацьстаўленьне “мы” — “яны” заўсёды ўжываецца там, дзе ня толькі разьлічваюць на падтрымку сваёй палітыкі, але й патрабуюць ляяльнасьці шырокіх мас.

Ідэалягічнае выхаваньне ў СССР, ці хутчэй, ідэалягічны ўплыў набыў форму масаванага націску арміі агітатараў і прапагандыстаў. Афіцыйная ідэалёгія стварала мітычны вобраз непераможнага савецкага чалавека, і кожная новая прыдумка адразу ж рабілася нечым кшталту дырэктывы для ўсіх. Складана, аднак, сфармуляваць патрабаваньні, выстаўляныя да савецкіх грамадзян кампартыйнымі ідэолягамі, бо тое цалкам залежала ад актуальнай палітыкі партыі, унутранага і міжнароднага становішча, зьменаў у ідэалёгіі і г.д., а таму ўсе прэтэнзіі мелі таксама зьменлівы, рухомы характар. Да прыкладу, скончыўшы будову сваёй дзяржавы і дарэшты задушыўшы ўсялякія праявы апазыцыйнасьці, бальшавікі ў 30-я гады ХХ ст. пачалі шукаць цэмэнтавальную ідэю для абгрунтаваньня далейшых плянаў. Артадаксальны марксызм, зь яго павальным інтэрнацыяналізмам і дакляраваньнем зьнікненьня дзяржавы, ужо не пасаваў, бо рэзка дысанаваў з таталітарным дзяржаўным ладам ды імпэрыялістычнай палітыкай СССР. Таму аб’яднальнай ідэяй становіцца “савецкі патрыятызм”, які ўсё больш прыпадабняўся да расейскага. Менавіта насаджэньне патрыятызму давала ўладзе магчымасьць неўпрыкмет выпрацоўваць адпаведнае да сябе стаўленьне — вернасьць камуністычнай дзяржаве і яе лідэрам, самаадданасьць і фанатызм, нецярпімасьць у дачыненьні да “ідэалягічных ворагаў”, іншадумцаў. З расейскай гісторыі выбіралася тое, што было патрэбна ў дадзены момант, на бліжэйшую пэрспэктыву ці доўгатэрміновы пэрыяд — героі, якіх трэба любіць і ворагі, якіх трэба ненавідзець. Прэпараваная такім чынам гісторыя набыла рысы пачварнага гібрыду расейскага нацыяналізму і марксызму.

Падманная, сфальсыфікаваная мінуласьць, як і скажоная сучаснасьць, суправаджалі савецкага чалавека ад нараджэньня да скону. Гісторыю падпарадкоўвалі дасягненьню чыста палітычных мэт, а новая яе інтэрпрэтацыя стала для ўлады дадатковай зброяй у барацьбе з кожным памкненьнем да нацыянальнай незалежнасьці, у якой бы форме яны ні выяўляліся.

Важнае месца ў фармаваньні савецкага чалавека займала камуністычная міталёгія, практычнае значэньне якой заключалася найперш у гатовасьці людзей верыць у нешта далёка-дасягальнае, мала зважаючы тым часам на рэчаіснасьць альбо пакорліва прымаючы яе скажоныя формы. А раз міт, у сутнасьці, ёсьць зьявай ірацыянальнай, то яго цяжка аспрэчыць лягічнымі высновамі. Бо хто выбраў за існае міт, — настолькі перакананы ў сваёй праўдзе, што ня чуе ніякіх аргумэнтаў і не дапускае ніякіх доказаў. Таму права на стварэньне мітаў і ўладараньне імі было выключнай прэрэгатывай камуністычнай партыі. Міты былі блішчастымі зьвёнкамі магічнага кола, у якім нараджаўся і паміраў савецкі чалавек. А найперадавым зь іх і самым зманлівым быў, канечне ж, утапічны міт пра непазьбежную перамогу камунізму ва ўсім сьвеце — чароўная казка ўсеагульнага шчасьця, гэтакая псэўдарэлігія.

Праўда, і панаваньне такой салодкай мары ня значыла, што савецкія людзі пагалоўна верылі ў камунізм. Больш за тое, савецкае кіраўніцтва добра разумела, што збудова камуністычнага грамадзтва — справа неажыцьцяўляльная. Трымалася ўсё нават не на веры людзей у ствараны ўжо сёньня цуд, а на ўмельстве правадыроў праз гэтую дзяціную веру падпарадкаваць іх сіле зману, накінуць жорсткія правілы гульні. На мэце было не давесьці, не абгрунтаваць, а папросту ўбіць у галовы грамадзян загадзя падрыхтаваныя догмы. Калі ж нехта не згаджаўся на засваеньне прыдуманых правіл і формул у якасьці пастулатаў, учынялася кара — ад банальнага звальненьня з працы да зьмяшчэньня ў канцлягер.

Савецкі грамадзянін мусіў безумоўна выконваць узаконены рытуал. Больш за тое, удзел у “абрадавых дзеях” быў абавязковым, незалежна да асабістага стаўленьня да іх саміх выканаўцаў. Папраўдзе, дык камуністычную намэнклятуру сутнасьць рытуалаў таксама ня надта цікавіла. Найважней было прадэманстраваць вонкавае падпарадкаваньне, заманіфэставаць пакору. Цягам дзесяцігодзьдзяў чалавек прызвычайваўся да такога стану і лічыў яго натуральным. Пераможаны прысвойваў філязофію пераможцы, і менавіта гэткім чынам насамрэч аказваўся пераможаным. У творчасьці францускага драматурга Эжэна Іанэска часта сустракаецца тэрмін “рынацэрас”. Рынацэрас — гэта чалавек гатовых ідэй. Менавіта ж так адбываецца, калі людзі ўжо ня думаюць, а толькі паўтараюць прапагандысцкія лёзунгі і нязьменныя фармулёўкі.

Камуністычная ўлада шырока скарыстоўвала міты, але не як сродак пераладаваньня грамадзтва, як тое надаралася ў гісторыі раней, а ўсяго толькі дзеля замацаваньня сваёй улады і падлегласьці ёй насельніцтва. Неабмежаваныя мітастваральныя магчымасьці ў СССР вынікалі з татальнай улады дзяржавы на ўсе інструмэнты ўплыву на чалавечую сьвядомасьць і матэрыяльныя магчымасьці іх скарыстаньня.

Сыстэма стварэньня міталёгіі ўлучала ў сябе вельмі важны элемэнт — пастаяннае мусовае вывучэньне марксызму-ленінізму школьнікамі і студэнтамі. Нястомна вялася абавязковая руцінная праца дзеля ўключэньня артадаксальнай дактрыны ва ўсе сфэры інтэлектуальнага і культурнага жыцьця, бо менавіта ёй быў нададзены статус адзіна правільнай ідэалёгіі. На практыцы гэта ператваралася ў бясконцае вывучэньне  г.зв. “ідэалягічных” дысцыплін — ад школы да ўнівэрсытэтаў, у нарастальным аб’ёме. Марксызм-ленінізм усепранікальна прысутнічаў у “гістарычным” і “дыялектычным” матэрыялізме, “навуковым” камунізме і гісторыі КПСС, “навуковым” атэізме, палітэканоміі капіталізму і сацыялізму. Пры чым, рабілася гэта ў непрапарцыйна вялікіх аб’ёмах. Гэтай жа мэце служылі пэрманэнтныя абавязковыя палітінфармацыі і партыйныя сходы. Прапагандаваньне і прышчапленьне мільёнам людзей “дыялектычнага” бачаньня сьвету праз скрайне спрошчаную чорна-белую схему (мы —яны, сацыялізм — капіталізм) даравала пэўнай частцы грамадзтва своеасаблівы псыхалягічны камфорт, які дазваляў падаваць найскладаня праблемы ў такім рэдукаваным выглядзе, што ў савецкіх людзей складалася ілюзія поўнага іх разуменьня. Шмат хто зусім шчыра дзівіўся, як жа тых самых праблем не разумеюць буржуазныя навукоўцы. Такім чынам, мы маем тут справу з магутнай прыладай, з падмогай якой рэалізатарам таталітарнага ладу ўдавалася кіраваць чалавечай сьвядомасьцю.

У момант канчатковага зрыну камуністычнай сыстэмы адпаў вонкавы ахоўны слой у выглядзе ілюзорнага сьвету і мітаў-хімэр. Сьвет мітаў страціў фармальны сэнс існаваньня, і адкрылася жудасная рэчаіснасьць ува ўсіх сфэрах грамадзкага і эканамічнага жыцьця. Гэта выклікала, з аднаго боку, шок, а з другога — калектыўны псыхоз як наступства ня толькі пазбаўленьня ілюзій, але й адсутнасьці здольнасьці і жаданьня пагадзіцца з новаўзьніклай сытуацыяй. Вацлаў Гавэл параўноўвае гэты посткамуністычны стан мысьленьня з пачуцьцём няпэўнасьці, спустошаньня і фрустрацыі, справакаваных цяжкасьцямі прызвычайваньня да новага тыпу адказнасьці ва ўмовах свабоды. І менавіта гэтым у значнай ступені можна патлумачыць настальгію людзей па “мінулых часах”, а ў сфэры палітыкі — падтрымку рухаў, партый і асоб, якія альбо прэзэнтавалі нядаўна ўладу, альбо намагаюцца яе скапіяваць ці аднавіць.

Упад імпэрыі СССР зьліквідаваў таксама адзіны бадай што рэальны стымул існаваньня сацыялістычнага грамадзтва — гонар савецкіх людзей з прычыны прыналежнасьці да “вялікай дзяржавы”, які прыхарошваў іхнае жыцьцё, поўнае нягод, нястач і жабрацтва, стаўшы своеасаблівым сілкаваньнем былой імпэрыяльнай гордасьці падданых царскай Расеі.

Ува ўсіх постэсэсэраўскіх краінах на зьмену гэтай імпэрыялістычнай ідэалёгіі прыйшлі нацыянальна-дзяржаватворныя ідэі. У Беларусі такой ідэі, у маштабах усяго грамадзтва, сфармуляваць не атрымалася, таму што ў БССР савецкасьць раьвівалася не побач з нацыянальнай ідэяй, як гэта было, у пэўнай ступені, у іншых савецкіх рэспубліках, а замест яе. Менавіта праз катэгорыі савецкай ідэалёгіі, і толькі празь іх, бээсэсэраўскі беларус асьвядоміў сэнс уласнага жыцьця ў новых умовах савецкай супольнасьці. А гэта непазьбежна паслабляла патрэбу фармаваньня ўнутрынацыянальных сувязяў. У выніку беларускае грамадзтва аказалася пазбаўленым магчымасьці вызначэньня і фармуляваньня групавых ідэалаў і, адпаведна, стварэньня мэханізмаў іх рэалізацыі. Адсюль, згодна з прынцыпам вакууму, назіраецца такое выразнае імкненьне да павяртаньня становішча, існавалага да распаду СССР. Значнай колькасьці беларускіх грамадзян па-ранейшаму звыкла мысьліць катэгорыямі прыналежнасьці да Савецкага Саюзу, уяўнай падтрымкі сацыяльных сувязяў зь няіснай ужо дзяржавай і супольнасьцю савецкіх людзей. Паняцьце нацыянальных інтарэсаў і інтарэсаў беларускай дзяржавы ўсё яшчэ застаецца далёкім для агромістай колькасьці жыхароў краіны, якія эмацыйна, як і раней, зьвязаны з былой імпэрыяй, беспасьпяхова шукаючы ў канфліктнай Расеі чарговага заменьніка СССР.

“Homo sovieticus” ня мае пачуцьця гістарычнай мінуласьці: быццам сьвет паўстаў толькі ўчора. У разуменьні большасці былых савецкіх грамадзян усё, што дзеялася да 1917 году, ёсьць ня толькі няважным, але й малацікавым. Таму калектыўная гістарычная памяць рэдка перасягае межы часу існаваньня на Беларусі савецкай сыстэмы. А калі гэта й здараецца, дык тычыцца пераважна эпізодаў ці асоб расейскай гісторыі. Даволі часта сучасны сярэднестатыстычны беларус успрымае гісторыю як падзеі, перажываныя ім самім, і ўсё ўласнае жыцьцё ён вызначае межамі ўспрыманьня такой гісторыі. Пакуль гэткая сытуацыя будзе працягвацца, паўставаньне нацыянальных ідэалаў, адрозных ад савецкіх, папросту немагчымае.

Міталягічнае мысьленьне надзвычай трывалае, таму амаль бязьзьменна і бяз страт яно перайшло і ў постсавецкае жыцьцё. На Беларусі гэта добра бачна — бадай, як нідзе. Усе гэтыя Леніны, Калініны і Дзяржынскія на пастамэнтах пасярод гарадоў і ў назвах вуліц, “акцябарскія празднікі” і іншыя савецкія сьвяты, гадавіны, юбілеі, разам з савецкім стылем мысьленьня, “ленінскімі суботнікамі”, “дошкамі пашаны” і савецкай сымболікай — родам адтуль, з савецкага камуністычнага міту.

Гэты міт мае й яшчэ адну цікавую асаблівасьць. З дапамогай яго ў сьвядомасьці савецкіх людзей паняцьце расейскасьці стала ў адзін шэраг з паняцьцем савецкасьці, затое антысавецкасьць асацыюецца з антырасейскасьцю. У савецкіх людзей нерасейскага паходжаньня адбылася замена нацыянальных пачуцьцяў, і расейскі нацыяналізм перарадзіўся ў элемэнт савецкай ідэалёгіі. Нацыянальныя пачуцьці нерасейскіх народаў, зьвязаных са сваёй уласнай гісторыяй і традыцыямі, былі найважнымі ў супраціве савецкім мітам. Таму КПСС люта змагалася з нацыяналізмам народаў СССР. Заўважым: ніхто ў Савецкім Саюзе ня быў асуджаны за расейскі нацыяналізм. Крамлёўскія ўлады змагаліся ня супраць расейскага шавінізму, а супраць асноўнай перашкоды камунізацыі і дэнацыяналізацыі — супраць інтэлектуальна-духоўнай эліты ўсіх народаў.

Мадэль дэнацыяналізацыі беларусаў у СССР прадугледжвала, між тым, стварэньне такога становішча, калі ўсе праявы беларускасьці зводзіліся б да праяў фальклёрнай адметнасьці і рэгіянальных асаблівасьцяў. Сёньня, з пэрспэктывы некалькіх дзесяцігодзьдзяў такой хітрай палітыкі, можна сказаць, што яна шмат у чым дасягнула посьпеху. Прынамсі, цяперашняя беларуская намэнклятура, якая ўжо сама валадарыць ува ўласнай дзяржаве, успрымае беларускасьць у катэгорыях фальклёрнай экзотыкі. Спробы ж наладжваньня аўтэнтычна беларускага грамадзкага і палітычнага жыцьця разглядаюцца як сымптомы скрайняга нацыяналізму. Беларускай мове дазволена гучаць са сцэны ў народных сьпевах і прыпеўках, але ў рэальным жыцьці яна падаецца як анамалія, што парушае агульнапрынятыя нормы сужыхарства, і носьбіт яе адразу ж прылучаецца альбо да падазроных дзівакоў, альбо да “нацыяналістаў” — залежна ад сытуацыі і абставін, займеўшы своеасаблівую метку, паводле якой надалей выключаецца з асноўнай групы насельніцтва і беспраблемна можа стасавацца толькі ў коле аднадумцаў. Дасягненьне такога ненатуральнага стану і ў такім масавым маштабе (можна сказаць, па ўсёй краіне) выдае на несумненны посьпех саветызму.

Традыцыя скарыстоўваньня псыхіятрыі з палітычнымі мэтамі — таксама адна з савецкіх адметнасьцяў, угрунтаваная на меркаваньні, што паноўны лад і грамадзкі парадак — найлепшае з магчымага. А таму адмаўленьне іх расцэньваеццца адно як псыхічнае адхіленьне. Пэўны час савецкая псыхіятрыя афіцыйна прызнавала “апазыцыйнае мысьленьне” псыхічнай хваробай. Бо савецкае грамадзтва лічылася за здаровае. Той жа, хто сумняецца ў яго ідэальнасьці, здаровым быць ня можа. З разуменьня адмыслоўцаў-псыхіятраў савецкай школы ўсё выглядала лягічна: людзі, што думаюць адрозна ад мас, — сацыяльныя адкіды, маргіналы, папросту “матэрыял”, які не паддаўся апрацоўцы. Дакладна ж вызначаючы, іншадумцы — гэта тыя, хто ня змог палюбіць рабства.

Найбольш вытанчана-жорсткай і цынічнай санкцыяй да іншадумцаў было заключэньне іх у псыхіятрычны шпіталь. Да Другой усясьветнай вайны такая практыка ўжывалася толькі зрэдку, але ў пасьлясталінскія часы, калі ўсё складаней рабілася ўжываць супраць дысыдэнтаў Крымінальны кодэкс, яна атрымала шырокі распаўсюд. Цяжкасьці паўсталі ў фармуляваньні дыягназу. Але савецкія псыхіятры “з гонарам” выйшлі й з гэтай складанай сытуацыі, прысвойваючы ўсім няўгодным дыягназ “мляваразьвівальная шызафрэнія”, што характарызавалася, адпаведна, “паклёпніцтвам на грамадзтва”, “дрэннай сацыяльнай адаптацыяй”, “хваравітым рэфарматарскім трызьненьнем”, “паранаідальнай рэфарматарскай маніяй”. Ненармальнымі прызнаваліся, напрыклад, асобы, якія “дэзарганізавалі работу ўстаноў шматлікімі бессэнсоўнымі допісамі”, “упарта баранілі вар’яцкія ідэі пошукаў праўды” (дыягназ — трызьненьне праўдашукальніцтва) ці займаліся ня менш паталягічнай справай — “барацьбой за справядлівасьць”. Пад такія дыягназы мог патрапіць практычна кожны, хто выказваў больш-менш самастойную думку, не супадалую з “агульнапрынятай”. Карная псыхіятрыя абапіралася таксама на звычайную побытавую перакананасьць людзей, якім дысыдэнт і запраўду мог здавацца вар’ятам, калі выступаў супраць магутнай дзяржавы бяз шанцаў на посьпех ці атрыманьне якой-кольвек канкрэтнай выгоды. Тое быў відочны парадокс. У ненармальным, збудаваным на ненатуральных прынцыпах, грамадзтве нармальных людзей прымалі за псыхічна хворых. Іх паводзіны, якія ў іншых краінах не выклікалі б ніякага непаразуменьня, у СССР разглядаліся як анамальныя.


2. Сродкі выхаваньня
Бальшавікі лічылі пашырэньне пісьменнасьці адным са сродкаў выхаваньня народу, бо, на іхную думку, непісьменны чалавек стаіць па-за палітыкай, а гэта значыць — і па-за вялікай сфэрай уплыву на яго. Менавіта з гэтай прычыны савецкі чалавек мусіць навучыцца чытаць і пісаць. Адзін зь першых дэкрэтаў савецкай улады абвяшчаў крымінальную адказнасьць за ўхіленьне ад павіннасьці навучаньня грамаце.

Але засвоіўшы перадавіцы, людзі раптам развучыліся гаварыць па-людзку, поўнячы маўленьне штучнымі штампамі і скарачэньнямі. Аўтаномнасьць чалавека ўкарэнена ў культуру, а таму галоўную ўвагу бальшавікі надавалі разбурэньню і культуры, і чалавека як асобы. Вырашальнае значэньне тут мела школа. У першыя гады пасьля кастрычніцкага перавароту рэвалюцыйная школа была месцам, дзе перакрэсьлівалася ўсё, што мела дачыненьне да мінуўшчыны, і дзе зьліквідоўвалася ўся дарэвалюцыйная сыстэма духоўных і сацыяльных сувязяў. З узмацненьнем савецкай сыстэмы школа пачала выхоўваць вучняў у духу г.зв. камуністычнай маралі. І ў гэтым сэнсе задачы савецкай адукацыі ўжо не мяняліся аж да самага зруйнаваньня СССР.

Цягам адносна нядоўгага часу савецкая школа ператварылася ў самую рэакцыйную і кансэрватыўную ўстанову. Камуністычная партыя ні на хвіліну не выпускала навучаньня з поля свайго зроку. Гісторыю савецкай школы можна разглядаць як сэрыю спроб зрабіць навучаньне сродкам выхаваньня камуністычнай “ідэйнасьці”. Пры гэтым да самастойнага аналітычнага ці крытычнага мысьленьня прывучаць было не прынята, нават злачынна., бо якраз такое супярэчыла ідэалягізаванай сыстэме выхаваньня і адукацыі ў СССР. Істотная роля належала й падручнікам, з адметным, вядома ж, зьместам. Не спыняючыся падрабязна на гэтай спэцыяльнай тэматыцы, азначым толькі агульныя рысы тагачасных беларускіх падручнікаў па гісторыі: цалкам адмаўлялася самастойнасьць разьвіцьця беларускай нацыі і дзяржавы, падаваліся розныя інтэрпрэтацыі датычнасьці беларусаў да дзяржаўных інтарэсаў Расеі і СССР.

Можна сказаць, што камуністы зарганізавалі школьніцтва такім чынам, каб ніхто ня выйшаў за рамкі афіцыйна дазволеных аб’ёмаў ведаў (насамрэч ідэалягізаванага набору гістарычных догм). Каб грамадзяне не маглі вынайсьці “празьмернай” інфармацыі, што паспрыяла б ператварэньню іх у “падрыўны элемэнт”. Якраз тут савецкая мова, ці “новамова”, як яе называюць, стала галоўным бар’ерам, які ахоўваў выхад па-за дапушчальны дзяржавай абсяг ведаў. У мове гэтай словы страцілі свой першасны аўтэнтычны сэнс, затое ўлада ўкладала ў іх патрэбныя значэньні.

Асаблівы наступ быў скіраваны на сям’ю. Каб сям’я ня стала прытулкам духоўнай незалежнасьці, яе належала скампрамэтаваць, карыстаючы дзеля гэтага натуральныя канфлікты пакаленьнў і наўмысьля надаючы ім палітычную афарбоўку. Крэўнае сваяцтва, паважлівае стаўленьне да бацькоў падавалася як буржуазны перажытак. І гэтак, да ліку пазытыўных герояў камуністычнай прапаганды дадаліся даносчыкі. Хрэстаматыйным стаўся прыклад Паўліка Марозава, які данёс на свайго бацьку, выступаючы супраць яго ў судзе сьведкам зьвінавачаньня. Менш вядомая гісторыя трынаццацігадовай Проні Калыбінай, якая данесла на маці, пра што ўхвальна пісала газэта “Праўда” ў 1934 годзе. Каб накарміць сваіх згаладалых дзяцей, жанчына “скрала” трохі калгаснага збожжа, і на падставе дэкрэту “аб каласках” была засуджана на дзесяць гадоў лягераў.

Мы ня можам дакладна сказаць, наколькі гэтыя выпадкі былі частымі, але ўжо сам факт, што савецкая прапаганда падавала такое за станоўчы прыклад, сьведчыць пра тагачасныя “ідэалы” і кірункі “перакоўкі” асобы. Сёньня мы не назіраем такіх скрайніх праяў, але звычка даносіць, узгадаваная савецкім ладам, засталася нязьменнай.


3. Замест заключэньня
Цягам сямідзесяці чатырох гадоў “будаўніцтва сацыялізму і камунізму” было “новастворана” безьліч людзей, пазбаўленых усялякага зацікаўленьня працай, перакананых, што нехта абавязаны задавальняць іхныя патрэбы. Сацыяльны капітал, набыты савецкім грамадзтвам, зусім ня ўражвае, затое ўражвае пасьпяхова ўсталяваны між людзьмі глыбокі ўзаемны недавер.

У жыцьці, між тым, асабліва важным якраз і ёсьць давер — пэўнасьць, што людзі ёсьць зычлівымі і сумленнымі, што ў цяжкія моманты можна разьлічваць на іхную дапамогу. Прынамсі, нідзе і ніколі ў сьвеце не было так, каб людзі чакалі адно ад аднаго наўмыснага стварэньня праблем, дапяканьня, шкодніцтва. У камуністычным грамадзтве, аднак жа, усё ня так. Тут паступова запанавалі цынізм і недавер. Лічылася, што толькі дурні некаму давяраюць і робяць дабро.

Хто ж ня ўмее давяраць, ня здольны таксама й займацца грамадзкай працай, зарганізоўвацца дзеля вырашэньня супольных праблем альбо падтрымкі слабых. Ня здатныя яны й да асабовай ініцыятывы. Адсутнасьць даверу прыводзіць да таго, што людзі робяцца кансэрватыўнымі, апатычнымі, празьмерна асьцярожнымі, жывуць у папроках, нараканьнях на лёс і падазронасьці, што супраць іх чыняцца інтрыгі ды змовы.

Сутнасьць камунізму ўпоравень зь нічым не абмежаванай уладай камуністычнай партыі, усюдыіснай пільнасьцю органаў бясьпекі выявілася ў рабскай мэнтальнасьці, нясхільнасьці да рызыкі дзеля свабоды, неўтаймоўнай веры ў моц правадыра, здольнага за адно імгненьне перарабіць жыцьцё да лепшага. І хоць гэтыя рэаліі ўжо належаць мінуласьці, усё ж ёсьць яшчэ даволі шмат прыніжаных істот, якія пакутуюць на тугу па камуністычных часах. Чаму так адбываецца?

Варта мець на ўвазе, што настальгія па мінулым дужа падобна да пачуцьця, зь якім чалавек спамінае дзяцінства ці маладосьць, нават калі й не зусім быў тады шчасьлівы. Хоць і была СССР дзяржавай рэпрэсій, падману і заняволеньня, затое ж не было беспрацоўных і бяздомных. (Усе працавалі, хаця б і за мінімальную плату, у іншым разе пагражала пакараньне за “дармаедзтва”.) Дзяржава, да таго ж, гарантавала сацыяльнае і мэдычнае апекаваньне, давала кватэры. Звыкла было спадзявацца на пакупку аўто ці ўсталяваньне тэлефону. Хоць і сьціплыя былі здабыткі, але ж былі. А таму была вера іх чакаць. А вось адсутнасьць палітычных і грамадзянскіх свабод не ўспрымалася як недахоп сыстэмы, бо абсалютная большасьць насельніцтва, па-першае, нічога пра іх ня ведала, па-другое, ня мела ў іх аніякай патрэбы. Бо homo sovieticus якраз і быў тым “новым чалавекам”, якому свабода іншых уяўлялася рабствам, а ўласнае рабства — свабодай.


Літаратура:
Аляхновіч Ф. У капцюрох ГПУ // Выбраныя творы. “Беларускі кнігазбор”. Мінск, 2005.

Бердяев Н. Истоки и смысл русского коммунизма. Париж, 1955, Москва, 1990;

Бердяев Н. Новое средневековье. Размышления о судьбах России и Европы. Берлин, 1924;

Бердяев Н. Самопознание (Опыт философской автобиографии). Москва, 1991.

Бунин И. Окаянные дни. Санкт-Петербург, 2000.

Быкаў В. Доўгая дарога дадому. Мінск, 2002.

Геніюш Л. Споведзь // “Маладосць”. 1990. № 1—5.

Зиновьев А. Гомо советикус // Собрание сочинений. Т. 5. Москва 2000.

Оруэл Д. Ферма. 1984. Мінск, 1992.

Волков О. Погружение во тьму. Москва, 2000.

Малиа М. Советская трагедия. История социализма в России 1917—1991. Москва, 2002.

Солженицын А. Архипелаг ГУЛАГ // Малое собрание сочинений. т. 5—7. Москва 1991.

Хайек Ф.А. Дорога к рабству // “Новый мир”. 1991. № 7—8.

Шаламов В. Преодоление зла. Избранное. Москва, 2003.

Fromm E, Escape from freedom, New York 1966, s. 160—161.

Havel V. Postkomunizm // “Kultura” (Paryz) 1996. Nr 1/580—2/581. 


Оглавление

  • Ігар Кузьняцоў
  •   Лекцыя 1. Таталітарызм і сталінізм
  •   Лекцыя 2. Рэпрэсіўная машына й ейгыя ахвяры
  •   Лекцыя 3. Тэхналёгія рэпрэсіяў
  •   Лекцыя 4. Імпэрыя ГУЛАГ
  •   Лекцыя 5. Носьбіты нацыянальнай ідэі — ахвяры таталітарнага рэжыму 
  • Анатоль Вялікі
  •   Лекцыя 6. КПБ — "перадавы атраёёёд" таталітарнае сыстэмы
  •   Лекцыя 7. Партыйная намэнклятура
  •   Лекцыя 8. Нацыянальнае пытаньне, альбо рэпрэсаваньне культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасці
  •   Лекцыя 9. Ідэалягічны ўціск 
  • Валянцін Мазец Лекцыя 10. "Камуністычнае выхаваньне масаў", альбо СМІ як "калектыўны агітатар і прапагандыст" 
  • Віктар Астрога Лекцыя 11. "Гістарычная навука Беларусі ва ўмовах таталітарызму" (1911-1991)
  • Пятро Васючэнка
  •   Лекцыя 12. Літаратура як апазыцыйны чыньнік таталітарнага рэжыму  
  •   Лекцыя 13. Недапраяўлены авазыцыянізм
  •   Лекцыя 14. Фэномэн літаратурнага сэрвілізму
  •   Лекцыя 15. Фэномэн літаратурнага сэрвілізму й нонканфармізм
  • Сяргей Харэўскі
  •   Лекцыя 16. Мастацтва таталітарызму
  •   Лекцыя 17. Мастацтва таталітарызму
  • Юры Вашкевіч
  •   Лекцыя 18. "Homo sovieticus" — фэномэн і архетып
  •   Лекцыя 19. "Homo sovieticus" — фэномэн і архетып