Мэдыі ў посткамуністычных грамадзтвах: аб’ектыўная інфармацыя супраць ідэалягічных скажэньняў (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Мэдыі ў посткамуністычных грамадзтвах: аб’ектыўная інфармацыя супраць ідэалягічных скажэньняў Матэрыялы міжнароднай канфэрэнцыі, Менск, 18-19 кастрычніка 2002 г.

kamunikat.org

Кніга па беларуску

Прывітальныя выступы

Жанна Літвіна, Прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў
Шаноўныя сябры й калегі!

Аксіёмай ёсьць цьверджаньне, што толькі свабода СМІ й доступ да ўсебаковай і праўдзівай інфармацыі забясьпечваюць прыняцьцё грамадзтвам асэнсаваных і найбольш аптымальных рашэньняў. А яе свабоднае абарачэньне дазваляе ўладзе й самым розным сацыяльным групам ладзіць дыялёг, які вядзе да паразуменьня й супольнае стваральнае працы.

На вялікі жаль, нашаму грамадзтву, абцяжаранаму савецкім ідэалягічным досьведам, у спадчыну дастаўся толькі шанец дамагчыся свабоды. Мы ня маем традыцыі свабоды слова. Беларусам па-ранейшаму навязваюць ідэалягізаваную міталёгію й прапаганду.

Адметнасьць нашай сытуацыі ў тым, што паміж уладамі й прэсаю ўтварылася своеасаблівая “пустка”, вакуум — ні закон, ні структуры грамадзянскай супольнасьці ня стрымліваюць іх у жаданьні падпарадкаваць мас-мэдыі. Таму ім і ўдаецца падмяняць свабоду слова свабодаю прапаганды.

“Неінфармаванасьць і бяздумнасьць — самыя вялікія беды нашага грамадзтва” — пісаў у разьвітальным слове Генадзь Бураўкін, пакідаючы “Беларускі час” на знак нязгоды з рэдакцыйнай палітыкай, навязанай уладамі газэце. “Неінфармаванасьць і бяздумнасьць” — якраз і ёсьць вынікамі прапагандысцкай працы СМІ й “працы” ўладаў з мас-мэдыямі. “СМІ — электронныя ці друкаваныя — заўсёды былі й застаюцца ня толькі інструмэнтам перадачы інфармацыі, але й магутным сродкам ідэалягічнага ўзьдзеяньня...” — заявіў кіраўнік краіны, камэнтуючы палітыку дзяржавы ў галіне СМІ.

Сытуацыя з нашымі мас-мэдыямі ўражвае ня толькі беларускіх, але й замежных журналістаў. “Такой шалёнай прапананды я ня бачыў нават у СССР” — прызнаўся журналіст брытанскай карпарацыі ВВС Цім Гіуэл, які ў часы “ халоднай вайны” працаваў у Маскве.

На вялікі жаль, незалежная прэса краіны ня ў стане напоўніцу супрацьстаяць гэтай машыне прапаганды, адноўленай за апошнія гады. Прычыны відавочныя — перасьлед і эканамічная дыскрымінацыя.

Фраймут Дувэ — прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ — аднойчы параўнаў беларускую прэсу з птушкаю, якая ляціць у зону маўчаньня, бо ў яе адно крыло доўгае, а другое — кароткае. Птушка з такімі крыламі можа толькі кружляць на адным месцы, дый тое не бясконца…

Няма сумневу ў тым, што “зоны маўчаньня” будуць некалі зьліквідаваны. Ня будзе й таго ідэалягічнага ціску на грамадзтва, які мы трываем сёньня; але й самі беларускія журналісты павінны захацець стацца іншымі. Ад нас залежыць, ці здолеем мы прымусіць паважаць нашае права на прафэсію, зьмяніць навязаныя мэтады кіраваньня, зьліквідаваць манаполію ўлады на інфармацыю, стаць запатрабаванымі грамадзтвам.

Шаноўныя сябры, я спадзяюся, што нашая канфэрэнцыя станецца працаю ў кірунку вырашэньня гэтых ды іншых праблем. Я спадзяюся таксама, што гэта будзе праца па крытычным асэнсаваньні нашай сёньняшняй сытуацыі, чаго ад нас вымагае становішча і беларускага грамадзтва, і нашай прэсы.

Ад імя БАЖ вітаю ўсіх удзельнікаў канфэрэнцыі й выказваю шчырую падзяку Нарвэскаму Хэльсынскаму камітэту, Нарвэскаму ПЭНу за падрымку ідэі канфэрэнцыі, а таксама — Беларускаму ПЭН-цэнтру за ўдзел у арганізацыі канфэрэнцыі.


Валянцін Тарас Віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру
Шаноўныя калегі!

Час ад часу, асабліва перад якімі-небудзь выбарамі ўсур’ёз, з глыбакадумнай мінай уладнікі задаюцца пытаньнем: можна ці нельга дапускаць апазыцыю, наагул іншадумцаў, на старонкі дзяржаўных газэт, на дзяржаўнае радыё й тэлебачаньне? Якія правілы пры гэтым трэба абумовіць? І не прыходзіць нікому зь іх у галаву, што такая пастаноўка пытаньня абсурдная.

Калі ўлада штодня клянецца ў сваёй прыхільнасьці да дэмакратыі, у сваёй павазе да правоў чалавека, то чаму законнае, на падставе Канстытуцыі, права кожнага грамадзяніна на свабодны доступ да радыёмікрафону, у тэлевізійную студыю, на старонкі газэты не паўсюднае? Чаму дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі — выключэньне, і трэба кланяцца, прасіць, каб табе дазволілі тваё права зьдзейсьніць? А калі людзі ня хочуць кланяцца, ня хочуць прасіць, а патрабуюць гэтага, іх зьвінавачваюць за непамерныя прэтэнзіі, за цёмныя патаемныя намеры, дзеля якіх яны й спрабуюць прарвацца ў “дзяржаўны заказьнік свабоды слова, каб злоўжываць гэтай свабодай!”.

Ці трэба даводзіць нармальным людзям, што тут якраз улада злоўжывае ўладай, дэманструе беспрынцыповую сілу. Ды, дзякуй Богу, наш прынцып, заснаваны на гуманістычных каштоўнасьцях цывілізаванага сьвету, на Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека ня так ужо сёньня й бяссільны. У яго ёсьць свая трыбуна — незалежныя