Залатая жрыца Ашвінаў [Вольга Міхайлаўна Іпатава] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Ад аўтара


У томе III «Живописной России» («Литовское и белорусское Полесье»), што выйшаў у 1882 годзе ў Санкт-Пецярбургу, у артыкуле А.Кіркора «Следы язычества» ёсць цікавы сказ: «2 траўня і 24 ліпеня, у пачатку і ў канцы палявых работ, народ святкуе памяць заступнікаў земляробства, князёў Барыса і Глеба, якія ўспрынялі ў народным уяўленні некаторыя рысы старажытных блізнят Асвінаў».

Здавалася б, браты-блізняты Ашвіны, якім у старажытнай «Рыгведзе» адведзена вельмі пачэснае месца (па ліку ўспомненняў яны ідуць пасля Індры, Агні, Сомы), не маюць ніякага дачынення да беларускай міфалогіі. Але ці так гэта? Той жа А.Кіркор піша, што ў Беларусі іхні культ існаваў яшчэ ў пачатку ХІХ стагоддзя.

Навука наша даволі мала даследуе індаэўрапейскія карані беларусаў, аднак жа зусім невыпадкова, што той жа А.Кіркор даволі часта згадвае пра культуру і міфалогію старажытных арыяў, уплеценую ў нашы паданні, старажытныя святы. Сучасныя даследнікі таксама гавораць пра індаэўрапейскія карані нашай цывілізацыі.

Культ Блізнят — адна з асноўных рысаў старажытнаіндыйскай арыйскай цывілізацыі, нездарма ж у «Рыгведзе» Ашвінам прысвечана ажно 54 гімны, а таксама адведзена шмат месца ў «Махабхараце», «Шатапатха-брахмане», «Брыхадзеваце» і іншых помніках старажытнай індыйскай культуры эпохі арыяў. Думаецца, што менавіта іхні культ да сёння праіснаваў у выглядзе канькоў на нашых дахах, конскіх галоў на вышыўках.

Гэты, засыпаны попелам забыцця, культ светлых, сонечных братоў-лекараў мае права на ўспомненне. І я, выкарыстоўваючы даступныя мне матэрыялы, паспрабавала рэстаўраваць гэтую незвычайную старонку нашай культуры.


КНІГА ПЕРШАЯ


…Кажуць дасюль, што ў прадоннях,

Над якімі бяжыць чарот,

Жывы ў гарадах падводных

Стары палескі народ.

Жывыя яго паданні,

І песня, і мовы строй

У недасяжных глыбінях,

Пад сіняй азёрнай вадой.

Яны зберагаюць скарбы

За сябе і за нас усіх,

А мы цягнем свой крыж штодзённы,

І мы забываем іх.

У.Караткевіч

(«Званы ў прадоннях азёр»)


Дзень выспяваў нетаропка, як выспявае пад гарачым сонцам на бяскрайняй ніве колас. І, нібыта колас, яго нетаропка падрэзаў залаты сярпок маладога месяца, што на змярканні завіс над Храмавым горадам. Спачатку празрыста-зіхоткі маладзік спакваля наліваўся жоўта-залатым святлом. Яно струменілася ўніз, на ўвесь агромністы трохкутнік горада з яго пасыпанымі чыстым пяском дарожкамі, з двума храмамі, адзін з якіх, большы, стаяў непадалёк ад увахода, а меншы хаваўся сярод дубоў на ўзвышшы, з постацямі грозных багоў ля брамаў, ля якіх даўно тоўпіліся людзі, што прыйшлі на сённяшняе набажэнства.

У сваёй святліцы на самым версе каменнай вежы напружана ўзіраўся ўдалячынь маг-звяздар Вакула. Маладзейшыя жрацы з дубовымі галінамі ў руках стаялі каля абедзвюх брамаў, праз якія маглі праходзіць вернікі. Трэцяя, за храмам багіні ранішняй зары Аўшры, адчынялася толькі для жрацоў, і ля яе збіраліся ўсе жрацы Храмавага горада, каб пасля першага ўдару меднага біла спусціцца ў храм Ашвінаў, дзе вярхоўны жрэц Святазар сёння, у ноч летняга раўнадзенства, запаліць агонь, якім павінны ачысціцца ўсе навакольныя селішчы. У гэтую ноч ніхто не павінен заснуць — менавіта сёння могуць хаця троху прыадчыніцца дзверы, за якімі багі хаваюць ад смяротных людзей будучыню, а таксама таямніцы жыцця і смерці. Таму з раніцы пад спевы свяшчэнных гімнаў гатавалі спецыяльныя служкі напітак багоў — сому, якою напалам з малаком будуць апырсканы ахвярныя вогнішчы і якую перад усходам сонца будуць піць самі жрацы, каб адчуць Неадчувальнае…

Паўтараючы сам сабе словы гімнаў, высокі танклявы юнак з пукатым ілбом і вузкімі шэрымі вачыма нібыта ўвесь час чакаў. І калі з-за каржакаватага недалёкага дуба паказалася невысокая дзявочая постаць, ён сцяўся, залаты медальён на грудзях нервова ўздрыгнуў. А дзяўчына, хутка заняўшы сваё месца ў ланцужку жрацоў, прамовіла вінавата:

— Купалася, мабыць, задоўга. Сонца так прыгожа садзілася ў Менцязь.

Старэйшы жрэц не паспеў сказаць сваё строгае слова — працяжна прагучаў над горадам таямніча-нізкі рык біла, і ўсе паспяшаліся да храма.

Высокі драўляны храм, дзе апорныя слупы зробленыя з костак ахвярных коней, упрыгожаны з верху да самай зямлі цудоўнай драўлянай разьбой, а на даху горда глядзяць на поўнач і поўдзень дзве вялікія конскія галавы. Такія ж, толькі меншыя, любяць майстраваць на дахах сваіх хатак і тутэйшыя людзі; знак таго, што тут пакланяюцца святазарным і магутным братам-блізнятам Ашвінам. Нездарма сярод розных багоў, чые постаці ў шаломах і латах стаяць па баках храма, найбольшыя і найбліжэйшыя да ахвярнага агню яны, чые ногі схаваныя разьбянай сцяной калясніцы. Ім