Пачакай, затрымайся... [Алена Васілевіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Алена Васілевіч Пачакай, затрымайся…

Аповесць

Частка першая

Храстовы кароль

Увесь свет, усе вакол людзі жывуць як людзі, адна толькі я папялею на павольным агні. А што, калі пра мяне забудуць? Ці згубяць маю заяву і мае дакументы? Ці дзе ў дарозе згубіцца выклік на экзамены? Што тады будзе?..

А жыццё наўкола з яго штодзённым клопатам і тузанінай тым часам ідзе як і заўсёды, як вечна. I што яму да таго, што вось-вось — і ад чалавека застанецца толькі жменька попелу.

…Пісьмо, адрасаванае мне асабіста, на маё ўласнае прозвішча, дастаўляе надвячоркам лістаносец Федзя Жук. Пісьмо дома мяне не застае, яно знаходзіць мяне за гумнамі, пад дубам, каля дзядзькі Мікалаевае копанкі. Там на вогнішчы я вару бульбу на вячэру. Ладны пабяляны чыгунок маладое бульбы. Каля вогнішча сабралася дзятвы і падлеткаў мала што не з усяе вёскі. I таксама амаль усе з чыгункамі. Традыцыйная сялянская вячэра ўлетку. Да гарачае бульбы абавязкова рыхтуецца расол: забелены лыжкай смятаны ўкіслы бярозавік з дзежкі, з крышанай зялёнай цыбуляй і гурочным цветам (першыя агурочкі рваць шкада). Смаката!

Умела раскладзены агонь аднолькава служыць усім. Кожнаму чыгунку хапае агню, хапае жару. I не заўважыш, як закіпіць бульба, як паспеюць гарэлікі.

Лістаносец Федзя Жук да копанкі, да агню, падкатвае на веласіпедзе. (Фарсіць! — веласіпед куплены толькі гэтым летам.) Гультаявата злазіць і кладзе веласіпед на траву. Малыя ад агню ўсе як адзін кідаюцца да Федзевага веласіпеда — хоць пальцам пакратаць бліскучыя нікеляваныя спіцы ці пазваніць галасным званком.

— Ану, кыш! — адпужвае малых Федзя і, перакінуўшы скураную торбу на жывот, спаважна ляпае па гэтай тоўстай торбе.

— Хто хоча скакаць? — пытаецца Федзя.

Скакаць гатова ўся малеча. Федзя адмахваецца:

— Мала кашы елі… Ну, хто? — звяртаецца ён да старэйшых і наровіць стаць побач з Анюткай Корбутавай. Прыгожая, зграбненькая Анютка падабаецца Федзю.

— Паскачы сам, а мы паглядзім, — ведае ўжо сваю ўладу над Федзем Анютка.

— Ану, давай хутчэй, што там у цябе! — камандуюць Федзю старэйшыя хлопцы.

— Не дам, пакуль не паскача той, каму пісьмо.

— Дык каму пісьмо?! — наступаюць на Федзю хлопцы, маючы намер адабраць у яго торбу.

— Няхай яна скача, — ківае ў мой бок Федзя і выкручваецца ад хлопцаў.

— Буду я скакаць яму яшчэ! Давай пісьмо, Жучыла! — мяне ўсю так і калоціць: ад хвалявання, ад няпэўнасці — ці тое гэта нарэшце пісьмо, якое мне гэтак патрэбна, і што ў ім пішацца.

Але хіба ты ўтрымаеш гэтага Жука.

— Вадзім, Лёня, адбярыце ў яго!

Федзя кідаецца наўцёкі, хлопцы гоняцца за ім, ловяць і, паваліўшы, адбіраюць паштальёнскую скураную торбу. I тут жа вытрасаюць яе на траву. Вытрасаюць і маё пісьмо.

— Ого, як з друкарні ўсё роўна!

— Аддайце маё пісьмо! — кідаюся я да хлопцаў і вырываю з іх рук белы тоненькі канверт.

Хутчэй дадому — прачытаць без сведак… Па дарозе, аднак, я не вытрымліваю, хаваюся ў снапах канапель пад гумном, нецярпліва разрываю канверт. З канверта выпадае вузенькая паперка, аддрукаваная на машынцы: «Паважаны тав. Гурновіч, вы дапушчаны да прыёмных іспытаў. Просьба з’явіцца на іспыты першага жніўня. Сакратар прыёмнай камісіі…» — і неразборлівы подпіс. I ўсё. I больш ні слова.

Я чытаю паперку раз, другі раз, перачытваю трэці — гэта, значыць, я — «паважаны таварыш», гэта, значыць, мяне дапусцілі да іспытаў і мяне выклікаюць… Выклікаюць!

Забыўшы пра бульбу, пра вогнішча, пра ўсё на свеце, па разоры, па калючым гарбузніку я імчу дадому. Паказаць пісьмо.

I схаваць яго, каб не згубілася!

— Дапусцілі! Выклікаюць ужо! — яшчэ з весніц на ўвесь двор крычу я.

Баба Іваніха каля калодзежа намывае на заўтра бульбу. Ад майго воклічу яна ўздрыгвае і спалохана выпростваецца:

— Каго выклікаюць?.. Куды?!

— Вось! Мяне! — размахваю я канвертам у яе перад тварам.

Баба Іваніха нічога не разумее. Мне гэта і смешна, і злосць бярэ: заўсёды ёй трэба тлумачыць, як быццам самой цяжка здагадацца.

— Мяне выклікаюць на іспыты!

— Ну, то і паедзеш, то і будзеш здаваць, — як пра рэч самую звычайную, кажа баба Іваніха (быццам самой ёй такія пісьмы прыходзяць штодня). — Я спужалася: думала, барані божа, каго выклікаюць туды…

— А дзе Саша? — пытаюся я; што гэта баба разумее: туды… Усё ёй страшна…

— З поля яшчэ не прыйшла — дзе яна… — бярэцца зноў за бульбу баба Іваніха. — Ну, то дзякуй богу, што выклікаюць. Цяпер, глядзі, бярыся як след за кніжкі… Дасць бог, паступіш, як вучыцьмешся.

Дасць бог… Бабу толькі слухай. Я кірую ў хату з намерам надзейней схаваць сваё пісьмо ў куфры. Але тут жа і перадумваю: мне ж хочацца паказаць яго і тым, хто астаўся каля вогнішча, каля чыгункоў з бульбай… Як ні кажы, а з усёй вёскі паступаем усяго толькі мы з Маняй Паўлавай удзвюх… I пакуль што такое пісьмо атрымала я адна… Маня дакументы здавала пазней, і ёй няма яшчэ