Дзяўчына-маці [Янка Мавр] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Янка МАЎР


ДЗЯЎЧЫНА-МАЦІ


Раман (урывак)


З любоўю да дзяцей і кніг


11 мая 2018 года споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра — Івана Міхайлавіча Фёдарава — вядомага пісьменніка, аднаго з заснавальнікаў беларускай літаратуры для дзяцей і юнацтва. Яго творчая спадчына мнагазначная і разнастайная: аповесці, апавяданні, першы дзіцячы раман, фельетоны, публіцыстычныя творы. Янка Маўр — пачынальнік прыгодніцкага і фантастычнага жанраў у беларускай літаратуры.

У 1934 годзе на ўсебеларускім конкурсе на лепшую кнігу для дзяцей яго аповесць «ТВТ» была адзначана першай прэміяй. У гэты час у Расіі, ва Украіне таксама пачалі больш звяртаць увагі на дзіцячую літаратуру.

«Тады і нашы дарослыя пісьменнікі, — пісаў Янка Маўр, — часцей сталі пісаць для дзяцей, і літаратурная грамадскасць адзначала гэта як з’яву дадатную; творы гэтыя абгаворваліся, улічваліся, папулярызаваліся. На жаль, гэта не датычылася прафесіянальных дзіцячых пісьменнікаў. Паміж іншым, нікому не магло прыйсці ў галаву, каб дзіцячы пісьменнік мог мець, скажам, такое самае снабжэнне, як дарослы, пры аднолькавым літаратурным багажы». Да дзіцячай літаратуры Янка Маўр ставіўся вельмі сур’ёзна, бо менавіта ў дзяцінстве фарміруецца любоў да кнігі і літаратуры. Аднак, статус дзіцячых пісьменнікаў і тых, хто пісаў для дарослых, быў зусім розны.

«У гэтым сэнсе, — пісаў Я. Маўр, — цікавым быў мой прыезд у Маскву ў 1943 годзе. Сакратар ЦК БССР Гарбуноў сустрэў мяне славамі: «Наш дзіцячы карыфей прыехаў». Сказаны былі гэтыя словы жартаўліва, але без насмешкі. У сталоўцы пісьменнікаў «карыфея» запісалі ў лік пачынаючых. З беларускіх пісьменнікаў у гэтай катэгорыі быў толькі адзін Краўчанка. Што абед для нас быў трохі горшы — не бяда. Больш непрыемным было сустракацца са сваімі рускімі, украінскімі, літоўскімі калегамі, гутарыць з імі за сталом, але абедаць з імі не мець права. Пры гэтым я ведаў, што ўсе гэтыя мае калегі і стаж мелі меншы за мой і напісалі менш як я. У гэты час у мяне зарадзілася думка перакваліфікавацца на дарослага пісьменніка. На новагоднім банкеце (на 46 год) я нават «афіцыйна» абвясціў аб гэтым».

Гэтыя словы падаюцца з тонкім маўраўскім гумарам, і, сапраўды, Янка Маўр напісаў некалькі апавяданняў для дарослых, але гэта былі апавяданні аб дзецях, у лёс якіх увайшла вайна. Сярод іх — апавяданне «Завошта», у аснову якога пакладзены сапраўдны факт — гібель жонкі і сына Міхася Лынькова, драматычнае і хвалюючае апавяданне «Максімка» і іншыя.

Ваеннай тэме прысвечана і значная частка ненадрукаванай спадчыны пісьменніка. Незавершаным і неапублікаваным застаўся твор «Дзяўчына-маці» (1946—1947), рукапіс якога знаходзіццаў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. У гэтым творы, адзначала Эсфір Гурэвіч, найбольш выявілася здольнасць Янкі Маўра як псіхолага, ён змог паказаць рух пачуцця дзяўчыны, яго дыялектыку, калі агульначалавечае пачуццё становіцца сваім, балюча асабістым, выпакутаваным, кроўна-мацярынскім. На жаль, гэты твор быў адкладзены, відаць у сувязі з той вялікай працай Янкі Маўра па падрыхтоўцы да выдання славутай кнігі «Ніколі не забудзем». Прапануем сёння гэты твор нашым чытачам.


Марыя МІЦКЕВІЧ, унучка Янкі Маўра.


І


На дварэ бразнулі варотцы. Маці і дачка ўздрыгануліся. Чаго — самі не ведалі. Дагэтуль іх ніхто не трывожыў, і небяспекі яны не бачылі. Але такі ўжо час.

— Паглядзі, Ліза, хто там...

Дачка кінулася да вакенца, што выходзіла на двор. Праз восеньскі туман ледзь вызначаўся спарахнелы плот з голай вішняй, чарнеўся бульбянік на маленькім гародчыку, а хата суседа Максіма зусім расплылася ў імгле.

Ля вакна мільганула галава дзяўчыны ў чорнай шапачцы.

— Дзяўчына? Да каго? — здзівілася маці.

— Можа, да Варапаіхі, а можа, і да нас, — спакойна адказала Ліза.

— Хто ж такі можа ісці да нас? — пачала меркаваць маці. — А да Варапаіхі, здаецца, ніякая дзяўчына не ходзіць.

Тым часам у сенцах пачуліся крокі, затым стук у дзверы — і дзяўчына ўвайшла ў пакой.

— Маня?! — усхапілася Ліза і кінулася абдымаць госцю. — Якім чынам?

— У мяне ёсць да цябе справа, — сказала дзяўчына такім тонам, што Ліза адразу спахмурнела.

— Хадзем тады ў мой куток, — сказала яна.

Куток гэты быў за перагародкай, якая нават не даходзіла да столі. У ім маглі змясціцца толькі ложак, маленькі стол, крэсла ды яшчэ скрыня. Як і належыць дзявочаму кутку, ён быў чысценька прыбраны і ўпрыгожаны па густу і мажлівасцях гаспадыні: два вазончыкі з кветкамі, стаячае люстэрка, каробачкі, стосік кніжак, у тым ліку некалькі падручнікаў для ІХ класа. На сценах, з падранымі блакітнымі шпалерамі, некалькі партрэтаў, фотаздымкаў і ілюстраваных паштовак. Звычайна такі прытулак маюць адзіныя, любімыя дочкі ў сціплых сем’ях.

Відаць было, што Ліза — вучаніца старэйшага класа сярэдняй школы. Яна была невысокага росту, але з развітай акруглёнай фігурай. Светлыя валасы, блакітныя вочы, белы мяккі твар ды яшчэ светлае плацце рабілі яе ўсю нейкай светлай, сонечнай. Прыдзірлівае вока магло б заўважыць, што носік яе мог і крыху большым быць, а рот крыху меншым, што было б лепш, каб твар яе быў больш авальным, але звычайны чулы чалавек гэтага не заўважыў бы. Ён проста сказаў бы, што прад ім прыгожая і надзвычай мілая дзяўчына гадоў сямнаццаці. Ён яшчэ заўважыў бы, што яна адначасова здаецца і вясёлай, і сур’ёзнай, а як гэта выходзіць — пэўна не мог бы растлумачыць. Не бярэмся і мы.

Яе сяброўка больш высокая і строгая, здавалася старэйшай за яе, хоць яны вучыліся ў адным класе. Відаць было, што яна ўсхваляваная, устрывожаная. Сцішыўшы голас, сказала:

— Ведаеш, я бачыла Рэню.

— Дзе? Як? — зацікавілася Ліза.

— Там... У гэта... Я ішла па вуліцы — і раптам чую: «Маня!». Гляджу — за дротам яна, і з дзіцём на руках. Я азірнулася — немца не відаць. Падышла. А яна са слязьмі кажа: «Мне засталося жыць можа якія гадзіны... Але страш­ней за самую лютую смерць — ведаць, што загіне яно, маё нявіннае дзіця... Каб хто выратаваў, узяў яго... Падумай, Маня!» Я скамянела і не ведаю, што казаць. У нас у хаце поўна дзяцей. Сама ведаеш, як мы жывем... Што скажуць бацькі?... Слёзы пакаціліся ў мяне з вачэй, а я не магу нічога сказаць. А тут немец павярнуўся і ідзе да нас. Тады яна кажа: «Я разумею цябе... Скажы Лізе. Яна для мяне самы блізкі чалавек. Можа заўтра не будзе позна... Заўтра, тут, у гэты час...» Яна заплакала наўзрыд і шпарка пайшла прэч.

Маня гаварыла дрыжачым шэптам, апусціўшы вочы, сутуліўшыся, нібы адчувала на сваіх плячах цяжар.

— Я не вінаватая... Я не магла адразу... І не паспела — немец падыходзіў. У нашай халупе мы змясціцца не можам, спім на падлозе... А яму толькі тры ці чатыры месяцы. Я сама не магла адразу...

Ліза, не варухнуўшыся, глядзела некуды ў кут і, мусіць, сама не ведала, што з вачэй яе павольна коцяцца слязінкі. Маня нясмела падняла на яе вочы.

— Што рабіць, га?

Ліза павярнулася да яе і строга сказала:

— Заўтра ты правядзеш мяне на тое месца.

— Добра, — пакорна адказала Маня.

І яны, дзве добрыя сяброўкі, адчулі, што ім больш няма аб чым гаварыць. Маня ўстала.

— Заўтра аб адзінаццатай гадзіне буду чакаць цябе на Мясніковай вуліцы, там, дзе бензінавая калонка, — сказала яна, выходзячы за дзверы.

Ліза нічога не адказала і засталася сядзець на месцы.

Перад яе вачыма паўстаў вобраз Рэні, жыццярадасны, блізкі. Асабліва яе вялікія чорныя вочы, такія глыбокія, ласкавыя. Так хацелася тады глядзець у гэтыя вочы. Рэня была старэйшая за Лізу на два гады, яна працавала піянерважатай у іхняй школе. Але розніцы ў гадах яны не адчувалі. Колькі задушэўных гутарак было ў іх! Шмат цікавага і каштоўнага для сябе вынесла Ліза з гэтых гутарак.

Летась Рэня выйшла замуж і перайшла на другую работу. Сустракацца яны сталі радзей. Хоць Рэня была тая ж самая, шчырая і ўважлівая, але адчувалася ўжо, што ў яе ёсць свае асаблівыя інтарэсы, для сяброўкі больш далёкія. Тады Ліза ўпершыню адчула, што яна значна маладзейшая за Рэню, нібы малая дзяўчынка перад старэйшай сястрой. Апошнія месяцы яны зусім не бачыліся. На лета Рэня кудысьці выехала. Ад знаёмых Ліза чула, што ў Рэні нарадзіўся сын, якога назвалі Феліксам. А калі пачалася вайна, Ліза ўжо нічога не ведала пра сваю сяброўку. І вось цяпер даведалася...

Яна там, куды загнаны тысячы людзей, і адкуль выхаду няма... Яна думае цяпер пра Лізу і спадзяецца на яе... Лізе здавалася, што яна сама чула голас Рэні: «Скажы Лізе...» Трэба пагаварыць з мамай.

Але матчына сэрца ўжо само нешта адчула.

— Што ты зашылася там, як мыш? — пачуўся яе голас. — Што яна табе сказала?

І ў пакойчык увайшла шчуплая жанчына гадоў пад пяцьдзясят. Яна адразу заўважыла, што з дачкой нешта здарылася, і вочкі яе трывожна замітусіліся ў зморшчках, як мухі ў павуцінні.

— Што з табой? Кажы! — загаварыла яна, паклаўшы руку на плячо дачкі.

Ліза прытулілася да матчыных грудзей і сказала:

— Мама, ты ведаеш Рэню?

— Вашу важатую? Памятаю.

— Яна цяпер у гэта... Схопленая...

— Ох, колькі людзей там цяпер!.. — уздыхнула маці.

— І ў яе малое дзіця на руках...

— Не шкадуюць, людаеды, ні малых, ні старых, — сумна сказала маці.

— Мы павінны выратаваць хоць гэтае дзіця, — сказала Ліза, пазіраючы на маці знізу ўверх.

— Што ты кажаш?! — адхіснулася маці. — Як гэта зрабіць?

— Я заўтра пайду і вазьму яго.

— Куды ты пойдзеш? Цябе немцы заб’юць!..

— Узяць можна — праз агароджу.

Маці зусім разгубілася.

— Куды мы з ім дзенемся? Даведаюцца — і мы ўсе загінем.

— Трэба зрабіць, каб не ведалі. Дзіцё малое.

— А колькі яму?

— Тры ці чатыры месяцы.

Маці аж пляснула рукамі.

— Тры месяцы?! Што мы з ім будзем рабіць?

— Не ведаю.

Маці з дакорам паківала галавой.

— Вось у тым і справа, што ты кажаш, чаго сама не ведаеш. Яно зусім малое, ад маткі. Як і чым будзеш яго карміць?

— А хіба не бывае такіх выпадкаў?

— Вядома, бывае. Але хто добраахвотна возьме на сваю галаву такую бяду? Ды яшчэ ў такі час.

Цяпер ужо Ліза паглядзела на маці з дакорам.

— Мама! Там жа горшая бяда...

Маці заміргала вачыма і прамовіла:

— Ведаю я гэта, але што мы можам зрабіць? Колькі народу цяпер гіне ўсюды. Хібы мы можам усім дапамагаць?

— Чаму ж усім? — сур’ёзна адказала Ліза. — Мы можам выратаваць хоць аднаго чалавека, і гэта будзе добрая справа.

Маці горка ўсміхнулася.

— Які ж гэта чалавек? Ён яшчэ нічога не разумее, ні гора, ні страху, ні пакуты. А калі ўзяць яго ад маткі, тады для яго будзе больш пакуты. Ну як мы возьмем яго ў такі час і ў нашым становішчы? Ён і сам загіне і нас загубіць. А што важней: жыццё невядомага дзіцяці, ці трох дарослых?

— Навошта так думаць? — з болем прамовіла Ліза.

— Трэба думаць так, як яно ёсць, — строга сказала маці, — трэба праўдзе ў вочы глядзець. Калі хочаш, скажу табе прама: не на сваю галаву бярэш ты гэтае дзіця, а на маю. Хіба ты здолееш дзень і ноч важкацца з ім, не адыходзіць ад яго? На мяне гэта ляжа, а не на цябе.

— Не мама, я буду сама! — засупярэчыла Ліза.

Маці ўсміхнулася.

— Ну вось і відаць адразу, што ты сама яшчэ дзіця. Ты зусім не ўяўляеш, што гэта такое. Зусім яшчэ невядома, ці зможам мы ў сённяшніх умовах выратаваць і выгадаваць такое маленькае дзіця, але затое добра вядома, што ад свайго жыцця нам прыйдзецца адрачыся. Людзі не ведаюць цяпер, што рабіць са сваімі дзецьмі, а ты хочаш узяць чужое. Ці ведаеш ты хоць, якое яно — ці здаровае?

— Я яго яшчэ не бачыла, — прашаптала Ліза.

Маці зноў пляснула рукамі.

— А што ты будзеш рабіць, калі яно хворае, кволае? — усклікнула яна. — Адкуль яму быць здаровым, там... Ды яшчэ трохмесячнае. Эх, Ліза, Ліза, каб ты толькі ведала, што надумала!

Матчыны словы нібы абухам стукалі Лізу па галаве. А маці тым часам падышла да самага сур’ёзнага доваду:

— І нарэшце — нічога мы не можам вырашаць без бацькі. А што ён скажа — ты і сама ведаеш. Ці можам мы патрабаваць ад яго, хворага, беспрацоўнага, каб ён яшчэ ўзяў да сябе невядомае чужое дзіця?

Ліза зусім апусціла галаву. Маці пяшчотна стала гладзіць яе па валасах, даводзячы:

— Ты думаеш, я сама не шкадую? Ты думаеш, у мяне самой сэрца не заліваецца крывёю, калі я падумаю аб усіх гэтых жахах? Але трэба і аб сабе падумаць, трэба глядзець крыху далей, трэба ведаць, што і як. Я разумею, што цябе схапіла за сэрца, але потым ты і сама пашкадавала б. Выкінь, дачушка, з галавы гэтую думку і супакойся.

Маці пацалавала Лізу ў галаву і ціхенька выйшла ў свой пакой, нібы ад хворай.

Цяпер толькі ўбачыла Ліза, якая складаная гэтая справа. Адна рэч — захацець дапамагчы, а зусім другая — як гэта зрабіць. Колькі довадаў прывяла маці — і ўсе яны слушныя. Праўда, што галоўны клопат ляжа на маці, бо сама Ліза зусім не ведала, як абыходзіцца з такім дзіцём. Праўда, што ад бацькі нельга чакаць згоды. Ведае яна, як ускладнілася б тады ўсё іхняе жыццё. Разумее Ліза, што само дзіця для яе чужое. Яна шкадуе яго наогул, як кожнае дзіця, а ніякага асаблівага замілавання да яго не адчувае. Каб замест гэтага дзіцяці ёй далі другое, ёй было б усё роўна. Гэта Ліза разумее, але...

Заўтра Рэня будзе чакаць яе. Яна спадзяецца, яна ўпэўнена, што Ліза прыйдзе. Калі не прыйдзе, то для Рэні ўдар будзе горш за смерць. А Ліза тады ўсё жыццё сваё будзе пакутаваць... Не, яна не можа не пайсці!

Ліза выйшла да маці і зноў прытулілася да яе. Маці абняла яе і спытала:

— Ну, што, супакоілася, дзетка мая?

— Мама! — загаварыла Ліза перарывістым голасам. — Каб цябе захацела бачыць перад смерцю твая сястра ці лепшая сяброўка, ты адмовілася б пайсці да яе?

— Як гэта так адмовіцца? — здзівілася маці, але зараз жа сцяміла, куды хіліць дачка і паспрабавала нешта дадаць: — Бачыш... часам бывае...

Але Ліза прыпыніла яе:

— А каб яна табе сказала: «Вазьмі маё дзіця, а то яго кінуць у агонь». Ты магла б адвярнуцца ад яе?

Маці збянтэжана замармытала:

— Ну што ты гаворыш?.. Хіба так ужо ў агонь?.. Яшчэ невядома... А можа, што якое...

— Мамачка, ты ж сама ведаеш, што так яно і ёсць. Ну, можа не ў агонь, і так заб’юць — усё роўна. Скажы: ты магла б не ўзяць і адысці прэч? Ну, скажы, чаго маўчыш?.. Я ведаю — ты не магла б адмовіцца, і я не магу. Я ўсё роўна яго вазьму, мама. Усё роўна вазьму, — цвёрда сказала яна.

— А што скажа татка?

— Думаю, ён яго не выкіне. А папрокі я перацярплю.

Апошнія словы кранулі маці за самае сэрца.

— Дачушка мая! — сказала яна пяшчотна. — Ты вельмі добрая, і папракаць цябе грэх. Але што мы скажам, калі людзі пацікавяцца, адкуль узялося ў нас малое дзіця?

— Хто будзе цікавіцца такім дзіцянём? — адказала Ліза. — Хіба Варапаіха? Ну дык ёй можна сказаць абы-што: пляменнік ці ўнук, або хто-небудзь такі.

Маці апусціла галаву і задумалася. Ліза пачала лашчыцца да яе, кажучы:

— Ну, што, мамачка, згодна? Га? Я буду рабіць сама ўсё, што трэба, а ты будзеш толькі кіраваць. Добра? Падумай толькі, што значаць нашы турботы ў параўнанні з тым, што церпяць людзі.

Маці горка ўсміхнулася.

— Ведаю я ўсё гэта, дачушка. Каб магла, сама б пайшла на гэтых лютых немцаў. Але які будзе знак, калі мы нават і выратуем гэтае невядомае, чужое дзіцянё? Гэта ж пясчынка ў полі. А хлопчык ён ці дзяўчынка?

— Хлопчык, — весела адказала Ліза, — і завецца Фелікс, Феля.

— Феля? — устрывожылася маці. — Гэта яўрэйскае імя? Трэба будзе перамяніць.

— Не, гэта лацінскае імя. Фелікс — значыць, шчаслівы.

— Нездарма ён мае такую заступніцу, — дабрадушна сказала маці.

Ліза, як козачка, усхапілася на ногі, палажыла маці на плечы абедзве рукі і, блізенька нахіліўшыся да яе твару, сказала:

— Значыцца, мамка, ты згодна? Так?

— Пачакай, пачакай, хіба можна так адразу? — засупярэчыла маці, але Ліза ўжо бачыла, што пералом адбыўся.

Так яно і было. Да гэтай хвіліны маці не дапускала ні малой магчымасці пайсці насустрач непрадуманаму жаданню дачкі, і ўсе яе думкі, усе яе довады былі накіраваны на тое, каб даказаць ёй і сабе гэтую немагчымасць. А цяпер яна на адзін толькі міг дапусціла жаданне задаволіць дачку — і тады адразу самі сабой сталі лезці ў галаву довады таго, што гэта магчыма. Уся справа ў турботах, але ці ёй, працоўнай жанчыне, баяцца турботаў? Толькі першыя некалькі месяцаў будзе цяжка, а далей будзе лягчэй і, можа, нават прыемна. Калі ж адмовіць, то для Лізы будзе такая душэўная рана, якая невядома калі загаіцца. Ды яшчэ яна можа не паслухацца і наробіць горшай бяды. А справа ж добрая, чалавечная. І яшчэ, і яшчэ пайшлі падобныя думкі, нібы карыстаючыся тым, што для іх прыадчыніліся дзверы. Нездарма кажуць, што жаданне — маці думак.

— Ну, што, мама, згодна? — наступала Ліза.

— Ды, відаць, нікуды не дзенешся, — з цёплай усмешкай сказала маці. — Але бацьку пакуль што казаць не будзем. Будзем улагоджваць пасля таго, як дзіця з’явіцца.

— Дзякую, мамачка! — заскакала Ліза і пачала цалаваць увесь яе твар. — Я ведала, што мая мама добрая!

І добрай жанчыне здалося, нібы яна сама даўно ўжо думала, каб дзе знайсці і прытуліць якое няшчаснае дзіцё.

У хуткім часе прыйшоў бацька, з выгляду дужы, поўны мужчына з чырвоным тварам. Але паўната гэтая была нездаровая: яго мучыла ў сярэдзіне нейкая хвароба ды апухалі ногі. Да вайны ён быў вартаўніком на гарадской электрастанцыі, а цяпер яшчэ не знайшоў сабе адпаведнай работы. Хоць рабочы чалавек усюды быў патрэбны, але цяжкая фізічная праца была яму не па сілах, а калі траплялася па сілах, то была не па нагах — далёка.

— Вось і рабі, што хочаш, — сказаў ён злосна. — Пакуль знойдзеш рабо­ту, немцы забяруць і пагоняць на катаргу. Палююць, як на звяроў. Могуць і да вас дабрацца. На кожны выпадак прыглядайцеся, дзе б зачапіцца, пакуль пройдзе гэтая навала.

Распрануўшыся, ён сеў за стол. Маці тым часам прынесла яму міску поснага баршчу і некалькі халодных нячышчаных бульбін. Бацька моўчкі, панура стаў есці.

На дварэ сцямнелася. Ліза пайшла зачыняць аканіцы. Запалілі капцілку. Кволы агеньчык бездапаможна хістаўся, вырываючы са змроку то будзільнік на камодзе, то чорны чыгун на прыпечку, то нікеляваную галоўку ложка, то даўгую сасновую лаву ля сцяны, аклеенай шпалерамі проста па бярвеннях.

Маці глядзела на сутулую спіну мужа, слухала яго абрывістыя словы і ўсё думала: ну як тут прыступіцца да яго? Які язык можа паварушыцца, каб прапанаваць гэтаму чалавеку ўзяць на сваю галаву яшчэ нейкае невядомае дзіцянё? Ён проста палічыць іх за вар’ятак. І навошта яна згадзілася?..

Цэлую ноч не спала бедная жанчына...

Хвалявалася і Ліза, але не з тае прычыны, што маці. Яна ўяўляла сабе, што цяпер робіць і думае Рэня. А разам з ёю многа-многа тысяч людзей, палова горада, таксама цяпер сядзяць у хатах і чакаюць смерці. А завошта — ніхто не ведае. Можа, цяпер, у гэтую самую мінуту, уварваліся да іх нелюдзі і пачалі страляць, рэзаць усіх, усіх...

Ліза задрыжала ўсім целам і схавалася пад коўдру...

На вуліцы пачуўся шум. Затым з грукатам расчыніліся дзверы — і ў пакой уварваліся немцы з вінтоўкамі. «І нам прыйшоў канец!» — з жахам падумала Ліза, і дзікі крык вырваўся з яе грудзей...

— Што з табой? — пачуўся трывожны голас маці.

— А!... Гэта сон!... — радасна прамармытала Ліза.

На вуліцы яшчэ не заціх грукат машыны...


ІІ


Дзень быў гэткі самы туманны, як і ўчора.

Ліза і Маня ішлі па вуліцы, нібы занятыя вясёлай гутаркай. З левага боку спяшаліся насустрач заклапочаныя людзі. Выходзілі і ўваходзілі ў дамы жыхары. З правага боку, за дротавай агароджай, быў другі свет. Людзей там было нават больш, як на гэтым свеце, але рухаліся яны нібы цені. Некаторыя стаялі каля агароджы і, калі вартавы адыходзіў далей, прапаноўвалі прахожым адзежыну за хлеб. Старая жанчына ў чорным адзенні ціха хадзіла вакол і, нічога не бачачы, нешта мармытала сабе пад нос.

Ліза жыла на другім канцы горада, за вакзалам, і ў гэтых месцах даўно не была. Яна не пазнала цяпер гэтых кварталаў, што былі адгароджаны дротам. Перш за ўсё здавалася, што тут ніякіх кварталаў і вуліц зусім не было. Гэта была адна вялікая плошча, дзе абы-як стаялі голыя дамы, без платоў, без над­ворных драўляных будынкаў; усюды смецце, хлам, бруд. Шыбы залеплены паперай, заткнуты рыззём, а часцей за ўсё проста ззялі чорныя дзіркі. З аднаго дому даносіўся дзіўны гул, завыванні: гэта маліліся старыя яўрэі, ківаючыся ўзад і ўперад. Для іх было ясна, што Бог паслаў на яўрэйскі народ кару за грахі, галоўным чынам за грахі іх дзяцей, якія зусім забыліся на веру дзядоў. Ну, а калі сам Бог паслаў, то нічога не зробіш — трэба рыхтавацца да смерці. Маладых і здаровых не было відаць — яны ў гэты час былі на рабоце. Раптам пачуўся звонкі дзіцячы смех: некалькі худых, бледных дзяцей з захапленнем пускалі ў лужынах караблі. Яны адны маглі смяяцца...

— Вось там, — шапнула Маня.

За дротам, па тратуары, узад і ўперад хадзіла жанчына з дзіцём на руках. Ліза пазнала яе... Але акурат сюды падыходзіў вартавы. Давялося прайсці міма. Рэня заўважыла сваіх сябровак, і твар яе засвяціўся радасцю. Хоць яны прайшлі міма, але яна ведала чаму.

Сяброўкі паволі ішлі далей, весела балбочучы. Паліцай завярнуўся і пайшоў следам за імі. Ліза паспела разглядзець яго. Гэта быў высокі, здаровы дзяцюк, у сіняй нямецкай куртцы з шырокім поясам, у пілотцы, з-пад якой вытыркаліся светлыя кучаравыя валасы, твар прадаўгаваты, энергічны, блакітныя вочы весела і задзірыста паблісквалі з-пад бялёсых брывей. Агульнае ўражанне ад гэтага хлапца было зусім нядрэннае.

— Мне здаецца, я недзе бачыла яго, — ціха сказала Ліза сваёй сяброўцы. — Пастарайся затрымаць яго, а я пайду.

Яны нібы развіталіся, і Ліза пайшла назад. Паліцай правёў яе вокам і падышоў да Мані, якая стаяла на месцы, нібы прыглядаючыся, што робіцца за дротавай агароджай.

— Што, паненачка, падабаецца наш звярынец? — галантна спытаў паліцай.

Хоць Маня была задаволена, што ёй не прыйшлося першай пачынаць

гутарку, але, пачуўшы такія словы, не ведала, што рабіць далей. Абурыцца, спрачацца, плюнуць у вочы? Але нельга, трэба з ім размаўляць, затрымаць.

Пакуль Маня меркавала які ўзяць тон, паліцай зноў спытаўся:

— Можа сваіх знаёмых убачылі?

Маня стала так, каб засланіць сабой Лізу і сказала:

— А ў вас тут няма знаёмых, можа, нават прыяцелеў?

Паліцай гучна зарагатаў:

— Прыяцелеў? Можа калісьці і былі, а цяпер добра ведаю, дзе прыяцелі і дзе ворагі.

У Мані аж галава закружылася. Што гэта такое? Не можа быць у прыродзе такога вырадка!..

—А... а вы не немец? — прашаптала яна.

Паліцай жартаўліва пакланіўся і адрэкамендаваўся:

— Я — грамадзянін незалежнай беларускай дзяржавы, Сымон Шаціла.

Ну як падтрымліваць гутарку з такім «грамадзянінам»? Але нічога не

зробіш, і яна спакойна сказала:

— Які ж вы незалежны грамадзянін, калі служыце нямецкаму фюрэру?

— Лепш фюрэру, чым бальшавікам, — адказаў ён самазадаволеным тонам. — А хіба вы іначай глядзіце?

Вось куды гне, падлюга!

— Гэта не залежыць ад нашага погляду, — дыпламатычна адказала Маня. — Вайна толькі пачынаецца і невядома яшчэ, што будзе.

— Невядома? — засмяяўся Шаціла. — Каму невядома, а каму вядома. Немцы пад Масквой ужо...

Маня асцярожна павярнулася, зірнула назад і з палёгкай уздыхнула:

— Выбачайце, мне трэба ісці.

І пабегла прэч.

Калі Ліза падышла да Рэні, тая адразу заплакала. То былі слёзы не толькі гора, але і радасці.

— Прыйшла!.. — загаварыла яна дрыжачым голасам. — Прыйшла!.. Дзякую табе... Возьмеш?

І яна з такой мальбой паглядзела на Лізу, што і ў той пакаціліся слёзы.

— Вазьму, вазьму, — паспяшыла яна адказаць.

— Бяры... хутчэй... А то ўбачаць і адбяруць.

Уся трасучыся, Рэня апошні раз прыціснула да грудзей сваё дзіця, а потым спешна пачала прасоўваць яго праз калючы дрот.

Ліза памагала рассоўваць калючкі. Крывавыя плямы — Рэніны ці Лізіны — зачырванелі на белай коўдрачцы.

— Хутчэй... хутчэй... — паўтарала маці, увесь час азіраючыся.

Калючка зачапілася, парвала коўдрачку. Дзіця заплакала.

— Нічога, нічога, — мармытала Рэня. — я яго накарміла, ён хутка супакоіцца. Ідзі, бяжы хутчэй, а то адбяруць...

Некалькі жанчын сабраліся на дварэ і моўчкі глядзелі на гэтую сцэну. Мусіць, не адна з іх зайздросціла і шкадавала, што не можа прасунуць праз плот і сваё дзіця. Але і яны са страхам пазіралі, ці не ідзе вартавы. Нейкі пажылы дзядзька ішоў па вуліцы, прыпыніўся, паківаў галавой і моўчкі пайшоў далей. Але знайшоўся і адзін малады, франтаваты «жартаўнік»:

— Што гэта? — усклікнуў ён. — Ці не дзіця выменьваюць на хлеб?

Рэня і Ліза са страхам азірнуліся.

— Нічога, нічога, — са смехам сказаў франт. — Не бойцеся, перашкаджаць не буду.

Калі дзіця было ўжо на руках Лізы, вочы Рэні заблішчэлі ні то радасцю, ні то злосным задавальненнем, яна ўсклікнула:

— А цяпер мне нічога не страшна!

Потым ціха і хутка загаварыла:

— Ты, Ліза, ашчаслівіла мяне, цяпер у мяне рукі развязаны. Цяпер я магу пайсці на ўсё. А пакуль што, я буду тут, кожны дзень аб гэтай гадзіне. Прынясі калі-небудзь яго сюды, паглядзець хоць здалёк...

Ліза паспела толькі сказаць: «Прыйду», як пачуўся нечы голас: «Немец!» Далёка па вуліцы ішоў нямецкі салдат.

Ліза пайшла. Яна не азіралася, але выразна адчувала, нібы нейкая нітка цягне яе назад. Заварочваючы за дом, яна паглядзела ў той бок. Рэня, склаўшы рукі, стаяла нерухома, уся падаўшыся наперад. Здавалася, вось-вось яна ўзнімецца ў паветра і паляціць за сваім дзіцем...

Вуліца, дзе жыла Ліза, называлася Палявой, бо выходзіла прама ў поле. Невялікія драўляныя домікі сярод садоў і гародаў рабілі яе ўтульнай, але ўвосень і ўвесну тут было такое балота, што ўсе жыхары пракліналі яе. Жыццё тут было, як у вёсцы: усе ведалі адзін аднаго, цікавіліся кожнай дробяззю жыцця не толькі блізкага, але і далёкага суседа, ведалі, хто што каму сказаў, хто што з’еў.

Лізе вельмі не хацелася, каб яе ўбачылі з дзіцем; яна то спяшалася, то прыпынялася, то пераходзіла на другі бок вуліцы, адзін раз нават узяла дзіця сабе пад пахі, каб паказаць, што гэта скрутак. А тут яшчэ дапамог туман — і яна, нарэшце, шчасліва прыйшла дадому.

Бацькі, як звычайна, дома не было. А маці чакала яе з трывогай і з вялікім цяжарам на сэрцы. Якое было б шчасце, каб Ліза па той ці іншай прычыне дзіця не прынесла! Але яна прынесла...

— Ну, пакажы хоць, — сказала маці, і ў тоне яе міжволі адчувалася незадавальненне.

Лізе і самой хацелася хутчэй паглядзець, бо там было не да таго. Дзіця спала, зморшчыўшы лобік і сціснуўшы вусны. Калі яго паварушылі, яно зацмокала губамі і пачало тыкацца носам у падушку.

— Шукае, — уздыхнула маці. — Зараз прачнецца, а што мы яму дамо?

Гэтыя словы прагучалі для Лізы, як папрок, і ёй зрабілася ніякавата.

Ліза, вядома, часта бачыла такіх дзяцей на руках у матак. Маткі з гордасцю пазіралі на ўсіх, адчуваючы, што ў іх на руках такі скарб, якому кожны зайздросціць. І кожны ў такіх выпадках казаў:

— Ах, якое цудоўнае дзіця!

Ліза і сама адчувала нібы зайздрасць. У кожным разе добра бачыла і разу­мела шчасце маткі. І вось цяпер яна мае сваё ўласнае дзіця, але... радасці як быццам не адчувае. Перш за ўсё, ніяк нельга распазнаць «цудоўнае» яно, ці не. Зморшчаны тварык нічога не гаворыць, цёмныя валосікі і бровы нічога асаблівага не надаюць. Вузкі носік нагадвае дзюбку птушаняці.

— Мама, а прыгожае яно? — спытала Ліза.

— Дзіця, як дзіця, — адказала маці, перакладаючы пялёнкі. — Абы здаровае было, а хлапчуку больш нічога і не трэба.

Ліза міжволі пашкадавала, што гэта хлопчык, а не дзяўчынка. Усё ж такі дзяўчынка неяк бліжэй. Ліза яшчэ памятае, якое замілаванне яна адчувала да лялек. А лялькі заўсёды бываюць дзяўчынкамі. А тут ніякага замілавання не адчуваецца. Але нічога не зробіш, гэта ж яе абавязак, і яна будзе выконваць яго добрасумленна, памятаючы Рэню.

У скрутку знайшлі метрыку, дзе напісана было, што ў бацькоў Рэні і Барыса Гольдберг 14 чэрвеня 1941 года нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Фелікс.

— Зараз жа знішчыць гэтую паперку! — спалохалася маці. — Калі яна трапіць каму ў рукі, то загінем і мы, і дзіця.

І яна тут жа парвала яе і кінула ў печку. Ліза збянтэжылася.

— Як жа цяпер будзе?..

— Нічога, абы другой бяды не было, — адказала маці.

Дзіця тым часам пачало выказваць сваё незадавальненне больш энергічна. Не расплюшчваючы вачэй, яно стала моршчыцца, круціць галавой і пакрыкваць.

— Пашукай хутчэй чысценькую анучку! — крыкнула маці, а сама знайшла маленькі кавалак хлеба і стала жаваць яго; затым памяшала з цукрам і сунула дзіцяці ў рот.

— Мама, што ты робіш? — крыкнула Ліза з жахам. — Гэта ж брыдка і шкодна!

— Мяне на гэтым выгадавалі, — спакойна адказала маці, — ты сама не раз каштавала, а бяды, як бачыш, ніякай няма. А тым часам пастарайся дастаць соску.

Дзіця крычала ўсё больш і больш. Маці ўзяла яго на рукі, пачала гушкаць, хоць гэта і мала памагала. Ліза нарыхтавалася зноў ісці ў горад, па соску.

У гэты момант увайшоў бацька ды так і прырос да зямлі.

— Што гэта? Адкуль? — прамовіў ён, пазіраючы то на маці, то на дачку.

А тыя так разгубіліся — не ведалі што сказаць. Ліза бездапаможна глядзела на маці. Тады маці, неспадзявана і для сябе самой, сказала:

— Ды вось падкінулі нам пад дзверы дзіця.

— Як гэта так падкінулі? — перапытаў бацька.

— Ды так, падкінулі — і ўсё.

— Навошта яно нам? — разгублена прамовіў бацька.

Маці нават засмяялася:

— Не спыталі нас і падкінулі.

— Што ж мы з ім будзем рабіць? — усё тым жа збянтэжаным тонам казаў бацька.

— Вось мы цябе і чакалі, каб абмеркаваць разам, — проста адказала маці.

І бацька замест таго, каб папракаць і вінаваціць іх, вымушаны быў разам абмяркоўваць, што ім усім рабіць.

Жонцы не цяжка было даказаць яму, што нічога іншага не застаецца, як ім самім гадаваць гэтае дзіця.

— Несці няма куды, а выкідаць не будзеш.

— Я, татачка, буду яму за маці, — дадала Ліза. — Я пастараюся, каб ён табе не перашкаджаў.

Бацька ўсміхнуўся і махнуў рукой:

— Ну, якая з цябе маці? Цябе саму яшчэ трэба даглядаць.

Меў голас у гэтай нарадзе і сам герой дня. Ён крычаў мацней за ўсіх. Часам хапаўся за хлебную соску, а потым зноў крычаў.

— Хутчэй бяжы па соску, — сказала маці Лізе; тая хутка сабралася і выйшла.

— А я атрымаў работу на станцыі пры складзе, — панура сказаў баць­ка. — Прыйшоў дадому, а тут новая бяда. Каб быў другі час, я нічога не сказаў бы, а цяпер...

Жонка пачала супакойваць яго:

— А гэта ўжо будзе наш клопат. Пацярпець прыйдзецца якіх месяцаў пяць-шэсць, а потым, можа, і сам будзеш рады.

— Ды што я? — усклікнуў муж. — Цябе я шкадую. На цябе ляжа ўвесь гэты цяжар.

— Нічога, наша жаночая справа ўжо такая! — дабрадушна сказала яна. — Ды іншага мы і зрабіць не можам, значыцца, не варта аб гэтым і думаць.

— Як не думаць? — не сціхаў бацька. — У такі час нават для родных бацькоў дзіця не шчасце, а тут... Глядзі, як заходзіцца, — спыніўся ён ад новага крыку дзіцяці.

Соска звалілася на падлогу. Стары, крэкчучы, падняў яе, пакруціў у руках і сказаў:

— Абмыць цяпер трэба.

— Дай спаласну, — сказала жонка.

— Дзе табе з адной рукой? Я сам. Ёсць згатаваная вада?

— У чайніку.

Ён спаласнуў соску і вярнуўся да дзіцяці. Яно схапіла яе і сцішылася.

— Пэўна яўрэйскае, — заўважыў бацька.

— Цяпер яно проста савецкае, — адказала маці.

— Колькі гіне цяпер такіх дзяцей! — уздыхнуў бацька. — Ды не толькі дзяцей... Я часам адчуваю сябе нібы вінаватым, што з нашай сям’і нікога на вайне няма.

Жонка ўбачыла, што надыходзіць момант, калі можна зрабіць наступны крок — раскрыць мужу ўсё. Яна зусім не збіралася падманьваць свайго друга і хаваць ад яго праўду.

— А калі мы не ваюем, — сказала яна, — то можам зрабіць карысць іншым спосабам: выратуем і выгадуем чалавека на змену загінуўшым.

Муж ціха засмяяўся і, паклаўшы руку на плячо жонкі, сказаў:

— А я і не ведаў, што ты ў мяне такая палітычна свядомая.

— А-м, якая тут палітыка! — адказала яна. — Проста чалавечае сумленне.

...Ліза тым часам прыбегла ў аптэку. Але сосак там не было. Яна ледзь не

заплакала ад гора. Тады нейкая жанчына сказала, што можна купіць на рынку. Ліза пабегла на рынак і натрапіла там на нямецкага салдата, які прадаваў цэлы грос (144) сосак. Але адну ці дзве нізавошта не хацей прадаць. На шчасце, знайшлася жанчына, якая купіла ўсю каробку і тут жа прадала Лізе некалькі сосак па цане ў два разы большай.

Запыхаўшыся, прыбегла Ліза дадому і, калі ўвайшла ў хату, то здзівілася не менш, як перад тым здзівіўся бацька: маткі дома не было, а дзіця гушкаў на руках... сам бацька!

— Чаго вочы вылупіла? — буркнуў бацька. — Праз цябе ж усё гэта.

— Татачка, ты ведаеш усё? — са страхам спытала Ліза.

— Ды ведаю ўжо.

— І не злуеш?

— Каб мог бы злосцю паправіць бяду, то, пэўна, злаваў бы, — бурчаў бацька. — На, бяры сваё дзіця!

— Татачка, любы! — кінулася яму на шыю Ліза і пачала цалаваць, як тады маці.

— Ну, добра, добра, — бурчаў бацька. — Глядзі толькі, каб болей дзяцей не насіла, а то цяпер так многа сірот.

Увайшла маці і прынесла шклянку малака, якое яна пазычыла ў суседзяў. Пачалі раскладаць агонь, каб згатаваць гэтае малако; затым трэба было знайсці і падрыхтаваць бутэльку. Не менш важна было памыць дзіця. Бацька палез на гарышча даставаць начоўку, потым пайшоў па ваду. Ліза ўсяляк супакойвала дзіця, якое крычала на ўсю кватэру. Уся сям’я была загружана работай.

Ліза адчувала сябе вінаватай за ўвесь гэты хатні пераварот і, як магла, старалася памагчы, але ўсё неўпапад. Калі раздзела дзіця класці ў ваду, маці сказала, што трэба класці не голым, а загорнутым у пялёнку. Калі апусціла руку ў ваду паглядзець, ці не гарачая яна або халодная, маці сказала, што трэба спрабаваць не рукой, а локцем. А якой складанай справай аказалася само мыццё.

Калі Ліза стала спавіваць дзіця, то выявілася, што гэта таксама цэлая навука: трэба не проста загортваць, а спачатку абкручваць паасобку кожную ножку. Калі памкнулася наліваць малако ў бутэльку, маці ўскрыкнула:

— Што ты робіш? Хіба можна такому дзіцяці даваць цэльнае малако? Трэба дадаць палову засалоджанай вады.

І так на кожным кроку. А Ліза думала, што яна возьме сабе дзіця і будзе гадаваць, як коціка. Апрача таго, маці яшчэ вельмі непакоілася, як пройдзе гэты несвоечасовы пераход ад грудзей да штучнага кармлення, ды наогул, як удасца ўберагчыся ад розных дзіцячых хвароб. Адным словам, радасці нешта не відаць.

Памытае і накормленае дзіця, нарэшце, заснула з пустой соскай у роце. Бацькі глядзелі на яго спачувальна, але кожны з іх думаў, што ўсё ж такі лепей было б без яго.

Ліза такой думкі, вядома, дапусціць не магла. Яна толькі больш сур’ёзна стала глядзець на гэтую справу. Яна зразумела, што тут не гульня ў лялькі, а цяжкі і адказны абавязак. Як відаць, ніякага такога асаблівага шчасця і радасці ад дзіцяці няма. Мусіць, таму, што яно чужое. Але яна яго шкадуе не менш, як маці, і будзе даглядаць з такой жа ахвотай, як маці. І калі падумала, якую высокародную справу будзе рабіць, успомніла Рэню — тады адчула вялікае маральнае задавальненне. Дзеля гэтага варта жыць!

Калі клаліся спаць, маці хацела пакласці дзіця каля сябе, каб ноччу даглядаць яго, але Ліза не згадзілася.

— Я сама павінна з ім быць, — рашуча сказала яна.

— Ды ты і без таго змарылася за гэты дзень, — сказала маці. — Як жа табе ноччу мучыцца?

— Ты, мамачка, яшчэ больш змарылася, — адказала Ліза. — Я не маю права цябе мучыць.

— Паглядзім, як ты справішся, — прамовіла маці, ківаючы галавой.

Прачнулася Ліза досыць позна. Дзіця спакойна спала побач з ёю. Ліза

ціхенька апранулася і выйшла ў другі пакой. Маці рыхтавала бацьку снеданне.

— Мамачка! — радасна ўсклікнула Ліза. — Ён мяне ні разу не турбаваў. Як учора паклалі, так і спіць.

Маці з бацькам пераглянуліся і ўсміхнуліся.

— Затое нас ён турбаваў усю ноч, — сказаў бацька.

Ліза зачырванелася і кінулася матцы на грудзі.


ІІІ


Ліза з дзіцём на руках ішла па вуліцы ўздоўж дротавай агароджы. Яшчэ здалёк убачыла яна постаць Рэні. Здавалася, яна так, не зварухнуўшыся, і стаіць тут з таго часу, як пакінула яе Ліза...

Раптам маці затрапяталася і кінулася наперад. Вартавы здзіўлена паглядзеў на яе і нават азірнуўся ў той бок, куды памкнулася гэтая жанчына. Рэня заўважыла гэта і прымусіла сябе стрымацца. Яна спынілася і з абыякавым выглядам стала пазіраць навакол, нібы нічога яе не цікавіць.

Ліза раскрыла твар дзіцяці, павярнула яго да агароджы і як мага цішэй пайшла міма Рэні. Дзіця спала. Маці ўпілася вачыма ў твар сына і таксама паволі пайшла следам. Прайшлі каля вартавога. Той бачыў, што па вуліцы ідзе маці з дзіцём на руках, а за дротам, як непрытомная, пасоўваецца жанчына, — але злучыць гэтыя дзве з’явы яму ніяк не магло прыйсці ў галаву.

Так дайшлі да месца, дзе жанчына за агароджай не магла прайсці далей. Тады Ліза, нібы шпацыруючы, завярнулася назад. Павярнула назад і жанчына за дротам. Болей хадзіць было небяспечна — і Ліза пайшла дадому.

Калі Ліза расказала дома пра гэтае «спатканне», маці пачала хусцінкай церці сабе вочы, а бацька забарабаніў пальцамі па стале і стаў глядзець у вакно.

Пасля таго Лізе здалося, што бацькі сталі нібы цяплей глядзець на яе.

І сама Ліза адчула, што дзіця паступова пачынае цікавіць яе ўжо незалежна ад таго, што яна абавязана цікавіцца ім. Тварык яго ўжо не здаваўся ёй старэчым, а нос быў зусім прыгожым — роўны, правільны. Асабліва падабаліся вочы — вялікія, чорныя, глыбокія. Шкада толькі, што гэтыя вочы яшчэ не смяяліся. Спачатку хлопчык палохаўся незнаёмых яму людзей. Потым да людзей прывык, але сумаваў па матчыных грудзях. Ён увесь час адчуваў, што яму чагосьці не хапае. Ды і перамена ежы давала свае вынікі. Ліза гатова была думаць, што ён і заўсёды будзе так моршчыцца ды кгыкаць.

Праз дзень у хату сунулася Варапаіха, дужая жанчына гадоў пяцідзесяці. Яна была гаспадыняй гэтага дома і дамагалася, каб кватаранты павялічылі ёй плату, «бо цяпер ужо другія законы». Але пакуль што насядаць не адважвалася і напамінала «далікатна».

У хаце былі маці і Ліза. Дзіця спала. Маці чакала, што Варапаіха пачне гутарку пра плату, але гаспадыні рупіла зусім другое:

— Добры дзень, — сказала яна лагодна.

— Добры дзень, — адказала маці. — Сядайце, калі ласка.

— Дзякуй. Я так, на хвілінку, — загаварыла яна, зыркаючы вачыма па хаце. — Я чую, у вас новы кватарант з’явіўся. Ды, відаць, гарласты, дай Божачка яму здароўя. Мусіць, хлопчык?

— Хлопчык, — нехаця адказала маці.

— Адкуль Бог паслаў? — салодка спытала госця.

— Ды з неба скінуў, — адказала маці, не ведаючы яшчэ што сказаць.

— Мусіць, радня якая?

— Няўжо ж з чужым будзем важдацца? — сказала маці, шкадуючы, што не паспелі загадзя падрыхтаваць тлумачэнне, і ўзялася за вядро, каб ісці па ваду. З ёю вымушана была выходзіць і Варапаіха.

— Часова, ці назаўсёды? — спытала яна на парозе.

— Мусіць, назаўсёды, — адказала маці, зачыняючы дзверы.

— Ой, і будзе вам клопату на старасці, Мартынаўна! — спачувальна ска­зала Варапаіха ў сенцах.

— Нічога не зробіш, — сказала маці, адчыняючы дзверы ў сенцах. — Калі трэба, то трэба.

— А што, ні бацькі, ні маці няма? — спытала Варапаіха на ганку.

— Няма, — адказала маці і пайшла па ваду.

Варапаіха пастаяла крыху і пайшла да сябе, глыбока задумаўшыся.

Вярнуўшыся ў хату, маці зараз жа пачала з Лізай складаць гісторыю дзіцяці. Хлопчык — сын малодшай мамінай сястры, што жыве ў Бягомльскім раёне. Бацька пайшоў на вайну, маці забіта бомбай.

— А як ён сюды трапіў? — спытала Ліза.

— Ну... ну, знаёмы чалавек прывёз.

— Хто?

— Ды хто так падрабязна будзе распытваць? Сцяпан ці Раман — усё роўна.

— А як прозвішча бацькоў?

— Тут і выдумляць не трэба, — адказала маці. — У Бягомльскім раёне, у вёсцы Мохавічы, сапраўды жыве мая сястра Малання, а прозвішча іх — Губарэвічы.

— А калі яна не забітая?

— А ну цябе! — раззлавалася маці. — Няўжо ты думаеш, што Варапаіха пойдзе туды пытацца?

— Можа і не Варапаіха... — задумліва сказала Ліза.

— Калі дойдзе да такога следства, ніякая гісторыя не дапаможа, — стро­гасказала маці. — Але каму гэта будзе рупіць? Ці да таго цяпер хоць бы і немцам? Важна, каб мы тут гаварылі аднолькава.

На гэтым пакуль што і парашылі.

Зноў Ліза пайшла на спатканне. І на гэты раз Рэня стаяла на сваім месцы. Але вартавы быў досыць далёка, і Ліза магла падысці да агароджы. Маці ўся засвяцілася, працягнула рукі і загаварыла, не чакаючы адказу:

— Пакажы, пакажы! Ці здаровы ён?.. Вельмі плакаў?.. Ці есць ён?.. Як спіць?.. Бліжэй, бліжэй!..

Ліза, азіраючыся па баках, падсунула хлопчыка бліжэй. Маці ў палкім імкненні пачала праціскацца праз дрот, каб пацалаваць яго. Калючка зачапіла за валасы, за лоб... Ліза спалохалася:

— Асцярожна — убачаць!..

Але маці цяпер нічога не чула, не бачыла, не разумела. Дзіця расплюшчыла вочы, паглядзела на маці, крыкнула — і тарганулася усім сваім звязаным целам наперад...

Ліза ўся дрыжала, з жахам азіралася і ўсё мармытала: «Асцярожней — уба­чаць!» Потым згледзела, што вартавы ідзе ў гэты бок, крыкнула: «Ідзе!» — і рэзка адсунулася ад плота. (Перад гэтым яна кінула праз плот пакунак з хле­бам, салам і некалькімі варанымі бульбінамі).

Дзіця плакала на ўсю вуліцу. Ліза бегла прэч, не азіраючыся, дрыжучы ад хвалявання. Ёй усё здавалася, што за ёй гоніцца вартавы.

На Палявой вуліцы ёй трэба было пераходзіць праз адно гіблае месца, якое псавала жыццё ўсім жыхарам гэтай вуліцы. Гразкае балота перасякала яе на ўсю шырыню. Прайсці можна было толькі чапляючыся за плот ды пераскокваючы па каменьчыках. А ў Лізы дзіця на руках. Ідучы з дому, яна досыць папакутвала тут, а цяпер зноў трэба было рабіць тое самае. Яна спынілася і пачала рыхтавацца да пераправы. Раптам ззаду пачуўся мужчынскі голас:

— Дазвольце, я вам памагу.

І тут жа нехта ўзяў яе пад руку і, ступаючы ботамі па балоту, перавёў на другі бок.

Ліза павярнулася, каб падзякаваць яго, але язык не паслухаўся: перад ёю стаяў той самы паліцай, якога яна тады пакінула з Маняй.

— Чаго дзівіцеся? — са смехам сказаў ён. — Мы ж з вамі суседзі.

— Я вас не ведаю, — сказала Ліза і пайшла далей.

Паліцай ішоў побач з ёю і працягваў:

— А я вас ведаў, калі вы былі яшчэ малой дзяўчынкай. Ведаю, што вы жывеце вунь у тым доме.

У Лізы сціснулася сэрца. Яна не ведала, што ёй казаць.

— І вы мяне сустракалі, — казаў далей паліцай. — А цяпер у вас ужо дзіця. А муж у вас добры? Вы варты добрага мужа.

Лізе здавалася, што яны ніколі не дойдуць да яе хаты.

— Чаго ж вы маўчыце? — гучаў лагодны голас паліцая. — Хіба муж вам не дазваляе і слова сказаць з чужым мужчынам? Але, я думаю, яго цяпер няма, ён павінен быць на фронце. Так? Я ўгадаў?

Нарэшце наблізіўся яе дом.

— Выбачайце, я вас не ведаю, — паўтарыла Ліза і ўвайшла ў двор.

— А цяпер, спадзяюся, будзеце ведаць, — сказаў ён услед. — Усяго вам добрага!

Ліза прыбегла ў хату ўсхваляваная, устрывожаная. Яна расказала матцы пра сустрэчу з паліцаем і спытала, ці не ведае яна, хто ён.

— Гэта, мусіць, сын Кандрата Шацілы, што жыве за некалькі дамоў ад нас, — сказала маці. — Ён сапраўды павінен цябе ведаць. Некалькі гадоў назад ён за нешта трапіў у турму, а цяпер неяк вярнуўся.

— Можа, ён прычэпіцца?

Маці ўсміхнулася і сказала:

— У добрых злодзеяў ёсць такі закон, каб сваіх суседзяў не чапаць. Можа, і не будзе чапляцца да сваіх. А калі што якое, то мы ж з табой дамовіліся, што казаць. А пакуль што няхай сабе лічыць цябе замужняй.

Ліза супакоілася. Больш за ўсё яна баялася, ці не заўважыў ён тады, як яна брала дзіця. А цяпер, відаць ужо, што не заўважыў. Але ўсё ж такі гэтыя падарожжы такія цяжкія, такія рызыкоўныя. Трэба будзе папярэдзіць Рэню, каб яна не чакала часта.

Праз два дні надыходзіла Кастрычніцкае свята, самае вялікае свята савецкіх людзей. Колькі светлых успамінаў усплыло перад Лізай! Як лёгка тады было дыхаць! Усе людзі былі свае, блізкія; увесь горад быў нібы адна сям’я. Нават дамы здаваліся вясёлымі, а цьмянае надвор’е — яркім сонечным днём. А цяпер... Куды ўсё гэта падзелася?

Горад нібы мёртвы. Кожны сядзіць і дрыжыць у сваёй хаце, і чакае, чакае... Жывуць толькі чуткамі. А чуткі такія няпэўныя, такія супярэчлівыя: «Немцы занялі Маскву... Нашы ўзялі Гомель... Немцы забралі ў палон сто тысяч рускіх... Савецкія войскі разбілі нямецкую танкавую армію...» Дзе праўда?

І кожны верыў у тое, у што яму хацелася верыць. Шацілам вельмі не хацелася, каб вярнуліся бальшавікі — і яны ўпэўнілі сябе, што бальшавікі не вернуцца. Простыя людзі, што жылі вакол Лізы, нічога пэўнага не ведалі, але яны і думкі не маглі дапусціць, што нямецкія фашысты могуць тут абсталявацца назаўсёды, што вялікая савецкая дзяржава з імі не справіцца. Ім нават не трэба было ні верыць, ні запэўніваць сябе, як няма патрэбы чалавеку верыць і запэўніваць сябе, што пасля зімы будзе лета.

Ведала яшчэ Ліза, што ёсць недзе навакол людзі, якія не сядзяць, склаўшы рукі, а змагаюцца ўсякімі спосабамі, што ў падполлі ёсць партыйная арганізацыя, якая ўзначальвае гэтую барацьбу. Якія смелыя, якія мужныя гэтыя людзі! Ліза не магла б быць такой. На такую справу ідуць толькі самыя найлепшыя людзі, а яна — самая звычайная. Можа, яшчэ каб ведала каго, то памагла, як умела, а так — што яна можа зрабіць?

Ліза рашыла прапусціць два дні і пайсці да Рэні сёмага. Хай для яе гэты дзень будзе сапраўдным святам. Можа, да гэтага часу і дзіця будзе сябе лепт адчуваць, а то ўсё крывіцца ды плача. Ды і трэба дома больш памагчы матцы, а то яна, шкадуючы Лізу, усё сама ды сама робіць. З таго часу, як прыйшло ў дом дзіця, яны абедзве з маткай не маюць ніводнай вольнай хвіліны. А ночы якія пакутныя! Часам Лізе нават дзіўным здавалася, што ўсяго некалькі дзён назад яна была маладой бесклапотнай дзяўчынкай.

А тым часам да дзіцяці Ліза прывыкала ўсё больш і больш. Яна выконвала свой абавязак не толькі таму, што трэба было, але і ёй самой хацелася гэта рабіць. Яна не толькі шкадавала і любіла яго, як дзіця, але і цешылася з яго, ён даўно здаваўся ёй лепшым за другіх. Яна адчувала да яго пяшчоту не толькі таму, што ён сын Рэні, але і таму, што ён проста ёсць.

Два дні прайшлі вельмі хутка. Нікуды яна за гэты час не выходзіла, нікога не бачыла. Дзіцяці палепшала, яно зрабілася спакайнейшым. Ліза радавалася, што будзе чым пахваліцца перад Рэняй. Наогул, каб не было гэтай неадчэпнай, страшнай думкі пра Рэню, Ліза адчувала б сябе нядрэнна.

Узяўшы соннае дзіця, яна выйшла на вуліцу. Надвор’е было яснае, але навакол пуста, як заўсёды. Калі трапляліся людзі, то яны неяк спалохана беглі і хаваліся.

«Вось якое свята!» — з прыкрасцю падумала Ліза.

Яна выйшла на Маскоўскую вуліцу — і ледзь не выпусціла з рук дзіця: на слупах, уздоўж вуліцы, хісталіся павешаныя! Адзін, другі, многа...

Ліза пасунулася назад і спынілася. Ісці далей, ці не?.. Па вуліцы праходзілі нямецкія салдаты, праязджалі афіцэры. Яны смяяліся, весела падміргваючы рэдкім прахожым, нібы кажучы: «Палюбуйцеся!» Але нікога не чапалі.

Дык вось хто... святкуе наш Кастрычнік!..

Ліза ўспомніла Рэню і сцяўшы зубы, пайшла далей. Праз некалькі крокаў яна ўбачыла ля тратуара забітага чырвонаармейца, затым на пэўнай адлегласці другога, трэцяга. І па другім баку вуліцы было тое самае.

Праклятыя вылюдкі! Яны захацелі паздзекавацца не толькі над целам мёртвых, але і над душамі жывых!..

Ліза бегла, не гледзячы па баках. Насустрач ёй, стуліўшыся, прабеглі яшчэ некалькі жанчын. Мужчын не было відаць.

Ліза прайшла пад мостам на Савецкую вуліцу. Уздоўж яе на далёкай адлегласці відаць было такое самае «афармленне»...

Павярнуўшы ўлева, Ліза пайшла па вуліцы Мяснікова. Ліза ішла скамянелая, сціснуўшы губы. Слёз на вачах не было, нават жаху не адчувалася, а толькі нешта гарачае, сухое пякло ў сярэдзіне. Гэта былі гнеў і нянавісць. З вялікім хваляваннем выйшла Ліза на тую вуліцу, дзе было гета. Яна зараз жа ўбачыла Рэню, а Рэня іх. Але адначасова Ліза ўбачыла, як з другога канца вуліцы паўзе нібы змяя. Адзін за адным ішлі паліцаі і немцы і станавіліся ля агароджы. Калі Ліза падышла да таго месца, дзе была Рэня, ланцуг ужо стаяў паміж іх. Потым ланцуг завярнуў у сярэдзіну і разрэзаў участак на дзве часткі. Затым тыя самыя постаці замільгалі ззаду, за дамамі. Квартал быў акружаны. Адначасова пад’ехала некалькі крытых грузавікоў.

Людзі, што былі на дварэ, з крыкам і плачам кінуліся ў дамы і зачыніліся. За імі пабеглі салдаты. Затрашчалі дзверы, вокны. Але трэск і грукат былі заглушаны страшнымі крыкамі вязняў, у якіх ужо нельга было распазнаць паасобных чалавечых галасоў — гэта быў адзін суцэльны стогн. Стагналі ўсе дамы разам, стагнала зямля пад імі. Усё жывое навакол сціхла, стаілася; над усім горадам панаваў гэты адзіны жудасны крык.

І пад гэты крык салдаты пачалі выцягваць з дамоў людзей і кідаць іх у машыны. Часта чуліся стрэлы — і тады ў машыны валаклі забітага. Адзін мужчына вырваўся з рук, з незвычайнай спрытнасцю схапіў камень і ўляпіў яго ў твар салдата. А калі ён, працяты кулямі, паваліўся на зямлю, то на твары яго быў не страх смерці, а задавальненне, як у чалавека, выканаўшага свой абавязак. У другім месцы маладая жанчына ўпілася ў твар салдата пальцамі; калі яе, праколатую, адарвалі, то ў пальцах яе засталося вока немца...

Гружаныя машыны ад’язджалі адна за адной і вельмі хутка вярталіся пустымі, магілы, куды адвозілі людзей былі вельмі блізка. Адтуль чулася кулямётная стральба...

Побач, за той-жа самай агароджай, быў такі самы квартал, з такімі самымі жыхарамі, але там было ціха: «па плану» яны былі аднесены ў другую чаргу...

Немцы, відаць, ганарыліся «сваёй работай», бо не хавалі яе ад людскога вока. Рабілі сярод белага дня і не перашкаджалі насельніцтву глядзець, калі хто хоча. Але такіх ахвотнікаў бадай што не было.

Ліза ў першы момант кінулася на другі бок вуліцы і схавалася за варотамі. Але зараз-жа падумала, што ў такую хвіліну не павінна хаваць ад Рэні дзіця, ды і сама не магла адвярнуцца ад сваёй сяброўкі. Ліза асцярожна высунулася з-за варотаў.

Рэня нерухома стаяла на тым жа месцы ля агароджы, з тугой гледзячы на вароты, дзе схавалася Ліза. Бедная маці быццам не заўважала таго, што дзеялася вакол яе. Убачыўшы зноў Лізу, яна пасвятлела і паднялася на цыпкі, каб апошні раз убачыць свайго сына.

А той прачнуўся ў самым добрым настроі. Працяглы шум і грукат недзе зводдаль быў зусім не чутны для яго вушэй, захутаных у хустачку, цёплую шапачку ды яшчэ ў коўдру. А тое, што там мітусілася многа людзей, было нават цікава.

І маці ўбачыла яго вясёлы тварык. І ўсміхнулася яму. А ў гэты момант адзін паліцай спакойна выпусціў у яе дзве кулі...

Паліцай гэты быў — Сымон Шаціла.

Кажуць, што ў чалавека ў момант яго смерці так і застаецца ў зрэнках адбітак таго, што ён бачыў у апошнюю хвіліну. У такім разе Рэня пайшла ў магілу з адбіткам вясёлага тварыка свайго сына.

Застагнала Ліза і прыціснула да сябе дзіця. Хлопчык паглядзеў на яе і ... засмяяўся! Чаму ж яму не смяяцца, калі ён адчуваў сябе здаровым, паветра такое свежае, а тут яшчэ так пацешна тарахцяць і мітусяцца.

«Ты сапраўды шчаслівы, мой хлопчык, — прашаптала Ліза, — бо не веда­еш і не будзеш ведаць, што бачыў».

З вачэй яе цяклі ціхія слёзы...


IV


Ля студні сышліся тры жанчыны.

Варапаіха з таямнічым выглядам казала:

— Чую крык малога дзіцяці і думаю: адкуль? Здаецца, ніхто да іх не прыходзіў, не прыязджаў. Не сцярпела, заходжу: сапраўды спіць дзіцянё, а апрача іх — нікога. І выгляд у іх такі, нібы ім вельмі непрыемна, што я сунулася. Лагодненька пытаюся — адкуль? — «Бог з неба скінуў», — кажуць. — «Радня якая?» — «Вядома, радня». — «Бацькоў няма?» — «Няма». І больш нічога не хочуць казаць. А радня ў іх недзе ў Бягомлі. І ніхто носу да іх за гэты час не паказваў.

— Можа, падкінутае? — сказала другая жанчына.

— Чаго ж тады хавацца ды туляцца ад людзей? — адказала Варапаіха.

— І я так думаю, — задуменна сказала трэцяя жанчына. — Тут нешта такое ёсць.

— А можа, яўрэйскае дзіця ўзялі? — прамовіла другая жанчына.

— І гэта можа быць, — сказала Варапаіха. — Але на што яно ім на старасць? І так жыць цяжка. Ды і не чула я ні пра якіх такіх прыяцеляў.

— А можа... дачка сваё дзіця прывяла? — хітра сказала трэцяя жанчына. — Ты нічога не заўважыла?

— Неяк не звяртала ўвагі, — адказала Варапаіха, — не думалася пра гэта.

— Такая маладзенькая, — уздыхнула другая жанчына.

— Усяк бывае на свеце, — уздыхнула і трэцяя жанчына. — Але грэх казаць, нічога не ведаючы.

— Вядома, вядома, — падхапіла Варапаіха. — І я так не думаю. Я кажу толькі, што ўся гэтая справа нейкая таемная. Але нам што — хай сабе людзі жывуць, як могуць.

— Не наша гэта справа, — падтрымала трэцяя жанчына. — Чыё і якое дзіця ні было б, а людзі ўзялі на сябе такі клопат. Хваліць за гэта іх трэба.

Пасля таго страшнага дня Ліза нібы пастарэла на некалькі гадоў. «Святкаванне» немцаў апаліла яе душу навекі. Яна сваімі вачыма ўбачыла не толькі тое, што ведала і чула да гэтага часу пра фашыстаў, але і такое, чаго яшчэ ніхто і ўявіць сабе не мог. Нямецкія фашысты здаваліся ёй ужо не народам ваюючай дзяржавы, а істотамі зусім другой, нечалавечай пароды, пра якіх нават нельга гаварыць, што яны дрэнныя, як смешна было б казаць, што ў нашых лясах жывуць дрэнныя ваўкі.

І яшчэ ўбачыла Ліза сваімі ўласнымі вачамі, што такія самыя ваўкі могуць быць і сярод нашых людзей, нашых суседзяў. А якім чынам яны маглі зрабіцца такімі — дзяўчына зразумець не магла.

Апрача таго, Ліза са здзіўленнем адчула, што смерць Рэні не зрабіла на яе такога ўражання, якога яна чакала і баялася. Пры такім маштабе смерць гэтая нібы патанула ў тысячах іншых смярцей. Калі Ліза думала пра сваю сяброўку, то не магла адчуваць нейкага гора ці жалю да яе асобна, не магла шкадаваць яе неяк іначай, бо зараз жа перад ёй паўставалі і тысячы тых людзей, што гінулі на яе вачах, і забітыя воіны ўздоўж вуліцы, і павешаныя патрыёты. Ці значыла гэта, што яна недастаткова шкадавала сваю сяброўку? Не. Гэта толькі значыла, што яна і ўсіх шкадавала гэтаксама, як Рэню. І калі Лізе здавалася, што яна не так востра перажывае смерць Рэні, то яна не ведала, што вастрыня застаецца такая самая ды толькі зліваецца з агульным вялікім горам. Так укол адной іголкі адчуваецца вастрэй, чым укол пучка іголак.

Ад гэтага самага дня Ліза стала і сапраўднай маткаю дзіцяці. І не таму толькі, што ў гэты дзень загінула яго родная маці. З тае хвіліны, калі дзіця ўпершыню ўсміхнулася ёй, Лізе, як сваёй, блізкай, паміж імі ўсталяваліся зусім новыя адносіны. Да гэтага часу Ліза і шкадавала, і любіла, і клапацілася аб дзіцяці зусім шчыра, але ў аснове гэтага было пачуццё абавязку. І для сваёй сяброўкі, і для дзіцяці, і для свайго сумлення Ліза павінна была так рабіць. І яна адчувала вялікае задавальненне, як кожны чалавек, які робіць высакародную справу. А цяпер яна адчула вялікае шчасце незалежна ад гэтага, адчула, што дзіця дорага і блізка ёй само па сабе, што яе захапляе кожны рух яго, што яна думае толькі аб ім і што болей нічога яе не цікавіць.

Так бывае з родным бацькам, які ў процілегласць матцы, у першыя дні адчувае толькі задавальненне (і то не заўсёды!), ведаючы, што гэта яго роднае дзіця, а сапраўдная бацькоўская любоў прыходзіць да яго толькі пасля таго, як ён «пазнаёміцца з ім асабіста».

Дні за днямі праходзілі ў хатніх клопатах. Хлопчык зусім паправіўся, зрабіўся жыццярадасным і цешыў не толькі Лізу і «бабулю», але і самога «дзеда». Усё было добра, калі ў хаце было добра. А калі бывала цяжка, калі на хлеб не хапала, то Ліза адразу адчувала сябе вінаватай. Кожнае слова аб іх становішчы здавалася ёй тады папрокам. Хоць бацькі яе не папракалі, але Ліза сваім, ужо матчыным сэрцам, адчувала, што часам яны гэта думаюць. Яна з усіх сіл старалася палегчыць працу матцы, ночы ўжо сама не спала. Тады бацькі былі незадаволены, што яна сама марнее. І гэта таксама было папрокам.

Зноў зайшла Варапаіха, каб паглядзець на дзіця. Хавацца далей было ўжо нельга. Ёй расказалі пра сястру з Бягомльскага раёна.

— Які цудоўны хлопчык! — усклікнула Варапаіха, разглядаючы дзіця з такой прагнай цікавасцю, што Лізе зрабілася няёмка. — А які чорненькі і далікатны, нават на сялянскага хлопчыка не падобны.

У Лізы сціснулася сэрца. На дапамогу прыйшла маці:

— Паглядзела б ты на яго бацьку, — сказала яна.— У нас на вёсцы нават празвалі яго «цыганом».

— Так, так, — казала Варапаіха спачувальна. — Шчасце яго, што ён трапіў да вас. А як яго завуць?

— Фелікс, — адказала Ліза. — Гэта імя акурат і азначае «шчаслівы».

— Фелікс, — задумліва паўтарыла Варапаіха. — Першы раз чую такое імя, Фелікс. Розныя імёны бываюць на свеце. А як ён да вас трапіў?

— Чалавек знаёмы прывёз, — адказала маці.

— Глядзі ты, — уздыхнула Варапаіха. — Так далёка і такое малое. Відаць, добры ён чалавек.

— Наш лепшы друг, — пацвердзіла маці.

Калі Варапаіха выйшла, маці і дачка некалькі мінут маўчалі, думаючы адно і тое. Нарэшце маці прамовіла:

— Ой, дачушка! Каб не было нам бяды ад усяго гэтага.

Ліза зноў адчула сябе вінаватай.

— Мамачка! — усклікнула яна. — Калі што якое, я сама ўсё вынесу.

— Што з таго? — уздыхнула маці. — Нам ад гэтага не будзе лягчэй.

Убачыўшы, што Ліза вельмі засмуцілася, яна ўсміхнулася і дадала:

— Але нічога — як-небудзь выгадуем.

Аднаго разу бацька, прыйшоўшы з працы, сказаў:

— Ну, маці, я для цябе службу знайшоў.

— Якую? — здзівілася маці.

— Будзеш у нас прыбіральшчыцай. Сама ведаеш, як цяжка нам чатыром пражыць на мае заробкі.

Лізу як нажом разанула слова «чатыром». Бацька казаў далей:

— А самае галоўнае — забіраюць тых, хто ў іх не працуе. А ў нас аж двое такіх. Вось я і дамовіўся ў нашай канцылярыі, каб узялі за прыбіральшчыцу маю жонку, а дома ў нас застануцца двое дзяцей — дачка, вучаніца, і маленькі сынок.

Бацька хітра падміргнуў жонцы, задаволены, што так лоўка прыдумаў.

— Ты што, гэта, стары, надумаўся? — нават зачырванелася маці, — нам жа з табой столькі гадоў.

— А хто там будзе лічыць твае гады? — сказаў бацька. — Хіба не бываюць дзеці ў саракапяцігадовых жанчын?

— Ды мяне там засмяюць, — саромелася маці. — Старая, ды з такім малым.

— А ты падчапурыся, падцягніся і сыдзеш за маладуху, — жартаваў бацька.

Лізе адлегла ад сэрца, калі яна ўбачыла, што бацька больш не злуе, а,

наадварот, так шчыра клапоціцца аб яе Феліксу і нават жартуе.

— Можа, лепей было б мне лічыцца за матку, — сказала яна, каб выручыць маці.

— Што ты, што ты! — замахала рукамі маці. — Гэткі сорам!

— Які тут сорам? — наіўна адказала Ліза, не зразумеўшы, што падумала маці. — Што ж тут ганебнага, калі муж, скажам, пайшоў на вайну, а маладая жанчына засталася з дзіцём?

— Хіба так, — прамармытала маці. — Але ж мы ўжо ўсім сказалі, што дзіця чужое.

— Гэта нічога, — адказаў бацька. — Ніхто з канцылярыі не будзе распытваць тут пра дзіця. І ніхто з суседзяў не пойдзе туды правяраць, як мы сказалі. А калі сказаць, што дома замужняя дачка, то могуць зацікавіцца, а хто муж, а дзе ён, могуць яшчэ прыйсці распытваць у суседзяў, ды і наогул, замужняя дачка — гэта самастойны чалавек.

— Калі так выйдзе, як ты гаворыш, то можа будзе нам усім спакайней, — разважліва сказала маці. — Толькі як тады будзе Лізе адной?

— Нічога, нічога! — горача перапыніла Ліза. — Мне будзе лягчэй, калі я буду ведаць, што мы нікому не замінаем.

Яна і сама не заўважыла, як вырвалася ў яе гэтае «мы». Бацькі зірнулі адзін на аднаго, і ў абаіх, відаць, мільганула адна і тая самая думка: дачка з дзіцем ужо «мы», а бацькі, значыцца, — «вы». Адчула гэта і сама Ліза, але ніхто нічога не сказаў.

Для Лізы пачалося новае, чыста жаночае жыццё: дзіця, пялёнкі, хатнія справы. Гледзячы на яе, ніхто не падумаў бы, што гэта не жанчына, а ўсяго толькі дзяўчына, вучаніца. Маці не давала ёй мыць пялёнкі, старалася сама ўставаць ноччу. Але Ліза, не вельмі пярэчачы супроць іншай дапамогі, ні ў якім разе не згаджалася турбаваць маці ноччу.

На дзіця бацькі не скардзіліся, Лізу не папракалі і самі ўсё больш і больш прывыкалі да хлопчыка, але часам гаварылі паміж сабой:

— Аддала сваё маладое жыццё гэтаму дзіцяці. Ні дзяўчына, ні маці. А што будзе далей?..

А Ліза нічога такога не думала, не лічыла свае клопаты за пакуту, зусім не думала, што робіць нейкую высакародную справу. Яна жыла сваім дзіцем, як кожная маці, толькі і думала аб тым, каб яму было добра. А калі хлопчык, убачыўшы яе, пачынаў смяяцца, трапятацца ды цягнуцца да яе, як кветка да сонца, тады Ліза адчувала, што большага шчасця ёй і не трэба...


V


На гэта раз сустрэліся не тры жанчыны, а дзве. І стаялі не каля студні, а на вуліцы, ля плота.

Варапаіха казала:

— Гавораць, што дзіця з вёскі, ад сястры, а яно чорнае, як жук, і зусім не падобнае да сялянскіх дзяцей.

— Можа, яўрэйскае, — нібы здагадалася суседка, — ды яны баяцца казаць.

— І я так думаю, — згадзілася Варапаіха, — хоць яны і кажуць, што бацька яго быў цыган.

— Хлопчык, кажаш?

— Хлопчык.

— Дык яго ж пазнаць можна, калі ён яўрэйскі!

— Дзе ты пазнаеш, калі цяпер усе аднолькавыя пайшлі, — сказала Варапаіха.

— А ты ўсё ж такі прыгледзься, — раіла суседка.

— Ды ўжо ж трэба будзе, — сказала Варапаіха. — А дзяўчынка як любіць і даглядае яго! Ну проста, як родная маці.

— Чаму ж так яна? — зацікавілася суседка. — Хіба да яе прывезлі гэтае дзіця?

— Хто іх разбярэ? — паціснула плячыма Варапаіха.

Скажам прама: ні Варапаіха, ні яе суседка і ні другая суседка ніякіх злосных намераў не мелі. Ніхто з іх, каб пэўна ведаў, што дзіця яўрэйскае, і не падумаў бы ісці даносіць немцам. Яны самі пры выпадку схавалі б яго ад немцаў. Але таемнасць гэтай справы не давала ім спакою. Адкуль гэтае дзіця? Чыё? Як яно да іх трапіла? Чаму яны так неахвотна гавораць аб гэтым? Чаму такі шчыры ўдзел прымае дачка? Пакінуць усе гэтыя пытанні нявырашанымі не хапала сілы.

На Палявой вуліцы то ў тым, то ў другім доме заходзіла гутарка пра сям’ю Антона Карнейкі.

Так, напрыклад, у доме № 17 казалі:

— А Ліза Карнейка, кажуць, прывяла ў дом дзіця, невядома ад каго.

У доме № 21:

— Карнейкі ўзялі на выхаванне грудное яўрэйскае дзіця. Самі бедныя, а ўзялі. Добрыя людзі.

У доме № 14:

— Карнейкі на старасці абзавяліся дзіцём, і невядома чыё яно: ці то маткі, ці дачкі.

... Зімовы дзень быў такі ясны, ціхі і цёплы, што дзіўным здавалася, чаму снег не растае. У такі дзень вельмі не хочацца ісці ў хату. Не хацелася ісці і Лізе, хоць ёй і рупіла паглядзець на свайго «сына». Яна ж цэлую гадзіну не бачыла яго.

Яна не спяшаючыся ішла па сваёй Палявой вуліцы, якая пад снегам была такая прывабная, што не верылася, каб яе можна было праклінаць некалькі месяцаў у годзе.

Настрой у Лізы быў такі самы: ясны, ціхі і цёплы, як і надвор’е.

Раптам яна ўбачыла, што насустрач ідзе ён, той самы паліцай, Сымон Шаціла. Увесь яго выгляд сведчыў, што і ў яго настрой быў ясны, ціхі і цёплы.

Задрыжала Ліза, спынілася, пачала азірацца, куды б схавацца. Але схавацца не было куды. Шаціла тым часам, як стары знаёмы, ужо здалёк прывітаў яе:

— Добры дзень, паненачка! Кажу паненачка, бо ведаю ўжо, што вы неза­мужняя. Дазвольце ў такім разе праводзіць вас.

— Не, не, не! — замітусілася Ліза і пасунулуся ўбок, каб абмінуць яго, але ён са смехам загарадзіў ёй дарогу і сказаў:

— Ну чаго вы палохаецеся? Хіба я такі страшны?

— Страшны, страшны! — перарывістым голасам загаварыла Ліза. — У вас кроў на руках.

— Няўжо? — сказаў ён весела і жартаўліва паглядзеў на свае рукі. — Дзе? Адкуль?

— Я сама бачыла, як вы забілі жанчыну, — сказала Ліза.

— А-х, гэта! — бесклапотна прамовіў ён. — А дзе вы цяпер знойдзеце такога мужчыну, які каго-небудзь не забіў? На тое і вайна.

— Тут не вайна, а горш! У тысячу разоў горш! — крыкнула Ліза і зноў пасунулася яму ў абход.

Цяпер ён не затрымліваў яе, а пайшоў побач, хоць яна і спяшалася.

— Ну чаго вы так? — казаў ён ціхамірным голасам. — Каб вы захацелі выслухаць мяне, то ўбачылі, што справа зусім не такая, як вам здаецца. Вы прывыклі думаць так, як вас у школе прывучылі. А цяпер ужо можна паглядзець і з другога боку.

Ліза пусцілася бегчы. Гнацца яму не выпадала, і ён адстаў.

Калі Ліза з вялікім хваляваннем расказала аб гэтым матцы, тая спакойна сказала:

— Пакуль што нічога страшнага не бачу. Ніхто добры мець з ім справы не хоча, вось ён і стараецца з табой пазнаёміцца. Але хто цябе прымусіць весці з ім знаёмства? Можа, болей яго і бачыць не прыйдзецца.

— Я баюся, каб ён у хату да нас не палез, — сказала Ліза.

— Чаго ён палезе, калі яго не просяць? Ды, нарэшце, калі што якое, мы і да яго бацькоў можам звярнуцца — усё ж такі лічымся суседзямі, сваімі людзьмі. Хай ён сабе хуліганіць дзе-небудзь далей ад нас.

Аднаго разу бацька прыйшоў хмуры, як чорная хмара. Кінуў шапку і не здымаючы паліто, сеў каля стала. Маці і дачка са сціснутым сэрцам глядзелі на яго: якую бяду прынёс? Пасядзеўшы хвіліну, ён паглядзеў на іх і сказаў:

— А ці ведаеце вы, што людзі пра нас гавораць?

— Што? — стаіўшы дыханне, спыталіся разам маці і дачка.

— Г авораць, што наша дачка прывяла дзіця, — адчаканіў бацька.

— Ай! — пляснула рукамі маці. — Я так і думала! Як жа нам цяпер вочы людзям паказаць?

А ў Лізы нібы гара з плеч звалілася, і яна весела засмяялася.

— Што ж тут такога? — сказала яна. — Абы не ведалі, чыё яно.

Бацька і маці паглядзелі адзін на аднаго і ўсміхнуліся.

— Ох ты, дзіця яшчэ горкае! — сказала маці. — Ты нават не ведаеш, што гэта значыць. Гэта значыць, што цябе лічаць за сапраўдную маці без мужа.

Ліза пахмурылася крыху, падумала, а потым, крутнуўшы галавой, ска­зала:

— Ну і няхай сабе думаюць! Нічога мне ад гэтага не станецца.

— Не, Ліза, — сказаў бацька, — ад такіх плётак дзяўчына вельмі і вельмі можа пацярпець.

— Ты жывеш і будзеш жыць сярод людзей, — павучальна сказала маці, — і трэба думаць пра будучае. І з гэтым дзіцём цябе не захочуць браць, а калі яшчэ пойдуць такія чуткі... І завошта нам такое няшчасце?..

Ліза пачырванела.

— Мама! — сказала яна з дакорам. — Навошта ты так гаворыш? Хіба можна цяпер аб гэтым думаць?

— Калі ты не думаеш, то мы абавязаны думаць, — строга сказаў бацька.

— Плёткі, кажаш, — сказала далей маці. — А што ты будзеш рабіць, калі кожны добры чалавек, пачуўшы гэтыя плёткі, будзе цурацца цябе, як заразы? Не будзеш жа ты сама забягаць ды тлумачыць, што гэта плёткі.

Ліза гатова была скрозь зямлю праваліцца ад сораму. Не за сябе і не за плёткі, а за той паварот, які прыняла размова. Нешта такое крыўднае і зневажальнае для іх усіх адчувалася ў гэтых словах, а бацькі нібы гэтага і не заўважаюць.

— Мамачка! — усклікнула Ліза, хаваючы твар на плячы маткі. — Не трэба так гаварыць, не трэба.

— Дзеля твайго шчасця і чэсці трэба гэтае дзіця аддаць на выхаванне ў якія-небудзь яслі, — прамовіў бацька. — Мне казалі, што і цяпер недзе яны ёсць.

Лізу нібы хто па галаве стукнуў.

— Ніколі! — крыкнула яна, адхіснуўшыся ад маткі. — Ніколі!

— Ціха, ціха! — сказала маці. — Для хлопчыка нічога дрэннага не будзе. Ён жа нічога яшчэ не разумее і будзе гадавацца, як іншыя дзеці. Ты думаеш, мы не любім і не шкадуем яго? Але і цябе мы павінны шкадаваць: ты ж сапсуеш усё сваё жыццё, ты ж маладосці не бачыш.

Фелікс прачнуўся і крыкнуў. Ліза кінулася да яго. Насустрач ёй працягнуліся ручкі і засвяціліся шчаслівыя вочкі тым самым шчырым дзіцячым смехам, які можа скарыць усё жывое, калі не лічыць фашыстаў. Ліза прагна схапіла яго і прыціснула да сваіх дзявочых грудзей.

Бацька тым часам тлумачыў:

— Мы ж не скажам, хто ён такі. Мы як-небудзь аформім яго іначай. І будзе сабе ён жыць спакойна, не горш, як тут. Родныя маткі і то разлучаюцца са сваімі дзецьмі, а табе чаго псаваць сваё маладое жыццё?

— Не, татачка, — цвёрда сказала Ліза, — я яго не пакіну. А калі яму прыйдзецца ад вас ісці, то толькі разам са мной.

— Вось і рабі з ёю, што хочаш, — развяла рукамі маці.

Але ў тоне яе зусім не было суровасці. Хто-хто, а яна ў першую чаргу магла адчуць і зразумець усё тое хараство душы, якое выяўляла іх дачка.

Хоць і вельмі цяжкія мінуты пражыла Ліза ад гэтага неспадзяванага наступлення бацькоў, але барацьба была нядоўгай. Спачатку здалася маці, а потым яны, ужо разам, скарылі і суровага бацьку.

Жыццё пайшло па-ранейшаму. Але ў Лізы застаўся след, нібы яна дакранулася да чагосьці бруднага. Яна яшчэ больш стала ўхіляцца суседзяў; ёй усё здавалася, што на яе глядзяць неяк асабліва. Нават калі хто спачуваў і хваліў яе, ёй было непрыемна.

Толькі са сваім дзіцем яна адпачывала душою і забывалася на ўсе непрыемнасці. Ды яшчэ было вялікае шчасце, калі дайшлі звесткі, што немцаў разграмілі пад Масквой. Успыхнула надзея, што хутка скончыцца гэтая ноч, што прыйдзе з Усходу святло. Але паступова ўсё заціхла — ноч панавала...


VI


Надыходзіў канец зімы. Палявая вуліца зноў пагражала ператварыцца ў балотную. Жыхары яе ўжо страцілі цікавасць да дзіцяці. Пасля меркаванняў усе згадзіліся ўсё ж такі на тым, што яно яўрэйскае. Ну і хай сабе жыве шчасліва! Каму патрэбна, каб яго забілі? Плёткі спыніліся, нават усё больш і больш было чуваць, што Лізу за гэта хваляць, паважаюць.

Адно толькі вельмі непакоіла Лізу: каб не даведаўся звер-паліцай. Яна сустракала яго яшчэ разы са два, але ёй удавалася загадзя схавацца. Часам яна бачыла, як ён ідзе каля іх дома і пазірае ў вакно. Яна з жахам адхінулася ўбок. Мусіць ён яшчэ не ведае. Але ці доўга так будзе?

І вось аднаго разу, калі бацькоў дома не было, яна ўбачыла, што па вуліцы ідзе ён і немец. Яны глядзелі на яе дом, а потым... завярнуліся на двор! Ліза вымушана была напружыць усе сілы, каб устаяць на нагах. Інстынктыўна кінулася да соннага дзіцяці і прыкрыла яго хусткай.

Страшныя крокі набліжаліся. Вось ужо стук у сенцах — і яны ўвайшлі ў хату.

— Добры дзень! — весела сказаў Шаціла.

Ліза нічога адказаць не магла, а толькі глядзела на іх вялізнымі вачыма. Немец моўчкі і сурова агледзеў пакой, зазірнуў у Лізін куток, але дзіця не заўважыў.

— Мы прыйшлі паглядзець, хто тут жыве, — сказаў Шаціла.

— Мае бацькі, я і... ды вось паперка, — і яна падала загадзя падрыхтаваную паперу немцу.

У ёй было сказана, што муж і жонка Карнейкі працуюць на чыгунцы, а дома ў іх дачка-вучаніца і васьмімесячны сын.

— Я, я, — сказаў немец, не пацікавіўшыся малым дзіцем, і павярнуў назад.

Але Шаціла прыпыніўся і спытаў:

— А дзе ж дзіця?

У Лізы заняло дух.

— Спіць, — ледзь вымавіла яна.

— Пакажыце, — сказаў Шаціла і пайшоў у другі пакой, дзе на ложку спала дзіця.

— Не чапайце! Яно спіць! — крыкнула Ліза і загарадзіла сабой ложак.

Немец пачуў, спыніўся і спытаў:

— Вер іст дорт?

— Кіндэр, — адказаў Шаціла і сцягнуў хустку.

Дзіця заплакала. Немец пераканаўся, што гэта сапраўды «кіндэр», і зноў павярнуў да дзвярэй.

— Дык вось якое чорненькае дзіця нарадзіла ваша маці на старасці! — засмяяўся Шаціла.

Ліза схапіла хлопчыка на рукі і стала перад паліцаем, гнеўная, прыгожая.

— Забівай тады разам! — крыкнула яна, апякаючы яго вачыма.

— Што вы, што вы! — сказаў ён лагодна. — Я толькі хацеў пацікавіцца. Жывіце шчасліва!

І ён пайшоў за немцам.

Ліза апусцілася на ложак знясіленая. Значыцца, ён ведае! І маўчыць... Чаму? І ці доўга ён будзе маўчаць? Можа, сёння, можа, зараз жа яны і вернуцца...

Нічога яшчэ не вырашыўшы, Ліза пачала збіраць у клунак свае рэчы. І тое хочацца ўзяць, і тое патрэбна — клунак выходзіць надта вялікі. А разлічваць трэба толькі на сваю спіну і на свае ногі. Ды і для дзіцяці патрэбна месца. Трэба прыстасаваць яго так, як ходзяць жанчыны на Усходзе, або цыганкі.

За гэтым засталі яе бацькі.

— Што ты такое робіш? — здзівіліся яны.

Ліза расказала, што адбылося.

— Трэба ўцякаць, — сказала яна. — Цяпер, зараз жа...

— А куды ты пойдзеш? — спытала маці, ужо не стрымліваючы сваіх слёз.

— Не ведаю, — адказала Ліза.

Вось яно, тое чорнае, страшнае, чаго так баяліся бацькі! Нават брудныя плёткі здаваліся цяпер нявіннай забавай. Куды ісці? Што чакае іх бедную Лізу? І дзеля чаго? Завошта? Што важней — ці адзіная маладая дачка, ці гэтае чужое дзіцянё? А праз яго дачка можа загінуць, а ў лепшым выпадку мець такія пакуты, якія горш за смерць.

— А каб аддаць дзіця, як мы казалі, то і яму было б лепей, і ёй, і нам, — выказаў сваю думку бацька.

— Татачка, я ж казала, што з ім не разлучуся, — упарта сказала Ліза. — Ды цяпер думаць аб гэтым позна. Зараз трэба пайсці хоць куды, каб пераначаваць, а потым, можа, да цёткі дабрацца.

— А як дабрацца? — сказала маці. — Па чыгунцы цяпер не прыедзеш. А па дарогах больш за сто кіламетраў. А зараз куды хочаш ісці?

— Да Мані, — сказала Ліза, спешна збіраючыся.

— Чаго так спяшацца? — заўважыў бацька. — А можа, ён нічога не думае рабіць? Маўчаў жа да гэтага часу.

— Я не ведаю, што ён думае, — адказала Ліза. — Ведаю толькі, што ён звер і здраднік, і ад яго ўсяго можна чакаць.

— А можа, пайсці да Кандрата і папрасіць іх, каб не чапалі? — нясмела прапанавала маці.

Бацька зморшчыўся і пацёр сабе лоб.

— Цяжкі чалавек, гэты Кандрат, — сказаў ён. — Ніколі мы з ім не былі прыяцелямі. Але ў такой справе можна было б паспрабаваць.

— Ні ў якім разе! — крыкнула Ліза. — Ды і не бацьку прыйдзецца прасіць, а сына. Гэта значыць, зусім аддаць сябе ў рукі звера. А ці можна спадзявацца на яго, калі ён нават і абяцае? Нават і без яго можа дайсці. Калі ён даведаўся, значыцца, ведаюць і гавораць іншыя людзі. Усё роўна кожную хвіліну прыйдзецца чакаць і дрыжаць. Вам самім давядзецца дрыжаць праз мяне... Я не магу так, не магу!..

Бацькі павінны былі прызнаць, што разважанні дачкі зусім слушныя.

— А чаму абавязкова сёння? — сказаў тады бацька. — Я думаю, што сёння смела можна пераначаваць. Трэба ж абмеркаваць, што і як рабіць.

Ліза крыху супакоілася, згадзілася. На сямейнай нарадзе пастанавілі: Ліза заўтра пяройдзе да сваёй сяброўкі, а бацькі будуць шукаць на рынках падводу, якая ішла б у бок Навасёлак, што на Бягомльшчыне, дзе жыве цётка Малання. За некалькі дзён, з перасадкамі, даехаць можна будзе.

— І для адной такая дарога пакутная, — заплакала маці, — а з дзіцём як? Як яго карміць, спавіваць? Ох, Ліза, Ліза, што ты нарабіла!..

Ад гэтага папроку Ліза адчула сапраўдны фізічны боль.

— Мамачка! — Ліза прытулілася да маткі. — Мне прыйдзецца пацярпець толькі некалькі дзён. А якія ж гэта пакуты ў параўнанні з тым, што церпяць мільёны нашых людзей!

— Ім даводзіцца цярпець не па сваёй волі, а ты — па сваёй.

— Не, мама, і я не па сваёй. Ці было б гэта, каб не вайна? Немцы прымусілі і мяне, і вас, і ўсіх.

— Ну, добра, хай будзе так, — сказаў бацька. — Але што цябе там чакае? Як спаткае цябе гэта Малання? Ёй самой, мусіць, есці няма чаго. Як ты думаеш, старая? — звярнуўся ён да жонкі.

— Я ведаю толькі, што сястра мая не адмовіцца памагаць, чым толькі можа, — адказала жонка.

— Аб гэтым не турбуйцеся! — падхапіла Ліза. — Абы прытулак, а зарабіць на хлеб я здолею.

— Не надта ты зарабляла да гэтага часу, — усміхнуўся бацька.

— Калі трэба будзе, здолею, — упарта паўтарыла Ліза.

Яна была ўпэўнена, што для свайго дзіцяці яна ўсё можа зрабіць. Абы толькі ўхіліцца ад гэтай небяспекі.

Доўга яшчэ гутарыла сям’я ў гэты крытычны для яе вечар. Самае цяжкае становішча было ў дачкі, а самае цяжкае гора ў яе бацькоў. Хоць яны даўно прымірыліся з «мацярынствам» дачкі, хоць самі яны шчыра палюбілі дзіця, але ў гэтыя мінуты яны аніяк не маглі адагнаць думкі: каб не гэтае дзіця, не было б ніякага няшчасця, жылі б яны па-ранейшаму, а цяпер...

На другі дзень Ліза пайшла да Мані. З ёю пайшла і маці. Яны прыйшлі да уросшай у зямлю трухлявай хацінкі. Кватэра, у якой раней жыла Маніна сям’я, згарэла ў часе бамбёжкі. Маці з дзіцем засталася на вуліцы, а Ліза ўвайшла ў хату, каб спачатку перамовіцца з сяброўкай. У нізкім цёмным пакойчыку Манін бацька, настаўнік, на нейкім прыстасаванні рабіў з бляхі каробачкі для ваксы, дзесяцігадовы хлопчык яму дапамагаў. Маці чысціла бульбу, ля яе поркалася шасцігадовая дзяўчынка. Мані дома не было.

Ліза не ведала, што ёй рабіць: ці прасіцца зараз самой, ці чакаць Мані, ці ісці па маці.

— А хутка яна прыйдзе? — нясмела спытала Ліза.

— Яна тут недалёка, — адказала маці. — Можна паклікаць. Схадзі, Віця.

— Дзякую, — сказала Ліза, — тады і я з ім пайду.

Сказаўшы на вуліцы, каб маці пачакала, Ліза пайшла з хлопчыкам. Праз некалькі двароў ён зайшоў у дом і выклікаў Маню. Ліза пачала тлумачыць ёй...

— Добра, я папрашу бацьку, — сказала яна проста і рушыла дадому.

Ліза і маці засталіся на вуліцы. Ім здавалася, што яны чакаюць доўга-

доўга, нібы жабракі якія...

Нарэшце выйшла Маня і сказала:

— Заходзьце, калі ласка.

Калі яны ўсе ўвайшлі ў хату, то здалося, што больш ужо ніводзін чалавек не мог бы сюды праціснуцца.

— Як бачыце, у нас не надта многа вольнага месца, — горка ўсміхнулася гаспадыня. — Але нічога, будзем як-небудзь мірыцца.

— Мой ложак будзе вашым, — сказала Маня.

— А ты дзе? — спытала Ліза.

— А гэта ўжо не твая справа, — засмяялася сяброўка.

— Выбачайце нас, — сарамліва сказала Лізіна маці. — Мы вам нядоўга будзем перашкаджаць...

— Нічога, нічога, — сказаў бацька. — Свае людзі.

Маці Лізы пайшла дамоў з такім адчуваннем, нібы зрабіла нейкую прыкрую і недарэчную справу. Дома было яшчэ горш: ціха, пуста, сумна. Старыя адчувалі сябе так, нібы з хаты вынеслі нябожчыка. І зусім нецікавымі зрабіліся ўсе справы, якімі яны да гэтага жылі. Адна толькі думка ў галаве: якія пакуты чакаюць іх маладзенькую дачку? Можа, яна ніколі не вернецца? І аднекуль з глыбіні ўпарта лезла недаўменнае пытанне: навошта ўсё гэта патрэбна было?..

Ліза прасядзела ў Мані пяць дзён, пакуль бацька знайшоў чалавека, які мог падвесці яе кіламетраў трыццаць—сорак. Дні гэтыя здаваліся ёй цяжэйшымі за папярэднія: уціснулася да чужых людзей з дзіцем і сядзіць, не ведаючы, што рабіць. Хоць Маня завіхалася каля яе, хоць гаспадары глядзелі на яе спачувальна, Ліза адчувала сябе лішняй. Так непрыемна было, што яны перашкаджаюць людзям. Лізе ўсё здавалася, што гаспадары незадаволены. Часамі яна адчувала нібы здзіўленне: чаго яна тут? Чаго ёй некуды трэба ехаць? Чаму яна адарвалася ад роднага дому?

Лепей за ўсіх адчуваў сябе галоўны герой. Нібы разумеючы адказнасць становішча, плакаў ён толькі ў самых неабходных выпадках, калі ніякага другога выхаду не было. Мог досыць доўга ляжаць спакойна і паглядаць, што робіцца на свеце. Мог нават самастойна сядзець і займацца доследамі над рознымі карыснымі і бескарыснымі прадметамі, якія трапляліся яму ў рукі. Але ўсе з’явы і доследы зараз жа забываліся, калі перад ім з’яўляўся твар дарагой «мамы». Тады ўся яго радасць і шчасце, усе яго пачуцці накіроўваліся на яе адну і адразу праганялі ўсе яе згрызоты. І тады ўжо Ліза добра разумела, дзеля чаго яна адарвалася ад дому...

Нарэшце надышоў час ад’езду, яшчэ больш цяжкі, як гэтае сядзенне. Чалавек мог падвесці трыццаць кіламетраў, а далей Ліза сама павінна была шукаць выйсце...

— Хай будзе табе абаронцам і дапамогай гэтае дзіця, — сказаў на развітанне бацька. — Можа здарыцца, што там, дзе цяжка і небяспечна маладой дзяўчыне, будзе лягчэй жанчыне з дзіцем.

Бацькава пажаданне часткова спраўдзілася. Хоць дарога, перасадкі, чаканні выпадку, начлегі занялі цэлы тыдзень, але з дзіцем дзяўчына мела больш спачування і дапамогі, чым мела б адна.


Першая публікацыя.


Падрыхтоўка тэксту Марыі МІЦКЕВІЧ.