На раздарожжы [Алесь Рыбак] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Алесь РЫБАК


НА РАЗДАРОЖЖЫ


РАМАН


Частка першая


1


Першы раз Вадзім садзіўся ў цягнік, нічога і нікога не баючыся. Як ні цяжка было, але Верка наскрэбла яму, адарвала ад душы нейкую капейчыну, каб хапіла да Мінска і назад. Вадзім, праўда, трохі ўпарціўся, казаў, што хаця б да сталіцы аплаціць дарогу, а там, калі ўсё будзе добра і прымуць у яго дакументы, неяк пераб’ецца, мо якім таварняком на даху даедзе да сваіх Стаўбуноў. Вопыт у яго ўжо ёсць. Тры гады таму ён меў шчасце з вецярком пракаціцца на слізкім даху вагона, калі ўдумаў канчаткова парваць са сваім мінулым і папрасіць прытулак у сястры і швагра. Усё тады для яго абышлося добра, хоць магло б скончыцца трагічна...

У вагоне было цесна і душна, ніводнага вольнага месца, але гэта яго ані не турбавала. Ён выйшаў у тамбур, нікім пакуль яшчэ не заняты, торбачку з харчам і паперамі паставіў пад ногі, ілбом прыхінуўся да шкла, адчуўшы лёгкі і прыемны халадок. Поезд даў гудок, таргануўся, і неўзабаве перад вачыма замільгацелі станцыйныя будынкі, слупы з абвіслымі правадамі, прыдарожныя бярозы, усыпаныя густой зялёнай лістотай. У нізкіх мясцінах пракідваліся кашлатыя елкі, якіх на сушэйшым выцяснялі гонкія сосны. Паўскрай чыгункі ехала фурманка, і чалавек, што сядзеў на возе, з разяўленым ротам глядзеў, як мільгалі вагоны. Вадзім быў памахаў яму, але возчык наўрад ці змеціў, што нехта яго вітае.

Праз тамбур, моцна ляснуўшы дзвярыма, стрымгалоў, нешта запіхваючы за пазуху кашулі, праскочыў у вагон спачатку адзін падшыванец, затым другі. «Відаць, кантралёры прыжучылі», — падумалася Вадзіму. І праўда, не прайшло і хвіліны, як услед хлапчукам вывалілася цётка. І вагон, і тамбур прарэзаў яе нечалавечы крык-енк:

— Людцы, лю-ю-дцы! Лавіце іх, лавіце! Вокам не паспела мігнуць, як ачысцілі і кішэню, і з кашолкі хапянулі дабрэнны кус сала.

Жанчына вёртка кінулася ў другі вагон, але ўжо праз хвілін колькі, цяжка дыхаючы, вярнулася назад. У тамбур найшло нямала цікаўных.

— Ну, што, злавілі злодзеяў? — першым папытаў дзябёлы дзядзька са свежым шнарам праз усю сківіцу. — Не трэба было варон страляць.

Жанчына змерала яго знішчальным позіркам і ўвесь свой гнеў перанесла на нявіннага чалавека:

— А ты гэткі самы, як і яны. Можа з імі ў хаўрусе. Шчаку так сабе не парэжуць.

Мужчына плюнуў пад ногі і падаўся ў вагон на сваё месца.

Пацярпелая войкала і пыхкала:

— Што ж я сваёй Анютцы прывязу? Гэта ж так трудна збірала капейчыну, каб да вяселля купіць якую больш гожую сукенку ці лодачкі. Яна праз месяц мецьме распісацца са сваім хлопцам. Але абое голыя як саколы. У яго бацькоў няма, фрыц укакошыў, а ў цёткі, у якой знайшоў прытулак, у тэй самой голыя вуглы.

Яна ўсё яшчэ гаварыла, гаварыла, пякучыя слёзы цяклі па яе твары. Цёмнай, парэпанай ад цяжкай працы рукой жанчына спрабавала выціраць іх.

— Цётачка, ці многа было тых грошай? — уткнуў сваё слова Вадзім. — Я ж каб ведаў, чаго тыя вісусы так ляцяць, то хоць аднаго сцапаў бы. У мяне не выкруціўся б.

Жанчына падазрона глянула на Вадзіма, вочы яе звузіліся, пасля пагляд перакінуўся на торбачку ля ягоных ног.

— А ці не ў хаўрусе ты з імі? Можа, і сала, і грошы ў цябе?

Яна гнеўна насунулася на Вадзіма.

— Ану, паказвай, што там у цябе ў вандзэлку. І кішэні выварочвай!

Такога Вадзім ніяк не чакаў. Пачырванеўшы, пад пільнымі позіркамі ці-

каўных пасажыраў ён змушаны быў паказаць, што і ў торбачцы (а там, апроч дакументаў, у газеціну былі загорнуты акраец хлеба, паўклінка сыру, паўдзесятка свежых яек, невялікі кавалачак вяндліны), а таксама, што ў кішэні. Грошай сапраўды было кот наплакаў. Хлопец, узяўшы сябе ў рукі, працягнуў цётцы замусоленыя рублі:

— Наце, лічыце. Знайшлі ахвяру. Хацеў паспачуваць вам, а цяпер...

Жанчына пасаромлена адвярнулася, пайшла ў вагон. Вадзім зноў застаўся адзін у тамбуры, настрой быў канчаткова сапсаваны. Ужо без усялякай цікавасці ён глядзеў у акно, за якім раскашавала лета. Чамусьці зноў падумаў пра сястру, пра тое, з якой цяжкасцю збірала яна яго ў дарогу. Чым ён, Вадзім, аддзячыць сястры? А швагер... Гэта ж аддаў свой апошні больш-менш прыстойны пінжак, прывезены яшчэ з Беласточчыны. Сарочку таксама ўступіў, хоць сам застаўся ні з чым святочным. Вадзім упарціўся, не хацеў браць, але Юзік рашуча настаяў на сваім.

— Мне тут, дома, на бруднай рабоце хоць што падыдзе. А ты ж, можа, паступіш, вывучышся на настаўніка ці каго там. Пасля, як выб’ешся ў людзі, і нам што падкінеш.

Верка са слязамі на вачах падтрымала мужа. Калі Вадзім усё тое, Юзікава, апрануў, Верка расчаравана апусціла рукі.

— Што, кепска сядзіць? — спытаў Вадзім.

— Пінжак і сарочка добра глядзяцца, а вось штаны і пантофлі нікуды