"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!” [Юлія Бібіла] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Юлія БІБІЛА


"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”


Успаміны


Творца летапісу беларускага друку


Юлія Восіпаўна Бібіла, адна з першых беларускіх бібліёграфаў, краязнаўца, нарадзілася 10 студзеня 1897 г. у мястэчку Поразава ў сям’і валаснога пісара. Адметна, што ў родзе Бібілы па лініі маці захоўваліся звесткі пра паўстанне 1863-64 гадоў, былі сваяцкія сувязі з сям’ёй Каліноўскіх.

Нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці (ранняя смерць бацькі), Юліі ўдалося скончыць прыватную гімназію ў Ваўкавыску. У 1914 г. разам з маці Юлія Бібіла пераехала ў Бабруйск, скончыла восьмы (педагагічны) курс прыватнай гімназіі Аляксеевай, пачала настаўнічаць. Праз нейкі час здолела паступіць яшчэ і на Вышэйшыя жаночыя курсы ў Петраградзе. У красавіку 1917-га па вяртанні з Бястужаўскіх курсаў у Бабруйск актыўна ўключылася ў шырэйшую грамадскую працу. Зноў працавала ў мясцовым Камітэце помачы ахвярам вайны, стала сябрам аддзялення Беларускага культурна-асветнага таварыства “Бацькаўшчына”.З рэкамендацыяй Фабіяна Шантыра паступіла ў Беларускую сацыялістычную грамаду. У савецкі час працягвала настаўнічаць, паралельна працавала ў гарадской бібліятэцы, дзе арганізавала аддзел краязнаўчай літаратуры, правярала стан хатаў-чытальняў на Бабруйшчыне.

На той час Бабруйск адыгрываў прыкметную ролю ў палітычна-грамадскім жыцці Беларусі. Там вёў арганізацыйную працу вядомы беларускі дзеяч левага накірунку, пісьменнік, публіцыст, старшыня Бабруйскага камітэта БСГ Фабіян Шантыр, працаваў у будучым знаны беларускі географ і краязнавец Мікалай Азбукін. Апошні казаў Юлі: “Вось граніцы падуць, і мы з табой пехатой пойдзем у Парыж”. Трэцяй прыкметнай асобай у тагачасным Бабруйску быў дырэктар гарадской бібліятэкі І.Б. Сіманоўскі, выпускнік Бернскага ўніверсітэта Швейцарыі.

Фарміраванне светапогляду, грамадзянскай пазіцыі Юліі Бібілы адбывалася, такім чынам, у абставінах вялікіх грамадскіх зменаў у жыцці краіны.

Грамадзянскае сталенне будучага бібліёграфа праходзіла ў Менску падчас навучання на этнолага-лінгвістычным аддзяленні БДУ. Нягледзячы на малады век першай вышэйшай навучальнай установы Савецкай Беларусі, яна валодала першакласнымі педагагічнымі кадрамі. Былі гэта навукоўцы і ўдзельнікі палітычна-грамадскага руху Беларусі 1917-1920 гадоў. Курс беларускай мовы вёў выдатны беларускі мовазнавец Язэп Лёсік. Курс гісторыі Беларусі чытаў гісторык і наркам асветы БССР Усевалад Ігнатоўскі. Лекцыямі геаграфіі Беларусі паланіў Аркадзь Смоліч. Пра гісторыю беларускага мастацтва ад старажытных часоў да сучаснасці распавядаў Мікалай Шчакаціхін.

З пачатку 1920-х гадоў імкліва пачала развівацца беларуская савецкая літаратура, рэпрэзентаваная цэлай кагортай маладых паэтаў, празаікаў, крытыкаў. У Вільні была выдадзеная першая “Гісторыя беларускай літаратуры”, напісаная Максімам Гарэцкім.

Адразу пасля паступлення ў БДУ ў 1922 годзе энергічная і мэтанакіраваная Юлія Бібіла па рэкамендацыі І.Б. Сіманоўскага пачала працаваць у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы. Узначаліла ў ёй Беларускі аддзел, занялася яго ўкамплектаваннем, распачала складанне картатэкі кніг і перыядычных выданняў Беларусі. Пры Белдзяржбібліятэцы як асобная структура яе была заснавана Кніжная палата. За сакратара ў ёй прызначылі Мікалая Улашчыка, у будучым таленавітага гісторыка. Маладыя інтэлігенты калегавалі, раіліся, разам набывалі вопыт у захапіўшай іх працы з кнігамі.

Да распачатай у 1923 годзе Беларускім аддзелам бібліятэкі працы над падрыхтоўкай і выданнем беларускай бібліяграфіі ў 1925 годзе далучыўся Інстытут беларускай культуры. У 1926 годзе дзеля выдання бібліяграфіі пры Дзяржбібліятэцы было створана Бібліяграфічнае бюро.

У аснову картаграфічных правілаў Белдзяржбібліятэка, яе адпаведныя падраздзяленні ўзялі англа-амерыканскія правілы з некаторымі зменамі, уведзенымі Міжнародным бібліяграфічным інстытутам у Бруселі. Бібліяграфічная служба ў Савецкай Беларусі 1920-х усталёўвалася грунтоўна.

Падрыхтаваныя матэрыялы бібліяграфіі сталі публікавацца ў бюлетэні “Летапіс беларускага друку”, які выдавала Кніжная палата. Кожны выпуск “Летапісу...” меў нумарное пазначэнне парадкавай часткі. Паколькі першая частка, прызначаная апісанню старадрукаў, яшчэ не была падрыхтавана, выданне пачыналася з другой. Яна храналагічна ахоплівала выданні 1835-1916 гг. і мела падзагаловак “Паасобныя выданні на беларускай мове з дадаткам пракламацый і адозваў 1863 і 1905 гг”. Адметна, што выпуск улучаў 10 пазіцый выдадзеных кніг В. Дуніна-Марцінкевіча з пазначэннем дадзеных, адпаведных бібліяграфічным правілам. Была ўпершыню апісана спадчына пісьменніка. Трэцяя частка “Летапісу беларускага друку” прадстаўляла выданні на беларускай мове 1917-1924 гг. У чацвёртай быў скрупулёзна апісаны перыядычны друк на беларускай мове за 1917-1926 гг. У прадмове адзначалася, што “такі сшытак будзе даведнікам для даследчыка - гісторыка, публіцыста, для кожнага, хто будзе вывучаць развіццё беларускай грамадскай думкі”. Асобна пазначалася, што 4-я частка “Летапісу беларускага друку”, як і папярэднія, “уложана загадчыцай Беларускага аддзелу Беларускай бібліятэкі Ю. Бібіла”.

Паспрабавала сябе Юлія Восіпаўна і ў літаратуразнаўстве. Надрукаваны ёю ў 1928 годзе ў “Запісках гуманітарнага аддзела навук” Інбелкульта артыкул аб жыццёвым шляху Алаізы Пашкевіч (Цёткі) была адной з першых грунтоўных публікацый пра паэтэсу-рэвалюцыянерку.

Была складзена і апублікавана Юліяй Бібіла і аднаасобная, так бы мовіць, персанальная бібліяграфія. У ёй зарэгістравана публікацыя твораў Ц. Гартнага (Зміцера Жылуновіча), чалавека неардынарнага сярод беларускай інтэлігенцыі 1920-х. Выявіць кожнае выданне, de visu апісаць яго: дзе, калі, кім, якім выдавецтвам і годам выдадзена, - усё гэта патрабавала шмат часу. Патрэбна была любоў да справы, руплівасць, адказнасць, і ўсё гэта мелася ў маладой Юліі.

Была спрыяльная грамадска-палітычная атмасфера ў рэспубліцы - даволі паспяхова адбывалася дзяржаўнае будаўніцтва, ішло станаўленне нацыянальнай культуры, навукі. Ды беларускі Рэнесанс 1920-х гадоў аказаўся маланкава кароткі. Наступілі 1930-я гады з іх нечуванымі масавымі рэпрэсіямі. Не абмінулі яны ў 1937-м і сціплай працаўніцы на карпатлівай дзялянцы беларускай бібліяграфіі. Па сваёй працы Юлія Бібіла была знаёмая з многімі вядомымі беларускімі інтэлектуаламі - як наведнікамі Беларускага аддзела Дзяржбібліятэкі. Пра гэта пазней расказала ў сваіх мемуарах. Пры арышце ж яе следства імкнулася выкарыстаць кантакты Юліі Восіпаўны з ужо раней рэпрэсаванымі інтэлігентамі, выстаўляла ёй ілжэабвінавачанне ў ролі сувязной, кур’ера нацдэмаў. Высланая ў горад Саратаў, пасля выхаду з турмы яна працавала бібліёграфам фундаментальнай бібліятэкі Саратаўскага ўніверсітэта.

Праз 22 гады вярнулася ў Мінск, аднавіла працу ў Белдзяржбібліятэцы. Збірала рэспубліказнаўчы і краязнаўчы кніжны фонд. Распачала бібліяграфічную рэгістрацыю друку БССР, складанне першай у Беларусі краязнаўчай бібліяграфічнай картатэкі. У суаўтарстве з Ф. Амерынай склала “Летопись печати БССР. Ч.ІІІ. 1917-1924. Тетрадь 2”, у якой былі ўлічаны выданні на рускай, польскай, яўрэйскай мовах. Прыняла ўдзел у складанні “Бібліяграфіі па гісторыі Беларусі” (феадалізм, капіталізм) пад аўтарствам М.Г. Крэканэ, А.А. Сакольчыка. Разам з А.А. Сакольчыкам падрыхтавала бібліяграфічны даведнік “Асвета Беларускай ССР за 50 год Савецкай улады” (1973).

Вярнуўшыся на радзіму, аднавіла сувязі, ліставанне з тымі, што засталіся, нешматлікімі інтэлігентамі, людзьмі, неабыякавымі да лёсу Беларусі часоў сваёй маладосці. Дзялілася ўспамінамі, цікавілася творчасцю маладых. Засталася ў памяці жывой, уважлівай да духоўна-культурных праяваў жыцця, лёсаў інтэлігенцыі.

Гартаваная няпростымі жыццёвымі абставінамі, руплівая інтэлігентка-асветніца Юлія Бібіла сваёй працай рэальна дапамагала даследчыкам беларушчыны спасцігаць культурніцкія, навуковыя здабыткі свайго народа, яго гісторыю. Інакш кажучы, працавала над стварэннем своеасаблівай лоцманаўскай карты для арыентацыі ў моры кніг, часопісных ды газетных публікацый. І за гэта ёй гаворыць “дзякуй” сёння, і яшчэ скажа, не адно пакаленне працаўнікоў навукі, асветы, палітыкі.

Чытачам “Дзеяслова” прапануюцца мемуары Юліі Восіпаўны, якія напісаны ў 1967 г. па просьбе Арсеня Сяргеевіча Ліса і цяпер захоўваюцца ў асабістым фондзе навукоўца і пісьменніка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Тэксты запісаны ў 1 агульным і ў 15 вучнёўскіх сшытках, апошнія адрозніваюцца колькасцю аркушаў, якія аўтарка ўкладала ў кожны сшытак. Аркушы спісваліся з аднаго боку, другі пакідаўся для дапаўненняў і заўваг. Большасць сшыткаў мела назву, напісаную на вокладцы алоўкам: Поразава, Свянціца, гімназія, Бабруйск, курсы, зноў Бабруйск, людзі, сябры, чытачы і прыхільнікі, Дзяржаўная бібліятэка (Беларускі аддзел). Самы вялікі аб’ём маюць сшыткі, у якіх Юлія Бібіла распавядала пра вучобу на Бястужаўскіх курсах у Пецярбургу (55 рукапісных старонак) і працу ў Белдзяржбібліятэцы (77 старонак у агульным сшытку). Многія тэксты пачынаюцца з эпіграфаў на лацінцы, цытат з твораў беларускіх, польскіх, рускіх аўтараў. Тэксты напісаны аўтаручкай на вучнёўскіх лістах у клетку, дробным, прыгожым, чытэльным почыркам.

Кожны чытач знойдзе для сябе адпаведную сваім інтарэсам тэму: апісанне побыту, народных святаў і даваеннага жыцця ў заходне-беларускіх мястэчках, у гарадах Ваўкавыску і Бабруйску; звернецца да падзей Першай сусветнай вай­ны, акупацыі, рэвалюцыі на тэрыторыі Беларусі і Расіі; з цікавасцю прасочыць станаўленне характару ўпартай, мэтанакіраванай, прагнай да ведаў дзяўчынкі, пошукі ёю свайго месца ў жыцці, захапленне беларушчынай і творамі Янкі Купалы; азнаёміцца з вучобай яе ў Ваўкавыскай і Бабруйскай гімназіях і на Бестужаўскіх курсах; адзначыць яркія ўражанні ад лекцый знакамітых расійскіх выкладчыкаў-прафесараў, выступленняў экзальтаванага паэта Канстанціна Бальманта і ўкраінскага сляпога бандурыста Грыцько Кажушкі; зафіксуе факт удзелу беларускай студэнткі-бястужаўкі ў рэвалюцыйных выступлениях у лютым 1917 г. у Пецярбургу; азнаёміцца з педагагічнай і асветнай дзейнасцю маладой настаўніцы ў школах Бабруйска, а таксама з асаблівасцямі і шматлікімі накірункамі працы загадыцы Беларускага аддзела ў Дзяржаўнай бібліятэцы.

Асаблівую цікавасць выклікаюць успаміны Юліі Восіпаўны пра выдатных дзеячаў палітыкі, культуры, навукі 1920-30-х гадоў, сярод якіх Янка Купала, Змітрок Бядуля, Язэп Дыла, Цішка Гартны, Мікалай Азбукін, Іосіф Сіманоўскі, Юліян Дрэйзін, Уладзіслаў Галубок, Еўсцігней Міровіч, Мікалай Галадзед, Уладзімір Пічэта, Аляксандр Чарвякоў, Мікалай Улашчык і многія іншыя. Дакладнымі штрыхамі, трапнымі дэталямі Юлія Бібіла стварыла запамінальныя партрэты знакавых асоб беларускай гісторыі.

Мемуары Юліі Бібіла друкуюцца ўпершыню, акрамя фрагмента, прысвечанага яе ўдзелу ў Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. (апублікаваны ў “Беларускім гістарычным часопісе”, 2017, №2). У тэкстах сшыткаў №№ 1-11 зноскі зроблены аўтарамі публікацыі. Асаблівасці стылю і граматыкі Юліі Бібіла захаваны.


Таццяна КЕКЕЛЕВА, Арсень ЛІС


Сшытак 1


Чаго вам хочацца, панове?

Які вас выклікаў прымус

Забіць трывогу аб тэй мове,

Якой азваўся беларус?


Янка Купала


Сям’я маёй маткі - местачкоўцы-каталікі; бацькі - б[ылыя] прыгонныя сяляне, “перавёрнутыя” ўніяты, бацька ўжо праваслаўны. Каб пажаніцца ў царкве з праваслаўным, трэба было “перахрысціцца”. У пашпарце маткі, выданым пасля смерці бацькі, стаяла: “праваслаўная”. Сястра маткі Ванда, мая цётка, калі выходзіла замуж за праваслаўнага, мусіла “прыняць” праваслаўе. Гэта было ўжо на маёй памяці. Бабка ёй гэтага не магла дараваць. Шура, сын Ванды, гаварыў мне, што ён бачыў бабку незадоўга да яе смерці. Яна вельмі перажывала, што ў свой час “пракляла” дачку, і плакала. [Памерла ў 20-х гадах].

Гістарычны рэлігійны пераплёт балюча сцябаў па ўсведамленні простых людзей. З бабкай я хадзіла да “kosciola”, з бацькам - у царкву. Пацеры такія і сякія. Калі падрасла і начыталася Л. Талстога, перастала саўсім маліцца, а ў царкву хадзіла толькі таму, што вучаніцы павінны былі гэта рабіць, хаця ўжо ў галаве раіліся ўсялякія дзерзкія думкі. Бытавалі словы: праваслаўны - гэта значыць рускі, каталік - паляк. Падзялялі народ, які гаварыў на аднэй мове, а ён называў сябе “тутэйшым”. Хто я - не задумвалася. Гаварыла па-беларуску, па-польску, па-руску, як дзе трэба было. Школа не абуджала нацыянальнага ўсведамлення, весткі пра родны край - самыя стандартныя, па зацьверджаных у “сферах” падручніках. І толькі, трапіўшы ў 1915 годзе на курсы, я адкрыла, што належу да пагарджанага і лапатнага народу. Тут пазнаёмілася з працамі Е. Карскага, Е. Раманава. Трапіўся мне № “Лучынкі” з вершамі Цёткі. Успомніліся дзіцячыя гады, насычаныя багатым фальклорам. Аб мужыцкай літаратуры загаварылі і аб саміх беларусах. Колькі было спрэчак!

Старое чыноўніцтва, выхаванае на вялікадзяржаўнай палітыцы, пырскала сліною. Ад старога настаўніцтва, што яшчэ не паскідала з шапак цэшак з арлом, спагады таксама не чакалі. Адзін будучы “вучоны” Перчыкаў дагаварыўся нават да таго, што адмаўляў існаванне нейкіх там беларусаў. “Колькі я ні жыву, - казаў ён, - ніколі аб іх не чуў”. У думках я яму зазначыла: “А хлеб іх са смакам еў”. Вось так школы на Беларусі рыхтавалі “дзеячоў” для беларускай зямлі. Праз некалькі гадоў гэты чалавек стаў выкладчыкам у Беларускім дзярж[аўным] універсітэце, калі той адчыніўся. А ў той час ён быў варожа настроены да нейкіх там беларусаў. Прыйшлося яму напомніць, што існуе адзін сапраўдны вучоны, які не пасароміўся назваць сваю шматтомную працу - “Беларусы” (Е. Карскі). А што да паэзіі, то маючы такога баяна, як Я. Купала, можна беларусам ганарыцца.

Хочацца яшчэ ўспомніць аднаго эсэра Бабчонка, які ў перапынках на настаўніцкіх сходах любіў паспрачацца на гэту тэму. Потым я яго спатыкала ў Мінску, працаваў выкладчыкам у Камвузе.

Шмат шкоды беларускаму руху нарабілі панкі, якія паўлазілі ў Камітэты ў Мінску і гнулі там сваю лінію. Вельмі слушныя былі выказванні супраць накіраванасці іх палітыкі, але, на жаль, валілі ў адну кучу паноў і не паноў. Выступалі наогул супраць пастаноўкі беларускага пытання, лічылі яго “польскай інтрыгай”, “панскай выдумкай”. І гэта часта гаварылі партыйцы! Як там у Маскве глядзелі, да нас яшчэ не дайшло, але на месцы блытаніны было многа і не скора яна разблыталася.

Да якіх жа паноў залічыць мне сябе ды і тых маіх сяброў, якія таксама лічылі сябе беларусамі і гатовы былі шчыра працаваць на культурнай ніве для свайго народу?


Найбольшае ўражанне на мяне рабілі вершы Я. Купалы. Шмат вывучыла на памяць, чытала ўсім, хто хацеў слухаць. У першую чаргу - сваёй матцы, якая не давала веры, што ён сам іх напісаў, бо што добрага мог даць лапатны беларус? Коласаўскія “Песні жальбы” не хвалявалі. У “Вянку” Багдановіча ззяла гэтулькі дыяментаў, аднак такой сілы пачуцця, як ў Купалы, я не знаходзіла. Песні Купалы ішлі ад сэрца і траплялі ў самае сэрца і больш адпавядалі тагачасным узнёслым настроям.

Ён гаварыў ад імя “пагарджанага век” народу, які нёс сваю вялікую крыўду “на свет цэлы”, хацелася яму, каб прынялі яго чалавечую годнасць.

Я - трэйцяе пакаленне сялянскай сям’і - з аднаго боку прыгоннай, з другога - вольнай ад прыгону - ад культуры з усходу і з захаду нямала харошага ўспрыняла. І вось вершы Купалы ўзбунтавалі маю сялянскую кроў, і стукнула яна мне ў самае сэрца. Я адчувала сябе моцна звязанай з народам і з роднай краінай, над якой “строілі здзекі”. Гэта была нейкая арганічная, біялагічная сувязь, а не прыдуманая. Трэба нешта рабіць? А што?

Лета 1917 г. Начытаўшыся вершаў Купалы, мне захацелася самой папрабаваць пісаць па-беларуску. Ці добра памятаю я мову маіх дзіцячых гадоў? Я не лезла ў пісьменнікі, ведала, што ніякага таленту ў мяне няма. Можна папрабаваць перакласці якую-небудзь рэч. І я выбрала казку М. Горкага “Палаючае сэрца Данка”. Паказалася яна мне тады вельмі сучаснай. Чалавек для людзей ахвяраваў сваё сэрца, а яны, выбраўшыся з багнаў на шырокія прасторы, забыліся на яго. Узнёслая, з сваеасаблівым рытмам проза мне дужа падабалася. Я пераклала і некаму пахвалілася. Не памятаю, хто гэта быў. Магчыма, знаёмая з Мінска, якая папрасіла мяне даць пераклад. Друкаваць я нідзе не збіралася. Няхай каму-небудзь пакажа. Падпісала яго лацінскімі літарамі І.В. Пераклад зьявіўся ў газ. “Вольная Беларусь”, хаця я не меркавала яго туды пасылаць.

1919 г. Нехта падаў мне думку перакласці “Рабінзона Крузо”. Я набыла перапрацоўку кнігі Дэфо і нямала над ёй папрацавала, многа пераклала, але забракавала. Што ж гэта я буду з перапрацоўкі перакладаць? А на большае не хапала часу, і мой пераклад трапіў у печ.


1917 г., вясна. На адным з мітынгаў у Б[абруйску] я прачула палымяную, натхнёную прамову на беларускай мове. Яна клікала беларусаў да абуджэння. Не памятаю канкрэтна пра што больш гаварылася, але гэта прамова зрабіла ўражанне на мяне і маіх сяброў. Мы пазнаёміліся з прамоўцам. Высокі, зграбны, у вайсковым убранні, светлавалосы. Ён здаваўся нам паважным чалавекам, калі не старым, - быў больш як на 10 гадоў старэйшы. Хто ён і адкуль неяк у той час не цікавіла. Даведаліся толькі, што нешта друкаваў у “Нашай ніве”. Гэта быў Ф[абіян] Ш[антыр]. Прыпамінаюцца мне нашы спрэчкі. Я была задзіра, а ён, карыстаючыся сваім “паваж­ным” узростам, хацеў, каб такая мелюзга прыймала ўсё, што ён гаворыць. Я ўпарта трымалася сваіх - няхай памылковых - думак. Прамоўца ён быў з агеньчыкам, умеў захапіць. Прыпамінаецца нейкая яго лекцыя. Змест не зачапіўся ў маёй памяці, відаць, пра нацыянальнае бел[арускае] пытанне, але столік з беларускімі выданнямі добра памятаю. Багушэвіч, Багдановіч, Купала і інш. Я атрымала “Шляхам жыцця”, кніга гэтая стала маёй настольнай, я з ёю не разлучалася.

Ф[абіян] Ш[антыр] добра дэклямаваў, з экспрэсіяй. Чамусь у памяці паўстае верш Купалы “Зоркі не ўбачыш, імгла непрыхільная...”


К сонцу і зорам жыццё тваё рвалася,

Віхры і ночы на бой вызывала.

Згасла ўсё лепшае, згасла, зламалася...


Пра канкрэтную яго работу не ведаю. Ён меў нейкія адносіны да шпіталяў у Б[абруйску] (у крэпасці). Старэйшыя вучні, асабліва тыя, хто быў звязаны з вёскай, захапляліся яго прамовамі і прамоўцам.

Неяк пасля чарговых задзірыстых спрэчак Ф[абіян] Ш[антыр] падараваў мне сваю фатаграфію з надпісам: “На памяць той, каторую больш за ўсіх паважаю”.


Алесь А. Ён з’явіўся ў Б[абруйску] неяк у пачатку 1921 г. (у лютым у мяне маецца запіс пра яго). Шмат шуму ён нарабіў. Выступаў на добрай беларускай мове, граміў “заалагічныя адносіны да справы нац[ыянальнага] адраджэння” (яго словы). Канкрэтна пра яго работу цяжка ўспомніць, можна наблытаць, але ўражанне асабістае захавалася выразнае. Колькі яму было гадоў? Відаць 20-21, можа з невялікім гакам. Круглатвары, нейкі мяккі выраз вуснаў, чупрына. Хадзіў у кажушку. Сябе характарызаваў так: “Душа мая нібы гэты кажух: аўчына добрая, але не вырабленая”. Я прыглядалася да яго, і ў мяне склалася ўражанне, што ў яго характары нейкая дваістасць, спалучэнне розных процілеглых якасцей. Характар адкрыты і разам з тым хітраваты. Адным словам, трымай вуха востра. Самакрытычнасць і доля какецтва. Добры і можа быць жорсткім. На яго круглым твары кожны мускул жыве: выраз мяняецца штохвілінна. Можна чакаць ад яго самага ўзнёслага і дробязнага. З маёй маткай яны сябравалі. Бывае, зойдзе ён увечары, а яна знойдзе чым яго пачаставаць: забеленым крупнікам або заціркаю - галаднавата было. Любіў ён вострае слова. Матка таксама не адставала. Часта я чула ўрыўкі вершаў Купалы або Маякоўскага. “.На шумные ладони площадей мы каждый день расплескиваем душу”, любіў паўтараць. Не без яго ўдзелу быў наладжаны беларускі клуб, дзе збіралася моладзь. Запас навін, здарэнняў у яго быў заўсёды не малы.

Успамінаецца адзін выпадак, калі ён выступаў у якасці асобна ўпаўнаважанага па барацьбе з бандытызмам. Гэта было ўлетку 1921 г., у вёсцы за 30 км ад Б[абруйску]. Мяне прызначылі туды на дзіцячую пляцоўку, якая змяшчалася ў недалёкім былым палацы ўцёкшага пана. Там мне далі пакой, а вялікую залу абсталявалі пад клуб. Мясцовыя настаўнікі надумаліся ставіць спектаклі, я таксама прымала ўдзел. Ставілі беларускую п’есу рэвалюцыйнага зместу “Калісь”. А. незадоўга да гэтага прыехаў сюды, як ўпаўнаважаны. Зала была перапоўнена, гледачы прыймалі спектаклі горача, “артысты” былі задаволены, яны не ведалі, якія драматычныя сцэны адбываліся па-за сценамі клуба. Да ўпаўнаважанага напярэдадні з’явіўся стораж палаца і сказаў яму, што можна чакаць нападу бандытаў. Ён мяркуе гэта па таму, што на гарышчы ён знайшоў скамечаную салому: відаць, начаваў нехта, можа і бандыт. Гэта насцярожыла. Але другое яго паведамленне было больш сенсацыйным: з бандытамі звязана... я. Ён клянецца, што бачыў мяне ў прыцемку, надвячоркам, калі я з нейкім мужчынам пайшла ў напрамку лесу. Уяўляю я сабе гэту сцэну, бо гэтым мужчынам быў сам. упаўнаважаны, а накіроўваліся мы да знаёмых у бальніцу, якая мясцілася за вёскаю ў барку. Якую кару прыдумаў упаўнаважаны гэтаму хлусу, які можа сваёй пільнасцю хацеў заваяваць яго давер? Здаецца, да высвятлення справы замкнуў яго ў канцылярыі, ці дзе яшчэ. Асабліва А. абурыла, калі той паўтараў: “Я не ведаў, што яна Ваша сястра!” Значыцца, на не сястру начальніка можна валіць, што хочаш. Аднак, на ўсякі выпадак у часе спектаклю ў парку стаялі ўзброеныя людзі. Ніякага нападу не адбылося.


Сшытак 2


«Так всюду я влачу среди моих скитаний

Весь ад моей души, весь мрак пережитой,

И страх грядущего, и боль воспоминаний...»


С. Надсон


Нет! Грядущего не страх мне.


1916, декабрь. Ю.Б.


“Праблемы”

Два асноўныя пытанні мяне хвалявалі: пасля сканчэння школы і ў часы наведвання курсаў.

1. Чым жыць?

“У іншых жыццё бяжыць, як добра падмазаная машына, яны задаволеныя і шчаслівыя, сёння дзень мінуў - і дзякаваць богу. Але калі завядзецца ў душы чарвяк і ён точыць і грызе - бяда! Спакой гіне, нездаволены сабой, прагнеш не таго, што даецца, а таго, чаго няма. У чым жа сэнс? Чым жа жыць?” (з запісаў у студзені 1917 г.).

Чым жыць? Модамі? Парожняй балбатнёй? Выйсці замуж і на гэтым супакоіцца? Не, гэтым нельга задаволіцца.

Запісваючы неяк уражанні ад лекцыі Посэ (на тэму “Каханне ў творах і жыцці Л.М. Талстога”), якую ён закончыў заклікам да ідэйнай творчай працы, адзначаю: “Хочацца такой працы - яна неабходна як паветра; на нешта ж патрэбна “ухло­пать” сваё жыццё, а то пустата, пустата... Цікава, што я падумаю праз некалькі гадоў, прачытаўшы гэтыя словы? Як я аднак сумняваюся ў сабе. Я ўпэўнена, не змянюся ў гэтым, аднак гэта не шкодзіць сумненням лезці ў галаву. Хачу, хачу прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”

Далёкае, няўрымслівае дзяўчо!

Няўжо гэта я?

Чытаю я гэтыя словы не праз “некалькі” гадоў, а блізка што праз пяць дзясяткаў. Я не збочыла з накрэсленай сцежкі, на пражыла ўтрыманкай, працавала, як умела.

2-ое пытанне, якое мяне мучыла, - вайна. У пачатку вайны мая бялявая Зіна пайшла працаваць у бальніцу, мяркуючы стаць медыцынскай сястрой (запалу яе ненадоўга хапіла): сякія-такія з хлопцаў-гімназістаў, паддаўшыся патрыятычнаму запалу, пайшлі дабраахвотнікамі. А я?

Глыбока ўразілі мяне сцэны провадаў мабілізаваных. Маткі, жонкі... слёзы, слёзы. Можа гэта апошні раз цалуеш, пазіраеш у вочы?

А шнуры фурманак на шляху - гэта едуць выгнанцы-ўцекачы, пакінуўшы недабрахвотна свае абжытыя куты. Спатыкаліся і землякі з родных месц. Куды едуць? Што яны знойдуць там? А свежыя магілы паабапал шляху! А вогнішчы паблізу вакзалаў, на якіх гатуецца няхітрая страва - нямала дзён трэба чакаць пасадкі ў вагоны. Людзі знясіленыя, пачарнелыя. Старыя, дзеці...

А па гарадскім бруку зухаватыя, свежа спечаныя афіцэры дзынкаюць шпорамі. Вайна скончыцца перамогай праз пару месяцаў! Мы ім пакажам!..

І паказалі... спіны.

Мазурскія балоты... Здраднікі... Сухамлінаў... Самсонаў... Чытаю газеты. Там - ура! А ў душы ўсё больш і больш гучаць пацыфісцкія ноткі.

Паштоўкі з’явіліся з “героем”, на іх намалёван казак Кузьма Кручкоў і нанізаныя на яго піку ворагі. Яны мяне абуралі.

Улетку 1915 і 1916 гг. я жыла паблізу Радашковіч у сям’і паляка (з Люблінскай губ.), які служыў у маёнтку пана Валадковіча. Трое дзяцей былі маімі вучнямі (у горадзе мы жылі ў аднэй кватэры).

Выйдзеш, бывала, на шлях, калі звечарэе, і слухаеш, як стогне зямля - фронт быў недалёка. Гэты стогн болем адбіваўся ў сэрцы. А цягнікі з калекамі, параненымі... Не дзіва, што ў маіх запісах часта спатыкаюцца словы абурэння вайной.

“Калі скончацца гэтыя іспыты? Нервы атупелі. Падумаеш - валасы на дыбкі падымаюцца. Прэч вайну!” (1916 г.)

“Гэтая бойня, жудасная бойня выклікае буру ў душы. Усё да чорта пайшло, загінула ў разбурэннях. І гэта “культура”?! Хвалёная, высокая культура. Геніі, якія стварылі яе, гляньце, палюбуйцеся! Няўжо ніколі, ніколі чалавецтва не страсе з сябе гэтага ржавага, задушлівага пылу, не ўздыхне вольнымі, поўнымі грудзьмі? Не хочацца верыць, што ніколі гэтага не будзе. Нават праз сотні, тысячы гадоў? Няўжо людзям патрэбна, каб спачатку грымнуў гром?

Ну, а пасля вайны ўсё пацячэ па-ранейшаму? Тая ж коснасць, забабоннасць, жыццё для ўласнай уцехі?”

Гэты наіўны патаемны пратэст у душы зліваўся з шырокімі рэкамі народнага пратэсту.

У 1919 г. у часы белапольскай акупацыі пытанне аб вайне, аб міры зноў усплывае. Усхвалявала мяне кніга Зутнер “Долой войну, долой оружие!” Прыпомніліся даўнейшыя спрэчкі з хлопцамі, не нюхаўшымі вайны. Яны ўпэўнялі мяне, што без вайны не можа існаваць свет, у абарону яе прыводзілі доказы, якія мне цяжка было абвергнуць. Гэта кніга падмацавала мяне, але мне няясны былі шляхі, якія прывядуць да ўсеагульнага міру, бо і аўтар сабе няясна ўяўляў іх. Разважанні, якія часта спатыкаліся ў тагачаснай літаратуры аб сусветнай вайне, што вайна вядзецца дзеля ўсеагульнага міру, я лічыла крывадушнымі. Гэтымі словамі прыкрывалі іншыя мэты і іншыя задачы, якія ніякіх адносін да міру не мелі. Не са зброяй у руках здабываюць мір, патрэбны іншы шлях. А які? Можа чалавецтва, перацярпеўшы гэтулькі пакут, страціўшы безліч людзей і чалавечай энергіі, само скажа гэтаму злому Молаху: “Даволі”? Пакуты яднаюць сяброў і ворагаў. Як перамагчы інстынкт забіваць сваіх братоў?

Так юнацтва ставіла набалелыя пытанні і не знаходзіла на іх адказу, пацяшала сябе наіўнымі [тлумачэннямі]. Толькі праз гады знайшлі адказ у Леніна.


Сшытак 3


1915 г. Была я занадта для свайго веку сталая і без меры сур’ёзная. Для гэтага меліся свае прычыны. Бацька памёр, калі мне было 13 гадоў, сродкаў ніякіх, а вучыцца хацелася. Як жыць? Доўга ў маім настроі гучалі ноты засмучэння, але волі да барацьбы яны не зламалі.

Мой старэйшы прыяцель часта падсмейваўся над такімі маімі настроямі. Неяк (люты 1915 г.) прыслаў мне паштоўку, дзе была намалёвана лёгкадумная стрыкатка і мураш у акулярах і з кіёчкам, які чытаў ёй натацыю. Надпіс не адпавядаў малюнку: “Стрекотунья-попрыга в лето красное не пела.”. Мой вершаваны адказ быў у стыле нашых тагачасных адносін. Як было мне не засмучацца? Што мяне чакае?

Стихотворный ответ на открытку “Стрекоза и муравей” (1915 г.) с надписью “Стрекотунья-попрыга в лето красное не пела”:


Стрекотунья не поёт…

Отчего бы это?

Не резвится, слёзы льёт

В радужное лето.


Вот подружки чередой

Легче снов порхают

И о жизни молодой

Песни распевают.


А она стоит в тени,

Крылышки сложивши,

Опустивши глазки вниз,

Го лову склонивши.


Аль прохожий лиходей

Та к неосторожно

Крылья радужные ей

Повредил немножко?


Заблудилась ли она

В роще из цветочков,

Загляделась на клопа,

На цветных жучочков?


К ней подходит муравей,

Муж зело учёный,

Лекарь пресерьезный,

Стал и строго говорит,

Вид приняв прегордый:


«Кумушка, скажи ты мне,

Приняла ль микстуру, –

Что советовал тебе

Прописал что я тебе

От хандры, от дури?


Отчего ты всё стоишь,

Кислу скорчив мину,

Не порхаешь, а молчишь

И клянёшь судьбину?»


Раскричаться тут хотел

Муравей серьёзный,

Но, увы, он не успел,

Звук издал лишь грозный…


От волнения с очей

Стёклышки слетели!

Бедный,

          Бедный муравей!



Сшытак 4


Я займаюся самавыхаваннем


У аднаго з настаўнікаў местачковай народнай школы (а іх было двое), маладога хлопца, толькі скончыўшага настаўніцкую семінарыю, быў клапатлівы старэйшы брат, які служыў ва флоце на Чорным моры. Якую пасаду ён там займаў, не ведаю, але гэта быў развіты хлопец, харошы мастак. Ён вельмі любіў свайго малодшага брата і клапаціўся аб яго выхаванні. Ён набыў яму шмат папулярных выданняў па розных галінах веды. Гэта былі выданні Гімпера, Бракгаўза і Ефрона, Паўленкава і інш. Класікі сусветнай літаратуры пад рэд[акцыяй] праф[есара] С.А. Венгерава вялікага фармату, у прыгожых вокладках, са шматлікімі малюнкамі ў тэксце і на асобных лістках. Творы А.С. Пушкіна, М.Ю. Лермантава, Г. Байрана, У. Шэкспіра... Да мяне пачалі трапляць гэтыя кнігі. У той час мне пайшоў 13-ты год. Я захапілася Лермантавым і Шэкспірам. Мне цяпер самой дзіўна, чаму трагедыі Шэкспіра мяне так прыцягвалі. Яны ж не лёгка чыталіся. Знаёмства пачалося не толькі з малюнкаў. Увагу маю звярнула трагедыя “Рамэо і Джульета”, таму што гэта ж маё імя па-італьянску. І пачала я чытаць адну за другой хвалюючыя трагедыі вялікага майстра чалавечых душ.

У часе вакацый, калі я непатрэбна была матцы для якой-небудзь работы, яна мяне накіроўвала ў “прыроду” набірацца здароўя, або ў агарод палоць. З такімі цяжкімі кнігамі няёмка было куды-небудзь ісці, яшчэ папсуеш чужую кнігу. І я знайшла ўтульнае месца пад самаробнай канапкай, засланай посцілкаю з фальбонаю, якая даставала да падлогі. Канапа стаяла паблізу акна каля стала, было светла, і нікому не магло прыйсці ў галаву шукаць мяне тут. Толькі выпадак выкрыў маю таямніцу. І было многа кпінаў з маёй выдумкі.

Праз год пазней я пазнаёмілася з папулярна напісанай кнігай аб грэчаскіх філосафах. Сакрат, Эпікур, Арыстотэль, Дыаген. Не так лёгка мне было пераварыць гэту філасофію, хоць і ў папулярнай форме напісаную, але яна мяне зацікавіла. З Эпікурам і эпікурэйцамі я спрачалася, а вось стоікі мне падабаліся. І надумалася я папрабаваць выхаваць у сабе вытрымку, трываласць і волю. Падабаліся мне мужныя суровыя спартанцы, іх метады выхавання.

Трэба было ўзяцца за сябе. Пачынаць з драбніц. Я - ў садочку пад грушаю. Перад вачыма гэтая нялёгкая філасофія. Набрала я жменю сакавітых жаўтавата- зялёных, такіх спакуслівых слівак Ранклод (я іх вельмі любіла). Трэба асіліць раздзелы гэтай кніжкі, а слівы так і просяцца ў рот. Глытаю сліну, а сабе дала задание прачытаць і расказаць адгэтуль дагэтуль, і тады можна паласавацца. Каб яшчэ больш сябе раззадорыць, я нават здзіраю скуру са слівы. Нялёгка вытрымаць!

Вось да чаго могуць дадумацца саматужныя выхавацелі! Рабілася гэта ўпотай, сяброўкам - ані слова. У галаве іх іншыя думы, не зразумелі б, засмяялі б.

Трапіла мне ў рукі кніга “У 2000-тысячным годзе”, фантастычны раман невядомага аўтара. Я была ў захапленні. Шмат аб якіх цудах даведалася. Мяне ўразіла вопратка са шкляных валокнаў, якую будуць насіць людзі. Станеш у такой вопратцы на адпаведнае месца і трапіш пад нейкі асаблівы душ, які цябе абмые разам з тваім адзеннем. Але яшчэ большым дзівам здалося мне слуханне лекцый прафесара, які сядзіць у сваёй кватэры і чытае, а слухачы - у аўдыторыях далёка ад яго.

Ці думала я, што дажыву да большых цудаў, аб якіх аўтару гэтай фантазіі і ва сне не снілася? Гэтыя моманты засталіся ў маёй памяці, а што там гаварылася аб пабудове новага грамадства, засталося ў тумане.

Я стала шукаць іншыя кнігі на гэту тэму. Дзіўна, што ў той час абмінуў мяне Жуль Верн. А вось Кампанела з яго “Горадам сонца” і Мор з “Утопіяй” спаткаліся на маім шляху. Яны перада мною паставілі шмат пытанняў. Людзі ў такія далёкія ад нас часы марылі аб грамадстве, дзе не было б ні багатых, ні бедных, ні цароў, ні начальнікаў. Ці будзе калі-небудзь так? Якая гэта прыгожая мара! Але як яе ажыццявіць? Дзе тыя сілы? Ніхто не мог мне адказаць на гэта. Усякія крамольныя думкі заставаліся толькі ў маёй галаве, а я пераходзіла да іншых захапленняў.

У той час я пазнаёмілася з кнігамі Л. Талстога. Была гэта “Споведзь” ці “У чым мая вера?” не памятаю. Толькі мае рэлігійныя ўяўленні сталі на дыбкі. Я пакінула маліцца, хаця ў царкву прымушана была хадзіць, як і ўсе гімназісткі - ды яшчэ парамі. Потым ў мяне апынуўся Рэнан аб жыцці Хрыста (не без удзелу майго сябра настаўніка). Вось толькі з ім я і магла пагаварыць аб прачытаным. Але ён заўсёды выклікаў мяне на спрэчкі, а сам не вельмі стараўся выказаць свае погляды, не імкнуўся навязаць свае думкі.

У выпускным класе здарылася са мною нечаканая непрыемнасць. Гэта было ў пачатку навучальнага году. Сабралі праваслаўных у зал на малітву. Звычайна чыталі па малітвенніку. Але на гэты раз малітвеннік некуды падзеўся, і дырэктар выклікаў мяне. Я сказала, што адчуваю сябе дрэнна (гэта сапраўды было так) і не магу чытаць. Ён настояў. Я пачала чытаць “Отче наш” і... збілася, два разы пачынала і... выйшла. Скандал мог скончыцца дрэнна для мяне. Я была першай вучаніцай, адносіны настаўнікаў і нават дырэктара (а яго ўсе баяліся і дрыжэлі перад ім, тольга не я; мяне часта пасылалі да яго ў якасці дэлегата, каб уладзіць якое-небудзь непаразуменне) былі самыя найлепшыя. Бібілачка ды Бібілачка! Вось табе і раз!

Я зайшла ў куток і давай сябе экзаменаваць, ці сапраўды я забылася на гэтыя пацеры. Прачытала правільна. Цяпер я магла спакойна гаварыць са свяшчэннікам, які мяне выклікаў. Я сказала, што была ўсхвалёвана (сказала яму прычыну), і таму здарылася такая недарэчнасць. Ён мяне вылучаў сярод іншых вучаніц, бо часам я задавала пытанні, і называў мяне філосафам. Памятаю, папыталася я, як разумець “троичность” бога: бог айцец, бог сын і бог дух святы ў адной асобе, мне гэтага ніяк не ўцяміць. Ён адказаў прытчаю. Блажэнны Аўгустын хадзіў у роздуме па берагу мора і думаў аб гэтым пытанні. Убачыў дзіцёнка, які ракавінай пераліваў ваду з мора ў ямку. Папытаўся, што ён робіць. Той адказаў, што пералівае мора. Здзівіўся. “Вось так і ты розумам не поймешь “троичности” бога”, - адказаў хлопчык-ангел. Вось гэты свяшчэннік і ўладзіў справу.

Гімназія нядаўна заснавалася (гэта быў першы выпуск), і бібліятэкі там не было. Кнігі даставалі ў знаёмых і малазнаёмых. Трапіліся мне творы Ф. Дастаеўскага, якія я пачала глытаць. Дзіўнае ўражанне ён рабіў на мяне. Я ў думках спрачалася з ім часта, але ён зацягваў мяне. Цікава, што пасля гэтага юнацкага захаплення я праз гады не магла ўзяць у рукі яго твораў. Нават калі я ўбачыла на экране “Ідыёта”, які мне дужа спадабаўся, я не магла дачытаць узятай кнігі. Але лекцыі Н[естара]. Катлярэўскага пра Дастаеўскага на курсах слухала з цікавасцю.

Знаёмства з каралямі з лёгкай рукі Шэкспіра працягвала серыя “Тайны вен­ценосцев”. Іх многа было, гэтых не тоўстых, у мяккай вокладцы кніжак, відаць дадаткаў да нейкага часопіса. Атрымала дакладнае знаёмства з жонкамі і не жонкамі Генрыхаў, Людовікаў, рыцарскімі паводзінамі, здраднікамі, прыдворнымі інтрыгамі. Дасведчаныя ўводзіны ў сусветную гісторыю...

Мае сябры-хлапчукі захапляліся “сышчыкамі”, якія ў той час завалодалі сэрцамі юнакоў. Можна было назіраць такую карціну: на стале ляжыць задачнік або граматыка, чыстая старонка сшытка, а хлопец сядзіць, унурыўшыся ў невялічкую кніжачку ў каляровай вокладцы і глытае прыгоды чарговага выпуску “сышчыкаў”. Яны і мяне спакушалі, але душа мая не ляжала да забойстваў, крадзяжоў і іх выкрывальнікаў. Ці ж можна параўнаць гэта з таямніцамі каралеўскіх палацаў?

Праўда, захавалася ў памяці і кніга “Антон Крэчат” (не з гэтай серыі) пра разбойніка А. Савіцкага, які дзейнічаў недзе ў Магілёўшчыне. Ён нагадваў сваімі ўчынкамі “Дуброўскага” А. Пушкіна. Аб ім я потым знайшла матэрыял гістарычны ў час[опісе] “Историч[еский] вестник” (1911, № 12).

У дзяцінстве мне не трапляліся кнігі для дзяцей, абмінула мяне і Чарская. У народнай школе былі кнігі для чытання (Ушынскага, Тахцяровых) - і ўсё. І вось у 1919 - 1920 гг., калі я ўжо была настаўніцай, мой таварыш па школе, настаўнік З., прынёс мне вялікую пачку кніг для юнацтва. Гэта быў харошы падбор кніг, якія ён доўгі час збіраў: Брэт-Гарт, Джыаваніолі, Войніч і г.д. і г.д. Я прагна накінулася на гэтыя кнігі. Гэта былі змрочныя часы акупацыі, а кнігі - аддушына, праз якую павявала свежым паветрам.

А першая “вялікая” кніга, якая трапіла ў мае рукі, быў раман Сянкевіча “Агнём і мячом”. Я тады яшчэ не вучылася ў гімназіі. Стала я адольваць гэту кнігу. Бацькі хацелі яе схаваць, казалі, што я яшчэ малая і нічога не зразумею, але я ўпотай памаленьку чытала і чытала. Не ведаю, ці многа я прачытала, але некаторыя малюнкі і цяпер паўстаюць у маёй памяці. А вобразы Гелены, Скшэтускага, Заглобы і Валадыеўскага замянілі мне забаўкі і сяброў (гадавалася я адна). З імі я вяла бясконцыя выабражальныя размовы, і мне не было сумна.

У 8-м класе я пазнаёмілася з бібліятэчкай, якая захоўвалася ў фізічным кабінеце настаўніка-матэматыка. Там быў Караленка (“Сляпы музыкант”, “Гісторыя майго сучасніка” і інш.), Сцяпняк-Краўчынскі (“Штундыст Павел Рудэнка”, “Падпольная Расія”), іншых кніг не памятаю, але напрамак быў такі. Хочацца ўспомніць добрым словам гэтага настаўніка-арыгінала Канстанціна Хрысанфавіча Бабарыкіна. Яго добра скроеная фігура ў форменным сінім сурдуце з рукавом, а то і плячом, выпацканым мелам, лёгка і порстка ідзе з лекцыі па калідоры, накіроўваючыся ў свой кабінет, і направа і налева сыпле дасціпнымі жартамі вучаніцам, якія заўсёды круціліся каля яго. “Не выдайце быка за індыка!” Яго любімая прыгаворка. Возьме, бывала, праекцыйны фанар з дыяпазітывамі і ідзе на акраіны горада або ў вясковыя школы: “[Духа] не угощайте!”


Сшытак 5


Поразава


Шкада, што не нарадзіўся сярод паразоўцаў які-небудзь значны талент, каб напісаць пра мінулае нешта накшталт хронікі: ні Коласа, ні Мележа, а ма­тэрыял цікавы. Мястэчка. Неўрадлівыя шнуры зямлі. У ваколіцах ганчарная гліна і мел. Той цягне на кірмаш галачкі мелу, той воз гаршкоў, каб зарабіць якую капейку. А моладзь едзе ў свет шукаць лепшай долі. Колькі пераехала ў Амерыку! Успамінаецца А. Паплаўскі. Прыяжджаў ён з жонкаю. Яму якраз пашчасціла знайсці работу і ўсталявацца. Нават матку клікалі ехаць з імі... Гарбоўскі трапіў у Пецярбург, захавалася аткрытка, з якой відаць, што працаваў на фабрыцы “Лаферм”. Бачылася з ім, калі была на курсах у 1915-1916 гг. Але што пералічаць іншых?

Мой дзядзька, мамін брат. Вельмі здольны. Скончыў не то “уездное”, не то “городское” вучылішча, а прылажыць рукі не да чаго было. На гаспадарцы круцілася бабка з дочкамі, дзед працаваў у лясніцтве ў Белавежскай пушчы. А скончыў ён Свіслацкую гімназію. Мяне цікавіць, як гэта магло здарыцца, але, нажаль, цяпер няма каму на гэта адказаць. І пайшоў дзядзька “ў свет”. Ён вельмі добра маляваў, хацеў трапіць у мастацкае вучылішча. У Кракаве асеў нейкі паразовец, і дзядзька накіраваўся да яго, але з гэтага нічога не выйшла. Паехаў на Урал, потым трапіў у Сярэднюю Азію (Байрам-Алі, Мургаб). Перад вайной асталяваўся ў Курлаве на шклозаводзе Мальцава, потым на Каўказе (“Дагестанскія агні”) і ў Владзікаўказе (Орджонікідзе). Перабраў, відаць, немала прафесій, пакуль не стаў спецыялістам па шклу. І ўвесь час ён марыў зарабіць грошай, каб вярнуцца ды бабіну хаціну падправіць. Успамінаецца, што напісаў, каб чакалі яго, ён едзе з Урала, дзе ўдалося адшукаць паклады нейкага мінерала. Мы чакалі, а ён так і не прыехаў, бо ў дарозе ўкралі ўсе яго грошы (відаць, іх было не мала).


Апынуўшыся на беразе Волгі, далёка ад родных карэнняў, вечарамі пры рабоце часта матка ўспамінала родныя мясціны, свае маладыя гады перад вайною. Яна неяк было мне гаварыла пра сваё сваяцтва з Кал[іноўскім], я накрэмзала нейкую “формулу”, у якой прабую разабрацца. Шкада, што гэта нейкія іерогліфы.

Дзед Кароль нарадзіўся 25 студзеня 1820 г.

Бабка Эмілія 27 жніўня 1835 г.

Пажаніліся 22 лістапада 1853 г.

Бацька (маткі, дзед Юліі - Т.К.), яго брат жанаты з сястрой Каліноўскага.


Насельніцтва мястэчка Поразава: яўрэі - саматужнікі і гандляры - і беларусы. Побач з бабаю жыў саматужнік, які фарбаваў пражу для вясковых ткачых. Праз плот сада можна было бачыць розных колераў маткі, развешаныя на дручках для прасушкі. У цэнтры мястэчка былі крамы больш заможных гандляроў, дзе можна было набыць крамніну і абутак. Тавар прывозілі з Ваўкавыска і нават з Беластока. Аб такой падзеі паведамлялася пад сакрэтам і запэўнялася, што тавар - гэта нешта незвычайнае: “Толькі для вас”. Неяк мне перапалі парадныя туфлі з матчынай нагі беластоцкага вырабу. Тэкстыльная крама знаходзілася недалёка ад воласці. Можна было наглядаць цікавыя сцэнкі. Вось з крамы выходзяць мужчына і жанчына. Па адзежы відаць, што з вёскі. Гандлярка дорага просіць за тавар, з ёю таргаваліся, яна не ўступае, але і траціць не хоча купца. Выбягае з крамы і крычыць: “Ну, куды жвы пайшлі? Вярнецеся! А якая ваша цана? Давайце памяркуемся!” Варочаюцца і “мяркуюцца”.

Шмат было маленькіх крамак з рознастайным асартыментам тавараў: цукар, газа, цвікі, табака.

У завулках жылі пекары. Бабка мяне часта пасылала па абаранкі ці куханы “з пылу з жару”. У печы з аднаго боку гарыць агонь, з другога - чыгун з варам. Гатовыя абаранкі на доўгай вузкай дошцы - бух у чыгун з вадою. Нейкія яшчэ магічныя рухі, і ў мяне ў руках гатовая прадукцыя. А ў хаце - верхал, падлога брудная, пасцель раскідана, смаркатыя дзеці чапляюцца за матчын прыпол. Якая там санітарыя! Абаранкі звычайныя і на “яйках”, куханы - круглыя, пляскатыя, пасыпаны цыбуляй і макам. Можна было іх набыць у разносчыцы Хасі, якая з вялікім кашом абыходзіла сваю “парафію”. Выгляд яе неахайны: брудная паркалёвая ў шырокіх фалдах спадніца з абрынданым прыполам і фартухам, невыразнага колеру хустка пакрывала нячэсаныя валасы. Маткі саромелі сваіх дзяўчат: “Прыбярэцеся, ходзіце як Хася”.

Паразоўцы... Гэта не проста мяшчане або сяляне. Яны лічылі сябе блізка што за паноў, бо ўсіх вясковых называлі мужыкамі, хамуламі. Насельніцтва не было пад прыгонам. Вось і заганарыліся нашчадкі, нават, матка казала, хадакі ездзілі ў Пецярбург здабываць нейкія свае правы, але варочаліся з парожнімі кішэнямі.

Апроч гонару, нічым не адрозніваліся ад іншых. Мелі вузкія палоскі малаўрадлівай зямлі, падраблялі ганчарствам. Маладыя ехалі ў свет шукаць работы. Колькі ў Амерыку паехала! Бедавалі там, рэдка каму ўдалося стаць на ногі. Аднаго такога я памятаю. Антось Паплаўскі. Ён ажаніўся з “амерыканкаю”, набыў дом, прыязджалі яны з жонкай ў мястэчка і нават матку заахвочвалі ехаць у Амерыку. Яна так добра шыла і вышывала, а ў індустрыяльнай краіне такія работы дорага каштуюць, але матка, хаця і не мела ніякіх перспектыў на бацькаўшчыне, не паквапілася на амерыканскія даброты.

Каб паглядзець, як працуюць ганчары, не трэба было далёка хадзіць, толькі перайсці дарогу. Дзядзька ў зрэбных нагавіцах і кашулі, завязанай жычкай каля каўняра, падкасаўшы рукавы, мясіў гліну як цеста. Вельмі ўважліва прыглядаўся і выбіраў самыя дробныя каменьчыкі. Кавал гліны для гаршка ці збанка клаў на дзеравянны кружок, які жалезным прутком злучаўся з другім, большым, і пачынаў гэты апошні круціць нагамі, а рукамі, намачыўшы, прыдаваў гліне патрэбную форму.

Дзе-небудзь на агародзе, далёка ад будынкаў, у выкапанай глыбокай і шырокай яме рабілася печ для апальвання гаршкоў. Калі яны вымаліся з печы, надаваўся ім глянец краменнымі круглячкамі. Добрыя гаршкі, збаны, гладышы і глечыкі выраблялі паразоўцы. Яны вазілі іх на продаж у Ваўкавыск і іншыя мястэчкі.

Няньчыла мяне бабуля. Але з ёю не так было цікава, як з суседкаю Альжбэтаю. Я называла яе Зена. Прыйдзе, бывала, пагоцае мяне, сілком напоіць малаком, - яго я не любіла, а прасіла бульбы і селядца. Калі вынікала патрэба, пашэпча ад злога вока, або ад перапалаху, прычым не абходзілася бяз нейкіх магічных знакаў (усё гэта ўпотай ад маткі). Раскажа і пра сароку-варону, што кашку варыла і дзяцей карміла, а дармаеду не дала, пра ката-варката, пра гусей, што ляцелі з далёкага краю і селі на варотах у чырвоных ботах, пра буслоў, якія глытаюць гадаў на балотах, а часам наведваюць капусьнікі і знаходзяць там малых. Вунь і Агаце падкінулі яны малога. Чаго яна толькі не ведае! Усе местачковыя навіны. Перакінуцца часам з бабаю словам і пра бацькоў: тое ў іх не так, гэта трэба рабіць інакш. (Жылі яны ў той час не разам, а ў другім канцы мястэчка). А бацькі вырашылі, што ўжо ім пара ўзяцца за выхаванне дачкі. Відаць пытанне было далікатнае, бо ў якасці паўнамоцнага пасла накіравалі вельмі паважанага чалавека, акцызнага супрацоўніка, добрага знаёмага. (Бацька ў той час працаваў у манапольцы “сядзельцам”). Я апынулася на руках у дзядзькі і што моцы загаласіла. Ён нёс мяне праз мястэчка. Я выкручвалася і крычала: “Да бабы! Да бабы!” Так было цёпленька і ўтульна ў бабіным запечку, на мяккай пярынцы! Не скора мяне адпусцілі да бабы. Неўзабаве мы пераехалі ў сяло. Прывозіць да бабулі мяне пачалі, калі я падрасла. Гэта бывала ўлетку. У бабы быў сад, у суседзяў - шмат дзяцей.

Калі я перайшла ў 3 клас гімназіі, бацька пераехаў зноў у мястэчка на пасаду валаснога пісара.

Бабка мая мела цвёрды, уладны характар. Лічылі яе разумнай кабетай, і за парадамі да яе прыходзілі местачкоўцы, асабліва калі справы былі грамадскія. Яна любіла пагаварыць і пачаставаць. “Мае вы міленькія”, - звычайна пачынала яна гаворку. Матка скардзілася на яе характар, і адносіны іх не заўсёды былі добрыя. Затое мой бацька ўмеў да яе падыйсці часам з жартам, часам з чаркай, а яна любіла яго, як роднага сына.

Яна родам была не з мястэчка, а дзед быў местачковы. Сваякі жылі побач, і старэнькага дзядулю ў белай зрэбнай вопратцы і яго бабулю з тоўстай шыяй (у яе была базедава хвароба) мне наказвалі называць дзедам і бабай і ў руку цалаваць. Яны мелі шнур неўрадлівай зямлі, падраблялі продажам мелу ў кірмашовыя дні (у ваколіцах мястэчка яго многа, як і гліны, харошага гатунку). Як сталася, што дзед мой атрымаў асвету ў Свіслацкай гімназіі, як казала матка, не ведаю. Працаваў ён у пушчы ў канцылярыі лясніцтва і кожную суботу прыходзіў дадому, а ў панядзелак ішоў на работу. Бабуля мне паказвала яго фатаграфію ў групе леснікоў і працаўнікоў лясніцтва.

Дзед пабудаваў дом па свайму плану, ён адрозніваўся ад суседніх хат. Ад вуліцы было два невялікіх пакойчыкі - адзін большы, другі меньшы, за імі маленькая кухня з пліткаю. У гэтых пакоях жыў некалі доктар, калі мястэчка разжылося на яго. З сяней налева кухня з бакоўкаю, дзе стаяў бабін ложак і камода. Шмат месца займала печ, дзе сушылася жыта і можна было добра пагрэцца. Акенца ў садок. З кухні дзверы ў два пакойчыкі з асобным выхадам на двор. Некалі жылі тут бацькі, і тут я нарадзілася. За маёй памяццю дзверы з кухні застаўляліся, а ў пакоях жыла яўрэйская сям’я.

Дзед пасадзіў сад, які быў невялічкі, але каштоўны. Рэдкія прышчэпы дзед даставаў, дзе толькі яму ўдавалася: у аматараў, у маёнтках, выпісваў аднекуль. Шмат папрацавалі дзеці, пакуль ён падгадаваўся, трэба было паліваць, угнойваць. Надта харошыя былі грушы: жоўценькія аўсянкі, сакавітыя зялёныя тапалёўкі, ружовабокія банкрэты, смалянкі з пахам хвоі, вялікія, але нязграбныя бабы і яшчэ нейкія зімовыя - малыя, пакрытыя рудаватай лускою. Іх здымалі з дрэва, калі пачыналіся халады. Ляжалі яны доўга дзе-небудзь у склепе і рабіліся як масла, таялі ў роце.

Былі і яблыні: нейкія ружовыя, дробныя кітайкі і празрысты наліў. Раслі вішні, слівы рэнклод.

Калі сад у квецені, здаецца, не выйшаў бы адтуль. Вось зацвітае сліва, затым вішня, у розны час грушы, яблыні. Які пах! А музыка! Прыслухайся! Працавіта гудуць пчолы, бзыкае асва, цяжкі камячок - чмель - у чорна-жоўтым кажушку басавіта падае голас. Вось у такой млечнай белі стаяў сад, калі памёр мой бацька. Я зайшла ў квітнеючы сад і, прытуліўшыся да яблыні, вылівала сваё гора. Адламала пахучую галінку і палажыла ў труну, як апошняе прывітанне вясны. Ён так любіў кветкі!

1910 год. Хавалі бацьку ў “правадную” нядзелю (праз тыдзень пасля вялікадня). Людзей было шмат за гробам. Шкадавалі мяне - сіраціну.

Перад бабінай хатаю ад вуліцы рос каштан, магутны, разгалісты. Ён схіляў сваё вецце над дахам, а верхавіна яго купалася ў блакіце неба.

Хто яго пасадіў? Дзед? А можа дзедаў дзед? Зялёныя круглячкі з іголачкамі (ну, нібы ў вожыка, толькі мяккія) падалі на зямлю, раскрываліся і адтуль выглядалі, як памазаныя лакам, карычневыя з белай лысінай каштаны. Так добра было з імі гуляць! Дзятва падбірала іх на вуліцы. Але часам здараліся налёты ўрвісаў- разбуральнікаў. Яны з нейкай дзікай асалодай шпурлялі ў дрэва каменні, калы. Лісты і галіны ўкрывалі зямлю. Я не магла сцярпець такой знявагі. Падхапіўшы які-небудзь дубец, бегла бараніць дрэва. І пачыналася слоўная перапалка.

- Абармоты, гіцлі, нашто псуеце дрэва? Вось скажу бабулі...

Бабулі вельмі баяліся, яна ім можа даць дыхту.

Хлопцы адбягалі, дражніліся, высалаплівалі языкі. Хто-небудзь з дарослых адганяў іх. А яны крычалі:

- Юлька-кулька! Юлька-кулька!

Праз 55 гадоў (у 1968 г.) зноў я сустрэлася з роднай мясцінай. Не на “балаголе” ехала з Ваўкавыска, а на аўтобусе. Еду па Гарнастаевіцкай вуліцы і шукаю “Горкі” і любага каштана, пра якога не раз сніла. Зеляніны ўсюды шмат. Прысады і сады, але каштана няма, і “горка” паменшала. У вайну гэта частка мястэчка выгарэла, і бабінага дома няма. Пабудова на месцы яго новая, казалі, што Севашэвіча нашчадкі. З ім мелі справу бацькі, ён у бабы жыў. На “горцы” пажарнікі ўсталяваліся.

Уваход у хату быў збоку, не з вуліцы. Насупраць стаяў свіранак, дзе хаваліся розныя прыпасы. Там стаялі маглі, на якіх качалі памытую бялізну. Я больш нідзе не бачыла такога “збудавання”, і хочацца яго апісаць. Гэта доўгі, гладкі стол;

на двух канцах яго ляжалі на шырыню стала валкі (качалкі), на якія закручвалі бялізну, а зверху скрыня з цяжкімі каменнямі. Станавіліся двое на абодвых канцах стала і соўвалі гэту скрынку ўзад і ўперад. Бялізна, асабліва кужэльная, рабілася вельмі гладкай, лепш, ніж прасаваная.

Як мне часам хацелася пакатацца на маглях, але не дазвалялі.

Каля свіранка з левага боку раслі нейкія заморскія дрэвы з мяккімі стаўбунаватымі шышкамі вішнёвага колеру, казалі, што гэта - воцатнае дрэва. Вялікія яго лісты хіліліся на дах студні. З другога боку свірна раслі высокія дзедавы явары.

У бабулі не было ні жорнаў, ні ступы, у якой таўклі панцак. Калі трэба было, ішлі да суседзяў. Жорны звычайна ставіліся ў сенцах - жыта падсушвалі на печы, тады ўсыпалі яго патроху ў жорны і малолі: мука высыпалася праз невялікую адтуліну. Пакуль да таго млына даедзеш! А ступа была высокая, дзеравянная і таўкач таксама. Відаць, у такіх ступах ведзьмы на Лысую гару ездзілі. Разапрэлы ячмень усыпалі ў ступу і таўкачом - тук, тук!.. Глухія рытмічныя ўдары...

Бабуля ведае, што ўнучка любіць слівы. Якой бабулі не хочацца зрабіць прыемнае сваёй унучцы, асабліва калі яна адна ў яе? Наварыла яна цэленькіх слівак, замест костачкі ўклала мігдаловыя зерняткі. Восень і зіму яны чакалі ўнучку - смашненькія, салодзенькія. Стаяць яны ў шафе ў сенцах. Слоік вялікі, наліваны. Унучка часта заглядала туды. Вось яна адчыняе шафу - каля слоіка сядзіць вялікая мыш з доўгім хвастом і пазірае чорнымі гузічкамі. Спрытны рух - і хвост у руках дзяўчынкі. Ага, трапіла! Не лезь, куды не трэба! “Мыш” выкручваецца, дзяўчынка круціць хвост. Выйшла бабуля - абамлела. “Кідай скарэй! Скарэй!” Вынесла я на двор, кінула, а “мыш” на сцяну палезла. Гэта быў шчур. Колькі было гаворкі ў бабкі з суседкамі аб гэтым незвычайным здарэнні: “Бач, якая адважная!” Падумаеш, вялікая мацыя - мыш злавіць! І чаго яны так расквакталіся?

Горка. Па тагачасных маіх маштабах яна здавалася мне высокай, узвышалася праз пару хат ад бабінай. На горцы змяшчалася дзеравянная уніяцкая царква, абгароджаная парканам. Яна патанула ў зеляніне дрэваў і бэзу. Вароты былі заўсёды зачынены. Перад гэтымі варотамі было шмат месца для нашых дзіцячых гульняў. Матка расказвала пра ўніяцкага папа, якога называлі Магдуляй. Калі прывозілі хрысціць дзяцей, то ён часцей даваў дзяўчатам імя Магдуля, хаця бацькі прасілі запісаць іншае імя. Гаварыў па-беларуску: “О, тож будзе не Дарка, а Магдуля!”

Вечарэе. Павольнай хадою прайшлі каровы, замітусіліся авечкі, падымаючы пыл. Іх пераймаюць гаспадыні. А малыя дзяўчаты збіраюцца на горцы. І пачынаюцца гульні ў пікара, у свінню, у даганялкі, у чорнага ворана. Вясёлыя галасы доўга не моўкнуць. Ужо паступова гасне чырвань захаду, загараецца светлая зорка. Ужо не раз клікала матка сваю Гандзю: “Гандзя-а-а! Ідзі да хаты! Чуеш? Глядзі, вазьму папругу!...” Змораная, варочаюся да дому. Бабка кладзецца рана, але яна не спіць. Я стараюся паціхеньку адчыняць дзверы. “Вазьмі там, у пячурцы, цыкорый з куханам”, - кажа яна. Як гэта смашна!

У чэрвені месяцы (14-га ст. ст.) адбываўся ў мястэчку фэст - святога Антонія - у царкве і касцёле. Наязджала шмат народу. Перад святам пыл курэў на вуліцах, мы старанна падмяталі, падчышчалі, заглядалі на сметнікі. К гэтаму часу ў садочку расцвітаў вялікі куст пахучых ружаў і язьмін. Букеты кветак з’яўляліся на сталах. Да бабулі прыязджалі знаёмыя і далёкія сваякі з хутароў і засценкаў.

Калі прыязджала шляхта, польшчылі з усімі асаблівасцямі беларускай гаворкі. Пачыналася: “Niech b^dzie pochwalony!...” “Як маецеся? Ці высока скачаце? ^к zdгowlе?” І пайшло. За чаркаю: “Abysmy zdrowi byli i kapeluszem wodka pili”. Які- небудзь светлавусы дзядзька вухне такую прыпеўку, што хадзі хата, хадзі печ.

Вось адна пара - сваякі славутых гогалеўскіх тыпаў Пульхерыі Іванаўны і Афанасія Іванавіча. Мама расказвала, што гэта цётка (Палуянская) мела згрызоту: свайго сына Караля не хацела аддаваць “у навуку”, ад якой дабра няма чаго чакаць. Вось Костусь (Каліноўскі) быў такі разумны, а навука на шыбеніцу яго прывяла. Няхай лепей Караль нявучаным будзе. Успамінаючы Костуся, яна заўсёды плакала, была нейкай сваячкай Каліноўскага.

Аб паўстанні 1863 г. не гаварылі поўным голасам, але ў бабіных словах заўсёды было спачуванне да паўстанцаў і варожыя адносіны да “вешацеля” і “маскалёў”. Я спаткалася з адваротным бокам гісторыі, якая апісвалася ў кнігах Ілавайскага ці Турцэвіча. Не ўспомніш цяпер усяго, што давялося чуць, але ў душы панаваў смутак.

Калі хадзілі па ягады ці грыбы ў лясок, бачылі раскіданыя каля дарогі каменні - гэта магілы паўстанцаў. Пра іх бабуля расказвала, але я нічога не захавала ў сваёй памяці.

Матка мая была добра пісьменная і чытала і пісала па-руску і па-польску. Нарадзілася ў 1867 г. Дзе і як яна вучылася, не ведаю. Мабыць, у пакрыёмых школах. Дзед выпісваў папулярныя часопісы з літаратурнымі дадаткамі. Я яшчэ памятаю цэлы куфэрак розных кніжак, ён захаваўся ў бабулінай хаце. Чытала матка многа, часта ўпотай ад бабулі, бо тая сварылася з ёю за чытанне да глыбокай ночы. Вельмі любіла Лермантава, на дзевятым дзясятку чытала на памяць яго вершы, урыўкі з “Дэмана”. Народалюбца Кандратовіч-Сыракомля і Шаўчэнка таксама былі яе любімымі пісьменнікамі, а пазней і Я. Купала. Чытала ў арыгінале.

Яна мне расказвала, што ў сям’і местачковага аптэкара яна была як свая ў юнацкія гады, яе навучылі разбірацца ў лацінскіх назвах розных лекаў. Яна вельмі хацела вучыцца, але ў тыя часы гэта было немагчыма.

Свежасць успрымання і мастацкі густ яна захавала да глыбокай старасці. Калі яна пахваліць якую-небудзь кнігу, можаш не сумнявацца, што кніжка вартая ўвагі.

Была яна майстрам на ўсе рукі: і шыць, і вышываць, і зварыць, нават і нарысаваць. Ніколі не сядзела без работы, усё нешта перашывае, перакройвае. І ўжо калі зробіць, то ёсць на што паглядзець: і акуратна, і прыгожа, а па швах не распорацца, пакуль не парвецца. Бывалі ў нас вельмі цяжкія хвіліны, але яна ніколі не траціла галавы. Вялікая сіла духу была ў маёй матулі. Я ўдзячна ёй за тое, што з ранніх гадоў навучыла мяне не баяцца ніякай работы. Яе прымаўка “Дай, божа, усё ўмець і не ўсё рабіць” запала мне ў душу.

Матка вяла барацьбу з маім, як яна называла, “д’ябальскім упорам”. Сапраўды, я была вельмі ўпартай, але часам гэта была не бяздумная дзіцячая ўпартасць, а настойлівасць. Адносіны палепшыліся, калі матка пачала адрозніваць неразумную ўпартасць ад настойлівасці. Усім маткам хочацца, каб дзеці былі падобны да створаных іх выабражэннем ідэалаў. Са мною было цяжкавата, у мяне былі свае меркаванні.

У характары маім была яшчэ рыса, якая таксама выклікала канфлікты (гутарка будзе не аб раннім дзіцячым узросце). Калі я лічыла, што рабіць што-небудзь нерацыянальна ці негігіенічна або, паводле маіх меркаванняў, непрыгожа, то ніякія спасылкі на моду, на тое, што ўсе так робяць, мяне не стрымлівалі. Хацелася рабіць наадварот. У старэйшых класах на ўроках ручных работ нас навучалі зашываць пласцінкі для гарсэтаў. Тады была мода на тонкія таліі, усе настаўніцы хадзілі з перацянутымі таліямі, вучаніцы таксама пачалі браць з іх прыклад. Я абвясціла барацьбу гарсэтам і не насіла. Казала, што ў Эладзе не знявечвалі сваё цела, а якія там былі прыгажуні. Французскае “pour etre belle, il faut souffrir” - не для мяне.

Я лічыла, што нагу не трэба сціскаць і насіла абутак большы, чым трэба. На жаль, гэта справіла мне немалы клопат: нага слізгалася, і ў мяне ўтварыліся мазалі.

Бацьку я дужа любіла, і смерць яго я вельмі балюча і многа гадоў перажывала. Сярэдняга росту, цёмныя валасы вожыкам, заўсёды ён іх часаў шчоткаю. Блакітныя вочы, якія лагодна свяціліся з пад насупленых чорных броваў, папярэчная зморшчка сцягвала іх. Гарманічныя рысы твару, мяккія вусы. Бацька быў прыгожы, і дзяўчаты заглядаліся на яго. Адкуль такое спалучэнне цёмных валасоў і светлых вачэй? Мне цікава даведацца, але дзеда толькі раз бачыла і не памятаю яго выгляду. Ён быў прыгонным у нейкага пана, меў многа сыноў, якія памерлі ад сухот (словы маткі), як і мой бацька. Быў ён добры, вясёлы, жаданы госць на сямейных сялянскіх урачыстасцях - вяселлі, хрысцінах. І патанцуе, і пажартуе, і насмяшыць, і вып’е. Паважалі яго сяляне. Калі яго хавалі, а гэта прыпала на нядзелю пасля Вялікадня, уся “воласць” яго праводзіла на могілкі і шкадавала.


Святы! Колькі іх было! І рэлігійных і “царскіх” дзён! “Царскія” - гэта дні нараджэння, імянін цароў і царат. Я падлічыла па старому календару, колькі было свят ў годзе. Апроч нядзель, - 36 рэлігійных і “табельных” царскіх, а ўсяго 36 + 52! Праўда “табельныя” - гэта толькі “неприсутственные”.

У памяці захаваліся Каляды і Вялікдзень. На Каляды, 24 снежня, зрання ў хаце поўна было чаду - гэта смажыліся на алеі для традыцыйнай вячэры “ушкі” з грыбамі, загорнутымі ў цеста. Гатавалася шмат усякіх посных страў: сечаны селядзец з бульбаю і цыбуляю, рыба, квасок з грыбоў, кісель журавінны і аўсяны, кампот, лазанкі з цеста, куцця з панцаку. Для лазанкі і куцці трэба было церці мак у макотры, адцадзіць малако, а гушчу насыціць мёдам і перамяшаць з лазанкамі і куццёй. Вячэра-куцця пачыналася, калі на захадзе зьяўлялася яркая зорачка. Пад настольнік падсцілалася сена. Як гэта было цікава! Ніякіх псалмаў не спявалі, не чыталі евангелля. На куццю запрашаліся адзінокія асобы, каб яны ў сямейнай абстаноўцы правялі гэты вечар.

На Каляды да Шчодрыка хадзілі калядоўшчыкі. Насілі на палцы вялікую звязду, абклееную папераю, у сярэдзіне гарэла свечка. Пакручваючы звязду, спявалі нейкую царкоўную песню, а пасля пачыналася самадзейнасць: танцаваў мядзведзь у вывер­нутым кажуху, скакала каза, журавель, нейкія пачвары, спяваліся прыпеўкі. Пажадаўшы гаспадарам шчасця і атрымаўшы “дары”, калядоўшчыкі ішлі да іншых хат.

Мне давялося бачыць батлейку, толькі ці было гэта на Каляды, ці ў іншыя дні - не помню. Батлейшчык паказаў яслі з народжаным Хрыстом, разыграў некалькі інтэрмедый. Не помню таксама ці паказваў “Цара Максімільяна”, яго я бачыла ў выкананні хлопцаў з вёскі, якія з жарам дэклямавалі і махалі “шабляю” (гэта было на Бабруйшчыне).

Дзяўчаты варажылі і лілі воск, волава, палілі паперу, пад вокнамі слухалі, трывожылі соннага пеўня.

Дзяды-сіноптыкі па вядомых ім прыкметах судзілі аб ураджаі. Іней касматы - будзе ўраджай. Зоры на небе таксама аб нечым варожаць. Увосень адзначаліся “дзяды”, але я пра іх ведаю толькі па апавяданнях. “Не заўсяды, як на дзяды” - не раз чула такую прымаўку.

Вялікдзень - свята вясны. Гэта самае “смашнае” свята. Чаго толькі не навыпякаюць рупныя гаспадыні, калі ёсць з чаго. У местачковай інтэлігенцыі ставяць пры сцяне стол, засланы доўгім настольнікам. Мазуркі розных сартоў - мачоныя, цыганскія, каралеўскія і г.д., бабы, лёгкія, як ветрык, торт, прыгожа ўбраны, баумкухен - высокі, як пень з шышкамі; шынка, парася... Стол уквечаны зелянінай, вазонамі. І званы, званы ўсе дні, аж паветра гудзіць...


Ад мястэчка да горада Ваўкавыска лічылася 22 вярсты, цяжка сказаць з гакам ці без гака. Хто яго мерыў? Дарога цяжкая - пясок. Найскарэй можна было даехаць з поштаю; вазок лёгкі, конь, хоць не рысак, але няблага цягне. У халодную пару для паслуг быў балагола з будою ці без буды - як часам, тут не так акалееш, як з поштаю. О, балагола! З мястэчка едзе з пасажырамі і з парожнімі бочкамі, якія падаюць аб сабе голас у дарозе, назад - з пасажырамі і паклажаю: газа, алей, селядцы, соль; бочкі голас трацяць, затое паклажа месца просіць. З мястэчка выязджаем або позна ўвечары, або золкам, з горада - пад вечар, калі ўсе даручэнні і гешэфты закончаны. Конік цягне паволі, пагойдваешся, як у калысцы, дрэмлеш. Звесіў галаву і Янкель. Конь адчуў, што гаспадар страціў да яго цікавасць, стаў і ўздыхае. Нарэшце Янкель прачнуўся, падняў пугу. “Фор, фор! Каб цябе ваўкі! - Уй, што гэта за конь? Не конь, а зараза!” Гэта зараза шмат разоў за дарогу прыпыняецца, і “фор” яе не палохае.

Яшчэ адзін адменны від транспарту. Прывёз дзядзька воз гаршкоў на кірмаш, варочаецца паражняком. Матка папрасіла забраць мяне. Да вакацый яшчэ дні два- тры засталося. Што рабіць? Бягу да дырэктара прасіць. Ён строгі, яго ўсе баяліся. Ці адпусціць? Ура! Дадому! Доўгія драбіны поўны саломы, мякка, утульна, дзядзь­ка яшчэ клапатліва гунькаю прыкрые, ведае, што не міне яго добры пачастунак.


Па бязмежнаму полю плыве камбайн, побач з ім машына, за ім астаецца зжатае поле і вымалачаная салома. Колькі дзён патрэбна было б жняі з сярпом, каб зжаць палетак, што адолеў камбайн за адзін дзень?

У маіх дзіцячых успамінах устаюць палі з жанцамі на вузкіх загонах. Белыя і пярэстыя хустачкі, завязаныя канцамі ззаду, ныраюць у жытнім моры. Серп - жах! Жах! Поўная жменя каласоў, спрытна падхопленая сярпом, зграбны рух жняі - і вось яны ўжо кладуцца на ржышча, па іх - іншыя жмені. Застаецца толькі скручаным перавяслам звязаць - і будзе сноп.

Цяжкая работа - жніво! Ад рання да змроку пагнуць спіну! Спёка. А пад снапамі ў слабым цяньку кугікаюць малыя. Машыны-жняяркі былі толькі ў маёнтках, на шырокім полі: там яны маглі разгарнуцца. Як крыламі махаюць яны граблямі, пара коней ідзе павольным крокам. Чарада жанчын скручвае перавяслы і вяжа снапы. А далей ужо носяць снапы і ставяць іх у “мэндлікі”, у “бабкі” і накрываюць зверху снапом каласамі ўніз.

У нас не было зямлі, бацька ўжо выйшаў у “паны” і жыў на заробак. Але мяне цягнула да сельскагаспадарчых работ, хацелася навучыцца ўсё рабіць - у гародзе, у полі. Вось толькі да жывёлы ніяк не цягнула. Бабка заўсёды казала: “Дай, божа, усё ўмець і не ўсё рабіць”. Я з ахвотаю корпалася ў бабіным капусніку ці ў нашым гародчыку, садзіла кветкі. Бегала ў жніво да суседак і памагала ім жаць. Яны мяне вучылі, як серп трымаць, як асцерагацца, каб не парэзаць пальцаў. І не ўсцераглася: парэзала мізінчык, нават і дагэтуль знак застаўся. Забегалі жанкі, прынеслі бутэльку з “бальзамам” (гэта пупышкі бальзамічнай таполі, духмяныя, клейкія, настоеныя на гарэлцы).

Не ведаю на чыёй зямлі і на якіх умовах пасеяна была палоска жыта для нас, каб з хлебам былі (бацька ўжо памёр). Я матцы сказала, што сажну жыта з Гандзяй, дзяўчынай, трохі старэйшай за мяне, нейкай нават сваячкай і блізкай суседкай. Усталі мы спазаранку, узялі з сабой полудзень і пайшлі на поле. За працу ўзяліся шчыра, жалі навыперадкі. Рабілася горача, сонца падымалася вышэй і вышэй, і пачало добра прыпекаць. На небе ні аблачынкі, ні ветрыка. Залатая, высокая сцяна жыта стаіць нерухома, цяжкія каласы згінаюць сцяблы. Рухі нашы робяцца ўсё павальнейшымі, часцей бегаем да збанкоў з пітвом. Нагінаешся - і няма чым дыхаць. Не заўважылі, як з-за лесу насунулася хмара, загуркатаў гром. Так вось чаму так парыла! Пот капаў з кожнага валаска на зямлю, за каўнер. Страшнавата стала, але куды дзенешся? Дамоў не пабяжыш. Паставілі бабку снапоў, ушыліліся і перачакалі навальніцу. Людзей паблізу не было. Назаўтра я ледзь паднялася - так балела спіна, і рукі былі нібы чужыя, але ісці трэба, нельга адступіцца. Цяжка было жаць, аднак неяк уцягнулася, і праз некалькі дзён мы скончылі жніво. Я вельмі ганарылася сваёй работай.

Самая прыемная работа на сенажаці. Сена мурожнае такое духмянае! Па макраватаму лугу добра ступаць у ліпавых лапцях.


Сшытак 6


Свянціца


- Пісаць?

- Пісаць!

Не таму, што мая асоба так цікава, так вызначаецца сярод іншых якімі-небудзь якасцямі і заслугоўвае асаблівай увагі. Не. Гэта пясчынка ў людскім моры. Праўда, калі прыглядзецца, то і пясчынкі адрозніваюцца чым-небудзь адна ад другой, але вецер іх гоніць у пажаданым для яго напрамку, не разбіраючы, і раскідае ў розныя бакі.

А ветры нашай эпохі буйныя, уладарныя. А пясчынкі падымаліся з розных глыбінь. А шляхі, па якіх кідала іх, завілыя, і лёс кожнай адменны. Шмат усялякіх уплываў у спалучэнні з асаблівасцямі характару кіравала гэтым лёсам.

Колькі мне гадоў было, калі бацька атрымаў пасаду валаснога пісара ў сяле Свянціца? Думаю, не больш трох-чатырох.Я добра памятаю, як мы ехалі праз лес. Усё мне было цікава. Мяне пасадзілі ў нагах, укрылі, а была ранняя вясна. Як цікава ехаць лесам!

Калі пад’язджалі да месца, сцямнела. Бацька мне паказаў на агеньчыкі. Іх было многа ў адным месцы. Пад’ехалі. Нас спаткаў круглатвары барадаты дзядзька і ветліва правёў у кватэру. А агеньчыкі, якія мяне здалёк зацікавілі, былі тоненькія свечкі, устаўленыя ў бульбіны на кожнай шыбе вокнаў. Такой ілюмінацыяй спаткаў старшыня свайго новага пісара.

Жылі мы тут гадоў 7 - 8. Калі я падрасла, мяне ўлетку прывозілі да бабулі ў мястэчка, дзе было шмат таварышаў для маіх гульняў.

Сяло Малая Свянціца. Толькі назва, што сяло. На ўзгорку там стаяла “воласць”, ніжэй, насупраць, была школа, дом дзяка, далей царква і дом папа з садам. Дарога выходзіць на шлях да горада, упрыгожаны высокімі стромкімі, як свечкі, таполямі. За рэчкай на ўзгорку - маёнтак пана Міянчынскага з броварам і крыклівымі павамі, якія, распусціўшы хвасты, поўзалі па дзірвановым узгорку. Рэчка з сажалкаю перагароджвалася панскім млыном. Гаварылі, што ў гэтым млыне не толькі малолі муку, але ў вялікіх кашах мачылі лубін на корм скаціне.

Берагі рэчкі з алешнікам, чарэмхаю. Вясною салаўіныя канцэрты. Шуміць вада ў млыне, жабы імкнуцца перакрычаць салаўёў. На змярканні сядзеш на ганачку і слухаеш гэту дзівосную музыку. Колькі разоў у снах я бачыла гэты малюнак і перажывала ўражанні далёкага дзяцінства. Вось і цяпер ён паўстае перада мною, хаця мне і не давялося больш наведаць гэтыя мясціны. І калі я бачу зграбных і спрытных ластавак, я ўспамінаю, як дзіцем любіла сачыць за імі, наглядаць, як яны ляпілі свае гнёзды пад дахам будынка “воласці”. Ніхто іх не чапаў, не разбурваў гнёздаў. Плачу было б нямала!

А таполі, таполі паабапал дарогі! Іх добра было відаць з высокага ганку. Бацька таксама пасадзіў некалькі каля будынку. Ён любіў расліны, кветкі. У хаце было шмат розных вазонаў, сам іх перасаджваў, даглядаў. Бывала, прыедзе аднекуль і вацягвае з кішэні галінку якой-небудзь цікавай расліны. Матка казала, што варта бацьку ўтыкнуць венік у зямлю, і ён зацвіце.

Мне ўспамінаецца вельмі прыгожае апельсінавае дрэўца з шырокімі пахучымі лістамі. Я спала на канапе, а галінкі з яго звешваліся над маёй галавой. Хто ні бачыў, казаў, каб прышчапіць яго. Прыгажосць дрэўца ацаніў бацькаў начальнік, які з жонкаю некуды ехаў і па дарозе затрымаўся ў нас. Яны так ахалі і охалі, што нічога больш не заставалася, як адвесці гэту прыгажуню да іх у Ваўкавыск. Колькі я не гадавала апельсінаў, але такога прыгожага дрэўца не ўдалося выгадаваць.

Другі канец дарогі, што падзяляла “воласць” ад школы, віўся каля лесу з могілкамі. За лесам былі вёскі. У аднэй з іх жыў вельмі набожны селянін, які надумаўся паехаць у Ерусалім пакланіцца “святым” мясцінам. Вярнуўшыся, ён шмат апавядаў аб зведаных краінах, аб моры, прывёз адтуль розныя памяткі: лісты пальмы, кускі нейкага пахучага дрэва, крыжыкі, апельсіны. Мне падарыў дзівосныя пацеркі, якія нагадвалі бабін “ружанец”, з якім яна хадзіла да касцёла і шаптала пацеры. Пацеркі перламутравыя, злучаліся паміж сабою дроцікам, дзевяць белых аднолькавых і адна вялікая бэзавага колеру, як аметыст, на канцы крыжык з кутасікам. Казаў, што пакроплены іарданскай вадой на “труне гасподней”. З гэтага “ружанца” маці зрабіла нізку пацерак, якія і цяпер у мяне захоўваюцца, а пра “святасць” іх не ўспамінала. З гутарак дарослых я даведалася, што гэты набожны пілігрым страціў шмат сваёй святасці, ён наглядзеўся там такога, што не толькі адбіла ахвоту да такіх падарожжаў, але і значна пахіснула яго сляпую веру.

Грамадка дзяцей, і я ў тым ліку, хадзілі да гэтага чалавека, каб паглядзець на дзівы, што ён прывёз. Мяне вельмі ўразілі вялікія лісты пальмы, яны стаялі ў куце пад абразамі і скупа асвятляліся лампадкаю. Калі пасля ў школе я вывучала “Ветку Палестины” Лермантава, перада мной паўставаў гэты малюнак:


У вод ли чистых Иордана

Востока луч тебя ласкал?

Ночной ли ветр в горах Ливана

Тебя сердито колыхал?


За працу пісара бацька атрымліваў вельмі мала грошай, затое, паводле ўмовы, увосень давалі яму натурай - ссыпку: пэўную колькасць гарнцаў жыта, а чаго яшчэ - не памятаю. Гэта дазваляла трымаць жывёлу. Быў свой агарод. Калі вынікала патрэба справіць якую адзежу, трэба было добра памеркаваць, каб не вылузацца з бюджэту. Дапамагаў адкормлены паршук, які ехаў у горад.

Матка была добрай ашчаднай гаспадыняй, умела і спячы, і зварыць, і пашыць. Усе мае строі былі работай яе рук. Адзін час захаплялася ткацтвам. Зімовы касцюм бацькі (ткала не матка) выклікаў зайздросныя позіркі ў горадзе. Сукно вазілі “фаляваць” да немца, здаецца, у Нязбо(у?)тку. Была ў яе цэлая скрынка зрэзкаў розных тканін мясцовых ткачых. Хораша ткалі на Гродзеншчыне! Кросны ў нас стаялі ў кухні. Калі ткаліся палавікі, дазвалялася і мне пастукаць бёрдам, трэба было толькі так сесці, каб даставаць “понажы”. Мне былі знаёмы такія тэрміны як: нічальніцы, цэўка, губка, ніты...

Калі мае ручаняты здолелі трымаць іголку, я пачала вышываць шнурочкам. Як дапамагло мне ў цяжкія хвіліны майго жыцця ўменне вышываць!


У мяне захавалася паштоўка “Валасны суд” М. Зошчанка (з Траццякоўскай галярэі). Пісар сядзіць і піша, вусы бацькавы. Барадачы-суддзі на лаве. Толькі я бачу сваю маленькую фігурку ў куточку, а на паштоўцы яе няма. Як было цікава слухаць розныя гісторыі і наглядаць за “варожымі бакамі”. Асабліва калі хацелі іх пагадзіць. Адзін барадач штурхае аднаго, другі другога, яны ўпіраюцца. “Ну, памірэцеся! Чаго не здараецца ў жыцці? Вы ж добрыя суседзі!” І бывае, яны прыходзяць да згоды. Вось тады за бутэлькай манаполькі цікава абмяркоўваюцца падзеі ўсімі ўдзельнікамі.

А сходы ў “зборнай”! Кажухі, кажушкі, світы, лапці, бароды, чупрыны кудлатыя, лысіны. Крык, гоман. Не разабрацца, што да чаго. І аднак нейкая нітка знаходзіцца, якая звязвае ўсіх.

Пошта прыехала! Бяжым ў канцылярыю. Надта цікава перад святамі - Новым годам, Вялікаднем. Паштоўкі з анёламі, з дзедам-марозам, з каляровымі яйкамі, птушкамі, у дзюбках якіх пісьмы, сэрцы са стрэламі.

Іншы раз, калі было цёпла і бацьку трэба было наведаць па справах якія-небудзь вёскі, ён браў мяне з сабою. Я садзілася побач з маім прыяцелем, фурманам Змітручком. Гэта быў яшчэ малады хлапец, але абыходжанне яго са мною было такое ласкавае, што я плаціла яму шчырай дзіцячай прыязню. “Змітручок, падвязі!”, “Змітручок, дай лейцы патрымаць!” І ён стараўся дагадзіць мне.

Адносіны сялян да бацькі былі прыхільныя. “Бач, не цураецца простых людзей. І параіць, і напіша”. Не браў хабару, за тое яго і паважалі. На вёсцы каля яго збіралася грамадка людзей.

На мяне дзеці паглядалі здалёк з-за платоў, але ў блізкіх вёсках нямала было шкаляроў, якія мяне ведалі. Яны стараліся паказаць свае дзівы: птушынае гняздечка, самаробную цацку, кіёк з адмысловым выцінаннем. А колькі ўсякіх здарэнняў мне нагавораць! Варочаюся дамоў, заціскаючы ў руках які-небудзь свісцёлак або пярэсценькае маленькае яечка.

Неяк хлопцы злавілі ў лесе маладзенькую вавёрачку, і бацькі іх прынеслі “пісаравай Юльцы, хай пацешыцца”. Якое гэта было мілае стварэнне! Прывыкла да людзей. Упадабала бацькаву кішэнь. Улезе і ціхенька сядзіць.

Тыповы вобраз пісара вандруе ў літаратуры ад Гогаля да Коласа. Аднак бачанае і пачутае ў дзіцячыя гады я ніяк не магу звязаць з прачытаным.


У 1905 - 1907 гг. я была малодшага школьнага ўзросту, і сякія-такія ўражанні ад рэвалюцыйных падзей у мяне захаваліся. Гадавалася я адна, браты мае і сястра паміралі малымі (іх было пяцёра). Круцілася я сярод дарослых, з аднагодкамі спатыкалася ад выпадку да выпадку. Любіла назіраць, слухаць і не задаваць лішніх пытанняў. Мне не дазвалялася ўстаўляць свае тры грошы ў размовы дарослых, але як было цікава слухаць, калі на цябе ніхто не звяртае ўвагі.

Вось прыходзіць да нас мой настаўнік з народнай школы Павел Платонавіч Балтрукевіч. Густая чупрына, расшпілены каўнер цёмнай кашулі, у руках капаніца. На твары ўхмылка. Даведваюся, што ён быў на полі і праводзіў нейкія гутаркі. Матка аб нечым з жарам гаворыць, бацька слухае. Гасцінная маці падымаецца, каб пачаставаць госця - ён напэўна галодны. І пачынаюцца за сталом гутаркі, навіны мясцовыя і больш шырокага маштабу, чытаюцца сатырычныя часопісы, а іх у нас вялікая пачка, ды розныя, з такімі яскравымі вокладкамі.

Іх прысылаў з Пецярбурга зямляк з мястэчка (К. Гарбоўскі), які паехаў з дому у “свет” шукаць сваёй долі. Ён працаваў у “экспедыцыі” (так сам называў пасаду ў паштоўцы 1907 г.) фабрыкі Лаферм, а можа і яшчэ дзе-небудзь.

У памяці маёй захавалася назва аднаго часопіса - “Злой дух”, а таксама малюнак. Цар сядзіць, падкурчыўшы ногі, і сшывае, як сапраўдны кравец, двухгаловага арла, якога трымае на каленях. Далей - царская карона і пад ёю пэўная пасудзіна. Мне дазвалялася разглядаць, аднак я ведала, што гэтыя часопісы трэба хаваць.

Там былі надрукаваны вершы, якія я і цяпер памятаю:


Все на свете чепуха,

Остальное - враки.

Полны рожью потроха

В министерском фраке.

Черт лиловый утащил

Миллион из кассы.

Пуришкевич знамя сшил

Из поповской рясы.


Так і гучыць у маіх вушах мелодыя песні “Россия, Россия”. Адкуль яна ўзялася?


Россия, Россия, как жаль мне тебя!

Казенка закрыта, болит голова.

Царь испугался, издал манифест:

Мёртвым - свободу, живых - под арест.


Памятаю, што на нашых вячорках уголас чыталі М. Горкага і гаварылі аб ім, а я ціхенька сядзела за спінамі на ложку і слухала.

Успамінаючы падзеі 1905-07 гг., матка расказвала мне, ужо дарослай, як яна агітавала за аднаго чалавека, каб паслаць яго ў Думу. Ён быў пісьменны, але нечым не падабаўся аднавяскоўцам. Вось матка і ўгаворвала адаслаць яго далей, каб не заваджаў.

Думка гэта спадабалася, кандыдат прайшоў і на павятовых выбарах і трапіў у Думу. Такому саламонаваму рашэнню былі рады і оўцы, і ваўкі. Сам дэпутат быў на сёмым небе.

Сяляне паважалі маю матку. Заходзілі да яе парадзіцца, пагаварыць. З бацькам вырашалі розныя “юрыдычныя” пытанні, а да маткі - з больш душэўнымі справамі. А ў кухні, дзе гаспадарыла дзяўчына Марыля, вечарамі збіраліся: памочнік бацькі - “пісарчук” з прэтэнзіямі на далікацтва, сталы дзядзька - валасны вартаўнік і фурман Змітрок - “пачтар”. Ён вазіў пошту ў Ваўкавыск (гаспадаром коняй быў нейкі Дырында, над ім падсмейваліся, што ён і селядца саломінкаю дзеліць, бо быў скупы). Тут не чыталі кніг, бо апроч пісарчука, які ці прачытаў хоць адну кнігу, усе былі непісьменныя. Затое колькі апавяданняў аб бачаным, аб спатканнях з людзьмі і казак, казак. Змітрок гаворыць, што ў горадзе паны ўсё ладзяць нейкія вечарыны, рады, што цар “маніхфест” падпісаў, а знаёмы крамнік баіцца, каб не ўчынілі пагрому, як у іншых гарадах. Бунтуюць, хто разбярэ, што да чаго і ці будзе якая палёгка беднаму чалавеку ад усяго гэтага.

Ня можа ён не ўспомніць і лішні раз пераказаць пра незвычайнае здарэнне ўжо іншага парадку. Ён ездзіў з маёй маткай да хворай бабулі, і ў лесе заступіў ім дарогу “волік”. Ну і волік! Ніколі такога не бачыў! Ён не мог стрымаць захаплення і здзівіўся, што спалоханая матка грымнула кулаком у спіну і крычала, каб павярнуў назад. Гэта быў зубр-адзінец, які ўцёк з пушчы, і спатканне з ім было вельмі небяспечным. Матка не раз гасцявала ў леснікоў у пушчы і добра ведала гэтых волікаў.

Па маёй просьбе апавядаюцца казкі і неверагодныя гісторыі. П’яны Пятрук ехаў уночы праз балота, і чорт у выглядзе баранчыка завёў яго ў дрыгву. А ваўкалакі, мерцвякі, што ўстаюць з магіл апоўначы, свечкі на магілах. Яны могуць пагнацца за чалавекам і забіць яго. Колькі страхаў! Мы жылі паблізу могілак, і гэтыя апавяданні выклікалі боязь не толькі могілак, але і цемнаты. Толькі школа і кнігі развеялі гэтыя страхі.

А прыгожыя казкі пра пакацігарошка, злую мачыху, бабу-ягу і г.д. Чароўны казачны свет! Слухаю з захапленнем не толькі я, а ўсе прысутныя, пры чым кожны яшчэ ад сябе нешта дадаець.

Там недзе ў шырокім свеце адбываюцца важкія падзеі. “Забастоўшчыкі” нечага патрабуюць, сяляне пра зямлю загаварылі. Змітрок вельмі ўсхваляваны чуткамі аб нападзе на пошту і са страхам едзе ў горад. Недзе, кажуць, пан пацярпеў і г.д. І вось дзядзька-вартаўнік стаў на варце з дубінай у “зборнай” - большым пакоі, дзе адбывадіся валасныя сходы. Нападаў не адбылося, і дзядзька спакойна пасопваў на шырокай лаве.

Затое іншы вораг падкраўся, ніхто яго не чакаў. Пачаў касіць людзей сыпняк. Спачатку захварэў памочнік, ён ляжаў пад кажухом у сваёй каморцы пры канцылярыі, потым лёг настаўнік, затым прыйшла мая чарга. Бедныя бацькі! Колькі ім дасталося згрызот і непакою! Захварэў поп. І дзе тыя дактары? У Ваўкавыску ці Свіслачы. Блізкі свет!

Мы падняліся, а поп так і не ўстаў. Гэта была даволі значная фігура ў тых умовах. Такіх асоб, як настаўнік ці пісар, ён лічыў сваімі падданымі. І хаця школа была не царкоўна-прыходская, ён стараўся паказаць сябе гаспадаром яе. Але на гэты раз атрымалася асечка, як з настаўнікам, так і з бацькам. Ні настаўнік не пайшаў з паклонам, ні бацька.

Матка расказвала пра такое здарэнне. Увосень у царкве адбывалася свята - фэст (Параскевы). Шмат назбіралася ў папа гасцей з розных парафій. Трэба было іх размясціць: у папоўскім доме ім месца не хапала. Ен загадаў сваім служкам ісці ў школу з сяннікамі і падушкамі, не папытаўшы дазволу ў настаўніка, а той абурыўся і дзверы зачыніў. З папярэднім настаўнікам абыходзіўся без цырымоній, а гэты паказаў характар. Затое поп стараўся насаліць яму, дзе мог, але часы былі не тыя.

Яго заступнік а. Інакенцій быў другога характару. Нейкі летуценнік. Ссуне капялюш на загрывак і, пасвістваючы, углядаецца ў прыгожы краявід. Добра маляваў. Адносіны з ім наладзіліся неблагія, ня лез, куды ня трэба.

З цёплым пачуццём успамінаю я свайго першага настаўніка П.П. Балтрукевіча. Малады, з цёмнай капой валасоў, якія ён неяк асабліва па-своему ўмеў адкідаць назад, ветлівая ўхмылка і ўдумлівыя, трохі гарэзлівыя вочы. Жыў з малодшым братам Кастусём, якога некуды рыхтаваў, і старожкаю, што прыбірала клас і паліла печы.

Жыў у двух пакоях, па-спартанску абстаўленых. У клас можна было прайсці з пакояў праз кухню. У класе налева ад стала настаўніка - печ, за ёю - дзверы ў калідор. Столь нізкая, вокны падслепаватыя. Доўгія, шчыльна пастаўленыя лаўкі з праходам пасярэдзіне. На стале настаўніка - пругкая лінейка. Саўсім не памятаю, каб ён ёю карыстаўся для “вколачивания премудрости” у лахматыя галовы, але часам ёю стукаў па стале. Настаўнік, які змяніў яго, не адмаўляўся ад “лапаў”, гэтай неабходнай у тыя часы мерай уздзеяння на непаслухмяных. Пісалі на грыфельных дошках, апраўленых у дзеравянныя рамкі, да якіх прывязвалася палачка грыфеля.

Я ўспамінаю некаторыя эпізоды з вельмі ранняга дзяцінства, напрыклад пажар у мястэчку, калі маці мяне на руках несла ў больш бяспечнае месца, і саўсім не памя­таю, калі і як навучылася чытаць, бо ў школе я ўжо чытала. Нейкі правал у памяці.

Я была вельмі кволая, хваравітая, засталася толькі адна, і нада мною дрыжалі бацькі. Школьны будынак - гэта не цяперашняя школа: і цесна, і душна, часам і холадна. Мяне ў школу не пускалі, хаця яна была насупраць нас. Толькі скаціцца з невялічкага ўзгорка - і школа. Бацька зрання ўжо сядзіць у канцылярыі, мат­ка па гаспадарцы выйшла, а я паціхеньку апранаюся - і шмыг за дзверы, праз некалькі хвілін я ў пакоі мілага настаўніка. Ён мяне вядзе ў клас і садзіць на пярэднюю лаўку, бо ўзросту малога была. На перамене таксама не адпускаў ад сябе. Што ж? Матцы прышлося легалізаваць мае паходы.

Настаўнік карыстаўся ў мяне большым аўтарытэтам, чым бацькі, я яго заўсёды слухала, а з маткай без канфліктаў не абыходзілася. Калі ў мяне мяняліся зубы, то толькі настаўніку дазвалялася рваць іх.

Сярод галасістай грамады вучняў не памятаю дзяўчынак. Відаць, у той час іх мала было. Спачатку мяне дзічыліся, а потым знайшліся агульныя інтарэсы. Задоўга да пачатку заняткаў збіраліся вучні з суседніх вёсак, і іх звонкія галасы будзілі ранішні спакой, пакуль старожка не ўпусціць у клас. Яны запаўнялі яго - лахматыя, у світках, старанна залатаных, у лапцях, з кужэльнымі торбачкамі цераз плячо, у паношаных бацькоўскіх шапках.

Невыразна паўстае постаць другога майго настаўніка Рабчукова А.З., які змяніў П.П. Апошні - ці па-свайму жаданню пакінуў сяло, ці па загаду зверху - цяжка сказаць. У ім адчуваўся нейкі неспакойны, бунтарскі дух, а ў новага настаўніка - непрыкметнасць, ціхасць. Выразней памятаю яго дзябёлую матку, якая па-мастацку сыпала праклёнамі, вельмі баялася грымотаў і ў час навальніцы застаўляла свае вокны свянцонымі вербамі і запальвала грамнічную свечку:


Каб цябе пяляруш скасіў!

Каб ты па свеце хадзіў і света не бачыў!

Каб ты галавою ды ўніз скаціўся!...


Успамінаю фігуру новага настаўніка са скрыпкаю, і вучні цягнуць: до, рэ, мі, фа... Песня “Ах, ты воля.” У “зборнай”, калі тамнікога не было, тоненькім галаском я гэту песню цягну:


Ах ты, воля, моя воля,

Золотая ты моя.

Воля - сокол поднебесный,

Воля - светлая заря.

Не с небес ли ты спустилась?

Не во сне ли вижу я?

Аль горячая молитва

Долетела до царя?..


Воля - гэта дарованы зверху маніфест 19 лютага 1861 года, і вучні - сялянскія дзеці - павінны былі напомніць сваім бацькам аб клопаце іх заступніка - цара, які заўсёды дбае аб патрэбах сваіх падданых, толькі трэба, каб ён даведаўся аб гэтым.

Рэвалюцыйная хваля спадала, пачалася рэакцыя, барацьбіты за іншую волю паміралі на шыбеніцах. І хаця ў сялянскіх галовах яшчэ трывала іскра веры ў добрага цара, падзеі 1905 года ўтварылі нейкую змену ў шмат каго. У нашай воласці вялікіх завірух не было. Дзеці вывучалі “Волю”, вершы аб гэтай волі, хвалілі цара.


Посмотри: в избе, мерцая, светит огонёк,

Возле девочки-малютки собрался кружок.

И от слова к слову пальчиком водя,

По печатному читает мужичкам дитя.

Мужички в глубокой думе слушают, молчат,

Разве крикнет кто, чтоб бабы уняли ребят.

Бабы суют детям соски, чтобы рот заткнуть,

Чтоб самим хоть краем уха слышать что-нибудь.


Мне ўспамінаецца яшчэ адна песня, толькі не ведаю, дзе яе падхапіла. Няўжо ў школе?


Соловьем залётным юность пролетела,

Волной в непогоду радость прошумела.

Пора золотая была да и скрылась,

Сила молодая с телом износилась.


З якой сур’ёзнай мінай выводзіла я ноты песні! Уяўляю, які гэта малюнак быў! Дзяўчынка, якая яшчэ не дарасла да юнацтва, пяе, што яно ўжо праляцела.

Вясковыя дзяўчаты вельмі добра спявалі. Ідуць з работы на панскім полі і пяюць. Пачатак адной іх песні памятаю і мелодыю таксама:


Ой, з-за гор гары

Едуць мазуры.

Едуць, едуць мазурочкі,

Вязуць, вязуць нам вяночкі,

Вянкі залаты, вянкі залаты.


У маім “рэпертуары” не было дзіцячых песень, былі рэчытатывы накшталт: “Слімак, слімак, высунь рогі, дам тры грошы на пірогі!” Злавіўшы слімака і пасадзіўшы на лісток, трэба было прыгаварваць.

Або “Дождж ідзе, грыбы будуць, хлопцы згінуць, дзеўкі будуць!”

Хочацца мне ўспомніць таварышоў маіх гульняў у тыя часы. У нашым невялічкім сяле былі дзеці, апроч мяне, толькі ў папа. Поп, што памёр ад тыфусу, меў некалькі сыноў старэйшага школьнага ўзросту і дзяўчынку - самую малодшую, якраз мне да пары. Сыны недзе вучыліся і дома бывалі толькі на вакацыях. Хаця бацькі нашы не абменьваліся візітамі, але мы, дзяўчаткі, часам гулялі разам. Прысылалася служанка ад папа з просьбаю адпусціць мяне пагуляць з Аняю, і мяне адпускалі. Ролі ў нас так размяркоўваліся: Аня гуляла з лялькамі, а я або шыла ім сукенкі, або была занята прыгатаваннем абеду з сапраўдных прадуктаў, не з пясочку. Нам давалі якія-небудзь ягады, арэхі, пячэнне, і наша фантазія з гэтага ўтварала розныя стравы. З хлопцамі кантактаў не наладжвалася. У другога папа было трое хлапчукоў, старэйшы Андрэйка - мой равеснік, малодшы Косця і самы малы - тоўсценькі, яго мы называлі Пуза. Успамінаю наш удзел у падрыхтоўцы ўпрыгожванняў для ёлкі. Пад кіраўніцтвам самой “матушкі” мы клеілі, малявалі, выдумлялі і так захапляліся гэтай работай, што забывалі высмаркацца.

Вясною перакрывалі ў паповым доме дах. Сярод трухлявай гонты было нямала прыдатнай. Не ведаю, чыя гэта была ідэя, пабудаваць сабе хатку. І закіпела работа. Я была за галоўнага майстра. Нам дазволілі браць з гонты і цвікі, нават малаток даверылі. Поп моўчкі паглядаў і пасвістваў. Пальцы пазбівалі, але хатку пабудавалі, ды такую, што маглі ўваходзіць не нахіляючыся. Не ведаю, ці Андрэйка стаў будаўніком, але з мяне ні архітэктара, ні будаўніка не атрымалася.

Добра гулялася з гэтымі хлопчыкамі, мой аўтарытэт сярод іх быў прызнаны.


Сшытак 7


Гімназія


Я вельмі хацела вучыцца. Калі б мяне папыталі нашто мне гэта, я магла б адказаць, што хачу быць настаўніцай, другіх вучыць. Відаць, прыклады маіх настаўнікаў мяне заахвочвалі даволі рана выбраць сабе такую прафесію. У гэтым выбары было нямала рамантыкі.

Бацькам падабалася мая ахвота да навукі і пасля народнай школы ім хацелася мяне далей вучыць. Але куды накіравацца? Якраз пайшлі чуткі, што ў Ваўкавыску маюць адчыніць жаночую прыватную гімназію. Гродна ці Вільна - гэта далёка і не па сродках, а вось блізка - можна было б. Пакуль ішлі толькі гутаркі, мяне накіравалі ў сям’ю знаёмых, дзе ў дзяцей была настаўніца, трохі падрыхтавацца. Сям’я жыла недалёка ў фальварку ці маёнтку - не памятаю. Тут я пазнаёмілася з граматыкай польскай мовы.

Калі стала вядома, што ўжо атрыман дазвол на адчыненне гімназіі і трэба чакаць афіцыйнага паведамлення аб пачатку прыймовых экзаменаў, мяне завезлі ў горад і папрасілі знаёмага, вельмі спрактыкаванага настаўніка, праверыць мае веды. Памылак у пісьме я рабіла не так ужо шмат, гэта ўдалося сяк-так выправіць, а “переложения” мне цяжка даставаліся, бо я баялася ўжыць словы і звароты, якія бытавалі ў маёй штодзённай мове, а яна лічылася некультурнай.

Мяне прынялі ў другі клас гімназіі. Вялікі клопат быў у маіх бацькоў. Трэба было набыць кнігі, пашыць форму, заплаціць за права навучання, а для гэтага патрэбны грошы. Не адзін адкормлены паршук злажыў сваю галаву, каб залатаць дзіры ў бюджэце.

На кватэру мяне ўладкавалі ў сям’і добрых старых знаёмых маіх бацькоў і бабкі. Сям’я складалася з маткі, трох сыноў і 2-х дачок - самай старшай і самай малодшай. Дзяўчаты рэдка бывалі дома, яны жылі недзе асобна. Старэйшая ўсё шукала працы, прабавала здаць экзамены, каб атрымаць пасаду настаўніцы, але ёй усё не шанцавала. Сям’я перабівалася сяк-так. Апроч мяне, жылі на кватэры яшчэ вучні. Два пакоі, кухня і пры ёй цёмная бакоўка, дзе мясціліся хлопцы. Было цесна, вільготна, але я адчувала сябе вельмі добра. Сама гаспадыня, пані Мац., была спакойная жанчына, ніколі не чуваць было крыку, мітусні, да мяне адносіны былі як да сваёй.

З хлопцамі я пасябравала, малодшы быў майго ўзросту. Спачатку з сярэднім Міхасём мы гэркаліся, характар яго мне не падабаўся: за кожнае глупства падымаў вэрхал - то ручку не там паложыш, то здаецца яму, што яго кнігі брала і г.д. І як жа я была здзіўлена, калі прыехала пасля летніх вакацый: саўсім не той хлопец, далікатны, уважлівы. Памагалі адзін другому. Старэйшы Антось быў спакойны. Абое вучыліся ў гарадскім вучылішчы і марылі аб ваеннай школе. Малодшы быў больш легкадумны, любіў пафарсіць.

Пасля падрыхтоўкі да заўтрашніх урокаў, а часцей у суботу, пачыналася самадзейнасць. Гітара, балалайка, мандаліна. Калі хто не ўмеў іграць, вучыўся. Часам прыходзілі таварышы са сваімі інструментамі. Апавядаліся розныя гісторыі, здарэнні. Хатняя мова была беларуская, на ёй лягчэй выслаўлялася, прасцей.

Нехта даведаўся, што можна перадаваць свае думкі другому на адлегласці (тэлепатыя). І пачаліся ўсякія спробы! Зацікавіліся таксама гіпнозам. Трэба было загадаць сябру адшукаць што-небудзь, трымаючы яго за руку на пульсе. Спробы былі ўдалыя.

Самым лепшым ласункам лічылася халва і сланечнікі. У суседняй краме куплялася на капейку таго і на капейку другога, і ўсе частаваліся. Гэта здаралася, калі перападалі якія-небудзь капейкі на ўласныя патрэбы. У такіх выпадках я не забывала пашукаць таксама прыгожых паштовак.

За домам быў агарод і лужок, там цякла нейкая ручаіна. Ва ўсякім разе ўзімку была добрая коўзанка, не трэба было далёка хадзіць. Надумалі хлопцы мяне вучыць коўзацца на каньках. У мяне іх не было, прыстасаванага абутку таксама, ды і ў хлопцаў яны былі не першай якасці. Прывязалі канькі вяроўкамі, узялі мяне за рукі - і паехалі. Пусцілі рукі, я трохі праехала, але вяроўкі аслаблі, канькі падвярнуліся, і я моцна грымнулася. З тае пары я больш не адважылася паўтарыць гэту спробу, а дазволіць сабе набыць канькі з абуткам не мела магчымасці - не да таго было.

Мой настаўнік Н.А. увесь час цікавіўся маёй вучобай, даваў мне кніжкі для чытання і прасіў заходзіць да яго і паведамляць аб поспехах. Жаночая гімназія ў такім невялікім горадзе - гэта немалаважнае здарэнне, і, вядома, Н.А. добра ведаў, як пастаўлена там вучоба, чаго варты настаўнікі. Я паспяхова перайшла ў 3-ці клас. Набліжаўся час калядных вакацый. Спаткаўшыся са мною, Н.А. параіў сказаць бацькам, каб пасля вакацый мяне ўзялі з гімназіі, бо толку там мала, а з восені маюць адкрыць замест прыватнай дзяржаўную гімназію. У мястэчку ў нас ёсць настаўнікі народнай школы, якія паспяхова са мною пройдуць праграму. Так і сталася.

З восені ў местачковую народную школу прызначылі яшчэ аднаго настаўніка, які толькі скончыў настаўніцкую семінарыю ў Свіслачы, і гэта была яго пер­шая пасада. У мястэчку яго скора заўважылі і адзначылі. Ён быў нейкі занадта сталы для сваіх дзевятнаццаці гадоў, шмат чытаў, з ім цікава было пагаварыць. Вось яго і папрасіў бацька заняцца са мною. Першае знаёмства было завочным. Калі я прыехала на вакацыі, яго не было: паехаў да сваіх бацькоў (жылі яны ў недалёкім мястэчку), затое засталіся ў нас яго кнігі. Гэта былі прыгожыя, з малюнкамі, выданні сусветных класікаў. Я накінулася на іх і мяне цяжка было адарваць ад гэтых кніг.

Займаліся мы вечарамі ў нас дома. Рыхтавала я ўрокі старанна, і мой настаўнік радаваў маю матку пахваламі мне; ён стаў ганарыцца сваёй вучаніцай, мы з ім пасябравалі. Ад гэтых заняткаў павеяла іншым паветрам, не тым, якое панавала ў гімназіі. Так, памятаю, ён даваў мне вывучаць вершы і творы, якія не былі прадугледжаны праграмай. Я з жарам дэклямавала “Деревню” Пушкіна:


Я променял порочный двор царей,

Роскошные пиры, забавы, заблужденья

На мирный шум дубрав, на тишину полей.


Лермантава “На смерть Пушкина”:


А вы, надменные потомки,

Известной подлостью прославленных отцов..

Вы, жадною толпой стоящие у трона,

Свободы, гения и славы палачи,

Таитесь вы под сению закона,

Пред вами суд и правда - всё молчи.


Для “переложений”, якія мне нялёгка было пісаць, даваў Шчадрына “Как мужик двух генералов прокормил”. Далікатныя заўвагі і папраўкі рабіліся пры выкладанні іншых прадметаў, асабліва “закона божага”. І апанаваў мяне з 12 гадоў крытычны дух, які не пакідаў мяне ўвесь час майго навучання. Я ведала, што з гэтай крытыкай нельга вытыркацца, няхай думаюць у школе, што ты ўсё прыймаеш, чым цябе кормяць.

Мілыя мае настаўнікі! Схіляю сваю галаву і сэрца перад вашай светлай памяццю!

Я пачала вучыцца ў чацвёртым класе. Вясною, каля я прыехала на вялікодныя вакацыі, здарылася вялікае няшчасце: памёр мой бацька. Што далей рабіць? Каб скончыць гімназію, патрэбны сродкі, а запасаў у нас ніякіх, толькі была бабіна хата, дзе маглі жыць. Вярнулася я ў гімназію ў вялікім горы. Трэба сказаць, што адносіны настаўнікаў і дырэктара да мяне былі вельмі прыхільныя. Вучылася я добра, лічылі мяне першай вучаніцай. Не ведаю, хто прылажыў да гэтага руку, толькі мне сказалі, каб увосень я прыязджала на вучобу, а ад платы мяне вызваляць. Вялікая палёгка. У гэты час у майго дзядзькі нарадзілася дзяўчынка, жыў ён на Мальцаўскіх заводах, а па нейкіх меркаваннях вырашыў прывезці маёй матцы дзіця на догляд, за гэта абяцаўся аплаціць маю кватэру. Але ўжо ў наступным годзе я пачала займацца з вучнямі малодшых класаў, нават сам дырэктар рэкамендаваў мяне. Я мела некалькі лекцый, а з 6-га класа сама плаціла за кватэру, нават за свой заробак купіла сабе ложак, які дзесяткі гадоў верна служыў мне (застаўся ў Саратаве ў 1959 г.).

Рана давялося мне думаць, як далей жыць, рыхтавацца да працоўнага жыцця. Не было на каго спадзявацца. Матка была на ўсе рукі майстар: і згатаваць, і пашыць, але на сталую якую-небудзь працу дзе прыстроішся. Яна падтрымлівала маё жаданне вучыцца, і гэта для мяне было вялікай палёгкай.

Гімназію я скончыла з залатым медалём (7 класаў). Раптам наша жыццё крута павярнулася. Адзін з землякоў-паразоўцаў (можа і сваяк), што рынуўся ў свет шукаць лепшай долі, апынуўся на Палессі, за Бабруйскам, кіраўніком гаспадаркі маёнтка пана. У яго было двое дзяцей, якіх ён вучыў у гімназіі ў Бабруйску. Вось ён і прапанаваў матцы пераехаць у Бабруйск і ўзяць апеку над яго дзяцьмі. Абяцаў наняць кватэру і даць утрыманне. Вось і яна будзе мець кавалак хлеба.

Мы і радаваліся, і сумавалі, што трэба кідаць родныя мясціны і ехаць у блізкі той свет. Гэта здарылася за год да першай імперыялістычнай вайны. Я паступіла ў 8-мы (педагагічны) клас гімназіі без экзаменаў і абрасла тут вучнямі, на сябе я зарабляла.

Гімназія ў Ваўкавыску была маладая, і ніякіх ўстойлівых традыцый яна яшчэ не мела, не паспела абрасці імі. Утварылася яна пасля спаду рэвалюцыйных падзей і ўзмацнення рэакцыі. Настаўнікі былі ў большасці маладыя, некаторыя з іх (напрыклад, выкладчык рускай літаратуры) умелі захапіць сваім прадметам. На жаль, ён нядоўга выкладаў, а заступнік яго не выклікаў захаплення. Ніякіх дапаможных габінетаў не было. Фізіку, якой я вельмі цікавілася, выкладалі па падручніку і толькі. Калі новая настаўніца матэматыкі на ўроку геаметрыі прыйшла знаёміцца з класам і папрасіла паказаць, дзе вакол нас можна знайсці простакутнікі, ніхто не здолеў паказаць, нават я сумелася (першая вучаніца!). А вось рашыць складаную тэарэму - калі ласка. Выкладанне, далёкае ад жыцця.

Гісторыя - па падручніку Платонава. Выкладчык быў нядрэнны, яго паважалі, але мясцовая гісторыя была не ў яго кампетэнцыі. Ён сам ею не цікавіўся.

А горад Ваўкавыск - гэта сівая гісторыя. Што мы аб ёй ведалі? Лазілі на “жыдскую” горку і аглядалі помнік, які там быў пастаўлены. З лёгкай рукі самаўладнага цара Нікалая І (1842 г.) наш край страціў сваё імя, ён стаў “западным” ці “северо-западным”. І не ў інтарэсах нашчадкаў яго было знаёміць моладзь з мясцовай гісторыяй. Каб чаго не здарылася!

А аб Ваўкавыску ўпамінаецца ў ХІІІ ст. У замку яго ў 1386 г. літоўскі князь Ягела прыймаў польскіх паслоў, якія прапанавалі пасаг і руку каралевы Ядвігі. Колькі яго руйнавалі: і “псы-рыцары” ў 1410 г., і французы ў 1812 г. (корпус маршала Рэнье), і мала яшчэ хто. У 1796 г. пасля далучэння да Расіі ён стаў павятовым горадам Слонімскай губерні, а з 1812 г. - Гродзенскай.

Гэта самая блізкая гісторыя, а гісторыя ўсяго шматпакутнага края! Яе трэба было вывучаць, як патрабавалі “зверху”, а яшчэ лепш забыцца на гэту гісторыю. А вось, калі цар са сваімі нашчадкамі ехаў у Белавежскую пушчу і зрабіў прыпынак на вакзале, нас выстраілі на пероне, і мы крычалі “ўра”, а цар памахаў рукою. І гутаркі ў школе былі вельмі “патрыятычныя”.

Ці гэта было ў час святкавання 100-годдзя Айчыннай вайны ці 300-годдзя раманаўскай дынастыі, добра не помню. Наладжаны быў вечар недзе ў клубе з “жывымі карцінамі”. У цэнтры высока “Матушка Россия” з чырвона-сіне-белым сцягам, вакол яе, у ног, - народы. І я нейкі народ ўвасабляла, толькі беларусаў там не было. А яны ў гэту пару пачалі падаваць свой голас, захацелася ім “людзьмі звацца”, яны ўжо няслі сваю крыўду “на свет цэлы”.

Мае родныя мясціны былі вельмі маляўнічыя. Поразава. Навокал на ўзгорках лясы, недалёка рэчка Рось, на ёй ставок з млынам. Мы бегалі на гэту рэчку купацца, рвалі кветкі на сенажацях. Любая рэчка! Але калі далі задание апісаць якую-небудзь рэчку, то я напісала пра Волгу. Відаць, і іншыя не палічылі патрэбным пісаць аб тым, што блізка, што добра вядома і люба, бо настаўнік, калі раздаваў сшыткі, заўважыў, што меў на ўвазе, каб апісалі знаёмыя рэкі. Чаму ж ён аб гэтым выразна раней не сказаў? Я атрымала за сачыненне чацьвёрку. Фантазіі і ведаў хапіла на гэту адзнаку. Не ведала я тады, што Волга адыграе вялікую ролю ў маім жыцці.

Так, шмат што захоўвалася ў душы ад старонняга, абыякавага вока.

Афіцыйная самаўладная Расія трымалася на трох кітах: праваслаўе, самаўладства і народнасць (вядома, пануючая). Пасля 1905 г. кіты трохі пахіснуліся, але хвастамі яшчэ целяпалі. Гэта адчувалася і ў школе.

Свяшчэннік быў ініцыятарам “святых” падарожжаў: у жаночы манастыр у Красным стоку і ў мужчынскі ў Жыровіцах. Ну што ж? Чаму не паехаць? Аглядзелі старыя пабудовы, праслухалі пра ваяўнічых езуітаў і схізматыкаў. Падабаўся жаночы царкоўны хор, у якім вылучаўся густы контральта нейкай манашкі, папілі смашнага квасу, паабедалі поснымі стравамі. Пытанняў не задавалі. Я, начытаўшыся Л. Талстога, мела свой пункт погляду на ўсякія рэлігійныя спрэчкі. Рана перастала шаптаць пацеры, тым больш, што ў нашай сям’і бацька быў праваслаўны, а матка - каталічка. Якія ж пацеры - праваслаўныя ці каталіцкія - больш падабаюцца богу? Ня трэба ніякіх. Але ў царкву хадзіць трэба было, нават у хоры спявала, ды гэта і лепш: скарэй час праходзіць. А папу здавалася, што мы такія верныя авечкі. Калі мы скончылі гімназію, ён запрасіў нас да сябе, пачаставаў і кожнай падарыў па евангеллю з вершам К.Р.


Пусть эта книга священная

Спутницей вам неизменною

Будет везде и всегда.


Выхаванне - складаная справа. Не ведаеш, куды і ў які бок яно павернецца.

Хочацца ўспомніць добрым словам нашага чарнявага, у акулярах, доктара В., які праводзіў медагляды, чытаў лекцыі па гігіене і даваў добрыя парады. Загадае сесці роўна і рукі сплясці за спіною. Тлумачыць, чаму так трэба рабіць, і раіць самім без загадаў хоць некалькі хвілін пасядзець. Па яго ініцыятыве былі адпораты высокія каўняры ў сукенках. Ён давёў начальству, што вельмі шкодна падлеткам сціскаць шыю, гэта дрэнна ўплывае на зрок і г.д. Нам падабалася такая навінка. На ўроках ручной працы панараблялі адкладных белых каўнерыкаў, папрычаплялі банты (кожны клас меў свой колер), і выгляд у нас змяніўся.

Калі я прыехала ў Бабруйск у 8 клас у такой форме, начальніца мне зрабіла заўвагу і вельмі здзівілася, калі я ўпэўніла, што ніякага адступлення ад формы ў мяне няма. Па майму прыкладу і іншыя пачалі адкідаць каўняры.

Матэматычка была адзіная жанчына - выкладчыца “сур’ёзнага” прадмета, усе іншыя - мужчыны. Замежныя мовы выкладалі жанчыны ды яшчэ ручную працу, але хто іх лічыў за сур’ёзныя прадметы. Абавязковыя былі мовы: французская і нямецкая. (Я не ўпадабала нямецкую і не захацела яе вывучаць. Цэлая гісторыя. Я дабілася свайго, мне, як выключэнне з агульнага правіла, дазволілі).

У кожным класе была жанчына - “класная дама”. Яе абавязкам было наглядаць за дысцыплінай, сачыць за дзённікамі вучаніц, патрабаваць, каб адзеты былі па форме без якіх-небудзь выбрыкаў; яны не былі выкладчыцамі, пераходзілі з класа ў клас разам са сваімі вучаніцамі. Наша была вельмі харошай, не назаляла натацыямі, і мы з ею ладзілі, але былі і іншыя.

На чале гімназіі спачатку стаяла начальніца, жанчына сярэдняга веку. А.П. сціпла ўбраная, з гладка зачэсанымі валасамі, кульгала і апіралася на мыліцу. Калі гімназія перайшла ў Міністэрства народнай асветы, прызначылі дырэктарам мужчыну, і начальніца неяк стушавалася. Якія ў іх былі адносіны, цяжка сказаць, але першую скрыпку іграў дырэктар, - малады, прыгожы, з уладным, патрабавальным характарам. Бедныя жанчыны дрыжалі перад ім, вучаніцы таксама стараліся не пападацца яму на вочы. Толькі пачуецца ад дзвярэй настаўніцкай настойлівы вокліч: “Юлья-а-ан!”, і класы заміраюць, а стораж ужо бяжыць трушком, сціскаючы ў руках званок. Яму, відаць, падабалася адчуваць сваю ўладу, але ён быў не дурны, і не менш займала яго, калі бачыў, што хто-небудзь выступае перад ім без дрыжыкаў.

Не скажу, каб мне падабалася зварачацца да яго ў выпадку патрэбы, сэрца ёкала, але брала сябе за чуб і выступала смела. Не памятаю выпадка, каб ён не выслухаў і не задаволіў мяне. Сяброўкі гэта заўважылі і, калі трэба было выступаць ад класа, угаворвалі мяне стаць на чале дэлегацыі. Адмаўляцца не выпадала; толькі ў крытычны момант “дэлегацыя” разбягалася, а я заставалася сам-на-сам з грозным начальнікам. Адступаць ўжо позна было, і дыялог пачынаўся. Уяўляю я сабе гэты малюнак, і смех разбірае. Танклявы, худзенькі чыжык-пыжык і самаўпэўнены слон з паблажлівай ухмылкай.

Дырэктар, М.Д., быў ініцыятыўны і гаспадарны. Дзякуючы яго клопатам, была зроблена прыбудова да будынка гімназіі. Калі адчынілася прыватная гімназія, было толькі два класы, кожны год далучаўся адзін, і памяшканне стала цеснаватым, не было залы. Дом быў дзеравянны, прыбудова цагляная. У гэтым будынку змяшчалася кватэра дырэктара і начальніцы. Стаяў ён на ўзгорку, з якога можна было любавацца панарамаю горада. Перад домам на пустэчы былі заложаны кветнікі, пасаджаны бярозкі, пастаўлены “гіганцкія крокі”. Як прыемна было вясною ў вольны час ці на перапынках пакатацца!

Неяк вясною наладзіў дырэктар экскурсію ў Маскву, нават сам паехаў. Не магу ўспомніць, колькі вучаніц паехала, толькі займалі некалькі купэ 3-га класа. Дырэктар ехаў у другім, аднак амаль увесь час праводзіў з намі. Было весела і шумна, добра хорам спявалі. Пасябравалі з дзядзькам-правадніком, які нам галаваломкі-задачкі задаваў. Гаварыў, што ехалі настаўнікі-семінарысты і не рашылі. Паламалі добра галовы, і хоць не адразу, але рашылі. Дырэктар быў вельмі задаволены. У Маскве аглядалі Крэмль. Ішлі праз Спаскія вароты, дзе перад абразом гарэла лампадка, і хто ні ішоў - скідаў шапку. Успенскі сабор з трунамі цароў, званніца Івана Вялікага (туды нават лазілі і аглядалі маскоўскія далягляды). Пусцілі нас і ў Гранавітую палату, і ў Аружэйную з незлічонымі скарбамі. Наведалі парк Сакольнікі, нават завялі нас ў драматычны тэатр. Шмат чаго яшчэ мы бачылі і былі вельмі задаволены. Наш грозны дырэктар паказаў сябе клапатлівым і ўважлівым чалавекам, з ім нават можна было пажартаваць.

У нашым класе вучыліся дочкі служачых розных рангаў, гандляроў, дробных прамыслоўцаў. “Сословия” (па ранейшай тэрміналогіі) былі таксама розныя. Мой бацька быў сынам селяніна і па пашпарту лічыўся сялянскага “сословия”, ну і я вядома, яшчэ былі дзве сястры - Марыя і Тэкля - дочкі пісара, таксама з сялян. Па веравызнанню: католікі, праваслаўныя і іўдзеі. Апекавалі: ксёндз, поп і рабін. На ўроках “закона божага” дзяліліся на тры групы. Не ўспамінаю ніводнага вы­падку, які б паказваў, што ў нас быў антаганізм на гэтай глебе. Найбольш цікавілі поспехі ў вучэнні. Апроч дзяжурных, ніякіх грамадскіх нагрузак не існавала.

Дарваўшыся да “навукі”, я старалася акуратна наведваць школу, добра рыхтавацца да заняткаў, бегаць да падружак не любіла; чытала, што пападала пад рукі.

У класе вучылася дачка віднага акцызнага чыноўніка Шура П. Гэта была развітая, вясёлая і таварыская дзяўчына. Матка яе па лініі Мусін-Пушкіных была нейкай сваячкай паэта, нават пісала раманы. Шура любіла запрашаць да сябе дзяўчат свайго класа. Вечары праводзілі цікава: дэклямавалі вершы, чыталі, матка знаёміла з нованапісанымі раздзеламі рамана. Я доўга не адважвалася пераступіць гасцінны парог. Куды мне лезці да паноў! Але ў паводзінах Шуры была прастата і ніякага панства, такой была і матка. У старэйшых класах я з ёю пасябравала. Бацька яе памёр, у часе вайны яны пакінулі свой дом у Ваўкавыску і выехалі ў Пензу. Спаткалася я з Шурай у 1916 г. у Петраградзе, яна паступіла на нейкія курсы і жыла ў свайго дзядзькі на другім канцы горада. Часам я да яе прыязджала з начоўкай.

Мілая мая Шура! Які твой лёс? Ці ўспамінала ты сваю Юлечку-чычку?


Сшытак № 8


Бабруйск


Пасля смерці бацькі (у 1910 г.) у нас было нялёгкае становішча. Звонку здавалася, што не так ужо дрэнна: пераехалі ў бабіну хату - ёсць дах над галавой, але здабыткаў ніякіх ды матка не заўсёды ладзіла з бабкай з яе ўладным характарам. Я мела вялікую ахвоту вучыцца: канчала тады 4-ты клас. Трэба жыць у горадзе, а дзе ўзяць грошы? Матка была вельмі працавітая і здольная, гатова была ўзяцца за любую работу, але ў той час жанчыне не так лёгка было яе знайсці. Часам ёй удавалася шытвом зарабіць якую капейку, але няпэўнае становішча яе надта хвалявала, а галоўнае непакоілі думкі пра мой лёс. У сваім лісце яна мне пісала: “Я так залегла в берлоге, что шевельнуть ни мозгом, ни руками не могу. Спячка, иначе “обломовщина”. Всё валю на судьбу, она, злодейка, виновата, что еще работоспособный человек завален в берлогу и должен спать”.

Я, не гледзячы на свой юнацкі ўзрост (14 год), добра разумела складанасць нашага становішча, і гэта накладала на мяне неўласцівы ўзросту цяжар суму і сталасці.

Матка пісала: “Думаю, что не сладко тебе бедненькой, одинокой, я бы свою душу отдала, чтобы тебе облегчить существование, а злой рок так устраивает, что я же делаю это существование ещё более тяжёлым. Какое-то проклятие тяготеет над всеми нами” (1913 г.).


Прыйшоў на дапамогу мой дзядзька, які вельмі любіў майго бацьку. Ён абяцаў падтрымаць мяне, каб вучылася далей. А для маткі знайшлася работа, якая каштавала ёй шмат нерваў: прывёз дзядзька ёй на догляд сваю маленькую дачушку і стаў прысылаць грошы на яе ўтрыманне, якія і мне перападалі на аплату кватэры ў горадзе. Ад платы за навучанне мяне вызвалілі - вучылася я на 5-кі. Адносіны да мяне ў гімназіі былі вельмі прыхільныя - ад настаўнікаў да вучаніц.

Дзядзька (ён змоладу пайшоў у свет) у той час працаваў на Мальцаўскіх заводах шкла ў Гусь-Хрустальным і Курлаве “управляющим”. Пасада адказная і нялёгкая, патрабавала шмат нерваў, але жыў ён заможна. Дзядзька быў добры, разумны і сумленны чалавек, але характар меў мягкі: трапіўшы пад уплыў некультурнай сквапнай бабы, мужняй жонкі, не мог вызваліцца ад яе ўплыву. Вось яна і пачала плесці павуцінне нагавораў: падбухторвала бабку і дзядзьку супраць маткі: што дачушку яна даглядае дрэнна, што грошы яго траціць не на тое, што трэба і г. д. Скончылася сур’ёзным разрывам з бабкаю. Лісты дзядзькі вельмі хвалявалі матку і выклікалі роспач: “Его письма отравляют моё и без того горькое существование, а нервы всё делаются слабее. Я многим ему обязана, но я так наэлектризована домашним “счастьем”, что со стороны буквально не могу добавить ни одной ка­пли яду, а то могу отравиться” (1912-1913 гг.). Аднак пасля ўзаемных “шпілек”, яны прасілі адзін у аднаго прабачэння да новых сутычак. Матка мне заўсёды гаварыла, што дзядзька добры, але вельмі няшчасны, і прасіла, каб я яму пісала ласкавыя лісты і не ўпамінала пра іх непаразуменні.

Пасля разрыву з бабкай мы засталіся без даху над галавой. Куды дзецца? У маткі з’яўляліся ўсякія праекты: наняць кватэру ў горадзе, узяць дзяўчат на пансіён і жыць разам са мной. У той час у мяне ўжо быў сякі-такі падработак: дырэктар рэкамендаваў мне вучаніц, якіх мне трэба было падцягваць (15 - 16 гадоў).

Сталася трохі іначай. Дзядзька прыслаў матцы грошай на дарогу і паклікаў прыехаць да яго. Выехала яна ў канцы студзеня 1913 года. А трапіла бедная матуля ў кіпцюры злыдня, з агню ды ў полымя. “Эта мадам так впилась в мое тело и душу, что уже кажется ни одной кровинки нет во мне. С утра до вечера пилит дворника, пилит дядю, бьет дочку, похожую на нее, как две капли воды в нрав­ственном смысле. Наушничает на рабочих, каждого дяде представит подлецом, а тот мстит за нее. Она живет кровью и мясом окружающих ее. Без чести, без веры хотя бы во что-нибудь, без совести положительно”. Гэта “салтычиха”. Пару месяцаў пабыла матка ў такіх ўмовах і так змаглася ад здзеку і кпінаў рыжай разанкі з заціснутымі злымі вуснамі, што ледзь жывая прыехала ў Бабруйск па запрашэнню земляка Казімера, які вёў гаспадарку нейкага пана. Ён прапанаваў матцы асесць у Бабруйску і ўзяць яго дваіх дзяцей, навучэнцаў гімназіі, на пансіён. За ўтрыманне ён будзе плаціць, а на вакацыі браць нас з маткаю да сябе на Палессе.

Калі матка ў красавіку 1913 года прыехала ў Бабруйск, горад зрабіў на яе цяжкае ўражанне. Яна мне пісала ў Ваўкавыск, дзе я вучылася: “Бобруйск - это такой город, какого ты и во сне не видела. Когда я проезжала улицей с вокзала, то чуть не утонула в грязи; лошадь извозчика засела по брюхо и хоть околевай среди улицы”. Матку запрасіў да сябе К., і яна з яго дзецьмі, навучэнцамі гімназіі, паехала за 75 ці 100 вёрст ад Бабруйска (у дзяцей былі вакацыі - Вялікдзень). “Тройка сильных лошадей еле вытащила нас из ям и тины бобруйской. Ни одна улица не вымощена, грязь и вонь отвратительная”. Не дзіва, што пад уражаннем такога знаёмства з горадам, матцы цяжка было адразу згадзіцца на прапанову К., і яна ўсхвалявана пісала мне, каб я параіла, што рабіць. Але становішча наша было нялегкае і выбіраць нечага было.

Матка трапіла да добрых людзей, яны вельмі чула і далікатна да яе ставіліся. З гаспадаром - паразоўцам К. - матка з дзіцячых гадоў сябравала і перакідалася “шпількамі”. Пасля дзядзькавага “раю” яна знайшла тут спакой і ўвагу, але думка пра мяне трывожыла яе. Вось на свята - Вялікдзень - мы ўпершыню разлучаны. “Бывала, што папа чужих берёт к себе на праздник, а теперь я с тобой, как паршивые собаки, должны искать приюта... Наша судьба не такая, как у всех, и мы с тобой не такие, как все. Вот и беда”. Але тры гады таму назад (1910) было яшчэ горш: якраз на Вялікдзень памер бацька. Маёй працавітай матцы сядзець у чужых людзей на ласкавым хлебе было цяжка. Яна прымае прапанову з восені пераехаць у Бабруйск, а на лета паехала да мяне ў Ваўкавыск, дзе ў маёй гаспадыні, простай і сардэчнай жанчыны, знайшлося месца для нас дваіх. Пасля экзаменаў я вельмі стамілася. Не ў маім звычаі было здаваць абы як, я рыхтавалася сумленна. Дом, дзе я жыла, стаяў пасярод гародчыка, былі тут і загончыкі з варывам і каля платоў кусты ягадніку ды некалькі яблынь. Месца для заняткаў было зручнае і ціхае. У адпачынак на верандзе мы ладзілі цэлыя канцэрты - дзяўчаты ўсе былі галасістыя. Матка трапіла ў гэту абстаноўку і потым часта ўсіх успамінала з замілаваннем.

Нечаканае павіншаванне з заканчэннем гімназіі, мяне вельмі ўсхвалявала. Тэлеграма ва ўзнёслым стылі і пасылка ад майго настаўніка з Віцебска, дзе ён канчаў інстытут. У пасылцы былі добра ўпакаваныя, што і перасылка не адбілася на іх, ружы. Што гэта былі за кветкі! Я такіх яшчэ не бачыла. Напоўнілі яны пахам наш пакойчык, на іх прыгажосць прыходзілі падзівіцца мае падружкі - і не без зайздрасці. Потым настаўнік мне паведаміў, што выпрасіў кветкі ў аднаго кветкавода-аматара, які, даведаўшыся аб мэце, зрэзаў самыя лепшыя.


Бабруйск... Вось мы з маткай і прыехалі. Сумна і трывожна, хаця мы і робім выгляд, што ўсё добра і настрой бадзёры. На вакзале абступілі рамізнікі. Адзін перад другім зазывалі нас, хваліліся і канём, і “фаэтонам”. Паехалі. Вуліца небрукаваная, пясок, вялізныя лужыны, ледзь конь калёсы выцягвае. Касцельная вуліца... А вось і наша Школьная. Дамы невялікія з агародчыкамі, садочкамі і пясок, пясок.

Трывожна на сэрцы... Што нас чакае? Як жыць будзем? Грошай у нас няма, знаёмых у горадзе таксама. Увесь наш багаж - пара клункаў і “зароблены” ложак. Нашы знаёмыя прыслалі адрас нанятага для нас дома, куды мы павінны былі заехаць у Бабруйску. Стукаем у вароты. Адчыняе салдат-дзяншчык і вядзе нас у дом, які належаў капітану, сам ён жыве ў другім, побач. Пуста і сіратліва. З чаго пачаць? Селі і засумавалі. Праз нейкі час адчыніліся ў кухні дзверы, і той самы дзяншчык, што нас спатыкаў, прынёс самавар, які пырскаў параю. Гэта так расчуліла, што захацелася плакаць. Неяк будзем жыць! Усюды ёсць харошыя людзі.

Скора дом ажыў, прыехалі дзеці - хлопец і дзяўчынка. Матцы было нямала клопату, трэба было ўсіх накарміць, дагледзіць.

З намі пачала жыць сям’я кіраўніка панскага маёнтка - матка і чацвёра дзяцей, якіх таксама збіраліся вучыць, апроч самага малодшага. Сам гаспадар быў родам з Люблінскай губерні, паляк, яна - з тутэйшай шляхты. Ён працаваў у маёнтку Новы двор паблізу Радашковіч. Гэта быў паважны сівы чалавек, значна старэйшы за жонку. Здабыткаў вялікіх у іх не было, яны жылі даволі сціпла, але сытна. Гэта былі людзі простыя, без налёту якой-небудзь панскасці. Мы пасябравалі з гэтай сям’ёй. Дзеці былі маімі вучнямі. Улетку на вакацыях я была жаданым госцем у іх сям’і і не адчувала сябе чужой. Ніякіх служак у іх не было.

У 8-мы клас гімназіі мяне прынялі адразу, без якіх-небудзь уступных гутарак: я атрымала залаты медаль з Ваўкавыску. Матка мая паспакайнела: яна мела занятак, добра пасябравала з сям’ёй, з якой мы жылі ў аднэй кватэры, у мяне былі вучні. Але калі часам і даводзілася сядзець без грошай, добрага настрою не траціла. Так, калі я скончыла 8-мы клас і паехала ў Ваўкавыск улетку 1914 г. - мяне запрасіла сяброўка па класу Шура - я доўга не атрымлівала ад маткі ні слова і пачала хвалявацца. Высвятлілася, што ў яе не было грошы на марку, а суседзі таксама сядзелі без грошай. І хаця матка прасядзела некалькі дзён на малачку (напавер), пісала, што адчувае сябе бадзёрай. А я ў мілым таварыстве Шуры і нашых даўнейшых сябровак таксама трохі адтаяла і неяк пачала больш упэўнена глядзець у будучыню.

У паветры запахла вайной. Не гледзячы на наш легкадумны век, мы адчулі трывогу. Кожны дзень бегалі на вакзал па газеты. Мяне ўразіла першы раз пачутае слова “ультыматум”. І калі праз гады мне даводзілася чуць гэта слова, я заўсёды ўспамінала Ваўкавыск, ліпень 1914 г. І надумалася я заскочыць у Поразава. Дагаварылася з пачтаром (гэты транспарт мне быў добра знаёмы) і паехала. Па дарозе спатыкала прызыўнікоў з торбамі. Твары заклапочаны, часам побач крочылі жонкі з заплаканымі тварамі - ішлі ў горад на прызыўны пункт. У мястэчку ўжо не застала знаёмага фэльчара, і жонка яго паклыбала за ім. Жан­чыны асірацелі. Бабку клікала ехаць да нас у Бабруйск, але ці ж яна паедзе са свайго кута - блізкі свет. На другі дзень я з гэтым пачтаром паехала назад. Мой мілы сябра пасля абвяшчэння вайны сабраўся ў Ваўкавыск (жыў за 10 вёрст ад Ваўкавыска), каб даведацца, як я маюся. Не застаўшы мяне ў Ваўкавыску і ўбачыўшы, што сям’я Шуры сабралася выязджаць у Пензу, не адкладаючы, пайшоў у Поразава, адмераўшы без перапынку шлях 10 вёрст + 20 з гакам. Непакоіўся за мяне. Шанцавала мне на добрых людзей.

Улетку 1915 і 16 гг. у Новым двары каля Радашковіч у мяне наладзілася цэлая школа, нават падабраліся хлопчыкі аканома і стоража.

Бровар у час вайны не працаваў. Кватэра знаходзілася ў гэтым бровары. З аднаго боку бровара жыла сям’я ў 2-х пакоях з кухняй, а з другога ў пакойчыку - я са старэйшай дзяўчынкай. Тут была і наша “школа”. Мы нікому не перашкаджалі, бо знаходзіліся далёка. Абстаноўка была самая простая, нічога лішняга.

Успамінаю я свае гутаркі з панам Дм. Ішла вайна, праляталі срабрыстыя самалёты над комінам бровара, вечарамі стагнала зямля - фронт быў недалёка. Мы чыталі газеты і разважалі. Спалучэнне было цікавае. Пан Фелікс вельмі ўважліва ставіўся да мяне; яму, відаць, падабалася мая сталасць - не па ўзросту. Для мяне гэта была добрая практыка - слухаць польскую мову ад паляка. Я навучылася нядрэнна гаварыць па-польску з добрым вымаўленнем. Сама пані Дм. нарадзілася недзе недалёка і ведала навакольных фальваркаўцаў, успамінала Уласава, Замбжыцкіх. Да апошніх мы з ёю ездзілі ў Вязынку, недалёка ад Радашковіч. Не ведала я, што тут нарадзіўся наш баян, Янка Купала, вершы якога трапілі да мяне ў 1917 годзе і захапілі. Каб я ведала! І гэта пані без панскіх прэтэнзій, магчыма, шмат чаго мне расказала б.

Адносіны яе да мяне былі як да роднай. Я была шчупленькая, і яна прымушала мяне кожны вечар піць сырадой, сама прыходзіла са збанком, а то завядзе ў склеп, дзе стаялі гладышы з малаком, і корміць смятанкай. Папрабуй адмовіцца!

Гэтыя людзі сагравалі мяне цяплом сваіх простых сэрцаў.

Сям’я нашага нізкаватага вусатага земляка, дзеці якога ў нас жылі, была саўсім іншай. Тут лезлі не ў падпанкі, а ў паны. Тон задавала бабуня, матка жонкі; яна лічыла сябе нейкага панскага роду. Ну, і паразоўцу трэба было падцягвацца. Ён быў кіраўніком маёнтка пана, які рэдка там з’яўляўся. Жыў ён у панскім доме з пакаёўкамі, кухаркамі, і абстаноўка тут была не такая, як у Дм. Неяк на зімовыя вакацыі (1913-14 гг.) запрасілі яны нас да сябе. Ехалі па саннай дарозе вёрст са 100 з папасам у Глуску. Спаткалі нас ветліва: сумна ў палескай глушы. Я ўпершыню ўбачыла фанограф, які па выгляду мала чым адрозніваўся ад Эдысонавага твору. На валіках быў запіс прыгожых мелодый Манюшкі. Каб зрабіць прыемнасць маім “дэмакратычным” густам, дазволілі ўвайсці калядоўшчыкам, і я ўбачыла тут “Цара Максіміліяна”. Бабуня бурчала.

У гэтых пакоях, на мяккім ложку, не такім, як у мяне, я адчувала сябе дрэнна, не на месцы. Не падабалася мне і бабуня, і яе камандаванне служкамі. Не прывыкла я да такой абстаноўкі і не хацела прывыкаць. Даставалася нашаму земляку шпілек, размова працягвалася і тады, калі ён наведваў горад. Занадта ён быў верным панскім служкай.

Мне ўспамінаецца матчына прымаўка: “Служы пану пільне, а ён табе вільне. Служы пану верне, а ён табе п. ”. Як разлічаліся з маткай за ўтрыманне дзяцей, я не ведаю, але я лічыла, што на сябе зарабляю, і трымалася незалежна.

Нашага местачкоўца матка ведала з дзіцячых гадоў. Ён яе паважаў і пабойваўся яе вострага язычка. З маім дзядзькам яны сябравалі. Абодва пайшлі ў свет на заробкі, бо ў хаце не было да чаго прылажыць рук. Адзін пайшоў да паноў у служкі, другі іншым шляхам хацеў разбагацець. Мне невядома, чым скончыў першы, бо ў часы польскай акупацыі ён прымушан быў пакінуць сваю службу і падаўся на бацькаўшчыну, якая нябавам стала за межамі. Дзядзька ж, пагойсаўшы па Расіі, скончыў сваё жыццё як добры практык па шклу, далёка ад роднага мястэчка. Асабістае жыццё яго склалася няўдала: ён быў пад пятой сваёй з’ядлівай жонкі, якая выдзірала ў яго кожную капейку і хавала. Нават, калі ён схавае ў патайную кішэню сабе на піва, яна абмацае ўсе рубчыкі і знойдзе. Калі ён не быў так звязаны, абяцаў мне дапамагчы вучыцца далей, але гэта стала немагчыма. Спачатку я вельмі перажывала, што родны дзядзька свайго слова не стрымаў, адрокся (я не ведала яго сямейных спраў). Потым рашыла, што ўласнымі намаганнямі ўсё ж свайго даб’юся і “пакажу яму”. Дзядзька быў добры і мяккі чалавек і яму было непрыемна, што так прымушан быў зрабіць, тым больш, што я ўсё-такі без яго дапамогі паехала ў Петраград вучыцца, разлічваючы толькі на сябе. Я яму паведаміла з Петраграда, што вучуся на курсах, што год настаўнічала, мела яшчэ вучняў і зарабіла на сваё пражыццё ў горадзе. Ён напісаў мне вельмі харошы ліст, прасіў паведаміць аб маіх патрэбах, адкінуць непатрэбную “палітыку” і “щепетильность”. Калі вынікне якая-небудзь небяспека (ішла вайна), ехаць да яго.

Мама вельмі прасіла быць з дзядзькам ласкавай, не “бзыкаць”, а паехаць да яго летам на вакацыі. Ён мяне бачыў вучаніцай, а цяпер я ўжо добра падрасла. І я паехала да яго пасля заканчэння заняткаў на курсах вясною 1916 г.

Жыў ён у невялікім драўляным доме з гародчыкам. Навокал былі лясы і балоты, вузкакалейка, каровы на пашы і завод. Але я нядоўга прабыла ў гэтым манастыры. Ніхто да іх не хадзіў, яны таксама сіднем сядзелі. Сям’я суседа фельчара са мною пазнаёмілася, і мне сёе-тое расказала аб нораве гаспадыні. Ёй не спадабалася самавольнае знаёмства, і яна пачала мне ўтыкаць шпількі. Я рэагавала вельмі рэзка і, не гледзячы на просьбы дзядзькі пабыць у яго, паехала дамой. І думалася мне: чаму гэта добраму чалавеку бог шчасця не дае? Пападзецца ў рукі ведзьмы - і ніяк не можа разблытаць гэтае павуцінне. І чым гэта рыжая баба разанская, мужняя жонка з дзіцем, яго прывабіла? Няхай самі разблытваюць, а я больш да іх не яздок. Шукаў у свеце шчасця, а трапіў за краты.

Я была абурана яго мяккацеласцю, падатлівасцю і, не зважаючы на просьбы маткі быць з ім далікатнай, толькі паведаміла, што даехала добра да месца, адрасу свайго петраградскага пасля прыезду не напісала. Не трэба мне ніякай дапамогі! Не патрэбны мне сквапныя бабы! Адшукаў мяне дзядзькаў ліст, ён прапісаў мне натацыю. Не трэба быць такой гордай і злапомнай у адносінах да яго. Ён па прыродзе сваёй не злы, а “глыбока няшчасны”. Яго пакрыўдзіў мой учынак.

Абяцаў прыслаць 100 р., папярэдзіў, што гэта не яго грошы, а мае. У бацькі быў нейкі выйгрышны білет, і вось дзядзька яго рэалізаваў. Відаць, што так, бо часам ад маткі чула аб тым, але значэння гэтаму ніякага не прыдавала. Не думалася мне, што за яго можна атрымаць грошы.

Дзядзька наведаў мяне ў Петраградзе ў канцы 1916 года. Прыяжджаў наконт пераводу на работу ў іншае месца. Помніцца яго шчуплая фігурка, прасіў прабачэння, нешта тлумачыў. Мне так шкада стала гэтага харошага нешчаслівага чалавека, але грошы прыняць адмаўлялася, хаця яны і “мае”. Не памятаю, відаць, ён іх пакінуў на стале. Матцы напісаў, што дачка такая ж ганарыстая, як і яна, не ў бацьку пайшла.


Па дарозе ў Мінск разыграўся фарс-вадэвіль. Апранута я была вельмі проста, на галаву завязала хустачку, а гэта было не так модна, як цяпер, і стаяла падоўгу ў тамбуры каля акна, любуючыся маляўнічымі краявідамі. Вясна, сонца яснае, лясы, пералескі, і паветра ласкавае. Заўважыў мяне сусед па купэ, прапаршчык ці “земгусар”, з тых, што адседжваюцца ў тылах, і прысуседзіўся да акна. Ну што ж? Стой сабе. Як толькі я выйду, з’яўляецца ён. Хацеў ашчаслівіць мяне сваім знаёмствам. І зайгралі ва мне чарцякі, аж рожкі пачалі паказваць. Папрабую я, чаго ён варты. Калі хочаш пагаварыць, калі ласка, а калі думаеш пачаць флірт, які я ненавіджу, паглядзіш, якія бываюць дзяўчаты. Выгляд у мяне быў саўсім не студэнцкі, падобна была скарэй да маладзенькай нянечкі, што пабыла ў горадзе і варочалася дамоў. Разгаварыліся. У словах маіх туман і ніякай вучонасці. Я ўпэўнілася, што мяне лічаць за служаначку. Гэта яму развязала язык і прыдало ўпэўненасці. Пасыпаліся кампліменты, просьбы даць адрас і ўсякія іншыя знакі прыхільнасці. Ва мне злосць закіпае. Ужо Барысаў недалёка. Праязджаем каля будкі, дзе ў гародчыку чырвоныя, ружовыя шапкі макаў. Прыгажосць! Я ў захапленні кажу, што такія фарбы толькі на палотнах Малевіча. Адкуль я ведаю? - Была ў музеі, я ж студэнтка! Кавалер скіс і перайшоў у другі вагон. Ах ты, хлюпік!

Нялёгка было ездзіць у часы вайны па чыгунцы ў прыфрантавой паласе. Плац­карта - гэта раскоша, папрабуй яе дастаць. І хаця на ўліку кожная капейка, ужо можна было б навесці эканомію на чым іншым, але даставанне - цэлая праблема. Адзін раз толькі ў Жлобіне(там перасадка) сяброўка-студэнтка, дачка мясцовага чыгуначніка, дастала, і мы праехалі, як пані, да самага Петраграда.

Успамінаю іншае. На перасадцы я з кошыкам, які замяняў чамадан (хто з нас меў іх тады?), перабягала ад вагона да вагона, мяне адштурхоўвалі, ледзь з ног не збілі. Усюды поўна, не пускаюць. Тады на білетах не ставілі нумар вагона. Прайшла далей ў канец поезда і ў роспачы паставіла на зямлю свой кошык. Бачу, перад вагонам нікога няма, а ў дзвярах стаяць салдаты.

- Эй, барышня! К нам!

Я сумелася на хвіліну, потым падышла да вагона. Узялі мой кошык, падалі мне руку - і я ў вагоне. Глянула і абамлела: адны салдаты, але адступаць позна. Нехта ўстаў, пасунуліся, месца мне далі, кошык мой прыстроілі. Адразу я сказала, што еду ў Петраград вучыцца, што вельмі ім удзячна за тое, што мяне пусцілі, а то давялося б чакаць другога поезда, хто яго знае, калі ён будзе і ці на яго сядзеш. Распытваю, ці няма землякоў, пра іх сем’і і г.д. Завязалася харошая гутарка, пасыпаліся пытанні. Як я ўмела, так адказвала. Падышлі з суседняга купэ. Мы гутарылі па-сяброўску: ніякай заборыстай лаянкі. Да суседзяў нехта прыйшоў і намерыўся “загнуць”, дык на яго так гукнулі, што ён сціх. Мне ўступілі другую паліцу, бегалі па кіпяток на станцыях, а я частавала прыпасамі, якія мне матка на дарогу дала. Развіталіся, як з добра знаёмымі. Тут былі толькі салдаты і ніводнага “чына”.

Думалася мне: добра, калі ты трапіш на тую дарожку, якая да сэрцаў вядзе.

У той час, як я захаплялася сваім студэнцкім жыццём, глатала прагна навуку, мая матуля ў Б[абруйску] з хваляваннем чакала ад мяне пісем. Ці здарова? Ці не вельмі стамляюся? Ці не забываюся паабедаць? Я ж такая слабенькая! Яна радавалася, што я нарэшце дарвалася да той навукі, што часам наведваю тэатр. А калі атрымала фатаграфію маю з З., нават засталася задаволена, бо ўбачыла, што я не схуднела, а нават паправілася.

У 1916 годзе шмат давялося матцы перажыць хваляванняў. У сувязі з наступ­лением немцаў на Зах[однім] фронце шмат хто падаўся з Б[абруйска] на ўсход (З. і В. паехалі ў Тамбоў). Гімназіі таксама мелі вывезці. Дзядзька прапанаваў, каб прыехала з дзецьмі да яго. Але неяк усталявалася, і ўсе засталіся на месцы. Мяне прасілі Дм. прыехаць да іх (і яе таксама) у Новы Двор каля Радашковіч (у часе летніх вакацый). Там добра былі чуваць артылерыйскія баі. Гэта хвалявала матку, і яна папрасіла, каб я паехала на нейкі час да дзядзькі і сачыла за газетамі.

Неўдачы на фронце, спекуляцыя, усякія чуткі пра здраду і г.д. выклікалі абурэнне. Пісала (1.V.16 г.), што ўсё вельмі дорага, няма нават паперы для газе­ты: “Бобр[уйский] курьер” печатается на синей, красной, зеленой, желтой и т. п. бумаге. Когда приходится краснеть - на красной, синеть со злости - на синей и т.п. Теперь же, то есть в настоящее время, печатают на наших шкурах: скотские очень дороги”. Спекулянты паднімаюць цэны і “в обитателях нашего города кипит неукротимая злоба”.

Цэны: фунт мяса 40-50-70 к. Немагчыма адзецца: аршын паркалю 50 кап. І трэба яшчэ даплачваць за вагу; шарсцяныя тканіны недаступны: 6 - 7, 10 - 12 р. аршын і асобна даплачваць за вагу! Няма газы, свечкі па 1 р. фунт і то цяжка дастаць. Няма солі, цукру. Цукеркі мясцовага вырабу 1 р., і гэта недаступна.

Просіць матка ў дзядзькі прыслаць некалькі шклянак, бо тут вельмі дарагія. Калі яна ездзіла з дзецьмі да Дм. на вялікодныя вакацыі, то ў Радашковічах іх напалохалі бомбы. У Мінску ўвечары горад замірае: ні агеньчыка, ні руху. Вакзал, як турма: вокны завешаны чорным сукном, цягнікі ходзяць удзень. У Новым Дварэ стаялі казакі, праязджалі ўцекачы, чуваць кананада.


Сшытак 9


Курсы


Перайшло - мінула, як і не было.


Jeszczec pot biedy, gdy mocna w kim dusza,

A gtowa gorq na zycia gt§binie;

Taki nie tonie, choc fala nim rusza,

Da nura, strzqchnie si§ i znow wyptynie.


Konopnicka


Вельмі шкада, што ніякага “тсьменніцкага” дару не маю. Знайшлося б нямала цікавага матэрыялу аб маім пакаленні, хаця б і на прыкладзе ўласных турбот, роздуму і пошукаў свайго месца ў жыцці.

А час быў бурлівы - рэвалюцыі, войны... У муках эпоха змяняла эпоху. Столькі ўплываў і плыняў! Як у іх разабрацца, якойдарогай пайсці? Ад народнай школы, якая старалася трымацца на трох “кітах” - “православие, самодержавие и народность”, праз сярэднюю школу з тымі самымі “кітамі”, толькі пасля рэвалюцыі 1905 г. трохі аслабелымі. Далей - імперыялістычная вайна, рэвалюцыя, акупацыі, грамадзянская вайна...

У мяне захаваліся кароткія запісы з 1915-1916 гг., але яны вельмі агульныя і шмат якіх цікавых эпізодаў, на жаль, не занатавана. Усё ж ад іх павеяла тым паветрам, якім дыхала столькі дзесяцігоддзяў таму назад, і многае паўстала перад вачыма. Хочацца ўспомніць сябе таго часу. Што хвалявала? Да чаго імкнулася?

Перш за ўсё, палкае намаганне атрымаць вышэйшую асвету не пакідала мяне і кіравала ўсімі маімі жаданнямі. Трэба было рыхтавацца да працоўнага жыцця, я адчувала сябе такой непадрыхтаванай. Мне здавалася, што я нічога не ведаю. Гімназію я скончыла, нават 8 клас (педагагічны), які даваў правы “дамашняй настаўніцы”, але гэтага мала.

Хачу вучыцца далей. Але адкуль узяць грошы? Хоць для пачатку трэба мець нейкі мінімум! Раней дзядзька ўсё абяцаў, што трохі дапаможа, а калі надышоў час, ён сказаў, што я такая яшчэ маладая і трэба пачакаць. Хатнія яго ўзаемаадносіны былі такія, што і сапраўды гэта было немагчыма.

Вучыцца, вучыцца! На курсы, на курсы! Выхад са становішча быў: звязаць свой лёс з тым харошым чалавекам, які з юнацкіх гадоў меў сімпатыю да мяне, быў маім лепшым сябрам, ён дапамог бы мне. Не! Гэта не для мяне. Не хачу быць няроўнай! Ён здаваўся мне такім адукаваным, сталым (быў старэйшы на 7 гадоў), а я ... дзяўчо. Нашто мне такая дапамога? Буду працаваць і свайго даб’юся! Зараблю грошай і паеду. Матка падтрымлівала маё жаданне, але дапамагчы нічым не магла. Добра, што сама неяк уладкавалася і мела сякі-такі кавалак хлеба.

Мае падружкі, з якімі вучылася ў адным класе, у якіх былі заможныя бацькі, пасля школы адразу паехалі ў Пецярбург, а я засталася ў вялікім засмучэнні.

Мой былы настаўнік, К.Х. Бабарыкін, вядомы ў горадзе чалавек, дапамог мне атрымаць месца настаўніцы ў Яўрэйскай прагімназіі. Я мела яшчэ некалькі прыватных урокаў. 35 р. штомесяц у школе і за ўрокі яшчэ некалькі рублёў, да і лета я папрацавала, - гэта склала для мяне нейкі “капітал”, з якім можна было адважыцца пусціцца ў “свет”. Мне справілі такую-сякую скромную вопратку, а шыць умела матка сама, і я пачала сваё студэнцкае жыццё.

Дзве сяброўкі Зіны - чорная і бялявая - выглядалі сапраўднымі студэнткамі. Зіна бялявая нават пашыла сабе сінюю хлапечую касаваротку з бліскучымі гузікамі, якая ёй вельмі была да твару. На вакацыях яны мне столькі парасказвалі аб горадзе і курсах! І гэта мяне падмывала яшчэ больш упарта дабівацца свайго. Ноткі суму гучаць у маіх лістах, чытаю Надсана, нават пачынаю пісаць элегіі, але гэта не аддаляла мяне ад пастаўленай мэты.

Бачу я перад сабою Зіну белую - тонкую, зграбную, у меру вясёлую, з косамі да пояса колеру расплаўленага золата. Ах, гэтыя косы! Прыгажосць!

Другая Зіна была чорная: валасы, вочы, твар смуглявы, задуменны, не такая зграбная, як першая, але мела сваю прывабнасць. Захаплялася матэматыкай.

Першая была дачкой паважанага доктара, а другая - ваеннага, які меў адну камяніцу і два дзеравянных дамы. Дзе ж мне, сіраціне, было з імі цягацца? У нас ні капіталаў, ні маёмасці, толькі дзёрзкія жаданні. Але калі паставіш перад сабою пэўную мэту і будзеш за яе змагацца, здолееш шмат чаго дасягнуць.

Калі я пазнаёмілася з мілымі Зінамі (у 8 класе, бо 7 класаў канчала ў іншым горадзе), то аднеслася да іх з насцярожанасцю. Ці мне, санкюлоту, быць роўнай з панамі? Але дарэмная была мая насцярожанасць. Яны так шчыра да мяне паставіліся, што мой гонар нічым не быў пакрыўджаны, і я стала адчуваць сябе, асабліва ў сям’і доктара, сваёй, тым больш, што доктар не паходзіў з паноў, а выбіўся ў людзі, зазнаўшы нямала нягод.

Былі яшчэ ў мяне падружкі, што марылі аб далейшай вучобе, іх становішча было таксама незайздроснае. Вера Р. жыла з сястрой, братам і маткай, якая атрымлівала невялікую пенсію за мужа вайсковага. Як яна заўсёды чакала ад мяне вестак! Прыходзіла да мамы і старалася яе неяк разважыць, калі я паехала на курсы. Мела яна пару вучняў пасля заканчэння гімназіі ды ўладкавалася ў школу настаўніцай, і гэтым старалася дапамагчы сваёй матцы, але пра курсы магла толькі марыць. Школа пайшла пад нейкую канцылярыю: Вера засталася без месца. Скора яны выехалі ў Тамбоў. Мая Вера толькі і думала, каб як-небудзь вярнуцца назад у Бабруйск, а курсы - гэта светлая мара яе падтрымлівала ў цяжкія хвіліны жыцця. Яна стала настаўніцай у народнай школе Тамбоўшчыны, але імкнулася вырвацца з тэй твані, у якую трапіла: плёткі, пераліванне з пустога ў парожняе...

На курсы, на курсы! Так мала дала школа, хочацца знаць больш, хочацца працаваць!

Каб скарэй жанчыны атрымалі правы! Жанчыны - працаўніцы, а не пустыя “франціхі”. Калі прыйдзе час, што жанчыну будуць паважаць як чалавека, здольнага да працы, не будуць глядзець, як на нявольніцу, якая можа толькі дагаджаць мужчыне? Мілая мая “фліртовая” Вера! Апошні ліст я атрымала ад яе, калі яна пяць гадоў прабыла ў Тамбове (у 1920? 1921?), так і не трапіўшы ў Бабруйск. У школе ўжо не магла працаваць: лёгкія слабыя (часта харкала кроўю) ды і сэрца нікуды нявартае: трохі хвалявання - і кладзіся ў ложак. А курсы засталіся толькі ў марах. Усю сваю вялікую энергію ўклала ў сакратарскую працу і розныя выбарныя пасады. Пра сябе гаварыла, што засталася па-ранейшаму прыхільніцай флірту, а замуж не выйшла, бо прызнае толькі грамадзянскі шлюб, але гэта вельмі ўсхвалявала б матку, якая стала ўжо вельмі слабенькай.


Час быў трывожны і няпэўны, але ці гэта магло мяне затрымаць? Паехалі мы ўвосень 1915 г. з Зінамі ў Петраград. Пачаўся новы этап у маім жыцці. Нарэшце, я дасягнула жаданага! І акунулася я ў студэнцкае жыццё. Жылі мы разам з беленькай Зінай у невялічкім пакоіку (плацілі, здаецца, 20 р.) з двумя ложкамі, сталом пасярэдзіне, этажэркай, двумя “самаварамі” - раніцай і ўвечары. Акно пазірала на сцяну, і таму ў пакоіку было цемнавата, але мы ўвесь дзень праводзілі на курсах і не заўважалі гэтага. Пазней я перабралася ў інтэрнат.

Свой “капітал” я надзейна захоўвала пры сабе. “Sna mea mecum porto”.

На снеданне мы з’ядалі па французкай булцы коштам 3 кап. і куску чайнай кілбасы. Абед у курсавой сталовай (касы ўзаемадапамогі). Сталовай загадвалі курсісткі, кармілі без выкрутасаў, але галоднымі мы не былі за свае капейкі. Памятаю, што катлета каштавала 7 кап., талерка кашы - 3 кап., талерка кісялю - 3 кап. Мне надта падабалася невядомая мне раней страва - вараная бульба з чырвонай тлустай сёмгай.

Былі недалёка ад курсаў прыватныя недарагія сталовыя, куды мы скопам з землякамі-студэнтамі хадзілі абедаць па нядзелях. Памятаю сталовую вусатага, не без гумару, паляка, мы называлі яго панам. У яго сталовай былі надпісы: “Чужие галоши брать необязательно” і на скрынцы, прымацаванай да дзвярэй: “И копейка - деньги ... для швейцара”. Адчувалі мы сябе там вельмі добра, і вусаты пан нямала гэтаму садзейнічаў.

Трэба было і з горадам пазнаёміцца, музеі наведаць ды ў тэатры схадзіць. Ад свайго абмежаванага бюджэта ўрываліся капейкі, каб у “Музыкальнай драме” на галёрцы паслухаць Ліпкоўскую ў “Аідзе” ці Мазжухіна ў “Барысе Гадунове”. Шаляпін таксама выступаў і тут, і ў Народным доме, але мне не ўдалося паслухаць яго.

Неяк на курсах разыгрывалі ў латарэі білеты, ды мне не пашанцавала. Адзін раз дзяжурылі шмат гадзін на дварэ, каб трапіць на дармовыя месцы ў Народным доме. Уваход каштаваў 10 кап., а там трэба было спяшацца займаць месцы на верхатур’і. Было халаднавата, але ў кампаніі весела. Калі адчыняліся запаветныя дзверы, то хлопцы, паскідаўшы галёшы і польты, сігалі праз некалькі сходкаў наверх, каб заняць лепшыя месцы. Убачыўшы гэта, я ад рогату не магла ісці і спынялася на прыступках, пакуль не сціхне гэты рогат. А месцы для мяне і кампаніі ўжо былі заняты шапкамі, польтамі, галёшамі. Асабліва смешны выгляд быў у М. - акуляры, сурдут і лысаватая галава, а выгляд прафесарскі. Пасля мне з Зінай па чарзе ён спяваў арыі, ды яшчэ стоячы на адным калене і з адпаведнымі жэстамі.

У дні адпачынку, калі не было вельмі халодна, я любіла паблукаць па гораду. Мая адзёжа не вельмі была цёплай, і я надта зябла ў дні, калі паветра напоўнена было марознай парай, і яна асядала на вопратку, пранізвала да касцей. Я знаёмілася з планам горада, выбірала маршрут і ехала. На жаль, мае сяброўкі не вельмі ўхвалялі мае падарожжы, і я прымушана была падарожнічаць у адзіноце. Не любіла я ніякіх знаёмств, больш слухала, назірала.

То трапляю я на востраў, дзе змешчан Батанічны сад. Колькі новага я там наглядала. То, стоячы на Тучковым мосце, захапляюся своеасаблівым пейзажам. Вось як ён у мяне апісаны: “Дзіўны выгляд Нявы з Тучкова маста. Сёння ён асабліва быў прыгожы. Далячынь ахінута туманамі. Ледзь вызначаюцца расплыўчатыя сілуэты будынкаў на ўзбярэжжы. Свінцовыя воды ракі, баржы з дравамі, дымок парахода. Белы тонкі вэлюм нібы пакрывае ўсё. Дзіўны горад! Нібы нейкі прывід, галюцынацыя... Толькі званкі трамваеў варочаюць да рэальнага жыцця”... Я так была паглыблена ў назіранне, што ледзь не трапіла пад колы ізвозчыка.

Трапіла я на Нарвскую заставу. Тут саўсім іншы выгляд. Карпусы заводаў, сталёвыя рэйкі пуцей. Вось ідуць хлопцы, абняўшыся, шапкі набакір. “Маруся-я отравилась, в больницу повезли.” - зацягваюць песню.

Неяк у трамваі я назірала цікавую сцэнку. Стаіць рабочы, трохі відаць “пад мухай”. Паліто латанае, рыжае, каўнер падняты (халаднавата). Спераду стаіць дама ў каракулевым паліто. Чалавек нейкі час на яе глядзеў, потым сказаў, паказваючы на сябе і на яе:

- Вось паліто, і вось паліто! Вось чалавек, і вось чалавек!

Нейкая жанчына, засмяяўшыся, сказала:

- Ну, надумаўся сябе раўняць!

- А будзе час, калі мы і зраўняемся!..

Прыпамінаецца мне паездка на ўзмор’е з кампаніяй студэнтаў. Гэта было ў белую ноч. Узялі мы лодку і паехалі. Было шумна і весела. Песня за песняй. На небе не гасла зара, і ясная палоска адбівалася на вадзе. Заехалі мы далёка. Горад патануў у лёгкай смузе. Навокал вада і вада. Трэба варочацца назад, відаць, ня рана. Ужо ў другім месцы неба пасвятлела - зара з зарой сышлася. Мы павярнулі лодку і ... сталі: плытка селі на мель. Доўга мы круціліся, не маглі ніяк знайсці фарватар. Убачылі чалавека ў лодцы і давай яго прасіць, каб паказаў, куды плыць. Мы ўжо скінулі чаравікі і лодку пхалі. Чалавек паслаў нас да ўсіх чартоў. Гэта быў паляўнічы, якому мы перашкодзілі. Толькі калі добра паднялося сонца, мы, мокрыя, змораныя, расчухраныя і без гумору, вярнуліся назад. У такім выглядзе нам няёмка было праз увесь горад ехаць, і, як маглі, давай прыхарошвацца. А потым расказвалі, як мы пехатою па моры хадзілі.

А на курсах столькі было цікавага! Трэба ж было паслухаць і гісторыкаў, і філолагаў, і філосафаў, і не толькі тых, каго рэкамендавалі. Варта зайсці да юрыстаў, яны паблізу, па дарозе. Там “свивает словеса” П.Н. Сперанскі, цікавіць і М.І. Туган- Бараноўскі, які не грэбуе перасыпаць свае лекцыі прыкладамі з літаратуры.

Як прамінуць аўдыторыю, дзе чытае прафесар С.В. Платонаў! Даволі нязграбная грувастая фігура з кароткімі, не па росту рукамі і маленькім носікам. Па яго сухаватаму падручніку ў старэйшых класах гімназіі мы вывучалі гісторыю. Як мастак малюе эпоху Кацярыны ІІ. Вытрымкі з дакументаў чытае напамяць, без паперак. Не лекцыя, а мастацкі твор. Якая розніца паміж падручнікам і жывым аўтарам!

Вось па калідоры прасунулася невялікая фігура В.В. Сіпоўскага, па яго падручніку літаратуры вучыліся ў школе. Высокі лінгвіст Л.В. Шчэрба з чубам, які звешваўся на лоб, трохі нагадваў Гогаля. Сівая грыва Н.І. Карэева. А вось хударлявы, лысы, у кароткім піджачку, з гузам на патыліцы Іван (Ян) Аляксандравіч Бадуэн дэ Куртэнэ, акадэмік, прафесар, накіраваўся ў аудыторыю. Трэба ісці слухаць яго, хаця першакурсніку гэта не так лёгка. Ён стараецца давесці, расцягваючы склады, што такое фа-нэ-ма і гра-фэ-ма. Вялікі спецыяліст-лінгвіст, ён прывабліваў тым, што, паводле чутак, меў немалыя непрыемнасці з уладамі. Цікавы, выданыя на курсах яго дапаможнікі, надрукаваныя па яго ўласнай арфаграфіі.

Між іншым, хадзіць на лекцыі было неабавязкова, і прафесары, якія не ўмелі прывабіць слухачоў, не маглі пахваліцца шматлікімі наведвальнікамі. Затое такія, як акадэмік Нестар Ал. Катлярэўскі, які прыязджаў з Масквы, і па аўторках чытаў вечарамі лекцыі на курсах, збіраў паўнюткую залу або самую вялікую аўдыторыю. Былі заняты ўсе праходы, падваконнікі. Прыходзілі з розных курсаў, нават з іншых факультэтаў. Не ведаю, ці чытаў ён ва Універсітэце, але аднойчы на курсы з’явіўся пераапрануты ў жаночую вопратку студэнт. У белым каптуры, чорнай сукенцы і гаржэтцы з пер’я. Калі яго заўважылі - было рогату!

Чытаў К[атлярэўскі] пра рускую літаратуру ХІХ ст. - Талстой, Дастаеўскі, Чэхаў... Зварот “милостивые государыни” спакойным, прыемным голасам ужо настройваў да ўдумлівага ўспрымання яго лекцыі. Чытаў без шпаргалак. Ціха, толькі часам зашалпоча папера - запісваюць. У мяне доўга захоўваліся запісы яго цікавых лекцый. Чакалі аўторкаў і вечароў, як свята, і заране стараліся займаць месцы ў аудыторыі.

На кафедры - Сямён Афанасьевіч Вянгераў... Так вось які ён - рэдактар знаёмай серыі “Библиотека великих писателей”, выданняў Бракгаўза і Ефрона! Невысокі, з сіваватай барадой, у акулярах. Лекцыі па рускай літаратуры. Адносіны да яе “благоговейные”. Калі загаворыць аб Пушкіне, увесь неяк асвятляецца, і мова становіцца ўзнёслай. У такт яго ўсхваляваным словам пагойдваецца сіваватая барада на сурдуце. Даведваюся, што існуюць “пушкіністы”, да якіх, відаць, і ён належыць.

Аляксандр Іванавіч Увядзенскі. Логіка, псіхалогія “без всякой метафизики”, гісторыя філасофіі. Прыемна і зразумела чытаў. Вучыў лагічна выслаўляцца. Голас нейкі трохі рыпучы. Памятаецца яго заключнае “а поетому...” . На кафедры стаяла шклянка чаю, і часта ён, пастукваючы лыжачкай, памешваў. Чытаў седзячы, без усякіх лісткоў. Нам здавалася, што ў яго ўжо адсутнічае ўсякая метафізіка, але гэта толькі здавалася.

Па філасофіі лекцыі Н.О. Лоскага ў галаве пакідалі блытаніну. Гэта не Увядзенскі. Успрыняць кантаўскія ўяўленні аб рэчах і “рэчы ў сабе” было лягчэй, а вось Бёрклі з яго сцвярджэннямі, што рэч існуе, пакуль мы яе ўспрыймаем - цяжкавата.

Выкладчык французскай мовы мосье А.А. Ляронд праводзіў заняткі цікава. Мэта - навучыць разбірацца і чытаць навуковыя тэксты. Замест традыцыйнай граматыкі - тоненькі яго даведнік (так ён называў). Тэксты: Сен-Сімон, Фур’е. Нявысокі, чарнявы. Калі выгаварваў словы, неяк асабліва прычмокваў губамі. Выкладаў па-руску, у вымаўленні адчувалася, што ён француз. Гаварылі, што ён - рэспубліканец, а для нас гэта нешта азначала. На заліках без жалю “рэзаў”, асабліва самаўпэўненых інстытутак, якія добра ўладалі размоўнай мовай, а заняткі наведвалі неакуратна і Сен-Сімон a livre ouvert не прыносіў ім асалоды. На маіх вачах з 25 асоб залічыў толькі 5-м.

Лекцыі Д.В. Айналава па стара-рускаму мастацтву ў цёмнай аудыторыі (ілюстраваліся на экране малюнкі на эпідыяскопе). Голас прыемны, ціхі, умеў зацікавіць, слухаць прыемна. Закрыеш вочы і думаеш, што нікога няма, а гэты павольны, пранікнёны голас гучыць недзе глыбока ў душы.

Запісалася я на семінарскія заняткі да прафесара П.Н. Сакуліна па народнай казцы. Ён цікава праводзіў іх. Слухачкі былі з розных куткоў Расіі, кожная ста­ралася браць казкі свайго краю. Памятаю рэферат адной аб казках поўначы (па Анчукову). Мне ён дужа спадабаўся. Я папрасіла прафесара параіць мне зборы беларускіх казак, я шмат іх чула ў дзяцінстве, на іх гадавалася. Адразу ён не здолеў мне параіць, і толькі на наступным паседжанні назваў Е. Раманава і тэму даў: “Перажыткі старадаўных поглядаў на прыроду на беларускіх казках”. У курсавой бібліятэцы не знайшлося. Ён даў мне запіску ў б[ібліятэ]ку Акад[эміі] навук, якую я і стала наведваць, хадзіла і ў Публ[ічную] б[ібліятэ]ку. Толькі шмат гадоў пасля я напаткала на гэтую тэму кнігу А.Я. Багдановіча (выд. у 1897 г.).

Я нічога не ведала аб тым, што ў Петраградзе існавалі нейкія культурныя беларускія арганізацыі. Не спатыкала твораў ні Купалы, ні Коласа. У дзяцінстве слухала шмат казак, прымавак, нават ведала “Панскае ігрышча”. Матка ўспамінала вершы знаёмага самавука, жартаўлівае яго прывітанне на “Валоссе” і дагэтуль памятую. Ніводнай беларускай друкаванай кнігі не бачыла.

І якое маё было здзіўленне, калі ў канцы 1916 ці студзені 1917 г. адна з маіх сябровак аднекуль прынесла некалькі тоненькіх кніжачак “Лучынкі”. Я была захоплена вершамі Цёткі - “Ой, кабеткі, ой вясковы, ой вы, кветкі прызавяты!” Гэтыя кніжачкі я абсмактала ад вокладкі да вокладкі. Шкада, што не засталося ў памяці, адкуль яны з’явіліся. Ды і шукаць канцоў было ўжо некалі, бо насоўваліся вялікія падзеі, якія цалкам захапілі.

На курсах існавала “Общество вспомоществования слушательницам ВЖК”, а таксама каса студэнцкай узаемадапамогі. Яны займаліся справамі харчавання студэнтак (сталовай, буфетам), уносілі плату за слуханне лекцый за тых, хто меў у гэтым патрэбу (я таксама атрымала пазыку 50 р. за сяместр). Так, пазыку, бо звычайна, хто атрымліваў пасля сканчэння курсаў пасаду, лічыў сябе маральна абавязаным з цягам часу вярнуць грошы, хаця гэта і не лічылася абавязковым.

Каса наладжвала таксама розныя лекцыі, канцэрты, спатканні, запрашаючы артыстаў, пісьменнікаў, крытыкаў, нават грамадскіх дзеячоў.

Памятаю выступленні М. Горкага, Я. Чырыкава, К. Бальманта.

Горкі не зрабіў на мяне моцнага ўражання. Чытаў свае творы неяк невыразна і ціха. Хваляванне сярод слухачак было вялікае, што, відаць, і перашкаджала. Наогул, вечар быў нейкі сумбурны, мітуслівы.

Я. Чырыкаў - аўтар “Юности”, “Изгнания” і “Возвращения” з жыцця моладзі - быў у той час папулярны. Па выгляду нагадваў чэхаўскіх інтэлігентаў.

К. Бальмант. Яго пявучыя вершы мне вельмі падабаліся яшчэ ў школьныя гады (“Паміраючы лебедзь”, “Чайка”.). Апошні верш я нават чытала пад музыку на вечарыне ў гімназіі, і таму я з цікавасцю чакала яго выступлення. І вось ён з шапкай валасоў, якія пры электрычным святле адлівалі бронзай, з высока паднятай галавой, завываючы, чытае. Ён вярнуўся з падарожжа па Інданезіі. Месяц, агонь, зоры, яго Я і... няма людзей. Я запісала асобныя сказы.


Творимый творец творимого творенья.

Я для ветра нашел зацепленье...

Средь обезьян властитель благородный...

Я - око всеобъемлющее..

Ресничные для ока борозды.

Свой мозг пронзил я солнечным лучом.

Мой дух влюблен, он упоён.

Я царствую, блаженствую, горю.

Огонь бесшумный в мерцаньи церковной свечи.

О, красный огонь! Я тебе посвятил все мечты.

Ты в хрустальности звезд.

Солнце - огонь, луна - свет,

Звезды - сиянье.

Звезды - неумолчное пасхальное благовестие,

Звезды - ночные ипостаси солнца,

Красная страсть, кончающаяся белым созерцанием.

Безбрежное рыдание с луны излило жемчуга.

Новолуние серпом прорезало мне сердце.

Из пропасти вулканной вышины.

Поющую луну мы слушаем глазами.

В душе звездозлатится.


Вельмі красамоўна і лаканічна мая рэзалюцыя: “Тэкс”. Бальмант мяне расчараваў. Я была занята такімі зямнымі пытаннямі, як вайна, шуканне сцежак жыцця, а ён запрашаў мяне ў космас, накіраваў увагу на сваё ўспрыйманне стыхій. Нічога мне не даў, апроч “свития словес”. На тым сшытку, дзе быў зроблен запіс яго словатворчасці, у якасці эпіграфа напісаны былі словы:


От ликующих, праздно болтающих,

Обагряющих руки в крови,

Уведи меня в стан погибающих

За великое дело любви.


Надзвычайнае ўражанне зрабіў этнаграфічны вечар (6 (19).І.1916 г.), на якім спяваў сляпы бандурыст з Харкаўшчыны - Грыцко Сямёнавіч Кажушка. У вышыванай кашулі, шырокіх штанах з поясам. Бандура на каленях. І тэнар, што за душу хапае. Шмат песень і дум спяваў ён. Народныя і на словы Шаўчэнкі. І пра Хмяльніцкага, пра Маразенку, у якога татары выразалі сэрца:


Гэй, Морозе, Морозеньку ти славний

Козаче, за тобою, Морозенко,

вся Вкраіна плаче!..


“На смерць Шаўчэнкі”, “Ой, тры шляхі шырокія”, “Пападэнька”, “Варэныкі”, “Бярозка” і г.д. Слухалі і плакалі, не хаваючы слёз. На вечары былі і прафесары. Успамінаецца прафесар Ф.Ф. Зялінскі, высокі, сівы (ён чытаў антычную літаратуру), і ён плакаў. Праўда, ён не мог стрымаць слёз кожны раз, калі даводзілася на лекцыі чытаць развітанне Гектара з Андрамахай. Толькі дойдзе да гэтага месца, і ўжо рука цягнецца ў кішэнь сурдута па хустку (так гаварылі курсісткі).

Успамінаецца Максім Максімавіч Кавалеўскі - сацыёлаг. Выступаў ён на ве­чары, прысвечаным Соф’і Кавалеўскай, першай жанчыне-прафесару ў Швецыі. Мажны, пажылы, ён успамінаў свае спатканні з ёю за межамі. Праз шмат гадоў я даведалася, што С.К. збіралася звязаць сваё жыццё з ім, але ён хацеў, каб яна кінула сваё “прафесарства”, і яны разышліся. Мы з хваляваннем слухалі аб жанчыне, якая ў ліку піянераў пракладала шляхі жанчынам да вышэйшай асветы, да навукі. Нялёгкая гэта была дарога! Нават прафесару-жанчыне, прызнанаму за межамі, не знайшлося месца ў тагачаснай Расіі. Моцна трымаліся традыцыйныя погляды на няроўнасць жанчыны з мужчынамі.

Пытанне раўнапраўя жанчын мяне хвалявала са школьных гадоў. Я імкнулася паказаць на справе, што нічым не горшая за тых хлапчукоў, сыноў нашай добрай знаёмай, у якой мяне ўладкавалі на кватэру. Яны мяне і лічылі не паненачкай, а сваім таварышам, які можа дапамагчы і задачку рашыць, і растлумачыць незразумелае (вучылася я на пяцёрках, а ім навука давалася нялёгка).

Так званае “жаночае” пытанне хвалявала вучнёўскую моладзь у тыя часы і выклікала шмат спрэчак. Жыла я ўжо на іншай кватэры сярод дзяўчат, таварышак па гімназіі. Да іх наведваліся знаёмыя хлопцы - тэлеграфісты, пісарчукі, дробныя канцылярысты. І пачыналіся “прынцыповыя” спрэчкі! Ад бедных хлопцаў пух ляцеў! Чай астываў на стале. Забываліся пра песні, а дзяўчаты былі галасістыя. Цяжка было адбівацца ад згоднага націску сямікласніц, якія ўмелі падмацаваць свае доказы літаратурнымі і гістарычнымі прыкладамі.

Са студэнтамі цяжэй было змагацца: у іх быў больш грунтоўны багаж, але, бывала, і яны траплялі ў нялёгкае становішча. Памятаю адзін жарт, які збянтэжыў харошага хлопца.

У знаёмай дзяўчыны быў жаніх, пецярбургскі студэнт (палітэхнік ці гарняк). Ведаючы маю “струнку”, пачаў іграць на ёй. Ці ўспомніш, з чаго пачалося? Але гутарка жартам зайшла і пра біблейскіх Адама і Еву. Я сказала, ці справядліва вінаваціць Еву, што яна спакусіла Адама, проста яблыкі былі прыгожыя, і без спакусы тут абышлося. Спрачаліся заўзята. І вось мы з дзяўчынай умовіліся падстроіць хлопцу “спакусу”. Набылі вельмі прыгожых яблыкаў, палажылі на стол і нават прыкрылі газетаю. Сталі чакаць хлопца. Калі ён з’явіўся і заўважыў яблыкі, адразу, не пытаючыся, схапіў адно і з хрустам куснуў. Мы зарагаталі.

Была і іншая плынь, якая захапляла юнацтва (вядома, не дзяцей працоўных) у часы рэакцыі пасля рэвалюцыйнага ўздыму 1905 году. Ведаю толькі па чутках. Гэта так званыя гурткі “агаркаў”. Начытаўшыся “Санина”, раманаў Вярбіцкай і іншай таму падобнай літаратуры, яны на практыцы ажыццяўлялі ўсе іх тэорыі.

Мы не былі звязаны з рабочым асяроддзем. Дзе ўзяць было фабрычных рабочых, калі фабрык не было? Былі дробныя майстэрні, было сялянства, больш знаёмае і блізкае. І круціліся мы ў асяроддзі інтэлігенцыі, дробнага чыноўніцтва. Але шмат якія пытанні ўжо ставілі насуперак агульна прынятым поглядам.

На курсах было шмат аднадумцаў, тут былі свае традыцыі, пашана да жанчын- піянераў, жанчын шасцідзесятых гадоў. Але нельга сказаць, каб склад слухачак быў аднастайны. Шмат было такіх, якія разлічвалі толькі на свае працоўныя рукі, але былі і дочкі заможных, якія не вельмі клапаціліся пра заўтрашні дзень. І пастаноўка “жаночага” пытання ў іх мела свае асаблівасці.

Вайна ўнесла карэктывы ў гэтае пытанне. Практыка патрэбавала замены мужчын, якія пайшлі на фронт, жанчынамі. І тут ужо было не да спрэчак аб здольнасці жан­чын выконваць тую ці іншую працу.

На курсах былі студэнцкія арганізацыі, якія ядналі студэнтаў адной губэрні або горада - “зямляцтвы”, яны лягальна існавалі, мэта - узаемадапамога. Бабруйскага не было, бо мала дзяўчат з горада на курсах, затое ў іншых вышэйшых установах Петраграда студэнтаў хапала, усе хлопцы. Магчыма, у іх былі і свае арганізацыі па ўстановах - не ведаю. Афіцыйна не дазвалялася аб’яднання “зямляцтваў” па горадзе, але неафіцыйна.

Восень 1916 года была насычана ўсякімі хваляваннямі, забастоўкамі. “Зямляцтвы” пачалі адгукацца на бягучыя падзеі.

4 снежня бабруйчане наладзілі сход студэнтаў на прыватнай кватэры, безумоўна. Тут былі мы, студэнты ўніверсітэта, палітэхнічнага ін-та, псіханеўралагічнага і інш. Абмяркоўвалася рэзалюцыя саюза “зямляцкіх арганізацый”:

1. Пратэст супраць паводзін большасці Дзяржаўнай Думы на паседжанні 19 лістапада;

2. Адмова ад дабрачыннасці і прынцып самадзейнасці ў жыцці студэнцтва.

Недысцыплінаваныя “псіхі” паводзілі сябе шумна. Вярнуліся дадому з сільнай болью галавы - учадзелі.

Памятаю, адбыўся сход бабруйчан 29 студзеня 1917 г., на якім было ўзнята пытанне аб наладжванні чытанняў і рэфератаў на тэмы, якія нас цікавяць, нават выбралі камісію для распрацоўкі праграмы, але добрым пажаданням і намерам не суджана было аформіцца - час быў не такі. Былі яшчэ сходы. На іх прысутнічаў і выступаў С.Я. Вальфсон, студэнт універсітэта (ён заканчваў курс), Н.В. Азбукін, палітэхнікі, “псіхі” і інш.

Узмацніліся на заводах забастоўкі, 28.Х.16 баставалі на ваенным Трубачным заводзе. Аб прычынах хадзілі розныя чуткі. Для ўціхамірання хваляванняў рабочых накіравалі салдат і загадалі страляць у рабочых, але яны адмовіліся. Умяшалася паліцыя, яе пакалашмацілі. Салдат аддалі пад ваенна-палявы суд. Рабочыя яшчэ больш усхваляваліся, забастоўка ахапіла многія заводы.

Я магла назіраць, што рабілася на малым праспекце Васільеўскага вострава і на 10 лініі, дзе знаходзіліся курсы і насупраць іх тытунёвая фабрыка Лаферм. Было відаць, як людна рабілася на вуліцы і каля зачыненых варот дамоў і фабрыкі. Парадныя дзверы замыкаюцца, магазіны таксама. Чуюцца крыкі - відаць, паліцыя разганяе натоўп.

Сціхла. Нейкая жудасная цішыня. Цокаюць падковы коней па апусцелай вуліцы. Гэта праехаў патруль. Праляцела машына, і зноў цішыня. Што гэта дзеецца?

Увага прыкавана да Думы. Цікавімся выступленнямі дэпутатаў. У перапынках паміж лекцыямі чытаюцца прамовы думцаў. Некаторыя курсісткі наведалі Думу і расказвалі, што яны там чулі. Штурмер падкуплен немцамі. Са згоды Пратапопава вызвален з турмы Сухамлінаў. Ці праўда? Хвалюемся.

Надумалася я сагітаваць сваю кампанію наведаць Думу. Іншыя могуць, а мы - горшыя? У вольныя хвіліны я любіла паблукаць па горадзе. Куды мяне не заносіла! І мне здалося, што Дума недалека ад Васільеўскага вострава. Я памылкова іншы будынак прыняла за Думу. Цікава прайсціся пехатой! І мы пайшлі з Васільеўскага вострава, я - за павадыра. Ідзем, ідзем, а Думы ўсё не відаць. Давай распытваць дарогу. Нас усё далей і далей пасылаюць. Я ўжо зразумела, што памылілася, але маўчу. Засапліся добра, пакуль дайшлі. У Думе я выклікала з залы пасяджэнняў дэпутата - земляка з Гродзеншчыны, і мы атрымалі білеты на галярэю для публікі. Бачылі думскіх “слупоў”. Мажны Радзянка на старшынскім месцы. Выступаў чарнасоценец Маркаў 2-гі, які лічыў, што падобны да Пятра І і вельмі ганарыўся гэтым. Хацелася паглядзець на Пурышкевіча, але яго не было на пасяджэнні.

Нашы “курсачыя” дзеячы ўлічылі цікавасць да думскіх выказванняў і запрасілі выступіць на курсах дэпутатаў Шынгарова, а потым і П.Н. Мілюкова. Гэта былі жывыя ўдзельнікі думскіх “словопрений”, і нямала цікавага мы пачулі, але шмат у каго заклікі кадэта Мілюкова “Вайна да перамогі” і мары аб нейкіх Дарданелах не выклікалі ніякага спачування, а абурэнне. Хопіць! Даволі вайны!

Чуткі, чуткі. Колькі іх! На Мілюкова напад быў. Германія просіць міру. Часам газеты не дастаць ні раніцай, ні ўвечары.

Адчувалася, што існуюць таемныя плыні, якія ўлічваюць нездаваленне вайной (за што ваюем?), абурэнне казнакрадствам, здрадай, гаспадарчай разрухай (каля магазінаў усё павялічваліся натоўпы жанчын) і накіроўваюць у пэўным напрамку гэта нездаваленне. Часам на дзвярах сталовай або аўдыторый курсаў з’яўляліся лістоўкі. Чыталі і аглядаліся, ці няма “служителя”, які ўважліва сачыў за тымі, хто чытаў. Толькі яго фігура здаля з’явіцца, лістоўка знікала.

Якія партыі распаўсюджвалі? Для мяне і падобных да мяне назіральнікаў розніца паміж партыямі падполля не была яснай. Бальшавікі, меншавікі, эсэры. Яны ж супраць цара, сядзяць у турмах. Ну, і хвала ім!

Існавалі, пэўна, падпольныя арганізацыі і на курсах, але ні з кім мне не давялося сутыкнуцца, ды я, шчыра кажучы, і не шукала іх. Тыя, каго арыштоўвалі, судзілі, былі абкружаны арэоламі герояў.

На шматлюдных лекцыях (напрыклад, на лекцыях П. Катлярэўскага) па руках хадзілі папяровыя скарбонкі з надпісам “Чырвоны крыж”. Мы ведалі, што гэта збор на карысць палітзняволеных, і яны папаўняліся нашымі капейкамі. Школа, царква рыхтавалі вернападданых. Не атрымаліся з нас яны, але і свядомых партыйных змагароў не выйшла. Былі супраць падгніўшага ладу, хацелася працы на культурнай ніве, але будучыня паўставала ў марах вельмі невыразна. Не хапала палітычнай свядомасці. Цяпер піянеры больш падрыхтаваны, чым былі мы. “Новыя формы самі напрошваюцца, іх заціскаюць, а за старое рупяцца рэшткі былой велічы, учапіліся і рукамі, і зубамі” (1916).

Вось які невыразны пратэст! Ніякай класавай свядомасці!

Недзе я вычытала, што не кожны можа насіць “ярмо партыйнасці”. Цікава. Трэба пашукаць гэту цытату.

На сходзе бабруйчан-землякоў мы даведаліся, што 14-га лютага (ст.ст.) 1917 г., магчыма, адбудзецца выступленне рэвалюцыйных сіл. У гэты дзень яно не адбылося. А на курсах быў наладжан агульны сход, які я надта добра памятаю. У вялікай зале было цесна. Каб лепш чуць і бачыць, я ўлезла на падваконнік. Выступала студэнтка Конанава, невысокая, сур’ёзная. Ведаю, што яна мела адносіны да студэнцкіх арганізацый (каса ўзаемадапамогі). Прапанавала рэзалюцыю аб падтрыманні рабочых. Там быў пункт, які я з захапленнем успрыняла: “Прэч вайну!” Гэта рэзалюцыя, запісаная скорапісам, у мяне доўга захоўвалася. Я не разбіралася ў адценнях розных партый і праграм, абы супраць вайны і супраць цара. Сталі галасаваць. І паднялася бура! Большасць - за, меньшасць абуралася, яны ішлі за тымі, хто за “вайну да перамогі”.

Прыйшоў на сход рэктар, прафесар С.К. Буліч і папрасіў слова (мы яго называлі “Дядя Ваня” - ён нагадваў чэхаўскіх герояў):

- Пашкадуйце курсы! Успомніце 1905 г.! Паліцыя на дварэ!

Падняўся шум, не далі яму гаварыць. Доўга крычалі, размахвалі рукамі, збіраліся невялікімі групамі. Нарэшце студэнтка В. Пакацілава (яна працавала ў семінары прафесара В.В. Сіпоўскага), паклікала ўсіх, хто за вайну, у малы зал, дзе яны абмяркоўвалі сваю рэзалюцыю. Тут была невялікая група (я пацікавілася). На панадворку курсаў стаялі шпалерамі паліцейскія (“фараоны”), позіркі якіх і праводзілі нас да варот.

Колькі спрэчак было! А галоўнае, што-та будзе?

Дзяўчаты больш пасіўна адносіліся, але сярод хлопцаў, нашых таварышоў з універсітэта, палітэхнікума, былі прыхільнікі вайны да перамогі.

23 лютага (ст.ст. - 8 сакавіка) прыйшлі мы на курсы. Здзівіла, што надта мала верхняй вопраткі на вешалках. Ідзем далей. Пуста, толькі ў некалькіх аўдыторыях нешматлікія слухачкі. Глядзім - падыходзіць група да дзвярэй, адчыняе і прапануе ісці на дэманстрацыю на Неўскі. Мы з сяброўкамі, не чакаючы іншых, пабеглі апранацца і праз пару хвілін былі на вуліцы. Насупраць, каля тытунёвай фабрыкі “Лаферм”, ужо стаялі жанчыны-работніцы ў цёмных хустках (на фабрыцы працавалі галоўным чынам жанчыны). Мы прыстроіліся ў “хвост” і пайшлі на праспект праз Мікалаеўскі мост.

На Неўскім было ўжо людна. Ішлі дэманстранты і рабочыя, работніцы, студэнты ў форменных шынелях, курсісткі. Над галовамі запалаў чырвоны сцяг. Песні, песні. Нешта крычаць. Ідзе трамвай, яго спыняюць, пасажыраў просяць выйсці.

А сонца, рэдкі госць, так ясна свеціць у сінім небе. Снег пераліваецца іскрамі. Сінія цені. А ў небе - галубы. Я іх так добра памятаю можа таму, што падумалася: “Голуб - сімвал міру. Можа так і будзе?”

Раптам з папярочных вуліц выехалі коннікі - казакі па чатыры ў рад - і накіраваліся на дэманстрантаў. Народ рассыпаўся. Вунь пажылая жанчына крычыць маладому казаку:

- Ты на каго руку падымаеш? На сясцёр, братоў, матак?..

Казак паціху (твар сур’ёзны): “Да мы-та што? Мы - нічаво, а вот.” - вачамі паказвае на афіцэра, што ўперадзе.

Я апынулася на панелі каля Казанскага сабору. Сваіх таварышак пагубляла. Казакі ехалі ўжо не толькі па праспекту, але і па панелях. Я нешта крычала, махала рукамі і не заўважала, што морда каня ўжо блізка маёй галавы. Раптам адчуваю, што мае ногі аддзяляюцца ад зямлі, і я ўжо ў гурбе снега за агарожаю (дворнікі назмяталі). Перада мной стаіць дзядзька і так сувора і трохі іранічна на мяне пазірае. “Таксама рэвалюцыю рабіць сабралася.”, - мабыць думае. Я была збянтэжана. Занялася росшукамі згубленага галёша. На гэтым маё “выступленне” і закончылася. У інтэрнаце шмат было апавяданняў.

Дума распушчана. Пратапопаў прызначан дыктатарам і ўзброіў паліцыю кулямётамі. З акраін войска не дапусціла рабочых на Неўскі. Ужо на Неўскім страляюць уздоўж праспекта. Хваляванні ў войску. Асабліва памятна ноч з 27 на 28 лютага. Усе нечага чакалі. Ніхто нічога дакладна не ведаў. Няма газет. Пераказвалі, што ў адной вайсковай школе салдаты спынілі заняткі юнкераў.

Інтэрнат на Вялікім праспекце Петраградскай стараны. Па праспекту насіліся грузавікі. Дзіўна было бачыць на іх узброеных салдат і рабочых з чырвонымі сцягамі. Натоўпы людзей з захапленнем крычалі “ура”. Але вось пачуліся стрэлы, туканне кулямёта. Чутно, як кулі недзе блізка падаюць каля вуліцы. Крык замаўкае, але не надоўга. Зноў паказаліся грузавікі, зноў “ура”. Мы кідаемся да фортак, высоўваем галовы. Забыліся пра сон. Ляжым да першага “ура” у нярвовым напружанні.

Позна ўночы даведаліся, што прызначан часовы ўрад, што некалькі палкоў прыйшлі к Думе. Доўга абмяркоўвалі, седзячы на ложках, падзеі, і было неяк светла і лёгка на душы. А далей? Узнёсласць, захапленне. і галадоўка.

Дзіўныя імгненні! Ідзеш па вуліцы, углядаешся ў твары і не пазнаеш, адкуль радасць у хмурных заўсёды вачах. Некаторыя цалаваліся і плакалі. Вуліца жыла. Хто сядзеў у хаце? Лавілі навіны. Вось праехаў грузавік, і пад крыкі “ура” у паветры разляцеліся лістоўкі. Штурхаючы адзін аднаго, кінуліся лавіць іх. Нехта ўжо чытае ўголас. А там двое спрачаюцца да хрыпаты. Адзін у цывільным, другі салдат. Бальшавікі, меньшавікі, эсэры. Хто іх разбярэ! Галоўнае: прэч цара і яго паплечнікаў, за дэмакратычную рэспубліку! Усё іншае - у тумане.

Хацелася прыняць нейкі ўдзел у гэтай завірусе. Нельга заставацца толькі сузіральнікам. Але што рабіць? На курсах імкнулася запісацца ў санатрад - не бяруць, бо нічога ня ведаю. Усё ж такі апынулася неяк у мяне стужка марлі з чырвоным крыжам. Доўга я захоўвала яе, як памятку аб незабыўных падзеях.

Нехта дасведчаны падаў думку ісці збіраць грошы на харчаванне для салдат (а гэта была ў той час праблема). Я з сяброўкай вырашыла неадкладна заняцца гэтым. З пустымі рукамі няёмка збіраць грошы, трэба мець хоць якую-небудзь скрынку. Ішлі мы па Васільеўскаму востраву і думалі, дзе бы што дастаць. Раптам убачылі праз адчыненыя вароты вогнішча - гарэлі нейкія паперы. Пацікавіліся. Гэта быў паліцэйскі вучастак. Людзей на дварэ - нікога, а недалёка ляжыць сярод іншага гурба скрынак з папіроснымі гільзамі. Нам гэта і трэба. Узялі мы дзве, высыпалі гільзы, начапілі на рукавы марлю з чырвоным крыжам і пайшлі. Упрошваць не трэба было, грошы сыпалі і не пыталі, хто мы і адкуль. Некаторыя абдымалі, цалавалі, гаварылі харошыя словы. Настрой вясёлы, радасны. Неяк цяпер не верыцца, што магло так быць.

Накіраваліся праз Тучкоў мост на Петраградскую старану, дзе мы жылі. Трэба знайсці памяшканне, абсталявацца. Дапамога прыйшла ў асобе жвавага хлапчука ў старой салдацкай шапцы з чырвонаю стужкаю на ёй. Гэты Гаўрош таксама шукаў, куды прылажыць свае сілы. Неўзабаве ён прывалок пажылага дворніка з ключамі, і той, хоць і бурчаў, але адчыніў парожнюю краму на рагу Вялікага праспекта (відаць, тут прадавалі мяса). Зьявіўся самавар, сякія-такія кубкі. А мы пайшлі ў крамы купляць прадукты. Чарга. Нас бяз спрэчак прапускаюць уперад. І не адна бабуля спачувальна ўздыхнула.

Дзве тоненькія, худзенькія дзяўчаткі скора абраслі актывам. “Питательный пункт” для салдат пачаў сваю працу. Няголеныя, недаспаўшыя салдаты маглі пагрэцца гарачым чаем. Часам шумна было, спрэчкі, спрэчкі гарачыя.

Раптам застракатаў кулямёт - і блізка. Схапіліся, павыбягалі, рассыпаліся ланцугом - і пачалася страляніна. Недалёка, налева, стаяла званніца, адтуль стралялі. Я падняла каўнер свайго паліто і сіганула далей ад дзвярэй. Раптам па дарозе - трась вялікая шыбіна - і мяне ўсю абсыпала шклом. Са страху прытулілася да сцяны паміж вялікіх вокнаў. Вось добра, што каўнер падняла! Гляжу - пад лаўкаю ляжыць мая сяброўка, таксама ратавалася.

Потым перанеслі свой “пункт” на другі бок праспекта ў больш утульнае памяшканне. Нават наладзілі варыва - юшку з бульбы. Самі таўкліся тут цалюсенькі дзень, іміска гарачага нас таксама ратавала ад знясілення, бо ў інтэрнаце не было чаго есці, а купіць не так лёгка, да курсавой сталоўкі далёка і няма калі.

Хадзілі ўсякія гутаркі. Палкі ідуць з фронта на дапамогу рэакцыі, арыштавалі міністраў, поначы ездзіць “чорны” аўтамабіль, з якога страляюць у прахожых. І калі мы позна варочаліся ў інтэрнат (ён недалёка знаходзіўся), пільна прыслухоўваліся, ці не чуваць машыны. Аднойчы нейкая без агню пранеслася, і мы спалохана прытуліліся да варот.

Жылі мы на апошнім паверху будынка, дзе знаходзілася Уладзімірскае юнкерскае вучылішча, пад намі - ваенны шпіталь. На нашых вачах узброеныя рабочыя з чырвонымі павязкамі на рукавах і салдаты займалі вучылішча. Юнкеры з кулямётамі на плячах пад крыкі сабраўшыхся адзін за адным праходзілі і складалі зброю. Найбольш галасістымі былі падлеткі-хлапчукі. Мы павысоўваліся ў форткі і таксама крычалі і махалі хусткамі, хоць нам і раілі знізу не высоўвацца, бо могуць страляць.

Паліцэйскія былі ўзброены кулямётамі і хаваліся на гарышчы і адтуль з-пад дахаў стралялі. Узброены патруль правяраў і наш будынак, ці няма там якога-небудзь “фараона”.

Пахаванне забітых у час рэвалюцыйных падзей. Гэта была дэманстрацыя! Помніцца, дзень быў хмарны, снег пачарнелы, хлюпала. Бясконцыя ланцугі людзей у цёмным адзенні запрудзілі вуліцы. Стройнымі шэрагамі, узяўшыся пад рукі, ідуць і ідуць. Твары засяроджаныя, ні гамонкі, ні смеху. Вось Тучкоў мост. Глянеш налева і бачыш гэтыя ланцугі аж на набярэжнай, і далей яны ўжо накіраваліся праз другі мост. Дамы маўклівыя, вароты зачынены. Вось і Зімовы палац. Вокны завешаны. Песня “Мы жертвою пали.” І так гэта грозна гучала на пляцу, напоенаму крывёю ахвяр цяпер пераможанага ладу. Незабыўныя хвіліны.

На сэрцы скрабло. А ну, які недабіты прыхвасцень зверху палье кулямі! Усё магло здарыцца! Але такая моц была ў гэтай маўклівай, бяззбройнай дэманстрацыі, што ніякі злыдзень не адважыўся парушыць парадак. Праз цэлы горад - на Марсава поле. Чырвоныя труны загінуўшых. Чырвоныя сцягі. Апошняе развітанне. “Мы жертвою пали.”


Што далі мне курсы? Праз гады я задавала сабе такое пытанне не раз. Прабыла я там няпоўных чатыры семестры, бо выехала ў пачатку красавіка 1917 г. і ўжо вярнуцца не мела магчымасці.

Пасля сканчэння школы і 8-га педагагічнага класа я рыхтавалася да настаўніцкай працы, але адчувала сябе вельмі непадрыхтаванай. Вучылася я добра (скончыла з залатым медалём). Настаўнікі лічылі, што ў мяне ёсць сякія-такія педагагічныя здольнасці, але я вельмі крытычна ставілася да сваіх ведаў. Каб быць добрым настаўнікам, трэба нямала ведаць. Трэба вучыцца! А грошай няма, каб падацца ў шырокі свет. Атрымала месца ў школе, набрала прыватных лекцый, зарабляю, і думка адна: паеду на курсы. Каб не траціць дарма часу, надумалася заняцца самаадукацыяй, напісала ў Маскву ў нейкае т[аварыст]ва, што складала праграмы для самаадукацыі. Прыслалі мне праграму, хаця час быў не такі, каб аб нейкіх праграмах думаць - ішла вайна. Перагарнула я гэту праграму і адчула, што мне цяжка нешта самой без кіраўніцтва рабіць. Тут гэтулькі ўсялякіх назваў кніг! Ды дзе іх дастаць? Выпісваць? Мой заробак прызначаўся для пэўнай мэты - курсы, і не хацелася яго чапаць нават на кнігі. Дарваўшыся да гэтых курсаў, я старалася трапіць усюды, дзе можна было пачуць што цікавае і карыснае. Адчувала сябе такой шчаслівай. Такая розніца паміж школай і курсамі! Куды мяне не насіла! Цікавілася ўсім, аднак не было якой-небудзь галіны, якая мяне асабліва захапіла.

Перада мной адчынілася акно ў шырокі свет. Хаця я ўвесь час адчувала, што ведаю мала, і гэтулькі яшчэ трэба спазнаць, але здавалася, што нейкія бясспрэчныя асновы я набыла ў школе. Што напісана ў падручніках, відаць, трэба прыймаць за аксіому. А тут з першых крокаў нас заклікалі да крытычнага падыходу шмат да якіх ісцін.

Нас, першакурсніц, сабралі ў аўдыторыі, і дэкан параіў уважліва праслухаць лекцыі прафесара Бадуэна дэ Куртэнэ, які да школьных граматык адносіўся вельмі непрыхільна. Нам параілі забыць, што мы ведалі па граматыцы. А калі мы здолеем зразумець па-сапраўднаму яго лекцыі, гэта як бы будзе служыць адзнакай, што мы ўжо студэнты.

І колькі знайшлося ўсякіх гіпотэз у тым, што мы прыймалі за аксіомы. Шмат неразвязаных праблем, і трэба было знайсці сярод многіх пунктаў гледжання свае адносіны, няхай памылковыя, але прадуманыя самастойна.


Сшытак 10


Людзі


Людзі, людзі. Цені мінулага.

Матка ўспамінала Забароўскага, таленавітага ўмельца, які з вялікім майстэрствам рабіў з дрэва розныя рэчы. У бабулі захавалася вісячая з разьбой палічка яго рабо­ты. Яна была размалёвана ў некалькі колераў з кутасамі, па-мастацку выразанымі. Была і валкаўніца для валкавання бялізны з тонкім арнаментам.

Чула я і пра самадзейнага паэта, які на кожны выпадак меў свае прыказкі і нават вершы.


Прывітанне на Валоссе

(запісваю паводле слоў маткі)


Каб вам на Валоссе

Жылося і вялося:

У чаросе - калоссе, а ў ячмені - струк.

Каб вам раі раіліся, за каўняром садзіліся,

Каля паясніцы, як брушніцы,

Каля каўняра, як жамяра,

Што хваць - то пяць.

Каб у вас цяляткі, як кляшчаткі,

А хвасты, як бічы,

Каб лягчэй было за плот валачы.


Паразоўскі фальклор


А караляў поўна шыя,

А кашулі не пашые,

А рубчыка не зарубіць,

А хлопчыкаў добра любіць.


Андрэй, не дурэй, не дзяры сарочкі:

Не ты праў, не ты ткаў і не твае дочкі.


Баба Ксюта, дзед Талаш

Паехалі на кірмаш.

Як паехалі учора

Дый сягоння нямаш.


Куды едзеш? - На кірмаш-ш-ш.

А што купіш? - Капялюш-ш-ш.

                                          Ну-у-у-у!


Люлі, сынку люлі.

Пайшоў кот па дулі,

Памарозіў лапкі,

Узлез на палаткі.

Сталі лапкі грэцца,

Недзе катку дзецца.


Местачковая інтэлігенцыя


Паўстае перада мною лысая галава пажылага чалавека з ветлівай ухмылкай, у бліскучых акулярах. Ходзіць, нізка апусціўшы галаву, нібы шукае чаго-небудзь у сябе пад крываватымі нагамі і памахвае ў такт кійком. Калі ў добрым гуморы, нешта бурчыць сабе пад нос. Гэты акцызны чыноўнік у той час, відаць, ужо не працаваў. Мікалай Усеваладавіч Капішчаў, чалавек адукаваны, бывалы. Шмат чаго мог расказаць аб сваіх падарожжах і сустрэчах. Паходзіў ён з казакоў і неяк асеў у нашым мястэчку. Жыў ён адзінока, без сям’і, і таму часта вечарамі заходзіў на агеньчык то да адных, то да другіх. Любіў сябраваць з дзяцьмі, асабліва вылучаў мяне, бо ведаў ад нараджэння. Ён мог і казу рагатую паказаць, і расказаць што-небудзь цікавае, а то заахвоціць садзіць кветкі, бо і сам імі захапляўся. Выпісваў насенне невядомых раслін з розных гадавальнікаў, і квятнік у яго быў на дзіва. Асабліва помніцца мне пахучая тубяроза, якую я выгадавала, дзякуючы яму. Іграў ён на маленькім шасцікутным гармоніку, які называў “концертино”. Неяк захапіўся сцэнаграфіяй, навыпісваў падручнікаў і мяне пачаў вучыць.

З цеплынёю ўспамінаю гэтага чалавека. Нашы “дамы” над ім падсмейваліся, але ён не абражаўся.

Памятаю вечары, калі ён наведваў нас, захапіўшы з сабою кніжку апавяданняў Станюковіча, Чэхава, Лейкіна. Чытаў ён уголас вельмі добра, выразна. На стале ўтульна гарыць лямпа пад зялёным абажурам, асвятляе твар М.У., перад ім шклянка моцнага чаю без цукру, акуляры і папяросы. Матка нешта шые, а я лаўлю кожнае слова.

Настаўнікі. У тыя гады ў мястэчку народная школа была двухкласная (відаць, толькі з 1908 г.), працавала два настаўнікі. Малодшы А.М. толькі скончыў настаўніцкую семінарыю ў Свіслачы і ў 1908 г. атрымаў сюды прызначэнне. Мы тады ўжо жылі ў мястэчку.

Матка ўспамінала настаўніка, які раней шмат гадоў працаваў тут: Бельскі Васіль Адамавіч (з 1883 г., у 1905 яго ўжо ў школе не было). Ён часта бываў у бабулі, нават, здаецца, сталаваўся. Яго я бачыла не раз, успамінаецца слова, якое ён часта ўжываў - “значыцца”. Матка над ім падсмейвалася і лічыла, што ён невысока лётае.

Малады ж настаўнік (яму было гадоў 19) быў начытаны, жвавы, а разам з тым, як на свае гады, вельмі сталы. У яго была нядрэнная бібліятэчка харошых кніг, якія ахвотна ён прыносіў мне і матцы. Мы з ім пасябравалі - настаўнік і вучаніца. Шмат чым я яму абавязана, ён для мяне значыў больш, чым сам думаў. Я любіла пакпіць, не згаджацца, гэта бянтэжыла яго. Юны рамантык, перапоўнены ўзнёслымі імкненнямі і пачуццямі. Школе аддаваў шмат маладога запалу і энергіі, працаваў, не гледзячы на гадзіны, да знясілення. Вечарамі, калі прыходзіў да нас, расказваў аб сваіх вучнях: выбраў некалькі, каб падрыхтаваць да выпускных экзаменаў і дабіўся добрых поспехаў.

Сярэдняга росту, круглатвары, з чорным густым чубам. Пасярод ілба валасы спускаліся трохі мыском над пераноссем. Улетку насіў шырачэнную пелярыну, мод­ную ў тыя часы, з бліскучымі жоўтымі зашпількамі на ланцужку. Нейкі прыяцель сфатаграфаваў яго на могілках каля пышнага помніка пана Булгарына (здаецца так) у гэтай адзежыне. Вочы летуценныя ў далі глядзяць, у руках - кніга. Я зрабіла заўвагу, што на кнізе павінен быць надпіс “Надсан” або “Бедная Ліза” - гэта вельмі пасавала б да ўсёй постаці.

Другі настаўнік школы Нікановіч неяк стаяў убаку. Доктара ў той час ў мястэчку не было, застаўся толькі фельчар - сціплы чалавек, жыў з жонкаю і сястрою жонкі, маёй аднагодкай.

Сям’я свяшчэнніка была немалая. Дзве старэйшыя дачкі пасля сканчэння епархіяльнага вучылішча былі настаўніцамі, дзве малодшыя - Шура і Аня - яшчэ вучыліся. Па ўзросту яны якраз падыходзілі для мяне. Два сыны дарослых яшчэ не скончылі духоўнай школы ці акадэміі. На вакацыях яны зляталіся дамоў, і рабілася шумна і весела. Да іх прыязджала моладзь з ваколіц.

Думная, паважнага выгляду дама працавала ў манапольцы (за вочы яе называлі багіняй). Жыла яна з сынам, дашкольнікам Сяргеем. Мажная яе фігура, бывала, плыве па мястэчку, а наперадзе бяжыць Сяргей. Яна не жыла з мужам, прычыны мне невядомы. Голас у яе глухаваты, уражанне такое, што нешта няладна з горлам.

Наязджалі часам ляснічы Шмакаў з пушчы з сястрою.

У святочныя дні збіраліся па чарзе адны ў другіх: частаваліся, гулялі ў фанты, шарады. Мы, падлеткі, прыймалі ў гэтых гульнях дзейны ўдзел, а так то больш трымаліся асобна і ў размовах не ўдзельнічалі. Цяжка мне цяпер сказаць, што гэтых людзей хвалявала, якія адносіны былі да грамадскіх падзей тых змрочных часоў. Улетку вечарамі ў блізкім гаі ці ляску на другім канцы мястэчка чуваць былі песні: моладзь гуляла.

Успамінаючы гэтыя часы праз многа год, мой прыяцель, настаўнік А.М., мне сказаў, што можа б ён і закруціўся ў гэтым бяздумным віры або спіўся, каб не выпадак, калі ён застаўся сам-на-сам і другімі вачамі глянуў на свае паводзіны. І вінавата ў гэтым была скула, якая выстрыкнулася на шыі і была вельмі балючай. Замкнуўся ён у школе і не адгукаўся ні на якія спробы парушыць яго адзіноту. Сядзеў, нібы яго ў хаце не было, а сам пачаў рыхтавацца да паступлення ў настаўніцкі інстытут. Ён даўно аб гэтым думаў, але праз усякія гулі ніяк не мог узяцца. І скула памагла: увосень здаў экзамены і выехаў у віцебскі інстытут.


Сшытак 11


Сябры


Маімі харошымі сябрамі, як гэта ні дзіўна, былі ў гэты час не дзяўчаты. Адна мая Зіна (беленькая) адышла ад кампаніі ў сувязі з цяжкімі асабістымі драмамі. Другая Зіна (чорная) працавала ў аднэй школе, але перажывала перыяд смутку; захаплялася матэматыкай і не менш сур’ёзна разумным сталым матэматыкам, які лічыў гэта захапленне несур’ёзным, і яна пераключылася на не саўсім разумнага не матэматыка.

Мае сябры ведалі, што я не пераношу пошлага флірту, а пагаварыць і паслухаць прыемных мне людзей люблю. Яны ведалі, што язык у мяне востры, і я магу з імі скрыжаваць сваю зброю.

Вось В.Р. з адкрытым позіркам светлых вачэй, фізік, скончыў універсітэт і марыць, калі дазволяць абставіны, ехаць у другі вуз. Я таксама думаю аб заканчэнні сваёй асветы, а цяпер працую і чакаю. Быў блізкім суседам і забягаў або паведаміць якую-небудзь навіну, або проста пагаварыць. Вось разважанні аб вялікіх магчымасцях фізікі, аб энергіі і яе размеркаванні, аб псіхічных з’явах, да якіх фізікі яшчэ рук не прыклалі, а трэба. Тут я толькі слухала і навучалася, а калі гутарка зачапляла палітычныя з’явы, я прабавала і свае думкі вылажыць. У часы польскай акупацыі В. папрасіў мяне навучыць чытаць па-польску. Мы бралі газеты, чыталі і абмяркоўвалі іх змест. Пападала панам! У 1921 годзе ён паехаў у Петраград і паступіў у нейкі інстытут (політэхнічны?), а я - у Мінск у БДУ. Зіны таксама раз’ехаліся.

А.Н.З. паспеў нямала чаго бачыць. Хударлявы, імклівы, усё некуды спяшаецца, бяжыць. Гаворачы, нервова пацягвае каўнер кашулі. Уражанне такое, што не ўсё гладка ў яго жыцці, і ён часта аглядаецца назад. Цікава паслухаць пра яго падарожжы, ён многа ведае, многа чытаў. На правах старэйшага можа зрабіць заўвагу. Яго ў калектыве паважалі, а яму хацелася нейкіх больш цёплых адносін. Часты наведвальнік нашай “камуны”. Выкладаў літаратуру.

Вершы ж пісаў не літаратар, а чалавек з вострым розумам, тонкі назіральнік - матэматык У.К.Ф. Яго “оды”, сціслыя вершаваныя характарыстыкі сяброў, былі трапныя і характэрныя. Залескі і Усціновіч - антыподы. Мітуслівасць першага, спакой у другога. Адзін гаварыў многа, другі коратка, але важка. У аднаго не-не ды і вылезуць слязлівыя ноткі, у другога іх не заўважыш.

Залескага акупанты-палякі арыштавалі і некуды вывезлі, нічога аб ім не ўдалося даведацца.

Гартаю старонкі сваёй памяці. Перада мною ажывае вобраз дзівака-географа, нібы паўстаў жывы герой з раманаў Жуля Верна. Вёрткі, імклівы, з лысай галавою, як у бацькі, а малады ж яшчэ - толькі скончыў універсітэт. Ажаніўся і меў дачку, а паважнай сталасці ніякай. Мог з вучнямі ў даганялкі пабегаць ці ў чэхарду пагуляць. Закаханы ў сваю геаграфію і ў родны край. Колькі раз мне гаварыў: “Што я за географ, што сяджу на месцы?” Я яму адказваю, што час такі цяпер, трэба рабіць тое, што ў гэтых умовах магчыма, трэба чакаць. “Чакаць? Колькі ж чакаць? Давай пойдзем пехатою... у Парыж!” Такое забурэнне ў свеце (1919 г.), а тут. Смяяцца нават не выпадала, бо гэта была мара, нездавальненне навакольным, а Парыж меў сімвалічнае значэнне. Я ў сябе на сшытку напісала: “У кожнага свой Парыж, да якога рвецца душа; у кожнага свая Галгофа, куды ён у знямозе цягне свой крыж”.

Быў ён жвавы, жыццярадасны, калі ў гуморы, мог праспяваць табе раманс або арыю з оперы ды яшчэ стаць на адно калена. У настаўніцкай на перапынках сваім чытэльным дробным почыркам выпісваў слупкі лічбаў - ён паважаў статыстыку. Цікава было слухаць яго вучоныя геаграфічныя разважанні, але былі ў нас пункты разыходжання, і мы счапляліся, як пеўні, аж пер’е ляцела, аднак гэта не перашкаджала нам быць добрымі сябрамі.

Адарваны ад роднага краю з 30-га году, ён так і не вярнуўся, а скончыў сваё жыццё ў Сярэдняй Азіі, куды паехаў дабрахвотна, каб лепш пазнаць гэты невядомы для яго край. Ён працаваў у школе, а ўвесь свой вольны час аддаваў пошукам раслін і збіранню гербарыя, гойсаў па гарах і падраў не адны чаравікі і штаны. У выніку выявіў некалькі невядомых раслін і вельмі ганарыўся гэтым.

Умовы жыцця ў 1939 - 40 гг. там былі вельмі нялёгкія: цяжка было з хлебам (з ночы займалі чаргу), не было свету (чарга па газу) і г.д., толькі фруктамі і жылі. Да таго ж затрымлівалі зарплату. Я добра пра гэта ведаю таму, што яго жонка мне часта пісала, а яна была маёй лепшай сяброўкай. Што датычыць самога М., то ён гаспадарчыя справы ставіў за нішто, быў паглыблены ў сваю навуку. Ведаючы гэта, я старалася яго трохі “прызямліць”, рэкамендавала заняцца практычнай батанікай. Калі ён з захапленнем пісаў пра свае экскурсіі ў горы, я наўмысна ставіла пытанне, ці звязаны ён з якой-небудзь экспедыцыяй Ак[адэміі] навук, бо мяне палохалі гэтыя падарожжы ў прыгранічных гарах. Часы вельмі няпэўныя, трывожныя, і не трэба было лезці на ражон. Але ці гэта яго затрымала? На мае дылетанцкія рэкамендацыі ён адказваў навуковым трактатам (ліст ад 16.VI.40 г.).

У памяці паўстае постаць юнака-энтузіяста культурнага адраджэння Кастуся Шч. Калі я пазнаёмілася з ім? У 1919 - 1920 гг.? Ён працаваў у 1920-21 гг. настаўнікам у Бацэвічах, вёрст за 30 ад Бабруйска, а ў горадзе жылі яго сваякі. Сястра вучылася ў школе на Мінскім фарштаце ў 1920-21 гг. Яна з дэлегацыяй вучняў ездзіла да Янкі Купалы прасіць у яго даць згоду на прысваенне школе яго імя.

У хлопца былі вельмі прыгожыя вочы з доўгімі вейкамі - пазайздросціла б любая дзяўчына. З вялікай энергіяй ён узяўся ладзіць у школе вечарыны. Улетку 1921 г. я працавала на летняй дзіцячай пляцоўцы ў Бацэвічах, гаспадарчыя клопаты ён вёў. У палацы пана размяшчаўся клуб, тут ставіліся спектаклі. Нават мне давялося выконваць нейкую ролю ў п’есе “Калісь” Аляхновіча, а навокал было неспакойна: трывожылі бандыцкія налёты. Ён час ад часу наведваў Мінск і, вярнуўшыся адтуль, аглушаў навінамі. Недзе дастаў шмат беларускіх кніжак і мне падараваў вялікую пачку. Увосень 1921 года я выехала ў Мінск. Ён паехаў на вучобу на Украіну.

Памятаю яго фатаграфію, надпіс з верша А. Гаруна. Па памяці цытую:


Ці ж будзе час, што нам спаткацца

Яшчэ раз здарыцца калі?

І струны сэрца разбрымяцца

У тыя песні, што былі.

Ніхто не скажа! Толькі знаю

І не ўтаюся ад цябе:

Няхай цябе я не спаткаю -

Пакінеш след ты па сабе.

І ў час, калі гадзінай шарай,

Сярод бязлюддзя пустаты,

Нуда абляжэць чорнай хмарай,

Праменнем сонца будзеш ты.

Цікавы лёс гэтай фатаграфіі. Шкада, што не захавалася. Вось глянуць бы на яе цяпер!


Сшытак 12


Відаць, пасля лютаўскай рэвалюцыі я пісала матцы ўсхваляваныя лісты, захаплялася падзеямі. Яна вельмі хвалявалася за мяне, пісала мне (6.ІІІ.17 г.), што калі не выйшлі газеты петрагр[адскія] і маскоўскія, перастала спаць, а сама падзеі спаткала з радасцю. “Второй раз в жизни такое переживание, такое волнение. Это ведь большое счастье для таких натур, как моя. За­видую тебе, ты могла видеть и слышать, а я только душой с тобой была там”. Пісала, што газет няма. Калі атрымліваюцца, бяруць з бою, № “Рус[ского] слова” прадаюць па 5 руб., “Бобр[уйский] курьер” па 25 - 50 кап. №, просіць прыслаць ёй газет. Гімназісты хацелі маніфестацыю правесці, іх угаварылі начальнікі не рабіць гэтага. Няма ні паліцыі, ні міліцыі.

Прыехала я з Петраграда дамой у пачатку красавіка 1917 г. Усё жыццё шкадавала, чаму так рана выехала. Каб трошкі затрымалася, пабачыла б і паслухала У.І. Леніна. Аб ім я саўсім малаведала. Сядзеў ён у турмах, быў у эміграцыі, казалі, што выступае супраць вайны. Гэта пытанне мяне асабліва хвалявала.

Прыехала я ў вельмі ўзнёслым настроі. Мне здавалася, што ўсе павінны вітаць рэвалюцыю, што пачынаецца новае жыццё і г.д. З захапленнем апавядала аб тым, што перажыла, што бачыла на свае вочы. Мяне аблівалі халодным душам. Ці ве­даю я, што Ленін у запламбіраваным вагоне вярнуўся на радзіму з эміграцыі? Гэта нямецкі шпіён, ён хоча замірэння з немцамі, а іх трэба біць. Такія гутаркі чуліся ў мяшчанска-чыноўніцкім асяроддзі. Я наскоквала пеўнем, але поспеху не мела і рашыла не траціць свайго запалу на такія гутаркі. “Ці можна ўскалыхнуць гэта застаяўшаяся балота?” - разважала я.

Скора пачаліся мітынгі. Як не пайсці і не паслухаць? Вось выступае ў шынялі акопнага выгляду ваенны. Гаворыць, што вайну трэба канчаць, што землю даць сялянам, не чакаючы Устаноўчага сходу. Мясцовы дзяяч у гарнітуры і акулярах супярэчыць яму - ён за падтрымку часовага ўрада. Адзін за другім падымаюцца на трыбуну прамоўцы ад розных партый. Не разабрацца, у чым яны згодны, што іх падзяляе. Я прыслухоўвалася да тых, хто гаварыў: “Прэч вайну!” Прызнаюся, праграмныя максімумы і мінімумы мяне займалі мала. Часам разгаралася палеміка, тэмпература павышалася. Слухачы жвава рэагавалі: адны падтрымлівалі, іншыя былі супраць. Прамоўцы не карысталіся шпаргалкамі, гаварылі як умелі, не аглядаючыся на другіх. Не баяліся каму-небудзь не дагадзіць.

Вядома, трэба пабегаць па мітынгах і па сходах, але трэба думаць і аб заробку. Не сядзіш за моцнай спіною, якая цябе засланяе ад жыццёвага клопату. У школу прасіцца яшчэ ранавата, заняткі канчаюцца, а да восені далёка, але ўсё ж я зрабіла разведку. Мне абяцалі месца з восені. А пакуль што я пайшла ў гарадскую ўправу, там набіралі працаўнікоў для статыстыкі. У сувязі з падрыхтоўкай да выбараў ва ўстаноўчы сход трэба было праводзіць перапіс насельніцтва горада, і я пачала працаваць.

З Петраграда паварочаліся і мае сябры-студэнты: абедзве Зіны, Мікола, Валодзя, Надзя, Ніна. Пакуль што яны гулялі, а з восені некаторыя з іх уладкаваліся ў новай школе, якая толькі арганізавалася - у Грамадскай гімназіі, а я атрымала працу ў Вышэйшай пачатковай школе (настаўнікаў пабралі ў войска). У школе вучыліся хлопцы, дзяўчат не было. Работы ў школе мне хапала. Выкладала гтсторыю і часткова рускую мову. Падручнікі па гісторыі былі з душком Турцэвіча ці Ілавайскага. Наглядзеўшыся ў Петраградзе як скідалі “благочестивейшего і самодержавнейшего”, як пад свіст гледачоў яго эмблему - двухгаловага арла - адрывалі ад сцен будынкаў і разбівалі, ці магла я не рабіць сваіх каментарыяў да слоў падручніка? Было шмат запалу, але быў і такт. І вось мне прышлося адбівацца ад абвінавачванняў бацькі майго вучня, які прынёс скаргу на мяне загадчыку школы. Загадчык яшчэ не скінуў форменнага мундзіра. Стаяў ён каля стала і, па звычаю свайму, перабіраў лісткі нейкіх паперак, не глядзеў ні на кога, хаваючы свае вочы за шклом акуляраў. Перад ім стаяў круглатвары, прылізаны чалавек, які даводзіў, што я адважваюся “непочтительно” гаварыць аб царах. Гэта быў царкоўны стараста, верны манархіст. Ці не такія ў 1905 г. з абразом і дубінамі ўчынялі пагромы?

Настаўнікі школы былі сталага веку, паглядалі ў бок пенсіі, кожны думаў: хто яго ведае, чым усё гэта скончыцца? А мяне казытаў неспакойны мікроб.

Пры школе існавалі двухгадовыя настаўніцкія курсы, дзецюкі там - ого - го! Калі ўстаюць пры ўваходзе настаўніка, як маладыя дубкі. Загадчык запрапанаваў мне там лекцыі літаратуры, дакладней кажучы, трэба было знаёміць з паэтыкай літаратурных твораў. Я - нагамі і рукамі запярэчыла. Куды мне? Што я ім магу даць? Не пайду. І вось прыйшла да мяне цэлая дэлегацыя ад вучняў. Я гляджу на іх знізу ўверх, а яны так мяне ўпрошваюць. Я ім кажу адкрыта, што не падрыхтавана чытаць для настаўнікаў, але калі ўжо ім так хочацца, папрабую. На першую лекцыю ішла са страхам, але ўсё абыйшлося як найлепей, выручыў мой “мікроб”. Я ім падсунула праграму для самаадукацыі, калі вучылася яшчэ ў восьмым кла­се, выпісвала з Масквы, параіла запісацца ў бібліятэку. Я ім чытала вершы Янкі Купалы, кніга якога “Шляхам жыцця” трапіла да мяне. Лічылі, што я нядрэнна чытала вершы, у гімназіі нават выступала на вечарах, а таму не дзіва, што хлопцы захапіліся імі. Не дагадалася, ды і час быў неспрыяльны, прыцягнуць іх да запісу фальклорнага матэрыялу. Скора давялося мне, па просьбе другога курсу, латаць у іх нейкую дзіру. Адносіны ў нас склаліся добрыя, я перастала глядзець на сябе, як на незнайку. Выявілася, што мае вучні ўсё ж далёка меней ведаюць ніж я, і гэта мяне заспакоіла.

Мне вельмі хацелася працаваць разам са сваімі сябрамі-студэнтамі ў Грамадскай гімназіі, і яны жадалі мяне як-небудзь перацягнуць з восені. Атмасфера ў нашай школе мяне не задаваляла, я адчувала сябе белай варонай, а там свае таварышы, якія могуць прыйсці табе на дапамогу, параіць. Сярод іх былі і старэйшыя векам настаўнікі, як дырэктар Я. і матэматык У., але яны па стылю свайму падыходзілі да маладога асяроддзя. А тут яшчэ не паспела як след пусціць карэнні савецкая ўлада, як надарылася нямецкая навала, і лепей быць разам з блізкімі табе людзьмі.

З восені 1918 года мяне прынялі ў сваю сям’ю мае таварышы. Пачала працаваць у Грамадскай гімназіі, якая пасля ўстанаўлення савецкай улады ператварылася ў школу 1-й і 2-й ступені. Пачаліся гарадскія нарады, сходы. Столькі праслухалі прамоваў - і цікавых, і бязглуздых. Непрыемнае ўражанне зрабіла публічная “экзекуцыя”, іначай не назавеш, калі вучні наводзілі крытыку на сваіх настаўнікаў і “выбіралі” сабе іх. Хто быў арганізатарам, не захавалася ў памяці, але адбывалася гэта ў нейкім клубе ў агульнагарадскім масштабе.

Спакою не было, на душы цяжка. Толькі пазбавіліся адных акупантаў, якія рабавалі ўсё, што трапляла пад руку, як насоўвалася другая навала. Мы ўсе спачувалі савецкай уладзе, хацелі працаваць на культурнай ніве. Праўда, не ўсе працаўнікі, з якімі прыходзілася мець справу, выклікалі павагу. Так, у школьным аддзеле гарсавета быў нейкі Р-н, якому ў вочы і за вочы пападала, а другі Р., разумны сталы чалавек, карыстаўся аўтарытэтам.

Успамінаючы тыя нялёгкія часы, думаеш: бывала і холадна, і голадна, і апрануць на сябе не было чаго, на душы нявесела ад таго, што чуеш і бачыш навокал, а ні роспачы, ні безнадзейнасці няма ў цябе. Чаму гэта? Маладосць? Вядома, гэта важна, але трэба далучыць яшчэ адну драбніцу: прывычка з ранняга юнацтва разлічваць на ўласныя сілы, пэўная загартоўка да ўсякіх нягод. Пачынаеш шукаць нейкага выхаду. Матка казала: “Як не будзе з чаго жыць, стане бабка варажыць”.

Вясна 1918 г. Двое настаўнікаў-таварышаў З. і Ч. надумаліся ехаць на вёску на харчовыя здабыткі, далучаюся і я да іх. У Ч. было нямала ўсякіх сваякоў-хутаранцаў. Наш менавы гандаль быў паспяховы, і вярнуліся не з пустымі рукамі. Я была адна дзяўчына, маім таварышкам не трэба было непакоіцца аб такіх справах, за іх думалі і рабілі іншыя. Малако нам часам прывозіў сквапны вясковы дзед. Тут матка паказвала свае здольнасці, разлічваючыся з ім - яна ўмела добра шыць.

Вясна 1919 г. Мой блізкі сусед і таварыш па школе В. яшчэ ўзімку падзяліўся са мною адным сваім праектам: арганізаваць калектыўны агарод. Мне ідэя вельмі спадабалася, і мы пачалі падрыхтоўку. Наш калгас склаўся з сямі настаўніцкіх сем’яў, В. быў галоўным арганізатарам, а мяне выбраў сабе за памочніка. Знайшлі мы недалёка вялікі пляц на цэлы квартал, каля паркана расло некалькі фруктовых дрэў, пры вуліцы стаяў напаўразбураны барак часоў імперыялістычнай вайны. В. дагаварыўся з гаспадаром, а на якіх умовах, я не памятаю. Думаю, што гаспадар рад быў такому выпадку, бо сам не карыстаўся гэтай зямлёю, ды і часы былі такія няпэўныя.

Пасля нялёгкай зімы моладзь вырвалася на сонечны прастор і працавала ў “камуне” з ахвотаю. Агранамічны нагляд меў стары бацька нашага настаўніка В.Н., у яго была свая нядрэнная камяніца і пры ёй невялікі садок і агарод. Там усё было так акуратна зроблена, так прыладжана, нагадвала японскія сады-мініятуры.

Зьявіліся ў нас і кніжкі па агранаміі. Рабілі спробы садзіць бульбу ў глыбокія ямы, угнойваць неяк адменным спосабам, потым сцяблінкі распраўляць і засыпаць зямлёю. Куст атрымліваўся вельмі вялікі, і бульбін шмат пад ім. Разбурылі стары барак, а з прыдатных фанерных шчытоў збудавалі двухпакаёвы барак, з вокнамі і ганкам. У мяне захавалася фатаграфія яго. У большым пакоі В. паставіў ложак і спаў там. А калі да яго прыехаў з Мінска стрыечны брат А.К., яны там удваіх размясціліся. Калі пачала паспяваць гародніна, арганізавалі дзяжурствы і для ласункаў пасеялі загончык рэпы.

У камуне было весела, яна стала своеасаблівым клубам, куды часта наведваліся нашы сябры. Матэматык У., цікавы субяседнік, чалавек вострага слова, прысвяціў камуне “оду”. Пад чатырмя старымі сёстрамі-ліпамі, на накошаным намі сене, колькі было спрэчак, сур’ёзных размоў і апавяданняў, часам да раніцы.

Нам з вопраткай было лягчэй: усялякая старызна так штучна латалася, перараблялася і аздаблялася, што яна пачынала сваё новае жыццё, нават на зайздрасць тым, хто не ўмеў так “варажыць”. Цяжэй з абуткам, але і тут знайшліся таленавітыя вынаходцы, зьявіліся вяроўчаныя падмёткі і проста дзеравянныя дошчачкі. Я ўзялася за справу. Вярхі шыла матка з рэшткаў усякіх - парусіны, мешкавіны, зрэб’я, што мелася пад рукамі. Я не мяшалася ў гэта, бо дагадзіць матцы было цяжка - яна была вельмі акуратная. Затое шытво - мая справа. Заказалі калодкі па назе, я падглядзела ў шаўца, як нацягваюць вярхі, абцасы адарвала ад старых чаравікаў і ўзялася за ра­боту. Шыла сабе і матцы. Пальцы былі ў рабоце. Нож сталовы не так рэзаў, як гэтага хацелася б. Малаток таксама часта трапляў не туды, куды трэбы было. Паадрывала ад старога абутку падэшвы, падлатала іх і стала шыць не толькі на вяроўках, а на цвіках. Абцасы можна было купіць у дзядоў, нават сама пробавала рабіць у майстэрні В.Н.

Нельга не ўспомніць пра асвятленне. Добра ўлетку, калі дзень такі вялікі, а ўзімку што рабіць? Ды яшчэ калі табе трэба падрыхтавацца да заняткаў і сшыткі выправіць. Газы не было, запалак таксама. У салдат, што “адваяваліся”, набылі штучны каганец, зроблены з нейкіх частак снарада, вельмі просты і добры, высокі, моцна закручваўся. Можна было, не баючыся выбуху, паліць усё вадкае, што магло гарэць. Даставалі, што было магчыма дастаць. Я пазабывала ўжо назвы ўсякіх смярдзючак, якія чадзілі, і галовы балелі ад іх. Ставіла каганец на пліту, адчыняла трохі в’юшку і папраўляла сшыткі. Дасталі і запальнічкі, і нейкія каменьчыкі да іх.

Смярдзючая сумесь мяне ледзь на той свет не адправіла. Я ўжо лягла адпачываць, як нехта прыйшоў да маткі па справе. Яна запаліла не каганец, а лямпу. Загаварыліся, кнот добра не адрэгулявалі. Раніцаю я ніяк не магла прачнуцца, пачала стагнаць. Пачула матка, я ледзь галаву падняла, але неяк усчапілася, выйшла на ганак і ўпала. Прыйшлі суседзі, я была непрытомнай. Неяк адхаялі. Доўга мая галава была вельмі ўражлівай да ўсякіх смярдзючак і чаду.

Арганізавалася БССР. Дайшоў да нас маніфест за подпісам Зм. Жылуновіча (Ц. Гартнага). Асоба была трохі вядомая, а вось А. Чарвякоў, хто такі? Кажуць, быў настаўнікам. З ім прыйшлося пазнаёміцца і ўбачыць, што гэта ветлівы, просты і інтэлігентны чалавек.

Здарылася так. Пасля адступлення з Вільні ўрад рэспублікі Літвы і Беларусі (ЛітБел) нейкі час знаходзіўся ў Бабруйску. Наш таварыш па школе В.Ф. недзе ў краме ці на вуліцы нешта сказаў (не памятаю, аб чым была гутарка) у прысутнасці “мадам” Чарвяковай. Гэта асоба шмат непрыемнасці свайму мужу рабіла. Яна была прычынай арышту харошага настаўніка і ніякага не контррэвалюцыянера. Мы перапалохаліся, і я з адным настаўнікам пайшлі проста да Чарвякова. Той прыняў нас ветліва, спакойна выслухаў і абяцаў разабрацца. Сваё слова стрымаў, і В. зноў быў з намі і разводзіў усякую сваю філасофію (12.VII.1919 г.).

1919 год. Толькі нарадзілася БССР. Безліч было неадкладных гаспадарчых спраў, але з першых крокаў, не зважаючы на складанае міжнароднае становішча, вялікая ўвага пачала ўдзяляцца народнай асвеце, ліквідацыі непісьменнасці.

Я працавала ў школе. Мяне разам з іншымі настаўнікамі прыцягнулі да абследавання школ у раёнах і пастаноўкі там пазашкольнай асветы. Гэта было ў ліпені і першай палавіне жніўня. Я наведала Бацэвічы, Якшыцы, Свіслач. А час быў трывожны, заварушыліся белапалякі, і ўжо 28 жніўня яны з’явіліся ў Бабруйску. Перад ад’ездам адбылося спатканне з І.Б.С[іманоўскім], які прасіў разведаць, ці няма дзе-небудзь кніжных беспрытульных фондаў. Такі каштоўны скарб, які складаўся з замежных кніг у добрых пераплётах, знаходзіўся ў маёнтку Бацэвічы. Там я спакалася з жанчынаю і мужчынам, якія ўжо зацікавіліся гэтай бібліятэкай. Не ведаю, хто іх накіраваў. Прозвішча жанчыны - Машынская, а мужчыны - ці не Гельтман (аўтар кнігі ў далейшым “Robotnik polski w Rewolucji pazdziemikowej na Bialoj Rusi”?).

Успамінаюцца пару цікавых здарэнняў, якія характарызуюць той час.

Прыязджаю ў Бацэвічы. У школе адзін настаўнік, другі пайшоў пехатою за 30 вёрст у Бабруйск па зарплату для настаўнікаў. Я абураюся, чаму гэта мясцовыя ўлады не далі каня? Мой субяседнік пацёпвае плячыма і кажа, што такія да нас адносіны. У начальніках ходзіць нейкі зубр з багацеяў і дабіцца ў яго чаго-небудзь нялёгка.

Праз некалькі дзён пасля сходу працаўнікоў асветы гэтай мясцовасці, на якім я азнаёмілася з матэрыяламі (рознымі стат[ыстычнымі] бланкамі), якімі мяне адарылі ў аддзеле асветы, мяне завялі да начальства. Са мною быў настаўнік, што пехатою хадзіў у Бабруйск, ён папрасіў мяне не супярэчыць таму, як ён будзе гаварыць са старшынёю. Я зрабіла наскок на апошняга за няўважлівыя адносіны да настаўнікаў. Гэта ж савецкая ўлада, а не якая іншая! Той слухаў і да мяне прыглядаўся. Я папрасіла каня, каб мяне падкінуць у горад. Тут пачаў паціху гаварыць мой спадарожнік, я добра не чула. Мяне накіравалі паласавацца ў садку малінай, конь неўзабаве зьявіўся. Я папрасіла тлумачэння ад настаўніка, той зарагатаў. У начальства было “рыльце в пушку”, ён як скарэй хацеў мяне адправіць далей, а настаўнік падшапнуў нешта аб маіх “паўнамоцтвах”. Вось так я нечакана апынулася ў ролі Хлестакова. Рэвізораў баяліся не толькі ў часы Гогаля.

А то другое здарэнне. Здаецца, гэта адбылося ў м. Свіслачы. Час быў трывожны, наступалі палякі, але даручэнне трэба выканаць. Думалася часам, ці патрэбна зараз займацца нейкімі школьнымі справамі? Людзям не да гэтага. Ехала я на параходзе па Бярэзіне. Як на тое, параход прыйшоў позна ўвечары. Дзе спыніцца? Трэба шукаць школу. Паказваюць, дзе яна знаходзіцца. Стукаю. Доўга ніхто не падыходзіць да дзвярэй. Нарэшце нейкі голас у страху папытаў, хто ды што. Дзвярэй не адчынілі і мяне не пусцілі. Прыйшлося павандраваць па незнаёмаму мястэчку, пакуль не трапіла на агеньчык у яўрэйскую сям’ю, дзе руплівая гаспадыня не палічыла мяне падазронай асобай і паклала на мяккую пярыну.

На наступны дзень, калі быў скліканы настаўніцкі сход, я даведалася, што мяне палічылі за... бандытскую атаманшу Марусю, якая нібыта ў тым раёне рабіла налёты! Як жа лёгка баязліўцы адбіліся ад бандыткі!

Якіх прыгод не здаралася!

Мы былі сведкамі, як дрэнна апранутыя, але з рэвалюцыйным запалам чырвонаармейцы ішлі на белапалякаў, напаўшых на маладую савецкую дзяржаву. Гэта было імклівае наступленне - “Даёшь Варшаву!” З трывогай прыслухоўваліся да вестак аб няўдачах на фронце. Урад Літвы і Беларусі пераехаў у Бабруйск. Што нас чакае? Няўжо зноў акупацыя? Збіраліся мы на сваім агародзе-камуне і дзяліліся сумнымі весткамі, нашы “палітыкі” ставілі ўсякія прагнозы. Не чакалі, што так скора зьявяцца акупанты. У мяне захаваліся тагачасныя запісы.

28.VIII.1919 г., чацвер. Гадзін з пяці пачалася кананада. Стралялі з боку мінскага тракта. Батарэя чырвонаармейцаў стаяла паблізу могілак. Да страляніны аднесліся неяк абыякава. Ніхто не чакаў, што ў гэты дзень вырашыцца лёс горада. Але потым, калі пачулі паблізу гукі разрываў і страляніну на шасе, захваляваліся. Патрулі па нашай вуліцы крыкнулі, каб зачынялі аканіцы. Імгненна ўсё прышло ў рух, пачуўся стук аканіц, шум засоўваемых балтоў. У кватэрах стала цёмна. Страляніна не сціхала. Часам са свістам праляталі шрапнелі. Апранаю паліто, грошы і дакументы - у кішэнь. Мама сабірае цёплую вопратку - і ў склеп гаспадароў. Разрывы бліжэй і бліжэй, свіст, стукат. Нервы, як нацягнутыя струны. Дзеці ў склепе сядзяць. Пажылы сусед, інжынер, спакойна п’е чай на балконе. Выходжу на вуліцу. Каля адчыненых дзвярэй стаяць цікаўныя суседзі і нервова перакідаюцца жартамі. А недзе блізка бухаюць снарады. Але вось зьявіўся камандзір з павязкай на галаве. Сабірае салдат. Адступаюць. Сумна. Палякі ўжо занялі частку горада.

2ІХ. Мая пісаніна ў мінулы раз была спынена моцнымі выбухамі. Шыбы зазвінелі, і рука задрыжала. Я выбегла на падворак глянуць, што здарылася. Гэта польская батарэя, што недалёка стаяла (у садаводстве), страляла за рэчку. Гул, свіст снарада, секунд праз 30 - разрыў. Бліжэй да берага страляюць трохдзюймоўкі. З усіх кватэр сабраліся на падворку. Учарашняга страху непрыметна. А гарачы быў дзянёк!

У нашым раёне разарвалася шмат шрапнелей, пашчапалі платы ў Корб., Ганчарэнка, Інасавых, насупраць нас у садзе разарваліся, але шкоды не нарабілі. Уночы страляніна спаць не давала, а тут яшчэ палохалі артылерыйскім боем, то ў 4 гадзіны дня, то ўночы. У чаканні прыслухоўваліся да кожнага стрэлу. У суботу а 2-й гадзіне ўночы ўскочылі з пасцелі ад грукату пушачных стрэлаў. У склеп спусцілі крэслы, лямпу, пасадзілі дзяцей. Усе К. там пабывалі. Я неяк не магла прымусіць сябе ўлезці туды і пайшла да інжынераў пагутарыць. І на гэты раз нічога сур’ёзнага не здарылася. Але ў нядзелю была ночка! Тры разы ўскоквала з пасцелі і выходзіла на падворак. У хаце дзынкалі шыбы, не разабраць, адкуль страляюць. Пад раніцу застракаталі кулямёты ў напрамку ракі, жылі мы на адлегласці некалькіх кварталаў.

Вельмі намучаліся. Хлеба нельга было дастаць і за вялікія грошы, запасаў ніякіх. Добра што бульба была, і ў садзе гаспадароў яблык і слівак колькі хочаш. Казалі, што легіянеры разбілі шмат яўрэйскіх крамак. У аднэй яўрэйкі забралі 40 тысяч руб.

6ІХ. Ужо два дні, як можна дастаць хлеба. Курс рубля няўстойлівы. Кажуць, у Глуску на царскія грошы пуд мукі 100 руб., а ў нас 1.500 руб.

Засмярдзела гніллём рэакцыі.


Горад стаў франтавым. За рэчкай стаяла Чырвоная армія. Не было дня ці ночы, каб не ўзнаўлялася страляніна. Сядзіш на педагагічнай нарадзе ў школе, ідзеш па вуліцы, поркаешся на агародзе - усюды цябе можа застаць свіст, грукат. Снарад трапіў у дом нашай настаўніцы К-а, добра што нікога не было. Параніла д[окта]ра Марзона. Абстрэльвалі крэпасць, дзе стаялі батарэі легіянераў. Відаць, 30 верасня асабліва сур’ёзнае было становішча, бо адчувалася нервознасць, падцягвалі рэзервы. Нават гаварылі аб магчымым адыходзе з горада. Хадзіць па гораду можна толькі да 6-ці гадзін. Неяк варочаліся са школы і заўважылі на Беларускай вуліцы (ранейшая - Мураўёўская - назва та, назва!), што нязвычайна людна. Над горадам вельмі нізка ляцеў самалёт з чорнымі сцягамі. Гэта цела забітага генерала везлі ў Варшаву.

Адчувалася, што існуе ў горадзе падпольная арганізацыя, якая ўзначальвае барацьбу з акупантамі. Можна было меркаваць па тых чутках, якія перадаваліся. Казалі, што ў некаторых дамах знаходзілі зброю, што затрымалі возніка з возам яблык, а там на дне быў схаваны кулямёт. На беразе ракі злавілі некалькі чалавек з тэлефонамі, што раскрылі змову супраць акупантаў і г.д.

Але і ўся каламуць, якая ляжала на дне, усплывала наверх і пачала задаваць тон. Ах, гэтыя размовы! Ратунак знаходзіла ў кнігах для юнацтва, вялікія пачкі іх прынёс мне мой таварыш З.

Прайшоў верасень і добрая дэкада кастрычніка ў нервовым напружанні - страляніна не заціхала. А тут яшчэ ў мяне разладзіўся абмен рэчываў у арганізме (так па-вучонаму называлі дактары) - апанавалі скулы (фурункулы) вялічынёю з добрага вераб’я. У адным месцы выскачыць, чакай, што з другога боку нябавам сядзе. Высокая t°, не можаш спаць. Доктар Марзон рэзаў. Трэба прымаць лекі, а без добрага харчавання і яны не памогуць. Наш сусед насупраць, пажылы ваенны, таксама мучыўся.


Сшытак 13


Зноў Бабруйск


Вясна 1921 г. была ранняя. 1-га мая сады былі ў квеце. Надвор’е цёплае. Трое настаўнікаў, у тым ліку і я, надумалі наведаць таварышоў у Бацэвічах за 30 км ад Бабруйска, за ракою Бярэзінай. Пераехалі рэчку на пароме і пайшлі пехатою. Па дарозе вырашылі паглядзець, як працуюць хаты-чытальні. У мяне захаваліся тагачасныя запісы, перадаю іх. Падыходзім да вёскі.

- Дзядзька, дзе тут у вас хата-чытальня?

- Чытальня? Гм. Спытайцеся Уласа, ён вам скажа, бо так то ніхто не ведае.

Ідзем далей. Было свята - Вялікдзень, і грамадка людзей сядзела на прызбах з люлькамі ў зубах. Пазіраюць на нас.

- Добры дзень! Дзе тут хата-чытальня?

- Мусіць, у школе, - гаворыць адзін з грамады. - Унь у тым канцы сяла. Там усё кніжкі чытаюць, але настаўніка няма, бо выехаў на свята, і вы нічога тамака не даведаецеся.

- А Улас дзе жыве?

- Улас? Ось тут, другая хата з новымі варотамі, - адказаў дзядзька, вымаючы люльку з зубоў і сплюнуўшы ўбок.

Падыходзім да хаты Уласа. У варотах стаіць барадаты чалавек. Праз шыбу відаць кончык газеты.

- Вы будзеце Улас?

- Я.

- А хто загадчык хаты-чытальні?

- Гэта мой сын. Ён захварэў якраз на тыфус. Другі тыдзень ляжыць. Прывёз сённячы доктара. Зайдзеце, будзьце ласкавы, у хату...

- Дзякуй. Можа б можна было аглядзець чытальню? Дзе яна месціцца?

- А тутака, у хаце, зайдзеце.

Развітаўшыся са старым, пайшлі мы далей, пастукваючы кійкамі.


Другая вёска. Шукаем чытальню. Крыва прыбітая фанера з надпісам чырвонымі літарамі, якія ад дажджу расплыліся. Дзве бярозкі ля варот. Маладзіца склікае свіней. Замурзаныя дзеці ў кашульках гуляюць у пясочку. Усярэдзіне хаты поўна курэй, квактуха клапатліва кліча куранят, са ўсіх куткоў хаты нясецца іх тоненькі піск. З людзей - нікога. Напалоханыя куры паднялі гвалт. Адна ўскочыла на стол і шастае лапкамі па газетах, акуратна зложаных купкамі. Кот, прымасціўшыся на аконцы, лена пацягнуўся, перакуліўся і зачапіў нейкую кніжку. У бязладдзі кніжкі валяюцца на посцілцы пасцелі.


Трэці абразок. Супраць могілак, на канцы сяла, школа. Будынак вялікі, высокі. Фанера ўстаўлена ў вокны. За часы боек з белапалякамі тут стаяла батарэя, і многа шыб павылятала. Сіратліва стаіць школа: ні аднаго дзерава. Пытаюся ў настаўніка, дзе чытальня. Ён адказвае, што ў незанятай кватэры, тут пры школе.

- А дзе загадчык?

- По обыкновению, его нет.

Настаўнік прапануе яго паклікаць і ідзе на сяло, але хутка варочаецца адзін. Бяда ў загадчыка чытальняй: укралі каня і ён пайшоў яго шукаць.

Чытальню аглядзець можна было толькі праз акно, бо загадчык з сабою ключ забраў. Праз пыльную шыбу ўгледзець можна было невялічкі пакойчык, на стале - чарнільніца, побач на сцяне - каляндар і на паліцы пад календаром нейкаягазеціна. Больш нічога разглядзець немагчыма: шыба вельмі пыльная.

Дзень быў святочны. Сонца схілялася к захаду. З сяла чуліся песні і вясёлы гоман моладзі. Старыя сядзелі грамадкамі на прызбах і вялі гутаркі.


Бацэвічы. У хаце вокны шырока адчынены. Відаць цёмныя і чырвоныя фарбы плакатаў, абвесткі. Праз сені і невялікі пакойчык, дзе на століку параскіданы шаўцоўскія прылады, трапляеш у чытальню. Светла, чыста. На стале кіпы газет. На лаўках уздоўж сцяны сядзяць хлопцы з газетамі ў руках. Шафа з кнігамі адчынена. Скрынка з абанементамі (150 падпісчыкаў, найбольш вучні). Загадчык адпускае па запісках старшынь сельсаветаў газеты ў вёскі.

За тонкаю сценкаю з дошак плача хлопчык, які пасварыўся са сваім братам. З вуліцы чуваць стукат калёс: па шляху едуць фурманкі.


Сярод маіх запісаў трапілася мне адна размова, відаць, запісаная па гарачых слядах. Мне яна здалася цікавай.

1ІІ.1921 г. Шэрае вячэрняе сутонне. Вільготна. Цёпла. Шмат зорак, часам яны закрываюцца хмаркамі. Зоры і зямля.

- Паглядайце часцей на зоры, памятайце, што ўсё жыццё імкнецца да зор, быць можа, гэта для вас будзе лепшаю ўцехаю. Дасканаласць набываецца дарагой цаной: кроўю. Мы - маленькія пясчынкі духа ўсеагульнага, усеабдымнага.

- Добра ўсё гэта. Але пазіраючы на зоры, вы забываеце пра зямлю, пра людзей. Вы абыякавы да іх. Адно сузіранне не прывядзе чалавецтва да дасканаласці, патрэбна душу сваю перабудаваць, трэба не забываць людзей і ісці да іх з ласкай і любоўю.

- Вы вось адмаўляецеся ад рэчаў, а ад “індывідуалізму” - не.

- Дазвольце, немагчыма замкнуцца ў абыякавасці да людскога гора і да свайго ўласнага і пазіраць толькі на зоры. Поркацца ў жыцці, памятаючы аб іх - гэта так. Як можна апраўдваць і праходзіць каля такіх жахлівых рэчаў у жыцці, як забойства? Быць абыякавым і апраўдваць, не змагацца, толькі памятаваць, што ўсё к лепшаму?

Рэбус: дзе тут я?


Сшытак 14


Курсы


Увага: цытаты запазычаны з кнігі “СПбургские высшие женские курсы”. 1878-1903 (25-летие курсов). СПб, 1903. (Назва не саўсім дакладная. Кніга бальшых памераў, з малюнкамі. Апроч гісторыі ўтварэння курсаў шмат розных афіцыйных матэрыялаў.)


Сярэдзіна ХІХ ст. Жанчыны імкнуліся вырвацца з-пад хатняй апекі, стаць самастойнымі, незалежнымі. Яны былі апутаны заімшэлымі забабонамі, што з’яўляюцца толькі “рабром” Адама і месца іх толькі ў сям’і. Роўнасці з мужчынамі ім трэба было дабівацца, бо, на агульную думку, яны ні фізічна, ні разумова раўняцца з мужчынамі не здольны. Цяжка было прабіваць браню застарэлых поглядаў, і нават такія адзінкі, як матэматык С.В. Кавалеўская, не маглі пахіснуць спрадвечных адносін да жанчыны. Між іншым, прафесару-жанчыне, прызнанай за межамі, не знайшлося месца ў рускай Акадэміі навук.

Жанчыны атрымлівалі асвету або ў хатніх умовах, або ў пансіёнах, з 1858 г. - у гімназіях для жанчын. Не ўсіх задавальняла роля будучых жонак, сякія-такія імкнуліся мець уласны заробак і быць самастойнымі. На рынку працы з’явіліся канкурэнты мужчын: жанчыны ў б[ібліятэ]ках, кнігарнях, наборшчыцы, пераплётчыцы, краўчыхі. Нямала жанчын захапляла жаданне вучыцца. Жанчыны стукаліся ў дзверы універсітэта, але дзверы яго адчыняліся толькі для мужчын. Пасля настойлівых намаганняў у 1857 г. у Пецярбургскім універсітэце з’явіліся першыя слухачкі - Карсіні (сёстры), Багданава, Блюмер. У Медыка-хірургічнай акадэміі - Н. Суслава, В. Кашаварава. Сярод прафесароў былі прыхільнікі асветы жанчын, але хапала і злосных супраціўнікаў, якія на лекцыях дазвалялі сабе абразлівыя выбрыкі. Падтрымлівалі такія вучоныя, як І.М. Сечанаў, Д.І. Мендэлееў, М.М. Бекетаў, Бутлераў. М. Пірагоў у артыкуле “Вопросы жизни” (“Морской сборник”, чэрвень 1856 г.) таксама далучыў свой голас.

Гэтая ідэя насілася ў паветры, захапляла лепшых людзей, але і рэакцыя не драмала. Забаранілі наведваць лекцыі ва універсітэце. І тады пачалі збірацца ў прыватных дамах і слухаць лекцыі прафесароў па спецыяльных прадметах. Наладжваліся такія заняткі ў Н.В.Стасавай. Тут можна было спаткаць і дам у шыкоўных туалетах, сціплых дзяўчат і “стрыжаных нігілістак”.

У 1863 г. арганізавалася “Таварыства перакладчыц” у складзе М.В. Трубнікавай, дачкі дзекабрыста Іванова, Н.В. Стасавай, дачкі архітэктара, А.П. Філосафавай, асобы заможнай з высокіх “сфер”, але захопленай ідэяй роўнапраўя жанчын. Гэты гурток энтузіястак з цягам часу аброс шматлікім актывам і з’явіўся пачынальнікам заснавання для жанчын курсаў з універсітэцкай праграмай. Трэба было прабіваць глухую сцяну не толькі ў афіцыйных установах, але і змагацца з заскарузлымі перакананнямі наваколля: жанчынам не патрэбна навука.

Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтага пытання, была выкарыстана трыбуна з’езда натуралістаў у Пецярбургу ў 1867 г. З запіскай аб неабходнасці для жанчын вышэйшай асветы выступіла Я.І. Конрадзі, уласніца часопіса “Неделя” (яна паходзіла з абяднеўшых дваран).

Трэба шукаць шляхоў, каб так ці інакш задаволіць імкненне жанчын да вышэйшай асветы.

У 60-х гг. жанчыны, якія не маглі атрымаць асветы ў Расіі, накіроўваліся ў Швейцарыю і іншыя замежныя ўніверсітэты. Абы вырвацца на самастойны шлях, ішлі на фіктыўны шлюб (С. Кавалеўская). Урад, агледзеўшыся, забіў трывогу. Трэба сёе-тое зрабіць, каб затрымаць ад паездкі за межы. Там набіраюцца “крамольных” ідэй і завозяць іх на бацькаўшчыну.

У 1869 г. Міністэрства асветы дало дазвол на арганізацыю “публічных” курсаў па ўніверсітэцкай праграме. Адчыніліся яны ў 1870 г. у Пецярбургу. Чыталі прафесары: Бутлераў, Сечанаў, Мендэлееў. Трымаліся на дабраахвотнасці, на энтузіязме, бо грашовай дапамогі не атрымалі.

Цемрашалы заскуголілі. Паліцмейстар Трэпаў у 1871 г. пісаў: “Отсюда ниги­листическое направление может распространиться неудержимо и здесь имеет все способы созревать во взаимных беседах. В антрактах мужчины и женщины долго прогуливаются по коридору впотёмках”.

Князь Мяшчэрскі (“Гражданин”, 1872, №10) пісаў: «Область женщины есть семья, цель ее - воспитание, сила ее - любовь. ... Женщина, в которой ум развит в ущерб сердца, перестает быть женщиной».

Цікавы выказванні супраціўнікаў “модных” ідэй і тых, хто імкнецца за межы і трапляе пад уплыў рэвалюцыянераў-эмігрантаў. (“Правит[ельственный] вестник” 1873, 21/V):

«Коноводы эмиграции избрали это город (Цюрих) центром революционной про­паганды и обратили все усилия на привлечение в свои ряды учащейся молодежи».

Яны ездзяць у Расію і прывозяць пісьмы, пракламацыі, прымаюць удзел у прапагандзе (“преступной”).

«Другие увлекаются коммунистическими теориями свободной любви и под покровом фиктивного брака доходят до забвения основных начал нравственности и женского целомудрия до крайних пределов».

«Нельзя не остановиться на страшном вопросе: какое поколение могут возра­стить такие женщины?»

«... Ложное понимание значения женщины в семье и обществе, увлечение мод­ными идеями, растление молодого поколения».

Курсы з’явіліся не толькі ў Пецярбургу, але ў Кіеве, Маскве, Казані. Яны мелі поспех, а цемрашалы не сунімаліся. Вакол курсаў і жаночага пытання не заціхала барацьба. Шмат хто лічыў існаванне курсаў шкодным з розных пунктаў гледжання - дзяржаўнага, грамадскага і маральнага. У друку працягвалі з’яўляцца варожыя артыкулы, пасквілі.

Буру абурэння сярод студэнтаў выклікала кніга прафесара Наварасійскага універсітэта Цытовіча “Ответ учёным людям”, у якой ён выступаў супраць вышэйшай асветы для жанчын і выкрыў свой, далёкі ад вучонасці, твар.

У адным з даносаў (Кіеў) пісалася: «... Устраиваются вечера, где напиваются пьяными, затем расходятся попарно на квартиры. Устроена уже студентско-курсистская коммуна, где помещаются в комнате две курсистки и один студент».

І якой гразі толькі не лілі, каб скампраметаваць самую ідэю асветы жанчын. Баранеса Э.Родэн у запісцы імператрыцы пісала (1884 г.):

«Большинство увлекается не столько научными занятиями, сколько ложным стремлением и желанием выйти из своей семьи и своей среды, оставить обыденные обязанности и добиться прав едва ли соответствующих призванию женщин».

«Болезненное явление - тип нашего времени - студентка».

Не толькі мужчыны, але і жанчыны нападалі на курсы. У сем’ях адбываліся сутычкі паміж бацькамі і дочкамі, якія імкнуліся вырвацца ў шырокі свет. І, бывала, пакідалі сям’ю, не палохалі нястачы, пошукі заробку. “Жаночае” пытанне хвалявала розныя “сферы”. Ці можа жанчына працаваць нароўні з мужчынамі? Ці патрэбна гэта? Месца яе - сям’я, выхаванне дзяцей. Нашто падтрымліваць у жанчын імкненне да навукі?

Цяжка было курсам заваёўваць павагу і давер. Бацькі не адважваліся даручаць курсісткам выхаванне дзяцей, навучальныя ўстановы неахвотна прымалі на работу. Бывалі выпадкі, калі, шукаючы працы, стараліся прамаўчаць, што былі на курсах.

Не гледзячы на завыванне прыхільнікаў патрыярхальшчыны, інсінуацыі, супраціўленне ўрадавых устаноў, цікавасць да вышэйшай асветы жанчын, да курсаў узрастае. Прагрэсіўная прафесура падтрымлівае, выступае ў абарону, дапамагае, чым можа. Адказваючы на разважанні тых, хто лічыць, што жанчыны па сваёй на­туры не могуць раўняцца з мужчынамі, прафесар А.М. Бекетаў зазначыў: «Что же касается до умственных и нравственных основ, то они одинаковы для всех людей, какого бы пола они не были». Такія думкі далёка не ўсе падзялялі.

На курсы пацягнуліся дзяўчаты, большасць з іх былі незаможныя. У справаздачах курсаў адзначаецца, што ў многіх няма ні цёплага адзення, ні моцнага абутку, няма грошай на набыццё неабходных кніг. На дапамогу ім прыходзілі грамадскія арганізацыі ўзаемадапамогі.

Па зацверджанай праграме, на чале з адказным за дзейнасць курсаў праф. Бястужавым-Руміным, курсы пачалі працаваць з 1878 г. Курсы не мелі свайго памяшкання, туляліся па школьных будынках. Не было грошай. Прафесары чыталі лекцыі дармова. Узнікла пытанне аб арганізацыі “О[бщест]ва для доставления средств высшим женским курсам”. У ініцыятыўную групу ўвайшлі: Н.В. Стасава, В.П. Тарноўская, М.В. Трубнікава, В.А. Мардвінава, А.П. Філосафава. Пачалі збіраць дабраахвотныя сродкі. Шмат хто адгукаўся, ідэя знаходзіла сваіх прыхільнікаў. Сябрамі т[аварыст] ва маглі стаць усе, хто хацеў, асобы “всех состояний и званий”, узнос - 5 руб. на год.

Адміністрацыйныя і гаспадарчыя абавязкі выконвалі члены т[аварыст]ва ў грамадскім парадку, толькі сакратар быў платны.

Наладжваліся на карысць т[аварыст]ва лекцыі, дактары лячылі хворых без гро­шай, друкарні адбівалі без аплаты справаздачы і г.д. Была падтрымка, але ў друку не-не ды з’явіцца якая-небудзь заноза і прыходзілася адбівацца (“Гражданин” 1884, №47 - адказ Пед[агагічнага] Савета).

З 1885/86 акад[эмічнага] года курсы пераехалі ва ўласны будынак на 10 лініі Васільеўскага вострава. Бывалі вельмі цяжкія моманты ў існаванні курсаў, але дзякуючы настойлівасці і самаадданай працы кола жанчын з Т[аварыст]ва, а таксама падтрымцы спачуваючых, грашовае становішча курсаў з часам паляпшаецца, і на рахунку Т[аварыст]ва маюцца ўжо сотні тысяч капіталу, а ў пачатку новага стагоддзя ён перавышае мільён.

Па ініцыятыве В.П. Тарноўскай у 1897 г. было ўтворана “О[бщест]во вспомо­ществования слушательницам ВЖК». Мэта: падтрымліваць матэрыяльна тых, хто ў гэтым мае патрэбу. Навучанне на курсах каштавала 100 р. на год. Грошы немалыя. Т[аварыст]ва прыходзіла на дапамогу тым, хто не мог сам аплаціць. В.Я. Багданава зрабіла ўклад (15.000 р.), абумовіўшы, каб «капитал отдавать нуждающимся с тем, чтобы они возвращали его, если могут это сделать, не утруждая себя непосильны­ми работами и новыми долгами. Если не могут, пусть не возвращают, это дело их совести рассудить, нуждаются ли они более, чем другие».

З часам утварылася яшчэ Т[аварыст]ва дапамогі скончыўшым ВЖК. Члены Т[аварыст]ва падтрымлівалі сувязь з былымі слухачкамі, дапамагалі адшукаць працу. У “Памятных кніжках скончыўшых ВЖК” змяшчаліся табліцы, у якіх адзначалася месца жыхарства, заняткі, сямейнае становішча, бібліяграфічны паказальнік літаратурных і навуковых прац.

Існавала каса ўзаемадапамогі слухачак курсаў, якая матэрыяльна дапамагала - выдавала пазыку на абеды, на пражыццё, на аплату за права навучання. Мелася бібліятэка падручнікаў (1 капейка ў суткі). Каб папоўніць сродкі касы, арганізоўвалі вечары, лекцыі, латарэі.

Нямала перашкод курсам стварала Міністэрства нар[однай] асветы. Нават вісела пагроза зачынення курсаў, тры гады не было прыёму (1886 - 88). Мін[істэрст] ва патрабавала зацверджаных правіл, абмяжоўвала ўзрост паступаючых (21 год), даведкі аб палітычнай надзейнасці. Баяліся “крамольных” выступленняў.

На курсы прымалі скончыўшых жаночую гімназію, пасля заканчэння курсаў дазвалялася выкладаць у ніжэйшых класах жаночай гімназіі. На хадайніцтва аб праве выкладання ў вышэйшых класах быў адказ: дазволіць толькі пасля экзаменаў ва ўніверсітэцкай камісіі па выбраных прадметах. А што да выкладання ў мужчынскіх гімназіях, то рашуча забаранялася.

Падзеі 1905 года шмат чаго змянілі. Гурток жанчын самааддана працаваў з года ў год, радаваліся поспехам, стараліся выправіць недахопы, адбіваліся ад варожых выказванняў. Дзесяткі гадоў (каля 30-ці) прымала дзейны ўдзел у арганізацыі і рабоце курсаў Н.В. Стасава (памерла ў 1897 г.). У складзе 1-га Камітэта курсаў была матэматык С.В. Кавалеўская (у 1878 г.). Было нямала іншых энтузіястак вышэйшай асветы жанчын.


Сшытак 15


Дзяржаўная бібліятэка. 1920-30-я гг. Беларускі аддзел


Калі мне здараецца ехаць па Ленінскім праспекце, заўсёды цягне глянуць на будынак Дома мастацтваў, што стаіць на ўзгорку побач з Домам афіцэраў. Тут увосень 1921 года разгарнула работу Універсітэцкая (з 1922 года Універсітэцкая і Дзяржаўная) бібліятэка.

Бібліятэку ўзначаліў І.Б. Сіманоўскі, якога запрасілі ўлетку 1921 года заняцца арганізацыяй бібліятэкі для Універсітэта, які павінен быў адчыніцца з восені. Гэта быў чалавек з шырокім даляглядам і захапляючымі перспектывамі. Уладкаваўшыся ў Мінску, ён часам наведваў Бабруйск, дзе раней загадваў гарадской бібліятэкай. У той час я працавала ў школе і марыла пра ўніверсітэт. Ведала я І.Б. Сіманоўскага здаўна як улюбёнагаў сваю справу кніжніка, гатовага падзяліцца сваімі (здавалася для таго часу) неверагоднымі праектамі і задумамі. Спаткаўшыся са мною, пачаў мяне запрашаць на працу ў Мінск у бібліятэку. Ён успомніў спробу арганізаваць у Бабруйскай бібліятэцы краязнаўчы аддзел, як я, захапіўшыся гэтай ідэяй, узялася дапамагаць і нават ездзіла ў Мінск шукаць літаратуры, а вярнулася з пачкамі каштоўных выданняў з уласных збораў... Янкі Купалы. (Гэта было ўвосень 1920 года пасля вызвалення Мінска ад белапольскай акупацыі). І.Б. Сіманоўскі запэўніў, што краязнаўчы аддзел у новай вялікай бібліятэцы будзе шырока разгорнуты, а ён пастараецца зрабіць усё магчымае, каб даць прастор маім краязнаўчым захапленням. Ну як было не захапіцца думкай стварыць нешта вартае на парожнім месцы. Мне прапанавалі працу ў школе, у Наркамасветы - каб вучыцца, трэба было недзе працаваць, бо стыпендыі не давалі. Мяне спакусілі бліскучыя перспектывы краязнаўчай працы ў бібліятэцы, і я вырашыла прыняць яго прапанову.

3 верасня 1921 года я ўжо сядзела сярод бібліятэчных паліц на рагу сучасных вуліц Кірава (тады Магазінная, а потым Універсітэцкая) і Чырвонаармейскай. Гэта быў будынак сярэдняй школы, потым тут размясціўся рабфак, цяпер - філфак Універсітэта. Факультэт грамадскіх навук Універсітэта, куды я залічылася на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне, знаходзіўся па вуліцы Кірава (Універсітэцкай), прыблізна на рагу вуліцы Ленінскай у будынку ранейшай школы. Насупраць - незабудаваны пляц - старыя яўрэйскія могілкі. Разгортваць работу Універсітэцкай бібліятэкі ў памяшканні на Чырвонаармейскай вуліцы было немэтазгодна. Шырокія задумы патрабавалі належных прастораў. Скора ўдалося здабыць так званы “Юбілейны” дом на Захараўскай вуліцы (цяпер праспект Леніна) на ўзгорку побач з будынкам, дзе размясціўся Наркамасветы, - былая рэзідэнцыя архірэя. “Юбілейны” будынак таксама належаў духавенству і быў пабудаваны ў 1913 годзе ў гонар 300-годдзя царскай дынастыі Раманавых. Тут адбываліся нарады духавенства і змяшчаўся Царкоўна-археалагічны музей.

Страшнавата было, на зіму гледзячы, перабірацца ў неабжыты, без ацяплення, будынак. Цяпер, пасля рамонту, Дом мастацтваў іначай выглядае - трохпавярховым, а ў той час вокны ніжэйшага паверха глядзелі ў зямлю, былі меншыя, узгорак быў значна вышэйшы, і ён напалову закрываў іх. У гэтым сутарэнні змяшчаліся майстэрні (сталярня, пераплётная), неразабраныя гурбы кніг. Вышэй на паверсе (уваход з ганка) налева - вялікая зала вышынёй у два паверхі з галерэяй. Неўзабаве яе перакрылі, і ўнізе размясціўся кнігасхоў, а наверсе - чытальная зала. Цікавае было прыстасаванне для зносін з кнігасховам. На галерэі, дзе сядзелі дзяжурныя, у падлозе быў прарэзаны чатырохкутнік; пры дапамозе збудавання з дроту і яшчэ сяго-таго значна паскаралася выкананне патрабаванняў чытачоў на кнігі, ды і нагам была палёгка - ня трэба было скакаць па сходах. А часам гэта адтуліна замяняла тэлефон.

Супраць уваходу ў чытальную залу - дзверы ў беларускі аддзел. Гэта быў вялікі пакой з шырокімі вокнамі, пузатымі жоўтымі шафамі. Праз увесь пакой цягнуўся доўгі дубовы стол. Пасярэдзіне - печка-“буржуйка”. Выгінастая труба праз верхнюю шыбу акна выводзіла дым. І доўга яшчэ пасля таго, як удалося наладзіць цэнтральнае ацяпленне, на вонкавай сцяне будынка можна было бачыць чорныя сляды сажы. У канцы пакоя былі адгароджаны фанераю два маленькія пакойчыкі; направа - “габінет” дырэктара, застаўлены шафамі, на стале і крэсле навалены ў бязладдзі кнігі. Месца хапала толькі каб павярнуцца. Праўда, дырэктар туды рэдка калі забягаў. Праз акно залы направа можна было аглядаць брукаваную Захараўскую вуліцу, стромкія сходкі на ўзгорак насупраць уваходу ў Бібліятэку. Справа і злева ад уваходу па ўзгорку віліся сцежкі, па якіх таксама можна было трапіць у Бібліятэку. Другія тры акны пазіралі ў садок, відаць было некалькі яблынь і разлапістыя каштаны. Далей, на рагу вуліцы Чырвонаармейскай, знаходзіўся 3-х павярховы будынак, які праз нейкі час быў заняты Бібліятэкай. Тут размясцілася канцылярыя, Кніжная палата, чытальная зала прыродазнаўчага і тэхнічнага профілю, а таксама кватэра дырэктара. (Будынак і цяпер захаваўся).

Калі ў апошнія гады І.Б. Сіманоўскі збіраўся пісаць гісторыю ўтварэння Бібліятэкі, мы часта ўспаміналі і ўдакладнялі асобныя падзеі. Успаміналі і пераезд у гэты будынак. Па сходах мы падняліся на другі паверх (цяпер гэта трэці). Адчыніўшы дзверы, І.Б. Сіманоўскі мне сказаў, што тут будзе размяшчацца беларускі аддзел і каб я ўзялася гаспадарыць у ім.

Да гэтага ў “сферах” абмяркоўвалася пытанне пра арганізацыю 2-х бібліятэк - універсітэцкай і асобна краязнаўчай беларускай. Перамагла думка І.Б. Сіманоўскага, які лічыў немэтазгодным распыляць сродкі на арганізацыю розных бібліятэк, а трэба адну з добра арганізаваным краязнаўчым аддзелам. У гэтым пакоі і павінна была пачаць існаванне краязнаўчая бібліятэка, і нават на паліцах ужо ляжалі купкамі невялічкія кніжкі. Працавала Марыя Васілеўна Барашкава. Так пачаў існаваць краязнаўчы аддзел да таго часу, калі атрымаў “папяровае” благаславенне ў 1922 годзе.

У зале аддзела змяшчалася таксама чытальня для навуковых працаўнікоў. На сталах былі разложаны новыя атрыманні навуковай літаратуры - савецкай і замежнай. Аддзел працаваў з 10 да 22 гадзін. Працаўнікоў двое: я і М.В. Барашкава, потым яе замяніла С.Ф. Сяргеева, а далей Д. Мількевіч.

Пасля пераходу Бібліятэкі ў новы будынак у 1932 годзе працавалі: М. Васілеўская, Э. Гольдберг і адна працаўніца (прозвішча не памятаю) на падборцы газет. Між іншым у аддзеле рабіліся выразкі з газет на розныя тэмы.

Умовы працы і побыту былі нялёгкія: і халаднавата, і галаднавата і адзенне не вельмі грэе. Часцей яно было самаробнае, па-майстэрску злепленае і зацыраванае. Я фарсіла ў чаравіках, самастойна змайстраваных на вяроўчаных, або са старога абутку падмётках. Вялікай падзеяй было наладжанне цэнтральнага ацяплення. Ад радыятараў павеяла цяплом! Праўда, яно яшчэ не магло як след абагрэць вялікай залы, але, прымасціўшыся каля акна ў пакойчыку налева, можна было пісаць, скінуўшы з правай рукі паліто і трохі абагрэць ногі. Але паступова з кожным годам умовы працы паляпшаліся.

Бібліятэцы часам не шанцавала на кадры. Прыходзілі выпадковая людзі, і мэты ў іх былі асабістыя. Успамінаецца адзін прыкры выпадак. Беларускі аддзел у новым будынку на Чырвонаармейскай вуліцы займаў другі паверх. Побач быў вялікі пакой, дзе размясцілі абавязковы экземпляр Кніжнай палаты, а мне даручана было прасачыць за ўпарадкаваннем яго. Наогул з Кніжнай палатай у нас працягваўся шчыльны кантакт, як і дагэтуль. Для ўпарадкавання далі нам юнака, які і заняўся даручанай справай. Хлопец спакойны, працавіты, зацікаўлены кнігамі. Аднойчы, мне спатрэбілася энцыклапедыя Бракгаўза і Эфрона, што стаяла ў нашай зале. Я не знайшла патрэбнага мне тома і стала пераглядаць усё па парадку. Мне зрабілася горача, бо не хапала некалькіх тамоў. Сталі пільна сачыць за хлопцам. Ён прыходзіў у бібліятэку з невялічкай фанернай скрынкай - у той час не было кантролю. Выклікалі міліцыю і, калі ён выходзіў, затрымалі. Выносіў некалькі кніг. У яго пад ложкам знайшлі не толькі згінуўшыя тамы энцыклапедыі, але і кнігі з архіва Кніжнай палаты. Судзілі.

Камплектаванне аддзела.

Дырэктар загадаў усім працаўнікам бібліятэкі, каб пры разборы фондаў яны выяўлялі мясцовыя выданні і тыя, што мелі адносіны да Беларусі, і накіроўвалі ў беларускі аддзел. У аддзеле пачалі збірацца выданні на беларускай мове - кнігі, часопісы, газеты, лістоўкі, а таксама матэрыялы, што датычылі так званага Паўночна-Заходняга краю з губернямі, якія ўваходзілі ў яго склад, незалежна ад мовы, часу і месца выдання. Збіраліся і мясцовыя друкі - кнігі, часопісы. Іх знаходзілі ў фондах бібліятэк, у новых атрыманнях (з 1922 г. бібліятэка стала атрымліваць абавязковы экземпляр). Нямала рэдкіх беларускіх выданняў прыносілі розныя прыхільнікі бібліятэкі - іх было шмат. Часам вандроўкі ў гарады Беларусі (Мсціслаў, Клімавічы, Полацк) давалі папаўненне нашым фондам. У гэтых гарадах былі знаёмыя з даўнейшых студэнтаў, і яны нам шчыра дапамагалі. Былі набыты бібліятэкі Я. Карскага, М. Янчука, П. Жуковіча, зборы кніг Я. Купалы, Я. Дылы і інш.

Успамінаецца мне восень 1921 года, калі я разбірала бібліятэку Духоўнай семінарыі. Яна размяшчалася на Траецкай гары, дзе цяпер Сувораўскае вучылішча (вуліца М. Горкага). Будынак займала нейкая вайсковая ўстанова, пры ўваходзе стаяў вартавы. У вялікім памяшканні на падлозе ляжалі звязаныя пачкі кніг, знятыя з паліц, а шафы, відаць, атрымалі іншае прызначэнне. Тут былі каштоўныя камплекты рускай перыёдыкі, нямала кніг па гісторыі, старадрукаў - славянскіх і замежных, былі і краязнаўчыя выданні. Мне трэба было выбраць неабходныя для бібліятэкі матэрыялы, а астатняе пакінуць. У рабоце мне дапамагалі мышы, якія не лічыліся з маёй прысутнасцю, а ўвесь час з піскам шмыгалі з канца ў канец.

У дублетных фондах Масквы і Ленінграда працаваў супрацоўнік бібліятэкі (Пінскі), якому даручана было адбіраць кнігі для нас; асаблівую ўвагу рэкамендавалася ўдзяляць матэрыялам, якія маглі б папоўніць зборы беларускага аддзела. Шмат увагі аддаваў камплектаванню аддзела І.Б. Сіманоўскі. Ён быў трапным паляўнічым на цікавыя і каштоўныя кнігі. Часта пачынаў ён свой неафіцыйны працоўны дзень корпаючыся ў пыльных напластаваннях у падвальных сховах. І вось запылены, але з трыумфам, сігаючы праз некалькі сходкаў, нясе ён у аддзел якую-небудзь знаходку і ззяе ад задавальнення. Пасля яго наведвання Віцебска і знаёмства з А. Сапуновым аддзел атрымаў “Статут Вялікага княства Літоўскага” 1588 года, “Апокрисис” Хрыстафора Філалета (1599) на старабеларускай мове, накіраваны супраць уніі. Папоўніліся нашы фонды і працамі самога А. Сапунова: тамы “Витебской старины”, зборнікі “Полоцко- Витебской старины” і інш., а таксама каштоўнымі выданнямі па гісторыі Віцебска і Полацка.

Сярод старажытных кніг у аддзеле захоўваўся рукапіс у акладцы з драўляных дошчачак, абцягнутых скураю. Праф. У.М. Ператц, які ў сярэдзіне 20-х гадоў спецыяльна прыязджаў у Мінск, апісаў нашы зборы ў кнізе “Рукописи библиотеки Московского университета, Самарских библиотеки и музея и Минских собраний” (Л., 1934). Мы ганарымся таксама тым, што мелі некалькі кніг (6-7?) “Бібліі” Ф. Скарыны. Памятаю, гэтыя асобныя кніжкі прынёс у аддзел І. Сіманоўскі і аддаў у мае рукі. Дзе ён набыў іх - не захавалася ў памяці. Гэта было ў 20-я гады ў старым будынку.

Захоўваліся №№ “Мужыцкай праўды”, “Pismo Jaski Haspadara z pad Wilni da muzyczkou ziemli Polskoj” і інш. Прыхавалі мы і “Sonety krymskie” А. Міцкевіча з яго аўтографам. У аддзеле меліся першыя выданні беларускіх пісьменнікаў: В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Цёткі (і яе вершы-пракламацыі), Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Гарэцкага, З. Бядулі, Ц. Гартнага і інш. Добры падбор быў выданняў таварыства “Загляне сонца і ў наша аконца”.

Я асабіста мела нядрэнны збор беларускіх выданняў. З іх мне не раз даводзілася дапаўняць тое, чаго не было ў аддзеле або страцілася. На жаль, ад гэтага збору нічога не засталося, не захаваліся і кнігі з дарагімі аўтографамі Я. Купалы, Я. Коласа і іншых. Энтузіясты-добраахвотнікі дапамагалі ў камплектаванні аддзела не толькі сваімі дарамі, але і каштоўнымі падказкамі, дзе кнігі ляжаць без дбайнага гаспадара.

Каталогі, картатэкі, бібліяграфічная праца.

Адначасова з упарадкаваннем фондаў аддзела пачалі складаць каталогі - алфавітны і сістэматычны. Паступова каталогі ўскладняліся. З 1926 г., калі пачаў выдавацца “Летапіс беларускага друку”, мы без затраты часу на дубліраванне маглі ўключыць ў алфавітны каталог дадатковыя карткі на прозвішчы рэдактараў, перакладчыкаў, мастакоў, на выдавецтвы, серыі, калектыўных аўтараў, нават на назвы кніг. У 30-я гг. быў утворан каталог кніг пра асобныя геаграфічныя мясцовасці Беларусі, прабавалі рабіць і прадметны каталог, але ён патрабуе шмат клопату і часу.

Каталогі памагалі даць адказ чытачам, што маецца з кніг у аддзеле, але шмат было і прыхаваных у фондах бібліятэкі матэрыялаў, якія маглі б дапамагчы ў вывучэнні Беларусі, напрыклад, артыкулы ў перыёдыцы і бібліяграфічных даведніках. І трэба было пастарацца выявіць іх. Нябавам (ужо ў 1923 г.) жыццё прымусіла заняцца гэтым. Нашы патрабавальныя чытачы - працаўнікі ўніверсітэта і іншых устаноў, настаўнікі, студэнты чакалі такой дапамогі. Магчымасцяў у нас было малавата, трэба было шукаць выхаду. Выяўленнем літаратуры пра вытворчыя сілы краю зацікавілася такая паважная ўстанова, як Дзяржплан, удалося ад яе атрымаць сродкі, на якія можна было ў пазаштатным парадку арганізаваць прагляд розных бібліяграфічных крыніц.

Звесткі пра Беларусь былі раскіданы па розных бібліяграфічных крыніцах на рускай, польскай і іншых мовах. Працы бібліёграфаў Мягкова, Лямбіных, Фінкеля, Эстрайхера і шмат якіх іншых захоўвалі многа патрэбных нам вестак. Пісалі карткі студэнты Універсітэта і супрацоўнікі бібліятэкі (І. Бараноўскі, Адзярыха і інш.). Успамінаю аднаго пажылага настаўніка, які добра ведаў лацінскую мову. У картатэках захавалася і дагэтуль шмат яго запісаў з ініцыяламі на картках Г.Т. Перагледжаны былі сотні дапаможнікаў, якія рэгістраваліся ў асобным сшытку, а таксама камплекты некаторых рускіх часопісаў. Карыстаючыся асобнымі раздзеламі картатэкі (яна была сістэматызавана), пры спрыяльных умовах можна было выдаць нямала карысных даведнікаў.

Наладжана было супрацоўніцтва з Інстытутам беларускай культуры (Інбелкультам). Утварылася сумесная бібліяграфічная камісія, у якой прымаў удзел І. Сіманоўскі і я. Сумесна з Інбелкультам быў распрацаваны план бібліяграфічнай серыі пад назваю “Матэрыялы да беларускай бібліяграфіі”. (З ім можна пазнаёміцца ў кнізе А. Шлюбскага “Этнаграфія”. Бібл. указальнік. Мн., 1927).

Вось як выглядаў перспектыўны план выданняў:

Т. 1. Прырода і вытворчыя сілы Беларусі.

Т. 2. Народная гаспадарка.

Т. 3. Палітычнае і грамадскае жыццё.

Т. 4. Этнаграфія.

Т. 5. Мова і літаратура.

Т. 6. Мастацтва.

Т. 7. Гісторыя. Археалогія.

Бібліяграфія А. Шлюбскага “Этнаграфія” выйшла як 4 том гэтай серыі. Укладальнік перадаў бібліятэцы працу ў гатовым выглядзе. Справу з друкарняй (змяшчалася ў Доме прафсаюзаў на плошчы Свабоды) мела я, а таксама правіла карэктуру.

У задачу Інбелкульта ўваходзіла рэдагаванне бібліяграфічных прац. На долю бібліятэкі - утварэнне картатэкі, сістэматызацыя яе. Паступова картатэка папаўнялася шматлікімі запісамі па розных галінах ведаў. Згодна падлікаў І. Сіманоўскага, у 1937 г. налічвала да 300 000 картак.

Аднак супрацоўніцтва з Інбелкультам к канцу 20-х гадоў неяк разладзілася, не памятаю па якой прычыне. Бібліяграфія С. Дубінскага “Археалогія” была выдана ўжо АН БССР у 1933 годзе (працаваў над ёю ў 20-я гады).

Хочацца добрым словам успомніць археолага С.А. Дубінскага, які распачаў працу па бібліяграфіі археалогіі. Яму я перадала картатэку з запісамі друкаваных матэрыялаў па археалогіі Беларусі. Гэта быў “сыры” матэрыял, які патрабаваў апрацоўкі de visu, удакладненняў і дапаўненняў. Сіваваты, рухавы С.А. Дубінскі ў бібліятэцы быў сваім чалавекам, добра арыентаваўся ў каталогах, самастойна адшукваў патрэбныя матэрыялы. Працаваў ён шмат і шчыра, з паляўнічым азартам. Дзень у дзень можна было яго бачыць у бібліятэцы, дзе ён удакладняў свае запісы, знаходзіў новыя матэрыялы. Калі СА. Дубінскі праглядаў бібліяграфічныя даведнікі для сваёй мэты, ніколі не мінаў непатрэбных для яго працы, але не лішніх для нашай картатэкі. Цяпер, праглядаючы даўнія картатэкі, я знаходзіла пісаныя яго рукою карткі з ініцыяламі на іх С.Д. У яго было каштоўнае спалучэнне ведаў спецыяліста з “пісьменнасцю” бібліёграфа, чым не ўсе спецыялісты могуць пахваліцца.

У артыкуле В. Тарасенкі пра С.А. Дубінскага (“Полымя”, 1968, № 2) адзначана, што С.А. Дубінскі “шырока” выкарыстаў картатэку Спіцына, вучнем якога ён з’яўляўся. Мне цяжка судзіць, як там было, але што ён апрацоўваў раздзел нашай картатэкі, у якую, магчыма, уваходзілі і матэрыялы, змешчаныя ў Спіцына (мы ж к таму часу праглядзелі вельмі шмат крыніц), я гэта пацвярджаю. Бібліяграфія была выдана Акадэміяй навук БССР у 1933 годзе.

З іншых апрацаваных раздзелаў картатэкі ўпамяну ненадрукаваную бібліяграфію “Прырода і вытворчыя сілы Беларусі”.

Шмат увагі я асабіста ўдзяліла бібліяграфіі беларускай літаратуры, давялося праглядзець шмат крыніц, газет. Асабліва багатай была персанальная бібліяграфія Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, З. Бядулі, Цёткі. Дапамагалі самі пісьменнікі (Я. Купала, Ц. Гартны) у выяўленні сваіх псеўданімаў, праглядаў запісы і З. Бядуля. Гартаючы картатэкі, ён гаварыў: “Гэта я ўсё напісаў? Нічога ад Вас не схаваеш?”

У зборніку “Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы. Да 20-годдзя яго літаратурнай дзейнасці” (Мінск, 1928) быў змешчаны бібліяграфічны нарыс “Літаратурныя працы Ц. Гартнага”. Пісьменнік быў вельмі задаволены, і нават я ад яго атрымала “Сокі цаліны” з надпісам: “Укладальніцы маёй бібліяграфіі”.

Займалася я таксама бібліяграфіяй гісторыі беларускага тэатра. Цікавілі мяне паведамленні ў газетах (“Наша Ніва”) пра беларускія вечарынкі, якія наладжваліся гурткоўцамі ў розных мясцовасцях (Вільні, Пецярбургу і інш.), а ў савецкі час у самых глухіх кутках. Не абыходзілася без “Збянтэжанага Саўкі”, або “Як яны жаніліся”. А вандроўнік Галубок з яго трупай чаго варты! А Буйніцкі! Утварылася цікавая картатэка пра першыя крокі і станаўленне тэатральнай справы на Беларусі, пра тэатры 1, 2, 3-ці. Картатэка ў Бібліятэцы захавалася.

У канцы 50-ых гадоў па просьбе І. Сіманоўскага я паслала яму з Саратава свае нататкі-успаміны пра першыя крокі бібліяграфічнай работы. У яго кнізе “Белорусская советская библиография” (Минск, 1965) я знайшла іх сляды. На стар. 24 мяне здзівіла сцвярджэнне, што “даведачная работа вялася аб’яднанымі сіламі бюро і беларускага аддзела”, і пералічаны тэмы, якія былі выкананы па заданию розных устаноў і арганізацый. Нешта ў маёй памяці сцёрліся гэтыя асобы з “бібліяграфічнага бюро”. Ці не праца гэта аднаго беларускага аддзела? Удзелу “бюро” не адчувалася. А можа аўтар лічыў, што гэта я ў дзвюх асобах - бюро і беларускі аддзел? Пра “бюро” нічога не памятаю.

У сваіх нататках я не ўпамінала пра публікацыю краязнаўчай бібліяграфіі ў часопісу “Наш край” і далей у “Савецкай краіне”. У апошнім раздзеле кнігі, што вышэй упаміналася, падаюцца назвы надрукаванага ў “Нашым краі”. Варта іх трохі ўдакладніць.

Успамінаю, як адбылася гэта падзея. У пачатку 1926 года завітаў у беларускі аддзел супрацоўнік Цэнтральнага бюро краязнаўства М.І. Каспяровіч, чалавек энергічны, ініцыятыўны. Мы пачалі гутарку пра тое, як аддзел можа дапамагчы краязнаўчым таварыствам і часопісу “Наш край”. Вырашылі, што найлепшай дапамогай будзе бібліяграфія пра асобныя раёны. У нашай даволі значнай у той час картатэцы можна выбраць сёе-тое і, дапоўніўшы, даваць у кожным нумары часопіса. Праз нейкі час я падрыхтавала карткі і перадала ў рукі М. Каспяровічу. Першая публікацыя з’явілася ў № 2-3 часопіса “Наш край” за 1926 год пад назвай “Геаграфія Беларусі. Падарожжы” з прыпіскай, зробленай М. Каспяровічам: “З картатэкі бібліяграфічнай камісіі Інбелкульта”. Трэба заўважыць, што існавала толькі адна картатэка ў нас, асобнай картатэкі бібліяграфічнай камісіі не было. У № 10 за 1929 год выпраўлена была недакладнасць і было надрукавана: “З картатэкі Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі”.

Успамінаецца мне вялікая комплексная бібліяграфія, разлічаная на 30 друкаваных аркушаў, складзеная на аснове матэрыялаў картатэкі - “Бібліяграфія беларусазнаўства”. Уваходзілі запісы літаратуры за 1917-1927 гг., далучана была літаратура на замежных мовах. Да палавіны 1930 года было надрукавана аркушаў 12-15. Дакладна не памятаю, але перад вачыма ўстае цэлы стос надрукаванага на маім стале. Паводле ўспамінаў М. Улашчыка, надрукавана было не меней 15 аркушаў. Паскаралася друкаванне тым, што друкарні прымалі ў набор карткі без машынапіснай копіі. У картатэцы і цяпер спатыкаюцца карткі са штампам Галоўліта, ніхто з працаўнікоў не мог дагадацца, што гэта азначае. Не па віне бібліятэкі друкаванне было спынена, надрукаванае не захавалася, засталіся толькі наклееныя карткі (частка тыража друкавалася на адным баку старонак).

Успамінаецца, што М. Каспяровіч, пазнаёміўшыся з надрукаваным, прапанаваў пачаць работу па дапаўненню бібліяграфіі А. Шлюбскага, выкарыстаць гэтыя запісы для рабочай картатэкі. Значыць аддзел этнаграфіі і гісторыі ўжо быў надрукаваны.

У дырэктара бібліятэкі былі і намеснікі. У 20-я гады звычайна яны мясціліся ў невялічкім пакоіку беларускага аддзела, што побач з габінетам дырэктара. Сярод іх знайшоўся адзін, які цікавіўся бібліяграфічнай працай - гэта быў У. Пракулевіч. Памятаю яго Скарыніяну, што заўсёды ляжала ў яго на стале. Відаць, збіраў запісы здаўна і, па магчымасці, дапаўняў іх. У часопісу “Савецкае будаўніцтва” пачаў стала змяшчаць бібліяграфію па тэмах, якія цікавілі чытачоў часопіса. Прымаў удзел у падрыхтоўцы да друку “Бібліяграфіі беларусазнаўства”, якая была спынена ў палавіне 1930 года.

Трохі пра ўдзел Бібліятэкі ў працы па выданню агульнасаюзнай бібліяграфіі “Навуковая літаратура СССР” (выдавалася з 1928 па 1934 гг.). У складанні рэфератаў і анатацый літаратуры БССР прымалі ўдзел навуковыя працаўнікі розных спецыяльнасцяў. Дублетныя запісы бібліятэка пакідала сабе, мяркуючы з часам выдаць штогоднік “Навуковая літаратура БССР”. Аднак, упэўніўшыся, што ў шырокім маштабе падняць працу немагчыма, намерыліся выкарыстаць матэрыял для выдання анатаванай бібліяграфіі “Флора і расліннасць БССР”. Сляды гэтай цікавай працы (асобныя пачкі лісткоў) я знаходзіла цяпер у сховах беларускага аддзела. У 1937 годзе яе праглядалі многія спецыялісты, асабліва ўважліва паставіўся да яе аўтар кліматычнага атласа БССР праф. А.У. Кайгародаў.

Па заданию Інстытута гісторыі КПБ былі ўложаны і надрукаваны на рататары спісы літаратуры па тэме: “Матэрыялы да гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны на Беларусі”. Мне цяпер трапіліся спісы №№ 6 і 7, надрукаваныя на рататары на каляровай паперы. Спіс №7 (літаратура да 1932 года ўключна) мае 656 запісаў, ёсць і замежная літаратура. Для Гістпарта рабіліся таксама на лістках запісы з анатацыямі.

Успамінаецца карпатлівая работа, праведзеная па просьбе Гідралагічнага інстытута (Ленінград). Яны прыслалі некалькі сот картак (600?) запісаў літаратуры па гідралогіі Беларусі з просьбай праверыць па нашых картатэках і дапоўніць. Праграма іх мела шырокі ахоп. Дадаткаў нашых набралася вельмі шмат.

Па заданию Белдзяржкіно складзена картатэка рэцэнзій на іх фільмы.

Іншы характар мела праца беларускага аддзела па рэтраспектыўнаму ўліку друкаў БССР і друкаў на беларускай мове з ХІХ ст. да 1917 г. Уласна кажучы, гэтым павінна была займацца Кніжная палата, але магчымасцей у яе не было. Аднаму працаўніку хапала бегатні па друкарнях і выдавецтву “лавіць” і выяўляць недасланыя выданні, рыхтаваць “Летапіс”, займацца статыстыкай друку. Друкарні яшчэ не прывыклі да абавязку здаваць паложаную колькасць экземпляраў усяго, што друкуюць, у Кніжную палату. Працаўнік Кніжнай палаты М.М. Улашчык шмат маладой энергіі і запалу ўклаў у сваю працу, праводзіў яе ў кантакце з беларускім аддзелам. Орган рэгістрацыйнай бібліяграфіі “Летапіс беларускага друку” выйшаў у пачатку 1926 года (№№1-6 за 1925 год). Але яшчэ да ўтварэння асобнага органа друку была зроблена спроба друкаваць весткі пра новыя выданні ў час. “Асвета” (1924, №2, ліпень - жнівень) пад назвай “Летапіс беларускага друку. Апрацавана Кніжнай палатай пры Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы”. На самой справе праца была падрыхтавана беларускім аддзелам, а не Кніжнай палатай, індэксы ставіла

В.А. Малініна. Не памятаю, ці пачаў працаваць ужо М.М. Улашчык.

На чарзе было задание выявіць мясцовыя выданні з 1917 па 1924 гг. уключна - да пачатку іх рэгістрацыі ў “Летапісу”. У 1927 і 1929 гадах удалося выдаць: “Выданні на беларускай мове”, 1917-1924 гг.; “Перыядычны друк на беларускай мове”, а таксама “Паасобныя выданні на беларускай мове”, 1835-1916. Апошняе выданне было заўважана, выкарыстана і дапоўнена С. Александровічам у кнізе “Пуцявіны роднага слова”(Мінск, 1971), дзе адзначана: “Падрабязная і дакладная бібліяграфія беларускай кнігі дарэвалюцыйнага часу пакуль што адсутнічае. Лепшым даведнікам з’яўляецца “Летапіс беларускага друку”. Частка 2. Паасобныя выданні на беларускай мове. 1835-1916 гг., складзены Ю. Бібіла і выдадзены больш за сорак год таму назад (1929), але ў ім ёсць пэўныя недакладнасці і зусім не ўлічаны беларускія выданні айчыннага фальклору”.

Не магу ўспомніць, чаму ў бібліяграфію не трапілі фальклорныя зборнікі, размовы былі. Шкада, вядома, але гэта завяло бы нас на завілыя сцежкі.

Каб улічыць дарэвалюцыйныя друкі на беларускай мове, трэба было выкарыстаць крыніцы, дзе маглі б яны быць апісаны. Перш за ўсё гэта “Беларусы” (т.3) Я. Карскага, “Гісторыя беларускай літаратуры” М. Гарэцкага, кнігі У. Ігнатоўскага і інш. Вельмі ўважліва праглядаліся газеты, асабліва “Наша ніва”, літаратуразнаўчыя артыкулы. Рэцэнзіраваліся беларускія выданні і ў “Книжной летописи”. Тут можна было знайсці весткі і пра тыраж выданняў, а ён рэдка калі прастаўляўся на кнігах. Выкарыстоўвалася і “Статистика произведений печати” за асобныя гады. Трэба мець на ўвазе, што не ўсе беларускія друкі ў “Книжную летопись” траплялі: яны выдаваліся не толькі ў Расіі і не ўсе з благаславення царскай цэнзуры.

У 1928 годзе ў час свайго адпачынку я наведала Ленінград, дзе ўдалося сабраныя запісы праверыць de visu па фондах Бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына, якая захоўвала шмат беларускіх друкаў (была пад бокам “Главного управления по делам печати”). На жаль, нельга было так лёгка трапіць за межы Беларусі - у Вільню, а там шмат чаго можна было знайсці.

Для праверкі de visu і выяўлення новых матэрыялаў былі выкарыстаны і прыватныя зборы. Успамінаецца Б. Эпімах-Шыпіла, які ў той час ужо жыў у Мінску. У яго я знайшла цікавыя выданні. Мяне вельмі ўзрадавалі паштоўкі Цёткі, якая пісала Б. Эпімаху-Шыпілу пра сваё падарожжа ў Фінляндыю. Гэты матэрыял я выкарыстала ў сваім нарысе пра Цётку.

Хаця ў выданні і маюцца недакладнасці, бо часам весткі браліся з няпэўных крыніц (яны адзначаны ў кнізе * (зоркамі), аднак большасць апісана дакладна, нават з арфаграфічнымі асаблівасцямі. Радуе аднак тое, што і ў такім выглядзе ўдалося выдаць (1929 г.), бо ў наступным векапомным годзе гэта ўжо было немагчыма. Успомнім напалову надрукаваную “Бібліяграфію беларусазнаўства”, следу ад яе не засталося.

Удала праскочыла і бібліяграфія “Беларускі перыядычны друк. Артыкулы з часопісаў і зборнікаў за 1917-1928 гг.” (выд. 1929 г.). У такім выглядзе ў 30-ыя гады нельга было ўжо выдаць. Той, хто перажыў тую пару, можа зразумець усе падводныя рыфы і дыпламатычныя меркаванні. Шмат было прозвішчаў, якія ў той час стараліся не ўспамінаць і чытачу не паказваць.

Працяг працы - артыкулы за 1928 - 1937 (да ліпеня) быў падрыхтаваны ў картатэцы, але пасля вайны не ўдалося адшукаць гэтых матэрыялаў. Давялося бібліятэцы ствараць картатэку нанова. Захоўваецца цяпер картатэка артыкулаў за 1928-1932 гг. (з 1933 г. друкаваў іх “Летапіс”). На жаль, у картатэку не трапіла шмат прозвішчаў і каштоўнасць яе абмежаваная. Напрыклад, няма прозвішчаў А. Чарвякова, В. Кнорына, безліч пісьменнікаў.

Адначасна праводзілася праца па выяўленню мясцовых друкаў да 1925 г. савецкага часу на рускай мове. На польскай і яўрэйскай мовах складалі картатэкі ў польскім і яўрэйскім аддзелах бібліятэкі. Апісваліся тыявыданні, якія траплялі ў фонды бібліятэкі з розных крыніц - мясцовых і дублетных фондаў Масквы і Ленінграда, праглядалася “Книжная летопись”. Але ў тыя бурлівыя гады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі шмат чаго з друкаў не трапляла ў “Книжную летопись”; друкарні не вельмі спяшаліся з адсылкай у Кніжную палату абавязковых экземпляраў. Грамадзянская вайна, транспартныя непаладкі таксама не садзейнічалі сваечасовай дасылцы. Для таго, каб мець больш дакладнае ўяўленне аб кніжнай прадукцыі таго часу, давялося шукаць слядоў у выдавецкіх планах і справаздачах савецкіх органаў, дзе даваліся весткі і пра выдавецкую дзейнасць, у перыядычным друку, абвестках на вокладках кніг (“выйшлі з друку”) і г.д. У гэтых крыніцах не заўсёды даваліся дакладныя назвы, не было і іншых патрэбных апісанняў. З цягам часу шмат чаго ўдалося праглядзець de visu, аднак некаторыя запісы засталіся з няпоўнымі весткамі. У картатэцы налічвалася да 1000 назваў за 1917-1924 гг. У параўнанні з “Книжнай летописью” было шмат дадаткаў.

У пачатку 30-х гадоў я наведала Кніжную палату ў Маскве, мне трэба было ўдакладніць некаторыя весткі пра друкі на рускай мове за 1917-1924 гг. Маючы перадрукаваную на машынцы бібліяграфію, звярнулася за дазволам да дырэктара Кніжнай палаты. Пагутарыўшы са мною і праглядзеўшы рукапіс, дырэктар прапанаваў выдаць працу, але наша бібліятэка не згадзілася. А шкада...

Картатэка лічылася загінуўшай, але яна знайшлася, і вось у 1969 годзе Кніжная палата БССР надрукавала яе на ротапрынце, далучаны былі друкі на польскай і яўрэйскай мовах. Карпатлівую работу па праверцы (паўторнай) матэрыялаў de visu перарабіла і спіс друкаў на польскай і яўрэйскай мовах дала Ф. Мерына. На жаль, перад друкаваннем мне не паказалі адбіткаў, і я poste factum выявіла непрыемныя недарэчнасці.

Быў уложаны і спіс перыёдыкі на рускай мове, але ён не захаваўся.

Трохі пра карысць самаадукацыі... У 20-я гады не толькі моладзі, але і людзям больш сталага веку даводзілася брацца з працу, пра якую мелі вельмі няяснае ўяўленне. Трэба! А калі трэба, то і навучацца трэба. Хто з бібліятэкараў меў спецыяльную бібліятэчную адукацыю? Даводзілася вучыцца на хаду: авалодаць тэхнікай бібліяграфічнай і бібліятэчнай працы і паглыбіцца ў нетры краязнаўства.

Я трапіла ў Бібліятэку не са школьнай лаўкі. У мяне была сякая-такая агульная падрыхтоўка і пяць гадоў настаўніцкай працы. Мне стала, аднак, ясна, што трэба ўзяцца за авалоданне не толькі тэхнікай, але добра арыентавацца ў літаратуры, якую павінен збіраць і захоўваць аддзел. Памагалі кнігі і спрактыкаванае кіраўніцтва дырэктара І. Сіманоўскага, які не шкадаваў намаганняў, каб з мяне атрымаўся неблагі працаўнік.

Выступаючы на ўрачыстых провадах І. Сіманоўскага на пенсію ў 1961 годзе, я так характарызавала яго ролю настаўніка: “Мы пачыналі працаваць на ніве для нас незнаёмай, а Вы шмат энергіі і цярплівасці ўкладалі, каб навучыць нас, адчыніць перад намі бліскучыя перспектывы. Вы былі патрабавальным настаўнікам, аўтарытэтам для нас у гэтай справе, мы Вам давяралі. Аднак Вашы навучэнцы, бывала, умелі выпускаць і вострыя кіпцюры, нават балюча драпацца, але гэта не перашкаджала агульнай справе. Вашы ідэі, Вашы “фантазіі” (як я называла) захаплялі нас, мы былі перспектыўны, абгрунтаваны. Вы ўкладалі шмат энергіі, багатага вопыту і - галоўнае - энтузіазму і душы ў Бібліятэку. Хто не ведаў Вашага капелюша, бачыўшага шмат нягод, і пажылага партфеля? Ён вандраваў без устанку ад парога да парога і дабіваўся свайго”.

Я.Л. Дыла, які добра ведаў ролю І. Сіманоўскага ў арганізацыі Бібліятэкі, так успрыняў “ганаровую” яго адстаўку: “Паважаная Юлія Язэпаўна! Пра “ганаровую” адстаўку Сіманоўскага я даведаўся як з Вашага апошняга ліста, так і праз вестку пра гэта ў лісце да мяне Алега Саннікава. Неяк стала на душы сумна: хоць праводзіны яго былі і публічныя і з адзначэннем яго заслуг па арганізацыі Дзяржаўнай бібліятэкі, аднак аслабанілі ад працы, якой ён аддаваў усяго сябе...” (З ліста ад 17 кастрычніка 1961 г.).

І. Сіманоўскі, відаць, лічыў, што не дарма траціў час на маю бібліяграфічную адукацыю. Мне прыемна чытаць, як ён кваліфікаваў мяне ў сваёй кнізе “Белорусская советская библиография” (Мн., 1965). На стар. 43 чытаю:

“Выросли на работе и кадры квалифицированных ведущих библиографов. Среди них Ю.О. Бибило, организатор и руководитель отдела белорусской литературы и библиографии”.

На стар. 16: “.старейший библиограф БССР, по существу зачинательница белорусской советской библиографии Ю.О. Бибило”.

Вялікую ўдзячнасць захавала я да шчырых нашых прыхільнікаў і энтузіястаў беларускай культуры, якія дапамагалі арыентавацца ў моры краязнаўчай літаратуры: Я. Дылы, Я. Купалы і шмат каго іншага. Дапамагалі і чытачы, калі звярталіся з якім-небудзь цікавым пытаннем. Успамінаю Е. Міровіча, калі ён ставіў п’есы “Кастусь Каліноўскі”, “Машэка”. Колькі мне давялося праглядзець розных матэрыялаў! А сівы рэжысёр перада мной натхнённа маляваў сцэны будучых твораў. Гэта была цікавая ўзаемадапамога.

Нізкі паклон, мае паважаныя настаўнікі!


Са шкадаваннем успамінаю нашы страты і асабістыя лёсы людзей. Горыч развітання ўвосень 1937 года з блізкай сэрцу працай. Адхілілі ад пасады І. Сіманоўскага, я атрымала адстаўку як “несправившаяся” з работай. Скажу шчыра, што не заслужыла такой ацэнкі, бо не толькі працавала сумленна, але і аддана, і вынікі маёй працы сведчылі пра гэта. Хаця і крыўдна было, што мяне так кваліфікавалі, але прымаючы пад увагу агульную тагачасную сітуацыю, я разважала, што яшчэ добра абышлося, бо так лёгка было атрымаць які-небудзь нечаканы “хвост”. Я толькі сказала, што пастараюся ў іншым месцы ўсё ж справіцца з любой работай. І стрымала сваё абяцанне. Цяжкі і трагічны гэта быў час. Я - нязначная адзінка сярод тых працаўнікоў беларускай культуры, якіх злая воля раскідала па розных кутках. Тыя часы чакаюць свайго ўдумлівага і справядлівага даследчыка.

З верасня 1937 года па лістапад 1959 года я працавала ў Навуковай бібліятэцы Саратаўскага ўніверсітэта. Тут я занялася блізкай мне краязнаўчай бібліяграфіяй, толькі трэба было мне нямала папрацаваць, каб пазнаёміцца з асаблівасцямі незнаёмага мне краю. Сабраныя матэрыялы мне ўдалося аформіць на машынцы. Атрымаліся даволі важкія тамы “Материалов для библиографии Саратовской области” (т.1, 500 стар.; т.2, 470 стар. ; 1947, 1957 гг). У супрацоўніцтве з іншымі бібліёграфамі прыняла ўдзел у выданні серыі “Библиография Саратовской области” (геаграфія, глебы, клімат і воды і іншыя працы).

Нямала я атрымала розных афіцыйных падзяк і за “безупречную” работу і за “долголетнюю отличную работу в области краеведческой библиографии”, “за активное участие в издательской деятельности библиотеки” і г.д.

У развітальным адрасе з прычыны майго выхаду на пенсію сказана: “В Вашем лице библиотека имела библиографа высокой квалификации, автора многих содержательных и обширных библиографических указателей, особенно в области краевой библиографии, а наши читатели - внимательного и хорошо эрудированного помощника и советчика”.

Калі зрабіць скідку на некаторую параднасць, якая вымагалася падзеяй, што адбывалася, усё ж нешта застанецца. Вельмі расчуліла мяне прывітанне доктара геаграфічных навук прафесара Н.С. Фралова. Ён, між іншым, у 20-х гадах працаваў у Горы-Горках, а потым пераехаў у Саратаў. Ён пісаў, што часта карыстаўся маёй “компетентной помощью”. “Это дало мне возможность оценить Ваше глубокое знание книжных фондов Научной библиотеки, библиографии Саратова и Саратовской области, Нижнего Поволжья и многих других разде­лов книжных богатств и литературы таких районов нашей родины, как особо любимая Вами Белоруссия”.

А вот як прывітаў мяне дырэктар Саратаўскага педагагічнага інстытута П.Н. Пілатаў: “... Мне особенно приятно вспомнить период нашей с Вами и с Елизаветой Христиановной совместной работы над библиографией Саратовской области и от души поблагодарить Вас за великодушно оказанное содействие в работе. ... Не только коллектив библиотеки, но и все мы, рядовые читатели, с чувством глубокого уважения будем помнить Вас всю жизнь. Мы также уверены, что в Саратовскую сокровищницу драгоценных книг, где вы работали долгие годы, её неутомимый директор - Вера Александровна Артисевич, - на место уходящей на отдых гвардии, будет и впредь привлекать таких же как Вы, Юлия Иосифовна, глубокоэрудированных, широкообразованных, высококультурных, обходительных, ласковых людей”.

Падчас маёй працы ў Саратаўскай бібліятэцы П.Н. Пілатаў перадаў дырэктару бібліятэкі перадрукаваную на машынцы сваю працу “Библиография географии Саратовской области”. Дырэктар перадала мне на прагляд, ці можна друкаваць. Я сказала, што ў такім выглядзе нельга: трэба перарабіць. Са згоды аўтара мы з Е.Х. Бычковай папрацавалі цэлы год. Палавіну выкінулі, вельмі шмат каштоўных прац дадалі. Аўтар са скрухай зазначыў: “Чаму гэта я раней не дагадаўся звярнуцца ў бібліятэку”. Ён прапанаваў нам паставіць свае прозвішчы побач з яго, але мы адмовіліся і згадзіліся на “при участии”.

У маёй працы мне памагла падрыхтоўка, атрыманая ў Дзяржаўнай бібліятэцы Беларусі. У мяне засталося задавальненне, што не “посрамила” зямлі беларускай, але і жаль, што пры спрыяльных умовах мая праца магла бы даць нешта больш значнае для вывучэння роднай Беларусі. Як справядліва адзначыў праф. Н.С. Фралоў, “особо любимая” Беларусь заставалася ўсе гады ў маім сэрцы, і я здалёк сачыла за трывожнымі падзеямі і пасляваенным будаўніцтвам. Вярнуцца на радзіму мне перашкаджалі цяжкія сямейныя нягоды.


ВЫСТАЎКІ Ў МАСКВЕ


Выхад “у людзі”


У 20-я гады Дзяржаўная бібліятэка БССР з’яўлялася адзіным асяродкам, дзе спецыяльна збіраліся і апрацоўваліся кніжныя матэрыялы для вывучэння краю. Пра гэта ведалі і працаўнікі культуры, і дзяржаўныя ўстановы. А таму, калі патрабавалася дзе-небудзь паказаць краязнаўчую літаратуру пра Беларусь, даручалася гэта Дзяржаўнай бібліятэцы. Успамінаецца некалькі такіх выхадаў “у людзі”, дзе мне давялося прымаць непасрэдны ўдзел.

У 1924 годзе (9-14 снежня) адбывалася ў Маскве 2-я Усесаюзная канферэнцыя па краязнаўству. Беларускаму аддзелу бібліятэкі было даручана падабраць адпаведныя кнігі, якія паказвалі б, што Беларусь - гэта не проста геаграфічная назва, а краіна са сваёй складанай гісторыяй і культурай. З дэлегатаў на канферэнцыю памятаю В. Самцэвіча з Барысава і М. Каспяровіча з Беларускага цэнтральнага бюро краязнаўства. Мы, дэлегаты, наведалі залу, дзе рыхтавалася выстаўка да канферэнцыі, і перадалі нашы кнігі бібліятэкарам. У памяці засталася вельмі гарачая спрэчка з дасведчанымі бібліятэкарамі, якім цяжка было перамагчы свае зняважлівыя адносіны да нейкіх беларусаў. З чаго пачалося - ці ўспомніш? Пахваліцца нам не вельмі было чым, але і знявагу праглынуць нельга было. У нас была маладосць у шырокім сэнсе слова. З гэтай дыскусіі засталіся ў памяці два імя: А. Пушкін і Я. Купала. Так, з імем Я. Купалы мы і рынуліся ў бой.

Сярод народаў - удзельнікаў канферэнцыі - мы адчувалі сябе не горшымі за іншых. Шмат было цікавага і карыснага. Дагэтуль помніцца мне мажная постаць геолага А.Я. Фёрсмана і яго натхнёная прамова.

У лютым месяцы 1927 года ў Маскве адбывалася 3-я сесія ЦВК СССР, дзе была заслухана справаздача Ураду БССР. З дакладам выступаў старшыня Саўнаркома БССР Я. Адамовіч, а таксама старшыня ЦВК БССР А. Чарвякоў. Дзяржаўнай бібліятэцы даручана было наладзіць выстаўку беларускага друку. Гэта была больш багатая выстаўка. На дзесятым годзе Кастрычніка ўжо было што паказаць. Выстаўка змяшчалася ў Георгіеўскай залі Крамлёўскага палаца. Высокія сцены з прозвішчамі загінуўшых георгіеўскіх кавалераў думна высяцца з бакоў калоны. Ззяе пазалота, пераліваецца крышталь у вялізных люстрах. Пры ўваходзе яскрава- чырвоная стужка з надпісам “Беларуская савецкая сацыялістычная рэспубліка”. Апроч літаратуры, на выстаўцы паказаны дыяграмы, фатаграфіі меліярацыйных работ, вялікая карта БССР. Асобны кіёск Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, дзе можна было набыць патрэбныя кнігі. Пасяджэнні сесіі адбываліся ў Андрэеўскай залі, а ў перапынках дэлегаты запаўнялі Георгіеўскую залу і цікавіліся выстаўкай. Я спынілася ў Беларускім прадстаўніцтве пры Урадзе СССР на Малой Нікіцкай. У Крэмль можна было трапіць толькі па пропуску. Мяне кожны дзень прывозілі на машыне, і шафёр каля Спаскіх варот паказваў варце пропуск. Непасрэдныя ўражанні перадаюцца ў маім артыкуле “Беларусь у Крамлі”, змешчаным у газеце “Савецкая Беларусь” ад 2 сакавіка 1927 г. (№ 50).

У артыкуле ўспамінаецца пажылы мастак, на жаль, прозвішча яго не названа. Ён з пачуццём гаварыў: “Я люблю сваю краіну і пакуль жыву, хацеў бы хоць чым-небудзь быць ёй карысным. Я зраблю падарожжа па Беларусі і зарысую яе краявіды - можа мая праца прыдасца”. Папытаўся, ці хутка будзе ў Мінску наладжана выстаўка - ён хацеў бы прыняць у ёй удзел. Паводле маіх меркаванняў, гэта быў наш зямляк В.К. Бялыніцкі-Біруля.

Вельмі добрая фатаграфія выстаўкі не захавалася. Цьмяны адбітак змешчаны ў зборніку “Чырвоны сейбіт” (1927, №10-11, с. 7), але ці той гэта, што ў мяне быў, цяжка сказаць.

У студзені 1931 года Масква знаёмілася з дасягненнямі сацыялістычнага будаўніцтва БССР. [Пра гэту падзею, пра “Дні беларускай культуры”, успамінае Я. Мазалькоў (“Літаратура і мастацтва”, 5.12.1968)].

У Палітэхнічным музеі была наладжана выстаўка, у якой прымала ўдзел і бібліятэка. Яна была размешчана ў фае тэатра з незвычайнай назвай “Сэмперантэ” (“Заўсёды наперад”). Наведвальнікі тэатра знаёміліся на перапынках з дыяграмамі, фатаграфіямі, кнігамі і ўзорамі вырабаў нашай рэспублікі. Апроч мяне выстаўку абслугоўвалі адзін працаўнік ад Наркамзема і адзін - ад Наркамасветы. Беларуская дэлегацыя была на прыёме ў М.І. Калініна. Прыёмная змяшчалася на Краснай плошчы супраць Крамля. Адказны прадстаўнік беларускай дэлегацыі вітаў М.І. Калініна, які ў час прывітання паводзіў сябе неяк неспакойна (шмат было ў прамове “славословия”), нарэшце не вытрымаў і сказаў: “Вядома, мы з вамі рады спаткацца, але давайце гаварыць аб тым, што баліць”. Я таксама была на гэтым прыёме.

1934 год. Першы з’езд пісьменнікаў Саюза ССР. Парк культуры і адпачынку імя М. Горкага. У павільёнах ладзілася выстаўка літаратур народаў Саюзу. Для беларускай літаратуры быў падрыхтаваны аформлены мастаком стэнд. Але фігура жанчыны на малюнку ў жабрачай світцы выклікала пярэчанні. Сучасную Беларусь у такім вобразе нельга было паказаць. Давялося на дапамогу ў якасці арбітраў паклікаць працаўнікоў з Беларускага прадстаўніцтва пры Урадзе СССР.

Кнігі пісьменнікаў уважліва падбіраліся - і старэйшых, і маладых. Я не чакала адчынення з’езду і, перадаўшы кнігі, выехала. Кнігі так спадабаліся кіраўніцтву, якое намагалася пакінуць іх у бібліятэцы Саюза пісьменнікаў, што доўга адміністрацыя нашай бібліятэкі вяла перапіску, патрабуючы звароту, бо гэта былі экземпляры з фондаў бібліятэкі.

Ад гэтага падарожжа ў мяне засталіся ў памяці дываны кветак, якія запаўнялі парк. Тонкі водар кружыў галаву. Кветкі, кветкі... У той час мы мала іх у такой колькасці бачылі.


Беларуска-ўкраінскія сувязі


У канцы 20-ых гадоў, праглядаючы ўкраінскі часопіс “Бібліологічни вісти”, я зацікавілася бібліяграфіяй, падпісанай Ю. Межэнкам, пра пераклады беларускай мастацкай літаратуры на ўкраінскую мову. Са здзіўленнем я ўбачыла, што аўтар палічыў Крапіву і Крапіўку за адну і тую ж асобу. Паколькі ў канцы працы быў паказан адрас, куды прасілі накіроўваць заўвагі, я неўзабаве напісала пра такое арыгінальнае спалучэнне. Так пачалося ў мяне завочнае знаёмства з вядомым бібліёграфам, нястомным калекцыянерам, палымяным збіральнікам Шаўчэнкіяны - Юрам Аляксеевічам Мяжэнкам. Улетку 1930 года я асабіста з ім пазнаёмілася, а перапіска наша пасля доўгага перапынку ўзнавілася пасля вайны і працягвалася гадоў 20. Памёр Ю. Мяжэнкі ў 1969 г. Сваю Шаўчэнкіяну, якую ён збіраў гадоў 50, перадаў Інстытуту літаратуры АН УССР. Вось у гэтай унікальнай калекцыі, якая налічвае да 15 тысячаў адзінак, ёсць і беларуская кропля.

У лісце ад 11 лютага 1963 г. Ю. Мяжэнка не забывае мне напомніць: “Вы добра ведаеце, што я збіраю “Шаўчэнкіяну”, бо Вы самі не раз пасылалі мне розныя матэрыялы для маёй калекцыі. Асабліва шмат я атрымаў ад Вас у 1961 годзе. Вашы добразычлівыя адносіны да гэтай справы дазваляюць мне звярнуцца да Вас і ў гэтым годзе” (пераклад з украінскай мовы). У 1964 г. я атрымала ад Ю. Мяжэнка кнігу з даравальным надпісам: “З глыбокою подякою за ласкову допомогу в збиранш Шевченгаани”.

У 1947 г. я звярнулася да Ю. Межэнкі з просьбай, ці не мае ён якіх запісаў з украінскай прэсы пра Я. Купалу. Ён мне даслаў спіс таго, што ў яго захавалася з картатэкі, якая шмат пацярпела нягод у час вайны. Я пераслала атрыманае ў Мінск для Музея Я. Купалы.

Успамінаецца мне і камандыроўка ў Кіеў (зіма 1929/1930) для азнаямлення з працай Бібліятэкі АН УССР. Шмат цікавага я ўбачыла і карыснага. Пасля звароту зрабіла паведамленне аб сваіх уражаннях. На сходзе было вырашана пачаць соцспаборніцтва нашых бібліятэк, была ўложана ўмова і паслана ў Кіеў. Далейшы лёс нашага пачынання не захаваўся ў памяці. Відаць, падзеі 30-х гадоў не спрыялі развіццю больш блізкіх кантактаў.


Клептаман у бібліятэцы


Усялякія прыгоды здараюцца ў жыцці. А ў бібліятэцы бываюць і такія, пра якія адбудзецца гутарка.

Гэта было ў 1929-30 годзе - дакладна не памятаю. У галоўным будынку Дзяржаўнай бібліятэкі, у так званым “юбілейным” доме, папсавалася цэнтральнае ацяпленне. Зіма. У агульнай чытальні яшчэ сяк-так можна было працаваць - на­роду шмат, сядзелі, утуліўшы насы ў каўняры, абаграваліся духоўным цяплом. А ў Беларускім аддзеле, які змяшчаўся насупраць, было цяжэй. Студэнты сюды звярталіся найбольш па даведкі. А навуковыя працаўнікі прыходзілі зірнуць на новыя атрыманні бібліятэкі і доўга не затрымліваліся. Печка-“буржуйка” ўжо даўно закончыла сваё слаўнае існаванне, толькі след сажы над акном знадворку яшчэ напамінаў пра мінулыя дні. Нас працавала двое, і мы ўмовіліся па чарзе бегаць грэцца ў канцылярыю, што змяшчалася ў будынку на рагу Чырвонаармейскай вуліцы.

Неяк дырэктар прывёў у аддзел чалавека з пашарпаным партфелем, не вельмі элегантна апранутага і адрэкамендаваў яго знаўцам старажытных моў і аматарам старадрукаў. Выгляд яго адпавядаў спецыяльнасці. Дырэктар дазволіў яму карыстацца старадрукамі, якія знаходзіліся ў аддзеле. Яны змяшчаліся ў невялікім пакоі за фанернай загарадкай.

Прайшло некалі дзён. У сваё дзяжурства я не спатыкала гэтага чытача. Пытаюся ў супрацоўніка, ці бывае гэты знаўца. Ён кажа, што наведвае, але не затрымліваецца доўга.

Я вырашыла праверыць, у якім стане знаходзяцца кнігі, якія праглядаў чытач. Мабыць паблытаў - думаю. І вось ... ледзь не звалілася з паліцы, так усхвалявалася. Там, дзе павінен быў стаяць каштоўны старажытны рукапіс, якім цікавіўся праф. В. Ператц, стаяла толькі абцягнутая скурай драўляная вокладка! Ліхаманкава перабіраю іншыя каштоўныя кнігі, але ці ж адразу выявіш, што яшчэ згінула?

Трэба зазначыць, што ў той час пры ўваходзе кантролю не было, і чытачы праходзілі з партфелямі.

А вось і чытач - лёгкі на ўспамін! Проста накіроўваецца да паліц, але я супыняю, прашу сесці і прапаную падаць на стол кнігі. Ён трохі бянтэжыцца, але садзіцца і скоса на мяне пазірае, няўважліва гартае паданыя кнігі.

На змену мне прыйшоў супрацоўнік, але я засталася чакаць, калі гэты “аматар” збярэцца выходзіць.

Калі ён нарэшце выйшаў за дзверы, я - за ім. Мне не хацелася пачынаць гутарку ў прысутнасці супрацоўніка.

- Аддайце рукапіс! - кажу.

- Вы гэта што? Што за абраза! Здзек!

- Аддайце рукапіс! А не - так пойдзем да дырэктара! Ідзіце наперад!

Відаць, мой выгляд быў такі ўзрушаны, а ў голасе гэтулькі злосці і метала,

што ён паслухмяна і пакорліва пакрочыў уперад.

Спускаемся па сходах, затым па адходнай сцежцы да Чырвонаармейскай вуліцы. Бачу на рагу міліцыянера.

- Вось паклічу міліцыянера, няхай ён разбярэцца!

- Не трэба! Не трэба! - просіць, аж рукі злажыў, і губы трасуцца. - Я - клептаман, лячуся ў Маскве ў прафесара. Магу яго адрас сказаць. Даруйце!

- Злодзей Вы і нягоднік! Вядзіце дахаты!

Пайшлі. Ён наперадзе, я - ззаду. Жыў ён недзе каля вакзала. Рукапіс быў знойдзен і яшчэ пачка кніг не толькі з аддзела, але і з неразабранай кучы, што ляжала ў карыдоры побач з канцылярыяй.

Дацягнуў мне гэты незадачлівы “спец” даволі важкую пачку да трамвая і ўсё прасіў, каб я не заяўляла ў міліцыю.

Аб гэтым здарэнні так ніхто і не даведаўся. Мне не хацелася псаваць кроў нашаму даверліваму дырэктару. Калі праз гады, прыехаўшы ў Мінск, я дала прачытаць дырэктару гэту “быль”, найбольш яго ўразіла слова “даверлівы дырэктар”.


Сшытак 16


Чытачы і прыхільнікі Бібліятэкі


Адчыненне Бібліятэкі было святам для беларускіх культурных сіл, якія групаваліся вакол Інбелкульту (пазней Акадэміі навук), Універсітэта, але не толькі для іх: партыйныя і ўрадавыя ўстановы таксама добра ведалі сцежку ў Бібліятэку! А настаўнікі, краязнаўцы!..

Хто ж нашы наведнікі? Агульная чытальная зала павінна была забяспечваць чытачоў і беларускай кнігай. Да нас жа, у беларускі аддзел, заходзілі навуковыя працаўнікі, настаўнікі - наогул, тыя працаўнікі на ніве беларускай культуры, хто паглыблена цікавіўся асобнымі пытаннямі літаратуры, мастацтва, гісторыі, эканомікі, прыроды роднага краю.

Дасягненні бібліятэкі радавалі, і за імі са спагадай сачылі і дзяржаўныя дзеячы. З цёплым пачуццём хочацца ўспомніць А.Р. Чарвякова, старшыню ЦВК БССР. Вядома, яму быў добра знаёмы няўрымслівы, апантаны наш дырэктар, але ён ведаў і іншых працаўнікоў бібліятэкі. Так, у 1936 годзе, калі наведаў нашу рэспубліку старшыня ЦВК Башкірскай АССР, А. Чарвякоў разам з ім завітаў у бібліятэку. Трэба было бачыць, з якім веданнем справы ён тлумачыў госцю ў беларускім аддзеле пра задачы аддзела і нават сам мяне адрэкамендаваў, як самую “старую” працаўніцу бібліятэкі. Гэта ж трэба было сярод паважных дзяржаўных спраў захаваць у памяці такую дробязь!

З вялікай цікавасцю і хваляваннем чытаю артыкул У. Якутава пра А. Чарвякова (“Полымя”, 1971, № 5). Артыкул напісаны не толькі на основе сухіх дакументаў, але адчуваецца цёплая нота людзей, асабіста ведаўшых гэтага выдатнага чалавека.

І прыпомніўся мне трагічны дзень ліпеня 1937 года, калі абляцела трывожная вестка, што няма ўжо А. Чарвякова. Гроб з целам быў пастаўлены ў Клубе савецкіх служачых, і пацягнуліся чэргі ўсхваляваных людзей, каб развітацца з ім. Але не ўсім удалося трапіць, бо праз некалькі гадзін доступ быў спынены. Не трапіла туды і я, але калі праязджаў просты гроб па Лагойскаму (Бязбожніка) завулку каля нашага дома на Вайсковыя могілкі, мы далучыліся да тых нямногіх, хто праводзіў у апошні шлях такога вядомага чалавека. Аднак, адвагі хапіла толькі, каб прайсці за труною па тратуару да варот могілак. А душу ахапіла трывога.

Не абмінаў нас і народны камісар асветы У. Ігнатоўскі. Памятаецца майская ўрачыстасць і У. Ігнатоўскі на ганку бібліятэкі. Са мною завязалася нейкая вострая гутарка. Тэма не захавалася ў памяці, толькі праз гады так, здаецца, і чую спакойныя словы і бачу павольныя рухі У. Ігнатоўскага. А мой ваяўнічы запал знік.

Успамінаецца і другі нарком асветы - А. Баліцкі. Перада мною фатаграфія 1926 года. Крым, Ялта, дача былога царскага міністра Сазонава - гэта Дом адпачынку настаўнікаў Беларусі. А. Баліцкі разам з т. Стасевічам, сакратаром Аршанскага райкома партыі, адпачывалі ці то ў Місхоры, ці ў Гаспры. Надумаліся яны наведаць сваіх землякоў-настаўнікаў. За сталом з бутэлькамі масандраўскага і сакавітымі чарэшнямі адбылося знаёмства. А. Баліцкі мне сказаў, што добра мяне ведае і прозвішча Бібілы таксама, але што гэта адна і тая ж асоба толькі цяпер даведаўся. Было смеху!

Старшыня Савета народных камісараў М. Галадзед не раз прысылаў сваіх сакратароў у аддзел. Яму можна было даваць усё без халадку ў душы: “Апошняе... Ці атрымаеш назад?” Усе ўзятыя кнігі прыносіліся нам у поўным парадку.

Успамінаецца яшчэ адзін зацікаўлены прыхільнік Бібліятэкі, які аддаваў ёй шмат увагі і дапамагаў, чым мог. Пра гэта не раз давялося чуць ад І. Сіманоўскага. Гутарка ідзе пра рэктара Універсітэта У.І. Пічэту. Ён часта бываў у беларускім аддзеле. Ветлівы, далікатны, без зазнайства, умеў пажартаваць. Заўсёды некуды спяшаўся, толькі развяваўся чуб. З У. Пічэтам апошні раз я спаткалася ў 1946 годзе, калі ён прыязджаў у Саратаў у якасці даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Б. Грэкава. Хаця шмат гадоў мінула, ён мяне пазнаў і распытваў пра лёс сваіх вучняў, быў вельмі ўсхваляваны. Я. Дыла мне гаварыў, што ён таксама тады спатыкаўся з Пічэтам у гасцініцы. Абое былі вельмі ўзрушаны і праслязіліся.

Нельга не ўспомніць Язэпа Лявонавіча Дылу, зацікаўленага прыхільніка бібліятэкі і частага наведніка. Шмат яго кніг з ініцыяламі Я.Д. стаяла на нашых паліцах. Неспакойны, заўсёды чым-небудзь захоплены, ён шмат мне дапамагаў арыентавацца ў моры краязнаўчай літаратуры (можа, гэта ён нават сам не ўсведамляў). Цікавіўся гісторыяй, літаратурай, мастацтвам, кааперацыяй - наогул, усімі здабыткамі нашай культуры. З ім так цікава было пагаварыць! Гэта прага пазнання захавалася ў яго і ў 86-гадовым узросце.

Калі я яму паслала бібліяграфію “Русская дореволюционная книга о Белоруссии” (1964), ён адшукаў там кнігі, у якіх, паводле яго меркаванняў, можна было знайсці весткі пра “Слуцкі летапіс”.

У лісце да мяне з Саратава ад 19 красавіка 1966 года ён пісаў: “Не дае мне супакою “Слуцкі летапіс”. Гімназістам не то 3, не то 4-га класа пачуў я ад бацькоў, што ў бібліятэцы Траецкага манастыра, што ў нас у Слуцку, ёсць “Слуцкі летапіс”. Бібліятэка гэта знаходзіцца ў пакоіку, які змяшчаецца ў адной з двух званіц сабора манастырскага, што там жа зложаны старадрукі беларускіх друкарань, сабраныя з вуніяцкіх манастыроў і царквей, зачыненых у час скасавання вуніі”. Далей ён піша, што сам трымаў у руках “старэнькую ў вокладцы рукапісную славянскімі літарамі “Слуцкую летопись”. Я тады зрабіў сабе выпіскі, але нязначныя, і яны не захаваліся. Пра “Слуцкі летапіс” пісаў і А.К. Снітка”.

Гэты малады душою чалавек заслугоўвае ўдзячнай увагі сучаснікаў. У 1970 годзе ў сувязі з 90-годдзем Я. Дылы я паслала яму наступнае прывітане: “Але! Ці чуеце Вы, дарагі Язэп Лявонавіч, галасы сяброў? Гэта я, апантаны краязнаўца і кнігаед, з кім не раз спатыкаліся ў зацішку бібліятэчных сховішч яшчэ ў тыя, зацягнутыя смугой даўніны, 20-я гады. І якім не было Ваша чарговае, вольнае ці нявольнае захапленне: ці то кааперацыя, тэатр або праца ў Інбелкульце, не гледзячы на цяжар службовых абавязкаў, Вы выкройвалі час для азнаямлення з новымі выданнямі. Калі ўбачыш парожнія вітрыны кніжных навінак, так і ведай, што недзе сядзіць Я. Дыла, і толькі чуб відзён над стосам кніг.

Прага ведаць, што робіцца на роднай зямлі, ад якой няўмольны лёс Вас адарваў, жаданне “об’ять необ’ятное” прайшлі праз усе гады. Не так даўно па Вашай просьбе я накіравала Вам юбілейнае скарынінскае выданне і яго прадмовы.

Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах! Няхай ён заўсёды астаецца сухім!

Успамінаюцца жудасныя падзеі ваеннага часу! Ад агульнай і асабістай бяды сэрца кроілася ад болю. Вы працавалі ў “саратаўскім бюро газетных выразак” і мелі пад рукой вялікі асартымент друку і навін. Памятаеце нашы нявольныя сустрэчы ў чарзе ці на рынку? Бачу Вас заклапочанага ў шэрым кортавым адзенні, з гаспадарчай торбачкай у руках. Адыдзем куды-небудзь, каб не перашкаджаць натоўпу, і доўга не можам спыніць абмеркаванне падзей. А галоўнае, што там дзеецца на Беларусі? Неяк на душы святлее ад гутаркі з родным чалавекам. Заўсёды мяне прываблівала маладосць Вашай душы. Няхай яна заўсёды застаецца такой, нават пад цяжарам гадоў! З пашанай і шчырай прыязню Ю. Бібіла. Красавік 1970 г.”

Вучоныя ўніверсітета... Хто з іх не наведваў бібліятэку?! Паўстаюць у памяці некаторыя постаці.

З захаванай смяшынкай у вачах І. Замоцін, спрактыкаваны лектар. Рыхтаваў да друку творы М. Багдановіча і прыцягваў да гэтай працы сваіх вучняў-студэнтаў. З пяшчотнай ухмылкай М. Піятуховіч, выкладчык беларускай літаратуры. Метадыст А. Вазнясенскі цікавіўся творамі Я. Купалы, беларускім тэатрам. Я. Барычэўскі, захоплены фармалістычнымі плынямі. Неяк, калі ён рыхтаваў кнігу “Тэорыя санету” (1927 г.), чытаў рукапіс сваёй працы і прасіў дапамагчы даслоўна перакласці на беларускую мову адзін з санетаў А. Міцкевіча.

Мужная постаць Я. Лёсіка, добрага прамоўцы, аўтара граматыкі. Нізенькі, маленькі “дыялектык” С. Вальфсон. Кудлаты сацыёлаг С. Кацэнбоген. Колькі нерваў папсаваў ён бедным студэнтам! Гісторык Д. Жарынаў. Між іншым, ён у сціслым гуртку знаёмых чытаў свае вершы. А. Савіч - даследчык гісторыі Беларусі ХУІ - ХУІІІ стст. Засяроджаны, няўважлівы да навакольнага У. Перцаў.

Гебраіст М. Нікольскі з барадою прарока. Яго цікавыя лекцыі цяжка было слухаць, трэба прывыкнуць да нечаканых узлётаў яго голасу. Фізік Я. Успенскі заўсёды заклапочаны, перагружаны ўсякімі парадамі.

Гісторыяй беларускага мастацтва, скарыніянай займаўся М. Шчакаціхін. Чорная аправа акуляраў, нязменная цыгарка, прыгожа аздоблены кіёк. Для таго часу выгляд меў трохі зухаваты. І. Сіманоўскі ўспамінаў, што калі М. Шчакаціхін прыехаў у Мінск і не было, дзе прыпыніцца, начаваў на доўгім стале ў беларускім аддзеле.

Студэнты з краязнаўчага ўніверсітэцкага таварыства А. Каваленя, С. Шутаў, С. Баркоўскі.

А нізенькі, вусаты музыказнаўца Ю. Дрэйзін. Яго густы, з выразнай дыкцыяй, голас і добрая беларуская мова напаўняла залу, нібы тут адбывалася лекцыя на музычныя тэмы. Залятаў часам імклівы Галубок у прамежку між сваімі падарожжамі. Мы хутка рыхтавалі і давалі яму патрэбную даведку, і ён зноў знікаў. А рэжысёр тэатра Е. Міровіч! Як цікава было слухаць яго імправізацыі будучых тэатральных паказаў! Наведаў бібліятэку і бацька Максіма Багдановіча Адам Багдановіч, калі прывозіў у Інбелкульт рукапісы сына. Успамінаецца вусаты твар і высокая хударлявая постаць.

Частыя госці - палымяныя краязнаўцы: архівіст М. Мялешка, этнограф А. Шлюбскі і таленавіты даследчык, няўрымслівы М. Каспяровіч.

С. Некрашэвіч, шукальнік трапных слоў, аўтар беларускіх слоўнікаў.

Не абміналі нас і вядомыя пісьменнікі, і пачаткоўцы-юнакі.

Як прамінуць нашага слаўнага баяна, незабыўнага Янку Купалу. Мілая ўхмылка, задуменныя вочы, кульбака адмысловага кійка на згібе рукі. Ён быў заўсёды жаданым госцем бібліятэкі, з ахвотаю дзяліўся сваімі ведамі пра кнігі па вывучэнню Беларусі, пра аўтараў беларускіх выданняў.

Мне хочацца падрабязней спыніцца на гісторыі майго знаёмства з Я. Купалам. Адбылося яно ўвосень 1920 года, можна сказаць, на краязнаўча-кніжным грунце. Думка аб стварэнні ў бібліятэках краязнаўчых фондаў насілася ў паветры яшчэ да арганізацыі беларускага аддзела Дзяржаўнай бібліятэкі. Для тых, хто хацеў працаваць на карысць роднага краю, важна было ведаць літаратуру. Але сярод інтэлігенцыі было нямала і такіх, што гаварылі: “Павыдумлялі нейкіх беларусаў. Я ўвесь свой век пражыў тут і нічога пра іх не чуў”. Трэба было ўзброіцца ведамі, каб адбіваць і такія атакі. У бабруйскай бібліятэцы такі фонд надумаў стварыць І.Б. Сіманоўскі, будучы арганізатар Дзяржаўнай бібліятэкі. З ахвотаю я згаджаюся здабываць кнігі і еду ў Мінск. З мандатам аддзела асветы з’яўляюся ў акадэмічны цэнтр Народнага камісарыята асветы БССР (тады ён змяшчаўся ў былым архіерэйскім доме, пасля рэканструкцыі - гэта Дом афіцэраў). Тут я і пазнаёмілася з Янкам Купалам, якога мне рэкамендавалі як знаўцу краязнаўчай кнігі. Казалі, што ён працаваў нейкі час у Вільні ў бібліятэцы, любіў і ведаў кнігу, дый у самога ёсць нямала цікавай літаратуры. Я вельмі рада была пазнаёміцца

з аўтарам любімай кнігі “Шляхам жыцця”: расказала Купалу пра мэту свайго прыезду. Гэта яго зацікавіла, і ён запрасіў мяне да сябе. Жыў Я. Купала тады на Захараўскай вуліцы, за мостам, у невялікім доме, які патанаў у зеляніне. У дамоўлены час я пайшла туды. Мяне спаткалі вельмі ветліва, і Купала, і яго жонка Уладзіслава Францаўна. Купала звярнуў маю ўвагу на дом, дзе ён жыве, і сказаў, што гэта гістарычны будынак: тут адбыўся І з’езд РСДРП. Потым ён пачаў вымаць з шафы кнігу за кнігай і грунтоўна расказваць пра кожную. У мяне проста вочы разбягаліся. Як я агітавала Купалу цяжка сказаць, але пачак кніг ад яго ўсё-такі панесла. Потым не раз ён успамінаў пра гэта, жартам выгаварваў: “Выцыганіла-такі”.

Працуючы над складаннем бібліяграфіі творчасці Я. Купалы, я звярнулася да яго з просьбай дапамагчы расшыфраваць свае псеўданімы. З ахвотаю ён згадзіўся. У час імперыялістычнай вайны 1914 г. Купала быў рэдактарам газеты “Наша Ніва”. У той час у газеце з’яўлялася шмат белых плям, на іх звярнуў увагу Купала і казаў, што цэнзар тут шчыра папрацаваў. Гартаючы газеты, ён паказваў мне непадпісаныя перадавіцы і артыкулы і казаў: “Гэта маё... І гэта маё!” Калі часам мне трапляў допіс з невядомым подпісам, але стыль заметкі нагадваў купалаўскі, я пытала: “Ці не Купала схаваўся тут?” Ён з мілай ўсмешкаю пацвярджаў. Тады Іван Дамінікавіч пералічыў усе свае псеўданімы, а я запісала іх з адзнакаю, што паведаміў мне сам аўтар.

Аднойчы адчыняюцца дзверы аддзела і з’яўляецца Купала. Адна рука трымае адмысловы кіёк, у другой - вялікі пачак папер. Перадаючы яго мне, ён сказаў: “Гэта мае рукапісы. У вас яны лепей захаваюцца”. Праз нейкі час ён прынёс і другі пачак. Гэта былі рукапісы зборнікаў “Жалейка”, “Шляхам жыцця”, перакладу “Слова аб палку Ігаравым” і шмат асобных лісткоў з вершамі, акуратна перапісанымі рукою паэта. Рукапісамі карыстаўся ў 30-я гады супрацоўнік АН БССР М.Ф. Мачульскі. Пра лёс Купалавых рукапісаў пісала мне ў лісце ад 26 кастрычніка 1946 г. у Саратаў Алеся Александровіч. Яна мне перадавала, што “рукапісы Я. Купалы, якія захоўваліся ў беларускім аддзеле, былі вывезены ў Германію, але зараз звернуты назад. У канцы ёсць розныя паметы, заўвагі, зробленыя Вашымі рукамі. Цяпер яны захоўваюцца ў нашым музеі. Іх усяго каля сямідзесяці. Якое шчасце, што яны захаваліся!”

Купала добра ведаў дарогу ў беларускі аддзел. То яму спатрэбіцца якая- небудзь даведка, то кніга, то спіс яго твораў для Масквы. Заўсёды ён звяртаўся да мяне. Калі не заставаў у бібліятэцы, то завітваў дадому. Калі мне што-небудзь трэба было ўдакладніць, я звярталася да Купалы. Ён вельмі ўважліва ставіўся: тлумачыў, дапамагаў. Мы не раз наладжвалі ў бібліятэцы выстаўкі, прысвечаныя яго творчасці. У гэтых выпадках мы не маглі абыйсціся без яго асабістых архіўных збораў. А яны былі вялікія і багатыя: кнігі, газеты з артыкуламі пра яго творчасць, фатаграфіі. Купала сам мне казаў, што матэрыялаў у яго набралася шмат, а парадку няма ніякага. Ён хацеў, каб я выбрала калі час і давяла яго паперы да ладу, нібы асабісты сакратар. На жаль, у той час я не магла заняцца гэтай ганаровай і такой цікавай для мяне справай, аб чым зараз вельмі шкадую.

Успамінаецца, як ладзілася выстаўка, прысвечаная 30-годдзю творчасці

Я. Купалы ў 1935 годзе. Я зайшла да Купалы дадому. Ён якраз вярнуўся з Прагі і ў час нашай размовы дзяліўся ўражаннямі ад падарожжа, паказваў чэшскія газеты з артыкуламі пра яго. Затым стаў вымаць з шафы пачкі газет, фатаграфій, пісем, кніг і прапанаваў выбраць усё, што пажадаю.

Выстаўка была наладжана ў вялікай зале побач з беларускім аддзелам. Дэманстраваліся рэдкія фатаграфіі, пісьмы В. Брусава, фотакопія верша Лахуці на персідскай мове, прысвечанага юбіляру. У перакладзе на беларускую мову гучаў: “Рыцар магутны, смелае вока...” Было шмат і іншых матэрыялаў, якія зараз назваць проста цяжка. У юбілейныя дні Купала наведаў выстаўку, а ў бібліятэцы адбылося яго спатканне з чытачамі. Пасля выстаўкі ўсё, узятае ў Купалы, я сама занесла яму назад.

Без хвалявання не магу ўспомніць цёплы ліст Я. Купалы да мяне ў Саратаў. У мясцовай газеце “Коммунист” была надрукавана рэцэнзія на зборнік Я. Купалы на рускай мове. Я паслала яму выразку з газеты, напісаўшы толькі: “Бібліяграфічнае прывітанне з прастораў Волгі” без подпісу. На адрас “Государственной библиотеки” (а такой у Саратаве не было) атрымала наступнае: “Мілая Юлія Іосіфаўна! Я надта ўжо ўсцешыўся, атрымаўшы Вашу запісачку з выразкай. Адразу дагадаўся, што гэта пісала Ваша рука. З нецярпеннем буду чакаць вестачкі больш падробнай аб Вашым цяперашнім жыцці-быцці. Ітак, чакаю. Шчыра Вам адданы Янка Купала. Масква, 10.ІУ.1941 г.”

Следам за Я. Купалам і іншыя пісьменнікі сталі прыносіць свае працы. Прынёс М. Грамыка сваю паэму “Крылан”, Ц. Гартны “Сокі цаліны” і яшчэ некаторыя творы, Я. Лёсік “Граматыку беларускай мовы”, рукапісы і лісты К. Каганца. Прозвішчаў іншых даравальнікаў не памятаю. Атрыманні былі зарэгістраваны ў агульным сшытку, які не захаваўся. Калі ў 1937 годзе я выяжджала, перадала некаторыя рукапісы намесніку дырэктара (неразб.).

Успамінаецца сталая постаць Цішкі Гартнага і гаворка яго неяк у нос. Калі пачалі рыхтаваць зборнік “Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы” (Мн., 1928), прысвечаны 20-годдзю яго літаратурнай працы, М. Байкоў (відаць, з рэдакцыі зборніка) звярнуўся да мяне з просьбаю даць бібліяграфію прац Ц. Гартнага. Мне давялося не раз сустракацца з пісьменнікам і ўдакладняць яго псеўданімы. Ён быў задаволены і нават падараваў мне “Сокі цаліны” з надпісам “Укладальніцы маёй бібліяграфіі”.

У 1965 г. у часопісе “Полымя” (№12) Ніна Ватацы ўзгадвала:

“Цішка Гартны быў частым наведвальнікам Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна. Асабліва часта прыходзіў ён у аддзел беларускай літаратуры і бібліяграфіі. У 1928 годзе першая загадчыца гэтага аддзела, энтузіястка і пачынальніца краязнаўчай бібліяграфіі на Беларусі Юлія Бібіла рыхтавала да друку бібліяграфію твораў Цішкі Гартнага. Зміцер Тодаравіч цікавіўся гэтай работай і вельмі памагаў сваімі парадамі.

У 1931 годзе Цішка Гартны падарыў бібліятэцы многа сваіх рукапісаў. Сярод іх - аўтограф рамана “Сокі цаліны”. У час вайны амаль увесь кніжны фонд бібліятэкі быў разграблены фашыстамі. Усе рукапісы Цішкі Гартнага таксама загінулі, частка іх асталася зусім выпадкова. Шчаслівы выпадак памог знайсці невядомы рукапіс. У адным з аддзелаў бібліятэкі стаяў даўно забыты і нікім не чапаны сейф. І вось не так даўно, калі спатрэбілася перадаць аддзел другому загадчыку, успомнілі пра забыты сейф. Якое ж было дзіва, калі ў ніжнім аддзяленні яго аказаліся рукапісы Цішкі Гартнага. У асноўным, гэта былі рукапісы твораў, напісаных у 1930-31 гадах, але сярод іх аказалася нікому не вядомая аповесць “За сваю волю, за волю краіны”, якая прапануецца чытачам. Яна напісана ў 1920 годзе, аўтарам не закончана, але, як нам здаецца, з’яўляецца цікавым мастацкім дакументам часу”.

Успамінаецца яшчэ адна вельмі каларытная фігура. Як сёння бачу кучаравую галаву і пукатыя, добрыя вочы гэтага чалавека. Вітаўся ён яшчэ з парога і пачынаў распытваць: “Як маецеся? А што чуваць?” Гэта - З. Бядуля. Звычайна я паказвала картатэку яго твораў. Разглядаючы, ён часта рабіў вялікія вочы, здзіўляўся: “І гэта я пісаў? - гаварыў нам з гумарком. - Нічога ад вас не схаваеш!”

А колькі маладых паэтаў, маладнякоўцаў і немаладнякоўцаў, бачылі сцены аддзела! Паглядзець выстаўку беларускіх кніг, даведацца, што новага выйшла з друку, атрымаць даведку прыходзілі многія. З чубамі і без чубоў, у расхрыстаных кажушках (верх шыку) і паношаных шынелях... Некаторыя з пачынаючых пісьменнікаў нават нейкі час працавалі ў бібліятэцы. Напрыклад, С. Шушкевіч, Я. Пфляўмбаўм, Ю. Таўбін, Зм. Астапенка.

Сваім чалавекам быў І. Барашка, на той час - супрацоўнік архіва. Вельмі каштоўнымі для нас былі яго падарункі - спісаная ў макулатуру папера, на адваротным баку якой можна было пісаць. Каштоўны дар!..

Заходзілі Я. Пушча, студэнт універсітэта, прыгожы з антычным тварам М. Грамыка. З “заходнікаў”, якія трапілі ў БССР, помняцца: круглатвары А. Салагуб і далікатны У. Жылка. Са студэнтаў - часты госць С. Баркоўскі, які любіў корпацца ў розных картатэках. Працаўнік сельскай гаспадаркі (не памятаю прозвішча) зацікавіў мяне сваімі пошукамі кармавога “салодкага” лубіну. Калі скончылася праца ў бібліятэцы, мы выйшлі разам, і доўга ён мне гаварыў пра сваю ювелірную работу, якой ён з натхненнем займаўся.

Колькі іх было! А ці многа засталося? Шмат каму, хто прыйшоў у бібліятэку шукаць дапамогі ў сваёй працы, хацелася падзяліцца сваімі пошукамі, вынікамі і нават задумамі, калі бачылі спагадныя адносіны і жаданне дапамагчы. Мы адчувалі вялікае задавальненне, калі чалавек знаходзіў тое, што шукаў, калі мы яму нечым дапамаглі.


Падрыхтоўка да друку і каментары Таццяны КЕКЕЛЕВАЙ і Арсеня ЛІСА.


Аўтарскі правапіс захаваны