Лісты [Мікалай Улашчык] (fb2) читать постранично, страница - 78

- Лісты 692 Кб, 213с. скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Мікалай Улашчык

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

такі ж слабы. Хацелася спаць, была слабасць. Праз дзень-два гэта мінулася. Месца тут надта харошае, проста пад нагамі Масква-рака, невялікі парк, поўны варон; шпакі і ні аднаго жаваранка.

Учора я пайшоў, пайшоў перабраўся праз мост на другі бераг, ішоў і зайздросціў: людзі скрозь длубаюцца ў зямлі, кідаюць гной, робяць грады, саджаюць картофлю, у бліжніх агародах ужо падраслі пер’е ў цыбулі. Успомніўся 1921, калі вясною пайшоў араць, як хораша было ісці за плугам і адчуваць холад, а ззаду — гракі і гракі, а ўверсе сотні жаваранкаў. На Нарачы я чуў пару жаваранкаў, а ва ўсім Падмаскоўі ні разу. Трэба заносіць у Красную кнігу. Ці проста закупіць за граніцай. Між іншым, у Васільева (надта цікавая кніга) прачытаў, што на Палессі ў разумнага старшыні калгаса, які забараніў хімікаты і карыстаецца толькі гноем, усё ваколічнае звяр’ё і птушкі збегліся, зляцеліся ў гэты неатручаны аазіс.

Стаіць сапраўдная майская пагода, скора зацвіце (а недзе ўжо цвіце) бэз. Па 4-5 гадзін хаджу ці сяджу над рэчкаю, а сёння, устаўшы да пары, выйшаў у парк і пачуў, што, пэўна, такім паветрам мы некалі дыхалі ўвесь час. I мне, значыць, добра, але калі прыехаў да хаты, то ўбачыў, што лячыць ці даглядаць трэба не мяне, але маладых. Саша заўсёды быў худы, пэўна, ён не з’ядае і палавіну таго, што ем я, а ў Тамары зусім замардаваны выгляд. Талкую, тлумачу, кажу — не шкадуйце грошай на яду, гэта самае неразумнае, да таго ж грошай стае, а Саша і да гэтага часу стараецца купіць самае таннае, што азначае самае горшае.

У бальніцы шмат пісаў, сюды прывёз пак паперы, але вось за ўвесь час пішу табе першы ліст. Між іншым, пішу не для таго, каб мець адказы: ты можаш не канфузячыся не пісаць наогул. Гэта ў мяне была патрэба, і я за месяц паслаў не менш як 20 лістоў.


У ГУДЗЕВІЦКІ ШКОЛЬНЫ МУЗЕЙ

30 мая 1986 г.

Дарагая Каця.

Усю вясну я хварэў, дамоў вярнуўся некалькі дзён назад. Троха адрамантавалі, але ж троха. Сяджу дома, пішу адказы на лісты, што прыходзілі ў гэты час, зараз вось пішу Вам.

Бандэроль з пянькою атрымаў. Дзякуй. Дзівіць мяне — як скора забываецца нядаўняе мінулае, забыліся і пра пугі. Раней, калі ў кожнай гаспадарцы былі коні і каровы, пугу меў і самы занядбаны гультай, без яе нельга было ні выгнаць на пашу карову, ні выехаць з двара. Віць пугі умелі ўсе хлопцы (і, ведама, мужчыны) гадоў з 8-9, калі яны рабіліся пастухамі (толькі шчаслівыя пазбягалі гэтага). Кожны пастух ішоў з пугаю, звы­чайна, звітаю ім самім. Малыя хлапчукі вілі вяровачку, даўжынёю метр ці троха больш. Той, чыя пуга ляскала, калі ёю білі аб землю, быў шчаслівы. Такая пуга не мела асобнай назвы і звалася проста "пуга".

Больш складаным было звіць пугу "павіванку". Вілася вяровачка даўжынёю метры паўтара, прычым важна было, каб вяровачка была звітая як мага крута, пад канец яна танела, і канец быў зусім тонкі. Павіванкаю яна звалася таму, што, звіўшы вяровачку ў дзве столкі, трэцяю "павівалі", дадаючы трэцюю столку ў першапачатковыя. Самаю адмысловаю лічылася пуга кручкаваная ці дратаваная. Віліся тры вяровачкі, паступова "спускаючы" (робячы танейшымі), прычым адна была павінна быць даўжэйшаю за іншыя.

Каб звіць "кручкаванку", трэба было мець два кручкі, адзін канец якіх быў разы ў два-тры даўжэйшы, чым іншы. Зачапіўшы канец вяровачкі на кароткі канец, наматвалі яе на кручкі да самага канца. Затым з дапамогаю гэтых кручкоў скручвалі вяровачкі як мага крута і вілі з іх адну. Звіўшы так, дабіралі трэ­цюю, скручвалі яе як мага і вілі так, каб яна трапляла паміж дзвюма ранейшымі. Прыблізна за паўметра да канца пачыналі "саджаць бабкі" — рабіць просты вузел, на той выпадак, калі канец пугі схвошчацца, каб яна далей не развівалася. Саджалі бабкі прыблізна праз кожныя 4-5 см.

Былі яшчэ пугі "куплёнкі", якія прадаваліся ў мястэчках па 1-3 капейкі. "Куплёнкі" былі даўжынёю каля 80 см, рознага ко­леру: чырвоныя, зялёныя, жоўтыя, але ў пастуха ў большасці не было сваёй і адной капейкі, таму "куплёнка" была рэдкаю.

Пугаўё лічылася лепшае з вішні, даўжынёю 120—130 см, доб­рым! лічыліся і ядлоўцавыя; былі яшчэ гнуткія стусіновыя, але гэта хіба ў паноў. Каб пуга мела сілу, гэта значыцца, каб было ёю хвасцянуць з найбольшаю сілаю (у каровы праз усю спіну ўсхватваўся пухір), пугу мачылі ў вадзе ці проста ў лужыне, тады яе тоўсты канец стаяў, як дрот.

Апрача пугаў, з пянькі ці лёну (лепш пянькі) плялі бізуны. Просты бізун плёўся ў чатыры столкі, складаны, добры — у восем столак. Гэта значыць, вілі адпаведную колькасць вяровачак, з якіх плялі бізун. Звычайна, калі вілі вяровачкі, то тры рабілі значна даўжэйшымі за астатнія. 3 іх, скончыўшы плесці бізун, вілі яшчэ пугу. Такі бізун-пуга быў толькі ў дарослых хлопцаў, гадоў па пятнаццаць-шаснаццаць, хлопцаў-зухаў.

У адной з казак Сержпутоўскага гаворыцца, што панскі хурман "паліў з біча". Значыцца, там бічом звалася пуга (пэўна, фабрычнай работы) на доўгім стусіновым пугаўі (каля 180 см). "Біч"