150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі [Іван Саверчанка] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

пладамі ўраджаю ў руках. Багіняй вясны, дзявочай прыгажосці і кахання была Лёля (Ляля), яе ўяўлялі ў выглядзе маладой прывабнай дзяўчыны. З культам Лёлі звязаны распаўсюджаны на Палессі назоў бусла — «лялека» (згодна з народным павер'ем, бусел прыносіць дзяцей). Богам агню і апекуном кавальства быў Жыжаль, богам зімы, марозу і холаду — Зюзя. Нязгасны святы агонь называўся Зніч (адсюль слова «знічка»). Ранішні і вечаровы заранкі ўвасаблялі адпаведна сёстры Дзянніца і Вечарніца (Вячорка). Са старажытнай міфалогіі вядомы таксама вобраз далёкага першапродка беларусаў — Боя (Бая) з вернымі сабакамі Стаўры і Гаўры.


4. Якія беларускія дзяржавы былі ў старажытнасці?


Элементы дзяржаўнай арганізаванасці ў Беларусі існавалі задоўга да яе пісьмовай гісторыі. Ад VІ стагоддзя па Нараджэнні Хрыстовым на большую частку нашага краю пачынае пранікаць славянскае насельніцтва. Яго змешванне з мясцовымі балцкімі плямёнамі вяло да фармавання старабеларускага этнасу і своеасаблівай культуры, якую археолагі называюць Банцараўскай (паводле наймення гарадзішча каля вёскі Банцараўшчына пад Менскам). Ёсць шэраг сведчанняў, што нашы продкі ўжо тады мелі пэўныя формы дзяржаўнасці. Пазней, з VІІІ стагоддзя, з новай хваляй славянізацыі Беларусі, з фармаваннем крывіцкага, драгавіцкага і радзіміцкага плямёнавых саюзаў узнікаюць і дзяржавы. Ад Х стагоддзя ў Беларусі найбольш вядомыя — Полацкае, Смаленскае і Тураўскае княствы. Апошнія неўзабаве трапілі ў залежнасць ад Кіева. Полацкае ж княства было цалкам самастойнай беларускай дзяржавай, з усімі адпаведнымі атрыбутамі — суверэннай уладай князя і веча, адміністрацыяй, сталіцай, войскам, грашовай сістэмай і г.д. Княства праводзіла і сваю геапалітыку, якая палягала на супрацьстаянні агрэсіі Кіева і ўласнай экспансіі ў бок Балтыйскага мора. Падначаленне Полаччыне цэлага шэрагу прыбалтыйскіх плямёнаў надавала ёй адзнакі імперыі.


5. Хто такія Рагвалод і Рагнеда?


Рагвалод — першы беларускі князь, якога прыгадваюць старажытныя летапісы. Ён валадарыў у Полацку ў другой палове Х стагоддзя. Пра яго летапіс кажа: «Рагвалод прыйшоў з-за мора», што дае пэўныя падставы лічыць князя выхадцам са Скандынавіі. Ужо пры Рагвалодзе Полацкае княства — моцная ўсходнеэўрапейская дзяржава.

У Рагвалода была дачка Рагнеда, ганарлівая і прыгожая князёўна. Так сталася, што да яе адначасова пасваталіся гаспадары суседніх княстваў: Яраполк з Кіева і Ўладзімір з Ноўгарада (пазней названы Хрысціцелем). Рагнеда выбрала Яраполка. Абражаны адмоваю Ўладзімір пайшоў на Полацак вайною. Горад быў спалены, а Рагвалод, ягоная жонка і два сыны забітыя. Рагнеду Ўладзімір гвалтам узяў за жонку, даўшы ёй імя Гарыслава.

Праз некаторы час, жывучы пад Кіевам у сяльцы Прадславіне, Рагнеда спрабавала адпомсціць Уладзіміру: «За тое, што бацьку майго забіў, зямлю яго ў палон узяў, а цяпер не любіш ні мяне, ні дзетак нашых!» Але замах быў няўдалы. Раз'юшаны Ўладзімір хацеў пакараць княгіню смерцю, але яму перашкодзіў малалетні сын Ізяслаў, які стаў у абарону маці з мечам.

За гэта Рагнеду з сынам выслалі ў Полацкую зямлю. Там для яе збудавалі горад, названы Ізяслаўль (цяпер Заслаўе пад Менскам) — ад імя сына Ізяслава. Менавіта гэты Ізяслаў, заняўшы дзедаў пасад, адрадзіў полацкую княскую дынастыю.

Акрамя Ізяслава Рагнеда нарадзіла Мсціслава (які пазней стаў князем чарнігаўскім), Яраслава Мудрага (князя ноўгарадскага і кіеўскага, заснавальніка роду Яраславічаў), Усевалада і дзвюх дачок — Перадславу (узяла шлюб з чэшскім князем Баляславам ІІІ Рудым) і Прэміславу (выйшла замуж за прынца вугорскага Ласла Сара Лысага). Дарэчы, унучкі Рагнеды таксама былі жонкамі эўрапейскіх манархаў: Анастасія — вугорскага караля Андрыя І, Лізавета — караля нарвежскага Гаральда ІІІ, а пасля караля дацкага Свена ІІ. Наймалодшая Ганна стала каралевай Францыі, выйшаўшы замуж за Генрыка І Капета.

У Заслаўі Рагнеда пастрыглася ў манашку пад імем Анастасіі і памерла там у манастыры ў 1000 годзе. Сёння для нас яе імя — сімвал мужнасці і любові да Радзімы, самаахвярнасці і ўласнага гонару.


6. Калі прыйшло ў Беларусь хрысціянства?


Першыя хрысціянскія місіянеры з'явіліся ў Беларусі, відаць, яшчэ ў ІХ стагоддзі. Іх станавілася тым больш, чым хутчэй прымалі веру Хрыстову суседнія эўрапейскія народы. Адным з такіх місіянераў быў ісляндзец Торвальд Вандроўнік, які ў Х стагоддзі прапаведваў хрысціянскія ідэі ў Полацку і пазней быў пахаваны тут у заснаваным ім манастыры Яна Хрысціцеля.

Хрысціянамі былі нашы славутыя валадары: княгіня Рагнеда (у манастве Настасся), яе сын Ізяслаў і ўсе наступныя полацкія князі. Хрысціянства ішло ў Беларусь як з Захаду (з Рыма), так і з Усходу (з Канстанцінопаля), хоць да сярэдзіны ХІ стагоддзя істотнай розніцы паміж гэтымі дзвюма плынямі не было.

Каля 992 года была заснаваная Полацкая