Адкрыццё [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Птушаня я сваё калыхала.

РАНАК


Каханая, цудоўна жыць у свеце
Спрадвечнай, неспазнанае красы!
Няхай шуміць над полем вецер,
Бяроз перабірае валасы,
Няхай вада булькоча ў ручаях
I ў глыбіні цалуе бераг стромы,
Няхай цячэ ў тваіх вачах
З вытоку і да вусця Нёман!
Я бласлаўляю на жыццё ўсіх,
Хто хоча жыць,
кахаць і быць каханым!
Я бласлаўляю нас дваіх!
Тваім дыханнем
Я бласлаўляю нас дваіх...

* * *


Не, не таю надзей на бессмяротнасць,
Але і ў смерць паверыць не магу,
I, як ад кулі сэрца, берагу
I пачуцця і слова першароднасць.
I пачуцця і слова першароднасць,
I песні пра каханне і зямлю,
Пра зерне, што пасеена ў раллю,
Бо ёсць на свеце хлеба неабходнасць.
Я ведаю пра хлеба неабходнасць,
Але таксама ведаю не горш,
Як неабходны задуменны Сож,
Начных нябёс і вышыня і зорнасць.
Начных нябёс і вышыня і зорнасць,
Птушыны гоман і дзіцячы смех,
Дождж красавіцкі, сакавіцкі снег,
Шчымлівая іх першасць і апошнясць.
Шчымлівая іх першасць і апошнясць,
Што раптам прасякае пачуццём
Не вечнай нашай сувязі з жыццём
I тайнасцю надзей на бессмяротнасць.

* * *


...Вось ты прыйшло,
Былое.
Выткала палатно.
I пачалося нямое —
На дармавіну —
Кіно.
Замільгацела, запстрыкала,
Выгнула крылы павек...
Што там з адзнакай вялікага?
Песня?..
Вайна?..
Чалавек?..
Што
Да майго існавання
Больш за мяне
Існуе?..
Роздум асэнсавання
Розуму не дае...

* * *


Бязлітасна зязюля кукавала
Кароткі век.
«А колькі гэта —
Мала?..
I колькі — шмат,
Калі звініць у росах
Таемны цуд жыцця,
Людскога лёсу.
Ён — лістапад.
Ён — вецер угары.
Ля вуснаў — вусны любай.
Хай ён горкі! — Яго спазнаўшы —
Нерушна замры
Пад промнямі сваёй шчаслівай зоркі!
Ты не стары пад ёй.
Не малады.
Жывы.
Жывеш! Таму ўначы і днямі
Жыццё сваё л і чы не на гады —
На зробленае
Гэтымі гадамі.
Бо, можа стацца,
Небасхілу ля,
Дзе на дыбы ўстаюць зямныя коні,
Ты будзеш верашчаць,
Як немаўля,
Хоць і дапнеш
Да сівізны на скронях...»
Так сцешваў я сябе...
Ды толькі слоў,
Каб супакоіць сэрца,—
Не хапала...
Упартая,
у лесе зноў і зноў
Кароткі век зязюля кукавала.

* * *


Святочны дзень. Высокі шлях аблокаў.
Такая ціш з канца ў канец зямлі,
Што, надалося, гром апаў, калі
Па бруку конь падковамі працокаў.
Пасля ў садах, налітых чыстым сокам,
Над яблынямі загулі чмялі.
Ні слыху не хапіла мне, ні зроку,
Каб зразумець, пра што яны гулі.
Пасля я чуў, як срэбрана звінеў
Крышталь расы ў пялёстках, і зляцеў
Ружовы ліст з галіны тонкай слівы.
I я падумаў: мо таму і ціш
Стаіць над светам, што ты сам маўчыш,
Што чуць і бачыць — значыць быць маўклівым.

* * *


Вочы твае, нібы словы
Мовы чужой.
Кажаш мне: сёння прыходзь,
А вочы
Нешта такое крычаць,
Што хочацца згінуць
I не прыходзіць ціколі.
Але я прыходжу,
I ты сустракаеш ласкава,
Кажаш: кахаю...
А вочы!
I я разумею,
Што сама ты не ведаеш
Мовы ўласных вачэй.

УСПАМІНЫ


...Ой гуляла сцюжа ў полі,
Ой гуляла...
Вечарэла. Цётка Поля
Песні нам спявала.
Дагараў агонь у печы,
Трапятаў па столі...
Твае рукі... Твае плечы...
Песні цёткі Полі...
...Дзе трава-мурог,
Там мой сокал лёг.
Што ж лятаў ты, сокал,
Ад мяне далёка?..